epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Няскончаны дзённік

Назад не прыйдзе хваля тая,

Што з быстрай рэчкай уплывае...

Якуб Колас

 

Гэта кароткая тэлеграма ад Міхаіла Міхайлавіча, афіцыйна завераная і такая нечаканая, літаральна аглушыла Леанарда. Усё навокал імгненна ператварылася ў пустое і непатрэбнае. Ужо ў самалёце, калі крыху апамятаўся, ён успомніў, што пра свой ад'езд не паведаміў на работу. Але ў той жа момант гэта здалося яму такой дробяззю... Нейкі час ён думаў пра нязначныя, размытыя часам падзеі, якія зусім не тычыліся таго, што здарылася. Паступова мерны гул матораў самалёта запаволіў імклівы рух думак. Ён адкінуўся ў крэсле і заплюшчыў вочы. І тут, нібы на экране, з'явіўся выразны твар Ірыны. Вялікія сінія вочы глядзелі на яго. У гэтым позірку не было ні дакору, ні асуджэння, ні жадання вытрымаць чужы погляд, і Леанард здрыгануўся і расплюшчыў вочы. Так і сядзеў здранцвеўшы.

За вокнамі было цёмна. Пасажыры прыціхлі і падабрэлі, як усе людзі, што давяраюць непадзельна свой лёс нечаму аднаму, агульнаму. Такое яднанне адчуваюць усе, калі на нейкі час становяцца пасажырамі.

Пасадка ў Маскве, мітусня аэрапорта, чаканне чарговага самалёта рассеялі думкі і прытупілі свядомасць Леанарда. Бяссонная ноч зрабіла сваё, і ён заснуў у крэсле, знянацку праваліўшыся ў маўклівую прастору...

Ужо стоячы ля трапа, прапускаючы пасажыраў з дзецьмі, старых, ён нечакана злавіў сябе на думцы, што зусім не спяшаецца туды - да яе. Так, менавіта зараз ён выразна адчуў гэта. Здалося, што ён раптам раздвоіўся, як гэта было раней у яго жыцці. У думках Леанард яшчэ неяк спрабаваў растлумачыць сабе, чаму ён не спяшаецца. Ці верыць у цуд, які можа здарыцца? Ці таму, што ўсё роўна спазняўся? Альбо?.. Не, не і не. Ён паўтараў гэта кароценькае слова, адганяючы дрэнныя думкі. Ён проста баяўся, баяўся ўбачыць яе...

Леанард спазніўся. Дома яго сустрэла маці. Бацька быў на рабоце. Леанард моўчкі, неяк асцярожна абняў яе.

- Гора якое, сынок... - Яна хуценька зірнула на яго, і вочы яе напоўніліся слязьмі. - Паехала на машыне ў камандзіроўку і не вярнулася.

Яны прыселі і доўга маўчалі.

«Маці вельмі змянілася, - адзначыў ён. - Пастарэла...»

Камяк падступіў да горла, але ён сціснуў зубы да болю і, авалодаўшы сабой, запытаў, дзе яе пахавалі. Маці пачала расказваць з уласцівымі пажылым людзям падрабязнасцямі. Потым апамяталася, што сын з дарогі, замітусілася, прапанавала прыняць ванну і пачала завіхацца на кухні...

Леанард хутка адшукаў месца, дзе ўчора пахавалі Іру. Каля яе магілкі стаялі знаёмыя іх сям'і і бацькі. Леанард не падышоў. Ён доўга хадзіў сярод іншых магіл, чакаў, калі разыдуцца людзі. Чакаць прыйшлося доўга... А потым - новае пахаванне... Жалобныя працэсіі чакалі сваёй чаргі. «І тут планавае засяленне, усіх гуртам у адно месца... - неяк раздражнёна падумаў Леанард, - і тут думаць не хочуць».

Ён прысеў на лаўку, з любасцю пагабляваную і пафарбаваную, насупраць дагледжанай магілкі з невялікім надмагільным помнікам. На яго глядзелі маладыя вочы. Фота яўна не адпавядала даце, калі спынілася жыццё. «А мы ж, не ведаючы сваёй будучыні, пэўна ведаем, што прыйдзе і да нас гэты час, - горка падумаў Леанард, - але паводзім сябе, нават тут, быццам нас гэта абміне».

Было ўжо цёмна, калі Леанард увайшоў у пад'езд дома Іры. На хвіліну ён прыпыніўся, аглядаючы знаёмыя месцы. Тут, на падаконніку, яны сядзелі не адзін раз... Яму раптам здалося, што недзе прагучаў яе голас. Леанард зрабіў некалькі крокаў і ўбачыў двух хлопчыкаў і дзяўчынку, якія ўладкаваліся ў «цёпленькім месцейку» - на ацяпляльным радыятары...

Ён прыпыніўся, пастаяў, разважаючы пра сябе: «Увайсці ці не?» Потым павольна павярнуўся і пачаў спускацца ўніз па лесвіцы.

Доўга блукаў па вуліцах. Нарэшце, адчуўшы цяжкую стомленасць, якая яшчэ больш прытупіла разуменне, неяк несвядома накіраваўся дамоў. Па дарозе ўспомніў пачатак дня, сваю матулю, яе збянтэжаныя вочы, поўныя гора. Яна ж так любіла Іру і вельмі перажывала іх разрыў. А бацька... Ён сёлета пайшоў на пенсію, але ўсё яшчэ працуе... І менавіта зараз ён з нейкай асаблівай пяшчотай падумаў пра сваіх родных, пра якіх ніколі асабліва не клапаціўся. Леанард быццам прачнуўся і адразу адчуў нейкі цяжар сваёй уласнай віны.

- Адзіны сын і такі эгаіст! - працадзіў праз зубы ён...

Прачнуўся Леанард рана і доўга яшчэ ляжаў з за-плюшчанымі вачыма. Ён чуў прыглушаныя галасы бацькоў на кухні, і яму здавалася, што гэта адбываецца недзе далёка-далёка, у дзяцінстве...

Праз некаторы час ён рыўком прыўзняўся і сеў.

- Трэба ўзяць сябе ў рукі...

Пасля сняданку сядзелі ў гасцінай. Бацька, як заўсёды, быў падцягнуты, старанна паголены і падобны на ваеннага ў адстаўцы.

- Якія ў цябе планы на сёння? - запытаў ён.

- Хачу наведаць бацькоў Іры і памянуць яе. Учора пасля могілак было позна...

- Вядома, вядома! - згадзіўся бацька. - Вялікае гора... Але што зробіш? Такі лёс...

 

Дзверы адчыніла Клара Барысаўна, маці Іры. Яна зірнула на Леанарда і зразумела, што ён быў там. У яе не ставала сіл нават падняць руку, і яна неяк нязграбна ўткнулася яму ў бок, моўчкі ўздрыгваючы ўсім целам. Потым павольна адступіла і запытальна паглядзела на Леанарда, не ведаючы, што рабіць далей.

- Я прыйшоў памянуць Іру, выказаць сваё спачуванне, - ціха сказаў Леанард і не пазнаў свайго голасу.

З бакавога пакойчыка выйшаў бацька Іры. Ён працягнуў Леанарду руку, і яны прыселі на канапку. Пакуль гутарылі, мама Іры накрыла стол. Моўчкі памянулі Іру.

Леанард адчуваў сябе дрэнна. Балюча было глядзець на гэтых пажылых людзей, страціўшых так нечакана і дачку, і надзею на яшчэ што-небудзь добрае ў жыцці...

- Яна толькі некалькі дзён таму закончыла свае ўспаміны, - парушыла маўчанне Клара Барысаўна, - пра ваш клас напісала...

- А мне можна прачытаць? - неяк няўпэўнена запытаў Леанард.

- Калі ласка. Там і пра цябе ёсць. Вельмі многа пра цябе...

- Можна, я пачытаю ў яе пакоі? - засмяглымі вуснамі прашаптаў ён.

Клара Барысаўна зрабіла слабы рух рукой - праходзь, маўляў, і пайшла следам за ім. Каля ўвахода ў Ірынін пакой яна прыпынілася.

- Там, на стале, у блакітнай папцы.

Калісьці ў гэтым пакоі Леанард бываў вельмі часта, але кожны раз ён прыкмячаў нейкія змены. Іра любіла рабіць перастаноўкі. І заўсёды з густам.

Позірк яго блукаў па пакоі. Шмат чаго змянілася. Раней яго фотаздымак стаяў на пісьмовым стале. Цяпер ён вісеў на сцяне, у прыгожай рамцы ручной работы, побач з палічкай кніжак, якія ён калісьці дарыў ёй. Гэта чамусьці ўсцешыла яго. Ён павярнуўся да стала і ўбачыў яе фотаздымак з чорнай стужачкай на рамцы. Гэта так не пасавала да яе мілай усмешкі, да яе маладога, шчаслівага твару... І раптам яго нібы агнём паласнуў востры боль: «Якое значэнне гэта можа мець зараз? Якое?!»

Леанард сеў за стол і доўга-доўга глядзеў на яе. Ён добра помніў, калі яна фатаграфавалася. Ёй тады споўнілася шаснаццаць. Яны разам пайшлі ў атэлье. Ён прапанаваў сфатаграфавацца разам. Але Іра нечакана адмовілася.

- З якой ласкі? - усміхнулася яна.

- Мы ж старыя сябры, - стараючыся быць стрыманым, адказаў Леанард.

- Такіх фотакартак у цябе аж занадта. А ў гэтым годзе закончым вучобу і можам сфатаграфавацца ўсім класам, - ці то жартуючы, ці то сур'ёзна адказала Іра.

Але для Леанарда гэтага было дастаткова, каб пакрыўдзіцца. І ён пакрыўдзіўся. І цяпер чамусьці тая старая крыўда зноў нібы апякла. Ён адчуваў, што трэба ўзяць сябе ў рукі, адкінуць гэту дробязь, як і ўсе іншыя. Але не мог...

Ён адвёў погляд ад фотакарткі, узяў драўляную шарыкавую аўтаручку. Калісьці Іра прывезла яе з мора, дзе адпачывала разам з бацькамі. Яна любіла розныя арыгінальныя штучкі. І яму такую ж прывезла. «Колькі ж часу прайшло?» - задумаўся Леанард.

Побач са стосам паперы на стале ляжала блакітная папка. Замест назвы на ёй быў намаляваны вялікі клічнік, а ў верхнім куточку напісана: «Зусім сакрэтна». Трошкі ніжэй - «Экземпляр адзіны» і ў дужках - «пакуль». Леанард падняў папку і патрымаў яе, быццам узважваючы. Потым развязаў тасёмку і разгарнуў. Зверху ляжаў вялікі канверт, у якім былі фотакарткі настаўнікаў і вучняў з іх класа. У асноўным гэта былі здымкі групавыя і аматарскія з далёкага і незваротнага дзяцінства і юнацтва... Далей ляжаў тоўсты стос паперы, і на ім вялікімі літарамі быў выведзены загаловак: «Тройка па фізіцы», а ніжэй - «апавяданне». Слова «апавяданне» было перакрэслена, зверху папраўлена: «аповесць», а побач размашыста прыпісана: «Раблюся нахабнай!»

