epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Ахвяра

Маліся ж, бабулька, да Бога,

Каб я панам ніколі ня быў:

Не жадаў бы ніколі чужога,

Сваё дзела як трэба рабіў.

Каб празь меншым я носу ня драў,

А прад большым ня корчыў сьпіны,

Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,

У другіх каб ня відзеў віны;

Чужых жон каб ня вёў да граху,

А сваю каб як трэба любіў,

Каб мне дзеці былі у слуху,

Каб я бацькам для іх век дажыў.

Каб людзей прызнаваў за братоў,

А багацтва сваё меў за іх,

Каб за край быў умёрці гатоў,

Каб ня прагнуў айчызны чужых.

Каб я Бога сваго не акпіў,

Каб ня здрадзіў за грошы свой люд,

Каб сваго я дабра не прапіў

І нізашто ня меў чужы труд.

Каб па двойчы мне грошы ня браць

За падданы кусочак ральлі.

Каб сваю мне зямельку араць

І умёрці на ёй хоць калі.

Дык прасі ж ты у Бога, малі,

Каб я панам ніколі ня быў!

 


1891

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/408