epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Сіўко

Сам сябе пакараў

Хлопчык Вася быў вельмі ганарысты. Нікога не паважаў, нікому ніколі слова добрага ў адказ на дабро не сказаў. Ідзе, бывала, па вуліцы і нават не павітаецца ні з кім, быццам не заўважае нікога. Людзі пасмейваліся ўпотай з Васі, але казаць нічога не казалі. Маўляў, што возьмеш з чалавека, калі Бог яму розуму не даў.

Але вось неяк паехаў Вася ўлетку да бабулі і дзядулі ў вёску. А ў вёсцы ж не так, як у горадзе: што ў радасці, што ў няшчасці - заўсёды разам людзі. Усе ведаюць адзін аднаго, адзін аднаму дапамагаюць.

Сустрэлі Васю добра, асабліва бабуля. Што толькі не рабіла яна дзеля ўнука, якімі прысмакамі не частавала. А ён нават не падзякаваў ёй ні разу. Паесць сабе ды адыдзецца маўчком ад стала, нібыта язык праглынуў.

Тое самае і з суседзямі. Пачастуюць яго, напрыклад, цётка Алена з дзядзькам Міколам парэчкамі, дык ён з'есць усё дарэшты і хуценька збяжыць моўчкі з панадворка. Быццам гэта так і трэба, каб толькі пра яго ўсе дбалі ды клапаціліся.

Дзівяцца ўсе ў вёсцы: што за хлопчык гэты Вася? З выгляду дык чалавек як чалавек, а паводзіць сябе ані не ўмее. А больш за ўсё дзядулю Васеваму абыходзіць: за 80 гадоў мураша не пакрыўдзіў, а тут на старасці гэткае нялюдскае, ажно перад людзьмі сорамна. А Вася і не зважае на тое, ходзіць ды яшчэ пакеплівае са старога. Надакучыла гэта дзеду, і вырашыў ён пагаварыць з унукам. Пасадзіў неяк увечары перад сабой і кажа: «Унучак, чаму ты ў мяне гэткі няветлівы? Усе скардзяцца на цябе». А Вася на тое: «Ну і хай скардзяцца, не мой клопат». «Але ж такім нельга быць, бо ніхто любіць не будзе», - працягвае дзед. «Ну і хай не любяць, абыдуся!» - як закрычыць тут Вася і - да дзвярэй. Ды ляп імі колькі моцы і на вуліцу.

А было позна ўжо. І цёмна, хоць ты вока калі. І, як на злосць, аніводнае зорачкі на небе. Спужаўся Вася: а што, як заблукае зараз у цемры ды і не знойдзе дадому дарогі. Памкнуўся назад, да хаты, але тут пра гонар свой успомніў. Стаў пасярод панадворка, чакае, ці не паклічуць дзед з бабаю. А яны ж старыя абое, дрэнна бачаць, ды і цёмна ўжо - вось і не заўважылі ўнука. Пастаяў-пастаяў гэтак Вася дый падаўся з двара.

Пакуль ішоў да сцяжыны, два разы ў лужыну ўбіўся, моцна ногі змачыў. І яшчэ аб патарчаку нейкую спатыкнуўся. Ды так, што ажно ў вачах пазелянела. І ўсё роўна дамоў не захацеў вяртацца, пайшоў далей куды вочы глядзяць. Нарэшце ўзбрыў на бульбяное поле. І тут, прама ў баразне, лёг дый заснуў пад разлапістай бульбоўнінай.

А тым часам дзед з бабаю ўнука спахапіліся. Выйшлі на вуліцу, гукнулі раз, другі - няма хлапчука, як скрозь зямлю праваліўся. Спалохаліся старыя, пабеглі да суседзяў па дапамогу. «Можа, бачылі нашага Васю?» - пытаюцца. «Не, не бачылі!» - адказваюць суседзі.

Вырашылі шукаць. Выйшлі гуртам за гароды і ну клікаць, ліхтарыкамі наваколле высвечваць. А Вася спіць сабе ў баразне і не чуе, які вэрхал з-за яго ўзняўся. Можа, і не знайшлі б уцекача, калі б не сабака Рэкс. Узяў Рэкс след і якраз на спячага ў бульбоўніку Васю і натыкнуўся. Пачаў брэхам клікаць людзей - тут Вася і прачнуўся. Працёр кулаком вочы, глядзіць - ажно то Рэкс побач. Тут дзед з бабаю і суседзямі прыбеглі, давай хлопчыку дапамагаць падняцца. Адзін кашулю папраўляе, другі твар выцірае, трэці шнурок на чаравіку пасабляе завязаць.

Сорамна стала Васю за ранейшыя свае ўчынкі. Апусціў ён вочы долу ды як заплача.

Прывялі дзед з бабаю Васю дахаты, глядзь, а ў яго лоб чырвоны, ажно палае ад тэмпературы. Заварыла бабуля малінніку з мёдам, дала ўнуку папіць. І прастуду як рукой зняло. Зноў вясёлы стаў Вася і бадзёры, як раней.

А галоўнае: ад ганарлівасці пазбавіўся. Як падмянілі Васю - ветлівы стаў з усімі, ласкавы. Бо зразумеў: як ты да людзей, так і людзі да цябе будуць.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая