epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Гінтаўт

Успаміны пра сябра

 

 

Спыняюся перад маладосцю, перад момантам — зменным, імклівым. Ступаю шырэй, абмінаючы акамянелую старасць, бо няма калі, бо далі вабяць. І адна ў мяне надзея на шырокі крок.

 

Л. Калюга

... Жыццёвыя шляхі мае, і Лукаша Калюгі, скрыжаваліся ў Мінскім белпедтэхнікуме.

У апошнія сонечныя дні жніўня 1928 года інтэрнат Белпедтэхнікума, што быў каля гарбатага маста цераз Свіслач (цяпер там парк імя Янкі Купалы), гудзеў бы вулей. Ды як яму было не гусці, гэтаму драўлянаму аднапавярховаму будынку, калі туды адзін за адным, нібы пчолы, заляталі хлопцы (інтэрнат быў мужчынскі) — старэйшыя студэнты з канікулаў і ўпершыню навічкі — «аўстрыякі» (так звалі першакурснікаў, бо тыя мелі сярмяжны выгляд, нагадвалі ваеннапалонных аўстрыякаў часу першай імперыялістычнай вайны). Гучныя прывітанні, абдымкі, рогат — гэтае ў «старыкоў», а «аўстрыякі» сціхатою, нясмела сунуліся са сваімі куфэркамі, выпытвалі нумар свайго пакою і там знаёміліся, уладкоўваліся. Пах яблык, слуцкіх бэраў, прывезеных з дому, не толькі стаяў у будынку, але праз адчыненыя вокны выплываў на панадворак ды хваляваў пешаходаў.

У адным з пакояў (на шасцярых) фармавалася студэнцкая сямейка, да якой далучыў лёс і мяне. На пачатку прыбыло нас, з аднаго заходу, пяцёра. Без спрэчак падзялілі ложкі і перазнаёміліся. Фізічнае лідэрства мы адчулі адразу ў Сяргея Брыцькі яшчэ вітаючыся, бо «лёгкі» поціск яго рукі быў вельмі адчувальны і гэты асілак без натугі разгінаў конскую падкову рукамі. Пульхны Язэп Вус асабліва нічым не вызначаўся, але яго добразычлівыя вочы і твар казалі, што на дружбу іншага шукаць не трэба. Смуглявы, з чорным хвалістым чубам і вялікімі чараўнічымі вачыма, задумённы і не вельмі гаваркі Сяргей Астрэйка адпавядаў вобразу паэта, і з часам мы сапраўды даведаліся, што ён складае вершы. Алесь Юрэвіч, прысадзісты бялявы хлопец, як толькі пазнаёміліся, пачаў пахваляцца самаробным дэтэктарным радыёпрыёмнікам. Пятым пасяленцам быў я. Мне давялося другі год быць першакурснікам, бо ў мінулым навучальным годзе я хварэў і атрымаў акадэмічны водпуск.

Перазнаёміўшыся, мы пачалі рабіць здагадкі — хто будзе шосты. Неўзабаве праз акно ўбачылі, што на ганак ступае хлопец-Гулівер.

— Няўжо да нас?! — выгукнуў нехта ад нас, а праз колькі хвілін адчыніліся дзверы, і дзівосны Гулівер апынуўся перад намі, з усмешкай агледзеў нас, ліліпутаў, і сказаў:

— Ну, здэцца, ягамосці, усе ў зборы, бадай, толькі мяне нехапала?! То будзем знаёмы і здаровы, дражняць мяне з маленства Кастусь Вашына.

— Вашына ці Вышына? — хмыкнуўшы, спытаў Сяргей Брыцька.

— Па царкоўнай метрыцы Вашына, але калі вам так карціць прыстасаваць прозвішча да майго росту — не пакрыўдую,— адгукнуўся Кастусь.

Праз колькі дзён, калі мы ўжо добра абнюхаліся, даведаліся, што наш Гулівер піша і друкуе невялікія апавяданні пад псеўданімам Лукаш Калюга.

Увогуле хлопцы ў пакоі падабраліся ўдала, і дружба між намі трымалася праз увесь час вучобы. Да нас і старэйшыя студэнты ставіліся з павагай, не абзывалі «аўстрыякамі», як іншых. З Сяргеем Брыцькам можна было смела хадзіць у парк імя Горкага, і ніхто з Камароўкі (там вадзіліся задзірыстыя хлопцы) не чапіўся, бо аднойчы паспрабавалі сілу нашага сябра. Кастуся ахвотна запрашалі ў баскетбольную каманду, асабліва тады, калі гулялі з камандай польскага педтэхнікума. І без падскоку Кастусь лёгка закідаў мячы ў карзіну.

У нашым пакоі можна было і паслухаць навіны з самаробнага прыёмніка (горад жа яшчэ не быў радыёфікаваны), а кансультацыю ў Юрэвіча атрымаць, як той прыёмнік самому зрабіць. Тут можна было і атрымаць параду, што чытаць,— я, Кастусь і Сяргей Астрэйка, заядлыя бібліяфілы, заўсёды былі ў курсе літаратурных навін і падзей, бо стараліся не прапускаць дыскусій і літаратурных вечароў у Доме пісьменніка.

Жылі мы камунай — прысмакі, што даставаліся з дому, знішчалі ўсім кагалам. Яшчэ варта адзначыць што студэнцтва трымалася воддаль ад спакусаў Бахуса і дымакурства.

Так пачыналася наша студэнцкае жыццё і маё знаёмства з Лукашом Калюгай і Сяргеям Астрэйкай, якое з часам перайшло ў шчырае сяброўства.

Студэнцкі час авеяны юнацкай рамантыкай. Ён самы цікавы, незабыўны ў жыцці кожнага, каму давялося яго перажыць.

Для нас, студэнтаў, пераважна моладзі з вёсак, наш Белпедтэхнікум здаваўся такім, як таму Тарасу з палясоўшчыкаў Парнас. Праўда, тут панавалі іншыя багі, і ў іх уладаннях былі іншыя справы. Тутэйшых багоў мы велічалі дзядзькамі.

Дзядзька — зварот, што выяўляў павагу юнака да старэйшага. Вось гэты этыкет, пераняты з вёскі, імпанаваў нам, ды нейкім чынам радніў сваім дэмакратызмам выкладчыка са студэнтам, прыахвочваў нас старанна трымацца закліку Леніна — вучыцца, вучыцца і вучыцца.

Дзядзька Грамыка — бог камянёў. Абклаўся ён імі рознымі паўсцяж сцен у сваім седале-кабінеце: быў геолаг, выкладаў мінералогію і крышталаграфію. Вельмі ж здзіўляў нас сваімі прадбачаннямі, што прыйдзе час, і ў нетрах Беларусі адкрыюць вучоныя розныя солі, нафту, а можа, нават і руду жалеза. Рослы, самавіты, гаварыў крыху пявуча, артыстычна, бо яшчэ і складаў вершы, пісаў п’есы, якія ставіліся ў тэатры.

Малады чарнавалосы Замбржыцкі і з лысай галавой Сакалоўскі знаёмілі нас з вялікімі скарбамі літаратуры : першы — беларускай, а другі рускай і замежнай. Гэта былі не толькі добрыя літаратуразнаўцы, але і выдатныя выкладчыкі. Яны стараліся, каб мы не былі пасіўнымі слухачамі, а вучыліся разважаць, дыскутаваць, набывалі тэарэтычныя веды, умелі разабрацца ў творчасці пісьменніка, ацаніць твор.

Дзядзька Пракапчук, сціплы, спартыўна рухавы, кучаравісты, з іскрыстымі вачыма бог усяго жывога на Зямлі, біёлаг. Ён мог расказаць шмат цікавага пра кожную жывёліну ці расліну і здзіўляў нас тым, што ведаў іх назвы па-лацінску, нават гэтым ганарыўся перад намі. На экскурсіях мы спрабавалі яго экзаменаваць — кожны вышукваў штосьці незвычайнае і бег да яго паказваць, чакаючы той загадкавай навуковай назвы. Ён хутка даваў мясцовую назву, а пасля пстрыкаў пальцамі і выстрэльваў належную лаціну.

Не дзядзька, а ўжо дзядуля Барташэвіч (прасіў так яго зваць), занадта паўнаваты, грузны, з дабрадушным, прыветным позіркам, паўсвету аб’ехаў, бо калісьці працаваў у Пецярбурзе аграномам пры тых славутых парках Пецергофа. Абліччам нагадваў Льва Талстога. У савецкі час вярнуўся ў родную Беларусь і стаў актыўным прапагандыстам агранамічных ведаў сярод сялянства. Дзівіліся мы, як ён, адарваны ад радзімы, не забыўся роднай мовы ды з якім стараннем дапамагаў укараняць агранамічную культуру на родных беларускіх палетках. Ён быў сталым лектарам пры Доме селяніна, пры гэтым за лекцыі ніякай платы не браў. Паводле свайго характару, па ідэях, лектарскім таленце ён радніўся з К. А. Ціміразевым, ды раней і часта з ім сустракаўся. Дзядуля Барташэвіч схіляў нас да таго, каб мы, настаўнікі, былі прапагандыстамі агранамічных ведаў сярод вучняў і насельніцтва.

У Белпедтэхнікуме скампанавалася эліта самавітых выкладчыкаў. Доказам было тое, што выпускнікі з дыпломам тэхнікума пахвальна працавалі не толькі ў пачатковых школах, а нават спраўляліся з выкладаннем матэматыкі, фізікі, мовы, літаратуры ў сямігодках.

А прапеў я тут дыфірамбы нашым педагогам таму, што яны шчодра засявалі зерні ў нашу глебу пазнання, якія пасля буйна квітнелі ў нашых дзеяннях на ніве працы, у тым ліку і пісьменніцкай.

Белпедтэхнікум у 20-я гады рыхтаваў настаўнікаў, але адначасова быў і сапраўднай літаратурна-мастацкай школай. Былыя навучэнцы мелі падставу, калі ва ўспамінах пісалі, што ён нагадваў ліцэй часоў Пушкіна. Мабыць, не было ў той час іншай установы, якая б выпеставала такую колькасць таленавітых беларускіх пісьменнікаў,-— іх выйшла адтуль больш за дваццаць. Так здарылася, што ў сталічным педтэхнікуме на пачатку яго станаўлення падабралася плеяда таленавітых пісьменнікаў-пачаткоўцаў, яны і заклалі там фундамент літаратурнай школы. Гэтаму шмат пасадзейнічаў і Якуб Колас, які тады працаваў у тэхнікуме выкладчыкам, імя яго было прыцягальным для літаратурнай моладзі.

У духоўным развіцці немалую ролю адыграла багатая бібліятэка, літаратурныя вечары і дыскусіі. На ўвесь горад славіўся тэхнікумаўскі хор пад кіраўніцтвам вядомага хормайстра У. Тэраўскага. Шмат чаго рабілася для таго, каб мы былі ідэйна і маральна загартаванымі настаўнікамі, маглі несці святло ідэй савецкай улады ў народныя масы.

Да прыходу ў тэхнікум Лукаша Калюгі і Сяргея Астрэйкі студыя «Маладняка» спыніла сваю дзейнасць, значная колькасць былых пачаткоўцаў выйшла на торную пісьменніцкую дарогу. Яны сталі прызнанымі паэтамі, пакінулі сцены свайго «ліцэя». Заставаліся С. Шушкевіч, В. Маракоў, С. Ліхадзіеўскі, рыхтаваўся стаць крытыкам А. Кучар, а пасля прыехалі давучвацца з Мсціслаўля А. Куляшоў і Ю. Таўбін, бо іх тэхнікум чамусьці закрылі. Не пакідалі наведваць родныя сцены былыя навучэнцы П. Глебка, М. Лужанін, П. Трус, С. Дарожны, яны выконвалі ролю неафіцыйных дарадцаў на занятках літгуртка і пры асабістых сустрэчах.

Традыцыі літстудыі доўжыў літгурток. Ніхто з настаўнікаў яго не апекаваў, існавала самакіраўніцтва. У гурток уваходзілі не толькі студэнты, якія лічылі сябе пісьменнікамі, але і хто наогул цікавіўся літаратурай.

На занятках літгуртка адбываліся дыскусіі па актуальных праблемах літаратурных напрамкаў, абмяркоўвалася творчасць паасобных пісьменнікаў. Тут былі прыхільнікі БелАППа і «Узвышша», а сярод іх — «левыя» і «правыя», таму дыскусіі праходзілі ў гарачых спрэчках, кожны стараўся грунтоўна, з выкладкамі, даводзіць слушнасць свайго погляду. Студэнты ўмелі самастойна мысліць, выказвалі арыгінальныя, цікавыя думкі. ,

Сярод літгурткоўцаў было некалькі прыхільнікаў сацыялагічных схем папулярнага ў той час крытыка Л. Бэндэ, іх называлі «каршункамі». «Каршункі» мясілі ўсіх, хто не ўкладаўся ў бэндаўскія схемы. Яны любілі дзяўбаць Дубоўку, Пушчу, не спыняліся нават перад тым, каб абвінавачваць Янку Купалу і Якуба Коласа. Адзін з іх заўзята крытыкаваў «узвышэнца» Лукаша Калюгу, амаль заўсёды знаходзіў прычыну для чарговых наскокаў. Калюга ж звычайна спакойна, з гумарам, як ён выдатна ўмеў гэта рабіць, падаграваў эмоцыі крытыка. «Каршунок» тады распаляўся ажно да крыку, неяк надзімаўся, каб надаць больш значнасці сваёй асобе. Побач жа з высачэзным Лукашом нізкарослы, крыху кульгавы «каршунок» выглядаў ліліпутам, і гэта вельмі пацяшала прысутных.

У такім асяроддзі праходзіла наша вучоба і сталенне разам з Лукашом Калюгам і Сяргеем Астрэйкам. Віхуры часу параскідалі нас у розныя бакі, але захаваліся добрыя ўспаміны пра наша юнацтва, дружбу і вялікія летуценні. Лукаша і Сяргея даўно няма, а іх жыццё нагадвае мне лёс дзвюх знічак, якія ярка ўспыхнулі на літаратурным небасхіле і раптоўна патухлі, аднак заслужылі павагу нашчадкаў.

Малой Радзімай Кастусю Вашыну сталася вёска Скварцы на 40 двароў, якая размясцілася ў 30-ці кіламетрах на паўднёвы захад ад Мінска, прыпісаная да Дабрынёўскага сельсавета ў Дзяржынскім раёне. Бацькі, Пётр Мікалаевіч і Вольга Сцяпанаўна Вашыны, не маглі нацешыцца першым нашчадкам — сынам, які моцна радаваў іх сваімі дзіцячымі забавамі. Аднак праз два гады ў хату ўвалілася няшчасце — памерла Кастусёва маці, і ён застаўся на руках у незамужняй бацькавай сястры Марыі. Бацька другі раз не жаніўся, бо моцна кахаў сваю жонку ды пабойваўся, каб не папалася благая мачыха.

На Дабрынёўскіх могілках знаходзіцца бадай адзіны помнік з чорнага мармуру — на магіле маці Кастуся. Помнік невялікі, але па тым часе даволі дарагі, ён сведка духоўнай культуры бацькі Кастуся, яго пачуццяў да Вольгі Сцяпанаўны. Не кожны з незаможных сялян траціўся б на такое.

Цётка Кастуся вельмі любіла свайго пляменніка-сірацінку і аднойчы пры сустрэчы казала мне пра яго маленства: «Звычайна дзеці на слёзы лёгкія, а Кастусёк, нават калі нарадзіўся, доўга лыпаў вачыма і ніякага голасу не падаваў. Бабка не ўцерпела — усе ж дзеці родзяцца і кугакаюць, а ён, бач, уздумаў радавацца — і дала яму добрага шляпунца. Кастусёк паморшчыўся, крыху нехаця кугакнуў ды пачаў губамі чмокаць — гэта давай яму есці». Цётка ніколі не чула, каб Кастусь заплакаў, калі на назе палец збедзіў на вуліцы ці аб што выцяўся. Быў не капрызны, і гадаваць яго была адна ўцеха.

Бацька Кастусёў хоць сам здолеў скончыць толькі чатырохкласную школу, але паважаў навуку, а таму з малых гадоў прыкладаў свайго хлапца да граматы. Кастусь удаўся кемлівы, хутка навучыўся чытаць і ўжо ў шэсць гадоў перастаў цікавіцца цацкамі, раздаваў іх сябрукам, а сам прыліпаў да кніжак. У яго была незвычайная памяць. Заўжды ўважліва слухаў, што яму чыталі, а пасля мог пераказваць слоўца ў слоўца ці прадэкламаваць, калі гэта быў верш. Доўгі час даражыў самаробнай скрыпачкай, якую яму падараваў дзед па мацеры, Сцяпан Фабіянавіч Івашын. Яму вельмі ж хацелася навучыцца іграць так, як іграў сусед Хамёнак, але кніжкі нарэшце перамаглі, і ўсё старанне аддаў ім.

Калі Кастусю споўнілася сем гадоў, бацька павёў яго ў Дабрынёўскую пачатковую школу, і там настаўнік быў здзіўлены хатнімі ведамі хлапчука. Кастусь выразна чытаў, някепска пісаў, спраўляўся з задачамі трэцяга класа. Настаўніку прыйшоўся даспадобы прагны да навукі хлапчук і яго дабрадзейны бацька, і таму ён з Кастусём доўжыў заняткі дома, прыводзіў яго веды ў пэўны парадак. У час грамадзянскай вайны школы не працавалі, таму Кастусь толькі ў 1921 годзе змог паступіць у Станькаўскую сямігодку і скончыў яе ў 1925 годзе.

За год да сканчэння сямігодкі памёр Кастусёў бацька, і яго замяніў яму родны дзядзька па мацеры, Уладзімір Сцяпанавіч Івашын, бо ён прыстаў у прымы да цёткі Марыі яшчэ ў 1921 годзе.

Да чаго пасля сямігодкі хацеў нахінуць Кастуся ягоны дзядзька, апісана ім у аўтабіяграфічнай аповесці «Ні госць ні гаспадар». Там Ігналя Чвардоўскі (трэба разумець — Кастусёў дзядзька) падбіраў такія доказы: «Што вучоны? Добра — дык пан, нераўня нашаму брату. Спракудзіўся ж чым крыху дык і пастух. А ў галодныя гады, у самую заваруху што рабілася? У гаспадара таго чорнага, карэлага ўсе гэтыя панкі і палупанкі скарынку цвілую прасілі даць... калі то голад прыскічыў і гаспадар жа,— і пры гэтым бацькаў голас, як можа, урачыста звініць, гаспадар, крый божа толькі бяды якой напасці, дык ніякага чорта не хоча знаць. Адно да турмы не ведай дарогі».

Дзядзька падбіраў розныя захады да Кастуся, каб прывабіць яго да гаспадаркі. Сам дзядзька славіўся на ўсю ваколіцу рознабаковым талентам: знаўся добра на ўсякай сталярцы, а калі была патрэба — мог пайсці ў кузню і адкаваць якую хочаш рэч для гаспадаркі, і не абы-якую, а як цацку. Быў знаным пчаляром на ўсю акругу. Кастусь не адмаўляўся ад яго навук, і добра ў яго многа чаго выходзіла.

Кастусь, калі застаўся дома, памагаў дзядзьку па гаспадарцы, бо яго сыны, Міхась і Уладзік, былі яшчэ маленькія. Цікавасць да кніжак не прападала, даставаў іх дзе толькі мог і чытаў. Акрамя гэтага, з суседскімі хлопцамі верхаводзілі ў тамтэйшай камсамольскай ячэйцы.

У 1926 годзе, мабыць, хтосьці з настаўнікаў падгаварыў Кастуся паступаць у Магілёўскі педтэхнікум. Ён туды паехаў, вытрымаў належны экзамен і стаў студэнтам. Але там не засядзеўся. Пацягнула яго ў родную вёску, пра якую ў адным апавяданні з часам скажа так: «Весела ў Баркаўцах жыць, я яе ні на адну вёску, ні на адзін горад не прамяняў бы. За нашы Баркаўцы ў свеце лепшай вёскі няма. Ні за што з яе не выбраўся, хоць бы мне й прыплачвалі».

Праз месяц ён вяртаецца на гаспадарку, да сваёй вясковай камсамоліі, з дзейнасцю якой ён моцна зжыўся. У той час узрастала і набірала сілы маладая Беларуская Савецкая Сацыялістычная дзяржава, абуджалася сацыяльная і нацыянальная свядомасць у моладзі, узнікала імкненне будаваць на руінах мінулага новае жыццё, шанаваць здабытую свабоду. Як помніцца, вельмі ж кранаў нашы юнацкія пачуцці заклік Янкі Купалы ў вершы «Арлянятам».

 

Гэй, узвейце сваім крыллем,

Арляняты, буйна, бурна,

На мінулых дзён магіле,

Над санлівасцю хаўтурнай!..

 

Кожны юнак-камсамолец імкнуўся «не праспаць у пасцелі» той дзіўны час руплівай дзейнасці ў адраджэнні краіны. З тагачасных скварцоўскіх камсамольцаў выйшлі вядомыя людзі, а блізкі сябар Кастуся, Васіль Чэрнік, стаў нават палкоўнікам-авіятарам.

^Кастусь ізноў дома, дапамагае дзядзьку па гаспадарцы, аддана працуе ў камсамоле, займаецца самаадукацыяй, многа чытае. У яго рояцца думкі, і яны нібы тыя кумкі з песні, пачынаюць назаляць яму. Ужо даўнавата запала ў душу яму кніжка М. Горкага «Мои университеты», не раз перачытвае яе, мяркуе — ёсць чаму наследаваць. А як прыгожа гучыць роднае слова ў Якуба Коласа, Янкі Купалы, М. Чарота, а яны таксама, як і Горкі, здабывалі веды праз самаадукацыю... Гартаючы старонкі часопіса «Чырвоны сейбіт», даведваецца, што там друкуюць вершы і апавяданні вясковыя хлопцы... І тады ў яго ўзнікла думка спрабаваць напісаць пра жыццё сваёй вёскі. У школе настаўнік яго пісьмовыя работы пахвальваў.

Бадай самай цікавай падзеяй на вёсцы было — надзел зямлёй беззямельнага сялянства. Адразалі лішкі ў заможных хутаранцаў. Забіралі пераважна ўчасткі паўскрай хутарскіх зямель, якія звычайна ляжалі цаліной у дзірванах для выпасу жывёлы. Беззямельныя ахвотна іх бралі і там будаваліся.

«Выйшлі на цаліну» — так назваў Кастусь першае апавяданне (1926), дзе адлюстраваў падзеі, як беззямельныя пачынаюць будавацца на цаліне, а хутаранцы злуюцца на гэту галоту.

Тады было модна пісаць пад псеўданімам, і Кастусь пачаў іменаваць сябе Лукашом Калюгам. Калюгамі ў Скварцах называлі копанкі з-пад торфу, напоўненыя вадой. Адна такая даволі вялікая калюга, з мноствам водных кветак, аеру — любімае месца дзяцей, знаходзілася каля яго вёскі, мабыць, яна і паспрыяла ў выбары псеўданіма.

Першы блін выйшаў крыху камякаваты, бо ў «Паштовай скрынцы» часопіса «Чырвоны сейбіт» № 5, 1926 г. за снежань надрукавалі такое паведамленне: «Лукашу Калюгу. «Выйшлі на цаліну» мы друкаваць не будзем. Тэма цікавая, але вы вельмі агульна да яе падышлі. З вашай манэры пісаць — відаць, што ў вас ёсць літаратурная здольнасць. Прысылайце больш матэр'ялы».

Хаця першае апавяданне не было надрукавана, але пахвала падахвоціла Кастуся далей выпрабоўваць свой талент. На пачатку 1927 года ён напісаў другое апавяданне — «Вясна», па тэматыцы блізкае да першага. Вось тут яго талент заіграў шматкаляровымі адценнямі. Яно было надрукавана ў часопісе «Чырвоны сейбіт», №№ 13—14, 1927 г. (май — чэрвень). У лістападзе таго года надрукавалі другое яго апавяданне «У Клянках» (№№ 20—21). На гэтыя апавяданні звярнуў увагу Кузьма Чорны. У тым жа годзе ў рэдакцыі «Беларускай вёскі» Кастусь сустрэўся з Кузьмой Чорным, і адзін аднаму спадабаліся. Тады К. Чорны даў многа парад у літаратурнай працы і параіў паступаць у Мінскі белпедтэхнікум, тагачасную літаратурную школу.

Пасля сустрэчы з Кузьмой Чорным у Кастуся нібы выраслі крылы, і ён за адзін 1928 год напісаў чатыры апавяданні («Краўцы і чаляднікі», «Лук’ян — капяраціўскі сабака», «Трахім з Пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане вясёлыя людзі») і аповесць «Ні госць ні гаспадар». У 1929 годзе выйшлі ў свет чатыры апавяданні, а ў верасні 1931 г.— першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх».

Да тэхнікумаўскага Парнаса Кастусь хутка прывык, прыйшоўся яму да густу, стаў старанным студэнтам. Усе дысцыпліны даваліся лёгка. Пэўны час захапляўся выяўленчым мастацтвам, наведваў гурток, якім кіраваў вядомы мастак У. Кудрэвіч. Яшчэ ў школе праклёўваліся задаткі да малявання. Кудрэвіч не раз хваліў яго эскізы з натуры. Кастусь валодаў каліграфічным почыркам, ён яму прыдаўся пазней у цяжкія часіны жыцця, зарабляў тую-сюю капейку, працуючы перапісчыкам.

Кастусь сярод студэнтаў быў прыкметным юнаком: прыгожы, прыветлівы, інтэлігентны твар, разумныя вочы, багаты інтэлект. Вельмі ж жывым, з характэрным выразам аблічча ён атрымаўся на фатаграфіі, якая змешчана ў гэтай кнізе. Здымак зроблены ў гарадской бібліятэцы г. Ірбіта Свярдлоўскай вобласці ў 1935 г., і, мабыць, рабіў яго майстар свайго фаху. На ім відаць, што ён значна пасталеў, знікла колішняя вясёласць і несцеркавая ўсмешка, на яго вуснах запанавала пара развагі, роздуму, можа, і сумавання па сваіх родных Скварцах.

Кастусь быў чалавекам эмацыянальным, але не ўмеў хмурыцца, а калі ж хто спрабаваў яго пазлосціць, то ён адбрыкваўся хвацкім жартам. Валодаў вострым мастакоўскім вокам, мог імгненна заўважыць нешта такое асаблівае, характэрнае пры назіранні той ці іншай падзеі, паводзін чалавека і выказаць так трапна і вобразна, што здзіўляў усіх прысутных. Ветлівы, разумны гумар, красамоўства спрыялі яго аўтарытэту тамады ў студэнцкім асяроддзі. Да яго хілілася ўсё добрае, чалавечнае, хцівасць, пыхлівасць, дваістасць былі арганічна неўласцівыя яму.

У Белпедтэхнікуме зачаравала Кастуся сусветная літаратура. Асабліва захапляўся Ф. Рабле, Дж. Сфіфтам, Вальтэрам. Больш дасканала пазнаёміўся з творамі рускай класікі. Дзесьці пад канец вучобы адкрыў для сябе «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я. Гашака і «Зайздрасць» Ю. Алешы. Творы гэтыя так яго захапілі, што ён адразу пачаў перакладаць іх на беларускую мову. Пераклады адобрыў К. Чорны і дапамог, каб яны дайшлі да чытача.

Для цікавай кніжкі Кастусь мог адарваць добры кавалак ночы, а часам пазбыцца і ўсёй. Калі што ў кніжцы ўсхвалявала яго, не трымаў пры сабе, а стараўся расказаць сябрам, падахвоціць прачытаць. У падборцы аўтараў, кніг дапамагаў яму літаратурны эрудыт П. Рагачэўскі (супрацоўнік гістарычнага музея) і дазваляў карыстацца сваёй багатай бібліятэкай.

Найбольшы ўплыў на пісьменніцкае майстэрства Лукаша Калюгі зрабілі М. Гогаль, А. Чэхаў, Я. Колас, К. Чорны, Я. Гашак і часткова Ю. Алеша, але найбольш пакланяўся ён М. Гогалю. Яго творы, асабліва «Мёртвыя душы», перачытваў часта, паасобныя мясціны ведаў на памяць. Адчуваецца і падабенства твораў Гогаля і Калюгі — уласцівы ім самабытны тонкі народны гумар, дзе сутнасць яго скіравана на рэалістычны паказ жыцця. Іх пісьменніцкі стыль мае адзіныя вытокі, бо яны абодва карысталіся народнай творчасцю, толькі адзін — украінскай, а другі — беларускай. Гэтым меркаваннем адпавядаюць выказванні Яна Скрыгана пра творчасць: «Мне падабаўся гэты пісьменнік. Арыгінальны па стылі і самабытны. Глыбокі па роздуме, прычым роздум ляжаў не ў радках, не наверсе, а недзе ў яе сутнасці, за тэкстам, як арганічны скутак сваіх адчуванняў. Культурны па мысленні і па філасофскай напоўненасці. Чараўнік па мове: так і бруіцца, так і зіхаціць яна ўсім багаццем народнай дасціпнасці. Усмешнік — не-не дый пакажацца яна, гэтая добрая чалавечая ўсмешка, можа, нават крыху хітраватая і таксама схаваная за тканінай слоў».

Сюжэты Л. Калюга чэрпаў з жыцця сялянства, многа чаго прыдбаў са сваёй вёскі Скварцы, якую ён у творах называе Баркаўцамі. Мне некалькі разоў давялося гасцяваць у Кастуся на вёсцы і нават спатыкацца там з прататыпамі некаторых герояў яго твораў. Падчас вучобы ў тэхнікуме частавата наведваў родны кут, адкуль прыводзіў цэлы сшытак цікавых моўных выразаў. Уголас чытаў нам, смакаваў і дзівіўся, як там сяляне ўмеюць складна, паэтычна размаўляць, не так нават, як многія граматныя гараджане. «Гараджанін і лаяцца прыгожа не ўмее,— казаў ён.— А прыслухайся да лаянкі вяскоўца, асабліва жанок, там у кожнай свая лаянка, вобразная, сакавітая, не лаянка, а цэлая паэзія».

Белпедтэхнікум Лукаш скончыў у 1931 годзе і пасля працаваў стыль-рэдактарам у навукова-даследчым Інстытуце прамысловасці ВСНГ, на Беларускім радыё.

Жыў на прыватнай кватэры ў раёне Даўгабродскай вуліцы, побач з Вайсковымі могілкамі. Непадалёк кватараваў яго блізкі сябра Сяргей Астрэйка. Тагачасныя забудовы гэтай часткі горада нагадвалі вёску — драўляныя хаты, хляўчукі, а кожны двор славіўся галасістым пеўнем і звяглівай псінай на ланцугу. Кожнаму госцю ўтульнага невялікага пакойчыка Л. Калюгі запаміналася кніжная паліца на ўсю сцяну, застаўленая цікавымі выданнямі аўтараў нашай і замежнай літаратуры, а таксама карціна таленавітага мастака Р. Семашкевіча — «Раніца юнацтва». Зіхаценне ружовых і васільковых колераў выказвала летуценні прыгожай дзяўчыны-камсамолкі з блакітнымі вачыма, з закладзенымі за галаву рукамі, на фоне неба, калі сонца выплывае на ўскрай Зямлі, праменіцца і гуляе. Гэтую карціну мастак (выгнаннік Заходняй Беларусі) падарыў Лукашу ў знак знаёмства, калі той наведаў яго першую выстаўку ў Мінску. (Карціны Р. Семашкевіча захаваліся толькі ў музеях г. Масквы.)

На прадвесні 1933 года адбылося вялікае сталінскае паляванне на беларускіх «нацдэмаў», пераважна былых навучэнцаў Мінскага педтэхнікума, не толькі пісьменнікаў, але і настаўнікаў. У 20-я гады Мінскі педтэхнікум, апрача таго, што слыў літаратурна-мастацкім ліцэем на Беларусі, яшчэ насіў імя прэзідэнта АН БССР У. Ігнатоўскага. Камусьці здавалася, што ўсе навучэнцы гэтага тэхнікума былі заражаны вірусам «нацдэмаўшчыны».

Тагачасная змрочная навала не абмінула і Лукаша Калюгу, яго адправілі на спецпасяленне ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Аднак з часам гэтае пакаранне выдалася недастатковым, і ў 1937 годзе выгнанца, як і многіх другіх, прыгаварылі да расстрэлу. Пакаранне адбылося 2 кастрычніка, дзе пахаваны — невядома.


1991?

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан