epub
 
Падключыць
слоўнікі

Эміль Заля

Каваль

Каваль быў самы высокі мужчына ў наваколлі. Плечы меў мускулістыя, твар і рукі счарнелі ад агню, куродыму і жалезнага пылу. З гушчару, што буяў на яго квадратнай галаве, глядзелі вялікія блакітныя дзіцячыя вочы, светлыя, як сталь. Калі ён смяяўся, з рота вырываўся хрып, падобны на магутнае дыханне кавальскіх мяхоў, а калі ён задаволена пасля добрай працы падымаў рукі — да гэтага жэсту ён прызвычаіўся за доўгія гады работы з молатам, — здавалася, яму лягчэй трымаць на плячах цяжар пяцідзесяці гадоў, чым махаць «паненкай» — молатам, які важыў дваццаць пяць фунтаў, і толькі ён адзін ад Вернона да Руана мог пусціць у скокі гэтую жахлівую дзеўку.

Я пражыў цэлы год у Каваля, год, калі пачаў ачуньваць. Я быў страціў мужнасць, розум, я ўцёк ад усіх і не знаходзіў сабе месца, я хацеў знайсці самаго сябе, знайсці куток цішыні і працы, дзе б я здолеў зноў зрабіцца мужным. І вось аднаго вечара на дарозе, ужо мінуўшы вёску, я ўбачыў самотную кузню, усю ў водблісках агню, што неяк бокам прытулілася на ростані Чатырох Дарог. З насцеж расчыненай брамы бухала такое святло, што яно залівала ўсё раздарожжа, а таполі, якія раслі насупраць уздоўж ручаіны, дыміліся, быццам паходні. Здалёк, за паўлье, яшчэ агорнуты пяшчотай сутоння, я чуў грукат малаткоў, падобны на галоп коннікаў у латах. Пазней, калі я апынуўся каля шырока расчыненых варот і стаяў у святле, сярод ляску, сярод усёй гэтай разбушаванай навальніцы, ужо шчаслівы і суцешаны відовішчам працы, я пачаў назіраць, як чалавечыя рукі гнуць, скручваюць і сплюшчваюць чырвоныя зліткі.

У гэты асенні вечар я ўбачыў Каваля ўпершыню. Ён каваў лямеш. З кашулі наросхрыст выпіналіся дужыя грудзі, з кожным уздыхам уздымаўся сталёвы каркас яго рэбраў; Каваль адхіляўся назад, узмахваў молатам і апускаў яго ўніз. Ён працаваў безустанку, спрытна і бесперапынна гайдаючыся ўсім целам, напружваючы ўсе цягліцы. Молат выпісваў правільную дугу, падаў, і з-пад яго ляцелі маланкі, віравалі іскры. Гэта была «паненка», якую Каваль трымаў аберуч і якой працаваў, а тым часам яго сын — дзяцюк дваццаці гадоў — заціскаў абцугамі распаленае жалеза і таксама каваў, але за вогненнымі скокамі «жахлівай дзеўкі» старога амаль не было чуваць глухога спеву яго малатка. Бах, бах-бах, бах — нібы сур'ёзны матчын голас вучыць дзіця вымаўляць першыя гукі. «Паненка» вальсавала нястомна, стрэсвала бліскаўкі са сваёй сукенкі, пакідала адбіткі абцасаў на лемяшы кожнага разу, як падала на кавадла. Крывавае полымя залівала падлогу і выхоплівала з цемры вялізныя постаці двух рабочых, цені якіх рухаліся па змрочных і цёмных кутах кузні. Агонь спакваля пачаў патухаць, і Каваль спыніўся. Ён стаяў увесь чорны, абапершыся на дзяржальна молата, і нават не выціраў пот з ілба. Нягледзячы на гул мяхоў, якія павольна напампоўваў сын, я чуў, як нястрымна надзімаюцца грудзі старога.

Я застаўся начаваць у Каваля і нікуды больш не рушыў. Наверсе, якраз над самай кузняй, меўся вольны пакой, які ён мне прапанаваў і дзе я пасяліўся. На золку, а пятай гадзіне, я пачынаў жыць клопатам майго гаспадара. Мяне будзіў рогат усёй сям'і, і гэтая неўтаймавальная весялосць трывала да самага вечара. А ўнізе скакалі малаткі. Здавалася, што «паненка» скідае мяне з ложка, малоціць у столь, ганіць мяне абібокам. Убогі пакойчык з вялікай шафай, простым драўляным сталом, двума крэсламі пачынаў трашчаць і крычаць, каб я хутчэй уставаў. І я ўставаў, сыходзіў уніз, дзе ўжо даўно палаў горан. Нешта мармытаў мех, блакітна-ружовым жарам, падобным на ласкавае зерне, зіхацела вуголле, варушылася ад кожнага павеву ветру. А тым часам Каваль рыхтаваўся да дзённае працы: корпаўся ў жалезе, што ляжала ў кутах, пераварочваў плугі, аглядаў колы. Калі гэты шаноўны чалавек заўважаў мяне, ён браўся ў бокі і смяяўся — рот да вушэй. Ён весяліўся, што прымусіў мяне вылезці з ложка а пятай раніцы. Мне здаецца, што на світанні ён грукаў, каб уславіць абуджэнне новага дня. Ён клаў свае шырокія далоні на мае плечы і казаў, што з часу, як я пачаў жыць сярод яго жалеззя, мне зрабілася лепей. Штодня мы сядалі на кош старой перакуленай двухколкі і пілі ўдвух белае віно.

