epub
 
Падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Дурны мужык, як варона

Весь свет кажыць, б'ець у звона:

«Дурны мужык, як варона!»

Гэта тыкі справядліва:

Ён дурнейшы ад вароны,

І не дзіва - было б дзіва,

Каб мужык ды быў вучоны.

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

Да навукі ён не браўся,

Закасіўся, заараўся;

Дурнем умрэ, як радзіўся,

Сам сабой дурным зрабіўся,

Ведама, мужык - хамула -

Ад навукі адвярнула!

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

Ці ж не дурань мужык гэта:

Гарэ, сее усё лета,

А як прыйдуцца дажынкі,

Няма збожжа ні асьмінкі,

А даждаўшы на Каляды,

Мужыкі мякінцы рады.

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

Усю зіму возам цягне

Да вакзалу ружнэ збожжа,

Ногі змерзнуць, сам засмягне,

А на хлеб кажух заложа,

Каб дажыць як да крапівы,

Абы ў поле выйшаў жывы.

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

Ад Пятра і да Якуба*

Ён касой махаў ад рання:

Наклаў стагоў, людзям - люба,

Ў хаце ж сена - анізвання;

Равець з голаду скаціна,

Хоць кінь, бяжы за вачыма!

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

Глядзі, касцёл аж да неба,

Воласць бляхамі пакрыта!

Срэбрам скрые, калі трэба,

Бо за гэта яго біта,

А сам жывець ў мокрай яме,

Дзверы заткнуў анучамі!

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

З камаровы нос сякерку

Сцісне, крэкне, замахае, -

Зробе пушчу, як талерку,

Свет дрывамі закідае!

А у хаце - зварыць страву,

Пашчапае стару лаву!

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

Глядзі! горы паразрыты,

А чугункай свет абвіты:

Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,

Усе едуць у палацы;

Ў мужыка ж няма білета!

Ці ж не дурань мужык гэта?

          Дык крычыце ж, біце ў звона:

          Дурны мужык, як варона!

 

 

Каментары

 

Ад Пятра да Якуба - з 29 чэрвеня да 25 ліпеня (н. ст.).

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com