epub
 
падключыць
слоўнікі

Эрнэст Ялугін

Цяжкі шлях да святла

 

І святло ў цемры свеціць,

і цемра не пахавала яго.

(Евангелле ад ІААНА, 1,5)

 

Па ўзросце (нарадзіўся ў 1931 г.) ён трохі старэйшы за большасць з тых беларускіх празаікаў, каго называюць цяпер пакаленнем «шасцідзесятнікаў». Ды і ягонае першае апавяданне («Унучка бальшавіка») надрукавана яшчэ ў канцы пяцідзесятых. Тым не менш можна з упэўненасцю сказаць: і Паўла Місько абудзіла да сапраўднай творчасці менавіта тая дзіўная і даволі кароткая пара ў нашай блізкай айчыннай гісторыі, якую інтэлектуалы ахрысцілі «адлігай». Эпоха ХХ з’езда КПСС і хрушчоўскіх рэформ — уразлівых, але ж і нейкіх хісткіх, сутаргавых. У Крамлі партдэлегаты слухаюць знакаміты даклад пра Сталіна, аднак астатнім грамадзянам Саюза тэкст ягоны ўдаецца пачытаць толькі ў зашмальцаваных машынапісных копіях «самвыдата» ці пачуць, калі хопіць нерваў, праз дзікае выццё глушылак у радыёперадачах Бі-бі-сі. Таму няпэўнасць; таму не знікае, а, наадварот, часам даволі матэрыяльна акрэсліваецца над краінай жудасны прывід нябожчыка Айца народаў. Гэткі вось час «адлігі» пасярод зімы: з раніцы згодна глабальнага пацяплення прыгравае сонейка надзеі, але што будзе к ночы? І хоць ужо сыходзіліся пры кожным выпадку маладыя літаратары ля сяброўскага вогнішча ў Каралішчавічах, каб пачуць застуджаныя галасы нядаўніх зэкаў — элегічнага Міколы Хведаровіча ці іранічнага Рыгора Бярозкіна, але ж ужо зноў, як зусім нядаўна, трасуць «кампетэнтныя органы» маладых гісторыкаў з Акадэміі навук БССР, махаючы дубінай такога знаёмага «нацдэму»,— за падазроную цікаўнасць да мінуўшчыны роднага краю. А ў Маскве прынародна цкуюць Барыса Пастарнака, і хваля неўзабаве дакочваецца да Мінска. І вось ужо на пашыраным(!) пасяджэнні праўлення рэспубліканскага Саюза пісьменнікаў літаратурнае чыноўніцтва Беларусі, распальваючы ў сабе «святую класавую нянавісць» да высокага майстэрства і чалавечай годнасці, спаборнічае ў ганьбаванні паэта, твор якога наўрад хто з іх і чытаў.

Якраз у той час супрацоўнік раённай газеты Павел Місько ў далёкім Давыд-Гарадку піша свае першыя апавяданні, і надзвычай цяжка пачаткоўцу пазбегнуць дурману «сацрэалістычнай» імітацыі, прыхарошвання жыцця, хоць і паспытаў яго, сапраўднага, гэты малады літаратар ужо багата. Насычанага цяжкай і амаль бясплатнай працай, пастаянна працятага страхам-прымусам.

Ён і нарадзіўся ў гады Вялікага прымусу, калі яго бацькі ўступілі ў калгас. А вось дзед з боку маці — Лукаш Нядзелька, хоць і быў не з заможнікаў, ісці ў «кагал» не хацеў, і ўсё тут. І тады за яго ўзяліся «акцівісты». З тых, у каго сваё чамусьці не надта радзіла, але каторыя люта прагнулі татальна і найхутчэй абагуліць чужое, «працэнты ўсё гналі»,— растлумачвала тое маці будучага пісьменніка. «Акцівісты», каб пазбавіць упартага Лукаша магчымасці хоць неяк існаваць незалежна, у запале беспакаранасці разбурылі ягоныя гаспадарчыя пабудовы, нават сенцы ў хаце.

