epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Сіўко

Алфавіт

У адным горадзе жылі блізняты, брат і сястра. Дзяўчынку звалі Валяй, хлопчыка - Колем. Абое хадзілі ў другі клас, сядзелі побач за партаю, разам рабілі ўрокі.

Неяк задала настаўніца дзецям хатняе заданне: вывучыць алфавіт.

Вось сядзяць брат і сястра, вучаць. Раптам Коля кажа:

- Што за дурнота гэты алфавіт? Навошта ён мне?

- Як гэта - навошта? - пярэчыць яму Валя. - Ты ж чуў, што Алена Іванаўна казала: без алфавіта не будзе на свеце ніякага ладу. Усё дагары нагамі перакуліцца. Алфавіт патрэбны.

- Табе патрэбны, ты і вучы яго, - кажа Коля. - А я лепш на вуліцу пайду, з сябрукамі ў хованкі пагуляю.

Ды як шпурне кніжку ў кут, як бразне дзвярыма! Кінулася Валя следам за братам, ды хіба яго дагоніш? Вярнулася дзяўчынка ў пакой, зноў разгарнула падручнік.

А Колева кніжка ляжыць сумная ў куце, ледзь не плача. Абгортка на ёй парвалася, і бок баліць.

І літарам прыкра: пакрыўдзіў іх Коля. Сабраліся яны ў гурт ды давай раіцца, як нявыхаванага гультая пакараць. Доўга гаманілі-спрачаліся, але ж прыдумалі...

Вось сядзяць вучні ў класе, чакаюць настаўніцу. Уваходзіць Алена Іванаўна. Павіталася і кажа:

- Спачатку, дзеці, праверым хатняе заданне. А зробім гэта так: будзеце ўставаць і казаць па алфавіце кожны сваё імя. Ну, хто першы?

- Я! - падняла руку Алачка. - Маё імя Ала.

За Алай Бронік устаў, потым Галінка. Неўзабаве дайшла чарга да Колі.

А ён жа алфавіт не вучыў! Сядзіць і не разумее, чаму ўсе на яго пазіраюць. Нарэшце здагадаўся, устаў.

- Ну, што трэба сказаць? - пытаецца Алена Іванаўна.

- Няме взаць ляКо, - адказвае Коля.

Сказаў так і сам спалохаўся. Што за ліха: хочаш вымавіць адны гукі, а атрымліваюцца зусім іншыя.

- Што ты сказаў? - паціснула плячыма настаўніца. - Я нічога не зразумела.

- Ён сказаў, што яго зваць Коля, - прыйшла брату на дапамогу Валя. - Ён учора не хацеў вучыць алфавіт, вось літары яму за гэта і адпомсцілі - пераблыталіся. Ну, што, патрэбен табе алфавіт ці не?

- Патрэбен, - адказаў Коля і сеў на месца. - І я яго абавязкова, абавязкова да наступнага ўрока вывучу.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая