epub
Tralalonaczka, Кракаў, 1892
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Тралялёначка

Вёска нашая, невялікая вёсачка, меж прыгоркамі, пры балотцы; на выган пясочак з прыгоркаў спёрла, тут і лес блізюсенька, лес хоць і чужы, але выгода ёсць... На канцы вёскі Бартак Сасок жыў. Цяжкі быў чалавек Сасок: за сваю шкоду, хоць з прыпадку зробленую, нікому не даруе, хоць залатоўку возьме, а сам, бывала, уночы конна сядзе і пайшоў чужыя межы спасываць; каменне з свайго поля дык усё, бывала, цягне на чужое... Эй, нядобры быў чалавек: як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касіць, дзень жаць, кожны дзень па грошу працэнту аддаць, а рубель рублём. Пазыча табе бульбы на насенне - то ўжо сей напалавіну і насенне насеннем аддай; і ўсё гэтак! Купе, бывала, у скарбовым лесе крадзеную калоду, такую, што парай коні як зрушыць, а сам па яе не паедзе - суседаў нашле: удасца - добра, а зловяць - яны прапалі! От які быў Бартак! Бывала, шапкі здымаем прад ім, як прад панам, бо ў яго і пісар і старшыня - прыяцелі, з акцызнікам у мястэчку, як з кумам, вітаецца, дык як жа тут шапкі не зняць? А можа, думалі, і ён старшынёй будзе?.. Суддзёй ужо ж ён і тады быў. Даўно, праўда, усё гэта было, але было!

Гадоў таму з пятнасце наш Бартак апрануў ужо чорны сурдут, стаў часта ўлегцы ў Вільню ездзіць, казалі - у банку інтарэсы мае, а і да Замораўкі чагось, бывала, наварачуе. Ад нас да Замораўкі недалёка, але туды ніхто не ўчашчае: там пан надта дзікі якісь быў, Прыбалдоў зваўся; сам казаў, што ён ганарал, але мундзеру таго, каб які там быў у яго ганаралскі, бліскучы - таго ніхто не відзеў, хоць крычаў па-ганаралску і біўся.

 

Прысылаў ён здвойчы ў нашую вёску то яек, то курэй або парасят купіць, як у яго там госці збяруцца, але, бывала, ні пасланец не аддасць, ні ў дварэ ніхто не заплаце; вот затым у нас і перасталі яму гэтак прадаваць без грошы, а ён перастаў пасылаць надарэмне. Гаспадарка ў яго там ішла кепска: мы сеем ужо на зіму, а ён сабе касіць зачынае; мы на зіму аром, а ў яго зажынкі, і ўсё гэтак, а ўсё-тыкі ганаралам зваўся!..

Казаў і наш Юдка-каваль, што і яму 100 рублёў вінен, а плаціць не хоча; а вот жа Бартак адважыўся-тыкі яму ўсе свае грошы - семсот руб. - пазычыць, узяўшы обліг на паўтары тысячы. Тагды ўжо з ганаралам часта і гарбату піў! Бывала, пехатой пойдзе да яго, а вернецца ў вялікай панскай каламажцы, а спаткаўшыся з нашым братам на дарозе, здалёку крычыць: «Эй, з дарогі!»

 

Раз увосень на сельскім сходзе хацелі мы Бартку выбраць у сотнікі і кажым: ён багаты, сын падрос і парабка можа наняць, дык яму латвей і службу адбываць; а то вот Янук Сакол, як пабыў сотнікам, дык і гаспадарку звёў, а зямлю таму ж Бартку ў арэнду пусціў! Няхай, кажым, цяпер і Бартак закаштуе чэсці!.. Аж ён нам на гэта: «Ах вы, галадранцы, сякія ды такія, вы гэта мяне ў сотнікі?.. Да я вас і так усіх у халодную пасаджу, як захачу, і па мордзе біць буду; я вам, жабракам (а ён тыкі і парабіў нас жабракамі), кажа, не раўня: я сам цяпер пан - ганаралскі маёнтак купіў, - а на вас мне плюнуць, і не маеце права, хамуці, мяне сюды і туды памыкаць! Я вам пакажу!..» Ажно страшна нам зрабілася і паразяўляліся мы, як дурні: іншы шапку зняў, іншы так кланяўся, а ўсе замаўчалі. Так мы яго і не выбралі, а больш сталі баяцца.

Гэта ж было ўвосень каля ўсіх святых, а, дачакаўшы каляд, Бартак і сваю зямлю і Янукову Сакалову аддаў напалавіну. Мы ўжо ўвідзелі, што тыкі і праўда - ён купіў маёнтак. На першага Юр'я перагнаў быдла да Замораўкі, а Прыбалдоў выехаў, як стаіць, з сям'ёй таго ж дня. Юдка-каваль горка плакаў, бо сто рублёў прапалі...

Бартак Сасок купіў ад Прыбалдова маёнтак са ўсім дабыткам, з вазамі і карэтамі, а навет з вялікім, як конь, сабакай; але павінен быў заплаціць даўгі і свае семсот рублей залічыць; а даўгоў тых было ці мала: у банку тысяч трыццаць, то толькі працэнтаў дзве тысячы шторок трэба было заплаціць, а так людзям розным тысяч з дваццаць набралася.

 

У маі прыехаў судавы ўходчыну рабіць, і нас, суседаў, паклікалі. Глядзім мы, калі ўжо Бартак і Бартчыха з тым судавым разам абедаюць і навет кухар на стол падаець. Бартчыха ў чорнай панскай сукні! На нашую пахвалёнку ніхто і не адказаў... Судавы, пратрымаўшы нас да вечара, прачытаў якісь папер аб тым, што Бартак з Бартчыхай купілі Замораўку, і мы пашлі па хатах, а яны панаваць засталіся. Бартак стаў стражэйшым панам ад ганарала: дзярэ за шкоды - жыць не можна, а крычыць, а лае, а па полі конна, як праўдзівы ганарал, гарцуе... аж страх! Да касцёла, бывала, калі прыляціць чацвёркай, а яна ў капялюху бліскучым з жоўтай стужкай і брыжыкамі, а наверсе, пане, сядзіць птушка як жывая, чыста ж сіваваронка, толькі што не закаўкае. Ідуць па касцёле, аж увесь народ азіраецца! А кожную нядзелю ў дварэ госці: то станавы, то пісар, то хвельчар, часам пасрэднік, то сакратар з'ездавы, то судавы, а іншы раз і ўсе разам збяруцца, ды днёў тры ў карты гуляюць і п'юць - лепш як у таго праўдзівага ганарала.

А жаць як прыйшлося, дык на полі невясёла ў Барткі: жыта мала, а жней яшчэ меней: і не ўрадзіла, і жнеі дарагія - плацілі і па тры злоты!..

Бартак злуецца, а Бартчыха спацыруе сабе па садзе з парасончыкам. Не сцерпеў Бартак і кажа да жонкі:

- Вот не шкодзіла б, каб Ваша, пані Каська, сярпок узяўшы, ды па загончыку прайшлася, замейце таго, што дарма па садзе дрыптаеш - а то жыта сыпіцца і грошы няма гэтак жнеям плаціць.

- Вазьмі ж, васпан, касу ды па сенажатцы прайдзіся, тагды я ўжо апрану сукню ядвабную і капялюш з птушкай дый пайду жаць...

- От жа пойдзеш і ў спадніцы рабой і без капелюха! - скіпеўся Бартак.

- Не дажджэш ты, - адказуе Бартчыха, - каб я, гэтакага маёнтку пані, ды пайшла...

Слова за слова, ды давай вадзіцца!

Бартчыха ды калісь у двары служыла і камісару спадабалася, а злыя языкі па каліндару варожаць, што і старшы сын Бартчыхі надта паспяшыў радзіцца па шлюбе; камісар і пасагу даў за ёй штосьці 300 рублей, але можа то і брэшуць? Бартчыха была гумарыстая і не надта каб мужа дбала, а ўсё больш сваім розумам жыла. Бадай ці не яна і пілавала Бартку, каб маёнтак купіў? А купіў ён яго і на сябе і на жонку разам.

Доўга яны гэтак вадзіліся: і тыя нарадзіны першага сына ён спамінаў, і свой пасаг яна спамінала, спамінала і тое, як на вяселлі камісар казаў мужу, што Каська пакаёўкай была, дык раздалікацілася і ён не павінен змушаць яе да цяжкай работы, а няхай за тыя 300 рублёў дзеўку павек найме...

Разабрала Бартку аж па макаўку! Аж рыкнуў на жонку:

- Вон, сякая-такая! Вон з кодлам сваім: я тут пан, не ты пані!

- Даўно, - кажа Каська, - я чакала ад цябе гэтага, і так хацела кінуць, а цяпер і кідаю!

- Але, кідай, ды ізноў у вёску, - адказаў Бартак.

- І кіну, і ў вёску не пайду, - кажа Каська, - а хоць зараз Прыбалдоў за ахмістрыню, як за паню, возьме да места...

Пазлаваліся, распляваліся, так як хто зімным перакінуў, і разышліся; а назаўтра Каську пёрлі два чорныя агяры да вакзала, каб ехаць да Прыбалдова. Бартак з той немарасці кінуўся ў гарэлачку, а далей стаў зіркаць на кабетак. Бывала, як хто аб жонцы спомне, што кінула, дык аж счырванее.

- Не вялікая, - кажа, - наўда, што кінула, ды і не так то кінула, як я сам яе прагнаў.

Так, бывала, хваліцца ўсё, што прагнаў ды прагнаў, а людзям гэта і трэба.

Пачакаўшы гадок-другі, мы відзім, што Бартак чыста перамяніўся, раздалікаціўся: на полі не бывае, зімой у месце гуляе... А раз вярнуўся ўжо і з паненачкай такой харошай, цянклявенькай, шталтам за губарнанку, а называў яе якойсьці кузынкай і цалаваў пры людзях. А яна, тая кузынка, такая смяхотная ды вясёлая была, як бы вот паненачка праўдзівая: нічагусенька, бывала, не робе, толькі сабе бегае, выспевуе: «Тра-ля-ля, тра-ля-ля!» Або як калі асядлаюць ёй каня ў якоесьці рагатае сядло, фурман сядзе на другога каня ў самы рабочы час, вот яна і гарцуе па дарогах, іншы раз вярстоў за 10 заб'ецца, коні ў пене, фурман падаб'ецца, яна ўсё «тра-ля-ля, тра-ля-ля...» Так мы яе і празвалі «Траляля».

Але добрая была, вечны ёй пакой: бывала, хто ў вёсцы захварэе, то яна і па доктара пашле, і на лякарства дасць, і дзецям то па грушачцы, то па яблычку. Любілі тыкі мы яе, гэту Тралялю.

Раз за малым не ўсёй вёсцы прыпёрлі павесткі з акружнога аб тым, што жонка Барткава падала скаргу, што муж выгнаў яе з двара, што з другой жывець, што палавіну яе маёнтка забраў, па пяць тысяч на рок даходу цягне, а ёй ні гроша не даець... І давай нас цягаць па сведках: то ў кансыстор, то на следства, то проста ў суд акружны, гадоў за тры. Тым часам нашая Траляля захварэла і ў тры дні навек заснула, пакінуўшы дзіцятка драбнюсенькае. Бартак зажурыўся, як за сцяну заваліўся: палавіну маёнтка Бартчыха адабрала, а другую прадалі з ліцытацыі за даўгі, і пашоў Бартак зноў у вёску, але суддзёй ужо ніколі не быў і ўсім кланяўся. Не доўга, бедны, пабыў і тут, бо за штось у турму пасадзілі... Там ён і ўмёр!

 

Бартчыха з рок на сваёй палавіне панавала, увосені пажар амёў усе будынкі, а тут прад новым рокам банк прадаў і рэшту маёнтка. Так то скончылася панаванне Сасковае.

Тралялёначку ж тую бедную мы, злажыўшыся з душы па дзесяць грошы, аддалі, як сваё дзіця, да Марціскі крывой на мамкі на рок, а далей не ведалі, што рабіць з беднай сіротачкай, дык ксёндз зыскаўся літасцівы - узяў малую кузянятачку да старой арганісціхі і там ужо штось плаце, а яна гадуе і пацеры вуча; і расце паненачка, так гадоў ужо мусі з дзесятак мае; а такая вясёлая ды смяхотная, якраз жа Тралялёначка!

 

1892 г.


1892

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.