epub
 
падключыць
слоўнікі

Францыск Скарына

Прадмова да ўсёй Бібліі

Біблія — грэчаскае слова, па-руску гэта азначае — кнігі. Так святы апостал Мацвей пачынае Хрыстова дабравесце: «Біблос генезеос Ісусу Хрысту», па-руску гэта значыць «Кніга народзін Ісуса Хрыста». Так з-за іх асаблівай значнасці можаце называць усе кнігі Старога і Новага Запавету, бо поўная Біблія ўсё гэта змяшчае...

Біблія дзецям і людзям простым — кніга для навучанкя, настаўнікам і людзям мудрым — для захаплення.

Біблія — дзівосная рака! Яна бывае мелкай, і нават авечка можа перайсці! Але адначасна і глыбокай, калі і слон змушаны плысці цераз яе! У гэтай кнізе — пачатак і канец усёй існуючай мудрасці, бо толькі праз яе можна спасцігнуць Бога-усетрымальніка! У гэтай кнізе — усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці! У гэтай кнізе — усе лякарствы душэўныя і цялесныя разам знойдзеце! Тут — навучанне філасофіі дабранраўнае: як Бога любіць для самога сябе і для бліжняга свайго! Тут — справа ўсялякага збору людскога і гораду, якія праз веру, ласку і згоду паспалітую дабро памнажаюць. Тут — поўнае навучанне сямі навук вызваленых!

Жадаеш ведаць Граматыку, ці, па-нашаму кажучы, грамату, якая вучыць правільна чытаць і гаварыць, — звяртайся да Бібліі. Чытай у ёй кнігу «Псалтыр».

Наважышся асвоіць Логіку, што вучыць пры дапамозе аргументаў адрозніваць праўду ад хлусні, — чытай «Кнігу святога Іова» або «Пасланні святога апостала Паўла».

Задумаеш авалодаць Рыторыкай, якая ёсць само Красамоўства, — чытай кнігі Саламонавы. Гэта ўсё навукі славесныя.

А калі захочаш вучыцца Музыцы, гэта значыць Пеўніцы, — шматлікія вершы і песні святых ва ўсёй гэтай кнізе знойдзеш!

Спатрэбіцца табе Арыфметыка, якая вучыць хутка і без памылак лічыць, — чацвёртую кнігу Майсееву часта чытай.

Хочаш засвоіць навуку Геаметрыю, якая па-нашаму завецца Землямеранне, — чытай кнігу Ісуса Навіна.

А калі патрэбна Астраномія, альбо інакш Зоркалічэнне, - знойдзеш на пачатку гэтай кнігі аб сатварэнні сонца, месяца і зорак. У «Ісусе Навіне» прачытаеш аб тым, як сонца стаяла на адным месцы. У кнігах «Царстваў» - як сонца вярнулася назад на некалькі ступеняў. У Святым «Евангеллі» Мацвея паведамляецца аб сатварэнні новай зоркі у час нараджэння Спаса нашага Ісуса Хрыста.

Ваісціну, мусіш болей дзівіцца з незвычайнай боскай моцы, чым вучыцца! У Бібліі — сутнасць сямі навук вызваленых!

Узнікне жаданне ведаць аб ваенных і багатырскіх справах - чытай кнігу «Суддзі» ці кнігі «Макавеяў». Яны значна шырэй і бальш праўдзівыя, чым «Александрыя» і «Троя»

Пажадаеш прасачыць гісторыю за тысячы год, летапісанне, - чытай кнігі «Параліпаменона». Там выпісаны ўсе роды, пачынаючы ад Адама да Седэхіі, апошняга цара Іудзіна.

Спатрэбяцца мудрасць і навука добрых нораваў - часта чытай кнігі «Ісус Сірахаў» і «Прытчы Саламонавы».

Над усім тым мы, хрысціяне, патрабуем рэч вечную - душэўнае выратаванне. Таму мы чытаем для настаўлення Святое «Евангелле» і імкнёмся ў справах трымацца прыкладу Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста. 3 яго дапамогай шукаем шляхі ў вечнае жыццё і царства нябеснае, падрыхтаванае для абраннікаў божых.

Патрэбна таксама ведаць, што Біблія складаецца з дзвюх частак: Старога Запавету і Новага. Стары Запавет уключае дваццаць чатыры кнігі.

Першая кніга — «Быццё» Майсея. У ёй апісваецца сатварэнне свету і зямлі, пачатак людскога роду, узнікненне розных народаў і моў, распавядаецца аб яўрэйскім народзе аж да зыходу яго ў Егіпет.

Другая кніга — «Выхад». У ёй гаворыцца аб нараджэнні Майсеевым, аб дзесяці язвах фараонавых, аб выхадзе з Егіпта сыноў Ізраілевых, аб дзесяці запаведзях божых і многіх іншых судах яго.

Трэцяя кніга — «Левіт». Пішацца ў ёй аб храме божым, аб рызах Ааронавых, аб ахвярах і службах левітаў.

Чацвёртая кніга — «Лічбы». Гаворыцца ў ёй аб злічэнні сыноў Ізраілевых, аб дарах князёў, аб прароцтве Валаама і аб 42 станах, дзе адпачывалі яўрэі ў пустыні.

Пятая кніга Майсеева называецца «Другі закон». У ёй прадказваецца Святое «Евангелле», а таксама скарочана паўтараецца ўсё тое, аб чым падрабязна гаварылася ў ранейшых кнігах.

Гэта і ёсць па-грэчаску «Пентацеўхан», альбо «Пяцікніжжа» Майсеева. Аб ім апостал Павел піша наступнае: «Лешп у царкве пяць слоў розумам спасцігаць ды іншых вучыць, чым шмат слоў языком паўтараць!»

Затым — кніга святога Іова — зерцала доўгацярпення. Усе словы ў ёй поўныя розуму. Вершамі і загадкамі напісана. I аб уваскрэшанні цел нашых з мёртвых у ёй ёсць.

Пасля — «Ісус Навін». Апавядаецца ў кнізе аб пераходзе Іардана, вяртанні сыноў Ізраілевых на зямлю абяцаную, атрыманні Ерыхона-горада, разгроме цароў шматлікіх, падзеле зямлі паміж многімі людзьмі.

Кнігі «Суддзяў»: Афаніэля, Айофа, Варака, Гедэона, Ептая і Самсона — апісваюць смеласць багатыроў і мужоў магутных. Пры іх змешчана кніжка «Руф», прабабкі цара Давыда.

Пасля ў Бібліі знаходзяцца кнігі «Чатырох Царстваў» сыноў Ізраілевых. Першыя дзве — па-яўрэйску завуцца «Шмуэль». У іх пішацца аб нараджэнні Самуіла, аб царстве Саула, аб пабоішчах і царстве Давыдавым. Дзве другія — па-яўрэйску завуцца «Млохім». У іх знойдзеш апісанне падзей ад цара Саламона да Ехоніі і ад Ераама — сына Наватава — да цара Осіі, ад яго плянення — да Асірыі. Тут таксама выпісаны сорак спраў цароў іудзейскіх і цароў ізраільскіх.

Затым — дзве кнігі «Параліпаменона». У іх тое, што прапушчана ў кнігах «Царстваў». У прыватнасці, тут можна прачытаць пра многія роды ад Адама да плянення Ерусаліма царом Наўхаданосарам.

Дзве кнігі «Ездры» апавядаюць аб вызваленні з перскай няволі людзей яўрэйскіх, аб другім адыходзе з Ерусаліма, аб храме Святая Святых. Асобна апісваюцца народы суседнія, іх справы. Таксама гаворыцца аб выйшаўшых левітах.

Потым - кніжка «Тавіёт», у якой выкладзена навука аб тым, як бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей.

Пасля - кніжка «Юдзіф». Гэта была жанчына незвычайнай прыгажосці, якая для вызвалення Айчыны не пашкадавала нават свайго жыцця.

За ёй - кніжка «Эсфір». Гэта царыца, якая выбавіла людзей Ізраілевых ад смерці. Услед за гэтымі кнігамі ідуць «Песні цара Давыда». Завецца кніга па-грэчаску «Псалцірон», а па-яўрэйску - «Цілім». «Песні» падзяляюцца на дваццаць кафізмау, сто пяцьдзесят псалмоў, дзве тысячы шэсцьсот вершаў альбо прыпеваў.

Пасля «Псалтыра» змешчаны тры кнігі Саламонавы: «Прытчы», «Эклезіяст» і «песня Песняў». У першай - навука малалетнім, у другой - мужам, у трэцян - старым.

За імі - «Кніга Ісуса, сына Сірахава», якая завецца яшчэ «Царкоўнік». Яна утрымлівае навуку аб добрых норавах.

Побач з ёю - кніга «Прамудрасць божая». Там пераважна пішацца аб цярпенні пакутнікаў божых і аб жыцці святых.

Пасля - кнігі шаснаццаці прарокаў Гасподніх. Ісайя - першы. Ён не толькі праракуе аб Хрысце, але і падобен евангелістам. Другі прарок божы - Ерамія. Яшчэ ў чэраве маці ён быў прасветлены і ўжо ў маладосці пачаў праракаваць. Да ўсяго, ён напісаў кніжку «Плач Ераміі. Трэці прарок вялікі - Езекііль. Гэты ў пачатку кнігі сваёй праракуе аб чатырох евангелістах Хрыстовых, а ў канцы - аб храме божым, хаця і надта таямніча. Чацвёрты прарок вялікі - Данііл, знаўца гісторыі і апавядальнік пра ўсе царствы. Ён прадказаў сапраўдны час прыходу Хрыста на зямлю і яго смерць.

Іншыя прарокі меншыя. Осія, сын Верыя, - першы. Іаіль, сын Фатуілеў, - другі. Ён пісаў аб сашэсці Святога Духа на апосталаў. Амос, пастыр і прарок Гасподні, - трэці. Аўдзій, ён жа завецца раб Гасподні, - чацвёрты. Іона, сын Амафаў, - пяты. Ён, будучы тры дні ў чэраве кітовым, трохдзённае ўваскрэшанне Хрыстова сімвалізаваў. Міхей ад Марасхі - шосты прарок сярод меншых; аб ім пішацца ў кнігах «Царствы». Навум - сёмы. Ён, праракуючы аб Хрысце, гаварыў: «Тут на гарах ногі таго, хто паспавядае і благавесціць свет». Авакум — восьмы. Гэты, праракуючы, абвясціў: «Бог з поўдня прыйдзе і святы ад гары Фаран. Прыкрыла нябёсы слава яго, і хвалой яго зямля поўніцца!» Сафонія, сын Хузіеў, — дзевяты. Агей — дзесяты. Ён пісаў: «Вось яшчэ крыху неба і парушу і зямлю, і мора, і сушу, прыгну ўсе народы, і прыйдзе Той, каго чакаюць народы!» Захарыя — адзінаццаты, прадказаў прышэсце ў Ерусалім Хрыста, сядзячага на асле. Малахія — дванаццаты.

На канцы Старога Запавету змешчаны дзве кнігі «Макавеяў».

Вось такія кнігі ўваходзяць у склад першай часткі Бібліі.

Другая частка Бібліі — выратавальны Новы Запавет. У ім спачатку ідуць кнігі чатырох евангелістаў, альбо «Святое Благавешчанне»: Мацвея, Марка, Лукі, Іаана, якія, нібы калясніца, нясуць на ўсе чатыры бакі свету святое імя Госпада і прастол жыццядайнай Тройцы.

Потым — «Дзеянні» апосталаў. Святы евангеліст Лука, лекар душы, вучыць аб распаўсюджанні царквы Хрыстовай.

Затым — «Пасланні апостала Паўла», напісаныя да сямі цэркваў. Восьмае — да яўрэяў. Ён таксама павучае Цімафея, Ціта, Філімона. Крыніца невычэрпная і настаўнік усіх народаў.

Пасля — святых: Якава, Пятра, Іаана, Іуды. Яны пакінулі нам вялікія павучанні: сем саборных пасланняў напісалі кароткімі словамі.

У канцы Бібліі змешчана кніга святога Іаана — «Апакаліпсіс», альбо «Адкрыццё».

Колькі слоў, столькі і тайнаў!

Аб усіх кнігах Бібліі, наколькі дазваляў мне мой розум, я напісаў кароткія звесткі. А калі ў нечым памыліўся, прашу разумнейшых, каб выправілі, прашу вас дзеля Бога і людзей.

Канец прадмовы да ўсёй Бібліі.


1517-1519?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан