epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдуард Малафееў

Прадмова да кнігі "Пенальці"

 

 

Футбол... Слова, якое прымушае біцца мацней сэрцы мільёнаў балельшчыкаў. Гульня, якая стала сацыяльнай з’явай у жыцці. Гульня, якой я прысвяціў свае лепшыя гады.

Футбол — як люстэрка, якое высвечвае ўсе чалавечыя якасці: калектывізм, узаемаразуменне, гонар і сумленнасць, гатоўнасць аддаць усяго сябе справе, як кажуць футбалісты, выкласціся да апошніх сіл дзеля перамогі. Але калі ты сапраўдны спартсмен, то павінен быць і патрыётам сваёй каманды, у зборнай — патрыётам сваёй Радзімы.

Мой боль і мая радасць цесна звязаны з беларускім футболам, атакуючым і самабытным, багатым на яркія таленты ва ўсе часы. Упершыню каманда мінскага «Дынама» ў 1982 годзе стала чэмпіёнам СССР.

Аповесць Алеся Камароўскага «Заварожаны мяч» — першая ластаўка ў беларускай літаратуры на футбольную тэму. Не буду меркаваць аб мастацкіх вартасцях твора. Гэта справа літаратурных крытыкаў. Як спецыяліст адзначу, што аўтар аповесці дасягнуў галоўнага, яскрава паказаў: футбол — гэта штодзённая цяжкая праца і пошук на шляху павышэння майстэрства. Толькі тады заварожаны мяч можа стаць паслухмяным любому руху іграка. Толькі ў цяжкай працы вырастае сапраўдны футбаліст, вялікі спартсмен і, вядома, чалавек.

Думаю, чытач цёпла сустрэне гэту і другія на спартыўную тэму аповесці Алеся Камароўскага.

ЭДУАРД МАЛАФЕЕЎ,

заслужаны майстар спорту СССР, галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболу

 

 

Як у футболе,

То спрыяе,

То б’е жыццё пад дых пенальці —

І ўдар трымаць нам памагаюць

Радзіма,

Мова наша,

Маці.

М. Маляўка

 

Спорт нараджае сілу, лоўкасць, вынослівасць, выхоўвае цярпенне і веру ў будучае.

А. Мядзведзь

 

Спорт — гэта цяжкая штодзённая праца, якая

шліфуе чалавека і яго характар.

У. Парфіяновіч

 

Каб пазнаць магчымасці і адкрыць тайны свайго цела, трэба займацца фізічнай культурай.

В. Корбут

 

Усім, што дало мне жыццё, я абавязаны спорту.

Л. Ерахавец


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: Камароўскі А.А. Пенальці: Аповесці і апавяданні.- Для ст. шк. узросту. - Мн.: Ураджай, 2000. - с. 3
Крыніца: скан