epub
 
падключыць
слоўнікі

Франц Сіўко

Знак на небе

Хлопчык Міша вельмі баяўся дажджу. Абы ўбачыў дзе на небе аблачынку, так і бяжыць у хату хавацца. Усё яму здавалася, што дождж нешта кепскае з сабою нясе.

Вось аднаго разу сядзяць яны з маці на прызбе, леташні боб у міску перабіраюць. Раптам бачаць: цёмная хмара з-за лесу на вёску сунецца.

- Ой, мамачка, якая яна злосная! - кажа Міша. - Хадзем хутчэй у хату.

- Яна не злосная, - смяецца маці.

- Дык чаму ж тады пыхкае-грыміць? - пытаецца Міша.

- А таму, што цяжка ёй. Бо яна ж ваду нясе. З вады дождж зробіцца. А ён усім патрэбен: і людзям, і раслінам, і жывёле. Без дажджу анічога не вырасце на зямлі.

- А калі ён залье зямлю? І мы ўтопімся...

- Не залье, сынок, - кажа маці. - Дождж разумны, ён ведае, калі яму трэба спыніцца. Ён сам сабе знак падасць і спыніцца.

- Які ж гэта знак?

- А вось пабачыш.

Тым часам хмара насунулася зусім блізка. Грымнуў гром, і першыя кроплі пагрозліва забарабанілі па зямлі.

Міша з маці ўбеглі ў хату, селі на покуці, сядзяць. Тут маланка як блісне, гром як загрыміць! Ажно ўвушшу ў Мішы затрымцела.

- Які страшны дождж, мамачка!

- То не проста дождж, сынок, - кажа маці. - То навальніца. Яна заўсёды з маланкаю і перуном поруч ходзіць.

- А адкуль бяруцца пярун і маланка?

- Аблокі на небе сутыкаюцца, вось з гэтага грукат і святло атрымліваюцца.

- А памятаеш - летась маланкі смалілі? - не супакойваецца Міша. - А перуна не было. Чаму так?

- То, напэўна, у канцы жніўня было, у пару арабінавых начэй. Але то не маланка была, сынок, а бліскавіца. Яна, сапраўды, з перуном не сябруе. Бо пярун неспакойны, грымлівы такі. А яна стомленая на згоне лета. Ёй адпачыць хочацца.

Нарэшце навальніца пачала пакрысе аціхаць. Аддалілася грымоцце, не стала бачна маланак. Мама падышла да акна, адчыніла яго.

- Ай, як хораша! - сказала, удыхаючы свежае паветра. - А вунь і знак.

- Я хачу таксама паглядзець! - кінуўся да акна Міша. - Ой, дык я ж яго ведаю: то вясёлка. Гэта яе дождж пасылае, каб у пару спыніцца і не заліць усю зямлю. Ну, яна такая прыгожая, што яе нельга не заўважыць. А значыць, няма чаго баяцца.

З таго дня Міша перастаў баяцца дажджу.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая