epub
 
падключыць
слоўнікі

Эдыт Нэсбіт

Люты цмок

Маленькая прыгожанькая Прынцэса заўсёды прачыналася вельмі рана - калі ў маціцовым небе толькі пачынаў гучаць пошчак шпакоў. Ажывалі лясы, і яна басанож бегла па кручанай стромкай лесвіцы на самую вяршыню вежы. Стоячы там у бялюткай начной сарочцы, яна ўскідала рукі ўгару і радасна вітала ўвесь белы свет: і сонца, і неба, і лясы, і палі, і маленькі гарадок, які яшчэ спаў у гэты час.

Потым яна збягала па халодных каменных прыступках уніз, надзявала кароткую спаднічку, хустачку, фартух і пачынала сваю штодзённую працу. Яна падмятала падлогу ў пакоях, гатавала сняданак, мыла посуд і скрэбла патэльні й каструлі.

А рабіла яна ўсё гэта таму, што была сапраўдная Прынцэса. З усяе дворні, якая павінна была прыслугоўваць сваёй гаспадыні, засталася адна толькі мамка, якая даглядала Прынцэсу ад самага яе нараджэння. Мамка была ўжо старая і слабая, і таму Прынцэса забараняла ёй працаваць і ўсю хатнюю працу рабіла сама. А мамка сядзела ў фатэлі ды шыла ці вышывала.

Прынцэса была сама сапраўдная - з малочна-белым тварам, блакітнымі, як нябёсы, вачыма, ільнянымі валасамі і сэрцам - з чыстага золата.

Звалі дзяўчынку Сабрынэта, а прабабкай у яе была Сабра, тая самая, што пабралася шлюбам са Святым Георгам пасля таго, як ён забіў цмока. Вы, напэўна, ужо зразумелі, што ўся краіна павінна была належаць Прынцэсе: і лясы, што цягнуліся аж да гор, і паплавы, якія шырыліся да самага мора, і прыгожыя палі, дзе раслі пшаніца, какорыца, авёс ды жыта, і аліўкавыя сады, і вінныя склепы, дый сам невялічкі горад з яго вежамі і высокім мурам, вострымі чырвонымі дахамі і рознакаляровымі шыбамі ў вокнах. Гарадок стаяў у даліне, што раскінулася паміж вірным морам і высокімі гарамі, на якіх зіхацелі белыя снежныя шапкі.

Сталася так, што бацька і маці ў Сабрынэты памерлі і, да таго часу, пакуль Прынцэса не падрасце, справамі каралеўства пакінулі займацца яе стрыечнага брата. Але кузэн паказаў сябе вельмі злосным і дрэнным Прынцам, ён захапіў усё каралеўства і прымусіў каралеўскіх падданых служыць толькі яму - словам, ён зрабіўся поўным гаспадаром у краіне. Маленькай Прынцэсе засталася толькі адна цмокатрывалая вежа, пабудаваная яшчэ ў старыя часы яе прадзедам Святым Георгам, а з усёй дворні кузэн ёй пакінуў адну толькі мамку.

І вось аднойчы здарылася так, што Сабрынэта, адна ва ўсім каралеўстве, зрабілася сведкай нейкай дзіўнай і загадкавай з'явы.

Рана раніцай, калі добрыя гараджане бачылі сама салодкія сны, яна як звычайна ўзбегла па каменных прыступках на вяршыню вежы і, як і кожны дзень, загледзелася на прыгожы краявід.

З вежы далёка было відаць паплавы, за імі - парослы папараццю роў з вадою, а ўздоўж рова - абсаджаную прыгожымі ружамі агароджу, за якой пачынаўся лес.

І раптам Сабрынэта ўбачыла, як ружовыя кусты затрэсліся, затрымцелі, і з іх выскачыла нешта вельмі яркае і бліскучае. Гэтае нешта бухнулася ў роў і, крыху пабоўтаўшыся ў вадзе, зноў схавалася за агароджай.

Дзіва доўжылася ўсяго адну хвіліну, але Прынцэса паспела ўсё добра разгледзець.

Яна падумала: «Божачкі, якая цікавая жывёла! І якога яна яркага колеру! Каб яна была трошкі большая ды каб я не ведала, што ў нашых краях даўно ўжо няма ніякіх жахлівых пачвараў, дык я напэўна вырашыла б, што гэта цмок».

А жывёлу сапраўды можна было б палічыць за цмока, каб яна не была такая маленькая, ці за яшчарку - каб яна не была такая вялікая. Ва ўсякім выпадку даўжынёю яна была прыкладна з лаву, якую звычайна ставяць каля каміна ці печы.

«Шкада, што яна так хутка схавалася ў лесе, - падумала Сабрынэта. - Мне ў маёй цмокатрывалай вежы, вядома, нічога не пагражае, але ж калі гэта ўсё-такі цмок, дык нават маленькі ён усё роўна можа каго-небудзь з'есці! А сёння якраз першае траўня, калі дзеці звычайна ходзяць у лес па кветкі».

Прынцэса крыху пачакала, але нічога болей не ўбачыўшы, пайшла займацца сваімі справамі. Яна чыста-чыста ўсё прыбрала ў сваёй вежы, не пакінуўшы ні пылінкі нават у сама цёмным закуточку сама маленькага пакойчыка. Потым надзела белую, як малако, ядвабную сукенку з вышыванымі рознакаляровымі стакроткамі і зноў паднялася наверх.

Праз поплаў да лесу радасна і бесклапотна беглі дзеці - збіраць глог. Да Сабрынэты даляталі іх вясёлыя спевы і смех.

«Я ўсё-такі вельмі спадзяюся, - падумала Прынцэса, - што тая жывёліна была не цмок».

Дзеці ішлі па двое, па трое і гуртам. На фоне зялёнай травы іх чырвоныя, блакітныя, белыя і жоўтыя сукенкі і кашулі здаваліся асабліва яркімі.

«Нібыта зялёная ядвабная мантыя, якую вышылі кветкамі», - падумала Прынцэса і ўсміхнулася.

Дзеці па двое і па трое, і цэлымі гуртамі пачалі знікаць у лесе, і неўзабаве мантыя поплава зноў засталася проста зялёнай.

- Ну вось, усю вышыўку папаролі, - уздыхнула Прынцэса.

У чыстым блакітным небе ярка ззяла сонейка; кветкі, раскіданыя ў свежай зялёнай траве, разгортвалі свае прыгожыя пялёсткі. Быў першы дзень траўня.

Але раптам хмара захінула сонца, і цішыню працяў страшны крык, які ляцеў аднекуль здалёк. У тую ж хвіліну з лесу на лог шматкаляровым струменем хлынулі дзеці. Увесь поплаў залілі чырвона-жоўта-бела-блакітныя хвалі. Дзеці крычалі і вішчалі ад жаху. Але і ў гэтым страшэнным гармідары Прынцэсе ўдалося разабраць асобныя словы, якія лопаліся, як бурбалкі, праткнутыя вострай іголкай.

- Цмок, цмок, люты цмок! - крычалі дзеці. - Хутчэй! Адчыніце браму! Цмок! Ідзе цмок!

Адно за адным яны ўляцелі ў гарадскую браму, і Прынцэса пачула, як вароты ў іх за спінай з трэскам зачыніліся.

На поплаве нікога больш не засталося.

І ў гэты момант кусты ружаў на дальнім беразе рова затрэсліся, затрашчалі пад цяжарам нейкай вялізнай, палымянага колеру, жудаснай пачвары, якая кінулася ў роў, патаптала вакол усю папараць і зноў схавалася ў лясным гушчары.

Прынцэса спусцілася ўніз і расказала пра ўсё, што ўбачыла, сваёй мамцы. Тая адразу зачыніла вялікія дзверы ў вежу на ключ і схавала яго сабе ў кішэню.

- Няхай самі пра сябе клапоцяцца, - сказала яна, калі Сабрынэта папрасілася ў горад дапамагчы напалоханым дзецям. - У мяне свая справа, мая даражэнькая. Я павінна цябе зберагчы, і я цябе зберагу. Няхай я старая, але ключ у замку павярнуць яшчэ здольная.

Сабрынэта зноў паднялася на вежу і горка заплакала, шкадуючы бедных дзетак. Яна добра ведала, што брама ў гарадскім муры не цмокатрывалая і што цмоку будзе зусім не цяжка прабрацца ў горад, калі толькі ў яго ўзнікне такое жаданне.

Тым часам дзеці, вярнуўшыся ў горад, адразу пабеглі да Прынца і расказалі яму, што па лесе ходзіць вялізны і люты цмок.

Прынц вельмі ўзрадаваўся, ён нават кінуў сцябаць пугай сваіх бедных сабак, што было ў яго ўлюбёнай забавай.

- Цудоўнае будзе паляванне, - сказаў ён і загадаў, каб да палявання зараз жа падрыхтавалі найлепшую зграю гіпапатамаў.

Тут трэба, відаць, сказаць, што ў Прынца была звычка паляваць на буйную жывёлу з гіпапатамамі. Увогуле жыхары каралеўства нічога супраць такой яго прыхамаці не мелі б, але кожны раз, калі Прынц выпраўляўся на шпацыр, верныя гіпапатамы ўсёй зграяй кідаліся за ім. Яны страшэнна раўлі і тапталі ўсіх, хто не паспяваў схавацца.

Кожны Прынцаў выезд наганяў вялікі сум на зяленшчыкаў, што гандлявалі на базарным пляцы, і на ганчароў, якія прыгожа раскладалі тавар уздоўж тратуараў. Гіпапатамавае шэсце заўсёды канчалася для іх поўнай галечай.

І вось Прынц выехаў з палаца. Гіпапатамы з грукатам пабеглі за ім, а людзі, ледзь пачуўшы гук ягонага рога і роў зграі, пабеглі хавацца па дамах.

Зграя гіпапатамаў праціснулася праз браму і наўзгалоп памкнула праз лог - паляваць на цмока.

Тым з вас, хто ніколі не бачыў палявання з гіпапатамамі, будзе, напэўна, цяжка ўявіць сабе гэтае незвычайнае відовішча. Бо, па-першае, гіпапатамы не брэшуць, як ганчакі, а рохкаюць, як свінні, ды яшчэ вельмі гучна і люта. А па-другое, яны ж, вядома, не бегаюць выключна па сцежках і не скачуць цераз агароджы, каб іх не папсаваць. Пасля сябе яны пакідаюць паламаны на трэскі плот, вытаптаныя палі і вельмі незадаволеных Прынцавым паляваннем фермераў.

Кожны гіпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якім былі выгравіраваныя імя гіпапатама і адрас. Але, калі фермеры звярталіся па адрасе, а гэта значыць - прыходзілі ў палац, і пачыналі скардзіцца на гіпапатамаў і распавядаць пра страчанае праз іх збожжа, Прынц адказваў: «А няма чаго пакідаць у мяне на дарозе непрыбраныя палі. Так вам і трэба!» - і ніколі нічога не плаціў.

Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, відаць, лягчэй зразумець, чаму знайшліся людзі, якія, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гіпапатамамі на паляванне, ціхенька казалі: «А каб цябе самога цмок праглынуў!» Вядома, вельмі блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж і гаспадар быў надта ўжо дрэнны.

Паляўнічыя доўга шукалі цмока ў палях і ў лясах, але не толькі што яго не знайшлі, - а нават паху яго не ўчулі. Цмок, відаць, трапіўся надта ўжо сарамлівы - не хацеў паказвацца.

І вось, калі Прынц ужо быў падумаў, што ніякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гіпапатам падаў голас.

Прынц адразу затрубіў у рог і голасна крыкнуў: «Ату яго, ату!» Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нізіне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнік сама сапраўдны цмок!

Ён быў велічынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя бліскучыя зубы.

- Паляванне пачалося! - радасна крыкнуў Прынц.

І паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца і кінуцца наўцёкі (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гіпапатамаў і...

Прынц, які сядзеў на слане і сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам і расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны ішлі паляваць, сам у адно імгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гіпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкі мяса. Горка было глядзець, як ад зграі, якая ўсяго некалькі хвілін назад весела рохкала пад гукі паляўнічага рога, не засталося ніводнага гіпапатамяня. А цмок усё яшчэ зіркаў улева ды ўправа, цікуючы, ці не прапусціў ён каго-небудзь.

Убачыўшы ўсё гэта, Прынц ціхенька саслізнуў са слана - з таго боку, які быў далей ад цмока, - і з усіх ног кінуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галіны густых кустоў. Стаўшы на карачкі, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе ніколі не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад і жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва.

У лесе панавалі цішыня і спакой. Цяжка было ўявіць, што недзе паблізу ходзіць люты цмок.

Мала-памалу Прынц супакоіўся. Ён папіў са сваёй срэбнай паляўнічай біклагі, выцягнуў ногі і, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькі слязінкі не праліў, але й не ўздыхнуў нават па сваіх няшчасных гіпапатамах, якіх сам прыручыў, якія елі з ягоных рук і доўгія гады верна служылі яму, рызыкуючы на паляванні жыццём, толькі каб яго пазабавіць.

Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былі жорсткія зблытаныя валасы, брудна-шэры твар і каменнае сэрца.

Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калі прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла і працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, і толькі недзе непадалёку свяціўся маленькі чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў невялічкае вогнішча. Побач сядзеў юнак з доўгімі залацістымі валасамі. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмі прыгожы і добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкіх дзіўных жывёл, якія, здаецца, спалі.

- Хто ты? - ганарыста спытаўся Прынц.

- Я Эльфін, свінапас, - адказаў юнак у лахманах. - А вы хто?

- Я - Прынц Абрыдак.

- Што ж гэта вы робіце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? - здзівіўся Эльфін.

- Я тут паляваў непадалёку.

Свінапас зарагатаў:

- Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нічога сабе, добрае паляванне! Я за ім назіраў разам з маімі свінкамі. Гэта было вельмі цікава.

Усе жывёлы адразу засаплі ў сне і зарохкалі, і Прынц пазнаў свіней - у каго ж яшчэ могуць быць такія манеры?

- Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглі б уратаваць сваю зграю, - прамовіў юнак.

- Пра што ты гаворыш? - падазрона спытаўся Прынц.

- Як пра што? Вядома ж, пра цмока, - растлумачыў Эльфін. - Рэч у тым, што вы выйшлі паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы.

- Вось ужо дзякуй, - прашаптаў Прынц і перасмыкнуў плячыма. - Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну і дурань жа ты, свінапас!

- Што ж, - усміхнуўся Эльфін, - як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмі будзе цікава паглядзець!

- А ты яшчэ і грубіян! - абурыўся Прынц.

- Ды які я грубіян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, - адказаў Эльфін.

- Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваіх гіпапатамаў?

- Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калі я скажу?

- Калі скажаш мне што? - хітра перапытаў Прынц.

- Тое, што вы хочаце ведаць.

- А я нічога не хачу ведаць, - адказаў Абрыдак.

- Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, - здзівіўся свінапас. - Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамі?

- Увогуле гэта было б няблага, - прызнаўся Прынц.

- Я ніколі не вызначаўся цярплівасцю, але цяпер у мяне ўжо зусім яе не засталося. Апошні раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу?

- Палову каралеўства і маю кузіну Прынцэсу за жонку, - хуценька адказаў Абрыдак.

- Добра, - пагадзіўся свінапас. - Тады слухайце: цмок уначы робіцца маленькі! Ён спіць пад карэннем гэтага дрэва, і звычайна я карыстаюся ім як запальнічкай, каб развесці агонь.

І праўда, калі Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямі дрэва, ва ўтульным імшаным гняздзечку, спіць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькі з палец.

- І як мне яго можна забіць? - спытаў Прынц.

- Не ведаю, ці можна яго забіць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую біклажку, а потым занесці куды-небудзь.

Гэтая думка прыйшлася Прынцу даспадобы. Удвух яны, крыху апёкшы пальцы, сяк-так здолелі прымусіць цмока запаўзці ў срэбную біклагу, без якой Прынц ніколі не выпраўляўся на паляванне. І Прынц шчыльна закруціў на ёй корак.

- Вось і цудоўна, - сказаў Эльфін, - а цяпер трэба занесці гэтую біклагу ў палац і запячатаць яе Саламонаваю пячаткай. Тады можна будзе не хвалявацца. Хадзем хутчэй, а заўтра зранку падзелім каралеўства, і тады ў мяне будуць грошы на прыгожую вопратку і падарункі. Мне хочацца хутчэй пазнаёміцца з Прынцэсай.

Адкуль добраму Эльфіну было ведаць, што Прынц Абрыдак ніколі не выконвае сваіх абяцанняў?!

- Што? Ты хочаш пайсці са мною? - закрычаў ён. - Ты што гэта выдумаў, свінапас? Гэтага лютага цмока знайшоў я, Прынц Абрыдак, і я, гаспадар гэтай краіны, захапіў яго ў палон. Я ўвогуле ні слова не казаў ні пра каралеўства, ні пра вяселле. А калі табе нешта такое падалося, дык я зараз жа адсяку табе галаву.

І Прынц выцягнуў меч.

- Добра, - паціснуў Эльфін плячыма, - мне так яшчэ й лепей.

- Што гэта ты маеш на ўвазе? - закрычаў Прынц.

- Ды нічога. Толькі тое, што я нічым не звязаны і ў мяне застаюцца мае свінні, а ў вас - вашае цудоўнае каралеўства, - растлумачыў Эльфін і ў думках дадаў: «І цмок».

Прынц пайшоў, а Эльфін са сваімі чорнымі свіннямі, якіх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнішча.

Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзіне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склікаць Парламент і ўрачыста абвясціў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Міністры пачалі наўзахваткі хваліць смеласць і розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але ніводзін Міністр не насмеліўся паказаць свайго недаверу, бо ўсім быў вядомы злосны і помслівы Прынцаў нораў.

Першы Міністр урачыста запячатаў біклагу з цмокам Саламонаваю пячаткай і сам занёс яе ў скарбніцу, у якой былі мядзяныя сцены таўшчынёю аж на два метры.

Біклагу асцярожна паклалі паміж мяхамі, поўнымі золата. І на ўсю ноч пакінулі ў скарбніцы малодшага пісара малодшага сакратара малодшага Лорда Скарбніка, каб той вартаваў біклагу.

Малодшы пісар ніколі ў жыцці цмокаў не сустракаў (хіба што ў дзіцячых казках), дый не надта ён верыў, што Прынц сапраўды захапіў цмока, бо Абрыдак ніколі не быў надта сумленны і мог прынесці проста пустую пляшку. І таму гэты сакратар нават парадаваўся такому, на першы погляд, страшнаму даручэнню і ў добрым гуморы застаўся ў скарбніцы. Яму аддалі ключ, - і калі горад зноўку заснуў, ён паклікаў да сябе ў скарбніцу некалькі сваіх сяброў, малодшых пісараў іншых лордаў. Яны пачалі весела гуляць у хованкі сярод мяхоў з золатам, потым у каменьчыкі, падкідваючы дыяменты, смарагды ды перлы, якія ляжалі ў вялізных куфрах з разной слановае косткі. Моладзь забаўлялася... А ў мядзянае скарбніцы рабілася неўпрыкмет усё гарачэй і гарачэй. І раптам сама малодшы пісар закрычаў:

- Глядзіце! Глядзіце на біклагу!!!

Запячатаная Саламонаваю пячаткай біклажка павялічылася ўтрая і аж пачырванела ад жару!

Паветра ў скарбніцы зусім распалілася, а біклага ўсё расла і расла. І тады пісары неяк усе адразу вырашылі, што пара, відаць, даваць цягу. І спатыкаючыся аб мяхі і куфры, кінуліся да выхаду.

Ледзь толькі апошні паспеў вылецець за вароты і навесіць замок, як біклага разляцелася на кавалкі, і на яе месцы ў скарбніцы ўзнік люты цмок. Кожную хвіліну ён павялічваўся ў некалькі разоў, пакуль не зрабіўся велічынёю ажно з цэлую гару.

Тады ён без разбору пачаў глытаць усе Прынцавы каштоўнасці - золата, дыяменты, рубіны, смарагды, перлы. Яму ўсё было аднолькава даспадобы. За час сняданку цмок знішчыў усё Прынцава багацце.

І калі а дзесятай гадзіне Прынц выправіўся на шпацыр, дык быў вельмі непрыемна ўражаны, убачыўшы цмока, які спрабаваў пралезці праз паламаную браму скарбніцы. Брыдка было глядзець, як з яго жудаснай пашчы па тоўстым пузе цячэ расплаўленае золата.

Прынц задаў дзёру. Яшчэ ніколі ў жыцці яму не даводзілася так бегчы. Але ж ён ратаваў жыццё, якое вельмі любіў. А бег ён да цмокатрывалай вежы, дзе жыла Сабрынэта.

Маленькая Прынцэса, убачыўшы Абрыдка, кінулася па сходах уніз, хуценька ўпусціла яго ў вежу і з трэскам зачыніла дзверы якраз перад гідкаю цмокавай пысай.

Цмок сеў пад дзвярыма і зарумзаў, - яму вельмі хацелася з'есці Прынца.

А Сабрынэта правяла Прынца ў найлепшы пакой у вежы, заслала стол найлепшым абрусам, а ён быў белы-белы і яго вышывала золатам яшчэ яе маці - і пачала частаваць яго. Сабрынэта прынесла свежы белы хлеб і белы вінаград, узбітыя вяршкі і шмат чаго іншага смачнага і добра прыгатаванага. Яна прыняла Абрыдка як магла ветліва, быццам гэта быў не злосны Прынц, які забраў сабе яе каралеўства, а нехта зусім іншы. Але дзіўнага тут нічога няма, бо Сабрынэта была сапраўдная Прынцэса і сэрца ў яе было з чыстага золата.

Калі ж Прынц наеўся ды напіўся, дык папрасіў Прынцэсу паказаць, як адчыняюцца і зачыняюцца ў вежы дзверы. Мамка спала і нічога не чула, і таму ніхто не мог забараніць Прынцэсе адкрыць такому злыдню гэтую таямніцу.

Прынцэса ўсё расказала.

- Трэба павярнуць ключ вось так, - тлумачыла яна, - але дзверы тады яшчэ не адчыняцца. Але калі потым павярнуць ключ дзевяць разоў назад, дзверы адчыняцца.

Так і здарылася. А як толькі дзверы адчыніліся, Прынц выпхнуў гаспадыню з вежы (гэтак жа, як выпхнуў яе з каралеўства) і хуценька зачыніў дзверы ў яе за спінай. Адзіная ў каралеўстве цмокатрывалая вежа павінна была належаць толькі яму!

Прынцэса апынулася на вуліцы якраз побач з цмокам, які ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагі, бо ніводзін цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткіх Прынцэс, у якіх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка).

Прынцэса была выхаваная вельмі добра і ведала, што выходзіць у горад без капялюшыка і пальчатак, асабліва калі на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымі стакроткамі, непрыстойна. Сапраўдная лэдзі не магла сабе гэтага дазволіць. І таму яна пайшла не да горада, а зусім у іншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу.

Сабрынэта яшчэ ніколі не выходзіла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, і калі яна ступіла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, і яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, і таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмі спалохалася цмока.

У лесе, у невялічкім логу, яна натрапіла на Эльфіна і на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свінак. Эльфін іграў на флейце, а свінкі кружылі і танчылі на задніх нагах.

- Калі ласка, - сказала Прынцэса, - паклапаціцеся пра мяне, мне вельмі страшна.

- Добра, - адказаў Эльфін і абняў яе. - Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць?

- Цмок, - ледзь чутна шапнула яна.

- Ага, дык ён такі вылез са срэбнай біклагі! - сказаў Эльфін. - Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка - Прынца.

- Не, Прынцу цяпер нічога не пагражае, - цяжка ўздыхнула Прынцэса. - А чаму вы так яго называеце?

Тады Эльфін расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам і пра тое, як Прынц злосна падмануў яго.

- Ён абяцаў мне палову каралеўства і сваю кузіну ў жонкі!

- Божа мой! Які сорам! - абурана крыкнула Прынцэса і паспрабавала вызваліцца з ягоных абдымкаў. - Як ён пасмеў!

- Што здарылася? - спытаў Эльфін і абняў яе яшчэ мацней. - Яму сапраўды павінна было б быць сорамна, прынамсі, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце!

- Вы гэта пра што? - спытала Прынцэса.

- Пра што? Не пра што, а пра каго! Пра цябе, пра каго ж яшчэ?! Бо ты - мая прыгажуня, маё яснае сонейка! - усхвалявана пачаў тлумачыць Эльфін. - А што да Прынцэсы, ягонай кузіны, - дык ты ўжо мне, мілая, прабач, але ж я тады сапраўднай Прынцэсы, адзінай у свеце Прынцэсы, маёй Прынцэсы яшчэ не бачыў!

- Ты гэта пра мяне кажаш? - здзівілася Сабрынэта.

- А што, ты тут бачыш каго-небудзь іншага?

- Але ўсяго пяць хвілін таму ты пра мяне нічога не ведаў.

- Пяць хвілін таму я быў звычайны свінапас, а цяпер, калі ты побач, я адчуваю сябе сапраўдным Прынцам! Хоць са свіннямі я не разлучуся да канца маіх дзён.

- Але ж ты нават не папытаў у мяне!

- Дык гэта ж ты папрасіла мяне паклапаціцца пра цябе? Менавіта гэтым я і збіраюся цяпер займацца ўсё жыццё.

Вырашыўшы гэтае пытанне, яны пачалі абмяркоўваць сур'ёзныя і складаныя справы - цмока і Прынца.

Эльфін не ведаў, што побач з ім сапраўдная Прынцэса, але адчуваў, што сэрца ў яго каханай з чыстага золата (пра што ён не аднойчы сказаў Сабрынэце).

- Уся памылка ў тым, што біклага ў яго не цмокатрывалая, - разважаў Эльфін, - цяпер я гэта разумею.

- І толькі ў гэтым уся справа?! - узрадавалася Прынцэса. - Дык тады ўсё цудоўна. Я зараз пайду і прынясу якую-небудзь бутэльку - у маёй вежы ўсё цмокатрывалае. Мы абавязкова павінны адолець цмока і выратаваць дзетак.

Сабрынэта рушыла па цмокатрывалую бутэльку, але Эльфіну пайсці з сабой не дазволіла.

- Калі ўсё, што ты кажаш - праўда, - сказала яна, - і калі ты ўпэўнены, што ў мяне залатое сэрца, дык цмок не кране мяне. А тут нехта павінен застацца, бо нельга пакідаць свінак адных.

Эльфін быў цалкам упэўнены, што сэрца ў яе залатое, і таму ўрэшце пагадзіўся адпусціць Прынцэсу адну.

Падышоўшы да вежы, Сабрынэта са здзіўленнем убачыла, што вялікія дзверы ў вежу адчыненыя.

А здарылася вось што: некалькі доўгіх гадзін цмок цярпліва сядзеў ля вежы і чакаў Прынца. А як толькі той адчыніў дзверы, каб на хвілінку выбегчы і ўкінуць у паштовую скрынку ліст да свайго Першага Міністра (у якім паведамляў, дзе ён цяпер знаходзіцца, і загадваў тэрмінова выслаць на барацьбу з цмокам каралеўскую пажарную брыгаду), - як толькі ён гэта зрабіў, цмок хуценька праглынуў яго і, не марудзячы болей, пасунуўся да лесу, бо наставаў час рабіцца маленькім і класціся спаць.

Сабрынэта спакойна ўвайшла да сябе, пацалавала мамку, прыгатавала ёй кубачак смачнай гарбаты і распавяла пра ўсё, што здарылася, ды сказала, што сэрца ў яе, як высветлілася, - з чыстага золата і таму цмок не можа зрабіць ёй нічога дрэннага. Тады, зразумеўшы, што ніякая небяспека Прынцэсе не пагражае, мамка дазволіла ёй вярнуцца ў лес.

А Сабрынэта ўзяла цмокатрывалую бутэльку з напаліраванага да бляску мосенжу і шпарка пабегла да Эльфіна, які пачаў быў ужо хвалявацца.

- Я ўжо баяўся, што ты ніколі не вернешся, - сказаў ён, - здаецца, я прачакаў цябе цэлых сто год.

Прынцэса прысела побач з Эльфінам на траву, і так, трымаючы адно аднаго за рукі, яны моўчкі прасядзелі разам з чорнымі свінкамі, пакуль не сцямнела. Калі ж зрабілася зусім цёмна, яны ўбачылі цмока, які шпарка поўз да дрэва, і за ім на мху заставаўся гарэлы след. Цмок хутка памяншаўся і зрабіўся нарэшце даўжынёю з палец. Тады ён залез пад корань і, утульна скруціўшыся, падрыхтаваўся да сну.

- Пара, - сказаў Эльфін.

Сабрынэта ўзяла бутэльку, а Эльфін пачаў падштурхваць цмока галінкамі і прымусіў яго запаўзці ўсярэдзіну.

Але ў іх не было чым бутэльку закаркаваць!!!

- Ну, нічога, - вырашыў Эльфін, - замест корка я ўсуну свой палец!

- Не, дазволь лепей мне, - папрасіла Прынцэса, але адразу зразумела, што Эльфін ёй гэтага не можа дазволіць.

Хлопец асцярожна засунуў палец у рыльца бутэлькі.

Прынцэса закрычала:

- Хутчэй! Трэба бегчы да мора!

Эльфін моцна схапіў бутэльку з цмокам, і яны пабеглі. А за імі доўгаю чорнаю чарадой трушком беглі свінні.

Бутэлька пачала награвацца, бо цмок што было моцы пачаў плявацца агнём. Яна рабілася ўсё гарачэйшая і гарачэйшая, пакуль не распалілася аж да чырвані. Але Эльфін ні на хвіліну не выпускаў яе з рук. І вось нарэшце яны ўзбеглі на скалу і ўбачылі ўнізе блакітнае мора. А гэтае мора было славутае сваім вірам, які мог зацягнуць і патапіць нават сама вялікі карабель.

Эльфін размахнуўся і шпурнуў бутэльку далёка-далёка. Яна ўзляцела ажно да зор, а потым трапіла ў самую сярэдзіну віру.

- Мы выратавалі краіну, - урачыста сказала Прынцэса. - Ты ўратаваў маленькіх дзетак. Дай мне сваю руку.

- Не магу, - сумна адказаў Эльфін. - Мілая мая, я ўжо ніколі не змагу ўзяць цябе за ручку, бо мае рукі згарэлі.

І праўда, замест рук у яго засталіся толькі чорныя вугалі. Прынцэса ў слязах пачала цалаваць абвугленыя Эльфінавы рукі, а потым разадрала сваю чароўную белую сукенку і дбайна іх перавязала.

Неўзабаве яны вярнуліся дадому і расказалі пра ўсё Прынцэсінай мамцы. А свінні тым часам сядзелі вакол вежы і цярпліва чакалі.

- Ва ўсім свеце не знайсці чалавека, смялейшага за Эльфіна, - сказала Прынцэса. - Сваёю адвагаю ён уратаваў нашую краіну і маленькіх дзетак. Але бедныя, бедныя яго рукі!

У гэтую хвіліну дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшла сама старая свіння. Яна падышла да Эльфіна і, пяшчотна рохкаючы, пацерлася аб яго бокам.

- Вы толькі паглядзіце! - сказала мамка і абцерла слязу. - Жывёліна, а разумее, усё разумее!

Сабрынэта пачухала свінцы за вухам, бо ў Эльфіна цяпер рук не было.

- Адзіны сродак ад цмокавых апёкаў, - зноў сказала мамка, - гэта свіны тлушч. І адданая істота ведае гэта.

- Ні за што ў свеце! - крыкнуў Эльфін і паспрабаваў палашчыць свінку абпаленым локцем.

- Няўжо нічога іншага нельга прыдумаць? - спытала Прынцэса.

Але тут яшчэ адна, чорная, як вугаль, свінка ўвайшла ў пакой. Потым яны пачалі ўваходзіць адна за адной, і неўзабаве ўвесь пакой быў запоўнены круглымі чорнымі свіннямі. Яны ласкава рохкалі, і кожная спрабавала падлезці да Эльфіна.

- Ну... Увогуле ёсць яшчэ адзін сродак, - адказала мамка. - Мілыя, адданыя жывёлы! Яны ўсе гатовыя памерці, каб уратаваць Эльфіна.

- Які сродак, які? - з хваляваннем перапытала Прынцэса.

- Калі ў каго-небудзь цмокавы апёк, - задуменным голасам пачала мамка, - і пэўная колькасць асобаў гатовая памерці, каб уратаваць яго, дык кожнай з гэтых асоб дастаткова пацалаваць яго ў абпаленае месца і ад усяе душы пажадаць, каб раны загаіліся.

- Колькі, скажы, колькі павінна быць такіх асобаў?! - закрычала Прынцэса.

- Семдзесят сем.

- Свінак семдзесят пяць, а я семдзесят шостая! - узрадавана лічыла Прынцэса.

- Павінна быць роўна семдзесят сем, а я ну ніяк не магу дзеля яго памерці. Так што нічога не зробіш, - сумна сказала мамка, - не будзе ў яго рук.

- Я ведаў пра гэты сродак, - усхвалявана сказаў Эльфін. - Але я не думаў, што мае дарагія свінні і ты, мая каханая, так мяне любіце! Ёсць, праўда, яшчэ трэці сродак, але лепш я памру, чым ажанюся з кім-небудзь апроч цябе, мая мілая!

- А з кім табе трэба ажаніцца, каб загаіць цмокавыя апёкі? - спытала Сабрынэта.

- З сапраўднай Прынцэсай. Менавіта так Святы Георг уратаваў жыццё пасля бойкі з цмокам.

- Глядзі ты! - здзівілася мамка. - Я ўжо такая старая, але нават і чуць не чула пра гэта.

А Сабрынэта кінулася да Эльфіна і моцна абняла яго.

- Тады ўсё цудоўна, мой мілы, смелы, адзіны ў свеце Эльфін, - пяшчотна сказала яна, - таму што я якраз і ёсць сама сапраўдная Прынцэса, а ты будзеш мой Прынц. Збірайся хутчэй, мамулька, гэты раз можна выйсці й без капелюша. Мы зараз пойдзем і адразу пажэнімся.

І яны пайшлі, а ўрачыстыя чорныя свінні чынна, выставіўшыся парамі, рушылі за імі.

Як толькі Эльфіна і Сабрынэту абвясцілі мужам і жонкай, рукі ў Эльфіна загаіліся, і на іх не засталося нават следу ад цмокавых апёкаў.

Людзі, якім Прынц Абрыдак і ягоныя гіпапатамы вельмі надакучылі, адразу абралі Сабрынэту і яе мужа паўнамоцнымі гаспадарамі краіны.

Наступнаю раніцай Прынц з Прынцэсаю выправіліся на шпацыр. Яны хацелі паглядзець, ці не прыбіла цмока да берага. Але лютага цмока яны нідзе не знайшлі і толькі ўбачылі, як над вірам узнімаецца вялікі стаўбур пары. Рыбакі сказалі, што вада на некалькі кіламетраў вакол зрабілася такая гарачая, што з ёю можна галіцца.

Вада ў тых мясцінах засталася гарачая і да нашых часоў: вось які люты быў гэты цмок - нават цэлага мора не хапіла, каб астудзіць яго. Але з вірам цмок справіцца не можа - толькі круціцца ваўчком недзе ў самай глыбіні мора і, сам таго не жадаючы, робіць карысную справу: грэе рыбакам ваду для галення.

А Прынц з Прынцэсаю кіруюць сваёю краінай добра і мудра. Прынцэсіна мамка жыве разам з імі, ёй нічога не дазваляюць рабіць - хіба што вышыць Прынцэсе сукенку золатам, на што мамка вялікая майстрыха.

Гіпапатамаў Прынц не трымае, і ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб падданыя яго вельмі любілі.

Семдзесят пяць адданых свінак жывуць у мармуровым свінарніку, усе ў асобных пакойчыках, і на дзвярах у іх выгравіраваныя мянушкі і вісяць медзяныя званочкі. Два разы на дзень свінкі прымаюць ванну: іх мыюць мяккімі губкамі, прывезенымі з далёкіх краін, і мылам, якое пахне браткамі. Ніхто не злуецца, калі яны выходзяць з Прынцам на шпацыр, бо свінкі паводзяць сабе як сапраўдныя лэдзі, ходзяць толькі па тратуары і ніколі не збочваюць на траву.

Прынцэса ў сама першым сваім загадзе пад страхам смерці забараніла ўжываць слова «свініна» і загадала нават выкрэсліць гэтае слова з усіх слоўнікаў!

 

Пераклад зроблены з выдання: A Book of Dragons. Puffin Books, 1978.



Пераклад: Алена Арлова