Пра ўсё гэта цікаўны хлапчук даведваецца ад маці. Сам дзед Лукаш пра сваю абразу не гаварыў і нікуды наогул не скардзіўся, проста «зацяўся». О гэта наша так званая зацятасць! Як да яе ставіцца? І наогул — як адрозніць яе ад пакорлівасці вала? Менавіта ж такую пароду і імкнулася вывесці на Беларусі спачатку царскае, а потым і «пралетарскае» начальства, праводзячы сацыяльную селекцыю «тутэйшых» у гэтым накірунку бязлітаснай рукой. На радзіме Паўла Місько — Случчыне, дзе людзі здавён славіліся гаспадарлівасцю, тая «пралетарская» селекцыя пачалася практычна з 1920 года, калі случакі першы раз не вытрымалі гвалту татальнай харчразвёрсткі,— з сусекаў тады выграбалася нават апошняе насенне. Бунтаўшчыкоў уціхамірвалі расстрэламі. Ацалелых ці падрослых «крыкуноў» ды ўпартых праз дзесяць гадоў «супакоілі» ў часе калектывізацыі. Так што ўрэшце засталіся (і то далёка не ўсе) хоць, можа, і «зацятыя» ў душы, але пакорлівыя. Ад іх, адселекцыяніраваных татальным запалохваннем і дурманам абяцанак «светлай будучыні» для паслухмяных і працавітых, нарадзіліся новыя пакаленні, якія ў асноўным і сталі героямі раманаў і аповесцяў Паўла Місько.

Вернемся, аднак, да пачаткаў яго пісьменніцкай і наогул жыццёвай адысеі. У той яе перыяд, калі ўнук Лукаша Нядзелькі пайшоў у школу. Там тады ўжо праслаўлялі, паміж іншым, подзвіг піянера Паўліка Марозава, які быццам бы данёс у карныя органы на свайго бацьку-«падкулачніка». А дома, назіраючы, як маці загортвае ў хусцінку яшчэ цёплы бохан хлеба ці толькі што адціснуты сырчык ды збанок малака, каб аднесці старому Лукашу, піянер Паўлік Місько дапытваўся: «А чаму дзед не ходзіць у калгас? А чаму ў яго такая абгрызеная хата?» І чуў расказ пра калектывізацыю. У тым, што Лукаш Нядзелька так і не адбудаваў некалі разбураныя «акцівістамі» сенцы, ёсць свая сімволіка. Ёсць і неаспрэчны доказ: нягледзячы на свой добры нораў, Нядзелька ўсё ж не дараваў гвалтаўнікам абразы, так і нёс праз жыццё ў душы вялізны цяжар, як цяпер кажуць, стрэсу. Не ўсе з яго пакалення гэта і вытрымлівалі, дарэчы. Толькі цяпер становіцца вядома, як многа сялянскага люду на Беларусі трапіла не толькі ў Сіблаг ці блізкія Курапаты, а і ў псіхічныя лякарні. Можна не сумнявацца: татальны прымус да «светлай будучыні» пэўным чынам паўплываў на псіхічны стан асноўнай масы і ацалелага сельскага насельніцтва, за выключэннем, магчыма, беднякоў, парабкаў і часткі серадняцкай праслойкі. Нашчадкі ж атрымлівалі ўжо гэтыя вынікі сацыяльнай селекцыі ў генную спадчыну. Найбольш жыццястойкі элемент усімі сродкамі імкнуўся інстынктыўна пакінуць вёску і нават як мага хутчэй забыць сваё мінулае, у тым ліку мову, народныя звычаі. Вось чаму і даводзіцца аднаму з герояў рамана Паўла Місько «Градабой» «донкіхоцтваваць», расходуючы мізэрныя ўласныя сродкі, «матацца» па вёсках у пошуках дзе-нідзе ацалелых носьбітаў таго фальклору, у асноўным бабулек, якія ўжо адна за адной сыходзяць у атручаны суцэльнай хімізацыяй дол.

Тыя ж з «новапрыгонных» (каб мацней прыкуць да калгаса, іх нават пазбавілі пашпартоў), якія не змаглі вырвацца з вёскі, ад загнанага нават у падсвядомасць адчаю, болю ад безнадзейнасці ды і страху, які пераходзіў у апакаліпсічны жах, ратаваліся хто як. Большасць — п’янствам. Альбо здранцвеннем душы, летаргічным яе сном, што праяўлалася абыякавасцю да ўсяго. Дзед Лукаш адчуваў палёгку ў часе вандровак па лесе. Калі ўнук крыху падрос і таксама зацікавіўся прыродай, дзед стаў браць з сабою і яго. «Я з вялікай цеплынёй успамінаю Лукаша Аляксандравіча Нядзельку, «Алесевых дзеда», як звалі яго па-вулічнаму,— зазначае пісьменнік у сваім аўтабіяграфічным эсэ «На покліч душы».— І якіх бы старых я потым ні выводзіў у сваіх творах (Лукаш у «Калодзежы», Стахей у аповесці «Зямля ў нас такая», Парахенька ў аповесці «Поезд ішоў на захад», нават бабка Вера з цыкла «Ласіныя пацеркі»), некаторыя рысачкі дзеда Лукаша я перадаваў ім». Дадамо, што і ў раманах «Мора Герадота» і «Градабой» жыве ягоная душа. Дзед, заўважае пісьменнік, «у хвіліны меланхоліі або калі вельмі надакучыць звяглівая Палашка (другая жонка), заўсёды разгортваў Евангелле. Чытаў голасна, хоць быў хто за слухача, хоць не». Тую, ахутаную таямніцай старую кнігу з «цітламі» незадоўга да смерці Лукаш Нядзелька падараваў унуку. Што, аднак, не перашкодзіла таму напачатку свайго літаратурнага шляху выдаць кніжкай нарыс «Адмаўленне ад крыжа». Было. Аказваецца, з путаў «ваяўнічага» атэізму, які літаральна з першага класа ўбівалі ў галовы школьнікам, выкараскацца было не так і проста нават таму, хто атрымаў Евангелле ў спадчыну ад любімага дзеда. Іншая справа, што маладым літаратарам валодала хутчэй не «пралетарская» ваяўнічасць атэіста, а трывога за тых з землякоў, хто, запалоханы рэпрэсіўным ладам, апусціў рукі і стаў на калені перад злом, спадзеючыся ўжо толькі на боскую ласку. Ды і наогул сціплую тую кніжачку хутчэй можна аднесці да журналісцкай практыкі аўтара, чым да мастацтва прыгожага пісьменства. А вядома ж: у часіны грамадзянскай няволі першай гіне сапраўдная, сумленная журналістыка. Яе лягчэй «пільнаваць» чыноўнікам ад казённай ідэалогіі. Прамое журналісцкае слова навідавоку, яно прасцей паддаецца праўцы, прымусоваму скажэнню. У такіх умовах, каб неяк духоўна выжыць і выконваць свой грамадзянскі абавязак, сумленныя журналісты вучыліся не толькі майстэрству сцісла ды змястоўна апісваць падзеі, але і «заганяць» тое-сёе ў падтэкст, у разліку на здагадлівага чытача. Таму авалодвалі прыёмамі стварэння асацыятыўнасці, алюзіі, прыхаванага параўнання, парадыйнасці — словам, усяму, што ўласціва хутчэй мастацкай прозе, чым газетнаму артыкулу.

Прайшоў гэтую школу і Павел Місько. А перад тым і працоўная жыццёвая школа падлетка была досыць жорсткай. Жах акупацыйнага ліхалецця, пасляваенная галеча, бесперапынная праца ў калгасе практычна задарма. А яшчэ ж дапамога бацькам, што хоць і былі працавітымі (маці нават атрымала медаль «За працоўную адзнаку»), а ледзьве зводзілі канцы з канцамі і пастаянна ламалі галаву — што б такое занесці на базар у Слуцак, за пятнаццаць кіламетраў, каб атрымаць капейчыну і на падаткі, і на штогоднія абавязковыя дзяржаўныя пазыкі («добраахвотныя»!), і каб унесці плату за вучобу дзяцей у сярэдняй школе, і каб нейкую адзежыну купіць. Ды як ні біліся, колькі сам Павел той калгаснай работы ні перарабіў, а не меў нават паліто. Так і хадзіў амаль цэлы семестр у старым пінжаку, калі стаў студэнтам Белдзяржуніверсітэта аддзялення журналістыкі. Пакуль адзін з сакурснікаў, заўважыўшы, як сінее і курчыцца хлопец ад холаду, не прынёс яму стары салдацкі шынялёк.

Здавалася б, уражанняў — на ўсё далейшае жыццё. Але не, пасля сканчэння Белдзяржуніверсітэта (1955) Павел Місько разам з жонкай-студэнткай (тая пераводзіцца на завочнае аддзяленне фізмата) вырашае ехаць на працу ў самую глыбінку Палесся, у мясціны, дзе, як лічыў гісторык старажытнасці Герадот, некалі знаходзілася мора. Так і апынуўся ў Давыд-Гарадку на Гарыні, якая і сапраўды кожную вясну разлівалася морам. «Вабілі заходнія вобласці рэспублікі,— тлумачыць пісьменнік тое сваё рашэнне.— Яны былі для мяне «тэра інкогніта». Ён яшчэ не ведае, што Палессе стане для яго шляхам у вялікую літаратуру, месцам дзеяння яго першага рамана.

Аб рабоце над буйным мастацкім творам, вядома ж, марыў. Не ведаў толькі, як гэта адбудзецца. Ды і наогул бязлітасная рэчаіснасць уносіла свае карэктывы ў планы і мроі маладога журналіста. Амаль усе яго сілы адбірала раённая газета, «гэтая малатарня», ахарактарызуе ён пазней раёнку. Матэрыял туды трэба было даваць і даваць. А каб здабыць яго, «трэба было па некалькі разоў на тыдзень ехаць у калгасы — то на веласіпедзе, то на кані, то на матацыкле». «Тады,— заўважае пісьменнік,— я зразумеў выраз — «Кроў з носа, а давай!». Ад пастаяннага перанапружання і дрэннага харчавання здаралася і гэта, у самым прамым сэнсе.

Тым не менш не ўвесь сабраны матэрыял паглынала газета. Частка жыццёвых назіранняў асядала ў блакнотах. Нешта з гэтага ішло потым для кароткіх апавяданняў, у асноўным гумарыстычных, а нешта патрабавала іншай, больш маштабнай, формы. Так было з запісамі шматгадзінных гутарак з настаўнікам Цімохам Андрэевічам Ніколенкам, былым камісарам аднаго з атрадаў Пінскага партызанскага злучэння. У газету з тых матэрыялаў пайшла нейкая часцінка — пра разгром народнымі мсціўцамі Хатыніцкага гарнізона. А як распарадзіцца астатнімі запісамі, дзе не менш значнае? Там — лёсы чалавечыя ў перыяд партызанскай вайны на балотных прасторах Палесся, высакароднасць і здрадніцтва, неверагоднасць абставін і суровы побыт партызанства, боль і радасць, лютая жорсткасць і пяшчотнасць чыстага кахання, якое так часта бязлітасна абрывала варожая куля ці выбух міны. Пройдзе, аднак, яшчэ нямала часу, перш чым прататып Ніколенкі пачне ўсё выразней пераплаўляцца пісьменнікам у галоўнага героя рамана — Мікульскага з яго адысеяй у суровым «моры Герадота». Але для гэтага спатрэбіліся і дадатковыя жыццёвыя назіранні, і выпрацоўка ўласнай філасофскай канцэпцыі рэчаіснасці партызанскай вайны на Палессі.

З Давыд-Гарадка Павел Місько летам 1959 года перабіраецца ў Гродна ўласным карэспандэнтам рэспубліканскай газеты «Звязда». А гэта новыя гарызонты і многія паездкі ўздоўж і ўпоперак па вобласці якраз у часы знакамітай хрушчоўскай «адлігі» і пачатку звароту «халадоў» вонкава трохі прыхаванай новасталіншчыны. Былі і ціхі адчай ад усёмагутнасці свавольства нахабнага партчыноўніцтва і вера маладога камуніста, што ўсё гэта будзе пераможана, што гэта ўсё асобныя, хоць чамусьці надзіва шматлікія, хібы на, у прынцыпе, ураджайным улонні Вялікай ідэі сацыяльнага брацтва і справядлівасці. Вось прыйдуць новыя кіраўнікі, вось навучымся «правільна» выхоўваць новага чалавека-гаспадара і своечасова абясшкоджваць ворага: бюракрата-злодзея-гультая... Божухна, толькі да чаго ж ён чамусьці шматаблічны ды і жывучы, бы крапіўнае насенне! Ні фельетонамі яго не прадзяўбеш, ні гумарэскамі, ні ўрадавымі пастановамі нават. Але ён верыць і веру сваю ўкладае ў творчасць... нават калі гэта недзе не зусім стыкуецца з рэаліямі жыцця. Бо так вучыць адзіна правільная тэорыя «сацыялістычнага» рэалізму, які загадваў літаратарам углядацца толькі ўдалячынь... і абавязкова «светлую». Дзіўная з’ява гэты наіўна-светлы ідэалізм спакушанага, здаецца, самай суровай рэчаіснасцю юнака. Але ж і ад таго, што ён неаднойчы паспытаў на ўласнай скуры, Павел Місько таксама не схільны адмаўляцца. Прабіцца да ісціны яму няпроста. Каму верыць, уласным назіранням ці ўзброеным «адзіна правільным пралетарскім метадам» рэцэнзентам з Мінска, без ухвалы якіх нельга і думаць, каб прабіцца ў друк? «Гэта ўжо такі гратэск, якому цяжка нават паверыць»,— дае заключэнне на сатырычны твор маладога літаратара адзін з іх. Але адгукаецца і Янка Брыль: «Праўды баяцца толькі слабыя».

А яшчэ былі сустрэчы з Васілём Быкавым, які працаваў тады літкансультантам у «Гродненской правде». Уразілі ягоныя словы: «Пісаць што. Прасцей. У асноўным думаць трэба, выношваць. А вось думаць, браце мой, пры нашых умовах... Няма калі думаць!» І гэта: «Хопіць нам ужо маляваць кулака на хутары з барадою па пояс...»

Хутар у прозе Паўла Місько з’явіцца не скора. Толькі ў рамане «Градабой». І то быццам трохі збоку. Але ўчытваешся — і следам за гэтым словам-паняццем аднекуль з падсвядомасці ўсплываюць іншыя падобныя словы, чапляючыся адно за другое: хутаранін... кулак... парабак... камбед... класавае процістаянне... нехацімец... лішэнец... спецпасяленец... калгаснік... саўгаснік... і — датацыя... стагнацыя... А што далей? Гэта мы цяпер трохі ўяўляем сабе. Героі ж рамана «Градабой» яшчэ нават і не здагадваюцца, што можна будзе калі-небудзь у станоўчым сэнсе вымаўляць: арандатар... фермер... нават — розныя формы ўласнасці. Аднак што ж адбываецца на прасторы рамана Паўла Місько? Прыгледземся, услухаемся. Магчымасці для гэтага аўтарам прадастаўлены значныя. «Градабой» — твор шматпланавы, шматфігурны, поліфанічны, шматфарбны. Наогул, чытаць яго трэба ўважліва, не спехам, гэта не прыгодніцкая белетрыстыка, хоць ёсць тут нават і развіты дэтэктыўны сюжэт, якога іншаму аўтару хапіла б на добрую аповесць. Маецца тая самая стрэльба, што, заяўленая ў першым акце драмы, у апошнім у прамым і пераносным сэнсе страляе. Ды Павел Місько, які, дарэчы сказаць, неаднойчы сваімі аповесцямі для дзяцей пацвярджаў умельства будаваць востразаймальны сюжэт, тут заклапочаны іншым. Яго трывога, што з вёскі знік, так бы мовіць, Бог. Справа зусім не ў рэлігійнай нейкай сімволіцы. Ну вось услухаемся, скажам, у голас з Хора: «Не перспякціўны наш пункт. У целявізары казалі, што толькі некаторыя сёлы развівацца будуць. На астальныя — запрэт...» Гэта старыя кабеты гамоняць. А вось сталыя дзядзькі-партыйцы. У іх размова пра душу, хоць абодва не толькі ў свой час і неаднаразова атрымалі прывіўку «ваяўнічага» атэізму, але і адзін з іх, Лявошка, намеснік старшыні калгаснага парткома, іншы раз і змагаецца супроць «забабонаў», мала таго, дзеля ідэі нават гатовы рызыкаваць здароўем уласнай дачкі. А размова ў іх узнікла такая таму, што памёр раптоўна блізкі абодвум чалавек — стары Ясь Сухавей. «Дык няўжо,— з болем гаворыць Гардзей, сын,— знікне і ягоная душа?» — «Душа? — хмыкае Лявошка.— Выйдзе з цябе дух, от і ўся душа. Астатняе — зямля... Ні раю, ні пекла...» — «Не, чалавеча! — пратэстуе супроць такога канца Гардзей, хоць увогуле і ён дастаткова насычаны сучасным прагматызмам.— Штосьці павінна быць... А то ж вельмі страшна, калі нічагенькі...»

Штосьці павінна быць... А што? І чаму гэтак ірвецца Рыгор Сухавей да Волькі з хутара, не зважаючы, што мае са сваёй жонкай, Маняй, ажно чацвёра дзяцей? Любоў? А што гэта такое? Навошта? А чаму сама Маня, хоць ёй і ненавісны, нават брыдкі Рыгор, усё ж ярасна супраціўляецца ягонаму пераходу да Волькі? І ў заяве ў партком патрабуе: тую «лярву... выслаць... за дваццаць чатыры часа». Хутар жа «скалупнуць з ліца зямлі, як бародаўку, каб не замінаў». Не замінаў чаму?

А што Маня? Бароніць гэтак будучае ўласных дзяцей? У тым жа і загадка: аказваецца — не. Яны ёй таксама брыдкія. «А нашто... дзеці?» — кажа яна. Ці яшчэ. Вось яна ў парткоме. Яе казённа (каб толькі «закрыць» справу) імкнуцца памірыць з Рыгорам. Раяць мужа не грызці, а прыгалубіць. «Ага-а... Абдымі!..— крычыць Маня.— Каб пятага зрабіў?» Што гэта, канец свету?

Адны яны такія? Не. Так у адной толькі «неперспекціўнай» гэтай вёсцы? Зноў жа не. Узяць хоць і суседнюю, з іншага калгаса, дзе жыве Аляксана, якая чакае сватоў ад старога Яся. І ўспамінае Аляксана, як маці аддавала яе замуж, а потым спаць маладым разам... усімі сродкамі перашкаджала. Толькі «прыхваткамі... сына зрабілі». Аляксанін Іван цярпеў-цярпеў гэтыя здзекі ды і завербаваўся некуды на Урал. «Як камень у ваду шчабоўкнуў». Дык мала таго што давялося Аляксане гадаваць сына бязбацькавічам, яе ж маці пачала настройваць і ўнука свайго супроць уласнай дачкі — каб адцураўся і ўзненавідзеў. Нейкі жудасны фізіялагічны перакрут... І вось пад старасць Аляксану зноў сватаюць, хоць яна ўжо і высахла «як шчэпка». І была ад усяго гэтага, заўважае аўтар, у старой жанчыны «гнятлівая нуда і неадольнае жаданне вырвацца некуды хоць на старасці і пажыць нейкім новым жыццём... «Вольным» — гэтае слова не адважвалася вымавіць нават сама сабе». І жаніх ёй уяўляўся, Ясь Сухавей, «вольным»: і гаворыць спаважна, і ходзіць — спаважна... як бы і не калгаснік, а... дыпламат», што прачытваецца і па-іншаму: незалежны, не батрак. Незалежны? Можа, і добра, што не бачыла Аляксана, як прасіў Ясь каня ў брыгадзіра, каб ехаць у сваты, а той, малодшы за яго гадамі, але ж — «начальства», гэтак па-хамску гулліва гутарыў з яе «дыпламатам». Ну, ды яе «вясельныя» пакуты наперадзе. Ад рытуалу сватання пачынаючы. Ад таго двухсэнсоўнага штукарства свата, якое народным звычаем прызначана для маладых, якім дзяцей нараджаць. А як для старых «нявесты» і «жаніха» — атрымліваецца фарс і здзек. Бо для таго чалавецтва гэты рытуал ды шлюб прыдумала? Ды каб род людскі незнарок не звёўся. Тады чаму ж усё-такі тахкае бы ў маладой сэрца ў Аляксаны, хоць ёй ужо, як цынічна заўважае сват Пятрок, «нечага цяраць, кроме сваіх цапей»? Нешта «ўсё не так», з адценнем адчаю ад незразумелай хады падзей у роднай вёсцы заўважае калгасны брыгадзір Каляда.

Усё не так аказваецца нават і ў самай «па-сучаснаму добраўпарадкаванай» вёсцы, дзе жыве ардэнаносец Гардзей Сухавей. Гэта вельмі хутка заўважае Саша, сын Рыгора Сухавея, што ў адчаі збег з роднай хаты ў пошуках справядлівасці і чалавечай дабрыні. «Не так, як трэба», і ў самой сям’і Гардзея — знатнага камбайнера, у якога і разумная гаспадарлівая жонка, і сучасная кватэра, і машына, і работа па душы. Па душы? А Саша, прыгледзеўшыся, і тут заўважае прыхаваны фарс: зусім не вольны працаўнік, аказваецца, яго кумір Гардзей Іванавіч і прыносіць сябе «ў ахвяру». У ахвяру — «справе... жніву... Некаму ж трэба і першым ісці». Думка падлетка ці на гэты раз проста дысанансам урэзаўся ў суровую рэчаіснасць сацрэалізм аўтара? А ўвогуле мог так суцяшаць сябе і сам Гардзей Іванавіч, бо ён жа і сапраўды выкладваецца да апошняга. Тым часам пытанне працягвае ў кантэксце гучаць, яно не знята. «Ісці першым» — куды і дзеля чаго? Дзеля таго, каб недзе там, у светлым будучым, усталяваліся любоў і самаахвярнасць. Саша, якому моташна ад сучаснасці, хоча ў тое верыць. Гардзей Іванавіч? Ну, а самі ідэолагі калгасныя, якія заклікаюць да самаахвярнасці? Разбяромся з верай Гардзея Сухавея. Лявошку ён прызнаецца, што яго «захоплівае сам працэс працы» і ён, канечне, імкнецца атрымаць пасля ордэна і Зорку Героя. Захоплівае працэс працы, працягвае Гардзей, і многіх іншых, хто «ўпарта перавыконвае нормы». А Лявошка чаканіць, адкідваючы ўсе эўфемізмы: «Свядома б’юць на Героя?» Гардзей зноў сваё (пра рабочых-меліяратараў, якія перашкаджаюць тым, хто намнога перавыконвае нормы): «Ды раскінулі б сваёй прапітай мазгаўнёй: быць добрым, сумленным рабочым, калі на тое пайшло, нават выгадна». Лявошка: «А-а, дык і ты выгаду шукаеш».

Гардзей яшчэ ў нешта спрабуе верыць. Але ў плён ягонага працоўнага гераізму не вераць ужо ўласныя дзеці, кідаюцца туды-сюды, шукаючы выйсця з гэтай фантасмагорыі, мараць стаць «артыстамі», каб існаваць у мроях.

І фантасмагорыяй жа выглядае прыезд на свінакомплекс сакратара ЦК партыі рэспублікі. Цяпер, калі мы, чытачы, трохі паразумнелі, выглядае гратэскам, ці гэта з самага пачатку было закладзена аўтарам, але яшчэ не прачытвалася,— той маладзецкі пераскок бравага сакратара праз паркан дзіцячага сада, у загарадку? І гэты гурт падхалімаў-чыноўнікоў, якія паспешліва караскаліся следам. «Метр дваццаць сантыметраў»,— абвяшчае сакратар, і юнак Саша ўспрымае гэта з захапленнем: вось дык спрыт у партыйнага кіраўніка!

Тым часам Сашына маці, Маня, падбіраецца ўжо з карабком запалак да хутара. І нарэшце сцэна сімвалічная і алегарычная: Маня ў разумовым зацьменні «ўбіваецца ў статак кароў і пакорліва ідзе з ім на ферму».

А за дзесяткі кіламетраў, у другой вёсцы на малодшага брата Рыгора, Федзю, які збірае фальклор, «упалнамочаны райкома партыі на ўборцы» нацкоўвае міліцыянера, і гучыць такое знаёмае-злавеснае: «Каб за дваццаць чатыры часа... з раёна!»

«Кончылася цярпенне!» — крычыць Рыгор. Але ж ці так гэта? Тады, калі пісаўся раман, думаецца, не. Ва ўсякім разе ні Рыгор, ні мудры яго старшы брат Гардзей, ні малодшы і адукаваны этнограф Федзя, які ліхаманкава і насуперак начальству збірае-шукае скарбы народнай мудрасці, ні «гвардзеец працы» Пахвалёны з яго сіпаватым дыханнем і вінавата-панурым позіркам загнанага калгаснага канягі, ні Волька, ні нават яго стары бацька-хутаранін, якога ўсё жыццё душыла крыўда «немаведама на каго», да свядомага сацыяльнага пратэсту былі не гатовы. «Пралетарская» селекцыя яшчэ спрацоўвала. Аднак, кожны пасвойму, яны адчувалі: усё, так далей жыць на гэтым месцы нельга. Таму самай актыўнай формай іх пратэсту і з’яўляецца памкненне альбо некуды збегчы ў «светлую далячынь», якой іх дурманілі, альбо дзікая неасэнсаваная варожасць да ўсяго на свеце, нават да ўласных дзяцей, альбо п’янства па-чорнаму і, значыць, самагубства.

Дык чым жа ўсё скончыцца? Для літаратуры — гэта ўжо новы раман, для якога, як і наогул для перабудовы і адраджэння грамадства, ніяк не абысціся без дакладнага ведання таго, што назапашвалася ў беларускай літаратуры раней і зусім нядаўна. У тым ліку і ў праўдзівай прозе Паўла Місько. Як шкада толькі і якая гэта страта для грамадства, што да гэтага часу ні сацыяпсіхолагі, ні сумленныя палітыкі не маюць звычкі, здаецца, прымаць усур’ёз мастацкую літаратуру сваёй рэспублікі.

сакавік 1990

 


1991?

Тэкст падаецца паводле выдання: Місько П. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Мора Герадота: Раман / Прадм. Э. Ялугіна. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1991. – 503 с.
Крыніца: скан