З французскай — Эжэна Пацье
Гэта бой наш астатні
За працоўны народ,
Каб у лучнасці братняй
Узняўся людскі род.
Паўстань, пракляццем катаваны!
Паўстань, хто з голаду век пух!
Бурліць наш розум ўзбунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг!
Стары парадак мы зруйнуем
Магутным выбухам сваім
І свет на новы лад збудуем:
Хто быў нічым — той будзе ўсім!
Ніхто не дасць самохаць волі —
Ні Бог, ні цар, ні багатыр,
Даб’емся самі лепшай долі...
Дабро для ўсіх — наш правадыр!
Каб не згібаці плеч пакорных,
Каб волі дух лунаў у нас,—
Адважна плаўма сталь у горнах,
Пакуль у кузні жар не згас!
Уласць гняце, закон хітруе,
Кроў з бедных ссуць падаткі, чынш.
Нішто багатых не турбуе,
Правы гаротных — смех адзін!
Даволі жыць чужою ласкай,
Закон аб роўнасці давёў:
«Няма правоў без абавязкаў
І абавязкаў без правоў!»
Нікчэмны ў торжышчы ўсеўладным,
Капальняў, фабрыкаў паны,
Чужую працу толькі складны
Па-зверску рабаваць яны.
У скрыні-склады сытай банды
Дабро працоўнае пайшло,
Хай жа бядак даб’ецца праўды:
Каб што здабыў — яго было!
Цары паілі нас маною.
Дык нам спакой, а ім вайна.
Супроць вайны пайдзём вайною:
Душа ў салдаты — ні адна.
Калі ж уладзяць з намі гулі —
Пагоняць нас на бой за іх,—
То будуць знаць, што нашы кулі
Пачнуць страляць па іх саміх.
Мы ўсе работнікі, сяляне —
Сусветны рой працаўнікоў —
Мець будзем на зямлі ўладанне —
А дармаеды прэч! Далоў!
Жывіцца целам нашым годзе
Усім трутнём і груганом!
Для нас, паўстаўшых, сонца ўсходзе,
Свяціць нам будзе век вяком!
Гэта бой наш астатні
За працоўны народ,
Каб у лучнасці братняй
Узняўся людскі род!
1921