Леанард узяў у рукі першую старонку.

 

Апошні дзень сімпозіума вучоных фізікаў краіны, які праходзіў у Акадэміі навук нашай рэспублікі, стаміў мяне сваёй насычанасцю. Мне было даручана падрыхтаваць артыкул пра асноўныя дасягненні навукі і перспектывы развіцця ў галіне фізікі. Я ўжо ўзяла некалькі інтэрв'ю ў вучоных і накідала план артыкула. Не хапала толькі нейкай адной дэталі, каб зрабіць абагульненне, падвесці вынік і завяршыць артыкул. І раптам пачула знаёмае прозвішча, якое назваў старшынствуючы. Я зірнула ў праграму, але там быў пазначаны іншы выступоўца - кіраўнік работ інстытута паўправаднікоў. Аднак старшынствуючы ўдакладніў, што кіраўнік знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы.

На трыбуну падняўся малады мужчына ў цёмна-сінім касцюме. Так. Гэта быў ён - Валодзя Балашэвіч. Ён вельмі змяніўся: пахудзеў, здаваўся значна вышэйшым. Толькі густая капа русых, коратка пастрыжаных валасоў, зачэсаных наперад без прабора, засталася той жа. Ён падняў галаву, зірнуў у залу, павярнуўся да старшынствуючага, быццам пытаючыся дазволу пачаць, спакойна вымавіў: «Паважаныя таварышы!..»

 

Валодзя Балашэвіч з'явіўся ў нашай школе пасля асенніх канікулаў. Бацька яго быў кадравы вайсковец і атрымаў новае назначэнне ў вайсковую часць, якая была размешчана недалёка за горадам. Гэта была ў Валодзі ўжо трэцяя школа. І нас усіх, што вучыліся разам з першага класа і ведалі адзін аднаго як аблупленых, асоба навічка, зразумела, вельмі зацікавіла. Гэта цікавасць яшчэ больш узрасла, калі Валодзя па просьбе класнага кіраўніка Галіны Цімафееўны расказаў пра сябе. Сваю біяграфію ён выклаў вельмі лаканічна.

- Ну што? Нешматслоўны, як старажытны рымлянін... Пахвальна. Ёсць у каго пытанні да Валодзі? - Галіна Цімафееўна зірнула на клас.

Наш класны кіраўнік выкладала гісторыю і заўсёды пры зручным выпадку не магла не скарыстаць у размове антычны афарызм альбо крылатае лацінскае выслоўе. Калі гэта было ў класе, яе абавязкова падтрымліваў Федзя Снапок. Праўда, не заўсёды дарэчы. І тады мы ўсе дружна смяяліся. Ён і тут падняў рукі ўгору, нібы жрэц, і выпаліў:

- Як казаў Юлій Цэзар, «прыйшоў, убачыў, перамог!».

Усе зарагаталі. Валодзя таксама ўсміхнуўся - неяк па-добраму, сардэчна. Рысы твару яго былі звычайныя, але нешта ва ўсім яго абліччы прываблівала. Трымаўся сціпла, але без лішняй сарамлівасці, спакойна і без баязлівасці, якую звычайна адчуваюць навічкі. Дзяўчынкі ўважліва, з цікаўнасцю разглядвалі яго і перашэптваліся. Хлопцаў радавала з'яўленне яшчэ аднаго ў класе. Толькі Леанард быў не падобны на сябе. Не думаю, што яго ў гэты час раздражнялі дзяўчынкі, праяўляючы цікаўнасць да навічка. Нешта большае, відаць, адчуў ён тады, і гэта адчуванне яго не падвяло.

 

Леанард у класе быў выдатнікам нумар адзін. Эрудыт, дасціпны, самаўпэўнены, фізічна моцны, высокі і прыгожы. Ён даўно стаў бясспрэчным аўтарытэтам у класе. Па ўсіх прадметах ён меў глыбокія веды, і астатнія, нават выдатнікі, адчувалі сябе неяк няўтульна, побач з ім яны прайгравалі.

- Любімыя прадметы і якая паспяховасць? - адкінуўшыся на спінку парты, неяк фанабэрыста звярнуўся ён да Валодзі.

- Паспяховасць сярэдняя. Любімыя прадметы - фізіка, гісторыя і літаратура, - па-ваеннаму адказаў Валодзя.

- Вось яшчэ адзін фізік-лірык! - неяк з'едліва чмыхнуў Леанард.

- Але ў цябе па ўсіх прадметах пяцёркі і чацвёркі, а па фізіцы чамусьці тройка, - зірнуўшы ў табель Валодзі, са здзіўленнем вымавіла Галіна Цімафееўна.

- Ха! - ускрыкнуў Леанард. - Вось надышоў час, ужо і з тройкамі да Эйнштэйна прымерваюцца...

Клас насцярожыўся - зараз Леанард «знішчыць» новенькага.

- І нічога дзіўнага няма. Сам Эйнштэйн гаварыў, што сапраўдныя адкрыцці здзяйсняюць невукі, - спакойна адказаў Валодзя.

Дзяўчынкі захіхікалі. Гэта было ўпершыню, калі клас не падтрымаў Леанарда. І ён у гэту хвіліну не знайшоў што сказаць, каб пацвердзіць сваё ўжо даўно заваяванае лідэрства. Было дзіўна. Колькі разоў, нават не пералічыць, ён ставіў сваіх апанентаў у няёмкае становішча, а тут сам збянтэжыўся. І я тады ўпэўнілася, як лёгка з дапамогай гумару і такту можна адвесці ад сябе любы здзек. Трэба толькі не сарвацца, не даць волю самалюбству, эмоцыям, пачуццям. Гэта цяжка і адначасова лёгка. Менавіта тады я па-іншаму зірнула на Леанарда. Яго смеласць у выказваннях, уласнае меркаванне па розных пытаннях падкуплялі нас хутчэй за ўсё таму, што самім нам гэта было проста не па сілах.

Аднойчы выкладчыца матэматыкі Таццяна Ільінічна, якая нядаўна прайшла да нас у школу пасля інстытута, маладзенькая мілая бландзінка, папрасіла Леанарда дапамагчы адстаючаму па матэматыцы Колю Казачку.

- Не магу! Не магу Вас падводзіць, Таццяна Ільінічна, - падкрэслена ветліва адказаў ён. - Пойдуць размовы: Вы не змаглі, а вось Бяседа змог...

Мы лічылі гэта ледзьве не баявой храбрасцю, адвагай, якую праявіў Леанард, каб хоць крыху неяк абламаць маладую матэматычку, якая засыпала нас заданнямі і кантрольнымі, відаць, паставіўшы перад сабой мэту зрабіць нас усіх Лабачэўскімі і Кавалеўскімі. А ён жа, неаднаразовы пераможца раённых і гарадскіх алімпіяд па матэматыцы і фізіцы, нічым не рызыкаваў у гэтай сітуацыі. Мала таго, быў абсалютна ўпэўнены, што Таццяна Ільінічна не зможа вынесці гэты ўчынак на абмеркаванне настаўнікаў, тым больш дырэктара, каб не паказаць сваю бездапаможнасць. Дзіўна, і як мы не разумелі гэтага тады? А можа, і разумелі. Хутчэй за ўсё мы бачылі і эгаізм Леанарда, і амаральнасць многіх яго ўчынкаў, але даравалі яму ўсё за ягоны «геній», за выключныя здольнасці, фізічную сілу ды і прыгажосць. Яго слухалі і слухаліся. Але гэта было да прыходу ў клас Валодзі.

 

Настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч, ці, як мы яго ахрысцілі, «М-2», умеў настроіць аўдыторыю на любую, нават самую складаную тэму ўрока. І сёння, павітаўшыся з намі, ён прыпыніўся каля акна і, пакуль заціхаў шум у класе, глядзеў на заснежаныя елкі, пасаджаныя ў двары школы. Потым пачаў чытаць уголас знаёмыя нам радкі:

 

Зима! Крестьянин, торжествуя,

На дровнях обновляет путь,

Его лошадка, снег почуя,

Плетется рысью как-нибудь...

 

Потым настаўнік хітравата ўсміхнуўся:

- Як вы думаеце, калегі, чаму селянін менавіта «торжествуя, обновляет путь», а яго конік перайшоў на рысь?

Усе ведалі, што тут нейкі падвох і трэба здагадацца, разгадаць задуму, прычым мысліць трэба неардынарна. Тут улічваліся дасціпнасць, знаходлівасць, сувязь з прадметам, словам, як у Клубе вясёлых і знаходлівых. Звычайна Леанард рабіў гэта бліскуча, і яго Міхаіл Міхайлавіч заўсёды трымаў у рэзерве, даючы магчымасць выказацца іншым.

- Беленькі, пушысты і іскрысты сняжок заўсёды стварае настрой, кліча душу ў палёт, - амаль праспявала маленькая хударлявая Ліля Мятнёва, якая і сама пісала вершы.

- Тады не было закона аб барацьбе з алкагалізмам, вось і паддаў зранку селянін і трыумфуе... - выпаліў Вася Вяргейчык.

- Падобны падобнаму радуецца, - уставіў афарызм Федзя Снапок.

Міхаіл Міхайлавіч павольна праходжваўся каля партаў, а дзяўчынкі і хлопчыкі ўздымалі рукі і выказвалі свае меркаванні. Нарэшце ён прыпыніўся каля стала і запытаў:

- Ну, а як думае калега Леанард?

- Мне здаецца, што снег - адзін з фізічных станаў вады, вельмі важны для селяніна. Гэта аснова ўраджаю ў наступным годзе. А жывёліне заўсёды перадаецца настрой гаспадара, - адказаў ён і чамусьці зірнуў на Валодзю.

Гэта заўважыў і Міхаіл Міхайлавіч. Ён памаўчаў нейкі час, нешта ўзважваючы.

- Усе вы, дарагія мае калегі, вядома ж, маеце рацыю. І я задаволены вашымі меркаваннямі. Але не будзем крыўдзіць новенькага. Трэба даць яму магчымасць выказаць сваю версію, - хітра паглядзеў ён на Валодзю.

Валодзя ўстаў і сказаў:

- Селянін і яго конік узрадаваныя тым, што значна знізіўся каэфіцыент трэння.

Міхаіл Міхайлавіч нават падскочыў: гэта было тое, чаго ён чакаў.

