epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Думка

Чагось мне маркотна, на плач забірае:

Мусіць, душа чуе якоесьці гора

Ці штосьці зрабілась... што? Хто яго знае:

Ці град жыта выб'е, ці згіне абора,

Ці ураднік загнявіцца, пагоне падводу,

Ці знайдуць у лесе крадзену калоду?

Ці сын умрэ, што маскалём служыць,

Ці той, у Мэрыку падаўся, ды тужыць?..

От так цяжка, здаецца, каб грэху не баяўся б,

Ці ў пятлю палез бы, ці ў ваду схаваўся б!

Летась мне было так - і валы прапалі,

Свінні бульбу з'елі, гарод пакапалі,

Нябожчыца матка чыста захварэла,

І дзядзькава хата з каміном згарэла;

Сукна не звалілі - хадзіў без сярмягі,

А тут і без хлеба... прападаў ад смагі!

Хоць бы прандзэй стала, што ўжо стацца мусе,

Каб так не цягнула за сэрца, як ліна*;

Бедаваць не перша, я і не баюся:

Няхай усё згіне, дык душа ж не гліна?

Тагды б ужо ведаў, як і ратавацца,

Ці там ад няшчасця, ці з людской напасці,

Ці сядзець у хаце, ці куды падацца,

Ці, злажыўшы рукі, навекі прапасці!..

 

Ды што ж мне такога, чаго мне журыцца?

У мяне не будзе, - знайдуць людзі хлеба;

На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца,

Да слушнага часу дажыву як трэба!

Вун стаіць бярозка тут ля самай хаткі,

Косы папусціла... плача, кажуць людзе,

А мне так здаецца, што ёй анігадкі:

Што было - не помне, не ўзнае, што будзе.

А можа ж, і помне, як то я калісьці,

Быўшы малым хлопцам, лазіў, калыхаўся.

Яна была гібка, болей было лісці...

І я дзісь не мог бы, як тагды спінаўся.

Чаго ж мне маркотна? Ты ж скажы, бярозка,

Маўчыш, як нямая, і сама смутная!..

Мусіць-такі праўда - гэта яе слёзка,

Што кажуць другія - капля расяная.

Мне жаль і бярозкі, чаго ж яна плача,

Калі ужо долі не пераінача?

Не тужы, бярозка, свет з намі не згіне,

Вецер як павее, шышачкі раскіне;

Хоць бы ты засохла - вырасце вас болей...

Перастанем плакаць мы над сваёй доляй!

Якось яно будзе, дажывём да дошкі,

Хоць лепей, хоць горай, абы не так трошкі!

Шышачкі раскіне, як параскідала

Маіх шэсць сыночкаў - здаецца, ці мала?

Усе разышліся! - Адзін у наборы*,

Адзін пайшоў прочкі, за чорныя моры,

Адзін за Дунаем саўсім асядліўся,

Адзін у Сібіры - з старшынёй пабіўся;

Пяты на пісарстве гдзесь у Патарбурку,

Кінулі у хаце вот крывога Юрку!..

Ну ды рана-позна, тыкі мне здаецца,

Кожны занудзіцца, да дому прыб'ецца...

Паглядзець, як людзі ў бядзе сабе радзяць,

Абсядуцца ў дому і лад заправадзяць.

 

 

Каментары

 

Ліна - канат, тоўстая вяроўка з канопляў або лёну.

У наборы - у рэкрутах.

 


1887

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.