epub
 
Падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Мая хата

Бедна ж мая хатка расселася з краю,

Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю,

Ля самага бору, на беражку лесу;

Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу.

Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,

Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба?

Да хоць няма хлеба, жабраваць не буду,

Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!

 

Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,

І дымна, і зімна, а мне яна міла;

Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, -

Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.

На страсе мох вырас, на маху бярозка.

Мільшая мне хатка, як чужая вёска.

 

Сваталі ж мне ў прыймы у новую хату,

На зямлю ражайну і дзеўку багату;

Буду жыць, казалі, як які пасэсар*,

Ездзіць парай коні, як сам пан асэсар*;

Да мне даражэйшы вугал гэты гнілы,

Камень пры дарозе, пясок ля магілы,

Як чужое поле, як дом мураваны! -

Не аддам за сурдут каптан свой падраны.

 

Клікалі ж у госці і клічуць суседзі -

Не пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі

Ад чужога хлеба губы абсядаюць,

Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць.

Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,

Не пайду да вас я, хіба у арэшце.

А хоць сілай навет адарвалі б з дому,

Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому.

 

Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,

Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы!

Насек бы бярвенняў, нацягаў бы моху,

Зноў бы склеціў хату як-кольвек патроху,

Зрабіў бы камору, выкаваў бы жорны, -

Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны!

Ну дык жа адстаньце, нашто я вам трэба:

Ці каб ваш хлеб есці, ці рабіць вам хлеба?

 

 

Каментары

 

Пасэсар - арандатар.

Асэсар - станавы прыстаў.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com