Мілым землякам з ракі Бярэзіна, што захавалі вернасць Айчыне, гэты пераказ крыўдаў, зазнаных ад дзяржавы і суседзяў, пераказ перамог і балючых расчараванняў, што напаткалі нас у пару змагання за самае дарагое, прысвячаю з гарачым прыветам — дзе б вы ні знаходзіліся.
Аўтар
Хутар валокі1 на тры ў гушчары бяскрайніх бярэзінскіх лясоў, у абтоку дзвюх рачулак. Палову займаюць лугі, што дзесяцінным2 разлогам бягуць уздоўж берагоў праз ўсю даўжыню клінападобнай паляны. Ад лесу — пойменныя, каровіны, ад поля — мурожныя, для авечак і коней. У заходнім куце паляны рачулкі злучаюцца ў адну лукавіну, і луг шырэе амаль утрая. Там, на мурагу, на адлегласці дзесяці загонаў, стаяць у рад тры магутныя дубы. На вышыні двух-трох сажняў3 іх камлі аперазаныя квадратнымі памостамі, якія знізу густа абабілі вялізнымі цвікамі. Калі глядзець з зямлі, памосты нагадваюць кратаваныя брамы старасвецкіх замкаў, толькі шчыльнейшыя і шырэйшыя разы ў чатыры. Мясцовыя называюць іх подкурамі. А вышэй на галінах парамі стаяць адзін пад адным вуллі.
Пад сярэднім подкурам спыніўся барадаты сівы стары ў будзённай засцянковай апратцы: цесная шляхецкая шапка, чорны крамны пінжак, даматканыя клятчастыя штаны і вялікія боты з халявамі гармонікам. У адной руцэ вясло, у другой — торба з рыбаю. Побач з ім — хударлявы хлопчык гадоў дзевяці, босы, у паношанай канфедэратцы і зрэбным споднім. Адной рукою ён па-ўланску ўпіраўся ў бок, другою вертыкальна трымаў просты, у тры разы даўжэйшы за яго, ляшчынавы кій з завостраным бляшаным наканечнікам.
Быў цудоўны чэрвеньскі поўдзень — ціха і сонечна. Цень ад лесу ўжо выцягнуўся на стаю4 з гакам.
— Дзеда, — прамовіў хлопчык, цікаўна пазіраючы ўверх на подкур, — а Мікіта сказаў, што гэныя зубы ў подкура жалезныя, гэта праўда?
— Драўляныя, — каротка адказаў стары, уважліва гледзячы супраць сонца ў бок лесу.
— Драўляныя? Дык іх жа мядзведзь пакрышыць.
— Не пакрышыць, яны дубовыя, моцныя.
— Дубовыя? Дзеда, а Мікіта казаў, што мядзведзь дужы, як конь сівы, а лапы — як сіта, праўда?
— Няпраўда. Няма мядзведзяў, большых за мінулагодніх цялятаў, толькі таўсцейшыя яны і кудлатыя, як авечкі.
— Кудлатыя? Дзе-е-да! Я во з гэтым, — паказаў малы на кій, — жадных мядзведзяў не баюся.
— Такі вялікі хлопец, ці ж табе баяцца, — адгукнуўся стары, яшчэ пільней углядаючыся ў лес.
— Куды ты, дзеда, усё глядзіш і глядзіш? Мужыкі там ужо?
— Не, ляснік Васілеўскі да нас ідзе, — стары павярнуўся да хлопца, кінуў позірк на ягоную апратку, строга кінуў: — Ты як штаны перакруціў? А ну запраўся, сарамотнік!
Хлопчык паружавеў і шмыгануў за дрэва. Праз хвілінку вярнуўся запраўлены, стаў побач з дзедам гэтак жа, як раней, і пачаў з цікавасцю назіраць за госцем, які ўжо набліжаўся.
Гэта быў мужчына пад сорак, рослы, мажны, з чырвоным, як бурак, тварам і рудаватай кароткай барадой. Насіў ён палінялую канфедэратку, кароткую бурую світку, шэрыя ваўняныя даматканыя штаны і лапці. На грудзях перакрыжоўваліся два шырокія рамяні: адзін — ад стрэльбы, руля якой вызірала з-за пляча, другі — ад з паляўнічай, з казінай скуры, торбы, што матлялася каля левага сцягна. На рамяні ад торбы насупраць сэрца — жоўтая бляха шырынёю з далонь і з выбітым надпісам па-руску: «Лѣсной сторожъ».
— Я цябе пазнаў, ледзь ты толькі з лесу выйшаў, — гукнуў стары, калі ляснік ужо быў за некалькі крокаў ад яго.
— Значыць, багатым ніколі не буду, — адказаў той, напалову жартуючы, напалову верачы ў такія забабоны, і павітаўся, здымаючы шапку: — Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!
Ён схіліўся да рукі старога і гучна прыцмокнуў, цалуючы.
— На вякі вякоў! — азваўся стары і пацалаваў лесніка ў патыліцу.
Ляснік, у сваю чаргу, падаў руку для пацалунку хлопчыку. Пагладзіў яго па галаве і запытаўся:
— Як гадуешся, хлопча? От, гасцінца жаднага для цябе не маю... А што за кій у цябе? На рыбу такія восці выстругаў?
— Гэта не восці, — пакрыўджана запярэчыў малы, — гэта штых!
— Штых? Навошта штых?
— А з мужыкамі ваяваць!
— З мужыкамі ваяваць?! А што, пане Балашэвіч, — звярнуўся ляснік да старога, — няўжо зноў нітаўцы збіраюцца?
— Так. Цэлай вёскай заўтра прыйсці хочуць, нібыта праз знявагу грамадскага пастуха, якому заўчора нявестка мая шмат клопату ўчыніла, з лугу разам з быдлам праганяючы.
— Цэлай вёскаю напасці хочуць? Але ж і зладзюгі! Бандыты! Закалотнікі! А можа, толькі для постраху чуткі распускаюць, га?
— Дык нам людзі з саміх Нітаў данеслі, што не маняць тыя.
— Ось яно як... Ну, то дзякуй Богу, што хаця б знайшліся добрыя людзі і вам данеслі, цяпер час ёсць падрыхтавацца і навучыць гадаў за чужы плот няпрошана не лазіць. Пэўна ж, паклікалі вы ўрадніка?
— Не, сваёю радзінай, як звыкла, бараніцца будзем.
— Дык вас жа цэлая вёска ўшчэнт затопча, а тое, не дай Божа, і заб’юць каго. Што ж вы сабе думаеце?
— Затопчуць дык затопчуць, заб’юць дык заб’юць, але ўрадніка прасіць ні я, ні сыны мае не хочам. Самі бараніць будзем.
— Гм, прасіць не хочаце... А тады чаму ж хаця б нас не паклікаць? Мы ж можам разам, усе ляснічыя з аб’ездчыкам сабрацца, з засценка дзясятак які спрытнейшых хлопцаў узяць, і як будзеце ведаць, што маюць прыйсці, засесці за мастком у лесе, а там ужо грамадою лупануць ды матыліцу з галоваў выгнаць.
— Яно калі захацець — дык можна і людзей сабраць, і перцу ўсыпаць, а далей што? Сёння ім талакою адлуп дамо, а раніцой яны зноў накінуцца. Не будзем жа ўвесь час напагатове стаяць. А зусім раз’ятрацца — дык і спаліць могуць. Што, не так?
— Вы іх адно раздражніце і ўсё. А я вам кажу, што як добра налупіць, дык больш не прыйдуць. Вось як дзяцей свавольных вучаць?
Балашэвіч нязгодна пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў.
— Ой, пане Васілеўскі, верыш — так нам гэтая грызня з імі ўгоркла, аж страх! Мы ўжо з сынамі гаварылі: хай толькі Бог дасць да канца кантракту дажыць, а болей не трэба. Свайго, уласнасці сваёй, ужо будзем у люднейшым месцы шукаць.
— Э, ды перамелецца ўсё, праміне — і далей тут жыць будзеце. Столькі гадоў ужо... Такі хутар кідаць не варта... А яшчэ чаго ў вас новага? Як здароўе вашае?
— Дзякуй за клопат, от, клыпаю памаленьку.
— І тое добра. Вам, пане Балашэвіч, зараз толькі жыць і песні спяваць. Такую гаспадарку паднялі, такіх сыноў разумных выгадавалі! Во, — павярнуўся ён да хлопчыка, — і ўнук ужо які! Такі ваяка. А вучышся як? Чытаеш лоўка ўжо?
Ён на ўласныя вушы чуў неяк, як хлопец чытае, але згадаў навуку, бо хацеў пахваліцца ўласным сынам.
— Добра вучыцца, — сказаў Балашэвіч. — Ты ж чуў ягонае чытанне.
— І мой ужо чытае, дзякуй Богу.
— Чытае, кажаш? А я ж помню, што як зімою малацілі, то быў у нас і не ўмеў ні бэ ні мэ.
— Так, зімою жаднай літары не ведаў, а цяпер от чытае — як рэпу грызе.
— Скуль жа так хутка? Навучыў хто?
— Дык часам Казік са Смалярні, Каралеў унук, паказвае, а астатняе сам. Знойдзе якую паперку друкаваную і разбірае сабе, чытае, вучыць. Так яму навучыцца закарцела, што нават і ў сне пра гэта гаворыць.
— Калі так моцна хоча, то вучыце, час ёсць яшчэ, хлопец не стары.
— Лёгка сказаць — вучыце, але дзе, як, за што?
— Зімою хай да Казіка ходзіць, недалёка ж. Ці, можа, ён болей вучыць не будзе?
— Вучыць будзе, але незасцянковых баіцца браць, каб ураднік не разагнаў.
— Пагутары са сваім аб’ездчыкам, мо штосьці...
— Ды што там аб’ездчык, — перарваў Васілеўскі. — Я самога памешчыка хачу прасіць. Калі прыедзе зімой на паляванне і з мядзведзем пашанцуе, дык пакланюся яму нізка, руку пацалую і буду прасіць памагчы ды парадзіць. Прасіць буду.
— Прасіць можна, язык не адваліцца, — пагадзіўся Балашэвіч і паглядзеў на сонца, якое ўжо хавалася ў прагал між верхавінамі лясных дрэваў. — Але пакуль мы тут з табою блынды правім, час бяжыць. Мне сёння трэба яшчэ з сынамі параіцца і да заўтрашняга разбору падрыхтавацца. Хадзем, Сташку, — паклікаў ён унука. — Запрашаю, пане Васілеўскі, да нас на хутар у госці.
— Ды якія госці... Дзякуй, але пабягу. Сёння неяк да Ямаў і Храпачова дабрацца трэба. Можа, збяру трохі людзей, каб памаглі вам заўтра.
Развіталіся як заўсёды — малодшыя пацалавалі рукі старэйшым — і разышліся: Васілеўскі — на іншы бок лесу, а тыя двое — вузкай сцяжынай праз поле, дзе красавала жыта, на хутар.
Стары глыбока занурыўся ў думкі. Пахвальныя словы лесніка пра гаспадарку і сыноў абудзілі згадкі пра ўсе злыбеды, якія ён зазнаў, пакуль падняў гаспадарку ды выгадаваў дзяцей. Як нітка з разматанага клубка, цягнулася праз ягоныя думкі чарада карцінаў уласнага жыцця аж ад 1875 года, калі ён з-над Дняпра прыехаў сюды, у пушчу. А цяпер тут Рагі.
Было яму тады трыццаць сем. Малых дзяцей меў як гароху. Дзеўкам-блізняткам усяго адзінаццаць споўнілася. Ян, старэйшы сын, быў вось такі, як цяпер Стах — ужо ягоны спадкаемца. У Марціна пачыналі зубы мяняцца. Уладзь з Бронікам яшчэ без портак хадзілі. Ганка, ужо гадоў пяць як замужняя, у пялюшках ляжала. А дзвюх наймалодшых дзяўчат, што цяпер панны пераспелыя, тады і на свеце не было.
Палёў у гэтай старане тады яшчэ было вельмі мала. Абшар на дзясяткі вёрстаў5 шчыльна пакрывалі глухія нечапаныя лясы, якія, апроч палявання, ніякае карысці не прыносілі, і ўласнікі з усіх сілаў намагаліся ператварыць іх ва ўробленае, прыбытковае поле. Угаворвалі і нават прасілі людзей сяліцца ў іхных лясах, дазваляючы выбіраць што падабаецца, апроч нерушаў, і абяцаючы першыя пяць гадоў не браць з новых пасяленцаў арэнды.
Ранняй восенню, акурат тады, калі цяпер заканчваюць жаць, Балашэвіч, адолеўшы больш за сотню вёрстаў лесам, выбраў сабе месца тут, між дзвюх рачулак, каб было дзе, сказаў ён, рыбку на посны дзень лавіць, а бабе бялізну і пялюшкі праць зручна. Поля не было зусім: ні хаты паставіць, ні дзяружкі разаслаць, — а наўкола, як і цяпер, стаяла глухая і непралазная пушча. Найбліжэйшае поле і чалавечае паселішча былі за пяць вёрстаў — якраз у той самай вёсцы Ніты. Яе жыхары абранае Балашэвічам міжрэчча, куды часам залазілі надраць арэхаў ці лыка, называлі Рагі.
На тым месцы ён расчысціў пагорак, зваліўшы дзесяціны дзве лесу, пабудаваў шалашы для сябе і худобы, працерабіў сцежку на тры вярсты да дарогі і напрадвесні перавёз усю сям’ю і майно.
І пачаліся турботы і цяжкая праца. Пакуль спажывалі зерне, прывезенае з сабою, было яшчэ паўбяды, а потым настаў голад. Спачатку на новай зямлі не гаспадарылася, не шанцавала страшна. Пасадзіў картоплю, угнаіў, попелам падкарміў — забуяла і ўся ў бацвінне пайшла. З грэчкай — тое самае: саломаю зарасла вышэй за пояс, а зернем ледзь-ледзь насенне вярнулі. І ячмень нешчасліва пасеяў, перад доўгімі дажджамі — той змакрэў і не вырас. Меў лапік аўса — на чатыры хаты хапіла б, — дык цёмнай ноччу прыйшло мядзведжае сямейства і ўсё зжэрла, растрапала, паламала. Вялікая надзея яшчэ на проса была, якое ўрадзіла надзіва: высокае, сцябліны як тронкі грабляў, мяцёлкай па галаве дасі — і няма чалавека. Цешыліся, чакаючы, пакуль добра даспее, але тут дождж з ветрам наляцеў, і праз тры дні стала пустая салома: асыпалася проса на зямлю да апошняга зярнятка.
Адна карова вясной у балоце ўтапілася, другая таксама здохла — рысь пажэрла вымя. Зімой ваўкі падкапалі хлеў і задушылі свінаматку.
Прыйшла вясна, а ў іх, як кажуць, ні цыбулі, ні куды цыбулю ўкінуць. А жонка тым часам, як тое ў гароце бывае, нараджала дзяцей адно за адным.
Балашэвіч валасы на галаве рваў ад роспачы.
Час ад часу ў Рагі з цікавасці зазіралі нітаўцы, кпілі і застрашвалі:
— Ляху, ляху! — крычалі. — Дзе ў цябе розум з галавой былі, калі ты ў такую глуш, такое чарналессе пёр? Ты што, на ўсім свеце лепшага месца не знайшоў? Бяжы, пакуль можна, а то згінеш разам з усімі сваімі вырадкамі!
Балашэвіч і сам ужо вельмі шкадаваў пра сваё неразважнае пачынанне, але ўцякаць было позна. За што новую арэнду падымаць? Як паказацца людзям на вочы з чародкай паўголых змораных дзяцей?
Ён сціснуў зубы і застаўся, вырашыўшы змагацца, пакуль ногі не выпруціць. Паехаў да швагра, выпрасіў насення, засеяў колькі было поля і з дзецьмі церабіў пушчу далей. Другі ўраджай быў лепшы і на цэлы год даў ім прынамсі хлеба. Восенню дзяўчаты назбіралі ў лесе дванаццаць пудоў6 арэхаў на продаж. Зімою ён сам узяўся рабіць цэбры з вёдрамі, а хлопцы налаўчыліся лавіць у сіло тхароў і лісіц ды паляваць з сякерай на гарнастаяў. Увесну яны абярнулі гэта ўсё на грошы і аддалі на гадоўлю быдла.
Яны заглыбляліся ў пушчу ўсё смялей і грунтоўней — працавалі ўсе, аж да трохгадовага дзіцяці, працавалі як мурашы, заўзята і дружна: секлі, карчавалі, збіралі галлё, закураныя дымам і запэцканыя сажай.
Паляна шырылася, расла, і з кожным годам хлеба і ўсялякіх дабротаў у Балашэвіча прыбывала.
Праз пяць гадоў у Рагі завітаў памешчык, пахваліў за працавітасць і прызначыў суму арэнды. Спачатку мала — усяго дзесяць рублёў, але потым кожны год на тры, на пяць, а то і на дзесяць рублёў падымаў. Калі прайшло дзевятнаццаць гадоў, хацеў выселіць, бо баяўся, што пададуць на адчужэнне паводле тэрміну даўнасці. Але Балашэвіч угаварыў: пакляўся гонарам і продкамі ды падпісаў паперу, што ні ён, ні ягоныя сыны ніколі не хацелі Рагі прыўлашчыць. І іх пакінулі. Толькі з Балашэвічам і абышліся так мякка, бо за яго паручыўся памешчык, у якога ён наймаў зямлю перад гэтым. Ад іншых арандатараў уласнік пушчы не прыняў ні слова, ні подпісу — выселіў гвалтам з паліцыяй, а на іх месца засяліў новых.
Цяпер Рагі былі самым заможным хутарам у ваколіцах.
«Вам зараз толькі жыць і песні спяваць», — успомніў Балашэвіч нядаўнія словы лесніка.
Можна было б і спяваць, калі б не свавольныя Ніты. Вось красуе ніва — дзесяцінаў на дванаццаць — буйнога, як чарот, і густога, як шчотка, жыта. А вунь там — яшчэ адно такое поле шуміць яравым збожжам. Наўкола разлеглыя, як стэп, тлустыя лугі. У лесе сорак пяць галоваў іхнага быдла пасвіцца, на папары — столькі ж свіней і ў два разы болей авечак. У іх тры пары коней, каб араць, і адна на стайні — каб выязджаць. На пасецы — 25 старых раёў. Пабудовы драўляныя, але выгодныя, усім патрэбным абсталяваныя.
Выйшаўшы з унукам на пагорак, Балашэвіч нават спыніўся, радасна азіраючыся навокал. Сэрца напоўнілася гордасцю: ён — гаспадар усёй гэтай мядова-малочнай паляны. Гэта ён разам з роднымі дзецьмі яе выбедаваў.
1 Валока — 21,36 га.
2 Дзесяціна — 1,1 га.
3 Сажань — каля 1,95 м.
4 Стая — каля 80 м.
5 Вярста — каля 1560 м.
6 Пуд — 16,3 кг.
Цэлы вечар на хутары рыхтаваліся да абароны перад заўтрашнім меркаваным нападам. Накасілі і прывезлі воз травы для статка, каб пастухі маглі вярнуцца з пашы раней, калі спатрэбяцца ў бойцы. Знялі з рачнога моста да Нітаў насціл, звезлі яго на дзядзінец, потым вастрылі палкі, насаджвалі на доўгія дрэўкі вілы, якімі гной кідаюць, стругалі адпаведныя сваім сілам калы, мачылі новыя лапці, зацягвалі новыя аборы: няма нічога горшага, чым калі падчас бойкі парвецца ці развяжацца абора альбо лопне пояс і спадуць порткі.
Рыхтаваліся старанна, удумліва, цалкам усведамляючы блізкую небяспеку, але без страху і залішняй гарачкі — нібыта да палявання ці сенакосу ў пагоду. Прывыклі. Кожнае лета яны адбівалі некалькі нападаў. Пагражаючы знішчэннем, нітаўцы ўжо і ўсёй вёскай абяцалі напасці, вось як цяпер, але з вялікае хмары заўсёды бываў малы дождж: зазвычай прыходзілі толькі самыя задзірлівыя, пераважна няўмелыя смаркачы, якіх Балашэвічы, заўжды гатовыя да бойкі і папярэджаныя пра напад, з няславаю праганялі.
Пасля вячэры гаспадары селі на прызбу і доўга раіліся.
Назаўтра ўсе, апроч парабкаў і дзяцей, усталі, як звычайна, на світанні. Жанчыны, падаіўшы кароваў, запалілі ў печы і пачалі завіхацца са сняданкам, пастухі пагналі статкі папасвіцца пару гадзінаў, а стары Балашэвіч з сынамі ўзяўся адпраўляць Ружанец. Кожнага святочнага ранку ў Рагах чыталі як не Ружанец, то Гадзінкі альбо іншыя, адпаведныя пары года, малітвы: калі жывеш на такім глухім хутары, да касцёла не наездзішся.
Адправіўшы Ружанец, пабудзілі парабкаў і дзяцей, паклікалі з поля пастухоў, паслалі Стаха да моста сцерагчы і селі за стол. Сняданак кабеты сёння зладзілі надзвычай шчодры: шатраваныя ячменныя бліны, мачанка з яйкамі, густа пасыпанымі скваркамі, і вэнджанымі скабкамі, на закуску — картапляныя клёцкі на малацэ і кіслае малако са смятанай і сырам. І ўсяго было ўдосталь.
Елі, згадваючы падзеі папярэдніх боек, і наперад смакавалі, як будуць дубасіць прыхадняў сёння. Падбадзёрвалі сябе — хата аж трэслася ад крыкаў і выбухаў смеху.
Стах пра набліжэнне захопнікаў не папярэджваў, таму па сняданку мужчыны апрануліся — стары па-святочнаму, астатнія ў зрэбнае, абулі лапці як на сенакос, узялі кіі і рушылі між яравых хлябоў адгароджанай сцяжынай да моста — тры стаі наўпрост.
Дзень быў пагодны, ясны. У небе блукалі адзінокія воблачкі, маленькія, празрыстыя і зграбныя. Час ад часу з захаду веяў лагодны сухі ветрык, раса ўжо цалкам высахла. Чалавечы цень скурчыўся да чатырох крокаў.
Стах са сваім заўсёдным «штыхом» вартаваў пры мосце. Ён бачыў, што дарослыя набліжаюцца, нават чуў асобныя словы, але не азіраўся, натапырыўшы вушы ў бок лесу за рэчкай, выцягнуўшы шыю, услухоўваючыся: вельмі ўжо хацеў паказаць, што старанна выконвае баявое заданне, якому быў бязмерна рады.
— Ну што, — спытаў у яго дзядзька Уладзь, які падышоў першы, — мужыкоў яшчэ не было? Можа, паўцякалі, як пабачылі цябе з гэтым штыхом?
— Мужыкоў не было, але прыходзіў мядзведзь, — адказаў Стах, па-ранейшаму ўглядаючыся і ўслухоўваючыся ў лес.
— Мядзведзь, кажаш?
— Ага, вунь там, — паказаў хлопчык на гушчар, — трашчала моцна і раўло, ну акурат як бык перад бітвай бушуе.
— Тады і праўда мядзведзь, — пацвердзіў дзядзька, падміргваючы астатнім. — І што, ты не спужаўся?
— Ані трошкі! Вось нават з месца не сышоў!
— Чаго брэшаш, смаркач, — вылаяўся на яго бацька.
— Богам клянуся, татка, трашчала ў лесе, — прысягнуў малы.
— Колькі разоў я табе казаў не клясціся!
— Татка, я забыў.
— Зараз як дам на памяць. Марш дадому снедаць.
— Не хачу есці, я з вамі застануся.
— Я сказаў, марш дадому. І каб пры матцы сядзеў.
— Ага, — надзьмуўся хлопчык, — учора абяцалі з сабою ўзяць, а цяпер гоніце. У мяне ж і штых ёсць, я так вартаваў...
— Па срацы захацеў?! — крыкнуў бацька, хапаючыся за рэмень.
Стах хуценька адбег з бурчаннем — Ян з дзецьмі не жартаваў.
Мужчыны паселі на насыпе грэблі ў цені бярозы. Але чакаць давялося нядоўга.
Праз некалькі хвілінаў за рэчкаю нешта падазрона затрашчала, і з кустоў лазы паказалася галава юнака ў шырокай фуражцы. Хлопец асцярожна высунуўся напалову, зірнуў на грэблю за мостам і, заўважыўшы рагоўцаў, нырнуў у гушчар. Значыць, разведаць паслалі. Праз імгненне тая самая галава мільгала ўжо ў зарасніках папараці.
Уладзь прапанаваў ім утраіх з малодшым братам Бронікам і Саўкам, дужым парабкам, перайсці рэчку, засесці ў кустах ля звужэння дарогі за грэбляй і завадатарам, што зазвычай прыходзілі раней за астатніх, справіць добрую лазню, пакуль рэшта не падцягнулася. Але стары не дазволіў.
— Мы не задзірацца прыйшлі, — сказаў ён, — а бараніцца. Паспрабуем лагодна спачатку.
З лесу ўжо было чуваць, як пераклікаюцца людзі, іржуць коні і жарабяты. Галасы з кожнай хвіляй гучнелі. Мужчыны ступілі на апоры моста і прыслухаліся, нецярпліва чакаючы.
Галас ішоў зігзагам, як лясная сцяжына — то ўлева, то ўправа, — і хутка набліжаўся. Калі ветрык не варушыў цішы, да слыху даляталі асобныя пракляцці. Прыхадні ўжо дасягнулі найбліжэйшага звіву сцежкі і вось-вось мусілі з’явіцца на грэблі. Мабыць, раіліся між сабою. Мінула хвілінаў пяць — і раптам дзіка зараўло, закрычала: на грэблю высыпаў натоўп.
Уперадзе няшчыльна, па двое-трое, ішлі, крычучы, і трасучы кіямі, завадатары ў чорных, з шырокімі аколышамі фуражках набакір, з казацкімі чубамі, у белых зрэбных кашулях з чырвона-зялёнай вышыўкай на каўняры і на грудзях. Яны надзелі кашулі навыпуск, па-беларуску, і два разы апаясалі стракатай плеценай тасёмкай на паўвяршка, з кутасамі, што звісалі на левае сцягно, а таксама белыя нагавіцы і лапці-саракавушкі з рамянямі на лытках. За імі, пхаючыся, сунулася шматлюдная грамада, апранутая на той жа капыл. Кіі яны неслі на плячах і здалёк былі падобныя да вайсковай роты. Многія з іх былі дарослыя хлопцы, ужо з вусікамі, але бальшыня — смаркачы дапрызыўнага веку, хаця і дужыя ўжо. Далей аж у бясконцасць цягнулася доўгая падвойная чародка дзяўчат і падлеткаў на конях. За якія паўвярсты ў бары пастухова труба бадзёра выводзіла лявоніху, абвяшчаючы, што за ўсім гэтым ідзе статак быдла.
Рагоўцы трывожна пераглянуліся, зразумеўшы, што справа кепская. Насустрач ім ішло прынамсі восемдзесят хлопцаў, і гэта не лічачы конных, а іх разам са старым — усяго дзевяць. Дагэтуль нітаўцы ніколі не прыходзілі такім натоўпам.
Яны сышлі з апораў і сталі купкаю на беразе са свайго боку.
— Гэй, ляхі клятыя, — крыкнулі задзіракі, апынуўшыся за некалькі дзясяткаў крокаў, — на чорта мост разабралі, вашу маць? Ану склалі назад, морды ляшскія!
Балашэвічы прамаўчалі.
Неўзабаве падцягнуліся асноўныя сілы нітаўцаў і, абступіўшы завадатараў, наблізіліся да моста, але па апорах пераходзіць ніводзін не наважыўся. У бок Балашэвічаў паляцелі кляцьба, лаянка і разнастайныя мацюкі.
— Мяцежнікі, маць вашу! Чаго мост разабралі? Сучыя сыны, недавяркі! Мост назад вярнулі, маць вашу, а то мы вам зараз пакажам!
Некаторыя для лепшай акрасы сваіх «матушак» пачыналі з «так і разгэтак», аж брыдка было слухаць.
Стары падаў знак, што хоча гаварыць. Натоўп крыху прыціх.
— Вы чаго, хлопцы, крычыцё? — прымірэнча загаварыў ён дрыготкім ад старасці і хвалявання голасам. — Навошта калы на плечы пабралі, нібы на ваўкоў ідзяце альбо на сабак шалёных? Скажыце па-добраму, чаго вы ад нас хочаце.
— Навошта мост разабралі, пытаемся! — выступіў наперад адзін з завадатараў — мужык, што адбыў службу ў войску і на праве знаўся. — Ва ўсім гасударстве расійскім ніхто не можа дарогу загароджваць. Давай, старык, складзі мост і нас пусці.
— Гэтая дарога не дзяржаўная, яна толькі на наш хутар вядзе. Мы яе самі збудавалі і маем права ёю распараджацца. Людзям, якія да нас з добрымі намерамі ідуць, мы дарогі не заступім. Чаго вам трэба на нашым баку? Навошта вам мост?
— На пасбішча нашае, на сервітуты хочам з быдлам і коньмі! Вярні насціл і ўсё тут!
— На гэтым баку — нашыя лугі і збожжа, а вашых сервітутаў — ніводнага. Не вы дарогу нам пракладалі, не вы сеялі, то і пасвіць права не маеце.
— Маем права! Нашыя атцы паншчыну служылі! Нам цар усюды дазволіў пасвіць! Маем права, маем! — пасыпаліся галасы з натоўпу.
— Ні мне, ні бацьку майму вы паншчыны не служылі, — адказаў Балашэвіч. — Я бедны працоўны чалавек, як і вы ўсе. Дзеткі мае, ці ж вам няма пашы апроч нашага хутара? Пяцьсот валокаў лесу перад вамі ляжыць, на дваццаць вашых статкаў хопіць. Вы ж сваёй худобе больш шкоды, чым карысці чыніце, на пяць вёрстаў яе гонячы. Няўжо ж у вас конь пасыцее ці карова больш малака дасць, калі на нашым лузе паскубе альбо аўса ўшчыпне? На што ж хочаце шкоды людзям, што, як і вы, на кавалак хлеба цяжка робяць і ў таго самага Пана Езуса вераць, га?
На тварах прыхадняў нібыта нават нейкі сорам з’явіўся і збянтэжанасць. Але не на ўсіх.
— А і пасыцеюць! — вырвалася ў кагосьці.
— Рэпы хочам! — пасмялеў яшчэ адзін.
— Так, рэпу давайце! Гароху зялёнага! І маркоўкі! — адно за адным паляцелі патрабаванні.
— Добра, дамо вам рэпы, — пагадзіўся стары. — А гароху не магу, ён толькі цвісці пачаў, там пакуль адно пустыя струкі. У морквы таксама завязь з п’яўку. Не будзеце ж вы націны есці.
— Тады рэпу давай! Нясі зараз жа! І сала! Сала нам! І мёду! І сахару! — прыхадні рабіліся ўсё больш патрабавальнымі, бачачы падатлівасць ляхаў.
— Мёду, хлопцы, цяпер няможна, у пчолак самая работа цяпер. Мы вам аддамо ўсё, што ў садзе ёсць, рэпы яшчэ дамо, сала, сахару таксама дамо, толькі кіньце свае калы. Кідайце, дзеткі, у рэчку, хай плывуць злым людзям на хваробу.
Многія хлопцы апусцілі калы і няўпэўнена азірнуліся вакол: здавалася, умовы іх задаволілі.
— Бяжы, хлопча, дадому хутчэй, — павярнуўся Балашэвіч да наймалодшага сына. — Вазьмі на гарышчы кавалак сала, забяры з шафы цукар і скажы бабам, каб на агародзе ўсю рэпу вырвалі, і неадкладна сюды прыносьце.
— Ты, сабака, думаеш, што нас кавалкам сахару купіш? — закрычаў, выскокваючы наперад, Маталах, першы ў Нітах задзіра. — Вось табе, шэршань стары!
І кінуў камень у Балашэвіча, які ўсё яшчэ стаяў, павярнуўшыся да сына. Трапіў у галаву крыху вышэй за вуха. Стары войкнуў і споўз на зямлю, сплываючы крывёй.
Ян, Марцін і Бронік кінуліся бацьку на дапамогу.
— Вы толькі паглядзіце на ляха! — пад’юджваў Маталах. — Ён нам будзе выдзяляць па скрылёчку, як свінапасам! Самі возьмем! Рагі нашы, усё наша! На ляхаў, рабяты! На мяцежнікаў! Мы рускія! Пастуха абідзелі! За мной, рабяты!
Ён выставіў наперад кій і палез на сярэднюю маставую апору, спадзеючыся перабрацца, пакуль рагоўцы ў замяшанні. Па бакавых апорах за ім рушыла яшчэ двое зухаў.
Уладзь, Саўка і Людвік — другі парабак — загарадзілі ім дарогу. Уладзь стаў насупраць Маталаха.
— Ну чакай, зараз я табе за татку ўсыплю, — шаптаў ён, прысеўшы для скачка, нібы кот. Падпусціў на даўжыню кія і выцяў у плячо, скінуўшы задзіру ў рэчку. Цэліў, праўда, у галаву, але пакуль размахваўся, Маталах адхіліўся ўбок. Са сваім супраціўнікам Саўка зрабіў тое самае, а Людвік высунуўся задалёка, праз гэта слаба замахнуўся, і яго непрыяцель здолеў абясшкодзіць удар і вывернуцца.
Тым часам Ян з Бронікам паднялі параненага бацьку. Ён бязвольна вісеў у іх на руках і сплываў крывёю, але быў прытомны.
— Бронік, сынок, адвядзі мяне дадому, — ледзь чутна прамовіў ён. — А вы, дзеткі, бараніцеся колькі зможаце. Толькі прашу, не біце насмерць і самі беражыцеся.
Ні на што не зважаючы, нітаўцы ўсё яшчэ ўпарта пхаліся па апорах. Некаторыя валіліся ў раку альбо са стогнамі паварочвалі назад, а іх месца адразу ж займалі іншыя ўдальцы. Натоўп падаграваў сябе дзікім выццём, такім вуркатлівым і шалёным, што здавалася, нібыта людзей у ім тысячы — цэлая татарская арда. Лезлі па-рознаму: адны асядлалі брусы і перасоўваліся на дупе, а другія абаранялі першых, выставіўшы палкі і наступаючы ззаду. Але ўсё марна: рагоўцы, стоячы на цвёрдым беразе, адбівалі любы напад без адзінага высілку.
— Ужарым, рабяты! Палкамі ў іх давайце! — выбіваўся асобны голас з усеагульнага крыку. — Ужарым! Палкамі! Дайце палак! — разыходзілася ў натоўпе і ляцела па грэблі аж да конюхаў.
Падлеткі аддалі коней дзяўчатам і пабеглі па палкі.
Неўзабаве гурт атрымаў жаданыя снарады, кінуўся ў атаку — і паветра ажно зазвінела, калі ў яго са свістам узняліся шматлікія калы.
Раз-пораз рагоўцы з сыканнем хапаліся за руку, плячо, галаву ці нагу, якія апыналіся пад палачным агнём, але не адступалі. Удары дзеравячынаў, ды яшчэ і пераважна струхлелых, не маглі ні аглушыць, ні пакалечыць. Рагоўцы выбіралі сушэйшыя палкі і кідалі назад у натоўп.
Нітаўцы шалелі ад злосці. Купка завадатараў на чале з Маталахам, мокрым пасля купання, пра нешта раілася за спінамі іншых. Потым паклікалі з натоўпу паўтара дзясятка наймацнейшых хлопцаў і забеглі з імі ў лес.
У наваколлі разляцеліся гукі сякераў. У рагоўцаў дрыжыкі пайшлі па целе: на той дзялцы рос маладняк. Яны здагадаліся пра намеры непрыяцеляў, але не спалохаліся, у іх сэрцах нават надзея з’явілася: падумалі, што Пан Бог такога граху нітаўцам не спусціць.
Праз некалькі хвілінаў на левым баку зарыпела, затрашчала, і ўпоперак ракі рухнула вольха. Яшчэ не сціхла рэха, а праз паваленае дрэва ўжо бегла чарада хлопцаў. Ім наперарэз кінуліся Уладзь, Саўка і Людвік і пасля гарачай сутычкі адкінулі іх назад за раку.
Рэха сякераў яшчэ грымела ў лесе. Неўзабаве за пяцьдзясят крокаў ад першай вольхі павалілася другая. Уладзь пабег да яе, але па дарозе зваліўся ў балаціну, здрадліва прыкрытую слоем дзёрну, і пакуль з яе выбіраўся, паваленай кладкай перабегла ўжо шасцёра хлопцаў — атачылі яго і спакойненька выцялі кіямі з усіх бакоў. І тут ужо стала не да пераправы — трэба было бараніць сябе самога. Раскруціўшы кій млынком над галавою, Уладзь, нібыта ратуючыся ад сабачай зграі, пачаў павольна адступаць на цвёрды грунт. А нітаўцы тым часам беглі па кладцы шчыльным шэрагам, абступалі ўсё гусцей і кідаліся ўсё смялей. Не могучы падступіцца бліжэй праз раскручаны над галавою кій, яны пулялі палкамі, падкрадаліся ззаду і бадаліся галавой. Адзін выдраў з адонка кавалак струхлелага палена, шпурнуў Уладзю пад ногі і ледзь не паваліў.
Але на дапамогу падаспелі Бронік, які ўжо адвёў бацьку дадому і вярнуўся, і Саўка з Людвікам. Яны разарвалі колца, што абступіла Уладзя, і хлопцы ўчацвярых дружна сталі супраць нягоднікаў. Дубіны загрукаталі так, нібыта малацілі адначасова пяццю-шасцю цапамі. У Саўку нібы чорт усяліўся: ён смаліў сваім даўжэйшым за галоблю кіем па нагах і кожным ударам валіў некалькіх, быццам траву касіў. Людвік асаблівым прыёмам выбіваў калы з рук праціўнікаў і цяў іх паміж ног, каб, як ён казаў, зрабіць іх няздольнымі да дзевак і каб на калецтва саромнага месца баяліся скардзіцца. Уладзь з Бронікам завіхаліся разам: разразалі млынкамі натоўп, імкліва скакалі то ўперад, то ўбок, то назад, бадаліся, лупілі па хрыбтах, баках, плячах, нагах. Круціліся ваўчком, кідаліся ўроссып, нібы зямля перад акучнікам картоплі. Выкарыстоўвалі ўсе вядомыя ім штукі і фокусы, напружвалі ўсе сілы, каб ашаламіць ворага сваёй рашучасцю і адвагай, зламаць завадатараў і адпудзіць астатніх ад пераправы праз раку.
І нітаўцы, відавочна ўражаныя хвацкасцю рагоўцаў, якой не падазравалі, і ярасцю, з якою тыя біліся, пачалі адступаць да берага. Але, заўважыўшы, што рагоўцы свядома стараюцца не біць насмерць, бо амаль кожны з паваленых вяскоўцаў падымаецца сам і некаторыя з іх нават зноў кідаюцца ў бойку, асмялелі і перайшлі ў наступ. Ужо больш чым паўсотні іх перабегла праз рэчку. Старэйшыя пад’юджвалі маладзейшых:
— Сорам нам будзе, хлопцы, калі мы такім гуртам не дамо рады чатыром ляхам! Смялей бярыцеся! Біце чым папала! Не здавайцеся! Яны мяцежнікі! Мы — рускія людзі! Бяромся, рабяты!
І яны зноў узялі рагоўцаў у колца. Мацнейшыя схапілі дубіны, астатнія білі кавалкамі дрэва. За некалькі хвілінаў расхапалі, разламалі на кавалкі цэлы адонак. Кідаліся на рагоўцаў і вішчалі як шалёныя, раз-пораз наносячы ўдары. Маталах зайшоў з тылу і выцяў Уладзя сякераю, цяжка параніўшы ў сцягно. Ад болю Уладзь аж падскочыў, але не ўпаў: падхапіў сякеру, адбег да брата і пад яго прыкрыццём засунуў яе сабе за пояс. Потым адной рукой заціснуў рану, а ў другой трымаючы кій, далей малаціў ворага — Уладзь быў моцны і спрытны, як ніхто з Балашэвічаў.
Адзін з важакоў ударыў сякераю Броніка, але схібіў: сякера трапіла абухам у грудзі і ўпала. Бронік нахіліўся, каб па прыкладзе брата яе падхапіць, — і атрымаў зверху дубінаю па галаве, зарыўшыся носам у зямлю. Раз’ятраныя нітаўцы абляпілі яго, нібыта крумкачы падліну, і давай бязлітасна лупіць ляжачага.
Уладзь аберуч схапіў кол і кінуўся брату на ратунак. Падскочылі і Людвік з Саўкам. Апошні ад выгляду крыві і сякераў раз’юшыўся як дзікі звер.
— Заб’ю, ей-богу, заб’ю! — роў ён. — Калі вы тапарамі, дык і я насмерць!
Ён некалькі разоў лупануў паленам і разагнаў набрыдзь. Уладзь падняў параненага брата, узяўшы адной рукой падпахі праз плечы, а другой заціснуўшы ўласную рану, і, абараняючыся ад разлютаванага натоўпу, рушыў да грэблі да сваіх. Тыя ўжо беглі ім насустрач, бо далей трымаць мост не было сэнсу. Дабегшы, наскокам разарвалі колца нападнікаў і, злучыўшыся разам, па канюшыне, што расла паміж лугам, садам і агароджаю, пачалі адступаць да плота.
Барукацца з такім натоўпам было немажліва, таму толькі бараніліся, увесь час круцячы млынкі і трымаючыся шчыльным колам, каб іх не атакавалі з тылу. І толькі Саўка, якога стогны параненых гаспадароў уганялі ў шаленства, раз-пораз ярасна кідаўся на злачынцаў і, пляжачы іх паленам, помсціў за ліхадзейства.
Нітаўцы ўсё настойлівей ціснулі з усіх бакоў. Не могучы наблізіцца да рагоўцаў, якія бесперастанку круцілі кіямі, яны кідаліся ў іх палкамі здалёк, што не прыносіла ніякай заўважнай шкоды. Але тут падбеглі шчэ конюхі, паднёсшы таварышам камяні, што аказаліся больш грознаю зброяй, і цяпер то адзін, то другі раговец сыкаў і хапаўся за руку, нагу ці бок, забываючы бараніцца. Некаторыя ўдары былі такія, што ўцятыя падалі на зямлю, і да іх тут жа кідалася зграя з дубінамі. Здавалася ўжо, што рагоўцам канец, што вось-вось усярэдзіну ўварвецца гурт нападнікаў, атакуе з тылу, разаб’е кальцо, расцісне і пераб’е ўсіх дубінамі. Але кожны раз да нешчасліўца паварочваўся нехта з таварышаў, закрываў яго сабою, даючы мажлівасць устаць, адысці назад і, ператрываўшы першы прыступ болю, зноў уступіць у бойку. Ян нястомна падбадзёрваў хаўруснікаў:
— Трымайцеся, браткі, трымайцеся! Нам бы толькі да саду, да плота дабрацца, а там ужо гады нас не ўкусяць. Трымайцеся, хлопцы, ужо недалёка.
У садзе, што ляжаў паміж палянай канюшыны і дзядзінцам, іх чакала сям’я, трымаючы калы і агнястрэльную зброю.
Усё часцей падалі рагоўцы, усё мацней сплывалі крывёю, усё павольней рухаліся — але дапялі да запаветнага саду не пераможаныя.
Стах вяртаўся дадому, злуючыся на бацьку як ніколі. А чаго ж не злавацца? Колькі разоў абяцаў узяць з сабою біцца, а цяпер праганяе, смаркачом называе ды яшчэ рэменем страшыць.
— Ніколі яму гэтага не забуду, — у запале паўтараў хлопчык. — Вось толькі вырасту... там разлічымся. Вось і куты штых у мяне ёсць... А калі залезці наверх? — спыніўся ён ля дуба, што рос у канюшыне. Вельмі ўжо яму хацелася паглядзець бойку.
Ён праціснуўся праз шчыліну ў плоце, прайшоў паміж лугам і канюшынавай палянай да баразны недалёка ад дуба і павярнуў да дрэва. Наблізіўшыся, зірнуў на масток. Здаецца, у яго бок ніхто не глядзеў. Прывязаў вяроўчынай сваю зброю да пояса і хуценька палез наверх.
Лазіў ён спрытна, як кот, і не адну пару бялізны аб дрэвы працёр. Не раз за такія штукі ад маці ў каршэнь атрымліваў, але ж навучыўся.
Ён далез аж да разгалістай верхавіны і як на далоні ўбачыў Рагі цалкам, ад лесу да лесу. Зноў зірнуў на мост. Адны сядзяць пад бярозай, а Уладзь са свінапасам стаяць і пільна ў лес углядаюцца. Стах прыслухаўся. У лесе грае труба і крык стаіць, нібыта ідуць з аблавы. Галас паступова набліжаецца, і нарэшце натоўп з дубінамі высыпае на грэблю. Незлічона іх і такія ж дужыя, як бацька з дзядзькамі.
Мужчыны з Рагоў падняліся і чакаюць як нічога ніякага. І Стах не баіцца, ну ані трошкі, бо непахісна верыць, што яны мужыкоў перамогуць. Нічога ў свеце ён не хацеў так, як быць цяпер там, разам з імі. А потым вяртаўся б дадому са сваім штыхом на плячы, а Фэлька з Антосем, браты малодшыя, і бабы глядзелі б толькі на яго. «Вось мужчыны нашыя, ваяры», — хвалілі б. Дзясяцера цэлую вёску зваявалі! І слова «мужчыны» да яго б таксама адносілася!
Стаяць там гурт супраць гурту і ўсё сварацца. Потым дзядулька падае... На мост лезуць мужыкі і валяцца ў раку. Стаха ахопліваюць і радасць, і страх за дзядульку. Яго падымаюць і Бронік вядзе дадому. Хочацца злезці, пабегчы да яго і пашкадаваць беднага, але жаданне паглядзець бойку перамагае.
Ён застаецца на дрэве і сочыць за ўсім ледзь дыхаючы. Тыя пхаюцца па апорах. Марна. Кідаюцца палкамі. Таксама без сэнсу. Сякуць дрэвы і перабягаюць праз рэчку, а двое дзядзькоў і парабкі іх праганяюць. Усяго чацвёра — і незлічоны натоўп адбіваюць. Глядзець прыемна.
Але мужыкі ля рэчкі спыняюцца і пераходзяць у наступ. Здаецца, перамагаюць... няўжо? Так, пачынаюць насядаць. Атачаюць рагоўцаў і бяруць ва ўсё цяснейшае колца. Уладзь адной рукой за сцягно трымаецца... Бронік падае... Усё змешваецца, віруе, кіпіць. Стаху аж сэрцайка баліць ад жалю і трывогі за дзядзькаў.
І зноў натоўп расступаецца, бы вада ад кінутага каменя. Уладзь вядзе пад пахі брата, а Саўка з Людвікам жараць. Да іх спяшаюцца бацька з Марцінам і пастухі. Ну, зараз тым дадуць, — адраджаецца ў Стаху вера ў перамогу. Але рагоўцы, на ягоны жаль, сыходзяцца і хутка адступаюць да плота.
У Стаха замірае сэрца і валасы становяцца дыбарам. Ён разумее, што мусіць неадкладна ўцякаць дадому, а смеласці на гэта няма — баіцца, што не здолее. Ён азіраецца на плот.
У садзе чакаюць з каламі ў руках маці, тры цёткі і дзядулька. У дзядулькі галава перавязаная. Побач вялізныя грозныя сабакі — вішчаць і аж зямлю дзяруць ад злосці, бачачы набліжэнне крыклівага натоўпу. Цяпер Стах аддаў бы ўсё на свеце, каб апынуцца там, сярод бабаў.
Поле бітвы рагоўскіх мужчын і нападнікаў перасоўваецца ў яго кірунку. Вось яны ўжо мінаюць дуб. Убачыўшы гэта, Стах роспачна крычыць і просіць паратунку:
— Татачка, ратуйце! Ратуйце, татачка, родны мой, залаты! Няўжо ж аднаго мяне пакінеце! Я ж тут, на дубе! Ратуйце!
Але яны яго не чуюць, аглушаныя галасам крыклівага натоўпу. Нават мужыкі, што бягуць чародкаю па канюшыне зусім побач з дубам, не чуюць яго.
А ў рагоўцаў ужо і Марцін кульгае, і свінапас трымаецца за акрываўлены нос. Абараняюць толькі чацвёра.
Але яны ўжо амаль дайшлі. Кола нападнікаў расступаецца перад джаламі калоў, што ляцяць у іх з-за плота, і ўтварае паўмесяц. Жанчыны рассоўваюць жардзіны, робячы ў плоце праход. Спачатку заходзяць параненыя, за імі, хілячыся пад градам камянёў і палак, ускокваюць астатнія. Раз’ятраны натоўп пагражае, гыркае, вые.
Стаха агортваюць яшчэ большыя смутак і роспач. Во-ось, яны там усе цэлыя за плотам, у хаце і на дзядзінцы, а ён, маленькі, адзін-адзінюткі ў полі застаўся, шалёным мужыкам на здабычу.
Ён плача і доўга-доўга благае ратунку.
Нітаўцы стаяць, раяцца і пачынаюць насіць ад дарогі да саду каменне. Відаць, вырашылі браць загарадзь.
Над рэчкаю дзяўчаты і падлеткі выдзіраюць з грэблі плашкі і насцілаюць мост, каб пераправіць коней і быдла.
Стах аж ахрып ужо ад крыку, але ніхто не азваўся.
Але нарэшце яго пачулі.
Міма дуба прабягалі двое дужых конюхаў гадоў пятнаццаці. Адзін прыслухаўся, зірнуў уверх, потым пацягнуў за рукаво таварыша і гукнуў:
— Архіп! Глянь, на дубе хтось сядзіць. Вунь, на самым вяршэчку. Ляшок, мусі.
Стах змоўк і знерухомеў.
— Ну да, хтось сядзіць, — пацвердзіў таварыш, паглядзеўшы на дуб.
— Гэй, хлопцы, сюды ходзьце! Шэршань на дубе! — крыкнулі яны.
Тут жа збеглася колькі іншых хлопцаў, пераважна таго самага ўзросту. Яны задзіралі галовы, прыкладалі далоні да фуражак, глядзелі і з радасцю ўпэўніваліся, што на дубе сапраўды малое «шаршаня» сядзіць.
— Гэй, там шэршань! — заліваліся яны. — Злазь, пагуляем! Злазь, маць тваю! Злазь, морда ляшская!
Стах не зварухнуўся.
— Злазь, бо і так цябе дастанем! Лепш па-добраму злазь!
Убачыўшы, што малы не зважае на іх заклікі, яны выбралі між сабою двух найлепшых дрэвалазаў і адправілі іх на дуб.
— А я вас штыхом! — ажывіўся Стах, выстаўляючы свой кій, акуты зіхоткай бляшкай. — Па галаве дам, хто палезе!
— Штыхом?! Ну да, хлопцы, у яго там нешта ёсць, — перасцераглі дрэвалазаў конюхі, што ўзіраліся знізу. — Штых у яго! Не лезьце, хлопцы, у яго штых. Мы яго камянямі саб’ём, камянямі! Злазьце!
І пачалі камяні кідаць. Недзе з чвэрць гадзіны пулялі ўверх з рагаткі і проста рукамі, а Стах як сядзеў, так і сядзіць сабе: дрэва такое высокае, што большасць камянёў нават не далятала да верхавіны.
— Хлопцы! А давайце дуба звалім, — прапанаваў хтосьці.
— Точна, звалім давайце! Ей-богу, харашо прыдумаў, — загарэліся астатнія. — Сякерамі!
Яны прынеслі сякеры і ўзяліся за дуб: бах-бах, грук-грук, шах-шах.
Смерць непазбежная, зразумеў Стах, і давай зноў ратунку благаць:
— Татка, міленькі! Дзядулька! Дзядзечкі! Ратуйце мяне! Што ж вы мяне на смерць пакінулі! Ратуйце!
Каля саду ліхаманкава рыхтаваліся да канчатковай расправы: нітаўцы звальвалі ў кучу камяні, рагоўцы выкочвалі з дзядзінца і ставілі ў садзе ўздоўж плота пустыя вуллі — па колькасці людзей, якія меліся стаць на абарону.
Тым часам дзяўчаты і падлеткі пераводзілі па насланым мосце коней, ламалі загарадзі, ездзілі па канюшыне, аўсе і іншым збожжы. У Рагі прыйшоў Судны дзень.
А сякеры заўзята білі: шах-шах, грук-грук, бах-бах.
— Матулечка Найсвяцейшая! — крычыць Стах, падымаючы вочы да неба. — Езус мілы! Ратуйце ад гадаў! Ратуйце мяне!
Ён абвёў позіркам наваколле і сам сабе не паверыў: на ўсходнім баку з лесу па сцежцы выехала каламажка. Адна, другая, трэцяя, чацвёртая...
Нітаўцы ж раптоўна атакавалі. Сталі ў шэраг, кожны пры сваёй каменнай кучы, закрычалі «ур-ра!» і давай пуляць. Камяні свісталі, стукалі і грукаталі па вуллях і гародніне. За вуллямі з каламі ў руках хаваліся рагоўцы. Некаторыя хапалі прыляцелыя камяні і гэтак жа, як пры мосце, шпурлялі назад. Сабакі яўкалі, вылі, ледзь са скуры не вылазілі ад ятры і шаленства.
А сякеры секлі нястомна: шах-шах, грук-грук, бах-бах.
Стах уперыўся ў шыхт каламажак, лічыў іх вачыма, маліў, упрошваў і падганяў. Ад нецярплівасці ўсё ў ім трэслася, дрыжала кожная жылка. Ён ведаў: хто б там ні ехаў — гэта іх паратунак.
— Хоць бы ўтрымацца, — шаптаў ён. — Матулечка Боска, ты іх там падгані, а гэтым гадам сякеры спыні.
Толькі, на гора, было запозна. Дуб трашчаў, хіліўся, падаў на зямлю. У Стаха перад вачыма паўстала смерць — акурат такая, якую ён на карціне нейкай бачыў: з касой. Ён заплюшчыў вочы, заткнуў вушы, перастаў дыхаць — і ляціць... Горача... пячэ ўсё цела. Цяплей за ўсё — у штоніках. Ён разумее, чаму, але не пераймаецца. Усё адно паміраць.
І тут яму здалося, што нешта задоўга ён ляціць. Набраўшыся смеласці, ён адкрыў вочы і вушы. Дуб стаяў на месцы, сякеры больш не грукалі. Каламажкі былі ўжо на павароце да загарадзі, самае большае за дзве стаі. У кожнай сядзелі мужчыны — па двое, па трое. У некаторых на грудзях зіхацелі бляхі ляснічых і тырчалі з-за плячэй рулі стрэльбаў. За імі скакала паўтара дзясятка вершнікаў. Над полем разносіўся спуджаны лямант нападнікаў:
— Леснікі! Леснікі едуць! Мечык едзе! Смалерчукі! Мечык-воўчабілетнік едзе! Уцякайма, братцы! Уцякайма, каму жыццё дарагое!
Шквал камянёў радзее, сціхае. Усе ў паніцы кідаюцца наўцёкі. Перапалох на ўсім полі пануе. Хтосьці з конюхаў намагаецца звесці сваіх коней, але большасць пра ўсё на свеце забылася. Коннікі абганяюць каламажкі, сцяжынаю мкнуць да ракі, атачаюць злачынцаў справа і пераразаюць ім дарогу да моста. Балашэвічы са зграяй сабак утвараюць крыло з левага боку. Леснікі пераскокваюць загарадзь і ланцугом разыходзяцца ззаду па канюшыне. Узялі ў колца і пагналі, а якога мужыка дагоняць — то лупяць кіямі, джгаюць па лытках пугаю, цкуюць сабакамі і топчуць коньмі. Хацелі былі кагось з завадатараў схапіць, але тыя як прыйшлі першыя, так першыя і паўцякалі.
Стах злез з дуба і таксама кінуўся ў пагоню. Неўзабаве ён наткнуўся на дзеда, які з мажным барадачом, якога клікалі Мечык, павольна ішоў ззаду за леснікамі. Хлопчык з плачам кінуўся да іх:
— Дзеда! Я смерць з касой бачыў!
— Каго бачыў? — перапыталі абодва, спыніўшыся.
— Смерць! Я на верхавіне дуба сядзеў, а мужыцкія хлопцы яго рубалі! Зірніце во!
Мужчыны застылі як укапаныя, гледзячы то на дуб, то на хлопчыка.
— Дык ты на дубе быў? — усклікнуў Балашэвіч. — Марыя святая, ён жа ледзь стаіць. Божа мой! Пане Пятроўскі, зірні!
— Дзіва вялікае, што ён яшчэ стаіць, — дадаў Пятроўскі, убачыўшы, наколькі пасечаны камель. — Авохці, гэта ж калі б з вышыні, смаркач бы ў блін разбіўся.
— Разбіўся б дакладна. У мяне дрыжыкі па ўсім целе прайшлі. Бедны хлопча, — прытуліў унука Балашэвіч. — Якога ж страху ты нацярпеўся. Але і шчасце тваё вялікае.
— Вялікае шчасце! Як на мяне, тое знак Божы. Знак, што смаркач важным чалавекам будзе. От пабачыце.
— Можа быць, — згадзіўся стары, крыху падумаўшы. — Магчыма, Бог паможа наш намер споўніць. Мы думаем яго на ксяндза вучыць. Калі б не сённяшняе няшчасце, ужо гэтай восенню аддалі б яго ў Вончу.
Вонча. Старажытная сяліба над самай рэчкай. Мясцовасць вышынная, палі спадзістыя, ураджайныя, амаль як слуцкія. За ракою — бяскрайнія лясы. Калісьці гэта былі вёска і двор, уласнасць аднаго з самых заможных магнатаў у Рэчы Паспалітай. Вонча была драбніцаю сярод незлічоных вёсак у запамарочным магнацкім багацці. Але яна адрознівалася ад астатніх тым, што амаль кожнае зімы сюды зазіраў сам уласнік — з войскам на паляванне прыязджаў. Большых лясоў на ўсіх крэсах не было, і нядзіўна. Нават цяпер, калі тыя лясы за рэчкаю ўжо добра патрапаныя, амаль штозімы тут забіваюць мядзведзя (у Смалярскай пушчы), любы можа лася ці рысь пабачыць, што ўжо казаць пра даўнія часы, калі на сорак вёрстаў палянкі было не знайсці. Ох і ёсць што тут паслухаць ад старых людзей — яны вам апавядуць быліцы пра тыя гучныя зборы і ловы. Але пакінем тое, бо цяпер мусім расказваць пра час цяперашні.
Цяпер Вонча — мястэчка, такіх на крэсах шмат. Драўляныя пабудовы, вуліцы без бруку і без ходнікаў. Шмат яўрэяў, крамы, рамеснікі, млын, царква, манаполька, пошта, сінагога і народная школа на чатыры класы, адзіная на трыста пяцьдзясят квадратных вёрстаў. Будынак — невялічкі, старасвецкі, амаль такі самы, як дыхтоўная гаспадарская хата: з аднаго боку — навучальны клас з нізкай столлю, з другога — настаўніцкае памяшканне з вялікай печкай пасярэдзіне, сенцамі і кладоўкай. У школе паўтараста дзяцей, падзеленых на чатыры класы ці, як іх называюць, аддзелы, і адзін настаўнік. Паводле нацыянальнасці дзеці размеркаваліся так: яўрэяў — шаснаццаць адсоткаў, палякаў — дванаццаць, татараў — чатыры, а астатнія ўсе — беларусы ці стараверы. У яўрэяў у мястэчку — свая школа, але некаторыя хлопцы, каб падвучыць мову, хадзілі і да расійскай. У раёне Вончы палякаў жыло шмат, а мізэрны працэнт польскіх навучэнцаў тлумачыўся тым, што былі яны раскіданыя па ўсёй шырокай ваколіцы, па хутарах і засценках, часам у глухіх, недаступных закутках. Таму ў школу дзяцей аддавалі тыя, хто не скнарнічаў і ў каго хапала на аплату кватэры дзецям у самім мястэчку і на харчаванне, а не тыя, хто да воласці не належаў і не меў пяці рублёў на навуку. Былі і іншыя прычыны, якія адпужвалі іншаверцаў ад расійскай дзяржаўнай школы.
Увосень 1911 года, калі настаўнікам у ванчанскай школе быў Міхаіл Іванавіч Грывень, Балашэвічы аддалі туды Стаха. Спачатку, пасля таго разбойніцкага нападу на Рагі, не думалі гэтага рабіць, бо планавалі сабраць ураджай ды з Рагоў з’ехаць, але калі параненыя ў той бойцы як з аднаго, так і з другога боку пачалі ачуньваць, а нітаўцы, на абаранкі зарабіўшы, прыціхлі, вырашылі яшчэ на год застацца, а Стаха, каб не марнаваў часу, аддаць у Вончу. Да яе было дзевяць вёрстаў. Маці вельмі гэтаму працівілася, паўтараючы, што простыя людзі з навукі хлеба не ядуць, а Стах, дазнаўшыся, што ў той школе адны мужыкі, спрабаваў нават плакаць, але ніякіх выгодаў яму гэта не прынесла, і кандыдат, прыгожа ўбраны ў новы крамны гарнітур, боты, палітончык і новую шапку, панядзелкавай раніцай у канцы верасня прыехаў з бацькам на каламажцы з запрэжаным у яе Сіўкам у Вончу. Яны заехалі спачатку да стальмаха, пана Садоўскага, што жыў на вузкай вулачцы па-над рэчкай. Садоўскі быў кумам Балашэвіча.
Бяздзетныя Садоўскія хлопчыку шчыра ўзрадаваліся.
— Усё ж наважыліся? — запытаў Садоўскі. — Калі б не прывезлі, зрабілі б вялікае глупства: усе кажуць, што такога добрага настаўніка, як цяпер у Вончы, ва ўсёй акрузе няма. Не бойцеся, кепска ў нас хлопцу не будзе. Паглядзіце, да Калядаў во такі мардаты будзе, — расцягнуў ён пальцамі шчокі. — А ў вас там як? Уладзь ужо ходзіць, не кульгае?
— Ходзіць-ходзіць. А Бронік, дзякуй Богу, перастаў крывёй плявацца.
Запісу трэба было чакаць да вечара — менавіта тады ў школе ўжо некалькі тыдняў праходзілі ўрокі, а Садоўскі ведаў, што пан настаўнік падчас лекцыі новых вучняў не запісвае.
Пасля пятай гадзіны яны пайшлі ў школу ўтраіх з Садоўскім.
Міхаіл Іванавіч Грывень прыняў іх за сталом у сваім пакоі, праглядаючы сшыткі. Гэта быў шатэн сярэдняга росту гадоў дваццаці пяці. На ім былі шаўровыя боты з бліскучымі халявамі, цёмна-сінія нагавіцы, цёмная кашуля і блакітны рускі пояс з кутасамі. Валасы каротка стрыжаныя вожыкам, твар акуратна паголены, рукі пульхныя.
— Здраствуйце, гаспадзін учыцель, — павіталіся яны так, як навучыў Садоўскі — чалавек местачковы, ён ведаў расійскія тытулы і звычаі.
— Здравствуйте, — адказаў настаўнік, падпісаў правераны сшытак і падняў вочы на гасцей. — Што, вучань? Чаму так позна? Урокі ўжо два тыдні ідуць.
— Не хацелі мы хлопца голым у людзі выводзіць, а пакуль справілі яму ўсё, што належыць, час прайшоў. Дый не ведалі мы, што навука так рана мае пачацца, — патлумачыў Балашэвіч, спрабуючы як найлепей па-руску казаць.
— А вы не з мястэчка? — угледзеўся ў іх апратку настаўнік.
— Не, з хутара, адсюль далёка.
— Ага. А колькі ж яму гадоў? — дапытліва зірнуў ён на Стаха.
— Толькі-толькі дзесяць споўнілася.
Стах не вытрымаў і шмыгануў за бацьку.
— Ну вот, такі вялікі хлопец, а за бацькам хаваецца. Хадзі сюды.
Балашэвіч за руку падвёў сына да стала.
— Чаго баішся? — супакоіў Стаха настаўнік, гладзячы па галаве. — Варта смялейшым быць. У мяне ў школе хлопцы ёсць яшчэ меншыя за цябе — і не баяцца. Скажы мне, ты чытаць ужо ўмееш?
Стах кіўнуў.
— Чытае, і ўжо нават хутка, — паведаміў бацька.
— Праўда? На вось прачытай мне адсюль, — паказаў Грывень у падручніку для другога аддзела.
Стах той урывак прачытаў — ціха, баязліва і не ўсюды правільна ставячы націскі, але бегла.
— Вельмі добра, маладзец, — пахваліў настаўнік і пацягнуўся па тоўстую кнігу, што ляжала на рагу стала. — Пойдзеш адразу ў другі аддзел. А зваць цябе як?
— Стась Балашэвіч.
Па ясным і прыязным дагэтуль твары настаўніка прабегла грымаса.
— Стась... Добра... Да-да, Стась... — мармытаў ён сабе пад нос, гартаючы старонкі і ўглядаючыся ў некаторыя. — Ведаеце што, панове, — сказаў ён урэшце, — не магу я вашага хлопца прыняць. Ужо зашмат запісалася. Няма месцаў. Чаму ж раней не прыйшлі!
Ад радасці Стаху хацелася руку настаўніку пацалаваць. Садоўскі з Балашэвічам панура пераглянуліся.
— Дык, значыць, мы горшыя за рускіх? — высокім голасам прамовіў гарачы норавам Балашэвіч. — У войску аднолькава служым, падаткі тыя самыя плацім, а як у школу — дык месцаў няма. Такая ў вас справядлівасць?
— Я не магу яго прыняць таму, што вы позна прыйшлі і няма месцаў. Я па нацыянальнасці не дзялю. І палякі ў школе ёсць, і яўрэі. Але ўжо запісалася больш як сто вучняў, таму не магу больш прымаць і маю на гэта права.
Садоўскі хацеў быў сказаць, што адмоўнае рашэнне Грывень прыняў пасля таго, як даведаўся прозвішча хлопчыка, але падумаўшы, хітра падміргнуў куму і лагодна прамовіў:
— Да мы, гаспадзін учыцель, знаем, што чэлавек вы правасудный, але мы пакорнейшэ вас просім. Будзьце ласкавы, прыміце і гэтага паршыўца. Як ёсць сто, дык і ён між імі змесціцца.
— Так, мы пакорнейшэ вас просім, — змяніў тон і Балашэвіч. — Будзьце ласкавы, прыміце майго хлопца. Я ручаюся, не пашкадуеце.
— Так, не пашкадуеце, — пацвердзіў Садоўскі. — Яны багатыя хутаране. Прывязуць для вашага каня цэлы воз маладой канюшыны, пару мяхоў аўса, мех грачанай мукі — першы гатунак, на бліны вам. Колькі кумпякоў вэнджаных прывязуць, масла з пуд — з дваццаццю дойнымі кароўкамі ніякіх страт іхнай гаспадарцы гэта не прынясе. Мёду таксама з пуд, бо на пасецы дваццаць пяць толькі старых раёў маюць, час ад часу могуць і рыбкі свежай падкінуць, а яшчэ шкуру воўчую, пад ногі паслаць пры ложку, каб, прачнуўшыся, на голую падлогу не ступаць, — шчодра пералічваў ён цудоўныя падарункі, аж пакуль кум не запярэчыў, крыва зірнуўшы ў ягоны бок.
Твар Міхаіла Іванавіча паяснеў.
— Ну, калі ўжо так настойваеце, прыму. Але каб на наступны год запісваліся трохі раней.
Яны падалі неабходныя для запісу звесткі пра хлопца, уручылі дзесяць рублёў задатку і развіталіся.
Наступнага ранку Стах прыйшоў у школу сам. Ішоў сумны, прыгнечаны, напалоханы. Упершыню ў жыцці ён застаўся адзін, без сям’і. Сэрцайка сціскалася ад тугі па доме і страху перад мужыкамі.
Хоць Садоўскія і запэўнілі, што настаўнік нікому не дазволіць яго крыўдзіць, Стах ім не надта паверыў.
У сенцах яго ахапіла яшчэ мацнейшая трывога. З-за дзвярэй класа былі чуваць піск, стук, смех, пранізлівыя крыкі, і хлопчык пачуў у гэтым водгук таго памятнага галасу падчас нападзення Нітаў на Рагі. Яму здавалася, што калі ён увойдзе, усе кінуцца на яго і пачнуць лупіць. Стах спыніўся перад дзвярыма, дачакаўся, пакуль з падворка прыйдуць яшчэ два вучні, і толькі за імі зайшоў.
Клас аж дыміўся ад рою разгарачанай дзятвы, якая барукалася, выкідвалі каленцы, насілася па лаўках і гула.
Стах уціснуўся ў сцяну ля дзвярэй і спалохана пазіраў на ўсё гэта. Спачатку на яго ніхто не звярнуў увагі, але неўзабаве новага прыбыша ўбачылі і абступілі.
— Гэй, а ты хто такі, яўрэй ці паляк? — запытаў хлапец гадоў чатырнаццаці з кірпатым носам на забіяцкім твары.
— Ды яўрэй гэта, — заўважыў другі. — Морды бледнай не бачыў ці што.
— Морда бледная, а боты шляхецкія, — улез трэці.
— Кажы, хто такі! — загадаў кірпаты.
Стах яшчэ мацней прыціснуўся да сцяны, злякана пазіраў на нахабаў і маўчаў.
— Я — намеснік настаўніка, ты мне мусіш адказваць, — паведаміў самы нахабны.
— Так-так, ён намеснік, — пацвердзілі ўсе прысутныя.
— Ад сцяны адліпні, — пацягнулі яго за руку. — Як зваць?
— Стась, — выціснуў хлопчык.
Пасыпаліся смяшкі і фантазіі на тэму мянушак:
— Стась! Плясь! Мазь! Гразь! Злазь!
— Ціха мне! — абсек «намеснік». — Што ў цябе тут? — паказаў ён на другі зверху гузік Стахавага палітона.
Стах зірнуў уніз, а кірпаты ў гэты час таргануў яго за нос так, што з вачэй іскры пасыпаліся. Не паспеў хлопчык нават ускрыкнуць, як нехта пхнуў яго ззаду і ягоным ілбом даў кірпатаму ў нос.
— Ах ты морда ляшская! Прыпёрся ў рускую школу ды яшчэ і б’ешся! — зароў той і адпіхнуў Стаха ад сябе. Хлопчык адляцеў і ўдарыў яшчэ кагосьці. Там яго зноў піхнулі і так кідалі туды-сюды пад смяшкі і абразы. Стах расплакаўся ўголас.
Праз хвіліну прыйшоў настаўнік са стосам сшыткаў падпахай і кнігамі. Пры яго з’яўленні ўсе імгненна заціхлі, выцягнуліся ў струнку і знерухомелі.
— Доброе утро, дети, — павітаўся настаўнік.
— Добрае утра, гаспадзін учыцель, — разнеслася па класе.
— Яўрэі могуць выйсці. Да малітвы, — скамандаваў той, кладучы сшыткі на стол.
Паўтара дзясятка хлопцаў-яўрэяў выйшла ў сенцы, астатнія разам з настаўнікам павярнуліся да кута, у бок святога абраза, і пачалі гаварыць малітвы: адзін перад самым абразом — голасна, астатнія ціха.
Калі зайшоў настаўнік, Стах шмыгануў на ранейшае месца ля сцяны і цяпер цікаўна аглядаў клас.
З левага боку доўгай хаты стаялі ў чатыры шэрагі лавы, на пяць чалавек кожная. З правага, у куце, ля дзвярэй, — грубка, потым дошка, за ёю вялікі стол і крэсла, далей другая дошка і ў канцы — шафа. На версе першай дошкі былі замацаваныя вялікія літары з кардону, другую пакрывалі зямныя паўшар’і. На тынкаваных і пабеленых сценах усюды віселі партрэты цароў у прыгожых рамах, над святым абразом у куце — вузкае, як ручнік, палатно, аздобленае каляровай вышыўкай.
Па заканчэнні малітвы вярнуліся яўрэі, усе расселіся на свае месцы на лаўках, і пачалася праверка прысутных. Кожны выкліканы настаўнікам уставаў і абвяшчаў пра сваю прысутнасць словам «есть». У самым канцы настаўнік вы клікаў Стаха.
— Станіслаў Балашэвіч.
— Я, — амаль шэптам адгукнуўся хлопчык.
— Станіслаў Балашэвіч, — паўтарыў настаўнік.
— Я тутай естэм, — вырваліся ў Стаха польскія словы.
Клас выбухнуў бурным смехам разам з настаўнікам.
— Я тутай, пане, естэм, — перадражніў апошні. — Ты што, не чуў, як іншыя адказваюць?
Стах адчуў такі балючы і раптоўны сорам, нібыта яго варам аблілі. Ён праваліўся б пад зямлю, толькі б не чуць гэтага смеху, назаўсёды адмовіўся б ад усіх на свеце ўцехаў, калі б мог забраць назад словы, праз якія з яго рагаталі, і зняць з сябе страшную ганьбу.
— Ну ідзі сюды, чуеш мяне? — крыкнуў настаўнік.
Стах падышоў да стала пад з’едлівымі позіркамі сотні вачэй, праз несціханы рогат і насмешкі ў свой адрас. Атрымаў ад настаўніка кнігі, заняў вызначанае яму месца на другой лаўцы трэцяга шэрагу і ўперыўся ў падлогу.
Кпіны сыпаліся і сыпаліся, пакуль настаўнік не заклікаў да парадку, пачынаючы ўрок.
— Ну, досыць ужо. Ціха! Увага.
Ён раздаў двум старэйшым аддзелам сшыткі і пачаў зачытваць з лістка:
— Мікалай Баран, адна лінейка, да дошкі. Давід Драка, дзве лінейкі, да дошкі. Міхаіл Дыра, лінейка, да дошкі. Браніслаў Нядзведскі, дзве лінейкі, да дошкі. Ілёша Салавейчык, дзве лінейкі, да дошкі. Сідар Біклага, тры лінейкі, да дошкі.
Усіх выкліканых ён паставіў у рад, зняў са сцяны тоўстую дубовую лінейку — спецыяльна для пакаранняў — і кожнага біў па пальцах, падымаў руку і джгаў з размаху. Пяці вучням раздаў належнае, а Біклагу, найстарэйшага па гадах, а значыць, найвялікшага злачынцу, пакінуў на дадатковае пакаранне.
— Па месцах, аслы, — прыкрыкнуў ён на пакараных і павярнуўся да Біклагі. — Скажы мне, Сідар, як пішацца «белка»?
— Цераз «яць», гаспадзін учыцель, — прамямліў напалоханы хлопец.
— Здагадаўся? Што ж ты напісаў цераз «е»? Добра, а як пішацца «елка»?
— Цераз «яць», гаспадзін учыцель.
— Цераз «яць»?! То-бок ты, тваю маць, чацвёрты год у школу ходзіш, а элементарных словаў не знаеш?! Вот табе! — і адвесіў хлопцу поўху. Потым дадаў па левай шчацэ і яшчэ раз па правай. Лаянка і абразы як з меху сыпаліся, і ён біў Сідара па твары, пакуль у таго юшка носам не пацякла.
Вярнуўшыся апоўдні на кватэру, Стах кінуўся апекуну ў ногі з роспачным крыкам:
— Дзядзечка дарагі, залаты, родны, адвязі мяне дадому! Не пайду я болей у школу. Не змагу. Заб’юць мяне там!
Садоўскі такім скаргам зусім не здзівіўся і не спытаў, што ж там у школе здарылася. Раззлаваўся, схапіў Стаха за вуха, падвёў да скуранога бізуна, які вісеў на сцяне, і спытаў:
— Што гэта?
Стах маўчаў.
— Я пытаюся, што гэта! — паўтарыў апякун, круцячы Стаху вуха.
— Плетня, — адказаў той.
— Запомні: калі ты мне яшчэ толькі пікнеш пра дом, я табе гэтай плетняй усю шкуру перапляту і завяду да настаўніка, каб паправіў. Што хочаш у мяне прасі, усё кажы, але пра дом — ні гуку.
— Дзядзечка, родненькі, мяне ў школе заб’юць.
— Як заб’юць, то пахаваем, не бойся.
Выйсця не было. Ён застаўся і з таго дня ні скардзіўся апекуну, ні хваліўся.
Першыя пару тыдняў школа была для Стаха сапраўдным пеклам. Ён не ведаў многіх рускіх выразаў, сваімі адказамі выклікаў смех і, не адважваючыся супрацьстаяць нападкам, быў аб’ектам здзекаў і кпінаў усяго класа. Нават некаторыя землякі, паддаўшыся агульнаму меркаванню, глядзелі і гаварылі пра яго з пагардаю, быццам ён і сапраўды быў апошні доўбень.
Але потым стала лягчэй. Ён вызначыў узровень аднакласнікаў і ўпэўніўся, што разумнейшы за многіх. Гэта яго падбадзёрыла і дадало адвагі. «Ужо ж не горшы за іншых», — думаў ён. Калі вучань, не здольны адказаць настаўніку на простае «пяць на пяць», назваў Стаха шэршнем, хлопец агрызнуўся «аслом». Іншаму, роўнаму сілаю, смаркачу за падножку даў у нос і ўвогуле пачаў плаціць той самай манетай. Некалькі хлопцаў з суседніх лавак, што мелі горшы ад Стахавага розум, захацелі, каб ён у цяжкіх месцах ім падказваў альбо не перашкаджаў спісваць са свайго сшытка, а таму паставіліся да яго прыязна і пры патрэбе баранілі кулакамі. А для адточвання дасціпнасці неўзабаве падвярнуўся пацешны яўрэйчык, і да Стаха зусім перасталі чапляцца.
Кожны тыдзень дзяцей у класе большала, але Міхаіл Іванавіч неяк усё знаходзіў вольныя месцы. І толькі з надыходам зімы ўсе лаўкі былі занятыя — на іх змясцілася каля ста трыццаці вучняў. У першым аддзеле сядзела недзе восемдзесят, у другім, Стахавым, — трыццаць тры, у трэцім — сямнаццаць, а ў чацвёртым — усяго пяцёра. Такая дыспрапорцыя тлумачылася тым, што большасць бацькоў, як толькі дзіця пачынала чытаць, яго ў школу ўжо не адпраўляла або адпраўляла ненадоўга, акурат пасярэдзіне зімы. Праз тое вучань не мог засвоіць неабходныя прадметы і па дзве-тры зімы сядзеў у адным аддзеле.
Тых, хто называў сябе палякам, агулам было пятнаццаць чалавек: чацвёра ў першым аддзеле, Нядзведскі і два Паўловічы, стрыечныя браты, — у трэцім, адна дзяўчына, Галіна Аніхоўская, — у чацвёртым, і пяцёра хлопцаў у другім.
Побач са Стахам сядзеў Эдвард Мачуга. Называўся ён палякам, але апроч імені і прозвішча нічым не адрозніваўся ад рускіх аднакласнікаў: па-польску не толькі не гаварыў і не ўмеў гаварыць, а яшчэ і іншых перадражніваў. І такіх была большасць. Стах і Мачуга крыху пасябравалі, бо сядзелі побач. Мачуга часта зазіраў да Садоўскіх, і яны са Стахам разам рабілі ўрокі. Уважліва да іх прыслухоўваючыся, Садоўскі зразумеў, што Стах разумее болей і робіць у навучанні вялікія поспехі. Калі Ян Балашэвіч, прывёзшы частку абяцаных настаўніку падарункаў, зайшоў да кума і спытаў пра сына, кум скупа падзяліўся сваімі назіраннямі, і Ян Стаха пахваліў.
У першыя дні Стаху і не снілася, што для яго ўсё так хутка палепшае: вучні перасталі нападаць, заданні ён выконваў выдатна і без асаблівых высілкаў пазбягаў пабояў, займеў прыяцеляў, апякун і сваякі хвалілі. Толькі па Рагах Стах вельмі сумаваў і нецярпліва лічыў тыдні і дні да калядных вакацый.
За паўтара тыдня да святаў здарыўся ў яго жорсткі канфлікт з педагогамі.
Поп Максім Клімовіч, настаяцель ванчанскага прыходу, аднойчы папаўдні, расказваючы на ўроку рэлігіі «о крещении Руси», заўважыў, што Стах размаўляе з Мачугам.
— Гэй там, ты чаму не слухаеш? — упікнуў ён.
— Я слухаю ўважліва, отчэ Закона учыцель, — адказаў Стах устаючы.
— Слухаеш? Ану паўтары.
— Калі князь кіеўскі Уладзімір Вялікі зразумеў, што руская паганская вера кепская, ён выправіў у свет пасланцоў, каб шукалі дзе лепшай веры. Пасланцы абышлі свет і вярнуліся ў Кіеў, пакланіліся князю і так сказалі: «Абышлі мы свет, бачылі шмат вераў паганскіх, магаметанскую бачылі і яўрэйскую, але лепшай ад грэцкае нідзе няма. Калі мы ў іхных храмах былі, дык не разумелі, на небе ці на зямлі знаходзімся...»
— Дрэнна, — перарваў поп. — Чыю яшчэ веру бачылі пасланцы? Паўтары!
— Калі князь кіеўскі Уладзімір Вялікі зразумеў, што руская паганская вера кепская, — паўтарыў Стах свае ранейшыя словы, — ён выправіў у свет пасланцоў, каб шукалі дзе лепшай веры. Пасланцы абышлі свет і вярнуліся ў Кіеў, пакланіліся князю і так сказалі: «Абышлі мы свет, бачылі шмат вераў паганскіх, магаметанскую бачылі і яўрэйскую, але лепшай ад грэцкае...»
— Досыць! — крыкнуў поп. — Дрэнна. У каго яшчэ пасланцы былі, чыю веру бачылі? Ты не сказаў, што яны ў каталікоў былі.
— Отчэ Закона учыцель, пасланцы не маглі быць у каталікоў.
— Не маглі? Гэта яшчэ чаму?
— Калі б пасланцы ў каталікоў пабывалі, Русь бы каталіцкую веру, а не грэцкую прыняла. Нашая каталіцкая, польская вера ад усіх лепшая.
— Я так бачу, ты больш за мяне разумееш і гэта не я цябе, а ты мяне вучыць павінен, — абурыўся поп. — Сядай, дурань, — і ўваліў Стаху ў лоб важкую пстрыку.
Бацюшка прайшоўся па класе, нешта думаючы, а потым павярнуўся да ўсіх і прамовіў:
— Дык што, дзеці, праўда, што каталіцкая вера лепшая?
— Не, не, нашая праваслаўная вера лепшая! — хорам адказалі дзеці.
— Так, нашая праваслаўная вера лепшая. А можа, ведаеце, чаму? Хто ведае, падыміце руку.
Многія замармыталі нешта сабе пад нос, але рукі ніхто не падняў.
— Ну вот, кажаце, што лепшая, а чаму — ніхто і не ведае. А можа, і праўда каталіцкая лепшая? Трэба ж ведаць, чаму. А вот чаму: мы жагнаемся трыма пальцамі, у імя Святой Тройцы, а яны — усёй клюшняю. Гэта ж зусім няправільна.
— Так, отчэ Закона учыцель, няправільна гэта! — пацвердзіла некалькі галасоў.
— Далей пойдзем. Мы, скончыўшы маліцца, кажам «амінь», а яны — «а-а-амэн».
Клас выбухнуў рогатам, паўтараючы: а-а-амэн, а-а-амэн.
— І гэта яшчэ не ўсё. Мы пасля споведзі кавалак хлеба прымаем і лыжку віна, як Хрыстос сказаў на Таемнай вячэры, дзелячыся з апосталамі хлебам і віном, што тое плоць Яго і кроў. А ў каталікоў да прычасця віна зусім не падаюць, бо яго ксёндз сам выпівае, а замест хлеба — аплаткі памерам з гузік ад пінжака, да яўрэйскай мацы вельмі падобныя. У іх ксяндзы разам з рабінамі рускую кроў падмешваюць і гэтыя аплаткі разам з мацой пякуць.
— Ой, Госпадзі! З рускай крывёй! З яўрэйскай мацой! Вось дык вера! — пагрозліва і абурана закрычалі рускія вучні.
Палякі круціліся на сваіх месцах як на гарачай патэльні, не ведаючы, куды пазіраць і куды падзець вочы. Стах расплакаўся.
— Отчэ Закона учыцель, — усхліпнуў ён, — тое, што вы кажаце, — няпраўда! Гэта ўсё выдумкі, ей-богу, выдумкі! Усё выдумкі...
— Выдумкі?! — зароў поп. — То-бок, я, свяшчэннік, ілгу?! Я манюка?!
Ён схапіў Стаха за руку і выпхнуў у сенцы.
— Больш у школу можаш не прыходзіць, — сказаў ён.
Стах ішоў вуліцай прыгнечаны, нібы родную маці пахаваў. Ведаў ён, што яму будзе ад апекуна і бацькі за выключэнне. Раздумваючы над становішчам, у якое трапіў, хлопчык ледзь перастаўляў ногі.
— Можа, проста не вяртацца туды? — гаварыў ён сабе. — Вось бы ўзяць ды ў свет пайсці. Што я, сабе рады не дам? Мог бы ў якіх бяздзетных гаспадароў картоплю абіраць, смалякі сячы, агонь пільнаваць, летам статак пасвіць і на хлеб зарабляць. Вядома, праца пастуха не ганаровая, але што рабіць.
Эх, вось бы з кім параіцца. А можа, да дзядзькі — мамчынага брата — на хутар пайсці? Дзядзька добры. А вось і пайду, чатыры вярсты ўсяго, да цемры можна паспець. Пайду да дзядзькі.
А калі дзядзька возьме і ў Рагі мяне адвязе? — пачаў сумнявацца Стах. — Ім жа нельга верыць, усе яны аднолькавыя.
Ён не ведаў, што рабіць: адных баяўся, другім не давяраў. Ужо дайшоў аж да завулка, што да кватэры вёў, а так нічога і не вырашыў.
Завярнуў у завулак, абапёрся аб сцяну кутняга дома і занурыўся ў думкі, адну за другую роспачнейшую.
І пяці хвілінаў не прайшло, як ззаду пачуўся голас апекуна:
— Стах, гэта ты? А што ты там робіш?
— Галава страшна баліць і жывот, — нягледзячы на спалох, хутка знайшоўся хлопец і неадкладна схапіўся за ўсё, што «балела».
— Ох ты. Дык а чаго дахаты не ідзеш, маленькі?
— Слабасць вялікая, не магу, — і заплакаў.
— Бедны мой. Сядай, занясу, — прысеў апякун, і на ягоных плячах Стах заехаў у хату адразу на мяккі ложак.
Садоўскія вельмі ўстрывожыліся праз хлапечую хваробу.
— Калі за ноч не ачуняе, — сказала гаспадыня, — паклічам фельчара. Не дай Божа, нешта здарыцца — мы вінаватыя будзем.
Ад вячэры Стах адмовіўся. Да позняй ночы абдумваючы ў ложку сваё няшчасце, хлопчык прыйшоў да высновы, што дарма так рана бядуе. «Ну і што з таго, што поп выгнаў, — разважаў ён. — Поп — гэта яшчэ не настаўнік. Вунь яўрэяў той ужо быў выганяў, але ж вярнуліся і вучацца».
Назаўтра, на радасць апекунам, ён устаў як звычайна і пайшоў у школу.
Дзвярэй у класе Стах зачыніць не здолеў — на яго, як на ваўка, накінуліся ўсе, нават палякі.
— Чаго прыйшоў, цябе ж бацюшка прагнаў! Прэч ідзі адсюль! Сорак лінеек атрымаеш і ўсё адно прэч пойдзеш. Лепей цяпер уцякай, — застрашвалі аднакласнікі-рускія.
Не зважаючы на страх, ён сеў на сваё месца.
— Што, і ты супраць мяне? — спытаў ён у Мачугі.
— А бо ты вінаваты! Чаго было вытыркацца? Гугніць сабе і хай бы гугніў.
— Калі настаўнік цябе не выганіць, то мы разам збяромся, усе палякі, і самі яго пра гэта папросім, — падышлі да яго Паўловічы.
— Толькі без мяне, падлізы мужыцкія, — запярэчыла Галіна.
Стах адчуў да яе бязмежную ўдзячнасць — яна адзіная стала на яго абарону.
Усе паміралі ад цікаўнасці: што ж настаўнік зробіць са Стахам? Таму і чакалі Міхаіла Іванавіча з нецярплівасцю.
Вось ён зайшоў. Рушыў да стала, на Стаха нават не зірнуў. Прачытаў малітву, а пасля, як звычайна, пачаў правяраць прысутных, але Балашэвіча ў ліку другакласнікаў не назваў.
— Выключылі ўжо, выключылі, — панёсся шэпт.
У самым канцы настаўнік загадаў:
— Станіслаў Балашэвіч! Да дошкі.
У класе павісла магільная цішыня. Стах падышоў да настаўніка, як той казаў, ні жывы ні мёртвы.
— Дык што, — сказаў Грывень, — ты свяшчэнніка назваў дурнем і манюкам?
— Не, гаспадзін учыцель, не называў я. Я толькі сказаў, што няпраўда тое, што пра нашую веру кажуць.
— Не кіем, дык палкаю. Калі ты разумееш больш за нас, чаго тады ў школу ходзіш?
— Гаспадзін учыцель, я і сам не ведаю, як у мяне гэта вырвалася. Не хацеў я свяшчэнніка абражаць. Даруйце мне, прашу! Я цяпер заўсёды маўчаць буду! Даруйце, гаспадзін учыцель, не біце, не ганіце.
— Не буду я цябе ні біць, ні выганяць, — сказаў Грывень, — але пакуль твае родныя не папросяць у свяшчэнніка прабачэння за цябе, вучыць не буду. Ідзі на месца і сядзі сабе як пень. Марш!
Хоць справа вырашылася не да канца, Стах супакоіўся. «Не выгнаў — і добра, — думаў ён. — А з тым прабачэннем неяк будзе. На вакацыях знайду хвілінку, як бацька будзе лагодны, і прызнаюся, падумаеш. А можа, за гэты тыдзень мне і так даруюць».
Садоўскаму ён вырашыў пакуль нічога не казаць і падзяліўся сваімі планамі з Мачугам.
Вучні ўсе да аднаго здзівіліся такому мяккаму пакаранню і тлумачылі гэтую лагоднасць па-рознаму: што паляк гэты вучыўся выдатна, што гэта першая яго правіна, што сваякі ў яго заможныя. Галіна казала, што прычына велікадушнасці настаўніка — у страху перад праверкай вышэйшага «начальства», якое бясспрэчна абвінаваціла б папа і яшчэ шмат чаго магло б выкрыць. Але хутчэй за ўсё Грывень не выгнаў Стаха таму, што пакуль не атрымаў меха грачанай мукі на бліны, пуда масла і воўчай шкуры.
Сшытак Стах атрымліваў неправераным. На занятках па арыфметыцы падымаў руку — а настаўнік нібы і не бачыў. На чытанні таксама яго прапускаў. Тое самае адбылося заўтра, паслязаўтра — і так цэлы тыдзень.
«Нічога не выйдзе, — зразумеў хлопчык. — Давядзецца ўсё тату расказваць і прасіць, каб ён да папа пайшоў».
З такімі думкамі ён прыехаў у Рагі на вакацыі.
Дома і старыя, і малыя яго хвалілі, цешыліся, засыпалі пытаннямі пра школу, расказвалі, што тут у Рагах дзеецца, а ён зацяты быў, адказваў неахвотна, адрывіста і раз-пораз занураўся ў думкі. Уся ўвага яго была скіраваная на бацькаў настрой, вышукванне прыдатнага моманту і падбор словаў для прызнання.
— Чаго ж хлопец сумны такі? — перагаворваліся родныя. — Мабыць, зашмат навукі да галавы бярэ.
Але ў перадсвяточнай гарачцы знайсці прыдатную хвілінку было цяжка, і Стах марна чакаў аж да Куцці.
«Лепшага моманту, чым дзяльба аплаткай, не будзе, — падумаў ён. — У такую хвіліну біць ніхто не будзе».
Але калі пачалі ламаць аплатку, дзядулька завёў аповед пра ўцёкі Святое Сям’і ў Егіпет і расказваў цягам усёй вячэры, а такую гісторыю перарываць было небяспечна, і Стах адклаў да раніцы, калі падзеляць арэхі і пачнуць гуляць у цот і лішку. Але раніцаю бацька падчас аглядання статка пасварыўся з братам і быў страшна злосны, а папаўдні шмат гасцей наехала, і зноў не было як.
Перашкода ішла за перашкодай, дзень мінаў за днём, і настала другая куцця, навагодняя.
«Сёння за вячэрай ужо дакладна раскажу, хоць бы што там было», — пастанавіў хлопчык.
Як на шчасце, і бацька, і ўся сям’я былі ў самым добрым настоі. На дварэ шалелі віхура з завеяй, а ў хаце было цёпла і ціхамірна. Сям’я сабралася ў найлепшым пакоі. Гарэў агонь у печы, у камінку, і лямпа над сталом таксама моцна паліла. Бабы насілі на стол прысмакі, мужчыны курылі тытунь і расказвалі розныя быліцы з небыліцамі.
Вячэра зацягнулася амаль да дзявятай гадзіны, таму што бабы, перастаўляючы віламі гаршкі ў печы, вывернулі салянку з баравікамі і мусілі гатаваць яе нанова.
Калі паселі за стол, сабакі на дварэ ўсчалі раптоўны вэрхал і гаўкалі ўжо з чвэрць гадзіны, але памалу.
— Бронік, выйдзі паслухай, — сказаў стары Балашэвіч малодшаму сыну, бо праз замерзлыя шыбы падворак не было як разгледзець.
«Зноў чэрці гасцей прынеслі, — абурыўся ў думках Стах. — Трэба хутчэй пачынаць».
Прызнанне сваё ён да гэтага часу ўжо як малітву ведаў.
— Татка, — сказаў ён і каўтнуў сліну, — мне трэба пра школу вам расказаць...
— Пра школу? Гавары.
І тут у хату ўваліўся Бронік з крыкам:
— Хутчэй уставайце, гумно гарыць!
— Гумно? Падпалілі! Божа мой, ляцім! Матка Боска, што ж гэта! — пасыпаліся крыкі.
Усе ўскочылі з-за стала, накінулі кажухі, а некаторыя, як былі, у спінжачках, пахапалі дзяругі, сякеры, вёдры, цэбры і чуйдух рынуліся на пажар. Праз дзве хвіліны ў хаце засталіся толькі зарумзаныя дзеці і старая бабулька.
— Не плачце, нічога нам не будзе, дзядзькі патушаць, — супакойвала дзяцей старая. — Не бойцеся, не дойдзе да хаты. Вось лепей хадзіце сюды, будзем Божаньку маліцца, каб вецер сцішыў. Ціха, дзеткі, хадзіце сюды.
Яна паставіла ўсіх на калені перад абразамі — і Стаха таксама, хоць той ужо быў сабраўся бегчы за астатнімі, — укленчыла побач сама і сказала, каб за ёй паўтаралі.
Бабулька горача малілася сваімі словамі, углядаючыся ў выяву Езуса, плачучы горка, як дзеці, роспачна благаючы суняць вецер і памагчы тушыць агонь.
Скарыстаўшыся тым, што бабулька дарэшты аддалася малітве, Стах на дыбачках выйшаў з хаты і кінуўся на пажар.
Гумно палала. Вецер раздзімаў яго і тармасіў, як шалёны сабака анучу: спачатку падымаў доўгім вострым языком уверх, скручваў вірам, потым нечакана валіў уніз, маланкай кідаў то ў адзін, то ў другі бок, ліхаманкава растрасаў. Іскры сыпаліся мільёнамі, нібы з агромністых кавальскіх мяхоў ці пашчы вулкана, вырывалі цэлыя ахапкі гарэлай саломы, пераносілі агонь на стагі і пуню побач. Гумно атачаў асляпляльны бляск, які тут жа ператвараўся ў чорныя аблокі дыму, што цалкам зацягвалі будыніну. Агонь трашчаў, як рамяні млынарскага спуску, вакол жаласна вылі віхуры.
Ля гумна апантана бегалі сямёра мужчын і чатыры кабеты. З такім надвор’ем пра тое, каб патушыць пажар, не было і гаворкі, таму яны намагаліся хоць нешта з яго ўратаваць і зрабіць усё, каб агонь не перакінуўся далей. На таку ляжала куча намалочанага збожжа. Адны, пакалоўшы лёд у яме для гліны, мачылі там дзяружкі і абкладалі імі стагі з боку агню і дах пуні, іншыя, завярнуўшыся ў такія ж мокрыя дзяружкі, ускоквалі на ток, зачэрпвалі прынесеным посудам збожжа і выносілі з полымя. За ветрам і трэскам агню былі чуваць крыкі:
— Хутчэй! Гады паўзучыя! Уладзь! Сып! Не лезь! Мама, пусці! Я іх сам падсмажу! Хопіць, дзеткі! Ну што там! Эвеліна! Давай! Вышэй!
Гумно згарэла, а разам з ім — амаль палова незмалочанага збожжа, пяць стагоў саломы, тры — сена і пуня, пад столь забітая канюшынай і вікаю. Але да астатніх будынкаў агонь не пусцілі. Цэлую ноч гаспадары Рагоў бегалі на ветры і дашчэнту змучыліся. Адны моцна апякліся, некаторыя прастудзіліся і злеглі. Стахаў настрой, і так змрочны ў першай палове вакацый, цяпер зрабіўся зусім жахлівы: плач, стогны, пракляцці, нараканні і шалёныя п’яныя спевы не сціхалі ўвесь наступны тыдзень ні на хвіліну. Уладзь і парабкі так гумна шкадавалі, што выхлысталі цэлае вядро гарэлкі. Пілі дзень і ноч, бушавалі ў хаце, не зважаючы ні на ўгаворы бацькі, ні на старэйшых братоў. Ян раз’юшаны быў бязмежна.
У такіх абставінах Стах нават падумаць не мог пра тое, каб прызнацца ў сваіх правінах, і спадзяваўся, што пакуль вакацыі, настаўнік яму даруе і зусім на яго справу забудзецца.
Пасля Трох Каралёў1 у Вончу яго павёз дзядзька Марцін, які на пажары апёкся менш за ўсіх. Па дарозе ён вучыў хлопца ў школе быць уважлівым, паслухмяным, пакорлівым, каб не змарнаваць заплачаных за яго грошай, яшчэ даражэйшых цяпер, калі агонь знішчыў палову ўраджаю.
Стах слухаў дзядзькавы наказы безуважна і маліў Бога, каб у настаўніка аказалася кароткая памяць, усю дарогу, а потым яшчэ ўвесь вечар і ўсю наступную раніцу, пакуль не заняў сваё месца ў класе.
Праз агромністыя сумёты вучняў было няшмат, а тыя, што прыйшлі, былі вясёлыя і гаманкія: хваліліся, хто колькі сала з’еў, хто калядаваць хадзіў з зоркай, хто з казой, хто з мядзведзем.
Настаўнік таксама прыйшоў у надзвычай добрым настроі, размаўляў з дзецьмі пра вакацыі і ўсміхаўся. У Стаха прамільгнуў праменьчык надзеі.
Правяраючы прысутных, Грывень назваў і яго:
— Станіслаў Балашэвіч.
— Есть! — падскочыў Стах.
— Ну што, быў бацька ў свяшчэнніка?
— Не, гаспадзін учыцель, — прызнаўся хлопчык.
— Не быў? Гэта чаму ж?
— Не сказаў бацьку я пра гэта, баяўся, што паб’е.
— Не сказаў? — паўтарыў настаўнік такім тонам, быццам толькі што выкрыў ману. — Ведаю я вашую хітрасць, шляхта фанабэрыстая. Вы проста выбачацца перад праваслаўным свяшчэннікам не хочаце. Ладна, можаш сабе далей сядзець як балван.
Стах бяссільна сеў на лаву, адчуўшы сябе самым няшчасным у свеце хлопцам.
На першым перапынку да яго падышла Галіна.
— Што, праўда не сказаў? — запытала яна.
— Не сказаў, Галінка, збаяўся.
— Што ж твой бацька за кат такі?
— Ну... строгі ён, а тут яшчэ няшчасце — на другую куццю нас гады-нітаўцы спалілі.
— Спалілі?! Зусім?
— Гумно са снапамі згарэла, пуня з кормам і стагі. Галінка, сястрычка залаценькая, што ж мне рабіць цяпер?
— Не гоняць, дык сядзі і вучыся. Глядзі, што іншым задаюць, і тое ж рабі.
Стах да парады прыслухаўся і вучыўся што было сілаў. Увесь час па-за школай ён згадваў настаўніцкія тлумачэнні і рабіў заданні. Не хадзіў на рэчку, не валэндаўся па вуліцах, як іншыя. Урокі, якія іншыя ледзь прачытаць маглі, ён ведаў на памяць і мог адказаць на любое пытанне настаўніка.
Міналі дні і тыдні, а Грывень упарціўся і рашэння свайго не адмяняў: раніцай Стахавага прозвішча не называў, сшыткі вяртаў неправеранымі, на ўроках не выклікаў і ні пра што не пытаўся. А поп на сваіх уроках у бок Стаха стараўся нават не глядзець.
— І чаго ты, ляху, прыходзіш, калі настаўнік цябе вучыць не хоча! — казалі яму рускія. — Што ты, стары, марна чобаты зношваеш і крамныя штаны праціраеш?
Стах ужо і сам пра гэта думаў і ўрэшце пачаў сумнявацца ў разумнасці свайго рашэння і ў сэнсоўнасці сваіх высілкаў. Яму здавалася, што пропісь без чырвоных настаўніцкіх пазнакаў не прыносіць ніякай карысці, што ўсё няправільна і не патрэбна. Як толькі настаўнік адмовіўся яго вучыць, ніводзін вучань больш не зазіраў у сшытак Стаха, ніхто яго ні пра што не пытаў, ніхто яму не верыў, і ён турбаваўся ўсё мацней. Часам ён лічыў сябе поўным зломкам і найвялікшым дурнем у класе. Ён зайздросціў нават тым вучням, чые сшыткі аж чырванелі ад настаўніцкіх выпраўленняў, але былі правераныя, і тым, чые адказы выклікалі ў астатніх рогат, але якіх пыталі, і нават тым, якія штодня атрымлівалі па руках і ў пысу.
З кожным тыднем хлопчык усё больш падаў духам, увесь час сядзеў сумны і задуменны. Часта, прыгнечана гарбеючы на кватэры над кнігамі, ён утаропліваўся ў нейкі прадмет на сцяне і бяздумна сядзеў так гадзінамі.
На пытанні апекуноў пра прычыну смутку заўсёды адказваў, што тужыць па Рагах.
— Ды ты чаго, карапуз, — суцяшаў Садоўскі, — вось дачакаемся Масленіцы, зноў тыдзень вакацыяў у цябе будзе, і з’ездзіш дадому.
«Калі Бог дасць таго дачакацца, — казаў сам сабе Стах, — то я ўжо такім баязлівым і дурным не буду. Лепш гадзіну адпакутаваць, чым палову зімы. Калі б вось цяпер бацька заехаў ці які з дзядзькоў, я б адразу тут прызнаўся, каб толькі мукі гэтыя сышлі як хутчэй».
І здзіўляўся, што яго так доўга ніхто не адведвае.
Потым надышла чаканая Масленіца. Вакацыі пачыналіся ў суботні полудзень і доўжыліся восем дзён.
Раніцай у суботу настаўнік на трэцім уроку раздаваў вакацыйныя заданні. Хлопцы нецярпліва тупалі нагамі, рыхтык коні на стайні.
Нечакана адчыніліся дзверы, і ў клас зайшоў нейкі вельмі ўжо важны барын. У доўгім, аж да костачак, футры з раскошным куніцавым каўняром і ў дарагой каракулевай шапцы. Меў вострую бародку і прыгожа падкручаныя вусы. Зняў шапку — а там плёх.
Настаўнік ліхаманкава ўскочыў.
— Устаць! — крыкнуў ён дзецям і ціхенька дадаў: — Інспектар.
— Здравствуйте, дети, — сказаў інспектар.
— Здраствуйце, гаспадзін! Здравствуйце, гаспадзін інспектар! — бязладна замармыталі знянацку заспетыя вучні.
Павітаўшыся з настаўнікам, інспектар выказаў здзіўленне, што ў школе так шмат дзяцей. Зняў — з руплівай дапамогай настаўніка — футра, склаў яго на крэсла, пацёр рукі, некалькі разоў прайшоўся па пакоі, таго-сяго пагладзіў па галаве, спытаў, які аддзел дзе сядзіць, і пачаў праверку. Пытаў двух-трох з кожнага аддзела, спачатку чытанне, потым пісьмо, зазіраў у сшыткі. Пад канец перайшоў да вусных пытанняў — некалькі па кожным прадмеце. Пачаў з першага аддзела, дзе наймалодшыя мелі дзесяць гадоў, а збольшага сядзелі хлопцы дужыя, гадоў па трынаццаць і болей, некаторыя ўжо нават за плугам хадзілі і з касой упраўляліся.
— Слухайце, дзеці, — казаў інспектар. — У бацькі было чатыры сыны і тры дачкі. Колькі ўсіх дзяцей?
— Сем! — загучаў хор галасоў.
— Вот малайцы! — пахваліў інспектар. — Сядайце. Колькі фунтаў у пудзе? — звярнуўся ён да другакласніка.
— Сорак! — адказаў клас у адзін голас.
— Добра. А што цяжэйшае, дрэва ці пух?
— Дрэва! — зноў разам адказалі дзеці.
— Добра. А што больш заважыць: пуд дрэва, пуд пуху ці пуд жалеза?
— Жалеза!
— Аслы якія! А можа, хто іначай думае?
Некалькі вучняў разам са Стахам паднялі рукі.
— Што цяжэйшае? — выклікаў інспектар хлопца, што сядзеў сама блізка ад яго.
— Дрэва! — быў адказ.
— Яшчэ большы асёл.
Астатнія рукі спуджана апусціліся. Засталася толькі Стахава.
— А ты як думаеш?
— Пуд пуху, пуд дрэва і пуд жалеза заважаць аднолькава.
— Як такое можа быць? Жалеза ж цяжэйшае.
— Так, але на пуд маленькі кавалак спатрэбіцца.
— Вось ты адзін і маладзец. Як зваць?
— Станіслаў Балашэвіч.
— Вельмі добра. Сядай.
Ад хвалявання ў Стаха дух заняло. Ён зірнуў на Галіну, якая заўжды была да яго зычлівая: яна падавала яму знакі, каб скарыстаўся выпадкам і пажаліўся інспектару. Ён зразумеў, але паколькі інспектар, занатаваўшы ягонае прозвішча, перайшоў ужо да трэцяга аддзела, адклаў скаргу на потым.
— Хто з вас быў у горадзе, у такім вялікім, губернскім, падыміце рукі, — загадаў інспектар.
Двое трэцякласнікаў паднялі рукі.
— У якім горадзе ты быў? — спытаў інспектар аднаго з іх.
— У Магілёве быў.
— Так, Магілёў — вялікі губернскі горад. А ведаеш сталіцу Расіі?
— Санкт-Пецярбург!
— А чаму яна так называецца?
— Бо яе заснаваў Пётр Вялікі.
— Добра. А ў якім годзе заснаваў, ведаеш?
Той не ведаў.
— Хто ведае? Ніхто? А вы? — убачыўшы, што трэцякласнікі не адказваюць, звярнуўся інспектар да чацвёртага аддзела.
У чацвёртым усе хацелі адказваць. Інспектар выбраў Галіну.
— У 1703-м, — сказала яна.
— Добра. А да цара Пятра Вялікага Расія ўжо існавала?
— Так, доўга ўжо існавала.
— А хто быў першым уладаром Расіі і ў якім годзе ўладу прыняў?
— Рурык. Здаецца, у 862-м.
— Правільна. Вось як доўга Расія стаіць — больш за тысячу гадоў. А перад Расіяй свет доўга быў?
— Так, вельмі доўга.
— А ў якім годзе свет пачаўся?
Гэтага Галіна не ведала.
— Хто можа адказаць? Ну, дзеткі, падумайце. Ніхто? Хто адкажа, у якім годзе пачаўся свет, — звярнуўся інспектар да ўсіх, — атрымае ўзнагароду.
— У першым, гаспадзін інспектар, — прамовіў Стах.
— Чаму ў першым? У якой кнізе ты гэта бачыў, хто табе расказаў?
— Не ведаю, у якой кнізе пра тое пішуць, але, па-мойму, калі свет пачаўся, то і гады пачацца мусілі.
— Вот, Станіслаў, ты ў мяне яшчэ раз маладзец! — пахваліў інспектар, падышоў да хлопчыка, загадаў пачытаць, а потым — паказаць сшытак.
— А чаму не правераны? — адразу спытаў ён. — Міхаіл Іванавіч?
— Не правяраў яму сшытак некалькі тыдняў, бо пакараны ён. Вучань кемлівы, але свавольны і наравісты, — адрапартаваў настаўнік.
— Ну вот, — сказаў Стаху інспектар. — Я цябе тут хвалю, а ты, аказваецца, гарэза і свавольнік. Трэба паслухмяным быць, пакорным, ціхім. Можа, выправішся?
— Я буду заўжды пакорным, гаспадзін інспектар, але хацеў бы...
— Вы яму даруйце пакуль, Міхаіл Іванавіч, — перарваў інспектар. — Ён выправіцца.
— Дарую, пане інспектар.
— І, думаю, ён тут без усялякай карысці сядзіць. Перавядзіце яго ў трэці аддзел.
— Так, перавяду, пане інспектар.
— І яшчэ. З тых кніг, што я для вашай бібліятэкі прывёз, прашу яму «Тараса Бульбу» аддаць ва ўласнасць.
1 Тры Каралі — апошняе свята каляднага цыклу, якое каталікі адзначаюць 6 студзеня.
Масленічныя вакацыі Стах прабавіў надзвычай весела. Калі хатнія даведаліся, як яго адзначыў інспектар, то літаральна на руках малога насілі.
Трэцюю чвэрць навучальнага года хлопец праседзеў у трэцім аддзеле. Вучыўся старанна, паводзіўся ўзорна, паслухмяна, як і абяцаў інспектару, увесну быў пераведзены ў чацвёрты аддзел і радасны вярнуўся ў Рагі.
Але восенню ён зноў з’язджаў неахвотна, і прычынай гэтага было набрынялае нянавісцю стаўленне вучняў да іншаверцаў і з’едлівыя водгукі саміх настаўнікаў.
Ён прыехаў на другім тыдні верасня, акурат да пачатку заняткаў. Большасць лаваў зеўрала пустатой, але чацвёрты аддзел у першы ж дзень з’явіўся ў поўным складзе. Цяпер у ім вучыліся Стах, адзін з братоў Паўловічаў, Борах Салавейчык, сын рэзніка з мястэчка, і пяцёра беларусаў. Настаўнік застаўся той самы.
Каля месяца вучняў у школу хадзіла вобмаль, а потым пачалі збірацца. Шмат запісалася навічкоў. Стах у новапрыбылых палякаў з цікавасцю пытаўся пра прозвішча, мясцовасць, паходжанне і сваякоў, прагнучы знайсці крэўных, якія цалкам маглі адшукацца ў Балашэвічаў у ваколіцах Вончы.
Аднойчы раніцай ў сярэдзіне кастрычніка разам з купкай беларусаў у парцянках і лапцях у школе з’явіўся адметны хлопец невыразнага паходжання. Быў ён у заечай шапцы, сівой світцы — такія носяць у беларускіх вёсках, — штанах з даматканага сукна і прыгожых чорных ботах вышэй за калена. Ці то паляк з рускай вёскі, ці то заможны русін з якога хутара па купчай. Найбольш усіх зацікавілі боты: такіх ніхто ў школе не тое што не меў — нават не бачыў ніколі. Гадоў прыбыш меў пятнаццаць ці нават болей, бо дужы быў і крэпкі, а на твар — мілы і прывабны. Стах з першага погляду адчуў да яго вялікую сімпатыю. Яму нават здалося, што недзе гэтага хлопца ён ужо бачыў.
Навічка адразу абступілі сталыя вучні, уважліва да яго прыглядаючыся. Некаторыя нават абмацваць пачалі.
— Зваць як? — падступіў Кірпаты, найвялікшы ў школе задзіра і насмешнік.
— А табе навошта? — даў адлуп гаспадар доўгіх ботаў, мераючы нахабу позіркам.
— Мне навошта?! — закрычаў Кірпаты. — Я настаўніка замяняю! Ану кажы, як зваць!
— Так, ён настаўніка замяняе, — пацвердзілі ўсе.
— Зваць мяне Косцік, — паведаміў навічок, убачыўшы вакол сур’ёзныя міны.
Смех выбухнуў разам з мянушкамі:
— Косцік! Хвосцік! Мосцік!
Косцік пачырванеў як бурак.
— А па фаміліі як? — пытаў Кірпаты далей.
— Не адказвай яму, ён звычайны дурань, два гады ў адным класе сядзіць! — выкрыкнуў аднекуль ззаду Стах.
Косцік пхнуў Кірпатага ў грудзі.
— Ах вось так?! Паваяваць са мной хочаш?! — заверашчаў Кірпаты.
— Я не баюся, — адказаў новенькі. — Хочаш — паваюем.
— Ну давай. Даведаешся, колькі фунт ліха каштуе. Нападай давай.
— Сам пабачыш. Давай, хоць пад пахі бяры.
Яны схапіліся і рухнулі на зямлю, Косцік зверху.
— Ого, от табе і хвосцік, — дзівіліся вучні.
А некаторыя радаваліся:
— Так яму, задаваку! Ён думаў, што адзін тут сілач. Так яму!
— Ты мяне паваліў, — падымаючыся, сказаў Кірпаты, — бо пэўна ўжо нажэрся, а ў мяне і крышкі ў роце з учора не было.
— Гэта праўда, ён сёння галодны, — засведчылі аднакласнікі.
— Ну тады падыходзьце хто пад’еўшы, — падбухторваў Косцік. — З любым вазьмуся.
Але далейшаму разбору перашкодзіла з’яўленне настаўніка.
Падчас праверкі навічкоў вучні даведаліся, што прозвішча Косціка — Васілеўскі. Ён ужо крыху быў навучаны, таму пайшоў адразу ў другі аддзел.
На перапынку Васілеўскага абступілі палякі.
— Ты з нашых, польскі? — дапытваліся яны.
— А як жа, польскі, польскі, — адказаў Косцік.
— Ты ж леснікоў сын, праўда? — запытаў Стах.
— Так. А ты адкуль?
— Я толькі паглядзеў на цябе і нібыта пазнаў. Я з Рагоў, Балашэвічаў Стась.
— Ты — Балашэвічаў Стась?! Гэта ж трэба, як чалавека адзежа змяняе. Я цябе зусім не пазнаў, хоць столькі разоў у Рагах быў і цябе бачыў.
— Як ты здолеў Кірпатага зваліць?
— Я і двух такіх павалю, мне яны як мухі.
— Ты такі моцны?! А давай будзем з табой дружыць. Я ўжо ў чацвёртым класе.
— Такі малы і ўжо ў чацвёртым? Дружыць згодны, калі ты хочаш. А вось раскажы мне, Стах, што гэта за два кругі на чорнай дошцы.
— Гэта наш свет такі.
— Такі смешны свет?!
— Так. Хадзем, я табе ўсё патлумачу.
І Стах паказаў Косціку часткі свету, Расію, а потым падрабязна апавёў пра партрэты ўсіх цароў на сцяне.
— А вунь той, што як канакрад глядзіць, — гэта хто? — асабліва зацікавіўся Косцік партрэтам Мікалая І.
— Ціха! — шыкнуў Стах, хапаючы яго за плячо. — Гэта таксама цар!
— І таксама рускі?
— Польскіх тут няма. А цяпер зірні ў кут пад ручнік.
— Гэта хто?
— Гэта іхны Пан Езус.
— Гэта Езус у іх такі?! А-я-яй, нягеглы ён нейкі. Як такому маліцца?
— А ты думаеш, я яму малюся? Я толькі для выгляду вуснамі варушу, але ведаў бы ты, што я на яго думаю! У іх амаль усе абразы такія. Як у цэркві будзем, сам пабачыш.
— А што, тут трэба да цэркві хадзіць?
— Так, у царскія святы ўсіх разам да цэркві ганяюць. Толькі яўрэяў не чапаюць, яны ж няхрышчаныя.
Вечарам Косцік адведаў Стаха на кватэры.
— Адкуль у цябе такія боты дзіўныя, доўгія? — спытаў Стах.
— А гэта мне пан даў, за тое, што мой бацька мінулае зімы мядзведжы бярлог адшукаў.
— За бярлог?
— Так. Ты, мабыць, не ведаеш, як лесніку важна мядзведжы бярлог знайсці. Вось мінулай зімою мой тата знайшоў, мядзведзя ў аблаве забілі, і тата пана папрасіў мне ў навуцы дапамагчы. Пан даў дзесяць рублёў і вось гэтыя боты. Пан іх, вядома, трохі насіў, але калі падноскі ставіць і даглядаць як належыць, то на тры гады хопіць.
— Па-мойму, пан ваш — той яшчэ жмінда. За мядзведжы бярлог мог бы і болей даць.
— Па-мойму таксама жмінда, але тата кажа, што доранаму каню ў зубы не глядзяць і калі даюць, то браць трэба. Дык што, — вярнуўся Косцік да размовы пра школу, — ты такі малы, а ўжо ў чацвёртым сядзіш? То вясною экзамент здасі ўжо?
— Спадзяюся, што здам.
— У Смалярні аж двое такіх, што экзамент здалі: Казік Здановіч і Ясь Ладан. Я з Казікам дружу. Ты ў Смалярні калі-небудзь быў?
— З нашых амаль усе былі, а я ніколі.
— Ой, бачыў бы ты, які наш засценак вясёлы! Дваццаць дзве польскія хаты побач стаяць. Могілкі польскія ёсць, ёсць такі чалавек, што дзяцей у вадзе хрысціць і нябожчыкаў хавае, музыканты свае, дзяўчат многа і хлопцаў усякіх. А яшчэ ведаеш што, — сцішыў ён голас. — У мяне ў Смалярні дзяўчына.
— У мяне таксама ўжо дзяўчына ёсць.
— Ды што ты! А прыгожая хоць?
— Як анёлак!
— А вялікая?
— Не, малая яшчэ, але ўжо смяецца, а ручкі як сцісне, дык не адразу і расчэпіш.
— Што?! Стой, дык ты пра дзіцёнка гаворыш?
— Дзіцёнак яшчэ, ага, мама на жніво нарадзіла.
— Дык яна табе сястра, значыць.
— І нават родная. Эх, ты б яе бачыў!
— Ды ідзі ты з такой дзяўчынай. Я пра тую кажу, з якой жаніцца можна, як вырасцеш.
— А-а, такая, каб жаніцца?! Я жаніцца не змагу, бо на ксяндза буду вучыцца.
— Калі б у мяне Каруські маёй не было, я б з табою на ксяндза пайшоў.
— Праўда на ксяндза? — уразіўся Стах. Падумаў крышку і спытаў: — Дык тваю дзяўчыну Каруся зваць?
— Так, Каруся, а называюць яе ўсе Быліна.
Косцік згуртаваў вакол сябе палякаў у класе, зрабіўся іх абаронцам і натхненнем. Сядзеў ён сярод малодшых, але хлопец быў вялікі, моцны, бывалы, прыязны і кампанейскі. Усе адчувалі да яго сімпатыю і давер, усе яго любілі і дзяліліся радасцю і горам, прасілі парады, калі сварыліся з таварышамі, клікалі на дапамогу, а ў спрэчках пра нацыянальныя перавагі ставілі яго ў прыклад.
Сапраўднае сяброўства Косцік завязаў са Стахам, бо былі яны, лічы, суседзі і крыху знаёмыя перад гэтым. Спачатку хадзілі адзін да аднаго кожны вечар, а потым Косцік на стала пераехаў да Садоўскага на кватэру. Да іх часта наведваліся Паўловічы, Мачуга, Закрэўскі, Тарка, Герасімовічы і іншыя вучні-палякі. Ніводнага вечара не было, каб да іх хтосьці не зазірнуў. Садоўскія былі не супраць. У прысвяткі ў іх збіраліся амаль усе: дапамагалі адно аднаму з цяжкімі ўрокамі, разам чыталі «Тараса Бульбу», абмяркоўвалі як умелі тыя даўнія часы казацкіх войнаў з Польшчай, хваліліся, расказвалі пра свае хутары і засценкі. Часцей за ўсіх Косцік хваліўся Смалярняй: яна ляжала за няпоўныя дзве вярсты ад іх леснічоўкі і за сем вёрстаў ад Вончы. Штонядзелі Косцік абавязкова хадзіў дадому, заўсёды зазіраў у Смалярню і кожны раз прыносіў адтуль свежыя навіны — часта нават сенсацыйныя.
— Ведаеце што, хлопцы, — сказаў ён аднойчы, вярнуўшыся з дому, — Казік гаворыць, што Расія зусім не такая святая і светлая, як у рускіх кнігах напісана. Кажа, мала які цар сваёю смерцю ў ложку памёр. Што Кацярына Вялікая, святая мучаніца, такую распусту чыніла, што не вартая нават таго, каб яе на асвечаных могілках хаваць. Аляксандр Асвабадзіцель сялянаў распрыгоніў не ад добрага сэрца, а прымусова, бо ўсе астатнія дзяржавы сваіх людзей даўно перад ім вызвалілі. Слаўны Сувораў быў такі падступны гад, што яго і «па матушцы» не грэх аблаяць. Казік кажа, што і паловы праўды няма ў тым, што гэтыя рускія пра сябе пішуць.
— Дык, можа, і гэты Тарас Бульба слаўным зусім не быў? — пыталі палякі.
— Тарас Бульба быў слаўны, але ў Польшчы рыцары былі такія, што розная там Бульба ім не раўня.
Іншага разу Косцік прынёс са Смалярні заклік не хадзіць у царкву.
— Ведаеце, што я вам скажу, хлопцы? — казаў ён. — Казік гаворыць, што настаўнік не мае права нас гнаць да цэркві, і хадзіць нам туды нельга, бо грэх. А давайце, хлопцы, не пойдзем!
— А давайце не пойдзем, давайце! — падхапілі астатнія.
— А настаўнік да нас потым не дачэпіцца? Са школы не выкіне? — запытаў старэйшы Паўловіч.
— Калі частка падымецца, а частка падлашчыцца захоча, тады, вядома, бунтаўнікоў ён выкіне. Але калі не пойдзем усе, нічога ён нам не зробіць, — разважаў Косцік. — Казік кажа, што ў яго часы палякі аднойчы ўзбунтаваліся і ўсе як адзін да цэркві не пайшлі, а настаўнік нікога не выключыў. Ну дык што, ідзём ці не?
— Не ідзём, не ідзём! — пагадзіліся ўсе.
— Хто не згодны, кажыце смела цяпер, каб потым, калі да справы дойдзе, не аказалася, што адзін так, а другі гэтак.
Калі ў гадавіну дому Раманавых1 настаўнік загадаў вучням выйсці з класа і пашыхтавацца, каб ісці ў царкву, Косцік выступіў ад імя палякаў:
— Гаспадзін учыцель, нашая польская вера не дазваляе нам да цэркві хадзіць. Просім нас вызваліць.
— Вашая польская вера не дазваляе вам да цэркві хадзіць? — здзіўлена паўтарыў Грывень. — О, калі так, то змушаць не буду. Добра, калі хто з католікаў не хоча ў царкву ісці, можа пайсці дадому, а папаўдні вярнуцца на бяседу. А хто хоча, можа ісці з намі.
Здавалася, ён гаворыць лагодна, але на твары можна было заўважыць цень незадаволенасці, а ў голасе пачуць пагрозлівыя ноты.
Ніхто з палякаў не стаў у шэраг. Яны разышліся і ў абед усе сабраліся ў Садоўскіх. Большасць непакоілася.
— Мабыць, кепска мы зрабілі, хлопцы, што ўзбунтаваліся, — сказаў Тарка.
— Выкінуць са школы як піць даць, — трымцеў Паўловіч.
— Калі каго выкідаць будуць, валіце ўсё на мяне, бо гэта я ўсіх узбаламуціў, — гукнуў Косцік.
— І на мяне, бо я таксама падбухторваў, — дадаў Стах.
— І на мяне, — далучыўся да вінаватых Закрэўскі.
Пасядзелі так паўгадзіны і разам пайшлі да школы.
Стаяла адліга. Неба зацягнула цёмнымі дажджавымі хмарамі, раз-пораз валіў ліпкі снег і церусіў дробны дожджык. Стары снег можна было ляпіць, як размяшаную гліну. Адусюль даносіліся галасы дзятвы, што гуляла ў снежкі. У школьным двары ўсё віравала ад групак разгарачаных вучняў.
Іншым разам палякі далучыліся б да гульні, але цяпер іх мучыла трывога: ці не давядзецца адказаць за непаслушэнства? І яны не затрымліваючыся пайшлі ў клас.
Там на адным радзе лаваў групкамі сядзелі рускія дзяўчаты, на другім — вучні-яўрэі. Рускіх хлопцаў можна было пералічыць на пальцах.
Палякі таксама селі групкамі на пустыя лавы і пачалі чакаць.
Хутка ўвайшоў настаўнік, паведаміў, што бяседа пачнецца праз гадзіну, калі прыйдуць поп і фельчар, і наказаў усім прысутным хлопцам бегчы на двор да іншых гуляць у снежкі.
Яўрэі, баючыся, што рускія будуць іх чапляць, хацелі былі застацца.
— Гаспадзін учыцель, — сказаў Борах Салавейчык, найстарэйшы між імі і па веку, і па класе, — мы ў снежкі ніколі не гуляем. Навошта нам гэтае зімовае паскудства? Мы лепей тут, на лаўках, фельчара ціха пачакаем.
— Хочаце тут у такую цяплынь лайдачыць і паветра брудзіць?! — закрычаў настаўнік. — Гульні на свежым паветры карысныя для здароўя! Ану ўсе, апроч дзяўчат, неадкладна на двор вымеліся! Каму сказаў!
Палякі і яўрэі выйшлі з будынка.
— А ўсё ж ён злуецца, — шапнуў Стах Косціку. — Бачыў, як на нас вачыма лыпаў?
— Заўважыў, ага. Нічога, Казік сказаў, калі што якое… то ён ведае, дзе навесці спраўкі.
Убачыўшы на двары яўрэяў, руская дзятва ўсчала радасны крык:
— Яўрэі ідуць, яўрэі! Пуляйце ў іх давайце! Так пуляйце, каб з іх кароста абсыпалася!
— Толькі не ў адных яўрэяў такім натоўпам, — сказаў настаўнік, які, выгнаўшы ўсіх з класа, накінуў на плечы палітон і выйшаў таксама. — Ціха!
Суцішыўшы крыкі, ён выйшаў у цэнтр двара і загадаў:
— Станавіцеся так: з гэтага боку, — паказаў ён левай рукой, — праваслаўныя, а з таго, за сорак крокаў, — католікі, яўрэі і татары. Роўнымі радамі стаць, выконвайце.
Такі падзел быў ушчэнт несправядлівы, бо рускіх хлопцаў было больш за семдзесят, а ўсіх астатніх разам узятых не набіралася і сарака.
— Перамогуць нас, зваляць, што ўжо тут, — сказаў нехта баязлівы сярод палякаў.
— Зваляць і зваляць. Але трымайцеся, хлопцы, цвёрда і пуляйце моцна, каб запомнілі нашыя кулі, — адгукнуўся Косцік. — Калі яўрэйчыкі з намі будуць, то, можа, і паб’ём кацапаў. Ставайце, хлопцы!
Яны разышліся ў ланцуг, як і рускія насупраць. Побач стала чацвёра татарскіх хлопцаў. Але яўрэі збіліся ў купку і жыва штось абмяркоўвалі.
— Гэй, чаго не шыхтуецеся? Чаму ў рад не становіцеся, як астатнія? — крычаў настаўнік.
Борах зноў выступіў наперад:
— Гаспадзін учыцель, мы не можам станавіцца супраць рускіх людзей. Мы будзем за рускіх супраць палякаў. Мы ўжо ідзём да вас. Ком ахер, брыдэр2, — паклікаў ён сваіх.
— Не хочам мы пархатых, не трэба! — запратэставалі насупраць. — Памочнічкі тут знайшліся! Мы з вамі хочам біцца! Станавіцеся, нехрысці пархатыя!
Яўрэйчыкі зноў хвіліну параіліся, а потым паднялі рукі ўверх і, выступаючы наперад, закрычалі ў адзін голас:
— Мы ў плен здаёмся! Здаёмся без бою! Забірайце нас у плен!
Рускія пачакалі, пакуль «палонныя» наблізяцца, а тады сыпанулі ў іх чаргой са снежак — аж завіравала.
Яўрэйчыкі — у гвалт, у піск, рукі ў ногі і хто куды.
— Брава, хлопцы, брава! Так гэтым тхарам і трэба, — пахваліў настаўнік. — А зараз вунь тым шляхціцам ганарлівым усыпце. Не бойцеся, снегам не пакалечыце.
Паўтара дзясятка хлопцаў кінулася ў пагоню за яўрэямі, астатнія пайшлі ў наступ на дзевятнаццаць палякаў і татараў.
— Хлопцы, каб ніхто ўцякаць не смеў! — закрычаў Косцік. — Адзін раз мама нарадзіла! Трымаймася, пакуль дыхання хопіць! Пуляць моцна і проста ў морду, каб мала не здалося!
Яны сцягнуліся ў шчыльны ланцуг і пачалі адбіваць атакі. Некаторыя падчас яўрэйскага гандлю наляпілі сабе дзясяткі з два снарадаў і цяпер імкліва шпулялі гатовыя.
Рускія «кулі» сыпаліся на іх заеддзю, па некалькі на кожнага за раз, балюча джгалі, перапынялі дыханне, сляпілі вочы.
Стаху і іншым меншым хлопцам праз некалькі хвілінаў такой буры ўжо хацелася плакаць, але яны сціснулі зубы і трымаліся. Яны сустракалі снежкі спінай, потым закрывалі локцем твар і пулялі па прыкладзе таварышаў.
— Давайце, хлопцы, давайце! Смела валіце, каб нас потым кацапы тхарамі не дражнілі! Бачыце, як за морды хапаюцца! Добра трымаемся, давайце, хлопцы! — бесперастанку падбадзёрваў Косцік.
Ён натхняў і словам, і справай: ляпіў снарады цвёрдыя і вільготныя, памерам з добрую бручку, біў трапна, а ў каго пацэліў, той вылятаў з поля плачучы. Гледзячы на яго, і іншыя зацята лупілі. Для большага выніку паскідвалі світкі.
Але яны не маглі зваяваць праціўніка, чыё войска пераважала колькасцю ў чатыры разы. Рускі ланцуг пуляў з усё большай ярасцю і галасам, паволі пасоўваючыся наперад і абступаючы палякаў злева і справа. Іх падбадзёрвалі настаўнік і натоўп дарослых, якія, пачуўшы на школьным двары нязвыклы шум, збегліся з усяго мястэчка.
«Параненыя» Косцікам хлопцы абтрасаліся ў тыле, хвіліну адпачывалі, набіраліся смеласці і вярталіся да бойкі. Пераследнікі яўрэяў вярнуліся і зайшлі палякам са спіны, узялі іх у колца, каб ні адзін не вырваўся, і павольна змыкалі шэрагі. Наблізіўшыся на адлегласць дзесяці крокаў, грымнулі гістарычнымі словамі, што Сувораў сказаў Кацярыне: «Ура! Варшава наша!» — і кінуліся ўрукапашную. На кожнага паляка было па тры, чатыры, а то і пяць непрыяцеляў. Адны трымалі за рукі, а іншыя ўволю пулялі снежкамі. Нарэшце пачалі валіць на зямлю.
— Брава, хлопцы, брава! — хваліў настаўнік.
— Брава, рускія! Ура нашым парням! — крычалі з натоўпу, што назіраў за бойкай.
Гульня ў снежкі ператварылася ў сапраўдную бойку. Некаторыя, каб не ўпасці на зямлю, дралі праціўнікам валоссе, білі ў грудзі, брыкаліся.
Даўжэй за ўсіх не здаваўся Косцік — да яго не маглі падступіцца. Калі які зух набліжаўся — тут жа адлятаў на некалькі крокаў назад, нібыта з прашчы, яшчэ і з пераваротам.
Але ўрэшце некалькі найдужэйшых хлопцаў пайшлі на яго з усіх бакоў адначасова, схапілі — адзін за ногі, другі за шыю, трэці пад пахі — і паклалі на лапаткі.
І пачалі помсціць. Кожны, хто атрымаў у бойцы балючы ўдар альбо злаваўся на Косціка за нейкую даўнюю паразу, падыходзіў, шпурляў яму ў твар снежкі, біў па рэбрах лапцем, шчыпаў за азадак з падкрутам.
— От табе, сілач! От табе, шляхціц шалёны! А вось ад мяне, шэршань паганы! І ад мяне, блыхасты!
— Давайце сарочку яму расшпілім і за пазуху снегу напхаем, — дадаў нехта, каму шчыпкоў падалося замала.
— Не, хлопцы, лепш яму штаны сцягнуць і голай сракай павазіць па снезе, — прапанаваў іншы.
— Так, так, голага пацягаць, як санкі! — ухвалілі ідэю рускія. — Давайце, расшпільвайце яму штаны!
«Яны ж мяне зняславяць на ўсю ваколіцу, і Быліна мая на мяне глядзець не зможа», — мільганула ў Косціка жахлівая думка, балюча сціскаючы сэрца. І ён вырашыў бараніцца да апошняй кроплі крыві.
Напяўся колькі было сілаў, вызваліў правую руку, даў кулаком паміж вачэй таму, што на ім сядзеў, маланкава перавярнуўся спінай уверх, стаў спачатку на карачкі, а потым і на ногі, кінуўся ў адзін бок, у другі, абтрасаючы непрыяцеляў, і давай уцякаць. Ён бег да плота, спадзеючыся выламіць з яго кол — бараніцца.
Дабег. Схапіў адну жардзіну — пасыпалася парахня. Схапіў другую — не даецца. Убачыўшы, што яго даганяюць, пераскочыў праз плот і памчаў да будынка.
Уварваўся ў найбліжэйшую стадолу, бегае, глядзіць, шукае хоць чаго прыдатнага ў рукі схапіць. Нічога няма. З аднаго боку — пусты воз на колах, з другога — высокая горка саломы. Хоць бы кавалак дрэва. А вароты без клямкі, не замкнешся.
Часу ўжо зусім няма — ні на развагі, ні на ўцёкі. Ужо чуваць галасы за сцяной, ужо ўваходзяць у вароты нападнікі.
Косцік падае на салому, адразу ж ускоквае і лезе ўверх. Нягоднікі забягаюць і караскаюцца за ім.
Косцік залез першы — у кут пад самым дахам. Сцягнуў бот, узяўся за канец халявы і давай лупіць паскуднікаў па галовах цяжкім кутым абцасам.
— От табе, кацап! От табе, свінапас! Зараз мы з вамі разлічымся, зараз я вас навучу. Пайшоў прэч, хрэн сабачы! Валі адсюль, свінюка! — прыгаворваў ён.
Хлопцы калодамі скочваліся ўніз і з плачам хапаліся за галаву.
Праз некалькі хвілінаў усю стадолу запаланілі вучні, і паветра зазвінела ад жахлівых пракляццяў, воклічаў, падказак, камандаў і плачу. Не прызнаючы паразы, удальцы лезлі ўверх, падстаўлялі адзін аднаму плечы, спрабавалі збіць зацятага шэршня, — і з енкамі валіліся ўніз.
— Зараз я з вамі паваюю, зараз навучу! А вось табе, канакрад! І табе, свінапас! Лезьце, лезьце, людарэзы! — крычаў раз’юшаны Косцік, малоцячы ботам без разбору.
У стадолу забег настаўнік і, убачыўшы, што дзеецца, загадаў апамятацца і спыніць «гульню».
— Васілеўскі, апамятайся! Ты ж такім ботам і забіць хлопцаў здолееш! Апамятайся! Хопіць ужо, дзеці, у клас, у клас!
— Ага, цяпер, як вашыя рускія абгадзіліся, дык у клас! — роў Косцік. — Не, я яшчэ паваяваць з вамі, кацапы, хачу! Людарэзы! Свінапасы! Скуралупы! Ваданосы яўрэйскія! Тхары! Ну, хадзі сюды, паваюем!
— Дзеці, у клас, — паўтарыў настаўнік. — Пакіньце яго, ён звар’яцеў. У клас!
Бойка з іншаверцамі нарабіла шмат шуму ў Вончы і шмат клопату Грывеню. Яўрэйскі кагал праз адваката перадаў скаргу ў інспекцыю. Дзве польскія шляхецкія сям’і ініцыявалі справу аб збіцці сваіх сыноў у Дваранскім земстве. Праз тыдзень прыехала начальства, пачаліся «дапросы» і следства. Адчуваючы сваю віну, Грывень непакоіўся і баяўся, а іншаверцы цешыліся. Палякі прагназавалі, што яго не толькі звольняць з Вончы, але і зусім служыць забароняць. Яўрэі — што ў кайданы закуюць і на Сахалін вышлюць, на катаргу.
Але і тыя, і іншыя памыліліся. Следства скончылася, «начальства» з’ехала, а Грывень дзе быў, там і застаўся. Відавочна, яго хацелі перавесці, але руская грамада, папом падгавораная, не дазволіла. Большасць бацькоў рускіх вучняў сцяной стала перад «начальствам» і засведчыла, што палякі і яўрэі самі хацелі біцца, што Грывень — выдатны настаўнік і выхаваўца, а таму вельмі прасілі пакінуць яго ў Вончы. Тое, што ён іхных сыноў біў, яны лічылі звычайным і нават пажаданым, бо мужык заўсёды ад начальства ў морду атрымліваў, а з нябітых дзяцей, на іхную думку, прыстойных людзей не выходзіць.
З усяго трохтыднёвага следства вынік быў толькі адзін: Грывеню забаранілі біць дзяцей да крыві і вадзіць іншаверцаў у царкву, а папу — выкладаць апошнім Закон Божы.
Яўрэі былі такім паваротам падзеяў расчараваныя і сваіх дзяцей са школы пазабіралі. Некалькі палякаў таксама перастала хадзіць. Іншыя, што прагнулі вывучыць дзяцей любой цаной, паспяшаліся ўлагодзіць раз’ятранага настаўніка багатым паднашэннем.
Косцік і Стах засталіся, але іх бацькі не прыходзілі потым ні скардзіцца, ні ласкі Грывеня прасіць.
Менш за ўсіх сваім хлопцам цікавіліся Балашэвічы: акурат тады ў іх з’явілася настолькі важная справа, што дзеля яе яны былі гатовыя ахвяраваць нават будучым Стахавым святарствам. Яны куплялі зямлю. У Смалярні на продаж выставілі дзве сумежныя гаспадаркі, на валоку кожная, чые ўладальнікі перасяляліся ў горад. Балашэвічы ж ужо некалькі гадоў думалі з’язджаць з Рагоў і шукалі, дзе б купіць зямлі, але ўсё не маглі наважыцца і выбраць. А ў Смалярні купілі не думаючы. Глеба там была не найлепшая, але каля лесу, зручна. А побач — ажыўленая, чыста польская вёска, па якой яны, жывучы наводшыбе і б’ючыся з мужыкамі, заўсёды сумавалі.
Цяпер яны прадавалі лішняе быдла, коней, збожжа і начынне. Плацілі, уладжвалі фармальнасці, радаваліся і прагнулі пераехаць як найхутчэй.
Стах у Вончы радаваўся не менш, калі пра гэта даведаўся: больш за ўсё таму, што будзе жыць побач з Косцікам, які стаў для яго як родны. І цяпер ён прагна слухаў Косцікавы аповеды пра Смалярню і на іх аснове будаваў сваё пра яе ўяўленне. Аднае суботы ён хацеў пайсці туды з сябрам і ўбачыць усё на свае вочы, але Садоўскі забараніў, паабяцаўшы, што найпазней праз тыдзень бацькі яго туды пераселяцца і тады ўжо самі спецыяльна па Стаха прыедуць.
Тыдзень мінаў за тыднем, а ніводзін Балашэвіч у Вончу не зазіраў.
Перад самай Вербніцай у трох малодшых аддзелаў скончыўся навучальны год, і Косцік адбыў дадому. Стах застаўся яшчэ на адну чвэрць, а апроч таго яму прыкладна месяц пасля Вялікадня трэба было старанна рыхтавацца да экзаменаў.
Калі ён у сераду прыйшоў на кватэру, то фурманкі не ўбачыў, затое была навіна, што сям’я ўжо зусім пераязджае ў Смалярню, і загад чакаць, пакуль яго забяруць.
Ён чакаў і баяўся, што святкаваць давядзецца ў Вончы, бо ў сераду раптоўна прыйшла адліга. Палі зачарнелі плямамі зямлі, долы ператварыліся ў шумныя плыні, а лёд на рацэ пасінеў ад верхаводдзя. Па дарозе было не праехаць ні на санях, ні на колах. Сяляне, калі ім трэба было ў мястэчка, прыходзілі пешкі альбо прыязджалі конна.
Але ў суботу пад вечар на санях прыехаў бацька. Яны хутка сабраліся і выехалі на зімнік, які выбягаў з мястэчка праз завулачак між гумнамі, недзе дзве вярсты ішоў полем ля рэчкі, потым яе перасякаў і вузкай сцяжынай цераз моцна павысяканыя лясы выводзіў да самага смалярскага поля.
Праз поле яны больш ішлі пры санях, чым ехалі, бо палазы на мокрым жвіры пішчалі, як галодныя парасяты, і конь кідаўся ў бакі. Бацька з сынам узлазілі на сані хіба што на рэштках гурбаў, якія завея намяла пад платы.
Верхаводдзе, што разлілося па рацэ і лугах, стварала ўражанне, нібы перад імі як найменш Бярэзіна. Было так глыбока, што, каб не намачыцца, давялося здымаць у санках насціл і падымаць яго вышэй, кладучы ўпоперак на білы. Але лёд яшчэ трымаўся.
Амаль на ўсёй лясной дарозе ляжаў снег, хоць і брудны. Паклаўшы насціл як належыць, яны пусцілі каня рыссю.
— Ну, сынку, цяпер у нас ёсць зямля ўласная і хата, — сказаў Балашэвіч. — Досыць ужо з мужыкамі за чужое нагрызліся і панам накланяліся. У Смалярні столькі быдла, колькі ў Рагах, мы трымаць не зможам, будзем жыць крыху бядней, але ў святым спакоі.
— Шмат жывёлы засталося?
— Дваццаць штук усяго, больш, мабыць, не атрымаецца.
— Дык і гэта шмат! У Васілеўскіх толькі пяць галоваў.
— Нам хопіць, сынку, гэта праўда. Прынамсі хоць адпачнём. Хай яна гарам гарыць і пылам ідзе, тая арэнда.
— А ў Рагах ніхто жыць не будзе?
— Тры сям’і там наймаюць, у кожнай — трое дарослых сыноў. Справяцца з мужыкамі, абароняцца.
І пацёк доўгі аповед пра тое, як куплялі і як важна мець сваё.
— Ты ж, дзіцятка, і не разумееш, — казаў Ян, — як важна мець кавалак уласнае зямлі, як па-рознаму жывецца на сваім і на арэндзе ці на панскай службе. Іншая праца, іншая і карысць з яе. Жывучы на арэндзе, чалавек не хоча трывалыя будынкі ставіць, сад садзіць, поймы сушыць, лес гадаваць, бо ведае, што праз год ці два трэба здымацца з месца. І тады стараецца толькі, каб з гаспадаркі найбольш выцягнуць, не дбаючы, што іншыя па ім знойдуць. Ёсць такія арандатары, якія пад канец тэрміну нават дзіркі ў даху правіць не хочуць, а тое і гной на старану вывозяць.
А ў маёнтках яшчэ больш працу і Божы дар марнуюць. Там парабкам абы час перабыць і да аканома падлізацца, у пана што-небудзь скрасці або шкоду яму ўчыніць праз злосць ад таго, што пан у масле катаецца, а хам нястачу цярпіць.
На сваім жа ўсё іначай. На сваім чалавек працуе як належыць, бо ведае, што ніхто яго не выганіць, таму ўсё, што робіць, робіць для сябе ці дзяцей сваіх. На сваім чалавек гною на старану не вывозіць, не дае полю травой зарасці, а сценам — пагніць праз дзіркі ў даху, як тое арандатары могуць. Стараецца, каб гаспадарка год ад года лепшай рабілася. Калі працуе, вачыма за аканомам не водзіць, у кусты штохвілю не бегае, не чакае заходу сонца ці хмары, як тыя парабкі, а ўсе сілы і розум на тое кідае, каб як хутчэй і карысней работу зрабіць. Не кідае запалкі ў верас, каб пану двор спаліць, а, заўважыўшы агонь, тушыць яго шчэ маленькім. І праца такому чалавеку не пакута, а радасць вялікая. Іншая праца, і карысць з яе іншая.
Яны мінулі ўжо чацвёрты брод, як і Ванчанка, заліты верхаводдзем, і выехалі на смалярскае поле.
— Гэтае поле завецца Клінам, — сказаў Стах.
— Ты ўжо ведаеш, як кожны ўчастак называецца? — здзівіўся бацька.
— Мне Косцік усё-ўсё расказаў. А вунь той лес, — паказаў хлопец на чарналессе за дзве стаі справа, — панская пушча, якую вартуе Косцікаў бацька. Я таксама ведаю, як засценак стаіць і які ён. З левага боку — будынкі, з правага — сады. Хаты крытыя гонтай, вялікія, на тры-чатыры пакоі. Дзядзінцы і вуліца абгароджаныя вострым частаколам і абсаджаныя кудлатымі дрэвамі. За садамі — агароды з капустаю, а ўжо да іх сама пушча прымыкае. За хлявамі — гумны, за гумнамі — выган, за выганам — поле, за полем — луг, за лугам — яшчэ адзін лес, але не пушча. Усё ведаю. У Смалярні дваццаць дзве гаспадаркі.
Цямнела. Над заплеснелай жытняй рунню шкуматамі слаўся туман. Злева, у глыбіні балота, што было працягам загуменнага выгану, заўзята кумкалі жабы. Тут і там у паветры, паасобку і чародкамі, слізгалі водныя і начныя птахі.
Праз пятнаццаць хвілінаў Балашэвічы былі ў Смалярні. Засценак трымцеў ад радасці вясны і вялікага свята. Хаты свяціліся ўсімі вокнамі і поўніліся вясёлымі размовамі. Адусюль даносіўся пах здобных булак і свініны. З двара ў двор вуліцаю перабягала моладзь і дзятва. Іх рухі і галасы дыхалі нічым не азмрочаным шчасцем. Нават рыпенне калодзежных жораваў, сабачы брэх і перагукванне жывёлы ў хлявах — усё было нейкае іншае, нязвыклае.
Двор Балашэвічаў быў на іншым канцы мястэчка. Купілі яны два дамы, але занялі пакуль што адзін — крайні. З вуліцы была святліца з грубкай і рускай ляжанкаю, пасярэдзіне, ад ганка — невялічкія сенцы, ззаду — кухня з вялікай печчу і ядальня, якая часткова служыла спальняй.
Цяпер іх дом быў самы населены ў Смалярні і, нягледзячы на зусім нядаўні пераезд, больш за ўсіх пульсаваў радасцю. Усе хадзілі і размаўлялі нібыта ахопленыя гарачкаю. Малодшых братоў Стаха, што палалі аж залішнім энтузіязмам, бацька пару разоў мусіў нават рэменем суцішаць: хлопчыкі вельмі радаваліся вялікай колькасці дзвярэй і, бегаючы туды-сюды, стваралі проста невыносны шум.
Пасля вячэры дзядулька, дзядзькі і цёткі пайшлі да суседа, Амбражэя Ладана, на «ўсяночную». Праз гадзіну Стах, нагаварыўшыся з маці і братамі і налюбаваўшыся малой сястрычкай, разам з бацькам таксама рушыў туды.
У хаце Ладана было поўна людзей — спявалі жалобныя песні па Езусе. На ганку стаяла купка падлеткаў.
Калі Балашэвічы праходзілі міма іх, адзін з падлеткаў схапіў Стаха за рукаво і, пачакаўшы, пакуль Ян зойдзе ў дзверы, спытаў:
— Гэта твой бацька?
— Ага, мой.
— Як цябе зваць?
— Стась Балашэвіч. І мне ўжо дванаццаць гадоў. Гэта каб вы не думалі, што я смаркач нейкі.
— Дванаццаць? — усклікнуў суразмоўца. — Вы паглядзіце на яго! Дык мы аднагодкі. То я над табою старшыняваць буду, згодзен? — дадаў ён праз імгненне. — Я Адась Сцяпура.
— Старшыняваць — гэта як?
— А ты яшчэ не ведаеш? У нас у Смалярні «закон» такі ёсць, што малодшыя старэйшых слухаюцца. А калі равеснікі, то старшынюе мацнейшы, так што калі не хочаш добраахвотна падпарадкоўвацца, будзеш са мной біцца.
— Я нічыйго старшынства не прызнаю, і вашага «закону» — таксама. Пусці мяне, пайду спяваць.
— Не, братка, спачатку ты з намі паспяваеш. Пайшлі біцца, бо калі адмовішся, мы цябе тхаром абняславім, і ніводзін хлопец сяброўства з табою мець не захоча.
— Думаеш, баюся? Ну і хадзем, калі табе так хочацца.
Яны адышлі на роўнае месца ў сярэдзіне дзядзінца, зацягнулі рамяні, паплявалі ў далоні і ўзяліся загрудкі. Адразу нахіліліся ўперад, каб не даць паваліць сябе на спіну. Грамада, абступіўшы іх, падахвочвала крыкамі. Хлопцы мелі прыкладна аднолькавую сілу, таму барукаліся аж чвэрць гадзіны: гнулі адзін аднаго, пхалі ззаду, падымалі за пояс у паветра, круцілі ва ўсе бакі, напіналі цягліцы, хітравалі па-рознаму — усё марна. Урэшце Адась неяк схітрыўся моцна Стаха штурхануць, рэзка таргануў да сябе, падставіў нагу і заваліў на бок. Потым перавярнуў на лапаткі і спытаў:
— Здаешся ці яшчэ хочаш?
— Не паддавайся! Яшчэ раз давай! Тры разы трэба, Бог тройцу любіць! — закрычалі хлопцы.
— Болей не хачу, камандуй, — абвясціў Стах.
— О, давай пяць! — усцешыўся Адась, узяў Стаха за руку, дапамог падняцца і абтрэсці смецце. — Але ж ты і моцны, неслабы такі, — хваліў ён былога саперніка, каб у вачах таварышаў падняць каштоўнасць сваёй перамогі. — Косці ў цябе трывалыя і спрыту шмат.
А праз хвіліну дадаў:
— Калі б ты сабе яшчэ крыві прыбавіў і жылы мацнейшымі зрабіў, то невядома, ці справіўся б я з табою.
— Што значыць «крыві прыбавіў»? — здзівіўся Стах.
— А ты думаеш, што сіла да цябе сама прыйдзе? Сілу трэба ўмець збіраць.
— Як жа яе збіраць?
— А гэта, браце, ужо сакрэт. У Смалярні такіх нас толькі двое, хто ведае.
— Раскажы і мне, Адаську, калі ласка! — узмаліўся Стах.
— Каб ты мяне потым паваліў? Ладна, як аднагодку раскажу, але не ўсё. Хадзем.
Ён узяў Стаха за плячо і адвёў ад хлопцаў у бок вуліцы.
— Толькі помні: нікому не кажы таго, што я табе расказаў. Слухай. Раніцаю трэба з’есці нашча дзве прыгаршчы сухога бобу. Пасля сняданку — ну, прыкладна калі сонца над пушчай з’явіцца — тры сырыя морквіны і дзве капусныя храпкі. Па абедзе — дванаццаць лусканых арэхаў і кавалак скуркі ад сала, не меншы за карабок запалак. Вечарам, перад сном, — галоўку цыбулі з соллю, толькі без хлеба, дзве галоўкі часнаку і запіць усё бярозавым квасам. Тры месяцы так трэба рабіць, дзень за днём.
— І гэта дапаможа?
— Ну глядзі. Я спачатку нават слабейшы за цябе быў, а як пачаў усё гэта есці, бачыш які моцны зрабіўся! Калі не верыш, то вось што скажу: ад бобу чалавек хутчэй наядаецца, ад морквы кроў прыбывае, ад капусных храпак мяса цвярдзее і робіцца мускуламі, ад арэхаў мацнеюць косці, ад свіных скурак — жылы, а ад цыбулі, часнаку і бярозавага квасу ў чалавека з’яўляюцца тыгрыныя спрыт і злосць.
— І праўда ўсё падыходзіць, — прызнаў Стах.
— Слухай далей. Калі сядаеш за стол есці, пачынай першы, а заканчвай апошні. Малака, масла, сыру, мёду, ягад і макароны ў рот не бяры, бо гэта бабская яда, ад яе мужчына слабее, цішэе і на ні што сыходзіць.
Далейшым інструкцыям па назапашванні сілы перашкодзіла з’яўленне ў варотах Васілеўскага з сынам: яны неслі свянціць кош ежы.
— Косцік, братка! — нягледзячы на цемру, пазнаў сябра Стах.
— Гэта ты, Сташку? — Косцік таксама пазнаў яго па голасе.
Ён пакінуў бацьку з кашом і падышоў.
— Як маешся? Даўно вярнуўся?
— Вось сёння. Ужо нават цёмна было.
— Толькі сёння? А чаго ж у хату спяваць не ідзеш?
— Ды я ішоў, але мяне Адась затрымаў на ганку — хацеў, каб я з ім біўся, а цяпер вось расказвае...
— Чаго са смаркачамі важдацца, хадзем у хату.
І яны пайшлі.
У вялікім пакоі было больш за сотню людзей рознага веку, і мужчыны, і кабеты. Месцы займалі па парадку: за трыма састаўленымі сталамі ўздоўж папярочнай сцяны сядзелі старцы, другія пасля старцаў па важнасці гаспадары і найлепшыя спевакі. На васьмі шырокіх зэдлях, пастаўленых у рад перадам да стала, — старыя матроны, бацькі, маткі, дарослыя панны і кавалеры. Маладзейшыя хлопцы табуном тоўпіліся ў дзвярах, а дзяўчаты абселі ложак і лавы.
Свяцілі дзве вялікія лямпы, каб кожны мог падглядаць у кнігу. Спявалі «О садзе аліўны».
Стах з Косцікам сталі пры ганку разам з іншымі хлопцамі.
— Зараз пакажу табе самых важных людзей у Смалярні, — прашаптаў Косцік на вуха сябру. — Глядзі, там, пры стале. Вунь той стары з доўгай белай барадою пад абразамі — Казікаў дзед Караль Здановіч, найстарэйшы ў Смалярні чалавек. Толькі двое тут у нас такіх, хто руку яму не цалуе. Паміж Здановічам і тваім дзедам, вунь той, з кароткай барадой і ў акулярах, — гаспадар дому Амбражэй Ладан па мянушцы Кантычка. Яму не так шмат гадоў, але паважаюць яго нароўні з Каралем, бо вельмі пабожны і кіруе ў засценку духоўнымі ўсякімі рэчамі. Па другую руку ад твайго дзеда, гэты лысы з гузам на лбе, — Раман Гушча, таксама вельмі стары чалавек. Кажуць, ён дваццаць гадоў служыў у рускім войску і на турэцкай вайне быў. Іх сям’ю называюць Дударамі, бо ўсе граюць на кларнетах. Стары Дудар Кантычку часта задзірае — кпіць з яго праз вялікую пабожнасць. За Дударом — Сцяпура, вельмі паважаны гаспадар і іграч на скрыпцы, з усімі сваімі сынамі, Сакалоўскі, бацька маёй Былінкі, двое братоў Трызнаў і Вінярскі. А вунь той у канцы, які ўпоперак стала сядзіць, з вялізнымі вусамі, — гэта Мечык Пятроўскі, празваны Манюткам і Воўчабілетнікам.
— Гэтага я пазнаў, ён з людзьмі да нас у Рагі прыязджаў ад мужыкоў бараніць. А чаму Воўчабілетнік?
— А яго асудзілі і гэты самы воўчы білет выдалі.
— Яго судзілі?!
— Ды за глупства нейкае: кажуць, п’яны быў і на казённых людзей «па матушцы» лаяўся. Тата мой лепей ведае.
— Ён, відаць, вельмі злосны.
— Ды не, гэта толькі здаецца праз доўгія вусы і чорную бараду.
— Ну а дзе твой знакаміты Казік?
— Казік? А паглядзі на правы канец стала, трэці ад свайго дзеда — гэта ён.
— Вунь той? Нейкім слабым выглядае.
— Так, ён не вельмі моцны, але добры і разумны. Ля яго, бліжэй да нас, сядзіць Полька Вінярская, найлепшая сярод нашых дзяўчат спявачка, а за ёй, плячом у наш бок, — Ясь Ладан, сыновец Кантычкі, другі хлопец у Смалярні, які ў Вончы экзамент здаў. А Каруську маю ты ўжо бачыў?
— Дзе ж я мог яе бачыць?
— Вунь на ложку сядзіць, у цёмнай сукенцы з белым карункавым каўнерыкам. Бачыш?
— Ага... Ладны каўнерык.
— Яна і сама ладная, вось пачакай, бліжэй потым пабачыш.
Песня скончылася, і Кантычка абвясціў перапынак. Мужчыны набівалі люлькі, круцілі папяросы, курылі і размаўлялі. Моладзь перамаўлялася напаўголаса, каб не перашкаджаць старэйшым.
— Дык ты, сваце, кажаш, што поп дазвол затармазіў? — спытаў у Пятроўскага Кантычка.
— Кажу што ведаю. А мне апавялі людзі, што на ўласныя вушы чулі, як поп сказаў: пакуль я жывы і свяшчэннікам тут, палякі касцёла ў Вончы не паставяць.
— А чым жа гэтай кудлатай халеры наш касцёл замінае! — абурыўся Сакалоўскі.
— Калі б не замінаў, то дазволіў бы. Ён добра ведае, што калі мы касцёл пабудуем, шмат яго цёпленькіх парафіянаў навернецца ў польскую веру.
— Я чуў, што ўся сям’я Карчэўскіх навярнуцца хоча, — уставіў Здановіч.
— Ды не толькі Карчэўскія, яшчэ Серадзінскі, Пракаповічы і амаль усе Талеркі пра гэта думаюць.
— У многіх вёсках, — уступіў у размову Сцяпура, — ёсць праваслаўныя палякі, якія да сваіх усё яшчэ хіляцца і, калі б быў касцёл, вярнуліся б да польскае веры. Возьмем, напрыклад, суседняе з намі Убярэззе: ці ж Русецкія, Шпакоўскія, Герасімовічы не палякамі даўней былі? Ці ж яны да нас не хіляцца, на нашых фэстах не бываюць? Яны толькі часова праваслаўства трымаюцца, з неабходнасці. Бо калі хворы споведзі папросіць ці памазання, або дзіця няхрышчанае заняможа, або чалавек памрэ, або нават яйка тое на Вялікдзень пасвяціць, гэта колькі часу, клопату і мітрэнгі трэба, каб прывесці ксяндза ці хаця б да яго даехаць? А поп тут, пад бокам.
— Што праўда, то праўда, — згадзіўся Гушча. — Гэта нам пашчасціла свайго багамола мець, — падкалупнуў ён Кантычку. — Калі б не ён, уся Смалярня даўно б у мужыкоў ператварылася.
Кантычка абярнуўся і паглядзеў зласліва.
— Не блазнуй, Рамане, а то як дзіця. І сваркі не падымай, — абарваў Гушчу Здановіч, — лепей разваж, як нашую праблему агульную развязаць. Мне здаецца, суседзі, што хоць нам першы раз адмовілі, трэба зноў дабівацца. Усе сілы варта пакласці, каб дабіцца дазволу і касцёл пабудаваць.
— Будзем, будзем старацца.
— Чы ж у нас няма важных людзей, што за нас заступіліся б дзе патрэбна! — усклікнуў Кантычка і тонам казальніка з амбона дадаў: — Сапраўды вам кажу: хай поп хоць са скуры вылузнецца, а мы касцёл у Вончы паставім.
— І цябе там пробашчам зробім, — не стрымаўся Гушча.
— Калі снег сыдзе цалкам і падсохнуць дарогі, — працягваў Кантычка, — трэба сабрацца з ванчанцамі, усю справу гэтую абгаварыць і падаць прашэнне нанова. Гэтым разам будзем магілёўскага дэкана Святаполка-Мірскага прасіць пра заступніцтва. Як бы ні было, ён усё-ткі князь — і да міністра дойдзе, і да цара.
— Царскі саветнік пан Несмяртэльны вышэйшы за дэкана, трэба яго прасіць, — запярэчыў Пятроўскі. — Магу пахваліцца, што я добра з ім знаёмы.
— Абодвух прасіць будзем, — рассудзіў іх Здановіч. — Дэкан падасць на дазвол, а Несмяртэльны загадае таму, да каго трапіць справа, каб выдаў.
Яны затушылі люлькі, спынілі размовы і вярнуліся да песняў.
Дзякуючы хадайніцтву Казіка, які ўвесь перапынак размаўляў пры дзвярах са Стахам і Косцікам пра справункі ў ванчанскай школе, хлопцам дазволілі прайсці паміж зэдлямі і сцяной і стаць за плячыма ў Казіка з Полькай.
Пасля трох песняў Кантычка зноў зрабіў перапынак.
— Я крыху дзіўлюся, — пачаў стары Балашэвіч, вяртаючыся да ранейшай размовы, — што Несмяртэльны з царом знаёмства завязаў, так блізка побач з ім ходзіць, а не можа палякам нейкай вольніцы расстарацца.
— Праўду кажаш, сваце, — пагадзіўся Здановіч. — Хай бы там выбіў якой палёгкі, каб нам вучыцца па-польску. А то што ж такое: яўрэі па-свойму могуць вучыцца, літоўцы могуць, латышы таксама, немцы, а ў нас князі і графы ў царскіх саветніках ходзяць — і нельга. Чаму Несмяртэльнаму да галавы такое не прыходзіць?
— У яго ў галаве трохі важнейшыя справы сядзяць, чым навучанне па-польску, — сказаў Пятроўскі.
— Ды нічога ў ягонай галаве няма, — запярэчыў Вінярскі. — П’е там сабе з князямі, гуляе і ўсё. Навошта яму нейкай вольніцы дабівацца, калі ў самога іх колькі душа захоча.
— Ну а чаго ж, і вып’е, бывае, але галавы не траціць і робіць што належыць.
— І што ж ён робіць?
— Я ведаю, што.
— Ну дык кажы, калі ведаеш!
— Зашмат тут людзей, каб я сказаў, бо гэта сакрэтная справа.
— Тут усе свае, гавары.
— Кажы, Мечык, кажы! — пачалі налягаць астатнія.
Пятроўскі з трывогай абярнуўся.
— Вы ведаеце, што Польшча на бунт збіраецца? — ціха спытаў ён.
— На бунт?! — уражана прашапталі некаторыя.
— Ужо цэлы год збіраецца. Сама сабою быць хоча. Несмяртэльны, побач з царом і міністрамі ходзячы, ім вочы замыльвае байкамі пра вернасць палякаў Расіі, каб надта да польскіх гарадоў не прыглядаліся. Во як.
Гаспадары пачалі неспакойна пераглядацца, сцішанымі галасамі паўтараючы словы Пятроўскага і каментуючы іх. Некаторыя паставіліся да навіны недаверліва, бо Мечык часамі маною не грэбаваў.
— Я ў тое, што сват расказаў, не вельмі веру, — заўважыў Сцяпура. — Калі б гэта была праўда, тады б і простым людзям па засценках паведамілі, каб кожны мог загадзя якую каламажку набыць, пораху нарыхтаваць, шашку здабыць або хаця б штык выкуць. Ці яны бунт без нас, простых людзей, рабіць хочуць?
— Ты хочаш, каб усё па засценках расказалі. А ў паліцыі што, вушэй няма? Паны рыхтуюцца да бунту вельмі сакрэтна і асцярожна. Простым людзям паведамяць толькі тады, калі надыдзе час пачынаць. І зброю раздадуць — не якіясьці там пістоны, а сапраўдную, як належыць.
— Ты так гаворыш, нібы разам з панамі рыхтаваўся, — сказаў старэйшы Трызна. — Адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш, дзе разнюхаў?
— Несмяртэльны пазамінулай зімою на ловы прыязджаў у тутэйшую пушчу і неабачліва прагаварыўся Лапату. А потым убачыў, што я ў яго за спінай стаю, і аж падскочыў. «Мечык, — кажа, — ты чуў, пра што мы тут гаварылі?» — «Хвала Богу, покуль яшчэ не аглух», — адказваю. — «Тады трымай язык за зубамі, іначай шмат людзей загубіш». Вось і трымаю, як загадалі. Вам першым сказаў, толькі нікому не перадавайце, вельмі прашу, маўчыце!
— Маўчы, сваце! Маўчыце, суседзі! Хлопцы, маўчыце! — неслася над сталамі.
— Каб ні гуку ні ад кога! — павярнуўся да хлопцаў Косцік.
Падчас наступнага перапынку Віктар, старэйшы Кантычкаў сын, Казік Здановіч і Ясь Ладан пайшлі на могілкі і чакалі там, пакуль не заняўся світанак, і тады ўдарылі ў звон.
У хаце тым часам усе ўсталі, стоўпіліся вакол стала і ўрачыста заспявалі:
— Свята светлага ўсе мы жадалі і нарэшце яго прычакалі, бо сягоння Хрыстос уваскрос, алілуя!
І сэрцы людскія затапіла радасць, дзякуй Богу за яе і хвала Яму. Галасы ўзрушана трымцелі, у вачах стаялі слёзы, а душы ляцелі ўслед за ўваскрэслым Езусам на неба, дзе сівенькі Найсвяцейшы Старац, убачыўшы адзінае Дзіця сваё, што да Яго вярталася, распраменіў твар свой і расправіў плечы, а атрады салодкіх анёлаў гралі на жалейках, лірах, арфах, кідалі Яму пад ногі кветкі дзівосныя, слалі пальмавыя галінкі, кадзілі ладанам і хорам спявалі алілуя. Алілуя! Да самога Божага трону імкнулі цяпер душы смалерчукоў, а яшчэ да сваіх блізкіх, якія ўжо на тым свеце былі, а потым вярталіся да радасцяў Вялікадня ў Смалярні, да яек свянцоных, варэнікаў, вэнджанай свініны, фаршыраваных парсюкоў, салодкіх сырнікаў і макароны на малацэ, да гульні ў біткі, да музыкі, танцаў і да суседскіх гавэндаў.
У хату заходзілі і заходзілі людзі, усе да аднаго смалерчукі, спяшаючыся на першую супольную пацеху. Са світаннем пачалі з’яўляцца і хутаране з ваколіцы. Яны пераважна прыязджалі на конях, бо ў такое разводдзе цяжка было дабрацца да Смалярні іначай.
Аж да ўзыходу сонца і яшчэ далей спявалі велікодныя песні, а потым пачалі свянціць — пазносілі кашы ў вялікі пакой, паставілі радамі на лавы і адкрылі іх. Кантычка надзеў комжу, памаліўся на лаціне па кнізе, потым распусціў бутэлечку свянцонай вады ў місе і шчодра пакрапіў Божыя дары. Скончыўшы цырыманіял, павярнуўся да натоўпу і гучна прамовіў:
— Хрыстос уваскрос!
— Сапраўды ўваскрос! — хорам адказалі людзі.
І пачалі хрыстосавацца. Некаторыя цалаваліся згодна з рускім звычаем. Хлопцы кінуліся да дзяўчат, патрабуючы велікоднага пацалунку, але тыя збольшага гэтым звычаем пагарджалі і называлі яго мужыцкім.
Косцік і Стах падышлі да Карусі Сакалоўскай:
— Хрыстос уваскрос!
— Сапраўды ўваскрос! Толькі без пацалункаў гэтых, — салодкім галаском адказала стройнае дванаццацігадовае стварэнне з бледным тварам і цёмнымі бровамі.
— Без твайго дазволу не буду, — паабяцаў Косцік.
Яна падала яму руку і спытала, ківаючы на Стаха:
— А гэта чый хлопец?
— Гэта Балашэвічаў Стась, пра якога я табе расказваў, у Вончы разам вучымся.
— А, той самы! Можа, ужо танчыць?
— Не танчыць і вучыцца не будзе, — адказаў за Стаха Косцік, — бо думае на ксяндза ісці.
— На сапраўднага ксяндза?
— Так, на такога, які спавядае.
— А-а, ну, калі так... — яна пільна ўгледзелася ў Балашэвіча. — Тады, можа, і ў біткі нельга?
— У біткі можна, — адказаў Стах.
— Можна? Тады стукнемся з табою па абедзе.
— Ды я... стукнемся.
Вакол дзяўчат чуліся вітанні, патрабаванні пацалункаў, воклічы, цмоканне. Юрлівейшыя хлопцы хапалі дзяўчат за шыю і здабывалі пацалункі гвалтам. Юзік Аленскі так усіх дзяўчат пахапаў.
— Хлопцы, абараніце мяне ад яго, — папрасіла Каруся ў Стаха з Косцікам, заўважыўшы, што Юзік набліжаецца да яе.
— Не бойся, абаронім, — запэўніў Косцік, узяў яе за руку і засланіў сабою ад нахабы.
— Дарма яе хаваеш, не буду я яе цалаваць, не хачу, — паведаміў Юзік. — Нават калі сто рублёў заплаціць, не захачу.
— Брэшаш! — пакрыўдзілася абражаная Каруся. — Кажаш, што і за сто рублёў не хацеў бы, а сам да мяне заўжды смалою ліпнеш!
— Хто ліпне, я ліпну? Сасніла ты нешта, было б на што квапіцца. Што я, касцей не бачыў? Рэбры да самай пахвіны пералічыць можна. Жардзіна.
— Гэта хто жардзіна?! — зароў Косцік. — Мая Каруся жардзіна?!
— Ну не мая ж Зоська.
— От табе за такія словы!
Косцік заехаў Юзіку ў вуха, схапіў загрудкі і пасля чатырох хвілінаў барукання паваліў на падлогу і асядлаў. Абхапіўшы яго каленямі, левай рукой трымаў за грудзі, а правай біў па рэбрах.
— От табе, атрымай! За маю Карусю! От табе за жардзіну! Гэта я табе рэбры палічу!
Дзяўчаты паднялі крык.
— Святая Марыя! — пішчалі яны. — Б’юцца! На Вялікдзень б’юцца, у першы дзень! Грэшнікі жахлівыя!
Юзікавы прыяцелі не наважваліся ўступаць у бойку ў такі святы час і проста глядзелі. Асмеліўся толькі Віцік Гушча: выцягнуў качалку для бялізны з-пад куфра, адкуль яна канцом вытыркалася, і кінуўся на дапамогу таварышу. Але яго апярэдзіў стары Васілеўскі.
— Ах ты бязбожнік! — зароў ён. — То табе гэта не свята?! Чужой хаты не шануеш? Бацьку зняславіць хочаш?
Ён схапіў сына за шыю і выпхнуў за дзверы.
На наступны дзень пасля свята Божага Цела смалерчукі пачалі збірацца ў Бабруйск на Белую Працэсію1. Ва ўсім засценку ўсчаўся ліхаманкавы рух. Людзі насілі траву дзяружкамі, пакавалі каламажкі, драбінкі, шмаравалі збрую, боты, колы, палілі ў лазнях, стрыгліся, купаліся, надзявалі чыстае. Амаль з кожнай гаспадаркі на фэст выбіралася фурманка, а разам з тым пешкі мелася ісці моладзь.
Са старэйшых хлопцаў і дзяўчат пехатою выпраўляліся Норба Сцяпура, Алесь Пятроўскі, сыновец Мечыка, Віктар Кантычка, Ганка, Мечыкава старэйшая дачка, Гэлька Аленская, Манька Гушча і Клара Трызна. З малодшых — Віцік Гушча, Болік і Полька Вінярскія, Юзік Аленскі, Валька Трызна, вядомы збіральнік моцы Адась Лапаносы, Быліна, Кася Сцяпура і іншыя. Пешкі на адпусты збіралася і некалькі замужніх.
Балашэвічы ехалі на дзвюх фурманках: на адной старыя з Уладзем, на другой Стахавы бацькі з незамужнімі цёткамі. Стах угаварыў бацьку дазволіць яму ісці пехатою.
Назаўтра ён устаў на світанні, хутка ўмыўся, надзеў крамны гарнітур, новую чорную канфедэратку, паклаў у торбу боты, вузельчык з ежай — каб колькі разоў падсілкавацца, завязаў, начапіў на кій, закінуў на плечы і, не чакаючы смалярскай кампаніі, рушыў да леснічоўкі Васілеўскіх. Косцік абяцаў, што яны пойдуць праз пушчу, зрэзаўшы некалькі вёрстаў, і ў канцы дарогі злучацца з местачкоўцамі.
Самае большае праз паўгадзіны ён прыйшоў да Патокі. Гэта была палянка моргаў на шэсць, якая, з усіх бакоў акружаная пушчай, выглядала нібыта агромністая скрыня паміж высокімі і цёмнымі сценамі лесу. Збожжа на полі расло толькі яравое (бо землі нізкія), але буйное. Пабудовы старыя, крытыя саломай і сасновай дранкай. Хата з адным пакоем і вялікімі сенцамі. Дзядзінец агароджаны парканам, а клумбы пад вокнамі — частаколам, пераплеценым яловымі галінамі.
Косцік, ужо гатовы, чакаў яго.
Каб не замачыць калашынаў, яны падкасаліся амаль да каленяў і рушылі вузкай, вытаптанай быдлам сцежкай.
Лес быў густы, нечапаны. Камлі елак, асінаў і дубоў удваіх не абхапіць, а верхавіны, здавалася, да неба даставалі. Клёны, грабы і ясені ад старасці зараслі сівым мохам. Кара старэнькіх бярозаў пачарнела і была ўзараная глыбокімі барознамі. Штохвілю трапляліся калоды памерлых сваёю смерцю старцаў — вялікія, па пояс, злосна выдраныя і вывернутыя з зямлі бурамі. Дрэваў, ссечаных чалавечай рукою, апроч ясеневых, не было зусім.
Рэльеф і лясны масіў увесь час змяняліся: пасля змяшанага чарналесся лісцяных дрэваў ішлі бярозавыя гаі, потым змрочныя яліны, за імі альховы пойменны лес, а потым зноў чарналессе, дуброва, бераг балота, парослы бярозамі, бор.
Праз вярсту ці крыху болей сцежка знікла, і яны пайшлі наўпрост. Косцік уражваў Стаха веданнем лесу: багну і бураломы абмінаў, не кружляючы і не блукаючы, у яловых гушчарах знаходзіў добрыя праходы, а ў альхоўніку — кладкі, што ляжалі нібыта спецыяльна для яго, і пры гэтым нідзе не спыняўся, не разглядаўся, не задумваўся. Відаць было, што ведаў, дзе якая нізіна пачынаецца і заканчваецца, дзе пагорак і дзе калода.
Выходзячы на прастор, яны абмяркоўвалі Стахаў экзамен, які хлопец здаў за тыдзень да гэтага.
— Калі табе яшчэ не выдалі пасведчання, адкуль ты ведаеш, што здаў? — пытаў Косцік.
— Хваліцца не буду, але магу пэўна сказаць: калі не здаў я — не здаў ніхто. Дыктоўку я напісаў без памылак, задачы рашыў правільна, а што ні пыталі — адказваў без замінкі, як на мазаных колах.
— А шмат вас здавала?
— З усіх чатырох школ разам — дзевятнаццаць.
— Няшмат. Нешта яшчэ спытаць хацеў... А! Ці праўда, што экзаменатар у пагонах быў?
— Не, апрануты быў звычайна, як усе настаўнікі. Быў экзаменатар з горада, чацвёра настаўнікаў і поп.
— З Вончы поп?
— Не, тамтэйшы, з Бірак.
— А ванчанскія хлопцы ўсе здалі?
— Усе. Паўловіч, праўда, у Законе Божым моцна плаваў, але я здолеў дапамагчы яму выкруціцца.
— А што, і Закон пыталі?! Мы ж з часу таго следства яго не вучылі.
— Мы не вучылі, а нас пыталі. З Паўловічам было так. Выклікаў яго поп да стала і кажа: «Што ты ведаеш пра патоп?» Паўловіч адказвае: «Я паляк». — «Так, ён рымскаго вераіспаведанія», — падхоплівае Грывень. «А я ведаю, — кажа поп, — і не пытаю ў яго ні малітваў, ні катэхізісу, але Стары Запавет ён мусіць ведаць. Дык што, пра патоп нічога не ведаеш?» Паўловіч пык-мык і маўчыць. «Ты ніколі не чуў, хто ўратаваўся ад патопу?» — зноў пытае поп. «Ной», — успамінае Паўловіч. «Добра, — хваліць поп. — Але ж не толькі ён, у яго ж сям’я была. Колькі Ной меў сыноў?» — «Сем», — вырываецца ў Паўловіча. Экзаменатары рагочуць. «У нашай польскай Бібліі пішуць так», — выкручваецца ён. Гэтыя зноў са смеху падаюць. Поп устае і да класа: «Хто з палякаў добра ведае сваю каталіцкую гісторыю?» Я падымаю руку. «Што, у вас праўда так напісана?» — пытаецца. «Так, отчэ Закона учыцель, — кажу я, — у нашай польскай гісторыі пішуць, што сынамі Ноя былі Сем, Хам і Яфэт». — «Дык гэта толькі тры», — пярэчыць ён. «Так, тры, але старэйшага звалі Сем, што Паўловіч вам і сказаў». А Паўловіч здагадаўся і падхоплівае: «Так, отчэ Закона учыцель, я казаў не што сыноў было сем, а што старэйшага Сем звалі, у нас яго так завуць». І давай радасна расказваць, што тыя сыны мелі жонак і дзяцей, што ў каўчэг з сабою ўзялі жывёл ад кожнае плоці па пары, ну і выплыў з таго патопу.
— Але ж ты і хітры, — заўважыў Косцік. — Так спрытна лічбу ў імя перакруціць!
— Паўловіч — свой хлопец, як бы там ні было, я хацеў яму дапамагчы, а праз такіх дурных Ноевых сыноў мог нуль атрымаць і грызціся з тымі мужыкамі яшчэ цэлую зіму.
— Твая рацыя. Значыць, усе здалі... А колькі табе яшчэ экзаментаў трэба, каб на ксяндза пайсці?
— Дзядулька гаворыць, што яшчэ дзевяць.
— Дзевяць?! Ды ты пасівееш у той навуцы.
Праз пару гадзінаў пушча скончылася. Хлопцы выйшлі на адасоблены луг плошчай з добрую валоку. Побач расло колькі подкуравых дубоў. З іншага боку цякла з поўдня на поўнач рака, а за ёю быў сасновы бор са стромкімі дрэвамі, гладкімі, як кажуць, быццам звон.
— Тая паляна называецца Лапекі, — паведаміў Косцік. — Вунь у той бок, — паказаў ён направа, — выходзіць зімнік да мястэчка, якім твае смалерчукі прыйдуць.
Да той дарогі яны, аднак, рушылі не адразу — павярнулі ўлева, абышлі лясным ускрайкам паляну, ля ракі раздзеліся знізу да пояса, перайшлі яе ў вядомым Косціку плыткім месцы ўброд і, адзеўшыся, рушылі берагам бору ўправа, набліжаючыся да броду, праз які праходзіў зімнік. Апынуўшыся за адну стаю ад яго, яны ўселіся на сухім беразе рэчкі і пачалі чакаць.
Раніца была празрыстая, нібыта шкло. Сонца паднялося ўжо над лесам, асвятляючы большую частку паляны і сцяну бору. Пушча, з якой яны прыйшлі, яшчэ драмала ў цені. Над лугам, што пераліваўся кветкамі, з меладычным гудзеннем мітусіліся пчолкі і пырхалі яркія матылі. На яварах і чароце над рэчкаю блішчэла буйная раса. З берага рака прасвечвала наскрозь, і ў вадзе былі відаць маленькія рыбкі-гарэзы, жвір і каменьчыкі на дне. Гладкая плынь выглядала шкляною і цякла ціха, ледзь цурчэла. Часам хіба што плюхала якая большая рыбка, і тады на паверхні з’яўляўся грабеньчык хвалі, шырачыся і слабеючы, як мыльная бурбалка, альбо корань алешыны паказваў сваю лапу — і воднае шкло зноў моршчылася. Бор напоўніўся птушынымі песнямі.
— А можа, яны прайшлі ўжо? — спытаў Стах.
— Ды нават калі б рыссю беглі — і тое не было б іх яшчэ.
Не прайшло і дзесяці хвілінаў, як на павароце зімніку на Лапекі паказаліся сілуэты смалярскіх хлопцаў.
— Ну я ж казаў, — прамовіў Косцік.
Яны глядзелі і пазнавалі тых, што ішлі наперадзе.
— Што, і Валька Трызна пехатою ідзе?
— Валька, Віцік, Адась, Болік і Юзік там, — паведаміў Стах, успомніўшы, хто збіраўся.
— Так, Юзік ад баб нізашто не адліпне.
— Ну. А які задавака, жах проста. Чуў, хваліўся нядаўна, што калі захоча, дык найпрыгажэйшая дзяўчына за ім сама бегаць будзе.
— Ды ты што ? Можа, ён сабе кажановыя вілкі здабыў?
— Гэта як — кажановыя вілкі?
— Ты такога не ведаеш? У сэрцы старой кажаніцы вырастаюць такія касцяныя вілкі, з якімі можна каханне здабыць. Трэба злавіць кажаніцу, забіць і кінуць у мурашнік. Праз тры дні ад яе толькі тыя костачкі і застануцца. Іх трэба ўзяць з сабою і сесці каля дзяўчыны, якая хочаш каб цябе пакахала, — толькі каб яна не бачыла. Учапіць яе імі лёгенька за спадніцу і да сябе падцягнуць. Кажуць, што хоць бы ты насаты як чорт быў, а яна прыгожая як анёлак, — сама на цябе вешацца будзе. А калі яна табе апрыкрае і ты захочаш, каб адчапілася, тады зноў побач з ёю сядзь і тымі вілкамі адапхні.
— І што ж, гэта праўда?
— Кажуць, праўда, але гэта трэба такую старую кажаніцу знайсці — каб яна ўжо дзевяць дзяцей спарадзіла.
Хлапечая грамада набліжалася да броду і ўжо збіралася пераходзіць, а дзяўчаты, якія, ведаючы пра пераправу, ішлі ззаду, толькі выходзілі з лесу.
— Як думаеш, можа, у яго насамрэч такія костачкі ёсць? — спытаў Стах.
— Можа, і ёсць. Ты не чуў, дзяўчына якая за ім лётае?
— Кажуць, Зоська Ладан па ім сохне.
— Зоська ягоная. А іншыя?
— Лапаносы казаў, што і Кася Сцяпура з ім ахвотна ходзіць.
Хлопцы перайшлі брод, каб не бянтэжыць дзяўчат, але Віцік з Юзікам цішком вярнуліся назад і стаіліся ў алешніку ля самай пераправы.
— От паскуды бессаромныя. Давай пойдзем прагонім.
— Давай.
Яны ўсталі і падышлі да броду.
— І не сорамна вам, хлопцы, бабам пад спадніцы зазіраць? — спытаў Косцік.
— Табе шкада? — агрызнуўся Юзік. — Я толькі ў Зоські сваёй паглядзець хачу.
— А твая Зоська што, асобна ідзе, каб ты толькі ў яе глядзеў?
— Слухай, Косцік, Бог мне сведка, у тваёй Быліны падглядаць не будзем, — прысягнуў Юзік.
— Бабздыры! Паскуднікі! Кабялюгі! — аблаялі хлопцы, плюнулі і рушылі да бору даганяць астатніх.
Дзяўчаты падышлі да пераправы. Сярод іх было некалькі замужніх са Смалярні і жанчыны з суседніх Ямаў, якія далучыліся па дарозе.
Дзеўкі, відаць, чакалі ад хлопцаў нейкага паскудства, бо, зайшоўшы ў ваду, спыніліся і пачалі ўглядацца ў алешнік. Не заўважыўшы нічога падазронага, яны паднялі спадніцы і павольна пайшлі. Ішлі асцярожна, агаляючыся роўна настолькі, наколькі даставала вада. На сярэдзіне дарогі яны ўсё ж заўважылі нязваных, усчалі крык і пачалі спалохана хавацца адна за адну.
— Паскуднікі! Паршыўцы! Ану вылазьце адтуль! — крычалі яны ў алешнік.
Юзік з Віцікам гучна смяяліся ў адказ.
— Распуснікі! Свінтухі, каты памаўзлівыя! Вылазьце, а то атрымаеце! — лаяліся і гразіліся дзяўчаты, але марна.
— Ціха, дзеўкі, мы з Міхалінаю зараз вас перавядзём, — супакоіла іх Забэла Паклацкая з Ямаў, кабета пад сорак, тоўстая і шырокая ў клубах, як печ. — Хадзем, што нам, бабам, — звярнулася яна да ўдовай Міхаліны Вінярскай.
Яны ўдваіх загарадзілі дзяўчат, павярнуліся да алешніку задам і як мага вышэй задралі спадніцы.
— Ідзіце, дзяўчаткі, цяпер хай любуюцца.
Дзяўчаты і хлопцы, што назіралі здалёк, выбухнулі смехам.
— Хлопцы, сядзіце роўна, бо вас фатаграфуюць!
— Картачкі бясплатныя мець будзеце, толькі вочы закрыйце, а то ад вялікага бляску аслепнуць можна! — несліся да бессаромнікаў кпіны з абодвух бакоў.
Юзік з Віцікам уцякалі ў бор як мыла з’еўшы.
Праз некалькі хвілінаў усе рушылі далей, разбіўшыся на пары і ўтварыўшы доўгі караван.
Убраныя ўсе былі святочна і па-польску: хлопцы — у крамных гарнітурах, пашытых па-местачковаму, у канфедэратках ці кепі, дзяўчаты — у гладкіх цёмных спадніцах, муслінавых кофтачках і квяцістых хустках, завязаных пад косамі, альбо ў ядвабных шалях. Усе, апроч дарослых хлопцаў, ішлі басанож, несучы абутак у руках. Сакалоўская ішла ў сярэдзіне калоны побач з Касяй Сцяпурай, старэйшай за яе на год. Стах з Косцікам прайшлі міма некалькіх параў і апынуліся побач з імі.
— Зашмат клункаў для жаночых ручак у вас, — паведаміў ззаду Косцік.
— Калі так нас шкадуеш, узяў бы што і паднёс, — адказала Кася.
— Дык давай панясу!
— Тады ў Карусі вазьмі, у яе болей.
— Абедзве давайце ўсё, што ёсць, — сказаў ён, баючыся, што Каруся пасаромеецца скарыстацца ягонай дапамогай.
— Добра, дзякуй. Вось, вазьмі, калі ласка, мае чаравікі, — падзякавала Кася, а Каруся аддала Косціку свой вузельчык з хлебам і таксама чаравікі. Хлопец павесіў усё на кій, закінуў яго на плечы і пайшоў са Стахам за дзяўчатамі, заводзячы з імі размову.
— Але ж і народу сёлета са Смалярні на фэст ідзе!
— І гэта толькі пешкі, а калёсамі вязуць колькі — не злічыць, — адгукнулася Каруся.
— Я чуў, што гэты фэст будзе вялікі як ніколі.
— Так, вельмі шмат людзей, а яшчэ, кажуць, з далёкіх парафій машынамі прыедуць. А ведаеце, колькі ксяндзоў будзе?
— Як найменш дваццаць мусіць быць.
— Дзед Амбражэй казаў, што дваццаць пяць, не лічачы семінарыстаў.
— Ого, аж столькі!
Ззаду падышлі Віцік з Юзікам.
— Ты паглядзі, і лясніцтва на Працэсію захацела, — сказаў Віцік нібыта прыяцелю, але так гучна, каб пачулі і дзяўчаты, і Косцік.
— Ну а хто яшчэ бабам боты будзе несці, — пакпіў Юзік.
— Паднесці бабам рэчы — гэта ж не тое, што ім пад спадніцы зазіраць, — адпарыраваў Косцік. — Ну, пакажыце картачкі, паскуднікі.
— Гэта няхай, затое не адну ўбачылі.
— Убачыць дык убачылі, — улез Стах. — Чорную дзірку ў Забэлы.
Косцік з дзяўчатамі пырснулі смехам.
— Вось дык аканфузіліся вы сёння, хлопцы, — сказала Каруся.
— Было б перад кім канфузіцца, знайшліся пані. Вунь за мной бегае колькі, і не смалярскіх, ясна?
— Ага, бегаюць, як сабака за палкай. Вы на яго зірніце, які красунчык, які важны кавалер!
— Калі б не быў важны, харугвы на Працэсію не насіў бы, абы-каму харугву не дадуць, — палез абараняць сябра Віціка.
— Пайшлі ад іх, дружа, — сказаў Юзік, — а то падумаюць, што мы падлашчваемся. Хадзем лепей Ядзьку дражніць.
— Ён праўда харугву насіў? — спытала Каруся ў Касі, калі яны адышлі. — Я думала, што іх толькі Казік з Ясем носяць.
— Яны кожны год носяць, а мінулым летам Юзіку таксама далі.
— Патрапіў жа...
— Шмат старэйшых хлопцаў хацелі харугву несці, ім не далі, а яму далі. У спрытнасці яму не адмовіш, што ўжо казаць, — заўважыла Кася.
— Нічога такі, пагаджуся, — пацвердзіла Каруся. — Яго яшчэ хваляць, што ў рабоце жвавейшы ад братоў.
Нават калі б Каруся яму ў твар дала — і тое б Косціку так кепска не зрабілася.
— Калі б я захацеў, таксама лёгка атрымаў бы тую харугву, — прабурчаў ён.
Яны ўсё яшчэ крочылі бяскрайнім лесам, раз-пораз натрапляючы на самотныя паляны, альбо выходзілі на ўскраек нейкага поля і зноў заглыбляліся ў лес.
Апоўдні выйшлі на шырокі гасцінец. Крыху пасядзелі ў цені дрэваў, а некаторыя хлопцы дык без адпачынку далей рушылі.
На гасцінцы грукаталі колы і раíліся людзі. На вялікі фэст ішлі ўсе класы і саслоўі. Працэсія ў Бабруйску дэманстравала сілу польскага народа над Бярэзінай, яго штогадовае яднанне, гартаванне духу і патрыятызм. Адна за другою цягнуліся пешыя калоны, а яшчэ шнуры каламажак з простым засцянковым людам і шляхтаю, вялізныя параконныя фурманкі з маёнткаў, у якіх змяшчаўся тузін парабкаў, элегантныя брычкі заможных хутаранаў і раскошныя экіпажы магнатаў. Чым бліжэй было да горада, тым цясней на гасцінцы.
Перад змярканнем пілігрымка смалярскай моладзі на паўгадзіны спынілася ў Зялёнцы. У хмызе пры гасцінцы ўсе абуліся, абтрэслі пыл, прывялі сябе ў парадак і не марудзячы рушылі далей, каб трапіць на кватэру ў горадзе загадзя.
Фурманкі і пешыя калоны цягнуліся праз усю дарогу шчыльным гужам.
Ужо праз чвэрць гадзіны Бабруйск паказаў смалерчукам свой твар. Па шырокай лагоднай плыні Бярэзіны перасоўваліся пасажырскія параходы, таварныя баржы і падарожныя чаўны. За нейкія паўвярсты ўлева быў жалезны мост — апошняе слова тэхнікі. За ракой, на спуску з пантоннага моста, якім яны ішлі, стаяла высокая цагляная вежа. З абодвух яе бакоў зелянеў прыгожы сад, поўны клёнаў, таполяў і бярозаў, а між імі хавалася крэпасць. За садам высока ў неба ўзносіліся магутныя радыёантэны.
Бабруйск быў горад немаленькі і раскрываўся павольна, асабліва з боку ракі.
Да падзелаў Польшчы ён амаль нічым не вылучаўся, бо быў тады малазначным мястэчкам. Стараверы са Старога Крука расказвалі, што даўным-даўно, калі яшчэ не было на свеце прыгону, на месцы цяперашняй крэпасці стаяла руская вёска, жыхары якой разам з пчалярствам займаліся вырабам бабровых футраў, і тое рамяство дало іх паселішчу назву Бабруйск. Яшчэ расказваюць, нібыта за часамі князя Васіля ля той вёскі быў маёнтак, а за «крулём Баторым» на слуцка-магілёўскім гасцінцы ў Зялёнцы грэблю насыпалі, карчму пабудавалі і два паромы. Вось і ўсё.
Мястэчкам Бабруйск перастаў быць толькі ў XVIII стагоддзі. Падчас безгалоўя ў Рэчы Паспалітай царыца Кацярына, запусціўшы захопніцкія кіпці ў цела краіны, умацавала гэтае мястэчка на буйным тракце і ператварыла яго ў збройню для сваіх войскаў.
І з таго часу Бабруйск пачаў хутка расці. Некалькі разоў яго руйнавалі пажары, бо са стратэгічных меркаванняў тут доўга не дазвалялі ўзводзіць мур, але пасля кожнага няшчасця дамоў тут будавалася ўдвая болей, чым было. Цяпер гэта вялікі горад — павятовы, праўда, але шмат у чым губернскім не саступае. Праз яго праходзіць разбітая варшаўска-маскоўская шаша, важная дзвюхкалейная чыгунка, а яшчэ наладжанае воднае злучэнне з вялікімі гарадамі. Будынкі тут пераважна драўляныя, што звычайна для крэсаў, але хапае і прыгожых шматпавярховых камяніц. Ёсць шыкоўныя вуліцы, дзе ходнікі выкладзеныя мазаікай, вялікімі, як вітрыны, вокнамі, якіх сяляне лякаліся, выйшаўшы з лясной глушы. Відаць, яшчэ ў 1908 годзе Бабруйск, апроч войска, якога ўсё яшчэ кватаравала тут шмат, і прылеглых прадмесцяў, налічваў пяцьдзясят тысяч жыхароў. Ільвіную долю, як заўжды, складалі яўрэі, потым ішлі прыезджыя маскалі, стараверы і тутэйшыя беларусы, палякі, татары, немцы, а таксама крыху розных іншых народаў. Былі фабрыкі, канцылярыі розныя, колькі рускіх сярэдніх школ, жаночая гімназія і рамесніцкая школа. Былі цэрквы — гарнізонная і парафіяльная, сінагогі, стараверскі храм, кірха і малітоўныя дамы іншых канфесій.
І касцёл тут таксама быў — Найсвяцейшай Тройцы. Новы, пабудаваны адразу пасля японскай вайны, калі часткова вярнулася свабода веравызнання. Паставіў яго ксёндз дэкан, а пазней канонік Красінскі, палымяны святар і патрыёт, вечныя гонар і слава ягонай памяці. Дагэтуль стапяцідзесяцітысячная парафія вымушаная была абыходзіцца маленькай капліцай. З ранейшых касцёлаў адзін перарабілі на царкву, другі, на няшчасце, згарэў. Маскалі прагнулі дашчэнту абрусіць надбярэзінскую сталіцу.
Цяперашні касцёл быў мураваны і веліччу пераўзыходзіў усе гмахі, усе храмы горада. Вежа высокая — аж страшна з яе ўніз зірнуць. Унутры — цудоўныя калоны, прастору шмат, усюды святыя рэліквіі, увесь упрыгожаны па-мастацку. Трайны алтар са спічастымі вежачкамі, з разьбою. Найпякнейшыя каштоўныя жырандолі. Лес харугваў і багатых штандараў. Пры сценах вялізныя абразы і статуі святых. Вітражныя вокны. Лаўкі, крэслы, прастолы, спавядальні радуюць вока. Арган уражвае так, што калі б арганіст яго на поўную сілу завёў, то, кажуць, у чалавека сэрца разарвалася б. Калі білі ў званы, чуў увесь горад. Кафедральны сабор не пагрэбаваў бы будынкам і багаццем бабруйскага дэканацкага касцёла.
1 Белая Працэсія — шэсце на свята Божага Цела ў першы чацвер пасля Тройцы або ў адзін з наступных трох дзён; услаўленне еўхарыстыі (святога прычасця). Аднак на прасторах былой Рэчы Паспалітай свята набыло яшчэ і патрыятычнае значэнне, зрабілася дэманстрацыяй польскасці на забраных землях.
У горадзе ўсе разышліся па дамах знаёмцаў. Стах з Косцікам, Каруся, сямействы Трызнаў, Сцяпураў, Пятроўскіх падаліся да пана Хмары, што жыў у паўночнай частцы Бабруйска і да якога ў двор меліся заехаць таксама іх фурманкі.
Па прыходзе яны ўбачылі, што фурманкі ўжо там. Увесь дзядзінец быў застаўлены павозкамі, а дом запоўніўся знаёмцамі Хмары з абодвух берагоў Бярэзіны. Галас стаяў нібы на кірмашы.
Праз недахоп месца і пасцеляў маладым паслалі сеннікі на падлозе, але асобна, каб хлопцы ніякай спакусы да дзяўчат не адчулі — многія ж на споведзь збіраліся. Косціка, Стаха, Лапаносага і іншых маладзейшых хлопцаў адправілі начаваць на гарышча.
Стах перакусіў крыху і палез наверх, бо пасля ўтомнага, амаль дваццацігадзіннага падарожжа яго хіліла ў сон. Адразу за ім палез і Косцік.
— Ведаеш што, Стах, — прашаптаў ён на вуха сябру, улёгшыся, — я так хачу тую харугву панесці, што не лезе ў рот ні хлеб, ні сыр, ні сала. Месца сабе не знаходжу. Як думаеш, дадуць ці не?
— Дык табе ж Уладзь ужо сказаў, што харугвы выдаюць, калі выдаюць картачкі, — буркнуў Стах, засынаючы.
— А, вось як... А калі картачку не дадуць, то і харугву не?
— Хораша папросіш — дадуць.
— Дык ты, можа, падкажаш, як трэба прасіць?
Адказам яму быў храп.
Косцік ляжаў і марыў пра харугву да глыбокай ночы і з гэтай марай заснуў.
Калі ж прачнуўся, па доме ўжо хадзілі. Праз шчыліны ў аканіцах прабіваліся сонечныя промні. Косцік агледзеўся, убачыў, што ўсе спяць, і з палёгкай падумаў: яшчэ не позна. Хвілінку паляжаў у задуменні і пачаў будзіць Стаха, які спаў як мёртвы. Тармасіў яго Косцік доўга, а калі ўрэшце раскатурхаў, то сказаў:
— Ведаеш што, я так хачу харугву, што ахвярую касцёлу свае шкуркі.
— Якія шкуркі?
— Гарнастаевыя дзве шкуркі з чорнымі хвосцікамі. Я гэтых гарнастаяў мінулай зімой упаляваў падчас святочных вакацый. Яўрэі мне паўтара рубля за штуку давалі, але я не прадаў. Аддам абедзве на касцёл. Нічога не пашкадую, каб даказаць, што я не горшы за Юзіка. Калі ён зноў харугву панясе, а мне не дадуць, гэты халернік зноў кпіць будзе і нос задзярэ — крукам не дастанеш.
— Добра, але як ты іх ахвяруеш – вось так лежачы тут, у думках?
— Так, а што?
— Можа, калі ля алтара прысягнуць, яно надзейней будзе.
— Мабыць, так. Злазім тады і хадзем.
За гадзіну яны сабраліся і выйшлі. Як і ўчора, надвор’е стаяла цудоўнае. Вуліцы поўніліся аднымі палякамі, якія адусюль сцякаліся да касцёла.
На ходніках з абодвух бакоў касцельнай брамы пасталі доўгія рады гандляроў ладанкамі і медальёнамі з Мінска і Вільні. Міма іх, на вуліцы і на шырокім пляцы, снавалі, як мурашкі, людзі. Знаёмцы і сваякі сустракаліся пасля расстання даўжынёю ў год, віталіся, балбаталі, разам радаваліся здароўю, пагодзе, шэсцю. Пад сценамі касцёла ксяндзы прымалі споведзь — дванаццаць спавядальняў стала з абодвух бакоў, і ля кожнай — натоўп грэшнікаў.
Хлопцы рушылі проста да касцёла. Адзін з прыезджых ксяндзоў адпраўляў імшу. Нягледзячы на ранні час, Стах з Косцікам ледзьве прабіліся ў прытвор, да кратаванай загароды. Памаліліся, Косцік прысягнуў ахвяраваць свае шкуркі, пасля чаго паспешліва выйшлі.
Даведаўшыся ад людзей, што картачкі на шэсце будуць выдаваць на ганку плябаніі, абодва скіраваліся туды.
А там семінарыст акурат гэтым і займаўся. Мужчын пры ганку сабралася ўжо ладна, чарга стаяла хаты на тры. Хлопцы прабегліся па ёй вачыма і знайшлі колькі сваіх са Смалярні, але Юзіка не было.
Косцік стаў у хвасце, Стах — непадалёк.
Чарга хутка расла. За Косцікам ужо стаяла дзясятка паўтара кандыдатаў, і тут з’явіўся Юзік, пабачыў Косціка і грэбліва скрывіўся. З нянавісцю гледзячы адзін на аднаго, яны паволі набліжаліся да ганка.
Калі падышла Косцікава чарга, ён апусціўся на адно калена, пацалаваў семінарысту руку і сказаў:
— Калі ласка, ойча вяльможны, дайце мне харугву панесці.
— Табе харугву? — уважліва зірнуў на хлопца семінарыст, дзівячыся ці то ягонай пакоры, ці то просьбе.
— Так, вельмі прашу, вяльможны ойча, — паўтарыў Косцік ледзь не са слязьмі на вачах.
— Так моцна хочаш, хлопча? Ну добра. Стань вось тут, ззаду, і пачакай: калі старэйшыя не папросяць, аддам табе. Усяго тры засталося.
Косцік чакаў, усёй душою просячы Бога, каб за Юзікам старэйшых не аказалася.
Пасля чатырох хлопцаў, што захацелі стаяць у кардоне, харугвы папрасілі адразу двое і тут жа атрымалі, бо былі дарослыя, выглядалі прыстойна і пацвердзілі, што вартыя, мінулагоднімі картачкамі.
Косцік зразумеў, што харугвы яму не несці, і яго ахапіла туга. Але ён верыў, што за ахвяраваныя шкуркі атрымае нешта большае, чым ролю шарагоўца ў кардоне, таму чакаў.
Дачакаўся свае чаргі і Юзік.
— Вяльможны ойча, я нёс харугву летась і цяпер ласкава прашу пра тое ж, — сказаў ён, пацалаваўшы семінарысту руку. — Вось мая старая картачка.
Той павярнуўся да Косціка:
— Бачыш, хлопча, тут старэйшыя хочуць харугву.
— А што, проша ойца, ён таксама па харугву? — дзёрзка запытаў Юзік.
— Так. Ты яго ведаеш?
— Яшчэ як! Калі ойцец жадае, каб ён шэсце ўзбаламуціў, то няхай яму аддасць. Проша ойца, я гатовы прысягнуць, што як толькі вялікі вецер падзьме, ён і паваліцца, харугву зганьбіць і сораму ўсім наробіць. Яму ж усяго пятнаццаць.
— Ды я за цябе на два гады маладзейшы, але мацнейшы, гэта кожны ведае, — запярэчыў Косцік.
— Мацнейшы? Ну і што з таго, што ты моцны, калі ні спрыту ў цябе, ні кемлівасці? Ты ж не ведаеш ні як трымаць тую харугву, ні як несці, ні як лініі трымацца. Проша вяльможнага ойца, ён такі дурны няздара, што нават да споведзі сам дайсці не можа, яго бацька за руку водзіць.
— Ах ты манюка! — закрычаў Косцік. — Ну, раз ты так, я таксама маўчаць не буду. Проша вяльможнага ойца, ці ж не мусіць несці харугву чысты хлопец? Альбо паскуднаму грэшніку таксама можна?
— Павінен быць чысты, а што?
— А тое, што калі ўчора бабы раку пераходзілі, ён у кустах стаіўся і ім пад спадніцы зазіраў. І вось столькі было ад яго да голых дзяўчат, колькі ад нас да таго акна.
— Брэшаш! — не згадзіўся Юзік. — Як да таго рага было.
— Дык вось ты бессаромнік які! — усклікнуў семінарыст.
— Не слухайце вы яго, ойча, не зазіраў я пад спадніцы, я дзяўчат проста падражніць хацеў.
— Гэта адно і тое ж, — настойваў Косцік. — А яшчэ ён дзяўчыну, якую Зоськай завуць, рукамі чапаў дзе не трэба!
— А ты святы ці што?! У цябе сваёй няма і ты з ёй не любішся?! Проша ойца, ён таксама з дзеўкай любіцца! Да самага Бабруйска яе торбу і чаравікі нёс!
— Так, у мяне ёсць дзяўчына, але я яе ніколі дзе не трэба не лапаў, не падглядаў ніколі, нават не цалаваў яшчэ! Не тое што ты са сваёй Зоськай.
— Я гляджу, вам вашыя картачкі лепей на скуры выпісаць! — раззлаваўся семінарыст. — Бессаромнікі! Чым у такім узросце раманы круціць, чытаць бы вучыліся ў вольны час, каб на ўсё жыццё доўбнямі не застацца! Не, ну вы іх бачылі? У іх ужо дзяўчаты ёсць і яны з імі амуры круцяць! А чытаць хоць умееце?
— Я вельмі добра чытаю і пішу, — пахваліўся Юзік.
— Я таксама вучуся, проша ойца, — сказаў Косцік.
— Вучышся-вучышся, а па-якоўску і дзе! — зноў перайшоў у наступ Юзік. — Ён, проша ойца, у нас у Смалярні па-польску вучыцца не хоча і ходзіць да рускай школы ў Вончу.
— А што ж ты такі падступны, Юзік! — закрычаў Косцік. — Ды я ж таксама хацеў, Казіка прасіў! Навошта ты так? Мяне, проша вяльможнага ойца, у смалярскую школу не ўзялі, каб рускія не заўважылі, што чужы хлопец увесь час некуды ходзіць, не даведаліся, што ёсць польская школа, і не данеслі ўрадніку. Я з татам хадзіў прасіць, але не прынялі. Таму вучуся ў рускай, але ля рускіх абразоў не малюся і да цэркві не хаджу. Кажу шчыра, як на споведзі! Нават іншым польскім хлопцам наказваю сваіх мовы і веры трымацца і ад мужыцкіх нападак бараню. Можа, вяльможны ойча думае, што я маню, дык я сведку прывяду — Балашэвічавага Сташка, які разам са мною ў ванчанскай школе вучыўся і ўжо экзамент здаў. Ён усю чыстую праўду раскажа: і колькі разоў я з мужыкамі за сваіх хлопцаў біўся, і як у царскае свята падгаварыў іх да цэркві не хадзіць, і як мы ўзбунтаваліся і не пайшлі, і як настаўнік потым з помсты прымусіў нас ваяваць з рускімі.
— Ваяваць з рускімі?
— Так. Спачатку гэта нібыта ў снежкі было, але рускіх было шмат, а мы ад кацапаў уцякаць не хацелі і паддавацца ім таксама. Тады многім з нашых кроў з носа пусцілі.
— Вас пабілі да крыві?!
— Да крыві, проша ойца. Я Сташка паклічу, ён вам усё раскажа. Вунь ён, пад клёнам стаіць.
— Не трэба, я табе веру, — семінарыст дастаў гадзіннік, спраўдзіў час, зірнуў на чаргу і папрасіў: — Раскажы сам, хлопча.
За чвэрць гадзіны Косцік апавёў пра свой бунт супраць паходу ў царкву і пра тое, што было потым, калі ён, забраўшыся на кучу саломы ў стадоле, збіў раз’ятраную хеўру ботам.
— Хват ты сапраўдны! — пахваліў яго семінарыст і пацалаваў у лоб. — І будзеш служыць найважнейшую службу ў шэсці — панясеш балдахін над канонікам.
— Я? Балдахін? — не паверыў сваім вушам Косцік.
— Так, хлопча. Вось, — семінарыст уручыў яму картачку, — аб адзінаццатай падыдзеш да бакавых дзвярэй у закрыстыю і атрымаеш белыя пальчаткі і комжу з чырвонай накідкай.
— А мне, ойча вяльможны, будзе харугва? — спытаў Юзік.
— Табе? Не, ты пойдзеш арганныя мяхі надзімаць.
— Я — мяхі?! Ойчычак вяльможны, чаму, за што?! — залямантаваў Юзік.
— Маўчы, паклёпнік, а то зняслаўлю цябе перад усімі. Пайшоў куды кажу!
Косцік двума крокамі падскочыў да Стаха:
— Сташку! Я балдахін над канонікам панясу!
— Ты?! Балдахін?!
— Балдахін, Бог мне сведка. А Юзік ведаеш што? Мех арганны будзе надзімаць, а не харугву яму!
Стах зарагатаў.
— Не смейся, а то семінарыст убачыць і падумае, што ты з яго.
— Ды як жа ты яго ўпрасіў? Пра што вы размаўлялі?
— Юзік не хацеў, каб я нёс харугву, і абылгаў мяне: маўляў, і няўдалы я страшна, і тата за ручку мяне да споведзі водзіць, і па-польску не хачу вучыцца, а хачу па-руску.
— Вось жа манюка!
— Хадзем да Хмары, дарогаю падрабязна раскажу.
Яны пайшлі, там паснедалі і праз гадзіну вярнуліся. Служылі галоўную, урачыстую, імшу. У касцёле і на пляцы цісканіна была жахлівая. Два шэрагі польскіх жаўнераў з бабруйскага палка і цывільных мужчын, стоячы плячо да пляча, перагарадзілі праход ад брамы на пляцы аж да прэзбітэрыя ў касцёле. Гэтым праходам карысталася духавенства, чальцы Камітэта і магчымыя ўдзельнікі ўрачыстага шэсця. Таксама праз яго выносілі жанчын, калі якая самлее. Працаўнікам арганізаванай канонікам неадкладнай дапамогі продыху не было.
Косцік скіраваўся ў закрыстыю, а Стах застаўся на пляцы.
А палове дванаццатай загучалі званы. Натоўп калыхнуўся, трыманы кардонам праход да касцёла пашырыўся, і адтуль пачала выходзіць працэсія.
Наперадзе ішоў сівенькі стары ў комжы, несучы драўляны крыж з Мукай Гасподняй. За ім на адлегласці пятнаццаці крокаў выйшла калона такіх самых старых, у комжах і з запаленымі свечкамі ў руках. Сярод іх быў і смалярскі Кантычка.
Услед за старцамі, ідучы на такой самай адлегласці, Казік Здановіч і Ясь Ладан вынеслі дзве харугвы з выявамі арханёлаў Міхала і Габрыэля.
Затым пранеслі харугву Найсвяцейшай Тройцы, у гонар якой быў асвечаны касцёл1, з мноствам белых і амарантавых стужак. Гэтую харугву нёс семінарыст — выхаванец каноніка, а стужкі — найпрыгажэйшыя жыхаркі Бабруйска.
Следам выплылі чародкі дзяцей, у якіх было сёння першае прычасце: спачатку дзяўчаткі ў белых сукенках з пабожна складзенымі ручкамі, потым хлопчыкі з кнігамі.
За дзецьмі шляхцянкі з маёнткаў вынеслі абраз Маці Божай Майскай2, апавіты жывымі кветкамі і зёлкамі, а далей пайшлі атрадамі адборныя юнакі і дзяўчаты — прыгожыя, у самым соку: сто дваццаць дзяўчат — кожная ў белым, з вэлюмам на галаве, з лілеяй у руцэ, — сорак хлопцаў-гімназістаў у мундзірах з пазалочанымі гузікамі і ўрэшце сто смуглявых хлопцаў, аперазаных тальмахамі. Сэрца стукала, грудзі разрываў гонар ад таго, што на крэсавых землях — столькі красы і сілы, столькі абаронцаў веры, прыхільных задуме святой каралевы Ядвігі.
А потым уперамешку пайшлі штандары з незлічонымі стужкамі, лес харугваў, выявы і скульптуры святых дастойнікаў. Усё было ўбранае ў квецень і зелень, усё ў атачэнні моладзі ў белым.
Калі яны ўсе прайшлі, на пляц ступіла духавенства. У першых дзвюх чацвёрках — семінарысты і вікарыі з дэканатаў і большых парафіяў. Потым — пробашчы: глускі, старадарожскі, асіповіцкі, шацкі, блонскі, бярэзінскі, свіслацкі, шклоўскі, быхаўскі, жлобінскі, шацілаўскі і парыцкі. У апошняй — дэканы: слуцкі, ігуменскі, рагачоўскі і рэчыцкі.
Затым ксёндз канонік Красінскі, праваруч ад якога ішоў магілёўскі дэкан — ксёндз Святаполк-Мірскі, а леваруч — царскі саветнік Несмяртэльны, самы высокапастаўлены чыноўнік краю, нёс святочную дараносіцу. Косцік Васілеўскі і трое яго аднагодкаў, усе ў карункавых комжах з чырвонымі накідкамі, трымалі на імі балдахін. Ксёндз пробашч Буйноўскі кадзіў перад імі, а чатыры маленькія дзяўчынкі сыпалі пад ногі кветачкі, увесь час прысядаючы. За імі ішоў аркестр з вялізным хорам, якімі дырыжаваў мясцовы капелан. Яны гралі і спявалі хвалу Найсвяцейшаму Таемству.
А потым ужо, за суплётам чацвярнога кардона, што прыкрываў хор, навальнічнай лавінаю цёк незлічоны натоўп. Пакуль праходзіла працэсія, ён — як вокам кінуць — стаяў шчыльнай масаю, шырокім морам у касцёле, на пляцы ля касцёла, на вуліцы, пры платах. Нават з дахаў суседніх дамоў сачылі, як плывуць калоны моладзі, харугвы і святыні, лічылі і дзівіліся раскошы шэсця, слухалі ўрачысты гук званоў і радаваліся ўсёй душою. Пры з’яўленні балдахіна натоўп ускалыхнуўся, раптоўна забулькатаў і з усіх бакоў рынуў да яго.
Але дасягнула мэты толькі вузкая ручаіна, што змагла праціснуцца праз браму, — рэшта бурліва хвалявалася наўкола, рыхтык ніва зялёнага жыта ў ветраны дзень. Ніхто там больш не валодаў сабою. Самых дужых мужчын насілі туды-сюды раскалыханыя людскія хвалі, нібы штармавое мора — маленькую шчэпку.
Кожныя некалькі хвілінаў праз браму праходзіў тысячны натоўп — а акіян на пляцы заставаўся бурным і бяскрайнім. Часам групкі закаркоўвалі ўваход, і тады цісканіна пры браме рабілася яшчэ большай.
А званы ўжо змоўклі, абвяшчаючы, што канонік спыніўся пры адным з алтароў, пастаўленых у горадзе. Людзі сцішыліся і схілілі галовы, шэпчучы малітвы.
Праз хвіліну званы зноў бомкнулі, і натоўп зноў забурліў, фантанамі пырснуў на вуліцы і рушыў далей за працэсіяй. Здавалася, гэтай рацэ, што мігцела фарбамі каляровых хустак і лысінамі, не будзе канца: яна ўсё расла і лілася ў бясконцасць. Урэшце касцёл апусцеў, пляц стаў бязлюдным, агаліліся платы і дахі — а парадзелыя групкі ўсё сцякалі з завулкаў, выходзілі з брамаў і весніц, злучаліся і працягвалі шэсце.
І вось скончылася. Стотысячныя лавіны плылі па горадзе, абвяшчаючы і прыгнечаным, і прыгнятальнікам, што пасля двухсот гадоў русіфікацыі, забароны вучыцца на роднай мове, закрыцця касцёлаў, пасля хрышчэння дзяцей са змяшаных сем’яў у царкве, схілення да праваслаўя праз прыняцце на дзяржаўную службу, надзяленне зямлёй і іншыя спосабы — пасля ўсяго нават на дальніх крэсах былое Рэчы Паспалітае засталося яшчэ шмат польскага народа — народа, які, хоць і страціў часткова мову продкаў, яшчэ добра ўсведамляе сваю адметнасць, палае гарачаю верай. І яднаюць яго нечуваныя салідарнасць і братэрская любоў, і жыве ў ім душа.
1 У наш час згаданы касцёл у Бабруйску асвечаны ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
2 Маці Божая Майская «Каралева Польшчы» — абраз, які нагадвае пра тое, што май у польскім Касцёле прысвечаны Панне Марыі. Гэтае прысвячэнне ўслаўляе Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, абвешчаную 3 мая 1791 года.
У Смалярні вялікая сям’я Балашэвічаў пачала рассыпацца, драбіцца. На Пятра адна з паненак выйшла замуж. Пасля сяўбы азімага жыта Уладзь з Браніславам з’ехалі ў Амерыку. У пачатку зімы пайшла замуж другая сястра. Падчас Вялікага посту памерла старая. На Вербніцу памёр дзядунька. Праз тыдзень Ян з Марцінам падзялілі гаспадарку і зямлю: Марцін пасяліўся пасярод засценка, Ян — з краю.
Стахаў лёс не перайшоў на каляіну, пра якую ён марыў, вучачыся ў ванчанскай школе. Ні бацьку, ні сыну не прыйшло да галавы загадзя даведацца пра ўмовы і правілы прыняцця ў сярэднія школы. Яны думалі, што будзе як у Вончы: прыехаў, запісаўся, атрымаў кнігі і вучыся сабе. У бабруйскую гімназію Стах прыехаў ужо ў час уступных экзаменаў, зусім не рыхтуючыся, і, безумоўна, прыняты не быў. Каб не губляць год, паступіў у двухкласную школу ў Бірках, кіраўнік якой запэўніў, што, правучыўшыся зіму ў яго, хлопец трапіць адразу ў другі клас гімназіі, а за асобную ўзнагароду браўся нават сам улагодзіць усе звязаныя з паступленнем фармальнасці. Але вясною бацькі засумняваліся наконт далейшага навучання сына. Іх палохаў кошт утрымання гімназіста ў вялікім горадзе, які для іх гаспадаркі, падарванай пасагам дзвюх сясцёр, а перад тым яшчэ і падзеленай, здаваўся непад’ёмным цяжарам. Да таго ж хлопец быў патрэбны на зямлі — яны не маглі дазволіць сабе парабка.
Яны пагаварылі, разважылі і напісалі Уладзю з Бронікам. Прасілі нібыта парады, але адначасова дамаўляліся пра дапамогу, бо менавіта яна і была ім патрэбная.
Адказ прыйшоў з прапановай адаслаць Стаха ў Амерыку.
«Прысылайце смаркача да нас, — пісаў Уладзь. — Мы яго вывучым на каго толькі захоча. Тут усялякія школы ёсць, гімназіі, вольнасці навучальныя, на любой мове, абы добра было. Давайце сюды малога, мы яго ў вялікія людзі выведзем, а нам весялей будзе».
І праз тыдзень даслалі сто пяцьдзясят рублёў на дарогу.
Пачуўшы пра паездку, Стах загарэўся. Бацька таксама згадзіўся. Маці спачатку працівілася, але потым здалася. Трэба было толькі знайсці хлопцу сярод знаёмых старэйшага таварыша ў падарожжа, бо Стаху яшчэ і трынаццаці не было. Акурат тады Балашэвічы дазналіся, што вясною ў Амерыку едзе Стахаў сваяк па маці з ваколіц мястэчка Бярэзіна, і вырашылі пачакаць яго.
У гімназію, зразумела, паступаць ніхто не пайшоў — Стах застаўся дома пры гаспадарцы. Зімой у вольны час ён дапамагаў Казіку весці школку альбо зачытваўся раманамі і марыў пра краіну сваёй будучыні. Вясной кожныя два тыдні наведваўся да дзядзькі і намаўляў хутчэй ехаць, бо той марудзіў, адкладаў увесь час на наступны месяц, вагаўся. Стах пабойваўся, што той перадумае і зусім адменіць абяцаны ад’езд.
Але ўрэшце дзядзька рашыўся — заплаціў яўрэю-пасярэдніку кошт падарожжа і разам з ім вызначыў тэрмін выезду. З прычыны вялізнай адлегласці паміж іхнымі дамамі сваякі дамовіліся, што дзядзька не будзе зазіраць да Смалярні, а паедзе адразу ў Бабруйск, куды Балашэвіч прывязе сына.
Было лета, самае жніво, надвор’е яснае — аж вочы сляпіла.
Ян са Стахам выехалі а другой па абедзе, каб наступнае раніцы быць у Бабруйску. Час быў нязручны, таму развітацца прыйшлі толькі родныя і найбліжэйшыя Стахавы сябры: Косцік Васілеўскі, Казік Здановіч, Адась Лапаносы і Карапузя — сірата, якога ўсынавіў дзядзька Марцін. Маці і браты плакалі, таварышы кляліся ў вернасці, смуткавалі і прасілі іх памятаць. Косцік прысеў на воз, каб праводзіць Стаха яшчэ крыху, і праехаў некалькі вёрстаў за вёску.
— Сташку, — сказаў ён, калі яны выехалі на вуліцу, — я табе ліха якое хоць калі рабіў?
— Ніколі. Ты мне даражэйшы за родных быў і будзеш.
— Тады, калі выб’ешся, можа, і мяне забярэш у Амерыку?
— А ты б да мяне паехаў?
— Без Каруські не паеду, але калі б і яна захацела, то чаму ж не.
— Не забуду цябе, пакуль жывы, апошнім кавалкам хлеба, апошняй кашуляй з табою падзялюся.
— Я аддзячу! — абняў Косцік Стаха за плечы.
Бацька вёз сына і вучыў, як належыць сябе паводзіць, наказваў штораніцы і штовечар гаварыць пацеры, у дарозе ва ўсім слухацца дзядзьку, а ў Амерыцы — Уладзя з Бронікам, і не забываць родных.
— Памятай, сынку, — казаў Ян, — хоць бы ты там узляцеў высока — свіннёй не зрабіся. Мы цябе кармілі, гадавалі, вучылі, то і ты нас забываць не мусіш.
Надвячоркам далі каню крыху папасвіцца і начным халадком паехалі далей.
Едучы на світанку гасцінцам, яны сустрэлі чацвёрку конных жандараў, што імчалі як вецер.
— Недзе коней пакралі ці яўрэя зарэзалі, — заўважыў Балашэвіч.
Не праехалі яны пасля таго і паўвярсты, як міма іх гэтаксама пранеслася яшчэ двое жандараў, а праз хвіліну — два станавыя прыставы і казацкі ўзвод.
— Што ж гэта зрабілася, пажар які ці, можа, бунт? — здзіўляліся бацька з сынам.
Неўзабаве яны напаткалі шэраг гарадскіх фурманак, а тыя нібыта ад кагосьці ўцякалі: несліся — аж колы падскоквалі. Балашэвіч паспрабаваў таго-сяго спыніць і запытацца наконт прычыны такой спешкі, але на ягонае маханне рукой у найлепшым выпадку не звярталі ўвагі.
З горада тады акурат вяртаўся Паклацкі з Ямаў, які пазнаў іх, сам спыніўся і загаварыў першы.
— Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, — сказаў Паклацкі.
— На вякі вякоў, амэн, — адгукнуўся Балашэвіч.
— А што, да места якраз выбраліся?
— Так, вось хлопец да Амерыкі едзе.
— Хлопец? Да Амерыкі? Ат, дадому паварочвайце тады.
— Дадому? Што зрабілася?
— Вайна пачалася. Гаварылі пра яе людзі, гаварылі і ўгаварылі.
— Вайна... Няўжо праўда? А пан не брэша?
— Ей-богу, вайна. З немцамі і аўстрыякамі. З запасу прызываюць аж да сарака гадоў. Калі мне не верыце, дык едзьце, самі паглядзіце, якая ў горадзе калатнеча.
— Вось табе і маеш... вось і выбраліся, вось і даехалі. Гэта ўсё праз дзядзьку, так, сынку, праз яго. Няхай цяпер скача, калі такі разумны, — бедавалі абодва Балашэвічы, наракаючы на сваяка за марудлівасць.
І паехалі далей, каб удосталь яго аблаяць.
Горад кіпеў. Ваенныя пасланцы-паліцыянты бегалі ў розныя бакі як апантаныя. Штохвілю вуліцу пераходзілі ўзмоцненыя патрулі. Цывільныя з сур’ёзнымі тварамі пхаліся, спяшаліся, азываліся каротка і нібыта ў ліхаманцы. Каля свежанаклееных абвестак на імгненне спыняліся і беглі далей. Газетчыкі дралі горла:
— Вайна! «Кур’ер»! «Тэлеграма»! «Биржевые ведомости»! Вайна! Мабілізацыя! Рэквізіцыя!
Чыгуначныя станцыі бесперастанку пішчалі гудкамі.
Манаполькі і рэстарацыі зачыніліся. Пры першых нават стражнікі стаялі. Асцерагаючыся хваляванняў, многія гаспадары замкнулі крамы і фабрыкі. У адкрытых цэны падскочылі ўдвая.
Дзядзька проста не прыехаў — мабыць, навіна пра вайну сустрэла яго ў дарозе.
Пасярэднік пацвердзіў, што пра выезд гаворкі быць не можа, але грошы паабяцаў вярнуць толькі праз суткі, калі атрымае іх у касе свайго таварыства.
У такі час у горадзе было лёгка трапіць у непрыемнасці, таму Балашэвічы адразу ж купілі што хацелі і як мага хутчэй выехалі ў Зялёнку — на знаёмы двор, што стаяў убаку ад дарогі. Мінула амаль двое сутак, а грошай ад яўрэя яны так і не дачакаліся і рушылі ў Смалярню.
Насуперак прадказанням мясцовых палітыкаў пра непаслушэнства ў выпадку мабілізацыі, рэзервісты ішлі ахвотна і вялікімі натоўпамі. Гасцінцам плыў бясконцы абоз. Частка ехала на паліцэйскіх і грамадскіх фурманках, частка — на ўласных, разам з братамі, сынамі і жонкамі. Па наваколлі разляталіся бадзёрыя полькі на гармоніках, падколкі, прыпеўкі і кляцьба на адрас немцаў. «Шапкамі германцаў закідаем! — крычаў натоўп. — Усыплем ім, машэннікам, за цара за нашага! З семем іх зніштожым, на край свету, на Сахалін загонім!» Але ўвогуле ў параўнанні са звычайнымі рэкруцкімі зборамі, што праходзілі ўвосень, рэзервісты трымаліся даволі прыстойна, і прычынай было своечасовае закрыццё манаполек: дома не ў кожнага мелася кварта ў запасе. Толькі часам нехта, спаткаўшы нерэзервісцкага каня, джгаў яго пугаю, ці быдла, што пры дарозе пасвілася, ці нават якога падлетка ці бабу — і ўсё.
Адзін абоз заканчваўся, пачынаўся другі, за ім трэці і так далей. Раз-пораз праходзілі казацкія патрулі.
Жаць-касіць жыта перасталі амаль цалкам, толькі дзе-нідзе адзінокія жнейкі блукалі ў полі без спеву і размоваў. А ў вёсках на вуліцах было поўна люду. Жагналі тых, хто з’язджаў. Лямант стаяў — не дай Божа. Кабеты заводзілі спеў быццам па нябожчыках. Плакалі і слабыя на сэрца ды вочы мужчыны, бо сцэны адбываліся ўзрушальныя. «Татка, родны, не ідзі на вайну, не кідай нас!» — енчылі дробныя дзеці, чапляючыся за бацькавы порткі. «Сынку мілы, саколе мой, не пабачу я больш цябе, не пабачу!» — у роспачы гаварылі старыя маткі, сутаргава абдымаючы самае дарагое на свеце.
А вайна толькі пачыналася.
У Смалярні Балашэвічы знайшлі болей навінаў, чым прывезлі з сабой.
Выйшаў маніфест вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, галоўнакамандуючага арміі, які ўсхваляў польскую зброю, абяцаў палякам волю і заклікаў да змагання з вечным ворагам славянаў. «Яшчэ не заржавеў меч ваш з часоў бітвы пад Грунвальдам», — пісалася там. Яны спачатку не зразумелі, што за меч, што за Грунвальд, але Казік з Ясем у кнігах адкапалі, што пад Грунвальдам Ягайла з Вітаўтам пабілі немцаў. Нейкай салодкай шчаснасцю і натхнёнасцю веяла ад гэтых тлустых літар маніфеста. Яны глядзелі, перачытвалі сотні разоў, нават вучылі на памяць. І цешыліся:
— Вось цяпер ужо зажывём як трэба. Пабудуем касцёл у Вончы нарэшце. І з польскім лемантаром больш не будзем хавацца. Досыць кланяцца ўрадніку альбо нейкаму там соцкаму. Эх, кацапы... Ты яго і напаі, і абліжы, і пагладзь, а ён з цябе яшчэ і смяецца. Цяпер яны нам мусяць казённую польскую школу ў Вончы пабудаваць. А як жа ж: рускія маюць, яўрэі маюць, а мы што, не людзі?
Стары Пятроўскі паўтараў, што маніфест выдалі дзякуючы намаганням Несмяртэльнага.
— Галаву закладаю, — казаў ён, — што калі б не пан Несмяртэльны, маніфеста б людзям не далі. Гэта ягоныя клопаты. Згадваў ён пры мне таго Мікалаевіча, калі мы з Аніхоўскім апошні раз у яго былі наконт пабудовы касцёла ў Вончы. Адвёў я яго ўбок і пытаюся: «Як там, пане, з тым бунтам?» А ён і кажа: «Бунт яшчэ рыхтуецца, але, здаецца, можна па-добраму залагодзіць. Ведаеш, — кажа, — я тут добрае знаёмства завязаў з царскім дзядзькам. Гуляў аднойчы з ім і двума германскімі князямі ў дурня і дапамог яму іх чыста абшчыпаць. То карты так ператасую, каб яму адны тузы дасталіся, то, як трэба, козыра пад сталом падам, то калоду ўсю германцам скіну, а Мікалаевіча з цяжкай сітуацыі выбаўлю. Да другой гадзіны ночы гулялі, а ён хоць бы раз прайграў. Калі мы ўрэшце ад стала ўсталі, ён са смехам гаворыць: «У нас кажуць, што германцы — хітры народ, але, відаць, глуздоў у іх у галаве няшмат, калі нават у звычайнага дурня гуляць не могуць». А германцам і адказаць няма чаго. Назаўтра Мікалаевіч Несмяртэльнага кліча: «Ты мне дапамог швабаў абыграць, і я табе аддзячу — зраблю ўсё, чаго толькі пажадаеш для сябе ці свайго народа». А Несмяртэльны яму: «Толькі б вялікі князь стрымаў слова».
Хвала Богу, стрымаў.
Адправіўшы сыноў на вайну, палякі стаіўшы дыханне сачылі за яе ходам, прагнучы для Расіі перамогі. Мала дзе чыталі столькі газет, колькі іх пачалі чытаць у Смалярні. Іх увагі не ўніклі нават найдрабнейшыя ваенныя звесткі. Яны радаваліся поспехам Антанты, бедавалі праз паразы і толькі дзівіліся, што газеты перасталі пісаць пра абяцанае ў маніфесце ўваскрашэнне Польшчы. Ніводнае згадкі пра гэта ні ў рускай, ні ў польскай газеце больш не было. Няўжо гэтая справа ўжо вырашылася так дакладна і цвёрда, што перастала цікавіць людзей? Яшчэ ж нават не было вядома, будзе Польшча пад рускім царом ці займее ўласнага караля і дакуль сягнуць яе межы. Хто-ніхто прапаноўваў пасля збору ўраджаю адправіць да пробашча спецыяльную дэлегацыю і даведацца, што з гэтым пытаннем адбываецца насамрэч.
Тым часам Казік і Стах, дамовіўшыся з самымі паважанымі гаспадарамі, з вялікім размахам рыхтаваліся да адкрыцця смалярскай польскай школы. Сапраўдную школу вырашылі заснаваць — са сталай навучальнай праграмай і падзелам вучняў на класы. Яны паслалі ў Мінск купіць лемантары, чытанкі, паставілі дошкі і пафарбаваныя лавы, вывучалі падручнікі, граматыкі і пропісі, пазычаныя Казікам яшчэ ўвесну ў магільнецкага арганіста, і зацвердзілі папярэднюю праграму. Сцяпура аддаў пад школу сваю новую прасторную святліцу.
У апошнюю нядзелю верасня яны з цэлай ваколіцы склікалі бацькоў і склалі спіс дзяцей, што меліся хадзіць у школу. Кантычка пасвянціў клас, лаўкі, адправіў набажэнства падзякі за спасланне палякам волі, і назаўтра пачалося навучанне.
Праз тыдзень да іх заявіўся ўраднік. Спыніў брычку ля хаты Сцяпуры і гайсануў проста ў клас.
— О-хо-хо! — усклікнуў ён, пераступіўшы парог. — І скамейкі... і дошка! Настаяшчае учылішча. Ну і кто вам, рабяты, пазволіў?
— Што значыць хто пазволіў, — адказаў Казік. — Мы ж нядаўна свабоду здабылі.
— Свабоду? Якую свабоду?
— У нас ёсць маніфест нашага правадыра.
— Дзе? Які маніфест?
Казік дастаў з шуфляды прыхаваны нумар «Биржевых ведомостей» і даў яго ўрадніку, паказаўшы тлустыя літары змешчанага там маніфеста.
— Ага... ну да... маніфест... глаўнакамандуюшчы... — мармытаў той, бегаючы вачыма па тэксце, нібыта сапраўды ніколі яго не бачыў. — Харашо. Ну, а дзе пішуць, што вы маеце права па-польску вучыць?
— Калі гавораць пра волю, значыць, у нас такія ж правы, што і ў рускіх. Неўзабаве будзем пісаць, каб нам казённую польскую школу тут, у Смалярні, або ў Вончы пабудавалі.
Тым часам падышлі стары Здановіч, Кантычка, Пятроўскі і Сцяпура.
— Гэтая роўнасць пэўна датычыць Прывісленскага краю, але не Беларусі.
— Няпраўда, гаспадзін ураднік, — умяшаўся Пятроўскі, — у маніфесце пішуць не пра Прывісленскі край, а пра палякаў. А мы што, не палякі?
— Да, палякі. Але вы мусіце ведаць, гаспада, што, каб вучыць, трэба здабыць дазвол ад губернатара.
— То-бок губернатар гэты маніфест скасаваў?
— Ды не. Дзе ж там губернатар скасуе. Слухайце, гаспада, я прыехаў тут з вамі не паліціку развадзіць. Станавы прыстаў мяне прыслаў школу закрыць, дык я закрываю, і ўсё на тым.
— Станавы прыслаў?! — закрычаў Пятроўскі. — Дык твой станавы думае, што калі царскі дзядзька піша, а сабака брэша, дык гэта адно і тое ж?!
— Малчаць! — тупнуў нагой ураднік.
— Ты маўчы, а я не буду! Думаеш, мы табе дазволім школу распусціць? Мы да Несмяртэльнага паедзем, а як не — да самога цара дойдзем. Вывучым і цябе, і станавога твайго, і губернатара заадно!
— Вон адсюль! Вон, дзеці! Немедленна! — сказаў дзецям ураднік.
— Гэта ты вон пайшоў! — грозна выпрастаўся Пятроўскі.
Ураднік схапіўся за дзяржальна шаблі, але паміж імі ўсталі Здановіч, Сцяпура і Кантычка.
— Вар’ят! — крыкнуў Здановіч Пятроўскаму. — Хочаш няшчасце на засценак наклікаць? Прэч!
А Сцяпура звярнуўся да ўрадніка:
— Успакойцеся, барын. Гэта дурань, ён сам не ведае, што вярзе. Вы права лепей за нас ведаеце, і мы зусім не збіраліся з вамі, з уладай, задзірацца. Дык давайце зробім так, каб і воўк быў сыты, і авечкі цэлыя. Вы нам школу пакіньце, а мы вам насыплем чатыры мяхі аўса — первы сорт!
— Не магу, гаспада, станавы прыказаў закрыць.
— Можам яшчэ мех антонавак насыпаць, — дадаў Кантычка.
— І бачурку мёду наліць, — уставіў Здановіч. — Астаўце, барын, нам школу. Трэба ж недзе дзяцей вучыць.
— Хоць гару золата насыпце — а ўсё адно мушу закрыць вашую школу. Магу толька учыцялей пакуль на свабодзе аставіць. Вон, дзеці!
Вайна шалела. Мабілізоўвалі ўсё маладзейшых рэзервістаў і рэкрутаў, рэквізавалі коней, быдла, збожжа, харч. Незлічоныя палкі маладзёнаў ішлі на жудасную разню, чалавечы здабытак чакала марнае знішчэнне. Неба палала нязгасным зарывам, зямля грымела нямоўкным грукатам, стагнала благаннем, плачам, праклёнамі. Кроў цякла ракой, людзі гінулі як мухі. Вынаходлівы і спрытны ў баі вораг адным махам разбіваў цэлыя палкі і дывізіі, якія падстаўляла пад удар бяздарнае і прадажнае рускае кіраўніцтва, ператвараў іх у кучы трупаў і цэлыя палкі і дывізіі браў у палон і мардаваў іх потым голадам. Вынішчаў шматмільённае войска і ўпэўнена пасоўваўся наперад. Ад самай татарскай навалы Польшча не зазнавала такога татальнага вынішчэння. Вёскі рабіліся папялішчамі, гарады — руінамі, а людзі, гнаныя казацкімі нагайкамі, ішлі бадзяцца па свеце. І нібыта гэта ад бітвы з германцам ратавалі падданых «клапатлівыя апекуны», але сваім ратункам толькі рыхтавалі ім няшчасці. Паспешлівасць, з якой звычайна высялялі людзей, бязладдзе ў адміністрацыі, недахоп дарог — усё гэта прыносіла больш смерцяў, чым пяціразовы пераход лініі фронту. Людзі душыліся ў натоўпах, падалі ад знясілення, голаду і хваробаў.
Восенню 1915 года Бабруйск зрабіўся сведкам жахлівых трагедый. Гасцінец, вуліцы, абедзве чыгуначныя станцыі, валы крэпасці, палігон — усё ператварылася ў кірмаш ляманту і роспачы. Усюды вазы, куфры, натоўпы змарнелых і галодных людзей, паўдохлыя коні і быдла, з усіх бакоў — благанне ежы і міласэрнасці.
— Чалавеча! — чаплялі няшчасныя мясцовых мінакоў. — Дайце хлеба, есці хачу. Чалавеча, купіце каня, воз купіце, машыну швейную, падушкі, кажух! За дваццаць рублёў пародзістую кабылу прадам! Машыну за пяць рублёў! Падушкі за рубель! Злітуйся, чалавеча, купі! Дзеці ад голаду паміраюць.
Усё, што маглі, прадавалі, канькалі, як удавалася — кралі, рабавалі: у голаду няма ні страху, ні сораму. Жывёлы абгрызалі дрэвы, хапалі пясок. Плач дзяцей і жанчын, крыкі мужчын і жаўнераў зліваліся з іржаннем коней і рыканнем кароў у такое выццё, ад якога валасы ўставалі дыбарам.
Хоць бы хто спытаў ва ўладаў: навошта ўсіх сабралі ў адным месцы, калі не падрыхтавалі ні харчавання, ні прытулку? Чаму людзей хаця б не скіравалі малымі вясковымі дарогамі, дзе лягчэй было б знайсці пасілак для сябе і худобы?
Каму ўдавалася за мізэрныя грошы прадаць воз і каня, той сядаў на цягнік і ехаў чыгункай углыб Расіі. Астатнія пасля некалькіх дзён бязмэтнага чакання выпраўляліся на вазах у бок Рагачова і Магілёва, а на іх месца прыбывалі новыя абозы з-пад Слуцка.
Гасцінец на ўсю даўжыню пабялеў ад крыжоў і засмярдзеў падлінай. Хавалі там, дзе заспела смерць: без труны, без абраду. Крыж груба вычэсвалі сякерай альбо прымітыўна змацоўвалі вялікія бярозавыя сукі і ставілі, каб пазначыць, што гэта не мярцвячына жывёльная, а хрысціянін закапаны.
Меншымі дарогамі цягнуліся тысячныя гурты быдла. Дзень і ноч разляталіся над сцежкамі звярынае рыканне і воклічы ваенных пастухоў. Аж здзіўленне брала, адкуль яны столькі худобы ўзялі і хто яе выгадаваў. Па дарозе жывёла падала, нібы хто яе атруціў, бо ўжо колькі сотняў вёрстаў прайшла ў такім статку, бадаючыся, дзеручы пашу нагамі, увесь час галодная і сасмаглая.
У лясах з’явілася нечуваная колькасць ваўкоў: яны хадзілі зграямі і сярод белага дня пры дарозе жэрлі падлу, а на чалавека ў найлепшым выпадку не звярталі ўвагі.
Фронт няспынна пасоўваўся на ўсход. Газеты, зрэшты, пісалі, што нямецкае наступленне ўжо спыненае і неўзабаве пачнецца контрнаступленне, але праз яўрэяў даходзілі зусім іншыя чуткі. Казалі, што калі націск немцаў і ўдасца затрымаць, то хіба што на Бярэзіне ці ажно на Дняпры. Працаваць людзі не маглі — рукі не падымаліся. «Навошта рабіць, — казалі ў вёсках, — калі невядома, ці жыць давядзецца».
Не паспелі азірнуцца — а людзей пачалі выганяць на акопы над Бярэзінай, і пешкі, і фурманкамі. Па вёсках ездзілі валасныя пісары з паліцыяй, запісвалі здольных працаваць мужчын ды дзяўчат і загадвалі цягам двух дзён з’явіцца ў вызначанае месца. З меншых сем’яў бралі аднаго чалавека, з большых — двух ці нават трох.
Ад гэтага ўсчаўся большы перапалох, чым у пачатку вайны. У засценках хадзілі чуткі пра нечалавечыя патрабаванні да працаўнікоў у акопах і жорсткасць: нібыта трэба капаць шаснаццаць гадзінаў у дзень без перадыху, а хто не выканае патрэбнага аб’ёму, таго казакі нагайкамі пасякуць.
Са смалерчукоў запісалі Казіка Здановіча і Яся Ладана, якія з пачаткам вайны засталіся дома як адзіныя сыны ў сям’і, старога Трызну, Вінярскага, Стаха Балашэвіча, Карапузю, Алеся Пятроўскага, Лапаносага, Віціка Гушчу, Боліка Вінярскага, Касю Сцяпуру, дзвюх старэйшых дзяўчат Пятроўскіх, Польку Вінярскую, Карусю Сакалоўскую, Зоську Ладан і многіх іншых таго і другога полу — трыццаць два чалавекі з адной толькі Смалярні.
Адыходзячы, «акопнікі» развіталіся з роднымі. Маткі плакалі як па рэзервістах, якіх выпраўлялі на вайну, а бацькі бласлаўлялі. Хлопцы і дзяўчаты абавязкова хацелі ісці ўсе разам і, чакаючы то аднаго, то другую, спазніліся амаль на цэлы дзень.
У Лошы, якую прызначылі зборным пунктам аж для дзвюх валасцей, людзей было як маку. На шырыню вярсты луг абапал дарогі і прылеглая да яго з усходу дуброва стракацелі каляровымі хусткамі, фуражкамі, вышыванымі кашулямі, світкамі і паясамі, нібыта бялыніцкі адпуст. Але працы ніхто яшчэ ў вочы не бачыў — уздоўж ракі толькі праводзілі замеры. Чуткі пра катаванні, што чакаюць на беразе, не пацвердзіліся. Казакоў не было зусім, сапёры, якія мусілі кіраваць работамі, ставіліся да людзей вельмі лагодна, а на пытанні, ці будуць біць нагайкамі, смяяліся з мужыцкай наіўнасці:
— Ці ж мы германцы, каб сваіх мучыць? Калі фронт затрымаюць на цяперашняй лініі, у вас будзе тут з намі адпачынак і добры заробак. Вы што, рускіх казённых работ не ведаеце?
Цэлых пяць дзён рабілі замеры, пазначалі лінію, абсталёўвалі разніцу, пякарню, звозілі рыдлёўкі і кіркі. Стаяла пагода, і людзі насалоджваліся адпачынкам. Старыя адлежваліся ў цені дубоў, руская моладзь табунамі цягалася па лузе і спявала куплет новай песні, што прыляцела з фронту:
Бельгія, Бельгія, жаль мне цібя —
П’яныя германцы разбілі цібя.
З найбліжэйшых вёсак нацягалі гармонікаў, скрыпак, цымбалаў, барабанаў і ладзілі танцавальныя забавы.
Смалерчукі, як і іншыя польскія грамадкі, размясціліся ў дуброве і трымаліся асобна, не беручы ўдзелу ў рускіх шумных спевах і забаўках.
На шосты дзень увесь гэты натоўп пачалі разбіваць на арцелі, прыстаўляючы да іх двух сапёраў і размяшчаючы ўздоўж Бярэзіны.
Казік пайшоў да сяржанта, які размяркоўваў людзей, і ад імя смалярскай грамады папрасіў, каб іх усіх пакінулі ў адной польскай арцелі.
— А шмат вас? — спытаў сяржант.
— З нашай вёскі трыццаць дзве душы, а з усімі астатнімі палякамі, што тут побач з намі, больш за шэсцьдзесят будзе.
— Добра, збярыцеся ўсе разам, я да вас зараз падыду. Як называецца вашая вёска?
— Смалярня.
Казік вярнуўся з добрай навіной: польская арцель са смалерчукоў, ямчанаў, палянцаў і хутаранаў будзе, і перапісаў усіх па прозвішчах.
Праз паўтары гадзіны сяржанта змяніў узводны, і Казік уручыў яму падрыхтаваны спіс.
— Што, рабяты, хочаце разам работаць? — спытаў узводны.
— Хочам! Хочам, гаспадзін узводны! — хорам адказалі палякі.
— Добра. Тады выбірайце старасту. Хто тут самы граматны? Наверна, вы? — звярнуўся ён да Казіка.
— Я самы граматны па-руску! — выскачыў Ясь Ладан.
— Не, лепш Казіка! Казіка хочам старастам! — загулі галасы.
— Выбірайце каго хочаце, але па-руску я самы граматны!
— Праўда-праўда, Ясь лепей за мяне па-руску можа, хай ён у нас будзе старастам, — падтрымаў Казік, каб палякі не пачалі сварыцца.
— Будзеце старастам тады і адказным за парадак у арцелі, — паказаў узводны на Яся. — Як вас зваць?
— Іван Іванавіч Ладан.
— А вы, — сказаў узводны Казіку, запісаўшы прозвішча Ладана, — можаце быць яго намеснікам. Згода?
— Чаму ж не. Згода.
— Потым выберыце ў сябе яшчэ кухара... — і ўзводны пачаў расказваць Ясю, што належыць рабіць, калі ў арцелі знойдзецца які неслух, калі хто-небудзь захварэе, як размяркоўваць хлеб, мяса, цукар, а сам тым часам прагна еў вачыма прыгожых смалярчанак. Дзяўчаты таксама пазіралі на яго не без захаплення, бо салдат быў надзвычай зграбны: высокі, стройны, з правільнымі рысамі худога твару, густымі чорнымі валасамі, агністымі вачыма і цёмнымі, гожа падкручанымі вусікамі. Навюткая форма ахоўнага колеру ладна аблягала яго фігуру, надаючы яшчэ большае зграбнасці.
Даўшы кароткія інструкцыі, узводны праверыў прысутных па спісе і адышоў.
Размяшчаючы новаствораныя арцелі, смалерчукоў пасунулі на тры вярсты на поўдзень ад Лошы. Там на выгіне ракі была мурожная лугавіна, што падковай уціскалася ў цудоўную дуброву з высачэзнымі дрэвамі. Абшар займаў каля трох моргаў. На закругленні падковы, то-бок на ўсходнім баку, стаяў стог сена.
Усёй грамадой палякі адразу ўзяліся ставіць будан. Старэйшыя мужчыны секлі разгалістыя сукі, закалочвалі іх у зямлю, гарызантальна клалі зверху жардзіны, мацавалі кроквы, вязалі, маладзейшыя хлопцы і дзяўчаты з бору за некалькі стаяў прыносілі яловыя галіны і накрывалі будан.
Увечары паўмесяцам стаў аднасхільны дах — доўгі, на адзінаццаць сажняў. Унутры зямлю разраўнялі і мякка накрылі лісцем. Частку занялі дзяўчаты, частку — мужчыны. Пасярэдзіне, на лініі, дзе збліжаліся рогі паўмесяца, з некалькіх камянёў склалі вогнішча.
— Не такі страшны чорт, як яго малююць, — гаварыў, робячы гарбату, стары Трызна, якога абралі кухарам. — Калі працаю не вельмі нагрузяць, можна і жыць у тых акопах, бо чаго яшчэ трэба? Усе свае тут, разам, во хату збудавалі — любата, у Лошы яўрэі для нас быкоў рэжуць, пекары хлеб пякуць, чаго ўжо болей. А найважней усё ж — што мы тут усе свае, і калі малітву якую прачытаць або пагаварыць па-свойму, дык ужо ніякі мужык-канакрад не перадражніць. Дай Божа здароўя таму ўзводнаму!
— Не ўзводнаму трэба дзякаваць, а фельдфебелю, бо я яго прасіў, — паправіў Казік. — Узводнага ён прыслаў.
— Але ж той узводны і ладны хлопец, — казала тым часам Кася Сцяпура сяброўкам.
— І мне спадабаўся, паганец, — прызналася Полька Вінярская.
— Гожы як малінка і да таго ж унцер, — дадала Зоська Ладан.
— Ды што з таго, што унцер і ладны, ён жа рускі, — уставіла Ганка.
— Замуж за рускага я б ніколі не пайшла, але калі б ён пачаў за мною ўпадаць, то ахвотна б з ім закруціла, — паведаміла Кася. — От каб мужычкі зайздросцілі.
— А па-мойму, не трэба рака — дык не мачы фрака, — запярэчыла Ганка.
— Адкуль вы ведаеце, можа, ён і паляк! Ён жа да рускага зусім не падобны, — сказала Каруся.
Назаўтра раніцай прыехалі на возе два сапёры, падзялілі паміж арцеллю прылады і адправілі працаваць. Пачалося капанне равоў паводле вызначанай лініі, закіпела работа на ўсім беразе Бярэзіны. Замест ранейшых крыкаў, спеваў, музыкі ў дуброве разнеслася рэха сякераў, застукалі кіркі, загучалі каманды.
Пры кожнай арцелі стала па два адмыслоўцы-сапёры, да таго ж увесь час падыходзілі ваенныя інспектары, геаметры, інжынеры. Усе патрабавалі акуратнасці, але работнікаў не падганялі.
Неўзабаве з’явіўся і знаёмы смалерчукам узводны. Крыху паразмаўляў з сапёрамі, абышоў пачаты роў, пільна сочачы за працай, а яшчэ больш — за працаўнікамі, і нарэшце спыніўся каля Полькі. Яна пачала завіхацца старанней.
— Не спяшайцеся, барышня, не трэба, а то ручкі намазоліце, — сказаў ён.
— Не намазолю, я зямлю не першы раз капаю.
— Бачу, што не першы, але барышні трэба пазбягаць празмернай стомы, каб пекнаты не паменшала.
— Мой нарачоны мяне не кіне, хоць бы і змарнела зусім.
— Нарачоны? А гэта хто? Пакажыце мне яго, і я скажу, ці варты ён вашай красы.
— Яго тут няма, на вайне ён, небарака, ужо амаль год гаруе, — і Полька ўздыхнула.
— І праўда небарака... — прамармытаў сабе пад нос узводны і пакрочыў уздоўж акопа, ласкава загаворваючы з дзяўчатамі. — Барышня, бярыце трохі наўскасяк, прама не трэба, а то сцяна абваліцца можа, — звярнуўся ён да Карусі. — Ат, дайце лапату, я вам пакажу.
— Я сама, сама, зразумела, — заўпарцілася дзяўчына.
— Ды давайце, адпачніце хвілінку. Колькі вам гадоў? — спытаў узводны, пачынаючы капаць.
— Ад Сёмухі пайшоў шаснаццаты.
— Такая маладзенькая?! Дык вас не мелі права забіраць.
— Тату запісалі, а я за яго пайшла, бо жыта жаць няма каму.
— А братоў у вас няма?
— Няма. Толькі тата, мама, я і сястра малодшая.
— Ох, дык вы, можна сказаць, сірата. Трэба вам мужа пашукаць, заадно і працаваць чалавек будзе.
— Дайце я ўжо сама капаць буду, — засаромелася Каруся.
— Нічога, адпачніце, Сафійка, адпачніце.
— Я не Соф’я.
— А вы не сястра старасты?
— Не, сястра Яся вунь тая, — паказала яна.
— А як завуць вас?
— Хрысцілі Каралінай, а называюць Карусяй. А вас як?
— Хрысцілі Пятром, а завуць Пеця.
— Прыгожае імя. Прабачце, а вы рускі ці польскі?
— Я? — узводны задумаўся. — Я ні той, ні другі.
— Гэта як жа? Яўрэй ці што?
— Не. Бацька рускі, а маці польская ў мяне.
— Калі ў вас бацька рускі, вас мусілі ў цэркві хрысціць, і вы, значыць, рускі таксама.
— Так, мяне ў цэркві хрысцілі.
На твары Карусі з’явілася незадаволенасць. Унтэр гэта заўважыў і паспяшаўся дадаць:
— Але я больш не хачу быць праваслаўным і збіраюся перайсці ў каталіцкую веру.
— Сапраўды пяройдзеце?
— Ей-богу! Зраблюся католікам і ажанюся з палячкай.
— Няўжо? — яна ласкава паглядзела яму ў вочы. — А калі вас, Божа барані, на вайне заб’юць?
— Гм... ну, як заб’юць, дык не ажанюся.
— Што не ажэніцеся — нічога, але калі да навяртання загінеце, будзеце вечна ў пекле гарэць.
Узводны заўважыў побач афіцэра і адышоў. А апоўдні прыцягнуўся зноў і гэтым разам ужо прыклеіўся да Касі Сцяпуры. Прабалбатаў з ёй амаль гадзіну, захапляючыся яе прыгажосцю, выказваючы сімпатыю польскаму народу і гатоўнасць навярнуцца ў каталіцтва ды ажаніцца з «палячкай».
Косцік хадзіў як атручаны: не еў, не спаў, не хацеў ні з кім размаўляць. Як яна там, бедная? Можа, падае ад знясілення, можа, які кацап яе крыўдзіць, а можа, сапраўды казакі нагайкамі б’юць? Гэтыя думкі не выходзілі ў яго з галавы. Іншыя наракалі на акопы, з усіх сілаў намагаліся ад іх адкупіцца, выкруціцца, а Косцік бедаваў, што леснікоў ад іх вызвалілі, і ўсёй душою прагнуў, каб яго ўзялі. Ён бы ўсю працу патрэбную за Каруську рабіў і ўласныя плечы пад нагайкі падставіў, калі б мог.
Штовечар ён ішоў у Смалярню альбо на хутары, каб паслухаць і пра ўсё выпытаць. Даведаўшыся, што сагнаныя пад Бярэзіну людзі бесклапотна забаўляюцца, ён перастаў хвалявацца за Карусін лёс, але тут жа з’явілася атрутная думка пра саперніка. «А раптам знойдзецца якісь хлюст і будзе там яе карагодзіць, пакуль мяне няма? — думаў Косцік. — Ці ж мала там народу сабралася і хлопцаў усякіх».
Чым больш ён пра гэта думаў, тым больш трывожыўся.
— Наш хлопец, пэўна, нейкае няшчасце сабе прадчувае, што такі задуменны ўвесь час, — казала Васілеўская мужу.
— Нічога ён не прадчувае, проста па моладзі сумуе і па дзяўчыне, — трапіў у самую сутнасць больш разважлівы ляснік.
Для пэўнасці ён вырашыў пагаварыць з сынам сам-насам, але сын яго апярэдзіў.
— Ведаеце, тата, — пачаў Косцік за вячэрай, — работы дома цяпер няшмат, дык, можа, я пайду ў акопы? Зараблю які рубель — я чуў, што дарослым мужчынам няблага плацяць.
— Дабравольцам у акопы?! Смех дый годзе! — зароў бацька. — Людзі адтуль уцякаюць, а ён пойдзе прасіцца, каб узялі. Пры цяперашнім бязладдзі людзі поле не хочуць засяваць, уласнай картоплі капаць не хочуць, а ён пра заробкі марыць! Ці ж табе хата нашая нямілая, харч нясмачны, што ад нас уцячы хочаш? — лаяўся ён.
Маці таксама пачала дакараць:
— Сынку, табе ж вясною ўжо ў войска ісці, а ты з намі пабыць не хочаш, каб мы на цябе налюбаваліся.
— Як не пускаеце, не пайду, — адказаў Косцік. — Буду ў хаце сядзець, жэрці, спаць, а вы любуйцеся. Не пайду.
Ён раззлаваўся і цэлы тыдзень не выходзіў нават за плот, пакуль бацька ўрэшце не ўстрывожыўся і не пачаў на яго крычаць:
— Ты, хлопец, здурнееш так, у хаце седзячы і думаючы сабе штось! Ану за стрэльбу і ў лес. Марш!
Косцік паслухаўся і скіраваўся да смалярскага кліна ў надзеі даведаецца хоць нешта ад сейбітаў. Самы рог баранаваў стары Пятроўскі. Хлопец падышоў да яго, павітаўся і загаварыў пра дачок:
— Дзяўчаты там у акопах бядуюць, а дзядзька — пры баране.
— Я са старымі сваімі касцямі пры баране трохі мо і бядую, а яны, сучкі, там бавяцца і вечарынкі ладзяць, — адказаў Пятроўскі.
— Вечарынкі ў акопах?!
— Мяне гэта зусім не дзівіць. Кормяць добра, работы даюць няшмат, на дварэ цёпла, моладзі ўсялякай процьма сабралася, дык што там рабіць вечарамі? Вось і бавяцца.
— А хто вам такое сказаў? Прыходзіў нехта?
— Так, Франак Трызна і Адась Лапаносы надоечы прыходзілі і забралі ў акопы цымбалы і скрыпку.
Косцікава цярпенне лопнула. Ён развярнуўся і рушыў дадому, а прыйшоўшы, катэгарычна сказаў бацьку:
— Пусціце мяне ў акопы! Не пусціце — пайду без дазволу.
— Ідзі сабе, раз так ужо хочаш, — згадзіўся Васілеўскі, убачыўшы, што рады не дасць. — Дзеўцы пад спадніцай панюхаеш — можа, і супакоішся. Ідзі.
Косцік пастанавіў выйсці ўжо ранкам, але не змог заснуць, таму падняўся з першым крыкам пеўня, сабраўся і рушыў па ночы, па глухім лесе, перапоўненым ваўкамі, з адной маленькай сякераю за поясам. Яго гнала трывога за сваё шчасце, таму ён забыў пра бяспеку і патрэбы цела: ішоў без перадыху, без пасілку, спынаючыся толькі пры рачулках напіцца, бо мучыла смага.
За паўтары гадзіны да змяркання ён быў у Лошы. Даведаўшыся ад групак моладзі ля парома, што канцылярыя месціцца ў доме перавозчыка, адразу ж скіраваўся туды.
У памяшканні сядзелі цывільныя і ваенныя пісары. Наведнікаў прымаў мажны пан у скураной куртцы.
— Ты што, хворы? — рыкнуў ён на Косціка, калі той пераступіў парог. Хлопцу аж у пятках закалола.
— Не, барын, я на работы прыйшоў запісацца, — нясмела адказаў ён, камечачы ў руках шапку.
— Запісацца?! То-бок дагэтуль хаваўся?
— Не, барын, я лесніка сын, мяне не запісвалі.
— А, дык ты дабравольцам? Маладзец!
— Толькі можна мяне да сваіх, да смалерчукоў?
— Добра, чаму не.
Службовец пацягнуў Косціка да кнігі, выпісаў і ўручыў яму картку, каб хлопец мог пацвердзіць сваю асобу сапёрам і старастам арцелі, вывеў на ганак і паказаў дарогу.
І Косцік пайшоў. Калі мінуў будынкі, перад ім распасцёрся шырокі луг. Пасярэдзіне стракацелі рады работнікаў і работніц. Большасць стаяла, абапёршыся на рыдлёўкі, нічога не рабіла і відавочна чакала змяркання.
Сонца заходзіла чырвона, як у самы летні сквар або моцны зімовы мароз. На небе не было ні хмурынкі. З захаду лагодна дзьмуў цёплы сухавей, даносячы з фронту за некалькі дзясяткаў вёрстаў слабы рытмічны грукат цяжкіх батарэй.
Дарога ішла паміж Бярэзінай і плацдармам працаў.
Не прайшоў Косцік і вярсты, як работнікі пачалі збірацца ў купкі і разыходзіцца ў розныя бакі. Адначасова на ўсёй лініі загучалі песні — з той самай мелодыяй і пра тое самае:
Бельгія, Бельгія, жаль мне цібя —
П’яныя германцы разбілі цібя.
Некаторыя мянялі Бельгію на Сербію.
Пасля лугу пачалася дуброва, потым зноў луг, а за ім — іншая дуброва. Пейзаж перад вачыма быў найпрыгажэйшы — высачэзныя дубровы, ачышчаныя ад галінаў, пакрытыя травою, нібы гарадскі парк, дагледжаны чалавечай рукой, месцамі ўздыбленыя доўгімі хвалямі пагоркаў, якія нагадвалі ці то брацкія магілы старажытных ваяроў, ці то абарончыя насыпы. Тут і там трапляліся пекныя палянкі. Справа — шырокая, ціхая, празрыстая рака, а за ёю, на ўзгорыстым беразе, — сасновы бор.
Косцік заходзіў у буданы, пытаў пра сваіх і ішоў далей. Каля гадзіны прабіраўся праз цемру і ўрэшце спаткаў знаёмых з суседняга Убярэззя, якія паведамілі, што смалярская арцель зусім блізка, вунь за тымі дубамі.
— Ну і ігрышчы там у вашых сёння, — сказаў хлопец па прозвішчы Русецкі, ведучы Косціка сцяжынай, — аж дым ідзе. Процьма сапёраў рознай масці назбіралася і шляхцюкоў ванчанскіх з тузін.
У Косціка перасохла ў горле.
Ён прамінуў тыя дубы і злева ад сцежкі ўбачыў смалярскі будан, які здалёк і ў цемры быў падобны да верхавіны густога зарасніку. Адтуль гучалі размовы, смех, музыка, угару ўзляталі іскры.
Косцік хацеў быў падкрасціся незаўважна, але вонкі акурат выйшла некалькі хлопцаў, то ён перадумаў і пайшоў проста да іх. Гэта аказаліся Ромка Аленскі, Віцік Гушча і Карапузя.
— Вечар добры, хлопцы, як маецеся? — гукнуў ён.
— Глядзіце, Косцік! Косцік Васілеўскі! Косці-ік! — закрычалі хлопцы.
— Што тут у вас чуваць? З кацапамі забаўляецеся?
— Забаўляемся, ага, але но-но, жадных кацапаў, — запярэчыў Віцік. — Тут ванчанскія хлопцы прыйшлі і начальства зазірнула — там і палякі ёсць.
— А паглядзі, як мы тут ад няпрошанага мужыцкага вока адгарадзіліся, — пахваліўся Карапузя, паказваючы на шэраг пасаджаных елачак, які апаясваў паляну для танцаў.
— Цябе ўжо таксама да нас пагналі? — спытаў Віцік.
— Не, не гналі. Дома працы няшмат, дык, думаю, пайду, зараблю які рубель. Гэта ж рубель за дзень такім, як я, плацяць?
— «Рубель зараблю», — перадражніў Гушча. — Кажы ўжо проста: ты Быліну прыбег пільнаваць!
— А калі і пільнаваць, што такога?
— Ды нічога, але і саперніку ад цябе нічога: узводнаму, браце, рады не дасі.
— Гэта табе не ў Смалярні бушаваць! — зласліва зазначыў Ромка, які ўжо раз адгроб за Быліну.
— Што? Узводны?.. Які ўзводны? — уразіўся Косцік.
— Ва ўзводнага твая Былінка ўлялюскалася па самыя вушы, — растлумачыў Віцік. — Хто ты такі, браце, супраць унцер-афіцэра? Нуль.
— Калі ўлялюскалася, то і няхай, — прыкінуўся абыякавым Косцік і прайшоў паміж елкамі.
Шэсць параў танчылі ойру, а рэшта стаяла каля агароджы ці сядзела на прымітыўных зэдліках і калодах. Цымбаліст са скрыпачом былі ля агню, які палаў між палянай і дугой будана, свецячы ў абодва бакі.
Косцік абвёў усіх вачыма і насупраць убачыў Карусю, што сядзела разам з Касяй Сцяпурай і прыгожым унтэрам. «Вось мой вораг», — падумаў ён, прашываючы таго поўным нянавісці позіркам.
— Косцік прыйшоў! Косцік! Васілеўскі! — закрычалі вакол.
Ён не азірнуўся, усё яшчэ гледзячы на Быліну, каб даведацца, якое ўражанне зробіць на яе ягоны прыход. А яна штосьці шчабятала унтэру і міла яму ўсміхалася. Пачула воклічы, нервова абярнулася, прабегла вачыма па юнаках і, сустрэўшы позірк Косціка, апусціла галаву і нахмурылася.
— Косцік, братачка родны, і ты да нас? Як жа добра! — казаў Стах, торгаючы сябра за плячо.
Косцік моўчкі зірнуў на яго і ўздыхнуў.
— Што здарылася? Ты чаму такі? Можа, цябе зачапіла, што гэты унцер з Карусяй сядзіць?
— Яна ў яго ўлялюскалася, — адказаў Косцік надламаным голасам.
— Няпраўда. Ты, вядома, хочаш, каб яна яго ў морду біла, як толькі ён з ёй загаворыць ці прысядзе побач. Але гэты ўзводны ў нас, як кажуць, цар і ваенны міністр. Ён можа і працы наваліць, і штраф выпісаць, і нашую арцель расфармаваць і змяшаць з мужыцкімі табунамі.
— Схадзі да яе, пакліч да мяне на падворак. Хачу з ёй пагаварыць.
— Хочаш тут куламесу ўсчаць? Не чапляйся ты без нагоды, не чыні беспарадку, бо бяду прывядзеш і сабе, і ўсім нам.
— Ды не збіраюся я нікога чапляць, я толькі спытацца хачу. Схадзі, братка, калі ласка! Я за буданом буду чакаць.
— Ладна, толькі не забывайся.
На іх глядзела шмат вачэй, пакуль яны размаўлялі, таму Стах не пайшоў адразу да Карусі, а пастаяў крыху ля агню з аднаго боку, потым з другога і скіраваўся да Касі.
— Кася, цябе дзядзька Вінярскі чагось кліча, — зманіў ён, каб дала яму месца.
Кася ўстала, а Стах сеў ля Карусі і прашаптаў ёй на вуха:
— Косцік прыйшоў, бачыла?
— Бачыла, чаго ж не, — суха адказала яна.
— Ён хоча з табой паразмаўляць, дык просіць, каб ты да яго за будан прыйшла.
— За будан? Хоча размаўляць — хай сюды ідзе.
— Дык ён жа прыватна табе хоча сказаць нешта. Выйдзі, Каруська, паслухай яго. Ён вельмі просіць.
— Чаго яму ад мяне трэба, што ён да мяне лезе ўвесь час! — голасна ўсклікнула дзяўчына, крывячы вусны.
— Што такое? Хто лезе? — падхапіўся ўзводны.
— Нічога. Хлопец адзін жадае, каб я да яго выйшла, а я не хачу.
— Які хлопец? Дзе ён?
— Ды з нашых краёў прыйшоў тут адзін на работу.
— Брацік ён ёй стрыечны, — паправіў Стах, каб не абуджаць падазрэнняў унтэра.
— Чаго ты маніш, ніякі ён мне не брацік.
— Сучка, — сказаў ён ёй на вуха і пайшоў да Косціка.
— Ну што, ідзе? — нецярпліва гукнуў той, калі Стах наблізіўся.
— Не хоча, — адмахнуўся Стах.
— Не хоча?! А што сказала?
— Сказала, што заўтра падчас працы пагаворыць з табой пра што пажадаеш.
— Дык вось яна якая стала! Нават выйсці да мяне не захацела.
— Дзесьці яна мае рацыю, бо калі б выйшла, ён бы за ёй пацягнуўся, падгледзеў бы за вамі і западозрыў.
— Страціў я яе, страціў, — застагнаў Косцік.
— Ціха, ціха, а то хлопцы падслухаюць і кпіць будуць, смяяцца. Віцік з Ромкам за такое цябе ў лыжцы вады ўтопяць. Хадзем адсюль, раскажу нешта.
Стах узяў сябра пад локаць, адвёў паўночным краем паляны да ракі і пачаў суцяшаць:
— Не бойся, твая будзе, а не ягоная. Работы навечна не зацягнуцца, скончацца — яна вернецца ў Смалярню, а ён пойдзе к чорту. Сапёры кажуць, не больш за месяц засталося.
— Вялікая мне ўцеха будзе з салдацкай падсцілкі.
— Называць яе падсцілкай толькі за тое, што яна з ім паразмаўляе ці патанчыць, ты не маеш жаднага права. Паміж імі яшчэ нічога такога не было, што яе зганьбіла б. Клянуся табе, бо вачэй з іх не спускаў.
— Не маніш?
— Перад абразам магу паклясціся.
І тут ззаду данесліся хуткія крокі. Абярнуліся — іх даганяў Казік. Косцік пачакаў, пакуль той наблізіцца, і кінуўся насустрач з плачам, як напалоханае дзіця — да бацькі.
— Братачка родны! Дапамажы мне яе ўратаваць! Не дамо ёй загінуць!
— Не загіне, не бойся, дарма шалееш, — суцешыў Казік.
— Той унцер — відаць, нейкі шэльма. Загубіць яе, я ведаю!
— Не загубіць. Адправім яе дадому — і канец каханню.
— Так, братачка, адпраў яе дадому, адпраў! Цябе яна паслухае.
— Мяне, можа, і не паслухае, але паслухае бацьку. Заўтра вазьму адпускную запіску, пайду ў Смалярню і ўгавару Сакалоўскага, каб сам сюды прыйшоў на работу, а дачку дадому адаслаў.
— Так і зрабі, Казічак, калі ласка, і я да смерці тваёй дабрыні не забуду! Аддзячу табе, адплачу!
— Не трэба ніякай адплаты. Дапамагу табе як сябру, але за гэта ты будзеш мяне слухацца. Дык вось, пакуль што прыкінься, што унцеравы залёты цябе зусім не хвалююць. Гаворыць з ёй — хай гаворыць, танчыць — хай танчыць, сядзіць побач — хай сядзіць, а табе ўсё адно.
— Ды сэрца ж разарвецца...
— Не разарвецца, абяцаю. А цяпер хадзем да будана. Гарбаты пап’еш, з людзьмі пагаворыш.
— Не, цяпер не магу. Есці зусім не хачу, а размаўляць спакойна не здолею. Так балюча мне, — захлынуўся Косцік.
— Тады мы табе сюды паесці і папіць прынясём.
— Не, браточкі, пакіньце мяне тут пакуль. Паляжу на беразе, адпачну, супакоюся, а там і да вас прыйду, калі вечарынка скончыцца. Ідзіце.
— Добра, хадзем, Стаху, пакінем яго.
Косцік пачакаў, пакуль яны адыдуць, а потым спусціўся з палянкі, кінуўся на зямлю між дубамі і завыў.
— Чаму ты такая, Каруська мая? Я ж цябе абараняў, я ж табе служыў. Чаму ты такая няўдзячная? Я ж за табою як верны сабака цягаўся, глядзеў, каб цябе не зачапіў ніхто, каб паскудным словам не прынізіў, каб ніякае ліха, ніякая крыўда цябе не напаткалі. Я ж цябе, заблукалую ў пушчы, ноччу знайшоў і вывеў, на руках вынес. Я ж цябе шанаваў, я табе дагаджаў, як дзіцяці малому. Чаму ты такая? У каго ты закахалася? У гэтага расійскага унцера, у кацапа. А я што, ад іншых горшы? Дык у Смалярні ж няма хлопца, які б мяне паваліў, нават калі я дазволю сябе падпахі схапіць. Я экзамент у ванчанскай школе здаў! Ужо тры гады балдахін над канонікам на шэсці нашу! Я ж з бабруйскім вікарыем знаёмства маю. Я ж свой, польскі хлопец. Пра мяне ў Смалярні кепскага слова ніхто не скажа, апроч тых, каго я пабіў. За чым жа ты пагналася? За чорнымі вусікамі, за нашыўкамі? Дык у мяне што, вусаў не будзе? Ці ж я, калі ў войска пайду, не здабуду такіх нашывак?
Ён заліваўся слязьмі, стагнаў, выў, качаўся па зямлі, выдзіраў траву пальцамі. Шум вечарынкі, што даносіўся здалёк, толькі дадаваў горычы. Рэзкія гукі цымбалаў калолі яго шпількамі ў патыліцу, салодкія ноты скрыпак вострым шклом кроілі сэрца. Ён прыслухаўся — гралі польку. «Мабыць, круцяцца там цяпер і адно да аднаго прыціскаюцца, — падумалася яму. — Ох, калі б сваім пакаранне потым не пагражала, я б цябе, гадзіна, так скруціў, што ты б ужо не разагнуўся. Я б не паглядзеў на твае нашыўкі і тваё званне!»
Косцік адышоў да рэчышча, каб не чуць гукаў, якія яго мучылі. Напіўся вады і лёг ля ракі на пяску, разглядаючы бераг. Плынь цякла сумна, змрочна і неяк злавесна, і з яе шуму нібыта пачалі выбівацца галасы:
— Леснічонак-абадранец! Панскі парабак! Куды ты пнешся? Не для цябе яна. Для пана з фальварка, для афіцэра, для графа расце гэтая кветачка!
«Хоць бы не звар’яцець», — з трывогай падумаў Косцік.
Ён падняў вочы на бор за ракою — а той нібыта сваім ценем з яго кпіў. З гушчару даносіўся піск начнога птаха ці зайца, а можа, рыпенне дрэва, а ўражанаму Косціку здавалася, што хтосьці крычыць на яго: «Ты нуль супраць унцера, нуль... нуль... нуль!..» Паглядзеў на неба — там месяц насмешліва крывіў сваю круглявую пысу.
Косцік схаваў твар у траву, каб зусім не бачыць свету.
Ён успомніў абяцанне Казіка і на хвіліну адчуў палёгку. Але потым падумаў, што унтэр можа быць з якой важнай польскай сям’і, таму Сакалоўскія ўзрадуюцца такой партыі, і яго зноў ахапіў адчай.
Ён ляжаў і мучыўся сваёй бядою, аж пакуль не пачуў з боку будана памацнелы галас. Косцік падняўся і крыху прайшоў уверх, не пакідаючы рэчышча. Моладзь ужо разыходзілася. Смалерчукі, згодна са звычаем, праводзілі гасцей. Некаторыя развітваліся перад буданом, заўзята штосьці абмяркоўваючы наастатак, іншыя даходзілі аж да сцяжыны і далей у розныя бакі. Сярод тых, хто пайшоў на поўдзень, адгадваліся і дзявочыя фігуркі. Косціка закалаціла ад думкі, што паміж імі ёсць і Каруся, якая праводзіць свайго унтэра. Ён выцягнуў шыю і прыгледзеўся, але праз месяцовае сяйво нічога не змог разабраць.
Тут ён заўважыў, што дарога бяжыць наўскасяк і збліжаецца з ракой, таму хутка пайшоў рэчышчам, каб зайсці спераду і разгледзець тую групу зблізку. Рухаўся хутка і без перашкодаў, бо дажджу не было ўжо некалькі тыдняў і паміж вадой і абрывам сталага берага была доўгая сухая паласа.
Там, дзе дарога заходзіла ў дуброву, паміж ёй і ракой было не больш за пяць сажняў. Дайшоўшы туды, Косцік стаіўся ў цені кустоўя і прыгледзеўся.
Спачатку прайшло некалькі сапёраў, насвістваючы «Сценьку», потым вялікая група цывільных хлопцаў, за імі Каська пад руку з сапёрам і Зоська з Аніхоўскім з Вончы.
«Значыць, і іншыя дзяўчаты ілжывыя, — з незразумелай радасцю падумаў Косцік пра Вальку і Юзіка. — Гэтым пішуць, што сохнуць ад тугі, а тут валэндаюцца па ночы з іншымі хлопцамі. Сукі фальшывыя!»
За два дзясяткі крокаў ад Зоські ішлі Каруся з унтэрам.
У Косціка заняло дыханне і пацямнела ў вачах.
Каська з сапёрам спыніліся ля дубровы, а Зоська са сваім хлопцам пайшлі далей. Унтэр і Каруся, перакінуўшыся двума словамі з Каськаю, рушылі за Зоськай.
Косціку кроў ударыла ў патыліцу, на лбе з’явіліся буйныя кроплі поту.
— Божа мой! З салдатам у лес... Ганьба, ганьба... — шаптаў ён, скрыгочучы зубамі.
І пайшоў за імі — дзе, як і раней, рэчышчам, дзе ваўчынай сцежкай пад аховай хмызу, якія цягнуліся ад берага да дубровы неперарыўнай паласою. Сэрца грукала як малаток, цела калацілася нібы ў ліхаманцы. Часам ён стойваў дыханне і ўслухоўваўся ў размову, але словы да яго не даляталі.
Праз палову стаі парачка спынілася.
— Далей не пайду, давай вяртацца, — гучна сказала Каруся.
— Чаму гэта? Глядзі, які гай прыгожы, ночка цудоўная, месячная.
— Ночка цудоўная, але я не мужычка, каб цягацца ў цемры па лесе з чужым хлопцам.
— Ну вот цібе... не мужычка. А Соф’я вунь пайшла! І мы хадзем!
— Хай сабе пайшла, а я не хачу. З табой ці адна, а вярнуся.
— Ну давай над ракой прагуляемся, калі ў лес не хочаш. Сядзем на беразе, будзем зоркі на небе лічыць, шум вады слухаць і гаварыць аб нашым будучым шчасці. Пойдзем! Глядзі, Кася яшчэ там стаіць, на дарозе відаць усё.
Яны сышлі са сцежкі, кіруючыся наўскасяк да ракі, але праз пару дзясяткаў крокаў Каруся зноў спынілася.
— Не, у кусты не пайду, — рашуча сказала яна. — Зараз Зоська будзе вяртацца і, як не ўбачыць нас на дарозе, падумае брыдкае.
— А мы ёй тады з кустоў гэтак: ку-ку! Хадзем, нешта цікавае раскажу.
— Не, не пайду, — адмовілася яна, павагаўшыся. — Баюся я цябе. Можа, маніш ты, што твая маці — полька. Можа, ты чысты рускі ашуканец.
— Я ашуканец?! Хто табе сказаў такое?
— Казік сказаў.
— Казік? Ды я яму метрыку пакажу, пашпарт, ваенны білет, там чорным па белым... Я яму давяду, хто я. Ах, Госпадзі! Я — і ашуканец! Я, старшы унцер-ахвіцэр, узнагароджаны крыжам і медалямі! Я, каму казна даверыла столькі народу, такія работы! Ах, Каруська, каб жа ты бачыла, што ў маёй душы робіцца, ты б так не сказала! І каго мне ашукваць? Цябе, сіротку амаль, бутон маладзенькі? Красавіцу ненаглядную! Каруська! Ты крашэ царэўны! Ты архангел небесны! Ты русалка! Ты цветок араматны! Канфекта салодкая! — ён умела ліслівіў і залагоджваў, а сам тым часам прыціскаў яе да сябе ўсё мацней і зводзіў у патрэбным яму кірунку.
— Не цягні мяне сілай, а то закрычу! — усклікнула дзяўчына, уражаная ягонай настойлівасцю і нязвыклым тонам. — Пусці, Пеця! Я цябе баюся.
— Чаму, Каруська? Ты ж мая ўладычыца, я раб твой...
— Пусці! — сурова паўтарыла яна і рванулася, спрабуючы вызваліцца.
Адным скачком Косцік апынуўся побач з імі.
— Ты па якім праве дзеўку гвалтам у кусты цягнеш! — рыкнуў ён, хапаючы унтэра загрудкі.
Узводны пацягнуўся па рэвальвер, але як толькі выцягнуў яго з кабуры, Косцік імгненна вырваў яго ў вайскоўца з рук і цюкнуў таго барабанам па галаве. Узводны ўсхліпнуў і безжыццёва зваліўся на зямлю. Каруся з усіх ног пабегла да паляны, злякана лямантуючы:
— Ааааай! Б’юцца! Ратуйце, б’юцца!
Першым дабег сапёр, што гуляў з Касяю.
— Дзе б’юцца? — крыкнуў ён Косціку, які, ашаломлены здзейсненым злачынствам, аслупянела стаяў побач са сваёй ахвярай.
— Дзе ўзводны?
Косцік паказаў на кусты.
— Што?! Забіты?! Хто яго?! Госпадзі! Пётр Нікалаевіч! — нахіліўся над целам сапёр і пачаў тармасіць. — Пётр Нікалаевіч, што з вамі? Уставайце! Хто вас?
Тут падбеглі Казік, Стах і Аніхоўскі.
— Што ты нарабіў?! — крыкнуў Казік Косціку, які ўсё яшчэ стаяў нерухомы, як статуя. — І ціха дадаў: — Уцякай, пакуль можна.
Косцік маланкай скокнуў у хмызняк.
— Вады яму! — загадаў Казік. — Стаху! Вады ў шапку, хутчэй!
Расшпілілі форму, намачылі грудзі, улілі ў рот вады, расціснуўшы зубы шчэпкай, папырскалі ў твар — нічога.
Тым часам вакол збіраўся натоўп. Беглі з усіх бакоў сапёры, цывільныя, мужчыны, дзяўчаты, смалерчукі і рускія з суседніх буданоў. Пытанні, адказы, спачуванні, каманды і пагрозы перапляталіся паміж сабой:
— Чым ён яго стукнуў? Што за Косцік? Шворнам!.. Яшчэ вады! Пад палявы суд пойдзе. Калом ударыў. Узялі ўжо. Падводу, падводу падайце! На кавалкі яго без суду разарваць! Не ўцёк яшчэ лях пракляты. Госпадзі... такі салдацік, такі красавец...
Ужылі ўсе спосабы ратунку: мачылі, паілі, тармасілі, крычалі, калыхалі ў плашчы — усё марна. Урэшце падагналі падводу, паклалі на яе цела і паехалі ў Лошу. Два сапёры селі на воз, астатнія з малодшым унтэрам на чале і групай цывільных хлопцаў-ахвотнікаў пусціліся даганяць злачынца. Прачэсвалі кусты ўздоўж ракі, ланцугом праходзілі дуброву, шукалі сляды, свецячы ліхтарыкамі і запалкамі на акопны пясок і ваду. Больш за гадзіну цягаліся па ваколіцы, пакуль нарэшце нейкі хлопец з Убярэззя не паведаміў, што выразна чуў, як па Бярэзіне плыве чалавек. Унтэр паведаміў, што гэта Косцік, і адпусціў людзей адпачыць.
Смалерчукоў ахапіла трывога. Яны баяліся наступстваў таго, што ўчыніў іх зямляк і крэўны. Некаторыя прадказвалі масавыя арышты, штрафы, размеркаванне арцелі часткамі па мужыках і ўсялякія іншыя рэпрэсіі. Пачалі шукаць вінаватых, абражалі адно аднаго, усчалася гарачая сварка. Адны вінавацілі дзяўчат, што пацягнуліся за салдатамі ў гай, другія дзяўчат баранілі і нападалі на ініцыятараў вечарынкі і музычнага суправаджэння, трэція лаялі Яся і Казіка, што не папярэдзілі унтэра пра з’яўленне Косціка. Абурэнне ж самім Косцікам было бязмежнае.
— Баламут! Задзірака! Шаленец! — крычалі пра яго. — Што ён нарабіў? Такога зуха і дабрадзея на той свет без прычыны адправіў, сябе загубіў і на нас няшчасце наклікаў.
Віцік з Ромкам былі гатовыя супрацоўнічаць з паліцыяй у пошуках Косціка.
— Ён нас зганьбаваў, — казалі яны. — За дабро заплаціў злом чалавеку.
Карусі таксама дасталася. Ёй было жахліва шкада і жахліва сорамна.
— Чаго яна туды з салдатам пайшла? Што там рабіла? — пыталі людзі, падазрона гледзячы на яе. — Ну і свет настаў.
Ранкам прыехалі ўраднік са стражнікам, станавы прыстаў і ваенны следчы. Яны ўсебакова дапыталі Карусю, потым шэраг тых, хто першым прыбег на ратунак унтэру, і тых, хто з вечара мог размаўляць з Косцікам. Падчас агляду месца злачынства ў лазовым кусце знайшлі наган унтэра, цалкам зараджаны.
Нягледзячы на неабвержныя доказы таго, што забойства без чыйгосьці падбухторвання і саўдзелу ўчыніў з рэўнасці Косцік Васілеўскі, станавы сабраўся арыштаваць Карусю. Яму здавалася падазроным, што яна, стоячы побач з унтэрам, не бачыла, чым яго ўдарыў нападнік. Але смалерчукі пачалі благаць і закладаць галовы, што ён зможа дапытаць дзеўку ў любую хвіліну і ў любым месцы, і станавы перадумаў.
Следчыя з’ехалі, а сапёры апоўдні вывелі арцель на працу, не ўспамінаючы пра тое, што здарылася, і нікому не кажучы ліхога слова. Смалерчукі паволі пачалі супакойвацца. Падумалі было, што вышэйшае начальства будзе чапляцца, але афіцэраў з інспекцыі займала толькі дзяўчына, за якую ўзводны заплаціў галавой, і яны з усіх бакоў цікаўна аглядалі Карусю. А ўзводны, прысланы з Лошы замест Пятра Нікалаевіча на пасаду абходнага інструктара, свайго папярэдніка нават жорстка асудзіў. Размаўляючы з Алесем Пятроўскім пра здарэнне, ён сказаў:
— Дурак яшчэ той. Дома свая жонка-красавіца, а ён у кожным месцы новую нявесту сабе шукае.
— Дык у яго жонка ёсць?! — падскочыў Алесь.
— А якая красавіца, якая вумная! На пяці мовах гаворыць. Важная памешчыца.
— Вы землякі?
— Так, з Гомеля, ён мой сусед.
— Мабыць, і ён не з простых?
— Сын манапольшчыка і дзякавай дачкі. Жонка за яго рылам гожанькім пагналася, замуж выйшла насуперак волі бацькоў.
Пасля такіх звестак меркаванне смалерчукоў раптоўна схілілася на карысць Косціка.
— Калі праўда, што ўзводны такі ашуканец, — казаў кухар, найстарэйшы чалавек у грамадзе, калі Алесь падчас вячэры пераказаў яму словы новага унтэра, — то Косцік добра зрабіў, што яго, шэльму, цюкнуў.
— Добра, добра зрабіў, — падхапіў хор галасоў.
— Вы зірніце на яго, полькі яму захацелася! Але атрымаў сваё, сабака. Цяпер будзе папярэджанне для іншых кацапаў.
— Хочаце — верце, хочаце — не, але прызнаюся: калі б не Косцік, я б яго сам правучыў, — сказаў Паклацкі з Ямаў.
— Цяпер усё можна сказаць, але хто ведае, ці набраўся б ты такой, як ён, адвагі. Ну і зух гэты Косцік! Адпусці яму, Божа, грахі і спашлі лёгкі прысуд. А ты, дзеўка, калі яшчэ таго леснічонка ўбачыш, расцалаваць яго мусіш, што ён цябе ад згубы выбавіў, — гукнуў кухар Карусі, якая ад сораму не пайшла вячэраць і ляжала, з галавою зашыўшыся ў пасцель.
— Я яго таксама, як сустрэну, пацалую за гэта, хаця і не ведаю, чаму ён на мяне крыва глядзеў увесь час, — паведаміў Ромка, радуючыся, што ў яго цяпер на аднаго саперніка менш.
— Юда таксама, як Езуса прадаваў, спачатку пацалаваў яго, ага, — заўважыў Стах.
— Стаху, ты чаго вярзеш? — абурыўся Ромка.
— А таго, што ўчора ты гатовы быў яго выдаць, а сёння цалуеш.
— Выдаць? Я? Дай Божа маім братам і сёстрам тое, чаго я для Косціка цяпер хачу! Жартаваў я ўчора.
— Досыць, хлопцы, — умяшаўся Казік. — Косціку цяпер мала карысці ад вашых пацалункаў і зычлівых думак. Трэба яму справаю дапамагчы, не будзе ж ён вечна ў лесе сядзець. На прыход немцаў разлічваць не варта. Мы мусім дапамагчы яму апраўдацца перад законам, і гэта цалкам магчыма, бо ён не замардаваў чалавека дзеля рабунку, не застрэліў, не зарэзаў, а забіў ненаўмысна тым, што пад руку трапіла, падчас бойкі за дзяўчыну, што і сведкі паказалі. Трэба сабраць некалькі сотняў рублёў, падмазаць станавога і наняць адваката, каб навучыў Косціка, што гаварыць, і заапекаваўся б справай.
— Даю двухтыднёвы заробак, — сказаў Алесь.
— А я — трохтыднёвы, — ускочыў Картавы.
— І я... І я дам! — наперабой загаманілі ахвярадаўцы.
— Чакайце, хлопцы, чакайце, — перарваў Стах. — Яшчэ невядома, дзе ён цяпер, яго спачатку знайсці трэба.
— Знайсці няцяжка: калі ён сапраўды пераправіўся праз Бярэзіну, то пайшоў да сваякоў у Гарадчанскую воласць, а калі не — то ў пушчу ля дому свайго, — прыкінуў Казік.
— Зрабіце мне адпускны, я заўтра пайду і знайду яго!
— Пусціце мяне, браточкі! — запрасіўся Ромка. — Хачу давесці, што я яму не Юда. Пайду, адшукаю, скажу што трэба і ад сябе прабачэння папрашу. Мяне пусціце, браточкі! — маліў ён.
— Добра, пойдзеш ты, калі так моцна хочаш, — пагадзіліся Ясь і Казік.
Вырашыўшы так, назаўтра яны зрабілі Ромку адпускны ліст і паслалі ў Патоку, параіўшы сказаць старому Васілеўскаму, што калі ён ведае пра сына, то няхай прыйдзе да іх у акопы, а калі не ведае, хай шукае ў пушчы і па ўсіх сваяках і прыходзіць, калі адшукае.
Косцік рэчышчам ішоў на поўдзень, пакуль не натрапіў на старыцу. Берагі зараслі рагозам, трыснягом і чаратамі, а ў сярэдзіне на шырыню дзвюх хатаў разлілася вада. Хлопец усадзіў туды кій — бяздонная багна. Што ж рабіць?
Калі б хоць ноч цямнейшая была, ён затапіў бы тут боты і світку і пусціўся б уплынь, але месяц свеціць так, што і качка незаўважна не праплыве. Сядзець у чаратах, пакуль месяц сыдзе за бор, улічваючы набліжэнне крыкаў за спінай, таксама было рызыкоўна. Ён паслухаў, падумаў і рушыў наўдачу плаўнямі ўздоўж старыцы.
Калі яны скончыліся, ён быў ужо ў лесе, за тэрыторыяй акопаў. Заглыбіўшыся ў гушчар, Косцік лёг на зямлю і задумаўся.
— Куды цяпер ісці і што рабіць? — спытаў ён у самога сябе. — Ісці ў пушчу і сядзець там? Але колькі? Можа, немцы хутка прыйдуць ці вайна скончыцца, і тады агенты ў Амерыку вывезуць. А яна? Ці захоча са мной паехаць? Ці зможа думаць пра мяне без страху і асуджэння? Я ж забойца. Катаржнік... Вечны ізгой. На мяне цяпер да самай смерці людзі пальцамі будуць паказваць і ўцякаць як ад чумы, куды б я ні пайшоў. Я ж забойца.
І такая яго роспач ахапіла, такое прыгнечанне, што ён ужо быў гатовы вярнуцца і аддацца ў рукі правасуддзя.
Але раптам мільганула ратавальная думка.
— Не можа быць, каб ён ад аднаго ўдару скапыціўся. Напэўна ж толькі прытомнасць страціў. А калі і выпусціў дух, няўжо ж мяне можна прыраўняць да звычайнага бандыта і забойцы? Богам клянуся, не хацеў я яго забіваць. Вунь Гарчык мальца аднаго дрэвам прыгаварыў, — успомніў ён ненаўмыснае забойства ў ваколіцы, — але на яго ніхто пальцам не паказвае, ксёндз грахі адпускае і дзеўкі ідуць танчыць гэтак жа, як з іншымі.
Ён успомніў, як узводны хітрасцю да Быліны падлашчваўся, як цягнуў яе сілай, і зусім перастаў шкадаваць пра ўчыненае.
— Добра я зрабіў, так гадзіне і трэба, — сцвердзіў хлопец. — Шкада, што яшчэ раз не цюкнуў для пэўнасці. Вось жа недавярак!
Але праз хвіліну ён вярнуўся да рэальнасці:
— Толькі гэта ўсё ж забойства, і за яго давядзецца адказваць.
Ён думаў і то ўпадаў у адчай, то страшыўся, то зноў у чымсьці знаходзіў палёгку, а часам і палаў гневам. І пакуль ён так мучыўся сумненнямі, цемра парадзела, узвяшчаючы набліжэнне дня.
Косцік падняўся і лесам пайшоў у кірунку Смалярні. Але неўзабаве яму неадольна захацелася спаць — ён жа за дзве ночы вачэй ні разу не заплюшчыў. Таму хлопец зашыўся ў густы зараснік і заснуў мёртвым сном.
Калі прачнуўся, было цёмна. Ён не разумеў, ранак гэта ці вечар, не мог вызначыць, з якога боку прыйшоў, а ў які трэба ісці, таму вырашыў пачакаць, пакуль або зоркі на небе з’явяцца або развіднее, каб сарыентавацца і ўзяць слушны кірунак. Жывот ад голаду да хрыбта прысох, аж дыхаць было цяжка.
Урэшце ён зразумеў, што блізіцца ноч, разабраўся па зорках і пайшоў.
Неўзабаве напаткаў хутар, залез у гарод, нарваў ахапак бручкі, вынес у лес, наталіў голад і рушыў далей.
Назаўтра Косцік ужо быў у сваёй пушчы, але ў леснічоўку не пайшоў: баяўся казаць родным пра сваё злачынства, што несла ім турботы, сорам і ганьбу. Таму застаўся ў лесе, каб падумаць над сваім становішчам і знайсці словы сабе на абарону.
Ромка вярнуўся толькі на чацвёрты дзень, позна ўвечары. З першага погляду ўсе зразумелі, што навіны ён прынёс вельмі кепскія. Галава ў яго павісла, на бледным твары быў адчай, пад пахай — вялікі скрутак. Ледзь перастаўляючы ногі і ні з кім не вітаючыся, Ромка прайшоў да свайго месца ў будане, акуратна паклаў скрутак на зямлю і ўпаў побач, закрываючы твар рукамі, нібы збіраючыся заплакаць.
— Ромка! Што здарылася, Ромка? — пасыпаліся пытанні.
Аленскі хвіліну ляжаў нерухома, нібы звярталіся зусім не да яго, а потым падняў галаву і прамовіў:
— Вы што, яшчэ нічога не ведаеце?
— Нічога. Што здарылася? Дзеля Бога, кажы, кажы хутчэй! — нецярпліва прасілі смалерчукі.
— Няма больш нашага браточка, ні жывога, ні мёртвага. Ваўкі з’елі цалкам.
Людзі ашаломлена ўскрыкнулі.
— От што засталося ад нашага Косцічка, — сказаў Ромка, развязваючы скрутак. — Глядзіце.
А там рабрына і халява ад бота.
Убачыўшы чалавечую костку, дзяўчаты з віскам адскочылі, а хлопцы пачалі яе разглядаць і тыкаць палкамі, распытваючы Ромку пра падрабязнасці.
— Дзе ты гэта знайшоў? Як усё было? — запытаў Казік.
— Чакайце, дайце крыху адысці, а то жаль горла сціснуў, — Ромка некалькі разоў каўтнуў сліну, хваравіта моршчачыся і выцягваючы шыю, цяжка ўздыхнуў і пачаў расказваць: — Калі я ў іхную Патоку прыйшоў, там ужо былі жандары і ўраднік. Чакаў да самага вечара, пакуль з’едуць, а потым, дазнаўшыся, што Косцік у леснічоўку яшчэ не вярнуўся, расказаў старому Васілеўскаму ўсё, што трэба было, пераначаваў у Смалярні і пайшоў назад лесам, каб нагнаць час, страчаны ў леснічоўцы. Іду, значыць, мінаю Лапенкі, казённы лес і заходжу ў Кунцавіцкую пушчу. А мне насустрач — брычка з аб’ездчыкам і двума леснікамі, узброенымі дубальтоўкамі. Бачаць яны, што я адзін, з пустымі рукамі, пераглядаюцца між сабой, ківаюць, затрымліваюць брычку і кажуць мне:
«Табе што, таксама да Абрама на піва захацелася? Ці ты не ведаеш, што пазамінулаю ноччу ваўкі ў нашым лесе хлопца з’елі?»
Мне адразу ў галаву стукнула, што, пэўна, Косціка, ну я і пачаў пытацца.
«Якраз нашага хлопца, — кажу, — са Смалярні, ужо два дні дома няма, дык, можа, гэта яго? Як той выглядаў?»
«Як выглядаў, не ведаем, — адказваюць, — бо ад яго засталіся толькі ногі ў ботах і лахманы ад вопраткі».
«А якія боты, што за вопратка?» — пытаю.
«Боты стараватыя, з падноскамі, порткі даматканыя, у клетку, а світка чорная, зверху касматая».
— Гэта ён, Косцік! — закрычалі смалерчукі, а Ромка працягнуў:
— «Калі не баішся, — кажа аб’ездчык, то ідзі да Юркі лесніка, ён табе пакажа, што ёсць». Я спытаў дарогу і пайшоў. Ляснік гаворыць: усё, маўляў, так, боты стараватыя былі, порткі ў клетку, світка чорная і касматая, але лахманы я спаліў, а адным з ботаў падшыў сабе лапці. «А ногі дзе?» — пытаю. «Ногі, — кажа, — я на могілках у Кунцэвічах пахаваў, засталіся толькі халява і рабрына, якую я пазней знайшоў. Магу аддаць».
Смалерчукоў ахапіла прыгнечанасць. Ад думкі пра смерць на воўчых іклах у кожнага пайшлі па целе дрыжыкі, кожны бязмежна шкадаваў хлопца. Пачалі ўздыхаць, успамінаць, тужыць і нават плакаць.
— Бедны Косцік, — казалі яны, — столькі страху, столькі болю нацярпеўся. Такім маладым загінуў. Такі ўжо лёс, такое прызначэнне ў хлопца было. Нават пахавання людскага не даў яму Бог і касцям спачыну. Тут рабрына, там ногі, а астатняе цела дзікія звяры разам са смярдзючай падлай ператравілі і разнеслі па лесе паскудным чынам. А які хлопец быў, колькі дабра зрабіў людзям! Не было яшчэ на свеце такога, як ён.
Стах, Ганка Пятроўская і Быліна разрыдаліся ўголас.
Шмат дзён Косцік жыў у пушчы пустэльнікам, ніяк не могучы набрацца адвагі. Еў яблыкі дзічкі, картоплю, скрадзеную ноччу на полі, спаў у дуплах дрэваў і бураломах. Ён адчуваў усё большы страх перад наступствамі і ўсё больш падаў духам. Схуднеў, счарнеў, абтрапаўся, здзічэў хлопец.
Але аднойчы ўранку ён прачнуўся, высунуў галаву з зарасніку — а побач бацька сядзіць. Сядзіць, курыць люльку і глядзіць на яго, а ў вачах слёзы. Косцік вылез і моўчкі сеў насупраць, чакаючы, пакуль бацька загаворыць. Хвілінаў пяць яны глядзелі адзін на аднаго, не кажучы ні слова, а потым стары пачаў першы.
— Вось я дзіўлюся, — прамовіў ён, — ты ўжо такі дужы хлопец, а курыць яшчэ не ўмееш, нібы і не Васілеўскі зусім. Бяры, — кінуў ён сыну некалькі лістоў тытуню, — скруці цыгарку і запалі. Убачыш, адразу весялей зробіцца.
Косцік пачаў круціць, а стары, хвілю счакаўшы, працягнуў:
— Хлопча, чаму ты такі? Чаму ты мяне айчымам лічыш?
— Вы ж, мабыць, ужо ведаеце, што я... — асекся хлопец.
— Усё ведаю. Я тут бадзяюся, шукаю цябе, бядую па табе, галаву ламаю, а ты вось так. Навошта?
Косцік кінуўся цалаваць бацьку рукі.
— Татка! Я ж яго ненаўмысна, я яго зусім слаба стукнуў, а ён і паваліўся.
— Ды не пра тое я. Трэба табе было стукнуць — ты стукнуў, такое з кожным можа здарыцца, але чаго ты тут валэндаешся і мне не паказваешся?
— Баяўся я, татка, што вы мяне за гэта...
— Значыць, я для цябе не родны бацька, а нейкі суччын сын? Ты на сябе паглядзі, да каго ты падобны! Чорны, абтрапаны, босы.
— Падэшвы ў ботах паадставалі, дык я іх схаваў.
— Ды чорт з імі, з ботамі! Дзякуй Богу, сам жывы.
— Мяне ўжо шукаюць?
— Ураднік два разы прыязджаў, але што з таго.
— Ураднік? Значыць, той узводны памёр?
— Гэтага сказаць не магу, не ведаю. Ромка на мінулым тыдні прыходзіў, дык сказаў, што калі і выжыве, то ўсё адно здурнее, бо чэрап праламаны ў яго.
— Ромка Аленскі?
— Так. Ад усёй грамады прыйшоў мне сказаць, каб, калі знайду цябе, рушыў да іх у акопы. Паведаміў, што адваката нейкага важнага хочуць для цябе наняць.
— Не верце яму, татка, ён падступны. Мы з ім варагуем вельмі. От шэльма.
— Думаеш? Калі ты супраць, я не пайду. Самі рады дамо, не бойся.
— Можа, пакуль я тут, на фронце штось новае здарылася? Што ў газетах пішуць, што яўрэі кажуць?
— Нічога. Гавораць, фронт у Баранавічах так і стаіць.
— То якой рады вы, татка, хочаце шукаць, што рабіць збіраецеся?
— Паглядзім. Пакуль апранешся па-людску, абуешся, шалаш паставіш, возьмеш стрэльбу. Мы табе ежу будзем насіць, зажывеш як пан. А потым паглядзім.
— Не прасяджу я доўга ў лесе.
— Што, кепска табе?
— Кепска і сны паганыя сняцца, пра чарцей. Нібыта цягнуць мяне, вішчаць, зубамі ляскаюць, як тыя сабакі на паўдохлую клячу, хуткі пажытак чуючы. Вы, татка, ведаеце, што я не з баязлівых, але ўначы мяне цяпер часта такі страх ахоплівае, што месца сабе не знаходжу.
— Тады табе, хлопча, паспавядацца трэба.
— Ужо тыдзень тое самае думаю. От калі б можна было да Бабруйска дайсці і пабачыцца са знаёмым вікарыем, то мне больш нічога на свеце не трэба.
— Можа, знайду табе якога. Не бойся. З родным бацькам не згінеш. А цяпер уставай і пойдзем да Патокі. Трэба ж і маці сказаць, каб яна не тужыла. Мы ж думалі, што ты ўтапіўся або цябе ваўкі з’елі. Паскудна было...
Косцік у лесе пад ахоўнымі крыламі бацькі доўга не сядзеў. Праз тры дні, зманіўшы, што пойдзе, каб забіць час, да хроснага, які быў таксама лесніком (у магільнецкіх лясах за пятнаццаць вёрстаў адсюль), хлопец прыадзеўся трохі чысцей — у новую шапку, світку, крамныя штаны і старыя боты, — узяў добры запас ежы, тую самую сякеру за пояс і на досвітку рушыў на захад, каб паспрабаваць пераправіцца праз Бярэзіну. Кірунак ён узяў на даманскія лясы, за дзве вярсты на поўнач ад Лошы.
На змярканні ён стаяў ля іх межаў. Мясцовасці Косцік не ведаў, з вечара было надзвычай цёмна, таму спыніўся пераначаваць. Вогнішча вырашыў не распальваць, а лепш пашукаць якога бяспечнага схову. Агледзеўся, бачыць — стаіць дуб з подкурам. Залез туды, прыставіўшы сукаватую галіну, праспаў ноч і з усходам сонца рушыў далей.
Узвышша ішло роўнае, парослае рэдкім сасоннікам.
Праз колькі гадзінаў Косцік спаткаў чарнігаўскую арцель, якая майстравала бэлькі для зямлянак: пазнаў іх па доўгіх кажухах, нашмараваных алеем і сцягнутых ззаду ў фалды на манер спадніцы, — такія самыя насілі чарнігаўскія стальмахі, якія штогод прыходзілі ў смалярскую пушчу гнуць ясеневыя абады.
Прайсці незаўважаным між імі ў рэдкім лесе было немагчыма, таму Косцік трохі збочыў і зрабіў крук на вярсту ў бок поўначы — а там тыя самыя кажухі з фалдамі. Хлопец пайшоў далей на поўнач, упэўнены, што хутка лес будзе іншы.
Праз добрую вярсту дарога сапраўды пайшла ўніз, сасоннік змяніўся ельнікам, а потым і поймай з альхоўнікам, парослай высокай густой папараццю. Пасярэдзіне цёк ручай, нешырокі — месцамі можна было пераскочыць, але чысты і ў любым месцы як найменш да калена. Паколькі Косцік не ішоў наўпрост на захад, то вырашыў, што ручай прывядзе яго да Бярэзіны, і рушыў па яго цячэнні, хаваючыся ў папараці.
З абодвух бакоў поймы даносіліся адгалоскі работаў: спачатку рэха сякераў і грукат паваленых дрэваў, потым стукат колаў і рытмічны звон доўгіх пілаў, крактанне бэлек, як падчас зводу вуглоў, удары кірак, людскі гоман, ляскат рыдлёвак, зноў стукат колаў і гук забіваных цвікоў. Апошні даносіўся і спераду.
Косцік прайшоў яшчэ колькі стаяў і ўбачыў будаваную праз раку грэблю і масток праз ручай. Схаваўшыся ў папараці, пачакаў, пакуль работнікі не разыдуцца абедаць, потым падкраўся да самага мастка і пад ім перабег на іншы бок. Праз сотню крокаў ён убачыў абапал рачулкі загарадзі з завостраных калоў, але сама рачулка была вольная. За некалькі стаяў адсюль прасвечвала праз загарадзь поле.
Сэрца ў Косціка застукала хутчэй: цяпер ён ведаў, што рабіць. Пабег у бор, збоку ад месца, дзе працавалі, знайшоў тонкую сухую елачку, ссек яе, адцяў пяць кавалкаў, на сажань кожны, перанёс іх да ручая, звязаў лыкам у плыт і пачаў чакаць вечара, чытаючы Ружанец на шчаслівае падарожжа.
Калі добра сцямнела, ён сцягнуў плыт на ваду і паплыў, адпіхваючыся кіем. Плыў павольна, бо было цёмна, і плыт увесь час чапляў берагі. Косцік абапіраўся аб зямлю, каб не плюхала. Раз-пораз ён спыняўся і ўслухоўваўся ў глухую ноч. Спераду траскатаў рачны параход, часам чуліся людскія воклічы, а ззаду даносілася глухое, нібы з-пад зямлі, ваўчынае выццё.
Па меры набліжэння да грэблі ён плыў усё павольней і так ціха, як мог. Убачыўшы нарэшце белы масток, Косцік лёг на плыт плазам і паплыў па цячэнні. Зачапіўшыся за бераг, ён лёгка адпіхваў плыт рукой, крыху яго паскараў, і вада несла яго, нібы шматок дзёрну.
Да мастка заставалася не больш за дваццаць крокаў, калі з правага боку данесліся прыглушаныя галасы. Зусім блізка.
«Мабыць, ахова», — з трывогай падумаў ён.
Ён схапіўся за траву, падцягнуў плыт ушчыльную да берага, стаіў дыханне і прыслухаўся. Хвіліна цішыні — а потым зноў галасы і крокі. І раптам крык:
— Стой! Ні уйдзёш! Паймаю! Стой, гавару!
У Косціка аж душа зайшлася і кроў ударыла ў галаву. Ён маланкава ўскочыў на карачкі і сцяўся, гатовы да скачка.
Адразу ж пасля крыку па мастку ў левы бок нехта за кімсьці пагнаўся, і праз колькі секундаў выбухнуў вясёлы дзявочы смех.
— Ну што ? Гаварыў жа, паймаю, — прамовіў мужчынскі голас.
— Ды ні цісні ж ты так, чуіш! Ні лапай! Мікалай, каб ты праваліўся! Кажу, ні лапай дзе ні нада, а то ў зубы дам! — галасіла дзяўчына, але неяк задаволена ці што.
— Цьху, каб на вас халера! — Косцік плюнуў так, што аж вада плюхнула. — Іншага месца марцаваць не знайшлі, трэба на грэблю. Страху праз вас нацярпеўся. Ха-ха-ха, але ж і сучка! Патаскуха.
Дачакаўшыся, пакуль парачка знікне, ён зноў лёг на плыт, адпіхнуўся і рушыў далей.
Паўгадзіны плыт перасоўваўся з той самай чарапашынай хуткасцю, а потым наперадзе зашумела Бярэзіна. Косцік адчуў, як з душы падае стопудовы камень, асцярожна ўзяў кій, скіраваў плыт супраць цячэння і ціхенька зацягнуў «Маці Святую». Спяваў і час ад часу падымаў вочы да неба, усеянага, нібы макам, зоркамі, каб Маці звярнула на яго малітву больш пільную ўвагу. Калі скончыліся куплеты, якія Косцік ведаў на памяць, ён загаварыў да Божае Маці сваімі словамі і сваім голасам:
— Найсвяцейшая Марыя, прашу, давядзі мяне цэлым да бабруйскага вікарыя і намоў яго адпусціць мне грахі і парадзіць мне, каб я мог да ранейшага спакою вярнуцца. А лепей угавары Сына Твайго, каб Ён унцера — калі той не вельмі даўно памёр — ажывіў, як ажыўляў людзей, калі хадзіў па зямлі, і зняў з мяне правіну забойства. Ацалі яго зусім, Найсвяцейшая Маці, толькі, можа, пысу яму крыху скрыві ці зрабі лысым, каб за ім дзеўкі менш упадалі. А яшчэ хай так станецца, каб мяне вясной у войска разам з іншымі аднагодкамі забралі і каб я змог даслужыцца да чыну, вышэйшага за унцера, і здабыць каханне, дадому вярнуўшыся.
Плывучы ручаём, ён думаў пасля пераправы праз Бярэзіну разабраць плыт і схаваць лыка і бярвенне ў лесе, каб было на чым вяртацца назад. Але ў месцы, куды ён прыстаў, ляжала шырокае поле, засеянае жытам. Не захацеўшы траціць час на пошукі схову, ён загнаў плыт у глыбейшы выгін берага і прывязаў да кія.
— Як ніхто не знойдзе — добра, а калі сцягнуць, дык у найбліжэйшым лесе новы зраблю, — сказаў ён сам сабе. — А можа, і зусім не давядзецца вяртацца. Можа, да гарадчанскага дзядзькі махну.
І Косцік пайшоў, трымаючыся як найдалей ад ракі.
Ранкам ён быў у горадзе. Ішоў, нібыта, як кажуць, душы ў целе не было, амаль у кожным мінаку падазраючы заканспіраванага паліцыянта: яму здавалася, што ўсе глядзяць на яго.
Баючыся сустрэць у Хмары кагосьці знаёмага, ён не зайшоў у дом, а скіраваўся адразу да плябаніі.
Павярнуўшы на вуліцу Пушкіна, хлопец пачуў аднекуль збоку салдацкую песню. Ён так любіў глядзець, як спявае і маршыруе войска, што, не зважаючы на сваю трывогу, спыніўся паслухаць, гледзячы ў той бок.
Мелодыя была вельмі прыемная, натхняльная і нібыта... не салдацкая.
Праз паўхвіліны з-за рага пачаў выходзіць атрад пяхоты. Завярнуў да Косціка. Усе з вінтоўкамі.
Хлопец лічыў чацвёркі — агулам 35. За апошняй ён, на сваё здзіўленне, убачыў натоўп цывільных.
Атрад выраўняўся, і грымнула песня:
Выйшла пані піва піць, ой-ёй-ёй-ёй-ёй,
Ды няма каму наліць, ой-ёй-ёй-ёй-ёй,
Выйшла пані піва піць, ой-ёй-ёй-ёй-ёй!
Ашаломлены Косцік адступіў назад, не верачы вачам і вушам.
— Па-польску?.. Езусе... Мне сніцца ці я сапраўды чую?! Польскае войска? — шаптаў ён, упіўшыся позіркам у шыхт.
Боты, форма і вінтоўкі — як у звычайнай рускай пяхоты, але на галовах канфедэраткі, а на іх — польскія арлы. І словы з вуснаў — польскія. Твары маладыя, дзёрзкія, гордыя.
— Раўнуй! Раз, два, тры, раз, два, тры! — камандуе афіцэр. Сто сорак ботаў чаканяць як адзін, як адзін калышуцца сто сорак штыхоў. Рыхтык шчотка.
Вось ідзе жаўнер благі, ой-ёй-ёй-ёй-ёй,
Няма ў яго рукі і нагі, ой-ёй-ёй-ёй-ёй!..
Ззаду бег натоўп мясцовых палякаў — душаў сто. Некаторыя, каб засведчыць легіянерам пашану, знялі шапкі, а многія асабліва ўражлівыя плакалі ад узрушэння.
— Дачакаліся! — казалі яны. — Сваіх, польскіх, жаўнераў. Па-польску спяваюць! Не «тры», а «тшы» кажуць! Слухайце, людцы родныя, слухайце!
Косцік таксама зняў шапку і далучыўся да натоўпу.
Ясь доўга пераварочваў палкай костку, вывучаў уласныя рэбры, засунуўшы руку пад кашулю, думаў, параўноўваў і ўрэшце сказаў:
— Ведаеце што, мне здаецца, рабрына не чалавечая.
— Якую далі, такую і прынёс, што мне сказалі — тое вам перадаў, а вы разбірайцеся як хочаце! — гнеўна выкрыкнуў Ромка.
— І мне здаецца, што звярыная, — уставіў Казік.
— Значыць, я выдумляю?! Я, значыць, гадзіна?! — абурыўся Аленскі.
— Гэта мы высветлім заўтра. Пакажам костку фельчару, ён пазнае.
Казік забраў рабрыну з халявай і схаваў у сябе ва ўзгалоўі.
Але назаўтра, калі ён падняўся і сабраўся да фельчара, то знайшоў толькі халяву. Ператрэслі лісце і сена да драбніцы — няма косткі. Ніхто не сумняваўся, што забраў яе Ромка і што гісторыю пра з’ядзенне Косціка ваўкамі ён узяў са сваёй галавы, хоць і адпіраўся і кляўся ўсімі святымі.
Але праз тры дні адведаць дачок прыехаў стары Пятроўскі і пацвердзіў, што хлопца ў кунцавіцкіх лясах сапраўды зжэрлі і што Косціка ў ваколіцах Смалярні сапраўды няма.
— Бацька штодня па лесе бегае, ды і мы са Смалярні ўжо хадзілі — ні слыху ні прослыху, — паведаміў ён.
Яшчэ праз пяць дзён прыехаў Кантычка і сказаў тое самае. Увесь наступны тыдзень з леснічоўкі ніхто не з’явіўся, і Казік вырашыў схадзіць сам.
Вечарам, напярэдадні запланаванага паходу, прыехаў стары Здановіч, якога тут жа засыпалі пытаннямі пра Косціка.
— Што ваўкі з’елі — няпраўда, — адказаў той. — Але дзе ён цягаецца — ні бацька ягоны, ні мы, ні хтось у Смалярні не ведае.
Расказаўшы засумавалым па засценку смалерчукам колькі дробных навінаў, ён стаў ля падводы, дзе Казік запрагаў каня, і шапнуў яму:
— Давай адыдзем крыху ўбок, у мяне для цябе сакрэт важны ёсць.
— Добра, хадзем да ракі, — прапанаваў унук.
Яны ўселіся ля вады. Дзед агледзеўся і сказаў:
— Учора прыязджаў Нахім, бабруйскі старызнік, і прывёз мне ліст. Распячатаў я — а там яшчэ адзін, табе адрасаваны, а мне — цыдулка, каб табе як найхутчэй і ў самай строгай таямніцы перадаў.
— Ад Косціка?!
— Мне здаецца, так, — адказаў стары, шматзначна ўсміхаючыся. — Бяры вось, — дастаў ён з-за пазухі канверт, моцна заклеены мукою.
Казік нецярпліва разарваў яго і пачаў чытаць.
У мяне вельмі радасная навіна: у Бабруйску з’явілася польскае войска. Каманды аддаюць па-польску і белыя арлы на шапках. Аказваецца, газеты не манілі, калі пісалі пра польскія легіёны. Яны кажуць, што Польшча з вайны мусіць выйсці Польшчай, што б там ні здарылася. Братка! Калі б ты пабачыў гэтае ладнае войска, як яны прыгожа ідуць і спяваюць па-польску, ты б не вытрымаў! Хлопцы здаровыя, смелыя, вучоныя і абыходлівыя. Пераважна з Польскага Каралеўства, але шмат хто і з літоўскіх і беларускіх губерняў, нават з нашых надбярэзінскіх ваколіц ужо некалькі ёсць, бо ўсіх бяруць, калі ёсць поўных 18 гадоў і не калека. Калі б столькі нашых акопы не капала, было б іх тут нашмат болей. Стаська Шалабод, ваш сваяк, з акопаў ля Даманава ўцёк і ўступіў. Я, можна сказаць, таксама ўжо легіянер, толькі не ў Бабруйску буду, бо тут мяне паліцыя можа высачыць і забраць праз таго унцера.
Дзякуючы табе, братка, мяне гэтае шчасце напаткала, бо калі б ты не сказаў мне тады ўцякаць, гніў бы я цяпер у цюрме, як людарэз які. Дзякую табе за гэта і прашу: глядзі там Карусю. Калі раптам знойдзецца яшчэ які хітры салдат ці той унцер ажыве і зноў да яе палезе, калі ласка, адашлі яе дадому, як тады збіраўся, а я, як вярнуся, табе за гэта аддзячу. Толькі Богам прашу, не кажы нікому, што на маю просьбу гэта робіш і нават што ліст ад мяне атрымаў. Там у вас такія хлопцы ёсць, што гатовыя мяне ў лыжцы вады патапіць, і калі даведаюцца, дзе я, хутка паліцыі данясуць. Можаш сказаць, што ліст во гэты пра легіёны — ад Стаські Шалабода, ён жа крэўнік ваш. Толькі Стаху Балашэвічу ад мяне пакланіся і ўсё раскажы, але загадай нічога нікому не казаць, і яшчэ татку майму, бо апроч цябе і твайго дзеда, я адно ім двум і давяраю. Будзь здаровы.
Твой вечны сябрук і служка,
Косцік.
— Ну што ? Дзе ён? Што піша? — нецярпліва спытаў стары Здановіч, які па дрыжанні ўнукавых рук і паяснелым твары зразумеў, што навіны незвычайныя.
— У легіёны ўступіў. У Бабруйску з’явілася польскае войска.
— Войска? Польскае?! — уразіўся стары. — Што ты вярзеш?
Казік прачытаў яму ўвесь ліст уголас, апусціўшы толькі просьбу наконт Карусі.
Вочы старога напоўніліся слязьмі, вусны задрыжалі і скрывіліся, як у расстроенага дзіцяці.
— Па-польску спяваюць, — шаптаў ён. — Польшча Польшчай будзе... Не можа гэтага быць! Мабыць, выйдзе так, як з тым маніфестам. Не, не веру. Божа мой, — падняў ён вочы да неба, — дай мне яшчэ пажыць.
— Ведаеце што, дзядуля, — уставіў Казік, — я таксама ў легіёны пайду.
— Ты — у легіёны?! — ускрыкнуў дзед. — Хочаш мяне, старога, кінуць і маці сваю?!
У яго голасе былі чуваць ашаломленасць і трывога, але з вачэй біла бязмежная радасць.
— Калі хочаш, то ідзі сабе, дазваляю, — скочыў ён, перш чым Казік змог хаця б слова вымавіць: відавочна баяўся, што ўнук перадумае. — Ідзі, дзіцятка, калі хочаш, — паўтарыў ён. — Мы з маці з гаспадаркай справімся. Не бойся, гадоў мне шмат, але я яшчэ моцны. Ідзі, хай цябе Бог бароніць і здаровым дадому прывядзе.
Казік пацалаваў дзеду руку.
— Дзякуй, дзеда, — сказаў ён. — А цяпер пойдзем, астатніх пацешым. Думаю, Косціку не нашкодзіць, калі мы пра легіёны раскажам так, як ён у лісце навучыў.
— Не нашкодзіць. А як той салдат? — спытаў стары, падымаючыся. — Не памёр?
— Здаецца, жывы яшчэ.
Смалерчукі нецярпліва чакалі Здановіча, прагнучы даведацца крыху больш пра тое, што ў іх дамах дзеецца. Кухары ўжо зрабілі госцю гарбаты і прыцягнулі пшанічных булак.
— Мабыць, сакрэты ў вас вельмі важныя, дзядзька, што столькі часу прагаварылі, ад усіх схаваўшыся? — запытаў Трызна.
— Так, дзеткі, сакрэты, важныя сакрэты ў нас. Зараз апавяду — дык не адзін з вас падскочыць. Казік, скажы ім ужо.
— Хадзіце ўсе сюды! — закрычаў Казік, стаўшы пасярэдзіне будана.
За чвэрць хвіліны ля яго сабралася ўся арцель.
— Я атрымаў ліст ад Стаські Шалабода, майго сваяка і прыяцеля, — загаварыў Казік, рвучы Косцікаў ліст і кідаючы яго ў агонь, — дзе гаворыцца, што ў Бабруйску з’явілася польскае войска — сапраўднае, з польскім камандаваннем і адзнакамі. Ёсць пэўнасць, што Польшча вольная будзе.
Калі б ён сказаў, што вайна скончылася і можна вяртацца дамоў, яны не ўсцешыліся б так, як гэтай навіне. На некалькі секундаў запанавала такая ціша, што было чуваць трапятанне асобных лістоў на дубах, а потым выбухнулі крыкі радасці, здзіўлення, пасыпаліся пытанні.
Казік суцішыў шум і працягнуў:
— Стаська Шалабод піша таксама, што ім трэба больш добраахвотнікаў і што тутэйшыя палякі адзін за адным бягуць з акопаў і ўступаюць у легіёны. Кажучы між намі, ён так і зрабіў. Я таксама іду заўтра ранкам.
— Я з табой, — сказаў Ясь Ладан.
— І я з вамі, — далучыўся Болік Вінярскі.
— І я! Я таксама! І я!
Гатоўнасць пайсці ў польскае войска выказалі амаль усе хлопцы ў будане.
— Толькі не ўсе і не разам, — абарваў Казік. — Па-першае, прымаюць толькі з васямнаццаці гадоў і тых, хто з выгляду здаровы. Нам, поўнагадовым, таксама разам ісці нельга, бо арцель рэзка парадзее, і за намі могуць пусціць пагоню, а яшчэ вялікай групай мы не зможам дабрацца да Бабруйска. Варта ісці партыямі чалавекі па тры, самае большае па чатыры.
Параіўшыся, яны вырашылі, што першымі пойдуць Казік, Ясь і Картавы. Новымі старастамі выбралі Сцяпуру і Алеся.
Энтузіязм і шчасце былі бязмежныя. Амаль да поўначы будан поўніўся вясёлымі размовамі і воклічамі.
Тым часам Казік паклікаў Стаха на падворак і пераказаў яму Косцікаў ліст. Стах аж падскочыў ад радасці.
— Во зух! Во ўдалец! Якая адвага, шчасце якое! — паўтараў ён. — Гэта ж трэба, саперніку адпомсціў, пакарання ўнік і ў людзі выбіўся. Я так рады, што стрымацца не магу. А той шэльма прасіў Пана Бога, каб Косціка ваўкі з’елі! Лотр які.
— Гэта Аленскі праз Быліну такое выдумаў, — заўважыў Казік.
— Зразумела, што праз яе. Думаў, што калі яна паверыць у Косцікаву смерць, дык да яго ласкавейшая будзе. Ты не бачыў, ён гэтымі днямі за ёй не цягаўся? Хоць ты ідзі і рыла яму чысці. Але Косцік хват, сапраўдны хват, Бог сведка. Зайздрошчу я табе, што ў легіёны ідзеш. А нам, халера, у зямлі капацца тут разам з бабамі.
— Калі хочаш і адвагі набярэшся, магу табе на колькі дзён больш годную працу прапанаваць.
— Гэта якую працу?
— Вельмі мне хочацца, каб шмат хлопцаў з нашага надбярэзінскага краю пайшло ў легіёны. Тут вышэй па рацэ многа каго са шляхецкай грамады ёсць, і простых палякаў таксама, сярод якіх знайшліся б добраахвотнікі, калі б ведалі, што войска ў Бабруйску стаіць і туды ўступаць можна. Ты б здолеў ім гэта паведаміць? Хаця б на дзесяць вёрстаў вакол.
— Калі я не здолею, хто ж тады здолее! Іду!
Раніцай Ясь паведаміў, што застанецца да наступных партый — расказаць Сцяпуру пра абавязкі старасты і падкупіць пісара з Лошы, каб той іх у вышук не абвяшчаў.
— Калі толькі дзеля гэтага, то ідзі, разбяромся мы з Алесем, — зазначыў Сцяпура.
— Яшчэ невядома, ці прызнаюць вас, дзядзька, за старасту, — заўважыў Ясь.
— А чаго ж не прызнаць, — сказаў Казік. — Калі ўсе чалавека хочуць, калі пісаць умее, значыць, прызнаюць. Хадзем са мной, братка, разам весялей будзе. Мы ж з дзяцінства ўсюды ўдвух ходзім.
— Не, Казічак, у першай партыі не пайду, — рашуча адмовіўся Ладан, крыху падумаўшы.
— Ну, не хочаш — сілай не пацягну.
Замест Яся ўзялі Боліка Вінярскага, адправілі старога Здановіча дадому, перадаўшы вітанні сваякам, і папаўдні зазбіраліся ў дарогу. Папрасілі трохдзённы адпачынак, сказаўшы, што хочуць сем’і адведаць, упарадкавалі адзенне, запасліся харчамі і на захадзе сонца, пераправіўшыся праз Бярэзіну на чоўне перавозчыка, пайшлі.
Назаўтра ў той самы час Стах рушыў уверх па рацэ расказваць пра легіёны іншым польскім грамадам. Першаю ён выбраў арцель жардзянскай шляхты, што размясцілася за чатыры вярсты ад іх на іншым баку Лошы.
Хлопец вельмі радаваўся даверанай яму місіі. Ён ішоў і думаў, якімі б гэта словамі шляхціцам сэрца крануць, выклікаць найбольшую радасць, запаліць імпэтам да адраджэння Польшчы і да як мага больш масавага ўступлення ў шэрагі легіянераў заахвоціць.
Па дарозе не сустракалася ні звяроў, ні стражнікаў, бо рабочыя буданы ўжо стаялі шчыльна, а вайсковыя пастарункі, пакліканыя не дапускаць шпіянажу і ўцёкаў працаўнікоў, трапляліся толькі на правым беразе Бярэзіны далёка ў тыле — за некалькі вёрстаў ад акопаў, ды і тое зрэдку, пераважна на дарогах і ўзгор’ях.
Калі Стах прыйшоў у Лошу, ужо сцямнела. Разам з цемрай неба зацягнулася хмарамі, і зрабілася халодна. Хлопец удакладніў у Лошы дарогу і пайшоў далей. У незнаёмай мясцовасці яго ахапіў страх. Паветра прыносіла чужы, дзікі пах, лес злавесна мармытаў нешта. Яшчэ праз некалькі вёрстаў Стах пашкадаваў, што не паклікаў з сабою Карапузю. «Два — усё ж не адзін, — думаў ён, — а Карапузя пайшоў бы, калі б папрасілі. Эх, хоць ты вяртайся па яго, але ж сорамна».
Ён ішоў далей, гледзячы на буданы, якія то тут, то там усё яшчэ свяціліся агнямі з правага боку, і ад гэтага відовішча крыху смялеў.
Адолеўшы добрую вярсту, ён збочыў да аднаго з буданоў запытацца пра жардзянскую арцель, бо ў такой цемры мог вельмі лёгка прапусціць лукавіну ракі, пра якую яму сказалі ў Лошы.
Там былі толькі яўрэі, што акурат заўзята спрачаліся пра нешта, напаўняючы будан аглушальным галасам. Стах ледзь здолеў дабіцца ад аднаго, што жардзянцы тут зусім недалёка.
Хлопец прамінуў некалькі буданоў, зноў зайшоў у нейкі і па адзенні і польскай мове (а гэта не заўсёды сустракаецца нават у шляхецкіх засценках) зразумеў, што на месцы.
Арцель была невялікая — чалавек пяцьдзясят, у асноўным мужчыны.
— Гэта польская грамада? — спытаў Стах.
— Польская, польская, — адказала некалькі галасоў.
— Можа, і шляхта яшчэ?
— О, яшчэ якая! — усклікнуў мажны пан з валасамі, прыцярушанымі сівізной, — стараста арцелі, як выявілася пазней.
— То хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус.
— На вякі вякоў, — хорам адказалі палякі, а стараста запытаў:
— З кім маем прыемнасць размаўляць?
— А тут усе свае?
— Усе.
— Я — таемны пасланец ад польскага войска, якое з’явілася ў Бабруйску, — сцішыўшы голас, паведаміў Стах.
Шляхта ўскочыла на ногі і ліхаманкава закідала Стаха дзясяткамі пытанняў.
— Ціха! Як яўрэі! — абсек іх стараста. — Хай вашаць раскажа ўсё падрабязна і для ўсіх разам, — звярнуўся ён да хлопца.
— Мяне польскае войска ў Бабруйску прыслала таемна да палякаў, што ў акопах працуюць, наказаўшы, каб тыя, каму ўжо васямнаццаць ёсць, хто свой і не калека, уцякалі да іх і ўступалі добраахвотнікамі.
— Я выбачаюся, пане. Войска афіцыйнае? Дазволенае? Можа, тое нейкія...
— Афіцыйнае, дазволенае царскім дзядзькам Мікалаем Мікалаевічам. А якое войска, каб жа вы толькі бачылі! Царскай гвардыі да яго ой як далёка. Форма навюткая, толькі з-пад іголкі, на шапках польскія арлы і белыя кутасы, на грудзях гузікі пазалочаныя і ланцужкі срэбныя, нагавіцы з чырвонымі лампасамі, боты ва ўсіх хромавыя, на ўвесь квартал адсвечваюць. Каб жа вы бачылі!
— Калі вашаць кажа, што войска дазволенае, то чаму ў яго трэба ўцякаць? — распытваў недаверлівы шляхціц.
— А таму, пане, што дзядзька з пляменнікам як каты ў мяху сябруюць. Мікалаевіч дазвол на польскае войска выдаў, а цар, каб яму насаліць, сказаў, што мабілізацыі абвяшчаць не будзе. А дзядзька яму на гэта: ды я добраахвотнікаў знайду і без тваёй мабілізацыі абыдуся. Дык і ідуць жа добраахвотнікі! Як мурашкі перад дажджом, сцякаюцца з усіх бакоў у Бабруйск. Вунь ужо Стась Шалабод з акопаў уцёк, ён з грынчанаў, а са смалерчукоў — Казік Здановіч, Картавы, Болік Вінярскі і шмат-шмат іншых, якіх і не згадаю ўжо. Па дарозе трэба толькі сцерагчыся, каб як уцекача не затрымалі, але таго, хто запішацца ў легіёны, ужо не маюць права чапаць.
— Па-мойму, з гэтага вялікі бунт можа выбухнуць.
— Бунт? Ой, пане, дык калі Польшчу па-добраму не вызваляць, будзе бунт, а як жа. А што, нам, шляхціцам, бунт нязвыклы? Ці, можа, вы несапраўдная шляхта, раз бунту баіцеся?
Шляхта загула, як гняздо шэршняў, калі ў яго знянацку кій засунуць.
— Ды як толькі ў вашаці язык павярнуўся сказаць такое! Мы ганаровая шляхта! У нас яшчэ мячы старажытныя дома ёсць! Ды мы першыя ў любым бунце!
— Так-так, панове, — пад’юджваў Стах. — Калі нас да вясны, а самае позняе да другой восені не аддзеляць, бунт будзе! Досыць, насядзеліся ўжо пад маскалямі! Дастаткова шапак паздымалі перад кудлатымі кацапамі! Дастаткова нацярпеліся ўсякага!
— Так, досыць ужо, досыць! — туравала яму грамада. — Усе ў Бабруйск пойдзем! А як Польшчу не аддзеляць, першыя бунт падымем!
Іх запал і імпэт былі ледзь не большыя, чым у смалярскай арцелі.
Амаль суткі Стах гасцяваў у жардзянцаў, апісваючы ім будучую Польшчу так, як яе ўяўляў, усхваляючы легіёны, якіх сам яшчэ не бачыў, расказваючы, як лепей да іх трапіць, што казаць, калі па дарозе затрымаюць, і куды ісці запісвацца.
На змярканні чацвёра хлопцаў рушылі ў Бабруйск, а Стах выправіўся да арцелі з вёскі Вежгайлова — паводле аповедаў шляхты, самай вялікай і патрыятычнай польскай грамады ў межах наступных шасці вёрстаў уверх па Бярэзіне. Стараста пагадзіўся быць яго правадніком аж палову шляху.
Надвор’е, з учора халоднае і хмарнае, сапсавалася яшчэ больш. З поўначы дзьмуў рэзкі ледзяны вецер, час ад часу сек дробны дождж і падаў снег. Рачныя хвалі былі вышынёй з добры пракос. Лясы поўніліся жаласнымі стогнамі і страхам. Калі ў небе праплывалі дажджавыя хмары, цемра на дарозе рабілася проста пякельнай.
Пейзаж доўгі час быў такі ж, як перад Лошай: дубровы і паляны. Але потым пайшоў суцэльны лес. Сцяжына ў ім бегла зігзагам — і да ракі, і ўздоўж яе. Калі лес урэшце скончыўся, праваднік спыніўся і ўзяўся тлумачыць дарогу:
— Гэты луг цягнецца дзве з гакам вярсты. Калі ён скончыцца, вашаць убачыць рэчку, што ўпадае ў Бярозу, шырынёй з хату, а то і болей. Вось гэтая дарога вядзе ўброд, а каб перайсці пехам, трэба знайсці часаную кладку за некалькі дзясяткаў крокаў уверх па рацэ. Масток таксама ёсць, але далёка ўгары, амаль па той бок акопаў і загародаў. Пасля пераправы луг рэзка скончыцца, і пачнецца дубовая просека. На адным яе баку будзе будан старавераў, а на другім, самае большае за паўвярсты ад іх, — вежгайлоўцаў. Я б вашаць да месца давёў, але хачу вярнуцца да таго, як нашыя хлопцы пойдуць.
— А да ракі буданоў не будзе? — спытаў Стах.
— Не, тут работнікі жывуць за акопамі, далёка ад гэтай дарогі. Не заблукаеце, нават калі захочаце.
Яны развіталіся і разышліся кожны ў свой бок.
«Я і не ведаў зусім, што такі спрытны, — думаў дарогаю Стах, — і што так лёгка ўсё атрымаецца. Паверылі, хоць я ні войска таго не бачыў, нічога. Аказваецца, я калі захачу, то і мудраца ў лапці абую. А калі б я ім прызнаўся, што са Смалярні, не напрыдумляў, не пахваліўся, невядома, ці пайшлі б яны адразу. А Казік сумняваўся... Цікава, што б ён сказаў, калі б пачуў мой са шляхтаю дыспут? Можа, морду набіў бы за ману. Ой, добра ідзецца. Праз гадзіну ўжо вежгайлоўцаў гэтых на ногі падыму. А заўтра пайду далей. Павандрую, аж за Барысаў сягну, падыму ўвесь польскі надбярэзінскі народ, тысячы ахвотнікаў у Бабруйск адпраўлю. Хай здзіўляюцца».
На шырокім полі непагода дакучала хлопцу яшчэ больш. Дажджавыя струмені білі так моцна, што раз-пораз даводзілася паварочвацца да ветру бокам. Працінала да касцей.
Абшар быў роўны, як стэп, пад нагамі — цвёрдая зямля.
Дзве абяцаныя вярсты давялося цягнуцца па брыдкай слаце, але ўрэшце пачаўся спуск, і пад нагамі памякчэла. Па баках з’явіліся лазовыя кусты. Стах сышоў на траву, бо ногі пачалі гразнуць. А трава была амаль да кален.
Праз хвіліну хлопец апынуўся ля рэчкі. Не спыняючыся, павярнуў направа, каб адшукаць кладку, але яе штосьці не было відаць. Нізінная мясцовасць у шуме рэк, выцці вятроў і цемры здавалася вельмі небяспечнай. Найбольш палохалі лазовыя кусты, што чарнелі на ўсім лузе.
Ён ішоў далей уверх па рацэ і баязліва страляў вачыма па баках. Аднойчы заўважыў, што нейкі з кустоў варухнуўся. Стах спыніўся і прыгледзеўся: сапраўды варушыцца. «Што гэта за ліха? — здзівіўся хлопец. — Можа, конь?»
Пераадолеўшы страх, ён збочыў да куста, каб паглядзець, што ж там такое. І гэта сапраўды пасвіўся конь, а далей — другі і трэці. Стах быў уздыхнуў з палёгкай, але, абярнуўшыся на рэчку, заўважыў, як нехта нізкі перабягае ад аднаго куста да другога: ці то авечка, ці то сабака, ці то воўк. Ад згадкі пра ваўка па целе пайшлі дрыжыкі.
«Я хоць і спрытны, а смелы не вельмі», — прызнаўся ён сабе і прыспешыўся, не азіраючыся і прагнучы як найхутчэй пераправіцца праз раку. А кладкі ўсё не было. Дайшоў аж да загародаў — нічога.
«Ды што ж такое, — занепакоіўся Стах. — Няўжо прапусціў? Можа, кладка злева, а той шляхціц пераблытаў? Ці гэта я недачуў...»
Ён хацеў было пайсці далей, аж на мост, але калы з загароды сыходзілі глыбока пад ваду, а на лузе дзіркі ў іх не было.
«Нічога не зробіш, трэба яшчэ раз перайсці», — вырашыў ён, хоць вяртацца не хацелася страшна.
Ідучы назад, хлопец уважліва прыглядаўся да рэчкі, а думкі круціліся вакол загадкавага ценю. Што ж гэта магло быць? Калі б воўк, коні б так спакойна не пасвіліся — яны здалёк небяспеку чуюць. Тады што?
«Авечка? І адкуль ёй тут узяцца? Жарабя? Так, хутчэй за ўсё, яно. Дакладна, малое жарабя, — радасна пастанавіў ён. — І як я адразу не здагадаўся?»
Ён ужо дайшоў да самай Бярэзіны, а кладкі як не было, так і няма.
«Ды што ж за халера! — раззлаваўся Стах. — Вадой яе знесла ці як? Ну і што цяпер рабіць? — думаў ён, мераючы рэчку вачыма. — Калі б не такі холад, перайшоў бы ўброд, а так што? Нічога не застаецца, як шукаць дзірку ў загародзе і ісці на мост... А што, калі каняку злавіць і пераехаць? — мільганула думка. — Бог сведка, добры спосаб! Пераеду і паганю назад, хай сабе зноў пасецца».
Доўга не думаючы, ён рушыў нацянькі туды, дзе бачыў коней, заўважыў адразу трох і скіраваўся да найбліжэйшага. Калі наблізіўся на адлегласць дзесяці крокаў, конь падняў галаву і ціха заіржаў, нібы на авёс. Жарабец быў — толькі трымайся.
— Косю, косю, — ласкава паклікаў Стах, патрапаў жывёліну па шыі, пагладзіў па пысе і прысеў, развязваючы вераўчанае пута. — Вось дык конь! — дзівіўся ён. — І як такога яшчэ ў кавалерыю не забралі. Такі конь нават уланам быў бы добры. Улану ў каравул, ага, як у песні: «Там улан у каравуле, а дзяўчына як маліна...» Хто ведае, можа, давядзецца яму як-небудзь у польскім каравуле стаяць... А можа, і пада мною, у добры час будзь сказана», — дадаў хлопец.
Ззаду зашаргаталі хуткія крокі. Стах павярнуў галаву, каб паглядзець, і ў тое ж імгненне яму нібыта перуном па галаве ляснула. У вушах зашумела, зазвінела і затрашчала, у вачах бліснулі іскры з маланкамі, а потым яго захапіў вір густой цемры, закруціў усё хутчэй, разросся, запаланіў усё і панёс у бяздонную прорву.
Апрытомнеўшы, Стах убачыў, што ляжыць ніцма, а над ім, схіліўшыся, колам стаяць чужыя людзі. Валасы ва ўсіх былі па-старасвецку доўгія, нібы конскія грывы, ва ўсіх, апроч юнакоў, — густыя рудаватыя бароды. Ля ног Стаха хлопец гадоў пятнаццаці свяціў ахапкам запаленай саломы.
Стах не мог зразумець, што здарылася і як ён трапіў да гэтых старавераў. Цела праціналі агідныя дрыжыкі, увушшу млынавы спуск шумеў. Паглядзеў у адзін бок — за спінамі людзей гарыць агонь, у другі — там сценка будана.
— Жыў ерацік, жыў, паганый! — загаманілі стараверы, заўважыўшы, што Стах паварушыў галавой.
— Грышка! — скрыпучым голасам крыкнуў адзін са старых барадачоў з узараным воспай тварам. — Ану дай яму яшчэ вядзерка!
Ззаду высунуўся юнак з вядром вады і лінуў яго цалкам Стаху на грудзі і галаву.
Ад жахлівага холаду хлопец падняў рукі да твару і, абтросшы ваду, ад якой займала дых, штосілы шалёна завыў.
— Ха-ха, воеш, дзіавал! — рыкнуў васпаваты. — Рычыш, бес касманогай! Сечас мы цебя научым, вор канячый, мы цебя...
Словы пра каня адразу нагадалі Стаху пра клопат з пераправай і няшчасны выпадак з тымі коньмі.
«Божа, ды мяне ж як канакрада схапілі! — прастагнаў ён у думках, адразу зразумеўшы, чаму ён у гэтым будане і якая небяспека яму пагражае. — Сын Балашэвіча — канакрад! Каб жа пад зямлю праваліцца...»
— Гавары, ерацік, хто ты такой, — запатрабаваў той самы барадач.
— Людзі мілыя, не хацеў я вашага каня красці, — жаласна пачаў тлумачыць Стах. — Я хацеў толькі рэчку на ім пераехаць і назад адпусціць. Кладкі знайсці не мог.
— Рэчку толькі пераехаць? А чаму ж ты тады, бес касманогай, не ўзяў Яфімавага старага каняжку, а выбраў майго лучшага жарабца? Гавары, хто такой і хто твае падзельнікі, не верым, што ты адзін такую работу робіш!
— Дзядзечка, я Хрыстовымі ранамі клянуся, што толькі пераехаць хацеў на вашым кані! Ні бацька мой, ні дзед ніколі такім не займаліся.
— Як усыпем цебе дваццаць пяць — не такое запаёш.
Хлопцы сцягнулі са Стаха світку, перавярнулі яго на жывот і выканалі загад за некалькі імгненняў. Вось ужо чатыры пары моцных рук трымалі ўкрыжаванага Стаха за рукі і ногі.
— Вот, Яфімушка, бей, — сказаў васпаваты іншаму барадачу, даючы яму гнуткі лазовы кій таўшчынёю з вялікі палец, — а я шчытаць буду. Ну, ерацік, — яшчэ раз звярнуўся ён да хлопца, — апошні раз па-добраму прашу: гавары, адкуда ты і як цебя зваць.
— Кажу ж, я вашым канём толькі рэчку хацеў пераехаць, а хто я такі і куды ішоў — не скажу, хоць забіце мяне і закапайце.
А ціха сам сабе дадаў:
— Дай мне, Божа, вытрымаць і зрабі так, каб я гэтым ерэтыкам потым усё назад вярнуў.
— Расступіцеся, — загадаў васпаваты. — Жар, Яфімушка.
Барадач, якога называлі Яфімам, зайшоў Стаху ў ногі, папляваў у далоні і пачаў біць. А першы лічыў: раз... два... тры... чатыры...
Стаху да цела нібы прыкладалі распаленае жалеза — такі жахлівы быў боль. Паліла аж да касцей, аж да касцявога мозгу, калола ў галаву, хапала за сэрца. Ён схапіўся зубамі за траву, каб боль не вырваў у яго прызнанне.
Дванаццаць... трынаццаць.. чатырнаццаць...
Ён ніколі не думаў, што дваццаць пяць — гэта так многа. Аднак урэшце ўсё скончылася.
— Ну, паганый, скажаш, адкуда ты і як зваць? — паўтарыў пытанне васпаваты.
— Я вашым канём толькі рэчку хацеў пераехаць, а хто я такі і куды ішоў — не скажу, хоць забіце мяне і закапайце.
— Харашо, тагда яшчо дваццаць пяць.
Яму вылілі на плечы вады і адмералі яшчэ столькі ж удараў. А калі потым зноў запыталі, ён ужо не азваўся.
Набліжалася поўнач. На дварэ ціха шаргацеў снег — быццам рачная плынь ці яловыя галіны. За садамі ля пушчы перакрыкваліся совы і зайцы. У гушчары паўночных лясоў часам завывалі ваўкі. Смялейшыя звяругі, відавочна, бадзяліся і на выгане, бо сабакі брахалі і вылі. Нехта выйшаў за хлявы і стрэліў для постраху, каб да быдла не падкапаліся.
Святло гарэла толькі ў Вінярскага на вячорках і ў Яна Балашэвіча пры хворым, але і вячоркі ўжо разыходзіліся. Па вуліцы разнесліся воклічы і смех. Хлопцы снежкамі атакавалі дзяўчат. А тыя ўцякалі ва ўсе бакі, аж валасы кудлаціліся. Самыя асцярожныя краліся загародамі ўпоперак дарог, падступна ўпэўніваючы смаркачоў у сваіх пачуццях і трываючы іх бесцырымонныя абдымкі.
Адась Сцяпура і Карапузя ўвечары зазірнулі да Балашэвіча і на ганку сустрэлі Марціна, што ўжо адыходзіў.
— Ну як там, дзядзька, ён яшчэ дыхае? — спытаў Карапузя.
— З учора не варушыцца. Хочаце з ім пасядзець?
— Так, пабудзем трохі.
— Малайцы. Толькі пасядзіце хаця б да другіх пеўняў, хай баба трохі паспіць. Яна за гэты час зусім змардаваліся.
Стах ляжаў у вялікім пакоі на ложку, які паставілі за паўтара аршына1 ад грубкі. Па баках — крэслы, ля ўзгалоўя — зэдлік. Нам ім распяцце, свечка, графін з пітвом, лекі і іншае патрэбнае хвораму. Лямпа на гзымсе грубкі высвечвала васьмёрку. Маці чувала пры ложку, пахістваючыся на крэсле ад стомы. Рэшта сям’і спала ў бакоўцы за драўлянай перагародкай альбо ў заднім пакоі за сценкай.
Хлопцаў гаспадыня сустрэла з удзячнасцю.
— Ідзіце, цётка, спаць, мы папільнуем, — сказаў Карапузя, на пальчыках падышоўшы да яе.
— Праўда? Ох, дзякуй вам. Толькі глядзіце, дзеткі, не засніце, а то не дай Божа што...
Маці пайшла ў бакоўку, а хлопцы селі ля хворага.
Стах высах як шчэпка. Скура збялела як палатно. Вочы запалі. Шчокі ўцягнуліся, нібы ён цукерку смактаў. Нос згорбіўся і завастрыўся. Твар выцягнуўся і непазнавальна змяніўся. Хлопец ляжаў нерухома, як труп, толькі коўдра ледзь бачна прыпадымалася, сведчачы, што ён яшчэ ліпіць.
— Не, ён ужо не ўстане, — прыгледзеўшыся да хворага, ціха заўважыў Карапузя.
— Ды што ты, братка, кажаш! — занепакоеным шэптам запярэчыў Адась. — Хоць бы пры нас паміраць не пачаў.
— Баішся?
— Баяцца не баюся, але невядома, што тады рабіць.
— Як невядома? Свечкі запалім і пабудзім усіх.
— Трэба паглядзець, ці добра ў коміне юшку закрылі.
— А гэта навошта?
— Як навошта? Каб чорт праз тую дзірку не ўлез.
— Дурань. Вось Бог сведка, не ведаў я, што ты такі дурань. Ды чорт праз вушка іголкі пралезе, а ці мала большых дзірак у хаце. Эх, братка, калі душа на пекла зарабіла, дык ужо не выкруціцца.
Праз чвэрць гадзіны пасля першых пеўняў хворы пацягнуўся, падняў павекі і пачаў вадзіць вачыма па столі. Позірк быў прытомны.
— Што, памірае? — шапнуў Адась Карапузю.
— Ды не бойся ты, не памірае, — адгукнуўся той.
Стах пачуў шэпт і павярнуў галаву да іх.
— Сташку, братка, ты нас пазнаеш? — спытаў Карапузя, нахіляючыся над ім.
— Пазнаю, — надламаным голасам адказаў хлопец. — Ты — Петрык, а гэта Адась. А я што, захварэў?
— Захварэў? Братка, ды ты ж больш за месяц тут ляжыш, вось як цябе са шпіталя ў Бірках забралі.
— З Бірак?!
— Так. Вежгайлоўскія акопнікі знайшлі цябе непрытомнага ў Бярэзіне, але не змаглі даведацца, з чыіх ты, таму паведамілі сапёрам і завезлі ў шпіталь.
Стах уражана вырачыў вочы, але змоўк і не адазваўся. Пятнаццаць хвілінаў ён ці то драмаў, ці то думаў, а потым уважліва паглядзеў на Карапузю і спытаў:
— А хто мяне ў раку кінуў?
— Ніхто не ведае. Вежгайлоўцы ў суседніх буданах пыталі, і ад нас потым хадзілі ў той бок — хацелі дазнацца, але марна. А ты нічога не памятаеш?
— Нічога. Штосьці... нібыта... ну... дайце папіць чаго, хлопцы.
Карапузя даў яму шклянку з яблычным сокам.
— А чаго мне пасцель нібыта да плячэй прыстала? — спытаў Стах, спрабуючы падняцца на локці.
— А як ёй не прыстаць, братка, калі ў цябе ўся скура адтуль злезла. Не падымайся, лежачы пі.
Хворы напіўся і зноў заплюшчыў вочы, задумаўшыся. Сябры падумалі, што ён заснуў, але неўзабаве пачулі:
— А ведаеце, нешта я ўсё ж прыгадваю.
Петрык з Адасем нахіліліся над ложкам і затрымалі дыханне.
— Напалі на мяне ці то бандыты, ці то шпегі нямецкія, — пачаў Стах, адпачываючы пасля кожных некалькіх словаў. — Хутчэй нават шпегі. Ішоў я ноччу ад жардзянцаў да вежгайлоўцаў. Частку дарогі мяне жардзянскі стараста вёў, а потым я сам. Іду, значыць, лугам, іду, падыходжу да рэчкі — і тут ад вады да мяне трое кудлатых бамбізаў з нажамі ў руках кідаюцца.
«Стой!»
Я стаю.
«Куды ідзеш?»
«Каня згубіў, во шукаю», — брашу я.
«Маніш, — кажуць, — ты ўжо другую ноч уздоўж Бярэзіны цягаешся, аддавай грошы!»
Я ім аддаў партманэтку з дробяззю.
«Буйныя таксама аддавай!» — крычаць яны, нібы ведаючы, што ў мяне ў шапцы тры паперкі па дзесяць. Аддаю і гэтыя.
«А цяпер хутка вядзі нас да вышкі».
«Да якой вышкі?» — пытаю.
«Да вайсковай!» — галосяць.
— Калі да вышкі хацелі, значыць, шпегі, — уставіў Петрык.
— Ды хто іх ведае, шпегі ці не, — зазначыў Адась. — Як яны былі апранутыя?
— З ног да галавы нібыта ў аўчыну поўсцю вонкі.
— Тады гэта былі чэрці.
— Чэрці? Ну, магчыма. Мне і самому нешта здавалася, што не зусім людзі, бо калі я іх вазіў і да ног дакранаўся, там поўсць такая цвёрдая была, нібы хвост конскі ці шчэць свінячая, а ступы больш да капытоў падобныя.
— Ты сказаў «вазіў»?
— Ну так, на сабе вазіў. Яны ж прычапіліся: вядзі да вышкі, а то душу дастанем. А мне адкуль ведаць, дзе тая вышка! Дык яны мяне спачатку палкамі білі, на зямлі расклаўшы, а потым на спіну верхам селі і ездзілі па лузе. Калі ўдосталь наездзіліся, я іх яшчэ і праз рачулку перавёз, а больш нічога не памятаю, што сталася. Нешта нібыта засвістала, завыла, нібыта віхор наляцеў, і ўсё.
— Калі так, то толькі чэрці і маглі быць, — згадзіліся сябрукі. Адась з трывогай азірнуўся на дзверы ў бакоўку і падсунуўся бліжэй.
— А слядоў ля мяне ніякіх не было? — зноў спытаў Стах.
— Іх, казалі, і быць не магло, бо цэлую ноч дождж ішоў.
— А і праўда, тады ж дождж быў. Што яшчэ спытаць хацеў... ага! Жардзянскі стараста мне казаў, што побач з вежгайлоўскім буданом стараверскі стаіць, дык, мабыць, варта было іх таксама распытаць, можа, яны што чулі, — сказаў Стах і з трывогай паглядзеў на Карапузю, чакаючы адказу.
— Ды пыталі і старавераў гэных. Вежгайлоўцы іх нават падазравалі ў нападзе, бо ад іх сама блізка, а вядома ж, што ім чалавека іншай веры забіць — тое самае, што муху. Але тыя галовы пазакладалі і пакляліся, што не бачылі і не чулі. Ой, братка, усіх пыталі.
Стах уздыхнуў з палёгкай, хвілінку адпачыў, яшчэ раз папрасіў папіць і пачаў выпытваць, што падчас яго хваробы здарылася.
— Акопы скончыліся?
— Ой, даўно. Яшчэ да зімы.
— А што, цяпер зіма?!
— Каляды ўжо на дварэ.
— Праўда? Гэта я столькі прахварэў! А да Бабруйска ўсе хлопцы шчасліва дабраліся?
— Да якога Бабруйска, якія хлопцы?
— Тыя, што ў легіёны збіраліся.
— У якія легіёны?
— Як жа гэта... Значыць, няпраўду пісаў... То-бок легіёнаў у Бабруйску няма?
— Ды чаго ж не быць, ёсць. Мы з Адасем нават хадзілі і на ўласныя вочы бачылі. Кажуць, частка іх на фронт пайшла, а другая засталася, але нашых хлопцаў сярод іх амаль няма.
— Не прымаюць тутэйшых?
— Хто папрасіўся, таго прынялі. Казік і Картавы ўступілі, а больш з нашай ваколіцы і ніхто. Гэта Ясь усіх збаламуціў, каб яму добра ніколі не было. Навошта, кажа, так рабіць — каб паліцыя потым шукала і бацькоў трэсла? От, кажа, скончацца акопы — вернемся дадому, з сем’ямі развітаемся і пойдзем як людзі. Праз два дні пасля твайго адыходу сапёры афіцыйна людзям паведамілі, што хутка адпусцяць. Спяшацца не будзем, кажа гэты Ясь, спачатку даведаемся падрабязна, што гэта за войска такое, і паглядзім, як іншыя засценкі будуць рабіць. А можа, гэта, кажа, маскалі пастку такую зладзілі, каб усіх праўдзівых палякаў, што мараць пра вызваленне, у адным месцы сабраць і знішчыць, бо не веру я, каб яны без уласнага інтарэсу такую справу дазволілі. І як пачаў намаўляць, як пачаў — дык хлопцы і паслухаліся. Болік, які з Казікам і Картавым пайшоў, вярнуўся з Бабруйска з сям’ёй развітацца і так развітваўся, што нас з акопаў дачакаўся.
— І ўсе дагэтуль дома сядзяць?
— Не атрымалася ні ў кога пасядзець — усіх забралі ў рускае войска. У той час прайшлі дзве вялікія мабілізацыі. Забралі чырвонабілетнікаў і многіх іншых, адзіных сыноў таксама. З хлопцаў забралі Яся, Боліка, Людвіка, Эдзіка, Паўла і Стася.
— А Казік у Бабруйску служыць?
— Не, ужо выехаў. Куды ж ён... Адасю, не помніш, як называецца горад, куды Казік паехаў?
— Здаецца, Порт-Артур.
— Не, іначай неяк.
1 Аршын — 0,71 м.
Калі сышоў снег, Стах ужо трохі акрыяў. Раны загаіліся досыць хутка, але ён яшчэ доўга кашляў і пляваў крывёю. Вырашылі, што на сухоты захварэў. Не дапамагалі ні лекі, ні добрая ежа, ні адпачынак. Але вясна яго аздаравіла. Выгляд голых палёў, вясёлы сонечны бляск, шапаценне лясоў, пах веснавога паветра падзейнічалі на яго як чарадзейскія лекі. Ён глядзеў, слухаў, дыхаў, радаваўся і з кожным днём мацнеў і папраўляўся, а на Вялікдзень ужо ўдзельнічаў у забавах нароўні з аднагодкамі.
У тым годзе Вялікдзень, у параўнанні з папярэднімі, быў невясёлы. Прыйшлі дзве кепскія навіны: адна ад магілёўскага дэкана, другая ад Казіка. Першы паведамляў, што ўлады зноў адмовілі ва ўзвядзенні касцёла ў Вончы, другі — што збіраюцца распусціць легіёны. Руйнаванне надзеі на вольнасць, расчараванне і востры брак дарослых хлопцаў адбіралі ў старых ахвоту да размоваў, а ў дзяўчат — да забаваў. Амаль ніхто не дачакаўся гасцей, гаспадары не сабраліся, ніхто яйкамі не стукаўся, сапраўднай вечарынкі не было. Хлопцы, што засталіся дома, паспрабавалі нешта зладзіць, але дзяўчаты іх праігнаравалі, не захацелі з малакасосамі танчыць, аддаўшы перавагу спевам у сваёй грамадзе, варажбе і пісанню лістоў нарачоным у войска. Дзяўчаты-падлеткі — і тыя ішлі танчыць, быццам вялікую ласку хлопцам робячы, і паўтаралі за старэйшымі сяброўкамі, што дома з мужчынскага полу засталося адно калецтва і смаркачы, не вартыя таго, каб ісці з нармальнай дзяўчынай у танец.
Адна Ганка Пятроўская не падзяляла меркавання сябровак, хаця была не толькі старэйшай за ўсіх юнакоў, але і многіх з іх перавышала ростам і сілаю. Яна ахвотна прыйшла на тую вечарынку, патанчыла з кожным хлопцам і да кожнага паставілася гэтак жа, як да старэйшых. Сарамлівых запрашала сама, часта насуперак жаданню кавалера. Яна запраўляла ўсёй вечарынкаю, бо з маленства была вясёлага нораву, а фанабэрыі ніякае не мела. Убачыўшы Стаха, падбегла да яго.
— Давай, Стаху, патанчым, каб твае хатнія не журыліся, — прапанавала яна.
— Жартуеш ці што, — адмахнуўся Стах. — Я ж ледзь на нагах трымаюся, яшчэ павалюся к чорту.
— У маіх руках не павалішся, нават калі захочаш.
Яны два разы абышлі полькай вялікі пакой і селі побач на ложку.
— Я даўно шукала, як пагаварыць з табою сам-насам, — сказала дзяўчына.
— Мабыць, прапанову хочаш сама зрабіць, як сама запрасіла патанчыць.
— Для гэтага ў цябе яшчэ лыткі слабыя. Я чула, што ты адзін ведаеш, дзе цяпер Косцік.
— Косцік?! Ці ж ты не чула, што яго яшчэ ўвосень ваўкі з’елі?
— Давай без жартаў. Мабыць, у войску служыць?
— Навошта ён табе? Закахалася?
Ганка цяжка ўздыхнула.
— Ты што, не ведаеш, што ён у Карусю па вушы ўтрэсканы?
— Ды як толькі ён пра яе ўсё дазнаецца, то і глядзець не захоча. Нагаворваць не буду, але, па-мойму, калі ў дзяўчыны хлопец ёсць, яна не мусіць з іншымі цягацца.
— З Ромкам звязалася ці з кім?
— Ромка жабяня зялёнае яшчэ, яна за дарослымі ўпадае. Зыгмусь Аніхоўскі ўвесь свой адпачынак на запусты ў яе праседзеў. Ад Гілара Гушчы таксама лісты атрымлівае і сама яму піша, я на ўласныя вочы бачыла. А тое, што ў акопах было, яе не ганьбіць? Вось і напішу Косціку пра ўсё гэта, дай мне адрас толькі.
— Ты не пара яму, ён жа маладзейшы.
— На тры гады ўсяго. Дык што, дасі?
— Ведаеш, шчыра кажучы, я і сам яго адрасу не ведаю. Але калі так хочаш, я напішу Казіку на фронт, ён дасць. Толькі ён і ведае.
— Напішы, Сташку, калі ласка, а я табе за гэта...
Ён ужо некалькі тыдняў збіраўся напісаць Казіку, таму назаўтра пайшоў да Здановічаў, папрасіў адрас і апавёў усё падрабязна, шчыра прызнаўшыся і пра стараверскага каня, і пра хваробу, а яшчэ папрасіў Косцікаў адрас і навінаў пра легіёны.
Адказ прыйшоў толькі праз месяц, і вось што ў ім было:
У мяне нібы камень з душы зваліўся ад весткі, што ты зноў здаровы робішся. Даўно збіраўся табе першы напісаць і распытаць аб прыгодзе, якая цябе ледзь на той свет не загнала, але, шчыра прызнаюся, не набраўся мужнасці, бо гэта ж я цябе ў тую дарогу выправіў. Праўда, у дзяржаўных інтарэсах Польшчы, але калі б, крый Божа, нешта здарылася, твая сям’я да самай смерці наракала б і кляла мяне. Я пытаўся пра цябе ў іншых і маліў Бога, каб ты з гэтага цэлы вылез. І дзякуй Яму, дапамог.
Надзвычай цікавая прыгода ў цябе была. Не думаю, што табе зашкодзіла б, калі б смалерчукі даведаліся праўду. Але калі ты схаваўся, то няхай і застаецца таямніцай.
Я чытаў твой ліст Яську Лапіцкаму, аднаму з жардзянскіх добраахвотнікаў, якія ўступілі ў легіёны пасля тваёй намовы і цяпер згадваюць цябе добрым словам, а таксама Каралю Віткоўскаму з-за Вончы, Картаваму і нашаму ўзводнаму, чалавеку вельмі вучонаму і патрыятычнаму. Усе яны цябе вельмі шкадавалі і дзівіліся тваёй вынаходлівасці і цвёрдасці. А ўзводны, калі я яму апавёў, як адважна ты ў школе за польскую веру ўступіўся, сказаў, што з цябе можа атрымацца выбітны патрыёт.
Што да намеру нас расфармаваць, то гэтая асцярога ўжо мінула. Але можна быць больш чым упэўненым, што павялічваць польскае войска не дазволяць. Ты кажаш, маўляў, падымайце паўстанне, калі пачнуць расфармоўваць. Супраць каго, братка? Што мы зробім, нас тысячы, а іх — мільёны, народнай падтрымкі ў нас няма, падрыхтавацца не здолеем. Уся ж народная сіла цяпер на тым баку фронту. А да бунту, пра які Пятроўскі столькі казаў, прынамсі ў нашых крэсавых губернях ніхто не рыхтаваўся. Таксама няпраўда, што Мікалай Мікалаевіч і іншыя высокія рускія чыноўнікі хочуць незалежнасці Польшчы. Плёў чалавек, бо відавочна хацеў, каб так і было, альбо, можа, Несмяртэльны яму зманіў, каб суцешыць.
Вядома, калі б усе палякі, што служаць у рускім войску, сабраліся ў легіёны, то і паўстанне тое можна было б падняць. Але ж маскалі гэтага не дапусцяць. Гэта магчыма толькі калі цара скінуць, пра што нават рускія салдаты ў акопах гавораць і пра што я Пана Бога ўвесь час прашу, кленчачы. Толькі вось асцерагаюся, што наш крэсавы цывільны народ, калі сапраўды дойдзе да паўстання, не дапаможа. Асабліва наконт землякоў нашых, надбярэзінцаў, баюся. Не ўсе такія, як у нашай Смалярні альбо ў Жардзянцы ці ванчанскіх ваколіцах. Ёсць тыя, што і шкодзіць будуць. Вось на мінулым тыдні я сустрэў у рускім палку, што з намі суседзіць, двух такіх дурняў з-над Друці. Абодва пры добрых польскіх прозвішчах, адзін — каталік, другі — сын навернутага. Калі я загаварыў з імі пра магчымасць паўстання, яны адказалі, што калі б палякі новы «мяцеж» паднялі, яны б добраахвотнікамі пайшлі яго душыць. Кажуць, Студзеньскае паўстанне паднялі паны супраць скасавання прыгону, во якія. А гэта ж такая справа, што ўсе мусяць гарой адно за аднаго стаяць. Каб, калі яно выбухне, людзі між сабою не пыталіся, за што і хто яго пачаў, не чакалі, каб паглядзець, што іншыя засценкі рабіць будуць, як сказаў наш Ясь, а каб стары і малы хапалі што ёсць і памагаць ішлі. Трэба, каб выйшлі ўсе, сталі моцна, як за веру, і верылі ў перамогу, як у той свет вераць. Неабходная падрыхтоўка. Цяпер акурат час некаму пайсці па засценках і растлумачыць людзям, хто яны такія, што ім належыць, за што Польшча падымаецца і што варта рабіць, калі за яе бітва пачнецца.
Мы тут часта збіраемся з Картавым, Яськам Лапіцкім і Каралем Віткоўскім, гаворым пра гэта і вельмі бядуем, бо ведаем, што нічога ў гэтай справе не робіцца. Разважаем, ці не варта хаця б двум з нас звольніцца альбо выпрасіць адпачынак на пару месяцаў і пайсці па засценках людзей намаўляць. Усе губерні не навучым, але маглі б прынамсі ў некалькіх засценках, якія найбольш вагаюцца, тых, што ляжаць на поўнач і на паўднёвы захад ад нас, пераўпэўніць людзей, каб сапраўды не надумалі шкодзіць паўстанню, бо іначай ганьба нам будзе вялікая, а Польшча, пабачыўшы, што наш край ёй здрадзіць гатовы, і зусім ад яго адрачэцца.
А цяпер пра нашага браточка Косціка. Не магу я нікому даць ягоны адрас, бо яму пагражае пакаранне за таго унцера, які калекам застаўся. Калі хто хоча напісаць Косціку, няхай піша мне, а я яму перапраўлю. Служыць ён далёка адсюль пад іншым прозвішчам. Акурат сёння атрымаў ад яго адказ на ліст, які даслаў яму, твой прачытаўшы. Таму і табе так доўга не адказваў. Ён табе кланяецца і просіць, каб ты пайшоў да Карусі і па сакрэце расказаў, што яго ваўкі не елі, што жывы ён і, нягледзячы на ўсё, што было, сумуе па ёй страшна, а яшчэ пытаецца, ці кахае яна яго хоць крышку таксама. Хоча, каб яна яму хаця б некалькі словаў напісала і даслала праз мяне.
Будзь здаровы і пішы часцей.
Казімір
Стах спачатку ліст хутка прагледзеў, а потым прачытаў яшчэ раз, спыняючыся на кожным сказе. Спачуванне легіянерам, іх пахвала, а таксама прадказанне яму велічы — усё гэта ўзрушыла яго так, што горла сціснулася.
Аналізуючы Казікаў непакой наконт ненадзейных вёсак і намер абудзіць у іх свядомасць, хлопец падумаў, што можа да гэтай справы далучыцца.
— Я ўжо ведаю, што не горш за іх людзей намаўляць умею, — сказаў ён сам сабе. — Хоць бы яны нават на царскі партрэт маліліся, я іх здолею на наш польскі бок перацягнуць. Калі хлопцы хочуць, то могуць далей спакойна сабе служыць, а засценкам я і без іх рады дам. Няхай толькі мне пакажуць, якія з іх зусім хамскія, а ўжо я іх навучу і нікога не пабаюся. Вось толькі сена скосім — і пайду, Бог мне сведка!
Натхнёны лістом, ён адчуваў сябе ўсёмагутным.
Таго ж вечара Стах зазірнуў да Ганкі, паведаміў, як яна можа ліставацца з Косцікам, і пацягнуўся да Карусі. У яе былі Марыля, наймалодшая Ганчына сястра, і Кася Сцяпура. Стах вырашыў не абуджаць цікавасць Карусіных сябровак, выклікаючы яе да сябе, таму адклаў выкананне просьбу Косціка на прыдатнейшы час.
Назаўтра, аручы папаўдні зямлю пад ячмень, ён убачыў Карусю, што з дзяружкаю ішла ў лес па капытнік. Хлопец спыніў каня ў канцы стаі і пайшоў сцежкаю насустрач.
— Скажы, што табе ноччу снілася, а я табе скажу, што гэты сон значыць, — гукнуў ён, калі Каруся наблізілася.
— Што снілася? Снілася, нібыта дзікіх гусак лаўлю, — адказала яна.
— Гэта значыць, што радасную вестку зловіш. І я табе яе прынёс.
— Што такое? — стрэльнула яна вочкамі.
— Косцік знайшоўся.
— Знайшоўся?! — ускрыкнула дзяўчына, і ў яе голасе трывогі было болей, чым радасці. — У хроснага быў ці што? — дадала яна.
— Дзе быў, дзе ёсць і што там робіць — пра гэта толькі Казік ведае, праз якога я ліст учора і атрымаў.
— Ад Косціка ліст? І што піша?
— Ды нічога асаблівага. Здаровы, кланяецца табе нізка і кажа, што хоць ты ў акопах з унцерам круцілася і ўвесь запуставы тыдзень з Зыгмунтам Аніхоўскім праседзела, кахае цябе і сумуе.
Каруся залілася румянцам.
— Аніхоўскі нам, між іншым, сваяк, — адказала яна пасля хвіліны разгубленасці. — І не ўвесь тыдзень, а толькі два разы зайшоў за ўвесь свой адпачынак. Ці мне яго з хаты трэ было гнаць?
— Косцік мусіць зразумець. А Гілар Гушча таксама сваяк, што ты яму ўвесь час лісты строчыш?
Яна не адказала, а на яе твары зноў з’явілася разгубленасць.
— Калі ён ліст праз Казіка даслаў, значыць, недзе побач з ім у войску мусіць быць, — змяніла яна тэму размовы.
— Можа, і ў войску, але вельмі далёка ад Казіка, больш чым за тысячу вёрстаў. Ён просіць, каб ты напісала. Напішаш?
— Чаму ж не, напішу.
— Дасылаць трэба на адрас Казіка, бо Косцік пакуль не хоча, каб хтосьці ведаў, дзе ён.
— І ён ніколі не зможа вярнуцца?
— Ды чаго ж не зможа, ён да пары хаваецца. Казік піша, што унцер жывы, толькі вока бяльмом зацягнула, дый тое паволі сыходзіць.
У сваіх частых доўгіх лістах Стах і Казік абмяркоўвалі неабходнасць рыхтаваць землякоў да магчымага паўстання. Хлопцы раіліся і складалі планы будучых дзеянняў. Вырашылі, што як людзі ўбяруць з палёў, адправяцца на вёску ўтрох — яны самі і Віткоўскі, хлопец таксама пісьменны, начытаны і з добра прывешаным языком. Яны загадзя падзялілі паміж сабой тэрыторыю — хто і куды пойдзе.
Але ў канцы верасня Стах дазнаўся, што іх планы зруйнаваліся. Хлопцы паведамілі, што, калі прасілі адпачынку і пахваліліся, як збіраюцца яго выкарыстаць, камандзір сурова іх прабраў і ў адпачынку адмовіў.
— Мы — войска, а не канспірацыйная арганізацыя! — сказаў ён. — Ці думалі вы, што заспяваюць маскалі, калі паліцыя схопіць вас за такім заняткам і давядзе, што вы — польскія легіянеры?
Паведамляючы Стаху аб правале, хлопцы, аднак, раілі яму ад задумы не адмаўляцца і пакуль рабіць за траіх.
— Ды хоць бы вы і прасілі мяне не ісці, усё адно пайду, — вырашыў ён, атрымаўшы згаданую навіну.
Аднак Стаху давялося доўга прасіць і пераконваць бацьку, каб той пагадзіўся адпусціць яго з дому. Давялося схітрыць, сказаўшы, што збіраецца ў Магілёў, каб у тамтэйшым дэканаце вучыцца лаціне і служыць ксяндзу на імшы.
Ужо была позняя восень. Людзі выбіралі апошнюю картоплю і аралі на зіму іржышча. Новыя азімыя зелянелі шчэццю руні. Лясы скідвалі рэшткі лістоты. Яны ўжо не рыкалі быдлам, не трубілі ражкамі, не шумелі. Коні начавалі ў стайнях. Пчолы выбіраліся з вулля толькі ў самыя цёплыя полудні. Незлічоныя ключы журавоў і дзікіх гусей, што ўдзень і ўначы плылі ў небе, абвяшчалі блізкую зіму.
Надвор’е стаяла ціхае і яснае. Толькі на паўночным баку неба над зямлёй вісела зграбная палоска дробных, як камячкі, аблачынак. Яна выглядала як шнур свежаўзаранага поля ці хуткі струменьчык на водмелі. З левага боку гэтыя камячкі зіхцелі ў сонечным святле рыхтык распаленыя вугалі, а бліжэй да правага ўсё больш бляднелі, пасля сівелі і, адначасова расшыраючы палоску, урэшце заканчваліся на ўсходзе туманнай смугой, падобнай да пасмаў развеянай кудзелі. Яны віселі нерухома, быццам прылепленыя да неба.
Стах кіраваўся да Аколіцы, што ляжала за колькі дзясяткаў вёрстаў на паўночны захад ад Смалярні. Гэта мусіў быць, як казаў Казік, шляхецкі засценак: яго заклалі шмат вякоў таму, і некалі ён быў вялікі і заможны, але цяпер ад той шляхетнасці не засталося і знаку — ён моцна абрусеў. Вакол мусіла быць нямала драбнейшых польскіх паселішчаў, якія мелі з Аколіцай даўнія сувязі і ва ўсім бралі з яе прыклад.
Збіраючыся ў далёкую дарогу, Стах апрануўся ў цёплае і чыстае, як і належала смалерчуку: новыя падкутыя боты, што яшчэ памяталі шавецкую дратву, крамны суконны гарнітур, смушкавую шапку. На плячы ён нёс футэрка, якое праз цёплае надвор’е не апрануў, клунак з харчамі і пачак кніг і буквароў.
Дарога ішла праз лясы, больш глухія, чым у бок Бабруйска. Але такой нерушы, як смалярская, тут не было. Час ад часу ён натрапляў на дзікія твані, шырокія, быццам стэп. Іх багатыя на журавіны берагі, як поле ў пару жніва, запаланілі жанчыны.
Вёскі сустракаліся рэдка. Іх жыхары карысталіся скарбамі бясконцых вакольных лясоў і таму жылі нябедна.
Адолеўшы палову дарогі, Стах пераначаваў і на наступны дзень незадоўга да заходу сонца апынуўся ля Аколіцы. Яна стаяла над невялікай ракой, якая называлася Нілка. За Нілкай, трохі наўскос, была відаць вялікая руская вёска, што звалася гэтак жа, як рэчка.
Картоплю яшчэ да канца не выкапалі. На полі ўсюды дыміліся вогнішчы і стаялі вазы з лубянымі кошыкамі. Іншыя вазы цягнуліся палявой сцежкай да сядзібаў — было чуваць, як там перакрыкваюцца людзі і пагрукваюць, высыпаючыся, клубні.
У выглядзе Аколіцы не было ні прыгажосці, ні парадку. Тут пераважалі старыя і нізкія будынкі, што грувасціліся без ніякага ладу. Там, дзе ў аднаго гаспадара стаяла хата, другі прыбудаваў хлеў ці стадолу — і наадварот. Падворкі і завулкі, якімі быў аплецены засценак, размяжоўваў жардзянік. Сады — якія ў каго былі — хаваліся між будынкамі. Адзінай аздобай вёскі былі старыя дубы і яліны з буслінымі гнёздамі наверсе — іх у засценку налічвалася больш за дзесяць. Тым не менш вялізныя стадолы і шматлікія стагі сена ці збожжа ля іх сведчылі пра заможнасць жыхароў.
Перад тым як убегчы ў вёску, дарога раздзялілася на некалькі крывых завулкаў. Стах выбраў адзін з іх і неўзабаве аказаўся перад варотамі, што вяла на ўціснуты паміж трыма будынкамі дзядзінец. Статак галодных свіней звягліва ламаўся ў сенцы: яны грызлі парог, вушак, станавіліся дыбка на дзверы, намагаючыся дабрацца зубамі да клямкі, штурхаліся і жахліва вішчалі. Убачыўшы чужога чалавека, забрахалі два сабакі на ланцугу, і галас зрабіўся яшчэ мацнейшы.
З людзей — нідзе і нікога.
— Гаспадару! Гэй, гаспадару! — закрычаў Стах.
Ніхто не адгукнуўся. Стах хвіліну пачакаў і закрычаў яшчэ раз — шалёныя спробы свіней прарвацца ў дом сведчылі, што нехта з яго жыхароў якраз рыхтуе ім за дзвярыма есці. Выніку зноў не было. Тады ён яшчэ трошкі пачакаў, а пасля прайшоў праз вароты і скіраваўся да хаты.
— Гэй, каб жа вас! Гэй! — пракрычаў ён, затым штурхануў у лыч адно свінчо, другое, пакуль не разагнаў увесь статак, і прачыніў дзверы. Але не паспеў ён увайсці ў сенцы, як вялізны кныр скочыў яму ззаду ў ногі. Стах не зваліўся, бо схапіўся за клямку, аднак дзверы шырока адчыніліся, даючы свінням дарогу. Не пазней як праз тры секунды ў сенцы ўвалілася лавіна лычоў з трыццаці. Частка з іх кінулася да карыта, частка — праз разнасцежаныя дзверы ў пакой, да вялізнай кучы сырой картоплі. Людзей — нідзе.
Стах не ведаў, што рабіць: выганяць свіней ці ўцякаць. Аднак у тую ж хвілю з-за картоплі высунуўся стары і пранізліва зароў:
— А-ёй! А-ё-ечкі! Хто ж гэта? Хто ж гэта ўпусціў?
Ён скочыў у кут, схапіў кій і пачаў з праклёнамі выганяць свіней:
— Вон! Штоб вас воўк! Штоб вас вядзьмедзь! Штоб вас халера! А як жа ж гэта? Вон!..
Убачыўшы Стаха, стары замахнуўся і на яго:
— А, то гэта ты ўпусціў? Гані іх! Памагай, бо як дам!
Яны ўдвух выгналі статак і падперлі дзверы.
— Нашто ўпусціў, гавары! — звярнуўся стары да Стаха.
— Я не хацеў — зразу адна ўскочыла, а за ёй — і ўвесь статак.
— Гавары на вуха, бо я глухаваты. Хто ты такі?
— Я бежанец, — крыкнуў яму Стах у вуха.
— Бежанец? І хочыш хлеба?
— Не, хачу пераначаваць.
— Пераначаваць? А ты ні злодзей?
— Хай мне рукі і ногі ператрушчыць, калі я хоць нешта ў вас крану, — пабажыўся Стах, б’ючы кулаком у грудзі.
— То начуй сабе.
Яны ўвайшлі ў пакой.
— Як ні надта замахаўся, то памагай мне сартаваць картоплю, — прапанаваў стары. — Заўтра нядзелька, нада скончыць. Палучыш за гэта вячэру і заўтра сняданне.
— Ахвотна памагу, — пагадзіўся Стах.
Ён паклаў футэрка з клункам на лаву, заняў ля картоплі малы зэдлік, на які паказаў яму стары, і старанна ўзяўся за працу.
— Якой жа ж ты губерні? — пачаў распытваць стары.
— Родам я люблінскі. Можа, пану здаралася там бываць?
— Быць-то я ні быў, але пра тую губерню чуў. Ну, а бацька і матка твае дзе? Ці німа ў цябе?
— А як жа, ёсць. Тата ў войску служыць, а мама з сястрой адкрыла ў Мінску краму святых абразоў.
— Святых абразоў? Ну, а ты ж гдзе ідзеш?
— Службы сабе шукаю.
— А якой жа службы?
— Магу закрыстыянам быць ці арганістым, магу пісарам і нават настаўнікам.
— То ты гэткі? А не брэшыш часам? — стары зірнуў на Стаха з недаверам.
— Хай мне язык адсохне, калі хлушу! Начуючы ў Кроснах, я дазнаўся, што у вас тут вялікі польскі засценак, вось і прыйшоў спытаць — можа, вам патрэбны польскі настаўнік?
— Па-польску вучыць няможна.
— Нельга, але ад самага Мінска, дзе я ні заходзіў у польскія засценкі — усюды вучаць. Трохі даць урадніку ў лапу — ён і маўчыць. Гэта ж не бандыцтва!
— Як станіш суваць на ўсе бокі, то і ўсеньку гаспадарку рассунеш. Шкода тваіх ног, што да нас заходзіў.
— Не хочаце сваіх дзяцей вучыць?
— Да на што нам гэты клопат, мы людзі простыя.
— Вы не хочаце, можа, іншыя гаспадары захочуць. Я пераначую і заўтра папрашу старасту сабраць сход.
— Як сабе хочыш.
Надвячоркам з’явіліся сын старога, тры нявесткі, дзве дачкі — ужо дарослыя дзяўчыны, — два маладыя парабкі і цэлая гурба дзяцей. Адна з нявестак, дзяўчаты і некалькі старэйшых дзяцей таксама пачалі перабіраць картоплю. Стах завязаў з дзяўчатамі размову і дазнаўся, што ўсяго ў ваколіцы трыццаць двароў, што восем з іх — праваслаўныя і што ва ўсім засценку пісаць умеюць толькі бацька дзяўчат Стэфан Нілкоўскі і Міхась Прымака, іншы гаспадар, які ўжо шмат гадоў выконвае абавязкі грамадскага старасты.
Калі яны скончылі перабіраць картоплю, была дзявятая гадзіна. Пасля вячэры парабкі забралі з сабой Стаха на начлег у стадоле. Гаспадары апраўдваліся, што не хапае месца ў пакоі і пасцелі, аднак адзін з парабкаў сказаў Стаху, што яго выправілі з хаты, каб ён нічога ноччу не скраў.
На наступны дзень пасля сняданку Стах адправіўся да старасты і ўгаварыў яго склікаць сход.
Пасля полудня ў хаце Нілкоўскага сабраўся дзясятак з лішкам гаспадароў і шмат маладых хлопцаў.
— Ну, то значыцца, ты польскі вучыцель і шукаіш месца? — загаварыў стараста, перш чым Стах паспеў прадставіцца прысутным.
— Так, панове, шукаю. Начуючы заўчора ў Кроснах, я дазнаўся, што ў ваколіцах жыве шмат багатай і паважанай шляхты, а таму і зайшоў папытаць, ці вы, панове, ужо знайшлі, як іншыя засценкі, польскага настаўніка. І, як выявілася, добра зрабіў.
— Ну зусім добра, — перадражніў яго стараста. — А ці ты не знаіш, што па-польску вучыць васпрэшчаіцца?
— Тым гэта забаронена, хто пра сваіх дзяцей не думае, а хто хоча, каб яны выбіліся ў людзі, тыя вучаць. У Сібір за гэта не высылаюць. Я ўчора пану Стэфану ўжо казаў: ад самага Мінска, дзе я ні заходзіў у польскія засценкі — усюды вучаць. Яны з паліцыяй у згодзе, і яна на гэта глядзіць скрозь пальцы.
— Ад самага Мінска йдзе, а месцейка сабе знайсці ні можыць, — зазначыў нехта з гаспадароў.
— З яго, пэўне, такі вучыцель, як з мяне музыкант, — дадаў іншы.
Стараста, пачуўшы такія заўвагі, вырашыў Стаха праверыць.
— Ну а ты ж хоць можыш вучыць? — спытаў ён. — Добра ж ты граматны?
— Вашым дзецям маёй навукі хопіць.
— А вот мы зараз і паглядзім, — стараста зняў кантычку з паліцы пад абразом і, разгарнуўшы на псалмах, падаў Стаху. — На от, пачытай нам, але громка, каб усе пачулі.
Стах спачатку хацеў ад такой абразлівай прапановы адмовіцца, аднак стрымаўся і пачаў чытаць. Не паспеў ён скончыць і двух вершаў, як на яго пасыпаліся пахвалы.
— Добра чытае! Надта добра! Як рэпу грызе! Як бобам сыпіць! Лепей і няможна!
— Ну, досыць ужэ, досыць, — выгукнуў стараста. — Бойка чытаіш, нічога ні скажыш. І пісаць таксама добра можыш?
— Якім бы я быў настаўнікам, калі б не ўмеў пісаць?
— А пісьмо можыш із сваёй галавы саставіць?
— І ліст магу, і заяву, і ўсё, што трэба. От калі хочаце, зараз я каму з вас ліст напішу.
— Добра. Напішы майму брату так, як бы гэта я быў.
Стах выцягнуў паперу, чарніла і пяро, распытаў старасту, што той хоча брату расказаць, і напісаў ліст. А калі яго прачытаў, грамада ўразілася яшчэ больш, чым пасля псалмоў.
— Вот пісьмо! Вот пісар! Вот галава — вот розум! Як з ксёнжкі спісаў. Трэба ж гэтак! Гдзе ён так вывучыўся? — хвалілі яго людзі.
— Гдзе ты вучыўся? — спытаў стараста.
— Дзе б ні вучыўся, а ўсё ўмею. Як павучу вашых дзяцей зіму ці, самае доўгае, дзве, то і яны будуць умець гэтак жа. Так што не будзем, панове, губляць часу — давайце дамаўляцца. Я дорага не вазьму: кватэра, стол і два рублі за дзіця. Згода?
— Ну то як, суседзі, наймаім вучыцеля ці ні наймаім? — звярнуўся стараста да прысутных.
Некалькі хвілінаў людзі пераглядаліся, пакашлівалі і чухалі патыліцы. Урэшце нехта адгукнуўся:
— Новая п’яўка на наш крывавы грош знайшлася. Каждаму тых рублёў… Казне дай, ксяндзу дай, папу дай, шаўцу дай, кавалю дай, а тут яшчэ і вучыцеля чорт прыгнаў. А нам хто дасць? Цьху! — і сплюнуў.
— Дзеці падучыць трохі-то варта было б, але страшнавата, — зазначыў іншы.
— І праўда, страшнавата, — пацвердзіў трэці.
— Як па-руску, то я згода, а па-польску — толькі бясплатна, — прамовіў яшчэ нехта.
— А па-руску ты ні можыш? — спытаў стараста.
— Толькі год вучыў, таму не вазьмуся: слаба ведаю.
— Вот як бы ты па-руску знаў так, як па-польску, то месца сабе на раз-два знайшоў бы. Шкода!
— Дык значыць вы, панове, вучыць сваіх дзяцей не хочаце?
— Не хочам. Страшнавата. Толькі бясплатна, — адказалі людзі.
— Страшнавата, — перадражніў іх Стах. — Вашыя дзяды з самых страшных войскаў кпілі, а вы перад ураднікам трасяцеся. Два рублі вам дзецям на навуку шкада, а ў саміх сеннікі напэўна рублямі напханыя. Вашыя дзеці вас за гэтыя рублі не пахваляць, калі вы ім розуму не дасце і іншыя іх дурнямі называць будуць. Падумайце пра гэта. Калі вам здаецца, што два рублі — гэта задорага, то я скіну.
— Ні нада, табе сказалі — і баста! — усклікнуў стараста. — Як будзеш нас лаяць, то на раз-два атрымаеш па карку!
Стах сабраўся, падзякаваў Нілкоўскаму за гасціннасць і пайшоў, думаючы, што спыніцца ў нейкім суседнім засценку і паспрабуе нешта ў ваколіцы змяніць.
Але як толькі ён павярнуў у завулак, то сустрэў яшчэ аднаго гаспадара, які спяшаўся на сход. Ён спазніўся, бо толькі-толькі вярнуўся з мястэчка.
— Значыць, вы, пане настаўнік, не застаяцеся ў нас? — спытаў гаспадар па-польску.
Стах пераказаў яму размову з мясцовымі, дзівячыся, што шляхта так здзічэла і захварэла на баязлівасць.
— Ну, а колькі вы, пане, хочаце за ўсю зіму? Калі не надта дорага, я б сам узяў вас: дзяцей з адной хаты можна вучыць як хочаш, школай гэта не лічыцца.
— Дваццаць рублёў, думаю, не задорага?
— Згода. Але тады вы, пане, будзеце заадно вучыць і дзяцей майго брата, калі ён пагодзіцца.
— Магу нават і дзяцей швагра, калі ён у вас ёсць. Як вас, пане, клічуць?
— Павел Падгрушны. А вас?
— Пётр Яблонскі.
Некалькі дзён Стах дапамагаў сям’і Падгрушнага капаць картоплю, а калі з гэтым скончылі, узяўся за навуку. Набралася сямёра дзяцей: чацвёра Паўлавых і трое ягонага брата Адама. Трое старэйшых трохі чыталі па складах, астатнія не ведалі ні бэ ні мэ. Ён заўзята вучыў іх чытаць, пісаць і лічыць, як гэта робіцца ў рускіх народных школах. Вечарамі і ў выхадны расказваў нешта цікавае з польскай гісторыі — тады яго з вялікай увагай слухаў і сам гаспадар. Як да дзяцей, так і да іх бацькоў Стах звяртаўся па-польску, але выбіраў самыя простыя словы, як мага больш падобныя да словаў з гаворкі, якой тут карысталіся.
Выпаў снег. Пасля доўгай і цяжкай працы прыйшоў час адпачынку. Мужчынская праца абмяжоўвалася малацьбой і доглядам быдла, жаночыя — гатаваннем ежы і прадзеннем. У моладзі пачаліся вячоркі.
Неяк праз тыдзень пасля надыходу зімы на вячоркі выбраўся і Стах, спадзеючыся, што да маладых падступіцца будзе прасцей. Вячоркі ладзіліся ў старасты, у якога было два пакоі.
Стах увайшоў, пажадаў найбліжэйшым ад парога добрага вечара і сціпла сеў на лаву, назіраючы за ходам вячорак. Дзяўчаты, седзячы на зэдліках, што стаялі паўколам ля камінка, пралі, адны хлопцы тоўпіліся пры стале, шумна гамонячы, іншыя туліліся бліжэй да дзяўчат, нашэптваючы ім сакрэты і крадучы пацалункі, ці жартавалі, сцягваючы з калаўротаў ніткі і пагражаючы падпаліць кудзелю. Убачыўшы чужынца, некаторыя, паказаўшы на яго пальцам, пачалі шаптацца, але большасць бестурботна працягвала свае жарцікі.
Найбольш дурэў рослы брунет, пляменнік старасты Адась. Ён па чарзе падыходзіў да самых прыгожых дзяўчат, завальваў іх на зэдліку, гвалтам цалаваў альбо шчыпаў дзе яму хацелася.
— Адась, каб цябе халера, ідзі ўжэ! — спрабавала ад яго абараніцца прыгожае блакітнавокае дзяўчо. — Ідзі ўжэ, прасці трэба. Лепей вот казку нам раскажы.
— Табе казкі захацелася? — усклікнуў Адась. — Лепей я курду табе загну, а не казку, — сказаў ён, і перш чым дзяўчына апамяталася, схапіў яе адной рукой пад калена, другой — пад лапаткі, падняў, як малое дзіця, панёс да лавы і пасадзіў там, прыціскаючы яе лоб да пальцаў ног — гэта і называлася курдай.
Але дзяўчыне не падабалася такая грубая забава, у якой можна было засвяціцца перад прысутнымі саромнай часткай цела. Яна пранізліва закрычала, пачала з усяе моцы адбівацца, брыкацца і ўрэшце вызваліся з рук нягодніка.
— Свіння ты са сваімі жартамі! — гнеўна крыкнула яна.
Але ўсеўшыся за калаўрот, зноў пачала прасіць пра казку.
— Раскажы, Адаська, раскажы! Пра лісіцу раскажы, як яна ашукала вядзьмедзя.
— Да якая ж гэта казка? Я ж, можа, разоў сто вам яе расказваў, — адгукнуўся Адась. — Бежанца вот лепей папрасі, ён пэўне многа знае.
— Ты папрасі, я стыдаюся.
— Бежанца стыдаішся? Гэтага бадзіню? Гэй там, калыш! — крыкнуў ён у бок Стаха. — Раскажы от дзяўчатам казку, ты ж, бадай, вучыш па свеце, мусіш многа знаць.
— Так, ведаю я шмат, — адказаў Стах. — Магу расказаць вельмі цікавую гісторыю пра каралевіча, дзвюх багатых дзяўчат і адну бедную, але не ведаю, ці добра вы мяне зразумееце.
— Зразумем, зразумем! Павядай! — пачуў ён хор у адказ.
Яму саступілі месца ля камінка. Калаўроты сціхлі, як і іншы шум у пакоі.
Стах расказаў гісторыю замка Собкаў, якую ўсе ўважліва выслухалі. Нават бабулька, якая грэлася на печцы, злезла на прыпечак, каб нічога не прапусціць. Гісторыя ўсім надта спадабалася.
— Вот гэта-то казка важная! — пачалі хваліць прысутныя, калі Стах скончыў. — Гэта ні Адасёва лісіца, што з вядзьмедзем быўшы! Ну, але добра, што крулевіч выгнаў гэтых багатых сучак. Так ім і трэба. То па справядлівасці.
— А можа, і праўда такое кедысь было? — зазначыла адна з дзяўчат.
— Менавіта. Гэта не казка, а сапраўдная гісторыя, — адказаў Стах. — І я на ўласныя вочы бачыў тую гару і руіны, што засталіся ад замка каралевіча.
— Ты бачыў той замак? — падхапіліся слухачы. — А гдзе ён?
— За Кракавам, непадалёк ад пушчы, дзе польскі кароль Баляслаў Харобры, якога туды прывёў кмет Пётр Халява, пасек немцаў.
— Які такі Баляслаў? Якая яшчэ халява? — пасыпаліся пытанні.
— Вы што, нічога не ведаеце пра Халяву? Добра, наступным разам раскажу пра яго.
— Не, расказвай сёння! Тэраз павядай! — патрабавалі яны.
— Не, раскажу заўтра, а цяпер хай дзяўчаты прадуць, бо маці больш не пусцяць іх на вячоркі.
На наступны дзень на вячоркі прыйшла не толькі мясцовая моладзь, але і некалькі хлопцаў з Ладаў і Жужлаў, невялікіх суседніх засценкаў: акалічане завабілі іх абяцанай казкай. Усе нецярпліва чакалі Стаха. Як толькі той адчыніў дзверы, Адась закрычаў:
— Да паўзі ж ты скарэй! Цягнішся так, як бы тры дні ні еўшы быў! Расказвай жа пра тую Халяву!
— Добры вечар, пані і панове, — прывітаўся з усімі Стах, а пасля звярнуўся да Адася. — Слухай, Адасю! У мяне ад тваіх словаў карона з галавы не ўпадзе, але гэта вельмі брыдка. Я ж не твой парабак, ды і не ведаеш ты мяне аж так добра, каб мець права так да мяне звяртацца. Як гэта выглядае — «гэй, галыш», «паўзі», «расказвай»? Апошні лапцюжнік з Нілкі, дванаццацігадовы смаркач абыходзіцца з незнаёмым чалавекам больш ветліва, чым ты, дарослы пан-кавалер у ботах, які да таго ж лічыцца палякам і шляхціцам.
Адась знямеў і пачырванеў, як абвараны.
— Праўда, праўда! Адась — свіння! Адась — вялікая свіння! — напалі на яго прыяцелі.
Гісторыя пра Пятра Халяву спадабалася ўсім не менш за гісторыю Собкава. Годнасць рыцарскай світы Харобрага вельмі ўразіла хлопцаў.
— Вот каб нашаму цару цяпер такіх рыцараў, ён бы тры гады з немцамі не важдаўся, — сказаў адзін з акалічанаў падчас спрэчкі, якая закруцілася вакол аповеду пра Халяву.
— Хто ведае, можа, на тую куццю яны ўжо прачнуцца, — прамовіў Стах.
Хлопцы зірнулі на яго запытальна, не разумеючы ягоных словаў.
— І ў лацінскіх кнігах пішуць, і біскупы так гавораць, што кароль Баляслаў Харобры разам з усімі сваімі рыцарамі заснуў летаргічным сном, і аднойчы яны мусяць прачнуцца, каб змагацца з ворагамі Польшчы. Кажуць, кожны год у ноч, калі нарадзіўся Пан Езус, гэтыя рыцары ажываюць, паўстаюць у падзямеллях каралеўскага палаца ў Кракаве перад каралём Баляславам і пытаюць: прыйшоў час ці не?
Тут Стаха перарваў яго вучань, дванаццацігадовы сын Падгрушнага, які якраз убег у пакой з пасланнем ад бацькі:
— Тата прасіў вас, пане, ісці дадому, бо там прыйшлі двух такіх дзядзяў, і яны хочуць, каб іх дзеці вучыліся разам з намі.
— Та-а-ак? Добра. Вяртайся дадому і скажы ім трохі пачакаць, я зараз прыйду.
Ён скончыў легенду пра заснулых рыцараў Харобрага і, паабяцаўшы наступнага вечара расказаць пра няўлоўнага Нябору, развітаўся і пайшоў.
У адным з завулкаў ля дома Падгрушнага яго нагнаў хлопец з Жужлаў.
— Пачакайце трохі, я хачу нешта спытаць, — сказаў ён. — Вы пэўне ні бежанец. Мне здаецца, што вы Стах Балашэвіч са Смалярні.
Стаху адразу ж закарцела ўжарыць хлопцу ў нос.
«Усё прапала, — падумаў ён. — Скуль ты, халера, узяўся, падлюка таўстаносая?!» — вылаяўся ён пра сябе, аднак вырашыў ні ў чым не прызнавацца, пакуль не зразумее, хто перад ім.
— Ці мала ў свеце падобных людзей? — адказаў ён. — Я ўцякач з Любліншчыны.
— А мне здаецца, што мы на адной лаве ў школе сядзелі.
— У школе? Як жа вас, пане, завуць?
— Маё прозвішча — Петрыкевіч.
— Петрыкевіч?! — радасна ўсклікнуў Стах, упэўнены, што ўгаворыць хлопца маўчаць. — Што ты тут робіш?
— Мы ж ужо чатыры гады як купілі ў Жужлах зямлі. Значыць, я не памыліўся?
— Не памыліўся. Я Стах Балашэвіч.
— Дарагі братка! — абняў хлопец Стаха. — Колькі гадоў!.. Як маешся?
— Добра. Патрэба нацыянальнай важнасці змусіла мяне перарваць на зіму сваю навуку, каб пад чужым прозвішчам прыйсці ў ваш глухі закутак і вучыць людзей.
— Дык ты аж дагэтуль вучышся?
— Ты так пытаеш, быццам не ведаеш, на каго я збіраўся ісці.
— Што, на ксяндза?
— І хутка ім буду. Мне ўжо і плех на патыліцы выстрыглі. Я мог бы табе паказаць, бо за два месяцы ён яшчэ не зарос, але ў такой цемры ты ўсё адно не ўбачыш. Я ўжо, братка, семінарыст.
Петрыкевіч зняў шапку.
— Не трэба, братка, надзень назад. Мяне яшчэ не пасвяцілі. Будзем размаўляць нароўні, як у Вончы. Толькі, калі ласка, нікому не выдавай, што пра мяне ведаеш, ні тут, у засценку, ні ў сваіх Жужлах.
— Калі трэба, то не выдам.
— Пакляніся, бо вядзецца пра важную справу.
— Клянуся.
— Не, братка, трэба па-сапраўднаму. Хадзем бліжэй да будынка.
Яны пералезлі цераз плот і зайшлі пад страху стадолы.
— Перахрысціся і паўтарай за мной, — сказаў Стах. — Патэр ностэр, юрамэнтум Табе, што нікому не выдам ні сапраўднага прозвішча семінарыста Станіславуса, ні ягонага смалярскага паходжання, ні ягонага духоўнага звання — ад сённяшняга дня і да таго часу, пакуль сам Станіславус не дасць мне на тое свайго індуктум. А калі я таго юрамэнту не выканаю, хай гэтую кульпу пакарае Пан Бог перуном, ці пераломам канцавін верхніх і ніжніх, ці заразнай бацылус лепраум, і гэта будзе вельмі справядліва, сэкула сэкулёрум амэн... Памятай, братка: парушыўшы гэтую клятву, ты загубіш не толькі мяне і маіх паплечнікаў, але і самога сябе.
Свае мэты Стах дабіўся. Амаль усе дзеці рыма-каталіцкага веравызнання ў Аколіцы хадзілі да школы. Бацькі ставіліся да Стаха з належнай настаўніку пашанай і слухаліся ягоных парадаў і наказаў. Калі колькасць вучняў дасягнула дваццаці, школу на прапанову Стаха перанеслі ў дом Андрэя Ракіцкага — каб трапіць у ягоны двор, трэба было прайсці безліч самых звілістых завулкаў, якія шмат дзе замыкаліся варотамі, і адамкнуць іх было не проста. Дзеці прабіраліся між платамі. Арганіст, які, развозячы перад святам аплаткі, агледзеў школу і падыходы да яе, сказаў, што паліцыя туды ніколі не трапіць, калі толькі яе не прывядзе які мясцовы нягоднік.
— Але нават калі нехта захоча прывесці, — зазначыў ён, — за той час, пакуль яна пройдзе ўвесь лабірынт завулкаў ці прабярэцца між платамі, як гэта робяць дзеці, і пазмагаецца на кожным дзядзінцы са зграяй сабак, не толькі дзеці паспеюць разбегчыся па дамах, але можна будзе і ўсе школьныя рэчы вынесці.
Размясціўшы школу ў недаступным месцы, акалічане на выпадак з’яўлення няпрошаных гасцей прынеслі рускія азбукі і падрыхтавалі хабар — сорак рублёў золатам.
Найбольш часу і сілаў Стах аддаваў моладзі. Без ягонага ўдзелу не абыходзіліся ніводныя вячоркі і святочныя пасядзелкі: ён расказваў казкі, чытаў газеты, гістарычныя раманы, навучаў прыстойным гульням і танцам, папулярным у Смалярні, ветлівасці, далікатнаму абыходжанню, польскай мове, а некаторых — нават чытанню, развіваў розум маладых людзей, тлумачыў, што адбываецца ў свеце, абуджаў нацыянальную свядомасць і шляхецкую годнасць, распальваў цікавасць да рыцарства і прагу да гераізму. Абмяркоўваючы з хлопцамі даўнія слаўныя бітвы польскіх рыцараў, пра якія ён толькі што вычытаў у рамане, Стах запэўніваў, што ў такія змаганнях удзельнічалі і іх продкі.
— У маіх кнігах гэтага няма, — казаў ён, — але аднойчы ў віленскай бібліятэцы я чытаў рэестр усіх слаўных колішніх палякаў, дык там сярод іншых былі прозвішчы Нілкоўскіх, Ракіцкіх, Падгрушных і Прымакоў. Як цяпер памятаю. Племя, з якога вы паходзіце, Пан Бог стварыў не для калупання ў зямлі. Калі б вы пастараліся, з вас выраслі б слаўныя людзі.
Хлопцы рваліся ў войска. Некаторыя з іх, не чакаючы прызыву, збіраліся ісці пасля запустаў добраахвотнікамі.
— Калі пайду, то, ей-богу, выб’юся ў афіцэры! — казаў Адась.
Аднак пра імкненне польскага народа да незалежнасці, магчымасць зрынуць цара, выбух новага польскага паўстання, неабходнасць да яго рыхтавацца Стах не казаў. Было сярод хлопцаў некалькі такіх, якім ён не давяраў. Каб адкрыць сапраўдную мэту свайго прыходу ў Аколіцу і паказаць абуджанай шляхце дарогу, Стах збіраўся склікаць таемны сход і запрасіць на яго адно вартых даверу. Засталося толькі дачакацца прыдатнага моманту.
Дазнаўшыся, што ў запусную нядзелю ў Аколіцы чакаюць шмат гасцей з далёкіх вёсак і што хлопцы плануюць на той дзень вялікую вечарыну, Стах вырашыў, што гэта найлепшы час. За два дні да нядзелі ён расказаў пра сваю задуму Петрыкевічу, абодвум братам Падгрушным, Адасю Прымаку і Антаку Ракіцкаму, якія былі яму найбольш адданыя, і з іх парадамі і дапамогай падрыхтаваў усё неабходнае.
Яны вырашылі, што найлепшым месцам для сходу будзе пунька Адама Падгрушнага, якая самотна стаіць на лузе, аддзеленая ад вёскі Нілкі альшанікам, а ад Аколіцы — пагоркам. Яны расставілі ўздоўж сценаў жардзяныя лавы, пазатыкалі ў сценах шчыліны, прынеслі лямпу і запрасілі давераных людзей з Аколіцы, Жужлаў, Ладаў і Хутароў. Акалічане мусілі прывесці на сход і сваіх гасцей.
Апоўначы пачалі збірацца людзі. Маладыя пакідалі вечарыну паасобку, старэйшыя ішлі адразу з дому. Усе абіралі розныя шляхі, каб захаваць як мага большую асцярожнасць.
— Навошта ён нас тут сабраў? — набіўшыся ў пуню, трывожна пыталі адзін ў аднаго прысутныя. — Пра якія сакрэты ён збіраецца казаць? Навошта такая асцярожнасць? Можа, якое дзімакрацтва?
Але адказу ніхто не ведаў.
Стах адвёў Петрыкевіча ўбок:
— Калі я цябе выклічу, скажы людзям, што знаеш мяне з дзяцінства і што я тутэйшы, а таксама раскажы, на каго я вучуся. Не кажы толькі, што я Балашэвіч са Смалярні. Памятай, братка!
Сабралася больш за пяцьдзясят чалавек. Стах праверыў, ці ўсе прыйшлі, залез на лаву і пачаў:
— Дарагія панове і браты! Я сабраў вас у гэтай аддаленай пуні, каб шчыра з вамі паразмаўляць. У засценку, пры дзецях, бабах і праваслаўных суседзях гэта немагчыма. Перадусім хачу сказаць, што насамрэч я не бежанец. А хто я такі, зараз вам раскажа пан Петрыкевіч.
— Так, я ведаю пана настаўніка з таго часу, як яму было дзесяць, — прамовіў Петрыкевіч. — Ён — чалавек тутэйшы і ўжо мае духоўнае званне.
Людзі знялі шапкі.
— Не трэба, не трэба, — запярэчыў Стах. — Я ўсяго толькі семінарыст, а да таго ж не збіраюся прамаўляць пабожную казань. Надзявайце назад, бо холадна.
Дык вось, дарагія панове і браты. Я прыйшоў да вас як бежанец, як свецкая асоба, каб прасцей было да вас наблізіцца і зразумець, хто з вас сапраўдны паляк, хто нічога не баіцца, хто варты сваіх слаўных дзядоў. Мяне адправілі сюды, каб выбраць такіх людзей, таемна сабраць іх, што я сёння і раблю, і паведаміць ім, што ўвесь польскі народ — і пад немцамі, і пад аўстрыякамі, і пад Расіяй, і нават у Амерыцы — рыхтуецца да новага паўстання.
Слухачы неспакойна заварушыліся на сваіх месцах і пераглянуліся.
— Рыхтуецца паўстанне, — працягваў Стах, — але не за вяртанне прыгону, як кажуць некаторыя шэльмы, а за польскага караля. Рускі цар хай сабе кіруе ў Расіі за Дняпром, а мы тут хочам караля польскай веры, як гэта было калісьці — доўгія стагоддзі таму, аж ад пачатку свету. За свайго караля, за свабоду і справядлівасць. Мы хочам мець права будаваць касцёлы, калі і дзе нам заманецца, хочам, каб у нашых канцылярыях пісалі па-польску, і хочам служыць у сваіх польскіх палках. Так, у сваіх палках, і не ў пяхоце, носячы на сабе хатулёк на два пуды не раўнуючы бабы, што ідуць з ахвяраваннямі ў Бялынічы, а на кані, са шпорамі на нагах, з шабляй на баку і кутасам ці пяром на капелюшы, так, як служылі нашыя прадзеды і як мусіць служыць нашае рыцарскае племя, — вось за што мы хочам падняць паўстанне.
І калі мы яго падымем і ўсе на яго дружна пойдзем, калі мы, тутэйшыя, да яго далучымся — у чым я не сумняваюся, бо калі не дапаможам, нас назавуць шалудзівымі, — тады мы тое, чаго захочам, заваюем, тое, што захочам, усталюем. Толькі трэба добра падрыхтавацца. Трэба, каб у кожнай гаспадарцы былі дагледжаныя коні, прыдатныя для верхавой язды, трэба рыхтаваць сёдлы. Калі ў горадзе іх на продаж няма, можна самастойна сшыць з аўчыны і прыладзіць страмёны.
Далей. Трэба пачысціць стрэльбы, закупіць патронаў, пораху і капсуляў і выкаваць стальныя штыхі. Калі ў каго ёсць стары шляхецкі меч, то яго трэба дастаць і навастрыць. І рабіць усё ў таямніцы, каб заўчасна сябе не выдаць.
Дзеля гэтага я вас сёння і сабраў, гэта і хацеў паведаміць.
А цяпер вяртайцеся дадому гэтак жа, як прыйшлі сюды, па адным, рабіце тое, што я сказаў, перадавайце мае словы сваякам і знаёмым, якія пакуль нічога не ведаюць, і чакайце, калі ўсё пачнецца. Ідзіце з Богам.
Пасля сходу ў пуні акалічане пачалі ўшаноўваць Стаха як ксяндза. Вылучылі яму асобны, найлепшы ва ўсім засценку пакой — высокі, патынкаваны, з двайнымі вокнамі, з відам на садок ля самага дома, луг і алешыну — да яе ад будынка трохі менш за стаю, — і на сасновы бор удалечыні. Пакой павысцілалі палатнянымі дарожкамі, каб не было чуваць крокаў. На ложак паклалі падушкі пад галаву і пад бок. Кожны дзень у Стаха былі свежыя анучы для ботаў. Ваду для ўмывання яму падавалі злёгку падагрэтай у меднай місе, а разам з ёй — барскае мыла і заўсёды свежы, толькі з-пад качалкі, ручнік. Што да ежы, дык у яго пачаліся сапраўдныя велікодныя святы. На сняданак была гарбата, пшанічная булка, свежы падсалоджаны сыр, а часам яшчэ і блінцы, на абед — фаршыраванае парася альбо курыца, пшанічныя варэнікі, што аж плавалі ў тлушчы, прасяная каша, звараная на малацэ і прыпраўленая маслам і змяшанай з тварагом смятанай, на вячэру — шатраваныя грачанікі, верашчака са свінымі скабкамі і макарона на малацэ. У серады і пятніцы, посныя дні, замест мяса і малака яму прыносілі свежую рыбу найлепшай якасці, падсмажаную на алеі, селядцоў, аўсяны і журавінавы кісель, што запіваўся разбаўленым мёдам, мак, варэнне і пячэнне. Жанчыны, што прыслужвалі яму, хадзілі на дыбачках і размаўлялі шэптам. Сустрэўшыся з ім, людзі пакорліва кланяліся. Тыя, хто хоць раз груба пры ім выказаўся, прыходзілі прасіць прабачэння і малілі вызначыць ім кару.
Стах на сто адсоткаў дасягнуў свае мэты і мусіў ужо шукаць новае поле для дзейнасці, аднак яму хацелася трохі пажыць у выгодзе. Ён пераконваў сябе, што стаміўся і заслужыў двухтыднёвы адпачынак. Ён напісаў адзін ліст бацьку, а другі Казіку, паведамляючы пра свае поспехі ў Аколіцы і распытваючы пра іншыя, самыя абруселыя засценкі, — і адпачываў. Урокі дзецям скараціў да мінімуму, з моладдзю займаўся разы два на тыдзень, а рэшту часу еў і спаў, спаў і еў. Часам браў у гаспадара стрэльбу і ішоў у лес.
Аднаго разу Стах заблукаў, і калі б не два хлопцы з Нілкі, якія скарысталіся тым, што пачаўся снегапад, і выбраліся па прыкмечанае раней лыка, заначаваў бы ў лесе. Калі ён вярнуўся, было ўжо за восьмую. Не паспеў ён зняць футэрка, як да яго прыйшлі Павел Падгрушны і Адась Прымака. Яны былі вельмі ўстрывожаныя.
— Справы кепскія, пане, — сказаў Падгрушны. — Васілёў Коля схаваўся тады ў пуні ў сене і падслухаў усё, што вы казалі.
— Які гэта Васілёў Коля?
— Той, якому мы раз на вечарыне далі па пысе, бо ён Ядзьку Нілкоўскую па матушцы абазваў, — растлумачыў Адась.
— Мы чулі, што ён ужо данёс урадніку, — дадаў Падгрушны.
У Стаха задрыжалі ногі.
— Ужо данёс? Дзякуй Богу, што вам удалося гэта вынюхаць: можна своечасова схаваць зброю, — сказаў Стах, стараючыся захаваць спакойны выгляд.
— Зброю дык мы ўжо, хто што падазронае меў, пахавалі. Засталося толькі прыбраць Колю. Калі яго не будзе, дык вам, пане, нічога не зробяць, бо мы, хоць рэж нас на кавалкі, не прызнаемся.
— Вы што, збіраецеся яго забіць?!
— Калі не забіць, дык задушыць шчанюка.
— Я не дазваляю! Не магу я на свой страх такое дазволіць. Гэта трэба старэйшых нашых пытаць, што з такой птушачкай рабіць. Я зараз жа еду ў Бабруйск, — гэта была выдатная нагода ўцячы. — Ідзіце, панове, падрыхтуйце мне сані і збярыце сюды колькі нашых людзей: я растлумачу, што вам рабіць, пакуль я не вярнуся, і як апраўдацца перад паліцыяй, калі яна днямі з’явіцца. Жыва, панове!
Падгрушны з Адасем выйшлі — і ўбачылі ў варотах сані з паліцыяй. Адась кінуўся папярэдзіць Стаха.
— Пане! Ураднік прыехаў! Уцякайце! Хутчэй!
— Уцякаць? Куды? Як? — разгублена круцячыся, пытаў Стах.
— Ды хоць як! Праз акно можна. Хутчэй!
Стах схапіў шапку і праз сенцы скочыў у камору, прыгадаўшы, што там ёсць веснічкі ў сад. Ён намацаў засаўку, адчыніў яе і з усяе моцы ўдарыў у веснічкі нагой. Яны разнасцежыліся. Стах кінуўся на дзядзінец, але не паспеў зрабіць і кроку, як двое соцкіх схапілі яго за рукі і за горла.
— Стой, машэннік! Не уйдзёш! — рыкнулі яны.
На іх крык з боку яловага жываплоту прыбеглі яшчэ два нягоднікі.
Схаваўшыся ў садзе, яго ўжо добрую гадзіну чакала шасцёра соцкіх, тым часам як ураднік з жандарамі з трыма санямі затаіліся ў алешніку.
Пакой Стаха і школу паспешліва абшукалі. Усе польскія кнігі, у тым ліку дзіцячыя лемантары, канфіскавалі і разам з арыштантам, якому звязалі вяроўкай рукі, павезлі ў Кросна. Не дапамаглі ні просьбы акалічанаў, ні прапанаваны хабар — дзвесце рублёў золатам.
Завіруха, якая пад вечар нібыта палагаднела, зноў ператварылася ў буран. Скуголячы і бегаючы навыперадкі, быццам спушчаныя з ланцуга сабакі, у полі насіліся падобныя да слупоў дыму віхры. У адным месцы снег уздымаўся над зямлёй, нібы пыл, у іншым — змятаўся ў гурбы. Мароз стаяў сібірскі, аднак у лесе трохі пацяплела.
— Скажы мне, паніч, па-харошаму, — па-руску звярнуўся да Стаха ўраднік, калі яны заехалі ў лес, — якая ў цебя фамілія?
— Вы мяне што, сабакам лічыце? Я ж ужо сказаў, што мяне завуць Пётр Яблонскі і што я з Любліна.
— Эта фамілія выдуманая, а я хачу знаць настаяшчую.
— Іншай у мяне няма.
— Вот я табе ў воласці харашэнька ўсыплю — ты мне не так запаёш.
— Адбівацца ад вас я не буду, але мушу папярэдзіць, што я шляхецкі сын, а мой родны дзядзька — следчы ў Віцебску. Ён вам прыпомніць маю крыўду!
— Дзядзька, значыць, следавацель, а пляменнік — мяцежнік!
— Няпраўда. Васілёў Коля са злосці ўзвёў на мяне паклёп, бо я яму неяк даў у морду за непрыстойныя паводзіны.
— Значыць, ты саўсем не вінават?
— Вінаваты я толькі ў тым, што вучыў дзяцей польскаму алфавіту, тут няма за што не толькі біць, а нават і арыштоўваць.
— А чаго ж ты ўбягаў, еслі не вінават?
— Хто ўцякаў? Я ўцякаў? Ды я па сваёй патрэбе заўсёды хаджу праз тыя дзверы ў сад.
— Ну, тагда эта я вінават. Прасці, брат! Вот пераначуеш у меня на мяккай пярынцы, пазаўтракаеш і вярнёшся на маім кані ў Аколіцу. Прасці.
Стах зразумеў, што з яго здзекуюцца.
— Калі мяне не вызваліце вы, дык вызваліць станавы прыстаў, а калі не станавы, то начальнік земскай паліцыі. Мяне ж за гэта не павесяць. Аднак шчыра кажучы, я б хацеў, каб мяне выпусцілі вы, і калі вы гэта зробіце, то добра на гэтым выйграеце. Па-першае, пазбегнеце магчымай вымовы ад начальніка паліцыі за тое, што арыштавалі мяне, вучонага і высокараждзённага чалавека, прычым толькі на падставе галаслоўнага даносу нейкага смаркача. Па-другое, з пустымі кішэнямі вы не застаняцеся. Дзвесце рублёў золатам на дарозе не валяюцца. Акалічане могуць яшчэ сотку зверху накінуць. Дасце жандарам па папяровым траячку, соцкім — па рублі, а Колю — добра ў морду, каб ён больш у чужыя справы нос не тыкаў, і ўсё будзе ціха і прыстойна. А калі вам аднойчы…
— А ты хітрая пціца, нічыво не скажаш, — перарваў яго ўраднік. — Аднака ж гаварат, Зміцер хіцер, но і Саўка не дурак. Ты ка мне не падступішся і з маіх рук не выкруцішся. Я з табой у воласці пагавару, машэннік!
Адны сані звярнулі на Падрэчча — чатыры соцкія адправіліся дадому. Заязджаючы ў Кросна, ураднік адпусціў і другія сані з рэштай памочнікаў, а сам паехаў да ганка валасной управы, гукнуў вартаўніка, загадаў распрэгчы каня і разам з санямі паставіць пад паветку і павёў Стаха ў зборню. Гэта была агромністая зала з двума вялікімі вокнамі і аж дванаццаццю дзвярыма, двое з якіх вялі вонкі, двое — у турэмныя камеры, адны — у галоўную канцылярыю, а рэшта — у кабінеты войта, пісара, старшага памочніка і ў іншыя памяшканні.
Нягледзячы на досыць позні час, у зборні было людна і шумна. На лаве з боку дзядзінца сядзелі сяляне-просьбіты, у цэнтры туды-сюды праходжваліся фельчар і начальнік пошты, а двое хлопчыкаў-пісарчукоў ганяліся адзін за адным па пакоі. Калі ў зборню ўвялі звязанага арыштанта, усе адразу ж у яго ўтаропіліся. Начальнік з фельчарам падышлі да ўрадніка.
— Гэтага мальчугана што, прыгаварылі к расстрэлу, што вы яго вяроўкамі скруцілі, га, Даніл Іванавіч? — іранічна спытаў фельчар.
— Этат мальчуган хужэ настаяшчава бандыта, — адказаў ураднік.
— Паліцічаскі, — шапнуў фельчару начальнік, які ўжо, відаць, быў у курсе.
Ураднік завёў Стаха ў адну з камер, развязаў яму рукі і загадаў зняць футэрка.
— Але ж гаспадзін ураднік, у гэтай лядоўні я без яго замерзну насмерць, — абурыўся Стах, убачыўшы, як праз разбітую шыбу ў камеру густа валіць снег.
— Аддавай, гавару, ты, высокараждзённая польская морда! — рыкнуў ураднік, тупнуў нагой і ўдарыў Стаха ў твар.
Стах паспешліва зняў футэрка і аддаў яго ўрадніку. Той яшчэ сарваў з ягонай галавы шапку, ляпнуў дзвярыма і замкнуў іх на замок.
Стах у адчаі паваліўся на ляжанку.
— Значыць, трапіўся, — сказаў ён. — Так раптоўна і нечакана. Я і ўявіць такое не мог. Чаму я не пайшоў з Аколіцы на другі ці трэці дзень? Спрытны ты, братка, але не да канца. Булак пшанічных і грачанікаў захацелася нажэрціся, ну дык от табе, дурню. Што ж цяпер рабіць? Што са мной будзе... — тут ён зразумеў, як моцна сумуе па Смалярні і сваёй хаце, і ўздыхнуў: — Эх, каб жа вось так заснуць і прачнуцца ў сябе дома на печцы!
Усё большыя роспач і жаль ахіналі ягонае сэрца, усё большы сум па доме апаноўваў яго, і ўрэшце ён расплакаўся, як малое дзіця.
Але доўга на ляжанцы ён не вытрымаў. Праз разбітае акно мяло, як з кавальскіх мяхоў. Холад пранізваў Стаха да касцей.
— Калі я буду так ляжаць, то памру, не дачакаўшы світання, — падумаў Стах, а тады ўстаў і пачаў хадзіць па камеры, не перастаючы наракаць на сваю нядолю. — Што ж цяпер рабіць? Што са мной будзе? — пытаў ён сябе. — Біць мяне будуць, а што яшчэ? Пабоі, пратаколы, высылка. Халера, хітры чорт гэты кацап — ні падысці да яго, ні падкупіць… Нічога тут, братка, не парадзіш, давядзецца пацярпець, — Стах спрабаваў змірыцца з лёсам. — Вось толькі прызнавацца не буду, што б там ні было. Хай хоць рэжуць мяне, як тады стараверы.
Гамана сялянаў у зборні пакрысе змаўкала. Яшчэ нейкі час Стах чуў, як замыкаюцца дзверы і грукочуць па падлозе боты, але ўрэшце запанавала цішыня.
Добрых хвілінаў пятнаццаць у доме не было ні гуку. Стах думаў, што ўсе разышліся адпачываць, як раптам у нейкім аддаленым пакоі грымнулі гучныя мужчынскія галасы. Гамонка, смех, а пасля — гукі балалаек і, нарэшце, спеў.
— А гэта яшчэ што, чорт падзяры? — здзівіўся Стах. — Балююць і спяваюць падчас посту? Мабыць, яны ўсе п’яныя. Здабылі, відаць, недзе самагонкі.
Ён услухаўся ў спевы і пазнаў сярод галасоў гідкі рык Даніла Іванавіча.
— Скуралуп выпівае за поспех сваёй аблавы, — з нянавісцю шапнуў Стах. — А як жа — цешыцца, падла. От каб я мог адсюль выбрацца, не ўбачыў бы ты мяне як сваіх вушэй. Ты ж, можа, і жандара не пакінуў.
Ён ударыў кулаком у дзверы — ціша. Ударыў яшчэ раз — вынік той жа.
— Няма! — узрадаваўся Стах. — Варта паспрабаваць. Пад ляжачы камень вада не бяжыць.
Ён пачаў шукаць, як выбрацца. Адышоў на колькі крокаў назад і з разгону ўдарыў у дзверы плячом. Дзверы не варухнуліся. Тады Стах дацягнуўся да акна і паспрабаваў вырваць краты, але яны былі як прыкляпаныя. Агледзеў сцены з боку двара і зборні, падлогу — глухая кладка.
— Ого, падлюка ведае, што з камеры не збяжыш, інакш не пакінуў бы мяне без жандара, — цяжка ўздыхнуў вязень. — Нічога, братка, не паробіш.
Раптам ён пачуў крокі, што набліжаліся да турмы.
«Відаць, кацап ідзе мяне правяраць», — з трывогай падумаў Стах. Аднак тут рыпнулі дзверы суседняй камеры. Стах прыслухаўся — нібыта грукнула вечка ад цэбра. Пасля яшчэ і яшчэ. Потым зноў рыпнулі дзверы, і крокі аддаліліся. Аднак ключ не бразгатаў.
— Значыць, тая другая камера пустуе, і яе выкарыстоўваюць як спіжарню, — здагадаўся Стах. — Варта зірнуць, можа, гэтая сцяна слабейшая.
Ён агледзеў сцяну, якая аддзяляла яго ад спіжарні, і зразумеў, што гэта загародка з гарызантальна пакладзеных дошак, прыбітых адна да адной у трох месцах: на канцах і пасярэдзіне. Аглядаючы сцяну далей, Стах высветліў, што некаторыя дошкі пад ляжанкай падгнілі. Відаць, з таго часу, як у Кроснах адкрылі манапольку, п’янчужкі не вылазілі з арышту і мачыліся на сцяну, не ўстаючы з ляжанкі і нават не прачынаючыся.
У Стаха з’явілася надзея.
Аднак нават прагнілыя дошкі не паддаваліся ні сіле ягоных рук, ні ўдарам абцаса. Іх трэба было падкалупнуць.
— Чым бы іх таго... — шукаў выйсця Стах. — Каб жа сюды хоць якую жалязяку, хоць бы які цвік.
Ён палез у кішэні, але знайшоў там толькі кавалак крэйды.
«А што, калі адарваць ад бота падкову?» — раптам падумаў ён.
Ён вылез, сцягнуў з нагі бот, колькі разоў ударыў абцасам аб каваны рог ляжанкі і, аслабіўшы такім чынам мацаванне падковы, узяўся за адзін яе канец зубамі, сарваў з абцаса, а пасля пачаў аддзіраць падкову рукой, папярэдне абгарнуўшы яе крысом пінжака, — і ўрэшце ададраў. Падкова аказалася дасканалай прыладай: адзін яе канец быў востры, а другі — тоўсты, яго было зручна трымаць у руцэ.
Ён вырваў кавалак падкладкі, загарнуў у яго таўсцейшы канец падковы, залез пад ляжанку і пачаў выпілоўваць вертыкальную шчыліну ў самай гнілой дошцы. Надзея на хуткае вызваленне дадавала яму сілаў і энергіі. Пілавінне сыпалася, бы з-пад зубцоў сапраўднай пілы.
Спеў і крыкі гуляк не змаўкалі і рабіліся ўсё больш узбуджанымі.
— Давайце, галасіце, кацапы, — прыгаворваў Стах, заўзята пілуючы. — Не бачыць вам мяне як сваіх вушэй. А калі ў зборні нікога няма, я яшчэ і штуку якую прыдумаю для вашага малойчыка за тую шчодрую аплявуху. Шкада толькі, што адзенне ў мяне занадта тонкае на такую завіруху. Але гэта глупства, не прападу. Мой жа дзядунька, вечны яму спачын, расказваў, як аднойчы ў маладосці, уцякаючы ад казакоў, прабавіў у лесе цэлую зімовую ноч у адным споднім і басанож — і не памёр. А ў мяне ёсць боты і спінжачок.
Адчуўшы, што падкова прайшла скрозь дошку, ён ад радасці засмяяўся, а пасля ўпёрся плячыма ў сярэднюю ножку ляжанкі, а нагамі — у падпілаваную дошку і выпрастаўся. Адзін з яе прыбітых канцоў трэснуў, дошка зарыпела, прагнулася — і з’явіўся пралаз. У яго якраз магла ўціснуцца галава.
— А калі праходзіць галава, то пройдуць і плечы!
Стах не траціў часу. Ён хвіліну прыслухоўваўся, а пасля надзеў бот, паклаў у кішэню пілавінне і падкову, каб не пакідаць слядоў уцёкаў, пералез у суседнюю камеру і зноў шчыльна прыціснуў падгнілую дошку да іншых.
Цяпер ён быў пад ляжанкай другой камеры. Вылезшы з-пад яе, ён зразумеў, што здагадкі пра прызначэнне памяшкання былі правільныя: вакол стаялі бочкі, цэбры, дзежы.
Ціхутка прачыніўшы дзверы, Стах высунуў галаву ў зборню.
Пакой тануў у паўзмроку — лямпу, што вісела пад столлю на ланцугу, падкруцілі так, што яна ледзь гарэла. На сцяне ля дзвярэй, з-за якіх чуліся крыкі гуляк, віселі палітон урадніка, башлык і шапка. Два вяскоўцы, якія, відаць, прыехалі здалёк, храплі, загарнуўшыся ў буркі, на лаве, а адзін з валасных жандараў — у куце. Стах прабегся вачыма па сценах, але свайго футэрка не знайшоў.
«Ці не ўзяць ягоны шынялёк? — да Стаха вярнулася дзёрзкасць. — А калі якраз у той момант, як я буду яго браць, нехта адтуль выйдзе ці хтосьці з гэтых дзядоў прачнецца, што тады? — перасцерагаў ён сябе. — Ён з цябе зажыва здзярэ скуру. Хаця, вядома, было б някепска пажартаваць з кацапа за тую аплявуху».
Стах стаяў, не ведаючы, што рабіць. У галаве праносіліся ўсё новыя нахабныя задумы, махінацыі, ідэі, асцярогі. Ён ведаў, што нельга губляць ні хвіліны, што дзейнічаць трэба хутка, але не мог наважыцца на той ці іншы нахабны ўчынак. Яго нібыта нешта трымала. Сэрца тарахцела, быццам кулямёт, ногі падгіналіся, валасы ўставалі дыбарам, а сам ён тросся бы ў ліхаманцы.
— Адзін раз на свеце жывём! — урэшце рашыўся ён, перажагнаўся, выйшаў у зборню, замыкаючы за сабой дзверы, наблізіўся да дзвярэй сваёй камеры, выцягнуў з кішэні крэйду і напісаў:
Змицеръ хицеръ, но Данило — дуракъ.
Ушолъ полякъ.
Пасля Стах на дыбачках падышоў да адзення, якое вісела на сцяне, зняў яго, знайшоў знізу шаблю, узяў яе таксама і выйшаў у сенцы, што вялі да галоўнага выхаду. Пераканаўшыся, што ніхто ў зборні не прачнуўся, ён паспешліва апрануўся, зноў выцягнуў крэйду і напісаў на сцяне яшчэ шэсць з’едлівых радкоў, адрасуючы іх Данілу:
Мяне ўжо не ўбачыш, балване,
Са мной твае шабля і ўбранне,
Ты ж ведаеш — снег бушаваў цэлы дзень,
Я выкіну потым гэтую дрэнь,
Бо нешта занадта падлінаю тхне —
А барын няхай не злуе на мяне.
Потым Стах выйшаў на падворак. Завіруха шалела яшчэ горш, чым раней. У двух дамах на іншым баку валаснога пляца гарэла святло. Стах не ведаў, гэта людзі ўжо прачнуліся ці яшчэ не клаліся.
— Не, братка, праз мястэчка небяспечна, — сказаў ён сабе.
Ён павярнуў налева і пайшоў уздоўж валасных будынкаў, з мінулага прыезду памятаючы, што ў канцы выйдзе ў вузкі завулак, які лучыць пляц з глухой надрэчнай вуліцай.
Ідучы ўздоўж паветкі, Стах пачуў, як у ёй захрумсталі коні.
«Нашто мучыцца і ісці пехатой, калі можна ўзяць каня, — падумаў ён. — Адказнасць усё адно тая самая».
Ён увайшоў праз браму ў паветку, знайшоў каня ўрадніка, адвязаў, сцягнуў з яго гуньку, вывеў на пляц, сеў верхам і як вецер паляцеў прэч.
Запаволіўся Стах толькі ў лесе, на дарозе, як ён меркаваў, у Аколіцу. Сэрца грукала быццам молат, мозг, здавалася, вось-вось разнясе чэрап на кавалкі, адзенне вымакла да апошняй ніткі, а вусны перасохлі. Конь быў увесь у пене, ад яго клубамі валіла пара.
Стах нахіліўся, схапіў жменьку снегу, каб суцішыць гарачку, і задумаўся пра свае ўцёкі і далейшыя планы.
— Значыцца, я збег і адпомсціў кацапу, прычым так, што лепш і быць не можа! Хацеў бы я яго ўбачыць, калі ён прачытае на дзвярах маё пасланне і зразумее, што мяне няма. А пасля яшчэ даведаецца, што я яго абчысціў, і знойдзе мае радкі ў сенцах. Каб жа толькі ніхто іх не выцер да таго, як ён іх убачыць! Ашалее ж, падла! Калі б я зноў трапіў у ягоныя рукі, ён без суду душу б з мяне дастаў. Трэба так зашыцца, каб не ні слыху ні прослыху. Але дзе?
Калі б я добра ведаў гэтыя мясціны, то мог бы ў такую завею, абмінаючы вёскі, незаўважна дабрацца да Смалярні, а там я як у Пана Бога за печчу. І нават лепш, чым за печчу — ніхто, апроч Петрыкевіча, не ведае, хто я і адкуль. Але пытаць у вёсках дарогу небяспечна. Магу не толькі трапіцца сам, але і на нашых бяду наклікаць.
Добра ўсё ўзважыўшы, Стах пастанавіў ехаць у Аколіцу, там пераапрануцца і ўцякаць за Друць. Бо няма сумнення, што пакуль ён дабярэцца да засценка і выедзе з яго, уцёкі заўважаць і за вязнем кінецца пагоня, таму дарога да Смалярні нават з добрым правадніком будзе рызыкоўнай.
Стах секануў каня па жываце бярозавым дубцом і зноў паляцеў як вецер. Галавакружная язда, завіруха, стогны лесу і паспяховыя ўцёкі ап’янялі яго, і ў думках ён бачыў сябе ў атрадзе Кміціча. Яму мроілася, што ён такі ж слаўны коннік і гэтак жа дасканала валодае шабляй, як Кміціч ці прынамсі Сарока. Ён выцягнуў шаблю і пачаў ёй абсякаць галіны справа і злева. Яму шалёна захацелася зрабіцца ўланам.
Выехаўшы ў поле, Стах запаволіўся да рысі і ўважліва агледзеў ваколіцы — мясцовасць падалася яму чужой. А завіруха бушавала. Наўкола снег, шэры паўзмрок, сумёты. Удалечыні, там, дзе мусіла ісці дарога, Стах убачыў цёмную пляму, што рухалася ў яго бок. Гэта былі ці то сані, ці то група людзей, і чым бліжэйшай рабілася пляма, тым больш нагадвала людзей і менш — сані. Так, гэта былі людзі — яны ўжо выразна бачныя, — прычым ідуць ці то з кіямі, ці то са стрэльбамі. Чалавек дваццаць, не менш.
У Стаха аж душа ў пяты зайшла. Ён не верыў, што гэта пагоня, але сустрэць у такі час і ў такое надвор’е тую грамаду было надта небяспечна.
Яму было няёмка збягаць ад людзей, якія хай і былі ўзброеныя, але маглі не мець на яго конт кепскіх намераў, таму ён паехаў насустрач.
— Набок, рабяты, ваенны ганец едзе! — крыкнуў ён.
Грамада расступілася, аднак калі ён апынуўся паміж шэрагамі людзей, двое хлопцаў тут жа схапілі каня за аброць, а іншыя, падняўшы палкі, каб ударыць, а стрэльбы — каб смальнуць, пранізліва закрычалі:
— Рукі ўгору ці памрэш!
Стаха ўмомант працялі жудасны страх і бязмежная радасць — ён пазнаў аколічную моладзь.
— А, хлопцы, дык гэта вы?! — усхвалявана закрычаў ён.
Твары хлопцаў выцягнуліся, з усіх бакоў пачуліся здзіўленыя крыкі, а палкі і стрэльбы апусціліся.
— Вось дык навіна! Вы ўжо бандай на гасцінец выходзіце! — і ўжо іншым тонам Стах пачаў іх сароміць, хоць здагадваўся пра іх шляхетныя намеры.
— Але ж пане!.. Мы адправіліся… — апраўдваліся яны.
— Ага, цяпер, значыць, «пане», калі вас заспелі на гарачым, — Стах не даваў хлопцам раскрыць рота. — Вось чым шляхта занялася! Хіба гэтаму я вас вучыў?..
— Мы думалі, што гэта стражнік, — сказаў Адась Прымака.
— Што стражнік? А стражнік ужо не чалавек? Яго і рабаваць можна?
— Нічога мы не рабавалі, — прамовіў Антак Ракіцкі. — Мы ішлі вас ратаваць.
— Мяне ратаваць? І хто ж вас адправіў? Хіба я не даваў вам знакі, калі мне звязвалі рукі, каб вы сядзелі ціха, бо я вярнуся да вас яшчэ да рання? Яны, значыць, узброіліся і ўсёй хеўрай ішлі мяне ратаваць. На ўправу хацелі напасці. Толькі падумайце, што б вам за гэта было! Вас бы за гэта ўсіх выслалі ў Сібір.
— Нашыя дзяды нічога не баяліся — і мы не баімся, — ганарліва прамовіў Адась.
— У вашых дзядоў хапала не толькі мужнасці, але і клёку, а ў вас яго — ні на шэлег. Загінуць — справа няцяжкая, але варта глядзець, якая з гэтага карысць. Чаму вы не спыталі ў старэйшых? Божа, Божа, ну і галовы!
Ён накрычаў на іх, налаяўся і ўрэшце коратка расказаў пра свае ўцёкі і помсту Данілу.
Хлопцы не маглі надзівіцца яго смеласці і спрыту. З развітальных надпісаў яны смяяліся так, што ледзь не надарвалі жываты.
— Дык вас ніхто па дарозе не сустрэў? — спытаў Стах, калі яны насмяяліся.
— Ніхто. Галушкі мы абышлі па выгане, — адказаў Антак.
— Ну і добра. Дзякуй Богу, што я на вас наткнуўся, а то неўзабаве вы маглі спаткацца з сапраўднай паліцыяй. А цяпер раздзяліцеся на групкі і вяртайцеся ваўчынымі сцежкамі дадому. І каб нікому ні слова! Калі прыйдзе час узняць паўстанне, не бойцеся, я вас папярэджу.
Ён сардэчна з усімі развітаўся, падрабязна распытаў пра дарогу на Падрэчча, дзе вырашыў пакінуць каня, каб замесці след, і паскакаў прэч.
На досвітку Стах быў ужо за колькі вёрстаў ад Аколіцы і ехаў з Паўлам Падгрушным у санях. На ім была тыповая для некаторых вёсак лямцавая магерачка, завязаная на спіне шэрая сярмяга, на нагах — парцянкі і лапці. Шынель і паліцэйскую фуражку яны засунулі ў Нілку пад лёд, а шаблю забраў Адась Прымака, які вярнуўся ў Аколіцу, калі яны адтуль выязджалі.
На пачатку дня надвор’е моцна змянілася. Неба яшчэ было злёгку захмаранае, але завіруха скончылася, а вецер сціх. Усюды блішчала прыемная некранутая белата і панавала ціша, адусюль веяла такой свежасцю, што аж люба было глядзець, слухаць і дыхаць.
Коні ішлі шпаркай рыссю — свежы снег ляжаў у лесе роўна і неглыбока. Дзе-нідзе, аднак, Стах з Паўлам запавольвалі іх да кроку і гаманілі. Стах падрабязна расказваў пра свае ўцёкі, сцвярджаючы, што не першы раз трапляе ў такія прыгоды. Падгрушны захапляўся аповедам і апісваў ваколіцы і дарогі на выбраным Стахам маршруце.
— Калі ласка, добра запомніце ўсё, што я вам кажу, — нагадваў Падгрушны, — каб пасля ні ў кога дарогі не пытаць. Паўтараю яшчэ раз. Калі вы, пане, міняце Галаднічча і поле за ім, то ўвойдзеце ў старынны лес. Там трэба сачыць за дарогамі, што ідуць налева. Другая па ліку вядзе ў Мятку. Пойдзеце, пане, у той бок і праз дзве вярсты выйдзеце на раздарожжа. Там трэба ўзяць улева. Пасля пройдзеце яшчэ пару вёрстаў — і зноў будзе раздарожжа. Там ужо трэба выбраць правую дарогу. Адтуль да Мяткі — усяго паўтары вярсты. Другая хата з канца — майго швагра, таго, што гасцяваў у мяне на Трох Каралёў. Ён вас, пане, адразу пазнае, як толькі вы скінеце сярмягу і шапку, і зробіць усё, што трэба. У яго можна і пераначаваць, але лепш хай ён запражэ каня і адвязе вас уначы да свайго цесця ў Жмуркі, дзе вы будзеце ў поўнай бяспецы — там не толькі іншая воласць, але ўжо і іншы павет. А як будзеце праязджаць праз грэблю на Друці, хай ён прыкрые вас гарохавай саломай, бо на млыне заўсёды шмат народу — там могуць быць людзі з Кросна, Багалюбаў і Падрэчча.
Апоўдні яны пачалі развітвацца. Да Галаднічча заставалася яшчэ блізу сямі вёрстаў, але Падгрушны пятляў малавядомымі, а то і зусім закінутымі сцежкамі, каб заблытаць сляды, і дарэшты змучыў каня.
Стах закінуў за плечы клунак з ботамі і харчам на раз і пайшоў, насвістваючы «Акуліну». Спачатку адчуваў у нагах вялікую слабасць і стому, але калі разварушыўся, то пакрочыў нават досыць шпарка.
Да Галаднічча Стах дабраўся ўжо тады, калі людзі кармілі на ноч быдла. Не спыняючыся ён пайшоў далей.
У полі яго нагналі сані. Стах адышоў з дарогі, прапускаючы іх наперад.
— Сядзь, парань, падвізу! — крыкнуў яму па-руску пажылы селянін.
— Дзякуй, я пакуль не стаміўся, пайду пехатою, — адмовіўся Стах. Ён не хацеў расказваць, куды ідзе, а яшчэ больш — каб нехта бачыў, як ён зварочвае з гасцінца на Мятку.
— Да сядзь, кажу цебе! — паўтарыў селянін, прытрымліваючы каня.
Яшчэ адна адмова магла выклікаць падазрэнне, і Стах вырашыў прыняць запрашэнне.
— Як кажуць старыя, — прамовіў ён, падаючы на развалкі, — б’юць — бяжы, даюць — бяры. Калі вы самі запрашаеце, дык чаму ж мне вашую ласку не прыняць?
— Як стары гаворыш. Ну, і куда ж Бог несе?
— Ды вось у Бялынічы іду.
— Ого, так даляко.
— У мяне там сястра замужам, дык яна перадала нам праз людзей, што яе мужа, а майго швагра на вайне забілі. Іду дазнацца, ці праўда гэта. Калі праўда, то шкада маладога чалавека.
— Нічыво, дзеткі, не здзелаеш, нада помніць, што за цара гэта… А гдзе начаваць думаеш? Ужэ ж вечар.
— Калі я выходзіў з дому, то думаў у Варонічах. Але дзе цяпер заначую, таго сам яшчэ не ведаю, — павагаўшыся, адказаў Стах, запытальна гледзячы селяніну ў вочы, бо тыя Варонічы Падгрушны згадваў толькі мімаходзь, і Стах не ведаў нават, у якім яны баку.
— У Варонічах? — перапытаў стары, быццам не верачы вушам.
— А што вы, дзядзька, так дзівіцеся? — Стах зразумеў, што сказаў дурасць. — Я ж кажу, што гэта я так думаў, з дому выходзячы. А я ж ведаю, што яны засталіся далёка злева.
— Да не злева, а справа, — паправіў яго селянін.
— Я так і хацеў сказаць — справа. Халера, заўсёды блытаю права і лева, і калі трэба сказаць дакладна, то падымаю руку, каб перахрысціцца, і тады ведаю, якая правая.
— Да, дзеткі, да, крэсцяцца правай рукой, — з веданнем справы сказаў селянін.
Стах не хацеў больш блытацца ў невядомых яму ваколіцах, а таму перайшоў на вайну і палітыку. З гэтым было прасцей. Ён расказваў, як перасоўваюцца войскі кааліцыі, як гераічна змагаюцца казакі і сібірскія палкі, і ў той жа час пільна прыглядаўся ўлева, каб не прапусціць патрэбных сцежак, бо яны ўжо заехалі ў «старынны» лес.
Заўважыўшы першую, а праз паўвярсты — і другую дарогу, Стах хвілінку пачакаў, а пасля, зрабіўшы спалоханы твар, пачаў ліхаманкава шнарыць у кішэнях.
— Паціраў што? — спытаў стары.
— Складанчык згубіў, каб яго маць! — вылаяўся Стах. — Ды такі важны! З чорным касцяным дзяржаннем! Калі я сядаў у вашыя сані, то ён, добра ведаю, яшчэ быў. Мо вы, дзядзька, прытрымаеце каня?
Яны спыніліся. Селянін пачаў капацца ў саломе, а Стах злез з саней і, пільна ўглядаючыся ў дарогу, паволі адыходзіўся.
— Будзеш вяртацца, дзеткі?
— Так, думаю прайсці хоць паўвярсты. Так мне яго шкада!
— Ну то забірай сваю торбу, я цябе столькі ждаць не буду.
— Як у вас няма часу, то даруйце, забяру.
Ён забраў клунак і падзякаваў селяніну за помач, а тады ўдаваў, што шукае складанчык, аж пакуль сані не зніклі за паваротам гасцінца. Пасля гэтага павярнуў на Мятку.
Наступіла ноч. Неба зацягнулі змрочныя хмары, і зноў пайшоў снег. Быў ён, аднак, мяккі і лёгкі.
Стах дабраўся да першай развілкі і ўзяў улева, дабраўся да другой — і ўзяў управа. Пасля замарудзіўся, бо, як казаў Павел, да Мяткі заставалася ўсяго паўтары вярсты. Ён спадзяваўся, што між дрэвамі вось-вось засвеціцца поле, але лес усё не канчаўся.
Прайшоўшы блізу дзвюх вёрстаў, Стах зноў апынуўся на раздарожжы.
— Што за ліха? — здзівіўся і ўстрывожыўся ён. — Здаецца, гаворка была толькі пра дзве развілкі. Можа, спярша трэба было ўправа, а пасля — улева? — пачаў ён прыгадваць словы Паўла.
Стах выбраў левую дарогу, бо яна была нашмат большай.
Аднак неўзабаве тая зноў раздвоілася, і большая сцежка павяла ўправа.
Тут ён зразумеў, што заблукаў, аднак разважыў, што, вяртаючыся да ранейшых ростаняў, заблытаецца яшчэ больш, таму рушыў далей, спадзеючыся выйсці калі не да Мяткі, дык прынамсі да якой іншай вёскі ці засценка.
Некалькі гадзінаў ён паспешліва рухаўся наперад, а лес усё не заканчваўся. Наадварот — рабіўся ўсё гусцейшым і глушэйшым. Дарога вілася сярод велізарных камлёў, як мышыная сцяжынка. Час ад часу ад яе ў розныя бакі адгаліноўваліся іншыя дарогі. Урэшце яна зусім знікла, разбеглася ў розныя бакі некалькімі вузкімі пуцявінкамі.
У Стаха на лбе выступіў пот. Ён добра ведаў, што гэта такое — застацца ноччу ў пушчы без агню і зброі.
Баючыся, што той сеткай дарог, якія ён прамінуў, вярнуцца да апошніх вялікіх развілак ужо не атрымаецца, Стах вырашыў ісці напрасткі, трымаючыся самага паўночнага — як яму здавалася — кірунку з надзеяй выбрацца ўрэшце да нейкага паселішча.
Выявілася, што начная прагулка — надзвычай цяжкая і марудная. Снег ляжаў вышэй за калена. Бачачы ў цемры на невялікую адлегласць, Стах захрасаў у непралазным бураломе і мусіў вяртацца назад, хадзіў па лесе кругамі і траціў час, зноў і зноў па пояс правальваўся ў схаваныя снегам яры і чапляўся лапцямі за галіны.
Пасля гадзіны такога бадзяння кашуля Стаха прыліпла да цела, ногі пачалі дрыжаць і падгінацца, а ў грудзях не хапала дыхання.
Хлопец спыніўся, каб адпачыць, і абапёрся на парослы старым імхом магутны кляновы ствол. Вакол быў дзікі гушчар, увесь перарэзаны ярамі. Рослыя дрэвы стаялі рэдка, але ўражвалі памерамі. Паміж імі ў адным месцы тырчала купіна — цёмная ялінка, прыгожая, як лістападаўская ноч, у іншым — чуб маладой асінкі памерам з жардзіну, заваленай знізу бярозавым ламаччам і аточанай такім густым спляценнем лазы, што і руку не ўсадзіш, а яшчэ ў іншым ляжала куча павалу вышынёй з чалавека, за якой тырчала некалькі камлёў — іх калісьці зламаў пярун ці віхура.
Ціхі і манатонны шэпт снегападу, а таксама панылы краявід навокал напаўнялі Стаха балючай маркотай і трывогай. За змрочнай яловай купінай быццам хтосьці чхнуў, а пасля нехта жаласліва заскуголіў, як пакінутае на марозе шчаня.
Стах не верыў у духаў і кпіў з тых, хто расказваў пра іх казкі, аднак цяпер не мог пазбавіцца адчування, што трапіў у самае гняздо ваўкалакаў, якія яго сюды і прывялі.
Перахрысціўшыся, хлопец хутка рушыў далей. Змрочныя мясціны ён абмінаў здалёк і стараўся туды не глядзець.
Стах усё больш стамляўся, усё часцей спыняўся адпачыць. Урэшце зусім выбіўся з сілаў — так, што не мог зрушыцца з месца. Тады ён сеў пад дрэвам, падклаўшы сабе буралому, каб трохі падмацавацца, хоць насамрэч вельмі хацеў піць і зусім не хацеў есці, і дачакацца світання. Яго ўжо не турбавала ноч, звяры, страхі і сама смерць, якая часта прыходзіць да такіх стомленых, як ён, людзей, што селі на снег адпачыць.
Але не паспеў ён укусіць хлеба, як здалёк пачулася «кукарэку!» — раз, другі, трэці, чацвёрты, і так без канца.
У тое ж імгненне ў ім прачнуліся сілы, быццам ён гадзіну адпачываў. Ён імкліва сабраўся і рушыў у той бок.
Неўзабаве пачаўся алешнік і між дрэвамі бліснула поле. Стах выйшаў на прастор, дзе тут і там тырчалі незлічоныя стагі. За полем злева зноў чарнеў лес, справа на пагорку свяцілася агнямі вёска.
Стах пайшоў на агні і праз паўгадзіны апынуўся перад шыльдай, якая паведамляла: «Деревня Сливки Кросненской волости, душъ 86».
Відаць, ён усю ноч блукаў у кепскім для сваіх уцёкаў кірунку. Суцяшала, аднак, тое, што ён трапіў да сваіх, бо за часамі свайго побыту ў Аколіцы неяк пачуў, што ў вёсцы Сліўкі жывуць палякі.
Стах зайшоў у першую з канца хату.
Усярэдзіне ўсё было старое і зусім убогае. Жардзіны падпіралі нізкую столь, якая прагіналася ў цэнтры. Шматлікія вокны былі маленькія, як у лазні, і заторкнутыя старызнай. Замест зэдлікаў — калоды і стольчыкі на разнародных ножках, замест ложкаў — доўгая ляжанка ад печкі аж да супрацьлеглай сцяны. Адно печка з выведзеным на дах комінам і стол пад абразамі выглядалі па-людску. Абразы былі каталіцкія.
За сталом сядзелі двое мужчын пахілага веку. Яны курылі люлькі і заўзята нешта абмяркоўвалі. Абодва былі ў лапцях і апранутыя так, быццам збіраліся выходзіць: адзін — у шэрай світцы, другі — у кажуху. На ляжанцы гулялі дзеці; яны толькі прачнуліся і былі яшчэ ў кашулях. Ля агню дзяўчына-падлетак прала на калаўроце, час ад часу паглядаючы ў печ на гаршкі, у якіх нешта кіпела.
— Добрае вам утра, — павітаўся Стах па-руску, пастанавіўшы не выдаваць свайго паходжання, пакуль не разбярэцца, што гэта за палякі.
— Добрае, добрае, — нядбала адказалі яму мужчыны.
Дзеці, спужаўшыся, палезлі на печ.
— Можна ў вас нямнога сагрэцца і аддахнуць? — спытаў Стах.
— А што ж, ты ў мяне агню адкусіш ці хаты? — грубавата ўсклікнуў чалавек у світцы, гаспадар дома. — Аддыхай, грэйся як хочыш.
Стах абтрос з сябе снег, паклаў шапку і клунак на лаўку, а пасля паставіў стольчык ля печкі паміж калаўротам і ляжанкай, сеў на яго і, расціраючы ля полымя далоні, пачаў разглядаць пакой і слухаць, пра што мужчыны размаўляюць. Яны гаварылі па-руску.
— Калі так, то значыць, нехта выпусціў, — казаў гаспадар. — Толькі нячыстая сіла цераз шчыліну пралезе, а чалавек — ніколі.
— Нехта выпусціў, прычым свой, валасны, хто не хлопца ратаваць хацеў, а з урадніка пасмяяцца, — дадаў чалавек у кажуху.
— Пры пастаронніх на такое шальмаўство ён бы не асмеліўся. Кажаш, напісаў на ўрадніка «дурак» і да таго ж забраў яму каня?
— На дзвярах цюрмы напісаў «дурак», а ў сенцах — «балван» і «падліна», забраў шапку, саблю, шынель і каня.
— От адвага, халера! От, шэльма, жулік! Такога, злавіўшы, зарэзаць бы, каб уся кроў з яго вышла. Падумаць толькі!..
Стаху зрабілася душна — у яго быццам загарэўся твар.
— Ну і жарка ў вашай хаце! — сказаў ён дзяўчыне, якая цікавала за ім.
У гэты момант у пакой увайшоў падлетак гадоў пятнаццаці і, стаўшы ля печкі, пачаў падазрона паглядаць у бок Стаха.
Старэйшыя за сталом працягвалі размову.
— Да ўсякае кажуць, — сказаў чалавек у кажуху. — Сам ён больш усяго фельчара падазравае, кажа, той у час піятыкі выцягнуў з ягонага кармана ключы.
— Вельмі проста, — пагадзіўся гаспадар. — Чалавек ва хмялю мог не змеціць.
— Ах, які ў воласці, гавораць, учора на досвітку крык і кавардак стаяў, не дай Божа! Ураднік з кулакамі кідаўся на фельчара, начальніка і на самаго пісара. Стражніка за тое, што прыдрамаў, збіў да паўсмерці. Казалі, ён бы і войту даў, але той тут жа сваю медальку на шыю павесіў, дык ураднік стрымаўся. Пачарнеў ад злосці як вугаль.
— Дзіва што. Такая няслава…
— Аднак ён сказаў, што хай той паляк хоць пад зямлю схаваецца, а ён да яго дабярэцца. Ведаеш, трыста рублёў паабяцаў таму, хто яго зловіць ці хаця б пакажа, дзе ён схаваўся. Ад яго трыста рублёў, а ад казны — медальку важную, бо гэта страшны дзімакрат і бунтаўнік проціў нашага цара. І ў службе яшчэ абяцаў павысіць. Калі гэта будзе дзясятнік, то яго соцкім зробіць, а калі зусім просты, як ты, — то дзясятніка дасць. От як.
— І праўда вялікая награда. Вот бы мне яго злавіць! А які ён?
— Малады, лет сямнаццаць-васямнаццаць, — патлумачыў чалавек у кажуху, — цыбаты, худы і польскі. Шукай, калі табе ў ахвоту. Кросна, Падрэчча, Нілкі — цэлымі вёскамі ходзяць па лесе і шукаюць.
— Як быццам ён у лесе сядзець будзе! Дурні! Ён на кані чорт ведае куда за ноч ускакаў. Тут толькі падарожных распытваючы, можна пра яго злавіць які слух, іначай ніяк.
— Клёку табе хапае.
— А гэты кацапёнак аткудава ідзе?
— Я што, ведаю? Яго спытай.
— Аткудава ты, парань, ідзёш? — крыкнуў яму гаспадар.
— Хто, я?.. З Кросна іду, — заікаючыся, адказаў Стах.
— Ты к нам не з Кросна, а з лесу прышоў, — запярэчыў падлетак, які ўвесь гэты час не зводзіў са Стаха вачэй.
— З какова лесу? — пачаў адпірацца Стах. — Табе гэта, парань, прыснілася?
— Я ля паркана стаяў і бачыў, як ты выходзіш з-за лазні і па-зладзейску крадзёшся.
Мужчыны шматзначна пераглянуліся.
— Так гэта з-за лазні, а не з лесу, — тлумачыўся Стах. — Я абхадзіў вашую дзярэўню, бо думаў, што ў вас сабакі злыя.
Мужчыны штурхнулі адзін аднаго локцямі, усталі і падышлі да печкі. Дзяўчына, думаючы, што будзе бойка, адсунулася з калаўротам убок.
— А гэта выпадкам не ты, парань, той дзімакрат будзеш, што ўчора ноччу ўцёк з кросненскай цюрмы? — пільна ўглядаючыся ў Стаха, спытаў гаспадар.
— Какой дзімакрат? — закрычаў Стах. — Я нічаво не знаю! Што гэта вам у галаву прыйшло? Я нясу жэртву чудатворнай іконе ў Бялынічах за брата, што прапаў без весці на вайне.
— Брэшаш! Гэта ты! — зарыкаў гаспадар, хапаючы хлопца загрудкі. — Прызнайся, а то ўб’ю на месцы!
— Прызнайся па-харошаму, а то шкуру з цябе жывога палоскамі здзіраць будзем! — дадаў другі, хапаючы Стаха ззаду за рукі.
— Так, гэта я, бярыце мяне, — здаўся змучаны амаль двухдзённым фізічным напружаннем і пастаянным нервовым узбуджэннем Стах. — Гэта я, бярыце мяне, здраднікі. Толькі раз паміраць.
— Казюк! — крыкнуў гаспадар падлетку. — Лейцы сюды! Жыва!
Хлопец схапіў з кручка пастронак і аддаў яго бацьку.
— Клёку табе хапае, шэльма, што прыйшоў у маю хату і прызнаўся па-харошаму, — пахваліў Стаха несвядомы паляк, звязваючы яму рукі. — Ты ўсё роўна згінеш, а мне шчасце прываліла, — дадаў ён. — Грошай у маім кармане будзе як лёду — трыста рублёў.
— Трыста падзяліць на два — гэта сто пяцьдзясят, — паправіў яго чалавек у кажуху.
— Што?! Думаеш, я буду з табой дзяліцца?
— А што, не будзеш? Мы ж яго разам бяром.
— Гатовага ўзяць няцяжка. Ён у маю хату прыйшоў і мой хлопец яго падгледзеў, значыць, ён мой.
— Калі б не я, ты б саўсем не знаў, што яго шукаць трэба, бо за яго даюць награду.
— Магу табе толькі медальку аддаць. Зоська! — звярнуўся ён да дачкі, якая спалохана ціснулася ў куце. — Жыва ляці да маткі, хай робіць нам з Казюком сняданак. Галодныя мы арастанта не павядзём.
— Хочаш з сынам яго весці?
— А ты думаеш, табе аддам?
— Ты што, забыў, што я дзясятнік?
— Ай-яй-яй, які важны чыноўнік. Жаба ты паршывая!
— Можа, і няважны, але ў Сліўках я ўласць і па ўказу яго імператарскага вялічаства людзей арастоўваю. Цяміш? — тут ён па-ўрадніцку выпрастаўся. — Араставаны, марш за мной!
— Не чапай, а то праламлю галаву! — прыгразіў гаспадар.
— Дасць Бог, вы за мяне зараз паб’яцеся, — умяшаўся Стах. — Гандляры! Здраднікі! Юды! Брата свайго прадаяце за грошы ворагу! — злосна лаяў іх хлопец. — За няшчасныя трыста рублёў!.. Хочаце пабагацець? Ды яны вам праз бок вылезуць! Праз іх вашыя дзеці запаршывеюць і скуллем пакрыюцца. За такое злачынства зараза выдушыць і вас, і вашае семя. Хамы вы паршывыя!..
Тут у хату ўбегла гаспадыня, якую паклікала дачка.
— Ты чаму так доўга цягаешся па вёсцы без патрэбы? — аблаяў яе муж.
— Я хадзіла да Вінчуковых макацёр пазычаць, — пачала апраўдвацца тая.
— Цэлую гадзіну макацёр пазычала?
— Я на мінутку замешкалася, бо хлопцы іхныя прышлі з арміі ў водпуск і цікавыя навіны расказваюць.
— Цяпер у водпуск?
— Але, пры мне ў хату ўваліліся.
— Каторыя з іх?
— Юрка з Валодзькам. Вельмі цікавыя навіны прынеслі. Кажуць, на свеце бунт ужо пачаўся.
— Бунт пачаўся?! — усклікнулі абодва мужчыны.
Стахава сэрца закалацілася ад радасці. «Можа, рэвалюцыя? — падумаў ён. — Можа, ужо здзяйсняюцца Казікавы надзеі?.. Каб жа толькі даў Бог!»
— Значыць, зноў у яўрэяў шкура засвярбела, — прамовіў дзясятнік.
— Як засвярбела, так яе казакі і пачэшуць, — дадаў гаспадар.
— Пачэшуць, анягож. Яшчэ, можа, і нас, дзясятнікаў, на работу паклічуць. Ох, і надаю я пархатым!..
— Можа, гэта яшчэ няпраўда. Можа, хлопцы жартам так кажуць.
— Мусі быць праўда, бо абодва кулакамі бажыліся, — заявіла жанчына. — Яны казалі, каб вы зараз жа абодва ішлі да іх, яны вам усё раскажуць.
— Будзе яшчэ час, — адгукнуўся гаспадар. — Калі гэта праўда, мы пра ўсё і ў Кросне дазнаемся. Хутчэй, баба, гатуй нам есці. А ты, — звярнуўся ён да дзясятніка, — калі хочаш з намі цягацца, жыва ідзі збірайся, бо чакаць не будзем.
— Як гэта — калі хочаш з намі цягацца? — абурыўся дзясятнік. — Я забіраю арастанта ў сваю хату.
— Адзін такі ўжо забраў.
— Думаеш, я цябе прасіць буду? Марш за мной! — крыкнуў ён Стаху, хапаючы яго за рукаво.
Гаспадар даў дзясятніку поўху. Дзясятнік у даўгу не застаўся і вярнуў атрыманае. Яны схапіліся загрудкі і пачалі мясіць адзін аднаго кулакамі. Дзеці заверашчалі, хаваючыся ў кутах. Гаспадыня з дачкой выбеглі вонкі, крыкам клічучы суседзяў. Хлопец-падлетак выхапіў з-пад прыпечка палена і кінуўся дапамагаць бацьку, але не паспеў да іх наблізіцца, як Стах з усяе моцы ўдарыў яго плячом у бок і паваліў на зямлю. Яму хацелася, каб царскія служкі добра адкалашмацілі адзін аднаго.
— Вымятайся адсюль! — крыкнуў Стах хлопцу. — Мяне хоць і звязалі, але з табой я спраўлюся! Хай б’юцца. Давай, вымятайся! — паўтарыў Стах, цэлячыся ў хлопца нагой.
Той падскочыў і з крыкам пабег за жанчынамі. Шукальнікі ўзнагароды тым часам таўкліся так, што аж рэха разыходзілася. У дзясятніка з носа цякла юшка. Стаху здалося, што гаспадар перамагае, і ён пачаў падбадзёрваць яго саперніка:
— Вы, дзясятнік, гэтай шэльме не паддавайцеся! Вы ж у Сліўках начальнік, па законе я ваш!
Спрытным штурхялём вызваліўшыся з рук праціўніка, дзясятнік схапіў яго за талію і паклаў на лапаткі.
Тады Стах пачаў падбухторваць гаспадара:
— Не здавайцеся, гаспадару! У вас таксама ёсць на мяне права. Гэта ж ваш хлопец мяне падгледзеў. Трыста рублёў золатам — гэта не жарцікі. Новы дом паставіце, боты ўсёй сям’і справіце і новыя кажухі. Не здавайцеся! Я ваш!
Гаспадар укусіў дзясятніка за шчаку. І калі той, не вытрымаўшы болю, адпусціў адну руку і заціснуў ёй рану, яго сапернік з усяе сілы выпрастаўся, перавярнуўся на жывот і, хвіліну павалтузіўшыся, выбраўся наверх. Далей яны білі адзін аднаго кулакамі, драпалі пазногцямі, кусалі, цягалі за валасы, качаючыся па падлозе, пакуль у хату не прыбеглі суседзі і не расцягнулі раз’юшаных несвядомцаў у розныя бакі. Некалькі мужчын трымалі іх за рукі, а адзін старэйшы гаспадар супакойваў:
— Апамятайцеся, братцы! — казаў ён. — Як гэта выглядае? Няўжо нельга разабрацца па-харошаму? Вы ж такія дружбакі!
— Па якому гэта праву ён не пазваляе мне забраць дзімакрата?! — крычаў дзясятнік. — Вы ж, братцы, знаеце, хто я такі! Як ён пасмеў біць мяне ў морду, га?
— Дзімакрат мой! Ён у маю хату прыйшоў, мой хлопец яго падгледзеў, таму ён мой! — абараняў свае правы гаспадар. — Галаву палажу, але арастанта не аддам!..
Тут у спрэчку ўмяшаліся салдаты, што вярнуліся ў водпуск.
— Дык вы за дзімакрата б’яцеся?! — закрычаў старэйшы, на імя Юрка. — Звязалі яго і хочаце весці ў воласць? Дуракі вы, дуракі!
— Не бойся, не дуракі, — запярэчыў дзясятнік. — Гэта вялікі праступнік. Ён у Аколіцы людзей проціў бацюшкі цара бунтаваў і ад урадніка з цюрмы ўцёк, забраўшы ягонага каня, саблю і адзежду. Гэта вялікі праступнік.
— За гэта яго трэба падняць і «ўра» пракрычаць! Няма ўжо цара, і ўраднікаў-кравапійцаў не будзе. Мы, салдаты, скінулі цара і ягоную царыцу. Усіх здраднікаў скінулі, каб іх маць! — і ён ад душы вылаяўся.
Прысутныя ў жаху перахрысціліся.
— Зараз жа развяжыце хлопца, — працягнуў Юрка. — Хай ідзе куды хоча. Пушчайце дзімакрата на волю!
У Стаха ад хвалявання ручаём пацяклі слёзы.
Бачачы, што ніхто не кідаецца вызваляць арыштанта, салдаты падышлі да яго і развязалі самі.
— Цяпер ты свабодны, — сказаў Юрка. — Ідзі куды табе хочацца.
— Нікуды я не пайду, бо ледзь стаю на нагах, — адказаў Стах. — Дзве ночы не спаў, амаль двое сутак у дарозе і ўвесь час у страху! Я ледзь стаю. Дазвольце, салдацікі, пераначаваць у вас!
— Чаму б і не, брацец! Ідзём!
Стах праспаў у доме салдатаў не прачынаючыся амаль дваццаць пяць гадзінаў. А калі прачнуўся, у першы момант яму падалося, што ён у Аколіцы. Але тут ён убачыў знаёмы твар Юркі, і думкі пачалі праясняцца.
— Гэта праўда, што цара скінулі, ці мне гэта прыснілася? — баязліва спытаў ён.
— Праўда, брацец, праўда, — адказаў салдат. — Скінулі шэльму. Ты свабодны, не бойся. Ужо свабода!
Стах яшчэ нейкі час паляжаў, думаючы, што рабіць.
«Куды ісці — у Аколіцу ці ў Смалярню? Да змяркання можна дабрацца да Аколіцы, але што я там скажу, апроч таго, што паведамілі салдаты? Бунт… Цара скінулі… Свабода… Але ці назаўсёды? Хто цяпер кіруе? Трэба спачатку ўсё добра разведаць, каб і перад людзьмі не асароміцца, і іх да бяды не давесці. Можа, гэта ўсё няпраўда? Можа, цар толькі часова здаўся? Можа, на месца Мікалая паставяць каго іншага? А можа, разам з гэтай рэвалюцыяй пачалося і нашае польскае паўстанне? Трэба спярша разабрацца. Дадому трэба ісці — у дарагую Смаляраньку. У нас знойдуцца свежыя газеты, нашыя гаспадары гэтай парой часта ездзяць у горад, дык я адразу дазнаюся, што насамрэч адбываецца. Калі гэта, барані Божа, няпраўда, то я непадалёк ад дома схаваюся, а калі паўстане пачалося, вярнуся ў Аколіцу, збяру людзей і павяду іх да Казіка. Калі ж бунт чыста рускі, я за два месяцы да пасеву ствару ў Смалярні і буду весці школу. Трэба як мага хутчэй дадому…
Стах устаў і пачаў збірацца ў дарогу.
Нават калі б сонца спыніла свой бег, гэта б не здзівіла і не ўстурбавала беларускага селяніна больш, чым звяржэнне цара. Цар для беларускага селяніна быў уладаром, якога паставіў сам Бог: ніякі чалавечы закон не мог яго змяніць, ніякая сіла не магла прыбраць. Для селяніна цар быў дабрадзеем. Яго трэба шанаваць і богатварыць, яму трэба верыць, бо толькі ў ім — спадзяванне на лепшую долю. Ён наш, праваслаўны, казаў беларускі селянін, ён нас ад польскай паншчыны вызваліў і даў нам зямлі, ён нас ад лютага немца бароніць. Беларускі селянін свята верыў, што нягоды простага чалавека былі штодзённым клопатам цара.
Першымі звестунамі падзення царскага рэжыму сталі, як звычайна ў вёсцы, яўрэі.
Селянін не толькі адмаўляўся верыць, што свет аж так перавярнуўся, і не асмельваўся несці вестку далей, — ён нават не наважваўся пра яе слухаць, мяркуючы, што гэта злачынства і вялікі грэх.
— Трымайце, пархатыя, языка за зубамі, бо за такія словы паедзеце на Сахалін, — перасцерагаў ён.
Але навіна пацвярджалася ў друкаваных тоўстым шрыфтам тэлеграмах, якія траплялі ў вёску, тое самае ў адзін голас казалі салдаты, што прыязджалі ў водпуск. Урэшце з воласці прыйшлі афіцыйныя паведамленні Часовага ўраду, што абвяшчалі рэспубліку.
Сялянаў апанавала здзіўленне і трывога.
— Што будзе з намі, мужыкамі, без цара-бацюшкі?! Што будзе з матушкай-Расіяй?! — бедавалі яны.
Інтэлігенцыя, рабочыя, гараджане, яўрэі, тыя палякі і прадстаўнікі іншых меншасцяў, у якіх былі святлейшыя галовы, радаваліся, ладзілі дэманстрацыі, сходы, змовы, спявалі ў гонар рэвалюцыі гімны, салютавалі, а праваслаўны селянін глядзеў на ўсё гэта абыякава, маркотна і неспакойна. Ён не бачыў у гучных лозунгах ніякай для сябе карысці і не верыў у іх.
Свабода веры, думкі, слова!
Вось дык ласка. Хіба дагэтуль чалавек не мог думаць, што яму хочацца, не мог лаяць матушку, калі яму заманецца?
Свабода друку!..
Што людзям з таго друку, калі мала хто ўмее чытаць?
Роўнасць!.. Братэрства!..
Паляк з яўрэямі нам, рускім, роўня? Ды ніколі!
Дэмакратыя!
Гэта трывожыла найбольш. Селянін не разумеў, што гэта за слова, аднак здагадваўся, што яно мае нешта агульнае з крадзяжом. Насамрэч ён і сам краў, дзе мог, але ведаў, што гэта забаронена. Зрэшты, які сэнс дазваляць усім свабодна красці? Каго тады абкрадаць? Саміх сябе?
Некаторыя сцвярджалі, што цар спецыяльна пусціў пра сябе такую пагалоску, каб падштурхнуць мяцежнікаў і яўрэяў да бунту і пасля выслаць іх у Сібір. Яны верылі, што праз колькі дзён, праз тыдзень, праз два прыедзе спраўнік з казакамі і з іх сялянскай дапамогай возьмецца за рэвалюцыянераў.
Але спраўнік не ехаў. Замест яго з горада прыбывалі рэвалюцыйныя дэлегаты, якія ўсталёўвалі ў воласці новы ўрад з нейкімі дзіўнымі чынамі і развешвалі незразумелыя і, як на сялянскі розум, непатрэбныя ўказы.
З больш як дзесяці развешаных абвестак толькі адну людзі зразумелі і нават пахвалілі. Гэта быў закон, які дазваляў сялянам пасвіць быдла ў панскіх і дзяржаўных лясах, а таксама збіраць буралом для печак, трáвы, ягады і грыбы.
— А можа, і праўда наш цар-бацюшка быў шэльма і ашуканец? — задумаліся сяляне. — Можа, і праўда за гэтай рэспублікай нам, бедным людзям, лягчэй будзе?
Яны не марудзячы скарысталіся новым законам — пачалі вазіць з лесу паліва, пасвіць быдла, драць лазу. Што праўда, пра лыка ў законе згадкі не было, але паколькі ў лясніцтвах і раней ставілася да крадзяжу сухой ліпавай кары абыякава, сяляне лічылі, што лыка — гэта дробязь, якую ў друку згадваць не варта.
Цяпер яны выбіраліся ў лес усё смялей і грунтоўней. Гналі быдла адразу ў самы гушчар ці пад хату лесніка. Сухой ліпавай карой ужо пагарджалі, а караскаліся на вершаліну ліпы і выбіралі самыя тонкія, самыя добрыя атожылкі. Галіны ішлі на лапці, з камлёў бралі луб на вазы і сявалкі. Скарыстаць усё адразу не выходзіла, таму сяляне скручвалі лыка абаранкамі, у маткí, сушылі яго і складалі на гарышчы. За ліпамі пайшлі ўсе віды вязаў.
Паколькі ў судах справы пра шкоду лесу адтэрміноўваліся да таго часу, пакуль у рэспубліцы не ўсталююцца законы, лясніцтвы дзейнічалі няўпэўнена, абмяжоўваючыся пераважна папярэджаннямі, і людзі зусім разышліся, з кожным тыднем пашыраючы свае правы на лес.
— Калі можна забіраць вершаліны і вываратні, — пераконвалі яны сябе, — то чаму нельга выразаць сухастой? Ён жа ўсё адно мёртвы, — і яны валілі сухастой, а пасля казалі: — Калі нам дазваляюць валіць сухія мёртвыя дрэвы, то чаму нельга звялыя, хворыя? — і ўрэшце: — Калі можна сячы хворыя, то чаму б не браць і здаровыя? Яны ж таксама могуць калі-небудзь захварэць.
Пасля жніва за лес узяліся сур’ёзна. Ехалі ў бор, выбіралі найлепшыя сосны, яліны, дубы, звозілі іх у двары, ставілі зрубы новых хатаў, гумнаў, хлявоў. Стрэхаў не клалі, бо не хапала часу і саломы. Толькі б вывезці і паставіць, а з дахамі можна разабрацца і пазней.
Не сустракаючы з боку ўладаў перашкодаў, сяляне прыйшлі да высновы, што ўсе лясы цяпер належаць ім, вось толькі раней буржуі і куплены імі ўрад трымалі гэта ў таямніцы.
Неўзабаве часу перастала хапаць нават на зрубы — людзі толькі валілі дрэвы і пазначалі іх кожны сваім значком: хтосьці зарубкам, хтосьці — двума, а хтосьці — крыжыкам. Усе навокал ашалелі.
Бывала, куды ні павернешся, куды ні зірнеш, дзе ні прыслухаешся — усюды стукат сякераў і грукат паваленых волатаў, усюды вырубка і спусташэнне.
— Людзі, людзі! Што з вамі? Што вы з гэтай драўнінай будзеце рабіць? Яна ж згніе, змарнуецца без карысці. Апамятайцеся! Спыніцеся! — угаворвалі людзей леснікі і разумнейшыя жыхары засценкаў.
Але апантаны рабункам селянін быў нібы распалены бойкай бык ці шалёны сабака: ён нічога не бачыў, не чуў перасцярог, не ведаў літасці, пра якую маліў яго сваімі стогнамі лес. Ён валіў дрэвы, пазначаў іх, спусташаў гушчар, аж пакуль не натрапіў на нешта цікавейшае.
У войску запанавала анархія, і салдаты масава вярталіся дадому. А там не кожнага з іх чакала радасць. Шмат хто вяртаўся ў хатку на курыных ножках з глінянай падлогай і разбітымі шыбамі да плоймы паўголых згаладалых дзяцей. І раззлаваліся яны, што, адваяваўшы тры гады за айчыну нароўні з багацеямі, у мірным жыцці ўсё адно засталіся жабракамі і мусяць кланяцца кулакам і буржуям, прасіць у іх работы і хлеба ў кошт будучай адпрацоўкі. Ім, што праўда, паабяцалі зямлі і яны маглі, карыстаючыся свабодай, паставіць сабе лепшыя хаты, але калі тое будзе, калі яшчэ дачакаешся? Не, часы царскага рэжыму мінулі, бунтавалі яны, наслухаўшыся рэвалюцыйных лозунгаў. Больш яны не будуць кланяцца і служыць буржуям. Буржуі мусяць падзяліцца з імі сваім хлебам.
Былыя салдаты збіраліся разам, ішлі ў валасныя камітэты і патрабавалі рэквізаваць у маёнтках жыта і картоплю на іх пралетарскую карысць.
У камітэтах засядалі людзі, якія да маёнткаў ставіліся непрыязна, таму жаданні пралетарыяту, часам сціплыя і слушныя, выконваліся.
Аднак атрымаўшы адно, пралетар рабіўся нібы тая баба з разбітым карытам.
— Што я — бацьку роднага забіў ці матку, што мушу давіцца сухой жытняй скарынкай? Мне для разнастайнасці не зашкодзіць грачанік, костка якая ці скварка. У буржуя пуза распірае ад сала, а я мушу пасціць?
Пралетары раптам дазнаваліся, што ў іх ёсць правы. Яны зноў збіраліся разам і патрабавалі ў камітэтаў рэквізаваць грэчку, ячмень і статкі на забой. Калі камітэты адмаўляліся, пралетары вінавацілі іх у падтрымцы буржуяў і пачыналі рэквізіцыю самі. Да былых салдатаў далучыліся цывільныя, да бедных — багацейшыя, усе бралі вінтоўкі, якія прынеслі з войска, стрэльбы, вілы, палкі і ўзброеным натоўпам ішлі ў маёнткі з «рэквізіцыяй», рабавалі і дзялілі зерне, быдла, авечак, свіней і астатнюю здабычу.
Абараняцца не было каму. Гаспадары маёнткаў своечасова збеглі ў горад. Дваровая служба не збіралася падстаўляць галовы за панскія багацці. Наадварот — былыя слугі цешыліся, што будзе прасцей раскрадаць гаспадарскую маёмасць, валячы пасля ўсю віну на сялянаў. Валасныя і нават павятовыя ўлады былі бяссільныя і нерашучыя. Абараняць маёнткі значыла падтрымліваць буржуазію. Ніхто не хацеў злаваць пралетараў, ад якіх у значнай ступені залежала сітуацыя.
Рабунак, які пачынаўся ў адной вёсцы, падахвочваў іншую, пераносіўся з маёнтка ў маёнтак, захопліваў усю краіну, пераходзіў у забойствы, падпалы, пагромы.
— Смерць буржуазіі!.. Смерць палякам!.. Смерць царскім падбрэхічам!.. — такія былі лозунгі ў ашалелых мужыкоў.
Справіўшыся з маёнткамі, пралетары перайшлі на дробныя фальваркі, пасля — на хутары і невялікія засценкі, часта зусім небагатыя, і ўсё таму, што там, як і ў маёнтках, жылі палякі. Логікі ў гэтым не было. Спярша палякаў абвінавачвалі ў падкопах пад цара, цяпер — у спробах яго вярнуць.
Цяжкія і страшныя часы перажывалі палякі над Бярэзінай на зломе 1917–1918 гадоў. Кроў і слёзы ліліся ручаямі. Не мінала ніводнае ночы, каб кагосьці ў глушы не спалілі ці не забілі. Кожны ў жаху чакаў сваёй чаргі, не ведаючы, ці дажыве да ранку. А чаканне смерці часам страшнейшае за саму смерць.
Многія хутаране перабраліся з усёй маёмасцю ў засценкі — абараніцца разам было прасцей.
Калі Карапузя, стоячы ўвечары перад Трыма Каралямі на варце ля ўсходняй брамы-калаўрота, заўважыў у баку Вялікага Балота зарыва, у Смалярні яшчэ не ўсе леглі спаць. Карапузя штодуху кінуўся да дома Трызны, дзе сядзела напагатове група мужчын.
— Пажар! Здаецца, Палянкі гараць! — паведаміў ён.
Усе мужчыны, а таксама сямейнікі Трызны, што яшчэ не леглі, гуртам пабеглі за хлявы.
У баку Вялікага Балота палыхала як перад узыходам сонца, калі бралася на вецер. Вакол зарыва ў небе была жудасная цемра.
— Езус, Езус каханы! Няўжо ты нам рыхтуеш канец свету? Колькі яшчэ будзеш Ты караць сваіх людзей? Калі ўжо возьмешся за гэтых гадаў? — заенчылі жанчыны.
— Гэта не Палянкі, — выказаў думку Мар’ян Сцяпура.
— І мне здаецца, не Палянкі, — пагадзіўся Бронік Гушча. — Занадта далёка для Палянак і занадта ўправа.
— Хутчэй за ўсё, Сіняўка, — зазначыў Отан.
— Калі гэта Сіняўка, то Дуброўскія правільна зрабілі, што да нас перабраліся! — усклікнуў Алесь Вінярскі. — Была б ім усім клямка.
— Значыць, тыя не знайшлі ні гаспадароў, ні чагосьці цікавага для рабунку, дык, паскуды, агнём адпомсцілі, — сказаў Людвік Гушча.
— Ведаеце што? Гэта гарыць альбо Сіняўка, альбо Барсукі, — выказаў меркаванне Стась Аленскі.
— Не будзем, хлопцы, гадаць і бяздзейнічаць, — перарваў размову Павел Трызна. — Хай нехта збегае па дзядзьку Пятроўскага, і будзем сядлаць коней. Думаю, ён скажа ехаць! А там ужо на месцы разбяромся, Сіняўка гэта ці Барсукі.
— Хутка вы без свайго дзядзькі Пятроўскага і за хлеў па малой патрэбе не выйдзеце, — прашыпеў Ясь Ладан, злуючыся, што раяцца не з ім, старшынёй Смалярскага валаснога камітэта, а да таго ж былым унтэр-афіцэрам, а з гаспадаром без звання, ды яшчэ і малапісьменным.
Не пазней як праз пятнаццаць хвілінаў са Смалярні выехала трое саней. У першых сядзеў Мечык Пятроўскі з пляменнікам Отанам, Ясем Ладанам і Алесем Вінярскім, у другіх — Дуброўскі з сынам, Павел Трызна і Марцін Сцяпура, на трэціх — Бронік і Людвік Гушчы і двое Гайдукевічаў з Баброў, якія пасля забойства свайго старэйшага брата і бацькі з усёй сям’ёй і маёмасцю перабраліся, як і многія іншыя хутаране, з глухмені ў Смалярню. З сабой яны прыхапілі вінтоўкі, стрэльбы і сякеры. А Бронік ўзяў у сані яшчэ і свайго сабаку.
— От, дачакаліся клятых часоў! — сказаў стары Пятроўскі. — Цьху! Ні спакойна адпачыць чалавеку не дадуць, ні свята адсвяткаваць. Ну, але хто выжыве, той надоўга клятае бальшавіцтва запомніць, каб яго пярун распляжыў!
— Вы ж, дзядзька, добра ведаеце, што бальшавіцкая ўлада бандытызм забараняе, а ўсё адно бальшавікоў кленяце, — запярэчыў Ясь.
— Ага, цяпер забараняе… А раней пра што думалі? Хіба не яны нацкоўвалі мужыкоў рабаваць маёнткі? Не хвалілі іх за гэта? Разбэсціць людзей лёгка, а ты паспрабуй іх цяпер уціхамірыць.
— Уціхаміраць, уціхаміраць, не хвалюйцеся. Хай спачатку з белымі расправяцца, а там неўзабаве разбяруцца і з бандытамі. Калі б мы не дурылі і не дапамагалі белым, у краіне ўжо даўно быў бы спакой і парадак.
— Калі б мы не дапамагалі? А хто ж ім дапамагае?
— Вы яшчэ пытаеце. Хіба Казік, Норба, Болік, Валька, Віктар не белым служаць?
— Дык ты лічыш белымі легіёны? За тое, што яны пайшлі змагацца за нашую польскую свабоду, пра што ты і сам добра ведаеш, ты іх называеш белымі?
— Яны за буржуйскія інтарэсы змагаюцца, а не за польскую свабоду. Нам, рабочаму класу, нацыі не патрэбныя. Усім мусіць быць без розніцы.
— Без розніцы? Тады па-твойму атрымліваецца, што нам трэба зрабіцца рускімі? Па-руску гаварыць, чытаць і маліцца?
— Маліцца? Ат, — махнуў рукой Ясь, — што з вамі, дзядзька, пра такую справу размаўляць, калі вы «напіталіся» старасвецкім духам.
— Май жа розум, дзеткі: яйка курыцу не навучыць. Цьху! Гані, Отане, хутчэй!
Пад'ехаўшы да балота, усе пагадзіліся, што гарыць Сіняўка. Зарыва ярчэла.
— Ксаверы! — крыкнуў Мечык Дуброўскаму. — Здаецца, братка, мы пры тваіх будынках цяпер хіба што пагрэемся і люлькі запалім.
— А можа, што ўратуем. Думаю, там ужо людзі з Палянак. Едзем, братка, едзем! — жаласліва маліў Дуброўскі.
— Хто табе сказаў, што не едзем? Паехалі!
Але калі яны дабраліся да Палянак, то ўбачылі, што ўсе тамтэйшыя мужчыны са зброяй у руках стаяць ля брам-калаўротаў.
— Каго вы так чакаеце? Чаму не бежыце тушыць? — закрычаў Пятроўскі.
— Яны хітрыя, але і мы не дурні, — адказаў стары Аніхоўскі.
— Яны падпалілі Дуброўскіх, думаючы, што мы кінемся тушыць, а яны тады — на нашыя хаты. Не падыдуць, нягоднікі.
— Што гэта за банда, не ведаеце?
— Мы думаем, што Куртапальца. А вы што, тушыць едзеце?
Праз пятнаццаць хвілінаў яны праехалі палянскае поле і невялікае старалессе, апынуўшыся на ўскрайку Сіняўкі.
Гарэлі хаты, хлявы, варыўні і паветка. Цэлымі заставаліся толькі свіран, што стаяў адасоблена ад ахопленых агнём пабудоў, і гумно, якое было ад іх за цэлую стаю ўправа, пад самым лесам. Агонь трашчаў, як спускавы курок. Вышэй за ўсё полымя сягала над хатай, пабудаванай з самых смалістых сасновых бярвёнаў. У нейкія моманты яно ўздымалася на адзін узровень з лесам. На паляне, якая займала дваццаць пяць моргаў, было так светла, што хоць іголкі збірай.
Баючыся засады, палякі з’ехалі з дарогі ў кусты, узялі зброю і, пакінуўшы дваіх пры конях, пайшлі ўскрайкам лесу да стадолы. Бронік заціснуў сабаку пашчу, каб той не выдаў іх брэхам.
Дабраўшыся да гумнішча, агароджа якога межавала з лесам, яны спыніліся, прыслухаліся, уважліва паглядзелі пад страху стадолы і цішком рушылі ўздоўж плота да будынка.
Ні ў стадоле, ні ў свірне яны нікога не знайшлі. На апошні ўжо гразіўся перакінуцца агонь.
— Давайце закідаем страху і сцены снегам, можа, тады не загарыцца, — прапанаваў Дуброўскі.
— У цябе там нешта засталося? — спытаў Мечык.
— Я пад падлогай закапаў бочку жыта і тры асьміны ячменю.
— Ну, дык у зямлі яно не згарыць.
— Не згарыць, але можа спражыцца.
— Нічога, наробім тады самагонкі і добра павяселімся. Махні, Ксаверы, на гэтую будыніну рукой. Прапала кароўка — хай прападае і вяроўка. Дзякуй Богу, ты своечасова вывез бабу з дзецьмі і ўвесь свой набытак. Калі свет супакоіцца, справіш сабе яшчэ лепшыя будыніны. Давайце пашукаем, куды тыя шэльмы пайшлі. Не веру я, што яны, нікога добра не ўшчыкнуўшы, разбегліся па дамах.
— Бронік! Спусці свайго кудлача, хай пашукае.
— У садзе падазрона вытаптаны снег, — паведаміў сын Дуброўскага, які паспеў ужо аббегчы фальварак.
Бронік падвёў Мальца да слядоў, паказаў, што шукаць, і спусціў са шворкі. Той паімчаў вакол фальварка, прынюхваючыся і падбрэхваючы. Ён аббег пабудовы раз, другі, трэці і ніяк не мог вызначыцца з кірункам: спачатку спыніўся на сцежцы да Палянак, пасля — да Барсукоў, затым — да Вончы. Відаць, бандыты доўга тут круціліся, чакаючы, пакуль дрэва добра разгарыцца.
— Хутчэй за ўсё, яны пайшлі на Барсукі, — сказаў Пятроўскі.
— Гаўрыла Маталах казаў тыдзень таму, што Куртапалец даўно на Мілютаў зубы точыць. Едзем туды!
— Галаву пакласці за скнару хочаце? — запярэчыў Бронік.
— Не пра скнару вядзецца, а пра ягоную сям’ю. І, можа, удасца каго схапіць.
— Я дык за тое, каб вяртацца дадому. А то будзем ездзіць па хутарах, шукаць ветру ў полі, а яны тым часам заб’юць каго ў ваколіцах Смалярні, — адгаворваў іх Ясь.
Падчас кароткай нарады вырашылі, што Ясь, Мар’ян і абодва Гушчы вяртаюцца дадому, каб узмацніць абарону засценка, а рэшта едзе ў Барсукі.
Выцягнулі са схованак сані, селі і раз’ехаліся.
Дуброўскія з Гайдукевічамі як знаўцы ваколіц рушылі наперад.
Калі яны праехалі палову бярозавага гаю, які вярсту з гакам цягнуўся паміж двума хутарамі, з боку Барсукоў пачуліся два стрэлы.
— У Барсуках, паскуды!.. У Барсуках! — усклікнулі ўсе.
— Давай, Ксаверы, каб не прыехалі запозна! — закрычаў стары Пятроўскі. — Ганіце так, быццам везяце на могілкі цела!
— Лепш вы едзьце наперад, тут ужо адна дарога, — адказаў Дуброўскі.
— Пад пяты коле? Ну дык пушчайце!
Вырваўшы з рук пляменніка лейцы і пугу, ён паласнуў каня пад жывот, абагнаў Дуброўскага і паімчаў як вецер. Перад вачыма, быццам спіцы ў колах, замільгалі бярозы.
— Ну, хоць раз зловім мярзотнікаў на гарачым, — радаваўся Пятроўскі. — Шкада, што тыя паехалі дадому. Але і самі ўправімся…
Неўзабаве наперадзе бліснулі прагалы, і яны выехалі на барсукоўскія палі. У той жа момант над хутарам нешта бліснула — і зноў пачуліся стрэлы. Сабакі аж захліпваліся ад шалёнага брэху. Значыць, жыхары хутара не здаваліся.
Смалерчукі на хвілю прыпыніліся, дамовіліся, як дзейнічаць, і зноў пусцілі коней наўскапыта. Абапал дарогі пачалі з’яўляцца жардзянікі, якія прыкрывалі сані.
Хлопцы сталі ў санях на калені і, напружваючы зрок, углядаліся ў фальварак, што чарнеў наперадзе, трохі злева. Хутка ў цемры з'явіліся абрысы дахаў, жораў пры калодзежы і край саду, што выступаў з-за хлява. Аднак тут дарога павярнула ўлева, і фальварак аказаўся з правага боку. На дарогу ў гэтым месцы выходзіла доўгая сцяна хлява, высокі паркан з брамай пасярэдзіне і рог хаты. Павел ускочыў на ногі і, прыгледзеўшыся да будынкаў, убачыў перад парканам жвавыя і мітуслівыя цені бандытаў. Аднак не паспеў ён папярэдзіць таварышаў, як пачуўся залп. Над галовамі засвісталі кулі. Першы конь спатыкнуўся і рухнуў на зямлю. Другі на бягу аж скочыў капытамі на сані.
— Хлопцы, уроссып! — скамандаваў Пятроўскі.
Сам Пятроўскі з пляменнікам і старым Дуброўскім адсунуў убок левы плот, рэшта — правы, і яны кінуліся наперад разрэджанай чарадой, гатовыя ў любы момант страляць.
Пасля першага залпу было яшчэ колькі паасобных стрэлаў, а пасля цені адзін за адным заслізгалі ўздоўж сцяны.
— Стой! — крыкнуў Павел, які ішоў наперадзе.
— Стойце, хамы, бо пакладзём вас! — закрычалі Гайдукевічы і праз поле пабеглі да правага рага хлява, спрабуючы адсекчы ўцекачам дарогу.
Яны не стралялі, баючыся зачапіць у хляве быдла ці кагосьці з гаспадароў на дзядзінцы. Толькі калі два апошнія цені дабеглі да рага, Гайдукевічы стрэлілі.
Адзін цень упаў, але тут жа падняўся і знік за іншымі ў садзе.
У той жа момант пачуліся стрэлы ля хаты і загрымеў басісты голас Пятроўскага.
Гайдукевічы беглі праз сад і стралялі ўсляпую. То тут, то там хтосьці з іх паказваўся з-за дрэваў і зноў знікаў.
Ля агароджы яны сутыкнуліся з Пятроўскім і рэштай таварышаў.
— А, дык гэта вы, дзядзька?! — усклікнуў Павел.
— Мы. А яны дзе?
— Чорт іх ведае. Паўцякалі, паскуды, каб іх пярун распляжыў.
— Вунь яны, вунь! Глядзіце! — паказаў Алесь на поле, заўважыўшы ўдалечыні цёмныя фігуркі ўцекачоў.
— Як гэта, вы нікога не паклалі?
— Аднаго я падстрэліў, — пахваліўся малодшы Гайдукевіч, — але ён, гад, падняўся і зноў пабег.
— Дык навошта вы тады стралялі? Навошта марнавалі кулі? Каб грукату больш было?
— Дык і вы ж стралялі, а нікога не забілі, — сказаў Отан.
— Хто? Калі? Гэта Мілюты з хаты смальнулі два разы. А мы ніводнай шэльмы ў вочы не бачылі і ні разу не стрэльнулі.
— Чорт іх, гадаў, дзяры! Ідзём у хату, бо Геронім ужо напэўна паспеў надзець штаны.
Отан і малады Дуброўскі пабеглі да пакінутых на дарозе саней, астатнія пайшлі да хаты. Наблізіўшыся да яе, яны асцярожна сталі пад самай сцяной як мага далей ад вокнаў.
— Геронім! Сваце Геронім! Адчыняй! Забойцаў больш няма, мы іх выгналі! — закрычаў Пятроўскі.
У адказ з акна пачуліся два стрэлы з дубальтоўкі.
— Аслы! — раззлаваўся Пятроўскі. — Чаго спачатку не пытаеце, хто з вамі размаўляе? У каго вы страляеце?
— І хто ж вы такія? — адгукнуўся Чэслаў, старэйшы сын Мілюты.
— Ксаверы, — звярнуўся Пятроўскі да Дуброўскага, — пагавары з імі. Суседа яны пазнаюць.
— Чэська, гэта мы, свае! — закрычаў Ксаверы. — Гэта я, Дуброўскі, са старым Пятроўскім і хлопцамі прыляцеў са Смалярні вам на дапамогу.
— Не ты прыляцеў з Пятроўскім і хлопцамі, а Пятроўскі з хлопцамі і табой, — запярэчыў Мечык.
У хаце заплакалі, залямантавалі і радасна закрычалі жанчыны і дзеці. Гаспадары тут жа запалілі святло, адчынілі браму і запрасілі своечасовых гасцей у пакой. Яны не ведалі, як дзякаваць за ўратаванне і што ад радасці рабіць. Маці ўпала перад абразамі ў гарачай удзячнай малітве. Дзеці чапляліся за рукі Пятроўскага і прасілі, каб той забраў іх у Смалярню.
На перапалоханую малечу было страшна глядзець.
— Забяром, дзеткі, забяром, — супакойваў малых Пятроўскі, гладзячы іх па галовах. — Усіх забяром. Ну як вы, здаровенькія? Нікога не паранілі? Гэй, а дзе ваш татка, нешта я яго не бачу.
— Тата пад печкай, — адказалі дзеці.
— Што?
— Пад печкай тата, — паўтарылі яны.
— Але, я тут, сваце, — пачуўся голас з-пад печы.
Смалерчукі выбухнулі гучным смехам.
— О Езус! — закрычаў Мечык. — Дзяцей пад кулі выставіў, а сам пад печку схаваўся. Не сорамна табе, сваце?
— Забілі б дзяцей, забілі б і мяне, — пачуўся з-пад печы адказ.
— Ты мусіў пад печку дзяцей схаваць, а сам стаць ля акна з дубальтоўкай і бараніць іх.
— Ён там з грашыма, — шапнуў на вуха Пятроўскаму Чэслаў.
— Так я, дзеткі, і думаў.
— Адбярыце ў яго трохі, калі ён вылезе, і дайце нам. Ён, стары скнара, да смерці будзе ціснуцца, а нам і гроша не дасць. Сынам з бацькам біцца не выпадае, а вы можаце.
Пятроўскі на знак згоды сціснуў хлопцу плячо.
— Вылазь ужо, сваце! — закрычаў ён, нахіліўшыся да прыпечка. — Колькі яшчэ сядзець збіраешся?
— Лезу ўжо, лезу.
Ён выкараскаўся з-пад печы і пачаў вітацца і дзякаваць, прыціскаючы пры гэтым да бока левы локаць. Пятроўскі гэта заўважыў.
— А гэта што такое? Можа, цябе, сваце, паранілі, што ты локцем бок заціскаеш? — прамовіў ён.
— Што? Локаць? Ды нічога… — збянтэжыўся Геронім. — Гэта я, вылазячы, троху падрапаўся.
— Падрапаўся? І моцна? Можа, кроў ідзе, пакажы.
— Дробязь, сваце, — сказаў хітрун і звярнуўся да жонкі: — Мальвінка! Сняданак для гасцей! Распальвайце сухалом, а я на гарышча, па сала і кілбасы.
Але Пятроўскі заступіў яму дарогу.
— Мы са сняданкам не спяшаемся. Спачатку, сваце, трэба агледзець тваю рану, каб, не дай Божа, не прыліпла агнявіца. Паўле! Алесю! Патрымайце чалавека ззаду, бо ён, відаць, саромеецца.
Хлопцы падхапілі Мілюту ззаду пад рукі, і ў таго з-пад кажушка вывалілася на падлогу бляшаная скрыначка, формай і памерам падобная да цагліны.
— Гвалтуюць!.. Рабуюць!.. Вітольдзе! Чэську! Бывайце! — залямантаваў Геронім, спрабуючы вырвацца з рук хлопцаў.
Мечык паволі нахіліўся да скрыначкі, узяў яе, паклаў на стол, скінуў вечка — і прысутныя ахнулі ад здзіўлення. У адным аддзяленні ляжаў скрутак кацярынак, у другім — скрутак драбнейшых, царскіх банкнот, у трэцім — цэлы стос керэнак, а ў чацвёртым — не менш за васямсот рублёў золатам. Банкноты былі гладкія, быццам толькі што з друку, а золата — складзенае ў стосікі і загорнутае ў паперу.
Геронім Мілюта галасіў на ўсё горла:
— Бандыт! Рабаўнік! Ездзіш начамі з бандай па хутарах і людзей рабуеш! Ты яшчэ горшы за Куртапальца! Каб табе пад старасць за маю крыўду з торбаю хадзіць! Каб ты сцежкі пад нагамі не бачыў!
— Бачу, сваце, што ў Барсуках табе сам Бог спрыяў, — мякка сказаў Пятроўскі, быццам гэтыя праклёны яго не тычыліся. — Ладны грош у цябе завёўся. — Ну, а Чэську ты што-небудзь даў, калі ён вярнуўся з войска?
— І гарэлага шэлега не даў, хоць я столькі разоў прасіў, — надта пакрыўджана сказаў Чэслаў.
— Не даў? Ну дык я табе замест бацькі дам, бо ты таго варты. Трымай, хлопча, — і ён уручыў Чэславу тры кацярынкі і дзве дзясяткі золатам. — А табе, Вітольдзе, даў? — спытаў ён у другога сына, які таксама ўжо адслужыў у войску.
— Не даў. Дайце і мне, калі ласка.
— От і табе, — і Пятроўскі ўручыў яму столькі ж, колькі старэйшаму.
— А табе, Зоська, даў? — звярнуўся ён да старэйшай дачкі.
Дзяўчына сарамліва апусціла вочы.
— Саромеешся? Падстаўляй фартушок, я і табе адным махам тваю долю вылучу, — ён адлічыў дзвесце рублёў золатам і высыпаў дзяўчыне ў фартух.
Малодшым ён выдаў па адной керэнцы і па залатым пятаку, а ўсё, што засталося, вярнуў старому і загадаў хлопцам адпусціць яго.
— А цяпер збірайцеся, дзеткі, паедзем да нас у Смалярню, — загадаў ён.
Пакуль сабраліся, развіднела. Тады яны паснедалі і не марудзячы рушылі ў дарогу. Наперадзе ішло быдла, авечкі, свінні і гусі, за імі — шэсць вазоў з набыткам. Людзі ж, за выключэннем самога Мілюты, які ад маркоты па раздадзеных дзецям грашах расхварэўся, ішлі пехатою.
З увагі на статак ішлі вельмі марудна, таму калі мінулі Палянкі, Мечык з Ксаверам, пакінуўшы хлопцаў пры абозе, пайшлі наперад. У бары яны сустрэлі Стаха, Адася і Ромку, што ехалі ім насустрач у санях. Хлопцы былі ў жаху.
— А дзе рэшта? Дзе сані? Што здарылася?! — закрычалі яны, не паспеўшы наблізіцца да Мечыка з Ксаверам.
— Нічога не здарылася, — адказаў Мечык. — Мы прагналі з Барсукоў бандытаў і вось забіраем Мілютаў у Смалярню. У майго пляменніка толькі кабылу забілі. Яны ўсе едуць крыху далей за намі. А вы нас шукаеце? Нешта вы быццам пераляканыя?
— Ніты і Грыбкі ідуць на нас з усімі сваімі людзьмі, — паведаміў Стах.
— З усімі людзьмі? Хто сказаў?
— Сядайце, па дарозе ўсё раскажам.
Яны павярнулі сані і ўселіся ў іх упяцёх.
— Трыста гадаў ідуць на нашую Смалярню, — працягваў сваю справаздачу Стах.
— Хто гэта сказаў? Адкуль вы ведаеце?
— Уначы банда прайшла праз Смалярню, пагражаючы нас знішчыць, а яшчэ нядаўна людзі з Убярэззя везлі цэглу з кунцавіцкай сядзібы, то яны казалі, што на нас ідуць не толькі Ніты, але і Грыбкі.
— Кажаш, ноччу банда праходзіла?
— Так, дзевяць чалавек. Дзядзька Трызна казаў, што гэта Куртапальца.
— Куртапальца? Гэта яны, паскуды, з Барсукоў вярталіся?.. І што, вы іх прапусцілі?
— А што, мы ўчатырох маглі спыніць дзевяцёх? Калі б хоць людзі ўжо прачнуліся, то прыбеглі б нам на дапамогу. Але святло гарэла толькі ў Трызнаў, Сакалоўскіх і ў нас.
— А Ясь з Гушчамі і Сцяпурам тады яшчэ не вярнуліся?
— Яны, як прыйшлі, адразу леглі спаць. Нас было толькі чацвёра: вось якраз нас трое ды яшчэ стары Трызна. Мы хацелі з падлюкамі схапіцца, але дзядзька сказаў, што калі мы не можам іх затрымаць, то лепш увогуле не чапаць. Яны ішлі вуліцай і на ўсё горла раўлі: «Вы контррэвалюцыянеры! Буржуйскія зашчытнікі! Вы высылаеце збройныя раз’езды абараняць кулакоў! Вы збіраеце іх у сябе пад крылом! А мы вам за гэта! Сёння прыедзе да вас трыста чалавек і выража вас да апошняга немаўляці! Вынішчым вас з вашым насеннем! Рыхтуйце белыя кашулі для нябожчыкаў!» Нават паўтараць сорамна тое, што яны выдумлялі.
— Яны былі ўпэўненыя, што мяне дома няма, таму, нягоднікі, так смела буянілі. Але вы малайцы, што іх не зачапілі. Хай думаюць, што мы баімся, і ідуць сюды, а мы гэтых шэльмаў правучым.
Хлопцы здзіўлена на яго зірнулі.
— Хіба мы столькіх адолеем? — спытаў Стах.
— Адолеем, проста так яны ад нас не пойдуць.
— У мяне як камень з грудзей ссунуўся, — сказаў Адась. — Бо ў Смалярні ад страху не ведаюць, што рабіць і за што хапацца.
— І таму вас адправілі па нас?
— Прычым не так па хлопцаў, як па вас самога, — адказаў Стах. — Сказалі, як толькі вас знойдзем, хутчэй садзіць на сані і везці дадому.
— Як толькі бяда, то адразу да мяне, а ў іншы час і не заўважаюць. У іх жа там Ясь, іх начальнік.
— Ясь баіцца яшчэ больш за іх. Ён толькі языком мянціць умее.
— Жаба паршывая! — вылаяўся Пятроўскі. — Учора ў санях я хацеў яму даць у морду. Ведаеце што? Ён сказаў, што легіёны ідуць на рабочы клас.
— Вы толькі цяпер даведаліся, што ён да бальшавікоў цягнецца?
— Ды я яшчэ пасля першай размовы з ім увосень, калі ён вярнуўся з войска, зразумеў, што ён прасякнуўся чужым духам.
— Вас, старых, ён яшчэ трохі баіцца, — умяшаўся Адась. — А пры нас, хлопцах, і на веру, і на ксяндзоў, і на біскупаў нагаворвае.
— Нават на біскупаў?!
У Смалярні панаваў пярэпалах. На нагах былі ўсе — і дзеці, і старыя. Адны зносілі да брам-калаўротаў бярвёны, каб забарыкадаваць вуліцы, іншыя ўзмацнялі платы на падворках, дзе за гумнамі не было частаколу, яшчэ іншыя дапамагалі жанчынам збіраць дзяцей — іх меркавалі адправіць з маткамі ў лясы. Усюды былі рух, паніка, бегатня, адусюль чуліся енкі, пераклічка, дзіцячы віскат.
Ля брамы-калаўрота найстарэйшыя гаспадары спрачаліся са старшынём Ясем і яго намеснікам Бронікам і не маглі прыйсці да агульнага рашэння. Ясь з Бронікам прапанавалі выслаць праз лес пасланцоў у валасны камітэт у Вончы і прасіць дапамогі, Кантычка з Аленскім раілі падрыхтаваць выкуп, Сцяпура ж з Балашэвічам і Трызнам стаялі за бескампрамісную абарону.
— Тут не выкуп трэба збіраць, не да бальшавікоў у Вончы бегчы па дапамогу, а без размоваў і развагаў сустракаць мярзотнікаў кулямі, — заклікаў стары Трызна грамаду.
— Мы, калі жылі ў Рагах, адной сям’ёй не раз давалі адпор цэлым Нітам, а тут у нас столькі хатаў і людзей, — даказваў сваю рацыю Ян Балашэвіч.
— Давайце, суседзі, не будзем кіпяціцца і лаяцца, а паглядзім, што скажа Мечык, — супакойваў усіх Сакалоўскі.
— Ён, здаецца, ужо едзе, — сказаў Сцяпура, заўважыўшы сані, якія якраз выехалі з бору.
— Едуць, едуць, — заўважылі сані яшчэ некалькі мужчын.
Сварка сціхла — усе чакалі, калі прыбудзе Пятроўскі.
Менш чым праз дзесяць хвілінаў сані ўжо былі ля калаўрота.
— А гэта навошта? Нашто вы зносіце сюды бярвёны? — спытаў Мечык, злазячы з саней.
— Мы думалі забарыкадаваць вуліцу, — адказаў Мар’ян Сцяпура, які прынёс з Людвікам Гушчам апошняе палена і цяпер разам з іншымі чакаў вяртання Пятроўскага.
— Нашто? Чым гэта дапаможа? Толькі асаромімся — от і ўсё.
— Бачыце! — падхапіў Ясь Ладан. — А я казаў, што не трэба, бо нельга загароджваць дарогу!
І звярнуўся да Пятроўскага:
— Я ім насіць не дазваляў, але яны не хацелі слухаць. Мне здаецца, трэба як мага хутчэй паслаць у Вончу.
— Ты тут будзеш распараджацца ці я? — гнеўна спытаў Мечык.
— Чаго вы так злосна? Па законе я павінен распараджацца, але вам працівіцца не буду.
— Суседзі! Сваты! Хлопцы! Хто будзе распараджацца, я ці Ясь?
— Ты, сваце, ты!.. Мечык! Дзядзька Пятроўскі! — аднагалосна адгукнулася грамада.
— Добра. Тады забірайце гэтыя дзеравякі і прэч адсюль! Каб нікога на вуліцы не было! А гэта што такое? Куды? — закрычаў Мечык, убачыўшы жанчыну, што везла на санях загорнутых у коўдры дзяцей.
— Мы думалі, будзе лепш, калі на час бітвы бабы з дзецьмі выедуць у лес, — растлумачыў Вінярскі.
— Што з вамі, людзі, парабілася? Чаго вы так напалохаліся? Вяртайцеся — і на печ з дзецьмі! Мужчыны хай агледзяць зброю і чакаюць, калі я паклічу.
У ягоным голасе гучала рашучасць і ўпэўненасць у сабе, і ад гэтага смалерчукі трошкі ўзбадзёрыліся.
— Ты крычыш, быццам нейкі генерал, — іранічна зазначыў стары Гушча.
— Цяпер, дзядзька, не да жартаў, — сурова адказаў Мечык. — Ідзіце дадому і не перашкаджайце.
Праз паўгадзіны прыбыў і Мілютаў абоз. Размясціўшы яго ў першых з краю дварах, Пятроўскі сабраў на сваім дзядзінцы ўсіх здольных змагацца мужчын.
Сабралася шэсцьдзесят восем чалавек. У сямнаццаці былі ваенныя вінтоўкі, у трыццаці двух — звычайныя стрэльбы, а ў рэшты — палкі.
Пятроўскіх падзяліў усіх, хто сабраўся, на групы і вызначыў для кожнай пост. Дзевятнаццаць чалавек з палкамі ён паслаў у сваю адрыну, шаснаццаць са стрэльбамі выправіў да пляменніка, першага суседа злева, шаснаццаць — да Кантычкі, другога суседа справа, сямёх з вінтоўкамі — у лазню, што стаяла ў садзе на супрацьлеглым баку вуліцы, і па пяць — у крайнія двары. У кожнай групе ён прызначыў старэйшага і растлумачыў, як у адпаведны момант дзейнічаць. Сам жа з Кантычкам і старым Гушчам без аніякай зброі застаўся на вуліцы насупраць свайго дома.
Яны чакалі нецярпліва, але без трывогі.
А другой пасля полудня прыбыў другі абоз убярэзінскіх сялянаў са скрадзенай у сядзібе цэглай і паведаміў, што бандыцкая хеўра, якую чакаюць смалерчукі, ужо ў дарозе. На пытанне, колькі іх, убярэзінцы адказалі, што больш за сто.
Пятроўскі з таварышамі прайшліся па ўсіх дамах абапал вуліцы, наказалі жанчынам хутчэй напаіць быдла, а пасля наглуха пазамыкаць брамы і весніцы, папрывязваць сабак і загадаць дзецям не выходзіць з хатаў і не вызіраць з вокнаў, калі на вуліцы з’явяцца прыхадні.
Не пазней як праз паўгадзіны ад броду данесліся рэзкія крыкі, і амаль у той жа момант з лесу выйшаў натоўп.
Нягледзячы на суровы загад не пакідаць пасты, амаль у кожнай схованцы некалькі чалавек пазабіралася на дахі ці парканы, каб ацаніць сілу нападнікаў. Пятроўскі таксама ўскараскаўся на частакол, каб лепей бачыць.
Аднак вызначыць колькасць людзей за паўтары вярсты ад вёскі было цяжка. Можна было дапусціць, што ідзе сотня, можна было — што дзве. Толькі калі яны дабраліся да грэблі за тры стаі ад калаўрота, людзі з палёгкай падлічылі, што іх не больш за пяцьдзясят.
— Злазьце, хлопцы, з дахаў, а то ўвесь мой план папсуяце! — гукнуў Мечык.
Было ўсё лепш відаць, што ішла толькі моладзь. Частка была ў вайсковым, частка — у цывільным. У многіх з-за плячэй тырчалі вастрыі штыкоў. Хапала і тых, што неслі толькі палкі.
Наперадзе ішоў Куртапалец. Шапка ў яго была набакір, шынель — нараспашку. Узброены ён быў кароткай кавалерыйскай вінтоўкай — яе рэмень вісеў на ягоным левым локці, — і рэвальверам, які ён перасунуў на жывот так, каб быў навідавоку.
Убачыўшы, што брама-калаўрот зачыненая, яны нават не паспрабавалі яе адчыніць, а адразу ж уперліся дзясяткам плячэй і зламалі разам са шворнам.
— Сюда ступайце, старыя шэршні! — крыкнуў Куртапалец Пятроўскаму і тым, хто стаяў з ім побач.
Гаспадары сарвалі шапкі, удаючы страх, і прыціснуліся спінамі да частаколу.
Некалькі бандытаў аддзяліліся ад хеўры і пачалі ламацца ў весніцы Ксавера Трызны, рэшта ж на чале з Куртапальцам пайшла вуліцай да гаспадароў, лаючы іх самымі брыдкімі словамі.
Пятроўскі і яго таварышы стаялі нерухома.
— Матка Найсвяцейшая, — шаптаў Пятроўскі, — асляпі гэтых хамаў і падвядзі іх бліжэй, каб мы ўцерлі ім насы, не праліваючы крыві.
Хеўра ішла не спыняючыся. Два бандыты ўдарылі плячыма ў весніцы Вінярскага, але, нічога не дабіўшыся, накіраваліся за астатнімі. Тыя міналі брамку Кантычкі.
— Гэта ты, стары сабака, быў з хлопцамі мінулай ноччу ў Барсуках?! — закрычаў верхавод і паклаў руку на рэвальвер.
Мечык двойчы свіснуў у пальцы.
Секундаў праз дваццаць група смалерчукоў, што хавалася ў доме Отана, перакрыла бандзе вуліцу спераду, другая група — з дома Кантычкі — адрэзала шлях ззаду, а трэцяя — з лазні — ланцужком рассыпалася па садзе, закрываючы дарогу збоку.
Бандыты здранцвелі.
— Не страляйце, таварышчы! Гэта ж мы дзеля шуткі вас пужалі! Памілуйце! Не страляйце! Мы з вамі — адзін рабочы клас! — спалохана заенчылі бандыты, быццам нехта абліў іх з цэбра халоднай вадой.
— Кідайце сваё ламачча на зямлю і не рухацца з месца! — скамандаваў Пятроўскі.
Бандыты, бачачы з усіх бакоў скіраваныя на іх рулі, без пярэчанняў падпарадкаваліся.
Пятроўскі яшчэ раз свіснуў — і з адрыны выбеглі мужчыны.
— Да Ксавера, уздоўж платоў! Да яго ўварваліся некалькі бандытаў! — крыкнуў ён ім насустрач. — А ты, сваце, і вы, дзядзька, — звярнуўся ён да Кантычкі і Гушчы, — аднясіце зброю шэльмаў на дзядзінец і прынясіце лейцы.
— Таварышчы! — залямантаваў верхавод. — Мы ж дзеля шуткі! Далібог дзеля шуткі! Нашто вы на нас напалі? Давайце жыць дружна!..
Мечык даў бандыту поўху. Ён мог паваліць нягодніка на зямлю, бо рука ў яго была цяжкая, але ўдарыў слаба, каб не аглушыць.
— Ах ты свінскае рыла, — вылаяўся ён. — Я з табой, паскуда, на адной ліпе сядзеў ці ў адзін свіран лазіў, што ты мяне таварышам называеш?!
— Ізвініця, пане. Ізвініця. Гэта я па прывычцы.
Трыццаць шэсць бандытаў узялі на вуліцы, пяцёх — на падворку Ксавера і траіх дагналі конна на выгане. Не ўцёк ніводзін.
Пятроўскі загадаў адвесці вязняў у стадолу і чакаць яго на гумнішчы, сам жа адправіўся на нараду да старога Здановіча, які ўжо два тыдні хварэў і не ўставаў з ложка.
На гумнішча збегліся амаль усе смалерчукі. Яны радаваліся, што перамаглі без крыві, пракліналі злачынцаў, прапаноўвалі ім розныя пакаранні. Самых суровых караў патрабавалі хутаране: банда нядаўна пазабівала іх сваякоў і папаліла будынкі. Гайдукевічы хацелі, каб з Куртапальца жыўцом садралі скуру.
— Ён нашага татку закатаваў! — крычалі яны. — Ён бакі яму саломай паліў! Ён яму шпількі пад пазногці заганяў!..
Аднак старыя смалярскія гаспадары схіляліся да мякчэйшай кары. Ясь з Бронікам прапаноўвалі выбраць з банды найгоршых зладзеяў і адправіць іх у Вончу, а астатніх вызваліць.
Калі Мечык вярнуўся, яго засыпалі прапановамі.
— Будзем іх судзіць! — адказаў ён. — Што большасць вырашыць, так і будзе. Суд пачынаецца!
Жанчынам і дзецям ён наказаў адысці, а пасля адамкнуў вароты, каб вязні чулі, як слухаецца іх справа, і звярнуўся да грамады:
— Чаго гэтае гадаўё заслужыла? Што з імі рабіць?
— Расстраляць!.. Павесіць!.. Бізуна даць!.. Скуру паздзіраць! Спаліць! — закрычала моладзь, не даючы сказаць слова старэйшым.
Пятроўскі жэстам сцішыў галас і гняўліва сказаў:
— Хто хоча іх мучыць, таму варта набіць морду. Мы што, паганцы нейкія? Людажэры дзікія? Пакараць іх трэба сур'ёзна, але па-хрысціянску і па-чалавечы.
— Маладзец, Мечык! Разумна кажаш! Справядліва! Па-чалавечы! І б’еш добра, і судзіш не горш! Маладзец! — пахвалілі гаспадары.
Вязні паглядзелі на Мечыка з бязмежнай удзячнасцю.
— Слухайце, — працягваў ён, — прапаную Куртапальца і ягоных найбліжэйшых паплечнікаў, якія забівалі людзей, павесіць, а рэшце ўсыпаць па голым разоў дваццаць пяць і адпусціць з Богам. Згода?
— Згода! Павесіць! Справядліва! Маладзец, дзядзька! Згода! — пагадзілася з Мечыкам моладзь і некалькі асобаў старэйшага пакалення.
Вязні залямантавалі.
— Даруйце нам, паночкі! Змілуйцеся! Покуль жывы будзем, ніколі больш разбойнічаць не пойдзем! Даруйце! Мы вам ногі цалаваць будзем! Майце літасць!
Толькі Куртапалец маўчаў, кідаючы поўны нянавісць позірк на Пятроўскага.
— Мы, дзядзька, не маем права вешаць людзей, — запярэчыў Ясь. — Для гэтага ёсць улада. Давайце адправім важакоў у камітэт у Вончу, а там хай іх судзяць і робяць з імі што хочуць.
— У Вончу? А ў тым іхным камітэце сядзяць не такія ж бандыты?
— Вешаць, сваце, не па-хрысціянску, я са сваімі сынамі да такой работы рук не прыкладу, — паведаміў Кантычка.
— Няўжо, сваце, ты і праўда мяркуеш так з імі абысціся? — спытаў Вінярскі.
— Думаеш, я жартую? Яны ішлі сюды нас зарэзаць і знішчыць, а мы што, будзем з імі цалавацца?
— Маеш рацыю. Але яны, дзякуй Богу, нас не знішчылі і не знішчаць, дык навошта браць на душу смяротны грэх? Навошта іх маткам да канца жыцця нас праклінаць? Усыплем ім — і хай ідуць.
— Праўда, Мечку, праўда. Не трэба вешаць. Трэба па-чалавечы. Усыпаць усім — і хай сабе ідуць да д’ябла, — уключыліся ў размову Гушчы, Сакалоўскі і Аленскі.
Але Мечык не саступаў.
— Каму не падабаецца, — цвёрда сказаў ён, — хай адыдзе, а я зраблю тое, што большасць вырашыла і што мне мой розум падказвае.
Ён паслаў па сталы, зэдлікі, вяроўкі і лямпу, бо ўжо цямнела, і пачаў дазнанне.
— Ну, мярзотнік, — пачаў ён з верхавода, — хто з табой учора быў у Барсуках? Хто твае найбліжэйшыя прыяцелі? Кажы!
Куртапалец панура зірнуў на яго, але не адказаў.
— Што, злуешся? Ну і не кажы, я сам даведаюся. Слухайце, хлопцы, — звярнуўся ён да вязняў. — Хто з вас учора быў у Барсуках? Хто прызнаецца першы, таго я павешу апошнім.
Ніхто не адгукнуўся. Бандыты баяліся падняць вочы, каб іх ніхто не западозрыў.
— Ты быў? — паказаў Мечык пальцам на першага з краю хлопца гадоў васямнаццаці.
— Не быў, паночку, ей-богу, не быў! — адгаворваўся маладзён. — Я і сёння не хацеў ісці, але мяне ўгаварылі. Чаго мяне ліха пагнала? Лепш бы я захварэў!
— А хто быў?
— Я, паночку, баюся казаць, бо яны мяне заб’юць.
— Дурань ты! Як яны цябе заб’юць, калі я іх зараз павешу? Кажы давай, а то першым вісець будзеш!
— Давід быў, — прамармытаў ён са страхам.
— Пакажы, каторы гэта!
— Вось гэты з краю, губаты, — паказаў хлопец рухам галавы.
— Добра. Хто яшчэ? Паказвай усіх па парадку!
— Ванька Шалаплут быў — той руды, высокі. Зміцер Падлізнік — той, што на мяне вытарашчыўся. Саўка Задзірака — той, у белай папасе. Кузьма Бугай…
І назваў усіх сямёх.
— Мусіць быць яшчэ адзін, — сказаў Пятроўскі, прыгадаўшы словы Стаха, што ўначы праз Смалярню прайшло восем чалавек не лічачы Куртапальца.
— Аднаго ўчора ноччу паранілі.
— Паранілі? То яму, суччынаму сыну, пашанцавала.
Адны з названых бандзюганаў стаялі ў нямой роспачы, цяжка ўздыхаючы і ашалела водзячы вачыма, іншыя малілі пра літасць, курчачы няшчасныя міны і вышукваючы самыя жаласныя словы.
— Дарагі дзядзечка! Паночак наш залаты! Даруйце! Солнышка яснае! Архангел нябесны! Даруйце! Карайце як хочаце, толькі пакіньце жывымі! Майце ў сэрцы Бога!
Але Мечык заставаўся няўмольны.
— Вы, шэльмы, — сказаў ён, — не мелі Бога ў сэрцы, калі забівалі нашых людзей, дык і я не буду. Кроў за кроў, жыццё за жыццё. Павесім. Не бойцеся, раз-два — і ўсё скончыцца. Не, хлопцы, — звярнуўся ён да сваіх. — Мы іх доўга мучыць страхам не будзем. За працу! Хто з вас лягчэйшы? Ты, Сташку. Лезь на вышкі, і калі я прасуну вяроўку праз гарохавую салому, возьмеш яе канец і прывяжаш да стыку крокваў. Жыва!
— Нашто да стыку крокваў, калі можна да бэлькі? — прапанаваў Стах.
— Калі я кажу за кроквы, то за кроквы! Будзеш мяне вучыць, жаба малая? Я не першы раз поскудзь вешаю.
Стах залез на вышкі, а Мечык прывязаў канец вяроўкі да ручкі доўгіх драўняных вілаў і прапхнуў іх уверх, праз гарохавую салому.
— Бачыш? — спытаў ён.
— Бачу і ўжо трымаю вяроўку. Забірайце вілы.
— Добра. Цягні колькі трэба і прывязвай. Толькі глядзі, не зрабі сабачага вузла! Лепш я сам залезу. Чакай, не прывязвай.
Ён ускараскаўся на вышкі, паказаў Стаху, як рабіць, пасля вярнуўся ўніз, шчыльна ссунуў два сталы, паставіў на іх зэдлік, залез на яго, зрабіў на канцы вяроўкі пятлю і, трымаючы яе на вышыні сваёй шыі, загадаў Стаху нацягнуць вяроўку і прывязаць так, як яму паказалі.
— Куртапальца сюды! — скамандаваў ён з памоста.
Дзясятка з паўтара хлопцаў і мужчын са слабейшымі сэрцамі адышлі, каб не бачыць жудаснай кары.
— Што ты робіш, сваце? Цябе ж будуць лічыць забойцам! Ты ж душу сваю навечна загубіш! — папярэджвалі яго іншыя гаспадары.
— Павел! Отан! Куртапальца, кажу, сюды! — паўтарыў загад Мечык.
Хлопцы схапілі важака пад рукі і паднялі на памост.
Пятроўскі надзеў злодзею на шыю пятлю і сказаў:
— Можа, апошняе жаданне?
— Каюся, Госпадзі! Будзь міласцівы да мяне, грэшнага! — усклікнуў верхавод, падняўшы вочы ўгору.
Шчырае раскаянне бандыта абудзіла ў грамады спачуванне і літасць.
— Мечыславе! — закрычаў Кантычка. — Даруй яму, калі так каецца. Даруй — і заслужыш вечнае збавенне.
— Даруйце яму, дзядзька, ён так каецца! — уступіліся за асуджанага смалярскія хлопцы.
— Даруйце яму, паночку! Даруйце нам, саколік ясны! Майце сэрца! — залямантавалі вязні.
Але Пятроўскі быў глухі да ўсіх просьбаў і крыкаў.
Ён загадаў памочнікам сысці з памоста, паправіў пятлю, пасля злез сам і, схапіўшыся за адну з ножак зэдліка, пачаў лічыць:
— Раз… два… тры…
Прысутныя стаілі дыханне.
— Чатыры… пяць… шэсць… сем… — і ён рэзкім рухам вырваў з-пад ног асуджанага зэдлік.
Куртапалец выцягнуўся на вяроўцы, баўтануў нагамі і паваліўся на памост — уверсе, над гарохавай саломай, вяроўка парвалася, быццам яе перарэзалі нажом.
У натоўпе пачуліся крыкі здзіўлення, радасці, расчаравання.
Пятроўскі зняў з шыі Куртапальца пятлю і, пасадзіўшы нядаўняга шыбеніка, сказаў:
— Цяпер я табе дарую. Калі вяроўка парвалася — значыць, тваё шчасце.
Куртапалец, цяжка сапучы, ашалела вадзіў вачыма, нібы не верачы ў памілаванне ці ўвогуле не разумеючы, што адбываецца.
— Дарую табе, Куртапалец, чуеш? Ты шчыра пакаяўся і ў цябе парвалася вяроўка, другі раз я цябе вешаць не буду.
Куртапалец узвыў ад радасці.
У гэты момант астатнія сорак тры вязні, дамовіўшыся поглядамі і шэптам, упалі як адзін на калені і паўтарылі пакаяльныя словы Куртапальца:
— Каюся, Госпадзі! Будзь міласцівы да мяне, грэшнага! — а пасля: — Паночак залаты! Даруйце і нам таксама!
— Мы даруем усім! Даруй ім, Мечыславе! — папрасілі смалярскія гаспадары.
— Не пойдзеце, шэльмы, больш разбойнічаць?
— Покуль жывыя будзем, не пойдзем! — адказалі шэльмы хорам.
— Добра. Дарую, суччыны сыны, толькі галовы вам пагалю, каб пасля пазнаць, калі зноў схаплю каго на рабунку, — і, павярнуўшыся да сваіх, загадаў: — Нажніцы!.. Галіць паскудам галовы!
Сцяпура падышоў да Пятроўскага і шапнуў яму на вуха:
— А мы ж далібог думалі, што ты іх павесіш.
— І што?
— Няўжо не відаць, што вяроўку перарэзалі? Ты, старая шэльма, забраўся на вышкі і падвучыў таго хлыста.
Пятроўскі шматзначна падміргнуў і фарсіста падкруціў вус.
Раззбраенне і пакаранне банды Куртапальца ў дзень Трох Каралёў не прынесла смалярскаму раёну жаданага спакою і бяспекі. Сваякі асаромленых бандытаў паскардзіліся бальшавіцкай уладзе, што Пятроўскі і тыя, хто патрабаваў смяротнага пакарання і дапамагаў падчас экзекуцыі, збіраюць зброю і рыхтуюцца да контррэвалюцыі. Праз некалькі дзён з Вончы прыехалі дваццаць пяць прадстаўнікоў улады, якія канфіскавалі ўсю зброю, у тым ліку паляўнічыя стрэльбы, і арыштавалі Пятроўскага з пляменнікам Отанам, Яна Балашэвіча з сынам, Трызну з сынам Паўлам, абодвух Гайдукевічаў, дваіх Мілютаў, Алеся Вінярскага, Мар’яна Сцяпуру і маладога Дуброўскага. Палову зброі яшчэ можна было ўратаваць, бо яе добра схавалі, аднак Ясь, які сімпатызаваў бальшавікам, пра ўсе тайнікі расказаў як на споведзі. На ўвесь засценак засталіся толькі тры вінтоўкі і чатыры дубальтоўкі, пра якія Ясь і яго найбліжэйшы сябар Бронік не ведалі.
Калі гэтая навіна разышлася па вакольных рускіх вёсках, колькасць рабункаў і забойстваў у смалярскім раёне павялічылася. Знайшліся бандыты, смялейшыя і жахлівейшыя за Куртапальца. У белы дзень на хутарах з’яўляліся людзі ў ваенным адзенні і, выдаючы сябе за уладу, патрабавалі аддаць зброю, грошы і каштоўныя рэчы. Яны катавалі людзей, бязлітасна здзекаваліся з іх і забівалі. Абараняцца было небяспечна, бо ніхто не ведаў, хто гэта насамрэч, жаліцца ўладам таксама не мела сэнсу — палова яе прадстаўнікоў не толькі мела сувязі з важакамі бандаў, але і непасрэдна ўдзельнічала ў рэйдах. Хавацца не было дзе.
Смалерчукі праседзелі пад арыштам у валасной турме ў Вончы больш за два тыдні. Не дапамагла ні калектыўная просьба гаспадароў смалярскай ваколіцы, ні парука ўбярэзінцаў, што прыязна ставіліся да смалерчукоў.
Аднойчы раніцай ў турму прыбыў камісар, які сказаў, што пасля полудня ўсіх арыштаваных адправяць у Біркі, і загадаў збіраць рэчы.
Смалерчукі сабраліся і з адчаем чакалі адпраўкі.
Але пасля абеду з’явіўся міліцыянер, які наказаў ім браць хатулі і вяртацца дадому. Калі смалерчукі пацікавіліся прычынай такой перамены, той адказаў, што камісар гадзіну таму даказаў іх поўную невінаватасць.
— То-бок, карацей кажучы, — прамовіў Мечык, — што данос быў ілжывы?
— Выходзіць, што так, — адказаў міліцыянер.
— Тады мы хочам, каб вы пасадзілі сюды, на нашае месца, тых, хто на нас хлусліва паскардзіўся. Адвядзіце нас, калі ласка, да камісара.
— Камісара тут няма.
— Тады да яго намесніка.
— Намесніка таксама няма. Гадзіну таму яны ўсе кудысьці паехалі па вельмі важнай справе. Калі хочаце, прыходзьце заўтра ці паслязаўтра.
— Мы прыйдзем — крыўды сваёй не даруем.
Падзякаваўшы за «гасціннасць», смалерчукі адправіліся да пана Садоўскага. Той накарміў іх абедам і паведаміў пра новыя забойствы, учыненыя за апошні тыдзень у ваколіцах Смалярні. Смалерчукі закіпелі ад абурэння.
— І гэта ўлада? Гэта справядлівасць?! — усклікнуў Павел, ударыўшы кулаком па стале. — Нас, якія абаранялі свой жывот, пасадзілі пад арышт, а тых, што рабуюць і забіваюць, не заўважаюць!
— Відаць, дзеткі, нам нічога не застаецца, як толькі самім зрабіцца такімі ж бандытамі, як яны, і бязлітасна біцца з імі насмерць, — сказаў Пятроўскі. — Калі б знайшоўся тузін хлопцаў, гатовых да найгоршага, я б за тыдзень ці самае большае за два ўціхамірыў усю поскудзь у ваколіцы.
— Я згодны, — прамовіў Павел.
— І я, — абвясціў Стах.
— І мы згодныя, — паведамілі, пашаптаўшыся, Гайдукевічы.
Згадзіліся ўсе, апроч старога Трызны і Яна Балашэвіча.
— Выдатна! — усклікнуў Пятроўскі. — Рэшту набяром дома. Бяда толькі са зброяй. Отане, колькі, ты казаў, у Смалярні засталося вінтовак?
— Усяго тры. Але яшчэ адну можна здабыць у Храпачове.
— Значыць, чатыры. Зыгмунце, — звярнуўся ён да Гайдукевіча, — я чуў, што твае швагры ў Палянках прынеслі з войска дзве вінтоўкі.
— Прынесці яны прынеслі, але невядома, ці дадуць. Мо адну…
— Думаю, яшчэ адну я здабуду ў Русецкіх ва Убярэззі, — сказаў Павел.
— Значыць, будзе шэсць. Малавата. У такой справе трэба добра ўзброіцца. От каб дабрацца да Вежгайлова — там бы я здабыў колькі трэба. Дык што, хлопцы, — прамовіў ён, падумаўшы, — пачынаем! Гайдукевічы з Алесем ідуць адразу ў Палянкі. Мілюты з Дуброўскім — у Храпачова. Павел з Мар’янам — ва Убярэззе. Усё, што знойдзеце, нясіце ў леснічоўку Васілеўскага. А вы, Отан і Стах, ідзіце разам са старымі ў Смалярню і ноччу аднясіце ў леснічоўку тыя вінтоўкі, што ляжаць у вас дома. Толькі ша!.. Я паеду ў Вежгайлова. Пане Садоўскі! Пазычыш кабылку?
— Кабылу пазычу, але з табой не паеду.
— Разумею, коле пад пяты… Нічога, ты мне толькі кабылу запражы і пашукай якой сялянскай сярмягі. Сам паеду.
Праз гадзіну яны раз’ехаліся з Вончы кожны ў свой бок.
А ў Смалярні хавалі новую ахвяру бяспраўя. Гэта быў Мазур, бежанец, які ўжо два гады парабкаваў на хутары Скочак. Ён паспрабаваў абараніцца ад рабаўнікоў з сякерай у руках, дык тыя ўсадзілі яму ў галаву пяць куляў.
Смалерчукі забралі ягонае цела і зладзілі пахаванне. У доме Кантычкі было поўна людзей. Габлявалі дошкі на труну, спявалі пахавальныя песні, усхвалялі цноты нябожчыка і аплаквалі ягоныя нягоды. Многія жанчыны румзалі так, быццам хавалі сваяка.
Калі ў дом увайшлі чацвёра вызваленых вязняў, і праца, і скруха адклаліся. Старыя і маладыя абступілі нядаўніх арыштантаў, пачалі наперабой распытваць пра астатніх, радавацца, што іх вызвалілі, і расказваць пра падзеі апошніх дзён.
— А ведаеце, гэта ж я вас вызваліў! — пахваліўся Ясь. — Учора хадзіў у Вончу і прасіў самога камісара.
— Учора, кажаш? — перапытаў Трызна.
— Так, мы з Бронікам хадзілі.
— Тады нас не на тваю просьбу выпусцілі, бо яшчэ сёння ранкам камісар казаў, што адправіць нас у Біркі. Здарылася нешта яшчэ.
Набліжалася восьмая гадзіна, таму Отан са Стахам прачыталі за нябожчыка «Анёла Панскага» і, не трацячы часу, пайшлі дадому, павячэралі, памянялі завашыўленую бялізну, а пасля дасталі з хованкі вінтоўкі і аднеслі іх у леснічоўку, дзе і заначавалі.
За гадзіну да світання ў леснічоўкі прыйшлі іх таварышы з Храпачова, Палянак і Убярэззя, якія прынеслі з сабой яшчэ тры вінтоўкі, і Пятрок Карапузя з Адасем Лапаносым, што таксама далучыліся да партызанкі.
Усе чакалі Мечыка і абмяркоўвалі планы будучых дзеянняў.
Надышоў полудзень — а яго ўсё не было. Мінула яшчэ некалькі гадзінаў — няма. Пачакалі яшчэ гадзінку і адправілі Стаха з Юзікам і Адасем у Смалярню на выведку.
Людзі якраз вярнуліся з могілак. Некаторыя мужчыны разышліся па дварах рыхтаваць быдлу трасянку, рэшту ж разам з усімі жанчынамі Кантычка запрасіў на Ларэтанскую літанню да Найсвяцейшай Панны Марыі, якую самыя пабожныя людзі засценка спявалі штодня, каб у краі зноў запанаваў спакой.
Дазнаўшыся, што Мечык дадому не вярнуўся, хлопцы разам з іншымі пайшлі на літанню.
Кантычка заспяваў «Кірые...» і, даверыўшы Трызну весці спеў далей, лёг крыжам на падлогу і знерухомеў.
Адспявалі літанню, пасля — суплікацыю, а Кантычка ўсё не рухаўся з месца. Ніхто не асмельваўся яго турбаваць і ўставаць з кален. Адны чыталі пацеры, іншыя, углядаючыся ў распяцце, малілі Бога пра ратаванне. Некаторыя жанчыны ўсхліпвалі ў малітоўным экстазе.
Раптам дзверы ў сенцах адчыніліся, і ў святліцу зайшлі Пятроўскі і стары Гушча. Мечык толькі-толькі злез з саней і быў заінелы, у рукавіцах і з пугай. Бровы ў яго былі нахмураныя, лоб — зморшчаны, але вусы варушыліся, і гэта значыла, што суровы выраз ягонага твару — удаваны.
Ён зняў рукавіцы і шапку, паклаў іх разам з пугай на лаве, пачаў хадзіць туды-сюды ля парога, нецярпліва пазіраючы на малельцаў, і ўрэшце сцішаным голасам сказаў:
— Можа, хопіць вам, бабы, нюніць? Уставайце!
А стары Гушча закрычаў, звяртаючыся да Кантычкі:
— Уставай, сваце! Колькі ты яшчэ збіраешся валяць сваё бруха? Каму яно, такое ляжанне, трэба? Уставай, бо толькі нястраўнасці зазнаеш!
Моладзь тут і там прыкрывала рукой рот, каб не пырснуць смехам.
Кантычка яшчэ некалькі хвілінаў паляжаў, пасля марудна падняўся на калені, перахрысціўся, пацалаваў распяцце, устаў і тут жа напаў на Гушчу.
— Ах ты Люцыпар! І сам ніколі не молішся, і іншым не даеш! Праз цябе, герэтыка, Пан Бог і насылае на нас няшчасці! Прэч з маёй хаты, шатане! І ты яму падтакваеш! — звярнуўся ён да Пятроўскага.
— Гэтым разам даруй мне, сваце, — адказаў Мечык. — Я прыйшоў не для таго, каб перашкодзіць вам маліцца, а для таго, каб перарваць ваш смутак і плач. Цяпер трэба не засмучацца і плакаць, а спяваць «Вясёлы дзень для нас настаў».
— Што здарылася? Што такое? — загучалі з усіх бакоў пытанні.
— Няма больш лайдакоў!.. У нас тут усталявалася Польшча! У Бабруйску ўладараць легіёны! Яны даюць бальшавікам лазні, сякуць іх і гоняць на ўсе чатыры бакі, захопліваюць горад за горадам. Чуеце, у нас тут Польшча! Нашыя беды назаўсёды скончыліся!
Навіна была такой нечаканай і несла гаротнікам столькі радасці і шчасця, што здавалася неверагоднай.
— Дзе ж ты, сваце, так назюзюкаўся? — спытаў Сцяпура, ляпаючы Мечыка па плячы.
— Дзе ж яму яшчэ назюзюкацца, як не ў сваіх шваграў, — прамовіў Вінярскі.
— Вы на яго паглядзіце, не ўсміхаецца нават, быццам праўду гаворыць, — заўважыў Дуброўскі.
Мечык укленчыў перад распяццем і, пакляўшыся, паўтарыў навіну:
— Калі я п’яны ці маню, хай я больш не ўбачу свае хаты. Шчырую праўду кажу, як на споведзі. У Бабруйску ўсталявалася Польшча. Я на ўласныя вочы бачыў у Вежгайлове легіянераў, а сярод іх — і Віктара, твайго, Амбражэй, сына, з якім я да поўначы размаўляў.
Усіх ахапіла бязмежная радасць, і яны не ведалі, што ад такой радасці рабіць. Пятроўскага з усіх бакоў тузалі за адзежу, неадкладна патрабуючы падрабязнасцяў, горача адно аднаго віншавалі, цалаваліся як на Вялікдзень, смяяліся і плакалі адначасова. Купка хлопцаў і дзяўчат пабегла ў засценак, каб як мага хутчэй перадаць навіну астатнім. Дзверы ў хату не зачыняліся — у яе валам валілі людзі. Пытанні перамяжоўваліся адказамі. Ва ўсім двары галас стаяў, як на хрэсьбінах ці вяселлі.
Але ўрэшце Кантычка завёў «Божа! Чаму Польшчу…» — і пачуцці людзей выліліся ў песню. Усе, хто быў у хаце, спявалі ад душы. Ад хвалявання ў людзей дрыжалі галасы, вочы гарэлі радасцю, а думкі несліся ў спакойную, свабодную і шчаслівую будучыню.
А восьмай вечара ў доме Здановіча сабралася веча. Апроч усіх мужчын, якія на той момант былі ў Смалярні, прыйшлі Васілеўскі і ўсе хлопцы, якія планавалі партызанку, Гарасімовіч з Аніхоўскім з Палянак, Шумскі з Ямаў і некалькі гаспадароў і хлопцаў з хутароў.
— Панове і браты! — пачаў стары Здановіч. — Пасля многіх паразаў, пасля доўгіх гадоў рускага прыгнёту і насмешак, пасля столькіх пакутаў, як гэтая апошняя бандыцкая навала, Пан Бог урэшце пра нас успомніў і вырашыў парадаваць. Як кажа Мечыслаў, які нядаўна прыехаўшы з дарогі, у Бабруйску ўсталявалася Польшча, і яна мусіць запанаваць ва ўсім нашым краі. Таму мы і паклікалі вас, каб ўсёй супольнасцю абмеркаваць вялікае ахвяраванне Пану Богу за гэтую радасную змену ў нашым жыцці, а таксама падзякаваць польскаму кіраўніцтву ў Бабруйску, як належыць сапраўдным хрысціянам і шчырым палякам.
— Слушна, усё слушна! — хорам пагадзіліся ўсе.
— Перш чым мы пачнём раіцца, — працягнуў Здановіч, — хай Мечыслаў перакажа навіну ўсёй грамадзе, бо ёсць сярод нас такія, што яшчэ нічога не чулі.
Пятроўскі ўстаў і пачаў расказваць:
— Як толькі я выехаў з Вончы, да мяне дайшло, што з турмы нас выпусцілі не з вялікай ласкі і не таму, што прызналі невінаватымі, а ад страху.
Я прыехаў у Біркі і здзівіўся. Тая кузня, што з канца стаіць, зачыненая. Перад валасной управай — ніводнай падводы. На млыне пуста і глуха. Людзей на вуліцы вобмаль, і ўсе нейкія перапужаныя.
«Што тут такое здарылася?» — падумаў я. Але я не хацеў, каб мяне пазналі, таму нікога ні пра што не пытаў і ехаў далей. У лесе я сустрэў Боліка Мянтачку з Кучак: сядзіць аднюсенькі на санях і спявае «Зялёнага явара». Я яго спыняю, хвалю Езуса, а пасля кажу:
— Відаць, будзем мы, Баляславе, на запусты грыбы збіраць.
— З чаго б гэта? — пытае ён мяне.
— А з таго, што ты тут адзін едзеш, — кажу я яму.
— Дык і ты ж адзін, — адказвае.
— Я, — кажу, — гэта іншае. Я ў маладосці аб’ездчыкам у графа служыў і ў свой час цэлыя кірмашы разганяў, нядаўна от з хлопцамі сорак з лішкам бандытаў пагаліў, але цябе, як я ведаю, нават баба ўначы па ўласнай патрэбе выганяе.
— Я ноччу кепска бачу, таму і выганяе, — адказвае ён.
— Цябе мужыкі не перахопяць, — пытаю, — і душу не дастануць?
— Не перахопяць ужо, братка, ім ужо новым духам запахла, — адказвае.
— Якім гэта духам? — пытаюся. — Што здарылася?
— А, дык ты яшчэ не ведаеш, — дзівіцца ён, — што палякі ўзялі Бабруйск?
Я ўжо думаў, што ад радасці ашалею, калі ён мне гэта сказаў.
— Узялі надоечы, — кажа, — і так даюць нягоднікам лазні, што толькі пыл ва ўсе бакі. От і ў нашае аконца, братка, зазірнула сонца. Я б табе расказаў, як гэта адбылося, але надта ж дадому спяшаюся. Калі хочаш, заедзь у Вежгайлова, там пра ўсё і дазнаешся.
— Дык я ж якраз туды і еду, — адказаў я і штомоцы пагнаў кабылу. Прыязджаю ў Вежгайлова — а там на вуліцы стаіць доўгі шэраг саней, гружаных сенам і аўсом. З дома Зыгмунта чуецца галас і грыміць музыка.
— Што ў вас тут за свята ў будні дзень? — пытаю падлеткаў, што стаяць у браме.
— Гэта ў нас гуляюць легіёны, — адказваюць яны.
Я злажу з каня і заходжу ў хату. Народу — не прабіцца. Моладзь вежгайлоўская, а яшчэ чалавек пятнаццаць легіянераў. Нехта сядзіць і гамоніць з гаспадарамі, нехта з дзяўчатамі за руку танчыць, нейкі нібыта карагод. А ўсе маладыя, крамяныя, румяныя і зграбныя, а выпраўка такая, што дай Божа афіцэру. Тупочуць нагамі і па-польску сабе падпяваюць. Шляхцянкі, на іх пазіраючы, вочкамі бліскаюць і аблізваюцца. Я палюбаваўся на іх трохі і пайшоў да канапы, каб з кім пагаварыць, як раптам нехта бярэ мяне за локаць і кажа:
— Як маецеся, дзядзька Пятроўкі?
Паварочваюся — а гэта легіянер, толькі я яго не пазнаю.
— Вы што, — кажа ён, — не пазнаяце мяне? Я Віктар Ладан са Смалярні.
— І ведаеце што, браты, — сказаў Мечык, звяртаючыся да грамады, — так гэты хлопец пахарашэў, так яму легіянерская форма пасуе, што з вас ніхто б яго не пазнаў.
Мы з ім абняліся, і я яму ў колькіх словах расказаў, што ў нас тут адбываецца, і адразу ж пачаў распытваць.
— Як атрымалася, — кажу, — што вы так нечакана з’явіліся і ўзялі такі горад і такую крэпасць без жаднага стуку і груку?
— Дзякуючы розуму нашага пана генерала Доўбар-Мусніцкага, — адказвае ён, — і нашай легіянерскай адвазе. Спярша ў Бабруйск прыбылі толькі пяцьсот нашых людзей і закватаравалі побач з бальшавікамі, сказаўшы, што калі тыя іх не зачэпяць, то і яны ім дапамогуць супраць белых. Салдаты былі радыя, а вось рэўкамы і саўдэпы пачалі на нас коса паглядаць і раіцца, як адабраць зброю. Але мы іх, — кажа, — апярэдзілі. Усталі ноччу, ціхутка забралі зброю ў іх паставых і пазаймалі ўсе самыя важныя пункты. Прачынаюцца ранкам бальшавіцкія камандзіры — а тут мы! І на валах мы, і ля брамы, і ля моста, і ля вежы, і на станцыі «Бярэзіна», і ля бяздротавага тэлеграфа — амаль усюды. Яны паспешліва сцягваюць свае раскватараваныя ў горадзе, на вялікай станцыі і ля Крывога Крука аддзелы, у якіх мы яшчэ не забралі зброю, збіраюць усіх камуністаў і кажуць ім ісці на нас.
Але салдаты з яўрэйчыкамі баяцца ісці на валы без гарматаў і хочуць, каб ім з Мінска прыслалі артылерыі і яшчэ пяхоты.
А тым часам нашыя падцягваюцца з усіх бакоў — такая ў нас была дамова. Мы падыходзілі ў легіянерскай форме і ў мужыцкім адзенні, паасобку і групамі, пехатой і конна, на санях і цягніках — пяхота, кавалерыя, артылерыя. Узялі крэпасць, — кажа ён, — амаль без крыві, разбілі каля дзесяці тысяч чубарыкаў, здабылі шмат гарматаў, цэлыя склады вінтовак, патронаў, пораху, піраксіліну, адзення, аўтамабілі бранявыя і легкавыя, паравозы, вагоны з фуражом і кучу іншага ваеннага рыштунку.
Цяпер ужо, — сказаў ён, — у нашых польскіх руках Ясень, Свіслач, Глуск, Парычы, Рагачоў і, здаецца, Жлобін. Мы будзем рухацца аж да Дняпра, бо па ім пройдзе польская мяжа.
— І вы адолееце ўсіх бальшавікоў, што могуць пайсці на вас з Расіі, і ўсе ўзброеныя вёскі? — пытаю я.
— Адолеем, — адказвае ён. — Вы, дзядзька, яшчэ не ведаеце, якія легіёны мужныя і як яны ўмела б’юцца. На аднаго нашага трэба дзесяць бальшавікоў. А нас тут, у Беларусі — цэлы корпус на сорак тысяч чалавек. І яшчэ два корпусы ва Украіне, якія таксама ідуць сюды. Потым будзем таксама, — кажа, — мабілізаваць тутэйшых польскіх людзей. Бальшавікоў мы разаб’ём, тут і казаць няма пра што.
— Вось што ён мне збольшага расказаў, — скончыў свой аповед Пятроўскі, — і параіў як мага хутчэй сабраць сход, выбраць трох ці чатырох чалавек, самых сярод нас паважаных, і адправіць іх да пана генерала Мусніцкага, каб яны яму пакланіліся і падзякавалі за ўсталяванне на нашых землях Польшчы. Вашыя прапановы?
— Вашыя прапановы, панове і браты? — паўтарыў Здановіч.
— Што да ахвяры Пану Богу, — узяў голас Кантычка, — то я лічу, што калі мы пабудуем у Вончы мураваны касцёл, гэта будзе найлепшая памятка ў гонар гэтых падзей. Як толькі ў краі будзе хоць нейкі парадак, мы разам з заванчанскімі людзьмі збяром сход і возьмемся за справу. Цяпер жа нам напэўна дадуць дазвол.
Прапанову аднагалосна ўхвалілі.
— Ну, а зараз выбірайце дэлегатаў, — прыспешваў усіх Пятроўскі. — Хай едуць дзядзька Здановіч, Гушча і яшчэ хто са старэйшых, — прапанаваў ён.
Пад словамі «яшчэ хто са старэйшых» ён меў на ўвазе сябе, але высоўваць уласную асобу не выпадала.
— Мне яшчэ нездаровіцца, не паеду, — сказаў Здановіч. — Прапаную, каб ехалі Мечык, Раман і Амбражэй.
— Калі паедзе Раман, то я не паеду, — у сваю чаргу адмовіўся Кантычка. — Я, пакуль жывы, з гэтым герэтыком у адзін воз не сяду. Выберыце каго іншага.
— Слухайце, браты! — узяў голас Вінярскі. — Па-мойму, трэба адправіць двух старэйшых і двух маладых. Хай едуць Мечык і Амбражэй, а з імі — Павел і Ясь. Хлопцы ж не дурныя.
Моладзь шумна запратэставала:
— Мы не хочам Яся! Ён на легіянераў нагаворваў! Ён за бальшавікоў! Мы бальшавіка не хочам!
— Ды хоць бы вы мяне на каленях прасілі, я б кланяцца белым не пайшоў! — адгукнуўся Ясь. — Я за бальшавікоў быў і буду, бо належу да рабочага класа!
Гэтыя словы выклікалі ў грамады абурэнне, таму Ясь грукнуў дзвярыма і пайшоў.
Пасля доўгіх і гарачых спрэчак вырашылі, што да генерала паедуць Мечык, Кантычка, Сцяпура і Павел.
На наступны дзень познім ранкам дэлегаты выехалі з дому. Апрануліся фарсіста, як у касцёл. На каня надзелі раменную, аздобленую збрую, сані заслалі дываном, самі апранулі футры і футэркі. У сене на ўсялякі выпадак схавалі сякеру і тры карабіны. Паехалі зімнікам.
Усе яны, а асабліва Пятроўскі, які быў за галоўнага, ганарыліся сваім пасольствам. Пятроўскі пыхкаў люлькай і складаў у галаве прамову да пана генерала. Сцяпура гаманіў з Кантычкам.
— Гэта, сваце, як рускія гавораць, у Бога ўсяго многа, — казаў Кантычка. — От, напрыклад, яшчэ ўчора мы жылі ў страху і скрусе, а сёння едзем бяспечна, весела і пачэсна.
— Яшчэ як пачэсна! — падхапіў Сцяпура. — Мы ж да самага галоўнага польскага генерала едзем! Такога ў будучыні нават каралём выбраць могуць. Гэта вельмі пачэсна, анягож.
— Урэшце Бог зрабіў па справядлівасці. За насмешкі з нашых людзей, веры і мовы, за блюзнерствы Ён іх пакараў і прынізіў, а нам даў уладу і гонар. Цяпер, бадай, ім самім давядзецца вучыцца па-польску.
— Думаеш, зараз у канцылярыях усё будзе па-польску?
— Думаю, так.
— Але, па-польску, — умяшаўся ў размову Пятроўскі. — У канцылярыях будуць пісаць па-польску, польскімі будуць войт, ураднік, прыстаў. За Расіяй было па-руску, а за Польшчай будзе па-польску. Але жаднага прыгнёту мы не дапусцім. Усе народы будуць вольныя — рускія, палякі, яўрэі, татары і астатнія. Змогуць гаварыць як хочуць і маліцца як хочуць. От як будзе, — ён казаў з такой упэўненасцю, быццам ужо бачыў перад вачыма новую канстытуцыю.
— Хто гэта табе сказаў? Можа, мой Віцёк?
— І Віктар казаў, і яшчэ свайго часу Несмяртэльны. Дай толькі Бог вызваліць Польшчу цалкам, усю, якая толькі ёсць у свеце, — і будзе ў ёй тады справядлівасць для ўсіх людзей.
— Ды вызваліцца яна. Калі першая губерня станецца вольнай, то і рэшта падцягнецца.
— Мы ўсе мусім добра памагчы, — сказаў Сцяпура.
— Усе і з усіх сілаў, — дадаў Пятроўскі. — Сенам, збожжам, гавядой, коньмі — і сабой. Я ўжо немалады, але калі спатрэбіцца — пайду.
За гадзіну да заходу сонца яны апынуліся пад Трухавічамі. Дарога бегла праз выган, але трэба было спыніцца на папаску, і яны павярнулі ў вёску.
Наблізіўшыся да брамы-калаўрота, яны ўбачылі на вуліцы ў глыбіні вёскі натоўп. На ўзвышэнні ў цэнтры стаяў прамоўца і палка даводзіў нешта астатнім.
Яны спыніліся.
— Вернемся, браты, на выган, — прапанаваў Кантычка.
— А можа, гэта хтось з легіянераў людзей павучае, — сказаў Мечык. — Варта зірнуць. Дай мне, хлопча, лейцы, — звярнуўся ён да Паўла, — і злезь пашукай ля плота якога дубца.
Павел саскочыў на зямлю, выламаў у плоце тры верхавіны жардзінаў аршыны на два, схаваў іх на санях пад дываном, і кампанія рыссю рушыла да прамоўцы, услухоўваючыся ў тое, што ён выкрыквае. Неўзабаве яны змаглі разабраць ягоныя словы:
— Таварышчы крэсцьяне! — казаў ён. — Вы што, такія дурні і не здагадваецеся, што вас чакае пад уладай паноў? Вам што, старыя людзі не расказвалі, у якой няволі жылі крэсцьяне за Польшчай? Вы хіба не чулі, што паны не хацелі скасаваць паншчыну і падымалі мяцеж? Польшча — гэта паншчына! Легіёны змагаюцца за паншчыну!..
— Мы хочам аружжа! — закрычаў натоўп. — Дайце нам аружжа, і мы з імі хутка расправімся!..
— Дык ёсць у вас аружжа!
— Не ва ўсіх! — адказаў натоўп. — Траціна з нас вінтовак не мае! Кулямётаў у нас няма! Дайце кулямётаў!
— Я вам іх што, з пальца высмакчу? З панічамі кулямётаў не трэба. Яны ўбачаць вас з віламі і каламі і тут жа хто куды…
Сані параўняліся з натоўпам. Сяляне, што стаялі наўзбоч, павярнуліся і агледзелі гасцей у футрах запытальнымі і непрыязнымі позіркамі.
— Гані хутчэй, бо яны нас зараз зачэпяць, — шапнуў Кантычка Пятроўскаму на вуха, штурхануўшы яго локцем.
Але Пятроўскі наказаў Паўлу спыніцца.
Агітатар тым часам працягваў падбухторваць натоўп:
— Не дайце панам зноў вас захамутаць, а то потым горка пашкадуеце! Яны за разрабаваныя лясы і маёнткі апошняе зерне ў вас са свірнаў забяруць, апошнюю худобу з хлявоў выведуць, а вас саміх паншчыну адпрацоўваць змусяць. Яны запрагуць вас у плуг і будуць прадаваць на рынку, як быдла, забяруць у вас жонак і дачок і…
— Брэшаш, машэннік! — крыкнуў, падняўшыся на ногі, Мечык. — Паншчыны не будзе! Польшча дасць людзям большую свабоду, чым вы, паскудныя паганцы!
— А ты хто такі? — крыкнуў агітатар. — Буржуй! Рабяты, хапайце буржуяў! Хапайце ляхаў!..
Натоўп з рыканнем кінуўся да саней, але не паспеў дабегчы, як конь пагнаў наўскапыта, а ў руках смалярскіх «буржуяў» з’явіліся жардзіны, якія тут жа пачалі гуляць па руках, плячах, галовах. Павел таксама не спаў: раз прыспешваў пугаю каня, другі — праходжваўся па мужыках. Нягоднікі адскоквалі ад саней, быццам выляталі з рагаткі. Хутка яны ўсе былі ўжо ззаду.
— Хапайце аружжа! Дайце нам аружжа, будзем у іх страляць! — закрычалі ў натоўпе.
Пачуўшы заклік да страляніны, смалерчукі дасталі вінтоўкі і паказалі мужыкам.
Прыгода скончылася шчасліва.
Далей яны міналі ўсе вёскі, пакінуўшы коней без папаскі, аж да самага Вялічкава, што ляжала на бальшаку непадалёк ад Бабруйска, дзе і заначавалі.
Назаўтра яны ўсталі і праз дзве гадзіны няспешнай язды апынуліся ў часовай сталіцы Польшчы, якая ўпершыню з 1831 года была сапраўды незалежнай. У смалерчукоў ад хвалявання стаялі ў вачах слёзы і ў грудзях займала дых. Вакол — польскія паставыя, форма, твары, чуюцца мілыя сэрцу польскія словы, ляпаюць на ветры польскія сцягі, шуміць на валах польскі лес, свішчуць польскія паравозы, Польшчай пахне ў паветры.
Неўзабаве яны сустрэлі вайскоўцаў. Тыя ўжо не былі падобныя да першых польскіх легіянераў, якіх смалерчукі бачылі ў Бабруйску восенню 1915 года. Тады легіянера цяжка было адрозніць ад звыклага рускага салдата, цяпер жа яны былі ўбраныя ва ўласную польскую ўніформу, што ззяла ахоўнымі колерамі і амарантам, пералівалася барвамі лампасаў, стужак, вымпелаў і розных адзнак.
Ад моста да самай штаб-кватэры яны ехалі рыссю, каб налюбавацца прыгожым войскам і нарадавацца парадку ў горадзе.
Хмара, дазнаўшыся, што смалерчукі прыехалі пасольствам да генерала Доўбар-Мусніцкага, вызваўся быць іх правадніком.
Яны выпраглі каня, знялі футры, прычасаліся і паволі рушылі да генерала, а па дарозе Хмара расказваў ім пра апошнія падзеі ў горадзе, непасрэдным сведкам якіх ён быў.
Кіраўніцтва корпуса размяшчалася ў адным з будынкаў крэпасці. Мінуўшы браму, яны прайшлі некалькі кварталаў наскрозь і дабраліся да мэты.
— Вунь у тым доме жыве генерал Мусніцкі, — Хмара паказаў на ладную камяніцу, перад якой лунаў сцяг.
Смалерчукі запаволіліся, углядаючыся ў будынак.
Ля дзвярэй стаялі двое вартаўнікоў з лампасамі, а на ходніку перад імі — група афіцэраў.
— Можа, ён там якраз стаіць? — спытаў Кантычка.
— Можа, і стаіць, я адсюль не бачу, — адказаў Хмара.
— Вы ідзіце наперад, — сказаў Кантычка Сцяпуру і Пятроўскаму, якія ў гэты момант стаялі за ім.
— Мечыславе, ідзі наперад, — прамовіў Сцяпура. — Подпісы ў цябе, таму ты ў нас за галоўнага.
— Вам ужо страшна? — пакпіў з іх Мечык. — Давядзецца вам пасля мяне частаваць, а то я, вярнуўшыся дадому, усё раскажу нашым бабам.
Ён пайшоў наперад, але было відаць, што і ў яго адвагі не праз меру, бо ён увесь час пакашліваў і запавольваўся.
Калі да афіцэраў заставалася не больш за сорак крокаў, у іх за спінамі загрукаталі капыты. Яны павярнуліся — гэта скакаў узвод уланаў.
— Гэта ён, гэта ён! Той, што наперадзе, — Доўбар-Мусніцкі, — пазнаў Хмара.
Смалерчукі сарвалі шапкі. Афіцэры выпрасталіся.
— Памятайце, трэба рабіць тое ж, што і я, — шапнуў сябрам Мечык.
Калі кавалькада спынілася, адзін з афіцэраў падскочыў да генеральскага каня і схапіў яго за аброць. Генерал злез, павітаўся з афіцэрамі і скіраваўся да ўваходу.
Гэта быў самавіты мужчына ўзросту Пятроўскага, статны і плячысты.
Смалерчукі перагарадзілі яму дарогу.
— Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус, — сказалі яны і нізка пакланіліся.
— Добры дзень, панове. Вы да мяне? — ветліва спытаў генерал.
— Так, вяльможны пане генерал, — адказаў Пятроўскі. — Мы польскія людзі з засценка Смалярня…
— Прашу са мной, — перарваў яго генерал. — Прашу са мной усярэдзіну.
Яны прайшлі ў другі пакой, дзе ўжо сядзела некалькі вайскоўцаў і па-шляхетнаму апранутых цывільных.
Генерал прыняў кароткі даклад ад аднаго з вайскоўцаў, пасля хвілінку пагаварыў з цывільнымі і ўрэшце звярнуўся да смалерчукоў:
— Чым магу, панове, дапамагчы?
— Вяльможны пане генерал, — пачаў Мечык, зрабіўшы крок наперад. — Польскія людзі з засценка Смалярня Ванчанскай воласці, і тыя, што зямлёй валодаюць, і тыя, што яе арандуюць, дазналіся заўчора, што вы, вяльможны пане генерал, са сваім геройскім войскам выгналі з Бабруйска бальшавікоў і ўсталявалі ў ім Польшчу. Усе тут жа сабралі сход, распісаліся на паперы і адправілі нас пакланіцца вам, вяльможны пане генерал, падзякаваць за такі ўчынак дзеля нашага народа і папрасіць, каб вы ўзялі нас на дапамогу ў далейшым змаганні з тымі басякамі.
Тут ён, а за ім і рэшта сябрыны, у тым ліку Хмара, упалі на адно калена.
— Вяльможны пане генерал! — працягваў Мечык. — Мы аддаём у поўнае вашае распараджэнне сваё сена, авёс, быдла і коней, сваіх хлопцаў, што засталіся дома, і сябе саміх, калі мы яшчэ на нешта здольныя. Распараджайся намі як уласнымі сынамі, а маёмасцю нашай — як уласнай маёмасцю.
Ён устаў і ўручыў генералу аркуш з подпісамі.
Генерал паціснуў паслам рукі, падзякаваў за пашану, прызнанне і гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля айчыны і пачаў распытваць пра іх ваколіцы.
— Ну і што там у вас, панове, чуваць? У Вончы яшчэ напэўна ёсць бальшавікі?
— Калі не паўцякалі, то яшчэ ёсць, — сказаў Пятроўскі.
— Ніхто вас апошнім часам не даймаў?
— Даймалі, пане генерал, даймалі. Але аднаго разу і мы гадаў добра данялі.
І ён пачаў расказваць пра ашалелых ад анархіі людзей, пра банды, колькасць якіх усё расла, пра іх здзекі з палякаў і пра сваё змаганне са злачынцамі. Калі ён дайшоў да пакарання Куртапальца і галення ягоных памочнікаў, і сам генерал, і прысутныя афіцэры не стрымаліся ад смеху.
— Дык вы, панове, давалі з імі рады, — прамовіў Доўбар-Мусніцкі.
— Давалі. Калі б усе нашыя былі дома, мы б іх адразу загналі ў сітняк. Але нашыя найлепшыя хлопцы служаць у легіёнах пад вашым кіраўніцтвам, вяльможны пане генерал, — пахваліўся Пятроўскі.
— У нашых легіёнах ёсць вашыя людзі?
— Скажу не хвалячыся, што ў вас служаць адзінаццаць нашых смалярскіх хлопцаў. Трое пайшлі на самым пачатку, увосень 1915-га, а рэшта перайшла з рускіх палкоў, калі скінулі цара.
— Аж столькі ў нас людзей з вашай ваколіцы?! Дык вы, панове, можаце быць узорам сапраўднага патрыятызму для ўсёй надбярэзінскай зямлі.
— Прашу прабачэння, панове, — умяшаўся ў размову адзін з афіцэраў, — а якое ўражанне ў мясцовых рускіх вёсках выклікала навіна пра тое, што мы захапілі ўладу?
— Што вы кажаце? Я не разумею.
— Што ў рускіх вёсках кажуць пра тое, што мы ўзялі Бабруйск?
— Што кажуць? Каля нас дык пра гэта яшчэ, відаць, мала ведаюць. Але ўчора мы ехалі праз Трухавічы і бачылі, як бальшавіцкі шпег пужаў людзей, што Польшча ўвядзе паншчыну, і падбухторваў браць стрэльбы, вілы, цапы і ісці біць легіёны. Я дык думаю, што гэта хлусня — тое, што ён казаў пра паншчыну.
— Вядома, брыдкая хлусня. Яны так усюды падымаюць супраць нас мужыкоў. А наш дэвіз — свабода, роўнасць, братэрства.
— Так і трэба, вяльможны пане генерал, — першы раз выказаўся Кантычка. — Гэта вы, пане генерал, вельмі добра прыдумалі. Трэба, каб усе людзі ў Польшчы, якія вераць у Святую Тройцу, а хай сабе нават і ў іншага Бога — як, напрыклад, яўрэі ці татары, — маглі бяспечна і свабодна жыць, працаваць і хваліць Пана Бога на векі вечныя, амэн.
Сцяпура наступіў Кантычку на нагу, каб той больш не ўмешваўся ў размову.
— Ну, дык мы ўжо не будзем вас, вяльможны пане генерал, сваімі размовамі турбаваць, — сказаў Пятроўскі. — Скажыце толькі, калі ласка, што нам рабіць, як польскаму войску дапамагчы?
— Праз некалькі дзён у Вончы з’явяцца легіянеры, — хвіліну падумаўшы, адказаў генерал. — Яны з вамі пра ўсё дамовяцца і ўсё скажуць. А я сваёй чаргой прашу перадаць землякам з вашай ваколіцы ад мяне прывітанне, а людзям, якія кепска пра нас думаюць, сказаць, што калі яны супраць нас не пойдуць, ніводзін волас з іх галавы не ўпадзе.
Раскіданы на бязмежных прасторах Расіі Першы польскі корпус сцягваўся ў адно месца, і абвешчаная ў Бабруйску Доўбарава Польшча расла і пакрывала сябе ўсё большай рыцарскай славай. Сюды збіраліся палкі з-пад Мінска, Віцебска, Смаленска, з-над Волгі і з самых аддаленых ускрайкаў Украіны. Яны прабіваліся праз бальшавіцкія полчышчы і ўзброеныя вёскі, як маленькія караблікі, што змагаюцца з бурным акіянам, праслізгваюць між грознымі валамі і ўзбіраюцца на іх грабяні ці разбіваюць грудзьмі. Яны ішлі, няўлоўныя і бясстрашныя. Там, дзе яны праходзілі, заставалася іх слава, там, дзе спыняліся, надыходзілі спакой, бяспека і радасць. Узяцце Мінска трымастамі людзьмі, баі пад Асіповічамі, Рагачовам і Жлобінам, шэсце Трэцяй дывізіі з Ельні, паход эскадрона ротмістра Плісоўскага з Адэсы — усё гэта даказвала ворагам і сябрам, што ляшскі род не страціў мужнасці і гераізму.
Пасля Бабруйска і Рагачова ў рукі палякаў перайшлі Асіповічы, Жлобін, Мінск (аднак ненадоўга), Магілёў, аж пакуль пад польскую ўладу не трапіў ўвесь трохкутнік паміж Слуцкам, Шкловам і Рэчыцай. Войскі выганялі бальшавікоў, раззбройвалі бандытаў і ўсталёўвалі ўрад, які забяспечваў людзям бяспеку і свабоду працы.
У Сакалоўскіх сабраліся вячоркі. Гэта былі ўжо шостыя пасля ўсталявання польскай улады вячоркі, на якія прыходзіла смалярская моладзь. Гэтым разам чакаліся адны забавы, бо была якраз святая суботка. Дзяўчаты, шэрагам усеўшыся на два ложкі і ў канцы лавы, цягнулі польскія песні і размаўлялі пра знаёмых хлопцаў, адны хлопцы гралі за сталом у карты, іншыя, сабраўшыся ў цэнтры святліцы, абмяркоўвалі вярбоўку ў польскае войска, а самыя ўпэўненыя ў сабе падсаджваліся да дзяўчат і дражніліся з імі. На стале гарэла вялікая лямпа, а ў камінку яркім полымем пыхкалі смалістыя, высушаныя на печы паленцы. У хаце было светла, шумна і вельмі весела.
За агнём у камінку сачыў стары Сакалоўскі. Ён пераварочваў абпаленыя дзеравяшкі, падкідваў свежыя, курыў люльку і замілавана любаваўся доўгім шэрагам дзяўчат. За тры з паловай гады вайны гэтыя краскі выгадаваліся, бы тыя сунічкі, схаваныя ад людскіх вачэй у непралазных бураломах. Маладыя дагналі старэйшых. У некаторых хатах іх было па дзве, па тры. А якія ўсе прыгожыя! З краю сядзела Зоська Ладан, мілая шатэнка, ёй ужо за дваццаць. За ёй — Ганка і Малгажата Пятроўскія, старэйшыя дочкі Мечыка, гладкія, як лані, румяныя і прыгожыя. Ганка сярод смалярскіх дзяўчат лічылася сілачкай. Далей сядзелі Гэлька і Вільця Аленскія, за пісклявыя галаскі празваныя Шчабятухамі, дробненькія, але крамяныя, як гурочкі, са зграбнымі і сімпатычнымі тварыкамі, Полька Вінярская з беленькай далікатнай скурай і доўгай лебядзінай шыяй — ну чыста графіня, — Каська Сцяпура, рослая, прыемна складзеная, твар — як малінка, Каруся, дачка самога Сакалоўскага, першая красуня ў Смалярні, Клара Трызна, міленькая бландзінка з анёльскім поглядам, Марыля, трэцяя дачка Мечыка, Бронька, малодшая дачка Ладана, якая ні ў чым не саступала старэйшым сёстрам, і многія іншыя — усіх не пералічыш.
Колькі б стары не абводзіў дзяўчат вачыма, ён увесь час з замілаваннем спыняўся на Карусі. Яна была самай прыгожай. Так казалі бабы ва ўсім засценку, і ён сам у гэтым не сумняваўся. У яе быў вышэйшы за сярэдні рост, тонкі і стройны стан, лыткі і рукі — як вытачаныя, тварык — прадаўгаваты, з правільнымі рысамі, шчокі — гладкія, з ямачкамі, бровы — цёмныя, погляд — мяккі і пяшчотны, а рухі — жывыя і гарманічныя. Шматлікія кавалеры параўноўвалі яе з русалкай з рускага календара і сцвярджалі, што другую такую можна знайсці хіба падчас Белай Працэсіі ў Бабруйску, калі ў горадзе збіраюцца найпрыгажэйшыя дзяўчаты аж з некалькіх дэканатаў.
— А вас не раздзявалі, не абмервалі? — распытваў Карапузя Алеся Пятроўскага, які разам з Мар’янам Сцяпурам, Паўлам Трызнам і Чэславам Мілютам толькі што вярнуўся з Бабруйска.
— Ды не! Я ж ужо казаў, што толькі запісалі, хто мы, што і адкуль, і сказалі, што выклічуць лістом. Ужо шмат хлопцаў запісалася як мы, але яшчэ нікога не выклікалі на камісію.
— А хутка будуць выклікаць?
— Ды яшчэ нічога не вядома, яны якраз раяцца. Чуткі розныя ходзяць, што пачнуць адразу пасля запустаў ці пад Вялікдзень, а Хмара чуў, што добраахвотнікаў увогуле браць не будуць.
— Зусім не будуць? — расчаравана ўсклікнулі некалькі маладзёнаў.
— Кажуць, што бабруйскі дэкан і некалькі важных паноў раяць пану Мусніцкаму правесці мабілізацыю — мабілізаваць усіх палякаў- католікаў ад васямнаццаці да сарака пяці, а таксама праваслаўных, што паходзяць з польскіх сем’яў.
— Па-мойму, яны зробяць вельмі разумна, калі ўсіх мабілізуюць, — зазначыў Стах. — Аднак мне здаецца, што гэта не перашкаджае прымаць добраахвотнікаў.
— Вось і мы па дарозе пра тое гутарылі.
— Не, дзеткі, лепш, каб мабілізавалі адразу ўсіх, — умяшаўся ў размову стары Сакалоўскі. — Служыць вы ў любым разе будзеце аддана і прынесяце Польшчы такую ж карысць, аднак, крый Божа, у выпадку чаго тым, каго ўзялі прымусам, будзе прасцей апраўдацца.
— У якім такім выпадку?! — абурыўся Стах. — Дык вы, дзядзька, не верыце, што мы ўтрымаемся?
— Божа барані нас ад адыходу польскіх легіёнаў! Але заўсёды трэба памятаць, што бальшавікоў процьма незлічоная, і невядома яшчэ, што пра нас думаюць немцы. Сцеражонага Бог сцеражэ. Паглядзіце, мы толькі самохаць адвезлі легіёнам у Вончу фураж, і тое я ўжо чуў, як мужыкі з Нітаў нам пагражаюць.
Размова, якая завязалася паміж некалькімі хлопцамі, паціху рабілася агульнай.
— Калі яны другі раз павязуць легіёнам сена, мы з табой зноў апранемся хлопцамі і паедзем, — сказала Карусі Гэлька Аленская.
— Хочаш зноў таго капральчыка з бакамі ўбачыць?
Гэлька прыціснула руку да грудзей і ўздыхнула.
— Ведаеш што? Давай падгаворым хлопцаў, каб яны на запусты зладзілі вечарынку і запрасілі з тузін легіянераў. Хлопцы! — крыкнула Каруся. — Зладзьце нам на запусты вечарынку і запрасіце з Вончы жаўнерыкаў.
— Чаму не, можам і зладзіць, — адказаў Алесь. — Трохі толькі шкада, што якраз на запусты граюць вяселле Галіны Аніхоўскай у Ямах — шмат хто з моладзі пацягнецца туды.
— Не, здаецца, таго вяселля не будзе, усё адмяняецца, — паведаміла Кася. — Учора Картавы прыйшоў у водпуск і Галіну адгаварыў.
— Дык яна праз Картавага збіраецца рваць з Юшкевічам?! — здзівіліся дзяўчаты.
— Вечна гэтыя легіянеры! Кажуць, ён у войску так папрыгажэў, так заільсніўся, што цяпер можа цягацца з усімі смалярскімі хлопцамі.
— Адзін такі ўжо пацягаўся, — абурыўся Ромка.
— Мы адправілі да яго Адася, каб распытаў пра нашага Норбу, — працягвала Каська. — Неўзабаве ён мусіць вярнуцца, і мы пра ўсё даведаемся.
— Калі вяселля не будзе, то мы на запусты зладзім такую вечарынку, што пра яе будуць гаварыць нават у Бабруйску, — сказаў Алесь.
— Каб мы пасля яшчэ доўга і па-добраму помнілі пра дом, — дадаў Стах.
— Табе ж яшчэ васямнаццаці няма, цябе не возьмуць, — заўважыў Карапузя.
— Як не возьмуць ваяваць, я сабе іншую працу ў войску знайду, а дома сядзець не буду.
— На кухні заўсёды патрэбны хлопчык лупіць картоплю, там і прыдасіся.
— Я і акрамя картоплі занятак сабе знайду. Пачну ўгаворваць і адпраўляць хлопцаў у польскае войска там, дзе не будзе мабілізацыі. За Дняпро пайду.
— Да бальшавікоў?
— А што мне бальшавікі? Я, дружа, ужо быў і на кані, і пад канём, і ў турме, і пабіты.
— Хочаш, я з табой таксама пайду?
— Ну вядома, удваіх весялей. Трэба, аднак, спярша дакладна разведаць пра мабілізацыю і распытаць у корпусе, ці няма ў іх яшчэ людзей, якія ходзяць па краі так, як я збіраюся, і ўгаворваюць хлопцаў ісці ў войска. Каб у адным і тым жа месцы не цягаліся дзве групы. Трэба пайсці і паразмаўляць з Казікам — ён мусіць пра ўсё ведаць.
— Анягож, Казік ведае.
— Можа, я яшчэ да запустаў да яго падскочу.
Неўзабаве вярнуўся Адась, які пацвердзіў, што Картавы прыйшоў у водпуск і што паміж Галінай і Юшкевічам усё сарвалася.
— Ну, і як ён выглядае? Што кажа? Можа, чаго новага прынёс? — засыпалі хлопца пытаннямі.
— Ён такую радасць прынёс, што вы ўсе зараз паўскокваеце з ложак і лаваў, — абвясціў Віцік, які сустрэў Адася на вуліцы і распытаў яго яшчэ да таго, як той зайшоў у святліцу.
— Што такое? Гаварыце хутчэй!
— Леснічонак Косцік выбіўся ў польскія афіцэры. Чуеце?!
У святліцы пачуліся ўскрыкі здзіўлення і радасці.
— У польскія афіцэры? Косцік?! Дык ён у легіёнах быў?! Леснічонак?! Як гэта можа быць? От вам і Косцік! Вы толькі паглядзіце!
Ганка, Каруся і Вікця, якая таксама на Косціка свайго часу заглядалася, пачырванелі і пачалі ўздыхаць і пераглядацца.
— А я ведаў, што ён праб'ецца, — сказаў Карапузя.
— У ім столькі сілы, столькі смеласці! Хто з нас тады асмеліўся б напасці на таго унцера, га?
— Моцны, смелы і разумны як мала хто, — дадаў Алесь. — Ён варты быць афіцэрам.
— Не слухайце Віціка, ён брэша, — запярэчыў Адась.
Віцік зайшоўся ад смеху.
— Ну вы і прарокі! Ён у афіцэры выбіўся, але ў якія! Перайшоў да бальшавікоў! Чуеце?!
— Але, Картавы сказаў, што Косцік ужо год як пайшоў служыць бальшавікам, — пацвердзіў Адась.
Зноў пачуліся крыкі, але гэтым разам асуджэння і праклёнаў.
— Паршывы здраднік! Хай яго польская куля! Разбойнік! Другая пляма на Смалярні! Ганьба яму! Катаржнік! Шэльма!
— Калі б мне хто гады тры таму напрарочыў, — сказаў Сакалоўскі, — што гэты хлопец некалі адступіцца ад польскай веры, я б яму ў вочы плюнуў. Ён жа некалькі гадоў насіў над дэканам балдахін.
— І што з таго, што насіў? — адгукнуўся Отан. — Ясь таксама харугву насіў, а пасля зрабіўся бальшавіком.
— Не шанцуе нашай Быліне з нарачонымі: у аднаго жонка знайшлася, другі ў бальшавікі пайшоў, — засмяяўся Ромка.
— Такі ён быў мой нарачоны, як і ты, — запярэчыла тая.
— Езус Марыя! — усклікнула Каська. — Хай такі здраднік хоць бы азалаціўся, хоць бы на каленях мяне маліў, я б за яго ўсё адно не пайшла.
Стах пачаў абараняць сябра.
— Не можа быць, каб Косцік такое ўчыніў. Навошта яму ісці на бок ворага? Дзеля чаго? Чаму?
— Ды проста таму, — пачаў тлумачыць Віцік, — што начытаўся камуністычнай прапаганды, даведаўся, што бедным людзям будуць даваць зямлю, падумаў, што сам ён — панскі парабак, галяк, які ў легіёнах ваюе за дабро іншых людзей, — і пайшоў.
— Ты альбо ад Яся камунізму падчапіў, альбо апошнім дурнем нарадзіўся! — вылаяў яго Отан. — Хіба Польшча бедным людзям зямлі не дасць?! Хіба яна тых, хто за яе змагаецца, не ўзнагародзіць? Хіба Косцік гэтага не разумее? Калі ён і перайшоў да ворага, то прычына ў яго іншая.
Адась адвёў Стаха ў кут і, нахіліўшыся да ягонага вуха, прашаптаў:
— Ведаеш, чаму Косцік адправіўся на гібель? Хтосьці яму данёс, што Каруся любіцца з Аніхоўскім.
Хлопцы запатрабавалі, каб гэтыя двое выдалі свой сакрэт, але тут у хату зайшоў са двара малец і паведаміў, што да кагосьці едуць сваты.
— З самага Убярэззя бомы звоняць! Ей-богу, чуваць добра! Яны ўжо ля калаўрота! — штосілы закрычаў ён.
Колькі маладзейшых хлапцоў і падлеткаў выбегла на дзядзінец, а рэшта перайшла ў святліцу, каб паглядзець у акно.
— Да каго гэта? Мо да Гэлькі? Ці да Карусі?.. А мо ўвогуле не ў Смалярню, а на хутар? — спрабавалі ўсе адгадаць.
У святліцы ўжо былі чуваць бомы. Не прайшло і хвіліны, як сваты былі насупраць вокнаў. Конь быў магутны і гладкі, брычка — маляваная, раскошная, абодва пасажыры — у футрах. Яны мінулі браму Сакалоўскіх, Ладанаў і затрымаліся ля брамы Пятроўскага.
— Да Мечыка! Да Ганкі! Да цябе, Ганка! — закрычала грамада. — Нехта важны, у футрах. Напэўна аднекуль з фальварка. Пашчасціла табе, Ганка!
Дзяўчыну віншавалі, давалі ёй парады, адгадвалі, хто гэта, але саму Ганкі з’яўленне сватоў зусім не радавала. Яна добра ведала, што прыехаў не той, каго яна хацела.
— Гэта не да мяне, а да кагосьці з вас, — сказала яна сёстрам. Пасля адправіла іх дадому, а сама засталася, бо прагнула дазнацца пра Косціка чагосьці больш пэўнага.
Амаль усе вярнуліся на ранейшыя месцы ля камінка, і вячоркі працягваліся. Але да ранейшай тэмы гаворка ўжо не дайшла. Усе гадалі, што за сваты прыехалі да Пятроўскага, і давалі дзяўчыне парады, радуючыся, што ў Смалярні хутка можа быць вялікая гулянка.
Неўзабаве прыйшоў парабак Пятроўскага.
— Пані Ганка, — сказаў ён, — гаспадар загадалі вам жыва ісці дадому.
— Добра, вяртайся і скажы, што я хутка буду.
Яна дачакалася, калі хлопец пойдзе, і звярнулася да Стаха:
— Пане Станіславе, праводзь мяне.
— Яшчэ чаго! Каб мне сваты галаву разбілі, думаючы, што я пані нарачоны?
— Без жартаў. Калі ласка.
Здагадваючыся, пра што будзе гаворка, ён пагадзіўся.
Як толькі яны выйшлі на падворак, яна пачала яго распытваць:
— Скажы шчыра, Сташку, гэта праўда, што Косцік пайшоў у бальшавікі?
— Лапаносы так кажа, ты ж сама чула.
— А чаму? Што ён табе нашаптаў?
— Казаў, што нібыта праз тугу па Карусі. Відаць, яму добра так нахлусілі.
— Праз яе?! Ну і дурань. Ён недзе далёка?
— Не ведаю. Спытай Картавага ці саміх бальшавікоў. Ён ужо год ні мне, ні бацькам не піша.
— Але ты, калі б захацеў, мог бы яго адшукаць.
— Я б за такое не ўзяўся. Ты толькі гэта хацела спытаць?
— Так. Шкада мне яго.
— Мне, можа, гэтага ёлупа шкада яшчэ больш, але што я магу зрабіць. Ідзі ўжо да сватоў, бо зараз другі пасланец прыйдзе.
— Пане Пятроўскі! О, пане Пятроўскі! — забулькаў з саней голас.
— Я тут! — адгукнуўся Мечык, які пачуў ля брамы бомы і выйшаў на ганак.
— Адчыніце браму. Пусціце пагрэцца.
— Заязджайце, грэйцеся, — адказаў Мечык.
Ён падышоў да брамы, адваліў яе і, падтрымліваючы адну са створак, пачаў пільна ўглядацца ў сватоў, не пазнаючы іх.
— Едзьце туды, пад паветку, — паказаў ён рукой углыб дзядзінца, а пасля зачыніў браму і пайшоў услед за санямі.
— Ну, дык што, Мечыславе, не пазнаеш нас? — забулькаў той самы голас, толькі цяпер пад паветкай.
— Ці гэта не Лапата?
— Але, ён самы. А вот Гіпаліт Вяндлінскі, мой хрэснік, — паказаў ён на другога госця.
— Сын Марціна, з Мурашак?
— Але, ён самы.
Яны вылезлі з саней. Лапата быў ніжэйшага за сярэдні росту, грубаваты і руды, Вяндлінскі ж нагадваў сапраўднага волата — ён на цэлую галаву ўзвышаўся над Пятроўскім, плечы ў яго былі шырэйшыя за аршын, а ногі — як бярвёны для зрубу.
— Ну дык хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус.
— На векі вечныя, амэн.
Лапата з Пятроўскім пацалаваліся ў вусны, а Вяндлінскі пацалаваў Мечыку руку.
— Ладнага хрэснічка ты выхаваў! — ухваліў Мечык, мераючы волата вачыма. — Колькі яму гадкоў?
— Гадкоў?.. Ды вот на Юр’ю трыццаць пяць будзе. Я і сёння помню, як вазіў яго, маленькага, у пялюшках, хрысціць. Па Друці тады якраз мужыкі плыты гналі. Паводкі той вясной былі — крый Божа! Здаецца, нядаўна было, а хлопец вот як бык вырас. Дык я важу яго цяпер па свеце і шукаю яму цялушку. Да Ганкі тваёй прывёз. Час ужо хлопца жаніць.
— Анягож, час ужо, час, — пацвердзіў Мечык.
Яны распрэглі каня, прывязалі да саней, накрылі гунькай, падкінулі сена і пайшлі ў дом, дзе ўжо сядзелі абедзве малодшыя панны.
— Як гадуешся, Ганечка, як маешся? — як мага больш ласкава закрычаў Лапата Марылі.
— Не, гэта наймалодшая, Марылька, — паправіў яго бацька.
— А, і праўда, вот Ганка, — цяпер Лапата паказаў на Малгажату. — Я і не пазнаў.
— І зноў не пазнаў: гэта Малгажатка.
— Малгажатка?! Вот дык я… Аслеп ці што? А дзе ж Ганка?
— Не хвалюйся, зараз прыйдзе.
Ён прадставіў дзяўчатам сватоў, паслаў па Ганку, завёў гасцей у святліцу і пачаў займаць іх гісторыямі пра нядаўнія нягоды. Праз некалькі хвілінаў з’явілася Ганка.
— Татка, вы мяне клікалі? — сказала яна, міла зрабіўшы чужым рэверанс.
— Так, дзіцятка. От да цябе сваты прыехалі: гэта пан Лапата з Кручкоў, мой стары знаёмец, сват, а гэта пан Вяндлінскі з Мурашак, малады.
— Вот гдзе наша Ганка! Вот гдзе яна! — закрычаў Лапата, набліжаючыся да дзяўчыны. — А якая ж ты вырасла прыгожая! Якая высокая! Вот дзяўчына!
— Дзякую пану за пахвалу, — суха сказала Ганка, падала Лапату руку і дапытліва зірнула на маладога, які адразу ўразіў яе сваім магутным целаскладам. Брыдкім ён не быў — у яго быў высокі разумны лоб, кусцістыя бровы, шэрыя лагодная вочы, нармальныя нос і вусны. Раней яна яго не бачыла.
— Гіполька! — сказаў Лапата, звяртаючыся да хрэсніка. — Гэта ж Ганка! Гэта ж тая красавіца, пра якую я табе ўсе вушы адзваніў. Павітайся з ёй!
Вяндлінскі падаў дзяўчыне руку, нізка пакланіўся і зноў маўкліва стаў на «зважай».
— Ну як, Ганечка, помніш мяне? — пытаў сват. — Помніш, як я, будучы ў Вончы на кірмашы, перніка табе даваў?
— Даўно тое было? — нахмурыўшыся, спытала яна.
— Ой, даўно, дзеткі, я тады шчэ ў Міхалішках жыў. Летаў з чатырнаццаць ужо мінула.
— А пан калісьці жыў у польскіх Міхалішках?
— Так, котка, жыў. А пасля граф мяне выкінуў, каб я не захацеў адчужэння. Але нічаво, цяпер, прынамсі, сваю зямельку ў Кручках маю.
— Гэта, відаць, недзе пад самай Масквой.
— Пад якой, дзеткі, Масквой? Гэта саўсем недалёка, ля Бялыніч.
— А, дык ля Бялыніч палякі таксама гавораць на лаціне? Пан дык добра рэжа на лаціне.
— На лаціне?.. Хто? А-а-а! Гэта значыцца па-простаму, — здагадаўся ён. — А каб цябе няхай!
— Сучка, — буркнуў Мечык, весела варухнуў вусам і выйшаў.
— А каб цябе качкі! — не сунімаўся Лапата. — Хітрая якая, а праворная!.. На лаціне… Вот як ты ўмееш супраць шэрсці. Але, котка, мы валім па-простаму, гэта ўсё праз рускіх суседзяў і праз вайну. Ад гэткага безгалоўя ў людзей не толькі мовы памяшаліся, але ў некаторых ішчэ і розум. Але, мы валім па-простаму, аднак не думай, Ганечка, што мы не чыстыя палякі. Ля нас усе амаль дваране. І шчэ якія! Вот Вяндлінскія нават пячаць сваю маюць. Праўда, Гіполька, маеце пячаць?
— Але, маім, — першы раз адгукнуўся малады.
— Ідзь, сядай на канапу, я сам з Ганечкай пагавэнджу. Ну як, рыбка мая, спадабаўся табе мой хлопец? — цішком спытаў ён у дзяўчыны, адсунуўшыся ад свайго гадаванца.
— О, вельмі нават спадабаўся. І вы, пане, таксама.
— А табе ўсё жарцікі. А каб цябе… На першы ўзгляд ён можа і не спадабацца, хлопец, вядома, не лялька, але ў ім жаднага падману няма: здаровы, ціхі, гаспадарлівы, ды і багаты. Тры валокі ўласнай зямелькі! А шчэ фальварачак, кветка мая! Да рэвалюцыі мелі восем коні, сорак штук быдла, статак бязрогай худобы і авечак. Сям’я такая: ён, матка, адзін брат і адна сястра. Ёсць на чым жыць, толькі дай Божа здароўя. Паглядзі, птушачка мая, на хлопца і скажы: пойдзеш за яго ці не.
— Але пане Лапата, я так раптам не магу. Я ж гэтага чалавека першы раз бачу.
— Першы раз бачыш… Вот галоўка, вот хітрасць! — усклікнуў ён. — Твая праўда, сонечка, так раптам няможна. Трэба прыгледзецца, падумаць, парадзіцца з таткам, з сястрычкамі. Ты дзяўчына прыгожая і разумная. Гіполька, хадзем напоім каня.
Сваты выйшлі, а Ганка кінулася на падушкі.
«І чаму ж ты, дурненькі, пайшоў ды тых герэтыкоў?! — у думках загаласіла яна. — Чаму ж не служыў далей у легіёнах, як Казік і іншыя хлопцы! Тады б ты вярнуўся да сваіх з гонарам і славай. Праз яе ты адступіў ад сваіх людзей і веры! Праз тую ветраную сучку аддаў сябе на згубу! Чаму ж ты мне не напісаў? Пагрэбаваў мной… Чаму яна больш вартая?! Са мной ты ў сто разоў быў бы шчаслівейшы! І што мне, беднай, цяпер рабіць?»
У гэты момант у святліцу ўбеглі сёстры.
— Ганка! Што з табой, ты плачаш?! — закрычала Марыля. — Чаго? Ён жа хлопец ого-го!
— Ну дык сама ідзі, калі ён табе так страшна падабаецца! — злосна адказала Ганка.
— Дык ён жа не да мяне сватаецца.
— Па-мойму, за яго ісці можна, хлопец сапраўды нічога, — выказала сваё меркаванне Малгажата.
— Хочаце як мага хутчэй выперці мяне з дому? Дзе татка?
— У той хаце.
Яна ўстала і пайшла да бацькі.
— Парайце, татка, што з імі рабіць, — са слязьмі сказала яна.
— Рабі, дзеткі, як сама хочаш, я ў такіх справах не раю.
— А хто ж мне параіць, як не родны татка?
— Калі ён табе не агідны, то можаш ісці, бо хлопец без жаднай хібы.
— Ну, ці спадабалася табе дзяўчына? — спытаў Лапата, калі яны дайшлі да паветкі.
— Адным словам, дзеўка! — адказаў хлопец. — Але вот шчабеча па-польску.
— Яны тут усе так навучаныя. Будзеш браць?
— Каб жэ толькі пайшла.
— Пойдзе, не бойся. Не відзіш, што другія дзве, як лані, чакаюць? Пабачыш ішчэ, як я табе пасаг ад бацькі вылуплю.
— Я за пасагам не ганюся.
— Дурак ты. Толькі ж саўсем не маўчы, бо шчэ падумаюць, што ты немы.
— Стыд прызнавацца, але так шчабятаць я не патрафлю. Ды шчэ і дзеўка, відаць, сярдзітая.
— Гэта праўда, сярдзітая і хітрая, сучка.
Яны яшчэ крыху пакруціліся ля каня і параіліся, а пасля колькі разоў прайшліся па дзядзінцы і ўрэшце вярнуліся ў хату.
Малгажата з Марыляй рыхтавалі ў пярэднім пакоі пачастунак, а Ганка з бацькам сядзелі ў святліцы.
Пахваліўшы перад бацькам красу і розум дзяўчыны, Лапата доўга апісваў перавагі хрэсніка, падлічваў ягоныя багацці і ўрэшце падаў умоўны знак.
Вяндлінскі нязграбным, як у жорава, крокам падышоў да Ганкі, узяў яе за руку і сказаў:
— Панна Ганка, прашу цябе быць маёй жонкай. Каяцца за тое не будзеш.
— Пан кажа, што я каяцца не буду? Добра, я згодная быць вашай жонкай, але з умовай, што пабяромся мы пасля Вялікадня.
— Што не, то не! — запярэчыў сват. — Мы чакаць не можам. Мамка ў яго нездаровая, хоча перад смерцю паглядзець на жанатага сына.
— Можа, яна так хутка не памрэ. Мне трэба паслухаць, падумаць.
— Слухай, котка! — сказаў Лапата, удаючы гнеў. — Калі ты чакаеш ахвіцэра, то не трэба круціць хвастом — скажы, што не пойдзеш, і баста!
— Панна Ганка, прашу цябе быць маёй жонкай. Каяцца за тое не будзеш, — з мальбой у голасе паўтарыў волат.
Ганка зірнула на бацьку і сясцёр, вачыма просячы ў іх парады, і ўрэшце пагадзілася.
— Добра, калі вы ўсе так хочаце, то я згодная, — праз зубы працадзіла яна.
Яны разам падышлі да яе бацькі і пацалавалі яму руку. Пятроўскі ў сваю чаргу пацалаваў іх у патыліцы, даючы свой дазвол. Пасля Ганка адамкнула куфар і дастала адтуль ручнік і вялікую ваўняную хустку: ручніком яна абвязала свата праз плячо, а хустку ўручыла нарачонаму. Гіпаліт даў Ганцы залатую манету, а сват паставіў на стол бутэльку гарэлкі. Гэта быў галоўны момант заручын.
Тут жа паслалі па цётку з сынамі, прысунулі другі стол, паслалі абрусы і пачалі ўносіць пачастунак. Калі ўсё было гатовае, сват узяў маладых за рукі, правёў іх вакол стала і прачытаў «Ойча наш» і «Здровась, Марыя». Абрад паўтарылі тройчы, і пасля ўсе селі за стол.
І тады ў святліцу пачала заходзіць засцянковая моладзь, быццам яе хтосьці паклікаў. Дзяўчаты заспявалі сяброўцы песню.
Ходзьце, дзеванькі, да хаты,
Там жа п’юць у Ганкі сваты.
П’юць, п’юць, выпіваюць,
Нашу Ганку заручаюць.
Мы не сядзем к гэным людзям,
Мы гарэлкі піць не будзем.
Мы ёй хочам заспяваці,
Долі дзеўцы пажадаці.
Каб з вяселлем не спяшала,
А спярша ўсё разузнала.
Разузнала, распытала
І з людзьмі паразмаўляла.
Можа, Гіпал твой — піяка,
Можа, ён зусім лайдака,
Можа, чмут і забіяка,
Будзе жонцы задзірака.
Увесь масленічны тыдзень смалярская моладзь жыла думкай пра хуткае вяселле. Яна забыла пра вайну, пра мабілізацыю, якая неўзабаве мусіла пачацца, закінула працу і адно ліхаманкава рыхтавалася да забавы. Хлопцы штодня бегалі ў Вончу, гналі ў лесе самагонку, дамаўляліся ў групах пра супольныя п’янкі і танцы, дзяўчаты шылі, пралі, качалі адзенне.
Хата Пятроўскага аж грымела ад усякай працы. Там білі вепрукоў і парасятаў, рэзалі бараноў, рабілі каўбасы, гатавалі халоднае і кісялі, пяклі хлеб і булкі, бялілі сцены і печы, шаравалі падлогі. У святліцы днём і ноччу ляскаталі машыны прывезеных з Вончы краўцоў. Брама на дзядзінцы не зачынялася, святло ў вокнах не гасла, з комінаў не пераставаў валіць дым. Іншы дым цягнуўся днём і ноччу з пушчы, дзе пляменнік Пятроўскага Отан гнаў самагонку.
Стары Пятроўскі пасля заручын дома амаль не бываў: увесь час ездзіў у мястэчка, закупляўся, прывозіў майстроў і аб’язджаў хутары і засценкі, запрашаючы сваякоў і сяброў.
У пятніцу ўзяліся прыбіраць і ўпрыгожваць хату. Са святліцы вынеслі шафы, а таксама ложкі і камоду, а на іх месца вакол сценаў паставілі патрэбную колькасць канапаў — сваіх і пазычаных у засценку. Святыя абразы аблямавалі зелянінай у гаршках і кветачкамі. Пасярод столі павесілі вялізнага саламянага павука, ад якога разыходзіліся ў куты стужкі з папяровымі бела-чырвонымі сцяжкамі. Сцены аздобілі папяровымі птушкамі, вянкамі з штучных вяргіняў, веерамі і паўлінавымі пёрамі.
Святліца прызначалася выключна для танцаў — пад ядальню адвялі пярэдні пакой, таксама вялікі і светлы. Там столь і верхнюю частку сценаў упрыгожылі яловымі лапкамі. Такой жа яловай зелянінай убралі ганак, вузкія сенцы, што раздзялялі святліцу і пярэдні пакой, каморку ў глыбіні сянец, што выкарыстоўвалася як гардэроб, і кухню, якая мясцілася ў так званым трысценніку, прыбудаваным да задняй сцяны дома.
Ранкам у суботу ў печку ўсадзілі каравай і запалілі ў лазнях. Усё было ў належным парадку. Спіжарні поўніліся пачастункам, на кожную работу былі прызначаныя людзі. Ежы і пітва нарыхтавалі столькі, што можна было тыдзень карміць не менш як дзвесце чалавек. Выбралі таго, хто будзе вітаць ля брамы гасцей, стральцоў для салюту, конюха — вартаваць і даглядаць коні, адказных за гардэроб і спіжарню, прыслугу для стала, маршалкаў бяседы і танцаў. У кожным куце панавалі лад і парадак.
Складанасці былі толькі з дружбай — яе прызначылі ў апошні момант. Сярод іншых запрасілі Віктара Кантычку, легіянера, і Юзіка Аленскага — яны абодва кватаравалі ў Бабруйску, але першаму адмовілі ў водпуску, а з другім Ганка ніяк не магла дамовіцца наконт дружкі. У выніку давялося адпраўляць у Мурашкі спецыяльнага пасланца, каб той узгадніў з сям’ёй маладога новы склад дружбы. Ён выглядаў наступным чынам: першая пара — Марыля Пятроўская з Эдвардам Вяндлінскім, братам маладога, другая — Ядвіга Вяндлінская з Алесем Пятроўскім, стрыечным братам Ганкі, і трэцяя — Каруся Сакалоўская з Гіларам Блінкевічам, сваяком Вяндлінскіх.
Праз некалькі гадзінаў пасля абеду пачалі з’язджацца госці. Але пакуль іх было мала — згодна са звычаем, на дзявочы вечар запрасілі толькі самую блізкую радню.
Калі сцямнела і ў дамах запалілі святло, у хаце пачала збірацца моладзь. Спачатку прыйшлі хлопцы, пасля — дзяўчаты. Апроч смалярскай моладзі прыехалі некалькі чалавек абодвух полаў з Палянак і прыйшлі пешкі некалькі груп хлопцаў з іншых польскіх пасёлкаў побач. Нямала моладзі было і сярод прыезджых гасцей.
Неўзабаве прыйшлі і музыкі. Іх было пяцёра: Павел Трызна з цымбаламі, Бронік Гушча з кларнетам, Марцін і Алесь Сцяпуры са скрыпкамі і Карапузя з барабанам. Яны падцягнулі струны, насмалілі смычкі і грымнулі бадзёрую польку, якая, здавалася, падыме і нябожчыка.
Затарабанілі ў такт музыцы па падлозе абцасы, загучалі рознагалосыя прыпеўкі, але ў скокі ніхто не пусціўся — дзявочы вечар звычайна пачынае маладая.
Не паспелі музыкі адыграць першую польку, як Ганка зайшла ў святліцу ў суправаджэнні дзвюх дружак — Марылі і Карусі. Яна пакланілася грамадзе і папрасіла зайграць «Лён сей». Сама запрасіла Алеся, Каруся ж — Чэслава Мілюту. Яны пайшлі танчыць адной чацвёркай, каб не зацягваць абрад. Адтанчыўшы апошнюю фігуру, Ганка звярнулася да таварыства:
— Дарагія сябры і сяброўкі! Сёння ўвечары я з вамі развітваюся, таму прашу вас танчыць колькі душа пажадае, каб вы мяне памяталі і добрым словам згадвалі. А калі музыкі стомяцца, скажыце майму татку паклікаць ім на замену іншых.
— Сыпаніце хлопцам на першы зуб «Сею, сею», — скамандаваў Отан, маршалак танцаў.
Тут жа з месцаў падскочыла каля дваццаці хлопцаў, якія, схапіўшы дзяўчат, закруціліся ў галавакружным віры. У святліцы падняўся такі гучны грукат, быццам туды ўварвалася навальніца. Ва ўсе бакі закружыліся пары, абцасы пачалі выстукваць рытм, загучалі песенькі, — з маладых жыл урэшце вырвалася прага да танцаў, што збіралася ў чаканні вяселля. Моладзь не адчувала ні сваіх целаў, ні касцей у ім. Усе вочы гарэлі шчасцем і захапленнем.
— Жару, хлопцы, дайце жару! Улева! Управа! Улева! Управа! Сыпце, сыпце, грайце, грайце ці пянёнжкі аддавайце! — падбадзёрвалі яны адно аднаго.
Яны вытанцоўвалі навыперадкі. Кожнаму здавалася, што ў ім прачнуўся магутны дух, неверагодная моц, што ён усіх прысутных уражвае і натхняе і што здольны справіцца з усімі ў свеце нягодамі.
— А каб жа вас, галапупцы, так у працы насіла, як у танцах носіць! — казаў смеючыся Пятроўскі, які разам з іншымі гасцямі старэйшага веку прыйшоў паглядзець на танцы. — От што значыць маладосць. Скачыце, дзеткі, скачыце, каб доўга пасля памяталі Мечыкаву дачку. Зараз я вам усім прынясу па чарцы.
А дзясятай Ганка, Марыля, Каруся, Алесь і іншыя, што заўтра мелі ехаць у касцёл, пайшлі адпачываць, рэшта ж заўзята танчыла далей. Хлопцы напоўніцу аддаваліся забаве, ведаючы, што ў заўтрашняй таўкатні не кожны трапіць на свята.
Рэй вёў Юзік Аленскі, адзіны тут легіянер, найважнейшая ў таварыстве асоба. Ён раздаваў загады музыкам і кіраваў танцорамі. У перапынках расказваў хлопцам пра бітвы з бальшавікамі, у якіх нібыта ўдзельнічаў, і пра тое, колькі ён асабіста паклаў кацапаў, у што, аднак, мала хто са слухачоў верыў. Ужо некалькі дзён хадзілі чуткі, што ён не браў удзелу ні ў адной бітве і — яшчэ горш — што дэзертаваў, прапіваючы ў заезным доме Лейбы ў Бабруйску грошы абрабаваных людзей. З таго часу як доўбарцы занялі Бабруйск, ён трэці раз прыязджаў дадому ў водпуск.
За пару гадзінаў да світання прыехаў малады з раднёй. Мечык, Отан і многія цікаўныя хлопцы выйшлі ім насустрач са святліцы на ганак.
Тыя заехалі з шыкам, шпаркай рыссю ўварваўшыся ў браму, зрабіўшы на дзядзінцы паўкола і стаўшы адзін за адным перад ганкам у рад. Усе коні былі выкармленыя, ладныя, святочная вупраж — бліскучая, прыгожая, дугі абвітыя каляровымі стужкамі, сані размаляваныя ўзорамі, акаваныя размаітымі выгінанкамі з жалезных прутоў. Спераду кожных санак сядзеў хлопец-парабак, трымаючы лейцы і пугу, госці ж размяшчаліся ззаду на канапах, як паны, засунуўшы рукі ў рукавы футраў. Санак было сем, і ў кожных было па двое пасажыраў не лічачы парабкаў.
Прывітаўшыся на ганку са смалерчукамі, старэйшыя госці адправіліся разам з гаспадаром у ядальню, маладых жа Отан адвёў у святліцу.
— Тут, проша пана, здаюць адзенне, — растлумачыў Отан у гардэробе Блінкевічу, які стаяў спераду, ветліва яму пакланіўся і падрыхтаваўся дапамагчы госцю зняць футра. — Я футры прымаю і аддаю.
— Прашу мяне не павучаць! — груба прабурчаў Блінкевіч і як прыйшоў з падворка, так і пасунуўся ў святліцу. За ім, таксама ў футрах і галёшах, пайшлі сам малады, ягоны брат, сястра і яшчэ дзве панны, з чаго можна было зрабіць выснову, што Блінкевіч лічыўся сярод іх знаўцам этыкету.
Музыкі, вітаючы маладога, адыгралі адзін куплет маршу.
Пераступіўшы праз парог, Блінкевіч зняў шапку, расхрыстаў футра, паправіў пад цвёрдым белым каўнерыкам гальштук і пачаў вітацца з тымі, хто сядзеў на канапах, пачынаючы ад парога.
— Чаму ж вы, панове, не паскідвалі ў сенцах кажухі? — без задняй думкі выпаліў Юзік Аленскі.
— Як ёсць кажухі, проша пана легіёна, дык будзе час і зняць іх, і надзець, — адрэзаў Блінкевіч, напышліва паглядаючы на задзіраку.
— Дык вы зайшлі сюды ў кажухах, каб паказаць іх людзям?
Отан зіркнуў на Юзіка, каб той замаўчаў.
Світа гужам прайшлася ўздоўж канапаў, вітаючыся з тутэйшымі, а смалерчукі тым часам прыглядаліся да бялынічанаў.
З выгляду Блінкевіч быў ладным кавалерам. У яго быў поўны белы твар, пышныя чорныя валасы, бліскучыя вочы, пад носам — зграбныя вусікі, рост і паўната — тое, што трэба. Эдвард Вяндлінскі быў падобны да брата як дзве кроплі вады, але не меў ягоных памераў і цягліц. Усе дзяўчаты былі ахайныя, але хлопцаў не ўразілі: у сястры маладога была непрыгожая мужчынская паходка, а дзвюх іншых — відаць, родных сясцёр — псавалі гарбаватыя насы.
Калі яны ўсіх абышлі, то сталі ў цэнтры святліцы асобнай групкай і пачалі разглядаць упрыгожанні. Ад іх ні на крок не адыходзілі Отан і Малгажата, якія выконвалі ролю гаспадароў.
— Прыгожы зал, нічога не скажаш, — сказаў Блінкевіч.
— Анягож, прыгожы, але вот каб на сцяне вісела карціна з вайной, як у нас вісіць, то быў бы ён яшчэ прыгажэйшы, — зазначыў малады Вяндлінскі.
— Альбо каб у вокнах стаялі па два шкляныя пузыры, як у нас стаяць, — дадала адна з гарбаносых дзяўчат.
— Проша пана, — звярнуўся Блінкевіч да Отана, — а дзе гэта мая шаферка? Я чуў, што яна надта ладная. Проша мяне з ёй пазнаёміць.
— Я магу вас пазнаёміць, шаноўны пане, — умяшаўся, пачуўшы пытанне, Юзік. — Вунь яна, сядзіць у самым канцы ля грубкі, — паказаў ён на нябрыдкую, гадоў за трыццаць, удоўку старэйшага сына Дударава, забітага пад Пшэмыслем аўстрыякамі.
— Няпраўда, — перабіў яго Отан. — Вашай дружкі тут няма. Панна Сакалоўская яшчэ напэўна спіць.
Блінкевіч раззлаваўся на Юзіка.
— Проша з мяне не прыскаць! — закрычаў ён. — Я і без вас легіёнаў наглядзеўся!
Яшчэ трохі паглядзеўшы на моладзь, госці выйшлі ў сенцы, знялі футры і галёшы і рушылі ў ядальню. Праз некалькі хвілінаў туды зайшла Ганка з Марыляй і Карусяй. Отан прадставіў кавалерам дружак.
— А, пане Блінкевіч!.. Мой дружбант!.. Прыемна пазнаёміцца! — засакатала Быліна. — Вы, панове, даўно прыехалі?
Блінкевіч, дагэтуль напышлівы і гаваркі, палагаднеў і быццам знямеў.
— А мы, пане, ведаеце, трохі заспаліся, — працягвала Каруся, гарэзліва страляючы вочкамі. — Хацелі абавязкова ўбачыць, як панове будуць заязджаць у двор, і спазніліся. Вы, напэўна, цалюткую ноч у дарозе? Вы што, пане, спацелі? — заўважыла яна кроплі на ягоным лбе.
Блінкевіч не мог выціснуць з сябе і слова.
— Вы, напэўна, толькі з падворка, — сказала яна, не зважаючы на зацятае маўчанне кавалера. — Пасля марозу ў цёплай хаце ўсім робіцца душна. Моцны сёння на дварэ мароз, праўда? Трэба будзе цёпла апрануцца. У вас ёсць цёплы палітон?
— У мяне футра, — урэшце адгукнуўся ён.
— А, у вас футра? А ў мяне палітон з тоўстай ватовай падшэўкай і з каўняром з марскіх катоў. На ногі я вазьму коўдрачку.
— У мяне на ногі ёсць мядзведжая шкура.
— Мядзведжая? З сапраўднага мядзведзя?
— Ей-богу, з сапраўднага.
— Вось дык дзіва! Я ніколі не бачыла мядзведжай шкуры. Яна, мабыць, вельмі страшная.
— Калі вы, паненка, хочаце, я пашлю фурмана прынесці паказаць.
— Фурмана? У вас ёсць фурман?
— Мы без фурманоў ніколі не ездзім, такая ў нас прывычка.
— Добра, хай прынясе, я пагляджу.
Блінкевіч выйшаў у сенцы, знайшоў свайго парабка, загадаў яму прынесці з санак мядзведжую шкуру і зноў паспяшаўся да Карусі.
— Праўду сказаў пра вас, паненка, наш Гіпаліт, — сам пачаў ён размову.
— Пра мяне? А што ён такога сказаў?
— Што вы вельмі прыгожая. Казаў, што як анёлак.
— А вы, пане, адразу кампліментамі раскідваецеся.
— Ей-богу, кажу ад чыстага сэрца. Такой, мабыць, ва ўсім свеце не знойдзеш.
— Хлопцы так усім дзяўчатам кажуць.
— Вы, паненка, не верыце. Ей жа Богу, я ў сваім жыцці такой прыгожай дзяўчыны яшчэ не бачыў. Ну і цудоўная з нас будзе парачка! Людзі будуць глядзець і казаць: ні адны чорт лапці стаптаў, пакуль такіх дваіх сабраў. Што, няпраўда?
Яна пранізліва зірнула яму ў вочы і загадкава ўсміхнулася.
Агляд мядзведжай шкуры адклаўся, бо запрасілі да стала.
Госці хутка з’елі сціплы сняданак і адразу ж перайшлі ў святліцу, дзе стары Кантычка рыхтаваўся да блаславення. Ён зняў са сцяны абраз Божай Маці Вострабрамскай і паставіў яго на канапу. З аднаго боку ад абраза пасадзіў Мечыка, з другога — ягоную братавую. Месца перад імі на падлозе наказаў заслаць дываном. Калі дружкі гэта зрабілі, Кантычка запатрабаваў у грамады цішыні і ўрачыста звярнуўся да Ганкі.
— Хадзі, дзяўчына, папрасі ў бацькоў прабачэння і блаславення. Прасі бацьку і цётку, якая хоць у жываце цябе не насіла і грудзьмі не карміла, але твая сваячка па мячы, і калі цябе хрысцілі, яна трымала цябе на ядвабнай хустцы перад ксяндзом, а таму яе словы могуць быць такія ж важкія, як словы роднай маткі. Хадзі і ты, пане Гіпаліт, бо ад сённяшняга дня яе бацькі будуць таксама тваімі бацькамі.
Маладыя падышлі і ўкленчылі на дыване, цалуючы абраз і рукі бацькоў.
Кантычка падняў вочы на абраз і пачаў літургічным тонам:
— Божа ўсёмагутны! Гэтая пара ночку сённяшнюю не спала і пра долю ў сямейным жыцці благала, дык блаславіце яе і вы, усе святыя і анёлы. Амэн. Цяпер хай бацькі прачытаюць пацер, — падказаў ён.
Бацькі, паклаўшы адну руку на абраз, а другую — на галовы маладых, прачыталі «Ойча наш» і «Здровась, Марыя».
— А цяпер вы мусіце блаславіць іх сваімі словамі: уперад матка, пасля бацька.
— Дай вам Божа да самай старасці шчасця, згоды і здароўя. Але да таго я хачу даць вам трохі навукі. Памятайце, дзеткі, што трэба дбаць не толькі пра гаспадарку і сваю сям’ю, але яшчэ і пра Польскае каралеўства. Асабліва цяпер, калі яно ўсталёўваецца і ваюе. Сена і зерне сваё, што ляжаць у запасах, адвязіце легіёнам і не бярыце ад іх жаднай платы. Калі які паршывец будзе побач з вамі кепска гаварыць пра каралеўства і Доўбара, вы яму запярэчце і навучыце слухачоў, як яно насамрэч. Калі легіёны пачнуць мабілізацыю, то ты, зяцю, не чакай, аж яны прыйдуць да цябе ў хату, а ідзі сам і іншых, што хацелі б ад польскай службы ўхіліцца, угаворвай.
— Вот дык цесць! Вот дык бацька! Зяця свайго ў салдаты выганяе, — зашаптала якаясь з бялыніцкіх жанчын.
— Размаўляйце між сабой толькі па-польску, — працягваў Мечык. — І між сабой, і з сям’ёй і з усімі польскімі людзьмі ў ваколіцы. Пакляніцеся ў гэтым сёння, калі будзеце браць шлюб, каб пасля не маглі ад сваіх словаў адступіцца.
— Бедны Гіполька! Праз жонку будзе ўвесь свой век ламацца з гаворкаю, — зноў з’едліва ўмяшалася адна з бялынічанак.
— Не ламацца, а выпраўляць тое, што сам з бацькам сваім паламаў, — адказаў Пятроўскі. — Наш дзядзька, Караль Здановіч, можа сёння засведчыць, што Геронім Вяндлінскі, дзед Гіпаліта, жывучы ў Міхалішках, да дзяцей сваіх і жонкі іначай як па-польску не звяртаўся. Дзяцей сваіх, якіх хай у вас будзе як мага больш, — працягваў Мечык свой наказ, — ад самай калыскі вучыце польскай мове і любові да каралеўства. Запомніце: калі нехта з іх, гасцюючы ў мяне разам з вамі, не зможа адказаць, як завуць польскага караля, альбо, барані Божа, піскне перада мной не па-нашаму, я наб’ю шчанюку морду і разам з вамі выганю прэч.
— Слухайце, бабы, ён Гіпалітавых дзетак шчанюкамі называе, — абурылася пані Лапата.
— Яны дзеці Гіпаліта, а мае ўнукі, а таму не вашая гэта, свацця, справа! Ну, уставайце, дзеткі, і апранайцеся.
— А на дзяжу садзіць не будзеце?! — закрычала свацця.
— Садзіце яе сабе на дзяжу, на гаршчок, на карыта, але хутка, бо ўжо віднее.
— Я нікуды сядаць не буду, у нас такога звычаю няма, — абурылася Ганка, устаўшы з кален.
— Не будзеш сядаць? Значыць, вінаватая, баішся! Значыць, ты ў хаце па-польску пнешся, а за вугламі з хлопцамі трэшся! Гэткая з цябе палячка?! — загаласілі бялыніцкія бабы.
Шчокі ў Ганкі пачырванелі, а вочы напоўніліся слязьмі.
— І ты хочаш, каб я села на дзяжу? — звярнулася яна да нарачонага.
Вяндлінскі зірнуў на Лапату і, зразумеўшы ягоны знак, сказаў:
— Бабы лепш за нас ведаюць.
На твары Ганкі з’явіўся няўмольны гнеўны выраз.
— Давайце сваю дзяжу, — сказала яна. — Сяду.
Марыля з Малгажатай прынеслі хлебную дзяжу, паставілі яе, згодна з падказкамі бялыніцкіх жанчын, на крыжы-матавілы пасярэдзіне святліцы і заслалі абрусам, тканым у дванаццаць нітак.
Ганка, ні імгнення не вагаючыся, села на яе і смела, з нянавісцю ўтаропілася ў тую, што запатрабавала справіць забабонны абрад.
— Чыстая, чыстая, як золата! — радасным хорам закрычалі жанчыны. Рашучыя паводзіны дзяўчыны відавочна іх пераканалі.
— Гіполька! Ідзі пацалуй дзяўчыне руку і знімі яе з дзяжы, — сказала першая свацця.
Вяндлінскі падышоў да яе, але замест рукі атрымаў такога штурхаля ў жывот, што ледзь не зваліўся на падлогу.
— Прэч! Не будзе шлюбу! Я ўсё разрываю! Нікога знаць не хачу! — закрычала Ганка, а пасля ўстала, з плачам кінулася бацьку ў ногі і пачала маліць: — Заплаціце ім, татка, за страты! Не пайду за яго! Я лепш да смерці ў дзеўках застануся, а за яго не пайду. Яны мяне абразілі! Яны абразілі мяне, татка! Заплаціце ім!
— Праўда, праўда, Ганку абразілі! — засведчылі смалярскія дзяўчаты.
— Добра, дочухна, заплачу, уставай, — не вагаючыся пагадзіўся бацька.
Ён падняў дачку, пацалаваў яе ў лоб і, звяртаючыся да сватоў, сказаў:
— Я сваю дачку гвалтам выдаваць не буду. Сядайце і лічыце, колькі вы страцілі, я сёння вам за ўсё заплачу.
Бялынічане аслупянелі. Вяндлінскі глядзеў вылупленымі вачыма то на дзяжу, то на сваццяў. Свацці скурчыліся, як тыя ведзьмы ў казцы, якія мусілі адказаць за сваю віну. Бялыніцкія дзяўчаты не ведалі, куды зірнуць, куды павярнуцца. Нават стары кот Лапата і першы ў іх коле кавалер Блінкевіч ад такога нечаканага павароту разгубіліся.
Але Лапата апамятаўся першы і вырашыў не дапусціць разрыву. Ён падбег да Ганкі і пачаў яе ўгаворваць, звальваючы ўсю віну на жанчын.
— Ганечка, рыбка залатая, нашто ты хлопца топіш? — застагнаў ён. — У чым ён вінаваты? Гэта бабы ўсё прыдумалі, каб іх хутчэй вывезлі на магільнік! Руку на адцён дам, што Гіполька нават не ведае, навошта садзяць на дзяжу. Нашто ты з ім разрываеш? Ён жа так цябе сватаў, ночку, як трэба, не спаў, абед, як трэба, не еў, часінкі спакойнай не ведаў, а толькі ўсё думаў, і бегаў, і ездзіў, рыхтуючыся да вяселля. Даруй яму, котка, бо і перад Богам гэта ўжо грэх — нападаць на нявіннага хлопца, рабіць яму такую крыўду!
Неяк урэшце апрытомнеў і сам малады і, прыпаўшы да Ганчыных рук, пачаў яе жаласна ўгаворваць:
— Даруй мне, Ганечка залатая, — казаў ён. — Ей жа Богу не ведаў я, нашто гэтая дзежка. Я ж і не еў, як людзі, і не спаў, а толькі ўсё ездзіў і стараўся. Я ж гадзінкі лічыў да вяселлечка, а ты мяне перад самым шлюбам праганяеш. Даруй, золатка! Паехалі да шлюбу! Ужо ж і коні закладзеныя чакаюць. Паехалі!..
— Даруй яму, Ганка, прабач, — уступіліся расчуленыя смуткам і пакорай волата смалярскія дзяўчаты.
— Добра, давайце хутчэй апранацца, — сказала Ганка.
Хутка пасля полудня зноў прыбылі музыкі, і ў святліцы загрымелі танцы.
Госці прыязджалі безупынку, бесперастанку. Ужо запоўніліся санямі абедзве паветкі, ужо і паўдзядзінца заставілі, а ўсё новыя прыбывалі. І гэта былі толькі запрошаныя сем’і, моладзь жа, што з розных бакоў з’язджалася на танцы, спынялася ў іншых дварах. Ва ўсёй Смалярні не засталося ніводнай паветкі, дзе не стаялі б чужыя сані. З Палянак, Ямаў і Нівак хлопцы цэлымі табунамі ішлі пешкі.
Толькі вайскоўцы, якіх так прагна чакала ўся Смалярня, падвялі. Дванаццаць пехацінцаў запрасіў у Вончы Мечык, яшчэ пяцёра Паўлавых знаёмых кавалерыстаў абяцалі прыехаць з Кунцэвічаў, чакалі таксама некалькіх сваіх, смалярскіх, але набліжаўся вечар — і нікога.
Юзік у натоўпе цывільных буяніў да непрыстойнага: раз за разам без апавяшчэння Отана перарываў музыку, загадваў граць тое, што яму падабаецца, свістаў падчас танцаў, спяваў гідкія прыпеўкі і здзекаваўся з хлопцаў. Не дапамагалі ні перасцярогі Отана, ні просьбы танцораў.
Урэшце Павел са Стахам адправіліся скардзіцца самому гаспадару.
— Ну і што я з такім зраблю? — сказаў Мечык, выслухаўшы скаргі. — Выгнаць яго — дык, можа, ён падвыпіў, выклікаць на бойку, біць польскага ваяку — таксама не выйсце.
— Такому ваяку і зубы можна добра начысціць, граху ў гэтым жаднага, — сказаў Стах.
— Лепш абысціся без чысткі. Пачакаем, пакуль прыедуць легіянеры з Вончы, яны яго хутка асадзяць.
— Жадны легіянер з Вончы не прыедзе, — заявіў Павел. — Нядаўна прыехаў Захарчук з сястрой і сказаў, што яны ўсе да аднаго адправіліся ў Міхалішкі на вечарынку.
— От як! Значыць, Міхалішкі лепшыя за Смалярню… А што з тваімі кавалерыстамі з Кунцэвічаў?
— Нічога не вядома. Яны таксама маглі паехаць кудысьці яшчэ, а маглі заблукаць у лесе.
— Яшчэ як маглі. Дачакаемся зараз, што ніводзін не прыйдзе, — затурбаваўся Мечык. — Ведаеце што, хлопцы? Запрагайце майго Гнедага і вашую, Паўле, Лыску і ганіце абодва ў Біркі. Там вы напэўна знойдзеце жаўнерыкаў. Вазьміце столькі, колькі ўлезе ў двое саней. Ганіце, дзеткі! Калі вы хутка зберацеся, то апоўначы будзеце дома.
Яны пагадзіліся і не пазней як праз дваццаць хвілінаў былі на дарозе да Бірак.
Праз паўгадзіны з’явіўся Валька Трызна. Ніхто не ведаў, адкуль ён прыйшоў у двор і як прыбыў у Смалярню.
Дома ён заспеў толькі маці, рэшта была на вяселлі.
Ён павітаўся з ёй, распытаў пра здароўе ўсёй сям’і і, сказаўшы, што ідзе на вяселле да бацькі і сясцёр, пабег між платоў да Сцяпураў, каб як мага хутчэй убачыцца з Каськай. Яны любіліся ўжо некалькі гадоў, пра што ведала ўся Смалярня.
Яна спадзявалася, што яго адпусцяць, таму чакала дома.
— Такі ж прыйшоў! — усклікнула яна, ззяючы ад шчасця.
Яны некалькі разоў пацалаваліся, не зважаючы на яе малодшую сястру.
— Ты даўно ў Смалярні?
— Ды хвілінаў пятнаццаць як.
— Усяго толькі? Можа, галодны?
Малодшая сястра тактоўна схавалася за дзвярыма, пакідаючы іх саміх.
Каська разварушыла ў печы жар, паставіла грэцца каву, пасля дастала з печкі місу скварак з каўбасамі, яшчэ адну — з аладкамі, выцягнула з-пад абруса стос бліноў, аднесла ўсё гэта ў святліцу і, пасадзіўшы хлопца вячэраць, пачала забаўляць яго размовай.
— Як добра, што ты прыйшоў! Якраз на такое вяселле… Ведаеш, я ўжо думала, што з табой якая бяда здарылася. Мне мінулай ноччу дзіўны сон прысніўся…
— І што табе снілася?
— Што мы з табой, узяўшыся за рукі, лётаем над Смалярняй.
— Значыць, будзем добра бавіцца.
— Цяпер я ўжо ведаю. Але я думала…
— Што?
— Што гэта ўжо душа твая прыляцела.
— Дурненькая. Калі б мяне забілі, ты б шкадавала?
— Не кажы так, Валька!
— Не кажы, не кажы. Вайна — гэта не жарцікі, усё можа здарыцца. Вы ўжо ведаеце, што Казіка нядаўна моцна паранілі?
— Здановіча? Ах, Божачкі! Дзе ж гэта яго?
— Яго полк удзельнічаў пад Рагачовам у вялікай бітве з бальшавікамі, і там яму, небараку, трапілі ў шыю. Цяпер ён у шпіталі ў Бабруйску.
— Вось гады! Моцна?
— Здаецца, выжыве. Я ў яго ўчора быў. Прасіў, каб матцы не казалі, пакуль ён не выздаравее.
— Бядача! Каб жа хоць у цябе, барані Божа, гады не трапілі. Глядзі, Валька, не лезь наперад.
— Гаворыш як маленькая. Калі трэба лезці — палезу, дэзертаваць не буду.
— Дэзертырства не рабі, Валька. Я б не хацела, каб пра цябе часалі языкі, як пра Юзіка Аленскага. Ведаеш, што ён робіць?
— Чуў. Толькі смалярскую славу, паскуда, пэцкае!
— Анягож, пэцкае. Усе так кажуць. Яго ўжо мала хто ў Смалярні лічыць сапраўдным легіянерам. А як Косціка за здраду клянуць, каб ты толькі чуў.
— Косціка — за здраду?! — выкрыкнуў ён.
— А то ты не ведаеш, што ён, мярзотнік, перайшоў з легіёнаў у бальшавікі.
— Косцік у бальшавіках? Адкуль такая навіна?
— Першы Картавы пра гэта казаў, быўшы нядаўна ў водпуску, а надоечы яшчэ казалі, што Васілеўскаму адтуль, дзе Косцік служыў, прыйшоў афіцыйны ліст з падзякай, што ён сына шэльмай выгадаваў. Ужо тыдзень як ніхто з Патокі ад сораму ў Смалярні не паказваецца.
Пасля восьмай у святліцы яблыку не было дзе ўпасці. Усе канапы ўздоўж сценаў былі занятыя дзяўчатамі, а хлопцы стаялі шырокім шчыльным натоўпам ля парога. Прастора для танцаў рабілася ўсё вузейшай. Танчылі пераважна польку, мазурку (па-старасвецку, галопам), кракавяк, венгерку, какетку, вальс і некалькі іншых самых бойкіх танцаў. Пары круціліся так, што толькі вецер свістаў, тупалі так, што падлога грымела. Музыкі спыняліся толькі каб падвязаць парваныя струны ці ўзяць у губу скручаную і падпаленую кімсьці з хлопцаў папяросу, ды і тое паасобку і па чарзе, так што музыка лілася амаль безупынку.
У ядальні пакуль было ціха. Уздоўж стаялі шэрагі сталоў, засланых абрусамі і застаўленых самагонкай ды размаітай пачосткай. Некаторыя сталы аж гнуліся пад цяжарам велізарных бутляў, хлябоў, місаў з вяндлінай, кілбасаў, фаршыраваных парасятаў, салёных агуркоў і капусты. Два шэрагі сталоў ішлі ўздоўж сценаў з вокнамі, злучаючыся пад абразамі. Той кут быў аздоблены гаршкамі з раслінамі і прызначаўся для маладых і іх світы.
Сталы стаялі гатовыя ўжо дзве гадзіны, чакаючы, калі чарада саней вернецца з касцёла. Хлопец, які каравуліў на вуліцы, ужо двойчы памылкова трывожыў Пятроўскага весткай, што з поля чуюцца гукі бомаў, — кожны раз выяўлялася, што гэта за калаўротам гарэзілі падлеткі. Гаспадары непакоіліся, гасцям не цярпелася сесці за стол.
Мечык з Отанам пачалі раіцца, ці не выслаць пару конных насустрач маладым.
Але вось і яны! З поля далятае ўсё гучнейшы і выразнейшы звон.
— Маладыя едуць! Цяпер гэта дакладна яны! Едуць, едуць! — закрычалі ва ўсім двары.
Усе, хто быў у доме, высыпалі на падворак. Мечык узяў падрыхтаваны загадзя паднос з хлебам, соллю і гарэлкай, ягоная братавая надзела навыварат кажух, зняла з паліцы распяцце, і яны разам выйшлі на ганак. Побач сталі музыкі з інструментамі. Стральцы размясціліся ля самай брамы.
Гукі бомаў наблізіліся да калаўрота і там пацішэлі і змоўклі. Доўжылася гэта не больш за хвіліну, а пасля яны зноў рэзка загучалі і пачалі набліжацца яшчэ хутчэй.
Стральцы зарадзілі зброю. Дзеці і некаторыя жанчыны пазатыкалі вушы.
Калі ў браме паказалася першая дуга, грымнуў залп, а за ім — другі і трэці.
Конь маладога стаў на дыбкі, прысеў, захроп — і ашалела кінуўся назад, да чарады саней, ускочыўшы на адны з іх усімі чатырма капытамі. Наступны рысак — пана Блінкевіча — адляцеў убок, зламаў галоблю, перавярнуў сані і звар’яцела памчаўся вуліцай. Каруся з парабкам засталіся ў снезе, Блінкевіч жа, які паспеў падхапіць лейцы, цягнуўся разам з санкамі па дарозе, аж пакуль не спыніў шаленца. Іншыя коні кідаліся да частаколу, убіваліся ў яго канцамі галобляў, ламалі іх, траплялі капытамі ў чужыя сані ці, прабіўшы сабе дарогу, дзіка несліся вуліцай. Пярэпалах коней перадаўся ўсім, хто стаяў ля хаты, і па ўсім падворку пайшлі трэск, храп і валтузня. Жанчыны, баючыся пакалечыцца, закрычалі і залямантавалі.
Але, дзякуй Богу, абышлося без калецтва. Толькі пан Блінкевіч, цягнучыся па ўхабах, падрапаў да крыві вуха, а адной са сваццяў конь наступіў на сцягно — вось і ўся прыгода.
Музыкі тым часам, стоячы на ганку, разанулі марша і пачалі сабе падпяваць. Вяндлінскі з Ганкай стаялі ля санак, пакуль з вуліцы не прыйшоў Лапата з жонкай і першай парай дружбы, і яны ўсе рушылі да бацькоў маладой, якія ўжо зачакаліся.
Натоўп гасцей закрычаў «ура!», падкідваючы ўгору шапкі.
Апынуўшыся на прыступках ганка, маладыя прыпалі на адно калена, пацалавалі распяцце, якое ім падала цётка Ганкі, усталі, выпілі гарэлкі, узялі па акрайчыку хлеба з соллю і зайшлі ў дом. Тры пары сватоў і ўся дружба зрабілі тое самае.
Калі маладыя зайшлі ў дом, моладзь тут жа вярнулася да танцаў, а праз пятнаццаць хвілінаў у ядальні пачалася ўрачыстасць. Справа ад маладых сядзелі Каруся з Блінкевічам, злева — Марыля з Эдвардам Вяндлінскім і Лапата з жонкай. З другога боку за тымі ж сталамі сядзелі Юзік Аленскі са сваёй Зоськай, Алесь з сястрой маладога і Валька Трызна з Касяй Сцяпурай. Правае крыло аж да канца займалі смалярскія гаспадары, левае — бялынічане. За рэштай сталоў сядзелі ўсе ўперамешку, не зважаючы на пол, узрост і ступень сваяцтва.
Урачыстасць пачалася ў цішыні. Усе былі галодныя і цвярозыя. Размова цякла толькі ў некалькіх месцах, тычылася пераважна нядаўняй прыгоды з пярэпалахам коней і вялася сцішаным голасам — суразмоўцы быццам баяліся парушыць агульны спакой.
Хлопцы, што сядзелі за сталом, пажадліва паглядалі ў бок маладой і шэптам абменьваліся заўвагамі пра тое, што чакае яе ў будучыні. Ганка ў белай сукенцы і фаце выглядала надзвычай прывабна: яе твар гарэў дабрынёй, красой і годнасцю. Але сама яна была сумная, мужу адказвала коратка і неахвотна і ледзь не штохвілю зануралася ў думкі. З Ганкі кожны хлопец пераводзіў погляд на Быліну. Сваім хараством тая зацьмявала не толькі паненак, што сядзелі ва ўрачыстым куце, але і ўсіх іншых у пакоі. Яна, не ў прыклад Ганцы, была вельмі вясёлая — кідала гуллівыя погляды на хлопцаў, шчабятала, увесь час выбухала прыязным смехам. Яе змёрзлыя на марозе шчочкі гралі румянцам, а ў вачах ззяла радасць, якая перадавалася ўсім навокал.
Юзік Аленскі вырашыў павесяліць таварыства. Папрасіўшы ў прыслужніцы конаўку ад вядра, ён уліў туды з паўкварты самагонкі, падняўся і, павярнуўшыся вакол сябе з гэтай ёмкасцю, сказаў:
— Шаноўная грамада! Мы тут на паховіны сабраліся ці на вяселле? Дык давайце, брацця, піць, як гэта рабіў наш дзедка Яфэт! Не шкадуйма гэтай халадучы: бачыў я, што ў спіжарні дзядзькі Мечыка яе аж некалькі бачурак стаіць. Няхай жывуць маладыя! — скончыў ён і, як за сябе, выпіў конаўку.
— Няхай жывуць! — паўтарылі навокал.
— А каб жа ты, браце, на вайне быў такі ж бравы, як у выпіўцы, — прашыпеў нехта з глыбіні пакоя.
Юзік хацеў годна адказаць нахабніку, але тут у сенцы зайшлі смалярскія дзяўчаты, каб заспяваць Ганцы песню:
У зялёным гаёчку песня канарэек льецца.
Тваё дзявоцтва, Ганечка, ужо не вярнецца.
Не вярнецца, не вярнецца, што было ўчора:
Злучыліся два сэрцы, ключ выкінулі ў мора.
Ганка так разрумзалася, што дружкі мусілі яе абняць.
У пакоі зрабілася шумна. Гарэлка распаліла мазгі, развязала языкі. Падзеі апошняга паўгоддзя напоўнілі душы ўсіх тутэйшых страхам, скрухай і радасцю. Амаль у кожнага з прысутных бандыты забілі кагосьці са сваякоў, кагосьці спалілі, абрабавалі, амаль кожны быў сведкам жудасных трагедый, кожны гарэў нянавісцю за крыўды і быў удзячны за ратунак. Цяпер усе гэтыя чорныя перажыванні пад уплывам напою абудзіліся і памкнуліся вонкі. Усе загаварылі. Расказвалі пра былыя нягоды, шкадавалі палеглых, славілі легіянераў, сваіх абаронцаў. Тут і там жанчыны ўсхліпвалі.
Світа маладых таксама ажывілася. Ганка выцерла слёзы і пачала распытваць Вальку пра службу, Блінкевіч сватаўся да Карусі, Юзік прыдзіраўся да Блінкевіча.
— У легіёнах, пані Ганка, — не тое, што ў ранейшых царскіх палках, — расказваў Валька. — Даводзіцца часам памясіць снег, пацярпець холад і голад, трэба слухацца ўсіх — ад генерала да яфрэйтара, аддаваць ім чэсць, выконваць загады, — але па-за службай сам палкоўнік табе запанібрата. Ён п’е з простымі жаўнерамі, сядзіць з імі, размаўляе пра дзяўчат і іншыя радасці. Мне там добра, толькі трохі сумую па Смалярні.
— А больш за ўсё — па Касьцы, — дадала Ганка.
— Па ёй, вядома, таксама, — пагадзіўся ён, з любоўю паглядаючы на Касю.
— Пане Валька! — ускрыкнула Каруся. — Не пагарджай хоць, пане, нашым домам, наведай нас!
— Калі хопіць часу, то абавязкова. Паненка ж ведае, што ў мяне толькі тры дні водпуску.
— Дык паабяцай, пане, запрасіць мяне сёння на вальсік.
— З вялікай прыемнасцю.
— Яны ўжо між сабой заручыліся? — спытаў у Карусі Блінкевіч.
— Куды ж ім, калі чалавек ваюе.
— А зямлі ў яго многа?
— Зямлі? Трыццаць дзесяцінаў.
— Але ж і браты ёсць?
— Так, трое.
— А, дык ён саўсем небагаты. А ў таго задзіры, што перад намі, колькі?
— У Юзіка? У тых дык аж дзве валокі, але ён мае столькі ж братоў.
— У мяне дзве валокі і ніводнага брата. І зямля нашая многа лепшая за вашую, — пахваліўся ён.
— Я чула, што ля вашых Мурашак увесь польскі народ вельмі багаты.
— Багаты і саўсем далікатны, дваранскі.
Тут, перарваўшы ўсе размовы, голас узяў сам гаспадар:
— Панове, браты і дарагія госці! Мы пілі ўжо за маладых, за дружбу, за сватоў, за гаспадароў, а пра вайскоўцаў зусім забылі. Давайце зараз вып’ем яшчэ за пана Доўбар-Мусніцкага, за тых жаўнераў, што цяпер ваююць, і за тых, што сядзяць вунь там насупраць маладых. Ура легіёнам!
— Ура! — загрымела ў пакоі.
— Богам клянуся, падабаецца мне дзядзька Пятроўскі, — сказаў Юзя, асушыўшы сваю ёмкасць да дна. — Ён умее адрозніць жаўнера ад цывільнага і належна яго ўважыць.
І ён тут жа заспяваў:
Цывільным быць — нядобра гэта так.
Тра-ля-ля-ля-ля-ля-ля-ля!
Цывільныя не могуць столькі піць.
Тра-ля-ля-ля-ля-ля-ля-ля!
— Пане Блінкевіч! — закрычаў ён. — Чаму пан не выпіў? Вы што, не жадаеце жаўнерам здароўя?! Вы, пане, увогуле вельмі мала п’яце. Напэўна, гэта таму, што ў вас шыя вяровачкай пераціснутая. Выкінь, пане, з-пад барады гэтае ярмо і гэтую белую сурвэціну — і ўбачыш, што пойдзе лепей! Не разумею, якога ліха вы ўсё гэта паначаплялі.
— Што можа разумець той, хто гадаваўся ў мужыцкай рубашцы і носіць пояс з кутасамі пры баку? — адрэзаў Блінкевіч.
— Пояс, кажаш? А ты затое ў манішцы. Выглядаеш у ёй як прылізанае цяля.
— А ты — як апошні прасцяк!
— А-ёй, якое далікатнае панятка! Ведаеш, да каго ты падобны?
— Чаго ты лезеш? Нашто без прычыны чапляешся да чалавека? — сунімала яго Каруся.
— Ого! Ён цябе, відаць, па дарозе ўсмак сваёй шчэццю падрапаў, што ты за халернага цывільнага так перажываеш!
— Такі легіянер, што ваюе ў карчомцы ў Лейбы, і цывільнага не варты!
— У якога яшчэ Лейбы? Што ты вярзеш?! — закрычаў Юзік, чырванеючы да вушэй.
Далейшаму абмену меркаваннямі перашкодзіла песня бялыніцкіх жанчын:
Да адкрыйце ж, пакажыце ж,
Да што ж там за графіня.
Да што ж там за графіня,
Да чы будзіць добра гаспадыня.
Да чы ні будзіць з гаршка сала цягаць,
Сала цягаць, у атымалку хаваць.
Да Гіполька ж хваліўся: за граніцу пайду.
Да Гіполька ж хваліўся: царску дочку прывязу.
Да агляніся ж Гіполька на ўсіх нас —
Да не лепшая ж твая Ганка за нас.
Блінкевіч некалькі разоў незаўважна азірнуўся і, пераканаўшыся, што ніхто з суседзяў на яго не глядзіць, паважна звярнуўся да Карусі.
— Панна Караліна, я хачу вам нештачка вельмі важнае сказаць.
— Нешта вельмі важнае? Кажы ж, пане, хутчэй!
— У мяне да вас, панна Караліна, моцная электрычнасць.
— Электрычнасць? Да мяне? Цудоўна! У мяне да вас, пане, электрычнасць не меншая.
Ён пранікліва зірнуў ёй у вочы і працягнуў:
— Калі вы, панна Караліна, не маніце, то мы можам зрабіць тое самае, што Ганка з Гіпалітам Вяндлінскім.
— Што ж яны такое зрабілі? — яна зрабіла выгляд, што не разумее.
— Пажаніліся. Мы можам зрабіць тое самае.
— Калі? Праз два дні пачынаецца пост.
— Зараз заручымся, а пасля Вялікадня возьмем шлюб.
— А што будзе, калі пасля посту ўся электрычнасць з нас выйдзе?
— З мяне не выйдзе. Ей-богу, не выйдзе! Ні за пост, ні за цэлы год.
— Тады і заручыны да вясны пацярпяць.
Пакой запоўніла вясёлая гамана. Смалярскія гаспадары вялі на сваім крыле зацятую спрэчку пра магутнасць дзяржаваў, што ўступілі ў вайну. На суседнім шэрагу чацвёра заванчанскіх хлопцаў пракліналі жорсткасць латышскіх чырвонаармейцаў, прыпячатваючы свае пагрозы ўдарамі кулака па стале. За імі мажны барадач лез цалавацца да маладых суседак, а тыя, баронячыся, крычалі на поўны голас. Бялыніцкія жанчыны ў сваім коле амаль бесперастанку спявалі вясельныя прыпеўкі. У глыбіні пакоя адзін з хутаранаў граў на гармоніку, а іншы, гарэзліва асядлаўшы рыдлёўку, выбіваў казака. З кутоў даносіліся пранізлівы плач дзяцей і крыкі матак, якія спрабавалі іх супакоіць. Усе зрабіліся балбатлівымі, усе крычалі, бо інакш ніхто б нікога не пачуў.
У паветры стаяў цяжкі чад ад алкаголю, ежы і тытуню. Пад столлю вісела воблака дыму, якое ад усеагульнага галасу дрыжэла.
Стары Кантычка прыйшоў да высновы, што ён як прадстаўнік духавенства павінен заклікаць людзей, якія занадта разышліся, да стрыманасці. Перапрасіўшы суседзяў, ён падняўся са свайго месца, выйшаў на сярэдзіну пакоя, залез на зэдлік і пачаў:
— Дарагія дзеткі! Выпіваць не забаронена, бо і Пан Езус, будучы ў Кане Галілейскай, піў з апосталамі, і паспяваць можна, павесяліцца — але на ўсё трэба мець меру. Я заклікаю…
Тут з-за яго спіны забляяў стары Гушча, каб перашкодзіць казані.
— Хрысціяне вы ці бальшавікі?! — закрычаў Кантычка, раздражнёны ягоным нахабствам.
Нехта з сярэдзіны пакоя кінуў у прамоўцу ладны кавалак халоднага, і яно прыліпла таму да лба.
Уся ядальня выбухнула смехам, рыкам мядзведзяў, выццём ваўкоў, іржаннем коней, спевам пеўняў і перайманнем усякай іншай жывёлы.
Кантычка перахрысціўся, вылаяўся і выйшаў з пакоя, прадказваючы шаленцам вялікія нягоды.
Неўзабаве ўжо нічога нельга было разабраць: крыкі, спеў, свіст, перайманне звярынага рыку, плач дзяцей, шорганне ног і сталоў, звон серванта зліваліся з гарэзлівым віскатам падлеткаў у сенцах, з акордамі музыкі ў святліцы, з тупаннем танцораў і кіпелі вулканічным гулам. Сцены дома дрыжалі, а ў вокнах звінелі шыбы.
— Панна Каруська, — працягваў сватацца Блінкевіч, — ты са мной будзеш графіняй! Кожны месяц у цябе будуць новыя чаравічкі і новая шаўковая сукенка. Футра я табе зраблю з сапраўдных марскіх катоў. У мяне і летам, і зімой будуць працаваць служанкі, каб ты цяжка не рабіла. Будзеш есці што захочаш, купляць што ўпадабаеш, паедзеш куды надумаеш, бо я заўсёды буду пакідаць на стайні аднаго каня, — гаварыў ён, падсоўваючыся да яе ўсё бліжэй, і ўрэшце абняў за плечы і пяшчотна прытуліў да сябе.
— Прыбяры, пане, руку, людзі засмяюць, — шапнула яна, нахіліўшыся да ягонага вуха.
— Што кажаш, любка?
— Не абдымай мяне, пане, і гавары цішэй, бо на нас глядзяць, — шэптам сказала яна, зноў нахіліўшыся да ягонага вуха.
Смалярская пушча — бязмежная, глухая, нечапаная. Мясцовасць тут няроўная, разрэзаная мудрагелістымі лагчынамі — няроўныя, разнародныя лясы. Што ні вярста, ці, дакладней, стая і нават менш — абшары змяняюцца. Тут цягнецца празрыстая альховая пойма, там — круглаваты пагорак, парослы змрочнымі ялінамі, тут — чарналессе на роўным, як стол, кавалку зямлі, там — сасновы бор, тут — бярэзнік у балотнай катлавіне з бяздоннай калюжынай мутнай вады, там — стромістае ўзвышша, падобнае да насыпанага людзьмі вялізнага кургана, а пасля — зноў пойма ці чарналессе.
І вось стаіць у глыбіні пушчы сасновы лясок шырынёй не больш як дзве стаі. Пагорачак такі. Дрэвы на ім рэдкія і самыя старыя, з высокімі камлямі. Прастор праглядаецца — як на полі. А вакол гэтага лапіка — змяшаны лес, які спускаецца ўніз. Спачатку — стары бярэзнік, што дастае кудламі да зямлі, за ім — ляшчына з клёнам, грабам і дзе-нідзе разлапістым дубам, далей — асіна, што высачэзным чубам дакранаецца да зорак, і падлесак з шэрай лазы, яшчэ далей — цёмная елка.
Ускрайкам ляска ішла вузкая, ледзь пратаптаная сцяжына.
Позняя ноч, ветрана і марозна. Дрэвы пад павевам ветру жаласліва стогнуць, пасвістваюць галінамі, здалёк чуваць, як выюць ваўкі.
У такую пару ніхто не наважваецца забірацца ўглыб пушчы, а калі надарыцца якая пільная патрэба, трэба браць зброю і правадніка.
І ўсё ж сярод шолаху дрэваў раптам пачулася шчоўканне пугі. Праз хвіліну зарыпелі сані і фыркнуў конь. Мінула яшчэ хвіліна — і ў празрыстым ляску паказаліся самі сані з чатырма пасажырамі. Спераду два юнакі, ззаду старэйшыя. Гэта былі вайскоўцы. На іх шапках — арлы і ранты, на палітонах — бліскучыя гузікі. На саломе паміж імі — вінтоўкі і шаблі.
— Зенька, мы ўжо выехалі? — крыкнуў адзін са старэйшых.
— Не яшчэ, пане ўзводны, — адказаў юнак.
Яны мінулі лясок, лапік чарналесся і заглыбіліся ў чорны яловы тунэль. Сцяжынка так звузілася, што сані церліся аб камлі дрэваў. Галіны над іх галовамі шчыльна злучаліся і засланялі неба. Цемра — хоць пальцам у вока.
— Струк, бачыў ты калі нешта такое? — спытаў адзін са старэйшых.
— Пекла, чыстае пекла, — адгукнуўся яго равеснік.
Тунэль цягнуўся прыкладна стаю, а пасля раптам зрабілася святлей — і яны апынуліся на шырокім лузе.
— Вазьмі, Янка, лейцы, а я спушчуся і павяду каня за морду, бо мне здаецца, што тут будзе той другі масток, — сказаў Зенька таварышу, які сядзеў побач.
— Другі масток? Дык дзед жа толькі пра адзін гаварыў.
— Ты што, недачуў? Пра два дзед казаў.
— Альбо ты вар’ят, альбо я! Я добра памятаю, што ён гаварыў пра адзін.
— Я таксама добра памятаю.
— А каб вас, хлопцы, чорт узяў! — закрычаў камандзір.
— За што, пане ўзводны?
— За тое, што вас панесла ў гэтае пекла. Ці не варта было паехаць гасцінцам? Ужо б даўно дабраліся да Вончы.
— І як гэта? Вы ж, пане ўзводны, на ўласныя вушы чулі, як чалавек у Рудні сказаў, што праз лес мы зрэжам восем вёрстаў.
— Мы ўжо больш за дзесяць зверху праехалі. Руку на адцён дам, што мы ўжо некалькі гадзінаў блукаем. Столькі праехалі сцяжынаў!..
— Ды можна ехаць і праз лес, толькі трэба было ўзяць лесніковага хлопца, — умяшаўся Струк.
— Вазіць яшчэ лішні цяжар.
— Лепш усю ноч цягацца па пушчы.
— Не бойцеся, мы цягацца не будзем.
На лузе сапраўды знайшоўся масток. Яны пераправіліся праз яго і, мінуўшы рэшту грэблі, зноў пусціліся хуткай рыссю.
Не праехалі яны і паўвярсты, як апынуліся на раздарожжы.
— Вось табе і маеш, зноў развілка! — з роспаччу сказаў Янка, прытрымаўшы каня. — Цяпер і я прызнаю, што мы заблукалі.
— Ды не заблукалі мы, усё ідзе так, як казаў той дзед, — стаяў на сваім Зенька. — Паварочвай направа.
— Лепш налева, тая шырэйшая.
— Едзьце шырэйшай, можа, тады натрапім на леснічоўку, — сказаў Струк.
— Трэба ехаць направа, кажу я вам! — павысіўшы голас, паўтарыў Зенька і, не чакаючы згоды таварышаў, вырваў з рук Янкі лейцы і паехаў вузейшай дарогай.
— Уступіце яму, ён жа фраер, — іранічна ўмяшаўся ў размову ўзводны.
Яны яшчэ доўга ехалі праз чарналессе, якое зрэдчас перарэзвалі вузкія палосы альшыны. Сцяжына вілася сярод камлёў, як змяя, ледзь заўважная ў снезе. Узводны бесперастанку лаяўся, а астатнія непрыязна пераглядаліся спадылба.
Недзе праз паўгадзіны лес рэзка скончыўся, быццам сякерай адсеклі, і яны апынуліся на ўскрайку вялікага поля. За дзве стаі ад іх маячылі сады і будынкі. Гэта была Смалярня.
— Там вёска! Там відаць вёска! — радасна ўсклікнулі яны.
— Аднак Зенька меў рацыю, — прызнаўся ўзводны.
— У яго атрымалася, — сказаў Струк і дадаў: — Думаю, тут мы зможам паспаць давідна.
— Усё залежыць ад таго, дзе мы знаходзімся. Калі не моцна адхіліліся ад маршрута, то зможам. Трэба памятаць: што б ні здарылася, у аўторак ранкам мы мусім быць у Быхаве.
— Да аўторка, пане ўзводны, мы туды і пехатою дойдзем.
— У вёсцы паглядзім.
Выбегшы на поле, сцежка павярнула направа, ведучы ўскрайкам лесу, пасля зноў раптам выгнулася ўлева, павяла ўздоўж плота апошняй сядзібы і ля брамы-калаўрота выбегла на вуліцу.
Яны павярнулі ў першую Балашэвічаву браму, якая зеўрала ўглыб двара, і скіраваліся проста да паветкі. У вокнах гарэла святло, а на ганку стаяў Бронік, малодшы сын гаспадара. Убачыўшы сані, што ўязджаюць у браму, ён тут жа падбег да іх.
— Добры вечар легіёнам! — першы сказаў ён, пазнаўшы вайскоўцаў.
— Добры вечар, — адказаў узводны. — Што гэта за вёска?
— Гэта засценак Смалярня.
— Польскі засценак?
— Шчыра польскі, пане ўлан.
— Цудоўна. А да Магільнца адсюль далёка?
— Вёрстаў дваццаць.
— Выдатна. Бацька дома?
— Тата з мамай пайшлі на вяселле. У нашым засценку сёння гуляюць.
— Вяселле?! — узводны штурхануў локцем Струка і напаўголаса яму сказаў: — У Зенькі добры нюх.
— Паклікаць тату? — спытаў хлопец.
— Не, не трэба. Мы зараз самі туды пойдзем. Можна толькі паставіць пад вашай паветкай каня і трохі ў вашай хаце ўмыцца?
— Калі ласка. Можна ўсё, што вам хочацца.
Струк з Янкам пачалі распрагаць каня, а ўзводны з Зенькам дасталі з саломы зброю і пайшлі з хлопцам у дом.
— Вяселле ад вас далёка? — распытваў Зенька хлопца.
— Блізка. Трэба прайсці менш чым палову засценка.
— А ў якім доме, калі лічыць з гэтага канца?
— У якім... Пяць… шэсць… у сёмым, проша пана.
— Ага. Дык бацькі пайшлі весяліцца, а цябе пакінулі хату пільнаваць?
— Не хату, а маленькую сястру, каб яна, калі прачнецца, то не баялася адна.
— А старэйшых сясцёр у цябе няма?
— Не, толькі браты.
— Таксама на вяселлі з бацькамі?
— Адзін на вяселлі, а другі, старэйшы, паехаў з яшчэ адным хлопцам з нашага засценка ў Біркі па легіянераў.
— Па легіянераў? У вас што, можа, якая бойка здарылася?
— Жаднай бойкі не было. Іх хочуць прывезці, каб яны пагулялі на вяселлі.
Узводны са значэннем наступіў Зеньку на нагу.
— А цяпер на вяселлі ніводнага легіянера? — распытваў Зенька далей.
— Ёсць двое, але яны родам з нашай Смалярні.
— Як іх завуць? Можа, мы якраз іх ведаем.
— Адзін — Юзік Аленскі, а другі — Валька Трызна. Ведаеце?
— Хопіць ужо гэтых допытаў, — перарваў іх узводны. — Будзем збірацца. Жыва нясі нам, хлопча, вады!
Яны ўсе ўчатырох умыліся, прычасаліся, падглянцавалі боты, разрадзілі вінтоўкі, паставілі іх разам з шаблямі ў кут, наказаўшы хлопцу не пускаць у дом нікога чужога, і пайшлі на вяселле.
На вуліцы перад домам Пятроўскага і на дзядзінцу людзей было як ля касцёла пасля набажэнства. Адны, разбіўшыся на групкі, гутарылі, іншыя пад руку хадзілі па двары, астываючы пасля гарачых танцаў. Пад вокнамі святліцы і вакол ганка мітусіліся падлеткі, якіх не пускалі ў дом, бо там не хапала месца.
Убачыўшы легіянераў, людзі трохі сцішыліся.
— Легіёны ідуць! Глядзіце, легіёны! Уланы!.. Нейкія ўланы ідуць! — прыцішанымі галасамі вестка перадавалася з вуснаў у вусны. Усе паварочваліся да сцежкі. Тыя, што перашкаджалі вайскоўцам прайсці, адыходзілі ўбок і віталіся з імі, здымаючы шапкі.
Янка ўзяў Зеньку пад руку і шапнуў яму:
— Бачыш, яны ўсе шэпчуцца, паказваючы на нас?
— І што з таго?
— Каб яны нам, братка, не далі ў косці.
— Не мянці языком!
— Я языком не мянчу, а чую, як ты дрыжыш бы асіна.
— Дык не ад страху ж!
— А ад чаго?
— Сам не ведаю, што гэта са мной. Мы калі яшчэ былі ў лесе, мяне пачало трэсці і ў грудзях быццам заняло дых. Мабыць, праняло дзесьці дурным ветрам.
— Дробязі, крапнеш тут сабе — і ўсё пройдзе.
У сенцах была такая таўкатня, што людзі ніяк не маглі хутка прапусціць жаўнераў, хоць і хацелі, і тым давялося праціскацца праз натоўп паасобку.
— Проша пана, маладыя ўжо танчаць ці яшчэ за сталом? — звярнуўся Зенька да Уладзя Вінярскага, апынуўшыся ў праходзе паміж ядальняй і святліцай.
— Яшчэ за сталом, пане ўлан, — адказаў той і паказаў налева. — Яны там, заходзьце, калі ласка.
— Без запрашэння гаспадара не варта ціснуцца да сталоў, — зазначыў Янка. — Ідзём пакуль, дзе танчаць.
— Так, так, ідзём на танцы, — сказаў узводны. — Мне з учарашняга сняданку зусім не хочацца есці. Ідзём, хлопцы, танчыць.
Зенька тым часам падабраўся да дзвярэй ядальні, падняўся на дыбачкі і пачаў вадзіць вачыма па шэрагах сталоў.
— Ну як там, братка, яшчэ не ўсё зжэрлі? — спытаў у яго Янка. — Ёсць што на сталах?
— Табе хопіць, не хвалюйся, — адказаў Зенька, углядаючыся ў гасцей.
Тут у іх за спінамі пачуўся голас гаспадара.
— Калі ласка, жаўнерыкі, калі ласка! Я гаспадар, і я вас запрашаю. Сюды, налева прашу. Гэй там, панове! Хутчэй давайце дарогу! Гэта нашыя залатыя ўланчыкі з Кунцэвічаў прыехалі. Нашыя гераічныя ваякі прыехалі! Хутчэй дарогу!
Легіянераў увялі ў ядальню і пасадзілі ў правым крыле ўрачыстага кута паміж смалярскімі гаспадарамі. Зенька з Янкам селі ля сцяны, а старэйшыя — насупраць іх. Служкі тут жа памянялі прыборы, посуд і паставілі свежыя місы са стравамі і бутэлькі з пітвом.
— Добра, што вы намі не пагрэбавалі, — сказаў Мечык, наліваючы ўланам першую шклянку. — Вялікі вам за гэта дзякуй. А мы ўжо турбаваліся, што панове паехалі кудысьці ў іншы засценак, як ванчанскія жаўнеры. Вы, напэўна, позна выехалі з Кунцэвічаў.
— Мабыць, гаспадару, вы нешта блытаеце, — сказаў узводны. — Відаць, пан нас лічыць якімісь уланамі з Кунцэвічаў. Але мы — не яны.
— А, дык панове не з Кунцэвічаў?
— Не, мы выпадкова да вас трапілі. Мы некалькі гадзінаў блукалі той пякельнай пушчай, што пачынаецца за вашымі садамі, і выехалі ў ваш засценак.
— Самі, без нікога? Як гэта ў вас атрымалася?
— Неяк атрымалася. Мы кружылі рознымі сцежкамі, кружылі і раптам — раз! — вашае поле. У крайняй хаце нам сказалі, што ў пана вяселле, і мы прыйшлі зірнуць, як яно.
— І вялікі вам, панове ўланы, за гэта дзякуй. Гэта для мяне вялікая радасць і гонар. — Ён узяў келіх і звярнуўся да прысутных: — Панове і браты! Хто рады панам уланам, хай разам са мной пракрычыць ім «ура!» і вып’е кілішак за іх здароўе.
— Ура ўланам! Ура! — паўтарыла за ім некалькі дзясяткаў глотак.
— Ешце, панове, і піце, жадных цырымоній, не саромцеся, — запрасіў Мечык. — Вы для мяне госці даражэйшыя за ўсіх сваякоў.
Узводны, Струк і Янка нагбом асушылі свае келіхі і з воўчым апетытам узяліся за ежу. Зенька ж выпіў не больш за напарстак і, паставіўшы келіх, пачаў цікаўна аглядацца.
— Пі, братка, немач як рукой здыме, — сказаў Янка.
— Жары, калі пад носам! — груба прабурчаў той.
— Што з ім здарылася? — спытаў Струк.
— Кажа, што яго трасца трасе.
— Дык трэба крапнуць.
Тут і гаспадар, які не адыходзіў ад уланаў ні на крок, звярнуў увагу на паводзіны Зенькі.
— А вы, пане, чаму не частуецеся? — ускрыкнуў ён. — Мо пану нездаровіцца?
— Здаровіцца як ніколі ў жыцці, — адказаў той. — Вы, пане Пятроўскі, на мяне не зважайце.
Мечык здзіўлена выпрастаўся, углядаючыся ва ўлана.
— Можа, вы, пане, мяне ведаеце? — спытаў ён.
— Я ў вашым доме, дзядзька, напэўна, ужо не раз весяліўся.
Пятроўскі, Сцяпура з жонкай, што сядзелі злева ад Зенькі, а таксама ўсе тры ўланы здзіўлена глядзелі на яго.
— Як толькі пан сюды сеў, мне адразу здалося, што чалавек знаёмы, — сказаў Сцяпура. — Быццам сын Васілеўскага…
— І праўда да яго вельмі падобны, — пагадзіўся Мечык. — Але хіба гэта можа быць... Кажыце ж хутчэй, хто вы такі, бо нам не цярпіцца!
— Я і ёсць той, да каго падобны.
— Косцік Васілеўскі?
— Ён сам. І што ў вас тут чуваць?
— Езус Марыя! — закрычаў Мечык. — Як жа так?.. Ты што, зноў да сваіх вярнуўся?
— Як гэта — зноў да сваіх?
— Дык уся ж ваколіца ведае, што ты год таму перайшоў з легіёнаў да бальшавікоў.
Цяпер ужо здзівіўся Косцік.
— Я перайшоў да бальшавікоў?! Матка Боска! Хто гэта пусціў пра мяне такія ганебныя чуткі? Хто выдумаў такую подласць? Я — і ў бальшавікі!..
— Косцік знайшоўся! Косцік Васілеўскі прыехаў! Ён зноў служыць у легіёнах!.. Я яго пазнаў!.. Вунь ён, сядзіць ля старога Сцяпуры! — пайшло ад стала да стала.
— Дык ты не Зянон Макарэвіч? — спытаў узводны.
— Не, пане ўзводны. Я Кастусь Васілеўскі. З пэўнай прычыны мне давялося ўзяць несапраўднае імя. Але я думаю, што гэта не прынесла шкоды Айчыне і не запляміла мой мундзір. Вы, пане ўзводны, добра ведаеце, як я служыў.
— Ведаю і нічога супраць цябе не кажу.
— Прашу вас тады засведчыць, пераходзіў я ў бальшавікі ці не. Калі ласка, пане ўзводны!
Узводны ўстаў, папрасіў у прысутных цішыні і пачаў:
— Шаноўнае панства! Я, узводны Крэхаўскага ўланскага палка, заяўляю, што гэты ўлан, у якім вы пазнаяце Васілеўскага, служыў са мной у адным атрадзе з восені 1915 года. Увесь гэты час ён ні на тыдзень не адлучаўся з атрада. Службу нёс верна і адважна, удзельнічаў больш як у сарака бітвах, за што атрымаў ад старшага ўлана чын і шматлікія адзнакі. Усё гэта я ў любы момант магу паўтарыць пад прысягай, і тое ж могуць зрабіць афіцэры нашага палка.
Ядальня выбухнула крыкамі і воплескамі ў гонар Косціка. Хто сядзеў бліжэй, цягнуў яму руку для поціску, іншыя віталі яго словамі, махалі рукамі.
Косцік нахіліўся над сталом, пазіраючы на Карусю. Тая прыглядалася да ўсіх чатырох гасцей і быццам не магла яго пазнаць: на яе твары былі збянтэжанасць і трывога. Ён глядзеў хвіліну, спадзеючыся, што Каруся ўрэшце зірне яму ў вочы і адгукнецца, але зразумеўшы, што яна спецыяльна ўнікае ягонага погляду, закрычаў:
— Добры вечар, панна Караліна!
— Добры вечар, — спалохана адказала яна, сарамліва пачырванеўшы.
— Нешта пані мяне не пазнае! А я вось пані пазнаў, калі яшчэ стаяў у сенцах.
Калі вітанні скончыліся, Янка звярнуўся да Косціка:
— Ну і ты і спрытны, псякрэў! Такімі сцежкамі цягнуў нас праз знаёмы лес, каб вывесці ў свой засценак, а нам баіў, што гэта дзед так казаў ехаць. Вось чаму цябе трасца трэсла. Далібог, спрытнюга.
Менш чым праз гадзіну пасля прыбыцця ўланаў застолле скончылася, і маладыя разам з дружбай перайшлі ў святліцу танчыць. За імі пайшлі і ўланы. Узводны са Струком і Янкам селі ля музыкаў, прыглядаючыся да ігры на цымбалах, а Косцік застаўся ў натоўпе ля парога. Яго цесна абступілі хлопцы, сардэчна паціскалі яму руку і віншавалі з уланствам, чынам і адзнакамі. Здавалася, нават ранейшыя ворагі даравалі яму крыўды і абдымалі, выказваючы сваю прыхільнасць. Юзік Аленскі, які раней утапіў бы Косціка ў лыжцы вады, таксама тут жа падышоў да яго.
— Бог сведка, я ад усяго сэрца рады бачыць цябе жывога сярод нашай жаўнерскай брацці! — сказаў ён, моцна паціснуўшы Косціку руку. — Ну ты, братка, і змяніўся! Руку на адцён дам, што цябе нават бацька не пазнае. Ты, можа, на мяне за ранейшае крыўдуеш?
— Барані Божа, братачка! — усклікнуў расчулены Косцік.
— Ну і добра. З гэтага моманту мы з табой найлепшыя сябрукі, — тут Юзік нахіліўся да ягонага вуха. — Я хачу расказаць табе нешта вельмі важнае пра тваю Быліну.
— Пра Карусю?! Што такое? Кажы хутчэй!
— Трохі пазней, калі будзем сам-насам. Калі маладыя скончаць кадрылю, гаспадар папросіць затанчыць нас, легіянераў, дык варта быць на месцы.
— Нас, легіянераў, асобна?
— Але. Мы што, не заслужылі, каб нас вылучалі сярод цывільных? Мы ж, братка, на вайне намучыліся, назмагаліся з гэтымі хамамі-герэтыкамі за свабоду нашага краю!
Калі кадрыля скончылася, Отан і праўда выйшаў у цэнтр святліцы і скамандаваў:
— Шаноўнае панства! Прашу вас хвілінку пастаяць, бо зараз будуць танчыць толькі панове легіянеры.
— Панове ўланы, пане Валька, пане Юзік, калі ласка.
Музыкі пачалі настройвацца, а легіянеры — выходзіць на сярэдзіну святліцы.
На хлопцаў было прыемна зірнуць — усе як адзін высокія, зухаватыя, убраныя. Навюткія гарнітуры ахоўнага колеру ляжалі на іх як улітыя. Найлепш глядзелася ўланская форма. Прамыя кіцелі, на каўнярах добра відаць бела-чырвоныя нашыўкі, нагавіцы-галіфэ з падвойнымі амарантавымі лампасамі, чырвоныя паясы з дадатковым рэменем праз плячо і партупеяй на сцёгнах, высокія бліскучыя боты, на пятках — шпоры. Ва ўзводнага і Косціка на грудзях гарэлі яркія стужачкі.
Косцік вылучаўся сярод астатніх вайскоўцаў паставай і красой. Высокі, плячысты, з тонкай таліяй, з роўнай, як струнка, спінай. Твар абветраны, мужны і прывабны. Чупрына густая, прычасаная пад польку, бровы пышныя, вочы карыя, вялікія, шчырыя; на верхняй губе — ледзь заўважныя цёмныя вусікі, вусны расплыліся ва ўсмешцы. У душы яго было маркотна, але здавалася, што ён усміхаецца.
Сотня вачэй глядзела на яго з захапленнем, некалькі дзясяткаў дзяўчат, назіраючы за ім, сумна ўздыхалі.
— Што панове хочуць, каб ім зайгралі? — спытаў Отан.
— Няма розніцы, — адказаў Струк. — Што зайграюць, тое і затанчым.
— Хай зайграюць абэрка, — сказаў Юзік, каб пахваліцца веданнем польскіх танцаў.
— Не, для абэрка я сёння занадта змучаны, — запярэчыў узводны. — Лепш чаго лягчэйшага.
— Тады зайграйце вальс «Я бачыў аленя»! — кінуў музыкам Юзік непасрэдны загад.
Грымнула музыка, і салдаты разбегліся выбіраць сабе пару.
Узводны запрасіў маладую, Юзік — сваю Зоську, Струк — Польку Вінярскую, Валька — Касю, а Янка скіраваўся ўжо да Карусі, але яго затрымаў Косцік.
— Якую ты запрашаеш? — цішком спытаў ён.
— Тую, якую ад нас засланяе гэты семінарыст, — адказаў той. — Бачыш?
— Пакінь яе пакуль, я хачу з ёй пагаварыць.
— А, дык яна твая! Тады парай мне якую лагаднейшую.
Косцік незаўважна паказаў сябру на старэйшую Шчабятуху, а сам скіраваўся да Карусі. Ён падышоў, па-вайсковаму шчоўкнуў абцасамі і нізка пакланіўся. Каруся думала ўжо ўстаць, але Блінкевіч узяў яе за руку і сказаў:
— Перапрашаю, пане, але гэта мая нарачоная, і танцаваць з ёй буду я.
Косціку адчуў, быццам нехта ўкалоў яго швайкай у сэрца. Сапернік падаўся яму агіднай пачварай. У першае імгненне яму закарцела схапіць яго за шыю і задушыць насмерць. Але ён толькі рыпнуў зубамі, зірнуў на яго з нянавісцю і сказаў:
— Нават заручыны не адбіраюць у панны права танчыць з іншым чалавекам. Прашу вас, панна Караліна, — паўтарыў ён яшчэ раз і пакланіўся.
— Адзін раз адпусціць яе да вас, пане, я магу, — уступіў Блінкевіч, заўважыўшы, як злосна глядзіць на яго ўлан. — Бяры, пане.
Косцік падвёў Карусю да кола, некалькі разоў павярнуўся ў танцы ў адзін і другі бок і пачаў:
— Карусенька мая! Няўжо той чалавек сказаў праўду?
Яна жаласліва зірнула яму ў вочы, але нічога не адказала.
— Дык вось ты якая! А я ж быў верны табе як сабака. Не мінала і дня, каб я пра цябе не думаў, не ўздыхаў, не было і ночкі, каб ты мне не снілася. У мяне ўжо паўтраця гады не толькі не было ніякай дзяўчыны — я і на вечарынцы ні разу не быў, хоць сябры з мяне кпілі і называлі манахам. Мне без цябе нічога не хацелася. Я сумаваў па табе ў дзесяць разоў больш, чым па матцы і Патоцы. А ты ўвесь гэты час пра мяне нават не згадвала, ні ў кога не пытала, дзе я — у турме ці на волі, жывы ці мёртвы. Ты весела сабе забаўлялася і мілавалася з іншымі хлопцамі. Агідны быў табе забіяка, але няўжо ты не думала, што я зрабіўся такім, абараняючы цябе? Ты б палічыла, колькі разоў я падстаўляў за цябе галаву, колькі я табе зрабіў дабра, і за гэта прыслала б мне, выгнанцу, хоць адно вясёлае слоўца. Ты ж ведала, як мне перадаць пасланне і як нецярпліва я яго чакаў…
Ён павярнуўся ў танцы яшчэ некалькі разоў і працягваў:
— А я, дурань, спадзяваўся да апошняй хвілі. Думаў, не ўсё праўда, што пра цябе кажуць. Думаў, што хоць ты з хлопцамі забаўляешся, але ў душы памятаеш мяне і да майго вяртання ні з кім сапраўднага кахання не закруціш. Што калі Пан Бог дазволіць мне аднойчы пасля вызвалення Айчыны вярнуцца жывым дадому, я дакажу табе, што слава мая не горшая, чым у людзей, і ты, будучы вольнай, па справядлівасці мяне пакахаеш. А ты вось як зрабіла… Лепш хай бы мяне бальшавікі пасеклі на дробныя кавалкі, я б тады не бачыў, як ты абдымаешся з гэтым жлабом і любоўна з ім перашэптваешся!
З вачэй Карусі паліліся слёзы.
— Чаго ты плачаш? Я ж цябе за гэта не паб’ю.
Ён падрыхтаваў больш словаў і скаргаў, але моладзь, заўважыўшы, што Каруся плача, пачала дакучліва на іх паглядаць, і ён вырашыў з гэтым скончыць. Ён хутка пракруціўся да месца насупраць Блінкевіча, спыніўся і, адвёўшы да яго Карусю, ненатуральна нізка ім пакланіўся.
Не паспеў ён ад іх адысці, як Струк крыкнуў музыкам:
— А цяпер польку!
Узводны з маладой выйшлі з кола, астатнія ж чатыры пары больш бадзёрым крокам зноў пусціліся ў скокі.
Косцік не задумваючыся скіраваўся да Ганкі.
Яна ўскочыла з крэсла раней, чым ён ёй пакланіўся і, прыціснуўшыся да яго, пацягнула на танец.
— З майго боку не вельмі прыгожа атрымалася, трэба было хоць слова вашаму мужу сказаць, — сказаў Косцік.
— Абыдзецца. Такі ўжо ён муж, такая ўжо важная асоба, — з пагардай адказала яна.
— Што ж гэта пані так гідзіцца свайго мужа? Не хочаш яго?
— Я яго хачу? Дзіўна, што ты пра гэта пытаеш… Ну і чаго табе набрахала Каруся?
— Яна мне зусім нічога не сказала.
— Хітрая. Расплакалася, каб ты паверыў, што яна нявінная. Думае, ты не ведаеш, як яна тут круціла хвастом.
— Яна і слова мне не сказала.
— Бо баіцца. Ты пра яе яшчэ ўсяго не ведаеш. Чаму ж ты мне, Косцік, не напісаў у адказ?
— Я? Я нікому не пісаў. Спярша не мог праз таго мярзотніка, унцера з акопаў, пасля, як ты сама ведаеш, пачалося безуладдзе…
— Калі б я атрымала ад цябе хоць слоўца, калі б не подлыя чуткі, што ты перайшоў да бальшавікоў, я б ніколі за гэтага чалавека не пайшла. Я б чакала цябе дзесяць гадоў, калі б была хоць найменшая надзея. Косцічак! Жадная дзяўчына не кахае цябе так, як я, з жаднай ты не быў бы такі шчаслівы, як са мной! Ах, калі б ты толькі зазірнуў у маё сэрца!..
Яе вочы напоўніліся слязьмі, шчокі загарэліся румянцам, а грудзі пачалі ўздымацца так цяжка, што, здавалася, сукенка хутка не вытрымае.
— Хочаш, я проста на вяселлі кіну яго і пайду з табой? Вазьмі мяне, залаты мой Косцік! З тым сваім мужам я толькі на адных санках з касцёла прыехала — от і ўсё маё замужжа. Вазьмі мяне з сабой!
— Куды? Я ж служу…
— Ты толькі завязі мяне ў Бабруйск — і больш са мной турбот не будзе. Я сама зараблю сабе на жытло і на жыццё. Толькі адвязі мяне!
— Але ж Ганка, падумай, колькі бяды мы наробім твайму бацьку і сёстрам, які гэта будзе скандал!
— Мне ўсё адно. Забяры мяне!
— Як гэта будзе выглядаць? Вы ж ужо пабраліся ў касцёле.
— Пагарджаеш мною?.. Яна табе заўсёды была мілейшая. Яна ўвесь час круціцца з іншымі, увесь час цябе падманвае, ты нібыта яе падносак — і ўсё адно бегаеш за ёй. Іншы б даўно на такую плюнуў…
— Яна мяне, няўдзячная, падманвала, тут нічога не скажаш. А з гэтым яна даўно ўжо звязалася?
— Ты пра каго?
— Як пра каго? Той яе дружбант сказаў, што яна ягоная нарачоная.
— Ён так сказаў? Вядома, нарачоная. Ажэняцца пасля Вялікадня. Хутка будзе год, як яна водзіць з ім гешэфты.
— Вось як! І за чым яна там гоніцца, чаго ў ім такога знайшла?
— Багацце. Фальварачак у яго прыгожы.
— Манюка! Столькі разоў казала мне, што на багацце не квапіцца.
— Гэта доўгая і цікавая гісторыя, пра іх раман. Давай схаваемся дзе-небудзь, і я табе падрабязна раскажу, як яны пазнаёміліся ў Магілёве на святога Антонія, дзе і як сустракаліся і што выраблялі. У Смалярні пра гэта ведаюць толькі два чалавекі. Давай схаваемся, і я табе ўсё раскажу.
— Дзе ў такім тлуме можна схавацца?
— А-ёй, які малы засценак! Можна вось, напрыклад, у нашай лазні.
— Ты хіба жартуеш? — здзіўлена зірнуў ён на яе.
— Ніякіх жартаў. Там пасля ўчарашняга мусіць быць яшчэ цёплы дух, дык мы сядзем як у хаце.
— А калі хто ўбачыць і раскажа мужу? Уяўляеш, якая будзе авантура?
— Такі ты ўлан, што баішся авантураў? Не бойся, мы зробім так, што ніхто не дазнаецца. Пасля гэтага танца пачакай трохі, а пасля вазьмі палітон і ідзі патоцкай сцежкай да лесу, быццам да сябе дадому, абыдзі сядзібы колам аж да нашых агародаў і адтуль праз ялінкі, што на мяжы маёй цёткі, прабярыся да самай лазні. Я надзену доўгі кажух і незаўважна пракрадуся з іншага боку. Жаднай авантуры не выйдзе!
— Можа, у іншым месцы? — настойваў ён.
— Не, залаты мой, у лазні будзе лепш за ўсё. Прашу, давай сустрэнемся як я сказала! — маліла яна яго са слязьмі. — Паслухай, хай гэта будзе мне ўзнагарода за маю маркоту, за ўсе мае ўздыханні па табе!
Выцягнуўшы з яго згоду, яна пачала расказваць пра ўражанне, якое выклікалі сярод тутэйшай моладзі чуткі пра яго пераход на бок бальшавікоў, але тут музыка скончылася. Калі Косцік адвёў Ганку да мужа, яна яшчэ раз яму шапнула:
— Памятай: праз паўгадзіны ты павінен там быць.
— Ён цябе, Каралінка, можа, напужаў, што ты плачаш? — спытаў Блінкевіч у Карусі, калі Косцік адышоў ад іх.
— І не напужаў, і не плачу, — адказала яна, не гледзячы на яго.
— Усё лічыка ад слёз мокрае… а яна — не плачу. Прашу ад мяне нічога не хаваць. Калі нешта здарылася… да я яму пакажу! Я не буду глядзець ні на ягоныя лампасы, ні на ягонае вуланства! Кім ён табе, Каралінка, даводзіцца?
— Проста знаёмы, як і ўсім тут.
— Ты, Каралінка, думаеш, што я сляпы. Ты ж як толькі пачула ягонае імя, тут жа перамянілася. Што, ранейшы кавалер?
— Кажу ж, знаёмы.
— Няпраўда. Не бойся, Каралінка, я не буду на цябе гнявіцца. Лепш спачатку высветліць, хто і з кім меў знашэнні, каб не было непаразуменняў, а пасля і справу рабіць. Моцна яго любіла?
— А пану які інтарэс? — выбухнула яна. — Якое вы мелі права назваць мяне перад тым легіянерам нарачонай?
Блінкевіч вылупіў ад здзіўлення вочы.
— Вот як! — глуха сказаў ён, хвіліну памаўчаўшы. — Значыць, ты, Каралінка, ужо бярэш свае словы назад? Чаму гэта?
— Якія такія словы? Я што, прасіла называць мяне нарачонай?
— Не прасіла, але пагаджалася ёй быць.
— Гэта пану толькі здаецца.
— Ей-богу, пагаджалася. Гэта ты праз таго вулана ад мяне адвярнулася. Адкуль іх халера прынесла? За што ім такі гонар? Панна Караліна, не адварочвайся ад мяне! Каралінка, ты думаеш, што яфрэйтар — гэта вельмі высокі чын, што ён заўсёды будзе хадзіць у тых лампасах і шпорах. Да ён адслужыць і зноў вернецца на гаспадарку. Гаспадарка ў яго хоць добрая?
— Гаспадарка? Чаму ж не…
— А зямлі ў яго шмат?
— Зямлі? Шмат.
Яна бяздумна адказвала на яго настойлівыя пытанні і ўгаворы і сачыла за Косцікам і Ганкай, спрабуючы адгадаць, пра што яны гавораць. Пасля таго як Ганка, палка пашаптаўшыся з Косцікам, некалькі разоў нібыта цішком на яе зірнула, Каруся зразумела, што тая на яе нагаворвае. Калі Косцік адвёў сваю партнёрку да мужа, Каруся кінулася да яе.
— Пра што вы так размаўлялі?
— Пра ўсё і, так бы мовіць, ні пра што: ён мне трохі расказваў пра вайну, а я яму — сёе-тое пра дом.
— А што ён казаў пра мяне?
— Пра цябе? Ды нічога асаблівага. Нарачонага твайго хваліў.
— Каго, Блінкевіча? І ты не сказала яму, што гэта няпраўда?
— А мне адкуль ведаць, што ў вас адбываецца?
— Хай сабе думае і робіць што хоча, але я павінна сказаць яму, што гэта няпраўда, — прамовіла Каруся, падымаючыся.
— Куды ты? Сядзь! — сказала Ганка, цягнучы яе назад. — Я жартую. Я яму сказала, што гэта немагчыма, каб вы ўжо заручыліся, пазнаёміўшыся толькі ўчора. Ён мне паверыў і сказаў, што ранкам прыйдзе да цябе дадому.
— Ты гэта шчыра кажаш?
— Бог сведка! — уголас сказала яна, а пра сябе дадала: «Прабач мне, Пан Езус».
— Дзякуй табе, золатка, за гэта! — радасна сказала Каруся і ў парыве ўдзячнасці пяшчотна абняла сяброўку за плечы. — Ведаеш, я сама не разумею, што са мной сталася: я хацела яму ўсё расказаць і ніяк не магла. Мяне быццам узяў спалох, у галаве ўсё перамяшалася.
— Гэта называецца ступар, — патлумачыла Ганка. — У мяне ў жыцці такое некалькі разоў было.
— А ў мяне дагэтуль толькі раз, калі ксёндз Буйноўскі ездзіў да вайны пасля Калядаў і пытаў у мяне катэхізіс. А цяпер другі. І як ён табе, спадабаўся?
— Як ён папрыгажэў! Як яму ўсё гэта пасуе!.. А як ён умее гаварыць! Каб гэта ўсё Блінкевічу, ён быў бы яшчэ мілейшы.
— А ідзі ты са сваім Блінкевічам! Ён мне зусім не падабаецца.
— Праўда? А ён, небарака, думае, што ты душы ў ім не чуеш. Не паказвай хоць яму, што ён табе не падабаецца, падманвай далей.
Тут Ганка заўважыла, што Блінкевіч глядзіць на іх, і дала яму знак падысці.
— Няўжо вы, пане Гілар, не заўважылі, што ўланы паклалі вока на вашую дружку? — сказала яна яму.
— Я, дзякуй Богу, не сляпы.
— Дык чаму вы тады яе не трымаецеся? Чаму не пільнуеце? Яны ж на раз-два могуць яе ў вас адабраць.
— Цяжка пільнаваць, калі панна Караліна рвецца да ўланаў.
— Вядома, рвецца. Думаю, няма тут дзяўчыны, якая б да тых лампасаў не рвалася, таму кавалер, які шчыра дбае пра сваю панну, павінен вельмі пастарацца, каб яна ад яго не збегла. Сядай на маё месца і пільнуй!
Ганка ўстала, шапнула мужу штось на вуха і пайшла.
Адвёўшы Ганку да мужа, Косцік вярнуўся да цывільных смалярскіх хлопцаў і пачаў распытваць іх, ці прыехаў Стах.
— Няма яшчэ, — паведаміў Юзік, які некалькі хвілінаў таму збег з танцаў і чакаў Косціка ў натоўпе. — Калі вернецца, сам цябе знойдзе. Ідзём, братка, да нас, — і ён пацягнуў Косціка за рукаво. — Дарогу, хлопцы, дарогу! Глядзіце, хто ідзе! — ва ўсё горла крычаў ён, груба распіхваючы ўсіх локцямі. — Ну і набралася тут зброду — няма як праціснуцца.
— Ты, можа, і без мяне ўжо пра нешта дазнаўся? — пачаў ён, калі яны апынуліся на дварэ.
Косцік нядбайна махнуў рукой.
— Ты не махай, пакуль пра ўсё не даведаешся, не махай. Табе ўжо нехта казаў, як яны бессаромна абдымаліся за сталом?
— Ды я і сам з сянец бачыў. Калі яны ўжо два месяцы разам спяць, дык не дзіва, што яны абдымаюцца.
— А хто табе расказаў, што яны два месяцы разам спяць? — хвіліну падумаўшы, спытаў Юзік. — Сама Каруся ці Ганка?
— Яе дружбант сказаў, што яны заручыліся, а Ганка — што яны пасля Вялікадня возьмуць шлюб. Сама Каруся і слова мне не мовіла.
— А што табе Ганка яшчэ казала?
— Яны ўжо хутка год як знаёмыя, бегалі на сустрэчы і гэтак далей. Ганка абяцала пры нагодзе падрабязна пра ўсё расказаць.
У доме Аленскага не было ні душы, але ў святліцы ўсё падрыхтавалі. Над сталом ледзь гарэла лямпа, пад абрусам стаяла талерка пакроенага на скрыгалі сырога сала, паднос з хлебам, міса агуркоў і посуд на дзве асобы.
— Залазь, братка, — паказаў Юзік на стол і падкруціў лямпу. Пасля зняў са стала абрус, якім былі накрытыя стравы, нахіліўся пад лаву, выцягнуў бутэльку ячменеўкі, адкаркаваў яе, напоўніў келіхі і, усеўшыся насупраць госця, вярнуўся да перарванай размовы.
— От такая, братка, у свеце справядлівасць! Ты служы, ваюй, бядуй, барані цывільнаму горла і маёмасць, а ён за гэта зводзіць тваю дзяўчыну, у вочы табе смяецца. Так яны нам, легіянерам, адплачваюць!.. Так дзячаць! Ну дык вып’ем, братка, за пачатак нашага сяброўства, за каросту — бальшавікам, за хваробу — Блінкевічу. Дай нам Божа!..
— За тваё здароўе і шчасце, сябра! — ахвотна беручы келіх, адказаў Косцік. Ён выпіў яго нагбом і зноў падставіў Юзіку. — Налі мне адразу яшчэ адну. Так мне маркотна, так цяжка, што не вытрымліваю. Увесь свет мне нямілы. Здаецца, кінуўся б у якую прорву, у які пякельны агонь, каб згінуць разам з касцямі!
— Веру табе, братка, веру, — сказаў, наліваючы, Юзік. — Маю Зоську з Былінай не параўнаць, і тое — як падумаю, што яе таксама можа калі-небудзь звесці які цывільны, дык сэрца шыпіць, як скварка на патэльні. А твая ж такая краска, такі анёлак!
Косцік пакутліва выдыхнуў. Выпіў другі кілішак і падставіў зноў.
— Налі мне шчэ адну. Сэрца як агнём пячэ.
— А пасля такой страты сэрца, напэўна, зусім гарыць, — падцкоўваў Юзік Косціка, наліваючы яму гарэлкі. — Каб гэта быў нехта з нашых, з легіянераў, ці каб хто са смалярскіх цывільных адбіў яе, бо шчыра пакахаў, тады б у чалавека менш было скрухі, але ж бялыніцкі хам… Які да таго ж здабыў дзевачку такім подлым ашуканствам… Каб ён увесь сплыў крывёй, яшчэ са Смалярні не выехаўшы!
— Якім такім ашуканствам?! — закрычаў Косцік, спалатнеўшы.
— А, дык ты яшчэ не ведаеш? Ён здабыў яе з дапамогай шальмоўскага лякарства. Гэты падлюка служыў пры войску канавалам і разбіраецца ва ўсякіх леках. Спярша ён, кажуць, падсунуў ёй на цукерках любісты, каб яна ім зачаравалася, пасля даваў адвару з сіняга каменя, змяшанага з нейкімі кроплямі, каб яна яму, шэльму, паддалася. Калі па справядлівасці, то ён павінен сядзець у турме.
— Сілай яе ўзяў? — рыкнуў Косцік, жудасна варочаючы вачыма.
— Людзі кажуць так: не ўзяў за руку — не кажы, што злодзей, не цягнеш хлопца за нагу — не віні яго ў граху з дзяўчынай, але калі першы раз, другі, трэці зловяць якую пару сам-насам у кустах ці ў замкнутым на ключ пакоі, то толькі дурань не здагадаецца, што без гэтага… не абышлося. Я не буду табе паўтараць усе гісторыі, якія сам чуў, раскажу толькі, што ўчора здарылася ў Магільнцы. Трэба ўжо пачынаць службу, а Блінкевіча з Карусяй няма. Людзі на плябанію — няма. Людзі да арганісты — няма. Яны і туды, і сюды — як у ваду ўпалі. Дзве гадзіны шукалі, усё мястэчка прачасалі, аж урэшце знайшлі ў Латыша, замкнутых у асобным пакоі. Спытай каго хочаш, у колькі маладыя вярнуліся са шлюбу.
— Чаму ты мне адразу не сказаў?! — зароў Косцік, паспешліва выбіраючыся з-за стала.
— Не шалей, сябра, не спяшайся. Што ты збіраешся рабіць?
— Заб’ю пачвару, з зямлёй змяшаю! — крыкнуў Косцік, ударыўшы кулаком аб стол.
— Добра набі яму морду, палічы рэбры — і годзе! Трэба, братка, не забываць пра дзядзьку Пятроўскага і ягоны дом.
— У доме біцца не буду — выклічу яго ў поле на паядынак і там заб’ю. Дам яму выбар: хоча на вінтоўках — будзем на вінтоўках, хоча на шаблях — будзем на шаблях.
— Думаеш, ён з табой пойдзе?
— А што, не пойдзе? Ён жа, відаць, шляхціц.
— Дай Божа хоць неяк выцягнуць на дзядзінец. Сядай, скончым тое, што маем, і добра параімся.
Устрывожаная Каруся заставалася побач з Блінкевічам. Ганка запэўнівала яе, што хутка ўсе непаразуменні высветляцца, але Карусю гэта не супакойвала. Ліслівыя і ўзнёслыя словы Ганкі пра Блінкевіча, а таксама парада какетнічаць з ім далей абудзілі ў ёй падазрэнне, што тая рыхтуе нейкую інтрыгу. У вушах Карусі гучалі настойлівыя скаргі Косціка, абуджаючы згрызоты сумлення. Яе апанаваў смутак, яна саромелася і злавалася на сябе за сваю дрыготку. А тут яшчэ гэты, сядзіць пад бокам і дакучае сваімі прапановамі. Яна і сама не ведала, як з ім трымацца: цярпець, як прапанавала Ганка, ягоныя заляцанні ці шчыра прызнацца ў сваёй непрыхільнасці, каб у чалавека не было марных надзей. Яна сядзела як на шпільках.
Час ішоў, а Ганка ўсё не вярталася.
— Куды пайшла вашая жонка? — спытала Каруся ў Гіпаліта.
— Надзець іншую сукенку, — адказаў той.
— І так доўга не вяртаецца?
— Да я і сам не ведаю, чаму яна не вяртаецца. Хай бы паненка схадзіла і ласкава яе пашукала?
— Зяцька свайго пашлі, а не — то сам ідзі, — запрацівіўся Блінкевіч. — Зараз зайграюць лезгінку, дык мы з Каралінкай пойдзем танцаваць. Калі Каралінка і цяпер не паслухаецца, то будзе на ёй смяротны грэх.
Якія б у гэты вечар ні гралі танцы, ён на кожны яе запрашаў і не бянтэжыўся, што яна ўвесь час адмаўляла. Урэшце яна пагадзілася. Якраз гралі венгерку.
Не паспелі яны прайсці адно кола, як Отан спыніў музыку.
— Шаноўныя панны і кавалеры! — сказаў ён. — Прашу на некалькі хвілінаў спыніцца. Месца для танца просіць старшы крэхавецкі ўлан, рыцар сарака бітваў і наш сардэчны друг пан Кастусь Васілеўскі. Пане Кастусь, прашу вас!
Косцік выбраўся з натоўпу, узяўся ў бокі, страсянуў галавой, адкінуўшы ўскудлачаную чупрыну назад, і крыкнуў музыкам:
— Польку! Але такую, каб аж дым пайшоў!
Скрыпачы падцягнулі струны, а ён пачаў аглядацца, шукаючы сабе партнёрку.
— Быліну возьме. З Былінай пойдзе. От пабачыце, яе возьме, — пачалі перашэптвацца дзяўчаты.
У Карусі раптам закалацілася сэрца, заняло дых і па ўсім целе прабеглі дрыжыкі. Яна глядзела на Косціка з захапленнем і нейкім страхам, паспешліва прыдумляючы словы раскаяння і настроіўшыся сама пачаць размову.
— Не ідзі з ім, Каралінка, ён, відаць, п’яны, — маліў яе Блінкевіч. — Ей-богу, відаць, п’яны. Калі ён нешта такое… то мы яго з Гіполькам… Не ідзі, барані Божа!
Але вочы Косціка нават не спыніліся на Карусі. Ён агледзеўся раз, другі — і, на агульнае здзіўленне, скіраваўся да Міхаліны.
— Кепікі будзеш з мяне строіць? — сказала тая. — Не пайду. Мала ў цябе дзяўчат?
— Ніякіх кепікаў я строіць не збіраюся, — адказаў Косцік. — Прашу, пані Міхалінка! — ён пакланіўся яшчэ раз і пацалаваў ёй руку.
Яна ўважліва паглядзела яму ў вочы і паднялася.
Музыкі ўжо разанулі польку. Косцік вывеў партнёрку ў цэнтр святліцы, спыніўся, паслухаў музыку, хвілінку падумаў, а пасля як тупне нагой ды як закруціцца ў танцы, быццам ваўчок, пушчаны з рукі на падлогу. Правай рукой ён далікатна падтрымліваў паненку, па-ўланску паклаўшы левую на пояс, крокі рабіў маленькія і круціўся на месцы без падскокаў — хутка і роўна, так, што мог бы ўтрымаць на галаве шклянку. На яго танец было прыемна паглядзець і карцела тут жа далучыцца.
Струк з Валькам таксама не вытрымалі і, самым далікатным чынам запрасіўшы дзяўчат на польку, кінулі Косціку выклік.
— Зараз мы, Міхалінка, іх адсюль выкурым, — сказаў Косцік і скамандаваў: — Сябры, назад і ўлева. Музыкі, жывей!
Тут ён ударыў нагой, аж у вокнах зазвінелі шыбы, і з падвойнай хуткасцю панёсся ў абраны бок віхурай.
Цяпер ужо нельга было ні злавіць тэмп, ні адчуць ног — гэта быў адзін зіхоткі слуп, што вярцеўся і гудзеў, як млын, у пабліскванні ботаў і мільгаценні лампасаў і спадніцы. Ад стуку абцасаў дрыжалі сцены, ад ветру ўверсе гайдаліся сцяжкі і павук. Страшна было падысці бліжэй, страшна было нават глядзець на іх.
Не прайшло і пяці хвілінаў, як яны зноў былі ў цэнтры святліцы адны.
— Брава, Косцік! Брава, уланчык! — запляскала моладзь, што шчыльным тлумам стаяла вакол.
Але неўтаймоўны ўлан не запавольваў тэмпу — наадварот, падганяў музыкаў і круціўся ўсё хутчэй. Часам здавалася, што пара ўжо валіцца на зямлю, што ўжо мусіць рухнуць, але тут — раз! — і яна па-майстэрску выкручваецца, раптам мяняе кірунак і зноў імчыць як раней.
Усе, хто быў у доме, пнуліся ўбачыць танец рыцара сарака бітваў. Адны падымаліся на дыбачкі, іншыя ўлазілі з нагамі на канапы. Падлеткі пад акном станавіліся адно аднаму на плечы.
Гаспадар праштурхаўся аж да самых танцораў і, пляскаючы ў далоні, крычаў:
— От хлопчык! От уланчык! От зух! Калі б у мяне быў такі сын ці зяць, я б яму да смерці парабкам служыў. Гэта ж наш, смалярскі! Гэта ж наш пупсік такі ўдалы!..
— Гэта не шляхотны танец, Каралінка, — сказаў Блінкевіч, сілячыся прынізіць у яе вачах вартасці саперніка. — Так толькі простыя мужыкі скачуць. Я змагу круціцца яшчэ хутчэй за яго, але ж гэта не шляхотна.
Яна яму не адказвала і нават не слухала. З таго моманту, як Косцік выйшаў танчыць, яна ўсімі думкамі, усёй душой была побач з ім, адчувала кожны ягоны паварот і разварот, кожны ягоны ўдых і кожны парыў паправіць чупрыну, што падала на вочы. Часам ёй здавалася, што гэта яна скача з ім, і тады яна пачынала варушыць пальцамі рук і ног.
Вось ужо музыкі пачалі слабець і блытацца: кларнетыст усё часцей спыняўся, каб набраць паветра, скрыпачы гралі па чарзе, водзячы па струнах толькі кончыкам смыка, у цымбаліста струны ўвогуле аслаблі і гучалі абы-як, вось і Міхаліна пачала спатыкацца і прасіць, каб ён яе адпусціў, а ў Косціка быццам усялілася нечалавечая сіла, і ён не адчуваў стомы, амаль на руках насіў паненку і, ледзь дакранаючыся нагамі да падлогі, безразважна і безупынна з усё той жа жарсцю нёсся ў танцы. Ягоная галава была гарачая, як комін, адзенне ў многіх месцах наскрозь прамокла ад поту.
— Яшчэ, Міхалінка, яшчэ! — крычаў ён. — Жывей, хлопцы, жывей! Яшчэ мінутку! Дайце жару! Хлопцы, жару!
Але ўрэшце Міхаліна бяссільна павісла ў яго на руцэ. Тады ён апрытомнеў, спыніўся, падняў яе, як маленькае дзіця, двойчы падкінуў уверх, аднёс на канапу, пасадзіў там, упаў перад ёй на калені і пачаў прасіць прабачэння:
— Даруй, Міхалінка! Даруй, залатая пані! Прабач, што я цябе так змучыў! Прабач — я, здаецца, трохі п’яны…
Ён устаў, сунуў руку ў заднюю кішэнь, выцягнуў адтуль жменю срэбра — не менш за дваццаць рублёў — і, высыпаўшы іх на цымбалы, сказаў:
— Гэта, хлопцы, вам пяцярым, за струны і за клопат.
Пасля па-ваеннаму адсалютаваў прысутным і выйшаў.
— А я не казаў Каралінцы, што ён п’яны? — сказаў Блінкевіч, задаволены, што сапернік пайшоў. — У бацькі, можа, кажуха прыстойнага на плечы няма, а ён жменямі раскідваецца… Такі буржуй! І як гэта выглядае? Яшчэ невядома, дзе ён гэтае срэбра ўзяў. Ну, а цяпер урэшце мы з Каралінкай пойдзем танцаваць. Толькі чагосьці больш шляхотнага.
— Я пану нічога не абяцаю, пайду зараз Ганку шукаць, — адказала дзяўчына, збіраючыся ісці.
— Ганку шукаць? Дык ён жа сам пойдзе. Гіполька! Чаму ты не ідзеш шукаць сваю жонку? Ідзі хутчэй, знайдзі і вядзі сюды, бо от мая Каралінка хоча з ёй пагаварыць, — сказаў Блінкевіч, шматзначна падміргваючы.
— Чаму ж не, знайду і прывяду, — адказаў, зразумеўшы намёкі, Гіпаліт і не марудзячы выйшаў са святліцы.
Не паспеў Вяндлінскі адысці, як перад Блінкевічам з’явіўся падлетак.
— Проша пана, — прамовіў ён, — ваш парабак казаў, каб вы беглі да яго пад паветку, бо ваш конь упаў нагамі ўверх. Казаў, каб вы хутчэй, бо з яго ўжо ідзе пена.
— Што?! — усклікнуў здзіўлены Блінкевіч. — А дзе ж гэты шыбенік быў, што дапусціў такое? Прабач, Каралінка, трэба ляцець.
Хвіліны праз дзве-тры Карапузя паклаў барабан на канапу і падсеў да Карусі.
— Ведаеш што? — зашаптаў ён ёй на вуха. — Твой дружбант пайшоў па кухталі.
— Па якія кухталі?
— Ромка Аленскі толькі што казаў — Юзік вадзіў Косціка да сябе, напаіў яго і падбухторыў надаваць Блінкевічу. Таго падшыванца, што па яго прыходзіў, яны і падаслалі.
— Божа! Ён жа можа яго забіць!
— Ты што, укляпалася ў гэтага аблізанца? Баішся, каб яму не ўсыпалі?
— Не Косцік яго можа забіць, а ён Косціка!
— А ідзі ты!.. Косцік яго адной рукой задушыць.
— Так, але ў яго пры сабе сямікульны рэвальвер. Ён мне па дарозе з касцёла паказваў. Ён будзе страляць. Ляці папярэдзь яго! Ляці, братка, жыва!
У той жа момант з сянец пачуліся пранізлівыя крыкі:
— Бойка! Легіёны б’юць пад паветкай Блінкевіча! Бойка!.. Чачоты леснічонка б’юць!.. Хлопцы, на дапамогу!
У доме ўзняліся такі шум і такая паніка, быццам людзям на галовы падаў дах ці, пагражаючы іх жыццю, дом з усіх бакоў ахапіла полымя. Усе мужчыны, што былі ў святліцы, у тым ліку вайскоўцы, ашалела кінуліся да дзвярэй. Усе крычалі, усе адно аднаму пагражалі.
На дапамогу Косціку! Не дамо нашага ўлана ў крыўду! Правучым хамаў! Правучым за тое, што паднялі руку на польскага жаўнера! Дайце дарогу! Прапусціце! А з іншага боку: на дапамогу Гіларку! На абарону хлопцу! Дамо задзіракам! Правучым хлыстоў! Пакажам, што такое Мурашкі!
Ля дзвярэй тоўкся такі натоўп, што ўсчалася цісканіна і вырвацца з хаты было немагчыма. Але камусьці прыйшла думка адчыніць вокны — і вось людзі ўжо вывальваліся ў двор з некалькіх аконных прахонаў, быццам іх шпурлялі з рагаткі, вырывалі з плота калы, ламалі жардзіны, выкручвалі з саней галоблі і беглі да паветкі, лаючыся так, што аж вантробы выварочвала. Крыкі, якія даносіліся ад паветкі, стваралі ўражанне, што людзі там рэжуць адно аднаго нажамі, душаць і забіваюць, як дзікія паганцы.
Не паспела Каруся выбрацца з дома і дабегчы да паветкі, як бойка ўжо скончылася. Натоўп раз’юшаных мужчын яшчэ пранізліва верашчаў, але без калоў у руках. Гучныя загады гаспадара, якія добра чуліся праз лямант, сведчылі, што сутычка скончылася сумна.
— Калыхаць яго трэба! Кладзіце на гуньку і калышыце. Гуньку сюды! А таго націрайце снегам! Расшпіліце спінжак…
З аглушальных пракляццяў, крыкаў, плачу, пытанняў, воклічаў і смяшкоў, што сыпаліся навокал, нельга было зразумець, каго трэба калыхаць, каго націраць снегам і які бок пацярпеў больш.
Заўважыўшы Алеся, Каруся пабегла да яго.
— Алеська! — закрычала яна. — Што здарылася? Забілі каго?
— Яшчэ невядома, ці забілі. Ён не рухаецца, не адгукаецца, але, відаць, не памёршы.
— Хто з іх?
— Такі моцны мужык — а ад адной аплявухі брыкнуўся як сноп.
— Але хто? — яна трэці раз паўтарыла пытанне і пачала ад нецярпення тармасіць яго за крысо.
— Ды Чачотаў Яська. Уяўляеш? Блінкевіч таксама ўвесь у юшцы і вые, не можа падняцца. Чатырох Косцік паваліў: Эдка Вяндлінскага, Блінкевіча і абодвух Чачотаў. Ён ужо быў счапіўся і з маладым, але прыбег дзядзька Мечык і разняў іх. От дзе ваяка!
— А цяпер ён дзе?
— Ды толькі што выйшаў на вуліцу разам з іншымі ўланамі, рукі за спіну заклаўшы. Відаць, пайшлі да Балашэвічаў, бо там стаіць іх конь.
— Пайшоў, змей падкалодны, каб з яго яшчэ да ранку выйшаў дух! — усчала кляцьбу адна з бялыніцкіх жанчын, пачуўшы словы Алеся. — Каб яго, вужаку, заўтра ў дол паклалі, як ён паклаў нашых нявінных мужчын. Каб на яго магіле сабакі вылі! Каб яго ваўкі адкапалі і цягалі па полі косткі, як гэты гарыштант нашага Яську цягаў!
«І яны пасля такой авантуры хочуць сабрацца і з’ехаць, — мільганула ў Карусі трывожная думка. — Папрашу Ганку схадзіць са мной да Балашэвічаў. Хто ведае, што той шэльма, поячы яго, набрахаў пра мяне і што Косцік цяпер думае. Абавязкова трэба з ім паразмаўляць. Трэба знайсці Ганку».
Яна зазірнула ў святліцу — няма. Агледзела ядальню, гардэроб, кухню — і там не знайшла. Пайшла да Ганчынай цёткі — таксама няма. Баючыся спазніцца, Каруся пабегла дадому, узяла вялікую хустку, каб захінуцца, і пайшла да Балашэвічаў адна.
— Я яму ўсё раскажу і папрашу прабачэння, — разважала яна, ідучы вуліцай. — Прызнаюся ва ўсім як на споведзі: што летам, вяртаючыся з фэсту з Магілёва, ішла з Фэлькам Загорскім пад руку, што на Вялікдзень дазволіла Ромку пацалаваць мяне ў вусны, што сядзела з Аніхоўскім сам-насам на лаўцы ў садзе і двойчы напісала яму ў войска. Прызнаюся ва ўсім па справядлівасці, і калі Юзік набрахаў пра мяне горшага, папрашу ў Косціка начысціць яму за гэта зубы.
Але чым бліжэй яна падыходзіла да двара Балашэвічаў, тым страшней ёй рабілася. У браме нехта стаяў. Пазнаўшы Броніка, яна ўзрадавалася, бо з яго дапамогай можна паклікаць Косціка на падворак.
— Дзе яны, у хаце? — ціха спытала яна.
— Толькі што з’ехалі, — адказаў той.
— Я пра ўланаў. У хаце яны?
— Кажу ж, з’ехалі.
— Як з’ехалі? — не хацела верыць яна.
— А-ёй, не ведае, як людзі едуць. Запрэглі, зацягнулі, селі, тузанулі лейцы — і паехалі.
— У Патоку, можа?
— Не ў Патоку, а ва Убярэззе. Напэўна, едуць у Быхаў, бо ўчора пыталі, колькі туды ад Смалярні вёрстаў. Глядзі вунь, унізе, здаецца, яшчэ відаць.
Яе сэрца агарнуў такі пакутлівы жаль, якога яна яшчэ не ведала, а ў нагах адчулася сонная вяласць. Каруся павярнулася і пайшла дадому, шэптам лямантуючы:
— От як ён зрабіў! Сабраўся і паехаў… От як выйшла! І ўсё праз таго клятага мярзотніка, праз таго шэльму з чорнай душой, праз таго гідкага паскудніка! За гэта яму варта было б вару на галаву выліць і вочы пазногцямі павыдзіраць! Але чаго ён такога пра мяне нагаварыў, чым так нацкаваў, што ў Косціку столькі злосці? Нашто Косцік выклікаў таго на бойку, калі ведаў, што мы толькі дзень знаёмыя? Не разумею… Напэўна, Ганка мне нахлусіла. Сказала яму нешта іншае. Так паддобрывалася… спрытная птушачка!
З брамы Сцяпуры пачуўся смяшок Юзіка.
— А куды ж наш мілы анёлак бегаў?
Яна тут жа скочыла на яго, схапіла за лацканы палітона і пачала з лаянкай тармасіць:
— Змяя ты атрутная! Юда іскарыёцкі! Як жа ты мяне абылгаў? Што ты яму пра мяне набрахаў, сабака паршывы?! Паскуда!..
Юзік схапіў яе за рукі і з усяе моцы штурхануў на дарогу:
— Ах ты сука вясельная! — закрычаў ён. — Ты ўжо думала, што ты графіня і можаш каму хочаш таптацца па галаве? Я табе вытру нос! Ты мяне ў Лейбы бачыла? Ведаеш, што я дэзертаваў? Я цябе правучу. Прэч з дарогі, а то зараз здыму рэмень!
Яна кінулася дадому, зачынілася ў святліцы і з плачам павалілася на ложак. Яе ахапіў жудасны адчай і крыўда на ўсіх людзей, на ўвесь свет.
— Змовіліся супраць мяне! — галасіла яна. — Усе вы змовіліся, каб яго ў мяне адабраць… І за што? Каму я якое зло зрабіла, у чым перад кім вінаватая? Вядома ж, усе змовіліся. Толькі чаму?.. Хлопчык мой мілы! Мой бравы саколік! Чаму ж ты таго шэльму паслухаў, Юду падступнага? Хіба ты забыў, як ён табе ўвесь час ямы капаў?
Раз-пораз яе ахоплівала шалёнае жаданне бегчы і біцца з Юзікам да крыві, пакуль не ўпадзе, потым — пераапрануцца ў бацькаў касцюм, узяць са стайні каня і імчацца за ўланамі. Але яна не рухалася з месца, не пераставала галасіць, аж пакуль у дзверы не закалаціла Яня.
Пазнаўшы голас сястры, Яня спытала:
— Чаго ты выеш? Матка ў цябе памерла ці што?
— Ведаеш што? Яны ўжо з’ехалі.
— А, дык гэта ты па леснічонку так галосіш? Ай-яй-яй, дурніца! Хай сабе едзе на злом галавы. Не адзін жа ён у свеце. Ідзі зірні, колькі Стах з Паўлам прывезлі замест іх. Умыйся, каб не было відаць, што ты плакала, пераапраніся — і гайда! Яны такія гожыя і геройскія, проста любата! Збірайся.
— Не пайду. Зараз мне ніхто не будзе мілы.
— То хаця б не вый, бо засмяюць.
— Табе ад гэтага нічога не будзе. Як там Яська Чачот? — прыгадала яна.
— Ажывілі. Ажывілі і разам з Блінкевічам павезлі ў Вончу да фельчара.
— Дзякуй Богу! Ідзі, пакінь мяне саму.
Яна ляжала на ложку і журылася, аж пакуль, знясіленая, не заснула.
І прыснілася ёй, што яна блукае ўначы ў глухім лесе. Пайшла ў адзін бок — натрапіла на цярністы гушчар, пайшла ў другі — улезла ў завалы вываратняў. Ноч была цёплая, але пахмурная, цемра вакол амаль непраглядная. З аднаго боку пакутліва і злавесна рыпела дрэва, з другога, быццам сабакі на бяду, быццам ваўкі вылі, усё бліжэй і выразней. Яе агарнуў панічны страх. Яна кінулася наўцёкі. Бегла з усіх сілаў, але спору не было — адлегласць паміж ёй і зграяй хутка скарачалася. Яна ўжо чула за сабой ляскат зубоў, ужо адчувала гарачае дыханне пачвар, як раптам за некалькі крокаў ад яе з’явіўся старац у чырвоным убранні на плячах і з берэтам на галаве.
— Ратуй мяне, дзядунька! — закрычала яна.
Старац дастаў з-пад крыса доўгую пугу — і зграя імгненна разбеглася, па-чалавечы хіхікаючы.
Яна хацела яму ўдзячна пацалаваць руку, але ён, зразумеўшы яе намер, засунуў абедзве рукі ў кішэні і хутка пайшоў вузкай сцежкай, што вілася сярод вываратняў.
— Дзядунька, выведзі мяне на поле! — сказала яна.
— Ідзём, — адказаў ён не азіраючыся.
Яна пайшла. Мясціны былі чужыя. Сцежка вывела іх да голага горнага хрыбта, паабапал якога зеўралі бяздонныя прорвы. Яна адчула страх.
— Дзядунька! — закрычала яна. — Мне страшна, вазьмі мяне за руку.
— Глядзі не ў прорву, а ў неба, — адказаў той звонкім, зусім не старэчым голасам, паказваючы на праяснелую сярод хмараў лысіну неба. Яна абыходзіць яго збоку і ўважліва прыглядаецца да старца. Гэта зусім не дзед, гэта Косцік.
— Гэта ты, Косцічак? — радасна ўсклікнула яна. — Чаму ж ты мне адразу не сказаў? Ты хацеў зрабіць мне сюрпрыз?
Ён строга на яе зірнуў і быццам пагардліва прыспешыў крок.
— Косцік, за што ты так? Чаму ты такім зрабіўся? Пачакай, паслухай мяне, дарагі Косцічак! Што хочаш рабі, але выслухай мяне! — маліла яна, караскаючыся за ім па горным хрыбце.
Тут яна пачула з-за спіны знаёмы вокліч:
— Каруся, а Каруся! Што ты робіш?! Што ты робіш, Каруся?
Яна прачнулася. Ля ложка стаяла маці.
— Ты што, заснула?
— Але, задрамала, — адказала дзяўчына, вяртаючыся ў рэальнасць.
— Дык чаму не раздзяваешся? Навошта мнеш адзежу?
Ад світання і гадзінаў да дзесяці ўсе адпачывалі, а пасля пачалася развітальная бяседа. Танцы перад абедам не планаваліся, таму Мечык загадаў перанесці сталы ў святліцу, большую за ядальню.
Каруся ўжо была вырашыла не ісці на свята. Па яе двойчы адмыслова адпраўлялі пасланцоў, але яна рашуча адмаўлялася, спасылаючыся на адсутнасць дружбанта: у Вончы Блінкевіча перавязалі, але яму балела галава, і ён адправіўся дадому. Аднак потым, разважыўшы, яна прыйшла да высновы, што там будзе прасцей адпомсціць Юзіку, і памяняла рашэнне. «Сяду насупраць яго, — думала яна, — абылгу і апошнімі словамі збэшчу Юду. Ён пры людзях біцца са мной не будзе».
Яна хутка сабралася, узяла з куфра кужалю, два прыгожыя абрусы і срэбны рубель на каравай і пайшла.
У хаце Пятроўскіх ужо выносілі мачаныя ў смятану пшанічныя аладкі, чацвёртую паводле ліку страву. Яна агледзела сталы — Юзіка не было. Вяртацца, аднак, не выпадала. Яна ўжо сабралася сесці за адзін са сталоў ля парога, дзе было шмат вольных месцаў, але гаспадар заўважыў яе і пасадзіў ля Ганкі.
Яны суха павіталіся і пільна паглядзелі адна адной у вочы.
— Ты на мяне злуешся, што не хацела сесці побач? — запытала Ганка.
— Ты мне ўчора зманіла пра Косціка, — адказала Каруся.
— Я зманіла? Што з табой, Каруся? — усклікнула Ганка пачырванеўшы.
— Калі б ты яму сказала, што ў мяне з Блінкевічам жаднага кахання няма, ён бы з ім біцца не палез і не з’ехаў бы ўначы, шчыра са мной не пагаварыўшы.
— А ты што, яшчэ не ведаеш, чыіх гэта рук справа? Юзік жа Аленскі вадзіў яго да сябе піць і там яго на гэтую авантуру падбухторыў. Праз такое паскудства ён пасля баяўся тату на вочы паказвацца. Не бачыш хіба, што яго тут няма? А думаеш на мяне. Дзеля чаго мне яму маніць? Хіба ён мне, замужняй, патрэбны, каб я хацела яго ў цябе адбіць? Пры чым тут я, калі ён гэтаму сабаку больш паверыў, чым мне!
— Я адразу пасля бойкі хацела пайсці з табой да Балашэвічаў, каб пагаварыць з ім, але нідзе не магла цябе знайсці, а калі пайшла сама, яго ўжо не было. Дзе ты хавалася?
— Я ў цёткі была.
— Маніш. Я абшукала ўвесь яе дом і не знайшла цябе.
— А я што, сказала, што была ў яе ў хаце? Ведаеш, дзе я была? Я толькі табе прызнаюся — я была ў цётчынай аборы на вышках, — сказала яна, азірнуўшыся на мужа.
Каруся здзіўлена на яе зірнула.
— Я хацела яму адпомсціць, — казала далей Ганка, — за тое, што ён пагадзіўся, каб мяне пасадзілі на дзяжу. Хацела, каб ён мяне шукаў і, знайшоўшы на вышках, падумаў, што я там спала з нейкім хлопцам. Думала яго напалохаць.
— Ну і як, знайшоў ён цябе на вышках? — спытала Каруся, недаверліва гледзячы на Ганку.
— Дзе там. Праз гэтую авантуру ён бы, можа, і да ранку пра мяне не ўспамінаў. Сама злезла.
Пад канец застолля свацці ўнеслі на вечку ад хлебнай дзяжы каравай і паставілі яго на стале перад першым сватам. Каравай быў вялізны і прыгожы, большы за аршын у дыяметры. Зверху ён быў аздоблены ініцыяламі імёнаў маладых і размаітымі фігуркамі.
Лапата наказаў музыкам граць і пачаў кроіць і дзяліць каравай. Кожны падыходзіў, клаў падарункі грашыма ці натурай, піў з маладымі, зычачы ім дастатку, і атрымліваў належную скібу каравая. Жанчыны ў асноўным дарылі тканіну хатняга вырабу, кладучы маладым палотны, абрусы і дываны. Кавалеры давалі таксама гасцінцы музыкам.
Бялыніцкія ж парабкі, а таксама некаторыя смалярскія хлопцы з сем’яў, якія запрасілі ў вясельны абоз, рыхтавалі вазы, паілі і запрагалі коні і выносілі Ганчыны куфры. Калі дайшло да развітання з сям’ёй, дзяўчаты заспявалі песню, тры куплеты якой захаваліся ў маёй памяці:
А мы просім Гіпольку з павагі,
Каб не было Ганцы знявагі.
Каб не стаяла ночку пад акенкам,
Каб не выцірала слёзкі ціхенька.
Каб паветка не была ёй хаткай,
Каб суседка не была ёй маткай…
Міналі тыдні, а чаканай мабілізацыі ўсё не абвяшчалі. Прычыны затрымкі былі незразумелыя. Адны казалі, што Доўбар-Мусніцкі чакае дазволу ад Рэгенцкай рады ў Варшаве, іншыя — што прыбыцця рэшты польскага войска з Расіі. У засценку хадзілі чуткі, што з розных губерняў на Бярэзіну ідзе цэлых сто тысяч легіянераў.
А тым часам на вызваленых землях Польшча ўмацоўвалася. Патрапанае ў бітвах і пераходах войска папаўнялася, займала ўсё больш выгадныя пазіцыі, паляпшала сувязь паміж часткамі і завязвала ўсё шчыльнейшыя стасункі з народам. Яно абуджала ў крэсавых людзях дух, зламаны доўгім прыгнётам і пераследам. Яно сталася жыватворным сонейкам нават для самых занядбаных слаёў. Тыя, хто некалькі пакаленняў таму страціў не толькі мову, але і веру, цяпер успаміналі свае карані і ўсёй душой былі за адраджэнне Польшчы. Усе ганарыліся блізкасцю да гераічнага войска, радаваліся бяспецы і свабодзе слова, не баяліся ранейшых прыгнятальнікаў і адчувалі сілу і прагу дзеянняў. Паміж людзьмі ўсталявалася нечуваная раней салідарнасць.
У першы тыдзень посту ў доме Здановіча сабралася другое веча. На яго прыйшлі прадстаўнікі смалярскіх сем’яў, усе гаспадары з Ямаў, Палянак, Храпачова, а таксама ўсе да аднаго хутаране і леснікі з пушчы. Усяго было семдзесят восем чалавек.
Веча пачаў сам гаспадар як найстарэйшы векам і наймудрэйшы ва ўсёй ваколіцы.
— Дарагія суседзі і браты! Перадусім дзякуй вам за тое, што паслухалі нас і ўсе да аднаго прыйшлі на наш кліч. Гэта вельмі добра. Цяпер, калі Польшча паўстае і трэба брацца за вялікую справу, нам патрэбныя агульная згода і адзінства. А калі паміж людзьмі згода і дружба, яны ахвотней бяруцца за работу, бо перакананыя, што ўсё давядуць да ладу. Прыйшоў час брацца за работу, на якую раней дазволу не было. Гэтая работа пакажа іншым нашым суседзям, чаго мы напраўду вартыя, а дзяцей нашых падахвоціць дружней служыць Айчыне і змагацца за яе. А таму, дарагія браты, давайце параімся і свята паклянёмся, што пакуль ухваленую сёння работу не скончым, пакуль уся Польшча, якая яна ёсць на свеце, не паўстане, паміж намі не будзе ні судоў, ні сварак, ні жадных боек. Клянёмся!
— Клянёмся! Усе клянёмся! — загрымела грамада. — Ды за што нам спрачацца? Хай нас Пан Бог ад такіх рэчаў бароніць. Мы ж усе свае. Адной веры, адной крыві.
— Добра, — сказаў Здановіч. — А цяпер будзем раіцца. У нас ёсць тры важныя справы. Першая — гэта выбар солтыса.
— Солтыса? Што гэта такое? — пачалі пытаць гаспадары, першы раз пачуўшы гэтае слова.
— Гэта як бы рускі стараста, толькі трохі важнейшы, — растлумачыў Мечык.
— Воласць, то-бок гміна, разаслала ўсім паперы, — працягваў Здановіч, — каб мы старых бальшавіцкіх прадсядацеляў скінулі і выбралі солтысаў з людзей, якія ні на крадзяжы не хадзілі, ні на разбой і жадным камунізмам не займаліся. Як вы ведаеце, мы гэта ўжо самі даўно зрабілі, але загады трэба выконваць. Калі кажуць — значыць, будзем выбіраць нанова. Дык за каго вы галасуеце?
— Мечык Пятроўскі! Мечык будзе ў нас солтысам! — хорам крыкнула грамада.
Мечык пакланіўся, фарсіста падкруціў вус і, звяртаючыся да Стаха, сказаў:
— Запішы, пане Станіславе, што вырашыла грамада, і хай кожны распішацца, каб пасля ніякай балбатні не было.
Калі жаданне Мечыка выканалі, Здановіч зноў узяў слова:
— Другая важная справа — трэба адкрыць школу. Мы можам не сумнявацца, што польскае начальства ў будучыні само пабудуе нам школу і дасць казённага настаўніка, але чакаць мы не будзем, бо дзеці растуць. Цяпер з гэтым, дзякуй Богу, хавацца не трэба. Вучыць таксама ёсць каму. Вікарый, які заўчора спавядаў хворую Аленскую, казаў, што ведае адну бежанку з Варшавы, якая шукае працу і якая здала сем экзаментаў. Наняўшы яе, мы зробім дзве добрыя справы, бо вікарый казаў, што тая пані — удава і мусіць падымаць дзяцей. А пакуль ісці ў войска, ёй і Балашавічонак можа дапамагчы.
Прапанову прынялі аднагалосна, параіўшы Стаху заўтра ж пачаць заняткі. Мечык вылучыў школе сваю святліцу, Вінярскі — два пакоі для будучай настаўніцы, а іншыя пяць гаспадароў, якія мелі вялікія дамы, паабяцалі бясплатна пасяліць у сябе і даглядаць па чацвёра дзяцей з самых аддаленых хутароў. Пасля выбараў школьнага камітэта голас узяў стары Кантычка:
— А цяпер, браты і дарагія дзеткі, пачнём самую важную справу. Прыйшоў час узяцца за будову касцёла ў Вончы. На гэтую справу нам мусіць хапіць і дружбы, і ахвоты, і капейкі, і рук, і ўсялякай іншай патрэбнай рэчы, бо вядзецца пра храм Божы. Каб даць вам прыклад, я абяцаю зафундаваць дзесяціпудовы звон, а калі не стрымаю слова, хай мяне пасля смерці пахаваюць за плотам. От як!
— Я даю на касцёл сто рублёў золатам! — закрычаў Гарасімовіч.
— А я дзеля такой справы прадам двух найлепшых валоў! А я зраблю на дах сто коп гонты! А я для касцёла прадам дзве дзесяціны алешніку! — абвяшчаліся адна за адной шчодрыя ахвяры.
Неяк у сярэдзіне посту прыйшоў у водпуск Казік. Была якраз нядзельная раніца. Толькі-толькі пачынала ўзыходзіць сонейка. Караль чытаў на прыпечку «Жыццё Пана Езуса», Зузя з Генкам яшчэ спалі. Кот сядзеў ля стала і мыў пыску. Здановічыха нацерла картоплі, замяшала дранікі, прынесла дроваў, запаліла ў печы і прысела ля старога, збіраючыся пераказаць яму свой сон.
Адчыніліся дзверы, і ўвайшоў Казік. Твар у яго быў бледны, змізарнелы, але ў вачах гарэла жыццё.
— Мама! Як маешся? — закрычаў ён яшчэ з парога.
— Казік! Сынку! — усклікнула яна і кінулася да яго.
Яны ўпалі адно аднаму ў абдымкі. Маці цалавала сыну шчокі, бровы, лоб, плачучы ад радасці. У Казіка ад хвалявання з вачэй таксама паліліся слёзы.
— Як жа ты змізарнеў! Мо нездаровы? — распытвала маці.
— Хлопца паранілі, ён толькі са шпіталя, — сказаў Караль, які, споўзшы з прыпечка, таксама падышоў да ўнука, абапіраючыся на кавеньку.
Здановічыха залямантавала:
— Паранілі? Божа!.. І вы гэта ад мяне хавалі! Ад мяне, роднай маткі! Што ж вы?! Дзе ты паранены? Пакажы!
Казік расшпіліў каўнер і паказаў на шыі шнар.
— Матка Боска! У шыю! Ты ж мог памерці. Езусе! Як ты выжыў? Не баліць? Можаш дыхаць?
— Ён будзе і дыхаць, і нават спяваць, — сказаў Караль. — Досыць ужо гэтых енкаў! Дайце мне яго абняць. Ідзі, будзі тых.
Калі ўся сям’я прывіталася з Казікам і першая хваля пачуццяў сплыла, Генка пайшоў рыхтаваць быдлу трасянку, маці з Зузяй схапіліся за дранікі, а Казік з дзедам, сеўшы побач на зэдлікі, пачалі гаворку.
— У якіх бы я губернях ні быў, якія б сядзібы ні аглядаў, а лепшай за нашую Смалярню нідзе не бачыў, — сказаў Казік. — Бог сведка, за час, што мяне не было, яна яшчэ папрыгажэла. Вязы на вуліцах моцна падраслі. Вы іх кожны дзень бачыце, таму, можа, і не заўважаеце.
— Анягож, падраслі. Усяго прыбавілася.
— Што тут у вас яшчэ чуваць? Я чуў, ужо школа ёсць.
— І яшчэ якая! Каля капы дзяцей ходзіць. Вучаць Балашавічонак і адна бежанка з Варшавы, вельмі вучоная. І школа ў нас ёсць, і мы пачалі ўжо касцёл у Вончы, — з гонарам сказаў стары.
— І касцёл пачалі?!
— Месца ўжо ёсць. Увесь пагорак, дзе раней стаяў тартак з дзягцярняй, граф нам даў для касцёла бясплатна. У мінулую нядзелю ў нас у Вончы быў сход. Прыйшла нашая ваколіца і ўсе заванчанскія людзі. Мы вырашылі будаваць мураваны, як найменш у палову таго, што ў Бабруйску. Вежа будзе вышэйшая, чым на царкве. Хоць на адзін палец, але мусіць быць вышэйшая. Але пакуль тое будзе, трэба паставіць малую драўляную каплічку, бо на мураваны шмат часу трэба.
— Дык у вас тут, адным словам, пайшоў рух.
— Пайшоў, унучку, пайшоў. Вырашылі пабудаваць — і пабудуем, вось толькі трэба, каб вы выстаялі, каб у нас былі свабода і парадак. Што ў свеце добрага чуваць? Гэта праўда, што немцы аддаюць Доўбару Мінск?
— Каб жа аддалі…
— Што, няпраўда? Але ж Мазыр з Рэчыцай пагадзіліся?
— Таксама не. І думаюць яшчэ, чаго б у нас адабраць.
— Адабраць? Дык значыць, яны з намі не плячо ў плячо?
— Яны пераконваюць, што плячо ў плячо, але ў нас гэтаму не надта вераць. Кажуць, народ зусім вераломны.
— Тады можа быць кепска, — сказаў стары, заклапочана чухаючы патыліцу. — Немцы прыціснуць з аднаго боку, бальшавікі — з другога і задушаць нас.
— Не, так лёгка ў іх з намі не атрымаецца. Жаўнеры нашыя ў бітвах надта зацятыя. Нават калі на аднаго будзе дзесяць ворагаў, яны не саступяць. У нас хапае ўсялякіх запасаў, ды і пазіцыі выгадныя: ад немцаў нас бароніць крэпасць і бярэзінскія акопы, а ад бальшавікоў — Дняпро. Пан Доўбар не сёння ж пачаў думаць пра магчымы напад суседзяў. Не трывожцеся, дзядунька, нага ворага на нашую зямлю ўжо не ступіць.
— Каб жа твае словы, унучку, былі прарочыя, — выдыхнуў з палёгкай дзед, сказаў Зузі падаць вугалю, раскурыў люльку і загаварыў зноў: — Вас што, так шмат, што Доўбар не спяшаецца набіраць тутэйшых людзей? Хай бы хутчэй іх браў: за тры дні з простага чалавека легіянер не робіцца.
— Без падрыхтоўкі нармальнай мабілізацыі не правядзеш. Трэба спачатку скласці дакладны спіс людзей, праверыць іх паходжанне і падрыхтаваць дастатковую колькасць інструктараў. Набраць людзей — гэта паўбяды, трэба ж, каб з іх якая карысць была. Як сказаў пан Доўбар-Мусніцкі, для нас мае значэнне не колькасць жаўнераў, а іх вартасць. Ім хапае і сваіх варшаўскіх камуністаў.
— Варшавякі — камуністы?!
— Ой, яшчэ якія зацятыя!
Не паспелі яны паснедаць, як пачалі падыходзіць суседзі, распытваючы Казіка пра здароўе і навіны са сталіцы. У размове яны ставіліся да яго з найвялікшай павагай як да заслужанага легіянера і унтэр-афіцэра, а ягоныя меркаванні пра палітыку лічылі ледзь не прароцтвамі. Адыходзячы, амаль усе запрашалі яго ў госці, і ён нікому не адмаўляў.
На наступны дзень апоўдні ён адправіўся праведаць Мечыка і заадно зазірнуць у школу, пасля рушыў да Балашэвічаў, а вечарам схадзіў да Сакалоўскіх.
Там яго прынялі як роднага. Жанчыны паставілі самавар, выцягнулі з куфра пшанічныя сухарыкі, стары прынёс са свірна талерку мёду. Усе звярталіся да Казіка няйнакш як «пан Казімір», а Янка назвала яго афіцэрам. Частуючы госця гарбатай, Сакалоўскія адкрылі яму ўсе хатнія турботы і радасці. Калі ён пачаў развітвацца, Каруся ўручыла яму ў падарунак хатулёк з арэхамі і, захінуўшыся ў кажух, правяла да брамы.
— Можа, пану даводзілася бачыць Косціка? — сказала яна, калі ён падаў ёй руку.
— Так, даводзілася. Сёння якраз мінула два тыдні, як ён быў у мяне ў шпіталі.
— Ён быў у пана ў шпіталі? І як ён маецца? Што пану казаў?
— Сказаў, што пакаранне сваё ўжо адбыў і вяртаецца да службы.
— Адбыў пакаранне? За што?
— Ну, за тую авантуру на вяселлі.
— Яго за гэта ў турму пасадзілі? Дык жа, дзякуй Богу, усе выжылі.
— Гэта не здымае з яго віны. Польскі жаўнер — не бандыт. Ягоныя абавязак — не біць людзей, а абараняць іх ад ворагаў. Проша пані, якое ў людзей будзе ўяўленне пра Польшчу, калі яе афіцыйныя прадстаўнікі будуць па сваіх прыватных справах прыдзірацца да грамадзянаў і калаціць іх? Што, няпраўда?
— Чаму ж, праўда. Але ж знайшлася шэльма, што данесла пра гэта старэйшым. Я ўпэўненая, што гэта Юзік Аленскі.
— Божа барані! Косцік сам прызнаўся. Як толькі вярнуўся ў атрад, падаў рапарт, дзе расказаў пра ўсё, што нарабіў, і папрасіў сабе пакарання. Некаторыя таварышы ад такой шчырасці крывіліся, а ён як нічога ніякага сказаў: я служу роднай Айчыне толькі таму, што люблю яе, і не буду ёй маніць і нічога ад яе хаваць. Зух. Ён брыдка падчас службы аступіўся, але і з гонарам выправіў сваю віну, за што я яго ўхваляю і надалей лічу сваім найлепшым сябрам. Вось гэта, проша пані, сапраўдны рыцар і паляк. Такіх у нас няшмат.
— Ведаю, што няшмат,— вырвалася ў яе. — А пра мяне ён нічога не казаў?
— Чаму не казаў? Страшна ён, пані, шкадаваў, што вы ўжо выходзіце замуж. Ён паверыў, што той дружбант з вяселля — ваш нарачоны.
— Пане Казіміру, я таго чалавека бачыла тады ўпершыню. Гэта яму Юзік нахлусіў.
— Ведаю ўжо, ведаю. Мне пра гэта надоечы Балашавічонак расказаў.
— І што яму яшчэ пра мяне набрахалі? Я ўпэўненая, што Косцік вам усё расказаў.
— Э, такая дурасць, не варта і ўспамінаць.
— Раскажыце мне! Пане Казіміру, калі ласка, усё мне раскажыце, — жаласліва прасіла яна.
— Ён казаў, што той дружбант пазнаёміўся з вамі ўжо год таму і з дапамогай леку прымусіў жыць з сабой як жонку з мужам. Што ў вас нібыта былі спатканні і ўсё такое.
— Езусе салодкі! Што ён напрыдумляў! Ах ён паршывы сабака! Мярзотнік няшчасны! Каб яму за гэта на тым свеце… Пане Казіміру, гэта ўсё хлусня. Клянуся вам, што…
— Вам зусім не трэба клясціся і тлумачыцца перада мной. Як толькі Косцік прызнаўся, ад каго ён усё гэта пачуў, я яму адразу сказаў, што гэта падкопы. Я нават здзівіўся, што Косцік так лёгка паверыў.
— Можа, пан Казімір адвязе яму ад мяне ліст?
— Хочаце адправіць яму ліст? Ведаеце, панна Караліна, я не вазьмуся. Косціка бывае вельмі цяжка знайсці, бо яго полк падзелены на некалькі частак і пастаянна ў руху. Паслаць поштай? Але я не ведаю, на якое прозвішча адрасаваць — дагэтуль ён выкарыстоўваў несапраўднае прозвішча, але калі быў у мяне, сказаў, што будзе яго цяпер мяняць. Калі я раптам сустрэну яго найбліжэйшымі днямі, то магу што-небудзь перадаць вусна. Што вы хацелі б яму сказаць?
— Што хацела б... Ведаеце, пане, я яшчэ падумаю, — адказала яна, хвіліну павагаўшыся. — Можа пан зробіць нам ласку і яшчэ раз зойдзе перад ад’ездам?
— Добра, зайду. Дабранач, пані.
Падрабязны аповед Казіка пра Юзікаў паклёп выклікаў у Карусі абурэнне, але ў цэлым размова яе задаволіла: гэта быў пачатак прымірэння з Косцікам. Яна не магла заснуць да другіх пеўняў, думаючы пра пахвалы Косціку, жыццё абодвух жаўнераў, асветленае самаахвярнасцю, і ўзнёслы ідэал.
«Вось гэта, проша пані, сапраўдны рыцар і паляк», — соладка і настойліва гучала ў яе ўвушшу.
Якія яны абодва на службе каралеўству праўдзівыя і шчырыя. Іншыя ўступілі ў легіёны на паўтара года пазней за іх, невядома, ці ўвогуле дзе ваявалі, а цяпер праз тыдзень выпрошваюць адгулы, прыдумляючы для старэйшых хлуслівыя прычыны, прыходзяць дадому, бавяцца, гуляюць, буяняць, паводзяцца так, быццам гэта яны вызвалілі народ, быццам яны — гэта вялікая важнасць, гэтыя ж пайшлі ў самым пачатку, калі толькі дазналіся, што ёсць такое польскае войска, калі ніхто яшчэ не думаў і нават не сніў, што такі важны рускі цар зваліцца з трона і Польшча зробіцца самой сабой, яны служаць без адпачынку, без перадыху, з такой шчырасцю і ахвотай, быццам яны — гаспадары, якія косяць разам з парабкамі сена і хочуць даць ім прыклад, яны не фанабэрацца славай, хоць маюць на гэта права, не хаваюць сваіх грахоў, нават тых, што зробленыя праз іншых (калі б Юзік яго не напаіў і на дружбанта не нацкаваў, ён бы і пальцам нікога не крануў), нават тых, што ні афіцэры пра іх не ведалі, ні людзі ім не расказалі. Яны не думаюць ні пра гаспадарку, ні пра багацце, ні пра нейкія прыемнасці, а толькі пра Польскае каралеўства, толькі пра дабро для людзей. Матка дарагая! Гэта ж за такія ўчынкі трэба кахаць хлопца, нават калі б у яго нос быў як мянташка, а вусны — як кілбасы, нават калі б ён быў гарбаты…
Такая любата! Гэта ж калі б не прыйшлі легіёны, можа, у нас польскага народу ўжо не засталося б і на насенне. Цяпер людзі бяспечна сабе жывуць, робяць што хочуць, вучацца і гавораць на сваёй мове, ездзяць куды трэба і днём, і ноччу — ніхто іх не зачэпіць нават у самай нахабнай вёсцы, не абразіць, што ты іншай веры, што інакш апранаешся, не падбухторыць дзяцей кідаць у цябе зямлёй, як гэта было раней.
«Вось гэта, проша пані, сапраўдны рыцар і паляк. Такіх у нас няшмат», — усплывалі ў галаве Казікавы фразы, як толькі яна пераставала думаць.
Такіх не толькі мала, такіх больш няма. Хто яшчэ можа з ім раўняцца? Гаротны ён раней быў хлопец, а цяпер — шчаслівы. Чаму нас у войска не бяруць? Я б першая са Смалярні пайшла. Можа, якраз трапіла б служыць у адну з ім роту. З ім не страшна. Ён бы не дапусціў, каб мяне забілі насмерць. Такі асілак, такі спрытны ў бітве! У сарака бітвах удзельнічаў, і нічога яму бальшавікі не зрабілі!
А можа, ёсць такія дзяўчаты, што служаць у войску, пераапрануўшыся ў хлопцаў?..
Казік стрымаў слова і ўвечары напярэдадні вяртання ў полк зноў наведаўся да Салакоўскіх. Старэйшыя хацелі яго частаваць, але ён катэгарычна адмовіўся, спаслаўшыся на недахоп часу. Калі ён адыходзіў, Каруся зноў правяла яго да брамы.
— Ну і што вы хочаце перадаць Васілеўскаму? — спытаў ён.
— Пакланіцеся яму, калі ласка, ад мяне, абяліце перад ім маё добрае імя і скажыце, што я цяпер ужо не такая, як была раней.
— Як гэта цяпер не такая, як была? — трывожна хмурачыся, спытаў ён.
— Я ўжо ведаю, якая гэта важнасць — Польскае каралеўства і колькі дабра яно нясе людзям. Яно для мяне, як і для вас, даражэйшае за ўсе іншыя радасці.
Ён паглядзеў на яе сардэчна і пяшчотна.
— Вельмі добра. Я яму гэта перадам і ўжо загадзя ведаю, што яго гэта вельмі ўсцешыць. Ведаеце, я таксама цешуся, што ў Смалярні цяпер ёсць і з доўгімі валасамі чалавек, які разумее і любіць наш ідэал. Але я хацеў бы ведаць, ці правільна вы яго разумееце. Што гэта такое, як вы яго называеце, Польскае каралеўства?
— Што гэта такое?.. Гэта такая… Як бы гэта сказаць… Гэта нешта такое, без чаго жыццё нашае нічога не вартае.
— Трошкі, проша пані, незразумела.
— Без даўжэйшага роздуму я не магу адказаць як у катэхізісе, але я разумею.
— Не трэба як у катэхізісе. Кажыце сваімі словамі, як вы разумееце. Калі, дапусцім, нехта спытае: якая ў нашай Польшчы праграма, за што яна змагаецца? Як пані яму адкажа?
— За што? За спакой людзей, за свабоду нашага народа, за чыстую справядлівасць і таксама…
— Выдатна! Вы адказалі нават лепш, чым у катэхізісе. Хачу толькі трошкі паправіць у тым, што тычыцца свабоды. Вы сказалі, што за свабоду нашага народа. Але Польшча нясе свабоду не толькі для нас, палякаў, але і для ўсіх народаў, што жывуць у яе межах. Яна аднолькавая будзе для нас, беларусаў, яўрэяў і іншых. Дагэтуль нас усіх прыгняталі, а Польшча ўсім дасць свабоду і наладзіць жыццё. Не думайце, пані, што беларусы — гэта тое самае, што маскалі, народ, які кіраваў іншымі. Ім, небаракам, увесь час толькі здавалася, што ў іх ёсць свабода і яны ўладараць над краем, як ім цяпер здаецца, што камуністы даюць ім зямлю і дазваляюць на ёй свабодна працаваць. Яны нападалі на нас, бо іх нацкоўвалі царскія служкі, як цяпер нацкоўваюць камуністы, нагаворваючы, што мы змагаемся за багацеяў. Ідэал, які адным нясе ўладу, а іншым — нядолю, не можа быць праўдзівым. Польшча ж мусіць быць нашай праўдай, і таму мы з Косцікам любім яе ўсім сэрцам, б’ёмся за яе з усіх сілаў і будзем біцца, пакуль не перастанем дыхаць.
— І я буду за яе біцца, як вы, пакуль не перастану дыхаць! — усклікнула захопленая яго словамі Каруся.
Казік ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
— Панна Караліна хоча біцца. Але такая маладзенькая мілая дзяўчынка, анёлак, створаная для пацалункаў, а не для нейкіх бітваў.
— Пан смяецца, не верыць. Бог сведка, я збягу з дому, пераапрануўшыся ў хлопца, і пайду ў Бабруйск прасіць, каб мяне ўзялі ў легіёны. Вы ж паможаце мне, пане Казіміру?
Казік зрабіўся сур’ёзным.
— Не рабіце гэтага, пані. У войска вас не возьмуць, у гэтым я перакананы, а мяне абвінавацяць, што гэта я вас падбухторыў. Нават не пачынайце такога глупства.
Каруся нахмурылася і сціснула вусны.
— Вы кажаце… глупства? А я думала.. Вось як! Значыць, толькі вы можаце служыць, ездзіць па свеце, здабываць славу, а мы, бабы, павінны пільнаваць хаты, усю зіму слініць ніткі, ткаць кросны, карміць худобу і няньчыць дзяцей. Вы — важнасць, а мы — нуль. І гэта справядлівасць?
— Каб служыць Айчыне, неабавязкова насіць вінтоўку. Страляць кожны можа, а нехта ж мусіць і адліваць кулі. Разумная жанчына-патрыётка можа прынесці справе больш карысці, седзячы дома, чым жаўнер на фронце. Хіба што вам хочацца па свеце паездзіць. Бо працы на карысць Айчыне хапае і ў Смалярні.
— Я хачу паездзіць па свеце? Вы, пане Казіміру, лічыце мяне, відаць, маленькай.
— Добра, што мы з вамі завялі гэтую размову. Я падкажу вам, якую важную працу трэба рабіць. Першая справа для баб — гэта заахвочванне. Калі вы бываеце ў засценку, пераконвайце сясцёр і матак нашых легіянераў, каб яны не раілі сваім братам і сынам шукаць спосабаў звольніцца з войска, а заахвочвалі іх да далейшай адданай службы. Старайцеся іх упэўніць, што гаспадарка без адной пары рук не зруйнуецца і што на службе іх сыны і браты на доўгія гады дадуць ім спакой і бяспеку ў працы і прынясуць сям’і вялікую славу. Найперш суцешце, пані, маю маму.
— Яна што, супраць таго, што вы служыце?
— Дня, проша пані, не мінае, каб яна мяне не пілавала: ты ўжо дастаткова наваяваўся, хай цяпер іншыя ідуць, у каго ёсць каму дома застацца, а ты ж у мяне адзін, а ты мяне хочаш асіраціць, а прымушаеш старую бедаваць, а тое, а гэтае. Будзьце, пані, ласкавая, пастарайцеся ёй растлумачыць, што я, які ўсю ваколіцу ўгаворваў уступаць у легіёны, не магу цяпер прасіць пра звальненне, бо іншыя, гледзячы на мяне, зробяць тое самае.
— Не хвалюйцеся, я ёй растлумачу, суцешу і дапамагу ў працы.
— Буду вам за гэта вельмі ўдзячны. Далей. Калі пачнецца прызыў, трэба, каб вы са сваімі сяброўкамі падагравалі хлопцаў, каб тыя хутчэй і ахвотней уступалі ў нашыя шэрагі. Дзяўчаты, а асабліва такія прыгажуні, маюць на хлопцаў вялікі ўплыў. Калі хто з іх пасля прыедзе ў водпуск, не пытайце яго, ці цяжка яму было, ці доўга будзе ісці вайна, а пытайцеся, ці добра ён біўся з ворагам, ці прынёс карысць Айчыне, едучы яе хлеб і носячы яе нагавіцы. Наступным разам, калі мы ўбачымся, я падкажу, што яшчэ можна зрабіць, а цяпер ужо няма часу. Мне трэба яшчэ пайсці паразмаўляць са Стахам Балашавічонкам. Будзь, пані, здаровая і не губляй надзеі!
Ён працягнуў руку, і калі яна падала яму для поціску сваю, узяў яе і сказаў:
— Дазвольце, Кароля, разік вас пацалаваць.
І, не чакаючы дазволу, спрытна цмокнуў яе ў самыя вусны.
Яна несвядома зрабіла спалоханы крок назад і, сарамліва міргаючы вачанятамі, шапнула:
— Вы, пане Казіміру, толькі перад Косцікам гэтым не хваліцеся.
— Хваліцца не буду, але як спытае — не зманю. Тут ж нічога такога… Гэта за будучы Вялікдзень.
Бралася на вясну. Час ад часу наляталі халодныя паўночныя вятры, нават снегапады і завеі, але звычайна яны заканчваліся моцнай адлігаю. Сонца праходзіла над пушчай усё вышэйшай дугой і прыгравала апоўдні. Снег ссоўваўся з дрэваў, злазіў з дахаў, асядаў на зямлі. У полі з’явіліся голыя палосы раллі.
Свет абуджаўся. Ранкамі глухое і часам страшнае чарналессе за агародамі напаўнялася спевам дробнага птаства. У барах зацята такавалі глушцы і цецерукі. Гракі і вароны зляталіся на гасцінец, каб з гоманам жыраваць на конскім гнаі. Падчас вадапою ў полі сумна парыквала быдла. Дзеці ў вольныя ад урокаў хвіліны збіраліся на прызбах і балбаталі пра тое, як шырацца лапікі голай раллі ў полі, пра салодкасць кляновага соку, пра набліжэнне Вялікадня, пра моц засцянковых пярэзімак і быкоў, якія падчас першага выгану ў поле будуць шалёна біцца за верхаводства на цэлае лета.
Мужчыны ў чаканні хуткага ледалому спешна вазілі на млын зерне, забіралі з далёкіх поймаў апошнія стагі, складалі бярвенні на падпалку. Жанчыны снавалі кросны.
На Вербніцу з поўдня надышла цёмная хмара і пачаў сыпаць дожджык. Трое сутак амаль няспынна імжылася і дзьмуў цёплы ветрык. Снег на палях і ў лесе імкліва знікаў. Вада сачылася нізам у яры, сцякала ў даліны, ручаінамі бегла ў лугі і балоты, злучалася ва ўсё шырэйшыя плыні, падымалася, залівала свет. Уся нізкая і лясістая смалярская ваколіца на некалькі вёрстаў пакрылася сеткай з рэк і азёр. Па шырокім лузе за выганам нібы цёк магілёўскі Дняпро. У вялікім балоце толькі дзе-нідзе тырчалі з вады верхавіны каржакаватых хваінак, а рэшта дрыгвы была пакрытая чыстай гладдзю, неасяжнай, быццам нейкае мора.
— Вясна ідзе! Ужо вясна! — цешыліся смалерчукі, і толькі старыя гаспадары, палічыўшы снежныя тыдні, напрарочылі, што зіма яшчэ пакажа свой хвост.
Кожны выбіраўся на падворак, шукаючы там працы ці забавы. Хлопцы пілавалі бярвенне, прывезенае зімнікам, або цягалі з пушчы бярозавік. Старэйшыя папраўлялі шчыты саламяных дахаў, папсаваныя апошняй зімовай віхурай і зверху з асалодай разглядалі свае палі, лясы, новапаўсталыя рэкі. Дзеці кожную вольную хвілю бавілі над ручаінкамі, пускаючы лодачкі і ставячы млынкі. Толькі прыкутыя да кроснаў жанчыны не маглі любавацца вясной іначай, як праз расчыненыя дзверы ці вокны. Але вечарамі дзяўчаты нацягвалі боты і беглі з хлопцамі за агарод па сок або, сабраўшыся дзявочай грамадой, ішлі на луг дзівіцца велічы плынных вод, слухаць іх шум, дыхаць вільготным, духмяным, прынесеным з лясоў паветрам. Падчас вясновых разліваў Смалярня была найцудоўнейшай.
Але спраўдзіліся прароцтвы гаспадароў — зіма паказала свой хвост. На чацвёрты дзень пасля Вялікадня папаўдні вярнуліся вятры з поўначы, нацягалі зімовых хмараў і пачаўся снег, які ноччу ператварыўся ў сапраўдную завею. У некаторых месцах наваліла вышэй за калена. Снег ляжаў аж да наступнага панядзелка, затрыманы ледзяным холадам, а потым адразу сышоў, і пачалася ўжо сапраўдная вясна.
Не было куточка, дзе б не з’явілася Божае стварэнне, адкуль бы не плыла хвала вясне. На затопленыя паплавы прыйшла на нераст рыба з вялікіх рэк, наляцела мноства вадаплаўных птушак. Пушчанскія гушчары аж трашчалі ад спеву драздоў, салаўёў, вераб’ёў, сінічак, канаплянак, снегіроў, сітавак і іншых дробных птушачак, якіх смалерчукі і назвы не ведалі. На раллю зляталася шумная зграя варон і галак. У паветры заліваўся жаўранак. Вышэй, пад самым небам, луналі каршуны, выглядаючы здабычу, чаплі вандравалі ад балота да балота. Выган грымеў крэхканнем жабак. Між стрэхаў мільгалі ластаўкі, правяраючы леташнія кватэры. А вечарамі лётаў божы баранчык і ў размоклую і сагрэтую сонцам зямлю сеяў травы.
Здавалася, што ўсё нараджалася і вырастала проста на вачах. Дзядзінцы і дарогі зазелянелі муравой. Балотныя купіны асыпаліся буйным чорнагаловам. У лугах вылазіў з вады дзядоўнік, прабіваліся сцябліны лежаю і асакі. На чарналессі слаўся кураслеп. Наколькі вока бачыла — між дрэваў бялеў кветкавы дыван.
У Правадную нядзелю смалерчукі гуртам рушылі на асвячэнне пляца пад каплічку ў Вончы. Частка рушыла коньмі, а рэшта пешкі, бо вада на ўсіх чатырох брадах стаяла так высока, што мачыла насцілы ў вазах. Для пешай пераправы ляжала часаная кладка, якую падрамантавалі і падсыпалі дробным жвірам сталярскія хлопцы, каб і мужчыны, і жанчыны маглі без асцярогі прайсці ў святочным абутку.
Кантычка са Сцяпурам, што ўваходзілі ў Камітэт, выехалі на досвітку, праз гадзіну пасля іх рушыў натоўп моладзі з кашамі кветак і зяленіва, а яшчэ праз паўгадзіны пачалі выходзіць сем’і.
Сакалоўская з дочкамі і Здановічыха з Зузяй выбраліся амаль апошнімі. Каля першага броду іх чакалі, схаваўшыся за вываратнем, Ромка, які цягаўся за Карусяй, і Карапузя, што ўвіхаўся ля Яні.
— Дык што, з бацькам ці з маці? — пытаўся Карапузя ў сябра, які, высунуўшы галаву са схованкі, намагаўся разгледзець у натоўпе сілуэты.
— Здаецца… з маці. Жаднага мужчыны каля іх, бачу, няма… Так, з маці, каб яе халера пабрала!
— Псякрэў! — таксама вылаяўся Карапузя. — Гэтая ведзьма ніколі дачок не адпусціць. Каб яе гэць! А хто яшчэ з імі?
— Здановічыха са сваёй смаркачкай і больш нікога.
— Хіба я табе не казаў? Як Казік у іх пабываў, пачаліся агульныя печкі-лаўкі. Адным сапернікам будзе табе больш, братка.
— У Казіка яна не закахалася і не закахаецца. З усіх хлопцаў, якія да яе заляцаліся, і гэта не лічачы таго унцера з акопаў, толькі да Косціка яна была гэткая ж лагодная, як да мяне. Ён адзін мог бы мне перашкодзіць, але толькі тады, калі б я не выпраўляўся, як ён, у легіёны і калі б Карусіна маці не была супраць яго. А я на свае вушы чуў трэцяга дня, як яна казала вясковым бабам, што хай нават леснічонак на каленях маліць будзе, хай нават на галаву ўстане, Карусю яна за яго не аддасць. А да мяне яна павагу і ласку вялікую мае. Калі неяк рэзаў я ў іх сечку, называла мяне не інакш як зяцёк.
— Называла, абы ты на дурніцу даўжэй пакруціў ёй сячкарку. Эх, братка, Карусінай рукі дамагаюцца такія хлопцы — не раўня табе. Яня мне па сакрэце нядаўна пахвалілася, што Болік Сушыцкі з Міхалішак, раз сустрэўшыся на млыне з Сакалоўскім, усю ноч каля яго круціўся, дамаўляючыся пра жанімства. А яшчэ што Савіцкія з Зялёнкі, якія былі ў Трызнаў на Вялікдзень, паклікалі да сябе старую і пыталіся, ці можа да Карусі прыехаць у сваты іхны стрыечны Юркевіч з Магільнца. А Марыля Пятроўская, як быў яшчэ пост, чула ад Ганкі, што і Блінкевіч пакуль таксама не траціць надзеі. А яшчэ кажуць, што ўжо і Арцішэўскі з Драздоў пачаў па Карусі ўздыхаць.
— Ужо і Арцішэўскі?
— Я не раз пра гэта чуў. Вось якія арлы яе дамагаюцца, братка. Што ты супраць іх? Шчыглік маленькі.
— Ёй-богу, кожнаму, хто да яе сватацца прыйдзе, галаву рассяку!
— Ціха, ужо блізка, пачуюць!
— Ты глянь, як ёй да твару гэта кофтачка ў кропкі і зялёная спаднічка, — шэптам пачаў Ромка. — Дзяўчынка як бурбалка1! Як зоранька ясная! Псякрэў! Калі б не было старой, то ўзяў бы яе пад руку.
— Калі б яна сама табе дазволіла. Чуеш, а давай напужаем іх.
— Давай.
Яны нізка прыпалі да зямлі і завылі па-ваўчынаму.
Зузя пранізліва залямантавала.
— Ты чаго крычыш, дурніца? Гэта мы, — паспешліва раскрыўся Ромка.
— Гэта мы! — зласліва перадражніла Сакалоўская. — Нашто пужаеце? Не ведаеце, што з перапуду можна захварэць? Бугаі старыя!
Ромка, пачырванеўшы да вушэй, збянтэжыўся, а Карапузя пачаў агрызацца.
— Вы, цётка, лепш на дурную цялушку пакрычыце за тое, што рыку бугаёў пужаецца. Быкі ж заўсёды, убачыўшы свежы статак, рыкаюць.
Яня тузанула Карапузю за рукаво, маўляў, не дражні старую дарма.
Яны пераправіліся цераз брод і пайшлі агульнай кампаніяй. Сакалоўская са Здановічыхай балбаталі пра кароў, пра недахоп пашаў праз апошнюю завею. Ромка, ідучы з Карусяй за некалькі крокаў ад матронаў, пачаў размову пра тое, што дзяўчатам недаспелага веку шкодна ўступаць у шлюб, і маліў, каб яна не выходзіла замуж, пакуль ён не вернецца з войска, хоць бы нават найзаможнейшы сватаўся. Зузя забягала ў верасы па кветкі сон-травы, звіваючы іх у вяночкі, а Яня з Карапузем, якія цягнуліся як найдалей ад усіх, спрабавалі пазнаць пастушыныя дудкі, што даносіліся з розных бакоў лесу, або лічылі гусей і журавоў, кліны якіх ужо другія суткі няспынна плылі ў небе.
Набліжаючыся да другога броду, Яня пачула грукат капытоў.
— Хтосьці ляціць конна, — сказала яна.
— Прычым іх двое ці трое, — прамовіў Карапузя, прыслухаўшыся.
— Хто ж гэта можа быць такі? Нашыя, здаецца, ужо ўсе паехалі.
— Можа, некаму з Убярэззя захацелася пабачыць наш фэст ці гэта хтосьці з Сакатушак, а можа, якія-небудзь уланы.
— Відаць, уланы. А ведаеш, што я цяпер падумала? Што Косцік са сваімі сябрамі прыехаў у Смалярню і, даведаўшыся, што мы ўсе пайшлі ў Вончу, едзе за намі.
— Можа, так і ёсць, як ты падумала.
— Калі насамрэч Косцік, то я папрашу, каб ён даў мне свайго каня пакатацца.
Яны пайшлі хутчэй, увесь час азіраючыся. Не прайшло і дзвюх хвілінаў, як з’явіліся два вершнікі ў цывільным, у якіх адразу лёгка было пазнаць Броніка Юркевіча з Магільнца і Караля Агінскага з Сакатушак. Смалерчукі разышліся па абодва бакі, даючы дарогу конным, але тыя спыніліся, саскочылі з коней і пачалі вітацца. Калі Юркевіч цалаваў руку Сакалоўскай, тая патрапала яго па валасах, тым самым выказваючы зычлівасць. Ромка падаў саперніку толькі палец левай рукі.
— А мы думалі, што гэта нейкія ўланы едуць, — заўважыла Яня.
— І часткова здагадаліся: самі мы цывільныя, а коні нашыя — вайсковыя, уланскія, — адказаў Юркевіч. — Учора ў нашай гміне легіёны усіх вартых коней для войска павыбіралі і пакляймілі.
— Толькі ў вашай, а ў нашай, думаеш, не будуць браць?! — зухавата аглядаючыся, улез Ромка.
— Чаму не будуць? Будуць браць ва ўсіх паветах, дзе толькі ёсць вартыя для войска коні. Кляймяць у абоз, у артылерыю, а найлепшых — для ўланаў. Гэтых нашых конікаў прызначылі для ўланаў. Гляньце вось, — ён паказаў выпалены ў поўсці на сцягне штэмпель «І.К.» і растлумачыў: — Гэта азначае першы кавалерыйскі клас.
— Першы кавалерыйскі, — перадражніў Ромка. — І таму вы выбраліся на іх у нашую Вончу. Думаеш, што як на клеймаваным у войска кані да нашых дзяўчат прыедзеш, дык яны роем за табой паляцяць? Э, дык у цябе ж кабыла, здаецца…
— Ромка! — крыкнула Сакалоўская, — Чаго прыдзіраешся да чалавека! Як брыдка!
— А калі мяне злосць бярэ, што чалавек так па-дурному выстаўляецца? Мой родны брат у легіёнах служыць, і то я не хвалюся.
— Невялікая важнасць, што брат у легіёнах служыць, — сказаў Агінскі. — З братамі так бывае: адзін у легіёнах, другі ў камуняках, а трэці — злодзей.
— Гэта ты мяне злодзеем называеш?
— Гэта я толькі прыклад падаў.
— Дзеткі, не будзем доўга стаяць, хадзем, бо спознімся, — прамавіла Здановічыха.
— Так. Хадзем ужо, хадзем, — падтрымала рэшта.
— Мы таксама з вамі пешкі пойдзем, каб не падумалі, што напраўду сваімі канямі хвалімся, — сказаў Юркевіч Карусі і, трымаючы каня за повад, прысунуўся да яе з правага боку. Агінскі хацеў гэтак жа падысці з левага, але Ромка яго апярэдзіў.
— Ты чаго мне дарогу перабягаеш, малакасос? — крыкнуў Агінскі.
— Не дрыжы дарма, пакуль не б’юць, — зухавата аказаў Ромка, — лепш бяры абодвух коней і ідзі сабе далёка ззаду, каб зялёнай спаднічкі панне Каралінцы брудам не заляпаць, ёлуп велікодны, як тыя легіёны маўляюць.
— Маўчы, смаркач! А то мы цябе зараз навучым!
— Два слінявыя дзяды мяне вучыць будуць? Ой, Юзіку, бывай навекі!
Каруся спынілася:
— Калі вашыя рукі свярбяць, так пабіцца хочуць, прэч ад мяне! — гнеўна крыкнула яна. — Прэч ад мяне ўсе!
— Барані Божа, панна Караліна! — узмаліўся Юркевіч. — Мы ж зусім нават не збіраліся біцца. Што мы, бандыты якія? Пане Аленскі! Пане Агінскі! Чаго вы? Угаманіцеся!
Яны зноў пайшлі. Юркевіч з Ромкам, як і раней, ішлі з двух бакоў ад Карусі, а Агінскі нейкі час бурчэў сабе штосьці пад нос, усё больш адстаючы, і ўрэшце ўскочыў на каня і хутка паскакаў наперад. Калі ён знік з вачэй, Ромка падышоў да Карапузі, каб пераказаць яму спрэчку з Агінскім, і пакінуў Карусю з Юркевічам сам-насам.
— Што ў вас добрага чуваць? — пачаў Юркевіч, карыстаючыся адсутнасцю сведкі.
— Нічога такога, пра што б вы не ведалі, — адказала Каруся. — Вось вельмі радуемся, што і ў нас будзе побач касцёл.
— Гэта сапраўды будзе для вас вельмі добра. Цяпер у вашай старонцы павесялее. А што яшчэ? Можа, ужо якое вяселле ў засценку рыхтуецца?
— Такога пакуль не чуваць.
— Праўда не чуваць? А ў нас кажуць, што аж пяцёра сватоў да смалярскіх паненак выбіраюцца.
— Пяцёра сватоў?! Можа, да кагосьці на хутарах, бо, наколькі я ведаю, ніводная з маіх смалярскіх сябровак на сватоў у хуткім часе не спадзяецца.
— Часта сваты нечакана прыязджаюць. Таксама я чуў, што і да вас, панна Караліна, сваты выбіраюцца.
— І да мяне?! Дзіўна. Ні ў мяне не пыталі згоды на прыезд сватоў, ні я не прасіла шукаць мне мужа.
— Ніхто не пытаў?.. А калі хто прыедзе без папярэдняй згоды, дык вы, панна Караліна, яго выганіце?
— Выгнаць, барані Божа, не выганю, але з’едзе ні з чым.
— А калі б хто з важных паноў прыехаў?
— Ды хоць мільянер які! Ды хоць нават граф!
— Ого! Ці не думаеце вы ў манашкі запісацца?
— У манашкі запісвацца не збіраюся, але замуж пагаджуся выйсці толькі за такога чалавека, які будзе мне падабацца сам па сабе, які спраможыцца на ўчынкі важныя, ганаровыя, каб мудрыя людзі ўхвалялі іх, які будзе вельмі дбаць пра нашае Польскае каралеўства. А гэткі кавалер у такі важны для нашага народа час сватацца да мяне не прыйдзе.
— Навошта такая доўгая міфалогія? Скажы проста, што чакаеш леснічонка.
Яна не адказала.
Юркевіч для выгляду прамовіў яшчэ некалькі фразаў, потым сеў на каня і паехаў.
У Вончу яны прыйшлі амаль апошнімі са смалярскіх, але ўсё яшчэ не спазніліся. Пляц тартака поўніўся натоўпам. І ўсе былі знаёмыя міжсобку: Ямы, Палянкі, Лізуны, Вейжгайлова, Туркачы, Міхалішкі, Шпыркі, Шаптуны, Градзянка. Найбольш народу было з Міхалішак — яны лічыліся суарганізатарамі будоўлі. Сярод заванчанскіх засценкаў яны выконвалі тую ж місію, што Смалярня ў сваім раёне. У Міхалішках у вольны час гаспадары збіраліся на супольнае чытанне «Віленскай зоркі», «Двух грошай», «Варшаўскага кур’ера», у Міхалішках дзяцей паціху вучылі лемантару і катэхізісу, у Міхалішках адбываліся гучныя вячоркі, у Міхалішкі ішлі па дапамогу і параду ў цяжкія часы, з іх бралі прыклад у кожнай пабожнай справе. Сярод натоўпу цывільных было шмат легіянераў з мясцовага гарнізона.
На месцы, дзе планаваўся алтар будучай капліцы, стаяў вялізны бярозавы крыж, а пад ім — стол з абразом святога Казіміра, выбранага патронам. Абраз і крыж з верху да нізу былі аздобленыя зяленівам і вяночкамі з лясных траваў. На краях стала стаялі вазончыкі з міртам. Паводдаль ад крыжа з аднаго боку ляжаў стос сасновага бярвення, доўгага і роўнага, як карабельныя мачты, з другога — чатыры дубовыя кражы для апорных бэлек.
Яны не паспелі добра агледзецца, як вікарый з Магільнца пачаў набажэнства. У службе яму дапамагалі Стах Балашэвіч і Яська Вернікоўскі, польскі настаўнік з Міхалішак.
Пасля імшы каплан пасвянціў пляцоўку, фундамент і прамовіў казань, ухваляючы імкненне да веры прысутных і іх патрыятызм і падштурхоўваючы да далейшай працы над узвядзеннем храма.
— Вернасць Касцёлу і традыцыям бацькоў, — казаў ён, — цнота, праца, мужная трываласць у перажыванні цярністых часоў — гэта лозунг польскага народа, брама да шчасця і трыумфу, догмат Закона Божага. Закона, які сурова карае ўсе злачынствы, а паслухмяных і пакрыўджаных шчодра ўзнагароджвае. Узнагароджвае адпаведна заслугам. Чым больш цяжкія выпрабаванні чакаюць народ, тым большую радасць ён атрымае. Вось толькі некалькі месяцаў таму на вашых землях буяла варварства, тыранія, у вашых хатах чуўся плач перапужаных дзяцей, лямант матуляў, вашыя сэрцы крывавіў смутак ад крыўдаў вялікіх, а сёння тыя, хто вінаваты ў крыўдах вашых, трымцяць у чаканні кары, якая іх не міне — а вы трыумфуеце. Трыумфуеце вы, жывыя, і трыумфуюць душы бацькоў і братоў вашых. У гэтую ўрачыстую хвіліну яны тут, побач з вамі. Тут і душы братоў вашых, забітых мінулай зімою. І душы бацькоў вашых — з могілак міхалішскіх, вежгайлоўскіх і градзянскіх, бацькоў, якія ўсё сваё жыццё пакутавалі ад пераследу, свята верачы, што загляне сонца і ў нашае польскае аконца. Тут і душы дзядоў вашых, якія горда палеглі ў змаганні за Закон Божы — з катаргі, з Сібіры, з брацкіх магіл польскага рыцарства, раскіданых па ўсіх кутах Рэчы Паспалітай. У гэтую хвіліну ўсе яны тут, над нашымі галовамі, разам радуюцца атрыманай вамі ўзнагародзе Вольнасці, вашаму гордаму прыняццю ў спадчыну іх дабрадзейнасці, запалу ў распачынанні справы нашай і бласлаўляюць вас…
Большасць прысутных расчулена заплакала.
Калі цырымонія скончылася, гаспадары пайшлі на нараду ў адзін са старых будынкаў былога тартака, а рэшта гаманіла, сабраўшыся ў купкі па ўсім пляцы — толькі пераваліла за поўдзень, таму ніхто не спяшаўся дадому.
— Калі вы не спяшаецеся, то пастойце тут трохі каля людзей, а я тым часам збегаю да Садоўскага даведацца, можа, ён атрымаў на пошце для нас ліст ад Казічка, — звярнулася Здановічыха да Сакалоўскай.
— А чаму не, пастаім, пачакаем, — пагадзілася тая.
Здановічыха накіравалася ў мястэчка, а Сакалоўская з дочкамі і Ромка з Карапузем, увесь час трымаючыся разам, падышлі да грамады, у якой нейкі легіянер расказваў пра прыгоды з часоў вандроўкі яго атраду па Бальшавіччыне.
Заванчанскія кавалеры пачалі кружыць вакол іх купкі, быццам шчуры, што пачулі кавалак пасмажанага сала, чакаючы моманту, каб завязаць размову з дзяўчатамі. Праз хвіліну з’явіўся Арцішэўскі ў суправаджэнні сястры. Ён быў трохі знаёмы з Сакалоўскай, таму падышоў адразу, павітаўся з дзяўчатамі, прадставіў ім сястру і пасля некалькіх кароткіх фраз пачаў запрашаць іх на танцы, якія яны разам з суседзямі па фальварках і групай міхалішскіх кавалераў зладзілі ў адным з польскіх дамоў Вончы. Янка аж заскакала ад радасці:
— Пойдзем, матулечка, пойдзем! — маліла яна. — Напрамілы Бог, пойдзем, Каруська, пойдзем!
— Калі вы так хочаце, то можам пайсці і пабыць гадзінку ці дзве, — адразу пагадзілася маці, радуючыся, што пагалоскі пра заляцанні самага заможнага ў ваколіцы кавалера да яе дачкі пачынаюць спраўджвацца.
— Я адсюль іду проста дадому, — рашуча сказала Каруся.
Маці паглядзела на яе так раззлавана, быццам збіралася чымсьці лупцануць.
— Ты праўда не пойдзеш?! — закрычала Янка. — Чаму? Ты што, вырашыла насіць жалобу? Хадзем, Каруська!
— Панна Караліна напэўна думае, што будзе такая сабе звычайная сялянская калатушка? — прамовіў Арцішэўскі. — Мы ладзім забаву першы сорт: дом элегантны, польскі, таварыства — толькі запрошанае, а граць будуць дванаццаць тутэйшых яўрэйчыкаў.
— Дванаццаць яўрэчыкаў! — выкрыкнула Янка. — Чуеш, Каруся?! Калі ты мяне не паслухаеш і на гэтую забаву не пойдзеш, я табе аж да смерці не дарую. Пойдзем, Каруська, пойдзем, залатая! Паслухай нас. Я ж так цябе прашу…
— Хай пані намі не пагарджае, — далучылася да просьбы панна Арцішэўская.
— Я не пагарджаю, але не магу, прашу прабачэння. Я абяцала пані Здановіч пайсці з ёй сёння ў адно месца.
— Што ты пляцеш! — запярэчыла сястра. — У якое месца ты павінна з ёй ісці? Куды, калі?
— Мы мусім схадзіць у Барсукі па ўзоры дываноў, калі ты так хочаш ведаць.
— А гэта нельга адкласці на заўтра? Заўтра пойдзеце. Здановічыха пагодзіцца. Хрыстом Богам клянуся, пагодзіцца.
— Як пагодзіцца, то і ладна. Пачакаем яе.
— А куды пані Здановіч пайшла? — спытаў Арцішэўскі.
— Да Садоўскага, даведацца пра лісты.
— То хадзем памаленьку, акурат яе сустрэнем.
— Так-так, акурат сустрэнем, — падтакнула Янка. — Толькі калі ласка... з намі тут яшчэ два свае хлопцы, — яна паказала на Карапузю і Ромку, што стаялі побач і кідалі поўныя нянавісці позіркі на Арцішэўскага.
Арцішэўскі незадаволена нахмурыўся, але падаў хлопцам руку і запрасіў іх таксама.
Яны паволі рушылі. Апынуўшыся на вуліцы, панна Арцішэўская ўзяла Карусю пад руку, апярэдзіла ўсё таварыства на некалькі крокаў і пачала напаўголаса:
— Што за кавалеры ідуць з намі?
— Гэта з нашага засценка, суседзі.
— Можа, гэта вашыя нарачоныя?
— Ды барані Божа! Гэта ж яшчэ малакасосы, ім нават васямнаццаці няма.
— Я пытаюся, бо заўважыла, што калі Зыгмусь да вас звяртаўся, той, вышэйшы, вастраносы, так на яго паглядаў, быццам хацеў з кулакамі кінуцца.
— Ён на кожнага злуецца, хто толькі прамовіць да мяне што-небудзь.
— Але вы яго не кахаеце?
— Я нічога ў ім такога не заўважыла, за што варта кахаць.
— Разумееце... толькі калі ласка, прашу нікому не казаць... Зыгмусь у вас вельмі закахаўся, — прамовіла праз хвіліну Арцішэўская.
— Ваш брацік у мяне?! — здзівілася Каруся. — Але што ж такое, пані Здановіч дагэтуль не вяртаецца, — адразу змяніла яна тэму, не маючы адвагі шчыра сказаць дзяўчыне, што Зыгмусь ёй абыякавы гэтак жа, як і вастраносы малакасос. — Вось гэтая вулачка вядзе да Садоўскага, — яны наблізіліся да вузкага тупіка, які перасякаў яўрэйскія сады. — Вы тут усе пачакайце, а я збегаю па яе. Вярнуся праз дзесяць хвілінаў. Гэта блізенька. Глядзіце, вунь у расчыненай браме, што насупраць той вулачкі.
— Я пайду з вамі.
— А хадзем разам, — вырашыла таварыства, і ўсе хутка пайшлі завулкам.
— Напэўна, старая атрымала ад сынка ліст і радасна чытае з гаспадарамі. Вы ведаеце Казіка?
— Толькі з выгляду. Зыгмусь дык яго добра ведае, бо разам з ім у тутэйшую рускую школу хадзіў.
— Дык ваш брат разам з Казікам вучыўся?
— Разам вучыўся, разам ад настаўніка лінейкай атрымліваў, а ад мужыкоў — кулакамі.
— І экзамент таксама, як і Казік, здаў?
— Не, ён толькі дзве зімы хадзіў, а на трэцюю татка, не хочучы, каб хлопца падманам апрацоўвалі, наняў настаўніка, каб вучыў яго дома. Экзаменту тутэйшага ён не здаў, але па-руску і па-польску чытае бойка, а пісаць умее так хутка, як Вернікоўскі. Ого, з нашым Зыгмусем ніхто не зраўняецца.
— Каля нас ёсць такія, што зраўняюцца, — вырвалася ў Карусі. — У нашай ваколіцы аж чатыры кавалеры ёсць, якія экзамент здалі. А паглядзіце ў браму, колькі там народу мітусіцца. Можа, там хрэсьбіны якія.
— Не, гэта пэўна, тыя, хто на фэст прыехаўшы.
Наблізіўшыся на нейкія чвэрць стаі да дзядзінца, яны пачулі роспачны жаночы крык.
— Што гэта? Голас быццам Здановічыхі, — жахнулася Каруся. — Напэўна, атрымала нешта вельмі дрэннае.
Яны пусціліся бягом і праз паўхвіліны былі за брамай. Увесь дзядзінец поўніўся каламажкамі. Каля адной стаяла чалавек сорак, горача пра нешта спрачаючыся. Знутры натоўпу даносіўся лямант.
— А сыночак жа мой! А чаму ты туды паехаў? Чаму не збярог галоўкі сваёй? Мілы мой! Сэрца маё!
Але голас быў чужы, не Здановічыхі.
Яны падбеглі бліжэй і пазналі Васілеўскую. У Карусі ў вачах пацямнела, ногі затрэсліся і пачалі падгінацца. Нейкі хлопец з-пад Вончы расказваў Аніхоўскаму з Палянак пра катастрофу.
…Ён ехаў у ахове пана палкоўніка Масціцкага, пасланага Доўбарам у Варшаву, і ў адной рускай вёсцы за Слуцкам быў падстрэлены, а потым дабіты жалезнымі віламі. Палкоўніка таго таксама забілі. Засада была. З усяго аддзела, што з імі ехаў, толькі чацвёра засталося жывых, і яны вярнуліся ў Бабруйск і расказвалі людзям перад касцёлам у Вялікдзень, а нашыя гаспадары акурат там былі і гэтую гісторыю на ўласныя вушы чулі. Людзі кажуць, што ўжо і ў польскай газеце пра гэта напісалі, і прозвішчы забітых назвалі. Вось так выйшла з гэтым асілкам…
Карусі падалося, што на твары хлопца з’явіліся дзікая жорсткасць і жах. Падалося, што ён здзекуецца і цешыцца з геройскай смерці рыцара.
Васілеўскі спрабаваў супакоіць сваю роспачную жонку.
— Цішэй, дурненькая, не плач без патрэбы, пакуль мы не ўпэўнімся дакладна. Калі б гэта праўда была, Доўбар нам даўно б паведаміў. Роднаму бацьку заўсёды пра смерць сына паведамляюць. Пакуль фармальны ліст ад начальства не прыйдзе, то ні званіць за яго душу не будуць, ні на адпяванне грошай не дам, ні плакаць не трэба. Цішэй, бабулька, цішэй, не плач.
— Праўда, пані Васілеўская, праўда: першым чуткам не трэба верыць, — дапамагала Здановічыха. — Хоць бы што не дай Божа… то Казічак пра гэта напісаў бы. Яны ж сябрукі і ўвесь час адзін пра аднаго ведаюць.
Адышоўшы трошкі ад першага ўражання, Каруся таксама пачала суцяшаць няшчасную:
— Не плачце, цёця, дарма, бо яго не забілі, — казала яна дрыготкім голасам. — Пра яго ўжо не адзін раз небыліцы выдумлялі. Ён не забіты, ён жывы… — на апошнім слове голас дзяўчына зламаўся і перайшоў у жаласны плач.
1 Бурбалка (дыял.) — вадзяная лілея ці гарлачык.
Вясна размашыста крочыла наперад. Воды вярталіся ў рэчышчы рачулак, глеба пацяжэла, распарылася сонечным цяплом, набрыняла свежай дажджавой вільгаццю — і расліннасць узыходзіла, развівалася, квітнела. Пажоўклая і зброснелая жытняя рунь на Кліне хутка пачала зелянець. У падлеску крывымі гаплікамі вывівалася папараць, расла на вачах і раскрывалася як пальма, сярод папараці ўздымаўся буйны ляжай, асака, казялец, дзесьці ў іншых месцах — дзе багна была бяздоннаю — узыходзілі макрыца, капытнік, разрастаўся рагоз і явар. У бярозавых алёсах з мохавых кажухоў высоўваліся хвашчы, бабоўнік і лыжачкі. Чарналессе зазелянела заечай капустай і стажкамі земляных арэшкаў. Лес апранаўся, шапацеў лістотай, шумеў. Даліны сасновых бароў і абтокі журавінавых балот пабялелі ад кветак багуну, буякоў, брусніц. На лугах усё ярчэй іскрыліся кветкі дзядоўніку, гвяздачак, лянку, дзянцеліны. А засценак проста патанаў у квецені садоў, зелені вязаў і ліп.
Старыя, збіраючыся на гавэнду, аднагалосна сцвярджалі, што такой буйнай вясны не было з тых часоў, як паўстала Смалярня. Бо вясна была сапраўды ўраджайнаю. Рыбы ў паводку найшло столькі, што некаторыя проста палкамі яе білі. У садах з-пад квецені не відаць было галінак. Лісты капытніку разрасталіся да памераў рускай фуражкі. На адным дубовым лісце змяшчаўся сяміфунтавы бохан хлеба. Кветкі казяльцу раскрываліся большыя за вочы вала. У забалонных папарацях нармальны чалавек мог схавацца. Жаўрук, спяваючы, узлятаў амаль пад самае неба. Вуллі выпускалі па пяць раёў. Жанчыны як ніколі нараджалі блізнятаў і пераважна хлопцаў. Некаторыя заўважылі, што нават сонца свяціла ясней, чым калі яшчэ.
Святло сонца дык пэўна толькі здавалася ярчэйшым, бо людзі ў вялікай радасці былі ад таго, што ўваскрэсла Польшча на іх зямельцы. Як глядзелі яны на Яе, дык праца здавалася ім лягчэйшаю, а свет — мілейшым. Вось і ўзіраліся яны ў Яе пры кожным магчымым выпадку, прыглядаліся, любуючыся з кожнага боку. Да мястэчак, дзе кватаравалі часткі войска, у кожную звычайную нядзелю сыходзіліся натоўпы з засценкаў, быццам на нейкі пазачасавы адпуст.
Найбольш людзей бывала ў Бабруйску, у сталіцы доўбарцаў. Там Польшча найбольш выразна паказвала сваё аблічча. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, на кожным кроку кідаліся ў вочы чысціня, лад і парадак. На ўстановах, школах, розных інстытуцыях луналі бела-чырвоныя сцягі, былі польскія сімвалы і надпісы. Шмат якія крамы вывесілі польскія шыльды. Кожны дзень вуліцамі праходзілі са спевам шматлікія пешыя роты і эскадроны ўланаў на ўдалых скакунах. Па Бярэзіне цягнуліся параплавы пад польскімі сцягамі. Сноўдалі маторныя лодкі з вайсковымі чынамі, на прыстанях завіхаліся польскія матросы. У ляску паміж вадакачкай і чыгуначнай станцыяй і на валах крэпасці аж у вачах мільгацела ад вайскоўцаў.
З самых далёкіх ваколіц зямлі, вызваленай ад нямецкай акупацыі, нават з-за Дняпра, з Бальшавіччыны прыбывалі ўвесь час пілігрымкі, каб пабачыць Яе на ўласныя вочы; кожны быў задаволены, ззяў радасцю, быццам светлага свята Вялікадня дачакаўся або сустрэў пасля доўгіх гадоў разлукі мілую асобу.
Бо як жа чалавек мог не цешыцца? Дзе ён ні зірне, у які бок ні гляне — ад Зялёнкі да могілак, ад Назараўкі да касцельных вежаў — усюды трапечуць у такт твайму знуджанаму сэрцу бела-чырвоныя сцягі, сурова глядзяць белыя арлы, пунсовым колерам прарысоўваюцца польскія надпісы, салодкай арфай гучыць польская мова, як алілуя, далятае рэха жаўнерскай песні.
О, вясна ж ты нашая доўбараўская! Гонар наш! Узнагарода за шматгадовы пераслед і крыўды чужаземцаў! Найсаладзейшая кветка нашага жыцця! Успамін, які загойвае боль смутку ў доўгіх і далёкіх блуканнях!
Пасля фэсту ў Вончы жыццё Карусі зрабілася доўгай паласой суму, неспакою і пакутаў. Кожны другі тыдзень даходзілі розныя весткі пра лёс Косціка: аднойчы пацвердзілі першую пагалоску пра тое, што сяляне яго забілі разам з палкоўнікам Масціцкім; пазней пачулася, што ён праз шчаслівы збег абставінаў выбраўся з той катастрофы і з рэштай дэлегацыі рушыў у Варшаву, дзе і застаецца, лекуючы раны; іншым разам, ізноў жа, казалі, што здолеў жывым выбрацца з засады, але на трэці дзень памёр ад ранаў у нейкім польскім засценку. Па роспачы нараджалася надзея, а пасля зноў прыходзіла балючае расчараванне. Рэдка хто пасля страты родных так бедаваў, як яна праз яго. Ні вясна яе не цешыла, ні вечарынкі, ад якіх засценак гудзеў на кожнае свята, ні родная хата, ні нават праца якая.
А тут яшчэ маці ўвесь час мучыла, намагаючыся схіліць яе да замужжа. Вестка пра смерць леснічонка дала надзею процьме канкурэнтаў. Адразу з усіх бакоў паехала навала сватоў. Цягам аднаго месяца шэсць кавалераў папрасіла яе рукі. Зноў паспытаў шчасця Юркевіч з Магільнца, афіцыйна прыязджалі Агінскі з Сакатушак і Арцішэўскі, прысылалі пасярэднікаў Сушыцкі з Міхалішак, Смаргачэўскі з Туркачоў і Блінкевіч.
У сераду перад Сёмухай у засценку пачалі гаманіць, нібыта Васілеўскаму ва ўрадавай гміне ўручылі павестку пра смерць сына, а таксама ягоныя дакументы, фатаграфіі і грошы.
Каруся наважылася пайсці ў леснічоўку і асабіста спраўдзіць гэтую вестку. Яна ўжо даўно збіралася туды, бо бацькі лепш за ўсіх маглі ведаць пра яго, але ёй усё не хапала адвагі.
Выдаіўшы апоўдні кароў, яна сказала маці, што пойдзе па капытнік, узяла дзяружку і рушыла праз агароды ў пушчу.
«Досыць ужо гэтых пакутаў, я мушу даведацца праўду, — думала яна, ідучы. — Калі ён забіты, то без усялякага сораму збяруся і пайду туды, дзе яго пахавалі, паплачу на магіле, памалюся, потым вярнуся ў Бабруйск, выспаведаюся ў самога дэкана — і з моста ў Бярэзіну. Нічога мне ўжо не будзе патрэбна на гэтым свеце. А можа, не тапіцца? — яна згадала, што самазабойцаў не хаваюць на асвечаных могілках. — Не, лепш пайду туды, дзе ваююць, стану пад кулі, і хай мяне заб’юць. Так і зраблю…»
А можа, Матулька Найсвяцейшая зробіць так, што ўсё гэта будзе няпраўдай. Калі так здарыцца, калі будзе надзея — тады вярнуся дадому так, каб ніхто ў Смалярні не ведаў, што я туды хадзіла. Лепш за ўсё, калі ўдасца сустрэць самога бацьку недзе па-за хатай, бо брацікі Косціка не вытрымаюць, пахваляцца смалярскім пастухам, што я ў іх была.
Яна вырашыла на ўсялякі выпадак падрыхтавацца. Зайшла ў абалону, знайшла поле капытніку, нашчыпала патрэбную колькасць, вынесла пукамі на сухі бераг, завязала дзяругу, схавала клунак у ламачча, потым вярнулася, вымыла ў чыстай калюжыне лыткі і на хвілінку села адпачыць на калодзе пад кустом папараці.
Душа, як кожны дзень у хвіліны самоты і стомы, панеслася ў слуцкія ваколіцы на месца смерці каханага. Са шматлікіх аповедаў, з доўгіх роздумаў у яе галаве паўстала і замацавалася дакладнае апісанне ўсёй трагедыі. Вось і цяпер таксама — усё быццам адбывалася перад яе вачыма.
…Вялікае поле, бясконцая снежная беліня, заход сонца: мароз аж рыпіць. Па гасцінцы з усходняга боку рухаецца ўзвод уланаў: трапечуць сцяжкі, бразгаюць шаблі і цуглі, цокаюць падковы. У першай пары едзе палкоўнік з нейкім іншым афіцэрам, у наступнай яна пазнае Косціка. Злева ўсё выразней чарнее лес, насупраць маячыць вёска. Яна ляжыць упоперак гасцінца. Вялізная вёска — відаць па дымах з комінаў — пачынаецца з левага боку, амаль пад самым лесам, і цягнецца ўправа, аж вунь у поле далёкае.
Цямнее. Яны набліжаюцца да вёскі. Іх аддзяляе ад яе нейкая стая, калі ў некалькіх месцах адначасова перад імі чуюцца залпы ручных кулямётаў. Узвод разварочвае ланцуг улева і скача ў лес. Яна бачыць, як Косцік схіляецца да грывы з левага боку і бяссільна ссоўваецца ў снег. Але праз хвіліну ўздымаецца і паўзе за іншымі да лесу, афарбоўваючы снег крывёю. З вёскі высыпае цьма сялянаў, узброеных карабінамі, жалезнымі віламі, цапамі, і дабівае параненых. Яна бачыць, як вілы ўваходзяць між рэбраў Косціка, як ягоны твар курчыцца ад невымоўнага болю. Яна аж скаланулася ўсім целам.
— Езусе наймілейшы! — узнесла яна вочы да неба. — Чаму Ты не перасцярог іх! Чаму не шапнуў каму-небудзь на вуха, што падпільноўваюць іх латругі, лютасцю аслепленыя?
Яна схавала твар у далонях і ў думках зноў пабегла да яго. Цяпер перад вачыма паўстала карціна пахавання. Касцёл, труны, убраныя кветкамі, многа польскага люду. Жаласнае парыпванне дрэваў, сумная далёкая ігра жалеек, цёхканне птушак, шум лесу, шапаценне папараці — такія зыкі суправаджалі харальныя спевы псалмоў, малітоўныя галасы святароў, кацельныя званы і надрыўны плач па жаўнерах. Яе вочы поўніліся слязьмі.
«Так, але чаму я тут сяджу?» — апамяталася яна. Устала і пайшла краем лесу на ўсход, у кірунку сцяжыны, якая вяла да леснічоўкі. Не прайшла і двухсот крокаў, як пачула наперадзе конскае ржанне.
«Напэўна, стары кудысьці едзе або вяртаецца аднекуль, — падумала яна задаволена. — Калі атрымаецца яго сустрэць, будзе добрая нагода».
Яна падчапіла край спадніцы і пусцілася бегма. Часам на хвілінку прыпынялася, намагаючыся сцяміць, з якога боку даносіцца грукатанне воза. Але было ціха. Дабраўшыся да сцяжыны, яна здзіўлена спынілася.
Каля самай грэблі стаяла вялікапанская карэта. Яна бачыла такі шык толькі ў Бабруйску на Белую Працэсію. Коні высокія, стаенныя, цугавыя: абодва светла-гнедыя з аднолькавымі зорачкамі на лбе, ніжэй за калені ногі белыя, самі коратка стрыжаныя; вупраж кракаўская, уся ў срэбных гузіках; карэта крытая, са шклянымі дзверцамі і ліхтарамі па баках. Вазніца ў ліўрэі стаяў каля коней, адганяў бярозавай галінкай камароў і штохвілю паглядаў за грэблю.
«Што гэта за ясныя паны? — дзівілася яна, схаваўшыся за кустом смуродаў. — Можа, гаспадары пушчы? Не іначай. Убачылі, што такая карэта праз грэблю не праедзе, пакінулі яе з фурманам, а самі пешкі пайшлі. У добры час я выбралася, што і казаць. Ну і што цяпер рабіць? Дамоў вяртацца? Варта было б пачакаць, схаваўшыся дзе-небудзь у кустах: калі гэта гаспадары, то Васілеўскі будзе праводзіць іх сюды, дык потым, калі застанецца сам, яго і распытаю».
Яна павярнулася да абалоны, падышла да самай грэблі і схавалася ў зарасніках папараці.
Ледзь яна ўладкавалася, ад леснічоўкі данёсся шум.
«А можа, гэта нейкія генералы? — падумала яна. — Можа, сам Доўбар прыехаў суцешыць бацькоў па смерці сына?»
Яна адчула страх, і сэрца моцна закалацілася.
Шум набліжаўся. Праз хвіліну Каруся пачула стукат абутку па плашках грэблі. Яна расхіліла папараць і асцярожна вызірнула. Ішлі мужчына ў сталым веку і маладая дзяўчына. Але Васілеўскага каля іх не было. Яна вызірнула яшчэ раз і ўбачыла, што дзяўчына прыгожая. Каруся не стрымала спакусы падслухаць размову арыстакратаў. Ужо можна было разабраць словы.
— Але доказаў няма, — сказаў мужчына. — Я табе кажу, Рафал выключае такую магчымасць. Паводле сабраных ім вестак, яго не толькі няма ў спісе палеглых — ён нават у той сутычцы не ўдзельнічаў. Нават падобна, што яго ў канцы красавіка бачылі ў Глуску.
Каруся стаіла дыханне, каб не прапусціць ні слова.
— Сярод палеглых не фігуруе, у эскадроне нічога не ведаюць, у шпіталі няма, да бацькі не вярнуўся, дык куды ён мог падзецца? — пыталася дзяўчына.
— Хутчэй за ўсё, абураны на камандзіраў за лаяльнасць тэўтонам і адправіўся, як наш Вацак, у Адэсу або туды, дзе фармуецца незалежнае польскае войска.
— Хоць бы, дай Божа, не здарылася з ім у дарозе якога няшчасця. Але якая тут буйная расліннасць, дзядзя! — заўважыла яна, з захапленнем азіраючыся вакол. — Паглядзі на гэтыя папараці. Быццам нейкі пальмавы аазіс з казкі! Пекната! У маім лесе няма такіх прыгожых мясцінаў.
— Гэта табе падаецца.
— Я сур’ёзна, такіх прыгожых мясцінаў і такой некранутасці я ў сваім жыцці яшчэ не бачыла. Калі сокал мой з гэтай вайны ўдала вернецца і калі між намі да жаніцьбы дойдзе, я прадам адзін фальварак, куплю кавалак лесу каля самай іх леснічоўкі і пабудую вілу.
— Геніяльная думка! — дабрадушна ўсміхнуўся мужчына. — Муж будзе разам з бацькам па лесе са стрэльбай цягацца, а вы з ягонай маці будзеце грыбы сушыць, лыка дзерці і лапці выплятаць. Ідылія!
Каруся адчула, як нешта скурчылася ўнутры так балесна, як не было нават у той дзень у Вончы, калі яна першы раз пачула пра смерць Косціка.
«Значыцца, дзяўчына ў яго ёсць! — у думках застагнала яна. — Графіня нейкая! Дык вось якая шчырасць ягоных зімовых нараканняў! Такая ягоная цнота! О Матка Боска! Графіня ў яго закахалася! Графіня сама за ім лётае!..»
Калі падарожныя аддаліліся, Каруся выйшла са схованкі і прыгнечана пацягнулася да пакінутага ў капытніку клунка. Яе сціскала жудасная скруха і паліла рэўнасць. Яна адчувала сябе маленькай і кволай кузуркай побач з гэтай заможнай, адукаванай і прыгожай арыстакраткай.
Праз два тыдні пасля агляду вясковых коней пачалі кружыць чуткі, якія непакоілі мясцовых палякаў. У Бабруйску сцвярджалі, што вайна з немцамі непазбежная, толькі трэба дачакацца, калі з Бальшавіччыны падцягнецца рэшта польскага войска. Легіянеры, якія прыходзілі ў адгул, казалі, што доўбарцы будуць рэквізаваць усіх клеймаваных коней і забяруць маладых мужчын. Вандроўныя дзядкі-жабракі гаварылі, што нямецкі кайзер заключыў з польскім намеснікам саюз, і ўланы, не маючы чаго рабіць, паедуць ваяваць з французам, ванчанскія яўрэі шапталіся, што Мусніцкі пагадзіўся на раззбраенне корпуса, якое ўжо нават пачалося. Усе чулі, што рыхтуецца нешта вельмі важнае і нядобрае, але ніхто не мог высветліць праўды, бо нават самі афіцэры выдавалі недакладную і спрэчную інфармацыю.
Хутка ў стратэгічна важных пунктах побач з легіянерамі з’явіліся нямецкія жаўнеры, і самай праўдападобнай пачала здавацца пагалоска пра раззбраенне.
— І навошта яны пускаюць да сябе тых недавяркаў? — казалі смалерчукі непакоячыся. — Чаму не змагаюцца? Чаму не забіраюць клеймаваных коней і нашых хлопцаў? Што думае рабіць Доўбар? Што станецца з намі, калі не будзе легіёнаў?
У мястэчках з’яўлялася ўсё больш немцаў, усё гучней казалі пра раззбраенне корпуса, і нарэшце легіянеры пачалі вяртацца дадому.
Першым прыйшоў Юзік Аленскі, праклінаючы і Доўбара, і немцаў.
— Мы столькі працы ў арганізацыю корпуса ўклалі, столькі крыві пралілі, каб ён існаваў, а гэты здраднік немцам прадаўся. Баяўся, буржуй пракляты, што, ваюючы з немцамі, трапіць у рукі бальшавікоў. Але гэта не канец. Мы яшчэ паўстанем. Прыйдзе час, калі пальецца швабская юшка. Трупякоў іхных будзе як купінаў у нашым Вялікім балоце, а юшкі — як вады ў ім вясной. Запомніце, што вам Юзік Аленскі кажа!..
Праз чатыры дні пасля яго прыйшлі Болік Вінярскі і Валька Трызна, а яшчэ праз два — Віктар Кантычка. Не хапала толькі Сцяпуравага Норбы і Казіка Здановіча, якіх таксама чакалі з хвіліны на хвіліну.
Сцяпура, ведаючы, дзе яны, думаў паслаць па іх фурманку, толькі чакаў, калі надвор’е трошкі праясніцца, бо збіралася на бурную залеву. Дымы з комінаў раптоўна ламаліся і ляцелі ўніз, куры сядалі ў гнёзды задоўга перад заходам сонца, быдла вярталася з пашы ледзь не скокам, каты лазілі па платах, ластаўкі ці не па самай зямлі слаліся, кідаючыся людзям і быдлу пад ногі, камары грамадзіліся ў высокія слупы, мушкі былі такія атрутныя, што аж цела ад іх распухала. Днём жудасна парыла, а ночы былі сухавейныя.
Але назаўтра — наколькі памятаю, гэта была пятніца — Норба сам прыйшоў з навіной, што Казік з Картавым збіраюцца з Бабруйска ў Мурманск.
Здановічыха кінулася ў лямант:
— Дзе ж справядлівасць?! Вас паадпускалі, а Казічка майго, які служыў больш за ўсіх, яшчэ ў нейкі там Мурманск пасылаюць!
— Ніхто яго не пасылае, ён на сваё жаданне едзе, бо там фармуюцца новыя легіёны, — растлумачыў Норба.
— На сваё жаданне?! Тады і я разам з ім паеду.
Што ёсць духу яна пабегла ў Ямы, паведаміла Паклацкаму пра намер сыноў і са слязьмі пачала маліць, каб паехаў з ёю як мага хутчэй у горад угаворваць іх вярнуцца.
— Ах яны гіцлі! Валацугі! Абібокі! — злаваўся Паклацкі. — Я ўжо ім пакажу! Не пусцім іх, свацця, не пусцім! Досыць ужо набадзяліся. Добра зрабіла, свацця, што да мяне прыйшла. Паедзем. Хоць бы загрудкі мне давялося брацца і з адным, і з другім, але вярну іх дадому. Хіба гэта не распуста? Усе вярнуліся, а яны кудысьці яшчэ сунуцца, хочуць быць важнейшымі ад іншых. А да касы! А за плуг, суччыны сыны! Я вам пакажу Мурмель!
У той самы вечар яны запрэглі коней у ворчык і пусціліся праз ноч у Бабруйск.
Усю ноч з пушчы падзьмухваў гарачы, як з лазні, ветрык. На досвітку ён сціх, але раса не выпала. Сонейка выйшла вялізнае, быццам у марыве, без рэзкіх краёў, вакол яго разлівалася шырокае крывавае зарыва.
Адразу пасля ўсходу з’явіліся вялізныя рудыя гілі1, і пачало неміласэрна парыць. Пчолы вылазілі з вуллёў, але асабліва ў поле не імкнуліся, авечкі, выбраўшыся на пашу, пацягнуліся бліжэй да лесу, у цень, свінні зарываліся ў барозны, сабакі вывешвалі языкі і саплі, людзей агортвалі санлівасць і лянота.
Каля дзявятай з захаду даляцелі грымоты, і з-за лесу пачала вылазіць вялікая хмара. Яна была чорнаю, як жалобная тканіна. І тут пацягнула халаднаватым ветрыкам; затрапятала лісце, закалыхаліся дрэвы, зашумелі сады і лес. Некалькі хвілінаў пашумела, і зноў зрабілася як у мяшку. Гарачая хваля вярнулася з большай сілай: прыпякала, ціснула, ламала косці, вяліла расліны. Картопля ў полі і буракі ў агародах паляглі на зямлю, быццам аблітыя варам да самага карэння. У пясчаных месцах немагчыма было вытрымаць басанож. Нават густыя травы на лугах прывялі і малады лес апусціў вушы.
А хмара тым часам паволі ўздымалася, грымела, секла бліскавіцамі, рабілася ўсё больш страшнай і пагрозлівай. Пчолкі, якія былі вылецелі ў поле, пастухі з чародамі, аратыя папару і палеі льну спешна вярталіся дадому. Жанчыны баязліва кленчылі перад абразамі, молячы Бога, каб адвярнуў ліхтугу.
Мужчын таксама ахоплівала трывога, бо ад хмары чуўся такі шум і трэск, быццам скакалі незлічоныя палкі крылатых гусараў, быццам ішла страшная бітва.
Раптам падарвалася шалёная віхура. Яна ляцела па полі, прыгінаючы жыта да самай зямлі, заскоквала на гумны і хлявы, кудлаціла салому, зрывала са шчытоў кастрыцу, падкідвала ўгору, рассыпала пылам, урывалася ў сады, хапалася за верхавінкі вязаў і высокіх груш і трэсла іх, вішчала, як шалёны сабака, насілася па дарозе, падымаючы клубы пылу. На пушчу страшна было глядзець. Нахіленыя раптоўным ударам віхуры асілкі гнеўным рухам адхіснуліся назад, трэслі сукамі, помсцячы хмары, вылі і ліхаманкава калаціліся ад злосці. Пыл і мільёны сарваных лістоў закрылі неба.
Чорная пліта навальніцы падымалася ўсё вышэй. Раптам з яе выплыў статак шэрых аблокаў і, хутка пусціўшыся наперад, засланіў увесь небасхіл. За імі рушылі большыя і цямнейшыя аблокі. На дварэ зрабілася чорна, як апоўначы. Хмара ў святле бліскавіц здавалася яшчэ больш грознаю.
І паліў дождж. Спачатку бурнымі хвалямі рэдкіх, але вялікіх, як лясныя арэхі, халодных кропляў, з аглушальным трэскам перуноў, з градам небывалых памераў і формаў. Пазней ён зрабіўся роўным лесам слупоў, што ўтыкаліся ў неба і выгіналіся ўнізе, як надзьмутыя ветразі, з такімі густымі кроплямі, што ў чалавека збівалася дыханне. За некалькі хвілінаў у далінах утварыліся такія вялізныя і глыбокія лужыны, што ў некаторых маглі б лёгка плаваць бярвёны для будоўлі.
Але адразу пасвятлела, і зліва ператварылася ў блаславёны дождж — дробны, цёплы, лагодны. Ён няспынна сыпаў каля трох гадзінаў, потым спыніўся.
Мужчыны выйшлі агледзець прынесеную бурай шкоду. Жанчыны паспяшаліся з даёнкамі ў хлявы, бо ўжо надыходзіў час выганяць быдла, дзеці пачалі плюхацца ў калюжынах. Шкода была сур’ёзнаю: на многіх саламяных дахах пазрывала шчыты, у садах наламала галінаў, натрэсла пладовых завязяў, а ў Трызны на гумнішчы вывернула сасну з вуллямі. Але жыта не пашкодзіла. Хваля граду, быццам кіраваная рукой Божай, прайшла, абмінаючы Клін.
Грамада суседзяў сышлася перад домам Кантычкі, разважаючы пра дзіўныя формы градзінаў. Адны заўважылі крыжы і паасобныя крылы, другія — чалавечыя галовы і змеяў, іншыя — мячы нейкія, нажы, кіпцюры, капыты, рогі і іншыя дзівы.
— Што ж гэта будзе? Што гэта значыць? — пыталіся ў Ладана тыя, каго напужала гэтае нечуванае з’явішча.
— Гэта ж зразумела: анёлы з чарцямі на небе змагаюцца за бальшавіцтва на гэтым свеце, — прарочыў Кантычка.
Хмара, пераваліўшыся на ўсход, доўга яшчэ грымела і пужала, але ўсё слабей і радзей. А трэцяй цалкам раз’яснілася.
Засценак вярнуўся да сваіх заняткаў: пастухі пагналі чароды на пашу, мужчыны, адвёўшы коней на выган, пачалі рамантаваць сапсаваныя дахі і спускаць ваду з гумнішчаў, а жанчыны, асабліва дзяўчаты, вырушылі па траву на заўтра. У лесе было росна і мокра пасля дажджу, тады ўсе пайшлі на мяжу ў жыта.
Выбраліся і дзяўчаты Сакалоўскія, але не разам, бо Каруся, падмяняючы Здановічыху на яе гаспадарцы, мусіла чакаць, пакуль Генюсь выганіць свіней і авечак, а потым яшчэ карміць індыкоў.
Але нарэшце выбралася і яна. Ішла і сонна пахіствалася. Думкі пра нечакана атрыманыя весткі аб Косціку не давалі заснуць да самага світанку. Яна была перакананая, што Казік пасля адгулу бачыўся з ім і ведае, што адбываецца. «Што ён сказаў Казіку, дазнаўшыся ад яго шчырую праўду пра яе? Ці сапраўды яго няма сярод палеглых, як яна падслухала на патоцкай грэблі? Дзе ён цяпер?» — нецярпліва думала яна. Яна была згодная на ягоны ад’езд у Мурманск, была гатовая нават на ўзаемнае каханне з той яснавяльможнай паннай, толькі б ён жыў. Яна думала пра гэта, варочаючыся з боку на бок, аж пакуль падпасак не задудзеў, абуджаючы жанчын на дойку.
Вочы зліпаліся, у руках і нагах была жахлівая стома, але яна ішла сілаю волі, бо адчувала ўзяты на сябе абавязак. Неабходна было нарыхтаваць травы для свінняў і цялятаў Здановічыхі. Яна абяцала жанчыне дагледзець худобу як належыць і мусіла стрымаць слова. На адну Зузю гаспадарку пакінуць нельга. Калі б не гэты абавязак, яна б зашылася куды-небудзь у салому, і хай нават перуны, як апоўдні, будуць страляць — не вылезла б да заўтрашняга ранку.
Але апынуўшыся ў полі, яна адразу ачомалася. Ад шырокай паласы вільготнага жыта і лесу веяла свежасцю і водарам, які абуджаў да жыцця.
Жыта сёлета было ўдалае: у рост чалавека, асцістае, густое, цёмнае ў сваёй бучнасці. Калі павяваў ветрык, яно шыкоўна калыхалася наколькі хапала погляду — ад лесу да лесу; ззяла перлінамі не абсохлай яшчэ расы, змяняла колеры і шумела слаба, але так пяшчотна, што хацелася ляцець з яго хвалямі.
Гэтае поле называлі Клінам, бо яно клінам уціскалася паміж дзвюх сценаў лесу — чарналесся панскай пушчы і смалярскага сасновага бора. На самым вастрыі быў маленькі лужок.
Гасцінец цягнуўся бліжэй да бора, які быў з правага боку, а ў сярэдзіне поля выходзіў да лясной мяжы. У гэтым месцы ў жыта адбягала палявая сцяжына, якая, зламаўшыся праз дзве стаі пад роўным вуглом управа, вяла ў самае вастрыё Кліна. Каруся павярнула на яе, скіроўваючыся да апошніх шнуроў, куды раней загадала ісці сястры са Здановічавай Зузяй.
З усіх бакоў поля даходзіла рэха гутаркі, смеху і спеваў. На адной з межаў яна пазнала Касю Сцяпуру з легіянерам Валькам. Яна хутка адвярнула галаву, зрабіўшы выгляд, што не заўважыла іх.
— Якія ж шчаслівыя! — уздыхнула яна. — А дзе мой Косцік?... Праўду людзі кажуць, не радзіся краснай, а радзіся шчаснай.
Даходзячы да прызначанага ёю месца, яна ўбачыла каля Яні Карапузю. Яны сядзелі побач на разасланай дзяружыне, як падчас нейкага свята. Убачыўшы Карусю, абое ўскочылі: ён пабег мяжой да лесу, яна ўзялася за работу, да якой яшчэ нават не дакранулася.
— Ого! Пакуль мяне не было, ты ўжо столькі наваліла, што толькі вязаць і дамоў вяртацца, — іранічна прамовіла Каруся.
— Што, я ўжо і хвілінкі не магу пасядзець са сваім хлопцам?
— Добрая ў цябе хвілінка. А дзе Зузя?
— Я адправіла яе на іхную паласу.
— Выгнала, каб яна табе не перашкаджала. Можа, таксама з якім-небудзь смаркачом там сядзіць?
— Калі ёсць з кім, то і пасядзіць. А ты б ужо хацела, каб усе, як ты, сябе сушылі? Паглядзі на сябе, якая ты!
Каруся насамрэч вельмі змянілася за апошнія тыдні: у поясе схуднела, быццам сціснутая цесным гарсэтам, а з твару збялела так, што аж жылкі на скронях праступілі. Толькі ў вачах яшчэ заставаўся колішні бляск і тая самая анёльская пяшчота, а бровы на фоне збялелай скуры здаваліся яшчэ цямнейшымі.
Дзяўчаты разаслалі дзяружкі на сцяжыне і ўзяліся за работу, Каруся выбірала з жыта малачай і крываўнік, Яня сярпом зжынала паласу.
— Я заседзелася з Карапузем, бо ён расказаў мне вельмі важныя навіны, — пачала тлумачыць Яня. — Ён казаў, што ў Вончы ўжо немцы з’явіліся.
— Ужо ў Вончы?
— Ён учора бачыў іх на ўласныя вочы. Кажа, як толькі прыйшлі, дык адразу палезлі на царкву, знялі званы і пачалі медзь з купала аддзіраць.
— Не балбачы абы-што! Яна ж асвячоная.
— Яны на гэта не зважаюць. Кажуць, што ім сам Бог дазволіў.
— Блюзнеры! Ён іх за гэта пакарае.
— А можа, і праўда дазволіў? Ты ведаеш, як яны Богу моляцца? Машынай.
— Машынай можна памаліцца?
— Кажуць, што моляцца. Ёсць у Вончы такія людзі, што на ўласныя вочы бачылі. Кажуць, што пакуль ты простай мовай раз толькі «Ойча наш» вымавіш, яны машынай увесь ружанец з літанняй скончаць.
— Дурны твой Карапузік і тыя, хто яму казаў, таксама.
— Адна ты разумная! Ага, а ведаеш, што ён мне яшчэ казаў?
— Пазней раскажаш. Цяпер сачы за тым, па што прыйшла.
Неўзабаве падышла Зузя. Скінула са спіны ношу, уселася на яе і пачала:
— От вы вялікія, а я хутчэй за вас сабе дзяружку налаташыла.
— Ды і нам ужо толькі пазносіць і звязаць засталося, — вымавіла Яня, збіраючыся складаць вязанку. Але Каруся яе спыніла.
— Няма куды спяшацца. Хай яна сабе ідзе, а мы пабудзем да змроку. Хіба не бачыш, колькі пустазелля ў жыце. Хоць адзін загон вычысцім.
Яна паклікала Зузю да сябе і навучыла, што і як тая павінна рабіць, вярнуўшыся дадому.
Быў вечар. Сонейка кацілася за бор, а цені соснаў раслі, падаўжаліся, паўзлі па жыце, і ўрэшце шэрай павалокай ахапілі ўвесь Клін. Каля сядзібаў, дзе поле было шырэйшым, на збожжы яшчэ віднеліся сонечныя палосы і яснела сцяна пушчы, але ўжо і там з кожнай хвілінай усё блякла і гасла. Адначасова з заходам паўстала бязмежная ціша. Дзе тыя Ніты, дзе Ямы, Палянкі, Убярэззе — а адтуль даносіліся гукі пастуховых дудак, сабачы брэх, рыканне буйных быкоў і чалавечыя галасы. А Смалярня дык быццам за стаю ад іх ляжала — да вушэй даляталі скрып расчыненых варот, віскат галодных парасятаў, гусіны гогат, паасобныя словы з чалавечай гаворкі і нават тупат быдла, якое вярталася з пашы.
Яня палола ўсё больш неахвотна, увесь час прыслухоўваючыся да галасоў і размоваў, якія даносіліся да яе.
— Калі вернемся, дык я татку скажу, што ты ўвесь час стаяла, нічога не робячы.
— Татку, татку… Як ты мяне таткам пужаеш, то я зусім нічога не буду рабіць. Ужо і нядзелька святая зайшла.
Яня стала на мяжы і пачала ўглядацца ў неба — на поўначы віселі два невялікія кучавыя воблакі. Краі іх з сонечнага боку выглядалі як густыя клубы дыму, як гурбы снегу або часанай воўны.
— Як па-твойму, Каруська, з чаго парабіліся гэтыя хмары? — прамовіла яна пасля доўгага ўглядання. — Карапузя казаў, што з дыму.
— Многа твой Карапузя ведае, — буркнула, не падымаючы галавы, Каруся. Але адразу быццам згадала штосьці пра хмары і, стаўшы побач з сястрой, пачала ўглядацца ў асаблівыя аблокі. — Калі б яны былі з дыму, дождж бы з іх не ішоў, — адказала яна. — Памятаю, Косцік аднойчы казаў, што хмары робяцца з расы.
— Думаеш, твой Косцік — нейкі Саламон Вялікі? Калі б яны былі з расы, то высахлі б, лятаючы па небе. Што гэта я хацела табе расказаць... ага. Ведаеш, Арцішэўскі ўсё не страчвае надзеі на цябе: заўтра прыязджае са сваёй сястрой у Смалярню на вечарынку.
— Добра, што ты мне пра гэта сказала, пайду куды-небудзь, каб у засценку не быць!
Яня паблажліва паглядзела на сястру:
— Усе бабы ў засценку кажуць, што калі ты гэтага хлопца ўпусціш, то век каяцца будзеш. Лепшага не знойдзеш, гэта я табе кажу. Чатыры валокі зямлі, важная сям’я, адзін у бацькі, высокі, складны, кучаравы, вучоны, далікатны, гарманіст…
— Для мяне ён такі самы, як любы з нашых цывільных хлопцаў у Смалярні.
— Значыць, ты ўсё на гэтага муздрыка кручанага спадзяешся?
Каруся як тыгрыца кінулася да сястры, схапіла яе за вопратку на грудзях і, страсянуўшы з усёй сілы, закрычала:
— Калі ты мне яшчэ раз такім словам яго назавеш, я табе ўсе косткі на крупы змалачу!
Яня вырачыла вочы, здзіўленая такой рэзкай рэакцыяй.
— Чакай, вось я мамцы раскажу, што ты за ім так завіхаешся! — прыгразіла яна, калі Каруся яе выпусціла.
— Кажы! Я нікому не дазволю яго дражніць!
— Я думала табе па дарозе дадому нешта цікавае пра яго сказаць, але калі ты такая, то не скажу. Я ведаю, што з ім сталася, ведаю, якую ён сабе ў адным месцы дзяўчыну… — тут яна спынілася, напалоханая трэскам галінаў ззаду. Не больш за дваццаць крокаў аддзяляла яе ад краю лесу. Пушча была высокая, як сяміпавярховая будыніна, цёмная, як ноч, бясшумная, як сутарэнне. На дварэ ўжо цямнела.
— Што гэта можа быць? — шапнула яна, умомант забыўшы ўсе крыўды. — Можа, мядзведзь які?
— А ідзі ты са сваім мядзведзем!
— Хадзем, Каруська, хутчэй дадому. Я вельмі баюся.
У гэты момант у тым самым месцы зноў затрашчала. Яны абедзве напружылі слых і зрок, намагаючыся разгадаць, што гэта.
— Стаіць нехта, — шапнула Яня. — Ей-богу, стаіць. Глядзі, злева ад асінавага камля. Стаіць. Уцякайма адсюль хутчэй, бо гэта нячысты! — шаптала яна ўсё больш трывожна і, не зводзячы вачэй з падазронага месца, імкнулася адступіць задам, цягнучы за сабой сястру.
— Дурненькая, гэта нехта са смалярскіх хлопцаў прыйшоў нас папужаць, — прамовіла Каруся, не выказваючы нават найменшага страху. — Можа, нават твой Карапузік ці Ромка.
— Усякі дух Пана Бога хваліць! — закрычала Яня.
— І я яго хвалю, толькі я не дух, — прагучала ў адказ.
Дзяўчаты запытальна пераглянуліся, не ў стане пазнаць голас.
— Кажы тады, хто ты, і не пужай нас! — зноў крыкнула Яня.
Яны аслупянелі ад здзіўлення.
— Васілеўскі, ей-богу, — ціха прамовіла Яня, заліваючыся румянцам. Карусю ахапіла нясмеласць, як зімой падчас вяселля. Сэрцайка трапятала як злоўленая птушачка, ногі дрыжэлі і падгіналіся. Але Яня адразу апамяталася.
— Ну і чаго ты стаіш там як злодзей? — сказала яна. — Пэўна, пільнуеш, каб лыка ў тваім лесе не надралі, папараці не наскубалі! Ідзі да нас!
Ён паслухмяна пайшоў. Каруся, не ведаючы, як даць сабе рады, пачала сутаргава складаць траву ў купу.
— Як вы, паненкі, маецеся? — дрыготкім голасам азваўся ён, падаючы руку Яні, якая стаяла бліжэй. Ён быў апрануты па-ўланску, толькі без шпор і пояса.
— Добра. Але ж як ты нас напужаў!
— Я вас напужаў? — бяздумна паўтарыў ён, паварочваючыся да Карусі.
Яны баязліва паглядзелі адно на аднаго, а сустрэўшыся позіркамі, хутка апусцілі вочы.
— Як ты нас напужаў! — паўтарыла Яня. — Вось паслухай, як скача маё сэрца, — і, не чакаючы, пакуль Косцік сам гэта зробіць, узяла ягоную руку і прыклала сабе да грудзей. — Чуеш? Тук, тук, тук! Але і твая рука нешта трасецца. Гэта, відаць, ад злосці на мяне, што я цябе абзывала. Доўга ты там каля асіны стаяў?
— Хвілінаў пяць, можа. Дзякуй табе, Янка, за зычлівасць…
— За зычлівасць! Думаеш, я напраўду злавалася на цябе? Я балбатала абы балбатаць, каб яе трошкі раскатурхаць. Хіба не бачыш — выглядае як святая Магдаліна? Ужо недзе з месяц у такім смутку ходзіць, ні з кім не размаўляе, а толькі ўздыхае і ўздыхае.
— Перастань! Мне не трэба адвакатак! — сурова перапыніла яе Каруся і, адвярнуўшыся ад абаіх, пачала збіраць вязанкі травы, пасоўваючыся да сцяжыны. Яня зрабіла тое самае.
Косцік рушыў за дзяўчатамі. Хвіліну ішоў у маўчанні, потым нясмела сказаў Яні:
— Дазвольце я вам дапамагу.
— Хочаш дапамагчы? Не варта: па-першае, без патрэбы запэцкаеш свой мундзір, па-другое, ты не знаеш, якую купку браць, а якую пакідаць, бо тут ёсць шмат такой травы, якую ніхто не будзе есці.
— А ты скажы, якую, і я адразу зразумею. Альбо давай будзем збіраць разам, ты мне падавай, а я буду насіць. Давай, што ў цябе ў руках. Давай, вось убачыш, як нам на раз-два пойдзе.
— Калі ты так хочаш, то добра, — пагадзілася яна. Уручыла яму назбіраную ношу і, ідучы наперадзе, усоўвала яму ў рукі ўсё новыя жмені. Адначасова яна спрабавала завязаць размову, але заўважыўшы, што ён адказвае абы сказаць, а сам вачыма праводзіць Карусю, замоўкла.
Не паспелі яны дайсці да сцяжыны, як Косціка ужо нёс ахапак, які было цяжка ўтрымаць. Яня паскакала наперад, каб падрыхтаваць дзяружку.
— Кладзі спачатку мне, бо я сёння гаспадару ў Здановічыхі і мушу бегчы даіць іхных кароў, — сказала яна голасна, каб Каруся магла пачуць. — А вы тут яшчэ назбірайце, — яна завязала хустку сабе па сіле, папрасіла, каб ён памог ускласці яе на плечы, і патрухала, як магілёўская баба.
Было ўжо амаль цёмна. Над лужком і берагамі жыта віселі аблокі туману. У алешніку, які межаваў з лужком, зацята спявалі дзеркачы. На гасцінцы за бродам грукаталі чыесьці вазы. У засценку, быццам у нейкай карчме, гул стаяў. Адтуль даносіліся гукі гармоніка і скрыпкі, мужчынскія і жаночыя спевы, балабоны конюхаў, што ад’язджалі ў начное, вясёлы віскат дзяцей, крыкі сваркі, воклічы, плач і смех.
Ён стаяў, паглядаючы на Яню, што аддалялася, і на Карусю, якая спяшалася з ношай. Вочы ягоныя горача палалі, сэрца білася так моцна, што, здавалася, вырвецца з грудзей. Ён не наважваўся падысці, не ведаў, з чаго і як пачаць. Спадзяваўся, што яна зразумее ягонае замяшанне і пачне першаю.
Але яна нават пазбягала ягонага погляду. Бровы яе былі нахмураныя, вусны капрызліва надзьмутыя. Хто ведае, можа, яна толькі здавалася раззлаванаю.
Паклаўшы прынесеную з-пад лесу траву, яна сабрала яшчэ некалькі ахапкаў побач са сцяжынай, завязала ўсё гэта і сабралася падымаць.
— Ты нават не хочаш мне сказаць, каб я табе дапамог, — прамовіў ён, падбягаючы да скрутку. Нахіліўся, быццам дапамагаючы, але замест таго каб узяць вязанку, схапіў яе рукі і ўпаў на калені. — Карусенька мая! — прастагнаў ён. — Сэрца маё! Прабач мне, нягодніку! Я сам сябе цяпер стыдаюся за тую подласць! Я дурны і нікчэмны латруга! Прабач мне, паршыўцу!
Каруся яшчэ больш нахмурылася.
— А што я табе павінна прабачаць? Што ты гадкага зрабіў? — спытала яна.
— Паверыў таму ашуканству, якое ганьбіла твой гонар і цноту. Ты ж найчысцейшая з усіх дзяўчат, якіх я толькі ведаю. Ты нявінны анёлак! Ты лілейка белая!..
— Ой як ты пекна навучыўся казаць! — перапыніла яго Каруся. — Я не анёлак, але таго, што табе набрахаў Юзік, не дапусціла, ад тых праклятых акопаў ні з якім хлопцам любошчаў не заводзіла, а калі хтосьці праводзіў мяне пад руку, або пасядзеў на адной лаўцы, або часам цмокнуў знянацку, то гэтага хаваць не буду. Не так, як ты, што ў кожным горадзе новую дзяўчыну мае, перад кожнай на калені падае, анёлкам і лілейкай называе.
— Я іншую дзяўчыну маю?! Езус, Марыя! Я калі лічыў цябе страчанай, дык смерці сабе шукаў, а не дзяўчыны.
— Які ж ты фальшывы зрабіўся! А тая яснавяльможная панна, што прыходзіла да вас са сваім дзядзькам перад Сёмухай? Думаеш, я нічога не ведаю?
Ён злёгку пачырванеў, але не збянтэжыўся.
— Хіба я вінаваты, што яна за мной бегае? Два разы толькі, калі мы рэквізавалі сена, са мной размаўляла і з таго часу сваім хлопцам лічыць. Што я, вінаваты?
— Хто яна такая?
— Памешчыца адна з-пад Мінска. Яе стрыечныя браты — польскія афіцэры.
— Ты не кахаеш яе?
— Ані трошкі нават. Што там кахаць. Яна побач з табой — як зорачка маленькая побач з сонейкам. Я не яе ў галаве трымаю. Не верыш — вось табе, — ён склаў пальцы накрыж і пацалаваў іх, прысягаючы.
Яна абняла яго аберуч за шыю і цмокнула ў самыя вусны.
— Уставай, а то калі хто ўбачыць, дык потым дражніць будзе. Ты назаўсёды вярнуўся?
— Дзе там. Не ведаю калі, але яшчэ пайду.
— Ты, напэўна, думаеш ехаць з Казікам у Мурманск?
— Не. Спачатку думаў, а потым мы вырашылі пакуль вярнуцца дадому.
— Ну дык хадзем ужо — яна прыгадала, што ўжо позна. — Дай мне вязанку.
— Пакінь, я сам панясу, — ён перапакаваў ношу, ператвараючы яе націскам сваіх моцных рук у малы вузельчык, надзеў яго на левы локаць, правай абняў Карусю за плечы, і яны пайшлі.
Яна прытулілася да яго, як дзіця, стомленае доўгім блуканнем па пушчы, да бацькі.
— Як я па табе бедавала! — пачала яна. — Дзе ж ты быў столькі часу? Што з табой рабілася?
— Дзе б я ні быў, але вось вярнуўся і знайшоў цябе такую, пра якую гэтыя паўтраця года марыў: чыстую, як люстэрка, шляхетную, разумную. Калі Казік, сустрэўшыся мне ў Глуску, праўду пра цябе расказаў, я скакаў ад радасці, як вар’ят нейкі.
— Гэта даўно было?
— А вось каб табе не схлусіць… Здаецца, ужо месяц як.
— І за гэты час ты не мог хоць раз прыехаць дадому?
— Думаеш, я не рваўся? Не мог. Калі мы з ім сустрэліся, мяне акурат назначылі ў важную экспедыцыю, а калі вярнуўся з яе, то атрымаў ад Казіка ліст, каб як мага хутчэй ехаў да яго па адной вельмі важнай справе.
— Якой справе?
— Адной ваеннай, гэтага нельга казаць.
Яна дапытліва азірнулася і зноў прытулілася да яго, працягваючы свае скаргі.
— А я ўжо думала, што ты на тым свеце. Як я цябе шкадавала! Як прасіла Бога, каб вярнуў усё! — тут яна пачала падрабязна расказваць, як у Вончы даведалася пра яго нібыта забойства сялянамі, пра сваю скруху, пра кпіны хлопцаў, пра нашэсце сватоў, пра сваркі з маці, якая намагалася выдаць яе замуж.
Вочы Косціка ад узрушанасці заслалі слёзы. Ён слухаў, глядзеў на яе, як на нейкае боства, і ўсё мацней прытуляў да сябе.
— Ой! Не цісні так моцна, баліць, — ускрыкнуў яна.
— Здаецца, зараз разадраў бы сабе грудзі і цябе да голага сэрца прыклаў бы! Я нават выказаць не магу, як я цябе кахаю, як я рады і шчаслівы. Русалка ты мая! Кветачка духмяная! Зорка ясная!
— Цішэй, бо яшчэ нейкі падшыванец у жыце падслухае.
— Я сын безыменнага лесніка, слугі панскага, не раўняцца мне багаццем з якім-небудзь Аріцшэўскім ці Юркевічам, але красці я не хадзіў, пад мостам не сядзеў, жабрацтвам не займаўся, усё, што яны ўмеюць, і я магу, і, дзякуй Богу, паважаюць мяне як у касцёле, так і ў засценках не менш ад іх, хоць на фаэтоне не раз’язджаю.
— Ты ў дзесяць разоў лепшы за іх усіх.
— Лепшы не лепшы, але не горшы. Калі толькі дасць Бог Айчыну ўсю, як мы марым, вызваліць і здароваму з вайны вярнуцца, то тады ўбачыш, як я за гаспадарку вазьмуся. Убачыш, якую я хату табе пабудую, сад пасаджу, якія я табе выгоды зладжу. Дрэнна табе ў мяне не будзе, не бойся.
І тут яны пачулі крык ад калаўрота:
— Каруся, гэ-э-эй! Каруся!
— Мама кліча, — сказала яна неспакойна. — Можа, яна што паскуднае табе скажа, але ты не бяры да сэрца.
— Ты мне пра гэта яшчэ кажаш? Хай яна як хоча мяне абзывае, хай у мяне камяні кідае, хай нават сабакамі цкуе — я не разгорнюся. Калі ты мяне кахаеш, ніхто мяне не настрашыць і ніхто ў мяне цябе не адбярэ.
1 Гілі (дыял.) — авадні.
Назаўтра ранкам прыйшоў да Здановічаў стары Васілеўскі. Быў ён у найлепшым настроі.
— О-хо-хо! Сонца яшчэ добра з-за лесу не вылезла, а ў пані ў печы ўжо пых-пых, — сказаў ён Здановічысе, пахваліўшы Езуса. — Паспяшалася ўжо для Казічка свайго. А як жа ж — найдаражэйшы госць. І мая ж таксама сёння ў печы раней, чым звычайна, запаліла, а мне загадала ісці шукаць гіцля.
— Косціка?
— Ну а каго ж? Учора як павалокся ў вашую Смалярню, дык дагэтуль не вярнуўся. Ведаю, што ля дзеўкі сваёй сядзіць, — дадаў цішэй.
— Сакалоўскай?
Васілеўскі сцвярджальна лыпнуў левым вокам.
— Ды не можа быць, — запярэчыла старая. — Я на ўласныя вочы позна вечарам падгледзела, як ваш з маім і Балашавічонкам размаўлялі доўга на нашым гумнішчы, потым падалі адзін аднаму рукі на дабранач, і Балашавічонак пайшоў дадому, Казік — у адрыну, дзе я яму паслала, а ваш вярнуўся на дзядзінец, перайшоў вуліцу і пацягнуўся праз наш сад у пушчу. На свае вочы бачыла.
Васілеўскі паварушыў вусамі, стрымліваючы смех:
— Гэта ж толькі для людскіх вачэй гіцаль так зрабіў. Дадому не пайшоў. У дзеўкі сваёй сядзіць, каб там не ведаю чаго А дзе Казік?
— Яшчэ не будзіла. Зузя! Глянь, каб бліны не прыпаліліся, а я пайду Казічка будзіць.
Караля ў хаце не было, і Васілеўскі, не маючы з кім паразмаўляць, пайшоў са старой.
— Ён папрасіў, каб пабудзіла яго на досвітку, — сказала яна па дарозе, — але я пашкадавала небараку стомленага. Хоча сёння з вашым кудысьці ў Міхалішкі ехаць.
— У Міхалішкі? Чаго іх туды нячысты нясе?
— Шчыра кажучы, не ведаю. Столькі расказаў мне, што я і зразумець не магла. Нейкі там афіцэр, нейкія калегі, нейкія кнігі, збор…
— І абавязкова сёння? Я ж яму паеду! Я яму пакажу!
Яны сталі перад варотамі адрыны. Здановічыха пагрукала кулаком у вярэі і пачала крычаць:
— Уставай, Казічку! Уставай, сынку! Ужо сонейка ўзышло!
Ніхто не адгукнуўся. Здановічыха пагрукала яшчэ раз.
— Уставай, Казюню! Ты ж прасіў, каб пабудзіла цябе. Уставай, пазнавата ўжо. Вось і пан Васілеўскі да цябе прыйшоў.
Гэткая ж ціша. Яны пачакалі хвіліну і расчынілі дзверы. Ложак быў пусты.
У вачах старой аж пацямнела ад жаху. Яна роспачна пераводзіла іх з ложка на Васілеўскага.
— Здаецца мне, мала ён грэў гэты ложак, — вымавіў Васілеўскі.
— А Божа міласэрны! — захныкала яна. — Ён ад мяне ўцёк. Уцёк у той Мурмель пракляты.
— Да што ў вас у галаве! Яны ў дзевак сваіх начуюць. Да якое падсядаў учора, не прыглядзелася?
— Ну не — на Мурмель уцяклі. Я ўжо ўчора заўважыла, што ён нешта нядобрае думае. Ён жа ні шнурам жыта, Клін праязджаючы, не радаваўся, ні худобы, да дому прыехаўшы, як мае быць не агледзеў, ні яму размовы з намі, ні весялосці. Толькі думаў і думаў сумны. А як вашага ўбачыў, дык адразу з ім убок і ну шаптацца. Уцяклі яны ад нас, уцяклі! Чаму ж ён не злітаваўся над маткай?! Якая ж я няшчасная!
Неяк і Васілеўскі насупіўся.
— Няўжо ж яны напраўду падурнелі? І аднаго дня з намі не пабыўшы, слова нам, бацькам, не сказаўшы… Не можа быць... А дзе ж Караль?
— Пайшоў у засценак, — адказала яна, зноў заходзячыся плачам.
— Можа, ён ведае. Не хліпай без патрэбы, вяртайся да бліноў, а я пайду пашукаю Караля.
Толькі яны адышлі ад адрыны на нейкія дзесяць крокаў, убачылі ў фортцы Караля, які вяртаўся з засценка. Здановічыха, пабачыўшы яго, зноў выбухнула плачам.
— Ведаеш, няма ўжо Казіка, уцёк!— заныла яна, наблізіўшыся.
— А што ён скраў у кагосьці, як мае ўцякаць? — абыякава адказаў стары.
— Далібог, няма яго ў ложку, вунь Васілеўскі пацвердзіць.
— А ты толькі цяпер дазналася? Я яшчэ калі зоркі на небе свяцілі, хадзіў у адрыну і даведаўся, што яго там няма.
Вочы маці праясніла надзея. Васілеўскі ўсміхнуўся.
— А я казаў вам, што яны ў сваіх дзяўчат сядзяць.
— У якіх дзяўчат, — запярэчыў Караль. — У Міхалішкі на Балашэвічавых конях ноччу паехалі. Я цяпер вось ад іх вяртаюся.
— Ужо ў Міхалішкі? Ноччу? Дык ён жа ж казаў, па сняданку паедзе.
— Казаў, бо так думаў, але апоўначы прыбег нейкі хлопец, сказаў, каб ехалі адразу. Казік паехаў, ваш хлопец і Балашэвічаў.
Васілеўскі, папярэдне перапрасіўшы старога і жанчыну, аблаяў сына па матушцы, а потым вымавіў:
— Морду шэльме разаб’ю і з хаты выганю, калі вернецца!
Але Здановіч рэзка асадзіў яго.
— У цябе ўжо галава сівее, а балбочаш як блазан нейкі! За што ты яго біць будзеш і з хаты выганяць? Думаеш, ён на нейкую гулянку паехаў? Яны абодва папрасілі Балашэвіча паведаміць нам, каб мы не рабілі з гэтага ў засценку шуму і не непакоіліся, калі хутка не вернуцца. То не крычы.
— А не ведаеце, што там за справа? — спытаў Васілеўскі, палагаднеўшы.
— Хто іх там зразумее. Наш Казік за вячэрай казаў, што ім трэба там ад кагосьці кнігі для нашай школы атрымаць. Вальку, калі той прыйшоў праведаць, сказаў, што іх шляхта запрасіла на вячоркі, Балашэвічу, ізноў жа, што нейкі легіянер моцна занямог. Відаць было, што не жадае прызнавацца і круціцца.
Прайшлі суткі — хлопцы не вярнуліся. Прайшлі панядзелак, аўторак і серада — ні слыху. Здановічыха была ў роспачы. Балашэвічы з Васілеўскім таксама пачалі нервавацца. Толькі Караль не выказваў ніякага неспакою, быццам ведаў таямніцу загадкавага падарожжа. Балашэвіч з Васілеўскім вырашылі, што як праз два дні тыя не вернуцца, то яны пойдуць іх шукаць.
Але наступным ранкам у чацвер усе трое былі дома. Калі яны прыехалі, як увайшлі ў двор, ніхто не ведаў, не чуў. Здановічыха ранкам выходзіць з даёнкаю, глядзіць — Казік з плугам у поле выязджае. Стаха бацькі знайшлі ў дрывотні за віццём пастронкаў. Косцік матычыў у агародзе картоплю.
— Прагулялі мы паўтыдня, але цяпер шчыра возьмемся за працу, — казалі тыя як змовіўшыся. Дзіўна доўгае перабыванне за Вончай як сваім, так і чужым тлумачылі тым, што ў нейкім хутары выпадкова натрапілі на вяселле і быццам весяліліся там да ўпаду.
У нядзелю Пятроўскі прапанаваў смалярскім гаспадарам зладзіць бяседу ў гонар легіянераў. Ён планаваў гэта яшчэ ў мінулую нядзелю, але адклаў, даведаўшыся пра адсутнасць Казіка.
Усе ахвотна пагадзіліся, ахвяруючы прадукты і дапамогу ў падрыхтоўцы. Дзяўчаты, сабраўшыся гуртам, дапамагалі дочкам Пятроўскага ўмаіць святліцу, пазасцілаць сталы, гаспадыні прынеслі стравы, гаспадары даставілі пітва.
Акрамя мясцовых легіянераў запрасілі Косціка з бацькам, Картавага з Ямаў, Аніхоўскага з Палянак, Кунцэвіча і Загорскага з хутароў і ўсіх смалярскіх гаспадароў са старэйшымі сынамі. Не на кожным вяселлі столькі страваў, пітва і народу бывае, колькі на гэтую бяседу сабралася. Ледзь за дванаццаццю сталамі змясціліся.
Легіянераў пасадзілі разам на пачэсным месцы. Калі расселася рэшта, Мечык пачаў прамову:
— Жаўнерыкі польскія, любыя хлопчыкі! За тое, што, калі мы на печы сядзелі, вы ў легіёнах служылі, на марозе працавалі, кроў сваю за любае каралеўства, за спакой гаспадарчых людзей, за чалавечую свабоду пралівалі — мы ладзім для вас гэты пачастунак. Каралеўства доўга не прабыло, немец-шэльма падмануў Доўбара, але вы ў гэтым не вінаватыя. Вы зрабілі сваё, і слава вам вялікая за гэта. Ва ўсёй парафіі няма такой аколіцы, дзе б адзінаццаць хлопцаў так сумленна ад пачатку да канца адслужылі, — тут ён падняў напоўнены келіх. — Дык дзякуем вам за гэта, шануем вас, зычым…
— Па-мойму, нічога яны не зрабілі, кроў сваю праліваючы, і няма за што ім псалмы спяваць, — прамовіў Ясь Ладан нібыта Броніку Гушчу, але так голасна, каб пачулі ўсе.
Гаспадары панасуплівалі бровы, панахмурвалі лбы. Мечык не сцярпеў.
— Я прашу, суседзі! — сказаў ён, падвысіўшы голас. — Нікога да супольнага стала не прымушалі, дык каму мая хата і мае словы не падабаюцца, можа свае косці і бутэльку сівухі забраць і спажыць ва ўласным доме. Прашу сардэчна!
Але Ясь не надта збянтэжыўся.
— Не прымушалі, але запрасілі, у кампанію прынялі, дык выганяць цяпер нядобра. Што я вам брыдкага сказаў? — вымавіў ён.
— А чаго перабіваеш? Хочаш тут быць — дык сядзі ціха і слухай, што людзі кажуць.
— Дык, любыя хлопцы, — зноў звярнуўся Пятроўскі да легіянераў, узяўшы ў руку келіх, — каб вам цяпер пасля справы весела гулялася, а калі зноў будзе нагода (бо не веру я, што Доўбар доўга выседзіць ціха), каб вы зноў сваёй службай далі прыклад усёй парафіі, а з той другой вайны вярнуўшыся, на жаданне сваё пажаніліся і аж да самай смерці жылі шчасліва. Віват, хлопцы мае залатыя!
— Віват! — хорам паўтарылі прысутныя.
Праз хвіліну слова ўзяў Казік Здановіч.
— Дарагія суседзі, бацькі і браты! Ад імя прысутных таварышаў дзякую вам за ласкавы пачастунак, за зычлівыя словы, а найбольш — за ацэнку справы нашай для Айчыны! Жаўнер ахвотна служыць, грудзі ў баі смялей падстаўляе, няўдачы цярплівей трывае, калі адчувае падтрымку блізкіх. Прызнанне вашае — шчодрая ўзнагарода для нас. Дзякуем!
А цяпер хачу адказаць на з’едлівую заўвагу майго колішняга сябра. Не буду тлумачыць, чаму сяброўства нашае сапсавалася, хто з нас ідэйную рацыю мае, бо тады магла б пачацца між намі доўгая размова. Хачу толькі запярэчыць выказванню, што мы, маўляў, нічога не зрабілі.
Глядзіце, браты! Хіба ў вайне лічыцца праца толькі тых жаўнераў, якім выпала на долю ўзяць удзел у апошняй бойцы і канчатковай перамозе? Дык вось: не. Лічыцца праца тых, хто скончыў вайну, тых, хто пачаў, і тых, хто шматкроць змагаўся з няўдачамі. Без пачатку не можа быць канца. Іншая рэч, што заслугі асобных жаўнераў і карысць ад бітваў бываюць няроўныя — адным здараецца з бітвы выйсці, другім — у няволю трапіць, іншыя загінуць, не зрабіўшы ворагу шкоды, а іншыя і ворага б’юць, і самі жывымі застаюцца — але кожны, хто браў удзел у змаганні, калі здраднікам не быў, у момант пераможнага заканчэння вайны атрымлівацца пераможцам. Вайна, у якой мы ўдзельнічалі, не пры нашай памяці і нават не пры нашым жыцці пачалася, а скончыцца толькі тады, калі ўся Рэч Паспалітая незалежнасць атрымае. Існаванне Першага корпуса і змаганне яго з ворагамі — толькі адна з бітваў у гэтай доўгай вайне. Гэтая бітва не была бясплённай. Гэтая бітва нагадала свету, што ідзе вайна за Незалежнасць, што мы ўмеем змагацца, яна дала нам адчуць зямлю пад нагамі. Калі б не легіёны, мы б не ведалі, што нашае грамадства да апошняга бою не падрыхтаванае, не ведалі б, каго трэба вучыць, каго асцерагацца.
У нас была толькі першая бітва. Але кожны легіянер верыць, што яшчэ возьме ўдзел у другой бітве, якая, Бог дасць, будзе пераможнай і, можа, ужо канчатковай. Раззбраенне нашага корпуса — не параза польскага войска, а толькі выхад з займанай пазіцыі. Час, які аддзяляе нас ад новай сустрэчы з ворагам, дазволіць правесці тлумачальную працу з народам і сабраць трохі большыя сілы. У гэтае другое выпрабаванне пойдзе не адзін корпус, а некалькі магутных армій. З нашай ваколіцы будзе не адзінаццаць жаўнераў, а сто адзінаццаць. Мы пойдзем з усведамленнем Справы, дружна, з верай у перамогу — і пераможам.
Дык вось жа, дарагія бацькі і браты, уздымем тост за поспех гэтай бітвы. Хай жыве вера ў перамогу!
— Хай жыве вера! — крыкнула ўся грамада, акрамя дзвюх асоб.
— Толькі кроў беднага народу праліваюць і больш нічога, — сказаў Ясь Броніку, але ўжо цішком, каб не злаваць гаспадара.
— Складна прамовіў, анягож, — прызнаўся Бронік.
— Думаеш, сваім розумам казаў? У белых арміях усіх унцер-афіцэраў прымушаюць вучыць на памяць такія малітвы, каб пры неабходнасці маглі хворых пераканаць у добрым здароўі. Калі б ён са мной зацяўся, я б умомант яго абсек.
Бронік недаверліва пакруціў галавой.
Пачалася бяседа. Тут не было гасцей і не было гаспадароў, таму ў хаце ад першай хвіліны пачалася весялосць. Кожны наліваў сам сабе, еў і балбатаў на ўвесь рот. Найбольш цёпла было ў кампаніі легіянераў. Некаторыя толькі цяпер сустрэліся пасля доўгай службы і расказвалі адзін аднаму цікавыя эпізоды з паходаў, сутычак і раззбраення. Усе твары ззялі гонарам ад выкананага абавязку і радасці вяртання да радзімага парога.
Толькі Юзік Аленскі паводзіўся так, быццам у яго стрэмка пад пазногцем сядзела і балесна нарывала. Пашана і пышна ўбраны стол песцілі ягонае самалюбства, але прысутнасць Косціка напаўняла трывогай. Пры думцы, што Каруся паскардзілася яму на тое, як яе зняважылі на вуліцы падчас вяселля, у хлопца гарэла скура.
«Чаму цябе сапраўды хамы не здушылі... Чаму ты не скруціў сабе дзе-небудзь галавы, халера цябе дзяры! — лаяўся ён у душы, крадком паглядаючы на Васілеўскага. — Чаму ў цябе на сэрцы скула не ўскочыла, каб ты гэтак жа мучыўся, як я ўжо пяты гадочак праз цябе мучуся, зараза ты халерная! Ну і шчасціць гаду, у столькіх авантурах быў, а ніхто яго не застрэліў і нажа не ўсадзіў».
— Што з табой, Юзік, чаму ты сёння не п’еш? — спытаў Валька Трызна, які сядзеў побач.
— Кроў у мяне кіпіць праз гэтага паганца, — гнеўна адказаў той.
— Праз каго?
— Ты яшчэ пытаешся. Праз гэтага халернага бальшавіка. Як ён мог сказаць, што мы нічога не зрабілі? Як ён мог так выказацца пры нас?! Калі б хоць пры такіх, як мы з табой, мяне б меншая злосць узяла, але з намі побач Казічак, які насамрэч кроў праліў за Айчыну, і Кастусь Васілеўскі, які больш чым у сарака бойках бываў і столькі ворагаў на той свет адправіў, колькі валосся на галаве.
Косцік паглядзеў на яго так пранікліва, што аж у пятках закалола.
«Ведае ўжо, — ёкнула ў Юзіка ўнутры. — І што рабіць? Як падысці да яго?»
— І навошта прынялі яго ў сябе? — зноў звярнуўся ён да Валькі. — Чаму не возьмуць за каўнер і не выкінуць?
— Мы не аб’яднаемся, калі будзем людзей выкідаць.
— А што, нам трэба яшчэ з бальшавікамі яднацца?
— З яго такі бальшавік, як з цябе… — ён хацеў сказаць «патрыёт».
— Як з мяне што?
— Белагвардзеец. Ён да камунізму прычапіўся толькі з крыўды, што з самага пачатку з намі не пайшоў. Да яго трэба звяртацца і абыходзіцца з ім па-братэрску, прыязна, і ён яшчэ прыйдзе да нас. Хто ведае, можа, у наступнай кампаніі ён зробіцца нашым сябрам.
— Ён — маім сябрам? Дык тое, што мы пад кіраўніцтвам Доўбара ваявалі, лічыцца не будзе?
— А колькі ты там, браце… Колькі мы з табой, браце, з Доўбарам наваявалі? Кот наплакаў.
— Колькі ні наваявалі, але гэта запісана і будзе залічана.
— Глупства. Давай вось лепш чарканемся за нашыя легіёнскія справы. Трымайся!
— На здароўе, — Юзік стукнуўся кілішкам, але, намачыўшы вусны, зноў паставіў яго на стол.
— Чаго ты не п’еш? Што з табой сёння?
— Я баюся. Дарэшты губляю памяць, калі вып’ю. Баюся, каб зноў са мной не было такога, як на вяселлі Ганкі.
— А што з табой было на вяселлі?
— Хоць забі мяне, не помню. Людзі кажуць, што крычаў як вар’ят, несусветныя рэчы балбатаў, чапляўся да ўсіх гасцей, няважна, кавалер гэта ці дама. Дагэтуль не магу ўспомніць.
Валька ботам адшукаў нагу Косціка і наступіў таму на пальцы.
— Чуеш? — заўважыў ён. — Юзік не памятае, што казаў і рабіў у Пятроўскіх на вяселлі.
— Я таксама нічога не памятаю, — адказаў Косцік, зноў пранізваючы манюку грозным позіркам.
«А каб табе лупы бяльмом зацягнула! — падумаў Юзік. — Каб на цябе маці родная ды сёстры ўсё жыццё так паглядалі! Але, відаць, ужо сцяміў, бестыя, не дасць да сябе хітрасцю падкаціцца. Здаецца, нічога не застаецца, як зрабіць пакаянны выгляд. Што яшчэ... Трэба неяк гэтую халеру залагодзіць, бо як да праўды дабярэцца, жыцця мне ў Смалярні не будзе ад сораму. Скажу гаду гэтаму, што гатовы ягонай сучцы ножкі цалаваць за тое, што яе зімой зачапіў, абы толькі не пры людзях. З мяне не ўбудзе. Можа, калі-небудзь голаў гад разаб’е, то тады я з ёй адквітаюся».
На правым крыле сталоў, каля Яся, гаспадары спрачаліся, ці аддаваць зброю немцам. Адны казалі аддаваць, другія раілі пакінуць сабе частку на выпадак новага безуладдзя ў краі. А Ясь напіраў на тое, каб не аддаваць зусім.
— Бандытаў ужо не будзе, бо савецкая ўлада ўзмацнілася, — казаў ён, — але не трэба рабіць на руку буржуазіі. Нічога не аддаваць. Мы ў пушчы гарматы схаваць можам, а не толькі стрэльбы.
Неўзабаве хлопцы па адным пачалі адыходзіць на вячоркі, якія ў той жа час адбываліся ў Вінярскіх. Косцік папрасіў прабачэння ў сяброў і таксама выйшаў.
«Як вас чакаць, то не хопіць часу пабыць з маім анёлкам», — сказаў ён сам сабе. Ён намагаўся быць спакойным, але чым бліжэй падыходзіў да двара Вінярскіх, тым хутчэйшымі рабіліся ягоныя крокі. Калі пачуў гукі музыкі, ледзь стрымаўся, каб не бегчы бегма, як нейкі падшпарак.
Хлопцаў з ваколіцы напрыходзіла столькі, што палова мусіла стаяць ля парога, чакаючы сваёй чаргі на танец. Акурат быў чароўны вальсок, на музыку якога групка дзяўчат, што сядзелі на канапе, спявала:
Быў збіты алень паляўнічага стрэлам,
І сэрца параненае ўсё трымцела...
Некаторыя танцоры дапамагалі хору.
Косцік выбраўся ў першы шэраг хлапечага натоўпу і пачаў шукаць поглядам Карусю. Знайшоў яе каля левага акна ў таварыстве Касі Сцяпуры. На ёй была гладкая блакітная спаднічка і белая як снег кофтачка, шырокая ўнізе. Каса была скручаная ў акуратную куклу, густа ўсаджаную грабеньчыкамі, на лоб спадала маленькая грыўка, закручаная па модзе. На шыі паблісквалі дзве ніці буйных пацерак з крыштальнага шкла. Да грудзей яна прычапіла букецік з палявых браткаў. Не было ў хаце хлопца, які б, глянуўшы на яе, не сказаў сам сабе: «Але ж і краска!»
Яна сядзела, закінуўшы нагу на нагу, паўабярнуўшыся да акна, забаўляючыся галінкай лёзкі, што квітнела ў вазончыку. Сцяпура паглядала на танцораў і новапрыбылых хлопцаў, відавочна чакаючы свайго Вальку. Заўважыўшы Косціка, яна жыва павярнулася да Карусі, нібы паведамляючы ёй пра ўбачанае. Але тая ні азірнулася, ні змяніла позы.
— Калі жадаеш, то бяры і ляці, бо яшчэ пяці хвілінаў не прайшло, як гэты танец пачаўся, — паведаміў Карапузя.
Косцік абмінуў танцораў і стаў перад Карусяй.
— Добры вечар паненкам, — ветліва павітаў ён абедзвюх.
— Добры вечар, — адказалі яны. Кася прыемна ўсміхнулася, Каруся зрабіла грымаску.
Ён запрасіў яе на танец. Яна пагадзілася, але ўстала з відавочнай неахвотай.
— Ты ўжо за штосьці на мяне злуешся? — спытаў ён, калі яны апынуліся ў коле.
— А дзе ты ездзіў, слова мне не сказаўшы? — прамовіла яна.
— А, ты пра гэта! Хіба не ведаеш? Хіба Казік са Стахам не казалі? Мы за Вончай былі.
— Так-так, за Вончай, — паўтарыла яна іранічна. — На вяселлі гулялі. І хто ж там жаніўся, сябра нейкі ці, можа, брацік кагосьці з вас?
— Сябра Казікаў, з якім разам у школе вучыліся.
— Казікаў… А як жа яго завуць? Я шмат каго знаю за Вончай.
— Як завуць? А вось забыўся. Спытай у Казіка, ён павінен добра помніць свайго сябра.
— Слухай, Кастусь! Чаму ты зрабіўся такім хлуслівым? Навошта лжэш?
— Я хлуслівы? Хай мяне трасца возьме, калі я хлушу.
— А чаму тады праўды не кажаш? Галаву на адцён дам, што не за Вончу вы ездзілі. Кажы, дзе быў!
— Спытай іх. Я не магу казаць іначай ад іх.
— Не можаш — не кажы. Як ты да мяне, так і я да цябе буду.
Яна не пыталася, не адказвала яму і нават не глядзела на яго, пакуль не спыніўся танец. Калі музыка сціхла, Косцік падаў ёй руку, каб правесці на месца, але Каруся паведаміла, што ўжо вяртаецца дадому.
— Ужо дадому?! — жаласна ўскрыкнуў ён. — Каруська! За што ты на мяне прагневалася? Бог мне сведка, я ні ў чым перад табой не вінаваты!
— А я ні ў чым цябе і не віню, — капрызна гледзячы, буркнула яна і адскочыла да яго, збіраючыся дадому.
Косціку здалося, што сведкі гэтай сцэны глядзяць на яго, усміхаючыся са шкадобай, таму ён адразу нацягнуў на твар усмешку, ускінуў руку, пару разоў зухавата прайшоўся па святліцы, а потым выйшаў і пабег да сядзібы Здановічаў.
З усёй сям’і дома заставалася толькі старая — секла каля хлява ў карыце капытнік.
— Казік яшчэ не вяртаўся? — спытаў ён.
— Не, дзеткі, ні Казік, ні стары не вярталіся. Ты, можа, малака хочаш?
— Не да малака мне. Дазвольце пачакаць у вас, пакуль Казік вернецца.
— Ты яшчэ пытаеш!
Ён зайшоў у гародчык, які адмяжоўваў хату ад вуліцы і дзядзінца, сеў на прызбе пад акном, скруціў з самасаду папяросу ў палец таўшчынёй, закурыў і задумаўся. Ягоны твар захмарыўся смуткам, вочы напоўніліся слязьмі.
— Што рабіць? Як патлумачыць галубаньцы, каб не разгневалася?
У засценку гудзела нядзеля. Ад Вінярскіх даносіліся адгалоскі ўсё больш зухаватых танцаў, за хлявамі чуўся смех падлеткаў, якія забаўляліся на каруселі, ля калаўрота сваволіла дзятва. Вуліца поўнілася мінакамі. Адусюль даносіліся гоман і нязмушаны смех. Толькі Косціку было сумна, хаця амаль гадзіну таму ён лічыў сябе самым шчаслівым на свеце чалавекам. Калі б ён ведаў, што яе маці няма дома, то пайшоў бы да Карусі, каб перапрасіць. Пры кожным гуку крокаў з усходняга канца вуліцы ён паглядаў за частакол, спадзеючыся, што гэта яна чамусьці ідзе да Здановічаў або вяртаецца на вячоркі. І калі пазнаваў у мінаку іншага, то ціха праклінаў яго, аж трава вяла.
Выкурыў адну папяросу і адразу скруціў новую, запаліўшы ад агню папярэдняй.
«І чаму гэта яна так цікавілася? Можа, толькі шукае прычэпкі? — нарадзілася падазрэнне. — Можа, я ўжо ёй абрыд, зрабіўшыся цывільным?»
Раптам ён адчуў, як нехта сарваў з яго шапку. У імгненне вока ўскочыў і азірнуўся. Сэрца ад радасці ледзь не выскачыла з грудзей. У адчыненым акне стаяла Каруся і, хаваючы за спінай шапку, хітра ўсміхалася.
— Як ты падкралася? Як ты раскрыла акно, што я цябе не пачуў?! — крыкнуў ён, захлынаючыся ад шчасця.
— А ты думаў, што толькі ты ўмееш падкрадацца, а я не? Уцякай з дарогі — скакаць буду!
— Ты што! Яшчэ нагу падвернеш.
— Дай дарогу, кажу! — яна ўлезла нагамі на падаконне і са спрытам дванаццацігадовага мальца скокнула на некалькі крокаў уперад.
— Вось бачыш, я магу! — пахвалілася яна.
— А я ўжо баяўся, што ты мне не прабачыш.
— А ты думаеш, я прабачыла? Спачатку ты мусіш сказаць мне шчырую праўду.
Яна аддала яму шапку, зняла з плота чыстую дошку, паклала яе на самым канцы прызбы, абкружаным густымі кустамі малін, і, усеўшыся побач з ім, пачала дапытваць.
— Кажы, не круціся, бо я пакуль не выцягну з цябе праўды, не адчаплюся. Кажы, куды ездзіў!
— Карусенька! Хіба ты думаеш, што я ў нейкай дзяўчыны быў?
— Не, так я не думаю. Мяне толькі злосць бярэ, што ты круцішся і нейкі сакрэт ад мяне хаваеш. Навошта хлусіш?!
— Адкуль ты ведаеш, што мы не за Вончай былі?
— Ведаю. Балашэвіч казаў Здановічысе, што коні былі так замучаныя, быццам як мінімум дзвесце вёрстаў прайшлі. А па-другое, чаму вы выязджалі ноччу і гэтаксама крадком вярнуліся?
— Так, мы былі не за Вончай. Але дзе, я сказаць табе не магу.
— Не скажаш?! Значыць, я для цябе нуль?
— Ды я на твой загад босымі нагамі па чырвоных вуглях хадзіць буду, але гэтага ні ў якім разе не магу табе сказаць, бо справа агульная.
— Што значыць агульная?
— Гэта значыць, што калі я яе выдам, то не толькі сам магу загінуць, але шмат іншых людзей.
Але такія словы толькі распалілі цікаўнасць дзяўчыны.
— Дык ты баішся, што я цябе выдам?! — абурана закрычала яна. — Кастусь! Брацік дарагі! Ты ж ведаеш, што я на свеце жыць бы не хацела, калі б ты, барані Божа, загінуў! Як я магу цябе выдаць? Каб мяне на дробныя кавалкі пасеклі, каб мяне на шыбеніцу павялі, але калі я буду ведаць, што гэта пагражае твайму жыццю ці гонару, не выдам. Я ж ужо не такая, як была. Можаш казаць мне смела, як найвярнейшаму свайму сябру. Скажы, брацік! Скажы, мілы! А калі ты мяне не паслухаеш, значыць, не кахаеш як належыць.
Яна маліла, заклінала, пагражала, нават спрабавала плакаць, і нарэшце ён здаўся.
— Толькі помні! — прамовіў ён. — Калі ты сваёй клятвы не стрымаеш, то загіну я, Казік, Стах і яшчэ двое хлопцаў! Помні!
— Найсвяцейшай Паннай клянуся!
— Нават Казіку не дай зразумець, што ведаеш.
Ён падняўся, зазірнуў за рог, агледзеў кусты, сунуў галаву ў акно, праверыў, ці ёсць хто ўнутры хаты і, вярнуўшыся да Карусі, сказаў амаль шэптам:
— Мы зброю з бабруйскага казённага лесу ў нашую пушчу вазілі.
— Зброю?! З лесу? Якую зброю?
— Ваенную, легіённую: вінтоўкі, патроны, кулямёты.
— Вось як! Вам што, легіянеры аддалі?
— Аддаваць не аддавалі, але праз пальцы паглядалі, як мы з Казікам з бабруйскіх «цэхгаўзаў» патроху бралі і вывозілі на лагерным возе ў казённы лес. За два тыдні да звальнення мы з ім гэтую працу пачалі.
— І шмат вывезлі?
— Глядзі: мы ўжо ў пушчу воз вінтовак перавезлі, воз патронаў і адзін кулямёт. У казённым лесе яшчэ застаецца адзін кулямёт, сорак шабляў і дзвесце пяцьдзясят камплектаў навюткай вопраткі.
— Ай-я-яй! Нашто вам столькі?
— Нашто? Што мусілі забраць швабы, тое няхай ляжыць у нас. Есці ж не просіць. Можа, Бог дасць, спатрэбіцца.
— А вас хоць ніхто па дарозе не бачыў?
— Здаецца, не. Мы праз самую гушчу лясоў паціху прабіраліся. Праз гэта паездка заняла цэлыя чатыры дні.
— Ой, як вы набедаваліся… Толькі добра ўсё захавайце, каб ніхто не дазнаўся.
— О, пра схованку мы не турбуемся. Я знаю ў пушчы адно такое месца, што акрамя мяне, нічыя нага там не ступала.
— Можа, ты мне калі-небудзь пакажаш?
— Гэтага я ні ў якім разе не зраблю.
— Можа, і Юзік Аленскі да вашай справы належыць?
— От знайшла хаўрусніка! Ён бы справе дапамог як кашаль хваробе. Ніводзін смалярскі легіянер пра гэта нават не ведае.
— Гэта і лепш. Сцеражыся, брацік, Юзіка, ён страшна хітры юда і прадажнік. І вельмі помслівы. Сцеражыся яго!
Ёй прыйшло да галавы, што варта паскардзіцца, як той узімку на вуліцы штурхнуў яе па-грубіянску, але падумаўшы, што з гэтага вынікне сварка, адмовілася ад такой ідэі, адклаўшы яе на потым.
— Можа, хочаш патанчыць? Тады вернемся на вячоркі, — прапанавала яна.
— Не, лепш застанёмся, мне і тут вельмі добра.
Яны замілавана паглядзелі адно на аднаго. Ён абняў яе за талію і прытуліў да сябе.
— Каруська! — прамовіў ён. — Ты яшчэ ніколі не была такая прыгожая, як сёння! Ты побач з іншымі дзяўчатамі — як зялёны май побач са слотнай восенню.
— Перастань такія глупствы казаць! Лепш раскажы, як ты быў на вайне, якія прыгоды меў. Ты мусіш ведаць шмат цікавага.
— Што праўда, то не грэх. Толькі б ты жадала слухаць, бо мне хопіць апавяданняў на паўгода. Але спачатку пахвалюся табе нашымі планамі. Ведаеш што, мы хочам заснаваць ў Смалярні таварыства.
— А што гэта будзе такое?
— Ты не ведаеш, што такое таварыства? Як бы табе ясна растлумачыць... Гэта такі хаўрус паміж людзьмі, такая сябрына для ўзаемнай дапамогі або работы нейкай, якую можна толькі разам весці. А найважнейшай нашай работай будзе навучанне.
— Я ведаю, вы будзеце вучыцца ваяваць.
— Чаму адразу ваяваць? Гэтага нам швабы не дазволяць. Спачатку мы павінны даведацца, як трэба ваяваць і за што. Спачатку трэба розуму набрацца. Мы будзем вучыцца чытаць, пісаць, лічыць. Будзем даведвацца, які наш свет, якія ў ім жывуць народы, па якіх законах і як. Далей — хто мы такія, як жылі нашыя прадзеды, ці добра валадарыла колішняя Рэч Паспалітая і што трэба зрабіць, каб усім людзям добра было. Гэтаму таксама будзем вучыцца.
— Вы ўтрох дасканала гэта ведаеце.
— Што ведаем, таму навучым тых, хто не ведае, а чаго не хапае, будзем шукаць у кнігах і вучыць разам. Мы ўжо абдумалі статут, на які нашае таварыства абапірацца будзе і праграму на першыя месяцы. Назавём яго «Сіла». У наступную нядзелю клікнем моладзь, выберам камітэт і пачнём прымаць сяброў.
— Шмат думаеце прыняць?
— Колькі ўступіць. Хто толькі захоча з моладзі. І нават з жанатых, хто маладзейшы. Кожнага прымем. Вось як ты захочаш, то таксама запісвайся да нас.
— Як гэта, і дзяўчат прымаць будзеце? Жартуеш?
— Я сур’ёзна. Казік казаў, што дзяўчаты мусяць з намі быць абавязкова, каб хлопцы ахвотней прыходзілі на зборы і каб з дзяўчат памочнікаў сабе зрабіць. І ён мае рацыю. Вось ты, напрыклад, добра разумееш нашую справу і, ведаючы, што яна будзе карысцю і шчасцем для нас і іншых людзей, ухваляеш мае намаганні, а я, ведаючы гэта, не толькі не думаю спыніць намаганні, але хачу іх падвоіць, хачу штосьці важнае для Айчыны зрабіць, бо ведаю, што тады ты мяне яшчэ больш кахаць будзеш. Нават калі я часам думаю, што давядзецца калісьці ў полі легчы або мяне на шыбеніцу ворагі павядуць, то, нагадаўшы сабе, што памру за дарагое нам усім, меншы смутак адчуваю. Але рэдка якая дзяўчына такая разумная, як ты, мая мілая. Большасць нашых жанчын лічыць, што агульнай справе толькі тады трэба служыць, калі ўрад прымушае, а дабравольцы, на іх думку, ідуць або следам за сябрамі, або для пашаны, для нашывак, для форсу перад людзьмі, або праз гультайства, не жадаючы на зямлі гаспадарыць. Такая ўжо не крылы для свайго таварыша, а путы. Такая ўвесь час будзе свайго хлопца ці мужа пілаваць, каб думаў толькі пра яе, пра хату, пра гаспадарку, пра дзяцей. А калі нехта з мацнейшай воляй, нягледзячы ні на што, вырашыць пайсці, яна будзе павучаць, каб на службе трымаўся ззаду, і намаўляць, каб хоць якую ўзнагароду за свае намаганні заслужыў, таму што калі паляжа або скалечаны будзе, то ў думках чалавечых дурнем застанецца, бо пайшоў як дабраволец.
— А адкуль ты ведаеш, што я разумею вашую справу?
— Як адкуль! Казік мне да апошняга слова паўтарыў тое, што ты яму казала.
— Ведаеш, брацік, цяпер я цябе лепш разумею. Я сама абдумвала кожнае яго слова і разважала пра яго праўду сваім розумам. Казік казаў: Польшча мусіць быць праўдай. Я сабе падумала: калі Польшча мусіць быць чыстай праўдай, то трэба разумець так, што ніхто ў ёй не мусіць быць пакрыўджаным. І пачала сама сябе пытаць: каму і якая крыўда чынілася? Што Польшча павінна рабіць, што выпраўляць, каб ад яе ўсім людзям добра было? Чаго нам, смалерчукам, не хапала — пра гэта я безліч разоў чула, але ад чаго іншыя людзі пакутуюць? Чаго прагнуць людзі з іншых засценкаў, двароў, вёсак, мястэчак? Я так мала бывала па-за Смалярняй, так мала парадкам свету цікавілася, што ледзьве згадала дзве чалавечыя скаргі, якія, па-мойму, вельмі важныя.
Раз узімку, на змярканні — ты тады яшчэ ў Вончы вучыўся — прыцягнуўся да нас з пушчы стары мужык. Ён, відаць, быў добрым знаёмым маіх бацькоў, бо як толькі ўвайшоў, назваў маці па імені, хутка наказаў падаць сухія штаны, парцянкі ў лапці і грэць «чай». Мокры быў да пояса і азяблы, ажно тросся ўвесь. Пераапрануўся ў сухое, пад’еў, напіўся гарбаты, потым яны з бацькам раскурылі люлькі і палезлі на печ балбатаць. Мы з мамай пралі пры печы і слухалі іх размовы.
Гэты чалавек апавядаў, як праходзіла ў пушчы аблава, з якой ён вяртаўся. Казаў, што яшчэ добра не развіднела, калі леснікі іх, трыста мужыкоў-загоншчыкаў, расставілі шнурам у лесе, загадалі чакаць на месцы, пакуль не прыйдуць паны і не дадуць знак рушыць. Мароз быў — аж вочы зліпаліся, але ім не толькі нельга было распаліць агонь, але нават тупаць голасна, каб заўчасна не палохаць звяроў.
Прайшла, казаў ён, гадзіна — паноў няма. Прайшла другая і трэцяя — таксама няма. Яны пачалі наракаць і збірацца дадому, але леснікі прыстрашылі, што калі хто адыдзе, то ні сям’і ягонай, ні худобы ў лесе не застанецца. Нарэшце ў самы поўдзень прыехалі паны. У тоўстых валёнках, цёплых футрах, у мяккіх падушках, з намётамі з мэбляй, з кухняй, з лёкаямі. Яны разбілі намёты, расставілі мэблю і пачалі абедаць і піць гарбату. Толькі пасля абеду, які трываў як мінімум гадзіну, яны загадалі мужыкам гнаць на іх дзічыну.
Падрабязна расказаўшы, як яны гналі, як ён па пояс праваліўся ў гнілы ўжар, колькі і чаго настралялі паны, госць пачаў наракаць на вялікую несправядлівасць у Расіі. Я помню амаль усе ягоныя словы. «Скажы мне, Пранціш, — казаў ён, — чаму ў нас такая няроўнасць? Чаму адзін не мае часу добра выспацца ад працы, а другі святкуе штодня? Чаму адзін спажывае хлеб з мякіны, посную капусту і нячышчаную картоплю, а другі кожны дзень папівае чаёк з пшанічнай булкай, нашмараванай маслам, і яечню з мясам жарэ колькі ў бруха ўлезе? Чаму ў аднаго голыя каленкі з портак свецяць, а другі ў аксаміце і дарагіх футрах ходзіць? Чаму адзін загадвае, а другі пакорліва слухаецца? Чаму адзін увесь свой век плача, а другі скача? Чаму так?» А татка яму на гэта: «Калі ты так моцна чужога багацця і чужой долі прагнеш, то ты дурак».
— Ну да, я на сваёй чвэртцы дурак, — казаў мужык, — а ты ўжо, калі ўдалося набыць цэлую валоку, то хітрым зрабіўся. Ты ўжо за багачамі цягнешся. Ведаеш, Пранціш, калі б я быў царом, то загадаў бы ўсё вашае ляшскае племя выразаць. Ад вас нашая нядоля.
Я думала, што татка выганіць яго з хаты за такія словы, але той нават не разгневаўся.
— Ні ўздыхаючы аб багацці, ні выразаючы нас, долі сваёй ты не паправіш, — спакойна адказаў ён мужыку. — Я ўжо не раз казаў: Саўка самы вялікі дурак ва ўсіх Шышках.
З таго часу я доўга верыла, што мужыцкі люд не толькі прагне нашай згубы, але і асабліва дурны і ласы да чужога. Але аднойчы здарылася так, што і ад польскіх людзей я пачула гэтае ж нараканне.
Аднойчы пасля аўсянага жніва мы з таткам паехалі ў Бабруйск прадаваць масла, назбіранае за лета, сушаныя баравікі, воск, шчэць і іншыя дробязі. Я добра не памятаю, але, здаецца, гэта было ў той год, калі ты пачаў насіць балдахін. Дык вось, толькі мы сталі на рынку, як ля нас спынілася жанчына, апранутая бедна, але па-гарадскому, і пачала з намі вітацца. Гэта была таткава далёкая сваячка, што выйшла замуж за Станчыка з Брожкі, які, засадзіўшы свае два моргі ў засценку картопляй, заўсёды выязджаў на лета ў Бабруйск на заробкі. Павітаўшыся, яна спыталася пра здароўе і пачала прасіць нас, каб заехалі ў госці. Татка меў шмат справаў і ведаў, што ў іх няма месца, каб паставіць каня, таму згадзіўся толькі адпусціць мяне на якую гадзіну, з умовай, каб пазней мяне правялі да Хмары, дзе мы збіраліся начаваць.
Сёння я ўжо і не згадаю, у які бок ад рынку мы пайшлі, але ішлі доўга і прыйшлі да хаткі, маленькай, як нашая лазня, толькі пабеленай усярэдзіне. Яна пазнаёміла мяне з чацвёркай сваіх дзяцей, смачна пачаставала і, запакаваўшы мужу падвячорак, прапанавала пайсці з ёю.
— Пакажу майму Фэльку, якая прыгожая пляменніца ёсць у маёй сям’і, — сказала яна па дарозе.
Яе Фэлька працаваў на будоўлі вялікай камяніцы. Памятаю як цяпер, што людзей было як мурашоў: адны мясілі гліну, другія падымалі ўгору цэглу, іншыя муравалі. Станчык падымаў на спіне цэглу на чацвёрты паверх. Калі ён вярнуўся зверху, то дыхаў цяжка, як чалавек, што прабег вярсту. Ён паглядзеў на мяне, пагладзіў падбароддзе і пачаў есці. Жонка расказвала яму пра нашую сям’ю, пра Смалярню, а я з цікаўнасцю разглядала ўсё навокал, бо гэта быў цэнтр горада.
Насупраць стаяла другая камяніца, такая ж высокая, але ўжо скончаная. Яна была, можа, прыгажэйшая за палац Кунцэвічаў. На адным з верхніх гаўбцоў сядзела кампанія маладых мужчын і жанчын, апранутых па-панску. З-за гаўбцовых дзвярэй даносілася музыка і быццам гукі танцаў. Гэта быў будні дзень, таму я спытала сваякоў:
— Гэта нейкае вяселле?
— У буржуяў кожны дзень вяселле, — адказаў Фэлька.
А жонка дадала:
— Лепш не глядзі на іх, дзеткі, гэта нашыя крывапіўцы.
Я зразумела, што ім не падабаецца, як я тароплюся на забавы багачоў, таму больш нічога не пыталася і абярнулася ў іншы бок. Але Станчыха, праводзячы мяне да Хмары, сама растлумачыла, што там, дзе ішла забава, жыве важны генерал, а палац, які будуюць, належыць «упраўляюшчаму ліцейнага завода», які, не вымаючы рук з кішэняў, зарабляе ў дваццаць восем разоў больш, чым яе муж, што цягае на плячах цэглу. Потым яна пачала наракаць на свой лёс, на несправядлівасць у свеце. Яна прызналася, што яе сям’я служыла на ардынарыі ў маёнтку, і расказала пра горкае жыццё дваровых парабкаў. Яна казала, што трэба кожны дзень ад світанку да вечара працаваць, а над каркам вечна стаіць аканом, які крычыць на людзей, як на быдла, а падлеткаў за нядбаласць нават пугай па лытках сячэ. Казала, якая туга яе ахоплівала, калі ў полі яна не магла ад болесці паясніцы сваёй разагнуць, а памешчыцы побач каталіся на стаенных конях. Казала, што нягледзячы на цяжкую працу і падпарадкаванасць аканомам, яны не маглі есці і апранацца нават так, як арандатары на паўвалоках, і акрамя таго ўсюды лічыліся найгоршымі.
— Дык чаму вы не пайшлі ў арэнду? — спытала я. А яна мне на гэта:
— А ты думаеш, дзеткі, што арэнду можна пачаць без гроша ў кішэні? Мы б з Фэлькам і цяпер за яе ўзяліся, калі б мелі чым плаціць.
Вяртаючыся дадому, я расказала пра ўсё татку.
— На свеце ёсць людзі, якія жывуць яшчэ горш, чым яны, — адказаў ён мне. — Так заўсёды было на свеце, і так будзе. Лесу Бог не раўняў, дык і людзей нельга зраўняць.
Я тады адчувала вялікую радасць, што я не дачка парабка.
Цяпер я дакладна абдумала абедзве скаргі і зразумела, што так быць не павінна, бо ў гэтым — вялікая несправядлівасць. Гэта крыўдна — цэлы дзень галодным мерзнуць у лесе, каб другі, адагрэўшыся ў футры, наеўшыся чаго толькі душа прагне, мог пабавіцца стралянінай па звярах. Гэта крыўдна — атрымліваць за сваю цяжкую працу ў дваццаць разоў менш, чым той, хто стаіць над табою, склаўшы рукі на спінай; будуючы камусьці палац — самому жыць у цёмнай хатцы нават без падлогі.
Жудасная крыўда гарбаціцца пад крыкі аканома ад світанку да вечара, каб памешчыкі маглі набіць жываты смакоццем, убрацца ў ядваб і дарагія сукенкі, катацца на коніках у будні і штодня ладзіць балы. Так не павінна быць!
Ведаеш, Кастусь, я не знаю, якія людзі жывуць у іншых частках свету, якія ў іх парадкі, не знаю, што напісана ў законах Польшчы, мужчыны нашыя — адзін адно балбоча, другі — другое, але веру, што будзе справядлівей.
Я думаю, што Польшча зробіць так, каб кожны чалавек, займаючыся сельскай гаспадаркай, мог набыць сабе хаця б паўвалокі зямлі, на якой ён без аканома над каркам вырасціць сабе ўдосталь хлеба і без панскай ласкі будзе пасвіць сваю худобу. А каму не будзе падабацца ў вёсцы, каго не будзе ганьбіць праца на чужога дзядзьку, той будзе жыць у горадзе, але плаціць яму будуць столькі, колькі ён зарабіў, не абдзіраючы дзеля тых, хто хоча бавіцца ў будні дзень. Я веру, што калі Бог лесу не зраўняў, то і людзей немагчыма зраўняць, але па-мойму, калі нехта хоча ўзвысіцца, няхай робіць гэта ўласнымі рукамі, уласнай сілай, уласным розумам, без крыўды і выязджання за кошт іншых. Ну скажы, Кастусь, я няправільна разумею? Скажы, як напісана ў законах Польшчы.
— Ведаеш, мілая, законы Польшчы яшчэ не складзеныя як належыць, але не можа быць іначай, чым ты сказала. Мы ўсе верым, што ў Польшчы, калі, дай Бог, мы яе вызвалім, крыўды не будзе нікому.
— Так яно і будзе, брацік, як я сказала. Вось убачыш, — з глыбокім перакананнем падтакнула Каруся.
Калі б Доўбар-Мусніцкі прадбачыў падманлівыя намеры немцаў, лёс польскага войска, а значыць, і ўсёй Справы, несумненна, пайшоў бы іншым шляхам. Пасля канцэнтравання корпуса ў надбярэзінскіх землях можна было б завербаваць мясцовых палякаў, рэквізаваць ужо зарэгістраваных коней, забраць назапашаную ў Бабруйску зброю і перайсці Дняпро, а адтуль кіравацца ва Украіну да іншых польскіх атрадаў або чакаць іх прыбыцця. Калі адна толькі Трэцяя дывізія здолела прабіцца з Ельні да Бабруйска, то саракатысячны корпус яшчэ лягчэй мог прабіць сабе дарогу ў любым кірунку. Спалучэнне і цэментаванне ўжо наяўных адзінак у адну моцную і незалежную армію і яе пераможныя аперацыі абудзілі б патрыятызм у астатніх паляках з разбітага расійскага войска і натхнілі б іх злучыцца ў шэрагі са сваімі братамі. Тады яшчэ толькі мізэрная частка тых рэшткаў войска, лік якіх ішоў на сотні і тысячы, шчыра прыняла камунізм, а іншыя былі хіба што агаломшаныя безуладдзем і агітацыяй разнастайных партый. Упэўненая супраца з кааліцыяй і магутнае войска падчас паразы немцаў моцна паспрыялі б вызначэнню межаў Рэчы Паспалітай.
Але так магло быць, калі б на чале корпуса быў не толькі добры гаспадар і арганізатар, але і хітры і смелы, з надзвычайным стратэгічным геніем палітык. А менавіта гэтага Доўбару не хапала. Першую і галоўную памылку ён зрабіў, пачаўшы дзейнічаць у саюзе з немцамі падчас акупацыі памежных тэрыторый Літвы. Ён паверыў запэўніванням прусакоў, што калі корпус не будзе чыніць перашкоды справам Райху, то і яны не будуць умешвацца ў кіраванне акупаваных імі зямель і росту ягоных сілаў замінаць не будуць аж да канца вайны.
І вось ледзьве бальшавікоў за Дняпро адкінулі і разбой унутры краіны спынілі, як «саюзнікі» пачалі высоўваць корпусу новыя патрабаванні ад імя Райху, абмяжоўваючы вызваленыя імі землі і са зброяй ушчэмліваючыся паміж польскіх участкаў без папярэдняй на тое згоды камандавання. Намеры прусакоў былі ўжо празрыстыя, але Доўбару не хапала адвагі таргавацца з імі. Паход за Дняпро, які раілі іншыя генералы, ён палічыў занадта рызыкоўным. Каб не мець адказнасці перад нацыяй, ён паслаў па інструкцыі да Рэгенцкай рады Польскага каралеўства, у якой не было ні сапраўдных палітыкаў, ні знаўцаў вайсковых справаў і якая без згоды нямецкага ваеннага штабу не магла выдаць польскаму войску ніводнага распараджэння. Ён марнаваў час на камунікацыю з ёй, на нарады, а немцы тым часам усё глыбей ушчамляліся ў землі корпуса і канцэнтравалі вакол свае сілы. Толькі падрыхтаваўшыся як трэба, яны паказалі сваю падступнасць, адкрыта запатрабаваўшы раззбраення.
Доўбар яшчэ цешыў сябе спадзевамі, што дастукаецца да сумлення немцаў. Праз свайго пасярэдніка ён нагадваў прускім генералам іх першыя абяцанкі наконт легіёнаў, пералічваў паслугі, зробленыя корпусам нямецкаму войску, заклікаў да жаўнерскага гонару, запэўніваў у лаяльнасці да Антанты — але прусакоў гэтым не ўзрушыў. Ён падпарадкаваўся загаду, хоць шмат здольных афіцэраў пераконвалі яго, што паход за Дняпро яшчэ і цяпер мае шанец на поспех. Распачаты супраць яго бунт не атрымаўся.
Пачалося паступовае раззбраенне і дэмабілізацыя легіянераў. Гэта доўжылася ўвесь чэрвень. У той час улада доўбарцаў у надбярэзінскіх землях была толькі для прыклёпу.
І прыйшлі новыя валадары — чужыя мясцовым па крыві, мове і душы.
Да вайны тутэйшыя людзі ведалі пра немцаў толькі тое, што гэта народ, які насяляе тэрыторыю, роўную адной Архангельскай губерні і не мае ўдосталь уласнага хлеба. Расказы жаўнераў, якія былі на нямецкім фронце, а таксама факт пераможнага пакуль вядзення вайны з некалькімі дзяржавамі адразу пераканалі надбярэзінскіх сялянаў у тым, што германцы — узор дабрадзейнасці, парадку, недасяжнай мужнасці і мудрасці. Расказвалі, што ў Германіі ніхто не крадзе, не хлусіць, не напіваецца, што ўсе вельмі працавітыя і ўмеюць так гаспадарыць, што нават дым з комінаў могуць ператвараць у пажытак. Што там кожны звычайны чалавек восем гадоў вучыцца ў школе, а афіцэры такія разумныя, што могуць чытаць чалавечыя думкі. У бойцы кожным стрэлам яны трапляюць у мэту і ні ад якой небяспекі не ўцякаюць, бо абсалютна не знаюць, што такое страх. Што яны далікатныя і справядлівыя. У некаторых мясцовасцях гэтае перакананне ў выключнай дасканаласці немцаў так замацавалася ў свядомасці людзей, што нават камуністычная прапаганда не здолела пахіснуць яго.
Таму калі з’явілася першая нямецкая салдатня, людзі хадзілі за ёй натоўпам, гледзячы на прыбышоў як на істот з іншай планеты або на бостваў. Шмат было добрых надзей і чаканняў, што цяпер пачнецца будаванне дарог, чыгункі, фабрык і заводаў, асушэнне балот і нават экспрапрыяцыя панскай зямлі на карысць сялянаў. А чаго ж яны прыйшлі да нас, як не дзеля таго, каб вызваліць ад ляхаў і навесці ў краі такі парадак, як належыць, казалі людзі. Яўрэйчыкі, якія служылі акупантам тлумачамі, прадказвалі хуткае выданне важнага маніфесту.
Вось і выдалі. Гэта быў дэкрэт, які загадваў грамадзянам пад страхам смяротнай кары аддаць новым уладарам усю наяўную зброю і дакладна выконваць усе распараджэнні. Амаль ніхто не думаў аслухацца «разумных дабрадзеяў», але людзі яшчэ не прывыклі да нямецкага выканання загадаў, марудзілі, азіраючыся адно на аднаго. Пасля таго як тэрмін, пазначаны ў загадзе, скончыўся, у некаторых вёсках з’явіліся карныя экспедыцыі і правялі рэвізію, а вінаватых у марудлівасці пацягнулі на шыбеніцу. Не дапамаглі ніякія тлумачэнні, просьбы, умяшальніцтвы. Целы закатаваных некалькі дзён трымалі на шыбеніцах, каб людзі пераканаліся ў духоўнай вышэйшасці нямецкай расы.
Гэта быў першы акт паляпшэння сялянскай долі. Пасля пачаліся рэквізіцыі. У вёску прыехалі жандары з тлумачом, палічылі дамы і загадалі даставіць у горад па адной жывёліне ад двара. Швабы на станцыях ад задавальнення толькі вусы падкручвалі, весела шваргочучы між сабой, калі запалоханыя шыбеніцай людзі пхаліся з худобай адно перад адным, баючыся, каб за спазненне іх не палічылі бунтаўнікамі. Адным выдалі квітанцыі, у іншых толькі прозвішча, перакручваючы вымаўленне, запісалі і загадалі вяртацца дадому. Хто асмеліўся пытацца пра выплату, атрымаў бізуна.
Не паспелі адпачыць пасля дарогі — зноў з’явіліся жандары. Гэтым разам загадалі малаціць жыта і даставіць у горад па мяшку зерня. Пасля жыта пайшлі авёс, ячмень, потым зноў быдла. Тыдня не праходзіла, каб штосьці не рэквізавалі. У абыходжанні з людзьмі яны былі грубымі. Без нагоды, усяго толькі не разумеючы тлумачэнняў чалавека, яго зневажалі, лупілі палкай, не гледзячы, мужчына гэта, жанчына ці сівы стары. За сталом паводзіліся як быдла. Па сваёй патрэбе сядалі дзе хочацца, ніякага сораму перад людзьмі не адчуваючы.
Праз два месяцы кожны зразумеў, што гэта ўсяго толькі дзікуны, арганізаваныя ў палкі і адпраўленыя забіваць, вечна галодныя, сквапныя, жахлівыя.
Але ў культуру народа гэтым разам яны не ўмешваліся. Уся іх увага і намаганні былі скіраваныя на экспрапрыяцыю жывёлы і ўсялякай сыравіны. На анямечванне людзей не было часу.
У наступную нядзелю адбылося веча, вядомае нам са словаў Косціка. Моладзі сышлося шмат, але ў «Сілу» ўступілі толькі чатырнаццаць чалавек з усёй ваколіцы. У гэтых землях арганізацыя была навіной, і амаль ніхто не верыў, каб нешта такое магло быць легальным. Мы ад навукі і сяброўства не адмаўляемся, казалі ўсе, але спачатку мусім дакладна даведацца, ці дазволена гэта, і падумаць. Многія пагаджаліся ўступіць, але з умоваю, што пад сядзібу таварыства будзе выбраны глухі хутар і яно будзе дзейнічаць таемна ад уладаў, чаму зноў жа супраціўляліся ініцыятары.
Нягледзячы на невялікую колькасць сябраў таварыства, урад стварылі адразу, і складаўся ён толькі з трох асоб саміх ініцыятараў.
Быў самы час гарачай працы ў полі, таму першыя два месяцы дзеянне «Сілы» палягала толькі ў вербаванні новых сябраў. Фармальнасці падчас запісу забяспечваў сам Казік, а Косцік са Стахам шторанку цягаліся па ваколіцы, заводзілі знаёмствы з хлопцамі, вывучалі іх перакананні і ўгаворвалі ўступаць у «Сілу». Амаль кожны пасля запісу ў Казіка ішоў у Патоку наведаць лесніковага сына. Смалярскія хлопцы таксама пачалі часта да яго наведвацца. Хтосьці пусціў пагалоску, што Косцік вядзе іншыя запісы, у якіх фігуруе значна больш сябраў, чым у Казіка, але ўся сям’я Васілеўскіх гэта катэгарычна адмаўляла.
Пасля таго як звезлі снапы, Казік са Стахам выбраліся ў Мінск купіць кніг, каб папоўніць бібліятэку. Але па дарозе іх напаткала вестка, якая прымусіла хутка вярнуцца. У бабруйскай плябаніі яны даведаліся, што біскуп Лазінскі выязджае з візітам у надбярэзінскія парафіі. Не выключана, што, едучы з Лошы ў Біркі, ён завітае ў Вончу, асабліва калі пабудова капліцы будзе скончаная. Таму яны спешна павярнулі дадому, каб паведаміць пра гэта Камітэту, а справу кніг адклалі на пазнейшы час.
Радасная вестка маланкава разнеслася па ўсім заванчанскім рэгіёне.
Біскуп Лазінскі едзе ў нашую старонку! Нашую капліцу ўласнымі рукамі свянціць будзе! — з агнём уваччу, са шчасным сэрцабіццем перадавалі палякі вестку адно аднаму, хаця пэўнасці ў тым, ці прыедзе біскуп у Вончу, не было.
Адразу склікалі агульны збор, вырашылі прыспешыць будоўлю. Зруб быў ужо гатовы, і на ім ставілі кроквы.
Паміж засценкамі і Вончай такі рух пайшоў, як у даўнія часы падчас паспалітага рушання. Хто трошкі ўмеў сталярыць, ішоў дапамагаць майстрам, іншыя вазілі гонту, часаныя латы, пілавалі дошкі або бегалі збіраць фундуш, служылі пасланцамі. Камітэт для большай спраўнасці настала размясціўся ў Вончы. У сваім распараджэнні ён меў некалькі конных ганцоў, якія штодзень дастаўлялі паведамленні ў Смалярню, Міхалішкі, Вежгайлова, Градзянку, Туркачы, а таксама Магільнец, Біркі і Лошу.
— Біскуп ужо ў Шацку! Ужо ў Асіповічах! Ужо едзе ў Бабруйск! — усё хутчэй прыходзілі радасныя весткі. Праца імкліва пасоўвалася наперад, павялічваючы надзею, што капліца будзе скончаная ў час.
Аднойчы на дапамогу Камітэту прыбыў магільнецкі вікарый з афіцыйнай весткай, што візіт дастойніка ў Вончу ўжо справа вырашаная.
Энтузіязм ахапіў людзей, як падчас з’яўлення доўбарцаў мінулай зімой. Хто меў у доме якую панадную кветку або рэліквію, нёс дзеля ўпрыгожвання святыні Божай, на агульны алтар. Варанец і бруснічнік цэлымі вазамі на каплічны пляц везлі. Моладзі ў распараджэнні Камітэта было столькі, што частку кожны дзень адсылалі назад, каб натоўп не перашкаджаў працаваць. Узводзілі браму, звівалі вянкі, упрыгожвалі падворак, капліцу, алтар. Косцік, атрымаўшы з дапамогай вікарыя дазвол у мясцовай жандармерыі, пачаў арганізоўваць ганаровы эскорт дастойніка. Штодзень да самага змяркання разносіліся стукат, гарачкавыя заклікі і беганіна, быццам у нейкім вайсковым лагеры, які чакае варожага штурму.
— Вот заварушыліся, шэршні! Вот загулі! — казалі суседзі-некаталікі, прыглядаючыся да гучнай падрыхтоўкі.
А тых ад такіх заўваг толькі ахопліваў яшчэ большы запал.
— Цяпер вы дазнаецеся, якая нашая сіла, якая між намі дружба! — адказвалі яны. Цяпер убачыце, што мы можам! Цяпер даведаецеся, якая нашая вера цудоўная!
Дзень доўгачаканай урачыстасці набліжаўся.
— Ужо выехаў з Бабруйска! Заўтра будзе ў Лошы! — перадавалі ганцы. А наступным разам: — Сёння ў Лошы, заўтра будзе ў Вончы! Заўтра ў Вончы! Заўтра ў нас! Заўтра ў нас! — ліхаманкава паўтаралася на кожным кроку, у кожным закуту ванчанскіх ваколіц.
У тыя суткі каля капліцы не гасла святло і гул не сціхаў аж да самай поўначы.
Ранак наступнага дня выдаўся празрыстым як шкельца. На досвітку пацягнула халадком, але адразу пасля ўсходу пацяплела. На небе хоць бы воблачка якое, хоць бы пасмачка туману… У самы сенакос рэдка такія ясныя дні бываюць.
Ледзь развіднела, пачаў збірацца народ. Першымі з’явіліся жабракі. Яны прыцягнуліся ад самага Мінска за біскупам такім натоўпам, як вясной на віленскую Кальварыю. Спачатку прыбылі мінскія калекі, хорам спяваючы «Лазара» і «Матку Гідленскую», пазней некалькі груп бярэзінскіх дзядоў, кожная з нейкай музыкай, з нейкай жаласнай песняй, за імі бялыніцкія старцы, з тарбанамі, з бародамі, у некаторых нават да пояса. Але найбольш прыцягнулася мясцовай галытвы, якая ні барады старэчай, ні прыстойнага калецтва не мела. Некаторыя з іх, каб абудзіць літасць, удавалі пагарэльцаў.
Аглядаючы храм, усе сцвярджалі, што столькіх кветак і такога цудоўнага ўпрыгажэння ні на адным адпусце не бачылі, хаця, як вядома, ужо была восень.
Бо і было чаму дзівіцца. Трыумфальная брама мела шэсць сажняў вышыні. Яе ўтваралі шэсць слупоў, пастаўленых у рад і папарна звязаных уверсе папярочнымі бэлькамі. Верхняе вязанне выгіналася дугой. Слупы з верху да нізу і бэлькі таксама былі шчыльна абвітыя вязанкамі варанцу і бруснічніку. На шчыце была эмблема біскупа, сплеценая з кветак гваздзікоў, а пад ёю вялізны, з адных белых вяргіняў, надпіс «Вітай, дарагі наш Пастыр». Ад брамы да капліцы вяла падвойная ядлаўцовая алея, абвешаная гірляндамі. Над дзвярыма капліцы была другая эмблема і словы вітання.
Але найпрыгажэй было ўнутры капліцы. Пад скляпеннем вісела быццам млынавое кола, сплеценае з варанцу і рознакаляровых кветак, а ад яго разыходзіліся стужкі, што колерам паўтаралі кветкі. Уздоўжныя сцены аздобілі дзве агромністыя і даўжэзныя гірлянды, формай і колерам падобныя да вясёлкі. Шырыня іх складала паўтара аршына, а даўжыня — восем сажняў. Уплялі ў іх усё, што толькі знайшлі на сваёй зямлі. Там былі кветкі гваздзікоў, мальвы, наготак, астры, настурцыі, хрызантэм, пеларгоніі, вяргіні ўсіх колераў, палявыя браткі, дзянцеліна, лясныя званочкі, лён, медуніца, галінкі макрыцы, журавінаў, дурніц, верасу, амялы і іншай зеляніны і квецені, якой і згадаць чалавеку цяжка. Пад адной гірляндай белымі кветкамі напісалі «Патрону Крэсаў — Смалярня»; пад другой «Абуджальніку душ — Міхалішкі». Ля сценаў прэзбітэрыя стаялі два вялізныя фікусы, прывезеныя з нейкага фальварка. Бакі алтара аздобілі выстаўленыя пірамідай вазонныя папараці, жыгучка, язмін, мірт і пышна расквітнелыя слёзкі. Усяго было па пары, аднолькавай велічыні і ў аднолькавых вазончыках.
Усюды прыемна радавалі вочы кветкі і зеляніна, адусюль даносілася прыемная духмянасць і святасць, бо яшчэ людзі прынеслі шмат цудадзейных і старадаўніх рэліквій. З аднаго і другога боку віселі на цвіках або ляжалі на прымацаваных палічках, убраных кветкамі, ружанцы, скапулярыі, фігуркі, абразы, кнігі і іншыя пабожныя рэчы. Самымі знакамітымі з іх былі абраз Маці Божай Вострабрамскай, які належаў Віткоўскаму з Градзянкі і з дапамогай якога патушылі некалькі пажараў; манаскі пояс з дзевяццю вузламі, які Кантычка атрымаў у спадчыну ад сваяка-манаха і які, калі ім абмесці рану, абясшкоджваў змяіны яд; трохсотгадовае «Жыццё Пана Езуса» Балашэвічаў, якое прыносіла доўгае жыццё ўласнікам; акраец велікоднай булкі Паўловіча з Туркачоў, знойдзены ў попеле спаленай маланкай хаты, і жалезнае распяцце Лойкі з Шышак, якое суцішала канвульсіі тых, хто памірае. Гэтыя святыні з вялікай пашанай захоўваліся ў дамах, і ўласнікі іх нават не жадалі абы-каму паказваць. Вікарый крывіўся, паглядаючы на некаторыя рэчы, але яму было шкада псаваць людскую радасць і энтузіязм.
Частка жабракоў загадзя прыладзілася паміж дрэўцаў алеі, а гаманлівым вікарый паказаў месца каля паркана ўнутры дзядзінца. З другога боку паркана, першымі ад брамы, расклаліся прадаўцы абразкоў і скапулярыяў, далей на прыстойнай дыстанцыі паставілі свае вазы прадаўцы садавіны, пернікаў і ўсялякага іншага смакоцця.
Народ ішоў з усіх бакоў няспыннай плынню. Весткі пра прыезд біскупа, пра энтузіязм людзей, якія рыхтаваліся прыняць яго з вялікай пашанай, пра выключнасць гэтай падрыхтоўкі, у хуткім часе дасягнулі саміх глухіх закуточкаў польскіх паселішчаў, абудзілі самыя занядбаныя душы. Ішлі людзі ў росквіце сілаў, цягнуліся лядачыя старыя, беглі малыя дзеткі, прыходзілі богабаязныя і грэшныя. Некаторыя паселішчы вартаўнікоў пільнаваць хаты і худобу нанялі, каб усёй сям’ёй паўдзельнічаць ва ўрачыстасці. Людзі расчульваліся аж да слёз, гледзячы на чародкі дзяцей, якія з радаснымі вочкамі тапталіся каля мамчынай спадніцы, на разгубленасць моладзі з сем’яў мяшанага веравызнання, на хрышчаных паводле праваслаўнага закону ў папа наведнікаў царквы, на сціплыя і расчуленыя твары недавяркаў, якія з сямі ці дзесяці гадоў ні на споведзі, ні нават у касцёле не былі, і на блюзнераў, сапсаваных прапагандай бальшавікоў. Цяпер усе цягнуліся на хрост, на памазанне, на пакаянне.
Прыйшоў са смалярскай моладдзю і Ясь Ладан, але скрухі на ягоным твары відаць не было.
Прыбыла некалькі такіх лядачых старых, што сілаў не мелі злезці з воза, і колькі смяротна хворых, якія нават не маглі ўзняцца з ложка, але былі яшчэ ў сваім розуме, таму гэтаксама прагнулі чаканы з дзяцінства на гэтай зямлі фэст убачыць і адначасова блаславенне ў далёкую дарогу ад дастойніка атрымаць. Вазы з ложкамі, з якіх яны не падымаліся, паставілі на ўзвышэнні побач з капліцай і закрылі шырмай так, каб яны праз шчыліны маглі глядзець на фэст, не шакуючы грамаду відам сваіх хворых целаў.
Неўзабаве на дапамогу вікарыю прыехала некалькі ксяндзоў, і пачаліся хросты, споведзі і памазанні.
Натоўпы людзей цягнуліся бясконца, без меры. Сярод іх можна было пазнаць і шмат рускай моладзі, асабліва з новых, так званых купчанскіх, вёсак, якая ці праз сваю заможнасць, ці праз сваяцтва — бо шмат прозвішчаў у гэтых вёсках гучала па-польску — пераймала выгляд засцянковага люду і ўдзельнічала ў яго фэстах. З Убярэззя, што суседзіла са Смалярняй, дык амаль уся моладзь прываліла. Ад часоў, як паўстала Вонча, такога народнага збору ў ёй не бывала.
А ці хутка ён прыедзе? А як выглядае? А што ён нам скажа? — чуліся ў кожным куточку нецярплівыя пытанні.
Незадоўга да адзінаццатай гадзіны ксяндзы пакінулі каплічку і закрылі яе.
Не прайшло і дваццаці хвілінаў, як прымчаў ганец са словамі, што Пастыр ужо прыбывае. Адразу ўдарылі званы, перадаючы ўсім чаканую вестку.
Натоўп на дзядзінцы задрыжэў, закалыхаўся і навальніцай рынуў на вуліцу; людскія масы праціскаліся праз браму, віруючы, як веснавая вада, калі спускаюць млынавы стаў. А іншыя гэткімі ж бурнымі хвалямі валілі да брамы з завулкаў мястэчка. Біскуп едзе! Біскуп едзе! Хутчэй, хутчэй! — падганялі людзі адно аднаго.
Калі прайшло некалькі хвілінаў, уся вуліца на даўжыню добрай стаі ператварылася ў раку людскіх галоваў, быццам маку насыпалі. Нават не верылася, што столькі польскага народу можна знайсці ў гэтых глухіх ваколіцах. Усюды быў бурлівы вір, як у разварушаным мурашніку, кожны, сябе не помнячы, пхаўся наперад, уздымаўся на дыбачкі, выцягваў шыю, углядаўся ў бок рынку.
Праз хвіліну ў месцы, куды ўсе глядзелі, узняліся клубы пылу, быццам там нейкі віхор закруціўся або ўзарвалася бомба.
— Ужо відаць! Вунь відаць ужо! — загучала з тысячы вуснаў.
З дзядзінца выйшлі загадзя падрыхтаваныя шэрагі маладых мужчын і расчапілі натоўп на дзве часткі, ствараючы праход для воза.
Пыл ляцеў наперад, рос, шырыўся, выбухаў слупамі, як дым з коміна паравоза, і ўрэшце пачалі з’яўляцца конскія галовы. Усё больш, усё выразней. Дарога перад імі кацілася ўніз, і ўвесь картэж было відаць як на далоні.
Наперадзе чацвёркамі скакаў атрад ганаровай варты — амаль усе ў аднолькавых карычневых куртках, у канфедэратках з чубамі з конскіх хвастоў і амаль усе на аднолькавых гнядых. Дзевяць чацвёрак. Камандаваў Косцік Васілеўскі на Гнядку Пятроўскага, то едучы на чале, то гарцуючы збоку.
За імі ехаў аўтамабіль дастойніка, аточаны дванаццаццю экс-доўбарцамі таксама на конях; кожны быў у сваім легіёнскім мундзіры, а на грудзях меў шалік касцельнага колеру. За машынай цягнуўся клін конных павозак са шматлікім духавенствам.
Сэрцы ў людзей забіліся неспакойна, запалалі вочы, задрыжэлі рукі-ногі.
Набліжаючыся, картэж запаволіўся. Пад’язджаючы да натоўпу, атрад перайшоў на ступу і раздзяліўся на дзве часткі: крайнія вершнікі падхапілі кінутыя ім пасярэднімі таварышамі повады і раптоўна павярнулі ўбок, а пасярэднія саскочылі з коней і рушылі пешым строем. Легіянеры, якія эскартавалі аўто дастойніка, зрабілі тое самае. Гэта адбылося так спраўна, што машыне не трэба было спыняцца.
Хлопцы ў канфедэратках па-вайсковаму стаялі навыцяжку, горда задзіралі насы і, зыркаючы вачыма на ўсе бакі, быццам пахваляліся: глядзіце, як складна ў нас выйшла! Глядзіце на нас, мы амаль як сапраўдныя ўланы.
Але на іх мала хто глядзеў. Вочы ўсіх былі скіраваныя на экіпаж, дзе сядзеў Пастыр вялебны і Уладыка сэрцаў мясцовага народу.
Заглыбіўшыся на некалькі крокаў у натоўп, машына спынілася, і праз хвіліну людзі ўбачылі яго — у чырвонай мітры на галаве, у палярыне на плячах, з крыжам на грудзях. Ростам ён пераўзыходзіў усё атачэнне.
Натоўп схіліўся у паклоне, як ільняное поле пад цяжкім павевам ветру.
— Вітай, дарагі наш Пастыр! — шапталі яны, укленчваючы. — Бяры сэрцы нашы! Кіруй намі ўсёўладна! На твой загад у агонь пойдзем!
А ён ішоў на чале некалькіх ксяндзоў і бласлаўляў знакам крыжа, то паглядаючы пяшчотна на сваіх авечак, то малітоўна ўзносячы вочы да неба. Відавочна, казаў Богу: глядзі, яны застаюцца тут пасля цяжкіх выпрабаванняў, пасля столькіх д’ябальскіх спакус! Вазьмі іх за гэта пад апеку сваю! Не дай ім знікнуць!
Людзі глядзелі на яго, і ім здавалася, што яны здольныя зрушыць горы і ўзляцець пад самае неба.
У трыумфальнай браме дастойніка чакалі з хлебам і соллю тры сябры Камітэта. Біскуп прыняў дары, сцісла падзякаваў за іх і цераз бурапенныя хвалі натоўпу пайшоў да храма.
Цырымонія асвячэння пачалася спевам псалмоў і прамаўленнем малітваў на лаціне перад зачыненымі дзвярыма. Гэта трывала паўгадзіны, потым біскуп уласнаручна адамкнуў дзверы капліцы і пакрапіў яе знутры. Праз хвіліну ігуменскі дэкан з двума іншымі пробашчамі пачаў імшу. Арганіст з Бірак граў на прывезенай ім фісгармоніі, а спяваў хор, арганізаваны вікарыем з Магільнца і складзены з сябраў «Сілы». Жыхары Вончы ніяк не маглі паверыць, што ў іх служыцца такое ж набажэнства, як у Магільнцы і Бірках. Старыя, якія перажылі жудасны ўціск перад японскай вайной, плакалі як бабры.
На казань выйшаў рагачоўскі дэкан. Нягледзячы на шматлікія пахвалы грамадзе, многія адчувалі расчараванне — бо яны ўсё гэта рабілі для біскупа і ад яго прагнулі пачуць словы прызнання. Але пасля дэкана прамовіў і біскуп.
— Дзеці мае, — пачаў ён. — Я вітаю вас ад сваёй дыяцэзіі, ад вашых братоў з Бацькаўшчыны і дзякую за такую прыемную нечаканасць. Як мне Бог мілы, шчыра скажу: вялікі сюрпрыз зрабілі вы мне! Заступіўшы на прызначаную мне апостальскай сталіцай вахту, я спяшаўся ў вашую старонку, думаючы, што ў такім аддаленым ад маёй сядзібы месцы прынялося пустазелле, пасеянае ворагамі Хрыста, што ўбачу, як вы сумняваецеся ў моцы і справядлівасці Бога і схіляецеся служыць шатану. Я спяшаўся на дапамогу, а тым часам пераконваюся, што чым далей на ўсход, тым большая ў народзе вера. Вера, якую я бачу ў Вончы, можа быць узорам для хрысціянаў усёй Рэчы Паспалітай. Гэты храм, узведзены ў такі неспакойны і бязбожны час, гэтыя аздобы — млынавое кола і абедзве вясёлкі, звітыя з мільёнаў кветак, якія ўзрушылі б нават караля падчас каранацыі, гэты ваш збор з дзецьмі і старымі і гэты агонь у вашых вачах напаўняюць маё сэрца столькімі добрымі пачуццямі, што я нават выказаць іх не магу. Толькі атрымліваючы ў маладыя гады святарства, я меў такую радасць, якую цяпер маю; толькі да маці сваёй роднай такую ўдзячнасць адчуваў, якую да вас за веру вашую. Я бачу, што вашая вера гарачая, як вулкан, і моцная, як скала. Дзякую вам за яе.
Як святар дзякую за веру ў Хрыста, а як паляк — за веру ў Польшчу. І ў пабожнасці сваёй, і ў патрыятызме вы можаце служыць узорам. Ні ў якой ваколіцы нашых зямель я не сустракаў такой колькасці польскіх школак, якія паўсталі з уласнай ініцыятывы людзей, не чуў пра такую арганізацыю самаадукацыі дарослых, якая ўзнікла ў тутэйшым рэгіёне, ні ў якой ваколіцы не бачыў так шмат мундзіраў польскіх жаўнераў, такога адзінства і братэрства ў народзе і надзеі на паўстанне з мёртвых Польшчы.
Калі я вярнуся з аб’езду, паеду ў Варшаву і раскажу пра гэта цяперашняму ўраду пакуль яшчэ не вызваленай Польшчы. Я скажу перад Рэгенцкай радай: там, на далёкіх крэсах, на стыку мінскіх і магілёўскіх зямель, яшчэ гарыць Польшча. Сурова нішчаная доўгай няволяй і цяжкім пераследам, рэдкая ўжо — як той лес, вырачаны на лютыя халады, шалёныя буры, доўгую засуху, але тое, што засталося, здаровае ў камлі, моцнае ў карэнні, устойлівае да ўсялякіх замахаў. Рэдкая, але верная Айчыне, духоўна загартаваная. Я скажу сябрам рады: вы, як кіраўнікі і павадыры Народа, радуйцеся, што на далёкіх рубяжах ёсць добрыя сыны і верныя абаронцы. Радуйцеся, але і не забывайце пра іх. Калі народ сарве кайданы, калі каморнікі і цесляры адправяцца будаваць межы Польшчы, нагадайце ім пра старую мяжу, не дазвольце паставіць паркан у глыбіні зямель Рэчы Паспалітай. Не адмаўляйцеся ад зямлі, звязанай з Бацькаўшчынай пяццю вякамі традыцыі, не пакідайце на згубу сыноў, адданых вам усёю душой, гатовых да найбольшых ахвяраў, не адкідайце лесу, які, хоць і рэдкі на здаровыя дрэвы, мае шмат толькі нядаўна звялых або зламаных камлёў, якія, калі абараніць іх ад шкодных вятроў, пасля дажджу і цёплых сонечных промняў яшчэ ажывуць або парасткі ад свайго карэння пусцяць.
Так я скажу. І як непарушна веру ў тое, што няволя Народа ўжо заканчваецца, што Польшча паўстане і, дзякуючы добрай волі братніх плямёнаў, разрасцецца да ранейшай славы і магутнасці, як веру ў моц і справядлівасць Бога, так веру і ў тое, што Бацькаўшчына добрых сыноў не забудзе.
Але, дзеці мае, вы мусіце вытрываць у сваёй веры, пакуль не прыйдуць па вас айцы. Трымайцеся да канца. Стойце перад магчымасцю новых балесных выпрабаванняў і пакутаў. Там, на ўсходзе, вісіць чорная хмара — вялікая хмара, дзікая, небяспечная. Хмара бязбожнай пошасці, маральнага заняпаду, беззаконнасці; хмара пажару, смерці, варварства. Яна можа павярнуць сюды.
У натоўпе пракаціліся балесныя ўздыхі мужчын і ўсхліпванні жанчын. Яны ўжо перажылі такую хмару.
— Сёння яе стрымлівае слуп ваеннай магутнасці немцаў, — працягваў біскуп. — Слуп на першы погляд гранітны, непераможны. Але дарогі Божыя нязведныя: сёння Ён адным моц і магутнасць дае — назаўтра іх адбірае і ператварае ў слабых; вялікіх у нішто ператварае, маленькіх на вышыні ўзносіць; сёння адным народам панаваць над паловай свету дазваляе — заўтра нявольнікамі ўчарашніх слуг робіць. Часам дзяржавы існуюць стагоддзямі, здаюцца непераможнымі, а тут глядзіш — разлятаюцца як пылок пад дзьмуханнем ветру. Так зруйнавалася моц маскоўская, так можа разваліцца і нямецкая. І тады хмара бальшавіцкага варварства ападзе на вашыя землі, што на ўскрайку ляжаць. На вашыя землі ўсім сваім цяжарам абрынецца і найперш накіруе ўсю сваю шатанскую сутнасць супраць вас, змагароў за незалежнасць Польшчы, супраць вас, абаронцаў хрысціянства.
Натоўп выбухнуў плачам, аж пад скляпеннем захліпала. Біскуп пару раз абвёў вачыма зборышча вернікаў, уздыхнуў і казаў далей.
— Мярцвеюць сэрцы вашыя. Праўда, дзеці, гэта быў бы горкі келіх, але не трэба роспачы. Вы павінны прыняць гэты цяжар з адвагай, вартай сапраўдных хрысціянаў. Я кажу вам пра гэта, каб вы загадзя духам падрыхтаваліся. Не бойцеся — вы не згінеце. Вашыя продкі не адно такое бедства перажылі. Аберагаюць вас сам Хрыстос і Маці ягоная, якая, не забывайце, ёсць Каралевай Кароны Польскай і асабліва апякае народ Рэчы Паспалітай. Да яе ў цяжкія хвіліны звяртайцеся, да яе і цяпер, трывогу адчуваючы, звярніцеся.
Тут ён павярнуўся да алтара, укленчыў і зацягнуў Ларэтанскую літанню да Найсвяцейшай Панны Марыі. Хто толькі быў сярод натоўпу — усе далучыліся поўнай сілай сваіх грудзей. Не толькі капліца, але і будынкі, што стаялі паблізу, затрэсліся ад шматтысячных крыкаў. Гэта не быў спеў, як звычайна на ўрачыстасцях, калі чалавек хоць і чуе пераважна ноткі суму, але адчувае нейкую радасць у сэрцы і добрае натхненне; гэта былі жаласныя ўсхліпы і роспачны лямант, які ўзрушаў душу. Столькі ўжо часу ад той урачыстасці прайшло, але як толькі я пачую дзе-небудзь спеў літанні ці хаця б яе ноты, і ў сумных роздумах родную зямлю прыгадаю, то заўсёды перад вачыма паўстае натоўп братоў, быццам чую я іх жаласнае маленне, і кожны раз слёзы на вачах выступаюць. Бог мне сведка, клянуся!
У пачатку кастрычніка ў Міхалішках з'явілася таварыства, падобнае да смалярскага.
«Сіла» развівалася выдатна. Праз два тыдні пасля візіту біскупа ў Вончу да яе належала ўжо больш за сто чалавек, у бібліятэцы было сто пяцьдзясят кніг і прыходзіла некалькі газет з Вільні і Варшавы. Кіраўніцтва было ўкамплектаванае і складалася з наступных асоб: Казік Здановіч — прэзідэнт і кіраўнік аддзела прапаганды, Косцік Васілеўскі — віцэ-прэзідэнт і спартовы інструктар, Стах Балашэвіч — сакратар і выкладчык, Валька Трызна — сувязны, Норба Сцяпура — бібліятэкар, Алесь Пятроўскі — касір. Акрамя іх былі розныя намеснікі і памочнікі.
На поўную моц «Сіла» развярнулася толькі пасля копкі картоплі. Тады Казік са Стахам пачалі праводзіць заняткі для малапісьменных, ладзіць вячоркі з агульным чытаннем кніг і размовамі. Норба са сваёй нарачонай вучылі ахвочых спевам. Косцік сабраў аматараў спорту, стварыў з іх футбольную каманду, вучыў страляць з прашчы і лукаў. Каб не абуджаць падазрэння акупантаў, заняткі і спаборніцтвы ладзіў у леснічоўцы або на лясных палянах. Часта на іх прыходзілі і хлопцы з-за Вончы, якія ў «Сілу» не ўваходзілі. Яны ядналіся, удасканальвалі розум, загартоўвалі волю, рыхтаваліся да змагання за свабоду, за быццё, за лепшае заўтра.
Распаленыя поспехам, кіраўнікі «Сілы» прыдумалі арганізаваць усіх палякаў надбярэзінскіх зямель. З гэтай мэтай яны запрасілі да сябе самых актыўных хлопцаў з Міхалішак і на супольным паседжанні вырашылі паўплываць праз сваіх пасланцоў на шэраг іншых польскіх асяродкаў і падштурхнуць іх да стварэння такіх самых таварыстваў, а потым, паразумеўшыся з засценкамі з-за Бярэзіны і Таварыствам сельскай гаспадаркі, склікаць агульны з’езд палякаў у Бабруйску. Гэтую місію даручылі Стаху, Вальку, Норбу, Аніхоўскаму з Палянак і Смаргачэўскаму з-за Вончы. Стах мусіў ісці ў падбялыніцкую Аколіцу, дзе, як мы ведаем, пазамінулай зімой меў вялікі ўплыў, Валька — у ваколіцы Бірак, Норба — у Рыню, Аніхоўскі — у Шацілкі, а Смаргачэўскі — пад Быхаў. Яны намерваліся вырушыць, як толькі ўсталюецца зіма.
А ўжо, уласна, ішла зіма. Дні былі пераважна пахмурныя і імглістыя, часта сыпалі доўгія слотныя дажджы. Пачалі псавацца дарогі: паразбіваліся каляіны, з'явілася шмат калюжын, у брадах вада паднялася. На Усіх Святых на мокрую зямлю выпаў снег амаль па калена. Бездараж зрабілася такая, што носа ў свет не высунеш. Асабліва немагчыма было выбрацца за Смалярню: на колах — снег занадта глыбокі, на санях — брады не змерзлі.
Людзі, загадзя падрыхтаваўшы хлеб, соль, дровы і смалякі на падпалку, у душы былі нават радыя гэтаму часу, калі, акрамя клопатаў пра худобу, амаль ніякай работы ў гаспадарцы няма і кожны можа рабіць што яму толькі падабаецца. Усе выкарыстоўвалі гэты адпачынак: паляўнічыя цэлымі днямі ганялі па свежым снезе за зверам, старыя і хваравітыя па дваццаць гадзінаў на суткі адаграваліся на печы, падлеткі, якія не хадзілі ў школу, з ранку да вечара кідаліся снежкамі, бабы даймалі адна адну плёткамі, закаханыя мілаваліся пад плятнём або за печкай, рамантыкі сушылі здароўе чытаннем раманаў, пабожныя двойчы на дзень спявалі Гадзінкі або з розных нагодаў чыталі Ружанец, палітыкі штодзень збіраліся ў кампаніі, спрачаючыся пра канец вайны і перамены, з ім звязаныя. Святліца Здановічаў, у якой мясцілася «Сіла», як млын, гудзела ад спрэчак і аповедаў. Толькі не было свежых газет, таму ніхто не ведаў, што ў апошнія два тыдні адбывалася на фронце. Валька аднойчы паслаў хлопца ў Вончу, але той, пераходзячы брод, паслізнуўся на кладках, упаў па пояс у ваду і, баючыся захварэць, вярнуўся дадому. Іншага ўжо не пасылалі. Невядома, ці ўвогуле прыходзіць пошта з горада ў такое безуладдзе, разважалі сябры ўраду.
Тым часам вуснай поштай прыйшлі такія весткі, што парушылі смалярскі спакой і перапынілі шчасны адпачынак.
На сядзібе «Сілы» адбываліся папаўднёвыя размовы. У іх удзельнічала і нешматлікае старэйшае пакаленне, але толькі мужчынскага роду, бо дзяўчаты акурат дапамагалі бабам Вінярскіх церці лён.
У пэўны момант да брамы на кані пад’ехаў Маскалімус з Ямаў. Ад пысы каня шматкамі ляцела пена — так ён быў разагрэты. Заляпаны брудам вершнік выглядаў так, быццам вяртаўся з пажару або ўцякаў ад банды. Ён спыніўся ля брамы, мігам саскочыў з каня, закінуў повад на частакол, а сам хутка, амаль бегма, рушыў у святліцу.
Казік і група прысутных мужчын былі так захопленыя размовай, што не толькі не запрасілі новага госця, але нават не ўсе адказалі на вітанне. Маскалімус стаяў ля парога, тупаў нагамі, кашляў і нарэшце падышоў да суразмоўцаў і пачаў падміргваць Казіку.
— Што табе ў вока трапіла? — першым заўважыў падміргванне Ян Балашэвіч.
— Так, нешта ўлезла, — чырванеючы, адказаў госць.
Бачачы, што Казік не спыняе размовы і не падымае вачэй, госць схапіў яго за плячо, развярнуў да сябе і ціха прамовіў:
— Пане прэзідэнт, рыба раптоўна адплывае.
Смалерчукі выбухнулі смехам.
— Набраўся! — сказаў Балашэвіч.
— З глузду з’ехаў ад халасцяцкага жыцця, — сказаў Аленскі.
— Што ты пляцеш? Якая рыба? — пыталіся ўсе.
Але Казік на словах пра рыбу, якая адплывае, аслупянеў і збляднеў. Ён доўга і пранікліва глядзеў літоўцу ў вочы, потым пацягнуў яго за рукаво і загадаў ісці разам з ім на падворак.
Апынуўшыся на дварэ ў зацішным месцы, ён спытаў:
— Ты вартавы?
— Так, пане камендант.
— Даўно?
— Ад Пакрова.
— Чый?
— Картавага.
— Бамбей.
— Магараджа.
— Добра. Хто цябе прыслаў?
— Картавы, пане камендант.
— Ведаеш, што ён хацеў перадаць гэтым словамі?
— Не. Ён прыскакаў аднекуль здалёк і, каня не напаіўшы, прыбег да мяне і загадаў хутка ехаць.
— Добра. Цяпер пакуль вяртайся і скажы яму, хай склікае збор.
— Куды?
— Сюды, да мяне.
— Усіх ці толькі вартавых?
— Усіх, — пасля доўгага роздуму адказаў Казік і дадаў: — Потым разбяромся…
Маскалімус паехаў, а Казік адправіў у Вончу на конях Валіка з Норбам і аддаў загад пра неадкладны збор.
Пасланцы разбегліся па засценках і хутарах.
Праз паўгадзіны пачалі сыходзіцца. У будні дзень і так раптоўна агульных збораў ніколі не склікалі, таму ўсе пыталіся пра прычыну.
— Прыязджае Ваньковіч, — зманіў Казік.
— Хто гэта такі?
— Дэлегат Саюза землеўласнікаў.
— Дык, можа, апрануцца па-святочнаму? — прапанавалі дзяўчаты.
— Ну зразумела. Падраўняйце і падкруціце грыўкі, натыкайце ў валасы грабеньчыкаў, шаўковыя сукенкі надзеньце, боцікі, галёшы… Гэта стары чалавек, але, можа, закахаецца ў якую. А калі хтось з вас спозніцца, шкоды вялікай не будзе, — кідаў дзяўчатам Казік з’едлівыя заўвагі.
Ён быў узбуджаны і непадступны: у глыбокім роздуме мераў шырокімі крокамі святліцу, штохвілю прабягаў вачыма па прысутных, быццам лічыў іх або шукаў кагосьці, на пытанні адказваў гнеўна і кожную чвэрць гадзіны выбягаў, выглядаючы пасланцоў.
Калі Стах падышоў нешта запытаць, Казік ускрыкнуў:
— Дзе Косцік? Ляці па Косціка!
Вестка пра прыезд Ваньковіча дабралася і да старых. Першым, як звычайна, прыйшоў Пятроўскі.
— Госць у нас будзе, госць, — звярнуўся ён да ўсіх. — Я добра знаю Ваньковіча: гэта пленіпатэнт пана графа. Але і ён мяне ведае як брата. Заўважыў мяне пры адной аблаве. Было гэта так: мы паднялі з бярлогу мядзведзя, а той праскочыў паўз нейкага галамордага і таўстабрухага ў акулярах, які кудлатага ніколі ў вочы не бачыў, — і на яліну. На высокую, на самую вярхоўку. І рабі што хочаш: страляць — не гонар ні для стралка, ні для звера, бо гэта ж не варона, а калі б і хацеў страляць, то праз сукі не трапіш; чакаць — не дачакаеш. Ваньковіч паклікаў мяне і кажа:
— Мечык, можна яго жывым ссадзіць?
— Можна, — кажу.
— Добра, здымі яго мне, — кажа ён, — атрымаеш «кацярынку».
Я і зняў. А ведаеш, хлопча, што я зрабіў? — звярнуўся ён да Казіка, хапаючы таго за плячо.
— Пане Пятроўскі, а ідзі ты да халеры са сваім мядзведзем! — выбухнуў той.
Пятроўскі ўспыхнуў гневам, але стрымаўся.
— Твая праўда, хлопча, — прамовіў ён. — Тут трэба думаць пра прыём, а я пачынаю пра аблаву. Я тут падумаў — як лічыш, можа, напярэймы каго выслаць трэба?
— Спакойна, я ўжо выслаў.
— Варта б варам буржуя абліць, — умяшаўся Ясь Ладан.
— За што гэта?! — крыкнуў Мечыслаў.
— За высечкі, за пашу, за грыбы апошнюю кашулю з людзей здзіраў.
— Чуеш звон, ды не ведаеш, дзе ён. Гэта ляснічы быў такі паршывец і аб’ездчыкі. Ваньковіч па-людску абыходзіўся.
— Ляснічы з аб’ездчыкамі рабілі як ён ім загадваў.
— Галапупец ты! Будзеш мне расказваць! Я ж яго ведаў, калі ты яшчэ…
Ён сплюнуў на падлогу і зноў звярнуўся да Казіка:
— А што з пачастункам?
— Вы не пераймайцеся, прымем. Ён да «Сілы» прыязджае, а не да вас.
— Значыць, ты мяне выганяеш?
Казік нядбала махнуў рукой.
Пятроўскі выйшаў, ляпнуўшы дзвярыма, але праз хвіліну зноў вярнуўся: усеўся асобна за грубкай, пускаў з люлькі клубы дыму і бурчэў штосьці сабе пад нос, кленучы чалавечую няўдзячнасць.
Людзей напхалася патрэбных і непатрэбных, так што ўрэшце немагчыма было павярнуцца.
У прыцемках вярнуліся пасланцы з Вончы.
Казік з Косцікам, які ўжо паспеў прыехаць, выйшлі ім насустрач аж за калаўрот. Некалькі хвілінаў доўжылася канфідэнцыйная размова на чатыры асобы, а потым яны вярнуліся ў святліцу і распусцілі збор.
— Дарагія браты, — сказаў Казік, паклікаўшы ўсіх усярэдзіну. — Пан Ваньковіч, якога мы чакалі, адклаў свой прыезд да нас, таму хто жадае, можаце вяртацца дадому.
— А рыбакі хай правераць восці! — данёсся з сянец голас Косціка.
На гэтых словах некаторыя пачалі падаваць адно аднаму розныя знакі, шаптацца і выходзіць са святліцы.
— Што значаць гэтыя «рыбакі», шэпт, мірганне і ўвогуле дзіўныя паводзіны? Нешта ў гэтым ёсць…— звярнуўся Ясь да Юзіка.
— Вядома, ёсць,— адказаў той.
— А ты ведаеш? Скажы!
— Абы-які салдат-няздара нічога не зразумее, хоць ты яму дзве гадзіны тлумач, — сказаў Юзік, а сам пачаў шукаць вачыма ў натоўпе каго з ураду, каб падысці і распытаць, бо хоць і быў легіянерам, а ведаў столькі ж, колькі Ясь. — Відаць, сябры арганізацыі падзеленыя на хітрэйшых і дурнейшых, — абурыўся ён. — Я выпішуся!
— Невялікая шкода: адным камунякам менш будзе. Калі добра падумаць, то ты не павінен быў і ўпісвацца.
Адразу пасля збору Казік, Косцік, Стась, Болік, Валька і адзін легіянер з Ямаў, замкнуўшыся ў святліцы Трызнаў, правялі тайную гадзінную нараду, а потым пераправілі праз брод сані, і Казік з Віктарам паехалі ў Бабруйск.
На вячорках, якія нягледзячы ні на што сабраліся ў той вечар у Аленскіх, многія хлопцы не паказаліся, а многія сядзелі так, быццам мелі штосьці на сумленні, і хутка разышліся.
Назаўтра яшчэ перад світанкам Смалярня была ўстрывожаная эвакуацыяй з краю немцаў. Невядома, прынёс гэтую навіну нейкі падарожны ці, можа, людзі Казіка яе пусцілі, але досыць было таго, што куды ні павернешся — кожны табе казаў пра раптоўныя ўцёкі акупантаў.
Адначасова была заўважаная адсутнасць многіх хлопцаў. Больш за дваццаць самых дзейных сябраў «Сілы», не лічачы легіянераў, не начавалі дома. У некалькіх дамах знайшлі развітальныя запіскі, у якіх сыны паведамлялі бацькам, што мусяць адысці праз небяспеку, якая пагражае ім з боку бальшавікоў.
Усе вырашылі, што ноччу хлопцы сабраліся групай і пайшлі ў Бабруйск, каб адтуль разам з немцамі адправіцца ў Каралеўства.
Плач, лямант і роспачная беганіна з хаты ў хату ахапілі ўсю Смалярню. Жанчыны завялі сваё:
— Божа міласэрны! Езусе Назарэцкі! Маці Найсвяцейшая! А дакуль жа вы будзеце дапускаць на нас розныя кары! А калі ж гэта трывога і слёзы нашыя скончацца! А калі ж мы ўбачым сваіх сынкоў!
Жанчыны наракалі на лёс, але не ведалі, бедныя, колькі ім яшчэ на гэтай зямлі выпадзе слёз і няшчасцяў.
На досвітку на вуліцы перад домам Кантычкі пачаў збірацца мужчынскі натоўп — дзівіліся краху немцаў, згадвалі казань біскупа, абгаворвалі ўцёкі моладзі і раіліся перад блізкай небяспекай. Пятроўскі заглушаў усіх. Ягоны бас, моцны, вясёлы, аднолькавы і ў радасці, і ў бядзе, смелыя і папераджальныя думкі мацавалі роспачныя душы смалерчукоў. Ён кідаў гром і маланкі ў адрас хлопцаў:
— Жабы паршывыя! Ні параіліся, ні спыталі, толькі шах, мах і пабеглі ў белы свет гузакоў шукаць. Дзе? Навошта? Каб жа спытаў хто. Не маглі дома пасядзець! Захацелі б каго схапіць — у лес.
— Не, сваце, яны лепш зрабілі, што пайшлі да таго, — пярэчыў Кантычка. — Прынамсі душа будзе на месцы. Вось паедуць яны ў Каралеўства, і калі гэта праўда, што немцаў не будзе, то знойдуць Доўбара і зноў пачнуць легіёны складаць. Калі будуць дома хавацца, то невялікія з іх работнікі.
— А як галыцьба нападзе, з кім я буду засценак абараняць?
— Як Бог не зберажэ, то ніхто не абароніць. У Ім нашая абарона. Як сказаў біскуп, «з верай і малітвай трэба чакаць прызначэння». Як Бог захоча, то ўвесь свет можа між сабой сутыкнуць, а нашая Смалярня, як той Ноеў карабель, некранутай застанецца.
— Божа памажы, але і сам не ляжы — кажа прыслоўе. — Эх, Божа мой! Чаму гэта няма між людзьмі дружнасці? Гэта ж толькі трэба сабрацца ўсім разам, разбіцца на палкі, выбраць Доўбара, пайсці ў Бабруйск, адбіць крэпасць і жыць як мінулай зімой і вясною.
— Ты, сват, як дзіця малое, — перарваў яго Балашэвіч. — З кім пойдзеш? Колькі тут нашых, а колькі рускіх?
— З намі б палова рускіх пайшла. Хто мае трохі лепшую гаспадарку, той бальшавікоў чакае, як сабака палкі.
Сустрэліся ў натоўпе і Ясь з Юзікам. Хіба толькі яны ўдвух і засталіся з дарослых хлопцаў.
— Сёння я разумею, што азначала ўчарашняя куламеса. Знюхалі ўцёкі саюзнічкаў, і ў пяткі прыпякло. Іх шчасце, што далі драла — савецкая ўласць такім субчыкам у зубы глядзець не будзе! — смяяўся Ясь. — Дзіўна, што ты застаўся.
— А ты чаму застаўся? — запытаў Юзік.
— Я?! Ты што, таварыш, з быка ўпаў?! Я, парційны, буду ўцякаць ад савецкай уласці?! Жартуеш! Цяпер і Ясь у Смалярні будзе чагосьці варты.
— Я таксама парційны, — прамовіў Юзік.
— Але буржуйскі.
— Не, савецкі. Калі б я быў буржуйскі, то ўцякаў бы разам з імі. Я толькі выгляд рабіў, што да іх належу. Я ў душы чысты камуніст, — хлусіў Юзік.
Ясь свідраваў яго вачыма і з недаверам круціў галавой.
Так, сабраўшыся на вуліцы, мужчыны паспрачаліся, жанчыны паплакалі, і ўсе разышліся.
Па абедзе ва ўсім засценку запанавала небывалая злавесная ціша, асеў цяжкі смутак. Нікому не хацелася брацца за работу. Старэйшыя хапаліся за кнігі, шукаючы супакаення ў малітве, зашываліся на печы ў надзеі, што ўсю бяду праспяць; маладыя шукалі таварыства. Купай неяк больш бадзёра сябе адчуваеш.
Дзяўчаты — як звычайна, калі абраныя хлопцы знікаюць, — адкрывалі свае пачуцці да іх найлепшым сяброўкам і дапытвалі адна адну, ці не пакінуў хтосьці вестачкі.
Тое ж рабіла і Каруся. Косцік таксама пайшоў, яна ведала пра гэта ад ягонага бацькі, які на досвітку быў у Смалярні. Яна распытвала Сцяпураву дачку, нарачоную Валькі, старэйшую Шчабятуху, нарачоную Боліка Вінярскага, цягнула за язык сястру, думаючы, што, можа, Карапузя перад ёй раскрыўся, але ўсе ведалі столькі ж, колькі яна.
Яна не магла зразумець, чаму яны адышлі ў такой таямніцы, чаму Косцік з ёю не развітаўся. Учора Каруся дачакалася, калі яны разыходзіліся ад Трызнаў пасля нарады, і стала ў весніцах, спадзеючыся, што ён падыдзе і нешта скажа. Але той толькі паглядзеў даўжэй, чым звычайна, і пакрочыў дадому.
Яшчэ яна забегла да Полькі, ад якой Норба не хаваў ніводнай таямніцы. Выклікала яе ў пустую святліцу і пачала дапытвацца:
— Полька, дзе нашыя хлопцы? Праўда, што яны паехалі ў Польшчу?
— А я адкуль ведаю, — паціснула тая плячыма.
— Няпраўда, ведаеш.
— Хіба я ўсёведная! Кажу ж табе, што не ведаю.
— Перад табою Норба ніколі ні ў чым не таіўся.
Гэтым яе і раскусіла. Тая ведала.
— Так, праўда, ён заўсёды мне кажа, — радасна запраменілася Полька.
— Дзе яны?
— Не скажу. Гэта пагражае смерцю яму і брату.
— А хіба Косцік не разам з імі?
— Здаецца, разам.
— Дык і яму смерць пагражае. Хіба я яго выдам?
— Так, але ён загадваў, пагражаў, заклінаў…
— Толькі мы абедзве будзем ведаць, больш ніхто.
— Мама ўжо ведае.
— Мама ўжо ведае?! Чаму ж ты мне не хочаш сказаць?
Поля азірнулася, потым нахілілася да яе вуха і шапнула:
— У пушчы. Але глядзі! Бо загубіш іх. Так ён мне загадваў…
— У пушчы? А чаму там? — таксама шэптам здзіўлена распытвала Каруся.
— Толькі на пару дзён, пакуль збіраюцца. Потым, відаць, кудысьці пойдуць…
Каруся пра ўсё здагадалася. Але хацела ўпэўніцца, ці кажа Полька праўду.
— А можа, ён толькі сказаў так, каб ты не спрабавала яго затрымаць, а насамрэч яны пайшлі туды, куды людзі кажуць? — дапытвалася дзяўчына далей.
— Чаму ж яны тады ішлі ў бок Убярэззя? Я сама яго ноччу праводзіла ў ельнік.
— У ельнік?! Ноччу?!
— Так, а што тут дзіўнага? Мы ж павінны ажаніцца.
— Гэта праўда. Дык ты кажаш, што праводзіла яго ў ельнік, і адтуль ён пайшоў у пушчу?
— Ці адразу пайшоў у пушчу, не ведаю. Загадаў мне вяртацца, а сам пайшоў па дарозе. Відаць, там мусіў стаяць вартавы і паказваць дарогу.
— Давай пойдзем у ельнік!
— Ага, каб навесці людзей на іх след і загубіць?!
— Ноччу. Пераапранемся ў хлопцаў, калі хто нас сустрэне, не пазнае. Мы знойдзем у ельніку сляды і па іх высачым, дзе яны. Зробім ім сюрпрыз, га?
— Ідзі ты! Я ні за што на свеце ноччу ў пушчу не пайду. Баюся.
— А я нічога не баюся, — пахвалілася Каруся.
Яна не ўгаворвала далей. Вярнулася дадому. Пасля абеду запрэгла каня і паехала ў бор. Ёй усё адно трэба было прывезці сасновыя галінкі, якіх яны з сястрой назбіралі цэлыя купы яшчэ да снегу.
Заехаўшы ў ельнік, яна запаволіла крокі і пачала пільна прыглядацца да абодвух бакоў. Перад самым мастком, у гушчэчы беразняку, заўважыла падазроныя чалавечыя сляды — быццам аднаго чалавека, але занадта шырокія і вельмі глыбокія. Гэта сведчыла, што па іх прайшло шмат людзей. Яны перасякалі дарогу з поўначы на поўдзень у кірунку пушчы.
Яна адразу зразумела, што гэта сляды, якімі прайшлі хлопцы. Добра ведаючы тутэйшыя мясціны, яна нават здагадвалася, дзе гэтая сцежка мусіла заглыбіцца ў пушчу. Калі на змярканні, вяртаючыся з галінкамі, яна захацела сысці з саней і бліжэй прыгледзецца да слядоў, то ўбачыла справа мужчынскія сілуэты. Заўважыўшы, што набліжаюцца сані, яны пападалі ў снег. Ёй зрабілася сорамна, што перашкодзіла хлопцам, таму яна пагнала коней не аглядаючыся. Яна ўся палала ад узрушанасці і жадання ўбачыць лагер у пушчы.
Вярнуўшыся дадому, яна паставіла каня і пабегла да Трызнаў.
— Слухай, Клара, — звярнулася яна да старэйшай. — Пазыч мне вайсковыя штаны.
— Вайсковыя штаны?! Навошта?!
— Генюсь Здановіч прычапіўся, каб я яму галіфэ выкраіла. А я па памяці не магу.
— Сваё палатно ці, можа, дзесь набралі?
— Сваё — чорнае валенае сукно, яшчэ з мінулага года.
Вяртаючыся, зайшла да Кантычкаў і з такім жа тлумачэннем пазычыла Віктараву куртку, пашытую з ахоўнага колеру сукна на ўзор уланкі. Адразу занесла ўсё ў лазню. Потым яшчэ сцягнула з дому і таксама занесла ў лазню бацькаву шапку з баранка, святочныя боты, вострую сякерку, люстэрка, ліхтар і запалкі. Ніхто з хатніх і суседзяў на гэтае хаджэнне не звяртаў увагі, бо акурат у той час у лазні быў раскладзены для сушкі лён.
Падчас вячэры яна сказала бацькам, што пойдзе да Здановічаў і, можа, нават застанецца там начаваць, бо старая, наплакаўшыся па сыне, нешта занемагла.
— Мабыць, ні адна не наплакала столькі, колькі гэтая баба па сваім сыне, — заўважыў Сакалоўскі.
— Хто мае дзяцей, усе плачуць, — адказала жонка. — Ці мала мне здароўя ад’ела гэтая сучка!
— Ты сама вінаватая: дзеўка замуж не хоча, а яна яе пхае.
— Не хоча яна… Яшчэ як хоча, але каб дазволілі з тым парабкам, з тым баламутам, каб ён сцежкі не ўбачыў!
— Як хочуць, то хай жэняцца. Хлопец не найгоршы — здаровы і людзі яго паважаюць.
— Гэтак жа паважаюць, як і цябе, валёнак дурны! Што ж ты за бацька — узяў бы і аддаў яе! Пажэніш, а потым кармі прывальня з усёй ягонай псярняй са сваёй спіжарні.
— Вось як прыйдуць бальшавікі, яшчэ будзе так, што беззямельны займее больш, чым той, у каго фальварак.
— А, дык ты бальшавікам радуешся?! Такі, значыць, з цябе гаспадар! — чаплялася да яго баба.
Каруся, карыстаючыся сваркай, якая завязалася між бацькамі, выбегла з хаты яшчэ да канца вячэры. І насамрэч пайшла да Здановічаў.
У святліцы, штаб-кватэры «Сілы», не было ні душы. Нават святла гэтым вечарам не запальвалі. Зузі з Генікам таксама дома не было. Толькі Караль драмаў на прыпечку, а гаспадыня прала каля камінка. Убачыўшы Карусю, абое ўзрадаваліся.
— Хоць адна душа пра нас помніць у радасці і ў бядзе, — сказала Здановічыха, усаджваючы госцю ў найзручнейшым месцы. — Як уласнаму дзіцяці я табе радая.
І пачалася доўгая скарга на нядолю, на парадак у свеце, праз які ў матак дзяцей адбіраюць. Усё гэта перапынялася плачам.
Карусі хацелася расказаць пра раскрытую таямніцу хлопцаў, але яна стрымалася. Яна прала і суцяшала старую.
Прала яна дапазна, ажно Зузя з Генікам з засценка вярнуліся і паснулі ўжо, а гаспадыня, седзячы над кудзеляй, пачала адбіваць паклоны. Тады Каруся спыніла калаўротак, абяцаючы прыйсці заўтра, і выйшла.
Было ўжо каля адзінаццатай. Святло гарэла толькі ў Баніфацыя і Гілара — іх жанчыны звыклі сядзець з вечара да поўначы. Астатні засценак спаў. Ноч была ціхая, пахмурная, але праз месяц і снегавую белізну досыць светлая. З боку гумнаў час ад часу пабрэхвалі Кантычкава Лютня і Дукс Балашэвічаў, але калі яны замаўкалі, наступала магільная цішыня.
Каруся перайшла на супрацьлеглы бок вуліцы, паглядзела на хаты, паслухала і рушыла ўздоўж самага частаколу ў бок сваёй сядзібы. Перад брамай з боку сада азірнулася і шмыгнула ў яе, накіроўваючыся да лазні.
Апынуўшыся ўнутры, яшчэ раз паглядзела ў бок вуліцы, потым зачынілася, запаліла ліхтар і, не губляючы часу, пачала пераапранацца.
Пасталы яна скінула з ног проста пад тапчан. Зняла світку, верхнюю спадніцу і схавала іх між снапкоў лёну, а адтуль дастала падрыхтаваную мужчынскую вопратку. Уселася на самай ніжняй паліцы, надзела штаны, на мяккія анучы нацягнула боты, накінула ўланку, падперазалася рэменем, на галаву насунула баранковую шапку і ў святле ліхтара паглядзела ў люстэрка.
Яна сябе не пазнала. Выкапаны пятнаццацігадовы хлопчык.
Старанна падгарнула ў шапку валасы, засунула за пояс сякерку, задзьмула ліхтар і выйшла. Проста ад лазні накіравалася ў пушчу, крадком уздоўж жываплоту.
Яна планавала прайсці да пушчы праз свае сядзібныя землі, потым павярнуць улева і тупаць па мяжы паміж пушчай і вузкай палоскай смалярскага асінава-бярозавага хмызу аж за поле, дзе ельнік злучаецца з лесам. Там, на яе думку, мусілі заходзіць у пушчу заўважаныя днём сляды.
Але калі яна наблізілася да лесу, то пачала баяцца. Згадала, што акурат пачынаецца час ваўчыных вяселляў, і здзівілася, чаму гэта ёй не прыйшло да галавы раней. «Пажаруць усю мяне, толькі ногі ў ботах застануцца», — падумала яна.
А можа, усё ж вярнуцца і пашукаць спадарожніцу? Можа, сястру? Яна таксама рызыкоўная. Так, але пакуль тая збярэцца, людзі паўстаюць. І яшчэ яна языкатая… Лепш пайсці самой.
Аднак ішла Каруся ўсё больш павольна і баязліва. Перад хмызам, за трыццаць крокаў, спынілася. Яна ніколі не бачыла пушчы такой грознай і таямнічай. Ён здавалася, што там, каля зямлі, у змроку сярод вялізных камлёў і дробнага ельніку, яе чакаюць ваўкі, мядзведзі, пачвары — чорныя, кудлатыя з вялізнымі крыламі і вушамі, як у нетапыраў, а небасяжныя асіны, гледзячы зверху на свавольную маладую дурненькую дзяўчыну, даюць ёй знакі, перасцерагаючы, каб нікуды не ішла, сварацца і смяюцца з яе дурасці.
Яна азірнулася на сады і будынкі і адчула неадольнае жаданне вярнуцца. «Нашто мне ўсё гэта? Я ім нічым не дапамагу, а што там адбудзецца — дык ён мне потым пра ўсё апавядзе. Вярнуся, пераапрануся і пайду спаць», — угаворвала яна сябе.
Але іншы голас здзекаваўся з яе нясмеласці і штурхаў наперад.
«На вайну рвалася, хлопцаў у баязлівасці абвінавачвала — сама цяпер у бацькоўскай шапцы, у жаўнерскіх штанах, з сякерай у руцэ ваўкоў ва ўласным агародзе баішся! Мужная з цябе ваярка, нічога не скажаш. Хіба людзі самотна ў лесе не ходзяць? Ці ты ведаеш кагосьці, каго пажэрлі ваўкі? Хіба ты найбольш грэшная з усіх, што табой Бог пачатак пакладзе?»
Яна перажагналася, дастала з-за паса сякеру і пайшла. Прабегла хмыз, пераскочыла праз плот і павярнула ўлева. Перад вачыма мільгалі агеньчыкі, у вушах трашчалі галіны, але Каруся не адчувала, каб яе штосьці чапляла. Яна старалася не глядзець у пушчу; галаву трымала, павярнуўшы ўлева, на хмыз і поле. Паволі асвойталася і ішла ўсё смялей.
Неўзабаве яна ненадоўга сустрэлася з яшчэ большай небяспекай, бо ў полі перад сабой убачыла могілкі. Яны былі за шэсцьдзесят крокаў ад мяжы, якой яна ішла. Днём яна шмат разоў бывала тут сама-саменькая, шмат разоў на змярканні праходзіла побач і хоць бы што; цяпер валасы ўставалі дыбарам, ногі падгіналіся. Як на злосць, у думках мільгалі гісторыі пра духаў, якія апавядалі некалі на вячорках, перад вачыма паўставалі постаці свежапахаваных нябожчыкаў. Больш за ўсё тых, што памерлі мінулай восенню не сваёй смерцю. Яны навязліва з’яўляліся перад ёй: Булынская з Храпачова, уся ў сіняках і ранах, абкрываўленыя вусны Яся Шубы з Міхалішак, набухлы твар Будакоўскага з Ямаў, забітага, а потым кінутага ў сажалку, поўныя жаху твары дзяцей забітай сям’і Гайдукевічаў і шмат іншых.
Чым бліжэй яна падыходзіла, тым настойлівей бачыліся ёй гэтыя трупы, усё большы страх ахопліваў яе, усё цяплей рабілася ў куртцы. Але Каруся ішла. Спыніцца або вяртацца яна баялася больш. А таму ўперыла погляд перад сабой, на дарогу, слыхам лавіла самы ціхі шум, несла сваю душачку да ступаў Найсвяцейшай Панны, шэпчучы «Пад Тваю абарону» — і бегла, нагамі не кранаючыся зямлі.
— Толькі дай мне, Божа, жывой адсюль выйсці — не хачу бачыць ніякіх лагераў! — шаптала яна, прамінаючы могілкі.
Праляцеўшы яшчэ стаю, Каруся азірнулася. Могілкі стаялі як звычайна, ніводзін нябожчык не гнаўся за ёю. Яна з палёгкай ўздыхнула.
«Абміну поле, перайду на дарогу і дадому, — думала яна. — І так я давяла — апоўначы паміж пушчай і могілкамі абы-якая рошчына не пройдзе. Хаця калі ўжо сюды зайшла, варта было б падысці і пабачыць, ці не памылілася я наконт тых слядоў…»
Так разважаючы, яна ішла па мяжы ўсё далей. Хутка мясцовасць пачала лагодна зніжацца. Лес, замест ляшчыны і грабу, мяшаўся з ялінамі; з левага боку паласа хмызу рабілася ўсё цямнейшаю, поле аддалялася. Нарэшце поле знікла зусім, а хмыз ператварыўся ў малады і густы жардзяны лес.
Яна была ля мэты. Спынілася аддыхацца, агледзецца, паслухаць. Ноч была, як і раней, светлая, але цішу час ад часу парушаў лёгкі нерашучы ветрык. Аднойчы ён данёс з пушчы рып дрэва, потым галасы пеўняў нібыта са Смалярні.
«От, нічога не здарылася, ні ад звяроў, ні ад нябожчыкаў. Вось што значыць аддаць сябе пад Яе святую апеку. Але ў пушчу я не пайду, Матулька Святая разгневаецца на такую маю смеласць і на вечнае благанне дапамогі… Адпачну хвіліну, а потым знайду тыя сляды і папільную каля іх, бо калі, як сказала Полька, яны мусяць збірацца некалькі дзён, то там можа яшчэ нехта прайсці».
Падумаўшы так, Каруся ледзь не самлела ад жаху. З пушчы данеслася харавое выццё ваўкоў: спачатку дзесьці здалёк, потым адразу нашмат бліжэй.
«Ваўчынае вяселле набліжаецца!» — прамільгнула ў яе галаве. Іголкі закалолі ў пяткі, ногі і рукі, кроў раптоўна ўдарыла ў галаву. Яна роспачна азірнулася вакол, шукаючы паратунку ці хоць нейкай схованкі.
Тут жа, каля мяжы, на смалярскім баку, трошкі ззаду, яна заўважыла яліну з сукамі амаль да зямлі, а побач з ёю — высокі бярозавы пень. Мігам ускочыла туды і апынулася як у Бога за плячыма: яна лёгка магла абараніцца сякерай з вышыні пня, а магла хутка залезці наверх, бо густыя і моцныя сукі яліны былі пад рукой.
«Ёсць у гэтым, што ні кажы, Божая рука», — вырашыла Каруся.
Яна прыціснула руку да грудзей, стрымліваючы біццё сэрца, і ўслухалася. У пушчы стаяла ціша, затое ў жардзяной гушчэчы чулася быццам пакрэктванне, быццам шум крокаў. Яна стаіла подых і яшчэ раз услухалася. Выразнае сапенне і шолах вопраткі, што чапляецца за дрэва.
«Бедны чалавек!.. У самую зграю трапіць… Калі ён сам, трэба будзе перасцерагчы. Можа, нехта знаёмы».
Яна шчыльна прыціснулася да дрэва, каб не заўважылі, і чакала, углядаючыся ў памежную паласу.
Праз хвіліну яна заўважыла сілуэт высокага мужчыны. Ён ішоў у пушчу. За ім другі, трэці, чацвёрты, пяты. Ішлі цугам адзін за адным, ступаючы ў тыя самыя сляды.
Каруся ад радасці з усіх сілаў абдымала і цалавала дрэва. Пачакала яшчэ пару хвілінаў, пакуль яны адыдуць, потым саскочыла з пня, узяла за пояс сякеру і крадком пусцілася за імі.
Глуха і грозна было ў лесе. З аднаго боку даносілася кугаканне савы або зайца, з іншага — жаласнае рыпенне няшчаснага дрэва, дзесьці адгукалася быццам чалавечым кашлем, а быццам падганяннем валоў. Аднойчы лес зашумеў, даносячы нейкае скавытанне, нейкае злавеснае буркатанне, а калі павісла магільная цішыня, зрабілася яшчэ больш трывожна.
Сцежка вяла самымі дзікімі месцамі. Спачатку самай сярэдзінай шырокай поймы, пазней чарналессем, заваленым вываратнямі і непралазным ламаччам, а потым вузкай паласой маладога ельніку, які ўбіваўся ў бярозавае балота.
Было небяспечна, але ведаючы, што перад ёй ідуць свае людзі са зброяй, яна баялася менш, чым каля могілак. Не жадаючы, каб яе заўважылі, яна трымалася як найдалей і часта зусім губляла іх з вачэй. Толькі калі часам якое-небудзь дрэва жаласна рыпела або трапляўся моцна падазроны выварацень, яна падбягала бліжэй, каб пераканацца ў прысутнасці людзей.
Яна жахліва мучылася. Пот шчодра сцякаў па твары, бялізна прыставала да цела.
Праз паўтары гадзіны выццё паўтарылася. У адным і ў другім баку і недзе зусім блізка.
Напужаная, яна кінулася за людзьмі, па слядах якіх ішла, з рашучым намерам дагнаць іх, але адразу ўляцела ў густы ельнік і страціла след. Ні пералезці, ні агледзецца. Яна праціснулася на пару крокаў, захінаючы рукой вочы ад галінаў, і ў роспачы вырашыла паклікаць на дапамогу. Ужо нават раскрыла вусны, а тут ёй над вухам як гукне:
— Стой!
Каруся аж падскочыла ад страху і радасці.
— Як жа вы мяне напужалі! — закрычала яна, трохі апамятаўшыся і тройчы сплёўваючы, каб адагнаць перапуд.
— Напужаў? Пароль! — загрымеў суровы голас.
— Што такое? — не зразумела яна.
— Пароль, кажу! — паўтарыў голас.
— Нават не ведаю, што гэта такое.
— Нават не ведаеш… Адступі пяць крокаў управа, там свабаднейшае месца. І не спрабуй уцякаць, а то штыхом навылёт праб’ю!
Яна зрабіла як загадалі.
— У цябе ёсць зброя?
— Толькі сякера. Вось, — падала яна яму сякерку.
Хлопец узяў сякеру, а потым нешта прыклаў да вуснаў і завыў па-ваўчынаму.
Каруся аж за жывот схапілася ад смеху.
— А каб вас качкі стапталі! Як жа вы ўмееце завесці! А я думала, што гэта сапраўдныя ваўкі. Столькі страху нацярпелася! Разумна, разумна, панове, прыдумалі!
— Маўчы! — нецярпліва крыкнуў вартавы, не выходзячы з гушчару.
— Прабачце, прабачце. Дурненькая дзеў… Дурны я хлопец… Пан пра вайну задумаўся, а я смяюся. Прабачце. А шмат ужо вас сабралася? Хутка ваяваць пачняце?
— Бачу, ты хочаш, каб я падышоў і ў морду табе заехаў. Маўчы!
З гушчару вырынула тры постаці ў вайсковым убранні: адзін стары з барадой, двое без шчэці, з карабінамі.
— Бег за тымі, паролю не ведаў, — адрапартаваў барадатаму хлопец, які затрымаў яе.
— Ты хто такі? — звярнуўся барадаты да Карусі.
— Я… Я… — заякала яна, не падрыхтаваўшыся да такіх пытанняў. — Я з-за Вончы.
— Чый?!
— Я?.. Мянташкаў.
— Сын?
— Не, парабак.
— Ілжэш, смаркач! З дому ўцёк… Правядзі да каменданта! — загадаў той таварышам і адышоў.
Адзін нацягнуў ёй на вочы шапку, другі моцна перавязаў галаву шалікам, пазбаўляючы зроку і слыху, потым ёй у рукі далі рэмень і павялі.
Яны доўга ішлі па роўнай мясцовасці, чапляючыся за яловыя галіны, а потым Каруся адчула пад нагамі нечаканы нахіл.
«Можа, яны вядуць мяне тапіць?» — прамільгнула ў галаве.
Яна вырашыла перасцерагчыся.
— Не рабіце мне злога, панове. У мяне сярод вас сваякі ёсць… Брат. Я ніякі не шпіён і не бальшавік.
— А хто твой брат?
— Так, ёсць у мяне брат.
— Але хто?
— Не ваш інтарэс дапытвацца, вядзіце куды загадана.
— Ты глянь на гэтага свінапаса! Як не скажаш, то ўтопім.
Яна зразумела, што яны жартуюць, калі мясцовасць пад нагамі пачала хутка ўздымацца.
Неўзабаве яны спыніліся і знялі з яе павязку. У вочы ўдарыла асляпляльнае святло. Яны былі на гарыстай акруглай паляне ў паўстаі шырынёй. Усярэдзіне палала вялізнае яснае вогнішча, а каля яго сядзела некалькі дзясяткаў сапраўдных легіянераў. Некаторыя з іх запякалі на пожагах сала, іншыя на выцягнутым з агню жары грэлі чайнікі і пілі гарбату, яшчэ іншыя размаўлялі, курачы тытунь.
Справа, далей, пад самым лесам, стаяла шэсць буданоў. Яны мелі форму вялізных мурашнікаў або картапляных гуртоў і былі пакрытыя яловымі лапкамі. З некаторых праз верхнюю адтуліну выходзіў дым. З левага боку стаяў яшчэ адзін будан, але ён быў падобны да хаткі. Адразу можна было пазнаць, што гэта ўрадавы будынак, бо на даху луналі польскія сцягі, а ўваход вартаваў легіянер са зброяй.
Сэрца Карусі радасна затрымцела, калі яна ўбачыла столькі сапраўдных жаўнераў, але калі яна прабегла па іх поглядам, то ні Косціка, ні каго-небудзь са смалярскіх хлопцаў не знайшла.
Яе правялі проста ў тую хатку са сцягамі. Пры ўваходзе адзін з канваіраў пляснуў у далоні. Рагозавыя дзверы адхіліліся і выйшаў легіянер — маладзенькі, маленькі, зграбны. Карусі падалося, што яна бачыла яго ў Вончы: ён служыў падчас біскупскай імшы дэкану. Яна здзівілася, што такога малакасоса абралі старэйшым. Напэўна, ён вельмі вучоны, падумала яна.
— Ён не ведаў пароля і хлусіў, пане пісар. Старшы загадаў прывесці яго ў камендатуру, — адрапартаваў канвойны.
Маленькі жаўнерык паглядзеў на Карусю і, папрасіўшы пачакаць, зноў схаваўся за рагозавымі дзвярыма.
— Дык гэта не камендант? — спытала яна канваіра.
— Ён бы, можа, і хацеў, але хто такога маладзенькага слухаць будзе? О, камендант! У яго вусы да вушэй, а барада да калена. Ён табе за швэнданне дзе папала і за хлусню так дасць, што ты дзясятаму закажаш.
Карусю і сапраўды агарнуў страх перад каменданцкай ягамосцю. Калі яна ішла, то думала, што знойдзе кампанію прыязных гасцінных хлопцаў, а сярод іх свайго Косціка, якому хацела зрабіць сюрпрыз. А тут усе нейкія чужыя, нават барадатыя, непадступныя грубіяны. Разважаючы над допытам, які чакаў яе ў каменданта, яна вырашыла спасылацца на Косціка. «Скажу, што ён мой сябра са школы і што я да яго ішла. Хай яго паклічуць, а ён, калі не трэба, каб мяне пазналі, будзе ведаць, што сказаць. Ён разумнейшы».
Тут ізноў выйшаў жаўнерык і, адправіўшы канвой, правёў Карусю ўсярэдзіну.
Яна ўвайшла і аслупянела. За сталом сядзеў, нахіліўшыся над аркушам спісанай паперы, Косцік.
— Гэта той хлопец, пане камендант, — далажыў малы.
— Добра. Адкуль ты, хлопча? — лагодна спытаў Косцік, адрываючы вочы ад ліста. Паглядзеў — і ў яго заторгалася брыво, зморшчыўся лоб, на твары з'явіўся хмуры, гнеўны выраз, ён зрабіўся грозным, як тады на вяселлі перад бойкай.
— Казюка сюды давай! Давай Казюка! — закрычаў ён на маленькага жаўнерыка і дадаў: — І без дакладу не ўваходзь!
Той выйшаў.
— Што здарылася, Каруся? — не сваім голасам звярнуўся ён да яе.
Яна адчула сябе маленькай і вінаватай перад яго каменданцкай ягамосцю.
— Ты злуешся? Косцічак, залаты! — адгукнулася яна такім голасам, што нават самага страшнага ката магла б раззброіць, гледзячы ўмольна, сціскаючыся і адхістваючыся ў кут, быццам злоўленая маладая дзікая казуля.
— Што здарылася?! Ужо ўся Смалярня пра нас ведае?!
— Ніхто! Ніхто, дарагі, залаты, адзіны! Ніхто не ведае. Я толькі…
— Як жа ты дазналася?! Як прыйшла?!
— Я ўсё-ўсё табе раскажу! Як на споведзі… Толькі не гневайся.
І пачала на адным дыханні, захлынаючыся ад спеху, апавядаць, як пацягнула за язык Полю, як паехала ў бор па смалякі і ў хвойніку знайшла падазроныя сляды, як пазычыла вопратку, як ноччу крадком перайшла мяжу з полем, сустрэла пяцярых і за імі дайшла аж да вартавога.
— І не баялася сама, уначы?
— Трошачкі… Каля могілак…
Убачыўшы, што ён праяснеў, яна выступіла наперад і ўжо смялей казала:
— А праўда, што немцаў няма?.. Што вы будзеце біцца з бальшавікамі?.. Гэта цябе выбралі камендантам?
— Сёння я тут кірую…
— Я ведала, што ты тут самы важны.
— Цябе гэта радуе?
— Трошкі радуе, а трошкі не. Я радуюся, бо ты будзеш загадваць тым, хто цябе голым леснічонкам абзываў, бо важнейшы за іх, але, зноў жа, цябе могуць хутчэй забіць.
На дварэ запляскалі. Косцік выйшаў, пакінуўшы яе адну.
Яна агледзелася. Хатка была маленькая, але міленькая, як у казцы, якую яна некалі прысніла. Сцены, дах, нават падлога — яловыя і пахлі зелянінай. Дзверы і акно малыя, закрытыя рагозавымі пляцёнкамі. У сярэдзіне, на прывязаным да крокваў шнуры — лямпа. На сцяне з абодвух бакоў дзве мапы: адна, вялікая, друкаваная — Міншчына з прылеглым да яе наддняпроўскім кавалкам магілёўскай зямлі, другая, меншая, накрэсленая алоўкам, — пушчы і найбліжэйшых ваколіц. У адным куце два кароткія карабіны, у другім — жар на плоскім камені. Стол на крыжавіне з бяроставым пакрыццём, вакол чатыры калодкі для сядзення вышынёй з аршын. На стале кніга і шмат спісанай паперы.
— Калі б я ўмела лепш пісаць, то засталася б тут, пры ім, пісарам, — уздыхнула яна. Нахілілася над верхнім аркушам, каб прачытаць што-небудзь, але ўвайшоў Косцік.
У руцэ ён нёс вялікі бляшаны кубак з адварам ліпавага квету, салоджанага мёдам.
— Выпі цёплага, ты ж змерзла і можаш прастыць, — сказаў ён, ставячы кубак на стол. Ён падставіў ёй калодку, сам сеў на другой.
— Смешны з цябе хлопец у гэтай вопратцы, — любаваўся ён. — Здаецца, так і з’еў бы цябе з капыткамі! Пей і кажы, арліца мая, што там, у Смалярні.
— Ах! Каб ты ведаў, які лямант усчаўся на досвітку! — яна расказала яму пра плач баб, пра смутак адных, пра радасць другіх, пра здагадкі аб іх адсутнасці, пра тое, што вырашылі, нібыта яны бягуць ад бальшавікоў.
— Усе так думаюць і ўхваляюць?
— Ёсць і тыя, што ганьбяць. Дзядзька Пятроўскі дык зусім лаецца: маўляў, не ўцякаць трэба было, а сабрацца і Бабруйск захапіць.
— Так і кажа?! Выдатны чалавек, разумны і здольны, толькі што языка не ўмее трымаць за зубамі. Таму мы яму дагэтуль не казалі. Калі дойдзе, Бог дасць, да справы, то забяром і яго, і Юзіка, і ўсіх, хто здольны і захоча.
— Юзіка забераце? А без яго немагчыма абысціся? Ён хлуслівы, — адгаворвала Каруся. Дагэтуль яна нікому, акрамя сястры, не прызнавалася, як ён зняважыў яе ў час памятнага вяселля, але заўсёды адчувала да яго нянавісць, і калі дазналася, што яны яго выключылі, была вельмі радая.
— Ведаю, што хлуслівы. Але нам трэба будзе шмат людзей, таму перабіраць нельга.
— Шмат ужо ёсць?
— Пакуль мала, трохі больш за сто. Але з тымі, што Стах з Валькам, якія вярбуюць па далёкіх засценках, абяцалі прыслаць, і з тымі, каго яшчэ зможам сабраць вакол сябе, збярэцца каля трохсот.
— Столькі людзей! А гэтыя, што тут, адкуль?
— Як гэта адкуль? Са Смалярні, Ямаў, Палянак, хутароў, ёсць і з-за Вончы.
— А чаму я нікога не пазнала?
— Ты нікога не пазнала? А не ведаеш, што той барадач, які загадаў цябе сюды адправіць, — гэта Алесь?
— Алесь Пятроўскі?
— А таго, што стаіць за дзвярыма, таксама не пазнала? Гэта пан Смаргачэўскі.
— Той багач? Адзіны ў сям'і сын, задавака?
— Хай сабе і задавака, але патрыёт: прыйшоў адзін з першых са сваёй ваколіцы.
— Столькі людзей збярэцца! Столькі войска ў цябе будзе!
— Ды якое гэта войска... Каб уладу захапіць, трэба як найменш дзесяць разоў па трыста мець. Яшчэ невядома, што будзе. Пабачым, што там добрага Казік у Бабруйску даведаецца.
— А ён сапраўды ў Бабруйск паехаў?
— Так. Гэта ён камендант усіх гэтых людзей, а я толькі ягоны намеснік.
— А стары Кантычка бедаваў, што без каня з возам застаўся.
На дварэ зноў запляскалі.
Косцік выйшаў і адразу вярнуўся з лістом.
— Яго згадалі, а ад яго ліст, — сказаў ён, нервовым рухам разрываючы канверт. Рукі ў яго дрыжэлі як у ліхаманцы, вочы палалі гарачкай. У лісце было наступнае:
Бабруйск, папаўдні.
Браце! Я павінен быў напісаць табе ранкам, але чакаў — можа, яшчэ што-небудзь даведаюся.
Мроі, мроі… Буйнейшыя спяшаюцца разам з вадой, а драбнейшыя кожны плыве ў сваю раку, хавае нос у нару або вопратку навыварат нацягвае.
Няма пра што і думаць — толькі тыя, што ў нас… Цяжка…
Я раю тых, што сабраліся, адпусціць і падворак падмесці да апошняга куточка. І спяшацца трэба, бо мора хутка коціць хвалі…
Я пагляджу, можа, яшчэ падскочу да Мінска. Да пабачэння.
— От табе і маеш! — прастагнаў Косцік, бяссільна абсоўваючыся на калодцы.
— Што такое? Што здарылася? Косцічак дарагі! — дапытвалася напалоханая Каруся.
— От табе і войска! От табе твая праца, надзея, вось табе і ўсё!
— Косцік! Што здарылася?
— Лёс наш паршывы! Чаму ж гэта так... Божа мілы! Чаму ты так робіш?! Чаму множыш гэтых вылюдкаў на нашую бяду? Чаму не задушыш… Панічы-цацы! Снобы праклятыя! Замест таго каб паразумецца з людзьмі, наблізіцца да іх, задзіночыцца, навучыць, падрыхтаваць на ўсялякі выпадак, яны паляванні для швабскіх афіцэраў ладзілі, бяседы, адпачынкам злоўжывалі — а цяпер уцякаеце, як тхары, са сваімі апекунамі. А каб вас бальшавіцкая рука дастала там, дзе вы схаваецеся, і вырвала з карэннем, з насеннем. Божа мілы! Чаму ты так неразумна радзіш?!
— Апамятайся, Косцік, не праклінай і не блюзнер супраць Бога, — пачала яна яго супакойваць, прачытаўшы тым часам ліст. — Не праклінай і не блюзнер, бо прыцягнеш на сябе гнеў Божы. У цябе яшчэ няма нагоды для роспачы. Як кажуць, не тут Польшча пачынаецца і не тут канчаецца. Вялікая яна. Знойдуцца мясціны, дзе ўсе гэтаксама сумуюць па ёй. Вось убачыш, зноў з’явіцца Доўбар, збярэ легіёны, уланаў і пойдзе з бальшавікамі біцца. Адбярэ Варшаву, Кракаў, Чанстахову, Вільню, Мінск і да нас нарэшце прыйдзе. Не адчайвайся!
— Не ведаеш ты, што такога зручнага часу паўтара стагоддзя не было!
— А можа, гэта акурат кепскі час? Можа, Бог хоча даць лепшы? Можа, бачыць, што не ўсе яшчэ хочуць Польшчы? Хіба мала было такіх, што бальшавікам радаваліся і цяпер радуюцца? Можа, Ён яшчэ хоча напусціць бальшавікоў, каб усе пераканаліся, што гэта распуста, грэх, што гэта не рай для людзей, а пакута. Супакойся!
Ён абапёрся локцямі аб стол, схаваў твар у далонях і задумаўся. Яна ўглядалася ў яго выгаралую ўланскую шапку, у цёмныя густыя валасы, што тырчалі з-пад яе, у плечы і горача малілася без словаў.
Так мінула, можа, чвэрць гадзіны ці больш, і тут за дзвярыма зноў пачулася плясканне.
— Што ж я сяджу! — сказаў ён, паспешна ўскокваючы. — Каруся, зараз ты пойдзеш дадому!
— Пайду, — пакорліва адказала яна.
Ён схаваў у кішэню ліст, і яны вышлі.
На паляне сабралася больш народу і было весялей, чым да таго. Асінавы і альховы сухастой разгарэўся і бухаў полымем амаль на сажань, ціха і светла. На посцілках з лапніку і плашчоў легіянеры, разбіўшыся на некалькі груп, так рэзаліся ў карты, што аж трашчала. Некалькі людзей стаяла каля агню ў плашчах з вінтоўкамі ў руках, відавочна падрыхтаваўшыся да каравулу. Побач з хаткай таўклося з тузін свежа прыбылых, апранутых пераважна ў цывільнае, з кайстрамі і звычайнымі стрэльбамі на плячах.
Косцік выслухаў даклад пісарчука, даў яму далейшыя даручэнні і падышоў да тых людзей.
— Вітаю, браты! — прывітаўся ён
— Вітаем, пане камендант! — адказалі яму.
— Ну і як, добра пераправіліся? Ніхто не заўважыў?
— Ніхто, ніхто. Лесам аж ад дому ішлі.
— Добра, ідзіце да вогнішча і размяшчайцеся. Я хутка да вас вярнуся.
Ён кіўнуў Карусі і накіраваўся ў правы бок да лесу, дзе ўжо чакала група жаўнераў, якія раней стаялі з вінтоўкамі каля агню. Убачыўшы Косціка, яны рушылі ў лес. Косцік з Карусяй ішлі за імі.
— Калі б не Казікава навіна, — пачаў ён, калі яны ўжо апынуліся ў лесе, — я б правёў цябе дадому, але цяпер мусіш ісці сама. Гэтым разам страшна не будзе. Пойдзеш за тымі людзьмі. Гэта змена варты на сцяжынцы, якой ты прыйшла. Людзі табе незнаёмыя, вядзе іх старэйшы паважаны чалавек. Апошняя варта стане аж насупраць нашых могілак, адтуль ўжо няма жаднага страху. Яны з табой размаўляць не будуць, і ты іх не чапай.
— А ты калі прыйдзеш? Калі мы ўбачымся?
— Гэтага я не ведаю. Раней чым праз тыдзень хіба не.
Гушчар быў такі цёмны, што месцамі яны не маглі адно аднаго разгледзець, і Косцік, каб яна не заблукала, вёў яе за руку. Яны апынуліся ў месцы, дзе яе затрымала папярэдняя варта, спыніліся і пачалі развітвацца.
— Далей ідзі ўжо сама, арліца мая, бо мне трэба вяртацца, — сказаў ён, прыціскаючы яе да грудзей.
— Калі трэба, то вяртайся. — адказала яна, закідваючы яму рукі на шыю. — Вяртайся і не смуткуй, не адчайвайся. Убачыш, усё будзе добра.
Яны пацалаваліся, пяшчотна абняліся і разышліся.
Праз чвэрць гадзіны на паляне прагучаў трывожны сігнал.
Кантралюючы ўсе камунікацыі ў краі, акупанты здолелі схаваць ад людзей сваю паразу на заходнім фронце аж да моманту пакавання рэчаў на вазы. Так, аднойчы рэквізуючы побач з мястэчкамі збожжа, яны хваліліся, што ўжо французаў у пыл разбілі, што праз тыдзень-другі выправяцца за Дняпро дабіваць Расію — і тут нараніцу людзі даведваюцца, што так званыя гаспадары свету ўцякаюць што ёсць духу на свой сметнік. Вылецелі швабы з «зямлі абяцанай» — толькі пыл з-пад ног ляцеў. Амаль за гадзіну яны вымкнуліся з усіх памежных мястэчак, з усіх станцый. Чыгунка днём і ноччу гудзела гудкамі паравозаў, на дарогах няспынна грымелі абозы. Людзей ахоплівала здзіўленне, калі яны глядзелі на бясконцыя эшалоны. «І адкуль гэтыя, нячыстая сіла, столькі машын набралі? Дзе яны столькі коней выгадавалі?» — абмяркоўвалі яны. «Калі б мы пра гэта загадзя даведаліся, дык хоць бы рэйкі на дарогах разабралі, хоць бы які мост узарвалі або падпалілі або нават і кулямі, сабраўшыся грамадой, аднекуль з гушчару сыпанулі».
Адну навалу перажылі.
Следам за немцамі цягнуліся ватагі іншых варвараў. Гэта былі хутчэй партызанскія банды, а не войска, але і іх не было каму спыніць. Польскае насельніцтва складала меншасць і да таго ж было неарганізаванае, а месцамі прасякнутае камунізмам. «Сіла» была выняткам, і невядома, ці мелася ва ўсёй усходняй Беларусі іншая такая арганізацыя. Памешчыкі, былыя ўраднікі, афіцэры і іншая мясцовая інтэлігенцыя, ад якой варта было чакаць арганізаванай самаабароны, альбо ўцякала з немцамі на захад, альбо, замаскаваная, хавалася ў мястэчках. Думкі пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, хоць якой нацыянальнай ідэі ў той час у беларускіх вёсках над Бярэзінай яшчэ зусім не існавала, і малазямельныя людзі лічылі бальшавікоў сваімі дабрадзеямі. Яшчэ больш спрыялі красным уладам яўрэі. Іншыя слаі, праз баязлівасць інтэлігенцыі і пралетарскае спачуванне бальшавікам, баяліся нават рот раскрыць.
«Апосталы свабоды» ішлі тады за немцамі без усялякіх перашкодаў, хутка бралі ў свае рукі кіраванне гарадамі, абвяшчалі сябе ўладарамі, усталёўвалі савецкую ўладу.
Але пагрому палякаў, як мінулай зімой, беларускі народ ужо не пачынаў. Ён відавочна баяўся вяртання «белых». Рабаўніцкія рэквізіцыі ўладаў, арышты, разбойныя напады паасобных бандаў былі справай звыклай, але яны датычылі кожнага больш-менш заможнага або падазраванага кім-небудзь з пралетараў у спрыянні «белым» без увагі на нацыянальнасць.
Праз два дні пасля Карусінай выправы ў пушчу на ўцеху і адначасова трывогу бацькоў вярнуліся дамоў смалярскія хлопцы. З’явіліся амаль усе, акрамя былых легіянераў. На пытанні пра тыднёвую адсутнасць усе як адзін адказвалі, што, вядома, сабраліся ўцякаць, баючыся кары за прыналежнасць да «Сілы», але, заўважыўшы ў дарозе, што моладзь іншых засценкаў спакойна сядзіць дома, асмялелі і вырашылі вярнуцца.
— Добра зрабілі, што вярнуліся, — пахваліў Ясь Ладан Уладзя Вінярскага, сустрэўшы яго на наступны дзень на вуліцы. — Савецкая ўласць за саму прыналежнасць да культурнай арганізацыі караць не будзе. Ніхто вас і пальцам не кране. Вось для тых — Боліка вашага, Казіка, Норбы, Валькі і Віктара, стрыечнага майго, — для іх ужо што іншае. Ім ужо месца ў Смалярні не будзе.
— А ты б іх выдаў? — спытаў Уладзь.
— Я? Ты думаеш, што па-за Смалярняй ніхто не ведае, хто з нашых дзе быў, хто каму служыў? Шыла, браце, у мяшку не схаваеш.
Прайшло яшчэ некалькі дзён, і вярнуліся ўсе легіянеры. Настрой у іх быў невясёлы, але боязі, што ў Смалярні ўжо не будзе для іх месца, не выказваў ніводзін. Затое бацькі іх непакоіліся. Адразу пасля вячэры ў Сцяпуры адбылася нарада, назаўтра вырашылі з’ездзіць у суседнія мястэчкі, каб вывучыць настрой аматараў бальшавізму і праверыць намеры ўлады ў дачыненні да былых жаўнераў польскага войска. Вырашылі, што Ладан пойдзе ў Вончу, Сцяпура — у Кунцэвічы, а Трызна — у кірунку Магільнца.
Тым часам, вярнуўшыся са збору, Кантычка пачуў ад хатніх, што пляменнік Ясь толькі што прыбыў з Вончы. Пайшоў да яго адразу і знайшоў у святліцы, дзе той чытаў прывезеныя з сабой газеты.
— Праўда, што ваш Віктусь вярнуўся? — першым спытаў той у дзядзькі.
— Так, дзеткі, вярнуўся. Што ты на гэта скажаш?
— Рызыкоўны, што тут сказаць.
— Ты, можа, нешта дрэннае чуў? Што там у Вончы?
— У Вончы ўсё вельмі добра. От, парадуйцеся, нам зноў прызначылі ўласны савет. Паслязаўтра ў Смалярню прыедзе сам камісар, каб правесці выбары ў камітэт.
— Камісар да нас?! Хто табе сказаў?! Ты бачыў кагосьці са старэйшых?
— Я бачыў… Ды я браў удзел у паседжанні.
— Ты быў на паседжанні? Вось і добра! Раскажы, дзеткі, што яны казалі пра такіх, як мой Віктусь?
Ясь хітра пасміхнуўся.
— Цяпер вы кажаце «скажы, дзеткі», а калі я вам летась раіў забраць Віктуся з легіёнаў, то суччыным сынам мяне назвалі.
— Я цябе? І ты дагэтуль на мяне крыўдзішся? Па-мойму, невялікая гэта абраза — усё ж я табе родны дзядзька. Другі пасаромеўся б згадваць такую дробязь, калі над яго брацікам няшчасце навісла. Кажы хутчэй, што яны казалі наконт легіянераў!
— Нічога не казалі, бо на гэта часу не было. Але я ведаю, што ворагам пралетарыяту ў зубы глядзець не будуць.
— Значыць, дрэнна. Парай, што рабіць, каб хлопцаў уратаваць.
— Я вам дзіўлюся. Яны з нашых жаўнераў смяюцца, амаль у вочы мне плююць, а вы хочаце, каб я іх ратаваў. Я колькі хвілінаў таму пытаўся ў Валькі, дзе яны былі гэтыя дні, а ён мне на гэта: у Бабруйску; мы думалі, што атрымаецца забраць у немцаў нарабаванае ў нас вясной, але ў горад ужо столькі бальшавіцкіх хамаў панаперла, што не прайсці.
— Ну і што тут абразлівага? Гэта толькі факт, што цябе дагэтуль сваім лічаць.
— Мяне, партыйнага?
— А ты сапраўды да бальшавікоў належыш?
— Быццам вы раней пра гэта не чулі! Належу, слова гонару.
— Езусе! — закрычаў Кантычка, ускакваючы з сядзення. — Ладан — бальшавік! Езус! У нашай сям’і сапраўдны бальшавік!
— Калі вам гэта перашкаджае, выкрасліце мяне з вашай сям’і. Маім сямейнікам будзе той, хто ўступіць у нашую партыю. Хто будзе трымацца з намі, у таго ў Смалярні волас з галавы не ўпадзе, няхай гэта нават будзе былы легіянер.
— Ды хоць нас на шыбеніцу павядуць, ні я, ні Віктусь да ерэтыкоў не далучымся і Яську не пусцім.
— Дык вяртайцеся на сваё багамолле, бо ў мяне больш няма часу з вамі балбатаць.
Як і сказаў Ясь, на трэці дзень ранкам Пятроўскі атрымаў загад зараз жа склікаць сход, і праз пару гадзінаў з’явіўся народны камісар воласці, у якім смалерчукі, на сваё здзіўленне, пазналі яўрэя, які раней працаваў на млыне. Нягледзячы на супраціў сваякоў, на сход прышлі ўсе легіянеры.
— Таварышчы крэсцьяне! — пачаў камісар. — Вот вы апяць маеце свабоду. Апяць можаце кіраваць сваімі людзьмі, сваёй грамадой. Я прыехаў да вас правесці выбары. Высоўвайце кандыдата на прадсядацеля.
Голасу папрасілі Павел Трызна і Бронік Гушча, але Павел здолеў пачаць першы:
— Таварыш Салавейчык! Нашая грамада згодная зацвердзіць старога прадсядацеля, Мечыслава Пятроўскага.
— Усе хочаце старога?
— Усе! Усе! — хорам пацвердзіла грамада.
— А вот і не ўсе, — запярэчыў Бронік. — Вот я, Юзік Аленскі, Паклацкі і Чудны — мы не хочам буржуйскага падлізы. Мы хочам Івана Іванавіча, які стаіць за рабочых.
— Так, мы хочам Івана Іванавіча, — падтакнулі прыяцелі.
— Правільна, таварышчы! — пахваліў камісар. — Выбірайце зашчытніка рабочага класа. Таварышчы! — звярнуўся ён да грамады. — Хто з вас не хоча за нашага чалавека галасаваць?
Смалерчукі толькі пераглядаліся і шматзначна пераміргваліся.
— Значыць, усе хочаце, — сказаў камісар. — Добра, Іван Іванавіч. Ты ад гэтага моманту прадсядацель Смалярскага савета.
«Новаабраны» старшыня ўзяў слова.
— Таварышчы! Руская, Сацыялісцічаская, Федзераціўная, Савецкая Рэспубліка дае нам усемагчымыя свабоды, бароніць нас ад буржуазіі, а значыць, наш абавязак — дапамагаць ёй. І не словам, а справай. Калі мы атрымаем які-небудзь загад ад вышэйшай улады, мы павінны яго выканаць як належыць. Калі даведаемся, што які-небудзь контррэвалюцыянер бунтуе супраць нашай улады — мы павінны данесці пра гэта. Калі ў нас ёсць нейкія лішкі — мы павінны ахвяраваць іх ураду. Савецкая рэспубліка цяпер у цяжкім становішчы. Усюды ворагі, усюды нястача. Вось мы дазнаемся, што рабочыя вялікіх гарадоў з голаду паміраюць, а жаўнеры Краснай арміі капусныя храпкі грызуць. Таварышы! Калі мы ім цяпер не дапаможам, то потым нам сорамна будзе перад нашчадкамі. Я вылічыў, што толькі ў адной Смалярні ёсць чатырыста пяцьдзясят пудоў лішняга жыта. Аддамо яго Краснай арміі.
— Аддамо, аддамо, — пацвердзіла чацвёрка яго саюзнікаў.
— Таварышч Салавейчык! Прыязджайце заўтра з падводамі і забірайце нашую ахвяру для Краснай арміі.
Камісар горача паціснуў далонь Ясю.
— Дзякуй вам, Іван Іванавіч! І вам усім таксама, таварышы. Савецкая ўласць здольная ацаніць вашую дапамогу.
Пятроўскі вырашыў запратэставаць.
— Таварыш камісар, — сказаў ён. — Калі вы хочаце нас грабіць, то не стройце камедыі, што мы вам самі ўсё аддаём. Па-другое, у Смалярні нават ста пудоў хлеба ў запас няма. Я дзіўлюся табе, Яську, ты ж рускі экзамент здаў, а так па-дурному вылічыў. У мяне жыта не больш за трыццаць пудоў, і невядома яшчэ, ці хопіць на маю сям’ю.
— Значыць, ужо схаваў! — крыкнуў Ясь.
— Я схаваў?! Каб цябе заўтра на могілках схавалі, паршывец! Ты забыў, колькі ў нас немцы ўзялі?
— Таварышч Салавейчык, вазьміце заўтра з сабой моцную ахову, бо нашыя кулакі яшчэ бунт могуць усчаць.
Заўтра на світанку Салавейчык прыбыў адпаведна з парадай старшыні — з падводамі і міліцыяй — і пачаў рабаваць людзей. Не дапамаглі пратэсты, сваркі, просьбы і нават жаночы лямант. Дзе не знаходзіў пададзенай Ясем колькасці жыта — забіраў замест яго ячмень ці авёс, сцвярджаючы, што гаспадар рэшту схаваў. Паводле складзенага спісу, найбольш хлебнага зерня мелі гаспадаркі легіянераў і Пятроўскага. Здановічу запісаў столькі, колькі той і ў жніво не меў. Казік не вытрымаў.
— Слухай, Ясю, — сказаў ён, адклікаўшы таго ўбок, — як табе не сорамна было запісаць трыццаць пудоў, калі мы нажалі толькі дванаццаць коп?
— Як гэта дванаццаць?! — крыкнуў Ясь. — Вы перад вайной нажыналі дваццаць пяць.
— Дык гэта перад вайной, калі ўсё было засеянае і ўгноенае.
— А я ў гэтым вінаваты? Чаго ж ты не ўгнойваў? Чаго не засяваў?
— Бо я дома не быў.
— Ага, ты дома не быў. А дзе ты быў?
— Дурное пытанне. Ты не ведаеш, што я ў войску служыў?
— А ў якім ты войску служыў? У белым? Ты змагаўся супраць бальшавікоў, а цяпер не жадаеш даць Краснай арміі пару васьмушак жыта! Хочаш, каб я паведаміў пра гэта камісару? Хочаш пад сценку?! — крычаў той, падскокваючы з кулакамі.
— Ідзі паведамляй! — адказаў Казік, прымяраючы кулак да ўдару, але ў гэтую хвіліну падбегла маці.
— Казічку! — закрычала яна, хапаючы сына за руку. — Яську! Вы што? Што сталася? Вы ж дружбакі старыя! Вы ж харугву разам насілі. Не ўпарціся, Казю! Хай бяруць. Бярыце, Яську, калі так трэба для Краснай арміі. Бярыце жыта, бярыце ячмень, грэчку. Усё бярыце, калі трэба, толькі не кажы камісару, што Казік у легіёнах служыў! Злітуйся!
Косцік яшчэ цэлы тыдзень жыў у сваім будане. Частку сабраных людзей ён распусціў адразу пасля атрымання ліста, частку — на другі дзень, але ўсё цягнуліся новыя, і ён мусіў трымаць на сцежках варту, пакуль не вернуцца вярбоўнікі. Калі ўсе вярнуліся, ён распусціў астатніх, а сам з дапамогай Стаха перанёс у старыя хованкі зброю і вопратку, спаліў буданы і толькі тады вярнуўся ў леснічоўку да бацькі.
З кіраўніка батальёна ён зноў ператварыўся ў звычайнага леснічонка са слабай надзеяй на здзяйсненне сваіх памкненняў.
Але ён вынес гэты крок назад лягчэй, бо ў яго была Каруся. Прыгожая, клапатлівая, мілая, смелая і разумная. Яна была ягонай надзеяй, падпорай і іскрай для жыцця.
— Не адчайвайся, Косцік, дарагі… Вось убачыш: зноў з’явіцца Доўбар, збярэ легіёны, пойдзе біцца, адбярэ Варшаву, Вільню, Мінск, і ты збярэш тых людзей, павядзеш да яго, а не — уступіш ва ўланы і будзеш сабе ваяваць, — цэлы тыдзень гучалі ў ягонай галаве яе словы.
«Хай толькі прыйдзе ён куды блізка — адразу да яго пайду, — думаў Косцік. — І буду біцца што ёсць сілы — за Смаляраньку, за Карусю, за гэтую пушчу, за край наш, за ўсю Польшчу. Першы пайду — апошні вярнуся. Вось убачыш, мая дарагая!
Дасць Бог — адаб’ём сабе свабоду, Польшча зробіцца вольнаю, а як жывы застануся, то ўжо напэўна мне не пашкадуюць гэтага лесу, каб я для маёй Карусенькі сядзібу пабудаваў… Хутка ўсё выкарчую, пастаўлю ладны будыначак…
А калі Бог пакуты за грахі нашых продкаў падоўжыць захоча, калі, пакараўшы маскоўскіх прыгнятальнікаў бальшавіцкай навалай, зноў нас у рукі іхныя аддасць і вернуцца перадваенныя часы — то і тады дам сабе рады. У мяне няма зямлі, але Бог не пашкадаваў здароўя, сілы, спрыту і ахвоты да працы. Здзельна працаваць пачну, лес буду сячы, зімой пайду вольху валіць, вясной паганю на Бярэзіне плыты, летам на будоўлях у Бабруйску зарабляць буду і збяру грошай — вазьму арэнду… Сябры ў мяне ёсць — дапамогуць».
Наведаўшы пры першай жа магчымасці Карусю ў Здановічаў, ён адчуў яшчэ большае жаданне жыць. Ён глядзеў у яе вочы, што гарэлі жыццём, слухаў разважныя словы, якія абяцалі лепшую будучыню, і кроў у ім кіпела ад прагі дзейнічаць. Яму карцела адразу ўзяцца за сякеру, ісці ў лес, валіць, карчаваць, будаваць.
Вяртаючыся апоўначы дадому, ён летуценіў і ў думках маляваў сваю будучую сядзібу.
«Папрашу, каб мне далі той пагорачак каля старыцы, што насупраць смалярскага Чуба, адкуль яна будзе бачыць свой родны засценак. На старыцы добрага поля з восем дзесяцінаў будзе, а калі ў ляску, што яе атачае, роў выкапаць, то, як той казаў, і вада будзе, каб пранне паласкаць, і лугавіна.
Будынкі пастаўлю шырока — дзядзінец будзе вялікі. Хата стане каля той купы бярозаў, якія я з усяго лесу спецыяльна для аздобы пакіну. Падмурую яе камянямі высока, як у Пятроўскага, сцены будуць сасновыя, часаныя, пакрытыя гонтай, вокны зраблю светлыя і прыстаўлю разьбяны ганачак, з лаўкамі па баках для сядзення і фігурнымі ліштвамі пры дашку.
Святліцу пастараюся зрабіць як для князёў. Столь падаб’ю дошкамі, сцены атынкую, як у камяніцы, падлогу выгаблюю і да таго ж яшчэ высцелю… чым высцелю? Сукном? Не. Футрам? Так, футрам… Воўчым футрам… Усю святліцу высцелю воўчымі скурамі...
Хай мая каралеўна ходзіць сваімі ножкамі па пушыстым футры лютага звера, што іншым звярам і людзям зло чыніць, хай праз акно слухае шолах бярозак і цвырканне птушак, хай глядзіць на ківанне лазняку, на лес, на бацькоўскую хатку, каб ёй сумна не было. Так я табе ўсё зраблю, анёле мой найсаладзейшы!»
Пасля цэлага дня роздуму ён прыйшоў да высновы, што нешта можна пачаць цяпер.
«Можна, напрыклад, пачаць з тых скураў або нават з гонты, — думаў ён. — Столькі ў лесе яловых вываратняў, столькі лесу, свавольна сялянамі ссечанага, ляжыць, гніе, нікому ніякай карысці не прыносіць. А што мы з бацькам будзем цэлую зіму рабіць? З тым вартаваннем (бальшавікі пакінулі на пасадах ляснічых і дзяржаўных, і прыватных лясоў) дык і бацьку няма чаго рабіць. Людзі лесам сытыя па горла».
На наступны дзень ён запрог каня ў кары, паехаў у лес і, выбраўшы найчарнейшы яловы выварацень, завёз дадому.
— Чаго мне без справы сядзець, — сказаў ён бацьку, — я лепш настругаю гонты. Прыйдуць лепшыя часы — прадамо.
Папілаваў разам з бацькам выварацень, парэзаў на кавалкі і пачаў габляваць. Рабіў гонту і ганяўся за ваўкамі.
Хітры гэта звер, цяжка яго падмануць, але Косцік, выгадаваны ў лесе, ведаў іх логавішчы, сцежкі і так умеў вабіць, што нават старых ваўчыц падманваў. Кідаў падліну, прысочваў, вабіў і забіваў аднаго за другім.
Ганяючыся за ваўкамі, застрэліў ліса і падумаў, што таксама варта было б Карусі справіць футра з лісіц. Хай глядзяць! Хай ведаюць, што гэта Косцікава дзяўчына… Такога ёй ні маці не справіць, ні ніводзін са сватоў.
З таго часу ён паляваў не толькі на ваўкоў, але і на лісіц, якія паволі перасяляліся на гару да Васілеўскіх.
— Ты што, кантракт заключыў на знішчэнне ваўкоў? — пытаўся бацька, заглядаючы на гару. — Нашто яны табе?
— Вы, татка, яшчэ не ведаеце — ваўкі важнейшыя за лісаў.
Каб жа ён хоць дзень за ўсю зіму без справы пасядзеў, каб жа гадзінку дарма змарнаваў. Ён не звяртаў увагі на ноч, непагоду, стомленасць. Устаўшы па другіх пеўнях, габляваў да світанку гонту, потым са стрэльбай бег у лес, папаўдні вазіў да леснічоўкі дрэва, вечарам зноў габляваў або бег на паляванне. Бывала, на дварэ цёмна, хоць пальцам у вока, снег, завея, як кажуць, добры гаспадар сабаку з буды не выпусціць — а ён пасля вячэры сам-саменькі ў Смалярню ляціць, сядзіць на вячорках ля Карусі амаль да поўначы, потым, нават не вяртаючыся дадому, ідзе ў лес па ваўкоў. Вярнуўшыся пасля начных бадзянняў, часам ляжа на пару гадзінаў, а часам толькі пойдзе пераабуецца ў сухія парцянкі — і зноў у лес.
І быў ён шчаслівы ў гэтай беганіне і працы.
Для смалярскіх людзей надышлі цяжкія часы. Бальшавіцкія ўлады знайшлі ў Ясю дасведчанага і стараннага агента, шпіёна за братамі і жахлівага мсціўцу. Ён адрокся ад сваякоў, забыў пра гаспадарку. Мінулай зімой дык хоць па дровы ў лес ездзіў, бацьку малаціць дапамагаў, а цяпер хоць бы пальцам аб палец ударыў. У святочныя дні хадзіў у Вончу на паседжанні: вучыў, цікаваў, агітаваў. Хто асмельваўся супраць яго агітацыі выступаць, таго ў спіс шкодных кулакоў уносіў і карную рэквізіцыю праводзіў. Усюды панаваў тэрор. Старых Ясь лічыў за нішто. Нават роднага бацьку, які пачаў яму рабіць заўвагі, дурнем называў і папярэдзіў, што як будзе ягонай дзейнасці перашкаджаць, то не завагаецца і яго перад уладай абвінаваціць.
Горш за ўсё ён помсціў легіянерам, чапляючыся да іх на кожным кроку, сварачыся і пагражаючы, што выдасць. Але не выдаваў, быццам спачатку хацеў насыціцца трывогай сваіх ахвяраў, а можа, баяўся помсты сябраў «Сілы», бачачы, што, хоць арганізацыя распушчаная, амаль усе хлопцы і надалей трымаюцца дружнай грамадой.
Неяк паміж Раством і Вялікаднем улады заклікалі да вайсковай рэгістрацыі народжаных у тры гады: 1898, 1899 і 1900. Толькі ў адной Смалярні было дванаццаць хлопцаў, якія нарадзіліся ў гэты час. Да іх належалі Стах Балашэвіч, Петрык Балашэвіч — выхаванец Марціна, называны Карапузем, Адась Лапаносы, Зыгмусь Пятроўскі, Ясь Кантычка, малодшы брат легіянера Віктара, Віцік Дудар, Уладзь і Пятрусь Вінярскія, Ромка Аленскі, Франак Трызна, малодшы брат Валькі, і Флорак з Ігнасем, іх пляменнікі. А ў ваколіцы два разы па столькі было.
Ясь паклікаў усіх да сябе, абвясціў распараджэнне і ад сябе паведаміў, што на вінаватых ва ўхіленні ад рэгістрацыі навядзе карную экспедыцыю.
Хлопцам не было чаго рабіць: яны выканалі загад і пакорліва чакалі прызыву, які мусіў адбыцца ў красавіку.
Але аднойчы, падчас посту, Ясь зноў склікаў рэкрутаў да сябе.
— Вот, хлопцы, — сказаў ён, — я вам прынёс радасную вестку з камітэта. Таварышч ваенны камісар Троцкі загадаў трэніраваць рэкрутаў у іх вёсках. У Смалярні будзеце трэніравацца! І радуйцеся: я ваш інструктар!
Хлопцы ад такой «радасці» аж зубамі заскрыгаталі. Здзекавацца з братоў было шчасцем для камунякі.
І зноў людзі дачакаліся вясны. Але як жа яна адрознівалася ад той, Доўбаравай... Варожы ўрад, няўпэўненасць у жыцці і сваёй працы, смутак і голад — госць нечуваны з часоў заснавання Смалярні. Да гэтага спрычыніліся праведзеныя помслівай рукой Яся дзве рэквізіцыі: адна — зерня, другая — фуражу. Пасля першай менш пакрыўджаныя па-братэрску падзяліліся сваім зернем з рэштай і ўжо б неяк да новага збору дацягнулі. Але калі забралі сена, той, хто клапаціўся пра худобу, мусіў, каб прыправіць салому, са свайго рота кавалак вырываць. Хто меў яравое, кідаў хутчэй на раллю, каб хоць наступны год забяспечыць. Пагніла шмат картоплі, пахаванай восенню ў ямы, немагчыма было нават поле засадзіць як належыць. Замораная зімой худоба загразала ў поймах, доўга не наядалася і не давала малака. Да таго ж вялікую колькасць паваліў каровін тыф, шмат патанула ў багне.
Гэта не быў голад як, напрыклад, у доўга абложаным горадзе ці крэпасці, дзе людзі паміраюць. Яны жылі ў лесе і, дзякуй Богу, вясны прычакалі, але ці не кожны смалярчук у большай ці меншай ступені адчуваў гэты голад і кожны ўбачаны і скаштаваны кавалак хлеба смакаваў і пах, як велікодная булка. У каго была прыхаваная жменька жытняй ці аўсянай мукі, той хоць раз на дзень гатаваў беленую зацірку, хто лебяду збіраў або заечую капусту і, прыпраўляючы скварачкамі, гатаваў з яе страву; адзін рыбу лавіў, другі паляваў, іншыя, каб падмацавацца, забівалі ягня або цяля. Дзеці, гуляючы ў лесе, выграбалі з лісця леташнія арэхі. Горш за ўсё — што солі не было: з-за кардону, праз бурныя падзеі ў краіне, не дастаўлялі, а тое, што было ў крамах, яўрэі, каб нажыцца на людзях, схавалі. А без солі людзі пухлі і слаблі.
Праз сваіх нешматлікіх памагатых Ясь раіў галодным звярнуцца да валаснога савета па дапамогу, якою ён і сам карыстаўся, але смалерчукі не хацелі.
— Нашае хай ядуць на здароўе, — казалі яны, — а мы чужога не хочам і ялмужны ні ў кога прасіць не будзем. З такога голаду яшчэ не памром. Заўсёды так не будзе: дачакаемся хлеба, дачакаемся справядлівасці.
А ўжо святлела неба з запаветнага боку і веяў адтуль цёплы, блаславёны ветрык надзеі, шаптаў на вуха мілосныя словы, заліваў у жылы чарадзейныя зеллі, якія загадвалі радавацца, не звяртаючы ўвагі на беды і змесціва страўніка. Польшча падымалася, паўставала.
Весткі з заходняга фронту былі скупыя, недакладныя, а да таго ж аблудныя на карысць Краснай арміі, але ўжо сам факт, што яна змагалася з Польшчай, дадаваў радасці. Шыла ў мяшку зусім немагчыма было схаваць. Змешчаныя ў газетах паведамленні пра «пераможныя» бітвы з белымі ва ўсё бліжэйшых мясцінах ясна паказвалі, што зорка спрыяе польскаму войску.
— Відаць, з новым хлебам і лепшага ўраду дачакаемся, — казалі смалерчукі.
Братэрства і ласка між людзьмі запанавалі як ніколі раней. Ці то ў свята на вуліцы, ці ў будні дзень у полі сыходзіліся яны ад плуга і бараны ў купу, клапатліва распытвалі пра здароўе, пра тое, ці ёсць чым страўнік запоўніць, шматкроць абмяркоўвалі паведамленні і весткі з фронту. Некаторыя прыціскалі да зямлі вуха, услухоўваліся і казалі, што чуюць гром гарматны, гімн да Багародзіцы, які спявае польская пяхота, ідучы ў атаку, ураганны тупат капытоў, трапятанне сцягоў падчас атакі ўланаў і роспачны крык уцекачоў-чубарыкаў.
Але неяк у гэта не верылася, бо бітвы ў той час ішлі за некалькі сотняў вёрстаў.
На Сёмуху Каруся прысніла страшны сон. Снілася ёй, што над Смалярняй шалела страшная бура і вывернула на дзядзінцы ў Здановічаў хваіну, якая накрыла Казікаву маці. Яна спрабавала яе адтуль выцягнуць, клікала на дапамогу людзей і прачнулася.
«Штосьці будзе дрэннае», — падумала яна. Вырашыла нікому не казаць. Раздумваючы над сном, зноў заснула.
Абудзіў яе вясёлы крык мамы, якая ішла ў Вончу на споведзь.
— Каруся! Уставай! Сёння будзе ў вас свята, — сказала яна.
— Што такое?
— Дзяды1 ў нас будуць.
— Якія дзяды?
— Казік прывёз ад сваёй цёткі Казлоўскай картоплі, мукі, солі. І для вас пазычыў.
— Шмат?
— Даў нам мех картоплі, два пуды мукі і вялікі бляшаны кубак солі. Казаў, што гэта за тваю ім дапамогу. Аддамо потым.
— Аж столькі!
— Уставай! Надзярэш картоплі і напячэш бліноў.
— Можа, аладак?
— Хай аладкі. Толькі танюсенька абірай! Або зусім не, дастаткова прамыць. Бацьку нарэжаш скварак, сабе з Яняй зрабіце крухмальна-малочнай мачанкі. Ідзі ўжо, а то бацька кажа, што самлее ад голаду. Я пайшла, — і яна выйшла.
— Цётка Казлоўская… Калі б ты ведала, што гэта за цётка... — казала сабе Каруся. — Бедны, ён можа са свайго рота выцягнуў ці ў братоў адабраў… А ты яго ў хату пускаць не хочаш… А можа, сказаць ёй?.. Можа, перад споведдзю даруе?..
Але з вуліцы ўжо данёсся грукат весніц.
Каруся пацягнулася і, падпёршы галаву рукой, пачала любавацца майскім аздабленнем святліцы.
Тут жыў Бог. Падлога вышараваная, чысцюткая, ні пылінкі. Грубка, як снег, свежапабеленая. Зверху балдахін з густа натыканых пад бэлькі кляновых галінак. Сцены ў арабіне, бярозках, абразы ў вяночках з кветак, на канапах і вокнах — вазоны, на стале побач з літым з жалеза распяццем — два букеты лясных кветак. Праз верхнюю шыбу правага акна з вуліцы прабіваўся праменьчык сонца і лашчыў параненую галоўку Езусіка, а праз раскрытую ў тым жа акне фортку даносіўся з бэзу ранішні спеў птушак. У вокнах з боку дзядзінца віднеліся клёны, бярозкі, арабіны, якімі звычайна напярэдадні Сёмухі абсаджваюць падворкі і вуліцы.
— Божа мой! — уздыхнула яна. — Каб ён толькі мог прыйсці, пасядзець тут, убачыць маю працу… Усё праз гэтую маміну ўпартасць…
— Каруся! Гэй, Каруся! — пачуўся за дзвярыма голас бацькі. — А чаму ты не ідзеш! Ідзі ж! Я ўжо і дровы ў печ паклаў.
Яна паднялася, паспешліва апранулася і выйшла ў іншы пакой.
Праз гадзіну яна пякла аладкі, а бацька з Яняй, якая паспела вярнуцца з коньмі, хапалі гарачае проста з патэльні.
— От жыта! От картопля! От аладкі! — хваліла Яня.
— Такую цётку мець — гэта я разумею, — казаў бацька. — Дай Бог ёй здароўя!
— Калі дачакаемся новых картоплі і жыта, кожны дзень будзем пячы аладкі, — казала Яня.
— Але калі гэта будзе... — заўважыла Каруся. — Восем тыдняў трэба яшчэ чакаць, калі каласаваць пачне. Кажуць: два — каласуе, два — красуе, два — наліваецца, два — даспяваецца.
— Мы мусім дастаць насення з-пад Магілёва ад той Казлоўскай, — прапанавала Яня.
— Навошта? — спытаў бацька.
— Бо там усё смачнейшае і буйнейшае расце.
— Гэта толькі здаецца, што смачнейшае, бо мы галодныя.
— Галодныя, гэта праўда, але дзядзька Пятроўскі казаў, што там, пад Магілёвам, усё іншае: жытнім коласам, казаў, чалавека забіць можна, картопля такая, што адна цэлы кош запаўняе, а гарбузы ў гародзе растуць!.. Пара коней адзін толькі і ўвязе. І там усё такое.
— Такая ўжо вялікая дзяўчына, а дурненькая…
— Калі перастанеце гарачае хапаць? — урэшце запратэставала Каруся, заўважыўшы, што з сямі патэльняў, якія яна ўжо скінула, на абрусе засталіся толькі дзве аладкі.
— Каровы хутка вяртацца будуць, а ты толькі пачынаеш, — заўважыла Яня. — І яшчэ крычыш… Не магла раней падняцца?..
— Табе пэўна да хлопцаў пільна трэба? Карапузя ўжо чакае?
— Ніхто не чакае. На вучэнне яны ідуць.
— Сёння на вучэнне?!
— Калі мы з коньмі вярталіся, ужо цэлы табун ля калаўрота стаяў.
— Дык сёння ж свята, амаль як Вялікдзень!
— І хлопцы так кажуць. Але той гаворыць, што саветы большай паслухмянасці патрабуюць у святы, чым у будзённы дзень. Кажа, не пайсці ў свята азначае ісці супраць саветаў, бо яны Пану Богу вайну аб’явілі.
— І зямля не расступіцца перад такімі!
— Спецыяльна ўчора хадзіў па хатах і папярэджваў пра вучэнне, каб хто-небудзь не адправіўся ў касцёл. Апошні тыдзень вучацца, хутка на вайну пойдуць, — дадала Яня праз хвіліну.
— Ужо на вайну?! І пойдуць? Супраць сваіх?
— Я там не ведаю, як хто. Карапузя дык не пойдзе. Бо легіянераў хіба што не відаць. Ужо шмат хто, прыклаўшы вуха да зямлі, чуў, як яны ваююць…
— Каб жа хутчэй, Маці Найяснейшая!
Пасля абеду Яня пабегла ў засценак, а Каруся, загнаўшы ў абору кароў, выйшла на гумнішча па цялятак. І знайшла там Косціка. Ён сядзеў за іх гумном на высокім стосе бэлек, чытаў «Краснаармейца» і час ад часу паглядаў на рэкрутаў, што маршыравалі ў полі.
— Добры дзень, пастушок! — паклікаў ён, вызіраючы з-за рага, калі Каруся нахілілася па поўраз.
Яна радасна абярнулася і пайшла да яго.
— Добры дзень, пані Казлоўская, — сказала яна, наблізіўшыся. — Нашто прыцягнуў столькі дабра?
— Зашмат? Ды ты вунь зялёная ўжо без хлеба.
— Дык а навошта марыць сябе і сям’ю? Скраў у бацькі?
— Не саграшыў бы, калі б і скраў. У нас голаду няма. Але я не краў, я купіў. Картоплю — у бацькі, муку і соль — у спекулянтаў.
— У цябе былі залатыя грошы?
— За куну купіў.
— За адну скурку?
— А ты не знаеш, колькі яна каштуе? Перад вайной я б за яе дваццаць пудоў мукі і пяць пудоў солі ўзяў. Цяпер — чатыры мукі і пяць фунтаў солі.
— Такая дарагая! Як табе ўдалося яе ўпаляваць?
Косціку язык свярбеў пахваліцца, колькі ў яго на гарышчы тых скурак, але ён стрымаўся, каб іншым разам зрабіць ёй сюрпрыз.
— Я хацела сказаць маці, што гэта ўсё ты прынёс.
— Не кажы, барані Божа! Я не думаў купляць яе прыхільнасць.
— Не буду.
Яна завяла цялятяў, потым зноў вярнулася і ўлезла да яго на купу бэлек.
— Што пішуць у газеце?
— Э, пішуць, што перамагаюць, але бітвы ідуць усё бліжэй да нас, і з таго відаць, што толькі хваляцца.
Ён расклаў газету і прачытаў ёй уголас справаздачны артыкул пра ход змагання на заходнім фронце.
— Хто такі «грамаатвод Пілсудскій»? — спытала яна, пачуўшы некалькі разоў гэты выраз.
— Галоўнакамандуючы польскіх войскаў.
— Па-бальшавіцку гэта значыць «грамаатвод»?
— Не, бальшавікі яго так называюць, злуючыся, што ён іх б’е.
— А пра Доўбара зусім не чуваць?
— Я ў газеце ніколі не сустракаў, але павінен быць пры Пілсудскім.
— Лепш, каб быў, бо той Пілсудскі можа зусім і не ведаць, што мы тут.
Яны перапыніліся і паглядзелі за бярэзнічак на поле, адкуль загрымела песня:
Во ку, во куз-ні-цэ. Во ку, во куз-ні-цэ.
Во куз-ні-цэ мо-ло-дые куз-не-цы…
— Вечна гэтая кузніца. Хіба ў іх іншай рускай песні для жаўнераў няма? З дня ў дзень, некалькі месяцаў усё куюць, — прабурчала яна.
— Чаму няма, але хлопцы просяць, каб ім Ясь зацягнуў, а ён іншай не ўмее.
— У такое свята! І яшчэ перад засценкам, каб людзі глядзелі, як ён іх водзіць. Глянь, як усе цікаўныя платы абселі і ўтаропіліся.
— Для такіх практыкаванняў трэба вялікі пляц.
— Так? Думаю, ты здолеў бы як ён.
— Здолеў бы. Я ад пачатку назіраю. Ён знаецца на муштры, але відаць, што мала знае вайну. Я б перамог яго з меншай сілай.
— Табе і Казіку трэба камандаваць гэтымі людзьмі. Яны ж не бальшавікі.
— Бог дасць, ён апошні раз іх на муштру выводзіць!
— Але глядзі, колькі іх сёння! Раз, два, тры, чатыры… Адзінаццаць чацвёрак. Столькі ніколі не было. Адкуль іх набралася?
— Тут ёсць хлопцы і з Убярэззя.
— З Убярэззя? Рускія з нашымі?!
— Не ўсе: тыя, што з іншага канца, з намі сябруюць. У іх ёсць свой інструктар, якому ўжо даўно ўсё надакучыла. Гэтыя прыйшлі да нашых ахвотнікамі.
— Што, ужо клічуць на вайну? Не ведаеш, нашыя пойдуць?
— А хто туды пойдзе…
Атрад як па камандзе абарваў песню, стаў, а потым разбегся ў доўгі ланцуг і ўпаў на зямлю.
— Так яны павінны рабіць, калі заўважылі непрыяцеля, — растлумачыў Косцік.
Лінія асобнымі крокамі і кароткімі перабежкамі пасоўвалася наперад, то левае, то правае крыло, вілася, як вужака, курчылася і выцягвалася, як п’яўка, рабілася то паўмесяцам, то клінам, а то выпроствалася ў струнку. Перад хвойнікам сцягнулася ў густы шэраг, паўстала і з каламі ў руках і крыкам «ура!» кінулася ў атаку.
— Ну, і калі б цяпер з таго моху ўдарылі, што б ты рабіў? — прамовіў Косцік нібы сабе.
— Не ведаю, як бы там было, калі б я ўбачыла сапраўдную вайну, але з гэтых практыкаванняў яна зусім не выглядае страшнаю. А можа, гэта таму, што ў іхных руках шосты, а не вінтоўкі, і што не страляюць?
— Яна і так не страшная. Часам толькі, калі чуюцца стогны раненых, дрыжыкі трошкі прабіраюць.
— Калі дачакаемся легіёнаў і ты зноў паступіш ва ўланы, прыеду да цябе пабачыць, як сапраўды ваююць.
— Ага, каб цябе шалёная куля забіла?
— Я не буду ад цябе адыходзіць, дык чаму павінны забіць?
— Дзіця! Хіба я з жалеза? Нават калі ў кабуру цябе схаваю, гэта не гарантуе бяспекі. Могуць забіць і цябе, і мяне.
— Ну і добра! Я б хацела памерці разам з табой. Без цябе мне свет не мілы.
Ён азірнуўся, ці не глядзяць на іх чые-небудзь вочы, потым ахапіў яе рукой і прыгалубіў, як тады ў лесе.
— Пакуль жывы, не дазволю нікому цябе пальцам крануць.
Прытуліўшыся адно да аднаго, яны далей глядзелі на рэкрутаў, якія пасля кароткага перапынку пашыхтаваліся ў калону і маршыравалі ў бок засценка. Ясь забягаў збоку, падаваў каманды і задаволена ўсіх раўняў.
— Спявай! — скамандаваў ён, калі выйшлі на дарогу.
У адказ забэкалі авечкі і запяялі пеўні.
Дзеці, якія назіралі за імі з бярэзніку, выбухнулі смехам. Косцік з Карусяй таксама не вытрымалі.
— Без шутачак у радах! — злаваўся Ясь. — Смірна! Раз, два, тры! Раз, два, тры! Пой!
Яму зноў адказаў хор звярыных і птушыных галасоў, у якіх ужо былі і посвіст салаўя, і ржанне коней, і рыканне валоў.
Дзеці падалі ад смеху, збягаліся з усіх бакоў.
— Яны бунтуюць? Дрэнна будзе… — казала Каруся, уся калоцячыся.
— Чаго ты баішся, ваяка?
Яны саскочылі з купы бэлек і пайшлі па загуменнай дарозе разам з рэштай людзей, які назіралі за практыкаваннямі рэкрутаў за крайняй сядзібай Балашэвічаў, адкуль адкрываўся найлепшы від на поле.
Ясь злаваўся.
— Я вас навучу кпіць! Да змроку бегаць будзеце! Разумееце?! Смірна! Раз, два, тры! Раз, два, тры! Во ку, во куз-ні-цэ! Во ку, во куз-ні-цэ! — зацягнуў ён сам.
У шэрагах хвіліну-дзве трывала маўчанне, а потым адразу з сарака чатырох грудзей грымнула:
Наперад, смалярскае войска,
За долю ідзём ваяваць.
Ніякай уладзе савецкай
Наш ход не спыніць, не стрымаць.
Ясь на хвіліну застыў, не верачы вушам. А потым выцягнуў рэвальвер, забег наперад і, пагражаючы ім, намагаўся спыніць свой атрад.
— Стой! — крычаў ён. — У імя савецкай улады згадваю, стой! Страляць буду!
Зброя вылецела ў яго з рукі, а за ёю паляцеў ён сам. А песня тым часам не спынялася:
Хай прыйдзецца з голаду згінуць
І ў тундрах Сібіры нам гніць,
Ды з нашае цяжкае працы
Паўстане Айчына, каб жыць.
— Бунт! — крычаў Ясь, ідучы ззаду. — Вы здраднікі! Вас контррэвалюцыянеры навучылі! Атаман навучыў! Апамятайцеся, пакуль не позна! Карацельны атрад прыйдзе і ўсіх вас схопіць, расстраляе! Смалярню спаліць! Апамятайцеся! Стой! Смірна!
Атрад маршыраваў і песня грымела няспынна. Пасля «Смалярскага войска» пачалася спецыяльна падрыхтаваная для Яся:
Ясь, бальшавіцкая морда,
Досыць ты здзекваўся з нас.
Моладзь рашуча і цвёрда
Скажа: твой скончыўся час.
Хопіць камандаваць намі,
Хопіць вадзіць нас за нос,
Без дзецюкоў з бізунамі
Самі здабудзем свой лёс.
З Польшчы чакаем Героя,
Што павядзе за сабой.
Возьмемся, братцы, за зброю,
Разам з ім пойдзем у бой!
Хай нам у лесе хавацца,
Прыйдзецца тыдзень ці год,
З ворагам будзем змагацца,
Пойдзем за Польшчу ў паход.
Нехта з шэрагу падаў каманду, і зноў заспявалі тое самае. Рэкруцкае вершаляпства, рытмічныя, простыя, зухаватыя словы, шчымлівая мелодыя мілых успамінаў пра легіёны рэхам даносіліся да вёскі, выцягвалі людзей на вуліцу, поле, стваралі добры настрой, раздзьмухвалі тугу па сваіх, заклікалі ўзляцець і адначасова абуджалі трывогу, бо легіёны былі яшчэ далёка.
— Ой, няшчасце будзе! — паўтарала Каруся, стоячы побач з Косцікам ля Балашэвічавага плота. — Ён адпомсціць табе і Казіку… Сон мне сніўся нядобры для Здановічаў…
— Не бойся, нічога не будзе, — супакойваў яе Косцік. — Вось пабачыш, нават скардзіцца не будзе. І на што яму скардзіцца? Што песеньку заспявалі? Што не хочуць займацца? У іншых вёсках даўно заняткі спынілі, і нічога ім за гэта не робяць.
— А калі ён даведаўся, што вы зімой збіраліся на паўстанне? Трэба было з ім да часу больш лагодна.
— Лагодна… Немагчыма было ўжо трываць, як ён зарываецца. Толькі нахіліся перад свалатой — адразу табе па галаве і спіне настукае. Нічога не будзе, на ўсё трэба сведкі.
1 Маюцца на ўвазе Траецкія дзяды.
Праміналі дні і тыдні, але Ясь не ішоў у камітэт са скаргай і не прызначаў далейшых заняткаў. Першыя некалькі дзён пагражаў, палохаў, праклінаў, але ўрэшце, убачыўшы, што амаль усе бацькі асуджаюць учынак сваіх сыноў, а тыя на вочы яму не лезуць, супакоіўся.
— Гэта не малакасосы вінаватыя, — казаў ён. — Як іх буржуазныя агенты вучаць, так яны і робяць. Прыйдзе час, згадаюць Яся.
І злосць сваю ён скіраваў супраць тых «агентаў», былых доўбарцаў: зневажаў, чапляўся, прагнуў бойкі. Мацнейшых — Косціка, Боліка, Вальку, якія яму ад злосці самі маглі крыўду ўчыніць, ён толькі за вочы ганьбіў, а саміх чапляў толькі тады, калі пры ім былі ягоныя дружбакі. А слабейшым праходу не даваў. Найбольш чапляў хударлявага Казіка, якога лічыў галоўным сваім ворагам.
Хлопцы ўжо шмат разоў збіраліся ўсыпаць Ясю, але Казік заўсёды іх стрымліваў.
— Думаеце, ён разлічвае на перамогу ў бойцы? — казаў ён. — Яму толькі і трэба, каб мы яго пабілі, каб потым мець прычыну паскардзіцца. Ён ведае больш, чым нам здаецца. Трэба да часу прыціхнуць. Я не кажу, што варта прыніжацца да ліслівасці або падтакваць ягонаму трызненню, але біць яго не дазваляю і прашу наўмысна яго не раздражняць. Гаворка не толькі пра нас. Мы ў любы момант можам схавацца ў лесе. А гаспадарка, а бацькі, якіх у лес не забярэш? Праходзьце міма яго, сціскаючы зубы. Дай Божа, мо ўжо нядоўга.
Ішло лета. Жыта выкаласілася, адквітнела і налівалася Божым дарам. На яравым полі авёс, ячмень, картопля былі ўжо па калена. У агародах вырасла з валовае вока на пажытак людзям рэпа, за гумнамі ў багнавых імхах даспявалі дурніцы, на лясных пагорках — суніцы, у альховых лясках даспявалі смуроды. На лугах закалыхалася высокая густая трава, якая прасілася пад касу.
Перад Купалам, карыстаючыся цудоўным надвор’ем, яе скасілі, сабралі ў балотныя стагі, таксама скасілі і канюшыну.
Быў час гарачай работы, набліжаўся хлеб, набліжалася Польшча. Усё больш суцяшальнымі былі весткі з фронту.
У нядзелю пасля святога Пятра ў газеце выйшла паведамленне, што польскія войскі перайшлі лінію старых нямецка-рускіх акопаў і хутка прасоўваюцца наперад.
На вуліцы перад домам Кантычкі, які прынёс газету з Вончы, сабралася палова Смалярні — старыя і малады мужчыны. Некалькі разоў прачыталі гэтае радаснае паведамленне голасна для ўсіх, потым чытаў і ўглядаўся ўжо кожны асобна, урэшце пачалі лічыць вёрсты да Баранавіч і час, неабходны легіёнам, каб прыйсці ў Смалярню.
Неўзабаве далучыўся і Ясь. З усёй сваёй світай — Бронікам Гушчам, Паклацкім з Ямаў і Гіларам Чудным з Палянак, які восенню нават хадзіў на гасцінец пераймаць спекулянтаў, зняславіўшы гэтым усю сваю сям’ю. Улезлі нахабна ўсярэдзіну, і Ясь пачаў чапляцца:
— Што тут за радасць? Відаць, буржуазія ідзе?
— Наадварот, смуткуем, што не давядзецца доўга дома бавіцца, — адказаў Стах, ад вялікай радасці не здольны прамаўчаць.— Ты ж нас звольніў са службы ў красным войску, а тут хутка забяруць у польскае. Ужо ідуць!
— Як не верыш, то пачытай! — дадаў Карапузя, падаючы газету.
Той відавочна ведаў навіну, бо газеты ў рукі не ўзяў.
— Кароткай будзе вашая радасць, — прамовіў Ясь. — Як прыйдуць, так і пойдуць. Вось толькі расправімся з Дзянікіным і Калчаком, а тады так дамо польскай буржуазіі, аж пяткі заблішчаць! З наёмным войскам доўга не наваюеш.
— Як гэта, Пілсудскі мае наёмнае войска? — спытаў хтосьці з рэкрутаў.
— А ты думаў! Дурняў на свеце ўжо мала; за рай на тым свеце, за караля і айчыну ўжо ніхто змагацца не будзе.
— Няпраўда! — запярэчыў Стах. — Пан Пілсудскі мае такое самае войска, як меў Доўбар — дабравольнае.
— Думаеш, Доўбар не плаціў жаўнерам?
— Тады, значыць, і я за грошы ў яго служыў?! — не вытрымаў Валька.
— Калі ён табе не заплаціў, то толькі таму, што ты дурны. Я ведаю, як гэта робіцца. Буржуі, якія хочуць вярнуць паншчыну, збіраюць грошы і ўручаюць генералу. Той раздзяляе грошы паміж «узводнымі» і патрабуе сабраць людзей. Калі ўзводнаму ўдаецца знайсці дурняў, якія самаахвярна служаць за айчыну і збаўленне на тым свеце — грошы ягоныя, калі не — мусіць наняць. Так гэта робіцца, братку. Калі ты не атрымаў, то іх атрымаў за цябе твой узводны. О, ваш атаман, будзь спакойны, атрымаў.
Казік ад гневу збялеў як палатно, але ні слова не прамовіў і схаваўся за іншымі.
— Ага! Відзіця! Відзіця, як уцякае! Відзіця, як чорт праўды баіцца! — закрычаў Ясь. — А вы мне яшчэ не верыце. Хай я сабе не гаспадар, хай, як вы кажаце, на маім лузе растуць каноплі, у хітрыках і буржуйскіх штучках, у палітыцы я разбіраюся і заўсёды кажу праўду. Глядзіце! Я казаў, што доўбарцаў раззброяць, — раззброілі. Казаў, што ў Нямеччыне выбухне рэвалюцыя і добра іх патрэпле, — патрапала. Цяпер кажу, што трыумф «грамаатвода Пілсудскага» і ягоных наёмнікаў хвілінны — значыць, так і будзе. Да вас, моладзь, звяртаюся: не слухайце атамана і ўсіх ягоных платных буржуйскіх агентаў і не чакайце легіёнаў, бо шкадаваць будзеце! Едзінственная парція сялянска-рабочая — гэта камунізм, едзінственнай дзяржавай будзе Руская, Савецкая, Федзераціўная, Сацыялісцічаская Рэспубліка. Пралетарыяў ніхто не пераможа! Вы кажаце, што ўжо ідуць легіёны? Добра, хай ідуць. Хай возьмуць Мінск, Бабруйск, нават Магілёў, але як толькі пралетарыі расправяцца з унутранай буржуазіяй, такога лупака легіёнам дадуць, што тыя ўцякаць будуць і ні капітал ім не дапаможа, ні ксяндзы, ні біскупы, ні Папа Рымскі, ні нават сам Пан Езус і Маці Найсвяцейшая, каб яе…
— Я цябе напалам разарву! — крыкну Пятроўскі, кідаючыся ўсярэдзіну.
Але Косцік, які відавочна чакаў чагосьці такога і таму стаяў побач, схапіў яго за руку.
— Дзядзька дарагі! Стрымайся! Толькі хвілінку! — маліў ён, трымаючы Мечыка.
— З мяне досыць! Пусці мяне!
Ясь азірнуўся на сябрукоў, але не адхіснуўся.
Тады з натоўпу выйшаў Казік і стаў перад Ясем. Усе стаілі дыханне: ціша зрабілася, як у касцёле падчас паднясення.
— Ты насамрэч верыш у свае словы пра нашыя імкненні і службу ці толькі так кажаш для прычэпкі? — спытаў Казік.
— А ты можаш запярэчыць? Хіба я Балашэвічаў Дукс, каб брахаць без прычыны?
— Тады я павінен табе сказаць, што ты памыляешся. Мы ідзём не за буржуяў, а за шчасце сваё і людзей. За свабоду, за ўсю Польшчу — вялікую, народную і справядлівую. Не за грошы, не за ўзнагароду ў небе, але з суму па ёй, за ідэал наш, якому самохаць служым.
— За шчасце народа… Мы разбіраемся, братку, у ваўках і авечых скурах. Разбіраемся. У акопах, бывала, прыйдзе такі абаронца, балбоча. Хваліць сваю партыю, абяцае рабочым з сялянамі залатыя горы, але раздзень яго — акажацца, што гэта наёмны буржуйскі агент. Калі ты кажаш, што ідзеш за шчасце народа, то чаму ты не з камуністычнай рабочай партыяй? Чаму не трымаешся з народам? Га?
— Во-во! Чаму не дзержышся з людам?! — падтаквалі Чудны з Паклацкім, як звычайна, па-беларуску.
— Бо вашая праграма дрэнная, — спакойна адказаў Казік.
— Чаму? Дакажы!
— Дакажы! Дакажы! — паўтаралі ззаду ўсе трое сябрукоў.
— Бо яна дзікая, не адлюстроўвае волі народа, ідзе насуперак чалавечай натуры, не спрыяе развіццю і робіць нямілым жыццё.
— Бо мы не прызнаём уласнасці і Бога?
— Бо хаджэнне той баразной, на якую паказалі, паяданне з агульнага карыта адной і той жа стравы, пражыванне ў аднолькавых будынках можа задаволіць вала, а чалавека — ніколі. Чалавек, за малымі выключэннямі, любіць працаваць самастойна, любіць абстаўляць сваё жыллё як яму зручна і паводле ўласнага густу, хоча быць уладаром сваёй майстэрні і сваёй працы. Калі чалавек мае такія правы — гэта падштурхоўвае яго да больш інтэнсіўнай працы, спаборніцтва і самаўдасканалення. Жыццё чалавека — гэта спаборніцтва ў сіле, здольнасці, розуме. У спаборніцтве, у свабодзе дзеяння — чароўнасць чалавечага жыцця, у іх можна шукаць і знайсці шчасце. Урад, які дбае пра добрае жыццё грамадзянаў, пра развіццё дзяржавы, не толькі не павінен стрымліваць гэтае спаборніцтва, але і мусіць натхняць на яго. Толькі трэба сачыць, каб табе не кідалі калодаў пад ногі, каб адно на адным людзі не ездзілі, каб бегам сваім адно аднаму не заміналі.
— Якая ж тады вашая праграма?
— Прызнаць уласнасць у межах, якія не перашкаджаюць развіццю іншых, адмяніць класавы падзел, зрабіць законы аднолькавымі для ўсіх класаў, даць свабоду мовы, веравызнання, пісьма і прафесіі, зрабіць так, каб малазямельныя сяляне і дваровыя маглі набываць столькі зямлі, колькі неабходна для жыцця, а бедныя рамеснікі стваралі ўласныя майстэрні, і зрабіць усеагульным навучанне. Зямельныя маёнткі, двары, фабрыкі, дзе працуюць не толькі члены адной сям’і, капальні, банкі, камунікацыі публічнага карыстання, будынкі з кватэрамі ў арэнду — нацыяналізаваць. Такая збольшага нашая праграма.
— Добра, раз фабрыкі будуць дзяржаўныя, то і камуна будзе?
— Свет — гэта мешаніна самых розных характараў і схільнасцяў. Ёсць людзі, якія, баючыся самастойнай працы, аддаюць перавагу працы пад кіраўніцтвам іншых, каб толькі мець пэўны заробак. Такія зоймуць месцы на дзяржаўных фабрыках. Гэта будзе пятая частка ўсяго насельніцтва. Але жаднай камуны — рабочым будуць плаціць за іх прадуктыўнасць, а сямнаццацігадзінны вольны час па-за фабрыкай і заробленыя грошы хай выдаткоўваюць на ўласны капрыз: захочуць — хай спяць на заробленых уласнымі рукамі грашах, захочуць — пляц купяць і шыкоўны дом пабудуюць, захочуць — на ўласны густ будуць будаваць, танчыць, забаўляцца, вучыцца, маліцца, падарожнічаць.
— Ведаем мы, братку, такія хітрыкі, — перарваў Ясь. — Косю, косю, — пакуль у галоблю, а потым — бізуном.
— Во-во, пака ў галоблю… — падтаквалі галасы з тылу.
— Гэта акурат вашым апосталам трэба сказаць,— казаў Казік. — Блазны! Датуль былі змагарамі за мір, дэмакратычнае кіраванне і свабоду, датуль у абарону цёмнага селяніна падымаліся і правы чалавека баранілі, пакуль зброю ў супраціўнікаў не выбілі і ў свае лапы не ўзялі. За свабоду, казалі, ідуць, а сваё кіраванне гвалтам пачалі. Чаму не дазволілі народнага сходу? Хіба ўсе там былі буржуі? Хіба не было сярод дэлегатаў сумленных людзей? Дамагаліся адмены прывілеяў — самі гэтыя прывілеі ўводзяць. Змагаліся супраць тыраніі цара — самі дапускаюць варварства і праліванне нявіннай крыві, якіх свет не ведаў. Далоў вайну, крычалі, а вядуць яшчэ горшую. Саветамі называюцца — а людзей пра парады і згоду не пытаюць! Паншчынай людзей ад свайго праціўніка адпужваюць — але яе ў сваёй праграме маюць. Хіба агульная гаспадарка на раллі — гэта не паншчына? Не веру, каб цяперашні чалавек хацеў плённа працаваць без панукання. А якая розніца для чалавека, будзе гэты панукальнік звацца аканомам ці савецкім чыноўнікам? Будзе яго працай распараджацца пан, буржуй ці купка бальшавіцкіх дармаедаў? Ці гэтую вашую праграму складаў народ?
— Ты выступаеш супраць савецкай улады? Ты контррэвалюцыянер! Пойдзеш пад сценку! — закрычаў Ясь.
— Ну і хай… Дай толькі мне скончыць! Не магу больш трываць. Ты эгаіст, самалюб, хамула, нягоднік і баязлівец!
— А ў вас хіба хамаў няма?
— Ты хам у дзеяннях сваіх! Не імкнучыся выратаваць чалавецтва, а дзеля ўласнага пражытку, каб лягчэйшы хлеб атрымаць, каб адпомсціць, ты ўчапіўся ў камунізм. Напаткала цябе ў Смалярні расчараванне, вось ты і помсціш. Хто табе якое зло зрабіў, калі былі Доўбар і немцы? Хто цябе хоць пальцам крануў, хто на цябе сварыўся? Ты ж за гэта добра аддзячыў — у якой яшчэ вёсцы так знішчальна рэквізавалі хлеб, як у нас? І табе не сорамна глядзець на гэтых схуднелых без хлеба дзяцей? Гэта твая заслуга. Цяпер ты чапляешся да нас на кожным кроку, быццам той сабака, дарогу заступаеш, пагражаеш, што выдасі, што мяне расстраляюць. Чаму ж ты, на халеру, яшчэ не пайшоў скардзіцца? Я ўжо не магу трываць! Так далей немагчыма! Ты павінен альбо прыбраць мяне з дарогі, або пайсці і данесці. Ідзі! Я ўцякаць не буду!
Пачуўся трэск ладнай поўхі.
Ясь пахіснуўся, але не ўпаў і схапіў Казіка загрудкі.
Паветра ўскалыхнуў раптоўны крык з некалькіх дзясяткаў глотак, быццам на людзей мур валіўся, і месца Казікавага і Ясева дыспуту ператварылася ў клубок чалавечых целаў. Адны кінуліся, каб, нібыта ратуючы Казіка, надаваць пад рэбры Ясю, іншыя — абараняць Яся, яшчэ іншыя — не дапусціць бойкі: піхалі адно аднаго, штурхаліся, заклікалі спыніцца. Усё круцілася, гудзела, кіпела як у гаршку. Але праз некалькі хвілінаў адны, што не змаглі дарвацца да бойкі, адышлі самі, іншыя адляцелі, бо іх, быццам мячыкі, адкінулі мацнейшыя рукі, і ўрэшце ўсе расступіліся. У коле, расцягнутым плячыма мацнейшых і паслухмяных Казіку хлопцаў, стаяў Казік, насупраць Ясь, а побач з імі, узяўшыся загрудкі, — Косцік з Пятроўскім.
— Пусці! Ён Маці Найсвяцейшую абразіў! — рыкаў Пятроўскі. — Я яго прыдушу на векі вякоў! Пусці! Чаго вы баіцеся? Пусці, бо я табе зубы выб’ю! — пагражаў ён, але не мог вырвацца з мацнейшых рук.
Ясь стаяў скурчыўшыся, браўся рукой то за шчаку, што гарэла полымем, то за бок і баязліва паводзіў вачыма ў бок Пятроўскага. Ягоных памагатых у натоўпе відаць не было.
— Пусціце нягодніка! — крыкнуў Казік.
Кардон расступіўся, і Ясь шмыгнуў прэч, быццам шчур у нару.
З часу як Ясь пасля нядзельнай сваркі ўцёк з натоўпу, яго ніхто не бачыў цэлы вечар і некалькі дзён пасля. Зося, яго сястра, доячы ў нядзелю вечарам каровы, пачула ягоныя стогны на вышках, але калі клапатліва запыталася, ці моцна баліць і, можа, яму што патрэбна, ён груба паслаў яе па матушцы. Тое самае ён зрабіў, калі яго паклікалі на вячэру. А калі назаўтра бацька залез на вышкі, яго ўжо там не было.
— Збег як шкадлівы кот, — смяяліся хлопцы. — Трэба было яму з самага пачатку бакі намяць, тады б ён і рэквізаваць не прыйшоў, і на муштру не ганяў бы, і не лез бы да ўсіх, і не пагражаў бы.
Але яму не давяралі і былі асцярожнымі. Легіянеры і сябры «Сілы» ў засценку паказваліся рэдка, але рабілі гэта без страты для працы, бо быў час гарачай касьбы: ад світанку да змяркання працавалі на лугах, там жа елі, там, у зарасніку, і начавалі, сабраўшыся па двое, трое. Адзін толькі Казік, нягледзячы на тое, што ўсім раіў быць асцярожнымі, сам асцярожнасці не захоўваў. Яго нават часцей, чым раней, можна было ўбачыць на дварэ і дома. Не дапамагалі ні мальбы маці, ні парады і ўгаворы старэйшых, ні пагрозы хлопцаў, ягоных сяброў, якія казалі, што калі яго схопяць, то і яны ў рукі бальшавікоў аддадуцца, а калі не, то возьмуць вінтоўкі і пачнуць лупіць па бальшавіках на пагібель Смалярні. Ён нікога не слухаў.
— Сам я смерці шукаць не буду, — казаў ён, — але пасля таго, што Ясю нагаварыў, хавацца мне не варта. Не бойцеся за мяне. Калі я сапраўды ўбачу небяспеку, уцяку.
Маці, акрамя таго, ён яшчэ пераконваў, што нават калі яго бальшавікі і арыштуюць, то нічога яму не зробяць, бо ў яго ў валасным камітэце знаёмыя.
Але матуліна сэрца такія словы не суцяшалі. Яна прадчувала, што сын у небяспецы, і мітусілася, шукаючы яму паратунку: некалькі разоў бегала да Ладанаў у надзеі заспець там Яся і вымаліць для сына прабачэнне, прасіла суседзяў аб пасярэдніцтве, аб паратунку і няспынна маліла Казіка, каб той схаваўся. Урэшце паклікала на дапамогу Карусю, і абедзве прычапіліся да яго, як п’яўкі. Але, як кажуць, хоць ты дробным лістом перад ім рассыпайся, а ён — не і не.
— Хутчэй, — казаў ён, — я ў Яся прабачэння папрашу, але хавацца ў лесе нізашто не буду.
— Добра, тады памірыцеся, — падхапілі абедзве.
— Але пры ўмове: хай ён публічна адмовіцца ад паклёпу, які ўзвёў на доўбарцаў. Я за гэта папрашу ў яго прабачэння і падстаўлю сваю шчаку.
Але што з таго, калі не было з кім мірыцца: пра Яся ні слыху ні прослыху. Дабіліся яны толькі таго, што Казік паабяцаў, пакуль не з’явіцца Ясь, начаваць у стадоле.
Потым пачалі чакаць і рабіць усё, каб Казік як найменш паказваўся дома. Есці яму заўсёды прыносілі на луг, калі трэба было ехаць дадому з сенам, яго замяшчаў Генюсь. Вечарам маці з дзедам, выпхнуўшы яго спаць у стадолу, усю ноч папераменна стаялі на варце.
Тым часам у чацвер на світанку, калі выганялі быдла, раптоўна прагрымела вестка пра навяртанне Яся.
Расказвалі пра гэта ўсе чацвёра яго сямейнікаў. Аж верыць не хацелася ў гэтае навяртанне і ў тое, якім чынам яно адбылося.
Апоўначы, кажуць, усіх абудзіў жаласны плач. Ускокваюць, запальваюць святло і бачаць — Ясь стаіць на каленях перад абразамі і плача:
— Няма мне месца ні ў людзей, ні ў Смалярні, ні ва ўласным доме. Пальцам у мяне ўсе тыкаюць і староняцца, як паршывага. А я подлы і нікчэмны… Слепата нейкая на мяне найшла… Яны Польшчы служылі, кроў за Яе пралівалі — а я з ворагам стакнуўся, шкодзіў Ёй і блюзнерыў. Я хлеб у старых і дзяцей, у братоў маіх ад вуснаў адрываў, я верным слугам Айчыны дакучаў, чапляўся да іх, як шалёны сабака, я веры сваёй выракся, супраць Маці Найсвяцейшай блюзнерыў. Сорам мяне пячэ!.. Маці літасцівая, прабач мне! Божа ўсёмагутны! Езусе міласэрны! Ты, што на крыжы вісеўшы, адпусціў грахі нягодніку, адпусці і мне, грэшнаму! Бо я — грэшнік смяротны, здраднік Айчыны, юда, кат жахлівы, каюся і абяцаю выправіцца. Я пайду ў легіёны… Дай мне такую ласку… Зрабі так, каб мяне прынялі, каб і я мог кроў сваю за Польшчу і за веру аддаць і зняць няславу з сям’і маёй. Потым карай мяне, сурова карай, бо вінаваты я… Хай потым за маё блюзнерства ў мяне язык адсохне, хай твар сшалудзее, хай раны смярдзючыя на целе адкрыюцца, хай людзі на мяне плююць, дзеці лайном кідаюцца, сабакі ліжуць, але зрабі мне ласку, бо не хачу ў няславе, пагардзе і граху застацца.
Потым ён падняўся і давай усім у ногі падаць, рукі цалаваць і прабачэння прасіць.
— Мы ўсе ад расчуленасці і радасці, не вытрымаўшы, расплакаліся, — казалі Ладаны. — Хацелі па людзей ляцець, каб былі сведкамі гэтага пакаяння, але ён нас стрымаў. Не словамі, кажа, хачу я прабачэння прасіць, а справаю. Пайду насустрач палякам, прабяруся праз лінію фронту і дабравольцам уступлю ў легіёны. Вярнуся толькі пасля выслугі. Цяпер ніхто майму пакаянню не паверыць, дый не маю я адвагі людзям у вочы глядзець.
Сабраўся адразу, узяў ад Зосі ў памятку медальёнчык з Маткай Боскай, папрасіў бацькоўскага блаславення і пайшоў.
— Прабачце і вы яму, — казалі Ладаны, расказваючы гэта. — Бо шкада хлопца.
А хто ж яму не хацеў пасля такога пакаяння прабачыць? Яны ўзрушана, з плачам расказвалі, а людзі плакалі, слухаючы.
Кантычка, дзядзька Яся, рыдаў як баба.
— Пляменнічак мой залаты! Хлопчык дарагі! — божкаў ён. — Калі б ты гару залатую мне насыпаў, то такой радасці я не адчуў бы, як ад твайго навяртання. Я ж цябе расцалую, калі вернешся, я ж цябе размілую! Я ведаў, што ён урэшце навернецца… У нашай сям’і няма шэльмаў… Гэта рэвалюцыя яго сапсавала. А з дзяцінства ён прыстойным хлопцам быў.
Цалюткі ранак, пакуль людзі на луг не павыходзілі, Кантычка па засценку хадзіў, расказваў пра навяртанне пляменніка, змяншаў ягоныя правіны і плакаў. Калі трапляўся хто-небудзь, хто сумняваўся ў шчырасці гэтага навяртання, ён граміў таго, сябелюбам называў і злаваўся.
Ясю прабачалі ад усёй душы і старыя, і маладыя. Толькі некаторыя з малодшых рэкрутаў адчувалі пэўную непрыязь і зайздрасць да яго выправы ў легіёны. Яны пачуваліся так, быццам ім хтось у душу напляваў.
«Ён гатовы дайсці, прабрацца, уступіць, і пакуль мы тут чакаем, да крыжоў і медалёў даслужыцца, — думалі яны. — Ён — бальшавік, камуняка, кат, юда, здраднік?! Ён, які нам камунізм упайваў і супраць Польшчы пад’юджваў?.. І будзе яшчэ потым сябе выстаўляць…»
Не адзін з іх хацеў кінуць касу і пайсці змагацца, апераджаючы Яся.
Ніхто нават не задумаўся, з чаго раптам гэткі злодзей так раптоўна навярнуўся. Гэта б дапамагло ўнікнуць небяспекі.
А небяспека сапраўды была вялікая, і смалерчукі яе ўсведамлялі. Адначасова з адступленнем бальшавікоў перад польскім войскам у тылах узмацніліся ліквідацыя «белых» і вылоўліванне рэкрутаў. З уцёкаў Яся пакеплівалі толькі, каб падтрымаць свой дух і спакой баб, бо калі хто думаў пра тое, што пагражае Смалярні, па ягонай скуры беглі дрыжыкі. Дзе яшчэ было столькі легіянераў і рэкрутаў, як у Смалярні? Што іх чакала ад бальшавікоў за леташні збройны збор у лесе, пра які Ясь ужо ведаў? Ягоная чатырохдзённая адсутнасць прымушала чакаць найгоршага.
Цэлы дзень яго справа не сыходзіла з вуснаў і не знікала з думак. Над ёю разважалі і дзівіліся мудрасці Божай і нязведаным справам Яго: заўсёды Ён рабіў тое, чаго не чакалі людзі. Калі чалавек у бядзе чакае паляпшэння, Бог заўсёды горшую бяду яму пасылае, а калі той, зламаны працяглымі няўдачамі, ужо не бачыць для сябе выхаду ці ратунку, то неспадзявана атрымлівае дапамогу. Што богабаязныя ад маладосці ў канцы жыцця грэшнікамі робяцца, а грэшнікі — святымі.
Хлопцы касілі, а косы ў іх з рук валіліся, трава з-пад іх выслізгвала. Яны думалі толькі пра Яся і пра вайну. Ім здавалася, што апошнім часам на фронце адбыліся важныя змены не на карысць бальшавікоў, калі яны хаваюць гэта ад людзей. Прапаноўвалася за агульны кошт адправіць пару хлопцаў за Бярэзіну на выведку.
Але вечарам дайшлі свежыя весткі з поля бою. Прынеслі іх старцы-жабракі, якія прыцягнуліся ў змроку. Іх было двое: мужчына і жанчына. Ён — высокі, плячысты, жахліва зарослы, з кароткай ссохлай левай нагой, з кульбамі і дзвюма торбамі, што крыжам віселі на плячах, і тарбанам на спіне; яна — нізкая, схіленая, гарбатая, аднавокая, з кіем у руках і невялікім вузельчыкам на гарбе. Яны ішлі з падворка на падворак, уставалі пад акном, абапіраючыся на плот кветніка, на прызбу або на ганак, і, падыгрываючы сабе на тарбане, прыгожа спявалі «Лазара».
Смалерчукі адорвалі іх ад усяго сэрца, бо такіх старцаў, што не просяць проста так, вельмі любілі. Нават як хлеба не было, для добрых старцаў заўсёды штосьці знаходзілася: адзін яйка выносіў, другі — старую медную капейку, іншыя — кавалак палатна, палоску льну, а некаторыя частавалі ягадамі і малаком.
Асаблівая музыка, якую тут рэдка чулі, і жаласная мелодыя песні збіралі падлеткаў. А за малымі і вялікія падцягваліся, бо дзед быў надзвычай балбатлівы і ветлівы: дзякаваў, зычыў, расказваў і распытваў.
— Тут адны польскія? — спытаў ён у Кантычкі, адспяваўшы «Лазара».
— Адны, ага, — адказаў Кантычка.
— Бачыш! А ты казала, што мішаныя! — заўважаў стары. — Мая старая такжа палячка, — казаў ён зноў Кантычку.
— А адкуль? Адкуль вы?
— Я родам з Бялыніч, а яна — з Блоні.
— З Блоні? Можа, той, што каля Пухавіч?
— Во-во. Той самай.
— Можа, і цяпер з Блоні ідзяце?
— З Блоні, з Блоні. На польскага Пятра выйшлі з яе.
— На Пятра... выйшлі адтуль?!
— На польскага Пятра, — паўтарыў той. — Спешна ідзём, бо хочам на рускае Купалле ў Бялынічы трапіць.
Яны маглі за гэты час прайсці такую адлегласць, бо дзед, хоць і на кульбах, хадзіў хутка.
Хлопцы абступілі прыбыша з такой далёкай заходняй мясцовасці і давай яго распытваць:
— І што чуваць у тым баку?
— Ой, чуваць, дзеткі, чуваць!
— Б’юцца там?
— Ой, б’юцца, б’юцца!
— А ці далёка ад Блоні бітвы?
— Як мы выходзілі, было чуць гарматы, быццам страляюць у Вончы.
— Ну, а хто там каго перамагае, не чулі? Кажыце, але толькі праўду!
— Хрыстос, дзеткі, з палякамі: б’юць недавяркаў — толькі пыл ляціць. Яўна Бог легіёнам дапамагае: паказвае, дзе недавярак хаваецца, дзе трэба страляць, паказвае дарогі, як абкружыць, а часам нават і сам страляе.
— Ты што, перад дзецьмі стаіш, што нам казачкі баеш? — запратэставаў Стах.
— Як вы не разумееце, то можна вас і дзецьмі назваць. Праз верных людзей дапамагае. Праз хрысціянаў польскіх і рускіх паказвае дарогі, паказвае бальшавіцкія лагеры, і хрысціяне ў некаторых вёсках бяруць стрэльбы і страляюць з лесу.
— А бальшавікі людзям не помсцяць?
— Хе! Яны храбрыя, калі іх баяцца, а калі вёска возьме стрэльбы і ўзбунтуецца, то ўцякаюць. Няма ў іх ні дысцыпліны ніякай, ні ладу.
— Эх, і мы ім задамо! Хай толькі хутчэй сюды падыдуць! — крычалі рэкруты, нецярпліва прытупваючы, быццам маладыя стаенныя жарэбчыкі.
— Знойдзецца і ў нас каму і з чаго страляць, — вылез Карапузя.
— І такія знойдуцца, што ўжо спрабавалі бальшавіцкай юшкі, — дадаў Лапаносы.
Стах падміргнуў абодвум, каб перад незнаёмым старцам языкоў не распускалі, і пачаў яго дапытваць.
— Вы чулі толькі гарматныя стрэлы, а кажаце так, быццам самі ваявалі. Як вы можаце расказваць пра бойкі, раз іх не бачылі?
— Гм, не бачылі. Чуткі, дзеткі, ходзяць між людзей хутчэй, чым яны самі. Скачуць яны хутчэй, чым конь, як птушкі, ляцяць над вёскамі, палямі і лясамі. А хто можа ведаць лепш ад яўрэя і старца? Га? Я на ўласныя вочы той вайны не бачыў, але размаўляў з людзьмі, якія яе не толькі бачылі, але і размаўлялі з польскімі легіянерамі і ахвіцэрамі. Яны казалі, што ў легіёнаў такая моц і яны такія храбрыя, што не стрымае іх нават сам Кітай з японцам. Ідуць, гоняць недавяркаў і будуць ісці да самага Магілёва, бо польская дзяржава будзець да Дняпра, а можа, і яшчэ далей. Вот што! Не далей за тыдзень і ў вас будуць!
Не ведалі як адарыць, як аддзячыць вестунам такіх прыемных навінаў. Гаспадыні ледзь не сілай цягнулі старцаў кожная да сябе на начлег. Але дзед начаваць у Смалярні зусім не планаваў.
— Не можам, маладзічкі, не можам, — адмаўляўся ён. — Да Бялыніч нам спешна, а па-другое, старэнькая мая ноччу трывалейшая. Трэба трапіць у Бялынічы на Купалле, бо хрост дужы будзіць. Свяшчэннікаў дужа з’едзецца, манахаў і, можа, сам архіярэй. І яшчэ я ў той самы дзень на Купалле перад цудатворнай іконай мушу скласці ахвяры, якія мне даравалі маткі на ахрану жыцця сваіх сыноў у гэтыя неспакойныя часы.
— І ахвяры несяце? — падхапіла Здановічыха, якая ўважліва да ўсяго прыслухвалася.
— А нясём, нясём. Памоцная ёсць Бялыніцкая ікона.
— Ведаем, што памоцная, ведаем, — пачуліся галасы.
— А можа, і за майго сына ахвяру ўзялі б? — прапанавала Здановічыха.
— Вазьму, чаму не. Давайце.
Яна збегала ў хату і праз пару хвілінаў вярнулася з дванаццацінітовым абрусам, тым, што яны з Карусяй узімку ткалі.
— Пакладзіце перад цудатворным абразом за майго сына, — сказала, уручаючы, яна. — А калі будзеце вяртацца, зайдзіце, то я вас асобна за вашую працу ўзнагароджу.
— А як жа ж клікаць вашага сынка? Бо, складаючы ахвяру, трэба па імені згадваць.
— Казік. Казімірам ён называецца.
— А каторы ваш? Калі мы былі ў вас, жаднага хлопца не бачылі.
— А вось той, што каля плота без шапкі стаіць, — паказала яна.
— Ах, той! Але ж надта мізэрны, — заўважыў ён, доўга ўглядаючыся ў Казіка. — Я папрашу яшчэ, штоб яму Бог здароўе паправіў.
— Папрасіце, старча, папрасіце.
За ёй, першай, і Балашэвічыха прынесла ахвяру за свайго Стаха, паказаўшы на яго старцу і наракаючы на адданасць сына справе свабоды, ад чаго яна надта пераймаецца. Потым яшчэ тое самае зрабілі маці Валькі, Аленская і Сцяпурава. Так бы з усяго засценка кожная, што сына мае, ахвяру прынесла, калі б не стрымалі баб разумныя гаспадары, кажучы, што падмане дзед, бо ні палатна таго ў Бялынічы не занясе, ні імёнаў, за каго браў, не запомніць.
— Прадасць, — казалі яны, — у суседняй вёсцы прап’е, а вы будзеце думаць, што на алтар паклалі.
Старцы скончылі жабрачыць у засценку і ліпавай ночкай — цёплай, кароткай, светлай — пацягнуліся ў бок Убярэзя.
Як у чацвер Ясева навяртанне, так у наступны дзень ні ў кога з галавы не выходзілі весткі, прынесеныя старцамі. Смалерчукі думкамі ляцелі адсюль далёка, у ваколіцы Мінска, дзе, паводле аповедаў дзеда, пыл і дым з бальшавікоў ляцеў, ішлі смалерчукі з легіёнамі пераможным маршам на Бярэзіну, Друю і Днепр. Некаторыя так глыбока заляталі ў аблокі, што забывалі на хвіліну, што жывуць яшчэ пад панаваннем бальшавікоў. Ім здавалася, што яны ўжо ва ўваскрэслай, шырокай аж да Дняпра, магутнай і шчаслівай Польшчы.
Хлопцы пачалі перабягаць са шнура на шнур, пачаліся перашэптванні, змовы, праекты.
«Усё адно не будзе ў мяне сына, — падумала Здановічыха, падслухаўшы, што з моманту набліжэння польскіх войскаў да Бярэзіны хлопцы збіраюцца пайсці ў партызаны. — Казік з імі пойдзе, я яго не спыню. Божа мой! Не адно — дык другое, але заўсёды знаходзіцца штосьці, што ў мяне яго адбірае. Можа, толькі калі б ажаніўся, тады б асеў, жонка б яго стрымала. І чаму ён не жэніцца?»
Столькі разоў яна яму прапаноўвала, а ён заўсёды або спасылаўся на неспакойныя часы, або аджартоўваўся, маўляў, няма з кім. А тым часам столькі равеснікаў яго ўжо пажаніліся, не зважаючы на часы. Няма з кім… Чаму ж такая размова? Каб так ужо і не было з кім! І гэта адзінаму сыну ў сям’і, што валоку зямлі мае. Чакае, няйначай, каб знайсці сабе па сэрцы. Усе яны цяпер такімі парабіліся, што жэняцца толькі па любові.
А можа, пра Карусю думае? О, з ёй, каб жа толькі дзеўка захацела, адразу ажаніўся б. Ніколі ён сваіх пачуццяў да Карусі не выказваў, але маці бачыла, з якой любасцю праводзіў яе вачыма, як ахвотна бавіўся ў яе таварыстве, забываючы пра ўсе клопаты і праблемы. Такому жанімству яе бацькі былі б радыя. Сакалоўская нават сама ёй прапаноўвала і называла сваццяй. А можа, і Каруся яго хоча? Гэтыя вечныя яе візіты і бескарыслівая дапамога не раз падаваліся падазронымі. Калі б Бог справіў такую жаніцьбу, яна нічога больш у свеце не хацела б! Ён жа ласкавы!.. Буду з усіх сілаў прасіць — дык упрашу, трымалася яна за надзею, натхнёная мальбамі адвесці навіслую перад тым над яе сынам небяспеку.
У той самы дзень папаўдні яна наўмысна дала Зузі і Генку раней паесці і адправіла іх з граблямі на луг, каб потым, калі Казік вернецца з возам, застацца з ім сам-насам на падвячорку і паразмаўляць. Караль зазірнуў на пасеку і таксама пацягнуўся за дзецьмі.
Здановічыха выгнала да пастуха быдла і пачала чакаць, штохвілю выглядаючы за браму. Было пагодна, і вуліца кіпела працоўным людам: скрыпелі вазы, паблісквала сталь косаў, чуліся воклічы і смех, хадзілі людзі.
Калі Казік вярнуўся, яна дапамагла яму зваліць сена, потым на кухні падала ежу, села насупраць і пачала:
— А чаму ты не жэнішся, Казічку?
Сын здзіўлена паглядзеў на яе:
— Нейкія недарэчнасці вам, мама, да галавы ў такі час прыходзяць.
— Табе заўсёды час… Ведаеш, калі б табе давялося ў войска ісці, мне лягчэй было б і весялей з нявесткай заставацца. Ажаніся, сынку! Час ужо.
— З кім жа я магу ажаніцца? Парайце, мама.
— Ці мала дзяўчат! Ну хаця б з Карусяй.
— З Карусяй?!
— Яна б за цябе пайшла.
— Што?! Пайшла б?! Вы з ёй размаўлялі? Што яна казала? — ён так запаліўся думкай, што аж перастаў есці.
Раптам на дварэ пачуліся крыкі, шум, плач. І адразу пасля стрэлы: трах, тарарах, бух! Трах, тарарах, бух! Бух, бух!
Здановічыха кінулася да акна.
— Бальшавікі! — крыкнула яна. — Казік, бальшавікі! Ужо на двары, ратуйся! Уцякай!
Твар Казіка зрабіўся смяротна бледным, рука задрыжэла, расплюхваючы суп, але з месца ён не рушыў.
— Падкраўся, хітры падлюга! — прашаптаў ён.
— Уцякай, Казічак! Хавайся! Ляці ў камору! Хутчэй, напрамілы Бог! — крычала яна, цягнучы сына за рукаво.
— Позна, мама.
Дзверы з ляскатам расчыніліся, і ў хату ўляцелі адзін за адным шэсць бальшавікоў, узброеных карабінамі і рэвальверамі.
— Рукі ўверх! — крыкнуў пярэдні рослы бальшавік, напраўляючы рулю рэвальвера ў бок Казіка.
— Ах ты шэльма з-пад цёмнай зоркі! — сказаў Казік, пазнаўшы голас учарашняга старца, але і надалей не рухаючыся з месца і нават лыжкі з рукі не выпускаючы, быццам гэтыя загад і рэвальвер не да яго былі скіраваныя.
Некалькі рук падхапілі яго, гвалтоўна выцягнулі з-за стала і надзелі жалезныя кайданы.
— Даруйце яму, бальшавічкі залатыя! Не забірайце яго ад мяне! Ён у мяне адзін-адзіны! Ён кармілец наш! Даруйце яму! Не забірайце! — лямантавала маці.
— Аружжа аддавай! — крычаў на Казіка той самы бальшавік.
— Яно ў цябе ў руках, — адказаў той.
— Аружжа аддавай, гаварат цебе! Аддавай вінтоўку!
— Ты не ўлада, каб чужую зброю забіраць.
— Я камандзір карацельнага атрада! Я прадставіцель савецкай уласці!
— Ты бандыт і больш ніхто.
Камандзір ударыў Казіка ў твар.
— Вот цебе за бандзіта, ты, белая рожа!
Казік махнуў нагой, каб даць яму штурхаля, але той паспеў адскочыць.
— Сынку, не сварыся з імі! Яны цябе заб’юць! Папрасі ў іх ласкі і прабачэння! Даруй яму, камандзірчык залаты! — кідалася старая то да сына, то да ўлады.
— Трымай іх! Обыск! — абрушыўся загад.
Двое бальшавікоў вартавалі скаванага арыштанта, адзін стрымліваў маці, а рэшта пачала вобшук. Кіраўнік пачаў допыт.
— Ты контррэвалюцыянер? Служыў у легіёнах?
— Я не контррэвалюцыянер — я змагаўся не супраць бальшавізму, а за свабоду, за Польшчу. За вось гэтую зямлю, на якой стаю.
— Але ў легіёнах служыў?
— І дагэтуль тым ганаруся.
— Харашо. Цяпер: мінулай зімой арганізаваў паўстанне проціў савецкай уласці, збіраў у лесе войска?
— Чаго не зрабіў, тым не варта хваліцца.
— Але арганізоўваў?
— Калі б сярод людзей было адзінства, нагі бальшавіцкай на нашай зямлі не было б.
— Шмат людзей сабралася? Хто акрамя цябе быў?
— Слухай, бандзюк! Калі не хочаш, каб праз два тыдні, калі прыйдуць сапраўдныя гаспадары гэтай зямлі, цябе павесілі, то забірай сваю банду і ўцякай!
Камісар здзекліва зарагатаў.
— Зубы так на шыбеніцы скаліць будзеш!
Здановічыха білася як рыба аб лёд: супакойвала сына, апраўдвала яго, вырывалася з рук жаўнера, каб кінуцца да ног начальніка.
— Злітуйся, камісар залаты, — плакала яна. — не забірай яго ў мяне! Хіба ён вінаваты? Ён ішоў і ваяваў куды яго генералы пасылалі. Хіба ён адзін у легіёнах быў? Даруй яму! Да смерці буду за тваё здароўе і шчасце, за шчасце тваіх дзетак Богу маліцца. Злітуйся, галубочак залаты! Саколік мой!..
У гэты час ішоў вобшук ва ўсіх дамах легіянераў і ў Стаха Балашэвіча.
Карны атрад бальшавікоў, як мінімум чалавек шэсцьдзесят, наляцеў як бура — коньмі і на фурманках. Конныя рассыпаліся ў ланцуг, атачылі засценак за гумнамі і з боку пушчы і пільнавалі, каб ніхто не вырваўся. А тыя другія, на фурманках, наўскапыта ляцелі вуліцай, лічылі будынкі, саскоквалі з вазоў, забягалі па трое-чацвёра ў дамы легіянераў, нікога не пытаючы, вязалі маладых людзей і праводзілі вобшукі. Дзве фурманкі з гатовымі да стральбы кулямётамі паставілі як заслону з абодвух бакоў засценка; іншыя сталі двума шэрагамі пасярэдзіне вуліцы, як абоз.
Страляніна ва ўцекачоў і дзеля постраху, крыкі бальшавікоў і напужаных людзей, лямант жанчын, плач дзяцей залілі ўвесь засценак дзікім невыносным гармідарам, падобным да нейкай татарскай разні, да роспачнага крыку натоўпу, які тануў.
Праз некалькі хвілінаў пачалі выводзіць да вазоў пад варту звязаных хлопцаў, выносіць стрэльбы і пакункі з нарабаванай вайсковай і нават цывільнай, якая даражэйшая, вопраткай.
Але шчасце яшчэ, што яны спазніліся на паўгадзіны: большая частка мужчын, у тым ліку легіянераў, паспела з’есці падвячорак і пайсці на луг. З легіянераў, акрамя Казіка, у засценку заставаліся толькі Норба і Юзік. Але ім удалося шчасліва схавацца. Норба на валасок толькі не трапіў у бальшавіцкія рукі.
Ён акурат быў выйшаў на ганак. Пачуўшы крыкі, падумаў, што ў засценку пачаўся пажар, і кінуўся на вуліцу. Калі выбег за вароты, толькі пара дзясяткаў крокаў аддзяляла яго ад першай бальшавіцкай фурманкі. Убачыўшы, што не здолее незаўважна дабрацца да свайго дома, ён заскочыў — вось так, на шчасце — за вярэі варот, шчыльна прыціснуўся да паркана, паставіўшы адну нагу на папярэчыну вярэі, другую — на бэльку паркана і так стаяў нерухома, гледзячы праз шчыліны, што робіцца на дзядзінцы і вуліцы, пакуль бальшавікі не пакінулі засценак. Юзіка бабы ў сенцах свінячым карытам прыкрылі, і ён таксама пазбег арышту.
Агулам затрымалі каля дваццаці чалавек, але большасць з іх не мела нічога агульнага з партызанскай сходкай у лесе і да бальшавіцкіх рэкрутаў не належала.
Дапытаўшы Казіка, камандзір вывеў яго на вуліцу да фурманак. «Краснаармейцы» абступілі начальніка, дакладаючы пра вынікі сваіх росшукаў. Камісар уважліва ўглядаўся ў кожнага з затрыманых, прагледзеў прапанаваныя яму вайсковыя кнігі і метрыкі — і большасць адпусціў. Затрымаў толькі Паўла Трызну і Міхася Сцяпуру, якія былі надзвычай падобныя да сваіх братоў-легіянераў, а таксама Карапузю, Уладзя Вінярскага і Ромку Аленскага як рэкрутаў. Іх размясцілі па адным на фурманку, Казіка камісар пасадзіў пры сабе і стрэліў з рэвальвера ўгору, даючы атраду сігнал адпраўляцца.
Жанчыны, праводзячы хлопцаў, выбухнулі яшчэ большым плачам. Яня Сакалоўская аж захлыналася ад слёз па Карапузю. Здановічыха валасы на сабе драла і адзежу рвала.
— Забірайце мяне, гады падкалодныя! — крычала яна, бегучы за возам. — Я сама вінаватая! Я яго польскім хлопцам выхавала, вас, гадаў, ненавідзець вучыла! Я яго ў легіёны адправіла! Забірайце мяне! Я вінаватая! Крумкачы вы крыважэрныя! Каршуны драпежныя! Крывапіўцы!
— Не плач, мама. Я заўтра дома буду, вось пабачыш, — кінуў з воза Казік узрушаным, але ўпэўненым голасам.
Ледзьве апошняя фурманка мінула калаўрот, як з іншага канца засценка пачалі падбягаць з лугу гаспадары. Наперадзе бег стары Пятроўскі, босы і без шапкі. Ён так жвава перабіраў нагамі, быццам яму было дваццаць гадоў.
— Каго забілі?! Каго забралі?! — задыхана закрычаў ён, урываючыся ў разлямантаванае кола баб.
— Іхнага забралі! Нашага не злавілі! Нашага злавілі! Нашага забралі! Франка не злавілі! Братку злавілі! Ромку злавілі! Ромку павезлі! Каб іх так на могілкі заўтра павезлі, як яны павезлі майго сына! Маці Найсвяцейшая! — з некалькіх дзясяткаў вуснаў адначасова сыпаліся лямант, праклёны, крыкі пра помсту.
— Ціха! Не трашчыце ўсе разам! — рыкнуў Пятроўскі. — Як вазьму пастронкі, як пачну цягаць па спінах, то кожная атрымае! Кажыце, каго забралі!
— Казіка забралі! Паўла забралі! Міхася, Карапузю, Уладзя і Ромку! — адказала адна.
— Казіка схапілі?! Яго ратаваць трэба! Я яго выратую…
— Ратуй, калі можаш, дзядзя! Ратуй, сваце! Ратуй нашых дзяцей! — малілі родныя забраных хлопцаў.
— Не вашых. Толькі Казіка ратаваць трэба. Вашым нічога не будзе. Я Казіка выратую! Дапамажыце мне толькі сабрацца. Алесь! Ляці на гумно па Гнядка! Марылька, боты! Жыва!
Хто толькі стаяў на вуліцы, усе кінуліся дапамагаць. Выцягнулі драбіны, нашмаравалі колы, напакавалі сядзенне, прынеслі на вуліцу боты, адзежу, хлеб на дарогу і тытунь.
— Я выратую. Я пакажу цяпер, чаго ў Смалярні варты Пятроўскі, — казаў ён, нацягваючы бот на босую нагу.
— Як жа ты можаш выратаваць, калі яго сам камандзір забраў, — пыталася Здановічыха, разгублена бегаючы вакол яго.
— Я ведаю ў Бабруйску яўрэя, сын якога, камандзір, старэйшы за гэтага. Галаву даю, што выратую!
— Аж у Бабруйску?! Пакуль заедзеш, пакуль спраўкі навядзеш, дык, можа, Казічка ўжо на гэтым свеце не будзе…
— Сёння заеду, а адтуль па тэлефоне загадаюць.
— Ды як ты сёння заедзеш…
— Заеду. Каб я з месца не ўстаў, заеду сёння! Каня па дарозе заганю, але заеду! Заўтра твой сын дома будзе! Я выратую.
— І Казік таксама гэта казаў. Каб жа ж вашыя словы спраўдзіліся.
— Хутчэй, Алесь! Рухайцеся!
У гэты момант за Клінам раздаліся стрэлы з карабінаў.
— Тр-р-рах-тах-тах!
— Забілі! — ускрыкнула Здановічыха і, самлеўшы, асунулася на зямлю.
— Забілі! Ужо забілі! — паўтаралі людзі на вуліцы, кідаючыся ў той бок, адкуль данесліся залпы.
Пятроўскі схапіў аброць, ускочыў на Гнядка і паімчаў як страла. Перад бродам ён сустрэў Фэльку Балашэвіча.
— Дзядзя! — спужана крычаў той. — Бальшавікі Казіка забілі!
— Дзе ён?! Дзе забілі?!
— Пад Лянівым дубам. Бальшавікі паклікалі мяне і гавораць: «Ступай, скажы, штобы ўбралі».
Праз паўгадзіны пасля Казікава забойства на могілках пачаўся звон за ягоную душу і працягваўся з перапынкамі на «Здровась, Марыя» ці не да заходу сонца. Цела ўжо прывезлі, памылі, апранулі, падрыхтавалі катафалк, паклалі на ім як трэба, запалілі свечкі, ужо і людзі пачалі збірацца, а звон як біў, так і б’е.
— Што з ім зрабілася? Дакуль ён будзе званіць? — пачалі непакоіцца людзі.
— Давай сходзім да яго, — прапанаваў Ян Балашэвіч Мечыку Пятроўскаму.
— Давай, — пагадзіўся Мечык.
Яны выйшлі ў сені, набілі люлькі, запалілі і, размаўляючы, пайшлі.
— Вось, сваце, якая хітрасць у чалавеку можа знайсціся, які грэшнік і вырадак у прыстойнай сям’і можа вырасці! — пачаў Балашэвіч.
— Гэта ж трэба! Пакаяўся, каб не хаваліся, пераапрануўся ў жабрачку, прывёў ката, паказаў дарогу, хаты і саміх хлопцаў.
— Шэльма з-пад цёмнай зоркі!
— Так, але і камандзір гэты — чорт, на чатыры нагі падкаваны: кульгаў, граў і спяваў, як сапраўдны бялыніцкі старац.
— Прыстойнага не прызначаць. Як на розум, дык можна было шэльмаў выкрыць: ён іржаў маладым голасам, як стаенны жарабец, яна як сука скуголіла, баючыся паглядзець у вочы, рожу падняць. Мне быццам на вуха хто шаптаў, што гэта або кіеўская ведзьма, або шпік які-небудзь.
— Вось яно, жыццё чалавечае: тут жыве — а там ужо гніе. Сёння ранкам сядзеў ля вогнішча так блізка ад мяне, як вось ты цяпер, курыў, размаўляў, смяяўся, а цяпер труп, а душа, можа, ужо каля самога Хрыста ў небе.
— Анягож, цяпер ужо ў небе. Бедны, не дачакаўся мілай Польшчы. Разумны, але ж і гаротны хлопец быў.
— Аж сем куляў беднага прашыла.
— А, дык усё адно смерць, колькі б там ні прайшло.
— Адно, ды не адно: калі столькі куляў пройдзе, то і косці паломіць, хутка згніе.
— Як зробім яму смаляную труну, то і з паламанымі няхутка згніе.
— І чаго яму было акурат у гэты час у хаце сядзець!
— Лёс. Калі б ён думаў…
— Неяк не вельмі ён сябе бярог. Я чуў, што мучыўся ён праз тую дзяўчыну.
— Сакалоўскую?
— Так. Казалі, што ўлялюскаўся ў яе па вушы, але не хацеў леснічонку перашкаджаць, бо дружбакі вялікія былі. І ад таго мучыўся і быццам сам сабе смерці шукаў. Я зусім не разумею, чаму ўсе за ёю так ганяюцца. Хіба мала добрых дзяўчат?
— Ганяюцца, бо прыгожая і зграбная як аніводная. Мая нябожчыца, калі мы жаніліся, таксама была анёлкам, якога яшчэ пашукаць: гладкая, красная, мілая, прытульная, а вочкі бы зорачкі ў яе свяціліся, але не такая, як Сакалоўская.
Хвіліну яны ішлі ў маўчанні, потым Балашэвіч ізноў пачаў:
— Даў бы Бог, каб хаця б тым іншым, каго забралі, нічога не зрабілі.
— А, тым нічога не будзе, можна быць спакойным. Трэба толькі пільнаваць, каб тыя, каго яны шукалі, не трапіліся. Твой і легіянеры не павінны дома быць. Гадам верыць нельга.
— А трэба сцерагчыся, трэба. Я свайму сказаў, што не трэба мне яго працы і я не хачу праз яго трэсціся.
— Але глядзі ты, і на Стаха данёс!
— За бунтаванне.
— Ну, псямаць гэтага Яся! — вылаяўся Пятроўскі пасля кароткай паўзы. — Забіў ён Казіка, але і яму ў Смалярні месца ўжо не будзе. Думаю, не пакажацца больш. Бо як легіёны яго не павесяць, тады я прывяжу яму камень на шыю — і ў выжару. І таго камандзіра таксама знайду.
Звон на могілках усё біў.
— Што там здарылася з тым звонам? Можа, чорт падкаснуўся?
— Не кажы такога, бо ў мяне дрыжыкі па спіне бягуць.
— Не бойся, двум нам ён нічога не зробіць.
Яны прайшлі браму і ўбачылі Кантычку, які кленчыў пад дахам званіцы, малітоўна схіліўшы галаву з вяроўкай звона ў руках. Ён адмаўляў «Здровась, Марыя», і слёзы цурком цяклі яму на калені.
— І дакуль ты будзеш званіць, сваце? — гукнуў Пятроўскі, зайшоўшы збоку.
Кантычка нават не паварушыўся.
— Сват, га, сват! Ты не чуеш, мы да цябе звяртаемся! — паўтарыў ён.
Як аб сценку, толькі слёзы часцей пасыпаліся. Скончыў малітву і зноў пацягнуў за вяроўку. Пятроўскі схапіў яго за руку.
— Дакуль званіць будзеш? Не бачыш, што ўжо сонца зайшло і цямнее?
— А пакуль Бог не спашле мне скону і душу маю не адправіць на мукі ў чысцец. Пра гэта Яго і прашу. Не перашкаджайце, — сказаў Кантычка плачучы.
— Скону? Думаеш, што смерць прыходзіць тады, калі яе просіш?
— Датуль я буду Яго малітвай і звонам прызываць і маліць, пакуль не выслухае мяне і не прышле смерці.
— Прыперла табе паміраць акурат цяпер, калі ты абавязкова патрэбны для пахавання гэтага хлопчыка-небаракі. Уставай, пойдзем!
— Хавайце без мяне. Я на вочы людзям паказацца не смею.
— Чаму гэта? — Пятроўскі зрабіў выгляд, што не разумее.
— Антыхрыст, які такога хлопца замардаваў, з нашай сям’і вывеўся, а ты яшчэ пытаеш, чаму. Як жа мне глядзець людзям у вочы?
— Твой сын — як усе людзі, і няма чаго табе саромецца. Уставай!
— Усё адно Ясь з нашай сям’і, ганьба нам усім! Памерці хачу і больш нічога. Браткі, адыдзіце, не перашкаджайце мне памерці.
— І ты напраўду верыш, што Бог спашле табе смерць?
— Так. Ужо нават нядоўга чакаць. Адчуваю, што рукі-ногі слабеюць, дых займае, сэрца балесна пячэ.
— Табе толькі здаецца. Ты не памрэш, хоць бы цэлы тыдзень тут балабоніў, хоць бы павесіцца ці ўтапіцца задумаў. Не дасць табе Бог смерці, таму што Казіка хочаш пакрыўдзіць.
— Казіка пакрыўдзіць? Як?
— Ён яшчэ пытае. Бывала, памірае такі грэшнік, які піў, жонку катаваў, на споведзь тры гады не хадзіў, а ты ідзеш, спяваеш над ім цэлую ноч, на наступны дзень праводзіш ажно на могілкі, надмагілле свенціш і яшчэ казань пахвальную прамаўляеш. А таго, хто век свой пражыў, адно дабро людзям робячы, і смерцю пакутніцкаю ад рук твайго пляменніка памёр, хочаш, каб выкінулі ў яму, як шыбеніка, як сцярво нейкае. Хто яго пахавае, га? Няхай вось Ян табе скажа. Людзей ужо цьма розных сышлася, а без цябе няма каму спяваць хаўтурныя песні, бо ў тых з хору, якія адным толькі дрындушкам вучыліся, ніякага ладу і парадку няма. А хто заўтра правядзе? Ты, можа, хочаш, каб правёў Дудар, які табе заўсёды дакучае? Хто слова пра Казіка пры такім натоўпе сказаць адважыцца? Уставай, давай выберам яму месца.
— Я яму сваё месца пад бярозай аддам.
— Вось з цябе за такі дар адразу частка ганьбы зваліцца. А калі пахаваеш добра, яшчэ столькі ж адымецца. А потым ужо і паміраць можаш. Я ж пакуль легіянераў не дачакаюся, пакуль дачок замуж не выдам і сам не ажанюся, дык да Абрама на піва не збіраюся. Ну, падымайся! Бяры яго, Яне!
Яны паднялі старога, узялі за рукі і пацягнулі ў Смалярню.
— Сваты! Браты! Пакіньце мяне! — крычаў ён. — Сорам мяне пячэ! Як я людзям у вочы глядзець буду?
— Нічога. Гэта толькі спачатку сорам такім вялікім падаецца, а потым быццам і нічога, — угаворваў яго, моцна трымаючы, Пятроўскі. — Я зраблю ўсё, каб ты як найменш ад сораму пакутаваў. Ян перад засценкам пойдзе крыху наперад, пачне ў святліцы быццам лямпу папраўляць і трошкі прыкруціць святло. Ты ў гэты момант у паўзмроку нябачна ўлезеш між спевакоў. Трымаючы перад вачыма кантычку, ужо на людзей асабліва глядзець не будзеш. А да заўтра ўжо прыцерпішся, і будзе як нічога ніякага.
Калі яны вярнуліся, людзей сапраўды было ўжо вельмі шмат. Але пераважна старэйшыя мужчыны і жанчыны, бо хлопцы асцерагаліся новага нападу. Мужчыны амаль усім гуртам габлявалі дошкі для труны ў пярэднім пакоі, жанчыны абселі ўсе канапы і зэдлі ў святліцы. За сталамі, у супрацьлеглым ад нябожчыка куце, дзяўчаты з хору спявалі сумныя хаўтурныя песні.
Балашэвіч, як яго падвучыў Пятроўскі, паставіў пад лямпай зэдлічак, залез на яго і, падкруціўшы агонь, пачаў нешта напраўляць. Кантычка ў гэты час прайшоў да сталоў і змяшаўся са спявачкамі.
Усё больш прыходзіла людзей з ваколіц. Прыходзілі з хутароў, Ямаў, Палянак і нават з далейшых мясцінаў. Кожны, хто прыходзіў, кленчыў ля ног нябожчыка, адчытваў «Анёла Панскага», цалаваў абразок, потым станавіўся збоку і са смуткам і спачуваннем глядзеў на Казіка або нават плакаў.
Казік быццам спаў: павекі, апушчаныя яшчэ калі ён быў цёплы, шчыльна закрывалі вочы, твар быў светлы, вусны складзеныя нібы ва ўсмешцы. Толькі вельмі збялелы ён быў, бо ад столькіх ранаў уся кроў выцекла.
Глядзелі на яго людзі і плакалі як па сваяку. А роспач родных не мела межаў. Караль як сеў на лаве каля ўнука, калі таго толькі паклалі ў святліцу, як утаропіўся ў свайго любага і адзінага нашчадка, так і праседзеў аж паўночы, не чуючы, што яму кажуць, не бачачы, што вакол адбываецца. Глядзеў, уздыхаў глыбока і балесна, варушыў вуснамі, нешта шэпчучы або плачучы. Зузя па стрыечным у істэрыцы білася, і яе некалькі разоў выводзілі са святліцы. Маці так наплакалася, што ўся ахрыпла і аслабла і ўжо толькі слабым плачам, падобным да сабачага скуголення, адзывалася. Яна ўжо тройчы млела, і яе клалі на ложак. Але калі слабасць трохі мінала, яна прыходзіла зноў. Каруся не пакідала яе ні на хвіліну, дапамагала і суцяшала як магла.
— Супакойся ўжо, цёцечка, перастань, — маліла яна. — Не адна ж ты на гэтым свеце такая няшчасная, многа ёсць няшчаснейшых за цябе. Падумай толькі. Вось ужо чацвёрты год вайна ідзе і кроў у зацятых бойках ракой, як кажуць, цячэ, а пабітых людзей гурбы цэлыя ляжаць, часам па цэлым тыдні, а то і больш, непахаваныя. Вароны і крумкачы ім вочы выдзёўбваюць, сабакі і ваўкі косці ў лесе цягаюць, а калі ўжо пахаваюць іх — то па сорак разам у адну яму звальваюць. Звальваюць брудных, без труначкі, без асвячэння, як дрэвы якія альбо падліну. А ці мала такіх, хто рукі, ногі і вочы страціў на пакуту на цэлы век сабе і родным сваім? Матулям такіх няшчасных нашмат балесней павінна быць, чым табе. Твайго забілі, але яму песні спяваюць, труначку прыгожую габлююць — пахаваюць па-чалавечы. Нават Ясевым сваякам цяжэй павінна быць. Ты сына страціла, але спачуванне і шанаванне ад людзей маеш. Яны, можна сказаць, сына ўжо страцілі, а ён ім ганьбу і пагарду людскую пакінуў. А што яны, вучылі яго гэтаму? Дапамагалі яму ў шальмоўстве? У цябе ёсць дзеля каго жыць. Гэтыя двое табе не чужыя — дзеці тваёй роднай сястры. Казік, праўда, адпакутаваў, але яму ўжо не баліць... Ён у небе лётае. Не плач, а ідзі лепей памаліся ціха, каб яму там лёгка было ўдзень і ўночы! Досыць ужо!
З хаты Ясевых сваякоў цэлы вечар ніхто не паказваўся. Але позняй ноччу Зоська з Броняй прыйшлі. Абедзве ў чорных жалобных сукенках, у чорных, апушчаных аж на твар хустках. Увайшлі, укленчылі, прачыталі, як і ўсе, «Анёла Панскага», потым падняліся і кінуліся Здановічысе ў ногі, вымольваючы прабачэнне за зладзейства брата.
— Не рабіце так! Вы невінаватыя, небаракі, — казала Здановічыха, абараняючы ад іх ногі.
— Вінаватыя мы, вінаватыя, бо апавядалі ўсім, як ён навярнуўся. Калі б не гэта, Казік бы асцерагаўся і не трапіў ім у рукі, — сказалі яны.
— Добра, але ж вы хіба не ведалі, што гэта падман? Хіба ж было так, як вы апавядалі людзям? — умяшалася Каруся.
— Так было, так! — закрычалі абедзве. — Клянёмся, што так і было! Мы паверылі ў яго навяртанне як у Бога верым!
— Тады цёця не можа адчуваць да вас ніякай скрухі. Тады яна вам прабачае. Праўда, цёця? — звярнулася яна да Здановічыхі.
— Так, да вас ніякай скрухі не адчуваю. Прабачаю вам усім. І Ясю прабачаю... Бо ніхто ўжо не падыме майго сына.
Дзяўчаты пачалі абдымаць яе ногі і дзякаваць:
— Дзякуем табе, цётачка дарагая! Бога будзем прасіць, каб дачакалася ты суцяшэння ад гэтых сіротак і спакойна пры іх да старасці дажыла. Увесь век свой дзявочы, у якім думаем да смерці застацца, будзем пра тое Бога прасіць, — казала Зося за сябе і сястру.
— У дзявоцтве думаеце застацца? — здзівіліся Здановічыха і Каруся.
— Так. Да смерці будзем маліцца і пакутаваць за злачынствы нашага брата. Пойдзем да дзядзькі нашага ў Ігумен і пры тамтэйшым касцёле пакуль што будзем маліцца, потым, калі можна будзе пайсці ў Вільню, уступім у кляштар.
— А бацькі як застануцца? — спытала Каруся.
— Тата сказаў, што прадасць усё да кавалачка і знойдзе сабе дзе-небудзь у лясах службу лесніка, каб людзей не бачыць.
— Нядобрае хочаце вы рабіць, — сказала Каруся. — Застаўшыся дома, вы большую карысць Богу і людзям прынесці можаце. Я б на вашым месцы іначай зрабіла б. Я б засталася дома, паўплывала б на бацькоў, каб не прадавалі нічога, і намагалася б Яся ўсё ж навярнуць. І вам раю так зрабіць.
— А хто ж яго цяпер у хату пусціць, размаўляць з ім захоча ці нават глянуць на яго?
— Як гэта? Вы збіраецеся ісці ў манашкі з нянавісцю да брата?
— Такі зацяты камуніст ужо не навернецца. Марна, ніхто яго не здолее навярнуць.
— Калі не здолееце навярнуць, дык у любым разе ўтрымаеце ад новых злачынстваў. Бо ведаеце, калі ён дазнаецца, што вы яго выракліся, што хочаце яго спадчыны пазбавіць, то яшчэ большая злосць у ім прачнецца, яшчэ большая помста разгарыцца. Датуль будзе даносіць, датуль бальшавікоў вадзіць, пакуль яны ўсіх не загубяць і засценак не спаляць. Застаньцеся дома і, як толькі брат з’явіцца, пайдзіце да яго і ласкай паспрабуйце. Раю вам і прашу вас пра гэта...
— Застаньцеся, дзеткі, застаньцеся, — далучылася да просьбы Здановічыха, падымаючы сясцёр з зямлі і цалуючы іх. — Зрабіце так, як яна раіць! Яна заўсёды раіць разумна. Застаньцеся.
Па поўначы прыйшлі аддаць гонар Казіку ягоныя самыя блізкія сябры. Прыйшлі Косцік са Стахам, потым Валька, Норба, Болік, Віктар, Юзік і яшчэ некалькі былых доўбарцаў, кіраўнікоў вартаўнічай грамады з ваколіц. Яны ўваходзілі, кленчылі каля цела, як і іншыя, чыталі малітву, потым на пэўны час застывалі ў пашанотнай засяроджанасці. У вачах іх бліскалі слёзы, а на тварах было глыбокае спачуванне і вялікая рашучасць. Але стаялі яны так нядоўга.
Праз чвэрць гадзіны яны забралі Кантычку, Пятроўскага і іншых гаспадароў і пайшлі да Трызнаў раіцца, як зрабіць пахаванне заслужанага для Смалярні чалавека годным і ўрачыстым.
Назаўтра папаўдні Казіка адпраўлялі ў вечны спачын. Акурат праз дваццаць чатыры гадзіны пасля прапанаванай яму матуляй жаніцьбы. Ехаў ён праз бясконцы зялёны сад — жытнім полем, а потым алеяй маладых бярозак, рабінак, клёнаў, высаджанай тым ранкам у яго гонар паўз усю дарогу аж да могілак. Ехаў з вялікім парадам, з кветкамі, яго праводзіў шматлюдны картэж, як годнага рыцара, па ім смуткавалі, як па бацьку, як па браце родным, як па добрым гаспадару, які забірае з сабой у магілу памяць, лад і дабрабыт рэшты сям’і.
Працэсію вёў, як звычайна, стары Кантычка, у карункавай комжы і з драўляным крыжам у руках. За ім, адстаючы на некалькі крокаў, ішла калона школьнай дзятвы — кожная з дзяўчат несла ахапак кветак. Далей неслі пяць вянкоў: ад школы, доўбарцаў, смалярскіх гаспадароў, ад хлопцаў з «Сілы» і ад дзяўчат. Потым ішлі з труной — яе напераменку неслі дванаццаць найбліжэйшых Казікавых сябрукоў. За труной ішла маці, якую падтрымлівалі Каруся і Зузя, а за імі ў другой тройцы — Караль з Пятроўскім і Генкам. Не было такога звычаю, каб маці хадзілі за дзецьмі на могілкі, але Здановічыха ўперлася і пайшла.
У канцы, ужо за роднымі, ішоў чалавечы натоўп з хорам наперадзе і спяваў «Хто аплакаць годна можа». Гэта быў польскі народ — са Смалярні, Ямаў, Палянак, хутароў, крэсавы народ — рослы, працоўны, гаспадарлівы, шчыры і дружны.
Дзень быў прыгожы і пагодны. Раз-пораз дзьмуў лёгкі ветрык, ахалоджваў паўдзённую спёку, калыхаў жыта. Пушча адзывалася ціхай смутнай думай.
На могілках біў звон. Там чакала некалькі дзясяткаў хлопцаў, былых удзельнікаў паўстанцкага збору ў лесе. Яны баяліся здрады. Што праўда, з боку Убярэззя і броду была расстаўленая варта, якая мусіла прасігналіць стрэлам у выпадку небяспекі, але для большага спакою смалярскіх жыхароў яны сабраліся і чакалі на могілках.
Пад дахам званіцы стаяў падрыхтаваны алтарык з абразом Святой Тройцы. Перад ім на абрусе ляжала тоўстая кніга Кантычкі і стаяла бутэлька са свянцонай вадой. Магілу для Казіка выкапалі пасярод могілак, злева ад званіцы, зусім побач з ёй — за пяць, шэсць крокаў ад слупоў. Ля самага ўзгалоўя расла прыгожая кучаравая бяроза. Можна сказаць, гэта было найлепшае месца з усіх вольных на могілках, бо навідавоку і пад самым прыгожым дрэвам. Многія з хлопцаў глядзелі на гэтую магілу і думалі, што добра было б, каб пасля смерці і ў іх над галавой шумела такая бярозка. Не дарма Кантычка трымаў гэтае месца для сябе.
Акрамя былых вартавых «Сілы» на могілках чакала некалькі прадстаўнікоў польскіх засценкаў з вельмі далёкіх мясцінаў, скліканых ганцамі, высланымі адразу пасля смерці Казіка. Яны чакалі ўжо больш за гадзіну, разлёгшыся купкамі між магіл.
Надыходзіла пахавальная працэсія. Кантычка пабожным крокам падышоў да алтарыка, паставіў побач крыж і ўкленчыў. Труну паставілі з левага боку паміж слупамі і каля яе склалі ўсе вянкі і кветкі. Сваякі і самыя паважаныя гаспадары занялі месцы бліжэй да Кантычкі пад званіцай, рэшта шырокім колам укленчыла звонку.
Пад кіраваннем Кантычкі пачалося агульнае прамаўленне літанні да Усіх Святых, што, паводле заведзенай ім звычкі, рабілася толькі для нябожчыкаў, якія заслугоўвалі асаблівай пашаны. Трывала гэта добрыя паўгадзіны. Потым Ладан падняўся, даў знак рукой, каб людзі таксама ўсталі, і звярнуўся да іх з прамовай:
— Людцы мае родныя! Мы хаваем сёння Казіміра Здановіча, унука Караля. Унука Караля, сына Марыі, нашага суседа, прыяцеля, сябра і слугу. З самага маленства гэта быў хлопец, якога пашукаць — адзін такі на тысячу, а то і на дзве, нараджаецца: працавіты, уважлівы да сваіх і чужых, услужны і богабаязны. За ўвесь свой век ён нікому злога слова не сказаў, нікога без патрэбы пальцам не крануў, нікому найменшай крыўды не зрабіў і нічыёй просьбе не адмовіў. Калі хто-небудзь старэйшы ці маладзейшы не мог або не хацеў каня свайго на начлег весці — Казік забіраў. Калі хлопцы адзін аднаго крыўдзілі — Казік абараняў. Калі хто-небудзь прасіў чаго пазычыць альбо дапамогі якой патрабаваў — ішоў да Казіка як ва ўласную хату, як да роднага брата. А калі ён у Вончу на млын або на рынак ездзіў, то больш справаў іншых людзей, чым сваіх, зрабіць паспяваў. Яшчэ: хто старэйшых дзяцей, вось вас, якія ўжо дужымі хлопцамі павырасталі, навучыў па-польску чытаць і пісаць? Хто часцей за ўсіх ксяндза да хворых прывозіў? А доктара? Калі трэба было камусьці дапамогу прывезці, то ў аднаго конь падбіты, у другога атосы парваліся, трэцяму на млын трэба ехаць, у чацвёртага баба вось-вось народзіць, і ўрэшце не было каму ехаць. А Казік ніколі не адмаўляў. Ён не пытаўся, чаму той ці гэты не едзе. У такіх справах ён не ведаў ні слоты, ні завеі. Ён ратаваў хворага, ён, калі здаралася, што нехта паміраў, заўсёды дапамагаў мне пахаваць. Ён ніколі не прапусціў велікоднай споведзі, самых важных касцельных святаў і посту. І ён першы пайшоў у легіёны, у польскае хрысціянскае войска.
Як і дзе ён ваяваў, я не буду казаць, бо з ім не хадзіў і не ведаю. Пра гэта скажа хто-небудзь з вас, хлопцы. Я кажу толькі пра ягоныя ўчынкі ў Смалярні.
Жыццё яго складалася з учынкаў міласэрных, са службы бліжнім, Богу і Айчыне. І за службу гэтую ён атрымаў узнагароду: сем куляў прашыла яго навылёт! Памёр ён пакутніцкай смерцю...
Раз ён жыццё пражыў узорнае і пабожнае, а памёр як пакутнік, то ніхто не запярэчыць, што ён святы. Казіміру! Каралевіч смалярскі! — звярнуўся ён да труны. — Ты паслужыў людзям, напрацаваўся за свой век, нацярпеўся ўчора болю, але цяпер табе добра. Цяпер ты шчаслівы. Бог табе вызначыў годнае месца побач са святымі ў небе, і сярод нас ты зоймеш першае месца. Пакуль мы хаваем цябе там, дзе мне, подламу, прызначана было. Але гэта толькі часова. Тваё месца — побач са святой памяці канонікам у сутарэннях бабруйскага касцёла, куды мы цябе, як толькі прыйдуць легіёны, перавязём з вялікім картэжам. Тут, на гэтым месцы, ляжа Караль, там — маці твая, а з іншага боку — вашыя сваякі. З гэтага моманту вы найважнейшыя ў Смалярні.
А Ладаны, з роду якіх выйшаў твой забойца, юда, здраднік, антыхрыст, які душу д’яблу прадаў, хітрасці ад яго навучыўся, нас падмануў, братнюю кроў і слёзы праліў, лягуць радочкам вунь там, пад плотам. Мяне, я вас прашу, — звярнуўся ён да людзей, — пахавайце ў самым куце побач з Сыцькам-самазабойцам, бо я самы вінаваты. Вось Мечыслаў, Ян і Гілар адчувалі ў яго навяртанні падступства, а я бажыўся, прысягаў і ручаўся за яго, падлюгу. Мы… ю-ды… здрад-ні-кі… шур-кі пар-шы-выя! — заскуголіў ён, жаласна ўсхліпваючы.
Ад такога вялікага адчаю старога ўзрушанасць ахапіла людзей, і плач панёсся ва ўсім натоўпе.
Наперад выйшаў Стах, паставіў услон, на які ўскочыла Вікця, ягоная сямігадовая сястрычка. У чырвоных боціках з гузікамі, у белай у чорныя гарохі сукенцы, з бела-чырвонай стужачкай на галаве, з чорнай жалобнай вакол пояса. Русявая, цемнавокая, зграбная, жвавая, мілая. Ад людскога плачу і цікавасці натоўпу тварык яе і вочкі змяняліся, як сонейка ў дзень, калі ў небе хутка пралятаюць кучаравыя аблокі: то загараліся светлай радасцю, то пакрываліся ценем смутку.
Яе любілі і ёю захапляліся ўсе смалерчукі за смеласць, фенаменальную памяць і артыстызм у дэкламаванні вершаў, пераважна твораў брата, якіх яна ведала на памяць незлічоную колькасць. Гэта былі няважныя вершы самавука, у параўнанні з дасканаласцю сучаснай паэзіі іх можна было смела назваць нягеглымі, але прамоўленыя вуснамі анёла ў асобе Вікці для смалярскага люду, душу якога аўтар ведаў наскрозь і для якога гэтую паэзію ствараў, мелі сваю вялікую вартасць і сілу.
Вікця ўскочыла на ўслон, скінула з плячэй матчыну хустку і, павёўшы ручкаю, мілым аксамітным галаском прамовіла:
— Не плачце, людцы добрыя! Суцішцеся!
Калі б самы паважны гаспадар, калі б нават Караль ці Пятроўскі заплаканых баб да спакою заклікаў, ён не сцішыў бы іх так, як гэтае сямігадовае дзіцятка. Нават не ўсхліпнуў ніхто, нават не кашлянуў — такая цішыня на могілках запанавала.
Вікця трыумфальным позіркам абвяла супакоены натоўп, сабралася з духам і пачала:
Калісьці дзяды нашы следам
Пайшлі за заходнім суседам —
Адрынулі чары паганства
І прынялі хрысціянства.
Славянскіх плямёнаў нямала,
Падобных душою і мовай,
З’яднаў быў пад Боскай аховай
Кароль наш — і Польшча паўстала.
Найлепшая ў свеце краіна,
Да дочкі ласкавая й сына,
Лягла ад карпацкіх гораў
Ажно да Балтыйскага мора.
Ад Лабы, лужыцкай вадзіцы —
Да Быхава, Шклова, Рэчыцы,
Да самога Дняпра ўзбярэжжа
Харобры давёў свае межы.
Эх! Былі залатыя часіны,
Пра лепшыя й марыць не трэба!
Было і зямлі, і хлеба,
І брацці браццяў любілі.
Ды дзеці Харобрага потым
Падвялі айца-патрыёта,
Не ўтрымалі ў адзінстве краю,
І ворагаў лютая зграя
Разарвала Польшчу на часткі,
То быў першы перыяд — цяжкі,
Слязьмі ён сплываў і крывёю.
Мы ж той бяспраўнай парою
Гвалту і братніх налётаў
У перыяд няміласці Божай
Тут над Бярэзінай гожай
У столькіх былі пераплётах,
Што й памяць усе не ўтрымала.
Спярша рускія феадалы
Сюды-туды нас цягалі,
Пасля маскалі прыджгалі,
Насадзілі злачынную ўладу.
Пасля татараў грамады
Прыскакалі з усходу.
Многа народу
Пасеклі яны пад корань.
А потым новае гора —
Улада паганцаў-ліцвінаў.
А былі ж мы й нічыйнай краінай.
Але вось ужо князю Ягайлу
Каралева Ядвіга прад алтаром прысягала,
Што іх шлюб стане хростам для Жмудзі,
А мы — знову з Польшчаю будзем.
І забылі мы слёзы і беды старыя,
Пачаўся другі перыяд,
Перыяд свабоды і дабрабыту,
Польскай магутнасці піку,
Палётаў арлінае высаты,
Бляску, славы — век залаты.
Папялішчы тушылі, высякалі бары,
Ставілі вёскі, храмы, двары,
Замкі і абаронныя вежы.
А выгодаў было — без межаў.
Пачуваліся ўсе на свабодзе:
У горадзе, у гародзе,
У працы, у мове, у веры.
Зярна пад самыя дзверы
Селянін насыпаў у адрыны,
Купцы — па гасцінцы няспынна.
Усім быў занятак — рамесніку,
Лесніку, рыбаку і калесніку.
Працу, свабоду, даброты ўсе людзі мелі,
Якія толькі хацелі.
Ва ўсёй Рэчы Паспалітае
Жылі-пажывалі багата.
А над імі — Арол крылаты
На штандары побач з Пагоняй
Пасміхаўся. Усе нас паважалі.
Так міналі стагоддзі ў славе,
Магутнасці і шацунку.
Ды магнат не ведаў ушчунку,
Айчыну і Волю зняважыў,
Штандар наш зламаў і спляжыў,
Піў, гуляў, сваволіў, мантачыў.
Селяніну ж ён як аддзячыў?
Не надаў жаданае волі,
А працы даў яшчэ болей,
Каб той свету зусім не бачыў.
Караля не слухаў і людскага плачу
І далей Айчыну мантачыў.
Айчына кволая стала,
Зусім на калені ўпала.
Вораг наш, за кустом схаваны,
Падскочыў, надзеў кайданы.
З усіх сілаў потым Святая Маці
Намагалася тыя путы парваці,
Але сілаў зусім ёй ужо не ставала —
Не парвала.
Зноў настаў час няволі пракляты —
Абцугі маскоўскага ката.
І прыгонная залежнасць ад пана
У Маскве была воляй названа.
Загадалі шчэ лепей прыціснуць,
Каб не мог чалавек нават піскнуць.
Касцёлы забралі, нібы за часамі
Паганскімі, а народ бізунамі
У цэрквы загналі, перахрысцілі,
Малітвы ўсе перакруцілі
Сваёй мовай, абрады касцельныя
Падмянілі шатаны пякельныя!
Бунтаваў хто — таго цар-падліна
Вешаў ці да Сахаліна
Высылаў, на такі мароз люты,
Што смерць і пакуты.
Але брацці!
Не для таго Бог жыццё даў Польшчы,
Каб яе назаўсёды страціць.
Усе гэтыя казні, ссылкі —
За айцоў расплата памылкі.
Песняры нашы ў шчырых вершах
І душы герояў паўстання,
У бітвах палеглых, царом павешаных,
Зніклых у сібірскім выгнанні,
Што сняцца нам напрадвесні,
Прарочаць, што Польшча ўваскрэсне,
Ад Дняпра да Лабы адзінай.
Надыдзе палёгкі гадзіна!
Настала паўза. Вакол стаяла абсалютная ціша. Але нядоўга. Праз хвіліну з усходу падзьмуў ветрык і панёс па полі шэпт каласоў — лагодны, суцяшальны, салодкі, як песня, якую напявае матуля, закалыхваючы дзіця. На пагосце зашамацелі дрэвы, на магілах і верасовішчах заіграла на лісці сонца. Адразу і пушча азвалася магутным старэчым голасам: здавалася, што старыя шматвяковыя дрэвы пачалі з маладым пакаленнем спрэчку пра расказаную Вікцяй гісторыю гэтай зямлі. А чаму не — пражыўшы столькі стагоддзяў, яны маглі шмат ведаць…
Вікця адпачыла пару хвілінаў, азірнулася на брата, засяродзілася, заплюшчыўшы вочы, і зашчабятала далей:
У вечар дажджысты, шары,
Калі разыходзяцца хмары,
Сонца пакажа праменьчык
Праз хмараў прагал, і агеньчык
Ягоны зямлю сагравае,
І цень ад яго адступае.
Ды часам, бывае, і сонца грэе,
А побач ліе як з балеі
З маленькай, здавалася б, хмаркі.
Ці згасіць праменьчык яркі
Тым ценем — ды ён побач ззяе,
З цёмных нябёс нам міргае.
І гэты праменьчык — нагода
Сказаць: хутка будзе пагода.
У сённяшняй завірусе,
Што топіць наш край у скрусе,
Рэкі крыві пралівае,
Такі ж праменьчык бывае.
Калі бліскаюць бліскавіцы,
Крывавая зліва бруіцца,
Праменьчык зямлю асвеціць —
І зробіцца лепей на свеце.
Праменьчык той пахвалёны —
Тое Польскія Легіёны,
Якія звястуюць свабоду.
Калі было цёмна народу,
Доўбар рассунуў хмары
І сонцам заліў нашы мары.
Ды нядоўга святлом нас бавіў —
Пайшоў неўзабаве.
Браты, дзе Свіслач і Друя,
Бярэзіна дзе віруе,
Скажыце мне шчыра ў вочы:
Хіба ж пасярод цёмнай ночы,
Калі ціснуў вораг пракляты
І Доўбаравы Арляняты
Васямнаццатай мінулай вясною
Прыляцелі пушчай лясною —
Ці ж не мелі тады вы ўцеху,
Шмат песняў, радасці, смеху?
І мы, і нашыя мальцы
Таксама не пханыя пальцам:
Як рухнулі краты царызму,
У багнішча камунізму
Амаль ніхто не падаўся,
Спакусе такой не паддаўся.
А насупраць — у Корпусе Польскім
Ваявалі амаль усе вёскі.
Да свабоды роднай зямліцы
Кожны хацеў спрычыніцца.
Трывалі цяжар і нягоды,
Няпростыя мелі паходы,
Радасна ў бой рыналі
І з гонарам паміралі,
Каб на небе за Польшчу маліцца.
Хвала надбярэзінскім рыцарам!
Ты — першы з тых рыцараў, братка!
З арлом твая канфедэратка
Два гады неразлучна з табою
Вандравала ад бою да бою.
Ты й іншых на бой падахвочваў,
І адвагай гарэлі вочы!
І ўчора, як напалі паскуды,
Ты сказаў: я ўтойваць не буду,
Што польскім быў легіянерам,
Меў свабоду Польшчы намерам.
А вы... Аддалі вы здзеку
Ўсё, што польскім было спрадвеку!
Мы ўсё вернем сабе, калі прыйдзе пара.
Ну а зараз — прэч са двара!
А яны злачынна цябе захапілі
І падступна, гады, забілі!
Казік! Ісцінны ляху!
За тое ты трапіў на плаху,
Што леты і зімы
Біўся за вызваленне радзімы,
Кажучы: верыць належыць:
Па Дняпро будуць польскія межы!
Ты памёр — але будзе дзяржава!
Памяці тваёй — слава!
І ўсе мы, хто плача над сконам
Тваім, пэўныя: легіёны
Па Дняпры правядуць нашы межы.
Мы верым, як і належыць.
Мы верым: нядоўга тут хмара начуе,
І Бог нас нарэшце пачуе,
І ўзыдзе свабоды сонца
І будзе свяціць бясконца
Над Свіслацкім замкам вячыстым
І Бярэзінай урачыстай,
Што муры яго абмывае
І ў Дняпро паволі сплывае,
Шэпчучы скаргі народу,
Што ніяк ён не знойдзе свабоду.
На Быхава старога цвярдыню,
Якое ніхто не зрыне.
На падслуцкае ўрадлівае поле,
Такое ж, як на Падоллі,
На крэпасці бабруйскай таполі,
На вежы касцёла,
На гарады і сёлы,
На клін польскі й касцёл у Шацілках,
Там, дзе Дняпро і Бярэзіна вілкай
Зліваюцца ў адно цэлае.
На Рыні польскае кола смелае,
На гасцінец бабруйскі, на пушчанскія ловы,
На муры Магілёва,
На царкву ў Бялынічах, чый цудоўны
Мы шануем абраз, усё роўна
Як веры грэцкае людзі.
Бо калі Пан Бог яго лічыць святым,
То і мы так лічыць будзем.
На лясы, на лугі, на бары,
На вёскі, засценкі і хутары,
На люд наш душэўны, гасціны, старанны
І дружны — духоўна загартаваны.
Таму, калі прыйдзе час той вясёлы
І на вежах царквы і касцёла
Званы, зазваніўшы, абвесцяць,
Што край наш зноў з Польшчай умесце —
Мы ўсёю смалярскаю «Сілай»
Станем зноў над тваёй магілай,
Каб з табой раздзяліць тую ўцеху.
Ды цяпер нам зусім не да смеху,
Мы смуткуем па гэткай страце.
Спі спакойна, наш мілы браце.
Мы з табою — душой і духам.
Хай зямля табе будзе пухам!
Як толькі яна скончыла, яе падхапіў на рукі Ладан.
— Дзіцятка залатое! Анёлак жывы! — выкрыкваў ён, цалуючы яе ў тварык і ручкі. — Бог праз цябе прамовіў, анёлак дарагі! Праз цябе Бог нашаму краю будучыню прадвяшчае, як прадвясціў праз сваіх анёлаў нараджэнне Ісака і каралеўства нашчадкам добрага Пяста.
Да труны выйшаў развітацца з героем ад імя сяброў Косцік Васілеўскі:
— Браце наш, старшыня і камендант! — казаў ён. — Ты прычыніў нам сваім адыходам смутак вялікі і боль. Мы ўсім сэрцам гаруем па табе, па сябры дзіцячых гадоў, па дарагім таварышы, па любімым правадыры і па зрэзаным коласе жыцця. Ты адыходзіш пасля доўгай і цяжкай працы, пасля распачатага табой нялёгкага паходу, не дачакаўшыся адпачынку і плёну сваёй справы — адроджанай Польшчы. Адыходзіш праз ганебную хітрасць аблуднага брата свайго, якога ты не дазволіў прыбраць з дарогі, з жалезнай цярплівасцю шкадуючы яго ў спадзяванні, што ён нарэшце навернецца. Прабач, мы не паспелі на дапамогу. Ты памёр цяжкай смерцю — больш цяжкай за смерць ад хваробы ці ў бойцы, бо яны відавочныя і свядомыя. Але нас гэта не адпужвае. Гэтае забойства не астудзіць жаданняў нашых, не скаламуціць думак, не парушыць веры, не стрымае імкненняў нашых. Браце камендант! — ён стаў на «зважай». — Ад імя прысутных тут вартавых дакладаю, што мы не адступім у веры адраджэння ўсёй — разам з нашымі землямі — Польшчы і ў гатоўнасці служыць ёй і, калі спатрэбіцца, аддаць сваё жыццё. Хай толькі наблізяцца — мы ўсе пойдзем. Будзь спакойны за нас. Жыві тут, у сваім новым доме, слухай шум дрэваў і пушчы, хай тваё цела соладка адпачывае пасля цяжкай працы, а душа гасцюе між намі. Наведвай нас, каб не знікала між намі згода і трываласць. А калі жыццё нашае ў бальшавіцкай няволі падоўжыцца, калі яшчэ хто-небудзь з нас трапіць у рукі катаў і стане перад абліччам смерці, тады прыйдзі, падтрымай, натхні мужнасцю сваёй, каб ён мог, як і ты, памерці героем і заслужыць імя, як сказала Вікця, Ісціннага Ляха. Віват!
— Віват! Віват! — загрымеў натоўп.
Кантычка пакрапіў дол свянцонай вадой з бутэлькі і заспяваў: «Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі, і зачала ад духа Святога».
Сотні галасоў, якія дрыжэлі ад вялікай горычы, захлыналіся плачам, цягнулі за Кантычкам апошнюю развітальную песню…
«Здровась, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі…»
Вечны спакой, вечны спачын дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць. Няхай адпачывае ў спакоі. Амэн…
Вечны спакой, вечны…
Шэсць мужчын узялі труну на поўразы і акуратна спусцілі яе на дно долу.
Загрымела на веку труны зямля. Засыпалі Казіка на вечны спачын. Без рыдлёвак, толькі прыгаршчамі, усю яму, без розніцы полу і веку, па чарзе засыпалі. Зямлёй, абтрэсенай ад карэння, чыстай, сыпкай, намочанай слязьмі.
Засыпалі дол, паставілі крыж, утапталі магілу і склалі на яе ўсе вянкі і кветкі — сімвал пашаны для Казіка.
Пра забраных ні слыху ні прослыху.
У панядзелак на досвітку прагрымела другая аблава на легіянераў і Стаха. Яна не прынесла бальшавікам жаданай здабычы і нікога са смалярскіх людзей не здзівіла, бо чакалі яе днём і ноччу.
Не знайшоўшы тых, хто быў ім патрэбны, бальшавікі забралі з іх гаспадарак быдла. Усё дашчэнту забралі ў надзеі, што гэта прымусіць гаспадароў выдаць хлопцаў. Забралі і сказалі так:
— Хай дабравольна аб’явяцца, тады не толькі быдла вам вернем, але і жыццё ім падорым. У іншым выпадку будзем да вас ездзіць і маёмасць забіраць, пакуль не пакінем у адной кашулі, а калі іх спаймаем, пойдуць да сценкі.
За Стаха, які ім відавочна быў неабходны ў першую чаргу, акрамя быдла забралі яшчэ і бацьку.
Тое самае на наступны дзень адбылося ў ваколіцы. Старога Васілеўскага, завабіўшы праз лясную ўправу ў воласць, таксама затрымалі. Але маёмасць яго захапіць не ўдалося.
Калі ў нейкі дзень дваццаць бальшавікоў, праведзеныя здраднікам, прыйшлі ў леснічоўку, то знайшлі там толькі голыя сцены. Васілеўскія на час безуладдзя разам з усёй маёмасцю перасяліліся ў лес.
Абрабаваныя смалярскія гаспадары і думаць не хацелі пра тое, каб падпарадкавацца бальшавіцкім умовам і выдаць сыноў.
— Што ж мы, азіяты якія, каб дзяцей за быдла прадаваць? — казалі яны. — Хай бяруць, але хлопцаў не аддамо. Што яны нам, старым, зрабіць могуць? Хіба бацька за дарослае дзіця можа адказваць? Ці моцна бацька Яся навярнуў? А гаспадарка — справа нажыўная. Можа, Бог дасць, яшчэ ў зубах нарабаванае нам прынясуць.
Ад таго часу пачалося для смалярскай моладзі воўчае, лясное жыццё. Дома не начаваў ніхто. Легіянеры дык нават на лузе рэдка паказваліся. А Косцік са Стахам зусім зніклі з людскіх вачэй. Іх бальшавікі шукалі найбольш — любой цаной вырашылі злавіць «контррэвалюцыйных правадыроў».
Калі рэквізіцыя і захоп бацькоў не прынеслі выніку, у Смалярні, Ямах, Палянках, Убярэззі і іншых польскіх вёсках вывесілі такую аб’яву: «Хто Канстанціна Васілеўскага і Станіслава Балашэвіча даставіць уладам жывымі ці мёртвымі або паспрыяе іх затрыманню, атрымае тысячу рублёў золатам узнагароды за галаву. А калі гэта зробіць дэзерцір ці нейкі іншы вінаваты, тады акрамя золата будзе яму дараваная служба ў войску ці іншая віна».
Калі б не клопат пра бацькоў, Косцік са Стахам плявалі б на гэтую аб’яву. Яны былі ўпэўненыя, што хоць бы залатыя горы людзям за іх абяцалі, хоць бы цэлы корпус войска прыслалі, каб іх злавіць, з пушчы іх не выцягнуць, але, спадзеючыся, што сваёй адсутнасцю стрымаюць бальшавіцкую зацятасць і зменшаць бацькоўскія непрыемнасці, пусцілі пагалоску, што ідуць у свет, і расталі ў лесе як у вадзе.
Як ваўкі, хаваючыся ад людзей, яны самотна бадзяліся, кормячыся толькі тым, што давала ім пушча, жылі адасоблена ад свету. Як першабытныя, дапатопныя людзі, яны карысталіся цішай, свабодай і ўсялякімі выгодамі на ўлонні некранутай прыроды. Наядаліся ад пуза адборным мясам злоўленых зайчыкаў і маладых птушак, яйкамі, выцягнутымі з гнёздаў, свежасцю дзічак і сцягнутай з агародаў рэпы, слодыччу розных ягад і маладога мёду — проста так, па-мядзведжаму, з вулля, часам жменькай картоплі або кавалкам хлеба, здабытага ноччу ў леснічоўцы. Спалі на падушках з імхоў, пярынах з сабранай у гурбы лістоты, размаўлялі з лесам, слухалі цішыню. Была ўжо макаўка лета, свет днём і ноччу дыхаў аксамітным цяплом, лясы былі багатыя на дары Божыя.
Яны ніколі не расставаліся. Косцік вадзіў Стаха, вучыў таму, што ведаў сам, як стары мацёры воўк недасведчанага аднагодка. Паказваў яму самыя цёмныя і глухія куточкі пушчы, самыя прыгожыя дрэвы, вучыў вабіць звяроў і птушак, доўгія стаі поўзаць на жываце па-воўчаму, адным скачком пераскокваць двухсажнёвыя рачулкі, бегаць босым з хуткасцю лася праз ламачча, хлуд, тоні, а ног не раніць, птушак не палохаць, не загразаць. Вучыў яго разумець лясныя размовы: усе магчымыя шумы і гукі, якія прадвяшчаюць буру, сэнсы рыпення дрэваў, што пакутавалі за без хросту памерлыя дзіцячыя душачкі, за душы, што ў чыстцы мучацца, за знахароў, чарнакніжнікаў, тапельцаў і самазабойцаў.
Яны ніколі доўга не былі ў адным месцы, заўсёды хадзілі іншымі сцежкамі, заўсёды начавалі ў іншым месцы. Праходзілі бары, прырэчныя ляскі, балоты, крочылі праз пералескі каля Смалярні, хутароў, але больш за ўсё хаваліся ў пушчы. Аднойчы Косцік павёў Стаха аж у самае яе сэрца, аж за другую пойму, куды нічыё быдла не даходзіла, а чалавек — вельмі рэдка.
Гэта была сапраўдная неруш, якую, можна сказаць, ад пачатку сусвету сякера не кранала. У перадваенныя часы памешчык у некаторых частках пушчы патроху прадаваў асіны на абады для колаў, якія чарнігаўскія стальмахі парылі і гнулі на месцы, а часам вольху на фанеру, знаёмым заслужаным сялянам дазваляў час ад часу ссячы каля берага асіну на човен, на карыта, на балею для купання немаўлятаў або старую ліпу паваліць на луб для вазоў, але за другой поймай нікому не прадаваў, не дазваляў нават прутка зрэзаць. Там нараджаліся дрэвы з выпадкова прарослага насення альбо са старога пня і паміралі натуральнай смерцю.
Ацалеў гэты кут ад сялянскага сваволля сямнаццатага года. Дрэва ўсялякага на будоўлю было дастаткова побач з межамі навакольных вёсак, а лыкадзёраў адганялі пракаветныя забабоны пра тое, што за другой поймай жыве «нячыстая сіла». Нават леснікі рэдка туды хадзілі: па-першае, баяліся тых самых забабонаў, па-другое, памешчык сурова забараняў палохаць звяроў.
Часам толькі хто смялейшы заходзіў туды і самае большае адбіваў сякерай ад старой прагнілай бярозы кавалак чачоткі на табакерку, або амялу зрываў, або нейкую прыродную крывуліну на палоззе выразаў і ўсё. А здаралася, што скрадзенае адтуль цішком назад прыносіў.
Так, расказваў Косцік, было з Гаўрылам з Убярэззя. Вычасаў асінавую крывуліну на санкі, дык яму штоночы «чэрці» сніліся, і нарэшце разабраў ён санкі, аднёс палоззе туды, дзе спілаваў, і паслаў у Вончу папу васьмушку гроша на «жэртву». Так яно бывала.
А Косцік ведаў святая святых надбярэзінскіх пушчаў наскрозь і цяпер з гонарам дзяліўся гэтымі ведамі са Стахам.
Зайшоўшы за другую пойму, ён здымаў боты, загадваў зрабіць тое ж і Стаху, потым бязгучна крочыў, ведучы сябра за рукаво, і шэптам на вуха апавядаў пра лясныя дзівы:
— Вось там, каля таго кургана, я знайшоў мёртвага лася і зрэзаў яму рогі, тыя самыя, што цяпер у мяне ў хаце. А з таго буралому памешчык у дванаццатым годзе падняў мядзведзя. А там водзяцца дзікія пчолы. Гэта Лех, гэта Барбара, гэта Сабескі, гэта Харобры, гэта Жыгімонт, гэта Ядвіга.
Вартыя захаплення дрэвы-калосы, старцы, атрымлівалі ад яго імёны польскіх каралёў таму, што нібыта нарадзіліся ў часы іх панавання.
Найбольш здзівілі Стаха яліна Ядвіга і дуб Харобры. Невядома, ці магла Ядвіга мець пяцьсот гадоў, бо яліны растуць хутка, але гэта была неверагодная волатка. Яна была на дзесяць сажняў вышэйшая за ўвесь лес і, здавалася, дакраналася да неба верхавінай. У верхнім трохкутніку, абвешаным шышкамі, бачыўся скрутак ламачча, падобны да вялізнага вавёрчынага гнязда. Косцік казаў, што там гнездаваліся арлы.
Харобры пераўзыходзіў усе ўяўленні пра лясных веліканаў. Ён насамрэч мог памятаць часы Баляслава. Камель унізе быў дыяметрам у сажань. Самыя раскідзістыя сукі было не ахапіць дзвюма рукамі. Кару ўнізе прарылі глыбокія барозны, вышэй у некаторых месцах сукі параслі сівымі бародамі імхоў. Ён яшчэ дыхаў здароўем: некаторыя яго лісты былі такія вялізныя, што на адным мог бы змясціцца бохан хлеба. Вакол на дзесяць сажняў ні былінкі, ні травінкі — ён, як цмок, усе сокі з зямлі высмактаў.
Яны кожнага разу глядзелі на дуб са здзіўленнем і належнай патрыярху пашанай, думкамі адлятаючы ў часы ягонага дзяцінства.
— От, калі б мы нарадзіліся разам з ім і жылі дагэтуль, то мелі б што людзям апавесці, — заўважыў аднойчы Стах.
— А я б не хацеў гэтага, — адказаў Косцік.
— Бо такога старца не кахала б Каруся?
Косцік не адказаў.
Шмат там было старых і велізарных, вартых увагі дрэваў. Шмат струхлелых, напаўзасохлых і прагнілых. Некаторыя прагнілі настолькі, што толькі тонкі слой здаровага камля знізу мелі, аж дзіўна, як яшчэ трымаліся. У некалькіх дуплах вадзіліся дзікія пчолы, якіх называлі сляпнямі, ад іх магутных раёў дрэва гудзела, як млын.
Ва ўсходнім баку гэтага сэрца пушчы ляжала балоцістая катлавіна шырынёй з дзве вярсты, у сярэдзіне якой на маленькай выспе ў некалькіх альховых дуплах была схаваная зброя і вопратка легіянераў. Гэта было хутчэй забалочанае азярцо. Яго пакрывалі слабыя кажухі дзёрну, месцамі — купы рагозу, капытніку, месцамі праблісквала вада. Зялёная, мутная і бяздонная вада. Косцік казаў, што аднойчы спрабаваў памераць доўгай жардзінаю, але да дна не дастаў.
На выспачку можна было трапіць сакрэтнымі, нябачнымі, пакрытымі мутнай вадой ці багнай кладкамі. Іх, ужо вычасаныя, Косцік прынёс здалёк. Каб іх скласці, ён выкарыстаў спецыяльна збіты плот, які потым разабраў і разнёс па лесе.
— Ну і як ты думаеш, добрае месца на такую хованку? — кожны раз хваліўся Косцік.
— За вякі вякоў ніхто не знойдзе, — казаў Стах. — Але калі мы абодва, не раскрыўшы таямніцы загінем, згніе і заржавее схаванае.
Часам яны наведвалі Парню, леташняе месца лагера вартавых. Сядалі на калодзе ў высокай і густой жыгучцы, якая вырасла на месцы спаленай каменданцкай хаткі, і размаўлялі пра дні, калі там лунаў бела-чырвоны сцяг. Прыгадвалі, колькі людзей і хто менавіта прыйшоў, колькі яшчэ мусіла прыйсці, хто да якога кураня належаў, хто якую функцыю выконваў, і потым пракліналі надбярэзінскіх памешчыкаў за іх даваеннае, не братэрскае, пагардлівае трактаванне бяднейшага народу, за абсалютную пасіўнасць у справе асветы гэтых суродзічаў, за нявыкарыстаныя падчас знаходжання тут Польскага корпуса і нямецкай акупацыі магчымасці супольнай арганізацыі і ўрэшце — за палахлівыя ўцёкі.
Вычарпаўшы тэму, яны глыбока задумваліся. Яны вельмі любілі марыць на свежым, цёплым яшчэ попеле вогнішча, якое палала тут менш за год таму, вогнішча патрыятычных пачуццяў, узнёслых парываў грамады найлепшых у ваколіцы польскіх сыноў. Косцік часам задумваўся так глыбока, аж забываў нават, што ён не адзін: хмурыў лоб, варушыў вуснамі, шчасліва ўсміхаўся, рукамі рабіў розныя жэсты.
— Пра што ты так шэпчаш? — спытаў Стах аднойчы.
— Хто, я? — абудзіўся той.
— Ну дык не я ж.
— Э, нічога… Згадаў уланскія часы, — адказаў Косцік.
Але праз хвіліну прызнаўся.
— Ведаеш што, Стах?
— Што?
— Тады да мяне галубка мая прыходзіла.
— Каруся ці што?
— Так, яна, арліца мая.
— А, гэта ты, відаць, марыў, нягоднік, каб яна цябе ўбачыла ва ўсёй красе?
— Я табе кажу, што яна тут была.
— Мяне не падманеш: пра гэта ведаў бы кожны байструк.
— Яна пераапранутая прыходзіла і ноччу, дык ніхто яе і не пазнаў.
— Не хлусіш?
Косцік, ударыўшы сябе ў грудзі, пабажыўся.
Стах хвіліну глядзеў на яго з пагардай, а потым адскочыў як найдалей і давай лаяцца:
— Хам! Нахабнік! Блазан! Здраднік!
— Чаму?
— Ты злоўжыў уладай! Выдаў таямніцу! Падмануў давер!
— Як гэта? Чаму?
— Ты прывёў яе гвалтам, каб яна захапілася тваёй каменданцкай пасадай, або, можа…
— Маўчы, а то морду наб’ю! — падскочыўшы, крыкнуў Косцік. — Каб мяне трасца, калі я штосьці такое падумаў! Сама прыйшла. Не я таямніцу выдаў, а Норба. Яна ад Полькі даведалася і прыйшла ноччу сама-саменькая.
Ён зноў усадзіў Стаха і расказаў усё ад пачатку да канца.
— Шалёнае ты шчасце з тымі бабамі маеш, — заўважыў Стах. — Самыя прыгожыя кветачкі за табой ходзяць.
— Думай сабе што хочаш, але не кажы, што я яе гвалтам прывёў або падмануў давер.
Аднойчы ранкам іх абудзіла бура. Неба было яснае, але з усходу дзьмулі моцныя вятры і трапалі пушчу — аж страх прабіраў.
— Вымятаемся з лесу чым хутчэй, бо яшчэ сук у сраку зловім, — прапанаваў Стах.
— Уцякаць у буру з пушчы? Я ў буру працу кідаю і іду ў пушчу слухаць і любавацца, не тое што з яе ўцякаю. Гэта ж раскоша! Пойдзем у адно месца, пакажу табе яе танец.
Яны спяклі ў попеле па гаршку дзікіх яблыкаў, пад’елі, а потым Косцік павёў сябра да Гаўрылавай яліны з вуллямі, якая стаяла на вяршыні аднаго з пагоркаў хвалістай мясцовасці, зарослай разналессем. Магутная была гэтая яліна, якую Гаўрыла выкарыстоўваў для гадоўлі пчолаў — высокая, амаль як Ядвіга.
— Палезем наверх, — сказаў Косцік.
— Ты звар’яцеў?! Каб дапамагчы буры вывернуць дрэва, а самім паламаць косці?
— Калі яго не вывернула за столькі гадоў, то і цяпер не выверне. Мы на ёй будзем кропляй у моры ў параўнанні з цяжарам яе ўласнага цела і мноства вулляў.
Яны знайшлі схаваную пчаляром сярод ламачча сукаватую апрацаваную моцную жардзіну, прыставілі яе, улезлі на памост, адтуль па забітых у камель драўляных калках, а потым па суках падняліся як мага вышэй. На самую вершаліну, якая хісталася разам з ветрам. У Стаха, незнаёмага з паднябесным хістаннем, ад трывогі сэрца трапятала, быццам ягнячы хвосцік, але ад сука да сука ён паволі смялеў і працягваў падымацца за таварышам.
— Цяпер глядзі і любуйся, — сказаў Косцік на самым вяршэчку.
Яны былі вышэйшыя за ўсе дрэвы, вышэйшыя за ўвесь лес.
Пушча віравала. Як бурнае мора, як зацятая бітва. Як Грунвальдская бітва, як пагром туркаў пад Венай. Наколькі хапала вока вакол скакалі незлічоныя атрады, мяняючыся колерам і формай, сустракаліся, кідаліся адзін аднаму ў абдымкі, і некаторыя з іх пасля кароткага канвульсіўнага ўдару разбіваліся на дробныя ніткі, расплываліся, гаслі, іншыя, ператварыўшыся ў вір, разам рытмічна ішлі далей. Некаторыя спыняліся, раптоўна адскоквалі назад, быццам убачыўшы перад сабой грозную небяспеку, чакалі хвіліну, аж пакуль ззаду не набяжыць іншы і не падштурхне да далейшага бегу. Часам сям-там з’яўляліся пачварныя веліканы, якія плылі бясконцай лавай, паглынаючы меншых, без адзінага прагалу ў сваім парадку, без адзінага скаланання, усё большыя і пачварнейшыя. І ўсе спяшаліся ў адным і тым жа кірунку, навыперадкі, быццам два варожыя войскі кудысьці на галоўную бітву, вынік якой залежыць ад таго, чые атрады прыйдуць першымі. Уся гэтая ваяўнічая пагоня няспынна грала сімфонію розных шумаў, свісту, выцця, рыкання, грымела гукам паваленых дрэваў, падкідала ў паветра хмары лістоты і аблокі пылу. Сапраўдная бітва.
Косцік, распалены натхненнем, пару хвілінаў аглядаўся, потым уперыў позірк у бок, куды вятры гналі атрады, і пачаў прамаўляць хвалебны гімн, можа, калісьці прачытаны і пераствораны паводле ўласных пачуццяў, а можа, народжаны цалкам у ягонай галаве ў хвіліны вялікай тугі падчас уланскіх вандровак у бязлесых краях.
— Пушча святая! — крычаў ён. — Біблія найсапраўднейшая! Райскі сад! Камора незлічоных дароў і багаццяў! Скрыня таямніц і чарадзейскіх лекаў! Прытульная маці! Ты рысункам пагоркаў, далінаў, поймаў і курганоў, некранутаю глебай, першабытнымі раслінамі пішаш найсапраўднейшую гісторыю гэтай зямлі ад пачатку свету! Ты пладамі сваімі сілкуеш, а лыкам абуваеш тысячы бедных людзей. Ты лекуеш іх моцай зёлак сваіх. Ты стрымліваеш халодныя вятры, а ценем сваім і вільгаццю спёку студзіш. Слабых і пакрыўджаных ты хаваеш ад рук сільных пераследнікаў. Ты затуляеш ад нежаданага вока і вуха мілосныя прызнанні каханкаў, іх пацалункі, абдымкі і не выдаеш іх таямніцы. Ты сваёй свежасцю, пахам, песняй прыроды суцішаеш боль, загойваеш раны, дорыш салодкі адпачынак, ліеш шырокай плынню здароўе і раскошу.
Радзільніца мая! Калыска мілая! Нянька клапатлівая! Надзея майго сэрца!
У сэрцы тваім, у заломах вываратня, я на свет прыйшоў. Сытымі тваімі пладамі, чыстым сокам, пад працяглыя спевы і шумы твае выгадаваўся і сілаў набраўся. Ты мне дапаможаш забраць галубку маю.
Калі мы братоў нашых з захаду дачакацца не здолеем, калі бальшавіцкая ўлада будзе пераследаваць мяне доўгія гады, хоць бы ўвесь свет стаў на нашай з Карусяй дарозе, ты заўсёды будзеш побач са мной, абароніш мяне і імкненне маё здзейсніць дапаможаш. Тады я яе выкраду, панясу ў сэрца тваё за другую пойму, і там, як нашыя прашчуры, будзем мы жыць у дуплах дрэваў.
Ён скончыў і запытальна паглядзеў на сябра. На Стахавых вуснах блукала ўсмешка.
— Ты чаго смяешся? — спытаў Косцік. — Што я размаўляю з лесам?
— Не, я смяюся, бо ты кажаш, што выкрадзеш яе і вы будзеце весці дзікае жыццё ў пушчы.
— Калі ў мяне не будзе іншага выбару, то, Бог сведка, выкраду.
— Гвалтам, як рускі Сценька?
— Чаму гвалтам? Калі яна сама да мяне тады ў лес прыходзіла, то кахае мяне. Як ты лічыш?
— Усё не так, як табе здаецца. Яна тады на Парню прыходзіла, бо ёй абавязкова хацелася бачыць наш лагер. Яна больш ласкавая да цябе, чым да іншых хлопцаў, бо ты цяпер у модзе. Але калі б выправа нашая не ўдалася, калі б вярнуліся рускія царскія часы, тады б ты пабачыў, як бабскія густы мяняюцца. Пабачыў бы, як вярнулася б мода на гэных Арцішэўчыка, Бліна, Юшку і іншых падобных да іх глінагрызаў. Я табе кажу.
— Каруську не вабяць іх фальваркі. Яна казала, што хлопец, які думае толькі пра багацце, яе не цікавіць. О, мая Каруська — цяпер зусім іншая дзяўчына.
— Зусім іншая, — перадражніў Стах. — Ах, які ж ты яшчэ наіўны! Кожны хлопец, які ўтрэскаўся так, як ты, верыць, што ягоная абранніца выключная ва ўсім свеце, а кожная абранніца запэўнівае свайго хлопца, што толькі ягоныя вартасці цэніць, але кожная, кажучы гэта, у думках падлічвае, колькі ў яго набытку. Галаву табе даю на адцён, што Быліна, як і ўсе бабы, цягнецца да выгоды.
— У мяне яна таксама будзе мець княскія выгоды.
Стах са шкадаваннем пакруціў галавой:
— Пакуль ты чагосьці даб’ешся, братка, то пасівееш. Дзяўчына ўжо даспела і дзесяць гадоў тваіх выгодаў чакаць не будзе. Што ў лес з табой не пойдзе, гэта я табе гарантую. Ай-я-яй, які ты наіўны! Бог сведка, дзіўлюся я, што табе далі ўланскія нашыўкі.
Ён добрую хвіліну глядзеў на хістанне лесу, якое ўсё ўзмацнялася, а потым сказаў:
— Ведаеш, браце, і мне падабаецца гэтае калыханне. Быццам жыта ў вялікім полі перад навальніцай з градам бушуе, быццам вялізная вада кіпіць. Дрэвы, здаецца, гавораць па-чалавечы і, кланяючыся, перадаюць адно аднаму нейкую вельмі важную і страшна пільную думку. Праўда?
Косцік нічога не адказаў. Стах агледзеўся — сябра не было. Зірнуў уніз — таксама няма. Ён адразу злез з дрэва і знайшоў Косціка за некалькі дзясяткаў крокаў ад яліны пад кустом. Той ляжаў скурчыўшыся і ўсхліпваў.
— Косцік! Брацік! — закрычаў Стах. — Што з табой? Што сталася?
— Нешта страшна сумна мне зрабілася, — адказаў той, яшчэ раз усхліпнуўшы.
— Ну вось, то весяліўся і спяваў, а то страшна сумна. Што такое, братку?
— Адчуваю, што адбяруць яе ў мяне жлабы. Не мая яна, я ўжо адчуваю гэта.
— Адчуваеш… Гэта ты баішся, а не адчуваеш. Бачу, што ты блізка да сэрца ўзяў маю балбатню. А я жартам казаў.
— Казаў жартам, але праўду. Пакуль я чагосьці даб’юся, пасівею.
— А я дзе буду? На мяне ты разлічваеш? Я табе, братка, дапамагу. Вось убачыш. Калі Польшча ўся не ўздымецца і маскалі пасля гэтай куламесы ўвядуць на нашых землях старыя парадкі, тады я паеду да дзядзькаў і праз пару месяцаў дашлю табе дзве шыфкарты. Захоча з табой паехаць у Амерыку — і добра, не захоча — буду табе прысылаць раз на месяц сто даляраў, каб ты заклаў сабе гаспадарку. За два гады ў цябе будзе такі хутар, што людзі пазайздросцяць.
— А калі бальшавікі назаўсёды застануцца, тады што?
— Калі застануцца, тады і будзем пра гэта думаць. Я толькі добра ведаю, што Каруся ні за якога камуніста не пагодзіцца выйсці замуж, а да таго часу твае сапернікі страцяць за бальшавікамі ўсе свае вартасці, бо тыя іх зраўняюць з убогімі. Не бойся, Быліна твая будзе. Вось пабачыш!
Косцік схапіў сябра ў абдымкі.
— Брацік! — закрычаў ён. — Калі твае словы спраўдзяцца, то я цябе расцалую! Я табе да смерці служыць буду!
Без малога праз два тыдні смалярскія вязні пачалі вяртацца. Паскорыў гэта стары Пятроўскі, які адразу ж пасля аблавы, пакінуўшы сенакос, сабраў у суседніх вёсках подпісы і датуль ездзіў у воласць і павет, цягаўся ва ўстановы і да знаёмых уплывовых яўрэяў, пакуль не вызваліў суседзяў. Спачатку вярнуўся Ян Балашэвіч, за ім Васілеўскі, пасля Міхал Сцяпура і Павел Трызна. А за імі на другі дзень з’явіліся два рэкруты: Уладзь Вінярскі і Ромка Аленскі. Яны ўцяклі з Гомеля, як толькі іх уключылі ў полк. Бракавала толькі Карапузі, якога таксама чакалі з дня на дзень, бо гэта быў надзвычай жвавы хлопец, які моцна ненавідзеў бальшавікоў. Прадказвалі хуткае вяртанне Карапузі і сны Яні Сакалоўскай, ягонай абранніцы, якая колькі начэй запар сніла, што ён увесь час адыходзіць у легіёны і развітваецца з ёй, а паколькі сны збываюцца наадварот — значыць, яны сустрэнуцца. Тым часам першым вярнуўся той, каго ніхто не сніў і ніхто не чакаў.
Звычайным будзённым ранкам дзеці бавіліся ля броду, аж раптам, перапалоханыя, пабеглі да матак з крыкам, што нейкі страшны чалавек — вар’ят або катаржнік — перайшоў кладку ды ідзе ў Смалярню.
— Можа, гэта старац, а вы баіцеся? — з недаверам пыталі маткі.
— Ды не, не старац, ён увесь абарваны і размаўляе сам з сабой.
Сапраўды неўзабаве паказаўся незвычайны індывід: сам босы, адзежа ў лахманах, без шапкі, валасы расчухраныя. Ён ішоў павольна і крыху кульгаў.
Дзеці, падлеткі і жанкі, якія былі дома, пачалі збірацца ля брамы-калаўрота, прыглядацца да абадранца з вялікай цікаўнасцю, але і з немалой трывогай.
— Бяжыце па мужчын на луг, — сказала адна.
— Некаторыя ўжо дома, — паведаміла другая.
— Калаўрот зачыніце! — скамандавала трэцяя.
Нехта з падлеткаў кінуўся ў засценак у пошуку мужчын, іншыя зачынілі браму. Але тут падышоў стары Сцяпура і загадаў адчыніць назад, бо нельга нікому загароджваць дарогі.
Чалавек набліжаўся, зацікаўленасць народу расла. Ішоў ён усё павальней і балесна стагнаў. Адзежа на ім была такая парваная, што на плячах і на каленях свяцілася голае цела. Толькі твару нельга было разгледзець пад расчухранымі густымі валасамі.
Падышоўшы на нейкія дзесяць крокаў, ён спыніўся і, да вялізнага здзіўлення, па-людску ўславіў Бога:
— Пахвалёны ў хату!
— На векі вечныя, амэн, — адказала некалькі галасоў. У іншых, аднак, адказ абарваўся на сярэдзіне.
— Бабы, дык тое ж Ясь! — пазнаў Сцяпура.
— Ясь! Ясь! Казікаў забойца!.. Здраднік! Антыхрыст!.. Уцякайма! — крычалі жанкі і дзеці, панічна кідаючыся наўцёкі, як ад зачумленага. Некаторыя па дарозе жагналіся. За паўхвіліны з натоўпу ля брамы застаўся толькі Сцяпура. Ясь, уражаны, стаяў на месцы.
— Што?! Як... Дзядзька! Казіка забілі?! — пытаў ён, адкінуўшы з твару валасы.
— Ці забілі Казіка? Ах ты паршывец! — сказаў Сцяпура, дрыготкім ад нянавісці і абурэння голасам. — Не азірайцеся там, бабы, і замыкайце за сабой калаўрот, бо шатан новыя няшчасці нясе для вашых сыноў! — крыкнуў ён у бок жанчын, якія і без таго былі дужа спалоханыя.
— Божа! Што здарылася?! Кажаце, дзядзька, Казіка забілі? Я нічога не ведаю…
— Ха, нічога ён не ведае! Сама нявіннасць… Думаеш, ніхто цябе не пазнаў, калі ты пераапрануўся ў жабрачку і прывёў камісара? Шэльма! Гад падкалодны!
— Якая жабрачка?! Я нічога не ведаю. Што вы кажаце, дзядзька?! Божа! Я быў на фронце! У бальшавіцкай турме сядзеў… Ледзь не загінуў. Я ўвесь зранены і ледзь трымаюся на нагах… Што вы, дзядзька, на мяне?! Скажыце ж, як і што здарылася? Бедны Казік! — казаў ён і паволі набліжаўся.
— Не падыходзь да мяне! — крыкнуў Сцяпура. — Я хоць і стары, але так табе трэсну, што зубоў не збярэш! Глядзіце на яго, зранены! На фронце ён быў. Ах ты паршывец! Ах ты шэльма! Казіка адправіў на той свет, а цяпер зноўку з шатанскай хітрасцю прыйшоў па каго іншага! Не, не ўдасца табе ўзяць больш нікога. Досыць ужо! Вяртайся, праклятая гадзіна, адкуль прыйшоў, бо сярод нас табе няма месца!
Ён вылаяўся, адышоў на падворак і бразнуў за сабой весніцамі. Ясь застаўся на вуліцы адзін.
— Божа мой! — умольна казаў ён, уздымаючы рукі да неба. — Ты — сведка маёй невінаватасці. Ты бачыў, дзе я быў у той час. Малю цябе, пакажы на таго, хто забіў Казіка, бо на мяне, нявіннага, падаюць падазрэнні. Загінуў бедны Казік… Гады няшчасныя…
Ён стаяў нейкі час адзін, абапёршыся на частакол, стагнаў, клікаў Бога, пасля пацягнуўся вуліцай далей.
Ля ягонага двара чакаў бацька. Ён стаяў, абапёршыся на вушак весніц, хаваючы драўляны таўкач ад ступы. Здавалася, ён намагаўся не глядзець у бок сына.
— Татку! — пачаў Ясь, калі быў ужо крокаў за дзесяць. — Кажуць, што Казіка забілі і што я вінаваты ў ягонай смерці. Вы таксама так думаеце?
Стары маўчаў.
— От, якая несправядлівая напасць можа здарыцца! Як жа вы тут, татку? — схіліўся ён да бацькавай рукі.
Таўкач у руцэ ўзняўся ў паветра і амаль апусціўся на галаву сына. Але той у апошні момант адхіліў галаву, і ўдар трапіў на плячо.
— Аёй! — з болем прастагнаў Ясь. — За што, татку?
— Не ступіць твая нага на мой двор, паршывы ты вырадак! Ідзі прэч, каб цябе болей нашыя вочы не бачылі! Скула ты ў сэрцах нашых, — праклінаў стары.
— Гэта несправядліва, татку. Я невінаваты ў Казікавай смерці. Я ўвогуле толькі цяпер пра яе даведаўся. Я вяртаюся з-пад польскага фронту. Я так мучыўся, так пакутаваў…
— Хоць бы ты, шатане, дзень і ноч брахаў — ніхто ўжо табе не паверыць. І слухаць тваёй хлусні не хачу! Ідзі прэч адсюль! — Ладан зноў замахнуўся таўкачом, ступаючы наперад.
— Пайду, татку, пайду, — пакорліва прамовіў Ясь. — Не буду адбівацца і гвалтам у дом не ўвайду. Іду ўжо іншай дарогай. Пакорліва ўсё вынесу. Па волі Божай за даўнейшыя мае грахі гэтая несправядлівая на мяне напасць. Ён ведае, што робіць… Я вынесу… Пайду, хоць ад слабасці магу ўпасці на дарогу… Але хто будзе жывы — з часам дазнаецца праўду. Заставайцеся, татку, з Богам.
І паволі пайшоў у бок Убярэззя, яшчэ балесней стогнучы, чым да таго.
Апусцелая і ціхая, пакуль ён адыходзіў, вуліца, пасля таго як ён аддаліўся, зрабілася шматлюднай і шумлівай. Усё, што было ў дамах, выйшла вонкі. Гучалі праклёны, заклікі да Бога пра помсту, нараджаліся здагадкі пра новыя шальмоўскія намеры.
— Не ўдаецца аблавай і абяцанкамі, — казалі яны, — дык зноў яго шпегам адправілі! Трэба хутчэй сказаць хлопцам, каб пазашываліся далёка ў пушчы. І з жывёлай каб пастух не вяртаўся, бо застанёмся без аніводнага хваста. Ужо новае шальмоўства прыдумалі… Тады быў жабрачкай, а цяпер — параненым. А што ж вы думаеце, такі шэльма мог насамрэч сабе нейкія раны парабіць. Як захоча чаго — ужо ні на што не глядзіць. Калі ў яго сапраўды раны, хай бы яны яму да смерці не загаіліся! Каб ён шыбеніцу, а не сына майго ўбачыў! Каб ён на тым свеце па распаленым жалезе босым хадзіў, як цяпер за дзецьмі нашымі ходзіць! — пракліналі бабы.
Але апрача полымя нянавісці, праклёнаў, здагадак пра новыя Ясевы намеры пачуліся і галасы ў яго абарону.
— А можа, ён сапраўды невінаваты? — спытаў Трызна. — Я вось як думаю, то мне ўвесь час здаецца, што не мог ён быць той жабрачкай, яна ж меншая была.
— І мне здаецца, — пацвердзіў Гілар.
— Можа, ён сапраўды хацеў, як сам кажа, прабрацца праз фронт, трапіў у рукі бальшавікоў, якія яго катавалі. Можа, мы на нявіннага нападаем, а гэта вялікая крыўда, — усё часцей гучалі галасы сумнення.
Усіх прымушала задумацца здзіўленне Яся, ягоны боль і пакора, з якой ён вынес тое, што бацька яго ўдарыў і выгнаў.
Пад канец гарачых спрэчак ужо больш галасоў было ў абарону Яся, чым супраць яго. Знайшліся нават такія, што хацелі яго дагнаць, вярнуць і падрабязна пра ўсё распытаць. Аднак не зрабілі гэтага.
Увечары Генюсь Здановіч, які дапамагаў грамадскаму пастуху — цяпер была чарга Сакалоўскіх, — па сакрэце прызнаўся гаспадару, што ў багуне ў хвойніку, за папарам, бачыў Яся.
— Я адышоў, — гаворыць ён, — у багун па вялікай патрэбе, сеў і чую — нехта стогне за пагоркам: «Ой! Ой! Аёй!..». Я быў сабе прыгадаў, што Ясь, як выправіўся ў дарогу, то дужа стагнаў, дык і падумаў адразу, што гэта, мусіць, ён. Я хуценька ўстаў, падвязаўся, крадуся — гляджу, ён ляжыць тварам уверх з заплюшчанымі вачыма, стогне і нагамі дрыгае, а над ім раяцца тлустыя мухі, бо смярдзела ад яго паскудна.
— І даўно ты яго бачыў? — спытаў Сакалоўскі.
— О, было пазнавата, цень тады быў на сем крокаў. Ужо, відаць, капытамі налажыў.
— Ты казаў каму?
— Толькі Міхалу. Ён мне забараніў расказваць. Кажа: трымай рот на замку, бо гэта «ўгалоўнае дзела» і да смерці могуць па турмах зацягаць.
— Праўда, справа ўгалоўная, — пацвердзіў Сакалоўскі. — Нікому не кажы, барані Божа!
Насамрэч Генюсь трохі схлусіў: ён ужо расказаў пра гэта Карусі.
Тая таксама, загадаўшы маўчаць, пабегла і расказала ўсё Здановічысе.
— Барані Божа, цётухна! Які-небудзь з самых гарачых і настроеных супраць яго хлопцаў гатовы пайсці і дабіць, калі ён яшчэ жывы. А можа, ён невінаваты? У засценку па-рознаму пачалі пра гэта гаварыць. Лепей, як сцямнее, сходзім да яго самі.
— Удзвюх?! Можа, возьмем яго сясцёр? Але ўжо тады іх паклічам, калі пойдзем, а то раптам яны каму раскажуць ды ўсё сапсуюць.
На тым і пагадзіліся.
Калі конюхі з’ехалі, недзе каля дзясятай гадзіны Каруся, Здановічыха і абедзве сястры Ладан пракраліся за гумнамі, за агароджамі, па вузкай паласе зарасніку, якая называецца пагонам і пераразае папалам поле, што ў той год ляжала папарам, і пайшлі ў бок бору. Гужам, адна за другой, моўчкі, яны ішлі старым ровам, парослым рудым імхом, бо свяціў яркі месяц, і з дарогі, якая ляжала за дзве стаі, іх можна было лёгка ўбачыць і пачуць. На ўсялякі выпадак яны неслі з сабой скрутак старога мяккага радна, збан вады і грамнічную свечку.
Яны мінулі поле, пасля малады сасоннік і апынуліся ля парослай багуном нізіны, дзе, паводле ўказанняў Генюся, мусіў ляжаць, канаючы, Ясь. Спыніліся купкай і прыслухаліся.
З глыбіні нізіны даносілася манатоннае бубненне, падобнае да малітвы, чытання Евангелля або гуду вялізнага старога рудога чмяля.
Яны перазірнуліся з запытаннем і трывогай.
— З ім ужо нехта ёсць, — шэптам азвалася Каруся.
— Можа, гэта ён у гарачцы так бубніць, — адказала Здановічыха.
— А можа, з хаўруснікам якім, з камісарам, — дадала Зося.
— Ведаеце што, — сказала Каруся, — гэта найлепшы выпадак высветліць усю гэтую справу.
— Падкрасціся і падслухаць? — спытала Здановічыха.
— Ага. Калі з ім нехта чужы, то нават калі мы нічога і не пачуем, ясна будзе, што шэльма. А калі ён у гарачцы, то, можа, нешта даведаемся з ягонага балбатання. Трэба толькі ўсё зрабіць правільна і ціха, незаўважна падкрасціся. Цётка з Броняй няхай тут застануцца, а мы з Зоськай падкрадземся.
— Не-не, мы пойдзем разам з вамі, — запратэставалі абедзве, відавочна баючыся застацца адны.
— Ну, калі ўжо так хочаце, то хадзем разам.
Прынесеныя з сабой рэчы яны склалі ля куста, а самі на карачках, адна за адной, па моху, паміж зараснікамі багуну, ціха і павольна папаўзлі на галасы. Гудзенне размовы працягвалася. Праз некалькі дзясяткаў крокаў яны спыніліся і зноў прыслухаліся. Найлепей было чуваць словы:
— Езус міласэрны! Найсвяцейшая маці! Дайце мне хутчэй сканаць… Да, да, на старану белых, да сваіх пераходзіў… Убейце!.. Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым... каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых... Ну чорт з вамі, таварышы, дайце вады. Адзін глыток дайце, прашу вас!.. Адтуль Ён прыйдзе судзіць жывых і мёртвых, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн...
— Ён у гарачцы і ні ў чым не вінаваты, — пагадзіліся ўсе аднагалосна.
Жанчыны ўсталі і пайшлі проста да Яся. Ён ляжаў за пагоркам на правым баку, пад галавой была невялікая купіна. Калі яны падышлі, ён не зварухнуўся і не перастаў балбатаць.
— Ясю, ты чаго трызніш? Што з табой? — спытала Каруся.
— Убейце меня, але я з вамі не пайду!
— Ніхто цябе не заб’е, Яська! Гэта ж мы, свае.
— Бо вы бессаромныя хлусы! Лютасць белых праклінаеце, а самі ў слязах і крыўдзе людской купаецеся…
— Што з непрытомным размаўляць, — умяшалася Здановічыха.
— У яго ж гарачка. Зоська, ляці па ваду!
Тут ён раптам сеў, як на спружыне падняўшыся.
— Дык дасце вады?! — нервова спытаў ён. — Дайце ж! Дайце ж хутчэй вады! — ён хапаў дзяўчат за спадніцы і сутаргава цягнуў да сябе.
Зоська мігам скочыла па ваду і дала яму проста са збана.
Ён схапіў пасудзіну рукамі і прагна піў, доўга не даючы яе забраць. Урэшце вярнуў збан. Тады аддыхаўся і пачаў аглядацца, нібыта прачнуўся ад глыбокага сну.
— Хто вы? — спытаў ён.
— Мы свае: я Каруся, а вось Зоська і Броня, твае сёстры.
Пра Здановічыху яна прамаўчала, баючыся, што ён можа спалохацца.
— Дык гэта ты, Зоська, мая сястра?! — ускрыкнуў ён. — А татка ж мяне выгнаў як сабаку… Усе ад мяне ўцяклі, як ад заразнага… А я ж невінаваты!.. — разрыдаўся ён і ўпаў на зямлю.
— Мы ведаем, мы ўжо ведаем, што ты невінаваты, — пачалі яго супакойваць дзяўчаты.
— Тата цябе прыме, і людзі павераць, прабачаць. Супакойся. Што цябе мучыць?
— Спіна мая, у слуцкай ЧК пасечаная, загнаілася.
Пакасілі лугі і зжалі жыта, а ў Смалярні нічога асабліва не змянілася. Выявілася, што Ясь сапраўды быў паранены, і бацькі забралі яго дадому з лесу і клапатліва даглядалі і лячылі. Да яго прызнанняў аб прыгодах з бальшавікамі некаторыя паставіліся з пэўнай доляй недаверу. Карапузя амаль праз месяц вучэнняў у Смаленску ўцёк і, на радасць бацькам, а яшчэ больш на радасць замаркочанай Яні, шчасліва вярнуўся дадому. Ці, хутчэй, у лес, бо ўся моладзь, як і раней, мусіла хавацца. Бальшавіцкія ўзброеныя банды часта зазіралі ў Смалярню, праездам або знарок, аднак аблаваў накшталт першых дзвюх і экспрапрыяцыі маёмасці больш не было.
І не спраўджваліся прароцтвы смалярскіх гаспадароў: хлеба новага яны дачакаліся, а валадарамі заставаліся тыя самыя паганцы. Што праўда, хлеба было няшмат, бо з прычыны шматлюдных завозаў у млынах, малолі патроху дома на жорнах, аднак ужо ў кожнага быў хлеб і ніхто не грашыў перад Богам, наракаючы на голад. А сёй-той, выбіўшы збольшага капу-другую, і на млын паспяваў завезці.
Стары Пятроўскі, калі прыбраў свае сенажаці, намалаціў ажно два мяхі і падрыхтаваўся ехаць на млын. Збіраўся ён супраць ночы ў надзеі, што ўдасца змахляваць і змалоць усё адразу, без чаргі.
Намазаў тлуста колы, заслаў зялёнай вікай драбіны, запрог кабылу, закінуў мяхі, захапіў на ўсялякі выпадак дзве гунькі, бо на ўсходзе вісела дажджавая хмара, і выехаў цёмначы.
Напаўдарозе да Вончы загрымела, але з іншага боку, з захаду, а не з той хмары, якая была відаць увечары.
«А можа, гэта ўрэшце легіёны? — падумаў ён. Зірнуў у яснейшым месцы на неба: — Чыста, зоркі ўсюды. Відаць, пачулася, — не верыў ён сабе. — Як кажуць: хто скраў парася, таму ў вушах пішчыць. Калі так доўга чакаеш, то сапраўды ў галаве можа памуціцца».
Хвілінаў праз дваццаць у тым самым баку зноў прагрымела: гррр! гррр! гррр! гррр! — чатыры разы.
Стары аж закруціўся ў сядле.
— Гарматы… Мусіць нешта быць, гэта ясна! Дай Божа! Час Яму ўжо гэтую шаць паганскую, выпушчаную на пакаранне людзей, да сябе забраць, — казаў ён сабе, шпарчэй паганяючы кабылку.
Апынуўшыся на ростанях, замест таго каб павярнуць у Вончу, Пятроўскі скіраваўся ў Кунцэвічы, за дванаццаць вёрстаў — яны ляжалі бліжэй да Бярэзіны, і там можна было хутчэй нешта даведацца пра гэтыя грымоты.
Каля гадзіны, хоць і з перапынкамі, грымела, пасля ўсё сціхла.
Каля адзінаццатай ён спыніўся ля кунцавіцкага млына. Завозаў было як гразі: пляц так застаўлены фурманкамі, што не ўціснуцца. Ля санак, якія падымалі збожжа наверх, тоўпіліся людзі. Шмат фурманак стаяла закладзеных да ад’езду.
— Гэй, стары! — звярнуўся адзін з завознікаў да Пятроўскага. — Паварочвай лепш адразу дадому, бо нічога не зробіш.
— Чаму гэта я нічога не зраблю?
— Ды тут загрудкі бяруцца ля кожнага каша. Бачыш, некаторыя спускаюць уніз нязмолатае.
— А чаго ж іх трасца бярэ?
— Як чаго! Бо вайна.
— Якая вайна?!
— Пытаеш, нібы толькі з Сібіры прыехаў або праспаў цэлы месяц. Вайна з ліг’ёнамі, з вуланамі польскімі. Ты што, не ведаў, што ўчора Бабруйск узялі?
— Брэшаш!
— Вот яшчэ, брэшаш… Далібог, узялі! Узялі Бабруйск, перайшлі Бярозу і далей ідуць. Заўтра ўжо могуць быць тут. Увечары бальшавіцкі лагер заехаў у Кунцэвічы. Хіба ты не чуў, як нядаўна грымела?
Пятроўскі зняў шапку і падкінуў яе высока ўгору.
— Няхай жыве Доўбар-Мусніцкі! — загрымеў ён на ўвесь пляц. — Няхай жывуць Легіёны! Слава Табе, Божа, што гэтую злачынную навалач бальшавіцкую забіраеш! Мы ж зараз так усыплем гэтаму азіяцкаму паганству, што дыміцца будзе!..
— Але ж і адвага ў цябе, стары! — казалі завознікі, гледзячы на яго.
— Дзівіцеся, бо, відаць, не знаеце мяне.
Ён не збіраўся вяртацца не змалоўшы. Ад’ехаў на вольнае месца да плота, падкінуў кабыле вікі, пасля дастаў шворан, засунуў яго за пояс пад курткай, пад адзін локаць узяў адзін мех, пад другі — другі і падняўся лесвіцай на верх млына.
Ля каша стаяла чалавек з дваццаць. Чацвёра сядзела з развязанымі мяхамі, гатовыя насыпаць. Двое з іх спрачаліся за чаргу, падсоўваючы адзін аднаму пад нос кулак.
— Я за Максімам прыехаў, і за ім мая чарга насыпаць! — крычаў маладзён гадоў дваццаці з нечым, у ваеннай кашулі і фуражцы на патыліцы.
— Максім не па законе насыпаў, я прыехаў нашмат раней, — адпіраўся крыху старэйшы, у простым шэрым капоце.
— Я не бачыў, калі ты там прыехаў, а я прыехаў за Максімам і за ім малоць буду. Забірай свой мяшок, а то па пысе атрымаеш!
— Ды я цябе задушу, галамыздрык ты сабачы!
— Не біцеся, дзеткі, ля каша, бо дар Божы можаце рассыпаць, а гэта вялікі грэх, — умяшаўся Пятроўскі, прасоўваючыся паміж імі і раскрываючы свой мяшок, як яны.
— А ты хто такі? — звярнуліся да яго абодва.
— Мечыслаў Пятроўскі са Смалярні, той самы лях, што ў маладосці ў графа аб’ездчыкам служыў, калі хочаце ведаць, смыкі, — прадставіўся ён.
— І чаго лезеш?! Прэч адсюль! — крыкнуў хлопец з шапкай на патыліцы.
— Па праве старэйшага, — адказаў Пятроўскі. — Здаецца мне, што на пару дзясяткаў гадоў я за цябе, смаркача, старэйшы. Твой бацька яшчэ без штаноў бегаў, а ў мяне ўжо вусы былі, як сёння.
— Мяне гэта мала хвалюе! Прэч ад каша! Зараз я сыплю.
Пятроўскі маўчаў і пільна назіраў за рухамі хлопца і за тым, як хутка знікае зерне. Калі знікла апошняя жменя, ён схапіўся за мех саперніка, прытрымаў яго і пусціў сваё зерне.
— Гоп-гоп! — крыкнуў ён уніз, каб ведалі, што гэта ўжо ад іншага гаспадара.
Юнак ускочыў і двойчы даў яму поўху.
— Вот цібе, морда ляшская! Вот цібе!
Стары патрос галавой, як конь, калі яму ў грыву ўлезе сляпень.
— Твая, хлысце, аплявуха для мяне як пстрычка, — спакойна прамовіў ён, высыпаючы з мяшка рэшту збожжа.
Ён устаў, рэзкім рухам левай рукі схапіў супраціўніка за плечы, перакінуў, як малога, праз калена і давай далонню біць па азадку, раз-пораз прыгаворваючы:
— А вось табе! Вось табе! А ведай, як кідацца на старэйшых! Ах ты дварняк! Ах ты пастух! Ах ты канакрад!
Людзі з натоўпу, якія назіралі за гэтай сцэнай, ажно за жываты хапаліся ад смеху. Некаторыя, аднак, сталі ў абарону хлопца.
— Не даваць свайго, братцы! — пачалі яны. — Што ён, ляцкая яго маць, засыпаў без чаргі і яшчэ лезе, сілу сваю паказвае! Усыпаць старому! Усыпаць ляху! Узяць яго, хлопцы! Звязаць! — падбухторвалі яны адзін аднаго і пагрозліва набліжаліся.
Пятроўскі выслабаніў ахвяру, пасля схапіўся за шворан і рассек ім паветра, аж загуло.
— Каму жыццё нямілае, падыходзь! — рыкнуў ён. — Як кабаноў, буду рэзаць па адным і ў акно выкідаць. Падыходзьце!!!
— Бачыце, знарок на бойку са шворнам прыйшоў! Разбойнік! Завіце знізу нашых мацнейшых хлопцаў. Міліцыю завіце! Кідайце ў яго чым папала! Звязаць яго! — не пераставалі яны лаяцца, але паволі адступалі да сцяны і хаваліся адзін за аднаго.
Мечык не хацеў цяпер сур’ёзнай бойкі, таму, убачыўшы, што ніхто не наважваецца выступіць, засунуў шворан за пояс, высыпаў рэштку жыта і пабег уніз.
За гэты час у карыце ўжо сабралася мукі пуды з два. Ён прычапіў мяшок і давай яе хутка зграбаць. Праз момант пачуў за сабой знаёмы голас, які звяртаўся да яго па-польску:
— Дзядзька, той блазнюк, якому вы надавалі, пабег па міліцыю. Уцякайце. Я за вас змялю і прывязу вам.
Пятроўскі азірнуўся і ўбачыў малодшага сына Брылеўскіх з хутара, што каля Кунцэвічаў.
— Міхась! — радасна ўскрыкнуў ён. — Ты ведаеш, што легіёны ўжо ідуць?!
— Ведаю… Дзякуй Богу!.. Але кажу, што гэты хлыст пабег па паліцыю. Уцякайце.
— Чаго мне ўцякаць?
— Застрэліць могуць. Усе бачылі, як вы на пляцы шапку ўгору кідалі ў гонар легіёнаў, а бальшавікоў пракліналі.
— А і праўда… — занепакоіўся той. — Многа тут нашых, на млыне?
— Мой дзядзька толькі і Уладзь Віткоўскі.
— Маеце што пры сабе?
— Стрэльбаў жадных. А што? Можа, думаеце біцца з міліцыяй?
— Пастраляў бы іх усіх, як зайцоў, цяпер няма чаго баяцца.
— Нават не думайце, дзядзька, пра гэта, бо загінеце. Не ведаеце вы, што бальшавіцкі лагер раскватараваўся ў Кунцэвічах, іх там безліч. Уцякайце!
Пятроўскі чухаў патыліцу і разважаў. Урэшце прамовіў:
— Бяры шворан і ідзі падгані мне калёсы. На кабыле, апошняя стаіць з таго боку… А дзядзьку і Уладзю скажы, няхай сочаць, і калі раптам што заўважаць, дайце мне знаць…
За поўнач пачыналі спяваць першыя пеўні, а Пятроўскі выязджаў з Кунцэвічаў. Атрымаў пару разоў па вушах, але ўтаймаваў нахабніка, намалоў мукі і шчасліва выслізнуў. Ён трыумфаваў.
Хутка паганяў кабылу, час ад часу азіраўся, ці не гоняцца за ім, і думаў, што зрабіць адразу па вяртанні: склікаць хлопцаў з лясоў ці, нікому нічога не кажучы, ехаць самому сустракаць легіёны.
— Яно лепей было б гуртам: можна выступіць… адваяваць нешта… раззброіць каго — але пакуль пазнаходжу іх у лесе і яны збяруцца, дзень пройдзе, а то і болей. Можа быць запозна. Ці доўга адсюль да Бярэзіны? А папраўдзе дык, можа, і не варта смаркачоў папярэджваць, а то яны без мяне паляцяць туды. Ні ў што старога чалавека малакасосы не ставяць. Няхай, можа, галапупцы сядзяць у лесе і чакаюць, а стары тым часам… Паглядзім…
У душы ён не жадаў сваім хлопцам благога, аднак з мінулай восені крыўдаваў на іх за тое, што не паклікалі яго на сходку, дзе вырашалі, як будуць рыхтавацца да паўстання.
Вярнуўшыся дадому, заехаў пад паветку і не адкладаючы зайшоў у дом і пабудзіў дачок.
— Што, не змалолі? Пакінулі ў млыне? — пыталі яны, здзіўленыя раннім вяртаннем.
— Змалоць змалоў, але мне хутка ўставаць! Дзе Гнеды?
— На ржышчы, за садам, — адказала Марыля.
— Ідзі, Марыля, вазьмі кабылу, адвядзі яе на ржышча, а Гнедага забяры адтуль, напаі, пачысці і асядлай. А ты, Малгажата, дастань мне белую кашулю, порткі і надзяры чыстых анучаў.
— Куды, тата? Што здарылася?! — закрычалі яны.
— Не вашая бабская справа! Рабіце што кажу і маўчок!
Увіхаўся ён хутка, але апранаўся акуратна, як у касцёл. Напоўніў карыта свежай вадой з калодзежа, памыў у ім галаву, ногі, змяніў сподняе, надзеў новы гарнітур, абуў найлепшыя боты, потым зайшоў у лазню, дастаў з гарышча схаваную вінтоўку і набоі і пачаў гэта ўсё чысціць і наладоўваць.
Дочкі кінуліся плакаць і лямантаваць:
— Што здарылася, татка? Куды вы сабраліся з вінтоўкай? Што надумалі рабіць?
— На паляванне еду.
— Уночы?! На кані? На якое паляванне? Сіротамі нас хочаце пакінуць! Бальшавікі сустрэнуць вас са зброяй, дык адразу заб’юць! Скажыце нам! Куды вы ідзяце?! — дапытваліся яны.
— І што ж вы, сучкі, сабе надумалі? Што бацька ваш зусім з глузду з’ехаў, каб з вінтоўкай паказвацца бальшавікам?! Ха! Не бойцеся, я за свой век трапляў у розныя прыгоды, але заўжды выходзіў жывым і здаровым. Маўчаць! Бо перацягну пастронкам адну і другую!
— Калі вы вернецеся?
— Не ведаю, можа, праз дзень, можа, праз два. Ага… Калі пра мяне будуць пытацца ў засценку, скажыце, што не вярнуўся з млына.
— Як жа мы можам такое гаварыць, калі ўсе бачылі, як вы з’язджалі на кабыле? — заўважыла Малгажата.
— Нічога, скажаце, што кляча за бродам пачала класціся, дык я вярнуўся і памяняў яе на Гнедага. Калёсы схавайце.
Ён хацеў есці, але, глыбока ўзрушаны плачам і клопатам дачок, не змог праглынуць ні кавалка. Глынуў пару разоў голага малака, а хлеб засунуў у кішэню. Надзеў бурую, самаробную, пашытую на ўзор фрэнча світку, закінуў за спіну вінтоўку, пяшчотна пацалаваў абедзвюх дачок, выйшаў, асядлаў Гнедага і паехаў.
Дочкі праводзілі яго аж да вуліцы.
— Ой, татка, калі б не барада, то ў сядле на Гнедым з гэтай вінтоўкай за спінай вы акурат сышлі б за сапраўднага ўлана, — заўважыла Марыля, адмыкаючы на вуліцу вароты.
— Не хлусіш, Марылька?
— Далібог, выліты ўлан! — пацвердзілі абедзве.
Мечык прышпорыў накормленага каня абцасамі пад жывот і вытанчаным скокам пагнаў з месца.
Ад пахвалы дачок у яго слёзы выступілі з вачэй.
— Сыны — добра, але і дочкі — таксама добра, — казаў ён сабе, выехаўшы на вёску. — Можа, нават лепш… Сыны ад адной толькі зайздрасці ўжо не сказалі б такога бацьку. Ужо б смыкі самі хацелі коніка асядлаць, а старога б адправілі на прыпечку сядзець. Ого! А каб вас, лісічкі вы мае дарагія! Ад усяго свету вас засланіў бы! Як вы для мяне, так і я для вас. Для вас уся зямля, гаспадарка і сілы, праца мая аж да смерці. Не, не буду жаніцца, а то ў вас будзе меншы пасаг. Гм, кажаце, сучкі, што як улан... Які ж з мяне ўлан, калі няма ні шаблі, ні шпор.
За бродам ён з’ехаў на зімнік, бо пачынала ўжо світаць і на смалярскай дарозе можна было сустрэць не толькі цывільнага мінака, на якога ён да часу таксама не хацеў натрапіць, але і ўзброеную бальшавіцкую банду.
Ён ехаў па зімовай трэлі, пракладзенай лесарубамі, пасля па дарозе, якая злучала самотныя сялянскія паляны, далей па сцежцы, якую вытаптала вясковая жывёла, урэшце — увогуле напрасткі, праз бор, гаі, лугі. Лясы ён ведаў добра і кіраваўся проста ў Бабруйск. Кожныя некалькі вёрстаў спыняўся, прыслухоўваўся, ці не загрыміць дзе часам, і ехаў далей.
Дзень пачынаўся пахмуры, няпэўны, аднак пасля неба праяснілася і вызірнула вясёлае сонейка.
Перад полуднем цень зменшыўся да чатырох крокаў, і Пятроўскі выехаў на вузкую і бясконца доўгую просеку ў дзяржаўным лесе.
— Трэба адпачыць, — сказаў ён сабе, заўважыўшы невялікую, буйна зарослую нізінку, а ля яе — прыгожы курган, які вабіў да сябе. — Лецейка ўжо нібы і не было, але яшчэ адчуваю ў жылах моц.
Ён курыў, глядзеў на лес і думаў:
«Псякрэў, чаго ж болей не грыміць? А можа, ад Бярэзіны яны далей не пойдуць?.. А можа, іх увогуле няма, можа, мяне хлопцы надурылі... Не, гэтага не можа быць. Міхась з Уладзем казалі тое самае. Калі б яны ўсё ж не прыйшлі, не надта добра было б мне ў Смалярні. У кунцавіцкім млыне было досыць такіх, што знаюць мяне, адкуль і што… Тады толькі ў лес да хлопцаў. Не дай Божа!»
Гэтак ён думаў, а тут раптам: гррр! гррр! гррр. Прычым блізка.
Ён сарваўся з месца і пачаў маракаваць, дзе гэта можа быць:
— Тут сонца, там Смалярня, там Кунцэвічы, а тут мусяць быць Паплаўкі або Студзёнка. Хутчэй Студзёнка.
Праз колькі хвілінаў зноў чатыры разы прагрымела. Мечык ускочыў на каня і паімчаў у бок грымотаў, якія ўжо не спыняліся.
Праз гадзіну хуткай язды ён выехаў на шырокае поле. Гэта было студзёнскае поле — яго ён пазнаў адразу. На паўночным захадзе, за нейкія дзве вярсты з гакам, у нізіне віднеліся верхавіны калодзежных жораваў і дахі будынкаў. Відаць было, што бой ідзе там. Грымела з усіх бакоў. Справа, каля лесу, дзе пачынаўся гасцінец, у рытме грымотаў падымаліся слупы дыму. У адной палове вёскі нібыта нехта сыпаў боб у пустую бочку, грукаталі кулямёты. Крыху ўлева, узбоч, на ўзгорку бухала полымя — гарэў нейкі будынак.
— Давайце гэтым пастухам, давайце, хлопчыкі дарагія! — гаварыў Пятроўскі, прыглядаючыся да бою з ускрайку лесу. — Значыць, гэта ўжо сапраўдная вайна?.. Гм, хоць датуль пара вёрстаў, але я не адчуваю жаднага страху. Што я, грому не чуў, агню не бачыў?! Быць абкружаным цьмой п’яных сялянаў на кірмашы, хаця не, бандытаў, як у тую восень — тады толькі пад пяты коле…
Ён не ведаў, што рабіць: ці ехаць так, як стаіць, ці каня і вінтоўку схаваць у лесе, а самому ісці пешкі. Калі б вёска была ўжо ў руках легіёнаў, лепшым было б першае. Калі ж яна яшчэ ў бальшавікоў, варта ісці пешшу, бо іначай загіне. Але зноў жа, ён баяўся пакідаць каня аднаго побач са стралянінай.
Яшчэ падумаўшы, Мечык павярнуў улева і паехаў ускрайкам лесу ў надзеі сустрэць каго-небудзь з жыхароў Студзёнкі. Час ад часу ён выязджаў на поле, спыняўся, слухаў, прыглядаўся. Але ўвесь час тыя ж грымоты, грукат, а людзі — хоць бы дзе каго ўбачыць.
Пад’ехаўшы да вёскі, ён вырашыў залезці на дрэва і звысоку агледзецца. Азіраецца ён навокал і бачыць: з краю поля стаіць магутны дуб. З подкурам і вуллямі. Да подкура акурат сукатая жардзіна прыстаўленая.
«Ну, хоць свае косці і патурбую, аднак калі ўзбяруся наверх, то ўбачу бітву», — падумаў ён.
Пад’язджае ён да дрэва, спыняецца і глядзіць угару, ці зручныя галіны. Аж нехта сядзіць на самай верхавіне. Нехта студзёнаўскі, бо ў шэрай світцы і лапцях.
— Гэй, хто там?! Злазь! — громка крыкнуў Пятроўскі.
Світка шчыльна прыціснулася да дрэва і знерухомела.
— Злазь, кажу, хто ты там, бо падстрэлю, як варону! — паўтарыў ён па-руску і грамчэй, адначасова здымаючы вінтоўку.
Гэта прынесла плён: світка з лапцямі пачала хутка спускацца. Праз пару хвілінаў перад Пятроўскім стаяў сямнаццацігадовы хлопец. Ён быў бледны як мярцвяк і дрыжаў нібы ў ліхаманцы.
— Як зваць? — пачаў дапытваць яго Пятроўскі.
— Ко-ко-ко-коля, — заікаўся той ад страху.
— Бацька?
— Ігнат.
— Маталахамі вас запісваюць?
— А, дык вы нас ведаеце, таварышч?! — узрадаваўся хлопец.
— Таварышч?! Ах ты сукін сын! Дык ты шпіён бальшавіцкі?! Дык, значыць, цябе тут бальшавікі пасадзілі, каб ты сачыў за нашымі польскімі войскамі і ім пасля даносіў! Такая ж ты птушачка!
Хлопец яшчэ больш збялеў і зняў шапку.
— Паночку! Не, паночку! Я проста так узлез. Мы ў алешніку на Жмырцы коні пасвім патаемна, каб бальшавікі ў лагер не забралі, трасца іх мацеры!
— Пабажыся!
— Ей-богу, паночку! — хлопец з усяе сілы ударыў сябе ў грудзі.
— Добра, цяпер скажы мне: што ты бачыў зверху? Але праўду кажы, бо мяне не падманеш!
— Вашыя на лузе, каля Куксяковай пуні, мост нібыта праз рэчку майструюць.
— Мост майструюць?! А чаго ж не ідуць тым, што на гасцінцы?
— А як жа ж, хіба вы не ведаеце, што бальшавікі яго сёння зранку за сабой сарвалі?
— Ведаю, чаму не. Я толькі хацеў упэўніцца, што ты праўду кажаш. Ну, а што там гарыць?
— Грамадскі склад.
— Добра. Значыць, у вёсцы ўсё яшчэ бальшавікі?
— Мусяць быць. Відаць, як яны з таго боку шныпараць па агародах, трасца іх мацеры!
— А дзе і чые гарматы стаяць, не ведаеш?
— Не ведаю, паночку.
— Ага. Скажы мне яшчэ: каторае тут Емяльянава гумно?
— А вы і Емяльяна ведаеце?
— Я ўсё ведаю. Але ты не пытай, а адказвай!
— Унь тое, другое ад буславага гнязда.
— Ага, бачу. Цяпер вазьмі каня, адвядзі яго на Жмырку і папасі там са сваімі, напаі з ракі. І сачы, каб ніводзін раменьчык з сядла не прапаў, а то будзеш галавой адказваць!
Ён паляпаў каня па шыі на развітанне і пайшоў паміж жытнёвымі снапамі ў кірунку Емяльянавай стадолы. У яго было шмат знаёмых сярод старэйшых, пра якіх ён не сумняваўся, што калі прычэпяцца бальшавікі, кепскага пра яго не скажуць, аднак Емяльяну ён давяраў найперш.
— Ах ты пастух! — бурчэў ён на хлопца, ідучы да Емяльяна. — Я ж табе дам таварышча! Дочкі сказалі, што я падобны да ўлана, а ён мяне за бальшавіка прымае. Вы толькі паглядзіце! Ну, але напужаў я яго! Бедная Проська, штаны яму не адмые.
Напаўдарозе ён азірнуўся навокал, засунуў вінтоўку ў адзін са снапоў, кінуў на яго шапку, каб пасля пазнаць, і пайшоў далей без зброі.
Чым бліжэй Мечык падыходзіў да будынкаў, тым большы яго агортваў неспакой. Бітва грымела, выла палётам куляў, трашчала стрэламі кулямётаў і вінтовак. Па стрэлах было чуваць, што бой ідзе за вёскай.
— Але ж гэтая погань доўга трымаецца! — дзівіўся ён. — І, відаць, перапраўляюцца яшчэ праз раку. Эх, калі б у якую саракоўку з таго боку трапіць! Не зналі б, куды ўцякаць.
У гумне было пуста. Мечык пайшоў далей. На двары таксама пуста. Вароты з вуліцы зачыненыя на завалу. Пайшоў у хату. Адчыніў дзверы ў сенцы — і сустрэў гаспадара.
— Ай! Пятроўскі! Братку! Як жа ж ты?! Кудой? — закрычаў той.
— Легіёны прыйшлі, братку Емяльяне!
— Ай, братку, б’юцца! Госпадзі сахрані!
— Дзе, на вуліцы?
— Напэўна… Не ведаю.
— Хіба не відаць праз вокны?
— Што мне, жыццё надаела, каб туды глядзець?! Кулямі шыбы ў вокнах выбіваюць. Мае ўсе схаваліся за дрывотняй. Я толькі крадком у камору тут вярнуўся, каб паправіць адзін схоў на ўсялякі выпадак. Калі б мы ведалі, што будзе такая бітва, то ў лес бы пайшлі. А ты сюды як трапіў?
— Праз лясы. Дапамагаць прыехаў.
— Каму дапамагаць?
— Ясна, што не бальшавікам! А ты ж бы, пэўна, хацеў ім дапамагчы?!
Емяльян махнуў рукой:
— Трэба табе гэта на старасці гадоў?
— Ну давай жа, вызірнем праз акно на вуліцу, — прасіў Пятроўскі, ідучы да дзвярэй. — А праўда ж, у цябе на гарышчы ёсць акенца на вуліцу, — згадаў ён, заўважыўшы прыстаўленую на гарышча лесвіцу. Сказаў — і тут жа пачаў па ёй караскацца.
— Пятроўскі, братку! Апамятайся, бо згінеш! — засцерагаў яго гаспадар, але ўбачыўшы, што Мечык не рэагуе, сам палез за ім.
Узлезшы, яны працерлі рукавамі закопчаныя шыбіны і вызірнулі вонкі. Бальшавікоў ажно кішэла. Яны адступалі — цяпер ужо было зразумела. На злом галавы гналі на ўсход санітарныя падводы, вазы з кулямётамі і амуніцыяй, плылі бязладныя натоўпы пяхоты. Некаторыя групы прыпыняліся між будынкамі і ўсляпую стралялі ў бок агародаў. Але атакі польскіх войскаў за будынкамі нельга было ўгледзець.
Пятроўскі з хлапечай спрытнасцю скочыў на мацаванне крокваў, зрабіў на самым версе саламянай страхі дзірку і высунуў галаву. Было добра відаць усю вёску і яе ваколіцы. Ён кінуў вачыма на вуліцу, на шэрагі будынкаў з іншага боку, прабегся па агародах, падзеленых платамі, па невялікай паласе папару і спыніў позірк удалечыні лугу, які цягнуўся ўздоўж ракі. Прыгледзеўся — і ледзь не ўскрыкнуў ад радасці. Ішла доўгачаканая Польшча.
З надрэчных хмызнякоў ракіты вырастаў густы і шырокі рассыпны строй познанцаў у канфедэратках. Ён быў на паўвярсты даўжынёй і ўсё рос, усё цягнуўся з-пад вярбы, як нітка з кудзелі. Пятроўскі падняў вочы вышэй — і за рэчкай і на пагорку ўбачыў лясок дзяржальнаў уланскіх сцягоў. Ён нібыта ўгледзеў жывых анёлкаў — такая шчырая радасць агарнула яго ад выгляду пік. Ён вярнуўся пад дах і гукнуў:
— Емяльяне! Братку! Польшча ідзе! Ей-богу, ідзе! Ужо на вашым лузе. Ідзе ўжо, ідзе! Бяжы па стрэльбы, будзем валіць тую галоту адсюль, праз акно!
— Ты чаго, Пятроўскі?! — уразіўся гаспадар. — Сам хочаш згінуць і мяне з сям’ёй загубіць? Апамятайся!
— Дурны ты, апошні ж раз на гэтую галоту глядзіш. Хутчэй ляці, а то ўся ўцячэ. Я сваю вінтоўку ў полі пакінуў, дык не час цяпер па яе бегчы.
— Братку, баюся я… Згінем…
— Крыж святога Юрыя за такую заслугу ад Польшчы атрымаеш. Войтам у гміне будзеш. Ляці, а то пачну твой комін бурыць і цэглай у іх кідаць!
Емяльян, чухаючы патыліцу, пачаў спускацца па лесвіцы, а Мечык, злезшы з крокваў, зноў угледзеўся ў акно.
Вазоў ужо не было. Цягнуліся толькі пешыя грамадкі, аднак радзей і хутчэй, чым перад гэтым. Тут і там яны спрабавалі ўварвацца на падворкі, аднак там пераважна было зачынена, і іх намаганні заставаліся безвыніковымі. Тады некаторыя, каб адпомсціць, выбівалі прыкладамі вокны. Двое спрабавалі ўвайсці на падворак Емяльяна — але дарэмна.
— І якога ліха ён зачыніўся?! — раззлаваўся Пятроўскі. — Я б іх ужо ўзяў. Ну што за тхор!
Іншыя трое спрабуюць адчыніць весніцы ў суседа. Удалося. Яны ўваходзяць адзін за адным.
Не чакаючы ні хвіліны, Пятроўскі пабег уніз. У сенцах да яго з каморы выйшаў Емяльян.
— Братку! Ніяк не магу знайсці. Напэўна, малодшы мой сын, які цяпер з коньмі ў лесе, недзе перахаваў, — апраўдваўся ён.
— Халера ясная цябе бяры, тхор ты няшчасны! Ты ж нават не шукаў! — вылаяўся Пятроўскі і выбег, ляснуўшы дзвярыма. Пераскочыў цераз паркан і апынуўся на суседнім падворку.
— Апамятайся, Пятроўскі, згінеш! — кінуў яму Емяльян яшчэ раз на асцярогу.
— Адно з двух: альбо згіну, альбо вазьму іх. Адна казлу смерць.
Ён зайшоў у сенцы, спыніўся на хвілінку, нібыта вагаючыся, потым перажагнаўся і адчыніў дзверы ў пакой.
Усе трое сядзелі за сталом і хлябталі здабыты з печкі боршч. Двое сядзелі на лаве насупраць уваходу, тварам да дзвярэй, трэці — на лаве ўздоўж сцяны. Першыя два трымалі вінтоўкі на стале, трэці — на каленях.
Пятроўскі пераступіў парог, нізка пакланіўся і павітаўся:
— Здраствуйце, дарагія таварышчы!
— Здраствуй, старык, — адказалі яны, шматзначна адзін аднаму ўсміхаючыся.
— Што ж ты нас пакінуў у хаце гаспадарнічаць? — пачаў па-руску кпіць адзін з тых, што сядзелі насупраць, упэўнены, што перад ім гаспадар дома.
— А ветчыны, старык, няма ў цябе? — спытаў той, што ля сцяны.
— Га? Што кажаце, таварыш? Я трохі недачуў, — удаваў Пятроўскі глухаватага. Лісліва схіліўшыся, дрыготкім і нясмелым крокам лядашчага старога ён набліжаўся да стала, а з-пад прыплюшчаных павек і насупленых броваў кідаў позіркі на гасцей, спрабуючы вызначыць, з каго пачаць.
— Ці няма ветчыны, пытаю?! — паўтарыў бальшавік.
— Га? Пытаеце, дзе сыны?
— Ветчыны, пытаю, глухая ты…
«Памажы мне, Божа!» — падумаў Мечык і правіцай з размаху ўдарыў бальшавіка ў вуха, аглушыў яго, не даўшы выгукнуць мацернага слова з пяці літар.
Зваліўшы гэтага, ён маланкава кінуўся да вінтовак, што ляжалі на стале. Схапіў іх так, як ляжалі — адразу абедзве, але забраць не паспеў: бальшавікі за іх таксама схапіліся.
— Не аддам, кацапы! Цяпер ужо мае будуць! — гаркнуў Мечык, заваліўшыся левым бокам на стол. Левым локцем ён моцна прыціснуў вінтоўкі, а правай рукой схапіў аднаго за чупрыну і давай ягоным лбом біць аб стол. За трэцім ударам палілася кроў, бальшавік захрыпеў і абвіс. Апошні, убачыўшы гэта, сам здаўся.
— Здаюсь, старык, здаюсь! — закрычаў ён, падымаючы рукі ўгару.
Пятроўскі кінуў пад ложак дзве вінтоўкі, трэцюю ўзяў сабе на локаць, потым зняў з гапліка ручнік, разарваў яго на палоскі, звязаў усіх пабітых, вывалак іх у цэнтр хаты, выліў ім на галаву вядро вады і ўсадзіў усіх па-кітайску.
— Вось вам, кацапы, ветчына! Ведайце Пятроўскага! — сказаў ён, давёўшы ўсё да ладу.
— І не сорамна табе, старык? — спрабаваў яго прысароміць той, які сам здаўся.
— За ложку баршчу! Такі з цябе памочнік у барацьбе пралетарыяту?
— Дурань ты, гэта ўвогуле не мой боршч. Гаспадар, напэўна, недзе за дрывотняй сядзіць. Я пераапрануты польскі ўлан.
Яны з недаверам паглядзелі на яго.
Заахвочаны поспехам, Пятроўскі запрагнуў яшчэ большай здабычы. Не марнуючы часу, ён крыху адсунуў стол, прачыніў вокны з вуліцы, усеўся на лаве і пачаў чакаць.
Пасярод вуліцы самотна часаў нехта са старшынаў: у новых ботах па калена, у шырокіх галіфэ, з адзнакай на плячы і наганам у руках.
«Відаць, камісар», — падумаў Мечык і загарэўся жаданнем атрымаць яго ў свае рукі.
— Таварышч! Таварышч! Ветчына!
Той нават не азірнуўся.
Пятроўскі зарадзіў вінтоўку і стрэліў у камісара. Бальшавік зваліўся і застагнаў. Для пэўнасці Пятроўскі паслаў яшчэ адну кулю.
— Гэта за нашага Казіка! — сказаў ён.
Паглядзеў, як там ягоныя вязні, і чакаў далей.
Але безвынікова. Бальшавікі беглі пераважна па іншым баку вуліцы. Пятроўскі крычыць ім — не чуюць, хоча стрэліць — заўжды побач хата, можна забіць кагосьці з цывільных.
Ужо вуліца пусцела і Мечык губляў надзею на большую здабычу, як раптам з-за рага з’явіліся яшчэ двое.
— Таварышчы! Ветчына! Заходзьце! — крычыць ён.
— А чорт з ёй, з ветчыной, — кажуць яны. — Лепей схавай нас ад белых, старык.
— Забягайце, братцы!
Ён сустрэў іх у сенцах, раззброіў без ніякага супраціву і пасадзіў поруч з першымі.
— Мінулі ўжо вашыя часы, варвары вы гэткія! Усіх зацугляем! Адправім туды, дзе камар цяляты пасе! — задаволена бурчэў ён.
З вуліцы данёсся гучны тупат конскіх капытоў. Пятроўскі кінуўся да акна. З заходняга боку ляцеў на злом галавы, расцягнуўшыся на ўсю шырыню вуліцы, атрад уланаў. Зямля стагнала, шыбы звінелі ў вокнах — з такой сілай яны гналі. Здавалася, што калі б усе палкі пяхоты спыніліся тут, гэтая лятучая лавіна конскіх капытоў разбіла б і раструшчыла іх ушчэнт.
— Паны ўланы! — закрычаў Пятроўскі. — Ідзіце сюды! Тут гэтыя паскуднікі! Бальшавікі тут!
Некалькі чалавек з краю вуліцы, заўважыўшы, як ім махаюць рукой, азірнуліся на яго, аднак ніводзін не спыніўся. Як віхор, праляцелі яны, пакідаючы за сабой толькі сцяну пылу.
— От хлопцы! От уланы! От ваяры! Куды ж гэтым пастухам цягацца з імі! Разаб’юць іх у пух і прах, — хваліў Пятроўскі, радасна прытупваючы каля акна.
Праз момант з’явілася і пяхота з узнятымі штыхамі і адразу з двух бакоў: адны беглі шэрагамі па баках вуліцы, другія выплывалі спаміж хатаў з боку агародаў.
— Панове! Тут бальшавікі! Заходзьце! — зноў закрычаў Мечык.
Першая група з падхарунжым на чале з шэрагу, які бег па вуліцы з боку Пятроўскага, адгукнулася на вокліч і забегла ў хату.
— Рукі ўгору! — закрычаў падхарунжы з сянец, убачыўшы групку бальшавікоў.
— Панове, яны звязаныя, — папярэдзіў Пятроўскі.
— Звязаныя?! І праўда звязаныя, — здзіўлена прыгледзеўся ён. — А хто ж іх звязаў?
— Я, пане афіцэр. Я самюсенькі іх усіх раззброіў і звязаў. Каб я з гэтага месца не сышоў, калі хлушу!
— А хто ж ты такі?
— Пятроўскі са Смалярні, паляк, пане афіцэр.
— Як жа ж табе гэта ўдалося? Відаць, яны п’яныя былі або сонныя?
— Сонныя?! Хто ж бы заснуў пад такі грукат? Не сонныя.
— Дык якім жа цудам?
— Ах, пане, як я з імі біўся! Даведаўшыся, што яны тут, я такі ўваходжу і кажу: «Здавайцеся, пастухі, бо і так ужо нашыя вас акружылі, нікуды вы не сыдзеце». Я думаў, што спужаю іх. Але камісар устае і гаворыць сваім: «Узяць белага ляха і спаліць яго як салому». Дык я ім тады ў морду, у морду! Паглушыў іх па адным, раззброіў і звязаў. Глядзіце, колькі гэтай юшкі іхнай на зямлі. Шкада толькі, што камісар не даўся мне жыўцом! Ведаў, што яго чакае тое, чаго ён мне жадаў, дык як толькі зразумеў, што я перамагаю, кінуўся ўцякаць, і іншага варыянту не было, як толькі застрэліць бандыта. Глядзіце, вунь ён, расцягнуўшыся, ляжыць, — паказаў ён праз акно.
Афіцэр з жаўнерамі слухаюць, глядзяць і вушам ды вачам сваім не вераць.
— Проста не верыцца! — гаворыць падхарунжы. — Дзякую табе, гераічны памочнік, — паціскае ён руку Пятроўскаму. — Польшча пра такіх ніколі не забудзе. А больш іх няма ў вёсцы?
— Не ведаю, пане. Амаль за гадзіну да вас пачалі адыходзіць з вёскі. Можа, дзе і схаваліся, не буду сцвярджаць.
— Петрык! Антак! Фердак! — звярнуўся падхарунжы да сваіх падначаленых. — Застаньцеся і забярыце іх! Астатнія за мной!
— Як не хлусіш, стары, — звярнуўся той, каго назвалі Фердкам, калі афіцэр выйшаў, — то ты спрытнюга і, хоць ты і дакучлівы цывільны, атрымаеш сур’ёзную ўзнагароду.
— Я хлушу?! — абурыўся Пятроўскі. — Дык, значыць, яны прыйшлі, паскладалі вінтоўкі, селі і папрасілі, каб я іх звязаў? Значыць, я з уласнага носа гэтай крыві напускаў?
— Тады ты мацачок і вельмі адважны, ёлуп ты велікодны! Ну, але зжэрці тут чаго не знойдзецца? Дзе ж гэтыя мужыкі падзеліся?
— А, дык вы ж галодныя, хлопчыкі даражэнькія! Добра, зараз чаго прыдумаю…
Ён выйшаў, знайшоў у варыўні гаспадара з сям’ёй, загадаў ім прыняць польскіх жаўнераў, што былі ў іх доме, а сам пайшоў да Емяльяна.
— Ва імя Атца і Сына… — перажагнаўся Емяльян, убачыўшы Пятроўскага. — Гэта ты, Пятроўскі, ты ці не?!
— Ты ці не ты, — перадражніў яго Пятроўскі, скрывіўшы рот. — Тхор ты халерны! Баяўся даць мне зброю… Я вось з голымі рукамі пайшоў, дванаццаць бальшавікоў раззброіў, камісара застрэліў, а сам жывы, от як.
— Няўжо, Пятроўскі?!
— Не верыш? Глядзі, вунь той камісар, а вакол яго купка легіянераў, — паказаў ён. — Бачыш? Ужо польскі начальнік пра ўсё ведае, ён мяне вельмі за гэта хваліў і нават руку паціснуў.
Емяльян ажно неяк скурчыўся ад такой навіны.
— Скажы мне, Емяльяне, хто ў вас старастам?
— Драка.
— Гэта той бабыль, камуніст?!
— Добрага гаспадара ж не паставяць.
— Ясна. З гэтага часу, за Польшчай, ты солтысам будзеш. Начальнік мяне распытваў пра добрага чалавека ў Студзёнцы і даверыў мне яго прызначыць.
— Брэшаш!
— Каб я з месца не ўстаў, ад сённяшняга дня ты солтысам! — пакляўся Мечык, упэўнены, што здабудзе для Емяльяна гэтую пасаду. — Хоць, праўду кажучы, не варта было б, бо мяне не паслухаў… Ну, але ведай маю дабрыню і дружбу.
— Братку! Век не забуду тваёй дабрыні! І я табе ўдружу, вось убачыш.
— Толькі сачы, пільнуйся, каб легкадумна не страціў таго, што я выпрасіў для цябе ў пана начальніка, і мяне чырванець каб не прымусіў. Бо за Польшчай так: хто добра працуе — той хутка ідзе ўгору, а хто лянуецца — таго каленам пад зад. А таму, хто такога рэкамендаваў, ведаеш, — таму таксама па носе дадуць.
— Ты, братку, ведаеш, які я да службы… За мяне па носе не атрымаеш.
— За Польшчай солтысу трэба пільнавацца дзвюх рэчаў: быць услужлівым і не хлусіць. І найбольш трэба старацца цяпер, пакуль ідзе вайна. Вось і сёння ты патрэбны будзеш войску.
— Ага! Ужо казалі што?
— Не казалі, бо не было яшчэ часу, але мы самі павінны ведаць, што людзі з дарогі хочуць есці.
— Есці хочуць?
— Простыя жаўнеры дык ужо самі сабе па хатах есці здабудуць, але афіцэраў трэба запрасіць.
— Да мяне?!
— Да солтыса. А хто ж можа быць важнейшы за цябе! Запрасіць дык я ўжо запрашу, аднак трэба спачатку падрыхтавацца, бо сам ведаеш, польскія афіцэры — не мы, простыя людзі, і абы-якой саладухі абы-як ды абы-дзе есці не сядуць. Стравы мусяць быць толькі самыя смачныя, і шмат, і па-людску пададзеныя.
— А, ну праўда, праўда. А не ведаеш, што яны ядуць?
— Мусіць быць так: шынка, смажаныя каўбасы, яечня, сыр, масла, мёд — і пастаў самавар. Гарбату трэба абавязкова. Калі чагосьці няма ў цябе, але ёсць у каго іншага ў вёсцы — маеш права пайсці і папрасіць. Але ідзі хутка, кліч баб, сыноў, бярыцеся за працу. І за ўсім прасачы. У хаце трэба прыбрацца. Бабам загадай: хай бяруць міску і патэльню, рукі добра памыюць, а як будуць падаваць на стол — няхай белыя фартухі надзенуць, а на галовы — хусткі або чапцы.
— І ў чаравіках, пэўна?
— Не, калі ногі будуць белыя, чыстыя, то можна і босым. Але ты, вядома, абуй боты і для фасону пачарні іх трохі дзёгцем, а калі няма дзёгцю — то хаця б салам намаж. Бо падумай: як гэта будзе выглядаць, калі солтыс пакажацца ў парудзелых ботах ці яшчэ горш — у лапцях?
— А праўду кажаш, Пятроўскі, праўду.
— Ну дык ідзі ўжо!
Мечык затрымаўся яшчэ на хвіліну, пакуль пакліканыя Емяльянам сямейнікі не ўзяліся за работу, пасля даў некалькі непасрэдных указанняў жанчынам і выйшаў.
Спачатку зайшоў да суседа, дзе пакінуў быў жаўнераў і сваіх палонных, а не знайшоўшы там нікога, запаліў люльку, выйшаў і пачаў праходжвацца па вуліцы.
Тлумна было, як на кірмашы. Усюды, куды ні кінь вокам, па адным і купкамі сноўдалі шэрыя мундзіры пяхоты. Ля платоў, пасмялеўшы, стаялі цікаўныя жыхары Студзёнкі. Ад ракі цягнуліся радамі па баках бясконцыя вазы лагера з ваеннай здабычай і забеспячэннем для ўласнага атраду. Больш за ўсё там было вясковых аднаконных фурманак. Яшчэ не выехалі ўсе вазы — ужо вялі канвоем доўгую калону схопленых недзе пад Студзёнкай палонных. Іх узялі ў канцы вёскі і адвялі на маленькі прылеглы да вуліцы пляцык, аточаны з двух бакоў парканам, а з трэцяга, у глыбіні, — будынкам школы. Там былі нешматлікія палонныя, захопленыя ў Студзёнцы. Неўзабаве вярнуліся ўланы, ведучы новых палонных, і натоўп яшчэ павялічыўся.
Пятроўскі, рукі ў бокі і з люлькай у зубах, праходжваўся па вуліцы і з захапленнем пазіраў на дзёрзкія фігуры пехацінцаў, рудых коней, уланскія строі, аздобленыя мноствам белых гузікаў, а між іншага выглядваў старшыну, каб сваёй прысутнасцю нагадаць яму пра сваю перамогу, і калі той пачне яго хваліць, запрасіць на абед. Пятроўскі быў упэўнены, што старшына ўжо ведае не толькі пра тое ягонае геройства, але і як ён, гэты герой, выглядае, таму хацеў, каб жаўнеры самі яго зачапілі.
Ён прайшоўся ў адзін бок, амаль пад носам у тых, каго лічыў афіцэрамі, пасля ў другі — ніхто яго не зачапіў, ніхто нават не звярнуў на яго ніякай увагі.
«Што ж гэта, якога ліха, не ведаюць яны яшчэ ці што?» — думаў ён.
У некалькіх месцах ён сам спрабаваў іх зачапіць, але ў адным вахмістр загадаў «не блытацца пад нагамі», а ў другім капрал, акінуўшы яго пагардлівым позіркам, назваў кацапам.
— Ніякі я не кацап, пане старшы! — абурыўся ён. — Я той, хто сам-адзін раззброіў пяць бальшавікоў, а шостага камісара застрэліў, пра што вы ўжо, відаць, ведаеце.
— Што тут яшчэ такое?! — капрал яшчэ раз акінуў старога пільным позіркам з ног да галавы і, прыняўшы яго за п’янага фурмана з лагера, вылаяўся: — Дуй да воза, няздара ты перунова, а то я табе ў бубен як урэжу, што ногі выцягнеш.
Мечык адышоў, закрануты за жывое, прысаромлены.
«Не ведаюць… Глядзіце! Можа, барані Божа, з тым афіцэрам нешта здарылася?.. Калі б так яго… дык яны ж змяшаюць тых палонных са сваімі і ўсё. І што тады застанецца?.. Хіба што шукаць гэтых хлопцаў, Фердка таго».
Ён скіраваўся ў лагер палонных, спадзеючыся, што знойдзе іх там. Прыйшоў і пачаў аглядацца. Трое вартаўнікоў сцераглі палонных, маршыруючы па вуліцы, пяцёра сядзелі на ганку школы, з другога боку ад натоўпу. Але Фердка і яго таварышаў Мечык сярод жаўнераў не знайшоў. Тады пачаў шукаць сваіх палонных, каб у выпадку, калі яго словам не захочуць верыць, у яго быў хаця б такі доказ. Шукаў з аднаго боку, з другога, а вартаўнік пільна за ім сачыў.
— Чаго ты там так выглядаеш, дзеду? — урэшце спытаў ён.
— Я тут, пане, хачу адшукаць сваіх.
— Ах ты ж, тваю маць, сваіх?! Дык ты бальшавік?! Давай сюды да кучы!
— Там тыя мае, — пачаў са смехам тлумачыць Пятроўскі, — якіх…
— Давай да кучы, кажуць табе! — паўтарыў вартаўнік больш сурова.
— Што вы?! Хлопча, не жартуй так са мной, бо на нас глядзяць мае знаёмыя, раптам яны падумаюць, што мы сапраўды сварымся. Тут мае…
— Ідзі, халера ясная, да кучы!!! — закрычаў жаўнер, замахваючыся прыкладам на Пятроўскага.
Пятроўскі ўскіпеў гневам.
— Ах ты жаба паршывая! Хочаш, каб з мяне смяяліся ўсе! — рыкнуў ён і схапіўся за прыклад. Пачалі барукацца.
— Гэй, хлопцы, на помач! — закрычаў вартаўнік. — Хлопцы, на помач! — паўтарылі вартаўнікі на ганку. — Бальшавікі ўзбунтаваліся, на помач! — перадавалі з вуснаў у вусны на вуліцы.
«Загіну ад сваіх і яшчэ сям’ю ганьбай пакрыю», — прамільгнула ў галаве Мечыка балючая думка, калі ён убачыў, як з усіх бакоў на яго скіраваліся вастрыі пік.
Але ў апошні момант, калі адно вастрыё ўжо толькі крок аддзяляў ад ягоных рэбраў, Провід навёў яго на выратавальную думку: ён маланкава павярнуў спінай да сябе жаўнера, якога трымаў, і, прыкрыўшыся ім, бы шчытом, задам рушыў у кут паркана.
— Не заколеце мяне — заколеце гэтага смаркача, свайго прыяцеля! — рыкаў ён, зручна ім засланяючыся.
Пяхота сыпала з усіх бакоў як мурашы. Некалькі джалаў таілася з усіх бакоў, каб дзюбнуць у якое адкрытае месца.
— Адпусці яго, ёлуп велікодны! — крычалі яны.
— Хутчэй задаўлю яго, а не адпушчу! Згіне смаркач гэты разам са мной! Я не дам з сябе кепікі строіць!
За натоўпам жаўнераў разнёсся голас знаёмага Пятроўскаму афіцэра:
— Разысціся, хлопцы! Гэта свой! Разысціся!
Усе расступіліся, і Пятроўскі, адпусціўшы з рук закладніка, са слязьмі на вачах кінуўся да свайго збаўцы.
Праз паўгадзіны Пятроўскі сядзеў у кампаніі афіцэраў за сталом Емяльяна. Размаўлялі толькі пра яго, уся ўвага была яму. Ён расказваў пра сваю бойку з бальшавікамі, сцвярджаючы, як і дагэтуль, што заспеў іх у хаце шасцярых і што камісара застрэліў тады, калі той уцёк праз акно. Далей расказваў, як на яго напалі ля лагера палонных, і прасіў, каб вінаватых пакаралі. Пасля пра Смалярню: як людзі сумуюць па Польшчы, пра памкненні моладзі, пра крыўды ад бальшавікоў, пра абразы, рэквізіцыі, аблавы і забойства легіянера Казіка. Апавёўшы пра ўсё гэта, ён палічыў неабходным і ў афіцэраў спытаць пра навіны.
— Ну, а што там чуваць у Польшчы? — пачаў ён. — У Варшаве? Ягамосць кароль ці здаровы?
Афіцэры перазірнуліся, стрымліваючы ўсмешку.
— У нас у Польшчы няма караля, — адказаў капітан, камандзір атрада, чалавек гадоў трыццаці, з прыгожымі чорнымі вусікамі.
— Як гэта — няма караля?! — здзівіўся Пятроўскі. — А як жа вы ваюеце без гаспадара?
— Пакуль у нас Кіраўнік дзяржавы.
— Ага!.. Відаць, пан Доўбар-Мусніцкі?
— Не, Пілсудскі.
— Не ведаю такога. Не ведаем. Гм… а мы думалі, што кароль, — сказаў ён, чухаючы патыліцу. — Што, не хапіла часу на выбары ці няма графа, які б пасаваў?
— Гэта, пане, другасная рэч. Спачатку трэба вызваліць Польшчу.
— Ды ўжо вызваліцца, вызваліцца! Раз вы ўжо дасюль дайшлі, дойдзеце і да канца. Цяпер, калі і мы далучымся, усё пойдзе гладка.
— Што ж вы, панове, зробіце супраць такога моцнага ворага? Многа тут вас?
— Нас мала, але мы тут, на месцы, і мы моцныя ды вельмі вартыя.
— Адзін шасцярых бярэ, — заўважыў адзін з афіцэраў.
— Не таму, — сказаў Пятроўскі. — Такі выпадак мог здарыцца толькі з Пятроўскімі, якія нараджаюцца нячаста: мы вартыя, бо мы дружныя і ў сваім доме ведаем уваход і выхад. Вы, не ведаючы дарог і абшараў, за нейкія важныя пазіцыі можаце біцца — а мы здолеем узяць іх без бою. Вы, не ведаючы тутэйшых людзей, няўмелым абыходжаннем зробіце сабе з іх ворагаў — а мы знойдзем сярод іх саюзнікаў. От возьмем хаця б Студзёнку. Вы столькі набояў сапсавалі, а яны мост сарвалі, склад людзям спалілі і самі амаль усе ўцяклі. Не лічачы маіх, колькі палонных вы ў Студзёнцы ўзялі?! А ведаеце што? Я б іх усіх да аднаго сабраў бы з вашымі сіламі.
— Можа быць, можа быць! — пацвердзіла некалькі галасоў.
Капітан ціха перамовіўся з афіцэрамі, а пасля сказаў:
— Калі вы хваліцеся веданнем дарог і ваеннай справы, папросім у вас парады, — ён дастаў з торбы мапу, расклаў на стале і, паказваючы Пятроўскаму лініі дарог і пункты вёсак, гаворыць: — Глядзіце. Гэта шаша. Там ідзе адзін наш атрад. Гэтым гасцінцам другі, а вось гэтым — мы. Гэта Студзёнка, мы з яе збіраемся ісці тудой, а вось тут і ў гэтым месцы плануем злучыцца з тымі. Паглядзіце, разважце і скажыце, што думаеце.
Пятроўскі доўга глядзеў, чухаў патыліцу, думаў і ўрэшце кажа:
— Так, тут правільна намалявана: дарогі і вёскі на сваім месцы. Але…
— Але што?
— Я б адсюль, са Студзёнкі, пайшоў іншай дарогай.
— Вы мусіце памятаць, што тут, у гэтай мясцовасці, трэба злучыцца з суседнім атрадам. Абавязкова!
— Можна злучыцца, толькі не тудой ісці.
— Гэта чаму?
— Бо ўсе вышмыгнуць, а ў некаторых месцах нават могуць затаіцца і вас пашчарбіць.
— А як бы вы зрабілі? Як бы пайшлі?
— Я спачатку хачу спытаць: ці збіраецеся вы ўвесь гэты натоўп палонных і ўсе гэтыя фурманкі валачыць з сабой?
— Не-не, зараз мы ўсё гэта адправім у Бабруйск, пакінем толькі самыя неабходныя вазы.
— А гарматы ў вас цяжкія?
— Лёгкія, трохцалёўкі.
— Я, пане, у гэтых цалёўках не разбіраюся. Я хацеў бы ведаць вось што: калі раптам кола загразне, ці можна будзе яе на плячо падняць?
— Ну, вы падымеце! — засмяяліся яны.
— На жалезных восях ці на драўляных?
— Гарматы на драўляных восях?! Дзе вы такое бачылі?
— Добра. Тады, пане, я б… от гэтую мясцовасць, — паказаў Мечык пальцам, — хутка і нябачна перасек бы лясамі і тут, за Буслічамі, паставіў бы на гэтых нягоднікаў пастку. Ніводзін бы не ўцёк. Тут на вашай паперцы няма лясных дарог, але яны ёсць, і я іх ведаю. Калі хочаце, магу вас гэтымі дарогамі правесці.
Афіцэры параіліся між сабой, і капітан згадзіўся.
— Толькі глядзіце, — перасцярог ён Пятроўскага, — каб мы замест таго каб бальшавікам зрабіць пастку, самі ў яе не трапілі. Вы хоць добра дарогі ведаеце?
— Не давяраеце мне? Тады павесіце, я ж буду ў вашых руках. Толькі пра адно трэба добра паклапаціцца. Мусіць быць шмат добрых фурманак, каб хлопцы маглі пад’ехаць і трохі падрамаць на возе. Трэба спяшацца, таму паедзем адразу ж, гэтай ноччу.
— Трэба выбраць найлепшыя з нашага лагера, і, можа, нешта знойдзецца ў гэтай вёсцы? — запытальна зірнуў капітан на афіцэраў.
— Хутчэй не знойдзецца, пане капітан, — адказалі некалькі афіцэраў. — Мы ўжо сяго-таго пыталі. Яны адказалі тое самае, што і ў папярэдніх вёсках: усё забралі бальшавікі.
— Бяда з гэтымі фурманкамі! — сказаў капітан Пятроўскаму. — Ведаеце, у некалькіх вёсках людзі да нас так непрыязна ставяцца, што калі нам што-небудзь трэба, дык даводзіцца вырываць, як у ваўка з зубоў.
— Бо трэба ўмець ім растлумачыць, што Польшча будзе не прыгнятальнікам для беднага народу, а — як казаў Казік (вечны яму супакой!) — дабрадзеем. От што! У вашым абозе амаль адны здыхлі і такіх фурманак, якія маглі б адолець доўгую лясную дарогу, мала. У Студзёнцы трэба памяняць коней, тут яны выдатныя. Я гэта вазьму на сябе, дадуць. Емяльяне! — гукнуў ён прызначанаму ім самім солтысу. — Сход!
— Сюды, да мяне, ці на вуліцы? — спытаў той, напружваючыся.
— За кузню. Тут нельга, афіцэрам трэба адпачыць.
Пятроўскі паўгадзіны раіў яшчэ нешта па дэталях меркаванай пераправы, а пасля выйшаў на сход.
За вёскай ля кузні сабралася чалавек з дзвесце гаспадароў і дарослых мужчын. Было таксама некалькі цікаўных жанчын. Пятроўскі ажно вусы падкруціў ад задавальнення, што столькі людзей сабралася.
— Дай мне зэдлік! — сказаў ён Емяльяну.
Калі прынеслі зэдлік, Мечык узлез на яго, каб усе яго бачылі, і пачаў:
— Здраствуйце, брацця студзёнцы!
— Здраствуй! Здраствуй! — загуў натоўп.
— Знаеце мяне, братцы, ці не знаеце?
— Знаем, знаем! Стары графскі аб’ездчык! — адказала некалькі старых, якія яго памяталі.
— Ці зрабіў я камусьці з вас кепска? Ці мае хто на мяне абіду?
— Не! Не! Добры ты чалавек! Дай Бог здароўя!
— То і дзякуй Богу! З сябрамі размаўляць прасцей. Вот, братцы, польскае начальства прыслала мяне вам аб’явіць, што пачалася Польшча.
У адказ па натоўпе панесліся глухое буркатанне і пакашліванне.
— Я кажу, браткі, што Польшча настала! — паўтарыў ён.
— Ну то слава Богу, — невыразна адгукнулася некалькі галасоў.
А потым праз хвіліну пасыпаліся пытанні:
— А паншчыны не вернуць? А не будуць у польскую веру навяртаць? А людзей у плуг запрагаць не будуць?
Пятроўскі спакойна выслухаў усе пытанні, нібыта чакаў іх, а калі ўсе сціхлі, сказаў:
— Брахня, браткі! Не будуць нікога ў ні ў плуг запрагаць, ні ў іншую веру навяртаць, ні паншчыну ўводзіць — не будзе для вас меней свабоды, як за Мікалаем мелі.
— Слава Богу! Слава Богу і польскаму каралю! — гучна і шчыра ўскрыкнулі некалькі галасоў.
— Гм, добра. Ты, Емяльян, ты, Ігнат, вы там, Халімон, Пятро і іншыя, вы, што маеце па ўчастку ці хаця б палову, кажаце «слава Богу». Але што скажуць Юрка, Мішка, Аўлас, Сідар і іншыя, якія маюць не больш ад дзесяціны? За што ім дзякаваць Богу?
— Праўду кажа Пятроўскі! Праўду кажа! За што мы будзем дзякаваць?! — зароў амаль увесь натоўп.
— Праўду кажу і праўду раскажу. Усё раскажу, што чуў ад начальніка, калі з ім піў чай за адным сталом. Емяльяне! Ці не праўда, што я з афіцэрамі за адным сталом піў чай?
— Ей-богу, праўда! — прысягнуў той.
— Дык слухайце. Я чуў, як афіцэры казалі, што ў Польшчы ўсе добрыя і працавітыя людзі скажуць «слава Богу».
— Зраўняюць бедных з багатымі?!
— Гм, зраўняюць. Як Бог лесу з травой не зраўняў, так і людзей зраўняць нельга. Але зямлі людзям дадуць.
— Дадуць?! Калі?! Колькі?! Каму?! — дапытваліся ўсе.
— Тут жа, як толькі мір будзе, дадуць. Але будуць даваць толькі таму і столькі, хто і як гэтага заслужыць, калі ў вайне з бальшавікамі палякам дапаможа. Хто дапаможа першы і болей — таму дадуць цэлы ўчастак і першаму дазволяць выбраць там, дзе захоча. Хто менш і апошні — атрымае толькі пару дзесяцінаў, і тое ўжо самых выбіркаў, што людзям не згадзіліся. А хто ніяк не дапаможа — у таго нават тое адбяруць, што ягоны цар-бацька даў, і пасадзяць за вёскай бабылём, каля Кірыка і Яўдохі. От як будзе. Гэта я чуў ад афіцэраў і па-братэрску раю вам рабіць так, каб вас дзеці не пракліналі, каб вы не наракалі пасля самі на сябе: калі польская ўлада пра нешта пытае — казаць праўду, калі нечага хоча — даваць з ахвотай. Калі хочуць фурманак — не хлусіць, што бальшавікі забралі, а то пару дурняў у Студзёнцы знайшлося, што так сказалі афіцэрам, якія ведаюць, што коні ў алешніку на Жмырцы, — а трэба ісці па коней, закладаць і ехаць. Калі зойдзе ў вёску жаўнер і спытае дарогу альбо папросіць есці — паказаць і накарміць. Калі знойдзецца ў вёсцы бальшавік, камуніст, які будзе супраць Польшчы бунтаваць, кепскае нешта рабіць — звязаць яго і даставіць у гміну. Так трэба рабіць і штораз прасіць, каб у ксёнжку запісалі і выдалі квітанцыю, каб у канцы не атрымалася, што хто мала дапамагаў, атрымае ўчастак, а хто многа — дзесяціну.
Я вам расказаў што чуў і даў сваю параду, а цяпер мушу абвясціць, што польскі камандзір патрабуе са Студзёнкі сто фурманак, і неадкладна. Дык жа бяжыце на Жмырку па коней, мажце колы, рыхтуйце вазы, закладайце і дзякуйце Богу, што акурат у Студзёнцы з’явілася патрэба змяніць фурманкі, бо я падслухаў, што таму, хто павязе першых жаўнераў, замест аднаго каня трох адпішуць. От як! А калі знойдзецца сярод вас нейкі драны бальшавік, які пачне круціць, то папярэджваю, што вельмі ён сабе нашкодзіць. Афіцэры ведаюць, дзе коні, і калі патрэбна, то, хочаш не хочаш, прымусяць паехаць, а як хто круціць будзе — то яму нічога не запішуць.
Натоўп, які з таго часу, як Пятроўскі пачаў выступаць, вырас амаль удвая, завагаўся, зашумеў кароткімі размовамі паміж гаспадарамі і іх сынамі і рассыпаўся, каб прывесці коней і падрыхтаваць вазы. Некаторыя хлопцы напрасткі, ад кузні праз поле, пусціліся на Жмырку.
— Ігнаце! Ігнаце! — паклікаў Пятроўскі аднаго з прысутных. — Твой хлопец пасвіць там і майго каня. Скажы яму, няхай прывядзе.
На досвітку наступнага дня дзве групы пяхоты, пераправіўшы са Студзёнкі лясамі за Буслічы эскадрон уланаў і батальён лёгкіх гарматаў з усёй абслугай, сядзелі, затаіўшыся, у зарасніках, на паўтары вярсты з абодвух канцоў грэблі, якая перасякала забалочаны луг, і лавілі цэлыя бальшавіцкія патрулі. Тыя ішлі і траплялі ў расстаўленыя пасткі, як рыба ўвесну, што спяшаецца на нераст у сплецены на ўсю шырыню ракі яз, якога ўжо не абмінуць, адкуль няма выйсця.
От едуць яны сабе як нічога ніякага, уязджаюць на грэблю, а калі апынаюцца ля зараснікаў з супрацьлеглага боку, то адразу вінтоўкі грымяць спераду і ззаду. Не могучы атакаваць на адкрытым забалочаным месцы і не маючы дарогі, каб уцячы, яны здаваліся. Некаторыя старшыны кідаліся на луг — проста так, наўдачу, — але ў перакрыжаваным агні вінтовачных стрэлаў падалі.
На світанку схапілі вялікі і багаты абоз, эскартаваны конным узводам, каля дзявятай гадзіны — батальён пяхоты з кулямётамі і шэсць палявых гарматаў з вялікай колькасцю снарадаў, а неўзабаве пасля гэтага — ватагу кавалерыстаў на прыгожых скрадзеных у людзей конях. Наступныя не ведалі пра лёс першых, бо сувязных ці нават проста выпадковых падарожнікаў затрымлівалі, водгулле стрэлаў адносілі вятры, а заможныя мужыкі з Буслічаў былі радыя бальшавіцкай паразе і нічога ім не выдавалі.
Афіцэры і камандзір, здабыўшы столькі палонных, коней, рознага багацця без страт сваіх людзей, нанёсшы ворагу такую паразу, проста шалелі ад радасці, хвалілі ўдалую задуму Пятроўскага, ягоны патрыятызм і абяцалі прадставіць яго да высокіх узнагарод. Афіцэры па чарзе паціснулі яму руку, а капітан моцна абняў і пацалаваў.
Мечык рос у сваіх вачах і ледзь не плакаў ад узрушэння, а ягоная душа гатовая была выскачыць з цела.
— Не для пахвалы, не дзеля ўзнагарод я выехаў з дому вам насустрач і паказаў дарогу, а дзеля свайго доўгу перад любай Польшчай, якой мы гэтак доўга чакалі. І так кожны паляк зрабіць павінен, і кожны смалярчук гэта зробіць яшчэ з большым спрытам, чым я — стары дзед-недарэка, — гаварыў ён сціпла, аднак у душы радаваўся абяцаным узнагародам, і перад ягонымі вачыма ўжо стаялі цудоўныя карціны: як упрыгожаныя польскімі крыжамі грудзі ён будзе падсоўваць пад нос Гушчу, Кантычку, сялянам, якія дагэтуль яго зневажалі, як яго запаважаюць у народзе, у гміне, у касцёлах, на фэстах і кірмашах.
Ён раіў афіцэрам, карыстаючыся разломам у бальшавіцкім фронце, прасоўвацца як надалей на ўсход. У яго ўжо былі свежыя ідэі.
— Ну, ужо ж мы напасвіліся ўволю, — казаў ён, — дык выйдзем, панове, з гэтым усім кірмашом на шашу, а я з эскадронам уланаў хутка паеду наперад, каб па дарозе на Магілёў заняць пазіцыі на самых вялікіх мастах. Бо як падымуцца бальшавікі, давядзецца запаволіцца. Маючы ў сваіх руках масты, сёння ноччу ці, самае позняе, заўтра зранку мы ўжо будзем у Магілёве. О, там ужо мы адпачнём і загуляем! Ах, каб вы ведалі, што гэта за горад, Магілёў! Нават сам рускі цар Мікалай са сваёй жонкай і дочкамі больш за год жыў там. Якія ж там выдатныя камяніцы! Якія краявіды з гары на Дняпро! Касцёл там ёсць прыгожы і шмат добрых палякаў жыве ў горадзе і ваколіцах, як жа яны вітаць нас будуць!
Але капітан без наладжанай сувязі, без выразнага загаду ад начальніка, па які ва ўмоўленае месца на шашы яшчэ з узыходам сонца ён адправіў узвод уланаў, не хацеў кранацца з месца. Ён сцягнуў усё на адзін бок грэблі, заняў пазіцыю, гатовы да любой выпадковасці, стаяў і чакаў.
— Загад нікуды не падзенецца, — не пераставаў намаўляць яго Пятроўскі. — Калі пасланцы не знойдуць нас тут, то пойдуць следам. Зрэшты, можам тут каго-небудзь пакінуць. А мы, як зробім нешта карыснае, то толькі пахвалу ад старшых атрымаем. Паехалі!
— Жаўнер мусіць не толькі ўмець напасці на ворага і мужна з ім біцца, але і быць паслухмяным, — адказаў капітан.
— Пане малады, — звярнуўся Пятроўскі да падхарунжага як пасярэдніка, — дапамажыце мне намовіць гэтага чарнявага не спаць у шапку. Не трэба чакаць, а то будзе правал. Як кажуць, касі, каса, пакуль раса.
Аднак гэтым разам усе засталіся абыякавымі да ягонай парады.
Неўзабаве з поўдня вярнуліся ўланы і прывезлі загад. Капітан прачытаў яго і сказаў выступаць.
— А ці не трэба было адразу зрабіць як я раіў?! — ускрыкнуў узрадаваны Пятроўскі. — Мы былі б ужо ля шашы. Старых заўжды трэба слухаць.
— Мы ідзём, але ў іншы бок, — сказаў капітан.
— Не на Магілёў?
— На Бярэзіну.
— Вы, відаць, хочаце сказаць, на Дняпро?
— Дняпро — не Бярэзіна. Кажу, што мы вяртаемся на Бярэзіну, — цвёрда паўтарыў капітан і рушыў па дарозе, сочачы за пачатай на яго загад падрыхтоўкай.
— На... на Бярэзіну вяртаецеся?!! — здзівіўся Пятроўскі не менш, чым калі б сонца зайшло на ўсходзе.
Ад такой навіны ў старога задрыжэлі ногі і аж шапка на галаве паднялася. Ён дагнаў капітана і, хапаючы яго за рукаво, умольна закрычаў:
— Дарагі капітане! Калі ласка, не пужайце мяне, старога чалавека! Скажыце праўду: вы атрымалі загад вярнуцца на Бярэзіну?
— Так, вяртаемся, прычым неадкладна. На службе ніхто не жартуе.
— Значыць, у таго, хто такі загад аддаў, у галаве памуцілася.
— Папрашу без зласлівых заўваг у дачыненні да майго начальства, інакш… сяброўства нашае можа скончыцца!
— Але ж скажыце мне: дзе розум у таго чалавека, дзе ягоная галава?! Мы ўжо амаль на Дняпры — а ён загадвае вяртацца.
— На гэта мусяць быць прычыны.
— Можа, гэта справункі бальшавіцкіх шпіёнаў? Камуністы — народ вельмі хітры.
— Я пазнаю почырк палкоўніка, таксама яго асабіста ведаюць мае ўланы, якія атрымалі ліст з ягоных уласных рук.
— І вы будзеце вяртацца?
— А вы сумняваецеся?
— Але ж гэта будзе страта для Польшчы, а для гэтага краю і нашых людзей — вялікая крыўда. Падумайце. Мы так доўга сумавалі па Польшчы — а цяпер радуемся, дапамагаем, чакаем, каб вы прынялі тое, што маем, на патрэбы Айчыны, хлопцаў нашых у свае шэрагі, — а вы без ніякай прычыны, калі дарога на Дняпро адкрытая, калі застаецца ўсяго дзень маршам, каб стаць на мяжы Польшчы, вяртаецеся. Пане капітан! Няхай яны тут пачакаюць, а мы з вамі з’ездзім да гэтага палкоўніка і параім яму такога не рабіць. Бо адсюль жа бліжэй да Дняпра, а ён шырэйшы, на ім лягчэй будзе ўмацавацца. Паедзем, пане! — маліў ён.
— Я разумею вашую заўзятасць і боль, пане Пятроўскі, аднак мы гэтага не зробім. Бо калі мяне не пытаюць, я не магу даваць палкоўніку жадных парадаў — не маю права. Вашыя парады таксама нічога не зменяць, бо нават калі вам удасца асабіста яго пераканаць, ён уласнаручна маршу на Дняпро не зробіць: такі загад мусіць ісці ад кіраўніцтва дывізіі, а то, можа, і з Варшавы. Так што нічога не паробіш.
Так ён сказаў і зноў рушыў па дарозе, аддаючы загады на ўсе бакі.
— Нічога не паробіш… — паўтарыў Пятроўскі зламаным голасам.
Увесь навакольны свет — сонечны, вясёлы — занурыўся ў ягоных вачах у густы змрок смутку і жалобы, жудасны боль, нібы кляшчамі, сціснуў сэрца, а рукі і ногі знерухомелі. Ён абапёрся на бярозу і колькі хвілінаў стаяў, прыгнечаны навальніцай атрутных думак, схіліўшы галаву да зямлі, а пасля нерашучым крокам, абапіраючыся на камлі дрэваў і вазы, пайшоў да свайго каня, абняў яго за шыю і заплакаў. Дагэтуль ён так плакаў толькі двойчы ў жыцці: калі хаваў маці і жонку.
— Косю мой гнеды! — стагнаў ён. — Яны вяртаюцца! Ты чуеш, косю? Вяртаюцца на Бярэзіну… Да нас зноў бальшавікі прыйдуць… Не будзе для нас месца ў Смалярні, не будзе! Давядзецца расстацца з хатай, стайняй, усёй гаспадаркай, пакінуць Марыльку з Малгажатай сіротамі і пайсці вандраваць у чужы свет, як старцы якія ці цыганы бяздомныя. Застанёмся — то з мяне жывога бальшавікі скуру здзяруць, саломай бакі наб’юць і спаляць, цябе ў войска забяруць, і яўрэі пархатыя ды кітайцы касавокія ездзіць на табе будуць альбо цяжар розны вазіць і бізуном біць. Во як, Гнядок ты мой любы! І гэта яны без аніякай нагоды, без аніякай прычыны вяртаюцца…
Жаўнеры і некаторыя афіцэры, што стаялі бліжэй, пачуўшы гэткую роспач Пятроўскага, атачылі яго колам і пачалі суцяшаць як маглі. Вярнуўся да яго і капітан.
— Пане Пятроўскі! — кажа ён. — Вы ўмееце мужна біцца, але не ўмееце зносіць цяжкасці, як жаўнер. Чаго ўпадаць у такую роспач? Вы баіцеся помсты бальшавікоў? Я пашлю з вамі ўзвод уланаў, каб вы маглі перавезці сям’ю і гаспадарку за Бярэзіну. Згода?
— Усёй гаспадаркі і зямлі маёй не перавязеш.
— Потым да зямлі і гаспадаркі вернецеся. Бо мы адступаем часова.
— А, часова адступаеце?! — ажывіўся ён.
— А вы думалі, назаўсёды?! Дзіўны чалавек… Не ведае, што на вайне так заўсёды бывае: сёння наперад, заўтра назад, пасля зноў наперад. Гэта ўсяго толькі манеўр, каб заблытаць арыентацыю ворага, і гэты манеўр разумеюць толькі генералы.
— Разумеюць толькі генералы, але манеўр гэты зломанага шэлега не варты! — рэзка перарваў Мечык. — Калі б я ведаў, хто такі манеўр выдумаў, то паехаў бы проста да яго!
— Я не буду аналізаваць, добры гэты манеўр ці не, я толькі веру, што Польшча будзе тут, на Беларусі, як найменей да Дняпра і што мы неўзабаве вернемся. Хочаце, каб я паслаў з вамі ўланаў?
— Не, — адказаў Пятроўскі, падумаўшы, — лепей я ўжо сам.
Чалавечы цень вырас ужо на чатыры крокі, калі абоз, што стаяў за бусліцкай грэбляй, расцягнуўшыся незлічонымі фурманкамі ў ланцуг на пару вёрстаў, рушыў у бок Бабруйска, а Пятроўскі ад’ехаў у Смалярню. Ехаў сам-адзін, выбіраючы менш людныя дарогі. Ехаў, хістаючыся ў сядле, быццам п’яны, адбіваючы паклоны, як яўрэй пры малітве, драмаў, бо насычанае падзеямі падарожжа, якое заняло сорак восем гадзінаў, і маральны надлом дарэшты вычарпалі ягоныя сілы.
— Не, хоць бы мне нават давялося трапіць у лапы бальшавікам, хоць бы там не ведаю што мне пагражала, я павінен хоць на пару гадзінаў заснуць, — сказаў ён сабе пасля гадзіннага змагання са сном.
Заехаўшы за невялікай вёскай Мышкі ў лес, ён зрушыў з дарогі ўбок у пошуках бяспечнага месца, каб спыніцца. Пасля ладнай вярсты язды па вузкай сцяжыне ён трапіў на невялікі лужок, рог нейкага поля, які ўразаўся трохкутнай выспай у лес. На ёй стаялі чатыры стагі мурожнага сена, кожны адгароджаны рэдкім, на тры жардзіны, плотам.
Пятроўскі пад’ехаў да першага стога, рассунуў з аднаго боку жардзіны, завёў туды каня, затым зноў загарадзіў так, як было, зняў вінтоўку, засунуў яе пад адонак, распрог каня і, кінуўшы сядло пад галаву, упаў і заснуў як мёртвы. Калі прачнуўся, была ўжо глухая ноч. Конь абудзіў яго ржаннем: пачуў недзе побач або іншых коней, або нейкую небяспеку.
У першае імгненне Мечык не мог зразумець, што ён робіць тут, за плотам. Прыгадаўшы, цяжка ўздыхнуў, устаў, хутка сабраўся і рушыў далей. У першай вёсцы, якую неўзабаве напаткаў, напаіў каня і пасля ўжо доўгія гадзіны гнаў без адпачынку.
Яшчэ на досвітку ён выехаў на смалярскае поле. Пусціў каня крокам, каб той крыху астыў перад пашай, а сам разважаў.
— Ах, Божа мой! — уздыхнуў ён. — Калі б легіёны не адступілі, якое б жыццё зараз пачалося! Рай, а не жыццё! Я б ездзіў штонядзелі на фэсты, кірмашы, у гасціны і апавядаў бы пра свае прыгоды… Слава Богу, мне ёсць чым пахваліцца… Якія шчаслівыя тыя, што жывуць за Бярэзінай! І чаму гэта Бог так чыніць: адным дае неба, а другіх надалей у пекле пакідае? Гм… Што ж рабіць... Можа, яшчэ дасць Бог і на нашай вуліцы, як той казаў, кірмаш будзе… Можа, і мы дачакаемся. А таго, што я зрабіў для Польшчы, ніхто ў мяне не адбярэ і з памяці не сатрэ, і ці сёння, ці заўтра, ці тут, ці дзе ў іншым месцы я магу смела хваліцца. Сваім у Смалярні дык і цяпер магу расказаць. Няхай ведаюць смаркачы, што хоць я ў войску не служыў, а трохі больш варты за іх. Можа, яны яшчэ ўвогуле пра легіёны не ведаюць...
Але ўжо, відаць, ведалі, бо амаль ва ўсіх дамах гарэла святло, чаго раней не было — пагатоў ночы былі адносна нядоўгія, — а ў некаторых падворках смела азываліся галасы хлопцаў, што хаваліся ад бальшавікоў. У ягоным доме таксама гарэла святло. Калі Мечык рыпнуў варотамі, тут жа адчыніліся дзверы з сянец, і выбеглі абедзве дачкі.
— Ай, татка, вярнуўся, татачка! Дзе ж вы столькі часу былі?! — радасна кінуліся яны да бацькі.
Пацалавалі яму рукі і давай адна адну перабіваць:
— А ў нас, тата, навіны, ой, навіны!
— Легіёны ўжо прыйшлі, ведаеце?! У Вончы стаяць.
— Ах! Каб вы бачылі, колькі ў той дзень, як вы з’ехалі, пасля абеду і цэлую ноч валіла бальшавікоў! Страх! Страх!
— А як грымела за Вончай!
— А як у Смалярні ўсе радаваліся!
— Хлопцы ўжо з лесу дадому вярнуліся!
— Прыйшлі, але ненадоўга: вяртаюцца на Бярэзіну. Да нас часова зноў бальшавікі прыйдуць.
— Дык вы ўжо і гэта ведаеце... — буркнуў Пятроўскі сабе пад нос і гнеўна плюнуў на зямлю.
— А ведаеце, тата, што ўжо і Косцік са Стахам знайшліся?! У пушчы абодва сядзелі. Кажуць, што яны першымі пра легіёны даведаліся і сустрэлі іх ажно на Бярэзіне, адкуль два дні і дзве ночы з імі ездзілі і паказвалі, як, дзе і што.
— От смаркачы! — зноў плюнуў ён.
— І кажуць, што пэўны час запанібрата з афіцэрамі былі і што іх абодвух абяцалі да важных узнагарод прадставіць, бо дзякуючы ім шмат бальшавікоў акружылі і без бою ўзялі.
— Глядзіце вы на іх, жабы паршывыя! — яшчэ раз плюнуў ён.
— Праўда, усе так кажуць. Косцік сёння з абеду чакае ў Здановічавай хаце Карусю, якая яшчэ ў мінулую нядзелю пайшла з Зоськай Ладан у Бялынічы да таго хвалёнага лекара па зёлкі для Ясевых ранаў, і дагэтуль не вярнулася. Ён хоча развітацца з ёй перад дарогай, усе хлопцы ў Бабруйск збіраюцца.
— Ага, яшчэ адно! — згадала Марыля. — Калі тае ночы ўцякалі бальшавікі, Карапузя затаіўся ў сасонніку і без анічога, голымі рукамі, аднаго бальшавіка раззброіў, звязаў, адвёў у лес і потым у Вончу легіёнам адправіў.
— Яшчэ і гэты шчанюк! — ускрыкнуў Пятроўскі і, сабраўшы колькі было ў роце сліны, з такім гукам сплюнуў, што ажно рэха пакацілася па будынках.
— Што вы, татка, толькі плюяце і плюяце, а нічога не расказваеце? — спытала Марыля.
— Бо вы ўжо за мяне ўсё расказалі!
— Дзе вы былі так доўга?
— Тамсама, дзе і гэтыя галапупцы, што, як вы кажаце, з афіцэрамі запанібрата былі, каб іх!
Ён думаў, што ад такіх навінаў дочкі яму ўчыняць непрыемную сцэну, але дзяўчаты нават моцна не здзівіліся яго словам.
— Татка, вы сапраўды ездзілі дапамагаць легіёнам? — спытала Малгажата.
— Так, дзеткі, ездзіў. Калі б я не дапамагаў, грэх бы на сябе ўзяў смяротны, — апраўдваўся ён.
— Бачыш, хіба я табе не казала! — ускрыкнула Марыля, звяртаючыся да сястры. — Ведаеце, татка, як мы толькі дазналіся, што ў Вончу прыйшлі легіёны, я казала ёй, што вы паехалі ім дапамагаць. Ну, а добра хоць удалося паваяваць у тым месцы, дзе вы былі? Удалося бязбожнікаў пабіць?
Стары хітравата прымружыў вока ад задавальнення.
— Удалося, дзеткі, так, што лепей і быць не можа. Ад Дняпра і да Варшавы цяпер людзі будуць гаварыць пра вашага бацьку з зайздрасцю. Верыце? Сам-адзін у Студзёнцы пяцярых бальшавікоў раззброіў, а шостага камісара застрэліў.
— Насмерць?! — ускрыкнулі яны.
— Сам не хацеў, — схлусіў ён, — цэліўся ў лыткі, а трапіў у жывот. Не хацеў я, дзеткі. Але нічога, ксёндз мне даруе. І яшчэ я даў план польскім афіцэрам. Дзякуючы маёй галаве на бусліцкай грэблі мы больш за тысячу чубоў з коньмі і гарматамі ўзялі. Польскія капітаны мяне за гэта на руках насілі. Калі нехта вам скажа, што гэта няпраўда, можаце назваць мяне суччыным сынам. Паваявалі ўдала, так, што лепей і быць не можа, але кепска, што яны за раку вяртаюцца. Вельмі кепска. Мусім уцякаць. Збірайцеся, дачушкі, жыва!
Дзяўчаты засмуціліся.
— Як гэта, мы таксама павінны ўцякаць? — спытала Малгажата.
— За мяне і вам будуць гады гэтыя помсціць. Ад’едзем на пару тыдняў у Бабруйск. Капітаны мне казалі, што праз два, як найболей праз тры тыдні польскае войска зноў прыйдзе да нас і застанецца назаўсёды.
— А з хатай, з худобай што нам зрабіць?
— Нешта з сабой возьмем, а рэшту аддамо на догляд Отанам.
— Не, я не паеду, — заўпарцілася Марыля. — Вы, татка, едзьце сабе, а мы застанёмся ў доме. Мы ваяваць не ездзілі, за што нас караць? Праўда ж, Малгажата?
— Праўда. Застанёмся дома.
— Глядзіце ж, каб не наракалі на мяне, калі нешта з вамі дрэннае здарыцца.
На Узвіжанне са смалярскай пушчы рушыла ў бок Бярэзіны чарада польскай моладзі. Наперадзе ішоў Косцік Васілеўскі, за ім — Стах Балашэвіч, далей, адзін за адным, — Норба і Адась Сцяпуры, Алесь і Зыгмусь Пятроўскія, Віктар і Ясь Кантычкі, Болік Вінярскі, Карапузя, Валька, Франак і Флорак Трызны, а таксама шасцёра хлопцаў з па-за Смалярні.
Гэта была толькі малая частка былых вартавых «Сілы» і ўдзельнікаў мінулагодняга паўстанцкага лагера ў лесе і ўсіх тых, хто, сумуючы па вольнай Польшчы, чакаў яе з перакананнем, што як толькі польскія войскі падыдуць да Бярэзіны, яны прабяруцца на іх бок і са сваёй грамады арганізуюць уласны забярэзінскі полк. Больш за сто маладых людзей са смалярскіх ваколіц у гутарках між сабой паўтаралі, што яны гатовыя служыць у польскім войску, і больш за сто чалавек, пачуўшы на захадзе жаданыя грымоты, пацвердзілі ў душы гэтую гатоўнасць. А тым часам ішла групка з дзевятнаццаці чалавек. Ішла малая групка, да таго ж не ў цеснай братэрскай дружбе і адзінстве думак, не ў гуморы і запале, чаго варта было б чакаць ад былых арганізатараў паўстанцкай «Сілы» і ахвочых сабраць уласны полк, а як недабіткі прайгранага паўстання — сумныя, перасвараныя, злосныя.
Першай і галоўнай прычынай такога ўпадку была зламаная вера ў наддняпроўскую Польшчу. Дабравольнае адступленне польскіх войскаў з іх зямлі многія зразумелі як вырачэнне яе. Прыклад старога Пятроўскага і падобныя да яго, якія прывялі да расстання з домам і гаспадаркай, спалохалі людзей, што зрасліся са сваёй зямлёй, і прымусілі быць асцярожнымі. Польшча, якая не далучыла да сябе іх зямлю, страчвала для іх прывабнасць.
Да непаразуменняў сярод смалярскай моладзі спрычыніўся і Косцік Васілеўскі, самы гарачы прыхільнік стварэння забярэзінскага войска і галоўны яго арганізатар. Спачатку было больш такіх, хто, не зважаючы на тое, што іх чакае надзвычайная барацьба, ні на кога не азіраючыся, сабраўся на Косцікаў покліч у пушчы для супольнага паходу. Але Косцік дзень пры дні адкладаў паход, кажучы, што з імі яшчэ павінна злучыцца група заванчанскіх хлопцаў. Так ён казаў таварышам, а насамрэч цягнуў час, каб знайсці выпадак сустрэцца са сваёй галубкай. Ён не бачыўся з ёй надта доўга. Калі польскія войскі заходзілі на пару дзён, Каруся сама была ў дарозе, а калі вярнулася, у Смалярні ўжо стаяў бальшавіцкі лагер.
Косцік тады, удаючы, што чакае заванчанскіх хлопцаў, збягаў ад таварышаў, кружыў вакол смалярскага поля і пільнаваў Карусю. Ён мог папрасіць каго-небудзь са смалерчукоў, што працавалі на полі, пра пасярэдніцтва і сустрэцца з ёю адразу ж, у першы дзень, але да абы-каго звяртацца ён не хацеў і да таго ж баяўся, што гэта дойдзе да таварышаў у лагеры і выкрые яго. Ён кружляў вакол Смалярні і пільнаваў, каб ніхто яго не заўважыў.
Дні цягнуліся за днямі, а жаданы выпадак усё не надараўся, ды і бальшавікі не выязджалі са Смалярні. Хлопцы, занепакоеныя тым, што абяцаныя заванчанцы ўсё ніяк да іх не далучацца, а Косцік пастаянна некуды адыходзіць, пачалі за ім сачыць. Урэшце двое рэкрутаў з Ямаў заспелі яго за тым, як ён цэлы дзень сядзіць за агародамі, і паведамілі пра гэта астатнім. Пачаўся бунт, у выніку якога некалькі старэйшых вярнуліся дадому, а некалькі хлопцаў тут жа, з месца, пайшлі ў Бабруйск, не чакаючы астатніх.
— Косцік, у цябе ёсць хоць з сабой той пропуск, які нам паручнік Клёц выдаў? — спрабаваў Стах, можа, ужо раз пяты завязаць размову.
— Навошта, каб нас бальшавікі прапусцілі? — буркнуў той іранічна.
— Каб не было як з Пятроўскім у Студзёнцы. Палічаць нас бальшавіцкімі партызанамі і шпіёнамі і будуць цягаць па арыштах.
— Ты спачатку прыдумай, як праз бальшавіцкі фронт прабіцца. От, калі праўду кажуць, што яны ў акопах заселі, тады мы яшчэ пасвішчам.
— Значыць, вернемся, узброімся, збяром большую грамаду і праб’ёмся праз фронт сілай.
— Збярэш тут большую грамаду… Хто цябе цяпер слухаць будзе? Каб хоць тыя, што ёсць, не разышліся. Не магу сабе дараваць таго, што сталася. Здаецца, караў бы сябе, валасы рваў, скуру драў бы з жывога. Столькі людзей страцілі, столькі часу, сябе скампраметаваў ды яшчэ і яе так і не пабачыў. Шчасце ты маё халернае!
— Што здарылася, таго не зменіш, цяпер не варта гэтым надта пераймацца. Мы цябе вінавацім толькі ў тым, што ты гэта ад нас хаваў і хлусіў нам. Паглядзі от, колькі іх тут ідзе — амаль кожны па дзве ночкі са сваёй мілаваўся. А ты што, горшы за іх?
— І тое праўда. Пагнала ж яе ў тыя Бялынічы! Бач ты, сястра міласэрнасці знайшлася! Зрэшты, тыя лекі — гэта толькі прыкрыццё, — дадаў ён пасля паўзы.
— А што ты думаеш?..
— Думаю, яе Ганка звабіла, каб звесці з Блінкевічам. Помслівая яна, злуецца на мяне і, пакуль іх не пажэніць, не супакоіцца.
— Эх ты, галава дурная! Дваццаць пяць гадоў хутка стукне, ужо шчэць на барадзе пасля галення тырчыць, як тая атава на нашым лузе пасля дажджу, а такія глупствы дзяціныя табе ў галаву лезуць.
— Зусім не глупствы. Я чуў, што пакуль мы ў лесе хаваліся, разам з Вяндлінскім прыязджаў Блінкевіч і заляцаўся да Карусі. Нешта ў гэтым ёсць…
— Так, чуў я такое. Матка Карусіна сказала ім там, што за тваю галаву бальшавікі прызначылі вялікую ўзнагароду і што цябе ўжо смела можна лічыць нябожчыкам, дык той прыязджаў і заляцаўся. Але што з таго. Ты ж добра ведаеш: колькіх яна хлопцаў вабіла — і Бліну да іх далёка! — аднак усім адмовіла. Не далася яна, братка, нікому, і не дасца.
— Сташку! Ажно лягчэй мне на сэрцы зрабілася ад тваіх словаў.
— Лягчэй на сэрцы… Я заўжды казаў і кажу, што ты здаровы як бык, морда ў цябе для баб панадная, ды і шанцуе табе з імі, — але дурны ты як бот. Заўжды нешта падазраеш, заўжды баішся. Хопіць пра яе думаць, лепш давай падумаем і абмяркуем, што нам з нашым палком рабіць.
— Што пра гэта гаварыць да часу, на месцы ўбачым, як і што.
— Вядома, дзе давядзецца біцца, убачым на месцы, варта, аднак, цяпер у галаве сфармуляваць просьбу і, як бы гэта сказаць, аргументы, падставы — пра патрэбы і выгоды ад нашага палка.
— Думай сам, бо я сёння не магу.
Заглыбіўшыся ў Кунцавіцкую пушчу, яны спыніліся на начлег. У лесе яшчэ было добра відно, на некаторых верхавінках соснаў нават залацілася сонца, аднак ісці далей гэтай ноччу сэнсу не мела, бо ўжо палова дарогі была за імі, а глушэйшага закутка на ноч яны маглі і не знайсці. Выбралі зручнае месца, развесілі на дрэвах торбы і пачалі раскладаць агонь. Усялякага голля і сухастою навокал было шмат, таму да таго як добра сцямнела, вогнішча бухала полымем, вышэйшым за чалавечы рост, а побач ляжала куча сухога дрэва — з паўсажня, не менш, каб пазней, уночы, падкладаць.
Настрой, аднак, у грамадзе быў такі ж пануры. Адны леглі самотна сярод кустоў, далей ад вогнішча, і сумна глядзелі ў неба, іншыя сядзелі на бервяне і ў змрочным задуменні пазіралі на агонь, іншыя развязвалі торбы і збіраліся вячэраць, але з такой ахвотай, як тры дні не поены конь да сена. У вачах некаторых стаялі слёзы. Косцік зашыўся недзе ў нетрах.
— Бог ведае, ці ўбачым мы яшчэ нашую Смаляраньку, — цяжка ўздыхнуў Адась Сцяпура, якога называлі Лапаносым.
— І Юльку смаркатую, — кпліва дадаў Стах. — Гляджу, зараз заплачаце ўжо. Халера вас бяры, такіх ваякаў! Паўдня не прайшло, як са свайго падлеску выйшлі, як на свае хаты глядзелі, а ўжо плакаць пачынаюць!
— Каб чалавек ведаў, што, як вернецца, знойдзе дома Польшчу, то тры гады за тысячу вёрстаў адсюль служыў бы прыпяваючы. Няўпэўненасць гэтая толькі чалавека гняце.
— Увогуле не разумею, чаго гэты ўпадак духу на нас напаў цяпер, калі Польшча стаіць ужо ля нашых варот. Згадайце нашае становішча і дух, які сярод нас панаваў, калі немцы адышлі мінулай восенню, і параўнайце з сённяшнім. Тады, як бы гэта сказаць… мы быццам на адзінокім плыце сярод бяскрайняга акіяну плылі, ахутаныя непраглядным змрокам, не бачачы сонца, не ведаючы, куды кіравацца, хоць і верылі, што не загінем. Сёння нам сонца свеціць, зямля недалёка — мы яе бачым, і з яе відаць наш плыт — а на вас нападаюць сумневы. Прыгадайце, з якой вераю і якім запалам мы збіраліся на Парню.
— Лепей, хлопча, не ўспамінай пра тую Парню, бо мяне ажно сорам бярэ, што мы такія наіўныя былі, як дзеці, — умяшаўся Норба.
— Цябе ажно сорам бярэ?! Ведаеш, братка, саромецца трэба тады, калі партыйную таямніцу сваёй бабе адкрыў, а яшчэ слабасці сваёй, якая прыніжае годнасць слаўнага доўбарца. Не дзіцячая гэта была задума. Калі б было адзінства сярод палякаў, хадзілі б мы цяпер не воўчымі сцежкамі, як сёння, а чалавечым шляхам. Кожная вялікая справа мела маленькі і непрыкметны пачатак. Вазьміце хоць гэтую магутную яліну, што шуміць над лесам, бурам супрацьстаіць —яна пачалася з зярнятка памерам з клапа, якое найменшы подых ветру насіў, як пылок.
— Цябе, Стах, на язык ніводная бялыніцкая баба не пераможа.
На ўсчатую гутарку хлопцы па адным вылазілі з кустоў і збіраліся каля агню.
— Ты кажаш, Стах, што летась мы не бачылі берага, але ў нас была вера, — далучыўся Болік Вінярскі. — Так, гэта праўда: была вера і ўсе прагнулі змагання, але тады таксама верылі, што мы — частка арганізму Польшчы, без якой яна ні належнай формы, ні патрэбнай сілы не займее. А сёння мы бачым, што мы для яе — як шосты, не патрэбны ёй, палец.
— Хто табе такое сказаў?
— А чаму яны адступілі з нашага краю?
— Гэта сведчыць толькі пра вялікі талент і досвед польскага правадыра. Скажы мне, чаму Напалеон прайграў вайну з Расіяй?
— Бо ягоныя жаўнеры памерзлі ў Маскве.
— Не. Таму што ён надта хутка ішоў, не рыхтаваў тыл. Польскі правадыр дзейнічае асцярожней, ён прыпыніў свой пераможны паход, каб замацаваць вызваленыя землі. Трэба дапасаваць рэйкі да сваіх цягнікоў, адрамантаваць спаленыя масты, сапсаваную тэлефонную сувязь, усталяваць уладу і запоўніць свежымі людзьмі прагалы ў палках. Калі з гэтым разбяруцца, то пойдуць далей. Ці хто з вас чытаў у якой кнізе альбо недзе чуў, каб Польшча калі-небудзь заканчвалася на Бярэзіне? Да Дняпра зоймуць — гэта як амэн у пацерах. Але мы, хлопцы, павінны ў гэтым апошнім паходзе паўдзельнічаць як мага актыўней, каб пасля познанец і там мазур які не казаў, што нас пры гэтым не было і што ў нашым засценку кацапы жывуць ці бальшавікі. Не ганьбіце сябе, хлопцы, ныццём! Трымайцеся, як належыць бярэзінцам! Дык вось, пераправімся мы ў Бабруйск, збяромся з нашымі хлопцамі і арганізуем свой забярэзінскі полк уланаў. Якія гэта будуць уланы — вы ўжо загадзя можаце ведаць…
— О, нашыя забярэзінскія хлопцы! — загрымелі рэкруты.
— Дык давайце ж ужо зробім полк, збяромся і пойдзем шаткаваць лайдакоў. А потым, калі ўжо вызвалім свой край, то возьмем адпачынак альбо папросім такую службу, якая дасць магчымасць наведаць Смалярню, заедзем ночкай неспадзеўкі пад акно зязюлькі сваёй каханай, зорачкі сваёй яснай, красачкі сваёй прыгожай, салодкай, аксамітнай, і заспяваем:
Прыехалі ўланы пад акенца,
Прыехалі ўланы пад акенца.
Некалькі падбадзёраных Стахавымі словамі рэкрутаў далучылася да яго, і лес загрымеў вясёлай жаўнерскай песняй.
— Ах, каб цябе, Стах, каб цябе! — крычалі рэкруты, адспяваўшы «Прыехалі ўланы». — Ты, як заўжды, можаш суцешыць і развесяліць.
— Франак! А дастань сваю гармонь і рыпні якую полечку-трасуху, каб дома не журыліся! «Антэй-злодзей» зайграй! Зайграй «Куды ідзеш, Наталачка»! Не, «Пайду сяду ў расаду»! — перакрыквалі яны адзін аднаго.
Жаўнерскія і звычайныя побытавыя песні, ігра на гармоні страсалі лес ажно да паўночы. Паснулі ўсе ў салодкіх марах вярнуцца ў Смалярню ва ўланскіх мундзірах і ваеннай славе.
Назаўтра з узыходам сонца рушылі далей і, не спыняючыся, дайшлі да магілёўска-бабруйскай шашы, усяго за некалькі вёрстаў ад Бярэзіны. Трымаючыся заўсёды ў глыбіні лясоў, за ўсю дарогу яны не сустрэлі ні бальшавіка, ні легіянера і не чулі ніякіх стрэлаў. Ішлі б гэтай воўчай сцежкай і далей, аж да самай ракі, аднак як выйшлі з дзяржаўнага лесу, пачаўся даволі рэдкі гаёк, і іх маглі ўбачыць здаля і абстраляць.
Грамада спынілася ў гушчары, а Косцік з Валькам пайшлі ў выведку.
Выпаўзлі на карачках на шашу, агледзеліся. У кірунку Магілёва — пуста, ад Бабруйска ішла купка з пяці жанчын з торбамі за плячыма. Яны спакойна і весела гутарылі між сабой, і гэта сведчыла пра тое, што тут няма міжфрантавой паласы.
Косцік з Валькам, перачакаўшы, пакуль жанчыны падыдуць бліжэй, выйшлі насустрач. Тыя пачалі перашэптвацца, збіліся ў цесную купку і запаволілі хаду, відавочна, палічыўшы іх за рабаўнікоў, якія пастаянна ў гэтым лесе абкрадалі падарожных, альбо за шпіёнаў невядомай нацыянальнасці.
— Вы адкуль, бабы? — звярнуўся да іх Косцік.
— Людцы міласэрныя! — заенчылі яны. — Мы ж нічога не ведаем!
— Як жа ж, нават не ведаеце, адкуль ідзяце?
— Далібог жа ж, не ведаем! Пусціце нас, людцы міласэрныя! Мы бедныя жанчыны! Дзеці нашыя папухлі ўжо без солі!
— Ага, дык вы соль несяце. Значыць, ідзяце з горада. Вы павінны сказаць, як далёка стаяць бальшавікі, бо іначай мы вас не пусцім.
— Мы не бачылі жадных бальшавікоў! Мы нічога не ведаем!
З супрацьлеглага боку пасыпаліся стрэлы. Дзынь, дзынь, фіў! — засвісталі над галовамі кулі.
Жанчыны з крыкам пападалі на зямлю, Косцік з Валькам таксама ўпалі, углядаючыся ў бок, адкуль ляцелі стрэлы, і паціху адпаўзалі на жыватах у тыл.
— Гэта нашыя! Косцік, гэта нашыя! — першы закрычаў Валька, разгледзеўшы шэрыя фігуры познанцаў, што вынырвалі з лесу.
Яны ўсталі і ўзнялі рукі ўгору. З лесу выйшаў патруль з дванаццаці жаўнераў і абкружыў іх.
— Што ж вы за свалата, людзей на дарозе рабуеце? — крыкнуў сяржант, трымаючы напагатове рэвальвер. — Ідзіце, бабы! — дадаў ён у бок напалоханых жанчын.
— Мы свае, пане сяржант, палякі, — адказаў Косцік.
— Скуль? Маеце якія паперы?
Косцік дастаў з падшыўкі халявы выдадзены яму ў свой час паручнікам Клёцам дакумент і ўручыў яго сяржанту.
— А дзе вы пана паручніка бачылі? — спытаў той, прагледзеўшы дакумент па дыяганалі.
— Я ў свой час быў ягоным правадніком. — І Косцік сцісла расказаў пра свой удзел у бітвах польскіх войскаў за Бярэзінай.
— Можаце ісці, — дазволіў сяржант.
— Пане сяржант, але мы тут не адны, нас цэлая грамада. Просім вас правесці нас у горад.
— А дзе гэтая вашая грамада?
Косцік склаў пальцы і тройчы свіснуў. Праз пару хвілінаў пачалі вынырваць з лесу рослыя і моцныя, як дубы, смалерчукі. Сяржант лічыў і неспакойна азіраўся на падначаленых. Калі выйшаў дзясяты хлопец, твар сяржанта выцягнуўся і зрабіўся падазроным і занепакоеным. Жаўнеры пачалі расступацца і ўздымаць вінтоўкі.
— Пане сяржант, вы, відаць, дзівіцеся росту нашых людзей? Сапраўды, людзі ў нас высокія і моцныя.
Сяржант з асцярогай зірнуў на яго і адышоў на пару крокаў назад.
Смалерчукі па адным выходзілі на шашу, віталі жаўнераў, прыпадымаючы шапкі, і станавіліся купай ля Косціка. Калі ўжо амаль усе стаялі на шашы, сяржант скамандаваў:
— Клункі на зямлю і рукі ўверх!
Палова жаўнераў трымала напагатове зброю, рэшта пачала абшукваць торбы і кішэні смалерчукоў.
Нічога падазронага не знайшлі, нягледзячы на гэта, усіх адвялі канвоем, з захаваннем захадаў бяспекі, да пачатку рагачоўскай шашы, дзе стаяў патруль усяго ўзводу з афіцэрам на чале.
Афіцэр усё праверыў, распытаў, як да палякаў ставяцца ў ваколіцах Смалярні, і загадаў капралу правесці іх за мост.
Яны апынуліся ў Польшчы, дыхаючы свабодай і любуючыся яе абліччам. Бабруйск выглядаў як за Доўбарам: прыстойна, чыста, па-польску, па-вайсковаму. З той адно розніцай, што тады вайсковасць блішчэла камуфляжам і амарантам, а цяпер яе аздабляла шэрая вопратка, густа ўпрыгожаная срэбнымі гузікамі.
Вуліцы ззялі ўзорнай чысцінёй, грымелі рухам. На скрыжаваннях парадак забяспечвалі паліцыянты. Яны былі адзначаныя арламі і шырокімі бела-чырвонымі павязкамі на плячах і шапках. Усе крамы былі адчыненыя і поўныя прадуктаў і ўсялякіх іншых тавараў. На рынку, як і раней, стаялі шэрагі вясковых фурманак. На ходніках галоўных вуліц, асабліва на былой Мураўёўскай — натоўп паломнікаў. Цяпер яго дапаўнялі, надаючы яму польскіх колераў, вайскоўцы і цывільныя службоўцы, якія сустракаліся на кожным кроку, з залачонымі раменьчыкамі на брыльках шапак і залачонымі, пукатымі гузікамі на мундзіры. Усюды гучаў голас Польшчы, былі відаць польскія надпісы, польскія знакі. Твары людзей свяціліся спакоем і радасцю.
Смалерчукам з-пад улады савецкай Расіі, пасля доўгага часу трывогі і непакою за сваё жыццё і маёмасць, пасля некалькі месяцаў жывёльнага перабывання ў лесе, не хацелася верыць, што яны ўжо насамрэч у бяспецы. Яны ішлі праз горад, глядзелі на поўныя тавараў крамы, асабліва ўзіраліся ў засекі солі, якую яўрэі з бальшавіцкага боку прадавалі ў чатыры разы даражэй за масла, глядзелі на пазалочаных службоўцаў, на арліныя фігуры вайскоўцаў, на радасць людзей, на парадак — і вочы макрэлі ад слёз, ад узрушэння захоплівала дых, што Яна паўстала — моцная, гаспадарлівая, багатая, бацькоўская і бадзёрая.
Яны зайшлі на кватэру да пана Хмары, які жыў у баку Крывога Крука. Толькі пачалі раскладацца, як забег Юзік Аленскі. З арлом, з паліцэйскімі павязкамі на плячы і шапцы, з доўгай расійскай вінтоўкай на плячы і тэчкай з вокладкі старой вялікай кнігі пад пахай. На ягоным твары быў трыумф.
— Думаў, што даганю вас на вуліцы, — сказаў ён, вітаючыся. — Я ішоў у камендатуру з карэспандэнцыяй, а на рагу Мінскай сустракае мяне Зенька з Вежгайлова і гаворыць: пайшоў табун смалярскіх хлопцаў, чалавек з дваццаць пяць. Дык я тут жа назад павярнуў. Так і думаў, што вы не ведаеце, дзе мы жывём, і пойдзеце сюды. Ну што, вам таксама надакучыла ў лесе сядзець? Ах, як жа я добра зрабіў, што да вас не далучыўся! От, браткі, жыццё займеў дык займеў! Годнае старога доўбарца. Любую службу паліцэйскую ведаю з заплюшчанымі вачыма. Пан участковы, мой начальнік, — сябар мой сардэчны. Яўрэі перад табой на дыбачках ходзяць: наносяць задарма булак, абаранкаў, селядца, гарэлкі. Ежы рознай — хоць ты лопні, пітва — хоць заліся. Каб яшчэ толькі Зоську неяк сюды перацягнуць. Тут для паліцыянта дзяўчат усялякіх да халеры: ёсць у мяне адна яўрэечка, не горшая за каталічку, але ўсё адно не тое, што нашыя смалярскія дзяўчаты. Зоська мая нашмат цяплейшая.
— Але ж як табе ўдалося трапіць у гэтую паліцыю? — спытаў Норба.
— Заслугі перад Польшчай, клёк у галаве і трохі знаёмстваў — так і трапіш. Калі хочаш, дык і цябе ўладкую.
— Мы не плануем уладкоўвацца ў паліцыю, мы збіраемся стварыць уласны вайсковы атрад, — адказаў Косцік.
— А, вы збіраецеся стварыць вайсковы атрад? — іранічна паўтарыў Юзік. — Ну, стварайце, стварайце, а я пайшоў, спяшаюся. Пасля па службе яшчэ зайду да вас. Бывайце!
Перакінуўся яшчэ парай словаў з адным-другім, паціснуў Норбу руку, вывеў яго на падворак і доўга з ім нешта абмяркоўваў.
За Юзікам у Хмараў двор зазірнула двое заванчанскіх паліцыянтаў, некалькі рэкрутаў са смалярскіх хутароў, потым з’явіўся стары Пятроўскі. Ён моцна схуднеў, пасівеў, вочы запалі і ліхаманкава блішчэлі.
— Ах, дзеткі вы мае! Як жа ж вы? Як вы сюды перабраліся?! — крычаў ён, па-бацькоўску абдымаючы і цалуючы ў лоб кожнага з іх. — Я ўжо думаў, што не прыйдзеце. Тут казалі, што бальшавікі заселі ў акопах.
— За ўсю дарогу ніводнага бальшавіка ў вочы не бачылі, — адказаў Косцік.
— Дык гэта няпраўда?! Ну, а як жа ж там, дзеткі, у Смалярні? Усе здаровыя? Як там дачушкі мае? Алесь, як там мае Малгажата з Марылькай?
— Нічога, жывыя-здаровыя. Прыязджалі па вас ужо.
— Бальшавікі? Па мяне? Ужо данеслі?!. Ну, і што там, білі, можа, дзяўчат? Кажыце хутчэй! — прыспешваў ён.
— Каб білі — такога я не чуў, але ўсю хату перарылі, перавярнулі дагары нагамі, забралі ваш вялікі чорны кажух, палітоны дзяўчатак, хусткі якія даражэйшыя і Падласку забралі.
— І Падласку?! Божа ж мой, як абрабавалі! А кабылу з жарабцом?
— Каб былі, то і іх бы забралі, але яны, на шчасце, акурат былі ў лесе, а Марыля сказала, што вы, адыходзячы ў Бабруйск, коней з сабой узялі.
— От разумная дзеўка! Ну, але добра, што іх хаця б не білі. Былі б здаровыя, астатняе нажыўное. Дай Божа, каб гэтыя рабаўнікі падавіліся. А не ўспамінаюць мае дзеткі пра мяне дрэнна?
— Я іх на свае вочы не бачыў, дык хлусіць не буду. Бальшавіцкі лагер у Смалярні стаіць.
— Бальшавіцкі лагер?!
— Ага, вы як з’ехалі, дык ён як стаў, так і стаіць. Але яны, апрача таго, што двойчы рэквізавалі па капе сена з хаты, большай крыўды людзям не рабілі. Пра гэты рабунак у вашай хаце мне мама ў чацвер казала: даведаўшыся, што мы яшчэ не адышлі, яна да Васілеўскіх на леснічоўку прыходзіла. Больш нічога пра вашых дачок не ведаю. Мама толькі казала, што гаспадараць як належыць: гной возяць, аруць, сеюць жыта, картоплю капаюць.
— Жыта сеюць? Як жа добра! Божа, ажно на душы палягчэла. Дачушкі мае залатыя! Мурашкі мае працавітыя і дбайныя! Журавінкі мае румяныя! Малінкі мае залатыя! Я ж вас, як прыеду, я ж вас... — выказваў стары са слязьмі на вачах свае пачуцці і ўдзячнасць дочкам.
У хлопцаў, якія яго слухалі, таксама заблішчалі на вачах слёзы.
— Добра, што сеюць, ёсць надзея. Косцік, ведаеш, надзея ёсць! Я тут не сяджу без справы, не сплю — б’юся як рыба аб лёд. Разоў пяць ужо быў у дэкана, у гарадской камендатуры, у старостве, а цяпер во ўжо чацвёрты дзень хаджу толькі і збіраю подпісы.
— Што за подпісы?
— Заяву з панам Несмяртэльным мы адрэдагавалі з улікам нашай зямлі…
— А, дык і Несмяртэльны ўжо з’явіўся?!
— Ёсць тут Несмяртэльны, ёсць Пшэздзецкі, Свіслоцкі, Шалькоўскі, Астроўскі, Забэла, Эйсмант, Булгак, Дмухоўскі — тут амаль усе паны з-за Бярэзіны. Але Несмяртэльны ў іх за галоўнага. Дык вось, мы з ім адрэдагавалі дзве заявы: да Пана Кіраўніка Польскай дзяржавы і да Кааліцыі. Уяўляеце? Ангелец пратэстуе, што Польшча нібыта глыбока лезе ў рускія землі. Ну ці не шэльма?! Кажуць, што Кіраўнік Польшчы на пратэст гэтага ангельца чхае і, хоць бы ён там на галаве стаяў, усё адно забярэ зямлю да Дняпра. Аднак ён хоча паказаць перад Кааліцыяй, што забярэзінскі народ сам гэтага далучэння жадае. От як. Таму мы склалі заяву і збіраем подпісы: ён — ад паноў, я — ад простага люду. Я ўжо шмат сабраў, а раз вы кажаце, што ў наш бок лёгка прадрацца, то я пайду і начамі па вёсках і засценках назбіраю яшчэ болей. А можа, нехта з вас захоча са мной пайсці? Удвух бяспечней. Што вы збіраецеся рабіць?
— Плануем арганізаваць уласнае забярэзінскае войска, — адказаў Косцік.
— Уласнае забярэзінскае войска?! — ускрыкнуў ён. — А гэта разумна!
— Полк забярэзінскіх уланаў, — пацвердзіў Стах.
— А, вельмі добра! Косцік, аддаю табе свайго Гнядка для пачатку. Мне нічога не шкада дзеля такой справы.
— Заўтра пойдзем з гэтым да камандзіра тутэйшых войскаў.
— Да генерала Канажэўскага.
— Мы пакуль не ведаем ні хто гэта, ні як яго завуць.
— Генерал Канажэўскі тут галоўны ў войску, на ўсім фронце. Я нават ведаю, дзе ён, пойдзем разам. Я ўжо даўно да яго не выбіраўся, мяне заўсёды адгаворваў Несмяртэльны, маўляў, пан генерал цяпер моцна заняты. Але калі вы пойдзеце, то ўжо і я з вамі схаджу, каб дзве справы за адным разам вырашыць.
На касцельнай вежы і ў цэрквах пачаўся вечаровы звон.
— Давайце, дзеткі, усе разам, гуртам, пойдзем на Нешпар, на інтэнцыі, каб тое, чаго мы прагнем, паспяхова здзейснілася, — прапанаваў Пятроўскі.
— Давайце! Давайце! — ахвотна згадзіліся хлопцы.
На наступны дзень каля дзясятай раніцы стары Пятроўскі, Косцік і Стах стаялі ля штабу Чатырнаццатай вялікапольскай дывізіі, які месціўся на вуліцы Доўгай. На паўквартала перад урадавым будынкам дарога для цывільных была закрытая. На ганку пярэдніх дзвярэй стаялі два вартаўнікі з навостранымі штыкамі.
— Стаяць! — загадаў адзін вартаўнік, калі смалерчукі пачалі падымацца па прыступках ганку. Другі павярнуўся бокам да калідора і кіўнуў галавой камусьці ўнутры. Праз момант выйшаў капрал.
— Чаго вы хочаце? — спытаў ён.
— Мы дэлегаты, хочам сустрэцца з генералам, — адказаў Пятроўскі, выступаючы наперад.
— Дэлегаты? Сустрэцца з генералам? — перапытаў капрал, акідваючы ўсіх траіх пільным позіркам. — Прашу за мной.
Ён правёў іх у доўгі калідор з шэрагамі дзвярэй з абодвух бакоў. Ля некаторых дзвярэй стаяла варта.
— Сядайце! — паказаў ён на лаўку ля сцяны.
— А што, генерала няма? — спытаў Пятроўскі.
— Перад тым як убачыцца з генералам, вы сустрэнецеся з капітанам.
Ён зайшоў у першыя справа дзверы, праз колькі хвілінаў выйшаў і папрасіў дэлегатаў ісці за ім.
Яны ўвайшлі ў невялікі, сціпла, па-жаўнерску, абстаўлены пакой. За меншым сталом, бліжэй да ўваходных дзвярэй, сядзеў капітан, за вялікім, ля акна — двое унтэр-афіцэраў.
— Што скажаце? — пачаў капітан.
Пятроўскі зноў выйшаў наперад.
— Мы дэлегаты ад простага польскага насельніцтва з-за Бярэзіны, хочам звярнуцца да генерала Канажэўскага, які галоўны ў войску ў Бабруйску.
— Па якой справе?
— Пра гэта мы будзем гаварыць з генералам, — цвёрда адказаў Мечык і па-юначаму падкруціў вус.
— У вас ёсць паўнамоцтва?
— Якое паўнамоцтва? Ад каго?
— Ад людзей, якія вас дэлегавалі. Апрача таго, пасведчанне асобы, каб я мог упэўніцца, хто вы такія.
— Пасведчанне асобы, хто мы такія? Чаму не, дома нешта б знайшлося: якая-небудзь метрыка, рускі валасны пашпарт, ваенны білет: мы ж не ў вароны з-пад хваста з’явіліся. Але да бальшавікоў туды, за фронт, я па гэта не пайду. А што да паўнамоцтва, то калі яно так абавязкова патрэбнае, то можна зрабіць.
— Не спраўдзіўшы, хто вы такія і ці сапраўды вас дэлегавалі, я не магу прадставіць вас генералу. Кожны чалавек можа сказаць, што яго дэлегавалі.
— Вы што, нас бандытамі лічыце ці бальшавікамі якімі? Мяне паў-Бабруйска важных людзей ведае — стараста, дэкан, пан Несмяртэльны, які на чале ўсіх памешчыкаў, таксама капітан мяне ведае… заўжды забываю, як яго імя… Чарнявы такі. Вы мусіце яго ведаць. Я вадзіў яго з войскам там, за ракой, у нашых краях, ажно два дні, дык ён мяне знае цяпер як брата.
— Як вас завуць? — спытаў капітан устаючы.
— Мечыслаў Пятроўскі са Смалярні.
— Можа гэта, пане капітан, неяк дапаможа? — падаў Косцік пасведчанне ад паручніка Клёца.
— Ага! — прабег той вачыма ліст і выйшаў праз бакавыя дзверы ў суседні пакой. Неўзабаве вярнуўся з надзвычай прыязным выразам твару.
— Ого! Дык тут, перада мной, выбітныя людзі! — ускрыкнуў ён. — Панове Пятроўскі, Васілеўскі і Балашэвіч зрабілі вялікую ласку нашаму войску! Вы Балашэвіч? — звярнуўся ён да Стаха.
— Так ёсць, пане капітан.
— Сядайце ж, панове, сядайце. Капрал Дзюба, а прынясіце адтуль яшчэ пару крэслаў! Сядайце, прашу! Пана генерала пакуль няма, так што давядзецца пачакаць. Вы курыце? — прапанаваў ён папяросы.
— Шчыра дзякую, — адмовіўся Пятроўскі. — Калі можна, то я ўжо сваю люльку.
Завязалася доўгая і прыязная размова, падчас якой смалерчукі апавялі пра найважнейшыя здарэнні з бітваў за Бярэзінай, удзельнікамі якіх яны былі, пасля — пра смалярскія справы і ўрэшце — пра мэты сваёй дэлегацыі.
Недзе апоўдні капітан правёў дэлегатаў у генеральскі кабінет, які месціўся ў кутнім пакоі з супрацьлеглага боку калідора.
Гэта быў светлы, шырокі і прыгожа абсталяваны пакой. Сцены і столь абклееныя новымі квяцістымі шпалерамі. Навокал партрэты польскіх каралёў, правадыроў, карціны гістарычных бітваў, падзей і мапы. Крэслы і канапы мяккія, з разьблёнымі аздобнымі парэнчамі. Два сталы, якія былі ў памяшканні, пакрывала амарантавае сукно. На столі вісела прыгожая і вялікая, як у касцёле, жырандоль. Сцежкі паміж сталамі і дзвярамі былі засланыя вішнёвымі дарожкамі.
За сталом, насупраць уваходных дзвярэй, у фатэлі сядзеў генерал Канажэўскі. Гэта быў ужо немалады чалавек гадоў сарака пяці, прыцярушаны сівізной, з разумным, мужным, амбітным тварам, які гарманіраваў са званнем генерала. Здавалася, што нават калі б ён надзеў сялянскую сярмягу, можна было б пазнаць, што гэта польскі генерал. За другім сталом збоку сядзелі два афіцэры з ад’ютанцкімі шнурамі.
Смалерчукі зайшлі і нясмела спыніліся ля дзвярэй.
— Калі ласка! Панове, прашу за стол! — запрасіў генерал, крыху прыўзняўшыся.
Яны баязліва ступілі некалькі крокаў наперад і спыніліся перад сталом.
— Прашу, сядайце.
— Шчыра дзякуем, мы пастаім. Насядзеліся ўжо, слава Богу! — адказаў Пятроўскі за сябе і за хлопцаў.
— Але ж прашу, прашу сядаць! Для чаго ж мы крэслы паставілі?
— Ні за што на свеце мы не сядзем перад панам генералам. Мы людзі простыя, можам і пастаяць. Пане генерал, я прыйшоў пакорна прасіць, каб вы зрабілі ласку далучыць нашую забярэзінскую зямлю да Польшчы.
— Але ж пане, — адказаў генерал, — не ў маёй кампетэнцыі вырашаць, якія землі далучаць да Польшчы.
Пятроўскі нібыта не пачуў або не зразумеў словаў генерала і працягваў далей ужо, відаць, загадзя сфармуляваную ў галаве просьбу:
— Пане генерал, край наш не горшы за тутэйшы — ні зямля, ні народ. Нават яшчэ лепшы. Праўда, ёсць пара дзікіх балот, і пара кавалкаў пясчанай выдмы таксама ёсць, але збольшага зямля спадзістая, чарназём, добрая і на хлеб, і на лес. Лясы ў нас бяскрайнія, старыя і вельмі багатыя. Ёсць такія дубы ў нашых пушчах, за якія да вайны па сорак рублёў за штуку плацілі. Сенажацяў такіх урадлівых і багатых, як у нас, не знойдзецца ў цэлай губерні. Пан Доўбар-Мусніцкі, дай яму Бог здароўя, калі ў нас тут быў, то ўсіх уланскіх коней толькі нашым сенам карміў. І народ наш таксама не такі кепскі, як пра яго могуць сказаць або падумаць. Не буду хлусіць — бяднейшыя людзі з былых вёсак, якія пры паншчыне жылі, не ведаючы, за што Польшча ваюе, глядзяць на яе коса, таксама і бандытаў за пару гадоў бязладдзя шмат нарабілася, аднак калі першым паказаць польскую праграму, а другіх — даруйце, пане генерал, — узяць за морду, то людзі з іх будуць першы сорт. А той, у каго загон шырэйшы, а таксама самыя заможныя купчанскія вёскі і пабожныя стараверы будуць маліцца за таго, хто ў краі навядзе парадак. А нашыя польскія людзі з такім жаданнем чакаюць Польшчы, як чалавек у Польшчы чакае Вялікадня. На руках будуць насіць польскіх жаўнераў, калі тыя прыйдуць. І шмат у нас польскіх вёсак — месцамі нават болей, чым з гэтага боку ракі. От каля нас, напрыклад: Смалярня, Ямы, Палянкі, далей Магільнец, Лізуны, Жардзянка, Вежгайлова, Туркачы, Сакатушкі, Маслякі, Міхайлаўка, Падгорле, Шпыркі, Шаптуны, Градзянка, Глінакопы, Малыя Біркі. Гэта толькі засценкі, і амаль столькі ж жыве ў хутарах каля іх. Зараз пералічу другую паласу засценкаў…
— Не трэба, пане, — перарваў яго генерал. — Я не адмаўляю сапраўднай вартасці вашага краю і людзей, якія там жывуць, але паўтараю, што я не прымаю рашэнняў пра далучэнне зямель.
— Пане генерал, на таго ангельца ўвогуле не трэба глядзець: ачысціць па Дняпро, а потым, калі некаму зайздросна, хай наводзіць сабе спраўкі, хай хоць на галаву становіцца. Бо па Дняпро — польская зямля. Пане генерал, прашу цябе, забяры нас у бальшавікоў, далучы нашую зямлю да Польшчы! Злітуйся над намі!
— Вы так просіце мяне далучыць свой край, нібыта ў мяне ўсё для гэтага ў кішэні. Далучэнне польскіх зямель залежыць толькі ад выніку вайны, якую мы вядзём з ворагам. Вы, відаць, думаеце, што толькі вашае міжрэчча застаецца ў няволі і што вайна ідзе толькі тут, на Бярэзіне? Не, пане, з усіх чатырох бакоў польскія землі застаюцца пад чужым валадарствам, іх грамадзяне не менш за вас прагнуць вызвалення, і мы вядзём вайну на ўсе чатыры бакі. Мы змагаемся не за частку Польшчы, а за ўсю яе да падзелаў, і мы добра памятаем яе межы. Вось вы дамагаецеся ўключэння зямель па Дняпро, а што вы скажаце на тое, што людзі з-за Дняпра таксама хочуць далучыцца, спасылаючыся на гісторыю?
— Людзі з-за Дняпра таксама просяцца?
— Так, яны таксама.
— А ці ёсць хаця б надзея, што нам гэта ўдасца?
— Польскае войска расце, мацнее і ўсюды перамагае — у гэтым і ёсць сапраўдная надзея.
— Добра, калі вы так кажаце, я больш не буду вас турбаваць. Зараз хлопцы звернуцца да вас па сваёй справе. Я толькі яшчэ аб адным хацеў бы вас папрасіць. Неўзабаве мы вышлем да Пана Кіраўніка Польшчы заяву з нагоды гэтага далучэння, дык я хацеў бы папрасіць вас, пане генерал, каб вы, калі сустрэнецеся з Кіраўніком і будзеце гаварыць пра нашую справу, закінулі за нас слоўца. Вашае слова вельмі важнае.
— Добра.
Пятроўскі адышоў крыху назад, а Косцік выступіў наперад.
— Пане генерал, — пачаў ён, — мы хочам арганізаваць тут, у Бабруйску, забярэзінскі атрад войска і вельмі просім у вас дазволу і дапамогі.
— Забярэзінскі полк уланаў, пане генерал, — дадаў Стах.
— Шляхетная і цудоўная ідэя… Ну добра, а ці ёсць у вас людзі, коні?
— Я свайго каня дам ім для пачатку, пане генерал, — умяшаўся Пятроўскі.
— Учора нас прыйшло дзевятнаццаць чалавек, — сказаў Косцік, — і ўсе жадаюць гэтага.
— А ці ёсць сярод вас прафесійныя жаўнеры, дасведчаныя, ці ёсць нейкі афіцэр, які мог бы заняцца арганізацыяй?
— Ён, пане генерал, два гады ва ўланах пад Доўбарам служыў і ўжо да старшага ўлана даслужыўся, — абвясціў Пятроўскі.
— Значыць, вы з дзевятнаццаццю хлопцамі, адным канём і «фрайтарам» марыце пра полк уланаў?
Косцік пачырванеў і разгубіўся, не ведаючы, што сказаць.
Яму на дапамогу прыйшоў Стах.
— Нічога, пане генерал, што ён толькі яфрэйтар, ён у свой час быў на чале сотні ўзброеных людзей і ў ваенным мастацтве разбіраецца не горш за якога афіцэра, — і пачаў апавядаць пра «Сілу», пра заканспіраваную пры ёй партыю вартавых, пра стварэнне летась паўстанцкага лагера ў лесе, пра аўтарытэт Косціка, а потым — пра сур’ёзнасць праекта, пра магчымасць лёгка сабраць для палка людзей і коней. — Галоўнае — пачаць, пане генерал, — казаў ён, — а потым усё само пойдзе як на мазаных колах. Няхай толькі разыдзецца навіна пра стварэнне такога палка, дык адразу з’явяцца і людзі, аж цяжка будзе ад іх адбіцца. Нас толькі ўчора самых галоўных з партыі сабралася дзевятнаццаць, але ў горадзе ўжо шмат нашых і шмат яшчэ перабярэцца. Адправім у наш край спрытнейшых хлопцаў, і яны там будуць людзей вербаваць і сюды, за раку, перапраўляць. Многія і коней з сабой возьмуць. А потым раз-другі нападзём на бальшавіцкія банды і таксама шмат чаго здабудзем.
— Для свайго веку гаворыце вы нядрэнна. Колькі вам гадоў?
— Ужо, можна сказаць, дзевятнаццаць, пане генерал.
— Гм, дзевятнаццаць… Добра, паглядзім, паразмаўляю пра гэта са сваімі памочнікамі ў штабе. Можа, знойдуцца з тутэйшых краёў афіцэры, якія захочуць вам дапамагчы. Вы пра гэта даведаецеся ў капітана, які мне вас прадставіў. Аднак было б добра, — дадаў ён, — каб ужо на самы пачатак было больш людзей і коней.
Яны папрасілі прабачэння, падзякавалі, пакланіліся і выйшлі.
У калідоры іх сустрэў той самы дзяжурны капрал і зноў запрасіў у канцылярыю капітана. Двух унтэр-афіцэраў, якія сядзелі там перад гэтым, ужо не было, замест іх, на сваё здзіўленне і немалую радасць, яны ўбачылі знаёмага ім паручніка Клёца.
— Ну-тка! Пане Васілеўскі! Пане Балашэвіч! Як маецеся?! — ускрыкнуў той, абдымаючы хлопцаў.
— Добра, слава Богу! А як вашае здароўе, пане паручнік? — спыталі яны.
— Выдатна. Я ўжо думаў, што не ўбачу вас. Ужо шмат разоў я пытаў пра вас у людзей, што прыязджалі з-за ракі, але яны ўсё казалі, што нічога пра вас не ведаюць. Ну і што, былі вы ў пана генерала з візітам? Відаць, з тым, каб арганізаваць уласнае войска?
— Так, з гэтым, — адказаў Косцік.
— Ну і як? Што на гэта пан генерал?
— Сказаў, што паглядзіць, што пагаворыць пра гэта з памочнікамі са штабу. І як вы лічыце, панове афіцэры, ці можна мець надзею з такім адказам?
— Калі так адказаў, — гаворыць капітан, — то, можа, што і будзе, толькі няхутка. Пройдзе нейкі час.
— І доўга? Колькі прыблізна?
— Можа, месяц, а можа, і два. А можа, і больш міне.
— Ажно столькі чакаць?! — занепакоіліся абодва. — Але ж чаму так доўга?
— Спачатку пройдзе нарада, пасля зацверджанне ў міністэрстве, а потым будуць шукаць інструктараў, здабываць коней, амуніцыю, вопратку і гэтак далей. Калі б гэта яшчэ пяхота… але полк уланаў…
Косцік са Стахам глядзелі адзін на аднаго, прыгнечаныя і бездапаможныя.
— І што будзем рабіць гэты час, дружа? — спытаў Косцік.
— Разыдуцца і тыя што ёсць, браце. І куды нам падзецца?
— Можа, пане паручнік, вы нам што-небудзь параіце? Калі ласка, — звярнуўся Стах да Клёца.
— Вашыя людзі могуць пакуль што ўступіць у іншыя атрады, а вы застаняцеся тут, пры штабе.
— Пры штабе? А што мы тут будзем рабіць?
— Э, для такіх хлопцаў годная праца заўсёды знойдзецца. Будзеце служыць у выведцы.
— У выведцы? У якой? Што гэта за служба?
— Будзеце хадзіць за раку і здабываць інфармацыю пра ворага.
— Шпіёніць?! Не, дзякуй, пане! Лепей я на полі памру, па-рыцарску, чым на шыбеніцы, — абурыўся Стах.
— Разумны, шчыры патрыёт дбае не пра славу і прыгожую смерць, а толькі пра перамогу.
— Я буду змагацца за перамогу да апошняга ўздыху, але як жаўнер — у адкрытай бітве, а не як шпіён.
— Жаўнер — гэта і той улан, што ідзе ў наступленне, і той, што ідзе ў выведку. Выведка — гэта ніякая не ганьба для жаўнера, бо ніводнае ў свеце войска без яе не абыходзіцца, ніводная атака, ніводзін паход без яе не робіцца. Уся сучасная сістэма вайны заснаваная толькі на тым, каб падгледзець за непрыяцелем, каб пабурыць ягоныя планы, каб абкружыць яго — каб усыпаць яму адтуль, адкуль ён не чакае. Мінулі ўжо часы, калі ворагі збіралі свае войскі на адно поле і адной бітвай вырашалі вайну. Альбо паядынкам, як біблейскія Давід з Галіяфам. Мне вельмі дзіўна, што даводзіцца паўтараць гэта вам, якія былі нам двое сутак праваднікамі і на практыцы пацвердзілі, што значыць зайсці непрыяцелю з тылу і ўдарыць знянацку, а што такое ісці наслепа. А можа вы, арганізаваўшы полк, марыце выклікаць бальшавікоў на паядынак? Для вас служба ў выведцы нават будзе карыснай: заўжды будзеце ведаць, як ідзе вашая справа з арганізацыяй палка, і будзеце кантактаваць з землякамі за ракой, вярбуючы іх на будучыню, — намаўляў іх капітан. — Ну дык што, згода? Прымаеце прапанову?
Косцік са Стахам запытальна і заклапочана перазіраліся.
— Калі добра зробіце пару выведак, гэта дакажа перад начальствам вашую сапраўдную вартасць, — працягваў капітан, — і паскорыць справу. Раю вам згадзіцца на службу ў выведцы.
— Я, ведаючы вашую вартасць, не толькі раю, але і прашу, — налягаў паручнік.
— Можа, і пагодзімся. Аднак спачатку мы мусім параіцца са сваімі людзьмі, — абвясціў Косцік.
— Добра, добра! — ускрыкнулі паручнік з капітанам. — Парайцеся сабе і тады нам паведаміце.
Яны абмяняліся адрасамі, развіталіся і пакінулі будынак.
— Але ж разумная галава гэты генерал! Ой разумная! — пачаў Пятроўскі, калі ўжо выйшлі на вуліцу.
— Мне здаецца, што я яго бачыў сярод старшых афіцэраў-доўбарцаў, — прыгадаў Косцік, чухаючы лоб.
— Дык што, хлопцы? Калі гэтыя два афіцэры вам не дапамогуць, то, здаецца мне, нічога з вашай кавалерыі не выйдзе.
— Яны дапамогуць?! — ускрыкнуў Стах. — Яны спецыяльна будуць тармазіць усю справу, каб мы ім у выведцы служылі.
— Як той казаў, колькі робіш, столькі вучышся, а дурным памрэш, — сказаў Косцік. — Нам, калі мы даведаліся пра паход польскіх войскаў, трэба было не ляцець удвох на сустрэчу, а хуценька збіраць грамаду, узбройвацца і сваімі рукамі біць бальшавікоў, забіраць сабе ваенны рыштунак. З такім пярэпалахам бальшавікоў і запалам нашай моладзі мы маглі назбіраць да ста пяцідзесяці чалавек, прытым з коньмі і сёдламі. А як хто ўжо выйшаў на ўласнай зямлі біцца з ворагам, дома б ужо нізашто не застаўся, а трымаўся б сваіх людзей, як той клешч. Сталі б дзе як эскадрон ці дывізіён з баявым мінулым, і не трэба было б чакаць ні таго дазволу, ні каб выдалі якое старое сядло.
— Святая праўда! — пацвердзіў Пятроўскі. — Мы ім справілі столькі коней, зброі і рознага рыштунку, а цяпер, калі нам самім трэба, то павінны прасіць і чакаць дазволу. Калі генерал пачаў смяяцца, што мы з адным канём хочам полк стварыць, у мяне ледзь не вырвалася: няхай аддадуць тых коней і сёдлы, якія за Буслічамі дзякуючы мне ў бальшавікоў забралі, — акурат для пачатку і хопіць. Але я стрымаўся, каб ён не падумаў, што я выхваляюся або прашу ўзнагароды.
— І можна падумаць, нам няма з чым пачынаць! Столькі вінтовак і набояў іржавее, столькі вопраткі цвіллю пакрываецца!
— А шмат у вас?
— Дастаткова.
— Дастаткова — гэта колькі? Чаму вы так, хлопцы, са мной? Я да вас заўсёды як да родных дзяцей, з адкрытым сэрцам, — а вам як сабаку пятая нага, за пастуха мяне нейкага трымаеце. Здраднік я які, даносчык ці, можа, сакрэтаў захоўваць не ўмею?
— Усяго будзе каля ста вінтовак.
— Ведаеце, што я вам скажу? — далучыўся Стах. — Як наконт таго, каб зараз зусім вярнуцца дадому і ўсё арганізаваць у нас у пушчы?
— Ніхто ўжо назад не пойдзе, нічога ты цяпер не зробіш, — адказаў Косцік.
— Не, Стах разумна кажа, — запратэставаў Пятроўскі. — Варта было б гэта добра абдумаць.
— Падумаем усе разам, як вернемся. Хадзем хутчэй! — прыспешылі яны крок.
За квартал да кватэры яны заўважылі Карапузю, які ішоў ім насустрач.
— Небаракі не могуць нас дачакацца, думаюць, што мы ім радасць нясём, — заўважыў Стах.
Калі той наблізіўся ўжо так, што мог пачуць голас, Стах крыкнуў:
— Ты ўжо, відаць, думаеш, што мы для вас і шпоры, і харчы атрымалі?
— Калі б і атрымалі, то не было б каму надзяваць, — сумна адказаў Карапузя.
— Як гэта не было б каму надзяваць?
— Палова хлопцаў пайшла.
— Як?! Куды?! Чаму?! — закрычалі ўсе трое.
— У паліцыю. Як толькі вы адышлі, з’явіўся Юзік, пашаптаўся з Норбам і Болікам, забраў іх і кудысьці павёў. Апоўдні вярнуліся — сказалі, што ўсе трое ўжо паліцыянты, і пачалі падбухторваць і намаўляць астатніх. Казалі, ці ты ў войску служыш, ці ў паліцыі — усё адно лічыцца, што для Польшчы. А служба неаднолькавая: у войску трэба гуртам жыць, спаць, прачынацца, стаяць з талеркай у чарзе па абед, кожны раз, каб адысці куды, дазволу прасіць, а ў паліцыі адбыў свае гадзіны і можаш ісці і рабіць што хочаш. З паліцыі і звольніцца можна, як надумаеш, а з войска — ужо не. Вы, можа, думаеце, што калі ўступіш добраахвотнікам, то і пайсці можаш, як захочацца? Не, мусіш служыць, пакуль вайна не скончыцца. Навошта нам гэтае ўласнае войска, навошта гэты клопат, навошта ставіць пад пагрозу родных, каб ім бальшавікі помсцілі, калі мы не ведаем, што з нашай зямлёй будзе? Ці задумваўся нехта з вас, што чакае нашых бацькоў ад бальшавікоў, калі тыя даведаюцца, што атрад забярэзінцаў супраць іх ваюе? Можа, вы толькі хочаце ўласны полк, каб Косціка ў пёркі ўбраць, палкоўнікам яго зрабіць? Калі так, то не варта хаця б таму, што ён нас падманваў, дурнямі лічыў столькі часу, каля сваёй дзеўкі ў лесе трымаў. Збірайцеся лепей і хадзем з намі ў камендатуру. І як пачалі іх так намаўляць, то згадзіліся і пайшлі малодшы Кантычка, Зыгмусь, Флорак Трызна, двое Бацянкаў з Ямаў і Румяны з Палянак.
Слухаючы аповед Карапузі, Пятроўскі харкаў і з усяе моцы сплёўваў на брук, Стах ківаў галавой і ўздыхаў, Косцік то бляднеў, то чырванеў — кіпеў гневам і сорамам.
— Мы іх прасілі хоць пачакаць, пакуль вы вернецеся, перасцерагалі іх, кажучы, што Косцік такога самавольства з рук не спусціць, але нічога не дапамагло. Іншыя дык хоць язык прытрымалі, а Юзік нават па матушцы на Косціка лаяўся: «Няхай толькі паспрабуе, растакую яго маць, да мяне дачапіцца, — казаў ён, — то я яго як крымінальнага вазьму! Я, — кажа, — прадстаўнік улады, я з рэвізорам запанібрата, я ў любы момант магу нават афіцэра арыштаваць! Што ён, бацька нам ці сапраўды начальнік нейкі, што трэба ў яго парады і дазволу прасіць? Няхай глядзіць за сваёй патаскухай, якой так свярбела, што ў Смалярні ніяк не справілася і пабегла да бялыніцкіх хлопцаў».
— Так і сказаў?! — раз’юшыўся Косцік. — Дзе яны?!
— Казалі, пойдуць у камендатуру, вунь тая аранжавая камяніца, і раз яшчэ не вярнуліся, то яшчэ там, значыць.
— Я ж яму, падлюгу, пакажу патаскуху! — крыкнуў Косцік і тут жа кінуўся праз вуліцу.
— Куды ты, Косцік?! Чакай! — крыкнулі яму ўслед.
— Я табе дам патаскуху!
— Але ж не ва ўстанове! — крычаў Пятроўскі. — Вернецца — то і дасі яму пасля. Нікуды ж не ўцячэ.
— Вярніся, Косцік, апамятайся! Вярніся! — прасілі яго Стах з Пятроўскім.
— Калі пачне бойку ва ўстанове, то можа і галавой налажыць. Пабеглі за ім, дзеткі, — сказаў Пятроўскі, бачачы, што Косцік і вухам не вядзе на іх покліч.
— А ён калі раз’юшыцца, то хоць бы там гарматы стралялі — не саступіць. Пабеглі, дзядзьку, бо згіне.
З-за шкляных дзвярэй на рагу прыгожай двухпавярховай камяніцы ў цэнтры горада, дзе месціліся староства і павятовая камендатура паліцыі, пачалі выходзіць новыя смалярскія ахоўнікі бяспекі і іх начальнікі. Першым выйшаў Юзік у таварыстве пяці рэкрутаў, за імі праз пару хвілінаў — Зыгмусь, Норба, Болік і двое заванчанскіх паліцыянтаў, якія выступалі там, відаць, у ролі сведак, і нарэшце ўчастковы — чалавек гадоў за сорак, сярэдняга росту, поўны, вусач. Пра яго пасаду сведчылі залачоны клін на плячы, лычкі на пагонах і залачоны раменьчык на шапцы. На баку вісела старая руская шабля.
Першая група выйшла, павярнула на мазаічным ходніку ўлева і праз некалькі крокаў спынілася ля сцяны, чакаючы астатніх.
— Ну і як вам, хлопцы, здаецца, маю я сувязі ці не маю? — выхваляўся Юзік перад рэкрутамі, намякаючы на пачастунак. — Бачылі, як я на кароткай назе размаўляў з панам камендантам Пірэвічам?
— А хто з іх камендант Пірэвіч? — спытаў Румяны. — Можа, той з чорненькімі вусікамі, у якога тры залатыя зорачкі?
— Ага, ён самы. Ён у рангу капітана.
— Такі зграбны афіцэр! Як з карцінкі!
— Так, дужа зграбны і сябрук мой добры. Аднойчы пан участковы, Пірэвіч, паручнік жандармерыі Сітак і я зайшлі ў рэстарацыю Зарубава на Мураўёўскай і так накіраліся, што аж дым пайшоў, — хлусіў Юзік.
— Ты піў за адным сталом з камендантам Пірэвічам?
— А што вы сабе думалі! Ну, але цяпер, хлопцы, ужо і ў вас пачнецца чалавечае жыццё. Зараз зажывяце… Глядзіце толькі, каб свіннямі не сталі… Для сябе я нічога не патрабую, я свой, але не запрасіць на падвячорак пана ўчастковага з нашага боку будзе непрыгожа. Ён жа вельмі дапамог вам.
— Ага, трэба-трэба, чаму не! — згадзіліся ўсе. — Толькі ці ёсць тут дзе такі шынок, дзе царскія паперкі прымаюць?
— І керанкі прымаюць, толькі б былі.
— Ведаеце што, хлопцы, аднак брыдка мы зрабілі, што не дачакаліся Косціка, — заўважыў Кантычка. — Ён жа нам нічога дрэннага не зрабіў.
— О, адзін ужо баіцца! І які ж з цябе паліцыянт будзе?!
— Мы ж пайшлі, слова не сказаўшы, ды яшчэ і налаяліся на яго, — засмуціўся яшчэ і Флорак. — Косцік нам гэтага з рук не спусціць.
— От, яшчэ адзін знайшоўся. Няхай толькі паспрабуе з намі задзірацца, убачыце тады, што я з ім зраблю.
Падышоў участковы, і размова скончылася.
Тым часам на другім баку вуліцы паказаўся Косцік. Ён часаў проста да іх.
Маладыя ахоўнікі парадку пачалі бурна перашэптвацца і круціцца. Кожны вярцеўся вакол, нібыта хацеў засланіцца іншым, недзе схавацца. Юзік збляднеў і нахіліўся да вуха ўчастковага. Участковы выйшаў на праезную частку насустрач Косціку.
— Вы, можа, у камендатуру паліцыі? — сурова пачаў ён размову, кладучы руку на дзяржанне шаблі і хмурачыся.
— Не, я да гэтага падлюгі, — адказаў Косцік.
— Толькі давайце без ніякіх тут падлюгаў, калі гаворыце пра прадстаўнікоў улады! — крыкнуў участковы, заступаючы Косціку дарогу. — Што ты хочаш ад яго, мне можаш сказаць!
Косцік абмінуў яго, імгненна скочыў на ходнік і схапіў Юзіка загрудкі.
— Ах ты ж гад, ты маю Карусю патаскухай назваў?! — закрычаў ён.
— Што ты, Косцік! Братка! Хто цябе нацкаваў на мяне?! — пачаў аднеквацца той.
Смалерчукі, не смеючы падняць руку на Косціка, а як паліцыянты не могучы пасіўна назіраць за бойкай, кінуліся ўцякаць.
Участковы паклаў Косціку руку на плячо і афіцыйна абвясціў:
— Імем закона я вас арыштоўваю.
Косцік пхнуў участковага локцем у грудзі, адкінуў яго на ходнік і давай мясіць Юзіка.
Два заванчанскія паліцыянты кінуліся на Косціка: адзін закінуў яму руку пад бараду, схапіў за шыю і, сціскаючы горла, адцягваў назад, другі малаціў кулаком па перадплеччы, спрабуючы вызваліць Юзіка. Але яны ніяк не маглі даць рады.
— Пусціце, хлопцы, я з ім хутка распраўлюся! — закрычаў участковы, падымаючыся з зямлі. Паліцыянты адышлі назад, а ўчастковы выцягнуў шаблю і крыкнуў Косціку: — Загадваю адпусціць і падняць рукі ўгару!
Косцік у адказ зноў накінуўся на ахвяру і давай яшчэ больш малаціць.
— Пусці і рукі ўгару! — паўтарыў участковы.
Убачыўшы, што Косцік і вусам не вядзе, ён махнуў шабляй для ўдару.
У той самы момант у паветры прасвістаў доўгі кавалак дошкі, выбіў у яго з рук шаблю і моцна стукнуў яму ў скронь.
— Вой! — крыкнуў ён ад болю, а таксама ад страху, бо не зразумеў, адкуль быў удар.
— Дык ты хочаш ззаду напасці на безабароннага, суччын ты сын? — рыкнуў Пятроўскі.
Участковы захістаўся і асунуўся на зямлю.
— Адна казлу смерць. Усё роўна адказваць, — сказаў сабе Пятроўскі і давай яго далей малаціць дошкай і прыгаворваць: — Калі мы з бальшавікамі біліся, ты, відаць, сядзеў у каноплях схаваўшыся. Такі з цябе ваяка?! Вось табе за гэта! Вось табе! Ведай жа, як лезці да смалерчукоў!
Стах з Карапузем, якія падбеглі разам з Пятроўскім, цягаліся загрудкі з заванчанскімі паліцыянтамі.
А Косцік мясіў Юзіка. Біў далонню, каб хутка не аглушаць і насыціцца помстай. Біў і прыгаворваў:
— За знявагу Каруські маёй! За гонар ейны! За галубку маю! За тое, што абылгаў мяне на Ганчыным вяселлі! За тое, што дакучаў ёй пастаянна! Зараз я табе за ўсё аддам! Гад ты! Падлюга паганы! Хлус няшчасны! Прапойца!..
Ён раз’юшыўся і біў усё мацней, усё больш заўзята. Кроў лілася ў Юзіка з носа, з вушэй, залівала твар, вопратку, рукі. Спачатку ён маліў спыніцца, роспачна спрабаваў бараніцца, але ўрэшце замаўчаў і абмяк.
— Досыць ужо, зараз я з табой скончу, — сказаў Косцік, паваліўшы ахвяру на зямлю, і пачаў душыць за горла.
Хто ведае, можа, і шчыра гэта сказаў, можа, раз’юшаны, і задушыў бы яго, калі б гэта не адбывалася ў цэнтры горада, а тым болей перад будынкам камендатуры.
Праз хвіліну пасля пачатку бойкі з усіх бакоў пачуліся крыкі і паліцэйскія сірэны. Тут жа пачалі збягацца паліцыянты, вайскоўцы і чыноўнікі са староства і камендатуры.
Першыя паліцыянты, якія падаспелі, скруцілі Стаха з Карапузем. Наступныя паспрабавалі раззброіць Пятроўскага.
— Кідай, дзед, гэтае палена! — заклікалі яны.
— Надта вас мала і надта вы мала яшчэ грэчкі з’елі, каб я вам так лёгка паддаўся, — адказаў ён.
Крыху адышоўшы да сцяны, Мечык пачаў махаць сваёй дошкай млынком, закрываючы подступ да сябе і да Косціка.
— Трупам ляжа любы, хто наважыцца падысці! — перасцярог ён.
Колькасць паліцыянтаў з кожнай хвіляй расла, пятля вакол Пятроўскага сціскалася.
— Дзед, кідай палена! Кідай, бо загінеш! Здавайся! — заклікалі яго.
— Абы-каму я не здамся! Вы маеце справу з Мечыславам Пятроўскім са Смалярні! Я ў маладосці адзін цэлыя кірмашы разганяў. Замінулай восенню злачынныя банды са сваімі хлопцамі ўціхамірваў! Я ў Студзёнцы сам-адзін голымі рукамі пяцярых бальшавікоў раззброіў і камісара застрэліў! Не здамся я абы-каму! — і раз’юшана махаў дошкай, ажно ў паветры свістала.
— Здавайся, дзед, страляць буду! — закрычаў ужо немалады паручнік, выходзячы наперад і цэлячыся з рэвальвера.
Пятроўскі адкінуў абломак і падняў рукі.
— Сам-адзін з усёй паліцыяй горада і войскам, з абломкам дошкі ў руцэ я ўжо напэўна біцца не буду, — сказаў ён. — Хацеў вас толькі падражніць.
Дзясяткі рук учапіліся ў Пятроўскага і дзясяткі — у Косціка.
— Вы толькі не біце, барані Божа, гэтага хлопца, — папярэдзіў Мечык, — бо гэта будзе наш забярэзінскі палкоўнік. Мы акурат ад пана генерала вяртаемся.
Праз дзесяць хвілінаў участковага з Юзікам забрала хуткая, а смалярская чацвёрка трапіла ў вязніцу.
Цэлых пяць дзён яны прасядзелі пад арыштам. За знявагу ўлады і цяжкія цялесныя пашкоджанні завялі крымінальную справу, але праз пасярэдніцтва землякоў яны звязаліся з паручнікам Клёцам, і той, даведаўшыся, што, хоць стан пацярпелых цяжкі, іхнаму жыццю пагрозы няма, прадставіў у камендатуры заслугі абвінавачаных, выкарыстаў свае сувязі і здолеў спыніць справу.
Як толькі яны вярнуліся з арышту, верныя Косціку хлопцы правялі нараду, зладзілі бяседу і потым рассыпаліся ў розныя бакі: Пятроўскі вярнуўся да сваёй справы з прашэннямі, Кантычка з Валькам напісалі заяву і былі прынятыя ў паліцыю, Карапузя з Лапаносым, якім абавязкова хацелася ва ўланы, ад’ехалі ў Татарскую Язду, іншыя паступілі добраахвотнікамі ў палкі, раскватараваныя ў Бабруйску, а Косцік са Стахам згадзіліся на службу ў выведцы.
Ад службы яны атрымалі кватэру і ад пана Хмары перасяліліся ў аддаленае месца, на прадмесці Бярэзіна.
Ужо на другі дзень для іх знайшлася праца. Сур’ёзнае і цяжкае, як на пачатак, дасталася ім заданне. Начальнік выведкі зачыніўся з імі ў кабінеце і сказаў:
— Слухайце, хлопцы. Ад выпадкова сустрэтых уцекачоў з Бальшавіччыны мы даведаліся, што ў Жлобіне канцэнтруюцца значныя сілы непрыяцеля. Нашы лётныя патрулі, высланыя ў тым кірунку, пацвердзілі ўзмоцнены рух войскаў у Жлобіне. Аднак нам патрэбная больш дэталёвая інфармацыя. Пару дзён таму мы адправілі адпаведных людзей, але ў ваколіцах Краснага Берага іх схапілі бальшавікі, таму цяпер пойдзеце вы. Хадзіце сюды і сачыце, — сказаў ён, паказваючы на мапу. — Разбіраецеся ў мапах? Гэта шаша, гэта чыгунка, гэта рэкі, гэта дарогі, гэта вёскі. Гэта нейтральная паласа, вось тут нашыя франтавыя пасты, а тут вось — бальшавіцкія. Жлобін знаходзіцца ажно вось тут. Глядзіце і самі выбірайце, як лягчэй туды дабрацца: можа, дробнымі сцежкамі праз маленькія вёскі, можа, лясамі, а можа, неяк кругавой дарогай. Трэба даведацца, якія там хоць прыблізна сканцэнтраваныя сілы, як яны абароненыя і з якой мэтай стаяць. Глядзіце толькі, хлопцы, асцярожна, бо бальшавікі абкружылі сябе густой сеткай контрвыведкі.
— Пане начальнік, а вы не ведаеце, што бальшавікі зрабілі з тымі, якіх схапілі каля Краснага Берага? — вырвалася ў Стаха.
— Яшчэ не ведаю, відаць, расстралялі. З палоннымі такіх службаў доўга не возяцца. А што? Вы ўжо ў штаны наклалі?
— Не, я проста цікаўлюся, — працадзіў Стах скрозь сціснутыя зубы, якія ад думкі, што іх можа напаткаць тое самае, пачалі ліхаманкава стукаць.
— Добра. Ну дык што, берацеся за заданне? Пойдзеце ў выведку?
— Так, пане начальнік, — адказалі яны з удаваным спакоем.
Атрымаўшы кароткую зброю, пропускі, пароль, маленькую мапу, некалькі дадатковых інструкцый і ўказанняў, яны пайшлі.
— Легкадумна мы, братка, не разважыўшы, увязаліся ў гэтую выведку, — пачаў Косцік на вуліцы.
— Ну і што цяпер будзе?
— Што будзе, тое будзе.
— Слухай, ты ж казаў, што калі быў уланам, то пэўны час стаяў у Жлобіне. Ці няма ў цябе там паблізу каго знаёмага, у каго мы маглі б спыніцца і з чыёй дапамогай нешта даведацца?
— І праўда, я ж ведаю недалёка адтуль пана Дрыля, аднаго хутараніна, але, на жаль, на такую працу ён ні за што ў свеце не пагодзіцца, бо надта баязлівы чалавек.
— Паляк?
— Спытай яго пра гэта, і ён табе адкажа: каталік.
— Тады ён мусіць быць пабожны.
— Так, пабожны, сам ён і ўся сям’я ягоная.
— Няма іншага выйсця, як прасіцца да яго.
Вярнуўшыся на кватэру, яны вырашылі пайсці лясамі ў сваёй звычайнай вопратцы і без зброі, мапаў і пропускаў — каб, калі іх раптам затрымаюць, не было ніякіх доказаў.
Захапілі дзве пары ліпавых лапцяў, павячэралі і на захадзе сонца перайшлі мост.
Пакуль не сцямнела, яны ішлі па рагачоўскай шашы, пасля спыніліся, пераабуліся ў лапці, боты звязалі, закінулі на плечы і пачасалі напрасткі, як ганчакі, спушчаныя з ланцуга: праз палі, лясы, гаі, балоты. Рэчкі пераходзілі ўброд. Кірунку трымаліся па зорках. Не адчувалі ні страху ночы, ні боязі перад бальшавіцкім пастом, які затаіўся недзе на ўскрайку лесу. Начныя вандроўкі не былі для іх навіной, да іх яны апошнім часам прызвычаіліся і цяпер пачуваліся смялей і бяспечней, чым днём сярод людзей. Адпачыўшы за тыдзень, што сядзелі ў горадзе, і абутыя ў лёгкія лапці, яны гналі хутка, ледзьве кранаючыся нагамі зямлі, і ціха, бязгучна, як цені. Нідзе не спыняліся. Калі раптам сустракалі вёску, хутар, глухі лес, калі паблізу чулі чалавечыя галасы, глядзелі на зоркі, адзін на аднаго, перамаўляліся жэстамі, вачыма, змянялі кірунак і безупынна ішлі далей. Калі б нехта збоку ўбачыў гэтыя два маўклівыя цені, то вырашыў бы, што ідуць небяспечныя злодзеі або прывіды, і перажагнаўся б, каб адагнаць ліха.
Недзе апоўначы хлопцы заўважылі паблізу чыгуначныя рэйкі. Яны чакалі ўбачыць іх у гэты час, таму калі і не пазналі, пры якой вярсце апынуліся, то ўпэўніліся, што ідуць правільна. Адышлі на добрую вярсту ўбок і зноў узялі кірунак на ўсход.
Праз колькі гадзінаў далейшай дарогі яны сустрэлі ў лесе пастухоў з коньмі на начоўцы. Абудзілі іх, спыталі, з якой тыя вёскі, як далёка да чыгункі, колькі да Жлобіна, якія побач дарогі і вёскі, і, наказаўшы падлеткам маўчаць, пайшлі далей.
Рана на досвітку хлопцы апынуліся на хутары пана Дрыля.
Гэта была паляна прыблізна на дваццаць моргаў, з трох бакоў аточаная высокім змяшаным лесам, з чацвёртага — чыімсьці лугам, па коле агароджаным жардзяным плотам. Будынкі стаялі пасярэдзіне, з невялікім садам і купкай дрэваў для аздобы. Каля лесу, з таго боку, адкуль выйшлі Стах з Косцікам, было картаплянае поле, ужо напалову перакапанае, побач шчацінілася прыгожая жытнёвая рунь. Мілы быў хутар і дагледжаны.
Пазнаўшы Дрылёву сядзібу, хлопцы пераабуліся ў боты і леглі ў лістоце каля плота, разважаючы кожны сабе, якімі б гэта словамі, якім чынам пачаць з гаспадаром, каб яму да сэрца дастукацца і каб ён дапамог ім дабрацца да Жлобіна.
Ужо добра развіднела, калі з двара ў іх бок выехаў воз з агромністым кашом для картоплі. Ехаў сам гаспадар. Завярнуў на картаплянішча, распрог каня з галобляў, запрог у плуг і пачаў разворваць. Тут і дзяўчаты з кашамі выйшлі з падворка.
Хлопцы ўсталі і пайшлі насустрач аратаму.
Той, заўважыўшы іх, пачаў неспакойна азірацца.
— Памагай Бог! — павіталіся яны.
— Дзякую, — адказаў, спыняючыся, падзяўбаны воспай чалавек.
— Як здароўечка, пане Дрыль? — падаў Косцік руку. — Гэта мой сябар Станіслаў Балашэвіч, — прадставіў ён. — Што ж вы, не пазнаяце мяне? — спытаў ён, убачыўшы, што Дрыль не перастае свідраваць яго вачыма.
— Упершыню бачу, — адказаў той.
— От як! Хіба ж вы не памятаеце чатырох уланаў, якіх прымалі ў сябе аднойчы ў нядзелю вясною падчас мінулай вайны? Дык я — адзін з іх.
— Я ніякіх уланаў у сябе не прымаў, я ўвогуле беспартыйны.
— Але ж вы прымалі і мусіце гэта памятаць. Трое маіх таварышаў гралі і танчылі з вашымі дочкамі ў хаце, а мы з вамі сядзелі на лаўцы пад акном і гаманілі пра палітыку.
— Я ніколі ў жыцці з уланам на адной лаўцы не сядзеў і ні з кім ні пра якую палітыку не гаварыў, — адпіраўся Дрыль.
— Эх, цяжка. Тады, можа, хоць вашыя дочкі мяне пазнаюць. Панна Ядзя! Панна Зуня! — звярнуўся ён да дзяўчат. — Няўжо і вы мяне не пазналі?
— О!.. Пан Васілеўскі! Татка, гэта ж пан Васілеўскі! Гэта ж той улан, з тых, што на Шоснік1 у нас гулялі! — закрычалі абедзве радасна. Кінулі кошыкі на зямлю і падалі рукі, сарамліва чырванеючы, відаць, таму, што былі ў простай рабочай адзежы. Дрыль палагаднеў.
— Мне таксама адразу здалося, што недзе я вас сярод добрых людзей бачыў, — сказаў ён, — але не мог успомніць, дзе. Даруйце, за цяперашнім часам трэба быць надта асцярожным. Ну, як вашая жытка? І чаго вас Бог загнаў у нашыя краі?
Стах азірнуўся навокал, нібыта хацеў упэўніцца, што ніхто не падслухоўвае, і сцішаным голасам сказаў:
— Нас, двух найлепшых уланаў з Бабруйска, пан генерал адправіў ратаваць дэкана.
— Дэкана? Ратаваць! Якога?
— Чарнігаўскага дэкана, якога бальшавікі трымаюць у Жлобіне і заўтра збіраюцца на смерць адправіць.
— На смерць адправіць?! Божа літасцівы! А мы ж нічагуткі пра гэта не ведалі! І за што яго?
— Можна сказаць, ні за што. Зусім нявінны. Спавядаў бальшавіцкага жаўнера, дык яго абылгалі, быццам ён яго да здрады намаўляў.
— За гэта?! Дык ён жа нявінны! Божа літасцівы! От жа кáты! От часы якія!
— І каб ведалі вы, які гэта святар, — падахвочваў Стах роспач і абурэнне Дрыляў. — Сівенькі, як голуб. Не пазней чым праз год мусіў стаць біскупам.
Дзяўчаты выбухнулі плачам, а Дрыль балюча ўздыхаў і пазіраў у неба.
— І як жа вы ўдвух і без нічога зможаце яго выратаваць? — спытаў ён.
— Нам толькі загадалі знайсці, у якім будынку яго трымаюць, а на ратунак яму прыляцяць аэрапланы. За некалькі вёрстаў адсюль, на адной лясной паляне, чакае восем нашых аэрапланаў, — дадаў Стах, схіляючыся да вуха Дрыля.
— Во як! Дай да Бог вам яго ўратаваць! Маці літасцівая! Мы ўсёй сям’ёй дзень і ноч будзем за гэта на каленях маліцца.
— Ну, адной малітвай вы нам мала дапаможаце. Як сапраўдны каталік вы мусіце дапамагчы нам прабрацца ў Жлобін.
— Уласна пра гэта мы і прыйшлі вас прасіць, — дадаў Косцік.
— Я? Дапамагчы вам у Жлобін?! Божа! Як жа ж... А чаму і не! Жыцця свайго не пашкадую дзеля такога ксяндзочка! Вы толькі скажыце, як. Можа, неяк уночы?..
— Нельга марнаваць ні гадзіны! Мы мусім выпраўляцца зараз жа!
— Дык жа не будзем тут стаяць, панове, а то яшчэ падгледзіць нехта. Хадзем дадому. Ядзька! Зунька! Закладайце воз назад і едзьце дадому. Не будзем сёння капаць.
1 Шоснік — Ушэсце, свята Узнясення Гасподняга. Адзначаецца на саракавы дзень пасля Вялікадня.
Праз дзве гадзіны з падворку Дрыляў выкацілася каламажка, запрэжаная канём. Ззаду на высокім сядзенні, пакрытым клятчастым дываном, сядзеў Косцік у доўгай шэрай сярмязе і высокай чорнай пілотцы, а побач з ім — Стах у жаночым адзенні: у белай вышыванай кашулі ў чырвоныя і зялёныя кветкі, у чырвонай палатнянай клятчастай спадніцы ў складку і ў чаравіках з гузікамі, у белым чапцы і аранжавай, у залатыя яблыкі, хустцы на галаве і з вялікай шэрай хусткай з кутасікамі на плячах. Ля іх ног на сене ляжала купа сушаных грыбоў і папісквала парася — нібыта на продаж. На самым перадзе сядзеў, падкурчыўшы ногі, чатырнаццацігадовы сын Дрыляў і паганяў каня.
— Кажуць людзі, — пачаў Косцік, — што ў бабы волас доўгі, ды розум кароткі. Аднак не заўсёды. Столькі я розных камбінацый і спосабаў перабраў, а пераапрануцца ў мужа і жонку мне зусім да галавы не прыйшло. Дай Божа здароўя шаноўным дзяўчатам за гэтую ідэю. Гэтак замаскаваныя, мы зможам цэлы горад бяспечна агледзець, нават маці родная не пазнае.
— Ты радуешся, а я ад сораму згараю — пад воз бы схаваўся, — адказаў Стах. — Халера! І як гэта здарылася: марыў пра шпоры, а давялося надзець спадніцу. Цьху, — сплюнуў ён.
— Чаго ты? Нічога ў цябе пад гэтай спадніцай не адваліцца, ды і не вырасце таксама. Прыйдзе час — надзенеш і шпоры. Але як табе да галавы прыйшло выйсці на таго дэкана? Калі б не гэта, стары ні за што на свеце не згадзіўся б на такую справу.
— Нават на каленях не ўпрасіў бы яго, — убачыўшы, што хлопец прыслухоўваецца да іхнай размовы, Стах дадаў гучна: — Бедненькі дэкан!..
— Слухай, Полік, — звярнуўся Косцік да хлопца. — Ты ж дарогу ведаеш?
— Нават з заплюшчанымі вачыма даеду, — зухавата адказаў той.
— А бацька не казаў табе, дзе нам спыніцца?
— Гаварыў, там, дзе вы скажаце.
— А вы дзе звычайна спыняецеся, як бываеце ў горадзе?
— А, то як калі: раз у Хацкеля каля рынку, другі раз — у Стражніка на Карпілаўцы.
— А дзе, па-твойму, зручней?
— У Стражніка зручней, бо хоць да горада і далекавата, сена заўжды цэлым застаецца. А ў Хацкеля дык не толькі ён сам сена крадзе, але яшчэ і козы на воз залазяць і ўсё пералапачваюць.
— А сям’я вялікая ў Стражніка?
— Толькі ён і адна дачка-крывашыйка.
— Добра, тады едзем да Стражніка.
Дарога, хоць і вузкая ды там-сям пакрытая каранямі, была сухая і без выбоін, конік быў адкормлены і жвавы, каламажка ішла мякка, лёгка, і яны ехалі хуткай рыссю, амаль не спыняючыся. Вярсты з дзве ехалі праз лес, потым даўжэй праз поле, а пасля зноў праз лес. У тым доўгім лесе перасеклі чыгуначныя рэйкі і неўзабаве ўбачылі Дняпро.
Ён хутка плыў пад высокім пакручастым берагам і шумеў. Быў ён не нашмат шырэйшым за Бярэзіну ў Бабруйску, але плынь здавалася хутчэйшай і вада мутнейшай. За ім цягнуліся шырокія сенажаці. Дняпроўскія лугі славіліся асаблівымі травамі і вялікай ураджайнасцю на ўсе віцебскія, магілёўскія і мінскія землі. Воз дняпроўскага сена можна было везці сто вёрстаў па выбоістых дарогах і не раструсіць — такія доўгія і сплеценыя між сабой былі травы. Яго прагна елі каровы, коні і авечкі.
Луг то набліжаўся, то аддаляўся ад ракі і з кожнай хвіляй злучаўся з іншымі, пашыраўся і стракацеў людзьмі.
Калі яны выехалі на поле, перад імі замаячыў горад. Нягледзячы на тое, што хлопцы добра замаскаваліся, ім было боязна і трывожна. А раптам Дрылёнак выдасць іх намеры? А раптам пазнаюць, што Стах — мужчына? Яны ўселіся зручней і ўперыліся ўдалячынь, нібы жадаючы працяць наскрозь гэты горад, які ляжаў на перасячэнні водных і наземных шляхоў, перапоўнены цяпер варожым войскам, нібы жадаючы адчуць намеры гэтага войска і заадно свой у гэтым горадзе лёс.
Далёка, аж ля самага горада, паказаўся клуб дыму, які хутка рос і рухаўся па дарозе ў іхны бок. Усе трое глядзелі на яго. Як падзьмуў вецер, з пылу пачалі з’яўляцца кавалерысты. Ехала пяцёра бальшавікоў на конях.
— Казакі! Казакі едуць! — закрычаў Полік.
— Ну і што з таго? Няхай сабе едуць. Не бойся, хлопча, — супакойваў яго Косцік сціснутым голасам, па якім было чуваць, што ён і сам баіцца. — Глядзі толькі, хлопча, калі будзеш пры іх з намі размаўляць, то гавары па-руску і, як я цябе вучыў, мяне называй татам, а яго — мамай.
Стаху таксама хацелася чаму-небудзь павучыць хлопца, але язык адмаўляўся слухацца. Тады ён пачаў чытаць у думках антыфон.
— Стой! — крыкнуў першы коннік, зраўняўшыся з каламажкай.
Полік спыніўся.
— Аткудава, хазяін?
— З Вірак, — выціснуў Косцік, ведаючы, што такая вёска знаходзіцца далёка пры гасцінцы, у тым баку, з якога яны ехалі.
— І куда едзеш?
— На базар едзем, трэба купіць мазі, запалак і лямеш для плуга, — адказаў ён па-руску.
— Паязжайце! — адзін з коннікаў залётна ўсміхнуўся Стаху, і яны паехалі далей.
— Хі-хі-хі, не пазналі. От дзе дурні! — засмяяўся Полік.
— Не смейся загадзя, бо яшчэ можам трапіцца. Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш, — прысароміў яго Стах.
Да самага горада іх больш ніхто не спыняў і ні пра што не пытаўся.
Рух на вуліцах быў звычайны, але вайскоўцаў сустракалася не так і шмат — не было падобна, што ў горадзе сабраліся вялікія наступальныя сілы.
Аднак калі яны заехалі на Карпілаўку, то ўбачылі там безліч бальшавікоў. Цэлыя іх групы стаялі пад дамамі і чарадой крочылі вуліцамі. Некаторыя зазіралі на воз і пыталі пра тавар, іншыя жартаўліва заляцаліся да «хазяйкі». Яны пачалі шкадаваць, што не паехалі адразу да Хацкеля: цяпер вяртанне туды магло ўзбудзіць падазрэнні. Таму ехалі далей.
— Вось тут жыве Стражнік, — абвясціў Полік, спыняючыся перад прыгожымі варотамі з дашкам, пафарбаванымі жоўтым.
— Добра, — сказаў Косцік. — Дай мне лейцы, а сам скокні ў хату і паглядзі: калі тут кватаруюць бальшавікі, то папрасі ў гаспадара вядро напаіць каня. Напоім яго са студні і паедзем да Хацкеля, а калі бальшавікоў няма, то спытай, ці можна нам спыніцца.
Полік знік за весніцамі і праз пару хвілінаў вярнуўся і паведаміў, што бальшавікі кватаруюць у доме, але цяпер іх няма, і гаспадар запрасіў заязджаць. У той самы момант расчыніліся вароты, і паказаўся гаспадар, чалавек гадоў шасцідзесяці, па-мяшчанску апрануты, з доўгай, расчасанай па-руску, на два бакі, барадой.
— Заязджайце, браткі, заязджайце! — прыязна ўскрыкнуў ён. — Паветка пустая. І ў хаце таксама месца даволі. У мяне кватаруе трое яўрэяў у вайсковай адзежы, але яны амаль заўсёды вяртаюцца толькі начаваць. Заязджайце!
Ён узяў каня за аброць, правёў у двор, зачыніў вароты, паказаў месца пад паветкай у глыбіні доўгага дзядзінца і стаяў побач, бесперапынна балбочучы, пакуль яны выгружаліся, зацягвалі задам у двор каламажку і распрагалі каня. Гаспадар быў манархістам і сваю незадаволенасць бальшавікамі выказваў смела і без ніякіх вымудраў:
— Гэта ўтарое іга татарскае Бог на Расію за грахі памешчыкаў саслаў, — сказаў ён. — Но звергнем…
Аднак калі яму асцярожна задалі пытанні, звязаныя з іх місіяй, ён сказаў толькі, што пра падрыхтоўку да вялікай атакі на польскі фронт ні ад кога не чуў і што атрад, які кватаруе на Карпілаўцы, лічыцца палком.
Гэтага было мала, таму, загадаўшы хлопцу заставацца пры кані, яны забралі свой тавар і рушылі ў горад.
Пайшлі проста ў цэнтр з надзеяй, што сустрэнуць там галоўныя вайсковыя і цывільныя ўлады, а таксама найбольш інтэлігентнае мяшчанства, якое цікавіцца палітыкай, і, бадзяючыся паміж імі, змогуць нешта падслухаць і здабыць крыху патрэбнай інфармацыі.
Але ў цэнтры людзей было менш, і вайскоўцаў таксама менш, чым на ўскрайку горада. Каля гадзіны прабадзяліся яны па цэнтральных вуліцах без аніякай карысці.
Зайшлі на рынак, і там двое чыноўнікаў, апранутых амаль цалкам па-цывільнаму, зацікавіліся іх парасём.
— Прадаеш, хазяін, парася? — спыталі яны.
— Прадаю, таварышчы камісары, прадаю! — жыва адказаў Косцік, узрадаваны, што пры гандлі завяжацца размова, і ён нешта з іх выцягне.
— І колькі хочаш за такога малога?
— Вам, таварышчы, абаронцам нашай сялянскай нядолі, прадам вельмі танна. Нічога не шкада для нашых савецкіх салдат! Я б усю сваю маёмасць аддаў для Краснай арміі, абы толькі хутчэй раздавіць белае буржуйскае войска. Ну, і як вы, таварышчы, думаеце, доўга яшчэ ляхі перад нашымі войскамі могуць трымацца?
— Мы, таварышч, да цябе прыйшлі не пра палітыку балтаць! — асеклі яны яго. — Ці шмат за парася хочаш, пытаем.
— Ад вас — адну кацярынку.
— Што?! Лічыш сябе прыхільнікам савецкай уласці, а царскіх грошай хочаш?! — крыкнулі яны.
— Лямеш для плуга трэба купіць, а за савецкія яго не дастанеш. Дайце лямеш — аддам парася за так.
Чыноўнікі згодна перазірнуліся між сабой, потым адзін з іх дастаў царскую сторублёўку і падаў яе Косціку. Той, зразумеўшы, што тавар у яго знікае без ніякай карысці, не спяшаўся браць грошы і пачаў іх адгаворваць.
— Не хачу, таварышчы, каб вы потым на мяне наракалі: свінка гэта, — сказаў ён.
— Нам усё адно, свінка ці кабанчык.
— А вы, таварышчы, навошта купляеце? — умяшаўся Стах. — Што вы з гэтым парасём рабіць будзеце?
— Даіць яго будзем. Дура ты. А навошта парася купляюць?!
— Заб’яце яго?!
— Не, жывога з’ядзім.
— А, то на забой я яго ні за што на свеце не прадам! — закрычаў Стах, хапаючы мех з парасём. — Як не знойдзецца чалавек, які б купіў яго гадаваць, то адвязу дадому. Грыша! — звярнуўся ён да Косціка. — Бі мяне хоць насмерць, але не аддам парася на забой!
Чыноўнікі, брудна вылаяўшыся па матушцы, сплюнулі і пайшлі.
Косцік са Стахам рушылі ў заходнюю частку горада. На адной з загарадных вуліц, наўпоблізь чыгуначнай станцыі, яны знайшлі столькі ж войскаў, як і на Карпілаўцы. Гэта была пяхота. Сустрэўшы на рагу невялікую крамку, Косцік зайшоў туды і пачаў таргавацца за мазь, Стах жа ў гэты час паволі пайшоў у бок поля, што віднелася за які квартал. Дайшоўшы, убачыў за паўтары стаі шмат пастаўленых радамі гарматаў, а каля іх — некалькі груп салдатаў. Не могучы на такой адлегласці іх палічыць ці высветліць іх тып, ён пайшоў далей. Дагэтуль нідзе не пазнаны, ён упэўніўся, што добрая з яго атрымалася жанчына, і рабіўся з кожнай хвілінай смялейшым і зухавацейшым.
Дзясяткі жаўнерскіх вачэй абярнуліся на цікаўную жанчыну, якая баязліва набліжалася, і свідравалі яе з ног да галавы.
Стах ішоў усё павальней і баязлівей, усё пільней утаропліваў позірк у гарматы, а калі ўжо наблізіўся амаль на дваццаць крокаў, спыніўся і выбухнуў плачам. Неўзабаве вакол яго сабраліся жаўнеры.
— Чаго ж ты, маладзічка, расплакалася? — ласкава распытвалі жаўнеры.
— Вайна-а-а бу-у-удзе!..
Жаўнеры пырснулі здаровым смехам.
— Вот жа дура якая! Вайна ўжо пяты год ідзе, а яна плача, думаючы, што толькі пачынаецца, — сказалі яны.
— Якая ж там вайна, саколікі, яна ж без такіх гарматаў была! — сказаў ён усхліпваючы. — Гэта ж куля з іх не толькі чалавека можа на месцы забіць, але і косці яму пераламаць!
Бальшавікі зноў бухнулі гучным смехам.
Стах разявата агледзеўся і сказаў:
— Чаго ж вы смеяцеся? Дык, відаць жа, куля такая самая вялікая, як і адтуліна ў рулі?
— О, часам нават і большая.
— Ты ж замужам? — спытаў адзін.
— Слава Богу, сынок ужо нават лейцы трымае.
— Дык ты так доўга замужам і яшчэ не ведаеш, што, бывае, таўсцейшую кулю заганяюць, чым адтуліна дазваляе?
— У вас жартачкі ў галаве, салдацікі, а ў мяне сэрца разрываецца ад жалю, што столькі народу загіне і пакалечана будзе! — і зноў давай плакаць і лямантаваць. — Божачка ж наш міласэрны! Прасвятая Багародзіца! Царыца нябесная! Як жа ты гэта дапускаеш? Да чаго ж ты нас даводзіш?
Некаторыя з бальшавікоў суцяшалі «наіўную» жанчыну, іншыя разыходзіліся з паблажлівай усмешкай. Двое нейкіх, што стаялі ў Стаха за спінай, пачалі паміж сабой размову:
— Дурная баба вые, убачыўшы гэтыя няшчасныя трохцалёўкі, а што б яна рабіла, калі б убачыла той ленінградскі полк цяжкай артылерыі?
— Які ленінградскі?
— Той, што надоечы ад’ехаў са смаленскай брыгадай пяхоты на дзянікінскі фронт. Або хоць бы гэтыя гарматы на вакзале.
Раптам пачуўся голас Косціка:
— Ступай сюды, ты, валацуга! Чаго туды палезла, куды не пасылаюць? Пугай ёй там, таварышчы, дайце! Пугай па лытках! Няхай не лазіць дзе не бабскае дзела!
Стах павярнуўся і паслухмяна пабег на вокліч, усхліпваючы і тручы вочы.
— Ну ты хлус! — пачаў Косцік, калі яны збочылі на вуліцу. — Так гідзіўся службы ў выведцы, а відаць, што шэльма ты не меншая за якіх чэкістаў. Умееш плакаць на заказ.
— Я б даведаўся яшчэ больш патрэбных нам звестак, калі б ты мяне не паклікаў. Прыперла ж табе!
— Досыць ужо. Ужо ўсё ведаю. Можам вяртацца.
— Што? Можа, ты якія планы бальшавіцкія знайшоў?! — жартаўліва запытаў Стах.
— Яўрэй мне ўсё расказаў. Было гэта так. Заплаціў я за мазь і кажу: «Колькі ты думаеш, гаспадару, краснага войска ў Жлобіне?» — «А нашто табе, — кажа ён, — такое ведаць?» А я яму: «Гэта я паспрачаўся з адным мешчанінам: ён кажа — сто тысяч, а я — што не больш за дваццаць». — «А на колькі паспрачаліся?» — пытае ён. «На пяцьсот рублёў», — кажу я. «Добра, — кажа ён, — з цябе дзвесце — і я табе скажу. Сын мой, — гаворыць, — служыць пісарам у ваеннага камісара, і я ўсё ведаю». Дык я даў яму тыя дзвесце рублёў, і ён мне расказаў, дзе і які полк стаіць і што ўсяго бальшавіцкага войска ў Жлобіне не больш за дванаццаць тысяч.
— Дурань ты набіты! — закрычаў Стах. — Галаву даю на адцён: усё, што табе яўрэй расказаў, ён сам прыдумаў, каб атрымаць дзвесце рублёў. Але гэта яшчэ нічога. Пасля такога дурнога пытання ён мог лёгка распазнаць, хто ты такі. І калі яго сын сапраўды служыць там, дзе ён сказаў, то, не жадаючы свайму дзіцяці дрэннага, яўрэй пойдзе і ўсё яму раскажа. Я і не ведаў, што ты такі дурны.
— Мяне дурнем называеш, а сам дужа выведаў сваім ганебным румзаннем, плачам сваім перад кацапамі?! — абурыўся Косцік.
— Я даведаўся, што на пляцы стаіць дванаццаць трохцалёвак, што…
— А ён жа, жыдзяра, сказаў, што толькі восем! — перарваў Косцік.
— Ну, бачыш? Ужо табе схлусіў. Я даведаўся, што столькі гарматаў стаіць на пляцы, што надоечы са Жлобіна ад’ехалі на дзянікінскі фронт полк цяжкай артылерыі і брыгада пяхоты і што гарматы ёсць таксама на вакзале, — і Стах пераказаў размову з бальшавікамі і тое, што падслухаў.
— Дык я думаю, што пагалоскі пра вялікае скопішча тут бальшавікоў разышліся ад таго, што гэтыя палкі праз Жлобін праехалі, — заўважыў Косцік.
— Няйначай. Аднак варта яшчэ зазірнуць на вакзал.
— Варта было б, але я не магу з дзвюх прычын: па-першае, з гэтым парасём паказвацца на вакзале ўжо не выпадае, а па-другое, у мяне ёсць там некалькі знаёмых рускіх чыгуначнікаў, якія, на жаль, могуць мяне пазнаць.
— Тады я сам пайду.
— Ідзі, але глядзі асцярожна, каб не выдаў сябе.
Яны ішлі разам ажно да самага краю вакзальных рэек, пасля Косцік завярнуў на Карпілаўку, а Стах пайшоў сам.
Ён пралез у дзірку ў драцяным плоце і разгледзеўся.
За некалькі крокаў ад яго пачыналіся два шэрагі таварных вагонаў, якія цягнуліся далёка на захад. Перад пасажырскім вакзалам, які быў з другога боку рэек, насупраць пусткі, па пероне праходжвалася некалькі вайскоўцаў і чыгуначнікаў. За некалькі дзясяткаў сажняў ад вакзала на захад пыхцеў паравоз. Далей, ля доўгага станцыйнага будынка, месцілася чатыры платформы, нечым загружаныя і пакрытыя белым брызентам. Стах адразу падумаў, што гэта, відаць, згаданыя бальшавікамі гарматы. Пасярод рэек завіхалася пару стрэлачнікаў.
Ён агледзеўся па баках і пайшоў паміж вагонамі. Яны цягнуліся ў бясконцасць. Некаторыя платформы былі загружаныя фуражом, частка крытых вагонаў стаяла запламбаваная, але найбольш было паражняку.
У адным месцы з-пад вагона вылез змазчык колаў.
— А ты чаго тут цягаешся?! — крыкнуў ён.
— Грыбочкі прадаю, чалавеча, грыбочкі! От, можа, купіш пару вязанак?
— Табе што тут, грыбны базар?!
— І, можа, знойдзецца які чыноўнік ці салдацік…
— Дык ты пад вагонамі сабе салдацікаў шукаеш?! Такая ты?! Ах ты шлюха! Ах ты распусніца! Вон адсюль, бо як вазьму зараз палку, то пакажу табе!
Стах, нібыта прысаромлены, хутка пайшоў не азіраючыся.
Калі ён урэшце выйшаў спаміж вагонаў, то далёка перад сабой, ажно там, дзе сыходзілі ў далягляд рэйкі, заўважыў бронецягнік. У яго не ставала смеласці падысці да яго бліжэй — зрэшты, ён бы ўсё адно не даведаўся нічога больш за тое, што гэта быў бронецягнік. Ён перайшоў усе рэйкі ўпоперак на супрацьлеглы бок і павярнуў да вакзала. Мінаючы ўбачаныя перад гэтым платформы, ён упэўніўся, што яны насамрэч нагружаныя гарматамі. На рампе стаяла двое кітайцаў на варце. Яны не звярнулі на яго ўвагі, ён позіркам пералічыў гарматы і пайшоў далей.
За вакзалам з боку Дняпра пачуўся свіст паравоза, і праз момант паказаўся цягнік. Вайскоўцы, што праходжваліся па пероне, сышліся ў кучку і сталі ля самага краю. Іх было пяцёра.
Стах паскорыў крок.
Цягнік спыніўся, і з вагонаў, пераважна таварных, высыпаўся рой жаўнераў. З гэтага рою адасобілася тройка найбольш прыстойна апранутых і пайшла наўпрост да той пяцёркі. «Афіцэры збіраюцца, — падумаў Стах. — Будуць рапарты, нарады, указанні. Вось бы іх падслухаць».
Ён узяў кірунак, каб падысці як найбліжэй. Прайшоўшы некалькі крокаў наперад, Стах пачаў перакладаць з рукі ў руку вязанкі грыбоў, нібыта падлічваючы іх і, злёгку прасоўваючыся, услухоўваўся ў размову гэтых афіцэраў, якая пачалася паміж імі пасля абмену вітаннямі. Адзін з іх заўважыў Стаха і, павярнуўшыся да яго, сказаў:
— Што, грыбочкі лічыш, маладуха?
— Прадаю, саколікі. Можа, купіш?
— Грыбы?! Фу! Калі б ты захацела прадаць нешта іншае, смачнейшае за гэтыя сухія, зморшчаныя, парудзелыя бабкі…
— Не, больш нічога з сабой няма.
— Дзіва якое. Такая маладая і прыгожая жанчына, а гаворыць, што нічога іншага не мае. Ёсць у цябе нешта салодкае, ласае для салдаціка…
— А праўда ж, ёсць у мяне невялікая бочачка мёду на возе, — удаваў ён, што не разумее жартаўлівага значэння словаў.
— А! Мёд у цябе ёсць? — падхапіў той.
Адзін з таварышаў паклікаў ласуна да грамады, а Стаху загадаў ісці прэч. Іншага выйсця не было: ён пайшоў, нават не азіраючыся.
Жаўнеры ўсё не высядалі: стаялі ля вагонаў без зброі, без вайсковых ранцаў, шынялёў, а некаторыя нават без шапак. Гэта значыла, што хутка яны ад’едуць гэтым самым цягніком далей. Стах ішоў, лічыў вагоны, прыкідваў, колькі ў кожным з іх можа быць гэтага зброду, і ўслухоўваўся ў размовы, жадаючы даведацца, куды яны едуць. Але з паасобных словаў зразумець гэта было немагчыма. Тады ён вырашыў спытацца наўпрост.
Ён ужо быў ля апошняга вагона, ужо збіраўся раскрыць рот, як раптам ззаду прагучаў гучны покліч:
— Стой, маладая жэншчына!
Ён здрыгануўся, павярнуўся — і пазнаў ласага на слодыч таварыша.
— Ты сапраўды маеш мёд на продаж ці хлусіш? — спытаў ён.
— Навошта ж мне хлусіць? Маю, — раптам адказаў Стах, не падумаўшы, што гэтым наклікае на сябе бяду.
— Дык дзе ён? Пакажы!
— Ой, далёка адсюль, саколік, на Карпілаўцы, — зразумеў хлопец сваю памылку і пачаў адгаворваць.
Той зірнуў на гадзіннік і кажа:
— Ёсць у нас час, хадзем!
— Але глядзі, саколік, што мы іначай як за царскія не прадаём. А можа, Грыша, муж мой, ужо прадаў.
— Калі хочаце, то заплацім вам царскімі, — адказаў той з загадкавай усмешкай на вуснах. — Давай, не губляйма часу! Хадзем!
«А халера ж мяне за язык зачапіла з гэтым мёдам», — вылаяўся Стах у думках. Добра яшчэ, калі Косцік хутка ўсё схопіць і скажа, што гэты мёд, якога ўвогуле не было, ён ужо прадаў, але калі пачне блытацца — загінем. Бо як нешта пачнуць падазраваць, адвядуць у камісарыят, і калі пачнуць правяраць асобу, па нітцы дойдуць да клубка. У Стаха ажно вочы слупам сталі ад такіх думак.
— Хутчэй, жанчынка, не адставай, бо мала часу! — падганяў салдат.
А можа, ён ужо здагадаўся, якая з мяне жанчына? Можа, ён толькі гуляецца са мной як кот з мышкай? Бо і найдурнейшага асла магла насцярожыць жанчына, што сама цягаецца з грыбамі па платформе. Нават апошні змазчык — і тое здзівіўся. Ну, а што ж, хіба яны не маглі мець на вакзале шпіёнаў?
Ён неспакойна азіраўся. За пару дзясяткаў крокаў ішлі двое бальшавікоў, якія, спадылба пераглядаючыся, пра нешта перашэптваліся, схіліўшы галовы. У Стаха па скуры прабеглі мурашкі, а на лбе выступіў халодны пот.
— Нешта ты мне, жанчына, здаешся падазронай: круцішся ўсё і мнешся, нібы зладзейка якая, — заўважыў таварыш. — Відаць, давядзецца цябе ў камісарыят адвесці, каб праверыць, хто ты такая.
Стаху ажно дых заняло ад такіх словаў.
— Гэта я, саколік, баюся і азіраюся, каб выпадкова мой Грыша нас не заўважыў, — працадзіў ён, ледзь дыхаючы. — Ён у мяне такі раўнівы, што калі заўважыць, як ты блізка да мяне ідзеш, то і ў косці натаўчы можа.
— Калі справа толькі ў гэтым, то не бойся, я за цябе ўступлюся.
Усю дарогу Стах ішоў ні жывы ні мёртвы.
Ужо ў Карпілаўцы ён не вытрымаў і зноў азірнуўся. Заўважаных раней шпегаў не было відаць. Перад варотамі Стражніка стаяў Косцік і, прыклаўшы руку да брылька фуражкі, пільна за імі сачыў. Стах рэзка правёў рукавом каля носа, падаючы ўмоўны знак, што пагражае небяспека. Косцік тут жа зрабіў тое самае, адказваючы, што зразумеў. Але з месца не зварухнуўся.
— Вось той — Грыша, муж мой, — паведаміў Стах.
— Не бойся, не паб’е, — супакоіў вайсковец.
Косцік, калі падышлі да яго, сапраўды закрычаў на сваю «палавінку»:
— Дзе ты дагэтуль бадзяешся, жаба ты балотная!
— Не шумець, дурак! Ана без дзела не таскалась, — умяшаўся салдат.
— Я на вакзал з грыбочкамі зайшла і вось выпадкова знайшла пакупніка на мёд, — пакорліва абвясціў Стах. — Ці ты, Грыша, можа, яго прадаў ужо? Пэўна ж, прадаў? — пытаў ён, падміргваючы, каб Косцік пацвердзіў.
— Што, мёд?! Не, не прадаваў.
«Халера б цябе ўзяла, асёл ты дарданэльскі!» — вылаяўся Стах у думках, бо Косцік не заўважыў такога відавочнага знаку.
— Я кажу, Грышка, што ты, відаць, той мёд прадаў ужо? — паўтарыў ён, даючы яшчэ больш выразныя знакі.
— Што ты, аглухла зусім?! Кажу табе, што не прадаваў яшчэ. Ідзі, пакажы яму, раз хоча.
— А дзе ён?
— Дзе яму быць, як не ў каламажцы!
Паколькі Стах не асабліва разумеў, што ў Косціка наўме, ён проста зрабіў так, як той загадаў — адвёў таварыша пад паветку. Косцік паволі, як бы неахвотна, ішоў за імі.
Апынуўшыся ля воза, Стах дастаў парася, загадаў Поліку прытрымаць каня і пачаў корпацца ў сене, нібыта шукаючы мёд. Ён ужо разумеў смелы Косцікаў план. Таварыш, убачыўшы, што жанчына неяк доўга не знаходзіць той мёд, зайшоў з другога боку і пачаў ёй рупліва дапамагаць.
— Грышка! Ідзі ты пакажы, а то мы ніяк знайсці не можам.
— Нармальныя жанчыны ў лесе могуць знайсці, а ты, недарэка, на ўласным возе не знаходзіш!
Косцік падышоў да воза з боку таварыша, раптоўна схапіў яго адной рукой ззаду за штаны, другой — за каўнер, падняў уверх і закінуў на воз, уціскаючы галаву проста ў сена, каб той не мог закрычаць.
— Лейцы давай! Звязвай! — скамандаваў ён.
Адрэзалі кавалак лейцаў, звязалі рукі, ногі, падвязалі падбароддзе так, каб ён не мог адкрыць рота, знялі з пояса рэвальвер, які Косцік засунуў сабе ў кішэню, і паклалі таварыша ўздоўж воза тварам уніз, прыкрыўшы зверху сенам. Ён рыкаў і стагнаў як апантаны, нібы дзікі злоўлены звер, звіваўся і кідаўся, як уюн ці акунь.
— Сядай, Полік, яму на крыж і парася ціскай, каб пішчала, а ты, Стаху, ззаду каламажкі і накрый яму галаву спадніцай! — камандаваў Косцік, жыва запрагаючы каня ў галоблі.
Праз пару хвілінаў запрог, і яны рушылі. Ля дома сустрэлі гаспадара.
— А што ж вы так хутка і не прадаўшы тавару з’язджаеце? — пытаў ён. — А ты, хлопча, чаго парася так ціскаеш?!
— Трымай, чалавеча, за пастой, — падаў Косцік «кацярынку», — і не пытай нас ні пра што, а хутчэй адчыні вароты.
Яны выехалі на вуліцу і пагналі рыссю. Правіў канём Косцік. Сядзелі яны як на іголках, як на гарачым жалезе: на кожным гучнейшым стогне з-пад спадніцы, на кожным даўжэйшым позірку мінака-вайскоўца яны затрымлівалі дыханне, у іх замірала сэрца і калола ў пятках. Калі змучанае парася пераставала пішчаць, кемлівы Полік верашчаў сам, спяваючы вясёлыя дрындушкі. Яны выбіралі драбнейшыя вуліцы, каб пры слабым руху заўжды была магчымасць ехаць рыссю. Калі ж урэшце выехалі за горад у поле, усе з палёгкай выдыхнулі, нібыта ў іх дзесяціпудовы камень упаў з душы, нібыта з душнай, парнай лазні выскачылі на свежае паветра.
— Слава Богу! — ускрыкнулі яны. — Слава табе, Найсвяцейшы!
Агледзеўшыся і ўпэўніўшыся, што паблізу нікога не відаць, яны пусцілі каня крокам і зазірнулі да свайго палоннага, які перастаў адгукацца. Вочы ў яго набрынялі крывёй, ён ляжаў непрытомны і ледзь дыхаў. Але ўдыхнуўшы пару разоў свежае паветра, ён тут жа акрэп і пачаў варушыць вуснамі, даючы знак, што хоча нешта сказаць.
— У мяне зараз няма часу на палітыку з табой, таварышч, — сказаў Косцік. — Калі будзеш ляжаць ціха, пакінем цябе жывым. Ты ўжо ўсё адно ад нас не ўцячэш.
Яны зноў закапалі яго ў сена, гэтым разам паклаўшы тварам уверх і ледзьве прыпарушыўшы. Полік усеўся яму на калені, Стах зноў прыкрыў спадніцай, і яны далей паехалі рыссю.
— Як табе толькі да галавы стрэліла такая смелая, але геніяльная ідэя? — пытаў Стах.
— Геніяльная, кажаш? Ты ж мяне быў дурнем назваў праз тыя дзвесце рублёў, якія я дарма жыду аддаў! А бачыш, і я нечага варты! Па вопратцы відаць, што таварышч гэты — вялікая птушка. Дзе ён цябе склеіў?
Стах падрабязна апавёў, як зайшоў на вакзал, што бачыў і як гэты бальшавік прычапіўся да яго з салодкім.
— А калі так, то ён павінен шмат усяго ведаць, — сказаў Косцік. — А мне, калі я вас заўважыў на вуліцы, нібыта нехта на вуха шапнуў: завабіць яго пад паветку і схапіць. Ты выцер рукавом нос, а я, ведаючы, што ў доме бальшавікоў няма і паблізу іх нідзе не відаць, падумаў: на вялікую небяспеку не выглядае. Дай Божа толькі зацягнуць яго на падворак.
— А дэкана вы не знайшлі? — спытаў Полік, здзіўляючыся, што пра таго неяк зусім не згадваюць.
— Дэкана? Чаго гэта не знайшлі? Знайшлі, вядома, на вакзале, у бронецягніку замкнуты сядзіць.
— У бронецягніку?! Значыць, уначы па яго прыбудуць аэрапланы?
— Не, цяпер, калі нам удалося ў свае рукі дастаць галоўнага жлобінскага камуніста, нам яго абмяняюць на дэкана.
— А што, гэта галоўны жлобінскі камуніст?! Значыць, дэкана зачынілі на ягоны загад?
— Ясна, што на ягоны.
— Давайце, панове, збочым, сцягнем яму порткі ды крапівой надзяром.
— Надзяром мы яго крапівой, хлопча, але спярша да Бабруйска давязём.
Убачыўшы, што ўланы не спяшаюцца з помстай, Полік засунуў руку ў сена, намацаў мяккае месца ў вязня і пачаў яго шчыпаць.
Вечарэла, надвор’е пачынала псавацца. Неба зацягнула адной шэрай бясконцай хмарай. Яны не заўважылі, як сцямнела.
Пасыпаў дробны дожджык.
Калі яны вярнуліся на хутар, было за сёмую вечара. Дождж ужо добра ліў. Навісла непраглядная цемра. Каб не ставіць Дрыляў пад небяспеку, яны спыніліся і высадзілі вязня ў лесе, а Поліку сказалі ехаць самому і прасіць каго са старэйшых сямейнікаў, каб ім прынеслі адзежы і чаго пад’есці. Тым часам Стах скочыў на іншы бок паляны і прынёс схаваныя зранку лапці, бо ў іх хадзіць па лесе было ямчэй.
Перакусілі, пераапрануліся, падзякавалі Дрылям і пусціліся цёмнай ноччу, у дождж, з таварышам праз лясы.
Вяртацца было складана. Вязень, мяркуючы, што ён у руках хуліганаў і што яго дакладна чакае смерць, пастаянна маліў падараваць яму жыццё, таргаваўся, часам наўмысна хістаўся, упіраўся, таму ім даводзілася цягнуць яго гвалтам, узяўшы пад плечы. Дождж не спыняўся ні на хвіліну. Цемра месцамі была такая густая, што даводзілася шукаць дарогу навобмацак. У гэтай цемры яны блукалі, пракладаючы сабе шлях. Прамоклыя да ніткі, дарэшты стомленыя доўгай дарогай, пад раніцу яны ўжо ледзьве перастаўлялі ногі. Аднак усё ж вытрымалі і а восьмай раніцы дацягнуліся да Крапіўні.
Апоўдні яны ўжо стаялі са сваім вязнем перад начальнікам і давалі падрабязны рапарт з выправы. Начальнік слухаў, ківаў галавой, шчоўкаў языком ад здзіўлення, а калі яны скончылі, сказаў:
— Гляджу, вам адвагі хапіла б і ў Крэмль схадзіць.
— Як трэба, то можам зранку і пайсці, — адказаў Косцік.
— Хоць бы нават і ведалі загадзя, што за такую неразважнасць давядзецца галавой налажыць, — дадаў Стах.
Мінула восень, наступіла зіма, прайшлі ўсе святы, а мяжа Польшчы заставалася па Бярэзіне. У ваколіцах Бабруйска вайсковыя пасты пераходзілі раку да вёсак Падрэчча, Даманоўшчына, Ясны Лес і Зялёнкі, але толькі з мэтай прадухіліць магчымы напад на горад. Далей жа, у адзін і другі бок, Бярэзіна была часовай дзяржаўнай мяжой, дакуль сягала польская адміністрацыя і адначасова лінія фронту. Пара спробаў бальшавікоў выцесніць палякаў з гэтай лініі разбіліся аб адважныя вялікапольскія палкі, як аб браню, аддаючы шторазу ў польскія рукі шмат чубоў і рыштунку і насцеж адчыняючы вароты да Дняпра. Але палякі туды не ішлі, заўжды адступалі на Бярэзіну.
Тым часам ворага вельмі паспяхова мардавалі «сакаліным ударам». Групы пяхоты загружаліся на рэквізаваныя падводы і разам з эскадронамі кавалерыі прабіраліся ноччу далёка ў варожы тыл, захоплівалі цэлыя палкі, часам без аніякіх страт са свайго боку. Спрыялі ў гэтых «сакаліных ударах» бяскрайнія забярэзінскія лясы і добра арганізаваная выведка, куды ўваходзілі людзі, душой адданыя справе. Гэтая выведка часам здабывала такую дакладную інфармацыю, што ведала не толькі тое, якая колькасць варожай зброі знаходзіцца ў пэўнай вёсцы ці мястэчку і як туды незаўважна прабрацца, але нават імёны камандзіраў і ў якім доме яны кватаруюць. Здаралася, што познанцы будзілі іх пад акном:
— Уставай, ротный камандзір Лэйба Салавейчык! Уставай, палкавы Андрэй Зарубін! Уставай, врач Борух Герцэмберг! Уставай, бамбардзір-наводчык! — і гэтак далей.
Такія «сакаліныя ўдары» мелі, аднак, і негатыўны бок — яны мучылі мірнае насельніцтва. Адданыя Польшчы людзі радаваліся кожнай значнай атацы і мроілі, што палякі застануцца тут ужо назаўсёды і пачнецца спакойнае жыццё, але пасля атрымлівалі балючае расчараванне. Пасля як найдаўжэй двухдзённага пастою польскіх войскаў у мясцовасць зноў вярталіся бальшавікі, свежымі палкамі запаўнялі прабоіны ў сваім фронце, праводзілі следства, шукаючы сярод польскага насельніцтва і рускіх кулакоў вінаватых у дапамозе непрыяцельскім войскам. Найбольш чапалі палякаў, амаль у кожным бачачы шпіёна і прыхільніка белых, праводзілі рэвізіі, забіралі маёмасць, спасылаючыся на тое, што нібыта хаваюць яе ад ворага, цягалі па арыштах, адбіралі жыццё ў святароў. Нават таго, што нехта падчас нападаў, не здолеўшы стрымаць пачуццяў, паразмаўляў з польскім жаўнерам, было дастаткова, каб быць абвінавачаным у здрадзе пралетарыяту.
— І на халеру гэтае тармашэнне то ў адзін, то ў другі бок, — наракалі людзі. — Няхай бы ўжо забіралі пад сваю ўладу або ціха сядзелі за Бярэзінай.
Застрашаныя варварствам раз’ятраных чэкістаў, расчараваныя ў польскім войску, яны хіліліся на бок бальшавікоў. Колькасць польскіх камуністаў і прыхільнікаў савецкага ладу ў засценках расла, а патрыётаў — змяншалася. Казалі, нават людзі з прыгожымі, спрадвечна польскімі прозвішчамі падлашчваліся і запабягалі перад старымі камуністамі, на якіх яшчэ некалькі месяцаў таму глядзелі з пагардай, пачыналі публічна пляжыць тое, што яшчэ нядаўна лічылі святым, на што маліліся.
Але рабілі гэта толькі слабейшыя, якія і да вайны двум багам пакланяліся. Большасць усё ж трымалася цвёрда і годна: яны пакорліва зносілі прыдзіркі і рэпрэсіі, але ад паходжання свайго не адмаўляліся і Польшчу перад яе ворагамі не пляжылі. Яны адчувалі пэўную горыч што да польскіх войскаў, але спачувалі ім і не страчвалі надзеі, што тыя ўрэшце іх вызваляць. Яны спадзяваліся на гістарычную прыналежнасць свайго краю, на памяць і чулыя сэрцы вызваленых братоў і, урэшце, на сваіх сыноў, якія перайшлі Бярэзіну.
Амаль за паўгода тых назбіралася даволі вялікая грамада. Сыны забярэзінцаў запоўнілі амаль усю службу бяспекі ў Бабруйску, важныя памежныя правінцыйныя пасты ў зоне дзейнасці дыверсійных брыгад і бальшавіцкіх шпіёнаў, сотні забярэзінскіх сыноў служылі ў польскіх палках. Яны ўмацавалі Польшчу на вызваленых землях, баранілі яе знутры і звонку. Але нават калі скласці іх усіх разам, выходзіла няшмат у параўнанні з лічбай змагароў, якіх адправілі ў іншыя землі на барацьбу за вызваленне Польшчы, — затое служылі яны шчыра. З усіх сілаў, ад усяе душы служылі. Служылі яны так аддана, бо там, за ракой, далёка за сінім лесам, вызвалення чакалі іх бацькі і сёстры. Бо прайграная бітва Польшчы была б паразай іх лёсу і жыцця. Бо яны мусілі скласці голаў — або адрачыся ад сваёй сям’і, хаты, зямлі і сваёй «зязюлі». Адцурацца роднай зямлі — дарагой і мілай сэрцу. Адцурацца хлебародных ніў, засаджаных дрэвамі пчаліных подкураў, аточаных наўкола лесам. Лесам незвычайным — магутным, некранутым, чарадзейным, які ёсць толькі за Бярэзінай. Таму яны шчыра служылі Польшчы.
Косцік са Стахам працягвалі працаваць у выведцы. Палка забярэзінскіх уланаў стварыць не ўдалося. Колькі разоў яны ні пачыналі збіраць кандыдатаў, заўсёды знаходзіліся або канкурэнты, якія раней заляцаліся да Карусі, або зайздроснікі, якія самі марылі быць правадырамі, усчыналі бунт супраць Косціка і руйнавалі ўсе ягоныя намаганні. Іншага арганізатара — ні з народу, ні з памешчыкаў — не знайшлося. У штабе гэтай справе вялікай увагі не надавалі — відавочна, не бачылі сэнсу ў стварэнні асобнай адзінкі або таксама не верылі ў магчымасць сабраць дастатковую колькасць ахвочых.
Засмучаныя няўдачай у гэтай справе, хлопцы ўсёй душой аддаліся службе ў выведцы.
— Няма нашага войска, — сказалі яны, — з якім мы маглі б адпомсціць ворагу за крыўды нашых людзей, таму самі будзем грызці яго, пакуль хопіць сіл!
І яны грызлі. Яны былі цэнтральнымі фігурамі ўсёй выведкі. Ім давяралі найважнейшыя справы, іх звесткамі кіраваліся перад галоўнымі наступленнямі. Яны працавалі ва ўсім зарэччы: ад Барысава — галоўнага шляху, якім адступаў Напалеон, — ажно да Рэчыцы, дастаўляючы інфармацыю пра ворага не толькі познанскай дывізіі ў Бабруйску. У адной мясцовасці яны з’явіліся ў выглядзе жабракоў, у другой — цыганоў, дзесьці як прадаўцы рашотаў, бёрдаў і лыка, але заўжды як муж і жонка. А пара з іх атрымалася выдатная: Косцік, старэйшы, з расліннасцю на твары, плячысты, і Стах — ніжэйшы, хударлявы, з гладкім тварам, з далікатнымі жаночымі вуснамі. Косцік адгадаваў доўгую бараду, а Стах — валасы. Яны прызвычаіліся звяртацца адзін да аднаго як муж і жонка, засвоілі адпаведныя сваім ролям рухі і манеры.
Аднак найчасцей яны бадзяліся ў выглядзе дробных кантрабандыстаў солі. Гэта было найбяспечней, бо голад на гэты тавар з бальшавіцкага боку быў надзвычайны, і такой кантрабандай займаліся многія. Увогуле бальшавікі за любыя спекуляцыі каралі даволі сурова, але на дробную кантрабанду солі беднымі сялянамі, якіх ніхто не падазраваў у шпіёнстве на карысць буржуяў, глядзелі скрозь пальцы і калі некага затрымлівалі, то выпытвалі толькі, адкуль ён ідзе і што бачыў у ляхаў, а затым забіралі соль і пасля пары ўдараў нагайкай адпускалі чалавека з Богам. Але лавілі кагосьці рэдка. Мужыкі праз лінію фронту прабіраліся пераважна лясамі, а здалёк такога кантрабандыста нялёгка было адрозніць ад звычайных падарожных сялянаў, якія нідзе не расставаліся з торбамі.
Такім чынам, пераапрануўшыся ў кантрабандыстаў, Косцік са Стахам прабіраліся ў тыл бальшавікоў, заходзілі ў вёску ці мястэчка, дзе раскватараваліся іх войскі, і вывучалі іх сілы, баявы парадак, варту, сувязь з іншымі атрадамі, дарогі і лясныя сцежкі, а на другі ці трэці дзень туды прыходзілі познанцы. У маладзенькім дзеншчыку, які звычайна ехаў поруч з камандзірам уланаў, і чорнабародым вахмістру ніхто не пазнаваў вандроўных гандляроў соллю, якія былі тут на пару дзён раней.
Не такой лёгкай і зручнай была служба ў выведцы, як нехта можа сабе ўявіць. Для гэтага трэба было мець шмат адвагі, майстэрства і вялікую вытрымку. Увосень, пакуль чалавек не пакідае слядоў на дарозе, пакуль можна лёгка пераначаваць у лесе, было лягчэй, а вось узімку цяжка. А зіма ў той год пачалася рана і была суровая. На Дзяды выпаў снег па калена. Праз тыдзень зноў столькі ж і ўдарыў такі мароз, што ажно хаты і лес затрашчалі. Хоць хлопцы і былі добра заканспіраваныя, усё адно не заўсёды маглі хадзіць пратаптанымі сцежкамі і начаваць у цёплых хатах. Здаралася і некалькі дзясяткаў вёрстаў ісці праз глыбокі снег без перадыху, правальвацца ў незамерзлыя балоты і потым у мокрай вопратцы ў дваццаціпяціградусны мароз начаваць у лесе ля вогнішча. Вопратка на іх замярзала ў лёд, зубы стукалі, як ад ліхаманкі.
Яны ведалі, што такое холад, цяжкая праца, стома, небяспека. Шчасціла ім даволі доўга. Некалькі разоў да іх ужо блізка падступаліся бальшавікі, расстаўлялі на іх пасткі, ужо цалкам упэўненыя, што тыя ў іхных руках, — але заўжды Провід пасылаў ім кагосьці, хто своечасова папярэджваў пра небяспеку: ім заўсёды ўдавалася ўцячы.
Яны ўцякалі, а праз нейкі час зноў з’яўляліся ўжо ў іншых абліччах, знаходзілі новыя спосабы падысці да ворага, застаючыся пры гэтым няўлоўнымі.
Здарылася гэта ў Надняпроўі, у вёсцы Вілы Граблянскай воласці. Трэці раз за час сваіх вандровак у гэтых землях Косцік са Стахам зайшлі на начлег да маладых бяздзетных беднякоў, якія жылі ў невялікай хацінцы на ўскрайку вёскі. Беззямельны селянін, ці не самы ўбогі ў вёсцы, быў, несумненна, гарачым прыхільнікам камунізму. Але яны выбралі яго наўмысна, каб не выклікаць падазрэння.
Гэтым разам іх прынялі без словаў. Жанчына наабірала на агульную «кашу» большы, чым звычайна, гаршчок картоплі, а Стах пасаліў яе і даў кавалак сала на закрасу. Прыгатавалі, патаўклі, разам за адным сталом паелі, па-сяброўску размаўляючы, потым Косцік адмераў гаспадарам, як і папярэднія разы, дзве з горкай шклянкі солі за начлег, а тыя, прыставіўшы да лавы зэдаль, паслалі ім мяккую пасцель.
Спалі пад дзяругай, падшытай кудзеляй, як пшаніцу прадаўшы.
Уначы нехта пастукаў у акно над імі. Стах, які спаў ля сцяны, прачнуўся першым. Высунуў нос з-пад дзяругі і крыкнуў:
— Гаспадару! Нехта да нас стукае.
У адказ цішыня.
— Гаспадару, гэй! Кажу, нехта стукае, — паўтарыў Стах.
Зноў абсалютная цішыня. Твар абвейваў востры холад. Стах падняў галаву і вызірнуў вонкі. Праз адчыненыя насцеж дзверы клубамі валіў мароз. Ты часам у акно зноў пастукалі.
Ён знайшоў у акне куток незамерзлай шыбіны і зірнуў на дзядзінец. Там было поўна ўзброеных каламі і стрэльбамі сялянаў. Усё стала зразумела.
— Косцік! Уставай! Чуеш?! — штурхаў ён сябра моцна ў бок. — Косцік! Чуеш! Уставай хутчэй! Прыйшлі па нас!..
— Што?! Як па нас?! Што здарылася?!
— Гаспадароў няма, дзверы ў хату расчыненыя, на дварэ поўна мужыкоў са зброяй. У вокны стукаюць. Крышка нам, браце. Вось і капец…
— Да-да! Капец вам, польскія шпіёны! — загрымеў голас у сенцах.
У пакой пасыпаліся чалавечыя цені, пачалі абступаць ложак, свяціць ліхтарамі і трэсці рэвальверамі.
Хлопцы аддаліся на волю лёсу: у такіх акалічнасцях і марыць нельга пра ўцёкі або супраціўленне. Ніякай зброі ў іх не было.
Мужыкі звязалі ім рукі, запалілі святло і пачалі вобшук. Перабралі пальцамі соль у торбах, ператрэслі і перамацалі пасцель, верхнюю вопратку, таксама перамацалі адзежу, што была на іх, — і не знайшлі нічога, акрамя грошай, і не пазналі ў Стаху мужчыну.
У Стаха з’явілася маленечкая надзея, таму ён тут жа пусціў у работу язык.
— Па якому праву вы на чэсных спекулянтаў нападаеце?! — закрычаў ён. — Па якому праву хочаце забраць нашыя мізэрныя грошы, нашую працу крывавую?!
— Па якому праву?! — закрычаў вясковы стараста і арганізатар нападу. — Ты яшчэ хочаш туману нам напускаць, шпіёнка?! Два разы ўжо правялі ляхаў у Грэблю і яшчэ наважваешся пытаць, па якому праву мы вас забіраем?
— Хто якіх ляхаў правёў?! Плюньце вы, людцы, у вочы таму, хто вам такое сказаў. Не ведаем мы ніякіх ляхаў і ніякіх шпіёнаў. На кавалак хлеба зарабляем спекулянцтвам, бо беззямельныя мы, як і гаспадар гэтай хаты. Апамятайцеся, людцы, не адбірайце хлеб у нашых дзяцей, якія галодныя нас чакаюць. Не насылайце пракляцця на сябе і сваіх дзяцей! Не забірайце нашай працы!
— Досыць! Хоць ты, баба, дробным макам рассыпайся, шпіёнка ты — і ўсё тут. Спекуляцыя вашая — гэта толькі прыкрыццё. Усюды ўжо ведаюць, хто вы такія, дзе былі і чаго нарабілі. Скончым мы ўжо з вамі…
Яны вызвалілі хлопцам рукі, каб тыя абуліся і апрануліся, а пасля зноў іх скруцілі і цэлай, чалавек з дваццаць, грамадой павялі ў Грэблю ў распараджэнне ваеннага камісара.
Не першы раз яны былі ў гэтых краях і чулі пра гэтага камісара.
Гэта быў сын граблянскага калекі-жабрака, якому яшчэ ў маладосці паламалі руку ў чужым свірне. Звалі яго Мішкам. Бурнае было ў яго мінулае. З васьмі гадоў пайшоў на вольныя хлябы. Першыя пару гадоў вадзіў сляпых. Пасля па хутарах і засценках пасвіў свіней, авечак, коней, кароў. Добры быў пастух, дбаў пра жывёлу, але атрымаўшы ад бацькі ў спадчыну доўгія рукі, нідзе надта не затрымліваўся: заўжды пад восень, калі не забіраў яго ўраднік, то сам гаспадар выганяў. На васямнаццатым годзе жыцця ўладкаваўся грамадскім пастухом у Вілы. Але ненадоўга. Калі на Сёмуху ў Грэблі забілі яўрэйскую сям’ю, прыехаў ураднік і забраў яго. Праз два месяцы следства ён уцёк з-пад арышту. З таго часу жыў толькі разбоем, крадзяжамі і забойствамі: рабаваў свірны, краў у хаўрусе са слабадскімі стараверамі коней, абкрадаў разам з бандай пад Бабруйскам у дзяржаўным лесе на шашы фурманкі, якія вярталіся з кірмашу, забіваў яўрэяў і заможных хутаранаў. Мішку ведалі ад Бярэзіны да Дняпра.
Улетку 1914 года ён прапаў як у ваду ўпаў. Людзі гаварылі рознае: што застрэлілі Мішку ў свірне, што забілі стараверы, бо не падзяліўся з імі здабычай за коней, што пад фальшывым прозвішчам уступіў добраахвотнікам у войска. Паступова пачалі пра яго забываць.
Улетку 1917 года ён раптам з’явіўся як адстаўны ўзводны, прыгожа апрануты, з лепей пастаўленай мовай і нават трошкі «граматны». І тут жа ўзяўся за палітыку. Далучыўся да купкі бяднейшых жаўнераў, якія абвінавачвалі граблянскі камітэт у здрадніцкай дзейнасці на карысць царызму, і, скінуўшы той камітэт, сам увайшоў у новы. У рабаўніцтвах дзікіх бандаў ён больш не ўдзельнічаў, бо цяпер экспрапрыяваў маёмасць ад імені ўлады, ходзячы па дварах і фальварках. Увосень, у перадвыбарчы перыяд ва Устаноўчы сход, ён ездзіў па вёсках і агітаваў за крайнюю левую партыю, здабываючы гэтым самым сабе рэпутацыю «ярага камуніста». Уцёк ад доўбарцаў за Дняпро і вярнуўся толькі пасля адыходу немцаў, адразу заняўшы пасаду ваеннага камісара.
Жыў і працаваў ён насупраць будынка сельсавета ў звычайным «гасударскім доме» з дзвюма святліцамі па канцах і з сенцамі і каморай у глыбіні, пасярэдзіне. Адна святліца была для жыцця, другая — для працы, камора служыла месцам часовага затрымання. У яго распараджэнні быў сакратар і «армейцы». Па пратэкцыі адной важнай птушкі з павета ён займеў вырашальны ўплыў на граблянскую «чэка» і ўсіх іншых чыноўнікаў. Адным словам, ён быў самай важнай птушкай у раёне.
Польскія жаўнеры, якія ўжо двойчы бывалі ў Грэблі, шукалі яго, але птушаня, якое з дзяцінства прывыкла ўцякаць, схапіць было няпроста.
Калі Косціка са Стахам прывялі туды, толькі пачынала світаць і Мішка яшчэ спаў. Дзяжурны армеец, выпытаўшы мужыкоў, што здарылася, загадаў ім ісці чакаць у сельсавет, каб сваім тупаценнем і кашлем у сенцах не пабудзіць камісара, а вязняў замкнуў у каморы.
Яны ўселіся на кучку падмятай саломы ў куце і занурыліся ў роздумы. Хвілінаў праз пятнаццаць Косцік з сумам пачаў:
— От, браце, ніколі чалавек не можа прадбачыць, дзе ўпадзе: з такіх небяспекаў мы выбраліся, столькі вумнікаў вакол пальца абвялі, а тут такі бядняк-недарэка нас ашукаў. І гэта ўсё…
— Так, лавачка прыкрылася, — пацвердзіў Стах. — Хто ў Мішкавы рукі трапіць, той ужо не выберацца. Халера!
— Вельмі цяжка… Каб жа хоць вясны дачакацца і Польшчу на нашых землях або хоць бы Каруську перад смерцю ўбачыць. Колькі ж гэта мінула, як я апошні раз бачыў яе? Месяц, два, тры, чатыры, пяць... Столькі часу! І скуры мае ўсе папсуюцца... Забегаўся я.
— Якія скуры? Што ты нясеш?
— Лісіныя і воўчыя. Хіба я табе не казаў? На цэлае дубальтовае футра назбіраў лісічак гэтых. Шыкануць хацеў… А воўчых яшчэ болей. Прападзе ўсё…
— Не прападзе: бацька прадасць, а як не — то сёстрам, як вырастуць, футры справіць, і яны цябе добрым словам успамінаць будуць.
— Не на гэта я іх збіраў.
— Ды хопіць табе са сваімі скурамі — яны табе ўжо непатрэбныя. Лепей от памолімся Богу, каб нас пахавалі на польскіх могілках.
— Чаго ж не пахаваць? Пахаваюць. Тутэйшыя, граблянскія, палякі забяруць нас і адвязуць у Магільнец. Далёка ж гэта?..
— А ты думаеш, што нас тут адразу прыкончаць? Не, браце, яны нас яшчэ расцягнуць ды бакі прысмаляць.
— Калі яны сапраўды ўсё пра нас ведаюць, як кажуць гэтыя абадранцы, то асабліва мучыць не будуць.
— Яны могуць ведаць, чым мы займаемся, але не ведаць, хто мы такія. Тады паспрабуюць высветліць гэта.
— Калі самі не дазнаюцца, то будзем маўчаць.
— Хоць скуру будуць жыўцом здзіраць — не прызнаемся.
Зноў павісла маўчанне, яшчэ даўжэйшае, пасля Косцік цяжка ўздыхнуў і сказаў:
— Я і прадчуваў, што не для мяне яна… Такі анёлак! Слухай, Стах, колькі разоў ты быў у Бабруйску на Белай Працэсіі?
— Колькі? Раз, два, тры, чатыры… Разам з тым, апошнім, што за Доўбарам, пяць.
— Пяць разоў? А ці шмат ты бачыў такіх прыгожых дзяўчат, як Каруся?
— З твару так, былі прыгожыя, але заўсёды нешта не тое: то надта тоўстая, то надта худая, то грудзі як гарбузы, то як дошка, то сцёгны вузкія, як у хлопца, то, наадварот, клубы як бочкі, то ногі як у слана, то як саломінкі. А ў тваёй усё акурат як трэба, — хваліў Стах, жадаючы падсаладзіць Косцікавы ўспаміны.
— Ну вось бачыш, братка! А добрая якая! Скажы, каму яна калі дрэннае што зрабіла? Хто ад яе чаго кепскага бачыў?
— Што да кепскага, браце, то было яго праз Карусю нямала: колькі разоў праз яе хапаліся загрудкі? Колькім ты сам морду набіў? Колькіх яна пакрыўдзіла, даўшы гарбуза?
— Але ж яна не была ў гэтым вінаватая.
— Вінаватая не была, што праўда, то праўда.
— І не было больш чулай за яе да чужой бяды, разумнейшай, смялейшай і большай патрыёткі.
— Адным словам, дасканалая дзяўчына.
— Не толькі дасканалая, але, можна сказаць, святая! Анёлак! Эх, Божа мой! Калі б я застаўся жывым і атрымаў яе за жонку, то на руках бы насіў, як каралеву. Я б яе ў шоўк апрануў, у лісінае футра, я б за яе ўсю працу рабіў, усе ейныя жаданні выконваў!
— Адным словам, быў бы, як кажуць, пад пятой.
— Ніколі, браце, я яе так не кахаў, як цяпер, ніколі так не сумаваў па ёй і ніколі так не хацеў жыць!
— Плюнь ты на гэта ўсё! Давай лепей пагаворым, як сябе паводзіць з тым бандытам.
У гэты момант увайшлі двое армейцаў і загадалі ім выходзіць. Яны ўсталі і выйшлі. Іх правялі ў канцылярыю ваеннага камісара.
Там было шмат людзей. Ля парогу стаялі стараста Вілаў, гаспадар хаты, дзе яны начавалі, і яшчэ адзін пралетар. Па пакоі праходжвалася больш за дзясятак па-вайсковаму апранутых мужчын, амаль кожны з іх меў на поясе рэвальвер, а некаторыя таксама нагайкі ў руках. За сталом сядзеў Мішка — у новай казацкай кашулі, з вясковым поясам з кутасікамі і ў шынялі наросхрыст. Росту ён мог быць ніжэйшага за сярэдні, дробны. Валасы ў яго былі чарнявыя, густыя, твар маленькі, нос кірпаты, ноздры шырока раздуваліся, вочы — маленькія і пранізлівыя. Ён сядзеў уразвалку і гайдаўся на задніх ножках венскага крэсла.
— Жэншчыну развязаць! — загадаў ён, акінуўшы позіркам вязняў. Загад тут жа выканалі.
— Падыдзіце ж бліжэй, Андрэй Паўлавіч! — звярнуўся ён да старасты Вілаў. — А вы, сакратар, — ён зірнуў на высокага мужчыну з выбітным семіцкім носам, — сядайце і пішыце.
Мужчыны, што былі ў пакоі, таксама падышлі бліжэй да стала.
— Ну што, Андрэй Паўлавіч, пазнаяце вы іх? — пачаў распытваць Мішка. — Тыя самыя гэта?
— Тыя самыя, каб я з месца не ўстаў! — пакляўся стараста.
— Паўтарыце ўсё падрабязна.
Стараста пачаў расказваць, як перад Калядамі, за два дні перад апошнім нападам палякаў на Грэблю, да яго прыйшоў прысутны тут пралетар Кірыла з Вілаў і данёс, што спекулянты, якія начуюць у яго другі раз, пару разоў перамовіліся паміж сабой па-польску, як ён, стараста, зразумеўшы, што гэта шпіёны, пайшоў за імі крадком, бо бачыў іх у Грэблі на рынку, як тыя сакрэтна размаўлялі з кулакамі, як пасля гэтай размовы яны пацягнуліся па завулку за школай і глядзелі на савецкія гарматы і кулямёты, як яны ад яго ўцяклі, як ён данёс пра гэта ў канцылярыю, дзе атрымаў загад у выпадку наступнага іх з’яўлення арыштаваць іх, і ўрэшце — як яму данёс мінулай ноччу Кірыла, што яны зноў зайшлі на начлег, а ён сабраў людзей і арыштаваў іх.
— Таварышч ваенны камісар, — скончыў ён свае паказанні, — каб я здох, шпіёны яны. Тым больш што калі яны нас не бачылі, як толькі прачнуліся, то размаўлялі паміж сабой па-польску, і яна сказала: «Крышка нам, браце, вось і капец», — а гэта апошні доказ іхнай віны.
— Брэшаш, шэльма! — запратэставаў Стах, які вырашыў абараняцца, пераканаўшыся з паказанняў старасты, а таксама з выпадковых позіркаў на яго Мішкі і іншых з ягонай світы, што мужчыну ў ім не падазраюць. — Здароўем дзяцей сваіх клянуся, брэшаш ты! Я не казала: «Крышка нам, браце, вось і капец». Я казала: «Грышка, нікога няма ў хаце, запалі каганец». А ты, шэльма, усё перакруціў.
— Ах ты сука! Ты мне будзеш яшчэ пыл у вочы пускаць!
— Калі я сука, то ты кабель!
— Дык ты, можа, яшчэ аднеквацца будзеш, што перад Калядамі, перад нападам палякаў, вы цягаліся за школай побач з савецкім войскам?
— Мы цягаліся?! А каб цябе д’яблы на тым свеце за такі напад цягалі! Каб цябе і тваіх дзяцей пранцы патачылі! Каб табе паралюш рукі і ногі адняў і каб ты дваццаць гадоў пад сябе хадзіў! Солі табе нашай захацелася і грошай, цяжка заробленых чэсным спекулянцтвам, вось і выдумляеш подласці такія.
Стараста ўмольна паглядзеў на камісара, заклікаючы яго на сваю абарону.
— Не выдумляй, жанчына! Маўчаць! — пачаў камісар. — Стараста — чэсны чалавек.
— То і вы, камісар, на мяне нападаеце?! — выбухнуў плачам Стах. — Ах, доля ж мая няшчасная! За буржуямі прыгнёт і нэндзу цярпелі, а тут свае, пралетары, на нас, бедных, нападаюць! І нашто ж ты мяне, матка, нарадзіла-а-а...
— Досыць, супакойся, жанчына. Я за праўду. Лаяцца не дазволю! Цяпер скажы мне, чалавеча, — звярнуўся ён да Косціка, — як вас завуць?
— Грышка Кірык, — паспяшаўся адказаць Стах.
— Няхай ён сам адказвае, — запратэставаў Мішка.
— Ды ён пакуль збярэцца, то і вечар настане. Ён у мяне мехам стукнуты, — дадаў Стах цішэй, падміргваючы. — Пакараў мяне Бог…
Мішка глядзеў на Стаха ўсё лагадней.
— Завуць яго Грышка Кірык. Добра. Ну, а адкуль вы, дзе жывяце?
— У Магілёве жывём, — адказваў Стах далей.
— У Магілёве?! — здзівіўся Мішка, бо ні мовай, ні вопраткай яны не нагадвалі жыхароў вялікага горада. — А вуліца, дом?
— Гомельская, 77. Гэта на Палубе за ракой, у раёне скурных фабрык.
— А вас як завуць?
— Шура Кірык — па ім, а як па матцы — не скажу, бо дужа непрыгожа.
— Прозвішча не трэба саромецца. Гаварыце!
— Шкура, — буркнуў Стах і заміргаў вачыма, нібы саромеючыся.
Некалькі прысутных выбухнула смехам, бо на мясцовай гаворцы слова «шкура» абазначала жанчыну лёгкіх паводзінаў.
— Што за смех! — крыкнуў Мішка. — Прозвішча не псуе чалавека. Хто засмяяўся — а ну вон адсюль!
Вінаватыя тут жа пакорліва выйшлі, астатнія зрабілі сур’ёзныя твары.
Пасля ўсіх фармальнасцяў Мішка пачаў высвятляць, што да чаго.
— Значыць, не прызнаяцеся ў шпіянажы? Адмаўляецеся ад таго, што сказаў стараста?
— Няхай мне вочы на лоб павылазяць, такая напасць на нас!
— Значыць, вы не хадзілі побач з краснымі войскамі? Не ўцякалі ад старасты і ён вас не ганяў?
— Каб ад яго родныя дзеці ўцякалі! Каб яго дрыстун крывавы ганяў! Ні мы ад гэтага таварыша не ўцякалі, ні ён за намі не гнаўся. Каб яму, дай Божа, кішкі закруціліся, як ён, гад, круціць!
— Добра, тады сама ўсё раскажы, як было папраўдзе.
— Было гэта, камісар, так: прадалі мы на рынку стараверам пяць фунтаў і выходзілі з Грэблі. Мінаючы пошту, неяк я азірнулася — і бачу, што нехта за намі крадзецца. Кажу тады свайму: «Грышка, нейкі нядобры чалавек, відаць, падгледзеў, як мы на рынку хавалі грошы, дык паквапіўся на іх. Паглядзі, хто там за намі ідзе». Ён азірнуўся і, хоць і няздара, таксама адразу пазнаў, што нейкі нядобры чалавек. «Давай, — кажу я Грышку, — ад гэтага мужыка адарвёмся». — «Давай», — кажа ён. Ну, мы і звярнулі ў першы завулак, пералезлі праз паркан у папоўскі сад, прыселі на кукішкі і глядзелі праз штыкеціны, што гэты гад рабіць будзе. Ажно смех нас браў, як гэты дурань, разявіўшы рот, хадзіў сюды-туды і нас вышукваў. Вось і ўсё. Не шпіёнілі мы, не думалі нават ды не бачылі ніколі тых палякаў. Нашто яно нам? Носім соль, зарабляем гэтым на хлеб. А з чаго б мы жылі? Чатыры раты трэба пракарміць. Няхай вось Кірыла скажа, у якога мы пару разоў начавалі, колькі мой Грышка-няздара жарэ.
— Як гэта можа быць, што вы за фронтам, з польскага боку, соль куплялі, а палякаў не бачылі? Хто табе паверыць?
— Соль мы бяром у Ясным Лесе, дачка ягонай дваюраднай цёткі туды замуж выйшла. Яны прыносяць соль з-за фронту, а як — гэтага мы ўжо не ведаем.
— Андрэй Паўлавіч, — звярнуўся Мішка да старасты, — а пры вобшуку вы нічога, апрача гэтага вузельчыка з грашыма, не знайшлі?
— Апрача гэтага вузельчыка і солі — нічога.
— А добра шукалі?
— Добра. Нават сподняе на іх перамацалі.
— Дай Божа, каб за гэта пад старасць ён дарогу сабе шукаў навобмацак, — кінуў Стах.
— Адвесці іх і зачыніць! — раптам прагучаў суровы загад.
— Зачыніць?! Што ж мы, вінаватыя? За што ж вы нас зачыняеце?! — заенчыў Стах, бледны як палатно. Ён ужо мроіў, што Мішка сапраўды паверыў у іх невінаватасць і тут жа, паслухаўшы, адпусціць іх.
Мішка павярнуўся разам з крэслам у іншы бок і засвістаў. Трое з ягонай світы ўзялі вязняў пад рукі, вывелі і пасадзілі ў камеру.
Яны засталіся адны, леглі на старым месцы, і Стах пачаў:
— Самае крыўднае, калі чалавеку здаецца, што ўжо ўсё ў парадку, і раптам бачыць — нічога не ўдалося. Халера! Я ўжо спадзяваўся, што нас адпусцяць.
Косцік балесна ўсміхнуўся:
— Куды там! Стары кот гэты Мішка. Не дасць сябе лёгка ашукаць. Ну, але прынамсі ты адпомсціў гэтаму старасту. Так ты яго выкляў, аблаяў, што мяне ажно смех браў. Відаць, непрыемна яму было, бо круціўся ён і з твару мяняўся, нібы яго варам абліваюць. Але ведаеш што, Стах? — дадаў ён пасля паўзы. — Здаецца мне, што мы гэтым нізкапаклонствам занадта сябе прынізілі перад тым жлабом. Трэба памятаць пра годнасць сваю і гонар. Гэты плач твой — зусім мне такое не падабаецца.
— Так ты мяркуеш? — Стах задумаўся. — Не. Як давядзецца паміраць, то памром з годнасцю, і гэта нас рэабілітуе.
— Як думаеш, што яны з намі зробяць? Бо, відаць, яны супраць нас іншых доказаў не маюць, апрача паказанняў старасты.
— Хто там ведае, што яны маюць. Калі сапраўды нічога, то эскартуюць нас на «нашае» месцажыхарства — ну, якое я назваў.
— То можа, уцячом па дарозе?
— Будзем старацца, пакуль да сцяны не прыставяць.
Яны ў думках праходзілі шлях да Магілёва і думалі пра розныя спосабы ўцячы.
Недзе апоўдні ў камеру зайшоў Мішка і прынёс ім вялікі кажух.
— Вазьміце, Шурка, — ласкава сказаў ён, — і атуліцеся, каб не змерзлі.
— Шчыра дзякую за клопат пра маё здароўе, — сказаў Стах, прымаючы кажух. — Аднак вам бы зручней было, калі б мы маглі пайсці. Ведаеце, нас дома дзеці чакаюць… Навошта ж вы нас трымаеце? Вы ж ужо ведаеце, што мы ні ў чым не вінаватыя.
— Не бойцеся, нічога вам не будзе. Заўтра адпраўлю вас у Магілёў, там правераць і адпусцяць.
— На якое ліха вам гэты клопат? Мы самі да Магілёва дабяромся.
— Без варты на вас могуць напасці нядобрыя людзі ды абрабаваць, — іранічна адказаў Мішка і пайшоў.
— Нешта дужа ён ласкавы да цябе, — заўважыў Косцік. — Глядзі, каб не паквапіўся на твае прынады.
— Барані Божа! Тады ўжо не будзе жаднага паратунку.
Праз паўгадзіны вярнуўся Мішка ў таварыстве старой, якая прынесла боршч, сітны хлеб і добра закрашаную грэчку.
— Паешце, — кажа. — Думаю, вы яшчэ не елі сёння нічога. Еш, Шурка, каб пасля не наракала, што ў мяне ў Грэблі кепска табе было.
— А мне камісар таксама дазваляе есці? — першы раз звярнуўся да яго Косцік.
— Ну вядома! Хопіць вам?
— Дык а мне нагамі ці што?
— Ай, праўда, ты ж звязаны! — ускрыкнуў Мішка.
Ён падышоў і развязаў Косціка, а пасля ўвесь час стаяў ля іх, клапатліва распытваючы, ці ім смачна, ці не халодна ў каморы і ці не цвёрда на саломе. Адыходзячы, шматзначна зазірнуў «Шурцы» ў вочы і сказаў:
— Калі табе тут надакучыць альбо нешта спатрэбіцца, стукай у дзверы.
— Пакахацца са мной хоча, гэта і дурню ясна. Таму і пакідае нас на ноч. Здаецца, браце, хутчэй мы трапім да Абрама на піва, чым спадзяваліся. Сёння ноччу ўсё і вырашыцца… І, можна сказаць, я сам вінаваты. Калі б я цябе не называў перад ім дурнем і ласкава не пазіраў на яго, ён бы, можа, і не наважыўся.
— Але ж з першага знаёмства з жанчынай нельга цягнуць яе ў ложак, — суцяшаў яго Косцік. — Можа, спыніцца на пацалунку? Ён усё ж высокі чын, павінен мець хоць якую годнасць.
— Якая там годнасць у злачынцы?
— Тады ведаеш што? Прыдумай нешта такое, каб яго адвярнула ад любошчаў…
— Можа, і так. А калі не паверыць на слова?
— То стукнеш яго чым — і кропка. Калі любошчаў захоча — будзеце ж сам-насам.
— Чым я яму стукну, пальцам?
— Тым, што пад рукой знойдзецца. Ты памятай, што гэта будзе апошняя магчымасць паратунку. Як не скарыстаеш яе — згінеш.
Яны накрыліся кажухом і паспрабавалі заснуць, але ўнутраны неспакой і шум, які далятаў са службовага пакоя, не давалі спаць. Час пераліваўся ў вечнасць. На змярканні іх вывелі на двор і, захаваўшы ўсе меры перасцярогі, зноў пасадзілі ў камеру. Шум у доме паступова сціхаў. Яны не заўважылі, як заснулі. Іх абудзіў Мішкаў голас. Мішка стаяў у дзвярах з ліхтаром у клікаў:
— Вы спіце? Гэй! Вы там спіце?
Яны ўскочылі на ногі і сталі перад ім.
— Шура, хадзі сюды!
— Я адна, без яго?
— Адна, — сказаў Мішка.
— Я не дазволю, каб мая баба недзе адна там з табой цягалася! Я з ёй пайду! — запратэставаў Косцік, заступаючы дарогу.
— Я гляджу, табе хочацца зямельку парыць або каб я загадаў цябе раздзець і нагайкай высечы?! — пагразіў Мішка, паказваючы рэвальвер.
Яны ўдвух маглі б яго раззброіць, але не ведаючы, што робіцца ў доме, не наважыліся на такі крок. Развіталіся позіркам і разышліся.
Сенцы пры слабым, ледзь бачным святле ад маленькай лямпачкі, што вісела на дзвярах кабінета, патаналі ў змроку.
— Глядзіце вы на яго! Недарэка, а бабу сваю раўнуе, — заўважыў Мішка.
— Дурні больш раўнівыя за разумных.
Мішка завёў Стаха ў свой пакой.
Гэта была жылая святліца. Злева ад уваходных дзвярэй, у куце, стаяла вялікая печка. За печкай уздоўж левай сцяны — ложак. Далей, па ўсім пакоі ўздоўж сценаў — лавы. Вялікі гладкі стол, засланы цыратай, стаяў, як зазвычай, у пачэсным куце, але месцы абразоў займалі партрэты камуністычных правадыроў. На адной са сценаў на чатырохканцовых вілах, якія сімвалізавалі ласіныя рогі, віселі карабін, стужка патронаў і шабля. На другой, на такіх самых вілах, — новыя бліскучыя боты і башлык. Месца ля дзвярэй насупраць печы, якое служыла кухняй, было аддзеленае ад астатняга пакоя палатнянай шырмай.
— Подласць вялікую я ўчыніў бы, калі б такую прыгожую маладзіцу ў камеры начаваць змусіў, — сказаў Мішка, замыкаючы на ключ дзверы. — Пераначуеш, Шурка, у маёй святліцы.
Стаха, калі ён падумаў пра тое, што набліжаецца гульня не на жыццё, а на смерць, узялі дрыжыкі. Яму стала так кепска, што ён аж сеў на зэдлік, які стаяў ля дзвярэй.
— Шура! Што здарылася?! — ускрыкнуў Мішка, заўважыўшы яе асалавелы выгляд. Ён скочыў да вядра, зачарпнуў кубак вады і падаў. — Шура, што здарылася? Чаго ты дрыжыш?! — дапытваўся ён, падтрымліваючы Стаха за плечы.
Той зрабіў пару глыткоў і тут жа акрэп.
— Нічога, ужо праходзіць, — прамовіў ён.
— Што, баішся мяне?
— Чаго мне баяцца? Нічога, гэта ў мяне кожны вечар так пасля апошніх родаў, што нядаўна былі.
Твар Мішкі з агідай выцягнуўся, як у рыбака, які думаў, што на кручок трапілася рыба, а ўбачыў жабу.
— Ты нядаўна нараджала?!
— Так, во перад святам акурат.
— Перад святам?! А дзе ж дзіця?
— Нежывое было. Выкідыш. Злякалася я моцна тады, ды і праз паркан пералазіла, каб у папоўскім садзе схавацца. Калі б я помслівая была, то зацягала б па судах гэтага шэльму. За такое яму крымінал бы далі.
— Аднак жа ўжо ладны кавалак часу мінуў… Па твары тваім зусім не відаць, што хварэла. Усё пройдзе.
— І я думаю, што пройдзе.
— Уставай, хадзем пап’ём чаю і пасля выспішся ў мяккім ложку.
— Чаю дык пап’ю, не адмоўлюся, але на ложак твой не пайду, не хачу пасцель табе вошамі забрудзіць. Сам ведаеш: пастаянна ў дарозе, цёплая вопратка. Часам ажно на паверхню вылазяць, дык сорамна мне тады зусім робіцца. Каб на іх халера! Во і цяпер, — залез ён рукой за каўнер і, пачухаўшыся з хвіліну, нібы дастаў нешта двума пальцамі, падышоў да лавы і расціснуў пазногцем.
— Ну што, забіла? — спытаў Мішка, схіляючыся і прыглядаючыся да месца, дзе Стах нібыта расціснуў вош.
— Не, здаецца, паспела на зямлю саскочыць.
— Чорт яе бяры, на падлозе ж яна здохне.
— Аёй, сорам — хоць ты пад лаву хавайся. Ты, відаць, думаеш, што я лахудра якая.
— Ды плюнь ты на гэта, Шура! Э, у мне такое часта здараецца. Кінь гэта, хадзем!
Жадаючы яе суцешыць, ён сцягнуў з яе галавы хустку.
Заўважыўшы адносна кароткія валасы, аж ускрыкнуў:
— А што з тваімі косамі?
— Каўтун зняла, — адказаў Стах не задумваючыся.
— Каўтун?! І як, ачуняла? А ведаеш, валасы ў цябе прыгожыя растуць. Такая ты красавіца!
— Ну, тут ты ўжо хлусіш. Адкуль мне быць красавіцай, як я тры дні не мылася?
— Золата і ў балоце відаць. Ну, распранайся і хадзі, будзем чай піць. Бачу, ты хочаш, каб я цябе доўга ўпрошваў, — дадаў ён пагрозлівым тонам.
— Дык іду, чаму ж не ісці. Хто б гэта адмовіўся ад кумпаніі такога хлопца? Дай, аднак, саколе, мне крыху ўмыцца. У чым бы гэта...
Мішка паказаў тазік, мыла, ручнік, прынёс грэбень і люстэрка.
— Колькі часу, не ведаеш?
— Пятнаццаць хвілінаў на дзявятую, — адказаў Мішка, зазірнуўшы ў кішэню.
— Дык жа рана яшчэ! Вазьмі, саколік, ды пазавешвай вокны, а то нехта падгледзіць яшчэ. Прашу цябе!
Стах зняў жакетку, умыўся, расчасаўся, абцягнуў спадніцу, кашулю, дастаў наверх нізкі караляў і выйшаў з-за шырмы.
Мішка тым часам пазавешваў вокны, дастаў з печкі і паставіў на стол вялікі чайнік з гатаванай цыкорыяй, філіжанкі, цукар, талерку пчалінага мёду і нарэзаў хлеба.
— Цяпер ты настаяшчая жамчужына! — ускрыкнуў ён, убачыўшы Стаха ў каралях.
— Ага, заўсёды так: спачатку падлізваецеся, а пасля нос вароціце.
— Не, далібог, Шура, якая ж ты красавіца!
Яны селі насупраць: Мішка ля сцяны, а Стах збоку.
— Ты, можа, жанаты ўжо? — спытаў Стах, салодзячы цыкорыю.
— Не, пакуль што кавалер, — адказаў Мішка.
— Дык, пэўна, трымаеш маладую кухарку?
— Ты ж яе бачыла, яна вам абед у камеру прыносіла.
— Фу! Старая, зморшчаная…
— Але ж гатуе і прыбіраецца добра.
— То ўжо ашчаслівіш кагосьці, як ажэнішся. Такога прыгожага хлопца і такога начальніка атрымаць — ого! Ты ж за старэйшага тут ва ўсёй акрузе?
— Так, у сваёй галіне. Хоць магу пахваліцца, што ўсе мяне слухаюцца. Бачыла ў канцылярыі?..
— А, дык гэта чэкісты былі? Глядзі, Мішка, каб нас не падслухоўвалі, каб не было ў цябе праблем пасля…
— Усе на службе, у канцылярыі засталося толькі двое армейцаў.
— Дык ты знарок, хітрун такі, усіх адправіў, каб нам удваіх застацца! — засмяяўся Стах, шчыра ўзрадаваны такой навіной.
«Мне б яшчэ чаго адпаведнага знайсці, — падумаў ён, — то я ўжо цябе пакладу!»
Ён павёў вачыма па пакоі, шукаючы, што можна выкарыстаць, але апрача вінтоўкі і шаблі, на нічога сцяне не знайшоў.
— Ну што ты так глядзіш? Напэўна, дзівішся, што звычайная мужыцкая хата? Я ж табе не буржуйскі начальнік. Шура, а чаму ты посны хлеб грызеш? Чаму мёду не бярэш?
— Ніколі не ем пчаліны мёд. Пчолак люблю, а мёд — не.
— Дык, можа, масла хочаш? Ведаеш што, тут у цябе ў стале акурат у шуфлядзе масла ляжыць, дык адкрый, вазьмі сабе.
Стах адкрыў шуфляду — і каля сподачка з маслам убачыў доўгі нож з вострым канцом. Ён ледзь не затросся ад радасці. Дастаў сподак і хуценька засунуў шуфлядку.
— Так-так, сапраўды ашчаслівіш кагосьці, — вярнуўся Стах да праслаўлення Мішкі, пільна ўзіраючыся ў яго. — Ведаеш, ты ж волас у волас падобны да майго Пецькі: такі самы рост, чупрына, нос кірпаты і такі ж геройскі.
— Твайго Пецькі? А што з ім сталася?
— Ашукаў мяне маладую і ўцёк кудысьці.
— І ты выйшла за гэтага недалужнага?
— А што мне было рабіць? Хто б мяне зганьбаваную, ды яшчэ і з байструком, узяў?
— Невялікая гэта ганьба. Хіба ж мала такіх выпадкаў у свеце? Перад савецкім законам усе роўныя — і законныя, і байструкі.
— Так, але ж тады савецкага закона яшчэ не было. А па-другое, пляма байструкоўства ляжыць на нашай сям’і яшчэ з кацярынінскіх часоў. Можаш паверыць? Бацька мой таксама дзесьці сена сабакам косіць, а мама мне казала, што і ейны бацька незаконна на свет прыйшоў, і таму, відаць, калі простым людзям давалі прозвішчы, маю прабабку запісалі Шкурай.
— Праўда, нейкае вы незвычайнае племя!
— Грышка да мяне пасватаўся, дык я і пайшла. Думала так: хоць я яго і не кахаю, але жыць буду як нармальныя людзі. Мы тады жылі ў вёсцы, у Вірках, адкуль абое паходзім. У яго там была свая хата, траціна зямлі і капейка вялася, бо акурат паблізу адкрылі смалярню, а ён быў вельмі здатны да карчавання. Але як ажаніўся, то запіў, загуляў ды прамантачыў усё, засталася толькі голая хата. Думаеш, я нешта за ім бачыла? Думаеш, ён мне хоць раз хустку купіў ці кафтан, або чаравікі справіў, або басаножкі, ці хоць бы ўжо лапці-саракавушкі мне калі-небудзь сплёў, як іншыя, бяднейшыя, мужыкі сваім жонкам? З таго часу як мы пажаніліся, толькі самыя простыя ліпавыя лапці і насіла, дай Бог, каб яму хутчэй вочы зліпліся!
— Аднак жа цяпер ты ў прыстойных чаравіках.
— Бо сама іх сабе справіла. Як вайна пачалася, забралі яго, а я пераехала ў Магілёў і ўзялася за спекулянцтва. Дасёння жывём з маёй працы і, слава Богу, хлеба хапае.
— А пра Пецьку свайго нічога не чула?
— Баяўся, каб я на яго ў суд не падала, дык і ўцёк. Прапаў як у ваду ўпаў. Ні я, ні ягоныя бацькі дагэтуль пра яго нічога не чулі.
— Ну, а што б ты зрабіла, калі б яго сустрэла?
— Вочы б яму выдрапала, варам бы гада абліла.
— А калі б ён шчыра перад табой выбачыўся, згадзіўся ўзяць цябе жонкай, а сам быў бы нейкі важны чын, які мог бы табе забяспечыць гонар і дабрабыт?
— Калі б так, то, можа, неяк іначай бы зрабіла. Э, ды што пра гэта гаварыць і марыць дарэмна!
— Ведаеш, што я табе скажу? Я твой Пеця, — абвясціў ён з сур’ёзнай мінай.
— Ты мой Пеця?! — ускрыкнуў Стах. — Не, ну ты брэшаш! Думаеш, я такая наіўная? Цябе ж Мішкам завуць.
— У мяне шмат розных імёнаў, але сапраўднае, якое мне далі пры хрышчэнні, — Пётр. Я табе паўтараю: я — гэты твой Пеця з Вірак, які цябе звёў, а сам уцёк, пакінуўшы з байструком на паняверку. Я цябе адразу пазнаў, як толькі цябе прывялі ў канцылярыю, але хацеў спачатку ўсё даведацца. Даруй мне, Шура!
— Ты… сапраўды мой Пецька?!. Ты… той самы?! — закрычаў Стах, прыўздымаючыся і пільней углядаючыся ў яго. — Так… гэта ты… Я пазнаю… Гад ты печаны! — прастагнаў Стах сціснутым голасам і зноў апусціўся на зэдлік. Адпіхнуў філіжанку, абапёрся локцямі на стол і, занурыўшы галаву ў плечы, зарыдаў.
Мішка падсеў на зэдлік злева ад «Шуркі» і пачаў перад ёй сябе дакараць і суцяшаць яе, падступна ўсміхаючыся:
— Так, Шура, я табе крыўду вялікую ўчыніў. Прызнаюся ў гэтым, каюся. Я апошні падлюга і нікчэмнік. Даруй мне!
— А ты ж кляўся, што не кінеш мяне, што ажэнішся! Ты ж на крыжы мне прысягаў! Ты ж бажыўся, клятваадступнік! — усчаў Стах, схіліўшыся над сталом, а правую руку тым часам засунуў пад звешаны край цыраты, прачыніў шуфлядку, залез у яе і намацаў тронак нажа.
«Бі яго хутчэй у жывот, пакуль ён над табой схіліўся, лепшага выпадку не знойдзеш, бо калі гэтага не зробіш, то праз пятнаццаць хвілінаў ці, найпазней, праз паўгадзіны ён сам цябе заб’е», — падганяў яго голас логікі.
Стах сціснуў пальцы на тронку і ўжо хацеў дастаць руку, але яна раптам задрыжала, і нейкая сіла затрымала яе на месцы.
— Так, я кляўся табе, — гаварыў Мішка, — але ты павінна зразумець, што я быў тады малады, свавольны і дурны. І я моцна шкадую пра гэта. Сёння я гэтага не зрабіў бы. Даруй мне!
— А з мяне людзі насміхаліся, пальцам паказвалі! Я, цябе вызіраючы, вочы ўсе выгледзела! Я, слёзы дзень і ноч раняючы і па табе ўздыхаючы, высахла на шчэпку! Я не ведала, куды падзецца!
«Бі яго хутчэй, бо праз момант ужо можа быць позна!» — прыспешваў яго той самы голас. Стах зноў узяўся за тронак. І зноў у яго задрыжала рука, і нешта яе стрымала. Не, гэтак ён яго не заб’е, пераканаўся Стах, незаўважна дастаючы з шуфлядкі руку без нажа.
— Даруй мне, Шурка! Я пастараюся адплаціць за твае крыўды! Ужо не будзеш ты з соллю цягацца. Вазьму цябе за жонку. Новыя чаравікі табе спраўлю, шмат сукенак шаўковых, футра табе сабалінае куплю, служанка ў цябе будзе — станеш важнай дамай. Перастань, не плач, прашу цябе!
— І ты гэта, праўду кажаш? — спытаў Стах, падымаючы галаву.
— Чэснае слова!
— Ну, а што з Грышам, з дзецьмі што зробім?
— Возьмеш з ім развод паводле савецкага закона, а дзяцей аддамо ў прытулак!
— Як ты добра ўсё прыдумаў! Ажно верыць у такое шчасце не хочацца! Ведаеш што? Давай зараз пойдзем у камеру і тут жа яму ўсё і аб’явім, — у Стаха з’явілася ідэя завабіць Мішку ў камеру, каб там удвух яго задушыць. — Як ён вочы вылупіць ад такой навіны! Няхай ведае, што ён мне непатрэбны. Ах, Пеця! Каб ты ведаў, колькі я ад яго і ягонай сям’і вынесла! Колькі яны мяне за гэтага байструка ўпікалі!
— Не, Шурка, хопіць на сёння ўжо такіх узрушэнняў. Заўтра зранку яму раскажам. А то позна ўжо.
— Не, Пецька, хадзем сёння! — цягнуў яго Стах за рукаво. — Пры табе дам яму ў морду, вось убачыш! Хадзем.
— Не, сёння позна для скандалаў, — рашуча адмовіўся той. — Трэба адпачыць.
Ніяк не ўдавалася завесці яго туды. Стах роспачна шукаў іншага спосабу. Ён памятаў, што калі за пятнаццаць хвілінаў ён нічога не прыдумае, не рашыцца на нейкі смелы крок — іх з Косцікам чакае смерць. Але гэтае ўсведамленне небяспекі і неабходнасць неадкладна дзейнічаць не дазвалялі яму засяродзіцца і рабілі дарэмнымі ўсе высілкі. Думкі беглі адна за адной і ў гэтай спешцы блыталіся, мяшаліся, баламуціліся. А ў вушах тым часам грымела: «Спяшайся, Стаху, спяшайся, бо загінеце!» Здавалася, ажно чэрап трашчаў ад навалы розных планаў і камбінацый.
Але ўрэшце з хаосу думак неяк выплыў адзін спосаб, і ў Стаха з’явіўся план.
— Супакойся, Шура! Ты стамілася. Ідзі ўжо спаць! — прапанаваў Мішка.
— Спаць? А куды мне ісці?
— Туды, на мой ложак.
— А ты куды пойдзеш?
— Я? На лаве пасцялю, — сказаў ён, не хаваючы ўсмешкі.
— Добра, пайду. Аднак спачатку трэба са стала прыбраць..
— Ды пакінь ты! Кухарка зранку прыбярэ. Ідзі ўжо спаць! Ідзі, Шурка залатая!
Ён прыспешваў Стаха і падганяў яго словамі, вачыма, жэстамі рук, тупаннем ног.
— Іду, іду, раз ты ўжо так гоніш. Аднак памятай: спаць будзеш, як і сказаў, асобна на лаве, а то, як у казарме, капай накрыю і адлупцую!
Стах падышоў да ложка, адкінуў коўдру на спінку, узбіў, як добрая гаспадыня, пярыну, падушку, затым прыставіў зэдлік, зняў і склаў на ім грабеньчык з галавы, каралі з шыі, зняў чаравікі, верхнюю клятчастую спадніцу, хуценька скочыў у ложак і шчыльна закруціўся ў коўдру.
Мішка палаў пажадай: шчокі гарэлі румянцам, шырокія ноздры раздзімаліся яшчэ шырэй, вочы зрабіліся вільготнымі. Ён сачыў за кожным Стахавым рухам, пераступаў з нагі на нагу і тупаў як конь стаенны.
Калі Стах апынуўся ў ложку, Мішка тут жа прылёг з краю і паспрабаваў яго абняць.
— Ты ж казаў, што будзеш на лаве спаць! — закрычаў Стах, адштурхоўваючы ягоную руку.
— А ты сапраўды хочаш мяне асобна марозіць на лаве?! Клапатлівая з цябе жонка выйдзе, адразу відаць.
— Дык чаго тады хлусіш?! Злезь, здымі боты і патушы святло, бо іначай не дазволю прытуліцца.
Ён злез і паслухмяна выканаў загад. У пакоі запанавала пякельная цемра.
Стах устаў на ногі, распрастаў перад сабой коўдру і прыціснуўся да самай сцяны.
— Шурка, любка мая! — азваўся Мішкаў голас з краю ложка. — Шурка, дзе ж ты?! — паўтарыў праз секунду той самы голас ужо на сярэдзіне ложка.
Стах скочыў з коўдрай на тое месца, адкуль апошні раз данёсся голас, і апынуўся ў Мішкі на грудзях, прыціскаючы яму правую руку.
— Ах ты балаўніца! Усё ж хочаш мне «салдацкае пакрывала» зладзіць? — данёсся голас з-пад коўдры ад узгалоўя.
Да сапраўдных намераў сваёй «каханкі» ён не даўмеўся і не спрабаваў ні спіхнуць яе, ні выцягнуць прыціснутую руку.
Стах спрытна выкарыстаў гэты момант яго пасіўнасці і тут жа паклаў Мішку на лапаткі, а таксама намацаў і засунуў пад коўдру і другую ягоную руку.
— Ну і геройская ж з цябе дзяўчына, Шурка! — хваліў яго Мішка, яшчэ не прадчуваючы бяды. — Толькі не прыціскай так моцна, бо задушыш, і не будзе табе каму сабалінага футра справіць, — дадаў ён.
Стах падсоўваў яму пад бакі коўдру і ўсё мацней і ямчэй прыціскаў каленямі.
— Злазь, бляха ты няшчасная, а то ў морду дам! — дзіка зароў Мішка. — Злазь, жывёліна!!! — і далей ужо лаяўся на каханку выключна хрыпеннем.
Стах схапіў яго аберуч за шыю і з усяе моцы сціснуў горла.
Пачалася роспачная барацьба за жыццё; адзін сутаргава сціскаў далоні вакол шыі праціўніка, душыў, трымаў яго з усіх сілаў, як п’яўка, як клешч, ведаючы, што калі не ўдасца, то яго самога чакае смерць. Другі канвульсіўна напружваўся, звіваўся, кідаўся з усіх сілаў, ратуючыся ад смерці.
Яны былі прыкладна аднолькавыя па моцы, але барацьбу пачалі ў неаднолькавых умовах, і Стах хутка адужаў свайго ворага. Праз пару хвілінаў Мішкавы рухі пачалі слабець, а хрыпенне сціхаць. Стах баяўся падступства і не адпускаў рук. Праз хвіліну той цалкам сціх і знерухомеў.
Але Стах яму пакуль не давяраў і, рэзка павярнуўшыся, сеў тварам да яго ног, закасаў коўдру, зняў з Мішкі пояс з кутасамі і звязаў яму рукі.
Ён спяшаўся. Перамацаў усе кішэні, знайшоў у адной ключы і дастаў іх, намацаў на зэдліку ліхтарык, карабок запалак і браўнінг — ён чуў, як, патушыўшы святло, Мішка яго туды паклаў. Пасля падбег да дзвярэй і напружыў слых. Стаяла мёртвая цішыня.
Ён адамкнуў пакой, выйшаў, на дыбачках прабег у сенцы і адчыніў дзверы камеры.
— Выходзь, братка, — ціха паклікаў ён.
Косцік выскачыў жвава, нібы дзесяцігадовы хлопец. Ні пра што не пытаў. Па вясёлым голасе сябра і адсутнасці варты ён зразумеў, што выходзіць, каб ужо болей сюды не вяртацца.
Стах замкнуў камеру, завёў Косціка ў Мішкаў пакой і тыя, другія, дзверы таксама за сабой зачыніў.
— Ведаеш, я ж яго задушыў на ложку, — сказаў ён. — Можам уцякаць.
— Дык чаго мы стаім? Пабеглі!
— Можа, мы яго адхукаем? А то я пачынаю сябе грызці, што забіў яго такім агідным чынам.
— Ты што, жартуеш?! Ён вунь колькі людзей яшчэ больш агідным чынам забіў.
— Можам спрабаваць уцячы. Баяцца няма чаго: дзверы замкнёныя, вокны завешаныя фіранкамі, а ў канцылярыі толькі двое дзяжурных армейцаў, якія, я думаю, спяць, а хоць бы і не спалі — усё адно не наважацца сюды прыйсці, калі іх не клікалі.
Яна запалілі лямпу і зазірнулі ў ложак. Мішкі там не было.
— Ну, цяпер яму ў задняе вуха ўжо не пахукаеш, — з’едліва прашыпеў Косцік.
— А куды ж яго халера падзела?! — усклікнуў Стах. — Не мог жа ён за такі кароткі час развязаць сябе і ўцячы. Ён павінен быць недзе ў пакоі. Глядзі: вокны ўсе цэлыя і зброя на месцы. Давай шукаць!
Свецячы ліхтарыкам, пачалі шукаць — і знайшлі пад ложкам. Мішка заўзята грыз вязьмо ў сябе на руках.
— А чаго ж ты, Пеця, туды залез? — спытаў Стах, свецячы на яго ліхтарыкам.
— Панове! Не забівайце мяне! — заенчыў ён па-польску.
— А ты сам людзей літаваў?
— Няма калі разважаць! — крыкнуў Косцік. — Давай мне ліхтарык, я з ім сам разбяруся, а ты збірайся давай! Надзявай ягоныя боты і шынель, а гэтыя свае бабскія шмоткі кідай тут да д’ябла, бо калі хочаш свайго каханка пакінуць жывым, яны ўжо непатрэбныя. І вінтоўку з набоем здымі: калі, не дай Божа, нешта здарыцца — бараніцца будзем да апошняй кулі, да апошняга ўздыху!
Не пазней як праз дзесяць хвілінаў Мішка, добра звязаны і з заткнутым ротам, ціха і нерухома ляжаў на падлозе, а Косцік са Стахам, патушыўшы лямпу, адмыкалі акно ў сад.
У гэты момант нехта гучна пастукаў у дзверы.
— Вось табе і маеш! — балюча прастагнаў Стах. — Хто ж гэта там, каб яго ліха ўзяла?
— Небяспечна вылазіць — заўважыў Косцік, — раптам увесь дом абкружаны.
— Відаць, не лёс нам выбрацца адсюль жывымі, браце.
Стукалі ўсё мацней, праз хвіліну пачалі малаціць кулакамі. Абодва падышлі да дзвярэй.
— Таварышч ваенны камісар! Таварышч ваенны камісар! — далятаў голас з сянец. — Пільныя тэлеграмы прыйшлі!
— Якія тэлеграмы? — спытаў Стах, пераймаючы Мішкаў голас.
— Дзве пільныя тэлеграмы: адна са штабу дывізіі, друга — з ГубЧК. Тут кажуць, што двое затрыманых спекулянтаў — мужчыны, і іх шукаюць на ўсім заходнім фронце як небяспечных польскіх шпіёнаў. Матвей пабег у мястэчка па старшыню ЧК, а я сюды, да вас, таварыш ваенны камісар! Ізвініце!
— Трэба яго тут прыстукнуць ды абкласці чым, — прашаптаў Косцік. — Ідзі ты, Стах, туды, за шырму, а як пачуеш, што я адчыніў дзверы, крыкні адтуль, каб ішоў да цябе.
Калі Стах адышоў, Косцік адчыніў дзверы і схаваўся збоку.
— Хадзі, таварышч, сюда, — адгукнуўся з-за шырмы голас, надзіва падобны да Мішкавага.
Армеец пераступіў парог і ад удару жалезным Косцікавым кулаком зарыўся носам у падлогу. Для большай пэўнасці Косцік падняў ахвяру высока ўгору і стукнуў ёй, бы калодай, аб зямлю.
Яны зачынілі дзверы, каб пазбегнуць пагоні, выскачылі праз акно і пабеглі. Трэба было прабрацца праз некалькі ўчасткаў, таму ім даводзілася пералазіць праз парканы і частаколы, перабягаць праз двары. Сабакі паднялі пякельны брэх. У адным доме пільны гаспадар, абуджаны брэхам сабак, выйшаў на падворак і пачаў крычаць:
— Ату іх! Ату! Хапайце іх!
«Каб на цябе ў старасці дзеці твае так атукалі, — падумаў Стах. — Сну на цябе няма, ёлуп ты велікодны!»
Яны беглі, пераскоквалі цераз вялікія перашкоды з такім спрытам, нібыта замест чалавечых касцей мелі сталёвыя спружыны.
Апынуўшыся на загуменным завулку ля поля, яны спыніліся, самі не ведаючы, што рабіць: бегчы ў поле ці зашыцца ў нейкай стадоле, у саломе на якія суткі. Ноч была ясная, пагодная, таму калі б рана пачалася пагоня, іх лёгка б заўважылі і дагналі на конях па гразкім снезе. Але заставацца ў Грэблі магло быць яшчэ больш небяспечна.
Яны бездапаможна стаялі на месцы. Сабакі прачнуліся ва ўсім мястэчку і, як на ліха, брахалі.
— Слухай, у тым баку, здаецца, сані скрыпяць, — сказаў Косцік, прыслухоўваючыся да сабачага галасу.
— Ага, скрыпяць, — пацвердзіў Стах.
Яны абодва напружылі зрок: уздоўж шэрагу жардзінаў, што тырчалі па-над іншымі ў плоце, то паказвалася, то знікала дуга.
— Нехта едзе! Далібог, нехта едзе да нас завулкам! — радасна закрычалі яны.
Яны павярнуліся і пайшлі вытаптанай сцежкай. Стах схаваў пад шынялём вінтоўку.
— Гэй, там, рабяты! Убок! — загрымеў мужчынскі голас з саней.
Яны адступіліся на розныя бакі сцежкі, а калі сані наблізіліся, ускочылі на іх.
— Падвязі нас, дзядзька! — папрасілі яны хорам барадатага мужыка, адзінага пасажыра ў санях.
— Спачатку сядаеце, а пасля просіце дазволу! — запратэставаў селянін, не заўважыўшы, што адзін з дакучлівых спадарожнікаў у вайсковай вопратцы. — Хто вас так навучыў? Не падвязу, злазьце! Не бачыце, што мая каняка ажно павальней пайшла? — дадаў ён, хітра манеўруючы лейцамі. Убачыўшы, аднак, што Стах дастае з шыняля вінтоўку і пачынае правяраць, колькі там набою, знямеў.
— Каняка твая павальней пайшла, бо не ўмееш павозіць! — закрычаў Косцік. Ён узяў лейцы і пугу, пацягнуў пад жывот, і яны панесліся так, што за імі ажно закурылася.
Праз паўгадзіны яны былі на ўскрайку сасновага лесу. Косцік спыніў загнанага каня, аддаў лейцы гаспадару і, паклаўшы яму руку на плячо, сказаў:
— Вяртайся, чалавеча, у Грэблю і…
— І нікому нічога не казаць? — перарваў яго селянін, рады, што яго адпускаюць жывым.
— Акурат кажы. Табе ж лепей будзе. Вяртайся ў Грэблю, зайдзі ў сельсавет або да ваеннага камісара і раскажы ўсё як было: што мы цябе спынілі ў завулку, селі ў твае сані і прыехалі ажно сюды, у лес. За намі гоняцца савецкія ўлады, дык калі следства высветліць, што ты нас сюды прывёз, то абвінавацяць у супрацоўніцтве з намі. Разумееш?
— Разумею, — адказаў той, разварочваючы каня.
Косцік са Стахам кінуліся адзін аднаму у абдымкі з радасным крыкам:
— Мы жывыя, братка! Жывыя, сябар ты мой родны! Дачакаемся вясны!
— Дачакаемся, дружа, і ўбачу я яшчэ сваю Былінку!
Пасля Трох Каралёў, праз некалькі дзён пасля прыгодаў нашых выведнікаў у Грэблі, надвор’е сапсавалася, і непагадзь трывала больш за тыдзень. Пачалося ўсё з завеі, якая бушавала амаль два дні і дзве ночы. На ўскрайках лясоў, у падлесках, у нізінах і ля платоў наваліла снегу ажно па грудзі росламу чалавеку. У вёсках беднякам у іх маленькіх хатках пазавальвала вокны. Пасля завірухі раптоўна пачалася адліга. Павеялі цёплыя паўднёва-заходнія вятры, паплылі цёмныя дажджавыя хмары, пасыпаў дробны дождж. Снег раставаў, падаў з дрэваў, злазіў са стрэхаў, асядаў на полі і ў лясах. Нізіны і рэкі пасінелі вадой. Бездарожжа — з хаты не выйсці. На самых раз’езджаных дарогах пад конскім капытом вада ажно вылівалася з каляінаў. Там-сям пазнікалі брады. Людзі баяліся, што рэкі выйдуць з берагоў.
Але не выйшлі — дзякуй Богу, абышлося.
На шосты дзень вярнуліся сухія халодныя вятры з поўначы, разагналі хмары, і гэтак жа раптоўна, як пасля завірухі прыйшла адліга, стукнуў мароз. Воды і размяклыя ад вады снягі зноў замерзлі, пакрыліся ледзяной коркай, і зямля ператварылася ў суцэльны гранітны мост. Можна было ісці ці ехаць на кані куды толькі заманецца, нават не гледзячы на дарогу.
Косцік і Стах усю непагадзь прабавілі ў сваёй кватэры, спалі па дванаццаць гадзінаў на суткі, вылежваліся ў ложку аж да болю ў баках, прыгадвалі і абмяркоўвалі самыя важныя падзеі з выведкі і выправу ў Смалярню, куды збіраліся рушыць, як толькі дарогі замерзнуць. Косцік так захапіўся ідэяй убачыць родную старонку, а найперш — сваю галубку, што ў апошнія дні слаты не мог ні есці, ні спаць, ні месца сабе знайсці. Кожныя пятнаццаць хвілінаў ён выходзіў на двор, глядзеў на неба, лаяўся і праклінаў усё на свеце.
Калі ўрэшце распагодзілася, яны распаролі свой матрац, дасталі адтуль срэбныя манеты і царскія паперкі — выключна «кнак»1, — атрыманыя з кантрабанды солі, і пайшлі ў горад на закупы. Косцік купіў для Карусі хромавыя загатоўкі на чаравікі, чатыры аршыны сіняга сукна на спадніцу, тры аршыны белага ядвабу на кашулю, дзве пекныя хусткі ў турэцкія кветкі на галаву, адну вялікую хустку з кутасікамі на плечы, пяць нізак пацерак, тузін прыгожых грабеньчыкаў і некалькі кавалкаў духмянага мыла, а таксама крыху драбязы для родных. Стах таксама купіў шмат падарункаў для сваёй сям’і. Апрача таго, для іншых сваякоў і смалярскіх гаспадароў ды іх дзяцей, з якімі Стах і Косцік мелі добрыя стасункі, яны разам купілі два пуды дробнай солі, галаву цукру, два фунты моцнага, далікатнага тытуню, тузін люлек, сто пачак папяроснай паперы, сто бляшаных арлоў і сто паштовак з выявай Кіраўніка дзяржавы, польскіх каралёў, правадыроў і гістарычных будынкаў. Тавары яны выбіралі выключна польскія і найвышэйшага гатунку, каб паказаць сваім родным і землякам дзяржаву ў найлепшым святле, абудзіць да яе большую павагу, узмацніць веру і далучыць іх да яе хаця б праз ужыванне і сузіранне польскіх рэчаў.
На наступны дзень яны выйшлі за горад і, упэўніўшыся, што дарога ў выдатным стане, накіраваліся да свайго начальніка, узялі пяцідзённы адпачынак, зайшлі ў цырульню, пастрыгліся па-чалавечы, а Косцік яшчэ і бараду пагаліў, пасля зайшлі ў мужчынскую лазню, памыліся, а ўвечары спакавалі рэчы. Спаць леглі раней, чым звычайна, бо збіраліся выйсці ў дарогу на досвітку. Будзільнік завялі на другую гадзіну ночы.
Усталі акурат як і планавалі. Апрануліся па-святочнаму, абуліся ў боты, надзелі кароткія кажушкі, новыя чорныя шапкі з аўчыны, засунулі за пояс лапаткі, закінулі за плечы торбы з рэчамі і выйшлі.
На двары іх сустрэў пасланец.
— Фух, паспеў! — радасна ўскрыкнуў ён. — Начальнік вас кліча. Трэба ісці на службу.
— Як гэта на службу? — здзівіліся яны. — У нас жа адпачынак.
— Не. Справа неадкладная. Вам загадалі з’явіцца, і ўсё тут.
Яны вылаяліся ў думках, але вярнуліся ў кватэру, пакінулі торбы і пайшлі. Начальнік ажно здзівіўся іх зусім новаму выгляду, асабліва Косцікаву, якога без вусаў было не пазнаць.
— Калі б я сустрэў вас на вуліцы сярод людзей, далібог, не пазнаў бы! — ускрыкнуў ён, калі хлопцы ўвайшлі. — Зусім іначай выглядаеце. Слухайце, хлопцы! Адпачынак ваш адкладаецца на два дні. Тэлефануюць з Кісялевічаў з эскадрыллі, што ў Кунцэвічы з усходу накіроўваецца бясконца доўгі ваенны абоз. Скочце туды і даведайцеся, што там насамрэч адбываецца. А потым ідзіце куды збіраліся.
— Будзе выканана, пане начальнік! — адрапартавалі яны і пайшлі.
Яны не маглі змірыцца з тым, што запланаванае падарожжа ў Смалярню адкладаецца, таму, вярнуўшыся на кватэру, забралі свае торбы і пайшлі на выведку з думкай, што калі хутка разбяруцца са справай і не будзе нічога важнага, то проста з Кунцэвічаў пойдуць у сваю старонку, пагатоў было па дарозе. Дарога была добрая, таму а восьмай раніцы яны апынуліся ўжо на знаёмым хутары Прынта, які ляжаў усяго за тры вярсты ад Кунцэвічаў. Яго ўладальнік, радавіты літовец, спачуваў польскай справе і неаднойчы ім дапамагаў.
У Прынце ніхто не чуў ні пра якое прыбыццё ў Кунцэвічы ваеннага абозу. На просьбу дапамагчы туды дабрацца хаця б аднаму з іх літовец, памятаючы, што Стах у жаночай вопратцы можа сысці на жанчыну, так яго і апрануў, паклаў на воз, на гарохавую салому, шчыльна абгарнуў коўдрамі, запрог каня і павёз — нібыта сваю хворую на тыф жонку ў Кунцэвічы да сваяка, прыватнага лекара. А Косцік з рэчамі застаўся ў Прынце.
Апоўдні яны вярнуліся назад на хутар, упэўніўшыся, што ўначы сапраўды прыбыў вялікі санны абоз, прывёзшы шмат бальшавіцкай пяхоты, аднак гэта, відаць, былі нейкія звычайныя франтавыя замены, малазначныя перафармаванні, бо тым самым абозам, які зранку вяртаўся на ўсход, шмат чубоў таксама і ад’ехала, а ў Кунцэвічах не відаць было ні большай колькасці бальшавікоў, ні нейкай новай зброі.
Яны нават не спадзяваліся так хутка і лёгка правесці выведку і тут жа пайшлі ў кірунку Смалярні, не чакаючы нават, пакуль гасцінная літоўка прыгатуе калдуны.
Надвор’е зранку было пахмурае і туманнае, аднак пасля абеду неба праяснілася, і ў бледным коле на небе паказалася сонейка. Мароз таксама слабеў.
Яны мінулі поле Прынты, пасля доўгі выган, які належаў суседняй вёсцы, і ўвайшлі ў кунцавіцкія лясы, якія праз шырокую, на некалькі вёрстаў, паласу дзяржаўнага лесу злучаліся са Смалярскай пушчай.
У гэты дзень бор выглядаў дзівосна, проста як царства нябеснае. Дрэвы густа пакрывала шэрань. Кожная галінка, кожная сцяблінка, кожная палачка былі агорнутыя белым пушком і карункамі — яны затрымлівалі на сабе позірк чалавека і лашчылі ягонае сэрца сваёй красою. Старыя, крывыя, гарбатыя, скалечаныя, часам брыдкія дрэвы сёння зачароўвалі сваёй прыгажосцю. Маладыя ялінкі, кудлатыя бярозы, ліпы, вольхі выглядалі нібы маладыя дзяўчаты ў вэлюме на шлюбным каберцы. Куды ні зірнеш — бель, краса — прыгажосць кожны раз у іншым вобразе, фігуры, у іншай манеры. Аж не хацелася верыць, што ў іх звычайным надбярэзінскім краі Бог наяве паказвае такія цудоўныя краявіды, якіх нават у казцы не пабачыш.
Стаяла поўная ціша. Ветру ніякага. Нідзе не было чуваць ні рэха сякеры, ні водгулля чалавечай працы ў лесе. Толькі крумканне варон далятала аднекуль з далёкай дарогі і стук дзятла ды працяглае клюканне жаўны.
Напаткаўшы месца, дзе яны начавалі ўвосень, прабіраючыся першы раз, яшчэ гуртам, у Бабруйск, хлопцы спыніліся адпачыць і перакусіць. Распалілі вогнішча, набралі вады ў ручаі, што цёк побач, згатавалі гарбаты і, запіваючы ёю сітны хлеб са шмальцам, падмацоўваліся, адпачывалі і саграваліся.
— Божа мой! — сказаў Стах. — Яшчэ паўгода не мінула, як мы з дому пайшлі, а здаецца, нібы ўжо гады два.
— Мяне і два гады не было, — адказаў Косцік.
— Я таксама мінулай зімой даўжэй, чым гэтым разам, свайго дому не бачыў, але тады я так не сумаваў, ды і прыгодаў такіх не меў, як цяпер. Столькі навінаў назбіралася, што дня не хопіць апавесці.
— Апрача здарэнняў з нашай службы, якімі яшчэ не час хваліцца, нам і расказаць асабліва няма чаго. Тое, што Юзік атрымаў па мордзе, што ён жыве з Зоськай без шлюбу, што Норба з Полькай пажаніліся, што трое нашых загінула і што Пятроўскі з’ездзіў у Варшаву, — гэта ўсё ў Смалярні ўжо ведаюць. Адно Норба расказаў, другое — Валька. А ў нас што за навіны?
— І тое праўда. Але дзіўна, чаму ён так доўга не вяртаецца.
— Хто, Валька?
— Ну. Здаецца, ужо два тыдні будзе, як пайшоў.
— Ага, каля таго.
— Можа, бацькі не хочуць пускаць з ім сваю Каську гэткім чынам?
— Чаму ж не хочуць? Заўжды ж усе яму былі радыя. Пакуль збяруцца… А чаго ім надта спяшацца? Мы таксама там пару дзён прабавім.
— Не, браце, заўтра раней ці пазней нам трэба паведаміць начальніку пра тое, дзеля чаго ён нас адправіў. Пасля вернемся і спакойна працягнем адпачываць. Што нам, доўга ці цяжка па такім шаране пераляцець у адзін і ў другі бок?
— Па гэтым шаране, браце, доўга не паходзіш, — сказаў Косцік, углядаючыся ў неба. — Завіруха будзе.
— Ты па гэтым абручы на сонцы вырашыў?
— Па абручы, па піску жаўны і па ўсім іншым… Дапіваем і хадзем.
— Рана яшчэ, паспеем. Давай адпачнём яшчэ трохі.
Аднак доўга яны не бавіліся: дапілі гарбату, пераперазаліся, спакавалі рэчы і пайшлі.
Праз паўгадзіны неба пачала зацягваць шэрая хмара, падняўся паўночны вецер. Дрэвы зашумелі, узняліся клубы снегу.
Неўзабаве снег паваліў і з неба.
— Казаў жа я табе, што снег будзе! — нібы задаволена сказаў Косцік.
— Так, знахар з цябе не абы-які, — пахваліў Стах.
Яны беглі трушком усё шпарчэй, іх падганяла жаданне як мага хутчэй убачыцца са сваімі роднымі. Душой яны былі ўжо з імі — віталіся, расказвалі, слухалі, радаваліся.
На змярканні яны ўвайшлі ў Смалярскую пушчу. Ад выгляду знаёмых дрэваў, пагоркаў, нізін, лугоў сэрцы хлопцаў пачалі біцца радасным, паскораным тэмпам, у вачах выступілі слёзы, у грудзях сціснула дыханне. Здавалася, усё навокал ім радасна ўсміхалася і міла іх вітала. Дрэвы нібыта звярталіся да іх сваім шумам: дзе ж вы былі, хлопцы, гэтыя паўгода? У нас прайшло столькі прыгожых ранкаў, столькі слотных дзён, столькі дажджоў, бураў, завірух! І мы хаваем шмат навінаў і сюрпрызаў для вас!
Завіруха ўжо добра разгулялася. Дзьмуў усё мацнейшы сівер, разгойдваў дрэвы, гудзеў у іх галлі. У полі, напэўна, было вельмі халодна, аднак у хлопцаў, якія подбегам рухаліся ў лясным зацішшы, ажно пот выступаў на лбе.
У сем пятнаццаць яны спыніліся ля леснічоўкі. Прыйшлі б на паўгадзіны раней, але Стах новым ботам моцна нацёр сабе пятку, таму кульгаў і ў канцы ўжо зусім не паспяваў за Косцікам.
Сабакі, пазнаўшы Косціка, прывіталі іх, не падымаючы брэху, таму ў хаце яны з’явіліся зусім нечакана. Маці сядзела на зэдліку перад печкай і, гледзячы на гаршкі, што стаялі ля агню, цёрла мак. Старэйшы з братоў, якія засталіся дома, на драўлянай калодцы калоў палена ля каміна, старэйшая сястра прала, седзячы на зэдліку з другога боку каміна, каля яе сядзеў другі брат і, пільнуючы агонь, чытаў лемантар. Меншыя дзеці скакалі на лаве і гулялі на печцы, а стары Васілеўскі сядзеў здалёку ад святла, на лаве за сталом, і кавалкам шкла шліфаваў драўляную лыжку.
— Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус! — павіталіся яны, пераступіўшы парог, як наказваў сваім дзецям стары Васілеўскі.
— На вякі вя… — пачуліся з усіх бакоў адказы і ва ўсіх на палове перарваліся.
— Аёй! Косцік! Косцік прыйшоў! Сынку!.. Браце! — крычалі ўсе, зрываючыся з месцаў.
Першай Косціка схапіла ў абдымкі маці, бо сядзела найбліжэй да парога.
— Косцю! Сыночку мой дарагі! Ты жывы! Дзіцятка маё! — завяла старая, цалуючы ягоны твар і плачучы ад радасці. — Удалы ж ты, мой сынку, хоць і нешчаслівы! Мы от дома заўсёды, у цёплай хаце сядзім спакойна, а табе даводзіцца па свеце цягацца і ад людзей хавацца, як арыштанту або канакраду якому!
Сёстры і шматлікія браты ўсе да аднаго кідалі свае заняткі і беглі прывітаць і абняць брата.
— Косцік, блатка нас лодны! Дзе ты быў, сто цябе так доўга не было? Бальсавікоў біў? Блатка нас! Асілак уланскі! — шчабяталі малыя, хапаючы Косціка за штаны і боты.
— Ціха тут, жабы, з такімі словамі! На печ ідзіце! — лаяўся бацька. — Мечык! — звярнуўся ён да старэйшага хлопца. — Зірні, ці сабакі на дварэ! Ну, як ты, хлопча, трымаешся яшчэ? — спытаў ён, цалуючы Косціка ў галаву, калі той нахіліўся да ягоных рук. — Як гадуешся? А твар жа гладкі! Ну, не стой, здымай жа сваю ношку! Ты, Стаху, таксама. Здымайце, распранайцеся і сядайце. Пераначуеце спакойна ў хаце. У такую завею нястрашна. Зрэшты, сабакі забрэшуць, як што якое.
— Я начаваць не буду, — сказаў Стах. — Пайду да сваіх.
— Куды, у Смалярню?
— Ну не ва Убярэззе ж.
— Ай, бяда-бяда. Бальшавікі ж у нас.
— Бальшавікі зноў у Смалярні?! — ускрыкнулі абодва.
— Ды ўвесь засценак імі набіты.
На твары ў Косціка выступіў цень вялікага расчаравання. Ён цяжка ўздыхнуў і, звяртаючыся да ўсіх навокал, пачаў жаліцца ды лаяцца:
— Вось табе і маеш!.. От як! От, шчасце маё горкае...
— Каб іх пярун узяў! Каб на іх халера напала і на ўсё іх племя! Каб яны крывёю заліліся! Ужо больш за тыдзень стаяць. Відаць, на другі дзень пасля таго, як бяда з Валькам здарылася. Як заехалі, так і стаяць дасёння, — сказаў Васілеўскі.
— Якая бяда?! — ускрыкнулі абодва. — А што з ім здарылася?
— Як жа, хіба вы не ведаеце? Яшчэ навіны ў Бабруйск не прыйшлі? Глянь ты… Загінуў небарака. Забілі яго гады.
У хлопцаў падкасіліся рукі і ногі.
— Забілі? Праўда? — прастагналі яны. — Божа! Валька!.. Братку! Як жа ж так? Татка, раскажыце ж! Раскажыце, дзядзька!
— Замучылі беднага. Пазней раскажу, зараз лепей памаліцеся за ягоную душу.
Косцік са Стахам тут жа скінулі торбы, паклалі іх на лаўцы, укленчылі перад абразамі і пачалі чытаць «Анёла Панскага». Васілеўскі хутка кідаў загады сямейнікам:
— Мечык! Прыбяры сваё палена! Вы, бабы, жыва ўзяліся за патэльню! А вы, жабы, — звярнуўся ён да малых, — на печ!
Ён выйшаў на падворак, спусціў сабак у лес, паразварочваў іх будкі, каб яны не хаваліся ад завірухі, пасля залез на страху і дастаў свініну. Косцік і Стах працягвалі маліцца, схаваўшы твары ў далонях. Васілеўскі запаліў лямпу, што вісела над сталом каля іх, прайшоўся сюды-туды па хаце і, убачыўшы, што яны працягваюць маліцца, сказаў:
— Досыць, уставайце ўжо, хлопцы! Назад жа яго не падымеце. Дай яму, Божа, вечны спакой і Неба, але і нам, як кажуць, жыць трэба.
Ён пасадзіў хлопцаў на лаве за сталом, сам сеў на другой, запаліў люльку і, падаючы сыну машну з тытунём, пачаў:
— Праз Яся, галадранца паршывага, загінуў небарака, вечны яму спакой.
— Праз Яся?! Дык гэта ўсё хлусня — ягонае навяртанне?
— Так, хлусня. Юда ён, шатан сапраўдны. Сам сабе, вырадак паршывы, бізуном парассякаў спіну, каб людзям вочы замыліць і вас усіх да аднаго вынішчыць. Зразумеў, што аблавамі рады не дасі, і пайшоў на хітрасць. Тое самае напаткала б і Норбу, калі ён па сваю дзеўку прыходзіў, але Бог неяк збярог. Норба пусціў пагалоску, што будзе бавіцца цэлы тыдзень, а сам на другую ноч нечакана ўцёк з Полькай. А Валька-небарака трапіўся. Тры дні спакойна сабе гасцяваў у Смалярні, размаўляў з усімі адкрыта, расказваў, як там і што за ракой. Я сам з ім нават вось так, як з вамі, за сталом сядзеў, гутарыў, можа, з гадзіну. На чацвёрты дзень ён сабраўся вяртацца ў Бабруйск, забраўшы з сабой Каську і яе брата старэйшага, але пачалася завея. Тая апошняя, вялікая, што была перад адлігай. Дык яны і затрымаліся. Уначы, у самую завіруху, калі нават сабакі ў будынках спалі, выйшла з-за гумнаў банда, чалавек дваццаць пяць, і накрыла яго.
Тут ён перарваў свой аповед і звярнуўся да сына, які слухаў іх размову:
— Мечык, выйдзі і выгані сабак у поле ды паслухай!
— Замучылі, закатавалі небараку, — працягваў ён далей. — Узялі ў Смалярні восем падводаў, самі пасядалі на сані, а Вальку прывязалі да галобляў і разам з канём пагналі бягом, пасцёбваючы пугаю.
— Варвары! Паскуды! — крыкнулі хлопцы, ускокваючы з лавы.
— Большую палову дарогі да Вончы так, у галоблях, гналі рыссю разам з канём, урэшце ён пачаў бяссільна валачыся, тады яго паклалі на сані, дзе ён неўзабаве памёр. Невядома, ці сэрца ў яго разарвалася, ці проста змучыўся, але ясна адно: жывым ён з саней ужо не ўстаў.
— Каты! Варвары! Азіяты! Татары дзікія! Бандыты! Крывапіўцы! — праклінаў іх Стах і біў кулаком па стале.
Косцік выйшаў з-за стала і, крочачы ўпоперак хаты, раскідваў праклёны.
— Такога нельга дараваць! Я ім адпомшчу! Мы адпомсцім за гэткае варварства!
— Добра, дзядзьку, а адкуль вядома, што гэта Ясь іх навёў? — спытаў Стах.
— Вядома. Пасля Усіх Святых можна было ўжо зразумець, што ў Смалярні ёсць нейкі здраднік-даносчык. Пачалі збіраць бацькоў, арыштоўваць іх і пужаць, што калі іх сыны з-за Бярэзіны да Новага года не вернуцца і не ўступяць у бальшавіцкае войска, то ўсю маёмасць канфіскуюць і з усёй сям’ёй выселяць за Дняпро. Бралі ўжо так Марціна, Амбражэя, Сцяпуру, па чарзе бралі ўсіх, у каго дзеці за раку перайшлі. Падазравалі Броніка Гушчу і Паклацкага, бо яны ўсё бальшавіцкія праграмкі хвалілі. Ясь ужо быў ачуняў і час ад часу бегаў у Вончу, але з гэтымі не хаўрусаваў і бальшавікоў прытворна праклінаў.
— Хутчэй жа, дзядзьку, раскажыце, як ягоную віну даказалі! — нецярпліва сказаў Стах.
— Даказалі. Баба даказала. Ганка яго выкрыла.
— Якая Ганка?
— Ганка Пятроўская, якая за Вяндлінскага выйшла, яна ўсё ў Смалярні ў сясцёр бавіцца. Двое з банды, што Вальку забіралі, былі ў масках, дык яна неяк падкралася і сарвала маску ў аднаго з іх. І хто бачыў гэта — пазнаў Яся. От якая шэльма!
— Але ж гэта колькі смеласці трэба! — дзівіўся Стах. — Глядзіце на яе... От табе і баба! От табе і Ганка! А што ёй за гэта было?
— Тады толькі пару аплявух далі і ўсё. Назаўтра, аднак, прыехалі і забралі. Толькі ўчора вярнулася. Расказвала, што цягалі ад аднаго канакрада да другога, дапытвалі і білі таксама, але, дзякуй Богу, адпусцілі жывой.
— А з Ясем што сталася, уцёк?
— Ды каб жа ўцёк. Выклікаў з валаснога камітэта старшыню і міліцыянтаў, забраў у бацькоў палову маёмасці і пераехаў да Броніка. Цяпер адкрыта робіць усялякае шальмоўства і проста насміхаецца з усіх. У яго тут цэлая свая кумпанія.
— Пасля такіх злачынстваў ён яшчэ смее жыць у Смалярні?!
— А хто яму што зробіць? Важнейшых хлопцаў няма. Пятроўскага няма, а тыя, што дома засталіся, — або смаркачы, або старыя, або баяцца, або, урэшце, такія недалужныя, што хутчэй падлізвацца будуць да Яся, чым супрацьстаяць яму.
— Знойдуцца яшчэ такія, што пакараюць здрадніка і выкураць усю ягоную хеўру са Смалярні! — ускрыкнуў Косцік, які, слухаючы бацькаў аповед, хадзіў туды-сюды па хаце. — Знойдуцца тыя, хто адпомсціць! Нядоўга радавацца гэтай паскудзе!..
Васілеўскі міргнуў на сына, даючы знак, каб той устрымаўся са словамі, бо ў хаце дзеці.
— А пахаваць яго хоць аддалі? Па-чалавечы ж пахавалі яго хоць?
— Аддалі. Заванчанцы выпрасілі і пахавалі.
— Дык не ў нас пахавалі? Можа, нават не на польскіх могілках?
— На польскіх, у Міхалішках. У Смалярню не дазволілі прывезці. Але нічога, пахавалі добра, прыгожа: людзей шмат было, спявалі, плакалі, магілку пасвянцілі. Некаторыя і са Смалярні змаглі туды прыйсці.
Неўзабаве сабраліся вячэраць. Прыгожа заслалі стол, наставілі місы каўбасаў, скварак, кіслай капусты, агуркоў і тоўчанай картоплі, запраўленай макам. Стары дастаў аднекуль па кілішку мутнай самагонкі для сугрэву. Госці, бацькі і старэйшыя дзеці селі за сталом, а меншым, смаркачам, паставілі асобна, на лаве.
— Можа, будзеш гневацца на мяне, хлопча, — выпіўшы, звярнуўся Васілеўскі да сына, — але прызнаюся табе, што адну тваю шкуру лісіную я яўрэю прадаў.
— Ды хай яны да д’ябла пойдуць, тыя шкуры! — махнуў рукой Косцік. Але тут жа спытаў: — А астатнія цэлыя?
— Цэлыя, чаго ж ім няцэлымі быць. Прасушаныя, табакай прысыпаныя і схаваныя тамсама, дзе ты іх пакінуў. Гонта таксама ў парадку.
— Дзякуй, тата. Можа, і прыдадуцца яшчэ. Але калі са мной нешта здарыцца, калі не давядзецца мне вярнуцца, то пашыйце лісінае футра для Ядзькі, а рэшту прадайце або самі прыдумайце, што з імі рабіць.
Маці пачала ўсхліпваць.
— Косцік! А я от даў бальшавіку дык даў! — ні з пушчы ні з поля закрычаў самы малы з дапушчаных за стол дзяцей.
Усе выбухнулі смехам.
— Што ты прыдумаў, братка! Бальшавіку даў? — спытаў усцешаны Косцік.
— Жабяня гэтае зляпіла ў адлігу снежную бабу, бальшавіком назвала і снежкамі малаціла зранку да ночы, — растлумачыў бацька. — Першы раз смаркач штаны надзеў, а ўжо ў ваяку гуляецца! Глядзі, жаба, — звярнуўся ён да мальца, — скажаш мне такое пры чужых людзях — папругі пакаштуеш! Да турмы можаш давесці і мяне, і сябе.
Ядзька схілілася да Косцікавага вуха і шапнула:
— Ведаеш што? На Раство Каруся да нас заходзіла.
— Праўда? І што казала? — жыва спытаў ён, таксама шэптам.
— Выпытвала пра цябе і прасіла, як ты прыйдзеш, каб паведамілі ёй.
Косцік хацеў даведацца больш, але на іх пачалі глядзець, таму ён адклаў размову напасля.
Стах еў задуменны, амаль не ўдзельнічаў у агульнай размове. Раптам, устаўшы пасярод вячэры, сказаў:
— Я так сумаваў па Смалярні, што не магу ўседзець на месцы. Пайду і хоць здалёк, хоць з лесу, пагляджу на будынкі.
— Зараз, уначы? У завею? — здзівіўся гаспадар. — Лепей ужо ўдзень падыдзеш ды паглядзіш, — адгаворваў ён хлопца. — Як захочаш, то я зранку нават бацьку твайго сюды прывяду, а не — дык маці.
— Не, сёння пайду.
Ён выбачыўся, падзякаваў, выйшаў з-за стала і пачаў апранацца.
— І ахвота табе, хлопча, у такую завею?.. Няўжо ты не стаміўся пасля доўгай дарогі? — спрабаваў яго адгаварыць Васілеўскі.
— Ніякай стомы я не адчуваю. Кепска толькі, што пяткі крыху намазоліў. Калі б, дзядзька, у вас былі лапці і вы мне маглі іх пазычыць, я быў бы вам вельмі ўдзячны.
— Чаго добрага, можа, і няма, а лапці дык знойдуцца. Толькі я б табе не раіў усё ж ісці.
Стах зняў свае вялікія суконныя анучы, пераабуў лапці, узяў за пояс сякерку і выйшаў. Косцік таксама выйшаў з ім на двор.
— Куды ты, Стах?
— Пайду на засценак зірну, як і сказаў. А там пагляджу — можа, убачу варту бальшавіцкую.
— Дык пачакай, разам пойдзем.
— Не, ты пакуль застанься. Табе ўсе так радуюцца, не адбірай у іх гэтай радасці. Ты ім пакуль раскажы, што мы прынеслі, і растлумач, што там для каго. Я хутка вярнуся.
— Добра, толькі глядзі, будзь асцярожны. Стрэльбу вазьмі таксама.
— Давай.
Кавалак лесу ад Патокі да смалярскай зямлі Стах добра ведаў, таму пайшоў напрасткі, каб выйсці акурат туды, дзе поле з могілкамі пераходзіла ў сасоннік. Выйшаў там, дзе і планаваў, абышоў сасоннікам поле, перасек дарогу, дайшоў да паласы маладога лесу, ці выгану, які перацінаў напалову другую паласу поля, і павярнуў у бок гумен.
У полі бушавала сапраўдная завея. Па цвёрдай корцы старога снегу несліся снежныя хвалі, круціліся віры. Свежы снег з поля начыста змятала да дарогі, да плота, збіраючы там вялізныя гурбы. На выгане ля нізенькіх дрэваў, ля пнёў, ля кустоў лазы і багуну ўтвараліся маленькія гурбачкі ў форме чалавечых языкоў і змяіных джалаў. Зрываўся гвалтоўны і пранізлівы вецер. Вочы залеплівала снегам.
Убачыўшы будынкі, што маячылі ўдалечыні, Стах адчуў адначасова радасць і неспакой. Чым больш ён набліжаўся да іх, тым асцярожней ішоў, прыпыняўся, углядаўся, прысядаў у адкрытых месцах. Калі заставалася стая да ўласнай стадолы, ён схаваў у кустах стрэльбу і папоўз на жываце. Ля плота, які адгароджваў сядзібу ад поля і выгану, спыніўся і доўга ўглядаўся пад страху стадолы. Ён памеркаваў, што паколькі гэты будынак адносна наводдаль, то бальшавікі трымаюць там пост. Але нічога падазронага не заўважыў. Ён прапоўз упоперак усю сядзібу ўздоўж плота ажно да мяжы дзядзькавага ўчастка і агледзеў паддашша стадолы з іншага боку. Там таксама нічога не заўважыў. Тады вярнуўся на папярэдняе месца, на рог, і завярнуў уздоўж плота ў кірунку адрыны і астатніх будынкаў. Па дарозе вырашыў, што пракрадзецца ў адрыну, якая стаяла за тры крокі ад плота і была працягам хлява і стайні, і будзе ў ёй чакаць, пакуль не прыйдзе бацька або нехта з братоў закінуць начную порцыю сена, што звычайна рабілі перад тым як ісці да сну. Калі ён прыйшоў запозна, ужо пасля таго як коней пакармілі, то выпусціць з хлява авечак і пачакае, пакуль нехта з сям’і не прачнецца ад іх мэкання і гойсання па двары і не прыйдзе іх загнаць.
Неўзабаве ён заўважыў удалечыні насупраць дома мільгаценне святла і ўсцешыўся, што не спазніўся.
Дапоўзшы да рага адрыны, ён уважліва паглядзеў пад яе страху, паслухаў, пасля адламаў знізу канец спарахнелай жардзіны, зрабіўшы дзірку ў плоце, пералез праз яе на другі бок і ўлез усярэдзіну праз адтуліну ў паддашку, стаўшы на купу саломы, якая ляжала каля задняй сцяны.
Ён ужо быў ля мэты. Поўз на карачках па сцірце сена, спрабаваў вызначыць навобмацак і на пах, каторае, грубейшае, для кароў, а каторае, мурожнае, для коней. Сам застаўся ляжаць на мурожным. Яго закідалі коням наўпрост са сцірты праз верх сцяны, дзе была дзірка з прыстаўленымі драбінамі, а за сцяной была стайня.
Толькі ён абтросся ад снегу і пераперазаўся, як рыпнулі вароты ў хлеў, і праз момант пачулася, як нехта кліча каня. Ён пазнаў Фэльку. Праз хвіліну зноў рыпнулі вароты, і пачуліся крокі да адрыны. Вароты зноў адчыніліся, у хлеў зайшоў чалавечы цень, і было чуваць, як нехта падымаецца па драбінах на сцірту.
— Не палохайся! Гэта я, Стах, твой брат, — азваўся ён напаўголаса, калі той быў ужо на сцірце, і схапіўшы яго за руку, каб той ад перапуду не кінуўся наўцёкі.
Фэлька крэкнуў, як дрывасек пасля ўдару сякерай.
— Не бойся, гэта я, Стах, — паўтарыў Стах. — Ідзі прычыні вароты, хачу з табой перамовіцца.
Фэлька моўчкі хутка злез са сцірты, прычыніў вароты і вярнуўся.
— Божа! Чаго ты прыйшоў? У нас тут поўна бальшавікоў! — спалохана шаптаў ён.
— Таму я і не пайшоў у хату, а тут чакаў.
— Як ты сюды пракраўся?! Божа! Калі б яны цябе схапілі, скуру б жыўцом садралі! Вальку схапілі і замучылі, ведаеш? Ясь…
— Не паўтарай. Ведаю ўжо ўсё. Адказвай хутка, што буду пытаць. Усе здаровыя? Як таткава нага?
— Як і раней: то лепш, то горш.
— А мама, Антак, Вікця?
— Усе здаровыя. Віцкя пастаянна распытвае пра цябе.
— У Васілеўскіх на леснічоўцы для вас соль і крыху драбязы. Але пакуль у вас бальшавікі, нічога, акрамя солі, дадому не бярыце. І нікому з сям’і не кажы, што бачыў мяне. А цяпер скажы, ці шмат гэтых нягоднікаў у Смалярні?
— Можа, сто, а можа, і дзвесце будзе. У іх тут палявы шпіталь і склады.
— Ага! Добра. А можа, ведаеш, дзе яны варту трымаюць?
— Ведаю. Адзін стаіць за дзядзькавым свірнам, другі — за Сцяпуравым хлявом, чалавекі два-тры — ля брамы-калаўрота і два — з таго боку, у садах. Вартоўня ў Аленскіх, канцылярыя ў Гушчаў. А навошта табе?
— Вельмі добра. А Ясь дома? Можа, ведаеш, дзе ён спіць?
— Навошта ён табе? Можа, ты нешта… Не чапайце вы гэтага чорта, бо самі загінеце і нас загубіце.
— Ды я так, ведаць проста хачу, таму і пытаю.
— Я нічога пра яго не ведаю. Да ячэйкі ягонай не належу і ўвогуле не хаджу туды.
— Шкада, што не ведаеш. Зараз яшчэ папрашу цябе пра нешта вельмі сакрэтнае. Схадзі да Сакалоўскіх і цішком перадай Карусі ад мяне і Косціка прывітанне і скажы ёй, што мы прыйшлі гэтай ноччу на леснічоўку і зараз пойдзем, але праз тры дні зноў вернемся ў нашыя краі надаўжэй. І Косцік просіць, каб яна прызначыла месца, дзе яны маглі б спаткацца. Можа, у ягонага дзядзькі на хутары, можа, у яе цёткі, а можа, так недзе.
— Добра, зранку спытаю.
— Мне зараз патрэбны адказ.
— Позна ўжо, мабыць, спяць яны. Як я яе будзіць буду? У іх жа поўная хата бальшавікоў. Што я ім скажу?
— Прыдумай нейкую нагоду. Скажы, напрыклад, што ў нашага каня жывот схапіў і ты прыйшоў папрасіць бураковага квасу, бо ў вас няма. Бутэльку вазьмі з сабой. Я тут буду чакаць.
— Добра, схаджу, — Фэлька быў пайшоў, але тут жа вярнуўся.
— Ты ведаеш, што бальшавікі яе месяц таму спісалі?
— Спісалі?! Збілі? Не, такога не ведаю. А за што?
— Яна за бродам перарэзала бальшавікам тэлефонны дрот, выдаў яе нехта.
— Парэзала тэлефон? От як… Бедная! І моцна пабілі?
— Не ведаю, ці моцна, яна ж мне сваёй скуры не паказвала. Ведаю, што цягалі яе па арыштах, а як вярнулася, жалілася ў Здановічыхі, што білі яе.
Фэлька пайшоў, а Стах застаўся на сцірце і ўсё абдумваў навіну пра Карусю.
«Пабілі, кажа. Гм… А чаго ж гэта Васілеўскі нам пра гэта не сказаў? Няўжо не ведаў? Відаць, не хацеў сыну балюча рабіць. Ён жа ашалее, як даведаецца! Калі стары, пакуль я не вярнуся, не раскажа яму, я таксама буду маўчаць. Парэзала тэлефоны бальшавіцкія… Яна з кім у змове дзейнічала ці сама? Ці была з гэтага нейкая карысць? От пайшлі бабы! Глядзі ты — захацелася і ёй саслужыць службу… Зух дзяўчына! Шчаслівы Косцік, што такі анёлак, такая арліца яго кахае. Ці знайду я такую ў сваім жыцці?..»
Ён пачаў перабіраць у думках усіх вядомых яму дзяўчат, дарослых і падлеткаў, але ні ў адной не знаходзіў нават паловы тых цнотаў, якія былі ў Карусі. У гэты момант яна здавалася яму вяршыняй дзявочай дасканаласці — непараўнальнай, недасяжнай. Ён мімаволі прыгадаў гарачыя Косцікавы прызнанні і палічыў іх зразумелымі, натуральнымі. Ён заўсёды скептычна ўсміхаўся, чуючы пра Косцікаву гатоўнасць быць яе рабом усё жыццё, гатоўнасць да ўсялякіх ахвяраў за яе, а цяпер сам адчуваў сябе здольным кінуцца на яе загад у полымя, прыняць за яе крывавае бічаванне і любыя пакуты.
«Калі б нешта здарылася з Косцікам, тады б я клапаціўся пра яе, — падумаў ён і сам засаромеўся такіх думак. — Такі з мяне сябар. Не, няхай ён жыве. Няхай яны шчасліва жывуць».
Са стайні далятаў моцны конскі хроп. Завея лютавала на двары. Віхура за рагом бушавала, як жарабец, выла, як вядзьмарка, грукала па сцяне і пужала. Праз дзірку ў паддашку, у якую ён залез, парай выходзіла дыханне, як з кавальскага меха. З-пад сцяны, спаміж крокваў, таксама рэзка прарываўся снег і ажно біў у твар.
Фэлька вярнуўся і паведаміў, што Каруся сказала, каб ён зараз жа вельмі асцярожна выбіраўся на выган, яна туды сама да яго прыйдзе.
— Яна сама да мяне на выган?! — здзівіўся Стах і моцна ўзрадаваўся.
— Так, сказала, у гусцейшую частку сасонніку, што з таго боку выгану, насупраць нашай сядзібнай мяжы.
Стах хуценька даў брату пару наказаў, абняў яго і тым самым шляхам асцярожна вылез з адрыны. Поўз, як і дагэтуль, на жываце, памятаючы, што адзін пост месціцца за дзядзькавым свірнам, другі — ля ўваходнай брамы, і, нягледзячы на ноч і завіруху, адтуль яго маглі б заўважыць, калі б ён устаў.
Калі ён дабраўся да паказанага Карусяй месца, то ўжо знайшоў яе там. Яна была ў вялікіх мужчынскіх ботах, у доўгім жаўтаватым кажуху і шэрай вязанай хустцы на галаве.
— Бачыш, я жвавейшая за цябе, раней прыйшла, — сказала яна. — Як маешся, Сташку? — падала яна яму руку.
Ён схіліўся да рукі і сквапна ўпіўся ў яе вуснамі.
Яна не адняла рукі адразу, але ён трымаў яе надта доўга, таму ўрэшце інстынктыўна вырвала і лагодна сказала:
— Цалуеш так, нібы я табе цётка родная.
— Па Косціку маю права лічыцца сваяком, бо ён мне бліжэйшы за роднага брата.
— А дзе ён цяпер?
— У Патоцы, у бацькоў. Эх, каб ён ведаў, што мог бы тут вас сустрэць! Ніхто б яго і ланцугамі ў леснічоўцы не ўтрымаў. Я выйшаў толькі здалёк на будынкі паглядзець. Увогуле не думаў нават, што змагу пракрасціся ў адрыну ды з братам пабачыцца.
— Хадзем туды, да яго.
— Да яго? Цяпер? Са мной?
— І што тут дзіўнага, што з табой? Сам жа сказаў, што ты мне як сваяк.
— Ды я не пра тое… Каб вы сабе кепска не зрабілі. Дома будуць непакоіцца, што вас няма доўга, ды шукаць пачнуць.
— Я пра гэта ўжо падумала. Сказала бацькам, што іду да Здановічыхі, каб з ёй праверыць сілы на ўюноў, якія мы разам з Генкам наставілі ў Шырокім Лузе. І торбу ўзяла. Не бойся, я пра гэта падумала. Хадзем!
— Разумна зрабілі. Добра, вы ідзіце павольна проста па выгане, а я сыду крыху ўбок і вазьму стрэльбу, што схаваў там.
Праз пару хвілінаў яны ўжо ішлі побач. Завіруха ўсё люцела. Снежныя віры і хвалі плылі суцэльным, бясконцым карагодам. Часам уздымаліся цэлыя сцены, цэлыя хмары і бурнай завеяй засланялі свет. Віхор насіў па выгане сухое голле, ганяў па полі, выў, шалеў. Лес за сенажаццю шумеў тысячай дзікіх, страшных галасоў. Здавалася, адтуль наступае нейкая татарская арда, нейкая пачварная сіла, якая нясе знішчэнне ўсяму свету. У адкрытых ад лесу перашыйках выгану снег заляпляў вочы, сцінаў дыханне, валіў з ног.
— Вам цяжка ў вялікім кажуху, вазьміце мяне пад руку, — прапанаваў ён, схіліўшыся да яе вуха, бо ўжо за крок не было чуваць голасу.
— Ну вядома — заўсёды мужчынскае плячо, — адказала яна, беручы яго пад руку. — А чаго ты мяне на «вы» завеш? Раней жа мы былі на «ты».
— Чаму? Бо раней вы былі толькі цудоўнай дзяўчынай, ласай да хлапечай увагі, а цяпер — патрыётка, гераіня, якую трэба паважаць і шанаваць. Я чуў, вы парэзалі тэлефонны дрот ворагу.
— Так, парэзала, — з гонарам адказала яна. — Гэта было яшчэ перад Раством, калі нашыя польскія войскі заходзілі ў Вончу. Мы пачулі грукат кулямётаў, дык я вось што прыдумала — сабрала падшыванцаў і кажу ім: «Ідзіце за брод на ростані і парэжце бальшавікам тэлефоны». А гэтыя жабы збаяліся. Дык я сама пайшла і парэзала.
— І давялося вам за гэта балюча адпакутаваць?
— А хто табе расказаў, Фэлька?
— Так. От азіяты! Пасмелі руку на дзяўчыну падняць! Ці моцна пабілі вас?
— Ды што ўжо пра гэта згадваць. Прайшло ўжо, загаілася.
— Напэўна, Ясь-змяюка данёс?
— Няйначай. Мне здавалася, польскія войскі прыйшлі ўжо назаўсёды, а яшчэ ніхто ж не думаў, што сярод нас такі падступны здраднік, дык я перад многімі пахвалілася. Шатан хітры!
— Горшы за Люцыпара! Баюся, каб ён зараз не падгледзеў, як вы выходзілі, і пасля не прычапіўся ды не ўджаліў. Вы не заўважылі, ці было ў іх яшчэ святло?
— Не бойся, я ведаю, што ён яшчэ не вярнуўся з Вончы, з млына.
— З млына? Ён паехаў на млын?! — ускрыкнуў Стах. — Адзін?
— Не, з Бронікам Гушчам. Ён з ім амаль ніколі не расстаецца. З таго часу як яго выкрылі, такая ужо з іх хеўра, што, як кажуць, вада не размые і свіння не разрые. А што Вальку забілі, ведаеце ўжо? — спытала яна.
— Ведаем. Закатавалі, як таго святога пакутніка.
— Так і ёсць. Ведаеш, немагчыма было глядзець на яго мукі і на роспач яго родных. Маці з Каськай прытомнасць гублялі. Як прыгадаю тую сцэну — слёзы самі з вачэй цякуць, — сказала яна, усхліпваючы.
Стах вызваліў сваю руку, абняў Карусю за плечы і, ласкава схіліўшыся да яе твару, пачаў яе суцяшаць.
— Ну што ж вы? Навошта ж вы плачаце? Не плачце на ветры, а то захварэеце. Прашу вас, не плачце. Я ведаю, што шкада. Я сам любіў яго як роднага брата, але што ж зробіш. Трэба таксама памятаць, што не ён першы такой смерцю загінуў і, напэўна, не апошні. Нас з Косцікам таксама такое лёгка можа напаткаць.
— Божа! Калі б такое з Косцікам здарылася, я б не вытрымала.
— Аднак усё можа здарыцца. Вы ж ведаеце, што мы служым у выведцы?
— Так. Норба расказваў, калі Польку забіраў, і святой памяці Валька.
— Не хачу вас пужаць, але сцежка, якой мы ходзім, вельмі слізкая. Нядаўна мы вельмі моцна паслізнуліся і былі на валасок ад смерці. Калі спалі ўначы ў Вілах, на нас напала грамада ўзброеных сялянаў, звязала і даставіла да самага лютага камісара ў Грэблю.
— Божа! Вы ўжо былі ў руках бальшавікоў?!
— Не было ніякай надзеі на літасць ці ўцёкі, дык мы ўжо рыхтаваліся да смерці: падводзілі рахункі сумлення, развітваліся ў думках з самымі дарагімі людзьмі і са светам.
— Ах! Мяне ажно дрыжыкі бяруць!
Яны ўвайшлі ў сасоннік і адчулі сябе ў яго нетрах як у будынку: вецер шумеў, шалёна тармасіў верхавіны маладых дрэваў, але ўсярэдзіну амаль не прабіраўся, не перашкаджаў ім рухацца, і яны маглі чуць адно аднаго, нават ідучы паасобку. Аднак Стах усё яшчэ трымаў Карусю за плечы і гаварыў, ласкава схіліўшыся да яе твару. Каруся, відавочна захопленая аповедам, не адхіствалася.
— Можа, Косцік успамінаў пра мяне? — спытала яна падчас нейкай хвілі цішыні.
— Толькі пра вас і казаў.
— Праўда?! Не звяртайся да мяне на «вы»! А ці не дрэнна ён пра мяне казаў? Можа, адчуваў нейкую крыўду?
— Яшчэ чаго… Толькі хваліў і выслаўляў. Казаў, што вы прыгажэйшая за ўсіх дзяўчат, якіх ён у жыцці бачыў, што чыстая, як анёлак, што разумная, дабрадзейная, гераічная і мілейшая яму за цэлы свет! — паўтараў ён Косцікавы словы, а сам тым часам прытуляў яе ўсё мацней і бліжэй схіляўся да яе твару, нібы хочучы паўтарыць і пачуццё ягонае, што расло ў ім.
— Ай, ідзі ты! Прыдумляеш…
— Далібог, праўда! Ён маліў Бога, каб той дазволіў яшчэ хоць раз у жыцці вас убачыць. Казаў, што калі б ён нейкім цудам застаўся жывы і ўзяў вас за жонку, то збудаваў бы вам княскі палац, апранаў бы ў ядваб і дарагія футры, служыў бы да смерці і на руках насіў…
На апошніх словах ён так наблізіў свой твар да ейнага, што Каруся спрытным рухам вывернулася з ягоных абдымкаў і сурова сказала:
— Ідзі асобна, а то занадта прытуляешся!
Стах ледзь не згарэў з сораму, нібыта яна дала яму поўху. Пайшоў паперадзе на звычайнай адлегласці, пакуль не выйшлі з сасонніку. У пушчы ён зраўняўся з ёй і, ідучы побач, пачаў расказваць, як яны трапілі ў пераплёт у Грэблі і пасля ўцяклі з Мішкавых рук.
Калі перад імі засвяцілася Патока, Каруся спынілася, папрасіла Стаха, каб ён паклікаў з леснічоўкі Косціка да яе ў лес.
— Навошта? Вы што, саромеецеся ягонай сям’і? — пытаў Стах.
— Не тое каб саромеюся… Так… Не трэба…
— Разумею, дзеці… А лес ахавае і нікому не выдасць. Маеце рацыю. Добра, выклічу яго, раз так хочаце, але давайце падыдзем бліжэй да поля, бо тут вам адной будзе страшна.
— Не будзе мне страшна, дай толькі сякерку. Там, ля поля, мяне могуць заўважыць.
— Дык вазьміце лепей стрэльбу.
— Ды я ж страляць не ўмею, давай сякеру. Толькі не кажы ім пра мяне, — кінула яна ўслед.
Ён выйшаў да самага поля і чатыры разы свіснуў у складзеныя кулакі. Сабакі тут жа ўсчалі брэх. Праз момант паўтарыўся такі самы сігнал, і ён тут жа ўбачыў Косціка.
— Што здарылася? — спытаў ён, падышоўшы.
— Пашанцавала! Ясь на млыне цяпер.
— На млыне?! Адкуль ты даведаўся?
— Прабраўся ў адрыну і з Фэлькам размаўляў.
— Прабраўся ў адрыну? Халера! Як шкада, што я з табой не пайшоў. Мог бы з Карусяй пабачыцца.
— Спачатку абавязак, толькі пасля мілосці. Ідзі збірайся!
— Ну дык хадзем разам дахаты! Што ты тут будзеш стаяць?
— Са мной даўжэй будзеш. Ідзі сам. Скажы ім, каб не перажывалі, што мы ідзём куды-небудзь на хутар, але збярыся так, каб, калі што, можна было ісці адразу ў Бабруйск. Сякеру сваю вазьмі таксама. І хутка давай, бо кожная хвіліна дарагая!
Косцік пайшоў у леснічоўку, а Стах вярнуўся ў лес да Карусі. Яна тупала ножкамі на месцы — ці то ад холаду, ці то ад нецярплівасці.
— Ну што, прыйдзе? — дапытвалася яна.
— Яшчэ б не прыйшоў. Пабег апранацца.
Праз дзесяць хвілінаў па полі пранёсся сігнал. Стах адказаў.
— Ты стой на дарозе, — сказала Каруся, — а я схаваюся.
Яна стала за камель магутнай асіны і прыціснулася да яго.
— Ну ты і збіраешся, як папоўскі парабак! — закрычаў Стах з дакорам у голасе, калі Косцік падышоў бліжэй. — Колькі часу?
— Рана яшчэ, адзінаццаць дваццаць пяць. Я дзіўлюся, як ты за такі час управіўся. Ведаеш, я так шкадую, што з табой не пайшоў. Богам клянуся, убачыўся б з Каруськай абавязкова.
— Так, а потым бальшавікоў на санях вазіў бы, — крыкнула яна, выскокваючы з-за дрэва. — Лепей, што я сама да цябе прыйшла.
Косцік аслупянеў, анямеў, не верачы сваім вушам і вачам.
— Няўжо табе не падабаецца, што я сама да цябе прыйшла? — спытала яна, убачыўшы, што ён не можа апамятацца.
Тады ён схапіў яе аберуч і моцна прытуліў да грудзей.
— Карусенька! Даражэнькая мая! Анёлак мой любы! — прыгаворваў ён. — А каб вас абаіх… а каб… не ведаю што!.. Пажартавалі з мяне. Ах! Як жа я рады! Ну і як жа ж ты, галубка мая мілая? Хадзем дахаты. Не будзем тут стаяць, бо халодна.
— Не, саколе, у хату я не пайду.
— Не пойдзеш?! Чаму гэта? Саромеешся? Не бойся, мае ўсе будуць радыя.
— Ды якія там мілосці, калі столькі народу, — умяшаўся Стах. — І сёстры, і браты, і кожны галапупец без штаноў будзе вочы вылупліваць і вушы натапырваць. Не зможаце ні паразмаўляць шчыра, ні пацалавацца па-чалавечы. Пойдзем лепей у лес ды распалім вогнішча. Хадзем пад Халімонаву яліну з подкурам. Я пайду паперадзе і распалю вам агонь.
І, не чакаючы іх згоды, ён узяў сваю сякеру і павярнуў з дарогі ў кірунку згаданага дрэва, што расло ў глыбіні пушчы.
Косцік з Карусяй паволі рушылі за ім.
На іх вусны прасілася столькі прызнанняў і скаргаў, што яны не ведалі, з чаго пачаць. Амаль паўстаі ішлі моўчкі, пакуль Каруся не спатыкнулася на нейкі сучок, што тырчаў з-пад снегу, і ледзь не ўпала. Косцік прытрымаў яе, пасля схіліўся, схапіў пад калені і падняў на рукі, як пяцігадовае дзіцятка.
— Косцік! Што ты робіш?! Хопіць! Не дурэй! — спрабавала яна абараніцца.
— Цяжка табе ў гэтым кажуху — аднясу цябе на руках.
— Я што, дзіцё нейкае, каб ты мяне на руках насіў? Адпусці!
— Не дзіцё, але ў маіх руках не нашмат больш за яго важыш.
— Што ты робіш?! Адпусці! Адпусці, бо ў мяне бот зляцеў!
— Бот? Ты што, боты на голыя ногі абула? І сапраўды, зляцеў, — сказаў ён, убачыўшы голую ступню. Узяў яе ў руку — ступня была халодная. — Божа міласэрны! — ускрыкнуў ён. — Яны ж халодныя як лёд!
Ён расшпіліў на грудзях кажушок, сарваў другі бот і засунуў абедзве яе нагі сабе за пазуху. Затым схіліўся, падабраў боты, прыціснуў іх левым локцем да боку і пайшоў далей.
— Ногі памерзлі, а яна маўчыць! Ты ж можаш прастудзіцца! — сварыўся ён, шчыльна завінаючы яе ногі кажушком. — Ну як, хоць крыху цяплей стала?
— Стала, — яна абняла яго рукамі за шыю і горача пацалавала. — Ах, Косцік! Як я па табе сумавала! Словаў нават не хапае...
— І я не менш па табе сумаваў, галубка мая! Эх, ссумаваўся, ссумаваўся! Аднак цяпер ты са мной. На грудзях трымаю свой скарб. А я ўжо думаў, што болей цябе не ўбачу. Можа, табе Сташак ужо расказаў, што мы нядаўна ў Грэблі пад ключом у бальшавікоў былі?
— Расказаў збольшага. Божа мой! Якая ж небяспечная гэтая вашая служба. Чаго ж ты, як раней, не служыш ва ўланах?
— Не ўдалося. Не тое каб не ўдалося, але мы хочам рабіць так, каб найлепей паслужыць Польшчы, найбольшую карысць прынесці. А польскай арміі большая дапамога ад нашай выведкі, чым ад дзвюх шабляў… У нас быў бы свой забярэзінскі полк уланаў, — працягнуў ён пасля паўзы, — калі б хоць палова тых людзей з «Сілы», якія сабраліся мінулай зімой на Парні, трымалася з намі. Але яны не захацелі, сказалі, што як з’явіцца забярэзінскі атрад, то бальшавікі будуць яшчэ больш шалёна помсціць нашым родным. Нібыта тыя бальшавікі дагэтуль не ведаюць, хто ў лесе хаваецца, а хто за раку перайшоў. Усё яны ведаюць.
— Чаго ж ім не ведаць. Усё больш у засценках здраднікаў, даносчыкаў.
— А колькі — і гэта з менш важных хлопцаў — нават злосна нам супрацьстаяла ў арганізацыі свайго атраду: распускалі пра нас плёткі, настройвалі супраць нас людзей, бунтавалі, нібыта мы свайму краю кепскае што зрабіць хочам. Несвядомыя.
— А ты не ведаеш, чаму? Усё ад зайздрасці, каб ты не праславіўся і не стаў па-над імі, уладальнікамі фальваркаў. Але нічога, і так ніхто з іх да цябе не дастане і тым больш не перасягне. Няма ў нашых краях нікога, хто б больш за цябе Польшчы служыў. Праўда ж?
— Не буду сам сябе хваліць ці пералічваць, колькі я служыў і што зрабіў, але служыў я шчыра.
— Ведаеш, Косцік, я перад святамі таксама крыху дапамагла польскаму войску, — пахвалілася яна.
— Дапамагла польскаму войску? А чым жа, галубка?
— Калі яны бралі Вончу, я перарэзала бальшавікам тэлефонныя драты.
— Перарэзала драты?! Хоць ніхто не бачыў?
— Каб бачыць, як я рэзала, то ніхто не бачыў, але я, дурная, сама не трымала гэтага ў сакрэце, дык разышлося па засценку, і нехта данёс бальшавікам.
У Косціка выступіў халодны пот.
— Данёс бальшавікам?! І што, можа, чапалі цябе?
— Так, арыштавалі і трымалі чатыры дні.
— Божа! Арыштавалі! Можа, мучылі, білі цябе? Праўду кажы!
— Не, біць не білі, — схлусіла яна нават не міргнуўшы.
— Дык, можа, інакш неяк цябе мучылі? Можа, на цноту тваю замахваліся? — спытаў ён і спыніўся, затаіў дыханне, чакаючы адказу.
— Адзін жлоб спрабаваў заляцацца, але адразу атрымаў ад мяне ў морду. Неўзабаве пасля гэтага нейкі важнейшы вайсковец-бальшавік выклікаў мяне ў канцылярыю на допыт, дык я яму адразу сказала: можаце біць, катаваць, у турме трымаць — але калі нехта з вас наважыцца сілай мяне ўзяць, то я яго пакусаю, вочы яму выдзеру, але жывой не дамся.
— А ён што на гэта?
— Сказаў: ніхто цябе пальцам не кране, ні адзін волас з тваёй галавы не спадзе, не будзем цябе доўга трымаць, толькі скажы, навошта ты парэзала нам драты.
— Не прызналася?
— Не, не прызналася. Сказала, што гэта мае жаніхі-залётнікі, каб адпомсціць, што дала ім гарбуза, нагаварылі на мяне, пагалоскі ў засценку пусцілі. Я кажу: як жа я, дзяўчына, магла на такі слуп узлезці? Ведаю, што непрыгожа зрабіла — схлусіла, але я падумала: калі зраблю яшчэ якую шкоду гэтым нехрысцям, а войску польскаму — паслугу, тады і Пан Езус, як і Маці Божая, апякунка Польшчы, гэты невялікі грэх мне даруюць.
— Вядома, даруюць, даруюць, галубка мая! — пацвердзіў Косцік з такой упэўненасцю ў голасе, нібыта яму гэта перадаў сам Пан Езус.
— Так што патрымалі мяне яшчэ два дні і адпусцілі.
— Слава Богу, што цябе хаця б не білі, не мучылі! — уздыхнуў ён з палёгкай, ідучы далей. — Памятай толькі, арліца мая, каб больш такога не рабіла.
— Што? Дык я кепска зрабіла?! — расчаравана ўскрыкнула яна.
— Хто ж кажа, што кепска? — спахапіўся ён. — Добра зрабіла. Ты ж нашым дапамагла. Я толькі хачу табе сказаць, каб ты ў будучыні асцярожнейшай была. Ну што, сагрэліся крыху твае лапкі?
— Сагрэліся. Адпусці, абуюся і сама пайду. Досыць ужо!
— Панясу, пакуль не прыйдзем. Скажы, што яшчэ ў вас чуваць? — пачаў ён загаворваць ёй зубы, каб не вырвалася ад яго.
— О, шмат чаго ёсць расказаць, дарагі мой! Ты гэта… пра Вальку ведаеш?
— Так, бацька расказваў. З Яся б за гэта скуру зняць з жывога! От падлюга! Гад печаны!
— Падлюга, падлюга няўдзячная і ёсць! Паглядзі: калі ён бедным Лазарам вярнуўся, абшарпаны, скалечаны, ледзь жывы — хоць гэта ён удаваў усё — і яго з засценку выгналі, я першая яму на дапамогу прыйшла, першая даглядаць яго пачала. Пайшла ўначы з дзяўчатамі на балота, дзе ён ляжаў, бегала потым па лекі, лячыла, глядзела яго, а ён мне адплаціў гэткім чынам, падлюга. Гэта ён данёс на мяне, больш няма каму.
— Сташак мне казаў, што ён нібыта на млын паехаў, праўда гэта?
— Так, учора з Бронікам паехалі і яшчэ не вярнуліся.
— Не будзе ён, гад, болей… — вырвалася ў яго, але ён тут жа закусіў язык.
— Любы, чаго не будзе болей?
— Я хацеў сказаць, — спрабаваў адкруціцца ён, — што… ужо нікога болей не будзе ён падманваць, бо… выкрылі яго. Зух баба Ганка гэтая!
— Гэта я прыдумала. Я хацела маску сарваць, але яна мне не дазволіла, сказала, што мацнейшая за мяне.
— Яна магла б маску разам з галавой сарваць. Моцная баба, як мужык.
— Моцная, смелая і добрая жанчына, але нешчаслівая. З Раства ў Смалярні разам з дзецьмі жыве, дык мы з ёй пасябравалі шчыра, яна мне ўсе таямніцы свае даверыла. Расказвала пра шлюб свой, ад якога нешчаслівая, пра тамтэйшых палякаў, пра тое, як цябе дагэтуль кахае і сумуе…
— Ат, нашто такія рэчы згадваць… Гэта… што я хацеў сказаць... Стары Здановіч, аднак, не дачакаўся Польшчы — а так марыў. Памёр… — паспрабаваў ён змяніць тэму.
— Памёр, — каротка адказала яна і зноў вярнулася да Ганчыных прызнанняў. — Ганка расказвала таксама пра вяселле сваё, пра тое, што прапанавала табе, а ты адмовіўся.
— Што прапанавала? — удаў ён, што не разумее.
— Хочаш, каб я табе кожнае слова паўтарыла? Сам жа ведаеш. Прасіла, каб ты ў лазню з ёй пайшоў, — дадала яна цішэй.
— Так?! Шчырая ж яна з табою. Мабыць, пасля ўсіх сваіх бядотаў зноў намаўляла цябе, каб ты за Блінкевіча пайшла.
— Наадварот, адгаворвала. Казала, што ва ўсім тым наваколлі няма такога хлопца, каб дзяўчына са Смалярні змагла яго пакахаць ці проста з ім ужыцца. Казала, што яны заможныя, але ўсе глінагрызы, мякіннікі, скнары, хамуйлы, русахвалы, масквалізы і недавяркі. З усёй ваколіцы хоць бы адзін хлопец на польскі бок перабраўся — не, усе сядзяць па хатах або ў лесе хаваюцца з верай, што ўвесну цар Мікалай вернецца. Праз гэта сама Ганка моцна з мужам пасварылася, таму сядзіць у Смалярні. Сказала яму, што калі ён або хаця б ягоны брат не пяройдзе за раку і не пойдзе служыць Польшчы, то яна назад не вернецца.
— От якая яна стала! А раней, ведаю, Блінкевіча табе сватала. А ўвосень, калі ты наведвалася ў іх мясціны па лекі для Яся, ці не заходзіла да Ганкі?
— Не. А ты, відаць, думаў, што заходзіла, каб з Блінкевічам пабачыцца?
— Людзі так казалі. А каб ты, мая даражэнькая, бачыла, як я тады, перад адыходам з дому, хацеў з табой сустрэцца! Як жа я мучыўся! Колькі прыкрасці ад таварышаў займеў!
— А што я, вінаватая была? Што ж я магла ведаць? Калі мы з дому выходзілі, вы ўсе ў лесе сядзелі, а пра легіёны нічога чуваць не было.
— Аднак Блінкевіч, як я чуў, надзеі не траціць, верыць, што раней ці пазней даб’ецца цябе. Кажуць, ён усё чакае, калі мяне бальшавікі павесяць.
— А няхай бы ён там нават горы залатыя меў, не хачу я яго. Ну, але колькі ты мяне яшчэ будзеш несці? Досыць ужо! Стаміўся ж.
— Стаміўся цябе насіць?! Я цябе, галубка ты мая, да самага Бабруйска магу на руках данесці. Вазьму і панясу. Чуеш? Панясу цябе ў Бабруйск.
— Не вярзі лухты!
Яны спыніліся перад цёмнай сцяной маладых ялін, што шчыльна раслі адна ля адной.
— Прыкрый сабе, анёлку, твар каўняром кажуха, — сказаў ён, — бо можаш вока ўкалоць. Нам трэба праз гэты гушчар прадрацца.
Праз некалькі дзясяткаў крокаў гушчар парадзеў, і яны апынуліся на маленькай, не большай за дзве хаты, палянцы. Пасярод яе палала вясёлае вогнішча. Перад ім, за нейкія пяць аршынаў, ля вялізнай яліны з подкурам, стаяў ужо буданчык, складзены з палак і яловых лапак. Сваёй формай ён нагадваў рамізніцкую буду, але быў большы. Выхад быў да вогнішча. Стах, залезшы ў яго перадам да сярэдзіны тулава, засцілаў яловымі лапкамі зямлю. Пачуўшы, што нехта прыйшоў, ён вызірнуў і, убачыўшы Карусю на руках у Косціка, ускрыкнуў:
— Ого! Пані ўжо на ім едзе! Праўда-праўда, з самага пачатку, з заручынаў яшчэ, трэба, каб хлопец да ярма прывучаўся, каб жонку вазіў на сваім карку! Ён будзе вазіць, моцны ж, як бык.
Каруся моцна засаромелася ад такой заўвагі і зачырванелася, але Косцік, які ведаў Стаха як аблупленага, па-добраму ўсміхнуўся і сказаў:
— А ты ўжо і агмень нам арганізаваў, і дом збудаваў! От сябар! Трэба цябе пацалаваць!
— Вы лепш спачатку адно з адным наліжыцеся! — буркнуў Стах у адказ.
— Уяўляеш — у яе ж боты на босую нагу былі! Замерзлі ногі як лёд!
— Што, праўда? — Стах тут жа зрабіўся сур’ёзным. — Вы ж маглі сабе іх адмарозіць або захварэць! Я ж не ведаў, так бы шалік свой аддаў, каб ногі закруціць.
— Я акурат гэта і збіраюся зрабіць, — сказаў Косцік, клапатліва садзячы Карусю на насціл з галінак і яловых лапак ля выйсця з будана. Ён зняў з шыі ваўняны шалік і сказаў ёй абкруціць ім ногі і абуцца.
Стах дакінуў яшчэ галінак на верх будана, затым прынёс пару кавалкаў сухога дрэва, каб пазней падкладаць у вогнішча, і, каб не бянтэжыць іх сваёй прысутнасцю, узяў у Карусі торбу і падаўся на Шырокі Луг, які быў за вярсту з гакам адсюль, каб паглядзець за яе, што там з сілáмі на ўюноў.
Косцік з Карусяй засталіся адны. Яны селі поруч на яловым насціле пад дахам будана, павярнуўшыся да агню.
— Чаго ж ты мяне не адпусціў тут, перад елкай? — азвалася яна, калі Стах адышоў. — Цяпер будзе вечна смяяцца і кпіць з мяне, нібыта я загадала, каб ты мяне нёс.
— Ён будзе з цябе кпіць? Ты яго яшчэ не ведаеш. Гэта ж мой найлепшы сябар. Ён нам не жадае ліха і ніякай непрыемнасці табе не зробіць. Глядзі: ён пайшоў наперад, вогнішча нам распаліў, хатку змайстраваў такую, каб снег нас не засыпаў.
— Якая тут прыгожая і зацішная палянка! — сказала яна. — Нібыта мы ў парку. Гэта Халімонава яліна?
— Ага, Халімонава, — адказаў ён. Пасля хвіліну падумаў і пачаў нясмела: — Ведаеш што я табе скажу, галубка? Я сапраўды збіраюся выкрасці цябе адсюль і аднесці ў Бабруйск.
— Хочаш мяне выкрасці? Шчыра табе адкажу: я не хачу.
— Значыць, не кахаеш мяне.
— Калі я другі раз сама да цябе ў лес прыйшла, як ты яшчэ можаш сумнявацца?
— Дык чаму ж не хочаш? Бачыш, Зоська да Юзіка прыйшла і з ім там жыве-прыпявае, Польку Норба забраў і ажаніўся з ёй, а калі б не няшчасце, тое самае зрабілі б і Валька з Каськай.
— Вось акурат і дрэнна зрабілі. Я асуджаю іхны ўчынак. І сама не пайду ні за што на свеце. Як жа гэта? Столькі ў нас людзей у жалобе, столькі смутку, столькі рабочых рук бракуе, столькі няшчасных патрабуе дапамогі і суцяшэння, а я павінна іх пакінуць у такі момант і ўцячы дзеля шлюбных уцехаў, нібыта сучка нейкая? Ніколі! Хоць бы нават уся моладзь туды перайшла, але я, пакуль хоць адна верная Богу душа застанецца ў Смалярні, таксама застануся тут.
— Такая ты непахісная дзяўчына!
— Хоць бы нават польскія войскі ўвогуле сюды ніколі не прыйшлі! — дадала яна.
— Хто табе сказаў, што польскія войскі могуць да нас не прыйсці? Прыйдуць абавязкова.
— Ведаю, што прыйдуць, я толькі так сказала, для прыкладу. Увесну, калі толькі дарогі падсохнуць, пойдуць да Дняпра. У нас такія чуткі ходзяць ад Усіх Святых.
Яна загледзелася на агонь, глыбока ўздыхнула і зноў загаварыла.
— Ах, калі б ты ведаў, з якой надзеяй мы чакаем прыходу польскіх войскаў, як мы сумуем па тым часе! Пра гэта мы думаем, кладучыся спаць і прачынаючыся, амаль толькі пра гэта і гаворым, як збіраемся разам. Як жа нашыя сэрцы калоцяцца, калі мы чуем гарматы на захадзе. Можа, гэта і грэх — радавацца такім грымотам, бо кожны выбух нясе смерць, аднак ён адбіваецца ў нашым сэрцы мілым рэхам надзеі. Нам здаецца, што вось ужо распачынаецца жаданы марш на Дняпро. Нават калі мы слухаем, здаецца, што пазнаем, які стрэл польскі, а які бальшавіцкі.
Калі легіёны прыходзілі ў Вончу, людзі ледзьве ад радасці са скуры не павыскоквалі. Смяяліся і плакалі. Думалі, што яны ўжо назаўжды. Тут яшчэ не адышлі бальшавікі, а ўжо групы нецярпліўцаў адпраўляліся праз лясы ў Вончу, ужо гаспадары пачалі клапаціцца, каб адправіць прывітальную дэлегацыю. Але, на жаль, рана мы радаваліся, бо ўвечары ўжо даведаліся, што легіёны ў нас часова, і засмуціліся. Няма нічога горшага за такое расчараванне, — цяжка ўздыхнула яна. — Ведаеш, Косцік, я яшчэ ні разу не бачыла цяперашніх польскіх жаўнераў.
— Увогуле не бачыла?
— Не. Тады, як прыходзілі першым разам, сам ведаеш, мяне дома не было, а цяпер, як другі раз былі ў Вончы, то пакуль я вярнулася, правады бальшавікам парэзаўшы, ужо мама з Яняй пачалі збірацца ў Вончу, а тата мяне з імі не пусціў — сказаў, што як яны вернуцца, то мы з ім запражом каня і паедзем. Так і не ўдалося. Скажы, даражэнькі мой, якія яны, тыя жаўнеры? Як выглядае гэтае войска польскае? Як Бабруйск, як Польшча? Ці так, як я сабе ўяўляла? Раскажы мне, даражэнькі, прашу цябе!
— Цудоўна! Выдатна! Познанскія палкі, што стаяць у Бабруйску, — у шэрай форме, якая нагадвае нямецкую, і ў канфедэратках, а варшаўскія, што на поўначы, пад Барысавам, — у зялёнай камуфляжнай, а на галаве — такія складныя магеркі. Хлопцы крыху драбнейшыя за нашых, аднак дзёрзкія, вымуштраваныя, прыгожа апранутыя, гатовыя ісці хоць у бой, хоць на парад. Горад выглядае практычна гэтак жа, як за Доўбарам: чыста, заможна, весела, па-польску. Часта праводзяцца вайсковыя парады, чуваць аркестры і польскія песні. З польскай мовы ніхто не кпіць і не абражае, яна гучыць у кожным месцы, і ўсюды надпісы на ёй. Касцёл у нядзелю і на святы перапоўнены вернікамі, як у старыя часы. На рынку і на гандлёвых вуліцах заўсёды шмат людзей. Усе крамы поўныя польскіх тавараў. Мы многа чаго прынеслі ў леснічоўку, каб вы хоць паглядзелі, як людзі жывуць, — і ён пералічыў, якія рэчы яны прынеслі і што з гэтага для яе.
— Ты столькі мне накупіў?! — узрадавана ўскрыкнула яна. — Заўтра пабягу да вас усё гэта паглядзець.
— Паглядзець можаш, але пакуль бальшавікі ў Смалярні, дадому нічога не забірай, бо можаш наклікаць на сябе новыя няшчасці. Барані Божа!
— Відаць, людзі на тым баку вельмі шчаслівыя, радуюцца Польшчы.
— Палякі — так, вельмі радуюцца.
— А рускія не?!
— Не ўсе. У некаторых вёсках многа сялянаў на Польшчу крыва глядзіць, ёсць нават і такія, што бальшавікам спачуваюць.
— Бальшавікам спачуваюць?! — ускрыкнула яна. — Але… нічога дзіўнага, убілі ім у галаву, — дадала яна лагодна, з паразуменнем. — Ці ж у вёсках мала такіх Ясяў, што людзей чмуцяць і падманваюць? О, чакай, няхай пажывуць, няхай зямлю атрымаюць, тады ўбачыш: усе яны Богу будуць маліцца за Польшчу. Зямлі яшчэ не даюць?
— Падчас вайны? Тут, ля фронту?
Вогнішча гасла. Яны ўсталі, паправілі прысак, падклалі свежых кавалкаў дрэва, пачакалі, пакуль разгарыцца, пагрэліся і зноў вярнуліся ў будан, сеўшы на ранейшае месца.
— Ведаеш, саколе, мама мая ўжо нічога супраць цябе не кажа, — абвясціла Каруся.
— Ого! А што здарылася?
— Відаць, гэта Ганка на яе паўплывала, бо з таго часу як яна ў Смалярні жыве і да нас завітвае, мама ўсё больш лагодна пра цябе азываецца. А кагадзе вось кажа мне: «Калі на свеце ўсё супакоіцца, а ты захочаш за свайго леснічонка ісці, то я бласлаўлю». Сказала таксама, што адпіша нам палову зямлі.
— Не хачу я ейнай зямлі! За тое, што даравала мне, што з хаты не выганіць, а цябе грызці не будзе, я ёй дзякую, але зямлі мне не трэба. Калі, дасць Бог, Польшча з вайны выйдзе пераможцай, у нас свая зямля будзе. Спадзяюся, мне яе дадуць.
— А каму ж яшчэ даваць, як не табе?
— Шмат мне не трэба, хай бы далі восем дзесяцінаў, мне хопіць.
— Праўда, столькі, каб самі маглі абрабіць і нікога наймаць не давялося.
— Я б толькі хацеў, каб недзе недалёка адсюль далі.
Ён падняў ёй каўнер кажуха, абняў за плечы, прытуліў да сябе і пачаў раскрываць свае планы і мары, у якіх дагэтуль нікому не прызнаваўся.
— Я ўжо даўно мару пра сваю зямлю, пра нашую будучую сядзібу. Я ўжо прыгледзеў месцейка, і ў мяне ёсць шмат нагледжаных і нават падрыхтаваных туды рэчаў. Я папрашу, каб мне далі гэты ўчастак на ўзвышшы, што за сасоннікам, ля смалярскай мяжы. Ведаеш, пра які я кажу?
— Ага! Ведаю. От, каб далі... Як папросіш, то дадуць, напэўна. Чаго ж не дадуць?
— Спадзяюся. На гэтым пакатым участку акурат столькі ўрадлівай зямлі, колькі нам трэба, а ў альховым гаі, што побач, — выдатная сенажаць. І добра, што блізка: адтуль відаць нават смалярскія дахі.
Ён расказаў ёй, як плануе падзяліць участак, у якім месцы і як пабудуе дом, дзе пасадзіць сад.
— Я ўжо прыгледзеў чорныя дубы на падмурак для дома, а яшчэ прыгожыя сасновыя вілкі на саху пад жораў для калодзежа, у мяне ўжо ёсць стос начасаных крокваў і драніц, ёсць гонта, якой нам хопіць на цэлы дом, і я ўжо нават некалькі яблынек прышчапіў у лесе для нашага саду. Дом пастаўлю такі, як у Пятроўскага, толькі дашак над ганкам аблямую іншай, прыгажэйшай, выцінанкай. Святлічку табе гладка затынкую, абклею квяцістым кардонам, а ўсю падлогу засцялю воўчымі скурамі. Не думай, што я перабольшваю. У мяне ўжо шаснаццаць воўчых скур ёсць.
— Шаснаццаць воўчых скур?!
— Шаснаццаць воўчых, а яшчэ ёсць лісіныя — табе на дубальтовае футра хопіць. Спраўлю табе яго абавязкова. Калі дасць Бог, вайна скончыцца гэтай вясной, тады да снегу выкарчую дзесяціну, выкапаю калодзеж і пастаўлю дом. Яшчэ да Раства хату зраблю, а пасля святаў зможам ужо пажаніцца. Павянчаемся ў якую-небудзь урачыстую нядзелю ў Бабруйску, каб табе было перад кім пакрасавацца ў лісіным футры.
Яна слухала яго стаіўшы дыханне і ўрэшце расчулена расплакалася.
— Я хацеў цябе парадаваць, а ты плачаш…
— Ды я ад радасці… Ад шчасця будучага, — адказала яна ўсхліпваючы. — Ажно не верыцца… Аднак, даражэнькі, я б не хацела, каб ты наскокам усё рабіў, каб здароўе сваё падрываў. Я ж ведаю, што ты моцны, але ж не жалезны, не машына. Навошта так спяшацца? Нічога нас з табой ужо не разлучыць, не раздзеліць. Не паспеем на святы — тады на вясну ці на другое лета.
— Так… але ж тады ў лісіным футры не паходзіш… — незадаволена сказаў ён, чухаючы патыліцу.
— У футры не пахаджу, але ўлетку больш людзей у касцёл збіраецца, усё ў зеляніне і ў квецені. Самі ўбяромся і ўсіх дружак упрыгожым кветкамі з нашай пушчы і саду — людзі толькі дзівіцца будуць. Ведаеш што? У дзень Белай Працэсіі павянчаемся, калі з усёй ваколіцы народ у Бабруйск з’язджаецца. Прышпіліш свае ўзнагароды на грудзі — тую, што атрымаў ад Доўбара, за ўланства, і тую, што атрымаеш ад Канажэўскага за цяперашнюю службу. Я ведаю, што цябе ўзнагародзяць. Дружкамі возьмеш самых заслужаных хлопцаў.
— Ёсць у дывізіі афіцэры, якія мне не адмовяць, — сказаў ён.
— Афіцэры? Дык ты там такі важны?! Папрасі іх, праўда. От як людзі ўсе нашыя здзівяцца! Возьмеш двух сваіх найлепшых сябрукоў са Смалярні і двух афіцэраў. Як здзівім усіх заслугамі тваімі і дружкамі заслужанымі! Так, даражэнькі, так, на другое лета ў дзень Белай Працэсіі пажэнімся! — сказала яна, абняўшы яго за шыю і гледзячы чулліва і запытальна.
— Зробім, галубка мая, як ты захочаш! Ашчасліўлю цябе, сэрца маё!..
Ён паваліў яе, прытрымліваючы ззаду рукой, і бяспамятна ўпіўся вуснамі, прыціснуўся ўсім целам… Закаханыя адно ў аднаго насмерць, знясіленыя доўгай разлукай, адны ў самым сэрцы пушчы, яны аддаліся асалодам кахання ажно да страты прытомнасці…
Размаўлялі яны жарсным, здушаным шэптам…
А Халімонава яліна сваім пошумам спявала ім песні. Спявала то магутным шумам млынавага спуску, рокатам усё мацнейшага ўрагану або галавакрутнага бегу конніцы, то зноў ціхім, манатонным гудзеннем жорнаў, слабым, цяжкім, грукатлівым аповедам старца і лагодным шапаценнем чарады птушак.
1 Імаверна, так называліся новыя, яшчэ не ўжываныя паперкі.
У шум усхваляванай пушчы ўмяшалася кугаканне савы. Яны пераглянуліся і спуджана падскочылі: Косцік выйшаў з будана паправіць вогнішча, Каруся ліхаманкава паправіла валасы, хустку і кажух. Праз хвіліну з нетраў вынырнуў Стах. У руках у замерзлай лубяной торбе ён нёс з два гарцы ўюноў. Падышоўшы да вогнішча, кінуў торбу ў снег, прысеў на кукішкі і спехам пачаў адаграваць рукі.
— Снегам, браце, расцірай, а то адмарозіш, — неяк нясмела азваўся Косцік, які, паправіўшы агонь, зноў сеў побач з Карусяй у будане ў такой позе, як іх пакінуў Стах.
Стах крадком слізгануў па іх вачыма і, заўважыўшы спуджаныя твары, утаропіўся ў полымя і пачаў расказваць пра лоўлю.
— Добрыя два гарцы будзе. І гэта амаль з аднаго сіла. На той большай, адасобленай, выжарыне, што там, на рагу. У іншых толькі густы жужаль ды п’яўкі. Добра вы натрапілі, добра. Але, выбачайце, пелька надта вылізаная. Трэба вам іншую абавязкова зрабіць, а гэтую замарозіць, бо там ужо больш вадзіцца не будуць.
Адагрэўшы рукі, ён адышоў за яліну, пераперазаўся і паклікаў збірацца.
— Ну, досыць ужо сядзець, шаноўнае панства! Уставайце! Час нам у дарогу.
— Яшчэ рана, давай пасядзім крыху, — намаўляў Косцік. — Куды нам спяшацца.
— Не забудзь, што апоўдні мы мусім быць у Бабруйску, а цяпер ужо другая гадзіна ночы.
— Няма яшчэ дзвюх, пасядзім.
Убачыўшы, што на яго не звяраюць увагі, Стах раскідаў агонь і, пацягнуўшыся да будана, прыгразіў, што пабурыць яго проста ім на галовы.
Яны пайшлі ў кірунку смалярскіх агнёў: Стах са стрэльбай і ўюнамі паперадзе, а Косцік з Карусяй на некалькі крокаў за ім.
— Праўда, што вы апоўдні павінны быць у Бабруйску? — спытала яна, калі выйшлі з гушчару.
— Так, абавязкова павінны.
— Бедныя! Без сну, без адпачынку зноў у такую дарогу.
— Нічога, было і складаней. Пэўнага разу мы прайшлі сто восемдзесят вёрстаў без сну і нармальнага адпачынку.
— Сташак, небарака, дык за ўсю ноч нават не пасядзеў спакойна... Што, праз тры дні зноў у нашых краях будзеце?
— Так, атрымаем адпачынак на некалькі дзён. Дык ты скажы, дзе мы зможам з табой убачыцца. Можа, да нас прыйдзеш?
— Не. Лепей будзе ў маёй цёткі на хутары, — адказала яна, крыху падумаўшы. — Але перад тым як зайсці, глядзі на знак: калі на даху лазні будуць тырчаць галінкі — то я там і чакаю цябе. Калі ж галінак не будзе — гэта значыць, што або мяне няма на хутары, або тут ёсць нехта чужы, хто не павінен цябе бачыць. У Смалярню, нават калі ў ёй ужо і не будзе бальшавікоў, не заходзь. Шмат там яшчэ шэльмаў усялякіх, ад усіх не схаваешся.
Стах, заўважыўшы, што адлегласць паміж ім і Косцікам з Карусяй з кожнай хвілінай расце, абурана крыкнуў:
— Цягнецеся як на паншчыну! Што, за столькі часу яшчэ не нагаварыліся?! Так ідучы, мы і да світання не выйдзем.
Ён пачакаў, пакуль яны наблізяцца, і пайшоў побач з імі, ужо не даючы ім душэўна размаўляць і марудзіць.
Яны спыніліся ля агародаў. Схаваліся ад ветру за вялізнай вывернутай ялінай, за некалькі крокаў ад плота Сакалоўскіх, і пачалі развітвацца. Косцік з Карусяй сутаргава, ажно да болю, абняліся і моцна, доўга цалаваліся.
— Глядзіце не задушыцеся ды не з’ешце адно аднаго! — іранічна шыкнуў на іх Стах.
Калі ўрэшце яны расплялі абдымкі і Каруся падала яму руку, Стах нядбала падаў сваю, стараючыся не глядзець ёй у вочы.
— Бачу, Сташку, ты злуеш на мяне? — ласкава звярнулася да яго Каруся.
Не паспеў ён нічога адказаць, як яна схапіла яго рукой за шыю, прыхіліла да сябе і цмокнула ў лоб.
Хваля шчасця захлынула ягонае сэрца, ажно дыханне заняло. Калі б яна зрабіла гэта, пакуль яны былі сам-насам, ён бы ўпаў да яе ног і з удзячнасцю пацалаваў яе боты, але паколькі побач быў Косцік, Стах удаў абыякавасць.
Яна папрасіла абодвух пакланіцца ад яе знаёмым у Бабруйску, пасля ўзяла з рук Стаха торбу з уюнамі, пабегла, спрытна пераскочыла праз плот і пайшла дадому.
Бура шалела яшчэ люцей, чым дагэтуль. Вецер дзьмуў адным суцэльным магутным подыхам. Свіст, выццё, рык зліваліся ў адзіны страшэнны гоман. У полі, калі яны ішлі супраць ветру, нельга было ні паглядзець, ні адкрыць рот. Маладыя, гнуткія дрэўцы, рэдка пасаджаныя на вузкай сенажаці паміж плотам і садам, згіналіся ад гвалтоўнага ветру аж да самай зямлі. Снежны пыл настойліва прадзіраўся за каўнер, у рукавы і за пазуху. Холад праймаў наскрозь, хоць ты пад зямлю хавайся.
Яны абаперліся локцямі на плот і глядзелі, як небарака барукаецца з непагодай. Яна ішла супраць ветру, нізка схіліўшыся, бокам, закрываючы твар каўняром кажуха. Кожныя некалькі крокаў яна адварочвалася ад ветру і прыпынялася, каб набраць дыхання. Дабраўшыся да яловага жываплоту, які аддзяляў сад Сакалоўскіх ад саду Гушчаў, пайшла хутчэй і тут жа знікла з вачэй.
— Можа, цябе ўкалола, што яна і мяне разок у лоб лізнула? — азваўся Стах.
— Мяне ўкалола? Ды ты варты таго, каб яна цябе пяць разоў у вусны пацалавала.
— Ну добра. А цяпер давай спяшацца. Тыя ж яшчэ з млына не вярнуліся? Ты думаеш, я столькі часу на выжарах сядзеў? Я ж быў на дарозе за бродам, пасвяціў ліхтарыкам у зацішным месцы — і ўбачыў, што па свежым снезе не прайшлі ніякія сані.
— Ну, гэта нічога не значыць. Дагэтуль яны маглі не толькі вярнуцца, але нават ужо на печы храпці і сніць бальшавіцкі рай. А што ты думаеш з імі зрабіць?
Стах дакрануўся пальцам да лба.
— Лепш за ўсё, каб мы маглі іх жыўцом узяць і даставіць на палявы суд.
— Адразу двух жывых не возьмем. А як іх раздзяліць?
— Гушчу мы ўвогуле не павінны чапаць. Аратар з яго невялікі, дык навакольным ён надта не шкодзіць — гэта раз, а па-другое, у яго шмат малых дзяцей, нельга іх асіраціць.
— Падумаем і параімся пра гэта ў дарозе. Хадзем!
— А да Казіка не зойдзем? Так доўга не былі дома і перад такой важнай справай не наведацца да яго неяк нядобра.
— А не спознімся мы праз гэта?
— А хоць бы і спазніліся, то што? Збяромся тады групай з пяці-шасці чалавек і возьмем яго з хаты як паніча. Што заслужыў, таго не міне.
— Ну, хадзем да Казіка.
Яны перайшлі межавую лінію насупраць могілак і павярнулі. Ішлі не без страху. Густы частакол, пастаўлены пад усе віхуры, выў страшным голасам. Фартушкі на крыжах моцна трапяталі, нібыта пеўні крыламі. Поўраз ад звона боўтаўся шырока, зрушваў ягонае сэрца, і той час ад часу пазвоньваў. Можна было б сказаць, што нябожчыкі паўставалі і свавольна гарцавалі, упэўненыя, што ў такую пару чалавек не прыйдзе іх чапаць. Хлопцы ў гэта не верылі, аднак калі б не спачывалі на могілках прыязныя, блізкія ім душы, хто ведае, ці наважыліся б зайсці.
Яны вырвалі пару жардзінаў і зайшлі на могілкі. Сярод шэрагаў старых крыжоў бялела шмат новых, яшчэ невядомых ім. Побач з магілай Казіка стаяў вялікі белы крыж нядаўна пахаванага ягонага дзеда Караля. Яны ўкленчылі перад ім і прачыталі адну малітву, пасля прайшлі да магілы ягонага ўнука і прачыталі другую. Скончыўшы, Косцік, верачы, што Казікава душа чуе яго пры магіле, пачаў жаліцца ўголас:
— Братка Казік! Не здолеў я сабраць хлопцаў з «Сілы» і стварыць пры польскім войску атрад пад імем нашай зямлі, каб, як мы з табой яшчэ гаварылі, абудзіць увесь народ тутэйшага краю да змагарнага ўдзелу ў барацьбе з ворагам Польшчы. Частка «Сілы» спыненне фронту на Бярэзіне ўспрыняла як адрачэнне ад нашага зарэчча і страціла ранейшы запал, шмат упартых аслепленых заможных шляхціцаў высмейвала мяне і ўвогуле не хацела слухаць. Сказалі, што раз я сын беззямельнага панскага служкі, выгадаваны ў лесе, то іх, культурных фальварачнікаў, розуму вучыць не смею і правадыром іхным быць не магу. Я ім сказаў: дык вы збірайце людзей і камандуйце, а мы вам дапаможам. Не захацелі. А Юзік наш, Картавы з Ямаў, Смаргачэўскі з-за Вончы і Вінцук Красны з Сакатушак, маючы са мной асабістыя рахункі, нават іншых злосна намовілі супраць агульнай справы.
Але да бальшавікоў ніводзін з нашых не пайшоў. Амаль усе паступова папераходзілі за раку, і цяпер яны або ў войску, у палках, або ў службе ўнутранай бяспекі, усе ўзорна служаць Польшчы. Чацвёра палеглі ўжо геройскай смерцю. Пятрусь Вінярскі загінуў пры пераправе фронту, Яся Кантычку, малодшага, загубілі бальшавіцкія партызаны, Віцік Аніхоўскі з Палянак палёг у баі пад Барысавам, а нядаўна вось і Валька Трызна, калі прыйшоў у Смалярню наведаць бацькоў, трапіў бальшавікам у рукі, дык замучылі яго цяжка. Валька, сябрук наш стары, як і ты, праз Яся загінуў, праз сабаку гэтага шалёнага. Даказалі ўжо ягонае злачынства так, што лепей і быць не можа. А ён не саромеецца і не бянтэжыцца нават, жыве ў Броніка Гушчы, таварыша свайго, абражае ўсіх і падбухторвае людзей, на камуну намаўляе. Мы са Сташкам вырашылі забраць шэльму і даставіць на палявы суд у Бабруйску. А калі не ўдасца ўзяць яго жыўцом, тады самі яго смерцю пакараем, а душа ягоная пойдзе на суд да Пана Езуса. Вы там усе — колькі вас на тым свеце з нашых ваколіц — засведчыце ў Яго, каб гад гэты атрымаў належнае за свае злачынствы. Грэшнік ён такі, што іншага, як ён, можа, і не знойдзецца на свеце. Апрача здрадніцтва і свядомых дзеянняў на шкоду Польшчы, апрача забойства вас дваіх, ён не меў літасці да дзяўчат, пашаны да старых і да бацькоў сваіх не меў, ды і Бога самога зневажаў словам і дзеяннем. Праз яго Каруську маю гаротненькую за кавалак парэзанага, нікому не патрэбнага тэлефона, якім, я думаю, ні нашым карысці, ні бальшавікам шкоды яна не зрабіла, чатыры дні ў арышце трымалі і пужалі ўсяляк. Праз яго Ганку Пятроўскую адлупцавалі, па турмах цягалі Амбражэя Кантычку, Стася Сцяпуру, Марціна Балашэвіча і іншых паважаных у Смалярні старых людзей. Ён жа супраць Бога на кожным кроку блюзнерыў, святыя абразы ў хаце брыдкімі малюнкамі скрэмзаў, а калі яго выкрылі і бацькі з хаты яго пагналі як паршывага вырадка, дык ён бальшавікоў на іх нацкаваў, папрасіў, каб ім бізуноў далі, а сам большую палову маёнтку ў іх забраў. От які ён грэшнік!
Пасля яны ўсталі і пайшлі. Пайшлі той самай межавай лініяй уздоўж пушчы. Мінулі агароды, дзе развіталіся з Карусяй, потым — заходняе поле, якое называлі Клінам, а тады павярнулі ўправа на схіл і, перасекшы кавалак лесу на паўвярсты, апынуліся на дарозе ў Вончу. У зацішшы пасвяцілі на дарогу — ніякіх слядоў не было. Яны парадаваліся і, не губляючы часу, скіраваліся ў бок Вончы, абмяркоўваючы, якім чынам разлучыць Яся з Гушчам, і шукаючы адпаведнага месца для засады. Яны ўважліва ўглядаліся перад сабой, азіраліся назад і калі заўважалі нейкі падазроны цень або лавілі голас, які прыносіў вецер, то спыняліся, напружвалі зрок і слых і ішлі далей, нікога не сустракаючы.
Спыніліся яны толькі напаўдарозе да Вончы, перад трэцім бродам, у маладым змрочным бары. Дарога там была вузейшая, чым дзе ў іншым месцы, загіналася крутой дугой, а каляіна глыбокім жолабам пахіла скіроўвалася ў брод. Брод перасякаў алешнік упоперак, і дарога за ім беглі напрасткі дзесьці стаю.
Стах затаіўся ў цені елкі над каляінай, адкуль ужо быў відаць брод, Косцік жа быў на адлегласці трох хатаў ззаду. Іх ахоўвала чупрына змрочнага лесу, куды заходзіла дуга дарогі, але яны былі так блізка, што маглі чуць адзін аднаго. Па дарозе вырашылі так: калі раптам Бронік будзе ехаць паперадзе, Стах, пазнаўшы яго, паведаміць пра гэта Косціку, двойчы кашлянуўшы, і паволі пойдзе ім насустрач так, каб сустрэцца ў яры. Першыя сані ён міне, а другія спыніць, пачаўшы папраўляць на дарозе абору ў лапцях, пакуль першыя не схаваюцца за паваротам, а Косцік падбяжыць да яго з падмогай. А калі Ясь паедзе наперадзе, тады Стах падасць сігнал свістам і такім самым чынам затрымае Броніка настолькі, каб Косцік паспеў аглушыць Яся за паваротам і з’ехаць з ім убок. Косцік узяў за спіну стрэльбу.
Яны паўтарылі, як будуць дзейнічаць, сталі на месцы і пачалі пільнаваць у надзеі, што ім пашанцуе.
Завея прыкметна сцішвалася. Вецер пачынаў дзьмуць роўна, лагодна. Лес сонна, летуценна шумеў — як матчына песня над калыскай. Снег з дробнага сыпкага пылу ператварыўся ў пухнатыя шматкі.
Паветра істотна цяплела, аднак стомленых доўгай дарогай хлопцаў холад пранізваў навылёт. Горш было Стаху праз вільготнае сподняе, бо ён разагрэўся, бегаючы ўсю ноч. Ажно зубы стукалі. Ён спрабаваў адагрэцца прытупваючы, але, нават крыху прастаяўшы, адчуў, што яго змагае стома. Ён пераперазаўся, шчыльна закруціўся кажушком і прытуліўся бокам да яліны за два-тры крокі ад краю лесу. Сагрэўся, аднак тады яго пачала ахопліваць дрымота. Ён змагаўся з ёй з усіх сілаў, памятаючы, што нават некалькі хвілінаў сну могуць знішчыць увесь план. Ён прытуляўся да камля яліны на адно хуткае «Здровась Марыя», пасля выходзіў на ўскраек лесу і ўглядаўся за брод.
Час ішоў, а Яся з Гушчам усё не было. Стах пачынаў траціць надзею і спыняўся пры яліне ўсё даўжэй. І ўрэшце цалкам забыўся…
Пачынала світаць. Намер, які можна выканаць толькі ноччу, разбураўся. Косцік зразумеў гэта і гукнуў Стаху:
— Відаць, братка, нічога з нашага мудравання не выйдзе! Світае ўжо!
Стах не адказаў.
«Спіць, небарака», — падумаў Косцік, падышоў і знайшоў яго ля елкі: Стах ківаў галавой, як яўрэй у малітвах. Спаў стоячы, ажно пара з ноздраў валіла.
— Што ж ты, братка, ва ўсе дзюркі сапеш? — пакпіў Косцік.
— Га! Што?! Хто?! Дзе? — спахапіўся спуджаны Стах.
— Кажу, праехалі яны, а ты спіш. Добра вартаваў!
— Праехалі?! Што ты кажаш?! Не можа быць! — не верыў Стах. Хутка падышоў да дарогі, зірнуў на яе роўную паверхню і радасна ўсклікнуў сцішаным голасам: — Хлусіш! Не праехалі яшчэ! Вунь акурат едуць! Едуць! Ляці хутчэй!..
«Прывярзлося нешта яму, толькі ж ад сну ачомаўся» — прамільгнула думка ў Косціка, але ён вызірнуў і заўважыў, што сапраўды ўдалечыні за бродам рухаецца нешта цёмнае, падобнае да падводаў.
— А і праўда нехта едзе! — крыкнуў ён, таксама ўзрадаваны, і штосілы кінуўся на свой пост.
Стах прымружыў вочы і напружыў зрок. Дзве дугі скакалі рыссю адна за другой — значыць, гэта мусілі быць яны.
Ён бачыў іх усё бліжэй, усё выразней. У першага каня нібыта лысіна на лбе. Можа, Лыска? А можа, здаецца? Ён працёр вочы і прыгледзеўся з большай пільнасцю. Праўда, Лыска. Значыць, Бронік наперадзе. Ён пакашляў у Косцікаў бок, як дамовіліся, наставіў каўнер, засланяючы твар, насунуў на лоб шапку, счакаў яшчэ хвіліну, каб не сустрэць іх надта далёка, выйшаў на дарогу і паволі пайшоў насустрач.
Выязджаючы з броду ў яр, дзе дарога пачынала паволі ісці ўверх, коні запаволілі хаду. Гушча ляжаў на развалах, па пояс накрыты гунькай, галавой абапіраўся на локаць і мурлыкаў пад нос «Чумака». Заўважыўшы мінака, ён падхапіўся, падняўся, адсунуў з вачэй шапку і ўперыў у яго позірк. Праводзіў вачыма, аж пакуль не праехаў, але не азваўся — значыць, не пазнаў.
Другія сані ішлі крокаў за дваццаць адзаду. Стах, мінуўшы Гушчу, стаў на сярэдзіну каляіны, схіліўся і пачаў корпацца ў матузках лапцей. Ясева Буланка спынілася перад ім.
— Гэй! Што ты там стаіш ракам на дарозе?! Сыдзі ўбок! — закрычаў Ясь па-руску.
— Абора ў мяне ў лапцях разматалася. Хвілінку, дзядзьку, — адказаў Стах, змяніўшы голас, таксама па-руску.
Першыя сані схаваліся за паваротам, і Буланка, якая ішла следам, пачала нервавацца, спрабуючы абмінуць перашкоду. Аднак Ясь трымаў яе, бо праз стромкую сцяну глыбокай у гэтым месцы каляіны можна было лёгка вывернуцца альбо яшчэ горш — зламаць галоблю.
— Дай мне дарогу, а то пераеду па тваіх лапцях і па рэбрах таксама, хто б ты там ні быў, — паўтарыў ён.
— Хвілінку, дзядзьку! Адну хвілінку! — пакорліва прасіў Стах, не перастаючы корпацца ў лапцях, і спаміж ног кідаў позірк на сані.
Відаць, Яся кальнула кепскае прадчуванне, бо ён узяў лейцы ў адну руку, а другой пачаў нешта шукаць у сене.
У той самы момант Косцік імкліва выскочыў з-за елкі на сані, схапіў Яся за каўнер і моцна ўціснуў яго тварам у сена. Той паспеў толькі крэкнуць.
Стах жыва асадзіў Буланку на раўнейшае месца, завярнуў, ускочыў на сані, і яны пагналі што было сілы.
Яны былі гаспадарамі становішча. Ахвяра звівалася, роспачна напружвалася, спрабуючы выбрацца з рук нападніка або хаця б крыкнуць, паклікаць таварыша на дапамогу, але сіла ворага моцна пераважала. Косцік трымаў яго і круціў як хацеў нават без сур’ёзных высілкаў. Калі ён чуў, што Ясь задыхаецца, небяспечна хрыпіць, тады крыху прыўздымаў яго за каўнер, даваў удыхнуць паветра і пасля зноў утыкаў галавой у сена.
Паварочваючы з роўнай дарогі, абодва хлопцы азірнуліся. Гушчы не было відаць. Яны паехалі далей. Праз некалькі стаяў пачаўся рэдкі сасновы бор. Тады яны звярнулі з дарогі ўбок, улева, і паехалі напрасткі праз лес.
— На, вазьмі, абкруці яму галаву і адпусці ягоную зяпу, а то сваімі мядзведжымі лапамі задушыш праныру гэтага, — падаў Стах Косціку гуньку, выцягнуўшы яе з-пад кален у Яся.
Косцік прыціснуў Яся сцягном, закруціў яму галаву гунькай, як параіў сябар, і з таго часу трымаў яго за плечы.
Адносна невялікі яшчэ слой свежага снегу, роўна засланы ў лесе, дазваляў далей ехаць рыссю.
Праз дзве вярсты з гакам яны заехалі ў асіннік, рэдка змяшаны з асобнымі ялінамі. Яны ўгледзелі месца, захінутае вывернутымі дрэвамі, заехалі туды і спыніліся. Павярнулі праныру тварам дагары і прыбралі гуньку. На Ясевым твары быў выраз страху і роспачы. Ён бегаў вачыма з аднаго на другога, і ягоны страх узмацняўся. Гэта даводзіла, што ён толькі-толькі даведаўся, у чые рукі трапіў. Аднак ён перамог сябе і непакорна і пагрозліва звярнуўся да іх:
— А, гэта ты, Косцік? Ты, Стах? Гэта ж вы, буржуйскія шпіёны?!
— А ты толькі цяпер пазнаў? Ну што, як маешся, пташак? — спыталі яны.
— Што, вам Смалярні ўжо не шкада, раз вы наважыліся на такі крок?
— Дзеля яе мы акурат і вырашылі цябе з яе выселіць, — адказаў Косцік.
— Калі вы зробіце мне нешта кепскае, ад Смалярні застануцца адны галавешкі.
— Ніхто не даведаецца, што мы з табой зробім і куды ты падзенешся.
— Пралічыўся ты, хлопча. Я прадчуваў такі ваш напад і ў свой час папярэдзіў старшыню ванчанскіх чэкістаў: калі раптам мяне заб’юць або я згіну без вестак, то вінаватыя ў гэтым Станіслаў Балашэвіч і Канстанцін Васілеўскі. Можаце, хлопцы, быць упэўненыя, што калі я не выйду з вашых рук жывым, то не выжыве ні адна душа з вашых сямей, а ад двароў вашых ні трэскі не застанецца.
— Дарма ты прагаварыўся! — падхапіў Стах. — Ну ты даў! Цяпер пішы нам сваёй рукой ліст да таго старшыні, што, пераканаўшыся ў памылковасці камуны, ты назаўжды выракаешся яе, пераходзіш на бок Польшчы і з гэтага часу будзеш да апошняй кроплі крыві змагацца дзеля яе абароны, каб рэабілітаваць сябе за ўсе свае ранейшыя злачынствы. Яны павераць, бо асабіста ты ім адваротнага не давядзеш, а мы на крыжы адной са свежых польскіх вайсковых магіл — напрыклад, тых, хто паляжа падчас заўтрашняга нашага наступу, — павесім таблічку з тваім прозвішчам. Не бойся, гад, мы ўжо абаронім і Смалярню, і свае сем’і!
Ясеў твар, які ўжо пачаў быў смялець, зноў займеў выраз бязмежнай роспачы.
— Што вы збіраецеся са мной рабіць, хлопцы? — спытаў ён зламаным голасам.
— Вока за вока, зуб за зуб, — адказаў Косцік. — Большай крыўды, чым ты зрабіў Казіку і Вальку, мы табе не зробім. Ты можаш здагадвацца, што цябе чакае: прывяжам, як Вальку, да галобляў і пагонім, пакуль дух свой паганы не выпусціш.
Ясь паверыў. Ён балесна ўздыхнуў, заплюшчыў вочы і задумаўся.
Яны яго не чапалі, хоць наперад ведалі, што ён шукае як апраўдацца, выдумляе нейкую хлусню, шукае паратунку.
Праз пару хвілінаў Ясь разрыдаўся:
— Косцік! Сташку! Браткі мае! Даруйце мне! Злітуйцеся нада мной! Пакіньце мне жыццё! Я не вінаваты ў тым, што з імі здарылася!
— Ах ты падлюга бессаромны! — абурана крыкнулі яны. — Ты яшчэ смееш адпірацца! Думаеш, мы нічога не ведаем?! Гэта ж ты данёс і прывёў бандытаў гэтых, хаўрусаваў з імі!
— Так, я данёс і дапамагаў схапіць, як мне і загадвалі, але ж я не думаў, што з імі ўчыняць такое. Я зусім не думаў, што іх жыцця пазбавяць. Мне казалі, што іх проста выселяць, каб яны не падбухторвалі людзей за буржуяў.
— Калі б гэта праўда была — тое, што ты кажаш, — сказаў Стах, — ты б пакаяўся і спыніўся на першым злачынстве, а не рабіў бы іх адно за адным, кожнае горшае за папярэдняе.
— Ваш бок таксама часта пралівае бязвінную кроў, пра што смуткуе пасля, аднак жадаючы дасягнуць свайго ідэалу, не зважае на гэта і працягвае далей кроў праліваць.
— Дык і ты хочаш працягнуць? Значыць, смуткуеш над лёсам Казіка і Валькі, але і далей будзеш па адным губіць нашых хлопцаў, пакуль не вымусіш смалерчукоў чалом біць Леніну? Для гэтага ты просіш жыццё табе пакінуць, падлюга?
— І волас з галавы больш не ўпадзе ні ў кога ў Смалярні па маёй віне. Ніхто мяне нават не ўбачыць болей.
— Ніхто цябе не ўбачыць? І што ты, у кляштары замкнешся і рэшту жыцця ў малітвах правядзеш?
— У кляштар я не пайду і ў Бога не веру.
— Дык што, тады добраахвотнікам у польскае войска ўступіш, як ты бессаромна людзям хлусіў столькі часу?
— Не. У мяне іншы план, — сказаў Ясь, ведаючы, што яму не павераць. — Я ўступлю ў Красную Армію і пайду змагацца супраць Урангеля. Я адразу хацеў гэта зрабіць, яшчэ як вы мяне ўлетку ў нядзелю на вуліцы пабілі, але маё партыйнае начальства ў Вончы загадала мне застацца і сачыць за контррэвалюцыйнай кодлай. Яшчэ ў сярэдзіне той зімы ГубЧК і ўсе камісары з нашай акругі ведалі, што вы арганізавалі ў лесе ўзброены лагер і хацелі ўзяць уладу, як немцы пайшлі. Таму я застаўся і рабіў усё, што мне загадвалі, хоць уся гэтая работа мне косткай у горле стаяла. Усё кепскае, што я камусьці ў Смалярні зрабіў, — гэта не па сваёй волі. Я ж сам не кат, не тыран, не вырадак, не пачвара нейкая, як вы мяне называеце. Я такі самы чалавек, як вы, я ж ваш брат, толькі з іншымі перакананнямі, да іншай партыі належу. Косцік! Сташку! Браткі мае дарагія, малю вас, падаруйце мне жыццё! Успрымайце мяне не як злачынца, а як жаўнера з іншага лагера! Клянуся, прысягаю вам!
— Хопіць тут зубы загаворваць! — перарваў яго Косцік. — Выходзіць, што ты ўвогуле нявінная авечка. Усё табе начальнікі загадалі. Хацеў бы я ведаць, гэта цябе начальнікі прымусілі за кавалак парэзанага тэлефоннага дроту данесці на маю Каруську?
— Кожны, пачынаючы ад байструка-пяцігодкі, направа-налева расказваў у Смалярні пра гэты тэлефон, таму мне давялося паведаміць начальству. Аднак я прадставіў гэтую справу зусім нявінна, таму нават не думаў, што яны, дапытаўшы яе, пакінуць у арышце. Ах! Распаленым жалезам пячэ мяне гэтая ейная крыўда! Я ўжо не раз казаў: калі ёсць анёлы — то яна першая сярод іх, — пачаў ён услаўляць Карусю, спадзеючыся, што супакоіць гэтым Косціка. — Яна ж прыгожая як лета, як сонейка! Яна ж сама міласэрнасць! Яна ні дзіцяці малога, ні нават ката ці сабакі не пакрыўдзіла! Яна ж першая мяне даглядаць прыйшла, першая злітавалася, калі ўсе ад мяне адвярнуліся і выгналі з засценка як шалёнага сабаку. Калі б я ведаў, што з ёй так жорстка абыдуцца, я б лепей яе віну на сябе ўзяў. Я нават засіліцца хацеў, калі даведаўся, што яе білі.
— Яе білі?! — дзіка зароў Косцік, сціскаючы кулакі і, як тыгр, рыхтуючыся да скоку.
— Дык ты не ведаў? Так, білі. Яна ж у морду дала Лазару-чэкісту за тое, што прыставаць пачаў да яе, дык ён загадаў высечы яе нагайкай. Ведаеш, я гэтага чэкіста за такое варварства ненавіджу больш за самога Урангеля, больш за…
— Дык яе білі?! — Косцік зноў страшна зароў і схапіў Яся аберуч за горла. — Білі маю Каруську… Анёлка майго нявіннага! Білі яе!.. — паўтараў ён, сутаргава сціскаючы пальцы вакол ягонай шыі.
— Але ж гэта не ён, — спрабаваў абараніць Яся Стах. — Нашто ты яго душыш?! Пусці! Пусці, бо насмерць задушыш!
— Высеклі, кажа, нагайкай… Божа літасцівы! Я табе адпомшчу! Смерць! Смерць катам! — рыкаў Косцік і душыў Яся з усё большым шаленствам.
— Помсці тым, хто вінаваты. А яго нашто душыш?! Ён у гэтым не вінаваты. Фэлька мне казаў, ды і Каруся таксама, што ён невінаваты. Пусці, кажу!
Убачыўшы, што Косцік не звяртае на яго ніякай увагі, Стах пачаў біць яго кулаком па плячы.
— Пусці, шалёны! Апамятайся! Мы ж павінны яго жывога ў палявы суд даставіць. Пусці, бо задушыш! Не бачыш, што ў яго ўжо вочы на лоб палезлі?!
Урэшце Косцік адпусціў.
У Яся палілася кроў з носа і з рота. Вочы засталіся расплюшчанымі, вылупленымі.
— Казаў я табе! — закрычаў Стах. — Бачыш?! Бачыш цяпер! Усё, скапыціўся ён. Пацалуй яго цяпер туды, куды сонца не свеціць!
Косцік стаяў на карачках, схілены над сваёй ахвярай, нібы ашалелы звер, нібы апантаны: дрыжэў, цяжка соп, дзіка круціў набрынялымі крывёй вачыма, сціскаў кулакі. Ягоны твар, шалёны і разгневаны перад гэтым, займеў балесны і роспачны выраз. Ён адсунуўся назад, сядаючы на пяткі, і застагнаў.
— І праўда, нежывы! Праўда, я задушыў яго. Што ж я зрабіў! Божа!.. Я душыцель… Ах! А я ж калісьці так яго шкадаваў, — кінуўся ён у плач. — Чаго ж яны анёлка майго нявіннага пабілі? Якую яна крыўду каму зрабіла, га? Чаго ж яны яе... А можа, ён яшчэ не да канца сканаў? Можа, удасца ўратаваць, Сташку? — ён уперыў у сябра ўмольны позірк, прагнучы пацверджання свайго спадзеву.
— Можа, і не сканаў канчаткова, — спрабаваў суцешыць яго Стах. — Пятліца ў яго толькі ад крыві ў горле і ў носе лопнула, але апошняй пары яшчэ не выпусціў. Выратуем. Меней словаў, болей справы.
Косцік павесялеў.
Яны расшпілілі Ясю на грудзях вопратку і зрабілі штучнае дыханне, але дыхаць ён не хацеў, а вочы заставаліся расплюшчаныя, нерухомыя. Яны паднялі яго пад спіну і пасадзілі, аднак марна. Галава боўталася, як у забітай качкі. Яны націралі яму снегам грудзі, скроні, твар, тармасілі яго, крычалі — нічога, ніякіх прыкметаў жыцця.
Косцік быў у роспачы:
— Вось табе і маеш! Што ж гэта са мной... Засляпіла мяне… Так добра ўзялі яго жывым — і вось табе. Хоць ты сам сябе кусай, хоць ты сам сабе…
— Не, ён яшчэ не сканаў, — сказаў Стах. — Не веру, затаіўся ён. Вось убачыш, ён яшчэ паспрабуе нас ашукаць. Давай, трэба ўсё праверыць тут.
Яны абшукалі Ясеву вопратку, сані — і пад сподам, на дошках, знайшлі кароткую, зараджаную пяццю набоямі вінтоўку. Стах трыумфаваў.
— Ну, казаў жа я табе, што ён шальмоўства рыхтуе?! Скруху перад намі разыгрываў, нявінную авечку ўдаваў, а пра вінтоўку не сказаў нічога. Галаву дам на адцён, што ён удае мёртвага, каб чуйнасць нашую ўсыпіць і пасля дастаць вінтоўку і нас застрэліць. Не ашукаеш нас болей! Не выслізнеш цяпер з нашых рук, пташак! — крыкнуў ён Ясю проста ў вуха. — Паехалі. Ён у дарозе ажыве. Так, як Мішка ажыў.
Яны звалілі мяхі з мукой пад вывернутае дрэва, сумнеўнага нябожчыка паклалі з аднаго боку на санях, прыкрыўшы яго гунькай, самі селі з другога. Выехалі з асінніку і паехалі далей борам, кіруючыся ў бок дзяржаўнага лесу, дзе мусілі сустрэць вядомую ім вузкую трэль, якой па замерзлых паплавах і рачулках, а таксама па цаліку снегу яны маглі пераправіцца санямі праз лес ажно да самага Бабруйска.
Ужо развіднела. Вецер зусім сціх. Ліпкі снег валіў роўна, вялікімі шматкамі, шамрэў ціхім малітоўным шэптам. З усіх бакоў азываліся жоўны, прадказваючы непагоду. Ззаду кожныя некалькі вёрстаў енчыў ганчак, пераследуючы па свежым снегу здабычу. З боку Бабруйска даносілася бурчанне аэраплану.
— Не верыцца мне, братка, што ён ажыве, — сказаў Косцік. — Ён ужо труп.
— А калі і не ажыве, то чорт з ім. Так ці іначай, ён бы ўжо не мінуў смерці. Хіба ён не заслужыў?
— Так, але цяпер мяне будзе пастаянна мучыць, што гэта я яго задушыў.
— За такога злачынцу будзеш мучыцца? Плюнь ты на гэта! Зрэшты, ты ж не хацеў.
Праз пару вёрстаў яны спыніліся і зазірнулі пад гуньку. Ясь ляжаў халодны і спруцянелы.
— Глядзі ты, сапраўды скапыціўся, — здзівіўся Стах.
— Вось табе і ажыў… — уздыхнуў Косцік і роспачна развёў рукамі. — Ну і што цяпер рабіць?
— А што ты хочаш рабіць з трупам? Пахаваць трэба. Павязём яго на Лапекі — ды ў Сопку пад лёд.
Яны крыху павярнулі ўлева і праз няпоўную гадзіну язды апынуліся пры Лапеках. Гэта была самотная паляна сярод лесу, з пчалінымі дрэвамі і глыбокай рэчкай з аднаго боку. У спакойныя часы праз Лапекі праходзіў зімнік у горад.
Спыніліся акурат ля скаванай лёдам рэчкі, каля самага яе выхаду на паляну, за кустом алешніку. Стах узяўся выразаць у лёдзе палонку, а Косцік выйшаў на паляну, узлез на адно з пчаліных дрэваў і скінуў два вялікія камяні. Адзін камень паклаў на грудзі трупа, другі — на жывот, загарнулі яго ў гуньку, як дзіця ў пялюшку, абматалі лейцамі і апусцілі ў палонку. Праз паўхвіліны паднялася каламуць, сведчачы, што здраднік лёг на дно.
— Трохі па-бандыцку, — сумна заўважыў Косцік.
— Pro bono publico1. Тут яму самае месца, — адказаў Стах.
Сена і салому з саняў яны спалілі на месцы да сцяблінкі. Буланку правялі лесам да месца, дзе праходзіў зімнік. Яна пазнала, куды ісці, хоць не было ніводнага следу, ніякай каляіны з гэтай зімы, і сама, павярнуўшы ў бок Смалярні, пабегла трушком.
— Бач ты, якая памятлівая! — заўважыў Стах. — Як ваўкоў не сустрэне, то смела дадому трапіць.
— Хацеў бы я ведаць, як у Смалярні ўспрымуць, што яна вярнулася адна, з пустымі санямі. Ой як выцягнецца твар у Броніка і ўсіх Ясевых таварышаў! Ажно дрыжыкі па скуры пойдуць!
— Добра мы прыбраліся, нічога не скажаш.
Яны хутка рушылі ў Бабруйск.
Гэта быў адзін з найцяжэйшых этапаў дарогі з усіх, што яны мелі падчас доўгіх вандровак у выведцы за Бярэзінай. Снег валіў вялікімі шматкамі цэлы дзень, і пад вечар свежы слой быў ужо амаль да калена. Стомленыя доўгім паходам, бяссоннем, пасля столькіх перажыванняў, яны ледзь валаклі ногі. Не было чым падсілкавацца, бо з леснічоўкі яны выйшлі без торбаў, так, як стаялі. Слабейшы Стах нават хістаўся і часта абапіраўся на мацнейшага таварыша.
Але яны вытрымалі. У прыцемках, у тумане ад снегу, замаячылі ўдалечыні магутныя бабруйскія радыёстанцыі.
1 На карысць грамадства (лац.).