epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Прадмова да «Смыка беларускага»

А праўду сказаў Бурачок у сваёй «Дудцы», што ўсе мы завём нашу мову «мужыцкай», і так — нічагусенька, як бы так і трэба! Здарывалася і мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старыя, друкаваныя навет, якогась пана Марцінкевіча, але ўсе як бы смеючыся з нашага брата пісаны; чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», гдзе Юрка надта дзівуецца і як бы завідуе панам тым, каторыя, можа, і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучоныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў і сюды тое «Ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але, дальбог, аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я тыкі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, смеючыся з нашага цёмнага брата, напісаў; гэтак думаў, што дурны мужык, дык ужо нічога і не відзе, і не знае! Ой, памыліўся!

Не раўня я Бурачку, — ён лепей, можа, знае жыццё мужыцкае, больш, можа, відзеў і чуў; але так мне спадабаліся, яго тыя вершы, што і я здумаў папрабаваць штокольвек напісаць. Ёсць шмат друкованых песняў нашага народа; пісаў Пачабут, Я. Тышкевіч, апісуючы наш Барысаўскі павет, і шмат хто спісываў іх, а шмат ёсць і не спісаных, але песні ўсе тыя не надта, каб сказаць праўду, харошыя, і нота наша плакучая, аднастайная, і песняў васолых не шмат, да і тых ужо рэдка пачуць. Надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане, дык і за крамнай вопраткай, і за ляксаванымі ботамі гоніцца, і ўсё маркоціцца. Даўней, кажуць, людзі, як меншым абходзіліся, то больш мелі і васалейшыя былі. Вот я і напісаў з дзесятак песняў «сякіх-такіх». Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык няхай і мая ксёнжачка завецца струмантам якім; вот я і назваў яе «Смык». Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была «Дудка» — вот і мы зробім музыку, як тыя жыдкі, што на цымбалах іграюць.

Сымон Рэўка з-пад Барысава


1894

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.