epub
 
Падключыць
слоўнікі

Эрык Фрэнк Расэл

Неба, неба...

Ён шырока расчыніў літыя чыгунныя дзверцы, загледзеўся ў вогнетрывалае чэрава печы, што адкрылася перад ім, і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Быццам узіраешся ў машынны адсек касмічнага карабля. Тут, за дзверцамі, павінны быць полымя і грукат, а з таго боку агню — зоркі. Падлога пад нагамі ўздрыгвае. На куртцы ў яго срэбныя гузікі, на каўняры і пагонах — маленькія срэбныя каметы.

— Ну вось, — грымнула над вухам. — Зноў ты як адчыніў дзверцы, дык адразу і аслупянеў. І што ўжо там такога незвычайнага ў гэтай печы?

Куртка з срэбнымі гузікамі і каметамі знікла, застаўся толькі засалены белы халат. Падлога пад нагамі больш не ўздрыгвала, адно рыпелі маснічыны. Зоркі пагаслі, нібыта іх ніколі і не было.

— Нічога, мсье Траба.

— Тады ўвага! Распалі агонь, як цябе вучылі.

— Зараз, мсье Траба.

Ён схапіў ахапак пахучага хваёвага галля, сунуў яго ў печ і доўгай жалезнай качаргой запхнуў як мага глыбей. Потым другі ахапак, трэці. Пасля падабраў з падлогі дзесятак маленькіх, клейкіх ад смалы хваёвых шышак і па адной закінуў туды ж, у самую сярэдзіну. І задуменна паглядзеў на ўсё, што зрабіў сваімі рукамі. Ракета, зараджаная хваёвымі шыпулькамі і шышкамі. Ото дурнота!

— Жуль!

— Зараз, мсье Траба.

Ён хуценька хапаў хваёвыя галінкі, сучкі і маленькія паленцы і соваў іх у печ, пакуль не напхаў колькі можна было. Ну вось, усё гатова.

Цяпер, каб узляцець, караблю патрэбна адна толькі іскра. Хтосьці на самым версе павінен пільна сачыць, каб разбеглася ўся наземная каманда, каб не трапіў ніхто пад полымя, што зараз вырвецца з соплаў. Вось умелая шматвопытная рука ледзь прыкметна кранула пурпуровую кнопку. І адразу ж недзе пад нагамі выццё, шалёны дрогат і пад'ём, спачатку павольны, потым усё хутчэйшы і хутчэйшы...

— Ото гора маё! Зноў ён нібы скамянеў! І завошта толькі, за якую віну лёс паслаў мне такога разяву!

Траба рынуўся паўз яго да печы, сунуў у яе запалены жмут паперы і з бразгам зачыніў дзверцы. Потым павярнуўся да свайго памочніка, грозна ссунуў калматыя чорныя бровы.

— Жуль Рыу, табе ўжо шаснаццаць. Так?

— Ага, мсье Траба.

— Значыцца, ты ўжо дарослы і павінен разумець: каб хлеб спёкся, у гэтым пекле павінна быць па-сапраўднаму горача. А на гэта патрэбен агонь. А каб быў агонь, яго трэба запаліць. Правільна я кажу?

— Ага, мсье Траба, — сарамліва згадзіўся ён.

— Дык чаму ж ты прымушаеш мяне паўтараць табе ўсё гэта тысячу разоў?!

— Я абэлтух, мсье Траба.

— Калі б ты быў проста абэлтух, усё было б зразумела і я табе дараваў бы. Пан Бог на тое і стварае дурняў, каб людзям было каго шкадаваць.

Траба сеў на даверху насыпаны, прыпарушаны мукою мех, валасатай рукою прыгарнуў да сябе хлапчука і даверліва загаварыў зноў:

— Твае думкі блукаюць, як у закаханага, якога сяброўка прагнала прэч, — дзесьці далёка-далёка. Скажы мне, дружа, хто яна?

— Яна?

— Ну але, гэтая дзяўчына, гэтае нябеснае стварэнне, якое задурыла табе галаву.

— Ніякай дзяўчыны няма.

— Няма? — Траба шчыра здзівіўся. — Ты пакутуеш, перажываеш, і тут не замешана дзяўчына?

— Не, мсье.

— Дык пра што ж ты марыш?

— Пра зоркі, мсье.

— Сто тысяч чарцей! — Траба бездапаможна развёў рукамі і з нямою мальбою ўтаропіўся ў столь. — Пекарчук! І пра што ж ён марыць? Пра зоркі!

— Я нічога не магу з сабою зрабіць, мсье.

— Вядома, не можаш. Табе ўсяго шаснаццаць. — Траба паціснуў плячамі. — Я задам табе два пытанні: як жыць людзям, калі ніхто не будзе пячы хлеб, і як ляцець да зорак, калі на свеце не застанецца людзей?

— Не ведаю, мсье.

— Сярод зорак лятаюць касмічныя караблі, — разважаў далей Траба. — А чаму? Ды толькі таму, што на Зямлі ёсць жыццё. — Ён нагнуўся і падняў даўжэзны цудоўна ўпечаны хлеб з залацістай скарыначкай. — А жыццё падтрымліваецца вось гэтым!

— Праўда, мсье.

— Думаеш, мне не хацелася б паблукаць сярод зорак? — спытаў Траба.

— Вам, мсье? — Жуль вылупіў на яго вочы.

— Само сабой зразумела. Але я ўжо стары і сівы і ў сваёй справе таксама праславіўся. Шмат ёсць такога, чаго я рабіць не ўмею і ніколі ўжо не навучуся. Але я стаў майстрам: я пяку цудоўны хлеб.

— Гэта праўда, мсье.

— І не забудзься, — Траба пагразіў пальцам, — гэта не якая-небудзь размазня машыннага замесу ў безансонскай электрычнай пякарні. Не, гэта сама сапраўдны хлеб, ад душы прыгатаваны жывымі чалавечымі рукамі. І я пяку яго старанна, пяку з любоўю — вось у чым сакрэт. У кожную выпечку я ўкладваю часцінку свае душы. Таму вось я і майстар. Ты зразумеў?

— Зразумеў, мсье.

— Дык вось, Жуль: людзі прыходзяць сюды не проста купіць хлеба. Канечне, на шыльдзе над маім акном сказана: «П'ер Траба, пекар». Але гэта, як і належыць, усяго толькі сціпласць. Бо што вылучае майстра, што для яго характэрна? Сціпласць!

— Так, мсье Траба.

— Я толькі адчыню печ, па ўсёй вуліцы паплыве дух гарачага хлеба, — і ўжо з усіх бакоў да мяне спяшаюцца людзі са сваімі кашолкамі. А ведаеш чаму, Жуль? Таму, што яны маюць цудоўны густ і іх ажно нудзіць ад гэтых сырых цаглін, якія выдае электрычная пякарня. І яны ідуць сюды купіць плён майго майстэрства. Праўду я кажу?

— Праўду, мсье.

— Тады радуйся: у свой час і ты станеш майстрам. А пакуль што забудземся на зоркі: яны не для нас з табою.

Тут Траба ўстаў з меха і пачаў пасыпаць ацынкаваны стол мукою.

Жуль моўчкі пазіраў на дзверцы печы: там унутры штосьці гуло, трашчала, сіпела. Пах ад палаючых хваёвых дроў напоўніў пякарню і заструменіў па вуліцы. Праз нейкі час Жуль адчыніў дзверцы, і ў твар яму дыхнула гарачынёй, раз'юшанай і ўдушлівай, як полымя, што вырываецца з ракеты.

Неба, неба, я прайду з краю ў край, я прайду з краю ў край неба, неба...

 

Палкоўнік Піне бліснуў маноклем, перагнуўся цераз прылавак і тыцнуў пальцам у напалову схаваны ліст бляхі.

— І, калі ласка, адзін такі.

— Гэтыя хлебцы не прадаюцца, пане палкоўнік, — абвясціў Траба.

— Чаму гэта?

— Гэта ўсё прамашкі Жуля: яшчэ хвілінка — і яны перагарэлі б на вугалі. Я прадаю толькі сапраўдны тавар. Каму ахвота есці вуголле?

— Мне, — паведаміў Піне. — Тут у мяне з жонкай ніяк не супадаюць густы. Вечна ў яе ўсё недасмажана і недапечана. Хоць бы раз у жыцці паласавацца чым-небудзь гэтакім, што было б прапечана да храбусцення! Так што ўжо дазвольце, калі ласка, мне адчуць асалоду ад адной з прамашак Жуля.

— Але, мсье...

— І не спрачайцеся!

— Мадам нізавошта не возьме гэтакі жахлівы хлеб.

— У мадам спатканне з цырульнікам, і яна даверыла мне ўсе пакупкі, — растлумачыў палкоўнік. — І ўжо тут я распараджуся, як мне хочацца. Ды зразумейце ж, шаноўны Траба, не магу я прапусціць гэткі зручны выпадак. Дык што, зробіце вы такую ласку і прадасце мне гэты апетытны вугалёк ці мне давядзецца ісці ў электрычную пякарню?

Траба ўздрыгнуў нібы ад болю, насупіўся, выбраў на лісце бляхі найменш падгарэлы хлеб, старанна загарнуў яго, каб схаваць ад занадта цікаўных вачэй, і нязграбна падаў палкоўніку.

— Божа збаў, гэты Жуль знайшоў мне аднаго пакупніка, але сто іншых я праз яго страчу.

— Ён вас засмучае? — пацікавіўся Піне.

— З ім адны пакуты. Ні на хвіліну не зводзь з яго вока. Толькі павярнуўся спіной, вось так, — Траба паказаў менавіта як, — і на табе! Ён ужо забыўся пра сваю работу і лунае дзесьці сярод зорак, нібы той паветраны шарык, што адарваўся ад ніткі.

— Сярод зорак, кажаце?

— Ну але, пане палкоўнік. Мой Жуль — заваёўнік космасу і прыкаваны да Зямлі толькі нешчаслівым збегам абставін. І з такога вось цеста я павінен зрабіць пекара.

— Якія ж гэта абставіны?

— Маці яму сказала: «У пякарні Траба патрэбен чаляднік. Лепшага выпадку ў цябе не будзе. Кідай школу, станеш пекарам». І ён прыйшоў да мяне. Разумееце, хлопец ён паслухмяны, ды рэдка калі не лунае ў воблаках.

— Ох, ужо гэтыя маці... — сказаў Піне. Ён працёр свой манокль і зноў уставіў яго ў вока. — Мая матуля хацела, каб я стаў сабачым цырульнікам. Яна казала, што гэта вельмі высакародны занятак і да таго ж даходны. У яе свецкіх сябровак з пудзелямі ды балонкамі я, вядома, буду нарасхват. — Яго доўгія гнуткія пальцы быццам стрыглі і завівалі сабачую поўсць, а на твары з'явілася агіда. — І я спытаў сам у сябе: хто ж я такі, што ж я такое, калі згаджуся рабіць педыкюр сабакам? Завербаваўся ў Касмічны корпус, і мяне паслалі служыць на Марс. Калі мая матуля даведалася пра гэта, яе ледзь не разбіў паралюш.

— Дзіва што, — паспачуваў Траба.

— А сёння яна ганарыцца, што яе сын афіцэр і на пагонах у яго чатыры каметы. Маці ўсе такія. Ніякага і следу логікі.

— Бадай што, гэта нават і лепей, — заўважыў Траба. — Бо інакш некаторыя з нас ніколі б і на свет не нарадзіліся.

— Пакажыце мне гэтага зорнага летуценніка, — загадаў Піне.

— Жуль! — гукнуў Траба, павярнуўся да пякарні і прыставіў далоні рупарам да рота: — Жуль, хадзі сюды!

Ніякага адказу.

— Бачыце? — Траба бездапаможна развёў рукамі. — Проста не ведаю, што і рабіць. — Ён пайшоў у пякарню, і адтуль даляцеў яго гучны, нецярплівы голас:— Я цябе клікаў. Чаму ты не абзываешся? Пан палкоўнік хоча цябе зараз жа бачыць. Прыгладзь валасы ды паспяшайся.

З'явіўся Жуль, ішоў ён нехаця, нага за нагу, валасы і рукі ў муцэ. Ясныя шэрыя вочы яго глядзелі прама і шчыра і не апусціліся пад выпрабавальным позіркам палкоўніка.

— Значыцца, ты сумуеш па зорках, — сказаў Піне, з цікавасцю разглядаючы юнака. — Чаму б гэта?

— Чаму чалавеку чаго-небудзь хочацца? — адказаў Жуль і няўцямна паціснуў плячамі. — Мабыць, так я ўжо створаны.

— Цудоўны адказ, — ухваліў Піне. — Так ужо чалавек створаны. Тысячы людзей кожную гадзіну давяраюць сваё жыццё аднаму-адзінаму пілоту. І нічога кепскага з імі не здараецца. А чаму? Ды таму, што так ужо ён створаны — пілотам. — Палкоўнік павольна агледзеў Жуля з ног да галавы. — І ўсё-такі ты пячэш хлеб.

— Павінен жа нехта і хлеб пячы, — умяшаўся Траба. — Не ўсім жа лятаць да зорак.

— Маўчаць! — загадаў Піне. — Вы ўступаеце ў змову з жанчынай, каб забіць жывую душу, — значыцца, вы забойца. Зрэшты, гэтага трэба было чакаць. Вы ж ураджэнец берагоў Роны, а там забойцаў процьма.

— Пане палкоўнік, я зняважаны...

— Хочаш ты і надалей служыць гэтаму забойцу? — спытаў палкоўнік у Жуля.

— Мсье Траба быў гэтакі добры да мяне. Вы мне даруйце...

— А як жа яму не быць добрым, — перабіў Піне. — Ён хітрун. Усе Траба заўсёды былі хітрыя. — Ён весела падміргнуў пекару, Жуль гэта прыкмеціў, і ў яго адразу зрабілася лягчэй на душы. — Але ад усіх навабранцаў абавязкова патрабуецца адно, — гаварыў далей палкоўнік ужо больш сур'ёзным тонам. — Паспрабуй здагадацца, што менавіта.

— Кемлівасць, пане палкоўнік? — рызыкнуў Жуль.

— Так, безумоўна, але адной кемлівасці мала. Патрабуецца, каб навабранец усёй сваёй істотай ірваўся ў космас.

— Дык гэтак жа і ва ўсім, — зноў умяшаўся Траба. — Калі любіш сваю работу, працуеш як мага старанней і чым найлепш. От узяць хоць бы мяне: калі б мне было ўсё адно, што хлеб, што не хлеб, я, мусіць, жаваў бы цяпер тытунь у электрычнай пякарні і рук бы ніколі не мыў.

— Кожны год у Касмічны каледж паступаюць дзесяць тысяч юнакоў, — сказаў Піне Жулю. — І болей за восем тысяч яго не заканчваюць. Ім не хапае пораху вытрымаць чатыры гады ўпартай працы і засяродзіць усе свае думкі і ўсе сілы душы на адным. Так што шмат хто кідае на паўдарозе. Сорам і ганьба! Ты згодзен?

— Згодзен, пане палкоўнік, сорам і ганьба, — пацвердзіў Жуль і насупіў бровы.

— Ха! — сказаў Піне, вельмі задаволены. — У такім выпадку давай пазбавім гэтага крывапіўца Траба яго здабычы. Мы знойдзем яму другога хлопца, які створаны для таго, каб стаць пекарам.

— Але, мсье...

— Я дам табе рэкамендацыю ў Касмічны каледж і ўзамен прашу ў цябе толькі аднаго.

У Жуля заняло дух.

— О пане палкоўнік! Чаго ж?

— Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!

 

Ён сядзеў у сябе ў кабіне, вочы ў яго запалі і пачырванелі ад стомы, а «Прывід» імкліва праразаў прастору. За дваццаць напружаных, пакутлівых гадоў ён збудаваў цэлую лесвіцу і прыступка за прыступкай падняўся да чына капітана. Цяпер ён славіўся як адзін з сама дасведчаных, спрактыкаваных камандзіраў касмічнай службы. І ўсё гэта непарушна грунтавалася на адной запаведзі, якая падтрымлівала яго ў сама цяжкія хвіліны: «Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!»

Яго маці і палкоўнік Піне даўно памерлі, але да апошняй сваёй часіны яны ім ганарыліся: ён жа стаў капітанам.

Ён быў штурманам, другім пілотам, потым першым, і месца яго было на носе карабля, як ён заўсёды марыў, і ён сапраўды акунаўся ў неабсяжны зорны свет, які гэтак любіў. Мерна чаргаваліся гадзіны, што былі адведзены на сон, адпачынак і работу, і, калі ён працаваў, яго ўвесь час перапаўняла неаслабнае захапленне перад тым, што яму даводзілася бачыць, назіраць, вывучаць.

А цяпер ён прамяняў усё гэта на добраахвотнае зняволенне ў нетрах карабля, і навокал ужо нічога не было — адны толькі цьмяныя сцены са сплаву тытану ды завалены паперамі стол.

У любую хвіліну работы, у любую хвіліну адпачынку, а нярэдка і перарываючы сон ён адказваў на пытанні, прымаў рашэнні, рабіў запісы ў спецыяльных кнігах, запаўняў тысячы дзелавых бланкаў. Як кажуць, спрэс адна пісаніна...

Праз гадзіну пасля вячэры:

— Прашу прабачэння, капітан. Гэты таўстун з Дзюсельдорфа зноў напіўся да зялёных чорцікаў. Выцяў сцюарда, які спрабаваў яго ўціхамірыць. Прашу дазволу замкнуць яго на гаўптвахце.

— Дазваляю.

Або сярод неспакойнага чуйнага сну хтосьці рашуча трасе яго за плячо:

— Прашу прабачэння, капітан. У дзесятай і адзінаццатай дзюзах раскалолася пракладка. Прашу дазволу адключыць энергію на дзве гадзіны, пакуль будзе праводзіцца рамонт.

— Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведаміць мне пра каардынаты, як толькі здолее весці далей палёт.

Праз дзве гадзіны зноў тармосяць за плячо:

— Прашу дараваць за турботы, капітан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.

Пытанні.

Запаўненне бланкаў.

Просьбы, даклады, запатрабаванні, здарэнні, рашэнні, адказы, распараджэнні, загады. Ні хвіліны спакою.

І зноў паперы.

— Прашу прабачэння, капітан. Двое пасажыраў, Уільям Арчэр і Мэрыён Уайт, хочуць пажаніцца і аформіць шлюб. Калі вам будзе зручна правесці абрад.

— Медыцынскі агляд прайшлі?

— Прайшлі, капітан.

— Пярсцёнак у жаніха ёсць?

— Няма, капітан.

— Даведайцеся дакладны памер і выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане — дваццаць даляраў.

— А калі будзе абрад, капітан?

— У чатыры склянкі. Паведаміце мне, ці задавальняе іх гэты час.

І зноў паперы. Два пасведчанні аб нараджэнні і іх копіі, два пасведчанні аб эміграцыі, дзве медыцынскія даведкі, два дазволы на ўезд. Пасведчанні аб шлюбе ў трох экземплярах — для ўрада Зямлі, для ўрада Сірыуса і для Ўліковага аддзела Кіраўніцтва касмічнай службы. І адзін арыгінальны экземпляр для маладой.

І гэтак без канца, усе справы, якія толькі можна ўявіць, вялікія і малыя, у любы час дня і ночы, без усякага перадыху. Калі карабель пасля доўгага палёту нарэшце прызямляўся, адзін толькі капітан спускаўся ўніз па трапе няўпэўненымі крокамі, галава ў яго кружылася ад пастаяннага нервовага напружання і недасыпання, і гэта нікога не здзіўляла, як быццам так і трэба. Часам яго адольвала спакуса падаць рапарт з просьбай панізіць яго ў чыне, але ж...

«Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!»

«Прывід» зрабіў пасадку ў Баталбары, на планеце Дэйсед сістэмы Сірыуса. Палёт працягваўся дзвесце восемдзесят пяць зямных сутак.

Калі былі скончаны ўсе фармальнасці, што звязаны з пасадкай, капітан Жуль Рыу сышоў з карабля і нібы ў тумане паплёўся да гасцініцы матулі Крэчмер. Так было заведзена, і так раілі рабіць сама лепшыя псіхолагі.

Камандзіру карабля патрэбен глыбокі асвяжальны сон, прытым сон доўгі і непрабудны. Але перш за ўсё яму трэба назусім пазбыцца ўсякіх думак пра карабель, пра палёт і пра ўсё, што з гэтым звязана. Ён павінён настроіць сябе так, каб заснуць спакойным, як у дзіцяці, сном і праспаць сама менш суткі. Для гэтага трэба найперш выкінуць з галавы ўсе нядаўнія клопаты і схавацца ў сваім куточку раю нябеснага.

Матуля Крэчмер, паўнагрудая гаспадыня гасцініцы родам з Баварыі, па-сяброўску яму кіўнула:

— Гер капітан Рыу. Я душа рата. Патаць фам фсё, як звышайна?

— Ага, калі ласка, мадам Крэчмер.

Ён прайшоў у пакой за барам. У рэстаране, вялікім, людным і шумным, сядзелі камандзіры караблёў, якія прызямліліся ўжо некалькі дзён назад і паспелі зусім акрыяць. А пакойчык ззаду быў гуканепранікальны, у заваленых падушкамі шэзлонгах распасцерліся ў паўзабыцці яшчэ тры гэтакія ж, як і ён, капітаны. Ён з імі не загаварыў. І яны з ім не павіталіся, мабыць, нават не заўважылі яго прыходу. Яны ўжо стукаліся ў дзверы раю.

Неўзабаве матуля Крэчмер прынесла яму шклянку чыстага моцнага рому, крыху падагрэтага і прыпраўленага некалькімі кроплямі алею з карыцы. Жуль Рыу адкінуўся ў шэзлонгу, прымасціўся зручней і аддаўся доўгачаканаму спакою.

Ад прыпраўленага рому ўнутры разлілося цяпло і трошкі кружылася галава. Цішыня стуліла яму павекі. Павольна, вельмі павольна ён аддаліўся ад свае непамернай стомы і ўвайшоў у той, іншы свет.

Шыракатварыя румяныя сялянкі ў карункавых каптурыках, у руках кашолкі. Доўгія бляхі слізгацяць па духмяным хваёвым попеле і выплываюць з печы, нагружаныя хлебам — доўгімі, пляскатымі, фігурнымі, плеценымі выпечкамі.

Звонкі шчэбет галасоў жанчын, што перабіраюць усе вясковыя навіны, і невыказны водар ад спаленых смалістых дроў і свежага хлеба.

Неба, неба!



Пераклад: Сяргей Міхальчук

Беларуская Палічка: http://knihi.com