epub
 
падключыць
слоўнікі

Эрнэст Ялугін

Без эпітафіі

1. Нешта адбылося
2. «А хто там ідзе?»
3. Бацькі і дзеці
4. Пачатак адысеі
5. У Мінску
6. «Не здавайся, гарбар!»
7. «Уставай, хто спаў!»
8. У Піцеры
9. «А як з Беларуссю?»
10. «3 сённяшняга дня»
11. Свята і адчай
12. «За працу ўсе!»
13. Дзяржкамвыд
14. Словы і камяні
15. Подых бяды
16. Папярэджанне
17. За кругам
18. За што?


 

1. Нешта адбылося

 

 

Не, краіну дарагую

Я да скону не пакіну —

Тут радзіўся, тут і згіну.

Цішка Гартны (1914 г.)

 

У самым канцы кастрычніка 1955 года ў адзін з начальніцкіх кабінетаў канцылярыі Прэзідыума Акадэміі навук БССР увайшла не зусім звычайная наведвальніца. Хутчэй нават — незвычайная. З’яўленне яе тут яшчэ зусім нядаўна, скажам, гады са два раней, калі гаспадар гэтых дубова-бронзавых апартаментаў, не атрымаўшы нават доктарскай ступені, стаў членам-карэспандэнтам, як бы загадзя абумоўленым дадаткам да адміністрацыйнай пасады, выглядала б неверагодным. Перамены? Ці ўсё ж гульня фартуны, выпадак? Быццам з-за сцяны крэпасці назіраў ён з-за свайго масіўнага стала, як наведвальніца набліжалася, няўпэўнена ступаючы па раскошнаму дывану зношанымі чаравікамі, і ноздры вучонага чыноўніка ўсё настойлівей пачынаў казытаць гэткі ненавісны для яго пах чэргаў, варанай бульбы і агульных чыгуначных залаў чакання, пра што яму проста хацелася не ведаць, не ведаць. З трывогай і раздражненнем працягваў ён разважаць пра сітуацыю: што ўсё-такі адбываецца і наколькі гэта сур’ёзна для яго? Зусім жа нядаўна здавалася: заведзены пры Сталіне парадак застанецца непарушным на бліжэйшыя тысячу гадоў. І вось на табе. Няўжо гэта рэпрэсіраваныя ўсё ж змаглі нейкім чынам уздзейнічаць на падзеі? Ды іх жа ўцалела якая жменька. І не самых вядомых некалі. Муж гэтай жанчыны мёртвы з 1937-га...

— Я ўдава акадэміка Зміцера Хведаравіча Жылуновіча,— ціха, быццам нанава вучылася гаварыць пасля нейкай цяжкай хваробы, прамовіла жанчына.— Вось даведка аб яго рэабілітацыі...

Знарок запаволеным жэстам беручы афіцыйную паперу з грыфам і гербавай пячаткаю, вучоны чыноўнік спрактыкаваным позіркам выхапіў яе змест і нешта там уцяміў такое, што дало яму магчымасць адразу сказаць тонам знешне мяккага дакору, за якім, аднак, адчувалася перасцярога:

— Былога акадэміка.

«Справка выдана Жилунович Надежде Степановне в том,— чытаў ён, цяпер ужо нібы абмацваючы кожнае слова, пераправяраючы сябе, ці правільна ім угадана тое, што, як здавалася яму, прыхавана паміж радкоў,— что уголовное дело по обвинению Жилуновича Дмитрия Федоровича 1887 г. р. постановлением Прокуратуры БССР от 15 октября 1955 года производством прекращено за недоказанностью состава преступления. Зам. прокурора БССР А. Вербицкий».

Вучоны чыноўнік паківаў галавою і спачувальна ўсміхнуўся наведвальніцы. Затым цвёрда заявіў: гэта яшчэ не рэабілітацыя «как таковая». І ў яго раптам скамянелых рысах твару, у саміх інтанацыях голасу звыклая за многія гады баяцца начальнікаў наведвальніца выразна ўлавіла нявымаўленае, але што лёгка падразумявалася: «Ды гэтага і быць не можа, бо не павінна!» Уваскрашаць з нябыту тых, чые нават прозвішчы столькі часу стараліся не ўспамінаць, пра каго ў «вучоных» працах пісалі як пра «рэвізіяністаў», альбо яшчэ прасцей — «ворагаў народа»? Ды куды ж тады падзець пакаленні тых, хто на гэтым дзесяцігоддзямі «абараняўся», абрастаў вучонымі ступенямі і вылучаўся на прэстыжныя і «хлебныя» пасады? Гэта ж не адзінкі якія-небудзь і нават не сотні...

— Ён сам публічна прызнаваў памылковасць сваіх поглядаў, выступаў з самавыкрыццём,— яшчэ больш упэўнена падсумоўваў ужо вучоны чыноўнік.— Вы ж памятаеце.

Яна памятала. І таму разгубілася.

«Сам прызнаваў» — гэта таксама, аказваецца, калі дужа захацець, можна палічыць навуковым аргументам. І нават паспрабаваць паставіць на тым кропку. Ды хваля жыцця не пакідае надоўга ў спакоі анічога. Настаў нарэшце крытычны момант у існаванні нацыі — і вось ужо зноў і зноў паборнікам спрыяльнага асабіста для іх «статус-кво» даводзіцца ўзводзіць дамбы для абароны ўласных інтарэсаў, ліхаманкава вышукваць прыёмы, як, не губляючы арэолу непагрэшнасці, і ацалець і зрабіць хоць мінімальныя ўступкі часу.

У лепшым выпадку гэта гучала як паблажка недасведчаным, тым, хто па наіўнасці не зразумеў, што яму няварта забрыдаць у навуковы запаведнік. Скажам, так: «Безумоўна, што пры ацэнцы публікацый па гісторыі, напісаных З. Х. Жылуновічам, неабходна ўлічваць, што ён быў перш за ўсё пісьменнікам, які не меў спецыяльнай гістарычнай адукацыі».

Гэту заўвагу можна тлумачыць дваяка. Скажам, з абывацельскага пункту гледжання: калі пісьменнік — значыць, фантазёр, схільны выдумляць, абапірацца на ўласныя пачуцці і вопыт, якому давяраць асабліва нельга. А можна падыходзіць і гэтак, як М. А. Дабралюбаў. Той зазначыў, што сапраўдны сумленны пісьменнік у сваім творы «вольна ці міжвольна імкнецца перадаць рэальны ўнутраны сэнс, тэндэнцыю самога жыцця». Ці, скажам, Г. В. Пляханаў, які спецыяльна вывучаў гэта пытанне і звярнуў увагу на важную для грамадства якасць шчырых творцаў у той ці іншай ступені глыбінна выказваць у мастацкіх творах менавіта грамадскую псіхалогію свайго часу. Вольна ці нават міжволі... Аднак паказаць, адлюстраваць свой час. Таксама і Зміцер Жылуновіч у сваёй публіцыстыцы (а яго артыкулы па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі сапраўды трэба разглядаць перш за ўсё як пісьменніцкую публіцыстыку) кіраваўся не школьнай вывучкай, а найбольш творчай інтуіцыяй мастака. Прычым не старонняга сузіральніка, а непасрэднага актыўнага ўдзельніка падзей. На мой непасведчаны погляд, дык такая праца мае цікавасць і каштоўнасць для нашчадкаў куды большую, чым небескарыслівыя сачыненні тых «даследчыкаў», якія, калі разабрацца, аказваюцца далёка не Герадотамі і не Тацытамі.

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч... Ён жа — Капылянін. Сымон Друк. Авадзень... Але самую шырокую ў свой час вядомасць атрымаў яго літаратурны псеўданім Цішка Гартны. Некаторым яго сучаснікам нават здавалася, што вядомы грамадскі дзеяч Жылуновіч — гэта іншы чалавек, які да папулярнага пісьменніка дачынення не мае.

Затым, з лістапада 1936 года, пачынаецца як бы правал, гвалтоўнае масавае бяспамяцтва. Нават небыццё. І прозвішча, і гэтае літаратурнае імя, здавалася, ужо на векі вечныя сціраецца са свядомасці нацыі.

Гартны... Лёс гэтага чалавека не аднаго мяне падспудна хваляваў ужо даўно. Тым не менш, калі мне прапанавалі пра яго напісаць, у маёй свядомасці не адразу ўсплыло, што гэта той самы чалавек, пра якога я чуў некалі, у 1952 годзе, у Магілёве асцярожны расказ простага рабочага і нядаўняга партызана. У ім быў пякучы неспакой: чаму Гартны апынуўся ў Магілёве пад канвоем, чаму загінуў? Што з імі з усімі адбывалася там, у сярэдзіне трыццатых, ад якіх, па словах майго субяседніка, атрымалася дэтанацыя і ў мінулую вайну? А што такое дэтанацыя, я добра ведаў і без тлумачэнняў свайго родзіча-партызана. Трывога тая неасэнсавана перадалася мне і многім з майго пакалення, хто ў трыццатыя толькі нарадзіўся. Зараз я думаю, мы яе атрымалі з малаком маці, каб несці праз усё жыццё. Пазбавіцца ад гэтага хоць у нейкай ступені можна было адзіным шляхам — пастарацца дамагчыся ўсёй праўды. «Чтоб мерить все надежной меркой», як сказаў паэт.

Прыгадалася яшчэ адна сустрэча. Бывае ж гэтак: жывеш сабе ў панельнай пяціпавярхоўцы на вуліцы Бондараўскай. Ад суседзяў, карэнных мінчан, даведваешся, што месца гэта раней, можа, сотні гадоў называлася Залатым пагоркам. Усё адметнае, што тут нагадвала пра мінулае, ужо счысцілі бульдозеры, калі будаваўся школьны стадыён і падмуркі пад новыя забудовы. Засталіся толькі ніжэй, на газоне каля філармоніі, некалькі магутных ліп ды дзве-тры бярозы. І вось аднойчы сустракаю каля іх задуменнага Станіслава Пятровіча Шушкевіча, пра якога я тады ведаў зусім нямнога: што дзіцячы паэт, што нядаўна вярнуўся з сібірскай ссылкі. Аказалася, ён прыходзіць сюды пастаянна.

— Во гэтыя бярозы,— гаворыць ён,— мы, паэты-маладнякоўцы, некалі пасадзілі. А там, ля грушы, стаяў стары драўляны дамок, дзе мяне першы раз арыштавалі... А вашага Гікалу я, ведаеце што, сустрэў аднойчы, калі яго пасля допыту вялі пад рукі ў камеру-адзіночку. Яго тады прывезлі ў Мінск ці не з Харкава. Ахоўнік мне адразу: «Тварам да сцяны!» Так што бачыў імгненне якое...

Чаму «вашага»? Таму што я сказаў Шушкевічу: жыву паблізу, на вуліцы Бондараўскай, якую раптам нядаўна перайменавалі ў вуліцу Гікалы. Што я пра яго ведаю? Прыслалі з Масквы першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі, а потым рэпрэсіравалі за «нацдэм»...

Шушкевіч ахвотна дапаўняе мае мізэрныя звесткі падрабязнасцямі, ад якіх па спіне бягуць мурашкі. І ў размове ўзнікае новае імя:

— А Цішку Гартнага, ведаеце што, у адзін час са мной дапытвалі. Толькі ў суседнім пакоі. Было так: у першым пакоі дапытвалі Пракулевіча, навуковага супрацоўніка Дзяржаўнай бібліятэкі. Вельмі адукаваны быў чалавек, ведаў чатыры ці пяць замежных моў. Ён вярнуўся з-за мяжы, з эміграцыі. А ў трэцім, злева ад мяне, дапытвалі Гартнага. Чутна было — білі. Рамянямі і, відаць, нагамі. Гэткі гук. Дык мне следчы Шчураў: «Не прызнаешся, Шушкевіч, добраахвотна ў сваім удзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі — і ты трапіш да таварыша Цэйтліна». Гэта прозвішча таго, хто тады Гартнага дапытваў. Арыштаваныя яго асабліва баяліся. Хаця Гартнага ў тры змены дапытвалі — днём і ноччу.

Так у мой лёс нечакана ўвайшоў Гартны — Зміцер Хведаравіч Жылуновіч.

У аснову гэтай аповесці пра яго пакладзена тое, што ўдалося выявіць па архіўных матэрыялах (на жаль, далёка на ўсе яны аказаліся для аўтара даступнымі), па публікацыях у перыёдыцы той пары, шляхам роспыту знаёмых і блізкіх Зміцера Хведаравіча. Вялікую дапамогу аказала яго дачка — Галіна (памерла ў канцы кастрычніка 1987 г.), якая не толькі падрабязна расказвала пра бацьку, але азнаёміла з яго пісьмамі і сямейнымі рэліквіямі. Вельмі дапамаглі грунтоўныя работы па гісторыі нараджэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі доктара юрыдычных навук В. А. Круталевіча, парады і манаграфія кандыдата гістарычных навук М. С. Сташкевіча. Наогул, аўтар пастаянна адчуваў падтрымку з боку многіх беларускіх вучоных-гісторыкаў маладзейшага пакалення, але асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць У. Скалабану — аўтару грунтоўнай дысертацыі аб дзейнасці Беларускага Нацыянальнага Камісарыята і У. Д. Якутаву — аўтару прац пра блізкага сябра і паплечніка З. Х. Жылуновіча А. Р. Чарвякова. Багаты гісторыка-літаратурны і чалавеказнаўчы матэрыял сабраны ў кнізе «Успаміны пра Цішку Гартнага», укладальнікамі якой былі дачка пісьменніка — кандыдат філалагічных навук Г. З. Жылуновіч і вядомы беларускі літаратуразнаўца, зямляк Гартнага — доктар філалагічных навук, прафесар С. X. Александровіч. І вельмі многае адкрываецца пры ўважлівым чытанні твораў самога пісьменніка. Там зорка і лёс былога гарбара з Капыля, з імем якога так цесна аказалася павязана рэвалюцыйнае адраджэнне Айчыны з векавога гістарычнага нябыту.

 

 

2. «А хто там ідзе?»

 

 

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

Янка Купала

 

 

Хто ідзе і з якой глыбіні вякоў? Ужо, здаецца, і самі не ведаюць. Адчуваюць толькі — іх многа. Грамада! І што нейкая сіла ніяк не дае ім распасціся, растварыцца ў суседніх народах. Хоць умовы для гэтага, што называецца, ідэальныя. Спачатку ідэолагі Рэчы Паспалітай цэлае стагоддзе ўбівалі ім у галовы, што яны «полякі малы», але хто добра пастараецца, той стане і паўнацэнным. (Сам тэрмін, праўда, вынайшлі ўжо ў 20-я гады ХХ стагоддзя). Затым, у 1772, 1793, 1795 гадах, грымнулі адна за адной ваенныя акцыі суседніх дзяржаў, Расіі, Аўстрыі і Прусіі, якія самавольна ўзялі на сябе функцыі жандараў Еўропы, у часе якіх тутэйшы народ сартавалі, бы статак авечак. З 1842 года ў дзяржаўных дакументах Расійскай імперыі «далучаныя» землі сталі так званым Паўночна-Заходнім (Северо-Западным) краем. А пасля крывавай «бані» 1863—1864 гадоў забаронена было ўжо нават само «наречие» тутэйшага народа. Так што славутаму ў будучым акадэміку Яўхіму Фёдаравічу Карскаму нездарма давялося пачынаць сваё падзвіжніцтва з памятнай прамовы «Пра так званыя барбарызмы ў рускай мове». Яе вучоны сказаў 21 жніўня 1886 года ў Другой віленскай гімназіі перад прадстаўнікамі гарадской інтэлігенцыі. У гімназіі, бо універсітэт у «краі» быў даўно закрыты, каб ніякіх «філаматаў» і «філарэтаў» больш не з’яўлялася (існавалі ў Вільні такія тайныя студэнцкія таварыствы «аматараў ведаў» і «аматараў дабрачыннасці», якіх царскія карныя органы ў 1824 годзе падверглі жорсткім рэпрэсіям, праўда, гэту заразу паспеў-такі падхапіць і пазней не толькі сын шляхціца з-пад Івянца Фелікс Дзяржынскі). Усё здатнае да радыкальнага мудравання старанна выполвалася, нібы той пырнік на градах, і адпраўлялася этапам калі не ў астуджальную для гарачых галоў Сібір, якой павінна была «приростать» магутнасць Расіі, то ва «ўнутраныя» губерніі імперыі, уключаючы, між іншым, Казань і Туркестан. З тым прыцэлам, што ў другім-трэцім пакаленні ссыльны элемент распыліць сваю выбуховасць і асімілюецца. Узамен жа ў «край» рэгулярна пастаўляўся той самы кандовы расійскі чыноўнік, сутнасць якога вычарпальна ахарактарызаваў потым У. І. Ленін.

Гэта для ўтрымання на належным узроўні ідэі і сутнасці самадзяржаўя. У 1917 годзе гэты элемент тут яшчэ сябе пакажа. Для ўмацавання ж астатніх кампанентаў знакамітай трыадзінай формулы працвітання імперыі накіроўваліся гарластыя і пражорлівыя маладыя праваслаўныя «бацюшкі». Разам з чыноўнікамі яны, верхаводзячы таксама і ў царкоўна-прыходскіх школах, стараліся не токма па часці «праваслаўя і народнасці», але і па выкараненню «барбарызмаў» у тутэйшай паствы, якая, здавалася, ужо і без таго навекі згубіла сваё родавае імя. Так што нездарма маладому Янку Купалу давялося пытаць у земляка:

 

Хто ты гэткі?

— Свой, тутэйшы.

Чым асвенчан?

— Кроўю, потам.

 

— Кім быць хочаш? — не супыняецца паэт. І ў адказ нарэшце чуе яраснае:

— Не быць скотам!

Мы ўспомнілі тут Янку Купалу не толькі таму, што ён выказаў у свой час сутнасць глыбінных памкненняў пазбаўленага нават слова народа. Знамянальна: у маладым і яшчэ малапісьменным рабочым-гарбары з глыбіннага мястэчка ён абудзіў да жыцця творцу. А таксама ёсць падстава сцвярджаць, што садзейнічаў выбару паэтычнага імя-сімвала — Гартны, значыць, загартаваны. Чым? Той самай бядой-горам, што неслі на худых плячах яго супляменнікі. Нездарма першы свой апублікаваны верш рабочы-паэт (так адзначыў яго вядомы даследчык беларускай літаратуры Л. М. Клейнбарт) прысвяціў менавіта Купалу. Адбылося тое ў 1908 годзе.

Аднак папярэднічалі таму падзеі года 1905-га. Тады, акрамя ўсяго іншага, выявілася таксама і тое, чаго ўжо ніхто, здаецца, з «мыслящего общества» не чакаў, нават значная частка сваёй жа, але «оброссиянившейся» інтэлігенцыі: «тутэйшыя» раптам заявілі сваё права на родавае імя. І роднае слова.

Паўторым: у гэтым ім не проста адмаўлялася царскім загадам. Расходваліся мільёны «тутэйшымі» ж заробленых грошай, вышукваліся прапагандысцкім апаратам імперыі найадмысловейшыя сродкі, каб гістарычна бяспамятных «тутэйшых» накіраваць у русла адданасці «самадзяржаўнаму праваслаўнаму», як спявалася ў гімне пра цара. У Вільні, у іншых губернскіх цэнтрах «краю» ўвішна працавала Археаграфічная камісія, прэпаруючы і ўкладаючы найлепшым для доказу трыадзінай ідэі чынам гістарычныя матэрыялы, у тым ліку з найкаштоўнейшай Літоўскай Метрыкі. Жалезнай рукой ліквідоўвалася тое, што магло абудзіць сумненні наконт «устояў». У той жа час самы мікраскапічны столаначальнік і кожны акалотачпы лічыў сваім «всенепременным» абавязкам і прывілеяй пасмяяцца з «тутэйшага» за нібыта дзікасць і немілагучнасць яго «хамского наречия». Вось бы жандар здзівіўся, а можа і занепакоіўся, каб дазнаўся, што гэтаю мовай яшчэ нават і ў першай палове XVI стагоддзя размаўлялі ў сваім асяроддзі вялікія князі літоўскія, за што іх, калі выбіралі дадаткова каралямі Полышы «па сумяшчальніцтву», пачынаючы з Ягайлы, папракалі польскія магнаты, пакуль не знайшлі сродку перавучыць. Янка Купала нездарма звяртаўся ў той час да чарнасоценных ганьбавальнікаў мовы сваіх суайчыннікаў з такімі словамі:

 

Чаму вам дзіка яго мова?

Паверце, вашай ён не ўкраў,

Сваё ён толькі ўспомніў слова...

 

Успомніў усё ж! Вось у чым галоўная загадка часу. Нягледзячы на кпіны столаначальнікаў і рогат жандараў. Нягледзячы на прыходскія школы з іх расійскімі бацюшкамі. Нягледзячы на татальнае закрыццё і забарону вышэйшых навучальных устаноў у «краі», дзе ўжо ў пачатку XVII стагоддзя быў універсітэт. Нягледзячы на тое, што за Уралам пасля падзей 1863 года аказалася больш адукаваных беларусаў, чым у Вільні і Мінску разам узятых. Нягледзячы на свядома арганізаваную сістэму выманьвання з «краю» таленавітых і вучоных людзей у цэнтр імперыі (у сярэдзіне ХХ стагоддзя гэты працэс сацыёлагі адзначаць як «уцечку розумаў» у метраполію). Такія страты любому народу цяжка ўзнавіць і за сотню гадоў нават пры спрыяльных умовах развіцця. Але як толькі моладзь з «тутэйшых» больш-менш авалодвала пісьменнасцю, дык яе значная частка чамусьці непазбежна ўпадала ў ранейшую крамолу — пачынала цікавіцца сваім «варварскім» мінулым і «хамскай гаворкай». Хто яны? Чым падобныя на суседнія народы, а чым адрозніваюцца? Дзіўна, але і ў наш асветны час некаторым гэта імкненне да самапазнання чамусьці здаецца вартым асуджэння. Як быццам існаваў калі-небудзь на свеце народ, які, за стагоддзі развіўшыся і хоць бы несвядома, але адчуваючы сваю агульнасць, потым толькі і імкнуўся, каб з кім з суседзяў зліцца, каб урэшце знікнуць. Але тое, што яшчэ магчыма для родаплямённых фарміраванняў, чамусьці аказваецца пакутлівым і, напэўна, малаверагодным для нацыі.

Для народа, які па нейкай прычыне аказаўся пазбаўленым ведаў пра ўласнае мінулае, усё пачынаецца з пытання: адкуль што пайшло? «Тутэйшыя» стыхійна імкнуліся спасцігнуць свае пачаткі і сутнасць, бы ў чарадзейныя замовы ад бяды-ліха, прагна ўслухоўваючыся ў казкі, песні і паданні. З яцвягаў яны? З крывічоў? Завуць жа іх суседзі-латышы — «балткрыве». Значыць, балцкія, ці белыя крывы. Але ж у народ як адзінства на гістарычнай тэрыторыі за многа вякоў сумеснага існавання зліліся людзі розных плямёнаў. З радзімічаў і дрыгавічоў. З яцвягаў і палян. Са старажытных ліцвякоў (дарэчы, у нашы дні мае многа прыхільнікаў навуковая гіпотэза, што далетапісная Літва знаходзілася недзе паміж Наваградкам і Менскам) і крывічоў. А таксама з прышлых у наступныя, адзначаныя ўжо летапісцамі стагоддзі «пасаджаных» Вітаўтам караімаў, немцаў, яўрэяў, палякаў, беглых маскавітаў і ўсіх астатніх, хто тут нарадзіўся ці завёў сям’ю, пахаваў продкаў і, галоўнае, добраахвотна прызнаў гэта месца не часовым прытулкам, а айчынай, за шчасце якой ён гатовы аддаць не толькі сілы і веды, але, калі трэба будзе, і жыццё.

Звычайны працэс узаемнай асіміляцыі, які працягваецца і зараз. Пагартайце нацыянальныя энцыклапедыі. Вы знойдзеце, што прышлыя не так ужо рэдка станавіліся гонарам нацыі дзякуючы іменна сваёй «роевай» энергіі. Прычым іншы раз больш рашучымі паборнікамі нацыянальнага, чым абарыгены. У свой час на гэта звярнуў увагу У. І. Ленін, гаворачы пра «абруселых іншародцаў», схільных нават і «перасольваць» адносна «ісцінна рускіх настрояў». Гэта, аказваецца, становіцца нават сацыяльна небяспечным, калі ў працэс умешваецца бюракрат, надзелены вялікай бескантрольнай уладай.

Перш чым вярнуцца да размовы пра «тутэйшых» на пачатку нашага стагоддзя, успомнім яшчэ, як, напрыклад, этнічны француз Шамісо стаў класікам нямецкай літаратуры. Як этнічнага паляка Конрада прызналі класікам англійскай літаратуры. Як сын «немца» стаў арыгінальным рускім пісьменнікам і — мала таго! — аўтарам бессмяротнага «Толкового словаря живого великорусского языка». Праўда, Уладзімір Даль, ён жа «казак Луганскі», «не заўважыў», між іншым, што яго калыскай была Украіна. Парадокс часу. З Адамам Міцкевічам выпадак яшчэ больш знамянальны ў гэтым сэнсе. Паэт кляўся ў любові да айчыны... І шчыра лічыў сябе палякам. Ён сапраўды ім быў, хоць толькі дарослым чалавекам трапіў у Польшчу. Так за гістарычнае бяспамяцтва народ разлічваўся сваімі лепшымі сынамі, інтэлектуальным і культурным скарбам.

Аднак хто ж яны? Літоўцы таксама выдзялялі іх як народ, але называлі іначай, чым латышы,— гудамі, гудасамі. Толькі ў сучаснай літоўскай энцыклапедыі мы знойдзем назву «балтрусы»... Гэта цяпер нам усё ўяўляецца простым. А не адразу ж прыйшлі да згоды: быць адзіным народам і, не аддаючы перавагі якому-небудзь з плямёнаў па праву, скажам, старшынства, як іншы раз бывае, значыць, так сябе і называць — балтрусамі, беларусамі. «А хто там ідзе?.. Беларусы!» — гэтыя радкі Янкі Купалы хутка становяцца нечым накшталт нацыянальнага гімна народа, яго «Марсельезай». А трохтомная манаграфія Я. Ф. Карскага «Беларусы» зрабіла вучонага этнографа і мовазнаўцу вядомым ва універсітэтах Еўропы і... членам Расійскай імператарскай акадэміі, што сведчыць красамоўна: ядром яе былі не прыстасаванцы, а сапраўдныя вучоныя.

Гэтая дасюль у многім загадкавасць нацыянальнага! Сутнасць яе лічылі то, падобна пруданістам, малазначнай лухтой, то параджэннем капіталізму, якое разам з ім сябе і зжыве. Толькі ў наш час пачынаюць прызнаваць, што ўсё не так, а куды складаней. Што гэта, гаворачы мовай філосафаў, аб’ектыўная рэальнасць. Ну, а наогул падобна, што з’ява неяк вельмі стасуецца з інстынктам выжывання чалавецтва, якое, як від, зацікаўлена ў магчыма большай колькасці «папуляцый», адсюль і «аб’ектыўная рэальнасць», з якой хочаш не хочаш, а неабходна лічыцца, каб пазбегнуць непажаданых сутычак з самой стыхіяй жыцця.

Між іншым, калі нейкі народ пачынае адчуваць патрэбу ў «абнаўленні крыві», то спраўляецца з задачай інстынктыўна, без умяшання чыноўніцкага апарату і агенцтва па арганізаваным перасяленні. Проста ў нейкі момант узнікае ці, наадварот, пачынае гаснуць цікавасць адно да аднаго людзей самых розных нацыянальнасцей, што не растлумачыць толькі празаічнай эканомікай, ва ўсякім разе на бытавым узроўні гэтай паважанай асобы. А як «іншародзец» услухоўваецца ў музыку чужоіі мовы, якім прывабным бывае для яго спасціжэнне чужых звычаяў і нораваў! Калі ўважліва прыгледзецца, то да прышлых і мясцовае насельніцтва адносіцца нейкі час насцярожана не з-за аднаго толькі заскарузлага эгаізму, хоць і такое здараецца. Практыка сведчыць, што адчуванне часовасці ў даным месцы (даволі часта памылковае) у некаторых людзей узмацняе, як правіла, рэфлекс да паспешлівай асабістай выгоды. Прыкладаў мноства — знішчэнне ворыўнай зямлі, забруджванне таго ж Байкала ці разбурэнне гістарычнага аблічча старажытных гарадоў. Усё здаецца часоваму чалавеку толькі сродкам пажывіцца, каб потым рынуцца некуды зноў, дзе ці цяплей, ці зямля больш урадлівая, ці нехта ўжо абжыў, акультурыў асяроддзе. Пажывіцца, у тым ліку за кошт іншых людзей, да лёсу якіх, як «чужынцаў», іншародцаў, ён раўнадушны ў лепшым выпадку. Нават цяпер яшчэ далёка не ўсе зразумелі — якія мы ўзаемазалежныя на гэтай зямлі! І што ўсе людзі — радня. Гэта сапраўды так, хоць вучоныя толькі нядаўна з дапамогай камп’ютэра пацвердзілі тое, пра што раней гаварылася як аб прыгожай легендзе, якую ў біблейскія часы прыдумалі гуманісты.

Такім чынам, інстынкт захавання еднасці людзей, калі яны ўжо адчулі сябе нацыянальным арганізмам,— сіла, аказваецца, велізарная і ў нечым падобная рэвалюцыйнай. Марксісты-ленінцы з самага пачатку ўзнікнення сваёй партыі вельмі сур’ёзна бралі гэта ў разлік. Толькі той, хто глыбока ўяўляў сабе прыхаваныя магчымасці і значэнне нацыянальнай энергіі, мог уключыць у сваю праграму пункт, які напачатку не прынялі некаторыя нават верныя саюзнікі расійскіх марксістаў-ленінцаў. Права нацый на самавызначэнне... Параграф дзевяты ў першай жа Праграме партыі. Не права толькі на культурную аўтаномію, як некаторыя прапаноўвалі, тлумачачы гэта клопатамі пра будучую магутнасць пралетарскай дзяржавы, а менавіта «дзяржаўнае аддзяленне... ад чужанацыянальных калектываў... стварэнне самастойнай нацыянальнай дзяржавы». Бо толькі гэта было, на думку ленінцаў, самай трывалай гарантыяй таго, што рабочыя ўсіх нацыянальнасцей дружна адгукнуцца на заклік «да інтэрнацыянальнага адзінства іх класавай барацьбы». Абмежавацца правам толькі «свабоднага культурнага самавызначэння» нацый, указвалі ленінцы, значыць кіравацца «практыцызмам» буржуазіі, значыць «упадаць у апартунізм». Ды гэтае ж «права» зафіксавала нават партыя кадэтаў. Аднак недаверу «іншародцаў» да вялікарускай нацыі, якая нібыта імкнецца мець перавагі толькі для сябе, гэтым «правам» не пераадолець, а значыць, нацыянальныя ўскраіны імперыі на актыўныя агульныя рэвалюцыйныя дзеянні не ўзняць.

Толькі «выключна свабодны, брацкі саюз рабочых і працоўных мас усіх нацый... дэталёва распрацаваныя гарантыі правоў нацыянальнай меншасці — такая праграма рэвалюцыйнага пралетарыята»,— палічыў неабходным падкрэсліць У. І. Ленін больш чым праз дзесяць гадоў, у зусім ужо іншых гістарычных умовах, 10 красавіка 1917-га.— Пара скінуць брудную кашулю, пара апрануць чыстую бялізну...»

І зноў! Яшчэ праз пяць гадоў, ужо ў краіне перамогшай Кастрычніцкай рэвалюцыі, 31 снежня 1922 года: «...нікуды не вартая абстрактная пастаноўка пытання аб нацыяналізме ўвогуле...

Што важна для пралетарыя? Для пралетарыя не толькі важна, але і істотна неабходна забяспечыць яго максімумам даверу ў пралетарскай класавай барацьбе з боку іншародцаў... Для гэтага патрэбна не толькі фармальная роўнасць. Для гэтага неабходна кампенсаваць так ці іначай сваімі паводзінамі ці сваімі ўступкамі ў адносінах да іншародца той недавер, тую падазронасць, тыя крыўды, якія ў гістарычным мінулым былі нанесены яму ўрадам «вялікадзяржаўнай» нацыі... Той грузін, які з пагардаю адносіцца да гэтага боку справы, зняважліва кідае абвінавачванне ў «сацыял-нацыяналізме» (у той час калі ён сам з’яўляецца сапраўдным і ісцінным не толькі «сацыял-нацыяналам», але і грубым вялікарускім дзяржымордам), той грузін, па сутнасці, парушае інтарэсы пралетарскай класавай салідарнасці...»

Цяпер заўважым для сябе наступнае: герой нашай аповесці многае з таго, што цяпер уяўляецца такім зразумелым, мог толькі неяк успрымаць у атмасферы быцця класавым пачуццём. Прычым заўважым яшчэ: ён пачынаў свядомае жыццё ў час, калі на Беларусі, па вызначэнні У. І. Леніна, у сілу розных палітычных прычын нават яшчэ не быў завершаны нацыянальны рух, а абуджэнне мас у сэнсе імкнення да валодання нацыянальнай мовай і літаратурай толькі адбывалася. «Айчына» тут яшчэ не праспявала ўсёй сваёй гістарычнай песні,— адзначыў У. І. Ленін.

У 1903 годзе, калі ІІ з’езд РСДРП зацвердзіў сваю праграму з вядомым нам дзевятым параграфам, з беларускай гістарычнай песняй было яшчэ горш. «Край» наогул знаходзіўся, як многія лічылі, у летаргічным сне, ад якога, здавалася, яму ўжо не прачнуцца, нягледзячы на адзінокія прызывы яго паэтаў. Асабліва чуйны на ўсялякія «поползновения» супроць «устоев», ахоўны апарат імперыі куды болей непакоіўся за стабільнасць палітычнага становішча ў суседняй Польшчы. Аднак двума гадамі пазней «край» раптам так скалыхнуўся, што царскім уладам давялося паспешліва зноў уціхамірваць яго казацкімі бізунамі і гарачым свінцом. Можа, толькі не палілі дашчэнту мяцежныя вёскі, як было ў 1863 годзе. І калі Пецярбург страсянула крывавая «баня» перад Зімовым палацам, то ў Мінску гэта быў расстрэл 12-тысячнай дэманстрацыі гараджан 31 кастрычніка 1905 года. За 80 забітых і сотні параненых. Штабель трупаў каля царквы чыгуначнікаў. У гісторыю трагедыя ўвойдзе разам з імем губернатара Курлова, але ў «краі» ўжо многія разумелі — у тых, хто запатрабаваў не ліпавых, а сапраўдных дэмакратычных свабод, страляла імперыя. Да восені 1905 года бурны рух «за зямлю і волю» ахапіў ужо ўсе 35 паветаў Беларусі, а ў некаторых месцах пачаў перарастаць у рэвалюцыйнае паўстанне і стварэнне «камун». І загрымелі «усмиряющие» стрэлы, зноў палілася кроў «тутэйшых». Царскіх войскаў для гэтых мэт у «краі» знаходзілася дастаткова, нягледзячы на руска-японскую вайну, на якой, дарэчы, палягло ці было скалечана нямала «іншародцаў».

Не застаўся ў баку ад падзей Пятага года і маленькі Капыль. Наадварот, падзеі ў гэтым мястэчку на паўночным захадзе Міншчыны адбываліся даволі бурныя. Палітычныя забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі, лістоўкі з заклікам да звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі... Ва ўсім гэтым прымае самы актыўны ўдзел малады рабочы гарбарні Зміцер Жылуновіч.

Сярод таварышаў ён яшчэ вядомы тым, што ўмее сачыняць сатырычныя прыпеўкі і вершы. Наогул — у моладзі завадатар. Узіраючыся ў яго аблічча на фатаграфіях, гэта цяжкавата ўявіць. Выгляду звычайнага. Росту невысокага, просты круглаваты твар з кароткім, задзірыста прыўзнятым носам. Вось лоб — сапраўды «сакратаўскі»: адкрыты, прыгожай лепкі. Усе, хто пакінуў пра гэтага чалавека ўспаміны, апісваюць яго па-свойму. Не дзіва: кожны, як правіла, запомніў Жылуновіча ў розныя перыяды яго жыцця, у розныя моманты душэўнага стану.

Найбольш поўны і «дыялектычны» слоўны партрэт Гартнага-Жылуновіча належыць беларускаму скульптару Заіру Азгуру. Першае яго ўражанне ад сустрэчы: рост невысокі і вельмі ўважлівы позірк. Потым — рукі. Мускулістыя. Далоні моцныя, рабочыя. Гарбар жа. Для такой прафесіі патрэбны былі і сіла, і нястомнасць. Народнае паданне нездарма данесла да нашых дзён расказ аб паядынку кіеўскага гарбара з татарскім воінам-батырам.

Тым не менш малады скульптар лепіць першы партрэт Гартнага «з налётам гэткага «байранізму» ў знешнім вобліку». Таксама, канечне, невыпадкова. Але затым усё ж робіць і рэалістычны партрэт: за знешняй строгасцю, якую можна нават на першы пагляд палічыць трохі высакамернай,— «надзвычай добры твар, адтапыраныя крыху губы, шырокія ноздры, якія некаторыя тады так і называлі «жылуновічаўскімі»... і мэтанакіраванасць. У скупым жэсце, уважлівым і мудрым позірку, у сціснутых кутках рота...

Капылянка Ю. С. Чарнушэвіч многа гадоў пасля ўспамінала іх агульнае юнацтва: «Зміцер заўсёды ўмеў падняць настрой моладзі. Зойдзе, напрыклад, у хату, а там сумуюць. Ён адразу складзе верш. Глядзіш — і ўсе ўсміхаюцца.

Гэтага мала. Моладзь яму давярала. Ведалі, што ён быў «няўлоўны для паліцыі і жандараў. Сходкі назначаў там, дзе ніколі не прыдумаеш... І заўсёды чытаў на сходках свае ўласныя вершы пра жандараў, паноў... Быў заўсёды бадзёры і жыццярадасны. Любіў спяваць і нават да сваіх вершаў падбіраў мелодыі знаёмых песень».

Юліі Чарнушэвіч запомнілася таксама «яго рухавая постаць і жвавы вясёлы твар». Гэты яго настрой перадаваўся сябрам, рэвалюцыйна настроеным маладым капылянам. Яны горача дыскутавалі на патаемных сходках, нягледзячы на перасцярогі некаторых з бацькоў, «бегалі на кірмашы, соваючы ў вазы лістоўкі... нават з лавак разам з соллю і мылам у карзінах неслі людзі лістоўкі». Вучыліся валодаць зброяй, рабілі чырвоныя сцягі, развучвалі рэвалюцыйныя песні, каб у рашучы момант барацьбы з самадзяржаўем выйсці на вуліцы належным чынам падрыхтаванымі...

— І ўсё гэта ў нейкім мястэчку, у «глушы»? — можа спытаць скептычны чытач.— Адкуль такая актыўнасць?

Каб адказаць па гэтае пытанне, мы павінны вярнуцца да таго, што папярэднічала Пятаму году.

Але перш пра вершы маладога капыляніна. Піша іх юнак напачатку па ўзору тых, якія чуў у школе, знаходзіў у танных (сыцінскіх выданнях «для народа», а таксама ў нелегальных лістках і афіцыйных газетах — «парасейску», гэта значыць «як было прынята». Калі вершаў набярэцца поўны сшытак, Зміцер па парадзе настаўніка спрабуе іх выдаць. А праз тры гады і сапраўды будзе апублікаваны яго верш... на беларускай мове! Што з ім адбылося за гэты час? Зразумела, тут не было выпадковасці.

І зноў жа не абысціся без таго, каб не сказаць папярэдне хоць коратка аб мінулым. І наогул пра «бацькоў».

 

 

3. Бацькі і дзеці

Спачатку сарыентуемся, як кажуць, на мясцовасці. Што такое мястэчка, дзе Зміцер Жылуновіч з’явіўся на свет, дзе сфарміравалася ягоная душа?

 

Капыль, Капыль! Маё мястэчка,

Вялікай Міншчыны куток!

Мне міла ўсё тваё: і рэчка,

І хаты, нівы, і гаёк!..

 

Гэта Цішка Гартны напіша ўжо ў Пецярбургу, у 1914 годзе.

Верш даволі вялікі. Аўтар, мяркуючы па ўсім, падступаўся да яго неаднаразова, імкнучыся як мага выразней перадаць аблічча і адметныя гістарычныя рысы роднага краю: зялёныя нівы наваколля, дзе не звяліся старажытныя курганы, пад грамадаю якіх «маўкліва ваякаў слаўных косці спяць» і «з цьмы вякоў» устаюць руіны высокага замка, апошняга сведкі «ўлады і закону старых часоў, сваіх князёў»...

Замак у Капылі разбурылі ўжо ў час заваёўніцы Кацярыны Другой, вызначыўшы гарадку і новае, імперскага ўзору званне — заштатнага. Добра яшчэ матухна-імператрыца хоць не загадала перавесці наогул у сельскі статус, як тое здарылася з болей чым паўтары тысячамі штых беларускіх мястэчак, раней асабіста вольныя жыхары якіх аказаліся адным росчыркам самадзяржаўнага пяра скутымі прыгонам, пераведзенымі ў рабскае становішча і раздоранымі фаварытам яе вялікасці. Выратавала, хутчэй за ўсё, Магдэбургскае права, прывілею на якое Капыль дамогся яшчэ ў 1652 годзе, што сведчыла аб развітых рамеснай вытворчасці і гандлі, а таксама аб пэўнай юрыдычнай незалежнасці местачкоўцаў ад самадурства магнатаў. Хоць Сапегі з Радзівіламі і біліся паміж сабою за валоданне мястэчкам, аднак Магдэбургскае права пацвярджалі. У гістарычнай літаратуры ўказваецца, што не пазней мая 1905 года ў Капылі аформілася арганізацыя РСДРП. Зміцер жа Жылуновіч у пісьме да Л. М. Клейнбарта называе годам свайго ўступлення ў сацыял-дэмакратычную партыю 1904-ты.

Гістарычны лёс Капыля не з’яўляецца выключным для пераважнай большасці мястэчак такога рангу. Узяць хоць бы для параўнання яго сабрата — Копысь, гарадок ужо ва ўсходняй частцы былога Вялікага княства Літоўска-Беларускага, на Віцебшчыне, яшчэ дакладней — за трыццаць вёрст ад Оршы. Мы знойдзем тут падобнае ж гарадзішча з далетапіснага часу, на якім у XIV—XVII стагоддзях стаяў затым невялікі замак. У сярэдзіне XVII стагоддзя мястэчка дамагаецца Магдэбургскага права і — «заштатнасць» у наступны, імперскі перыяд. Арганізацыя РСДРП тут пачынае дзейнічаць з 1904 года... Яна, зразумела, не магла ўзнікнуць на пустым месцы, без глебы.

Глебай для сацыял-дэмакратызму ў Капылі, згодна некалькіх незалежных адзін ад аднаго сведчанняў, былі народнікі. Тыя самыя «сіцылісты», якія як быццам і стараліся для мужыка, але часта не знаходзілі з ім узаемнага разумення.

Праўда, усё ж не заўсёды насенне падала на камень. Так, жыхар капыльскай ускраіны Васіль Татарынчык, які займаўся земляробствам, а ўзімку звычайна выпраўляўся на заробкі ў вялікія гарады, вірус народавольства «падхапіў» у 80-я гады XIX стагоддзя ў Кіеве. І прывёз дадому разам з нелегальнымі брашурамі Міхайлоўскага. «Гэта быў прадстаўнік народніцтва з той паслядоўнасцю і сілай,— заўважае Л. М. Клейнбарт,— якія могуць быць толькі ў селяніна».

Другой прыкметнай фігурай таксама народніцкага толку ў Капылі быў бацька аўтара вышэйпрыведзенага водгука аб Татарынчыку — у мінулым выхаванец Лейпцыгскага універсітэта, інтэлігент-разначынец. Перад тым як асесці ў Капылі, Максім Клейнбарт некаторы час кіраваў агентурай па кантактах народавольцаў з замежнымі краінамі ў Кенігсбергу і супрацоўнічаў з Зундзялевічам, Лаўровым і Іохельсанам. Затым, перабраўшыся ў Германію, прымаў удзел у нямецкім рабочым руху, ведаў асабіста Эдуарда Бернштэйна, Карла Кауцкага, Аўгуста Бебеля, Карла Лібкнехта. Нямецкія сацыял-дэмакраты дапамагалі народавольцам з Расіі чым маглі, давалі адрасы для пісьмаў, пасылак з прапагандысцкай літаратурай. «Натуральна,— заўважае Л. М. Клейнбарт,— марксісцкі характар нямецкага рабочага руху не мог не паменшыць утопій майго бацькі, які па самому свайму складу розуму быў чалавек надзвычай памяркоўны... Вось чаму назваць яго народнікам можна толькі з абмежаваннямі. Нездарма ўжо ў тыя гады — гады закрыцця «Отечественных записок» і раней — ён так высока цаніў Маркса і Ласаля...»

Тут неабходна, для поўнай яснасці, дадаць, што дзейнасць М. Клейнбарта насіла чыста асветніцкі характар, аднак для таго часу і гэта таксама мела значэнне немалаважнае.

Затое ад местачковага інтэлігента з цэнтральнага квартала гэтыя веды аб сацыялістычных ідэях памалу пачынаюць перакачоўваць да жыхара «задніх» вуліц Капыля, у асноўным яшчэ напалову селяніна, але такога, які пачаў асэнсоўваць сутнасць свайго сацыяльнага пралетарскага стану. Васіль Татарынчык, дзякуючы пастаянным кантактам з М. Клейнбартам, атрымлівае магчымасць знаёміцца з найбольш прагрэсіўнымі па скіраванасці часопісамі таго часу. У яго рукі трапляюць «Отечественные записки», «Дело», «Слово», «Устои»... Ён чытае Някрасава, Салтыкова-Шчадрына, Успенскага, Пісарава, Шалгунова і таго ж Міхайлоўскага. А яшчэ — вершы Гейнэ і Гётэ, асобныя працы Бюхнера, Малешота, Дарвіна, Спенсера ў самых новых рускіх перакладах...

«Аднак жа на кнігах не скончылася гэта эра»,— заўважае Л. М. Клейнбарт. Аказалася, Васіль Татарынчык не абмежаваўся роляю пасіўнага прыхільніка народніцтва і кнігачыя-земляроба. Праз некаторы час ён становіцца яшчэ і хатнім пастаўнікам і даволі хутка заваёўвае папулярнасць. Праўда, у адрозненне ад распаўсюджанага ў тыя часы ў беларускай правінцыі «дарэктара» — дамарошчанага грамацея, які вучыў у вёсках дзятву азам чытання, пісьма і арыфметыкі,— Татарынчык, як умеў, але з імпэтам, займаўся яшчэ і палітасветай у духу Міхайлоўскага.

Гадоў праз пяць-шэсць у яго з’яўляецца «канкурэнт» — нядаўні пецярбургскі слесар Шафрановіч. Гэты за «палітыку» ўжо адседзеў у сталічнай турме, затым па этапу яго выслалі на радзіму — у «глуш», у Капыль. З «яўрэйскага цэнтра»,— піша пра яго Л. М. Клейнбарт, Шафрановіч хутка перабіраецца «на мужыцкі ўскрай». У слабадзе слесара адразу прызналі «сваім», і яго хата хутка «становіцца цэнтрам усёй местачковай дэмакратыі». Нічога выключнага: пралетарыі яўрэйскага паходжання на Беларусі нічым сацыяльна не адрозніваліся ад сабраццяў па класу паходжання славянскага ці балцкага. Пазбавіўшыся апекі равіна і раскусіўшы карыслівую падаплёку буржуазных заклінанняў аб кагальнай еднасці «па крыві» і вернасці біблейскай прарадзіме, яны адчулі пад нагамі глебу сваёй сапраўднай айчыны. Нездарма ж з гэтага асяроддзя вылучыцца затым шэраг вядучых дзеячаў беларускай культуры. У тым ліку, напрыклад, майстар беларускай псіхалагічнай прозы і дасканалы знаўца народнай мовы Змітрок Бядуля, ён жа Самуіл Плаўнік. Ці рэпрэсіраваны за «беларускі нацдэм» тонкі лірык Юлій Таўбін, ды і іншыя.

І вось, успамінаў Зміцер Жылуновіч, у Шафрановіча пачынаюць вечарамі збірацца «капыльскія сацыялісты і сацыялісткі, ладзілі гутаркі і чытанні». Гэта зусім блізка ад ціхай вулачкі Свержанскай, дзе стаіць хата грабара, гэта значыць прафесійнага землякопа, а па-цяперашняму б сказаць — рабочага меліярацыі, Хведара Лукутавіча Жылуновіча. Рамясло ў яго для жыхара беларускага мястэчка даволі распаўсюджанае — яшчэ з XV стагоддзя ў краі спрабавалі асушыць балоты, ужо не гаворачы пра тое, што пастаянна рабіліся гаці ў нізкіх мясцінах, абарончыя валы і равы вакол замкаў, бальшакі і гасцінцы, а з канца XIX стагоддзя — чыгункі. Вось і ў вершах найбольш у той час любімага старэйшым сынам грабара Зміцерам рускага паэта Някрасава апісаны землякоп-беларус. «Песню грабара», які «ўсё жыццё сваё, дзень у дзень, год у год, зямлю цяжкай лапатай капае... дарогі граніча... і лішнюю воду спускае з балот», Гартны потым таксама напіша з такой пранізлівасцю пачуцця не выпадкова. Створыць ён таксама і «Песню жняі», паведаўшы ў вельмі блізкіх да строю беларускай народнай песні вершах аб рабоце сваёй маці — Яўгеніі Антонаўны. У летнюю пару яна хадзіла па найму жаць, а ўзімку ткала палатно, у тым ліку і на продаж.

Бацька Зміцера ведаў крыху грамату і чытаць «поверху» навучыў сына. Затым у дзесяцігадовым узросце яго ўзімку аддалі на папячэнне «дарэктара», які вучыў Зміцера пісаць і да каляд праштудыраваў з ім часаслоў. Далей справа, аднак, не пайшла. Занадта набожны «дарэктар» за смех у часе малітвы раз-другі паставіў няўрымслівага вучня ў кут голымі каленямі на грэчку — і самалюбівы хлапчына наадрэз адмовіўся наведваць заняткі. Дзед і бацька аказаліся на яго баку: чаму б і не пасмяяцца, калі словы малітвы сапраўды нейкія недарэчныя? Наступныя дзве зімы Зміцер спасцігаў навуку ўжо ў іншых «дарэктараў» і за той жа час самахоць адолеў усе царкоўнаславянскія кніжкі, якія толькі знайшліся ў радні і суседзяў.

Гэта ўзімку. З вясны ж пачыналася другая навука — працоўная. Сям’я, як мы ўжо ведаем, была поўнасцю пралетарская: ні каня, ні каровы, ні ворыўнай зямлі, толькі агародчык. Кожны наймаўся на якую-небудзь працу, тым карміліся. Дзесяцігадовым хлапчуком прынёс свой першы заработак у сям’ю і Зміцер. Пачынаючы з вербнай нядзелі да «піліпавак» пасвіў дзесяць суседскіх кароў — па рублю кожная за сезон. Абавязкі свае ён выконваў старанна — акуратнасць і добрасумленнасць былі ў традыцыях сям’і: паважалі ў рабоце сябе і абы-як не рабілі. «Кліенты» гэта заўважылі, таму на наступны год пастуху няцяжка было павялічыць статак, але пасвіў ён ужо ўдвух, з напарнікам.

Напарнікам стаў Хведар Чарнушэвіч — хлопец крыху старэйшы гадамі і аматар кніг, якія ён здабываў у капыльскіх сацыял-дэмакратаў. Мог гадзінамі дэкламаваць вершы. Асабліва Някрасава, і Зміцер поўнасцю падзяляў гэтае захапленне. Ён так быў уражаны вершамі «Дедушка» і «Железная дорога», што перапісаў іх у запаветны сшытак і завучыў напамяць.

Дзякуючы Чарнушэвічу Зміцер упершыню трапіў і на мітынг сацыял-дэмакратаў, пра якіх у мястэчку хадзілі легенды. З тае пары ён пачаў тоячыся пачытваць «пастароннія», як іх вызначыў бацька, кнігі народніцкага выдання Гарбунова-Пасадава. А ў хуткім часе Зміцер пераступіў парог хаты незвычайнага настаўніка-сацыяліста. Хоць, успамінаў потым Гартны, абывацелі і перасцерагалі сваіх дзяцей, «каб тыя баяліся дзядзькі Шафрановіча... А як толькі пераступіў, мяне, нібы магнэсам, пацягнула туды».

У Шафрановіча Гартны атрымлівае ў хуткім часе першую ў сваім жыцці «нелегальную» кнігу — «Солдатскую памятку». З вернымі сябрамі Зміцер выбіраецца ў лес і там арганізуе чытанне. У кім салдат павінен бачыць ворага? Ці абавязаны падпарадкавацца, калі начальства раптам загадае ўзняць зброю супроць рабочых людзей, якія будуць змагацца за грамадзянскія правы? І гэтак далей... Чытанне працягвалася дацямна. Слухачы сядзелі, стараючыся не варухнуцца. «Калі ж кніжачка была прачытана,— заўважае Гартны,— мы адчулі, быццам на свет нанава парадзіліся, пачалі іначай глядзець і на жыццё наогул, і на сваё месца ў ім».

Нарэшце ў Капылі адкрылі народнае вучылішча. Зміцера, праэкзаменаваўшы, адразу залічылі ў старэйшае аддзяленне. Навука наогул давалася яму лёгка, бацькі падумвалі, як бы іх сыну ды вывучыцца «на пана»: сам бы сырам у масле катаўся на казённай грашавітай службе і дапамог бы сёстрам. Ды і бацькам, калі ў іх на старасці сіл не будзе, не давялося б канчаць жыццё ў жабрацтве. Між тым будучы «кармілец» працягваў таптаць іншую дарогу — да «сацыялістаў». Нарэшце, насуперак угаворам блізкіх, прымае ўдзел у масавай дэманстрацыі і трапляе ў паліцэйскі спіс «неблаганадзейных». Праз гэта яму потым не ўдасца паступіць у настаўніцкую семінарыю.

Дэманстрацыя адбылася 1 сакавіка 1905 года — у знак ушанавання памяці рэвалюцыянераў, пакараных смерцю за замах на імператара Аляксандра ІІ. Арганізавалі яе сацыял-дэмакрат пільшчык Хведар Станілевіч, які яшчэ восенню вярнуўся з Мінска, ратуючыся ад паліцыі, і яго сябар, слуцкі муляр Фабіян Шантыр. У іх і спасцігае Зміцер навуку класавай барацьбы. Не адзін ён. Мястэчка бурліла. Адкуль што і ўзялося. Мітынгі, палкія прамовы аб грамадзянскіх свабодах, нават спробы дабівацца іх з дапамогай зброі... Калі для задушэння рэвалюцыі царызм накіраваў рэгулярнае войска, у Капылі, як успамінае паэт і сябар Зміцера Алесь Гурло, «можа, нават у імперыялістычную вайну 1914—1917 гадоў не перабыло... столькі салдат, колькі іх тут аказалася ў 1905 годзе. Пазней — стражнікі, шпікі...».

У мястэчку і ваколіцах пачаліся масавыя арышты «бунтаўшчыкоў». Пасля паскоранага суда многіх, як правіла, адпраўлялі ў Сібір. Схавацца ад карнікаў у невялікім гарадку было няпроста. Таму, хто перабіраецца ў вялікія гарады, а некаторыя нават эмігруюць у Амерыку, туды шлях пракладзены яшчэ раней шукальнікамі «зямлі абетаванай». Расказвалі, што там з палітычнымі свабодамі лепей, краіна дамаглася незалежнасці дзякуючы вызваленчай барацьбе і рэвалюцыі. Зміцер не збіраецца за мораакіян, але і заставацца ў Капылі не рызыкуе. З сябрам Красуцкім вырашаюць ехаць у Тульскую губерню — пабачыць Льва Мікалаевіча Талстога, каб пагаварыць пра літаратуру, а галоўнае — спытаць, як ім жыць далей. Зміцер яшчэ і марыў паказаць вялікаму пісьменніку свае вершы. На сямейным савеце палічылі за лепшае зрабіць іначай: ехаць усё ж у Кіеў, да сваякоў, чымся як бы выпрошваць падтрымку ў незнаёмага, ды яшчэ такога славутага, чалавека.

У Кіеве Зміцер неадкладна панёс свае творы ў газету «Киевскне новости», яна падалася найбольш прэстыжнай. Па дарозе с сябрам прыкінулі яшчэ раз, колькі гэта атрымаецца прыбытку, калі ўдасца надрукаваць хоць палову сшытка, а за радок, як пра тое яны даведаліся з аб’явы, рэдакцыя заплоціць па дзесяць капеек. «Як хацелася мець грошы! — будзе потым успамінаць Гартны.— Куды болей, чым нават таго, каб убачыць надрукаванымі вершы...»

Аднак яго чакала расчараванне. Рэдактар вершы зганіў: нейкія яны «няправільныя», падобныя хутчэй на песенныя тэксты. І, зжаліўшыся, параіў паслаць Гарбунову-Пасадаву — выдаўцу твораў такога роду. Забракавалі яго вершы і ў іншых кіеўскіх рэдакцыях. Зміцер зажурыўся: вершатворцам яго не прызнаюць, спробы ўладкавацца на працу таксама не давалі выніку, родзічы дапамагчы не змаглі. А як жыць, чым карміцца? Не станавіцца ж «басяком», хоць гэтыя героі апавяданняў Максіма Горкага яго і цікавяць сваёй незалежнасцю. Давялося вяртацца дадому. У цэнтр мястэчка ён нейкі час не паказваецца. Па-першае, сорамна перад прыяцелямі, якія верылі, што ў Кіеве яго чакае літаратурны поспех. А яшчэ пабойваецца паліцыі: могуць раптам прыпомніць нядаўні ўдзел у «беспарадках».

Удаецца ўладкавацца падсобнікам у вандроўную будаўнічую арцель. Аднак праз некалькі месяцаў, пераканаўшыся, што паліцыя ім як быццам не цікавіцца, Зміцер паяўляецца ў Капылі. На працу ўладкоўваецца ў майстэрню па вырабу скур — гарбарню. І адразу ж зноў уцягваецца ў рэвалюцыйныя справы. Аказалася, на месца арыштаваных і тых, хто быў вымушаны пакінуць родныя мясціны, бунтароў старэйшага пакалення, пачалі заступаць маладыя. «Мы, гэта значыць я і некаторыя з маіх таварышаў, як Тодар Станілевіч, Радыён Шкірыч, Рыгор Шкурынскі,— успамінаў ён,— сталі пераемнікамі сасланых у Сібір і былі ўведзены ў арганізацыйнае бюро, на чале якога стаяў стары капыльскі сацыяліст Несцер Чарнушэвіч».

Весці эвалюцыйную работу стала надзвычай складана: у мястэчку поўна шпікоў, салдат, паліцэйскіх. Некалькі разоў Зміцера на дарогах з мястэчка затрымліваюць патрулі, калі юнак накіроўваецца для сувязі ў маёнткі, дзе баставалі батракі. Але яму ўдаецца адгаварыцца: маўляў, ідзе ў вёску па сыравіну для майстэрні. Прыналежнасць затрыманага да гарбарскага цэха кожны стражнік мог адразу «ўнюхаць» у прамым сэнсе гэтага слова. Іншая справа, што капыльскія гарбарні ў той час сталі асяродкам найбольш свядомых, рэвалюцыйна настроеных рабочых.

Рэпрэсіі, аднак, даволі хутка спусташаюць і атрад гарбароў. З сяброў Зміцера арыштоўваюць Хведара Станілевіча. Следам — Рыгора Чарнушэвіча і Вар’ёна Бекіша, першых слухачоў і крытыкаў вершаў маладога паэта. Пачалася паласа рэзкага спаду рэвалюцыйнага руху, выкліканая ўзмацненнем жорсткіх рэпрэсій царызму. Аднак яшчэ цяжэй моладзь успрымала ідэйны разброд і хістанні ў самім асяроддзі тых, хто яшчэ нядаўна так аддана ўдзельнічаў у барацьбе з самадзяржаўем. У гісторыю гэтыя гады духоўнай і палітычнай рэакцыі ў агромністай «турме народаў» увойдуць эпохай ліхалецця. Як не паддацца хвалі масавага расчаравання і няверу ў будучыню? У каго знайсці духоўную падтрымку? У невялікім гарадку, дзе ўсё вальнадумнае калі часткова і пазбегла рэпрэсій — то стаілася, юнаку з абвостранымі пачуццямі было асабліва цяжка.

Можна сабе ўявіць, як ярка ў гэтым змроку рэакцыі і тугі бліснуў для Зміцера прамень маяка «Нашай нівы».

Адкуль яна наогул узялася? Што за цуд ці якая прыхамаць далі ёй магчымасць з’явіцца на свет, калі перад тым беларускае «наречие» было забаронена царскім загадам?

Не цуд і не прыхамаць. А рэвалюцыя Пятага года. Разгромленая, яна ўсё ж зварухнула нешта ў грамадскім жыцці. І вось: нават звышасцярожлівая расійская бюракратыя, імкнучыся ў далейшым аберагчы ў краі сацыяльны «кацёл» ад перагрэву, вырашыла дапусціць у якасці клапана для выпуску нацыянальнай «пары» ўмеранага кірунку друкаваны орган на беларускай мове. Праўда, для супроцьвагі былі адразу ж створаны некалькі газет на афіцыйнай, «расейскай» мове, як яе называлі на Беларусі. І там вядучыя публіцысты з нумара ў нумар з’едліва пасміхаліся над марамі абарыгенаў аб «самостийности». Чамусьці гэтае слова не толькі фельетаністы, але і аўтары рэспектабельных, «сур’ёзных» перадавых артыкулаў пісалі абавязкова на ўкраінскі манер і бралі ў двукоссі.

Зміцер пачуў пра газету ад свайго прыяцеля фельчара Рамана Гурло і папрасіў здабыць нумар для яго. А калі нарэшце прачытаў усё «ад назвы да подпісу рэдактара», то «быў у захапленні». Уразіў не столькі змест газеты, колькі «даступнасць яе, блізкасць «духу» навакольнага беларускага жыцця, нарэшце, сам факт друкавання яе на беларускай мове. Апошняе было... адкрыццём».

«Нашу ніву» чыталі калектыўна, як некалі «Солдатскую памятку». Па-ранейшаму Раман Гурло браў газету «напавер» у доктара Клейнбарта. Выпісаць яе самім было нялёгка з-за хранічнай беднасці. Рэдка калі некаму з маладых удавалася атрымаць які-небудзь пастаянны заробак. Аднак як толькі пачаўся новы сезон па перапрацоўцы скур і Зміцер зноў уладкаваўся ў майстэрню, ён з першай жа палучкі выпісвае «Нашу ніву». Хоць зарабляе мізэр — у тыдзень прыкладна тры з паловай рублі, на якія нярэдка кармілася ўся сям'я. Успамінаючы пра той «час цёмнай рэакцыі», Жылуновіч адзначаў, што калі «расейскія» газеты накшталт «Северо-Западного края» стараліся супакоіць абывацеля, пераканаць яго у спрыяльным развіцці падзей у імперыі, а карэспандэнцыі пра Беларусь «зусім не былі адбіткам сапраўднага жыцця гэтага краю», то «Наша ніва» «ў кожным нумары прыносіла свайму чытачу сотні допісаў з многіх беларускіх мястэчак і вёсак. Яна баразніла глухое беларускае жыццё і падносіла ў дробных фактах яго цікавы рух, яго твар...».

Яшчэ для Зміцера і яго бліжэйшых сяброў, якія захапляліся літаратурай, аказалася «самым цікавым... чуць родную мову ў друкаваных у газеце вершах... Калі беларуская мова ўдала перадавала весткі і думкі... то мілагучнасць яе ў вершах аказалася зусім нечаканай...».

Асабліва яго ўразілі вершы, падпісаныя імёнамі амаль што ці не старажытных дахрысціянскага часу бажэстваў беларусаў — Купала, Цётка, Колас, Буйла... Як жа ў іх складна ды хораша гучыць беларускае слова!

Што да слова Янкі Купалы, то яно настолькі глыбока працінае душу Зміцера, што ў ёй пачынаецца даўно выспяваўшы пераварот. Пра свой стан душэўнай узрушанасці ён аднойчы прызнаецца Рыгору Шкурынскаму. Свае ранейшыя вершы, напісаныя «па-расейску», якія яго сябар бывала ўхваляў, ён называе «каравымі, чэрствымі і бяздушнымі». Шкурынскі згаджаецца: цяпер так і яму здаецца.

Вярнуўшыся тым памятным суботнім вечарам з гарбарні, Зміцер прымасціўся каля акна за ткацкі станок маці і амаль навобмацак пачаў запісваць радкі, што роіліся ў яго галаве:

 

Цяжка жыць без долі,

Што рабіць — не знаю...

 

Ён вымаўляе ўслых узнікшыя з-пад яго таропкага пяра радкі. Сэрца калоціцца, губы перасохлі ад узнікшага раптам у грудзях жару... Атрымліваецца! На «сваёй» мове атрымліваецца!

 

...Хіба на свет выйду,

Долю пашукаю...

 

Сумныя радкі... Ён, які не прывык журыцца, нават калі было вельмі цяжка, гаваркі, душа кампаніі, а вось трэба ж: пачаў пісаць па-беларуску — і адразу пра самотнае. На гэты раз свой верш паказваў сябрам у майстэрні з асаблівым хваляваннем: раптам паставяцца да яго «слязніцы» адмоўна.

Але Шкурынскі і астатнія слухачы ў ацэнцы былі аднадушныя: «Быццам песня... А ты пашлі ў «Нашу ніву», убачыш — надрукуюць...»

Вершу свайму Зміцер дасць назву «Бяздольны», падпіша псеўданімам «Цішка Гартны» і з прысвячэннем Янку Купалу сапраўды адашле ў Вільню. І калі праз некаторы час яго надрукуюць, гэта стане святам душы не толькі маладога вершатворцы, але і яго сяброў-капылян, гэткіх жа пралетарыяў, як і ён.

З таго дня душэўны стан Зміцера змяняецца. Нешта падобнае ён адчуваў тады, калі ўпершыню стаў у шэрагі дэманстрантаў ці калі ўзяў у рукі зброю — абараняць сваіх суседзяў-капылян яўрэйскага паходжання ад чарнасоценцаў. Здавалася, у самім паветры яго Айчыны адбыліся нейкія хвалюючыя перамены і стала лягчэй дыхаць.

Мы можам зараз сказаць — друкаванае слова на роднай мове абудзіла ў ім драмаўшае да пары нацыянальнае пачуццё. Рана ці позна так павінна было адбыцца — ён знаходзіўся сярод мільённых мас людзей, якія пад уздзеяннем рэвалюцыі раптам пачалі больш выразна адчуваць сябе гістарычным адзінствам. Куды больш дзіўна, калі за тысячы вёрст ад Беларусі ў той жа прыкладна час падобныя пачуцці пачынаюць адчуваць дзеці «выходцев» з «краю». Да таго ж бацькі як быццам да яго ўжо і раўнадушныя: што шкадаваць нейкія пяскі ды балоты забяспечанаму яраслаўскаму чыноўніку! Дык чаму ж сын яго, не разлічваючы па падтрымку бацькі, просіць хросную маці выпісаць яму ў Яраслаў «Нашу ніву»? Бацька, які адмоўна ставіўся да захаплення сына «химерой белоруссики», тым не менш даволі дакладна вызначыў дыягназ дзіўнай гэтай «хваробы», назваўшы яе інтуіцыяй, якая дасталася ад продкаў. Юнак у хуткім часе стане беларускім паэтам. А праз некалькі дзесяткаў гадоў народ прызнае яго нават класікам нацыянальнай літаратуры. Хоць у дваццацігадовым узросце ён яшчэ не навучыцца правільна размаўляць на мове сваёй Айчыны і будзе прасіць сяброў, у тым ліку Змітрака Бядулю, папраўляць яго. «Час вяртае Радзіме яе сыноў»,— скажа Міхась Стральцоў, аўтар ці не самага пранікнёнага эсэ пра Максіма Багдановіча.

Цішка Гартны заявіў пра сябе. Ён сам потым дзівіўся, як мы ўжо ведаем: чаму ў сваім першым беларускім вершы «разышоўся» ў настроі з лірычным героем? Для асабістага суму быццам тады ўжо прычын не было. Наадварот, толькі нядаўна ўладкаваўся на пастаянную працу і ўжо нават «самы факт працы, якая дазваляла прыносіць бацькам сякое-такое падтрыманне», надаваў аптымізму. Перад гэтым «увесь дзень, працуючы... пеў з хлопцамі песні, планаваў праводзіны надыходзячага святочнага вечара». У мястэчку к таму часу таксама, нягледзячы на рэакцыю, усё ж зноў патроху пачынаў узнімацца рэвалюцыйны рух, таму што «аставаўся моцны асяродак сацыял-дэмакратыі». А «суботамі і нядзелямі перапаўнялася моладдзю біржа, дзе шырока вяліся спрэчкі на палітычныя тэмы». Адкуль жа туга? Відаць, лічыць ён, так на яго ўздзейнічалі «вакольныя абставіны... цяжкі эканамічна-палітычны ўціск, культурная адсталасць... Сялянства маўкліва несла крыж няволі». Магчыма, таксама, што паспрыяў на маладога паэта агульны літаратурны настрой таго перыяду.

Тым не меней ужо ў наступных вершах у яго пачынае гучаць не матыў сацыяльнай тугі, а ноты рашучасці да барацьбы супраць прыгнёту, гордая вера ў чалавека працы, які з’яўляецца стваральнікам матэрыяльных даброт, асновай жыцця на зямлі. На яго верш «Хто мы?» з рэдакцыі «Нашай нівы» даслалі ўхвальны водгук, ды з публікацыяй нешта пе спяшаліся. Але добра хоць тое, што рэгулярна змяшчалі яго карэспандэнцыі (допісы) аб жыцці рамеснікаў і рабочых мястэчка. Праўда, ганарару за гэта рэдакцыя, як правіла, пе плаціла.

Між тым да беларускага друкаванага слова ў Капылі прыахвочвалася ўсё болей моладзі. Не адзін Зміцер выпісаў у мястэчку «Жалейку» Янкі Купалы і «Песні жальбы» Якуба Коласа. «Не дзіва,— успамінаў ён,— што вершы... «Я — мужык-беларус, пан сахі і касы» Янкі Купалы і «Сон Сцёпкі ў астрозе» Якуба Коласа можна было чуць кожны дзень на кожнай вуліцы. Гэтыя зборнікі вершаў чыталіся з захапленнем, як да гэтага не чыталася капыльскаю моладдзю ніводная кніжка...»

У пачатку таго ж 1909 года ў «Нашу ніву» прыйдзе пісьмо капыляніна, сутнасць якога, як ні паглядзець, здзіўляе, калі ўлічваць, што аўтар — малапісьменны рабочы з закінутага пасярод лясоў мястэчка. Почырк яшчэ нераспрацаваны, «напаўдзіцячы», літары нязграбныя — магчыма, ад таго яшчэ, што выводзіліся чалавекам, чые пальцы перад тым доўгі працоўны дзень, 12—14 гадзін, скрэблі спецыяльным нажом, празваным гарбарамі «сабачкам», пакрытыя едкай сліззю скуры ў затхлай напаўцёмнай майстэрні. Каб чытач сам мог ацаніць усю своеасаблівасць зместу, падаём пісьмо поўнасцю і без якіх-небудзь паправак.

 

1909 год, февраля 14 дзень

Гаспадзін Рэдактар!

Пакорай прашу Вас выслухаць маю просьбу і адказаць мне на мае запытанні:

1) Ці выходзіць у Вільні якая прагрэсіўная газета? Калі выходзіць, та скажэце, як завецца і якая ёй цана.

2) Мо, ёсць у рэдакцыі альбо дзе на складзе історя аб беларускім народзе? Калі ёсць, та скажэце ёй цану і гдзе прадаецца, а як у рэдакцыі «Нашай нівы», та вышліце мне. Я прасіў бы яшчэ Вас, г. р., выслаць мне колькі штук беларускіх пачтовых пісулек.

 

С паважаннем Цішка Гартны

З Копыля.

Кніжкі ён не атрымаў. Цікавасць да гісторыі роднага краю даводзілася задавольваць пераважна чытаннем краязнаўчых матэрыялаў у «Нашай ніве». Асабліва па душы яму падарожныя нарысы Ядвігіна Ш. Магчыма, пад гэтым уплывам у Зміцера ўзнікае імкненне самому накіравацца ў вандроўку па Беларусі. Даведацца б, як жывуць і пра што мараць таварышы па прафесіі, рабочыя-гарбары, у іншых месцах. Нечым гэта блізка па настроі амаль ці не абавязковай вандроўцы падмайстэркаў Сярэднявечча. Тыя ж таксама выпраўляліся на пошук не адных толькі «вытворчых сакрэтаў» і для набыцця вопыту ў знакамітых майстроў. Праглі яны, перш чым стала зажыць аседла, лепей зразумець навакольны свет і людзей у іншых мясцінах.

Іншая справа, што ў дарогу збіраўся не сярэдневяковы малады бюргер з залатой завушніцай, а юнак з даволі цвёрдымі палітычнымі поглядамі, які прайшоў загартоўку нядаўна адпалаўшай рэвалюцыі Пятага года,— Гартны.

Намер ягоны акрэп пасля аднаго памятнага вечара. Калі ў «Нашай ніве» было надрукавана ўжо некалькі вершаў Гартнага, яго прыхільнікі, маладыя капыльскія гарбары, цеслі і земляробы, сабраўшыся ў дальняй каморы карчмы, наладзілі «свайму» паэту «пачостку». Зміцер разумеў, што ў яго асобе «кожны ўдзельнік вітаў беларускае друкаванае слова, веліч і глыбіню ўзнятых ім пытанняў, першых нацыянальных песняроў», але ў той жа час і яго, капыляніна, далучэнне да «пісьменніцкай чыннасці». Ад яго, свайго земляка, яны спадзяваліся пачуць адказ на пытанне, якое хвалявала кожнага: якім шляхам дабівацца сацыяльна-нацыяналынага вызвалення Беларусі? Зразумела, каб перамагчы царызм, неабходна па-братэрску з’яднацца ўсім пралетарыям. А потым? «Перспектывы былі туманныя і няясныя»,— зазначыць ён пазней. Адказу Зміцер не меў, але спадзяваўся знайсці яго ў людзей, якія аб’ядналіся вакол рэдакцыі «Нашай нівы». Яны здаваліся маладому гарбару «дзёрзкімі і смелымі», нават «занадта», і ў іх, канечне, ёсць прадуманая праграма дзеянняў. З Вільні далей бачна, чым з Капыля. Там людзі сабраліся адукаваныя, вопытныя. Нарадзілася ідэя абавязкова і неадкладна з імі сустрэцца, грунтоўна пагутарыць, каб «больш канкрэтна выявіць сабе перспектывы... і сэнс» барацьбы за незалежную Беларусь. Таварышы яго як бы дэлегавалі. Зміцер адчуваў сябе іх упаўнаважаным, і ад таго яшчэ больш рашучым. Вельмі хацелася таксама хутчэй сустрэцца з Янкам Купалам і Якубам Коласам, пажыць каля іх, павучыцца.

Да жніўня 1909 года жаданне гэта да таго авалодала маладым капылянінам, што ён нарэшце ўзяў разлік у гарбарні і рушыў у дарогу на пошукі Вялікай праўды аб сваім пародзе. Развітацца з ім прыйшло нямала моладзі, былі брацкія пацалункі, абдымкі, поціскі рук і нават рэвалюцыйныя песні, што не на жарт занепакоіла паліцэйскіх.

 

 

4. Пачатак адысеі

У Вільню! Назва гэтага слаўнага горада хвалявала сэрцы маладых беларусаў яшчэ з XIV стагоддзя. Сюды імкнуліся тыя, хто прагнуў дабіцца поспехаў пры вялікакняжацкім двары ці сабраць багацце, заняўшыся гандлем, і тыя, хто жадаў пасцігнуць рамесніцкае майстэрства або атрымаць веды, каб зразумець, чаму быццё рода чалавечага гэткае недасканалае і ці не супярэчыць гэта усявышняму наканаванню, калі яго ўсё ж паспрабаваць зрабіць лепшым для паспалітых. Блаславёны будзь на вякі Віленскі універсітэт! Ты яшчэ ў Сярэднявечча даваў духоўную страву сваім выхаванцам, не падзяляючы асабліва хто з іх ліцвяк, хто русін, а хто паляк. Каб пазбегнуць перавагі якой-небудзь з нацыянальных груп, веды выкладаліся на мове, на якую не прэтэндаваў болей ніводзін з існаваўшых народаў,— на залатой латыні. Да яе, праўда, спрытна прыстасаваўся Ватыкан, але гэта не перашкодзіла скарыстаць таксама лаціну Джардана Бруна, Каперніку, Эразму Ратэрдамскаму, Мікалаю Гусоўскаму, Казіміру Лышчынскаму і многім яшчэ, каго народы ўславілі потым у вяках.

Затым часы для Вільні пайшлі не самыя светлыя, але слава універсітэцкага горада ўсё ж працягвала ўздзейнічаць на яго духоўнае жыццё. Іншы раз трымацца дапамагаюць нават успаміны.

Вітала тут таксама памяць пра Кастуся Каліноўскага. Вось Лукішскі пляц, дзе не толькі шматтысячны натоўп — камяні брукаванкі і сцены старажытных будынкаў навек увабралі ў сябе апошнія словы змагара за волю народа. Пра дзейнасць падпольнага ўрада «чырвоных», якога Мураўёўдушагуб баяўся, па яго ўласным прызнанні, больш, чым нават паўстанцкіх атрадаў, Зміцер чуў ад старых капылян яшчэ ў маленстве. Як і пра тое, што выданы здраднікам, Каліноўскі на допытах трымаўся да канца мужна, ніводнага імені паплечнікаў царскія следчыя ад яго не пачулі. Адданыя людзі, рызыкуючы сабою, вынеслі на волю з турэмнага каземата кароткае развітальнае пісьмо, дзе Каліноўскі завяшчаў: «Ваюй, народ, за сваё чалавечае і пароднае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную!» На эшафот ішоў смела, на сваіх катаў пазіраў пагардліва. Калі чытаўся царскі прысуд і яго назвалі дваранінам, крыкнуў: «У нас няма дваран, у нас усе роўныя!» Калі было сказана, што яго караюць імем цара, вымавіў: «Мы цара да сябе не клікалі і не прызнаём!»

Кастусь Каліноўскі на ўсё жыццё застанецца для Зміцера Жылуновіча ўзорам годнасці і адданага служэння роднаму народу. Бюст Каліноўскага ён паставіць потым у сваёй мінскай кватэры, каб бачыць яго пастаянна.

Гэта ўсё яшчэ наперадзе. Пакуль жа Зміцер са сваім спадарожнікам, нейкім Жухавіцкім, які дабіраўся ажно з Варшавы, каб пазнаёміцца з нашаніўцамі, размаўляючы пра Каліноўскага і пільна аглядаючы віленскія вулачкі, накіроўваліся ў рэдакцыю.

Ці расчаравала прагнуўшага духоўных ведаў маладога капыляніна рэзідэнцыя, дзе знаходзіўся, па яго ўласным вызначэнні, цэнтр «беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння»? Ва ўсякім разе, толькі пасля неаднаразовых роспытаў яны з Жухавіцкім «апынуліся перад вузенькімі дзвярыма і акном пры іх, над якімі вісела шыльда», якая сведчыла: вандроўнікі ля запаветнай мэты. Яны «ўвайшлі ў цёмнае памяшканне рэдакцыі». Зміцер прыкмеціў і іншыя гэтак знаёмыя адзнакі хранічнай беднасці: тры невялічкія пакойчыкі з прымітыўнымі сталамі і старымі крэсламі, у левым кутку пярэдняй — «крывы і паламаны дыван», на якім яму потым і прапануюць уладкавацца нанач, пакуль не знойдзе сабе жытла. Праўда, пакойчык рэдактара «Нашай нівы» А. Уласава абстаўлены быў крыху лепей, а «на сценах віселі абразы, старая зброя» і іншыя рэчы археалагічнага выгляду. «Тут жа са столі звісала на тоўстых вяроўках... перакладзіна для гімнастыкі» — атрыбут поўнай суладнасці з духам самых модных тэорый часу аб карысці спорту для развіцця асобы. Ды ўсё роўна на капыляніна «ад усяго гэтага веяла беднасцю і непрытульнасцю».

Аднак галоўнае ўсё ж было ў іншым: зразумела, што апазіцыйная, не толькі пазбаўленая падтрымкі, а, наадварот, змардаваная паліцэйскім «бдением» газета была беднай. Добра — такая існавала. Як ён марыў трапіць сюды! Расчараванне выклікала тое, што «цэнтральны штаб» руху за нацыянальнае адраджэнне беларусаў уяўляў сабою, аказваецца, не такую ўжо згуртаваную «грамаду» аднадумцаў, як тое яму здавалася здалёк. Валодаючы абвостраным сацыяльным адчуваннем, Зміцер неўзабаве заўважыў, што рэдактар «Нашай нівы» і яго бліжэйшыя паплечнікі не схільныя былі абвастраць адносіны з уладамі (самай запаветнай іх марай было пераканаць урад дараваць беларусам права на культурную аўтаномію), ні тым больш выступаць у абарону правоў працоўных. Цяпер ён зразумеў, чаму ў яго допісах пра побыт гарбароў у рэдакцыі выкрэслівалася кожнае вострае слова. «Я так лаяўся,— успамінаў ён,— што нарэшце такая флегма, як Уласаў, сказаў сярдзіта: «Ведаеце, вам ахвота выкрываць існуючыя парадкі, а мне, напрыклад, як афіцыйнаму рэдактару, няма ахвоты сесці ў турму!.. Да таго ж могуць закрыць зусім газету, кажу... Так абстаіць справа!..» Да рабочых яны адносіліся насцярожана, а да яго, які адчуваў сябе іх прадстаўніком, паблажліва, у духу панскага лібералізму. Роўнасці не прадбачылася, а мэты барацьбы за нацыянальнае адраджэнне кожны клас, аказваецца, разумеў па-свойму. Гэта паступова выяўлялася для яго ў выніку гарачых спрэчак, якія Зміцер узнімаў кожны раз.

Ды тут яшчэ да тэорыі аб нацыянальным адзінстве «ўсяго народа» прыбавілася самае ўражлівае — практыка. Адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады «прафесар», як яго называе Гартны, В. Іваноўскі, даведаўшыся, што Зміцер шукае работу, дабрачынна прапанаваў «службу» ў сваім маёнтку. Паехалі ў Лідскі павет. У маёнтку Іваноўскі паказаў хлопцу хатку, дзе начаваць, а сам накіраваўся ў панскі дом — у яго меліся быць госці. У хаціне, куды ўвайшоў Зміцер, было брудна, патыхала смуродам недагледжанага катуха. Тут жылі батракі. «Я агледзеў іх непачэснае жыллё,— успамінае ён,— параўнаў з пакоямі самога нашаніўца, і мяне за жывое забрала гэтая рэзкая процілежнасць паміж панам і парабкам. Мільганула думка: ці не за парабка прывёз мяне сюды Іваноўскі? Ці не думае ён аддаць мяне пад загад аканому, які будзе здзекавацца з мяне і прымусіць тут, у глушы... узбагачаць і так ужо багатага пана. Гэтак я прасядзеў гадзіны са тры ў гэтай сабачай будцы. У Іваноўскага балявалі. Чуваць было смех, раяль, спевы...»

Зміцер выходзіць з хаціны, закідвае за плечы свой клунак з пажыткамі і, «схаваўшы глыбока ў сэрцы памяць аб Іваноўскім», ужо ў цемры брыдзе на станцыю пешкі дваццаць вёрст, каб вярнуцца ў Вільню. Гэтага нагляднага класавага ўрока Жылуновіч не забываў потым ніколі: эксплуататар не мяняе сваёй сутнасці, нават калі становіцца актыўным прыхільнікам нацыянальнай ідэі.

Самымі блізкімі яму па духу людзьмі ў «Нашай ніве» аказаліся ўлюбёны ў нацыянальную культуру экспедытар Сцяпан, фактычна — гэткі ж рабочы чалавек, як і Зміцер, і малады публіцыст Сяргей Палуян. Апошні адрэкамендаваўся }ўкраінскім сацыял-дэмакратам. З Палуянам яны гутараць пра літаратуру, пра «беларускі нацыянальна-сацыялістычны рух», абмяркоўваюць «палажэнне «Нашай нівы» і палітычны напрамак і настрой сяброў рэдакцыйнай калегіі. Абодвух... не здавальняў слабы радыкалізм кіраўнікоў і інтэлігенцкая адмежаванасць ад рабочых».

Зацікавіў яго таксама Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). «Вясёлы настроем, з надзвычай гасціннай мінай на твары, мяккім поглядам вачэй», ён умеў слухаць субяседніка і цікава, з гумарам расказваў сам. Да таго ж у яго аказаліся багатыя веды па гісторыі Беларусі. Зміцеру ён ахвотна пайшоў паказваць горад. Ад Віленскай вуліцы, дзе размяшчалася рэдакцыя, накіраваліся да кафедральнай плошчы, адтуль па Вялікай да комплексу будынкаў ля касцёла святога Яна — апошняга прытулку Кастуся Каліноўскага. З гутаркі Зміцер зразумеў, што яго вучоны экскурсавод не падзяляў радыкальных пазіцый правадыра паўстанцаў, быў за асветніцтва і культурную аўтаномію Беларусі.

Затое з памянёным ужо рэдакцыйным экспедытарам Сцяпанам яны, поўнасцю сышоўшыся ў палітычных настроях, хутка ўжо абмяркоўвалі «пытанні рабочага жыцця, настрояў рабочых, іх матэрыяльнага становішча». Зміцер даведаўся ад Сцяпана, што сярод рабочых Вільні ёсць нямала такіх, «якія былі ў курсе беларускага нацыянальнага пытання». Сцяпан паабяцаў пазнаёміць з імі капыляніна. Аднак той і сам, уладкаваўшыся нарэшце на працу на завод Гецава па вырабу скур і зняўшы куток у хаце рабочага на Лукішках, хутка завёў знаёмства з актыўнымі ўдзельнікамі рабочага руху.

Скураны завод Гецава — не капыльскія майстэрні з якім-небудзь тузінам рабочых, тут народу шмат, у кожнага свой лёс, свой жыццёвы вопыт, характар. Кампанейскі капылянін праз кароткі час з многімі паспявае пазнаёміцца, заводзіць гутаркі на палітычныя тэмы. А на заводзе неспакойна: зусім нядаўна ў Вільні скончылася паражэннем забастоўка рабочых скураной прамысловасці. Значная частка актывістаў звольнена, на гадзіну павялічаны працоўны дзень, тройчы на прахадной праводзіцца вобыск, у цэху да кожнага шэпту прыслухоўваюцца шпікі. Капылянін хутка трапляе пад іх увагу, яму пагражаюць непрыемнасці. Зміцер просіць рэдактара «Нашай нівы» даць яму якую-небудзь работу ў рэдакцыі. Уласаў разводзіць рукамі: нічога нават не прадбачыцца. І раіць паступаць у настаўніцкую семінарыю, бо знаходзіць у Зміцера здольнасці да настаўніцкай прафесіі. Вось і Якуб Колас вучыўся ў семінарыі.

Самога Коласа ў Вільні няма. Купалы таксама. А так хацелася абодвух пабачыць, параіцца. Што да семінарыі, то пра гэта нечага было і марыць. Трэба ж на хлеб зарабляць, а дапамогі чакаць няма адкуль. Яму давядзецца праходзіць свае «універсітэты», як Максіму Горкаму. Будзе вывучаць жыццё гарбароў у розных мясцінах, лепей зразумее наогул настрой рабочых. «Да гэтага прымешвалася,— прызнаецца ён потым,— нясмелая развага наконт спробы пазнацца і са светам горкаўскіх герояў...»

Рэдактар з ім пагадзіўся і запрасіў пісаць надалей у газету. Зміцер сардэчна развітаўся з усімі, пацалаваўся. Ён нікога не вінаваціў, што не дапамаглі яму ўтрымацца каля рэдакцыі. На медныя капейкі выдаюць нашаніўцы сваю газету, рызыкуюць, церпяць ад паліцыі, адбіваюцца ад наскокаў з аднаго боку апалячаных інтэлігентаў, з другога — ад абруселага «мыслящего общества», якое таксама папікае іх тым, што яны займаюцца «ліха ведае чым». Калі тут ім валэндацца яшчэ і з яго праблемамі. Нават ад сябе стараецца ён хаваць зараз тое, што так выразна выявілася ў інцыдэнце з Іваноўскім.

Зміцер вырашыў ехаць у Смаргонь. Даведаўшыся пра гэта, майстар цэху, які таксама спачуваў сацыял-дэмакратычнаму руху, папярэдзіў: там зараз пачаўся спад вытворчасці па вырабу скур, наўрад ці знойдзецца работа. Што ж, ён жадае на ўласныя вочы паглядзець і на такі бок жыцця рабочага люду горада, які славіцца не толькі тым, што меў некалі «мядзвежую акадэмію». Смаргонь — адзін са старых цэнтраў беларускага гарбарства з трывалым рэвалюцыйным настроем. «Яшчэ свежыя былі ў памяці смаргонскія забастоўкі і дэманстрацыі 1905 і 1906 гадоў», пра якія нямала ў свой час пісалі (з абурэннем, вядома) царскія газеты і з гонарам гаварылі рабочыя Капыля і Вільні.

Трох рублёў з палцінаю, што Зміцер атрымаў пры разліку, на падарожжа было малавата. Рабочыя пусцілі шапку па крузе. Майстар у выніку ўручыў яму яшчэ тры рублі медзякамі і грыўнямі. І акрамя таго — рэкамендацыйнае пісьмо да аднаго з лідэраў смаргонскіх сацыял-дэмакратаў, рабочага-гарбара.

Так што калі Зміцер з’явіўся ў Смаргоні, там у яго ўжо меўся дакладны адрас, куды звярнуцца па падтрымку.

Горад сустрэў яго знаёмым пахам дзёгцю і скур. Яшчэ ля станцыі Зміцер прыкмеціў і «мноства фабрычных комінаў, з якіх валіў дым». Кучы выкінутай проста на ўзбочыны дарогі мяздры таксама «яскрава сведчылі пра размах гарбарскай прамысловасці ў гэтым заштатным гарадку». З газет яму яшчэ раней было вядома, колькі ў Смаргоні рабочых — «звыш дзвюх тысяч чалавек». Даволі значны атрад пралетарыяў.

Ён толькі выпадкова пазбег арышту, калі на яго звярнулі ўвагу гарадавыя. Удвух яны ўваліліся да яго ў нумар гасцініцы і, не задаволіўшыся толькі праверкай пашпарту і роспытамі, чаго ён прыехаў у Смаргонь, узяліся абшукваць. Перш-наперш абмацалі ўсе кішэні. Зміцер баяўся, што гарадавыя знойдуць сапраўды крамольны дакумент — «ліст, адрасаваны вядомаму ў Смаргоні сацыял-дэмакрату рабочаму Міцкевічу». У тым лісце Жылуновіч характарызаваўся віленскімі таварышамі як стойкі сацыял-дэмакрат, «якому можна цалкам давяраць, якога трэба падтрымаць і, у сваю чаргу, даць рэкамендацыйны ліст у Мінск». Крамольны гэты дакумент ляжаў у Зміцера пад падбіўкай у жакетцы, «дзякуючы чаму яго не ўдалося намацаць», а потым увагу паліцэйскіх адцягнулі рэчы, напакаваныя ў дарожнай карзінцы. Асабліва зложаныя пад бялізнай камплекты «Нашай нівы» і некалькі «расійскіх» кніжак. Больш за ўсё гарадавых зацікавіла «Наша ніва». «Расклаўшы на ложку змешчанае ў карзінцы, яны старанна разглядалі газету, спрабуючы чытаць яе». Беларускі тэкст выклікаў у іх здзіўленне, «гарадавікі... як казлы на ваду, узіраліся ў «Нашу ніву». Нарэшце адзін з іх пагрозліва спытаў у Жылуновіча: «Што гэта ў цябе за газеты?»

Той растлумачыў, што беларускія, дазволеныя да выдання віленскім губернатарам.

«Ну проста ні слова не зразумець»,— прызнаўся гарадавы, і было прыкметна, што гэта выбіла паліцэйскіх са звычайнай каляіны — аказваецца, на мове «быдла» ўладамі ўжо дазволена нават газету друкаваць!

Міцкевіч, да якога Зміцер у хуткім часе трапіў, аказаўся чалавекам бывалым. Нават паспеў папрацаваць у Злучаных Штатах Амерыкі, адкуль прывёз грамафон, страсць да чытання кніжак і яснае разуменне таго, што без радзімы чалавек усяго толькі трэска на хвалях жыцейскага мора. Жылуновіч знайшоў у асобе гэтага чалавека блізкага па духу і цікавага субяседніка. Разам яны затым абышлі некалькі самых буйных скураных прадпрыемстваў. Работы не знайшлося. Настрой у рабочых быў прыгнечаны. «У нядаўна магутнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі,— успамінаў Жылуновіч,— заставаліся лічаныя сябры... Рабочыя ўсё болей знаходзілі выйсце сваім настроям у пашыраным п'янстве...»

Рэвалюцыйная Смаргонь тым не менш не здавалася. У сакрэтных данясеннях начальніка Віленскага губернскага жандарскага ўпраўлення Дэпартаменту паліцыі неаднойчы паведамляецца аб хваляваннях і забастоўках рабочых смаргонскіх прадпрыемстваў. Зміцеру вельмі хацелася «пажыць нейкі час у гэтым асяроддзі гарбарскай прамысловасці», лепей разабрацца ў тым, што адбываецца. Смаргонцы таксама праявілі да пасланца віленскіх сабраццяў павышаную цікавасць. Стыхійна ўзнікла сходка, Жылуновіч выступаў. Расказваў пра нашаніўскі рух.

І зноў, як у Вільні, выразная праява пралетарскай салідарнасці: Жылуновічу даюць рэкамендацыйны ліст да мінскага рабочага Палтаржыцкага і арганізуюць збор грошай на дарогу, «нешта каля сямі рублёў». Капылянін зноў адчувае сябе дэлегаваным. Яму таксама даюць наказ пабачыць Якуба Коласа — той у мінскай турме. Вялікая група рабочых праводзіць Жылуновіча на вакзал.

Апошнія смаргонскія ўражанні для яго нечакана афарбоўваюцца ў трагічны тон. Адзін з праважатых, малады гарбар, нейкім чынам у мітусні трапляе пад цягнік. Струмень крыві з адрэзаных ног, перадсмяротны крык чалавека, які толькі што цябе па-брацку абдымаў, скаланулі да глыбіні душы. Тут жа на станцыі, у чаканні поезда на Мінск, Зміцер прыткнуўся ў нейкім кутку і ліхаманкава пачаў пісаць свой першы падарожны матэрыял у «Нашу ніву».

 

 

 

5. У Мінску

У Мінск ён прыехаў ноччу і накіраваўся ў прывакзальныя нумары. Уладкаваўшыся ў цесным катуху на другім паверсе невялікага драўлянага будынка заезджага дома, выйшаў на Прывакзальную плошчу. Доўга ўзіраўся ў той бок, куды стралялі, стоячы тут, перад будынкамі вакзала, салдаты, якія ўчынілі бойню мінчан, што мітынгавалі 31 кастрычніка 1905 года. Па краі плошчы цьмяна паблісквалі крыжы невялікай чыгуначнай царквы, на падворак якой некалі сцягвалі целы пабітых дэманстрантаў. Многіх з іх і адпявалі ў гэтай жа царкве, а потым у адкрытых дамавінах панеслі на руках да Заходніх варот горада, у слабаду чыгуначнікаў і далей, на могілкі. Зноў быў натоўп, дэманстрацыя, конныя жандары і салдаты з вінтоўкамі. А прама — яркія ліхтарні па Віленскай, цэнтр горада, куды імчаць рамізнікі, накіроўваецца «чыстая» публіка, дзе шыкоўныя рэстараны і дарагія гатэлі, амаль святочны шум і бляск, нягледзячы на ноч... Ён вяртаецца ў маленькі нумар, адкуль дыхнула «спёртым паветрам і беднасцю»... і салодка засынае з дарогі, каб прачнуцца на золаку.

Была нядзеля. Хуценька выпіўшы шклянку гарбаты з хлебам, Зміцер спяшаецца да астрога на Серпухоўскай. Там, стоячы ў вялікім натоўпе ля брамы, так і гэтак прыкідваў: як угаварыць турэмнага служку, які за маленькім столікам не спяшаючыся перагортваў спісы вязняў, каб дазволіў яму пабачыцца з Якубам Коласам? Турэмшчык кожнага распытваў прыдзірліва: хто ды адкуль, у якой ступені радства з арыштантам. Зміцер пашкадаваў, што спярша не параіўся ўсё ж з Уладзіславам Галубком. Быў на прыкмеце ў яго ў Мінску такі завочны знаёмы па перапісцы — яшчэ амаль невядомы тады нікому ў тэатральных колах канторскі служачы, што пісаў гумарэскі ў народным духу для «Нашай нівы». Пабачыцца з ім Зміцер разлічваў увечары, бо той жа, вядома, днём на службе. А Галубок, канечне, лепей за яго прыдумаў бы, як падступіцца да турэмшчыка.

Было таксама непрыемна адчуваць сябе «ў абыймах тоўстых мураваных сцен і жалезных варот». Вунь аблезлае скляпенне тае падваротні, дзе тры гады таму павесілі адважнага Пуліхава. Кінуў у клятага Курлова бомбу, а тая нават не ўзарвалася, затое самога ўсё роўна ў пятлю.

Але вось надышла ягоная чарга. Турэмшчык звысоку і падазрона агледзеў усхваляванага хлопца, суха запытаў:

— А табе да каго?

— Мне да Кастуся Міхайлавіча Міцкевіча...

У адказ чуе неспадзяванае:

— Яго тут няма...

Не адразу ўдалося даведацца, што Коласа чамусьці перавялі ў жаночы астрог ля Брэсцкага вакзала. Добра яшчэ ў канцылярыі начальніка турмы натрапіўся нейкі добразычлівы малады чалавек. Ён і растлумачыў, куды ісці, нават папярэдзіў, што паспець трэба да дванаццаці гадзін дня.

Зміцер паімчаў па пыльных мінскіх вулачках. «3 Серпухоўскай да Брэсцкага вакзала адлегласць немалая,— успамінаў ён,— а ў гарачыню, якая ў той дзень стаяла, было бегчы не вельмі лёгка». Ды яшчэ ж і дарогі добра не ведаў, а ў каго распытваў, не ведалі ці паказвалі не зусім дакладна, таму блытаўся, нерваваўся. Вядома, наняўшы рамізніка, дабрацца было б зусім проста, але ж праклятая беднасць! Калі яшчэ давядзецца нешта зарабіць.

Ён прымчаў да варот жаночага астрога ўвесь потны, з шызым ад напружання тварам, засопшыся. І якраз гэткі яго выгляд пераканаў здаравеннага нагледача, што хлопец сапраўды скарыстаў стаянку поезда па дарозе ў Маскву і потым доўга пе зможа пабачыцца са стрыечным братам Міцкевічам.

Прывабнасць прыгожага летняга дня, «цішыня, якая панавала ў той момант у будынку астрога», асабліва выразна падкрэслівалі «зычны дзвэнг ключоў» — здаецца, скрэблі проста па ягонай душы. А тут яшчэ прыглушанае рыпенне дзвярэй камеры... Зміцер доўга не можа ачомацца. Колас разглядае яго са здзіўленнем. Што за хлапчына?

Зміцер таксама прыглядаецца да паэта з абвостранай увагай. Заўважае яго вялікія залысіны, адрослую чорную бараду, бледнасць прыемнага інтэлігентнага твару, доўгую бела-жоўтую кашулю, вышытую па каўняры, на падоле і на рукавах. І тое, што яна «была перацягнута поясам, не то беларускім, не то па модзе, крамным, вітым у вяроўку». Пасля рытуалу знаёмства размова амаль адразу пераключаецца на блізкае абодвум — пра справы «Нашай нівы». Праўда, стрымлівае, прымушае карыстацца недагаворкамі прысутнасць насцярожанага турэмшчыка. Аднак ужо сам факт доўгачаканай сустрэчы з Коласам ды яшчэ ў такіх незвычайных умовах робіць на Зміцера незвычайнае ўражанне. Пры сустрэчы з Уладзіславам Галубком яны потым перабіраюць кожнае імгненне сустрэчы ў турме, «доўга абгаворвалі значэнне Якуба Коласа ў літаратуры, яго творчасць і найболей лёс, што загнаў паэта ў трохгадовую крэпасць».

Сам Колас пра ўдзел у рэвалюцыйных падзеях Пятага года, што прывяло яго на лаву падсудных, яскрава апавядае ў трылогіі «На ростанях». Там можна знайсці таксама вельмі дакладнае апісанне жыцця мінскай інтэлігенцыі пачатку дваццатага стагоддзя. Прататыпаў потым пазнавалі іх сучаснікі. Напрыклад, будучага вучонага-аграбіёлага прафесара Сяргея Скандракова. У аповесці ён выведзены пад імем прадстаўніка Беларускай сацыялістычнай грамады на настаўніцкім з’ездзе Кандаковіча. Скандракоў у той час карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод рэвалюцыйна настроенай інтэлігенцыі Мінска, якая, аднак, яшчэ аддавала і даніну павагі ветэрану народніцтва, «старому» Бонч-Асмалоўскаму. Гісторык В. Скалабан, які даследаваў гэты сюжэт, даючы характарыстыку рэвалюцыйнага Мінска 1905—1906 гадоў, паведамляе, што «Скандракоў сумесна з Багданам Кушталянам, Антонам Шабунем, Канстанцінам Шпакоўскім ды Уладзімірам Самойлам арганізаваў кніжнае выдавецтва «Мінчук», якое рыхтавала да друку «Жалейку» Янкі Купалы...» Ён жа стаў рэдактарам-выдаўцом газеты ярка выражанага рэвалюцыйнага кірунку «Голос Белоруссии». Выйшаў усяго адзін нумар. «Голос...» па загаду губернатара Курлова закрылі, а супраць выдаўца ўзбудзілі судовую справу. Газета надрукавана на рускай мове, але ў ёй жа змешчаны па-беларуску вершы Францішка Багушэвіча «Панская ласка» і Янкі Лучыны «Роднай старонцы». Годам пазней, адзначае В. Скалабан, на гэта звярнуў увагу «вядомы польскі і літоўскі вучоны і публіцыст М. Ромер», які «ў варшаўскай газеце «Ргаwdа» («Праўда», 1907, № 34)... выказаў думку, што «Голос Белоруссии» хацеў зрабіць раўнапраўнымі абедзве мовы, рускую і беларускую, і гэтым у пэўнай ступені даць магчымасць беларусам выкарыстаць сваю мову і друк для нацыянальна-культурных патрэб».

М. Ромер даволі дакладна здагадаўся пра тое, аб чым сам С. Скандракоў паведаміў у аўтабіяграфічных нататках праз дзесяткі гадоў. Там жа ён тлумачыць, чаму, будучы студэнтам Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута і распаўсюджвальнікам ленінскай «Искры», уступіў у Мінску ў камітэт Беларускай сацыялістычнай грамады. «У гэты час,— адзначаў С. Скандракоў,— наколькі мне вядома, партыя бальшавікоў яшчэ не мела сваёй арганізацыі ў Мінску...», тады як Мінскі камітэт БСГ «вёў значную работу сярод рабочых і сялян Беларусі і меў падпольны друкарскі станок».

Янка Купала таксама ўспамінае, як, «прыехаўшы з вёскі... дзякуючы падказцы знаёмых, трапіў на рэвалюцыйна-канспіратыўную кватэру» грамадаўцаў. Удзельнікаў той памятнай яму сходкі ён характарызуе так: «Усё гэта былі гарачыя, адчайныя галовы, якія збіраліся цэлы свет перавярнуць дагары нагамі... З размоў людзей, якія сабраліся на гэтай кватэры, я зразумеў, што тут вырашаецца, абмяркоуваецца вельмі важнае пытанне пра тое, як узняць увесь беларускі народ, усё беларускае сялянства супроць прыгнятальнікаў...»

Вось гэтая рэвалюцыйная атмасфера Мінска рабіла яго прыцягальным для многіх маладых гарачых галоў з правінцыі. Ён станавіўся ў гэтым сэнсе духоўным цэнтрам Беларусі, паступова адсоўваючы на другі план Вільню. Прыцягненне яго духоўнага магнітнага поля адчуў на сабе і Зміцер Жылуновіч.

Аднак трапіў ён у Мінск ужо ў той час, калі рэвалюцыйны рух у горадзе быў амаль ці не поўнасцю задушаны. Каго пагналі на катаргу ў Сібір, хто, падобна Коласу, адзвоньваў тэрмін у мясцовых астрогах. Толькі невялікай колькасці змагароў удалося схавацца ў другіх месцах ці стаіцца ў падполлі. Таму ў маленькай кватэрцы Уладзіслава Галубка размова аб рэвалюцыйным руху атрымлівалася не надта аптымістычнай. Гаспадар і яго прыяцель Альберт Паўловіч, з якім Зміцер адразу пасябраваў, дэкламавалі свае пякучыя сатырычныя вершы, чыталі таленавіта напісаныя гумарэскі. Але дзе гэта друкаваць і хто пра яго даведаецца, акрамя вузкага кола знаёмых інтэлігентаў і прыхільнікаў з ліку свядомых рабочых? Адна надзея — на «Нашу ніву». «Балюча зрабілася на сэрцы, і дымок безнадзейнасці затуліў на момант прагляды ў будучае,— успамінаў пра свой тагачасны настрой Жылуновіч.— Бо справа з беларускім друкам, з усім беларускім рухам напамінала... крохкую шкляную пасудзіну, якая ад слабенькага штуршка магла разбіцца. Сапраўды, гэта выглядала іскрай, якую фанатычна і ўпарта раздзьмухвала ў асяродзішчы цёмнай глухой ночы групка самаахвярных людзей».

Тым не менш іскры не затухалі. У хуткім часе Альберт Паўловіч знаёміць Зміцера са сваім прыяцелем Іофе (Жылуновіч не называе імя, але наўрад ці гэта быў той, які потым прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі ЛітБела. Можа, родзіч?). Капыляніна здзівіла (рэфлекс яшчэ не зусім зжытай племянной абмежаванасці?), што яўрэй аказаўся цвёрдым прыхільнікам беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аднак у далейшым прыйшоў да думкі, што Іофе — «сапраўды чалавек выразнай марксісцкай школы, добра начытаны і свядомы ў гісторыі сацыялістычнага руху». У Зміцера палепшыўся настрой. У выніку Мінск, з якім ахвотна знаёмілі яго сябры, яму «паказаўся больш гасцінным, чым Вільня», і ён ужо не хацеў гэта месца, як мерыўся спачатку, «хутка пакідаць».

Дадатковыя звесткі аб рэвалюцыйным руху ў горадзе Зміцер атрымаў затым ад Палтаржыцкага, якога адшукаў на заводзе Сальмана. Ці было яму вядома аб пракламацыі, якую жандары якраз у тыя месяцы знаходзілі не толькі на мінскіх заводах, але і ў мястэчках за сотню вёрст ад цэнтра губерні? Такіх, скажам, як Бяроза ці невялікая станцыя Пагодзіна Пружанскага павету. Хутчэй за ўсё — вядома1.

 

РОСССИЙСКАЯ СОЦИАЛ-ДЕМОКРАТИЧЕСКАЯ РАБОЧАЯ ПАРТИЯ

 

Пролетарии всех стран, соединяйтесь!

Таварыщи рабочие!

После временной победы революцаонного народа в 1905 г. над растерявшимися слугамы царского правительства мы снова очутались в плену у заклятых врагов свободы народа. Снова, нас душат генерал-губернаторы, губернаторы, жандармы, полицейские министры и несметная туча всякой большой и малой чыновничьей сволочи. За кровные деньги народа, щедро раздаваемые царем-батюшкой, они стараются теперь вытравить даже самые воспоминания о тех победах, какие одержаны были революцыонным народом над царским правительством в дни свобод.

Виселицы и пули, тюрьма и каторга — вот вам «неприкосновенность личности»! Уничтожение всякой свободной и правдивой печати — вот вам «свобода пачати»!.. Свора жадных до народного добра, пота, народных денег и народнай земли помещиков и капиталистов... вместо свободно избранных представателей свободного народа — вот она наша «истинно русская» канституция! В ней вымирает русский крестьянин, в ней задыхается русский рабочий...

Что же, товарищи, умерла ли русская революция, так славно начавшаяся громом 9 января и обещавшая нам скорую победу над душащим самодержавием?..

Нет, нет и нет!

...Умерла ли революция, когда она не проявляется в забастовках, демонстрациях, восстаниях? Нет, не умерла, потому что сохранились еще те силы, которые вызвали ее. Русская революция, как и всякая революция, не произошла по наущению агитаторов из евреев, поляков, армян и инородцев, как это любыт представлять русское н всякое правительство...

...Революция временно остановилась... Не стреляют ее ружья, не развеваются ее красные знамена, не катятся волнама всеобщие забастовки, но... тем большая упорная работа должна вестись сейчас внутри этого революционного лагеря, внутри его революционных партий, организаций, союзов. Нужно точить старые средства борьбы, ковать новые, более подходящие к теперешнему времени... чтобы вооружиться сознательно.

К окопам же, товарищи! В свою рабочую социал-демократическую партию! Не тратьте дорогого времени, чтобы предаваться напрасным сомнениям и колебаниям...

Один за всех и все за одного!..

Да здравствует солидарность всемирного пролетариата и социализм!

Да здравствует единая Российская социал-демократическая рабочая партия!

Минская группа Российской социал-демократической рабочей партии.

 

Тады ж:

Начальнік Віленскага губернскага жандармскага ўпраўлення — начальніку Гродзенскага губернскага жандармскага ўпраўлення

 

1909 г. июля 5 Секретно

В районное охранное отделение поступили сведения о том, что с 3 по 6 января с. г. в России состоялся сьезд Социал-демократической партии Литвы, созванный ЦК, на коем принимали участие делегаты из Вильны, Гродно, Вилейки, Сувалок, Ковно, Бреста и Белостока. На съезде этом принята резолюция о развитии партийной работы во всех беспартыйных рабочых организациях...

Уведомляя об этом, прошу распоряжения в. в. б. о выяснении делегатов, принимавших участие на съезде, а также где таковой происходил, и о последующем меня уведомить.

 

Толькі праз паўгода пранюхалі жандары пра такую падзею! Іх не зацікавіла, што на з’ездзе літоўскіх сацыял-дэмакратаў было многа прадстаўнікоў беларускіх гарадоў. Толькі — адкуль менавіта. У пралетарскім рэвалюцыйным адзінстве народаў-суседзяў яны, значыцца, не сумняваліся.

Між тым Палтаржыцкі не толькі праінфармаваў капыляніна пра настрой мінскіх рабочых, але і змог уладкаваць на працу. Праўда, не на буйное прадпрыемства, як хацелася Зміцеру, а ў невялікую гарбарню на Камароўцы, дзе ў многім яшчэ захаваліся парадкі рамесніцкага цэху гарбароў з мінулых стагоддзяў. Гаспадар гарбарні быў адначасова і яе галоўным майстрам (ва ўспамінах Жылуновіча гэтае слова напісана з вялікай літары). Рабочыя па старадаўняй традыцыі ў яго ў асноўным і кватаравалі. Такім чынам майстар мог больш эфектыўна выхоўваць падначаленых у цэхавым духу. А заадно атрымліваў гарантаваны дадатковы прыбытак.

Гаспадыня сустрэла Зміцера так, нібы гэта быў проста новы надакучлівы сем’янін. Паказала камору для начлегу, дала маленькую газнічку, а позна ўвечары паклала на падлогу сяннік і зверху пасцельныя прыналежнасці. Прылады для пісьма, прадметы туалету і кніжкі Зміцеру давялося злажыць на падаконнік. Так і пачалося яго мінскае жыццё.

З раніцы да цямна работа «ў надзвычай цеснай, цёмнай і бруднай майстэрні», а затым яшчэ абавязковае чытанне і пісьмо ў сваёй каморцы, з-за так-сяк прыладжаных дзвярэй якой выразна чуваць, як звіняць шклянкамі і бязладна гамоняць падпітыя сабутэльнікі гаспадара. Той аказаўся аматарам гарэлкі. Увогуле, як заключыў Зміцер, някепскі чалавек, нават прагрэсіўных поглядаў — сябраваў з Палтаржыцкім, выпісваў ліберальнага кірунку газеты і чытаў іх рабочым, разважаючы аб справядлівым дзяржаўным ладзе і роўнасці,— майстар, глынуўшы лішку, станавіўся зусім іншы. Ён без дай прычыны пачынаў чапляцца да рабочых, пагражаў незалежным па характары ці тым, хто чым-небудзь яму не дагадзіў у той момант, звольніць. Словам, вылазіў з чалавека, які адчуваў сваю ўладу над залежнымі ад яго людзьмі, хам і гаспадарык. Ці маглі верыць падначаленыя ягоным гутаркам аб сацыялізме? І большасць з іх, непісьменныя, узгадаваныя ў цяжкіх бытавых умовах, пазбаўленыя пасля разгрому рэвалюцыі Пятага года сацыяльных перспектыў, апускаліся: «змест іх гутарак не выходзіў з вузкага кола абгавору планаў выпівак і залётаў да дзяўчат». Пра свае прыгоды падобнага характару яны потым са смакаваннем расказвалі таварышам, у адказ выбухаў рогат. Зміцера вельмі дзівіла, «каб у Мінску можна было сустрэць гэтак адсталых у свядомасці і развіцці рабочых». Капыль пасля гэтага здаваўся «на недасягальнай вышыні», і ўзнікала жаданне зноў пабачыць старых сяброў, умацаваць каля іх свой дух.

Пазней ён успамінае таксама, што, па прыкладу Пецярбурга і Масквы, і ў Мінску раптам пачалі ўзнікаць «лігі свабоднай любві», пэўная частка моладзі захапілася культам распусты, саніншчыны, сталі часцей здарацца выпадкі самагубства. У такіх умовах патрабавалася шмат сіл душы, каб не паддацца наплывам тугі.

Зміцер не апускае рук. Кожная вольная хвіліна ў яго распісана. Займаецца самаадукацыяй. А то ў рэдкія спакойныя гадзіны раскладвае на падаконні сшыткі і піша карэспандэнцыі ў «Нашу ніву» аб рабочым побыце, а яшчэ — вершы. Яны выспяваюць у яго галаве, пакуль ён вычышчае скрабком скуры. Некалькі гэтых вершаў былі надрукаваны ў газеце, і адзін з іх — «Восень» — асабліва спадабаўся Альберту Паўловічу.

 

І сумна, і нудна! І жаль так бярэ,

Што восень ізноў зажыла на дварэ,

Што так неспадзеўкі ў негаданы час

Цяпло і прыволле пакінула нас.

                                                                                          (1909)

 

Да гэтай тэмы ён яшчэ звернецца праз год, але тады яна ўжо будзе гучаць наогул трагічна. Туга! Ён прызнаецца, што Паўловіч і Галубок нават дзівіліся, як гэта Зміцер у падобных умовах умудраецца што-кольвечы пісаць. Ды дзе было шукаць у тую пару іншых умоў. А тут ён усё ж зарабляў за тыдзень шэсць рублёў, з іх тры рублі плаціў майстру за жыллё і харч, а астатняе збіраў на дарогу. Мінск хоць і прывабліваў, але чамусьці не сціхала нейкая «вострая патрэба мяняць месца, незалежна ад тых ці іншых іх якасцей».

 

 

1 Тут, як і ў далейшым, дакументы альбо вялікія фрагменты з іх цытуюцца на мове арыгінала.— Аўт.

6. «Не здавайся, гарбар!»

Для працягу свайго вандравання ён выбірае Бабруйск. Чаму? Ды хоць бы таму, што туды «з Мінска ляжала прамая дарога». Бабруйск — даволі значны па тым часе прамысловы цэнтр Беларусі, у тым ліку з традыцыйна развітай гарбарнай прамысловасцю. Неаднойчы давялося яму чуць аб актыўным удзеле Бабруйска ў рэвалюцыйных падзеях Пятага года.

І сапраўды, адразу ж па прыездзе ў гэты горад Зміцер ужо «меў магчымасць з добрымі і адданымі таварышамі перакінуцца словам... пра бурныя 1905—1906 гады». Сярод іх, як аказалася, «знайшоў знаёмых рабочых». Горад жа і ў часы рэакцыі, мяркуючы па дакументах, што захаваліся ў архівах, працягваў непакоіць жандармскае ўпраўленне і дэпартамент паліцыі і жывіць аптымізм вольналюбівых людзей. То бастуюць «прибывшие в г. Бобруйск по р. Березине на плотах с лесом купцов — бобруйского Шлиомы Кагана и речицкого Залмана Рагинского — рабочие в числе 140 человек» і іх сілай уціхамірвае паліцыя, то «на Березинском форштадте в кирпичном заводе купца Гирши Иоселева Резенберга, где работает 125 человек», зноў канфлікт і арыштоўваюць завадатараў, то ў прадмесці горада «у мещанина Пини Горелика в шкафчике от часов найден был черповик прокломации». А ў той пракламацыі «от имени Российской социал-демократической рабочей партии... русские граждане в видах свержения произвола и гнета русского самодержавного режима приглашаются встать как один человек и явиться на помощь... борцам освобождения — инородцам». І заканчваецца яна заклікам: «Долой монархию! Долой произвол! Да здравствует объединение, равенство и братство! Да здравствует РСДРП!»

Умовы працы Зміцеру напамінаюць капыльскія, і ён вырашае тут нават «асесці на больш працяглы тэрмін», чым планаваў. Як і ў Мінску, «застаўся на кватэры і на харчах гаспадара майстэрні» Салавейчыка. Настрой яго цяпер даволі аптымістычны. Трэба дзейнічаць, раскідваць на раллі народнага жыцця насенне барацьбы:

 

Уставай, сявец! Ідзі, ары

Здзярнелай нівы свае гоні;

Прыйшоў твой час — ужо пара

Пачаць сяўбу яшчэ сягоння!

(Сявец. 1909)

 

Часта вечарамі ён дыскутуе з майстрам — чалавекам начытаным і бывалым, цікавыя самі па сабе думкі якога, аднак, на пагляд Зміцера, «яшчэ вельмі густа афарбаваны ў дробнабуржуазны практыцызм». Астатні вольны час, у тым ліку святочныя і выхадныя дні, ён траціць на складанне вершаў, на карэспандэнцыі ў «Нашу ніву», а яшчэ — на лісты да таварышаў. Піша ён іх грунтоўна, не шкадуючы часу. У адным з іх (хутчэй за ўсё сябру ў Нясвіж) Зміцер, акрамя іншага, паведамляе пра сваё жыццё: «Тут, у Бабруйску, я зарабляю 5 з паловай рублёў у тыдзень, маю бясплатную кватэру і чай раніцай і вечарам. Толькі працы задзюжа — каля 14 гадзін у пору, падумай... Але — нічога не зробіш; да і люблю я быць у Бабруйску. Хоць мала вальготнага часу, але калі яго ёсць, я карыстаю яго хораша: хаджу ў крэпасць, аглядаю яе моц, гляджу на Бярэзіну... наведваюся ў дысцыплінарны батальён, а часцей — прысвячаю чытальні (2 кап. каштуе); а яшчэ хаджу ў вучылішча садаводства, дзе маю знаёмага — можа чуў? — Марк Собаль. Бяда толькі, што мала часу чытаць, а пісаць — і зусім няма як; гэта рэжа мяне па жывому, бо «дарма гінуць сілы маладыя». Але... газеты праглядаю штодня і навіны ведаю... Яшчэ многа трачу грошай на лісты... За якія паўтары тыдні я з Бабруйску напісаў іх цэлых 10, і гэта не ўсё — многія не паспеў... Вось пісаў бы і пісаў. Але ж люблю, каб мне скора адказвалі!»

Пісьмо вялікае, і калі ён гэтак жа грунтоўна пісаў лісты сваім астатнім карэспандэнтам, што вельмі верагодна, то яго працаздольнасці можна толькі дзівіцца. Наогул, калі знаёмішся з эпістолікай Гартнага, даводзіцца шкадаваць, што так мала захавалася. Зараз пісьмы ўвайшлі ў заключную кнігу чатырохтомнага Збору яго твораў і разам з публіцыстыкай прынясуць, думаецца, нямала хвалюючых мінут чытачу.

У лісце ж, які цытаваўся вышэй, Гартны паведамляе адрасату і пра сваю галоўную «ідэю» (ці, можа, назваць гэта крэда):

«Братка мой! Я цяпер шчыры прыхільнік беларускай справы і ўсім сэрцам і душою рвуся і б'юся за яе. Я падумаў так: можна быць і сацыялістам і нацыяналам... Больш таго, працуючы на нацыянальнай глебе, можна ў цяперашні сумны момант многа болей прынесці карысці, чым проста на глебе сацыяльнай. Ды праўду сказаць, кожны крок на грунце культуры і цывілізацыі набліжае да нас у цэлым і царства праўды сацыялізму. А праца над нашаю загубленаю старонкаю Беларуссю — вельмі важная праца. Кожны, хто хоць крыху прыкладзе тут свае сілы, будзе запісаны на светлых старонках гісторыі адраджэння нашага цёмнага беларуса. І вось, таварышу дарагі, кожны з людзей, хто пабачыць і зразумее «свет наш», павінен не спаць, а ўзяцца за дзела вялікага адраджэння, не шкадаваць сілы свае ахвяроўваць на асвету родных братоў. Дык і ты, сын загубленай Беларусі, не стыдайся сваёй мовы... а любі, культывіруй яе: гавары на ёй і рай другім не чурацца яе. Бо «калі забудзеце сваю мову,— сказаў нам яшчэ вялікі пясняр Беларусі Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля? — Э. Я.) — то памрэце»1. І чаму нам быць горшымі за ўсіх народаў?.. Усе-ўсе шануюць сваю мову, сваю нацыю. Ды як жа не шанаваць, калі родны язык — гэтая самая верная пуціна да культуры, да цывілізацыі...»

Гэта дзеліцца запаветнымі думкамі з земляком не інтэлігент, нават не канторскі служачы, а чорнарабочы ў літаральным сэнсе гэтага слова, які перад тым больш за дзесяць гадзін займаўся цяжкай фізічнай працай у смярдзюнай майстэрні, а не хоць бы на сучасным прадпрыемстве.

Мала таго, ён яшчэ знаходзіць у сабе сілы пісаць вершы. У тым ліку пра сваю работу гарбара:

 

Цэлы дзень я за брудным сталом.

Цэлы дзень скуру цвёрдую скроб,

Стаючы укапаным калом,

Я задухай атрутнаю соп...

Навакола чатыры сцяны,

А на іх запляснеўшая столь,

У сабе захавалі яны

Маю крыўду, жаданне і боль.

Крукам я ля варштата стаю...

Я скуру ўсё гну,

Нядолю кляну

І песню пяю...

 

Заўважым: нават такую, сапраўды катаржную працу паэт не праклінае, а толькі «нядолю». І ў такіх умовах здольны ганарыцца, што ён — рабочы, стваральнік матэрыяльных каштоўнасцей свету:

 

Я рабочы-гарбар,

Рыцар працы цяжкой,

Я з жалезнай душой,

З сэрцам палкім, як жар...

Я здружыўся з трудом,

Я ў ім рос, я ў ім крэп;

Люблю мець за сталом

Запрацованы хлеб...

Я гарбар малады,

Я вясёлы ўсягды,

Як працую — пяю...

 

Працуючы, ён сапраўды пастаянна што-небудзь спяваў і перакідваўся жартамі з таварышамі. І вершы гэтыя складаліся не як замілаваны ўспамін аб цяжкіх днях юнацтва. Радкі напісаны рукою чалавека, які доўгія гадзіны, як ужо было сказана, крукам стаяў над варштатам у атрутным смуродзе, пальцамі, здубелымі ад работы скрабком, параз’яданымі шчолакам, воцатам, дзёгцем і пракіслай сліззю вымачаных у вялізных чанах з расолам скур. Сапраўды, пісаў не раб, які марыць аб царстве вечнага гультайства як узнагародзе за зямныя пакуты, а рыцар працы, які нават у такіх умовах здольны ганарыцца, што ўмее працаваць, упэўнены: у гэтым выснова будучага шчасця вольнага чалавецтва.

Трэба яшчэ заўважыць: у вершах Гартнага — нейкае наогул прынцыпова новае для таго часу ўспрыманне працы як значнай, асноватворнай каштоўнасці чалавецтва. Дарэчы, падобны настрой можна знайсці ў яго сучасніка і паплечніка ў недалёкім будучым Максіма Гарэцкага. Успомнім хоць бы гэта: «Прыемна ісці з плужком па свежай баразне...» Ці: «А за мамай у рабоце ніхто ўгнацца не мог, яна па 400 і нават часам па 500 снапоў у дзень нажынала, і жала чыста, акуратна, добра... (чаму і сам я сведкаю быў, і бачыў яе на жніве, стомленую, з асмяглымі губамі, але і задаволеную ад працы сваёй)».

І тое ж самае яшчэ ў аднаго Максіма і сучасніка, у рускага пралетарскага пісьменніка Горкага: азарт сапраўднай працы, саладзей за які толькі абдымкі жанчыны...

А вось у горкаўскіх «вольных» людзях, у басяках Гартны вельмі хутка расчараваўся.

Здарылася гэта, калі, працягваючы сваю вандроўку, ён трапляе ў Палтаву. Украіну яму наогул даўно хацелася пабачыць бліжэй. Таму, нягледзячы на блізкі канец сезону інтэнсіўнай апрацоўкі скур, што азначала беспрацоўе сярод гарбароў, ён, як толькі з’явілася даволі няпэўная аказія перабрацца ў Палтаву, пакідае Бабруйск, дзе мог больш-менш спакойна зімаваць.

І яшчэ па адной прычыне Гартны не хацеў упусціць нечаканую нагоду. Нейкі 3. Баглій, што прыехаў з Палтавы набіраць рабочых для гарбарнай майстэрні, якую мерыўся адкрыць, адрэкамендаваўся сацыялістам па палітычных перакананнях. Ён і вытворчасць збіраўся арганізаваць на новых умовах: як у рамане Чарнышэўскага «Што рабіць?».

Рэчаіснасць трохі ахаладзіла мары Гартнага пра такую майстэрню, дзе пасля васьмігадзіннай працы ў людскіх умовах рабочым можна было б сабрацца, каб разам пачытаць, абмеркаваць нейкую кнігу, займацца самаадукацыяй, мастацкай самадзейнасцю і г. д. Умовы працы на новым месцы аказаліся горш не прыдумаць. Цесная халодная мазанка на ўскрайку горада, «за трубой, злева ад Падола», прымітыўнае абсталяванне. «Гэта была першая майстэрня,— прызнаваўся ён,— якая нагнала на мяне страх...» Як тут працаваць, асабліва ўзімку? Аднак сапраўды таварыскія адносіны супрацоўнікаў крыху прыўзнялі яго сапсаваны было настрой. Хацелася верыць, што ўсе іх праблемы — часовыя, а вось возьмуцца разам, і справа пойдзе як трэба. Сам «Баглій глядзеў па ўсё з аптымізмам, і майстэрня, і яе абсталяванне, і ўмовы працы — усё выглядала з яго гутаркі да таго звычайным і простым, што не варта было пра яе нічога казаць». Зміцер быў увогуле не надта пераборлівы, хаця любіў чысціню, парадак, ніколі не дазваляў сабе, напрыклад, з'явіцца на людзі неахайна апранутым, непаголеным.

Баглій сапраўды імкнуўся весці асветніцкую работу сярод рабочых майстэрні, прыносіў газеты, у тым ліку ўкраінскую «Раду», паведамляў палітычныя навіны. «Іх... З. Баглій разглядаў скрозь прызму ўкраінскай рэчаіснасці,— адзначаў Гартны.— Царская палітыка з яе ваяўнічым расійскім нацыяналізмам сустракала ў майго новага гаспадара заядлага ворага. Ён са злосцю апавядаў пра місію Шульгіна ў Кіеве (Шульгін Вас. Віт.— абруселы ўкраінец па паходжанні, манархіст, адзін з лідэраў правага крыла Дзяржаўнай думы.— Э. Я.), пра шырокі наступ на Украіну расійскага капіталу, пра рэпрэсіі супроць украінскага друкаванага слова... Мой напамінак пра падобнае ўкраінскаму становішча Беларусі ва ўмовах самадзяржаўя сустракаў спачуванне...»

Смяшлівы ўкраінец Кароткі, таксама тагачасны сатаварыш Зміцера па рабоце ў майстэрні, заўсёды спалучаў ідэю нацыянальнага вызвалення з сацыяльным. Ён прайшоў добрую школу рэвалюцыйнай барацьбы Пятага года і быў, на думку Гартнага, загартаваным пралетарыем-рэвалюцыянерам. «Кожны раз сваю гутарку ён заканчваў глыбокім уздыхам над прайгранай рэвалюцыяй 1905 года».

Яшчэ адным, так бы сказаць, «факультэтам» сацыяльна-эканамічнай навукі для Гартнага ў той перыяд была харчэўня, дзе ён начаваў. Раскладны ложак капыляніна стаяў у агульнай каморы, а побач «на падлозе ўздоўж і ўпоперак укладвалася нанач да дзесяці чалавек... «горкаўскіх герояў». Кампанейскі і ветлівы, Зміцер амаль з усімі сваімі суседзямі перазнаёміўся ў першую ж ноч. А «праз два-тры дні... ужо ведаў прозвішчы і мянушкі кожнага з іх». Зміцер вяртаўся з работы зусім стомленым, укладваўся адразу на ложак, і «басякі» — хто ўжо корпаўся на сваёй пасцелі, а хто яшчэ толькі заяўляўся з «промыслу» — «былі настолькі далікатнымі, што, праходзячы, стараліся не перашкаджаць» яму адпачываць. «Аднак,— заўважае Гартны,— гэтая асцярожлівасць часта ў адзін момант і пакідала іх. Мае суседзі раптам гублялі ўсякую далікатнасць» і распачыналі паміж сабою «заядлую, часта звярыную грызню. Прычыны... былі разнастайнага характару, але як адна — пустыя і нікчэмныя».

Капылянін знаходзіў час і цярпенне з кожным з іх грунтоўна пагутарыць, даведацца аб падрабязнасцях біяграфіі пра звычкі, адносіны да жыцця і да саміх сябе. Прыходзіў да сумнага выніку: усе гэтыя людзі, нават самыя таленавітыя з іх, махнулі на сябе рукой, маральна раздушаныя жорсткай рэчаіснасцю.

Асабліва зацікавіў Зміцера галічанін Мікола — барадаты, «з хрыстосаўскім лікам, заўсёды ціхі і пакорлівы свайму незайздроснаму лёсу, маўклівы...». Зміцер здолеў, аднак, яго разгаварыць, выклікаць давер да сябе. Адчувалася, што Мікола — чалавек неардынарны, адукаваны, таму Зміцер асабліва дзівіўся: «як ён мог ад чалавечага жыцця перайсці ў басяцкі стан»? Сам галічанін тлумачыў гэта тым, што страціў веру ў барацьбу за справядлівасць. Некалі быў актыўным сацыял-дэмакратам, удзельнічаў у кіеўскім паўстанні Пятага года, бачыў, як білі дзяцей у Палтаве, падрабязна расказаў аб расправе над забастоўшчыкамі-чыгуначнікамі. Ахвяры аказаліся дарэмнымі, сцвярджаў ён, чалавечую натуру, схільную да патурання злу ці нават удзелу ў ім, не перайначыць асобным энтузіястам, што рызыкуюць сабой. Выйсця з тупіка няма.

Хоць Зміцер і багата мог задавальняць сваю патрэбу ў вывучэнні чалавечых лёсаў і характараў, якімі зацікавіў яго Горкі, жыццё ў начлежцы яго вельмі стамляла. Да таго ж ён амаль поўнасцю аказаўся пазбаўлены магчымасці пісаць і займацца самаадукацыяй. Неаднойчы думаў, як перабрацца на спакайнейшую кватэру. Аднак у хуткім часе стала ясна, што давядзецца таксама шукаць і работу. Баглій быў добрым чалавекам і свядомым сацыял-дэмакратам, але аказаўся няўмелым прадпрымальнікам. Не наладзіў рэгулярнага паступлення заказаў, сыравіны, не спяшаўся хоць бы патроху ўдасканальваць абсталяванне майстэрні, што не лепшым чынам адбівалася на якасці тавару, на ўмовах працы рабочых. У выніку не вытрымліваў канкурэнцыі, не меў прыбытку і набліжаўся да немінучага разору. Давялося прыпыняць вытворчасць, некага скарачаць. Так што ў самы несезон і халады Зміцер з дзесяццю рублямі ў кішэні і з нязменнай карзінай на падарожным посаху развітаўся аднойчы з Палтавай. Позняй халоднай восенню 1910 года накіроўваецца ён у Магілёў, назад на Беларусь.

Магілёў... У гэтым старажытным беларускім горадзе з развітай прамысловасцю па вырабу скур, як можна заўважыць нават з перапіскі і па датах пад вершамі, Гартны ў тую пару свайго жыцця пабываў неаднойчы: у 1910-м, 1911-м і ў 1912 гадах; ад’язджаў і чамусьці зноў вяртаўся.

Тут яго застала вестка аб смерці Льва Талстога. Ён прызнаваўся пазней у пісьме да Л. М. Клейнбарта: «Калі Расею напаткала вялікае няшчасце — смерць Талстога,— я, хоць і не падзяляў яго поглядаў на жыццё, мараль, яго філасофію грамадскіх адносін, усё ж спалохаўся: быццам скаланулася пада мной зямля. І спытаў я сябе: што будзе без Талстога? Хто застоіць, хто параіць? І горкую, нікому невядомую слязу зраніў на мокрую брудную зямлю. Зрабілася жудасна, і я пачаў шукаць людзей у літаратуры, на каго б абаперціся, як па маральны аўтарытэт. Перабраўшы ўсіх, я спыніўся на Караленку...»

У гэты ж час жудасцю працяла яго яшчэ адна вестка: расчараваўшыся ў жыцці, скончыў самагубствам абаяльны і таленавіты Сяргей Палуян... Наогул той час аказаўся крызісным і для яго. Беспрацоўе, нястача... Стала здавацца — будучыня і сапраўды беспрасветная, не перамагчы «свінцовую мярзотнасць» царызму. Бо пераважная частка людзей, думалася яму,— шэранькія абывацелі, якія заклапочаны толькі сваімі дробязнымі справамі пра бытавую зручнасць. Прыстасоўваюцца, крывадушнічаюць, здраджваюць. Што абывацелю айчына? Абы ўладкавацца дзе цяплей, нажэрціся, як казаў Талстой. А лепшыя людзі ці пабітыя, ці пакалечаныя, ці гніюць у астрогах ды на катарзе. На волі засталіся нязначныя групкі сумленных барацьбітоў. Што яны змогуць?

 

З поўначы цёмнае, сіверу дальняга

Нудная восень прыйшла...

Холадам, сцюжаю разам павеяла,

Смерць за сабой прывяла.

(Восень. 1910)

 

У яго, зусім нядаўна такога аптыміста, з’яўляецца неадступная думка пра самагубства. Аднак нават у стане дэпрэсіі ў магілёўскай начлежцы на падваконні ў сцюдзёным калідоры піша ён радкі апошняга, як яму часамі ўжо здаецца, прызнання ў адданасці роднаму краю:

 

Я люблю гэты вобраз бясконца,

Тыя вёскі, балоты, гаі,

Бо радзіўся я ў гэтай старонцы

І памру мо ў гэтай зямлі.

(Роднай краіне. Магілёў, 1910)

 

У вершы тым — жудасць прароцтва. Прадчуванне таго, што яшчэ адбудзецца праз чвэрць стагоддзя? І іменна ў Магілёве. Неяк цяжка паверыць у выпадковае супадзенне.

Што спыніла тады Зміцера ад апошняга кроку? Можа, раптоўна акрыліла душу маладое каханне? Ці прыйшла ласкавая вестка з Капыля, дзе жыла тая, да якой ён аднойчы дарэмна пасылаў сватоў,— заможныя бацькі дзяўчыны не палічылі сябе раўнёй гарбара, сына землякопа. А волі бацькоў як ёй было пярэчыць?

 

«Гэй, запей што, фурман, для мяне!»...

І вось чую пяе: «Не апошні я раз

Цябе бачыў, радзімая, там!..»

(У дарозе. Магілёў, 1910)

 

Гэта адно з меркаванняў. Аднак так ці не, у Магілёве тады Гартнаму пашчасціла атрымаць ад некага падтрымку, што дало магчымасць пераадолець душэўны крызіс і зноў уключыцца ў актыўную барацьбу за сацыяльную справядлівасць. У вершах яго пачынае гучаць аптымізм, яны становяцца больш грамадзянскімі па зместу.

Асабліва плённым у гэтых адносінах аказалася для яго жыццё ў наступныя месяцы ў літоўскім горадзе Вількаміры (цяпер г. Укмерге).

 

 

1 Хоць у творах польска-беларускага паэта і публіцыста Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча) сапраўды неаднойчы сустракаюцца выказванні аб важнасці захавання мовы «Літоўскага Статута і заканадаўства на працягу двух стагоддзяў — XVI і XVII» дзеля існавання самастойнасці народа, але такога пакуль знайсці не ўдалося. Магчыма таксама, што Жылуновіч меў на ўвазе ўсё ж Францішка Багушэвіча, «Прадмову» паэта да зборніка «Дудка беларуская» (1891). Мог аўтар пісьма запомніць гэта, прачытаўшы ў «Нашай ніве» (1909, № 35—З6) артыкул Сяргея Палуяна «З нашага жыцця». Там сказана, што пра важнасць шанавання беларускай мовы пачалі гаварыць даўно. «Яшчэ ў 1891 годзе капі пясняр Багушэвіч падняў свой голас на яе абарону і першы голасна загаварыў «аб нашай бацькоўскай спрадвечнай мове». Даў перасцярогу народу: «Не чурайцесь жа мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».

7. «Уставай, хто спаў!»

Гартны паехаў у Вількамір адразу з Магілёва. Выходзіць, сувязі магілёўскіх гарбароў з тым літоўскім горадам былі моцныя. Так сабе ды менавіта сюды чаму б ён рушыў? Мэта, зразумела, ранейшая: даведацца, як рэвалюцыйны рух развіваецца ў літоўскіх сяброў. У аўтабіяграфіі Гартны потым напіша: «У Вількоміры працаваў і прымаў удзел у сацыял-дэмакратычным руху, не пакідаючы руху беларускага». Газета «Наша ніва» паранейшаму заставалася для гарбара-вандроўніка сувязной ніццю з радзімай і жыватворнай крыніцай.

 

Вількомір,} 12,VII. 1911

Пане Рэдактару!

Прашу Вас па магчымасці найскарэй выслаць мне «Н.н.» ад 24 нумару. Жывучы тут, на чужыне, я дужа саскучыў без роднага слова і проста прагну слухаць яго.

Дык прашу споўніць просьбу і прыслаць.

З павагаю Цішка Гартны.

 

Адрас мой: г. Вількомір, Ковенскай губ., кожевная мастер. Мовшы Левіна для Дзмітрыя.

 

У Вільні не надта спяшаліся, і праз два тыдні Гартны зноў напамінае аб сабе:

 

24. VII. 1911

Шаноўныя Дзядзькі!

Прашу Вас усіх яшчэ раз (ужо мо 4-ы), вышліце мне, калі можна, «Н. н.» ад 24 нумару. Мне так хочацца чуць роднае слова, а я ніякім манерам не магу да гэтага дасцігнуць.

Прашу — не адкажэце.

З паважаннем — Цішка.

Мой адрас...

 

З Вількаміра шлях капыляніна вядзе ў самы цэнтр сацыял-дэмакратычнага руху Прыбалтыкі — Рыгу. Высокая адданасць справе рэвалюцыі легендарных чырвоных латышскіх стралкоў не магла ўзнікнуць на пустым месцы, яны — чырвоны колер свайго мужнага народа.

Цяпер вершы Гартнага набываюць яшчэ больш выразную сацыяльную скіраванасць. У кожным закладзена выбуховая сіла палітычнай пракламацыі. Тым не меней — гэта паэзія. Аўтар звяртаецца з заклікам да агітатара-званара быць напагатове, не прапусціць моманту, калі настане час уздымаць народ на рашучую барацьбу: «Не праспі, званару!»

І затым:

 

Уставай, хто спіць! — у звоне чутна

Размова гучных важкіх слоў,—

Скідай свой сон, ліхі, атрутны,

Цягучы соп даўгіх вякоў!

                                  (Звон. Вількомір, 1913)

 

Адзін ці не з самых уважлівых даследчыкаў творчасці Гартнага Алесь Адамовіч адзначае, што ў той перыяд, пра які ў нас зараз гаворка, яна «па настрою і фармальных якасцях напамінае «рабочую паэзію», якую папулярызавалі і выкарыстоўвалі з агітацыйнымі мэтамі бальшавіцкія газеты. Разам з тым у «песнях»... самым непасрэдным чынам адчуваецца традыцыя беларускай дэмакратычнай паэзіі і асабліва паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Цёткі».

Гартны ўжо не толькі актыўна публікуецца ў «Нашай ніве», ён становіцца пастаянным аўтарам бальшавіцкага друку — у «Звяздзе», потым у «Правде» з’яўляюцца спачатку яго карэспандэнцыі аб рабочым руху на Беларусі, а затым і вершы. Крытыкі, асабліва ў апошні час, прызнаюць, што Гартны, разам з вобразам традыцыйнага для папярэдняй беларускай паэзіі мужыка — «пана сахі і касы» першы, бадай, хто сказаў у поўны голас пра новага «рыцара» веку — рабочага чалавека, які «для людзей шчасце і долю куе». Ці не ў першым жа вершы, што з’явіўся ў «Правде», прагучаў гэты рашучы голас «рыцара працы цяжкой», які зразумеў сваю гістарычную місію:

 

Наковальню стальную свою

Приготовил давно под удары,

Из железа — смягчилось от жара —

Острый меч для себя я кую.

                  (Песня каваля. «Правда», 1912, № 124)

 

Такая сацыяльная пазіцыя Гартнага ў гады, калі, па словах У. І. Леніна, «контрреволюционная эпоха (1907— 1914) обнаружила всю суть царской монархии, довела ее до «последней черты», раскрыла всю ее гнилость, гнусность, весь цинизм и разврат царской шайки с чудовищным Распутиным во главе ее, все зверство семьи Романовых, этих погромщиков, заливших Россию кровью...». Патрабаваліся не толькі свядомасць, але і немалая мужнасць, каб у тых умовах не стаіцца (калі не змірыцца) да лепшых часоў, як тое ўласціва абывацелю, а працягваць барацьбу, ведаючы, што ў выпадку правалу плаціць давядзецца дорага — калі не жыццём, дык здароўем і пакутамі. «Я быў цвёрдакаменным сацыял-дэмакратам,— заўважае Гартны ў аўтабіяграфічных нататках пра той перыяд свайго жыцця.— І, зразумела, імкнуўся выкарыстаць усе магчымасці для прапаганды. У бібліятэцы, на вуліцы, усюды, дзе сустракаў рабочых... Нават гімназістам тлумачыў пры зручным выпадку праграмы розных партый. Бо я ж ведаў, як стаяць справы ў Петраградзе, праз Хведара (Станілевіча, сябра Гартнага.— Э. Я.). Ну, з Вільні, Адэсы, Магілёва таксама меў паведамленні».

Пасля вандраванняў Гартны ў канцы 1912 года на нейкі час зноў вяртаецца ў Капыль. Са старых сяброў у родных мясцінах засталіся нямногія, падрасло новае пакаленне, і Зміцер для іх ужо ветэран, авеяны славай змагароў Пятага года, да яго слоў прыслухоўваюцца з асаблівай увагай. Гэтая атмасфера добра нададзена ў рамане «Сокі цаліны», дзе ў нейкай ступені безумоўна выкарыстаны біяграфічны матэрыял. Гартны збірае сродкі ў фонд бальшавіцкага друку, прымае самы актыўны ўдзел у здзяйсненні задумы капыльскай моладзі — выданні рукапіснага часопіса «Голос низов» і газеты «Вольная думка». Гэтыя выданні сталі потым вядомыя Горкаму (да слова мовіць, ён вельмі цікавіўся таксама «Нашай нівай») і атрымалі станоўчую ацэнку рускага пралетарскага пісьменніка. Яшчэ адно захапленне той пары — тэатр. Даволі вялікі гурт капыльскай моладзі збіраўся ў каго-небудзь з аднагодкаў па вечарах і развучваў якую-небудзь п’есу, часцей — Дуніна-Марцінкевіча ці што-небудзь з прапанаванага «Нашай нівай». Спектакль ставілі ў мястэчку ці нават выбіраліся на «гастролі» ў суседнія вёскі. Усюды гледачы вельмі ўдзячна ўспрымалі сцэнічныя дзеі, забываючыся, што гэта ўсяго толькі «ігра», «выдумка». З тых часоў і праз усё жыццё пранясе Гартны адданасць тэатру, які здольны, аказваецца, рабіць вялізную культурную працу.

Апантанасць яго нацыянальным тэатрам падзялялі маладыя суседзі (жылі наўскосак праз дарогу) студэнт Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Сцяпан Рубіс і яго прыгажуня-жонка Настасся, да якой Зміцер праз усё жыццё пранясе чыстае светлае пачуццё рыцарскага служэння жаночай прыгажосці і душэўнай чысціні. І ў свае дзевяноста тры гады, калі мне прывялося пабачыць у Капылі Настассю Піліпаўну, аблічча яе ўсё яшчэ ўражвала высакароднасцю. Ці не ёй прысвечаны гэтыя радкі:

 

Я як друга цябе пакахаў

І таварыша маю ў табе,

Бо любоў да цябе я ўліваў

Ў свой гарачы прызыў к барацьбе...

Будзь таварышам вечна ты мне,

І хай праца з маёю твая

Йдзе на шчасце маёй старане.

                    (Дзяўчыне-таварышу. 1912)

 

Напружанай шматгадзіннай працай у напаўцёмных, насычаных едкімі выпарэннямі гарбарнях, бесперапынным чытаннем начамі пры цьмяным святле газнічкі ён сапсаваў сабе зрок. Давялося здабываць акуляры, што яго вельмі засмуціла. Тым не менш літаратурную працу ён і не думае збаўляць. Як і раней, працягвае весці яшчэ і шырокую перапіску з таварышамі, па сутнасці прапагандысцкую.

Некаторыя даследчыкі і цяпер яшчэ схільныя пагардліва называць яго «стыхійным марксістам». Ці так гэта?

Успомнім: недзе пачынаючы з 1912 года заўважаецца рост цікаўнасці шырокіх народных мас да літаратуры, культуры ўвогуле, ствараюцца рабочыя тэатры. У той жа час яшчэ вельмі моцна праяўляецца імкненне да богашукальніцтва, якое расцвіло ў застойныя гады рэакцыі. Марксісты ўсімі сродкамі імкнуцца пераканаць тых, хто захапіўся містыкай, што гэта небяспечна, адцягвае ад свядомай барацьбы за зямное чалавечае шчасце. У гэтай сувязі мае асаблівую цікавасць наступны дакумент (прыводзім у скарочаным выглядзе).

Хв. Чарнушэвічу — Зм. Жылуновіч

1912 г., августа 25:

 

Товарищ!.. Не удивляйся, что будешь читать письмо от Д. Ф. Жылуновича, которого ты должен хоть немного помнить. Хочу сказать... о том, чем ты так серьезно занялся в последнее время, т. е. выработкой новых путей к достижению счастливой жизни на земле для всего человечества.

Человечество... на протяжении всей истории своего существования непрестанно продолжает, в силу самого закона жизни, вести упорную борьбу за существование, достойное к а ж д о г о человека, а не кучки избранных....

...Ты должен знать, товарищ, что индивидуальная особенность человека определяется теми условиями и обстоятельствами, в соприкосновении с которыми он проходит все время своей жизни...

...Вернемся к Востоку, т. е. колыбели оккультизма... Вся цивилизация, вся культура на «праведном Востоке» лежала в сундуках плутократии светской и духовной... Жрецы и придворная знать, пользующаяся, в ущерб народу, благами земными, не знающая новых и свежих «щекотаний» откормленных плотоядных, старалась всеми силами продлить блага земной жизни и за гробом и вынуждала всех верить в это, построя и загробную жизнь на манер земной с ее позорнейшим клеймом — служением одних другим...

Малодушие, уныние и апатия — вот дети оккультизма. Довольство излишнее, дух мещанской пошлости, консервативной примитивности и шаблонных эгоистических низменных тенденцый — вот почва оккультизма...

 

Ці не праўда, нам гэта чамусьці здаецца вельмі знаёмым?

І зноў пра тое ж. З Капыля, у 1913 годзе, 24 студзеня. У Піцер:

 

Дорогой товарищ!

...Начну з самой сути, с субстанции бытия. Вы, оккультисты, как и мы, материалисты, сознаетесь в том, что основой жизни считаете три субстанции: материю, силу и... разум. Что касается первых двух, материи и силы, то я ничего не имею против, но тут есть еще разум... Если вы, оккультисты, говорите о разуме, что вы подразумеваете под нам?..

По-нашему жизнь — это движение... К чему же прививать к этому нечто особое, или разум ваш?.. Если материя жива (а она-то жива!), то она жива во всем... Почему же именно та часть материи, которая вложена в человека, должна розниться от других частей? Значит, если человек умирает и из его тела возникает новая жизнь...— растение, значит, и оно разумно и чувством одарено? Ну, а из растения, иссохшего и спрахшего, тоже, небось, можно извлечь какой-либо разум?.. Эх, слишком далеко я отступил в сторону!.. Но давая возможность пользоваться тайными силами природы, или, по-вашему, разумом, только... избранным и уполномоченным кем-либо... на это, не хотите ли вы, тактичные оккультисты, породить свою особую, духовную бюракратию, дабы свободно и безбоязненно «комбинировать кондиции» в свою пользу?.. Непременно ж так выходит. По-нашему же — каждый человек, если уж он разумное существо, имеет полнейшее право на обладание способом «комбинации кондиций», дабы жить как все...

 

Далей ідуць разважанні аб ёгах (йогофилософах), аб матэрыяльнасці сусвету, аб тэроры, які нічога добрага даць не можа, а толькі страх і нараджэнне {нараджэпне хвалі гвалтоўнасці ў адказ, аб барацьбе за існаванне, якую абавязаны кантраляваць справядлівы розум. А таксама (звернем асаблівую ўвагу!) пра неабходнасць пільнага кантролю чалавецтва над новымі тэхнічнымі дасягненнямі і вынаходніцтвам, каб тое не стала раптам пагубным для цывілізацыі... Цэлы, па сутнасці, філасофскі трактат аб справядлівым чалавечым суіснаванні, а не прыватнае пісьмо рабочага-гарбара да малазнаёмага земляка. Дробным почыркам, каб было кампактней. Ды і за паперу ж трэба плаціць. Яго дачцэ, Галіне Дзмітраўне, якой добрыя людзі дапамаглі адшукаць гэтыя лісткі праз палову стагоддзя, давялося карыстацца павелічальным шклом, каб разабраць тэкст. Перадрукаванае на машынцы, пісьмо заняло 17 старонак.

Але ж не, на тым справа не кончылася!

«...Прошло около двух месяцев... и я взялся за продолжение»,— чытаем мы. Цяпер Гартны выкладае свае меркаванні ўжо пра феномен Ісуса Хрыста. Ён дапускае, што «Хрыстос являлся великим аналитиком окружающих условий и знатоком среды... А умирать и ему не хотелось!» І зноў імкненне выкрыць акультыстаў, якія шукаюць спосабаў, каб «наиболее полно использовать земные блага для личной пользы, оправдывая при этом и буржуазный уклад жизни, и психологию его, на каждом шагу торгующую совестью и честью...». І падкрэслівае: «Мы же морально ответственны за весь обездоленный люд и боремся за то, чтобы всем жилось весело и вольготно. Ибо из этого ничего хорошего не выйдет, если оккультист будет жить буржуем, а мужик-материалист... работать на него».

«Стыхійны марксіст» за гэтымі радкамі ці свядомае прадбачанне на дзесяткі гадоў наперад?

 

Ужо многія месяцы ўвагу Гартнага прыцягвае Пецярбург. Гэты горад яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя паступова становіцца яшчэ адным, акрамя Вільні, цэнтрам кансалідацыі беларускіх культурных сіл. Вучоны і паэт Рыгор Семашкевіч, які даследаваў гэтую з’яву, так тлумачыць яе ў кнізе «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу»: у сталіцы імперыі «акрамя рускіх... жылі і людзі іншых нацыянальнасцей... Калі ўлічыць становішча тагачаснай Беларусі, адсутнасць у ёй элементарных умоў для разгортвання актыўнай дзейнасці, адсутнасць вышэйшых навуковых устаноў, то можна зразумець, чаму ў Пецярбургу сабралася нямала беларусаў, а сярод іх і беларускай інтэлігенцыі, якія разгарнулі там сваю грамадскую работу». Па статыстычных звестках, заснаваных на перапісу насельніцтва 1897 года, у Пецярбургу і прыгарадах жыло к пачатку ХХ стагоддзя 3230 чалавек, якія лічылі беларускую мову роднай. Аднак Семашкевіч пераканаўча даводзіць, што на самой справе «ў Пецярбургу жыло каля сямі тысяч беларусаў», бо статыстыка палічыла за такіх толькі выхадцаў з Віцебшчыны і Магілёўшчыны, тады як прышлых з Гродзенскай і часткова з Мінскай і Віленскай губерній традыцыйна запісалі літоўцамі, хоць на самой справе такімі з’яўляліся тыя, каго адзначылі як прадстаўнікоў «жмудскога языка». Акрамя таго, заўважае Семашкевіч, «многія беларусы каталіцкага веравызнання міжволі ці свядома былі далучаны да палякаў... Сучасныя польскія даследчыкі таксама ўлічваюць гэтую акалічнасць, і хоць даволі неакрэслена, але ўсё ж прызнаюць, што ў той час толькі 40 працэнтаў польскай эміграцыі ў Пецярбургу (агульнай колькасцю сорак тысяч чалавек) складалі выхадцы з карэннай Польшчы, астатнія былі з Літвы і Беларусі». Нічога дзіўнага, калі гэткая маса ў аснове сваёй па-грамадзянску актыўных выхадцаў з Беларусі стварала моцнае поле прыцягнення да Пецярбургу.

Яшчэ з часоў легендарнага народніцкага часопіса «Гомон» у сталіцы імперыі існавала беларуская выдавецкая дзейнасць. У перадрэвалюцыйныя гады кнігі на беларускай мове выдавала выдавецкае таварыства («суполка») «Загляне сонца і ў наша ваконца», выходзіў часопіс зямляцтва беларускіх студэнтаў у Пецярбургу «Раніца». Пра высокую ацэнку дзейнасці апошніх вядомымі рускімі вучонымі-гісторыкамі А. Шахматавым, А. Пагодзіным, Бадуэнам дэ Куртэнэ Гартны ведае з газеты «Наша ніва». Ведае ён і пра тое, што ў Пецярбург вучыцца на курсах Чарняева паехаў Янка Купала. На тых курсах адным з выкладчыкаў быў добра вядомы ў колах перадавой беларускай моладзі Браніслаў Эпімах-Шыпіла, якога называлі «сэрцам Беларусі». У Пецярбургу яшчэ раней апынуліся землякі Гартнага — Фёдар Станілевіч і Алесь Гурло. Яны ўладкаваліся працаваць на заводах. Абодва цікавяцца беларускай літаратурай, нават спрабуюць пісаць самі. Ад іх Гартны даведаўся пра дзве асабліва для яго цікавыя навіны. Што Купала напісаў цудоўную камедыю і яе рыхтуе да пастаноўкі студэнцкі тэатральны гурток. А яшчэ — што «суполка» збіраецца выдаваць літаратурны альманах «Маладая Беларусь». У канцы 1912 года яны атрымліваюць ад Зміцера пісьмо, якое нават трохі напалохала іх, па прызнанню Алеся Гурло, сваёй лаканічнасцю: «Хлопцы, еду да вас...» Затым просьба знайсці работу.

 

 

8. У Піцеры

Гартнаму ўдалося ўладкавацца на той жа завод, дзе працаваў Алесь Гурло,— на «Вулкан». З Гурло ж у адным пакойчыку і пасяліўся напачатку. У іх поўнае ўзаемаразуменне. Са Станілевічам жа амаль адразу ўзнікаюць спрэчкі на ідэйнай глебе. Той быў за «Луч», гэта значыць за праграму меншавікоў, Зміцер — гарою за платформу бальшавіцкай «Правды». Акрамя таго, Станілевіч пагардліва ставіцца да беларускага нацыянальнага руху, лічыць яго «перажыткам». У доказ сваёй праваты цытуе радкі з «Камуністычнага Маніфеста»: «Рабочие не имеют отечества. У них нельзя отнять то, чего у них нет». Зміцеру нялёгка абараняць сваю пазіцыю, але ён не здаецца. Калі пачалася імперыялістычная вайна, высветлілася: прыяцель «падзяляе погляды абаронцаў», а сам ён — на баку паражэнцаў. Гурло пакуль прыслухоўваецца да іх ярасных спрэчак.

— Значыць, ты з тымі, хто жадае, каб германцы захапілі нашу краіну?! — даракаў Станілевіч прыяцеля.

— Бальшавікі лічаць: толькі крах ваеннай магутнасці імперыі стане пачаткам рэвалюцыі і вызвалення прыгнечаных народаў,— парыруе Зміцер.— Але растлумач, як твая абарончасць стасуецца з бязроднасцю пралетарыяў? Ім жа, калі па-твойму, усё роўна, хто будзе эксплуатаваць. Выходзіць, ты за перамогу царызму?

Складанейшыя пытанні ставіла жыццё! Каб зразумець, у чым яна, ісціна, трэба вучыцца і вучыцца. Гартны ў першыя ж тыдні, як прыехаў, толькі ўладкаваўшыся на працу, уступае ў культурна-асветніцкае таварыства «Звание» на Вялікай Грабяцкой. І... пачынае там, крыху асвойтаўшыся, весці «ярасныя дыскусіі з меншавікамі». Калі здараецца ў кашальку лішні паўрубель-другі, з Алесем Гурло купляюць білеты ў тэатр, а па суботах Зміцер спяшаецца на сходку зямляцтва беларускіх студэнтаў. Зусім нядаўна савет прафесараў Пецярбургскага універсітэта зацвердзіў статут беларускага навукова-літаратурнага гуртка, легалізаваўшы такім чынам нарэшце гэтае студэнцкае аб’яднанне. Кіраўніком абралі добрага знаўцу беларускага пытання прыват-дацэнта А. Розенфельда, а старастаю — студэнта гісторыка-філалагічнага факультэта Браніслава Тарашкевіча. Як запавет новаму аб’яднанню маладых на адным з першых пасяджэнняў пранікнёна гучыць верш «Прарок» у выкананні аўтара — Янкі Купалы.

Але ёсць яшчэ і іншыя, неафіцыйныя, дакладней, напаўлегальныя пасяджэнні. Не ва універсітэцкай аўдыторыі, а на кватэры прафесара Эпімах-Шыпілы, выдатнага эрудыта, па прызнанню ўсіх, хто блізка яго ведаў (ёсць на гэты конт нават сведчанне асабіста акадэміка Крачкоўскага), які дасканала валодаў жывой беларускай мовай. Сюды, «у ціхую кватэру на Чацвёртай лініі Васільеўскага вострава» ў «беларускі штаб» Гартны імкнуўся трапіць пры ўсялякай магчымасці.

Вось як успамінала пра тыя цудоўныя вечарыны вядомая Паўліна Мядзёлка, што першай выконвала ролю Паўлінкі ў аднайменнай камедыі Купалы: «Пецярбург... Кожную суботу вечарамі збіралася беларуская моладзь на кватэры прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы... Апрача студэнцкай моладзі тут спаткаем... жывапісца Драздовіча, збіральніка беларускіх народных песень Грыневіча, кампазітара Казуру, інжынераў, аграномаў. Браніслаў Тарашкевіч чытае даклад аб асновах беларускай граматыкі, іншым разам хтось прачытае даклад па гісторыі ці эканоміцы Беларусі, Грыневіч знаёміць нас з новымі запісамі беларускіх народных песень; Драздовіч расказвае аб беларускім стылі старадаўніх касцёлаў, цэркваў і іншых помнікаў архітэктуры, паказвае нам свае замалёўкі; Жылуновіч прыносіць падпольную рэвалюцыйную літаратуру, расказвае аб рабочым руху на заводах...»

Гартны, па яго ўласных словах, быў тады «членам міжраённага аб’яднання сацыял-дэмакратаў». Адначасова ён становіцца адным з кіраўнікоў Пецярбургскай «філіі» Беларускай сацыялістычнай грамады (партыі), якая ім хутчэй за ўсё больш успрымалася, мяркуючы па матэрыялах, не як чыста палітычная арганізацыя з самастойнай праграмай, а як нефармальнае аб’яднанне беларусаў сацыял-дэмакратычных поглядаў, якія ставілі перад сабою таксама мэты развіцця нацыянальнай культуры. Поўная, больш выразна акрэсленая палітызацыя БСГ наступіць яшчэ праз чатыры прыкладна гады. І тады адбудзецца непазбежны раскол, канчатковая палярызацыя складаўшых яе грамадскіх груп. А як няпроста тое ўсё будзе выспяваць і праходзіць!

Гэта наперадзе. У 1913 годзе ўсе не толькі рэвалюцыйныя, але і проста дэмакратычныя элементы грамадства ў імперыі кожны на свой манер паступова скіроўваліся да аднаго — да пошуку шляхоў найхутчэйшага змянення струхлелага дзяржаўнага ладу. Нацыянальныя пытанні тады многім здаваліся наогул другаснымі ці зусім малазначнымі. У гэтай сувязі асабліва звяртае на сябе ўвагу пазіцыя бальшавікоў. Летам 1913 года нарада ЦК РСДРП у прынятай рэзалюцыі падкрэслівае:

 

«Что касается права угнетенных царской монархией наций на самоопределение, это значит на отделение и создание самостоятельного государства, то с-д. партия безусловно должна отстаивать это право. Этого требуют как основные принципы международной демократии вообще, так и неслыханное национальное угнетение большинства населения России царской монархией, которая представляет собой самый реакционный и варварский государственный строй в сравнении с соседними государствами в Европе и в Азии. Этого требует, далее, дело свободы самого великорусского населения, которое не в состоянии создать демократическое государство, если не будет искоренен черносотенный великорусский национализм, что поддерживается традицией ряда кровавых расправ с национальными движениями и воспитывается систематически не только царской монархией и всеми реакционными партиями, но и холопствующим перед монархией великорусским буржуазным либерализмом, особенно в эпоху контрреволюции».

 

Чытач, калі пажадае, можа знайсці гэты дакумент у Творах У. І. Леніна, але ў тыя часы ён распаўсюджваўся ў рабочым асяроддзі Пецярбурга праз нелегальны партыйны друк, так што Жылуновіч прачытаў яго ў хуткім часе і яшчэ больш пераканаўся: ягоны шлях — з бальшавікамі, і гэта не разыходзіцца з яго нацыянальнай самасвядомасцю. Наадварот, здзейсніць запаветную мару дапамогуць толькі бальшавікі. Тое ж самае адчуваў ягоны сябра, рабочы Алесь Гурло, які праз два месяцы стане матросам Балтыйскага ваеннага флоту.

У вершах, створаных Гартным у той перыяд, адчуваецца подых блізкай схваткі з цёмнымі сіламі рэакцыі. Паэт заклікае:

 

Мой браце, змагайся

З нядоляй, з бядою!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пакоры, цярпенню

Упарта спрачайся,

Да волі імкненнем

Гары, разгарайся.

Жыццё там — дзе змога.

Дзе смерць — там пакора.

              (Змагайся! Пецярбург, 1913)

 

Настрой у нечым блізкі да эканамічнага дэвізу: «Пакуль жывы — змагайся!», які прыпісваюць старажытным галам. Да таго ж ён ужо цвёрда перакананы, што пакорлівасць можа давесці да пагібелі цэлы народ. Тады ж у «Нашай ніве» ён чытаў: «Як вучыць гісторыя, не адзін ужо народ, каторы заваявалі насільствам, заціснулі бяспраўем і каторы, здавалася, зусім памёр,— разам адраджаўся. І дух народу, прачнуўшыся ад доўгага сну, уставаў да новага жыцця...»

Вечарыны на кватэры прафесара Эпімах-Шыпілы Гартны працягвае акуратна наведваць і ў наступным, 1914 годзе. Р. Семашкевічу давялося ў свой час знайсці ў Вільнюсе, у Л. А. Войцікавай (Зоські Верас), пісьмы яе сяброўкі юнацтва Марыі Галубянкі, «якая ў свой час была членам пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў».

 

Марыя Галубянка — Зоcьцы Верас. 6.ХІ.1914 г.:

«...Гурток наш пачаў цяпер збірацца часта, штотыдзень... Вельмі сімпатычна бывае. Прэзэс (старшыня) гэтага гуртка Тарашкевіч (чым больш яго пазнаю, тым больш выдае мне інтэлігентным і разумным) вядзе яго вельмі сімпатычна... Быў рэферат Б. Тарашкевіча. Меўся казаць свае ўражанні аб вершах Буйлянкі (Канстанцыі Буйла.— Э. Я.). «Курганная кветка» Лявіцкі. Рэферат Тарашкевіча «Беларускі народ і яго мова» быў вельмі добры, апрацаваны... У гэты вечар рэферат чытаў «Стасунак беларусаў да іх суседзяў» (падзел на католікаў і праваслаўных, паняцце аб нацыі, як арганізаваны гурткі беларускія ў сярэдніх школах і другія рэчы). Рэферат усім надта спадабаўся. Пасля дыскусіі... гаварыў Тарашкевіч (аб рэфераце вельмі добра) і Душэўскі, адзін з двух віленскіх беларусаў... гаварыў, што беларусам трэба стварыць інтэлігенцыю, трэба яе ўсведамляць».

 

Яна ж Зосьцы Верас 16 снежня 1914 года: «...п. (пан) прафесар Эпімах-Шыпіла нам што-кольвечы чытае (ён добра чытае); часам чытае свой яшчэ не надрукаваны раман Цішка Гартны, паэт беларускі...»

Размова ідзе пра раман «Сокі цаліны», пра першую яго «квадру», якую аўтар назваў «Бацькоўская воля». А крыху раней клопатамі кнігавыдавецкай «суполкі» пачаў нарэшце выходзіць альманах «Маладая Беларусь», які меркавалася пераўтварыць затым у літаратурны беларускі часопіс. Мэта яго, як абвешчана ў рэдакцыйнай прадмове,— даць магчымасць «маладой Беларусі» падзяліцца з грамадскасцю тымі думкамі публіцыстаў і мастацкімі літаратурнымі творамі, «якім па розных прычынах не знаходзіцца месца ў сучасных выданнях...— у «Нашай ніве», календарах і беларускіх кніжках...» Тут надрукавана драматычная паэма Купалы «Сон на кургане», проза Цёткі, вершаваныя апавяданні Коласа, артыкулы аб формах нацыянальных зносін на Беларусі і ў Літве, аб неадкладных задачах беларускай інтэлігенцыі, а таксама вершы Канстанцыі Буйла і сяброў-капылян — Алеся Гурло і Цішкі Гартнага... І ў хуткім часе «суполка» ж выдае першы зборнік вершаў Гартнага — «Песні». Даследчык (С. Александровіч) адзначае, што, нягледзячы на сентыментальнасць, абстрактную публіцыстычнасць, фактаграфічную апісальнасць, большасць уключаных у зборнік твораў, шэраг вершаў, асабліва цыкл «Песні працы», «вызначаўся на фоне беларускай дарэвалюцыйнай лірыкі навізной тэматыкі і вобразаў». Гартны стаў першым, хто «залажыў асновы беларускай рабочай паэзіі».

Яму ж належыць заслуга стварэння першага нацыянальнага рамана аб рабочым-беларусе. З усёй прозы пісьменніка «Сокі цаліны» аказаліся творам не проста самым удалым, але і самым арганічным. У ім адчуваецца ў найбольшай ступені ўнутраная мастакоўская свабода і душэўная разняволенасць. Канечне, цяпер гэты раман можа здавацца у многім архаічным, калі параўноўваць з тымі, што створаны наступнымі пакаленнямі беларускіх празаікаў. Напэўна, нават геніяльныя пісьменнікі, перш за ўсё, належаць свайму часу. Інакш мы чытаем, скажам, Гюго, ці Дзікенса, ці Сянкевіча, чым іх сучаснікі і суайчыннікі. Сучаснікі ж Гартнага, у тым ліку вядомыя зараз пісьменнікі — Ян Скрыган і Сяргей Грахоўскі, сведчаць, што раман «Сокі цаліны» ў 20-я і на пачатку 30-х гадоў карыстаўся, асабліва ў моладзі рэспублікі, вялікай папулярнасцю. «Гэта быў, па сённяшніх мерках, бестселер,— заўважыў Ігнат Дуброўскі.— Мы яго ўспрымалі зусім па-другому, чым цяперашнія чытачы».

Ці маем мы рацыю, калі, бывае, імкнёмся судзіць і паводзіны людзей мінулага на падставе нейкіх артыкулаў маральнага кодэкса сённяшняга дня? Яшчэ невядома, што скажуць будучыя пакаленні пра нас саміх. Куды важней зразумець: як і чаму ўсё адбывалася тады менавіта так, а не інакш. А вось гэта ў рамане Гартнага якраз можна знайсці. «Раман занадта перагружаны падрабязнасцямі»,— заўважаюць сучасныя крытыкі. У той жа час кожная з іх для чытача сучаснага, калі разабрацца,— каштоўнасць. Яна дае магчымасць лепш убачыць і адчуць сацыяльную атмасферу пачатку ХХ стагоддзя ў невялікім беларускім гарадку, у мястэчку, як яго тады яшчэ называлі, адкуль таксама выйдуць ці ўжо выходзілі тыя, каму давядзецца сыграць сваю ролю ў маючым адбыцца рэвалюцыйным працэсе, страсянуўшым, перавярнуўшым былы лад і свет. У чым была іх сіла і ў чым яны памыляліся? Чаго не змаглі прадбачыць, што прынесла потым (у тым ліку ім самім) не толькі бліскучыя перамогі, але і беды.

Быт мястэчка напярэдадні рэвалюцыі 1917-га ў рамане паказаны сапраўды падрабязна, з веданнем справы, можна нават сказаць, скрупулёзнасцю: праца людзей, вельмі часта падобная на сялянскую — касьба, малацьба і г. д., сямейныя ўзаемаадносіны, суседскія... Жыццё ў Сілцах запаволенае, няяркае. Толькі зрэдку яно перарываецца царкоўнымі святамі — «фэстамі», кірмашамі ці вяселлямі. Пахаванні — таксама падзея, іх абмяркоўваюць, запамінаюць, параўноўваюць. «Грамадская думка» вельмі часта ствараецца на падставе плётак, слыху. Але моладзь пачынае ўжо чытаць не толькі дазволеныя начальствам урадавыя газеты, але і падазроныя «лісткі», што невядома якімі шляхамі дасягаюць гарадка і пастаянна ходзяць па руках. Затым з’яўляюцца ў Сілцах свае «стылісты». Праз некаторы час іх прывучаюцца ўжо называць больш дакладна — «сацыял-дэмакраты». А там ужо — па табе — новае пакаленне пачынае папракаць «старых» у пасіўнасці. І таму нічога дзіўнага, што кумірам сілцоўскай моладзі становіцца не нейкі там Васіль Бераг з заможнікаў, з якім сам поп «ручаецца», а сын удавы Стэпы — Рыгор Нязвычны, што заявіўся на пабыўку з вялікага свету. Ён — рабочы з буйнога прамысловага цэнтра і сацыял-дэмакрат. У вачах жа заможных мяшчан Рыгор хоць і «гарадскі», а ўсё адно «галадранец», калі не мае капіталу. Тым не менш менавіта яму, на здзіўленне «старых», аддае яўную перавагу перад багатым прэтэндэнтам на яе руку прыгажуня Зося. Каб праявіў Рыгор крыху болей настойлівасці, дзяўчына, несумненна, выйшла б з «бацькоўскай волі». «Расстаноўка сіл і вобразаў у рамане крыху напамінае «Паўлінку» Я. Купалы,— адзначае А. Адамовіч.— У пецярбургскім гуртку Б. Эпімах-Шыпілы, дзе бываў Цішка Гартны, захапляліся цудоўнай купалаўскай камедыяй, і зразумела, што Гартны не мог не ведаць яе. І ўсё ж можна гаварыць аб поўнай літаратурнай самастойнасці «Бацькоўскай волі». Усе фарбы для гэтага твору ўзятыя... з рэальнага жыцця. Сілцы — гэта, па сутнасці, мястэчка Капыль, якім яго ведаў пісьменнік».

Думаецца, можна гаварыць не толькі пра самастойнасць твора — яна навідавоку. Калі ўжо мець на ўвазе цудоўную купалаўскую «Паўлінку», то яна не толькі, безумоўна, уразіла капыляніна. Яна дала пачатак творчаму імпэту спаборніцтва Гартнага калі не з самім Купалам, то з яго шэдэўрам (так, думаецца, з’явілася потым на свет «Сацыялістка»): у аднаго чароўная, але без асаблівае цікавасці да палітыкі Паўлінка, а як бы ў процівагу ёй — рашучая, гатовая змагацца за радыкальныя сацыялістычныя пераўтварэнні прыгажуня Палута, якой, праўда, так нестае вялікай жаночай дабрыні!

Адамовіч адзначае далей, што «вобраз Зосі — найбольш закончаны і паэтычны ў рамане». Відаць, можна сказаць таксама і пра яго ў нейкай ступені сімвалічнасць, хоць яна, здаецца, і не прадугледжвалася самім аўтарам. Гэта як бы ўвасабленне родаводнай высновы айчыны. І калі Рыгор, захапіўшыся сваім будучым актыўным удзелам у вельмі важных дзяржаўных падзеях, пачынае асцерагацца (не прызнаючыся ў тым адкрыта нават самому сабе), каб ненарокам Зося з яе мараллю паслухмянасці бацькам не стала яму замінаць, у гэтым праглядаецца будучая трагедыя: ён практычна адмаўляецца доўжыць род на сваёй айчыне. Бусел не апусціцца на страху яго хаты ў Сілцах. Рыгора ў тым віна або сацыяльных умоў, якія тады склаліся? Не будзем гадаць, што думаў аб тым аўтар, будзем зыходзіць з таго, што ім укладзена ў раман. Уключыўшы, аднак, у кола нашага чытацкага роздуму і вобраз самога стваральніка твора.

Вось некалькі эпізодаў для ілюстрацыі. Рыгор і Зося сустракаюцца ў лесе. Іх перапаўняе хмельнае пачуццё блізкасці. Зося прытулілася да любага: «Я ўся твая»... Але Рыгор, які перад тым быў гэтак уражаны, што сынок багацея заляцаецца да Зосі, дамагаўся хутчэйшага спаткання, аказваецца, душэўна да блізкасці не гатовы. Бо тады ж яму, як прыстойнаму чалавеку, давялося б узяць на сябе ўсю адказнасць за далейшы лёс дзяўчыны. «Не, я не жадаю аказацца ад каго б то ні было ў залежнасці»,— вырашае Рыгор. І ў хлопца імгненна мяняецца настрой, наступае цвярозасць. Ён «рашуча праказаў: «Зося-а, Зоська!.. Няўжо ты думаеш, што я пайду на ўсё. Я цябе дужа шкадую, каб не паважаць...» Уражвае гэткая цвярозасць хлопца, якому толькі што пацалунак любай дзяўчыны здаваўся келіхам «пахучага, найсалодшага мёду з-пад маладых пчол», што «раптоўна разліўся па ўсім... целе, ад галавы да самых пят, і... тонкім і вострым хмелем ускружыў яго голаў, задранцвіў усю істоту...».

Натуральна, што пасля гэткага ледзянога «душа» дзяўчына адразу адчула пад сабою грэшную зямлю і, «як ляжала, так раптам паднялася і раптам пасумнела, быццам спалохаўшыся за тую адкрытасць, якую знянацку дапусціла ў сваёй гутарцы з Рыгорам».

А далей ужо ідзе даволі цікавы аўтарскі каментарый яе пачуцця: «Ой, што ж ён падумае!» — адрыгнулася ў ёй дамастроеўская (!) мараль дзедзіцкага асяроддзя».

Ужо гэтае яму «асяроддзе»! Рыгор так непрыхільна ставіцца да яго, што колькі разоў імкнецца настроіць дзяўчыну на варожасць супроць бацькоў. На словы Зосі, што тыя па-свойму ўсё ж і шкадуюць яе і любяць, адказвае: «Гэта не любоў, не шанаванне... Табе здаецца, што яны цябе забяспечыць хочуць... Гэтым цябе хочуць прынудзіць астацца на тым месцы, на якім яны стаяць... Ты бачыш нешта завабнае, вялікае перад сабою, ...а іх ліпкія рукі стрымліваюць, не пускаюць».

Рыгору не даспадобы і «яе, здаецца, і нігілісцкі тон у гутарках... але зусім нявольны ад націску бацькоўскага выхавання. Зацятая абярэжніца родавых нахілаў, Зосіна маці многа пастаралася над тым, каб зрабіць з свае дачкі верную і непахісную сваю паслядоўку. Бацька ж браў сваім пахаджэннем, якое ён хітра абгрунтоўваў на падвалінах заможніцкай гаспадаркі».

Што ўзамен? Кінуць родныя мясціны. «Ну, ёсць жа, Зося, і дзяўчаты тваіх гадоў і твайго палажэння, якія маглі кінуць вёску, парваць з сям’ёю і апынуцца ў горадзе». Прычым, не абавязкова і блізка, на радзіме: «Вось у Рызе маецца фабрыка «Праваднік», дзе робяць галёшы; ты думаеш, там адны мужчыны? Наадварот — там працуе сотні жанок і дзяўчат. І многія з іх пакінулі вёскі і мястэчкі...» На што Зося ў адказ: «А ўсё-ткі, як сабе ні кажы, а мне дужа трудна зрабіць так, як ты радзіш: кінуць бацькоў і ехаць ад іх у горад».

Тым не менш: «Рыгор заўважыў, што гэткія гутаркі маюць свой дадатны бок і моцна ўплываюць на Зосю. Але занадта глыбока ўрасла яна ў асяроддзе цвілое мяшчанскасці, у балота кутніцкага самадурства і ганарлівасці».

Як успрыняў Рыгор Зосіну безаглядную шчырасць у каханні, мы ўжо ведаем.

Яшчэ высвятляецца, што Рыгор, які гатовы, здаецца, жыцця не пашкадаваць дзеля перамогі рэвалюцыі, у той жа час не пазбаўлены наіўнай фанабэрыі, калі хочаце, ганарыстасці і нават пагардлівасці ў дачыненні да «непасвячоных» местачковых хлопцаў і дзяўчат. Сапраўды, горад, завод, пастаянная сувязь з рэвалюцыйна настроеным рабочым асяроддзем, удзел у рабоце прапагандысцкіх сацыял-дэмакратычных гурткоў зрабілі сваю справу, хлопец прыкметна вылучаецца ў асяроддзі маладых сілкоўцаў палітычнай дасведчанасцю, разуменнем рэвалюцыйных перспектыў, воляю, энергіяй. Вось Рыгор выступае на сходцы, выклікаючы ў некаторых з прысутных шчырае захапленне: «Яго ўдумлівая, грунтоўная гутарка выяўляла перад Сёмкам незвычайнага чалавека, якому патрэбна вучыць, а не вучыцца». Ды і ўвесь сілцоўскі сацыял-дэмакратычны гурт дзівіцца «таму росту Рыгоравай палітычнай свядомасці, што яму надаў горад». Рыгор жа адносіцца да гэтых павышаных знакаў увагі да свае асобы як да належнага. Што ж да Зосі, ён, падобна, нават у глыбіні душы рады разрыву іх адносін, хоць і імкнецца ўпэўніць не толькі іншых, але і сябе: ва ўсім вінаватая «дамастроеўская мараль» дзяўчыны.

Вяртаючыся ў Рыгу, Рыгор у поездзе хутка знаёміцца ўжо з новай дзяўчынай, якая напамінае яму абліччам Зосю, але больш «сучасная». І сам ён здаецца сабе гэткім, калі разважае: «Ці паверыць ён (Сёмка), што я гэтак хутка сумеў блізка сысціся з гэтай дзяўчынаю, падобнаю да Зосі?.. Каб ён ведаў, што я тут вытвараю! Смяяўся б покатам, цешыўся б».

А. Адамовіч заўважае адносна такіх вось «нечаканых самахарактарыстык» Рыгора: «Што гэта — супярэчлівасць характару героя, якую хоча раскрыць пісьменнік? Не, для аўтара Рыгор Нязвычны — натура цэласная. Трэба мець на ўвазе, што пытанні новай этыкі і маралі ў 20-я гады асобныя пісьменнікі схільныя былі рашаць некалькі спрошчана і прамалінейна. Не пазбегнуў гэтага і Цішка Гартны».

Звернем, аднак, увагу: работа над гэтай «квадрай» рамана пачалася яшчэ прыкладна ў 1915 годзе, ужо не кажучы пра тое, што сам жыццёвы матэрыял аўтарам узяты з тых часоў, а ўсе даследчыкі адзначаюць надзвычай вялікую залежнасць Гартнага ад жыццёвага матэрыялу, «фактаў» у сваім рамане, асабліва ў першых дзвюх «квадрах». А. Адамовіч нават падкрэсліваў, «што ў творчым працэсе гэтага пісьменніка яўна недастатковую ролю адыгрывае творчая фантазія... Часам ствараецца ўражанне, што Гартны схільны запісваць і апісваць усё, што толькі зберагла яго сапраўды рэдкая памяць». В. Атрашкевіч, аналізуючы другую «квадру» рамана — «На перагібе», якая канчаткова шліфавалася ўжо ў сярэдзіне 20-х гадоў, лічыць неабходным адзначыць, што хаця сам аўтар у той час духоўна і палітычна вырас, ён «свайго героя не спяшаецца «выспеліць», аддаючы зусім справядлівую даніну гістарызму». Ды і наогул нашы адносіны да «Сокаў цаліны» як мастацкай з’явы ў любым выпадку не павінны перашкаджаць бачыць у рамане своеасаблівы дакумент эпохі, дзе паказаны людзі, якія ў ёй актыўна дзейнічалі, у тым ліку і нядаўні гарбар Жылуновіч-Гартны.

Дарэчы, у рамане не толькі Рыгор такі. За ім ідзе, скажам, яго прыяцель, Пятрусь, «увішны і вясёлы», па вызначэнню Рыгора. Прыемны «кампан», адданы таварыш, разумны, адважны. Сын земляроба. Бацька ўладкаваў яго спачатку парабкам, потым, калі падужаў,— вучнем да местачковага каваля. Кавальскае рамяство, аднак, яму не спадабалася, працаваць на зямлі таксама ахвоты не было. Закінуўшы кувалду, Пятрусь пачаў жывіцца выпадковымі заробкамі. Ён «вастрэй многіх успрыняў сацыялістычныя ідэі»,— заўважае аўтар,— разам з Рыгорам уступіў у сілцоўскую арганізацыю сацыял-дэмакратаў, і цягне яго ў горад. «Табе, як і Рыгору, гэта шлях верны,— згаджаецца Сёмка, які не можа пераадолець у сабе прыцягнення зямлі.— Паедзеш — не прападзеш са сваёй знаходлівасцю.

З гэтым пагадзіўся і Рыгор... кампанія Петруся яму была па душы».

Такім чынам, самых актыўных герояў рамана аўтар напярэдадні рэвалюцыйнай буры «накіроўвае» спачатку ў Рыгу, потым у Пецярбург, на завод. Сам Гартны таксама тут. Праўда, хутка начальства прыкмячае яго як падбухторшчыка, і Зміцер аказваецца за варотамі. Больш трох месяцаў бадзяецца без работы. Прапасці з голаду не даюць усё той жа Эпімах-Шыпіла, іншыя землякі. Нарэшце радасць — з дапамогай сяброў удалося ўладкавацца ў друкарню. Работа яму па душы, па сваёй звычцы ўсё рабіць грунтоўна капылянін стараецца як мага лепей вывучыць вытворчы працэс. Для партыйных мэт гэта таксама дарэчы — трэба наладжваць выпуск прапагандысцкай літаратуры. Яго заўважае начальства, праз некалькі месяцаў Жылуновіч становіцца нават загадчыкам невялікага выдавецтва, якое належала таварыству «Веды». Клопатаў адразу прыбавілася.

І яшчэ адна памятная падзея ў яго жыцці таго перыяду. На адным са спектакляў у Народным доме Зміцер знаёміцца з мілавіднай светлавалосай пецярбуржанкаю. Яна сірата, працуе белашвачкай, любіць чытаць сур’ёзныя кнігі, як і Зміцер, захапляецца тэатрам. Капылянін зразумеў: гэта яго лёс. 1916 года лютага месяца 3 (16) чысла Жылуновіч Дзмітрый Фёдаравіч, 28 гадоў, і Бялова Надзея Сцяпанаўна, 20 гадоў, афіцыйна рэгіструюць свой шлюб. На агульнае шчасце і гора. Пецярбуржанка стала капыляніну адданай жонкай, нарадзіла яму двух кемлівых дзяцей: спачатку дачку (кажуць, верная народная прыкмета, што жылі маладыя ў поўнай душэўнай згодзе), а потым і сына...

У армію яго не бяруць з-за моцнай блізарукасці. Гэта не перашкаджае Жылуновічу падтрымліваць зносіны з салдатамі і матросамі з ліку землякоў. У прыватнасці, Алесь Гурло ўспамінае: як толькі выпала магчымасць, ён «наведаўся з Кранштата ў Пецярбург і пайшоў да Цішкі. Многа гаварылі. Ён (Жылуновіч) вельмі цікавіўся, ці вядзецца ў марскіх камандах рэвалюцыйная работа. Мой адказ яго задаволіў...»

К таму часу пачала ўзрастаць актыўнасць, усё болей набываючы палітычную афарбоўку, «філіі» Беларускай сацыялістычнай грамады ў Пецярбургу. Рэвалюцыйнасць ваеннага Балтыйскага флоту выразна праявілася яшчэ ў перыяд Пятага года. Яна, як паказалі далейшыя падзеі, не была выкаранена залпамі расстрэлаў паўстаўшых маракоў Свеабарга і Кранштата ў 1906 годзе, хаця ахвяры і значныя. Каго не забілі — затачылі ў турэмныя казематы, загналі ў сібірскія турмы. У доўгім спісе герояў тых падзей, што заплацілі дарагую цану за прагу волі, нямала беларусаў. Гэта помнілася, перадавалася запаветам ад стараслужачых навабранцам.

Колькасць беларусаў у пяхотных армейскіх часцях, размешчаных у Петраградзе і яго ваколіцах напярэдадні рэвалюцыі Семнаццатага года, невядома, але, па ўсяму трэба меркаваць, даволі значная. Пра тых, хто служыў на флоце, засведчана дакументальна. Вось лічбы, якія называе даследчык сацыяльнага саставу матросаў рускага ваеннага флоту ў эпоху імперыялізму Д. Гаркавенка і прыводзіць у сваёй вельмі змястоўнай дысертацыі аб Беларускім нацыянальным камісарыяце В. Скалабан: да пачатку 1917 года ваеннымі маракамі на Балтыцы былі 7 тысяч 900 беларускіх хлопцаў. У тым ліку толькі на крэйсеры «Аўрора» ў кастрычніку 1917 года аказалася 60 беларусаў (па другіх падліках, напрыклад В. Шымука,— 75). У выпадку рэвалюцыйных падзей гэткая ваенная сіла была здольная істотна ўздзейнічаць на ход падзей таксама і на Беларусі. Гэта разумелі ўсе палітычныя партыі, у тым ліку «грамадаўцы». Колькасць рабочых-беларусаў на прамысловых прадпрыемствах сталіцы таксама, мяркуем, была немалая. Пазней у нарысах аб тых днях Жылуновіч адзначаў, што калі «дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады пашырылася на заводы, у яе склад увайшло некалькі дзесяткаў... бальшавікоў» з ліку петраградскіх беларусаў. «Галоўнае ядро састаўлялі пуцілаўскія рабочыя». За Нарвскай заставай нават «арганізаваўся рабочы аддзел БСГ, дзе значная частка людзей належала адначасова да сацыял-дэмакратычнай бальшавіцкай арганізацыі».

Але гэта ўжо летам 1917 года. У канцы ж 1915-га, акрамя вайскоўцаў, у цэнтральных губернях Расіі паявіўся новы кантынгент беларусаў. Бежанцы...

Пра гэтых людзей у нашай літаратуры нічога грунтоўнага да гэтага часу так і не з’явілася. Хаця яшчэ ў 1928 годзе Максім Гарэцкі адзначаў, што «імперыялістычная вайна, бежанства (падкрэслена намі.— Э. Я.), беларускі нацыянальны рух, нямецкая акупацыя, польская акупацыя — вельмі мала закрануты ў сучаснай беларускай літаратуры», а гэта вельмі неабходна.

Між тым з’ява такая, што поўнасцю яе абысці было проста немагчыма пры апісанні падзейтаго перыяду. Хоць іншы раз дэталлю, бегла, але ўсё ж аб гэтым знойдзеш і ў навуковых працах, і ў некаторых мастацкіх літаратурных творах. Скажам, у Янкі Брыля. Нічога дзіўнага: з родных мясцін аказаліся сарванымі мільёны людзей! Ад фронту, ад яго гармат, кулямётаў, рэквізіцый па квіткам воінскіх начальнікаў ці звычайнага рабаўніцтва ды іншага гвалту хто ішоў сам, а многіх, большасць прымушалі спецыяльныя каманды, даючы на зборы лічаныя гадзіны. Добра яшчэ, калі выпраўляліся па чужыну на ўласным кані. Хоць нейкі скарб возьмеш. Многія ж былі эвакуіраваны толькі з тым, што змаглі несці за плячыма. У масе сваёй у бежанцах аказаліся сельскія жыхары.

Без гаспадаркі яны станавіліся жабракамі. Жылуновіч пісаў пра гэта:

 

«У вайну Беларусь падпала вялікаму й страшэннаму разору. Адступаючы ад немцаў у 1915 годзе часткаю ад сполаху ворагаў, а часткаю па прымусу царскага правіцельства, разам з расейскім войскам узняліся сотні тысячаў беларускіх сялян... Па дарозе дзесяткі тысяч іх мёрла ад халеры, тыфусу й іншых хвароб; губілася дабро, падала гавяда. Бы вярстовыя слупы, але тысячу разоў часцей, вырасталі між шляхоў капцы магілак і крыжы ці слупкі для іх. Адбывалася нечуваная мука вялікіх грамадаў уцекачоў, ці сапраўдней, выгнанцаў... Даўжэзная дарога брала незлічоныя ахвяры. Яшчэ ж болей іх узялі далёкая Сібір, гарачы Туркестан, непрыветныя гарады Расеі, Украіны й Каўказу. Змучаныя, напружаныя ў чужых краёх гіблі ўцекачы з Беларусі, а якія выжывалі, ніклі ў суме, ня можучы й ня маючы як прыстасавацца к жыццю на чужыне...»

 

А вось сведка з другога боку. Генерал Макс Гофман. Той самы, які прадстаўляў галоўнакамандаванне Усходняга фронту германскай дэлегацыі на перагаворах аб заключэнні Брэсцкага міру. У сваёй кнізе мемуараў «Запіскі і дзённікі» ён заўважае:

 

«Пры адступленні рускае камандванне, відавочна, імкнулася пераймаць практыку 1812 года: яно разбурала не толькі шляхі зносін, але спальвала таксама гарады і сёлы і пагнала людзей і скаціну на ўсход разам з адступаючымі войскамі. Чамусьці рускія, відавочна, меркавалі, што гэта стварае нам больш чым часовыя перашкоды, іначай іх вобраз дзеянняў быў бы залішняй бязлітаснасцю супроць уласнага народа... Калі не лічыць часовых перашкод з раскватараваннем, рускія разбурэнні былі для нас часткова толькі спадручнымі. Возьмем, да прыкладу, Брэст-Літоўск, дзе пазней размяшчалася амаль два гады стаўка галоўнакамандуючага Усходнім фронтам. Нягледзячы на спалены горад, раскватараванне аказалася магчымым, а разам з тым не было тых 80000 жыхароў горада, пра харчаванне для якіх нам давялося б неяк клапаціцца. Поўнае ачышчэнне горада было для нас спадручным таксама ў сэнсе адсутнасці шпіянажу і другой небяспекі...»

 

Да гэтай карціны некалькі лічбаў. Па звестках М. Сташкевіча (у кнізе «На пути к истине», Мн., 1983), яшчэ да рэвалюцыі ў расійскіх губернях па розных прычынах знаходзілася 538,7 тысячы беларусаў. Не ва ўсіх было жаданне там прыжыцца, асімілявацца, многія лічылі сваё знаходжанне за межамі нацыянальнай тэрыторыі часовым і збіраліся калі-небудзь вярнуцца на радзіму. Дарэчы, такога роду агітацыю праводзіла і зямляцтва беларускіх студэнтаў у Пецярбургу, якое разумела адмоўны ўплыў на дэмаграфічны стан Беларусі адтоку самай актыўнай рабочай сілы. Невыпадковым у гэтай сувязі ўяўляецца і верш Гартнага «Краю роднага не кіну»:

 

 

                        Не паеду я ў чужыну,

                        Краю роднага не кіну.

                          . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

                        Ў сваім краю, дзе ні стану,

                        Усюды сілай ровен пану.

                        Што пачую, то й адвечу.

                        Сваю вартасць чалавечу

                        Перад кожным не ўтаю я.

                                                (Пецярбург, 1914)

 

У сусветную ж вайну колькасць беларусаў за межамі нацыянальнай тэрыторыі ўжо праз некалькі месяцаў пачала акрэслівацца ў шасцізначных лічбах. Статыстычныя даныя, няпоўныя, зразумела, сведчаць: з адной толькі Гродзенскай губерні к канцу першага ж года ваенных дзеянняў паток бежанцаў дасягнуў больш за 750 тысяч чалавек. Па звестках, якія прыводзіць даследчыца Н. В. Каменская, на 11 мая 1918 года ў гарадах і вёсках Расіі налічвалася 2 мільёны 292 тысячы з лішкам чалавек. Называюць і іншыя лічбы — і большыя, і крыху меншыя,— але факт той, што ўсё роўна — мільёны. І ўся гэтая маса бяздольных адчувала вострую патрэбу хаця б у прымітыўнай арганізаванасці, каб лепей было размяркоўваць тую мізэрную дапамогу, якую вырашыў выдзяляць урад. Нехта павінен быў таксама прыцягнуць да становішча бежанцаў увагу грамадскасці Расіі, наладзіць збор ахвяраванняў. З добраахвотнікаў узнікаюць бежанскія камітэты. У адзін з іх, Петраградскі, адразу ж уваходзіць Жылуновіч.

Вельмі адчувальным для бежанцаў аказаўся і голад духоўны. Яны імкнуліся даведацца, што з імі будзе далей, што наогул адбываецца ў пакінутых імі родных мясцінах. Дзіўная справа: тое, што ў звычайных умовах амаль не заўважалася, у выгнанні даволі хутка пачало пабываць абвостраныя формы. І ў гэты час людзі як ніколі раней адчулі сябе нацыянальным адзінствам — беларусамі. Значна ўзмацняецца цікавасць да сваёй культуры. Ну, а друкаванае выданне на роднай мове ўвогуле становіцца значнай падзеяй.

«Дзянніца»... Галоўным ініцыятарам стварэння газеты быў Жылуновіч. К гэтаму часу ў яго прыкметна ўзрос вопыт выдавецкай справы, акрэсліўся талент журналіста. Назву — «Дзянніца», гэта значыць ранішняя зорка, прадвесніца світання, узыходу сонца, таксама хутчэй за ўсё газета атрымала дзякуючы яму. На гэта ўказвае і верш Гартнага таго часу — «Напярэдадні»:

 

Стуліўся змрок ў глухіх кутках,

Знікае ночка-чараўніца;

Ў нябесных цёмных дыванах

Міргае зыркая Дзянніца.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

А з неба ўніз яе прамень

У зелень рутную спадае

І кажа ціханька: «Мне дзень

На змену сонца пасылае!»

 

Гартны становіцца першым рэдактарам гэтай незвычайнай газеты, якой прадстаяла адыграць немалаважную ролю ў развіцці ідэі стварэння Беларускай савецкай рэспублікі.

Сродкі на выданне «Дзянніцы» здабываюцца па крыхах. Нешта дала аб’ява на падпіску. Па ініцыятыве студэнтаў вырашылі звярнуцца таксама па матэрыяльную падтрымку да петраградцаў беларускага паходжання. З гэтай мэтай у адрасна-тэлефонным даведніку «Весь Петербург» вышуквалі прозвішчы з характэрнымі канчаткамі -скій і -іч. У большасці выпадкаў выбар аказваўся беспамылковым.

Першы нумар «Дзянніцы» на шэранькай паперы і рускім шрыфтам, але на чатырох палосах удалося надрукаваць тыражом па тым часе даволі значным — пяць тысяч экземпляраў. Кожны з іх чыталі потым дзесяткі чалавек, перадаючы з рук у рукі, пакуль папера не распаўзалася ў пальцах. Праводзіліся групавыя чытанні. Аб папулярнасці «Дзянніцы» сведчаць, у прыватнасці, чытацкія пісьмы, якія пачалі паступаць у рэдакцыю з самых розных мясцін. Перапіску з чытачамі вёў у асноўным Жылуновіч. Таварыскасць, добразычлівасць, уменне пераканаць чалавека ў важнасці даручанай справы дапамаглі яму стварыць таксама і кампетэнтны аўтарскі актыў. Ён і сам шмат пісаў для газеты: перадавыя артыкулы, фельетоны, кароткія апавяданні, вершы, карэспандэнцыі. Ды яшчэ неяк знаходзіў час, каб даць беларускі матэрыял для «Правды».

Дзякуючы сваім добрым сувязям з рознымі людзьмі Жылуновіч аказваўся заўсёды добра інфармаваны аб падзеях і ў бежанскім асяроддзі, і на Беларусі. Яго непакоіла, што ўзмацненне нацыянальнага руху ў краі выклікала не толькі шалёную злосць у рэакцыйных шавіністычных колах, але і пэўны недавер у тых чэсных людзей, што паддаліся кампаніі паклёпніцтва. У тым ліку у збітых з толку землякоў. А як жа інакш: фронт рушыцца, а тут газеты, нават з тых, што абвяшчаюць сябе ліберальнымі і прагрэсіўнымі, з нумара ў нумар убіваюць чытачу думку, што «белоруссианство — это нарыв», яно створана палякамі з мэтай «отрезать если не всех белорусов, то хотя бы часть из них от влияния российской культуры и затем поглотить их культурой польской», як, да прыкладу, сцвярджала газета «Северо-Западная жизнь». У той жа час яна наракала, што «движение встречает сочувствие у очень и очень многих наивных обывателей края». Выдавец газеты, сам беларус па паходжанні, Л. Саланевіч настойліва папярэджвае ўлады пра сур’ёзную пагрозу «белоруссианского мазепианства», якое не што іншае, як «шпионство в пользу Гермаии». Адным словам, бяры, жандар, і саджай у кутузку кожнага, хто загаворыць па-беларуску, асабліва інтэлігентаў, якія робяць гэта «сознательно».

Як лепей адказваць на чарнасоценныя наскокі? Праз газету. У Вільні гэта імкнулася рабіць «Наша ніва». У Петраградзе — «Дзянніца». Жылуновіч імкнецца прыцягнуць да ўдзелу ў газеце вучоных-этнографаў, эканамістаў, моваведаў. Адказвае і сам — вершамі:

 

Вы ўсе кажаце мне,

Што маёй старане

Няма сэнсу сабе дабівацца...

Каб з краямі другімі зраўняцца;

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што мая старана

Ужо не ўстане ад сна...

Да святлейшае долі, да шчасця...

 

Надыходзе чарод,

Устае край, народ,

Як вясною палі ажываюць.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Адным збыўся ўжо час,

Цяпер чарга да нас...

Надыходзе вясна к беларусам!

                                                  (Дарадчыкам. 1917)

 

Многія беларускія лібералы з разначыннай інтэлігенцыі спадзяваліся, што такой Вясной нацыянальнага адраджэння стане Лютаўская рэвалюцыя. Таму ўдзел у ёй і быў у краі вельмі актыўным і масавым. Але ўжо к пачатку лета 1917 года чырвоныя банты на лацканах парадных сурдутаў патрапаліся і выцвілі, а застольныя здравіцы пад звон бакалаў з шампанскім змоўклі. Наступаў час працверажэння. Буйны капітал, атрымаўшы дзяржаўную ўладу ў імперыі, больш клапаціўся пра захаванне непадзельнага агульнарасійскага рынку, чым, да прыкладу, аб «культурной национальной автономии», якой зусім нядаўна заманьвалі на свой бок дробнабуржуазную масу «инородцев» канстытуцыяналісты-дэмакраты (кадэты). Праз сем месяцаў пасля Лютага ўжо і прыхільнікі Керанскага — сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры) прызналі, што нават у Цэнтральнай Расіі «правительство далеко еще не освободилось от старых навыков царского управления, что столыпинская хватка еще сильно дает себя знать в прыёмах революционных министров».

На ўскраінах учарашняй імперыі гэтая «хватка» адчувалася ўдвая. Жылуновічу запомнілася, як у канцы сакавіка 1917 года ў Мінску праходзіў з’езд беларускіх грамадскіх дзеячаў, у асноўным прадстаўнікоў дробнабуржуазных партый. Памочнік губернскага камісара эсэр Метлін, які сядзеў у ганаровым прэзідыуме, ад імя «революционного правительства» звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, у якім заклікаў не «ослаблять ряды борцов», пераконваў, што наогул «никаких белорусов в природе нет», «это дело дутое» і што «всякое национальное движение не ко времени», пакуль «не будет доведена до конца война и Учредительное собрание не определит судьбу великой России». У адказ узнялася такая бура пратэсту, што прадстаўніку «революционной» улады давялося неадкладна пакінуць не толькі прэзідыум, але і з’езд. Выступленне Метліна зрабіла эфект адваротны таму, на які разлічваў ён і тыя, каго гэты дзеяч прадстаўляў. Напружанасць атмасферы толькі ўзрасла яшчэ, так што неўзабаве пачалася палярызацыя сіл, якія нядаўна складалі Беларускую сацыялістычную грамаду.

«Іншародцы» ў сваёй масе праз некалькі месяцаў пасля Лютага паўсюдна перасталі давяраць Часоваму ўраду. У. І. Ленін у газеце «Рабочий путь» 7 (20).10.1917 г. адзначаў у артыкуле «Крызіс наспеў»: «После аграрного вопроса в общегосударственной жизни России особенно большое значение имеет, особенно для мелкобуржуазных масс населения, национальный вопрос. И мы видим, что на «Демократическом» совещании... «национальная» курия по радикализму становится на второе место, уступая только профессиональным союзам и стоя выше курии Советов рабочих и солдатских депутатов по проценту голосов, поданных против коалиции...»

Ідзе кансалідацыя сіл для Кастрычніка. Бурная, няпростая, са сваімі нечаканасцямі, бо «рэвалюцыя ёсць найбольшае абвастрэнне самых вострых класавых супярэчнасцей» (У. І. Ленін). Калі Пяты год быў першым урокам, то Люты Семнаццатага — другім. «За время революции миллионы и десятки миллионов людей учатся в каждую неделю большему, чем в год обычной, сонной жизни» (У. І. Ленін. «Урокі рэвалюцыі». 6 верасня 1917 г.).

Між тым працягваецца вайна, а з ёю далейшае эканамічнае, культурнае разарэнне Беларусі, пашырэнне зоны акупацыі. Не канчаецца паток бежанцаў. У іх ліку аказваецца нямала інтэлігенцыі. Многіх апаноўвае адчай. Калі праз дзесяць гадоў Жылуновіч піша кароткі нарыс пра жыццё актыўнага дзеяча БСГ Алеся Бурбіса, які згарэў ад сухотаў, ён, безумоўна, гаворыць там пра сваё ўласнае самаадчуванне ў той час: «Адчуванне адарванасці ад радзімы... Сур’ёзная небяспека ўсёй справе, на якую ён столькі паклаў намаганняў, хваравіта адбіваюцца на настроі... Што наступны дзень нясе? Як будуць развівацца падзеі адносна Беларусі? Ці прыйдзе час, калі яго старонка, бедная, цёмная старонка, фактычна калонія... стане вольнай? Хоць калі-небудзь пі ўзнімецца яе працаўнік на ступеню, з якой пачынаецца панаванне сацыяльнай і нацыянальнай свабоды?»

І працягвае: але Алесь Бурбіс не апускае рукі. Вывучае эканоміку Беларусі, нацыянальнае пытанне. «Яго натура... яго псіхіка настроены на рух... Ён чуйна адгукаецца на самыя нязначныя, здавалася б, палітычныя падзеі». Бурбіс уладкоўваецца на работу ў Народны банк у Маскве, потым у хуткім часе стварае Маскоўскае аддзяленне БСГ і становіцца яго старшынёй, ператварыўшы сваю кватэру ў сапраўдны палітычны штаб. Ёп літаральна «рухач» справы: арганізуе сходы беларусаў-бежанцаў, заахвочваючы іх да ўдзелу ў рабоце БСГ, наладжвае сувязь з землякамі з ліку вайскоўцаў, служачых пошты, з чыгуначнікамі, заводскімі рабочымі, піша адозвы, пракламацыі, удзельнічае ва ўсіх міжпартыйных нарадах, вядзе барацьбу з эсэрамі і чарнасоценцамі, забываючы пра асабістае — пра службу, пра сямейныя справы... ён увесь у рэвалюцыі, будаўніцтва незалежнай Беларускай рэспублікі — цяпер яго жыццё».

Гэта амаль што люстраны адбітак спосабу жыцця Жылуновіча ў Петраградзе. Да таго часу тут ужо засяроджваецца значная частка тых, з кім у недалёкай будучыні яму наканавана стварыць першы ўрад савецкай Беларусі. Пазней, у адным з нарысаў пра падзеі таго часу Жылуновіч пераканаўча тлумачыць, чаму менавіта Петраград на пэўны перыяд стаў адным з галоўных арганізацыйных цэнтраў рэвалюцыйна настроеных беларусаў: у Мінску і Вільні ў гады рэакцыі засталіся ў пераважнай большасці лібералы, «каго не кранулі царскія карнікі».

Ён ужо некалькі гадоў ведаў петраградскага металіста І. Лагуна і памочніка машыніста з Пуцілаўскага А. Усціловіча. Правераныя рэвалюцыйнай работай, таленавітыя, энергічныя, маладыя. Аднаму 24 гады, другому — 21. У Петраградзе ж аказваецца і былы студэнт Пецярбургскага універсітэта, сельскі настаўнік, а потым прапаршчык, што зведаў акопную вайну, Іван Пятровіч. У беларускай літаратуры ён стане потым вядомы як празаік Янка Нёманскі. Яшчэ адзін настаўнік па прафесіі, што скончыў ужо ў вайну Аляксандраўскае артылерыйскае вучылішча, і таксама прапаршчык — Аляксандр Чарвякоў. Ён з’явіцца ў горадзе на Няве вясной 1917 года. У рашучы час Кастрычніка кулямётная рота, якой ён камандуе, акажацца ў поўным складзе на баку бальшавікоў.

І ўстаноўлены ўжо трывалыя сувязі з тымі, хто далучаецца да яго ў Маскве,— А. Грыневічам, І. Дварчаніным, Н. Янчуком, Я. Дылам... Гісторыкі назвалі імёны яшчэ цэлага шэрагу яркіх, таленавітых, прайшоўшых суровую жыццёвую школу маладых людзей, узнятых на грэбень хвалі рэвалюцыяй. Гэта былі асобы. «Шэранькія» ў рэвалюцыю не рваліся, а ціха чакалі, не надта сумуючы, што не іх працай робіцца гісторыя. Прагрэс рухаюць тыя, хто дзейнічае дзеля ідэалаў сацыяльнай справядлівасці, не клапоцячыся пра шкуру. Зноў і зноў я ўглядаюся ў фотаздымак, дзе згуртаваліся яны за вялізным сталом у жніўні 1918 года. Усе маладыя, прыгожыя. Хто ў чым: у блузах, гімнасцёрках, фрэнчах, матроскіх форменках, у белых сарочках з гальштукам, у аднаго нават імпазантная «бабачка»... 27 чалавек. І з імі Зміцер Хведаравіч — інтэлігентны твар, на прыгожы з вялікай залысінай лоб з бакоў начэсаны акуратныя пасмачкі валасоў. Таксама зусім малады яшчэ ён. А за імі — люстэрка, і ўсе там адбіваюцца. Многіх потым паглыне малох сталіншчыны.

Але працягваем пра Жылуновіча-Гартнага. Без эмоцый, без прадузятасці. Мы гаворым пра мінулае, чытач. Будзем жа проста справядлівымі.

Яшчэ ў канцы 1916 года з-за фінансавых цяжкасцей з прычыны агульнага рэзкага пагоршання эканамічнай сітуацыі ў краіне ў сувязі з вайной давялося спыніць выпуск газеты. Разаслаўшы падпісчыкам сёмы нумар, у другой палове студзеня наступнага года Жылуновіч пачынае пісьмова апрошваць тых, хто фінансава падтрымліваў «Дзянніцу»: жадаюць яны, каб рэдакцыя неадкладна вярнула грошы, ці хочуць крыху пачакаць, да лепшых часоў. У паветры адчуваецца хуткае набліжэнне рэвалюцыйных падзей. Яны, безумоўна, у выпадку поспеху, дапамогуць аднавіць выданне газеты. І вось — Люты! Жылуновіч і яго паплечнікі неадкладна спрабуюць атрымаць ад новай улады хоць невялікую субсідыю. Дарэмна. «Рэвалюцыйны» ўрад Керанскага зусім не схільны траціць сродкі на газеткі «инородцев». Новыя чыноўнікі з чырвонымі бантамі наогул ставяцца да нейкіх там яшчэ «белорусов» з падазронасцю. Хопіць ім валтузні з украінцамі, якія, бачыце, носяцца з марай аб «самостийности».

Ашаламляльная навіна, між тым, прыходзіць з Вільні: там пачынае выходзіць газета на беларускай мове. Жылуновіч адносіцца да яе насцярожана: з дазволу ж акупацыйных германскіх улад выпускаецца. А назву якую далі газеце — «Гоман»! Лічаць сябе сябры рэдакцыі, бачыце, прамымі пераемнікамі народнікаў. Стаяць за ліквідацыю эксплуатацыі чалавека чалавекам, за «народаўласніцтва». І вось яшчэ: мараць пра самакіраванне на Беларусі праз «усялякія таварыствы, кааператывы, прафесіянальныя работніцкія хаўрусы», пра стварэнне незалежнай Беларускай рэспублікі або федэратыўнага «Беларуска-Літоўскага краю». А найвышэйшымі каштоўнасцямі «вольнага грамадзяніна» абвяшчаюць нацыянальную незалежнасць, інтэлектуальную і палітычную свабоду, родную мову і літаратуру, сацыяльны аптымізм і... хрысціянскую рэлігію. Цікава, як яны там спадзяюцца ажыццявіць сваю праграму, калі ў краі раптам так і асядуць немцы? Спачатку да «гоманаўцаў» ёп паставіўся вельмі насцярожана, нават варожа. Але што ўзамен? Тут хоць нейкая культурна-асветніцкая нацыянальная работа вядзецца. Вунь як высока ацэньваюць літаратурную ды грамадскую дзейнасць Багушэвіча, Купалы, Цёткі, Скарынкі... А як пішуць пра Кастуся Каліноўскага! Праз некаторы час ён ужо нічога не меў супроць, каб газета апублікавала яго вершы. Разам з Коласам, Алесем Гаруном.

Але і немцы хітруны: мала таго, што дазволілі гэты новы «Гоман» выдаваць,— не пярэчаць, каб на акупіраванай тэрыторыі адкрываліся беларускія школы. Вядома, не проста так сабе кайзераўская ваеншчына раптам праяўляе «дэмакратызм». Сцямілі немцы, як можна настроіць мясцовае насельніцтва супроць дружбы з Расіяй, дзе і пры Керанскім улады працягваюць штомоцы дудзець у царскую дуду пра недзялімую, адзіную, праваслаўную.

Складаныя адносіны ў яго і да мінскіх лідэраў БСГ. І хоць ён не адмовіўся ўвайсці ў кіруючы камітэт Грамады, але вельмі абурыўся, калі мінскія абралі сабе «правадыром» Скірмунта, памешчыка, які да таго ж выказвае прыхільнасць акупантам. Сябры ў яго таксама з буржуяў. Узяць Алексюка, што скалаціў сабе новую партыю — Беларускую народную і нават сацыялістычную. Якая ж яна народная і «сацыялістычная», калі ратуе за прывілеі буржуазіі? Ці Варонка. Яго ж падазроную «сацыялістычнасць» пуцілаўскія рабочыя імгненна раскусілі, калі ён на заводзе выступаў ад імя ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады...

Рашуча настроены Аляксандр Чарвякоў яшчэ ў ліпені заявіў: трэба арганізацыйна рваць з буржуазнымі элементамі. Адмежавацца канчаткова. Але Жылуновіч быў іншай думкі. Пакуль спяшацца нельга. У ідэолагаў Рады яшчэ застаецца нямала калі не прамых прыхільнікаў, то спачуваючых сярод рабочых, салдат, матросаў, за якіх неабходна змагацца ў публічных дыскусіях. Адкрыць ім вочы, перацягнуць на свой бок. У складзе ад петраградскай «філіі» Жылуновіч едзе ў Мінск на сесію Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Галоўнае пытанне — падрыхтоўка да выбараў на Устаноўчы сход, які, на думку яго арганізатараў, і павінен вырашыць далейшы лёс былой імперыі. Яшчэ ніхто не ведае, што хутка грымне Кастрычнік. Адно навідавоку — ні сацыяльных, ні нацыянальных супярэчнасцей у краіне Лютаму вырашыць аказалася не пад сілу. Верх узяла буйная буржуазія, яна пакуль імкнецца дыктаваць свае законы, ужо не грэбуючы ваеннай сілай. Значыць, рэвалюцыя павінна працягвацца ў інтарэсах працоўнай большасці. Мяркуюць, што ўдасца дамагчыся палітычных змен усё ж мірным шляхам — перагаворамі, галасаванем. Многія і спадзяюцца на Устаноўчы сход. I кожная сацыяльная група імкнецца правесці туды дэлегатамі паболей сваіх прыхільнікаў. Кіраўніцтва Цэнтральнай рады займаецца тым жа, яно таксама супроць петраградскай і бабруйскай «філій» блакіравацца з інтэрнацыяналістамі, абвінавачваючы іх у адсутнасці патрыятызму. Тыя, на чале з Жылуновічам, у знак пратэсту пакідаюць пасяджэнне.

Інцыдэнт гэтым не вычэрпваецца. Праз некалькі дзён у Мінску адкрываецца з’езд БСГ, Жылуновіч узнімаецца на трыбуну і тэмпераментна крытыкуе кіраўніцтва «грамадаўцаў» за схільнасць да правых партый. У адказ яго абвінавачваюць у разбурэнні «адзінага нацыянальнага фронту» дзеля вузкіх сацыяльна-класавых інтарэсаў. І вось вынік — не ўводзяць затым як прадстаўніка петраградскай «філіі» ў склад ЦК. Матывіроўка: ненадзейны, «можа выйсці з партыі».

Беларуская сацыялістычная грамада расколваецца. «Левыя»... «правыя»... Рабочы ж яе аддзел у Петраградзе за Нарвскай заставай, дзе многія і раней адначасова былі бальшавікамі, наогул самаліквідаваўся і аб’явіў сябе Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыяй бальшавікоў з праграмай і статутам РСДРП (б).

Узначаліў яе Аляксандр Чарвякоў. Сустрэўшыся з Жылуновічам, прапануе і яму ўліцца са сваімі прыхільнікамі ў гэтую партыю, у БСДРП. Той увогуле не супроць. Але ў яго групе, асабліва ў даволі значнай часткі прадстаўнікоў бежанцаў, яшчэ не зусім зжылі сябе ілюзіі «грамадаўства». Калі зараз «пераціснуць», правыя партыі могуць перацягнуць найбольш хісткіх да сябе. А за імі ж агромністыя бежанскія масы, якія толькі пачынаюць разбірацца ў палітычнай сітуацыі. Самымі «рэвалюцыйнымі» некаторым яшчэ здаюцца, напрыклад, эсэры. Жылуновіча засмучае, што нават Алесь Бурбіс усё яшчэ, «захапіўшыся агульнасцю беларускага руху», застаецца ў «правым» крыле, хоць, безумоўна ж, яго цягне больш да «левых». Не, трэба счакаць і весці агітацыю.

Часовы ўрад у гэты час усё больш і больш губляе прыхільнікаў. Нацыянальныя рэгіёны наогул ад яго ўжо нічога добрага не чакаюць. Вайна працягваецца, гаспадарка прыходзіць у заняпад, праявы голаду пры немалых хлебных рэзервах у краіне, пра якія паведамляюць газеты, яшчэ больш узмацняюць незадаволенасць Керанскім. І «левыя», і «правыя», і «нацыяналы» — усе прагнуць рашучых перамен, аднак ідэалы сацыяльнай справядлівасці такія розныя! Рашучая схватка імкліва набліжалася. Першымі на ўзброеную сілу зрабілі стаўку «правыя». Карпілаўскі мяцеж...

У Мінску буржуазія таксама рыхтуе сілы. На пачатку восені 1917 года там узнікае аб’яднанне «правых», саюз іх партый — Цэнтральпая рада беларускіх арганізацый. А калі туды ж увайшлі члены Беларускай рады Заходняга фронту, для саліднасці аб’яднанне называе сябе ўжо Вялікай Беларускай радай і пачынае прэтэндаваць на ролю дзяржаўнага органа ў краі, непрыкрыта выступіўшы супроць Саветаў. «Саветы ці Рада?» Зміцер Жылуновіч,— пісаў А. Р. Чарвякоў,— пайшоў з Саветамі, хоць у той час ён быў яшчэ далёка не стопрацэнтным артадаксальным бальшавіком».

А ў Петраградзе пачалася пралетарская рэвалюцыя. Што рабіць яму? Змагацца за перамогу Кастрычніка.

Ён выступае на мітынгах беларусаў-бежанцаў, перад матросамі. Піша вершы, падобныя на пракламацыі. Рэвалюцыя заўсёды горача ўспрымала паэзію, дзе пачуцці скандэнсаваныя ў нямногія словы, якія набываюць таму нейкую раптам нечаканую навіну, выбуховую сілу і асаблівую прыцягальнасць:

 

Гары, агонь Кастрычніка, гары!

Свой промень зыркі раздувай,

Няхай ён ззяе з краю ў край...

Хто спіць да гэтае пары,—

Уставай!

 

Гэта напісана ў дні, пра якія сказана, што яны скаланулі свет. Тады ж шмат разоў чытана на мітынгах петраградскіх беларусаў, а потым надрукавана ў адроджанай «Дзянніцы».

Тое, чаму не даваў ходу «дэмакрат» Керанскі, стала магчымым пры бальшавіках. Але яно адбылося на пачатку ўжо красавіка наступнага, 1918 года.

Канец жа года 1917-га быў яшчэ для значнай часткі беларускай інтэлігенцыі парою пакутлівых пошукаў — як здзейсніць абвешчанае Кастрычніцкай рэвалюцыяй права нацый на самавызначэнне? У хуткім часе стала зусім відавочна: кіраўніцтва Вялікай Беларускай рады, абвясціўшы аб падтрымцы контррэвалюцыйнага «Комитета спасения родины», які быў створаны ў Мінску па ініцыятыве камандуючага Заходнім фронтам генерала П. Балуева і камісара звергнутага Часовага ўрада В. Жданава, непрыкрытых «вялікадзяржаўнікаў» і шавіністаў, па сутнасці, прадала свой народ. І стварэнне Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту (туды ўвайшлі не толькі прадстаўнікі вайсковых часцей, але таксама члены прэзідыуму Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, прадстаўнікі мінскіх чыгуначнікаў) некаторай частцы ўдзельнікаў руху, у тым ліку Жылуновічу і яго прыхільнікам, здавалася напачатку нечым часовым, вынікам сітуацыі, ваенным становішчам. Больш жа нідзе, здаецца, не было тады такой колькасці войска з рознанацыянальным саставам, людзей прышлых, тут часовых, як на Беларусі. Меркавалі так: хто ўвайшоў у аператыўны орган Ваенрэўкома — у бюро? Старшыня — Ландэр, члены — Мяснікоў (Мяснікян), Калмановіч, Крывашэін, Селязнёў, Рагазінскі, Фрэйман... Так, усе яны справамі даказалі адданасць пралетарскай рэвалюцыі, і арганізатары таленавітыя. Але што ім вядома пра Беларусь, пра яе гістарычны лёс? Ці здольныя ўлічваць шматвекавыя спадзяванні беларусаў «людзьмі звацца»?

А тут яшчэ збівала з толку, што аб’яднаныя Мінская, Магілёўская, Віцебская губерні, неакупіраваныя немцамі паветы Віленскай і значная частка Смаленшчыны аб’яўляюцца нейкай Заходняй вобласцю. Хоць ужо тое, што «ў межах вобласці (адзначаць потым даследчыкі) аказаліся тэрыторыі, якія ў сілу этнаграфічных, гістарычных прычын цягнуліся адна да другой», не магло быць простай выпадковасцю. Аднак у тых абставінах гэта можна было палічыць і як ліквідацыю Беларусі, яшчэ адным варыянтам «Северо-Западного края». Падлічвалі, колькі і чыіх прадстаўнікоў аказалася ў выканкоме Саветаў Заходняй вобласці: ад мясцовага насельніцтва — агульнай колькасцю 70 дэпутатаў, а вось ад арміі, людзей часовых, «прышлых», якія сёння тут, а заўтра зусім у іншым месцы,— за сотню. Большасць. І пераважная. Вось іх камандзір, галоўнакамандуючы арміямі Заходняга фронту Мяснікоў, таму і старшынёю стаў. Потым «прышлы» ж яго і замяніў — Калмановіч. З ваенрэўкомаў пастаўлены і старшыня Савета Народных Камісараў вобласці — Ландэр. Ён жа назначаны загадваць вельмі важным камісарыятам унутраных спраў, ад яго залежыць — якая грамадская дзейнасць будзе дазваляцца. Калі не Беларусь, а вобласць — паняцце ўмоўнае, казённае,— яе і дзяліць можна, як каму з начальства захочацца. Па той жа прычыне на Віцебскую губерню імкнулася распаўсюдзіць сваю ўладу Паўночна-Заходняе абласное аб’яднанне з Петраграда.

Старое ламалася, новае шукала сваіх форм, але чым больш не бралася пры гэтым пад увагу акалічнасць нацыянальная, тым меней жыццяздольнымі аказваліся, здаралася, мясцовыя «фантазіі». Так, некаторыя паветы (воласці нават!) у гэтых умовах вырашылі, што яны наогул будуць «рэспублікамі». Губернскае кіраўніцтва не жадала падпарадкоўвацца нейкаму там яшчэ абласному, лічачы яго бюракратычнай прыдумкай чыноўнікаў, якія такім чынам «арганізавалі» сабе кіруючыя пасады. Усё гэта параджала дадатковую блытаніну, цяжкасці ў наладжванні эканамічных узаемаадносін. Падступаў голад... Дробнабуржуазнага кірунку газета «Вольная Беларусь» яшчэ раней заклікала дабівацца аддзялення Беларусі «ад заразнага і безнадзейна хворага арганізма Расіі», дзе дабрабыт народа наладзіць ужо немагчыма. Цяпер жа яна зноў настойліва заклікала неадкладна актыўна садзейнічаць стварэнню «ўсімі прызнанай дэмакратычнай Краявой улады» і «сваёй» рэспублікі. Даследчык (М. Сташкевіч) адзначае той адметны факт, што пры гэтым «некаторыя палітычныя партыі і арганізацыі — правыя эсэры, меньшавікі, бундаўцы, якія стаялі раней на пазіцыі «единой и неделимой» Расіі і асуджалі нават патрабаванне БСГ аб аўтаноміі Беларусі ў саставе Расійскай буржуазнай дзяржавы, зрабіліся раптам гарачымі прыхільнікамі «националыных устремлений» Беларускай рады. Ёй спачувалі нават манархісты і сіяністы. У друку, на мітынгах загаварылі аб тым, што пачаць эканамічнае аздараўленне краю можна толькі шляхам абмеркавання пытання з мэтаю выпрацоўкі разумных мер усімі партыямі, зацікаўленымі ў дабрабыце Беларусі, на Усебеларускім з’ездзе. «Гэтай ідэяй,— успамінаў Жылуновіч,— надзвычай захапіліся не толькі менскія грамадскія арганізацыі, але і Беларускі абласны Камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў,— расійска-эсэраўская арганізацыя». Жылуновіч не вельмі давяраў яе кіраўнікам, бо яшчэ раней яны агулам абразілі ўсіх, хто падтрымліваў БСГ, закляйміўшы іх платнымі прыслужнікамі памешчыкаў. Не натруджаная рука якога-небудзь земляроба-грамацея, а спрактыкаванае пяро супрацоўніка рэдакцыі «Северо-Западного края» толькі ўжо з чырвоным бантам на лацкане бачылася яму за радкамі рэзалюцыі дэпутатаў ад беларускіх губерняў на Першы Усерасійскі з’езд сялянскіх дэпутатаў адносна праграмы БСГ па стварэнні аўтаноміі Беларусі ў межах Расіі:

 

«...Белорусское крестьянство во все времена русской истории чувствовало себя как нечто целое и неделимое с русским народам и в своей массе ни в песнях, ни в обычаях, ни в сокровенных чаяниях не выявляло стремлений к отделению от России. С болью в душе нам, депутатам Белоруссии, приходится констатировать факт существования не имеющей ничего общего с белорусским крестьянством Белорусской социалистической громады, которая состоит из крупных помещиков и кучки навербованных на их средства лиц, ставящих своей целью отделение Белоруссии от России...»

 

Гэта ў ліпені 1917-га. З ліку тых дэпутатаў і ўтварыўся пазней Камітэт, які ўзначаліў Я. Канчар, памяняўшы былыя агранамічныя клопаты ў родным Рэчыцкім павеце на палітычныя страсці Петраграда. Намеснікам яго стаў старшыня Магілёўскага губернскага Савета сялянскіх дэпутатаў М. Гольман. Усяго ж Камітэт склаў 70 чалавек, якія і падпісалі 17 лістапада 1917 года даволі палкую дэкларацыю, дзе звярталіся да беларускага сялянства, земстваў і думаў, да кааператываў, беларускай інтэлігенцыі, воінаў-беларусаў, Саветаў сялянскіх дэпутатаў неадкладна паставіць пытанне аб самавызначэнні беларускага народа з мэтай утварэння «аўтаномна-свабоднай Беларусі, як часткі Расійскай Федэратыўнай Рэспублікі».

Беларускі абласны Камітэт зрабіў гэта не так сабе. Ён улавіў тое, што раптам пачало выбухаць у настроях мас, асабліва сярод салдат. Адбываліся вайсковыя з’езды воінаў-беларусаў. У сярэдзіне кастрычніка — на Заходнім фронце. З’езд воінаў-беларусаў Паўночнага фронту — у Віцебску, Паўднёва-Заходняга — у Кіеве. На Румынскім фронце, як перадавалі, «беларусазаваўся» амаль увесь Чацвёрты армейскі корпус. Затым адбыўся франтавы з’езд у Адэсе, прыняў статут арганізацыі беларускага войска, вылучыў Беларускую раду і выказаўся ўжо за стварэнне самастойнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі.

У Мінску Вялікая Беларуская рада разам з Цэнтральнай вайсковай у сваю чаргу дамовіліся склікаць Усебеларускі з’езд для самавызначэння Беларусі. Дата адкрыцця — 5 снежня. Камітэт, аднак, здолеў давесці, што ў яго аўтарытэт у краі значна большы, за ім сяляне, а яшчэ ж ён і ў цэнтральнай улады Расійскай рэспублікі мае прызнанне: пры Камісарыяце па справах нацыянальнасцей створана нават яго прадстаўніцтва. Таму, каб не мець непрыемнасцей з цэнтральнай уладай Расіі, прыарытэт у скліканні Усебеларускага з’езда павінен належаць яму, Камітэту. Мінск не без ваганняў нарэшце з гэтым пагадзіўся, але канчатковыя перагаворы аб агульнай праграме з’езда ўсё ж павінны былі правесці прадстаўнікі Петраградскага камітэта БСГ на чале з Жылуновічам. Тыя адразу запатрабавалі ўдакладнення ўмоў выбару дэлегатаў, а таксама абавязковага ўдзелу ў рабоце «кангрэсу» прадстаўнікоў Саветаў пралетарыяту. Так што, як успамінаў потым Я. Канчар, лідэрам Камітэту давялося вытрымаць «ожесточенную борьбу» з прыхільнікамі Жылуновіча.

Нарэшце, дамовіўшыся некаторыя прынцыповыя пытанні вырашыць у ходзе адкрытых дыскусій на самім з’ездзе, пагадзіліся, што лідэры Белкамітэта на даным этапе ўсё ж бяруць арганізацыю з’езда на сябе і звяртаюцца ў СНК Расійскай рэспублікі па палітычную, а таксама і па матэрыяльную падтрымку.

Яны яе атрымалі. Па рэкамендацыі народнага камісара па справах нацыянальнасцей Сталіна Савет Народных Камісараў Расійскай рэспублікі пад старшынствам У. І. Леніна 2 снежня 1917 года прыняў рашэнне Белкамітэту на арганізацыйныя патрэбы «выделить 9 тысяч рублей немедленно из пятимиллионного фонда. Признать принципиально возможной выдачу в случае необходимости и остальных 41 тысячи рублей из этого фонда». Белкамітэту дазвалялася карыстацца тэлеграфам і тэлефонам, у тэлеграме камандаванню і камітэтам армій Заходняга фронту, Аблвыканкому прапаноўвалася «не чинить крестьянским секциям и Советам никаких препятствий».

6 снежня 1917 года, разгарнуўшы газету Известия ЦИК...», Жылуновіч на відным месцы ўбачыў Умовы, якія Беларускі абласны Камітэт прымаў за аснову сумеснай працы з Наркамнацам дзеля ўпарадкавання пытання аб «безоговорочном и полном самоопределении белорусского народа». Камітэт прызнаваў уладу Саветаў. Прызнаваў Дэкрэт Другога Усерасійскага з’езда Саветаў аб зямлі.

Са свайго боку Наркамнац СНК Расійскай рэспублікі, адпаведна з Дэкларацыяй правоў народаў Расіі, згаджаўся на скліканне краёвага з’езда Беларусі. Але з умовай, каб той быў скліканы разам і ад імя як Беларускага абласнога Камітэта, так і Савета ў Мінску. Выбранаму на гэтым з’ездзе Савету рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў і павінна была затым належаць краёвая ўлада.

Што тычыць канчатковай формы з’езда і нормы прадстаўніцтва, то яны маглі быць вызначаны разам Аблкамітэтам з органамі савецкай улады ў Мінску.

Яшчэ праз два дні ў Мінску выходзіць чарговы нумар «Вольнай Беларусі» з паведамленнем, што на з’ездзе будзе ісці гаворка пра абвяшчэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі ў складзе Віленшчыны, Міншчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны, заходніх паветаў Смаленшчыны і паўночнай часткі Чарнігаўшчыны. Публікаваліся паведамленні з месц аб канферэнцыях, дзе вылучаліся дэлегаты, у тым ліку ў арміі. Там выбіраўся адзін прадстаўнік на кожныя пяць тысяч воінаў-беларусаў. Вылучалі сваіх дэлегатаў паўсямесна бежанскія арганізацыі. А таксама валасныя і павятовыя земствы, гарадскія думы, настаўніцкія камітэты, мясцовыя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Аблвыканкомзах ніякіх публічных пратэстаў супроць норм прадстаўніцтва не выказваў, гісторыкамі гэта не адзначана.

Пра падзеі той пары Жылуновіч ужо ў 1928 годзе напіша, што левае крыло Беларускай сацыялістычнай грамады і БСДРП у Петраградзе таксама неадкладна пачалі рыхтавацца да таго, каб выкарыстаць з’езд для канчатковай «перамогі на ім ідэй Кастрычніка». Выпрацоўвалі тактыку, абмяркоўвалі тэзісы будучых выступленняў, выбіралі дэлегатамі самых устойлівых і аўтарытэтных таварышаў, нават раіліся з работнікамі ЦК РКП (б). Затым Жылуновіч ужо ў Мінску наладжвае цесныя сувязі і ўзаемапаразуменне з прадстаўнікамі бабруйскай і віцебскай «філій» БСГ. Дэлегацыя ж БСДРП, па яго словах, у Мінску здолела аб’яднаць у адзін лагер усе левыя элементы... наладзіла сувязь таксама з мінскім камітэтам РКП (б)) і некалькі разоў інфармавала яго аб ходзе з’езда. Дзякуючы гэтым дзеянням з’езд з самага пачатку падзяліўся на дзве часткі — левую і правую. Ды так, што некалькі разоў абодва бакі гатовыя былі разысціся наогул. Тады ўтрымлівала і прымушала шукаць кампрамісных рашэнняў бадай адно — пытанне аб самавызначэнні Беларусі. Тым больш што за 700 прадстаўнікоў арміі і флоту, якія былі дэлегатамі з’езда, патрабавалі неадкладнага абвяшчэння незалежнай Беларусі не так па прычынах унутранага парадку, як знешніх: у Брэсце пачаліся перагаворы аб міру з Германіяй, і хадзілі трывожныя чуткі, што Троцкі і Іофе не супроць за нейкія выгоды перадаць частку Беларусі Польшчы, а то, калі трэба будзе, і ўсю тэрыторыю краю.

Усіх жа дэлегатаў на з’ездзе было па адных даных 1915 чалавек (В. Круталевіч), у тым ліку 740 з дарадчым голасам (столькі ж называе і Я. Канчар), па другіх — 1872. Прычым ні адзін з даследчыкаў не растлумачвае сваё сцвярджэнне, чаму большая частка з іх негатыўна ставілася да Савецкай улады (хоць гэта не вельмі стасуецца, здаецца, з канчатковай рэзалюцыяй з’езда). Магчыма, з-за недастатковай увагі да выбару прадстаўнікоў на з’езд з боку Саветаў, хоць яны, на думку М. Сташкевіча, поўнасцю кантралявалі становішча на месцах? Але тады чаму?

Правыя эсэры, меншавікі, члены правага крыла БСГ, як і трэба было чакаць, пачалі заклікаць да ўстанаўлення «дэмакратычнага рэспубліканскага ладу», нават не ўспамінаючы пра Саветы. Наколькі значнымі былі ў іх шансы перацягнуць большасць з’езда на свой бок? У 1928 годзе Жылуновіч напіша, што «левая частка з’езду, даволі значная і аўтарытэтная, разбівала эсэраўска-нацыяналістычныя аргументы правых». «Насуперак сваім спадзяванням і разлікам,— скажа ён яшчэ,— і лідэры правых не змаглі дасягнуць пастаўленай мэты», ідэя Савецкай улады ўвачавідкі перамагала. Хоць гэтаму не заўсёды садзейнічалі тыя, хто наогул імкнуўся адмовіць нават магчымасць удзелу дэмакратычных элементаў краю ў яго нацыянальным самавызначэнні, як гэта зрабілі ад імя губернскага з’езда Саветаў аратары з Віцебска, заявіўшы, што «Беларускі з’езд неправамоцны вырашаць пытанне аб самавызначэнні, а вырашыць можа толькі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў».

Выклікала абурэнне ў Жылуновіча выступленне блізкага таварыша Канчара — А. Вазілы. Цяпер, праўда, «камітэтавец» не называў прыхільнікаў БСГ платнымі агентамі памешчыкаў, а толькі адзначыў, што яны ўсяго толькі «оторванная от народа группа белорусской интеллигенции». І гаварыў з такім пылам, што нават страціў прытомнасць і яго адпойвалі вадой. Аднак, ачомаўшыся, ён працягваў з ранейшым імпэтам: «Кто вы, с польским акцентом говорящие на белорусском языке о каком-то грядущем счастье «незалежной» Белоруссии? Ведь вы отлично понимаете, что Белоруссия одна, как самостоятельное государство, сейчас даже немыслима... Остаться сейчас без России — это быть новорожденными, у которых мать умерла тотчас после родов...»

Тут зноў быў водгук таго, што адбывалася ў Брэсце, таго, у чым падазравалі «правых»,— яны хочуць дзяржаўнага аддзялення ад Расіі, каб потым прасцей было прадаць Беларусь Польшчы, адсюль і «польский акцент»

Каб суцішыць залішнія страсці і пацвердзіць паўнамоцтвы з’езда, на якія пагадзілася цэнтральная ўлада Савецкай Расіі, зачытваецца стэнаграма тэлефоннай размовы намесніка старшыні прэзідыума Усебеларускага з’езда Савіча з наркомам нацыянальнасцей Сталіным. Наконт звестак у друку, нібыта на мірных перагаворах у Брэсце вырашаецца лёс Беларусі, Сталін запэўніў, што пытанне пра Беларусь увогуле не абмяркоўвалася. Зачытваецца далейшы тэкст яго адказу:

 

«Деклараціія нашей мирной делегации была апубликована в свое время. Основы Декларации: никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства; народу обеспечивается право свободного самоопределения путем референдума; вывод войск, создание временного правления из демократически избранных представительств данного народа возвращение беженцев на родину для участия их в референдуме.

По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое что и обо всех прочих народах России, то есть полное самоопределение, вплоть до отделения. Если трудовое население областей России выскажется за федеративный строй, то Совет Народных Комиссаров ничего не будет иметь против этого...

Вообще белорусские товарищы не должны беспокоиться. Они должны знать, что Совет Народных Комиссаров будет защищать интересы {заіцшітрудовых масс Белоруссии всеми средствами. Вестям буржуазных газет просим не верить.

Савич:

— Скажите, как может быть создано временное демократическое правление без самоопределения? Время не ждет. А если Учредительное сабрание отклонит федерацию?

{есліі Учредіітельное собранне отклонііт федераціію?

}Сталин:

— Учредительное собрание не имеет и не может иметь никакого права на запрещение самоопределения народа. До свидания».

 

«Бурные аплодисменты делегатов съезда»,— напішуць газеты таго часу. Жылуновіч таксама пляскае ў далоні. Толькі сівагаловы акадэмік Карскі ўстае з-за стала прэзідыуму і пахмурна гаворыць: «Ці не зарана апладзіраваць? Адказ жа двухсэнсоўны». І аргументуе сваю думку: які можа быць рэферэндум без папярэдняй тлумачальнай работы сярод насельніцтва Беларусі, значная частка якога была пазбаўлена ведаў пра ўласную нацыянальную прыналежнаць? Так, да прыкладу, беларусы-католікі заходніх паветаў, не разабраўшыся, могуць прызнаць сябе палякамі, а частка Віцебскай губерні — вялікарусамі і гэтак далей. Карскі прапануе перадаць пытанне для дэталёвага абмеркавання Палітычнай камісіі, якая павінна быць створана кангрэсам. Зараз жа трэба абвясціць аб нацыянальных межах краю, каб папярэдзіць магчымыя спробы яго падзелу іншымі дзяржавамі. Бо спробы такія ўжо робяцца.

Нарэшце пачынаецца выпрацоўка асноўнай, палітычнай рэзалюцыі. Кожны яе пункт запісваецца пасля жорсткіх дыскусій. Жылуновіч таксама выступае некалькі разоў. Упершыню «левыя» і «правыя» на гэткім прадстаўнічым форуме змаглі сутыкнуцца ў сустрэчным баі спрэчак, паспрабаваць доказна абгрунтаваць свае погляды, каб яны маглі ўвайсці ў тэкст гістарычнай, як ім здавалася, рэзалюцыі. «Правыя» не прамінулі абрынуцца з нападкамі на Саўнарком Заходняй вобласці, абвінавачваючы яго ў небяспечнай і «бяздушнай» цэнтралізацыі, якая не ўлічвае эканамічнай своеасаблівасці краю. Нават Канчар заявіў, што Мяснікоў, Ландэр, Калмановіч і іх сябры не могуць прадстаўляць сапраўдную ўладу ў краі, бо армія, а не Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў выбіралі «гэтых камісараў».

Жылуновіч меркаваў, што хутчэй за ўсё Мяснікоў і Ландэр перш-наперш тэрмінова далажылі Сталіну аб спробе з’езда зрабіць контррэвалюцыйны пераварот, без санкцыі наркома па справах нацыянальнасцей малаверагодна, каб яны адважыліся на крайнія меры. Я. Канчар, а таксама Ф. Турук пісалі ў 1918 годзе, што далейшае было праяўленнем антаганізму паміж прыхільнікамі нацыянальнага самавызначэння і яго праціўнікамі, якія абапіраліся на армію, як канфлікт паміж беларускім народам і «пришельцами со стороны», якія баяліся за сваю неабмежаваную ўладу ў краі.

Так гэта ці іначай, гісторыкі спрачаюцца да нашых дзён. Тады ж, на чацвёрты дзень работы Усебеларускага з’езда (ці кангрэсу, як яго яшчэ называлі некаторыя), позна ўвечары 18 снежня зачытваецца нарэшце рэзалюцыя, за кожную фразу якой было паламана перад тым столькі коп’яў. Пункт першы:

 

«Замацоўваючы права на самавызначэнне, абвешчанае Расійскай рэвалюцыяй, і зацвярджаючы дэмакратычны рэспубліканскі лад у межах Беларускай зямлі, дзеля выратавання роднага краю і аховы яго ад падзелу і адрыву ад Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі, Першы Усебеларускі з'езд пастанаўляе:

Неадкладна стварыць са свайго саставу орган краявой улады ў асобе Усебеларускага Савета Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых Дэпутатаў, які часова становіцца на чале ўпраўлення краем, уступаючы ў дзелавыя адносіны з Цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў...»

 

Нават старшыня прэзідыума не адразу звярнуў увагу, што ў момант абвяшчэння рэзалюцыі ў залу ўвайшлі два ўзброеныя наганамі мужчыны ў вайсковым адзенні і скураных шапках. Яны ўскочылі на сцэну, і першы з іх падняў руку:

— Ти-ихо-о!

Чытанне рэзалюцыі спынілася, затое ў зале пачуліся воклічы абурэння. Старшыня прэзідыума апамятаўся і пачаў стукаць алоўкам па графіну з вадой.

— У чым справа? Хто вы такія? — запытаў ён.

— Я уполномоченный комиссариата внутренних дел Кривошеин,— адказаў першы мужчына.— А это комиссар Резоусский. Мы имеем сделать заявление. Внеочередное и официальное.

— Ад чыйго імя, па якому праву? — абурыўся старшыня з’езда.

— Вот ордер комиссариата внутренних дел Западной области,— сказаў Крывашэін.— Внимание! Предписывается: в связи с незаконностью происходящего оцепить здание, где происходит заседание Белорусского съезда арестовать президиум съезда, а равно избранный им орган краевой власти, отозвать со съезда товарищей большевиков и стоящих на точке зрения Советской власти, а самый съезд обьявить распущенным...

— Хто гэта санкцыяніраваў? — чуліся галасы.— Хто падпісаў?

— Подписал председатель Совета народных комиссаров области товарищ Карл Ландер,— пачулася ў адказ.— Товарнищ Ремнев, вводите красногвардейцев! Участники собрания, выходи по одному и предъявляй документы охране! Члены президиума, оставаться на месте, вы арестованы!

Абураны Жылуновіч памкнуўся нешта растлумачыць, але яго ўзялі за плячо і жалезнай рукой піхнулі ў гурт, дзе ўжо таўкліся Чарвякоў, Канчар, Вазіла, Варонка, Грыб — «левыя», «правыя»... Бясконца праціраў запацелыя акуляры сівы і згорблены акадэмік Карскі... «Гордзіеў вузел» ліквідаваўся класічным спосабам. У тры гадзіны ночы з 18 на 19 снежня прэзідыум павялі ў арыштанцкую...

Потым выпусцілі і іх, аднак на душу капыляніну лёг цяжар незаслужанай, па яго цвёрдаму перакананню, абразы. І ўжо тады прыхаваў ён крыўду на Мяснікова, дзеянням і словам якога з той пары не давяраў. Гэта праявіцца яшчэ праз год. А тады «як бы пайшла далейшая работа з’езду і ў што б выліліся яго пастановы — нельга сказаць,— меркаваў Жылуновіч і праз дзесяць гадоў, калі многае яшчэ прыбавілася да яго жыццёвага вопыту.— Тое, што ён быў распушчаны ў разгар работы, павярнула справу ў другі бок. Усё пераблыталася і набыло зусім іншую афарбоўку ў настроях. Роспуск з’езда зрабіў адмоўнае ўражанне і на прадстаўнікоў яго левай часткі, у тым ліку дэлегатаў-бальшавікоў. Гэтыя апошнія не маглі поўнасцю ўявіць сабе разумнай мэтазгоднасці акцыі... Цэлы ж шэраг прычын перашкаджаў ім знайсці апраўданне роспуску. І ў выніку, трэба адзначыць для гісторыі, было не адно агульнае нелегальнае пасяджэнне... сяброў савета старэйшын з’езда правай і левай яго частак». Абодва бакі прагнулі ўсё ж даспрачацца, каб ці знайсці нейкія магчымасці для супрацоўніцтва ў імя адраджэння Беларусі, ці, размежаваўшыся, разысціся канчаткова.

Пісалі скаргі ў Саўнарком Леніну, ва Усерасійскі Цэнтральны выканком, у Наркомнац. Ён падпісаў калектыўную адозву пратэсту, якую надрукавала газета «Вольная Беларусь». А потым яшчэ і 25 студзеня 1918 года ў Петраградзе быў у ліку тых пятнаццаці «сацыялістаў Беларусі», якія на Трэцім Усерасійскім з’езде Саветаў зрабілі калектыўную заяву аб гвалтоўных дзеяннях Саўнаркома Заходняй вобласці. Аблвыканкомзах, сказана там, дыскрэдытуе палітыку бальшавікоў, якія, атрымліваецца, з аднаго боку, заяўляюць аб свабодзе самавызначэння нацый, а з другога — разганяюць законна скліканыя правамоцныя сходы прадстаўнікоў гэтых нацый.

Яму крыўдна было слухаць Карла Ландэра, той выступіў у адказ і абвінаваціў кіраўнікоў з’езда ў палітычных махінацыях. Група Ландэра абвясціла свой гнеўны пратэст супроць «сацыялістаў Беларусі», якія спрабуюць выдаваць сябе за прадстаўнікоў працоўнага народа. «Мы утверждаем,— чытаў па паперцы Ландэр,— что белорусскому народу чужды эти чуждые русской революции люди и что ничего общего с трудовым белорусским народом они не имеют... Еще раз глубоко протестуем и снимаем с революционного белорусского народа навет этих чуждых незнакомцев и торжественно заявляем, что Белоруссия отдаст Советской власти все, что есть у нас великого и мощного для сокрушения всего того, что так или иначе стоит на нашем творческом пути к новому миру, к социализму, к інтернационализму».

«Сацыялісты Беларусі» ад імя беларускага народа гаварыць не могуць, а вось яны, Ландэр і Мяснікоў, аказваецца, такое права маюць, абураўся Жылуновіч. Ён выступіў з пратэстам. У пратаколе з’езда адзначана: «выступал от «правого сектора». Выступаць яму перашкаджалі сябры Ландэра. Не далі яны гаварыць і грамадаўцу Грыбу, які спрабаваў растлумачыць сутнасць рэзалюцыі Усебеларускага з’езда аб самавызначэнні. У зале тупалі нагамі, перабівалі воклічамі: «Самозванец! Ложь! Долой Каледина!» Пра ўсе гэтыя падзеі Жылуновіч даў заметку ў газету «Вольная Беларусь», зноў выказаўшы перакананне, што не кожны нацыянальны рух абавязкова з’яўляецца буржуазным і рэакцыйным.

Хвалі ад падзей у Мінску каціліся па ўсёй Беларусі. Адны адабралі дзеянні Аблвыканкомзаха, другія пратэставалі. У Магілёве цэлы губернскі сялянскі з’езд прыняў рэзалюцыю аб неабходнасці склікання Другога Усебеларускага з’езда Саветаў сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў як для вырашэння гаспадарчых пытанняў адносна Беларускай вобласці, так і для зацвярджэння ўлады працоўнага народа ва ўсёй Беларусі. Падкрэслівалася, што ў рабоце з’езда не павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі франтавых салдацкіх арганізацый, якія ўносяць у пытанне блытаніну, а толькі «уроженцы Белорусского края». А вось многія з правых і эсэраў цяпер ужо адкрыта сталі на шлях барацьбы з Савецкай уладай на Беларусі і аб’ядналіся з корпусам польскіх легіянераў, якімі камандаваў былы царскі генерал Доўбар-Мусніцкі.

Эпізод з роспускам Усебеларускага з’езда дасць і ў далейшым падставу контррэвалюцыі, а затым саветолагам на Захадзе абвінавачваць расійскіх бальшавікоў у тым, што тыя ніколі не прымалі ўсур’ёз імі ж абвешчанага права нацыянальнасцям былой расійскай імперыі самім вырашаць, як і з кім жыць, а бязлітасна насаджалі цэнтралізм.

«Нягледзячы на тое,— пісаў А. Р. Чарвякоў,— што абставіны работы кангрэса і асабліва гвалтоўнае яго спыненне выклікалі вялікае абурэнне нават сярод шчырых прыхільнікаў Саветаў, у тым ліку ў Гартнага,— той к гэтаму часу быў ужо дастаткова загартаваны, каб вытрымаць палітычнае выпрабаванне і застацца разам з Саветамі».

 

 

9. «А як з Беларуссю?»

І ў далейшым дзейнасць Аблвыканкомзаха выклікала ў Жылуновічу пачуццё незадавальнення, а іншы раз абурэння. Яго дзеячы не жадалі ўлічваць асаблівасці, нацыянальна-культурныя патрэбы краю. Друкаваныя органы па-ранейшаму выходзілі на рускай мове. На ёй жа паўсямесна, як і да рэвалюцыі, вялося справаводства, міжволі арыентуючы людзей на норавы «канторы». Вядома, не да таго было, не да нацыянальных тонкасцяў, калі патрабавалася кіраваць арміямі, тэрмінова ўзнаўляць дэзарганізаваную паштова-тэлеграфную, чыгуначную службы, службу забеспячэння і гэтак далей і гэтак далей. Прычым міжволі выкарыстоўваючы ранейшы, царскі кантынгент чыноўнікаў, усялякага роду спецыялістаў да канторшчыкаў-рэгістратараў уключна. Адкуль узяць іншых? Пры жаданні падобныя з’явы можна было палічыць за працяг старой палітыкі бюракратычнай вялікадзяржаўнасці.

Даволі хутка за гэта ўхапіліся буржуазныя палітыкі, імкнучыся выкарыстаць у сваіх мэтах.

Гартаем цяпер матэрыялы па гісторыі таго часу, калі вырашаліся гэтыя архіскладанейшыя пытанні, і кожны раз уражвае падыход да іх Леніна. Яго не толькі незвычайнае палітычнае прадбачанне, але і цвёрдае маральнае крэда: як бы там ні было, абавязкова і самым скрупулёзным чынам улічваць нацыянальны момант. Ворагі Савецкай улады пасля абвяшчэння «Дэкларацыі правоў народаў Расіі» нават абвінавацілі бальшавікоў у тым, што іх палітыка садзейнічае распаду «единой и неделимой», над збіраннем якой цары працавалі стагоддзямі. І тады, у снежні 1917 года, у самы разгар ломкі імперыі, Ленін заявіў: «Нам говорят, что Россия раздробная, распадется на отдельные республики, но нам нечего бояться этого. Сколько бы ни было самостоятельных республик, мы этого страшиться не станем. Для нас важнее не то, где проходит государственная граница, а то, чтобы сохранился союз между трудящимися всех наций для борьбы с буржуазией каких угодно наций».

Асновай для гэтага маглі быць толькі абсалютная роўнасць і давер паміж незалежнымі народамі. Калі ўлічыць яшчэ, з якім энтузіязмам працоўныя масы успрынялі заяву аб устанаўленні ўсеагульнага міру, пра перадачу зямлі — сялянам, а фабрык — рабочым, то сапраўды толькі вар’ят або вораг уласнага народа, а не яго найбольш адукаваная і прафесійна занятая разумовай дзейнасцю частка — працоўная інтэлігенцыя, маглі жадаць поўнай адасобленасці ад рэвалюцыйнага цэнтру былой імперыі. Жылуновіч і яго аднадумцы разумелі, што для Беларусі гэта азначала б непазбежную спробу паглынання суседнімі капіталістычнымі дзяржавамі. Расцягнулі б не тое што па паветах — па хутарах! Асабліва пастараліся б рэакцыйныя колы Польшчы, якім спрыялі б у тым паланізаваныя колы буйных землеўладальнікаў накшталт Скірмунта ці Вайніловіча.

А што «Дэкларацыя правоў народаў Расіі» не застанецца толькі добрым намерам, Жылуновічу надавала ўпэўненасці ўжо само кіруючае ядро бальшавіцкай партыі, фактычна інтэрнацыянальнае. І справы пацвярджалі — у Петраградзе абяцанні выконваюць. Ствараецца магутная дзяржаўная ўстанова небачанага раней тыпу — Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей. Проста-такі саўнарком у Саўнаркоме. І на чале — іншародзец, грузін, які ўвесь час быў побач з Леніным, Джугашвілі.

Камісарыят па справах нацыянальнасцей з’явіўся палітычным адкрыццём Кастрычніка. Такога рэвалюцыйная гісторыя яшчэ не ведала. Уласна, яго стварылі спачатку для прадстаўніцтва ў цэнтры інтарэсаў аўтаномных рэспублік і абласцей Расійскай Федэрацыі. Аднак ужо праз месяц работы стала зразумелым, што Камісарыят можна выкарыстаць наогул для каардынацыі дзейнасці рэвалюцыйных нацыянальных камітэтаў, якія рыхтаваліся да стварэння самастойных савецкіх рэспублік. На Пятым Усерасійскім з’ездзе Саветаў Наркомнац быў ахарактарызаваны як «установа, закліканая да будаўніцтва мірнага суіснавання рознамоўных і рознаплямённых нацыянальнасцей, якія насяляюць тэрыторыю былой Расійскай імперыі».

Ужо ў снежні 1917 года адным з першых у Наркомнац увайшоў нацыянальны камісарыят літоўцаў. У студзені 1918 года яўрэі, хоць і не мелі ўласна нацыянальнай тэрыторыі у імперыі, таксама стварылі сваю «ячэйку». Народы Сярэдняй Азіі разам з татарамі спачатку ўвайшлі адзіным Мусульманскім камісарыятам. Рыхтаваліся да падобнай акцыі прадстаўнікі Латвіі, Эстоніі, народаў Сібіры і нават былых ваеннапалонных чэхаславакаў, якія аселі ў Паволжы.

Вострую патрэбу ў нацыянальным каардынуючым цэнтры адчувалі і беларусы, у тым ліку бежанцы, якія ўжо некалькі гадоў былі адарваныя ад радзімы і на якіх амаль не звяртала ўвагі кіраўніцтва Заходняй вобласці. Ужо праз лічаныя тыдні пасля Кастрычніцкага паўстання ў Петраградскі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт паступіла заява, у якой беларускі арганізацыйны камітэт Петраградскага гарнізона прасіў дазволу правесці канферэнцыю беларусаў-воінаў сумесна з маракамі Кранштата. Дазвол быў атрыманы, аб’яву аб маючай адбыцца канферэнцыі надрукавала газета «Правда». Сярод тых, хто падпісаў заяву, першым значыцца лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Аляксандр Чарвякоў. Ад імя кіраўніцтва Петраградскай незалежнай (чытай — левай) БСГ — Зміцер Жылуновіч. Рады левых грамадаўцаў к таму часу ў Петраградзе паменелі: частка салдат дэмабілізуецца і вяртаецца на радзіму, рабочыя ў масе пераходзяць у БСДРП альбо ў партыю расійскіх бальшавікоў. Больш устойліва трымаюцца прадстаўнікі бежанства. За імі — маса народу. Куды хіснуцца яны ў выпадку крызіснага моманту: улева ці ўправа?

На канферэнцыі многа дыскутавалі. Адны лічылі — вылучацца наогул не трэба, гэта буржуазны перажытак. У хуткім часе грымне сусветная рэвалюцыя, яна змяце наогул усе дзяржаўныя граніцы, і наступіць на планеце адзінае царства пралетарыяту. Паўсюдна будуць сваякі — дзе захочаш, там і жыві. Больш асцярожныя з грамадаўцаў прытрымліваліся такой думкі: ад бальшавіцкай Расіі не адрывацца, аднак скарыстаць «Дэкларацыю правоў...» і стварыць нацыянальную рэспубліку, а там бачна будзе, як паступіць. Калі пераможа сусветная рэвалюцыя, для пралетарыяту ліквідаваць граніцы — не праблема, гэта ж не буржуі. Спрачаліся — ці ўваходзіць у Наркамнац? Усё ж орган улады Расійскай Федэрацыі. А калі пачнуць потым адтуль кіраваць, як уздумаецца, не вельмі ўлічваючы беларускія нацыянальныя інтарэсы?

Тыдні праз тры, 7 студзеня 1918 года, ужо сабраліся на пашыранае пасяджэнне прадстаўнікоў розных беларускіх арганізацый, якія падтрымлівалі платформу Савецкай улады,— ад БСДРП (гэтая партыя, безумоўна, была лідэрам), левых грамадаўцаў, беларусаў-чыгуначнікаў (яны трымаліся пакуль адасоблена, з’яднаныя сваім прафсаюзам і каставасцю), арміі і балтыйскіх маракоў. Доказы і пярэчанні паўтараюцца. Чарвякоў — ад імя беларускіх бальшавікоў, Жылуновіч — ад левых грамадаўцаў запэўніваюць, што прадстаўнікі іх арганізацый у выпадку ўваходжання ў Наркамнац будуць цвёрда адстойваць пралетарскія інтарэсы беларусаў. Няпроста пераканаць скептыкаў, што ніхто не збіраецца перадаверыць некаму рэвалюцыйнае права нацыі на самастойнасць.

Нарэшце абсалютная большасць выказалася за «неадкладную неабходнасць у стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята». Узначаліць яго даверылі А. Р. Чарвякову, «таварышам» дэлегіруецца Уладзіслаў Скарынка, а галоўным сакратаром (адказным) — Зміцер Жылуновіч. Рэзалюцыю накіравалі ў Саўнарком РСФСР. 31 студзеня 1918 года дэкрэт аб арганізацыі Белнацкома як адной з асноўных ячэек Наркомнаца падпісаў Ленін.

Калі вестка пра гэта дасягнула Мінска і Вільні, там буржуазныя дзеячы ахарактарызавалі тое, што адбылося ў Петраградзе, як «акт здрады карэнных інтарэсаў беларускага народа». «Здраднікам» закляймілі і Жылуновіча.

Той глядзіць на сітуацыю па-іншаму, але ўсё ж адчувае сябе ніякавата: сярод тых, з кім разводзіў яго зараз палітычны момант, былі людзі і, безумоўна, прыстойныя, шчыра адданыя справе беларускага нацыянальнага адраджэння. Значыць, задача ранейшая: пераконваць у сваёй праваце. Ён многа выступае — перад салдатамі-беларусамі, на бежанскіх сходах. Энтузіязм, жывы подых рэвалюцыйных пераўтварэнняў, пафас барацьбы за новае жыццё і вера ў перамогу сацыялізму гучыць у яго творчасці той пары. На сходах землякоў чытае і свае вершы. Слухачы іх ухваляюць.

З’яўляецца нарэшце і свая, беларуская друкаваная трыбуна. Белнацком адзінадушна прымае яго прапановуаб выданні газеты. Назва ягоная ж — «Дзянніца». Так яна ўзышла зноў. Саўнарком РСФСР згаджаецца выдзеліць фонды: паперу, друкарню. Галоўным рэдактарам «Дзянніцы» зацвярджаецца ён, Жылуновіч. Затым, ужо ў Маскве, калі спраў стала больш, да рэдагавання падключаецца Янка Нёманскі. У далейшым нумары наогул падпісвае рэдакцыйная калегія — як сведчанне дэмакратызму і ўліку большай колькасці думак пры публікацыі важных матэрыялаў. Да таго ж на Жылуновіча яшчэ ўскладаецца новы абавязак — узначаліць выдавецкі аддзел. Аднак газеце ён па-ранейшаму аддае выключную ўвагу — яе ўздзеянне мацней за плакаты, брашуры, нават прамовы на мітынгах, якія ў тую пару адбываліся даволі часта. Задача «Дзянніцы», адзначалася ў афіцыйнай справаздачы той пары,— «прапагандаваць і растлумачваць ідэі Савецкай улады сярод беларускіх працоўных мас як у Расіі (бежанцы), так і на акупіраванай Беларусі, а таксама выкрываць дзейнасць здрадніцкай Беларускай рады».

Час бярэ сваё: у асноўным завяршаецца працэс бальшавізацыі левых радаўцаў. На адным з масавых мітынгаў яны аб’яўляюць «бязлітасную вайну ўсім беларускім радам, якія супроць Саветаў», і заяўляюць, што наогул «настолькі прымаюць у сваёй праграме нацыянальны рух, наколькі ён не парушае адзінства рэвалюцыйнага фронту і памагае хутчэйшаму вызваленню працоўнага народа ад усялякага прыгнёту». Гэта і яго, Жылуновіча, асабісты адказ на падзеі ў Мінску. Карыстаючыся тым, што ў Брэсце кіраўнікі дэлегацыі Савецкай Расіі — спачатку Іофе, а потым Троцкі — зрывалі перагаворы аб міры, германскія войскі пачалі захоп новых беларускіх тэрыторый. Кіраўніцтва Аблвыканкомзаха пакінула Мінск і перабралася ў Смаленск. У Мінску насталі дні безуладдзя і панікі, банды дэзерціраў і дэкласіраванай шпаны рабавалі гараджан, чынілі гвалт і забойствы. Напалоханы абывацель у гэтых умовах быў згодны на любую ўладу, каб толькі навяла парадак. Лідэры грамадаўцаў, заручыўшыся падтрымкай эсэраў, меншавікоў і Яўрэйскай сацыялдэмакратычнай рабочай партыі, скарысталі момант для ажыццяўлення мары стварыць на Беларусі дзяржаўны орган улады згодна са сваімі ўяўленнямі аб дэмакратыі. Ад імя распушчанага два с паловай месяцы назад Усебеларускага з’езда, але ўжо без бальшавікоў і левых, 19 лютага 1918 года яны стварылі так званы «Народны сакратарыят» Беларусі. Праз два дні, калі германскія войскі ўваходзілі ў Мінск, «сакратарыят» звярнуўся да беларускага народа з абвесткай, што бярэ на сябе клопат дзяржаўнай улады, «каб абараняць заваёвы рэвалюцыі». І ні слова — пра Саветы.

Грамада скончылася, вырашае Жалуновіч, настала пара рэзка акрэсліць сваю палітычную пазіцыю. Ён уваходзіць у Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю, якая поўнасцю падзяляе бальшавіцкую платформу. Там у гэты час таксама ідзе крышталізацыя погляду на сябе як палітычную арганізацыю: ці варта арганізацыйна адасоблівацца ад расійскіх камуністаў-ленінцаў, калі і яны ж, беларусы,— бальшавікі? Вырашаюць: для больш моцнай інтэрнацыянальнай кансалідацыі пралетарыяту ў рашаючы гістарычны момант барацьбы за перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі ў сусветным маштабе перанайменавацца ў Беларускую секцыю РКП (б). Гэта адбылося ў красавіку, калі Чарвякоў ужо быў у Маскве. У пачатку лістапада на аснове фракцыі камуністаў — служачых Белнацкома гэткая ж секцыя ўтварылася і там, аб чым Жылуновіч і паведаміў у «Дзянніцы».

І сам ён к таму часу ўжо знаходзіцца ў Маскве, нават выбіраецца ў бюро секцыі, чым вельмі ганарыцца.

Жыве ён з сям’ёю там жа, дзе размясціўся Белнацком,— у гасцініцы «Метраполь». Вельмі зручна: увечары дапаможа жонцы ўкласці спаць маленькую дачку — і праз калідор зноў у кабінет. Спраў навальвалася шмат, у тым ліку па лініі партыйнага бюро. Сэнс жыцця заключаўся цяпер для яго ў адным — усімі сіламі садзейнічаць адраджэнню вольнай Беларусі, на якую яшчэ абрынулася і бяда германскай акупацыі.

Браўся за ўсё адразу: дапамагаў рыхтаваць людзей для пасылкі на тэрыторыю Беларусі для прапагандысцкай работы, збіраў матэрыялы для газеты і неадкладна рабіў іх літаратурную апрацоўку, планаваў нумары і мудрыў з метранпажам над вёрсткай, прыдумваў загалоўкі і вычытваў гранкі... Няспынна шукаў супрацоўнікаў-аднадумцаў і кампетэнтных аўтараў. І зараз, гартаючы «Дзянніцу», міжволі адчуваеш хваляванне, акунаешся ў самую гушчыню атмасферы таго трывожнага, цяжкога, яраснага і вялікага часу, калі нараджаўся новы, сацыялістычны лад жыцця. У першым жа нумары — «Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народу». Ці не першы вядомы нам пераклад ленінскага твора на беларускую мову? Няма сумнення: у перакладзе ўдзельнічаў Гартны. З нумара ў нумар публікуюцца матэрыялы аб дзейнасці Цэнтральнай калегіі па справах бежанцаў, справаздачы, паведамленні, пратаколы, рэзалюцыі розных з’ездаў, канферэнцый, сходаў і мітынгаў землякоў, якія праводзіў Белнацком. Усюды ж трэба пабываць, арганізоўваць слухаць, раіць... А побач — праблемныя артыкулы, навуковыя паведамленні пра эканоміку і культуру Беларусі, пад якімі стаяць подпісы вядомых вучоных. Апавяданні, вершы... Гэта творы Я. Коласа, Г. Гарэцкага і яго таленавітага брата Максіма, Д. Чарнушэвіча, А. Гурло, Я. Дылы, самога Ц. Гартнага і многіх яшчэ, каго нястомны рэдактар умудраўся ў той мітусні неяк знаходзіць і арганізоўваць.

Некалькі разоў публікуюцца аб’явы: просяць паведамляць пра знаходжанне беларускіх дзяцей-сірат. Супрацоўнікі Белнацкома збіраюць іх у спецыяльны інтэрнат пры Марыінскім Вышэйшым вучылішчы, якое на пачатку вайны было эвакуіравана з Вільні. Выратоўваюць такім чынам сотні дзяцей, чые бацькі згубіліся, паляглі ў безыменныя магілы на абочынах бясконцых дарог беларускага бежанства.

Вельмі рады, калі прыходзяць пісьмы чатачоў. У такую пару, і ўсё ж пішуць. Значыць, газета аказвае ўздзеянне на землякоў! Больш за ўсё адгукаюцца бежанцы. Непакояцца за «родную Беларусь», выказваюць жаданне ёй служыць.

Трывожныя, насычаныя болем і патрыятычным гневам паведамленні аб акупацыі германскімі войскамі ўсё новых раёнаў Беларусі...

Газета заклікае землякоў: уступайце ў рады байцоў Чырвонай Арміі! Белнацком удзельнічае ў фарміраванні камуністычных атрадаў з беларусаў. Значная колькасць іх байцоў стала потым інструктарамі ваеннай справы. Частка — чэкістамі, падобна латышскім чырвоным стралкам — шчытом і мячом сацыялістычнай рэвалюцыі, ад чыёй адвагі, баявога ўмення і адданасці неаднойчы залежаў яе лёс у самыя крытычныя моманты.

І вялікая драма Брэсцкага міру... Пра яго беларуская літаратура практычна яшчэ толькі пачынае пісаць, нярэдка — як аб нечым перадвырашаным, што было навідавоку ўсім, акрамя групы блізарукіх крыкуноў. Але ж у сапраўднасці справа куды складаней. Некаторыя нават самыя адданыя саратнікі Леніна далёка не адразу з ім пагадзіліся. Дзяржынскі сумняваўся, Фрунзе... Многае з гэтай драмы чытач знойдзе цяпер у п’есе М. Шатрова «Брэсцкі мір». Пра тыя дні і раман І. Шамякіна «Петраград — Брэст».

І ўсё ж беларуская частка драмы як след мастацкай літаратурай не адлюстравана. І публіцыстыкай таксама. Яна пакуль — у «Дзянніцы». Хоць абавязкова трэба чытаць і іншыя перыядычныя выданні тых гадоў, у тым ліку буржуазныя, з акупіраванай Беларусі. Як многія з іх накінуліся тады на «Дзянніцу»! Называлі яе халуйскім падгалоскам бальшавіцкай «Правды». А Чарвякова і Жылуновіча кляймілі «здраднікамі беларускай справы», што прадаліся расійскім бальшавікам, якія бессаромна гандлююць тым, што ім не належыць. Нездарма не дазволілі самавызначыцца беларусам, заявіць аб сваіх нацыянальных граніцах.

Брэсцкі мірны дагавор быў падпісаны 3 сакавіка. Згодна з яго ўмовамі амаль уся Беларусь, за выключэннем шасці паветаў і яшчэ некалькіх валасцей, цяпер ужо юрыдычна апынулася пад пятою Германіі. Тая адразу пачала распараджацца «трафейнымі» тэрыторыямі, як лічыла выгадным. Першым «беларускі» кавалак атрымаў у «падарунак» марыянетачны гетманскі ўрад Украіны — Гомельскі, Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы. На чарзе стаяла перакройка Польшчы: генералы кайзера прыкідвалі, колькі тэрыторый адрэзаць у яе на захадзе на карысць Германіі і колькі для кампенсацыі далучыць беларускіх зямель. Справа зацягвалася трохі з-за амбіцый Доўбар-Мусніцкага і яго калег. Генерала Гофмана гэта раздражняла, але больш забаўляла; ён лічыў, што «гэтыя людзі вельмі пераацэньваюць сябе», што яны «фантазёры, якія здольны толькі вітаць у аблоках, але не могуць і не жадаюць зразумець рэальных адносін», і злаваў на рэйхстаг, які схільны цацкацца там, дзе даўно трэба прымяніць сілу. Жылуновіч не сумняваўся, што Усерасійскі з’езд Саветаў пацвердзіць падпісаны ў Брэсце мір, тым не менш і ў яго было нялёгка на душы, калі з цяжкасцю, паімённым галасаваннем, але ратыфікацыя адбылася. Беларусь аказвалася як бы па-за межамі рэвалюцыйнага расійскага асяроддзя. А сам ён хто? Эмігрант? Заўважае, што некаторыя з землякоў пачалі яго пазбягаць або глядзяць з папрокам. А тут яшчэ вестка з Мінска: карыстаючыся сітуацыяй, калі германскія акупанты хоць і не лічылі патрэбным дзяліцца ўладай з прадстаўнікамі «Народнага сакратарыяту», але і не праследавалі яго дзеячаў, тыя зноў-такі ад імя выканкома Беларускага з’езда дзевятага сакавіка абвясцілі граматай стварэнне «Беларускай народнай рэспублікі». Абяцалася «свабода слова, друку, забастовак, веравызнання, васьмігадзінны рабочы дзень, раўнапраўе народаў, якія насялялі Беларусь». Улічана была і стратэгічная памылка ранейшага часу, калі вырашэнне зямельнага пытання адкладвалася да Усебеларускага ўстаноўчага сходу. Цяпер абвяшчалася адмена прыватнай уласнасці на зямлю і перадача яе без выкупу сялянам. Праўда, каб што-небудзь з гэтых намераў ажыццявіць, трэба была яшчэ «дробязь» — санкцыя германскага генералітэту, у якога ўжо меліся зусім іншыя планы адносна беларускіх тэрыторый.

Між тым не толькі ў буржуазных газетах Вільні і Мінска, але і ў Маскве з боку левых эсэраў (і не адных іх) чуліся абвінавачванні ў адрас урада Расійскай Савецкай Рэспублікі: ён, маўляў, купляе сабе мір з Германіяй за кошт занявольвання народаў Беларусі і Украіны. Замест таго каб мужна працягваць рэвалюцыйную вайну, якая непазбежна дэмаралізавала б германскую армію, тады як цяперашнія ўмовы падтрымалі кайзера і яго генералітэт, украінскім і беларускім хлебам-салам ускормліваюць рэакцыю, якая задушыць рабочых Берліна.

Як быць у гэтых умовах Белнацкому? Перачакаць, адмаўчацца? Збіраліся, раіліся, выпрацоўвалі стратэгічную лінію. У словах кожнага, хто дзяліўся сваімі думкамі,— горыч. Нават сумненні. Папрокаў не было. Жылуновіч і яго паплечнікі звяртаюцца са старонак «Дзянніцы» да ўсіх сумленных працоўных беларусаў:

 

«Нягледзячы на ўсе пакуты, якія выпалі на долю нашу разам з цяжкім мірам, мы павінны знайсці ў сабе дастаткова мужнасці і знойдзем яе, не кінуць маладушны папрок усяму рускаму народу, Расейскаму Савецкаму Ураду за той адказны, але вялікі гістарычны крок, які быў зроблены на апошнім маскоўскім з'ездзе Саветаў...»

 

Жылуновіч звяртаецца да гэтай тэмы неаднаразова — вельмі ж яна крываточыць! Пасля падпісання міру дзесяткі тысяч яго землякоў-бежанцаў пачынаюць стыхійна вяртацца на радзіму. Нельга дапусціць, каб хоць у часткі з іх засталася крыўда ці прадузятасць супраць Савецкай Расіі з-за Брэста. Невядома яшчэ, што потым здарыцца. Вунь, што робіцца ў Мінску — ужо «незалежнасць» абвяшчаюць. Гэта ва ўмовах акупацыі! І смех і грэх. Не паспеў Выканком былога Усебеларускага з’езда перайменавацца ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, каб такім чынам мець фармальныя падставы абвясціць сябе «закона даўным дзяржаўным органам», як туды рынулася так званае мінскае народнае прадстаўніцтва — памешчык Р. Скірмунт, генерал Кандратовіч, ксёндз В. Гадлеўскі, былы нашанівец А. Уласаў... Пад іх націскам 25 сакавіка абвяшчаецца «незалежнасць» Беларусі ад Савецкай Расіі. Праз дзесяць дзён «сакратарыят» звяртаецца па «спачуванне» сваёй дзейнасці да германскіх улад. У адказ — маўчанне: акупанты і без памагатых спадзяюцца навесці на «ўсходніх тэрыторыях» буржуазныя парадкі. Што датычыць «далейшай нацыянальнай мэты» радаўцаў — дасягнуць «дзяржаўнага аб’яднання беларускага народа» хоць бы і пад чужым пратэктаратам, дык у планы кайзераўцаў гэта наогул ніяк не ўваходзіць. Урад Аўстрыі таксама на мемарандум не адгукнуўся — нават марыянетачным урадам ніхто не жадае іх лічыць. І яны апускаюцца яшчэ ніжэй, адкрыта спрабуюць прадаць Беларусь Германіі фактычна ў якасці калоніі, без усялякіх ужо «дэмакратычных» фігавых лісткоў. «Урадава» тэлеграфуюць 25 красавіка кайзеру Вільгельму Другому:

 

«Рада Беларускай народнай рэспублікі, як выбраная прадстаўніца беларускага народа, звяртаецца да Вашай імператарскай Вялікасці са словамі глыбокай падзякі за вызваленне Беларусі германскімі войскамі з цяжкага ўціску чужога пануючага здзеку і анархіі. Рада Беларускай народнай рэспублікі дэкларавала незалежнасць цэльнае недзялімае Беларусі і просіць Вашу імператарскую Вялікасць абараняць яе ў дамаганнях да стварэння дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці краю ў саюзе з Германскай імперыяй. Толькі пад апякунствам германскай дзяржавы бачыць рада добрую долю сваёй краіны ў будучым».

 

Вось так. Тады як сама Германія стаіць на краі разгрому войскамі Антанты. Што калі абдураных высокімі словамі людзей прымусяць потым са зброяй у руках абараняць «самавызначэнне» беларускае васпанства? Гартны неадкладна піша хлёсткі вершаваны фельетон «Ігнат, які самавызначыўся». Ён, Ігнат (маецца на ўвазе Серада, які першым падпісаў халуйскую чалабітную Вільгельму), дзеля ўласнай выгады паддобрываецца да ўсіх ворагаў Беларусі — да легіянераў Доўбар-Мусніцкага, якія столькі ўжо часу чыняць здзекі і гвалты на тэрыторыі Беларусі, да ўкраінскіх гетманцаў і вось — да германскіх акупантаў. Гэта ганьба, піша Гартны, каменціруючы паведамленне, як «новыя» радаўцы і старыя знаёмыя Скірмунт і Аляксюк прывітальнымі прамовамі сустракалі ўступленне ў Менск кайзераўскіх войскаў. Радкамі ў стылі раешніка аўтар пытае ў шаноўнай публікі:

 

Як магло тое быць,

Каб маглі гаварыць

Ад працоўных людцоў —

Беларусаў-мужыкоў

Двое важных паноў?

 

І паказвае ўсю нікчэмнасць гэтага нібы «дзяржаўнага» дзейства.

Зло высмейвае Гартны таксама акт абвяшчэння БНР, хоць на самай справе «ў роднай старонцы» кіруюць «усім» нават і не «Захарка з прэзэсам Варонкай»:

 

Не чакалі людзі,

Што старонка Беларусь «Незалежнай» будзе —

Рэквізіцыі, арышт, штраф,

Шуцман ды паліцаі...

 

Аднак нядоўга ўсё ж, папярэджвае аўтар, гэтаму бясчынству працягвацца:

 

Як устане бедны люд

З-пад ярма прымусу,

Тады прыйдзе ўсім капут

«Панам-беларусам».

 

Гэтыя радкі не застаюцца незаўважанымі сярод менскіх чытачоў «Дзянніцы». Ды і наогул апошні дэмарш Скірмунта і кампаніі нечакана нават для саміх творцаў з’явіўся выбухам, які скалануў усю Раду БНР, якую і да таго ў асноўным аб’ядноўвала непрыязь да бальшавікоў і Савецкай улады. Правыя эсэры і меньшавікі, якія з самага пачатку арыентавалі Беларусь на федэратыўную сувязь з Расіяй, але, безумоўна, толькі калі яна стане буржуазнай дзяржавай, заявілі, што з Рады выходзяць. Тое ж робяць прадстаўнікі Бунда і Яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Лідэры левых Т. Грыб і П. Бадунова яшчэ раней выйшлі з «Народнага сакратарыята», як толькі туды не без націску немцаў убіўся Р. Скірмунт са сваімі прыхільнікамі. Да лета 1918 года распалася канчаткова Беларуская Сацыялістычная Грамада. Большасць яе дзеячаў, у тым ліку такія, як Б. Тарашкевіч, Я. Лёсік, А. Прушынскі, браты І. і А. Луцкевічы, стварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю. Іншыя сталі ядром партый федэралістаў-сацыялістаў. Гэтыя шукалі падтрымкі ў краін Антанты. Вылучаліся хрысціянскія дэмакраты. Даволі палітычна актыўныя беларускія эсэры мерыліся падпарадкаваць свайму ўплыву рады супраціўлення германскай акупацыі. Частка ж грамадаўцаў пацягнулася да бальшавікоў, што імкнуліся кансалідаваць усе рэвалюцыйныя сілы для супраціўлення акупацыі. Жылуновіч і яго паплечнікі па Белнацкому бачылі тут і сваю заслугу, бо і яны скіроўвалі прапагандыскую і арганізацыйную дзейнасць у гэтым кірунку.

Па-ранейшаму хвалюе і праблема бежанцаў. Сярод іх далёка не усе прымаюць рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Некаторыя проста не паспелі як след разабрацца ў сітуацыі. Частка незадаволена існуючымі парадкамі з-за матэрыяльных цяжкасцей, якія з кожным днём нарастаюць. Дапамогу ўлады аказваць перасталі, жыллёвыя ўмовы цяжкія, адсюль рост масавых захворванняў, асабліва сярод дзяцей. У «Дзянніцу» паступаюць звесткі пра канфлікты з мясцовым насельніцтвам з-за голаду.

А тут яшчэ Беларуская рада звярнула ўвагу на бежанскае пытанне, падагрэе страсці. Дабрахоты з Менска звальваюць бежанскія цяжкасці на безуважлівасць бальшавікоў, клічуць дадому, абяцаюць дапамогу, хоць самі не маюць ні матэрыяльных магчымасцей, ні якой бы то ні было ўлады, адна дэмагогія, абураецца Жылуновіч. Што практычна зрабіць у адказ? Белнацком вырашае склікаць Усерасійскі з’езд беларускіх бежанцаў. Мэта: сумесна распрацаваць праграму дзейснай дапамогі людзям, а таксама абмеркаваць палітычную абстаноўку і выкрыць сапраўдныя мэты лжывых дабрачынцаў з БНР. У перапынку папрасілі Леніна прыняць дэлегатаў з’езда. Той даў згоду на сустрэчу.

«Дзянніца», 1918 г., 26 ліпеня: «У часе сустрэчы т. У. І. Ленін вельмі цікавіўся беларускім пытаннем, час ад часу распытваючы прадстаўніка дэлегацыі (кіраўнік А. Х. Усціловіч) пра ўсе бакі жыцця. Між іншым, асобна т. Ленін спытаў, на якой мове на з’ездзе гавораць».

Гэта ўжо, трэба меркаваць, водгук сутычак з кіраўніцтвам Аблвыканкомзаха. Чарвякоў, Жылуновіч, Дыла, іншыя вядучыя супрацоўнікі Белнацкома лічылі, што фальшывым лозунгам буржуазнага самавызначэння неабходна неадкладна супроцьпаставіць канкрэтныя захады — падрыхтоўку да стварэння беларускай дзяржаўнасці на аснове дыктатуры пралетарыяту. У адказ кіраўнікі Аблвыканкомзаха ў сярэдзіне красавіка стварылі ў Смаленску нацыянальны аддзел, і яго загадчык, Берсан, звярнуўся ў Белнацком з прапановай «делегировать или указать товарища, который... мог бы стать во главе белорусской секции». Ужо з гэтага Жылуновіч заключыў, што сам Аблвыканкомзах беларускім органам кіравання сябе не лічыць. Такі ж вывад зрабіў і Чарвякоў. Той у канцы красавіка ездзіў у Смаленск для ўдзелу ў рабоце ІІ з’езда Саветаў Заходняй вобласці. Заадно планаваў умацаваць сувязі з Аблвыканкомзахам і асабіста з таварышамі Мясніковым, Кнорыным і Калмановічам. Вось і вынік гэтых «сувязей» — беларуская секцыя ў аддзеле Берсана. Усё ж дамовіліся: у Смаленску будзе Заходне-абласное аддзяленне Белнацкома. Узначаліць яго Чарвякоў прапанаваў Фабіяну Шантыру. Той толькі што прыехаў у Маскву з Беларусі, добра ведаў абстаноўку, меў сувязі з падпольшчыкамі на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Шантыру выдалі мандат Белнацкома і трохі грошай, і ён паехаў у Смаленск.

Было гэта ў канцы мая, а ўжо ў самым пачатку чэрвеня Аблвыканкомзах наогул вырашыў ніякімі нацыянальнымі пытаннямі сваю работу не абцяжарваць, аддзел Берсана ліквідавалі. Не давалі ходу і Шантыру. Чалавек рамантычнага складу душы, паэт, публіцыст, ён выступаў з лекцыямі па «беларускаму пытанню», імкнуўся наладзіць у Смаленску выданне разнастайнай беларускай перыёдыкі — ад лістовак да часопіса. Тым больш што ў горадзе знаходзіліся некалькі выдатных беларускіх літаратараў, у тым ліку Янка Купала, Максім Гарэцкі. А ў адказ чуў толькі папрокі ў нацыянальнай абмежаванасці. Перашкаджалі нават выступаць з лекцыямі. Гісторыкі да гэтага часу яшчэ так і не высветлілі: сам ён, страціўшы цярплівасць, папрасіўся назад на акупіраваную Беларусь ці быў туды накіраваны Аблвыканкомзахам? Факт той, што ўжо ў канцы чэрвеня ў Смаленск рыхтаваўся з Белнацкома ехаць Ф. Замойскі, прымаць ад Шантыра справы і маёмасць аддзялення камісарыяту, калі такія наогул заведзены, а таксама рэшткі авансу. Фабіян жа Гіляравіч у канцы лета быў ужо ў Слуцку і там умудрыўся выдаць асобнай брашурай адну са сваіх лепшых лекцый — «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу».

Не сустракаў падтрымкі ў дзеячаў Аблвыканкомзаха нават такі кампрамісны і ўжо фактычна ідэйна састарэлы праект: Заходнюю вобласць перайменаваць хоць бы ў Беларуска-Літоўскую і аб’явіць аб яе аўтаноміі. Кіраўніцтва Аблвыканкомзаха адмовілася нават паставіць прапанову на разгляд ІІІ з’езда Саветаў Заходняй вобласці. Наадварот, як палічыў Жылуновіч, тады ж дэманстратыўна аб’явілі сябе Заходняй камунай. «Дзянніца» не змоўчала. У адказ смаляне ў сваёй газеце — хутчэй за ўсё Мяснікоў ці галоўны рэдактар Кнорын, абодва ўмелі востра пісаць — заявілі: няма чаго падахвочваць контррэвалюцыйны нацыяналізм і дробнабуржуазнасць. Ды і мова, нават беларуская,— таксама буржуазная, інтэлігенцкая прыдумка. На газетныя старонкі палеміка гэта выбухнула ўжо ў верасні-кастрычніку, але распачалася ці не адразу пасля разгону Усебеларускага сходу. І, натуральна, даходзіла да слыху У. І. Леніна.

З’езд бежанцаў «насаждаемую немцами с помощью белорусских помещиков независимость» рашуча асудзіў. Аднак, паведаміла «Дзянніца», «асобныя дэлегаты спрабавалі ўзяць Беларускую раду пад абарону». Урэшце 32 дэлегаты, так і застаўшыся пры сваёй думцы, адкрыта прагаласавалі за гэта, 6 устрымалася. А колькі па закаранелай звычцы да асцярожлівасці не выказалі адкрыта ўласнай пазіцыі, а прагаласавалі, азіраючыся на суседзяў? І як бы такія паводзілі сябе ў іншых умовах — не ў Маскве, а дома, у Менску?

У «Дзянніцы» вырашылі: Беларускую раду лепей выкрываць з дапамогай яе ж дакументаў — публікаваць іх у газеце, але адразу ж даваць свой каментар. Самы наглядны спосаб паказаць простым людзям, як беспардонна прадаюць радзіму паны, як поўзаюць перад кайзераўцамі. Гартны нярэдка за такія каментары браўся сам. Наогул, у кожны нумар што-небудзь абавязкова даваў — памфлет, сатырычны верш.

Прыбавілася спраў па Белнацкому. Канферэнцыя Беларускіх секцый РКП (б) (Петраградскай і Маскоўскай) выказала незадавальненне работай Белнацкома і прапанавала яго рэарганізаваць, расшырыць. А прасачыць за выкананнем пастановы даручыла Жылуновічу, які стаў ужо к таму часу сакратаром партыйнага бюро. Словам, выпраўляй эсэраўскія памылкі!

Нелады ж у дзейнасці Белнацкома пачаліся пасля звальнення А. Р. Чарвякова. Неяк на глебе асабістых адносін узнік у яго канфлікт з намеснікам Скарынкам, эсэры гэту гісторыю раздулі, далажылі Сталіну, таму не спадабалася, што Чарвякоў занадта незалежна сябе паводзіць, і распарадзіўся: абодвух, камісара і намесніка, з Белнацкома выгнаць наогул. І сам жа нарком, не раячыся нават з партбюро секцыі, назначыў замену — М. Семяновіча, члена ЦК левых эсэраў. А тыя — народ энергічны, праз кароткі час захапілі кіраўніцтва Белнацкомам амаль поўнасцю. Мітынгавалі многа, затое практычную работу па «беларускаму пытанню» павярнулі зусім у другі бок, аб’явіўшы ўрэшце: «справа вызвалення беларускага народа — гэта справа яго самога». Што наогул недалёка ад ісціны, калі не дужа ўнікаць у сутнасць.

Так працягвалася да леваэсэраўскага мяцяжу. Ды і пасля яго ліквідацыі Белнацком не адразу «працверазеў». Яшчэ некаторы час большасць супрацоўнікаў у асноўным шамацелі паперкамі ці стаялі ў чарзе за пайковай пшонкаю, чымся цікавіліся аддаленымі беларусамі з іх не зусім зразумелым «вопросом». Тады і даручылі камуністы наладзіць важную справу Лагуну і Жылуновічу.

Наводзіць парадак у справах Белнацкома яны ўзяліся разам. Але Лагун часта і падоўгу бываў у камандзіроўках, у тым ліку на Беларусі, наладжваў сувязь на месцах. Так што ў канторы ўпраўляцца даводзілася галоўным чынам Жылуновічу, за дваіх. Многа дапамагаў Чарвякоў, якога ўдалося ўрэшце вярнуць у Белнацком. Яны і жылі сем’ямі ў адным пакоі, разгароджаным паркалёвай шторкай. У тым жа доме, куды перабраўся з гасцініцы Белнацком, на Поварскай, 6 (цяпер у гэтым будынку знаходзіцца Праўленне Саюза пісьменнікаў СССР).

У хуткім часе супрацоўнікам давялося пшонку адпрацоўваць з поўнай творчай аддачай. Не тое што Жылуновіч ужываў нейкія рэпрэсіўныя меры, а проста меў талент ствараць такую атмасферу ўзаемаадносін, калі людзі самі праяўлялі актыўнасць, «загараліся». Ці таму, што Жылуновіч не пераносіў раўнадушных, ці, хутчэй, што адчулі сапраўдную важнасць сваёй работы для будаўніцтва будучай рэспублікі. Безумоўна, адыгралі тут немалую ролю асабістыя якасці Зміцера Хведаравіча. Бо і пасля ў любой установе, якую яму даручалася ўзначальваць, у яго падначаленых як рукой здымала абыякавасць да работы. Адзін карэктар, напрыклад, успамінаў, як атрымаў ад дырэктара выдавецтва Жылуновіча строгую вымову, але пайшоў з кабінета начальніка не прыніжаны і запалоханы, а з жаданнем абавязкова выправіцца. Атрыманую ім копію загаду з вымовай ён захоўваў як добрую памяць аб сумеснай рабоце з Жылуновічам!

Гэта ўсё яшчэ наперадзе, аднак выдавецкай работы ў Жылуновіча і зараз багата. Спраў многа, а вопытных супрацоўнікаў не хапае. Даводзіцца некаторых спешна вучыць, «дапускаць» сямейнасць: пад яго кіраўніцтвам у выдавецкім аддзеле працавалі жонка і сястра Алена.

Дзіву даешся, як за няпоўны год работы Белнацкому ўдалося выпусціць адных толькі кніг — семнаццаць. І дзесяць з іх — на беларускай мове. Ды яшчэ лістоўкі, ды газета. Ды лекцыі, ды арганізацыя спачатку курсаў, а потым ажно цэлага Беларускага народнага універсітэта, дзе і ён, Жылуновіч, чытае лекцыі. І яшчэ многае паспелася. Быццам займалася ўсім не жменька энтузіястаў, а салідны калектыў з сотнямі супрацоўнікаў.

Жылуновіч і яго паплечнікі няспынна збіралі кадры нацыянальнай інтэлігенцыі, хто б ведаў культуру, мову, звычаі беларусаў. Шукалі таксама эканамістаў, аграномаў, статыстыкаў, урачоў. Наладжваліся кантакты з прыхільнікамі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Мала хто хацеў верыць, што германскае панаванне — гэта надоўга. З Беларусі творчая інтэлігенцыя пачынала ўсё актыўней шукаць сувязі з Белнацкомам. Гэтаму вельмі садзейнічала і распаўсюджванне за кардонам «Дзянніцы». Наогул да Белнацкома адносіліся як да ядра будучага ўпраўленчага апарату нацыянальнай савецкай рэспублікі. Мяркуючы па дакументах, лічылі яго такім і масы землякоўбежанцаў. Сюды з месц звярталіся на дапамогу, за тлумачэннямі: «якія ёсць дэкрэты адносна беларусаў».

Навыкі работы белнацкомаўцы пераймалі ў ленінскага Савета Народных Камісараў, ва Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта. З некаторымі наркомамі завязваліся асабліва дружалюбныя адносіны. Іх работай цікавіліся Чычэрын, Луначарскі. Землякі Бонч-Бруевіч, Лепяшынскія... Хоць пытанне аб самой беларускай савецкай дзяржаўнасці пакуль усё заставалася вельмі няпэўным. Кіраўніцтва Заходняй камуны наогул лічыла яго вырашаным: ужо існуе адміністратыўная адзінка Расійскай Рэспублікі і да перамогі сусветнай рэвалюцыі больш нечага разводзіць буржуазныя антымоніі, аслабляць дыктатуру пралетарыяту. Нават абласное прадстаўніцтва Белнацкома ў Смаленску лічылі контррэвалюцыйнай ячэйкай нацыяналістаў. Зразумела, гэта ніяк не памагала кансалідацыі патрыятычных сіл на Беларусі.

Жылуновіч хадзіў раіцца да Сталіна. Вельмі адчувалася патрэба ў выданні ў Смаленску беларускамоўнай газеты — нешта накшталт «Дзянніцы». Нарком па справах нацыянальнасцей абяцаў падтрымку.

З Максімам Гарэцкім назву прыдумалі добрую — «Рунь»: маладзенькае жыта, якое пераможна ўстае з-пад снегу вясной. Падрыхтавалі матэрыялаў на тры нумары. Жылуновіч да ўсіх землякоў-літаратараў звяртаўся: давайце лепшае, пойдзе «Рунь» на Беларусь, акупіраваную германцам, задураную радаўцамі. Народ чакае беларускага вольнага пралетарскага слова.

Раптам Аблвыканкомзах заўпарціўся: на беларускай мове газету? Ні ў якім разе! Адну справу, здаецца, рабілі, а атрымлівалася, што паасобку. А нарком па справах нацыянальнасцей змоўчаў, выходзіць, падтрымаў Мяснікова з Кнорыным. Куды больш прыязнымі, таварыскімі былі прамыя сувязі з бальшавіцкімі арганізацыямі, якія дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі. Там лепей разумелі ідэю неабходнасці стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі, гэта радавала. Ідэя, уласна, развівалася бы сама сабою, стыхійна. Жылуновіч і астатнія белнацкомаўцы адчувалі гэты напор мас і павінны былі ці яму падпарадкавацца, ці адысці ўбок і саступіць месца іншым.

Жылуновіч, як мы памятаем, даўно адчуваў сябе дэлегіраваным. Па натуры схільны нават да некаторай асцярожлівасці — і ў «беларускім жа пытанні», самым для яго кроўным,— ён напачатку згаджаўся на кампрамісныя рашэнні накшталт культурнай аўтанамізацыі, аб’яднання ў аўтаномную ж, напрамую падпарадкаваную РСФСР нацыянальную Літоўска-Беларускую (яшчэ варыянт — і Украінскую таксама) вобласць, капылянін пераўвасабляўся, калі выступаў ад імя таварышаў, грамады. У гэтым сэнсе сапраўды можна гаварыць пра яго «стыхійнасць». Адчуўшы сябе як бы дэлегатам пераважнай масы простых землякоў, ён ужо лічыў справай гонару выканаць іх волю, нават калі яму асабіста гэта і пагражала б небяспекай ці непрыемнасцямі. Такое па сіле далёка не кожнаму — стаяць да канца за народны інтарэс.

Яго зорная гадзіна набліжалася.

У тыя месяцы лета і пачатку восені 1918 года Жылуновіч дзейнічае як ніколі інтэнсіўна. Здаецца, не ведае стомы. Засядае ў Беларускім культурна-навуковым таварыстве, чытае лекцыі па сучаснай беларускай літаратуры ў Беларускім народным універсітэце, вядзе перагаворы з Наркомам асветы пра садзейнічанне беларускім выданням. Складанасці з паперай, з друкарнямі. А таксама з харчаваннем. О, гэтае харчаванне! Хоць неяк накарміць, падтрымаць матэрыяльна трэба многіх — вучоных і літаратараў, выкладчыкаў навучальных устаноў і тэхнічных спецыялістаў, без якіх не ўзняць ушчэнт разбураную народную гаспадарку. І яшчэ — прыцягнуць на свой бок моладзь, навучэнцаў у тым ліку. З загадчыкам культурна-асветнага аддзелу Ф. Туруком дамовіліся з гэтай мэтай правесці цэлы шэраг мерапрыемстваў. У «Дзянніцы» надрукаваў падрыхтаваны І. Дварчаніным спецыяльны зварот «Да вучняў-беларусаў». Дамаўляўся, каб даць яго ў цэнтральных газетах. У «Правде» ў канцы тэксту надрукаваны і вершаваныя радкі, на мове арыгіналу:

 

Вас праца жджэ, народ вас просіць,

Вы, вы яго надзея, цвет...

 

Колькі пісьмаў атрымаў у адказ Белнацком ад юных землякоў! «Навучэнцы-беларусы аддадуць усе свае сілы на карысць роднага народа, краю. У нас няма літаратуры, мы чакаем дапамогі...» Пісалі з самых розных мясцін, дзе былі створаны дзякуючы Белнацкому беларускія школы. У тым ліку з Петраграда: там у Беларускай школе займалася звыш трохсот падлеткаў. І адусюль прасілі кніг, падручнікаў на роднай мове. Жылуновіч перагаварыў з Браніславам Тарашкевічам, і той неадкладна засеў за канчатковую падрыхтоўку рукапісу «Беларускай граматыкі для школ». Матэрыялы для гэтага ён збіраў даўно. Паўстала праблема з друкарняй. Лепш бы за ўсё такую кніжку надрукаваць у Вільні. Ёсць там добры выдавец, Марцін Кухта, якога ў адным са сваіх апошніх вершаў абяссмерціў Максім Багдановіч. Здабываюць сродкі, дазвол, каб тэрмінова камандзіраваць аўтара з яго рукапісам кружным шляхам, праз Фінляндыю, у Вільню. Прыкідвалі, як адтуль потым даставіць каштоўныя кніжачкі не толькі на Беларусь, але і ў Расію. Спраў неадкладных — маса!

Але трэба ж вучыцца і самому. І цягне да пісьмовага стала... Для гэтага застаюцца толькі ночы. Піша галоўным чынам вершы. Надзённыя. А яшчэ і п’есу. «Хвалі жыцця» назаве ён свае першае драматургічнае дзецішча. Вядома ж — пра сучаснасць, пра яе праблемы, як зараз бы зазначылі. Пра тое, што за стварэнне новага грамадства справядлівасці неабходна актыўна змагацца, як гэта робіць яго герой Ясь. П’еса пісалася для першага савецкага беларускага літаратурнага альманаха «Зажынкі». Туды ж увойдуць вершы Гартнага і яго перапрацаваныя лекцыі па сучаснай беларускай літаратуры. У іх ён гаворыць і пра пачатак небывалай у гісторыі чалавецтва эры вызвалення працоўных — сацыяльнага і нацыянальнага, што «дасць нябачаны штуршок выяве творчых талентаў шырокіх народных мас». Мы — працягвае аўтар — «з’яўляемся сведкамі шырокага абуджэння і нашага беларускага народа ад сну векавечнага нябыту, за чым наступае імкненне да творчасці дзяржаўнай».

А новы час — гэта новыя людзі. Ён іх не прыдумаў, хоць сучасныя даследчыкі дружна заўважаюць хадульнасць, плакатнасць герояў яго п’ес. Вулкан рэвалюцыі выплеснуу гэтую вогненную лаву гісторыі, яна імкліва рынулася з народных нетраў, спапяляючы на сваім шляху былое — «цара і царанят» з іх абслугай, іх халуямі, іх вытанчаным асяроддзем і культурай. Не заўважаючы ў гневе, што заадно змятаецца і нешта агульначалавечае: занадта доўга іх трымалі ў цемры, прыгняталі, здзекаваліся з іх годнасці, каб у вогненнай віхуры сацыяльнай нянавісці быў час разабрацца, што з былога неабходна захаваць. Ці даўно наогул публіка перастала сустракаць воплескамі ўхвалы «гордыя» заявы накшталт — «мы акадэміяў, дзякаваць богу, не канчалі»? Лічаць нават, што з Гартнага «пачалося абгрунтаванне белапаўскіх тэорый» пра перавагу класава-сацыяльнага паходжання над прафесійнай дасведчанасцю. А вось герой п’есы «Хвалі жыцця» Ясь, заклікаючы сваіх землякоў рашуча змагацца за сацыяльныя пераўтварэнні, звяртае іх увагу і на тое, што «чалавечы розум несціхана працуе над перабудоваю ўсяго жыцця, а святлейшыя людзі пераймаюць пакрысе дух іх працы, думкі іх і разносяць па свеце, рассаджваюць у гушчы людскіх грамадаў». Грувастка, праўда, але ж гэта ўжо справа іншага парадку.

І яшчэ надзіва па-новаму загаварыў ён тады аб працы. Па-першае, вядома ж, «дабраць усё для бяднейшых», але каб не проста прагна спажыць, як нядаўні жабрак, якому пашанцавала дарвацца да панскіх прысмакаў, а каб, ліквідаваўшы гвалтоўнасць, паднявольнасць працы, зрабіць яе «творчасцю, вольнай і незалежнай, аздараўляючай душу і цела».

Гэта ўжо выказваўся не драматург Гартны, а лектар Жылуновіч. Палемізуе ён з Янкам Купалам, як некаторыя лічаць, калі, зазначыўшы папярэдне, што паэт, нават такі «здольны і многабокі, як Янка Купала», не можа адлюстраваць «настрой усіх бакоў і станаў беларускага жыцця», следам «абгрунтоўвае думку аб сацыяльнай дыферэнцыяцыі творчасці ў адпаведнасці з класавай прыналежнасцю кожнага мастака».

І ўсё ж была нейкая трывожная праява часу ў тым, што лектар, звяртаючы ўвагу аўдыторыі на новы, «радасны настрой» ад працы ў творчасці «песняроў і пісьменнікаў, чытаўшых з сям’і працоўнага народу», заўважае, што «ў беларускай літаратуры прадстаўніком гэтага настрою з’яўляецца... Цішка Гартны». Такое вось трохі нечаканае «адчужэнне» лектара ад пісьменніка. І далей: «Фундаментальны матыў яго песні — гэта пачуццё свае сілы — сілы ўсяго рабочага класа, які творыць скарбы свету. Вось чаму ўсе мукі яго жыцця — нічога перад яго сілаю і не падрываюць у ім веры і надзей. Зварот чыстых ідэй у дзела — упорнаю працаю — захапляе ў Цішкі Гартнага сваёю вераю і неперадатнасцю. Шчасце і воля народа, любасць да яго і гатоўнасць легчы ахвяраю на алтар за яго асвабаджэнне — не даюць яму спакою. Яго непакоіць вечная пакора, павольнасць і нядбайнасць за сваё палажэнне — якое паэт лічыць самым страшным ворагам зацяглага панавання нядолі».

Усё-такі заўважым: лектар нікога не заклікае забараняць, звяргаць, пачатак трыццатых гадоў яшчэ наперадзе, а Белпацком імкнуўся з аднолькавым імпэтам данесці да беларускага чытача творы і Купалы, і Гартнага, і ДунінаМарцінкевіча, як і многіх іншых.

Нарэшце доўгачаканая вестка: Германія канчаткова церпіць паражэнне ад Антанты, а ў Берліне, Гамбургу і іншых нямецкіх гарадах — рэвалюцыя! Гэта аказалася дэтанатарам. Адразу ж адбываецца ўсеагульны выбух прагнага жадання, што накоплівалася так даўно: маса бежанцаў ды і большасць астатніх, хто апынуўся за межамі айчыны, дружна ўскалыхнулася — неадкладна адпраўляцца дадому і там неадкладна ж ладзіць жыццё па-новаму! Самім. Сапраўды: «Хто спаў да гэтае пары — уставай!»

«Дзянніца» своечасова не паспявае публікаваць усе справаздачы і паведамленні з мітынгаў і сходаў беларусаў, якія ў сувязі з гэтымі падзеямі пракаціліся ў самых розных месцах. Матросы ў Гельсінгфорсе, у Кранштаце, салдаты ў Петраградзе, бежанцы ў Саратаве, Тамбове, служачыя ў Маскве... «З дакументаў бачна,— заўважае даследчык В. Круталевіч,— што беларускі народ разумеў сваю нацыянальную самастойнасць і самабытнасць. Напрыклад, у рэзалюцыях сходаў і з’ездаў зусім не ўжывалася такое паняцце, як Заходні край ці Заходняя вобласць. Заўсёды падкрэслівалася — «Беларусь», «родная Беларусь», «наш родны беларускі край» і інш. Удзельнікі мітынгаў і сходаў нязменна называлі сябе — «мы, беларусы».

А матросы Кранштата дык нават выказалі пажаданне, каб цэнтрам рэспублікі стала старажытная сталіца Паўночна-Усходняй Беларусі Полацк, што сведчыла пра веданне гісторыі роднага краю.

Прыйшла вестка з Мінска: яшчэ да адыходу акупантаў там створаны губернскі рэвалюцыйны камітэт. Савет рабочых дэпутатаў абвясціў сябе органам улады. Яго рэвалюцыя выказвае волю Мінчукоў быць заадно з Расійскай Федэратыўнай Рэспублікай, а заканчваецца заклікам: «Няхай жыве Беларусь! Няхай жыве сусветная Савецкая сацыялістычная рэспубліка!»

І яшчэ паступаюць у «Дзянніцу» весткі, ад якіх галава ідзе кругам: літоўцы абвясцілі сваю рэспубліку, стварылі Часовы рэвалюцыйны ўрад, а Мінскі Савет падтрымаў ідэю нарады сялянскіх дэпутатаў Мінскай губерні — аб’яднацца з суседзямі. Тое ж, што яны, белнацкомаўцы, яшчэ раней прапаноўвалі. Але ці не запозненая прапанова? Па-першае, ці згодзяцца літоўцы? А па-другое, няўжо восем ці дзевяць мільёнаў беларусаў такія ўжо бездапаможныя, што абавязкова ім трэба да каго-небудзь прыляпіцца?

А кіраўніцтва Заходняй камуны нібы вады ў рот набрала. І нарком па справах нацыянальнасцей, падобна, на іх баку.

Мінчукі не супакойваюцца. Ад іх ідзе тэлеграма ў Маскву, сакратару ЦК РКП (б), Старшыні УЦВК РСФСР таварышу Свярдлову. У Белнацкоме таксама становіцца вядомым яе змест.

 

Свярдлову — Мінгубрэўком

Лидеры Белорусской Рады Воронко, Скирмунт бежали (в) Англию (за) поддержкой, будут себя выдавать представителями демократических масс Белорусии, якобы задавленной силой советвойск. Местные круги (в) интересах недопущения одурачивания рабочих Антанты считают необходымым самоопределение трудящихся Белоруссии и Литвы, создание Белорусской Литовской трудовой коммуны на федеративной связи (с) Советроссией...

 

Белнацкомаўцы імкнуцца зноў дамовіцца са Смаленскам аб сумесных дзеяннях. Дарэмна. Там іх па-ранейшаму і ведаць не жадаюць. Рэагуюць па-свойму: як адданыя пралетарскай справе сусветнай рэвалюцыі і прынцыповыя праціўнікі ўсякага раз’яднання народаў, смаляне імкнуцца прыняць захады супроць «нацыяналістаў» з іх шкоднымі буржуазнымі перажыткамі і сепаратызмам.

 

Са Смаленска — Свярдлову

Некоторые местные работники будируют вокруг вопроса о так называемой Белоруссии. Как передают, по этому поводу Вам из Минска была послана телеграмма. Изложенное в ней является частным мнением. Ставшая в очередь литовская проблема, как будто бы, может стать общей и для Запобласти. Ввиду того что в некоторых кругах местных Советов и на областной партийной конференции вопрос этот может всплыть, просил бы сообщить,{сообіі как обстоит дело с литовской властью, не обьясняется ли ее появление исключительно политическими агитационными мотивами. Каково Ваше отношение к ней и литовско-белорусскому объединению. Не найдете ли возможным прислать представителей на областную партийную конференцию, которая состоится 27 декабря (в) Смоленске. Мясников.

 

Пра Белпацком наогул ні слова. Яго нібыта не існуе. У той час як Жылуновіч і яго паплечнікі з алоўкам у руках чытаюць артыкул у газеце «Западная коммуна», органе Аблвыканкомзаха, «Нацыянальныя рэспублікі Саветаў». Стыль супадае з тэлеграмай Мяснікова, хоць Жылуновіч не ведае пра яе, а пра артыкул мяркуе: праца Кнорына. «Будущее за областными коммунами»,— сцвярджаецца там. Гэта водгук прапаноў Адміністратыўнай камісіі пры УЦВК РСФСР: на тэрыторыі былой царскай Расіі наогул ліквідаваць усялякі нацыянальны падзел і стварыць тры вобласці-камуны, за выключэннем Маскоўскай,— Уральскую, Паўночную і Заходнюю. Інтарэсы ўмацавання дыктатуры пралетарыяту патрабуюць інтэрнацыянальнага адзінства працоўных усіх нацый — гаворыцца ў артыкуле — а калі недзе і дапускаецца стварэнне нацыянальных рэспублік, дык гэта справа часовая, тактычны ход, не болей.

 

«Спрашивается,— працягвае газета,— зачем эта игра в советские республики, что она может дать положительного в борьбе пролетариев за власть? Ведь для нас ясно, что Советская власть ставит своей задачей не создание новых государственных границ и снесение старых, не создание национальной обособленности в рамках маленьких национальных государств, а снесение всяких национальных рогаток и слияние пролетариев всех стран в единую социалистическую республику... Провозглашение Советской республики Белоруссии не только не служило бы интересам борьбы с националистическими тенденциями мелкой буржуазии, но как раз развивало бы простор этим тенденциям. А это не в интересах социалистической революции. То, что мы признаем допустимым в одном месте в силу тактических соображений, не должно быть перенесено в другие места, где таковых практически соображений нет и быть не может...»

 

І быць не можа... Якраз у той дзень, калі гэта апублікавана, у Маскве, у доме № 24 па Гранатнаму завулку надзвычай усхваляваны Жылуновіч у якасці старшыні камітэта Маскоўскай Беларускай камуністычнай секцыі бальшавікоў у васемнаццаць гадзін аб’явіў адкрытым пасяджэнне канферэнцыі ўсіх Беларускіх секцый РКП (б). Яна рыхтавалася амаль месяц, а ідэя яе склікання дыктавалася, практычна, стыхійна — мітынгамі, сходамі і пісьмамі беларусаў у Белнацком і «Дзянніцу».

Адным з найбольш моцных стымулаў для неадкладнага склікання канферэнцыі былі таксама трывожныя весткі з радзімы. Польская буржуазія і памешчыкі пасля пачатку вываду германскіх акупацыйных войскаў не толькі атрымалі магчымасць нарэшце адрадзіць Польшчу як дзяржаву. Гісторыя мала чаму, аказваецца, іх навучыла — яны адразу ж звярнулі прагную ўвагу на ўзнікшы вакуум нацыянальнай дзяржаўнасці ў беларусаў. Самы зручны момант, здавалася ім, напомніць пра «вялікую Польшчу ў гістарычных граніцах». З’явіліся нават афіцыйныя дыпламатычныя пратэсты супроць «наваднення» Чырвонай Арміяй «гістарычна польскіх» тэрыторый.

Рэдактары «Дзянніцы» тэрмінова звярнуліся ад аўтарытэтных гісторыкаў, каб далі грамадскасці пераканаўчыя тлумачэнні, як у сапраўднасці абстаіць справа. Відныя вучоныя з еўрапейскім прызнаннем Шахматаў, Карскі, Сабалеўскі, Лапо-Данілеўскі, Ольдэнбург, Любаўскі, Пічэта ў адзін голас на лекцыях, са старонак газеты, грунтуючыся на дакументах, заяўлялі, што Польшча некалі толькі сама ўваходзіла ў федэрацыю дзяржаў Рэч Паспалітая, але не мае ніякага права сябе з ёю атаясамліваць. Легіянеры Доўбар-Мусніцкага гэтага і ведаць проста не жадалі, як і тыя ў Варшаве, хто справу накіроўваў. Важней здаваліся зачэпка і момант — легіянеры захапілі Брэст-Літоўск і рыхтаваліся маршыраваць далей, каб «вызваляць» «полякаў малых» ад бальшавізму, які працягвае, маўляў, палітыку рускага царызму.

У такіх умовах беларусам неабходна было абвясціць аб уласнай волі і нацыянальных граніцах. Аб’явіць самім, без пасрэднікаў-памагатых. Але для гэтага патрабаваліся дзяржаўнасць і свой, незалежны ўрад. Аб гэтым, пераканаўшыся, што лідэры Заходняй камуны, ці то загіпнатызаваныя марай аб блізкай сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, ці па прычынах больш празаічнага характару, але ўпарта адмаўляюцца ад супрацоўніцтва, кіраўніцтва Белнацкома сумесна з прадстаўнікамі Беларускіх камуністычных секцый паведаміла Сталіну, спадзеючыся на падтрымку. Той, звычайна такі рашучы, чамусьці марудзіў. Дзень, два... тыдзень! Жылуновіч прапанаваў пра абуральны факт маруднасці ў экстранай справе напісаць у газеце. 19 лістапада 1918 года «Дзянніца» выйшла — то была вялікая эра рэвалюцыйнай галоснасці! — з рэдакцыйным артыкулам «Як жа з Беларуссю?». У ім Народны камісар па справах нацыянальнасцей РСФСР крытыкаваўся за патуранне блізарукай пазіцыі кіраўніцтва Заходняй камуны, за бюракратызм, з-за якога ў Сталіна няма ніводнага праекта дзяржаўнага ўладкавання Беларусі ў той час, калі прамаруджванне пагражае многімі бедамі. Артыкул рашуча заклікаў аўтарытэтныя органы РСФСР «ясна паставіць пытанне пра лёс Беларусі». Наркому па справах нацыянальнасцей пра гэты выпад супроць яго аўтарытэту адразу паведамілі, а ён, як вядома, быў вельмі самалюбівы і нікому не дараваў абразы.

Счакаўшы тыдзень і не атрымаўшы адказу на свой дэмарш, Жылуновіч, параіўшыся з Чарвяковым і Лагуном, уносіць на бюро прапанову тэрмінова склікаць Маскоўскую Беларускую секцыю РКП (б), каб абмеркаваць сітуацыю. Камуністы аднагалосна вырашаюць выбраць Ініцыятыўнае бюро для склікання Усебеларускай канферэнцыі секцый РКП (б) з галоўным пытаннем павесткі дня: як лепей і ў самы бліжэйшы час прыступіць да стварэння Беларускай сацыялістычнай рэспублікі.

Для асвятлення задач канферэнцыі члены Ініцыятыўнага бюро адразу ж раз’ехаліся на месцы. Двое, П. Клыш і В. Майзель, накіраваліся на радзіму, для сувязі з Краявым камітэтам і іншымі камуністычнымі арганізацыямі Беларусі. Яшчэ раней туды выехаў камісар Белнацкома Лагун. У Слуцку быў Ф. Шантыр. У Петраград накіроўваюцца Жылуновіч і Чарвякоў. Адзін — тэмпераментны паэт, другі — глыбока адукаваны аналітык, здольныя да рашучых дакладных дзеянняў, яны добра дапасоўваліся.

Яшчэ тры тыдні спатрэбілася, каб дэлегаты шасці Беларускіх камуністычных секцый сабраліся ў Маскве. На нараду, што, як аказалася, пачала адлік якасна новай і рашаючай стадыі выспявання ідэі беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Выбіраецца прэзідыум. Старшынёй аднагалосна — Зміцер Жалуновіч. Пачуццё дэлегаванасці ў ім дасягае апагею. Ён нават становіцца нібы вышэй ростам. У позірку паяўляюцца асаблівая засяроджанасць і рашучасць. Зачытваюцца віншавальныя тэлеграмы на адрас канферэнцыі. У тым ліку — ад камуністаў Мінска. Землякі віталі ідэю стварэння савецкай рэспублікі.

Затым дэлегаты канферэнцыі шлюць урачыстыя прывітанні.

Леніну: «Першая канферэнцыя Беларускіх секцый РКП бальшавікоў пасылае Вам, дарагі таварыш Уладзімір Ільіч, сваё гарачае прывітанне, як натхняючаму правадыру пралетарыяту ўсіх краін і ўсіх нацый да светлага ідэалу інтэрнацыянальнага сацыялізму».

Асобна — Сталіну: «Першая канферэнцыя Беларускіх секцый РКП (б) вітае Вас, як шчырага паборніка канчатковай неабходнасці вырашыць нацыянальнае пытанне з класавага пункту гледжання і як адданага рэвалюцыянера і змагара за інтарэсы пралетарыяту і бяднейшага сялянства ўсіх краін і ўсіх нацыянальнасцей. Канферэнцыя спадзяецца, што пры Вашай аўтарытэтнай падтрымцы рабоча-сялянская Беларусь зойме належнае месца ў Савецкай Сацыялістычнай Федэрацыі».

Прывітанне з непрыхаваным улікам асаблівасцей характару адрасата.

Затым вітаецца ў цэлым Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт, які, як спадзяецца канферэнцыя, «праводзячы ў жыццё прынцыпы федэратыўнага сацыялістычнага будаўніцтва, здзейсніць ідэю стварэння Савецкай Беларусі».

Аўтары віншавання і ў даным выпадку яшчэ раз імкнуцца запэўніць, што яны загадзя згодны на абмежаваную самастойнасць — за «прынцыпы федэрацыі», а не за самавызначэнне народа ў ленінскім разуменні гэтай справы.

Вітаецца таксама ў цэлым Вышэйшы ваенна-рэвалюцыйны савет РСФСР. Канферэнцыя выказвае цвёрдае спадзяванне, што Чырвоная Армія, у радах якой не апошняе месца займаюць сыны Беларусі, «сумее абараніць яе ад драпежнага захопу міжнароднай контррэвалюцыйнай буржуазіяй».

Зноў дакладнае абяцанне — войскі і надалей будуць агульныя. Істотная гарантыя ад праяў «сепаратызму» (тэрмін у той час даволі пашыраны і неадназначны: здаралася, нават паветы абвінавачваліся ў сепаратызме).

Тэксты тэлеграм зацвярджаюцца аднагалосна, і Жылуновіч аб’яўляе павестку далейшай работы канферэнцыі: сем пунктаў, уключаючы такі неакрэслены, як «бягучыя справы». Але галоўнае — абмеркаванне «нацыянальнага пытання». І ў сувязі з гэтым — «задач, якія паўстаюць перад беларусамі-камуністамі». У тым ліку «стварэнне Аб’яднанага Бюро», па сутнасці — ЦБ. «Выданне парторгана»... Нарэшце — стварэнне рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і ў сувязі з гэтым распрацоўка Адозвы да беларускага народа і беларускіх камуністаў, пра што даручалася сказаць зноў жа Зміцеру Жылуновічу.

У нарысе аб гэтай канферэнцыі, апублікаваным у часопісе «Полымя» ў 1928 годзе, ён падрабязна паведамляе аб яе ходзе і атмасферы пасяджэнняў. «Усведамляючы ўсю важнасць моманту,— заўважае Жылуновіч,— удзельнікі канферэнцыі нават прынялі спецыяльную пастанову «запісваць у пратакол пасяджэнняў па магчымасці ўсё і аратараў не абмяжоўваць часам».

Аратары з законным гонарам гавораць пра масавы ўдзел беларусаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі і абароне яе ад ворагаў. Вось выступае дэлегат ад петраградскай Беларускай секцыі камуністаў і сябар Жылуновіча А. Усціловіч, той, каго так уважліва нядаўна слухаў Уладзімір Ільіч Ленін. Усціловіч называе значную колькасць беларусаў з ліку матросаў, салдат і рабочых, якія склалі першыя добраахвотныя атрады чырвонагвардзейцаў, заступіўшых дарогу кайзераўцам, а затым белым генералам, што імкнуліся захапіць рэвалюцыйны Петраград. І сярод іх нямала інструктараў па ваеннай справе, кулямётчыкаў. Больш двухсот беларусаў-камуністаў сумесна з латышамі саставілі затым ядро атрада петраградскай ЧК. Дзесяткі таварышаў пасля адпаведнай падрыхтоўкі пасланы ў раён акупіраванай Беларусі для вядзення падпольнай арганізацыйнай работы.

Канферэнцыя сустрэла таксама апладысментамі паведамленне дэлегатаў ад тамбоўскай Беларускай секцыі камуністаў, трэцяй па велічыні. Шэсцьдзесят яе членаў і да сотні спачуваючых не толькі праводзілі масавую палітычную работу і многія займалі адказныя пасады ў кіруючых установах губерні, але разам з латышамі і ўкраінцамі «выканалі асноўнае заданне» па ліквідацыі моцнага белагвардзейскага мяцяжу.

Жылуновіч яшчэ раз праглядае тэкст рэзалюцыі па першаму пытанню. Ці ўсё важнае ўлічана, ці правільна асветлена дзейнасць беларусаў-камуністаў у падзеях, да якіх яшчэ неаднойчы звернуцца нашчадкі, асэнсоўваючы подзвіг сваіх бацькоў? Так, «беларусы-камуністы ігралі і іграюць значную ролю ў Вялікай Кастрычніцкай Расійскай рэвалюцыі і ў многа якіх месцах Расіі». Ну, а цяпер, «прымаючы да ўвагі адказны момант у жыцці Беларусі, які абавязвае беларусаў-камуністаў прыняць самы актыўны ўдзел у стварэнні Савецкай Беларусі, канферэнцыя пастанаўляе: не парушаючы адзінага рэвалюцыйнага парадку, выдзеліць неадкладна магчымы максімум камуністаў-беларусаў для адпраўкі на радзіму...». Пара! І, канечне, «гэту работу — забеспячэнне Беларусі падрыхтаванымі рэвалюцыйнымі кадрамі — весці і ў далейшым...».

Рэзалюцыя прымаецца аднагалосна.

Нарэшце — нацыянальнае пытанне. Божухна, ці ёсць яшчэ на свеце другі такі народ, каб сумняваўся ва ўласным існаванні! Жылуновічу даводзіцца прыкласці нямала намаганняў, каб утрымліваць страсці ў канструктыўным русле. Палеміка «іншы раз пераходзіла ва ўзаемныя абразы». Прыхільнікі Заходняй камуны і «левыя» ўпарта лічаць свой пункт гледжання самым ісцінна марксісцкім, перадавым і рэвалюцыйна-пралетарскім. Аргументы іх зводзіліся да таго ж, што і сфармуляваныя ў перадавым артыкуле газеты «Революционная ставка». Усяго за два тыдні да адкрыцця канферэнцыі там сказана катэгарычна: «Время национальных государств уже прошло... Мы идем к наднациональному объединению демократии... Наша партия никогда не стояла за разрушение создавншихся больших государственных организмов и создание мелких национальных республик. Наша партия в данном случае готова признать известные заслуги империализма, приведшего к созданию нового типа государства — наднациональнго государства». «Глыбокія зрухі сацыяльна-класавых адносін і бліскучая перспектыва сусветнай рэвалюцыі,— разважаў аб гэтым уяўленні левых Жылуновіч ужо праз дзесяць гадоў,— на іх думку, ні ў якае параўнанне не ішлі з буднямі нацыянальных праблем. Апошнія ў крайнім выпадку маглі і пачакаць да перамогі сусветнай рэвалюцыі».

У той час як «буднямі» былі нахабная акупацыя легіянерамі Брэст-Літоўска і правакацыйнае абяцанне прэзідэнта ЗША Вільсана аб узброенай падтрымцы «самавызначэння нацый» па імперыялістычнаму рэцэпту. А таксама актыўнае выкарыстанне нацыяналістычнай буржуазіяй «левых» перагібаў, якія давалі падставу для абвінавачвання Савецкай улады ўвогуле ў гвалтоўным насаджэнні цэнтралізму з мэтай працягваць у новых умовах царскую палітыку вялікарускага шавінізму. І, нарэшце, абуджаная самасвядомасць народа, які прагна імкнуўся разабрацца ў сваёй гістарычнай сутнасці і толькі яшчэ вучыўся гаварыць аб сабе ўслых, голасна.

Дык трэба беларусам нацыянальная пралетарская рэспубліка ці пачакаць да сусветнай рэвалюцыі? Галасуюць... Пераважнай большасцю перамагае рэалізм: трэба! У гэтым немалую ролю адыгралі спасылкі апанентаў «левых» на тое, як вучыць разумець нацыянальнае пытанне таварыш Ленін.

Толькі дамовіўшыся аб тэарэтычнай аснове неабходнасці стварэння савецкай нацыянальнай рэспублікі, можна было прыступаць да наступнага, не меней важнага пытання — як практычна ажыццявіць стварэнне першага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. Быў другі дзень работы канферэнцыі, 22 снежня.

Пасля кароткага ўступу Жылуновіча, які напомніў аб парадку дня, слова бярэ А. Усціловіч. Яму было даручана вывучыць пытанне папярэдне. Той паведамляе, што ім і яшчэ адным прадстаўніком Белнацкома — Каўшылам вяліся перагаворы аб сумесных дзеяннях з кіраўніцтвам Заходняй камуны, але ў Смаленску і слухаць пра гэта не жадаюць. Дэлегаты ж ад некаторых беларускіх глыбінных раёнаў, у тым ліку ад мінскіх бальшавіцкіх арганізацый, на канферэнцыі прысутнічаюць і ўпаўнаважаны абмяркоўваць пытанне.

У зале галасы абурэння пазіцыяй смалян, якіх называюць «абласнікамі», няўжо ім невядома аб крытычнасці сітуацыі? Частка прамоўцаў лічыць, што марудзіць больш нельга, неабходна стварыць урад неадкладна. Язэп Дыла выказвае меркаванне больш умераных дэлегатаў: канферэнцыі, якой бы прадстаўнічай яна ні была, не варта браць на сябе зараз адказнасць стварэння ўрада, каб не пасыпаліся потым абвінавачванні ва узурпацыі ўлады. Трэба вярнуцца на Беларусь і там правесці агітацыю сярод працоўных мас, а потым ужо разам з народам і вырашыць справу.

Усё ж большасць за тое, каб зараз выказаць сваю прынцыповую думку: якім чынам павінна здзейсніцца абвяшчэнне савецкай рэспублікі і хто канкрэтна мае права ўвайсці ва ўрад.

Жылуновіч зноў імкнецца стрымаць напал страсцей і заклікае да пралетарскага дэмакратызму: заявіць пра сваё жаданне неадкладна бачыць Беларусь савецкай рэспублікай неабходна, а вось даводзіць да канца механізм стварэння ўрада ў далечыні ад радзімы не варта. Рабіць тэрмінова, але не паспешліва. Яго падтрымаў Няцэцкі.

«Цяпер,— гаворыць ён,— знаходзячыся тут, мы не павінны гаварыць аб стварэнні ўраду ў рашучым тоне. Нам толькі трэба акрэсліць сваю праграму і ўжо на месцы арганізаваць масы пад нашым камуністычным сцягам і стварыць адпаведныя ўмовы для склікання Усебеларускага з’езду, які і стане выразнікам народнай волі».

На гэтым і была заснавана рэзалюцыя. Канферэнцыя Беларускіх камуністычных секцый прымае яе аднагалосна.

Пачынаецца рэзалюцыя з характарыстыкі сучаснага становішча, да крайнасці небяспечнага, на думку дэлегатаў канферэнцыі, для існавання Беларусі, якую бязлітасна разбурыў бранявы кулак германскай акупацыі, а цяпер рыхтуюцца праглынуць суседнія капіталістычныя краіны бы нейкую «нічыйную» тэрыторыю. «Усе гэтыя пераканаўчыя факты,— падкрэслівае рэзалюцыя,— уладна патрабуюць стварэння ў шчыльнейшым кантакце з вялікай Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікай моцнага беларускага рабоча-сялянскага ўраду, выразніка волі беларускай беднаты».

Яшчэ пастанавілі — «лічыць безумоўна неабходным у сувязі з міжнародным становішчам... стварыць беларускія палкі Чырвонай Арміі, ганаровай і адказнай задачай якіх будзе абарона Беларусі, як аднаго з фарпостаў Вялікай Расійскай Сацыялістычнай Рэвалюцыі ў барацьбе апошняй з сусветным імперыялізмам». Акрамя таго, сфарміраваны ў Петраградзе добраахвотны атрад беларусаў-камуністаў пастанавілі накіраваць у Мінск, а камісарам зацвердзіць М. Драка-Дракона.

Канферэнцыя палічыла неабходным не адкладваючы зацвердзіць таксама асноўную лінію па народнай гаспадарцы будучай Беларускай Рэспублікі Саветаў. Аснова — грамадская вытворчасць. Нацыяналізацыя вялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў. Дробныя майстэрні застаюцца. У сельскай гаспадарцы «канферэнцыя прызнае асаблівую каштоўнасць будаўніцтва камун і работу ў напрамку афармлення грамадскага землекарыстання ў беларускай вёсцы і заклікае ўсіх партработнікаў, акрамя грамадска-палітычнай і культасветработы, пачаць разам з тым у вёсцы і дзейнасць па будаўніцтву камун». У гэтым сэнсе звярталася асаблівая ўвага на бежанцаў. Многія з іх не змогуць без падтрымкі хутка ўзнавіць свае падворныя гаспадаркі. Такіх рэкамендавалася пасяляць у былых панскіх маёнтках, «дзе можна ствараць і буйную савецкую сельскую гаспадарку як паказальную, здольную даваць максімум прадуктаў... Гэта дазволіць паспяхова вырашыць Савецкай уладзе харчовае пытанне, разбуральнага ўплыву якога так упэўнена чакаюць ворагі...».

Праграма, як бачым, адразу памячалася канкрэтная і дзелавая.

У падобным жа духу вытрыманы і Зварот «Да Беларускага народу». Яго таксама зацвердзілі галасаваннем.

Сакратар прэзідыума канферэнцыі Чарнушэвіч кладзе прынятыя дакументы перад Жылуновічам. Той з хваляваннем прымае гэтыя таропка спісаныя лісткі, якія цяпер становяцца гістарычнымі дзяржаўнымі дырэктывамі. Заўтра іх абнародуе «Дзянніца» і ўвесь белы свет даведаецца аб рашучасці яго паплечнікаў пачаць практычны працэс самавызначэння Беларусі як савецкай рэспублікі. Здаецца, ужо нішто не можа гэтаму перашкодзіць. Галоўнае — за іх Ленін.

23 снежня канферэнцыя яшчэ працягвала работу. Перад тым як пачаць вылучэнне кандыдатур у Цэнтральнае Бюро аб’яднаных Беларускіх камуністычных секцый, выступіў Лагун. Ён падзяліўся ўражаннямі ад паездкі на Беларусь, сказаў, што там поўна неадкладных спраў і яму хацелася б тэрмінова зноў трапіць на радзіму, тым больш пасля рашэнняў канферэнцыі. Таму ён просіць замест сябе зацвердзіць камісарам Белнацкома Жылуновіча. Той і так у апошні час выконвае фактычна гэтыя абавязкі і спраўляецца з імі добра. Прапанову падтрымалі Чарвякоў, Дыла, Няцэцкі... Арганізатарскі талент Жылуновіча прызнаваўся ўсімі. Прагаласавалі за яго аднагалосна і потым дружнымі апладысментамі павіншавалі з абраннем. Зміцер Хведаравіч таксама ў такі момант быў не супраць трапіць на Беларусь: там цяпер пачынаюцца самыя важныя справы, а Белнацком дажывае апошнія месяцы. Ну, ды калі таварышы вырашылі іначай, што ж, ён застанецца тут яшчэ некаторы час. Работы, канечне, хапае. Галоўнае — трэба неадкладна адпраўляць на радзіму спецыялістаў народнай гаспадаркі, выкладчыкаў устаноў...

Пачынаюцца выбары Цэнтральнага Бюро аб’яднаных Беларускіх камуністычных секцый. Усе ўпэўнены ў яго блізкай адказнай дзяржаўнай місіі, таму кандыдатуры абмяркоўваюцца з асаблівай прыдзірлівасцю. Яшчэ няма звычкі асцярожліва прыкідваць, як дорага можа заўтра абысціся крытыка кіраўніцтва. Наадварот, для камуніста лічыцца амаль ці не абавязковай падобная прыдзірлівасць да сатаварышаў па партыі. Тым не менш галасаванне вырашана праводзіць «запіскамі», тайнае.

Нарэшце аб’яўляюцца яго вынікі. У ЦБ увайшлі: Ф. Балбека, М. Драка-Дракон, Я. Дыла, 3. Жылуновіч, І. Няцэцкі і А. Чарвякоў. Старшынёй аднагалосна — Зміцер Жылуновіч...

У той жа дзень у прэзідыум канферэнцыі перадаюць тэлеграму са Смаленска. Падпісана: сакратар абкома РКП (б) В. Кнорын. Прадстаўнікі Беларускіх камуністычных секцый запрашаюцца ў Смаленск на чарговую абласную канферэнцыю. Яна павінна адбыцца праз чатыры дні, 27 снежня.

Дзякуй, што хоць нарэшце ўспомнілі. Але чаму на парадку дня канферэнцыі нічога пра тое, як з Беларуссю? Тэлеграма зачытваецца дэлегатам канферэнцыі. Прэзідыум просіць выказваць думкі, каго пасылаць у Смаленск. Можа, Цэнтральнае Бюро? Дэлегаты канферэнцыі дружна супраць. Называюцца другія кандыдатуры: П. Клыш, І. Лагун, В. Ханін. Ім даецца наказ: паведаміць смалянам рэзалюцыю маскоўскай аб’яднанай партканферэнцыі, даць тлумачэнні, калі спатрэбіцца, і запрасіць іх дэлегацыю ў Мінск, на Усебеларускі з’езд камуністычных арганізацый. Пастанова прымаецца аднагалосна. Жылуновічу прадастаўляецца заключнае слова.

Яму па-сяброўску апладзіруюць. Зала невялікая, кожнаму, асабліва тым, хто сядзіць у першых радах, можна паглядзець у вочы. Няма раўнадушных. Таварышы шчыра прызнаюць яго лідэрства, на яго спадзяюцца. І Жылуновіч ахрыплым за апошнія трое бурных сутак, але высокім і выразным голасам гаворыць, што гатовы, не шкадуючы сіл і жыцця, аддана служыць справе перамогі пралетарскай рэвалюцыі, працоўнага беларускага народа. І заканчвае заклікам, які гучыць клятвай: «Не пашкадуем сіл для адраджэння айчыны! Беларусы,— за працу, дадому!»

Гэтыя словы ён напісаў на вузкай паласе паперы — для «Дзянніцы», і газета выйдзе з заклікам буйнымі літарамі на ўсю паласу: «Беларусы — дахаты!»

Гісторыкі па-рознаму будуць потым тлумачыць тое, што адбылося. Найбольш пераканаўчай уяўляецца думка В. Круталевіча, які ў памянутай ужо кнізе «Рождение Белорусской Советской Республики» і раней, у нарысе «Абвяшчэнне рэспублікі», надрукаваным у часопісе «Полымя» (1968, № 9), асабліва падкрэслівае, што канферэнцыя Беларускіх камуністычных секцый РКП (б) дзейнічала поўнасцю самастойна, а не па «падказцы», не ў выніку дараванага «зверху» дазволу і нават загаду. «Канферэнцыя прыняла рашэнне па сваёй ініцыятыве і выступіла ад свайго імя, ведаючы, што яе рашэнне з разуменнем будзе сустрэта ў ЦК РКП (б) і асабіста У. І. Леніным».

Між іншым, пра гэта сведчаць і падзеі, якія неўзабаве адбыліся.

А першай гадзіне ночы 24 снежня 1918 года ўдзельнікі канферэнцыі ў адзіным парыве ўзняліся з месцаў і ўжо больш не садзіліся. Заспявалі «Інтэрнацыянал». Следам — «Беларускую марсельезу». Спявалі рашуча і натхнёна. Кожны хацеў, каб у агульным хоры гучаў і ягоны голас, стараўся, інакш якія ж яны аднадумцы, калі не здолеюць разам добра і песню праспяваць.

Члены Цэнтральнага Бюро не разыходзіліся да раніцы. Ніхто не клаўся спаць. Падпісалі копіі пратакола і тэксты пастановы канферэнцыі, якія вырашана было разаслаць у вышэйшыя органы ўлады РСФСР — да ведама.

І тады нехта выказаў услых тое, пра што кожны з іх думаў: хто пойдзе інфармаваць Сталіна? Ніяк нельга было проста кур’ерам паслаць копію пастановы. Значыць, асабіста Жылуновіч? Як новы камісар Белнацкома, як старшыня ЦБ аб’яднаных Беларускіх камсекцый. Выказаць заадно агульную падзяку Белнацкома за дапамогу. Яна, безумоўна, значная. Уласна, без актыўнай падтрымкі СНК РСФСР, ад імя якога дзейнічае Наркомнац, нельга было б і марыць пра такія вынікі, якіх удалося дасягнуць за даволі кароткі тэрмін ды яшчэ ў надзвычайных умовах барацьбы з контррэвалюцыяй. Характар наркома таксама ведалі: можа пакрыўдзіцца ці заўпарціцца, а лепей бы — каб усё ж падтрымаў. Апошняе слова было за Жылуновічам. Той прапанаваў: «Давайце выдзелім дэлегацыю. У саставе поўнага Цэнтральнага Бюро». Нават не ўяўляючы, які паварот падзей у хуткім часе нечакана адбудзецца.

 

10. «3 сённяшняга дня»

Нататкі самога Жылуновіча пра тыя дні заканчваюцца словамі: «З вераю ў паспяховае і хуткае вырашэнне задач, пастаўленых на канферэнцыі, раз’язджаліся яе ўдзельнікі на месцы...» Аднак, зазначае аўтар, не паспела яшчэ большасць з іх пакінуць Маскву, «як важнейшае пытанне канферэнцыі — стварэнне беларускага рабоча-сялянскага ўрада — было вырашана... Па прычыне гэтага характар і размах дзейнасці абранага Бюро секцый у далейшым набыў некалькі іншы кірунак».

Да новага, 1919 года заставаўся тыдзень. Бывае, аднак, у гісторыі, што і за такі кароткі час адбываецца многае. Ва ўсякім разе да гэтых апошніх дзён снежня 1918 года ўпарта звяртаецца ўжо не адно пакаленне беларускіх даследчыкаў. У розны час мы знойдзем рознае тлумачэнне таго, што ж тады адбылося, наколькі яно характэрнае для свайго перыяду,— кожны раз з уяўным водбліскам новай эпохі. Аб’ектыўная ісціна яшчэ наперадзе. Мы ж з вамі, чытач, па вехах дакументальных крыніц, сведчаннях сучаснікаў і літаратурных матэрыялах паспрабуем пакуль вырашыць больш сціплую задачу: разабрацца, чаму герой нашай аповесці ў тыя дні дзейнічаў так, а не інакш. Словам, пастараемся ўбачыць яго ў той момант як асобу, на якую ўздзейнічаюць абставіны, час, але якая і сама з’яўлялася творчаю гісторыі.

Гісторыкі вылучаюць як адну з найважнейшых дакументальных крыніц ведаў пра падзеі, дзе адной з вядучых фігур аказаўся Жылуновіч, тэкст перагавораў па ўрадавым тэлефоне паміж Мясніковым і Сталіным, а таксама некалькі тэлеграм галоўных дзеючых асоб.

Такім чынам, з раніцы 24 снежня 1918 года дэлегаты канферэнцыі раз’язджаліся на месцы, каб неадкладна ўзяцца за выкананне яе рашэнняў. А нарком па справах нацыянальнасцей РСФСР прымаў дэлегацыю ў складзе ЦБ Беларускіх аб’яднаных камуністычных секцый. Выслухаўшы яе паведамленне, ён палічыў неабходным тэрмінова інфармаваць аб падзеі хутчэй за ўсё Я. М. Свярдлова. Той — У. І. Леніна. У любым выпадку пад вечар Сталін ужо ведае думку Цэнтральнага Камітэта РКП (б) пра тое, што адбылося ў беларусаў. Законнасць рашэнняў канферэнцыі там ніякіх сумненняў не выклікала. Відавочна таксама, што наркому па справах нацыянальнасцей рэкамендавана дапамагчы з арганізацыяй складанай справы. Тым больш улічваючы пазіцыю кіраўніцтва Заходняй камуны. «Без драки у них не обойдется»,— мог сказаць Сталін.

І вось ён, якога зусім нядаўна «Дзянніца» рэзка крытыкавала за нежаданне садзейнічаць самавызначэнню Беларусі, раптам праяўляе павышаную актыўнасць. Звоніць у Смаленск. Відавочна, таго ж 24 снежня пад вечар. І просіць перадаць Мяснікову быць заўтра, 25 снежня, ля апарата «для разговора по очень важному вопросу». Адначасова пасылаецца тэлеграма з прапановай Мяснікову, а таксама Кнорыну ці Алібегаву тэрмінова прыбыць у Маскву для вырашэння «вопросов, имеющих громадное практическое значение». Сутнасць іх у тэлеграме не раскрываецца, аднак яна становіцца зразумелай з падзеяй наступнага дня.

Калі Мяснікоў нарэшце даведаўся, пра што ідзе гаворка, ён, безумоўна, рашуча запярэчыў наркому па справах нацыянальнасцей. Асноўныя прычыны гэтага мы ўжо ведаем. Безумоўна, была і тая, пра якую не гаварылася ўслых. Сталін у адказ заявіў, што «ЦК партии по многим соображениям, о которых теперь говорить не приходится, согласился с белорусскими товарищами по образованию Белорусского советского правительства». Мяснікоў, імкнучыся ўсё ж адцягнуць рашэнне з тым, каб за гэты час паспрабаваць змяніць сітуацыю, прыводзіць апошні важкі аргумент, чаму ён не можа прыбыць у Маскву: на 27 снежня назначана абласная партыйная канферэнцыя, а пытанні, пастаўленыя ў павестку, патрабуюць сур’ёзнай падрыхтоўкі. Але Сталіна нездарма ўжо тады называлі «жалезным» (любімае слова з лексікону тых гадоў — «жалезныя» доказы, «жалезная» дывізія, «жалезны» кулак, «жалезны» нарком...). Ён адказвае рашуча: «Очевидно, придется на несколько дней отложить вашу областную конференцию. Все это необходимо для того, чтобы избегнуть в будущем возможных недоразумений».

Так, гэта было б «непаразуменне», калі б белнацкомаўцы і члены ЦК Беларускіх камуністычных секцый цяпер, мінуючы Смаленск, апынуліся ў Мінску і заняліся на месцы падрыхтоўкай да абвяшчэння рэспублікі. У такім выпадку смаляне, калі толькі наогул не адмовяцца ўвайсці ў склад Беларусі, акажуцца дзеячамі губернскага, а не рэспубліканскага маштабу і ў большасці могуць і не трапіць у цэнтральны кіруючы апарат.

І тут Мяснікоў робіць рашаючы ход: а чаму з абвяшчэннем зацягваць ды яшчэ абавязкова рабіць гэта ў Мінску, калі можна на Смаленскай абласной партканферэнцыі? Канечне, дэлегатаў давядзецца пераконваць, што Беларуская рэспубліка наогул патрэбна.

У Смаленску, на абласной партканферэнцыі? Гэта ідэя. «Беларускія таварышы», безумоўна, выкажуць незадаволенасць, бо ён, Сталін, пагадзіўся ўжо з іх прапановай вырашаць пытанне аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі ў Мінску. Але ці трэба чапляцца за фармальнасці, калі вырашаецца галоўнае? Ён іх і так важка падтрымаў, пагадзіўся, што граніцы рэспублікі суцэльнага рассялення беларусаў будуць абвешчаны згодна карце, складзенай акадэмікам Карскім, куды ўключаны і Смаленск, хоць і былі пярэчанні з боку некаторых кіруючых работнікаў апарату УЦВК РСФСР. Хопіць з іх, трэба хутчэй вырашыць справу. У яго быў талент рашуча выконваць даручэнні. Праўда, па нейкіх прычынах пры гэтым, як правіла, «перасальваючы», што прыводзіла іншы раз да ўсялякага роду пабочных вынікаў. Ну, ды лес сякуць — трэскі ляцяць.

Можна ўявіць сабе, у якім стане знаходзіўся ў той момант Жылуновіч: заварочваць у Смаленск?! Тым не менш і ён, і астатнія члены ЦБ згаджаюцца ў канчатковым выніку не толькі з гэтым, але і з даволі валюнтарысцкай прапановай неадкладна, тут жа, у Маскве, вылучыць кандыдатуру ў склад урада будучай самастойнай сацыялістычнай рэспублікі. Паспешліва, насуперак, атрымліваецца, волі канферэнцыі.

Пачалі выпрацоўваць умовы, згодна якіх будзе фарміравацца ўрад і будучае Цэнтральнае Бюро Кампартыі рэспублікі. Тэрмінова адбівалі тэлеграмы кандыдатам на пасты будучых наркомаў, каб ехалі не ў Мінск, а ў Смаленск.

27 снежня для сустрэчы са Сталіным у Маскву прыехалі Мяснікоў і Калмановіч. Першы прадстаўляў абком партыі, другі — Аблвыканкомзах. Зноў запрашаюцца «беларускія таварышы». Гісторыкі гавораць па-рознаму, як праходзіла гэтая сумесная нарада, дзе ўжо абмяркоўвалася больш канкрэтна: хто ўвойдзе ў вышэйшыя кіруючыя органы рэспублікі. Не ўдаючыся ў дэталі, пішуць, аднак, аб рэзкіх разыходжаннях бакоў у поглядах на самавызначэнне Беларусі наогул.

Маюцца таксама апублікаваныя ў друку ўспаміны паэта Уладзіміра Дубоўкі. Апынуўшыся ў пачатку 1921 года ў Маскве, ён «яшчэ чырвонаармеец, зайшоў у Прадстаўніцтва Беларускай ССР, якое размяшчалася на Поварскай вуліцы (цяпер — вул. Вароўскага). Там... пазнаёміўся са Старшынёй ЦВК А. Р. Чарвяковым. Меў з ім працяглую, можна сказаць, шчырую сяброўскую гутарку... Спытаў і пра Зміцера Хведаравіча. А. Р. Чарвякоў сказаў тады: «Гэта — выдатны дзеяч, мужны чалавек, палымяны патрыёт сваёй рабоча-сялянскай радзімы».

Далей расказ набывае некаторае адценне падання. Гэта не павінна здзіўляць, калі ўлічыць, што запіс Дубоўка зрабіў праз пяцьдзесят гадоў пасля падзеі. Да таго часу сама асоба Жылуновіча-Гартнага стала ў Беларусі легендарнай (хоць, заўважым, і ў канцы 20-х гадоў гэты чалавек быў ужо для маладых людзей жывой легендай).

«Калі ўзнікла пытанне аб стварэнні Беларускай ССР,— перадае аўтар расказ Чарвякова пра Жылуновіча,— ён сустрэў нямала варожых выпадаў. Не абышлося без іх і на адной надзвычай адказнай Нарадзе, якая праводзілася пад старшынствам У. І. Леніна (?). Праціўнікі стварэння Савецкай Беларусі выкінулі свой апошні «козыр»: «Хто ў іх зможа стварыць гэты самы ўрад?! У іх жа няма адпаведных людзей!» Тады, так расказваў А. Р. Чарвякоў, устаў са свайго месца Змітро Хведаравіч і заявіў: «Я ствару такі ўрад».

Вось тады У. І. Ленін і даручыў Зміцеру Хведаравічу стварыць урад, пытанне было канчаткова зацверджана...»

Тут маецца акрамя легендарнасці (ці як састаўная яе частка) яшчэ адна адметная рыса, якая характарызуе расказчыка як прадстаўніка свайго часу. Яму, відаць, не здаецца дзіўным ці крыўдным, што ўрад нехта «даў» зверху, а не склаўся ён з лідэраў, прызнаных сваім рэвалюцыйным народам. Для расказчыка важней акалічнасць, што вось знайшоўся мудры і надзелены вялікай уладай чалавек, які зразумеў і адобрыў законнае імкненне беларусаў мець нарэшце «сваю» дзяржаву і паверыў іх прадстаўнікам, даручыўшы стварыць урад.

У асяроддзі гісторыкаў існуе таксама думка — і яна ўяўляецца даволі блізкай да рэальнасці, хоць аўтар гэтых радкоў і не знайшоў дакументальнага пацвярджэння,— якая дапаўняе «легендарны» расказ Дубоўкі. Нібыта Жылуновіч, заявіўшы, што бярэцца стварыць кампетэнтны і дзеяздольны беларускі ўрад, дадаў, звярнуўшыся да Мяснікова: «А цябе я не вазьму нават наркомам абароны». Словы, асабліва крыўдныя для Мяснікова, які быў вядомы — і, натуральна, ганарыўся гэтым — сваімі значнымі здольнасцямі военачальніка.

Зразумела, з якім настроем Мяснікоў вярнуўся ў Смаленск рыхтаваць Шостую абласную партканферэнцыю. Яна павінна пачацца ўсяго праз тры дні і ў яе на парадак дпя даводзіцца паспешліва ставіць пытанне аб самавызначэнні Беларусі. Ён вырашыў уставіць гэта ў свой даклад спецыяльным пунктам: «Аб бягучым моманце».

Прадстаўнікам жа ЦБ Беларускіх камуністычных секцый і Белнацкому Сталіным было прапанавана неадкладна падрыхтаваць не толькі спіс кандыдатаў у члены будучага ўрада, але і Маніфест аб абвяшчэнні БССР. Істотны момант, і ён павінен быў прыглушыць горыч Жылуновіча ад распараджэння наркома па справах нацыянальнасцей РСФСР, які, здаецца, не зразумеў ці не пажадаў унікнуць у глыбінную сутнасць справы, калі гаварыў пра яе так, быццам размова ішла аб простай перафарбоўцы падведамаснага яму Аблвыканкомзаха, а не аб стварэнні сацыялістычнай дзяржаўнасці беларусаў.

У гэты час Сталін ужо дыктаваў тэлеграмы.

 

У Дзвінск — В. С. Міцкевічу-Капсукасу

Облисполкомзапа больше не будет. Сегодня были у меня в Москве Мясников и Калманович, и я с ними этот вопрос окончательно решил. Некоторые работники Облисполкомзапа войдут в состав Белорусского советского правительства, которое будет объявлено на днях.

 

У Мінск — прадстаўніку Саўнаркома РСФСР

 

Сегодня в Москве я договорился с Мясниковым и Калмановичем. С белорусами тоже. Вопрос не вызовет на конференции никаких трений, ибо конференция будет иметь дело с решением ЦК партии... Все вопросы перестройки Облисполкомзапа уже решены.

 

«Пытанні» толькі пачыналіся...

ЦБ Беларускіх камуністычных секцый сумесна з кіраўніцтвам Белнацкома паспешліва рыхтавалася да паездкі ў Смаленск. Нанава абмеркавалі склад дэлегацыі і яе паўнамоцтвы. Бясспрэчным лідэрам заставаўся Жылуновіч. Яму ж і даручылі падрыхтаваць тэкст Маніфеста. За яго аснову вырашылі прыняць Зварот аб’яднанай канферэнцыі камсекцый «Да Беларускага народу».

Захаваўся аўтограф, дзе рукою Жылуновіча з характэрнымі для жыхара Капылышчыны і суседняй Случчыны асаблівасцямі вымаўлення (і напісання ў той час) слоў выведзена: «Маніхвэст»...

Жылуновіч працаваў над састаўленнем дакумента ўсю ноч, ствараючы свой самы выдатны публіцыстычны твор.

Аб тым, як дакумент рыхтаваўся, гісторыкі ў розны час абнародавалі некалькі версій, дзе Жылуновіч не ўпамінаецца ці ў лепшым выпадку адсоўваецца на другі план. Мяркуем, трэба ўсё ж аддаць перавагу сведчанням непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Аб бясспрэчным аўтарстве Жылуновіча паведамляе ў напісаных на пачатку 50-х гадоў успамінах (апублікаваны ў 1981 годзе) Язэп Дыла. Але яшчэ ў 1928 годзе гэта пацвердзіў А. Р. Чарвякоў, у той час старшыня ЦВК БССР. «Калі з палітычнага боку,— пісаў ён у часопісе «Полымя»,— гэты Маніфест мае выключнае значэнне, то з боку літаратурнага з’яўляецца прыкладам твора, надзвычай глыбокага па зместу і выдатнага па форме. Адпаведнасць зместу, формы і палітычнага значэння Маніфеста надае яму вялікую сілу пераканальнасці, не страчаную ім і ў нашы дні. Гэты дакумент быў напісаны Цішкам Гартным...»

Ці існаваў рускамоўны дубль тэксту Маніфеста? Ва ўсякім разе Сталіну дакумент паказалі. З наркомам па справах нацыянальнасцей Жылуновіч па-ранейшаму стараецца не псаваць адносін, спадзеючыся на падтрымку. Хоць асноўнае як быццам уладжана: пад вечар 27 снежня «Условия образования БССР», паведамляе Сталін, пацвердзілі ЦК РКП (б) і СНК РСФСР. Значыць, Ленін адобрыў! Яно канечне: кіраўніцтва Заходняй вобласці абыходзіць нельга, сапраўды немалую рэвалюцыйную работу прарабіла, не без агрэхаў, праўда, не без перагібаў, ну ды ў каго іх не было. Таму будучае Цэнтральнае Бюро Кампартыі рэспублікі ўрэшце дамовіліся, аб чым і запісалі пятым пунктам «Условий», стварыць на аснове парытэту, з дзвюх груп. Але старшынёй ЦБ становіцца адначасова кіраўнік будучага Часовага ўрада. Выходзіць, ён, Жылуновіч. У самім жа ўрадзе адносная хоць бы большасць месц павінна быць за прадстаўнікамі Беларускіх камуністычных секцый. Жылуновіч і яго паплечнікі, трэба меркаваць, асабліва не прыдалі значэння шостаму пункту «Условий» (некаторы час гісторыкі называлі іх урачыста «Условиями тов. Сталина»), дзе гаварылася, што «права ЦБ партии и отделов Правительства остаются такими же, как и бывшего ОК партии и отделов Облисполкомзапа». Значыць, і падпарадкаванне ранейшае? Супярэчлівасць. Але клопатаў хапала і без таго, каб асабліва ўлазіць у гэткія юрыдычныя тонкасці, спрачацца за іх; потым уладзіцца. Ды і Цэнтральны Камітэт РКП (б) (а значыць, таварыш Ленін і, безумоўна, па яго прапанове) зрабіў значна больш таго, чаго яны спачатку па нясмеласці дамагаліся: выказаўся самым рашучым чынам за тое, каб Беларусь здзейсніла сваё поўнае права на самавызначэнне, на дзяржаўную самастойнасць. Значыць, у дарогу... «Беларусы — дахаты!»

 

Сталін — Мяснікову. 29.12.1918 г.

Сегодня выезжают в Смоленск белорусы. Везут с собой Манифест. Просьба ЦК партии и Ленина принять их как младших братьев, может быть ещё не опытных, но гатовых отдать свою жизнь партийнай советской работе.

 

Але 29-га яны яшчэ не паехалі. Маскоўскія беларусы, даведаўшыся аб рашэнні ЦК РКП (б) і Саўнаркома РСФСР дапамагчы ажыццявіць поўную дзяржаўную незалежнасць іх айчыне, стыхійна сабраліся на мітынг. Зала «Кино-Арс» не змагла ўмясціць усіх, хто хацеў туды трапіць, людзі тоўпіліся ля пад’езда, на вуліцы, усхваляваныя, радасныя, абменьваліся поціскамі рук, цалаваліся, асабліва востра адчуўшы ў той момант сваё адзінства і тугу па радзіме. Дэлегатаў, што адбывалі ў Смаленск, прасілі выступіць. Тыя расказвалі, якую праграму вязуць, зачытваўся Маніфест. Нарэшце ўрачыста прымаецца рэзалюцыя, у якой выказваліся радасць і задавальненне, што «Савецкая Беларусь стане незалежнай Рабоча-Сялянскай Рэспублікай». Горача вітаюць правадыра сусветнай пралетарскай рэвалюцыі таварыша Леніна, з «чыім імем яны звязвалі сваё ажыццяўленне запаветнай мары беларускага працоўнага народа», як паведаміла потым пра гэтую падзею «Дзянніца».

Сталіну давялося даць у Смаленск другую тэлеграму, 30 снежня, што «белорусские товарищи» выехалі «сегодня вечером». Ён прасіў іх чакаць, а потым абавязкова тэрмінова паведаміць па проваду дзень апублікавання Маніфеста.

Шостая абласная партканферэнцыя ў Смаленску пачалася, як вядома, 30 снежня. Аб ёй напісана шмат і даволі падрабязна. У які час там з’явіліся Жылуновіч і яго сатаварышы, дакладна не ўказваецца.

Перш за ўсё Жылуновіч, канечне, звярнуў увагу на прадстаўніцтва дэлегацый. Ад Гродна няма (горад яшчэ пад германцам), ад Гомеля няма, таксама пакуль не вызвалены. Самая значная частка — ад Смаленскай губерні. З Чарнігаўскім раёнам складаюць на канферэнцыі прыкметную большасць. У віцебскіх, зразумела, знойдзецца нямала дэнацыяналізаваных ці абруселых таварышаў — у асноўным жа гараджане. У магіляўчан, напэўна, таксама. Больш надзейныя мінчане... Што ж, давядзецца пераконваць, даводзіць ісціну. Важна, вядома, як дакладчык аб’явіць пытанне...

Якая прыкрасць! Мяснікоў гаварыў пра неабходнасць стварэння рэспублікі бы аб нейкай часовай меры — каб увесці ў зман варожыя сілы, каб толькі замкнуць ланцуг савецка-самавызначаных утварэнняў з мэтай супрацьяддзя «союзным начинаниям» чорнага інтэрнацыяналу. А так, на яго думку, і гэтага можна было б не рабіць, каб яшчэ ў дадатак не патрыярхальнасць мыслення кіраўніцтва Беларускіх камуністычных секцый, якім удалося ўгаварыць ЦК РКП (б). Дэлегаты абураюцца замшэласцю поглядаў беларускіх «сепаратыстаў». Зразумела, у такой атмасферы вельмі проста не абраць іх і ў склад кіраўніцтва будучай рэспублікі.

Нарэшце прапануецца рэзалюцыя: канферэнцыя аб’яўляе сябе Першым з’ездам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Прымаецца!

Цяпер ужо прапануецца наступная рэзалюцыя — на разгляд з’езду: улічваючы міжнароднае становішча, абвясціць Заходнюю камуну Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Хто за? У тэлеграме Мяснікова Сталіну ад 1 студзеня 1919 года ёсць словы, што «местные товарищи», прыкладаючы ўсе намаганні, каб выканаць указанне ЦК РКП (б), з цяжкасцю ўсё ж «убедили многочисленный съезд в целесообразности создания нового положения, несмотря на полное несочувствие делегатов с мест». Але тут ён чамусьці хітраваў. За рэзалюцыю прагаласавалі дружна. Супраць — нікога. Толькі пяць дэлегатаў устрымалася. Калі аб’явілі вынікі галасавання, зала даволі дружна заапладзіравала. Пратакол данёс да нашага часу тыя даўнія апладысменты, якія сагрэлі душу ўстрывожанаму Жылуновічу. З’езд адзначыў, што лічыць неабходным уключыць у склад БССР тэрыторыі, пацверджаныя вучонымі як безумоўна нацыянальна беларускія, у межах Менскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і заходняй часткі Смаленскай губерняў.

У Жылуновіча не адразу сышла са змарнелага твару радасная ўсмешка, калі Мяснікоў стаў зачытваць прозвішчы кандыдатаў у Цэнтральнае Бюро. У першую хвіліну ён, канечне, падумаў, што недачуў: ад Беларускіх камсекцый аб’яўлены толькі Жылуновіч і Лагун? Двое з пятнаццаці? Двое і трынаццаць «абласнікоў»... А як жа з парытэтам, з «Условиями»? I старшынёй Цэнтральнага Камітэта Кампартыі рэспублікі — Мяснікоў?

Ён перачытвае прозвішчы: Мяснікоў, Кнорын, Калмановіч, Алібегаў, Пікель, Найдзёнкаў, Рэйнгольд, Іваноў, Перн, Собалеў, Андрэеў, Яркін... І яны з Іосіфам Лагуном... Скардзіцца? Каму, калі яны цяпер самавызначаныя, самастойныя? Ён заяўляе, што не можа лічыць паўнамоцным такое Цэнтральнае Бюро Кампартыі рэспублікі, дзе ўсяго два беларусы. Партыя бальшавікоў не прызнае нацыянальнасцей? Ён, Жылуновіч, вораг інтэрнацыяналізму? Ці прызнае ён партыйную дысцыпліну?

Заставалася дабівацца справядлівасці, як ён яе разумеў, хоць у справе фарміравання ўрада. Урэшце СНК рэспублікі прадстаіць кіраваць народнай гаспадаркай. Крыўды, падазронасць і нядобразычлівасць памнажаліся. Жылуновіч прапануе ехаць у Менск і хоць урад стварыць і абвясціць яго склад там, у сталіцы рэспублікі. Хто за? Яны з Лагуном. Не праходзіць і гэта...

На наступным пасяджэнні Цэнтральнага Бюро, дзе яны павінны былі абмяркоўваць склад урада персанальна, Жылуновіч зноў напамінае аб «Условиях». Так, пацвярджае Мяснікоў, будзем кіравацца ўказаннямі таварыша Сталіна: старшынёй будзеш ты.

А члены ўрада, шаснаццаць наркомаў, хто яны?

Жылуновіч паказвае спіс, які ён узгадняў у Сталіна. Колькі тады спатрэбілася папсаваць нерваў! Але ўрэшце нарком па справах нацыянальнасцей пагадзіўся... Але ў Мяснікова, аказваецца, ёсць свой спіс. Яго гучны голас з прыкметным армянскім акцэнтам, які так і застаўся, нягледзячы на былыя шматмесячныя практыкаванні па рыторыцы ў Растоўскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, па-вайсковаму чаканіць прозвішчы. Ад «абласнікоў», як іх называе Жылуновіч, прапануюцца:

— Наркомам унутраных спраў — Іваноў... Наркомам саўнаргаса — Пікель...

Ну вось, гэты нагаспадарыць, калі ён наогул быў супроць абвяшчэння нацыянальнай рэспублікі, з прыкрасцю разважае Жылуновіч.

— ...Наркомам дзяржаўнага кантролю — Берсан. Наркомам ваенных спраў...

Зразумела ж, Мяснікоў. У Жылуновіча сцінае ў грудзях, цяжка дыхаць.

Мяснікоў, зыркнуўшы ў ягоны бок, роўным высокім голасам працягвае зачытваць сваё. Наркомам харчавання і наогул забеспячэння — Калмановіч. Фінансаў — Рэйнгольд. Пошт і тэлеграфа — Разенталь. А земляробства — Андрэеў. Што яму, Жылуновічу, вядома пра гэтага чалавека? Амаль нічога. Чужак. Можна ж было б, урэшце, прапанаваць гэтую пасаду Канчару. Мае добрую агранамічную падрыхтоўку, здольны арганізатар. Праўда, прыхільнік эсэраў... Так, наркомам шляхоў зносін — Савіцкі? Зноў невядомы таварыш. Наркомам нацыянальных спраў... Гэта — добра, ён, Фабіян Шантыр. Жылуновіч крыху яшчэ на яго крыўдуе за тое, што з’ехаў тады са Смаленска. Праўда, у Слуцку, нягледзячы на германскую акупацыю, здолеў сёе-тое выдаць па нацыянальнаму пытанню. Але вось трапіў пад каманду Аблвыканкомзаха, ледзьве Белнацком дамогся дазволу выклікаць цяпер Шантыра з нейкай павятовай ваеннай установы. Якім ён будзе на пасту наркома? Але чалавек таленавіты, адукаваны... Добра.

А хто ж ад таварышаў з цэнтра, як іх, белнацкомаўцаў, тут называюць? Так. Наркомам працы — Дыла. Квачанюк — наркомам юстыцыі. А Чарнушэвіч — наркомам сацыяльнага забеспячэння... Што ж... Чарвякоў будзе кіраваць справай народнай асветы. Добра... Аднак што ж урэшце атрымліваецца? У «абласнікоў» аказаліся самыя ключавыя камісарыяты — па ваенных справах, унутранай бяспецы, харчавання-забеспячэння, фінансаў — і ў іх жа большасць? Асабіста яго з «партфелем» не пакрыўдзілі, канечне. А як з даверам таварышаў, ад якіх ён дэлегіраваны? Выходзіць, трэба ўзняцца і рашуча адстойваць правы тых, каго ён тут прадстаўляе. Змоўчаць цяпер — азначала ў яго ўяўленні ўчыніць здраду ў адносінах да народа, які яшчэ толькі пачынаў вучыцца жыць свабодна. І што ж, з самага пачатку за яго пачнуць думаць і вырашаць іншыя? Няхай сабе, па іх разуменню, на карысць гэтага народа, хоць яны яго і не ведаюць.

Ён прапануе, як і дамаўляліся ў таварыша Сталіна, хоць ураўняць прадстаўніцтва маскоўскай і смаленскай груп і да іх, магчыма, далучыць мінчан. Але пры гэтым ужо катэгарычна патрабуе, каб са спісу будучых наркомаў былі выкраслены тры прозвішчы — тых, хто праявіў сябе асабліва ярымі праціўнікамі стварэння Беларускай рэспублікі.

Узнялася бура. Аратары ў смалян бліскучыя. Перш за ўсё яны закляймілі Жылуновіча сепаратыстам і нацыяналістам і растлумачылі, што цяпер могуць абысціся наогул без яго. Застаецца толькі апублікаваць Маніфест — і рашэнне ЦК РКП (б) будзе выканана. Ну, калі так, адказваў абураны Жылуновіч, тады абыходзьцеся і без нашага Маніфеста. Нягледзячы на настойлівыя патрабаванні Мяснікова, ён так да гэтага часу і не паказаў праект Маніфеста смалянам, прытрымліваў як апошні сродак уздзеяння ў выпадку канфлікту. Ведаў: калі тэкст ухвалены ў Маскве, замяніць яго сваім «абласнікі» не асмеляцца. Поўнасцю ж ад Сталіна залежаць.

Ён не паверыў, калі Мяснікоў сказаў: спіс наркомаў зацверджаны таварышам Сталіным, нечага зараз учыняць дэзарганізацыю, гэта можа дрэнна скончыцца. Жылуновіч заўпарціўся: усё роўна тры прозвішчы персанальна павінны быць выкраслены, іначай Маніфеста не аддасць.

Уся маскоўская група яго падтрымлівала.

Паміж Масквой і Смаленскам забліскалі маланкі ўрадавых тэлеграм.

 

Мяснікоў — Сталіну. 1.01.1919 г.

Список членов правительства я получил только сейчас и то с оговоркой Жилуновича, который заявил, что он и приехавшие товарщи согласны на него лишь пры условии исключения из списков трех членов правительства, персонально по военным делам, снабжения и совнархоза да еще при условии независимости членов правительства от Центрального Бюро партии. Манифеста не видал, ибо его не предъявляют. Поскольку вопрос остается в том виде, как мы его обсуждали в Москве, я всецело стою за то, чтобы немедленно было приступлено к делу. Но, по-видимому, товарищи на этот счет имеют свои особые соображения. Нахожу, что необходимо предписать (!) им или же предоставить нам (!) выдвинуть соответствующие белорусские фамилии, как здесь у нас имеются. Предвижу определенные трения на почве самого неприкрытого национализма. Весь день Центральное Бюро находится в сборе и ждут (!) Вашых указаний (!?), дабы наконец перейти к делу. Жду определенного ответа. Мясников.

 

Чакалі ўказанняў — яны прыйшлі. Сталін адкладваць не любіў.

 

Сталін — Мяснікову. 1.01.1919 г.

Предложение Жилуновича с невключением 3-х членов нахожу дезорганизаторским и в корне противоречащим решениям партии. Никаких особых решений группы Жылуновича не может быть. Список членов, всего семнадцать, является окончательным. Я требую от Жилуновича, его группы категорического ответа на вопрос, подчиняется ли он беспрекословно решению ЦК партии. Жду срочного ответа. По поручению ЦЕКА партии. Сталин,

 

Тэлеграфаваў у Маскву і Жылуновіч, спрабаваў растлумачваць сваю пазіцыю. Нарком па справах нацыянальнасцей РСФСР адказаў запытаннем: ці збіраецца «беларускі таварыш» падпарадкавацца? Жылуновіч упарта хацеў давесці, што яго рознагалоссі са смаленскімі таварышамі маюць прынцыповы характар. Ад іх вырашэння будзе залежаць дзеяздольнасць будучага ўрада.

 

Сталін — Жылуновічу. 1.01.1919 г.

Во-первых. Прошу Вас ответ прочесть Мясникову.

Во-вторых. Материал (маецца на ўвазе, безумоўна, Маніфест.— Э. Я.) должен быть срочно опубликован. Жду сообщения о дне опубликования.

В-третьих. Все разногласия должны быть разрешены на совместном совещании с моим присутствием. Этот мой ответ, как и предыдущий, прошу прочесть Мясникову.

Завтра выезжаю. Сталин.

 

Гэта азначала, што другога студзеня 1919 года нарком па справах нацыянальнасцей РСФСР з’явіцца ў Смаленск. Па ваенным часе ён не будзе разбірацца ва ўсякіх нацыянальных тонкасцях, а можа пад гарачую руку палічыць усё не капрызам нават, а прамым сабатажам, свядомай здрадай рэвалюцыйнай інтэрнацыянальнай справе. Значыць, заставалася выйсці з урада наогул, ад чаго наўрад ці яму паздаровіцца, ці падпарадкавацца ў спадзяванні, што потым усё нейкім чынам утрасецца. Галоўнае ж фактычна зроблена! Жылуновіч перадае тэкст Маніфеста Мяснікову, без перакладу, як ёсць, на беларускай мове.

Позна ўвечары 1 студзеня 1919 года толькі што абраны Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі сабраўся на сваё першае пленарнае пасяджэнне. Аб тым, як яно праходзіла, акрамя афіцыйнага пратакола, ёсць таксама ўспаміны Язэпа Дылы.

Маніфест аб стварэнні БССР абвясціў З. Х. Жылуновіч, старшыня Урада:

— Ад сённяга дню Беларусь — Савецкая Рэспубліка — становіцца рэспублікай працоўнага народа, рабочых, сялянскай беднаты і чырвонаармейцаў Беларусі...

Калі чытанне тэксту Маніфеста скончылася, Жылуновіч звярнуўся да Мяснікова, які рабіў паметкі ў сваім экземпляры:

— Як вам Маніфест, падыходзіць?

Мяснікоў пастараўся не заўважыць іронію. Прамовіў коратка:

— Да. Только... мне непонятны отдельные слова. Вот, например, сказано: «Няхай трапечуцца нашы ворагі...»

— А што, вы не чулі рускага слова «трепещут»? — адразу насцярожваецца Жылуновіч.

— Это значит — боятся?

— Так. Вось бачыце — зразумелі,— усміхаецца Жылуновіч, а сам робіць паметку — фразу сапраўды варта падрэдагаваць.

Мяснікоў пастараўся зняць узнікшую тым не менш напружанасць.

— Не думайте, что я хотел посмеяться над белорусским языком,— сказаў ён.— Я просто хотел получше понять смысл этого слова...

Нарэшце Маніфест зацверджаны. Мяснікоў звяртаецца да Разенталя: усімі сродкамі, якія мае камісарыят,— поштай, тэлеграфам, па радыё, праз газеты, асобнай лістоўкай (тыраж трыццаць тысяч, не меней) — «немедленно, весьма срочно... распространить Манифест по всему лицу земли в буквальном смысле слова». Адразу ж перакласці на рускую, польскую і яўрэйскую мовы... Усім, усім, усім! Энергічны чалавек быў Мяснікоў. Аднаго не заўважыў ці не захацеў гэтага зрабіць, што падмяняе функцыі старшыні Урада.

Вечарам першага студзеня 1919 года Маніфест становіцца вядомы жыхарам Смаленска, яго тэкст адстукваюць тэлеграфісты: «...Уся зямля памешчыкаў, манастыроў, цэркваў, касцёлаў, духавенства з усімі багаццямі, а таксама ўсе лясы, воды і нетры зямлі становяцца ўласнасцю працоўнага народа Беларусі... Урад даручае Чырвонай Арміі, рабочым і сялянскай беднаце Беларусі абарону заваёў сацыяльнай рэвалюцыі...»

Жылуновіч прапаноўвае: ураду неадкладна пераехаць у Мінск, у афіцыйна зацверджаную сталіцу рэспублікі. Ён спадзяецца, што там нядаўнія «абласнікі» хоць крыху абеларусяцца, лепш зразумеюць нацыянальныя праблемы.

Мяснікоў спяшаецца паведаміць Сталіну: рэспубліка абвешчана, але спрэчкі з «групай» Жылуновіча працягваюцца, беларусы паводзяць сябе надта незалежна.

 

Сталін — Беларускаму ўраду і Цэнтральнаму Бюро КП Беларусі. 2.01.1919 г.

Ввиду катастрофического положения фронта в районе Перми, имею предложение ЦК партии и Совета Обороны срочно выехать туда для расследования и принятия мер на месте тоже срочным порядком. Имеяв виду, что положение у вас все же улучшилось, я откладываю свою поездку в Минск дней на десять... Через десять дней буду у Вас. Ведите себя смирно и не деритесь, а то будет плохо.

Белорусское правительство получает директивы непосредственно от ЦЕКА партии через Мясникова как представителя последнего. По поручению ЦЕКА желаю успеха. По сообщению, Гомель взят нами. Харьков берем. До свидания. Сталин.

 

Толькі крыху ўладзілі справы, Жылуновіч прапанаваў наведаць Янку Купалу. Пайшлі ён, Дыла і Чарвякоў. У Смаленску далей цэнтра ніхто з іх не быў. Вёў Чарвякоў. Упоцемку доўга блукалі па незнаёмых і неасветленых, заваленых снегам завулках. Купалаўскую кватэру адшукалі не адразу. З хваляваннем ступалі на рыпучы ганак.

Купала гасцям надзвычай быў рады. Прывітальныя воклічы, абдымкі, пацалункі... Уладзіслава Францаўна адразу ж пачала рыхтаваць пачастунак. На вялікай патэльні засквірчэла яешня з сялянскай каўбасой, на стале з’явіўся духмяны сыр... Пасля маскоўскай пшонкі ды воблы ў гасцей закружылася галава.

— А што, Янка, доўга ты яшчэ будзеш тут у нарыхтоўшчыках? — пажартаваў Жылуновіч.— Цябе ж дома зачакаліся, у нашай Савецкай Беларусі!

— Ды каб жа я раней ведаў, што так добра ўсё вырашыцца з рэспублікай,— усхвалявана ўсклікнуў Купала,— ужо даўно б звольніўся з гэтай службы, перабраўся ў Менск!

Першы тост быў за айчыну, Савецкую Беларусь, за хуткую сустрэчу ў яе сталіцы.

У Менск ехалі ў цягніку, упрыгожаным чырвонымі сцягамі.

З вакзала Жылуновіч прапанаваў да атэля «Еўропа», дзе клопатамі Лагуна першапачаткова была абсталявана ўрадавая рэзідэнцыя, ісці пешшу. Усе радаваліся вяртанню, разглядалі вуліцы, прахожых. Чацвёра зайшлі ў невялікі рэстаранчык. Агаладаліся, да таго ж у меню былі пазначаны стравы беларускай нацыянальнай кухні, таму заказалі па дзве абедзенныя порцыі. Гаспадар, пачуўшы, што кліенты з Масквы, адразу насцярожыўся і на стол падаваў з прыкметнай неахвотай. А тут яшчэ Жылуновіч заўважыў у меню нямецкі эрзац-мёд і прапанаваў:

— Давайце пакаштуем, чым акупанты мазалі губы нашым панам-беларусам, чаго гэта яны так выслужваліся перад чужынцамі?

Усе са смехам пагадзіліся, але гаспадар-рэстараншчык зусім зажурыўся, нават перапытаў:

— Панам-таварышам яшчэ і мёду, так?

Жылуновіч, зразумеўшы, у чым справа, засмяяўся:

— Чаго спалохаліся? Думаеце, новая ўлада забярэ ў вас гэты мёд бясплатна, рэквізуе?

— А што, зноў памянялася ўлада? — адкрыў рот гаспадар рэстаранчыка.

— Так, абвешчана свая! — адказвалі яму.— У нас цяпер Беларуская Савецкая Рэспубліка. Няўжо не чулі?

Як высветлілася, і пераважная большасць наведвальнікаў заставалася яшчэ ў няведанні.

З гэтага давялося і пачынаць — на мітынгах працоўных і ў друку растлумачваць гараджанам, усяму насельніцтву сэнс і мэту стварэння БССР, яе палітычную і эканамічную платформу, наладжваць службу інфармацыі.

Хутка ўключыліся ў работу ўсе камісарыяты. Большасць знаходзілася ў атэлі «Еўропа» ці ў будынках побач (на цяперашняй плошчы Свабоды). Жылуновіч паставіў справу так, што ўсе наведвальнікі без папярэдняга дазволу сакратара маглі трапіць проста ў яго кабінет. Адны вырашалі свае пытанні з кіраўніком урада, астатнія чакалі тут жа і слухалі.

— Урад не мае сакрэтаў ад мас,— гаварыў Жылуновіч, калі яму раілі змяніць гэты надта ўжо дэмакратычны парадак.— І наогул, люблю працаваць, не хаваючыся ад людзей.

Іншыя падрабязнасці аб першых тыднях дзейнасці Часовага ўрада БССР чытач можа знайсці ва ўспамінах Язэпа Дылы, які ўзначальваў тады камісарыят працы. Дарэчы, гэты камісарыят спачатку меў усяго двух супрацоўнікаў — самога наркома і сакратара-машыністку, але дзейнасць яго ў Менску адчувалася адразу.

 

 

11. Свята і адчай

Мінск (ці як тады яго называлі — Менск) паступова пачынае асвойвацца з роллю сталіцы Савецкай Беларусі. Спачатку з неахвотай і нават з недаверам, але з кожным днём усё выразней скіроўвалі свае позіркі да сталіцы кіраўнікі губерняў. Адчужана трымаліся толькі віцебскія, у якіх былі даўнія супярэчнасці з Аблвыканкомзахам. Для ЦБ КП(б)Б і Урада, акрамя наладжвання кантактаў з губернямі і наогул паўсядзённых клопатаў па фарміраванню ўпраўленчай і гаспадарчай структуры рэспублікі, пачалася таксама ліхаманка падрыхтоўкі да правядзення Першага Усебеларускага з’езда Саветаў. З’езд павінен быў зацвердзіць гістарычны акт самавызначэння народа, прыняць Канстытуцыю, сфарміраваць Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і такім чынам заканадаўча замацаваць стварэнне БССР. Адна тэхнічная частка справы патрабавала шмат клопатаў. А таксама ведаў, чаго большасці супрацоўнікаў пакуль не хапала. Вельмі спатрэбіўся вопыт «масквічоў»: як ні кажы, а прайшлі школу ленінскага Саўнаркома.

Але былі складанасці іншага парадку. У правінцыяльных кіраўнічых органах далёка не ўсе яшчэ правільна зразумелі гістарычную значнасць моманту. Не хапала мэтанакіраванай масавай прапагандысцкай работы, перашкаджала рознагалоссе з групай Мяснікова-Кнорына, якія трызнілі сусветнай рэвалюцыяй і лічылі Беларусь часовай фікцыяй! З месцаў, праўда, паступалі і тэлеграмы ў падтрымку акцыі Часовага ўрада, за яго была і самая вялікая — Мінская губерня. Аднак Жылуновічу штораніцы клалі на стол таксама іншыя паведамленні: сёй-той з кіраўнікоў на месцах, асабліва ў Віцебску, успрымае ўсё альбо як чарговае праяўленне самадзейнасці «смалян», што хітра насаджаюць прамежкавую бюракратычную інстанцыю, якая шкодзіць «централизации государственного аппарата пролетарской диктатуры», альбо як «нездоровую белорусскую тенденцию», якая абуджае ў масах непажаданую схільнасць да «сепаратызму». Даводзілася бясконца пераконваць: тэлеграфаваць, тэлефанаваць, дасылаць пісьмы, растлумачваць у друку, выступаць на мітынгах.

А тут яшчэ імперыялістычная замежная прапаганда. Галоўны яе тэзіс: расійскія бальшавікі толькі прыкрываюць стварэннем бутафорскіх рэспублік захоп тэрыторый суседніх малых народаў. У Польшчы эмігранты-бэнээраўцы загаласілі пра пагібель Беларусі. Пачалі паступаць паведамленні: легіёны Пілсудскага рыхтуюцца да «вызваленчага» паходу на ўсход, чакаюць толькі фармальнай зачэпкі. Даволі хутка яна з’явілася.

Жылуновіч не ведае, што будзе праз некалькі месяцаў, спадзяецца на паляпшэнне становішча, азартна працуе і прымушае паплечнікаў таксама выкладвацца. У яго гэта, як і раней, атрымліваецца без пагрозлівага грукання па сталу кулаком ці ручкай пісталета. Хоць зброю яму выдалі — такі час. Пра ахову нарком Іваноў таксама падумаў. Але Жылуновічу ад яе чамусьці ніякавата.

Клапоціцца аб вяртанні ў Беларусь з эвакуацыі спецыяльных навучальных устаноў, адкрыцці школ, бібліятэк. 21 студзеня з Масквы белнацкомаўцы тэлеграфуюць яму: дэкан фізіка-матэматычнага факультэта, «беларус з сялян Магілёўскай губерні» Брайцаў згадзіўся ўзяцца за канчатковую арганізацыю Беларускага універсітэта. Пра ўдзел у справе дамоўлена і з іншымі вядомымі вучонымі, у тым ліку з Уладзімірам Пічэтам. Разам з Чарвяковым шукаюць магчымасці тэрміновага выдання падручнікаў, навуковых прац. Па адной толькі гісторыі прадугледжваецца выпусціць 46 кніг. Народ павінен ведаць сваё мінулае! Яшчэ ж у Белнацкоме планавалі выдаць «Исторические карты Белоруссии» Я. Л. Дылы, «Статистнческий справочник о Белоруссии» Я. С. Канчара, творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча...

Вечарамі Жылуновіч праглядвае праспект «Курса белорусоведения». Некалі кніжка задумвалася як дапаможнік для настаўнікаў, але свае рамкі перарасла, бо аўтары ж усё якія! І цяпер бібліяфілы, якім давялося здабыць гэты важкі том, адчуваюць законны гонар. Тут апублікаваны «Гісторыя беларускага народа» У. І. Пічэты, «Да пытання аб беларускай тэрыторыі» Д. І. Анучына, «Геаграфічны нарыс Беларусі» І. П. Ілініча, «Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым становішчы» П. А. Растаргуева, «Да пытання аб методыцы радзімаведання» М. І. Сілішчанскага, «Этнаграфічная карта беларускага племені», састаўленая акадэмікам Я. Ф. Карскім, з дадаткам бібліяграфічных спісаў. Ну, і яго, Жылуновіча, нарыс — «Беларуская літаратура». Выхаду кнігі чакаў як асаблівага свята. Не цярпелася паказаць яе ўсім-усім. А то бач, у віцебскай губернскай газеце пішуць, што беларусы — міф, іх нехта выдумаў дзеля ўласнай карысці. Ды выбраўся б той пісака ў бліжэйшую вёску і хоць паслухаў, як там людзі размаўляюць! Мала таго, губернскія кіраўнікі Пінсан, Крылоў і Шэйдлін яшчэ і ў Маскву звяртаюцца ад імя камітэта віцебскіх бальшавікоў: ЦК КП(б)Б распусціць і БССР ліквідаваць як бюракратычную выдумку. Так і пішуць віцебскія губкомаўцы, што яны

 

«...самым решительным образом высказываются против раздробления Советской России на ряд мелких «самостийных» республик... край уже давно русифицирован, языка и национальной культуры нет. Белорусских тенденций в широких пролетарских и крестьянских массах не имелось и не имеется... Ввиду всего этого комитет предлагает... Временное рабоче-крестьянское правительство Белорусской республики распустить».

На іх думку, няма ніякіх і беларускіх бальшавікоў, а таму

«...Витебский комитет РКП (большевиков) находит, что белорусское движение, искусно созданное группами мелкобуржуазных интеллигентов,— это воскресающий в уродливых формах социал-шовинизм... Ввиду всего этого предлагаем... постанов ление... о создании ЦК Коммунистической партии Белоруссии — отменить».

 

Ды і тут, у Менску, былыя «камунаўцы» ніяк не жадаюць лічыцца з рэальнасцю. Здавалася б, калі ўжо згадзіліся будаваць Беларускую рэспубліку, то кіньце лічыць яе проста нейкай адзінкай адміністрацыйнага падзелу былой імперскай тэрыторыі. Не, у кожным культурным пачынанні бачаць перш за ўсё праяву буржуазнага нацыяналізму. Нават спробу ўвесці беларускую мову ў справаводства лічаць крамолай. Але ж пачынаць трэба менавіта з дзяржаўных устаноў і кантор.

Нялёгка, аказваецца, расхлёбваць імперскую спадчыну! Жылуновіч увогуле ўяўляў сабе, чаму такія страсці разгараюцца вакол таго, існуюць беларусы ці іх для нечага «прыдумалі» інтэлігенты. А спытаць бы: навошта ім было прыдумваць? Што да моў, дык многія ведаюць іх у адрозненне да канторшчыкаў нават некалькі, самае меншае — тры-чатыры. Ды і хіба яны не частка народа? І ён, і Купала, і Колас, і Чарвякоў, і Дыла ведалі, дзе пакуль знаходзіцца асноўная маса беларусаў. У вёсцы! Са сваёй мовай, традыцыямі, светаўспрыманнем, звычаямі, працоўным вопытам... Толькі-толькі ж пачынаюць падымаць галовы, далучацца да скарбаў культуры і цывілізацыі. Моладзь пацягнулася ў горад. І што? Там, як і ў часы імперыі, па-ранейшаму іх родную мову лічаць «адсталай». Выходзіць, у сваёй жа нацыянальнай рэспубліцы яны — людзі ніжэйшага гатунку, яны «спазніліся» да даброт цывілізацыі і павінны падладжвацца да «прышлых»? Ды і ў сферы працы ў гараджан таксама акажацца яшчэ і моўная перавага, калі так будзе працягвацца далей. Мала таго, што такое становішча пагражае стратай арыгінальнай нацыянальнай культуры, яно ўвогуле несправядлівае, будзе пладзіць прыстасаванцаў і абавязкова рана ці позна абвострыць узаемаадносіны. І таму, рабіў ён практычны вывад, неабходна ўжо з самага пачатку прадугледзець, як пазбегнуць групавога эгаізму дэнацыяналізаванай часткі гараджан, якія зараз выдаюць сваю пазіцыю за інтэрнацыяналізм і знаходзяць падтрымку ў такіх, як Мяснікоў. Ну, канечне, гучыць прыгожа: грамадзянін сусвету! Але толькі гучыць.

Што ж тычыцца моўнай і нацыянальнай левізны — гэта не нейкія асабістыя завіхрэнні ад энтузіязму хутчэй пабудаваць сусветную камуну. Тут калектыўнае пачуццё, не заўсёды акрэсленае думкай нават. Чыё? Даволі вялікай праслойкі жыхароў беларускіх гарадоў — так званых абывацеляў. Ва ўмовах імперыі яны, у сваёй масе людзі некалі прышлыя, проста не маглі на Беларусі нацыянальна самавызначыцца, бо нават карэннае насельніцтва, бясконца губляючы інтэлігенцыю, доўгі час было гвалтоўна пазбаўлена магчымасці зразумець сябе як народ. А па роду заняткаў, эканамічна гараджанін-абывацель імкнуўся да цэнтралізацыі, да прасторы імперскага рынку, прыстасоўваючыся да ўмоў кантор. У той жа час хваравіта адчуваючы сваю пастаянную адасобленасць ад «цёмных» абарыгенаў.

Своеасаблівасць саставу насельніцтва ў гарадах Беларусі Жылуновічу была зразумелай з уласнага вопыту. Не ведаў ён толькі абсалютных лічбаў. Таго, што, як адзначаюць сучасныя даследчыкі, там, у гарадах, пачынаючы недзе з XVIII стагоддзя, станавілася ўсё менш этнічных беларусаў. На пачатак жа ХХ стагоддзя ўжо «ў цэлым... пераважала яўрэйскае насельніцтва — 53,5 працэнта. Беларусы складалі 14,5, рускія — 17,7, палякі — 11,6, іншыя нацыянальнасці — 2,7 працэнта». Больш за іншыя буйныя гарады «беларускім» выглядаў Магілёў, але і там абарыгенаў было толькі каля 30 працэнтаў. Прыкладна як і ў Гродне. Кожная з этнічных груп карысталася ў сваім асяроддзі мовай продкаў (праўда, даследчыкі потым устанавілі — з вялікімі прыкметамі мясцовай асіміляванасці. Але асноўным сродкам зносін гараджан была пераважна мова афіцыйных устаноў, гэта значыць, як і паўсюдна ў імперыі,— руская, ці, як тады гаварылі на Беларусі,— «расейская».

Горад заўсёды пахваляўся перад вёскай сваім багаццем і больш высокім узроўнем бытавой культуры. Акрамя таго, ён валодаў каштоўнасцямі больш важкімі за залатыя зліткі, дыяменты, адзенне ці адмысловыя цёплыя ватэрклазеты — ведамі ў вобласці навукі, тэхнікі, гаспадарчага кіравання, рамёстваў, мастацтваў, педагогікі і г. д. Не жадаючы, праўда, лічыцца з акалічнасцю, што ён ніяк не змог бы абысціся без вёскі як у сэнсе паставак сыравіны, харчавання, так і пастаяннага прытоку адтуль чалавечых рэсурсаў, самых жыццяздольных і прагных да развіцця. Тым не менш нават у нармальных умовах адной нацыянальнасці ў дзяржаве сельскія жыхары ішлі на вывучку да гараджан, калі не маглі болей па нейкіх прычынах займацца земляробствам. Міжволі прыстасоўваючыся таксама да іх мовы. Але ў той жа час непазбежна ўносячы і сваё ў агульнакультурны фонд краіны. У Беларусі ж сітуацыя склалася надзвычайная. Падобнай яна была хіба толькі ў Літве, але там не ўнесла сваю лепту праваслаўе, якое зусім заблытала пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці жыхароў «краю».

Усе гэтыя праблемы можна было вырашыць толькі на аснове ўзаемнай павагі і паразумення. Гараджане, аднак, былі ў сваёй масе не падрыхтаваныя да гэтага творчай інтэлігенцыяй, вучонымі, словам, аўтарытэтнай грамадскай думкай, так што палітыкам у асобе Жылуновіча і яго аднадумцаў даводзілася распрацоўваць цаліну. Яны былі яе сокамі, як гэта прадчуваў Гартны яшчэ напярэдадні рэвалюцыі 17-га года. Тыя, чые інтарэсы яны адстойвалі, у пераважнай большасці знаходзіліся ў вёсцы, у арміі ці нават пакуль не паспелі ў віхуры сацыяльных пераўтварэнняў агледзецца і разабрацца ў сабе.

Між іншым, у нармальных умовах народу ў гэтым дапамагае яго інтэлігенцыя. У Беларусі найбольш чуйным аказаўся не проста голас гараджан, а, больш таго,— чыноўніцтва. А самы ж захудалы канторскі клерк ці служка ў бакалейнай лаўцы адчуваў сваю прыналежнасць да клану тых, хто загадвае, распараджаецца. Рэвалюцыя прымусіла чыноўніка змяніць знешнюю афарбоўку, але не магла адразу пераўтварыць яго ўнутраную сутнасць. Чыноўнік асцерагаўся, што ва ўмовах нацыянальнай рэспублікі яму давядзецца не проста вытрымліваць канкурэнцыю з боку нядаўніх сялян, але і вывучаць іх «дзеравенскую» мову, тым самым губляючы і сваю першапачатковую саслоўную перавагу гараджаніна. Так што рамантычны парыў «левых» — рашуча ліквідаваць нацыянальны «сепаратызм» дзеля неадкладнай пабудовы ў бліжэйшым будучым сусветнай пралетарскай рэспублікі канторшчык успрыняў з душэўнай радасцю. Невядомым засталося, на якой мове, меркавалася, будуць размаўляць аб’яднаныя грамадзяне сусветнай рэспублікі. Здаецца, для гэтай мэты прапаноўвалася ў дэкрэтным парадку распаўсюдзіць эсперанта. Але на цяперашнім этапе канторшчыкі ў Беларусі імкнуліся пазбавіцца ад залішніх турбот з вывучэннем мовы «нізоў» і сялянскіх мас. Гэта не віна абывацеляў, яны — ахвяры імперыі, якая адабрала ў іх вялікае пачуццё айчыны.

Жылуновіч спадзяецца, што цяпер, калі абвешчана нацыянальная рэспубліка, з цягам часу ўсё стане на сваё месца. Вось пачнуць выкладаць усе прадметы на беларускай мове ў школах, будзе працаваць у кожным горадзе нацыянальны тэатр, возьмецца як след за культурную працу інтэлігенцыя. Вельмі важна зараз даходліва растлумачваць людзям сутнасць справы, да канца развеяць старыя памылковыя погляды на нацыянальнае пытанне. І неадкладна ствараць свой, нацыянальны друк! Абавязкова — штодзённую газету на беларускай мове тыпу «Дзянніцы». Назваць —- «Савецкая Беларусь». Гэта — не марудзячы ні дня. Але Мяснікоў з Кнорыным катэгарычна запярэчылі: у сучасны момант газету на беларускай мове? Гэта што, свядомае абвастрэнне заганных нацыяналістычных тэндэнцый? Ды яшчэ напярэдадні Усебеларускага з’езда Саветаў? Не выйдзе.

Што ж, горка, крыўдна, але нічога, трэба рыхтавацца да з’езда Саветаў. Там усё ж павінен перамагчы здаровы сэнс: выступяць таварышы, якія добра ведаюць мясцовыя абставіны, можна запрасіць і Карскага, і Пічэту. Дэлегаты ж будуць не адкуль-небудзь, а беларусы, разбяруцца, што да чаго. Абавязкова адбудуцца змены ва ўрадзе, і вельмі можа стацца — Мяснікоў акажацца ў меншасці.

І тут новая нечаканасць. На чарговым сумесным пасяджэнні Цэнтральнага Бюро Кампартыі рэспублікі і Урада, калі вырашалася пытанне аб прадстаўніцтве дэлегатаў на з’езд, Мяснікоў ад імя сваіх прыхільнікаў уносіць прапанову: сельскае насельніцтва, як больш адсталае палітычна, няхай выбірае аднаго дэлегата ад 25 тысяч чалавек, гараджане, за выключэннем мястэчак,— ад пяці тысяч. Мала таго: «сельскіх» дэлегатаў выбіраюць не непасрэдна на месцах, а на губернскіх з’ездах Саветаў — яшчэ, так бы мовіць, прасеяць праз адно сіта, якое будуць трымаць губернскія кіраўнікі.

«Беларускія таварышы» рашуча выказваюцца супраць такой яўнай дыскрымінацыі сельскага насельніцтва. Але зноў яны ў меншасці. 16 студзеня 1919 года Кнорын падпісвае да публікацыі ў газеце «Звезда» паведамленне, якое Жылуновіч успрымае як прыгавор сваім спадзяванням:

 

«На 1 февраля 1919 г. в г. Менске созывается 1-й съезд Советов крестьянских и красноармейских депутатов рабоче-крестьянской Советской Республики Белоруссии (губерний Менской, Могилевской, Смоленской, Витебской и Гродненской).

Норма представительства: губернские съезды Советов выбирают по 1 делегату на каждые 25 тыс. населения; города, имеющие больше 5 тыс. населения, посылают по 1 делегату на каждые 5 тыс. избирателей.

Делегаты должны явиться в г. Менск 1 февраля в мандатную комиссию».

 

Абураныя паплечнікі Жылуновіча ў роспачы махнулі рукой на свой статус членаў Урада незалежнай рэспублікі і пішуць калектыўную скаргу на дзеянні Мяснікова і яго групы ў Маскву. Пісьмо трапляе на разгляд да Свярдлова і Сталіна. Яго далучаюць да петыцый некаторых губернскіх кіраўнікоў, якія не жадалі прызнаваць Беларусь за асобную рэспубліку.

І ўзнікае рашэнне, якое засмуціла даволі многіх, у тым ліку наркома замежных спраў Георгія Васільевіча Чычэрына: «перарабіць» БССР. Улічыўшы «мнение масс», задаволіць просьбы «нязгодных» губерній (Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай, хоць сярод кіраўніцтва апошняй адзінай думкі не было, а губпартканферэнцыя дык і пацвердзіла прызнанне рэспублікі), і, аб’яднаўшы ў Заходнюю вобласць (зноў яна!), далучыць да Расійскай Федэрацыі. Гомель застаўся за Украінай, куды быў далучаны яшчэ з санкцыі германскіх акупацыйных улад. Ад БССР, такім чынам, засталося паўтары губерні. Многія паплечнікі Жылуновіча апусцілі рукі: раз з імі так абыходзяцца, што яны за наркомы і якой такой незалежнай рэспублікі? Нельга ўводзіць насельніцтва ў зман. Жылуновіч пераконвае: яны абавязаны змагацца за еднасць рэспублікі да канца, да з’езда Саветаў, мала што недзе нехта за іх вырашыў. Трэба дапамагчы народу ўсвядоміць сваю непадзельнасць, выступіць перад дэлегатамі з месц. Яго падтрымлівае Чарвякоў. Тым не менш сумненні наконт сваёй ролі ў часткі наркомаў застаюцца.

БССР хочуць не проста «ўрэзаць» да дзвюх губерняў (спачатку планавалася пакінуць наогул толькі Менскую), а аб’яднаць з раёнамі Літвы, дзе яшчэ не захапіла ўладу буржуазная Тарыба, і стварыць новае фарміраванне — Літоўска-Беларускую савецкую рэспубліку, супроць чаго настойліва перасцерагаў Чычэрын, быццам падслухаўшы думкі Жылуновіча, якія той неўзабаве выказаў у пісьме ў ЦК РКП (б). Але Свярдлоў быў «за», Сталін таксама, а яшчэ — таварыш Іофе, які лічыў наркома замежных спраў РСФСР не па-рэвалюцыйнаму далікатным у міжнародных справах. Апошні ж камандзіруецца ў Менск з мандатам Упаўнаважанага Рэўваенсавета РСФСР для канчатковага вызначэння граніц БССР і стварэння аб’яднанага ўрада ЛітБела.

А ў Маскву, таварышу Свярдлову пайшлі першыя тэлеграмы і лісты з пярэчаннямі мінчан супроць перагляду граніц БССР. У тым ліку ад... Мяснікова. 24 студзеня 1919 года ён паведамляе сакратару ЦК РКП (б) і старшыні Усерасійскага ЦВК, што ў адносінах да рашэння цэнтра аб новых граніцах БССР Цэнтральнае Бюро пастанавіла, што гэта можа «повлиять отрицательно на политическую обстановку в регионе».

Тэлеграфіруе, звяртаецца па прамому проваду ў Маскву Адольф Іофе. Піша лісты з падрабязнымі тлумачэннямі:

Іофе — Свярдлову. 28.01.1919 г

.

Дорогой Яков Михайлович. Чем больше присматриваюсь к здешним делам, тем худшее впечатление получаю. Обе здешние группы никуда не годятся. Белорусы националисты и потому насаждают сепаратизм, а наши (група Мясникова.— Э. Я.) хатя и не националисты, но сепаратисты гораздо худшей марки.

 

І паведамляе, што «если производится какая-нибудь положительная работа, то», аказваецца, «только людьми и комиссиями, прибывшими из центра». Гэта значыць«масквічамі», паплечнікамі Жылуновіча. Ну, а прыхільнікі Мяснікова «гонятся только за тем, чтобы как можно больше походить на настоящих (?) министров и построить вокруг себя настоящее (?) министерство». І яму здаецца, што ідзе непатрэбная «гульня» ў рэспублікі. І вось, калі ласка, у БССР, «как полагается в настоящей (!) республике, целых семнадцать комиссариатов». У той жа час Іофе правільна заўважае, што яны за кароткі час абзавяліся вялізнымі апаратамі: «Достаточно указать, что один минский Центроплан... (восемнадцатый, следовательно, комиссариат) имеет 560 служащих». Праўда, можна ўспомніць і Камісарыят працы, які ўзначальваў Язэп Дыла. Ды справа не ў гэтым. Іофе з абурэннем заўважае, што, аказваецца, рашэнне Масквы аб пераглядзе граніцы ўжо абвешчанай рэспублікі «натыкается на невероятное противодействие. И не только открытое, но, как Вы правильно предвидели, на скрытый саботаж». І рэкамендуе Свярдлову самым рашучым чынам адмаўляць мінчанам «на пересмотр... решения. Главный их аргумент в том именно и заключается, что ЦК-де в лице Сталина требовало от них одного решения касательно пяти губерний, а теперь Иоффе требует другого решения... Может быть, он и в третий раз пересмотрит, если мы хорошенько попросим». Яму нават не здаецца надзвычайным, што кіраўнікі адной рэспублікі павінны нешта выпрошваць у суседзяў. «Я сначала немного с ними миндальничал,— паведамляе ён як між іншым,— но потом убедился, что это не стоит, ибо они в своей работе даже в отношении ЦК ведут себя по-свински (гэта значыць хочуць быть крыху самастойнымі ў вырашэнні ўнутраных спраў рэспублікі — Э. Я.), и начал поэтому разговаривать с ними другим языком...»

Рознааблічны бюракратызм, але яго лёгка вызначыць па асноўнай рысе — настойліваму насаджэнню бясспрэчнага падпарадкавання вышэйстаячай інстанцыі. Ён усё той жа, калі нават апрануты ў рэвалюцыйныя адзенні і фарсіць «левізной». Праз два месяцы, у сакавіку 1919 года, на Восьмым з’ездзе РКП (б) група «левакоў» выступіць наогул супроць уключэння нават у партыйную праграму пункта аб праве нацый на самавызначэнне. У. І. Ленін, пераважная большасць дэлегатаў з’езда далі тады рашучы адпор нігілістам. Аднак яшчэ і праз некалькі гадоў пасля таго, маючы ўжо некаторы вопыт будаўніцтва сацыялістычнай дзяржаўнасці ва ўмовах шматнацыянальнасці, У. І. Леніну даводзілася рашуча змагацца супроць такіх рэцыдываў. «Говорят, что требовалось единство аппарата,— пісаў ён у 1922 годзе.— Но откуда исходили эти уверения? Не от того ли самого российского аппарата, который... заимствован нами от царизма и только чуть-чуть подмазан советским миром... При таких условиях очень естественно, что «свобода выхода из союза», которой мы оправдываем себя, окажется пустой бумажкой неспособной защитить российских инородцев от нашествия того истинно русского человека, великоросса-шовиниста, в сущности, подлеца и насильника, каким является типичный русский бюрократ... Я думаю, что мы этих мер не приняли, хотя могли и должны были принять... Я думаю, что тут сыграли роковую роль торопливость и администраторское увлечение Сталина, а также его озлобление против пресловутого «социал-национализма». Озлобление вообще играет в политике обычно самую худшую роль».

Жылуновіч імкнецца пераканаць Іофе, што трэба даць ім, беларускім кіраўнікам, магчымасць разабрацца ў сітуацыі самім, каб вопытам выпакутаваць ісціну. Той слухаў з іроніяй усяведання, як дарослы іншы раз слухае балбатню дзіцяці. Яму здавалася, што ён куды лепей разумее становішча, чым гэты часовы кіраўнік рэспублікі, які нават рускія словы вымаўляе з «польскім» акцэнтам. Ён верыў у тое, што робіць дабро. Генерал Гофман, які ўважліва назіраў за ім у часе перагавораў аб міры ў Брэсце, знайшоў яго вельмі інтэлігентным, поўным веры ў тое, што пралетарыят здабудзе шчасце, «калі народ сам будзе кіраваць на аснове марксізму». «Іофе цвёрда верыў у тое, што ў будучым усім людзям будзе добра, а некаторым, сярод якіх,— заўважае Гофман,— як мне здаецца, ён меў на ўвазе самога сябе, будзе яшчэ трохі лепш». І не мог уявіць, як складзецца яго лёс усяго праз шэсць гадоў, калі ён будзе ўключаным у групу «новай апазіцыі». Цяпер жа Іофе трымае ў руках лёс іншых і заклікае Свярдлова не дапускаць ніякіх сантыментаў:

«Если Вы там не сдадитесь (гэта значыць не задаволіце хадайніцтвы Жылуновіча і Мяснікова — хоць тут яны дзейнічалі разам! — аб адмене рашэння расцерабіць рэспубліку,— Э. Я.}, то я гарантирую, что на съезде (Усебеларускім з’ездзе Саветаў, які працягвае рыхтавацца.— Э. Я.) проведу наше решение».

Увогуле гэта здаецца яму куды менш значным, чым тое, «как создать здесь правительство из здешних комиссарчиков». Галоўнае, за што Іофе на іх злуецца,— яны не захацелі ўключыць у склад беларускага ўрада таварышаў з ЦК Польскай кампартыі.

«Причина все та же,— лічыць Іофе.— Эта спевшаяся компания ребятишек (!) в погоне за портфелямы, не хочет ничьей конкуренции, особенно со стороны людей, более их смыслящих. ЦК польскай переезжает в Литву, часть остается, отношения я уже наладал и ввожу (!) человек пять пока в здешнюю коллегию (гэта значыць ва Урад БССР.— Э. Я.).Несколько наиболее толковых белорусов придется (!?) оставить, надо будет оставить кое-кого из этих областников, но их группу, как таковую, совершенно необходимо разбить, и прежде всего ЦБ.

 

Асабліва ён звяртае ўвагу на Мяснікова і згаджаецца, што Свярдлоў правільна прадбачыў, што гэтага чалавека «необходимо убрать».

 

А куда его девать? — тут жа пытаецца Іофе.— Кое-кого из этих господ я думаю отправить на Литву (!), кое-кого можно будет отправить в Могилев, Витебск и Смоленск для подкрепления тамошних, а Мясникова необходимо, чтобы Вы убрала подальше».

 

Паведамляе ён таксама, што згодзен з планам Свярдлова, пра які яму перадаў Пясткоўскі (намеснік наркома нацыянальнасцей РСФСР), каб у далейшым Беларусь наогул ліквідаваць, зліць з Літвой, але для гэтага патрэбна, каб у Менску не заставалася нікога з тых, хто асмеліўся б гэтаму пярэчыць. Узамен жа просіць людзей з Масквы з указаннем, «на какие именно посты и кого из здешних куда именно направлять». Толькі — папярэджвае Іофе — зрабіць гэта трэба «возможно скорее, ибо новый кабинет должен быть избран съездом, следовательно, должен быть составлен до съезда, а съезд уже первого» (лютага).

З растасоўкай каго куды скончана. Цяпер можна і пра «міжнароднае становішча» ў рэгіёне. Яно, як здаецца аўтару пісьма, амаль ніяк не будзе залежаць ад таго, што хутка адбудзецца ў Менску. Іофе толькі напамінае, што «польский фланг ни в коем случае не следует недооценивать»:

 

«Империалистический натиск непременно пойдет через эти ворота. По слухам, Польша уже получила приказ Антанты прекратать движение на Германию и направиться на Восток. Вчера польские легионеры в Гродненской губернии уже перешли на нашу территорию... Если даже все это не так страшно, как кажется, тем не менее народовский переворот в Польше (прыход да ўлады Пілсудскага.— Э. Я.) ухудшает наше положение, ибо народовцы и без антантовской указки, естественно, устремятся к Смоленску. Нужно обратить серьезное внимание Льва Давыдовича (Троцкага.— Э. Я.), что здешние наши войска по общему мнению ни к черту не годятся. Частью внушают опасения, что побегут при первом же выстреле, частью же, как Семнадцатый Можайский с командиром Семеновым во главе, настолька развратились, что грабят местное население хуже татар, создают контрреволюционное настроение у крестьян...»

 

Далей ён просіць звярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу Троцкага і, хоць, як сам прызнаецца, асабліва не саромеецца адносна таго, ці мае права «что-либо делать или нет», усё-такі хоча, каб пацвердзілі яго паўнамоцтвы «отдать такого Семенова под суд».

Што гэта можа зрабіць беларускі ўрад і яго нарком па ваенных справах, яму не прыходзіць у галаву.

Жылуновічу даводзіцца дзейнічаць ужо на два франты (не кажучы пра намаганні ў хутчэйшы тэрмін наладзіць гаспадарку) — аб’яднаць Урад і ЦБ агульнай мэтай адраджэння Беларусі і ў той жа час змагацца за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці самой рэспублікі. Яму ўдаецца атрымаць падтрымку ад Чычэрына. Той дасылае тэлеграму з запрашэннем прадстаўніка Беларускага ўрада ў Маскву для абмеркавання сітуацыі. Энергічна ўмешваецца Іофе:

Наркому замежных спраў Чычэрыну (копія — Крэмль, т. Свярдлову). Па прамому проваду:

 

«Получил Вашу тэлеграмму Белорусскому правительству. Границы Белоруссии общем и целом определены известным Вам заседанием ЦЕКА (праводзілася без удзелу У. І. Леніна, які хварэў пасля ранення.— Э. Я.). ...Считаю совершенно излишним приглашение представителя Белорусского правительства для заслушания ых претензии... Перед моим отъездом из Москвы был план создать Комыссию представителей всех новых республик для того, чтобы они при Вашем посредстве уладили между собой все спорные территориальные вопросы. Здесь мне говорили, будто Вы решили созвать эту Комиссию не в Москве, а Минске... Следует иметь в виду, что между нами (РСФСР — Э. Я.) и Белоруссией спорных областей нет и претензии нынешнего правительства Белоруссии вовсе не соответствуют воле населения, которое вполне согласно с известным решением ЦЕКА... Иоффе».

 

Іофе энергічна пачынае фарміраваць будучы ўрад ЛітБела. Жылуновічу там адводзіцца не апошняя роля — намесніка старшыні СНК. Аднак той яшчэ і яшчэ раз спрабуе захаваць цэласнасць рэспублікі. З Мясніковым дамовіліся паслаць у Маскву прадстаўнічую дэлегацыю. І не ад Часовага ўрада толькі, а партыйную, ад імя Цэнтральнага Бюро, за што Іофе раззлаваны на «абласнікоў». Жылуновіч тэлеграфіруе ў «мяцежныя» губвыканкомы, пераконваючы зняць свае шкодныя прапановы аддзяліцца ад Беларусі. Ідуць пратэсты ў Маскву.

29 студзеня 1919 г. тт. Свярдлову, Сталіну (копія т. Іофе):

 

«Група членаў Беларускага Урада калектыўна просіць не расфарміроўваць рэспубліку, таму што гэта можа ўскладніць палітычную сітуацыю ў рэгіёне, а таксама парушае абвешчаныя прынцыпы самавызначэння «и пагубно отразится на жизненных интересах белорусского пролетариата и крестьянства».

 

Падпісаліся старшыня Урада Жылуновіч, а таксама Чарнушэвіч, Чарвякоў, Дыла, Пузыроў, Шантыр, Фальскі.

Адказ прыходзіць пад вечар наступнага дня, урадавай тэлеграмай, на ўсе захады мінчан адразу:

 

Жылуновічу — Свярдлоў. 30.01.1919 г.

Делегатам ЦеБе было решительно отказано в отмене постановления... Подтверждаю: Витебская, Могилевская, Смоленская губернии отходят; в Белоруссии остаются две губернии — Менская и Гродненская.

Досылаю постановление ЦЕКА провести на съезде Белоруссии объединение с Литвой... Сегодня по прямому проводу у меня спрашивали из Могилева со съезда о постановлении ЦЕКА о их губернии. Сообщили телеграммы Ваши и ЦеБе. Линия ЦЕКА и там пройдет бесспорно. В Витебске тоже. Смоленск под сомнением, однако подчинение будет безусловное, как и на съезде в Минске...

 

У Маскве непакоіцца за вынікі ўсёй гэтай кампаніі Чычэрын, ён таксама схільны лічыць, што парушаецца права самавызначэння. Пра свае сумненні ён паведамляе Іофе. Той адказвае запіскай па прамому проваду.

 

Старшыні ЦВК т. Свярдлову (копія наркому т. Чычэрыну) 30.01.1919 г.

 

Получил письмо тов. Чичерина. На месте убедился, что неуклонное проведение известного решения ЦЕКА совершенно необходимо. Прошу Вас с наибольшей твердостью отвергнуть все домогательства областников. Соображения тов. Чичерина теоретически совершенно правильны. На практике ввиду настроения здешних центров (ото) прямо опасно. План, сообщенный Пестковским (аб далейшым зліцці Беларусі з Літвой.— Э. Я.), весьма одобряю. Не знаю, чья это мысль, но нахожу ее очень счастливой и наилучшим образом разрешающей все трудности... Надеюсь на съезде провести и закрепить все это... Сообщите, где Троцкий? Иоффе.

 

Жылуновіч таксама спадзяецца яшчэ на з’езд. Але ў радах яго паплечнікаў раскол. З’езд? Пры гэткім непрапарцыянальным прадстаўніцтве і націску на дэлегатаў не толькі з боку «абласнікоў», але і Іофе? У знак пратэсту супроць яго дзеянняў з Урада выходзяць адразу тры наркомы. У іх ліку Дыла. Няхай і гэта будзе вядома на з’ездзе.

У Жылуновіча таксама ўзнікае жаданне зрабіць так, як яго наркомы: урэшце ці ён не ведае, чым скончыцца справа? Не, трэба змагацца да канца. А раптам? Выступіць з такім дакладам, каб не толькі перацягнуць на свой бок тых, хто вагаецца, але пераканаць настроеных цяпер супроць — не шкодзіць беларускаму працоўнаму народу, наогул справе пралетарскай рэвалюцыі. Ні ў адзін, здаецца, свой твор не ўкладваў Гартны столькі сілы душы, колькі ўклаў Жылуновіч у гэты даклад. Раіўся з Чарвяковым, той не толькі даваў парады, але і падбадзёрваў: добра, павінна прагучаць пераканаўча.

На Першым Усебеларускім з’ездзе ў яго былі і прыхільнікі. Але праціўнікаў больш. Ды і атрымліваецца так, што ім у асноўным і даецца слова. У прэзідыуме не толькі Іофе — прыехаў Я. М. Свярдлоў. Вітаюць яго горача. Старшыня Усерасійскага ЦВК выступае з палымянай прамовай. «Вам,— гаворыць ён, звяртаючыся да дэлегатаў,— больше чем кому-либо другому пришлось перестрадать от гнета чужеземной оккупации, но и под пятой торжествовавшего тогда империализма вы не оставляли своей работы над подготовкой советского строя в Белоруссии... Борясь и умирая вместе с вами во время Октябрьской революции, мы строили свою работу в расчете на то, что пожар революции охватит весь мир. И этот наш расчет оправдывается... Мы накануне восстания (пролетариата) в Англии, Франции и Америке...»

Затым, значыцца ў Пратаколе з’езда, прамоўца зачытвае пастанову Усерасійскага ЦВК, дзе разам з прывітальнымі словамі рабочым і сялянам Беларусі выказваецца пажаданне, каб працоўная Літва і Беларусь аб’ядналіся «для достижения единой цели — создания революционного авангарда единой Советской Республики России».

 

«Так и только так,— заключыў сваю палкую прамову Свярдлоў,— должны относиться трудящиеся всех стран к вопросу о национальном самоопределении. Никто не должен забывать о необходимости тесной спайки, достигнутой нами путем совместной дружной работы всех революционных сил русского пролетариата и крестьянства, русской братской крови. Русский пролетариат никогда не забудет того, что вы первыми приняли на себя удары и натиск германского империализма, остановив его продвижение в глубь страны...»

 

Значная частка прамоўцаў, натхнёная прамовай госця, пачынае гаварыць, што і наогул няма чаго агарод гарадзіць з нацыянальнымі рэспублікамі, калі міжнародны палітычны момант патрабуе іншага. Заклікаюць ад імя беларускіх працоўных мас адразу да поўнага і канчатковага аб’яднання з Расіяй. Давялося Мяснікову з Курыным паспешна выраўноўваць залішнюю «левізну», спасылаючыся на тое ж міжнароднае становішча. Яны пішуць у газеце «Звезда», што па прычыне «очень и очень важной... перед Белоруссией... поставлен вопрос, как она больше принесет пользы, ...существуя как самостоятельная республика или сливаясь з РСФСР? И после зрелого и всестороннего обсуждения политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока (!) существовать самостоятельно...».

А заадно дастаецца ў гэтым артыкуле і яму, Жылуновічу, і тым, хто падзяляе яго погляды. З імі не цырымоняцца:

 

«Потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию «своего» белорусского языка, «своей национальной культуры — напрасны,— чытае ён, адчуваючы сябе ў той момант зусім разбітым, фізічна і маральна.— Пусть примут это к сведению белорусские писатели».

 

«Дарэмныя патугі»? Не, гэта не Мяснікоў ужо яго так. Кнорын... Яго пяро. Эх, сусед латыш! Ці кім ты ўжо сябе лічыш, нацыянальна бясполым грамадзянінам Сусвету? Эх, брат! Навошта ж так? — з цяжкай артылерыі ды па сваіх.

Жылуновіч яшчэ не ведае, што гэта толькі пачатак. Што вызначэнні Кнорына будуць паўтораны і абыдуцца яму ў шмат разоў даражэй...

Цяпер жа ён пакутуе, што прыхільнікі ЛітБела перамаглі. Як быццам без уніі нельга сумесна змагацца з Літоўскай тарыбай і Беларускай радай. Пакрыўджаны, што не ўвялі на з’ездзе ў члены ўрада. Акрамя ўсяго іншага, гэта і небяспечна: ён становіцца прыватнай асобай, а Мяснікоў даўно пагражаў яго арыштаваць. І вось: Свярдлоў ад’язджае ў Маскву, Іофе — у Вільню, дамаўляцца з літоўцамі, а Мяснікоў застаецца ў Менску, засяродзіўшы ў сваіх руках усю ўладу. Параіўшыся з блізкімі сябрамі, Жылуновіч здабыў запасныя акуляры — зрок вельмі пагоршыўся — і накіраваўся ў Харкаў, у дзеючую армію. Калі такая справа, ён будзе абараняць рэвалюцыю як чырвоны баец.

Тым часам у Менску прыхільнікі Мяснікова пачынаюць паспешлівае размеркаванне ўрадавых пасад. Раней, на нарадзе з удзелам Свярдлова дамоўлена, што частку іх атрымаюць «беларускія таварышы». Але вельмі ж яны паводзяць сябе незалежна, уступаюць у спрэчкі, зноў праяўляюць схільнасць да «сепаратызму», крытыкуюць вынікі з’езда. Прычыну для іх арышту знаходзяць хутка: спектакль у беларускім тэатры імкнуліся ператварыць у антысавецкі мітынг. «Чрэзвычайка» бярэ іх у тэатральным фае. За краты трапляюць Дыла, Шантыр, Фальскі, Чарнушэвіч — амаль усе наркомы з Урада Жылуновіча, у тым ліку і нарком юстыцыі Квачанюк. Бяруць таксама і іх блізкага прыхільніка — прафесара Вышэйшага настаўніцкага інстытута Браніслава Тарашкевіча.

«Жылуновічаўскіх» наркомаў абвінавачваюць у праявах нацыяналізму і контррэвалюцыйнасці. А Тарашкевіча — што нібыта з’яўляецца арганізатарам яўрэйскіх пагромаў. Прафесара вымушаны выпусціць праз двое сутак — доказаў віны няма, а студэнты рашуча пратэстуюць. Затое экс-наркомаў у турме марнуюць значна больш. Самі вінаватыя, іранізавала з гэтай нагоды гродзенская газета дробнабуржуазнага кірунку «Бацькаўшчына»: каб пазбавіцца ад такіх «беларусаў», ім прапануюць выехаць на працу ў Расію без права звароту на радзіму, а яны дамагаюцца адкрытага суда над сабой і выяўлення крыміналу. «Усе мы, у адзін быццам голас,— падсумоўвае газета,— сказалі: «Парабак зрабіў сваё, парабак хай сабе ідзе ўпрочкі. Гэта добра ім, можа, нарэшце, на вочы прагледзяць, аб чым думаюць менскія бальшавікі і чые інтарэсы яны бароняць».

Іофе таксама незадаволены «минчанами», але па іншай прычыне.

З Вільна 9 лютага 1919 года, калі і Тарашкевіч, і экснаркомы Жылуновіча яшчэ сядзяць у турме, чакаючы расстрэлу, які ім не на жарт пагражае, ён дасылае ўрадавую тэлеграму Свярдлову.

Іофе «конфиденциально» паведамляе, што ў Менску Мяснікоў і яго прыхільнікі насуперак прапанаванаму Свярдловым плану не ствараць пакуль Беларускага ўрада і пачакаць «унии», гэта зрабілі, «исключив белорусов не только из правительства, но также из ЦИК, и претендуют на большинство (одиннадцать) мест в объединенном правительстве Литовско-Белорусской республики». І зноў рашуча патрабуе адазваць Мяснікова з Беларусі.

Ягоны дэмарш дапамог толькі часткова. Даюць «партфель» Чарвякову, але даволі важны — намесніка наркома асветы Літоўска-Беларускай рэспублікі, нават спачатку пакідаюць гэтаму камісарыяту літаратурна-выдавецкі аддзел. Але як толькі той узяўся выдаваць літаратурныя матэрыялы на беларускай мове, кіраўніка яго, прафесара Іваноўскага, арыштоўваюць і, абвінаваціўшы ў тым, што і экс-наркомаў, вывозяць у Смаленск. «І літаратурна-выдавецкі аддзел рассыпаўся,— з сумам канстатаваў Янка Купала.— Аб друкаваным беларускім слове не было ўжо і гутаркі. Дый сама савецкая Літоўска-Беларуская ўлада сядзела ўжо, як на падпаленай бочцы з порахам...»

Тым не менш барацьба за «партфелі» працягваецца. Іофе вымушаны зноў звяртацца да Свярдлова. 26 лютага 1919 года ён тэлеграфіруе, што «минчане» па-ранейшаму паводзяць сябе «вызываюць». Ён прапануе членаў ЦэБэ «привлечь к партийному суду и назначить в объединенном правительстве не наркомами а исполняющими обязанности». Ну, а Мяснікова — «убрать совсем».

Такім чынам, былы Урад БССР расфарміраваны, ЛітБел толькі ўстае на ногі. Непазбежная ў падобных выпадках чахарда ператасовак кадраў разладзіла і без таго слабы апарат кіравання краю. Насельніцтва было збіта з толку, усё здавалася часовым, няпэўным. Гаспадарка прыйшла да поўнага заняпаду. На рынку мянялі толькі тавар на тавар. Потым раптам пачалі звяртаць увагу па польскія грошы.

Пілсудскі, які меў дакладную інфармацыю аб падзеях на Беларусі і ў Літве, вырашыў, што настаў час для яго легіёнаў. Тут жа з’явіўся знаёмы лозунг аб вялікай місіі выратавання кроўных братоў на Усходніх крэсах, што сталі цацкай у руках расейскіх бальшавікоў. Было ўлічана і тое, што за гады рэвалюцыі беларусы пачалі ўсё больш усведамляць сябе нацыянальным адзінствам, таму ўспомнілі таксама лозунг, які няблага «працаваў» у час падзей 1863 года: «За нашу і вашу волю!»

20 красавіка легіёны Пілсудскага рушылі ў глыб Беларусі і Літвы. Праз суткі яны ўжо ўваходзілі ў Вільню, адкуль урад ЛітБела з цяжкасцю перабраўся ў Менск. Але і там заставаўся нядоўга. Фронт рушыўся, тылы сталі няздольнымі падтрымаць перадавыя часці Чырвонай Арміі, наступленне белапалякаў працягвалася імкліва. З’явіліся першыя звесткі аб расправах акупантаў над захопленымі ў палон камуністамі, савецкім актывам, рэпрэсіях супроць мірнага насельніцтва. Пачалася паніка. Усе, хто мог, рынуліся па старой дарозе на Смаленск.

Апошні штрых драмы гэтага сінтэтычнага ўрада:

 

Масква, Крэмль, Леніну, ЦэКа партыі.
Тэлеграма. 13.07.1919.

Сегодня имел совещание с членами, ЛитБел правительства... Констатирую полкую ненужность правительства и Минского Совобороны, необходимость их самороспуска и вхождения их в органы фронта... Прошу не медлить согласием, это облегчит дело строительства фронта... сократит спрос на работников из центра... Сталин. 24 ч.

 

Жылуновіч таксама на фронце. Ён працуе ў Палітаддзеле. Выпускае «лятучыя» лісткі, піша для іх кароткія артыкулы, нарысы, вершы. Мала каму вядома, што гэты невысокі рухавы чалавек у акулярах з моцнымі лінзамі, які не цураецца ніякай простай журналісцкай працы, зусім нядаўна ўзначальваў урад рэспублікі. Таварыскі, сваёй энергіяй ён, як калісьці, падбадзёрвае супрацоўнікаў.

Піша патроху Гартны (ён зноў падпісваецца так) і «для сябе», на роднай мове. Гэта ў тыя рэдкія зацішныя хвіліны, якія выпадалі паміж паходамі і баямі за Савецкую Украіну і Беларусь. Прагна імкнецца дазнацца: што там, на акупіраванай бацькаўшчыне? Вельмі непакоіць лёс сям’і. Калі белапалякі імкліва падступалі да Мінска, яго блізкім ніхто не здагадаўся дапамагчы эвакуіравацца. Толькі потым ён даведаецца, што жонка і малая дачка выратаваліся цудам, здолеўшы перабрацца ў Капыль. Хоць і там быў выпадак, калі ў час вобыску легіянер ледзь не забіў яго малую дачку штыком: ужо замахнуўся, але, на шчасце, аказаўся побач разумны чалавек, не дазволіў. Пасля гэтага дзяўчынка цяжка захварэла.

Нямала горычы ў вершах, напісаных ім у той цяжкі час, у канцы 1919 года, у Харкаве. Але і там галоўным лейтматывам заставалася вера ў перамогу сацыяльнай справядлівасці і дабра. «Маёй песні далі тоны Мукаў стогны»,— піша паэт. Але: «Маёй веры дало сілы... Бясконцае змаганне... за шчасце і долю».

Маршавым рытмам, аптымізмам і рашучасцю рэвалюцыйнай барацьбы прасякнуты яго, бадай, адзін з самых дасканалых вершаў таго часу— «Чырвонаармейцы»:

 

Грамадою

Йдзе паходам

Звод за зводам

З прагай к бою

Полк чырвоных...

 

Прагна ловіць ён весткі аб падзеях на Беларусі, у Менску. Абураецца, смуткуе, што нейкая частка нават прагрэсіўна настроенай інтэлігенцыі вітала, аказваецца, прыход белапалякаў. Ну як жа: сам Пілсудскі выступіў з адозвай да беларусаў, урачыста аб’явіў у Менску, што хацеў бы бачыць іх край вольным паміж вольнымі, а ягоная партыя народнай дэмакратыі таму цвёрдая гарантыя. Але, як піша Янка Купала, «заява Вялікага начальніка Польскай дзяржавы — адно, а палітыка польскіх эндэкаў і жандармерыі — другое». Самі ж столькі пакутавалі ад нацыянальнай знявагі, шукалі падтрымкі сваёй барацьбе ў суседзяў, кінулі покліч: «За нашу і вашу волю!», а цяпер аказаліся аслепленымі перамогамі ўласных жаўнераў! Сышлі, як зазначае Купала, «з той дарогі, якую палякам намецілі святлейшыя іх грамадзяне — Міцкевічы, Славацкія, Красінскія...» І вось ужо чутна — закрываюць беларускія школы, навязалі так званы «ўсенародны роспыт», плебісцыт — ці хочуць беларусы далучыцца да польскай дзяржавы? А калі радаўскія газеты ў Менску паспрабавалі правесці свой «плебісцыт» ды растлумачыць беларусам, што новыя дабрадзеі хочуць іх знішчыць як незалежны народ, на рэдакцыі наляцела польская жандармерыя, учыніла вобыск і канфіскавала ўсе «крамольныя» матэрыялы. Так што, у каго там з беларусаў і пра што пыталі пілсудчыкі ў часе свайго «плебісцыту», але ж не пасаромеліся ўзняць прымус і хлусню на «дзяржаўны» ўзровень. І вось ужо сейм прымае «рэзалюцыю», згодна якой Беларусь урачыста далучаецца да Польшчы. Вось і піша абураны Купала ў радаўскай газеце «Беларусь»: «Мінулы год паказаў нам, што «інтэрнацыяналісты» і ап’янелыя перамогамі нацыяналісты не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці. Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой... Але і польскія жандары і бальшавіцкія «чрэзвычайкі» не завядуць на зямлі вечнага парадку і ладу, як і нацыянальна-сацыяльных пытанняў не накіраваць у свой бок часовым пабеднікам... з часам народы патрапяць знайсці супольную мову, каб па-суседску дагаварыцца паміж сабой ды наладзіць і свае граніцы, і свае дзяржаўныя правы на незалежнасць».

Але ж павінен усё роўна быць яшчэ і пралетарскі, класавы падыход — з трывогай думае Жылуновіч. А то што ж выходзіць: не захацелі падтрымаць ідэю стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі пілсудчыкі, дык паны скірмунты і алексюкі кінуліся шукаць шэфаў на Захадзе. Звяртаюцца за дапамогай да Лігі Нацый, Антанты. У апошняй дык нават умудрыліся атрымаць зброю ў лік будучых паставак сыравіны з Беларусі. Не жадаюць кабалы белапольскай, але ж аддадуць гэтак айчыну ў кіпцюры заходніх капіталістаў. Што да Польшчы, то яе кіраўнікі, відаць, у запале часовых перамог і сапраўды забыліся пра ўрокі гісторыі. Вунь і Купала напамінае, каб азірнуліся нарэшце на горкі вопыт царскай Расіі, якая рухнула таму, што імкнулася быць турмой народаў. А беларусам трэба зараз праўдзівае слова. Ды не проста лістоўкі — бальшавіцкую газету для акупіраваных раёнаў на беларускай мове.

І вось радасць: са Смаленска дайшла вестка, што там пры Цэнтральным Камітэце Кампартыі Літвы і Беларусі створана беларускае выдавецтва, якое плануе выпуск не толькі лістовак, але і газеты. Назва — «Савецкая Беларусь». 15 мая 1927 года, калі выйшаў ужо яе двухтысячны нумар, Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў успамінаў:

 

«Смаленск быў франтавы горад, дзе кожная электрычная лямпачка бралася з бою. Працаўнікоў у самім Смаленску было мала, бо яны былі раскіданы па франтах і наогул па Савецкай Расіі. Сродкаў не было. А газету выдаваць трэба. Па заданню ЦК нам прыйшлося некалькі разоў засядаць, каб падрыхтавацца да выдання... Але і тут нічога не выходзіла. Былі ўжо артыкулы і папера, наладжана друкарня. Не было знаўцы тэхнікі газетнае справы. На шчасце, у гэты час прыехаў з Паўднёвага фронту ў Смаленск т. Жылуновіч...»

Яго тэрмінова ўводзяць у рэдакцыйную калегію. Там ужо Чарвякоў, Шантыр і Кнорын. Яны і становяцца аўтарамі асноўных матэрыялаў першага нумара газеты. Іх праграмны кірунак, як адзначана ў пратаколе пасяджэння рэдкалегіі,— «агітацыя за Савецкую Беларусь». Перадавы артыкул пра гэта піша Кнорын. Ён — пра «паход Польшчы на Расею». Пра фальшывы «плебісцыт» у Беларусі напісаў Чарвякоў. І тры важныя тэмы даручаецца асвятліць Шантыру: аб рэарганізацыі контррэвалюцыйных сіл у Беларусі, аб сучасным яе ўрадзе і аб ходзе грамадзянскай і вызваленчай вайны на акупіраваных тэрыторыях. Жылуновіч бярэ на сябе літаратурны аддзел, забеспячэнне інфармацыяй — з Савецкай Расіі, з Беларусі і «з усяго свету». Але галоўнае — арганізацыйную частку па выпуску нумара: размяшчэнне матэрыялаў на палосах, гэта значыць вёрстку, загалоўкі, шрыфты, карэктуру і ўсё іншае. «Першы нумар газеты выйшаў,— успамінаў Чарвякоў,— свята было незвычайнае. Банкет у гэты вечар адзначаўся гарбатай з раслін сярэдняй Расіі без цукру і смажанай бульбай з соллю. Ганарару, вядома, ніхто не патрабаваў».

Да свайго трагічнага канца ён захоўваў пажоўклы лісток са словамі:

 

Пасвядчэнне

Гэтым пасвядчаецца, што тав. Алесь Чэрвяк лічыцца супрацоўнікам часопіса Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі «Савецкая Беларусь».

Усіх устаноў і начальных асоб просяць дапамагаць т. Чэрвяку, калі той мецьма за гэтым звяртацца ў справах газеты.

Сакратар З. Жылуновіч.

 

Газету даставілі ў акупіраваныя раёны Беларусі, і яна за лічаныя тыдні набыла папулярнасць, сапраўды стала не толькі калектыўным агітатарам, але і арганізатарам супраціўлення белапольскай акупацыі.

І наогул землякі даволі хутка разабраліся ў сітуацыі: не праходзіла дня, каб не паступалі звесткі аб сутычках з жаўнерамі. Затым у Мінску ўзнікае Беларускі паўстанцкі камітэт, дзе вядучую ролю адыгрывае кіраўніцтва Беларускай камуністычнай арганізацыі на чале з выкладчыкам настаўніцкага інстытута і нядаўнім лідэрам «Маладой Беларусі» Усеваладам Ігнатоўскім. Падпольшчыкі і партызаны не даюць акупантам спакою ні ў гарадах, ні ў сельскай мясцовасці, разбураюць камунікацыі, нападаюць на гарнізоны,— у пілсудчыкаў гарыць пад нагамі зямля. У выніку, калі Чырвоная Армія ў ліпені 1920 года пачынае наступленне, жаўнеры трымаліся нядоўга. Спачатку, праўда, белапалякам удалося арганізаваць контратакі, але ў хуткім часе новы націск Чырвонай Арміі прымусіў іх здаваць пазіцыі адна за другой. Ашаламляльны вынік — праз некалькі тыдняў баі вяліся ўжо на подступах да Варшавы!

Міністр замежных спраў лорд Керзан ад імя дзяржаў Антанты нават накіраваў ураду Савецкай Расіі ноту з прапановай пасрэдніцтва, калі Чырвоная Армія спыніць наступленне. Урад РСФСР згадзіўся на перагаворы толькі непасрэдна з Польшчай.

У хуткім часе, аднак, сітуацыя зноў змянілася, поспех замацаваць не ўдалося. Падвяла паспешлівасць, няўвага да ўмацавання тылу, недавер з боку сельскага насельніцтва, якое ў адказ на непрадуманыя рашэнні Аб’яднаўчага з’езда КП Літвы і Беларусі аб забароне надзяляць сялян канфіскаванай у памешчыкаў зямлёй, а таксама на частыя рэквізіцыі ў некаторых паветах, паддалася агітацыі контррэвалюцыйных элементаў і часткаю прыняло нават удзел у антысавецкіх выступленнях. Вось і на яго Капыльшчыне панскім падбрэхічам удалося замуціць ваду. У выніку паспешлівае адступленне, Чырвоная Армія пакідае нават Мінск, а газета «Савецкая Беларусь» выходзіць з заклікам арганізоўваць падполле і партызанскія атрады.

Далейшыя падзеі прывялі, як вядома, да перагавораў 17 жніўня ў Мінску, а затым у Рызе і падпісання прадстаўнікамі ўрадаў РСФСР, УССР і БССР дагавора з белапалякамі, па якому граніца ўстанаўлівалася значна далей на Усход у параўнанні нават з «лініяй Керзана». Яшчэ раней, 12 ліпеня 1920 года, падпісваецца мірны дагавор паміж РСФСР і Літоўскай буржуазнай рэспублікай, а 30 ліпеня ў Мінску прымаецца Дэкларацыя аб паўторным абвяшчэнні незалежнай Беларускай ССР, без чаго нельга было дамовіцца з белапалякамі аб умовах міру. І зноў тады на дыпламатычную авансцэну выйшаў А. А. Іофе.

Беларусь аказалася падзеленай амаль папалам. Тыя з інтэлігентаў, хто ў выніку апынуліся за «мяжой», у заходняй яе частцы, якая адышла да Польшчы, абураліся, публічна выказвалі незадавальненне мяккацеласцю вядучых палітычных дзеячаў рэспублікі. Папракалі за тое, што не праявіў належнай цвёрдасці, калі вырашалася пытанне аб сапраўднай суверэннасці БССР, і Зміцера Жылуновіча.

Асабліва крыўдзіла, што гэтак паставіўся да яго Максім Гарэцкі. А той, падпісаўшыся псеўданімам А. Мсціслаўскі, так выказваўся 4 сакавіка 1921 года ў віленскай газеце: «У Мінску не жывуць, а цьмеюць на ўзысканыя міласцю ўсемагучых, але чужых дзеля беларускага слова камуністаў-прыблудаў гэткія беларускія таленты: паэт Янка Купала, навэліст Змітрок Бядуля... а таксама слабенькі беларускі камуніст і добры, моцны паэт Цішка Гартны (рэдактар «Савецкай Беларусі»)...»

Так, ён ужо ўзначальвае газету. Высокіх кіраўнічых пасад ва ўрадзе не займае, праўда, але ж член ЦК Кампартыі рэспублікі, а на ІІ з’ездзе Саветаў Беларусі выбіраецца і членам Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта. Старшынёй цяпер — Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў. Гэта справядліва, па заслугах. Партыйныя ж справы па-ранейшаму знаходзіліся фактычна пад кантролем Кнорына і яго прыхільнікаў, якія з падазронасцю сочаць за кожным крокам «нацыяналіста». А вось Максім Гарэцкі, які выказвае погляды даволі значнай часткі «закардоннай» прагрэсіўнай беларускай інтэлігенцыі, наадварот, лічыць: Жылуновіч праяўляе мяккацеласць, шкоднае для айчыны згодніцтва.

На гэты раз А. Мсціслаўскі крытыкуе яго за артыкулы ў «Савецкай Беларусі» па бежанскаму пытанню. Так, «сапраўды — гэта балючая справа,— пагаджаецца ён з Жылуновічам.— Жудасная доля нашых бежанцаў — крывавая, незагоеная рана па целе ўсяе Беларусі і ў сэрцы кожнага з нас». Але, на яго думку, Жылуновіч ставіцца да гэтага аднабакова, калі клапоціцца толькі пра тое, як аблегчыць асабістую долю бежанца. І звяртае ўвагу яшчэ на «гістарычную страту для ўсёй беларускай нацыі, якую рабілі ёй дагэтуль і робіць цяпер бежанства». «Магчыма,— іранічна заўважае А. Мсціслаўскі,— што не так востра адчуваецца тая другая старана балючага пытання там, дзе жыве 3. Жылуновіч, як тут, дзе жывем мы. Магчыма, што... захапіўшыся камуністычнымі ідэямі... ён, зачапіўшы справу бежанцаў, не лічыць за найпільнейшую патрэбу найстарэйшы зварот іх сюды, у Віленшчыну і Гарадзеншчыну...» Вось «аўтар-камуніст кажа,— працягвае А. Мсціслаўскі,— што «радзіма не звала іх да сябе» і вінаваціць у тым, што бежанцы не маглі вярнуцца дамоў, «белагвардзейцаў, памешчыкаў, генералаў і паноў, скінутых рэвалюцыяй». Гэта яны нарабілі франтоў і перашкаджалі... Так, але каб не быць аднабокім, трэба сказаць, што ў паказанай бядзе вінаваты не толькі белыя..., але на шкоду таксама і «чырвоныя», іхняе бязладдзе і безгалоўе, іхнія парадкі, часта-густа твораныя буйшымі царскімі служкамі, а на Беларусі і для Беларусі, апроч таго, рознымі прыблудамі і русіфікатарамі, камуністамі на словах і сапраўднымі чарнасотнікамі ў сваёй заскарузлай душы...»

Не згодны А. Мсціслаўскі і з думкаю Жылуновіча, што не варта вяртаць бежанцаў у Гродзеншчыну, Віленшчыну і тую частку Меншчыны, якія адышлі да Польшчы, што, маўляў, азначала б трапіць ім у лапы паноў, а значыць — «не дае ніякае выгоды», бо беларусы будуць вымушаны «рабіцца... палякамі, каб за гэта дастаць дапамогу ад паноў». Вяртаць іх «патрошку» з Расіі і «рассяляць на камунальныя гаспадаркі» ў Савецкай Беларусі? Часова? Ці на карысць гэта нацыянальнай справе? — пытаецца ён. «Няўжо,— працягвае А. Мсціслаўскі,— дзеля боязі... «панскіх лап» нам трэба чакаць «лепшага часу» ці... махнуць рукою на Віленшчыну і Гродзеншчыну і будаваць беларускую дзяржаву з некалькіх паветаў Меншчыны? І хто яго ведае, калі будуць «лепшыя часы»? Страшэнная памылка!» Не, «таварыш Жылуновіч,— рашуча пярэчыць ён,— ведайце, што адсутнасць да гэтага часу бежанцаў з беларускіх земляў, якія вашы расейскія таварышы адступілі польскім панам «у лапы», ёсць не толькі вялізманная школа для беларускай нацыі, але наогул злая рэч з абыякога погляду і нават з погляду ж бальшавіцкага... Дзякуючы таму, што бальшавікі дагэтуль не здолелі вярнуць нашых бежанцаў, паны карыстаюць іх адсутнасць у шавінісцкай агітацыі... І нам здаецца, што каб 3. Жылуновіч добра ведаў, што тут дзеецца, то напісаў бы іначай. Бо, магчыма, ...яму невядома, што землі нашых няшчасных бедных братоў польскі сейм, у якім маюць сілу паны, хоча прыбраць к рукам, і што астаткі дабра, якое маглі б яшчэ знайсці тут бежанцы... нішчуцца і зусім прападуць, калі не прымаць рашучых захадаў».

Жылуновіч злуецца: добра яго апаненту павучаць з Вільні, як вырашаць пытанне глабальна. А тут бы памагчы людзям неяк вярнуцца хоць на Беларусь, вунь колькі пісьмаў аб гэтым прыходзіць у рэдакцыю газеты!

Наогул «Савецкая Беларусь» пад яго кіраўніцтвам даволі хутка становіцца найбольш папулярным і аўтарытэтным перыядычным выданнем у рэспубліцы. Пры падтрымцы Чарвякова і Ігнатоўскага, які цяпер становіцца наркомам асветы, рэдактар здзяйсняе нарэшце і сваю даўнюю задуму аб рэгулярным выпуску літаратурнага дадатку, каб аператыўна знаёміць чытача з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў.

 

 

12. «За працу ўсе!»

А наогул задумана шырока, стратэгічна: зрабіць выданне друкаванай прадукцыі на беларускай мове масавым. Каму даручыць ажыццяўленне плана? Чарвякоў лічыць — узначаліць справу павінен Жылуновіч. І вось рашэннем ЦВК рэспублікі ён камандзіруецца ў Германію. Дарэчы, такім чынам можна пазбавіцца прычэпак Кнорына, які зноў адшукаў нейкую крамолу ў дзейнасці капыляніна.

У Берлін Жылуновіч вязе мільён дзвесце тысяч марак і два пуды рукапісаў — мяркуецца выпусціць у свет да сарака кніжак. Галоўным чынам падручнікаў. Але таксама некалькі хоць томікаў беларускага, як тады казалі, прыгожага пісьменства,— прозы і паэзіі. У тым ліку марыць ён аб уласнай кніжцы. Можа, «Сокі цаліны» будуць то? Ці зборнік вершаў на добрай паперы і ў прыгожай вокладцы? Назваў яго—«Песні працы і змагання». Назвы ў Гартнага заўсёды будуць немудрагелістымі. Аднойчы яго юная зямлячка Вера Чарнушэвіч, якую Жылуновіч часова пасяліў тады ў сваёй мінскай кватэры,— капылян, што прыязджалі на вучобу ў Мінск, ён у той галодны, але радасны час падтрымліваў чым толькі мог,— прачытаўшы назву рукапісу, які ляжаў на пісьмовым стале, не ўстрымалася:

— Зміцер Хведаравіч, што гэта за «Трэскі на хвалях»? Чаму такая нецікавая назва?

Ён нават збянтэжыўся ад гэтага прамога, наіўна сфармуляванага запытання. А потым, падумаўшы крыху, адказаў, што аддае перавагу простым назвам, каб любому чытачу было няцяжка зразумець адразу, што і да чаго ў творы. «Ты, Вера, назірала калі-небудзь паводку? Бачыла, як вада цэлыя бярвенні, не тое што трэскі нясе? А спадзе потым паводка, рака супакоіцца, і вада стане светлай, і трэсак ужо няма. Усё чыста, празрыста і спакойна. Вось так і ў жыцці. Шмат яшчэ трэсак на хвалях, якія перашкаджаюць нам будаваць новае прыгожае жыццё. Узяць хоць бы кулакоў, чорнасоценцаў, усялякіх былых царскіх чыноўнікаў — гэта знутры нашай краіны. А звонку яе — імперыялісты, сусветная буржуазія. Яны толькі і думаюць, як бы задушыць нашу Савецкую дзяржаву і вярнуць сваю ўладу, сваё панаванне. Але рэвалюцыя наша змяце іх, як вясною змывае ўсялякае смецце паводка. І ў нас будзе радаснае шчаслівае жыццё, якому пазайздросцяць яшчэ іншыя народы. Вось я і пішу аб гэтым, пішу!»

Успаміны належаць настаўніцы, таму і адчуваецца, мабыць, залішне дыдактыкі. Аднак гэта і стасуецца з пафасам прозы Гартнага дваццатых гадоў.

Умоўную плакатнасць, яўны ўплыў творчай практыкі пралеткультаўскіх паэтаў і тэарэтыкаў адзначаюць літаратуразнаўцы і ў вершах Гартнага тае пары. Гэта хутчэй за ўсё і не поза, як у некаторых, за радкамі — яго шчырае адчуванне быцця як свята вольнай нарэшце працы. А недасканаласць паэтычнай формы? Прычын некалькі. Адна з іх — ад шчырага жадання найхутчэй словам агіткі садзейнічаць будаўніцтву светлага заўтра:

 

За працу ўсе! К зямлі, ў завод,

Размах яе шырэй раскіньма...

                            (Раньш і цяпер. 1921)

 

У першыя гады пасля грамадзянскай вайны ён яшчэ не меў той шырокай папулярнасці як літаратар, гэта прыйшло трохі пазней. На палітычным гарызонце яго зорка тым больш даўно не ў зеніце. З’явіліся новыя прызнаныя лідэры. Па-ранейшаму блізкі з ім толькі Чарвякоў. Яшчэ ён сябруе з былым белнацкомаўцам, а цяпер — прадстаўніком рэспублікі ў Маскве Міхаілам Іванавічам Марозам, чалавекам дзейсным, адукаваным, страсным аматарам тэатра і мастацкай літаратуры. Той усяляк стараецца дапамагчы Жылуновічу ў яго даволі складанай місіі ў Берліне. І ён жа аказаўся найбольш акуратным і чуйным карэспандэнтам земляка, які даволі хутка зажурыўся на чужыне.

 

Жылуновіч — Марозу. Берлін. 15.12.1921.

«Братка Міхаська!

...Рад таму вельмі, што вы ў Маскве ўзяліся за выдавецкую справу. Кніжка, кніжка і кніжка. На ёй трымаецца культура, а на культуры — усё іншае. А як пагляджу на выдавецкую справу немцаў, дык ажно жахаюся: колькі ў іх кніжак, як прыгожа выданы, як дзяшовы! Што ж за дзіва, што ў немцаў так расквечана культура! Рад я і вашай працы пры тэатры.

 

Тут жа ён паведамляе пра свае выдавецкія справы: грошай на ўсё задуманае не хопіць, дзве трэці рукапісаў давядзецца везці назад, калі Мароз і Ігнатоўскі не здолеюць дамагчыся новых асігнаванняў.

Прарываецца і асабістае, туга па сям’і:

 

Братка, празнай аб маёй жонцы і напішы мне. Я ад яе дастаў ліст за 20/Х. За гэты час можна сем раз памерці і столькі ж разоў... Ну, можа, менш... уваскрэснуць. Пішы, пішы. Хоць пяць слоў, але кожны тыдзень.

...Пішы, што чуваць у Менску. Тут я як за сцяною і вымушан старанна вучыцца арыентавацца ў заходняй палітыцы. Жыву затворнікам. У вольны час вучу нямецкую мову, чытаю белагвардзейскія газеты зрэдку і думаю аб Савецкай Беларусі несціхана... Твой Цішка»

 

Таварыскі па натуры, ён адгукаецца на бытавыя просьбы Мароза — купіць прыгожы гальштук, скураныя пальчаткі, каўнерыкі, модную берлінскую сарочку... Хоць у Германіі інфляцыя, жыццё даражэе з кожным днём: «Верхняя кашуля каштуе 300 марак! Бяда...» Яму ж жалаванне павялічыць не здагадваюцца, і трэба берагчы кожную марку.

Але галоўнае — туга па радзіме. Ён ужо хутка год адарваны ад Беларусі.

 

Жылуновіч — Марозу. Берлін, 16.12.1921

«Братка Міхаіл!

Дастаў ад цябе ліст... Рад яму. Ды чаму ж не радавацца, калі ён адзін прыносіць з сабою вестачку з дарагой бацькаўшчыны і ад дарагіх людзей. Ведаеш, ты сваімі лістамі... адзін падтрымліваеш так патрэбную для мяне духоўна-ідэйную сувязь. Здаецца, што больш нікому (да мабыць так і ёсць) няма ніякага дзела да таго, што я тут сяджу і духова цярплю ўсё ж для вялікай ідэі культурнага адраджэння беларускага працоўнага народа. Ніхто, апроч цябе, ні вестачкі, ні слоўца не пасылае — задушыся ў гэтай Нямеччыне. Што ж, няхай. Справа не ў многасці, а ў вытрываласці і настойлівасці малых лікам. Хай думаюць і робяць, хто хоць — там,, у Менску. Ну, а я настойваю на адным, не прарывай хоць ты са мной сувязі, і мы з табою мусім да канца цягнуць вазложаныя барацьбою з цемняю заданні. Зможам, братка!..»

 

І марыць: вось бы здабыць яшчэ хоць колькі грошай на выданне кніг! Крыўдна будзе цягнуць назад гэтулькі рукапісаў, калі справа ўжо наладжана. А літоўскае аддзяленне Знешгандлю (яшчэ не ліквідаваны канчаткова сімбіёз ЛітБела) больш месяца цягне з высылкай ужо адпушчанай валюты. І гэтым страшэнна перашкаджае рабоце. « Я ўжо,— паведамляе Жылуновіч,— патрабую і адзін, і з Грынбергам (прадстаўнік Дзяржвыда за мяжой.— Э. Я.), а яны ўсё не шлюць. Проста злосць бярэ...»

У канцы, пасля пытанняў аб арганізацыі Беларускага тэатра, прарываецца затоеная трывога: «Паведамі... як з маёю чысткаю ў партыі...»

Цікава праходзілі першыя партыйныя чысткі. Іх абавязаны былі прайсці ўсе. Прозвішчы членаў камісіі «чысцільшчыкаў» загадзя публікавалі ў газетах з просьбаю: хто мае пярэчанні супраць кандыдатур, паведаміць аргкамітэту. Дэмакратызм. Тым не менш усякае здаралася. Людзі ж і ў камісіі не ідэальныя. А яму мінулае не-не ды і прыпаміналі нядобразычліўцы. Кнорын, як пачаў па «гарачых» слядах у 1919-м, дык да гэтага часу і трымае на прыцэле. Гэта яму яшчэ дорага будзе каштаваць. Але ён і зараз устрывожаны.

Цяганіна з грашыма адбірае шмат часу і сіл. А тут яшчэ з паперай у немцаў узнікае дэфіцыт: скупліваюць амерыканцы за свае ўсемагутныя паўнавесныя долары. Тады як курс маркі працягвае падаць. «Антанта сцягнула ў немцаў усё золата, па рэпарацыях»,— паведамляе Жылуновіч. І крыўдуе на таварышаў у Мінску, якія нагаворваюць на яго, лічаць, што ён у Германіі прахалоджваецца, «разглядаюць заграніцу, як Слуцак з Менску.

 

«...Вельмі цешыць мяне студыя і тэатр. Адабраю тваю рашучую тактыку: без яе санлівы Мінск нічога не зрабіў бы. Братка, і далей не глядзі на Мінск: там вельмі асцярожныя людзі і калі што трэба зрабіць — дык паўгода думацьмуць. Толькі на другіх нагаворваць любяць».

 

Зноў і зноў звяртаецца да сваёй любімай тэмы — тэатра: вельмі важна неадкладна стварыць оперны, «трэба хутчэй пералажыць «Гальку» (Манюшкі.— Э. Я.). Гэта вельмі адпавядаючая беларускаму характару опера. «Чаравічкі» — таксама добрая рэч...»

Падпісваецца звычайна — «Твой Цішка».

Вельмі занепакоіўся, калі даведаўся, што Мароза збіраюцца з павышэннем пераводзіць на другую службу. І калі той вырашыў застацца на ранейшым месцы, прызнаецца, што вельмі гэтаму рады. І горача заклікае весці і далей з ранейшай настойлівасцю гэтак неабходную для развіцця культуры беларусаў работу:

 

«Не лішчу — без цябе нічога не таўхнулі б уперад. Ведаю і знаю я ўсю млявасць беларускую, нерухомасць і кіслятню. Імі заражаны ўсе. Няма ні ў кога ініцыятывы».

 

Ён, здаецца, не ўлічвае ўмоў цэнтралізацыі, з-за якой Мароз, знаходзячыся ў Маскве, і мае большыя магчымасці зрушыць з месца нейкую справу, чым рэспубліканскі наркамат культуры. Таму і кадры там замацоўваюцца з ліку «управляемых», паслухмяных. Ужо атрымаў сваю кулю ў патыліцу няўрымслівы «незалежнік» Фабіян Шантыр... Але Жылуновіч успамінае, як дзейнічаў сам:

 

«Бывала,.. колькі мне прыходзілася паштурхаць кожнага, каб зрабіць тое ці сёе. Пратэст супраць польскіх гвалтаў (у Заходняй Беларусі, якая падвяргалася інтэнсіўнай паланізацыі.— Э. Я.), стрэча Коласа, Купалы, Хата мастацтва, зборнік памяці Булата — усё пачынаў я... Цяпер жа ўся актыўная праца ў цябе: тэатр, дзяржаўныя ўмовы, выдавецтва, секцыі і інш. Я вельмі рад, што маешся ты і пакуль што ў цябе хапае бадзёрасці і хацення гэтай цяжкой і адпаведнай працы. Я, прызнацца, цяпер толькі хвілінамі маю пазывы да арганізатарскай працы...»

 

Адчуваецца, ён вельмі стаміўся. А па-другое, і да яго падкрадаецца тая самая «млявасць», якая чамусьці «заразіла» мінскую інтэлігенцыю. Цягне таксама да пісьменніцкай працы. І ў сувязі з ёй ці яшчэ па якой прычыне — іх некалькі — прызнаецца: да ўпраўленчай дзейнасці хутчэй за ўсё не вернецца:

 

«Больш і больш забіраюць верх думкі — пайсці, вярнуўшыся ў Беларусь, на завод, да сабачкі (прылада гарбарскага рамяства, скрабок.— Э. Я.), дзёгця і скуры. Пасля 8-гадзіннай фізічнай працы ўсесціся за творчасць. Я тут пачынаю працяг рамана («Сокаў цаліны».— Э. Я.) «Бацькава воля». Трэ яшчэ напісаць дзве часткі — бо гэта трылогія. Пісаць жа вельмі прыемна і добра, калі ты адчуваеш усёю істотаю быццё працаўніка, творцы матэрыяльных багаццяў».

 

Аднак — працягвае аўтар пісьма — «страшэнна патрэбна пашырэнне культуры. Без гэтага нельга рабіць крокаў уперад». І следам выкладае сваё крэда:

 

«Мне хацелася б бачыць і знаць, што грамадзянін Савецкай Федэрацыі мае не толькі індывідуальную клапатлівасць. Патрэбна любашч да свайго пралетарскага Vaterland (ацечаства), і ў імя гэтай любашчы звясці асабістыя інтарэсы да мінімуму. Тады з Савецкіх рэспублік вырастуць багатыя непрыступныя ўражым сілам крэпасці-веліканы. Я ўсё думаю над гэтым і прыходжу к выйсцю, што патрэбна культура — культура, як найбольш культуры...»

 

Гэта ўсё планы на будучае. Пакуль жа ён у Берліне і як толькі можа імкнецца хутчэй наладзіць друкаванне беларускіх кніг. Так мала грошай, і так яны імкліва да таго ж дзешавеюць! А тут з Мінска Некрашэвіч (у той час — загадчык літ.-выдавецкага аддзела Наркамата асветы БССР, з 1929 г.— віцэ-прэзідэнт АН БССР, у 1930 г. сасланы за «нацдэм» ва Удмурцію, у 1937 годзе знішчаны сталіністамі.— Э. Я.) паведамляе: у далейшым фінансаванні Масква наогул адмаўляе. «Каб ведаў, што так цяжка будзе ўсё давацца — я нізашто і ніколі б не паехаў за граніцу з гэтым паручэннем»,— заяўляе ў хвіліну адчаю. І з радасцю дадае: «Затое ўжо неяк кніжак з пяць надрукуем: працу пачалі...»

Гэта 9 студзеня 1922 года. Праз дзесяць дзён: «Чакаю першай карэктуры, за якой друкаванне пойдзе ваўсю...» Апошняя затрымка — з-за адсутнасці беларускіх літар «ў» і «ё». У Берліне майстры сказалі: каб зрабіць, спатрэбіцца тры месяцы! Але ён звярнуўся ў Лейпцыг, і там «узяліся выканаць заказ за два тыдні». Праўда, знакі не лінатыпныя будуць, а для ручнога набору, друкаванне пойдзе не так хутка. «Затое будзе чысцей...»

Яшчэ праз два тыдні: «...Пачалі набіраць «Алгебру». Другая друкарня... на днях будзе друкаваць «Лемантар» («Буквар»), «Наша крыніца» Лёсіка... здаецца ў друк, толькі дададзім пятнаццаць новых малюнкаў. «Песельнікі» набіраюцца... «Арыхметыка» таксама. «Граматыку» і «Разразную азбуку» — выслаў... Калясо завярцелася і хутка адверціць на мільён. Калі ад сметы па гэтыя пяць кніжак — самых трудных і каштоўных — астануцца грошы, то яшчэ пушчу адзін томік прыгожай пісьменнасці...» Уздыхае ў наступным пісьме: «Вось у ўкраінцаў тут вялізныя крэдыты, і яны сваю справу раскладаюць шырока». «Але нам заўсёды не шанцуе,— дадае з сумам,— гэта звычайная з’ява...»

Яму ніяк не ўдаецца выкраіць час для творчай працы. «Я амаль нічога не напісаў,— засмучаецца Гартны.— Час ляціць на скрыдлах, а я спачатку бегаў несупынна цэлымі днямі па ўстановах, пасля рыхтаваў рукапісы, удавалася толькі чытаць газеты. Чамусьці вельмі мала часу, і я яго не магу прылаўчыцца карыстаць».

Тым не менш ён не забывае аб «культурнай» праграме — працягвае штудзіраваць нямецкую мову, «добра агледзеў музеі. Тут іх вельмі многа і добра абстаўленых, багатых. Музей этнаграфічны (museum Volkskunde), музей прыродазнаўчы (Naturkunde), Новы і Стары (Аlte und Neues), музеі, дзе сабрана аружжа, Нацыянальная галерэя, Музей кайзера Фрыдрыха і шмат-шмат другіх».

Акрамя таго, Жылуновіч лічыць неабходным хоць зрэдку хадзіць «на даклады і лекцыі сякіх-такіх больш-менш цярплівых эмігрантаў». Найболей часта слухае «Андрэя Белага, чалавека лаяльнага да нас, бальшавікоў...» Яшчэ плануе «пабываць у нямецкай вёсцы. Тады ўжо германскае жыццё будзе ведама... бо горад, псіхалогію немцаў, быт гарадскі пазнаў някепска. Але Берлін прыеўся сваёй змрочнасцю. Зіма вельмі сумная і нудная ў ім».

Як ні стамляюць выдавецкія клопаты, тым не менш ён усё ж нарэшце ўмудраецца пісаць працяг рамана. Знаходзіць час для заняткаў самаадукацыяй. І прагна цікавіцца развіццём палітычнага і культурнага жыцця на Радзіме. Вітае ўвядзенне новай эканамічнай палітыкі, якая кладзе канец прымусовым метадам гаспадарання і зацэнтралізаванасці і дае прастору сацыялістычнай ініцыятыве на месцах. Вось і ў Мінску выдавецкая работа дзякуючы кааператывам ажывілася. «Калі згодна новай эканамічнай палітыцы там знайшліся магчымасці друку,— заўважае ён,— дык можна ўсю працу сканцэнтраваць» у Мінску, а не чакаць загадаў з Масквы, як было нядаўна.

Але яго непакоіць і залішняя меркантыльнасць у сферы ідэалогіі, што сёй-той пачаў укараняць. «ІІІто-та там у вас? — пытаецца ў чарговым пісьме да Мароза.— Мяне дзівіць пагоня за самааплатаю. Гэта ж згубіць беларускі друк, згубіць студыю і здорава ўдарыць па развіццю беларускай культуры. Ніколі не можна пускаць на самаакуп — хоць бы газету...»

Нямецкія і эмігранцкія газеты рознае пішуць пра «рабочую апазіцыю» ў РКП. Быццам Шляпнікаў, Калантай, Мядзведзеў і яшчэ некаторыя відныя дзеячы бальшавікоў выступаюць за тое, каб партыя менш займалася адміністраваннем, а вышэйшай формай арганізацыі рабочага класа былі прафсаюзы. А як там на самай справе? «Цікаўлюся рухам у Маскве,— звяртаецца Жылуновіч да Мароза.— Што там за каша паднімаецца з ІІІляпнікавым?..»

Абавязкова перадае прывітанні блізкім па духу літаратарам, дзеячам культуры: «Кланяюся нізка ўсім беларусам,.. малому Гарэцкаму (Гаўрыле, малодшаму брату Максіма Гарэцкага.— Э. Я.), Лойку, а Кудзельку Міхасю (Чароту, які замест яго стаў галоўным рэдактарам «Савецкай Беларусі».— Э. Я.) — у асобку...»

«Братка Міхаіл! Цяпер... цікавы такі час у свеце,— піша ён у пачатку красавіка 1922 года.— Тут з’езд Трэцяга Інтэрнацыянала, Генуэзская нарада, Навейшая Палітыка і яе вынікі...» Раптам абзацам ніжэй настальгічнае: «Можа ўдасца, што летам з’ездзім у Капыль і там пакрумаем на Каменшчыне. Усё ж успамінаецца бывалашняе. Яно такім мілым вызірае цяпер і так шкада, што не вернецца... Капыль — цікавае было мястэчка. І хоць яно нічога не дало нам матэрыяльнага, а духова незгладзіма жыве з намі. Ці не праўда, Міхась?..»

 

 

13. Дзяржкамвыд

Нарэшце Жылуновіч вяртаецца ў Мінск і прывозіць доўгачаканыя беларускія кнігі! Не менш каштоўнае было і тое, што ён асвоіў выдавецкую справу. Жылуновіч узначаліў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, створанае на базе саматужнай друкарні. У кароткі тэрмін трэба было пачаць выпуск рознай літаратуры на роднай мове. Паліграфічнае забеспячэнне — дзе ўзяць паперу, шрыфты, фарбу, арганізацыя рэдактарскага калектыву — усе пытанні даводзілася вырашаць неадкладна. Усё — «ударнымі» тэмпамі.

На першым часе справа не ладзілася. Іншы раз яму здавалася, наогул усё вось-вось разваліцца. Тады нярэдка выручаў Чарвякоў. Прыходзіў ён на дапамогу і ў выпадках, калі Жылуновічу перашкаджалі не зусім дасведчаныя чыноўнікі.

Белдзяржвыд набіраў сілу, і даволі хутка ў Мінску (тады яшчэ пісалі — Менск, што і засведчана на вокладках кніг таго часу) з’явілася прадукцыя з яго маркай. Спачатку простыя сшыткі брашур, але ўсё роўна — кнігі, па якіх людзі згаладаліся не меней, чым па хлебе (з харчам, праўда, к 1924 году стала куды лепей, нэп выцягнуў краіну амаль з бездані). Іншы раз і цяпер, калі заходзіць размова, чаму гэта ў наш час такі недаравальна доўгі шлях ад рукапісу да кнігі, ветэраны-знаўцы успамінаюць, што пры Жылуновічу даволі важкі том выпускалі ў свет за год. А друкаваную прадукцыю да дзесяці аўтарскіх аркушаў і ў мяккай вокладцы, часта здаралася, — за тры-чатыры месяцы. Тады некаторыя паэты ўмудраліся выдаваць за год па два зборнікі вершаў. Ды яшчэ існавалі невялічкія кааператыўныя выдавецтвы, якім Дзяржвыд іншы раз прыходзіў на дапамогу. І гэта ў той час, калі народную гаспадарку даводзілася ўзнімаць практычна з руін пасля грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі.

Можа, усё ж успомніць і іншае? Тое, як Жылуновіч наогул ставіўся і да выдавецкіх работнікаў, і да аўтараў. Скажам, калі рукапіс таго быў варты, дырэктар імкнуўся ў кароткі тэрмін ператварыць яго ў кнігу, нават калі да самога аўтара як да чалавека ставіўся непрыязна. Дарэчы, па натуры ён не быў помслівы і верыў у сілу дабрыні. Пра гэта сведчаць усе, хто вёў з ім справу. Некаторым, праўда, здавалася: быў трохі ганарысты.

Спашлёмся на такі выпадак. Ён заўсёды сачыў за сваім знешнім выглядам. Любіў прыгожа апранацца. Як толькі дазволілі ўмовы, купіў шэры франтаваты касцюм-тройку. Насіў белыя накрухмаленыя каўнерыкі, гальштук-«матылёк». Велюравы капялюш з вузкімі палямі і высокім круглым верхам, прывезены з Германіі. Апошні малады паэт у хлёсткай і, напэўна, не зусім справядлівай эпіграме азначыў як «цыліндр берлінскі», які, маўляў, не зусім стасуецца з абліччам гаспадара. Чуткі прыпісвалі аўтарства Максіму Лужаніну.

Далей. Гартны выступаў у тэхнікуме, дзе малады паэт тады вучыўся, і, адказваючы на пытанне, як ён ацэньвае творчасць студэнтаў, у ліку іншых ахарактарызаваў вершы Лужаніна даволі прыхільна, аднак дадаўшы нешта наконт таго, што яшчэ залішне-такі «мудрагеліць хлопец». «Сказаў цёпла, па-бацькоўску, так яно і было,— заўважыў потым ужо ўмудроны вялікім жыццёвым вопытам Максім Лужанін.— Я наследаваў сімвалістам, у іх горшых узорах. Аднак, па маладосці, я пакрыўдзіўся, у зале ж сядзелі дзяўчаты, якім ганарліва чыталіся тыя няшчасныя вершы».

І вось задзірлівы малады пеўнік у адказ на адным з вечароў-дыспутаў, якія былі ў той час надзвычай папулярнымі і праходзілі ў перапоўненых залах у атмасферы дэмакратызму, выйшаў на трыбуну з пэўнай мэтай — насаліць крыўдзіцелю. Ён «не проста пярэчыў Цішку Гартнаму, а рабіў гэта без належнага такту». Можна сабе ўявіць, з якім настроем праз некаторы час адчыняў малады аўтар дзверы ў выдавецтва, калі (куды ж падзенешся?) нёс туды рукапіс. І трэба ж — адразу трапіў на вочы дырэктару!

— Што скажаш? — запытаў той даволі змрочна.— Вершы прынёс? — Вершы.— А хто іх зараз чытае? — не то са шкадаваннем, не то з іроніяй, як падалося аўтару, прамовіў дырэктар. Аднак рукапіс узяў.— За дзесяць дзён зойдзеш...— «За» ў капыльскім варыянце азначыла «праз»... Нічога добрага такі кароткі тэрмін як быццам не прадвяшчаў. Малады паэт не стаў спяшацца за прыгаворам, тым больш што даведаўся: Гартны з групай літаратараў ездзіў у Горкі, там здарылася нейкая непрыемнасць, і Міхась Зарэцкі нават параіў перачакаць, пакуль крыху ўсё забудзецца, не лезці пад гарачую руку.

Максім пачакаў яшчэ тыдзень. А калі заявіўся, Жылуновіч сустрэў вымовай: «Я сказаў — за дзесяць дзён прыйдзі, трэба рабіць усё акуратне»,— прамовіў ён апошняе слова на капыльскі манер. Падаў рукапіс. Аўтар звярнуў увагу на заўвагі па палях... Раптам пачуў: «Ідзі, заключай умову».

Цяпер Максім прачытаў і тое, што рукою дырэктара было напісана наўскос на першай старонцы: «Друкаваць. Друкаваныя вершы радок па 10кап., недрукаваныя — па 15». Па тым часе гэта было багата. Да ўдзячнасці прыбавілася здзіўленне: грашовымі справамі Зміцер Хведаравіч звычайна не займаўся. Ён зразумеў хлопца і растлумачыў: «Я напісаў цану, каб цябе з ганарарам не ўкрыўдзілі».

«Гэта было велікадушна»,— прызнае Лужанін.

Выпадак не нейкі там выключны. Вось яшчэ. Рабфакавец у той час Мікола Хведаровіч таксама прыносіць у выдавецтва вершы. Разоў пяць падыходзіць да дзвярэй, на якіх строгая шыльдачка: «Дырэктар». Пастукаць ніяк не хапае рашучасці. Раптам дзверы адчыняюцца — Жылуновіч! Імклівы, ацэньваючы позірк. Капыляніну ды не ведаць, як маладому хлопцу з правінцыі няпроста пераадолець нясмеласць. Асабліва гэта чамусьці ўласціва натурам творчым, надзеленым талентам. Гаворыць з няўмыснай падкавыркай, каб «падагрэць» самалюбства хлопца: «Ну, заходзь, «воін». Чаго туляешся па калідоры, нібы на якім шпацыры?»

Прыдзірліва, але добразычліва разбірае вершы, памячае тыя, якія можна пакінуць для зборніка. Раіць: «Дабівайся, каб думкі ў вершах былі выразнымі і кожнае слова стаяла на месцы. Не крыўдуй, браце, ідзі папрацуй яшчэ трохі». А вярнуўшы сшытак, уважліва аглядае хлопца. Пытае: «Можа, вельмі туга з харчамі? Ведаю, рабфакаўцы пакуль што не маюць лішніх грошай у кішэні». Не чакаючы адказу, знімае тэлефонную трубку: «Слухай, Іван. Да цябе зойдзе малады паэт Хведаровіч. Дай яму сто рублёў як аванс. Ён мае хутка друкаваць сваю кніжку, дык потым разлічымся...» Каб лепш уявіць, што гэта за сума, успомнім: у той час месячны заробак рабочага раўняўся прыблізна 25—30 рублям. Чырвонец быў важкім і на лонданскай біржы стаяў вышэй фунта стэрлінгаў.

Іншы раз такія авансы заставаліся і непагашанымі. Жылуновіч адносіўся да гэтага з разуменнем. Наогул, калі нейкі час яму давялося быць начальнікам Галоўмастацтва Наркамата асветы, ён ажыццявіў сваю даўнюю задуму — дабіўся выплаты персанальных стыпендый больш як дваццаці маладым пісьменнікам. У тагачасных умовах жорсткай эканоміі.

Ну, а яшчэ ў 1921 годзе, у самы голад, калі людзі мерлі на вакзалах, да яго, тады яшчэ галоўнага рэдактара газеты «Савецкая Беларусь», прыйшоў у кабінет худы вастраносы падлетак з мінскай ускраіны, сын шаўца і прачкі Андрэй Александровіч. Прынёс вершы. Даведаўшыся, што бацька хлопчыка год як памёр, а маці выхоўвае дзяцей-малалетак адна і з цяжкасцю знаходзіць работу, Жылуновіч адразу пацікавіўся, ці абедаў ён. «Не, нічога не еў»,— быў адказ. Тут жа Гартны даў грошы на булку. Потым, калі юнак падсілкаваўся, разбіралі яго вершы. А пасля, зірнуўшы на босыя ногі паэта, павёў у краму і купіў чаравікі. Верш Александровіча, падрэдагаваўшы ўласнаручна, апублікаваў у газеце і не паскупіўся на ганарар. Яшчэ праз некалькі гадоў творы маладога паэта лічылі за гонар друкаваць усе рэспубліканскія выданні. На пачатку ж трыццатых гадоў былы хлопчык з мінскага прадмесця — ужо вядомы беларускі паэт, а ў дадатак — член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, любіць усіх павучаць, а нязгодных... Але пра гэта гаворка наперадзе.

У канцы ж 1920-га, не менш драматычнага для Беларусі ды і яго, Жылуновіча, асабіста, года, ён гэтак жа падтрымаў Міхася Чарота, які няўпэўнена ступаў на паэтычную сцяжыну.

«Я заўважыў, як моцныя рабочыя рукі Гартнага ўздымаюцца крыламі, калі адкрываюць рукапіс,— сведчыць Заір Азгур, які неаднойчы назіраў, як працуе дырэктар Белдзяржвыда.— Я ўлавіў светлую ўсмешку, якая адразу з’яўлялася ў кутках яго губ і ў вачах, калі Зміцер Хведаравіч зачытваў услых удалае месца ў апавяданні маладога аўтара...»

Вось яшчэ штрых адметны. Нягледзячы па сваю адданасць літаратурнаму аб’яднанню «Полымя», лідэрам якога ён быў, Жылуновіч-Гартны як дырэктар Белдзяржвыда не падзяляў аўтараў на «сваіх» і «чужынцаў», калі тыя прыносілі рукапісы. Некаторыя з іх праз некалькі гадоў будуць з імпэтам кідаць у яго каменні...

Перш чым перайсці да наступнай «квадры» яго лёсу, перагартаем выдадзены ў 1927 годзе зборнік апавяданняў Гартнага «Бярозы на шляху». Ёсць там вельмі адметнае апавяданне, якое і дало назву ўсёй кнізе. Пачынаецца яно так: «Дзіўнай, незвычайнай была зіма — зіма 1925 года. Старыя не памятаюць гэткай, дзівяцца, паціскаюць плячыма». Не было снегу, ішлі дажджы, дарога раскісла. За аколіцу не выехаць — ушчэнт загубіш каня: «не зямля— клей, смала!» Вёскі жывуць без дроў, не прывезці з лесу за дзесяць, дваццаць вёрст, а нарыхтавалі мала. І калі мужык і гоніць заморанага каняку, дык не самахоць, а па вялікай неабходнасці або прымусу: «вязуць камісара ў раён ці акругу, адпраўляюць вучня-сына на станцыю, развозяць выпадковае начальства — яго ў правінцыі нямала: перамерваюць палі, абследуюць вёску...».

Едзе па бездаражы і малады начальнік міліцыі Астап. Успомнілася яму, як быў у палоне ў Прусіі. І вось разважае: можна ж і тут зрабіць так, як у немцаў — каб абапал дарог, вымашчаных, сухіх, раслі яблыні і грушы... Абураецца на царскіх правіцеляў: «Чорт іх ведае... што яны зрабілі для культуры? Нідзе нічога»... У раёне неспакойна, банды аб’явіліся. А тут даводзіцца займацца дробнай справай, парубшчыкамі: мужыкі, каб не цягнуцца ў лес, вынішчылі на дровы прыгожую бярозавую прысаду ўздоўж бальшака. Трэба судзіць за шкодніцтва. Але Астап стрымлівае праведны гнеў і прымае рашэнне ў дадзеным выпадку дзейнічаць не метадам рэпрэсій, жорсткім пакараннем. Ён імкнецца спасцігнуць глыбінныя прычыны злачынства і так весці справу, каб унушыць чалавеку не страх, а пачуццё адказнасці за свае ўчынкі, хоча выхаваць імкненне выправіцца, ачысціцца. Аўтар адыходзіць ад свайго ранейшага, як правіла, просталінейнага паказу «правільнасці» савецкага актывіста ці прадстаўніка ўлады. Астап у яго надзелены сваім характарам, багаццем пачуццяў. Ёсць, безумоўна, і ў гэтым вобразе рамантычныя рысы, але выснова яго — у рэальнасці. Галоўная думка: новае грамадства неабходна будаваць на прынцыпах дабра, як бы цяжка гэта ні было. Іначай...

Так, на аснове дабрыні... Ну, а як адносіцца да заможніцтва? Вось ты дзякуючы ўласнаму розуму, працавітасці, майстэрству, якое без настойлівай працы не даецца, займеў лепшы дабрабыт, чым сусед. У вёсцы ты кім станеш, кулаком? А ў мястэчку? Скажам, калі адбудуеш млын, у якім гэткая патрэба ў сялян, а кіраўнік з акругі замест клопатаў аб развіцці гаспадаркі робіць «багаты, выпуклы даклад» пра план Дауэса, рэпарацыі Германіі Антанце, вайну ў Марока, здарэнні ў Кітаі, пра Штрэземана, Чэмберлена, Мусаліні, Чжан Цзо-ліна і гэтак далей, так што ў радавых слухачоў накшталт Вінцуся Шавеля з апавядання Гартнага «Свае блінцы» (1927) усё ўжо мітусіцца ў галаве «як іскры феерверку». І гэта не толькі яго герой, сам аўтар трывожыцца, чаму гэта адбываецца, што «мы заўсёды на гэтым выязджаем. А таго не ўлічваем, што час ідзе, дабро гіне... а справа адкладваецца». А вось побач, у нэпмана, яна гудзе, дае прыбытак. Значыць, ліквідаваць яго, каб не канкурыраваў, не выклікаў непажаданых палітычных настрояў у насельніцтва? Адчуваецца, што аўтар схільны падтрымаць такую думку начальства. Гэта пачуццё — сацыяльная зайздрасць ці яшчэ што?

Чым можа абярнуцца зайздрасць, Жылуновіч аднойчы ўжо адчуў на ўласным вопыце. У Капыль ён заўсёды прыязджаў у самым лепшым касцюме, надзяваў капялюш, завязваў гальштук. Падарункі прывозіў не толькі радні, але і суседзям нешта, дзяцей частаваў цукеркамі, пернікамі... Многім гэта падабалася. А нехта цішком і зайздросціў. Так з’явіўся данос у ЦК. На першым плане фігурыравала ў ім, што Жылуновіч прыняў удзел у пахаванні свайго швагра з царкоўнымі ўшанаваннямі. А следам — што быў апрануты «па-буржуйску», нават начапіў гальштук. У выніку ў чэрвені 1924 года яго на год выключаюць з партыі — «за адарванасць ад мас і абывацельскую псіхалогію»...

Яшчэ праз тры гады вярнуўся з Масквы Кнорын. На гэты раз яго «прыслалі», як тады гаварылі, першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі. Ён і стаў галоўным пажарнікам пры «тушэнні» полымя «тэатральнай дыскусіі». Таксама не забыў пацікавіцца і публіцыстычнай творчасцю свайго старога знаёмага — Жылуновіча. Пра гэта трохі пазней.

Жылуновіч жа рыхтаваўся ўрачыста адзначыць 20-годдзе літаратурнай працы, а таксама сваё 40-годдзе. Тады ж, аглядаючы пройдзены шлях, ён апублікаваў нарыс, які ў хуткім часе дапамог зрушыць на аўтара даўно спеўшую грозную лавіну.

Ці проста так супала?

 

14. Словы і камяні

Быў ён ужо к 1928 году ў зеніце вядомасці. Ветэран Кастрычніцкай рэвалюцыі. Член ЦВК СССР. Член Урада рэспублікі. Член ЦК КП(б). Дырэктар буйнейшага дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і яго жывая легенда (нават і цяпер, праз паўстагоддзе). Лідэр вядучага прафесійнага літаратурнага аб’яднання «Полымя» і галоўны рэдактар аднайменнага часопіса, надзвычай у тыя часы папулярнага, у складзе рэдкалегіі былі нават замежныя пісьменнікі, напрыклад Іяганес Бехер, з якім Жылуновіч быў знаёмы асабіста.

Аўтар папулярных зборнікаў апавяданняў, вершаў. А таксама завершанага нарэшце рамана ў чатырох «квадрах» — «Сокі цаліны». Галоўны герой рамана Рыгор Нязвычны праходзіць «універсітэты» рэвалюцыйнага змагання: турмы, схваткі з царскімі апрычнікамі. Усё больш пачынае ён задумвацца над уласным лёсам, глыбей адчувае гора блізкіх, становіцца больш простым, чалавечным. Чытачы пры сустрэчах (а яны адбываюцца пастаянна) абавязкова пытаюць у Гартнага: чаму Рыгор гіне ў Петраградзе? Чаму аўтар не даў яму магчымасці вярнуцца на радзіму? У чым глыбінны сэнс такога фіналу? Адказ — «так было» і «рэвалюцыі не абыходзяцца без ахвяр» чытачоў не задавальняе. Яны шкадуюць Рыгора. Яны наогул прагнуць шчаслівых канцовак, перамогі дабра над злом, аптымізму ў літаратуры, і самі таксама аптымісты, заслужана ганарацца справай сваіх рук — пачаткам грандыёзнага будаўніцтва індустрыяльнай рэспублікі. «Мы — сыны Новых дзён! Мы прарокі — ваякі за волю»,— гавораць аб сабе суайчыннікі Гартнага ў яго вершы «Хто мы?». Ці пра тое ж: «Разгорнутым строем, Сустрэчнасцю планаў усё вышай і вышай Растуць дасягненні... Мы чуем твой голас... Кіроўны, Наш мудры пастаўнік, Важаты наш — Ленін!» («Заваёвы», 1930). Ад ілюстрацыйнасці і рыторыкі ён ніяк не можа пазбавіцца ні ў вершах, ні ў прозе. І паўсюдна — па-ранейшаму сляды паспешлівасці. Ці гэта наогул асаблівасць часу? Бо падобныя ж агрэхі заўважаеш у творах іншых літаратараў той пары, у тым ліку самых вядучых. У Купалы, у Коласа таксама.

Дарэчы, яны тады дружылі. Збіраліся ў асноўным на кватэры Жылуновіча, у «Другім доме Саветаў» (цяпер рог вуліцы Леніна і Карла Маркса). Чыталі новыя вершы, горача спрачаліся аб літаратуры, аб шляхах развіцця беларускай культуры, мовы.

Будучыня здавалася такой прывабнай! Толькі б не палезлі імперыялісты. Газеты ўвесь час пра гэта папярэджваюць. Рэспубліка значна ўзмацнілася эканамічна, у магазінах і на рынку — сельскагаспадарчыя прадукты на выбар, абы грошы. Аляксандр Чарвякоў, гаспадарлівы, душэўны чалавек, прызнаны народам лідэр, заклікаў сялян: «Багацейце! І краіна таксама ад гэтага стане багацей».

І пра мінскую інтэлігенцыю Жылуновіч больш не мог сказаць — інертная. Не часта так у гісторыі бывала, але тон у інтэнсіўным развіцці культуры пачалі нярэдка задаваць і вучоныя-прыродазнаўцы, не гаворачы ўжо пра гісторыкаў, лінгвістаў, мастацтвазнаўцаў. Хто сам, а многія па запрашэнню ўрада рэспублікі, які абвясціў, што за мінулую палітычную дзейнасць ганенняў не будзе, вярнуліся з эміграцыі на Радзіму. У тым ліку лідэры былой БНР. І ўзяліся за працу з такім запалам, быццам стараліся як найхутчэй здзейсніць тое, што не ўдалося іх папярэднікам-інтэлігентам. Доктар гістарычных навук М. М. Улашчык успамінаў, напрыклад, як да іх, у той час студэнтаў гісторыка-філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, на ўстаноўчы сход краязнаўчага таварыства прыйшоў прафесар-аграбіёлаг С. В. Скандракоў і ўразіў усіх не толькі сваімі ведамі, але агульнай культурай і інтэлігентнасцю. Ён правёў бліскучыя заняткі на тэму, як народныя паданні могуць дапамагчы вывучэнню шматвекавога вопыту вырошчвання сельскагаспадарчых культур на розных па прыродных умовах глебах.

Пачаўшыся з групкі супрацоўнікаў, Навукова-тэрміналагічная камісія Наркомасветы праз чатыры гады ператварылася ў буйны навукова-даследчы Цэнтр ужо непасрэдна пры Савеце Народных Камісараў рэспублікі, а неўзабаве ў Інстытут беларускай культуры. З аддзеламі гуманітарных навук, прыроды і народнай гаспадаркі, цэлай сеткаю кафедраў, камісій і лабараторый. А таксама з Цэнтральным бюро краязнаўства, Таварыствам па гаспадарчаму вывучэнню Беларусі (пры Беларускай сельгасакадэміі ў Горках). Інбелкульт меў навуковую бібліятэку, сваю друкарню і акрамя навуковых прац выдаваў таксама папулярны часопіс «Наш край». Яшчэ праз чатыры гады ён рашэннем урада быў пераўтвораны ўжо ў Акадэмію навук БССР.

Правадзейным членам Інбелкульта (у распрацоўцы яго статута дарэчы, удзельнічалі Карскі, Пічэта, Дыла) з самага пачатку быў Жылуновіч. Захаваўся таксама цікавы для аматараў гісторыі фотаздымак: Жылуновіч сярод удзельнікаў першай Усебеларускай нарады архівістаў. Па праву ён — у цэнтры як заснавальнік Дзяржархіва БССР, установы, значэнне якой мы нярэдка недаацэньваем. А іменна там закладваецца Памяць народа пра самога сябе.

Памяць... Публічныя лекцыі па гісторыі Беларусі — яе гарадоў, рамёстваў, асветы, права, узнікнення і развіцця насельніцтва краю як адзінай нацыі — нязменна праходзілі пры перапоўненых залах. Невялікая кніжка Усевалада Ігнатоўскага па гісторыі Беларусі чытаецца як бестселер. Выпрацоўка асноў беларускай літаратурнай мовы выклікае зацікаўленыя дыскусіі не толькі ў навукоўцаў. Дзейнічаюць гурткі па вывучэнню беларускай мовы. У тым ліку ў воінскіх часцях. Ад энтузіязму нават здараюцца «перагібы»: на агульных сходах ва ўстановах іншы раз «разбіраюць» тых, хто не жадае карыстацца беларускай мовай, лічыць яе толькі «сялянскай». «Вінаватыя» даюць слова пазбавіцца ад перажытку царскага мінулага. Пра гэта паведамляюць газеты.

Між тым у Мінску ўжо зноў Кнорын, і ён дзейнічае рашуча. Першы ўдар наносіцца па старшыні Савета Народных Камісараў Язэпу Аляксандравічу Адамовічу. Вельмі ж папулярная фігура. Член РСДРП з 1916 года. У час імперыялістычнай вайны — на фронце, тройчы ўзнагароджаны георгіеўскімі крыжамі за баявую доблесць. Удзельнік грамадзянскай вайны. У цяжкі для Беларусі час, лета 1920 года,— ваенны камісар, а затым нарком БССР, адначасова з 1921 года — нарком унутраных спраў і намеснік старшыні ЦВК і СНК рэспублікі. Сябруе з Купалам, Коласам і Жылуновічам. «Ліберальна» ставіцца да былых буржуазных спецыялістаў і нібыта пад іх уплывам захапіўся «беларусізацыяй»... У маі 1927 года яго вызваляюць з пасады старшыні СНК БССР і «вывозяць» за межы рэспублікі. Спачатку «ганарова» — у Маскву, прызначаюць кіраваць Цукратрэстам. Затым «перакідваюць» на Камчатку загадваць акцыянерным таварыствам. 22 красавіка 1937 года ён застрэліцца...

Мова... Вучоныя кажуць — яна нейтральная, каго хочаш можа абслугоўваць, толькі ведай яе. Тым не меней і праз дзесяць гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працягвала існаваць на Беларусі тое, пра што піша Жылуновіч у Ленінград земляку-студэнту. Той прасіў аформіць падпіску на часопіс «Полымя», а таксама парады, як ставіцца да тых, хто, баючыся, быццам гэта зменшыць яго грамадскі прэстыж, цураецца ўласнай бацькаўшчыны. А яшчэ — на каго ў Беларусі арыентавацца студэнтам, якія спрабуюць свае сілы ў літаратурнай творчасці.

Жылуновіч — Пятроўскаму. 26.03.1928 г.
Браток Пятроўскі!

...Па-мойму, вам трэба зарганізавацца ў літаратурнае аб’яднанне... і прылучыцца да «Маладняку». Далучэнне да «Узвышша» для вас зусім нявыгадная рэч. «Узвышша»... дрэнна ўплыве на вашу ідэалогію і пад яго кіраўніцтвам вы можаце не атрымаць належнага вам зместу ў працы.

Зараз пра тых, якія саромеюцца Беларусі. Гэткія, на жаль, яшчэ ёсць. Як ведаеш, доўгія гады русіфікацыі... часткаю дэнацыяналізавалі наш працоўны народ. Яшчэ доўга мы сустракацьмем гэта з'явішча. Надзея ўсё ж на тое, што... з шэрага моладзі, якая пераварваецца ў катле рэвалюцыйнай сучаснасці і сацыялістычнага будаўніцтва, выйдуць кадры натхнёных ваяк за пралетарскую беларускую культуру, як частку сусветнай культуры рабочага стану... такія, як ты...

Прашу не забываць з лістамі, паведамляючы аб навінах беларускага клубнага і студэнцкага жыцця ў Ленінградзе.

Бывай. Ц. Гартны.

 

Ды што там казаць пра далёкі Ленінград, калі ў сталіцы рэспублікі, у Беларускім дзяржаўным універсітэце ёсць даволі значная група людзей, якая пагарджае беларускай культурай, а над тымі, хто размаўляе па-беларуску, насміхаецца. У знак пратэсту тры студэнты-літаратары — Алесь Александровіч, Алесь Дудар і Міхась Зарэцкі — выйшлі з універсітэта і напісалі пра ўсё гэта «Адкрыты ліст», які шумна абмяркоўвалі ў маладзёжным друку, на сходах літаратурных аб’яднанняў. Бурліць і універсітэт. Жылуновіча запрашаюць на студэнцкі сход, і ён расказвае моладзі пра значэнне роднай мовы, успамінае словы Багушэвіча, што без яе загіне народ як самабытнае цэлае. Здаецца, многіх пераканаў, слухалі ўважліва, дружна апладзіравалі, а потым вялікая група студэнтаў праводзіла яго дадому. Былі сярод іх і маладнякоўцы. Ён іх запрасіў да сябе, на вячэру. Да позняй ночы сядзелі за сталом і гаварылі пра літаратуру, пра пісьменніцкія аб’яднанні: якое з іх найбольш адпавядае справе пралетарыяту.

«Полымя», шматлюдны і галасісты «Маладняк», з якога вылучылася «Узвышша», аб’явіўшы, што збірае пад свой сцяг самых прафесійна дасканалых і таленавітых пісьменнікаў... Усе гэтыя аб’яднанні літаратурных сіл, скіраваных, па сутнасці, да адзінай мэты, дзейнічалі нярэдка кожнае згодна ўласнай методзе. Ці, калі па-навуковаму,— ідэйна-творчай платформе. Некаторыя, дарэчы, больш кіраваліся класавым інстынктам ці проста нават трымаліся за крысо таварыша, групы. Да часу, пакуль не набіраліся ведаў, не мужнелі маральна і ідэйна. Аб прыстасаванцах да сівых валасоў тут размова не ідзе.

Зусім натуральна, што яны ўступалі ў спрэчкі — пра што пісаць і як. Кожны верыў: ён ведае ісціну, астатнія памыляюцца. Палеміка, як вядома, таксама патрабуе культуры, яе напачатку не хапала, адсюль і пераборы. На нейкай стадыі развіцця гэта непазбежна. Маладыя, імкнучыся паказаць сябе, аб’яўлялі: яны, маўляў, маюць намер бадацца са «старымі», якія эстэтычна зжылі сябе, «стукнуцца з імі ў рожкі». Тут прысутнічаў, вядома ж, яшчэ і чыста тэатральны феерверк. Ён наогул мае месца ў мастацкім асяроддзі. Куды горш, калі ўзаемныя абвінавачванні ў мастацка-эстэтычных грахах з даравальных хлапчуковых перахлёстаў сталі ператварацца ў публічныя даносы аб «шкодніцкіх», варожых намерах апанентаў. За гэтым праглядалі ўжо зусім не мастакоўскія інтарэсы. Адплата яшчэ будзе за ўсё.

Пакуль жа наступіла чарга атрымаць сваё ўдзельнікам тэатральнай дыскусіі.

Ах, як ён папаўся на гэту прыманку! Калі побач Кнорын і чакае яго, бы кот вераб’я. Не, не саўладаў з тэмпераментам, высунуўся. Ды двойчы!

З чаго пачалося, як? Ды з таго, што тэатры пачалі шукаць сабе палёгку — уключаць у рэпертуар перакладныя п’есы, якія прайшлі апрабацыю на маскоўскіх сцэнах і мелі там поспех. Куды прасцей, чым працаваць з нацыянальнымі аўтарамі. А заадно залічваецца як уклад у развіццё інтэрнацыяналізму. А як з нацыянальным «каларытам»? Аказваецца, і так можна, як зрабілі аўтары экранізацыі п’есы «Браняпоезд 14-69» Ус. Іванава,— памянялі Томск на Мінск, і гатова. Жылуновіч дамовіўся з Міхасём Зарэцкім, каб той даў для «Савецкай Беларусі» крытычны артыкул пра рэпертуар Белдзяржкіно. Так, наш ідэал, зазначае аўтар артыкула, мець карціны агульнасаюзнага і нават сусветнага значэння, але ж яны «павінны арганічна вырастаць з глебы нашае самабытнае культуры — вось у чым сэнс, вось у чым праблема нацыянальнай формы і нацыянальнага характару». Падтрымаў яго і сам Жылуновіч у артыкуле «Заўвагі к часу». Язэп Дыла палічыў крытыку Зарэцкага «павярхоўнай». У спрэчку ўступілі Алесь Дудар, Алесь Некрашэвіч. Нарэшце зноў Жылуновіч. Артыкулам «Беларуская самабытнасць і безухільны інтэрнацыяналізм, ці старая пагудка на новы лад» ён пастараўся выправіць асобныя перахлёсты ўдзельнікаў спрэчкі, пакіраваць па канструктыўнаму шляху. Невядома, на чым бы пагадзіліся тыя, але, як заўважыў наш сучасны даследчык, «каб прадухіліць нездаровы (?) разварот спрэчак», іх рашуча спыніў Кнорын. Неадкладна ж, 17 снежня 1928 года, з’явілася пастанова ЦК КП (б) Б. У ёй асабліва дасталося артыкулам Тодара Глыбоцкага, дзе, аказваецца, «выявіліся нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі (аўтар рашуча стаяў за ўключэнне ў рэпертуар п’ес па беларускай гісторыі і не карыстанне «аб’едкамі маскоўскіх тэатраў».— Э. Я.), якія сігналізуюць аб наяўнасці правай небяспекі ў культурным будаўніцтве». Жылуновіч атрымаў строгае партыйнае спагнанне і страціў пасаду галоўнага рэдактара газеты. Юбілейныя ўрачыстасці давялося адкладваць. Ну, дык сёе-тое ён паспеў...

Усё роўна перажываў. На пасяджэнні ЦК прыйшлося каяцца, хоць у душы не адчуваў сябе вінаватым. А быў жа самалюбівы. Славалюбны? Успамінаю, як Галіна Змітраўна (цяпер нябожчыца ўжо), сямідзесяцігадовая яго дачка, з ціхай усмешкай у мудрых, добрых і з прытоенай тугою вачах, што напаміналі бацькоўскія, прызнаецца: і яе, аказваецца, даўно цікавіць гэта. Мы разглядаем цудам уцалелыя фотакарткі, і яна гаворыць:

— Было, відаць, і гэта ў яго натуры. Вось, бачыце: справа Колас, злева Купала... Тут таксама... Усюды бацька аказваецца ў цэнтры...

— А ў сям’і таксама быў лідэрам?

— Не. Хутчэй мама. Мы з братам Алегам яе пабойваліся і загады выконвалі без пярэчанняў. З татам маглі паспрачацца. Наогул ставіліся да яго хутчэй як да старэйшага брата, які ўсё на свеце ведае.

Вельмі ганарыўся, што на прэм’еру спектакля па ягонай п’есе «Сацыялістка» ў ДБТ (Першы дзяржаўны тэатр рэспублікі, цяпер Акадэмічны імя Янкі Купалы) сабраўся не толькі ўвесь цвет мінскай інтэлігенцыі, але прыйшлі многія члены ўрада. Што галоўную гераіню — вясковую дзяўчыну Палуту, якая не жадае больш мірыцца з патрыярхальнымі норавамі,— іграла «зорка» беларускага тэатра таго часу Рыта Новік.

І да 20-годдзя творчай дзейнасці (тады гэта лічылася юбілеем) пачаў рыхтавацца загадзя. Не пярэчыў, што амаль увесь дзесяты нумар часопіса «Полымя» за 1928 год прысвячаецца яму. З пахвальным словам пра яго творчую і рэвалюцыйную дзейнасць там выступаў сам усебеларускі стараста Чарвякоў. Вучоны-гісторык і былы паплечнік па Белнацкому М. Мялешка даў артыкул «З. Жылуновіч як гісторык». Ён пачаў яго так: «Зм. Жылуновіч добра вядомы шырокім колам працоўных мас Беларусі і за яе межамі не толькі як найвыдатны пралетарскі пісьменнік, як найвыдатны публіцыст і літаратурны крытык, як рэвалюцыянер і грамадскі дзеяч, але і як гісторык нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Беларусі...»

Стыль тых часоў...

Наогул жа нічога дзіўнага, што са сваімі схільнасцямі да публіцыстыкі ён працаваў таксама над нарысамі па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі (навуковымі артыкуламі ў поўным сэнсе слова іх можна лічыць сапраўды з пэўнай нацяжкай). Іншая справа — чаму Жылуновіч гэтак інтэнсіўна стаў займацца імі ў той перыяд.

З-за Кнорына? Не мог змірыцца, што той раз за разам працягваў характарызаваць справу, якой аддалі столькі сіл Жылуновіч і яго аднадумцы, усяго толькі дробнабуржуазнымі і шкоднымі для пралетарскай справы памылкамі нацыяналаў-белнацкомаўцаў? Праўда, на нейкі час, відаць, пад уплывам рашэнняў Х, а затым і XII з’ездаў бальшавіцкай партыі па нацыянальных пытаннях, Кнорын мяняе пазіцыю і кляйміць ужо сябе за «вялікадзяржаўную практыку» ў мінулым. Але затым, пасля смерці Леніна, падзьмулі новыя вятры, і Кнорын вярнуўся да былога сцвярджэння: «маскоўская група» беларусаў для сацыялістычнай рэвалюцыі нічога не зрабіла, нечага прымазвацца да сапраўдных змагароў. Яшчэ праз некалькі гадоў ён наогул напіша радкі, раўназначныя ў той час смяротнаму прыгавору.

Нібы прадчуваючы такі паварот падзей, Жылуновіч яшчэ ў 1923 годзе ў часопісе «Полымя» выступіў з заклікам: «Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі!» Як мага паўней, нічога не ўтойваючы, тэрмінова. З гадамі многія факты рэвалюцыйнай барацьбы, калі іх своечасова не зафіксіраваць, могуць аказацца скажонымі ці наогул згубленымі для гісторыкаў. Няхай жа пра рэвалюцыю скажуць усю праўду ўдзельнікі, пакуль яны жывыя. У другіх рэспубліках гэта работа пачалася, пара і беларусам.

Апошні нарыс з гэтай серыі Жылуновіч быццам прымеркаваў да дваццацігоддзя сваёй літаратурнай дзейнасці. Як адказ на чарговы выпад Кнорына. За год да таго ў прадмове да брашуры «1917 год в Белоруссии и на Западном фронте» той, рашуча адмятаючы якое-небудзь значэнне для рэвалюцыі сацыял-дэмакратычнага руху саміх беларусаў, сцвярджаў: «Основателем и создателем коммунистической организации Белоруссии была старая большевистская гвардия, заброшенная в Белоруссию войной из Ленинграда, Москвы, Иванова... От российского большевизма, от РСДРП большевиков, а не от национал-социалистических партий идет история коммунизма в Белоруссии ».

Сцвярджальны пафас гэтай заявы не выклікае пярэчанняў. Што да яго негатыўнага боку... Гэта цяпер мы ведаем, што экспарт рэвалюцыі немагчымы, а тады Жылуновіч інстынктыўна не мог змірыцца з тым, што сотні тысяч «нячыстых», якія спасцігалі ісціну бальшавізму праз уласныя пошукі, памылкі, змаганне і плацілі за гэта пазнанне пакутамі і ўласнымі жыццямі, аказваецца, не ў залік, цудоўна абышлося б і без іх. Вось пашчасціла Беларусі, закінула вайна сюды некалькі апосталаў, і тыя сабралі вакол сябе зусім «чыстую» ад памылак і ўклонаў паству абраннікаў лёсу.

Гэтаму аднабокаму тлумачэнню гісторыі Жылуновіч супроцьпастаўляе ўласны вопыт. Няўжо тая ж яго адысея па гарадах Паўночна-Заходняга краю не ёсць яшчэ адзін доказ, што глеба для рэвалюцыі рыхтавалася на Беларусі не менш інтэнсіўна, чым у іншых частках імперыі?

А лавіна ўжо рушыла. Жылуновіч адчувае грозны гул яе набліжэння і спяшаецца, спяшаецца — выказацца, паставіць нейкі заслон. Хоць яшчэ спадзяецца, што яго не закране.

Юбілей ягоны адзначаецца ў канцы снежня. Былі віншаванні прыхільнікаў. Прамовы пра вялікі ўклад у развіцці літаратуры і культуры беларусаў, абдымкі і пацалункі. Жадалі здароўя. Поспехаў. І доўгіх гадоў жыцця.

 

Янка Купала — Гартнаму

Гэй, ляці, саколе, далей

Па-пад буйнай Беларусяй!

Не спыняйся ў векаў далі

І не гніся, як не гнуўся!

 

Якуб Колас — Гартнаму

Нашым вольным гоням, дзе лягла пуціна,

Даў і ты свой дар.

І цябе за гэта, як добрага сына,

Прывітае шчыра родная краіна.

Дык жыві ж, пясняр!

 

Акрамя прызнання літаратурных і грамадскіх заслуг (праўда, звання народнага пісьменніка так і не далі, хоць пастанова ўрада рэспублікі аб гэтым ужо і была) за ім замацоўваецца статус вучонага вышэйшай катэгорыі: адразу правадзейны член Акадэміі навук БССР! Яго яшчэ ўключаюць у склад самых прэстыжных дэлегацый, у тым ліку за мяжу. Падарожныя нарысы Гартнага і зараз чытаюцца з цікавасцю — адчуваецца і пісьменніцкая назіральнасць, увага да дэталі, і пяро добрага публіцыста. Асабліва ўдаўся аўтару нарыс «За аглядам Парыжа»:

 

«...Нізкая французская валюта (маецца на ўвазе яе курс. — Э. Я.) адчыняе шырокую дарогу пану-долару, якому ў Парыжы даецца вялікая пашана. Ухіл перад амерыканскім дзядзькам вельмі яскрава ілюстраваўся... у час нашага быцця там (разам з аўтарам удзельнікамі падарожжа ў Францыю былі Міхась Зарэцкі і Міхась Чарот — удакладненне Ул. Юрэвіча). Мы, прыехаўшы ў Парыж, засталі там трыццаць тысяч амерыканскіх легіянераў. Апошнія запаўнялі ўсе вуліцы і прыметныя месцы горада. Пачынаючы ад Пантэона і канчаючы распуснымі дамамі Манмартра — усюды мігаліся легіянерскія суконныя з жоўтымі паяскамі магеркі (пілоткі). Ім схіляліся тысячы нацыянальных сцягоў, устаноўленых на ўрадавых будынках. Перад імі расступалася публіка на бульварах і пляцах, ім пакорліва служылі ў рэстаранах... Для іх быў наладжаны грандыёзны раут на падворку Дома інвалідаў. Нават Гранд-Опера, закасцянеўшая ў рытуале арыстакратычнай традыцыі, зламала апошнюю перад амерыканцамі. Загароджаная ад французскай беднай... публікі рознымі перашкодамі, з якіх галоўнаю з'яўляецца абавязак кожнаму мужчыну, які хоча быць у гэтым тэатры, надзець смокінг,— і гэта пратухшая буржуазнасцю цырымонія была адменена. Гэта выкарысталі і мы...».

 

Смокінгам Жылуновіч не абзавёўся, аднак жа і саматканую сярмяжную світу ідэалізаваць не збіраўся. Шукаў прымальнага для сацыялістычнага грамадства спалучэння культурнай спадчыны народа з тым новым, што нараджалася сучаснасцю. Супроцьпастаўленне «старых» і маладых пісьменнікаў не толькі не дае плёну, але небяспечна, пагражае дэзарганізацыяй мастацкага працэсу, заяўляе Гартны ў літаратурным дадатку да газеты «Савецкая Беларусь».

Вось і Максім Гарэцкі, як перадавалі, на яго пакрыўдзіўся. Сказаў: аблаялі ў «Полымі» не па-людску за кнігу «Гісторыя беларускай літаратуры». Некаторыя казалі: гэта Жылуновіч за тое, што ў кнізе пра яго творчасць толькі мімаходзь памянута. Былі і такія, хто лічыў — не трэба было хавацца за псеўданім. Бач, падпісаўся, маўляў,— Дорндорф. Выхваляецца, што завучыў колькі слоў па-нямецку. Узяў бы ды паставіў па-нашаму — Дзядоўнік. Можа і так. Але галоўнае, чаму ўжыў псеўданім, не ўлічылі: каб не было лішніх размоў, што Гартны зводзіць рахункі з Гарэцкім. Пры чым тут гэта? Няўжо ён няпраўду напісаў, што Гарэцкі дапускае ў кнізе суб’ектывізм і слаба ўлічвае класавасць мастацтва? Вось, калі ласка: у найноўшай літаратуры паставіў Паўловіча наперадзе нават Купалы і Коласа. А як хваліць Ф. Аляхновіча! Узвёў у першарадныя пісьменнікі і ўдзяліў у два разы больш месца, як разам узятым і куды значнейшым, калі разабрацца,— Буйла, Гурло, Ластоўскаму, Палуяну, Чарнушэвічу, Леўчыку, Шантыру. Нават у яго менш увагі, чым Ф. Аляхновіч, заслужылі і А. Гарун, і М. Багдановіч, і З. Бядуля... А вось Пшчолку адвёў пяць старонак тэксту, залічыўшы ў народнікі і пісьменнікі беларускія. Таго, хто «ўважаў сябе за рускага» і «глядзеў на ўсё абмаскаленымі вачыма». Пралетарскую ж паэзію наогул абмежаваў толькі двума пісьменнікамі — Гартным і Чаротам, ды і то заўважыў, што яны не дужа адбіваюць сваёй творчасцю «характэрных асаблівасцей сацыяльнага быту бацькаўшчыны». Ды і наогул абвяшчае, што «спакойная дума павінна быць асноваю творчасці», і за гэта хваліць Максіма Багдановіча. Хісткі доказ вартасці мастацтва. Ці ж мы не ведаем, што «вялікія творы, натхнёныя і неўміручыя, давалі выключна часы людскога выбуху, сацыяльныя ўздымы (Марсельеза, Інтэрнацыянал, творчасць Вагнера, Шылера, Горкага...). І яшчэ да гэтага пясняр-грамадзянін Някрасаў дадаў: «Писатель, если только он есть сын своего народа, не может быть не потрясен, когда потрясена свобода»... Так што хісткасць у падыходзе да розных гістарычных момантаў аўтар пакуль не зжыў, хоць і перавыдае сваю кнігу ў чацвёрты раз. Тым не менш Максім Гарэцкі — пакуль адзіны цікавы і грунтоўна падрыхтаваны гісторык беларускай літаратуры і, можна спадзявацца, М. Гарэцкі «гэта званне ў далейшым апраўдае паўней...» Дык якая тут знявага? Ярлыкоў аўтару не навешвае, забараняць не заклікае.

Гартны і ў іншых сваіх крытычных артыкулах рашуча не прызнае мастацтва, якое пазбягае сацыяльнага змагання. Праўда, сцвярджае пры гэтым, што мастацкі твор павінен указваць чытачу: гэта добра для пралетарыяту, а тое не падыходзіць, бо з буржуазным уклонам. Задача літаратуры не капіраваць жыццё, а паказваць, як найлепш яго будаваць. Зыходная пазіцыя сумненняў не выклікае, але вось заключная частка пастулата... Слушная ў прынцыпе, яна пры «перацісканні», аднак, давала вынікі, штопацвярджаюцца і практыкай самога аўтара,— схематызм і рыторыку, як у ягоных аповесцях «Гаспадар», «Зялёны шум». Ды і ў рамане «Перагуды», дзе Гартны спрабаваў паказаць перавагі калектыўнага гаспадарання на сяле, якім перашкаджае, вядома ж... кулак, заможнік. І толькі мімаходзь пракідаюцца там бяздушныя чынушы, якіх адразу ставяць на месца сапраўдныя партыйцы. Чаму ён не паверыў сабе, ужо вывеўшы на літаратурны шлях начальніка міліцыі Астапа? Прычыны наступных няўдач, відавочна, усё ж не ў яго прыхільнасці да сляпой веры ў догмы. Проста ён ужо не адважваецца зазірнуць за магічную лінію круга, вельмі падобную да той, што помнілася яму па фантастычнаму апавяданню любімага ім з дзяцінства Гогаля. Толькі падымі вочы на тое, чаго не павінна існаваць па жаданню Таго, каму належыць вярхоўная ўлада, і новы Вій у выглядзе Лукаша Бэндэ, нібы нячысцік, апяразаны вайсковымі рамянямі, ускочыць аднекуль з Брэстчыны ў крытычны цэх беларускай літаратуры, тыцне ў цябе жалезным пальцам і каркне: «Вось ён!»

А між тым, сам круг усё роўна звужаецца і звужаецца.

 

15. Подых бяды

Хоць не так усё проста. Гэты ягоны гіпертрафіраваны пафас, імкненне да канструявання звышстаноўчых персанажаў былі таксама рэакцыяй на супярэчнасці ў грамадстве, якія раптам пачалі нарастаць пасля пяці ці шасці гадоў адноснага дабрабыту, да якога ўжо нават сталі прывыкаць, хоць з пагардай ставіцца да нэпманаў і вясковых заможнікаў і лічылася ў літаратуры добрым тонам. Пачыналася пара інтэнсіўнай індустрыялізацыі. У горадзе прыватнага прадпрымальніка прыціснулі падаткамі, рэквізіраваліся ці проста зачыняліся майстэрні, млыны (у 1927 годзе герой Гартнага са сваім «сацыялістычным» млынам, як мы памятаем, толькі збіраўся канкурыраваць з нэпманам), павышаліся цэны на прадукцыю дзяржаўных прадпрыемстваў і заніжаліся на зерне, мяса, малако, ільновалакно. У адказ апусцелі рынкі, сяляне неахвотна здавалі нарыхтоўкі. Хлеб станавіўся зноў дэфіцытам. Сталін на ўвесь Саюз абвясціў: гэта сабатаж кулакоў, ім трэба зламаць хрыбет, а хлеб узяць сілай. У вёску рушыла «чразвычайка», пачалася пара рэквізіцый вобыскаў, нейкага татальнага азлаблення. У адказ Гартны імкнецца знайсці рэцэпт хутчэйшага маральнага ўдасканальвання чалавека новага грамадства.

А як кіраўнік літаратурнага часопіса ён аказваецца куды смялейшым за Гартнага-творцу. Не мог адмаўляць аўтарам, калі тыя пісалі пераканаўча. Нават у яго «юбілейным» нумары «Полымя» змешчаны публіцыстычныя матэрыялы канструктыўна-крытычнага кірунку:

 

«Мы багатыя, знаходзімся пасярод багаццяў,— гаворыцца ў адным з артыкулаў,— ды толькі не выкарыстоўваем іх. Нам часта гавораць нашы замежныя сябры, калі прыязджаюць да нас знаёміцца з нашымі дасягненнямі,— якія мы маем і якіх у нас адабраць ніхто не можа,— што «вы «бедныя», але робіце сваё будаўніцтва так дорага, быццам багачы; у вас транспарт не вельмі хораша працуе. Напрыклад, ваш добры паравоз працуе трохі больш за пяць гадзін у суткі, а таварныя вагоны выкарыстоўваюцца толькі... на 11—12 працэнтаў». Гэта ў краіне, дзе «беднасць», якая сапраўды патрабуе капіталаўкладанняў!»

 

Часопіс заклікае «ўдарыць» па бюракратызму, разгільдзяйству, наладзіць дысцыпліну, лепш арганізаваць працу, наогул упарта вучыцца гаспадарыць.

Недалёка той час, калі некампетэнтныя ці недобрасумленныя чыноўнікі канчаткова возьмуць на ўзбраенне мацнейшы сродак адводзіць крытыку ад сябе: усе свае промахі і галавацяпства будуць адносіць на кошт шкодніцтва агентаў імперыялізму з ліку замаскіраваных кулакоў, падкулачнікаў, буржуазных спецыялістаў, па якіх і трэба ўдарыць бязлітасна. І ўзыдзе палыновай зоркай ракавое слова — «нацдэм»...

Спачатку гром грымеў у аддаленні. У Маскве і Ленінградзе. Сталін выступіў супроць рэвалюцыянізму Троцкага. Генсека падтрымалі Зіноўеў, Каменеў... Тут жа Шахцінская справа — аказваецца, у Данбасе дзейнічала контррэвалюцыйная арганізацыя інжынераў і тэхнікаў. Ворагі ўчынялі дыверсіі на шахтах. Іх судзілі ў Маскве, строга пакаралі і тут жа пачалі вышукваць саўдзельнікаў па ўсім Саюзе. Арыштавалі некалькі «спецаў» і ў Мінску. Ну, ды гэта ўсё людзі малавядомыя, а калі пакаралі, то за справу, відаць. Вунь колькі непарадку на прадпрыемствах: штомесяц там рэвізіі і кожная находзіць шкодніцтва. Рыкаў, Аляксей Іванавіч, праўда, заяўляе, што многае ад бюракратызацыі, ад таго, што разбухаюць апараты цэнтральных устаноў. Што разбухаюць — бачна і ў Мінску, але ўсё ідзе з Масквы.

А там зноў — судзяць шкодніцкія арганізацыі, Прампартыю, Працоўную сялянскую партыю (бач, кулакі, арганізацыйна аформіліся!) і Саюзнае бюро меншавікоў. А ў Прамысловай партыі аказаліся многія інжынеры. Яны, аказваецца, яшчэ ў 1925 годзе стварылі свой патаемны шкодніцкі цэнтр. Інжынераў-здраднікаў народа кляймяць старшыня судовага працэсу Вышынскі, дзяржаўны абвінаваўца Крыленка, прамовы якіх друкуюць газеты. І пайшлі міма Дома Саюзаў, дзе засядае суд, разгневаныя працоўныя масы. Тысяча дзвесце чалавек, як паведамляюць газеты, у адзіным парыве крычалі: «Смерць контррэвалюцыйнай сволачы! Расстрэл, расстрэл!» У Мінску таксама адшукваюць інжынераў-шкоднікаў, кляймяць у друку, арыштоўваюць...

А ў той жа час нешта робіцца на самым версе — у Палітбюро. Аказваецца, тры яго члены — Рыкаў, Томскі і Бухарын узначалілі лігу праваапартуністычных панікёраў і капітулянтаў! Так гэта ахарактарызаваў таварыш Сталін. А зусім жа нядаўна гэтыя людзі, падтрымліваючы яго, грамілі Троцкага за рэвалюцыянізм, за тое, што ўзвёў паклёп на бальшавіцкія кадры, быццам тыя ў новых умовах перараджаюцца. Так не сышліся раптам з генеральнай лініяй Сталіна пра надзвычайныя меры супраць кулакоў і фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі, што нават падалі ў адстаўку, каб не ўдзельнічаць у гвалце над сялянствам. Вось і аказаліся пад агнём — за правы ўклон з яго «камічным лямантам», як адзначыў таварыш Сталін, з прычыны надзвычайных мер у адносінах да сельскіх заможнікаў.

Што робіцца? Жылуновіч успамінае свае сустрэчы са Сталіным, як той адрокся ад сваіх жа слоў пры стварэнні беларускага ўрада, як прымушаў пагрозамі падпарадкоўвацца Мяснікову... Не верыў ён гэтаму чалавеку! Душа не ляжала да яго. А трэба падпарадкавацца, трэба публікаваць у часопісе матэрыялы супроць праваапартуністаў, каб не аб’явіў цябе той жа Бэндэ іх прыхільнікам. Ужо закляйміў «папутнікам» антысаветчыкаў за тое, што ахарактарызаваў Гаруна як барацьбіта за родны край і працоўны народ. Трэба, відаць, неяк каяцца. Пакаяўся ж кіраўнік Савецкага ўрада таварыш Рыкаў... А яму не паверылі, закляймілі адразу як «манеўры».

У рэспубліцы таксама тэрмінова шукалі прыхільнікаў праваапартуністаў. Перыядычным выданням загадвалася аператыўна арганізоўваць водгукі працоўных, якія гнеўна кляймілі б адступнікаў ад генеральнай лініі партыі. «Схіліце галовы перад партыяй!» — гучала на мітынгах, са старонак газет і часопісаў.

Асабліва Мінск быў узрушаны пасля публікацыі ўжо сумеснай заявы Бухарына, Быкава, Томскага і Угарава. Раскайваючыся ва ўласных памылках, яны адначасова зноў кляймілі Троцкага, асабліва за тэзіс аб «перараджэнні» рэвалюцыянераў, якія дамагліся дзяржаўнай улады. І зноў у шчырасць пакаяння праваапартуністычных верхаводаў там, наверсе, не паверылі. Тады Угараў яшчэ ў хуткім часе і асобна пакаянны ліст напісаў, які было загадана перадрукаваць і ў беларускай прэсе. Ён адхрысціўся ўжо і ад нядаўніх сааўтараў, заявіў: тыя крывадушнічаюць, быццам адмовіліся ад сваіх былых поглядаў, асабліва адносна таго, што Сталін і яго памагатыя насаджаюць рэжым ваенна-феадальнай эксплуатацыі, бюракратычных парадкаў, несумяшчальных з марксізмам-ленінізмам, у той час як гэтыя ідэі належалі Троцкаму.

У шчырасць «сольнага» пакаяння Угарава таксама не паверылі, «вычысцілі» з усіх пасад. Затое цяпер ужо да праваапартуністаў зноў і вельмі рашуча дадалі ворагаўтрацкістаў. Пачалося іх вышукванне. Асабліва «схаваных». А такі ж ярлык, разважаў Жылуновіч, можна навесіць на чалавека пры жаданні вельмі проста, і паспрабуй апраўдацца. Ужо ні з кім пра гэта не гаварыў, толькі з жонкай.

Троцкага Жылуновіч не любіў, помніў яго авантурызм яшчэ ў час грамадзянскай вайны. Беларусі таксама гэта каштавала і пакут і крыві. Здавалася яму яшчэ, што нарком абароны падтрымліваў Мяснікова. Гэтак жа, як і Сталін, дарэчы. Не ўхваляў і яго пісьмы ў французскай газеце: «СССР коціцца да тэрмідору». Гэта што ж, да ліквідацыі заваёў рэвалюцыі і контррэвалюцыйнага тэрору, як некалі ў Францыі? Не можа таго быць. Знайшоў жа выраз— «зваротная кераншчына»! Ці вось: «Абарона Кастрычніцкай рэвалюцыі магчыма толькі ў барацьбе са Сталіным. Яна выключае безумоўную падтрымку сталінскай палітыкі...» Хутчэй за ўсё лідэрства не падзялілі, а з-за іх усім бяда. Жылуновічу былі не даспадобы крайнасці. Галоўнае ж здолелі здзейсніць — стварыць Савецкі Саюз!

Канечне, адносіны паміж рэспубліканскімі ўладамі і аб’яднанай, маскоўскай, не такія, як некалі намячалася пры Леніне,— з цэнтра назначаюць, «прысылаюць» кіраўнікоў рэспублікі, загадваюць, што рабіць. Вось і ім некалі, старшынёй Беларускага ўрада, спрабаваў камандаваць Мяснікоў, сам — «прывадны рамень»... А чым усё скончылася? Але гэта, відаць, часова, пакуль не ўвойдуць у сілу нацыянальныя кадры. Пакуль, зноў жа, не знікне патрэба аб’ядноўваць намаганні для хутчэйшай індустрыялізацыі, для абароны ад імперыялізму. Ці верыць у тое, што Троцкі рыхтаваў узброенае паўстанне апазіцыі? Ну, у Маскве відней. Праўда, у свой час усе дзівіліся, як гэта Троцкі з яго правадырскімі звычкамі адмовіўся ад паста намесніка старшыні Саўнаркома, які яму прапаноўваў Ленін? Ведаў жа, што ў такім выпадку пасля смерці Ільіча ў яго акажацца ў руках уся ўлада. Пост заняў Каменеў... Ну і што атрымалася? Выходзіць, партыя хоча Сталіна? Народ, прадстаўнікі якога маршыруюць па галоўных вуліцах з транспарантамі «Смерць трацкісцка-бухарынскім вырадкам!», таксама? А ён, Жылуновіч? А Купала, што па вечарах заходзіць да яго і трывожна прыслухоўваецца да крокаў на лесвіцы? Купала хацеў, каб Беларусь мела, нарэшце, свайго народнага лідэра. Нават пра гэта напісаў верш, за які цяпер ухапіўся Бэндэ, ліха на яго. Гэты ўжо Бэндэ! Нядаўна раскалоў-такі «Маладняк». І абвясціў нараджэнне беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Ва ўсім пераймае РАПП. І нацыянальная культура для яго — шкодны буржуазны перажытак. Вось піша, праўда, пакуль па-беларуску. Але што ён піша?!

Ну, а Троцкі апраўдваецца. У адказ на абвінавачванне сталінцаў у здрадзе пралетарыяту за супрацоўніцтва з заходняй прэсай заявіў, што вымушаны публічна апраўдацца перад Савецкай краінай. І тут жа: у Расіі дзяржаўная ўлада ўжо знаходзіцца не ў руках пралетарыяту, а ў бюракратычнага апарату. Выходзіць, і ён, Жылуновіч, член урада — таксама нейкі бяздушны бюракрат-эгаіст, які не дбае пра народ? Вось ужо і ў Мінску той-сёй пачынае выказвацца даволі-такі небяспечна. Да прыкладу, лідэр «Маладняк» Платон Галавач. У новай аповесці так і рэжа: для чыноўніцтва, маўляў, у якога атлусцелыя зады не ўмяшчаюцца ўжо ў кіруючыя крэслы, рэвалюцыя пройдзены этап, а для пралетарыяту яна працягваецца. Каго ён мае на ўвазе? Сябе? Маладога Александровіча, што аказаўся надзіва гарластым? Бэндэ? Жылуновіч не дае разрасціся ўласнай патаемнай крыўдзе: у апошнія гады распаўнеў, перастаў займацца самаадукацыяй, няма калі за гэтымі пасяджэннямі. Трэба было б часцей бываць і сярод працоўных, выязджаць хоць бы да землякоў, у Капыль. Многа ўсё ж засядаем.

Дык ён жа пра гэта яшчэ ў 1925 годзе пісаў. Ды і пазней. Можна было б трохі вастрэй, магчыма. Але ці да пары, калі ідзе змаганне з кулаком? Той і так бярэ на ўзбраенне галавацяпства бюракратаў у справе калектывізацыі.

Што тычыцца лініі Троцкага, тут усё ясна. Жылуновіч на пасяджэнні рэдкалегіі газеты «Савецкая Беларусь» разам з іншымі ўхваляе неабходнасць публікацыі рэзкага артыкула супраць міжнароднага авантурыста з падрабязным ізлажэннем поглядаў апошняга — няхай масы самі пераканаюцца, да чаго дайшоў адшчапенец. У артыкуле цытуецца выступленне Карла Радэка, які заяўляе, што ніхто не паверыць заяве Троцкага, нібы ўрад цяпер з’яўляецца бандай нягоднікаў, якія захапілі ўладу шляхам змовы, з дапамогаю падлогаў і падману, а партыя складаецца, маўляў, часткай са шкурнікаў, якія ганяюцца за партфелямі, адказнымі пастамі і грашыма, часткаю ж са статка бараноў, што маўчаць, каб не пазбавілі кавалка хлеба.

Трацкізм Жылуновіч заўсёды адвяргаў. За сябе ён з гэтага боку не хвалюецца. Ніякім чынам не замешаны. Усхваляваўся, калі следам пачалі зноў настойліва «біць» па Бухарыну, хоць той пакуль знаходзіўся на высокіх пасадах. Што ж, ён і ў бухарынцах не быў, але пры жаданні сёе-тое яму можна і прыпомніць. Тыя ж артыкулы, што з яго блаславення ішлі ў часопісе і дзе з ухвалаю гаварылася пра «Заметкі эканаміста». Дык як жа іначай? Такі відны дзяржаўны і партыйны дзеяч краіны. Вось і Чарвякоў яго колькі разоў цытаваў.

Але падулі, значыць, другія вятры, калі вышэйшыя інстанцыі прама прапанавалі неадкладна апублікаваць у «Савецкай Беларусі» артыкул К. Разенталя супроць Бухарына. «Аўтар «Заметак эканаміста»,— з’едліва піша там Разенталь,— дарэмна занепакоены «адсутнасцю» 20 працэнтаў будаўнічых матэрыялаў. Гэта таму, што ён знаходзіцца пад гіпнозам буржуазнай ідэі «баланса» і «эканамічнай раўнавагі». «Эканаміст» Бухарын развязвае пытанне з дэфіцытам будматэрыялаў без залішняга мудравання: скараціць, маўляў, будаўнічыя праграмы да такога ўзроўню, каб яны былі забяспечаны «рэальнымі» бэлькамі, жалезам і цэглай, а не «эфірнымі» і «воображаемыми» і «будучымі». Што ж фактычна? — падсумоўвае Разенталь.— Лепшым адказам на ўсе «сумненні» тав. Бухарына, лепшым адмаўленнем яго «аналізу» баланса з’явіўся, як вядома, той факт, што намечаная праграма... поўнасцю выканана. Ацэньваючы намечаны... прырост капітальных работ у 1929—1930 гг. у 39,6 прац. як «фантастычныя курбеты», якія «пакрываюць без усялякага дэфіцыту самы вялікі попыт на тавары «нізкага гатунку», т. Бухарын памыліўся... Выступіўшы пад лозунгам барацьбы з дробнабуржуазнай стыхіяй і дробнабуржуазнай расхлябанасцю, тав. Бухарын сам стаў яе ахвярай...»

Жылуновіч захваляваўся: няўжо ён нешта не ўлічваў, калі таксама выступаў за разлік, гаспадарлівы падыход да справы? Сапраўды: як пабудаваць сцены дома, калі яшчэ няма цэглы? Планаваць і спадзявацца, што пралетарыят не падвядзе? У энтузіязм мас ён верыў. Але і Чарвякову таксама. Калі і той дабіваўся дакладнай статыстыкі, тых жа «збалансаваных планаў».

Ён не памыліўся: прыпомнілі яму заахвочванне гаспадарчага інтарэсу. І яго сябру Чарвякову таксама. У тым ліку заклік да сялян «багацець», які, аказваецца, быў на руку кулацтву. Нездарма за гэта ўчапіліся ў Наркамземе праціўнікі масавай і рашучай калектывізацыі.

Па наркамземаўцах «ударылі» сродкі масавай інфармацыі. А затым пачалі «вычышчаць» у масавым парадку, пачынаючы з самога наркома Прышчэпава, члена ўрада і члена ЦК КП (б) Беларусі, як прыхільніка шкодных тэорый маскоўскага вучонага-аграрніка Чаянава, як аднаго з кіраўнікоў, аказваецца, падпольнай Працоўнай сялянскай партыі. А следам узяліся і за студэнтаў старшых курсаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Камісіі па чыстцы выявілі, што тыя не пазбеглі па даверлівасці і ідэйнай непадрыхтаванасці наркамземаўскай заразы нацдэмакратызму ад хітрых «спецаў».

«Вычысткі», уласна, пачаліся крыху раней, з камуністаў. У партыйных нізах чуліся ўсё больш настойлівыя размовы пра тое, што бюракратычны апарат тармозіць развіццё гаспадаркі. Сталін адразу падхапіў ідэю: значыць, трэба новая «чыстка». У Мінск была «спушчана» таксама дырэктыва абясшкодзіць нацыянал-дэмакратычны элемент у асяроддзі інтэлігенцыі, каб не распаўсюджваліся нездаровыя сепаратысцкія настроі, асабліва рэкамендавалася прыгледзецца да «спецаў».

Па-свойму прыглядаліся да іх і энергічныя маладыя людзі, якіх перапаўняла жаданне як найхутчэй атрымаць дывідэнды ад свайго класава-пралетарскага паходжання, але набываць веды і прафесійнае майстэрства здавалася ім буржуазным перажыткам. Жылуновіч аказаўся на іх шляху...

 

16. Папярэджанне

Занепакоеныя кірункам «вычыстак», ЦК партыі і ўрад рэспублікі паспрабавалі нарэшце прыпыніць гэтую эпідэмію, калі аказалася, што камуністычная арганізацыя Беларусі згубіла многіх сваіх членаў. Ды якіх! Не паздаровілася і беспартыйным. У газеце «Савецкая Беларусь» з’яўляецца нават спецыяльны артыкул. Там адзначаецца трывожная тэндэнцыя, калі добрая ідэя — «вычышчаць» з пасад за сур’ёзныя ўпушчэнні ў рабоце, халатнасць і злоўжыванні службовым становішчам, у шэрагу выпадкаў скажаецца. Так, звальняюць з работы людзей «па матывах сацыяльнага паходжання і дзейнасці ў мінулым» або за нейкія нават рысы характару, якія некаму з членаў камісіі не падабаюцца, і г. д.

Жылуновіч таксама пабойваецца, што і яму ў такой сітуацыі прыйдзецца расплачвацца за колішняе актыўнае «грамадаўства». Цяпер яму ўжо наогул пачынае здавацца: сапраўды мог нечага і не рабіць, не лезці на ражон, не паводзіць сябе гэтак незалежна. Раіцца з Чарвяковым. Жывуць у адным доме, сябруюць па-ранейшаму сем’ямі, дзеці таксама растуць разам, і Аляксандр Рыгоравіч галоўны іх апякун, у яго талент настаўніка. Духоўна падтрымлівае ён і Жылуновіча.

У сваю чаргу той супакойвае аўтараў з «былых», на якіх зараз асабліва любяць тачыць «рожкі» некаторыя крытыкі з маладога і нейкага вельмі бойкага пакалення. Ведаў мала, а апломбу і «класавай» ярасці — куды там.

 

Жылуновіч — Клейнбарту

«...О Вашей мысли насчет написания монографии о Янке Купале. Я приветствую эту мысль и от имени Белорусского государственного издательства пойду Вам навстречу для ее осуществления. Я, признаться, сам задумывался над этим вопросом, ставя его ещё шире, в смысле его распространения и на других белорусских писателей-«нашенивцев».

 

Яшчэ ён паведамляе, што пра Купалу ёсць цікавыя матэрыялы ў Б. Эпімах-Шыпілы. Шкадуе, што «Ластовский как раз свою богатую переписку забыл за границей», калі адтуль тэрмінова вяртаўся.

І звяртаецца з просьбай «дать свое согласие па написание вступительной критико-библиографической статьи к Собранию моих сочинений, которое Белгосиздат начнет выпускать с будущего года». Падкрэслівае, што вельмі гэтым ганарыўся б.

Артыкул Л. М. Клейнбарта атрыманы. Ён паспявае нават даць яго ў «Полымі». З радасцю паведамляе, што выходзіць з друку вялікая работа Клейнбарта пра літаратараў, якія супрацоўнічалі ў часопісе «Маладая Беларусь», што некалі выдаваўся ў Пецярбургу. У рабоце ёсць і добрыя словы пра творы Гартнага.

І раптам радасць азмрочана. Вульгарызатарская крытыка абвінавачвае манаграфію Клейнбарта ў праслаўленні «нацдэмаўшчыны». Жылуновіч устрывожаны: гэта ўдар і па яго прэстыжу. Аднак Клейнбарта стараецца супакоіць:

 

«Относительно напечатания в белорусских журналах статей против Вашей работы «Молодая Беларуссия». Этих статей появилось несколько. Все они обличительного характера. Но одновременно все они крайне поверхностны и безграмотны. Писали их люди малосведущие в белорусской литературе, слабо знакомые с диалектическим материализмом. При этом такие, как Л. Бенде,— полудети. Тон статей и приёмы авторов в дискуссии против Вас крайне дерзки и малоэтичны, почему мне не хотелось эти статьи присылать Вам. С их мыслями солидарны немногие, однако от них впечатление отвратительное. Несмотря на эти статьи, книга имеет большой сбыт и много положительных отзывов как в БССР, так и, в Москве и за границей...»

 

А «напаловудзеці» ўваходзілі ў раж больш і больш. Яны адчувалі, што на самай вяршыні піраміды ўлады гэта знаходзіць падтрымку. Асабліва накідваліся на тых, хто, на іх думку, быў схільны да «буржуазнага» пакланення перад навуковымі ведамі. Прынцыпы — вось галоўнае, а не факты. Яны ўжо цвёрда ведалі імя таго, хто гэта абвясціў.

Цкаваннем «былых» і «спецаў» займаліся не толькі «чыстыя» крытыкі. Узяліся за гэта і некаторыя прадстаўнікі «прыгожага пісьменства».

Першага сакавіка 1928 года Жылуновіч чытаў машынапісныя лісты, якія паклаў яму на стол пахмурны, з глыбокім смуткам і непакоем у позірку Мікалай Макаравіч Гуткоўскі. То быў добра вядомы галоўнаму рэдактару «Полымя» чалавек, нават прыяцель, таленавіты юрыст. Канечне, не такі ўжо патрыёт Беларусі ў мінулым, як цяпер сябе выстаўляе, думаў пра яго Жылуновіч, інакш пасля заканчэння да рэвалюцыі універсітэта не паехаў бы настаўнічаць у лепшых прыватных гімназіях Варшавы, чым іншы раз пахваляўся, а вярнуўся б на радзіму, вучыць свой цёмны народ. Як, напрыклад, Скандракоў. Ну, ды гэта справа дзён мінулых. З той пары Гуткоўскі}шмат што перажыў. А цяпер ён у пашане. З 1921 года — вучоны сакратар Акадэмічнага цэнтра, разам з Купалам працаваў у навукова-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, выкладаў юрыспрудэнцыю ў Белдзяржуніверсітэце, працаваў у пастаянным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе СССР, у апараце ЦВК СССР, разам з ім, Жылуновічам, Чаротам і іншымі дзяржаўнымі і партыйнымі дзеячамі рэспублікі падпісаў прывітальнае пісьмо з Масквы Купалу ў сувязі з дваццацігоддзем літаратурнай дзейнасці паэта. Словам, аўтарытэтны таварыш. І вось піша (на добрай беларускай мове, адразу ж прафесійна адзначыў галоўны рэдактар): на яго ў літаратурным творы ўзводзіцца страшэнны паклёп. Аказваецца, яшчэ за месяц да выхаду першага нумара «Полымя» за 1928 год карэктары паведамілі яго брату-мастаку, што часопіс пачынае друкаваць паэму Андрэя Александровіча «Цені на сонцы», дзе галоўным адмоўным персанажам выведзены ён, Мікалай Гуткоўскі. Вестка хутка распаўсюдзілася па Мінску, урыўкі з паэмы ходзяць па руках, і публіка абураецца: як гэта ў Савеце Народных Камісараў рэспублікі да гэтага часу працуе кансультантам былы... «сакратар барона Врангеля»! А прыяцелі паэта старанна расшыфроўваюць недасведчаным імёны і астатніх «герояў» паэмы.

 

«...Першы «герой»,— піша Гуткоўскі,— на вайне быў «унцер-афіцэр». З пачатку рэвалюцыі ўцёк на поўдзень. Там «генерал-барон яму даў новы чын, даў пару новых шпораў». А цяпер — «жыве як спец»...

Па думцы паэта гэты герой і ёсць мой сапраўдны партрэт.

Калі б... справа абмяжоўвалася толькі адным «партрэтам»... бяды б вялікай не было: на ўсякае чыханне не наздароўкаешся. Насцярожвае папярэдняя старанная падрыхтоўка грамадства і тых, каго належыць з ліку ўлады... «Паэта-патрыёт» абураецца, што ў той час, калі мы імкнёмся ў родным краі старое «ўхцяць ушчэнт»... калі мы вядзем вялікую працу,— «колькі хлебаедаў на карку ў нас сядзяць». Гэтыя хлебаеды — «людзі-п’яўкі — іх спецыяльны штат». Даюць ім «спецстаўкі — узвышаны аклад». «Паэта-патрыёт» патэтычна зварочваецца за спачуваннем да таварышоў, браточкаў і сястрыц. Ён голасна крычыць аб гэтай сацыяльнай няпраўдзе: «Яшчэ ж нам на сарочкі паркалю не стае. Капейкі, дарагія, збіраем мы адны, а з іх жывуць былыя праклятыя чыны. І хочацца часценька, каб ценяў гэтых жуць — узяць і колкім венікам страхнуць бы, страсянуць».

Гэтыя цені не даюць «паэце-патрыёту» спакою... За знішчэнне гэтых ценяў «паэта-патрыёт» — «ад сэрца шчырага напісаў бы верш, яго назваўшы скромна — пахвальным маршам»...»

 

Забягаючы крыху наперад, можна сказаць, што Андрэй Александровіч напісаў-такі свой «марш». І не адзін. Але прадоўжым:

 

«Як загалоўны, расшыфраваны паэтаю герой паэмы,— чытаў далей Жылуновіч пісьмо Гуткоўскага,— я павінен, зразумела, чакаць, што калючы венік у першую чаргу павінен вымясці мяне.

Што ж я павінен рабіць? Чакаць?.. Апраўдвацца?.. Перад кім?.. Я вымушаны... паставіць... ясную праблему... (у адказ) на заклік паэты аддаць мяне на знішчэнне... А... перш за ўсё я павінен выправіць заведама хлуслівую версію «паэты-патрыёта» аб маім контррэвалюцыйным мінулым. Не на поўдзень я ўцякаў, а, наадварот, з пачаткам рэвалюцыі ўсімі сіламі прабіраўся... на Беларусь. Пры расфарміраванні Румынскага фронту... я не застаўся за граніцаю, а з жонкаю і маленькімі дзецьмі выбраўся з Румыніі ў Савецкую краіну. Я перажыў шэраг урадаў... з першых, можна сказаць, дзён сапраўднага новага жыцця нашай бацькаўшчыны працую на Беларусі. Савецкая дзяржава — мая дзяржава, я яе выпакутаваў, як мільёны маіх братоў, ад якіх я ніколі не адрываўся...

Я сын... сельскага пралетара, выкінутага беззямеллем з вёскі ў горад, я ў дзіцячыя гады бачыў гора, беднату. Без кумаўства і пратэкцыі сам... прабіў дарогу, абсалютна без усякіх сродкаў скончыў адным з першых па поспехах студэнтаў універсітэт, з навуковаю ступенню, быў пакінуты для падрыхтоўкі да прафесарскае годнасці па гісторыі славянскага права (у прыватнасці, беларускага), побач з гэтым вытрымаў экзамены па філалёгіі...

Беларускую працу я вяду з 1908 г., са студэнцкай лаўкі. Я ініцыятар, арганізатар і першы старшыня Беларускага зямляцтва... усіх вышэйшых школ у Варшаве. Я арганізатар і актыўны працаўнік Беларускага нацыянальнага камісарыяту на Румынскім фронце і Беларускага корпуса ў Ясах. Я першы прававед, які пачаў выкладаць права на беларускай мове, працую над гэтаю моваю, працую над дэтальным вывучэннем права БССР.

Хто ж пасмее кінуць мне папрок, што я не сын мае бацькаўшчыны?..

Я заўсёды займаў і зараз займаю пасады, і «спецстаўкі» мне плоцяць не па кумаўству і не па пратэкцыі, а за тое, што я працую і ўмею працаваць. Маё мінулае і сучаснае ёсць упартая карпатлівая праца...

Хто ж смее гаварыць, што я хлебаед і п'яўка? Хто смее накіроўваць супроць мяне вострую мятлу? Хто смее заклікаць грамаду расправіцца са мною?..

Вывады:

1. Пад тратэктаратам «Полымя» вядзецца арганізаваная траўля некаторых культурных працаўнікоў беларусаў.

2. Друкуючы падобныя «мастацкія творы», «Полымя» салідарызуецца з «песняром», які свядома сам альбо вярней, падбухтораны іншымі спрактыкаванымі інтрыганамі, займаецца ў пратэндуючым на еўрапейскую саліднасць часопісу палітычным шантажом, калі не сказаць бандыцтвам, заклікаючы расправіцца з тымі, хто з даўніх часоў працуе не за страх, а за сумленне на карысць свае бацькаўшчыны.

3. Такое літаратурнае хуліганства, такая траўля, заалагічная нянавісць да прадстаўнікоў сапраўднае ўпартае працы стварае небяспеку культуры... Сорам глядзець у вочы чужым людзям за сваіх правадыроў...

4. Такая арганізаваная з апрабацыі «Полымя» траўля не збірае Беларусь, не надае аўтарытэту тым, хто прэтэндуе на ролю культурных правадыроў, яна раз'ядноўвае, руйнуе Беларусь.

5. Аўтар паэмы — маральны крэтын, вельмі абмежаваны ў сваім светапоглядзе чалавечак, яўны кар'ерыст. На адзінаццатым годзе рэвалюцыі, апрануўшыся ў чырвоную тогу «квазі-паэты», заняўся ратаваннем дзяржавы і рэвалюцыі ад контррэвалюцыянераў. Пад сваёю тогаю ён носіць навостраны нож і сваю нэндзную музу скарыстоўвае на палітычныя шантажы. І з такою музаю ён пнецца на Парнас беларускай паэзіі. Якая іронія!

Якая іронія лёсу і мой трагізм: дзесяць гадоў таму назад, у Крыму, у момант найвышэйшага апагею народнай помсты супроць векавых хлебаедаў і піявак, у той час, калі дзесяткі тысяч заплацілі сваім жыццём за тое, што супярэчылі народнай волі (неабходна, відаць, сказаць, што У. І. Ленін, абураны масавымі рэпрэсіямі «чрэзвычайкі», распарадзіўся стварыць спецыяльную Урадавую камісію па расследаванню дзеянняў Крымскага рэўкома і ЧК.— Э. Я.), у той час не падняўся ніводзін палец (а трэба было варухнуцца толькі аднаму пальцу!), каб прыставіць мяне да сценкі, а тутака на сваёй бацькаўшчыне, на дзевятым годзе мае бездакорнае працы на карысць мае бацькаўшчыны, узгадаваны беларускім часопісам «Полымя.» «паэта-патрыёт», які ў сваім жыцці перакінуўся са мною не больш дзесяткам слоў, падводзіць мяне да сценкі...

Так, дабрадзеі-рэдактары з «Полымя», так. Над гэтым трэба моцна задумацца і Вам, і мне...

Не перашкаджайце ж, сябры, працаваць тым, хто без звону і шуму, зарыўшыся ў кніжныя і архіўныя фаліянты, як крот, рыецца сярод свайго багацця, рыецца, каб гэтай упартай працай прынесці карысць сваёй бацькаўшчыне.

Не ўскладняйце вы жыцця нашага, не шукайце вы сярод сябе ж здрады, контррэвалюцыі... Мы не стаім ні на чыёй дарозе, мы не разыходзімся з вамі ў нашых палітычных надзеях... Хлеба вашага мы не адбіраем, Беларусь для нас не прафесія, а прыгожая мара, ідэя, змест нашага жыцця. Трымайце ж літаратурных хуліганаў на мацнейшым ланцугу!»

 

На жаль, гэта не проста «хуліганства»... Ды Гуткоўскі і ведаў, бачыў гэта. Усяго праз некалькі месяцаў ён як «нацдэм» будзе «вывезены» з Беларусі, а ў лютым 1938 года загіне.

Аўтар жа паэмы Андрэй Александровіч у гэты час будзе працягваць узнімацца па лесвіцы вядомасці і прывілеяў. Стане намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі і ў адным з дакладаў на партыйным сходзе скажа: «Жылуновіч — Цішка Гартны — гэта закончаны, закляты вораг беларускага народа...» Гэта будзе вымаўлена 25 сакавіка 1937 года, чытач. Трыма ж гадамі раней ён стане членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. Лічаць, што ў асноўным за артыкул у былым Жылуновічам часопісе, які Бэндэ паспее «перахрысціць» у «Полымя рэвалюцыі». «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце» будзе называцца той яго вучоны «твор», дзе Александровіч абрынецца з абвінавачваннямі ў здрадніцкай контррэвалюцыйнай дзейнасці на беларускіх вучоных і пісьменнікаў, многія з якіх апынуцца ў брацкай магіле з куляй у патыліцы.

А потым і сам «паэта-патрыёт» і таксама за... славуты «нацыянал-дэмакратызм», пазбаўлены пасад і акадэмічнага звання, пасля калатнечы перасылак і канцлагераў будзе рады, калі яго ўладкуюць спачатку качагарам у нейкай закінутай сібірскай канторы, а затым таксатарам у леспрамгасе, і ссыльныя ж землякі стануць яго, згаладалага і змарнелага, падкормліваць. Так што праз многа гадоў, рэабілітаваны, Александровіч яшчэ вернецца на Радзіму. Пакуль жа ўсё гэта яму не сніцца нават у дурным сне.

Жылуновіч, правёўшы ноч без сну, нарэшце прыняў нялёгкае рашэнне. Ён запрасіў да сябе ў кабінет Андрэя Александровіча і паклаў перад ім рукапіс з працягам паэмы. Як мага спакайней растлумачыў, чаму адмаўляецца яе друкаваць. Пакрыты курортным загарам твар Александровіча стаў яшчэ прыгажэйшым ад праведнага абурэння: патураць нацдэмаўцам?! Гэтак яго, вядомага пралетарскага паэта абражаць! Так гэта Жылуновічу не пройдзе. У хуткім жа часе ён не прамінуў публічна выступіць супроць свайго былога «хроснага», абвінаваціўшы ў патаканні недабітым ворагам пралетарыяту.

Адмовіўся Жылуновіч надрукаваць і «адкрытае пісьмо» Гуткоўскага. Нейкая іронія лёсу бачыцца ў тым, што экземпляр яго захаваўся ў архіве Бэндэ. О, той калекцыяніраваў усе рукапісы падобнага роду!

Хто ведае, раптам і пайшло б тады ўсё неяк інакш, каб Жылуновіч стаяў да канца. Каб яшчэ нехта не адхіснуўся. Публіка сутнасці справы не ведала, карысталася аднымі слухамі. А працяг «Ценяў...» усяго праз некалькі месяцаў з’явіўся ў часопісе «Маладняк», выклікаўшы дадатковы ажыятаж і крыватолкі: як, Жылуновіч адмовіўся публікаваць твор, дзе выкрываюцца ворагі народа?!

І грымнуў адміністрацыйны гром: за арганізацыйна-творчыя хібы ў рабоце Жылуновіч атрымлівае чарговае партыйнае спагнанне, вызваляецца ад пасады галоўнага рэдактара часопіса, а таксама дырэктара выдавецтва. Цяпер прыхільнікі Александровіча становяцца да яго асабліва бязлітаснымі.

Галоўная небяспека, аднак, набліжалася з другога боку, хоць нейкі час здавалася, гэтая лавіна яго міне.

 

17. За кругам

Хоць як сказаць — «з другога». Усё той жа нацдэм, не будзем ужо гэтае слова браць і ў двукоссі. Не ён адзін спадзяваўся, што нацдэмаўская навальніца міне пасля чысткі Наркамзема. Спецаў-аграрнікаў — эканамістаў, аграномаў, нават ветэрынараў, якія хоць заікнуліся аб шкодзе для стала працоўных татальнай калектывізацыі сяла, з рэспублікі «вывезлі». Куды — асабліва стараліся не гаварыць услых. Выходзіць, гэтак трэба для руху наперад. Знік энергічны Кіслякоў, што выступаў за тое, каб на Беларусі не рушыць невялікіх вёсак. Казалі, недзе за Уралам апынуўся прафесар Карклін, аднадумца Чаянава, які заклікаў ператварыць Беларусь у «чырвоную Данію», маўляў, для гэтага ёсць умовы. Карклін знік, а публіцысты і розныя адказныя аратары на сходах усё паміналі, як аграрнік-перараджэнец адкрыта агітаваў за капіталістычную сістэму. Перадавалі: звечара і ўсю ноч на чыгуначную таварную станцыю гналі калоны раскулачаных. Зноў жа ў Сібір, па поўнач Расіі.

Пра тое, як ім там будзе — стараўся асабліва не задумвацца. Раз аказваюць процідзеянне Савецкай уладзе, якая клапоціцца аб хутчэйшым паляпшэнні жыцця сялянскай беднаты, значыць, іх трэба пазбаўляць старых каранёў. Ён жа ведаў, якім упартым бывае селянін-уласнік. А бядняцкія масы віталі раскулачванне, ім перадавалася, дарэчы, не менш чвэрці канфіскаванага зерня, гаспадарчы інвентар, пабудовы, скот...

Жылуновіч стаў пісаць пра змаганне з кулаком і пра імкненне сялянскіх мас будаваць калгаснае жыццё. Літаратурная крытыка пільна сачыла за тым, каб пісьменнікі не абыходзілі гэтае важнае пытанне ў сваіх творах. За спробу ўхіліцца — «білі», абвінавачвалі ў класавай несвядомасці. Гэта ў лепшым выпадку.

На фоне «ўдараў» па нявыкрытых прыхільніках кулацтва з’яўленне ў «Комсомольской правде» артыкулаў за подпісам А. І., якія арыентавалі «свядомых пралетарыяў» ўжо на новыя аб’екты для крытыкі, здалося спачатку выпадковасцю. Тым, што карэспандэнт проста з кімсьці вырашыў паквітацца. Аўтар артыкулаў звяртаў увагу на тое, што ў рэспубліцы былыя прыхільнікі «Нашай нівы» распаўсюджваюць нацыянал-дэмакратызм, які падпольна збірае сілы для спробы адрадзіць буржузны лад. Жылуновіч, спачатку ўстрывожаны, павесялеў, калі ў справу ўмяшаўся «сам» Ян Гамарнік, які цвёрдай рукой праводзіў указанні Масквы па няўхільнай калектывізацыі вёскі і ліквідацыі рэшткаў «буржуазна-нэпманскіх скажэнняў прынцыпу гаспадарчага разліку». Гэты магутны ўкраінец з Жытоміра карыстаўся прыкметным аўтарытэтам у партыі. Адзін з кіраўнікоў барацьбы за Савецкую ўладу ў Кіеве ў самы крытычны момант, старшыня Адэскага, затым Кіеўскага губкомаў Кампартыі Украіны да 1923 года. Калі яго перакінулі на Далёкі Усход, ён, замяніўшы па пасту першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Кнорына, якога ўзялі ў Маскву на павышэнне, надзіва хутка асвоіўся на новым месцы і не толькі па-вайсковаму сачыў за ходам кампаніі калектывізацыі, але наогул пачаў цікавіцца жыццём рэспублікі. Як у сферы эканомікі, так і на культурным фронце, як тады гаварылі. Асаблівую ж павагу ў інтэлігенцыі ён заслужыў тым яшчэ, што праз год жыцця ў Мінску засвоіў больш-менш беларускую мову і рабіў на ёй даклады. 11 верасня 1929 года Жылуновіч з надзеяй і ўдзячнасцю слухаў яго заключнае слова на партыйным актыве Мінска.

Зрабіўшы агляд эканамічнага становішча рэспублікі, якая паспяхова спраўляецца з заданнямі пяцігодкі, і заклікаўшы яшчэ шырэй разгарнуць калектывізацыю, Гамарнік затым неяк нечакана перайшоў да публікацый у «Комсомольской правде». Ён папракнуў карэспандэнта газеты па Беларусі Ярухімовіча ў недальнабачнасці, некампетэнтнасці і нават злоўжываннях дзеля ўласных амбіцый. Гэта выклікала ў слухачоў моцнае ўражанне. А Гамарнік ужо гаварыў такое, чаго ад яго наогул ніхто не чакаў. Свядома выводзіў з-пад удару былых «нашаніўцаў»! Пастулаты артыкулаў за подпісам А. І. аб паходжанні «правых» памылак, праваўкланісцкай практыкі ў Беларусі — памылковыя, заявіў Гамарнік. Нельга, працягвае ён далей, аб’яўляць гэта нацыянал-дэмакратызмам, які быццам бы бярэ пачатак ад «Нашай нівы». «Гэта няправільная, памылковая ўстаноўка,— гаворыць першы сакратар Кампартыі рэспублікі.— Правы ўклон, правая ідэалогія ВКП (б) і практыка ў нас у КП(б) Б таго ж паходжання, што і ў ВКП (б). Гэта праява дробнабуржуазнага націску на асобныя праслойкі партыі, асабліва зараз, у перыяд нашага руху ўверх, па шляху сацыялістычнай рэканструкцыі, пры абвастрэнні класавай барацьбы...»

Гаворыць Гамарнік процілеглае таму, што нядаўна даводзілася чуць ад Кнорына, і пра частку беларускай інтэлігенцыі, якая ў свой час варожа аднеслася да дыктатуры пралетарыяту, эмігрыравала, а затым вярнулася: «А. І. ставіць пытанне вельмі прымітыўна. Яны, сцвярджае А. І., горда прайшлі міма Кастрычніцкай рэвалюцыі, падаліся за мяжу, асталяваліся на некаторы час там, а потым быццам бы іх прыслалі сюды назад для барацьбы супроць Савецкай улады. Што тычыцца некаторых асоб, то магчыма... Але пытанне больш складанае». Гамарнік напамінае аб расслаенні беларускай нацдэмакратычнай эміграцыі. Пра тое, што значная яе частка змяніла вехі «у момант велічнага размаху эканамічнага будаўніцтва Савецкай Беларусі». Што і інтэнсіўнае развіццё нацыянальнай культуры таксама паспрыяла вяртанню. А «сярод тых, хто вярнуўся, частка адышла ад сменавехаўства і чэсна супрацоўнічае з Савецкай уладай дзеля справы сацыялістычнага будаўніцтва... Адсюль патрабуецца з нашага боку дыферэнцыраваны падыход да інтэлігенцыі...

Ужо неяк і нязвыкла было слухаць, што партыйны кіраўнік такога рангу хоць і гаворыць з аднаго боку пра абвастрэнне класавай барацьбы, але ж і жадае ахаладзіць гарачыя галовы няўрымслівых шукальнікаў «класавага ворага». «Нацдэмакратызм не ўзмацніўся,— кажа прамоўца,— а наадварот, ён адступіў пад нашымі ўдарамі, перад нашым наступленнем на класавага ворага... А. І. заклікае: «Неабходна, каб бліжэйшы Пленум дашчэнту пакончыў з нацдэмакратызмам». Даволі гучна, але не сур’ёзна...» І Гамарнік робіць вывад, які асабліва ўсцешыў занепакоенага ўласным лёсам Жылуновіча:

— Зараз трэба з яшчэ большай сілай узяцца за справу беларусізацыі, рашуча змагацца з усялякім адкрытым і скрытым супраціўленнем лініі партыі ў гэтым пытанні... Актыўна, нашымі бальшавіцкімі, пралетарскімі рукамі праводзімая хуткім тэмпам беларусізацыя — найлепшы сродак змычкі рабочага класа з працоўным сялянствам, лепшая зброя ў барацьбе з усялякім шавінізмам, у тым ліку беларускім і рускім. Завострым жа лепей гэтую зброю і будзем усё мацней ёю біць па нацдэмакратызму...

Газеты, якія апублікавалі выступленне Гамарніка, адзначалі, што зала ўхваліла яго бурнымі апладысментамі. Разам з іншымі апладзіраваў Жылуновіч. На Гамарніка ён, праўда, крыўдуе: мог бы і не дапусціць, каб яго вызвалілі з пасады галоўнага рэдактара часопіса. Але ў той жа час першы сакратар не дазволіў учыніць канчатковай расправы, пасадзейнічаў пераводу Жылуновіча на адказную пасаду ў Наркамат асветы. Так што не ўсё тут адназначна, даў урок Ян Барысавіч, ёсць над чым думаць.

Таму асабліва вострым было адчуванне трывогі і нейкай нават асабістай страты, калі хутка стала вядома — Гамарніка з Беларусі «забіраюць» у Маскву. Некаму там не даспадобы, відаць, прыйшлася яго адносная мяккасць, «ліберальнічанне» з нацыяналамі. «Перакінулі» Яна Барысавіча ў Палітупраўленне РККА. Яшчэ ніхто не мог уявіць, што перажыве ён Жылуновіча на пяцьдзесят дзён...

Трывога аказалася не дарэмнай. У хуткім часе з Масквы прыехалі з інспекцыяй Д. Мануільскі і М. Трылісер і далі беларускім партыйным дзеячам «раскрутку» за палітычную блізарукасць — самасупакоіліся, патураюць нацдэмакратызму, ліберальнічаюць з класава варожым элементам. Патрэбна далейшая бязлітасная чыстка пралетарскіх радоў. Ух, як адразу запрацавалі камісіі «чысцільшчыкаў»! Для Жылуновіча таксама справа ледзьве не скончылася катастрофай. Пацягнула ж за язык спасылацца на прамову таварыша Гамарніка, калі члены камісіі папракнулі яго «нашаніўствам», якое і прывяло, маўляў, да памылковай лініі ў тэатральнай дыскусіі, у схільнасці да нацдэмакратызму.

Ды яшчэ непрыязь камісіі падагрэлі дабрахоты-абаронцы. Хто прасіў? Адказныя супрацоўнікі наркамата, камуністы і беспартыйныя (газеты захавалі, на жаль, імёны толькі двух — Ільічонка і Марука, астатнія дзесьці яшчэ ў архівах) пачалі гаварыць, што таварыша Жылуновіча-Гартнага дарэмна трэціруюць за «нашаніўства» і за тэатральную дыскусію, ён добрасумленна змагаецца за адраджэнне самабытнасці беларускай культуры і народа.

Па настроі камісіі Жылуновіч зразумеў: гэткая абарона можа дорага яму каштаваць. Загінуць вось так, нізавошта ці пайсці на кампраміс? Ды, можа, ён і сапраўды памыляецца, калі супраць яго — Партыя? І Жылуновіч гаворыць з абурэннем: ён, стары бальшавік, адмаўляецца мець што-небудзь агульнае са сваімі абаронцамі. Прызнае крытыку ў свой адрас. А яго так званыя абаронцы няхай не прыкрываюцца яго імем для апраўдання сапраўды шкодных для пралетарыяту нацдэмаўскіх ідэй класавага міру. У адну яму з імі ён лезці не жадае.

І ацалеў. Застаўся нават членам ЦК. Канечне, «наверсе» падтрымалі. Чарвякоў адкрыта не заступаўся, атрымалася б толькі горш, сам Аляксандр Рыгоравіч адчуваў у апошнія месяцы, як становіцца хісткай пад нагамі глеба: пагаворвалі, спачувае, маўляў, «Бухарчыку». Адкрыта падтрымаў новы старшыня Савета Народных Камісараў рэспублікі, Мікалай Мацвеевіч Галадзед. Сын малазямельных навазыбкаўскіх сялян, у новай сітуацыі ён адчуваў сябе даволі ўпэўнена. Яго ў беларускім нацдэмакратызме пры ўсім жаданні ніхто не абвінаваціць! Іншая справа — абеларусіўся (казалі, праўда, і бацькі яго былі з Беларусі, але ж пісаліся рускімі), маладым трапіўшы ў Горкі. Там скончыў рабфак, працаваў затым старшынёй павятовага выканкома Савета. Цвёрдакаменным бальшавіком, пісалі пра яго, праявіў сябе, калі стаў старшынёй тройкі па барацьбе з бандытызмам. Кулі для ворагаў пралетарыяту і бяднейшага сялянства не шкадаваў, руку меў цвёрдую. Ён не атрымаў грунтоўнай гуманітарнай адукацыі, але чытаў многа, культурай цікавіўся і наогул ад прыроды быў надзелены кемлівасцю, якая дапамагала яму знаходзіць памяркоўныя рашэнні нават у складаных гаспадарчых і іншых пытаннях.

7 лістапада 1929 года Галадзед выступіў на ўрачыстым пасяджэнні Мінскага гарадскога Савета. Гаворачы аб неабходнасці і ў далейшым «рашуча змагацца з нацыянал-дэмакратамі і шавіністамі ўсіх масцей», цвёрда ўзяў пад абарону Жылуновіча. У той жа час пастараўся згладзіць магчымую непрыязь інтэлігенцыі да капыляніна за яго выпад супроць сваіх абаронцаў.

— Шчыра кажучы,— заўважыў Галадзед,— многія з нас ад такой абароны адмаўляліся б усімі сіламі і сродкамі. Таму што мова гэтай абароны не адрозніваецца ад той мовы, на якой пра Савецкую Беларусь пішуць розны паклёп за мяжой — Луцкевічы, Станкевічы, Астроўскія. Я чуў, што і таварыш Жылуновіч адмежаваўся ад паслуг падобных абаронцаў... Бо яны аказалі тым самым «мядзведжую» паслугу... Паміж іншым,— працягваў Галадзед,— трэба адзначыць яшчэ адзін цікавы факт «своеасаблівага» пратэсту беларускага нацыянал-дэмакратызму... Некаторыя таварышы, якія не толькі ўвесь час гаварылі выключна на беларускай мове самі, але і павучалі іншых... цяпер пачалі дэманстратыўна гаварыць па-расейску...

Галадзед падрабязна разабраў гэту новую з’яву ў грамадстве і даў ёй палітычную характарыстыку. Гэта не што іншае, падкрэсліў ён, як праява яўнага прыстасавальніцтва. І скіравана яно — «супраць лініі нашай партыі ў нацыянальным пытанні». І ў заключэнне падкрэсліў:

— Сёння гэта таксама неабходна адзначыць. Дзякуючы таму, што партыя ўзяла моцную, цвёрдую лінію барацьбы з шавіністамі, а ў апошні час націснула на беларускі нацыянал-дэмакратызм, пагэтаму некаторыя прыхільнікі русіфікацыі і шавіністы іншых нацыянальнасцей спрабуюць гэта выкарыстаць для таго, каб праводзіць свае русіфікатарскія тэндэнцыі. Такія выпадкі ўжо вядомыя...

Здаецца, самы крызіс мінуў. І тым не менш Жылуновіч цяпер пастаянна адчуваў сваю адметнасць небяспечным кляймом «нацдэма» — яго прозвішча мільгае ў газетах, у тых матэрыялах-рэзалюцыях розных сходаў грамадскасці, што даваліся пад шапкамі: «Працоўныя патрабуюць сапраўднага, чэснага адмаўлення правых банкротаў ад сваіх поглядаў!», «Безумоўна прызнаць памылкі — ці вон з партыі!». А яшчэ ж і літаратурныя крытыкі не адставалі.

Так паўтаралася з дня ў дзень, і Жылуновіч пачаў міжволі неяк пагаджацца з тым, што сапраўды вінаваты. Калі ж гэта ён так моцна запэцкаўся гэтым праклятым нацдэмам? Дзе ён, сын землякопа і сам рабочы, збіўся з пралетарскай дарогі? Выходзіць, гэта так яго і сапраўды заваражылі блакітныя балотныя агеньчыкі «нашаніўства»!

Але ж ён пакаяўся! Адмежаваўся, выступіў нават з выкрыццём нацдэмаў, як яму і рэкамендавана ў ЦК. Трэба яшчэ напісаць і адкрыты ліст у рэдакцыю газеты? Што ж, не ён першы... Хто думаў, што прыклад пакажа Якуб Колас. Адрокся і ад «Нашай нівы», і ад сяброў, з якімі пачынаў там. Адрокся ад работы ў Інстытуце беларускай культуры... Ігнатоўскі... Вось, заявіў у «Звяздзе» пра галоўную сваю кнігу — памылковая! Піша, што там, у прыватнасці, «недастаткова падкрэслена контррэвалюцыйная сутнасць Беларускай сацыялістычнай грамады». Яго заяву, пэўна ж, адразу пачалі цытаваць-каменціраваць на ўсе лады, а Данільчык і Карнейчык дык імгненна прышпілілі сюды і яго, Жылуновіча. Вось, пішуць: «Чуеце, тав. Жылуновіч?» Вось: «Хутчэй варушыцеся з прызнаннем і асуджэннем сваіх нацыянал-дэмакратычных памылак,— скажам мы ў заключэнне астатнім нацыянал-дэмакратычным укланістам, іначай позна будзе...»

Гэта што ж, яму, Жылуновічу, дык ужо і позна? «Чуеце, тав. Жылуновіч?» Як не пачуць. Язэп Дыла, паплечнік па Белнацкому, ягоны намеснік у Белдзяржвыдзе, а перад тым дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства Інбелкульта, сур’ёзны вучоны, гісторык, як ні стараўся ў апошні час не лезці на ражон, нават у тэатральнай дыскусіі выступіў супраць пазіцыі Зарэцкага пра касмапалітызм вядучых работнікаў кінастудыі, усё роўна паплаціўся за спачуванне нацдэму. Арыштаваны і высланы за межы рэспублікі! Прафесар Скандракоў... «Вывозіць» збіраюцца, дакладна вядома, а той усё сваё — чысты, нацдэм наогул глупства, ён абавязкова вернецца на радзіму «з чэсцю». Міхась Мароз таксама спрабуе даказаць — чэсна служыў народу. Чэсна не чэсна, а калі прычапіліся гэтыя бэндаўцы ці як іх там яшчэ, дабром не скончыцца. Пашанцуе яшчэ, калі вывезуць куды-небудзь у аддаленыя мясціны Расіі, а то ж могуць — кулю ў патыліцу і пакласці ў яму каля самай беларускай сталіцы, як Лёсіка ці Ластоўскага... Ды прыкладаў ужо дастаткова, каб разабрацца ў сітуацыі. Вунь колькі вакантных месцаў апошнім часам з’явілася не толькі ў Наркамземе ды Наркамасветы — у Акадэміі, інстытутах, універсітэце. Яго спачатку ўразіла, што і самога рэктара, Пічэту, «вывозяць» за беларускі нацдэмакратызм. Гэта ж прышлага, сына ўкраінкі і серба! А потым і прыгадаў, якія пічэтаўскія артыкулы па распрацоўцы гісторыі старадаўняга літоўска-беларускага права сам падпісваў да друку. Узяў з паліцы кніжку «Полымя», разгарнуў, прачытаў знаёмае: «Беларусы, як расійцы і ўкраінцы, выйшлі з аднаго этнаграфічнага корню ўсходне-еўрапейскага славянства. Але ў далейшым развіцці гістарычнага жыцця кожнага з гэтых народаў усе яны адасобіліся і жылі сваім асабістым гістарычным жыццём, доўгі час нічога супольнага між сабою не маючы. Маючы свае звычаі і выпрацоўваючы сваё нацыянальнае права...» Ці гэта: «Растова-Суздальская Русь не з’яўляецца працягам гістарычнага лёсу Кіеўскага перыяду...» Вось яму ўсё цяпер і прыпомнілі. Не абмінуць і рэдактара, з тугою думае Жылуновіч.

Яму не дадзена будзе даведацца, што Пічэту потым па шчаслівай выпадковасці і асабістаму загаду Сталіна, які пажадаў зрабіць прыемнае госцю — замежнаму дзяржаўнаму дзеячу, адшукаюць ледзьве жывога у лагеры ля Урала, падкормяць, апрануць у шыкоўны касцюм і спешна прывязуць у Маскву. І стане потым Уладзімір Іванавіч Пічэта і членам КПСС, і сапраўдным членам Акадэміі навук СССР. Такі вось фантастычны зігзаг фартуны.

Ну, а Язэп Дыла да канца сваіх дзён пражыве потым на ўскраіне Саратава. Скандракоў жа апынецца ў Яраслаўлі, затым у Сярэдняй Азіі і ўвесь час будзе актыўна спрабаваць вярнуцца на Беларусь. Але — «з чэсцю»! І гараваць, даведаўшыся, што гэтаму, аказваецца, яшчэ чыняць перашкоды і тыя, каго ён лічыў найбольш зацікаўленымі ў ісціне людзьмі і нават сябрамі. Прыхільнік паэзіі, у тым ліку і роднай, беларускай, пакіне ён словы папроку і перасцярогі тым суайчыннікам, хто ўзяў на сябе высокую місію быць паэтам: «Не лянота, а баязліўства з’яўляецца маці ўсіх заган. Праўда, Пушкін пісаў, што «пока не требует поэта к священной жертве Апполон» і г. д. Але ж мы жывем у больш адказны час. Цяпер паэт павінен быць крыштальна чыстым і мужным. Бо ён — сумленне народа. Што ж будзе з народам, калі сумленне яго замуціцца?»

Ён памёр у Карагандзе і пахаваны на могілках ля дарогі ў Далінку. Побач са сваёй адданай спадарожніцай жыцця некалі кучаравай золатавалосай прыгажуняй «Параскай» — Казімірай Рычардаўнай, народжанай Яноўскай {Япоўскай.

Міхасю Марозу наканаваны шлях больш цярністы. Апынуўшыся спачатку на Калыме ў выгнанні, ён у 1937 годзе падвергнецца арышту, жорсткім допытам і катаванням у магаданскай турме, падпіша, як сам прызнае пасля, «ряд фантастически ложных документов», адмовіцца ад сваіх паклёпаў на судзе, але будзе ўсё роўна асуджаны да зняволення па абвінавачанню ў контррэвалюцыйна-дыверсійнай дзейнасці і накіраваны на паўночныя руднікі. Разбіты рэўматызмам, з’едзены цынгой, напалову паралізаваны, пасля шматгадовых пакут, будзе працягваць пісаць пісьмы ў «інстанцыі» з просьбамі перагледзець справу, бо не вінаваты ж ні ў чым. Будзе прасіць, каб адпусцілі дадому, бо зусім хворы. Ён спадзяецца на радзіме яшчэ «восстановить свое здоровье и включиться в полноценный труд», бо трэба ж падтрымаць, вырасціць дзяцей. Міхась Мароз, аднак, так і сканае ў затхлым ледзяным бараку для інвалідаў за сем кіламетраў ад Магадана...

Пакуль усе яны ў Мінску, і кожны спадзяецца на лепшае, яшчэ вольны зрабіць нейкі выбар і тым самым, магчыма, уздзейнічаць на свой лёс. Хоць і гаворыцца — ад яго не вывернуцца. Тады дзе пачатак яго? — вось што да трывожнай бяссонніцы і пякучага болю ў сэрцы хочацца спасцігнуць, з нашай далечыні ўглядаючыся ў біяграфіі гэтых неардынарных суайчыннікаў. Усё ж кожны з нас, нягледзячы ні на што, яшчэ і такі, якім асабіста дазволіў сабе быць. У гэтым былі ўпэўнены яшчэ філосафы старажытнасці.

— А раптам каток усё ж спыняць? — думаў Жылуновіч.— Такія, як Гамарнік. Ці Рудзутак. Ці Кіраў... Процістаянню ж на ўзроўні ўрада рэспублікі дзе ўзяцца? Верх узяла сталінская «аўтанамізацыя», а прынцып саюзнасці і суверэннасці нацый так і застаўся прыгожым міфам. У адной дзяржаве столькі народаў не трэба, гэта аслабляе — вось што чулася ад прыхільнікаў Сталіна. А калі гэта сапраўды так? Аднаго ніяк душа не магла прыняць — што ісціна аказалася ў Сталіна. І ўсё адцягваў з публічным пакаяннем, у чым яго падтрымліваў Янка Купала. Таго таксама гэтым бязлітасна даймалі. Хто? Якім словам назваць тых людзей?

Канчаткова прыняў рашэнне, калі прачытаў выступленне Калініна: «Асаблівасцю Сталіна з’яўляецца тое, што ён, грунтуючыся на глыбокім веданні рэвалюцыйнай тэорыі марксізму, умее яе правільна пераўтвараць у рэвалюцыйную тактыку, што даецца, на жаль, вельмі абмежаванай колькасці людзей...» Вось яно, значыць, як. Абмежаванай колькасці...

Сярод тых, хто падпісаў прывітанне Сталіну ў сувязі з пяцідзесяцігоддзем правадыра працоўных, Жылуновіч убачыў прозвішча і Гамарніка. Такі, здавалася, незалежны характар! Значыць, больш ніякіх сумненняў, якой лініі трымацца, каб ацалець... «Чуеце, тав. Жылуновіч?»...

У пакаянным пісьме ён не пакінуў ад свайго мінулага, здаецца, каменя на камені. Прызнае шкоднасць свайго артыкула «Беларускія секцыі РКП (б) Б і стварэнне Савецкай Беларусі», надрукаванага ў часопісе «Полымя». Прызнае памылковасць пазіцыі ў часе тэатральнай дыскусіі. Так, піша, сапраўды «праявіў сябе прыхільнікам буржуазнай самабытнасці і трухлявай спадчыннасці ў развіцці беларускай культуры», як гаворыцца ў пастанове ЦК КП(б) Б. Так, стаў на шлях, дзе «нацыянал-дэмакратычная агульнасць засціла сабой пралетарскую класавасць». Ён яшчэ раз пацвярджае, што рашуча адмяжоўваецца ад нацыянал-дэмакратаў, якія ў час чысткі Жылуновіча «зрабілі вылазку супраць партыі». Так, лічыць «памянутае выступленне групкі нацдэмакратаў... антыпартыйным і класава-варожым», асуджае яго «з усёй сваёй рашучасцю» і адмяжоўваецца ад яго. Яго памылкі не выпадковыя, заяўляе ён, быццам запісвае пад нечую дыктоўку, не беспрычынныя. Яны ёсць прадукт настрояў, успрынятых ад доўгатэрміновых кантактаў з нацдэмакратамі ў часе сумеснай работы і ад слабай сувязі з рабочымі масамі.

Заключае ён сваё «адкрытае пісьмо» так:

 

«Прызнаючыся цалкам і поўнасцю ва ўсіх сваіх памылках, я рашуча іх асуджаю і ўпэўнены ў іх выпраўленні ў працэсе далейшай сваёй работы ў радах КП(б) Б. За апошні час я ўсебакова прарэвізаваў свае погляды на мінулае і сучаснае ў беларускім руху, выявіў сутнасць тых умоў, якія штурхалі мяне прытрымлівацца гэтых поглядаў, і адзначаю рашучую неабходнасць іх выпраўлення ў бок класавай вытрыманасці. І дарэмныя ўсе намаганні варожага мне беларускапольскага фашызму і беларускага нацыянал-дэмакратызму ўзяць мяне пад сваю «абарону». На працягу доўгага часу я змагаўся з імі і далей не спыню барацьбы з гэтымі заядлымі ворагамі рабочых і бядняцка-серадняцкага сялянства...»

 

З горыччу пераканаўся Жылуновіч, што «інстанцыі», відаць, мала паверылі ў шчырасць яго пакаяння. А можа проста яму падстроілі пастку? Ён жа фактычна падпісаў сабе прысуд! Зразумела, яго падбухторылі зрабіць так, каб уласнаручна запэцкаўся брудам з ног да галавы і згубіў давер’е магчымых прыхільнікаў, той часткі інтэлігенцыі і простых людзей, што верылі яго слову. Каб за мяжой таксама ніхто ў яго абарону ўжо не сказаў ніводнага слова. Але ж так хочацца жыць!

У хуткім часе ў газеце «Савецкая Беларусь» (яе ўжо не рэдагаваў Міхась Чарот) з’явіўся артыкул, які пацвердзіў яго самыя горшыя падазрэнні.

«У сваёй заяве 3. Жылуновіч прызнае свае нацыянал-дэмакратычныя памылкі,— скакалі перад яго запалёнымі ад хранічнай бяссонніцы вачамі газетныя радкі.— Заява... гэта банкруцтва нацыянал-дэмакратычных элементаў... На працягу некаторага часу 3. Жылуновіч быў адным з галоўных ідэолагаў нацыянал-дэмакратычнага ўклону...»

Гэтак нават?! Ён, які заўсёды шчыра і добрасумленна стараўся выконваць усе ўказанні ЦК партыі! Нездарма ж яго раней кляймілі нават «агентам Масквы»,— з горыччу думаў Жылуновіч. «Заява т. Жылуновіча з’яўляецца адным з мацнейшых удараў па заходне-беларускаму нацыянал-фашызму...» — чытаў далей. Ды што яны прычапіліся? Якія ў яго і калі былі сувязі з тымі заходнімі беларусамі? Ну, а што ж цяпер? Ага, вось: «Сам т. Жылуновіч не на словах, а на справе павінен даказаць, што ён стаў на шлях партыі. Толькі актыўнай барацьбой з нацыянал-дэмакратызмам, з рознымі варожымі ідэалогіямі, барацьбой за лінію партыі т. Жылуновіч адновіць давер рабочых мас...»

Ды пры чым тут рабочыя масы! Кожны дэмагог выступае ад іх імені. Але галоўнае, улады даюць усё ж шанс, называюць таварышам, значыць, яшчэ аказваюць давер... Ды ён жа заўсёды змагаўся з буржуазным нацыянал-фашызмам! Таму за кардонам яго і стараюцца запэцкаць, калі спачуваюць, што Жылуновіч падвяргаецца цкаванню з боку сваіх расійскіх сяброў. Хітра робіцца! Ну, ды і ён жа будзе біць па іх з усіх сіл. Іншага і шляху ў яго няма.

Тым не меней і «свае» яго па-ранейшаму не пакідаюць у спакоі. Гэта амаль непазбежна: калі ў газеце з’яўляецца артыкул пра нацдэм, там абавязкова прыгадаюць і яго імя.

Атрымаў за яго і Чарвякоў. Той таксама, калі прыйшла чарга публічна каяцца ў грахах супраць пралетарыяту, не абышоў імя Жылуновіча. Спачатку пакаяўся ў праваапартуністычных памылках наогул. Потым за тое, што на Другім з’ездзе таварыства «Далоў непісьменнасць!» 20 кастрычніка 1928 года ён, гаворачы пра цяжкасці ў забеспячэнні горада і сяла таварамі, заклікаў слухачоў у сувязі з гэтым уважліва прачытаць артыкул Бухарына «Заметкі эканаміста». Затым успомніў 1925 год і прызнаў памылковай сваю прамову на VII Усебеларускім з’ездзе Саветаў. У прыватнасці, тое месца, якое ўжо цытавалася ў друку як адмоўнае, калі «вычышчалі» кулацкіх хаўруснікаў у Наркамземе: «Савецкая ўлада ўзяла цвёрды курс на тое, каб дапамагчы сераднякам і беднякам будаваць сваю сельскую гаспадарку. Яна цвёрда сказала селяніну: ты знаходзішся пад аховай савецкіх законаў і можаш смела працаваць над развіццём сваёй гаспадаркі. Багацей, селянін! І чым станеш заможней, тым заможней будзе наша Савецкая рабоча-сялянская дзяржава». Гэта значыць, амаль даслоўна паўтарыў Бухарына.

Ну, а яшчэ буйнейшай палітычнай памылкай, якая «аб’ектыўна з’яўляецца праваапартуністычнай», прызнаў Чарвякоў свой артыкул у часопісе «Полымя» «Пясьняр барацьбы і змагар за Савецкую Беларусь» — пра Жылуновіча. І далей ужо пра яго, Зміцера Хведаравіча, які трапіў пад уплыў нацдэмаўцаў. Не забыўся нагадаць і пра пазіцыю ў тэатральнай дыскусіі.

Што ж, лагічна. Не ўспомніць сам — знойдуцца, хто падкажа, што ты там упусціў, з гэтага ж кормяцца.

І на тым не скончылася ягонае бічаванне. Вось, яго не тычыцца, здавалася б: Платон Галавач з Алесем Звонакам уз’еліся на «ўзвышанца» Язэпа Пушчу, які пакрытыкаваў іх за малапісьменнасць і параіў не хваліцца гэтым, а займацца адукацыяй. Тыя ў адказ артыкул. Адна назва чаго варта — «Сарваць маску!». Надрукавалі ў часопісе «Маладняк», а потым ці самі дадумаліся, ні нехта дапамог,— тое ж самае ўмудрыліся даць яшчэ і ў «Савецкай Беларусі». Ва «Узвышшы», заяўляюць, заселі кулацкія пісьменнікі. Пад маскаю змагароў за паляпшэнне мастацкага майстэрства і павышэння культурнага ўзроўню літаратараў ганьбяць сапраўды пралетарскіх аўтараў і прапагандуюць класава-чужыя ідэйныя каштоўнасці. «Гэту маску мы сарвём з вас, выкрыем вашу класава-варожую антысавецкую сутнасць»,— пагражаюць яны. І слоў на вецер не кідаюць.

«Выкрываюць» Пушчу, Дубоўку, Глебку, Дудара, Зарэцкага, Лужаніна. Вершы апошняга, аказваецца,— «адкрытая вылазка класавага ворага, які да таго ж прыкрываецца маскай рэвалюцыйнай фразеалогіі». Аказваецца, яшчэ ў 1928 годзе, калі адзначалася 10-годдзе ўтварэння БССР, «гэты маладзенькі паэт напісаў:

 

Мы не хочам радасці вітаць,

  Што чужымі створана рукамі...

 

Бачыце, Беларускую Рэспубліку тварыў і расейскі рабочы, і данбаскі шахцёр,., але па Лужаніну не самі беларусы. Вось чаму Лужанін і но хоча вітаць такое радасці...»

А ў другім вершы ён жа, аказваецца, «высмейвае лозунг самакрытыкі...»

Ну, а Дубоўка, той «займаецца абывацельскім высмейваннем «ухілаў»:

 

Іду дарогаю каля слупоў,

Каб не ўхіліцца ўправа ці ўлева...

Ды крок — і вывіх ідыёлагічны,

Крок — і крытык аж са скуры лезе.

Ці хаваць пад маскаю аблічча,

Ці ў тузе завыць, як воўк у лесе?..

 

Грамілі-грамілі паэтаў, а пад канец, быццам пад дыхавіцу,— удар па Гартнаму: вось чаму ж крытык Ф. Купцэвіч так асцярожненька «разбірае» творчасць гэтага ідэолага варожага пралетарыяту беларускага нацыянал-дэмакратызму? «Свайго» імкнецца прыкрыць? Сарваць маску!.. Сапраўды, хоць воўкам завыць...

Праз кароткі час усе, з каго ў артыкуле былі «сарваны маскі», акажуцца рэпрэсіраванымі. Цудам выкараскаюцца з-пад гэтых жорнаў Глебка і Лужанін (апошняга «вывезуць», праўда, у час масавых арыштаў 1933—1934 гадоў але праз два гады ён вернецца і стане працаваць памочнікам Коласа). Глебка? Можа, таму, што красамоўней за іншых узяўся выкрываць у друку «варожую, контррэвалюцыйную» дзейнасць сваіх нядаўніх сяброў — «узвышанцаў»? Узнёсла гэта ў яго атрымалася ў тым жа артыкуле «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай». І ў вершах хвацка. У паэме «Арлянка». У наступнай паэме, «Мужнасць»:

 

Ад нацдэмаўскіх збродных паек,

З буржуазнага чорнага дна

Выпаўзала,

Ішла глухая,

Наступала на нас вайна...

 

Вядома, не абышлося без кулакоў і хутаран:

 

Кожны хутар,

Абнесены садам,

Па дарозе да нашых мэт —

Гэта 24 засады

На адзін усяго кіламетр...

 

Вобразна, прадметна, страшна. І з натхненнем. Гэткае ды не ацаніць тым, хто валодаў «правільнай лініяй». У Гартнага так не атрымоўвалася, нездарма падазравалі — не ад шчырага сэрца выкрывае. І працягвалі «зрываць маску». Па іроніі лёсу за тыя ж грахі, якія аўтары выкрывалі ў калег, іх потым арыштуюць саміх. Платон Галавач, таленавіты празаік, першы сакратар ЦК камсамола рэспублікі і галоўны рэдактар газеты «Чырвоная змена», перажыве Жылуновіча на паўгода. На судзе адмовіцца ад паказанняў, зробленых пад прымусам, у час жорсткіх катаванняў, але будзе ўсё роўна асуджаны і расстраляны на ўскраіне Мінска ў ціхім дачным бары, які ў хуткім часе назавуць паркам імя Чалюскінцаў. Алесь Звонак пасля шматгадовых пакут у сібірскіх канцлагерах будзе рэабілітаваны і на старасці вернецца ў Мінск.

Ну, а Жылуновіч, як і абяцаў у пакаяннай заяве, пайшоў на вывучку да «рабочага класа» — на завод «Камунар» (цяпер станкабудаўнічы завод імя Кірава). Там гутарыў з рабочымі, цікавіўся ўмовамі іх працы і быту, дапамагаў выпускаць насценную газету, выступаў на літаратурных вечарах. Пісаў аператыўныя нарысы пра заводскіх майстроў. З гэтага неўзабаве склалася кніга — «Наступ на горны». У ёй, як адзначае крытык Ул. Юрэвіч, добра адчуваецца «подых таго часу». Аўтар імкнецца паказаць, як праца на заводзе дае рабочаму не толькі магчымасць зарабіць кавалак хлеба, але і праявіць грамадзянскую сутнасць, вучыць таварыству, пачуццю ўзаемадапамогі, адказнасці за агульную справу, вучыць сацыялізму. Праўда, Гартны з нейкай асцярожлівасцю, мімаходзь закранае нявырашаныя праблемы, непарадкі, піша пра тое, адкуль бяруцца «адсталыя рабочыя», якія чамусьці «злоўжывалі бракам, недаглядам, хваробамі (?!), спазненнямі». Чаму патрэбны быў «вядомы штурмавы месяц» восенню 1930 года, пасля чаго «лепшыя ўдарнікі былі ўзнагароджаны прэміяй — месячным курортам» за кошт завода? Нейкая недагаворанасць, унутраная натужнасць адчуваюцца нават там, дзе аўтар хваліць завадчан. Калі чытаць гэтыя фразы ўслых, падобна на прамову чалавека, якому спазмы ўвесь час перахопліваюць горла...

На літаратурных вечарах ён дзеліцца творчымі планамі: збіраецца да дваццатай гадавіны БССР напісаць раман пра завод. Першая частка (ці, як ён любіў гаварыць, «квадра») — пра жыццё і працу рабочых, пра заводскую партыйную арганізацыю. Таксама пра навуку і вынаходнікаў. А ў другой — пра сувязь завода з вёскай і дапамогу сялянам ствараць калгасы. У яго быў ужо план-сцэнарый будучага рамана, распісаны героі з кароткімі характарыстыкамі. Толькі сесці і разгортваць накіды ў раздзелы.

Крытыкі ж працягвалі патрабаваць ад яго новых пакаянняў і выкрыцця нацдэму. Лічылася па-ранейшаму — Жылуновіч яго ідэйны кіраўнік.

Праўда, прымервалася гэтая «карона» і яшчэ на некаторых. На Янку Купалу ў першую чаргу. Паэта папракалі, што не спяшаецца браць прыклад са сваіх калег, не дае «пакаянны ліст» і можа наклікаць на сябе суровую пралетарскую кару.

Раптам жахлівая вестка — Купала зрабіў спробу самагубства. Нажавая рана ў вобласці печані. Стан цяжкі... Тыдзень чакання, пакуль урачы змагаліся за жыццё паэта, здаўся пакутлівай вечнасцю. Нарэшце весткі абнадзейваючыя. І вось дзень, калі Жылуновічу дазваляецца наведаць паэта. Разам з Ігнатоўскім яны ўгаворваюць Купалу, які па-ранейшаму знаходзіцца ў стане дэпрэсіі: трэба жыць, ён — гордасць і надзея народа... Наступная вестка: «вывозяць» старога Эпімах-Шыпілу, і Купала, яшчэ як след не ачуняўшы, ідзе да высокага начальства — клапаціцца, каб прафесара не арыштоўвалі. Эпімах-Шыпілу дазваляюць ехаць у Ленінград. Купала да самага адыходу поезда побач, аберагае. Гэта апошняя даніна ўсяму высокаму і хвалюючаму, чым надарыў яго лёс у пецярбургскія дні юнацтва.

Разгарнуўшы 14 снежня 1930 года «Звязду», Жылуновіч знаходзіць тое, чаму не хацелася ўвесь час верыць. Ён не можа прызнацца сабе, што разам з горыччу адчувае і патаемную палёгку на душы, чытаючы «пакаянны ліст» Купалы:

 

«...Ва ўмовах нашай рэспублікі ролю збіральніка і арганізатара контррэвалюцыйных сіл, ролю застрэльшчыка сусветнага капіталізму ўзяў на сябе беларускі нацыянал-дэмакратызм... Пачаўшы з 1908 года, у часы самай чорнай рэакцыі, працаваць у «Нашай ніве», я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся гэтымі адраджэнцкімі ідэямі нацыянал-дэмакратычнай дзяржаўнасці і пачаў іх адлюстроўваць у сваёй... творчасці... Дзякуючы гэтаму свайму асляпленню з’явіліся мае такія творы з ярка нацыянал-дэмакратычнымі настроямі, як, напрыклад, «Паўстань», «Перад будучыняй», п’еса «Тутэйшыя» і інш...

Прасякнуты нацыянал-дэмакратычнай заразай, прышчэпленай мне нашаніўскім перыядам маёй літаратурнай працы, калі я стаў адным з ідэолагаў буржуазна-дэмакратычнага «адраджэнцтва» і «незалежніцтва», я і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі не адмежаваўся, як гэта належыла, ад акружаючага мяне нацыянал-дэмакратычнага асяроддзя, а... прыняў самы блізкі ўдзел у контррэвалюцыйнай рабоце віднейшых беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія на грунце Канстытуцыі Савецкай Беларусі... праводзілі свае шкодніцкія нацыянал-дэмакратычныя ідэі на культурным фронце... Я не толькі ні разу не асудзіў іх, але, наадварот, маральна падтрымліваў...

Але гэты этап пройдзен... У нашу векапомную эпоху... праступна ўваскрашаць мінулае... праступна ўтвараць нацыянальную адмежаванасць, асноўваючыся на самабытнасці...

Няхай жыве культура, змест і форма якой выпісаны на ленінскім сцягу найвялікшым сучасным правадыром пралетарыяту т. Сталінын,— культура, пралетарская па сваім змесце, нацыянальная па форме!..»

 

Не, гэта не Купала! Не яго стыль, дух... Але подпіс... І газета выказвае з гэтай нагоды задавальненне, паляпвае паэта па плячы, нібы капрызнага падлетка, які нарэшце адумаўся. На самой справе гэта вельмі горка чытаць! Жылуновіч з тугою думае: ён сам усё ж хоць не скончыў пакаянны ліст хвалой Сталіну.

Горкае суцяшэнне, проста тады гэта яшчэ толькі ўваходзіла ў звычай. Але як хутка расцвіло і ўскаласілася! Ацалеўшыя ад першых «хапуноў» гадоў праз пяць пачнуць наогул спаборнічаць у пісанні палымяных вершаваных прызнанняў у вялікай любові і бязмежнай адданасці Вялікаму і Мудраму, Айцу. Ды яшчэ ад імя свайго народа, раўніва падлічваючы — хто больш створыць хвалебных радкоў. А яшчэ сцвярджаюць, быццам страх не параджае творчага энтузіязму!

Не, прызнанняў у любові да Сталіна ў капыляніна не атрымліваецца. Тут ён ніяк не можа сябе перасіліць. Затое з нейкай проста-такі шкалярскай стараннасцю працягвае выкрываць «нацдэм». Пункт за пунктам крытыкуе, скажам, як у часы германскай, а затым белапольскай акупацыі дзейнічала Беларуская школьная рада. Настаўнікі, піша, «кармілі» ў школах дзяцей такой вось «нацдэмаўскай атрутай», састаўленай з пытанняў і адказаў:

 

«— Як завецца той,— пыталіся,— хто адракаецца ад свайго народа?

— Той, хто выракаецца свайго народа,— павінен быў адказваць вучань,— здраднік, душапрадаўца. Шчыры беларус, праўдзівы сын свайго народу, заўсёды будзе той думкі: «Няхай лепш загіну, чымся адракуся ад свайго народу беларускага».

— Па чым лягчэй спазнаць, што мы — беларусы?

— Па нашай мове. Мова злучае людзей у адзін народ. І наша беларуская мова злучае звыш дзесяці мільёнаў беларусаў у адзіна...

— Якая вера беларуса?

— Беларусы ўсе хрысціянскай веры; часткай католікі, а часткаю праваслаўныя.

— Як павінен трымацца беларус на чужыне?

— Няхай памятае, што чужынцы, углядаючыся на яго, будуць судзіць аб усім народзе. Дык няхай беларус на чужыне годна і паважна прадстаўляе сваю нацыю...»

 

Амаль тымі ж словамі, што і Купала, піша ён пра шкодніцкую ролю Інстытута беларускай культуры. Тэрміналагічную камісію абвінавачвае: беларускай літаратурнай мовай яна прызнала не тую, якой карысталіся звычайна простыя народныя масы, а шляхетную і «кулацкіх раёнаў былога Менскага павета».

Зноў і зноў гаворыць пра сваё прасвятленне і пакаянне. Усё роўна адчувае: ён небяспечна пазначаны, кляймёны. О, як падазрона паглядае на яго Аўгуст Калнін, старшыня Цэнтральнай Кантрольнай камісіі Кампартыі рэспублікі! Ён адмоўна ставіцца да Жылуновіча яшчэ з 1919 года, калі разам з іншымі губернскімі дзеячамі ў Віцебску выступаў супроць стварэння БССР. Цяпер прычапіўся да Жылуновіча, што той без належнага класавага падыходу займаецца фарміраваннем Цэнтральнага архіва. Трэба зноў апраўдвацца. А тут накаціла новая хваля чыстак, і Калнін узначальвае Цэнтральную кантрольную камісію. З Масквы «прывезлі» новага першага сакратара ЦК Кампартыі рэспублікі. Канстанцін Веньямінавіч Гей наогул Беларусі не ведае, а ўстаноўку атрымаў адназначную: нацдэмакратызм, нарэшце, рашуча выкараніць, каб не перашкаджаў інтэнсіўна праводзіць калектывізацыю.

Зноў ператрус кадраў Акадэміі навук БССР! Цяпер у фокусе «ўдараў» апынуўся яе прэзідэнт, Усевалад Ігнатоўскі. Яго публічна вінавацяць у тым, што падтрымліваў дзеячаў былой БНР, якія прызналі Савецкую ўладу толькі дзеля маскіроўкі, а на самай справе падпольна стваралі контррэвалюцыйную нацыянал-дэмакратычную арганізацыю Саюз Выратавання Беларусі. І дзе? У сценах Акадэміі! Ворагі народа панеслі заслужаную пралетарскую кару. Але ці ўсе? І ці выкрыты кіраўнікі? Бо нацдэмаўская дзейнасць працягваецца. Ці ўсё сказаў пра сябе тав. Ігнатоўскі? І той зноў публічна прызнае: не ўсё, вінаваты. Вінаваты, што напісаў кнігу па гісторыі Беларусі, якая стала дапаможнікам для нацдэмаўцаў. Што ён і сапраўды не змог да канца выкараніць у сабе «перажыткаў адраджэнцтва... і эсэраўска-грамадаўскага мінулага». «Незалежна ад таго, хацеў я ці не... я зрабіўся, па правільнай фармуліроўцы тав. Гея, «нацыянал-дэмакратам з партбілетам у кішэні»... Як ні балюча, як ні цяжка для мяне, але я цвёрда вымушаны прызнаць, што палітычна я зрабіў здраду перад партыяй, хоць і не жадаў зрабіць гэтага суб’ектыўна...»

Але Гей і Калнін шукаюць кіраўніка «падпольшчыкаў» беларускага «нацдэма»... Ужо ў каторы раз выклікаюць у Цэнтральную кантрольную камісію Ігнатоўскага. Кожны раз допыт цягнецца да позняй ночы.

Ягоная ўласная «чыстка» распачынаецца ў клубе камісарыята асветы. Народу поўна. У глыбіні залы Жылуновіч ледзьве заўважае скурчаныя постаці жонкі і дачкі. Перажываюць за яго. Прасіў жа: не прыходзьце! Бедная Галя, ён кожны раз пакутаваў, калі бачыў яе хваравіты твар. Бедная дзяўчынка! Нарадзілася ў самы голад і разруху, малой нацярпелася жаху. Колькі давялося потым павазіць па розных урачах і — употай — па шаптухах. І цяпер, канечне, калі яго, барані божа, «вывезуць» за гэты нацдэм, давядзецца ёй пакутаваць.

А можа, яшчэ ўсё і абыдзецца з «чысткай» і на гэты раз, цешыць ён сябе. Як яшчэ пакаяцца, каб яму канчаткова паверылі? Як давесці гэтым Калніну, Рыскіну, Шаранговічу, што ён, Жылуновіч, ніякі не хітры вораг, а свой?

Пытанні старшыня камісіі задае жорстка, і Жылуновіч адчувае: на гэты раз літасці не будзе. На стале стос газетных выразак — матэрыялы супроць яго. Ёсць таксама і «выкрывальныя» лісты. Ёсць і ўласныя яго тлумачальныя запіскі. Колькі іх ужо набралася! Ён бачыць у зале мноства спачувальных вачэй... Але зараз ужо не ўзняўся ніхто, каб сказаць слова ў яго абарону. Абвінаваўцаў — гэтых дастаткова. Ён стараецца адказваць з годнасцю.

Ці праўда, што ў яго жонка з дваранак? Ці пра ўсе свае ідэалагічныя памылкі напісаў?.. Нарэшце пытанне, якое, як лічаць сведкі, усё вырашыла канчаткова: чаму не напісаў ніводнага верша пра таварыша Сталіна? Ну не гаварыць жа тут пра яго асабістыя сустрэчы з правадыром!

Жылуновіч адказвае: не адчувае сябе яшчэ дастаткова духоўна спелым, каб пісаць пра такога чалавека. Члены камісіі пераглядваюцца шматзначна...

Ён занепакоены: не дагадзіў. А што яшчэ можна сказаць? Зноў звяртаецца да яго з’едлівы Рыскін (ну і смала!):

— Вы так і не адказалі, Жылуновіч, якой усё ж была Капыльская сацыял-дэмакратычная арганізацыя: бальшавіцкай ці меншавіцкай?

Жылуновіч:

— Зараз нават не магу дакладна сказаць, які быў яе накірунак. У канцы дзевяцьсот пятага года мела назву раённай, мы рыхтаваліся да паўстання...

Нарэшце Калнін спыняе роспыт:

— Пра астатняе, Жылуновіч, скажаце на наступным пасяджэнні. А пакуль раю добра падумаць.

Падумаць? Ён у апошнія месяцы толькі тым і займаецца, што корпаецца ва ўласным мінулым. З тугою перабірае яго не па днях, а па гадзінах. Чаму ён урадзіўся такі неабачлівы? Колькі памылак!.. Чаго гэты Рыскін усё дамагаецца, якога кірунку была капыльская арганізацыя ажно ў Пятым годзе? Праца валіцца з рук, не спіцца. Адна ўцеха — пабыць з дзецьмі. Як ім будзе без яго, калі раптам?.. Не, аб гэтым лепш не думаць, усё абыдзецца.

Нарэшце зноў выклікаюць да Калніна. І па-ранейшаму аваднём ліпне гэты Рыскін са сваім ранейшым:

— Скажыце, Жылуновіч, у капыльскай арганізацыі было многа бундаўцаў?

Не, успамінае ён, бундаўцы мелі сваю арганізацыю.

Рыскін:

— Дык што, ваша арганізацыя была нявызначанага кірунку?

Яму ўжо моташна ад гэтага роспыту. Але трэба трымацца.

— Хутчэй за ўсё,— ветліва адказвае ён,— у ёй сапраўды не было падзелу — хто меншавікі ці бальшавікі. Не памятаю, каб аб гэтым у нас гаварылі. Мы рыхтаваліся да паўстання.

Да Рыскіна далучаецца яшчэ адзін член камісіі, Равінскі:

— А ўсё ж: бальшавіцкая ці меншавіцкая? На вашу думку — якая?

Жылуновіч:

— Проста не магу зараз і сказаць... Можа, бліжэй да меншавіцкай...

Цяпер бяруцца за разбор яго членства ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе. Тут асабліва дапякае чамусьці Шаранговіч.

Жылуновіч імкнецца неяк дагадзіць гэтаму даволі магутнаму па апошнім часе функцыянеру.

— Я лічу, таварыш Шаранговіч, — усё ж адважваецца ён хоць на нейкае пярэчанне,— што я быў самы левы ў той ленінградскай арганізацыі Грамады...— і паспешліва дадае, заўважыўшы пагрозлівую пахмурнасць броваў другога сакратара ЦК: — Праўда, па духу ўвабраў у сябе і сацыял-дэмакратызм... Я з ім не разлучаўся, падаўшыся ў дробнабуржуазнае балота...

А ўсё ж, з якой мэтаю ён, актыўны грамадавец, задае пытанне Равінскі, пачаў раптам супрацоўнічаць потым з Саветамі? Жылуновіч адчувае тут для сябе прыхаваную пастку. Як абысці? І ўсё ж «паслізнуўся». Думаў, адказвае ён (ах, як небяспечна прагучала гэтае «думаў»! Выходзіць, цяпер займае іншую пазіцыю?), што ўлада Саветаў, пралетарская дыктатура прынясе народам поўнае нацыянальнае вызваленне, што тады і ён, Жылуновіч, «стаўшы прыхільнікам Савецкай улады», лепш дапаможа «на савецкіх пачатках вырашыць беларускае нацыянальнае пытанне ў сэнсе яго класавага значэння». «Дэкларацыя правоў народаў Расіі», падкрэслівае ён, «зрабіла ўва мне сапраўдную рэвалюцыю...».

Перад ім пракручваюць усё ягонае жыццё, кожны крок у мінулым. Ну і папрацаваў нехта! І абавязкова знаходзяць нешта варожае «генеральнай лініі». Вось і гэта: калі ўзначальваў Белнацком, у васемнаццатым годзе, рынуўся да таварыша Свярдлова спрачацца — чаму гэта ЦВК РСФСР перадае Літве Віленскую губерню, калі на яе тэрыторыі ў пераважнай большасці жывуць беларусы? Дык і што? Гэта ж бясспрэчная дробнабуржуазная нацыяналістычная вылазка! Сапраўды, думае ён, навошта была яму тая губерня, чаму трэба было лезці на ражон? Так, памыляўся, адказвае ён, вінаваты, але ж карэнным чынам перагледзеў сваю пазіцыю. Перагледзеў? А хто потым з таварышам Сталіным спрачаўся, калі ствараўся першы беларускі савецкі ўрад? З якой мэтай хацеў дадаткова ўвесці ў Цэнтральнае Бюро прадстаўнікоў з «групы камуністаў-беларусаў»? О, як даліся яму ўжо ў знакі тыя Беларускія камуністычныя секцыі! Цяпер яны іначай, як асяроддзе шкоднага нацыяналістычнага элемента, і не характарызуюцца.

Вінаваты, адказвае Жылуновіч, але ж ён упарціўся нядоўга і урэшце падпарадкаваўся тэлеграме таварыша Сталіна.

— Падпарадкаваўся? — іранізуе Рыскін.— А самі працягвалі спрачацца з Мясніковым.

— Гэта ў Смаленску,— удакладняе ён.— А потым дамовіліся і паехалі ў Менск. Тое, што было ў Смаленску, трэба аднесці да ўнутраных узаеманепаразуменняў.

— Гэта была шкодная сепаратысцкая лінія, якую распрацоўвала група камуністаў-беларусаў,— не пагаджаецца Рыскін.

Жылуновіч бачыць нейкую непахісную варожасць да сябе з боку членаў камісіі, але спадзяецца на літасць.

— Мяне за мае нацыяналістычныя памылкі,— гаворыць ён,— нягледзячы на падтрымку Цэнтральнага Бюро партыі на першым Беларускім з’ездзе Саветаў, не абралі ў склад ЦВК.

— І тады вы вырашылі стаіцца,— напамінае яму Равінскі.— Выехалі за межы рэспублікі.

— Я лічыў,— тлумачыць ён,— што, пасля таго як я не змог выканаць патрабаванняў партыі, мне неабходна сваёй працай зжыць у сабе рэшткі нацыяналістычнай адрыжкі. Але я ведаў, што, калі застануся на Беларусі, гэта мне зрабіць не ўдасца. Таму я і накіраваўся ў Харкаў, а адтуль на фронт.

Пасюкевіч (таксама член камісіі):

— За што былі тады арыштаваны?

 

Жылуновіч:

— Ніколі не быў.

Пасюкевіч:

— Але ж перапіска аб вашым арышце была.

Жылуновіч:

— Гэта было. Пасля таго, як мяне не абралі...

— Вы і пасля не пазбавіліся ад сваіх ранейшых адрыжак,— перапыняе яго Шаранговіч.— Напрыклад, як член Таварыства гісторыкаў-марксістаў узвялічвалі так званыя Беларускія камуністычныя секцыі, прысвойвалі ім заслугу ў стварэнні БССР. Але гэта вам проста не ўдалося, Жылуновіч. КП (б) Б заўсёды рашуча змагалася з усімі, хто хацеў прысвоіць іншым партыям (Белсекцыі ўжо «іншая» партыя?! — жахаецца Жылуновіч) заслугу арганізацыі Беларускай рэспублікі.

Равінскі пераводзіць размову на яшчэ больш небяспечную тэму — на сучаснасць. «Гэта нацыянал-дэмакратычная ўстаноўка,— заўважае ён,— выклікаць павышаны інтарэс да беларускага пытання і культуры ў заходне-еўрапейскіх колах — буржуазных. Жылуновіч працягвае старую сацыял-дэмакратычную ўстаноўку БНР».

— Сувязь на Захад я ўвязваў толькі з пралетарскімі і камуністычнымі пісьменнікамі,— спрабуе ён апраўдацца.

Але на тварах членаў камісіі — застыглыя ўсмешкі недаверу. З трывогай сочыць ён, як адзін аднаму — Рыскін Калніну, той — Равінскаму — члены камісіі перадаюць нейкія паперы. Кожны чытае з суровым выразам твару і потым асуджальна зыркае на яго, Жылуновіча. «Што там супроць мяне яшчэ?» — тужліва думае Жылуновіч. А гэта паказанні Цвікевіча, лісткі з пратакола допыту Ігнатоўскага, якому задаваў пытанні Шаранговіч: «У Наркамасветы каго вы, Ігнатоўскі, лічыце правай групай?» Ігнатоўскі: «Я думаю, гэта Ільючонак, Стасевіч, Каранеўскі, Баліцкі, Жылуновіч...» Шаранговіч: «А Чарвякоў?» Ігнатоўскі: «Блізкі, але сам у гэтай групе не быў. Ён той, на каго група рабіла стаўку...» Шаранговіч: «А група Ігнатоўскага — Чарвякова?» Ігнатоўскі: «Такой не існавала». Шаранговіч: «Вы належалі да групы Жылуновіча, так?» Ігнатоўскі: «Ніколі...»

— Скажыце, Жылуновіч,— звяртаецца да яго Калнін,— вы добра знаёмыя з Ігнатоўскім?

Жылуновіч:

— Знаёмы. Але адносіны стрыманыя. Нават халодныя.

Рыскін:

— Але ж уваходзілі ў камісію па падрыхтоўцы яго юбілею, напісалі артыкул аб навуковых і грамадскіх заслугах Ігнатоўскага.

Жылуновіч:

— Шкадую, што гэта рабіў. Не адразу разабраўся ў яго нацыянал-апартуністычных поглядах. Магу дадаць, што Ігнатоўскі не хацеў, каб мяне абралі правадзейным членам Інбелкульта. А потым акадэмікам. Калі ў 1928 годзе нехта з урадавай камісіі прапанаваў назначыць мяне віцэ-прэзідэнтам акадэміі, Ігнатоўскі заявіў, што калі Жылуновіча абяруць віцэ-прэзідэнтам, дык ён адмаўляецца быць прэзідэнтам. Лепш яго прызначце прэзідэнтам, а мяне, сказаў, зусім вызваліце ад акадэміі. Я з Жылуновічам не магу і не буду працаваць... Ён хацеў Бялугу і не меў нічога супроць Некрашэвіча.

Шаранговіч:

— Вакол Ігнатоўскага існуе групоўка беларусаў-камуністаў?

Жылуновіч:

— Не чуў. Абсалютна не ведаю. Клянуся.

Равінскі:

— У нас ёсць важкія доказы, што вы самі, Жылуновіч, пад выглядам адраджэння нацыянал-дэмакратычнай культуры змагаліся за адраджэнне буржуазных парадкаў.

Жылуновіч (рашуча):

— Гэта не так.

Абвінавачваюць, што на акадэмічнай канферэнцыі па мове два гады назад падтрымаў прапанову «акадэмікаў-нацдэмаў», каб на Беларусі зноў ужывалі пры пісьме лацінскі шрыфт. «Такое пісьмо ў кіруючыя інстанцыі падпісвалі, Жылуновіч?».— «Падпісваў,— прызнае.— Але потым ад сваёй прапановы адмовіўся, калі пачуў думку таварышаў з Масквы».— «А чаму падтрымлівалі гэтую шкодную нацдэмаўскую вылазку?» Падпаў тады пад уплыў настрояў, тлумачыць ён, што лацініца палегчыць беларусам вывучэнне расейскай мовы і папярэдзіць блытаніну пры пісьме. Наогул дапаможа большаму інтэрнацыянальнаму аб’яднанню працоўных.

Камісія ўспрымае яго тлумачэнне як хітраванне. Яму задаюць яшчэ больш небяспечнае пытанне: аб сувязях з замежнымі антысавецкімі дзеячамі.

— З Езавітавым сустракаліся? — пытае Калнін.

— Было,— прызнае ён.— Але ініцыятарам быў не я. У перапынку акадэмічнай канферэнцыі па мове прыйшлі да мяне на кватэру некалькі партыйцаў, і з імі нацыянал-дэмакрат Езавітаў. Я ведаў, што ён — рэдактар у Рызе беларускай газеткі, якая субсідзіруецца нашым камісарыятам па замежных справах, збіраецца пераязджаць у Савецкую Беларусь.

Яго прыпякаюць з іншага боку: падтрымліваў варожыя дзеянні старшыні Савета Народных Камісараў БССР Адамовіча супроць першага сакратара ЦК КПБ таварыша Крывіцкага. Як гэта было, Жылуновіч?

Тады ён, адказвае, лічыў дзеянні Язэпа Аляксандравіча Адамовіча правільнымі, спачуваў яму і згаджаўся, што Крыніцкі, як чалавек прыезджы, не вельмі лічыцца з беларускімі нацыянальнымі асаблівасцямі і таму перашкаджае аб’ектыўна нармальнаму культурнаму развіццю рэспублікі.

— І вы ўвайшлі ў антыпартыйную групоўку нацыяналіста Адамовіча,— падказваюць яму.

Жылуновіч спрабуе хоць неяк змякчыць жорсткасць і небяспечнасць фармуліроўкі:

— Цвёрды і вытрыманы бальшавік Адамовіч сапраўды праявіў у сабе слабасць у адносінах да нацыянальнай інтэлігенцыі. Вакол яго пачалі групавацца беларусы-камуністы...

— Там аказаліся і вы, Жылуновіч,— канкрэтызуе Рыскін.— Як гэта было? Дзе адбываліся пасяджэнні групы?

Божухна, зноў яму шыюць небяспечны крымінал!

— Я лічыў ленінскую нацыянальную палітыку правільнай і тэмпы яе здавальняючымі,— пачынае ён зводдаль.

— Дык у чым жа тады справа? — нецярпліва кідае Калнін.— Чаму прымалі ўдзел у змове?

— Я тым не менш,— пакаянна гаворыць тады ён,— пачалавечы спачуваў Адамовічу.

— Давайце канкрэтней. Чаму?

— Пад націскам нацыяналістычных настрояў,— гаворыць ён, разумеючы, што толькі гэтых слоў ад яго чакалі.

— І ўступілі ў антыпартыйную групоўку Адамовіча,— тым не менш дабівае Рыскін.

— Апынуўся ў яго групоўцы,— спрабуе змякчыць фармуліроўку Жылуновіч.— Праўда, зусім неаформленай.

— А ўсё ж, давайце канкрэтней,— працінае яго позіркам Калнін.

— Некалькі разоў,— Жылуновіч разводзіць рукі і сарамліва ўсміхаецца,— ну там, збіраліся ў каго-небудзь на кватэры. Выпівалі, спявалі песні...

Рыскін з’едліва падхоплівае:

— І выступалі супроць лініі...

— Не,— паспешліва гаворыць Жылуновіч.— Проста па-чалавечы абгаворвалі спрэчкі Адамовіча з Крыніцкім і спачувалі старшыні СНК, якому было цяжка працаваць у такіх умовах.

— А як ацэньваеце работу Кнорына? — пытае Калнін.— Ён вас падтрымліваў?

— Высока ацаніў толькі маю паэтычную творчасць... Наогул, калі Крыніцкага і Адамовіча адклікалі ў Маскву і зноў прыехаў сакратаром Кнорын, у рэспубліцы ўзнавілася цвёрдае бальшавіцкае кіраўніцтва.

— Так было ўвесь час? — удакладняе Рыскін.

— Не. Потым Кнорын чамусьці раптам праявіў мяккасць да недастаткова бальшавіцкі вытрыманых камуністаў-беларусаў.

— У чым гэта канкрэтна выявілася?

— Некаторых з іх увёў у склад Бюро. У прыватнасці, Васілевіча рэкамендаваў нават другім сакратаром ЦК...

— А як вы ставіцеся да сваіх прац па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі? — пытае Рыскін, маючы на ўвазе адмоўную характарыстыку іх Кнорыным.

— Я зацямняў класавую дыферэнцыяцыю беларускага сялянства, ідэалізаваў Беларускую сацыялістычную грамаду,— адказвае ён амаль тымі ж фразамі, якімі пісаў пра яго Кнорын.— І толькі ў сваіх мастацкіх творах я вытрымана стаю на рэвалюцыйных рэйках, набліжаюся да пралетарскай літаратуры...

— Да Купалы на кватэру з нацыянал-дэмакратамі заходзілі з якімі мэтамі? — перапыняе яго Калнін.

І тут трэба каяцца, вырашае ён. Як уратавацца?

— Наведванне мною і цэлым шэрагам таварышаў кватэры Купалы,— гаворыць ён,— выкарыстоўвалася фактычна нацыянал-дэмакратамі як прыкрыццё іх дзейнасці...

Рыскін круціць галавой і пераглядваецца з Калніным. І па тварах астатніх членаў камісіі Жылуновіч заўважае — ні яго падрабязныя тлумачэнні, ні пакаянні не дапамагаюць, характарызуюцца як няшчырыя.

Прысуд: «Вычышчаны!».

Цяпер ён ліхаманкава піша апеляцыі. Трэба паспець, пакуль не «вывезлі», потым будзе позна. Пісьмо-пакаянне ў ЦК КПБ. У Маскву... Прызнае рашэнне ЦКК КПБ правільным і просіць толькі адно: улічыць ягонае «чистосердечное большевистское признание совершенной вины перед партией». І нагадвае яшчэ: ён у свой час ужо прызнаваў свае памылкі на Бюро ЦК КПБ, у заяве, змешчанай у «Звяздзе» пад загалоўкам «Мае памылкі і іх карані». Што з таго часу пайшоў на завод для перавыхавання і паспеў зрасціся з рабочай масай і «пераламіцца». Напісаў яшчэ два апавяданні, прысвечаныя трыумфу калектывізацыі. Ды адно — з рэвізіяй уласных поглядаў на капіталістычны Захад. Ды адно — «прысвечанае рабочаму энтузіязму ў барацьбе за выкананне прамфінплана асобага квартала». Ды «пяць тыдняў правёў агітатарам у вёсках у часе пасяўной і па ўцягненню сялянства ў калгасы». Ды напісаў да таго два артыкулы, у якіх «выкрываецца контррэвалюцыйная дзейнасць нацдэмакратаў». Ды яшчэ два з рэвізіяй уласных ранейшых поглядаў «на беларускага буржуазнага паэта Марцінкевіча і дробнабуржуазнай нацыяналістычнай БСГ». А таксама няхай звернуць увагу на «шэраг публічных выступленняў з асуджэннем сваіх памылак...».

Не памагло. Газеты публікуюць паведамленне: Жылуновіч з партыі выключаны — «за свядомае правядзенне нацыянал-апазіцыйнай і нацыянал-дэмакратычнай лініі, за ўдзел у антыпартыйных групоўках КП (б) Б, за сувязь з чужымі і варожымі справе пралетарыяту нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі і як фактычны рупар варожых сіл, які выкарыстоўвала ў сваіх мэтах нацыяналістычная контррэвалюцыя ў барацьбе з дыктатурай пралетарыяту».

Ён жахнуўся: за кожнае з гэтых абвінавачванняў самае меншае давядзецца заплаціць высылкай за межы Беларусі.

Але на нейкі час пра яго быццам забыліся. Можа, таму, што тады ж, амаль з той жа фармуліроўкай выключаецца з партыі Усевалад Ігнатоўскі — як «кулацкі агент», як чужародны элемент, што «граў на руку нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Сцюдзёным лютаўскім раннем 1931 года да Жылуновіча даходзіць жудасная навіна: у сябе дома, пакінуўшы развітальнае пісьмо, «жалезны» Ігнатоўскі застрэліўся...

Доўга думаў — ці ісці на пахаванне? І дацямна прастаяў ля акна, узіраючыся, як на заснежаным двары наліваюцца змрокам, гусцеюць цені.

У тую ноч ён упершыню за многія гады зноў закурыў. А так у яго паводзінах быццам нічога не змянілася. Толькі стаў больш займацца сынам. Абмяркоўваў з ім калекцыйныя маркі, гуляў у шахматы. А то падкідаў угару ці вазіў на спіне вакол стала. Быццам стараўся на гады наперад даць хлопчыку бацькоўскай ласкі. Ды час ад часу прыслухоўваўся да крокаў на лесвіцы. Асабліва позняй ноччу. На ложку прыўзнімецца і слухае. Бо прыходзілі забіраць ноччу. У асноўным «вывозілі» за межы рэспублікі. Спісы беларускай інтэлігенцыі на «вываз» зацвярджаў у тыя месяцы таварыш Гей вялікія — «бралі» не толькі акадэмічную і універсітэцкую эліту, а і настаўнікаў, бібліятэкараў, нават студэнтаў-старшакурснікаў, калі тыя цікавіліся «нацдэмаўскай» культурай ці нават размаўлялі па-беларуску. У тых спісах мільганула і прозвішча юнака Мікалая Улашчыка...

І ў сям’і быццам нічога не змянілася. Праўда, усе раптам вечарамі, калі яшчэ не ўключана асвятленне, пачалі палохацца постаці Кастуся Каліноўскага. Прыгожы бронзавы бюст на высокай падстаўцы ўзвышаўся ў гасціным пакоі. Яго падараваў малады скульптар Заір Азгур, які ведаў гарачую прыхільнасць Жылуновіча да правадыра беларускіх паўстанцаў. Жылуновіч неаднойчы хваліўся падарункам гасцям. Цяпер быў вымушаны перанесці бюст да сябе ў кабінет і паставіў за рабочым крэслам. Калі працаваў, то час ад часу, стаміўшыся ці нешта абдумваючы, адкідваў галаву назад — каб адчуць за сабой надзейную цвёрдасць «свайго» Каліноўскага. Дамашнія, зрэдку заглядваючы да яго, па-ранейшаму бюста палохаліся. Асабліва жонка. Адчыняе дзверы ў кабінет — мужа не бачна, яго засланяе глыба мармуру і бронзы... Але расстацца з бюстам Зміцер Хведаравіч не мог.

У кватэры стала раптам нязвыкла прасторна. Госці амаль не заходзілі. Толькі іншы раз позна ўвечары — Купала. Цяпер амаль не гаварылі пра паэзію, а больш пра тое, каго на гэты раз «выкрываюць» у газеце «Літаратура і мастацтва», а каго — у «Звяздзе» ці «Савецкай Беларусі», што было значна небяспечней. Ну, і каго «забралі» і куды «вывезлі». У хуткім часе ўпраўляючы дамамі ўрадавых устаноў наогул прапанаваў Жылуновічу перабрацца на Маскоўскую вуліцу, хоць Зміцер Хведаравіч па-ранейшаму заставаўся членам урада рэспублікі і ЦВК СССР. Ён успрыняў гэта як належнае, нават спакайней стала на душы: не трэба сустракацца з Чарвяковым, іншым высокім начальствам, якое пры выпадку старалася рабіць выгляд, што яго не заўважае. Бо небяспечна: невядома, дзе Жылуновіч апынецца заўтра ці нават сёння ўночы — кампанія супроць беларускіх нацдэмаў нават узмацнілася пасля таго, як з’явілася пастанова ЦК КП (б) Б «Аб фактах прасочвання класава-варожых нацыянал-дэмакратычных уплываў у мастацкую літаратуру БССР». Цяпер «білі» часцей тых, хто быў выхадцам з сялян і з добрым сыноўнім пачуццём пра вёску пісаў. Вёску наогул адгароджвалі ад горада. Вельмі ж адтуль з пачаткам суцэльнай калектывізацыі ва ўсе бакі пабег народ. Асабліва моладзь. І тады на шляхах гэтага небяспечнага стыхійнага патоку паставілі надзейны заслон... Яго вялікасць — Пашпарт. Хто меў, павінен быў прапісацца. Без гэтага не бралі на работу і наогул жорстка каралі. Мера была прынята, як гаварылася ва ўрадавай пастанове, галоўным чынам з мэтай перакрыць дарогу ў горад кулацкім элементам. Для большай надзейнасці вяскоўцам пашпарт не выдавалі. Лічылася, што ён сялянам і не патрэбны, бо яны хочуць толькі аднаго — стаць калгаснікамі. Пісьменнікаў заклікалі тэрмінова адлюстраваць у сваіх творах такое радаснае імкненне. Паэты складалі «радасныя» вершы пра калгасы. А як не адгукнуцца на гэта літаратару, ужо адзначанаму кляймом нацдэма? Гартны напісаў аповесць «Зялёны шум». Там сяляне спаборнічаюць, хто хутчэй запішацца ў калгас. І з такім запалам абрушваюцца яны на розных падкулачнікаў, якія не жадаюць набліжаць шчаслівую будучыню, што чытаецца гэта ўсё як пародыя.

Ён тады наогул прыкметна змяніўся. Знікла, галоўнае, былая напружанасць, якую незнаёмыя іншы раз прымалі за чванства «пралетарскага» панства. «І тут я з радасцю пераканаўся,— напісаў пра тыя дні Ян Скрыган,— што Гартны такі ж просты і непасрэдны, як і ўсе мы... «Што здарылася? — пытаў я ў самога сябе.— Ці я чалавека сапраўды не ведаў і не бачыў, які ён у сабе, ці... Няўжо прастата ажывае толькі пасля таго, як небяспека заслоніць славу?»

Больш чым раней цягнула на людзі. Калі была магчымасць, ішоў у Дом літаратара з дзецьмі абедаць. Дом літаратара размяшчаўся прыкладна там, дзе цяпер на скрыжаванні Камсамольскай і Ленінскага праспекта знаходзіцца кафэ «Вясна». Тут любілі збірацца не толькі прафесійныя пісьменнікі, каб «дакрануцца душой да душы». Наведваліся журналісты, таўклося мноства калялітаратурнага люду, асабліва моладзі. Размовы ішлі пра кнігі, разбіралі тэатральныя навіны, асцярожна, але з затоеным неспакоем перакідваліся словам пра партыйную пастанову аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый — як павернецца справа. Значыць, будзе адзіны пісьменніцкі саюз? А як там возьме верх Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, Бэндэ і яго хаўруснікі? Ці не пачнецца канчатковая нівеліроўка мастацкіх густаў, абюракрачванне, казарма? Пра апошняе — намёкам, вядома, бо даносы ўжо справа звычайная.

Але пакуль розныя літаратурныя групы і аб’яднанні існуюць, хоць былая іх актыўнасць знікла. Кожны нечага чакае. Гэта і мае на ўвазе Жылуновіч, калі, праходзячы міма нядаўніх заўзятых «узвышанцаў» Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага і Пятра Глебкі, вітаецца і тут жа падколвае: «Ну, як пажывае ваша вышыня? Не аблысела часам?»

«Узвышанцы» таксама не лезуць па слова ў кішэню. Іранічна прыжмурваючыся, адказвае Змітрок Бядуля: «А ваша «Полымя» ўсё яшчэ палае?»

Перакінуўшыся словам-другім са знаёмымі, Жылуновіч спускаецца з дзецьмі ў цокальны паверх у сталоўку. Сур’ёзна, як з роўнымі, абмяркоўвае з дзецьмі меню. Хоць выбар мізэрны, і ў Мінску, нават сярод служачых, якія абслугоўваліся па вышэйшай катэгорыі (па талонах!), адчуваўся голад, што раптам ахапіў краіну. Здаецца, так нядаўна хлеб прадавалі нават за мяжу! Куды што падзелася.

Дзеці вельмі былі падобныя на Зміцера Хведаравіча. Асабліва Алег. Хлопчык рос жвавы, дасціпны, ведаў напамяць шмат вершаў, добра маляваў, гуляў у шахматы. Бацька вельмі ганарыўся сынам. Як і дачкой, Галяй. Тая някепска ўжо размаўляла па-нямецку, рыхтавалася паступаць у медыцынскі інстытут.

Праўда, абеды ў Доме літаратара здараліся не вельмі часта. Жылуновіч многа часу праводзіць у камандзіроўках. У Мінску адчувае сябе кепска, сэрца ўвесь час сціскае трывога — як пройдзе наступная ноч? Выступае на літаратурных вечарах, наведвае прамысловыя прадпрыемствы. А яшчэ — агітуе сялян уступаць у калгасы. Захаваўся каларытны ўспамін паэта Міколы Хведаровіча, у той час галоўнага рэдактара часопіса «Чырвоная Беларусь», пра адну такую сумесную з Жылуновічам паездку на Случчыну ў 1933 годзе. У калгасах тады ўжо знаходзілася большасць сельскага насельніцтва. Але заставаліся і такія, хто ўпарта трымаўся за аднаасобную гаспадарку. Іх называлі «нехацімцамі». Было ўжо зразумела, што калі гэтыя людзі не здадуцца, іх разам з дзецьмі «вывезуць». А так, можа, яшчэ жыццё наладзіцца, бо і сапраўды ж у калектыве сіла. «Ну што вы губляеце, пакідаючы вашу бедную гаспадарку і ўступаючы ў калгас? — вёў задушэўную размову Жылуновіч з адным з такіх «нехацімцаў» з вёскі Цароўцы Іванам Мялешкам.— У вас жа няма сапраўднай гаспадаркі, яе ніколі і не было. Я быў у вашай хаце. Ну, хіба ж гэта хата? Гэта струхлелая куча смецця, накрытая гнілой саломай. Я бачыў вашых дзяцей. Яны, можа, ніколі не елі добрага хлеба. Калгас дапаможа вам стаць на ногі і ўбачыць па-сапраўднаму, як чалавеку патрэбна жыць на свеце...»

Верыў: далей стане лепш. Таму і пісаць трэба пра будучыню. Уперад, уперад! Туды, дзе скончыцца жудасць чакання арышту, шэпты пра канцлагеры ад Урала да Сахаліна, панаванне гвалтаўнікоў, якія называюць сябе «вернымі ленінцамі».

Сапраўды, к пачатку 1934 года трохі пацішэла. Ён прагна ловіць весткі з Масквы, з XVII партыйнага з’езда. Газеты называюць яго з’ездам пераможцаў. З захапленнем расказваюць прапагандысты, як па-свойску паводзіць сябе таварыш Сталін. Кажа, цяпер правільная генеральная лінія перамагла канчаткова: калі зусім нядаўна, на XVI з’ездзе, яшчэ даводзілася весці барацьбу з вядомымі антыленінскімі групоўкамі, дабіваць іх, то цяпер і даказваць нечага, і біць ужо некага. І ў зале радасны смех, апладысменты.

Тым не менш, аказваецца, былі яшчэ там такія, хто спрабаваў пярэчыць правадыру, не пагаджаўся з абсалютызацыяй улады звышцэнтралізаванага апарату. Значыць, чакай новай бяды, Сталін гэтага не даруе. Яму не будзе дадзена ведаць, што сапраўды ніхто з тых «пераможцаў», якія дазволілі Сталіну правесці сваю правільную лінію, не ацалеў. І хто быў «за» і хто «супроць». 1108 дэлегатаў з’езда і 98 членаў і кандыдатаў у члены ЦК былі знішчаны. Амаль што ўсе. А пакуль настала хоць нейкая перадышка. Думалася — надоўга: бо каго біць, калі ўсе за «лінію»?

Асабліва Жылуновіч любіць бываць на заводах. Прамая сувязь з рабочым класам! Няхай паспрабуе цяпер Бэндэ абвінаваціць у адарванасці ад пралетарскіх мас. Станіслаў Шушкевіч, у тую пару яшчэ зусім малады, успамінае, як ён з Гартным і сваім сябрам, таксама паэтам Валерыем Мараковым разам выступалі на скураным заводзе «Бальшавік». Далёкая ўскраіна Мінска, у той бок нават аўтобусы яшчэ не хадзілі. Але Жылуновіч ахвотна згадзіўся выступіць. Людзі яго сустракалі як сабрата. І Зміцер Хведаравіч адчуваў сябе на заводзе не як госць. Хадзіў па цэхах, усім цікавіўся. Завод яшчэ быў механізаваны слаба, рабочыя ўручную мяшалі ў вялізных чанах заквашаныя скуры, прымітыўнымі скрабкамі счышчалі мязгу. І Жылуновіч таксама ўзяў у рукі скрабок, тут жа парэкамендаваў, якой формы лепей зрабіць дзяржак, каб ямчэй было працаваць. Паказаў потым, як лепш перавязваць гатовыя скуры, каб не гублялі таварнага выгляду. О, раней гаспадары прыватных майстэрань на гэта звярталі вялікую ўвагу! Бо канкурэнцыя ж... А заўважыўшы на заднім двары горы мязгі, засыпанай вапнай, абурыўся: гэта ж на самым беразе Свіслачы — забруджваецца рака. «Чаму б не дамовіцца з кіраўніцтвам прыгарадных саўгасаў,— казаў ён,— і своечасова вывозіць мязгу ў поле як каштоўнае ўгнаенне?»

На вечар сабралася маса людзей не толькі з завода. Шушкевіч успамінае, што Жылуновіча віталі дружнымі апладысментамі. А ён пачаў сваю гутарку не з літаратуры, а расказваў пра работу гарбароў у царскі час. Працавалі цяжка, шмат, а калі гублялі сілы і здароўе, то гаспадар-капіталіст іх выкідваў вон, і былыя майстры ў большасці заканчвалі жыццё ў жабрацтве. Потым загаварыў пра маладую беларускую савецкую літаратуру. «Вось гэтыя маладыя паэты,— прадставіў ён Маракова і ІПушкевіча,— дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка. Першы — сыy печніка, другі — панскага парабка. Каб не Савецкая ўлада, пагадзіцеся, ім бы давялося быць непісьменнымі!»...

«Пасля такой атэстацыі,— успамінае С. Шушкевіч,— нашы галасы гучалі па-асабліваму натхнёна. Мы былі шчаслівыя, што ў нас такі апякун і настаўнік...»

Зусім праз кароткі час абодва маладыя паэты будуць рэпрэсіраванымі. Валерый Маракоў, настаўнік з Бабруйска, загіне ў Сібіры 7 мая 1940 года, у трыццацігадовым узросце. Лёс жа Станіслава Шушкевіча акажацца больш шчаслівым. Вярнуўшыся на радзіму, ён адразу з надзвычайнай упартасцю пачне дабівацца вяртання з глухога нябыту сваіх былых літаратурных аднакашнікаў.

А «выкрывальнікі» ўсё не пакідалі Жылуновіча ў спакоі. Вельмі ж зручная фігура для «біцця» — зубр нацдэмаўшчыны. Крыху сціхлі публіцысты — узяліся шукальнікі навуковых ступеняў па разраду гісторыі. Зноў і зноў у іх артыкулах гучыць такое знаёмае: Жылуновіч да канца не пакаяўся. Ён павінен больш рашуча прызнаць ілжывасць свайго сцвярджэння, «што Савецкая Беларусь нібыта з’яўляецца «наследнікам» рэвалюцыйна-пралетарскай крыніцы, якую ўяўляў сабой быццам бы беларуска-нацыяналістычны рух» (М. Поташ). Зноў Данільчык, зноў Карнейчык, і яшчэ, і яшчэ...

Павінен, павінен... І ў каторы раз ён спрабуе апраўдацца, хоць ужо разумее: справа не проста ў ім як у асобе. Тым не менш спадзяецца — вось прыйдуць на кіраўнічыя пасады новыя людзі, а яны ж яго не ведаюць наогул, ну і адвяжуцца. Вакантныя пасады ў асноўным запаўняліся прысланымі з «цэнтра». Лічылася — больш кваліфікаваныя. Але нешта і ў іх не атрымлівалася з павышэннем узроўню народнага дабрабыту, які абяцаў таварыш Сталін. Папаўзлі слухі аб наўмысным шкодніцтве ворагаў сацыялізму.

Раптам — у Ленінградзе забіты Кіраў! У газетах замільгацелі паведамленні: забойцы належаць да трацкісцка-зіноўеўскага аб’яднанага тэрарыстычнага цэнтра. «Цэнтр» паставіў сабе задачу ў мэтах захопу ўлады фізічна знішчыць кіраўнікоў партыі і ўрада. Вядома, спачатку арышты пайшлі ў Ленінградзе. Потым у Маскве. Нарэшце хваля дакацілася і да Мінска. Арышты, арышты... Сябры супакойвалі Жылуновіча — яго не крануць. На ўсялякі выпадак ёy яшчэ раз публічна выказаў адданасць «новым дням »:

 

Даволі, годзе слоў і мыслі

Аб тым, што ўзяў адвечны сон...

Мой шлях стары пераацэнен,

І пыл яго развеян з ім...

                                                          (Айчыне. 1935)

 

Ён удзячны сучаснасці «за цэльнасць злітую, стальную». Верш заўважаны крытыкай. Перадавалі: нават новы першы сакратар ЦК Кампартыі рэспублікі Мікалай Фёдаравіч Гікала ўхваліў. На душы ўсё роўна трывога.

На гэты раз прадчуванне не падвяло. А скрануў камень сталінскай лавіны — хто б мог падумаць! — Мікалай Мацвеевіч Галадзед. І на яго, Жылуновіча, і на сябе...

 

18. За што?

 

 

Згіне многа.

Многа згіне...

Міхась Чарот

 

Ворагі, вядома ж, не драмалі. І нявыкрытыя яшчэ трацкісты-зіноўеўцы «шкодзілі». А ўсё роўна — як, здавалася, шматабяцальна пачыналася ў рэспубліцы другая пяцігодка развіцця народнай гаспадаркі! XVII з’езд Кампартыі Беларусі так і адзначыў: праблемы з харчаваннем яшчэ ёсць, з таварамі спажывецкімі таксама, але ўсё роўна БССР стала адной з перадавых індустрыяльна-калгасных рэспублік. Непісьменнасць ліквідавана, з голаду ўжо ніхто не пухне, а культура няўхільна расце, так што наперадзе новыя поспехі. Таму з’езд дзейнасць Цэнтральнага Камітэта ўхваліў, палітычную лінію прызнаў правільнай.

У Маскве кіраўнікоў Беларускай рэспублікі ўшаноўваюць па вышэйшаму разраду: Гікалу — ордэн, Галадзеду — ордэн, Чарвякову таксама. Цяпер, спадзяецца Жылуновіч, павінна быць і амністыя ўсім за мінулыя палітычныя грахі. Вунь жа Чарвякоў, якому давялося столькі каяцца, атрымлівае ганаровае права весці першае ў 1936 годзе пасяджэнне Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Вярхоўнага Савета СССР, уручае ад імя ўсесаюзнага ўрада ўзнагароды стаханаўцам-калгаснікам. А яму самому ласкава ўсміхнуўся Сталін і прынародна паціснуў руку. Гонар, які цяпер вышэй за ордэн. Ды і сядзяць за сталом прэзідыума на ўсесаюзнай нарадзе перадавікоў калгасаў амаль што побач. І Чарвякоў амаль першым устае і пачынае гучна пляскаць у далоні, калі партыйны куратар сельскай гаспадаркі таварыш Якаўлеў кідае ў залу палкія словы: «Вялікаму прадаўжальніку ленінскай справы, найвялікшаму пераўтваральніку нашай краіны, першаму майстру сацыялістычнай будоўлі, бацьку калгасаў таварышу Сталіну калгаснае, бальшавіцкае ўра!» У адказ знізу, у зале — бура апладысментаў. Воклічы з прэзідыума і аднекуль з бакоў: «Роднаму Сталіну — ура!», «Бацьку калгасаў, вялікаму другу працоўных — ура!». Чорная талерка рэпрадуктара, ля якой напружана сядзіць Жылуновіч, ажно трымціць ад гэтых апантаных воклічаў соцень людзей там, у Маскве. У газетах пра гэта — на першых палосах, загалоўкі — вялізнымі літарамі. Палітінфарматары чытаюць паведамленні ўслых у цэхах заводаў, а па вечарах на клубных сцэнах горада пад гармонік рэжуць артысткі прыпеўкі, якія нехта падслухаў «у народзе»:

 

Я жыву цяпер вясёла,

І у працы спор ідзе,

А да гэтага жыцця

Любы Сталін нас вядзе!

 

Прафесійныя паэты таксама стараюцца штомоцы. Малады Пятрусь Броўка перакладае яшчэ і армянскага сабрата па пяру:

 

Пяю цябе, Сталін вялікі,

І ў песнях мая галава,

І шчасця народаў усіх ты —

Інжынер і каваль...—

 

Нічога, што трохі няскладна. Галоўнае — пафас. Так пачынаецца год 1936-ты. Здаецца, уся велізарная краіна жыве адным імем. Прыехаў Чарвякоў. З гонарам расказвае пра поціск сталінскай рукі — моцная, упэўненая далонь у правадыра! Няўжо страх адступіў у нябыт? Няўжо грахі мінулага нарэшце адпускаюцца поўнасцю? Сказаў жа таварыш Сталін на банкеце выпускнікоў ваенных акадэмій узнёслы тост у гонар нядаўна звергнутага з усіх пастоў Бухарына: «Выпьем, товарищи, за Николая Ивановича. Все мы его любим и знаем, а кто старое помянет, тому глаз вон!..» Вось яна, высакародная амністыя правадыра! Жылуновіч успрымае гэта і ў свой адрас, бо з’яўляецца і пацвярджэнне: яго запрашаюць у Маскву на сесію Вярхоўнага Савета Саюза СССР. Там вітаюць стаханаўцаў, лётчыкаў. А таксама... альпіністаў. «У нашай краіне,— урачыста гаворыць Молатаў,— расце лік герояў паветра, герояў-падводнікаў, герояў барацьбы з прыродай... Так, з 1829 года па 1914-ты на гару Эльбрус было ўсяго 59 узыходжанняў... А за адзін 1935 год на Эльбрус было 2016 узыходжанняў савецкіх людзей». І ўсе апладзіруюць. Жылуновіч таксама, а сам у гэтыя хвіліны думае, пазіраючы з залы на лагоднага таварыша Сталіна, які так ласкава ўсміхаецца, так ухвальна пляскае гэтаму небываламу ў гісторыі масаваму карасканню савецкіх энтузіястаў на ледзяныя завоблачныя камяні: правадыр атрымаў, нарэшце, усё, і кепскае мінаецца.

І рэспубліканскія газеты навыперадкі гэта імкнуцца пацвердзіць і выходзяць з шапкамі: «Жыць стала лепш, таварышы. Жыць стала весялей. Сталін». Можа, яшчэ і адносіны да нацдэма зменяцца? Вось жа даюць указанні таварышы Сталін, Жданаў і Кіраў, як больш аб’ектыўна напісаць новы падручнік гісторыі СССР. Робяць заўвагу: у канспекце таго падручніка, які рыхтуецца, «не асветлены ўмовы і вытокі нацыянальна-вызваленчага руху пакораных царызмам народаў, што вядзе да нематываванасці Кастрычніцкай рэвалюцыі»...

Але што гэта і з якіх нетраў раптам выбухае? Спачатку «Правда» друкуе артыкул супраць Бухарына, які на гэты раз умудрыўся, аказваецца, абразіць рускі народ, назваў, бач, лянівай «нацыяй абломавых». Сапраўды, навошта абагульняць асобныя недахопы часткі насельніцтва, пагаджаецца Жылуновіч. Ды тут жа, ва унісон, бы па камандзе дырыжора, «нацыянальную» тэму падхопліваюць менскія газеты. «Звязда» змяшчае артыкул «Эсэраўска-нацдэмаўскае ахвосце ў органах Наркомасветы БССР!», іншыя знаходзяць яшчэ аб’екты для «ўдару» па рэакцыйным нацыянал-адраджанізму і хітра замаскаваных прыхільніках кулацтва. Жылуновіч рады хоць таму, што яго не ўспамінаюць.

Радасць аказалася нядоўгай. У першай палове лютага ў Менску адбываецца Трэці пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. З яго трыбуны аратары ўзнёсла гавораць аб велізарных дасягненнях Краіны Саветаў. Бруна Ясенскі заклікае мяняць старую скуру і вучыцца марыць пра светлую будучыню чалавецтва. А старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Клімковіч нечакана абрушваецца на... нацдэм. Успомніў і Жылуновіча. Ды некалькі разоў, пачаўшы з дакастрычніцкага часу. Спачатку «ударыў» за нацыяналізм Купалу і следам узяўся за яго: «Нягледзячы на тое, што Ц. Гартны прынёс у літаратуру рабочую тэматыку (адлюстроўваў «настроі рамесніцкіх рабочых нашых мястэчак», як заўважыў таварыш Кнорын), ён застаўся далёкім ад паэзіі рабочага калектыву. Сувязь жа яго з «Нашай нівай» і нацыяналістычнай інтэлігенцыяй у Пецярбургу ўзмацніла яго нацыяналізм. Глядзіце яго вершы «Сявец», «Званар» і іншыя...» Пачаў хваліць Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў па чале з Бэндэ, і следам — «удар» па нацдэмах. Успомніў «актыўных» акадэмікаў — Ігнатоўскага, Баліцкага, Прышчэпава, «нацыяналістаў-пісьменнікаў» Бабарэку, Чаржынскага, Пушчу, Дубоўку, Мрыя, Гарэцкага, а ў ліку тых, у каго «раскрыты нацыяналістычныя памылкі»,— яго, Жылуновіча...

І чаго гэта раптам? Але вось на трыбуну ўзнімаецца першы сакратар Кампартыі рэспублікі таварыш Гікала — і ўсім становіцца зразумела: не «раптам», а згодна загадзя некім распрацаванага плана. Бо Гікала выказваецца пра нацдэмаў ужо куды больш небяспечна. Асабліва знішчальна — пра нябожчыка Ігнатоўскага. Што быў той двурушнікам, здраднікам. «Вось вытрымка з паказанняў Ігнатоўскага,— узнімае над галавой Гікала стос паперак, і ў Жылуновіча ёкае сэрца.— Вось... уласныя прызнанні актыўнага ў мінулым эсэра, які супрацоўнічаў у падрыхтоўцы і выпуску юбілейных выданняў да трохсотлецця дома Раманавых. Я прызнаю, піша ён, што з моманту ўступлення ў партыю я вёў свядомую двайную палітычную гульню ў інтарэсах ажыццяўлення ідэалаў беларускай контррэвалюцыйнай інтэлігенцыі...» Такія, як Ігнатоўскі,— працягвае Гікала,— «вялі палітыку на адрыў Беларусі ад Савецкага Саюза»...

«У чым тут справа?» — імкнецца зразумець Жылуновіч. Можа, такім чынам Гікала хоча адвесці пагрозу ад іх, жывых «зубраў»? А той з пафасам працягвае, рашуча пастукваючы далонню па трыбуне: «Бальшавікі Беларусі, следуючы ўказанням геніяльнейшага правадыра партыі вялікага Сталіна, выкрылі і ўскрылі перад шырокімі масамі працоўных усю здрадніцкую і контррэвалюцыйную сутнасць беларускіх нацдэмаў і іх агентуру ўнутры партыі — двурушнікаў нацыянал-апартуністаў... І з гэтымі ворагамі,— падкрэслівае Гікала,— наша бальшавіцкая арганізацыя і беларускі народ грунтоўна раздзелаліся ў 1929 годзе. Як бачыце, не так даўно... Гэта патрэбна было перажыць беларускаму народу, і ён змог гэта перажыць, разбіць і разграміць ворагаў з дапамогай брацкіх народаў, і, у першую чаргу, з дапамогай вялікага рускага пралетарыяту». Бурныя і працяглыя апладысменты ўдзельнікаў пісьменніцкага пленума. Радасць становіцца яшчэ мацнейшай, калі аратар дадае, што неацэнную дапамогу аказаў у гэтым

і асабіста таварыш Сталін — «наш любімы бацька (якому, дарэчы, тады споўнілася 40 гадоў — Э. Я.), наш вялікі настаўнік і правадыр».

Што пачалося ў зале! Якое бурнае захапленне! «І таму кожны паэт і пісьменнік,— гаворыць задаволены эфектам Гікала, так і не дачакаўшыся канца воплескам,— не можа не натхняючыся думаць і пісаць, як не можа і кожны з нашых рабочых, калгаснікаў... не любіць і не пець вуснамі ўсяго народа хвалу любімаму, мудраму, найвялікшаму з людзей таварышу Сталіну». Бурныя апладысменты пераходзяць зноў у авацыю, як паведамлялі газеты. Усе ўстаюць, вядома, і няма канца здравіцам Сталіну, што на гэты раз Жылуновіч успрымае ўжо зусім па-іншаму.

Удзельнікі пленума, між тым, наведваюць прадпрыемствы, калгасы, куды іх суправаджае і Жылуновіч у якасці члена праўлення беларускай пісьменніцкай арганізацыі, каштуюць гасцінныя хлеб-соль і хваляць гаспадароў за поспехі — з трыбун і ў друку. Газеты таксама паведамляюць пра дасягненні. Але сям-там ужо некага зноў «бяруць» за шкодніцтва. Публіку супакойваюць — арыштоўваюць усяго толькі «старых знаёмых» — актыўных прыхільнікаў Троцкага і Зіноўева.

І тут, не прайшло паўгода, як з Масквы ад таварыша Малянкова распараджэнне: арышт усіх яўных трацкістаў-зіноўеўцаў гэта само сабой, але яшчэ трэба, карыстаючыся праверкай і абменам партыйных дакументаў, так «пачысціць» рэспубліку, каб у ёй наогул ніводнага нават патэнцыяльнага прыхільніка ворагаў народа не было. Таму што ёсць сігнал: у Беларусі спее контррэвалюцыйная змова. Камісіі ў адказ так шчыравалі, што за кароткі тэрмін «вычысцілі» з партыі добрую палову ўсіх камуністаў рэспублікі! На пленуме ЦК Кампартыі Беларусі старшыня Саўнаркома Галадзед абурыўся: ды з кім жа мы тады дабіліся за мінулую пяцігодку гэткіх гаспадарчых поспехаў, калі кантралёры цяпер выявілі столькі варожых элементаў! Ад займаемых пасад вызвалена пераважная большасць савецкіх і гаспадарчых кіраўнікоў усіх рангаў, самыя кваліфікаваныя тэхнічныя спецыялісты... Кадравы ж разгром атрымліваецца! З ім пагадзіўся Гікала. У Маскву пайшоў пратэст.

У сталіцы ўсіх рэспублік грымнула. Загадчык аддзела арганізацыйнай работы ЦК ВКП (б) Б Г. М. Малянкоў сыпаў маланкі пагроз: як, у Мінску ставяць пад сумненне яго вывады? Занадта ўскружыліся ад гаспадарчых поспехаў галовы ў беларусаў, калі адважыліся пярэчыць. Ён неадкладна выехаў у Мінск, маючы пры сабе даведку, атрыманую ад Яжова. А таму гэтую страшную паперыну падрыхтаваў нарком унутраных спраў БССР Б. Д. Берман. Ёю пацвярджалася: навісла страшная пагроза — у Беларусі дзейнічае разгалінаванае антысавецкае падполле, якое плануе здзейсніць контррэвалюцыйны пераварот і далучыць Беларусь да Польшчы. Кіруюць змоўшчыкамі партыйныя і савецкія работнікі, а таксама некаторыя відныя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Малянкову дастаткова было пагаварыць з Галадзедам і некаторымі іншымі вядучымі работнікамі беларускага ўрада, каб канчаткова прыняць рашэнне: хоць знешне і робяць выгляд, што гатовы падпарадкавацца, але сабе на ўме, мяняць трэба тут усіх. І не проста мяняць. У Маскве рыхтуецца паказальны працэс па справе трацкісцка-зіноўеўскага тэрарыстычнага цэнтра. Туды карысна далучыць і аднаго-двух прадстаўнікоў адсюль. Гэта будзе ўрок і для іншых рэспублік, дзе цяпер таксама ў сувязі з падрыхтоўкай новай Канстытуцыі СССР у некаторых галовах узнікаюць сепаратысцка-нацыяналістычныя настроі. Берман атрымае заданне: тэрмінова знайсці кіраўніка беларускага контррэвалюцыйнага падполля. Малянкоў вярнуўся ў Маскву, рыхтаваць рашэнне ЦК ВКП (б) аб небяспечных заганах кіраўніцтва Беларускай рэспубліканскай партарганізацыі. Праводзілі яго ўрачыста. А ў рэспубліцы каманда Бермана запрацавала без перадыху. Ворагаў знаходзілі паўсюдна: зноў у Наркамземе, у савецкіх установах, сярод настаўніцтва...

Тым часам у Маскве Калінін выступае з ухвалай праекта лепшай, вядома, у свеце «сталінскай» новай Канстытуцыі СССР, у Менску «культурны» ажыятаж — прыехаў тэатр імя таварыша Мейерхольда на чале з самім славутым рэжысёрам, і публіка тоўпіцца, каб набыць білет хоць на галёрку, лепшыя беларускія паэты ў камфорце ўрадавай дачы каля Сцяпянкі пішуць вершамі «Пісьмо беларускага парода вялікаму Сталіну», а працоўныя тым часам па-ўдарнаму змагаюцца за права падпісаць яго першымі.

Пісьмо падпішуць 3 (тры!) мільёны беларусаў, ва ўсякім разе так паведамілі газеты. Пра гэта ж з пафасам кажа на Усебеларускім народным мітынгу Гікала. Мітынг прысвячаецца 16 гадавіне вызвалення Менска і Беларусі ад белапольскай акупацыі і першай гадавіне ўзнагароджання рэспублікі ордэнам Леніна. Голас Гікалы, узмоцнены новымі рэпрадуктарамі, разносіцца над шматтысячным натоўпам са сцягамі, транспарантамі і шматлікімі партрэтамі таварыша Сталіна і яго мудрых паплечнікаў, пачынаючы з таварыша Кагановіча, якім беларусы павінны асабліва ганарыцца, бо зямляк жа, гомельскі, гэтаксама як і таварышам Ягодай і таварышам Яжовым. Гікала пра гэта і гаворыць, урачыста ўзняўшы руку (жэст аратараў эпохі): «Камуністычная партыя бальшавікоў Беларусі, створаная, выхаваная таварышам Сталіным, у радах сваіх меўшая яго вучняў — Фрунзе, Мяснікова, Кагановіча, Яжова,— ганарыцца...» І заканчвае праклёнамі ў адрас агентаў імперыялізму і здравіцай таварышу Сталіну. Апладысментам і воклічам няма канца, і наступны аратар, таварыш Чарвякоў, доўга, цярпліва чакае сваёй чаргі. Прамову сваю ён таксама заканчвае панегірыкам «бацьку народаў»: «Усе мы яскрава ўсведамляем сабе тое, што шчаслівы залаты век для Савецкай Беларусі надышоў толькі дзякуючы таму, што наша жыццё і барацьба праходзіць пад непасрэдным кіраўніцтвам вялікага правадыра працоўных усяго свету таварыша Сталіна...»

«Ста-лін! Ста-лін! Ста-лін!» — бясконца скандыруе натоўп пасля яго выступлення.

Ён дапаможа, ён абароніць, ён не дасць у крыўду працоўнага чалавека — газеты пра гэта пішуць з дня ў дзень, з нумара ў нумар, гэтаксама як аб умацаванні сацыялістычнай дэмакратыі. Паведамляецца таксама аб расправах тайнай фашысцкай паліцыі ў Германіі — гестапа — над лепшымі сынамі народа. А таксама — аб пачатку ў Маскве судовага працэсу над членамі трацкісцка-зіноўеўскага тэрарыстычнага цэнтра. З гэтай нагоды газета «Звязда» змясціла нават перадавы артыкул з яскравай назвай: «Троцкі — Зіноўеў — гестапа». Андрэй Александровіч імгненна адгукаецца на падзею вершам, які завучваюць на памяць школьнікі:

 

 

Маўчыць гісторыя. Вякі жыцця не знаюць

Такіх раз’юшаных людской пароды псоў.

Я гневам бацькаўшчыны горда заяўляю —

Апошні час мярзотнікам прыйшоў!

А наша сонца нам ярчэй заззяла,

Ўзнялося ўвысь і разлілося ўшыр.

Вядзі наперад нас, вядзі нас вал за валам,

Наш родны Сталін, бацька, правадыр...

 

 

Лета 1936 года выдалася спякотным. Жылуновіч стараўся як мага менш бываць у Мінску. Ахвотна згаджаўся ўдзельнічаць у розных прапагандысцкіх паездках. Удалечыні ад Мінска, па прасторы палёў і лугоў лягчэй дыхалася. У складзе дэлегацыі членаў праўлення Саюза пісьменнікаў рэспублікі на гэты раз Жылуновіч едзе ў летнія лагеры Другой Беларускай дывізіі. У адным з палатачных ваенных гарадкоў пісьменнікі сустрэліся з дэлегацыяй прафсаюзных работнікаў афрыканскіх краін. Жылуновіч з натхненнем расказвае афрыканцам аб цеснай сувязі савецкай літаратуры з народнымі масамі. «Вось вам яскравы прыклад таго,— гаворыць ён,— наш прыезд да чырвонаармейцаў, якія з’яўляюцца самымі ўдзячнымі нашымі чытачамі».

Станіслаў Шушкевіч, якому належыць запіс аб гэтай сустрэчы, успамінае: у Жылуновіча быў прыўзняты настрой. Можа, праўда, трохі больш звычайнага жартаваў, смяяўся. На літаратурным вечары выступіў з прывітальным словам да байцоў і камандзіраў ад усіх беларускіх пісьменнікаў. З уздымам чытаў свае вершы. Слухачы прымалі іх добра. Армейцы горача дзякавалі, праводзілі з кветкамі, запрашалі прыязджаць яшчэ. Апошні пробліск вольнай радасці...

У Мінску атмасфера аказалася іншай. Адразу звярнуў увагу: яго пазбягаюць больш, чым звычайна. Ніхто не званіў па тэлефоне. Узяла жудасць, яна працінала ўсю ягоную істоту. Уласнае цела здавалася чужым. Ён слухаў радыё, гартаў газеты. Усюды выкрывалі і кляймілі ворагаў народа. Нават па гнеўных абвяржэннях аглядальнікаў было зразумела — за мяжой грамадскія колы абураюцца хваляй рэпрэсій у Савецкім Саюзе, знішчэннем творчай інтэлігенцыі, спецыялістаў, гаспадарлівых сялян. Вядома ж, там, у капіталістычным свеце, перабольшваюць, вераць трацкістам. Але памылкі бываюць. І іх даволі многа, вось што жахліва... Нешта адбываецца, а яму ніхто ні слова. Чарвякоў маўчыць. Падазрона не адказвала больш трох месяцаў маскоўскае выдавецтва. Ён туды паслаў для выдання на рускай мове раман «Перагуды» — зноў аб калектывізацыі... Раней, калі быў пры ўладзе, адклікаліся хутка. Самі прапаноўвалі паслугі. А тут некалькі пісьмаў паслаў з напамінам — і ні слова ў адказ. Не даходзяць ці што?

Сядзеў, перачытваў газеты, і ныла нядобра сэрца. У Маскве Вышынскі зачытваў прысуд «трацкісцка-зіноўеўскім тэрарыстам»: «Я, таварышы суддзі, заканчваю. Ашалелых сабак я патрабую расстраляць — усіх да аднаго!»

І гэта па тым часе было яшчэ літасціва. Іншым дасталася доля да канца дзён сваіх жыўцом у голадзе і холадзе гніць у сібірскіх катаржных лагерах. Сярод прыгавораных да расстрэлу кінуліся ў вочы знаёмыя прозвішчы: Рэйнгольд Ісаак, Нікель Рычард... Вось як усё, аказваецца, скончылася для ягоных былых наркомаў і апанентаў. Мяснікову, выходзіць, яшчэ пашанцавала, што некалі загінуў у авіяцыйнай катастрофе: у гэтым спісе ён апынуўся б абавязкова, бо не толькі сябраваў з Троцкім. У 1921 годзе адкрыта стаяў на платформе трацкізму ў Беларусі. Нават на Дзесяты з’езд ВКП (б) яго і дэлегатам абралі ад трацкісцкага блоку, разам з Галкіным, помніцца... Але што чакае цяпер асабіста яго, Жылуновіча?

Нарэшце вырашыў пазваніць Галадзеду. Той паскардзіўся на надвор’е, сказаў: зайздросціць тым, хто зараз можа выехаць адпачываць на прыроду, а вось ён сам чакае выкліку ў Маскву. Пазваніў яшчэ Чарвякову. Адгукнуўся і той. Аляксандр Рыгоравіч таксама пачаў з надвор’я і параіў не трымаць дзяцей у Мінску, а тэрмінова адправіць куды-небудзь на прыроду.

Ён зразумеў. Сказаў жонцы: хай неадкладна бярэ дзяцей і едзе куды да радні, лепш наогул за межы Беларусі. Тая паківала галавой: хто яе, хатнюю гаспадыню, будзе чапаць? Палітычнай дзейнасцю ніколі не займалася. І па нацыянальнасці — руская. Наогул, калі ехаць, дык спачатку трэба ў міліцыю звяртацца, пашпарты выпісаць... Ёй і дачцэ. А хто і дзе потым прапіша? Можа, яшчэ, як раней, абыдзецца ўсё грымотамі... Ён сказаў: тады трэба выправіць хоць сына. У Ленінград, да яе родзічаў. Яму лёгка, малы, без пашпарта... Ва ўсякім разе, дадаў ён, можа, трывога і дарэмная, а хлопчык хай з’ездзіць, карысна для агульнага развіцця.

З Алегам развітаўся дома. На вакзал рашыў не ісці.

Усё ж спадзяваўся: раптам і на самай справе ён перабольшвае небяспеку. Нервы, вядома, сталі нікуды не вартыя. Не можа быць, каб зараз, напярэдадні сесіі Вярхоўнага Савета ў Маскве, калі будзе зацвярджацца Канстытуцыя СССР, яго, дэпутата, «узялі»... Канечне, яго запросяць на сесію...

Ноччу 16 лістапада 1936 года ў кватэру Жылуновіча патрабавальна пастукалі. Адразу хутка, завучана ўвайшлі чацвёра. Па выразу твараў, па паводзінах зразумеў: канец. У часе вобыску пасадзілі пасярод пакоя, жонка і дачка моўчкі спалохана пазіралі з кута, як шыракаплечыя дзецюкі корпаюцца ў бялізне, спрытна, нібы лічаць грошы, перабіраюць паперы Зміцера Хведаравіча. Сам ён сядзеў бы аглушаны...

Да следчага1 яго прывялі з абрэзанымі гузікамі на штанах, без акуляраў. Каб нешта бачыць, даводзілася жмурыцца, ён спатыкаўся, уздрыгваў, канваіраў гэта весяліла. Ён яшчэ падумаў: хай смяюцца, можа, будуць больш лагоднымі.

Да гэтага рыхтаваў сябе і ўсё ж здрыгануўся: аказваецца, яго лічаць кіраўніком контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі! У яго сувязь з трацкісцка-бухарынскімі здраднікамі, а таксама з імперыялістычнымі разведкамі. Арганізацыя ставіла мэтай аддзяліць Беларусь ад СССР, каб ператварыць яе ў буржуазную рэспубліку тыпу Літвы, Латвіі, Эстоніі! З агентамі гэтых марыянетак імперыялізму ў яго таксама былі сувязі. Ён не проста так пасылаў свае кнігі і Яну Райнісу.

Значыць, ён, Жылуновіч,— нават і «ідэйны правадыр» падпольнай арганізацыі? Астатнія «кіраўнікі» — таксама пісьменнікі: Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Алесь Дудар... Гатовы ён добраахвотна прызнаць гэта, каб змякчыць сваю цяжкую віну? Хто ўваходзіць у арганізацыю яшчэ? Хто?!

На першым допыце Жылуновіч яшчэ абураецца, што з ім так абыходзяцца. Яго пакідаюць на «другую змену», не даюць заснуць наступнай ноччу, пакуль ён наогул не страціў уяўленне аб часе. Хацелася толькі аднаго — заснуць. А наступны следчы-зменшчык ужо крычаў:

— Як сядзіш?!

Затым пачалі біць. І ён у роспачы крычаў: «За што?! За што?!» Не давалі вады і кармілі камсой. Не выпускалі ў туалет па некалькі сутак... Ён станавіўся агідны сам сабе. Зноў цягнулі на допыт і не давалі спаць. Калі валіўся з табурэта, таўхалі і крычалі ў вуха:

— Сядзець! Чаго спіш? Бяры ручку, пішы... На акуляры...

Ішлі чацвёртыя суткі яго допыту. У гэты дзень у Менску адкрыўся Дванаццаты надзвычайны з’езд Саветаў БССР, дзе многа гаварылася аб трыумфе дэмакратыі і была аднадушна ўхвалена лепшая ў свеце сталінская Канстытуцыя.

— Што пісаць? — ён ледзьве варочаў языком.

— Не вершы ж... Такі-разгэтакі, інтэлігента з сябе строіць! Пішы, хто ўваходзіў у тваю бандыцкую арганізацыю. Прозвішчы, прозвішчы! З Ігнатоўскім сустракаўся? З кім яшчэ? Каму і якія даваў заданні?

Архівы яшчэ маўчаць пра ўсё гэта. Але ёсць народная памяць, будзем карыстацца ёю. Гэта куды дакладней пратаколаў, састаўленых садыстамі і нягоднікамі.

Вось яно што, думаў Жылуновіч, ім трэба абавязкова арганізацыя. Яго хочуць выставіць на судзе яе кіраўніком... З Ігнатоўскім не выйшла, цяпер чарга Жылуновіча. Чаму ўсё ж іменна яго? Свае пастараліся ці падказалі з Масквы?

Іншы раз ужо не ведае: ён нешта толькі думае ці гаворыць услых? І палохаецца, калі следчы совае ў каторы раз акуляры, ручку — падпісвай! А на лістах прозвішчы, прозвішчы... Спачатку ён усё адвяргае. Следчыя ў адказ уз’еліся яшчэ горш. О, яны ўжо натрэніраваліся за шмат гадоў! Ведаючы, што ў яго хворыя ныркі, кормяць адной камсой, не даюць вады, не дазваляюць заснуць. Суткі, двое, трое — пакуль не страціць прытомнасць. А потым зноў — на ручку, пішы. Паведамілі: жонку і дачку таксама арыштавалі. Іх? За што?! Следчы паабяцаў: не прызнаешся — і сына возьмем. Ад нас не схаваеш, знойдзем.

Ён быў у адчаі. Не хацелася нічога, нават існаваць. А следчы адно: хто ўваходзіць у контррэвалюцыйную арганізацыю? Ды ўсе! Усе! Жылуновіч называе прозвішчы, якія толькі можа ўспомніць,— хай пішуць, пішуць... толькі не чапаюць... Барыс Мікуліч у аўтабіяграфічнай «Аповесці для сябе» (часопіс «Нёман», 1987, № 3) паведамляе аб дзесятках прозвішчаў на трох палосках выпісак з паказанняў Жылуновіча, што яму ў часе допыту прад’явілі следчыя. У тым ліку і яго прозвішча, Мікуліча, які бажыўся, што ніколі не быў нацдэмам і сам змагаўся з гэтай заразай, выкрываючы яе ў крытычных артыкулах.

У пратаколе напісана рукою следчага шмат чаго. Ёсць там і прозвішчы пісьменнікаў. Здаецца, трынаццаць... Але як следчыя ні лютавалі, гэтыя запэцканыя крывёю паперы так і засталіся без яго подпісу.

«Усе вінаватыя ў тым, што так здарылася,— паўтарае і паўтарае Жылуновіч следчым.— Усе...» «Можа і...»,— следчы не называе імя і толькі выразна пагладжвае пальцам вусы. «Сталін? Таварыш Сталін больш за ўсіх.— Нягоднікі такое не адважваюцца і запісваць.— Усе! І вы, вы, што даўно страцілі чалавечае аблічча. А Сталін больш за ўсіх. Так і скажу на судзе...»

Яго ўдарылі так, што апрытомнеў ён толькі ў камеры. А следчыя спалохаліся: гэты вар’ят сапраўды можа на судзе ляпнуць пра таварыша Сталіна. Горш таго — што і яны замешаны ў контррэвалюцыйнай змове. Тады ўсім дастанецца, калі дойдзе да Масквы. Іншых арыштаваных вадзілі ў суд у якасці сведак, на вочныя стаўкі. Яго — не. Паказанні Жылуновіча астатнім арыштаваным па гэтай «справе» толькі зачытвалі ці давалі паглядзець.

Апрытомнеўшы ў камеры, Жылуновіч забіўся ў самы цёмны куток, здавалася, тады не так баліць цела. А галоўнае — ён менш бачны тым, хто за ім цікуе праз ваўчок у дзвярах. «Божухна,— мармытаў ён,— аказваецца, я яшчэ і Сталіна хацеў забіць!» Ён узняў вочы на брудную сцяну. Яна была ўся ў надпісах. Тыя, хто пакутаваў тут да яго, пісалі, выскрабалі хто чым мог, але адно — не вінаватыя. Прозвішчы, прозвішчы. Ледзьве прыкметныя. Даты: 1930 год. Нават 1927-ы... Ён пачаў глуха смяяцца, утаропіўшыся ў гэту сцяну. Вось помнік многім надзеям, спадзяванням, веры, памылкам. І ўсё гэта запэцкана калам і крывёю... Помнік, пра які ведае толькі турэмшчык, якому нават неахвота забяліць усё гэта вапнай... Яго трэсла ад бязгучнага смеху, як гэта бывае іншы раз з людзьмі замардаванымі ўшчэнт, даведзенымі да адчаю ад безвыходнасці і абсурднасці свайго становішча. За ім сапраўды назіралі праз ваўчок... Для суда, нават закрытага, гэткі суб’ект ніяк не падыходзіў. А заданне ж было — падрыхтаваць трыбуна, які б на паказальным судовым працэсе не толькі каяўся сам, але і з пераканаўчай шчырасцю на твары абвінавачваў іншых.

На наступным допыце ён стаў непазнавальным. Не крычаў больш, калі білі. З прыязнай усмешкай сваімі пранізлівымі вачыма ўзіраўся ў следчага і толькі ціха казаў: «Дайце мне ўліцца ў агульны ток жыцця!» Тое ж — турэмнаму ўрачу. Ад гэткай просьбы чамусьці брала атарапеласць. Турэмнае начальства ламала галаву: для суда не падыходзіць, проста так застрэліць — пойдуць чуткі, усё ж Гартны, легендарная асоба. Вырашылі — здаць у спецаддзяленне псіхалячэбніцы і паназіраць.

Але яшчэ на пачатку красавіка ён знаходзіўся ў мінскай следчай турме. Яму, праўда, паслабілі рэжым і перавялі ў агульную камеру, нават выпускалі гуляць. Так яго аднойчы і ўбачыў студэнт-рабфакавец Васіль Хомчанка, арыштаваны ў той час па абвінавачванню ў антысавецкай дзейнасці.

Пісьменнік Васіль Хведаравіч Хомчанка ўспамінае, што памясцілі яго тады ў падвальную камеру дома НКВД. Там знаходзілася чалавек восем. У тым ліку пісьменнікі Янка Нёманскі, Янка Туміловіч, студэнт педінстытута Майсей Сяднёў. Адзін з арыштаваных, па прозвішчу Блохман, расказваў, што сядзеў нейкі час у «амерыканцы» — круглай турме-вежы на двары Наркамата ўнутраных спраў у адной камеры з Жылуновічам. Жылуновіча, казаў Блохман, вадзілі на допыт кожную ноч, а ранкам прыцягвалі ці прыносілі цяжка збітага. Жылуновіч сказаў Блохману, што следчыя б’юць балюча, на нырках. Ці кладуць яму на галаву кнігу і б’юць па ёй цяжкім, звычайна мармуровым прэс-пап’е.

Хомчанка аднойчы захварэў, і яго павялі ў турэмную бальніцу. На дварэ ўбачыў групу людзей, якія гучна смяяліся. Аказалася — гэта тры ахоўнікі пацяшаліся з арыштанта. Яму сунулі ў рукі мятлу і загадалі месці пляцоўку перад бальніцай. «Твар арыштанта,— кажа Хомчанка,— даўно не голены, быў нібы застылы, і ўсмешка таксама нейкая застылая. Галава ўвесь час дробна ўздрыгвала, нібы яго нехта нябачны штурхаў ззаду.

— Хто гэта? — спытаў мой канваір.— Недзе я яго бачыў.

— Не ведаеш? — здзівіўся адзін з ахоўнікаў.— Цішка Гартны гэта».

«Вось тут,— гаворыць Васіль Хомчанка,— і я ўспомніў і пазнаў... Бачыў жа яго партрэты ў кнігах, і яго самога раз давялося бачыць... у Мінскай гарадской бібліятэцы, куды на сустрэчу з чытачамі прыйшлі Цішка Гартны, Пятрусь Броўка і Эдзі Агняцвет...

— Дурні вы, жлобы,— вылаяўся мой канваір, дадаўшы яшчэ і такія словы, якія я сюды ўставіць не асмелюся.— З каго смеяцеся? — Падышоў да Цішкі Гартнага... сказаў яму: — Дзядзька Зміцер, не трэба гэтага рабіць.

Гартны нейкі момант не аддаваў яму мятлу, узіраўся: ці ён здзівіўся гэтаму «Зміцеру», ці што яшчэ. Мятлу аддаў, рукі адразу ж заклаў за спіну і стаяў ужо без той застылай усмешкі, неяк па-добраму ўзіраючыся ў майго канваіра...»

Ахоўнікі паведамілі, што Жылуновіча збіраюцца везці ў Магілёў, «у жоўты дом». Гэткіх вязуць чацвёра.

Яшчэ ёсць сведчанні, што нехта з арыштаваных студэнтаў — аднакамернікаў Жылуновіча ў роспачы спытаў: «Дзядзька Зміцер, калі гэта ўсё скончыцца?» — «Яны,— паказаў Жылуновіч на столь,— не сунімуцца, пакуль не знішчаць нас усіх...»

У Пячэрску, псіхалячэбніцы каля Магілёва, урачы таксама прызналі яго вар’ятам. Асабліва іх уражвала ягоная ўтрапёнасць, пранізлівы позірк і зварот: «Дайце мне ўліцца ў агульны ток жыцця!» Яму сапраўды хацелася растварыцца, знікнуць. Іншы раз прыбіральшчыцы чулі, як ён, ахапіўшы рукамі галаву, стагнаў: «Мамачка, як балюча! Як балюча!» Ён быў дастаўлены з сінякамі па ўсім целе, а ў лячэбніцы пацыентаў таксама і білі, і марылі голадам. Што там былі наогул за спецыялісты, сведчыць факт судовай справы аб крымінальнай дзейнасці персанала лячэбніцы. Добразычлівым простым жанчынам здавалася, што гэты чалавек, імя і мінулае якога яны добра ведалі, пакутуе фізічна. Але ў яго яшчэ смылела і душа. Так усё скончылася! Яму ўжо нічога і нідзе не сказаць у імя ісціны. Нават для пратакола. Ён перабіраў у памяці ўласныя ўчынкі, словы. Так, ішоў на кампрамісы. А каб трымаўся за свае перакананні ўпарта? Што ж, самым непахісным сярод іх кагорты быў Фабіян Шантыр. А чым скончыў? І так даўно. А хацелася ж пабачыць рэвалюцыйнае абнаўленне айчыны, удзельнічаць у гэтым. Нарэшце — проста жыць. Жыць! Вось ён і ацалеў... А існаваць гэтак далей, у знявазе — і ганебна, і невыносна для душы. Заставалася апошняе, як яму здавалася. Можна і цяпер праявіць сваю волю, паказаць, што ён не скаціна, а усе ж чалавек — уласнаручна спыніць існаванне! Сродак, які Жылуновіч для гэтага выбраў, уражвае кожнага, хто пра гэта даведваецца: ён здолеў прыўзняць цяжкі бальнічны спецложак і ўбіць яго ножку сабе ў горла...

Было тое 11 красавіка 1937 года. Да свайго 50-годдзя Зміцер Хведаравіч Жылуновіч не дажыў 206 дзён.

Яго жонку і дачку прамарнавалі ў следчай турме 14 месяцаў. Потым без тлумачэнняў выпусцілі. Яны аказаліся без сродкаў да існавання.

Не было ад каго чакаць і падтрымкі. Наогул у Мінску інтэлігенцыя паводзіла сябе як у часе чумы ў сярэдневечча: знаёмыя пазбягалі сустракацца. Што ўжо казаць пра блізкіх родзічаў арыштаваных! Навіны былі неверагоднымі. Малянкоў і Якаўлеў (Эпштэйн) учынілі ў рэспубліцы за які год поўны кадравы разгром. Спачатку ў Маскву як быццам на павышэнне выклікалі Галадзеда. Арыштавалі, калі выходзіў з вагона. Трапіўшы ў турму і зразумеўшы, да якой ролі яго рыхтуюць яжоўцы, гэты мужны чалавек здолеў аднойчы адпіхнуць турэмшчыкаў, кінуўся ўніз галавой у пралёт лесвіцы і разбіўся насмерць.

Наступным кандыдатам на ролю «кіраўніка» рэспубліканскага контррэвалюцыйнага падполля, па думцы Малянкона і яго хаўруснікаў, найбольш падыходзіў Чарвякоў.

Берман і новы першы сакратар ЦК Кампартыі рэспублікі Шаранговіч атрымалі заданне належным чынам «падрыхтаваць» працэдуру палітычнай дыскрэдытацыі Аляксандра Рыгоравіча. Шаранговіч распачаў «акцыю» ўжо ў сваім уступным слове на Шаснаццатым з’ездзе Кампартыі рэспублікі: «Мы павінны знішчыць да канца астаткі япона-нямецкіх і польскіх шпіёнаў і дыверсантаў, астаткі трацкісцка-бухарынскай і нацыяналістычнай падлы, раздавіць і сцерці іх у парашок, як бы яны ні маскіраваліся і ў якую шчыліну ні схаваліся. Мы павінны сказаць на нашым з’ездзе адно: смерць гэтым гадам і здраднікам нашай Радзімы!..» Быў абвінавачаны ім і персанальна А. Р. Чарвякоў.

Ну, а ў далейшым выступленне самога старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Вярхоўнага Савета рэспублікі нарком унутраных спраў Берман перабіваў такімі рэплікамі, з якіх і недасведчаны чалавек мог зразумець: «беларускаму старасце» канец. Пакінуўшы для дэлегатаў з’езда развітальнае пісьмо, дзе Чарвякоў прасіў камуністаў верыць, што ён не вінаваты ні перад партыяй, ні перад народам, Аляксандр Рыгоравіч зайшоў у свой кабінет, сеў у рабочае крэсла і застрэліўся.

Так яшчэ адзін стопрацэнтны, здавалася, кандыдат на ролю галоўнага «беларускага нацыяналіста» ў д’ябальскім сцэнарыі не спраўдзіў спадзяванняў «рэжысёраў». І тады — хто б падумаў! — «роля» дасталася... самому Васілю Фамічу Шаранговічу. 4 сакавіка 1938 года на ранішнім пасяджэнні адкрытага судовага працэсу па справе «праватрацкісцкага блоку» ён адказвае на запытанні Вышынскага. Толькі што Бухарын не прызнаў сябе вінаватым у шпіянажы. «У вас была,— звяртаецца да яго Вышынскі,— група вашых саўдзельнікаў, змоўшчыкаў з Беларусі, якую ўзначальвалі Галадзед, Чарвякоў, Шаранговіч. Правільна, Шаранговіч?» Шаранговіч: «Правільна». Вышынскі: «І па дырэктыве Бухарына і Рыкава, пад іх кіраўніцтвам вы звязаліся з польскай разведкай і польскім генштабам? Правільна, Шаранговіч?» Шаранговіч: «Зусім правільна»...

У Беларусі арышты і расстрэлы актыўна працягваюцца яшчэ з год. Мінск ахоплены жахам. Ад пісьменніцкай арганізацыі засталося ўсяго сорак чалавек...

Жонка дарэмна спрабуе даведацца што-небудзь пра Зміцера Хведаравіча. Калі аўтар гэтых радкоў папрасіў Галіну Змітраўну Жылуновіч расказаць, што ім тады давялося перажыць, яна, якая толькі што гэтак падрабязна расказвала пра жыццёвую адысею бацькі, адмоўна заківала галавой. У яе вачах за тоўстымі шкельцамі акуляраў раптам мільгануў яскравы выраз не то жаху, не то састарэлага болю.

— Пра гэта не буду,— коратка сказала Галіна Змітраўна.— Не магу, і ўсё.

Праз тыдзень раптам званок па тэлефоне:

— Вы бачылі грузінскі фільм «Пакаянне»? Вось гэтак было і ў нас. А то і жахлівей. Знаёмыя баяліся дзверы адчыніць... Потым нас зноў забралі.

У следчым аддзеле ім прапанавалі пакінуць зараз жа Мінск, а яшчэ лепей — Беларусь наогул. У пашпарты абедзвюм паставілі штамп, дзе быў злавесны знак «мінус». І лічба — 12. Гэта значыла: ім забараняецца жыць у дванаццаці самых буйных гарадах краіны. Лічба была таксама магічнай для аддзелаў кадраў: работу знайсці было цяжка, нават такую, дзе плацілі капейкі.

Яны ўсё ж радаваліся — за Алега. Хоць яму лягчэй. У Ленінградзе ж можа вучыцца. Але ад недагляду і недаядання ў хлопца развілася цяжкая форма блізарукасці — мінус 15 дыоптрый. Калі пачалася вайна з гітлераўцамі, ваенкамат выдаў Алегу «белы» білет. Можна было эвакуіравацца. Ён застаўся. Пайшоў працаваць у шпіталь, санітарам. Алег загінуў у цяжкую блакадную зіму 1942 года.

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч для жонкі і дачкі заставаўся жывы да сярэдзіны 50-х гадоў. Як толькі з’явілася магчымасць, абедзве заспяшаліся ў Беларусь. Для іх, хоць і нарадзіліся ў Ленінградзе, гэты край стаў радзімай.

Яшчэ ў 1952 годзе я чуў ад карэнных магіляўчан пра тое, што ў іх горадзе правёў свае апошнія цяжкія дні кіраўнік першага беларускага савецкага ўрада. Месца, дзе ён пахаваны ў брацкай магіле, не забытае, як высветлілася, і да нашых дзён, хоць даўно яго і зараўнялі граблямі. Можа, з часам там стане абеліск. Нехта выб’е надпіс і на гэтым памятным камені нашай з вамі, чытач, гісторыі. Якія ж там будуць словы?

1987-1988

1 Адным з гэтых катаў, як сведчыць пракурор БССР Г. С. Тарнаўскі, быў следчы Ушакоў. У верасні 1939 года ён сам потым трапіў у сталінскую душагубку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Ялугін, Э. Без эпітафіі: Дакум. аповесць / Прадм. М.С. Сташкевіча, А.С. Караля. - Мн.: Беларусь, 1989. - 256 с.
Крыніца: скан