epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Сведка

У нядзелю ранюсенька заходзіць да мяне Панасюк. Тое ды сёе, а потым кажа: «У тую суботу каб быў ты ў воласці ў сведкі на суд». - «Як у сведкі, дык у сведкі. Хоць я нічым нічога, казаў той, ніколі нікому».

Прыходжу - сядзяць. Я зірк - і ён тут, наш Бартак храмы.

Пытаюць суддзі: «А ты што знаеш аб гэтым дзеле?»

«Чаму, кажу я, не знаю? Ведама, усё, казаў той, знаю».

«Ну дык кажы».

«Як казаць, кажу, дык і скажу ўсё. Так і так, кажу, у мяне, кажу, Каруська (гэта жонка мая) надта, гадзіна, рана ўстае. Так якасьць пасля Пятра, якраз пасля нядзелі, чуць зорачка занялася, яшчэ навет і дзяркач на балоце ні разу не дзёрнуў, калі яна прыходзе да мяне і будзіць: «Юзук, Юзук!» - Ці ты, кажу, здурэла, ці што якое? Гэта ж, кажу, нядзеля. «Гэта, - яна кажа, - учора была нядзеля». Я схамянуўся: праўда, учора! Як так, дык так. «Ідзі ж ты, - кажа, - касіць на Лабок». А той Лабок, каб ваша ведалі, - дык чысты лабок. Як пойдзеш касіць, дык сцімбіркі толькі дзылінкаюць ля касы ды казельчыкі скачуць, а сена толькі, сколькі валасоў вунь на галаве ў пана суддзі (адзін лысы быў)».

«Ну, ну, - той кажа, - да дзела гавары! Ці відзеў?»

«Відзеў, кажу, чаму не відзець? Святлюсенька стала, покі расчухаўся. Вот расчухаўся, пайшоў пад свіран - узяць бы касу, а касы нямаш: сюды - нямаш, туды - нямаш! Ніяк не спомню, гдзе дзеў. Аж я гэта, як рэзаў барана яшчэ з восені, ды ўткнуў у сцяну, дык яе там ці ржа пабіла, ці мышы вышчарбілі. Давай я яе кляпаць, а яна - давай крышыцца. Кляпаў-кляпаў, кляпаў-кляпаў... Віджу - нічога не будзе, пара палуднаваць. Папалуднаваў, праўда - Каруська кіслага малака дала крышку, а ў нас перадойка гэты год была, казалі, палявала, а цяліцца - не цялілася. Пад'еўшы трошкі, думаю: падбягу да Барткі храмога, - вот і ён тут, не дасць салгаць, - пазычу касу. - Покі тое ды сёе, туды ды сюды, калі і сонечка стала хавацца. Прыляцеў да Барткі храмога (а ён сусед), калі яго няма. Косіць, кажуць, тыкі ж на Лабку (і ў яго такія ж сцімбіркі); калі я слова сказаць, і Бартак тыц у хату, - і зараз пацямнела. Мы сабе аб тым ды аб сім, а пасля таго я пашоў дахаты вячэраць. Як дзісь помню, еў зацірку з малаком. Дык чаму ж я не знаю? Усё знаю».

«А відзеў ты (пытаюць суддзі), як Пятрук Сушка Бартку біў?»

«Калі?» - пытаю.

«Да тагды, як тое было?»

«Не ведаю», - кажу.

«Які ж ты сведка?»

«Але, кажу, які ж я сведка?»

І пашоў дахаты.

А, праўда, па дарозе зайшоў да Бэрчыхі. А больш, дальбо, нічога не ведаю.


1886-1900?

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.