epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Марш-кідок

Віця Саковіч свяціўся шчасцем: ён ішоў у школу са старэйшым братам Мікалаем - курсантам Вышэйшага агульнавайсковага вучылішча.

Два гады назад, калі Віця вучыўся ў чацвёртым класе, старэйшы брат, тады старшакласнік, часта бываў у іх класе, дапамагаў тым, каму цяжка давалася вучоба, расказваў цікавыя гісторыя, разам з класам хадзіў у кіно і музеі. А цяпер прыехаў на пабыўку і адразу заспяшаўся ў школу, каб наведаць сваіх настаўнікаў, сустрэцца са старшакласнікамі і расказаць ім пра сваё вучылішча. Дарэчы, такое заданне ён атрымаў ад камандавання. Можа, хто з хлопцаў захоча, як і ён, стаць у будучым афіцэрам. Заадно, па просьбе малодшага брата, Мікалай паабяцаў пабываць у іх на класным сходзе і расказаць пра сябе. Вельмі ўжо хацелася Віцю, каб сябры ўбачылі Колю ў ваеннай форме...

Мікалай увайшоў у клас, шырока ўсміхнуўся, і Віцевы аднакласнікі адразу акружылі яго. З цікаўнасцю пачалі разглядаць ваенную форму, нашыўкі, значкі...

- Ну што, Лена, ты, як і раней, нязменны стараста класа?

Лена кіўнула галавой, апусціла вочы і пачырванела.

Мікалай, каб дапамагчы Лене, па-дзелавому спытаў:

- Якія пытанні рашаеце сёння?

- Ды вось, усім вядомага Васільева прапясочваем. Падводзіць ён клас. Па матэматыцы то пяцёрка, то двойка, то зноў пяцёрка. Нейкая безадказнасць проста...

- Ну чаго ты? Чалавек у госці прыйшоў, а ты смецце з дому выносіш, - не вытрымаў Васільеў.

- Па-першае, Мікалай не чужы, а па-другое, - парыравала Лена, - праз пэўны час ты можаш трапіць у яго падраздзяленне служыць, дык няхай ён ведае, які ты.

- Ужо прыкінула, выдатніца, - буркнуў Васільеў.

- Вось што, цёзка, - перапыніў яго Мікалай. - Я думаў, што за гэты час ты стаў больш дарослым і навучыўся паважаць дзяўчынак. Табе сапраўды не пашкодзіла б паслужыць у арміі. Там, ведаеш, ёсць адзін цудоўны закон: не ўмееш - навучаць. І будзь упэўнены, там язык не дапаможа.

У класе ўсталявалася цішыня.

Мікалай таксама памаўчаў трошкі і працягваў:

- З узростам многае пачынаеш разумець інакш. Асабліва ў арміі. І, ведаеш, калі ў цябе ёсць сілы і здольнасці не падводзіць сваіх таварышаў, а ты іх свядома падводзіш, то ты проста здраднік!

Васільеў рэзка ўскінуў галаву і ўважліва паглядзеў на Мікалая. Цішыня ў класе стала напружанай.

Мікалай вытрымаў позірк Васільева і загаварыў ужо мякчэй:

- Я заўсёды быў упэўнены, што калі будзе трэба, то даб'юся свайго. Але толькі ў арміі зразумеў, што шляхі не адкрываюцца перад тымі, хто не змагаецца з цяжкасцямі. Ты, Коля, не злуйся за рэзкасць. У мяне спачатку таксама не ўсё было гладка. Аднойчы мяне нават лепшы сябар назваў размазнёй. Так, так! І не дзе-небудзь, а на сходзе: «Размазня ты! Маладзейшымі за цябе былі многія камандзіры, якія ў Вялікую Айчынную вайну камандавалі батальёнамі і нават палкамі, пра гэта кожны вучань ведае, а ты - будучы афіцэр...»

Мне зараз сорамна пра гэта ўспамінаць, але я ўсё ж раскажу вам пра тое...

Вы, безумоўна, ведаеце, што такое марш-кідок. Калі бачыш яго ў фільме, гэта адно. Зразумець, што гэта такое на самай справе, зможаш, калі самому давядзецца пахадзіць па зямлі-матухне.

Камандзір нашага ўзвода быў нястомны і, нягледзячы на свой невялікі рост, бегаў, як заведзены. «І адкуль толькі ў яго бяруцца сілы?» - здзіўляўся я ў той час. Як мы - так і ён. Экіпіроўка поўная: процівагаз, зброя, падсумкі, за спінай - рэчмяшок з пясочкам, вагой кілаграмаў дзесяць...

Аднойчы пайшлі мы маршам, а на якую адлегласць камандзір не сказаў. І вось ідзём, ідзём гадзіну, другую... Снег глыбокі, ідзём след у след.

