epub
 
падключыць
слоўнікі

Фёдар Цютчаў

Вясновая навальніца

Люблю той час пачатку мая,

Калі вясновы першы гром

З грымотнай радасцю гуляе,

Грукоча ў небе рысаком.

 

Грымяць раскаты маладыя,

Вось дожджык пырснуў, пыл ляціць,

І льюцца перлы дажджавыя,

А сонца ніці залаціць.

 

З гары імчыць паток увішны,

Гайдае лес птушыны гам,

І гоман дрэў, і шум узвышша –

Усё падтаквае грамам.

 

Ты скажаш: ветрагонка Геба

Карміла Зеўсава арла

І грамапенны кубак неба

З гарэзным смехам разліла.



Пераклад: Пятро Макарэвіч