epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Праўда

                                        Ой, цяжка ж, цяжка,

                                        Не сярмяжка цяжка,

                                        Але з гэтай доляй,

                                        А ўсё штораз болей!

 

Ох, цяжкая ж доля! От так бы, здаецца,

Скрозь зямлю прапаў бы б ці ў слёзы б разліўся!

Ці мне жыць на свеце, ці мне куды дзецца?

Ой, Божа ж мой, Божа, нашто ж я радзіўся?!

Ой, нашто ж мне дана тая мая мова,

Як я не умею сказаць тое слова,

Каб яго пачулі, каб яго пазналі,

Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі;

Каб і разышлося то слова па свеце,

Як праменні слоньца цёплага у леце;

Каб на тое слова ды людцы зрадзелі

Так, як тыя дзеткі на святой нядзелі;

Каб жа тое слова ды людцоў з'яднала,

Каб на тое слова варагоў не стала;

Каб людцы прызналі братоў ды братамі -

Дзяліліся б доляй і хлеба шматамі.

А без таго слова я - нямы калека!

Хоць бы занямець мне і да канца века!

Ой, нашто ж мне вочкі, ой, нашто ж мне ясны?

Каб глядзеў, які я ад усіх няшчасны?

Каб душа балела, гледзячы на долю,

Каб сэрца шчымела і рвалася з болю?

Каб было чым плакаць і удзень і ўночы?!

Ой, Божа ж мой, Божа, вазьмі ж мае вочы!

Нашто ж тыя вушы, як не чуць нічога

Ні ад людцоў добрых, ні з неба ад Бога?

Ой, ці не на тое ж, каб чуць людзку лайку

Ды тую плачонцу дудку-самаграйку,

Нашую жалейку, што енча, не йграе, -

Хоць як выйгравай ты, а яна смутная?

Ой, ці не на гэта ж, каб чуць, як звякаюць

Ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць.

Не здзекуйся ж, Божа, нада мной, над імі:

Парабі усіх нас, як камень, глухімі!

Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда,

Бо жыць без яе нам не вяліка наўда!

Прасі ў Бога ласкі: «Адвярні ты, Божа,

Злую нашу долю на сухія пушчы.

Адвярні на камень ці на бездарожжа,

На вялікі ройсты*, на пяскі сыпушчы,

Ды каб не зазнала ніяке стварэнне

Гэтай долі нашай да веку сканчэння!»

Не пачуў ён енку, не увідзеў мукі,

Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!

Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,

Памагчы крыж несці, як «з Богам не біцца».

Абсмяялі людзі мяне, як дурнога,

Да цябе паслалі, да самога Бога,

Там, казалі, праўда, тут тыкеле сіла!

Даўней, кажуць, праўда па свеце хадзіла,

Жабруючы ж, змёрла, а людцы схавалі,

Каменем накрылі, зямлю пааралі,

Каб не чуць, не ведаць аб ей ані весці,

Ды цяпер і кажуць: «Праўда ў небе гдзесьці!»

Да пашлі ж ты, Божа, Праўду сваю тую

З неба на зямельку, слязьмі залітую!

Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі,

Мучылі за праўду, сілай паканалі;

Пашлі ж цяпер Духа, да пашлі без цела,

Каб уся зямелька адну праўду мела!

 

 

Каментары

 

Ройсты (польск. rojsty) - багна; імшары, лясныя лагі.

 


1886-1891?

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.