epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Шукаю гаспадара

15 год назад я адпачываў у Абхазіі, у пасёлку Ганціадзі, што раскінуўся ўздоўж Чорнага мора больш як на 10 кіламетраў па адзін і другі бок вусця горнай ракі Хашупсе. Месца цудоўнае. Чыстае мора з празрыстай вадой і пясчанымі пляжамі, крыніцы са сцюдзёнай, крыштальнай і гаючай вадой, шчодрае сонца і жыватворнае паветра.

Вяртаўся я з пляжа звычайна праз чыгуначны вакзал. Акуратны белы будынак ва ўсходнім стылі, з высокімі вокнамі, быў бачны з невялікага марскога прычала, дзе часам прышвартоўваліся прагулачныя караблікі. Чатыры разгалістыя пальмы каля будынка, чырвоныя і белыя ружы ўпрыгожвалі яго. Здалёк ён здаваўся палацам.

Вялікая пляцоўка, якая межавала з платформай, была выкладзена каляровай пліткай. Там, у цяньку пальмаў, стаялі чатыры зручныя лаўкі. Менавіта на гэтым месцы я прыпыняўся. Глядзеў на мора, што зіхацела ў промнях сонца на захадзе. Пад вечар сонца высцілала сцяжынку ад далёкага берага, паступова перафарбоўвала яе з жоўтага ў аранжавы колер, потым у цёмна-чырвоны...

Але што здзіўляла, было незвычайным для мяне ў гэтым месцы, дык гэта колькасць бяздомных сабак.

Неяк я раней звычайнага прыйшоў сюды, разгарнуў кніжку і пачаў чытаць. Праз некаторы час я адчуў нечы позірк. І ўбачыў перад сабой сабаку, які ўважліва глядзеў на мяне. Гэта быў невялікі дварняк. Цёмна-жоўтая поўсць упрыгожвала галаву і спіну. Грудзі і жывот былі ўжо светлыя. Кончыкі кароткіх вушэй звісалі ўніз, але ўвогуле не парушалі гармоніі. Ён глядзеў на мяне, і позірк ягоны быў незвычайны, напружаны.

- Глядзіце, якія ў яго разумныя вочы! - выгукнула жанчына, якая сядзела побач. - І колер вачэй блакітны.

- Ну, што ты гэтак на мяне глядзіш? Я табе каго-небудзь нагадваю?

Ён нахіліў набок галаву, быццам хацеў пераканацца: «Гэта вы ў мяне пытаецеся?»

- Ну ідзі да мяне, дам табе пячэння, - паклікаў я.

Сабака зрабіў у мой бок адзін крок. Спыніўся і зноў сеў.

- Ну, ідзі! - і я працягнуў яму пячэнне.

Вочы яго напоўніліся нейкай унутранай радасцю. Ён падняўся, пераступіў з лапы на лапу, зірнуў на мяне і кінуўся ў кусты. Літаральна праз хвіліну сабака вярнуўся. У зубах у яго быў кукурузны пачатак. Беражліва паклаў яго перада мной і весела зірнуў мне ў вочы. Трохі пачакаўшы, ён зноў пабег у кусты і прынёс вялікую абгрызеную костку. І таксама паклаў яе каля маіх ног. Я зірнуў на жанчыну. Яна прыціснула далоні да шчок і са здзіўленнем круціла галавой.

- Можа, падзелім падарункі? - з усмешкай запытаў я.

Сабака зірнуў на маю суседку, потым на мяне. Вочы зноў заззялі нейкай, ну проста чалавечнай дабрынёй, і ён зноў паімчаўся ў кусты. На гэты раз ён прыцягнуў вялікі кусок рагожы.

- Зноў ты мне нацёгаў смецця, - зашумела на сабаку прыбіральшчыца, усё сабе гаспадара шукаеш. Неразумны! Ды тут амаль у кожнага сабака ёсць. А з прыезджых хто цябе возьме? Столькі клопату...

Жанчына склала ўвесь сабачы скарб на рагожу і аднесла ў кусты. Сабака пакорліва пайшоў за ёй. Потым азірнуўся і паглядзеў на мяне. Дакору ў яго вачах не было. Быў толькі маўклівы і кранальны смутак.

Шмат часу прайшло, але я і зараз успамінаю той позірк. І не магу забыць, бо часта бачу яго ў вачах кінутых сабак на прыпынках транспарту, каля прадуктовых крамаў і смеццевых скрынак.


1994-2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая