epub
 
Падключыць
слоўнікі

Эрык Сігал

Гісторыя кахання

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22


Сільвіі Хэрсчэр і Джону Флэксмэну

 

1

 

Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў?

Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І «Бітлз». І мяне. Аднаго разу, калі яна знарок зваліла мяне ў адну груду з усімі гэтымі музыкамі, я спытаўся, які ж у гэтай грудзе парадак, і яна адказала, усміхнуўшыся: «Альфабэтны». Тады я таксама ўсміхнуўся. А цяпер сяджу і гадаю, як я значыўся ў яе спісе: калі па імені, дык ішоў следам за Моцартам, а калі па прозвішчы, дык укліньваўся паміж Бахам і «Бітлз». У любым выпадку першым не апынуўся б. Дурнота, мабыць, але гэта не дае мне спакою — я ж вырас з думкаю, што заўсёды мушу быць першы. Гэта сямейнае, разумееце?

На апошнім курсе, з самае восені, я зачасціў у бібліятэку Рэдкліфскага каледжа. І не толькі дзеля таго, каб пазыркаць на дзяўчат, хоць, прызнаюся, быў да гэтага аматар. Проста месца гэтае было ціхае, ніхто мяне там не ведаў, і попыт на кнігі ў іх быў меншы.

Да чарговага іспыту па гісторыі заставаўся адзін толькі дзень, а я яшчэ не зазіраў нават у першую кнігу прапанаванага спіса — звычайная гарвардская хвароба. Я падышоў да бібліятэчнай стойкі, каб атрымаць фаліянт, які павінен быў выручыць мяне назаўтра ўранку. Абслугоўвалі дзве дзяўчыны. Адна высокая, з фігураю тэнісісткі, другая — мышка ў акулярах. Я выбраў Крахатулю-Чатыры Вочкі.

— У вас ёсць «Схіл сярэднявечча»? — спытаўся я.

Яна кінула на мяне хуткі позірк:

— У вас жа ёсць свая бібліятэка.

— Паслухайце, гарвардцы маюць права карыстацца Рэдкліфскай бібліятэкай.

— Я кажу не аб праве, падрыхтунчык, я кажу пра этыку. У вас, хлопчыкі, пяць мільёнаў тамоў. А ў нас толькі некалькі тысяч.

Божа, нарваўся! Адна з тых кабетак, якія думаюць, што раз у Рэдкліфе ў пяць разоў болей студэнтак, чым у Гарвардзе, дык яны ў пяць разоў разумнейшыя. Звычайна я сціраў такіх у парашок, але цяпер мне пазарэз трэба была гэтая клятая кніжка.

— Паслухай, мне трэба гэта кніжка!

— Падбірай словы, падрыхтунчык.

— З чаго ты ўзяла, што я хаджу на падрыхтоўку?

— А ў цябе на твары напісана — багаты і не дужа разумны, — сказала яна, здымаючы акуляры.

— Памылілася, дзетка, — парыраваў я. — Я разумны і бедны.

— Э, не, падрыхтунчык. Гэта я бедная і разумная.

Яна так і ўтупілася ў мяне. Вочы ў яе былі карыя. Няхай, можа, з выгляду я і багацей, але я не дазволю нейкай нахабе, нават калі ў яе прыгожыя вочы, называць мяне дурнем.

— А з чаго гэта відаць, што ты такая разумная? — спытаўся я.

— Ды хоць бы з таго, што я ніколі не пайшла б з табою ў кавярню.

— Паслухай: я цябе туды ніколі і не запрасіў бы.

— А вось з гэтага, — адказала яна, — якраз і відаць, што ты не дужа разумны.

Зараз растлумачу, чаму я ўсё-такі запрасіў яе ў кавярню. Хітрамудра капітуляваўшы ў крытычны момант — прытварыўшыся, што мне раптам захацелася выпіць з ёю кавы, — я атрымаў сваю кнігу. А паколькі яна не магла пайсці да закрыцця бібліятэкі, я меў дастаткова часу, каб засвоіць некалькі важкіх фраз аб перамяшчэнні апоры каралеўскае ўлады з духавенства на законнікаў у канцы адзінаццатага стагоддзя. На іспыце я атрымаў «А»* з мінусам — якраз тую адзнаку, што даў я нагам Джэні, калі яна ўпершыню выйшла з-за стойкі.

* Найвышэйшая адзнака ў амерыканскіх універсітэтах.

Не магу сказаць, што я гэтаксама высока ацаніў яе касцюм — задужа кідкі, як на мой густ. Асабліва не спадабалася сумка — нейкая торба ў індзейскім стылі. На шчасце, я не сказаў ёй пра гэта — потым я даведаўся, што торба была яе ўласнай прыдумкаю.

Мы пайшлі ў «Гном» — маленькую кавярню-бутэрбродную, куды, нягледзячы на назву, пускалі і людзей звычайнага росту. Я замовіў дзве кавы, а ёй яшчэ і шакаладнае пірожнае з марозівам.

— Мяне завуць Джэніфэр Кавілеры, — сказала яна. — Я амерыканка італійскага паходжання.

Усё роўна як я сам не здагадаўся б.

— Я займаюся музыкай, — дадала яна.

— Мяне завуць Олівэр, — сказаў я.

— Гэта імя ці прозвішча? — папыталася яна.

— Імя, — адказаў я, а потым прызнаўся, што маё поўнае імя — дакладней, большая яго частка — Олівэр Барэт.

— О, — усклікнула яна, — Барэт!.. Як у паэткі*?

* Элізабет Барэт Браўнінг (1806—1861) — ангельская паэтка.

— Як у паэткі, — пацвердзіў я. — Але мы не радня.

Я парадаваўся ў душы, што яна не задала звыклага і вельмі непрыемнага мне пытання: «Барэт? Як Барэт-хол?» Я ж цярпець не мог, калі мне нагадвалі, што я з радні «чувака», які пабудаваў Барэт-хол — сама вялікі і сама брыдкі будынак у Гарвардскім універсітэцкім гарадку, каласальны помнік нашаму сямейнаму багаццю, фанабэрыстасці і нязноснаму гарвардызму.

Запала маўчанне. Няўжо мы так хутка вычарпалі тэмы для размовы? Ці яна страціла цікавасць да мяне, даведаўшыся, што я не даводжуся паэтцы раднёю? Што ж здарылася? Яна проста сядзела і з ледзь прыкметнай усмешкаю глядзела на мяне. Каб чым-небудзь заняцца, я пачаў гартаць яе сшыткі. У яе быў дзіўны почырк — дробны, завостраны, без загалоўных літараў (кім яна сябе ўяўляе — можа, Камінгсам*?).

* Амерыканскі паэт XX стагоддзя, які адмовіўся ў сваіх вершах ад ужывання загалоўных літараў.

Сярод курсаў, на якія яна хадзіла, былі даволі арыгінальныя: «Гіст. сусв. літры-105», «Музыка-150», «Музыка-201»...

— «Музыка-201»? Хіба гэта не аспіранцкі курс?

Яна з відавочным гонарам кіўнула:

— Поліфанія эпохі Рэнесансу.

— Што такое поліфанія?

— Нічога сексуальнага, падрыхтунчык.

І чаго гэта я ўсё цярплю? Яна што, «Крымсан» не чытае? Не ведае, хто я такі?

— Эй, ты што, не ведаеш, хто я такі?

— Ведаю. Ты той маладзён, якому належыць Барэт-хол, — сказала яна без аніякай пашаны.

Яна сапраўды не ведала, хто я.

— Мне не належыць Барэт-хол, — паспрабаваў пажартаваць я. — Здарылася так, што мой вялікі прадзед падарыў яго Гарварду.

— Каб ягонага не такога вялікага праўнука прынялі туды без праблем!

Гэта ўжо занадта!

— Паслухай, Джэні, калі ты такая ўпэўненая ў маёй нявартасці, дык навошта ж тады напрасілася пайсці са мною ў кавярню?

Яна паглядзела мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:

— Мне спадабалася твая фігура.

Калі хочаш перамагаць — павінен умець прайграваць. І гэта не заблытаны парадокс. Гэта тыпова гарвардская рыса — здольнасць ператварыць у перамогу любое паражэнне.

«Не пашанцавала вам, Барэт. Але гулялі вы файна!»

«Дальбог, я рады, што вы не раскіслі, хлопцы. Вы ж так не любіце прайграваць!»

Вядома, чыстая перамога — прыямнейшая. Асабліва калі вырвеш яе на апошняй хвілі... Словам, праводзячы Джэні да інтэрната, я ўсё яшчэ не траціў надзеі перамагчы гэтую рэдкліфскую калючку.

— Паслухай, калючка, у пятніцу ўвечары хакейны матч у Дартмуце.

— І што з таго?

— Я хачу, каб ты яго паглядзела.

Яна адказала са звычайнай для Рэдкліфа пашанаю да спорту:

— А чаму я павінна глядзець нейкі няшчасны хакейны матч?

— Таму што я буду гуляць, — нібы абыякава адказаў я.

Настала маўчанне. Мне здалося, я чую, як падае снег.

— А за каго? — папыталася яна.

 

2

 

Олівэр Барэт IV,

Іпсвіч, Масачусэтс

Узрост: 20 гадоў

Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў

Каледж: Філіпс Эксэтэр

Курс: выпускны

Асноўная дысцыпліна: грамадскія навукі

Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя

У спісе дзесяці лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.

 

Да гэтага моманту Джэні пэўна ўжо прачытала маю біяграфію: я тройчы нагадаў Віку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.

— Дальбог, Барэт, — сказаў ён мне адразу, — можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!

— Заткніся, Вік, а то сваімі зубамі падавішся!

На размінцы я не памахаў ёй рукою (яшчэ чаго не хапала!). Нават у яе бок ні разу не глянуў. І ўсё-такі яна, мабыць, думала, што я пазіраю на яе. Не з павагі ж да сцяга зняла яна акуляры, калі выконвалі нацыянальны гімн?

У сярэдзіне другога перыяду мы выйгравалі ў Дартмута 0:0. Гэта значыць, Дэйві Джонстан і я павінны былі вось-вось распячатаць іхнюю брамку. Зялёныя казлы (у Дартмута зялёная форма) гэта адчулі і пачалі валіць нас. Яны маглі б пераламаць нам косці, перш чым мы пераломім іхнюю абарону. Фаны лямантавалі, прагнучы крыві. У хакеі гэта азначае кроў у прамым сэнсе альбо, як з крывёю не атрымаецца, — гол. Як кажуць, lа nоblesse oblige*, і я ніколі не прымушаў доўга заўзятараў чакаць ні таго, ні другога.

* Lа nоblesse oblige (фр.) — становішча абавязвае.

Дартмуцкі нападнік-цэнтравік ірвануўся ў нашую зону, але я ўрэзаўся ў яго, адабраў шайбу і кінуўся наперад. Фаны зараўлі. Я ўбачыў злева ад сябе Дэйві Джонстана, але вырашыў забіваць сам: памятаў, што варатар у іх баязлівы — я нагнаў на яго страху, калі ён яшчэ гуляў за «Дырфілд». Але кінуць я не паспеў: на мяне наскочылі абодва дартмуцкія абаронцы, і, каб не страціць шайбу, я мусіў праехаць за брамку. Утрох мы сышліся за спінаю ў варатара і ўпячаталі адзін аднаго да борта. Мая звычайная тактыка ў такіх заварушках — уклейваць з усяе сілы па ўсім, што ў колеры праціўніка. Недзе ў нас пад канькамі мільгала шайба, але нам было не да яе — мы зацята выбівалі адзін з аднаго духі.

Рэферы засвістаў:

— Дзве хвіліны штрафу!

Я ўзняў вочы. Паказваў ён на мяне. Я? Што я такога зрабіў, каб мяне выдаляць?

— Што я зрабіў, рэф?

Аднак выдавала на тое, што настрою прадоўжыць наш дыялог суддзя не меў. Ён пад'ехаў да судзейскага століка, пракрычаў: «Нумар сем, дзве хвіліны!» — і паказаў рукамі, за што менавіта выдаляе мяне.

Я крыху паспрачаўся — такая ўжо завядзёнка. Якое б грубае ні было парушэнне, заўзятары чакаюць пратэстаў. Але суддзя адмахнуўся ад мяне, і я, перапоўнены абурэннем, пакаціўся да лавы штрафнікоў. Сеў на месца, звякнуўшы канькамі аб падлогу, і пачуў, як дынамікі гаркнулі на ўсю залу: «Олівэр Барэт, каманда Гарварда, выдалены на дзве хвіліны за затрымку суперніка». Трыбуны незадаволена загудзелі. Некалькі гарвардскіх заўзюкоў зараўлі, выказваючы сумленне ў добрым зроку ды справядлівасці арбітраў. Спрабуючы аддыхацца, я апусціў галаву і нават краем вока не глядзеў на лёд, дзе Дартмут мясіў нашых.

— Ты чаму тут адседжваешся, калі твае таварышы гуляюць? — пачуў я раптам голас Джэні.

Аднак не адказаў і пачаў падтрымліваць сваіх:

— Трымайцеся, хлопцы, спакайней!

— Чым ты правініўся?

Я азірнуўся і адказаў — усё ж такі Джэні прыйшла на матч дзеля мяне.

— Перастараўся крыху, — кінуў я і зноў прыліп вачыма да пляцоўкі, назіраючы за тым, як нашы спрабуюць стрымаць нападніка Дартмута.

— Гэта ганьба табе?

— Джэні, прашу цябе, мне трэба сабрацца.

— Сабрацца?

— Каб змяць гэтага казла, калі выйду на лёд, — кіўнуў я на лепшага нападніка Дартмута і зноў пачаў назіраць за гульнёю, ірвучыся ў чаканы бой.

— Ты любіш брудную гульню?

Погляд мой быў прыкуты да нашае брамкі, вакол якой так і кішэлі зялёныя казлы. Не было ўжо болей сілы чакаць выхаду на лёд. Але Джэні ўпарцілася:

— Можа, ты і мяне калі-небудзь захочаш «змяць»?

— Зараз жа, калі не змоўкнеш.

— Вось як? Бывай.

Калі я азірнуўся, яна ўжо знікла. Я падняўся, шукаючы яе вачыма, але пачуў у гэты момант, што скончыліся дзве мае штрафныя хвіліны, перамахнуў цераз борт і выскачыў на лёд.

Трыбуны гучна віталі маё вяртанне: з Барэтам гульня заладзіцца. Дзе б ні была цяпер Джэні, усё адно пачуе, як ажылі заўзятары пасля майго выхаду. А раз так, дык каго хвалюе, дзе яна цяпер?

Але дзе ж яна!..

Нападнік дартмутцаў зрабіў гарматны кідок, але наш варатар адбіў шайбу — і адбіў у бок нашага абаронцы, які кінуў яе ўперад мне на ход. Ірвануўшы за шайбай, я вырашыў, што ў мяне ёсць доля секунды, каб зірнуць на трыбуны і адшукаць Джэні. Так я і зрабіў. І адразу ўбачыў яе. Яна засталася.

У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбізаў урэзаліся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе і — Божа! — не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалілі!.. Гарвардскія заўзятары стагналі ад крыўды, дартмуцкія раўлі: «Душы іх! Душы іх!»

Што яна там думае?!

Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкі. Наш варатар зноў адбіў шчаўчок, і абаронца пракінуў шайбу мне. Фаны аж шалелі. Трэба забіваць! Я падхапіў шайбу і на ўсёй хуткасці ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылі на мяне.

— Уперад, Олівэр, уперад! Урэж ім па чарапах! — перакрыў роў трыбун пранізлівы, нават ваяўнічы енк Джэні.

Я ўхіліўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, і потым, замест таго каб кінуць у падзенні, што было найбольш верагодным маім ходам, аддаў пас Дэйві Джонстану, які накатваўся справа, — і ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!

Мы адразу кінуліся абдымацца — я, Джонстан, астатнія хлопцы. Ціскалі адзін аднаго, ляпалі па спіне, цалаваліся і падскоквалі. Нашы заўзятары зайшліся ад рову. А дартмуцкі абаронца, той самы, якога я збіў з ног, усё яшчэ не мог адклеіць зад ад лёду. Заўзятары кідалі на лёд праграмкі. Гэты ўдар літаральна пераламаў зялёным хрыбет...

У выніку мы размалацілі іх — 7:0.

Калі б я быў сентыментальны і захацеў павесіць на сцяну фатаграфію на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памінання, не якісьці іншы славуты будынак, а Дзілан-Філд-Хаўс. Калі і было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзілан-Філд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. І няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бібліятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзілан. Кожнага вечара, усе мае ўніверсітэцкія гады, я ўваходзіў пад ягоны дах, вітаў прыяцеляў моцнымі слоўцамі, скідаў з сябе шалупінне цывілізацыі і ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна — нацягнуць шчыткі і кашулю з нумарам «7» (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна — аднак марна), устаць на канькі і нязграбна пасунуцца па калідоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.

Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзілан з гульні: здымаеш з сябе мокрую ад поту амуніцыю і тупаеш голы да століка з чыстымі ручнікамі.

— Ну як табе сёння, Олі?

— Нармалёк, Рычы. Нармалёк, Джымі.

Потым пад душ, паслухаць, хто, што, з кім і колькі разоў зрабіў у гэтую вечаровую суботу: «Ну, як мы абулі гэтых дзятлаў?..» Я быў лідэрам, і ў мяне было месца, дзе я мог пабыць адзін і падумаць. Лёс блаславіў мяне хворым каленам (але, блаславіў: вы бачылі мой вайсковы білет?), і пасля кожнае гульні мне прыходзілася паласкаць яго ў цыркулярнай ванне. Седзячы на краі ванны і назіраючы за водаваротам вакол свайго калена, я пералічваў сінякі і раны (я рады ім своеасабліва) і думаў пра што ні ўздумаецца ці ні пра што не думаў. Сёння ўвечары я думаў пра свой гол, пра перадачу, з якой мы забілі другі, і пра тое, што фактычна закончыўся мой трэці запар сезон у зборнай універсітэта.

— Палошчаш каленца, Олі?

Гэта гаворыць Джэкі Фэлт, наш трэнер і самазваны духоўны настаўнік.

— Палашчу, Джэкі, калі збоку гэта не выдае на штось іншае.

Фэлт хмыкае і па-ідыёцку ўхмыляецца:

— Сказаць табе, чаму цябе падводзіць каленца, Олі? Хочаш ведаць?

Я аб'ехаў ужо ўсіх артапедаў на Ўсходнім узбярэжжы, але Фэлт, натуральна, быў у курсе маёй бяды лепш за мяне.

— Харчуешся няправільна, во што.

Мне гэта цікавым не здалося.

— Мала солі ясі.

Можа, калі прыму яго жарт, дык хутчэй адстане?

— О'кэй, Джэк. Буду есці болей солі.

Божа літасцівы, які ж задаволены ён быў! Калі адыходзіў, дык ягоная ідыёцкая пыса так і ззяла ад усведамлення зробленага эфекту. Затое я зноў застаўся адзін. Саслізнуў усім целам у бурлівую ваду, заплюшчыў вочы і акунуўся па самую шыю ў цяплынь. Уф-ф-ф!

Божа! Джэні ж, напэўна, чакае мяне на дварэ. Дакладней, я спадзяваўся, што чакае. Божа! Колькі ж часу пракайфаваў я ў гэтай цеплыні, пакуль яна мерзла? Адзяваючыся, я паставіў новы рэкорд хуткасці. Дзверы цэнтральнага ўваходу ў Дзілан я расчыніў яшчэ не абсохлы.

У твар мне ўдарыла халоднае паветра. Ну і калатун! А цемрадзь, хоць пальцам у вока. Непадалёк усё яшчэ тусавалася жменька фанаў — сама стойкіх, у бальшыні сваёй былых гульцоў гарвардскай хакейнай зборнай, якія ў душы так і не развіталіся з клюшкамі. Хлопцы накшталт старога Джордана Джэнкса, які не прапускае аніводнае гульні Гарварда — ні дома, ні ў гасцях. І як ён толькі ўхітраецца гэта рабіць? Ён жа буйны банкір. І навошта яму гэта трэба?

— Дасталося табе сёння, Олівэр!

— Было, містэр Джэнкс. Самі бачылі, у які хакей яны гуляюць.

Я шнарыў вачыма вакол у пошуках Джэні. Няўжо яна вярнулася ў інтэрнат і ўсю дарогу да Рэдкліфа прайшла адна?

— Джэні! — паклікаў я і ступіў колькі крокаў у бок ад заўзятараў, адчайна спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у цемры.

Раптам яна выйшла з-за дрэва. Твар яе быў ухутаны ў шалік, адны вочы былі відаць.

— Эй, падрыхтунчык, тут страшэнная халадэча.

Як я быў рады бачыць яе! Усклікнуўшы: «Джэні!» — падбег да яе і дакрануўся вуснамі да яе халоднага лба.

— Хіба я табе дазволіла? — спыталася яна.

— Што?

— Хіба я дазволіла табе пацалаваць мяне?

— Прабач. Захапіўся.

— А я не.

Мы засталіся зусім адны. Было цёмна, халодна і позна. Я зноў пацалаваў яе. Але ўжо не ў лоб — і моцна. Пацалунак быў доўгі.

— Мне гэта не падабаецца, — прамармытала Джэні; усё яшчэ трымаючы мяне за рукавы.

— Што?

— Што мне гэта падабаецца.

Усю дарогу назад (у мяне ёсць машына, але Джэні захацела ісці пешкі) яна трымала мяне за рукаў. Не за руку, а за рукаў. Не ведаю, як гэта і растлумачыць. Ля дзвярэй інтэрната цалаваць яе на развітанне я не стаў.

— Ведаеш, Джэні, мажліва, я не буду тэлефанаваць табе некалькі месяцаў.

Нейкі час яна маўчала. Нарэшце папыталася:

— Чаму?

— А можа, пазваню, як толькі ўвайду ў свой пакой. — Я павярнуўся і хутка пайшоў.

— Ніколі не думала, што ты такі, — прашаптала яна ўслед з крыўдаю.

Я зноў павярнуўся і зрабіў пераможны кідок па брамцы:

— Што, не даспадобы? А сама дык з іншымі гэта любіш!

Мне страшна хацелася азірнуцца яшчэ раз і паглядзець, які ў яе цяпер выраз твару, аднак я не зрабіў гэтага з тактычных меркаванняў.

Калі я ўвайшоў у наш інтэрнацкі нумар, мой сусед Рэй Стратан гуляў у покер з хлопцамі з ягонай футбольнай каманды.

— Прывітанне, бегемоты!

Мне штосьці мыкнулі ў адказ. Потым:

— З чым цябе сёння павіншаваць, Олі?

— Гол і перадача.

— Мы наконт Кавілеры.

— Не ваша справа, — адрэзаў я.

— Хто такая? — запытаўся адзін з гіпапатамаў.

— Джэні Кавілеры, — растлумачыў яму Рэй, — худзенькая такая музыкантка.

— А, ведаю, — сказаў трэці. — Апетытненькая.

Не зважаючы на гэтых мужланістых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур і панёс апарат у сваю спальню.

— Яна грае на фартэпіяна ў Бахаўскім таварыстве, — сказаў астатнім Стратан.

— А ў што яна грае з Барэтам?

— Цяжка ўгадаць!

Ухмылкі, рохканне, рогат.

— Джэнтльмены! — аб'явіў я, выходзячы. — Я вас меў!

Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скінуў чаравікі, узлез на ложак і набраў нумар Джэні.

Размаўлялі мы шэптам:

— Эй, Джэн...

— Алё?

— Мне трэба нешта табе сказаць...

Я завагаўся. Яна чакала.

— Мне здаецца... Я кахаю цябе.

Маўчанне. Потым яна адказала вельмі ціха:

— Ідзі ты... ведаеш куды!.. — І павесіла слухаўку.

Я не пакрыўдзіўся. І нават не здзівіўся.

 

3

 

У гульні з Корнэлам мне намялі бакі.

Увогуле, я сам быў вінаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў іх нападніка-цэнтравіка «смярдзючым канадцам», зусім забыўшыся на тое, што канадцаў у іхняй камандзе чацвёра... А ўсе чацвёра былі гарачымі патрыётамі і дужымі хлопцамі, ды яшчэ і на слых не скардзіліся. Мала таго што мяне як след нагрэлі, дык яшчэ і выдалілі. І не проста выдалілі, а ўляпілі за бойку аж пяць хвілін. Чулі б вы, як мяне асвісталі корнэлскія фаны, пачуўшы аб'яву аб маім выдаленні! Нашых небагата прыцягнулася ў такую яміну, як Ітака, Ню-Ёрк, хоць гэта і быў вырашальны матч на першынство ўніверсітэтаў Новай Англіі. Пяць хвілін! Калі я сядаў на лаўку штрафнікоў, дык добра бачыў, як ірве на сабе валасы наш трэнер.

Джэкі Фэлт стрымгалоў прымчаўся да мяне. Толькі тут я заўважыў, што ўся мая правая шчака ператварылася ў крывавае месіва. «Божа, — мала не стагнаў Джэкі, водзячы па ім кроваспыняльным алоўкам. — Божа, Олі!»

Я сядзеў моўчкі і тупа глядзеў перад сабою. Мне было сорамна глядзець на пляцоўку, дзе тым часам хутка спраўджваліся найгоршыя мае чаканні: Корнэл закінуў нам шайбу. Фаны ў чырвоным зараўлі, завылі, заўлюлюкалі. Лік зраўняўся. Цяпер Корнэл меў усе шанцы выйграць матч, а з ім і першынство. А я ж яшчэ адседзеў толькі палову штрафу!

На процілеглай трыбуне, дзе сядзелі нешматлікія гарвардцы, панавала цяжкае маўчанне. На мяне ўжо забыліся і свае, і чужыя заўзятары. Толькі адзін глядач па-ранейшаму не адрываў вачэй ад лаўкі штрафнікоў. Але, ён быў тут. «Калі нарада перапыніцца своечасова, я пастараюся прыехаць у Корнэл». Сярод гарвардскіх фанаў сядзеў — вядома, паважна — Олівэр Барэт III.

Цераз ледзяны правал Стары Стод моўчкі і абыякава назіраў, як заклейваюць пластырам апошнюю крывавую рану на твары яго адзінага сына. Цікава, што ён думаў у гэтую хвіліну? «Тш, тш, лягчэй!» — што-небудзь такое? «Олівэр, калі ты так любіш біцца, дык чаму табе не заняцца боксам?» — «У Эксэтэры няма баксёрскай каманды, бацька». — «Бадай, мне не варта хадзіць на твае гульні». — «Ты думаеш, я б'юся, каб задаволіць цябе?» — «Ну, я не сказаў бы — задаволіць».

Але хто-небудзь можа ўгадаць, пра што ён думае? Олівэр Барэт III — гэта хадзячая гара, якая часам загаворвае. Стод.

Зусім верагодна, што мой бацька аддаваўся цяпер свайму любімаму занятку — самалюбаванню. Глядзіце на мяне, тут так мала сёння гарвардскіх заўзятараў, і тым не менш адзін з іх — я! Я, Олівэр Барэт III, выключна заняты чалавек, у мяне столькі банкаў, і ўсімі трэба кіраваць, і чаго толькі яшчэ не трэба мне рабіць, і ўсё ж такі я знайшоў час прыехаць у Корнэл на нейкі нікчэмны хакейны матч. Ну хіба гэта вас не ўражвае? (Каго?)

Трыбуны зноў зараўлі, гэты раз яшчэ з большым шалам. Нам зноў забілі. А мне адпачываць тут яшчэ дзве хвіліны. З чырвоным ад злосці тварам Дэйві Джонстан пакаціўся да нашае брамкі. Ён праехаў зусім побач, але нават не зірнуў на мяне. У вачах у яго былі слёзы! Ну, добра, я разумею, рашучы матч і ўсё такое, але, Божа ты мой, — слёзы? І тут я ўспомніў пра неверагодную серыю Дэйві, нашага капітана: сем гадоў на пляцоўцы — і аніводнага прайгранага матча — за каледж, за ўніверсітэт! Ён стаў ужо паданнем. А цяпер ён вучыўся на апошнім курсе. І для яго гэта была апошняя важная гульня.

Якую мы прайгралі 3:6.

Пасля матча мяне прасвяцілі рэнтгенам. Усе косці былі цэлыя. Потым доктар наклаў на маю правую скулу дванаццаць швоў. Пакуль ён гэта рабіў, Джэкі Фэлт хадзіў па кабінеце, расказваючы корнэлскаму хірургу, як няправільна я харчуюся і што сённяшняй траўмы магло б і не быць, калі б я рэгулярна глытаў саляныя пілюлі. Доктар яго праігнараваў, а мяне строга папярэдзіў, што я ледзь не пашкодзіў «сценку арбіты» (ох ужо гэтыя медычныя тэрміны!) і што сама лепшае для мяне — не выходзіць на лёд не меней як тыдзень. Я падзякаваў за параду. Доктар пайшоў. Яго пераследаваў Фэлт, спрабаваў разгаварыць наконт дыеталогіі. Я быў рады, што застаўся адзін.

Я нетаропка прыняў душ, стараючыся не мачыць твару. Дзеянне навакаіну пачало слабець, але адчуванне болю было мне нават прыемнае. Я хачу сказаць: я ж сапсаваў усю справу. Першынство мы завалілі, нашую бяспройгрышную серыю — таксама (усе, хто быў цяпер на апошнім курсе, не прайгравалі ніколі), не кажучы ўжо пра сямігадовую серыю Джонстана. Мажліва, не толькі я быў у гэтым вінаваты, але цяпер мне здавалася: толькі я.

Раздзявальня была пустая. Хлопцы, мабыць, ужо ў матэлі. Мяркуючы па ўсім, ніхто не хацеў мяне бачыць або размаўляць са мною. З гаркатою ў роце — мне было так пагана, што я нават адчуваў гэта на смак — я запхнуў свае шмоткі ў валізку і выйшаў на двор. Жменька гарвардскіх заўзятараў мерзла на ледзяным ветры, які прадзімаў пустэльны завулак.

— Як скула, Барэт?

— Дзякуй, нічога, містэр Джэнкс.

— Табе, бадай, не зашкодзіў бы цяпер сыры біфштэкс, — сказаў другі знаёмы голас.

Так мовіў Олівэр Барэт III. Наколькі гэта ў ягоным стылі — прапанаваць бабулін сродак ад сіняка пад вокам.

— Дзякуй, бацька, — сказаў я. — Доктар ужо пра ўсё паклапаціўся. — Я паказаў на марлевую нашлёпку, пад якой была схаваная доктарава работа.

— Я хацеў сказаць, табе трэба падсілкавацца, сын.

За абедам паміж намі адбылася адна з нашых звычайных «антыразмоў», як я іх называю. Усе яны пачынаюцца тым самым пытаннем: «Ну, як ты, сын?» — і тым самым пытаннем заканчваюцца: «Я магу для цябе што-небудзь зрабіць?»

— Ну, як ты, сын?

— Выдатна, сэр.

— Што, баліць? — кіўнуў ён на маю разбітую шчаку.

— Не, сэр.

Боль рабіўся пякельным.

— Я скажу Джэку Ўэлсу, каб ён паглядзеў цябе ў панядзелак.

— Не трэба, бацька.

— Ён добры спецыяліст...

— Корнэлскі доктар таксама не ветэрынар, — заўважыў я, спрабуючы прыцішыць снабісцкі энтузіязм, з якім бацька заўсёды гаварыў пра ўсялякіх спецыялістаў, экспертаў ды іншых «найлепшых людзей».

— Шкада, — сказаў Олівэр Барэт III, спрабуючы, як я спачатку падумаў, пажартаваць. — Рана ў цябе проста зверская.

— Маеце рацыю, сэр. — (Можа, тут трэба было засмяяцца?)

І раптам мне прыйшла ў галаву думка: ці не хацеў ён сваім квазіжартам перадаць мне сваю незадаволенасць маімі дзеяннямі на лёдзе?

— Ці ты хацеў сказаць, што я паводзіў сябе сёння як звер?

На твары ў яго адбілася нешта накшталт задавальнення з прычыны таго, што я пацікавіўся ягонай думкаю на гэты конт. Аднак ён проста сказаў:

— Ты сам загаварыў пра ветэрынараў.

Тут я вырашыў заняцца вывучэннем меню. Калі прынеслі гарачае, Стод пачаў адно з сваіх даўно ўжо абрыдлых мне казанняў: гэтым разам, калі я правільна памятаю (а запамінаць я не стараўся), адносна перамог і паражэнняў. Ён зазначыў, што мы страцілі чэмпіёнскі тытул (брава, тата, глыбокае назіранне!), аднак галоўнае ў спорце — не выйгрыш, а сама гульня. Апошняе меркаванне падазрона нагадала перафразаваны алімпійскі дэвіз, і я адчуў, што гэта толькі ўверцюра і што зараз ён пусціцца разважаць пра тое, якое, па сутнасці, смяхоцце — гэтае ўніверсітэцкае першынство. Аднак я не збіраўся пракладваць яму сцяжынкі да алімпійскіх успамінаў. Выдаўшы належную партыю маіх: «Але, сэр» — я змоўк.

Потым мы прайшліся па ўсім дыяпазоне ўлюбёнай Стодавай антытэмы, якая называецца «мае планы».

— Скажы мне, Олівэр, што ў цябе з юрыдычнай школаю?

— Пакуль яшчэ, бацька, я цвёрда не вырашыў наконт юрыдычнай школы.

— Я хацеў бы ведаць іншае: ці вырашыла юрыдычная школа наконт цябе?

Яшчэ адзін досціп? Можа, мне трэба ўсміхнуцца ў адказ на гэтыя рытарычныя практыкаванні?

— Пакуль што не ведаю, сэр.

— Я мог бы патэлефанаваць Прайсу Цымерману...

— Не трэба! — перапыніў я, падпарадкоўваючыся імгненнаму рэфлексу. — Прашу, не трэба, сэр.

— Не дзеля таго, каб паўплываць на некага, — з годнасцю сказаў О.Б.III. — Проста навесці даведкі.

— Бацька, я хачу, каб мне адказалі лістом, як усім астатнім. Калі ласка.

— Але. Натуральна. Выдатна.

— Дзякуй, сэр.

— І яшчэ, цябе ж амаль напэўна прымуць і так, — дадаў ён.

Не ведаю, як гэта атрымліваецца, але О.Б.III умее прынізіць мяне, нават калі не шкадуе ўхвальных слоў.

— Хто ведае, — адказаў я. — У рэшце рэшт, хакейнай каманды ў іх там няма.

Не ведаю, чаму я пачаў прыніжаць сябе сам? Можа, таму, што ён пра мяне ўсё-такі высокае думкі?

— У цябе ёсць іншыя вартасці, — заявіў Олівэр Барэт III, але развіць гэтую тэму не пажадаў. (Зрэшты, не думаю, што гэта ў яго выйшла б.)

Ежа ў рэстарацыі была не лепшая ад нашае размовы, з адной хіба што розніцай: што булачкі будуць чэрствыя, я мог сказаць яшчэ да таго, як іх прынеслі, а вось угадаць, якую тэму будзе мець ласку прапанаваць мне бацька, мне ніколі не ўдаецца.

— Апрача таго, ты заўсёды можаш уступіць у Корпус Міру, — сказаў ён раптам ні з таго ні з сяго.

— Сэр? — Я не зусім зразумеў, што гэта — пытанне ці сцвярджэнне?

— Па-мойму, Корпус Міру — выдатная рэч. А ты як думаеш?

— Ну, — адказаў я, — ва ўсякім разе, гэта лепш за Корпус вайны.

Нічыя. Я не ведаў, што хацеў сказаць ён, і наадварот. Ці азначала гэта, што тэма вычарпаная і што зараз мы пяройдзем да абмеркавання іншых важных, сапраўды ўрадавых праграм? Не. Я зусім забыўся, што найгалоўнейшая наша тэма — гэта заўсёды мае планы.

— Я быў бы зусім не супраць, каб ты ўступіў у Корпус Міру, Олівэр.

— Я таксама, — сказаў я, не жадаючы ўступаць яму ў велікадушнасці.

Я ўпэўнены, што Стод ніколі мяне не слухае, і таму не здзівіўся, што ён ніяк не адрэагаваў на мой тонкі сарказм.

— А твае аднакашнікі, — прадоўжыў ён, — як да гэтага ставяцца?

— Сэр?

— Ці лічаць яны, што Корпус Міру мае нейкае значэнне ў іх жыцці?

Здаецца, слухаць фразу «але, сэр» майму бацьку гэтаксама неабходна, як рыбе знаходзіцца ў вадзе.

Яблычны пірог таксама быў чэрствы.

Каля паловы дванаццатай я правёў яго да машыны.

— Я што-небудзь магу зрабіць для цябе, сын?

— Не, сэр. Дабранач, сэр.

І ён паехаў.

Хоць паміж Бостанам і Ітакай, штат Ню-Ёрк, лётаюць самалёты, Олівэр Барэт III вырашыў ехаць на машыне. Не таму, што хацеў паказаць, што ён гатовы праседзець за рулём некалькі гадзін дзеля таго, каб убачыць сына. Проста ён любіць вадзіць машыну. Хутка ехаць. А ў такі позні час ды яшчэ на «Астан Марцін ДБС» можна несціся што чорт. Ён пэўна вырашыў пабіць свой уласны рэкорд хуткасці на адрэзку Ітака — Бостан, устаноўлены ім летась, пасля таго як мы перамаглі Корнэл і выйгралі першынство. Я не сумняваўся ў гэтым, бо бачыў, як ён зірнуў на гадзіннік перад ад'ездам.

Я вярнуўся ў матэль патэлефанаваць Джэні. Гэта была мая адзіная прыемная хвіліна за ўвесь вечар. Я расказаў Джэні пра бойку (не ўдакладняючы характару прычыны вайны), і магу сказаць, што гісторыя ёй спадабалася. Мала хто з яе вытанчаных сяброў-музыкантаў мог пахваліцца тым, што хоць раз у жыцці пускаў у ход кулакі.

— Але ж ты хоць даў як след таму корнэльцу, што цябе ўдарыў? — запыталася яна.

— Вядома, яшчэ як! Месца жывога на ім не пакінуў.

— Шкада, што я не бачыла. Можа, ты паб'еш каго-небудзь на матчы ў Ейлі?

— Абавязкова.

Я ўсміхнуўся. Як яна любіла простыя забавы!

 

4

 

— Джэні тэлефануе ўнізе, — сказала мне дзяўчына, што дзяжурыла на ўваходзе ў інтэрнат, хоць я і не паспеў назваць ні сябе, ні мэты свайго наведвання...

Я хутка зрабіў выснову, што гэта ачко на маю карысць. Дзяўчо пэўна чытае ўжо «Крымсан» і ведае, хто я такі. Ну, да славы нам не прывыкаць. Нашмат важней тое, што Джэні расказала тут, з кім яна сустракаецца.

— Дзякуй, — сказаў я. — Я пачакаю тут.

— Шкада, што ў Корнэле так выйшла, — загаварыла дзяўчо. — «Крымсан» піша, на цябе аж чацвёра накінуліся.

— Ага. І мяне яшчэ выдалілі. На пяць хвілін.

— Ого...

— Джэні яшчэ тэлефануе?

— Тэлефануе, — адказала яна, зірнуўшы на свой камутатар.

Цікава, што гэта за суразмоўца, якому ёй не шкада падарыць некалькі дарагіх хвілін нашага спаткання? Які-небудзь музыканцік? Я ведаў, што нейкі Марцін Дэвідсан, студэнт апошняга курса Адамс-каледжа і дырыжор аркестра Бахаўскага таварыства, прэтэндуе на выключную ўвагу Джэні. Праўда, у платанічным сэнсе. Не думаю, каб гэты маладзён мог падняць што-небудзь цяжэйшае за дырыжорскую палачку. Так ці інакш, я не пацярплю, каб у мяне адбіралі мой час.

— Дзе гэтая тэлефонная будка? — спытаўся я ў дзяжурнай.

— У холе, за рагом, — паказала яна рукою, куды ісці.

Я павольна ўвайшоў у прасторны хол і яшчэ здалёк убачыў Джэні. Дзверы будкі яна пакінула незачыненыя. Я ішоў павольна, гультаявата пазіраючы па баках, спадзеючыся, што яна заўважыць мяне, убачыць усе мае пластыры і, кінуўшы слухаўку, кінецца мне на шыю. Але я быў ужо побач з будкаю, і да мяне даляцелі абрыўкі размовы:

— Але. Ну, так. Абавязкова. О, я таксама, Філ. Я так цябе люблю!

Я ўсё роўна як здранцвеў. З кім яна гаворыць? Гэта быў не Дэвідсан — таго завуць не Філ. Я ўжо даўно разведаў пра яго ўсё, што мог, па ўніверсітэцкіх спісах: «Марцін Юджын Дэвідсан. Факультэт музыкі і мастацтваў. Хатні адрас: Ню-Ёрк, Рывэрсайд-драйв, 70. Вышэйшая школа музыкі і мастацтваў». Мяркуючы па фатаграфіі, гэта быў чуллівы і недурны хлопец, фунтаў на пяцьдзесят лягчэйшы за мяне. Але чаго гэта я раптам буду непакоіцца за Дэвідсана? І перада мною, і перад ім Джэніфэр аддае відавочную перавагу нейкаму Філу, якому (ну і ну!) пасылала цяпер пацалункі па тэлефоне.

Варта было адно адлучыцца на якія два дні, і, калі ласка, — нейкі казёл з ідыёцкім імем Філ забраўся да яе ў ложак (вядома, забраўся!).

Вешаючы слухаўку, яна нарэшце заўважыла мяне і, нават не пачырванеўшы, усміхнулася і з'імітавала пацалунак. Ну і двудушнасць!

Яна цмокнула мяне ў ацалелую шчаку:

— Э-э, ну і выгляд у цябе!

— Дасталося, Джэн.

— Але твой супернік выглядае яшчэ горш?

— Вядома. Нашмат. Мае супернікі заўсёды выглядаюць горш. — Я сказаў гэта з усёй злосцю, на якую здатны, намякаючы на тое, што намылю пысу любому суперніку, які палезе да яе ў ложак, пакуль мяне няма паблізу.

Але Джэні, як нічога і не здарылася, узяла мяне за рукаў, і мы рушылі да дзвярэй.

— Дабранач, Джэні, — сказала дзяжурная.

— Дабранач, Сара, — адгукнулася Джэні.

Калі мы выйшлі на вуліцу, збіраючыся сесці ў мой «МГ», я набраў у лёгкія свежага вечаровага паветра і як мог абыякава запытаўся:

— Паслухай, Джэн...

— Што?

— Э-э... Хто такі Філ?

Яна кінула ўжо ў машыне:

— Мой бацька.

Так я ёй і паверыў.

— Ты завеш свайго бацьку Філам?

— Але, гэта яго імя. А як ты завеш свайго?

Джэні ўжо казала мне, што яе выхаваў бацька, уладальнік невялікай пякарні ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд. Маці яе загінула ў аўтамабільнай аварыі, калі Джэні была зусім маленькая. Усё гэта яна расказала мне, калі тлумачыла, чаму ў яе няма вадзіцельскіх правоў. Яе бацька — ва ўсіх астатніх адносінах, як сказала яна, сапраўды «выдатны хлопец» — пасля смерці маці стаў вельмі прымхлівым і ні за што не хацеў дазволіць адзінай сваёй дачцэ вадзіць машыну. Ёй гэта дужа замінала ў апошніх класах каледжа, калі яна пачала браць урокі ігры на фартэпіяна ў аднаго чалавека з Провідэнса. Затое яна паспела прачытаць у доўгіх аўтобусных паездках усяго Пруста.

— Дык як ты завеш свайго? — спыталася яна зноў.

Я думаў зусім пра іншае і не зразумеў пытання.

— Майго каго?

— Якім тэрмінам ты абазначаеш свайго творца?

Я назваў тэрмін, які заўсёды хацеў скарыстаць:

— Сукін Сын.

— У вочы? — спыталася яна.

— Я ніколі не бачу ягонага твару.

— Ён носіць маску?

— Бадай. Каменную. Абсалютна каменную.

— Кінь, ён, мабыць, страшэнна ганарыцца табою. Ты ж гарвардская хакейная славутасць.

Я зірнуў на яе. Відаць, яна і праўда нічога не ведае.

— Ён таксама быў выдатным спартсменам, Джэні.

— Лепшым за цябе?

Мне спадабалася, што яна такое высокае думкі пра мае атлетычныя дасягненні. Шкада, што мне прыйдзецца прынізіць сябе, расказаўшы ёй пра бацькавы поспехі.

— Ён удзельнічаў у фінальным заездзе акадэмічных адзіночак на Алімпійскіх гульнях 1928 года.

— Ого! — сказала яна. — І выйграў?

— Не, — адказаў я.

І яна, па-мойму, здагадалася, што мяне крыху суцяшае той факт, што ў фінале бацька быў толькі шосты.

Мы трохі памаўчалі. Цяпер Джэні, бадай, зразумее, што быць Олівэрам Барэтам IV — гэта азначае не толькі насіць тое самае імя, што і грандыёзнае збудаванне з шэрага каменю ў Гарвардскім універсітэцкім гарадку. Гэта яшчэ і своеасаблівае мускульнае застрашэнне. Я маю на ўвазе, калі над табою зіхацяць вяршыні чужое спартовае славы. Я маю на ўвазе — нада мною.

— Але што ён такое зрабіў, што ты назваў яго сукіным сынам? — спыталася Джэні.

— Ён змушае мяне, — адказаў я.

— Не разумею.

— Ён змушае мяне, — паўтарыў я.

— Да чаго, Олівэр?..

— Рабіць усё «правільна».

— А хіба гэта няправільна — рабіць усё правільна?..

Я адказаў, што ненавіджу, калі мяне праграмуюць на працяг Барэтаўскае Традыцыі — дый яна сама мусіла гэта зразумець: бачыла ж, як мяне ўсяго скурчвае кожнага разу, калі мне прыходзіцца называць пасля імені свой парадкавы нумар. І яшчэ, сказаў я, мяне даводзіць да шалу, што я кожны семестр абавязаны выдаваць х акадэмічных поспехаў.

— Ну, вядома, — сказала яна з непрыхаваным сарказмам. — Я даўно заўважыла, як табе не падабаецца атрымліваць свае «А» і гуляць за зборную ўніверсітэта.

— Я ненавіджу другое: ён нічога іншага і не чакае! — Ніколі раней я нікому гэтага не гаварыў — і цяпер адчуваў сябе страшэнна няёмка. Але мне трэба было растлумачыць Джэні ўсё. — Калі мне і праўда штосьці ўдаецца, дык ён настолькі скептычна да гэтага ставіцца, што ўявіць сабе немагчыма! Усё чыста ўспрымае як звычайнасць.

— Дык ён жа заняты чалавек! Яму ж трэба кіраваць усімі гэтымі банкамі і Бог яго ведае што яшчэ рабіць!

— Джэні, ты, уласна, на чыім баку?

— А гэта што, вайна? — спыталася яна.

— Вайна, — адказаў я.

— Гэта ж смешна, Олівэр.

Выдавала на тое, што яна сапраўды не магла мяне зразумець. Тады я і западозрыў, што мы па-рознаму глядзім на жыццё. Вядома, мае тры з паловаю гады ў Гарвардзе і яе ў Рэдкліфе ператварылі нас абаіх у самаўпэўненых інтэлектуалаў — традыцыйны прадукт гэтых устаноў. Аднак на гэтым падабенства канчалася. Згадзіцца з тым, што ў майго бацькі каменнае сэрца, яна не магла: заміналі, мабыць, нейкія атавістычныя італійска-міжземнаморскія паняцці накшталт «падрэ любіць сваіх бамбіні» — толькі так і не інакш.

Тады я паспрабаваў прывесці наглядны прыклад. Наша дурная «антыразмова» з бацькам пасля гульні ў Корнэле. Гэта відавочна ўразіла яе. Але няхай мне так добра будзе, калі ўразіла гэтак, як я разлічваў.

— Дык ён прыехаў з Бостана ў Ітаку дзеля нейкага няшчаснага хакейнага матча?

Я паспрабаваў растлумачыць ёй, што мой бацька — гэта выключна адна форма і аніякага зместу. Але яе проста асляпіла тое, што ён пусціўся ў такую далёкую дарогу, каб толькі папрысутнічаць на (адносна) пасрэднай спартовай гульні.

— Годзе, Джэні, давай закончым гэтую тэму?

— Ведаеш, — сказала яна, — я нават рада, што ты так зацыкліўся на сваім бацьку. Гэта азначае, што ты зусім яшчэ не дасканалы.

— Ты хочаш сказаць, ты — дасканалая?

— Божа барані, падрыхтунчык. Хіба я стала б тады сустракацца з табою?

Яна зноў была ў сваім стылі.

 

5

 

Хацеў бы ўжо сказаць колькі слоў пра нашы інтымныя адносіны.

Надзіва доўга іх не было ўвогуле. Інакш кажучы, нічога больш сур'ёзнага за тыя некалькі згаданых ужо мною пацалункаў (дагатуль памятаю іх усе да драбніц). Сітуацыя для мяне незвычайная: з прыроды я гарачы, нецярплівы і прадпрымальны. Калі б хто-небудзь сказаў любой з добрага тузіна дзяўчат у Таўэр-Корт, Уэлэслі, што Олівэр Барэт IV штодня сустракаецца з дзяўчынаю, але ні разу не спаў з ёю, яна пэўна засмяялася б і дужа засумнявалася ў вабнасці сяброўкі, пра якую ідзе гаворка. Аднак, вядома, справа была не ў гэтым.

Я проста не ведаў, як дзейнічаць.

Толькі не трэба разумець мяне залішне літаральна. Я ведаў усе мажлівыя хады. Але ніяк не мог пераадолець няўпэўненасці. Джэні была вельмі разумная, і я баяўся, што яна проста пасмяецца з таго, што я прызвычаіўся лічыць вытанчана-рамантычным (і непераможным) стылем Олівэра Барэта IV. Але я баяўся, што яна адштурхне мяне. А калі не адштурхне, дык з прычын, ад кахання далёкіх. Усімі гэтымі блытанымі тлумачэннямі я хачу сказаць адно: мае пачуцці да Джэні былі адрозныя ад тых, што я меў раней да іншых дзяўчат. Я не ведаў, як сказаць ёй пра гэта, і не было ў каго спытаць рады. («Трэба было папытацца ў мяне!» — скажа яна потым.) Я ведаў толькі, што яна патрэбная мне. Уся.

— Олівэр, ты заваліш іспыт.

Мы сядзелі ў мяне ў пакоі і чыталі. Была нядзеля, другая палова дня.

— Олівэр, калі ты будзеш адно глядзець, як вучу я, дык абавязкова правалішся.

— Ды не гляджу я на цябе. Я чытаю.

— Лухта. Ты разглядваеш мае ногі.

— Хіба што зрэдку. На пачатку кожнага раздзела.

— Нешта ўжо вельмі кароткія раздзелы ў тваёй кнізе.

— Слухай, самаўлюбёніца! Не такая ты ўжо і паглядная.

— Я ведаю. Але што я магу зрабіць, калі для цябе я «такая ўжо».

Я адсунуў кнігу, устаў і падышоў да яе.

— Джэні, ну зразумей ты: як я магу чытаць Джона Сцюарта Міля, калі кожную секунду паміраю ад жадання апынуцца з табою ў ложку!

Яна нахмурылася:

— Олівэр, прашу цябе!

Я прысеў на кукішкі побач з яе крэслам. Яна зноў уткнулася ў кнігу.

— Джэні...

Яна ціха загарнула кнігу, адсунула яе і паклала рукі мне на плечы.

— Олівэр, прашу цябе...

І тады гэта ўсё здарылася. Усё здарылася.

Наша першая фізічная блізкасць была цалкам процілеглая нашай першай размове. Мы былі такія нетаропкія, такія ласкавыя, такія пяшчотныя... Я і не здагадваўся, што сапраўдная Джэні была менавіта такая — ласкавая Джэні, што дотыкі яе такія лёгкія і пяшчотныя. Але нашмат болей здзівіўся я з самога сябе. Я таксама быў ласкавы. І пяшчотны. Няўжо гэта і быў сапраўдны Олівэр Барэт IV?

Я ні разу не бачыў, каб кофтачка Джэні была расшпіленая хоць на адзін гузік. І таму здзівіўся, калі ўбачыў у яе на шыі маленькі залаты крыжык. Ланцужок быў запаяны наглуха, і калі мы займаліся каханнем, крыжык заставаўся на ёй. У той цудоўны вечар, у хвілю адпачынку, калі здаецца, нічога іншага не мае значэння і адначасна ўсё значэннем поўніцца, я дакрануўся да крыжыка і запытаўся, што сказаў бы яе святар, калі б даведаўся, што мы з ёю апынуліся ў адным ложку. Але яна адказала, што ў яе няма святара.

— А я думаў, што мая дзяўчына добрая каталічка.

— Я сапраўды твая дзяўчына і сапраўды добрая. — Джэні паглядзела на мяне, чакаючы пацвярджэння, і я ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ: — Выходзіць, ты амаль угадаў — два пункты з трох.

Тады я папытаўся ў яе, чаму яна носіць крыжык, ды яшчэ на запаяным ланцужку. Яна растлумачыла, што крыжык належаў яе нябожчыцы маці і носіць яна яго ў памяць аб ёй — з рэлігіяй гэта не звязана. Потым мы зноў загаварылі пра сябе:

— Паслухай, Олівэр, я казала табе, што кахаю цябе?

— Не, Джэні.

— Чаму ж ты ў мяне не спытаўся?

— Папраўдзе, баяўся.

— Спытайся цяпер.

— Ты кахаеш мяне, Джэні?

— А ты як думаеш? — зазірнула яна мне ў самыя вочы.

— Напэўна. Можа быць... Кахаеш.

Я пацалаваў яе ў шыю.

— Олівэр?

— Што?

— Я цябе не тое што кахаю...

— Божа, дык што ж тады?..

— Олівэр, я цябе вельмі кахаю...

 

6

 

Выдатны хлопец — Рэй Стратан.

Можа, ён не геній і не вялікі футбаліст (крыху запаволены), але сябра ён надзейны — лепшага суседа па інтэрнацкім нумары не знайсці. Як жа ён, бядак, мучыўся праз мяне на апошнім курсе! Куды хадзіў займацца, калі натыкаўся на гальштук, які вісеў на дзвярной ручцы, што азначала: «Я не адзін». Можа, займацца тым часам ён і не збіраўся, аднак калі-нікалі яму ўсё ж такі прыходзілася гэта рабіць. Мабыць, ён хадзіў тады ў бібліятэку ці нават у студэнцкі клуб. Але дзе ж ён спаў у тыя ночы з суботы на нядзелю, калі мы з Джэні ігнаравалі інтэрнацкія парадкі і яна заставалася ў мяне да ранку? Рэй змушаны быў шукаць дзе пераспаць — прасіцца да суседзяў на вольную канапу, калі тая, вядома, не была гэтаксама занятая. Добра хоць, што найчасцей гэта здаралася пасля заканчэння футбольнага сезона. І, натуральна, я зрабіў бы дзеля яго тое самае.

Але што ж ён меў за гэта ад мяне ва ўзнагароду? У былыя часы я дзяліўся з ім усімі падрабязнасцямі сваіх любоўных перамог. Аднак цяпер ён быў не толькі пазбаўлены сваіх неад'емных правоў сябра на суперажыванне — больш таго, я нават не прызнаўся яму, што мы з Джэні — каханкі. Я проста казаў яму, калі нам спатрэбіцца пакой, а ўжо навошта — мусіў здагадвацца ён сам.

— Барэт, дык спіш ты з ёю ці не? — дапытваўся Рэй.

— Рэйманд, я цябе як сябра прашу: не пытайся.

— Вы ж з ёю адсюль днямі і начамі не вылазіце. Чым тут так доўга можна займацца?

— Тады навошта пытацца, Рэй?

— Бо ў гэтым ёсць нешта нездаровае.

— Што менавіта?

— Ды ўсё, Ол. Раней у цябе такога ніколі не было. Раней ты дзядзьку Рэю ўсё выкладваў. Ведаеш, непрыгожа гэта неяк. Дальбог, гэта нешта ў цябе хваравітае. Ну што ты ў ёй знайшоў асаблівага?

— Паслухай, Рэй, калі прыходзіць сапраўднае каханне...

— Каханне?

— Не прамаўляй гэтае слова брудна.

— Каханне? У тваім узросце? Дзед, мне за цябе страшна.

— Чаму ж гэта? Баішся, што з'еду з глузду?

— Баюся за тваю халасцяцкую свабоду... За жыццё тваё баюся!

Нябога Рэй. І праўда перапалохаўся.

— Баішся страціць добрага суседа?

— Як наконт страціць — не ведаю. А вось знайсці — дык ужо знайшоў. Суседку. Яна тут ужо, лічы, пасялілася.

Я якраз збіраўся на канцэрт, дык пара было канчаць гэтую гамонку.

— Добра, не бядуй, Рэйманд. Ноймем кватэру ў Ню-Ёрку, будзем цёлак мяняць кожную ноч. Усё пераспрабуем.

— Як гэта — «не бядуй»? Барэт, я ж бачу, што яна цябе абкруціла.

— Сітуацыя цалкам пад маім кантролем, — адказаў я. — Супакойся.

Папраўляючы гальштук, я рушыў да дзвярэй. Але Стратан ніяк не мог суняцца:

— Олі!

— Што?

— Дык вы з ёй спіце?.. Спіце ж?

— О Божа!..

На гэтым канцэрце Джэні не сядзела побач са мною — яна была на сцэне. Аркестр Бахаўскага таварыства выконваў у Данстэрскім каледжы Пяты Брандэнбургскі канцэрт, і Джэні саліравала на клавесіне. Вядома, я ўжо шмат разоў слухаў, як яна іграе, аднак ніколі — з аркестрам і на публіцы. Божа, мяне проста распірала з гонару. Я не заўважыў у яе выкананні аніводнае хібы.

— Ты нават уявіць сабе не можаш, як файна ты іграла, — сказаў я ёй пасля канцэрта.

— Дужа ты разбіраешся ў музыцы, падрыхтунчык.

— Дастаткова разбіраюся.

Мы стаялі ў двары каледжа. Быў такі красавіцкі вечар, калі ўжо верыш, што нарэшце вясна дабярэцца і да Кембрыджа. Калегі Джэні праходжваліся паблізу, у тым ліку і Марцін Дэвідсан, які выстрэльваў вачыма ў мой бок зарады нянавісці, і таму я не стаў спрачацца з Джэні наконт цяжкасцей ігры на клавішных інструментах.

Неўзабаве мы прайшлі цераз Мемарыяльныя прысады да берага ракі.

— Глядзі на рэчы цвяроза, Барэт, прашу цябе. Я іграю нармальна. Але не выдатна. Нават не на ўзроўні тваёй хакейнай зборнай, калі рабіць параўнанні. Усяго толькі нармальна. Падумай і згадзіся.

Як я мог спрачацца з ёю, калі яна ці не ўпершыню на маёй памяці не задзірала носа.

— Добра. Згаджаюся. Ты іграеш нармальна. Я толькі хацеў сказаць, што ты павінна працягваць іграць.

— Божа, а хто сказаў, што я не хачу працягваць іграць? Дзеля гэтага ж я і збіраюся займацца ў Надзі Буланжэ.

Гэта яшчэ што за навіна? Па тым, як Джэні асеклася, я адразу зразумеў, што яна прагаварылася.

— У каго? — запытаўся я.

— У Надзі Буланжэ. Гэта знакаміты педагог. Жыве ў Парыжы. — Апошнія словы яна прамовіла даволі таропка.

— У Парыжы? — запытаўся я, але ўжо досыць павольна.

— Яна набірае з Амерыкі вельмі мала вучняў. Мне страшэнна пашэнціла. І стыпендыя будзе вялікая.

— Джэніфэр... Ты ад'язджаеш у Парыж?

— Я ніколі не была ў Эўропе. Дачакацца не магу паездкі.

Я схапіў яе за плечы. Можа, занадта груба, не ведаю.

— І даўно ты так вырашыла?

Упершыню за ўвесь час нашага знаёмства яна не змагла глядзець мне ў вочы.

— Олі, ну сам падумай, — сказала яна. — Гэта непазбежна.

— Што — «непазбежна»?

— Мы атрымліваем дыпломы, і кожны ідзе сваім асобным шляхам. Ты паступіш у Юрыдычную школу.

— Чакай. Ты думаеш, што ты кажаш?

Цяпер яна паглядзела мне ў вочы. Твар у яе быў сумны.

— Олі, ты будучы мільянер, а я сацыяльны нуль.

Я ўсё яшчэ трымаў яе за плечы.

— Ну што ты раптам пра нейкія асобныя шляхі? Мы ўжо разам, мы шчаслівыя.

— Олі, прашу цябе зноў, падумай добра, — паўтарыла яна. — Гарвард — гэта ўсё роўна як торба з падарункамі ў Санта-Клаўса. Напхаць туды можна чаго толькі хочаш, хоць сама вар'яцкіх цацак. Але калі свята канчаецца, цябе вытрасаюць з гэтай торбы... — Яна запнулася. — ...і тады трэба сунуцца на сваё месца.

— Ты хочаш сказаць, што ты збіраешся пячы булкі ў свайго таты ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд?

Я плёў абы-што.

— Пірожныя, — паправіла яна. — І не трэба смяяцца з майго бацькі.

— Не пакідай мяне, Джэні. Прашу цябе.

— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?

— А як жа нашае вяселле? — Я сказаў гэта, хоць у той момант не зусім быў упэўнены ў тым, што адчуваў.

— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?

— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.

— Ты хочаш ажаніцца са мною?

— Хачу.

Яна схіліла галаву набок і запыталася — проста, не ўсміхнуўшыся, аднак з вялікай дапытлівасцю ў вачах:

— Чаму?

Я зазірнуў ёй у самыя вочы:

— А таму што.

— О-о, — сказала яна. — Дужа грунтоўная прычына.

Яна ўзяла мяне за руку (не за рукаў, як зазвычай), і мы моўчкі пайшлі ўздоўж ракі. А пра што яшчэ было нам гаварыць?

 

7

 

Маёнтак Барэтаў, Іпсвіч, штат Масачусэтс, знаходзіцца хвілін за трыццаць — сорак язды ад Містык-Рывэр-Брыджа, у залежнасці ад хуткасці, якую вы набіраеце. Мне не раз удавалася пераадолець гэтую адлегласць за дваццаць дзевяць хвілін. Адзін шаноўны бостанскі банкір сцвярджае, што ён праехаў яе яшчэ хутчэй, аднак калі гаворка заходзіць пра тое, што нехта здолеў абставіць тут мяне, дык дужа цяжка ў гэта паверыць. Асабіста я лічу дваццаць дзевяць хвілін неперасягальным рэкордам. Урэшце, калі гоніш па аўтастрадзе № 1, дык зважаеш на святлафоры.

— Ты нясешся што ўтрапёны.

— Гэта Бостан. Тут усе носяцца што ўтрапёныя, — сказаў я, спыніўшыся ля святлафора.

— Ты прыкончыш нас да таго, як нас расшкуматаюць твае бацькі.

— Паслухай, Джэні, мае бацькі — цудоўныя людзі.

Загарэлася зялёнае святло, і праз нейкія дзесяць секунд мой «МГ» даў шэсцьдзесят міляў у гадзіну.

— Нават Сукін Сын?..

— Олівэр Барэт Трэці?.. Добры чувак. Ты яго ўпадабаеш.

— Ты ўпэўнены?

— Ён усім падабаецца, — адказаў я.

— Чаму ж тады ён табе не даспадобы?

— Якраз таму, што ён даспадобы ўсім.

Навошта я ўвогуле павёз яе да сваіх бацькоў? Мяркую, без блаславення Стода я-то ўжо неяк абышоўся б. Аднак, па-першае, Джэні сама захацела («Так, Олівэр, робяць усе», — сказала яна), па-другое, і я меў у гэтым спатканні патрэбу: Олівэр Барэт III быў маім банкірам у сама літаральным сэнсе — ён плаціў за маё навучанне.

Значыцца, абед — неадменны. Соmmе іl faut*, нічога не скажаш.

* Соmmе іl faut (фр.) — прыстойна.

І гэта ў нядзелю, калі аўтастрада № 1 мала не забарыкадаваная машынамі і кожны так і пнецца загарадзіць табе праезд. Я вырваўся з агульнага патоку і збочыў на Гротан-стрыт, па якой ганяў з чатырнаццаці гадоў, не прытарможваючы на паваротах.

— А дзе ж дамы? — спыталася Джэні, гледзячы па баках. — Тут жа адны дрэвы.

— Дамы за дрэвамі.

Калі едзеш па Гротан-стрыт, трэба быць дужа пільным, каб не праскочыць сваю паваротку. Ну а гэтым разам, вядома, я праехаў лішнія трыста ярдаў і толькі тады, зразумеўшы, дзе я, націснуў на тармазы.

— Чаму ты спыніўся? — запыталася Джэні.

— Паваротку праскочыў, — прамармытаў я...

Ці ж не сімвалічна, што я мусіў сунуцца назад ажно трыста ярдаў, каб дабрацца да нашае сямейнае крэпасці? Апынуўшыся на барэтаўскай тэрыторыі, я зменшыў хуткасць. Ад Гротан-стрыт да нашага маёнтка, Довэр-хаўс — сама меней паўмілі. Па дарозе да яго праязджаеш таксама... э-э, іншыя будынкі. Мяркую, той, хто бачыць гэтае відовішча ўпершыню, перажывае моцнае ўражанне.

— Божа! — ахнула Джэні.

— Што такое?

— Стой, Олівэр. Прашу цябе, спыні машыну.

Я затармазіў. Джэні ажно ўціснулася ў сядзенне.

— Слухай, я і падумаць не магла, што ты прывязеш мяне ў такую мясціну.

— У якую — «такую»?

— Такую шыкоўную. У вас, мабыць і прыгонныя ёсць?

Я хацеў дакрануцца да яе рукі, але адчуў, што ў мяне вільготныя далоні (гэтага ў мяне не бывае амаль ніколі), і паспрабаваў супакоіць яе словамі:

— Ну што ты, Джэні? Усё будзе добра.

— Можа быць, але мне раптам захацелася, каб мяне звалі не Джэні Кавілеры, а да прыкладу, Эблігэйл Адамс ці Ўэндзі Ўосп*...

* Слова-абрэвіятура, якое азначае «стоадсоткавы амерыканец». «WASP»: White — белы, Anglo-Sахоn — англасакс, Protestant — пратэстант.

Далей ехалі моўчкі. Выйшаўшы з машыны, мы рушылі да параднага ўваходу. Я націснуў на званок, і тут Джэні зноў запанікавала:

— Олі, я не хачу! Паедзем адсюль.

— Спакайней, Джэн. Я ж табе сказаў: усё будзе добра.

Ну што яшчэ мог я сказаць ёй? Дзверы адчыніла Флоўрэнс, наша старая і ўсім сэрцам адданая нам служанка.

— Праходзьце, калі ласка, мастэр* Олівэр, — прывітала яна мяне.

* Мастэр (англ. «master») — сінонім слова «містэр» у дачыненні да маладога чалавека.

Божа, як жа я ненавіджу, калі мяне так называюць! Аж шалею ад гэтага прыніжальнага намёку на вышэйшасць ад мяне містэра Стода.

Флорэнс сказала, што мае бацькі чакаюць нас у бібліятэцы. Джэні ашаломлена разглядвала сямейныя партрэты, якімі былі пазавешваныя сцены. І, думаю, галоўная прычына гэтае збянтэжанасці была не ў тым, што некаторыя з іх намаляваў сам Сінгер Сарджэнт*, (да прыкладу, выяву Олівэра Барэта II, якую калі-нікалі выстаўлялі ў Бостанскім музеі), а найбольш у тым, што Джэні нечакана даведалася: не ўсе мае продкі насілі імя Барэт.

* Сінгер Сарджэнт (1856—1922) — вядомы амерыканскі мастак.

Самавітыя прадстаўніцы жаночае лініі роду Барэтаў, удала выйшаўшы замуж, падарылі свету такіх адметных асоб, як Барэт Уінтроп, Рычард Барэт С'юэл і, нарэшце, Эбат Лоўрэнс Лаймэн, які рызыкнуў пражыць жыццё, прайсці, дарэчы, цераз Гарвард і стаць хімікам-лаўрэатам, не маючы ў сваім імені аніякага намёку на прыналежнасць да барэтаўскага клана.

— Божа літасцівы! — ціха ўсклікнула Джэні. — Імёнамі ж гэтых людзей названа палова гарвардскіх будынкаў!

— Лухта ўсё гэта, — сказаў я.

— Я не ведала, што ты маеш дачыненне нават да Сыоўлскай лодачнай станцыі.

— Маю дачыненне. Камянёў ды драўляшак у маёй генеалогіі багата.

У канцы доўгае партрэтнае галерэі, якраз там, дзе трэба збочваць у бібліятэку, стаіць вялікая шкляная скрыня. У ёй захоўваюцца трафеі. Спартовыя трафеі.

— Божа, які цуд! — зноў усклікнула Джэні. — Ніколі не бачыла, каб гэтыя штукі былі такія падобныя да золата і срэбра.

— А гэта і ёсць золата і срэбра.

— Ды ты што?!. Твае?

— Не. Ягоныя.

На Алімпінскіх гульнях у Амстэрдаме Рычард Барэт III медаля не заваяваў — гэты факт сумненню не падлягае. Але ж нельга аспрэчваць і таго, што ён зведаў славу гучных перамог на іншых спаборніцтвах. На некалькіх. Нават на многіх. Зіхоткія доказы ягоных поспехаў сляпілі цяпер вочы мала не ачмурэлай Джэні.

— За гульню ў кеглі на крэнстанскіх сечах такіх цацак не даюць. — Потым яна надумалася кінуць костку і мне: — Олівэр, а ў цябе ёсць прызы?

— Ёсць.

— Ты таксама трымаеш іх пад шклом?

— Не. Пад ложкам. У маім пакоі.

Яна з захапленнем зірнула на мяне шырока расплюшчанымі вачыма і ці не шэптам сказала:

— Паглядзім іх потым, добра?

Перш чым я паспеў адказаць і хоць бы крыху падумаць, наколькі праўдзівая гэтая яе матывацыя наведвання маёй спальні, нас перапынілі:

— А, дык вы ўжо тут? Прывітанне!

Сукін Сын! Ён самы.

Не паспеў я яшчэ адрэкамендаваць яму Джэні, як ён ухапіўся за яе руку. Дарэчы, выбраў Стод для гэтага рандэву не якісьці з сваіх звычайных банкаўскіх касцюмаў. Сёння Олівэр Барэт III надзеў наймаднейшы спартовы пінжак з танюткай шэрсці. А на твары, зазвычай падобным да каменнае маскі, застыла хітрая ўсмешка.

— Заходзьце, калі ласка, і пазнаёмцеся з місіс Барэт.

Джэні мусіла перажыць цяпер яшчэ адно ні з чым не параўнальнае задавальненне — знаёмства з Элісан Форбс Барэт (школьная мянушка «П'янюга»). Як я злаваў на яе, дык заўсёды задумваўся, які ўплыў магла б мець на ейнае жыццё атрыманая ў школе мянушка, калі б маці не стала ў маладыя гады прыстойнай замужняй жанчынаю, апякункаю музея. Каледжа П'янюга Форбс так і не закончыла. Яна кінула яго ўжо на першым курсе, з поўнага блаславення сваіх бацькоў, каб пайсці пад вянец з Олівэрам Барэтам III.

— Мая жонка Элісан, а гэта — Джэніфэр э-э... Ён паспеў ужо вырашыць, што мае поўнае права прадстаўляць Джэні.

— Каліверы, — дадаў я: Стод прозвішча Джэні не ведаў.

— Кавілеры, — без ніякай крыўды паправіла яна.

Я першы раз у жыцці (і апошні) перайначыў яе прозвішча.

— Як у «Саvаllеrіа Rustісаnа»*? — запыталася мая маці, жадаючы, пэўна, паказаць, што, хоць і кінула каледж, жанчына яна адукаваная.

* «Вясковы гонар» (італ.) — опера італійскага кампазітара П'етра Масканы.

— Правільна, — усміхнулася Джэні. — Але яна не з маёй радні.

— А-а... — сказала маці.

Гэтаксама працягнуў і бацька.

Тут і я дадаў сваё «а-а», гадаючы, ці дайшоў да бацькоў гумар Джэні.

Маці і Джэні паціснулі адна адной рукі, і пасля звычайнага абмену банальнасцямі, далей за які ў нашым доме ў размовах не заходзілі, мы расселіся па фатэлях. Запала маўчанне. Я спрабаваў зразумець, што адбываецца. Бясспрэчна, матулька ацэньвала Джэніфэр — яе касцюм (гэтым разам ён ані не здаваўся дзікунскім), яе манеру трымаць сябе, яе вымаўленне. Трэба сказаць, крэнстанскі акцэнт прабіваўся ў Джэні нават тады, калі яна спрабавала не выдаць ім сваё правінцыйнае паходжанне. Джэні, мабыць, таксама ацэньвала маю маці. Кажуць, дзяўчаты заўсёды так робяць. Гэта нібыта дапамагае ім даведацца болей пра чалавека, за якога яны збіраюцца выйсці замуж. Мажліва, яна ацэньвала і Олівэра III. Ці заўважыла яна, што ён вышэйшы за мяне ростам? І ці спадабаўся ёй ягоны спартовы касцюм?

Олівэр III, як зазвычай, скіраваў свой агонь на мяне:

— Як справы, сын?..

— Выдатна, сэр, выдатна.

Ну а маці, ураўнаважваючы гутарку, звярнулася з пытаннем да Джэні:

— Вы добра даехалі?

— Добра, — адказала Джэні. — Добра і хутка.

— Олівэр ездзіць хутка, — уставіў Стод.

— Не хутчэй за цябе, бацька, — парыраваў я.

Ну, а што ты на гэта скажаш?

— М-м... бадай, не.

Магу без вагання пайсці ў заклад, што не, бацюхна.

Маці, якая заўсёды, у любой сітуацыі, была на ягоным баку, перавяла размову на больш агульную тэму — на музыку, жывапіс. Праўда, пра што яна больш гаманіла, сказаць не магу: я не надта прыслухоўваўся.

Нарэшце пачалі піць гарбату.

— Дзякуй, — сказаў я, дапіўшы свой кубак, і дадаў: — Мы ўжо хутка паедзем.

— Што? — спыталася ў мяне Джэні.

Яны, здаецца, гаварылі тым часам пра Пучыні, а можа, пра некага іншага, і мае словы здаліся ім крыху нечаканымі. Маці зірнула на мяне (рэдкая падзея).

— Але ж на абед вы застаняцеся? — папыталася яна.

— М-м... мы не можам, — сказаў я.

— Вядома, мы застанемся, — амаль адразу сказала Джэні.

— Мне час ужо вяртацца, — сказаў я сама сур'ёзным тонам.

Джэні кінула на мяне хуткі позірк, і я выразна прачытаў у яе вачах: «Што ты вярзеш?»

Тады сваё важкае слова сказаў Стод:

— Вы застаяцеся абедаць. Гэта загад.

Фальшывая ўсмешка на ягоным твары аніяк не змякчыла каманднага тону. Але не той я чалавек, каб мною кіравалі. Нават алімпійскія фіналісты.

— Мы не можам, сэр, — паўтарыў я.

— Мы павінны застацца, Олівэр, — сказала Джэні.

— Чаму? — спытаўся я.

— Таму што я згаладалася, — адказала яна.

Скарыўшыся волі Олівэра III, мы сядзелі за абедзенным сталом. Ён схіліў галаву, маці і Джэні таксама. Ну і я зрабіў нешта падобнае.

— Блаславі ежу нашую і нас у служэнні Табе і наставі заўжды памятаць пра патрэбы і жаданні блізкіх нашых. За гэта молімся ў імя Сына Твайго Ісуса Хрыста. Амін.

Божа літасцівы, гэтым Стод мяне даканаў. Няўжо хоць раз нельга было абысціся без дэманстрацыі набожнасці? Што падумае Джэні? Цёмнавечча нейкае, дальбог.

— Амін, — сказала матулька (і Джэні, дарэчы, таксама, толькі вельмі ціха).

— Душою з вамі, — паспрабаваў пажартаваць я.

Але жарт нікога не развесяліў. А менш за ўсіх Джэні.

Яна адвяла ад мяне вочы. Олівэр III холадна зірнуў на мяне:

— Я вельмі хацеў бы, Олівэр, каб ты калі-нікалі быў з намі душою.

Абед не прайшоў у невыносным маўчанні дзякуючы адно фенаменальнай матчынай здольнасці весці свецкую гутарку.

— Дык вашыя бацькі з Крэнстана, Джэні?

— Толькі тата. Маці з Фол-Рывэра.

— Барэты маюць заводы ў Фол-Рывэры, — заўважыў Олівэр III.

— Дзе яны эксплуатавалі пакаленні беднякоў, — дадаў Олівэр IV.

— У дзевятнаццатым стагоддзі, — парыраваў Олівэр III.

Маці ўсміхнулася, відавочна, задаволеная, што ў гэтым сэце мяне перайграў яе Олівэр. Але, як кажуць, яшчэ не вечар.

— А як наконт планаў аўтаматызаваць гэтыя самыя заводы? — нанёс я ўдар у адказ.

Зноў запала маўчанне. Зараз ён сцебане якой-небудзь рэплічкай.

— А як наконт кавы? — спыталася Элісан Форбс Барэт.

Мы вярнуліся ў бібліятэку на апошні раўнд. Абавязкова апошні: заўтра нам трэба ісці на заняткі, Стода чакаў банк, дый маці пэўна ж збіралася зранку ажыццявіць нейкую запланаваную годную акцыю.

— Табе з цукрам, Олівэр? — папыталася яна.

— Олівэр заўсёды п'е каву з цукрам, дарагая, — сказаў бацька.

— Але не сёння, дзякуй, — сказаў я. — Без малака і без цукру, мама.

Кожны ўзяў свой кубак, і мы ўселіся ў фатэлі, адчуваючы, што нам абсалютна няма чаго сказаць адно аднаму. Але раптам я знайшоў тэму.

— Скажы, Джэніфэр, што ты думаеш пра Корпус Міру? — пацікавіўся я.

Яна змрочна зірнула на мяне і змаўчала.

— Ты што, Олівэр, яшчэ не сказаў ім? — здзіўлена спыталася маці ў бацькі.

— Цяпер не час, дарагая, — сказаў Олівэр III з фальшывай сціпласцю, у якой, аднак, выразна чулася: «Спытайцеся ў мяне, спытайцеся!»

— Пра што гаворка, бацька?

— Нічога асабліва важнага, сын.

— Не разумею, як ты можаш так гаварыць, — сказала маці і павярнулася да мяне, каб з пыхаю паведаміць навіну. (Я ж кажу: яна заўсёды на ягоным баку.) — Твайго бацьку прызначаюць дырэктарам Корпуса Міру.

— О! — усклікнуў я.

Джэні таксама ўсклікнула: «О!» — толькі зусім інакш, голасам нашмат больш радасным.

Бацька зрабіў выгляд, што ён засмуціўся, а маці, здаецца, чакала, што я ці не вобзем грымнуся ад пашаны да такога таты. Можна падумаць, што яго дзяржаўным сакратаром прызначылі, няйначай.

— Віншую вас, містэр Барэт! — узяла ініцыятыву на сябе Джэні.

— Прыміце і мае віншаванні, сэр, — далучыўся да яе я.

Маці аж не магла, так хацела прадоўжыць гэтую гутарку.

— Я ўпэўненая, што гэта будзе вельмі цікавая і карысная праца, — сказала яна.

— О, вядома, — падхапіла Джэні.

— Згодны, — сказаў я без асаблівай перакананасці. — Э-э... мама, перадай мне, калі ласка, цукру.

 

8

 

— Джэні, яго ж, урэшце, не дзяржаўным сакратаром прызначылі!

— І ўсё ж такі, Олівэр, ты мог бы сустрэць гэтае паведамленне з большым імпэтам.

— Я яго павіншаваў.

— Глядзі ты — якая высакароднасць!

— Чорт, чаго ты ад мяне чакала?

— Божа, — адказала яна, — ды мяне проста выварочвае ад усяго гэтага!

— Мяне таксама, — заўважыў я.

Потым мы доўга ехалі моўчкі — аніводным словам не перакінуліся. Але я адчуваў: нешта тут не так.

— Дык ад чаго — «ад усяго» — цябе выварочвае, Джэн?..

— Ад таго, як ты ставішся да свайго бацькі.

— А ён да мяне як ставіцца?

І тут яна вываліла на мяне рандолю маралізатарскай лапшы. Дакладней, спагеці. Ведама ж, я зрабіў замах на сама святое, што было ў Джэні: на бацькоўскую любоў і на пачуцці да бацькі. Сама сапраўдны італійска-міжземнаморскі сіндром. Які ж я благі сын!

— Ты яго зневажаеш, зневажаеш і зневажаеш!

— А ён мяне не? Ці ты не заўважыла, Джэн?

— Ды я ўпэўненая, што ты ні перад чым не спынішся, абы дапячы няшчаснаму старому!

— «Дапячы» Олівэру Барэту Трэцяму немагчыма.

Памаўчаўшы — і маўчанне гэтае мяне насцярожыла, — яна раптам сказала:

— Хіба толькі ажаніўшыся з Джэніфэр Кавілеры.

Гэтыя словы так пранялі мяне, што я ледзь змог збочыць на стаянку каля прыдарожнага шынка. Спыніў машыну і павярнуўся да Джэніфэр, злы, як чорт.

— Ты што, і праўда так думаеш?

— Прыкладна так, — адказала яна вельмі спакойна.

— Джэні, ты што, не верыш, што я кахаю цябе?! — крыкнуў я.

— Веру, — зноў спакойна адказала яна. — Але ёсць нешта вар'яцкае ў тым, што ты ўпадабаў мой дужа сціплы сацыяльны статус.

Ну што я мог сказаць? Не — адназначна. Я паўтарыў ёй усё, што пра гэта думаю, некалькі разоў з сама рознымі інтанацыямі. Я быў такі засмучаны, што нават задумаўся: ці ж няма хоць каліўца праўды ў гэтым яе жахлівым меркаванні?

Яна таксама не ззяла.

— Я не сцвярджаю, што гэта так, Олі. Проста мне здаецца, што нейкая рацыя ў маёй развазе ўсё-такі ёсць. Ведаеш, я ж таксама не толькі кахаю цябе. Я люблю тваё імя. І твой, скажам так, рэйтынг. — Джэні адвярнулася, і мне здалося, што зараз яна заплача. Аднак яна не заплакала, а прамармытала: — У рэшце рэшт, тваё імя — гэта частка цябе.

Я сядзеў у машыне і глядзеў на неонавы надпіс «Мідзіі і вустрыцы». Болей за ўсё я любіў у Джэні тое, што яна ўмела зазірнуць мне ў душу, зразумець рэчы, якіх не перадасі словамі. Яна і цяпер усё разумела. Аднак ці хопіць у мяне сілы паглядзець праўдзе ў вочы? Божа, яна ж знайшла ў сабе мужнасць убачыць і прызнаць недасканаласць і маю, і сваю ўласную! Божа, якім нікчэмным я цяпер сябе адчуваў! Не ведаў, што і сказаць.

— Джэн, ты не хочаш мідзій ці вустрыц? — запытаўся я ў яе.

— А ты не хочаш у зубы, падрыхтунчык?

— Хачу, — адказаў я.

Яна сціснула кулак і размахнулася, а потым лёгка прыклала яго да маёй шчакі. Я пацалаваў гэты кулачок і пацягнуўся да яе, аднак, як толькі я паспрабаваў абняць яе, яна ўпёрлася рукамі мне ў грудзі і гаркнула, як сама сапраўдны гангстэр з «пугачом» у руцэ:

— Пагналі, падрыхтунчык! За руль — і гайда!

Добра, любая. Добра.

Найболей бацька папракаў мяне ў залішняй таропкасці. Мітуслівасці. Нецярплівасці. Не памятаю добра, што за словы ён мне казаў, але пропаведзь, якую ён прачытаў мне ў Гарвард-клубе, датычыла перадусім маёй паспешлівасці. Напачатку, каб разагрэцца, ён загадаў мне не есці так хутка. Я пачціва нагадаў яму, што я ўжо досыць дарослы чалавек і яму няварта спрабаваць выправіць мае паводзіны ці нават каменціраваць іх. У адказ ён заявіў, што нават вялікім дзяржаўным дзеячам неабходная час ад часу канструктыўная крытыка. Я расцаніў гэтую заўвагу як не надта тонкі намёк на тое, што колісь ён служыў у першай рузвельтаўскай адміністрацыі. Аднак мне зусім не хацелася даць яму разгарнуцца ва ўспамінах, напрыклад, аб ролі, якую ён адыграў у правядзенні нацыянальнае банкаўскае рэформы. Так што бацюхна заглух.

Як я ўжо сказаў, мы абедалі ў бостанскім Гарвард-клубе. Я вельмі злуюся, калі нехта згаджаецца з тым, як бацька мяне ацэньвае. А тут спрэс адны людзі Барэта III. Ягоныя аднакласнікі, аднакурснікі, кліенты, тыя, што хочуць стаць ягонымі кліентамі, і гэтак далей, і гэтак далей... У мяне сумнення няма, што ўсё тут зладжана — і цяпер, і заўсёды. Як ні прыслухаюся да гоману, дык толькі і чую: «Вось ідзе Олівэр Барэт!», ці: «Гэта Барэт, лідэр гарвардскай хакейнай каманды!», ці што-небудзь яшчэ накшталт гэтага.

У нас была чарговая, як я іх называю, «антыразмова». Ад усіх папярэдніх яна адрознівалася хіба што жудасным лухтавізмам.

— Бацька, ты ж і слова не сказаў пра Джэніфэр.

— А што тут гаварыць? Ты паставіў нас перад фактам, ці ж не?

— Але я хачу ведаць, што ты пра яе думаеш, бацька.

— Я думаю, што Джэніфэр — дзяўчына выдатная. Прабіцца ў Рэдкліф з яе засценка — гэта ўжо нешта значыць...

Усё мне ясна, бацечка, з гэтай тваёй дэмагогіяй наконт «працаваць трэба, цярпець...». Палямі-агародамі ўхіляешся ад адказу.

— Бацька, гавары шчыра.

— Ну а калі шчыра, дык юная лэдзі тут зусім ні пры чым, — сказаў ён. — Справа ў табе самім.

— Вось як?

— Справа ў тваім бунце. Ты ўсяго толькі бунтуеш, сын.

— Бацька, дык, па-твойму, жаніцьба з прыгожай і разумнай студэнткаю Рэдкліфа — бунт? Яна ж не якая-небудзь прыпыленая хіпуля.

— Ёй багата чаго не хапае.

Ага, пачынаецца. Бацюхна ты мой, не грузі лепш гэтага смецця!

— Скажы, бацька, што цябе больш за ўсё ў ёй раздражняе — што яна каталічка ці што яна бедная?

— А што цябе больш за ўсё вабіць у ёй? — амаль прашаптаў ён, падаўшыся да мяне.

Мне захацелася ўстаць і пайсці, і я яму гэта сказаў.

— Заставайся на месцы і гавары па-мужчынску, — сказаў ён.

А як я гаварыў дагэтуль? Як хлопчык? Як дзяўчо? Як мышанё? І ўсё ж я застаўся.

Ад таго, што я не падняўся з-за стала, Сукінага Сына ажно распірала ад задавальнення. Мяркую, ён расцаніў гэты факт як сваю чарговую перамогу нада мною.

— Я толькі прасіў бы цябе крыху счакаць, — прамовіў Олівэр Барэт III.

— Скажы, калі ласка, «крыху счакаць» — гэта колькі?

— Пакуль не закончыш Юрыдычнай школы. Калі ў вас сапраўднае пачуццё, дык яно павінна вытрымаць гэтае выпрабаванне.

— Гэта сапраўднае пачуццё, але, выбачай, якога чорта я павінен яго яшчэ выпрабоўваць?

Я, па-мойму, ясна яму ўсё выказаў. І не хацеў здавацца перад ім, перад ягоным вечным судзействам, знаходзіцца пад ягоным няспынным прыгнётам ды кантролем.

— Олівэр, — пачаў ён новы раўнд. — Ты яшчэ непаўна...

— «Непаўна...» — хто? — Чорт, я ўжо пачаў шалець.

— Непаўналетні. Табе няма дваццаці аднаго года. Паводле закона ты яшчэ не з'яўляешся дарослым чалавекам.

— Пляваць я хацеў на тваю законную балбатню!..

Мабыць, наведнікі, якія сядзелі ў суседстве, пачулі, што я яму сказаў. Акурат у процівагу майму выкрыку Олівэр III сцебануў мяне шэптам-свістам:

— Ажэнішся з ёю цяпер — не дам табе больш ні цэнта. Дорага табе абыдзецца гэтае глупства.

— Бацька, а я не баюся такой адплаты, — адказаў я і пайшоў з ягонага жыцця, каб пачаць сваё ўласнае.

 

9

 

Цяпер нам трэба было наведацца ў Крэнстан, штат Род-Айлэнд, — гарадок, які знаходзіцца крыху далей на поўдзень ад Бостана, чым Іпсвіч — на поўнач. Пасля правалу маёй спробы ўвесці Джэні ў дом яе будучых сваякоў («Ці называць мне іх цяпер сваякамі?» — спыталася яна), я чакаў спаткання з містэрам Кавілеры з пэўнай асцярогаю. Мне ж зноў прыйдзецца сустрэцца з італійска-міжземнаморскім сіндромам шчадралюбства дый яшчэ ўскладненым тымі фактамі, што Джэні — адзіная дачка, што вырасла яна без маці і, значыцца, вельмі моцна хінецца да бацькі. Словам, наперадзе ў мяне быў шквал эмоцый, варты даследавання псіхааналітыкаў.

Нарэшце, цяпер я не меў грошай.

Давайце ўявім сабе на нейкую хвілю якога-небудзь Олівэро Барэто, добрага італійскага хлопца, што жыве ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд, на адной вуліцы з Джэні. Аднаго дня ён прыходзіць да містэра Кавілеры, працаўніка і галоўнага крэнстанскага пірожніка, і кажа: «Я хачу ажаніцца з вашай адзінай дачкою Джэніфэр». Пра што найперш папытаецца бацька? Ведама ж, не пра тое, ці кахае ён, Олівэро, ягоную дачку, бо, ведаючы Джэні, не кахаць яе нельга — гэта непазбежнасць. Не, пытанне містэра Кавілеры будзе прыкладна такое: «А як ты, Барэто, будзеш забяспечваць сваю жонку?»

А зараз уявім рэакцыю шаноўнага містэра Кавілеры на паведамленне Барэто, які скажа, што ўсё будзе якраз наадварот, прынамсі, у бліжэйшыя тры гады: не ён будзе яе забяспечваць, а яна — яго. Ці не пакажа тады шаноўны містэр Кавілеры жаніху на дзверы, а то і зусім — выпхне яго з дому, калі толькі Барэто не ўдаўся ростам ды вагою з Барэта.

Так ці інакш, у дурное становішча трапіць няўдалы прэтэндэнт на руку адзінае дачкі містэра Кавілеры.

Мабыць, таму, апанаваны невясёлымі прадчуваннямі, я пакорліва выконваў усе прадпісаныя дарожнымі знакамі абмежаванні хуткасці, калі мы з Джэні кацілі травеньскай нядзеляю ў Крэнстан. Дайшло да таго, што Джэні, якой увогуле спадабаўся выбраны мною тэмп, здзіўлена заўважыла, што там, дзе дазвалялася хуткасць сорак пяць міль у гадзіну, я збавіў да сарака. Я адказаў, што машына дрэнна адладжаная, аднак яна не паверыла.

— Джэн, раскажы яшчэ раз, што ў вас была за размова? — спытаўся я, маючы на ўвазе яе апошні тэлефонны званок бацьку.

Такая рыса, як цярпенне, Джэні ўласцівай ніколі не была, і яна не стала падбадзёрваць мяне, а паўтарыла ўсе свае ранейшыя адказы на мае дурныя пытанні...

— Ну калі ласка, Джэні. Апошні раз.

— Я патэлефанавала яму. Сказала. Ён адказаў: «О'кэй». Па-ангельску, бо, як ты ўжо ведаеш, хоць, здаецца, ні ў чым не хочаш мне верыць, з італійскіх слоў яму знаёмыя хіба што некалькі праклёнаў.

— Але што азначае гэтае «о'кэй»?

— Ты хочаш сказаць, што Гарвардская юрыдычная школа можа залічыць у свае студэнты чалавека, не здатнага нават даць вызначэнне слову «о'кэй»?

— «О'кэй» — не юрыдычны тэрмін, Джэні.

Яна дакранулася да маёй рукі. Гэты жэст я, дзякаваць Богу, зразумеў. Аднак з «о'кэй» трэба было высветліць усё.

Я мусіў ведаць, што мяне чакае.

— «О'кэй» можа таксама адзначаць: «Ну, сцярплю як-небудзь».

Нарэшце яна ўсё-такі злітавалася і каторы ўжо раз паўтарыла ва ўсіх драбніцах сваю размову з бацькам. Ён узрадаваўся. Ён і праўда ўзрадаваўся. Вядома, ён і не разлічваў, калі выпраўляў сваю дачку вучыцца, што яна вернецца, каб абвянчацца з суседскім сынам (які, дарэчы, зрабіў ёй прапанову перад яе ад'ездам у Рэдкліф). Спярша ён не паверыў, што яе жаніха завуць Олівэр Барэт IV, і адразу загадаў дачцэ не парушаць адзінаццатага запавету.

— Гэта якога ж? — спытаўся я.

— Не тлуміць галаву бацьку.

— А-а.

— І гэта ўсё, Олівэр. Праўда.

— Ён ведае, што я бедны?

— Ведае.

— І яго гэта не бянтэжыць?

— Прынамсі, цяпер у вас ёсць хоць нешта агульнае.

— Аднак ён быў бы шчаслівейшы, калі б я меў хоць нейкія бабкі?

— А ты — не?

Я змоўк і больш ужо не сказаў ні слова да самага канца дарогі.

Вуліца, на якой жыла Джэні, называлася Гамільтон Авэню. Праспект гэты ўяўляў сабою доўгую чараду драўляных дамкоў, каля якіх валтузілася дзятва. Было яшчэ колькі чэзлых дрэваў. Едучы тут і азіраючыся па баках, я адчуваў сябе ўсё роўна як на іншае планеце. Пачаць хоць бы з таго, што вакол была процьма народу. Гэта калі не лічыць дзяцей. На верандах сем'ямі сядзелі мужчыны й жанчыны самага рознага ўзросту. Выдавала на тое, што лепшага нядзельнага занятку, ніж пазіраць на тое, як я паркую свой «МГ», ім не знайсці.

Джэні выскачыла з машыны першая. У сваім родным Крэнстане яна стала жвавая, што той конік. Калі, так бы мовіць, гледачы на верандах убачылі, каго я прывёз, дык адразу пачуўся дружны хор прывітанняў. Гэта ж прыехала іхняя славутая Кавілеры! Пасля ўсіх гэтых радасных крыкаў я адчуў, што мне сорамна выйсці з машыны і паказацца на вочы землякам маёй Джэні. Бо ж пры ўсім сваім жаданні я ні ў чым не выдаваў на гіпатэтычнага Олівэро Барэто.

— Прывітанне, Джэні! — зычна крыкнула нейкая матрона.

— Прывітанне, місіс Кападзілупа, — крыкнула ў адказ Джэні.

Я выбраўся з машыны і адразу адчуў, як у мяне ўтаропіліся дзесяткі вачэй.

— Гэй, а хто гэты хлопец? — крыкнула місіс Кападзілупа.

Людзі тут, як відаць, не дужа цырымонныя...

— Ніхто, — азвалася Джэні, і гэта так паддало мне ўпэўненасці ў сабе, што далей ажно няма куды.

— Можа, і так, — крыкнула місіс Кападзілупа, утупіўшыся ў мяне, — затое дзяўчына ў яго — ого-го!

— Ён гэта ведае, — адказала Джэні.

Потым яна павярнулася на радасць суседзям насупраць.

— Ён гэта ведае, — сказала яна другому гурту сваіх фанаў.

Потым узяла мяне за руку — руку чужаніцы ў раі, і пацягнула ўверх па прыступках дома № 189 А, Гамільтон Авэню...

Я ўвайшоў у пакой і спыніўся.

— Знаёмся, гэта мой бацька, — сказала Джэні, і Філ Кавілеры, каржакаваты мацак-родайлэндзец (рост — прыкладна 5 футаў 9 цаляў, вага — фунтаў 165) падаў мне руку.

Я падаў яму сваю і адчуў ягоную сілу.

— Як жыццё, сэр? — прывітаў я яго.

— Філ, — паправіў ён мяне. — Проста Філ.

— Філ, сэр, — сказаў я, як раптам мне давялося яшчэ і спалохацца.

Выпусціўшы маю руку, містэр Кавілеры павярнуўся да сваёй дачкі і гаркнуў штосілы:

— Джэніфэр!

На нейкі момант абое застылі. А потым кінуліся абдымацца. Моцна. Дужа моцна. Пагойдваючыся з боку ў бок. І ўвесь гэты не такі і малы ўжо час містэр Кавілеры паўтараў (цяпер ледзь чутна) толькі адно слова: «Джэніфэр, Джэніфэр, Джэніфэр...» Адзінае ж, што магла адказаць на гэта ягоная рэдкліфская разумніца-дачка, было: «Філ, Філ, Філ...»

Без аніякіх сумненняў, я быў тут лішні.

Адзінае, што выручыла мяне таго дня, дык гэта маё вытанчанае выхаванне. З дзяцінства мне ўбівалі ў галаву, што есці з поўным ротам — непрыстойна. А раз Філ і Джэні ўсё роўна як змовіліся трымаць гэты самы рот набітым, дык гаварыць мне амаль не давялося. Я з'еў рэкордную колькасць італійскіх пірожных. Пазней, на радасць абаіх Кавілеры, я даволі доўга і падрабязна разважаў пра тое, якія з пірожных спадабаліся мне найбольш (а пакаштаваў я кожнага гатунку, баючыся пакрыўдзіць гаспадара, па два).

— Ён о'кэй, — сказаў Філ дачцэ.

Што б гэта магло азначаць?

Не, мне ўжо не трэба было тлумачыць, што такое «о'кэй», я толькі хацеў ведаць, якому з сваіх дужа нешматлікіх ды асцярожных рухаў, жэстаў ці, так бы мовіць, выказванняў я абавязаны гэткай высокай адзнакаю.

Мажліва, я сапраўды правільна ацаніў пірожныя? Ці досыць па-мужчынску паціснуў яму руку? А можа, заслужыў ухвалу чым-небудзь іншым?

— Я ж казала, Філ, што ён о'кэй, — сказала Джэні.

— Сапраўды о'кэй, — сказаў бацька. — Але ж мне трэба было паглядзець самому. Вось і паглядзеў. Олівэр! — звярнуўся ён да мяне.

— Слухаю вас, сэр.

— Філ.

— А, Філ... сэр?

— Ты о'кэй.

— Дзякую, сэр. Я вам вельмі ўдзячны. Праўда, удзячны. І вы ведаеце, як я стаўлюся да вашай дачкі, сэр. І да вас, сэр.

— Олівэр! — перапыніла мяне Джэні. — Перастань лапатаць, як падрыхтунчык на іспыце...

— Джэніфэр! — перапыніў яе містэр Кавілеры. — Не чартыхайся пры госцю, трасца на цябе!..

За абедам (пірожныя былі толькі, скажам так, прынадаю) Філ паспрабаваў завесці са мною сур'ёзную размову — і пра што б вы думалі? Ён чамусьці ўбіў сабе ў галаву, што зможа наладзіць нармальныя адносіны паміж Олівэрам III і Олівэрам IV.

— Дай мне адно пагаварыць з ім па тэлефоне, як бацьку з бацькам.

— Не трэба, Філ, толькі час змарнуеце.

— Але ж не магу я сядзець і глядзець, як бацька ад роднага сына адмаўляецца! Не магу.

— Але я таксама ад яго адмаўляюся, Філ.

— Каб я больш такога ніколі не чуў! — сярдзіта гаркнуў ён. — Бацьку трэба цаніць і шанаваць...

— Асабліва ў нашай сям'і, — сказаў я.

Джэні сноўдала паміж кухняю і сталоваю і не брала ў гутарцы аніякага ўдзелу.

— Давай набірай яго нумар, — настойваў Філ. — Я ўмомант зраблю ўсё о'кэй.

— Не, Філ. Мы з ім замарозілі зносіны.

— А, кінь, Олівэр, адтане ён. Павер мне, калі ўжо я кажу, — адтане. Як прыйдзе час ехаць у царкву...

Але тут Джэні, якая расстаўляла талеркі для дэсерту, спыніла яго адным сумна прамоўленым словам:

— Філ...

— Што, Джэн?

— Я хацела сказаць табе наконт царквы...

— Што?

— М-м... Ну, увогуле, нам не хацелася б, Філ.

— Як? — не зразумеў містэр Кавілеры. І адразу, зрабіўшы нейкую сваю выснову, усё роўна як крыху вінаваты, павярнуўся да мяне:

— Э-э, я, уласна, не меў на ўвазе, што гэта абавязкова павінна быць каталіцкая царква, Олівэр. Я думаю, Джэніфэр, вядома, сказала табе, што мы каталіцкага веравызнання. Але я меў на ўвазе вашую царкву, Олівэр. Прысягаю, Бог блаславіць такі саюз у любой царкве.

Я паглядзеў на Джэні, якая, здаецца, так і не закранула гэтае важнае тэмы ў тэлефоннай размове.

— Олівэр, — растлумачыла яна, — я не хацела абвальваць на яго ўсё адразу.

— Пра што гэта вы? — запытаўся містэр Кавілеры. — Абвальвайце, дзеткі, абвальвайце на мяне ўсё, што ў вас на сэрцы, я адно рады буду.

Чамусьці менавіта ў гэты момант вочы мае спыніліся на фарфоравай статуэтцы Дзевы Марыі, што стаяла на палічцы ў сталовай.

— Гаворка ідзе пра гэтае самае Боскае бласлаўленне, Філ, — сказала Джэні, адводзячы позірк ад бацькі.

— Ну і што, Джэн? — запытаўся Філ, баючыся сама горшага.

— М-м... мы ставімся да гэтага неяк адмоўна, Філ, — сказала яна, гледзячы на мяне ў пошуку падтрымкі — і я спрабаваў даць ёй яе сваімі вачыма.

— Да Бога? Да любога Бога?

Джэні кіўнула.

— Можна, я растлумачу, Філ? — умяшаўся я.

— Добра, тлумач.

— Мы абое не верым, Філ. І не хочам двудушнічаць.

Думаю, ён сцярпеў гэта адно таму, што я быў ягоным госцем. А ўжо Джэні дык магла б і поўху зарабіць. Аднак цяпер ён адчуваў сябе ўсё роўна як лішнім, чужаніцаю. Ён нават не мог глядзець на нас — апусціў вочы.

— Ну што ж, выдатна, — сказаў ён пасля доўгага маўчання. — Ці магу я хоць даведацца, хто правядзе цырымонію?

— Мы, — адказаў я.

Містэр Кавілеры дапытліва паглядзеў на дачку. Джэні кіўнула ў знак згоды.

Ён зноў надоўга змоўк, потым яшчэ раз сказаў: «Выдатна» — і спытаўся, ці лічу я, як будучы юрыст, што такі шлюб будзе — як гэта называецца? — законным?

Джэні растлумачыла, што на цырымоніі, якую мы прыдумалі, будзе прысутнічаць, пакуль жаніх і нявеста звярталіся адно да аднаго, універсітэцкі капелан-ўнітарый.

— Ах, капелан, — прамармытаў Філ. — Нявеста таксама будзе гаварыць? — спытаўся ён, нібы менавіта гэта магло неяк суцешыць яго.

— Філіп! — усклікнула Джэні. — Няўжо ты можаш уявіць сабе такую сітуацыю, у якой я магла б змаўчаць?

— Не, дзетка, — адказаў ён, паспрабаваўшы ўсміхнуцца. — Ты заўсёды што-небудзь скажаш.

Па дарозе назад у Кембрыдж я папытаўся ў Джэні, як, на яе думку, прайшла сустрэча.

— О'кэй, — адказала яна.

 

10

 

Містэр Уільям Ф. Томпсан, намеснік дэкана Гарвардскай Юрыдычнай школы, не паверыў сваім вушам.

— Я не ачуўся, містэр Барэт?

— Не, сэр...

Найцяжэй было гэта сказаць першы раз. Паўтарыць было лягчэй.

— На наступным курсе мне спатрэбіцца стыпендыя, сэр.

— Сапраўды?

— Таму я і прыйшоў да вас, сэр. Вы ж загадваеце фондам фінансавай дапамогі, ці не так?..

— Але, загадваю, толькі неяк дзіўна... Ваш бацька...

— Цяпер ён тут ні пры чым.

— Даруйце? — Містэр Томпсан зняў акуляры і пачаў праціраць іх кончыкам гальштука.

— Паміж намі ўзніклі пэўныя непаразуменні.

Містэр Томпсан зноў надзеў акуляры і паглядзеў на мяне так безвыразна, як могуць глядзець хіба што дэканы ды іхнія намеснікі.

— Гэта вельмі сумна, містэр Барэт, — сказаў ён.

«Для каго?» — ледзь не запытаўся я. Гэты тып пачынаў дзейнічаць мне на нервы.

— Згодны, сэр, — пацвердзіў я. — Вельмі сумна. Таму я цяпер і ў вас... У наступным месяцы я жанюся. Улетку мы з жонкаю будзем працаваць. Потым Джэні, жонка, уладкуецца настаўніцай у прыватную школу. На жыццё мы заробім, але ж трэба яшчэ плаціць за вучобу. А ў вас плата за навучанне, дарагі містэр Томпсан, досыць высокая.

— М-м... высокая, — сказаў містэр Томпсан, але нічога больш не дадаў.

Ён што, не зразумеў, чаго мне ад яго трэба? Якога ж тады чорта, ён думае, я да яго прыйшоў?

— Містэр Томпсан, я хачу атрымаць стыпендыю, — зноў сказаў я яму ў лоб. Трэці ўжо раз. — У банку ў мяне ні цэнта, а я ўжо залічаны ў студэнты.

— М-м... разумею, — марудзіў ён, як раптам знайшоў зачэпку: — Аднак тэрмін падачы заяў на стыпендыю даўно скончыўся.

Што ён хоча з мяне выцягнуць, гэты пацук? Крывавыя падрабязнасці сямейнае драмы Барэтаў? Ці хоча, каб я ў яго тут наскандаліў? Чаго яму трэба ад мяне?!

— Містэр Томпсан, я не мог падаць заяву раней, бо не ведаў, што так здарыцца.

— Я разумею вас, містэр Барэт, аднак змушаны вам сказаць, што не бачу за дэканатам права ўмешвацца ў сямейныя справы. Хоць і, паўтараю, мне сумна ўсё гэта чуць.

— О'кэй, містэр Томпсан, — сказаў я, устаўшы. — Я бачу, да чаго вы хіліце. Але я не збіраюся лізаць пяткі свайму бацьку дзеля таго, каб вашая школа атрымала ўласны Барэт-Хол.

Ужо ідучы да дзвярэй, я пачуў, як намеснік дэкана прамямліў:

— Гэта несправядліва.

Я быў згодны з ім цалкам.

 

11

 

Джэні атрымала дыплом у сераду. Якая толькі яе радня не прыехала на цырымонію ў Кембрыдж: з Крэнстана, Фол-Рывэра і нават нейкая цётка з Кліўленда. Па папярэдняй дамоўленасці, каб ні ў кога не было заўчаснае крыўды з-за таго, што іх не запрасілі на вяселле, мяне не рэпрэзентавалі як жаніха і Джэні не надзела заручальнага пярсцёнка.

— Цётка Клара, гэта мой сябра Олівэр, — казала Джэні, рэкамендуючы мяне чарговаму сваяку, і абавязкова дадавала: — Ён яшчэ не закончыў каледжа.

Сваякі штурхаліся пад бокі, шапталіся, нават абменьваліся ўголас сваімі меркаваннямі наконт нас, аднак нічога не маглі выведаць ні ў Джэні, ні ў мяне, ні ў Філа, які, мяркую, быў рады, што ўхіліўся ад абмеркавання такое рэчы, як каханне паміж атэістамі.

У чацвер я займеў аднолькавы з Джэні акадэмічны статус, атрымаўшы дыплом — як і яна, з высокай ухвалою.

Нават больш, як стараста курса я ўзначальваў працэсію выпускнікоў, якія ішлі да сваіх лавак, — інакш кажучы, ішоў на крок уперадзе нават за сама лепшых, што атрымалі дыплом «з найвышэйшай ухвалою». Мне карцела сказаць гэтым хлопцам, што маё цяперашняе становішча лідэра лішні раз пацвярджае слушнасць маёй тэорыі: адна гадзіна, праведзеная на лёдзе Дзілан Філд Хаўз, вартая дзвюх гадзін, аддадзеных Уайднэраўскай бібліятэцы. Аднак устрымаўся. Навошта псаваць людзям настрой?

Паняцця не маю, ці быў сярод гасцей Олівэр Барэт III. У дзень цырымоніі ў двары ўніверсітэта збіраецца больш як семнаццаць тысяч чалавек, а я, ведама ж, не разглядваў натоўп у бінокль. Два мае «бацысоўскія» пропускі на ўрачыстасць я перадаў Філу і Джэні. Вядома, як выпускнік Гарварда, старая каменная «фізія» магла прайсці без пропуска і сесці разам з выпускным курсам дваццаць шостага года. А з другога боку, навошта яму гэта трэба? Банкі ж гэтым часам адчыненыя.

Ажаніліся мы ў нядзелю. Галоўнай прычынаю, чаму мы не запрасілі радню Джэні, была асцярога, што выключэнне з цырымоніі Бацькі, Сына і Святога Духа стане для набожных католікаў задужа цяжкім выпрабаваннем. Адбылася цырымонія ў Філіпс-Брукс-Хаўзе, гістарычным будынку ў паўночнай частцы ўніверсітэцкага гарадка. Прысутнічаць пры ёй у якасці духоўнае асобы мы запрасілі, як і збіраліся, Цімаці Блоўвэлта, унітарнага капелана каледжа. Вядома, я запрасіў Рэя Стратана. І яшчэ аднаго сябра, Джэрэмі Наўма, майго прыяцеля па Эксэтэры, які аддаў перавагу не Гарварду, а Амхэрсту, дзе і вучыўся цяпер. А Джэні запрасіла сяброўку па каледжы і — мажліва, з сентыментальнасці — тую няўклюдную дзяўчыну, з якой працавала разам у Рэдкліфскай бібліятэцы таго дня, калі мы пазнаёміліся. Ну і, ведама ж, прыехаў Філ.

Яго я перадаў пад нагляд Рэю. Перадаў у тым сэнсе, што папрасіў Рэя сачыць, каб стары не хваляваўся. Але дзе там — Стратана самога трэба было супакойваць! Так гэтая пара і стаяла — нязграбна пераступаючы з нагі на нагу і моўчкі ўмацоўваючы адзін аднаго ў прадузятым перакананні, што гэтае «самаробнае вяселле» (як назваў яго Філ) ператворыцца (як прадказваў Стратан) у відовішча кшталту «фільма жахаў». Усяго толькі таму, што мы з Джэні мусілі сказаць колькі слоў адно аднаму, а не святару. Мы ж ужо бачылі, як гэта робіцца, увесну, калі адна з каляжанак Джэні па музычных занятках, Мэры Рэндал, выходзіла замуж за студэнта факультэта дызайну Эрыка Лэвэнсана. Усё было вельмі прыгожа, і мы захварэлі ідэяй зрабіць гэтаксама.

— Ці гатовыя вы? — спытаўся капелан.

— Гатовыя, — адказаў я за абаіх.

— Сябры! — сказаў містэр Блоўвэлт, звяртаючыся да гасцей. — Мы сабраліся тут, каб стаць сведкамі з'яднання ў сямейны саюз двух маладых людзей. Паслухаем тыя словы, якія вырашылі яны сказаць адно аднаму з гэтае святое нагоды.

Нявеста гаварыла першая. Джэні павярнулася да мяне і прачытала выбраны ёю верш. Ён вельмі крануў, як мне здаецца, усіх — асабліва, магчыма, мяне, бо гэта быў санет Элізабэт Барэт Браўнінг:

Маўчанню падуладныя, як Богу,

Сустрэнемся з табой на той мяжы,

Дзе лёс адзін сагрэе дзве душы...

Краем вока я бачыў Філа. Ён быў бледны, ягоныя вусны прыкметна дрыжэлі, у поглядзе змяшаліся здзіўленне і захапленне. Джэні дачытала санет, які заканчваўся словамі, падобнымі да малітвы:

Абсяг душы, дзе доўжыцца каханне,

Да змроку вечаровага, да смерці.

Настала мая чарга. Мне цяжка было знайсці верш ці фрагмент паэмы, які я мог прачытаць не чырванеючы. Не буду ж я пераступаць з нагі на нагу і мямліць якуюсьці лухту. Але ўрыўкам з «Песні вялікай дарогі» Уолта Ўітмэна, хоць і крыху кароткім, я сказаў усё, што хацеў:

... я даю табе сваю руку!

Я даю табе сваё каханне, якое каштоўней за грошы,

Я даю табе самога сябе наперад усіх навучанняў і законаў,

Ну, а ты, ці аддасі мне сябе? Ці пойдзеш са мною ў дарогу? Ці будзем мы з табою падтрымліваць адно аднаго праз ўсё жыццё?

Я скончыў, і ў пакоі запала трапяткое маўчанне. Затым Рэй Стратан працягнуў мне пярсцёнак, і мы з Джэні — самі, а не за кімсьці паўтараючы, — прысягнулі адно аднаму ў вернасці, каханні і пашане — адгэтуль і да самае смерці.

Уладаю, дадзенай яму штатам Масачусэтс, капелан аб'явіў нас мужам і жонкаю.

Як разабрацца, дык наш «пасляігравы міжсабойчык» (як назваў тое, што адбылося потым, Стратан), можна назваць прэтэнцыёзна-непрэтэнцыёзным. Мы з Джэні рашуча адхілілі апрыкралае звычаёвае шампанскае, і, паколькі нас было вельмі мала і такая кампанія магла спакойна змясціцца за адным столікам у бары, мы пайшлі выпіць піва да Кроніна. Джымі Кронін абслугоўваў нас сам у знак павагі да «найвялікшага хакеіста Гарварда з часоў братоў Кліры».

— Лухта ўсё гэта, — стукнуў кулаком па стале, разышоўшыся, Філ Кавілеры. — Усе гэтыя Кліры, разам узятыя, падноска ягонага нявартыя.

Мяркую, ён хацеў сказаць (не пабыўшы ні на адным хакейным матчы з удзелам Гарварда), што, як бы выдатна ні каталіся на каньках Бобі і Білі Кліры, ні аднаму, ні другому не пашчасціла ажаніцца з ягонай дачкою-кветкаю...

Я дазволіў Філу расплаціцца і заслужыў тым самым ад Джэні адзін з рэдкіх кампліментаў маёй здагадлівасці.

— Ты яшчэ можаш стаць чалавекам, падрыхтунчык, — прашаптала яна.

Пад канец, калі мы праводзілі Філа да аўтобуса, нас трохі развязло: паплакалі ды паабдымаліся...

Пасля ўсялякіх развітанняў Філ сеў у аўтобус, а мы стаялі на прыпынку і махалі яму ўслед, пакуль аўтобус не знік за паваротам. І толькі тады мяне пачала бянтэжыць ашаламляльная праўда.

— Джэні, мы ж цяпер законныя муж і жонка.

— Ага, цяпер я маю поўнае права быць сцервай.

 

12

 

Калі паспрабаваць апісаць адным словам першыя тры гады нашага сумеснага жыцця, дык слова гэтае было б «эканомія». Мы толькі пра тое і думалі, як наскрэбці грошай, каб звесці канцы з канцамі. Калі вы думаеце, што ў гэтым ёсць нешта рамантычнае, дык вы памыляецеся... Памятаеце славутае рубаі Амара Хаяма пра тое, як гэта прыемна — ляжаць у цяньку пад разгалістым дрэвам, з томікам вершаў, лустаю хлеба ды збанком віна? Дык вось, замяніце томік вершаў на «Трэсты» Скота і паспрабуйце ўмаляваць мяне ў гэтую ідылічную карціну. Райскае жыццё, ці ж не так?.. Я мучыўся б усё тымі ж пытаннямі: колькі каштуюць гэтыя самыя «Трэсты» (і ці можна набыць іх у букініста), дзе купіць па меншай цане хлеба ды віна і, нарэшце, дзе дастаць потым грошай, каб расплаціцца з пазыкамі?

Вось як мяняецца жыццё. Цяпер нават сама сціплы праект даводзілася выносіць на скрупулёзны разгляд бюджэтнай камісіі, пастаянна прысутнай у маёй галаве на сваіх няспынных пасяджэннях.

— Олівэр, давай сходзім увечары на Бекета?

— Паслухай, гэта ж тры долары.

— Як?..

— Паўтара долары — твой білет, і паўтара — мой.

— Дык «так» ці «не»?

— І не так, і не гэтак. Гэта значыць тры долары.

Мядовы месяц мы прабавілі на яхце. Разам з двума дзесяткамі дзяцей. Інакш кажучы, з сямі гадзін раніцы і пакуль не надакучыць юным пасажырам, я кіраваў яхтаю, а Джэні тым часам наглядала за дзяцьмі. Нас наняў яхт-клуб «Пекод» у Дэніс-Порце... Клуб меў лодачную станцыю, вялікі гатэль і некалькі дзесяткаў летніх домікаў для здачы ўнаймы. На адным з сама нягеглых бунгала я прымацаваў у думках мемарыяльную шыльду: «Тут спалі Олівэр і Джэні — калі не займаліся каханнем». Трэба аддаць належнае нам абаім — пасля доўгага дня, на працягу якога мы стараліся быць як мага больш уважлівымі да нашых кліентаў (бо велізарную долю нашых даходаў складалі іх чаявыя), у нас яшчэ хапала часу быць як мага больш уважлівымі адно да аднаго. Я кажу проста: «быць... уважлівымі», бо не знаходжу слоў, каб выказаць, які гэта цуд — кахаць Джэні Кавілеры і быць каханым ёю. Выбачайце, я хацеў сказаць — Джэні Барэт.

Перш чым паехаць на мора, мы нанялі танную невялікую кватэру ў паўночным Кембрыджы. Я называю гэты раён «паўночным Кембрыджам», хоць фармальна, па адрасе, дом знаходзіўся ў межах горада Сомэрвіла. Катэдж, што, як казала Джэні, быў у «перадразвальным стане», праектавалі на дзве сям'і, але потым перарабілі ў чатырохкватэрны. Узялі з нас нашмат болей за сапраўдны кошт гэтага «таннага» жытла. Але што зробіш? На гэтым рынку дыктуюць прадаўцы.

— Паслухай, Ол, як ты думаеш, чаму пажарныя не павесілі замок на гэтай халупе? — спыталася Джэні.

— Мабыць, пабаяліся падысці, — адказаў я.

— І мне крыху страшна.

— У чэрвені ты была смялейшая. (Размова адбывалася ў верасні, калі мы вярнуліся ў Кембрыдж.)

— Тады я яшчэ не была замужам. А цяпер як замужняя жанчына лічу, што гэтая будыніна небяспечная для жыцця.

— І што ты думаеш зрабіць?

— Пагаварыць з мужам, — адказала яна. — Ён штось прыдумае.

— Паслухай, твой муж — гэта я.

— Сапраўды? Дакажы гэта.

— Як? — папытаўся я, падумаўшы: «Не, толькі не на вуліцы».

— Перанясі мяне цераз ганак.

— Джэні, няўжо ты верыш ва ўсю гэтую лухту?

— Ты перанясі, а потым я ўжо вырашу.

О'кэй. Я падхапіў яе на рукі і, пераадолеўшы шэсць прыступак, унёс на ганак.

— Чаму запыніўся? — спыталася яна.

— Хіба гэта не ганак?

— Не ганак, не ганак.

— Тут на дзвярах нашыя імёны.

— Ну і што? Гэта не сапраўдны ганак. Марш наверх, гультай!

Да «сапраўднага ганка» было дваццаць чатыры прыступкі, і мне прыйшлося спыніцца на паўдарозе, каб перавесці дух.

— Чаму ты такая цяжкая?

— А ты не падумаў, што я магла зацяжараць?

Ад такога пытання дыханне ў мяне раўнейшым не стала.

— Ты што, сур'ёзна? — нарэшце спытаўся я.

— Што, спалохаўся?

— Зусім не спалохаўся.

— Не ганяй вецер, падрыхтунчык.

— Ну, прызнаюся: было крыху. Але ненадоўга.

Я перанёс яе цераз наш ганак. Гэта былі рэдкія і каштоўныя імгненні, да якіх слова «эканомія» не мела аніякага дачынення.

Маё гучнае імя дазваляла нам атрымаць крэдыт у прадуктовым магазіне, крэдыт, які звычайна студэнтам не давалі. Аднак яно ж сыграла супраць нас там, дзе я меней за ўсё чакаў: у прыватнай школе, куды ўладкавалася настаўніцай Джэні.

— Вядома, у сэнсе заробку нам цяжка раўняцца з дзяржаўнымі школамі, — сказала маёй жонцы міс Эн Мілер Уітмэн, дырэктар школы, і адразу дадала, што для Барэтаў «гэты аспект» наўрад ці можа мець якое значэнне.

Джэні паспрабавала нешта растлумачыць наконт гэтых ілюзій, але ўсё, чаго нябозе ўдалося дабіцца звыш трох з паловаю тысяч долараў у год, былі — хвіліны на дзве — усмешкі ды «хо-хо-хо» дырэктаркі. Ёй здалася вельмі дасціпнай заўвага Джэні наконт таго, што Барэты мусяць плаціць за жытло гэтаксама, як і ўсе астатнія людзі.

Калі Джэні перадала мне ўсё гэта, я выказаў некалькі даволі арыгінальных прапаноў наконт таго, як міс Уітмэн магла скарыстаць яе — хо-хо-хо — тры з паловаю тысячы долараў. Але тут Джэні папыталася, ці не мог бы я кінуць свае заняткі правам, каб утрымліваць яе да тае пары, пакуль яна не набудзе кваліфікацыю, неабходную для паступлення на працу ў дзяржаўную школу. Змарнаваўшы якіясьці дзве секунды на асэнсаванне прапановы, я зрабіў дакладную і сціслую выснову:

— Лухта!

— Дужа красамоўна, — сказала мая жонка.

— А што, па-твойму, я мусіў сказаць? «Хо-хо-хо»?

— Не. Але табе прыйдзецца палюбіць спагеці.

І я палюбіў спагеці. Я навучыўся любіць іх, а Джэні навучылася ўсялякімі мажлівымі дый немажлівымі спосабамі маскіраваць спагеці пад што-небудзь іншае. Мы сёе-тое сабралі ўлетку, Джэні атрымлівала зарплату, я разлічваў зарабіць начамі на пошце ў час каляднае мітусні — словам, усё было як мае быць. Вядома, мы прапускалі багата новых фільмаў (а Джэні яшчэ і канцэртаў), аднак, у рэшце рэшт, канцы з канцамі неяк зводзілі.

Жыццё нашае дужа перамянілася яшчэ з аднаго боку. Я маю на ўвазе кантактаванне з людзьмі. Мы па-ранейшаму жылі ў Кембрыджы, і, у прынцыпе, Джэні магла бачыцца з сваімі калегамі па музычных занятках. Але яна не мела на гэта часу. З школы яна прыходзіла спляжаная, а яшчэ ж трэба было згатаваць абед (палуднаваць у кавярне было для нас недасягальнай раскошаю). Што ж да маіх сяброў, дык гэта былі людзі дастаткова тактоўныя — яны не турбавалі нас і не запрашалі да сябе, каб не змушаць Барэтаў запрашаць да сябе іх...

Мы перасталі хадзіць нават на футбол.

Як сябра спартовага таварыства Гарварда — Варсіці-клуба, я меў права сядзець на гасцявой трыбуне — на выдатных месцах, якраз насупраць цэнтра поля. Аднак білет туды каштаваў шэсць долараў, значыцца, два — дванаццаць.

— Ды не, — спрачалася са мною Джэні, — гэта не дванаццаць, а шэсць долараў. Ты ж можаш хадзіць і без мяне. Я ўсё роўна нічога не разумею ў гэтай гульні. Чую адно, што заходзяцца: «Улупіце ім!» Табе гэта дужа даспадобы, вось і хадзі на свой футбол.

— Усё, пытанне закрытае, — адказаў я цвёрда, як сама сапраўдны муж і гаспадар дома. — Будзе хоць час займацца вучобаю.

Аднак усё роўна я бавіў суботнія вечары, прыпадаючы вухам да транзістара — слухаў роў заўзятараў, якія, хоць і знаходзіліся цяпер за нейкую мілю ад мяне, належалі ўжо да іншага свету.

І ўсё-такі я карыстаўся сваімі прывілеямі сябры клуба, купляючы білеты на гульні з удзелам ейльскай каманды Робі Ўолду, таварышу па Юрыдычнай школе. Калі, не адзін раз падзякаваўшы мне, Робі выходзіў ад нас, Джэні кожны раз прасіла растлумачыць ёй, хто мае права на гасцявыя месцы Варсіці-клуба, і я зноў паўтараў — усе тыя, хто, незалежна ад узросту, фізічных дадзеных і сацыяльнага статусу, множылі славу Гарварда на спартовых арэнах.

— У тым ліку і на водных? — папыталася яна.

— Спартсмен ёсць спартсмен, сухі ён ці мокры, — адказаў я.

— Цябе гэта не датычыць, — сказала яна. — Ты зледзянелы.

Я змоўчаў, вырашыўшы, што гэта яе звычайныя кпіны. Мне не хацелася больш думаць, што ў яе пытаннях пра спартовыя традыцыі Гарварда быў нейкі затоены сэнс. Як, да прыкладу, у яе заўвазе адносна таго, што, хоць стадыён Солджэрс-Філд і ўмяшчае сорак пяць тысяч заўзятараў, усе былыя спартсмены сядзяць на той самай гасцявой трыбуне. Усе. Старыя і маладыя. Мокрыя, сухія — і нават зледзянелыя. І, можа, я не хадзіў на стадыён па суботах не толькі дзеля таго, каб зэканоміць шэсць долараў?

Але калі Джэні і праўда мела на ўвазе штосьці адрознае ад эканоміі, дык я проста не жадаў пра гэта гаварыць.

 

13

 

«Містэр і місіс Олівэр Барэт III запрашаюць Вас на абед з нагоды шасцідзесяцігоддзя містэра Барэта — у суботу 6 сакавіка а сёмай гадзіне вечара ў Доўвэр-Хаўзе, Іпсвіч, Масачусэтс. R.s.v.p.*».

* R.s.v.p. (арэсвэпэ) — Repondez s'il vous plait (фр.) — просьба адказаць.

— Ну, што ты на гэта скажаш? — папыталася Джэніфэр.

— Магла б і не пытацца, — адказаў я.

Я ўважліва чытаў тым часам «справу Пэрсіваля» — важнейшы прэцэдэнт у амерыканскім крымінальным праве.

— А па-мойму, даўно пара. — Усё роўна як дражнячы мяне, Джэні памахвала запрашэннем у мяне перад носам.

— Даўно пара — што?

— Ты выдатна ведаеш што, — адказала яна. — Ты хочаш, каб ён прыпоўз да цябе на каленях?

Я не адрываўся ад кнігі, а яна ўсё апрацоўвала мяне.

— Олі, ён працягвае табе руку.

— Лухта. Адрас на канверце напісаны маткаю.

— Ты ж сказаў, што нават не зірнуў на яго? — лічы што крыкнула Джэні.

Ну, няхай будзе так. Дапусцім, зірнуў краем вока. А потым забыўся. Урэшце, маю галаву, над якою навіс чарговы іспыт, цалкам займала «справа Пэрсіваля». Але Джэні ўжо не магла спыніцца.

— Олі, падумай, — ушчувала яна мяне. — Яму ж ужо шэсцьдзесят гадоў! І няма ніякай гарантыі, што ён дажыве да таго дня, калі ты даспееш да прымірэння.

Я паспрабаваў як мага прасцей растлумачыць Джэніфэр, што прымірэння не будзе ніколі, і папрасіў яе не замінаць мне засвойваць такі рэдкі прэцэдэнт у амерыканскай юрыспрудэнцыі, як «справа Пэрсіваля». Джэніфэр моўчкі села каля мяне на краі падушкі, на якой ляжалі мае ногі. І хоць Джэні і слова не сказала, я ўвесь час адчуваў, што яна пільна глядзіць на мяне. Я ўзняў вочы.

— Аднойчы, — сказала яна, — калі Олівэр пяты гэтаксама наплюе на цябе...

— Яго не будуць зваць Олівэр, можаш быць пэўная, — рэзка кінуў я.

Але яна не ўзвысіла голас, як заўсёды рабіла гэта пасля таго, як я павышаў тон.

— Паслухай, Ол, нават калі мы назавём яго Боза-Клоўн*, ён усё роўна зненавідзіць цябе за тое, што ты быў знакамітым гарвардскім спартсменам. А калі ён стане паўналетнім, ты ўжо, мажліва, будзеш засядаць у Вярхоўным судзе.

* Персанаж папулярнае ў ЗША дзіцячае тэлеперадачы.

Я сказаў ёй, што мой сын ніколі не зненавідзіць мяне. Чаму ты так у гэтым упэўнены, папыталася яна. Гэтага я растлумачыць не мог. Проста я ведаў, што наш сын не зненавідзіць мяне ніколі. А чаму — сказаць не мог.

— Твой бацька таксама любіць цябе, — сказала яна ні з таго ні з сяго. — Ён любіць цябе гэтаксама, як ты будзеш любіць Боза. Але вы, Барэты, з вашым клятым гонарам ды самалюбствам, вы зможаце ўсё жыццё пражыць ва ўпэўненасці, што ненавідзіце адзін аднаго.

— Вядома, калі б у нас не было цябе, — вырашыў я аджартавацца.

— Так, — сур'ёзна сказала яна.

— Годзе, закрылі праблему, — паставіў кропку я.

Я ж быў усё-такі мужам і гаспадаром у доме. Я зноў пачаў чытаць «справу Пэрсіваля», а Джэні ўстала. Ды раптам заявіла:

— Дык як наконт «эрэсвэпэ»?

Тады я сказаў, што выпускніца Рэдкліфа можа напісаць кароткую пачцівую адмову і без дапамогі спецыяліста.

— Олівэр, — сказала яна, — магчыма, я не заўсёды кажу праўду, аднак я ніколі нікому не рабіла балюча наўмысна...

Вядома, калі не лічыць таго, што ў гэты момант яна рабіла балюча мне. Я вельмі цёпла папрасіў яе напісаць адмову ў любой, якая ёй даспадобы, форме, абы з адказу было ясна відаць: хутчэй у пекле ўдараць маразы, чым мы прыедзем на дзень нараджэння майго бацькі. І зноў вярнуўся да «справы Пэрсіваля».

— Які ў вас нумар? — вельмі ціха папыталася Джэні, падышоўшы да тэлефона.

— Ты не можаш проста паслаць запіску?

— Яшчэ секунда, і ў мяне не вытрымаюць нервы. Нумар?

Я назваў нумар і адразу паглыбіўся ў чытанне апеляцыі Персіваля ў Вярхоўны суд. Я не прыслухоўваўся да таго, што гаварыла Джэні. Дакладней, стараўся не прыслухоўвацца — усё ж такі мы былі ў адным пакоі.

— Добры вечар, сэр, — сказала яна.

Што, Сукін Сын сам падышоў да тэлефона? Хіба буднімі днямі ён не ў Вашынгтоне? Пра гэта нядаўна паведамляла «Ню-Ёрк Таймс». Цяпер журналістам нельга верыць аніколі.

Цікава, колькі ж трэба часу, каб сказаць «не»? Мне здалося, што яго прайшло ўжо нашмат болей, ніж патрабуецца, каб прамовіць гэтае простае слова.

— Олі! — крыкнула яна, прыкрыўшы слухаўку далоняю. — Ты настойваеш, каб я адмовілася?

Я кіўнуў галавою: настойваю — і нецярплівым узмахам рукі даў зразумець: паспяшайся.

— Мне страшэнна шкада, — сказала яна ціха ў слухаўку, — дакладней, нам страшэнна шкада, сэр...

Нам? Навошта ж мяне сюды ўплятаць? Ну чаму, чаму яна не можа паставіць кропку і павесіць слухаўку?

— Олівэр! — Яна зноў прыкрыла слухаўку рукою і вельмі цвёрда сказала мне: — Яму балюча, Олівэр! Прашу цябе: перастань мучыць свайго бацьку! У яго ж сэрца крывёю сцякае!

Калі б яна не была такая ўсхваляваная, я мог бы растлумачыць ёй, што камяні не сцякаюць крывёю і што яна памыляецца, праецыруючы свае італійска-міжземнаморскія паняцці на Рашморскія скалы. Але Джэні, усхваляваная, усё даймала мяне.

— Олівэр! — умольвала яна. — Ну скажы яму хоць што-небудзь!

Яму? Мабыць, яна з глузду з'ехала!

— Ну хоць прывітанне перадай! — Джэні працягвала мне тэлефонную слухаўку. Было відаць, што яна ледзь стрымлівалася, каб не заплакаць.

— Я ніколі не буду гаварыць з ім. Ніколі. — Я ж быў абсалютна спакойны.

І тут яна заплакала. Нячутна, не ўсхліпваючы — адно слёзы каціліся па шчаках. А потым — потым зноў пачала ўмольваць мяне:

— Дзеля мяне, Олівэр! Я ніколі ні аб чым цябе не прасіла. Ну калі ласка!

Нас было трое ў гэтым пакоі (мне здалося, што бацька таксама тут). І ўсе трое чагосьці чакалі. Чаго? Каб я перасіліў сябе?

Але я не мог гэтага зрабіць.

Няўжо Джэні не разумела, што патрабуе ад мяне немагчымага? Што я зрабіў бы дзеля яе ўсё, што яна ні захацела б, толькі не гэта? Я ўтупіўся ў падлогу і зацята круціў галавою: «Не».

— Ты проста бяздушны нягоднік, — раз'юшана кінула мне раптам Джэні нейкім прыглушаным шэптам, потым сказала ў слухаўку: — Містэр Барэт, Олівэр хоча сказаць вам, што па-свойму ён... — Тут яна запынілася, каб перавесці дыханне. Гэта далося ёй нялёгка, бо яна ўсё яшчэ плакала. Я быў такі збянтэжаны, што не перапыніў яе, а моўчкі чакаў заканчэння «майго» паслання.

— Олівэр вельмі вас любіць, — хутка прагаварыла яна і кінула слухаўку.

Немагчыма растлумачыць тое, што я зрабіў у наступнае імгненне. Прыступ вар'яцтва — адзінае апраўданне. Ды не: няма мне ніякага апраўдання. Нельга дараваць мне таго, што я зрабіў.

Я вырваў у яе тэлефон і ў шале шпурнуў яго цераз увесь пакой.

— Хто табе даў права лезці ў маё жыццё! — ажно зароў я. — Не дапякай мяне!

Я замёр на месцы, дыхаючы як звер, у якога я раптам перакінуўся. Божа, што гэта са мною робіцца?!. Я павярнуўся да Джэні.

Але яна знікла.

Менавіта знікла — я нават не пачуў крокаў на лесвіцы. Напэўна, яна кінулася з пакоя ў тое самае імгненне, калі я схапіўся за тэлефон. Яе паліто і шалік засталіся на вешалцы. Я не ведаў, што рабіць, але адчай, адчуты з-за гэтага, быў меншы за тую роспач, якая апанавала мяне праз тое, што я зрабіў...

Я шукаў яе ўсюды.

У бібліятэцы Юрыдычнай школы, прабіраючыся паміж шэрагамі студэнтаў, што ўткнуліся ў кнігі, я шнарыў вакол сябе вачыма. Я прайшоў залу з канца ў канец не менш як шэсць разоў. Я не прамовіў аніводнага гука, але твар у мяне быў такі няшчасны-разгублены, што, мабыць, я ўзбударажыў усіх, хто быў у бібліятэцы. Але напляваць мне было на гэта!

Тут я яе не знайшоў.

Потым я прачасаў увесь хол, кафетэрый... Потым памчаўся ў Агасі-хол (гэта ўжо ў Рэдкліфе). Там яе таксама не было. Я кідаўся то туды, то сюды, сэрца шалёна калацілася.

А можа, яна ў Пэйн-Холе? Там унізе фартэпіянныя класы. Я ведаю Джэні. Калі яна сярдуе, дык сядае і стукае па клавішах... Але што яна робіць, калі да смерці перапалоханая?

Гэтыя фартэпіянныя класы — нейкая вар'ятня. З-за кожных дзвярэй даносяцца абрыўкі музыкі — Моцарт, Бартак, Бах, Брамс, — зліваючыся ў пякельную какафонію.

Вядома, Джэні тут.

Інстынкт спыніў мяне перад дзвярыма, за якімі нехта (раз'юшана) выбіваў з фартэпіяна прэлюдыю Шапэна. Я затрымаўся на хвілю. Ігралі проста гнюсна — бязбожна фальшывілі, спыняліся і зноў пачыналі. Пасля чарговага збою я пачуў жаночы голас: «Чорт!» Гэта Джэні, няйначай. Я рыўком расчыніў дзверы.

Дзяўчына, што сядзела за фартэпіяна, узняла на мяне вочы. У яе быў непрыгожы твар і шырокія плечы. Звычайная рэдкліфская хіпуля, раззлаваная маім уварваннем.

— Што за справы, чувак? — папыталася яна.

— Дрэнныя справы, дрэнныя, — прамармытаў я і выйшаў.

Потым я абшукаў Гарвард-сквер, кавярню «Памплона» ды, урэшце, усе іншыя месцы, дзе тусуюцца студэнты з факультэта мастацтваў. Марна.

Куды ж яна магла дзецца?

Метро ўжо зачынілася, але калі яна адразу пайшла да Гарвард-сквера, дык магла паспець на бостанскі цягнік. Я кінуўся на аўтастанцыю.

Было ўжо каля гадзіны ночы, калі я кінуў чвэрць долара і два дзесяціцэнтовікі ў тэлефонны апарат і зняў слухаўку. Я тэлефанаваў з будкі каля шапіку на Гарвард-скверы.

— Алё!.. Філ?

— Я, — сонна прамармытаў ён. — Хто гэта?

— Гэта я, Олівэр.

— Олівэр! — У ягоным голасе пачуўся спалох. — Што-небудзь з Джэні? — хутка спытаўся ён.

Значыцца, там яе таксама няма...

— Э-э... не, Філ, не.

— Дзякуй Богу. Як жыццё, Олівэр?

Пераканаўшыся, што з Джэні ўсё ў парадку, ён адразу загаварыў спакайней, як зазвычай ветліва. Быццам я і не падняў яго з ложка ўначы.

— Выдатна, Філ. Усё нармалёва. Проста выдатна. Скажы, Філ, Джэні калі-нікалі дае пра сябе знаць?

— Рэдка, чорт, — адказаў ён надзіва спакойным голасам.

— Як — рэдка?

— Магла б тэлефанаваць і часцей. Я ж ёй не чужы...

Калі можна адначасна адчуць і страх, і палёгку, дык я іх адчуў.

— Яна цяпер з табою?

— Што?

— Дай Джэні слухаўку, я скажу ёй пару цёплых слоў.

— Не магу, Філ.

— Яна спіць? Калі спіць, дык не турбуй.

— Добра.

— Слухай, паршывец, — буркнуў ён раптам.

— Слухаю вас, сэр.

— Скажы, Крэнстан гэтак далёка ад вас, што вы не можаце пад'ехаць да мяне ў нядзелю? Ці, можа, я да вас падскочу?

— Не, Філ, не трэба. Мы самі да цябе выберамся.

— Калі?

— Калі-небудзь у нядзелю.

— Толькі не трэба пудрыць мне мазгі. Добрыя дзеці не кажуць: «Калі-небудзь у нядзелю». Яны кажуць: «У гэтую нядзелю». У гэтую нядзелю, Олівэр.

— Добра, сэр. У гэтую нядзелю.

— Чакаю вас у чатыры. Толькі не гані, добра?

— Добра.

— І наступным разам тэлефануй за мой кошт...

Ён павесіў слухаўку.

Я застаўся стаяць на астраўку святла ў цемрадзі Гарвард-сквера, не ведаючы, куды ісці і што рабіць. Нечакана да мяне падышоў нейкі чорны і папытаўся, ці не хачу я «ўкалоцца». Я абыякава адказаў: «Не, дзякуй, сэр».

Больш я ўжо нікуды не бег. Які сэнс вяртацца ў пусты дом? Было вельмі позна, і я ўсё роўна як зледзянеў — не так ад холаду, хоць і надвор'е было не дужа цёплае, як ад страху за Джэні. За некалькі ярдаў да дзвярэй дома мне здалося, што на прыступках нехта сядзіць. Прымроілася, падумаў я спярша — постаць была зусім нерухомая.

Але гэта была Джэні...

Сядзела яна на сама верхняй прыступцы.

Я надта стаміўся, каб кінуцца да яе, надта ўзрадаваўся, каб вымавіць хоць адно слова. Я толькі думаў, што было б добра, калі б у яе знайшлася пад рукою якая-небудзь цяжкая рэч і яна заехала мне ёю ў лоб.

— Джэн.

— Олі.

Мы гаварылі так ціха, што зразумець інтанацыю было немагчыма.

— Я забылася ключ, — сказала Джэні.

Я застыў на першай прыступцы, баючыся папытацца, колькі часу праседзела яна тут. Ведаў адно, што страшэнна пакрыўдзіў яе.

— Джэні, даруй мне... Мне вельмі шкада...

— Стоп! — рэзка перапыніла яна мяне, а потым ужо спакойна і ціха сказала: — Каханне — гэта калі ні аб чым не трэба шкадаваць.

Я падняўся па прыступках і спыніўся побач з ёю.

— Я лягу зараз спаць. О'кэй? — спыталася яна.

— О'кэй.

Мы ўвайшлі ў кватэру. Калі мы раздзяваліся, яна ласкава паглядзела на мяне:

— Я думаю пра тое, што сказала.

І гэта было ўсё.

 

14

 

Ліст прыйшоў у ліпені.

Яго пераслалі з Кембрыджа ў Дэніс-Порт, так што вестка дайшла да мяне са спазненнем на дзень ці два. Я адразу кінуўся туды, дзе сядзела Джэні, назіраючы за тым, як яе дзятва ганяе мяч на траве.

— Хадзем, — сказаў я з найлепшай з маіх богартаўскіх інтанацый.

— Што?

— Хадзем, — паўтарыў я гэтак важка, што яна адразу паднялася і пайшла за мною да вады.

— Олівэр, можа, ты ўсё-такі зробіш ласку: скажаш, што адбываецца?

Я па-ранейшаму хутка ішоў па прычале.

— На судна, Джэніфэр, — скамандаваў я, махнуўшы рукою з лістом у бок яхты.

Але Джэні не заўважыла канверта.

— Олівэр, мне ж трэба глядзець дзяцей, — усё яшчэ пратэставала яна, нават ступіўшы на борт. — Олівэр, ты растлумачыш урэшце, што здарылася?!

Мы ўжо адплылі ад берага на некалькі сотняў ярдаў.

— Мне трэба табе нешта сказаць.

— А не ў моры ты гэтага не мог сказаць? — выкрыкнула яна.

— Не мог, разумееш, не мог! — крыкнуў я ў адказ. (Мы зусім не сварыліся — крычаць даводзілася з-за моцнага ветру.) — Я хацеў сказаць табе гэта сам-насам. Глядзі, што ў мяне ёсць.

Я памахаў перад ёю лістом. Яна адразу пазнала фірмовы канверт.

— Гарвардская юрыдычная школа! Цябе што, выгналі?

— Не ўгадала, аптымістачка, — крыкнуў я. — Паспрабуй яшчэ.

— Ты стаў першым на курсе?! — амаль здагадалася яна.

Цяпер мне было ўжо ці не сорамна сказаць ёй пра тое, што гэтак узрадавала-ўсхвалявала мяне.

— Не зусім. Трэцім.

— О, — працягнула яна. — Толькі трэцім?

— Паслухай, гэта ўсё роўна азначае, што маё імя трапіць у «Юрыдычны агляд»! — выкрыкнуў я.

Выраз яе твару быў абсалютна абыякавы.

— Бог мой, Джэні, — амаль праскуголіў я, — ну скажы хоць што-небудзь!

— Не раней чым пазнаёмлюся з нумарамі першым і другім.

Я глядзеў на жонку ў спадзеве, што ўсмешка, якую — я гэта ведаў — яна спрабуе стрымаць, усё-такі з'явіцца нарэшце на яе твары.

— Канчай, Джэні, — узмаліўся я.

— Усё. Я зліньваю. Прывітанне! — сказала яна і адразу дала нырца.

Не прайшло і трох секунд, як я нырнуў у ваду ўслед за ёю, і ўжо праз імгненне мы ўчапіліся за борт яхты, смеючыся і адфыркваючыся.

— Не ведаю, як у агонь, — сказаў я, — але ў ваду ты за мяне пойдзеш.

— Не задавайся надта, — адказала яна. — Трэці — гэта ўсяго толькі трэці.

— Гэй, шкодніца! — астудзіў я яе запал.

— Што, недарэка? — адгукнулася яна.

— Я табе багата чым абавязаны, — шчыра прызнаўся я.

— Хлусіш, недалуга, хлусіш, — адказала яна.

— Чаму гэта — хлушу? — трохі замяшаўся я.

— Ты абавязаны мне ўсім...

Таго вечара мы прагулялі ажно дваццаць тры долары на вячэры з амарам у шыкоўнай рэстарацыі ў Ярмуце. Джэні па-ранейшаму ўстрымлівалася ад ацэнкі майго трэцяга месца, збіраючыся ўведаць, што ж гэта за двое джэнтльменаў, якія, паводле яе слоў, «абулі мяне».

Смешна, вядома, але я так кахаў яе, што як толькі вярнуўся ў Кембрыдж, адразу кінуўся высвятляць, хто ж былі гэтыя двое хлопцаў. І з палёгкаю даведаўся, што першым быў Эрвін Бласбэнд, які вечна не адрываў носа ад кніг, вядома, насіў акуляры, не займаўся ніякім спортам дый увогуле не быў «яе» чалавекам. Другім «хлопцам» была нейкая Бэла Ландаў — дзяўчына. Факт гэты быў мне дужа прыемны, асабліва таму, што гэтая Бэла Ландаў была даволі халодная з выгляду (такіх багата сярод студэнтак Юрыдычнай школы), і цяпер я мог дражніць Джэні, распавядаючы ёй «падрабязнасці» таго, што адбывалася ў рэдакцыі «Юрыдычнага агляду», калі прыходзіў адтуль позна ўначы — часта ў дзве, а то і ў тры гадзіны. Што зробіш: шэсць лекцый, потым рэдагаванне «Юрыдычнага агляду» і, нарэшце, праца над сваім артыкулам — «Юрыдычная дапамога незаможным грамадзянам: вопыт даследавання на прыкладзе раёна Роксбэры (Бостан)». Надрукаваны ён быў крыху пазней, у сакавіку 1966 года, у «Гарвардскім юрыдычным аглядзе», на старонках 861—908, пад маім поўным «найменнем» — Олівэр Барэт IV.

«Неблагі артыкул. І праўда неблагі», — паўтарыў некалькі разоў наш старшы рэдактар Джоэл Флайшман.

Шчыра кажучы, я чакаў ад яго лепшага камплімента... Але я так і не пачуў ад Флайшмана нічога больш... Затое Джэні сказала, што артыкул «глыбокі, разумны і сапраўды добра напісаны». Няўжо ён так мала ўразіў Флайшмана, што той не мог сказаць чагосьці лепшага?..

— Флайшман лічыць, што артыкул неблагі, Джэн.

— Што?!. І дзеля таго каб пачуць гэта, я чакала цябе начамі? — Джэні была проста збянтэжаная. — Ён што, нічога не сказаў пра твой метад даследавання, стыль ці яшчэ пра што?

— Не, Джэн. Ён сказаў: «Артыкул неблагі» — і ўсё.

— Тады чаму ты так затрымаўся сёння?

— Я мусіў прагледзець сякія-такія матэрыялы з Бэлай Ландаў, — адказаў я ёй, падміргнуўшы.

— Вось як?

Я не зразумеў яе тону.

— Ты раўнуеш?..

— Не. Ногі ў мяне нашмат прыгажэйшыя.

— А ты можаш падрыхтаваць справу да слухання ў судзе?

— А яна можа згатаваць піцу?

— Можа, — адказаў я. — Якраз сёння ўвечары частавала ёю нас у рэдакцыі. І ўсе сказалі, што яе піца такая ж добрая, як твае ногі.

— Вядома, — кіўнула Джэні.

— Ну і што ты на гэта скажаш?

— Бэла Ландаў плаціць за тваю кватэру?

— Чорт! — усклікнуў я. — Ну чаму я не магу спыніцца, калі лік у маю карысць?

— Таму, падрыхтунчык, — сказала закаханая ў мяне жонка, — што такога ніколі не бывае!

 

15

 

На фініш мы прыйшлі ў тым самым парадку.

Інакш кажучы, Эрвіна, Бэлу і мяне прызналі трыма найлепшымі студэнтамі выпускнога курса. Блізіўся час трыумфу. Запрашэнні на службу... Выдатныя запрашэнні. Куды ні глянь, з усіх бакоў мне махалі сцягамі з надпісам: «Прыходзьце да нас, Барэт!»

Аднак мяне вабілі толькі зялёныя сцягі*.

* Маецца на ўвазе колер долара.

Вядома, я не быў такім ужо зацятым прагматыкам, але я адразу адкінуў прэстыжныя варыянты — накшталт пасады сакратара суддзі альбо службы, скажам, у Міністэрстве юстыцыі, — адкінуў дзеля месца, якое дазволіла б выкінуць з нашага з Джэні лексікону гнюснае слова «эканомія».

Хоць я і быў трэцім, у барацьбе за месца пад сонцам я меў адну неацэнную перавагу. У нашай першай дзесятцы выпускнікоў я адзін не быў жыдом. Дурань той, хто скажа, што гэта не мае значэння. Прысягаю вам, што дзесяткі фірмаў расцалуюць у задніцу любога стоадсоткавага амерыканца, які ледзь-ледзь здаў экзамен на адваката. А цяпер гляньце на вашага сціплага слугу: тут вам і Гарвард, і хакейная слава, і «Юрыдычны агляд», і, самі разумееце, татуля-мільянер. Карацей, багата хто пачаў сама сапраўдную бойку за права атрымаць мяне разам з маім іменем і рэпутацыяй у свой офіс. Я адчуваў сябе дзіцянём-рэкардыстам — і меў асалоду з кожнае хвілі гэтага адчування.

Асабліва вабную прапанову зрабіла мне адна лос-анджэлеская фірма. Яе вярбоўшчык, містэр Х (імя называць не хачу: яшчэ на судовай лаве апынуся), не пераставаў паўтараць мне:

— Барэт, хлопчык ты мой даражэнькі, у нашых краёх мы атрымліваем гэта ўвесь час. І ўдзень, і ўначы. Павер мне, можна нават запатрабаваць, каб прынеслі ў кантору!

Не тое што нас с Джэні асабліва цягнула ў Каліфорнію, але нам Бог ведае як хацелася ўведаць, што ж усё-такі мае на ўвазе містэр X. Мы гадалі й гадалі, і здагадкі нашыя былі ўжо сама вар'яцкія, толькі, відаць, для Лос-Анджэлеса такімі яны не з'яўляліся. (Урэшце, каб містэр Х адчапіўся ад мяне, я быў змушаны сказаць яму, што мяне зусім не цікавіць ягонае загадкавае «гэта». Ён быў дужа засмучаны.)

Словам, мы вырашылі застацца на ўсходнім узбярэжжы. У нас былі дзесяткі фантастычных прапаноў з Бостана, Ню-Ёрка і Вашынгтона. Пэўны час Джэні аддавала перавагу сталіцы: «Ты б мог прымерацца да Белага дома, Олі», — але мяне вабіў Ню-Ёрк. І, урэшце, з жончынага блаславення, я сказаў «згодны» самавітай фірме Джонаса і Марша (апошні быў колісь, дарэчы, Генеральным пракурорам) з моцнай арыентацыяй на абарону грамадзянскіх правоў. «Можна рабіць дабро і нажываць яго адначасна», — пракаменціравала гэты факт Джэні. І потым, яны вельмі ўжо доўга ўгаворвалі мяне. Стары Джонас сам прыехаў у Бостан, пачаставаў нас абедам у шыкоўнай рэстарацыі, а назаўтра прыслаў Джэні велізарны букет кветак.

Джэні потым ажно тыдзень хадзіла і напявала песеньку з усяго толькі трох слоў: «Джонас, Марш і Барэт». Я параіў ёй крыху зменшыць імпэт, але яна і слухаць мяне не стала, сказаўшы, што ў думках я сам няйначай ёй падпяваю. Наўрад ці мне трэба казаць вам, што яна не памылялася.

Дазвольце мне яшчэ заўважыць, што «Джонас і Марш» вызначылі мне гадавы даход у адзінаццаць тысяч восемсот долараў — больш з нашага выпуску не атрымаў ніхто.

Так што, бачыце, трэці я быў толькі ў вучобе.

 

16

 

«Змена адраса:

З 1 ліпеня 1967 года містэр і місіс Барэты пражываюць па адрасе: Ню-Ёрк, Усходняя 63-я вуліца, 263».

— Тут усё нейкае нуварышаўскае, — пажалілася мне Джэні.

— Дык мы ж і ёсць нуварышы, — усміхнуўся я.

Мой і без таго трыумфальны настрой паляпшала яшчэ адна акалічнасць: штомесячны ўзнос за маю новую машыну амаль раўняўся той суме, якую мы плацілі за ўсю нашую кембрыджскую халупу, няхай на яе ліха! Каб дайсці ад дому, дзе мы пасяліліся, да канторы «Джонас і Марш», мне трэба было хвілін сама болей дзесяць (ды не дайсці, а прадэфіліраваць — цяпер я больш любіў перамяшчацца менавіта так); гэтаксама блізка месціліся шыкоўныя магазіны накшталт бонуіцкіх ды іншыя. Я настойваў, каб жонка неадкладна адкрыла ў гэтых салонах рахункі і пачала расходаваць грошы.

— Навошта, Олівэр?

— А таму, Джэні, што я хачу, каб ты хадзіла менавіта туды!

Я ўступіў у ню-ёркскі Гарвард-клуб, куды мяне рэкамендаваў Рэй Стратан, які вярнуўся нядаўна з вайны, зрабіўшы колькі стрэлаў па в'етконгаўцах. («Можа, гэта і не в'етконгаўцы былі — проста пачуў нейкую валтузню ў кустах, вось і пальнуў».) Рэй і я гулялі ў сквош* сама меней тры разы на тыдзень, і я прысягнуў сам сабе, што праз тры гады неадменна стану чэмпіёнам клуба.

* Сквош — амерыканская гульня, спрошчаны варыянт тэніса.

Магчыма, таму, што я зноў аб'явіўся ў гарвардскіх колах, а можа, таму, што пайшла пагалоска пра мае поспехі, хоць сваімі заробкамі я, дальбог, ні перад кім не выхваляўся, але сябры зноў «адкапалі» мяне. Мы пераехалі з Кембрыджа ў самы разгар лета (мне трэба было спешна рыхтавацца да ўступнага экзамена ў ню-ёркскую адвакатуру), таму першыя запрашэнні былі на ўік-энды.

— Ды пайшлі яны ўсе, Олівэр! Я не маю аніякага жадання тырчэць два дні запар у зборні гэтых нудных падрыхтунчыкаў.

— О'кэй, Джэні, але што я ім скажу?

— Скажы, што я зацяжарала.

— Ты сур'ёзна?

— Не, але калі мы застанемся на ўік-энд дома, дык вельмі верагодна, што гэта можа здарыцца.

Мы ўжо выбралі імя нашаму будучаму сыну. Дакладней, выбраў я, а потым угаварыў Джэні згадзіцца.

— Паслухай, Джэні, што я табе скажу. Толькі не смейся, — паставіў я ўпершыню пытанне на сямейнае абмеркаванне.

Жонка тым часам была на кухні (мэбля ў залацістых танах і нават машына для мыцця посуду).

— Што? — папыталася яна, разразаючы памідоры.

— Мне ўсё больш падабаецца імя Боза.

— Ты гэта сур'ёзна?

— Ага. Аж не магу — так падабаецца.

— Дык, значыцца, ты збіраешся назваць нашага сына Боза? — узіраючыся ў мяне, зноў папыталася яна.

— Менавіта так. Павер мне, Джэн, лепшага імя для суператлета не знайсці.

— Боза Барэт, — прамовіла яна, усё роўна як спрабуючы імя з прозвішчам на смак.

— Прысягаю, хлопец ён будзе што трэба, — працягваў я, адчуваючы з кожным словам усё большую ўпэўненасць. — «Боза Барэт, галоўны нападнік, зборная Гарварда і ўсіх універсітэтаў, хакеіст-скала!»

— Ну што ж... Гучыць няблага, Олівэр, але... Уяві сабе: а раптам хлопчык будзе пасрэдна скаардынаваны?

— Такога, Джэн, здарыцца не можа. У хлопца гены будуць што трэба. У мяне тут сумнення на міліграм няма. — Я і праўда быў у гэтым упэўнены. Апошнім часам думкі пра Боза прыходзілі мне ў галаву ўсё часцей. Паважна шпацыруючы на працу, я бачыў яго ўжо ледзь не наяве.

Размову прадоўжылі за абедам. Дарэчы, мы набылі адмысловы дацкі фарфор.

— Каардынацыя ў Боза будзе найвыдатнейшая, — сказаў я Джэні. — А калі яму дастануцца твае рукі, дык яго можна будзе смела ставіць на якую хочаш лінію.

Яна заўсміхалася — няйначай збіралася пакпіць з мяне і разбурыць усе мае ілюзіі. Аднак, не прыдумаўшы па-сапраўднаму знішчальнае рэплікі, разрэзала торт і паклала мне кавалак. А я ўсё выкладваў свае довады.

— Ты толькі ўяві, Джэні, — разважаў я з перапоўненым ротам. — Дзвесце сорак фунтаў натрэніраванай ударнай сілы!

— Дзвесце сорак? — здзівілася яна. — У нашых з табою генах няма ніякіх двухсот сарака фунтаў, Олівэр.

— Мы адкормім яго, Джэн. Пратэіны, вітаміны і ўсе астатнія неабходныя кампаненты паўнацэннага рацыёну.

— А калі ён не захоча есці твае кампаненты, што тады?

— Я яму не захачу! — сказаў я, усё роўна як злуючыся на ўпартага хлопчыка, які, седзячы за адным са мною сталом, адмовіцца дапамагчы мне здзейсніць мае мары зрабіць з яго лядовую зорку. — Куды ён дзенецца — з'есць, а то я як бачыш па шыі надаю.

Тут Джэні зазірнула мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:

— Наўрад ці ты гэта зробіш, калі ў ім будзе дзвесце сорак фунтаў.

— М-м, — замяшаўся я на момант, але хутка знайшоўся. — Не адразу ж ён набярэ такую вагу.

— Вядома, не адразу. Але калі ўжо набярэ, тады сцеражыся! Адлупіць ён цябе! — Джэні пагрозліва памахала перад самым маім тварам лыжкаю і зарагатала, што чорт...

 

17

 

Зрабіць дзіцёнка не так ужо і лёгка.

Я маю на ўвазе, ёсць нешта недарэчна-смешнае ў тым, што маладыя людзі, якія ў першыя гады сваіх сексуальных практыкаванняў думаюць адно пра тое, як зрабіць так, каб дзяўчына не зацяжарала (калі пачынаў я, карысталіся ўсё яшчэ прэзерватывамі), потым рэзка пераключаюцца і прыкладаюць усе намаганні, каб дзяўчына зацяжарала.

І гэтая самая мэта можа спакваля ператварыцца ў навязлівую ідэю. Яна можа пазбавіць сама цудоўнае, што ёсць у жыцці шчаслівых сужэнцаў, натуральнасці і непасрэднасці. Я аб праграмаванні (няўдалае, дарэчы, слова — машыннае нейкае). Калі загадзя праграмуеш акт кахання ў адпаведнасці з рознымі правіламі, календарамі, стратэгіяй: «Можа, лепш заўтра ўранку, Олі?» — дык гэты вось цудоўны акт можа выклікаць няёмкасць, гідлівасць, а нарэшце і самы сапраўдны жах.

Бо, калі вы бачыце, што набытыя раней сціплыя ўменні і вашыя (дапусцім) нармальныя здаровыя спробы «пладзіцца-размнажацца» не прыносяць жаданага выніку, вас пачынаюць апаноўваць дужа змрочныя думкі.

— Спадзяюся, Олівэр, ты разумееш, што «стэрыльнасць» не мае нічога агульнага з «вірыльнасцю»? — сказаў доктар Морцімэр Шэпард на нашым першым спатканні, калі мы з Джэні вырашылі нарэшце, што маем патрэбу ў кансультацыі спецыяліста.

— Ён разумее, доктар, — адказала за мяне Джэні, ведаючы і без маіх слоў, што думка пра бясплоднасць — маю гіпатэтычную бясплоднасць — прыгнятала мяне. Мне нават здалося, што ў голасе ў Джэні пачулася надзея: калі і ёсць якое адхіленне, дык толькі ў яе.

Але доктар проста растлумачыў нам, якія могуць быць варыянты, і падрыхтаваў да найгоршага, перш чым сказаць, што ўсё ў нас можа быць у поўным парадку і мы неўзабаве станем шчаслівымі бацькамі. Вядома, мы павінны здаць безліч розных аналізаў. Поўны агляд. (Не буду пераказваць не надта прыемныя падрабязнасці такога руплівага абследавання.)

Аналізы мы здалі ў панядзелак. Джэні — удзень, а я — пасля працы (тымі днямі я ўжо акунуўся ў яе з галавою). У пятніцу доктар Шэпард выклікаў Джэні яшчэ адзін раз, растлумачыўшы, што сястра нешта наблытала і ён мусіць сёе-тое ўдакладніць. Калі Джэні расказала мне пра паўторны візіт да доктара, я западозрыў, што гэтае самае адхіленне... выявілі ў яе. «Сястра, якая нешта там наблытала» — адгаворка досыць банальная.

А калі містэр Шэпард патэлефанаваў мне ў кантору, я ўжо амаль не сумняваўся. Ён папрасіў мяне зайсці да яго заўтра па дарозе дамоў. Як толькі я зразумеў, што Джэні там не будзе («Я гаварыў з місіс Барэт учора ўвечары», — сказаў доктар), падазрэнні мае пачалі ператварацца ва ўпэўненасць. Значыцца, у Джэні не можа быць дзяцей. Але мажліва, Олівэр, дыягназ не канчатковы, паспрабаваў супакоіць мяне доктар — якіх толькі выйсцяў няма: хірургічнае ўмяшанне і гэтак далей.

Аднак працаваць напоўніцу я ўжо, вядома, не мог, таму было неразумна чакаць пяці гадзін. Я патэлефанаваў містэру Шэпарду і папытаўся, ці не прыме ён мяне адразу пасля абеду. Доктар згадзіўся.

— Дык, значыцца, вы ўжо выявілі, хто вінаваты? — папытаўся я, не падбіраючы асцярожліва словы.

— Я не сказаў бы «вінаваты», Олівэр, — адказаў містэр Шэпард.

— Ну, добра, скажам інакш — хто з нас не ў парадку?

— Добра. Джэні.

Я быў больш-менш гатовы да гэтага, аднак безнадзейнасць, якая прагучала ў словах містэра Шэпарда, усё-такі збянтэжыла мяне. Доктар больш нічога не дадаў, і я вырашыў, што ён чакае ад мяне якіхсьці слоў.

— Ну што ж, значыцца, дзеці ў нас будуць прыёмныя. Думаю, галоўнае, што мы кахаем адно аднаго, ці ж не так?

І тады ён сказаў мне:

— Олівэр, праблема нашмат больш сур'ёзная. Джэні вельмі хворая.

— Што значыць «хворая»?

— Яна памірае...

— Гэтага не можа быць, — сказаў я.

Я чакаў, што зараз доктар скажа мне, што гэта проста няўдалы жарт.

— Яна памірае, Олівэр, — паўтарыў ён. — Мне цяжка табе гэта казаць, але гэта так.

Я не мог паверыць яму і ўсё даводзіў, што здарылася нейкая памылка: мажліва, гэтая ідыётка-сястра зноў штосьці пераблытала, дала яму не той рэнтгенаўскі здымак ці што-небудзь такое. Доктар адказаў мне з сама вялікай спагадаю, на якую, мабыць, быў здатны, што аналіз крыві быў паўтораны тройчы. Дыягназ не падлягае сумненню. Зараз ён накіруе нас да спецыяліста-гематолага. А папраўдзе, ён параіў бы...

Я перапыніў яго ўзмахам рукі. Мне патрэбная была хвіліна цішыні. Проста цішыні, каб усвядоміць тое, што здарылася.

— Што вы сказалі Джэні, доктар? — нарэшце папытаўся я.

— Што ў вас абаіх усё ў парадку.

— Яна паверыла.

— Думаю, што паверыла.

— Калі нам прыйдзецца сказаць ёй праўду?

— Цяпер гэта залежыць ад цябе.

Ад мяне! Божа літасцівы, ад мяне цяпер не залежала нічога, я, здавалася, перастаў ужо дыхаць.

Доктар растлумачыў, што медыцына не мае радыкальных сродкаў, каб лячыць тую форму лейкеміі, на якую пакутуе Джэні, — гэтыя сродкі могуць аблегчыць цячэнне хваробы, замарудзіць яе наступ, але толькі не спыніць. Таму цяпер рашэнне залежала ад мяне. Пакуль лячэнне можна было на нейкі час адкласці.

У гэты момант я думаў адно пра тое, якая ж агідная гэтая клятая жудасць.

— Але ж ёй толькі дваццаць чатыры гады! — сказаў, не, мабыць, крыкнуў я доктару.

Доктар спачувальна кіўнуў. Ён не горш ад мяне ведаў узрост Джэні і разумеў, як мне цяпер балюча. Урэшце я ўсвядоміў, што не магу прабыць у кабінеце ў гэтага чалавека ўсё сваё жыццё, і папытаўся ў яго, што мне рабіць... Ён параіў мне паводзіць сябе па мажлівасці як звычайна, быццам нічога і не здарылася, — як мага даўжэй. Я падзякаваў яму і выйшаў на вуліцу. Як звычайна. Быццам нічога і не здарылася.

Усё нармалёва. Нармалёва ўсё!

 

18

 

Я пачаў думаць пра Бога.

У сама патаемныя куткі маёй свядомасці закрадалася думка пра нейкую Вышэйшую істоту, якая жыве дзесьці не ўва мне. Не, мяне не апаноўвала жаданне кінуцца на яго з кулакамі, адпомсціць за тое, што ён збіраўся зрабіць са мною — дакладней, з Джэні. Мае рэлігійныя пачуцці былі зусім іншыя. Калі я прачынаўся ўранку, побач са мною была Джэні. Па-ранейшаму побач. І я спадзяваўся, хоць і адчуваў пры гэтым пэўную няёмкасць, што недзе ёсць Бог, якому я мог падзякаваць. Дзякую Табе, літасцівы Творца, за тое, што, прачынаючыся, я бачу побач з сабою Джэніфэр.

Я з усяе сілы стараўся паводзіць сябе як звычайна і таму, вядома, дазваляў ёй самой гатаваць сняданкі і гэтак далей.

— Ты сустракаешся сёння са Стратанам? — спыталася яна, калі я даядаў другую талерку аўсянкі.

— З кім? — папытаўся я, не расчуўшы.

— З Рэймандам Стратанам, — паўтарыла яна, — тваім найлепшым сябрам. Тваім суседам па інтэрнацкім пакоі — да таго, як з'явілася я.

— А-а... Ага, мы збіраліся гуляць у сквош. Але, відаць, я не пайду.

— Лухта.

— Што, Джэн?

— Ты не павінен прапускаць гульні, падрыхтунчык. Я не хачу, каб у мяне быў кволы муж, разумееш?!

— О'кэй, — сказаў я, — але давай тады папалуднуем дзе-небудзь у цэнтры.

— Навошта? — папыталася яна.

— Што значыць «навошта»? — узняў я голас, спрабуючы напусціць на сябе незадаволены выгляд. — Магу я звадзіць сваю жонку ў рэстаран ці не?

— Ну вось што, Барэт. Прызнавайся, хто яна. Як яе зваць? — раптам папыталася Джэні.

— Каго?

— Слухай, — утупілася яна ў мяне, — раз ты ні з таго ні з сяго цягнеш мяне ў рэстарацыю пасярод тыдня, значыцца, нехта ў цябе з'явіўся!

— Джэніфэр! — зароў я, цяпер раззлаваўшыся ўжо па-сапраўднаму. — Я не пацярплю такіх размоў у нас дома за сняданкам!

— Добра, тады пагаворым у нас дома за абедам. Я згатую яго, пакуль ты вернешся.

— О'кэй.

І я сказаў гэта самому Богу, хто б ён ні быў, дзе б ні знаходзіўся, што я з радасцю згаджуся, каб усё засталося, як ёсць. Няхай я буду пакутаваць, сэр Усявышні, я зусім не супраць, няхай я буду ведаць усё, толькі каб не ведала гэтага «ўсяго» Джэні. Ты чуеш мяне, сэр Усявышні? Назаві сваю цану.

— Олівэр!

— Слухаю, містэр Джонас.

Ён выклікаў мяне да сябе ў кабінет.

— Ты знаёмы з справаю Бэка?

Ведама ж, знаёмы! Робэрт Бэк працаваў фатографам у «Лайфе». Калі ён спрабаваў зняць масавыя хваляванні ў Чыкага, «выжлы» ледзь духі з яго не выбілі. Джонас лічыў гэтую справу адной з найважнейшых для фірмы.

— Я ведаю, што паліцэйскія страшэнна яго аддубасілі, сэр, — адказаў я...

— Я хачу, каб ты заняўся гэтай справаю, Олівэр, — сказаў містэр Джонас.

— Я адзін?

— Можаш узяць з сабою каго-небудзь з маладзейшых, — адказаў ён.

Маладзейшых? Маладзейшага за мяне ў фірме нікога не было. Але я, вядома, зразумеў падтэкст: «Олівэр, нягледзячы на твой узрост, у нашай фірме ты ўжо адзін з старэйшых. Адзін з нас, Олівэр».

— Дзякуй, сэр, — сказаў я.

— Калі ты зможаш выехаць у Чыкага? — спытаўся ён.

Ад самага пачатку я вырашыў нікому нічога не гаварыць, вынесці ўвесь гэты цяжар на сваіх плячах. Таму давялося вярзці старому чалавеку ўсялякую лухту (не памятаю нават, што менавіта) — маўляў, ніяк не магу паехаць цяпер з Ню-Ёрка, сэр. Я спадзяваўся, што ён зразумее. Але містэр Джонас быў відавочна засмучаны такім маім адказам на выключны давер з боку фірмы. О, Божа, дарагі містэр Джонас, каб толькі вы ведалі праўду!..

Парадокс, аднак цяпер Олівэр Барэт IV, калі яму здаралася пайсці з офіса раней як звычайна, вяртаўся дамоў пазней.

Я займеў звычку доўга стаяць перад вітрынамі магазінаў на Пятай авеню, разглядваючы ўсялякія дарагія экстравагантныя забаўкі, якія я мог бы купіць Джэніфэр, калі б мне не трэба было рабіць выгляд, што ўсё ў нас... нармалёва.

А яшчэ мне, вядома, было страшна ісці дамоў. Бо праз некалькі тыдняў пасля таго, як я даведаўся праўду, Джэні пачала худзець. Не, пахудзела яна зусім не нашмат і, можа, нават сама нічога не заўважыла, але я, ведаючы, што адбываецца, прыкмеціў гэта.

Разглядваў я і вітрыны авіякампаній: Бразілія, Карыбы, Гаваі («Кіньце ўсё — ляціце да сонца!») і гэтак далей...

Таго дня «Трансуорд Эрлайнз» рэкламавала Эўропу ў міжсезонне: «У Лондан па пакупкі!», «Парыж — горад закаханых!»...

І згадалася:

«— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?

— А як жа нашае вяселле?

— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?

— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.

— Ты хочаш ажаніцца са мною?

— Хачу.

— Чаму?..»

Я лічыўся ў банку фантастычна перспектыўным кліентам і ўжо меў крэдытную картку «Дайнэр Клаб». Так, распісваемся ўздоўж пункцірнай лініі. Раз! І ў руках у мяне два білеты першага класа (гуляць дык гуляць!) на самалёт у Горад Закаханых.

Калі я прыйшоў дамоў, Джэні была вельмі бледная і нездаровая, але я спадзяваўся, што мая адмысловая ідэя верне на яе шчокі румянец.

— Угадайце, місіс Барэт, што ў мяне за сюрпрыз вам.

— Ты вылецеў са службы, — «угадала» мая жонка-аптымістка.

— Не вылецеў, а лячу. І разам з табою, — паказаў я ёй білеты. — Уверх, уверх — і далёка. Заўтра ўвечары ў Парыж.

— Лухта, Олівэр, — сказала яна ціха. Аднак мякка, без звычайнае насмешкі. Нават з нейкай пяшчотаю:— Лухта, Олівэр.

— Эй, што гэта значыць — «лухта»? Растлумач, калі ласка.

— Гэта значыць, Олі, — зноў ціха сказала яна, — што ўсё будзе зусім інакш.

— Што — будзе інакш?

— Я не хачу ў Парыж. Мне не патрэбны Парыж. Мне патрэбны адзін ты...

— Ну, гэта табе гарантавана, крошка, — перапыніў я яе з прытворнай весялосцю.

— А яшчэ мне патрэбны час, — прадоўжыла яна, — якога ты не можаш мне даць.

Тады я паглядзеў ёй у вочы. У іх была невыразная роспач. Зразумелая мне аднаму. Яна нібыта прабачэння прасіла. Прасіла ў мяне.

Мы стаялі моўчкі, абняўшыся. Божа, калі нехта з нас заплача, няхай тады заплача і другі! Аднак лепш, каб ніхто.

Неўзабаве Джэні расказала, што адчула сябе «зусім пагана» і зноў пайшла да доктара — не парады прасіць, папытацца: «Скажыце мне нарэшце, што са мною адбываецца, скажыце дзеля ўсяго святога!»

І ён сказаў.

У мяне з'явілася дзіўнае пачуццё віны за тое, што не я першы зрабіў гэта. Яна здагадалася і наўмысна пачала вярзці нейкую лухту.

— Ён з Ейла, Олі.

— Хто — ён, Джэн?

— Акерман. Гематолаг. Самы сапраўдны ейлец. Такіх толькі там сустрэнеш.

— А-а, — працягнуў я, разумеючы, што яна хоча неяк аблегчыць гэтую жудасную хвілю. І ў тон ёй папытаўся: — Але чытаць і пісаць ён, прынамсі, умее?

— Гэта яшчэ трэба высветліць, — усміхнулася місіс Барэт, выпускніца Рэдкліфа 1964 года. — Але гаварыць ён умее, у гэтым я ўпэўнілася. А мне якраз пагаварыць і хацелася.

— Тады даруй гэтаму ейльскаму лекару, што ён адтуль. О'кэй?

— О'кэй.

 

19

 

Ва ўсякім разе, цяпер я не баяўся вяртацца дамоў, мяне ўжо не палохала змушанасць «паводзіць сябе нармалёва»... А дні ж, якія мы пражывём разам, можна было злічыць на пальцах...

Нам трэба было багата чаго абмеркаваць — рэчы, якія, вядома, нячаста абмяркоўваюць дваццацічатырохгадовыя муж і жонка.

— Я спадзяюся, ты будзеш моцны, як сапраўдны хакейны бізон, — сказала яна.

— Буду, буду, — адказваў я, пытаючыся ў сябе, ці адчувае Джэні, якая заўсёды і ўсё разумее, што нават сама моцны хакейны бізон можа быць прыгнечаны адчаем.

— Ты ж павінен падтрымаць Філа, — працягвала яна. — Яму будзе цяжэй за ўсіх. А ты, урэшце, застанешся ўсяго толькі вясёлым удаўцом.

— Я не буду вясёлым, — перапыніў я яе.

— Ты будзеш вясёлым і зараз прысягнеш мне ў гэтым! Я хачу, каб ты быў вясёлым. О'кэй?

— О'кэй.

— О'кэй.

Гэта здарылася прыкладна праз месяц, пасля абеду. Джэні, як і раней, гатавала сама, бо настойвала на гэтым. Праўда, урэшце я пераканаў яе дазволіць мне прыбіраць са стала (хоць кожны раз яна даводзіла мне, што гэта не «мужчынская праца»), я прыбіраў посуд, а Джэні грала Шапэна ў суседнім пакоі. Раптам музыка абарвалася. Я адразу зазірнуў у гасцёўню...

— Ты ў парадку, Джэн? — спытаўся я, маючы, вядома, на ўвазе — адносна ў парадку.

— Ці дастаткова ты багаты, каб заплаціць за таксоўку? — адказала яна пытаннем.

— Што за размова! — усміхнуўся я. — Куды ты хацела б паехаць?

— Здаецца, у бальніцу, — адказала яна.

Пачаліся таропкія зборы, і ў гэтай мітусні да мяне раптам дайшло: вось яно... надышло... Зараз Джэні выйдзе з гэтага пакоя і ніколі ўжо сюды не вернецца. Яна сядзела ў фатэлі, а я клаў ёй у валізку сякія-такія рэчы. Пра што яна цяпер думала, апошні раз акідваючы позіркам наш пакой? Што хацела запомніць?

Нічога. Яна сядзела нерухома, вочы яе ўтаропіліся ў нейкую пустату.

— Эй, — сказаў я ёй. — Хочаш узяць з сабою што-небудзь асаблівае?

— Што?.. Не. — Яна пакруціла галавою, потым, быццам згадаўшы, сказала: — Цябе.

Злавіць таксоўку гэтым часам было дужа нялёгка: усе спяшаліся ў тэатры, яшчэ кудысь... Паліцэйскі з усяе сілы дзьмуў у свой свісток і размахваў рукамі, нібыта ашалелы хакейны суддзя. Джэні стаяла моўчкі, прытуліўшыся да мяне, а я дзесьці ў душы спадзяваўся, што таксоўкі не будзе і мая Джэні назаўжды застанецца стаяць, прытуліўшыся да мяне. Аднак таксоўка ўсё-такі з'явілася. Вадзіцель — нам пашанцавала — быў чалавек вясёлы. Пачуўшы, што нам трэба ў шпіталь Маўнт-Сінай і як мага хутчэй, ён выканаў цэлую праграму падтрымкі.

— Спакойна, дзеткі, вы ў вопытных руках. Мы з буслам займаемся гэтай справаю ўжо некалькі гадоў.

Джэні сядзела, прыціснуўшыся да мяне. Я цалаваў яе валасы.

— Гэта ў вас першы? — спытаўся наш весялун.

Джэні адчула, што зараз я гаркну на гэтага тыпа, і прашаптала:

— Будзь добры, Олівэр. Ён жа хоча як лепш.

— Але, сэр, — адказаў я шафёру. — Гэта ў нас першы, і мая жонка адчувае сябе не надта, так што давай праскочым пару разоў на чырвонае святло. Добра?

Ён дамчаў нас да бальніцы ўмомант. І праўда зрабіў усё як найлепш: выскачыў з машыны і адчыніў нам дзверцы. Ад'язджаючы, пажадаў шчасця і ўдачы. Джэні падзякавала яму.

Яна крыху пахіствалася, і я хацеў унесці яе ў бальніцу на руках, але Джэні не захацела.

— Цераз гэты ганак не трэба, падрыхтунчык, — сказала яна.

Мы ўвайшлі ў чакальню, дзе Джэні прыйшлося выцерпець пакутна нудную працэдуру рэгістрацыі.

— У вас ёсць медыцынская страхоўка?

— Не.

(Хто думаў пра такую лухту? Нас занадта займала купля посуду.)

Вядома, прыезд Джэні не быў нечаканым. Яго прадбачылі, і новую пацыентку адразу ўзяў пад нагляд доктар Бэрнард Акерман — слаўны чалавек, як казала Джэні, дарма што з Ейла.

— Ёй будуць даваць лейкацыты і трамбацыты, — сказаў ён. — Яны ёй цяпер больш за ўсё неабходныя. У антыметабалітах патрэбы няма.

— Што ўсё гэта значыць?

— Гэтае лячэнне запавольвае клетачны распад, — растлумачыў ён. — Аднак, і Джэні гэта ведае, магчымы пабочныя эфекты.

— Паслухайце, доктар, — пачаў я. — Вырашаць будзе Джэні. Як яна скажа, так і рабіце. І няхай вашыя людзі зробяць усё магчымае, каб яна не пакутавала.

— Можаце быць упэўненыя: усё будзе, як вы просіце.

— Мяне не хвалюе, колькі гэта будзе каштаваць. — Напэўна, тады я ўзняў голас.

— Гэта можа доўжыцца тыдні, нават месяцы, — сказаў ён.

— Мне пляваць на тое, колькі гэта будзе каштаваць! — амаль крыкнуў я.

Гэты чалавек быў дужа цярплівы са мною. Можа, я ўжо роў на яго.

— Я толькі хацеў растлумачыць, — сказаў Акерман, — што цяпер проста немажліва сказаць, колькі яшчэ пражыве ваша жонка.

— Памятайце, доктар, — не адставаў я ад яго, — памятайце, я хачу, каб у яе было ўсё сама лепшае. Асобная палата. Асобныя сёстры. Усё, што можна! Прашу вас. У мяне ёсць грошы.

 

20

 

Немагчыма даехаць ад Усходняй 63-й вуліцы ў Манхэтэне, Ню-Ёрк, да Бостана, Масачусэтс, хутчэй як за тры гадзіны дваццаць хвілін. Паверце мне, я праверыў гэта сам, калі гнаў па маршруце, і абсалютна перакананы, што ніводны аўтамабіль, наш ці замежны, нават калі за руль сядзе ас кшталту Грэма Хіла, не паб'е гэтага рэкорду. Выехаўшы на Масачусэтскую шашу, я разагнаў свой «МГ» да ста пяці міль у гадзіну.

У мяне была электрабрытва на батарэйках, і я, вядома, дбайна пагаліўся, змяніў, натуральна, кашулю, перш чым увайсці ў храм бізнесу на Стэйт-стрыт. Нават а восьмай гадзіне раніцы ў прыёмнай ужо сядзела некалькі самавітых бостанскіх грандаў дзелавога свету, чакаючы аўдыенцыі ў Олівэра Барэта III. Я і маргнуць не паспеў, як бацькава сакратарка — яна ведала мяне — паведаміла яму пра маё з'яўленне па селектары.

Бацька не перадаў ёй: «Няхай увойдзе», — а сам выйшаў у чакальню.

— Олівэр! — вітаў ён мяне.

Я даўно, праз хваробу Джэні, пачаў звяртаць увагу на знешнасць людзей і цяпер адразу заўважыў, што бацька крыху бледны, што за тыя тры гады, якія мы не бачыліся, валасы ягоныя пасівелі (і, здаецца, парадзелі).

— Заходзь, сын, — сказаў ён.

Я не зразумеў ягонага тону. Проста ўвайшоў у кабінет і сеў у фатэль для наведнікаў.

Мы з бацькам паглядзелі адзін на аднаго, потым нашыя позіркі слізнулі па рэчах, што былі ў пакоі. Мой погляд упаў на ягоны пісьмовы стол, на нажніцы ў скураным футарале, на фатаграфію маці, зробленую шмат гадоў назад. На маю фатаграфію (у дзень заканчэння каледжа).

— Як жыццё, сын? — спытаўся ён.

— Добра, сэр, — адказаў я.

— Як Джэніфэр?

Я не хацеў маніць яму і ўхіліўся ад адказу — хоць галоўнае было менавіта ў ім — і адразу выклаў прычыну майго раптоўнага з'яўлення:

— Бацька, мне трэба тэрмінова пазычыць пяць тысяч долараў. Прычына сур'ёзная.

Ён паглядзеў на мяне. І нібыта кіўнуў. Ці мне так здалося.

— Дык што за прычына?..

— Я не магу сказаць табе, бацька. Проста пазыч мне грошай. Калі ласка.

У мяне было такое адчуванне — калі, вядома, з Олівэрам Барэтам III можна кантактаваць на ўзроўні пачуццяў, — што ён пазычыць мне грошай. А яшчэ я адчуў, што ў яго няма жадання ўшчуваць мяне. А вось... пагаварыць хочацца.

— Хіба Джонас і Марш не плацяць табе?

— Плацяць, сэр.

Мне так і карцела сказаць яму, колькі мне плацяць — хай бы ведаў, што тут я рэкардсмен сярод выпускнікоў. Аднак потым я падумаў: раз ён ведае, дзе я працую, дык пэўна ведае, і колькі я зарабляю.

— Апрача таго, яна выкладае?

Значыцца, усяго ён не ведае, падумаў я і сказаў:

— Не называй яе «яна».

— Джэні ж выкладае? — спытаўся ён цяпер ужо пачціва.

— Калі ласка, не ўмешвай у гэта яе, бацька. Справа датычыць толькі мяне. Вельмі важная асабістая справа.

— Якая-небудзь гісторыя з дзяўчынай? — спытаўся ён без намёку на асуджэнне.

— Але, — сказаў я. — Але, сэр. Так яно і ёсць. Дай мне грошай. Прашу цябе.

Я ні на момант не падумаў, што ён мне паверыў. Не думаю нават, што ён хацеў ведаць сапраўдную прычыну. Я ўжо сказаў, што ён пачаў распытваць мяне, каб проста... пагаварыць са мною.

Ён высунуў шуфляду стала і дастаў чэкавую кніжку ў вокладцы з кордаўскай каляровае скуры — рыхтык такой, з якое былі зроблены дзяржак сцізорыка і футарал для нажніц. Ён разгарнуў кніжку павольна, не дзеля таго, каб памучыць мяне, не думаю — проста ён хацеў выйграць час. Знайсці што сказаць мне. Што-небудзь някрыўднае.

Ён выпісаў чэк, вырваў яго з кніжкі і працягнуў мне. Праз нейкую секунду да мяне дайшло, што мне трэба было працягнуць сваю руку насустрач ягонай. Ён сумеўся (так мне здалося), рэзка адвёў руку назад, паклаў чэк на край стала, зірнуў на мяне і кіўнуў. Твар ягоны ўсё роўна як гаварыў: «Вось, вазьмі, сын». Аднак на самай справе ён толькі кіўнуў.

Не тое што я хацеў пайсці, не — я таксама не мог прыдумаць якогасьці нейтральнага працягу размовы. І разам з тым нельга было сядзець вось так і далей, адчуваючы жаданне штосьці сказаць і адначасна баяцца нават зірнуць адзін аднаму ў вочы.

Я падаўся ўперад і ўзяў чэк. Але, роўна пяць тысяч долараў, падпісана Олівэрам Барэтам III. Чарніла яшчэ не паспела высахнуць. Я рупліва склаў чэк і паклаў у кішэню кашулі, потым падняўся і паволі пайшоў да дзвярэй. Варта было сказаць яму хоць што-небудзь: маўляў, я разумею, што дзеля мяне змусілі праветрывацца ў чакальні некалькі вельмі паважаных бостанскіх, а можа, нават і вашынгтонскіх бізнесменаў. І дадаць, што калі нам усё-такі ёсць пра што пагаварыць, дык я мог бы, бацька, пабадзяцца які час вакол ягонага офіса, а ён адмовіўся б ад абеду з якойсьці самавітай персонаю... і гэтак далей...

Прачыніўшы дзверы і спыніўшыся ля іх, я ўзяў сябе ў рукі і сказаў, гледзячы яму ў самыя вочы:

— Дзякуй, бацька.

 

21

 

Расказаць пра ўсё Філу давялося мне. Ну а каму ж яшчэ? Ён не грымнуўся адразу вобзем, як я баяўся, а спакойна зачыніў дзверы свайго дому і пераехаў жыць у нашую кватэру. У кожнага свае спосабы змагацца з горам. Філ ратаваўся тым, што ўвесь час прыбіраў у кватэры. Падмятаў, мыў, скроб. Гэтага я не надта разумеў, але, раз так, няхай працуе, калі яму лягчэй.

Можа, у душы ён спадзяецца, што Джэні яшчэ вернецца дамоў?

Пэўна ж, спадзяецца. Нябога. Таму і прыбірае тут кожнага дня. Ён проста не хоча прымаць рэчы як яны ёсць. Вядома, мне ён у гэтым не прызнаецца, аднак я здагадаўся, пра што ён думае.

Бо думаў ён пра тое ж, што і я.

Калі Джэні паклалі ў бальніцу, я патэлефанаваў Джонасу, чаму я не магу болей хадзіць на працу. Я зрабіў выгляд, што мне няма калі гаварыць доўга, бо адчуў, як ён засмуціўся і як спрабуе выказаць тое, чаго проста няздатны выказаць. Адгэтуль дні мае падзяліліся на час, які я бавіў з Джэні, і на ўсё астатняе. Вядома, «усё астатняе» не мела аніякага значэння. Я еў, не адчуваючы голаду, глядзеў, як Філ зноў і зноў прыбіраў у кватэры, і не спаў начамі, нягледзячы на тое, што пастаянна прымаў пігулкі, якія прапісаў мне доктар Акерман.

Аднаго разу я пачуў, як Філ прамармытаў сам сабе: «Доўга я так не вытрымаю». Мы толькі што паабедалі, і ён мыў посуд на кухні (уручную). Я яму нічога не сказаў, аднак падумаў: «А вось я вытрымаю, хто б Ты там ні быў, наверсе, містэр Усявышні, сэр, і прашу Цябе — няхай усё застаецца, як ёсць, я вытрымаю, я гатовы цярпець бясконца...»

Таго вечара Джэні выгнала мяне з палаты. Яна хацела пагаварыць з бацькам «як мужчына з мужчынам».

— На гэтую сустрэчу дапускаюцца толькі італійскія амерыканцы, — сказала яна. Твар у яе быў бялейшы за падушку. — Ідзі, Барэт, ідзі.

— О'кэй, — сказаў я.

— Толькі не адыходзь вельмі далёка, — дадала яна, калі ўжо я быў ля дзвярэй.

Я сеў у чакальні. Неўзабаве з'явіўся Філ.

— Яна кліча цябе, — хрыпла прашаптаў ён. — Я схаджу па цыгарэты.

— Зачыні гэтыя клятыя дзверы, — загадала яна, калі я ўвайшоў у пакой.

Я ціха прычыніў дзверы. Прысеўшы каля ложка Джэні, я разгледзеў яе. Я хачу сказаць, разгледзеў яе разам з усімі гэтымі трубкамі, падведзенымі да правай рукі, якую яна звычайна хавала пад прасціною. Я заўсёды любіў сядзець як мага бліжэй да яе і глядзець на яе твар. Цяпер ён быў страшэнна бледны, але на ім па-ранейшаму ззялі вочы. І гэты раз я сеў як мага бліжэй.

— Я зусім не адчуваю болю... Праўда, Ол, — сказала яна. — Ведаеш, гэта ўсё роўна як павольна падаць у прорву.

Усярэдзіне ў мяне штосьці балюча зварухнулася. Нешта падымалася да горла, каб выліцца слязьмі. Але я не заплачу. Я ніколі не плакаў. Я ж моцны хлопец, вы разумееце? Не, я не заплачу.

Але каб не заплакаць, мне нельга адкрываць рота. Мне застаецца адно кіўнуць. І я кіўнуў.

— Лухта, — сказала яна.

— Што? — З мяне хутчэй вырваўся хрып, чым слова.

— Ты не ведаеш, што гэта такое — падаць у прорву, падрыхтунчык, — сказала яна. — Ты ніколі нічога такога не адчуваў...

— Ведаю, — аднекуль узяліся ў мяне сілы загаварыць. — Гэтак было, калі я сустрэў цябе.

— Але, — сказала яна, і на твары ў яе прамільгнула ўсмешка. — «О, што гэта было за падзенне!» Хто гэта сказаў?

— Не ведаю, — адказаў я. — Шэкспір, напэўна.

— Але, Шэкспір, толькі які персанаж? — спыталася яна з смуткам у голасе. — Не магу нават згадаць, з якой п'есы. Я ж скончыла Рэдкліф, павінна памятаць. Некалі я ведала слова ў слова ўвесь Кёхелеўскі ўказальнік Моцарта.

— Ну і ну! — усклікнуў я.

— Вядома — ну і ну! — Яна зморшчыла лоб, потым папыталася: — Які нумар у домінорнага канцэрта?

— Я пагляджу, — сказаў я.

Я нават ведаў дзе. У нас дома. На нотнай паліцы каля фартэпіяна. Пагляджу і заўтра адразу ёй скажу.

— А я ж ведала, — сказала Джэні. — Ведала... Праўда, ведала...

— Паслухай, — сказаў я ў сваім богартаўскім стылі, — ты хочаш пагаварыць пра музыку?

— А ты што — хочаш пра пахаванне?

— Не, — выціснуў я, пашкадаваўшы аб сваіх словах.

— Я ўжо абмеркавала гэта з Філам. Ты мяне слухаеш, Олі?

Я адвярнуўся:

— Але, слухаю, Джэні.

— Я сказала яму, што ён можа запрасіць каталіцкага святара. Ты згодзішся? О'кэй?

— О'кэй.

— О'кэй, — сказала яна.

Я адчуў пэўную палёгку: пра што б ні загаварылі мы далей, сама цяжкае ўжо мінула. Аднак я памыліўся.

— Паслухай, Олівэр, — сказала Джэні вельмі ціха, але голасам, які бывае ў яе, калі яна сярдуе. — Олівэр, ды перастань ты мучыць сябе! Ты ж проста хворы!

— Я?

— Гэты вінаваты выраз твайго твару, Олівэр, гэта нешта хваравітае.

Я паспрабаваў змяніць гэты кляты выраз, але твар у мяне ўсё роўна як скамянеў.

— Тут няма нічыёй віны, дурненькі ты падрыхтунчык! — сказала яна. — Прашу цябе, перастань мучыць сябе!

Я хацеў глядзець і глядзець на яе, хацеў ніколі не адрывацца ад яе вачыма, але ўсё-такі апусціў іх. Мне было сорамна, што Джэні так лёгка чытае мае думкі.

— Паслухай, гэта адзінае, аб чым я цябе прашу, Олі. А так, я ўпэўнена, усё ў цябе будзе о'кэй.

У мяне зноў захрас камяк у горле, і я не змог нават сказаць у адказ «о'кэй». Я моўчкі глядзеў на Джэні.

— К чорту Парыж! — сказала яна раптам.

— Што?

— К чорту Парыж, к чорту музыку, к чорту ўсю гэтую лухту! Думаеш, ты што-небудзь украў у мяне? Мне пляваць на ўсё гэта, чуеш, сукін ты сын! Можаш ты ў гэта паверыць?

— Не, — шчыра прызнаўся я.

— Тады ідзі адсюль прэч! Я не хачу, каб ты сядзеў ля майго клятага ложка і глядзеў, як я аддаю канцы!

Яна не жартавала. Я заўсёды адчуваў, калі яна гаварыла ўсур'ёз. І я купіў хлуснёю дазвол застацца:

— Я табе веру.

— Так лепш, — сказала яна. — А зараз, можна я цябе аб чымсьці папрашу?

Усярэдзіне ў мяне ўсё зноў здрыганулася ад невыноснага жадання заплакаць. Але я пераадолеў яго. Я не заплачу. Я толькі скажу Джэніфэр, адным кіўком галавы скажу, што буду шчаслівы зрабіць усё, што яна папросіць.

— Мілы, абдымі мяне моцна-моцна, — сказала яна.

Я паклаў ёй руку на плячо — Божа, такое худзенечкае! — і сціснуў яго — слаба-слаба.

— Не, Олівэр, — сказала яна, — абдымі мяне па-сапраўднаму. Ляж побач са мною.

Я быў вельмі, вельмі асцярожлівы — з-за гэтых трубак і ўсялякіх іншых клятых прычындалаў. Лёг побач з ёю і абняў па-сапраўднаму.

— Дзякуй, Олі.

Гэта былі яе апошнія словы.

 

22

 

Калі я выйшаў, Філ паліў у салярыі невядома якую па ліку цыгару.

— Філ! — ціха сказаў я.

— Што? — ён узняў вочы, і мне здалося, што ён ужо ўсё ведае.

Я зразумеў, як яму трэба цяпер якое-небудзь суцяшэнне. Я падышоў да яго і паклаў руку яму на плячо. Я баяўся, што ён заплача. Сам я быў упэўнены, што стрымаюся. Я проста не мог не стрымацца...

Філ паклаў сваю руку на маю.

— Шкада, — прамармытаў ён, — шкада, што я... — Ён запнуўся. Я чакаў. Куды цяпер было спяшацца?..

— Шкада, што я паабяцаў Джэні быць моцным дзеля цябе. — І, усё роўна як выконваючы сваё слова, ціхенька паляпаў мяне па плячы.

А цяпер мне трэба было пабыць аднаму. Глынуць свежага паветра. Можа, прайсціся.

У чакальні было ціха-ціха. Адно што чуўся стук маіх абцасаў па лінолеуме.

— Олівэр!

Я спыніўся — і ўбачыў свайго бацьку.

Мы былі адны тут, калі не лічыць дзяжурнае сястры ў рэгістратуры.

Але я не мог гаварыць цяпер з ім і накіраваўся да дзвярэй на вуліцу. Праз нейкае імгненне ён дагнаў мяне.

— Олівэр! Ты павінен быў сказаць мне.

Было вельмі холадна. Але гэта мне, можна сказаць, падабалася, бо я ўсё роўна як здранцвеў і хацеў хоць што-небудзь адчуваць. Бацька ўсё гаварыў і гаварыў, а я моўчкі стаяў, падставіўшы твар парывам сцюдзёнага ветру.

— Я адразу прымчаўся сюды, як толькі даведаўся.

Я забыўся надзець паліто. Праз холад у мяне ажно твар пачаў застываць. Добра... Добра...

— Олівэр, — настойліва паўтарыў бацька, — я хачу табе дапамагчы.

— Джэні памерла, — сказаў я.

— О Божа!.. Як мне шкада, — узрушана прашаптаў ён.

Не ведаю чаму, але тут я згадаў словы, сказаныя мне вельмі даўно адной цудоўнай дзяўчынай, якое ўжо не было.

— «Каханне — гэта калі ні аб чым не трэба шкадаваць», — паўтарыў я іх.

А потым зрабіў тое, чаго ніколі не рабіў пры бацьку, тым больш — у яго на грудзях.

Я заплакаў.



Пераклад: Алесь Асташонак

Беларуская Палічка: http://knihi.com