- Малайчына! - узрадаваўся ён, падбег да дошкі і крэйдай вялікімі літарамі напісаў: «Трэнне!» - Сапраўды, сёння мы пераходзім да раздзела «Трэнне».

На наступным уроку фізікі Леанард быццам ненаўмысна звярнуўся да Міхаіла Міхайлавіча:

- А навічок, Міхаіл Міхайлавіч, па фізіцы троечнік, але аб сусветным адкрыцці марыць, на імя Эйнштэйна замахваецца...

Я зразумела, што Леанард на гэты раз спецыяльна падрыхтаваўся, каб узяць рэванш за мінулае паражэнне, якое не давала яму спакою. Гэта ўсе бачылі, бачылі і чакалі...

- Не так ужо дрэнна, калі вайсковец носіць маршальскія пагоны ў сваім рэчмяшку, - усміхнуўся Міхаіл Міхайлавіч. - Але чаму, калі не сакрэт, калега, вы замахваецеся менавіта на імя Эйнштэйна?

Валодзя ўстаў, зірнуў у бок Леанарда. Я ўся сцялася. «Зараз ён сарвецца!» - апякла думка. Але Валодзя ўсміхнуўся:

- Ніякага тут сакрэту няма, Міхаіл Міхайлавіч. Проста наш агульны калега, відаць, вялікі жартаўнік, вось і вырашыў пазабаўляцца. Ну а калі б мне прыйшлося замахнуцца на славутае імя, то, магчыма, гэтае імя было б больш значнае, чым Эйнштэйн.

Усе сцішыліся ў чаканні.

А Валодзя разважаў далей:

- Так, талент Эйнштэйна высока цэніцца ва ўсім свеце, але ён сваё ўжо зрабіў. Тым больш што эксперыментальных пацверджанняў яго тэорыі адноснасці вельмі мала. А вось у сучаснай суперсіметрыі яго тэорыя - маленькі жмуток...

- Гэта абсурд! - ускочыў з месца Леанард.

- Абсурд - гэта прыватны выпадак логікі, - спакойна, з усмешкай адказаў Валодзя.

Леанард збялеў. Усе, як гаворыцца, яго «хатнія загатоўкі» ў адно імгненне ператварыліся ў нуль. Ён глынуў паветра і хацеў нешта сказаць, але апамятаўся і зрабіў выгляд, што чакае ад Міхаіла Міхайлавіча водпаведзі невуку, які ўзняў руку на генія. Але Міхаіл Міхайлавіч маўчаў...

 

Валодзя Балашэвіч сапраўды любіў літаратуру і фізіку. Асабліва добра ён чытаў вершы. Чытаў, як для сябе. Быццам навокал нікога не было. Чытаў ён нягучна, не турбуючыся аб інтанацыі, але голас яго заварожваў, закалыхваў, нібы музыка, і пранікаў кудысьці глыбока ў падсвядомасць.

Вельмі любіў Валодзя беларускую літаратуру. Неяк я запытала ў яго, чаму ён вывучае беларускую мову, калі ёсць магчымасць (сын вайскоўца ўсё ж) атрымаць вызваленне.

Валодзю ўзрушыла маё пытанне.

- Я ж беларус! Я павінен ведаць сваю родную мову, як ведаюць яе мой бацька, маці, дзед і бабуля...

Ён трохі памаўчаў і ўжо спакойна прадоўжыў:

- Так здарылася - нарадзіўся на Поўначы, потым Далёкі Ўсход, Сахалін. Праўда, дзякуючы маці і бацьку, больш-менш я валодаю беларускай мовай, многа вершаў ведаю, але гэтага, на мой погляд, мала. Слабая ў мяне моўная практыка. Так, на гутарковым узроўні. А да літаратурнай мовы яшчэ далёка.

Я запярэчыла:

- Навошта табе гэта? Ты ж не збіраешся стаць літаратарам ці моваведам? Ну а што да беларускай літаратуры, дык усё можна спакойна прачытаць у перакладзе на расейскую мову.

- Прачытаць можна, - усміхнуўся ён, - але кожнае слова можна перакласці па-рознаму. Сервантэс казаў, што кожны пераклад падобны на ўзорыстую тканіну з левага боку. Толькі вонкавы бок перадае поўнасцю малюнак і колер.

Ён вытрымаў невялікую паўзу, уважліва паглядзеў на мяне, нібы правяраў, ці зразумела яго, і павёў гаворку далей:

- Мы часта паўтараем: «Наша нацыянальная годнасць!» А яна ж пачынаецца з мовы. Аб гэтым лепей, чым паэт, мусіць, не скажаш: «...усё пачынаецца ад маці - ад мовы нашае зямлі...» І крыўдна, што многія беларусы не хочуць вывучаць і ведаць сваю мову. Пра якую ж годнасць тады можна гаварыць?

Ён расказаў мне, як бацька з адпачынку прывозіў кніжкі беларускіх празаікаў і паэтаў. А потым у вольны час чыталі разам вершы, апавяданні, аповесці. А колькі было радасці, калі маміны бацькі прысылалі з Беларусі беларускамоўныя часопісы. Гэта было святам і нітачкай, якая звязвала з Радзімай...

Валодзя гаварыў, і твар яго святлеў ад успамінаў пра няпростае, але такое шчаслівае дзяцінства.

- А як наша мова - ды, мусіць, і любая іншая - гучыць удалечыні ад родных мясцін! Пачуеш, быццам дакранешся да чагосьці святога. І ўжо бліжэй сваяка, чым зямляк, здаецца, і няма ва ўсім свеце, - неяк сумна і сур'ёзна падвёў ён рысу пад нашай размовай...

 

Міхаіла Міхайлавіча вельмі здзіўляла, а нас цікавіла, чаму ў ранейшай школе Валодзю за чвэрць у дзённіку была выведзена па фізіцы тройка. У нас на ўроках адказы яго былі дакладныя, як кажуць, без вады. З дадатковымі пытаннямі ён спраўляўся ўпэўнена, добра валодаў тэрміналогіяй і лёгка рашаў складаныя задачы. Праўда, адказы яго былі ў аб'ёме падручніка, і ён не выхваляўся веданнем дадатковага матэрыялу. Ён імпанаваў усяму класу сваёй непасрэднасцю, вытрымкай і тактам. Ні адным намёкам не спрабаваў нейкім чынам зняважыць Леанарда, хоць той не ўтойваў сваёй варожасці да яго і нават распальваў яе ў сабе. Тады гэта было мне незразумела. Я ведала, што падабаюся Леанарду. І хоць ён мне ў гэтым ніколі не прызнаваўся, адчувала, што многае ён рабіў, каб уразіць мяне, здзівіць. І яму гэта ўдавалася. Пазней я зразумела, што яму была неабходна не толькі мая ўвага, але і агульная, каб пацешыць самалюбства і задаволіць амбіцыі.

Пацярпеўшы некалькі, калі іх так можна назваць, паражэнняў ад Валодзі, ён адчуў, што яго ўлада над класам пахіснулася, і пачаў асабліва старанна рыхтавацца да ўсіх школьных заняткаў. Адказы яго - надзвычай поўныя, з веданнем дадатковага матэрыялу, які знайсці было нялёгка, - здзіўлялі і захаплялі не толькі нас, але і настаўнікаў.

Леанард зноў павесялеў. Але Валодзю ён пабойваўся, таму дыпламатычна не чапаў яго.

Валодзя ж не выказваў захаплення ні яго адказамі, ні эрудыцыяй. Тады Леанард пачаў паводзіць сябе па-іншаму. Пасля адказу каго-небудзь з вучняў ён прасіў у настаўніка дазволу дапоўніць альбо ўдакладніць - і зводзіў адказ свайго таварыша на нішто.

Неяк пасля заняткаў Валодзя затрымаў Леанарда. Я дзяжурыла і зайшла ў лабаранцкую. Усе з класа павыходзілі, і я міжволі (праз няшчыльна зачыненыя дзверы) стала сведкай размовы паміж імі. Валодзя не стаў шукаць дыпламатычныя шляхі да Леанарда, як гэта рабілі некаторыя настаўнікі.

- Ты больш таленавіты, чым твае аднакласнікі. Але хіба гэта можа даваць табе права не паважаць іх?

- Няхай спачатку навучацца паважаць саміх сябе, а потым патрабуюць павагі ад іншых, - парыраваў Леанард. - Што ім перашкаджае добра вучыцца? Лянота і жаданне без намаганняў дасягнуць усяго.

- Але ты заглушаеш кожнага і робіш гэта бязлітасна, - не здаваўся Валодзя.

- «Каб добрым быць, бязлітасным я быць павінен», - у адказ прадэкламаваў Леанард.

- Такі характар трэба мяняць, бо ў жыцці такім чынам нічога добрага не дасягнеш, - больш спакойна сказаў Валодзя.

- У Ньютана і Дэкарта былі вельмі дрэнныя характары, што не шкодзіла іх славе.

- Так, яны зрабілі шмат чаго, але змаглі б яшчэ больш, калі б змагаліся са сваім хваравітым самалюбствам. Яны ж трацілі шмат энергіі на звадкі... Цяжка жыць каля такіх, хоць і таленавітых. Па бацьку ведаю. Пад камандаваннем усякіх прыходзілася яму служыць. На Сахаліне, напрыклад, пашанцавала з камандзірам. І поспехі па службе ў бацькі былі. А трапляліся ж і капрызныя, і самадуры, якія абрасталі падхалімамі, што згаджаліся з кожным іх словам. Такое не ішло на карысць справе...

- Ну а Каралёў? - не здаваўся Леанард.

- Што Каралёў? Ён быў узорам вучонага. Так, ён быў крутога нораву. Але там іншым быць немагчыма. Там людзі рызыкавалі і нават ішлі на смерць. Аднак ён заўсёды быў справядлівы. Заўсёды! - робячы націск на апошнім слове, сказаў Валодзя. Крыху падумаўшы ён дадаў: - Кепскі характар трэба мяняць. Таму што ён вызначае лёс чалавека. Мяняць - вельмі цяжка. Нават калі ты свядома вырашыў. Але растраціць свае здольнасці дарэмна, дзеля хваравітага самалюбства - гэта злачынства перад прыродай, якая так шчодра цябе надзяліла. Можа, я не маю права гаварыць табе ўсё гэта. Але вось нядаўна прачытаў успаміны пра Пушкіна і яго сяброў. Ты ж ведаеш, які ў яго быў характар. І ён таксама ведаў усе свае недахопы, але імкнуўся перамагчы іх, адолець самога сябе. І ў гэтым яму дапамагалі яго сябры... Вось усё, што я хацеў сказаць табе па-сяброўску.

Ён змоўк. Я застыла ў здранцвенні. Маўчанне было доўгім. Я ціхенька падышла да дзвярэй. Нарэшце Леанард устаў. Твар яго быў бледны. Расцягваючы словы, ён неяк ненатуральна, але з пачуццём уласнай годнасці, адказаў:

- Мяне мой характар задавальняе, і мяняць яго я не збіраюся. - І выйшаў з класа.

 

Пасля размовы Валодзі з Леанардам я пачала аналізаваць учынкі сваіх сяброў. Прычым не ўтойвала, прынамсі, ад сябе, што раблю гэта свядома, каб глыбей разабрацца ў сутнасці ўзаемаадносін. У кожным чалавеку ёсць мноства разнастайных якасцей: і добрых, і дрэнных. З добрымі ўсё ясна. Яны не прыводзяць людзей да канфлікту. А вось дрэнныя, такія, як страх, недавер, халоднасць, помслівасць, зайздрасць і іншыя, з'яўляюцца прычынай сварак і нават варожасці.

Шмат якія вучоныя, у першую чаргу псіхолагі, па-рознаму тлумачаць гэта. І бліжэй да праўды мне здаецца такое меркаванне: «Чалавек з'явіўся з жывёльнага свету. І ён ніколі не вызваліцца цалкам ад якасцей, уласцівых жывёлам. Тут можна толькі гаварыць аб рознай ступені жывёльнасці альбо чалавечнасці, якую кожны з нас аднойчы атрымаў у спадчыну».

Дык што ж рабіць? Відаць, трэба вельмі пастарацца выявіць у сабе дрэнныя рысы і часцей пра іх думаць. А калі яны праяўляюцца, сароміць сябе, каб не стаць іх рабом на ўсё жыццё. Вядома, лягчэй тым, у каго гэтаму пытанню з ранняга дзяцінства шмат часу адводзяць бацькі. У гэтым могуць дапамагчы і сапраўдныя сябры, і любімыя кнігі. Быць добрым - не проста. Заўсёды трэба помніць словы Ісуса Хрыста: «Не спяшайся асуджаць».

 

- Дзе будзеш Новы год сустракаць? - запытала я ў Валодзі напярэдадні свята.

- Дома. Свята ж сямейнае... А вось першага студзеня думаю з'ездзіць у Мікалаеўшчыну, на радзіму Якуба Коласа. Калі ёсць жаданне, далучайся.

- Далучаюся! - адказала я.

- Тады сустракаемся на вакзале каля гадзінніка ў шэсць трыццаць. Форма адзення спартыўная, з лыжамі.

Я прыйшла своечасова. Ён чакаў мяне ўжо з білетамі. Акрамя лыжаў, за плячамі ў яго быў невялікі рукзак.

Электрычка была амаль пустая. Людзі яшчэ адпачывалі пасля сустрэчы Новага года.

Сышлі мы ў Стоўбцах. Валодзя хутка зарыентаваўся. Ён, відаць, ужо раней спланаваў маршрут, бо, ні ў кога не пытаўшы, мы хутка выйшлі да моста праз Нёман. Тут сталі на лыжы і рушылі ўперад...

Вярталіся дамоў позна, Валодзя быў бадзёры, а я ледзьве трымалася на нагах. Адкінуўшыся на спінку сядзення, я заплюшчыла вочы. І пад шум электрычкі перада мной паплыла карціна мінулага дня...

Карціна гэта засталася ў маёй памяці на ўсё жыццё. І ўжо ў дзесятым класе, рыхтуючыся паступаць на журфак, я апісала гэты дзень у замалёўцы «Цёплы сэрцу куток».

«Цёмна. Сонца яшчэ дасыпае, але контуры далёкага лесу праявіліся на гарызонце. Стаім, і не хочацца з'язджаць уніз. Цішыня аглушальная. Неба на вачах паступова ліняе. Ноч неахвотна вяртае фарбы наваколлю. Далёка ўнізе, дзе белыя дымавыя калоны падперлі неба, пачулася пяшчотнае гучанне званочка. Яно ўсё бліжэй і бліжэй падплывае да нас. І раптам на ўзгорку з'явіўся конік, запрэжаны ў сані. Прабег міма, званочак пад дугой весяліць яго. Мароз падганяе, пахруствае.

Некалькі елачак, нібы дазорныя ў насунутых шапках, замерлі і чакаюць...

Выбухам асыпаўся снег. Гэта лось выйшаў з лесу. А курапаткі і не падумалі ўзлятаць, кароткімі перабежкамі прамільгнулі і зніклі ў кустоўі...

Выкацілася сонца, і ўсё заіскрылася, расквецілася. Як прыпудраныя, бярозы спаборнічаюць у белі са снегам. А стары каржакаваты дуб нібы гасцінна запрашае на паляну, да сваёй сям'і. Мароз махната пакрыў яго шэранню, а Нёман дапамог яму ў гэтым таямнічым мастацтве.

Не вытрымалі нервы ў зайца, рвануўся. Задыміў след і знік за ўзгоркам...

 

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

 

Так пранікнёна пісаў пра гэты куток Беларусі наш народны паэт Якуб Колас.

Сцяжынкі, як нітачкі, звязваюць Альбуць, Акінчыцы, Ласток...

Сюды едуць людзі здалёк, каб пакланіцца памяці вялікага песняра, палюбавацца прыгажосцю гэтага края...»

Вядома, я не магла напісаць пра ўсё, што мяне перапаўняла і радавала ў той дзень, напрыклад, пра тое, як на прыпынках Валодзя накідваў мне на плечы сваю штармоўку, як раптам спыніўся перад вялікім лугам і прадэкламаваў:

 

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што маё сэрца да вас парывае?

Чым так прыкованы я...

 

Ці як ён на стук дзятла крычаў: «Давай, даражэнькі, давай!» І звяртаў маю ўвагу на тое, што «прырода жыве, прырода змагаецца і не здаецца...». Па яго просьбе гаспадыня музея пусціла нас - відаць, у гэты дзень адзіных і нечаканых наведвальнікаў - і правяла экскурсію для дваіх.

Выразна запомніўся мне Валодзя ў пакойчыку з маленькімі акенцамі. Ён спыніўся каля стала, за якім калісьці ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала, за якім яны гутарылі, спрачаліся, марылі, чыталі свае вершы. Тут зарадзілася іх сапраўдная, прыгожая дружба.

Валодзя нахіліўся над сталом, дзе пад шклом ляжалі фотаздымкі нашых народных песняроў. Вочы яго былі журботныя. Ён уздыхнуў і ціха сказаў:

- Ім было цяжка тады, але яны былі шчаслівымі. Нездарма ж святло таго шчасця, што яны неслі сваімі творамі людзям, і зараз асвятляе наш народ...

 

Дзіўна, як шмат чаго ўжо забылася і ўспомнілася толькі цяпер.

- Новы год нядоўга бывае новым, - пажартаваў тады Валодзя. - Але ўсё роўна гэта самае незвычайнае і самае цудоўнае на зямлі свята! Напэўна, таму, што праводзіцца рыса паміж мінулым і будучыняй, няхай умоўна, але гэта рыса адліку. І мы падводзім вынік. Вынік пражытага. Ні адно свята не дае такой светлай надзеі на будучыню, як Новы год...

- А ты паехаў бы ў Мікалаеўшчыну адзін, калі б я адмовілася? - не без падтэксту запытала я і пачырванела.

- Паехаў бы, - не задумваючыся, адказаў ён. - Інакш гэтае свята ператварылася б у звычайны выхадны дзень. Я заўсёды стараюся на Новы год куды-небудзь схадзіць ці з'ездзіць, каб гэты дзень застаўся ў памяці, каб нечым запомніўся.

Так, ён казаў праўду. Прайшло шмат часу. Колькі было сустрэч Новага года, колькі іншых свят, але амаль усе яны змяшаліся, пераблыталіся. Памятаю, што святкавала дома, у кампаніі, але з кім, які гэта год - трэба яшчэ падумаць. А той год застаўся ў памяці назаўсёды. Менавіта тады я зразумела галоўнае: высакароднасць закладзена ў кожным чалавеку. Сакрэт у тым, што чалавеку трэба дапамагчы яе разбудзіць, калі ён сам не можа. І разбудзіць своечасова, бо можна і спазніцца. Так, спазніцца. І тады ўжо не варта пускацца ў дарэмныя разважанні: чаму ў жыцці столькі нізкіх учынкаў, разбэшчанасці, хамства ці адкуль бяруцца падлюгі. Добра, калі яшчэ відавочныя, якіх можна абысці, але бываюць жа і замаскіраваныя. І паспрабуй тады ўбачыць падонка! Нацягне маску: «Добры дзень!», «Калі ласка!», «Даруйце!», «Прабачце!», а прыйдзе час - дык так абыдзецца з табой...

 

Валодзя, апынуўшыся ў вялікім горадзе, прагна кінуўся, як ён казаў, «ліквідаваць свае прабелы». Ён наведваў тэатры, музеі, карцінную галерэю, бібліятэкі. І не саромеўся запытаць у мяне ці ў аднакласнікаў, калі нешта было незразумела.

Аднойчы мы класам адправіліся ў Палац мастацтваў, там была арганізавана выстава маладых мастакоў. Як заўсёды, наперадзе ішоў Леанард. Ён лепш за ўсіх разбіраўся ў выяўленчым мастацтве, і калі мы наведвалі карцінную галерэю, аднакласнікі трымаліся каля яго. Асабліва ён любіў другі паверх, дзе былі размешчаны палотны майстроў старэйшага пакалення. З іх партрэтаў глядзелі вочы, здавалася, падобныя на Леанардавы. І той адчуваў сябе сярод гэтых халодных поглядаў спакайней, быццам знаходзіўся ў сваім асяроддзі. Ён не спяшаўся ў залы, дзе выстаўлены работы сучасных мастакоў, даючы зразумець, што ім бракуе і тэхнікі, і ўмення будаваць кампазіцыю. Мы слухалі яго, і ў нас не ўзнікала ніякага пярэчання, тым больш сваіх думак. Правільна гавораць, што чалавек натоўпу думае вушамі. Усё, што казаў Леанард, здавалася лагічным і слушным.

У той дзень Леанард быў не ў гуморы. Хутка прайшоўшы па зале, ён коратка заключыў:

- Глядзець няма чаго. Скрозь кан'юнктура...

Я звярнула ўвагу на Валодзю, які ўжо даволі доўга стаяў каля аднаго малюнка, і падышла... «Перамога», А.Александровіч, 26 гадоў. Чорная акварэль». На слупе скрыўлены прамавугольнік рэпрадуктара, з якога столькі дзён і начэй чакалі аднаго толькі слова. Адзінага, здольнага спыніць усё страшнае і нечалавечае, бязлітаснае і несправядлівае. І вось яно: «Перамога». Але што гэта? Навокал адны жанчыны, старыя, падлеткі - і ніводнага радаснага твару. Толькі вочы, вочы, вочы! Нават не сумныя, а стомлена-глыбокія. Да болю...

- Якая праўда! - ціха вымавіў Валодзя.

У душы я з ім не згадзілася. Ён гэта адчуў. Але не стаў растлумачваць, навязваць сваю думку. Значна пазней, у гутарках з тымі, хто перажыў цяжкасці і нягоды вайны, зазнаў гора страты блізкіх і родных, я высветліла для сябе, што гэта было сапраўды так. Пры слове «перамога» ўсім адразу станавілася неяк лёгка і ў той жа час увесь неверагодны цяжар, пра які стараліся забыцца, не думаць падчас вайны, - навальваўся на чалавека, паралізоўваючы яго і пакідаючы сам-насам з перажытым горам...

Валодзя, у адрозненне ад Леанарда, які за нязгоду з яго думкай лічыў кожнага ледзь не ворагам, даў мне ўрок: на ўсё трэба мець свой погляд, яго можна адстойваць, але не навязваць. І яшчэ: мастацтва, у якой бы форме яно ні выступала, патрабуе глыбокага разумення і не прымае паспешлівых ацэнак...

 

Як жа бяжыць час! А згадкі, перажыванні, пакуты не сыходзяць у нябыт. Гэта як трава: восенню губляе колер і моц, але толькі прыгрэе веснавое сонейка - ажывае...

Я бачыла, як мучыўся Леанард, калі даведаўся, што мы з Валодзем былі ў Мікалаеўшчыне. Знешне ён рабіў выгляд, што нічога не здарылася. Ён па-ранейшаму вітаўся са мной і сядзеў за адной партай. Але не запрашаў збегаць у кіно, або схадзіць у буфет, ці прайсціся пасля ўрокаў. Толькі аднойчы, калі я папрасіла яго нешта растлумачыць па фізіцы, ён пільна паглядзеў на мяне, сцяў сківіцы, ды так, што ўзняліся жаўлакі, і вочы яго пацямнелі. Ён вытрымаў нейкі час і без інтанацыі (цяжка было вызначыць, што ў гэтых словах: злосць, пагарда ці помста) сказаў:

- У вас, лэдзі, цяпер ёсць асабісты кансультант. І ён не за гарамі...

На дзень майго нараджэння Леанард не прыйшоў. Гэта было ўпершыню. Праўда, персанальна яго я не запрашала - блізкіх жа сяброў не запрашаюць, яны прыходзяць самі.

Было весела. Танцавалі, спявалі, смяяліся.

Валодзя вельмі спадабаўся маёй маме. А калі ён, заўважыўшы, што на кухні цячэ кран, і, перакрыўшы ваду, замяніў пракладку, тата сказаў:

- Талковы хлопец!

А я ўвесь вечар чакала Леанарда. І нават у тое імгненне, калі задувала свае свечкі, думала пра яго. У нас і раней былі невялікія сваркі, але ён заўсёды чакаў, што я першая пайду на прымірэнне. І я падыходзіла...

Сяброўкі адразу заўважылі, што нешта разладзілася ў нашых адносінах з Леанардам. А Лізавета, якая лічылася ў нашым класе самай вопытнай у сардэчных справах, прачытала мне цэлую лекцыю, якую закончыла прыкладна так:

- Што ты строіш з сябе? Зараз трэба не чакаць, а дзейнічаць! І пугай, і пернікам. Дачакаешся, што страціш яго. Тут любога хуценька падбяруць, а такога!.. І пра самалюбства не падумаюць. А рыцары без страху і папроку даўно зніклі разам са сваімі шпагамі...

Я не спрачалася. Але я любіла яго, і мне хацелася, каб ён быў лепшым...

 

Першы наш працоўны дзень азнаменаваўся тым, што з трыццаці вучняў пяць прынеслі даведкі ад лекара. Прычым гэта былі тыя, што ніколі не хварэлі і нават не скардзіліся на сваё здароўе. Крыўдна было нам праз месяц, з аблупленымі насамі, з патрэсканымі ад кампосту і рассады пальцамі, глядзець на загарэлых і адпачыўшых разам з бацькамі на поўдні «таварышаў», што схавалі сваё сумленне за фальшывымі даведкамі.

Федзя Снапок тады трапна падмеціў: «У здаровым целе нездаровы дух». Але агульная наша крыўда не распаўсюджвалася на Леанарда. Хоць ён і раней ніколі не прымаў удзел у суботніках, не збіраў макулатуру, не дапамагаў у падрыхтоўцы школы да пачатку новага навучальнага года і зараз не паехаў з класам у працоўны лагер, мы ўсе лічылі, што гэта нармальна. Ён жа столькі робіць для школы! Ён - абаронца яе гонару і ў спартыўных спаборніцтвах, і ў матэматычных алімпіядах. Ды як магло быць інакш, ён жа гордасць нашай школы!

Мне толькі шкада было ягоных бацькоў. Здольнасці Леанарда вельмі ўскладнялі іх жыццё. Яны хваляваліся за свайго адзінага сына, баючыся, што ён, як многія вундэркінды, перагарыць і з часам страціць усё, чым адарыла яго прырода. І ўсё ў гэтай сям'і было накіравана толькі на выяўленне здольнасцей і гарманічнае развіццё юнага таленту. Калі Леанард перайшоў у пяты клас, маці яго нават кінула работу, каб удзяляць больш увагі сыну. Ён займаўся музыкай, спортам, многа чытаў, наведваў тэатры, музеі, але ўзяць у рукі лапату або мятлу было б для яго знявагай уласнай годнасці.

Валодзя ж з дзяцінства быў прывучаны да працы. Я часта бачыла, як ён пасля ўрокаў бегаў па крамах, стаяў у чарзе, купляў прадукты, пакаваў іх у сумку, якую заўсёды насіў у партфелі, і спяшаўся да свайго аўтобуса. Я не падыходзіла, каб не бянтэжыць яго. Але гэта было залішне, бо ён не саромеўся таго, што рабіў. Наадварот, пры першай жа сустрэчы расказаў мне, у якой краме і ў які час невялікая чарга, калі куды завозіцца свежы хлеб і дзе лепшая бульба. На падрыхтоўку ўрокаў у яго заставалася мала часу. Яшчэ ж трэба было забраць сястрычку з дзіцячага садка, а ў суботу дапамагчы маме зрабіць уборку ў кватэры.

На суботніках, у працоўным лагеры Валодзя працаваў старанна, прыгожа, з поўнай аддачай і з нейкай спартыўнай асалодай. Здавалася, праца для яго была жыццёвай неабходнасцю. Таму ён з поўным маральным правам на адным з класных сходаў звярнуўся да нашых вечных «разумных», не абмінаючы і Леанарда:

- Чаму вы ўхіляецеся ад працы?

Такога ў класе ніколі не было. Усе змоўклі. А Леанард не вытрымаў. Гэта было ўжо занадта, каб яго папракалі!

- Дурня работа любіць! - выгукнуў ён.

- Атрымліваецца, мы ўсе тут дурні? Ці ты нешта іншае маеш на ўвазе? - стрымана запытаў Валодзя.

Леанард асекся. Зразумела, злосць засланіла ўсё. Тармазы, як кажуць, перасталі дзейнічаць. Ён адразу зразумеў, што ляпнуў не тое. І пасля кароткай збянтэжанасці, быццам апраўдваючыся, адказаў:

- Я меў на ўвазе, што ўсякая праца павінна быць аплачана. І я не збіраюся працаваць бясплатна...

- А вучыцца бясплатна ты можаш? - ці то пытальна, ці то сцвярджальна сказаў Валодзя.

- За грошы і пан харошы! - знайшоўся Федзя Снапок, які ў сваіх рэпліках разам з антычнымі афарызмамі пачаў з поспехам скарыстоўваць прыказкі і прымаўкі.

Леанард маўчаў...

- Калі б усе былі разумныя, то хто б быў дурны? - журботна ўздыхнуў Федзя.

Я выступіла ў абарону Леанарда. Сказала, што ён многа робіць для школы, намякнуўшы на яго здольнасці ў спорце. Але Валодзя прапанаваў паставіць пытанне на галасаванне, і большасць асудзіла «разумных», у тым ліку і Леанарда. Я ўстрымалася.

- Якія ў цябе планы на лета? - запытала я Валодзю, сустрэўшы яго неяк у чытальнай зале бібліятэкі.

- Планы вялікія, як дзяржаўныя, а вось выканаць іх, мусіць, часу не хопіць... Столькі ўсяго хочацца... - з нейкім сумам адказаў ён і дадаў: - Нічога, прарвёмся! Вось планую зрабіць веласіпеднае падарожжа па маршруце Менск-Узда-Нясвіж-Мір-Стоўбцы.

- Няўжо ты вытрымаеш такі маршрут на веласіпедзе? - здзівілася я.

У адзін бок да Стоўбцаў усяго каля 220 кіламетраў. Бацька мой у дзевятым класе разам з хлопцамі на веласіпедзе ў Крым ездзіў, а тут...

- Усё роўна цяжка, - не згадзілася я.

- Зачым хлеб, калі няма васількоў? - з усмешкай адказаў ён словамі Максіма Багдановіча. І дадаў: - Са мной будуць яшчэ тры хлопцы з нашага ваеннага гарадка. Возьмем палаткі. Спяшацца няма куды. Будзем адпачываць. У гэтым годзе па плану - Нясвіж і Мірскі замак. А на другі год - Горадня. Цікавы горад, і даўно мяне вабіць...

- Пачалі б падарожжа з Нясвіжа, тады б і на Горадню хапіла часу, - зазначыла я.

- Ведаеш, калі прывязуць да помніка, пакажуць, раскажуць, гэта не экскурсія. Тут трэба адчуць усё... - Ён трошкі памаўчаў і развіў думку: - Калі мы жылі на Сахаліне, не кожны год маглі выехаць у адпачынак на мацярык усёй сям'ёй. І мы з татам, каб выкарыстаць яго бясплатны білет, пускаліся ў падарожжа. Былі на возеры Байкал, на параходзе праплылі па раце Об ад Новасібірска да горада Камень-на-Абі. І заўсёды тата не даязджаў да канечнага прыпынку, і мы да яго крочылі пешшу. Апошняя наша паездка была на возеры Селігер. Прыехалі цягніком у горад Асташкаў. Далей кацерам дабраліся да прыстані Свапушча. І ўздоўж узбярэжжа возера па прыкметнай сцежцы пайшлі далей. Дарога была цяжкая, яна пятляла ў густым лесе. Ногі слізгалі па гліністай зямлі, а камары атакавалі з усіх бакоў. Прайшлі мы каля 20 кіламетраў і ўбачылі возера Сцерж: у яго ўпадае рака Волга, а потым з яго выцякае. Далей сцяжынка прывяла нас да сяла Волга-Вярхоўе і капліцы над вытокам ракі Волгі. Ты не можаш сабе ўявіць, што мы адчувалі... Гэта цяжка перадаць... Вось кропка, адкуль пачынае свой шлях магутная, славутая і вядомая ва ўсім свеце рака! Вось яна!..

