epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Кафка

Нешчаслівасць

Калі мне ўжо ўсё апрыкрала - гэта было аднаго разу лістападаўскім надвячоркам - і я выбег з пакоя па вузкай дывановай дарожцы, як па той, што на іпадроме; раптам напалохаўшыся ўбачаных у завулку ліхтароў; пасля завярнуў быў назад, але ў глыбіні пакоя, у вялікім трумо, згледзеў нешта яшчэ і закрычаў - каб толькі чуць крык, на які не адказваюць і якому не перашкаджае яго сіла, які гэткім чынам узмацняецца без супрацьдзеяння і не можа аціхнуць, нават калі крычаць перастаюць; вось тады ў сцяне раптоўна адчыніліся дзверы, вельмі паспешліва, бо паспешлівасць была патрэбная, і нават коні каля павозак, што стаялі ўнізе на брукаванцы, як здзічэлыя ў баі кавалерыйскія коні, не шкадуючы сваіх горлаў, падняліся на дыбкі.

Нібы маленькі прывід, выплыла дзіця з цёмнага-цёмнага калідора, у якім яшчэ не запальвалі лямпачку, і, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзіне вузкай масніцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя, дзіця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоілася, зірнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыціснутая паўзмрокам смужлівая свецень вулічных ліхтароў. Перад адчыненымі дзвярыма дзіця, памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася наўздоўж сцяны, упусціўшы звонку ў пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыі і скроняў.

Я паглядзеў у той бок і сказаў: «Добры дзень»; потым узяў пінжак, што вісеў каля печы, - бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвілю я не закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было неяк дрэнна, на маім твары ўздрыгвалі вейкі - карацей, мне не хапала толькі яшчэ гэтага - чаканага, зрэшты, - прыходу.

Дзіця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыціснуўшы да яе правую руку; і, ружовашчокае, яно ніяк не магло наталіцца з таго, што тынк на сцяне быў грубы і ўцінаўся яму ў пальцы. Я сказаў: «Вы праўда хочаце сюды? Гэта не памылка? Няма нічога лягчэйшага, як памыліцца ў гэтым вялікім доме. Мяне завуць Так-і-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Ці я сапраўды той, да каго Вы хацелі прыйсці?»

- Ціха! Ціха! - ускрыкнула дзіця, павярнуўшы голаў да мяне. - Усё, вядома, так, як трэба.

- Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачыніць дзверы.

- Дзверы я толькі што зачыніў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.

- Пры чым тут турботы. Але ж на гэтым калідоры жыве шмат народу; усе, натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калі яны пачуюць, што ў нейкім пакоі гамоняць, яны палічаць, што ім дазволена адчыніць дзверы і паглядзець, што тут робіцца. Ад гэтага нікуды не падзенешся. За плячыма ў гэтых людзей рабочы дзень, і яны не ўпадабаюць ніякіх замахаў на сваю часовую вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.

- Ну і што з таго? Чаго Вы напалохаліся? Што да мяне, дык няхай прыходзіць хоць увесь дом. І да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачыніў. Вы што - думаеце, толькі Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я іх нават на ключ замкнуў.

- Тады добра. Болей мне нічога і не трэба. На ключ, можа, і не варта было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы - мой госць. Можаце цалкам мне давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце - заставайцеся тут, хочаце - ідзіце сабе: я ані не збіраюся Вас прымушаць. Дый ці трэба мне казаць пра гэта? Хіба Вы мяне так дрэнна ведаеце?

- Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павінны былі казаць... Я ж дзіця, нашто столькі валтузні каля мяне?

- Ну, гэта й не так кепска. Вядома ж, дзіця... Але ж Вы не такое ўжо і малое. Вы зусім дарослы. Каб Вы былі дзяўчынаю, Вам не варта было б вось так проста зачыняцца ў адным пакоі са мной.

- Пра гэта нам няма чаго турбавацца. Я толькі хацеў сказаць: тое, што я Вас так добра ведаю, не надта мяне бароніць; проста Вам не трэба высільвацца, каб маніць мне. Тым не менш Вы дагаджаеце мне. Кіньце гэта, заклікаю Вас, кіньце. Мне пачынае здавацца, што я не ведаю Вас - так, каб паўсюды і ўвесь час - тым больш у гэткай цемры. Было б лепш, каб Вы запалілі святло. Не, лепей не трэба. Ва ўсякім разе, я сабе зазначу, што Вы ўжо мне пагражалі.

- Што? Я - Вам пагражаў? Ну што Вы! Я ж такі рады, што Вы нарэшце тут, у мяне. Я кажу «нарэшце», бо ўжо такая позняя пара. Мне неяк няўцям, чаму гэта Вы прыйшлі так позна? Ну, і зусім мажліва, што я ад радасці нагаварыў тут не ведаю чаго, а Вы гэта адпаведна зразумелі. Тое, што я гаварыў менавіта так, магу пацвердзіць хоць дзесяць разоў; напраўду, я пагражаў Вам усім, чым Вы хочаце. ...Толькі, далібог, не трэба спрэчак! ...Але як Вы маглі ў гэта паверыць? Як Вы маглі так пакрыўдзіць мяне? Чаму гэта Вам так хочацца сапсаваць гэту нейкую там хвіліну, што Вы тут, у мяне? Чужы чалавек і той паводзіў бы сябе больш ветліва, чым Вы.

- Разумею, гэта не было мудра. Такі блізкі Вам, як гэта ўвогуле магчыма камусьці чужому быць Вам блізкім, я паводле сваёй натуры. Пра гэта Вы, зрэшты, ведаеце; навошта тады гэты жаль? Калі Вам хочацца ламаць камедыю, дык адразу скажыце; я пайду адсюль.

- Во як? І ў Вас хапае адвагі казаць мне пра гэта? Бачу, у Вас яе трохі зашмат. Дый, урэшце, Вы ў маім пакоі. Вы ўшчаперыліся, як той вар'ят, пальцамі ў маю сцяну. Мой пакой, мая сцяна! Да таго ж усё, што Вы тут казалі, - гэта не толькі нахабства, гэта проста смеху варта. Вы кажаце, што гэта Вашая натура прымушае Вас так гаварыць са мною. Няўжо праўда? Вашая натура Вас прымушае? Што ж, вельмі гжэчна з боку Вашае натуры. Ваша натура - яна ж і мая, і калі я паводле сваёй натуры прыязны з вамі, дык і Вам ніхто не дазваляў быць іншым.

- Што, вось гэта і ёсць прыязнасць?

- Я кажу пра тое, што было.

- Хіба Вы ведаеце, які я буду пасля?

- Я нічога не ведаю.

І я, падышоўшы да маленькага стала, запаліў на ім свечку. Тады ні электрычнасці, ні газу ў мяне ў пакоі не было. Я трохі пасядзеў каля стала, потым, стаміўшыся ад гэтага, падняўся, накінуў на плечы паліто, узяў з канапы капялюш і дзьмухнуў на свечку. Выходзячы з пакоя, зачапіўся за ножку крэсла.

На сходах напаткаўся сусед з майго паверха.

- Зноў ідзяце кудысь, лайдача? - спытаўся ён, стоячы на дзвюх прыступках, шырока расставіўшы ногі.

- Што ж мне рабіць? - сказаў я. - У мяне ў кватэры толькі што быў прывід.

- Вы кажаце пра гэта так, нібыта знайшлі валасіну ў супе.

- Жартуеце. Але ж прывід ёсць прывід.

- Вельмі добра. Але як быць, калі наогул у прывіды не верыш?

- Вы думаеце, я ў іх веру? Але што мне дае гэтае нявер'е?

- Усё проста. Вы не павінны больш ніколі палохацца, калі да вас у хату сапраўды завітае прывід.

- Вядома ж, але гэты сполах - не самы важны. Найбольш баішся - гэта калі думаеш, чаму ён з'явіўся. І гэты страх не знікае. Ён якраз выдатна сядзіць ува мне. - Нервуючыся, я пачаў ліхаманкава мацаць па ўсіх сваіх кішэнях.

- Калі Вы не баіцеся самога прывіду, Вы б маглі спакойна спытацца ў яго, чаму ён прыйшоў.

- Вы, бачу, ніколі яшчэ не гаварылі з прывідамі. Ад іх нічога па-сапраўднаму нельга даведацца. Гэта - адна марная мітусня. Часам у гэтых прывідаў бывае больш сумненняў наконт свайго існавання, чымся ў нас; гэта й не дзіва, бо яны такія кволыя.

- А я чуў, нібыта іх можна выкарміць.

- А Вы добра дасведчаныя ў гэтым. Можна, вядома. Але ж хто будзе гэтым займацца?

- Чаму? Калі, прыкладам, гэты прывід жаночага полу? - адказаў ён і перайшоў на прыступку вышэй.

- Ну, калі так, - сказаў я. - Але нават тады ён не падыдзе для гэтага...

Я задумаўся. Мой знаёмы стаяў між тым ужо так высока, што, каб бачыць мяне, мусіў нагінацца пад пралётам лесвіцы.

- І ўсё ж, - сказаў я яму, - калі Вы прагоніце адтуль, зверху, мой прывід, між намі ўсё будзе скончана, назаўсёды.

- Ды не, я пажартаваў, - сказаў ён і зноў выпрастаўся.

- Вось гэта добра, - прамовіў я і мог нарэшце ісці гуляць са спакойнаю душой.

Але яе, маю душу, апанавала самота; з гэтае прычыны я зноў падняўся ў свой пакой і лёг спаць.



Пераклад: Лявон Баршчэўскі