epub
 
падключыць
слоўнікі

Эрл Стэнлі Гарднэр

Ключ да загадкі раскіданых рубінаў

Дождж раз-пораз суцэльнай заслонай шугаў з начнога неба. Калі гэтая заслона знікала, у прагалах паміж хмарамі паказваліся мігатлівыя зоркі. Вулічныя ліхтары, святло ад якіх зіхатлівымі стужкамі адбівалася на мокрым бруку, нібы німбам ахінала пара.

Па мокрым бруку разляталіся пырскі з-пад ног Сідні Зума, які ішоў, не звяртаючы ўвагі на лужыны. Яго хударлявая фігура, ахінутая плашчом і прыкрытая зверху гумовым капелюшом, імкліва рухалася наперад скрозь дажджлівую ноч, побач нячутна бегла аўчарка.

Сідні Зум любіў ноч. Асабліва яму падабаліся дажджлівыя ночы. Паўночныя вуліцы вабілі яго прадчуваннем прыгод. Ён безупынна шнырыў па начах у пошуках дзіўных чалавечых учынкаў, якія маглі выклікаць яго цікавасць.

Аўчарка хрыпла загыркала.

Сідні Зум прыпыніўся і паглядзеў на свайго чатырохногага спадарожніка.

— Што ў цябе, Рып?

Жоўтыя вочы сабакі выглядалі нешта ў цемры. Вушы яго натапырыліся. Праз момант морда сабакі крутанулася, як бы нешта вышукваючы і прынюхваючыся. Потым ён зноў загыркаў, поўсць на спіне ўзнялася дыбам.

— Шукай, Рып.

Сабака нібы страла паімчаў у цемру, шлёпаючы лапамі па мокрым бруку. Ён бег шпарка і ўпэўнена, нізка прыгінаючыся долу. Заварочваючы за рог, ён нахіліўся яшчэ ніжэй — і ў гэты момант цемра праглынула яго.

Сідні Зум дайшоў да месца, дзе знік сабака, і спыніўся ў чаканні. Але тут пачуліся крокі, шамаценне гумовага плашча, і на яго пачала насоўвацца цёмная постаць.

Цемру прарэзала святло электрычнага ліхтарыка.

— Што вы тут робіце? — прабурчаў незнаёмы басам.

У ястрабіных вачах Сідні Зума ўзнікла пагроза.

— А хто вы? Ды патушыце свой чортаў ліхтарык!

Промні ліхтарыка прашылі зверху данізу цыбатую, але жылаватую постаць, і той самы голас зноў прагрымеў:

— Я — паліцэйскі, і гэта мой участак. Час не вельмі прыдатны, каб вось так стаяць на рагу вуліцы, мокнучы пад дажджом, утаропіўшыся ў цемру, у нешта ўслухоўваючыся. Так што далажыце, хто вы такі, калі не маеце ахвоты заначаваць у камеры.

Сідні Зум адвёў вочы ад сляпучага святла, выцягнуў з унутранай кішэні скураны партманет і паказаў паліцэйскаму нейкую картку.

На картцы быў подпіс начальніка паліцыі.

Паліцэйскі прысвіснуў.

— Сідні Зум? Вось як! — сказаў ён у здзіўленні. — Я наслухаўся пра вас і вашага сабаку. А дзе ён?

Сідні Зум слухаў, схіліўшы галаву крыху ўбок.

— Калі вы перастанеце гаварыць, мы яго пачуем.

Паліцэйскі заціх і прыслухаўся. З цемры даляцеў ледзь чутны сабачы брэх.

— Ён вунь за тым рагом, — сказаў Зум.

— Чаго ён разбрахаўся? — прабурчаў паліцэйскі.

Сідні Зум пайшоў далей, перастаўляючы доўгія ногі па мокрым бруку. Раптоўны дождж забарабаніў па пругкай паверхні іх плашчоў.

— Каб даведацца, — адказаў Сідні Зум, — лепш за ўсё — пайсці і паглядзець.

Паліцэйскаму было цяжка паспяваць за шырокімі крокамі Зума.

— Я чуў пра некаторыя вашыя вышукі, — сказаў ён.

Відаць, паліцэйскі хацеў завесці гаворку, але хада была настолькі шпаркая, што нават на яе ледзь хапала дыху.

Сідні Зум прамаўчаў.

— І пра вашага сабаку, — працягваў, засопшыся, паліцэйскі.

Сідні Зум прыпыніўся і паказаў знакам паліцэйскаму спыніцца, потым узняў галаву і свіснуў. Адразу ж у адказ пачуўся брэх.

Зум па гуку вызначыў кірунак, адкуль пачуўся брэх, і пакрочыў яшчэ шырэй. Паліцэйскі страціў надзею ісці нага ў нагу і, зусім засопшыся, быў вымушаны ў паўтара раза часцей перабіраць нагамі.

У святле вулічнага ліхтара штосьці скурчанае кідала на брук доўгі цень. Сабака зноў забрахаў, і Сідні Зум паказаў у яго бок.

— Штосьці ляжыць на тратуары, — сказаў ён.

Паліцэйскі загаварыў, але трэба адзначыць, што думаць у яго выходзіла лепш.

Шпаркая хада Зума перайшла амаль у бег. Яго хударлявая постаць, здавалася, дрыжала ад хвалявання.

— Нехта ляжыць, — сказаў ён.

Сабака яшчэ раз заліўся пранізлівым брэхам, як бы імкнучыся нешта паведаміць. І Сідні Зум пераклаў сэнс брэху.

— Мёртвы, — сказаў ён.

Паліцэйскі прамармытаў нешта, выказваючы, відаць, недавер.

Але Зум меў рацыю. Чалавек быў мёртвы. Ён ляжаў, распасцёршыся на бруку тварам уніз, раскінуўшы сціснутыя ў кулакі рукі, нібыта пагражаючы некаму.

На патыліцы чалавека чарнела дзірка, з яе цурчаў чырвоны струмень, зліваючыся з вадой на бруку і пакідаючы на ім чырвоныя плямы.

На чалавеку былі паліто, нагавіцы, грубыя чаравікі. Але падніз была надзета яшчэ піжама. Яе канцы выглядалі з калашын нагавіц, а каўнер піжамнай сарочкі вылез з-пад закручанага штрыфля паліто. Паліцэйскі паспрабаваў намацаць пульс чалавека.

— Мёртвы, — сказаў ён.

— Вось гэта, — суха заўважыў Сідні Зум, — і паведаміў мне сабака. Ён прыбег бы назад і прыскорыў мяне, калі б чалавек быў жывы.

Вочы ў паліцэйскага загарэліся.

— Вы што, жартуеце? — спытаў ён.

Сідні Зум паціснуў плячыма. Па вопыце ён ведаў, што дарэмна даказваць дылетантам, што ў сабак высокаразвіты інтэлект.

Паліцэйскі хацеў перавярнуць труп дагары. Зум перахапіў яго руку.

— Пачакайце, — сказаў ён, — вы можаце знішчыць самы галоўны ключ да разгадкі матываў забойства.

Паліцэйскі здзіўлена глянуў на Зума.

— Я проста хачу перавярнуць яго.

Ён адмовіўся ад свайго намеру і пакінуў мерцвяка ляжаць на баку з адкінутай галавой у ненадзейнай раўнавазе, што ўтрымлівалася плячом і сцягном.

Зум кіўнуў галавой.

— Менавіта так, — сказаў ён. — Заўважце, паліто на плячах і зверху, бліжэй да шыі, добра намокла. Гэта сведчыць пра тое, што ён некаторы час быў пад дажджом. Але на спіне паліто амаль сухое. Гэта значыць, што ён ішоў тварам насустрач дажджу, а тут ляжыць на жываце не так даўно. Інакш спіна таксама б намокла. Але калі вы перавернеце яго на спіну да таго, як мы ўсё ўдакладнім, паліто са спіны дакранецца да мокрага бруку, і мы пазбавімся магчымасці вызначыць ступень намокласці розных частак адзення.

Паліцэйскі нешта прабурчаў у адказ.

— Вы маеце рацыю наконт плячэй, — сказаў ён, няўклюдна мацаючы іх рукой. — І спераду ён прамок да ніткі. Здаецца, ён такі сапраўды ішоў супраць ветру.

Зум абмацаў пальцамі вопратку на мерцвяку. У ягоных вачах бачылася ястрабіная засяроджанасць, якая сведчыла пра ўсё большую зацікаўленасць.

— А вось вецер, — заўважыў Зум, — дзьмуў у той самы бок, у які скіравана зараз яго галава. Гэта азначае, што яго перавярнулі пасля выстралу ці ён сам пайшоў назад. Заўважце, ён без шкарпэтак, шнуркі завязаны не да канца і іх канцы паспешліва закручаны вакол ног. Відаць, чалавек ужо лёг спаць, але нешта ўзняло яго з ложка, прымусіла паспешліва выбегчы на дождж, і ён паспеў накінуць на сябе толькі самае неабходнае. Куля трапіла ў патыліцу. Стрэл, відаць, супаў з ударам грому, бо, здаецца, ніхто яго не пачуў, а гэта — раён жылых дамоў. З моманту яго смерці не прайшло, здаецца, нават чвэрці гадзіны... Давайце пасвецім на твар.

Паліцэйскі паслухмяна перавёў святло ліхтарыка на скамянелы твар. Ён выявіў рысы чалавека, які выглядаў год на пяцьдзесят пяць. Твар парослы сівым шчаціннем, з рэдкімі валасамі на скронях, высокім ілбом з маршчынамі, якія бываюць у людзей са змрочным характарам. Сцяты рот з тонкімі, амаль нябачнымі вуснамі. Глыбокія маршчыны абапал сведчылі, што рот звычайна крывіўся ўніз.

— Чалавек, — зазначыў Сідні Зум, — які рэдка ўсміхаўся.

Паліцэйскі памацаў кішэню паліто забітага.

— У кішэні шмат нейкіх папер. Паведаміце ва ўправу аб здарэнні, а я папільную тут.

Позірк Зума скіраваўся на штосьці за метр ад трупа.

— Узніміце ліхтарык крыху вышэй — вось так! — звярнуўся Зум да паліцэйскага.

— Што гэта?

Промні святла адбіліся ад чагосьці блішчастага, агрэсіўна-чырвонага.

Зум падышоў бліжэй, нахіліўся і падняў гэта самае з долу.

— Чырвоная пацерка альбо сінтэтычны рубін, прасвідраваны для пацерак, — адзначыў ён, — і, думаю, крыху далей знойдзецца яшчэ адзін. Давайце паглядзім.

Паліцэйскі паслухмяна ўзняў вышэй ліхтарык. І зноў у цемры замігцеў агрэсіўна-чырвоны водбліск.

— Якраз з таго боку ён і ішоў, — заўважыў паліцэйскі.

Зум падабраў другую пацерку і вярнуўся да трупа.

— Паглядзіце, што ў яго ў руках, — прапанаваў ён.

Паліцэйскі разняў сціснуты левы кулак. У далоні нічога не было. Ён адагнуў пальцы на правай руцэ. У святле ліхтарыка замігцелі паўтузіна чырвоных пацерак, якія па колеры нагадвалі кроплі застылай крыві.

Сідні Зум задуменна глядзеў на іх з пахмурным выразам твару.

— Там часам не абрывак белай ніткі? — спытаў ён.

Паліцэйскі нахіліўся ніжэй.

— Ён самы. Навошта яна?

Зум задуменна, не міргаючы, глядзеў на купку чырвоных каменьчыкаў.

— Гэта могуць быць і натуральныя рубіны, але я сумняваюся. Яны больш падобныя на сінтэтычныя. Звярніце ўвагу на тое, што іх памеры паступова памяншаюцца. Відавочна, яны былі начэплены на нітку. Можна дапусціць як магчымасць, і толькі як магчымасць, што пацеркі былі на асобе, якая страляла, і што рука ахвяры, хапаючыся за забойцу, зашчаміла ў руцэ пацеркі і вырвала з іх пэўную частку. Потым, калі гэтая асоба кінулася наўцёкі, пасыпаліся і іншыя пацеркі... але я сумняваюся наконт гэтага.

Паліцэйскі выпрастаўся, адпусціў труп, і той глуха чмякнуўся на мокры брук.

— Для мяне ўсё гэта ўжо занадта, — сказаў ён. — Мне не хочацца пакідаць труп, нават калі сапраўды пагаджуся, што вы маеце рацыю. Схадзіце вунь у той жылы дом, знайдзіце тэлефон і патэлефануйце ў паліцэйскую ўправу.

Зум кіўнуў галавой у знак згоды.

— Будзь тут, Рып, — загадаў ён сабаку. — Я хутка вярнуся.

Сабака паволі завіляў хвастом, выказваючы такім чынам з пачуццём уласнай годнасці сваю маўклівую згоду. Зум перайшоў вуліцу, накіроўваючыся да шматкватэрнага дома.

Дзверы былі зачынены на замок, у вестыбюлі было цёмна. Зум націснуў кнопку пад указальнікам кватэры з надпісам: УПРАЎЛЯЮЧЫ і толькі пасля гэтага дачакаўся нейкай рэакцыі. Калі таўстуха з заспанымі вачыма, абураная тым, што яе разбудзілі, падышла да дзвярэй, Зум растлумачыў ёй усю сітуацыю. Яго правялі да тэлефона, ён патэлефанаваў ва ўправу і паведаміў пра знойдзены труп.

Потым ён вярнуўся да паліцэйскага. Сабака ляжаў, прыціснуўшыся да мокрага бруку, паклаўшы морду на лапы. Ён застаўся ляжаць нерухома і толькі паляпаў хвастом, вітаючы гаспадара. Паліцэйскі праглядаў паперы, знойдзеныя ў кішэні забітага.

— Падобна на тое, што яго звалі Гары Пэйн, — заўважыў ён. — Можна падумаць, што ўсе лісты, атрыманыя па пошце, ён насіў з сабой у кішэні. Ёсць тут і адрас. Уэст-Эдамс-стрыт, 58, 65. А вось некалькі юрыдычных дакументаў: здаецца, ён удзельнічаў у нейкім судовым працэсе... Паперы ён насіў з сабой ужо пэўны час. Адзнакі, зробленыя алоўкам, пасціраліся, дый папера зашмальцавалася.

Зум кіўнуў галавой. Ён вывучаў твар забітага.

— Няўжо вам не цікавыя гэтыя паперы? — спытаў паліцэйскі.

На твары Зума быў выраз летуценнай задумлівасці.

— Мяне больш цікавіць характар чалавека, — заўважыў ён. — Мне здаецца, што забіты быў наравісты стары чалавек, які ніколі не ўсміхаўся, якому невядома было пачуццё спагады ці зычлівасці. Зірніце на яго рукі! Бачыце, якія шышкаватыя, учэпістыя пальцы... Вы верыце ў хірамантыю?

Паліцэйскі ў адказ пагардліва буркнуў.

— Глупства, — адказаў ён.

Зум памаўчаў некалькі секунд.

— Дзіўна, — нарэшце заўважыў ён, — як характар адбіваецца на кожнай частцы цела чалавека. Рукі, ногі, вушы, форма носа, рот, выраз вачэй... усё фарміруецца тым нечым неадчувальным, што мы называем душа.

Паліцэйскі, які сядзеў на кукішках на мокрым бруку каля трупа, устаў.

— Вы гаворыце нешта такое, што не мае ніякага сэнсу, — буркнуў ён. — Справа ідзе пра забойства, і згодна з законам трэба злавіць злачынцу. Якое дачыненне да гэтага мае характар забітага?

Сідні Зум адказаў адным словам: «Непасрэднае».

Ён звярнуўся да папер у кішэні паліто забітага.

— Забойствы, — заўважыў паліцэйскі, — уяўляюць сабой штодзённую з'яву. Калі абыходзіцца з імі як са звычайнымі з'явамі, нешта ды і атрымаецца. Апазнаеш, вызначыш, хто хацеў прыбраць яго з дарогі, збярэш доказы, ну, можа, крыху папужаеш на допыце ва ўправе, і — калі ласка! — можна брацца за новую справу.

Сідні Зум нічога не адказаў. Аднекуль здалёк пачулася выццё сірэн.

— На патыліцы засталіся сляды, — сказаў Зум пасля таго, як сірэна завыла зноў. — Дазвольце мне ваш ліхтарык.

Паліцэйскі даў яму ліхтарык. Зум павадзіў яго кругамі над канавай, раптам спыніў руку і паказаў на нешта.

— Вось яна, тут.

— Што тут?

— Гільза. Бачыце, у канаве? Яго застрэлілі з аўтаматычнага пісталета. Выкідальнік выбіў гільзу на вуліцу, а дождж змыў яе ў канаву.

Паліцэйскі нахіліўся і падняў гільзу.

— Ваша праўда. Сорак пятага калібру.

Зноў завыла сірэна. На мокрай вуліцы засвяціліся фары, і першая паліцэйская машына, развярнуўшыся на перакрыжаванні і прашыпеўшы шынамі па вадзе, спынілася каля броўкі.

Адразу ж за ёй пад'ехала яшчэ адна машына. Потым пачуліся перарывістыя сігналы машыны «хуткай дапамогі». Пасля гэтага падзеі адбываліся вельмі хутка.

Следчы сяржант Громлі ўзначальваў нарад па расследаванні забойстваў, таму ён выслухаў даклад паліцэйскага, праверыў факты, што паведаміў Сідні Зум, і загадаў паліцэйскім збіраць адпаведную інфармацыю.

Тыя пайшлі следам за раскіданымі крывава-чырвонымі пацеркамі і прыйшлі да шматкватэрнага дома метраў за пяцьдзесят ад месца здарэння. Яны ляжалі на зямлі амаль на аднолькавай адлегласці адна ад адной, пераліваючыся агнём пад святлом ліхтарыкаў.

Раён быў у асноўным забудаваны жылымі дамамі, таму, пачуўшы выццё сірэн, да вокнаў папрыліпалі жыхары. Прагалы паміж хмарамі разышліся ў больш шырокія прасветы, адтуль на бетонны каньён вуліцы пасылалі сваё лагоднае святло зоркі.

Паліцэйскія пачалі дазнавацца, ці чуў хто-небудзь стрэл, ці заўважыў час, ці даносіўся тупат ног уцекачоў?

Сяржант Громлі інспектаваў шматкватэрны дом, да якога прывялі раскіданыя пацеркі, і пераможна ўсклікнуў, паказваючы на паштовыя скрынкі ў вестыбюлі з указальнікамі прозвішчаў жыхароў, выразанымі з іх візітных картак.

— Звярніце ўвагу на скрынку кватэры 342, — усклікнуў ён. — Кардонку з прозвішчамі адарвалі з паўгадзіны таму назад ці нешта каля гэтага. Бачыце, яшчэ свежая рыска на кардонцы, да якой быў прылеплены надпіс? Гэта кроў! Бачыце?

Ён павярнуўся тварам да вестыбюля, дзе стаяў чалавек у халаце, з цікавасцю пазіраючы на прышэльцаў.

— Дзе ўпраўляючы? — спытаў Громлі.

— Я — уладальнік дома. Упраўляемся разам з жонкай.

— Хто жыве ў кватэры 342?

Упраўляючы нахмурыў бровы і правёў рукой па ўзлахмачаных валасах.

— Дакладна не магу сказаць. Думаю, што жанчына. Пэйн, здаецца, прозвішча. Так, так — Пэйн. Ева Пэйн. А што, на паштовай скрынцы яе прозвішча няма?

— Ну, што ж, — звярнуўся Громлі да сваіх шыракаплечых памочнікаў, што тоўпіліся вакол яго. — Пайшлі.

Яны ўціснуліся ў ліфт. Сідні Зум пайшоў пешшу, побач з ім уверх па прыступках лесвіцы пабег Рып.

— Эй, вы, паслухайце, — забурчаў мужчына ў ванным халаце. — Сюды нельга з сабакам!

Але Сідні Зум не звярнуў увагі на гэтыя словы. Доўгія ногі, нібыта поршні рухавіка, дазвалялі яму праз дзве прыступкі ісці па лесвіцы.

Тым не менш, калі Зум дабраўся да патрэбнага калідора, паліцэйскія ўжо вылазілі з ліфта. Лесвіца выходзіла ў процілеглым ад ліфта канцы калідора, а патрэбная кватэра была побач з ліфтам.

Адзін з іх пагрукаў у дзверы.

Іх амаль адразу адчыніла дзяўчына ў кімано. Яна моўчкі ўтаропілася на паліцэйскіх шырока адкрытымі вачыма.

Сяржант, не цырымонячыся, адціснуў яе ўбок і зайшоў у кватэру.

— Мы хацелі б задаць вам некалькі пытанняў, — сказаў ён.

Астатнія таксама стоўпіліся ў адзіным пакоі, што днём быў гасцінай, а ноччу — спальняй. Ложак, што на дзень складаўся і мацаваўся да сцяны, цяпер стаяў прыгатаваны для сну, і, відаць, на ім ужо спалі, але рагі прасцін былі акуратна складзены. Дзяўчына, відаць, спала вельмі спакойна альбо нядоўга была ў ложку.

На ёй было кімано ярка-чырвонага колеру, што яшчэ больш падкрэслівала агонь вачэй, пунсовасць вуснаў, бляск чорных валасоў.

— Вы — Ева Пэйн? — спытаў сяржант Громлі.

— Я. Ну, вядома. А што?

— Вы ведаеце Гары Пэйна?

— Ну-у, зразумела, ведаю.

— Чаму вы сказалі «зразумела»?

— Гэта мой свёкар.

— Вы замужам за яго сынам?

— Так.

— Як завуць яго сына?

— Эдвард.

— Дзе ён?

— Ён памёр.

— Калі вы апошні раз бачылі Гары Пэйна?

Яна завагалася, выдаўшы няўлоўнымі рухамі нервовасць.

— А што? Цяжка сказаць... Думаю, што ўчора, у другой палове дня. Так, учора папалудні.

— Вы што, не вельмі ўпэўнены?

Яна апусціла вочы.

— Я крыху збянтэжана. Як растлумачыць тое, што вось вы ўсе, здаецца, дэтэктывы, прыйшлі і задаяце пытанні? Я нічога не зрабіла.

Сяржант Громлі патрос галавой з варожым і агрэсіўным выглядам.

— Ніхто вас не абвінавачвае — пакуль што.

— Што вам трэба?

— Інфармацыя.

— Аб чым?

— Аб тым, што магло быць матывам забойства Гары Пэйна.

Ад нечаканасці Ева Пэйн выцягнулася. Твар яе збялеў. Вочы адкрыліся настолькі шырока, што зрэнкі здаваліся кропкамі на суцэльным белым фоне. Лоб зморшчыўся ад жаху.

— Ён забіты? — спытала яна.

Слабы яе голас дрыжаў.

— Забіты! — рэзка адказаў сяржант Громлі.

— Я-я нічога пра гэта не ведаю.

— Паміж вамі былі варожыя адносіны?

Некаторы час яна вагалася, потым стала ў позу амаль што каралевы.

— Так, — адказала яна, — і я рада, што ён мёртвы — калі ён сапраўды мёртвы. Гэта быў не чалавек, а жывёла, прагная, вузкалобая, фанатычная, эгаістычная жывёла.

Сяржант Громлі безуважна кіўнуў галавой. Характар забітага не меў для яго ніякага значэння. Яму было ўсё роўна, наколькі гэты чалавек заслугоўваў смерці. Адзінае, што для яго мела нейкае значэнне, дык гэта тое, што закон патрабуе пакарання.

— Хто яго забіў?

— Я-я не ведаю.

— У вас ёсць рубінавыя пацеркі, штучныя рубіны альбо чырвоныя шкляныя пацеркі? Добра падумайце. Ваш адказ можа шмат што значыць для вас — і не спрабуйце хлусіць.

— А якое дачыненне да гэтага маюць чырвоныя пацеркі?

— Можа, ніякае, а можа — і прамое. У вас ёсць такія пацеркі?

Ева моцна сцяла вусны.

— Не!

— Вы ведаеце, у каго ёсць такія пацеркі?

— Не!

Такі адказ не вывеў сяржанта Громлі з раўнавагі. У яго было назапашана яшчэ шмат пытанняў, і ветэрана следчай справы нельга было збянтэжыць хлуснёй. Адзінае, што выклікала ў яго жах, дык гэта нежаданне паддопытнага гаварыць. Калі ж адказваў на пытанні, Громлі заўсёды быў упэўнены ў канчатковай перамозе.

— Дзе вы былі, пачынаючы з дзевяці гадзін?

— У ложку.

Сяржант Громлі ўзняў бровы.

— У ложку?

— Так.

— З дзевяці гадзін?

— Так.

На гэты раз адказ быў рэзкі, задзірысты, быццам яна аказалася прыпёртай да сцяны нечаканым пытаннем і зараз збіралася ўпарта абараняцца.

— Калі вы леглі спачываць?

— Тады, калі я вам сказала — у дзевяць гадзін.

Сяржант з'едліва ўсміхнуўся. Ён абвёў позіркам зграбную постаць, зірнуў у надзіва прыгожы твар.

— Даволі ранавата для маладой і прывабнай удавы класціся спаць у суботні вечар, ці не так?

Твар Евы загарэўся чырванню.

— Гэта не ваша справа. Вы задалі пытанне — і я вам на яго адказала!

Усмешка сяржанта Громлі раздражняла. Сваімі манерамі ён нагадваў ката, які надзейна трымаў у кіпцюрах мыш, жадаючы яшчэ некаторы час памучыць беднае стварэнне.

— Тут хутчэй нейкае супадзенне: я выбраў для адліку дзевяць гадзін, і вы адразу ж далі адказ. Мне проста цікава, міс Пэйн, ці не надумалі вы расказаць сваю казку, каб мець алібі. Калі я спытаў, дзе вы былі, пачынаючы з дзевяці гадзін — а не, скажам, апошнюю гадзіну, вы сказалі «ў ложку», таму што вы чакалі, што пытанне будзе іншае. Сказаўшы гэта раз, вы вырашылі працягваць сваю казку.

Міс Пэйн захоўвала спакойны, нават задзірысты выгляд, але плечы зарухаліся ад частага дыхання.

— Вашы разважанні занадта складаныя для майго інфантыльнага розуму. Прашу вас абмежавацца, калі ласка, неабходнымі пытаннямі.

Громлі па-ранейшаму гнуў сваю лінію.

— Так дзіўна супала, што я прадказаў дакладны час, калі вы паклаліся спаць.

Міс Пэйн паціснула плячыма.

— Гэта таксама тое, на што я не магу даць адказ.

Яна на момант перавяла позірк з сяржанта на твары навокал, што з цікавасцю сачылі за яе паводзінамі. І калі вочы Сідні Зума сустрэліся з позіркам яе ззяючых ад хвалявання вачэй, ён, як бы выпадкова, паднёс свой доўгі палец да рота і моцна прыціснуў яго да вуснаў.

Яна слізганула вачыма па яго твары, не паспеўшы ўцяміць значэння адрасаванага ёй руху. Потым яна зноў стральнула вачыма ў яго бок, і ў таропкім позірку было пытанне. Але Зум, больш не рызыкуючы быць заўважаным кім-небудзь з паліцэйскіх, які б адпаведна зразумеў яго дзеянні, паволі вадзіў рукой па шчацэ.

Міс Пэйн зноў перавяла вочы на сяржанта, але цяпер у іх была збянтэжаная няўпэўненасць.

— Вы ведаеце, якое цяпер надвор'е?

— Ідзе дождж.

— Сапраўды, міс Пэйн, проста выдатна. У дзевяць гадзін была даволі ясная пагода. Дождж пачаўся прыкладна ў дзевяць гадзін сорак пяць хвілін і ішоў не перастаючы амаль да поўначы.

Яна закусіла губу.

— І вы спалі? — працягваў сяржант.

У яе вачах заззяў пераможны агонь, калі яна кінулася ў прасвет, які ён пакінуў для яе, з запалам аматара, што кідаецца ў пастку, прыгатаваную вопытным прафесіяналам.

— Я не гаварыла, што спала.

— Ага, тады, значыць, вы не спалі?

— Так, я не спала ўвесь гэты час.

— І такім чынам вы даведаліся, што ідзе дождж.

— Так. Дождж застукаў у акно. Я пачула шум, устала і глянула ў акно.

— І толькі такім чынам вы даведаліся, што ідзе дождж?

— Так.

— І вы не выходзілі з пакоя пасля дзевяці гадзін?

— А што, падобна на тое, што я магла выйсці вось так апранутая?

— Адказвайце на пытанне. Вы выходзілі з гэтага пакоя пасля дзевяці гадзін?

Інстынктыўна яе вочы пачалі шукаць Сідні Зума.

На гэты раз ужо нельга было памыліцца ў тым, што азначае зроблены ім рух — моцна прыціснуты да вуснаў указальны палец.

— Адказвайце на пытанне, — раўнуў сяржант Громлі.

— Не, — адказала міс Пэйн. — Я не выходзіла з пакоя.

Але яе вочы, у якіх было ваганне і бездапаможнасць, умольна глядзелі на Сідні Зума.

Сяржант раптам нібыта каршун кінуўся да ложка, адкінуў канец празрыстага шаўковага пакрывала, залез пад ложак сваёй другой рукой і дастаў адтуль пару чаравікаў.

— Гэта вашы чаравікі?

Менавіта тады яна зразумела, што трапіла ў пастку, бо чаравікі былі мокрыя ад дажджу. Аб гэтым сведчылі і раптоўная паніка ў вачах, і збялелыя вусны.

Яна глянула на Сідні Зума і раптам набыла непрыступны выгляд.

— Я адказала на дастатковую колькасць вашых пытанняў, сэр. Я больш не зраблю ніякіх заяў, пакуль не змагу атрымаць парады адваката.

Громлі зымітаваў здзіўленне.

— Чаму... чаму, міс Пэйн, вам спатрэбілася сустракацца з адвакатам. Вас што, абвінавацілі ў чым-небудзь?

— Н-не...

— Тады навошта вам патрэбны адвакат? Вы чакаеце абвінавачванні супраць сябе?

Міс Пэйн удыхнула поўныя грудзі паветра, рыхтуючыся нешта сказаць, потым глянула зноў у твар Зума.

— У мяне няма чаго вам больш сказаць, — адказала яна.

Сяржант раптам перайшоў у атаку.

— У вас што, такая звычка пудрыць шчокі, маляваць вусны і рабіць прычоску ўночы? Ці вы чакалі візіту паліцыі і проста хацелі як мага лепш выглядаць?

Адразу было відаць, якой палёгкай для яе было тое, што ёй не трэба было адказваць на пытанне. Яна проста адмоўна паківала галавой, але панічны жах яшчэ больш выразна бачыўся ў яе вачах.

Сяржант Громлі звярнуўся да паліцэйскіх:

— Абшукайце пакой, хлопцы.

Сказаў ён гэта спакойна, але рэакцыя на загад была імгненная. Паліцэйскія наляцелі як вараннё. Выцягваліся шуфляды, вопытныя пальцы перабіралі там рэчы. Не застаўся без увагі і ложак — абмацалі матрац, патаўклі падушку.

Сяржант Громлі не адводзіў позірку ад поўных панічнага жаху вачэй маладой жанчыны.

— Было б лепш для будучага, каб вы расказалі ўсю праўду цяпер, — ласкава сказаў ён, спадзеючыся, што выказаная вось так, па-бацькоўску, парада растопіць лёд насцярожанасці, што скаваў яе вусны.

Гэта яму амаль удалося. Ад спачувальнага тону ўгавораў вочы Евы памакрэлі. Яна ўжо нават шавяльнула вуснамі, але потым зноў моцна сцяла іх. Вейкамі змахнула слёзы.

— У мяне няма нічога больш вам сказаць.

Адзін паліцэйскі, што корпаўся ў камодзе, звянуўся да сяржанта.

— Паглядзіце, што я знайшоў, — сказаў ён.

Ён паказаў Громлі рэшткі пацерак — дробныя чырвоныя рубіны на абрыўку ніткі.

— Дзе гэта было?

— Прыхованае. Прылепленае жвачкай за люстэркам. Вось тут, бачыце, нітка парвалася, потым абарваныя канцы завязалі і ўсё гэта прыляпілі з таго боку люстэрка.

— Паглядзім на жвачку, — буркнуў сяржант Громлі.

Паліцэйскі даў яму ў рукі камяк жвачкі. Ён ледзь падсох зверху і яшчэ нават не пачаў цвярдзець.

Сяржант Громлі зноў упіўся вачыма ў жанчыну.

— Ваша? — спытаў ён.

Ева зірнула на Сідні Зума, потым адмоўна паківала галавой.

Сяржант Громлі сядзеў спінай да Сідні Зума. Цяпер ён загаварыў спакойна, роўна, не павышаючы голасу:

— Зум, я шмат чуў пра вас, чуў пра вашу дапамогу ўправе. Звычайна мы не дазваляем цывільным прысутнічаць на такіх допытах, як гэты. Я дазволіў вам застацца, улічваючы вашу рэпутацыю. На жаль, мне здаецца, што вы злоўжываеце маім даверам.

— Маеце на ўвазе, — рэзка спытаў Сідні Зум, — менавіта што?

Сяржант Громлі працягваў гаварыць, не паварочваючы да Зума галавы.

— Вы што, думаеце, — спытаў ён, — што я зусім дурань?

— Хочаце, каб я выйшаў з пакоя? — раздражнёна спытаў Зум.

— Так, — па-ранейшаму не павярнуўшы галавы, адказаў Громлі.

Некалькі крокаў — і Сідні Зум быў ужо каля дзвярэй.

— Пайшлі, Рып.

З калідора пачуўся тупат — да гучнага грукату крокаў Зума далучалася мяккае шлёпанне сабачых лап па голай каля сцен падлозе. З'едліва ўсміхаючыся, Сідні Зум сышоў па лесвіцы на першы паверх. Там ён зайшоў у першы ад вуліцы вестыбюль і агледзеў медныя паштовыя скрынкі з умацаванымі ў іх замкамі.

Зум прыпыніўся, каб дастаць з кішэні пальчаткі. Яны былі тонкія і мяккія, але засцерагалі ад неспадзяваных адбіткаў пальцаў.

— Дурні, — нячутна прамармытаў ён.

Потым Зум дастаў з кішэні звязку ключоў. Іх аказалася не так многа, але кожны быў мудрагеліста сканструяваны чалавекам, які ў якасці хобі на ўсё жыццё выбраў вывучэнне замкоў.

Ужо трэцім з перабраных ім ключоў ён змог шчоўкнуць засаўкай у замку скрынкі ад кватэры 342.

Сідні Зум пашнырыў у скрынцы рукой у пальчатцы і дастаў адтуль пакамечаны шаль. У ім нешта забразгатала.

Гэта маглі быць каменьчыкі альбо кавалачкі шкла, але Сідні Зум не марнаваў часу на разгляданне таго, што там было. Ён проста паклаў скрутак — шаль і ўсё, што ў ім было, — у кішэню паліто, выйшаў на вуліцу і знік у начы.

Спыніўшыся каля бліжэйшай тэлефоннай будкі, Зум патэлефанаваў лепшаму ў горадзе адвакату, які спецыялізаваўся па крымінальных справах.

— Гэта Зум. Паліцыя спрабуе навесіць абвінавачванне ў забойстве на маладую жанчыну, нейкую місіс Еву Пэйн, што жыве ў кватэры 342 у шматкватэрным доме «Матонія». Зараз там паліцэйскія. Я запрашаю вас узяцца за гэту справу згодна з існуючым паміж намі прыватным пагадненнем. Зараз жа накіроўвайцеся туды. Скажыце ёй, каб трымала язык за зубамі, і сачыце, каб яна сапраўды не нагаварыла лішняга. Пакуль што ўсё.

Зум павесіў слухаўку на кручок тэлефоннага апарата. Ён ведаў, што адвакат будзе на месцы праз якіх-небудзь пару хвілін. Зум пастаянна забяспечваў яго рознымі справамі, што выклікалі цікавасць дзіўнага суб'екта, у якога было хобі швэндацца па начных вуліцах і мерацца кемлівасцю як са злачынцамі, так і з дэтэктывамі.

Потым Сідні Зум выклікаў таксі і паехаў да шыкоўнай яхты, на якой ён жыў. Толькі апынуўшыся пад надзейнай аховай сцен сваёй капітанскай каюты, ён разгарнуў скрутак, узяты з паштовай скрынкі.

У шалі было шмат каштоўных камянёў, і большая частка з іх была начэплена на ніткі.

 

* * *

 

Было дзесяць гадзін раніцы.

Затхлае паветра памяшкання паліцэйскай управы было напоўнена тымі цяжкімі пахамі, што бываюць у пакоях, якімі карыстаюцца дваццаць чатыры гадзіны ў суткі.

Капітан Біл Махоні, чалавек, якому нядаўна пайшоў шосты дзесятак, невялічкага росту, але спрытнага розуму, узняў на ўвайшоўшага Зума цёмныя праніклівыя вочы і задуменна паглядзеў на яго.

— Сяржант Громлі, — сказаў ён, — хоча прад'явіць вам абвінавачванне за дапамогу злачынцу.

— І хто ж злачынца?

— Маладзіца па прозвішчы Пэйн.

Зум раздражнёна пастукаў цыгарэтай па стале, чыркнуў запалкай па падэшве чаравіка, запаліў і рэзкім рухам рукі выпстрыкнуў запалку.

— Сяржант Громлі, — сказаў ён, — небяспечны чалавек. Небяспечны як для бязвінных, так і для вінаватых.

— Ён самы лепшы дапытчык у нашым аддзеле, — спакойным голасам працягваў капітан Махоні.

— Магчыма.

— І ён сказаў мне, што вы перашкаджалі яму весці следства па справе Пэйн.

— Ён казаў праўду. Я сапраўды гэта рабіў.

— Справа сур'ёзная, Зум. Было распараджэнне дазваляць вам супрацоўнічаць з намі, паколькі вамі заўсёды валодала моцнае пачуццё справядлівасці і вы дапамаглі разблытаць некалькі складаных спраў. Але вы паводзіце сябе так, што мы будзем вымушаны пазбавіць вас прывілеі.

Капітан Махоні ніколі не гаварыў такім спакойным тонам, як у стане раз'юшанасці. Зум быў знаёмы з ім многа гадоў блізкага сяброўства, заснаванага на ўзаемнан павазе. І ўсё ж капітан Махоні адным з першых быў бы вымушаны прызнацца ў тым, што практычна нічога не ведае пра гэтае дзіўнае з'едлівае стварэнне, выбраўшае ў якасці хобі патруляванне начных вуліц і сованне носа ў справы, звязаныя з расследаваннем незвычайных злачынстваў. Сідні Зум глядзеў на дымеўшы канец цыгарэты.

— Баюся, Зум, што буду вымушаны папрасіць вас вярнуць знак, які мы вам далі як добраахвотнаму памочніку паліцыі, і пазбавіць адпаведнага пасведчання. На жаль, ведаючы правілы, вы самі іх парушылі.

Сідні Зум дастаў з кішэні названыя рэчы, перадаў іх Махоні і ўздыхнуў.

— Я прадбачыў гэта і рады. Я змагу зрабіць больш, змагаючыся супраць паліцыі, чым супрацоўнічаючы з ёй.

Ён рэзкім рухам разагнуў сваю даўжэзную постаць на поўны рост і шырокімі крокамі пайшоў да дзвярэй. Ён ужо ўзяўся за ручку, калі спакойны голас капітана Махоні парушыў напружаную атмасферу кабінета.

— Гэтага, — сказаў ён, — вымагае мой абавязак як афіцэра паліцыі. А цяпер, ці не мог бы ты мне сказаць як сябар, чаму ты злоўжываў даверам нашага аддзела?

— Таму што, — адказаў Зум, — Громлі ўжо амаль што абдурыў бязвінную жанчыну і гатоў быў прышыць ёй забойства.

— І ўсё ж яму гэта ўдалося.

— Не, не ўдалося.

Капітан выцягнуў з кішэні сігару і, не спяшаючыся, адкусіў канец. Яго чорныя з агеньчыкамі вочы глядзелі на Зума з задуменнай цікаўнасцю.

— Ты ведаеш, хто забіў Гары Пэйна? — спытаў ён.

— Не. Але я ведаю, хто яго не забіваў.

Капітан Махоні запаліў сігару.

— На жаль, мяне там не было мінулай ноччу.

— Шкада, што цябе там не было, капітан.

Вочы Махоні бліснулі скрозь першае колца блакітнага дыму ад сігары.

— Таму што калі б я быў там, то павінен быў зразумець, што галоўная мэта твайго ўмяшання было дабіцца, каб цябе выштурхнулі прэч. Я ўявіў бы сабе, што ты хацеў выйсці з пакоя, не звярнуўшы на сябе ўвагу, і выбраў менавіта такі шлях.

Сідні Зум крутануўся, пайшоў сваімі шырокімі крокамі назад да крэсла, сеў і засмяяўся.

— Біл, — сказаў ён, — добра, што цябе там не было. Ты занадта разумны.

Капітан Махоні па-ранейшаму сядзеў у крэсле. Ён паволі, задуменна пакамечыў сігару, потым зірнуў сваімі чорнымі вачыма на ястрабіны твар Сідні Зума.

— І ў мяне склалася ўражанне, што ты хочаш, каб цябе пазбавілі паўнамоцтваў на ўжыванне сілы, бо плануеш неўзабаве ўжыць яе і не хочаш на сваім шляху сутыкнуцца з якімі б там ні было пачуццямі этыкі.

Зум нічога не сказаў у адказ. Некалькі хвілін яны палілі моўчкі.

— Біл, — сказаў нарэшце Сідні Зум, — ты ж чалавек. Ты хочаш раскрыць справу аб забойстве Пэйна?

— На думку Громлі, — старанна падбіраючы словы, загаварыў капітан Махоні, — гэта зусім ясная справа, але ты і твой адвакат перашкаджалі збору доказаў, і цяпер можа так здарыцца, што іх акажацца недастаткова для абвінавачвання.

Зум нахіліўся бліжэй да суразмоўцы.

— Калі ты выкладзеш свае карты на стол, Біл, я пастараюся высветліць для цябе гэту справу.

— Калі я выкладу карты на стол, — спытаў капітан, — ці выкладзеш ты свае?

— Не! — адразу выбухнуў у адказ Зум.

— Чаму не?

— Таму што, — хмыкнуў Зум, — я не збіраюся гуляць мечанай калодай.

— На тваю думку, жанчына не вінаватая.

— Я ўпэўнены ў гэтым.

— Калі мы па-ранейшаму будзем дамагацца абвінавачвання гэтай жанчыны ў забойстве, а потым выявіцца, што гэта памылка, будзе закрануты гонар паліцыі, — паволі сказаў Біл Махоні.

Сідні Зум зразумеў, што атрымаў перамогу.

— Апранай капялюш, Біл, — сказаў ён.

Капітан Махоні ўзяўся за капялюш.

— І куды?

— Да дома Гары Пэйна на Ўэст-Эдамс. Я павяду машыну на малой хуткасці, каб ты мог па дарозе расказаць, што вышукала паліцыя.

— Сяржанта Громлі хапіў бы ўдар, калі б ён даведаўся, што я зараз раблю, — уздыхнуў капітан.

Аднак Махоні быў сведкам уяўных цудаў, створаных Сідні Зумам у многіх папярэдніх выпадках, і, акрамя выказанага ўздыхам жалю, больш ужо не выказваў вагання.

Магутны аўтамабіль Зума ціха павуркваў, на адкідным сядзенні ляжаў, скурчыўшыся, сабака. Капітан Махоні зрабіў сціслы агляд фактаў, устаноўленых паліцыяй.

Даўняя сямейная варожасць. Трэба думаць, што стары Пэйн быў чалавекам, які меў дачыненне, па меншай меры, да аднаго забойства. У яго быў сын, Эдвард. Эдвард закахаўся ў Еву, тую самую маладзіцу. Пэйн выгнаў хлопца з дому. Хлопец заняўся нейкім бізнесам, звязаным з каштоўнымі камянямі, — купля-продаж. Справы ішлі добра. Потым аднойчы яго забілі, зусім нечакана.

— Аказалася, што нічога не было застрахавана. Маладая жанчына засталася ўдавой. На руках у яе аказаўся запас каштоўных камянёў, які трэба было цяпер прадаць. Яна пачала з зацверджання права на спадчыну, каб тым самым прэтэндаваць на каштоўнасці. Стары ж Пэйн падаў у суд на выканаўцу спадчыны. Выявіліся некаторыя парушэнні закону ў сувязі з шлюбам. Ён пра гэта ведаў увесь час, плануючы калі-небудзь выкарыстаць свае веды ў якасці зброі. Выходзіла, што Ева не была ўдавой яго сына. Такім чынам, выходзіла, што Гары Пэйн быў адзіным застаўшымся ў жывых сваяком. Завяшчання не было. Пэйн заявіў аб сваіх правах на каштоўнасці. Суд прыняў рашэнне на яго карысць. Учора ў другой палове дня камяні перайшлі ва ўладанне Пэйна і яго адваката. У жанчыны на барацьбу не было грошай. Але ў яе засталіся некаторыя старыя рэчы, што належалі нябожчыку мужу. Сярод іх — ключ ад дома. Відавочна, жанчына пракралася ў дом Пэйна, калі ўсе паклаліся спаць, і ўкрала каштоўныя камяні. Аперацыя была б паспяховай, бо ніхто не здагадваўся, што ў яе мог быць ключ. Але яна крыху няўдала пачала ўцёкі і напаролася на крэсла. Гэта разбудзіла старога Пэйна. Ён кінуўся за злодзеем, але ёй удалося вывернуцца і выбегчы з дому. Ён пабег за ёй у піжаме, потым вярнуўся, накінуў вопратку і зноў кінуўся наўздагон. Ён сказаў свайму адвакату, што пазнаў яе, калі яна выбягала на вецер і дождж. Раз'юшаны, ён хацеў злавіць яе на месцы злачынства.

Сідні Зум зірнуў на капітана Махоні.

— Сказаў свайму адвакату? Што ж яго адвакат рабіў там апоўначы?

— Ён жыве ў шматкватэрным доме Пэйна. Пэйн быў стары эксцентрычны дзівак. Займаўся калекцыяніраваннем паштовых марак, першых выданняў і таму падобных рэчаў. Да таго ж ён быў з тых тыпаў, што любяць судзіцца. Судзіўся з суседзямі, з перакупшчыкамі, у якіх купляў рэчы для сваіх калекцый, судзіўся з падрадчыкамі, што брукавалі вуліцы каля яго дома, карацей кажучы, — з усімі. Ён займеў ссівелага старога адваката, якога падабраў недзе на самым дне, і пасяліў у сваім доме. І заўсёды знаходзіў для яго работу. Потым у яго з'явіўся камердынер, той яшчэ тып, падобны на старога бульдога. Ёсць яшчэ кухар-кітаец. Вось такая хеўра. Я б сказаў, цэлая каманда.

Зум кіўнуў галавой.

— Так, — сказаў ён, — прыкладна так я і ўяўляў сабе гэту справу.

Капітан Махоні пранікліва зірнуў на яго.

— Ну, і што ж ты выявіў?

— У кішэнях забітага былі юрыдычныя дакументы, — адказаў Зум, — і найноўшы з іх адносіўся да справы, якую ён распачаў супраць выканаўцы спадчыны, каб атрымаць правы на ювелірныя вырабы, што належалі сыну на момант смерці. У кішэні паліто была копія рашэння суда. Яе знайшоў патрульны.

Вочы капітана Махоні прыжмурыліся.

— Ну, — сказаў ён, — а вось як Громлі ўяўляе гэту справу. Стары Пэйн кінуўся за маладзіцай і дагнаў яе амаль што ля дзвярэй яе кватэры. Ловячы яе, ён ухапіўся за пацеркі з штучных рубінаў, — падарунак мужа. Яна вырвалася, стрэліла ў яго і кінулася да сваёй кватэры. Ахопленая панікай, яна пастаралася пазбавіцца ад камянёў і рэвальвера. Відаць, яна была настолькі ўсхвалявана, што не заўважыла, як парваліся пацеркі ў той момант, калі стары лавіў яе. Баючыся, аднак, што за ёй вось-вось прыйдуць, яна адарвала ад паштовай скрынкі наклейку з сваім прозвішчам і паспяшыла ў сваю кватэру, каб спакаваць рэчы. Калі пачула сірэну, зразумела, што любую жанчыну, якая паспрабуе выйсці з будынка, калі там будзе паліцыя, затрымаюць і пачнуць дапытваць. Таму яна зрабіла выгляд, што да гэтага была ў ложку, а сама чакала, ці з'явіцца паліцыя. Калі б яе не знайшлі, яна б выслізнула з дома ўслед за паліцыяй. Калі ж знойдуць, думала яна, то ўдасца адгаварыцца. Так бы і атрымалася, каб не Громлі са сваімі пытаннямі.

Зум паціснуў плячыма, як бы скідваючы з іх нейкі цяжар.

— Менавіта гэта не спадабалася мне ў Громлі. Ён разумны чалавек, але свой розум скарыстаў не на тое, каб высветліць, што адбылося там у час забойства, а для таго, каб загнаць у пастку жанчыну, гэта не па правілах.

Капітан Махоні механічна ўсміхнуўся.

— Не ўсё ў гэтым свеце робіцца па правілах. Але многае робіцца даволі эфектыўна. Галоўнае — вынік.

— Лухта! — адным словам пракаменціраваў гэта Зум.

— Што, па-ранейшаму верыш у боскую справядлівасць? — спытаў капітан паліцыі.

— Я быў сведкам таго, як нешта падобнае выратавала шэраг бязвінных людзей ад турмы і смяротнага прыгавору, — адказаў Сідні Зум.

Капітан Махоні патрос галавой.

— Табе проста пашэнціла, Зум. Але справа была не ў боскай справядлівасці. Адбылося гэта дзякуючы твайму розуму, а таксама грошам, якіх у цябе дастаткова, каб неабмежавана займацца сваім хобі.

Сідні Зум нічога не сказаў у адказ.

— Вось і прыехалі, — заўважыў капітан Махоні. — Вунь той вялікі дом з жалезнымі варотамі і замком.

Сідні Зум абмежаваўся адной заўвагай.

— Так, — сказаў ён, — менавіта ў такім доме ён і павінен быў жыць.

— Відавочна, ты не адчуваеш асаблівых сімпатый да старога Пэйна.

— Не, не адчуваю. Аб ягоным характары можна меркаваць па твары, нават пасля смерці.

— Свет жа складаецца з розных людзей, Сідні.

У сваім адказе Зум звярнуўся да сімвалаў.

— Самыя розныя расліны растуць у садзе. Але ж пустазелле выдзіраюць.

Капітан Махоні ўздыхнуў.

Сідні Зум раптам вярнуўся да доказаў, якімі карысталіся паліцэйскія ў час следства па гэтай справе.

— Ці знайшлі б яны калі-небудзь жанчыну, каб не пацеркі?

— Ты маеш на ўвазе сінтэтычныя рубіны, што асыпаліся з пацерак?

— Так.

— Думаю, што ўрэшце адшукалі б.

— Але менавіта рубіны саслужылі ролю ключа да разгадкі?

— Натуральна. Яны паказалі шлях ад трупа да ўваходных дзвярэй кватэры.

— Ты маеш на ўвазе шматкватэрнага дома?

— Ну, так.

Сідні Зум утаропіў позірк сваіх вострых ястрабіных вачэй на суразмоўцу, які раптоўна выказаў цікавасць.

— Хіба табе не падалося дзіўным, Біл, што пацеркі былі раскіданы не далей надворных дзвярэй шматкватэрнага дома? І што раскіданы былі настолькі раўнамерна? Чаму не было ніякіх пацерак паміж надворнымі дзвярамі і дзвярамі кватэры маладзіцы?

Біл Махоні засмяяўся.

— Зум, зноў ты са сваімі фантастычнымі тэорыямі.

Зум пацягнуўся, пазяхнуў і ўсміхнуўся.

— Думаю, — сказаў вельмі разважліва капітан Махоні, — што трэба ўжо зайсці ў дом. Ты нават занадта многа чаго мне сказаў — але ж не ўсё.

Зум вылез з машыны, выпрастаўся і глянуў з усмешкай на паліцэйскага.

— Давай.

Яны прыйшлі па бетоннай дарожцы да ганка дома. Паліцэйскі на варце аддаў чэсць капітану і з цікавасцю паглядзеў на Зума. Сабака важна перабіраў лапамі, ідучы побач з гаспадаром.

Дзверы расчыніліся насцеж. У вестыбюлі стаялі двое.

Капітан Махоні назваў іх прозвішчы Зуму хутчэй інфарматыўным, чым прыязным тонам.

— Зум, гэта Сэм Моклі, камердынер, і Лоранс Герхард, юрыст.

Зум кіўнуў галавой, пакрочыў па вестыбюлі і раптам звярнуўся да Моклі і Герхарда:

— Я хачу, каб мне паказалі, па-першае — пакой, з якога вынеслі каштоўнасці, і па-другое — ложак, у якім спаў Гары Пэйн.

Адвакат, сівы мужчына, з хітраватым позіркам, агледзеў бялявымі вачыма цыбатую постаць Зума, поўную надзейна кантралюемай энергіі.

— Правядзі іх, Моклі, — звярнуўся ён да камердынера.

— Сюды, калі ласка, — сказаў той, кіўнуўшы галавой.

Яго выгляд цалкам адпавядаў апісанню, дадзенаму капітанам Махоні — мажны, з вялізнымі рукамі, скалечаным, нібыта ў баксёра, вухам.

— Вось гэты пакой, сэр. Каштоўнасці былі ў патаемным шкафчыку за кніжнай шафай. Толькі некалькі чалавек ведалі пра яго.

Але Сідні Зум нават не глянуў у бок тайніка. Замест гэтага ён стаў на кукішкі і пачаў поўзаць па дыване, уважліва аглядаючы яго па краях, перабіраючы пальцамі кожную цалю паверхні.

Ён цярпліва шукаў штось тры ці чатыры хвіліны. Калі ён і знайшоў нешта, то не падаў знаку. Так жа раптоўна ён устаў на ўвесь рост, потым глянуў на прысутных.

— Спальня, — сказаў ён.

— Сюды, калі ласка, — адазваўся камердынер.

Яны стоўпіліся ў спальні. Гэта быў сыры, халодны пакой, наводзячы на думку пра перарывісты сон і неспакойныя думкі.

Зум агледзеў гэты невясёлы пакой.

— Дзе, — спытаў ён камердынера, — Пэйн трымаў рэвальвер?

Адвакат адкашляўся.

Зум зірнуў на яго.

— Я спытаў у камердынера, — сказаў ён.

Твар у камердынера быў каменны.

— Я не бачыў яго з рэвальверам некаторы час, сэр. У яго быў трыццаць восьмага калібру, «Сміт — Весан», сэр.

Зум шырокімі крокамі падышоў да камоды і пачаў выцягваць шуфляды.

Там былі цёплая бялізна, шкарпэткі грубай вязкі, танныя кашулі. У верхняй шуфлядзе ляжала кардонная скрынка з зялёнай наклейкай на накрыўцы. Па баках яна была пафарбавана пад медзь. Зум выцягнуў скрынку, адарваў верх і вывернуў тое, што было ўнутры. На камоду бліскучым струменем пасыпаліся латуневыя патроны — патроны для аўтаматычнага пісталета сорак пятага калібру.

Адвакат зноў пракашляўся. Потым паціснуў плячыма і адвярнуўся. Зум пільна паглядзеў на капітана Махоні.

— Я хачу бачыць кітайца-кухара.

Капітан Махоні падаў знак камердынеру.

— Пойдзем і пашукаем кухара.

Яны выйшлі з пакоя. Адвакат зноў пракашляўся.

— Збіраецеся нешта сказаць? — спытаў Зум.

— Так, — адазваўся адвакат. — Я хацеў адзначыць, што сёння добры дзень.

Дзверы зноў адчыніліся, і капітан Махоні прывёў у пакой камердынера і кітайца-кухара. Адразу было відаць, што кухар нервуецца.

— А Кім, — назваў яго прозвішча капітан Махоні.

Зум глянуў на кітайца. Той нервова варочаў касымі маслянымі вачыма.

— А Кім, — спытаў яго Зум, — ты разбіраешся ў пісталетах?

А Кім пераступіў з нагі на нагу.

— Шмат разумей, — адказаў ён.

Зум паказаў на кучу патронаў.

— Для якога пісталета яны прызначаны?

— Етыя ўсі падыходзіць да пісталета містала Пэйн. Яго солак пяты, аўтаматычны.

Зум крутануўся на абцасах тварам да адваката.

— Вы складалі завяшчанне Пэйна?

Гэта прагучала хутчэй як канстатацыя факта, чым пытанне. Бялявыя вочы адваката глядзелі на Зума не міргаючы.

— Так, — адказаў ён. — Вядома, я.

— На каго яно было складзена?

Адвакат сцяў вусны.

— Мне было б зручней адказаць на гэта пытанне пасля, і тэт-а-тэт.

Капітан Махоні глянуў на Зума, потым перавёў пільны позірк сваіх цёмных задуменных вачэй на адваката.

— Адказвайце зараз, — сказаў ён.

Адвакат пакланіўся.

— Што ж, добра. Маёмасць, уся, што ёсць — а яна значная, — завешчана ў аднолькавых колькасцях двум слугам — А Кіму і Сэму Моклі.

Кітаец выслухаў навіну з ветлівай мінай на фізіяноміі, цалкам пазбаўленай выразу якога-небудзь пачуцця. Сэм Моклі спачатку слова не мог вымавіць ад здзіўлення.

— Што?! — нарэшце ўсклікнуў ён.

— Я не збіраўся паведамляць вам аб гэтым, пакуль не будзе завершана следства, але Пэйн пакінуў сваю маёмасць вам двум.

— Ён нічога не завяшчаў Еве Пэйн? — спытаў Зум.

— Натуральна, нічога, — адказаў адвакат. — Маладзіца аказалася неверагодна бессумленнай. Яна давала лжывыя паказанні ў час судовага разбору справы аб каштоўнасцях. Яна ўварвалася ў дом і здзейсніла крадзеж з узломам.

Сідні Зум кіўнуў галавой, як бы неахвотна выказваючы згоду.

— Вы калі-небудзь чытаеце Біблію, містэр Герхард?

Яго сівы суразмоўца ўсміхнуўся.

— Я прачытаў яе, — адказаў ён суха.

— Там ёсць адно выдатнае месца, — пракаменціраваў Сідні Зум, — дзе заўважана, што той, хто бязгрэшны, можа кінуць першы камень.

Сцятыя вусны адваката выцягнуліся ў тонкую лінію.

— Калі вы маеце на ўвазе ў сувязі з гэтым нешта асабістае, — рэзка сказаў ён, — то я параіў бы памаўчаць. У нашай дзяржаве ёсць закон супраць паклёпу. Вашы адносіны былі варожыя з першага моманту, як вы зайшлі ў дом.

Было відавочна, што гэты ссівелы ветэран шматлікіхі бітваў у судовых залах займаў вельмі агрэсіўную пазіцыю кожны раз, калі нехта рабіў замах на яго гонар.

— Вы памыляецеся, — сказаў з паклонам Зум. — Мае адносіны такія, якія могуць быць у следчага.

Ён павярнуўся тварам да капітана Махоні.

— Ключ да разгадкі справы аб забойстве знойдзены, — сказаў ён.

Капітан Махоні глянуў на Зума са здзіўленнем.

— Паколькі існуе закон супраць паклёпу, — усміхнуўся Зум, — замест слоў я спашлюся на ўяўныя доказы. Крок за крокам — і мы здымем заслону з усёй гэтай справы... Рып, абнюхай паноў.

Тут Сідні Зум махнуў рукой — дакладней, зрабіў кароткі рух запясцем.

Дрэсіроўшчыку жывёл было б вядома, што рух куды больш, чым словы, стымулюе службовую аўчарку да дзеянняў. Эфект быў надзвычайны. Сабака ашчацініўся, уважліва абышоў усіх трох і з варожым выглядам абнюхаў іх вопратку.

— Пойдзем, капітан, — сказаў Сідні Зум.

Ён павярнуўся і пайшоў з пакоя з Рыпам.

— Няхай машына застаецца тут, — сказаў Зум, калі яны, выйшлі на ганак з дома, дзе засталіся тры збянтэжаныя тыпы, — мы пойдзем нацянькі да дома, дзе жыве маладзіца.

Капітан Махоні пайшоў побач.

— Зум, — заўважыў ён спакойна, — ты хоць уяўляеш мэту сваіх дзеянняў?

— Так, — адным складам адказаў той.

Яны прыспешылі хаду.

— Шукай, — загадаў Зум, махнуўшы рукой.

Сабака гаўкнуў, потым пачаў кружыць, нешта вынюхваючы і забягаючы спачатку наперад, потым адхіляючыся ўлева і ўправа.

Яны ішлі хутка і моўчкі. Капітану Махоні было вельмі нялёгка паспяваць за спадарожнікам. Часам ён трывожна паглядаў сваімі задуменнымі вачамі на твар Зума. Але той заставаўся нерухомым, нібыта высечаным з каменя.

Толькі калі Зум і Махоні дайшлі да месца, дзе знайшлі забітага, сабака раптам тройчы гаўкнуў, падбег да іх, потым паімчаў назад да незабудаванага пляца. Гэта была латка зямлі за дарожным знакам, парослая хмызняком. Як гэта непазбежна здараецца ў такіх месцах, там было панакідана рознага смецця.

— Здаецца, — заўважыў Зум, — сабака нешта знайшоў.

Капітан Махоні кінуўся наперад і першы апынуўся ў хмызняку. Ён пачаў разграбаць лісце. Сабака таксама апантана дзёр лапамі зямлю, як бы стараючыся дапамагчы. Махоні выпрастаўся і прысвіснуў.

— Пакліч адсюль сабаку, Зум. Тут на зямлі пісталет сорак пятага калібру. Могуць быць адбіткі пальцаў — і калі так, я хацеў бы іх захаваць.

Зум даў кароткую каманду.

Сабака лёг на жывот, паклаўшы пысу на пярэднія лапы.

Капітан Махоні дастаў з кішэні кавалак вяроўкі. Падсунуўшы адзін яе канец пад дула, ён завязаў вузел і ўзняў пісталет.

Зум буркнуў нешта, выказваючы згоду. Бо на пісталеце былі адбіткі пальцаў.

— А зараз, капітан, калі ты не супраць, вернемся ў дом, дзе жыў Пэйн, і, можа, даведаемся, каму ён належыць. І прашу зрабіць для мяне ласку — нікому не казаць, дзе знайшлі пісталет.

Капітан Махоні ў адказ уздыхнуў.

— Зум, на кароткі час я даю табе свабоду дзеянняў.

— Ну, тады пайшлі, — сказаў Зум.

Яны пайшлі да дома гэтак жа шпарка, як і раней, уяўляючы сабой дзіўную пару — доўгі, як жэрдка, Зум з ястрабінымі вачыма і ніжэйшы ростам паліцэйскі з матляючымся на вяроўцы пісталетам.

Камердынер адчыніў ім дзверы.

Зум загадаў яму паклікаць адваката і кухара. Усе яны сабраліся ў зале кватэры нябожчыка, і па іх адразу было відаць, што яны нервова вельмі напружаныя.

— А Кім, — сказаў Зум, — гэта пісталет містэра Пэйна?

Кітаец слізгануў вачыма па пісталеце і перавёў позірк на Зума.

— Той самы, — адказаў ён.

— Прашу прабачэння, сэр, — умяшаўся камердынер, — але гэта не той пісталет. На пісталеце містэра Пэйна якраз пад засцерагальнікам была маленькая плямка ржы.

— А, — сказаў, з'едліва ўсміхаючыся, Зум, — мне падалося, вы гаварылі, што ў містэра Пэйна быў рэвальвер трыццаць восьмага калібру, а не аўтаматычны пісталет сорак пятага калібру.

Твар камердынера быў падобны на маску.

— Так, сэр, — адказаў ён.

Капітан Махоні з цікавасцю паглядзеў на камердынера.

— Вы хацелі б дадаць што-небудзь, Моклі?

— Не, сэр.

Зум кіўнуў галавой.

— Не, — сказаў ён, — ён больш нічога не скажа.

Капітан Махоні задумліва глянуў на Зума.

— Ведаеце, Зум, мы павінны мець доказы. Мы можам лічыць тое ці іншае дастатковым для сябе, але да таго, калі зможам нешта зрабіць, мы павінны мець дастатковыя доказы для суда прысяжных.

Слова ўзяў Зум. Гаварыў ён рашуча, з металам у голасе:

— Давайце паглядзім на слабыя месцы ў справе, якую мы закруцілі супраць жанчыны. Давайце аналізаваць ключы да разгадкі забойства і пастараемся ўявіць, што магло здарыцца. Пэйн хаваў каштоўнасці тут. Ён пачуў шум: выявіў, што камянёў больш няма — іх укралі. Нешта дало яму дастатковыя падставы, каб кінуцца наўздагон за жанчынай. Гэта нешта, відаць, было нейкім прыкметным доказам. Уявім для пачатку, што ён знайшоў частку парваных пацерак — некалькі сінтэтычных рубінаў, раскіданых па падлозе. Ён, натуральна, падабраў тыя рубіны, каб скарыстаць іх супраць жанчыны. Потым кінуўся ўслед за ёй. Ішоў ён насустрач ветру. У той час ліў дождж. Пэйн вымак. Але гэта не спыніла яго. Мяркуючы па яго характары, Пэйн быў вельмі рашучы чалавек. Але па дарозе да дома, дзе жыве міс Пэйн, нешта прымусіла яго павярнуць назад. Менавіта што? Мы можам быць дастаткова ўпэўненыя ў тым, што ён не дайшоў да кватэры. Інакш ён узняў бы там вэрхал — такі ён ужо быў чалавек. Пэйн аказаўся тварам у другі бок, калі ў яго стрэлілі ззаду, з яго пісталета. Што прымусіла яго павярнуцца назад? Што прымусіла аддаць зброю? Зразумела, нехта, парады каго Пэйн шчыра браў на веру, дагнаў і пераканаў яго, што той абраў памылковы шлях і таму павінен вярнуцца дадому, выклікаць паліцыю, каб тая занялася гэтай справай, каб адпомсціць жанчыне. Потым гэта асоба, авалодаўшы пісталетам, дачакалася выбуху грому і выстраліла ў патыліцу Пэйну. Гэтая ж асоба падабрала яшчэ некалькі рубінаў і параскідала іх такім чынам, каб паказаць дарогу да дзвярэй дома, дзе жыве жанчына. Адлегласці паміж асобнымі камянямі былі не такія, як у тым выпадку, калі б рубіны самі сыпаліся з ніткі. Бо тады б яны кучай бразнуліся аб брук і разляцеліся ў розныя бакі. Яны ж ляжалі так, як быццам нехта наўмысна параскідаў іх так, каб прывесці паліцыю да дзвярэй дома. Дык вось, адзінай асобай, на маю думку, з тых, хто змог бы адгаварыць містэра Пэйна і дамагчыся, каб ён аддаў зброю, а потым накіраваць назад, з'яўляецца...

Сідні Зум спыніў позірк на адвакаце. Герхард засмяяўся.

— Спрытна прыдумана, Зум, але нічога не варта ваша тэорыя, хоць яна і вельмі прывабная, але як вы збіраецеся даказаць, што пацеркі парваліся тут, у гэтым пакоі? Вы поўзалі на карачках, калі першы раз прыйшлі сюды. Шукалі рубіны. Але вас чакала расчараванне. Ваша зацікаўленасць да маладой жанчыны прывяла да таго, што вы сфабрыкавалі па-майстэрску прыдуманую тэорыю. Але яна разлезецца па швах — перад судом прысяжных.

— Прынясіце пыласос, А Кім, — звярнуўся Зум да кітайца.

Кухар нячутна выслізнуў з пакоя.

Камердынер пераглянуўся з адвакатам.

Кітаец вярнуўся з пыласосам. Сідні Зум адкрыў яго, выцягнуў адтуль камеру з смеццем, высыпаў тое, што ў ёй было, на падлогу.

Прысутныя адразу ж заўважылі сярод пылу некалькі рубінаў. Яны пераліваліся чырвоным водбліскам у промнях сонца, што свяціла праз масіўныя вокны.

— Так, — пагадзіўся Зум, — я шукаў тут рубіны. Калі ж не знайшоў, то зразумеў, што маю справу з разумным злачынцам. Але я заўважыў таксама, што па падлозе не так даўно прайшліся пыласосам.

Камердынер зірнуў на адкавата і аблізаў вусны. Адвакат насупіўся.

— Гэта, зразумела, — сказаў ён, — даволі важкі доказ, Зум. А Кім меў бы выгоду ад смерці. Ён некалькі разоў паводзіў сябе падазрона. Магчыма, вы маеце рацыю.

— А Кім не мог угаварыць Гары Пэйна, каб той ішоў на кватэру Евы, — паволі і пераканаўча сказаў Зум з халоднай усмешкай. — І я не думаю, што на пісталеце мы знойдзем адбіткі пальцаў А Кіма.

Адвакат уважліва паглядзеў на пісталет.

— Ну, канечне, — усклікнуў ён, — адбіткі пальцаў! Ну, што ж, бясспрэчна, гэта адбіткі не маіх пальцаў, паколькі я б нічога не выйграў ад смерці майго кліента. Наадварот, я прайграў. Дзякуючы яму ў мяне была адвакацкая практыка.

— Значыць, вы скіроўваеце ўсе падазрэнні на мяне? — спытаў, скрывіўшыся, камердынер.

— Адбіткі пальцаў, — паціснуў плячыма адвакат, — скажуць самі за сябе.

Сэм Моклі разважліва глядзеў на адваката.

— Ну што ж, — сказаў капітан Махоні, — мы возьмем адбіткі пальцаў прысутных.

— Відаць, — прапанаваў Зум, — мы можам таксама агледзець шафы для адзення. А што, калі знойдзецца доказ таго, што адзін з іх аказаўся пад дажджом у мінулую ноч. Да таго ж дзіўна, што няма ніякіх прыкмет таго, што ў ложку Гары Пэйна спалі. Усе згодны з меркаваннем, што ён вылез з пасцелі, каб гнацца за злачынцам. Я не вельмі б здзівіўся, калі б даведаўся, што прасціны замянілі на чыстыя і ложак перасцілалі, бо па прасцінах і навалачцы, што былі раней, можна было вызначыць, што Пэйн трымаў пад падушкай пісталет.

— Адбіткі пальцаў на пісталеце — самы важны доказ, — паволі выгаворваючы кожнае слова, сказаў адвакат. — Суд будзе разглядаць справу на падставе іх. Усё астатняе — усяго толькі меркаванні.

Капітан Махоні ўважліва паглядзеў на адваката.

— Між іншым, — працягваў адвакат, — камердынера пэўны час не было ў доме ў мінулую ноч. Я спрабаваў знайсці яго адразу ж, як з дома выйшаў містэр Пэйн.

Рухі камердынера былі настолькі хуткія, што наўрад ці маглі трапіць у поле зроку прысутных. Непрыкметна падкраўшыся да пісталета, які ляжаў на стале, ён згроб яго і стрэліў — і ўсё гэта адным рухам.

Куля трапіла ў жывот адвакату. Уся яго фізіяномія выказала здзіўленне, выраз гэты знік, калі ў яго трапілі яшчэ дзве кулі.

Сэм Моклі адскочыў назад, размахваючы пісталетам у бок Зума і капітана Махоні.

— Рукі ўгору! — загадаў ён.

Але ён забыўся пра адну акалічнасць — прысутнасць сабакі.

Той мільгануў рудой маланкай і ўпіўся зубамі ў руку з пісталетам. Імклівая маса ў семдзесят пяць фунтаў, узмоцненая паскарэннем, навалілася на выцягнутую руку і пачала яе выварочваць.

Зброя вывалілася са здранцвелых пальцаў.

Капітан Махоні зрабіў крок наперад, у яго руках бліснулі кайданкі.

— Адпусці, Рып, і кладзіся, — загадаў Зум.

Сабака адпусціў руку.

Сэм Моклі падаў рукі для кайданкоў, з правай, там, дзе засталіся сляды ад клыкоў сабакі, капала кроў.

— Апранайце, — сказаў ён спакойным голасам. — Я дабраўся нарэшце да гэтага лгуна, махляра, шэльмы, да гэтага адваката-забойцы. Вы мелі рацыю ва ўсім, апрача таго, што мы абодва, я і Герхард, пайшлі ўслед за Пэйнам. Усё гэта задумаў адвакат. У мяне крымінальнае мінулае. І ён ведаў гэта. Гэта ён уладкаваў мяне сюды на працу. І ён жа выказаў думку, што мы можам адправіць на той свет Пэйна, а віну за забойства ўзваліць на жанчыну. Меркавалася, што адвакат будзе садзейнічаць мне, а я ў сваю чаргу падзялюся з ім атрыманай спадчынай. Ён прымусіў мяне стрэліць, каб такім чынам атрымаць нада мной уладу. Толькі я не магу ніяк зразумець, як гэта, каб вас чорт пабраў, удалося знайсці пісталет? Мы занеслі пісталет да заліва і кінулі ў ваду.

Капітан Махоні павярнуўся да Сідні Зума.

— Ну, зразумела, капітан, — сказаў той з халоднай дзелавой усмешкай, — я мусіў крыху вас падурыць, каб усё разыграць так, як мне хацелася. Рып — добра абучаны і разумны сабака, але нават ён не змог бы зрабіць на самай справе тое, што вы бачылі. Адбіткі на пісталеце — мае ўласныя. Я ведаў, што забойства было здзейснена адным стрэлам з аўтаматычнага пісталета сорак пятага калібру. Таму я купіў такі самы пісталет, пакінуў на ім адбіткі пальцаў і схаваў яго так, каб гэта бачыў Рып. Калі я загадаў яму шукаць пісталет, ён, натуральна, падумаў, што гэта гульня. Ён пабег да таго месца, дзе я прыхаваў зброю — пасля таго, як я прывёў яго бліжэй да сховішча. Мне падумалася, што гэта магло б дапамагчы пры допыце.

Капітан Махоні сярдзіта глянуў на Зума.

— І ты пакінуў пісталет зараджаны, у баявой гатоўнасці, толькі таму, што, на тваю думку...

Зум паціснуў плячыма.

— Як ты сам гаварыў — для абвінавачвання патрэбны доказы.

Капітан Махоні ўздыхнуў.

— Зум, здаецца, я нямала пабачыў розных тыпаў, што займаюцца нашай справай, але такіх бязлітасных шэльмаў сустракаць яшчэ не даводзілася... Ну, а як наконт маладзіцы? Нават калі ты не памыляешся ў сваіх меркаваннях, яна ж такі прыходзіла сюды, каб украсці камяні. Пацеркі парваліся, і яна не заўважыла гэтага, пакуль не вярнулася ў свой пакой. Потым яна знайшла частку пацерак і, натуральна, спрабавала схаваць іх... таму і адарвала ад паштовай скрынкі наклейку з прозвішчам. Цікава, можа, яна схавала тыя камяні ў паштовай скрынцы? Ты часам не ведаеш?

Сідні Зум заўважыў скіраваны ў яго бок пільны позірк капітана.

— Ведаеш, капітан, ты даволі разумны хлопец — часам. Але ж не думаю, што нават ты настолькі разумны, каб калі-небудзь дазнацца, што здарылася з тымі камянямі — ці распачаць на падставе дастатковых доказаў справу супраць жанчыны за іх крадзеж. Ты ж ведаеш, каб абвінаваціць, патрэбны доказы. Асабіста я думаю, што гэтыя камяні будуць урэшце прададзены якому-небудзь калекцыянеру, які з радасцю заплаціць за іх самую высокую цану, не задаючы ніякіх пытанняў, і што маладзіца атрымае кругленькую суму грошай.

Капітан Махоні аблізнуў вусны.

— Зум, з тваімі ідэямі аб справядлівасці часам, відаць, і можна пагадзіцца. Але ж ты даў прысягу сачыць за выкананнем законаў. І павінен выконваць свой абавязак.

— Ты забыўся пра тое, што прымусіў мяне аддаць знак і пасведчанне, — усміхнуўся Зум. — Лепш паспяшайся, капітан, цябе чакае мноства падзяк за хуткае і ўмелае вырашэнне справы аб забойстве. Хай яно і далей будзе вось так. І, гаворачы пра закон, помні, што заўсёды ёсць закон вышэйшы за той, што прыдумаў чалавек.

Капітан Махоні глыбока ўздыхнуў.

— Зум, якое дзіўнае спалучэнне ў табе! Шырокая душа, нават гатоўнасць рызыкаваць дзеля аднаго і бязлітаснасць — да другога!

— Я жыву такім жыццём, якім яго сабе ўяўляю, — заўважыў Зум.

Капітан Махоні пайшоў да тэлефона.

— Прышліце групу расследавання забойстваў, крымінолага і машыну, — заказаў ён, датэлефанаваўшыся да ўправы, — і перадайце сяржанту Громлі, каб ён пакінуў у спакоі гэту жанчыну па прозвішчы Пэйн. На гэты раз інтуіцыя яго падвяла.



Пераклад: Уладзімір Шчасны