Гэта ўзімку здарылася, якраз напярэдадні Новага года. Оля і Лёня сядзелі ў хаце за сталом, снедалі. І раптам убачылі праз акно ў садзе, між яблынь, на свежым снезе, нейкі невялікі белы камячок.
- Мама, глянь! - закрычаў усхвалявана Лёня. - Трус з клеткі вылез і па садзе бегае.
- То не трус, - паправіла брата Оля. Яна была старэйшая за яго на два гады і таму ведала нашмат больш. - То зайчык. Праўда, мамачка?
- Праўда, - пагадзілася мама.
- А чаму ён такі белы? - спытаў Лёня. - Як снег.
- Каб лягчэй ад ворагаў было ўзімку ратавацца, - патлумачыла сястра. - Белае ж на белым не так бачна, вось ён і ўбраўся ў белае футра. А як зіма скончыцца і снег сыдзе, ён зменіць афарбоўку. Зробіцца шэранькі, пад колер сцяблінак.
Тым часам зайчык, натапырыўшы вушы, падбег да самай хаты. І тут Оля і Лёня ўбачылі на снезе, там, дзе засталіся ягоныя сляды, штосьці чырвонае.
- Ой, дык ён жа паранены! - войкнула Оля. - Мамачка, можна, мы дапаможам зайчыку?
- Канечне, дапамажыце, - сказала мама.
Брат і сястра апрануліся, узялі з сабою кошык, асцярожна, каб не напалохаць звярка, выйшлі на вуліцу. Убачыўшы іх, зайчаня спрабавала ўцячы, але не здолела - не пускала параненая лапка. Оля падбегла да яго, хуценька перанесла за вушы ў кошык. Потым дзеці прынеслі зайчыка ў хату, выпусцілі з кошыка на падлогу.
- А дрыжыць жа, дрыжыць увесь, - заўважыў Лёня. - Няйначай ад сцюжы.
- І не ад сцюжы, а ад сполаху, - паправіла брата Оля. - Спужаўся, небарака.
- Правільна, дачушка, - сказала мама. - Ён маленькі, і ворагаў у яго шмат, таму і баіцца. А мы вось зараз пачастуем яго, ён і перастане баяцца.
Яна дастала з-пад прыпека морквіну, разрэзала яе, паклала перад зайчанём. Той з'еў ласунак, аблізнуўся: маўляў, вельмі смачна, дайце яшчэ. Потым Лёня частаваў звярка, пасля яго - Оля. Павесялеў заяц, перастаў дрыжэць - зразумеў, што тут яго не пакрыўдзяць.
З таго часу стаў Бялячык (так назвалі яго дзеці) жыць разам з людзьмі.
Вось жыве ён месяц, другі. Ужо і на дварэ пацяплела, і лёд на рацэ падаўся. Рана ў Бялячыка зусім загаілася, поўсць пацямнела, а сам ён усё часцей і часцей на акно пазірае.
- Мама, што наш зайчык увесь час на акно глядзіць? - спытала неяк у мамы Оля.
- Пэўна, на вуліцу хоча, - адказала мама. - Вось прыйшла вясна, усё ажыло, і нашаму зайчаняці на волю захацелася.
- А хіба ў нас яму дрэнна? - здзівіўся Лёня. - Вунь як кормім яго, ды і весела ў хаце.
- Весела-то весела, - працягвала мама. - Але ж кожная істота: чалавек то ці звер - вольным быць жадае, самому сабе гаспадаром.
- Хм, вольным, - засумняваўся Лёня. - Воля, можа, і няблага, ды хто яго карміць будзе на волі?
- Э, сынку, заяц на волі не прападзе! - засмяялася мама. - Па-першае, капусты ў лесе ды на кустах поўна, яна так і называецца - заячая. Па-другое, іншых раслін розных шмат, лісця.
- А ўзімку?
- А ўзімку - кара на дрэвах, на прагалінах - сухая трава. Не, заяц у любое надвор'е не прападзе. На тое ён і дзікі звер, каб у дзікай прыродзе жыць. Вось паглядзіце, як ён вушкі апусціў і вачамі сумна паводзіць. Гэта значыць - па волі сумуе.
- Ну, калі так, то трэба выпусціць яго, - сказала Оля.
- А калі ён не захоча ад нас нікуды ісці? - засумняваўся Лёня.
- А вось гэта мы зараз праверым, - сказала мама. - Адчынім дзверы на ганак, і хай ён што хоча, тое і робіць.
Так і зрабілі.
Лёня адчыніў дзверы. Зайчык пасядзеў колькі хвілін, быццам у здранцвенні, ля парога, затым пераскочыў праз яго, адбегся да плота. Але тут жа і вярнуўся.
- Вось бачыце! - узрадаваўся Лёня. - Як я казаў, так і сталася. Не хоча ён ад нас адыходзіць.
Бялячык тым часам панюхаў паветра, уздыхнуў, нібыта развітваючыся з усімі, і зноў падаўся да плота. Потым пралез у дзірку між штыкецінамі, пабег да бульбянога поля. Азірнуўся яшчэ раз, стрыгнуў вушамі ды як скочыць у бульбоўнік! Толькі яго і бачылі.
Убачыўшы тое, заплакаў Лёня.
- Ай, не трэба бедаваць, сынку, - супакоіла яго мама. - Як бы добра ні было Бялячыку з намі, а з такімі, як сам, будзе лепш.
«Можа, й праўда, - падумаў Лёня. - Сам жа ён так захацеў».
І перастаў плакаць. І заўсёды потым, як прыбіваўся да хаты які-небудзь звярок, падлячыўшы яго, выпускаў на волю.