Я тады пацікавіўся, навошта патрэбны гэтыя маршы ў наш век, век матораў. І адразу ж атрымаў заўвагу ад сяржанта: «Вы, таварыш Саковіч, выдатна разумееце, навошта ўсё гэта. Аднак, калі ў вас захавалася лішняя энергія і вам хочацца пагаварыць у страі, то магу прапанаваць вам несці мінамётную пліту...»

Я кінуў позірк на злітак металу, што важыў не адзін дзесятак кілаграмаў, і мне адразу ж стала лягчэй ісці, а жаданне гаварыць некуды знікла. На прывале камандзір узвода аб'явіў, што жадаючыя могуць вярнуцца. Калі тыя, хто не разлічваў на свае сілы, выйшлі са строю, у гэтай невялікай шарэнзе аказаўся і я.

Камандзір пастроіў нас, назначыў старшага і адправіўся назад. Па твары яго цяжка было вызначыць, асуджае ён нас ці шкадуе.

І мы пайшлі. Становішча наша было больш выгадным: мы вярталіся, а нашым таварышам невядома колькі яшчэ давядзецца ісці наперад. Мы адчулі палёгку, бо вяртацца можна было ў павольным тэмпе. Навокал, здавалася, усё зіхацела, усміхалася. І як гэта я адразу не заўважыў, што выдаўся такі цудоўны дзень? Але, шчыра кажучы, на душы ўсё ж было не зусім радасна. Крыўдна, канечне, што мой лепшы сябар Валодзя Пазнякоў, які разам са мною і школу скончыў, і ў вучылішча паступіў, гэтак жа стаміўшыся, не павярнуў назад, хоць фізічна быў слабейшым...

Паступова ад радасці вяртання не засталося і следу. Мы адолелі ўжо вялікую адлегласць. Аўтамат муляў плячо, я спрабаваў несці яго то ў адной руцэ, то ў другой, то браў на рэмень, то на плячо. Усё навокал непрыкметна паблякла. Я перастаў любавацца зіхатлівымі елачкамі і радавацца прыгожаму зімоваму дню. «Напэўна, мне будзе лёгка ў баі, бо вельмі цяжка ў вучэнні», - спрабаваў развесяліць самога сябе, але гэта была не весялосць, а хутчэй пародыя на яе.

Пад вечар мы дайшлі, дакладней, дацягнуліся. Якім жа было наша здзіўленне, калі мы ўбачылі сваіх таварышаў! Іх пачышчаная зброя стаяла ў пірамідах, шынялі былі акуратна запраўлены. Адны курсанты пісалі пісьмы, другія гулялі ў шахматы, чыталі, словам, кожны быў заняты справай. Да мяне, усміхаючыся, падбег Пазнякоў. Нягледзячы на страшэнную стому, я гарэў нецярпеннем высветліць, што здарылася. А справа аказалася настолькі простай, што калі я даведаўся пра ўсё, дык абмяк зусім. Аказваецца, камандзір узвода павёў нас па крузе і, калі засталося ўсяго некалькі кіламетраў да вучылішча, прапанаваў вярнуцца назад. Гэтым маршам лейтэнант правяраў нашу сілу духу, настойлівасць.

Мікалай замаўчаў, абвёў позіркам клас. Шасцікласнікі ўважліва глядзелі на яго і чакалі, чакалі яшчэ нечага.

- Вось расказаў вам, і лягчэй на душы стала. Кажуць, каб прызнаць свае памылкі, трэба таксама мець мужнасць...

Мікалай зірнуў на Лену і вінавата ўсміхнуўся:

- Прабач, Лена, я сарваў табе мерапрыемства...

- Не, не сарвалі, - Васільеў устаў з-за парты. - Не сарвалі.

Хлопчык на імгненне змоўк, кашлянуў у кулак і, авалодаўшы сабою, зноў загаварыў:

- Мне вельмі спадабаўся ваш камандзір узвода. І вас я паважаю за шчырасць. Мы пра гэты выпадак ніколі не даведаліся б, а вы сумленна прызналіся... Не кожны змог бы вось так. Таму я таксама абяцаю вам пастарацца не падводзіць сваіх таварышаў.

- Ну, цёзка, калі ты прыняў такое рашэнне, то трэба, каб яно было цвёрдым, - усміхаючыся, прамовіў Мікалай.

- Вядома! Вядома! - зашумелі хлопчыкі і дзяўчынкі і пачалі прасіць: - Дай слова!

Васільеў не спяшаўся, нібыта ўзважваў свае магчымасці. І нарэшце коратка, але цвёрда сказаў:

- Даю слова!

- Чуеце голас сапраўднага мужчыны? - спытаў Мікалай і падаў Васільеву руку. - Цяпер трымайся!


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая