Наш прэзыдэнт Лука Мудзішчаў
(Даруй нам, Пушкін, вольны тон)
Меў дужа грозныя вусішчы
І надта сіплы барытон.
Ён быў дырэктарам саўгасу -
Надойваў рэкі малака,
Даваў дзяржаве бульбу, мяса...
"Чырвоным панам" быў Лука.
Умела кіраваў? Няўмела?
Хай скажуць курыца і гусь.
Ды думка ў галаве засела:
"Я осчастливлю Беларусь".
І вось без дапамогі таты
(Пра тату ён не ўспамінаў)
Лука пралез у дэпутаты,
Трыбуну спрытна асядлаў.
О, наш Лука мастак-прамоўца!
Паслухаць - чысты Цыцэрон!
Па-беларуску ж ані слоўца,
Ня ўмеў на мове шпарыць ён.
Хоць, праўда, у Вярхоўнай Залі,
Як БНФ крытыкаваў,
Грымеў Лука: "Яны ка-а-залі!.."
Пра што казалі - не казаў.
Падохлі сьвіньні. Мруць каровы.
Чым ашчасьлівіць свой народ?
І супраць беларускай мовы
Мудзішчаў аб'явіў паход.
Хоць як падумаць - сьмех дый сорам.
З кім ваяваць Лука гатоў?
Мудзішчаву ж ледзь-ледзь за сорак,
А МОВЕ - тысячы гадоў.
Жрэ беларускія каўбасы,
Па-беларуску ж ні гу-гу.
Ды за такое папуасы
Яго пусьцілі б на рагу.
Злысеў - так грыз граніт навукі,
Аж дзьве закончыў ВЭ-НЭ-У,
А як узяў уладу ў рукі,
Спыніўся конь. Ні тпру, ні ну.
Затое сябра ён у Боры,
Бо Ельцын "старший брат родной".
І ўсе Славянскія Саборы
Ваююць за Луку сьцяной.
Курс геаграфіі асіліў
І ўсяму сьвету далажыў,
Што нарадзіўся ён з Расеяй
На самай-саменькай мяжы.
Ў паклоне пазваночнік хруснуў,
І сьлёзы шчасьця пацяклі.
І стаў Лука надзіва "рюскім",
Русей за Бору у Крамлі.
Хоць лысы, але ўсё ж ня Ленін.
Вянец табе - САЎГАСНЫ ДВОР.
І тут лірычным адступленьнем
Аздобіць хочам мы свой твор.
Будзь ты хоць цмокам трохгаловым,
З каронаю на галаве,
Дарэмна зьдзекуешся з МОВЫ -
Яна цябе перажыве.
Яна, цярплівіца сьвятая,
Свой ясназорны пройдзе шлях,
Цябе растопча, не спытае -
А хто там блытаўся ў нагах?
Бо не прывыкла МОВА плакаць,
Стварыла столькі цудаў-дзіў,
Калі 'шчэ ты за вугал какаць
У мокрых штоніках хадзіў.
Давеку Шкловам застанецца
Наш беларускі горад Шклоў,
Хоць можаш ты сваім указам
Шклоў перайначыць у "Стеклов".
Бо за цябе (сабе на згубу)
Галасавалі ("слава всем!")
Ня восемдзесят тры, як трубіш,
А пяцьдзясят (і толькі) сем*.
Што ж, весяліся. Стаў свой нумар.
Ды знай - прыходзіць, як вясна,
Народны беларускі гумар -
І хохмачкам тваім хана.
Гані людзей у свой фарватар
І разьдзімай, як Сталін, вус,
Галоўны наш русіфікатар,
Галоўны антыбеларус.
Дайшлі да кропкі мы. Да "точки",
Як кажаш ты, наш гаваркі.
Цалуй пісклявым дамам шчочкі.
Еш з запаведніка грыбкі.
Мы незалежнасьць сваю цэнім,
Сабе паны мы і князі.
А ты ў Расею "на каленях"
Паўзі, як вуж, як смоўж, паўзі.
Тваіх "речей" зубадрабілкі
Абрыдлі. Гэта хоць "пойми".
Не Беларусь, карову Мілку
Хоць раз уволю накармі.
Вядзьмак Вядзьмарыч Лысагорскі
Свой абвяшчае прыгавор:
"Чым па трыбунах зраньня гойсаць,
Абгарадзі уласны двор.
Хоць ты сіпіш-гарыш на працы,
Хоць ты адзін "умнее всех",
Зь цябе народ пачаў сьмяяцца.
Не забароніш гэты сьмех!"
Над Беларусяй вецер сьвішча.
Пасохлі бульба і авёс.
Наш прэзыдэнт Лука Мудзішчаў
Садзіцца ў чорны членавоз.
* Пяцьдзясят сем працэнтаў ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў аддалі галасы за А.Лукашэнку.