epub
 
Падключыць
слоўнікі

Францішак Багушэвіч

Здарэнне

Ехаў я раз ад Кіяны*

Ды ў Смургоні, і не п'яны,

І даехаў на Ваўкелы*,

А конь добры быў - мой белы.

Тыц! стаў конь, наравіцца!

І храпець і дыба стаў,

Што не можна прыступіцца,

Чуць аглоблі не зламаў.

Гляджу: бочка ля дарогі.

Чыста ж бочка, толькі рогі

Як бы трохі відаць збоку.

Думка: вёз хтось, ды здалёку.

Як прыстала, дык, скаціўшы,

Сам начуе гдзесь у вёсцы.

Або, можа, быў падпіўшы,

Страціў бочку пры дарожцы!

А што ў бочцы? хто там ведаў?

Можа, брага, можа, водка!..

А я ж той дзень не абедаў, -

Вот каб, думаю, сялёдка?!

Або каб алей Бог даў бы,

Ўжо ж не сцярпеў бы, украў бы!

Ото ж, думаю, закрашу!

Надта я люблю з ім кашу.

Падышоў да бочкі, зрухаў,

Калі адаткнуў, панюхаў,

Аж з радасці страпянуўся,

На ўсе бокі аглянуўся!

Ну, свяжусенькім алеем

Смак пачуў на губе, носе!..

Хоць не быў яшчэ зладзеем,

Але ж тут дык давялося.

Так ужо я чагось рад,

Падвярнуў свой панарад,

За уторы* падняў бочку,

Абпёр яе на лучочку*...

А конь смык - падаўся ўперад.

А бадай табе тут верад!

Падкаціў я бочку зноў

І якраз ужо навёў,

А конь смык, - назад, ды тоўк!

А бадай цябе тут воўк!

Я ізноў давай каці...

Здумаў - лепей распрагці.

Ўзяў каня, як след распрог,

Зірк - аж конь мой і без ног.

Конь не конь, а зыдлам стаў;

Я спалохаўсь, пражагнаў...

Дык зноў конь і сам запрогся,

Я спалохаўся і змогся,

Скінуў опратку, перажагнаўся,

Зноў-тыкі за бочку ўзяўся.

А так цёмна - хоць коль вочка.

Калі гляну: то ж не бочка,

А каза стаіць з рагамі!

Хвост, бародка і з нагамі...

Аж тут пятух калі крыкне,

Каза ў лужу калі скікне,

Калі ў лесе зарагоча,

Конь дахаты калі скоча...

Вот тут я і дагадаўся,

Каму ў рукі-то папаўся.

Давай казаць: «Анёл паньскі*,

Згінь, прападні, дух шатаньскі!»

І цяпер, як хто смяецца, -

Мне усё каза здаецца.

З таго часу да алею

Я не мог душу прымусіць,

Адвярнула, дабрадзею,

Так-то чорт нас, грэшных, кусіць!

Каб не крыж, - прапаў бы, мусіць?!

 

 

Каментары

 

Кіяны (Кяна) - вёска каля Рукойнаў.

Ваўкелы - забалочаная сенажаць з хмызамі ля Багушэвічавай сядзібы ў Кушлянах.

Уторы - краі-выступы ў бочцы, пазы для замацавання дна.

Лучок - вушка ці дужка на бочцы.

Анёл паньскі - малітва каталікоў за памерлых; паводле падання, разганяе страхі, прывіды.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com