epub
 
Падключыць
слоўнікі

Франц Кафка

Вясковы лекар

Я зусім збянтэжыўся: пільна, вельмі пільна трэба было ехаць, цяжкахворы чалавек чакаў мяне ў вёсцы за дзесяць міляў адсюль, непраглядная завіруха поўніла ўсю вялікую прастору паміж ім і мною; у мяне была каламажка, лёгкая, з вялізнымі коламі - якраз тое, што трэба на нашыя вясковыя дарогі. Загорнуты ў футра, трымаючы ў руцэ сумку з інструментам, я стаяў каля хаты, гатовы ехаць; вось толькі конь быў патрэбны, патрэбны быў конь. Раней у мяне быў свой, ды ён здох учора ўначы, бо ператаміўся гэтаю сцюдзёнаю зімой, і мая пакаёўка, маладая дзяўчына, лётала цяпер па вёсцы, каб дзе знайсці каня; толькі спадзявацца нам не было на што; я ведаў гэта і стаяў проста так, без ніякай мэты; гурба снегу вакол мяне ўсё вышэла і вышэла, а я - усё больш нерухомеў. Замігцеў ліхтар: каля веснічак з'явілася дзяўчына; адна, вядома: хто гэткаю парою дасць свайго каня? Я зноў прайшоўся сюды-туды па двары; я не бачыў ніякага выйсця і, пакутуючы душою, пхнуў пашчапаныя дзверы старога і даўно ўжо апусцелага хлеўчука. Дзверы адчыніліся, загайдаліся на завесах узад-уперад; з-за іх патыхнула цяплом і пахам, падобным да конскага. У хлеўчуку на тоўстым дроце загушкалася цьмяная лямпачка. Адкрыты, з блакітнымі вачыма твар чалавека, скурчанага пад мастком, узнік перада мною. «Вам запрэгчы?» - спытаўся ён, выпаўзаючы з хлява на карачках. Я не ведаў, што сказаць, і толькі нахіліўся нізка, каб паглядзець, што яшчэ там, усярэдзіне. Поруч ужо стаяла мая пакаёўка. «Няведама што яшчэ можна знайсці ў сябе каля хаты», - сказала яна, і мы абое засмяяліся. «Гэй, браток! Гэй, сястрычка!» - крыкнуў мужчына - і два кані, дзве дужыя крутабокія жывёліны, адна за адной - капыты ў адзін рад, галовы схіленыя, нібы ў вярблюдаў, - вокамгненна ўзніклі ў дзвярах, запаўняючы сабою ўсё проймішча. А праз якую хвілю яны ўжо стаялі на двары, выпрастаныя, на высокіх зграбных нагах; ад целаў ішла густая пара. «Памажы яму», - сказаў я дзяўчыне, і тая паслухмяна заспяшалася па збрую. Але толькі яна падышла да стайніка, як ён, схапіўшы яе за плечы, рэзка прыцягнуў твар дзяўчыны да свайго. Ускрыкнуўшы, яна адбягаецца да мяне - на шчацэ ў яе двума чырвонымі радкамі адбіліся стайнікавы зубы. «Ах ты, свалата! - крычу я раз'юшана. - Што, пугі захацеў?» Ды тут жа, схамянуўшыся, думаю: гэта ж чужы чалавек, я нават не ведаю, скуль ён узяўся, дый сам, без прынукі, дапамагае мне ў тым, у чым адмовілі іншыя. Быццам адгадаўшы, пра што я думаю, ён зусім не сярдуе на мяне за маю лаянку і, усё яшчэ завіхаючыся каля коней, толькі адзін раз паварочваецца да мяне - каб сказаць: «Сядайце!» І напраўду: я бачу, што ўсё ўжо гатова. «Такімі зграбнымі коньмі я ні разу яшчэ не ездзіў», - мільгае ў галаве думка, і я з радасцю саджуся ў каламажку. «Толькі кіраваць буду я: ты ж не ведаеш дарогі, - кажу я стайніку. «Ну, вядома ж, - адказвае ён, - я і не збіраюся ехаць з вамі. Я застаюся з Розай». - «Не! Нізашто!» - крычыць дзяўчына і, ясна прадчуваючы непазбежнае, бяжыць у хату; я чую, як бразгае дзвярная клямка, бачу, як яна спачатку ў сенцах, а пасля па чарзе ў кожным пакоі тушыць святло - каб яе немагчыма было знайсці. «Ты паедзеш са мною, - кажу я стайніку, - альбо я нікуды не паеду, хоць і трэба вельмі. Мне б і ў галаву не прыйшло плаціць за коней, аддаўшы ў твае рукі дзяўчыну». - «Ну! Пайшлі!» - крычыць ён, б'е ў далоні, і каламажка ляціць з месца, нібы маленькая трэска, што трапіла ў імклівы паток. Я паспяваю яшчэ пачуць, як паддаюцца, а потым ламаюцца ад стайнікавых удараў дзверы ў хаце; пасля мае вочы і вушы запаўняе шоргат, які няўмольна роўна ўваходзіць у маю прытомнасць... Але і гэта доўжыцца толькі нейкае імгненне, бо - як быццам хата хворага стаіць адразу ж за маёю - я тут жа апынаюся каля яго двара: спыніліся мае коні, завіруха сцішылася, усё заліта маладзіковым святлом; бацькі хворага выбягаюць з хаты да мяне, за імі - яго сястра; мала што не на руках мяне выносяць з каламажкі; я не разбіраю іхняй бязладнай гамонкі... у пакоі хворага зусім няма чым дыхаць: ад закуранай печы цягне дымам; хочацца адчыніць акно, але напачатку трэба агледзець хворага. Выпетраны, без знакаў гарачкі, ні халодны, ні цёплы, з пустымі вачыма, без кашулі, хлопчык зылазіць з-пад пуховае коўдры, вісне ў мяне на шыі, шэпча мне ў вуха: «Доктар, дайце мне памерці!» Я азіраюся: ніхто нічога не ўчуў; бацькі стаяць, моўчкі нахіліўшы галовы, і чакаюць, які будзе мой прысуд; сястра падносіць зэдлік, каб пакласці маю сумку. Я адкрываю яе, шукаю патрэбныя прылады; хлопчык з пасцелі цягнецца рукамі, імкнучыся намацаць мяне і нагадаць яшчэ раз пра сваю просьбу. Я бяру пінцэт, разглядаю яго каля свечкі і - зноў кладу ў сумку. «Вядома ж, - прыходзіць мне ў галаву злацешная думка, - у такіх выпадках дапамагаюць багі: падсылаюць каня, якога бракавала; а каб хутчэй было, даюць яшчэ і другога і - каб было ўжо напоўніцу - дадаюць да іх стайніка...» Цяпер толькі раптам зноў у памяці ўзнікае Роза: што рабіць? Як яе ўратаваць, як вырваць яе з чужынцавых рук - калі я вось тут, за дзесяць міляў ад яе, і ў мяне неўтаймоўныя коні? Гэтыя коні, што вунь ужо неяк паадвязваліся і цяпер няведама як адчыняюць з вуліцы вокны, лезуць галовамі ў хату і - не зважаючы на лямант хлопцавых бацькоў і сястры - уважліва разглядаюць яго. «Зараз жа ехаць назад!» - мільгае ў галаве новая думка, быццам гэта коні заклікаюць мяне ехаць адсюль; але я моўчкі падпарадкоўваюся, калі сястра хворага, думаючы, што я ледзь не самлеў у горача напаленай хаце, сцягвае футра з маіх плячэй. Перада мною ставяць шклянку з гарэлкай, стары ляпае мне па плячы: самаахвярнасць ягонага ўлюбёнага дзіцяці апраўдвае гэтае панібрацтва. Я хітаю галавою: у вузкім коле інтэлекту старога мне б зрабілася млосна, толькі з-за гэтага я адмаўляюся выпіць. Маці, стоячы каля ложка хворага, падае мне знак, каб я падышоў да яго; я раблю гэта і ў той момант, калі адзін конь, задраўшы голаў угару, пачынае гігатаць, прыкладваю вуха да хлопцавых грудзей, і яму робіцца непамысна ад дотыку маёй мокрай барады. Пацвярджаецца тое, што я ўжо і так ведаў: хлопчык здаровы, трохі ішла кроў (клапатлівая маці перапаіла кавай), але хлопчык здаровы, і найлепей было б даць яму добрага кухталя ды прагнаць з пасцелі. Але я не той чалавек, што імкнецца палепшыць свет; таму нічога не кажу. Акруга плаціць мне грошы, і я выконваю свае абавязкі дарэшты - пакуль яно не бывае аж занадта. Хоць зарабляю небагата, але заўсёды гатовы шчодра памагаць беднаму люду. Вось толькі яшчэ мушу патурбавацца пра Розу - тады няхай хлопчык мае рацыю, і я схачу памерці. Чаго трэба мне тут, гэтай бясконцай сцюдзенай зімою? Мой конь здох, і ў вёсцы няма нікога, хто б пазычыў мне свайго. Я мусіў узяць коней з хлеўчука; каб гэта выпадкам былі не коні, я б запрог свіней! Во яно як! Я падміргваю хлопчыкавым бацькам. Яны ж ні пра што не ведаюць, а каб сказаў ім - дык яны б і не паверылі. Прапісваць лекі няцяжка, куды цяжэй знайсці паразуменне з людзьмі. Мне больш няма чаго рабіць у гэтай хаце; мяне зноў патурбавалі без патрэбы; з гэтым я звыкся: уся акруга катуе мяне з дапамогай майго прыдзвернага званочка; але каб гэтым разам яшчэ аддаць Розу - ладную дзяўчыну, якая колькі ўжо год, амаль незаўважаная мною, жыла ў маёй хаце - гэтая ахвяра занадта вялікая; мне трэба нейкім чынам прымудрыцца ўпарадкаваць усё гэта ў сваёй галаве, каб не абурыцца ўголас на гэтую сялянскую сям'ю, якая, калі б нават хацела, не здолела б вярнуць мне Розу. Ды калі я закрываю сумку і прашу падаць мне футра, яны ўсе стаяць і маўчаць: бацька, абнюхваючы парожнюю шклянку, маці з выразам відавочнай расчараванасці мною (а чаго народ ад нас чакае?) прыкусвае губу, слёзы стаяць у яе ўваччу, сястра ж перабірае ў руках скрываўлены ручнік - вось тады я неяк ужо адчуваю сябе гатовым пры пэўных умовах пацвердзіць, што хлопчык, магчыма, і праўда хворы. Я зноў падыходжу да яго; ён усміхаецца - як быццам я даў яму моцнага зелля - ах! зноў загігаталі мае коні: відаць, згодна з найвышэйшай воляй, гэта павінна палегчыць мне аглядаць хлапчука - і тут я выразна бачу: ён і сапраўды хворы. На правым сцягне адкрылася рана - вялікая, з добрую талерку, ружовая, з рознымі адценнямі, цёмная ўсярэдзіне, святлейшая па краях, уся дробна-крупчастая, з неаднолькава густымі кровападцёкамі, адкрытая, нібы вугальны кар'ер. Гэтак яно бачыцца зводдаль. Зблізку - яшчэ горш. Ці можна спакойна глядзець на гэта? Чарвякі, доўгія і тоўстыя - з мой мезенец, - ружовыя самі па сабе, ды яшчэ ў крыві, курчацца ўнутры ў ране, пры святле відаць іх белыя галоўкі і мноства малюпасенькіх ножак. Бедны хлопча, табе ўжо нічым не дапаможаш. Я знайшоў тваю вялікую рану. Гэты пялёстак на баку загубіць цябе. Бацька, маці і сястра цяпер радыя: бачаць, што я працую; сястра кажа шэптам пра гэта маці, тая нашэптвае бацьку, а бацька - тым людзям, што на дыбачках усё ідуць у хату і, балансуючы шырока расстаўленымі рукамі, узнікаюць у месяцавым святле, што ліецца праз адчыненыя дзверы. «Ты выратуеш мяне?» - пытаецца хлопчык, сілячыся не заплакаць. Жывы боль у ране зусім асляпіў яго. Такія вось тутэйшыя людзі. Заўсёды патрабуюць ад лекара немагчымага. Старую веру яны даўно страцілі; пастар сядзіць дома, перабірае адно за адным свае ўбранні, а доктар павінен рабіць усё сваёй далікатнаю рукой хірурга. Ды цяпер... як хочаце: я сам не напрошваўся; калі мяне выкарыстоўваюць дзеля святой мэты, я не адпіраюся: чаго ж хацеў я, стары вясковы лекар, у якога ўкралі дзяўчыну-пакаёўку! А яны вунь усе збіраюцца тут: бацька, маці, сястра, старэйшыя вясковай абшчыны; яны распранаюць, сцягваюць адзежу з мяне; школьны хор на чале з настаўнікам стаў ланцугом каля хаты і спявае вельмі простую мелодыю з такімі словамі:

 

          Скідайце вопратку з яго, каб ён лячыў вас.

          А як лячыць не будзе - дык забіце:

          Ён толькі лекар, толькі лекар ён.

 

Урэшце я стаю голы і, учапіўшыся рукою за сваю бараду, нахіліўшы нізка галаву, гляджу на тых людзей. Я зусім спакойны, я адчуваю перавагу над імі, я такі ўвесь час, хоць цяпер мне гэта не дапамагае, бо яны бяруць мяне за галаву, за ногі і нясуць у ложак. Яны кладуць мяне да сцяны - туды, дзе рана. Пасля ўсе выходзяць з пакоя, дзверы зачыняюцца, аблокі абкладваюць маладзічок, пасцельная бялізна мяккай цеплынёю ахутвае мяне; расплывіста ўзнікаюць перад вачыма ў аконных адтулінах конскія галовы. «Ведаеш, - чую шэпт каля вуха, - я табе не надта давяраю. Ад цябе ж таксама недзе проста пазбавіліся, ты не прыйшоў па сваёй ахвоце. Замест каб мне дапамагчы, ты робіш цяснейшым маё смяротнае ложа. Лепш за ўсё я табе павыдзіраю вочы». - «Слушна, - адказваю я, - гэта ганьба. Але ж я лекар. Што я магу зрабіць? Павер, мне таксама нялёгка». - «Задаволіцца тым, што ты перапрашаеш? Ах, відаць, прыйдзецца. З такой прыгожай ранаю прыйшоў я на белы свет: гэта ўсё, што я меў пры сабе». - «Дарагі хлопча, - адказваю я, - твая бяда ў тым, што ты бярэш усё да галавы. Вось я - чалавек, што ў якіх толькі лякарнях не перабываў і чаго толькі ў іх не бачыў - я табе кажу: рана гэтая не надта ўжо і страшная. Паставіць проста абушок, ударыць раз-другі і - калі ласка... Шмат хто сам падстаўляе свой бок і нават наўрад ці чуе, як абушок грукае ў бары -тым больш, калі ён бліжэй». - «Ці праўда гэта, альбо ты маніш, бачачы, што я ў гарачцы?» - «Гэта праўда, вось табе слова акруговага лекара». І ён даў мне веры і заціх. Але ўжо наспеў час падумаць пра сваё выратаванне. На месцы стаялі мае верныя коні. Адзежа, футра, сумка - усё было хутка згорнута ў адзін вузел; на тое, каб апранацца, у мяне не было часу: коні спяшаліся, як і па дарозе сюды; таму я борзда скочыў з хлопцавай пасцелі ў сваю. Адзін конь паслухмяна адышоў ад акна, я шпурнуў свой клунак у каламажку, за ім паляцела футра, але задалёка: яно толькі зачапілася рукавом за крук. Добра і так. Я ўскочыў на каня. Аброць валачылася па зямлі, другі конь зусім сам па сабе, каламажка недзе ззаду, ледзь не бокам, а за ўсім гэтым валачылася па снезе футра. «Пайшлі! Хутчэй!» - крыкнуў я, ды хутчэй не йшло: павольна, нібы старыя людзі, цягнуліся мы па снежнай пустэльні; доўга гучаў нам услед новы, але яшчэ менш ладны спеў дзяцей:

 

          Радавацца трэба, пацыенты:

          Лекар вам пакладзены ў пасцель!

 

Гэтак ніколі не дабрацца мне дадому; прапала мая добрая практыка; новы лекар абкрадвае мяне, але дарма стараецца, бо замяніць мяне ён не можа; у маёй хаце лютуе паскудны стайнік, Роза - яго ахвяра, мне не хочацца выдумляць гэтага. Голы, пакінуты на марозе гэтаю найняшчаснейшай парою, у зямной каламажцы, з незямнымі коньмі, туляюся я, стары чалавек, без ніякай мэты. Маё футра цягнецца недзе ззаду за возам, мне ніяк няможна ўзяць яго, і ніхто з рухавага збою пацыентаў не паварушыць нават пальцам. Падманулі! Падманулі! Адзін раз паверыў аблуднаму званку, і - нічога ўжо больш немагчыма выправіць!



Пераклад: Лявон Баршчэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com