epub
 
Падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Гдзе чорт не можа, там бабу пашле

Адзін мужык ды добра з жонкай ладзіў,

А гэта ж чорту ў горле косць,

І што ён толькі ні рабіў - не звадзіў,

І немарасць бярэ і злосць.

Чорт з хаты вон ідзе, хвастом трэ вочы;

Жаль душ яму, а навет стыд;

Не раз не еўшы быў, не спаўшы ночы,

А скутку ніц* - сабе абрыд!

          Калі глядзіць, шкулдык, шкулдык бабуся,

Якраз у тую вёску йдзець;

Чорт думае: дай бабе пакланюся, -

Яна іх пэўне развядзець?

Прад бабай чорт такім харошым стаўся,

Аж вышчырыўся бабін клык.

Чорт жаль свой расказаў і абяцаўся

Даць бабе пару чаравік,

Як толькі муж ды жонку аддубасе,

І прысягу па-свойму даў;

А баба внэт* за дзела узялася!

(Чорт бабу, пэўне, добра знаў

Яшчэ тагды, як яблык крала Эва

У раі божым, гдзесьці там,

З таго праклятага праз Бога дрэва,

Што праз яго прапаў Адам!!)

          Вот бабка зараз шусць да жонкі на сакрэты,

Давай хваліць: што добра так жывуць,

Што рэдка гдзе такой знайсці кабеты,

А лепшых дык нігдзе не чуць.

А можна бы і лепей навет жыць,

Каб жонка ведала сакрэт,

Умела як на тое варажыць, -

Яшчэ бы лепшы стаў ёй дзед!

«Ёсць у мужчын на самым гарляку

Грубейшы валасок адзін;

Як спіць, - згалі яго, дык будзе да вяку

Слухмяны для цябе, як сын!»

          Тут бабе жонка надала, што мела,

І баба з Богам выйшла вон,

А жонка з радасці і полудня не ела, -

Што век жа будзе добры ён!

          Мужык гарэ, а блізка ля мяжы,

А баба міма йдзе... шкулдык -

І стала! кажа: «Божа, памажы!»

Як трэба адказаў мужык.

«Што добрага чуваць, бабуся, ў людзях?» -

«Ай, чула, чула дзісь я шмат!

Ці то казаць, ці не казаць? бо страх.

Цяпер на брата ідзе брат,

А жонкі вернай, - гдзе цяпер шукаць?..

І у тваей каханак ёсць;

Змаўлялася, - як будзіш у полі спаць,

Дык брытвай табе зробе штосьць!..»

Сказаўшы гэта, марш у лес бабуся,

Як ліс, лягла за першы куст,

Ціхусенька ляжыць, хоць кашаль дуся,

Не пусце навет пары з уст!

          Аж жонка з полуднем ляціць ад вёскі,

Схаваўшы брытву у кішэнь;

На вобмежку паставіла дар Боскі

І кліча мужа, як штодзень.

Ён хмурны штось і есць не надта хоча,

А потым зараз лёг заснуць.

Заснуў! а жонка ў кішані шамоча...

Дастала брытву - і чуць-чуць...

«Га! рэзаць, подлая ты душагубка?» -

Зароў, як той шалёны бык.

«Дык вот якая ты, мая галубка?..»

І дай біць жонку той мужык!..

          Здзівіўся чорт, што баба так зрабіла.

Узяў яго прад бабай ляк*.

Ціжэмкі* бабіны наткнуў на вілы,

Здалёка даў, баяўся так,

Каб баба і яму жыцця не струла*,

Не нарабіла ў пекле штук,

Не набрахала б там, што чула,

Або што ён - яе байструк.

          З тых пор, як чорт гдзе не дарадзе,

Там слухае ён бабскіх рад,

У бабскай круціцца грамадзе

І ў пекле тым трымае лад!

 

 

Каментары

 

Твор напісаны паводле казкі «Пра д'ябла і бабу» з фальклорнага зборніка А.Глінскага «Bajarz».

Скутку ніц (польск.) - без ніякага выніку.

Внэт (польск.) - хутка, мігам.

Ляк - сполах.

Ціжэмкі - абутак з тканіны; палатняныя, парусінавыя або шаўковыя тапці.

Не струла (польск. struć) - не атруціла.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com