epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

«Сабраўшыся на тры чоўна...»

 

Сабраўшыся на тры чоўна,

Веславалі мы да Коўна.

Праз тры дні і праз тры ночы

Дождж мачыў, а вецер ў вочы!

Усе нашы панічыкі

Зрабіліся як бічыкі:

На далоньках мазолікі

Чырванелі, як волікі,

Забалеліся жывоцікі,

Прамачыліся іх боцікі,

Ржа пабіла шкарпэтачкі...

Ох! бедныя ж вы дзетачкі!

Ноч зімная, дзень жаркі:

Папаліла чыста тваркі!

Пачарнелі, змаркатнелі:

Праз тры дні мясца не елі!..

Песні гудзець перасталі.

Усе чыста ўжо прысталі!

Але ў Коўне памаленьку,

Як хто глянуў на паненку, -

Ачуняў і боль забыўся,

Кожны б з кожнай ажаніўся:

Кожна міла і васола!

Прапаў смутак весь укола!

Як хто хоча быць ў гасціне,

То едзь ў Коўна на віціне,

Ці на плыце, ці на чоўне;

Дапытайся толькі ў Коўне,

Гдзе Пятровічава хата:

Там сям'я уся багата

У гасціннасць, у шчыроту,

Людску міласць і даброту.

Там накормяць, развасэляць

І твой смутак тут раздзеляць.

 

Коўна (р. 1897, д. 20 ліпца)

 


20.07.1897

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.