epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Як праўды шукаюць

Як простая праўда згінула у свеце,

Дык праўды і з свечкай шукаюць,

І золатам маняць, і людзей склікаюць,

І Бога цалуюць, - а ўсё-такі прэце*,

Як камень у воду, так праўда прапала!

Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:

Пасрэднік і воласць, сынод і санаты,

Прысуцтва і вокруг, управы, палаты.

А найбольш міравых, участковых і з'ездаў,

Што ў полі камення, што гвездаў*!

Затое ж жыццё цяпер труднае стала,

У сведкі улезці, ні села - ні пала,

Ад суду да суду праз лета цягацца

Так лёгка, што навет не трэба старацца!

 

Раз еду я ў Вільню адведаць сынка,

Ажно пры дарозе пасецца кабыла,

Стаіць чалавек якісь ля млынка,

За млынам сука там брахала ці выла,

І гдзесьці «ратуйце» крычала кабета,

А мостам ляцела якаясь карэта.

І што ж тут такое было? Мне здаецца:

Хто едзе, хто вые, хто, можа, смяецца...

(А мельнік стаяў у дзвярах і смяяўся.

Чаго ён смяецца? - дык я ж не пытаўся!)

Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам, -

Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі

Без шапкі і босы, так шталтам убогі*;

Але я еду з сваім інтарэсам,

Мне няма дзела больш ні да кога;

Ляжачага ж люду усюды ёсць многа!

Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці,

Кліча: «Пастой жа для Боскай мілосці!..»

Стаў я, чакаю, аж ён і пытае:

Хто я, адкуль ёсць і хто мяне знае?

І кажа вярнуцца мне аж да млыну,

Сведкам ураднік зве на гадзіну.

Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы,

Мельнік цяпер ужо не смяецца,

Кабылу сотнік цягне да стану,

Цырулік* кроў кінуў абмокшаму пану,

Дзюра на мосце так, як на хату,

Два хлопцы ловяць сучку кудлату;

Баба стаіць у парванай спаднічцы,

І кроў ёй цячэ па руцэ і па лытцы.

Вязуць і труп той зараз на возе,

Што я то відзеў, лежачы пры дарозе.

Пытаецца ратнік* мяне ды за сведка:

Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка?

Ці сучка парвала? А сучку ці білі?

Ці відзеў, што ў мосце масціны пагнілі?

Ці відзеў, як мельнік смяяўся?

Як пан з фурманом у карэце купаўся?

Як фурман ўтануў, а як пан ратаваўся?

Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні?

Як свіснуў кабылу і ляцеў на Рыконі*?

Ці знаю, хто то забіты валяўся?

І кім забіты, ды каб я прызнаўся,

Ці не я яго вёз ды после уклаў?

Можа, меў грошы, можа, я іх забраў?

(І дух мне заняў, сказаць слова не мог!

Вот напасць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!)

Чаму я не хацеў ратаваць фурмана?

Чаму майстра таго не лавіў ля млына?

Чаму сучкі ад бабы куслівай не гнаў?

Чаго я ўцякаў, што ледзь соцкі нагнаў?..

Пратрымаў ён мяне цэлы дзень.

А бадай ты прапаў! Яшчэ даў я рубель,

Ён так спрытна яго запусціў у кішэнь.

Я паехаў сабе! Аж у восем нядзель

Соцкі прэць мне павестак і шмат:

Ў першай сведкам - як мельнік цкаваў,

Ў другой сведкам - што мост без прыгат*,

Ў трэцяй сведкам - як коні хтось краў,

Ў чвартай сведкам - як пан заваліўся,

Як выплыў наверх, а фурман як заліўся,

Ў пёнтай сведкам - што труп пры дарозе

Быў убіты, а двое людзей уцякалі,

І што я даганяў тых людзей ды на возе,

А яны праз ламы* удваіх паскакалі!

Аж на шостай ужо дык я стаў вінават,

Што ратунку не даў, як карэта плыла.

Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд,

Дык асеўся якраз, як Пакрова* была!..

І не сеяў, не жаў, не касіў сенажаць,

У арэнду аддаў, бо не мог дадзяржаць.

І што меў, то прадаў, пераеў,

Па судах агалеў, як шэсць разы згарэў;

І ў казе* адсядзеў нядзель шэсць,

За няяўку плаціў, можа, трэйчы і штраф.

Як на тое ж і праўда схавалася гдзесьць,

А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф*.

 

 

Каментары

 

Прэце (польск. przecie) - аднак, але; тут у значэнні дарма, дарэмна.

Гвезды - зоркі.

Шталтам убогі - на выгляд убогі.

Цырулік - лекар.

Ратнік - ураднік.

Рыконі - мястэчка Рукойны (Рукайняй), непадалёку ад Вільні; у Рукойненскім касцёле хрысцілі паэта.

Без прыгат - без парэнчаў.

Ламы - завалы з галля і сухастою ў лесе.

Пакрова - Пакровы, рэлігійнае свята 1 кастрычніка.

Каза - астрог.

Траф - выпадак, здарэнне.

 


1886-1891?

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.