epub
 
падключыць
слоўнікі

Францыск Скарына

З прадмовы да кнігі «Прытчы саламонавы»

Гэтыя кнігі карысна чытаць усякаму чалавеку: мудраму і неразумнаму, багатаму і беднаму, маладому і старому. А найперш тым, хто мае намер засвоіць добрыя норавы, спасцігнуць сапраўдную мудрасць і навуку.

Доўгае жыццё, міласэрнасць і праўду Бог дасць людзям у тым выпадку, калі яны прыслухаюцца да прытчаў, выказаных у гэтай кнізе, і будуць трымацца іх. Сам цар Саламон пра тое ніжэй гаворыць. У гэтых прытчах схавана вялікая мудрасць, як моц у каштоўным камені тоіцца, і як золата - у зямлі, і як ядро - у арэху! Хто яе знойдзе, той здабудзе міласць і атрымае благаславенне ад Госпада, і прыйдзе да яго ўсё добрае. Хвала і бясконцая пашана мудрасці! Яна - маці ўсіх спраў, настаўнік усякага добрага навыку! У ёй ваісціну ёсць дух - разумны, разважлівы, сціплы, даступны, рухомы, несапсаваны, сапраўдны, салодкі, чысты, сталы, дабротлівы! I ўсімі астатнімі цнотамі мудрасць надзелена!

Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, разумеючы, што без страху божага, і без мудрасці, і без добрых парадкаў нельга на зямлі жыць пачціва людзям паспалітым, загадаў ціснуці рускаю моваю «Прытчы», альбо «Прыслоўі прамудрага Саламона, цара Ізраілева»...


1517?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан