epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдвард Лір

Кніга бязглузду

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
47
48
49
50
51
52
53
54
55
56
57
58
59
60
61
62
63
64
65
66
67
68
69
70
71
72
73
74
75
76
77
78
79
80
81
82
83
84
85
86
87
88
89
90
91
92
93
94
95
96
97
98
99
100
101
102
103
104
105
106
107
108
109


Дзеткам нашым з Эўропы й Амэрыкі

Пераклаў перакладчык лімэрыкі:

Некаторыя зь іх

Давядуць вас усіх,

Спадзяюся, да поўнай істэрыкі.

 

Прысьвячэньне:

Прапраўнукам, прапраўнучатым пляменьнікам і пляменьніцам Эдварда, трынаццатага графа Дэрбі, прысьвячаецца гэтая кніга з малюнкамі й вершыкамі (што ў большасьці былі накрэсьленыя дый складзеныя яшчэ для іхных бацькоў) іхным аўтарам,

Эдвардам Лірам.

 

1

 

Жыў на сьвеце адзін стары дзед,

Што казаў: «У маёй барадзе

Кураня, цецярук,

Дзьве савы ды жаўрук

Гнёзды зьвілі сабе — знайшлі дзе!»

 

2

 

Маладзенькая пані па Райдзе

Шпацыруе пры поўным парадзе:

Яна йдзе на катурнах

Сваіх мініятурных

Далмацынаў выгульваць па Райдзе.

 

3

 

Жыў на сьвеце стары дзед-насач,

Што казаў: «Даражэнькі, прабач,

Але нос мой кароткі,

А ўсё іншае — плёткі!»

Так казаў той стары дзед-насач.

 

4

 

На гары жыў няўрымсны стары,

Што б ня высядзеў хвіліны тры,

І ў старыя гады

Бегаў туды-сюды

Ў строях бабціных з даўняй пары.

 

5

 

Адна панічка, чый капялюшык

Пацярпеў ад цікавасьці птушак,

Кажа: «Хай ты згары!

Усе птушкі згары

Могуць сесьці на мой капялюшык».

 

6

 

Бабка панічкі родам са Смірны

Мела нораў ва ўсім ціхамірны:

Ўнучку зьесьці хацела,

Але тая круцеля

Дала котку бабулі са Смірны.

 

7

 

Жыў аднойчы стары дзед у Чылі;

Этыкету яго не вучылі:

Ён на сходнях сядзеў,

Грушы й яблыкі еў

Той агідны стары дурань з Чылі.

 

8

 

Нейкі дзіўны стары дзесьці быў,

Які ў гонг несупынна лупіў.

Людзі скардзяцца: «Кінь!

Ты хіба арлекін?

Ты ўжо ўсім перапонкі адбіў!»

 

9

 

Нейкім разам спадарыня з Чэртсі

(Хочце — верце, а хочце — ня верце)

Правяла выкрунтас:

Праз двайны рэвэранс

Правалілася ў яму, дзе чэрці.

 

10

 

Быў дзядок, да каго пачала

Ў вецьці дрэва чапляцца пчала.

«Што», — гавораць, — «гудзець?»

Ён: «Няможна сядзець!

Гэта зьвер нейкі, а не пчала!»

 

11

 

Быў стары, які йграў на жалейцы:

Зьмейка ў бот яму здолела ўлезьці,

То каб зьмейку прагнаць

Стаў ён песенькі йграць,

І прыйшлося паслухацца зьмейцы.

 

12

 

Жыла бабця, чыё падбародзьдзе

Як іголка было па прыродзе,

Нагастрыўшы каторае

Яна для аўдыторыі

Гарфу ладзіла ім пры нагодзе.

 

13

 

Жыў калісьці дзядок у Кілкэні,

Што ніколі ня меў болей пэнні,

Дык на гэтыя сродкі

Набываў мёд салодкі

І цыбулю той неслух з Кілкэні.

 

14

 

Дзед быў неяк, чыёю калыскаю

Была Іскія; скокамі й віскамі

Пад валынку й пад джыгу

Ды бутэлечку джыну

Ён славутай зрабіў сваю Іскію.

 

15

 

Сеў у човен, што быў у хляву,

Стары дзед і крычыць: «Я плыву!»

А яму людзі: «Дзе ж,

Пень стары, ты плывеш!»

Той са скрухі згубіў галаву.

 

16

 

Маладзіца жыла ў Партугаліі,

Што была ўсхваляваная хвалямі,

А на хвалі з прычала

Паглядзела й сказала,

Што ня зьедзе ў жыцьці з Партугаліі.

 

17

 

Нейкі дзед стогадовы з Малдовы

На стале спаць заўжды быў гатовы,

Як магчымасьць была,

Дык ён — шусь да стала,

Гэты дзед жартаўлівы з Малдовы.

 

18

 

Старажытны дзядуля з Мадрасу

Меў асьліцу, асьліцаў акрасу;

Але доўгіх вушэй

Ён баяўся, як зьмей,

Што згубіла дзядулю да часу.

 

19

 

Найстарэйшая ў Лідсу між кралямі

Валасы аздабляла каралямі,

А сядала на крэсла —

Джэм зьядала з агрэста

Ў адпаведнасьці зь ейнай мараляю.

 

20

 

Жыў у Горсьце стары. На бяду

Піў стары без патрэбы ваду.

Яму кажуць: «Ня лопні!»

Ён сьмяецца: «А што мне?

Лад жыцьця я здаровы вяду!»

 

21

 

Быў адзін малады хлопец з Крыту

Ў апрананьні пазбаўлены спрыту:

Іншым людзям на сьмех

Ён залазіў у мех,

Што пярэстага быў калярыту.

 

22

 

Жыў на выспах старэнькі дзівак,

Што ўсьміхаўся ўвесь час проста так,

«Трулялёнку» сьпяваў

І на скрыпачцы йграў

Той зычлівы старэнькі дзівак.

 

23

 

Жыў аднойчы стары дзед у Будзе,

Што паводзіў сябе, як аблудзьдзе,

Дык кавадлам сабе

Зарабіў па ілбе —

Больш сябе так паводзіць ня будзе.

 

24

 

Жыў на сьвеце стары калюмбіец:

Калі смагу меў, піва любіў піць.

Ды адзін куфаль піва

Быў нагрэты жахліва —

Піць яго не схацеў калюмбіец.

 

25

 

Адна доркінгская маладзіца

Ў шлях надумалася снарадзіцца:

Толькі вылезла з хаты —

І назад, бо стракаты

Капялюшык нядобра глядзіцца.

 

26

 

Жыў стары, што наіўна даў веры,

Быццам ён зачыніў добра дзьверы,

Ды пакуль ён быў хроп,

Зьелі ўвесь гардэроб

Пацукі, падмануўшы даверы.

 

27

 

Жыў калісьці дзядуля адзін,

Што ў сьлівовае вэсьце хадзіў.

Кажуць: «Сшытая добра?»

Ён: «Прыблізна як торба»,

Што прысутных прыводзіла ў зьдзіў.

 

28

 

Жыў ва Ўрэкінгу дзед, чые боты

Заглушалі рыпеньнем грымоты,

Дык пыталі яго,

Небараку таго:

«Скажы нам, носіш боты з чаго ты?»

 

29

 

Маладзіца адна мела вочы

(Гэта ейны казыр быў дзявочы);

Як іх вырачыць дзе —

Налякае людзей;

Бачыць іх мала хто быў ахвочы.

 

30

 

Маладая дзяўчына, нарвэжка,

сярод дзьвернага села прамежка.

Прышчымілі яе —

Яна песьні пяе:

Дзе цьвярдзейшага знойдзеш арэшка?

 

31

 

Жыў калісьці стары дзед у Вене,

Чай ад голаду піў, як збавеньне.

Акрамя гэтых сродкаў

Піў гарбату з рамонкаў —

Вось як жыў той паскуднік у Вене.

 

32

 

Нейкі пан меў дзівацкія звычкі:

Ён трусоў паглынаў невялічкіх.

Васямнаццаць іх зжэр —

Зьзелянеў, як фужэр,

Дый пакінуў ганебныя звычкі.

 

33

 

Жыў у Дуўры стары. Нейкім чынам

З Дуўра полем ён бег канюшыным,

Ды бамбізы-чмялі

Яму нос папяклі,

І пабег ён дамоў, такім чынам.

 

34

 

Адзін дзядзька старэнькі з Марсэлю меў

Шмат дачок; тыя ўсе мелі вэлюмы;

Колькі рыбак спаймалі,

На талерку паклалі

Дый паслалі ў Марсэль, каб татуля еў.

 

35

 

Далікатны стары жыў у Кадысе:

Памагаў кожнай пані ён з радасьцю,

А праводзіў дачку,

Дык зваліўся ў раку

Й назаўжды разьвітаўся са старасьцю.

 

36

 

Жыў дзядуля стары ў месьце Бэйсінгу,

Што разумнік быў першы па рэйтынгу:

Ён каняку знайшоў

Дый уцёк стрымгалоў

Ад дурнога насельніцтва Бэйсінгу.

 

37

 

Жыў аднойчы дзядок у Квэбэку:

Жук жыцьця не даваў чалавеку.

«Не казыч маю шыю,

А то шылам прышыю!» —

Злосна роў той дзядуля з Квэбэку.

 

38

 

Быў стары адзін некалі ў Фівах,

У мазгох у якога быў вывіх:

Бачыў ён з вышыні

Фівы ўдалечыні,

Бо на пальму высокую выбег.

 

39

 

Жыла дзеўчына недзе ў Кувэйце,

Што дудзела на срэбнае флейце,

І таму часьцяком

Дзядзькавым парсюком

Грала джыгі на срэбнае флейце.

 

40

 

Была неяк дзяўчына, чый нос

Ёй да кончыкаў ботаў дарос:

Наняла яна недзе

Непахісную лэдзі,

Каб той нос хтосьці сьпераду нёс.

 

41

 

Быў аднойчы стары ў Апулеі,

З чыіх выбрыкаў людзі шалелі:

Ён меў дваццаць сыноў,

Што карміў зноў і зноў

Толькі хлебам, дзівак з Апулеі.

 

42

 

Жыў калісьці стары з качаргой,

Што свой твар размалёўваў ахрой.

Яму кажуць: «Ты даў!»

Ён ім не адказаў,

А ўваліў ім па йлбе качаргой.

 

43

 

Жыў у Празе дзядок. Неспадзеўна

Ён чумой захварэў безнадзейна:

Далі масла яму

Й прэч прагналі чуму —

Гэткі сродак той быў чарадзейны!

 

44

 

Жыў на поўначы дзед дурнаваты,

Які ўпаў у ваду для гарбаты,

З дапамогай вуды

Быў дастаны з вады

Дый адпраўлены тут жа дахаты.

 

45

 

Жыў у Мольдзе дзядок, які змоладу

Не выносіў пэрыядаў холаду,

Дык пазычваў мяхоў,

Пуху, пёраў, імхоў,

Каб захутацца імі ад холаду.

 

46

 

Недалужны дзядуля зь Непалу

Ўпаў з каня ў цяжкім прыступе шалу;

Хруснуў ён напалам,

Ды пашасьціла нам

Склеіць клеем дзядулю трывалым.

 

47

 

Быў адзін сьляпы дзед у Абруццы,

Што ня мог сам абуцца й разбуцца.

Кажуць: «Бачыш нагу?»

Ён: «Сказаць не магу», —

Браў сумнеў таго дзеда з Абруццы.

 

48

 

Марнатраўны стары жыў на Родасу,

Што з рапухамі й жабкамі ходаўся.

Яму слалі кузіны

Гэтых жабак тузіны —

Ім за гэта плаціў дурань з Родасу.

 

49

 

Назіраў дзед старэнькі ў Пэру,

Як гатуе бабуля пюру,

І зьнянацку стары

Апынуўся ў пюры,

Небарака старэнькі з Пэру.

 

50

 

Жыў старэнькі дзядок у Мэлрозу,

Што на дыбках хадзіў ад склярозу,

Хоць казалі старому:

«Йшоў бы лепей дадому

Ты, стары недарэка з Мэлрозу».

 

51

 

Да адной маладой італьянкі

Заляцаліся ўсюды каханкі;

Яна лезла на дрэвы

Й там заводзіла сьпевы:

Так бянтэжаць людзей італьянкі.

 

52

 

Быў аднойчы дзядок у Багеміі,

Шчасны бацька дачушкі Эўфеміі;

Але замуж яна

Выйшла за галгана,

Што азмрочыла дзеда з Багеміі.

 

53

 

Жыў стары ля вулкану Вэзувія,

Вывучаў стары творы Вітрувія:

Том агонь зьнішчыў велькі,

І тады да бутэлькі

Пацягнула старога з Вэзувія.

 

54

 

Жыў на сьвеце стары з мысу Горну;

Белы сьвет стары бачыў як чорны:

Ён на крэсьле сядзеў,

Пакуль не засьмярдзеў

Той гаротны стары з мыса Горну.

 

55

 

Як наступства мэнтальнае слабасьці,

Бабка ўлезла ў калючыя зарасьці:

Сук падраў ёй сукенку,

Што старую паненку

Назаўсёды пазбавіла радасьці.

 

56

 

Жыў на востраве Корфу нязгрэба:

Ён ня ведаў, чаго яму трэба —

Бегаў сюды-туды,

Ажно стаўся руды

Той стары раззлаваны нязгрэба.

 

57

 

Жыў стары адзін недзе на Поўдні:

Рот ягоны заўсёды быў поўны,

Толькі раз, калі еў,

Ледзь ён быў не самлеў,

Як паднос глынуў, рыбінаў поўны.

 

58

 

Нейкі дзед, чыёй вотчынай Ніл быў,

Сабе пальцы пілой паадпільваў,

Калі чысьціў пазногці,

І сказаў: «Трэба, хлопцы,

Быць зь пілою пазногцевай пільны!»

 

59

 

Быў у Рэймсе ўжо немалады

Дзед, што сьніў безьліч рознай жуды;

Дык каб ён не захроп

Яму пхалі сіроп

Зь пірагом, ня дай божа бяды.

 

60

 

На адной назе стаў дзед з Крамэра

Дый уголас зачытваў з Гамэра;

А зрабіўся як сноп —

У ваду тады гоп:

Так загінуў аматар Гамэра.

 

61

 

Жыў адзін чалавек стары ў Троі,

Што трымаўся на брэньдзі ды соі:

Іх ён з лыжачкі сёрбаў,

Калі месяц азорваў

Маляўнічыя ўскраіны Троі.

 

62

 

Жыў у горадзе Дзі дзед ліхі,

Што цярпеў ад назолы-блыхі;

Ён сказаў: «Прымем меру!» —

Тут прынесьлі сякеру,

Аб чым дзед шкадаваў больш блыхі.

 

63

 

Жыў калісьці стары дзед у Дандзі,

Што на дрэве гняздо сабе зладзіў,

Ды яго крумкачы

Пачалі там таўчы,

І ён крыкнуў: «Вяртаюся ў Дандзі!»

 

64

 

Жыў у Трынгу стары. Бы дзіцёнак,

Ён павесіў у носе пярсьцёнак,

І увесь чэрвень месяц

Пазіраў ён на Месяц

З захапленьнем, нібыта дзіцёнак.

 

65

 

Дзед на высьпе жыў, дзесь на адрыне;

Зачыніў сваю жоначку ў скрыні.

Тая енчыць: «Пусьці!»

Ён: «Ніколі ў жыцьці!

Яно пройдзе ў цябе ў гэтай скрыні».

 

66

 

Гэты дзед з вышыні свайго кроку

Пазіраў на астатніх звысоку.

«Са Стамбула ў Парыж

Хутка, дзед, дабяжыш?»

«Дастаткова адзінага скоку».

 

67

 

Быў аднойчы стары дзед з Калькуты,

Што да ежы быў вечна прыкуты;

Неяк быў бутэрброд

Ён запхаў сабе ў рот

І ўдушыўся, стары шматпакутны.

 

68

 

Дзед, што ўсеўся на тым табурэце,

Хадзіў некалі ў вэсьце-пярэсьце:

Потым вэсту падраў

Ды сваячкам раздаў,

Сьмеючыся: «Бярэце, бярэце!»

 

69

 

Быў стары, што спытаў сябе: «Як

Зрабіць так, каб адстаў гэты як?

Можа, сесьці на зэдлік

Ды ўсьміхацца, як зрэбнік —

Гэтак, можа, зьлітуецца як?»

 

70

 

Маладзенькую панічку з Галу

Даганяў бык, асьлеплы ад шалу;

Яна выцягла зброю:

«Хто там прэцца за мною?» —

І быка не на жарт напужала.

 

71

 

Стары дзядзька ў мястэчку Ўайтхэвэн

З крумкачом таньчыў польку, бы певень;

«Ат, скачы не скачы,

А скакаць крумкачы

Не майстры», — думаў цэлы Ўайтхэвэн.

 

72

 

Стары дзед меў у Лэгхорне дом

І маленечкі быў, нібы гном;

Так што нейкага дня,

Нібы воўкам ягня,

Быў ён зжэрты малым шчанюком.

 

73

 

Жыў аднойчы дзядуля ў Гаазе,

Што ад Месяцу быў у экстазе:

На надзьмутым шары

Лётаў ён угары,

Зацікаўлены Месяцам блазен.

 

74

 

Стары дзядзька аднекуль зь Ямайкі

Стаўся мужам адной хрысьціянкі;

Тая: «Лепей жыць з чортам,

Чым з табой, такім чорным!» —

Што зьбянтэжыла дзядзьку зь Ямайкі.

 

75

 

Дзед у Даттоне ёсьць з галавою,

Бы гузак альбо гузік малою,

Таму ён на яе

Свой парык надзяе

Ды па Даттане лётае зь ёю.

 

76

 

Адна цётухна з горада Тыру

Ўмела добра мятлой месьці ліру,

Так што гук чысьціні

Дасягаў глыбіні

На пацеху насельніцтва Тыру.

 

77

 

Нейкі дзед раззлаваўся быў: «Цыц!

У кусьце гэтым птушка сядзіць...» —

«З-за такой драбязы!» —

«...што ў чатыры разы

больш куста, у каторым сядзіць».

 

78

 

Жыў на ўсходзе шматдзетны стары,

Што сабраў іх усіх на піры,

Але гэтыя прорвы

Зьелі ўсё ўлучна морквы

Дый трымалі сябе, як зьвяры.

 

79

 

Жыў адзін стары дзед на Камчатцы,

Што сабаку меў; іншым спрачацца

Ў валтуханьні зь ім — сорам,

Як што той быў узорам

Усіх тлустых дварняг на Камчатцы.

 

80

 

Жыў дзядок, там дзе бераг журботны,

І сядзеў на слупе бестурботны,

А калі прыйшла сьцюжа,

Напалохаўся дужа

Ды крычаць пачаў: «Я тут галодны!»

 

81

 

Жыў стары чалавек у Бангоры,

Што ніколі ня быў у гуморы:

Боты ён раскідаў

І падаць загадаў

На абед карані мандрагоры.

 

82

 

Жыў адзін барадаты дзядок,

На кані ён быў велькі яздок;

Хоць крычалі наўкола:

«Зараз грымнесься долу

Ты, стары барадаты смаршчок!»

 

83

 

Неўтаймоўны стары жыў на Захадзе,

Што ня сеў адпачыць ані раз хаця;

Дык на носе й на сківіцы

Ён стаяў, каб ня скінуцца,

І нагамі ў паветры размахваўся.

 

84

 

Быў калісьці стары дзядзка ў Энэрлі,

Аб паскудзтве якога ўсе ведалі:

Па адным парсюку

Ён хапаў у руку,

Бег у Стрэнд ды варочаўся ў Энэрлі.

 

85

 

Адной панічцы з горада Троі

Мухі вечна псавалі настрой;

Яна частку забіла,

Частку ў помпе ўтапіла,

Частку ўзяла з сабою да Троі.

 

86

 

Жыў стары чалавек у Бэрліне,

Што танюткі быў, нібы вяргіня:

Быў аднойчы той дзед

Закатаны ў рулет

Ды запечаны кімсьці ў Бэрліне.

 

87

 

Жыў стары бестурботны гішпанец,

Што глядзеў на жыцьцё, як на танец,

І, залезшы ў фатэль,

За фартэлем фартэль

Выкідаў той шляхотны гішпанец.

 

88

 

Адна панічка родам з Масковіі

Так крычала, што дзеўкі вясковыя

Крык суняць не маглі:

Мо, ніхто на зямлі

Шчэ ня чуў галасьнейшага сковыту.

 

89

 

Дзед скакаў каля звону: «Няўжо

Адчыніць мне ня прыйдуць ужо?

Ад чаканьня сівы,

Я стаю ледзь жывы —

Не чуваць майго звону няўжо?»

 

90

 

На вуду маладзенькае ўэйлкі

Лешч бяз лускі патрапіўся велькі.

Яна крыкнула: «Вось

Які дзіўны ласось!» —

Зьдзіў уэйлкі надзвычай быў велькі.

 

91

 

Быў у Чыдлу адзін стары злодзей,

Што нагамі сядзеў у калодзе,

Бо накраў парсюкоў,

Паліто й парыкоў —

Ён заўсёды сябе так паводзіў.

 

92

 

Жыла юная панічка ў Вэлінгу,

Што зьдзіўляла ўвесь сьвет сваёй веліччу:

Не адно гукі з арфы,

Але й з возера карпы

Даставаць магла панічка з Вэлінгу.

 

93

 

Дзед, вялікага веку дажылы,

Успароў сабе шыйныя жылы.

Кліча: «Жонка, ты дзе?»

А яна: «Тваю, дзед,

сьмерць ня перажывуць старажылы!»

 

94

 

Быў адзін пажылы дзядзька з Чэстэру —

Яму дзеці ўчынілі кшталт вэстэрну;

Камні гэтых дзяцей

Наламалі касьцей

І настрой не ўзьнялі дзядзьку з Чэстэру.

 

95

 

У аднога дзядулі сава была,

Што выцьцём на той сьвет яго вабіла;

Ён узяў піва жбан

Дый залез на паркан:

Піва лепей савы яго бавіла.

 

96

 

Быў калісьці дзядок зь места Грэтны,

Што зваліўся ўглыб кратэра Этны;

Яму кажуць: «Пячэ?»

Ён крычыць: «Не яшчэ!» —

Той хлусьлівы дзядок зь места Грэтны.

 

97

 

Маладзенькае лэдзі са Швэцыі

Закарцела па сьвеце пашвэндацца:

Ёй патрэбны быў Відан —

Ды праспала, нявіда,

Свой вакзал дый вярнулася ў Швэцыю.

 

98

 

У маленькай дзяўчынкі з Маёркі

Была цётухна спрыту вавёркі:

Яна бегала жвава

Ды скакала як жаба,

Што зьдзіўляла дзяўчынку з Маёркі.

 

99

 

Быў стары адзін з вострава Мальты,

Гаспадар велькай дзікае малпы;

Толькі малпа аднойчы

Дом спаліла уночы,

Дык згарэў гаспадар тае малпы.

 

100

 

Жыла неяк старая пражанка,

Таямнічая, як крыжаванка.

«Гэта вашая вопратка?» —

Красамоўна і коратка

«Можа быць», — адказала пражанка.

 

101

 

Дваццаць пяць сыноў меў дзед са Спарты

Ды дачку, зь імі ладзіў ён жарты:

Сьлімакамі сілкуе,

За вагою цікуе —

Дзед у гэтым павагі быў варты.

 

102

 

Стаў дзядуля стары ў ваканіцы

І ня мае за што зачапіцца.

Кажуць: «Дзеду, ўпадзеце!»

«Не хвалюйцеся, дзеці,

не ўпаду!» — дзед крычыць з ваканіцы.

 

103

 

Была юная панічка недзе,

Што ўцякала ўвесь дзень ад мядзьведзя,

А стамілася трохі —

Падкасіліся ногі:

Стала дзеўка здабычай мядзьведзя.

 

104

 

Быў аднойчы стары дзед у Эмзу,

Што зваліўся выпадкам у Тэмзу,

А як знойдзены быў,

То даўно ўжо ня жыў,

Нешыхоўны стары родам з Эмзу.

 

105

 

Жыў аднойчы дзядуля, чый нос быў

Усіх птушак паветраных носьбіт:

Толькі сонца зайшло —

Птушак як не было,

Так што вольны ўначы ад іх нос быў.

 

106

 

Была некалі панічка ў Парме,

Што маўчаньне захоўвала ўпарта.

Кажуць: «Чуеш нас, здыхля?»

А яна толькі чмыхне:

Весьці зьдзекі зь яе было марна.

 

107

 

Жыў дзядок адзін некалі ў Бёртане,

Што адказваў заўсёды з вывёртамі;

На пытаньне: «Ну што?»

Ён адказваў: «Вы хто?» —

Гэтак кпілі зь яго людзі ў Бёртане.

 

108

 

Быў аднойчы дзядуля з Аосты,

Што карову згубіў і быў злосны;

Яму кажуць: «Цяля!

Вунь яна, між гальля,

З табой бавіцца ў хованкі проста!»

 

109

 

Жыў аднойчы стары ў нейкім лесе

На адным малацэ й геркулесе,

Ды каб той быў наедны

Падкідаў туды бедных

Мышанятаў, спайманых у лесе.



Пераклад: Макс Шчур
Крыніца: Edward Lear. The Book Of Nonsense