epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Слаўны мой дзядуля

- Дзядуля, ты на такім танку ваяваў? - Вова падышоў да п'едэстала, на якім узвышалася грозная машына.

- На такім. «Т-34»! Добрая тэхніка... - адказаў дзед Косця, стрымліваючы хваляванне.

Ён заўсёды хваляваўся, калі даводзілася бачыць гэту стальную машыну нават у кіно. Яму здавалася: апыніся ён зараз у танку, усё знайшоў бы з заплюшчанымі вачыма. І паказаў бы. А колькі ж вады сплыло!

- Дзядуля, а чаму танк тут паставілі?

- Гэта ў гонар вызвалення нашага Менска ад фашысцкіх захопнікаў, у гонар воінаў 4-й гвардзейскай брыгады, 2-га гвардзейскага корпуса. Яны першыя ўступілі ў горад. Вунь там напісана.

- Дзядуля, а праўда, што 9 траўня 1945 года вайна адразу не скончылася? І нават пасля перамогі шмат яшчэ нашых салдат загінула?..

- Гэта праўда. Былі цяжкія баі з фашыстамі, якія не хацелі складваць зброю... І на мінах падрываліся. Для мяне вайна таксама пазней закончылася...

- Чаму? Ты ж ніколі пра гэта не расказваў.

Яны прайшлі ў сад і селі на лаўку. Дзядуля расшпіліў пінжак і пачаў расказваць:

- Было гэта недалёка ад Берліна, у невялікім гарадку Батцлаў. Абвясцілі мір. Мы даведаліся аб гэтым ноччу 9 траўня. Колькі радасці было, ты сабе і ўявіць не можаш!..

Мы спяшаліся паведаміць дамоў, што засталіся жывыя. І чакалі вяртання на Радзіму, каб пачаць новае, мірнае жыццё.

Мясцовыя жыхары спачатку баяліся нас. Яны думалі, што мы будзем ім помсціць. Але ішлі дні, і яны зразумелі, што фашысты іх ашукалі, што наш салдат ненавідзіць вайну. І змагаўся ён не толькі за вызваленне сваёй Радзімы, але і за вызваленне немцаў ад фашызму. Да нас пачалі прыходзіць дзеці. Яны былі галодныя. І мы дзяліліся з імі ўсім, чым маглі. Салдацкія кухні дыміліся цэлы дзень. Варылі ежу і сабе, і нямецкім жанчынам, старым і дзецям. І хоць кожны з нас за гады вайны перанёс столькі пакут, але не ачарсцвеў душою...

- Ты ж тады ўжо лейтэнантам быў, дзядуля?

- Гэта так. Але мне тады пайшоў толькі 21-ы год. Я быў нават маладзейшы за твайго тату... Як жа гэта даўно было! А вось памятаю ўсё да драбніц, быццам здарылася толькі ўчора.

Канчаўся яшчэ адзін мірны дзень, калі недзе ўдалечыні глуха грымнуў выбух. Але ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Выбухі ў той час чуліся часта: гэта працавалі сапёры.

І раптам я пачуў галасы і жаночы плач. Выбег на вуліцу. Бачу, некалькі нямецкіх грамадзян трымаюць пад рукі жанчыну. Высветлілася, што два яе сыны на ўскраіне гарадка падарваліся на мінным полі. І вось яны там ляжаць, а ўсе баяцца да іх падысці.

Узяў я некалькі салдат, і кінуліся мы на дапамогу. Выбеглі на ўскраіну, глядзім - людзі стаяць. Падбеглі. А яны стаяць каля шыльдачкі, пакінутай нашымі сапёрамі, са страшным папярэджаннем «Міны!».

Кожны ведаў, што гэта такое. Але тады была вайна. А тут, у першыя дні міру, прайшоўшы жахі вайны, зноў ступіць на поле смерці?..

Дзядуля ўздыхнуў і доўга сядзеў моўчкі.

- Гэта я зараз нейкі страх адчуваю. А тады трэба было ў лічаныя хвіліны прымаць рашэнне.

...Салдаты чакалі загаду. Я паглядзеў ім у вочы. Шмат з кім давялося прайсці доўгі шлях вайны. Паслаць іх туды я не мог, бо для кожнага з іх вайна ўжо скончылася, для іх адгрымеў пераможны салют, іх чакалі дома...

Пачало цямнець. І я сам рушыў да месца выбуху. Зрабіў крок, яшчэ адзін... На імгненне спыніўся, глыбока ўздыхнуў. Азірнуўся. А за мной ідзе радавы Дзенчык. Мой зямляк. Чамусьці адразу ўспомнілася, што толькі нядаўна мы з ім напісалі дамоў: «Жывыя, здаровыя, чакайце!»

Рушылі павольна, след у след. Дзесьці тут прытаілася і чакала смерць. Напружанне ўзмацняла мёртвая цішыня. Трэск кожнай галінкі пад нагамі здаваўся стрэлам.

Старэйшаму хлопчыку было каля дванаццаці гадоў, малодшаму прыкладна як і табе. Старэйшы быў паранены ў абедзве нагі і жывот. У малодшага было разбіта калена, краваточылі асколачныя раны. Рашылі вынесці першым старэйшага. Дарога назад была яшчэ цяжэйшай. Глядзець пад ногі было нязручна ды і ісці даводзілася ўжо прыцемкам.

Нарэшце і малодшага вынеслі на дарогу. Перавязалі хлопчыкаў проста на вуліцы. Ад цяжкіх ран старэйшы памёр. Салдаты паслалі ў грузавіку пярыну і асцярожна паклалі на яе малодшага.

Некалькі гадзін пятлялі па дарогах, пакуль знайшлі шпіталь, адшукалі лекара...

Праз некаторы час я наведаў шпіталь. Хлопчык пазнаў мяне. Хадзіў ён на мыліцах, нага была ў гіпсе. А лекар сказаў: «Будзе не толькі хадзіць, але і танцаваць».

Дзядуля перавёў задумлівы позірк на Вову.

- Дзядуля, дык ты ж герой! Чаму ты ніколі аб гэтым мне не гаварыў?

- Які там герой? Гэта тады зрабіў бы кожны салдат...

Вова ўважліва паглядзеў на дзядулю. Мноства маршчынак сабралася ля вачэй, а ветрык ласкава перабіраў яго зусім белыя валасы. Дзед выцягнуў параненую ў вайну нагу і паварушыў ёю, размінаючы.

«Які ж у мяне дзед!» - падумаў Вова. Ён паправіў ордэнскія планкі на дзядулевым пінжаку і запытаў:

- Дзядуля, можна я ў школе пра гэта раскажу?

- Ну раскажы, - трохі падумаўшы, сказаў дзядуля і ўсміхнуўся. - Толькі глядзі, не надта выхваляйся.


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая