epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Шчаслівая

Дарагой незабыўнай маме

 

Я вяртаўся з камандзіроўкі. Стаяла восень. Мінуў сезон, калі чыгуначныя вакзалы былі забіты пасажырамі і цягнікі былі перапоўнены. Мой адзіны спадарожнік па купэ выйшаў на прыпынку, але мне нядоўга давялося заставацца аднаму: на той жа станцыі ўвайшла жанчына. Яна расклала свае рэчы - звязкі кніг і нейкія маленькія пакункі, села ля акна.

Раўнамерна пастуквалі колы. Дождж крэсліў амаль гарызантальныя лініі, спрабуючы адарваць жоўты лісток, які трывала ўхапіўся за мокрае шкло і не паддаваўся злому парыву вады і ветру. Жанчына глянула на свой абутак і ўздыхнула:

- Не па сезону абулася. Калі не сустрэнуць, то і дадому не дабяруся.

Доўгі час яна сядзела, не здымаючы хусткі і паліто, у вачах былі нецярпенне і неспакой. Я адчуваў нейкую няёмкасць: маўчаць нязручна, гаварыць няма аб чым.

Яна спытала:

- Таксама дадому едзеце?

Я кіўнуў галавой.

- А даўно з дому?

Калі я сказаў, што больш як месяц, яна са здзіўленнем усклікнула:

- О Божа, я б не вытрымала!..

Жанчына то нерухомела ў глыбокай задуменнасці, то напружвалася, нібыта штосьці ўспамінаючы, то ўсміхалася сама сабе.

Кажуць, што заўсёды людзі знаходзяць агульную мову ў цягніку. Менавіта тут часта ўзнікае неабходнасць выказацца, прычым давяраюць незнаёмаму самае патаемнае, аб чым ніколі не рашыліся б расказваць нават блізкаму чалавеку.

- Вы глядзіце на мяне і думаеце, што я дзіўная, - зноў звярнулася яна да мяне, - а я проста шчаслівая. Самая шчаслівая...

Яна зрабіла невялікую паўзу, мусіць, абдумвала, ці варта працягваць пачатую размову.

- Мы, дзеці вайны, беражэм шчасце. У вайну страціла я бацькоў. Не памятаю нават, якія яны былі. Выхоўвалася ў чужых людзей, якія потым сталі роднымі. Ледзь споўнілася васемнаццаць гадоў, выйшла замуж. Працавала на ферме, муж - трактарыст. Калі заляцаўся да мяне, былі выпадкі, вып'е. А як пажаніліся, завёў сяброў і п'янкі сталі пастаяннымі. Колькі разоў начавала з сваімі дзецьмі ў суседзяў. Біў мяне. Нарэшце дастукаўся, судзілі яго за хуліганства. Адсядзеў год, але лепшым не стаў. Цярпела я, цярпела і вось аднойчы пакінула дзяцей у суседкі ды падалася ў горад.

Прыйшла на чыгунку да начальніка аддзела кадраў. Кажу: на любую работу згодна, толькі дапамажыце ўладкаваць дзяцей. Добры ён быў чалавек, усё неяк адразу зразумеў. Уладкаваў маіх малых у кругласутачны дзіцячы садзік і накіраваў паварыхай у брыгаду мантажнікаў, якія працавалі на чыгунцы. Жылі яны ў вагончыках. Працягнуць электралінію на некалькі кіламетраў, і іх перавязуць да наступнага тупіка, і я ўслед за імі. Прыбірала, варыла есці, бялізну мыла, а ў нядзелю на дрызіне ці на прыгарадным цягніку - да дзяцей. Ніякай работы не цуралася... Дзесьці я чула, што чалавек у жыцці павінен быць шчаслівым ці занятым. Гэта правільна. У працы і клопатах менш думалася аб сваёй неўладкаванасці. Дакладней, не было калі думаць.

- Хлопцы ў нас слаўныя, - працягвала яна, - які-небудзь населены пункт пройдуць - і ўжо нясуць падарункі маім дзеткам. А ўсё трымалася на брыгадзіры. Бывала, збяруцца разам, возьме ён сваю мандаліну, і пад яе спяваюць. З некаторымі хлопцамі ён служыў у арміі, там у іх камандзірам быў, а тут брыгадзірам. Звалі яго Сашам, але ўсе па-ранейшаму называлі камандзірам. Паважалі яго за справядлівасць і сілу.

Напрадвесні перабраліся мы ў лясны край, далёка ад дому. Ужо не ўбачыш дзяцей кожны тыдзень. Засумавала я. Аднойчы вяртаюцца хлопцы раней часу.

Заходзіць Саша ў мой вагончык з букецікам пралесак і гаворыць:

- Забірай дзяцей сюды на лета. А што? І брыгада большай будзе.

Прывезла я сваіх ненаглядных, і жыць сапраўды спакайней стала. Следам за мною і некаторыя мантажнікі на лета сем'і прывезлі. Павялічылі колькасць вагончыкаў, і атрымаўся гарадок на колах.

Дзеткі мае вельмі прывязаліся да Сашы, а ён да іх. Старэйшага на мандаліне вучыў іграць. У лес з сабою браў. Бывала, заваляць вагончык карэньчыкамі - і робяць з іх звяркоў, чалавечкаў. У лазню хадзілі разам.

Мусіць, кожная маці аддасць частку свайго сэрца за пяшчоту чужога чалавека да яе дзяцей. Часам мне здавалася, што ён робіць гэта з жалю. Сам у вайну страціў бацькоў, вось і шкадуе маіх. Але ў яго прысутнасці я сябе адчувала абароненай і ўпэўненай. І гэта было галоўным для мяне ў той час.

Аднойчы паехала ў горад за пакупкамі і зрабіла прычоску, падфарбавала вейкі, сукенку новую купіла. Саша з дзецьмі сустрэлі мяне. Аслупянелі ад нечаканасці, дзеці радасна крычалі: «Якая ты, мама, прыгожая!» А я стаяла сумеўшыся, адганяла думку, што ўсё гэта зрабіла дзеля яго. У сэрцы ж спела незнаёмае мне пачуццё, я яму радавалася і баялася, супраціўлялася і гнала прэч. Але яно было мацней за мяне.

Прыходзіць неяк вечарам Саша. Паклала я дзяцей спаць, а ён не развітваецца. Дасядзелі мы з ім да паўночы.

- Мой дзень нараджэння сёння, - дастае бутэльку шампанскага з рабочай сумкі, - давай адзначым.

Выпілі мы з ім, а я і кажу:

- Мне і падарыць табе няма чаго.

Ён паглядзеў на мяне, усміхнуўся:

- Пацалаваць імянінніка трэба. Вось і падарунак будзе дарагі для мяне...

Прыхінулася да яго і адчуваю - слабею. Шапчу яму:

- Позна ўжо, застанься.

Ён ласкава правёў рукой па маіх валасах, зірнуў у вочы.

- Калі дазволіш, дык толькі назаўсёды.

- Саша, ды хіба я табе пара? Ты маладзейшы, у мяне дзеці...

Кажу яму так, а сама адчуваю, як чырвань залівае твар. Сорамна стала.

Ён ціхенька адхіліў мяне і пайшоў да дзвярэй. Азірнуўся:

- Што дзеці? У нас іх, ведаеш, колькі яшчэ будзе, так што падумай.

Увосень я зацяжарала. Сяджу на прыступцы вагончыка, а ўдалечыні з лесу пакажуцца Саша з дзецьмі, ну акурат як гусак, а за ім гусяняткі. Колькі было ў ім пяшчоты, як ён клапаціўся, стараўся для мяне і маіх дзяцей! Іншая і за ўсё жыццё столькі не атрымае.

Зімою адвезлі мяне ў радзільны дом. На другім паверсе маленькай раённай бальніцы акрамя мяне былі яшчэ дзве жанчыны. Кожны вечар прыходзіў Саша. Нарадзілася дзяўчынка. Адчувала я сябе не вельмі добра, і яго да мяне не пускалі. У запісках, якія перадаваў, называў мяне смешна: то «цёпленькі мой камячок», то «курапатачка». Калі мне стала лепш, я напісала, што ў нядзелю ўжо змагу паказаць яму нашу дачушку ў акенца.

У нядзелю скрозь сон пачула ціхія ўдары па вадасцёкавай трубе.

«Твой ужо не спіць», - у адзін голас паведамілі суседкі.

Я асцярожна ўзяла дачушку і падышла да акна. Зімовае чырвонае сонца іграла на інеі дрэў. На рабіне ля акна чырвонымі камячкамі сядзелі гілі. Унізе стаяў ён - мой Сашка, а з двух бакоў прыціснуліся да яго мае «гілі», у валёнках, павязаныя хусткамі паверх шапак. Сэрца маё зайшлося ад пяшчоты да гэтага добрага і слаўнага чалавека. Я прыхінула да грудзей нашу дачушку, ягоную часцінку, і слёзы пырснулі з маіх вачэй.

Ішоў час. Брыгада наша план выканала датэрмінова. Многіх узнагародзілі. Саша атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Колькі радасці было!..

Яна змоўкла і, апусціўшы галаву, разглядала свае рукі. Сумна ўсміхнулася і працягвала:

- Вядома, шмат было цяжкасцей у нашым жыцці, ды і цяпер хапае. Вам, ваенным, гэта зразумела: таксама, як і мы, на колах і чамаданах жывяце.

Нарадзіўся ў нас яшчэ адзін сын. Назвалі яго Пецькам, у гонар дзядулі, бацькі Сашавага, які загінуў у вайну.

Бывала, разгуляюцца дзеці, нашкодзяць. Саша ціхенька возьме і шлёпне Пецьку, «свайго», а мне так хочацца, каб і «маіх» каго-небудзь, каб роўнымі лічыў іх! А ён, наадварот, да іх быў больш ласкавы, як мне здавалася, і дабрэйшы.

Увечары мы заўсёды чакалі Сашу з работы. Да яго прыходу быў накрыты стол, расстаўлены талеркі, шклянкі, лыжкі. Часам мусіў дзяжурыць на рабоце, дык не скажа аб гэтым. Каб нас загадзя не хваляваць, каб мы нармальна павячэралі.

Яна зноў паглядзела ў акно.

- Усяго не раскажаш. Усю Расею-матухну вось так у вагончыках прайшлі ўздоўж. Саша жартуе: калі ўпоперак пройдзем, тады і прычалім дзе-небудзь.

Яна раптам захвалявалася:

- Зараз, зараз будзем праязджаць наш вагонны гарадок. Вунь ён, вунь ён!

Доўгі рад вагончыкаў з антэнамі на дахах, з фіранкамі на вокнах і прыбудаванымі ганачкамі стаяў у тупіку.

- Вунь той, што са шпакоўняй, гэта наш. Часта пераязджаем, дык шпакі ў ім не жывуць, толькі вераб'і. А Саша і рады. Кажа, верабей - самая верная птушка, яна і зімой не пакідае радзіму. А яшчэ ён любіць кветкі. Гаворыць: хто кветкі любіць, той не зробіць дрэннага. Аднаго хачу: каб дзеці нашы выраслі такімі, як Саша... Прабачце, мне час збірацца.

Цягнік пачаў прытарможваць перад станцыяй. Я ўзяў пакункі з кнігамі і пайшоў праводзіць спадарожніцу.

- Глядзіце, глядзіце, прыехалі! - ускрыкнула яна, паказваючы на акно. - І падводу дзесьці дасталі...

З падводы вытыркаліся тры дзіцячыя галоўкі. Старэйшы стаяў ля каня, трымаў лейцы.

- Да пабачэння, жадаю вам шчасця, - сказаў я сваёй спадарожніцы, - і ўсяго вам добрага.

- Большага шчасця мне не трэба, - усміхнулася яна. - А на добрым слове дзякуй.

Ледзь яна ступіла на платформу і я паспеў ёй перадаць багаж, як моцныя рукі шыракаплечага, рослага чалавека падхапілі яе і панеслі. Я не паспеў разглядзець твар, спадарожніца мая была вельмі сціплая ў апісанні аблічча свайго Сашы. Такіх у народзе называюць па-добраму асілак, волат. Ён нёс яе няспешна, ступаў цвёрда, так што вада і гразь ляцелі ва ўсе бакі з-пад гумавых ботаў. А на падводзе, махаючы рукамі, яе віталі дзеці.

Цягнік рушыў з месца. Не хацелася ісці ў пустое купэ. Я доўга стаяў ля акна. Дождж не спыняўся. Але было прыемна на душы ад таго, што ў гэтым гразкім восеньскім бездарожжы спяшалася ў свой цёплы дом вялікае чалавечае шчасце.


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая