epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Кафка

Стук у браму

Гэта было ўлетку, спякотным днём. Ідучы дамоў разам з сястрою, мы якраз праміналі нечую вялізную браму. Не ведаю - ці то каб трохі пасваволіць, ці то з рассеянасці - але сястра ляпнула кулаком па палавінцы брамы; а можа, толькі пагразіла кулаком і ніякага стуку не было. Сто крокаў далей - там, дзе прасёлак рабіў крук улева, - пачыналася вёска. Якая - мы не ведалі, але калі прайшлі паўз першую хату, насустрач нам выйшлі людзі: яны махалі нам рукамі - прыязна альбо з перасцярогаю - самі напалоханыя, прыціснутыя цяжарам страху. Яны ўсё паказвалі на двор, паўз які мы былі прайшлі, і нагадвалі пра той стук у браму. Маўляў, гаспадары будуць скардзіцца на нас у суд, зараз пачнецца следства. Ды я заставаўся вельмі спакойны і сказаў сястры, каб яна надта не палохалася. Яна ж, відаць, зусім і не стукала па той браме, а калі й стукала, дык ніхто на свеце давесці гэтага не здолее. Я паспрабаваў растлумачыць усё тым людзям - яны слухалі мяне, але нічога не казалі. Пасля ўсё ж выказаліся: вінаваціць за гэты ўчынак будуць не толькі маю сястру, але і мяне самога - як яе брата. Я, усміхаючыся, згодна заківаў галавою. Тут мы ўсе разам азірнуліся і паглядзелі на той самы двор - як глядзяць на далёкія клубы дыму, чакаючы, што вось-вось пыхне полымя. Так яно і было: неўзабаве мы ўбачылі, як праз шырака расчыненую браму праехалі коннікі. Клубом узвіўся пыл, пад ім схавалася амаль усё - толькі блішчалі вострыя аканечнікі дзідаў. І не паспеў яшчэ той ланцуг знікнуць увесь за брамаю, як, здаецца, коннікі ўжо завярнулі назад і былі па дарозе ў наш бок. Я сказаў сястры, каб яна сышла куды-небудзь, прыхавалася: маўляў, сам з імі разбяруся. Яна не схацела пакідаць мяне аднаго. Тады я сказаў, што ёй трэба хоць бы пераадзецца, памяняць сукенку, каб выглядаць перад тымі панамі больш выгодна. Урэшце яна згадзілася і неўзабаве рушыла ў няблізкую дарогу дадому. Тым часам коннікі былі ўжо пад'ехаўшы да мяне і яшчэ на хаду спыталіся пра сястру. «Пакуль што яе няма, - адказаў я спалохана, - але пазней яна прыйдзе». Яны выслухалі мяне амаль абыякава: ім, здаецца, было важна тое, што яны знайшлі мяне. Камандавалі тут найбольш двое паноў: суддзя, малады і рухавы мужчына, а таксама ягоны ціхманы памочнік, якога называлі Асманам. Мне было загадана ісці ў хату. Нізка схіліўшы галаву, соўгаючы пальцамі сюды-туды па шлейках, я паволі рушыў з месца. Мне ўсё яшчэ трохі верылася, што будзе даволі аднаго слова, каб мяне, гараджаніна, пусцілі (можа, нават з пашанотаю) гэтыя вяскоўцы. Але не паспеў я пераступіць парога ў хату, як суддзя, які быў праціснуўся туды раней і ўжо чакаў мяне, сказаў: «Мне шкада гэтага чалавека». Не варта было й сумнявацца, што ён, кажучы гэта, меў на ўвазе не маё цяперашняе становішча, а тое, што мяне яшчэ чакала. Хаціна, дзе я апынуўся, была больш падобная да турэмнае цэлі, чым да сялянскай хаты. Вялізныя каменныя пліты, цёмная і зусім голая сцяна, умураванае ў яе жалезнае кальцо, недзе ўсярэдзіне - збудаванне, якое нагадвала ці то нары, ці то аперацыйны стол.

Ці заставалася ў мяне магчымасць дыхаць яшчэ якім-небудзь паветрам, не турэмным? Нялёгкае пытанне - ці, хутчэй, гэта было б пытаннем, калі б я меў яшчэ спадзявацца выйсці на волю.



Пераклад: Лявон Баршчэўскі