epub
 
падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

У астрозе

Паперы прыйшлі у турму з акружнога,

Што зараз зачнецца суд после Каляд.

Сядзела ж там нашага брата і многа,

Было і нявінных памежы нас шмат!

Быў пан, што у банку краў грошы чужыя,

Быў пісар, што выдаў паперы благія...

Я сам тут сядзеў, а за што? каб спыталі,

Дык я б не сказаў, і яны бы не зналі.

А пісана так: «Што страбіў жывы знак».

Калок на капцы (быў гнілы, як бурак)

Пры полі маім мне стырчаў так, як скула, -

Наехаў кабылай, і слуп той звярнула.

Каб жа люльку паліць было чым, не красаўшы,

Агонь разлажыў, той калок пашчапаўшы.

Прыехаў дадому, пасеяўшы грэчку,

Закінуў кабыле, забраўся на печку.

Назаўтра, праспаўшыся добра уранку,

Завець мяне сотнік, стукнуўшы па ганку:

Ураднік склікае народ аж на поле,

Пісаць там штось трэба яму ў пратаколе.

Пайшоўшы, гляджу я - аж ён штось пытае:

«Чыя то граніца і грэчка от тая?

Хто слуп асмяліўся спаліць самапраўна?

Калі то было? ці даўно, ці нядаўна?..»

Ураднік жа піша, а я дык смяюся,

Кажу: «Ох, я надта цябе ды баюся!»

Пытаю: «Ці брат твой, ці бацька гніляк,

Што ўзяўся пісаць пратакол шчыра так?

Ці, можа, той кол толькі ёсць твой зямляк?

А можа, вялікі якісь быў чынал,

Ці спраўнік, ці большы яшчэ ганарал?

Прыблуда! схавайся, адкуль ты прыйшоў,

У нас ужо досыць такіх прыбышоў,

І кожны згніе, бо як кол тут убіўся,

А зрублены пень там згніе, гдзе радзіўся.

Кабыла мая дык усіх вас паверне,

Не то што чапаць, але толькі як п...!»

А людзі рагочуць, зышоўшыся з хат,

Бо кожны ўтапіць быў урадніка рад.

А ён дыкі тое, што я кажу, піша,

Другі раз спытае, чаго не паслыша.

Мяне ж яшчэ болей ды смеласць бярэ.

А дзядзька мой блізка за гоні арэ;

Я ж, біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў,

Урадніку трэйчы як дам меж вушоў!

Аж ён закрычаў: «Калавур, тут разбой!» -

І зноў запісаў, ўзяў паперы з сабой,

Як сеў на каня, даў, аж пыл закурэў!

Народ жа са смеху увесь аж памлеў.

Смяёмся сабе, а таго неўдагад, -

Ураднік - начальнік, не то што наш брат.

За тыдзень жа сотнік павесткі прыпёр,

Каб мы усе заўтра з'явілісь у двор.

Тут пан прыляцеў, аж на тройцы з званком,

Распытываць будзе пад строгі закон.

Тут некуды дзецца, назаўтра, чуць свет,

Мужчын з два дзесяткі, дванасця кабет

Ідзём да двара, за малым не дзве мілі,

Ідзём, а чаго? Каб мы зналі, хоць снілі!

Адзін кажа, выйшаў то, пэўне, указ,

Каб скінуць падаткі якія із нас;

Другі, жэ зямлі дададуць ці аброк

Даруюць за прошлы ці гэты хоць рок.

Лгуць бабы, што біскупа вернуць ізноў

Ці, можа, біць розгамі будуць паноў

За тое, што немцам усё прадалі

І надта пашмат што даўгоў завялі:

У банках усе аж па вушы сядзяць,

Кідаюць двары, на Парыжу глядзяць;

Усе пушчы змялі у жыдоўскі кішэнь

І жывуць так без заўтра, абы з дня на дзень.

Ніхто не згадаў, чаго клічуць у двор,

Ніхто не паняў, што то сотнік прыпёр!

 

Прыходзім у двор, - той начальнік ёсць тут.

Выходзе да нас, апрануўшы сурдут,

Пытаецца так: «А за што вы, рабяты,

Урадніка здулі, ледзь трапіў дахаты?»

«За тое, - мы кажым, - што надта ён ласы:

Што любе яешню, курэй і кялбасы;

Унадзіўся надта ён лазіць па хатах

Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах;

Свіннёй гаспадара у нашым гародзе,

Праз дзверы улазе, праз вокны выходзе;

Ды надта цікавы, каторы што мае,

Не то што у свірны, ў кішэнь заглядае;

На поле слупкі - і да іх яму наўда;

Таго ж не ўтаропе, гдзе крыўда, гдзе праўда,

Ён гад, каб пісаць, а рабіць ніц не робе,

А нам ён дык так, як той кашэль ў хваробе!»

 

Мы ж гэтак лапочым, а ён усё піша,

Пытаецца толькі, а сам - як не слыша;

А потым чытае: «Такія-то людзі

Урадніка білі, цягалі за грудзі;

Прызналіся самі, і як, і чым білі,

І зналі самі, што закон праступілі

Супроці начальства, законнай уласці

І змовілісь вёскай урадніка ўкласці!»

Зачыншчык жа я, - або я той калок

Спаліў, а другіх я у бунт увалок;

Дык мяне у астрог той жа час запярці

І судзіць найстражэй па вялікай стацці!

Чытае ён гэтак, а мне дык здаецца:

Ён з нашага брата і з праўды смяецца;

Бо ў законе ўсе роўны - і пан, і мужык*,

А што ж то ураднік за велькі індык?

Як ён каго трэсне, дык гэта нічога,

Яго ж не даткні, так як Юр'я святога*!

То так думаў я, ажно выйшла не тое;

Ураднік на службе, то дзела другое;

Тагды сцеражы ты яго, як той скулы,

Бо ён - то не ён, а то ёсць артыкулы,

Раздзелы, стацці і ўсе зводы закона!

Мужык жа, наш брат, той усюды - варона.

Здалося ж мне так, што ці дурню, ці шэльме,

Ці хітры ён будзе, багаты хоць вельме,

Мундзір хоць надзене, жупан хоць бы новы,

А дурнем жа будзе дурны, безгаловы;

А шэльму жа нюхам пачуе сабака,

І ўсюды для шэльмы чэсць будзе яднака.

І прыказка ж кажа, што Бог - не цяля,

З усёй грамады пазнае круцяля!

Законы ж, а думачкі нашага брата,

Як ноч, а то дзень; гэта будні, то свята.

Вот гэтых законаў паняць я не мог,

За гэта ж цяпер я папаўся ў астрог.

Цяпер ужо тут дык мне вочы працёрлі,

Пазнаў, як у бацькаву хату запёрлі...

Ото ж і завуць і мяне на той суд,

Вучыць шанаваць і начальства, і кнут,

І слуп, што гніець, стаячы ля дарог,

Бо начал, кнут і слуп то даў Бог!

 

 

Каментары

 

Бо ў законе ўсе роўны - і пан, і мужык - судовая рэформа 1864 года абвясціла роўнасць усіх саслоўяў.

Святы Юр'я (Георгій) - вялікапакутнік, празваны таксама грэкамі «вялікім святым»; за гарачую прыхільнасць ідэям хрысціянства быў абезгалоўлены; дзень смерці 23 красавіка - рэлігійнае свята.

 


1886-1891?

Тэкст падаецца паводле выдання: Багушэвіч Ф. Творы / Францішак Багушэвіч ; [укладанне, прадмова Я. Янушкевіча ; каментарыі У. Содаля, Я. Янушкевіча; мастак Г. Хінка-Янушкевіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. - 308 с.