Таму я і выбраў для падарожжа Нёман. Бо ён для нас, беларусаў, тое ж, што Волга для расейца, Дняпро для ўкраінца, Вісла для паляка... Праўда, у нас ёсць і іншыя вялікія рэкі, але іх вытокі за межамі Беларусі. І толькі Нёман, Бярэзіна ды Вілія пачынаюцца на нашай зямлі. А самая вялікая сярод іх - Нёман. Вось і пачнём з хлопцамі вандроўку адтуль, дзе ўздзенская зямля дае Нёману маладую сілу. Наведаем вёску Нізок, дзе нарадзіліся і славутыя вучоныя, і паэты, і пісьменнікі, і акцёры. А затым будзем шукаць выток Нёмана - Нёманец, які пачынаецца недзе ля вёсачкі Верх-Нёман і бруіцца, ператвараючыся ў вялікую, магутную раку Нёман, што заканчвае свой бег у Куршскім заліве Балтыйскага мора. Вось выпісаў - даўжыня Нёмана 937 кіламетраў, з іх на Беларусь прыходзіцца 459. І што яшчэ выпісаў! У Маскве і ў Кіеве ёсць Нёманскія вуліцы. А ў Сант-Пецярбургу на Васільеўскім востраве - Нёманскі завулак. У нашай жа сталіцы ніякіх напамінаў пра Нёман няма, як мне здаецца. Адно ведаю, што ёсць у нас вуліцы Ангарская, Ілімская, Енісейская...

Я слухала ўважліва і зайздросціла яму, зайздросціла самастойнасці і ўпэўненасці, заўсёднай мэтанакіраванасці і чалавечнасці. Усё ў яго было прадумана, разлічана. З усімі добрыя, сяброўскія адносіны. Леанард жа прытрымліваўся «сабе роўных». І, відаць, гэта была яго галоўная жыццёвая памылка...

 

Закончыліся летнія канікулы... Першы дзень вучобы заўсёды цікавы. Ды і якая там вучоба? Гэта адчуваюць і настаўнікі. Нават і не спрабуюць хоць трохі сцішыць лавіну эмоцый. Але час робіць сваё. Гэта як навальніца: пакуль не адгрыміць, не адбліскае - не пройдзе.

Гляджу на першаклашак, і не верыцца, што і мы некалі былі такія...

Пасля заняткаў класам падаліся ў цэнтр. Ішлі ўздоўж Свіслачы, смяяліся, жартавалі. Але я адчувала, што Валодзя ў нейкім дзіўным настроі, што з паходу ён вярнуўся іншым. Я не пытала яго ні пра што. І правільна зрабіла.

Праз дні тры ён прапанаваў пасля ўрокаў пагуляць у гарадскім парку. Я згадзілася. Мы прайшліся па алеі і прыселі на лаўку. Дзень быў пагодлівы, ціхі, і прырода па-летняму лагодная. Але нейкая журботная нерухомасць дрэў, празрыстасць неба, адзінокі свіст сініцы і невыказная цішыня настройвалі на мінорны лад.

Гарадскі парк, дзіцячы парк імя Горкага, а калісьці Губернатарскі... Я задумалася, успомніла, што мне расказваў пра яго бацька. Маўчаў і Валодзя.

- Ну а як твой паход? - нарэшце не вытрымала я. - Нешта вялікай радасці я не бачу...

- Паход прайшоў добра. Але, як казаў адзін з кінагерояў, «за дзяржаву крыўдна». Вось уяві: Нясвіж амаль на чатыры стагоддзі маладзейшы за Менск. Але там глыбей адчуваеш, якою даўніною ён дыхае. Ведаеш, гэтае адчуванне натхняе творчую моладзь. Вось скульптар Святлана Гарбунова яшчэ на трэцім курсе пачала працаваць над вобразам вялікага асветніка Сымона Буднага. Дыпломная ж работа была зроблена ёю ўжо з гліны і ў памерах манумента. Але яна не спынілася на гэтым, выношвала мару паставіць помнік Буднаму на яго радзіме, у Нясвіжы. Яна хадзіла па кабінетах, выпрошваючы бронзу і іншыя матэрыялы, займалася перавозкамі... Але дабілася свайго, бо добра ведала, што адсутнасць памяці губіць нацыю... Колькі імёнаў мы адкрываем праз дзесяцігоддзі і нават стагоддзі! А гэтыя імёны маглі б стаяць у спісе нашых нацыянальных герояў першымі.

- Нешта ты пра Нёман нічога не гаворыш. А я думала, што ён будзе асноўным у тваім падарожжы. Я ж за гэты час зноў з'ездзіла ў Мікалаеўшчыну, да тых мясцін, дзе мы былі з табой... Як там прыгожа ўлетку! І якую ж моц набраў Нёман па дарозе ад свайго маленькага вытоку!

Валодзя кіўнуў мне:

- Ты, малайчына, малайчына... А ў нас каля вытоку ўсё пачалося. Справа ў тым, што карта, якой я карыстаўся, была падрыхтавана ў 1957 годзе. А ў гэты час там праводзіліся меліярацыйныя работы. І асноўны выток - Нёманец - атрымаў новы кірунак. Ён быў знішчаны перад зліццём з ракой Лошай і адведзены ў раку Ўса. А быў жа просты выхад - далучыць рэчышча Ўсы да Нёманца і гэтым захаваць хаця б яго гістарычнае вусце.

Я запытальна зірнула на Валодзю.

- Так... так... Лічаць, што рака ўпадае ў другую раку, калі басейн і колькасць вады, якую ён прыносіць да сутокі, у яе меншыя. Інакш кажучы, імя захоўваецца за мацнейшай ракой. А калі так, дык Волга, напрыклад, упадае ў Каму, а тая - у Каспійскае мора. Вось тут якраз геаграфія прыйшла ў супярэчнасць з гісторыяй. Справа ў тым, што ўсходняя мяжа тагачаснай Масковіі калісьці праходзіла ўздоўж самай вялікай ракі Волгі, тагачасныя насельнікі «далучылі» да Волгі і Каму. І ніхто не стаў мяняць назву, бо гэта ўжо трывала замацавалася ў народнай свядомасці.

- Вось бы і ў нас так было. А то нават вуліцы некаторыя мянялі свае назвы па тры-чатыры разы. Калі так будзе і далей, дык у Менску ўвогуле нічога не застанецца ад старажытнасці, - падтрымала я Валодзю.

Толькі вясной я зразумела, чаму Валодзя пазваў мяне ў парк і чаму пры развітанні сказаў: «Дзякуй табе, ты добры сябар...»

Яму тады трэба было пабыць з кім-небудзь і пагаварыць. І на тое была прычына: яго бацьку паслалі ў Афганістан.

 

Кажуць, што знешнасць бывае падманлівай. Гэта дакладна. Валодзя не выглядаў спартыўным. У параўнанні з Леанардам ён быў і ростам ніжэйшы, і ў плячах вузейшы. Але на лыжных спаборніцтвах роўных у школе яму не было. І ўсё таму, што на Сахаліне яму прыходзілася хадзіць на лыжах у школу па 5-6 кіламетраў кожны дзень. І вынік - першы юнацкі разрад. Такім чынам, першае месца па фізкультуры засталося за Валодзем. Леанард разгубіўся. Хадзіў змрочны і пакрыўджаны, калі яго фотаздымак перамясцілі ўніз на спартыўным стэндзе школы. Валодзя ж нос не задзіраў, дапамагаў сябрам рыхтаваць лыжы, раіў, як падабраць лыжную мазь, як яе наносіць і расціраць, паказваў тэхніку хадзьбы. Пры гэтым жартаваў, што толькі тут слушнае сцвярджэнне: не падмажаш - не паедзеш. Усё гэта яшчэ больш злавала Леанарда.

Другое першае месца Валодзя замацаваў за сабой, абышоўшы Леанарда на ваеннай падрыхтоўцы, калі пачаліся заняткі па стральбе. Страляў Валодзя добра. У гэтым яму дапамог бацька, майстар спорту, які сур'ёзна займаўся з сынам. Але гэтага ніхто не ведаў. А Леанард ужо тры гады хадзіў у стралковую секцыю і быў чэмпіёнам школы.

У стральбе вельмі вялікае значэнне маюць спакой і вытрымка. Леанард жа пасля добрага выступлення Валодзі вельмі нерваваўся і страляў горш, чым звычайна. У выніку - прайграў.

Паступова аднакласнікі выходзілі з-пад улады Леанарда. Ды і стала нас значна менш: хто падаўся ў тэхнікум, хто - у ПТВ. Федзя Снапок паступіў у архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Ліля Мятнёва вытрымала конкурс у педвучылішча... Як жа павырасталі аднакласнікі!

Федзя са сваімі жартачкамі, афарызмамі, прыказкамі і прымаўкамі, якія зрабілі яго сапраўдным прамоўцам пры нашай апошняй сустрэчы выдаў:

- Дарагія маі калегі! Мы з вамі не развітваемся, бо гэта проста немагчыма. У любым выпадку мы будзем з вамі разам, і наша гісторыя заўсёды будзе агульнай. Тое, што мы з вамі ведаем, - кропля, тое, чаго не ведаем, - мора! Але вяршыні дасягаюць не адразу. Таму я буду караскацца, караскацца і караскацца. І ўсё для вас... Я выбраў прафесію будаўніка, каб да вяселля ў кожнага з вас была свая цудоўная кватэра. А чаму б не памарыць?..

Ліля Мятнёва прачытала свае новыя вершы. Тыя з нас, што засталіся ў школе, таксама вызначалі свае планы, бо разумелі, што некалькі год пройдуць хутка.

На перапынках большасць аднакласнікаў збіралася каля Валодзі.

Калі прыйшоў час выбіраць старасту класа, выбралі Валодзю.

Два гады таму, калі нехта прапанаваў выбраць старастам Леанарда, той узяў самаадвод, спасылаючыся на занятасць, і вылучыў мяне. Толькі зараз я зразумела, для чаго ён гэта зрабіў. Яму было зручней застацца вольным аўтарытэтам у класе. Ён падтрымліваў мае прапановы, а значыць, і клас падтрымліваў іх. Мне было няцяжка працаваць, але я была залежная ад Леанарда.

Цяпер усё змянілася. Клас выйшаў з-пад кантролю Леанарда. А ў характары яго відавочна праявілася галоўная рыса - зайздрасць. Не тая добрая зайздрасць, якая дае чалавеку штуршок да самаўдасканалення, узбуджае жаданне быць не горш за іншых, а тая, што спальвае нядобрым агнём, атручвае сваёй жа атрутай - аж да поўнай страты чалавечых узаемаадносін. Цяпер Леанард усёй сваёй істотай ненавідзеў Валодзю.

 

Неяк вясной, напярэдадні 8 Сакавіка, мне пазваніў Федзя Снапок. Павіншаваў мяне і маю маму з надыходзячым святам і запрасіў на вечар у свой тэхнікум.

- Бяры сяброўку ці кавалера і да нас. Вечар адбудзецца 7 сакавіка пасля заняткаў, у 16 гадзін. На вечары будзе вядомы беларускі паэт Анатоль Грачанікаў! Я запрасіў Лілю Мятнёву. Чакаю вас каля галоўнага пад'езда...

Цэлы дзень у мяне быў прыўзняты настрой. У вызначаны час мы з сяброўкай Лізаветай прыйшлі ў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Нас сустрэлі Федзя з Ліляй. Было прыемна зноў убачыць іх. Федзя спяшаўся. І адразу правёў нас у актавую залу. Там было шумна і весела. Моладзь была апранута па-святочнаму і пачувала сябе больш вольна, чым у школе. Федзя пасадзіў нас і пабег. Праз некаторы час вярнуўся, у руках яго былі кнігі. Ён перадаў іх нам.

- Потым возьмеце аўтограф.

Я разгарнула кнігу. Гэта быў зборнік вершаў А.Грачанікава «Я вас люблю...». У думках я пахваліла Федзю за тое, што так усё прадугледзеў.

Паступова ўсе ўгаманіліся. У залу ўвайшлі дырэктар тэхнікума, яго намеснікі, Анатоль Грачанікаў і некалькі былых настаўнікаў-ветэранаў. Усе ўсталі і запляскалі ў далоні. А яны прайшлі наперад і селі ў першым радзе.

На сцэну выйшаў наш Федзя з прыгожай дзяўчынай. У руках у іх былі папкі. Федзя звярнуўся да залы і павіншаваў жанчын са святам. Яго падтрымала сувядучая. Потым яны разам вялі канцэрт. Вялі не фармальна: кожны нумар праграмы суправаджаўся дасціпнымі жартамі, што адпавядала характарам выступоўцаў. А калі на сцэну падняўся Анатоль Грачанікаў, цяжка была спыніць апладысменты. Прыгожы, высокі, плячысты, ён, здавалася, не зусім утульна адчуваў сябе на гэтай невялікай сцэне. Ён спыніўся ў яе глыбіні, павіншаваў жанчын са святам і прачытаў некалькі вершаў. Зала была ў захапленні. Я яшчэ раз упэўнілася, што гэта сапраўдны падарунак, калі аўтар сам чытае свае творы. І гэты падарунак мы атрымалі на 8 Сакавіка.

Свой апошні выхад Федзя завяршаў так:

- Дарагія нашы госці! Калі вам у трамваі, аўтобусе альбо ў тралейбусе хто-небудзь з юнакоў не ўступіць месца, то помніце, што гэта не студэнты Менскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума!

Потым былі танцы, гульні, конкурсы. Я адзначыла для сябе, што ў тэхнікуме дзяўчаты і хлопцы здаваліся старэйшымі за нас, хоць на самай справе мы былі аднагодкамі. Незабыўным стала для мяне і тое, што менавіта ў той дзень я атрымала першую кнігу з аўтографам.

 

Наш Міхаіл Міхайлавіч быў незвычайным настаўнікам. Ён тонка адчуваў і разумеў нас. Умеў непрыкметна падтрымаць, умеў параіць і дапамагчы кожнаму. А галоўнае, ён быў неабыякавы да лёсу сваіх вучняў.

Аднойчы ён раней закончыў урок, прайшоў паміж радоў і прыпыніўся каля парты, за якой сядзеў Валодзя.

- Калега! - звярнуўся ён да яго. - Вы неяк злёгку закранулі пытанне аб новай тэорыі - суперсіметрыі і супергравітацыі. Можа, вы падрыхтуеце даклад па гэтым пытанні?

Клас насцярожыўся.

Валодзя не стаў ламацца і коратка адказаў:

- Добра. Я пастараюся.

Гэта была сенсацыя. І не толькі ў класе, але і ў школе. Бо акрамя нас, Міхаіла Міхайлавіча і Галіны Цімафееўны на той лекцыі прысутнічалі па запрашэнні дзесяты «Б» і некалькі настаўнікаў.

Тэма для нас была цяжкая, незразумелая, і, нягледзячы на гэта, Валодзя выклаў яе вельмі папулярна. У яго былі падрыхтаваны невялікія карткі, на якіх тлумачыліся тэрміны і азначэнні. Ён пускаў іх па радах, каб слухачам лягчэй было сачыць за думкай.

Пачаў ён з вядомых імён у фізіцы - Эйнштэйна, Лабачэўскага, Бойаі, Фарадэя і Рымана, потым перайшоў да асноўных палажэнняў тэорыі. Іх Валодзя паўтараў па некалькі разоў, каб мы мелі магчымасць запісаць і запомніць. І падбадзёрваў нас, што ўсё стане на сваё месца. Я ўспомніла, як ён супакойваў нас, калі мы пачалі вывучаць інфарматыку. Тады таксама было шмат незразумелага. Але прайшоў нейкі час, і ўсё стала, як ён і абяцаў, на сваё месца...

Валодзя змог вобразна намаляваць карціну развіцця фундаментальнай навукі на працягу многіх гадоў. Ён расказаў пра амерыканскага фізіка Вігнера, які даказаў, што сіметрыя - гэта галоўнае, што ёсць у фізіцы, бо яна звязана з законам захавання энергіі. Інакш кажучы, сіметрыя і закон захавання выконваюць ролю жалезнага каркаса, на якім трымаецца тэорыя фізікі.

Валодзя адчуваў аўдыторыю і не даваў нам расслабіцца і страціць цікавасць да гэтай няпростай тэмы. Ён расказваў пра маладога французскага матэматыка Эварыста Галуа, які запісаў тэорыю сіметрыі ў ноч перад пагібельнай дуэллю. Якую мужнасць трэба было мець, каб займацца навукай, калі жыццё адлічвала гадзіны!..

Валодзя з гонарам гаварыў і пра нашых вучоных Д.Волкава, В.Мацвеева, Д.Таўхелідзе, якія многа зрабілі для стварэння новай тэорыі, асабліва ў тым, што тычыцца структуры элементарных часціц і атамных ядзер, якія набліжаюць фізікаў да адной з самых глыбокіх таямніц прыроды - сутнасці і паходжання ядзерных сіл. У яго выступленні трапляліся новыя тэрміны, якія нават запомніць было цяжка, не кажучы ўжо пра тое, каб усвядоміць іх сэнс.

Я глядзела на Валодзю і не магла паверыць, што гэты хлопец мае такія глыбокія веды. І хоць у гісторыю запісаны імёны многіх вучоных, якія сталі славутымі ў маладыя гады (Ігар Курчатаў, які скончыў універсітэт за тры гады, а ў 27 год ужо быў загадчыкам фізічнага аддзела Ленінградскага фізіка-тэхнічнага інстытута; Леў Ландаў, які ў 13 год закончыў школу і стаў аспірантам да заканчэння ўніверсітэта, у 26 - доктарам навук, а ў 27 - прафесарам; наш зямляк Уладзімір Платонаў, які яшчэ ў студэнцкія гады здзіўляў выкладчыкаў матэматычнымі здольнасцямі, а праз пяць год пасля заканчэння ўніверсітэта стаў загадчыкам кафедры алгебры і тапалогіі, а потым і акадэмікам АН Беларусі...).

...Леанард сядзеў з апушчанай галавой. Сярод нас, відаць, толькі яму было амаль зразумела, але гэта яго не супакойвала, і ён нервова пастукваў пальцамі па стале. Міхаіл Міхайлавіч увесь свяціўся і з такой асалодай слухаў Валодзю, быццам трапіў на сесію Акадэміі навук, дзе гаварылі аб важным адкрыцці, да якога ён меў дачыненне...

 

Вясна ў тым годзе была ранняя. Ужо адцвіла чаромха, уступіўшы чаргу бэзу. Беластволыя бярозкі накінулі на сябе празрыстае бледна-зялёнае ўбранне, а на поплаве выглянулі дзьмухаўцы, падставіўшы свае залацістыя галоўкі цёпламу і ласкаваму сонцу. Шпакі адваявалі сваё жытло ў жвавых вераб'ёў і спевамі славілі вясну. Абуджэнне прыроды хвалявала, узнімала настрой. Заканчваўся навучальны год, мы ўсе думалі ўжо пра лета, як раптам у наша жыццё ўварвалася страшная вестка: у Афганістане загінуў бацька Валодзі.

Гэта было агульнае няшчасце. Нават Леанард змяніўся. І гэта ўсяляла надзею на нешта лепшае ў ім.

Пахавалі Валодзевага бацьку на радзіме. І ў хуткім часе Валодзя з усёй сям'ёй туды пераехаў. Там жылі сваякі і сябры, і яго маці вырашыла, што так будзе лепей.

Мы ўсе быццам асірацелі. Як жа непрыкметна Валодзя стаў для ўсіх нас такім блізкім і неабходным!

Вельмі перажываў ад'езд Валодзі Міхаіл Міхайлавіч. Ён прыходзіў у клас, кідаў позірк на тое месца, дзе сядзеў Валодзя, і адразу станавіўся сумным.

 

У той год у нас не было летняга арганізаванага адпачынку. Тата адчуваў сябе дрэнна, і мы паехалі да знаёмых у вёску.

Лета было ў разгары. Цвіла ліпа і пахла мёдам. Сустрэлі нас як дарагіх гасцей. Заслалі на стол новы абрус і паставілі розныя прысмакі, якіх у горадзе не ўбачыш...

На другі дзень мы з мамай і цёткай Дар'яй пайшлі ў поле варушыць сена. Усе мы былі ўзброены драўлянымі граблямі, якія неслі на плячах. На полі падышлі да жанчын, якія зграбалі сена ўчарашняга ўкосу ў маленькія стажкі, і таксама дружна падключыліся да працы.

Аднастайная механічная работа настройвае на ўспаміны і разважанні. Адна думка змянялася другой. І чамусьці яны так ці іначай былі звязаны з Леанардам. У апошні час я неяк часцей стала ўспамінаць яго і лавіла сябе на тым, што ўспаміналася толькі добрае. А добрага сапраўды было многа.

І тут я са страхам падумала, што, мусіць, сварка наша перарасла ў поўны разрыў. У роспачы я прыпынілася. Камяк падступіў да горла, і навярнуліся слёзы.

Мая трывога была не дарэмная. Пасля летніх канікулаў у наш клас Леанард не вярнуўся. Ён перавёўся ў іншую школу. І гэта было другім ударам для Міхаіла Міхайлавіча. Яго можна было зразумець: не так ужо часта сустракаюцца настаўнікам фізікі такія вучні, што па-сапраўднаму ведаюць гэты няпросты прадмет...

Ужо займаючыся ва ўніверсітэце, я неяк сустрэла Міхаіла Міхайлавіча. Ён вельмі ўзрадаваўся:

- Прывітанне ўсім ад калегі Валодзі, ён мне хоць зрэдку, але піша і прывітанне вам перадае.

Мне стала саромна, што Валодзя жыве недзе далёка, але не губляе сувязі з настаўнікамі, а мы тут, побач, - і нават на якое-небудзь свята не знаходзім магчымасці забегчы ў школу.

Міхаіл Міхайлавіч быў задаволены Валодзем і вельмі спадзяваўся, што з яго вырасце вялікі вучоны.

Мы вельмі мала ведалі пра яго. А ён жа ў шостым і сёмым класе амаль самастойна авалодаў многімі раздзеламі вышэйшай матэматыкі і рашаў дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні. Ён глыбока засвоіў асноўныя палажэнні фундаментальнай фізікі, а зараз, студэнтам, працуе над практычнай рэалізацыяй высокатэмпературнай звышправоднасці. Ён, як Леў Ландаў, працуе там, дзе ёсць праблема...

Мне была радасна глядзець на нашага «М-2», ужо прыкметна пастарэлага, але ўсё такога ж захопленага і шчаслівага нашай сустрэчай. У мяне стаў камяк у горле, і хацелася абняць гэтага ўсімі намі любімага чалавека...

 

Апладысменты вярнулі мяне ў залу. Валодзя сышоў з трыбуны і сеў. Я не магла дачакацца магчымасці пагутарыць з ім і вельмі хвалявалася.

Нарэшце старшынствуючы аб'явіў перапынак, і я пачала прабірацца да Валодзі. Ён стаяў сярод незнаёмых мне людзей. Многія, што праходзілі міма, падавалі яму руку, віншуючы.

Я падышла, назвала газету, якую прадстаўляю, і запытала:

- Можна задаць вам адно, толькі адно пытанне?

- Калі ласка... - ён не дагаварыў і ўсміхнуўся гэтак жа сардэчна, як тады, калі першы раз прыйшоў у наш клас.

Мы гулялі з ім увесь вечар, хадзілі па знаёмых вуліцах, дзе прайшло наша юнацтва. Гаварылі пра ўсё. Ведаючы яго стрыманасць, я бясконца задавала пытанні, бо мне хацелася, каб ён гаварыў як мага больш. Ён усхвалявана расказаў пра свайго кіраўніка, пра калег, пра тое, што стала лягчэй працаваць, бо ў навуцы, дзе вынікі залежаць ад такіх няўлоўных рэчаў, як натхненне, раскаванасць, настрой, пачалі вызваляцца ад зайздрасці і нядобрай канкурэнцыі, што вельмі спрашчае навуковую работу...

Я ўспомніла, як вобразна назваў адзін з нашых акадэмікаў добразычлівы клімат - «маральным кандыцыянаваннем», - і зразумела, чым закончыць свой артыкул.

- Нешта ты маўчыш, а я адчуваю, што стаў вельмі гаваркім, - павярнуўся да мяне Валодзя.

- Я ж журналістка. Нас вучылі больш маўчаць і слухаць.

Ён усміхнуўся і хітравата паглядзеў на мяне.

- Ну тады слухай... Па-першае, вельмі ўражаны навуковымі даследаваннямі і адкрыццямі сваіх землякоў. І не так важна, што навука пакуль не можа даць адказ на ўсе пытанні адразу. Але яна развіваецца! І тут за некалькі дзён я меў магчымасць у гэтым пераканацца.

Былы вучань адной са школ горада Менска кандыдат тэхнічных навук, інжынер-электрык Уладзімір Лявонаў стварыў тэорыю ПКА - «Тэорыю прутковага квантавага асяроддзя».

Мы былі сведкамі яго эксперымента, калі ён з дапамогай свайго генератара практычна пацвердзіў гэтую тэорыю - запаліў лямпачку ад прасторавай крыніцы! І гэтым ён даказаў, што пустаты вакол нас няма.

І запомні яшчэ адно імя: Жарэс Алфёраў. Маці яго ўраджэнка Лагойскага раёна, а бацька з Чашнікаў. Імя гэтага вучонага вядома на ўвесь свет. У сваім інстытуце ён стварае вузлы і блокі на інтэгральных схемах і мікрамініяцюрных вырабах, неабходных для радыёэлектроннай апаратуры: тэлевізараў і камп'ютэраў апошніх пакаленняў, ракет, касмічных караблёў, станцый і гэтак далей.

Вось такі таленавіты наш браток беларус! Нават Пётр I, калі прыехаў у Амстэрдам вучыцца ў эўрапейцаў, сустрэў там беларуса Ілью Капіевіча і ўзяў яго сабе ў настаўнікі. Гэта быў першы, сапраўдны настаўнік маладога расейскага цара.

Капіевіч напісаў больш за 20 кніг па гісторыі, граматыцы, дапаможнікі па замежных мовах, арыфметыцы. Ён стварыў карту зорнага неба, і шмат сузор'яў, якім ён даў назвы, захавалі іх і ў наш час. Стралец, Блізняты, Дзева, Рак, Арыён, Лебедзь... А такія яго навуковыя тэрміны, як вертыкаль, гарызонт, глобус, градус, компас, паралель, экватар, вядомы кожнаму вучню. Ілья Капіевіч з'яўляецца і аўтарам першага расейскага друкаванага календара, які быў выдадзены ў 1702 годзе.

Куды ні зірні, знойдзеш плён працы нашых землякоў. Вось колькі разоў бачыў славуты помнік Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве, а толькі нядаўна даведаўся, што зрабіў яго наш братка-беларус М.Мікешын. І калі? У 1888 годзе! А колькі сярод беларусаў вядомых пісьменнікаў, вучоных, артыстаў, кампазітараў, ваенных, архітэктараў, мастакоў... Усіх і пералічыць цяжка. І табе, як журналісту, трэба пра гэта пісаць, і часцей.

Мы звярнулі з плошчы Свабоды і пачалі спускацца па крутой вуліцы да Свіслачы.

- Ну, а якое ў вас было «толькі адно» пытанне да мяне, таварыш журналіст? - усміхнуўся Валодзя.

І я жартаўліва, у тон яму, адказала:

- Чаму вы, вядомы вучоны нашай краіны, тады прыехалі да нас у школу з тройкай па фізіцы?

Валодзя неяк па-дзіцячы засаромеўся:

- Наш настаўнік фізікі Барыс Пятровіч часта выклікаў мяне ў настаўніцкую і гаварыў: «Любому ў класе за такі адказ я паставіў бы шасцёрку, а табе і на пяцёрку трэба больш працаваць і ведаць». А я спецыяльна стараўся горш адказваць, перажываў за сваіх сяброў. Яны не любілі адказваць пасля мяне... Каб пазбегнуць гэтага ў новай школе, я і зрабіў у дзённіку невялікую папраўку...

- Але ты ж мог паставіць сабе хаця б чацвёрку? - усміхнуўся я.

- Мог, але пяцёрку лягчэй паправіць на тройку...

Нейкі час мы ішлі моўчкі.

- У мяне таксама ёсць адно пытанне, - нахіліўся да мяне ён. - Што з Леанардам?

Я расказала, што ведала: скончыў фізмат у Маскоўскім універсітэце, потым кіраваў лабараторыяй у адным з інстытутаў нашай Акадэміі навук. Але не ўсё ў яго ладзілася - у асноўным, з-за характару. Нарэшце кінуў усё і падаўся кудысьці на Поўнач. Летась прыязджаў дамоў на адпачынак. Мая мама выпадкова сустрэла яго ў горадзе. На свой лёс не скардзіўся. Сказаў, што ў Менск прыехаў з Поўначы трошкі пагрэцца. Ён узяў у яе сумку і правёў да трамвая. Яна запрасіла да нас папіць гарбаты з яго любімым варэннем. Ён кіўнуў галавой. І мама заўважыла, як на вачах у яго заблішчэлі слёзы... Але ён не прыйшоў і нават не пазваніў.

Мы выйшлі да Свіслачы. У вадзе адлюстроўваліся чырвоныя агні тэлевежы. Валодзя сагнуўся, падняў невялікі каменьчык і лёгенька кінуў яго ў ваду. Агні задрыжэлі і ажывіліся. Ён абапёрся на парапет і доўга стаяў задуменна. Потым павярнуўся да мяне і ўздыхнуў:

- Шкада... Бо ў гэтым і наша віна - мы самі адлучылі яго ад сябе. А для чалавека адчуванне непатрэбнасці - страшная рэч. Вельмі страшная. Трэба, мусіць, на кожную сітуацыю мець сваю запаведзь. Напрыклад, як у дыпламатаў: «Ніколі не гавары дрэнна пра сваіх ворагаў», і гэтак далей...

Ён зірнуў на мяне. Я апусціла вочы, бо яны былі поўныя слёз.

- А можа, Поўнач яго праверыць... Выпрабуе... Поўнач многіх вылечвае... Час яшчэ ёсць, - ціха дадаў Валодзя. Потым неяк рэзка ўскінуў галаву і цвёрда сказаў: - Трэба не паддавацца роспачы, трэба дзейнічаць. Напішы яму. Не... Ляці да яго! Ляці як мага хутчэй!

 

* * *

 

Ужо месяц, як паехаў Валодзя, а я ніяк не магу зрабіць гэты крок. Але ўсё! Заўтра еду ў камандзіроўку, а потым да яго, на Поўнач! Які ж працяг будзе ў маёй аповесці? Які?..

 

Леанард павольна ўстаў з крэсла. Ногі зацяклі. Ён прайшоўся па пакоі, спыніўся пасярэдзіне і доўга стаяў нерухома. Дзынькнула шкло ў кніжнай паліцы: трамвай закончыў свой працоўны дзень. Нехта на версе ўключыў радыё. Леанард падышоў да акна і ўткнуўся лбом у халодную шыбіну. Пачало змяркацца. Вышынныя будынкі паступова агортваў сонны змрок. Успыхвалі агеньчыкі ў вокнах дамоў, нібы наносячы кропкавыя раненні начной цемры. Але яна, цяжкая, быццам свінцовая, ужо пераможна займала свае пазіцыі.

У грудзях Леанарда нешта здрыганулася, і гэта сутаргава перадалося ўсяму целу. Ён сціснуў зубы і зарыдаў, зарыдаў няўцешна, не стрымліваючы сябе, уголас...


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая