Жыў некалі ў адным горадзе хлопчык, звалі яго Віця. Рахманы быў малы і разумны, а вось словы вымаўляць ленаваўся. Спытае хто-небудзь у яго:
- Віця, колькі табе гадоў?
А ён у адказ:
- Пяць, состы пайсоў.
- Ай, сынок, - ушчувае маці. - Такі вялікі, а так непрыгожа кажаш! Учора ж умеў прамаўляць, няўжо за ноч забыўся?
- Пяць, шосты пайшоў, - паправіцца Віця. А пасля забудзецца на маміну навуку і зноў абы-як гаворыць: «сапка», «царавік», «косык».
Нервуюцца бацькі і бабуля. Хочуць дапамагчы хлопчыку, а як - не ведаюць. І з выхавацелькай у садку ўжо раіліся. І да лекара вадзілі. Нічога не дапамагае, хоць плач.
Але вось здарыўся адзін выпадак. Неяк увесну прынёс Віцеў бацька з кірмашу кошку. Выпусціў яе з-за пазухі на падлогу, і ўсе ахнулі. Кошка была сапраўдная прыгажуня. Поўсць мела чорную, хвост доўгі і вочы, нібы вугельчыкі, агністыя.
- Мурка - жывёліна вучоная, - сказаў бацька. - Яна ўмее лавіць мышэй, спрытна куляецца праз галаву і ўсё-ўсё разумее.
- Як добра! - узрадаваўся Віця. - Я буду з ёй сябраваць.
Стала Мурка жыць у кватэры. Уначы на паляванне ходзіць, удзень дрэмле на канапе. І ўсё слухае, што людзі між сабою гамоняць. Асабліва да Віцевай гаворкі прыслухоўваецца. Як толькі ён скажа «цаго» замест «чаго», адразу начупырыцца, саскочыць з канапы на падлогу і давай хадзіць узад-уперад. А то яшчэ мяўкаць пачне.
Аднаго разу згубіўся ў бабулі клубок з ніткамі. Пытаецца яна ў Віці:
- Унучак, ты не бачыў, дзе мой клубок?
- Бацыў, - адказвае Віця. - Мурка з ім гуляла. Трэба ў яе запытацца. Гэй, коска!
Бліснула Мурка вачыма ды як кульнецца праз галаву з канапы. Але да падлогі не даляцела, а ператварылася ў паветры ў нешта чорнае, вось такое з выгляду:
- Хто ты? - закрычаў перапалоханы Віця.
- Я - коска, - адказала істота. - Ты мяне паклікаў, вось я і з'явілася.
- Я не цябе клікаў... - разгубіўся Віця. - Праўда, баба? Я сказаў: «Гэй, коска!»
- Дык гэта і ёсць коска, - усміхнулася бабуля. - Вось, глянь у кнізе. Гэты знак - кропка. А гэты - коска. Яна раздзяляе ў сказе словы або часткі сказа.
- Але ж я Мурку клікаў, а не гэты знак! - упарціцца Віця.
Бабуля зняла акуляры, пахітала галавой.
- Ты няправільна назваў Мурку, яна і пакрыўдзілася, - сказала строга. - Мурка - кошка, а ты паклікаў коску. Вось яна і перарабілася на коску.
- Ой, прабач, даруй мне, кошка Мурка! - пачаў прасіць Віця.
Тут коска перакулілася колькі разоў у паветры і зноў ператварылася ў Мурку.
З таго часу Віця ўсе словы правільна вымаўляе. А ты?