epub
 
Падключыць
слоўнікі

Франц Кафка

Сукенкі

Часцяком, калі бачу я сукенкі з рознымі зборкамі, фальбонкамі і падвескамі, сукенкі, што прыгожа кладуцца на зграбнае цела, - тады думаецца мне, што яны недаўгавечныя; хутка яны памнуцца, і гладкімі іх ужо ніяк не зробіш; што ў аздобныя зборкі тоўстым слоем наб'ецца пыл, які немагчыма будзе выскрабці, і што нікому не захочацца быць такім сумным і смешным, каб штодня з раніцы ўсцягваць на сябе, а ўвечары знімаць адну і тую ж дарагую сукенку.

Але я ўсё бачу дзяўчат, прыгожых, прывабных сваімі формамі і гладкаю скурай, гушчынёю тонкіх валасоў - тых, што дзень пры дні выходзяць на людзі, схаваныя пад гэтай сапраўднай маскіроўкаю, адзін і той жа твар аддаюць у тыя самыя далоні, дазваляючы яму адбівацца ў іхнім люстэрку.

І толькі зрэдчас, позна ўвечары, вярнуўшыся з чарговага балю, яны заўважаюць яго ў люстэрку - паабношаным, нядобра набрынялым, усімі разгледжаным - гэткім, які мець болей амаль немажліва.



Пераклад: Лявон Баршчэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com