Пазней я часта праводзіў дзень у кузні. А зімою ці ў дождж я зусім не выходзіў з яе. Мяне цікавіла праца. Упартае змаганне Каваля з грубым жалезам, з якога ён ляпіў што хацеў, захапіла мяне, быццам вялікая драма. Я сачыў, як з печы метал трапляе на кавадла, я бясконца здзіўляўся, — як ён гнецца, выцягваецца, скручваецца, нібы нагрэты воск, і паддаецца пераможнай моцы рабочага. Калі плуг быў гатовы, я сядаў перад ім на кукішкі і ўжо не пазнаваў у ім таго бясформнага ламачча, якое бачыў напярэдадні, я пільна ўглядаўся ў паасобныя часткі плуга, і мне здавалася, што нечыя валатоўскія рукі без агню далі рады ўсяму жалезнаму хаосу і навялі лад. Мімаволі я ўсміхаўся, калі ўзгадваў сабе дзяўчынку, якая калісьці пад маім акном некалькі дзён запар скручвала кволымі пальчыкамі медныя драцінкі і шаўковай ніткай увязвала на іх самаробныя фіялкі.

Каваль ніколі не скардзіўся. Яму даводзілася каваць чатырнаццаць гадзін засаб, а ўвечары зноў смяяўся добрым смехам і задаволена паціраў рукі. Ён ніколі не сумаваў, ніколі не нудзіўся. Калі б яго дом пачаў валіцца, ён падставіў бы плечы і ўтрымаў яго. Зімою ён казаў, што ў кузні ўтульна. А летам расчыняў насцеж дзверы, і туды наплываў водар сенажаці. Калі сонца кацілася ўніз, мы сядалі поплеч, на ганак. Кузня стаяла на ўзгорку, і мы бачылі ўсю прастору даліны. Ён шчаслівіўся з гэтай неабсяжнасці ўзараных палёў, якія ў светла-бэзавых прыцемках хаваліся далёка на небакраі.

Каваль любіў пажартаваць. Ён казаў, што ўсе гэтыя землі належаць яму, бо дзвесце год яго кузня рабіла плугі ўсяму наваколлю. Ён ганарыўся гэтым. Кожны ўраджай быў ягоны ўраджай. Калі ралля зелянела ў маі і жаўцела ў ліпені, дык гэта дзякуючы яму. Ён любіў ураджай, нібы сваіх дачок, захапляўся сонечнымі днямі і пагражаў кулаком хмарам, з якіх сыпаўся град. Часта ён паказваў мне палетак, які быў меншы за крысо яго курткі, і расказваў, у якім годзе выкаваў плуг для гэтага загончыка з аўсом ці жытам. Іншы раз пакідаў свае малаткі, станавіўся ўзбоч дарогі і, засланяючы вочы ад сонца, глядзеў. Ён глядзеў, як яго дзеці-плугі ўгрызаюцца ў глебу, узрэзваюць гоні. Плугі аралі па ўсёй даліне. Запрэжкі, якія нетаропка рухаліся, былі падобныя на паходныя раці. Лемяшы ззялі на сонцы, рассыпалі срэбныя зайчыкі. А Каваль махаў мне рукой, клікаў мяне, крычаў, каб я ішоў паглядзець, якую «вялікую справу» робяць яго плугі.

Металічны бразгат і ляскат, што вечна трываў унізе, насычаў маю кроў жалезам. І ад гэтага мне рабілася лепш, чым ад лекарскага зелля. Я прызвычаіўся да вэрхалу, бо музыка малаткоў і кавадла была мне неабходна, каб адчуваць сябе жывым. У пакоі пад шум мяхоў я зноў рабіўся сабою. Тук-тук-тук-тук — гучала паўсюль, быццам спеў вясёлага маятніка, які гойдаецца ў такт маёй працы. Я чуў, як, апантаны працай, Каваль б'е па распаленым жалезе і як яно стогне ад д'ябальскіх скокаў раз'юшаных малаткоў; у гэтакія моманты мая рука імкнулася пісаць, і я, здавалася, хацеў сплюшчыць гэты свет адным ударам пяра. Потым, калі кузня змаўкала, мой імпэт таксама сціхаў, я ішоў уніз, глядзеў на пераможаны метал, і мне рабілася сорамна за працу, якой я займаўся.

Але ж якім волатам быў Каваль часам у цёплыя поўдні! Ён стаяў голы па пояс з моцна напружанымі мускуламі і быў падобны на адну з тых фігур Мікельанджэла, якія выгінаюцца ў вышэйшым намаганні. Калі я глядзеў на яго, дык бачыў тую сучасную скульптурную лінію, што марна шукаюць нашыя мастакі сярод мёртвых руінаў Грэцыі. Я бачыў у ім героя, выхаванага працай, нястомнага сына нашага стагоддзя, які бесперапынна куе на кавадле зброю нашага аналізу і гартуе агнём і жалезам будучае грамадства. Ён гуляў са сваімі малаткамі. Калі хацеў пасмяяцца, ён браў «паненку» і з ўсяе сілы біў. І ў ружовым ззянні горана выбухала навальніца. Мне здавалася, што гэта быў уздых народа, занятага працай.

Менавіта тут, у кузні, сярод плугоў я назаўсёды вызваліўся ад сваёй ляноты і падазронасці.



Пераклад: Сяргей Мурашка

Беларуская Палічка: http://knihi.com