epub
 
падключыць
слоўнікі

Франсуа Марыяк

Тэрэза Дэскейру

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII


Божа, злітуйся над аблуднымі мужчынамі і жанчынамі!

О, Божа, няўжо могуць існаваць пачвары перад лікам тваім...

Ты, адзіны, хто ведае, чаму яны існуюць, як сталі яны такімі і

як маглі яны ўратаваць сябе...

Шарль Бадлер

 

Тэрэза... Многія скажуць, што цябе няма. Але я добра ведаю: ты ёсць. Шмат гадоў я сачу за табой, часта спыняю цябе на дарозе і зрываю з цябе маску.

Памятаю, яшчэ юнаком убачыў я твой бледны тварык з тонкімі губкамі ў душнай судовай зале. Ты была сярод адвакатаў. Расфуфыраныя дамы жорстка ўпіваліся ў цябе позіркамі. Болей жорстка, чым тыя, хто збіраўся судзіць цябе.

Потым, у вясковым маёнтку, ты з'явілася перада мной у вобразе маладой нервовай жанчыны, якой абрыдзелі клопаты старых сваякоў і прастадушнага мужа. А тыя даўмецца не маглі.

- Што гэта з ёю робіцца? Мы ж далі ёй усё, што трэба для шчасця!

Колькі разоў пасля таго зачаравана назіраў я, як ты прыкладвала да прыгожага твару сваю крыху велікаватую руку! Колькі разоў глядзеў я праз жывыя краты клеткі, што завецца сям'ёй, як ты пакутуеш там, нібы ваўчыца ў няволі. І я лавіў тады на сабе твой злосны, сумны позірк.

Многія будуць дзівіцца, як мог я стварыць вобраз, яшчэ больш агідны, чым мае астатнія героі. Няўжо мне ніколі так і не давядзецца гаварыць пра людзей велікадушных, дабрачынных, пра людзей з адкрытай душой. Аднак «душы наросхрыст» не маюць трагічных гісторый. А боль душ замкнутых, прыкаваных да грэшнага цела, мне добра вядомы.

Мне хацелася б, Тэрэза, каб твае пакуты, прывялі цябе да Бога, каб ты была вартая імя святой Лакусты*. Але многія з тых, хто верыць у падзенне і водкуп нашых змучаных, загубленых душ, пачалі б тады крычаць пра святатацтва...

* Лакуста (? - 68 - вядомая атручальніца ў старажытным Рыме. Атруціла імператара Клаўдзія і яго сына Брытаніка. (Тут і далей - заўвагі перакладніка.)

Ва ўсякім разе, я спадзяюся, што ты не адзінокая на тым тратуары, дзе я развітаўся з табой.

 

I

 

Адвакат адчыніў дзверы. Цёмны бакавы калідор будынка суда напоўніўся сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзіць і прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму: «Справа спынена. Саставу злачынства няма», і да Тэрэзы:

- Вы можаце выйсці: тут ні адной душы.

Яна спусцілася па мокрых прыступках. Сапраўды, на маленькай плошчы нікога не было. Бацька не абняў яе і нават не паглядзеў у яе бок. Ён пачаў распытваць у адваката Дзюро. Той адказваў ціха, нібы баяўся, што іх падслухаюць. Да Тэрэзы даляталі абрыўкі размовы:

- Заўтра я атрымаю афіцыйную пастанову суда.

- А што, ніякіх сюрпрызаў ужо не будзе?

- Не. Усё ў парадку.

- Я думаю, паказанне майго зяця выратавала становішча.

- Выратавала... выратавала... У такіх справах ніколі не ведаеш...

- Але, раз ён сам прызнаўся, што ніколі не лічыў кропель, прымаючы лякарствы...

- Ведаеце, Лярок, у падобных выпадках паказанні ахвяры...

Пачуўся Тэрэзін голас:

- Ніякай ахвяры не было!

- Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасці.

Позіркі абодвух мужчын на нейкі момант спыніліся на нерухомай фігуры маладой жанчыны, заціснутай у паліто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза папыталася, дзе стаіць іх экіпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі.

Яны перайшлі цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лісце платанаў. Добра, што дзень стаў карацейшы і ўжо змяркалася. Дый прайсці да экіпажа можна было непрыкметна: вуліцы ў гэтым раёне былі малалюдныя. Тэрэза ішла паміж мужчынамі. Яны вялі сваю размову, як быццам яе тут і не было. Часам яна заходзіла трохі наперад, і тады мужчыны адразу штурхалі яе локцямі, бо яна замінала ім гаварыць. Нарэшце яна крыху адстала, зняла пальчатку з левай рукі і час ад часу зрывала пучкі моху, што нарос на старой каменнай сцяне, уздоўж якой яны ішлі. Яе абміналі двухколкі, рабочыя на веласіпедах, і трэба было прыціскацца да сцяны, каб не апырскала граззю адзежы. Змрок апускаўся на горад, і Тэрэза ўжо не баялася, што яе пазнаюць. Прывычны пах свежага хлеба, што ішоў з пякарань, пах туману Тэрэза ўспрымала цяпер нібы водар жыцця, якое нарэшце зноў вярталася да яе. Тэрэза прыплюшчвала вочы, з асалодай смакуючы дыханне соннай зямлі і мокрай травы, і старалася не чуць гэтага маленькага чалавечка на кароткіх крывых ножках, які ні разу не азірнуўся на сваю дачку. Яна магла ўпасці на гэтай дарозе: ні бацька, ні Дзюро гэтага не заўважылі б. Цяпер ужо не было патрэбы шаптацца, і яны гаварылі на ўвесь голас.

- Сапраўды, паказанне месьё Дэйскейру было цудоўнае... Але ж гэтая гісторыя з рэцэптам... Па сутнасці, там было фальшывае... Дый доктар Педмэ падаў скаргу...

- Але ж ён забраў яе назад...

- Тым не менш, вы паглядзіце, якое яна дала тлумачэнне: нейкі незнаёмы перадаў ёй рэцэпт...

Не так ад стомы, як ад жадання не чуць больш гэтых слоў, якімі яе мучылі ўжо колькі тыдняў, Тэрэза пайшла памалей. Дарэмна. Немагчыма было не пачуць бацькавага фальцэту:

- Колькі разоў я ёй казаў: «Няшчасная, прыдумай ты што-небудзь другое...»

Што ж, супраць нічога яму не скажаш: ён і праўда не раз гаварыў ёй гэта. Але чаму ж тады ён зноў хвалюецца. Тое, што ён лічыць гонарам сям'і, выратавана. Да выбараў у сенат усё забудзецца, і ніхто не ўспомніць пра гэтую гісторыю. Так разважала Тэрэза, якой зусім не хацелася даганяць сваіх спадарожнікаў. Тыя, як на злосць, так захапіліся размовай, што спыніліся пасярод вуліцы:

- Паверце мне, Лярок, вам трэба апярэдзіць падзеі і перайсці ў наступленне. Трэба змясціць у нядзельным нумары «Сейбіта» артыкул з загалоўкам накшталт... «Агідны паклёп...» Ці вам хацелася б, каб гэта я ўзяў на сябе?

- Не, дарагі, не. Дый цяжка напісаць што-небудзь такое. Усе ведаюць, што следства вялося на скорую руку. Нават не падключылі экспертаў, каб высветліць па почырку, хто напісаў рэцэпт. Канешне, дзеля інтарэсаў сям'і я гатоў пайсці на ўсё, я буду дзейнічаць. Але цяпер трэба заглушыць гэтую справу... замяць яе і маўчаць!

Адказу Дзюро Тэрэза не пачула, бо мужчыны рушылі з месца. Яна зноў прагна ўдыхнула вільготнае начное паветра, нібы баялася прыпадку ўдушша. Нечакана ўспомнілася Жулі Белад, невядомая ёй бабка па матчынай лініі. Твару яе Тэрэза ніколі не бачыла. Дарэмна было б шукаць яе партрэта, дагератыпа, або фатаграфіі ў Лярокаў ці ў Дэскейру - ніхто пра яе нічога не ведаў, акрамя таго, што яна сышла з дому. Тэрэза ўявіла сабе, што і яна магла б вось так знікнуць, пайсці ў нябыт, і яе дачка, яе маленькая Мары, ніколі не знайшла б у сямейным альбоме аблічча той, хто падараваў ёй жыццё. А цяпер Мары засынае ў сваім пакойчыку ў Аржалузе. Тэрэза вернецца дадому позна вечарам. Яна падыдзе да калыскі, прыслухаецца ў цемры да соннага дыхання дзіцяці, схіліцца над галоўкай Мары і, нібы ад моцнай смагі, прыпадзе губамі да гэтай спакойнай крынічкі жыцця.

Каля прыдарожнай канавы стаяў экіпаж з апушчаным верхам. Ліхтар высвечваў два худыя конскія азадкі. Уздоўж дарогі цёмнай сцяной узвышаўся лес. Хвойныя вершаліны спляталіся ў высокую арку, пад якой пралягала дарога ў таямнічую цемру. Між густымі сасновымі галінамі відаць было начное неба.

Фурман з несхаванай цікавасцю пазіраў на Тэрэзу. Яна папыталася, ці паспеюць яны на станцыю Нізан на апошні цягнік. Фурман сказаў, што паспеюць, але не трэба затрымлівацца і лепш выехаць раней.

- Вам з-за мяне толькі клопат, Гардэр. Але гэта ўжо апошні раз.

- Значыцца, спраў тут у мадам больш няма?

Яна кіўнула галавой, а фурман усё не адводзіў ад яе позірку. Няўжо цяпер усё жыццё яе так будуць разглядаць?

- Ну што? Ты задаволена?

Бацька, здавалася, нарэшце заўважыў, што яна тут. Тэрэза глянула на яго злосны, зямлісты твар; ліхтар экіпажа ярка асвятляў жаўтаватае, сівое шчацінне бакенбардаў. Яна ціха сказала:

- Я столькі адпакутавала... Я зусім разбітая...

І змоўкла: ці варта гаварыць? Ён усё роўна не слухае і ўжо нават не глядзіць на яе. Што яму да яе перажыванняў? Яму важна адно: барацьба за месца ў сенаце, якую давялося часова спыніць з-за скандалу. («Усе бабы - калі не ідыёткі, то істэрычкі!») Добра яшчэ, што яна хоць не носіць прозвішча Лярок. Цяпер яна Дэскейру. З палёгкай уздыхнуў ён толькі тады, калі ўдалося пазбегнуць суда прысяжных. Але што зрабіць, каб сапернікі не вярэдзілі гэтай раны? Заўтра ж ён пойдзе да прэфекта. Дзякуй Богу, уладальнік газеты «Ланд кансерватрыс» пагарэў на спакушэнні малалетак. Цяпер ён ужо не канкурэнт... Месьё Лярок узяў Тэрэзу за руку:

- Сядай, пара ехаць.

Тады адвакат - можа, наўмысна, а можа, каб хоць што-небудзь сказаць Тэрэзе на развітанне, - папытаўся, ці сустрэнецца яна сёння вечарам з месьё Дэскейру. Яна адказала: «Вядома, муж чакае мяне...» - і толькі цяпер, упершыню пасля суда, уявіла сабе, як праз некалькі гадзін пераступіць парог спальні, дзе ляжыць яшчэ не зусім здаровы муж, і што многа дзён і начэй давядзецца ёй жыць разам з гэтым чалавекам.

З самага пачатку следства Тэрэза пасялілася ў бацькавым доме на ўскраіне невялікага гарадка. З таго часу не раз і не два рабіла яна такое падарожжа, як сёння. Але тады яе турбавала толькі адно: як мага больш дакладна ўсё расказаць мужу. Кожны раз перад ад'ездам дадому ўважліва слухала яна парады адваката Дзюро, як трымацца мужу на чарговым допыце. У тыя дні Тэрэза не адчувала ніякіх пакут сумлення, ніякай няёмкасці пры думцы, што зараз яна твар у твар сустрэнецца са сваім хворым мужам. Тое, што адбылося з імі, ніякага значэння тады не мела, затое важна было ведаць, пра што гаварыць, а пра што лепш памаўчаць. Бяда збліжала Тэрэзу і Бернара, і ніколі яшчэ не адчувалі яны такой еднасці, як у тыя дні, - іх яднала маленькая істота - дачка Мары. Зноў і зноў узгаднялі яны сваю простую, але складную версію, каб яна не выклікала падазрэння ў дасціпных следчых. Кожны раз пасля размовы з адвакатам Тэрэза сядала ў гэты экіпаж і кожны раз ёй хацелася, каб хутчэй скончылася яе начное падарожжа. А цяпер яна марыла пра тое, каб яно было бясконцым! Тэрэза добра памятае: варта было толькі сесці ў экіпаж, як ёй ужо карцела апынуцца ў Аржалузе. А дарогай яна перабірала ў памяці звесткі, якіх чакаў Бернар. Яму не трэба баяцца і можна заявіць, што аднойчы вечарам жонка расказала яму, як нейкі зусім незнаёмы чалавек упрасіў яе заказаць па рэцэпце лякарства. Сам незнаёмы нібыта не мог пайсці ў аптэку, бо быў вінаваты аптэкару... Адвакат Дзюро лічыў, аднак, што Бернару не трэба заходзіць занадта далёка і гаварыць, што ён памятае, як папракаў жонку за такую неасцярожнасць...

Але пра што гаварыць з Бернарам сёння, калі гэты жах развеяўся?.. Тэрэзе мроіцца іх адзінокі дом, дзе муж чакае яе, спальня з кафлянай падлогай, лямпа на стале сярод газет і бутэлечак з лякарствамі... Яшчэ брэшуць на дварэ сабакі, пабуджаныя грукам экіпажа... Потым яны сціхаюць і зноў усё нямее і настае ўрачыстая цішыня, як і ў тыя ночы, калі Тэрэза глядзела на Бернара, а той пакутліва курчыўся ад прыступаў рвоты. Тэрэза спрабуе ўявіць сабе той позірк, якім яны хутка абмяняюцца з мужам; а як пройдзе ноч, што будзе заўтра, праз тыдзень, праз месяц - у гэтым доме, дзе ўжо не трэба разам прыдумваць выгадную для сябе версію перажытай драмы. Цяпер паміж імі будзе стаяць толькі рэальнае, толькі тое, што адбылося... Тэрэзу ахоплівае страх, яна штосьці мармыча, павярнуўшыся да адваката (на самай справе яна гаворыць гэта бацьку):

- Я збіраюся пабыць некалькі дзён дома, з мужам. Калі яму палепшае, я вярнуся да бацькі.

- Вось як? Ні ў якім разе, дарагая, чуеш?

Фурман заварушыўся на сваіх козлах, і Лярок, панізіўшы голас, дадаў:

- Ты што, зусім здурнела? Пайсці ад мужа ў такі момант? Не, цяпер вы павінны быць разам, як два пальцы адной рукі. Чуеш? Да самай смерці...

- Праўда, тата. І што гэта мне прыйшло ў галаву? Але ж ты будзеш прыязджаць да нас у Аржалузу?

- Тэрэза, я буду чакаць вас, як і заўсёды, у чацвер - у дні кірмашу. Так што прыязджайце да мяне, як і раней прыязджалі!

Проста неверагодна, як яна дагэтуль не зразумела, якой небяспекай было яму і ўсім найменшае парушэнне прыстойнасці! Гэта смерць! Зразумела? Ці мог ён разлічваць на Тэрэзу? Яна ж нарабіла столькі непрыемнасці сям'і...

- Ты будзеш рабіць усё, што скажа муж. Здаецца, я гавару ясна.

І месьё Лярок падштурхнуў Тэрэзу ў экіпаж.

Адвакат падаў Тэрэзе руку з цвёрдымі пачарнелымі пазногцямі: «Добра ўсё, што добра канчаецца», - сказаў ён. І гэта прагучала шчыра, бо калі б справа пайшла інакш, ён не меў бы ніякай выгады: сям'я Лярокаў і Дэскейру наняла б адваката Пэйрэкава з судовай акругі Вардо. Сапраўды, усё скончылася добра...

 

II

 

Тэрэзе падабаўся гэты асаблівы пах прэлай скуры старога экіпажа. Яна не любіла паліць у цемры і таму не вельмі перажывала, што забылася цыгарэты. Ліхтары асвятлялі адхон дарогі, махрыстую папараць, тоўстыя камлі волатаў соснаў. На грудах шчэбеню адбіваўся цьмяны сілуэт экіпажа. Часам сустракаліся вазы, запрэжаныя муламі. Мулы самі скіроўвалі ўправа, а разамлелыя вазакі драмалі. Тэрэзе здаецца, што ніколі не будзе канца гэтай дарозе. Яна цешыць сябе надзеяй, што ніколі не даедзе да Аржалузы. Яшчэ больш за гадзіну язды да станцыі Нізан, потым прыгарадны цягнік з бясконцымі прыпынкамі. Ад Сэн-Клера, дзе ёй трэба выходзіць, да Аржалузы - 10 кіламетраў на двухколцы (дарога такая, што ніякі шафёр уночы не рызыкне туды ехаць на аўтамабілі). На кожным павароце яшчэ можа ўмяшацца лёс і ўратаваць яе ад гэтай страшнай сустрэчы з мужам. У галаву ёй зноў прыходзяць думкі, якія валодалі ёю напярэдадні суда: калі б следства падтрымала абвінавачанне, ёй хацелася б толькі аднаго - землетрасення. Яна зняла капялюшык і прыціснулася шчакой да пахучай скураной абіўкі. Ад штуршкоў ківалася яе маленькая галоўка, яе бледны твар...

Да гэтага вечара яна жыла, нібы загнаны звер, і толькі цяпер адчула непамерную стому. Асунуты скуласты твар, выцвілыя губы і прыгожы высокі лоб. У яе быў выгляд чалавека, які страціў усе надзеі. І хоць людзі не прызналі яе вінаватай, яна была прыгаворана - да вечнай адзіноты. Такую абаяльнасць (а раней яе лічылі прыгожай) маюць людзі, якім не заўсёды ўдаецца схаваць свае патаемныя пакуты і шчымлівы душэўны боль. Затаіўшыся ў куточку экіпажа, Тэрэза - гэтая выкрытая атручальніца, - едзе па калдобістай дарозе праз гушчар сасновага бору. Яна з пяшчотай гладзіць правай рукой свой твар пакутніцы, якіх жывых спальваюць на вогнішчы. Што скажа ёй пры сустрэчы Бернар? Ён жа выратаваў яе сваімі непраўдзівымі паказаннямі... Наўрад ці ён сёння будзе пра што-небудзь пытацца... Але заўтра? Тэрэза заплюшчвае вочы, потым, расплюшчыўшы іх, глядзіць навокал. Коні ідуць паволі. Тэрэза спрабуе пазнаць, дзе яна, што гэта за ўзгорак... Ах, не варта думаць пра гэтую сустрэчу. Магчыма, усё будзе намнога прасцей, чым ёй здаецца. Не трэба нічога думаць. Заснуць... Чаму яна ўжо не ў экіпажы? Стол, засланы зялёным сукном. За сталом нейкі чалавек. А-а, гэта следчы... Ізноў ён... Але ж ён добра ведае, што справа спынена. Тым не менш ён адмоўна ківае галавой і справа не спыняецца, ёсць новы факт. Новы факт? Тэрэза адварочваецца, каб вораг не бачыў яе перакошанага твару. «Паспрабуйце ўспомніць, мадам, хіба вы нічога не схавалі ў кішэні той старой палярыны, якую вы носіце цяпер толькі ў кастрычніку, калі ідзяце на паляванне, пастраляць вехіроў?» Адмаўляцца немагчыма. Тэрэза задыхаецца. Не зводзячы вачэй са сваёй ахвяры, следчы кладзе на стол пакецік, запячатаны чырвоным сургучом. Тэрэза магла б на памяць расказаць, што там напісана, а з вуснаў следчага ляцяць словыстрэлы:

Хлараформ - 10 грамаў.

Аканіцін - 2 грамы.

Дыгіталін - 0,2 грама.

Следчы пачынае рагатаць... Заскрыгатаў тормаз. Тэрэза прачынаецца. На поўныя грудзі ўдыхае ў сябе туман (мусіць, пачаўся спуск да Белага ручая). Вось так і ў юнацтве ёй не раз снілася, што яе памылкова прымушаюць другі раз здаваць выпускныя экзамены. І цяпер да яе прыйшло тое радаснае адчуванне палёгкі, як і тады, калі яна прачыналася ад страшнага сну. Непакоіла трохі толькі тое, што няма афіцыйнага дакумента пра спыненне справы. «Але ты ж ведаеш, што спачатку давядуць да ведама адваката...»

Вольная! Чаго ж яшчэ жадаць? Цяпер можна будзе проста наладзіць жыццё з Бернарам. Адкрыць яму ўсю душу, нічога не ўтойваючы, - вось дзе выратаванне. Неадкладна, сёння ж вечарам, трэба расказаць яму пра ўсё. Ад гэтага рашэння Тэрэзе становіцца лёгка і радасна. Па дарозе да Аржалузы ў яе яшчэ хопіць часу, каб «падрыхтавацца да споведзі», як любіла гаварыць яе верная сяброўка Анна дэ ля Траў кожную суботу ў бесклапотную пару іх летніх канікулаў. Мілая малодшая сястра Анна, нявіннае стварэнне, ты так многа месца займаеш ва ўсёй гэтай гісторыі! Нават людзі крыштальнай чысціні не ведаюць, у якія путы яны ўблытваюцца кожны дзень, кожную ноч і якія атрутныя зярняты прарастаюць там, дзе ступалі іх дзіцячыя ножкі...

Што казаць, гэтая маленькая дзяўчынка мела рацыю, калі паўтарала ліцэістцы Тэрэзе, гэтай разважлівай насмешніцы: «Ты і ўявіць сабе не можаш, якую палёгку адчуваеш, калі на споведзі прызнаешся ва ўсім і атрымліваеш адпушчэнне грахоў. Усё нядобрае знікае, сціраецца, і можна пачынаць жыццё нанава». І праўда, варта было Тэрэзе наважыцца пра ўсё расказаць мужу, як з яе спаў цяжкі груз: «Бернар будзе ведаць усё. Я сама яму раскажу...»

Але што яна скажа? З чаго пачаць прызнанне? Хіба можна перадаць словамі гэтае заблытанае спляценне жаданняў, рашэнняў, непрадбачаных учынкаў? А як спавядаюцца тыя, хто свядома ішоў на злачынства?... «Але ж я... я не разумею свайго злачынства. Я не хацела зрабіць таго, у чым мяне абвінавачваюць. Я сама не ведала, чаго хацела. Я не ведала, куды прывядзе мяне гэтая неўтаймоўная сіла. Колькі ж яна разбурыла на сваім шляху? Нават самой страшна...»

Пад'ехалі да чыгуначнай станцыі Нізан. Закураны ліхтар асвятляў пабеленую сцяну вакзала. Каля ўвахода стаяла брычка. (О, якая цемра пануе над ліхтаром!) Недзе зусім побач пыхкаў паравоз. Гардэр узяў Тэрэзін сакваяж, зноў акінуўшы яе сваім цікаўным позіркам. Яму, відаць, жонка загадала: «Ты ж хоць паглядзі на яе добранька, якая яна цяпер, мо і з твару змянілася...» Тэрэза падаравала бацькаваму фурману тую сваю колішнюю ўсмешку, якая вымушала людзей гаварыць: «Яе не зразумееш, прыгожая яна ці не, проста адчуваеш яе абаяльнасць...» Тэрэза папрасіла Гардэра купіць білет - самой страшна было ісці ў касу праз пачакальню, дзе сядзелі над сваім вязаннем нейкія дзве жанчыны.

Фурман прынёс білет. Тэрэза сказала яму пакінуць рэшту сабе. Ён дакрануўся рукой да шапкі, сеў на козлы, паправіў лейцы і апошні раз глянуў на дачку свайго гаспадара.

Цягніка яшчэ не сфарміравалі. Калісьці, прыязджаючы на летнія канікулы ці вяртаючыся ў горад на пачатку навучальнага года, Тэрэза Лярок і Анна дэ ля Траў радаваліся доўгай затрымцы на станцыі Нізан. Яны заходзілі ў харчэўню, елі яечню з вяндлінай, а потым, абняўшыся, шпацыравалі па дарозе. Якая ж яна сёння цёмная і непрытульная! А тады, - успамінаецца Тэрэзе, - усё навокал было заліта пяшчотным месячным святлом... Сяброўкі бесклапотна смяяліся, гледзячы на свае доўгія цені, якія зліваліся ў адзін. Гаварылі яны пра сваіх настаўніц, таварышак. Адна абараняла свой манастырскі пансіён, другая - свой ліцэй. «Анна...» - гукнула ў цемру Тэрэза. Перш за ўсё Бернару трэба расказаць пра Анну... Ён жа так любіць дакладнасць: педантычна раскладвае ўсе пачуцці, кожнае разглядае асобна і не мае ніякага ўяўлення, якая складаная сетка шляхоў, пераходаў і перапляценняў існуе паміж імі. Як жа пазнаёміць яго з гэтымі заблытанымі матэрыямі, якімі жыла і пакутавала Тэрэза. А зрабіць гэта трэба. Застаецца толькі адно: сёння вечарам зайсці ў спальню, сесці каля яго ложка і расказваць, расказваць... пакуль Бернар не спыніць яе і не скажа: «Цяпер я ўсё разумею. Устань. Я дараваў табе».

Яна ціха прайшла цераз садзік начальніка станцыі, адчула пах хрызантэм, хоць саміх кветак у цемры не было відно. У купэ першага класа пуста. Ды пры такім цьмяным асвятленні наўрад ці хто й пазнаў бы яе. Чытаць немагчыма. Зрэшты, самы цікавы раман падаўся б Тэрэзе прэсным у параўнанні з яе асабістым жыццём. Можа, яна памрэ ад сораму, ад страху, ад пакут сумлення, ад стомы, але толькі не ад суму.

Яна прыціснулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Няўжо такая разумная жанчына, як яна, не здолее расказаць усёй гэтай драмы так, каб сутнасць яе стала зразумелая? Можа, усё адбудзецца вось як: Тэрэза скончыць сваю споведзь і Бернар скажа ёй: «Тэрэза, ідзі, супакойся і не хвалюйся. Мы будзем жыць у Аржалузе, у гэтым жа доме, да самай смерці, і ніколі паміж намі не паўстане тое, што адбылося. Я хачу піць. Схадзі сама на кухню і прынясі мне шклянку апельсінавага напітку. Я вып'ю яго залпам, нават калі ён будзе мутнаваты і з тым самым прысмакам, што ў таго шакаладу, якім ты паіла мяне тады раніцай. Помніш, любая, як мяне рвала? Ты падтрымлівала мне галаву сваімі мілымі рукамі, не адводзячы вачэй ад зеленаватай вадкасці, якую выкідваў мой страўнік. Прыступы рвоты зусім не палохалі цябе. Але як жа ты збялела ў тую ноч, калі я сказаў табе, што ў мяне нямеюць і адымаюцца ногі! Помніш, мяне пачало трэсці. А гэты прасцяк доктар Педмэ ніяк не мог уцяміць, чаму ў мяне тэмпература нізкая, а пульс такі часты...»

«Ах, не, - думае Тэрэза, - так ён нічога не зразумее. Трэба пачаць з самага пачатку...» А дзе гэты пачатак? Наша жыццё, калі мы хочам адасобіць, ізаляваць яго, нагадвае расліны, якія нельга вырваць з усімі каранямі. Можа, пачаць з самага дзяцінства?.. Але ж і дзяцінства - гэта таксама нейкі канец, нейкае завяршэнне.

Тэрэзіна дзяцінства - гэта чысты празрысты выток самай каламутнай ракі. У ліцэі яна, здавалася, была да ўсяго абыякавая і не заўважала тых маленькіх драм, якія перажывалі яе сяброўкі. Тэрэзу Лярок настаўніцы часта ставілі за прыклад: «Тэрэзе не трэба ніякіх узнагарод, акрамя радаснага разумення, што яе лічаць увасабленнем высокіх чалавечых пачуццяў. Сумленне - вось яе адзіная пуцяводная зорка. Гордая думка, што яна належыць да чалавечай эліты, падтрымлівае яе больш надзейна, чым страх перад пакараннем...» Так характарызавала яе адна настаўніца. «А ці была я такая шчаслівая, чыстая сэрцам», - пытаецца ў сябе Тэрэза. Вядома, усё, што было да замужжа, згадваецца як нешта асабліва чыстае ў параўнанні з агідным брудам шлюбнай ночы. Ліцэй, усё, акрамя шлюбу і мацярынства, - усё гэта цяпер рай. Аднак тады я гэтага не разумела. І хіба можна было дапусціць, што ў той час, калі жыццё маё яшчэ не пачыналася, я якраз і жыла сапраўдным жыццём. Папраўдзе, я была чыстая, я была анёлам! Аднак анёл гэты быў залішне перапоўнены моцнымі пачуццямі. Што б там ні гаварылі пра мяне настаўніцы, а я пакутавала і прымушала пакутаваць другіх. І гэта было мне прыемна. Нашы беды былі вельмі чыстыя і не выклікалі ніякіх пакут сумлення. Нашы непрыемнасці і радасці спараджаліся самымі нявіннымі жаданнямі.

Тэрэзе ўспомніліся спякотныя летнія дні, калі яны сустракаліся з Аннай у цяньку пад векавымі дубамі Аржалузы. Як прыемна тады было адчуваць сябе роўнай з гэтым нявінным дзяўчом, выхаваным манашкамі ў Сакрэ-Кёр. З поўным правам яна магла сказаць тады: «Паслухай, Анна! Каб быць такой жа чыстай, як ты, мне зусім не патрэбны гэтыя вашы ладанкі і бясконцыя малітвы». Тым болей што і сама чысціня Анны дэ ля Траў ішла перш-наперш ад няведання, бо выхавальніцы Сакрэ-Кёр стваралі дзесяткі перагародак паміж рэальным жыццём і сваімі выхаванкамі. Тэрэза ставілася з пагардай да гэтых дзяўчатак за тое, што яны не размяжоўвалі дабрачыннасці з няведаннем. «Анна, дарагая, ты зусім не ведаеш жыцця», - любіла яна паўтараць у той далёкі слаўны час...

Цягнік нарэшце кранаецца з месца. «Што ж, - думае Тэрэза, - калі я хачу ва ўсім разабрацца, то трэба і пачынаць з гэтых бесклапотных незабыўных дзён». Неверагодна, але, напраўду, гэта так - ясны золак нашага жыцця ўжо тоіць у сабе грозныя навальніцы. Блакітны світанак - чакай буры ці маланак. А пасля буры - разбураныя кветнікі, паламаныя дрэвы, гразь...

За ўсё сваё жыццё Тэрэза ніколі ні аб чым не задумвалася, нічога сабе наперад не загадвала; на яе шляху не было рэзкіх паваротаў: спачатку памалу, а потым усё хутчэй і хутчэй апускалася яна ўніз... І сёння ў Аржалузу едзе зусім не юная шчаслівая істота, каб пацешыцца летнімі вакацыямі, а забітая горам жанчына. Едзе крадком, пад сховам цемры...

Як жа яна стамілася... Дый нашто разблытваць клубок прычын таго, што адбылося? Чорная цемра стаіць за вагонным акном, у якім бачыцца Тэрэзе толькі цьмяны адбітак яе мёртвага твару. Рытмічнае пагойдванне нечакана спыняецца, чуваць працяжны гудок лакаматыва. Цягнік асцярожна падыходзіць да чарговай станцыі. Хтосьці памахвае ліхтаром, чуецца гаворка на мясцовым дыялекце, пранізліва вішчаць парасяты, якіх, відаць, выгружаюць на платформу: гэта ўжо Узэст. Яшчэ адна станцыя - і Сэн-Клер. Там Тэрэза перасядзе на двухколку і даедзе да самага дому. Як мала застаецца часу, каб падрыхтавацца да абароны!

 

III

 

Аржалуза - гэта і праўда край свету. Далей ехаць ужо няма куды. Тутэйшыя людзі завуць гэтую мясціну «акалодкам»: тут няма ні царквы, ні мэрыі, ні могілак - проста некалькі фермаў, раскіданых вакол жытняга поля. За 10 кіламетраў адгэтуль - невялічкі гарадок Сэн-Клер, куды вядзе адзіная разбітая дарога. За Аржалузай яна разгаліноўваецца на шматлікія пясчаныя сцяжынкі, і да самага акіяна, на 80 кіламетраў, перад вамі будуць толькі балоты, лагуны, чэзлыя хвоі, дзюны, дзе пасуцца авечкі, у якіх воўна напрадвесні набывае характэрны попельны колер. З гэтага закінутага акалодка паходзяць самыя заможныя сем'і Сэн-Клера. У сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі смала і драўніна пачалі прыносіць прыбытак да тых мізэрных заробкаў, якія жыхары Аржалузы мелі ад авечкагадоўлі, дзяды сённяшніх багатых людзей Сэн-Клера перасяліліся ў гэты гарадок, а іх колішнія двары ў Аржалузе сталі фермамі. Выразаныя з дрэва фігуркі, якія ўпрыгожваюць вокны і ганкі, ды мармуровыя каміны, што яшчэ сям-там зберагліся, сведчаць пра колішнюю годнасць і густ гаспадароў. Але з кожным годам сялібы ўсё больш асядаюць, а некаторыя стрэхі дастаюць амаль што да зямлі.

Сярод гэтых старых будынкаў яшчэ заставаліся два панскія дамы. Сем'і Лярок і Дэскейру захавалі іх у тым выглядзе, у якім атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў. Мэр горада Б., член генеральнага савета дэпартамента Жэром Лярок меў сваю галоўную рэзідэнцыю пры ўездзе ў сталіцу супрэфектуры, і нічога не хацеў мяняць у доме ў Аржалузе, які яму пакінула нябожчыца жонка (яна памерла пры родах, калі Тэрэза была яшчэ зусім малая). Тое, што Тэрэза любіла летнія канікулы іменна ў Аржалузе, дзе яна ўпершыню ўбачыла свет, зусім не дзівіла месьё Лярока. Яна прыязджала сюды ў ліпені і жыла пад наглядам цёткі Клары, старэйшай бацькавай сястры. Гэта была жанчына ў гадах, якая састарэла ў дзеўках, да таго ж глухая. Цётка таксама любіла гэты адзінокі куточак, дзе, як яна казала, ёй не трэба было ўвесь час сачыць за чужымі губамі, каб хоць напалову зразумець субяседніка. З ёй тут размаўлялі толькі вецер ды сосны...

Месьё Лярок ахвотна пускаў сваю дачку ў Аржалузу. Гэта здымала з яго лішні клопат, а галоўнае - збліжала Тэрэзу з Бернарам-Дэскейру, за якога яна павінна была выйсці замуж. Так пажадалі абедзве сям'і, хоць іх пагадненне яшчэ не мела афіцыйнага характару.

Бернар Дэскейру атрымаў ад свайго бацькі дом у суседстве з Лярокамі. Праўда, паяўляўся ён там толькі з надыходам паляўнічага сезону, жыў найчасцей у будане, а ў доме начаваў толькі ў кастрычніку. Зімой гэты разважлівы малады чалавек вывучаў права ў Парыжы. Летам прыязджаў сюды хіба што на некалькі дзён, бо недалюбліваў свайго айчыма Віктора дэ ля Траў, які прыйшоў у сям'ю Дэскейру гол як сакол, затое вельмі хутка пацвердзіў перад усім Сэн-Клерам сваю рэпутацыю адмысловага марнатраўцы. Бернар без асаблівай увагі адносіўся да сваёй зводнай сястры Анны дэ ля Траў, бо лічыў яе яшчэ зусім малой. А ці многа ён думаў пра Тэрэзу? У ваколіцах толькі і гаварылі пра іх вяселле, бо сама маёмасць Лярокаў і Дэйскейру, здавалася, на тое і існавала, каб аднойчы аб'яднацца. Разумны малады чалавек пагаджаўся з гэтай усеагульнай думкай. Разам з тым ён нічога не пакідаў на волю выпадку і лічыў справай гонару ўменне наладзіць уласнае жыццё: «Чалавек бывае няшчасны толькі па сваёй віне...» - любіў паўтараць гэты сытаваты юнак. Да жаніцьбы ён пароўну дзяліў свой час на справы і забаўкі. Любіў добра з'есці, выпіць і асабліва хадзіць на паляванне. Затое і ў працы, і ў вучобе гэты чалавек быў, са слоў маці, «апантаны», - бо муж павінен быць больш адукаваны, чым жонка. Між тым, Тэрэза ўжо тады славілася сваім розумам. «Што ж, яна і праўда разумная, нічога не скажаш...», - пагаджаўся Бернар. Зрэшты, ён добра ведаў, як паставіць жанчыну на месца... «І хіба дрэнна, - не раз паўтарала яму маці, - мець за цесця месьё Лярока? Хто-хто, а гэты чалавек будзе карысны...»

І вось у 26 гадоў, зрабіўшы некалькі падарожжаў па грунтоўна прадуманым маршруце ў Італію, Гішпанію, Галандыю, Бернар Дэскейру вырашыў ажаніцца. Яго абранніцай была адна з самых багатых і разумных дзяўчат ва ўсёй акрузе. Магчыма, яна была не самая прыгожая, аднак гэта ж пра яе гаварылі: «Яе не зразумееш, прыгожая яна ці не. Проста адчуваеш яе абаяльнасць...»

Тэрэзе стала аж смешна, калі яе фантазія намалявала вось гэтую карыкатуру на Бернара: «Што ні гавары, а ён намнога лепшы, чым большасць маладых людзей, за якіх я магла б выйсці замуж».

Увогуле жанчыны ў гэтых мясцінах больш адчувальныя, тонкія, чым мужчыны, якія са школьнай парты кампануюць толькі паміж сабою і асаблівай душэўнай вытанчанасці не набываюць. Мужчынскае сэрца назаўсёды аддадзена ландам. З імі звязаны ўсе радасці мужчыны. І нават на нейкі час пакідаючы ланды, ён усё роўна ў думках застаецца з імі. Страціць падабенства з фермерам, адрачыся ад мясцовай гаворкі, адмовіцца ад грубаватых манер, звычаяў - азначала б для мужчыны здрадзіць родным ландам. Але ці не хаваецца пад суровым выглядам Бернара нейкая своеасаблівая дабрыня? Калі ён хварэў і быў амаль што гатовы развітацца з гэтым светам, фермеры гаварылі: «Другога такога гаспадара ўжо не будзе...» Канешне, Бернар добры, справядлівы, шчыры. Ніколі не любіць гаварыць пра тое, чаго не ведае, не пераацэньвае сваіх магчымасцей. У маладосці ён быў не такі ўжо і непрыгожы, гэты нязграбны Іпаліт*, якога дзяўчаты цікавілі куды менш, чым паляванне на зайцоў.

* Тут маецца на ўвазе цнатлівы малады чалавек. У міфалогіі старажытнай Грэцыі Іпаліт - юнак, які не прыняў кахання сваёй мачахі Федры.

 

Тэрэза прыціскаецца шчакой да вагоннага акна. Прыплюшчвае вочы, і зусім не Бернар, яе раўнадушны жаніх, паўстае перад ёю, а яго малодшая сястра Анна. Гэта яна, расчырванелая, імчыцца на веласіпедзе па дарозе з Сэн-Клера ў Аржалузу. Яшчэ толькі каля 9 гадзін раніцы, яшчэ не наступала самая спёка, а цыкады, нібы іскры, пералятаюць ад хвоі да хвоі і зямля пад летнім небам дыхае жарам, быццам вялізная распаленая печ. З верасовых зараснікаў узнімаюцца хмары машкары.

«Накінь што на плечы, бо ў нас у гасцінай холадна, як у лядоўні», - гаварыла Анне Тэрэза. А цётка Клара дадавала: «Дзіцятка маё, зараз я дам табе выпіць чаго-небудзь халодненькага. Пачакай, астынь трохі, ты ж уся абліваешся потам...» Анна гучна віталася з глухой цёткай. «Ты так ужо не старайся, - сцішвала яе Тэрэза, - яна добра разумее па губах». Дарэмна Анна старанна вымаўляла кожнае слова, крывячы свой маленькі роцік: цётка адказвала неўпапад, і ўрэшце, не вытрымаўшы, сяброўкі выбягалі на двор, каб там уволю насмяяцца.

З гэтага цёмнага вагона глядзіць Тэрэза на лепшыя дні свайго жыцця - такія чыстыя, напоўненыя трапяткой няпэўнай надзеяй шчасця. Не ведала яна тады, што тыя водбліскі радасці - яе адзінае шчасце ў гэтым свеце. Нічога, нічога не прадракала, што не будзе ў яе жыцці святлейшых часін, чым у тое спякотлівае лета...

Яна сядзела побач з Аннай на старой канапе, абабітай чырвоным рыпсам... На каленях у Анны ляжаў альбом фатаграфій... Адкуль жа прыходзіла тады шчасце? Хіба было што-небудзь агульнае ў густах Тэрэзы і Анны? Да кніг Анна ахвоты не мела, любіла яна толькі шыць, шаптацца і смяяцца, Ні пра што сур'ёзна не думала. А Тэрэза з прагнасцю чытала і раманы Поля дэ Кока, і «Размовы ў панядзелак» Сэнт-Бёва, і «Гісторыю консульства» Цьера - усё, што магло апынуцца на кніжных паліцах маёнтка. У адным толькі супадалі іх густы: ім падабалася быць разам у гэтыя летнія дні, калі адзіны прытулак ад спёкі можна было знайсці ў зацемненым пакоі. Часам Анна ўставала паглядзець, ці не спала гарачыня. Аднак варта толькі было адчыніць аканіцы, як у пакой, нібы струмень расплаўленага металу, урывалася сонечнае святло. Здавалася, вось-вось возьмецца гарэць цыноўка на падлозе... Таму трэба было хуценька ўсё зачыняць.

Нават надвячоркам, калі сонца ўжо толькі знізу падфарбоўвала ў чырвонас ствалы дрэў і калі апошні конік нястрымна стракатаў ля самай зямлі - нават і тады яшчэ стаяла гарачыня пад дубамі. Сяброўкі зручна ўсаджваліся на палявой мяжы, нібы на беразе возера. Над імі праплывалі навальнічныя хмары. У іх зменлівых абрысах дзявочая фантазія ўгадвала казачныя фантастычныя вобразы. Вось Анна ўбачыла на небе крылатую жанчыну, але пакуль Тэрэза разгледзела яе, воблака выцягнулася і ператварылася ў нейкую дзіўную пачвару.

У верасні ўжо можна было па паўдні выйсці з дому і прайсціся па бязводнай сасмаглай ваколіцы, - у Аржалузе не знойдзеш ніводнага ручайка, і трэба доўга ісці па пяску, каб трапіць да вытокаў рачулкі з назвай Юр. Яна нараджаецца з мноства крынічак, якія б'юць у вузкіх травяністых лагчынках сярод карэння алешніку. Босыя ногі дзяўчатак дубянелі ў ледзяной вадзе, але варта было ступіць на зямлю, як яна зноў апякала іх. Адзін з тых буданоў, дзе ў кастрычніку спыняюцца паляўнічыя на вехіроў, быў для сябровак не менш жаданай схованкай ад спёкі, чым і цёмная гасціная ў маёнтку. Ім не было пра што гаварыць, ды і не хацелася. Хутка прабягалі шчаслівыя хвіліны гэтых доўгіх нявінных прывалаў. Тэрэза і Анна заміралі ў нерухомасці, нібы баяліся паварушыцца. Так пры з'яўленні вехіроў затойваецца паляўнічы, робячы знак сваім спадарожнікам: «Цішэй!» Сяброўкам таксама здавалася, што варта зрабіць толькі адзін жэст, адзін рух - і знікне гэтае няпэўнае, трапяткое адчуванне шчасця. Першая ўставала Анна. Яна два-тры разы пацягвалася і спяшалася пастраляць жаваранкаў. Тэрэза не магла глядзець на гэтую забаўку і тым не менш ішла следам: не хацелася хоць на момант разлучацца. Анна брала паляўнічую стрэльбу, якая пры выстрале не рабіла аддачы. Тэрэза, стоячы на ўзгорку, назірала, як сяброўка хавалася ў жыце і прыцэльвалася. Здавалася, што яна цэлілася ў сонца, жадаючы яго патушыць. Тэрэза затыкала вушы. Дзесьці ў небе абрывалася радасная бесклапотная песня жаўрука... Анна знаходзіла параненую птушку, асцярожна сціскала яе ў руках, лашчыла губамі лёгкі, яшчэ цёпленькі камячок, а потым нечакана душыла небараку.

- А заўтра прыйдзеш?

- Відаць, не. Нельга ж кожны дзень!

Анна не хацела сустракацца з Тэрэзай штодня. А супраць яе адказу не запярэчыш. Ды Тэрэзе і ў галаву не прыйшло б штосьці пярэчыць. Вядома, нічога не замінала ёй прыязджаць часцей, але нашто бачыцца кожны дзень? «Так нарэшце можна і надакучыць адна адной». На гэта Тэрэза адказвала: «Ага... праўда... Галоўнае, не прымушай сябе: прыязджай тады, калі табе вельмі захочацца, калі нічога лепшага ў цябе не будзе». І тонкая постаць дзяўчынкі-падлетка знікала ў прыцемках, а з дарогі даносіўся званок веласіпеда.

Тэрэза вярталася дамоў; фермеры здалёк кланяліся ёй; дзеці да яе не падыходзілі. У гэты час, рассыпаўшыся, пасвіліся пад дубамі авечкі; яны нечакана збіваліся ў гурт і пускаліся наўцёкі. Следам, гукаючы, бег пастух. Цётка Клара чакала Тэрэзу на ганку і, як гэта бывае з глухімі, пачынала гаварыць, гаварыць, абы толькі маўчала пляменніца. І чаму на душы рабілася так сумна? Чытаць не хацелася, нічога не хацелася, і Тэрэза зноў выходзіла на двор. «Не ідзі далёка, зараз будзем вячэраць». Яна ішла да дарогі. Усюды перад ёю была адзінота і пустэча. На кухні давалі званок: час вячэраць. Сёння, бадай, можна запаліць лямпу. Цётка, паклаўшы рукі крыж-накрыж, нерухома сядзела за сталом. І для гэтай глухой жанчыны цішыня была такой жа шматзначнай і глыбокай, як і для маладой дзікункі Тэрэзы.

 

«Бернар, Бернар... Як жа цябе ўвесці ў гэты заблытаны свет? Цябе, хто з пароды сляпых, бязлітасных людзей, якія спрашчаюць усё на свеце...» «Не, - думае Тэрэза, - ён пасля першых жа слоў спыніць мяне: «А чаму ж вы тады выйшлі за мяне замуж? Я ж за вамі не бегаў...» І праўда, чаму яна выйшла за яго? На самай справе, ён зусім не спяшаўся жаніцца. Тэрэза добра памятае, як маці Бернара мадам дэ ля Траў паўтарала кожнаму стрэчнаму: «Ён яшчэ і пачакаў бы, але яна!.. Яна настойвала, прыспешвала. На жаль, у яе зусім не такія прынцыпы, як у нас; яна, напрыклад, паліць, пыхкае, як паравоз, гэта яе манера. І ўсё ж, яна - натура шчырая, адкрытая. Мы хутка прывучым яе да здаровых ідэй. Безумоўна, не ўсё нас радавала ў гэтым шлюбе... Не ўсё... Ды хоць, напрыклад, гэтая яе бабка Белад... мы ж усё ведалі... хоць справа, як быццам, даўно забытая. І гэта ж трэба: так лоўка яны ўсё тады заглушылі, што нават і не дайшло да скандалу. А вы ці верыце ў спадчыннасць? Вядома, у бацькі далёка не самы лепшы характар. Але ж дачцэ ён падаваў толькі добрыя прыклады: гэта проста святы чалавек. Акрамя таго, у яго вялікія сувязі, а гэта яшчэ нікому не шкодзіла. Ды ўрэшце сёе-тое трэба і не заўважаць. І яшчэ - можа, вы й не паверыце, - Тэрэза багацейшая за нас. Гэта неверагодна, але гэта так. А як яна любіць Бернара, хіба гэта на бяду?..»

Сапраўды, яна любіла Бернара, і гэта давалася ёй без намаганняў. Варта было ёй пры сустрэчы ў гасцінай ці пад дубамі толькі ўзняць на яго вочы, як у яе позірку загараўся агонь шчырай закаханасці. Бачыць ля сваіх ног такую здабычу Бернару было, безумоўна, прыемна. «Не забаўляйся з ёю, сынок, - часта паўтарала маці, - яна знемагае...»

«Я выйшла за яго замуж таму, што...» Тэрэза хмурыць бровы, закрывае рукамі вочы, спрабуе ўспомніць. Ну, відаць, сваю ролю адыграла дзіцячая радасць, што, дзякуючы гэтаму шлюбу, яна стане сваячкай Анны. Хоць радавалася гэтаму больш Анна. Для Тэрэзы ж сваяцкія адносіны асаблівага значэння не мелі. Праўду кажучы (чаго тут чырванець і саромецца), дзве тысячы гектараў Бернаравай зямлі не пакідалі яе абыякавай. Схільнасць да ўласнасці заўсёды была ў яе крыві. Калі пасля доўгіх абедаў са стала прымалі посуд і прыносілі спіртныя напіткі, Тэрэза часта заставалася з мужчынамі і з цікавасцю слухала іх размовы пра фермы, фермераў, умацавальныя слупы для шахтаў, якія вывозіліся з іх лесу, пра смалу і шкіпінар. Стан маёмасці, падлікі, лічбы - усё гэта захапляла Тэрэзу. Няма ніякага сумнення, яе спакушала думка стаць уладальніцай гэтых бясконцых хваёвых лясоў. «Дарэчы, яму таксама падабаліся мае сосны». Аднак, магчыма, Тэрэза падпарадкавалася тады нейкаму другому няпэўнаму пачуццю, якое яна цяпер спрабуе вызначыць: можа, у гэтым шлюбе яна шукала не столькі ўлады, багацця, колькі прытулку. Сапраўды, нічога яе так не падштурхоўвала на гэты шлюб, як панічнае пачуццё страху. Маладая, але практычная дзяўчына з дзяцінства ведала гаспадарку і спяшалася ўвайсці ў адпаведныя яе становішчу колы, заняць там раз і назаўсёды пэўнае месца. Яна хацела затаіцца, схавацца ад нейкай невядомай нават ёй самой небяспекі. Ніколі ў сваім жыцці Тэрэза не была такой разважлівай, як падчас сваіх заручын з Бернарам: яна ішла да яснай мэты - уступіць у сямейны клан, «уладкавацца», выратаваць сябе, быць у асяродку, дзе пануе розум і парадак.

 

У вясну іх заручын яны хадзілі з Бернарам на прагулкі па пясчанай дарозе, што вядзе ад Аржалузы да Вільміжа. На дубах плямамі цямнелі сухія лісты, якія засланялі блакіт веснавога неба. Парыжэлая леташняя папараць прылягала да долу, а з зямлі ўжо прабіваліся зялёныя парасткі. Бернар гаварыў: «Асцярожна з цыгарэтай. Можна нарабіць пажару, а вады ў ландах зусім не засталося». Тэрэза пыталася: «А ці праўда, што ў папараці ёсць сінільная кіслата?» Бернар добра не ведаў, ці дастаткова яе ў папараці, каб атруціцца. І голасам, поўным пяшчоты, спытаўся: «Няўжо вам хочацца памерці?» Тэрэза смяялася. Ён папрасіў яе трымацца прасцей. Тэрэза ўспомніла, як яна заплюшчыла вочы, а дзве моцныя рукі абнялі яе маленькую галоўку і Бернар шапнуў ёй на вуха: «Здаецца мне, што ў гэтай галоўцы яшчэ ёсць свавольныя думкі». Яна адказала: «Вы, Бернар, і вызваліце мяне ад іх».

Яны з цікавасцю назіралі за працай муляраў, якія рабілі прыбудову да фермы ў Вільміжа. Яе гаспадары жылі ў Бардо, а гэтую ферму збіраліся прыстасаваць пад летнюю дачу для іх апошняга сына, у якога «былі вельмі слабыя грудзі». Яго сястра памерла ад такой жа хваробы. Бернар недалюбліваў гэтых Азеведа: «Яны божацца, што не жыды... А варта толькі глянуць на іх... А тут яшчэ і туберкулёз, ды дзесятак іншых хвароб...»

На сэрцы ў Тэрэзы было тады вельмі спакойна. Хутка вяселле. Прыедзе са свайго манастыра Анна. Разам з сынам памешчыка Дэгілема яна будзе збіраць падарункі ў час вянчання. Анна ў пісьме ўжо прасіла Тэрэзу апісаць вясельныя ўборы астатніх сябровак нявесты: «Можа, удасца прыслаць і ўзоры тканіны? Бо ўсе ж хацелі б выбраць такія таны, якія будуць спалучацца адзін з адным...» Ніколі Тэрэза не адчувала такога спакою... Зрэшты, ёй гэта толькі здавалася, бо на самай справе гэта быў не спакой, а дрымота, паўсоннае здранцвенне ядавітага гада, што толькі на час затаіўся ў яе грудзях.

 

IV

 

Вянчаліся ў цеснай царкве ў Сэн-Клеры, дзе гамана дам заглушала гукі старэнькай фісгармоніі, а іх моцныя духі перабівалі пах ладану. І ў той гарачы дзень Тэрэза адчула, што яна загінула. Як той лунацік забрыла яна ў клетку і апрытомнела толькі тады, калі бразнулі і замкнуліся цяжкія дзверы. Нічога не змянілася, але цяпер яна зразумела, што не зможа загінуць адна. У цёмным гушчары сямейных адносін і парадкаў яна будзе падобнай на агонь, які тлее, хаваецца, паўзе пад верасам, ахоплівае полымем адну хвою, другую, перакідаецца з дрэва на дрэва - і вось ужо палае ўвесь лес...

Сярод гасцей - ніводнага твару, на кім можна спыніць позірк. Толькі Анна. Але дзіцячая радасць малодшай сяброўкі таксама аддаляе Тэрэзу ад яе! Чаго яна радуецца? Няўжо яна не разумее, што сёння вечарам не толькі павялічыцца адлегласць, якая заўсёды разлучала іх?.. Сёння вечарам паміж імі паўстане і тое пакутлівае, непапраўнае, што адбудзецца з нявінным дзявочым целам Тэрэзы... Анна застанецца на беразе, дзе будуць толькі чыстыя істоты. Тэрэза змяшаецца з натоўпам тых жанчын, якія зведалі ўсё. Успомнілася, што ў рызніцы, калі яна нахілілася, каб пацалаваць вясёлы тварык Анны, перад ёй нечакана ўзнікла бездань, вакол якой Тэрэза стварыла свой свет хісткіх радасцей і няпэўных бед. За некалькі імгненняў паўстала перад ёю вялізная сцяна, якая бязлітасна аддзяляла чорныя сілы, што клекаталі ў яе сэрцы, ад мілага напудранага тварыка.

Доўга яшчэ пасля гэтага дня і ў Сэн-Клеры і ў горадзе Б. людзі, гаворачы пра гэтае вяселле Гамаша* (больш за сотню фермераў і слуг пілі і елі пад дубамі), заўсёды ўспаміналі, што нявеста - «хоць і не такая ўжо прыгожая, затое сама абаяльнасць» - усім здалася тады непрыгожай і нават страшнай. «Яна ж сама на сябе не была падобнай, зусім другая жанчына...» Людзі заўважылі толькі перамены ў яе знешнасці. Адны пры гэтым абвінавачвалі белы шлюбны ўбор, які не надта быў да твару Тэрэзе, другія - гарачыню... Але ніхто тады не здагадаўся, што гэта і быў яе сапраўдны твар.

* Аўтар робіць параўнанне з багатым вяселлем заможнага селяніна Гамаша, якое апісаў Сервантэс у «Дон-Кіхоце».

На гэтым напалову сялянскім, напалову панскім вяселлі вечарам госці, сярод якіх было многа дзяўчат, спынілі аўтамабіль маладых і шумна віталі іх. Па дарозе, усыпанай кветкамі белай акацыі, яны абганялі фурманкі, што забіралі то ўлева, то ўправа: коньмі кіравалі сяляне на добрым падпітку. Успомніўшы шлюбную ноч, Тэрэза шэпча:

- Гэта было страшна... - потым, схамянуўшыся: - Але ж не... не так ужо і страшна.

А хіба многа яна пакутавала ў час падарожжа на італійскія азёры? Не, не, яна вяла гэтую гульню: «не выдавай сябе». Жаніха ашукаць лёгка, але мужа!.. Кожны можа гаварыць ілжывыя словы, але маніць целам - гэта патрабуе іншай навукі. Не кожнаму дадзена прытварыцца, што ты жадаеш, радуешся ад шчаслівай стомы. Тэрэза змагла прывучыць сваё цела да такога прытворства і знаходзіла ў гэтым горкую асалоду. Толькі фантазія дапамагала ёй зразумець, што ў гэтым невядомым свеце пачуццяў, куды мужчына прымушаў яе пранікнуць, магчыма, і для яе ёсць шчасце, - але якое яно? Перад ёй нібы быў пейзаж, што засланяўся густым дажджом, і яна старалася ўявіць сабе, як ён выглядаў бы пры сонечным святле, - вось так адкрывала для сябе Тэрэза, што такое ўцехі кахання.

Бернар, - гэты юнак з пустымі вачыма, заўсёды занепакоены тым, што нумары карцін, выстаўленых у музеях, не адпавядаюць індэксам у даведніках, заўсёды задаволены тым, што за самы кароткі тэрмін ён паглядзеў усё, што варта было паглядзець, - як жа цябе лёгка ашукаць! Ён цалкам аддаваўся асалодзе, нібы тыя парасяты, на якіх дзіўна глядзець, калі яны рохкаюць ад задавальнення ля карыта. («А карыта - гэта ж я», - думае Тэрэза.) Як і ў тых парасят, у яго быў такі ж паспешлівы, дзелавы, сур'ёзны выгляд і такая ж метадычнасць. «Няўжо вы лічыце, што гэта добра і разумна?» - часам пыталася ашаломленая Тэрэза. Ён смяяўся і супакойваў яе. Дзе ён навучыўся ацэньваць усё, што тычылася ўцех плоці, і размяжоўваць ласкі, дазволеныя прыстойнаму чалавеку, ад прывычак садыста?.. Але тут ён ніколі не вагаўся... Аднойчы вечарам у Парыжы, дзе яны спыніліся, вяртаючыся з падарожжа, абураны Бернар дэманстратыўна пакінуў Мюзік-хол. Гэта быў пратэст спектаклю, што там давалі: «І падумаць толькі, што такое паказваюць іншаземцам! Які сорам! А што яны скажуць пра нас, паглядзеўшы на такія відовішчы?!.» У Тэрэзы не ўкладвалася ў галаве, што гэты сарамлівы чалавек менш чым праз гадзіну прымусіць яе зноў цярпець свае жудасныя вынаходніцтвы.

«Бедны Бернар, а ён жа не горшы за іншых. Аднак жаданне ператварае мужчыну, які набліжаецца да жанчыны, у пачвару, і яна ўжо не мае нічога агульнага з тым чалавекам. Нішто так не аддаляе нас ад нашага супольніка, як яго непрытомнае пачуццёвае шаленства. Я заўсёды бачыла, як Бернар тапіўся ў віры пажадлівасці, а я ўся замірала, нібы гэты вар'ят, гэты эпілептык пры любым маім руху мог задушыць мяне. Найчасцей ужо на мяжы апошняй асалоды ён раптам заўважаў сваю адзіноту; яго панурае шаленства адыходзіла: Бернар адступаў, адчуваючы, што я, нібы адкінутая хваляй на бераг, ляжу, сцяўшы зубы, адна, халодная, ледзяная, знямелая...»

Адно-адзінае пісьмо ад Анны - яна не вельмі любіла пісаць, але чамусьці кожнае яе слова было прыемным Тэрэзе: бо ў пісьмах мы гаворым не столькі пра нашы сапраўдныя пачуцці, колькі пра тыя, якія мы павінны былі б адчуваць, каб зрабіць прыемнае адрасату. Анна скардзілася, што не можа больш хадзіць у бок Вільміжа, бо туды прыехаў малады Азеведа. Яна бачыла толькі здалёк яго шэзлонг сярод папараці - туберкулёзнікі наводзяць на яе жах.

Не чакаючы ад Анны новых вестак, Тэрэза часта перачытвала гэтае пісьмо і была вельмі здзіўлена, калі на наступны дзень пасля перапыненага наведання Мюзік-хола ў звычайны час дастаўкі пошты пазнала на трох канвертах почырк Анны дэ ля Траў. Аддзелы «да запатрабавання» з розных паштамтаў пераправілі ў Парыж пакет пісем, бо маладажоны не спыняліся ў некаторых гарадах, спяшаючыся «вярнуцца ў сваё гняздзечка», як казаў Бернар. А сапраўднай жа прычынай паспешлівасці было тое, што яны не маглі ўжо быць разам: муж засумаваў па сваіх паляўнічых стрэльбах, сабаках, вясковай харчэўні, дзе частавалі «на рэдкасць прыемным кісленькім віном, якога нідзе не знойдзеш»; а тут яшчэ гэтая жанчына, такая халодная, насмешлівая - ніяк не можа спасцігнуць асалоды кахання і не хоча з ім гаварыць пра цікавыя рэчы!.. А Тэрэзе хацелася хутчэй вярнуцца ў Сэн-Клер так, як хочацца вязню, што пакутуе ў перавалачнай турме, глянуць на той востраў, дзе пройдзе ўвесь яго астатак жыцця. Па паштовых штэмпелях Тэрэза лёгка высветліла, якое з пісем было адпраўлена самае першае. Яна акурат распячатвала канверт, калі Бернар штосьці ўзбуджана сказаў. Праўда, ягоных слоў Тэрэза не зразумела, бо акно было адчынена, а па вуліцы якраз праязджаў аўтобус. Бернар перастаў галіцца, каб прачытаць пісьмо ад сваёй маці. Тэрэза як цяпер бачыць гэтую сцэну: муж у кашулі з закасанымі рукавамі; мускулістыя рукі і твар - звычайна бледны, цяпер на вачах наліваўся крывёю... У гэтую ліпеньскую раніцу стаяла страшэнная спякота. Нібы праз клубы дыму сонечнае праменне прабівалася да зямлі. І сцены пакояў, балкон, фасады навакольных будынкаў рабіліся ад гэтага яшчэ больш шэрымі і страшнымі. Бернар ужо стаяў ля Тэрэзы. Ён ужо амаль крычаў: «Ты бачыў яе! Да чаго дакацілася!.. Вось... твая сябровачка Анна!.. Гэта ж трэба!.. І хто мог падумаць, што мая малодшая сястра...»

І, убачыўшы запытальны позірк Тэрэзы, з нянавісцю працягваў:

- Ты ведаеш, яна знюхалася з гэтым Азеведа! Так, так! З тым туберкулёзнікам, для якога зрабілі прыбудову ў Вільміжа! І разумееш, гэта вельмі сур'ёзна... Яна сказала, што дачакаецца паўналецця і... Мама піша, што яна зусім страціла галаву. Абы пра гэта не ўведалі Дэгілемы. Малады Дэгілем можа адмовіцца зрабіць прапанову... У цябе ёсць пісьмы ад яе? Ну, давай паглядзім, можа, што яшчэ...

- Пісьмы я буду чытаць па парадку. І, увогуле, не ведаю, ці змагу табе іх паказаць.

О, ён зноў пазнаваў сваю жонку! Ёй толькі дай магчымасць: усё ўскладніць, заблытае... Але цяпер не гэта галоўнае. Трэба, каб Тэрэза вярнула Анну да розуму:

- Мае бацькі вельмі спадзяюцца на цябе. Ты можаш зрабіць з ёю ўсё, што захочаш. Так што цябе чакаюць, як паратунку.

Пакуль яна адзявалася, ён схадзіў на тэлеграф, даў тэлеграму і заказаў два месцы на паўднёвы экспрэс. Калі ён вярнуўся, Тэрэза складала ў чамаданы рэчы:

- Чаму ты не чытаеш пісьмаў?

- Чакаю, хачу пабыць адна.

Бернар пайшоў, а Тэрэза доўга яшчэ нерухома сядзела, паліла, гледзячы на пазалочаныя літары шыльды, што матлялася на будынку насупраць. Нарэшце яна выняла з канверта пісьмо. Не, не, не можа быць: няўжо гэта тая мілая дурніца, тая манашка са сваёй абмежаванасцю і прастатой пісала гэтыя палкія радкі? Няўжо яе сухое сэрца - (а Тэрэза ў гэтым ніколі не сумнявалася) - магло нарадзіць на свет гэтую чароўную песню песень, гэтую шчаслівую скаргу жанчыны, што ўпершыню спазнала таямніцу кахання:

«...Калі я сустрэла яго, не магла паверыць, што гэта ён. Ён гуляў са сваім сабакам, бегаў і весела смяяўся. І хіба магла я ўявіць, што гэта - той хворы... А ён жа, аказваецца, зусім не хворы. Проста бацькі берагуць яго, бо вельмі напалохаліся смерці ягонай сястры, якая хварэла на туберкулёз. Ён нават не выглядае кволым. Ён хутчэй за ўсё хударлявы ад прыроды. І да таго ж добра распешчаны... Ты мяне не пазнала б, Тэрэза, калі б убачыла, як я бягу па яго плашч, калі заходзіць сонца і гарачыня спадае. Я ж так баюся, каб ён не прастудзіўся...»

Калі б Бернар зайшоў у гэты час у пакой, ён убачыў бы на ложку не сваю жонку, а нейкую новую, невядомую, чужую, безыменную істоту.... Тэрэза кінула цыгарэту і ўзялася за другое пісьмо:

«...Я буду чакаць, колькі спатрэбіцца, але дачакаюся. Я не баюся ніякіх перашкод. Маё каханне нават не заўважае іх. Бацькі трымаюць мяне ў Сэн-Клеры, але Аржалуза не так далёка, каб мы з Жанам не маглі сустракацца. Ці памятаеш ты наш будан? Гэта ж ты, дарагая, адкрыла яго для мяне! І там было суджана мне зведаць такую радасць... Але не падумай, што мы робім нешта благое! Ён такі далікатны! Ты нічога не ведаеш пра такіх мужчын. Ён многа вучыўся, многа чытаў, - так, як і ты: але ў мужчыну гэта мяне не раздражняе і я не думаю нават, каб яго на чым-небудзь злавіць ці падкалоць. Чаго б я толькі не аддала, каб быць такой адукаванай і разумнай, як ты!.. Дарагая, гэта ж, мусіць, такое вялікае шчасце, - якім ты ўжо цешышся, а для мяне яно яшчэ наперадзе, - калі толькі адно прадчуванне яго прыносіць столькі асалоды і радасці! Калі ў нашым будане, куды мы з табой, бывала, прыходзілі са сваім сняданкам, я сяджу з Жанам і яго рука замірае ў мяне на грудзях, а сваю я прыціскаю туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве «апошняй дазволенай ласкай»), - я адчуваю такое шчасце, што яно здаецца мне чымсьці матэрыяльным. І я гавару сабе, што і за гэтай радасцю стаіць нейкая новая, іншая, якая чакае нас. І калі збялелы Жан пакідае мяне, адзін успамін пра нашы пяшчоты і ласкі, адно трымценне перад тым, што будзе заўтра, робяць мяне глухой да скаргаў, просьбаў, папрокаў гэтых бедных людзей, якія не ведаюць і ніколі не ведалі таго, што ведаю я цяпер. Дарагая, прабач: я гавару табе пра шчасце, як быццам ты не спазнала яго ўжо да канца! Я ж у параўнанні з табой усяго толькі наіўная паслушніца! Але я ўпэўнена, што ты будзеш з намі, ты будзеш супраць тых, хто хоча нас разлучыць...»

І трэцяе пісьмо: усяго некалькі радкоў, напісаных на скорую руку:

«Дарагая, хутчэй прыязджай! Яны разлучылі нас. З мяне не спускаюць вачэй. Яны ўпэўнены, што і ты будзеш з імі заадно. Я ім сказала, што ўсё будзе залежаць ад цябе. Я табе ўсё растлумачу: ён не хворы, не... Я шчаслівая - і я пакутую. Я шчаслівая, што пакутую за яго; я люблю яго хваробу, як знак яго кахання, яго кахання да мяне...»

Далей Тэрэза не чытала. Укладаючы пісьмо назад у канверт, яна ўбачыла там фатаграфію. Падышла да акна і ўгледзелася ў здымак: малады чалавек... галава як быццам бы занадта вялікая, - мусіць, таму, што вельмі ўжо густыя валасы. Тэрэза пазнала і месца, дзе рабіўся здымак: гэта грудок, за якім пасвілі авечак. На самым версе стаяў Жан Азеведа, які чымсьці быў падобны да біблейскага Давіда. Куртка вісела ў яго на руцэ; кашуля крыху расшпілена на грудзях... «Гэта ён заве апошняй дазволенай ласкай» - прыгадаліся Тэрэзе словы з пісьма... Тэрэза кідае позірк у люстэрка і палохаецца свайго ўласнага твару. Праз сілу расціскае яна зубы, змочвае адэкалонам скроні і лоб. «Анна спазнала гэтую радасць... А я? Я... А чаму не я?» Фатаграфія засталася на стале; побач ляжала шпілька...

«Так, я зрабіла гэта, - пад грук вагонных колаў шэпча Тэрэза, - вось ужо 2 гады, як тады ў пакоі атэля я праткнула шпількай фатаграфію гэтага юнака ў тым самым месцы, дзе сэрца. Не са злосці, не. А спакойна, нібы гэта было самай звычайнай справай. Потым я выкінула гэтую праколатую фатаграфію ў туалет і спусціла ваду».

 

Бернар застаў яе засяроджанай і сур'ёзнай. Так выглядае чалавек, які доўга вагаўся, думаў і нарэшце прыняў канчатковае рашэнне. Але нашто яна столькі паліць? Сама сябе труціць! Тэрэза выказала яму сваю думку пра гэтую гісторыю з Аннай. Не варта надаваць вялікага значэння капрызам дзяўчаці. Яна паспрабуе яе ўгаварыць і ўсё ўладзіць... Бернару так хацелася пачуць гэта. Ён павесялеў, тым больш што ў кішэні ляжалі білеты на цягнік. Да таго ж і самалюбства яго было задаволена: як-ніяк сям'я просіць дапамогі ў яго жонкі. Ён заявіў, што колькі б гэта ні каштавала, але на развітанне з Парыжам ён абавязкова звозіць жонку паснедаць у добры рэстаран у Булонскім лесе. У таксі ён не сціхаючы гаварыў пра свае планы на паляўнічы сезон: яму карцела хутчэй паспрабаваць на паляванні маладога сабаку, якога павінны былі ўжо выдрэсіраваць. Маці піша, што яго кабыла паправілася і больш не кульгае...

У рэстаране народу было мала. Затое незлічоная колькасць прыслугі крыху бянтэжыла. Да паху закусак прымешваўся водар герані... Бернар ніколі яшчэ не піў рэйнвейну, але сёння - так і быць: не кожны ж дзень свята! Шырокія мужавы плечы засланялі ад Тэрэзы залу. За вялікімі вокнамі ціха, бязгучна, нібы ў нямым кіно, праязджалі і спыняліся машыны. Тэрэза бачыла, як у мужа каля вушэй перакочваліся жаўлакі. Яна ведала, што гэта скарачаюцца скроневыя мышцы. Адразу пасля першых глыткоў віна Бернар моцна пачырванеў: гэтаму здароваму вясковаму чалавеку ўжо некалькі тыдняў бракавала прасторы, руху, ад якіх хутчэй згарае ў арганізме штодзённая порцыя стравы і спіртнога. Тэрэза не адчувала ніякай нянавісці да яго, але як жа ёй хацелася пабыць адной, падумаць пра свае пакуты, прыгадаць, дзе і калі ёй асабліва было цяжка... Няхай бы ён проста знік з вачэй, каб не трэба было прымушаць сябе есці, усміхацца, сачыць за выразам свайго твару; каб можна было хоць у думках вольна засяродзіцца на сваім горкім патаемным адчаі: гэтая маленькая істота, твая сяброўка, уцякла з бязлюднага вострава, а табе ж думалася, што яна будзе там жыць побач з табой да канца дзён сваіх... Яна перайшла праз бездань, што аддзяляе цябе ад усіх людзей, паядналася з імі, - словам, жыве цяпер на другой планеце... Але ж не, якая там «другая планета»! Анна заўсёды належала да тыпу простых натур. А можа, гэта быў толькі падманлівы прывід, калі Тэрэза ўглядалася ў юны тварык сяброўкі, а тая спала, паклаўшы галаву ёй на калені?.. Сапраўднай Анны дэ ля Траў Тэрэза ніколі не ведала - той Анны, якая цяпер бегае ў будан на спатканні з Жанам Азеведа...

- Што з табой? Чаму ты не ясі? Не трэба ім нічога пакідаць! Шкада за такія грошы! Можа, табе нядобра ад спёкі? Абы толькі не стала дрэнна! А можа, цябе нудзіць? Як? Ужо?..

Тэрэза ўсміхнулася. Усміхнуліся толькі яе губы. Сказала, што думае пра Анніны прыгоды. Бернар адказаў, што ён наконт гэтага зусім спакойны, раз ужо Тэрэза ўзялася за гэтую справу. І тады яна папыталася, чаму бацькі супраць гэтага шлюбу. Ён падумаў, што яна жартуе, і папрасіў не зводзіць размовы да парадокса:

- Па-першае, як ты ведаеш, гэтыя Азеведа - жыды. Мама добра ведала старога Азеведа - таго самага, які адмовіўся хрысціцца.

На гэта Тэрэза адказала, што ў Бардо не знойдзеш нічога больш даўнейшага, чым прозвішчы партугальскіх жыдоў.

- А Азеведа ўжо тады былі важнымі асобамі, калі нашы продкі, жабракі-пастухі, калаціліся ад ліхаманкі на сваіх балотах.

- Пачакай, Тэрэза. Ты спрачаешся абы толькі спрачацца. Усе жыды - аднаго поля ягады. І потым, гэтыя Азеведа хутка вырадзяцца: яны ж наскрозь туберкулёзныя, - усе гэта ведаюць.

Рэзкім жэстам, які заўсёды шакіраваў Бернара, яна запаліла цыгарэту.

- А ці не прыгадаеш ты, Бернар, ад чаго памёр твой дзед, твой прадзед? А калі ты браў мяне замуж, ці хоць пацікавіўся, ад якой хваробы сканала мая мама? Няўжо ты думаеш, што сярод нашых продкаў не знойдзецца туберкулёзнікаў ці сіфілітыкаў? Знойдзецца, дарагі, ды яшчэ столькі, што хапіла б заразы на цэлы свет.

- Тэрэза, ты зайшла занадта далёка. І дазволь табе сказаць, што нават жартам, каб падражніць мяне, ты не павінна чапаць нашай сям'і.

Абражаны, ён адкінуўся ў крэсле, выпрастаў грудзі. Яму вельмі хацелася і ўзяць верх, і не падацца Тэрэзе смешным. Але тая не здавалася:

- Ды мне глядзець смешна на нашы сем'і з іх кратовай асцярожнасцю. Яны бачаць толькі тыя заганы, што самі кідаюцца ў вочы. І ад іх жахаюцца... А што датычыць схаваных, - а іх жа куды больш, - то да гэтага нашы сем'і ставяцца зусім спакойна. Паслухай, ты ж сам любіш гэты хітры выраз: «сакрэтныя хваробы»... ці не? А хіба не гэтыя «сакрэтныя хваробы» - самыя страшныя, самыя небяспечныя для грамадства? Ніхто ні ў маёй, ні ў тваёй сям'і над гэтым не задумваецца. Затое ўсе цудоўна разумеюць і пагаджаюцца, што нельга выносіць смецця з хаты, што трэба як мага глыбей хаваць усё тое, што кампраметуе сям'ю... І калі б не было прыслугі, ніхто ніколі пра гэтае смецце нічога і не ведаў бы. На шчасце, прыслуга ёсць...

- Я не жадаю табе адказваць, Тэрэза! Калі ты ўжо завядзешся, то лепш за ўсё памаўчаць. Са мной гэта яшчэ паўбяды: я разумею, што ты проста жартуеш. Але дома табе давядзецца прыкусіць язык і стрымліваць сябе. Так жартаваць і гаварыць пра наш род у нас не заведзена.

- Род! Сям'я! - Тэрэза не заўважала, што яе цыгарэта даўно патухла... Перад яе нерухомым позіркам зноў паўстала гэтая клетка з бясконцымі жывымі кратамі, дзе кожны шэпт будзе пачуты, кожны рух заўважаны... Тут ёй і давядзецца ў здранцвенні чакаць сваёй смерці...

- Тэрэза! Ну што ты! Паглядзела б ты цяпер сама на сябе...

Яна ўсміхнулася. На твары зноў з'явілася маска.

- Я проста забаўляюся... Які ж ты даверлівы, дарагі.

У таксі, калі Бернар хацеў прыціснуцца да яе, Тэрэза рэзка адхілілася...

У гэты вечар, апошні перад ад'ездам дадому, яны ляглі спаць рана, недзе каля 9 гадзін. Тэрэза выпіла снатворнага, але яшчэ доўга не магла заснуць. На нейкае імгненне яна задрамала, але Бернар штосьці праз сон замармытаў, заварушыўся і разбудзіў яе. Яна адчувала побач з сабой яго дужае гарачае цела. Адсунулася на самы край пасцелі. Але праз колькі хвілін ён, не прачынаючыся, зноў пасунуўся да яе, нібы цела само падсвядома шукала сваю здабычу, імкнулася да прывычнай асалоды. Груба, парывіста яна адштурхнула яго. Бернар соладка спаў... Ах! Піхнуць бы цябе раз і назаўсёды!.. Скінуць з пасцелі... у бездань...

А начны Парыж жыў сваім жыццём. Пераклікаліся гудкамі аўтамабілі, нібы ў Аржалузе сабакі ці пеўні светлай месячнай ноччу... Душна. Тэрэза запаліла лямпу і, абапёршыся локцем аб падушку, глядзела на гэтага нерухомага дваццацісямігадовага мужчыну. У сне ён скінуў з сябе коўдру; дыханне амаль нячутнае; раскудлачаныя валасы спадалі на гладкія скроні, на лоб, дзе ніводнай маршчынкі. Ён спаў, - гэты голы і безабаронны цяпер Адам, - глыбокім, нібы вечным сном. Тэрэза ўстала, накінула на яго коўдру, знайшла пісьмо, якое так і не скончыла чытаць, падышла бліжэй да лямпы:

«...Калі б ён сказаў мне ісці следам за ім - я кінула б усё і пайшла... Мы спыніліся перад самай апошняй ласкай. І не таму, што я супраціўлялася: так захацеў ён. Правільней будзе сказаць, што ён мне супраціўляецца... А як бы мне хацелася спазнаць тое патаемнае, невядомае, бо, - як ён гаворыць, - адно толькі набліжэнне гэтага дае больш, чым усе тыя ласкі і ўцехі, што мы мелі. Калі паслухаць Жана, то нам трэба заўсёды заставацца па гэты бок мяжы. Ён ганарыцца тым, што стрымлівае сябе, і кажа, што калі мы хоць раз не спынім, не ўтаймуем сябе, то, як і ўсе астатнія, пакоцімся ўніз...»

Пачынала світаць. Тэрэза адчыніла акно, парвала пісьмы на дробныя шматкі і кінула іх уніз, у гэтае каменнае прадонне, дзе цяпер панавалі цішыня і спакой. Кавалачкі паперы, нібы матылькі, ляталі ў паветры, падалі на суседнія балконы, карнізы... Маладая жанчына глыбока ўздыхнула і адчула водар нейкай травы. Адкуль жа гэты пах тут - сярод асфальтавай і каменнай пустыні?.. Нечакана Тэрэза ўявіла сваё пакалечанае цела там, унізе, на вуліцы, а вакол - натоўп паліцэйскіх, прахожых... Не, Тэрэза, твая фантазія занадта багатая, каб ты пайшла на такое... І сапраўды, яна яшчэ не хацела паміраць... Не нянавісць, не прага помсты прывязвалі яе да жыцця, а пільная справа: трэба, каб гэтая малая ідыётка з Сэн-Клера, што паверыла ў магчымасць шчасця, зразумела, як і калісьці сама Тэрэза, што шчасця няма, яно не існуе... Калі ў іх няма нічога агульнага, то няхай іх яднае хоць гэта: сум, нуда, туга, ніякай высокай мэты, задачы, абавязку, толькі нудныя будні, адзінота і безнадзейнасць!.. Золак асвяціў стрэхі. Яна лягла ў пасцель. Бернар спаў, але ўсё роўна падсунуўся да яе...

Прачнулася яна яснай, спакойнай. Навошта ёй далёка шукаць? Сям'я чакае ад яе дапамогі. І яна будзе дзейнічаць так, як гэтага патрабуе сям'я, і не схіліць з гэтай дарогі... Бернар усё паўтарае і паўтарае, што будзе бяда, калі Анна не выйдзе замуж за маладога Дэгілема... Што ж, у гэтым я яго падтрымаю... Дэгілемы ім, вядома, не раўня: дзед іх пастухом быў. Але затое ў іх самыя лепшыя хвоі ва ўсёй ваколіцы. А Анна не такая ўжо і багатая. Ад бацькі калі яна што і атрымае, то толькі вінаграднікі каля Лангона, якія да таго ж раз у два-тры гады затапляе вада. Не, ні ў якім разе нельга дапусціць, каб Анна не пайшла на гэты шлюб з Дэгілемам!

Тэрэзу знудзіла ад паху шакаладу. Гэта пацвердзіла яе падазрэнні: яна цяжарная, ніякіх сумненняў. «Лепш, калі адразу, - кажа Бернар, - тады не трэба больш пра гэта думаць». І ён з павагай паглядзеў на жанчыну, якая носіць у сабе будучага адзінага гаспадара хваёвых гаёў Аржалузы.

 

V

 

Сэн-Клер, хутка будзе Сэн-Клер!.. Адзін за адным паўстаюць перад Тэрэзай адрэзкі яе няпростай жыццёвай дарогі... Ці ўдасца ўгаварыць Бернара вярнуцца і зноў прайсці пехатой па гэтай крывой калдобістай сцяжыне?.. Ці шмат будзе ад гэтага карысці?.. «Нават, калі мы з ім дойдзем да таго апошняга ранку ў парыжскім атэлі, мне застанецца яшчэ так многа адкрыць яму...» Зноў і зноў спрабуе яна адгадаць сваю ўласную загадку, зноў і зноў дапытвае яна гэтую маладую жанчыну, чыю разважлівасць калісьці так хвалілі...

Першыя тыдні ў змрочным халодным доме Бернаравых бацькоў... Вокны, што выходзілі на плошчу, заўсёды былі зачынены аканіцамі. Злева зелянеў садок, дзе квітнелі герані, петуніі, геліятропы. Там было яе месца штодзённых прагулак. Хадзіць далей было забаронена. Тады Тэрэзе яшчэ давяралі. Тады яе лічылі супольніцай. Тады яна была пасрэдніцай паміж Аннай і яе бацькамі... Яна казала свякрусе: «Ды саступіце вы ёй трохі! Не спяшайцеся з рашэннем! Няхай бы яна куды з'ездзіла ў падарожжа! Я яе ўгавару, і ўбачыце: яна згодзіцца. Я буду дзейнічаць...» Але як? Бацькі здагадваліся, што Анна хоча пазнаёміцца з маладым Азеведа. «Вы нічога не зробіце адкрытым націскам», - часта паўтарала Тэрэза свякрусе. А тая ўсё цешылася, што людзі, дзякуй Богу, яшчэ нічога не ведаюць пра гэтую гісторыю. Адзіным чалавекам, які ведаў сакрэт, была служанка Мано: яна перахапіла некалькі пісем Анны. «Але няма чаго баяцца гэтага дзяўчаці. Гэта - магіла. Ды і не ў яе інтарэсах распускаць язык.

- Трэба пастарацца, каб малая як найменш пакутавала ад усяго гэтага, - умешваўся часам бацька. Ён вельмі любіў Анну і яшчэ не так даўно мог задаволіць самы недарэчны капрыз дачкі. Але цяпер і ён падтакваў жонцы: «Яечні не спячэш, не пабіўшы яйка» або «Некалі яшчэ і «дзякуй» нам скажа, абы толькі не захварэла...» Бацькі змаўкалі і не зводзілі вачэй са сваёй няўрымслівай дачкі. Яна адмаўлялася есці. Чэзла на вачах. Цэлымі днямі адзінока блукала па залітым сонцам садзе, таптала кветкі, не заўважаючы таго, і ўсё шукала і шукала, нібы звер у клетцы, нейкага выйсця. Мадам дэ ля Траў цяжка ўздыхала: «Не магу ж я за яе піць мясны сок. Яна наядаецца яблыкамі ў садзе, каб потым нават і не дакрануцца да стравы...» А бацька дадаваў: «Яна сама потым папракала б нас, калі б мы далі згоду на гэты шлюб з Азеведа... Зрэшты, каб не гэтыя няшчасныя хворыя дзеці, што пойдуць ад яго...» Жонка злавала на мужа, што ён шукае нейкіх апраўданняў іх рашэнню не аддаваць дачкі за Азеведа. «Дзякуй Богу, што Дэгілемы яшчэ не вярнуліся. Гэта ж наша шчасце, што яны прыкмецілі Анну і так цэняць яе!..» Калі Тэрэза выходзіла пасля абеду з гасцінай, размова ішла сваім ходам: «І як гэта магло здарыцца? - не маглі даўмецца бацькі. - Ну не ў манастыры ж ёй гэта ў вушы ўвялі! Тут, дома, яна бачыла толькі добрыя прыклады. Мы сачылі, якія кнігі яна чытае... Тэрэза кажа, што маладых дзяўчат збіваюць з толку любоўныя раманы, якія ўсе чамусьці лічаць «сапраўднай літаратурай». Але што Тэрэза... Яна ж так любіць парадоксы... Добра, што дачушка не вельмі і цягнецца да кніг. Здаецца, ніколі на гэты конт і заўваг мы ёй не рабілі... Яна была б цудоўнай жонкай, увішнай гаспадыняй. Гэта наша кроў... Каб толькі выбіць з яе глупства... А ты памятаеш, як памагла ёй пасля бранхіту паездка ў Салі? Давай паедзем, куды яна захоча, вось і ўсё. Трэба ж пашкадаваць бедную дзяўчынку». Месьё дэ ля Траў цяжка ўздыхнуў: «Мусіць, мала ёй будзе радасці ад падарожжа з намі...» - «Нічога! Нічога!» - паспяшаўся ён адказаць глухаватай жонцы, якая недачула і ўсё дапытвалася: «Што? Што ты сказаў?» Але ці не прыгадалася гэтаму старому чалавеку, які ўтульна ўладкаваўся ў багатым жончыным доме, ці не прыгадалася яму падарожжа з любай жанчынай - благаславёная пара маладога кахання?..

 

Тэрэза адшукала ў садзе Анну, на якой леташняя сукенка вісела як на калку. «Ну што?» - спыталася Анна... Шэрыя ад пылу прысады, сухая трава пад нагамі, пах спаленай сонцам герані і... гэтая юная дзяўчына... У той гарачы жнівеньскі поўдзень яна здалася Тэрэзе яшчэ больш змарнелай і чэзлай, чым гэтыя кволыя, абпаленыя бязлітасным сонцам кветкі. У Тэрэзы балюча сціснулася сэрца...

У навальніцу пад моцныя стрэлы перуна яны хаваліся ў цяпліцы; град барабаніў па шкле.

- Ну чаму табе не паехаць? Ты ж усё роўна не бачышся з ім.

- Няхай сабе і не бачуся. Затое ведаю, што ён блізка і дыхае са мной адным паветрам. А калі дзьме ўсходні вецер, мы разам слухаем, як звоняць царкоўныя званы. Няўжо табе ўсё роўна, дзе Бернар - у Парыжы ці Аржалузе? У нядзелю, у час службы ў царкве, я нават не спрабую павярнуць галаву, каб пашукаць яго вачыма, - з нашых месцаў відаць толькі алтар, а тоўстая калона адгароджвае нас ад усіх. Але пасля службы, пры выхадзе...

- У тую нядзелю яго не было?

Тэрэза сама гэта ведала, бо бачыла, як Анна дарэмна шукала ў натоўпе любы твар: Жана не было.

- Можа, ён захварэў? Яго пісьмы перахопліваюць, і я нічога не ведаю.

- І ўсё ж неяк дзіўна, што ён не можа што-небудзь прыдумаць, каб перадаць табе запіску.

- Тэрэза... Калі б ты захацела... Але ж не... я ведаю, што ты і сама ў такім далікатным становішчы...

- Згаджайся ты на гэтае падарожжа. А калі цябе не будзе, я паспрабую...

- Але ж я не магу паехаць далёка ад яго...

- Дарагая, ён жа ўсё роўна хутка паедзе адсюль. Праз некалькі тыдняў яго ўжо не будзе ў Аржалузе.

- Ах, не гавары ты мне такое... Гэта балюча... І ніводнай вестачкі. Не магу я так жыць. І так ужо ледзь дыхаю. Каб не памерці, я мушу ўвесь час успамінаць яго словы, якія напаўнялі мяне радасцю. Але я столькі паўтарала іх сабе, што ўжо і не ўпэўнена, ці гаварыў ён іх. Вось, паслухай, што ён мне сказаў на апошнім спатканні: «У маім жыцці няма нікога, акрамя вас...» Праўда, ён так і сказаў, а гэта азначае: «Вы - самае дарагое ў маім жыцці...»

Тэрэза прыплюшчыла вочы і змоўкла, нібы ўслухоўваючыся ў рэха гэтых суцяшальных, выратавальных слоў...

- А які ён з выгляду, гэты Жан?

- Ды ты і ўявіць сабе не можаш.

- Няўжо ён зусім непадобны да іншых?..

- Мне хочацца апісаць табе яго. Але не магу знайсці слоў... Урэшце, табе ён можа здацца самым звычайным... Але я ведаю, што гэта не так.

Яна ўжо і сама не магла сказаць, чым іменна адрозніваецца Жан ад астатніх... Увесь яго вобраз быў заліты асляпляльным святлом кахання. «А мяне, - думала пра сябе Тэрэза, - агонь кахання зрабіў бы яшчэ пільнейшай, і нічога не схавалася б ад мяне ў тым чалавеку, якога б я пакахала.

- Тэрэза, а калі я згаджуся паехаць, ты сустрэнешся з ім? Ты перадасі мне яго словы? Будзеш перасылаць яму мае пісьмы? Калі я паеду, калі толькі хопіць адвагі...

Тэрэза адыходзіла, пакідала гэтае царства святла і спёкі. Нібы цёмная аса, улятала яна ў залу, дзе сядзелі старыя, чакаючы, пакуль спадзе гарачыня, а дачка нарэшце саступіць... Многа спатрэбілася гэтых пасрэдніцкіх перагавораў, каб угаварыць Анну на паездку з бацькамі. І хутчэй за ўсё Тэрэзе гэта так і не ўдалося б, калі б не вестка пра хуткае вяртанне Дэгілемаў. Анна аж задрыжала перад гэтай новай небяспекай. Тэрэза супакойвала яе, што малады Дэгілем не толькі багаты жаніх, але, бадай, не такі ўжо і «страшны».

- Ну што ты, Тэрэза! Я ў яго бок глядзець не магу. Ён жа слепаваты, лысы, стары.

- Яму дваццаць дзевяць гадоў.

- Ну я ж і кажу - стары. Ды ўрэшце, якая розніца: стары ці не стары...

 

І вось нарэшце на вячэры бацькі загаварылі пра Б'ярыц, захваляваліся, у якім атэлі лепш будзе спыніцца. Тэрэза сачыла за Аннай, - нерухомае, анямелае цела без душы... «Ну хоць прымусь сябе, калі ласка! З'еш што-небудзь! Ну можна ж сябе прымусіць...» - не адставала мадам дэ ля Траў ад дачкі. Нібы робат, Анна падносіла лыжку да рота. У вачах знямога і адчай: нікога і нічога для яе цяпер не існавала, акрамя дарагога, каханага... Часам твар дзяўчыны асвятляўся летуценнай усмешкай: гэта зноў яе бралі ў палон трапяткія ўспаміны пра словы каханага, яго пяшчоты і ласкі, калі аднойчы ў будане моцная рука Жана незнарок крыху падрала ёй сукенку ў тым месцы, дзе палалі маладыя пругкія грудзі...

Тэрэза глянула на Бернара. Той схіліўся над талеркай. Ён сядзеў спіной да святла, і рысаў твару яго нельга было разгледзець. Затое добра чутно, як старанна жуе, перажоўвае і чмякае гэты чалавек, для якога абед заўсёды быў свяшчэннадзействам. Яна ўстала з-за стала. Свякроў ціха сказала: «Тэрэзе непрыемна, калі заўважаюць яе недамаганні... Я хацела ёй памагчы, але ж яна так не любіць, калі пра яе клапоцішся. Гэтыя прыступы... А што зробіш... Без іх не бывае... Але адно скажу: залішне яна цяпер паліць. А потым пайшлі ўспаміны пра ўласную цяжарнасць: «Вось помню, калі я чакала Бернара, мне абавязкова трэба было нюхаць гумавы мячык... толькі гэта і памагала».

 

- Тэрэза, дзе ты?

- Тут, на лаўцы.

- А, бачу тваю цыгарэту.

Анна садзіцца побач, прыціскаецца галавой да нерухомага пляча сяброўкі, глядзіць на начное неба і кажа: «Ён таксама бачыць гэтыя зоркі...» А потым:

- Пацалуй мяне, Тэрэза!

Аднак Тэрэза і не думае нахіляцца да гэтага даверлівага тварыку, а толькі пытаецца:

- Табе цяжка?

- Не, сёння ўжо лягчэй. Я зразумела, што б там ні было, мы ўсё роўна будзем разам. І цяпер я супакоілася. Галоўнае - каб ён ведаў гэта. І я хачу, каб ты перадала яму мае словы. Я згадзілася ехаць. Але, калі вярнуся, я пайду напралом. Ніхто мяне не ўтрымае. Рана ці позна я назаўсёды прытулюся да яго сэрца. У гэтым я ўпэўнена, як і ў тым, што я жыву. Толькі ты, Тэрэза, хоць ты не чытай мне маралі і не гавары пра гонар сям'і...

- Ды не пра сям'ю я думаю, дарагая, а пра яго і цябе. Хіба так можна ўрывацца ў жыццё мужчыны: у яго, дарэчы, свая сям'я, свае інтарэсы, свая работа, а можа, нават і сувязь з жанчынай...

- Не, ён сам мне сказаў: «У маім жыцці толькі вы адна...» і яшчэ: «Наша каханне - гэта адзінае, чым я даражу ў гэтую хвіліну».

- У гэтую хвіліну?!

- Ты што, падумала, што ён меў на ўвазе толькі адну тую хвіліну?

Больш пытацца ў Анны, ці пакутуе яна, патрэбы не было: у цемры Тэрэза ўгадвала па голасе, адчувала ўсёй сваёй істотай, як трывожна і балюча б'ецца дзявочае сэрца. Але яна не шкадавала Анны. А нашто яе шкадаваць? Як жа гэта павінна быць прыемна і соладка - паўтараць імя чалавека, з якім ты звязана сэрцам, каханнем! Адна думка, што ён жыве, дыхае, засынае, прачынаецца на досвітку, і яго маладое цела імкнецца праз ранішні туман...

- Ты плачаш, Тэрэза? Гэта таму, што я... Тэрэза, ты моцна мяне любіш, скажы?

Анна апускаецца на калені, прыціскаецца галавой да яе жывата і раптам ускоквае на ногі.

- Слухай, там у цябе нешта варушыцца...

- Ужо некалькі дзён, як ён пачаў рухацца...

- Маленькі?

- Ага.

Абняўшыся, як некалі на дарозе ў Аржалузу, яны вярнуліся ў дом. Тэрэза помніць, як прыкра і жудасна ёй было адчуваць у сабе гэты жывы цяжар. Колькі агідных імкненняў магло зведаць гэтае яшчэ бясформеннае стварэнне там, у глыбокіх тайніках яе цела! Зноў перад вачыма той вечар: яна сядзіць у пакоі перад адчыненым акном. Бернар недзе ў садзе. Чуваць яго словы: «Не запальвай святла, бо наляцяць камары!» Яна падлічвала, колькі месяцаў засталося да нараджэння дзіцяці. О! Як жа ёй хацелася верыць у Бога! Тады яна магла б прасіць і маліць яго, каб гэтая невядомая істота, што ўжо трапечацца ў ёй, ніколі так і не ўбачыла свету...

 

VI

 

Анна з бацькамі паехала ў падарожжа. Надышлі дні поўнай адзіноты. Дзіўна, але гэтую пару Тэрэза прыгадвае цьмяна. У Аржалузе, дзе, як было дамоўлена, ёй трэба было пабачыцца з гэтым Азеведа і прымусіць яго сысці з дарогі Анны, яна толькі і думала што пра адпачынак, спакой, сон. Бернар згадзіўся пажыць не ў сваіх бацькоў, а ў Тэрэзы. Тут было больш утульна, дый усе гаспадарчыя турботы можна было перакінуць на цётку Клару. Тэрэза не заўважала людзей, жыла сама па сабе: а што ёй да іншых? Хай жывуць, як могуць! Адзіным яе клопатам было бясконцае чаканне, калі ж нарэшце прыйдзе час родаў... Бернар ёй абрыдзеў са сваімі штодзённымі напамінамі пра сустрэчу з Жанам Азеведа. Тэрэза груба яго абрывала. І ўвогуле, ёй усё цяжэй і цяжэй было выносіць гэтага чалавека. Можа, прычынай яе такога настрою была цяжарнасць? Бернар, ва ўсякім разе, так і думаў. Прыкладна ў гэты час у Бернара з'явіліся першыя сімптомы падазронасці, якія характэрныя людзям яго складу, хоць і выяўляюцца да трыццацігадовага ўзросту рэдка. Усё часцей і часцей яго ахоплівала пачуццё страху, якое так не пасавала гэтаму дужаму, моцна скроенаму мужчыне. Але як яму можна было пярэчыць, калі ён усхвалявана прызнаваўся: «Вы ведаеце, што я адчуваю...» Гэтыя нашчадкі сытых, бяздзейных, гультаяватых пакаленняў - толькі з выгляду асілкі. Яны - нібы тая хвоя, што пасадзілі ў добра ўгноеную зямлю: расце хутка, але ж хутка гніе і яе стрыжань. І даводзіцца дрэва спілоўваць, а яму яшчэ б расці ды расці...

«Гэта - ад нерваў», - супакойвалі Бернара. Аднак сам ён ужо не сумняваўся: яго здароўе і ўсё яго жыццё дало расколіну. Гэта ж неверагодна: ён страціў апетыт і яму зусім не хочацца есці. «Чаму табе не схадзіць да доктара?» - Бернар паціскаў плячыма, робячы выгляд, што зусім не клапоціцца пра сябе. На самай жа справе невядомасць здавалася яму не такой страшнай, як прыгавор урача: а раптам гэта будзе смяротны прыгавор. Па начах ён палохаў Тэрэзу: то ўскокваў з пасцелі, то неяк страшна хрыпеў. Ён браў яе руку і прыкладваў да свайго сэрца, каб яна паслухала, як няроўна яно б'ецца. Яна запальвала свечку, уставала і прыносіла яму валяр'янкі. «А што, калі б гэта было не лякарства, а... - думае Тэрэза. - Толькі ў небыцці - сапраўдны спакой, моцны і салодкі сон. Чаму ж тады гэты ныцік так баіцца таго, што супакоіла б яго назаўсёды...»

Ён засынаў першы. І побач з гэтым вялікім целам мужчыны, які сваім храпам і сапеннем даводзіў яе да гарачкі, доўга яшчэ не магла заснуць Тэрэза. Слава Богу, больш ён яе не чапаў. Гэта цяпер Бернар лічыў самай небяспечнай нагрузкай для свайго сэрца. Ужо прачыналіся і будзілі ваколіцы пеўні, ужо вецер даносіў гукі царкоўных званоў - тады толькі пачынала драмаць Тэрэза. А Бернар уставаў. Хуценька адзяваўся, на скорую руку, па-сялянску, спалоскваў халоднай вадой твар і бег на кухню. Там, нібы сабака, хапаў кавалак курыцы, скрылік халоднага мяса, лусту хлеба з часнаком, гронку вінаграду... Вось і ўся яда на цэлы дзень! Бернар карміў сабак. Тыя спрытна на ляту лавілі кавалкі і моцна ляскалі сківіцамі. Туманная раніца дыхала восенню. У такую пару Бернар зноў адчуваў сябе здаровым, да яго нібы вярталася маладосць. Падыходзіў час палявання на вехіроў. Трэба было рабіць прынаду: лавіць птушак, выколваць ім вочы і дрэсіраваць. Спраў хапала... У адзінаццаць гадзін ён заходзіў да Тэрэзы. Яна яшчэ была ў пасцелі.

- Ну як? Можа, такі падыдзеш да Жана? Мама ж непакоіцца, чакае ад цябе вестак...

- А як тваё сэрца?

- Ды не пытайся ты ў мяне пра гэтае сэрца! Як толькі напомніш, яно адразу пачынае балець. Мусіць, гэта ўсё ж такі ад нерваў. Як ты лічыш?

Але жонка заўсёды адказвала не так, як яму хацелася:

- А хто яго ведае... Тут толькі ты сам можаш здагадвацца. Хоць твой бацька і памёр ад грудной жабы, гэта яшчэ не значыць, што і табе трэба баяцца... Тым больш у твае гады... Урэшце, у тваім родзе наўрад ці хто меў здаровае сэрца... Ну, які ж ты смешны, Бернар! Чаму ты так баішся смерці? Няўжо ты думаеш, што свет без цябе не абыдзецца? Я дык упэўнена: абыдзецца і без цябе і без мяне... А ці не здаецца табе часам, Бернар, што ўсё жыццё такіх людзей, як мы, вельмі падобнае на замаруджаную агонію?..

Ён паціскаў плячыма: замучыць яна сваімі парадоксамі! Не такая ўжо і хітрая справа - быць разумніцай: бяры ды гавары тое, што ідзе насуперак здароваму сэнсу. Толькі дарэмна са мною марнуе яна сваё красамоўства! Лепш паберагла б яго для Жана Азеведа.

- Ну, калі ж ты нарэшце перагаворыш з ім? Ён жа хутка паедзе...

 

Цягнік імкліва ўразаўся ў начную цемру. Ужо Віляндро. Наступная станцыя - Сэн-Клер...

«Як жа пераканаць Бернара, што я ніколі не кахала яго?.. Які самаўпэўнены тып... Ён жа і ў думках гэтага не дапускае... Як і ўсе, хто не ведае, што такое сапраўднае каханне, гэты чалавек лічыць, што я ад рэўнасці пайшла на злачынства». Трэба яму растлумачыць, што ў той час ён яшчэ не быў ёй ненавісны, хоць трываць яго было ўжо цяжка. Але ёй і ў галаву не прыходзіла шукаць уцехі з другім мужчынай. Урэшце Бернар быў не такі ўжо і дрэнны... Яна цярпець не магла раманаў, дзе паказваліся выключныя, незвычайныя людзі, якіх ніколі не спаткаеш у жыцці.

Адзіным, каго яна калісьці лічыла цікавай асобай, быў яе бацька. Яна стварала арэол велічы вакол гэтага ўпартага радыкала і заядлага скептыка, які з нязменным поспехам мог давесці да ладу любую справу: землеўладальнік, прамысловец (акрамя лесапілкі ў Б., ён меў завод у Сэн-Клеры, дзе пераганялі смалу). А які палітык! Праўда, тут яму трохі замінала рэзкасць, але ягонае слова ў прэфектуры мела вялікую вагу.

А якая пагарда да жанчын! Нават да Тэрэзы! Пасля гэтай драмы ў сям'і ён тое і рабіў, што паўтараў адвакату: «Усе бабы - калі не ідыёткі, то істэрычкі!» У гэтым антыклерыкале і скептыку часам прабівалася нейкая цнатлівая сарамлівасць. Бывала, ён мог памурлыкаць сабе пад нос любоўныя песенькі Беранжэ, але ніколі не дазваляў, каб пры ім гаварылі на некаторыя далікатныя тэмы. Сталы чалавек чырванеў ад гэтага, нібы падлетак. Бернар, паўтараючы словы свайго айчыма, гаварыў пра яго: «Да шлюбу месьё Лярок не ведаў жанчын. А з таго часу, як стаў удаўцом, так і не завёў сабе палюбоўніцы. Пра гэта ж усе ведаюць... Так што цікавы тып твой бацька». І так яно і было. І калі здалёк бацька бачыўся Тэрэзе крыху прыхарошаным, то, разглядаючы яго зблізку, можна было заўважыць, які нізкі гэты чалавек. Ён рэдка бываў у Сэн-Клеры, бо не любіў сустракацца з Бернаравай сям'ёй, але, калі Тэрэза перабралася ў Аржалузу, пачаў прыязджаць часцей. Хаця пра палітыку гаварыць было забаронена, тым не менш у час абеду разгараліся страшэнныя, бясконцыя, дурныя спрэчкі, якія заўсёды канчаліся сваркай. Тэрэза не ўмешвалася ў такія размовы і нават ганарылася гэтым. Праўда, калі гаворка заходзіла пра рэлігію, яна часам заступалася за бацьку. Усе крычалі так моцна, што абрыўкі фраз даляталі нават да глухой цёткі Клары. І тады і яна кідалася ў бойку, перабіваючы ўсіх сваім жахлівым голасам. Абурэнне старой радыкалкі выходзіла на волю: «Я-то добра ведаю, што яны вырабляюць у гэтых манастырах!..» - «У глыбіні душы, - думала сабе Тэрэза, - цётка - самы набожны чалавек ва ўсёй гэтай кампаніі. Але яна аб'явіла адкрытую вайну таму, хто дапусціў, што яна з'явілася на свет глухой, непрыгожай і так памрэ, не зведаўшы ні кахання, ні мужчынскай ласкі...»

Пасля таго, як пакрыўджаная мадам дэ ля Траў аднойчы пайшла з-за стала, усе стараліся пазбягаць абстрактных тэм. Але досыць было і размоў пра палітыку, каб парушыць спакой і вывесці ўсіх з раўнавагі. Усе гэтыя людзі - і правыя і левыя - сыходзіліся толькі ў адным: уласнасць - вось адзінае, дзеля чаго варта жыць на гэтым свеце. І лепш за ўсё - зямля. Дык ці варта тады псаваць адзін аднаму нервы, крычаць, спрачацца? А калі ўжо пускаць пыл у вочы, то трэба ж ведаць хоць нейкую меру. Тэрэза, гэтая «ўласніца па крыві», патрабавала, каб пытанне ставілася рубам. Яна не магла спакойна слухаць крывадушных пустых фраз, якімі бацька і свёкар прыкрывалі свае сапраўдныя мэты. І калі бацька з пафасам гаварыў пра «сваю адданасць справе дэмакратыі», яна перабівала яго: «Не старайся, бацька: мы ж тут усе свае. Слухаць брыдка гэтую высакапарнасць». Яна ніяк не магла зразумець, пра які трагічны канфлікт класаў можна гаварыць у краіне, дзе самы дробны ўласнік на тое і жыве, каб павялічыць сваё багацце? У краіне, дзе агульная любоў да зямлі, да палявання, да смачнай ежы і добрага пітва параджае сапраўднае братэрства паміж буржуа і селянінам...

Што ж, Бернар быў адукаваным чалавекам. І стаяў ён, бадай, вышэй за сваё асяроддзе. Тэрэза магла павіншаваць сябе: яе муж - «чалавек, з якім хоць можна пагаварыць...». Так думала яна, пакуль не пазнаёмілася з Жанам Азеведа.

А здарылася гэта тою восеньскай парою, калі начная прахалода трымаецца ўсю раніцу, а пасля снедання, як бы ні свяціла сонца, падымаецца лёгкі туман - прадвеснік яшчэ няскорага змяркання. Ужо ляцелі першыя вехіры, і Бернар прыходзіў дамоў толькі вечарам. Праўда, у той дзень ён-такі адважыўся і паехаў да доктара ў Бардо.

«Мне тады нічога не хацелася, - думае Тэрэза. - Выйшла на дарогу трохі прайсціся: цяжарнай жанчыне карысна хадзіць пехатой. У лес старалася не заходзіць, бо там гэтыя паляўнічыя: асцерагайся, спыняйся на кожным кроку, падавай сігнал свістам і чакай, пакуль табе дазволяць ісці далей. А бывае, што ў адказ пачуеш працяжны свіст, значыць, у дубняк апусцілася чарада вехіроў і трэба затаіцца і ціхенька стаяць... Потым я вярнулася, падрамала трохі ў гасцінай. Вакол тупала цётка Клара са сваімі бясконцымі расказамі пра кухню і ферму. Я, бадай, не звяртала ніякай увагі на гэтую векавуху, гатовую кінуцца выконваць мой кожны капрыз. А яна ўсё гаварыла і гаварыла, абы толькі не слухаць самой. Гэта былі страшныя гісторыі з жыцця фермераў: то пра старых, якія працавалі да самай смерці і мусілі паміраць з голаду, то пра хворых і калек, ад якіх адракліся ўсе родныя і блізкія, то пра жанчын, змучаных цяжкай, непасільнай працай... І з нейкай лёгкай весялосцю цётка пераходзіла часам на мясцовую гаворку і цытавала грубыя, сакавітыя слоўцы сваіх суседзяў-фермераў. Адносілася цётка да гэтых людзей з кранаючай заклапочанасцю. Але глыбока, усім сэрцам любіла яна толькі мяне. А я і не бачыла, як, стоячы на каленях, яна расшнуроўвала мае боцікі, здымала панчохі, грэла ў сваіх старэчых далонях мае ногі...

Потым зайшоў Бальён. Назаўтра ён ад'язджаў у Сэн-Клер, і яму трэба было атрымаць усе распараджэнні. Цётка склала спіс даручэнняў і разам з ім перадала старому слузе кіпу рэцэптаў для хворых з Аржалузы: «Перш-наперш вы зойдзеце ў аптэку, каб Даркэ паспеў падрыхтаваць усе лякарствы да вашага ад'езду».

Першая сустрэча з Жанам... Хочацца ўспомніць кожную дробязь... Сама не ведаю, чаму я пайшла да таго будана, дзе некалі ў час летніх вакацый мы бывалі з Аннай і дзе, як я ўжо цяпер ведала, яна сустракалася з гэтым Азеведа. Не, я пайшла туды зусім не дзеля таго, каб пабачыць месца, з якім звязана столькі светлых успамінаў. Проста хвоі ў тым баку так разрасліся, што там ужо немагчыма было паляваць на вехіроў і можна было не баяцца, што перашкодзіш паляўнічым. Ды і будан ужо быў непрыдатны для палявання: лес шчыльна абступіў яго, засланіў далягляд. Каб толькі не забыць: кастрычніцкае сонца яшчэ добра прыгравала; я стамілася ісці па пяску; не давалі спакою мухі... А як цяжка мне было несці свой жывот! Я так марыла пасядзець на старой трухлявай лаўцы ў будане! Калі я адчыніла дзверы, то твар у твар сутыкнулася з маладым чалавекам без галаўнога ўбору. Я адразу пазнала Жана Азеведа і спачатку падумала, што перашкодзіла яго любоўнаму спатканню: надта ж ён выглядаў збянтэжана. Але дзіўная рэч - як толькі я хацела пайсці, ён стаў угаворваць мяне: «Ну, што вы, мадам, калі ласка, праходзьце, вы мне зусім не перашкодзілі». Чаму ён тады спытаўся, ці відно знадворку, што робіцца ў будане?.. Я зайшла і была страшэнна здзіўлена, што, акрамя Жана, у будане нікога няма. Можа, пастушка вышмыгнула праз другі выхад? Але ж ні адна галінка не трэснула, пакуль мы стаялі ля ўваходу. Ён таксама пазнаў мяне і першы загаварыў пра Анну. Я села, ён стаяў - у той самай позе, як на фатаграфіі. Я разглядала яго лёгкую кашулю і спрабавала адгадаць, дзе тое месца на грудзях, якое я праткнула на здымку шпількай; я глядзела на яго з цікавасцю, але без хвалявання. І міжволі прыгадаліся словы Анны: «Я прыціскаю сваю руку туды, дзе б'ецца яго сэрца (гэта ён заве «апошняй дазволенай ласкай»...). Ці быў ён прыгожы? Высокі, цудоўны лоб, аксаміцістыя вочы, уласцівыя яго племені, паўнаватыя шчокі і прышчыкі - прыкмета ўсхваляванай крыві ў юнакоў яго ўзросту. Асабліва непрыемна было адчуваць яго мяккую, вільготную далонь, якую ён яшчэ паспеў выцерці хустачкай. Але вочы і гарачы позірк былі прыгожыя. Мне спадабаўся і яго вялікі, трохі разяўлены рот, дзе бялелі моцныя вострыя зубы, - здавалася, ён вось-вось высуне язык, як малады сабака ў спёку.

А я сама? Што ж, я трымалася так, як і належыць чалавеку з сям'і Дэскейру: гаварыла пагардліва, рэзка і абвінаваціла яго: «Ты ж унёс смуту і разлад у такую паважаную сям'ю...» Ах, якое непрытворнае было яго здзіўленне - гэты хлапец шчыра разрагатаўся: «Як? Дык вы лічыце, што я хачу ажаніцца з Аннай? Вы думаеце, што я замахнуўся на яе гонар?» Я атарапела, і мне адразу стала ясна, якая бездань аддзяляе Анну ад гэтага раўнадушнага юнака. Ён актыўна абараняўся: «Як можна ўстаяць перад чароўнасцю такой дзяўчыны? Але ж пагуляць нікому не забаронена. І якраз таму, што тут і гаворкі пра шлюб быць не магло, гэтая гульня мне здавалася бяскрыўднай. Я, вядома, толькі рабіў выгляд, што падзяляю намеры Анны...» І калі я высакамерна спыніла яго, ён горача запярэчыў, што сама Анна можа засведчыць яго прыстойнасць - далёка ён ніколі не заходзіў, і, урэшце, мадмуазэль дэ ля Траў павінна быць удзячнай яму за тыя хвіліны сапраўднай страсці - хутчэй за ўсё адзіныя, якія адпушчаны ёй у гэтым сумным, змрочным жыцці. «Вы кажаце, што яна пакутуе, але паверце мне: такія пакуты - гэта самае лепшае, чаго яна можа чакаць ад свайго лёсу. Я многа чуў пра вас і ўпэўнены, што вам гэта можна сказаць, бо вы непадобныя на тутэйшых мяшчан. Што чакае гэтую дзяўчыну? Нуда і гібенне ў якім-небудзь старым доме Сэн-Клера! У гэтае невясёлае падарожжа па жыцці я даў ёй з сабой запас пачуццяў, мараў, успамінаў, якія, магчыма, выратуюць яе ад адчаю ці, ва ўсякім разе - ад атуплення». Нешта я не прыпомню, ці раззлавала мяне гэтая прэтэнцыёзнасць, гэтая самаўпэўненасць?.. А можа, наадварот - спадабалася... Праўду кажучы, ён гаварыў так хутка, што я ледзьве паспявала разумець яго. Потым я ўсё ж прывыкла да яго шматслоўя. «Паслухайце, мадам! Няўжо вы сапраўды лічыце, што я хацеў гэтага шлюбу? Мне - кінуць якар у гэтым пяску або ўзяць на сябе такую абузу і везці гэтае дзяўчо ў Парыж? Я, безумоўна, зберагу ў памяці цудоўны вобраз Анны. І ў тую хвіліну, калі вы засталі мяне тут, у будане, я якраз думаў пра яе... Але, мадам, хіба можна спутаць самому сабе ногі, прыкаваць сябе да аднаго месца. Кожнае імгненне павінна прыносіць сваю асаблівую радасць, адметную ад усяго таго, што ты ўжо меў». Спалучэнне гэтай маладой жывёльнай прагнасці і цвярозага розуму ў адной асобе здалося мне такім незвычайным, што я слухала і не перабівала. О! Жанавы словы асляпілі мяне! Праўда, таннай мішурой! Але ўсё ж такі асляпілі!.. Помню, як пачуліся званочкі і галасы пастухоў: у наш бок падыходзіў статак авечак. Я тады сказала Жану, што будзе няёмка, калі нас дваіх убачаць у гэтым будане. І мне захацелася пачуць у адказ: «А давайце прытаімся і ціхенька перачакаем, пакуль пройдзе статак...» Мяне б так парадавала гэтае маўклівае чаканне, нібы мы абое супольнікі (вось і я ўжо рабілася патрабавальнай - мне хацелася, каб кожная хвіліна даравала мне новыя пачуцці і перажыванні)... Але Жан Азеведа паслушна адчыніў дзверы і ветліва прапусціў мяне наперад. Адважыўся ён правесці мяне да Аржалузы толькі тады, калі ўпэўніўся, што я супраць гэтага нічога не маю. Якой жа кароткай здалася мне тады дарога! Мы так нагаварыліся!.. І да чаго ж цікава ўмеў ён расказваць пра рэчы, якія я быццам бы і ведала... Калі зайшла гаворка пра рэлігію і я пачала гаварыць пра тое, што і звычайна, ён спыніў мяне: «Усё гэта так, мадам. Але ўсё гэта куды больш складана...» І з яго вуснаў ляцелі такія арыгінальныя довады, што я была проста ў захапленні. А ці было чым захапляцца?.. На цяперашні розум я і слухаць не захацела б гэтай лухты: ён гаварыў, што доўгі час быў перакананы, што самае галоўнае ў жыцці - гэта пошук Бога: «Больш, чым смерці, баяцца, уцякаць ад усіх тых, хто ўбіў сабе ў галаву, што ён знайшоў Бога, хто супакоіўся і закасцянеў, хто зрабіў сабе бярлогу, каб толькі драмаць у ёй... Як жа ўсё гэта агідна!..»

Ён папытаўся ў мяне, ці чытала я кнігу Рэнэ Базэна* «Жыццё айца Фуко». У адказ я неяк няшчыра, ненатуральна засмяялася. І тады ён сказаў, што гэтая кніга ашаламіла яго. «Жыць у небяспецы, у самым глыбокім сэнсе гэтага слова, - дадаў ён, - гэта, бадай, і азначае, што чалавек не так шукае, як ужо знайшоў свайго Бога і ідзе па шляхах боскіх...» Ён быў на вяршыні шчасця ад «Жыція містыкаў», скардзіўся, што ў яго неўтаймаваны характар і ён толькі таму не можа пайсці ўслед за містыкамі, што «колькі сябе помніць, ніколі не быў дастаткова чысты для гэтага».

* Рэнэ Базэн (1853-1932) - французскі пісьменнік-раманіст. Аўтар раманаў «Усёй душой», «Адзінокая», «Сёння і заўтра», «Чарнільная пляма» і інш. Ф.Марыяк прысвяціў яму манаграфію, выдадзеную ў 1931 г.

Гэтая бессаромнасць, гэтая лёгкасць, з якой ён паказваў усё сваё нутро - якое ж усё гэта было новае ў параўнанні з нашай правінцыяльнай скрытнасцю і замоўчваннем усяго, што датычылася ўласнай натуры. Усе размовы і плёткі ў Сэн-Клеры ідуць толькі вакол таго, што наверсе, перад вачыма, а сэрцы там ніколі не адкрываюцца... Ну што я, урэшце, ведаю пра Бернара? Намалявала сабе карыкатуру, а можа, у ім хаваецца штосьці куды больш значнае, важнае?..

Жан гаварыў, а я маўчала і слухала. На язык прыходзілі толькі збітыя, шэрыя фразы з нашых бесталковых сямейных спрэчак. Падобна да таго, як у нас у ландах вазы робяць «па каляіне», гэта значыць, з дастаткова шырокім ходам, каб колы пападалі ў наезджаную каляіну, так і мае думкі да гэтага дня ішлі «па каляіне» майго бацькі і свёкра.

Жан крочыў побач. Як цяпер бачу я гэтую расшпіленую кашулю, што прыкрывала яшчэ зусім хлапечыя грудзі і моцную шыю... Ці цягнула мяне да яго? Ды не, беражы Бог! Але мне ўпершыню сустрэўся чалавек, які самым галоўным у жыцці лічыў работу мозга, разумовую працу. Увесь час ён гаварыў пра сваіх парыжскіх настаўнікаў, сяброў, прыводзіў іх думкі, расказваў пра кнігі - лічыць яго нейкім вундэркіндам я, бадай, не магла: ён уваходзіў у кагорту тых выбраных людзей, хто, па яго словах, «жыве па-сапраўднаму». Адна за адной сыпаліся на мяне цытаты, імёны, і Жан нават не дапускаў, што я магу іх не ведаць. А я і выгляду не падавала, што чую ўсё гэта ўпершыню.

Калі за павароткай паказаліся жытнёвыя палеткі і ўскраіны Аржалузы, я міжвольна ўсклікнула: «Як? Ужо?..» Даўно ўжо прайшло жніво. Над панурым малаўрадлівым полем віліся сінія клубы дыму: сёння тут палілі пустазелле. Уздоўж дарогі, нібы паток разлітага малака, плыў статак авечак...

Тут Жану трэба было паварочваць і цераз поле ісці дамоў у Вільміжа. Я сказала, што правяду яго: «Усё, што я сёння пачула - гэта так цікава...» Але раптам мы абое зразумелі, што больш гаварыць няма пра што. Ісці па ржышчы мне было цяжка: нават у сандалях калола ў ногі. Мне здалося, што яму захацелася хутчэй застацца аднаму і цалкам аддацца сваім думкам. Я нагадала яму, што мы так і не пагаварылі пра Анну. «Мы не свабодныя ў выбары тэм для размоў, ды, відаць, і думак. Інакш нам трэба было б прыняць метады і правілы містыкаў, - амаль з выклікам адказаў ён. - Такія людзі, як мы, заўсёды плывуць з вадой па цячэнні...»

Мы дамовіліся спаткацца яшчэ раз, каб разам падумаць, што рабіць з Аннай. Ён гаварыў рассеяна і раптам, не слухаючы мяне, нахіліўся і з дзіцячай радасцю паказаў мне баравік, панюхаў аго і дакрануўся губамі да шапачкі.

 

VII

 

Бернар сядзеў на ганку і чакаў. Вось у вячэрнім змроку з'явілася постаць Тэрэзы. «Паслухай, у мяне нічога не знайшлі! Нічога! - радасна закрычаў ён. - І хто мог падумаць, што ў мяне малакроўе! Гэта ў мяне, з маімі біцэпсамі і мускулатурай! Але што зробіш: па знешнасці нічога не ўгадаеш. Вазьмуся за лячэнне. Буду прымаць каплі Фаўлера* - яны з мыш'яком. Галоўнае цяпер - апетыт...»

* Томас Фаўлер (1736-1801) - ангельскі лекар. Яго імя дадзена «каплям Фаўлера», якія рэкамендуюць пры нервовых захворваннях і адсутнасці апетыту.

Тэрэза ўспамінала, што спакойна выслухала ўсё гэта: не раздражняў яе нават і занудлівы тон Бернара. Яна як быццам не чула мужавых слоў, бо душой і целам ужо была прывязана да другога свету, свету людзей, якія прагнуць жыцця, імкнуцца ў ім разабрацца, усё спасцігнуць, зразумець і стаць, як паўтараў Жан, «самымі сабой».

Калі за сталом Тэрэза нарэшце загаварыла пра сустрэчу з Жанам, Бернар захваляваўся: «Як? І ты маўчыш? Ну, ты зусім у мяне дзівачка! Ну як? Што вы з ім вырашылі?»

Тэрэза на хаду прыдумала план, які пасля і сапраўды здзейсніўся: «Жан Азеведа згадзіўся напісаць Анне пісьмо, у якім ён вельмі тактоўна і далікатна пазбавіць дзяўчыну ўсялякай надзеі». Бернар яхідна засмяяўся, калі Тэрэза паведаміла, што малады чалавек зусім і не дамагаўся рукі Анны: як, каб нейкі Азеведа не мроіў узяць за жонку мадмуазэль дэ ля Траў!

- Ты пры сваім розуме? Ён жа нюхам чуе, што яму тут нічога не перападзе! А такія людзі, як ён, ніколі рызыкаваць не будуць, калі ёсць хоць доля сумнення. О! Якая ж ты ў мяне даверлівая!

Лямпы не запальвалі, каб не наляцела камароў, і Бернар не бачыў, як на яго паглядзела Тэрэза. Да яго вярнуўся апетыт. Не дарэмна ён ездзіў у Бардо - доктар зноў паставіў яго на ногі.

 

«Ці часта я бачылася з Жанам? Ён паехаў у канцы кастрычніка... Здаецца, пяць ці шэсць разоў... Ды яшчэ тая прагулка, калі мы з ім складалі разам пісьмо да Анны. Як жа стараўся гэты юнак падабраць мяккія гаючыя словы!.. Я больш маўчала, хоць і поўнасцю адчувала іх бязлітаснасць і жорсткасць... Чамусьці зліваюцца ў памяці нашы апошнія сустрэчы ў нешта адно... Жан апісваў мне Парыж, сваіх сяброў, і я пачынала ўжо бачыць гэты ягоны свет, дзе пануе адзіны закон: стаць самім сабой. «Тут вы ўсе асуджаны лгаць да самай смерці». А чаму ён так сказаў? Куды ён хіліў? Што ён падазраваў? «Не магу сабе ўявіць, - гаварыў ён, - як вы можаце жыць у гэтым удушлівым асяроддзі. Паглядзіце навокал: усюды бясконцае, аднастайнае балота, пакрытае лёдам, які скаваў душы людскія! Часам лёд дасць трэшчыну, бачыш чорную ваду: нехта біўся там з апошніх сіл, пайшоў на дно, і зноў усё пакрываецца лёдам... бо кожны тут, як і ўсюды, нараджаецца са сваім уласным законам, кожны тут, як і ўсюды, мае сваю долю, і, тым не менш, усе жывуць ва ўладзе адзінага для ўсіх сумнага лёсу. Сёй-той спрабуе бунтаваць, і тады ў шаноўных сем'ях узнікаюць драмы, якія так старанна замоўчваюцца. Як тут кажуць: «Лепш памаўчаць...»

«Так яно і ёсць! - вырвалася ў мяне. - Колькі разоў дапытвалася я пра лёс сваякоў - дзядзькі, дваюраднага дзядулі, бабулі, чые фатаграфіі зніклі з усіх альбомаў, - і ніякага адказу! І толькі аднойчы мне сказалі: «Ён знік... так было трэба...»

А ці не баяўся Жан, што і мяне чакае такая доля?.. Ён кляўся, што яму і ў галаву не прыйшло б гаварыць пра такое з Аннай, якая, нягледзячы на сваё палкае каханне, - натура залішне простая, пасрэдная, звычайная: пастаяць за сябе не можа і вельмі хутка скарыцца. «Але вы! У кожным вашым слове я адчуваю прагу шчырасці...» Ці варта гэта пераказваць Бернару? Ды трэба быць вар'ятам, каб паверыць, што гэты чалавек хоць што-небудзь тут зразумее! Але няхай бы ведаў, што я, прынамсі, не здавалася без барацьбы. Помню, як аднойчы я запярэчыла гэтаму маладому чалавеку, што ён хавае за прыгожымі фразамі самае агіднае прыняцце маральнага падзення. Я нават спрабавала знайсці падтрымку ў тых лекцыях па этыцы і маралі, што нам чыталі ў ліцэі. «Быць самім сабой? - паўтарала я. - Але ж мы - гэта толькі тое, што мы робім самі з сябе». (Ці трэба развіваць гэтую думку? Для Бернара, мусіць, трэба.) Жан не згаджаўся са мной і даказваў, што самае горшае падзенне - гэта адрачэнне ад самога сябе. Ён сцвярджаў, што не было ніводнага героя ці святога, якому б не давялося пераадолець сваю натуру і ва ўсёй паўнаце раскрыць сваё «я». «Каб знайсці Бога, трэба перасягнуць самога сябе», - паўтараў ён. І яшчэ: «Сцвярджэнне свайго «я» патрабуе ад лепшых з нас, каб мы выступілі супраць саміх сябе адкрыта, без хітрасці, у самай сумленнай дуэлі. Менавіта таму і здараецца, што той, хто «пераадолеў сябе», «вызваліўся», часта добраахвотна звязвае сябе путамі самай абмежаванай рэлігіі».

Не варта спрачацца з Бернарам, наколькі абгрунтавана такая мараль; можна нават пагадзіцца з ім, што ўсё гэта - нікчэмныя сафізмы, але няхай жа ён зразумее, няхай пастараецца зразумець, як усё гэта было цікава, як гэта захапляла мяне. І што пасля такіх размоў магла я адчуваць у нашай гасцінай у Аржалузе?.. Побач, на кухні, Бернар сцягваў з сябе боты і на мясцовай гаворцы расказваў пра сваю здабычу на паляванні. На стале, нібы жывы, курчыўся і трапятаўся паляўнічы мяшок: там біліся злоўленыя вехіры. Потым Бернар садзіўся вячэраць. Еў марудна, смакаваў кожную страву і радаваўся, што апетыт не пакінуў яго назаўсёды. Пасля вячэры з любоўю адлічваў кроплі фаўлера: «Вось дзе маё здароўе», - любіў ён паўтараць. У каміне патрэсквалі дровы, і варта было толькі павярнуць сваё крэсла, каб адчуць усім целам прыемную ласку агню. Часам пасля дэсерту ён браў у рукі мясцовую газетку і пачынаў драмаць. Дыхаў ён спакойна, роўна, вельмі ціха і толькі зрэдку пахрапваў. Жонка Бальёна шаркала шлёпанцамі на кухні, потым прыносіла падсвечнікі са свечкамі... А потым наставала цішыня! Сапраўдная аржалузская цішыня! Той, хто не быў у гэтай глухамані, не ведае, што такое цішыня: яна акружае дом густой цёмнай масай, падобнай на начны лес, дзе ўсё замірала і толькі зрэдку вухкала сава (і тады ўдавалася, што ў цемры нехта жаласна плача).

Асабліва востра я пачала адчуваць гэтую жудасную цішыню пасля ад'езду Жана. Пакуль я ведала, што заўтра зноў пабачуся з ім, змрок і цішыня ночы так не прыгняталі мяне. Адно тое, што ён спаў зусім недалёка, уносіла ў гэтую непраглядную цемру, у гэтую ўсяленскую цішыню іскрынку жыцця і надзеі. І вось ён паехаў. На апошнім спатканні ён абяцаў, што мы сустрэнемся праз год, калі я ўжо буду «свабодная». (Далібог, не ведаю, які сэнс ён укладаў у гэтае слова. Магчыма, што і яго даканала гэтая пустэча і цішыня, а мной ён даражыў, як адзінай субяседніцай.) З таго дня, як ён паехаў, я быццам ішла па бясконцай пячоры, дзе ўсё згушчаецца і згушчаецца цемра. І я часта пыталася ў сябе, ці ўдасца мне выбрацца на прастор, на свежае паветра, або мне суджана так і задыхнуцца тут? Але да студзеня, да маіх родаў нічога не змянілася...

У гэтым месцы сваіх успамінаў Тэрэза ў нерашучасці спыняецца. Ёй хочацца, ой як хочацца абысці ўсё тое, што адбылося на трэці дзень пасля ад'езду Жана: «Не! Не! Нашто мне ўсё гэта, калі яно не мае ніякіх адносін да справы. Я і так усё растлумачу Бернару! Няма ў мяне часу блукаць у гэтых успамінах!..» Але чалавечая памяць упартая: немагчыма перагарадзіць ён дарогу... І перад вачыма зноў той кастрычніцкі вечар... Бернар ужо быў наверсе, у спальні, і раздзяваўся. Тэрэза сядзела ля каміна, чакала, пакуль згарыць апошняе палена, і радавалася, што хоць хвілінку можа пабыць адна. «Што цяпер робіць Жан Азеведа? - думала яна, гледзячы на агонь. - Можа, сабе выпівае ў тым маленькім бары, пра які ён столькі расказваў? А можа, разам са сваім сябрам катаецца ў аўтамабілі па начным бязлюдным Булонскім лесе? Магчыма, працуе за пісьмовым сталом, а за вокнамі глуха гудзе Парыж? Жан сам стварае сабе цішыню, адваёўваючы яе ад гарадскога грукату. І гэта іншая цішыня, зусім не такая, што душыць мяне тут. Там цішыня не сягае далей, чым святло лямпы, не далей за кніжныя паліцы...»

Раптам на дварэ забрахаў, а потым радасна заскавытаў сабака. Яго супакойваў знаёмы, стомлены голас. Анна дэ ля Траў адчыніла дзверы. Цёмнай восеньскай ноччу яна адна пехатой прыйшла з Сэн-Клера. На маленькім, адразу пастарэлым тварыку ліхаманкава блішчалі вочы. Яна кінула на крэсла капялюшык, спыталася: «Дзе ён?»

Тэрэза і Жан напісалі пісьмо, адправілі яго і вырашылі, што справа скончана. Магчымасць таго, што Анна будзе змагацца за сваё шчасце, была поўнасцю скасавана... Але хіба чалавек слухаецца лагічных довадаў і разважанняў, калі гаворка заходзіць пра само яго жыццё!.. Анне ўдалося ўцячы з-пад нагляду маці і сесці на цягнік. Па цёмнай дарозе да Аржалузы яе вяла светлая палоска неба паміж вершалінамі прысад. «Пабачыцца з ім! Чаго б гэта ні каштавала! Калі мы ўбачымся, я зноў заваюю яго! Толькі б пабачыцца!» З гэтай адзінай думкай спяшалася яна ў Аржалузу: ішла, бегла, спатыкалася на калдобінах... І вось Тэрэза гаворыць, што Жан паехаў, што ён у Парыжы. Анна не верыць, яна не можа ў гэта паверыць, гатовая ўпасці ад стомы і адчаю.

- Ты лжэш! Ты заўсёды мне хлусіла!

Не слухаючы Тэрэзы, яна дадае:

- А! Дык і ты заадно з гэтай сямейкай! Знайшлася мне вольная і незалежная!.. А выйшла замуж і бачыш, як ты заспявала! Канешне, ты хацела, каб лепш было мне!.. Прадала мяне дзеля маёй жа карысці! Ды не старайся ты! Не трэба мне нічога тлумачыць!

Яна пайшла да дзвярэй.

- Ты куды? - спыталася Тэрэза.

- У Вільміжа, да яго!

- Я табе яшчэ раз гавару, што яго няма там.

- Я не веру табе!

Анна выйшла. Тэрэза запаліла ліхтар, што вісеў у прыхожай, і дагнала яе.

- Ты пайшла не ў той бок. Гэта дарога на Біурж. А табе трэба вунь туды.

Над сенажаццю стаяў густы туман. Недзе забрахалі сабакі. Вось нарэшце і знаёмыя дубы... Адзінокі, сонны, мёртвы дом... Анна падыходзіць да гэтага магільнага склепа і абедзвюма рукамі стукаецца ў дзверы. Тэрэза паставіла ліхтар на зямлю і нерухома стаіць. Яна бачыць, як лёгкая фігурка, нібы здань, прыпадае да кожнага акна ніжняга паверха. А ў галаве адно толькі слова - «Жан». Але не сарвецца яно з дзявочых вуснаў, не пабудзіць гэтай магільнай цішыні... На хвіліну яна знікае за домам, зноў выходзіць, садзіцца на парог і, абхапіўшы рукамі твар, утыкаецца ў калені... Горкія дзявочыя слёзы... Тэрэза падымае сяброўку і вядзе за сабой. Тая, як п'яная, увесь час спатыкаецца і ўсё паўтарае:

- Заўтра я паеду ў Парыж. Парыж не такі ўжо і вялікі. Я знайду яго там...

Але ў яе голасе - апошняе супраціўленне дзіцяці, якое ўжо скарылася, але ніяк не хоча ўтаймавацца.

 

Бернар прачнуўся ад іх гоману, надзеў халат і чакаў у гасцінай. Не, ніколі не забыць Тэрэзе той сцэны, што разыгралася паміж братам і сястрой... Гэты чалавек, які змог груба схапіць за рукі змучанае няшчаснае дзяўчо, завалачы па лесвіцы на трэці паверх, кінуць у спальню і замкнуць дзверы, - гэты чалавек - твой муж, Тэрэза! Гэта той самы Бернар! І праз дзве гадзіны ён будзе тваім суддзёй... Гонар сям'і - гэта Бернараў шчыт, і гэты чалавек заўсёды, пры любых абставінах, ведае, што трэба рабіць дзеля інтарэсаў сям'і... Ты вось са страхам і трывогай рыхтуеш апраўдальную прамову. Але ж толькі людзі без сваіх прынцыпаў могуць пачуць і зразумець чужыя довады. Бернар пасмяецца з тваіх апраўданняў: «Я ведаю, што мне трэба рабіць». Ён ведае. Гэта праўда. А калі ўсё ж і ўзнікнуць сумненні, то ён скажа: «Мы абмеркавалі гэта ў сям'і і лічым, што...» Няўжо ты думаеш, што ён яшчэ не вынес табе прыгавору? Лёс твой вырашаны раз і назаўсёды, так што лепш пастарайся заснуць.

 

VIII

 

Пасля таго, як бацькі забралі зламаную Анну дамоў, у Сэн-Клер, Тэрэза амаль да самых родаў жыла ў Аржалузе. Вось калі яна як мае быць спазнала цішыню тых бясконцых лістападаўскіх начэй! Пісьмо, пасланае Жану Азеведа, засталося без адказу. Напэўна, ён вырашыў, што нічога, акрамя нуды, перапіска з нейкай правінцыялкай яму не дасць. Да таго ж цяжарная жанчына... А што можа быць прыемнага ў такім успаміне? Магчыма, цяпер, на адлегласці, Тэрэза здавалася гэтаму парыжскаму шалапуту прэснай і нецікавай? Канешне, яму больш даспадобы прытворная вытанчанасць, ускладнёнасць, рысоўка. Але што ён мог зразумець у гэтай падманлівай прастаце, у гэтым ясным прамым позірку, у гэтых упэўненых рухах?.. Відаць, і яе ён лічыў здольнай злавіць яго на слове, гатовай усё кінуць і бегчы за ім. Жан Азеведа асцерагаўся жанчын, якія занадта хутка здаюцца і складаюць зброю, калі мужчына яшчэ нават не паспеў зняць асады. Больш за ўсё на свеце ён баяўся такіх перамог!

Між тым Тэрэза імкнулася зразумець духоўны свет гэтага юнака. Але кнігі, якія яна выпісала з Бардо, здаліся ёй незразумелымі. А Жан быў ад іх у захапленні!

Марудна ішоў час. Тэрэза жыла, нічога не робячы. І дарэмна было б угаворваць яе шыць пялёнкі ці распашонкі будучаму дзіцяці. «Ого! Гэта не для яе...» - з папрокам гаварыла свякроў.

У вёсцы шмат жанчын памірае пры родах. І Тэрэза да слёз даводзіла сваю цётку, паўтараючы, што і ёй гэтага не вытрымаць, і яна памрэ, як некалі яе маці. І заўсёды дадавала, што ёй усё роўна: жыць ці памерці. Якая хлусня! Ніколі ёй так не хацелася жыць, як тады. Ды і Бернар ніколі так не клапаціўся пра яе. «Не, не мяне ён аберагаў, а таго, каго я насіла ў сабе». Дарэмна ён са сваім жахлівым мясцовым акцэнтам бубніў адно і тое: «Вазьмі яшчэ пюрэ... Не еш рыбы... Ты сёння і так ужо многа хадзіла...» Усё гэта пралятала міма вушэй, бо гэтак клапоцяцца пра наймічку-карміцельку, каб у яе было добрае малако. Бернар і яго бацькі бераглі мяне як свяшчэнны сасуд з будучым нашчадкам іх роду. І несумненна, што пры выпадку яны ахвяравалі б мною дзеля гэтага эмбрыёна. Я страціла адчуванне свайго ўласнага існавання. Для іх я была ўсяго толькі лазой вінаграднай: значэнне меў толькі плод, які выспяваў у маім лоне.

 

Вось так у змроку і адзіноце жыла я да канца снежня. Святло ад нашага панурага дома адгароджвала чорная сцяна хваёвага лесу. А тут яшчэ гэтыя бясконцыя асеннія дажджы!.. Зямля зрабілася непраходным балотам. Ужо ледзьве можна было праехаць па адзінай дарозе ў Сэн-Клер. І тады мяне перавезлі ў Бернараў дом. Тут было трохі больш святла, чым у нас, у Аржалузе. Старыя платаны на плошчы ўсё яшчэ змагаліся з ветрам і дажджом за свае апошнія лісты...

Цётка Клара не магла жыць у чужым доме і адмовілася пераехаць разам са мной. Але часта, нават у самую непагадзь, яна прыязджала да мяне ў сваім старым фаэтоне. Прывозіла мне гасцінцаў, ласункаў, якія я так любіла ў дзяцінстве, і як яна думала, люблю і цяпер: шэрыя жытнія пампушкі з мёдам, салодкі пірог пад назвай «фугас» ці «румаджад».

Анну я бачыла толькі за сталом. Яна ніколі са мной не размаўляла. З усім яна змірылася, асунулася і неяк адразу страціла сваю свежасць. Старанна зачасаныя назад валасы адкрывалі непрыгожыя, нібы з воску, вушы. Імя маладога Дэгілема называць пры ёй ніхто не адважваўся. Але мадам дэ ля Траў пераконвала мяне, што хаця Анна яшчэ не дала сваёй згоды на гэты шлюб, цяпер яна ўжо не гаворыць і «не». Ах, як разгадаў яе Жан! Нямнога ж спатрэбілася часу, каб накінуць на яе аброць і ўціхамірыць!

Бернару стала горш, бо ён зноў пачаў выпіваць перад абедам.

А пра што гаварылі гэтыя людзі вакол мяне? Добра памятаю гэтыя бясконцыя размовы пра кюрэ (мы жылі акурат насупраць яго). Яны ніяк не маглі даўмецца, чаму кюрэ на дзень па чатыры разы праходзіў цераз плошчу, а дамоў вяртаўся нейкай другой дарогай...

Успамінаючы свае размовы з Жанам Азеведа, Тэрэза цяпер лепш прыглядалася да гэтага яшчэ маладога святара. Ён нібы цураўся сваіх прыхаджан, і ўсе яны лічылі яго ганарліўцам: «Не такі тут патрэбен кюрэ». Ён быў рэдкім госцем у сям'і дэ ля Траў, але Тэрэза звярнула ўвагу на яго прыгожы высокі лоб і пабеленыя сівізной скроні. «Жыве сабе чалавек адзін: ні сяброў, ні знаёмых. Як жа ён бавіць час у гэтыя доўгія вечары?.. Чаму выбраў сабе такую дарогу?..» «Ён вельмі дакладна і строга выконвае ўсё, што патрабуецца, - гаварыла мадам дэ ля Траў. - Штовечар чытае малітвы, але не хапае яму божага дару. Пра яго не скажаш, што ён надта набожны. А наша дабрачыннае таварыства, ён жа яго зусім закінуў». Яна скардзілася, што кюрэ распусціў аркестр, створаны папячыцелем таварыства, перастаў вадзіць дзяцей на футбольныя матчы: «Гэта вельмі добра, што ён сядзіць, уткнуўшы нос у свае кнігі, але ж так нядоўга і прыход упусціць».

Тэрэза некалькі разоў хадзіла ў царкву, каб паслухаць кюрэ. «Ну, дарагая, што гэта вы сабе ўздумалі? У вашым становішчы можна і не хадзіць на службу». Пропаведзі святара тычыліся дагматаў, прынцыпаў маралі і былі залішне агульныя, безаблічныя. Але Тэрэзу цікавілі перапады ў яго голасе, інтанацыі, яго жэсты і рухі... Часам нейкае слова здавалася ёй асабліва значным... Ах, можа, ён дапамог бы разабрацца ў заблытаным клубку яе пачуццяў і думак? Ён жа такі непадобны на ўсіх астатніх... І ён таксама ўспрымае жыццё трагічна... Да сваёй глыбокай унутранай адзіноты ён дадаў яшчэ і пустыню, якую стварае сутана вакол таго, хто яе апрануў... Якую падтрымку, якое суцяшэнне мог ён знаходзіць у гэтых штодзённых царкоўных абрадах? Тэрэзе захацелася пайсці на яго службу ў будзённы дзень, калі ў царкве нікога не бывае, акрамя хлопчыка з хору, а святар, схіліўшыся над кавалачкам хлеба, мармыча малітву... Аднак пачэснае сямейства ды і ўсе жыхары гарадка ўспрынялі б гэта як страшэннае дзівацтва і пачалі б крычаць, што яна кінулася ў лона хрысціянства.

 

Колькі ні адпакутавала Тэрэза ў гэтую пару, але толькі пасля родаў яна па-сапраўднаму зразумела, што не зможа вынесці такое жыццё. Вонкава гэта ніяк не выяўлялася. Ніякіх сцэн з Бернарам. Да яго бацькоў яна ставілася з большай павагай, чым ён сам. Але трагедыя ў тым якраз і была, што не знаходзілася ніякіх падстаў для разрыву і нічога, здавалася, не можа перашкодзіць гэтаму нуднаму жыццю так цячы да самай смерці. Калі ў сям'і няма згоды, то для таго, каб адбыўся раскол, патрэбны сутычкі. Аднак Тэрэза амаль не сварылася з Бернарам і яшчэ менш - з яго бацькамі. Іх словы не даходзілі да яе, і ёй і ў галаву нават не прыйшло б адказаць гэтым людзям. Нябачная сцяна ўстала паміж ёю і імі. І адны і тыя ж, нават самыя значныя, словы разумеліся па-рознаму. А калі часам у Тэрэзы і вырываўся шчыры крык душы, то ўсе расцэньвалі гэта не інакш, як яшчэ адзін капрыз. «Я раблю выгляд, што не чую, - гаварыла мадам дэ ля Траў, - а калі яна настойвае на сваім, то не надаю ніякага значэння яе крыкам. Хай ведае: у нас такія выкрунтасы не праходзяць...»

Між тым было ў паводзінах нявесткі тое, што напраўду дапякала свекрыві. Тэрэза з сябе выходзіла (і гэта не заўсёды ўдавалася схаваць), калі сваякі і знаёмыя ахкалі, што маленькая Мары - вылітая мама: «От ужо дзе дачушка! Ад такой адрачыся ніяк нельга!..» А ў адказ чуўся злосны Тэрэзін голас: «Ды яна зусім на мяне непадобная! Паглядзіце, якая яна смуглая, вочы чорныя, як вугалькі. А вось мае фатаграфіі - я была бялявая дзяўчынка».

Тэрэза не хацела мець хоць што-небудзь агульнае з гэтай малечай, плоць ад плоці яе. І ўжо па гарадку пайшлі плёткі, што яна пазбаўлена мацярынскага пачуцця. «Што вы! Тэрэза па-свойму любіць дачку, - паўтарала мадам дэ ля Траў. - Вядома, ад яе не дачакаешся, каб яна паглядзела, як купаюць малую ці мяняюць пялёнкі. Гэта не ў яе звычаі. Але я сама бачу, як цэлымі вечарамі яна сядзіць над калыскай і ўсё глядзіць, глядзіць, як спіць Мары... Ведаеце, нават паліць перастала... Урэшце, нянька ў нас такая, што кожны пазайздросціць. Дый наша Анна тут. От ужо з каго будзе маці! Вось пабачыце!..»

І, праўда, з таго часу, як у доме з'явілася дзіця, Анна нібы ажыла. Жанчыну заўжды цягне да калыскі, але Анна была на сёмым небе, калі брала малую на рукі. Каб часцей забаўляцца з Мары, яна нават памірылася з Тэрэзай. Але як далёка было гэтае прымірэнне ад іх колішняй непадробнай, шчырай дружбы!.. Больш за ўсё Анна баялася, што ў Тэрэзы ўзнікне мацярынская рэўнасць: «Бо малая ведае мяне лепш, чым сваю маму: як убачыць - смяецца, радуецца. Учора Мары была ў мяне на руках, і калі Тэрэза хацела яе забраць, малая расплакалася. Яна больш любіць мяне, і мне нават няёмка перад Тэрэзай...»

 

Але дарэмна турбавалася Анна. У той перыяд жыцця Тэрэзу нічога не кранала, нават родная дачка. І людзей, і рэчы, і сваё цела яна ўспрымала як нейкі міраж, як густы туман, што навіс над яе істотай. У гэтым небыцці адзін толькі Бернар быў пачварнай рэчаіснасцю: яго дужая постаць, гугнявы голас, упэўнены тон і бясконцая самазадаволенасць... Пайсці, уцячы адсюль... Але як?.. І куды?..

Першыя гарачыя дні яшчэ больш прыгняталі Тэрэзу. Аднак нічога яшчэ не прадракала таго ўчынку, да якога яна ўжо была гатовая. Як прайшоў гэты год? Тэрэза не можа прыгадаць ніякіх канфліктаў, ніякіх сварак. Успамінаецца толькі адзін дзень, калі Бернар здаўся ёй асабліва брыдкім і агідным: было гэта на свята цела гасподняга. Раніцай Тэрэза глядзела праз шчыліну паміж аканіцамі на хросны ход. Бернар быў, бадай што, адзіны мужчына ў гэтай працэсіі. Плошча імгненна апусцела, нібы на вуліцу замест традыцыйнага ягняці выпусцілі льва. Людзі пахаваліся, каб не здымаць шапак ці не падаць на калені перад працэсіяй. Але як толькі святочны натоўп мінаў дом, там зноў адчыняліся дзверы і вокны. Тэрэза пільна прыглядалася да кюрэ, які ўзначальваў працэсію. Ішоў ён амаль што з заплюшчанымі вачыма, трымаючы ў руках сваю дзіўную ношу. Губы яго варушыліся: аб чым маліў ён усявышняга з такім сумным, пакутлівым выглядам... А следам важна крочыў Бернар - ён «выконваў свой доўг».

 

Мінула больш як месяц, а на разамлелую ад спёкі зямлю не ўпала ніводнай кроплі дажджу. Бернар вельмі баяўся ляснога пажару. Зноў пачало балець сэрца. Недалёка ад мястэчка Луша згарэла пяцьсот гектараў лесу. «Барані Бог, вецер быў бы з поўначы, загінулі б мае хвоі ў Балісаку», - хваляваўся ён. Тэрэза ўсё чагосьці чакала, чаго - і сама не ведала - ад гэтага спакойнага, абыякавага да ўсяго неба... Можа, ніколі ўжо не будзе больш дажджу... І, можа, прыйдзе дзень, калі затрашчыць, запалае ў агні ўвесь лес навокал і згарыць нават сам гарадок. А цікава, чаму ў ландах ніколі не загараюцца сялібы? Тэрэза лічыла несправядлівым, што агонь заўсёды выбірае сабе хвоі, а не людзей. У сям'і ўсё спрачаліся аб прычынах бяды: пэўна, нехта кінуў акурак; а можа, хто знарок падпаліў? Тэрэзе мроілася, што вось яна ўстае ноччу, выходзіць з дому, ідзе, ідзе ў лес, туды, дзе найбольш верасу, і кідае цыгарэту. А на золку велізарнае воблака дыму схавае неба... Але яна старалася хутчэй адагнаць ад сябе такую думку: любоў да лесу была ў яе крыві - не, не да хвояў спела ў ёй нянавісць...

 

Вось і прыйшоў час адкрыта паглядзець на свой учынак. Як вытлумачыць яго Бернару? Нічога не застаецца, як расказаць яму ўсё па парадку. Здарылася гэта ў той самы дзень, калі быў вялікі пажар у ваколіцах Мано. У сталовую, дзе на скорую руку снедала ўся сям'я, заходзілі і заходзілі людзі. Адны казалі, што гарыць вельмі далёка ад Сэн-Клера, другія настойвалі, што трэба хутчэй біць у звон. У гэты дзень паветра было напоена пахам гарачай смалы, а сонца, здавалася, хтосьці выпацкаў сажай. Перад вачыма ў Тэрэзы паўстае Бернар: ён слухае Бальёна, а дужай валасатай рукой трымае над шклянкай бутэлечку з лякарствам. Ён не заўважае, што каплі Фаўлера адна за адной падаюць і падаюць у ваду. Бернар залпам выпіў шклянку, размораная спёкай Тэрэза і не падумала нават папярэдзіць яго, што ён выпіў двайную дозу лякарства. Усе ўсталі з-за стала, толькі адна яна засталася і чысціла свежы міндаль. Яе зусім не хвалявала і не цікавіла гэтая агульная трывога: усе яе думкі былі засяроджаны на ўласнай драме. У звон вырашылі не біць. Бернар нарэшце вярнуўся. «Ну хоць раз ты розум мела, што не хвалявалася, - гарыць далёка, каля Мано... - Потым спытаўся: - А каплі я піў?» - і, не дачакаўшыся адказу, накапаў у шклянку лякарства. Тэрэза прамаўчала - можа, ад ляноты, можа, ад стомы. Чаго яна чакала, на што спадзявалася ў тую хвіліну? «Не можа быць, каб я наўмысна тады маўчала!»

Між тым і ноччу, калі Бернара пачало рваць і ён страшэнна пакутаваў і плакаў, а доктар Педмэ пацікавіўся ў яе, што адбылося днём, яна нічога не сказала пра тое, што здарылася ў сталовай. А было ж так лёгка, не кідаючы на сябе ніякага ценю, сказаць доктару, што муж прыняў залішне многа лякарства. Яна магла б сказаць штосьці накшталт гэтага: «Вы ведаеце, тады да мяне неяк і не дайшло... Мы ўсе надта перапалохаліся гэтага пажару... Але цяпер я амаль упэўнена, што ён прыняў двайную дозу...» Аднак яна прамаўчала. І ці было ў яе хоць якое жаданне сказаць пра гэта? Чорная задума, якая без яе ведама зарадзілася на снеданні, пачынала ўсплываць з патаемных глыбінь душы... Намер гэты яшчэ не меў ясных форм, але быў ужо напалову асэнсаваны.

Калі доктар паехаў, яна доўга глядзела на Бернара. Той нарэшце заснуў. У галаве панавалі ўжо новыя думкі: «А дзе доказ, што захварэў ён ад таго? Можа, у яго прыступ апендыцыту ці інфекцыйнага грыпу? Але ж няма іншых сімптомаў...»

Праз дзень Бернар быў ужо на нагах. «Вельмі можа быць, што прычынай хваробы было іменна тое». І ўсё ж поўнай гарантыі яшчэ не было. А яе так хацелася мець... «Я зусім не адчувала, што я ў палоне страшнага спакушэння. Проста мне трэба было задаволіць маю трохі небяспечную дапытлівасць. І ў першы дзень, - калі я, чакаючы Бернара, накапала ў яго шклянку лякарства, - колькі я паўтарала сабе: «Адзін раз, толькі адзін разочак, каб быць пэўнай... Адзін толькі раз - і ўсё! Больш ніколі...»

 

Цягнік запавольвае ход, дае доўгі гудок. У цемры мільганула два ці тры агні: станцыя Сэн-Клер. Што ж, больш няма чаго ўспамінаць: Тэрэза паляцела ў бездань злачынства. Што было пасля - Бернар і сам добра ведае. Зноў нечакана вярнулася тая хвароба, тыя ж рвоты і болі... Дзень і ноч дзяжурыла Тэрэза каля яго пасцелі. Ужо і сама выбілася з сіл. Есці нічога не магла. Бернар нават угаварыў яе паспрабаваць лячыцца кроплямі Фаўлера, і яна ўзяла рэцэпт у доктара Педмэ. Бедны доктар! Ён ніяк не мог уцяміць, чаму Бернара рве гэтай зеленаватай вадкасцю. І ён ніколі не даў бы веры, што можа быць такая неадпаведнасць паміж пульсам хворага і яго тэмпературай. Не раз даводзілася яму бачыць паратыфозных хворых. У іх быў замаруджаны пульс пры высокай тэмпературы. Але як вытлумачыць гэты часты, няроўны пульс пры паніжанай тэмпературы? Хутчэй за ўсё - гэта інфекцыйны грып. Калі гэта на самай справе грып, тады ўсё зразумела.

Мадам дэ ля Траў хацела выклікаць да Бернара якога-небудзь вядомага ўрача, але яна баялася пакрыўдзіць доктара Педмэ, гэтага даўняга сябра сям'і. Ды тут яшчэ і Тэрэза сказала, што з'яўленне медыцынскага свяцілы магло б напалохаць Бернара. Аднак у сярэдзіне жніўня, пасля аднаго асабліва цяжкага прыступу, доктар Педмэ сам выказаў жаданне параіцца з кім-небудзь са сваіх аўтарытэтных калег. Але, на шчасце, праз дзень Бернару стала лепш, а праз тры тыдні ён амаль што зусім паправіўся. «Вось добра, што не паспелі нікога выклікаць, - думаў сабе доктар Педмэ. - Падмок бы тады мой аўтарытэт, дый слава чорту лысаму пайшла б...»

Бернар папрасіў, каб яго перавезлі ў Аржалузу. «Канчаткова мяне паставіць на ногі толькі паляванне на вехіроў», - упэўнена паўтараў ён...

Цяжка давялося тады Тэрэзе. Цётка Клара не ўставала з пасцелі: яе скаваў рэўматызм. Усе хатнія клопаты зваліліся на маладую гаспадыню. А тут яшчэ двое хворых, малое дзіця... Акрамя таго, трэба было за цётку паклапаціцца пра тутэйшых бедалаг. Тэрэза абхадзіла ўсе фермы, заказала лякарствы хворым, плаціла за ўсё са свайго кашалька. Не было калі і сумаваць па тым, што дом у Вільміжа на замку. Больш яна не думала пра Жана Азеведа, дый ні пра кога на свеце. Праз доўгі чорны тунель ішла яна ў поўнай адзіноце наперад. Кружылася галава, але яна ішла і ішла, не раздумваючы, як жывёліна, што рвецца на прастор з гэтага чаду і цемры. Хутчэй выйсці на свежае паветра! Хутчэй! Хутчэй!

У пачатку снежня хвароба з новай сілай навалілася на Бернара: неяк раніцай ён прачнуўся ад страшэннага холаду і адчуў, што ў яго адымаюцца ногі... А што было пасля? Вечарам свёкар прывёз з Бардо ўрача. Той аглядзеў хворага і доўга маўчаў. (Тэрэза трымала лямпу, а жонка Бальёна потым успамінала, што гаспадыня была белая як смерць.) На слаба асветленай лесвічнай пляцоўцы Педмэ ціха, каб не пачула Тэрэза, тлумачыў свайму калегу, што аптэкар Даркэ паказаў яму два падробленыя рэцэпты, якія, аднак, былі падпісаны ім, доктарам Педмэ. На адным нечая злачынная рука напісала: «Каплі Фаўлера», а на другім былі выпісаны даволі моцныя дозы хлараформу, дыгіталіну і аканіціну. Бальён перадаў іх аптэкару разам з іншымі рэцэптамі. Даркэ засумняваўся, занепакоіўся, што адпусціў яды, і назаўтра прыбег да Педмэ... Што ж, Бернар усё гэта ведае не горш, чым Тэрэза. Яго адразу адправілі ў Бардо, у клініку, і там яму палепшала. Тэрэза засталася ў Аржалузе адна. Але якой бы глыбокай ні была гэтая адзінота, да яе даносіўся нарастаючы гул: загнаны ў нару звер ужо чуў набліжэнне ганчакоў... Яна знемагала, нібы пасля бясконцага марафону, калі да мэты было ўжо рукой дастаць, а яе раптам бразнулі вобземлю, і яна ўпала як падкошаная...

Неяк вечарам у канцы зімы да яе прыязджаў бацька. Як жа ён стараўся ўгаварыць Тэрэзу зняць з сябе абвінавачанні і падазрэнні! - «Усё яшчэ можна ўладзіць. Доктар Педмэ згадзіўся забраць з суда сваю скаргу, бо ён нібыта да канца не ўпэўнены, ці адзін рэцэпт не напісаны ягонай рукой. А што да хлараформу, дыгіталіну і аканіціну, то ён, вядома, не мог выпісаць іх у такіх вялікіх дозах. Ну, а раз у крыві хворага гэтыя рэчывы не выяўлены...»

Размова тая адбывалася ў цёткі Клары. Лямпы не запальвалі. Водбліскі агню з каміна напаўнялі халодны пакой дрыготкім святлом. Тэрэза, нібы вучаніца, якая пераказвае вызубраны ўрок, гаварыла ціхім манатонным голасам (Божа! Колькі бяссонных начэй паўтарала яна гэты ўрок сама сабе!):

- Я спаткала на дарозе нейкага нетутэйшага чалавека. Ён сказаў, што ведае, што я пасылаю чалавека ў аптэку па лякарствы, і папрасіў узяць ад яго рэцэпт. Сам ён быў вінаваты аптэкару грошы і не хацеў там паказвацца. Ён не пакінуў мне свайго адраса, абяцаў сам прыйсці і забраць лякарствы...

- Тэрэза! Прыдумай што-небудзь другое! Прашу цябе, дзеля нас усіх, дзеля сям'і! Прыдумай што-небудзь!..

Бацька ўпарта, зноў і зноў паўтараў свае просьбы. Глухая цётка адчула смяротную небяспеку, што навісла над Тэрэзай, і прыўзняла галаву ад падушкі: «Што ён табе кажа? Чаго ён хоча? Чаму табе хочуць зрабіць нешта нядобрае?» Тэрэза знайшла ў сабе сілы ўсміхнуцца цётцы, пагладзіць яе рукі, а сама, як дзяўчынка на ўроку закону божага, усё паўтарала: «Сустрэла на дарозе чалавека. Ужо сцямнела, і я не разгледзела яго ў твар. Ён не сказаў мне, на якой ферме жыве... А нядаўна вечарам ён прыходзіў і забраў лякарствы. Як на тое, дома нікога не было і ніхто яго не бачыў».

 

IX

 

Вось і Сэн-Клер. Тэрэза выйшла з вагона, яе ніхто не пазнаў. Пакуль Бальён забіраў рэчы, яна прашмыгнула паміж штабелямі дошак, абышла станцыю і выйшла на дарогу, дзе стаяў фаэтон.

Цяпер гэты фаэтон быў яе адзіным прытулкам. Тэрэза больш не баіцца сустрэць каго-небудзь у такі позні час на гэтай калдобістай дарозе. Аднак гісторыя яе жыцця і злачынства, адноўленая ў памяці з такой цяжкасцю, пацярпела крах: нічога не засталося ад падрыхтаванай споведзі. Ёй няма чаго сказаць у сваю абарону... Ніводнага разумнага доваду... Застаецца толькі адно: маўчаць і адказваць на пытанні. А ўрэшце, чаго ёй цяпер баяцца? Ноч гэтая пройдзе, заўтра ўзыдзе сонца, яна ўпэўнена, што выцерабілася з гэтай бяды, што б там далей ні здарылася. Горш за гэтую абыякавасць, за гэтую адарванасць ад усяго свету і нават ад сябе самой - горш за гэта ўжо нічога быць не можа... Вось і сутыкнуліся ў адной істоце жыццё і смерць, і Тэрэза ўжо адчувала смерць, як толькі гэта можа адчуваць жывы чалавек...

Вочы яе прывыклі да цемры, і Тэрэза на паваротцы дарогі пазнала ферму, нізкія пабудовы якой былі падобныя на вялізных сонных жывёлін. Тут некалі Анна заўсёды палохалася сабакі, які кідаўся пад колы яе веласіпеда. Крыху воддаль ад дарогі ў лагчыне рос алешнік, дзе ў самыя спякотныя дні халадок асвяжаў расчырванелыя шчокі сябровак. Дзяўчынка на веласіпедзе, яе ўсмешка, белыя зубы, капялюшык ад сонца, дзіньканне веласіпеднага званка і радасны голас: «Глядзі! Я пускаю руль і еду без рук!» - усё гэта яшчэ захоўвае памяць... І гэта ўсё, што застаецца ад перажытага!... І гэта ўсё, ад чаго можа спачыць ушчэнт змучанае сэрца!..

І ў такт цоканню капытоў коніка, што бяжыць трушком, Тэрэза машынальна паўтарае: «Марнае маё жыццё - нікчэмнае маё жыццё - адзінота бязмерная мая - няўцешная доля мая». Ах, ёсць адзінае, што можа ўратаваць... Але хіба Бернар на гэта здольны?.. О, калі б ён сустрэў яе з адкрытымі абдымкамі і нічога не пытаўся!.. О, калі б магла яна прытуліцца галавой да чалавека і адчуць яго жывое цяпло!..

Вось і той узгорак жытняга поля, дзе калісьці ў гарачы дзень сядзеў Жан Азеведа. А яна ж тады паверыла, што ёсць на свеце такое месца, дзе яна магла б расквітнець, - сярод людзей, якія зразумеюць яе, магчыма, будуць захапляцца ёю і дарыць ёй сваю любоў! Але адзінота навалілася на яе, як балячкі на пракажонага: «Ні для мяне, ні супраць мяне ніхто ўжо нічога зрабіць не можа».

- А вунь і нашы насустрач ідуць.

Бальён нацягнуў лейцы. Два цені набліжаліся да фаэтона. Бернар - ён жа яшчэ зусім слабы... А ўсё ж такі выйшаў сустракаць... Мусіць, хоча хутчэй пачуць, чым усё скончылася... Тэрэза высоўваецца з фаэтона і яшчэ здалёк крычыць: «Справа спынена!» А ў адказ гучыць сухая рэпліка: «Ды хіба магло быць інакш!» Бернар дапамог цётцы Клары залезці ў фаэтон, сам узяў лейцы, а Бальёну сказаў ісці пехатой. Цётка Клара села паміж Бернарам і Тэрэзай. Давялося крычаць ёй у самае вуха, што ўсё абышлося добра і справа ўладзілася (старая дагэтуль мела даволі цьмянае ўяўленне пра ўсю гэтую драму). Як звычайна, цётка пачала гаварыць, гаварыць без перадыху: «У іх толькі адна тактыка, - гнеўна паўтарала яна, - і цяпер зноў пачынаецца справа Дрэйфуса*. Паклёп - на гэта яны майстры! Ну што ж, паклёпнічайце, але ведайце, што праўды не схаваеш. Сілы ў іх хапае, і дарэмна рэспубліканцы перасталі трымаць вуха востра. Ім адно дай паблажку, і гэтыя смярдзючыя жывёліны добрага чалавека з вантробамі з'ядуць...» Тэрэза з удзячнасцю слухала цётчыну гамонку: хоць на нейкі момант адцягвалася страшная, непазбежная размова з мужам...

* Судовая справа па несправядлівым абвінавачанні ў шпіянажы на карысць Германіі афіцэра французскага Генеральнага штаба Альфрэда Дрэйфуса (1859-1930). Нягледзячы на адсутнасць доказаў, ваенны суд прыгаварыў А.Дрэйфуса ў снежні 1894 г. да пажыццёвай катаргі, але пад актыўным націскам перадавых рабочых, сацыялістаў, прагрэсіўнай інтэлігенцыі ён быў памілаваны (1899), а потым поўнасцю рэабілітаваны (1906 г.).

Потым цётка Клара, цяжка дыхаючы, падымалася па лесвіцы. У руках у яе быў падсвечнік з запаленымі свечкамі:

- А вы што, яшчэ не будзеце класціся? Тэрэза, ты ж, пэўна, стамілася. Там мы пакінулі табе талерку булёну і халодную курыцу.

Бернар і Тэрэза ўсё яшчэ стаялі ў прыхожай. Старая бачыла, як Бернар адчыніў дзверы ў гасціную, прапусціў наперад Тэрэзу і сам пайшоў следам. О, калі б яна не была глухая!.. Яна абавязкова ціхенька падышла б да дзвярэй і ўсё падслухала!.. А так ніхто і не думае яе асцерагацца: жывая, а нібы замураваная... І ўсё ж цётка патушыла свечкі, вобмацкам спусцілася на першы паверх і зірнула ў замочную шчыліну: Бернар якраз перастаўляў лямпу. Яго ярка асветлены твар меў нейкі напалоханы і адначасна ўрачысты выгляд. Тэрэза сядзела спіной да дзвярэй. Яе паліто і капялюшык ляжалі на крэсле. Ад яе мокрых боцікаў, што стаялі каля каміна, ішла пара. На імгненне яна павярнулася тварам да мужа, і старая з радасцю ўбачыла, што Тэрэза ўсміхаецца.

 

Так, Тэрэза ўсміхалася. За тыя кароткія хвіліны, пакуль яна ішла побач з Бернарам ад канюшні да дому, ёй раптам стала ясна, як трэба сябе паводзіць: адно толькі набліжэнне гэтага чалавека ўшчэнт разбіла ўсялякую надзею, што ён выслухае, зразумее яе... Як мяняюцца ў разлуцы нашы ўяўленні пра людзей, якіх мы добра ведаем! На працягу ўсёй гэтай паездкі яна падсвядома прымушала сябе ствараць у душы новы вобраз Бернара, здольнага зразумець ці хоць паспрабаваць зразумець... А ўбачыла яго такім, якім ён і быў у сапраўднасці, - чалавекам, які ніколі, ні разу ў жыцці не паставіць сябе на месца другога і не паспрабуе нават убачыць тое, што бачаць другія... І ўвогуле, ці будзе ён яшчэ слухаць яе?.. Ён хадзіў узад-уперад па вялікім сырым пакоі. Пад яго нагамі патрэсквала падлога. На жонку не глянуў ні разу. Ён быў увесь заняты тым, што ўжо даўно абдумаў і што павінна было вось-вось прагучаць. Зрэшты, Тэрэза таксама ўжо ведала, што яна зараз скажа яму. Самае простае выйсце - гэта тое, над якім яны ніколі і не задумваліся. Яна збіралася сказаць: «Я пайду, Бернар. Пра мяне не турбуйся. Калі хочаш, я пайду зараз жа і знікну ў начным змроку. Ні лес, ні цемра мяне не палохаюць. Гэта мае старыя сябры. Я была створана па вобразу і падабенству гэтага бясплоднага чэзлага краю, дзе няма нічога жывога, акрамя пералётных птушак ды дзікоў. Можаш выкрасліць мяне са свайго жыцця. Спалі ўсе мае фатаграфіі. Няхай мая дачка ніколі не пачуе імя сваёй маці. Няхай уся ваша сям'я лічыць, што мяне і не было ніколі...»

І ўжо Тэрэза адкрыла рот. І ўжо з вуснаў зляцела:

- Дазволь мне знікнуць, Бернар.

Пачуўшы яе голас, Бернар павярнуўся і кінуўся да яе. На лобе ў яго набраклі жылы:

- Што?! Ты асмельваешся гаварыць пра нейкія свае жаданні? Даволі! Больш ні слова! Цяпер ты будзеш толькі слухаць і выконваць мае загады! Чуеш?!.

Ён гаварыў без запінкі старанна абдуманымі фразамі. Ён абапёрся на камін, дастаў з кішэні паперку і, час ад часу заглядваючы ў яе, сурова гаварыў, гаварыў... А Тэрэза яго ўжо не баялася. Ёй нават захацелася засмяяцца: які ж ён усё-такі смешны! І навошта ён усё гэта дэкламуе, ды яшчэ з такім вымаўленнем, з якога не смяюцца хіба што толькі ў Сэн-Клеры? Усё роўна яна паедзе. Навошта іграць гэтую трагедыю? Невялікая бяда, калі б на аднаго дурня стала менш! Яна заўважае на белым лістку паперы яго дрыготкія пальцы, недагледжаныя пазногці. Манжэтаў ён, безумоўна, не носіць. Ён з тых мужыкоў, на якіх пальцамі паказваюць, калі яны вылазяць са сваёй глушы. А жыццё іх ніякай карысці не дае. Такія не патрэбны ні справе, ні ідэі, ні людзям... Увогуле, мы толькі па прывычцы надаём такое вялікае значэнне існаванню чалавека. Рабесп'ер меў рацыю, дый Напалеон і іншыя... Бернар убачыў усмешку на твары ў жонкі і раз'юшана павысіў голас. Воляй-няволяй Тэрэзе даводзіцца слухаць:

- Ты ў маіх руках!.. Гэта ты хоць разумееш? Ты будзеш рабіць толькі тое, што вырашыць наша сям'я, а калі не...

- А калі не - то што тады?

Яна больш не хацела прытварацца абыякавай і загаварыла дзёрзкім, насмешлівым тонам:

- Ты спазніўся! Ты сведчыў на судзе на маю карысць! І ты не зможаш забраць сваіх слоў назад. Інакш цябе самога засудзяць за лжывыя паказанні...

- Заўсёды могуць адкрыцца новыя факты! Дарэчы, адзін такі факцік схаваны ў маім сейфе. Дзякуй Богу, тэрміну даўнасці ён не мае.

Яна здрыганулася і спыталася:

- Чаго ты хочаш ад мяне?

Ён унурыўся ў сваю паперку, а Тэрэза некалькі секунд прыслухоўвалася да мёртвай цішыні Аржалузы. Да першых пеўняў яшчэ далёка. А цяпер ніводзін ручаёк не цурчыць у гэтай пустыні, і самы нясмелы подых ветру не парушыць спакою хваёвых вершалін...

- Я пакідаю ўбаку мае асабістыя меркаванні. Не пра мяне гутарка. Самае галоўнае - гэта сям'я. Інтарэсы сям'і - вось што заўсёды вызначала і вызначае ўсе мае рашэнні. І толькі дзеля таго, каб выратаваць гонар сям'і, я пайшоў на падман перад судом. Няхай судзіць мяне за гэта Бог...

Гэты напышлівы тон прыгнятаў Тэрэзу. Ёй хацелася папрасіць Бернара гаварыць прасцей.

- Для нашай сям'і вельмі важна, каб усе лічылі, што я абсалютна ўпэўнены ў тваёй невінаватасці. Трэба, каб усе думалі, што жывём мы з табой у поўнай згодзе. Разам з тым, я хачу як мага больш надзейна засцерагчы сябе...

- Я наводжу на цябе страх, Бернар?

Ён прамармытаў:

- Страх? Не. Жудасць! - І потым: Паслухай, больш да гэтага я вяртацца не хачу. Таму трэба ўсё вырашыць раз і назаўсёды. Заўтра ж мы паедзем адгэтуль і будзем жыць у нашым доме. Мне надакучыла гэтая твая глухая цётка. Снеданне, абед і вячэру табе будзе падаваць жонка Бальёна ў тваю спальню. Ва ўсе астатнія пакоі заходзіць табе забараняецца. Хадзіць па лесе можаш колькі захочаш. У нядзелю разам будзем ездзіць на месу ў Сэн-Клер: трэба, каб людзі бачылі, як ты ідзеш са мной пад руку. У першы чацвер кожнага месяца будзем ездзіць у адкрытым экіпажы ў Б. да твайго бацькі на кірмаш, як гэта мы заўсёды рабілі.

- А Мары?

- Заўтра Мары разам з нянькай паедзе ў Сэн-Клер, а потым мая маці павязе яе на поўдзень нібыта на лячэнне. Спадзяюся, ты і не разлічвала, што табе пакінуць дачку. Яе таксама трэба схаваць ад небяспекі. У выпадку маёй смерці да яе пяройдзе ўся спадчына... Дык чаму ж пасля мужа не прыбраць і дачку?

Тэрэза ўскочыла з месца і ледзьве стрымала крык:

- Няўжо ты думаеш, што я зрабіла гэта, каб захапіць твае сосны?..

З тысячы патаемных вытокаў яе ўчынку гэты дурань не ўбачыў ніводнага і прыдумаў сабе самую ганебную прычыну.

- Ну вядома, прычынай усяго былі сосны. А што ж яшчэ? Я шукаў метадам выключэння. Ці, можа, у цябе ёсць які-небудзь другі матыў?.. Урэшце, усё гэта ніякага значэння ўжо не мае і зусім не цікавіць мяне. Ты для мяне цяпер - нішто. Праўда, адзінае, што яшчэ ў цябе застаецца - гэта маё прозвішча... Праз некалькі месяцаў, калі ўсе пераканаюцца, што ў нас мір і згода, і Анна выйдзе замуж за маладога Дэгілема... Дарэчы, ты хоць ведаеш, што Дэгілемы папрасілі адкласці вяселле? Яны хочуць яшчэ падумаць... Словам, калі ўсё гэта ўладзіцца, я змагу, нарэшце, пераехаць у Сэн-Клер, а ты... Ты застанешся тут... Мы скажам, што ў цябе неўрастэнія ці што-небудзь такое...

- Вар'яцтва, напрыклад.

- Не, гэта магло б некалі пашкодзіць Мары. Прыдумаем што-небудзь прыстойнае... Вось так, дарагая!

Тэрэза шэпча:

- У Аржалузе... да самай смерці...

Яна падышла да акна і адчыніла яго. У гэты момант Бернар святкаваў сваю перамогу над гэтай жанчынай: ён заўсёды крыху пабойваўся яе, адчуваў сябе прыгнечаным і зняважаным. Але сёння - ён яе ўладар! Няхай зразумее, што ён, яго сям'я, усе пагарджаюць ёю! Бернар ганарыўся сваёй стрыманасцю. Нездарма маці столькі разоў паўтарала ўсім, што ён - святы чалавек. Уся сям'я была ў захапленні ад яго высакароднасці. І ўпершыню ў жыцці адчуваў ён веліч сваёй душы. Калі ён ляжаў у клініцы і яму асцярожна намякнулі, што жонка збіралася яго атруціць, трэба было бачыць, з якою жалезнай вытрымкай выслухаў ён такую страшную навіну. Між тым, гэта не каштавала яму ніякіх намаганняў: хіба чым узрушыш чалавека, няздольнага ні кахаць, ні ненавідзець!.. У душы Бернара не было месца моцным пачуццям, тады ён адчуў толькі жывёльную радасць, што ўцёк ад смяротнай небяспекі. Так адчувае сябе чалавек, якому раптам сказалі, што шмат гадоў, сам таго не ведаючы, ён жыў плячо ў плячо з вар'ятам... Але ў гэты вечар Бернар пачуў у сабе моц, упэўненасць і быў поўным гаспадаром становішча. Ён любаваўся сабой і думаў, што ніякія цяжкасці не могуць зламаць такога цвярозага, прамога і разважлівага чалавека, як ён. Нават пасля ўсіх сваіх бедаў і пакут ён, як і раней, гатоў сцвярджаць, што людзі бываюць няшчаснымі толькі па сваёй віне. Вунь якая драма адбылася з ім! І што ж: адолеў, як адолеў бы і любую другую справу. А людзі бадай што і ведаць нічога не будуць. Усё прыстойна... Нікому і ў галаву не прыйдзе шкадаваць яго (ён не хацеў, каб яго шкадавалі). Нічога страшнага і зняважлівага ў тым няма, што ажаніўся з пачварай, тым больш калі ў рэшце рэшт утаймаваў яе. У жыцці халасцяка ёсць свае перавагі. А сустрэча твар у твар са смерцю зноў вярнула яму цікавасць да соснаў, палявання, аўтамабіля, смачнай яды, добрага віна, - словам, да жыцця...

У зняменні стаяла Тэрэза ля акна. У цемры ледзь-ледзь бачылася светлая стужка пясчанай сцяжынкі; вецер даносіў пах хрызантэм; а крыху воддаль віднелася чорная сцяна дубоў, якія сабою засланялі сасновы бор; начное паветра было напоена смалістым водарам; Тэрэза ведала, што лес, нібы варожае нябачнае войска, з усіх бакоў акружае маёнтак. Гэтыя дрэвы - яе панурыя вартавыя - (Тэрэзе здаецца, што яны пасылаюць ёй сваю прыглушаную скаргу) - будуць бачыць, як мучыцца яна тут у доўгія зімы, як знемагае ад спёкі ў летнія дні... І наканавана гэтым векавым волатам быць сведкамі яе пакутлівай агоніі... Тэрэза зачыніла акно і падышла да Бернара.

- Ты што, збіраешся сілай мяне тут утрымаць?

- Называй гэта як сабе хочаш, але ведай: адгэтуль ты выйдзеш толькі ў кайданах.

- Не трэба перабольшваць. Я ж цябе ведаю: не такі ты ўжо злосны... Няўжо ты захочаш, каб на тваю сям'ю ўпала такая ганьба? Хіба можна тут у чым сумнявацца...

Бернар, чый сухі розум яшчэ задоўга да гэтай размовы ўсё абдумаў, усё ўзважыў, растлумачыў ёй, што паехаць адсюль - значыла б прызнаць сябе вінаватай. У такім выпадку ганебную пляму з сям'і можна будзе вывесці толькі адным спосабам: адсекчы заразную частку цела, адрачыся ад злачынкі перад усімі людзьмі.

- І ўяві сабе: якраз гэта мая маці і хацела спачатку зрабіць. Мы нават былі вырашылі не ўмешвацца ў справы суда, і ты атрымала б сваё... І толькі клопат пра будучыню Мары і Анны... зрэшты, гэта зрабіць яшчэ не позна. Так што падумай, не спяшайся. Да заўтра!

Ціха, нібы самой сабе, Тэрэза сказала:

- У мяне яшчэ ёсць бацька.

- Бацька? Але ж ён цалкам згадзіўся з намі. У яго сваё жыццё. Яму трэба зберагчы сваю палітычную кар'еру, свой прэстыж у партыі. Ён толькі і думае пра тое, каб патушыць гэты пажар, заглушыць гэты скандал, чаго б гэта ні каштавала. Успомні, колькі ён зрабіў для цябе. Гэта ж дзякуючы яму следства вялося абы-як, на скорую руку. Спадзяюся, ён сказаў табе сваё слова на гэты конт. Хіба не так?

Бернар ужо не павышаў голасу і быў амаль што ветлівы. І не таму, што шкадаваў Тэрэзу. Гэтая жанчына, здавалася, ужо не дыхала: яна была зламаная, і заняла нарэшце сваё месца. Усё ў парадку. Бернар з гордасцю пра сябе падумаў, што другі чалавек на яго месцы наўрад ці вытрымаў бы такі ўдар. Памыляцца можа кожны. І ўсе памыліліся наконт Тэрэзы... Нават яго маці, якая звычайна разбіралася ў людзях. А ва ўсім вінавата беспрынцыповасць. Людзі не хочуць разумець небяспекі ад той адукацыі, якую атрымала Тэрэза. Яна - пачвара, што тут гаварыць! Але, калі б яна верыла ў Бога... Страх - вось дзе крыніца мудрасці і пакорлівасці. Так меркаваў Бернар. А яшчэ ён думаў пра тое, як жыхары ваколіц, такія сквапныя да плётак і скандалаў, будуць расчараваны, калі ўбачаць яго з Тэрэзай у нядзелю ў царкве. Няхай бы хутчэй прыйшла нядзеля, каб паглядзець на гэтыя фізіяноміі!.. А справядлівае пакаранне ад гэтага нічога не страціць... Ён падняў лямпу, і святло ўпала на Тэрэзіны плечы.

- Ты яшчэ не ідзеш да сябе ў спальню?

Тэрэза, здавалася, не пачула гэтых слоў. Бернар выйшаў, пакінуўшы яе ў цемры. Каля лесвіцы скурчыўшыся сядзела цётка Клара. Адчуўшы на сабе яе заклапочаны позірк, Бернар напружана ўсміхнуўся і, узяўшы старую пад руку, дапамог ёй падняцца. Але тая ўпіралася, нібы стары, адданы сабака, які не хоча адыходзіць ад пасцелі свайго гаспадара-нябожчыка. Бернар паставіў лямпу на падлогу і пачаў тлумачыць, што Тэрэзе ўжо лепш, але ёй хочацца пабыць трохі адной:

- Вы ж ведаеце яе капрызы.

Ого, цётка іх ведала: колькі разоў на сваё няшчасце заходзіла яна да Тэрэзы акурат у той момант, калі ёй хацелася пабыць адной! Варта было толькі адчыніць дзверы, як яна пачынала адчуваць сябе няпрошаным госцем.

Старая праз сілу ўстала і, абапіраючыся на моцную Бернараву руку, паплялася ў свой пакой. Услед за ёй зайшоў Бернар, клапатліва запаліў свечку на стале, пацалаваў цётку ў лоб і выйшаў. Старая не адзодзіла ад яго вачэй. Яна не магла пачуць, але выдатна ўмела чытаць твары людзей. Яна пачакала, пакуль Бернар выйшаў, і ціхенька адчыніла дзверы... Не, ён яшчэ на лесвіцы... Паліць... Старая хуценька вяртаецца. Ногі дрыжаць, дыханне перахапіла, няма сілы скінуць з сябе адзежу... Так яна і кладзецца і ляжыць з расплюшчанымі вачыма.

 

X

 

А ў цёмнай гасцінай нерухома сядзела Тэрэза. У каміне яшчэ дагаралі галавешкі. Стаяла глыбокая ноч. І зноў у памяці паўсталі абрыўкі той споведзі, якую яна падрыхтавала ў цягніку. А ці варта сябе дакараць, што так і не змагла яму сказаць пра ўсё, што думалася ў дарозе? Шчыра кажучы, гэтая складаная гісторыя не вельмі стасавалася з праўдай. Чаму ёй прыйшло ў галаву надаваць такое значэнне размовам з Жанам Азеведа? Вось дзе глупства! Як быццам балабонства гэтага хлапчука можна было ўспрымаць сур'ёзна!.. Яна ва ўладзе няўмольнага суровага закону. Не змагла разбурыць гэтай сям'і - значыць, цяпер сям'я знішчыць яе. У іх ёсць усе падставы лічыць яе пачварай, але ж і яна ў сваю чаргу бачыць у іх пачвар. Не падаючы нават выгляду, ціха, метадычна яны будуць дабіваць яе. «Цяпер на мяне пусцяць гэтую магутную сямейную машыну. А мне так і не ўдалося зламаць яе ці хоць уцячы з-пад яе колаў. Якія тут могуць быць апраўданні, акрамя аднаго: «Уся бяда ў тым, што яны - гэта яны, а я - гэта я...» Увесь час хадзіць пад маскай, захоўваць прыстойнасць, прытварацца, ілгаць... Майго цярпення на гэта ледзьве хапіла на два гады. А як жа астатнія (а ў іх такая самая доля, як і ў мяне) - нясуць гэты крыж да самай смерці? Можа, іх ратуе прыродная здольнасць да ўсяго прыстасоўвацца?.. Можа, ім памагае нейкая наркатычная прывычка: людзі дранцвеюць, тупеюць, але застаюцца ў лоне па-мацярынску пяшчотнай і ўсемагутнай сям'і... Але я... Як быць мне?..»

Яна ўстала, зноў адчыніла акно. Павеяла ранішнім свежым халадком. А можа, уцячы адгэтуль? Варта толькі вылезці праз акно... Ці будуць гнацца за ёю? Зноў аддадуць пад суд? Што ж, трэба рызыкнуць. Горшага, чым гэтая бясконцая агонія, няма ўжо нічога на свеце. Ужо Тэрэза падсунула да акна крэсла... Але ж у яе няма грошай. Яна гаспадыня хваёвых абшараў, але без дазволу Бернара не зможа атрымаць ніводнага франка. А можа, усё-такі лепш пусціцца наўцёкі ў ланды, як некалі ўцякаў той забойца Дагэр. Доўга тады шукалі яго. Тэрэза (тады яна яшчэ была зусім малая) - вельмі шкадавала небараку. Яна помніць, як да іх заходзілі жандары, як Бальёнава жонка частавала іх на кухні віном. А натрапіў тады на след бандыта сабака Дэскейру. Яго схапілі ледзь жывога ад голаду ў верасовым зарасніку. Звязалі, кінулі ў воз з саломай і павезлі. Казалі потым, што ён сканаў на арыштанцкай баржы, калі яго перавозілі ў Каену*. Арыштанцкая баржа... Катарга... Няўжо яны могуць здаць яе ў паліцыю, як пагражаў Бернар?.. І пра якую гэта ўліку ён гаварыў? Хутчэй за ўсё страшыў... Калі толькі не знайшоў у кішэні старой палярыны той пакецік з ядам...

* Каена - галоўны порт і горад французскай Гвіяны (Лацінская Амерыка), месца ссылкі катаржнікаў.

 

«Каб не сумнявацца, трэба праверыць», - вырашыла Тэрэза. Ціхенька, на пальчыках ішла яна па лесвіцы. Чым вышэй яна падымалася, тым было святлей. Хутка ўжо першыя промні сонца засвецяць у акно. Вось нарэшце лесвічная пляцоўка ля самага гарышча. Шафа. Тут вісіць старая адзежа. Яе пакуль што нікому не аддаюць, бо апранаюць на паляванне. Вось старая выцвілая палярына з глыбокай кішэняй: цётка Клара хавала туды сваё вязанне яшчэ ў той час, калі і сама падпільноўвала ў будане вехіроў. Тэрэза засоўвае руку ў гэтую кішэню і дастае адтуль пакецік:

Хлараформ - 10 грамаў.

Аканіцін - 2 грамы.

Дыгіталін - 0,2 грама.

Яна перачытвае гэтыя страшныя словы і лічбы. Памерці... Яна заўсёды баялася смерці. Галоўнае - не глядзець смерці ў вочы, а думаць толькі пра тое, што трэба зрабіць: наліць у шклянку вады, усыпаць туды парашок, размяшаць, адным махам выпіць, легчы ў пасцель, заплюшчыць вочы. І ні ў якім разе не думаць пра тое, што будзе пасля смерці. Навошта баяцца гэтага сну. Гэта сон, самы звычайны сон... Яе пранялі дрыжыкі. Нічога, гэта проста халодная раніца. Тэрэза ідзе ўніз, спыняецца ля пакоя, дзе спіць Мары. Чуваць моцны жывёльны храп нянькі. Тэрэза адчыняе дзверы. Праз шчыліны аканіц прабіваецца дзённае святло. У змроку бялее маленькі жалезны ложак. З-пад коўдры высунуліся дзве маленькія ручкі. На падушцы - яшчэ няпэўны дзіцячы профіль. Тэрэза глядзіць на крыху велікаватае вушка. Такое, як і ў мамы. Нездарма ж усе кажуць: «Дачушка-вылітая мама». Вось яна ляжыць сонная, спакойная... «Я пайду, каб памерці... Але гэтая мая часцінка застанецца, і спазнае яна сваю долю, нічога адтуль не выкінеш, нічога не зменіш. Усё паўторыцца: мары, імкненні, схільнасці... Закон крыві - непарушны закон...» Тэрэза недзе чытала, што даведзеныя да адчаю самазабойцы бяруць з сабой у магілу і дзяцей сваіх... Добрыя людзі, прачытаўшы такое, выпускаюць з рук газету: «Ды як гэта можна?..» Тэрэза - пачвара, і добра разумее, што такое можа здарыцца. Каб яшчэ трохі, і яна... Яна становіцца на калені і ледзь-ледзь датыкаецца губамі да маленькай ручкі. І што за дзіва: нешта нарастае ў глыбіні яе душы, падымаецца да вачэй, абпальвае шчокі: слёзы. Божа, яна ж ніколі не плакала!..

Тэрэза ўстала, яшчэ раз глянула на малую і пайшла ў свой пакой. Наліла вады ў шклянку і ў нерашучасці задумалася: які з трох ядаў выбраць?..

Акно было адчынена. Ужо пераклікаліся пеўні. Здавалася, сваім спевам яны разрывалі заслону туману, і толькі дзе-нідзе ў хваёвых галінах яшчэ заставаліся яго празрыстыя пасмы. Усё кругом было заліта святлом зары... Як жа развітацца з гэтым ззяннем? Смерць... Ніхто ж не ведае, што гэта такое... Тэрэза не была ўпэўнена, што гэта - небыццё. Яна не верыла, што там, на тым свеце нікога няма. Тэрэза ненавісная сама сабе за гэты сляпы страх. Яна і хвіліны не вагалася, калі збіралася піхнуць у бездань небыцця другога чалавека, а сама так упіраецца... Якая агідная баязлівасць! Божа, калі ты ёсць... (на нейкі момант перад вачыма ўсплывае тое шэсце на свята цела гасподняга, кюрэ ў цяжкай пазалочанай мантыі, чаша, якую ён трымае абедзвюма рукамі, дрыготкія губы і знявечаны пакутлівы твар). Божа, калі ты ёсць, спыні злачынную руку, пакуль яшчэ не позна! А калі ж будзе воля твая і нікчэмная сляпая душа пераступіць парог жыцця, то хоць з любоўю прымі гэтую пачвару, створаную табой!.. Тэрэза выбрала хлараформ. Гэтая назва ёй больш знаёмая, менш палохала яе і чамусьці давала надзею на спакойны, салодкі сон. Трэба спяшацца. Дом ужо прачынаецца: жонка Бальёна з грукатам адчыніла аканіцы ў спальні цёткі Клары. Чаму яна так крычыць сёння? Звычайна старая разумела яе па губах. Забразгалі дзверы, нехта бяжыць па лесвіцы. Тэрэза ледзьве паспела прыкрыць стол сваёй хусткай, каб схаваць пакецікі з ядам. Без стуку ў пакой уляцела жонка Бальёна.

- Мадмуазэль Клара памерла! Я прыйшла, а яна нежывая ляжыць у пасцелі. Адзетая. Ужо халодная зусім, адубела...

 

Цётцы Клары, гэтай старой бязбожніцы, у рукі паклалі ружанец. На грудзях ляжала распяцце. Прыходзілі фермеры, станавіліся на калені, а перад тым, як пайсці, пільна аглядалі Тэрэзу («Хто ведае, можа, і старую яна са свету звяла»). Бернар паехаў у Сэн-Клер наказаць родным і выканаць неабходныя фармальнасці. Хутчэй за ўсё ён лічыў, што смерць гэтая вельмі дарэчы: адцягне ўвагу людзей ад галоўнага. Тэрэза глядзела на нябожчыцу, якая была ёй адданай да апошняга імгнення і нават сваёй смерцю перагарадзіла ёй дарогу да пагібелі. Што гэта? Выпадковасць? Супадзенне? Калі б хто сказаў, што гэтак было наканавана лёсам, яна б толькі плячыма паціснула. Людзі шапталіся: «Вы бачылі? Стаіць і хоць бы выгляд зрабіла, што плача...» А ў думках сваіх Тэрэза гаварыла з той, што ляжала ў труне: «Як жа мне цяпер жыць? Быць жывым трупам ды яшчэ сярод тых, хто мяне ненавідзіць?.. І нават не спрабаваць глянуць, што робіцца за кратамі гэтай турмы?..»

На пахаванні Тэрэза займала належнае ёй месца. А ў першую ж нядзелю яна з Бернарам паехала ў царкву. Бернар дэманстратыўна вёў яе пад руку, і замест таго, каб прайсці да сваёй лаўкі як звычайна, праз бакавы ўваход, ён спецыяльна правёў яе цераз неф. Тэрэза прыўзняла жалобны вэлюм толькі пасля таго, як села паміж свякроўю і мужам. Калона хавала маладую жанчыну ад прагных позіркаў прысутных, а насупраць яе быў толькі клірас. З усіх бакоў была яна акружана: ззаду - натоўп, справа - Бернар, злева - мадам дэ ля Траў. А перад ёю - толькі кюрэ. У суровым напружанні стаіць ён паміж двума хлопчыкамі-служкамі, штосьці ўмольна шэпча, крыху расставіўшы перад сабой рукі.

 

XI

 

Вечарам яны вярнуліся ў Аржалузу, але цяпер у дом Дэскейру, дзе шмат гадоў амаль ніхто не жыў. Каміны там дымілі, вокны зачыняліся дрэнна, а пад паточаныя шашалем і пагрызеныя пацукамі дзверы дзьмуў вецер. Але восень у той год выдалася такая добрая, што Тэрэза спачатку амаль не заўважала гэтых дробязяў. Кожны дзень Бернар хадзіў на паляванне і прападаў у лесе да самага вечара. Вярнуўшыся, ён адразу ішоў на кухню, каб перакусіць разам з Бальёнам. Да Тэрэзы даляталі прыглушаныя манатонныя галасы, звон посуду. У кастрычніку цямнее рана. Кнігі, якія прынеслі з роднага дому, Тэрэза ведала яшчэ з дзяцінства. А яе просьбу выпісаць кнігі з Бардо Бернар прапусціў міма вушэй. Адзінае, што ёй было дазволена - гэта папаўняць запас цыгарэт. Што рабіць? Да чаго прыкласці рукі ў гэтыя доўгія вечары? Варушыць качаргою вуголле ў каміне... Але ад едкага дыму каціліся слёзы, пяршыла ў горле, якое і так было ўжо хворае ад тытуню. Як толькі старая служанка выносіла посуд з амаль некранутай вячэрай, Тэрэза адразу тушыла лямпу і клалася ў пасцель. Колькі бясконцых гадзін курчылася яна пад коўдрай, чакаючы выратавальнага сну!.. Цішыня Аржалузы не давала заснуць. Крыху лягчэй было, калі дзьмуў вецер: у журботнай скарзе, што гучала ў хваёвых вершалінах, было штосьці ад чалавечай спагады. Гэтыя гукі закалыхвалі, і ў непагадзь яна засынала хутчэй.

Нудныя і бясконцыя былі гэтыя вечары. Часам здаралася, што Тэрэза яшчэ завідна вярталася з прагулкі дамоў. І тады яна бачыла, як людзі цураюцца яе: мацяркі, яшчэ здалёк угледзеўшы яе, хапалі сваіх дзяцей і хутчэй валаклі іх на свой надворак, а пастухі, якіх яна нават ведала асабіста, ніколі не віталіся... Ах, як добра было б згубіцца ў вялікім, шматлюдным горадзе! Апынуцца ў самай гушчы людзей, якія цябе не ведаюць! А ў Аржалузе не знойдзеш чалавека, які не ведаў бы плётак пра яе (ёй нават прыпісвалі смерць цёткі Клары). Яна ніколі цяпер не адважылася б пераступіць чужы парог. З дому выходзіла тайком, дарогу выбірала як мага далей ад фермаў, а пачуўшы грукат сялянскага воза, хутчэй уцякала з гасцінца і хавалася ў лесе. Хадзіла яна хутка, подбегам, нібы напалоханы звер, а адпачывала толькі ў глухіх лясных зарасніках...

У нядзелю ў царкве яна не адчувала такога страху, і там ёй было крыху лягчэй. Ёй здавалася, што тут, у Сэн-Клеры, да яе людзі ставяцца больш-менш прыхільна... Яна не ведала, што бацька і Бернарава сям'я з усяе сілы стараліся зрабіць з яе нявінную ахвяру, да смерці напалоханую гнюсным паклёпам: «Мы баімся, што няшчасная ўжо і не паправіцца. Нікога не хоча бачыць. І ведаеце, доктар сказаў не пярэчыць ёй. Бернар клапоціцца пра яе, усё робіць, што толькі можна. Але бачыце... псіхіка яе парушана».

 

Апошняя ноч кастрычніка. Шалёны вецер наваліўся на Аржалузу. Трашчалі дрэвы, страшна гуло ў коміне.

Тэрэза драмала, і ёй здавалася, што да яе далятае шум далёкага акіяна... А раніцай яе пабудзілі іншыя гукі. Яна адчыніла аканіцы, аднак святлей у пакоі не стала: дробны асенні дождж барабаніў па чарапічных стрэхах, па яшчэ густым дубовым лісці. У той дзень Бернар не выходзіў з дому. Тэрэза запаліла цыгарэту, кінула, выйшла на лесвічную пляцоўку... Яна чула, што і Бернару не спіцца: ён хадзіў з пакоя ў пакой. Да яе дайшоў пах моцнага тытуню ад яго люлькі, які перабіў водар яе слабых цыгарэт. Яна пазнала гэты пах, і ён нагадаў ёй пра мінулае...

Першы дзень глыбокай восені... А колькі ж яшчэ такіх дзён адведзена ёй адпакутаваць у гэтым пакоі ля каміна, дзе ледзьве тлеюць вугалі?.. Ад сырасці па кутках паадставалі шпалеры... На сценах яшчэ віднеліся сляды ад сямейных партрэтаў, якія Бернар перавёз у Сэн-Клер. На іх месцы засталіся толькі ржавыя, цяпер ужо непатрэбныя цвікі. На каміне ў трайной раме, падробленай пад чарапаху, фатаграфіі: выцвілыя, бледныя. Нібы смерць, забіраючы тых людзей, прайшлася і па іх партрэтах: Бернараў бацька, бабуля і сам Бернар у маленстве з чубком на лобе і локанамі да плячэй.

Пражыць тут увесь гэты дзень... А потым тыдні, месяцы...

Вечарэла. Тэрэза не вытрымала: ціхенька адчыніла дзверы, спусцілася па лесвіцы і зайшла на кухню. Бернар ад нечаканасці ўскочыў са свайго месца, Бальён перастаў чысціць стрэльбу, а яго жонка выпусціла з рук вязанне.

- Вы што, спужаліся мяне?

- Заходзіць на кухню вам забаронена. Хіба вы не ведаеце?

Тэрэза нічога не адказала і падалася да дзвярэй. Бернар спыніў яе:

- Раз вы ўжо тут... то лічу неабходным паведаміць, што быць у гэтым доме больш у мяне няма патрэбы. У Сэн-Клеры нам удалося схіліць да вас сімпатыі людзей. Усе лічаць або робяць выгляд, што лічаць, вас трохі... неўрастэнічнай. Мы пераканалі ўсіх, што вы захацелі пажыць адна, а я часта прыязджаю да вас. З сённяшняга дня я вызваляю вас ад абавязку ездзіць у царкву...

Тэрэза прамармытала, што ёй «зусім не было непрыемна» хадзіць на месу. Бернар перапыніў яе і сказаў, што гаворка не пра тое, што ёй прыемна, а што не. Тое, чаго хацеў Бернар са сваёю сям'ёй, было дасягнута.

- Вось, а раз меса для вас нічога не значыць...

Тэрэза памкнулася штосьці сказаць, але не... змаўчала. А Бернар уладарна запатрабаваў, каб яна ніводным сваім рухам, ніводным словам не сапсавала гэтага нечаканага хуткага поспеху. Яна спыталася пра здароўе Мары. Ён адказаў, што Мары адчувае сябе добра і заўтра разам з Аннай і мадам дэ ля Траў паедзе ў Балье. Ён і сам там пабудзе нейкі час - месяцы два, не больш. Потым ён адчыніў дзверы і даў Тэрэзе выйсці.

На золку яна чула, як Бальён запрагаў каня. Потым пачуўся Бернараў голас, заржаў конь і загрукаталі колы... І зноў ліў дождж - на чарапічныя стрэхі, на запацелыя вокны, на пустое поле, на ўсе сто кіламетраў ландаў і балотаў, на бясконцыя дзюны, на ўвесь акіян...

Тэрэза дапаліла цыгарэту і запаліла ад яе новую. Недзе гадзіны ў чатыры яна накінула плашч і выйшла прайсціся пад дажджом. Але праходка не ўдалася: у цемры ёй стала боязна і яна вярнулася. Агонь у каміне патух. Дрыжучы ад холаду, яна лягла ў пасцель. Гадзін у сем служанка прынесла яечню, падсмажаную на сале. Ёй ужо абрыдзеў пах свінога тлушчу. Кожны дзень адно і тое: альбо яечня, альбо кансервы... Жонка Бальёна апраўдвалася, што нічога лепшага ў яе няма, бо месьё Бернар забараніў рэзаць курэй. Яна пачала бурчаць, што сэрца ў яе хворае, ногі ацяклі, а тут цягайся туды-сюды без толку... Не пад сілу ўжо ёй такая работа, і толькі, каб уважыць гаспадара...

Ноччу ў Тэрэзы пачалася гарачка. Ёй мроілася жыццё ў Парыжы: вось яна ў тым самым рэстаране ў Булонскім лесе, дзе калісьці была з Бернарам... Але цяпер яна не з мужам, а з Жанам Азеведа і нейкімі маладымі жанчынамі. Вось яна кладзе на стол свой чарапахавы партсігар, закурвае. Іграе аркестр, а яна расказвае, расказвае... і ёй становіцца лягчэй. Вакол яе - уважлівыя твары. І ніхто не здзіўлены яе расказам. А адна дама гаворыць:

- Ды гэта ж зусім так, як было са мной. Як мне ўсё гэта знаёма!..

Нейкі пісьменнік адводзіць Тэрэзу ўбок: «Вам абавязкова трэба напісаць пра ўсё, што вы перажылі. Мы змесцім гэты дзённік сучаснай жанчыны ў нашым часопісе».

Дадому яна едзе ў аўтамабілі з маладым чалавекам, які цэлы вечар закахана глядзеў на яе. Вось яны едуць па Булонскім лесе. Яна раўнадушная да свайго суседа, але ёй прыемна, што гэтае маладое цела згарае ад нецярпення. «Не, не сёння, - гаворыць яна яму, - сёння мне трэба яшчэ заехаць да сяброўкі». - «А заўтра?» - «Таксама не магу». - «Дык у вас, выходзіць, усе вечары занятыя?» - «Амаль што... Амаль што ўсе...»

Але ў яе жыцці ёсць мужчына, у параўнанні з якім усе астатнія - проста нішто. Яго ніхто з гэтага асяроддзя не ведае. Чалавек ён сціплы, непрыкметны. Але для Тэрэзы ён - сонца, вакол якога круцяцца ўсе яе думкі, намеры, жаданні. Да яго - да гэтага сонца, чыё цяпло ведае толькі Тэрэзіна цела, - імкнецца яе душа...

Парыж гудзіць, нібы вецер у соснах. А Тэрэза ўсёй сваёй істотай адчувае цела каханага, такое лёгкае, і ўсё ж яно замінае ёй дыхаць вольна. Але Тэрэза хутчэй задыхнецца, чым адсуне ад сябе гэтае дарагое цела. І яна робіць рух, нібы кагосьці абдымае: правая рука сціскае левае плячо, а пазногці левай упіваюцца ў правае плячо.

 

Яна ўстае, босая падыходзіць да акна, адчыняе яго. Ноч не халодная, але хіба можна спадзявацца, што хоць адзін дзень гэтай восені будзе без дажджу? Дождж, дождж, будзе ліць дождж да сканчэння свету...

Калі б у яе былі грошы, яна ўцякла б адсюль у Парыж, пайшла б да Жана Азеведа і ўсё расказала б яму. Ён змог бы знайсці ёй работу. І была б яна вольная, сама зарабляла б сабе на хлеб і ні ад кога не залежала б. Быць без сям'і! І няхай само сэрца выбірае сабе блізкіх людзей - не па крыві, а па духу і плоці! Знайсці сапраўдных дарагіх сваякоў! Няхай іх будзе няшмат! Няхай яны будуць раскіданы па свеце!..

Нарэшце яна заснула. Але акно засталося адчыненае і ранішні холад і сырасць пабудзілі яе. Яна так змерзла, што зуб на зуб не пападаў, але ўстаць і зачыніць акно яна не магла. У яе ўжо не хапала сілы накрыцца як след коўдрай...

У той дзень яна так і не паднялася з пасцелі. З'ела кавалачак кансерваў, выпіла кавы, каб можна было запаліць. Нашча паліць яна ўжо не магла: балеў страўнік. Хацелася аднавіць у памяці начны сон. Цяпер не толькі ў доме, але і ва ўсёй Аржалузе панавала цішыня. Змрочныя асеннія дні мала чым адрозніваліся ад ночы. У гэтыя самыя кароткія дні года бясконцы дождж змешваў усё ў адно: раніцу, дзень, вечар. Ранішняя імгла змянялася вячэрнім змрокам, і толькі нішто не магло адмяніць цішыню... Цяпер Тэрэзе зусім не хацелася спаць. Зноў і зноў цярпліва шукала яна ў сваім мінулым забытыя твары, губы, што вабілі да сябе, уваскрашала ў памяці расплывістыя вобразы выпадкова спатканых мужчын, якіх клікала ў начных мроях яе нявіннае цела. Яна прыдумвала сабе шчасце, малявала радасці і ўцехі жыцця і па крупінцы складала казку пра нейкае нерэальнае каханне...

- Яна ўжо зусім не ўстае з пасцелі, а да яды і не дакранаецца, - дакладвала праз нейкі час служанка Бернару. - Але затое бутэльку да дна выпівае. Колькі ні дай віна, усё выжлукціць гэтая свалата! А ад цыгарэт то ўжо няма спасу. Папрапальвала вунь колькі прасцін. Скончыцца гэта пажарам! Папомніце маё слова! Паліць і паліць - пальцы ўжо ўсе жоўтыя. І гэта ж трэба: прапаліць такія прасціны! А іх жа спецыяльна заказвалі... Ну, цяпер яна ў мяне пачакае! Няскора я ёй іх памяняю!

Яна яшчэ нешта бубніла, што не адмаўляецца падмятаць пакой, прыбіраць пасцель, але ж гэтая гультайка не хоча вылазіць з-пад коўдры. Дык ці варта для яе старацца. «Я ж хворая. Ногі вунь ацяклі. А кожную раніцу прыношу ёй гарачай вады. І ўсё дарэмна: дзе паставіш збан - там вечарам і забярэш...»

Думкі Тэрэзы ўжо адарваліся ад таго невядомага выдуманага мужчыны. Ёй надакучыла несапраўднае, уяўнае шчасце, і фантазія вяла яе цяпер новымі шляхамі. Вось яна ляжыць на смяротным ложы. Вакол стаяць на каленях людзі. Да яе прыносяць аднаго з тых хлопчыкаў, што ўцякалі з усіх ног, убачыўшы яе. Ён б'ецца ў перадсмяротных сутаргах. Яна кладзе яму на галоўку свае жоўтыя ад нікаціну пальцы, і адбываецца цуд: хлопчык устае здаровы. Былі ў яе і больш сціплыя мроі. Вось яна пабудавала сабе дом на беразе мора. Яна ясна бачыць сад, тэрасу, пакоі, мэблю, рэчы. Спрачаецца сама з сабой, якую лепш выбраць абіўку...

Потым дэкарацыі мяняліся. Усё рабілася цьмяным і расплывістым. А перад вачыма стаяла толькі алея ды лаўка на марскім узбярэжжы. Тэрэза адпачывае, сядзіць на гэтай лаўцы, абапёршыся на чыёсьці плячо. Потым звініць званок: час абедаць. Яна ўстае і ідзе па цёмнай алеі. Нехта крочыць побач. Нечакана дужыя рукі абдымаюць яе... Пацалунак, ад якога спыняецца час... Ёй здаецца, што ў каханні бываюць імгненні, якія цягнуцца вечна. Яна ўяўляе іх, але сама не зведае ніколі... А вось і белы дом, студня. Скрыпіць помпа. Прыемна пахнуць палітыя геліятропы. Абед будзе адпачынкам перад тым шчасцем, якое чакае яе вечарам і ноччу. Яе чакае шчасце, якому немагчыма глянуць у твар, яно бязмежнае, і чалавечае сэрца не ў стане ахапіць яго. Так марыла Тэрэза пра каханне, якога была пазбаўлена ў жыцці. А яно, гэтае гарачае, таямнічае пачуццё пранізвала ўсю яе істоту... Яна амаль не чуе звяглівага голасу служанкі. Што яна там крычыць?

- Праз дзень-два можа вярнуцца з поўдня месьё Бернар. І што ён скажа, калі зойдзе ў ваш пакой? Ды гэта ж свінушнік! Уставайце, мадам! А не - дык падыму вас сілай!

Тэрэза садзіцца на пасцель і тупа глядзіць на свае схуднелыя, як у шкілета, ногі... Старая накідвае на яе капот і падпіхае яе ў крэсла. Тэрэза машынальна шукае каля сябе цыгарэты, але рука ў немачы падае на калені. Праз адчыненае акно льюцца халодныя сонечныя промні. Служанка мітусіцца, падмятае падлогу, сапе, мармыча праклёны. А кажуць, што яна добрая жанчына. Кожны год, калі пад каляды колюць свінчо, выкармленае ёю, яна хаваецца і плача... А злуецца яна таму, што Тэрэза маўчыць і не адказвае ёй. Гэта для яе найбольшая абраза.

Аднак гаварыць няма ўжо сілы ў Тэрэзы. Калі яна ўсім целам адчула свежасць чыстых прасцін, яна, як здаецца, сказала «дзякуй», але на самай справе ніводзін гук не зляцеў з яе вуснаў... Адыходзячы, служанка з'едліва кінула:

- Ну, гэтых прасцін то вы ўжо не прапаліце!

Тэрэза спалохалася, што старая забрала цыгарэты. А як жа цяпер... без цыгарэт?.. Яна так прывыкла да дыму... Ёй проста неабходна трымаць у руках гэтую сухую цёплую палачку. Цяпер старая вернецца толькі вечарам... Цэлы дзень без цыгарэт!.. Яна заплюшчвае вочы, а пальцы па прывычцы варушацца, нібы размінаюць цыгарэту...

Вечарам у сем гадзін зайшла служанка. Прынесла з сабой свечку, паставіла на столік паднос: малако, кава, акрайчык хлеба. «Мо яшчэ што?» Яна зларадна паглядзела на Тэрэзу, чакаючы, што тая папросіць цыгарэт. Але Тэрэза маўчала, адвярнуўшыся тварам да сцяны...

Служанка, мусіць, добра не зачыніла акно. Парыў ветру расхінуў яго, і начны холад уварваўся ў пакой. А ў Тэрэзы ўжо не было ні сілы, ні адвагі, каб адкінуць коўдру, устаць і дайсці да акна. Яна скурчылася, нацягнула коўдру да самых вачэй і нерухома ляжала, адчуваючы на павеках і лобе ледзяное дыханне ветру. За акном не сціхаў шум лесу, падобны на гул акіяна, і ўсё ж сапраўдным гаспадаром усяго была глыбокая мёртвая цішыня Аржалузы. Тэрэзе падумалася, што калі яна папраўдзе хоча пакутаваць, захварэць, памерці, то не варта так захутвацца ў коўдру. Яна паспрабавала адкінуць коўдру, але праз некалькі секунд зноў схавалася пад ёю. Потым ёй удалося вытрымаць трохі даўжэй пад холадам - яна нібы падсвядома вяла нейкую гульню. Пакуты сталі яе адзіным заняткам і, хто ведае, можа, і сэнсам усяго яе існавання на гэтым свеце.

 

XII

 

- Пісьмо ад месьё Бернара!

Тэрэза не хацела дакранацца да гэтага канверта, але старая не адставала: тут, пэўна, напісана, калі вернецца гаспадар, ёй трэба ведаць гэта, каб загадзя падрыхтавацца.

- Калі дазволіце, то я сама прачытаю...

- Чытайце! Чытайце! Што хочаце рабіце!

І Тэрэза, як заўсёды пры служанцы, адвярнулася да сцяны. Аднак тое, што па складах чытала жонка Бальёна, вывела яе са здранцвення:

«Быў вельмі рады, калі даведаўся з паведамлення Бальёна, што ў Аржалузе ўсё ў парадку...»

Бернар пісаў, што хутка вернецца, але ён яшчэ будзе рабіць прыпынкі ў некалькіх гарадах, то не можа сказаць нічога пэўнага пра свой прыезд.

«Ва ўсякім разе, гэта будзе не пазней як дваццатага снежня. Не здзіўляйцеся, што я прыеду разам з Аннай і Дэгілемам. Яны ўжо заручаны. Праўда, гэта пакуль што не афіцыйна. Дэгілем вельмі хоча спачатку пабачыцца з Вамі. Ён пераконвае, што гэтага вымагае прыстойнасць. Але я падазраю, што ён хоча высветліць для сябе некаторыя абставіны - Вы, безумоўна, здагадваецеся якія. Вы дастаткова разумная, каб вытрымаць гэтае выпрабаванне. Не забывайцеся: Вы хворая, у Вас псіхічнае расстройства. Словам, я вельмі спадзяюся на Вас. Я буду Вам вельмі ўдзячны, калі Вы не пашкодзіце шчасцю Анны і не скампраметуеце нас. Уся наша сям'я лічыць, што гэта цудоўны шлюб ва ўсіх адносінах. Калі ж Вы будзеце дзейнічаць інакш, то Вам давядзецца дорага заплаціць за любую спробу разлучыць гэтую пару. Зрэшты, я ўпэўнены, што нам няма чаго асцерагацца».

Стаяў цудоўны ясны халаднаваты дзень. Тэрэза такі паслухалася служанкі: устала з пасцелі і нават трохі прайшлася па садзе, абапіраючыся на руку старой. А вось даесці кавалачак кураняці яна так і не змагла. Да дваццатага снежня яшчэ заставалася дзесяць дзён. Служанка паўтарала, што варта мадам толькі ўзяць сябе ў рукі, прымусіць сябе ўставаць, выходзіць на двор, дыхаць свежым паветрам, як яна хутка стане на ногі.

- Не скажаш, што яна надта ўпарціцца, - гаварыла жонка Бальёну, - яна проста зусім раскісла. Ого, месьё Бернар - майстар дрэсіраваць непаслухмяных сабак: чуць што - адразу надзене ашыйнік з цвікамі. І з гэтай доўга не важдаўся, а бачыш, як яна цяпер на жываце поўзае. Але было б такі лепш, каб ён не надта давяраў ёй...

А Тэрэза сапраўды сабрала ўсе свае сілы, каб выйсці з гэтага здранцвення. Яна адганяла прэч свае мроі, дрымоту, самазабыццё. Яна ўставала, хадзіла, ела, прывучала сябе зноў цвяроза глядзець на свет і людзей. Але адчувала яна сябе так, нібы вярнулася ў ланды, падпаленыя сваёй рукой. Па калена ў попеле ішла яна сярод абгарэлых чорных хваін... Яна рыхтавалася да сустрэчы, калі давядзецца гутарыць, усміхацца ў лоне гэтай сям'і - яе сям'і.

 

Васемнаццатага снежня пасля абеду Тэрэза сядзела ў сваёй спальні ля каміна і драмала, адкінуўшы галаву на спінку крэсла. Дзень выдаўся пахмурны, але без дажджу. Яе пабудзіў гул матора. У прыхожай пачуўся голас Бернара, потым загаварыла мадам дэ ля Траў. Калі служанка засопшыся ўбегла да Тэрэзы, тая ўжо стаяла перад люстэркам і падфарбоўвала сабе губы. Не звяртаючыся да старой, яна працадзіла праз зубы: «А то, крый Божа, напалохаю Аннінага жаніха».

Але Бернар зрабіў памылку, што не падняўся адразу да жонкі. Малады Дэгілем, які абяцаў бацькам глядзець ува ўсе вочы, адзначыў для сябе, што «такая няўвага з боку мужа наводзіць на пэўны роздум». Ён крыху адышоўся ад Анны, наставіў свой футравы каўнер і ціха сказаў, што «гэтыя вясковыя маёнткі ніколі не напаліш». Потым папытаўся ў Бернара: «У вас унізе падвал? Не? Ну, тады ў вас заўсёды будзе падгніваць падлога, калі не пакласці пад яе слой цэменту...»

На Анне было манто з футра вавёркі і фетравы капялюшык без стужкі і без банта. («Але, - расказвала ўсім мадам дэ ля Траў, -гэтыя капялюшыкі без ніякіх выкрунтасаў каштуюць цяпер больш, чым тыя, што калісьці насілі мы, з пер'ем ды з эгрэткамі. Ну паглядзіце, які цудоўны фетр! Праўда? Купілі ажно ў Парыжы, а фасон выбралі ў самога Рэбу».)

Мадам дэ ля Траў грэла ногі ля каміна і нецярпліва паглядала на дзверы. Ад хвалявання скрывіўся яе сыты ганарысты твар. Яна абяцала Бернару быць на вышыні - толькі папярэдзіла яго: «І не прасі нават, каб я яе пацалавала. Нельга такога патрабаваць ад маці. Мне за руку з ёю павітацца і то брыдка. Адзін Бог бачыць, што яна натварыла, але не гэта мяне абурае. Нічога не зробіш: былі і ёсць забойцы сярод людзей. Але мяне абурае яе крывадушнасць. Вось што самае жахлівае! Ты ж помніш: «Мама, сядзьце ў гэтае крэсла. Тут вам будзе зручней...» А ўспомні, як яна баялася «напалохаць» цябе! «Бедненькі, ён так баіцца смерці, што гэты кансіліум яго даканае...». Ведае Бог, я тады нічога не падазравала, але, калі пачула гэтае «бедненькі», ажно здзівілася...»

А цяпер, у гэтай халоднай гасцінай яе турбавала толькі адно: яўная няёмкасць, якую адчувалі ўсе прысутныя. Асабліва пільна сачыла яна за Дэгілемам, што ўпіўся сваімі кашэчымі вачыма ў Бернара.

- Бернар, табе трэба было б зайсці да Тэрэзы. Можа, ёй нездаровіцца...

Абыякавая да ўсяго, што тут адбывалася, Анна першая пачула знаёмыя крокі: «Яна ўжо ідзе». Бернар схапіўся за сэрца. Зноў прыступ. Вось дурань! І чаму не было прыехаць сюды ўчора вечарам! Можна было б загадзя адрэпеціраваць гэтую сцэну з Тэрэзай... І што ж яна скажа? О, яна ўмее ўсё сапсаваць, і пры гэтым не зробіць нічога такога, за што можна было б потым яе папракнуць. Як жа яна марудна ідзе па лесвіцы. Яны ўсе ўсталі даўно, павярнуліся да дзвярэй. Ну нарэшце...

 

Доўга потым помніў Бернар, як пры з'яўленні гэтай змарнелай, ледзь жывой істоты, гэтага маленькага, бледнага і падмаляванага тварыка ў яго перш-наперш мільганула думка: «Суд прысяжных». Але падумалася тады так не пра злачынства Тэрэзы. Яму раптам прыгадаўся каляровы нядзельны дадатак да «Пці парызьен»*, што ўпрыгожваў разам з іншымі выразкамі яго альтанку ў Аржалузе; у спякотныя дні пад нуднае гудзенне мух і бясконцае стракатанне конікаў ён, хлопчык, з жахам углядаўся ў гэты чырвона-зялёны малюнак, дзе стаяла «Вязніца замка Пуацье».

* Папулярная парыжская газета. Выдавалася з 1875 года.

Так і цяпер спалохана глядзеў ён на абяскроўленую схуднелую Тэрэзу і ўсё дакараў сябе за сваё вар'яцтва: трэба было, чаго б гэта ні каштавала, прыбраць з дарогі гэтую страшную жанчыну, адкінуць яе, як кідаюць у ваду бомбу, што ў кожны момант можа ўзарвацца. Наўрад ці было выпадковасцю тое, што кожны, хто глядзеў на Тэрэзу, пачынаў думаць пра нейкую драму, нават больш - пра трагічны выпадак з крымінальнай хронікі: у самым яе абліччы было нешта і ад злачынкі, і ад ахвяры...

Сваякі з такой шчырай, непрытворнай спагадай сустрэлі Тэрэзу, што малады Дэгілем засумняваўся ў сваіх вывадах і не ведаў цяпер што і думаць. А Тэрэза растлумачыла:

- Ды ўсё вельмі проста. У нас тут зусім сапсавалася надвор'е. Я не магла выходзіць на двор, і ў мяне прапаў апетыт. Нічога есці не магла. Але ж лепш худзець, чым сыцець... Аднак пагаворым пра цябе, Анна. Я такая радая...

Тэрэза ўзяла яе за рукі (яна сядзела, а Анна стаяла) і доўга ўглядалася ў сваю былую сяброўку. Са змучанага твару на Анну пазіралі такія знаёмыя вочы. Калісьці, у дзяцінстве, іх уважлівы позірк раздражняў Анну, і яна часам гаварыла: «Чаму ты на мяне так глядзіш? Перастань!»

- Я радуюся, што да цябе прыйшло шчасце, Анна.

І яна ўсміхнулася, віншуючы Анну з яе «шчасцем». Была адрасавана ўсмешка і Дэгілему, яго пляшывай галаве, яго жандарскім вусам, яго пакатым плячам і сытым лыткам, абцягнутым штанамі ў цёмна-шэрую палоску (ды што тут, чалавек як чалавек, адным словам - муж). Тэрэза зноў перавяла позірк на Анну і папрасіла:

- Здымі капялюшык... Вось так... Цяпер я цябе пазнаю, дарагая мая...

Анна цяпер зусім блізка бачыла трохі скрыўлены рот Тэрэзы і вочы, што ніколі не ведалі слёз, але яна не магла бачыць, пра што думала Тэрэза. Дэгілем не зусім дарэчы выказаў думку, што сапраўднай жанчыне, якая любіць сваё гняздзечка, і зімой не страшна ў вёсцы: «У доме заўсёды столькі работы».

- Ты не пытаешся ў мяне пра Мары?

- Ах! Праўда, раскажы, раскажы пра яе!..

І тут Анна зноў надала сабе варожы, пагардлівы выгляд. Недарэмна столькі месяцаў з такой самай інтанацыяй, як у яе маці, яна паўтарала: «Ды я ёй усё магла б дараваць. Чаго вы хочаце ад хворага чалавека? Але яе абыякавасці да свайго дзіцяці я не магу перанесці. Гаварыце мне, што хочаце, а я тут не бачу ніякіх апраўданняў!»

Тэрэза добра здагадвалася пра гэта: «Яе заела, што я не адразу спыталася пра Мары. Як жа ёй растлумачыць? Ах, яна ўсё роўна не зразумее, што я цяпер жыву толькі сабой, толькі сабой... Анна чакае не дачакаецца дзяцей, у якіх яна ўся растворыцца. Тое самае было і з яе маці, і з усімі жанчынамі з іх роду. А я - я павінна быць самой сабой... Быць, не страціць сябе... Анна хутка забудзецца пра сваю маладосць, пра нашу дружбу, пра пяшчоту Жана Азеведа - усё вылеціць з памяці пры першым жа крыку дзіцяці, якім яе адорыць гэты гном у сурдуце. Жанчыны гэтай сям'і бачаць сваю найвышэйшую мэту ў тым, каб адрачыся ад свайго ўласнага жыцця. Аддаць сябе справе прадаўжэння роду - гэта сапраўды прыгожа! Я адчуваю прыгажосць гэтага самаадрачэння... Але я... Я так не магу...»

Тэрэза спрабуе не слухаць гэтых людзей, а думаць пра Мары. Яна ж, напэўна, ужо гаворыць. «Прыемна было б паслухаць яе шчабятанне, але нядоўга, бо гэта мне хутка надакучыла б і захацелася б зноў застацца адной...» Тэрэза пытаецца ў Анны:

- А Мары ўжо, мусіць, добра гаворыць?

- О, паўтарае ўсё, што пачуе. Мы ўсе ад смеху качаемся. Закукарэкае певень ці засігналіць машына, яна падыме пальчык і скажа: «Цуес? Петусок кліцыць». Такая ўжо слаўненькая, проста цуд!

Тэрэза думае: «Трэба паслухаць, пра што яны ўсё гавораць... О, як жа пуста ў мяне ў галаве... Што гэта там даказвае Дэгілем?..» Яна праз сілу засяроджваецца, прыслухоўваецца.

- У мяне ў Балісаку маёнтак. Але нашы смалакуры не такія спрытныя, як тут: смалу збіраюць чатыры разы на год, а ў вас - сем, а то і восем.

- Ну, вашы смалакуры проста гультаі. Цана на смалу вунь як падскочыла.

- Што вы, вядома. Сёння смалакур зарабляе па сто франкаў за дзень! Але мы, здаецца, стамілі мадам Дэскейру...

Тэрэза сядзіць, адкінуўшы галаву на спінку крэсла. Усе ўсталі. Бернар вырашыў застацца пакуль што ў Аржалузе. Дэгілем сказаў, што ён сам павядзе яго машыну, а заўтра шафёр прыгоніць яе назад і прывязе Бернараў багаж.

Тэрэза паспрабавала таксама ўстаць, але свякроў не дазволіла ёй.

Вочы яе заплюшчыліся, і яна пачула, як Бернар гаварыў сваёй маці:

- Ну гэтыя Бальёны! Я ім пакажу! Будуць яны мяне помніць!

- Пачакай, пачакай! Ты не надта... А то яны могуць і пайсці ад нас. А навошта нам гэта: па-першае, яны занадта шмат ведаюць, а потым наша гаспадарка... Адзін толькі Бальён і ведае межы нашых лясоў і палеткаў...

Потым, адказваючы на нейкую рэпліку Бернара, свякроў дадае:

- Ты ж глядзі, не вельмі ёй давярай! Сачы за кожным яе рухам, ніколі не дазваляй, каб яна адна заходзіла на кухню!.. Ды не... якая непрытомнасць? Яна спіць ці, можа, прытвараецца...

Тэрэза расплюшчвае вочы: перад ёю Бернар са шклянкай у руцэ:

- Вось, выпіце. Гэта гішпанскае віно. Яно павышае тонус...

Бернар, як заўсёды, верны свайму прынцыпу: сказана - зроблена. Ён ідзе на кухню і дае волю сваёй злосці.

Размова адбываецца на мясцовай гаворцы. Чуецца вохканне старой служанкі, а Тэрэза думае: «Бернар чагосьці спалохаўся. Але чаго?» Ён зноў заходзіць у гасціную.

- Я думаю, што вам больш прыемна будзе абедаць у сталовай. Я загадаў, каб вам падавалі яду ў сталовай.

Перад Тэрэзай быў той самы Бернар, што і ў дні следства. Бернар - супольнік, Бернар - саюзнік, які жадае выцягнуць яе з бяды. Цяпер ён хоча, каб яна паправілася. Яго напалохала яе хвароба - вось што! Тэрэза назірае за ім: ён сядзіць ля каміна і варушыць качаргой дровы. Але як яна можа ўгадаць, які вобраз ловяць яго лупатыя вочы ў полымі. А бачыць ён там чырвона-зялёны малюнак з дадаткам да «Пці парызьен» - «Вязніцу замка Пуацье...».

 

Колькі б ні лілі дажджы, на пясчанай зямлі Аржалузы ніколі не было лужын. У самы разгар зімы варта сонцу выглянуць хоць на гадзінку і ўжо можна ў хатніх тапачках шпацыраваць па дарогах, засланых дываном з мяккіх сухіх хваёвых іголак. Цэлыя дні Бернар бавіў на паляванні, але заўсёды вяртаўся пад абед і перш-наперш пытаўся, як адчувае сябе Тэрэза. За ўсё іх сумеснае жыццё ніколі ён так не клапаціўся пра яе. У іх адносіны паступова вярталася шчырасць і нязмушанасць. Па яго парадзе раз у тры дні яна ўзважвалася. Ён дазваляў ёй паліць толькі па дзве цыгарэты пасля абеду. Угаварыў яе выходзіць у лес на прагулкі: «Хада найлепш узбуджае апетыт».

Цяпер Тэрэза не баялася Аржалузы. Ёй здавалася, што сосны расступаюцца перад ёю, падаюць нейкія знакі і клічуць да сябе, на волю... Аднойчы вечарам Бернар сказаў ёй:

- Я прашу вас толькі аб адным. Пачакайце, пакуль Анна выйдзе замуж. Трэба, каб усе ўбачылі нас разам на вяселлі. А потым - можаце на ўсе чатыры...

У тую ноч узбуджанасць і радасная няпэўная трывога не далі ёй заснуць. На золку яна пачула спеў пеўняў - здавалася, яны не пераклікаюцца, як звычайна, а спяваюць хорам, усе разам, напаўняючы зямлю і неба адзіным радасным гімнам. Што ж, Бернар адпусціць яе з гэтай турмы, як некалі выпусціў у ланды дзікую свінню, якую так і не змог прыручыць. Калі Анна будзе замужам, тады людзі хай кажуць, што хочуць. Бернар завязе яе ў Парыж, а сам вернецца дадому. Так яны сёння дамовіліся. Ніякага разводу, ніякага падзелу маёмасці. Яе адсутнасць будуць тлумачыць станам здароўя («ёй намнога лепш, калі яна падарожнічае»). Бернар рэгулярна будзе прысылаць яе долю даходу ад продажу лесу і збору смалы.

Бернар не пацікавіўся яе планамі: «Няхай хоць павесіцца! Абы сышла адгэтуль!..»

- Я супакоюся толькі тады, калі яе нагі тут не будзе, - гаварыў ён сваёй маці.

- Добра было б, каб яна ўзяла сабе дзявочае прозвішча... Хаця што гэта нам дасць?.. Калі яна чаго наробіць, то цябе хутка знойдуць...

Аднак Бернар сцвярджаў, што Тэрэза «брыкаецца толькі ў аглоблях». А будзе на волі - можа, паразумнее. Ва ўсякім разе, няхай паспрабуе. Так, дарэчы, меркаваў і Тэрэзін бацька, месьё Лярок. Усё добра ўзважыўшы, сваякі прыйшлі да згоды: будзе лепш, калі Тэрэза знікне з вачэй. Тады пра яе хутчэй забудуцца. Людзі перастануць языкамі мянціць... Самае галоўнае цяпер - маўчаць... Вось такі быў план, і мяняць яго ніхто і не падумае. Тэрэзу адважыліся выпрагчы з аглобляў... Ах, як хацелася, каб зрабілі гэта хутчэй!

Канчалася зіма. Тэрэза любіла гэтую пару, калі стаялі сонечныя дні, чыстае блакітнае неба цешыла вока, а голыя палеткі і дрэвы (толькі на дубах сям-там было леташняе лісце) чакалі ўжо новага веснавога ўбору. Якраз у гэты час адкрыла для сябе Тэрэза, што тая самотная, пакутлівая цішыня, якая, здавалася, вечна будзе прыгнятаць і душыць яе, знікла. Нават у самую ціхую часіну лес нешта напяваў, нібы скардзіўся ці закалыхваў сябе. Нават ноччу даходзіў да Тэрэзы таямнічы лясны шэпт... А будучыня ўяўлялася ёй цьмяна. І хто ведае, можа, ёй калі-небудзь яшчэ давядзецца сустракаць новы дзень у такой млоснай адзіноце, што яна пашкадуе і Аржалузу, і гэтае прадвесне, і лясны гоман, і дружны хор пеўняў, і стракатанне конікаў, і начны скрып цвыркуноў... Парыж... Там мяне будуць акружаць не знявечаныя чалавекам сосны, а хцівыя, небяспечныя людзі... Замест бясконцых дрэў - натоўп людзей...

І Бернар, і Тэрэза здзіўляліся, што цяпер пры сустрэчах і размовах яны не адчувалі, бадай, ніякай збянтэжанасці і няёмкасці. Тэрэза нават падумала, што чалавек спакайней ставіцца да самых непрыемных суседзяў, калі ўпэўнены, што хутка назаўсёды паедзе ад іх. Цяпер Бернар цікавіўся і яе здароўем, і яе вагою, і нават планамі на будучыню. А Тэрэза як ніколі адказвала шчыра, адкрыта:

- У Парыжы... Калі я буду ў Парыжы...

Там яна будзе жыць у атэлі, а можа, і пашукае кватэру. Яна збіралася хадзіць на лекцыі, на даклады, на канцэрты. Яна хацела «пачаць з азоў сваю адукацыю». Цяпер Бернар зусім не асцерагаўся яе, спакойна еў і піў за адным сталом. Доктар Педмэ, які часам сустракаў іх на прагулцы, не раз казаў сваёй жонцы:

- Ведаеш, што самае дзіўнае. Калі глядзіш, як буркуюць гэтыя галубкі, ні за што не паверыш, што яны прытвараюцца...

 

XIII

 

Цёплай сакавіцкай раніцай, гадзін каля дзесяці, людская плынь ужо цякла па вуліцах Парыжа, падступалася да тэрасы «Кавярні дэ ля Пэ», дзе сядзелі Бернар і Тэрэза. Яна кінула дакураную цыгарэту і, як гэта робяць у ландах, старанна патушыла яе.

- Баіцеся падпаліць тратуар? - няшчыра засмяяўся Бернар. А ў душы ён ужо дакараў сябе за тое, што надумаўся праводзіць Тэрэзу да Парыжа. Вядома, на другі дзень пасля вяселля Анны так і трэба было зрабіць: менш будзе плётак. Але галоўная прычына была ў тым, што на гэтым настойвала Тэрэза, і ён не змог ёй адмовіць. У гэтай жанчыны сапраўдны талент ствараць недарэчныя сітуацыі. І пакуль яна пэўным чынам будзе звязана з яго жыццём, Бернару, відаць, давядзецца яшчэ не раз патураць яе бяздумным жаданням. Нават на такога сталага, ураўнаважанага чалавека, як ён, гэтая вар'ятка мае нейкі ўплыў. Вось і цяпер, калі прыйшоў час развітвацца, ён не змог адагнаць ад сябе пачуцця смутку і журбы, і сам не паверыў у гэта... Цяжка было знайсці чалавека, скупейшага на такія сантыменты, чым Бернар. А ў адносінах да Тэрэзы іх тым больш быць не магло. Як жа хацелася яму хутчэй вызваліцца ад усяго гэтага!.. Толькі ў цягніку ён нарэшце ўздыхне вольна. Сёння вечарам у Лангоне яго будзе чакаць аўтамабіль. Адразу за станцыяй пачынаецца сасновы лес... Ён паглядаў на профіль Тэрэзы, бачыў, як яе позірк спыняўся на якім-небудзь чалавеку на вуліцы і сачыў за ім, пакуль той зусім не губляўся ў натоўпе.

- Тэрэза... Я хацеў спытацца...

Ён адвёў вочы, бо ніколі не мог вытрымаць позірку гэтай жанчыны, і з ходу выпаліў:

- Я хацеў бы ведаць... Чаму вы тады зрабілі гэта? Таму што ненавідзелі мяне? Я наводзіў на вас страх? Я брыдкі?..

Ён аж здзівіўся, пачуўшы свае ўласныя словы. А на душы стала пуста і прыкра. Тэрэза ўсміхнулася, а потым з сур'ёзным выглядам падняла на яго вочы. Нарэшце! Вось калі Бернар задаў тое пытанне, з якога Тэрэза і пачала б, калі апынулася б на яго месцы. А можа, і не будзе дарэмнай тая сумная споведзь, што падрыхтавала Тэрэза па дарозе з суда ў Аржалузу? Можа, цяпер і настала хвіліна, калі прыйдзе адплата за ўсе яе бяссонныя ночы, за цяжкі одум, за пакутлівыя спробы разабрацца ў сабе і знайсці вытокі свайго ўчынку?.. Відаць Тэрэза, сама таго не жадаючы, прымусіла-такі Бернара завагацца, засумнявацца, разгубіцца. І вось ён звяртаецца да яе, як чалавек, якому шмат што незразумела ў гэтай гісторыі, і ён не ведае, што пра яе думаць. Цяпер ён не такі ўжо і прасцяк і не такі бязлітасны. Тэрэза паблажліва, амаль па-мацярынску паглядзела на гэтага новага для яе Бернара. А адказала з насмешкай:

- А хіба вы не ведаеце, што прычына ўсяго - вашы лясы, спадчына? Я адна хацела валодаць усім!

Ён паціснуў плячыма:

- Калі я нават і лічыў так раней, то цяпер я гэтаму не веру. Чаму вы гэта зрабілі? Цяпер жа вы можаце мне сказаць?

Яна глядзіць перад сабой: там, па брудным тратуары, спяшаюцца прахожыя. Яшчэ хвіліна - і яна таксама ўвальецца ў гэты натоўп. І раптам, нібы зара, перад Тэрэзай паўстае карціна яе вяртання ў ціхі, спакойны куточак у ландах, вяртання да цішыні Аржалузы, дзе ўсё жыццё пойдзе на роздум, на ўдасканаленне сваёй душы, на пошукі Бога... Мараканец, які гандляваў маленькімі дыванамі і шклянымі пацеркамі, прыняў яе ўсмешку ў свой адрас і падышоў са сваім таварам. Але яна, не заўважаючы гандляра, сказала з іроніяй у голасе:

- Толькі што я збіралася адказаць вам: «Я не ведаю, чаму так зрабіла», але цяпер, уявіце сабе, я, здаецца, ведаю гэта. Магчыма, я зрабіла гэта дзеля таго, каб убачыць у вашых вачах трывогу, сумненні, разгубленасць - тое, што я ўжо цэлую хвіліну бачу ў іх.

Ён прабурчаў сярдзітым тонам, які нагадаў Тэрэзе іх вясельнае падарожжа:

- Дасціпнасць - ваш канёк... Нават і цяпер... А калі сур'ёзна?

Яна перастала ўсміхацца і замест таго, каб адказаць, спыталася:

- А вы, Бернар, вы заўсёды ведаеце, чаму вы робіце так, а не інакш?

- Вядома... Ва ўсякім разе мне так здаецца.

- Мне так хацелася, каб нічога, ніводная дробязь не засталася схаванай ад вас... Калі б вы толькі ведалі, якія пакуты мне давялося перажыць, каб самой ва ўсім разабрацца... І я дайшла да гэтых прычын, але варта было паспрабаваць перадаць іх словамі, як яны здаліся мне фальшывымі, ілжывымі...

Бернар ужо траціў цярпенне:

- Але ж быў дзень, калі вы надумаліся... Калі вы зрабілі першы крок?

- Гэта было тады, калі быў вялікі пажар каля Мано.

Яны падсунуліся адно да аднаго бліжэй і загаварылі напаўголаса. У гэтым тлумным шматлюдным горадзе пад яснымі промнямі сонца і подыхам лёгкага ветрыку, што калыхаў чырвоныя шторы і прыносіў з сабою водар заморскага тытуню, Тэрэзе было ніякавата гаварыць пра той спякотны дзень, пра чорны дым, які засланіў сонца і блакіт неба, пра ўедлівы пах гару і пра сваё здранцвелае сэрца, дзе ўжо выспявала злачынства...

- Вось як гэта было. Мы сядзелі ў сталовай. Як заўсёды, у гарачыя дні аканіцы былі зачыненыя і там было цемнавата. Вы гаварылі з Бальёнам, павярнуўшы да яго галаву, і забыліся палічыць кроплі, што падалі ў шклянку...

Тэрэза не глядзела на мужа, гаварыла і баялася толькі аднаго: не забыцца ніводнай дробязі. І раптам пачула, што ён смяецца. Яна зірнула на яго: ён смяяўся сваім звычайным дурным смехам, а потым прамовіў: «Ну, вы зусім... За каго вы мяне лічыце?» Ён не паверыў ёй (і сапраўды, хіба можна было паверыць у тое, што яна гаварыла?). Ён усё з'едліва хіхікаў, і яна пазнавала сапраўднага Бернара - самаўпэўненага, самазадаволенага, які не дасць абвесці сябе вакол пальца. Ён зноў стаў самім сабою, і Тэрэза разгубілася. Ён здзекаваўся:

- Такім чынам, думка пра забойства вас ахапіла нечакана, так сказаць, па волі божай?

Як жа ён цяпер дакараў сябе, што надумаўся распытвацца пра ўсё гэта! Ён жа мог страціць сваю прывілею мучыць гэтую вар'ятку нямой пагардай! І яна ўжо ўзнімае галаву, каб на яе чорт! І навошта ён паддаўся гэтаму раптоўнаму жаданню зразумець? Як быццам штосьці зразумееш у гэтай вар'яткі. Але вось ляпнуў, не падумаўшы...

- Паслухайце, Бернар, я зусім не збіраюся пераконваць вас у маёй бязвіннасці!

І з нейкай утрапёнасцю яна ўзялася абвінавачваць сябе: няхай яна рабіла гэта, як у сне, няхай! Але ж перад гэтым спатрэбіліся месяцы, каб яна ўсім сваім сэрцам прыняла думку пра злачынства, песціла і выношвала свой чорны намер. А калі першы крок быў ужо зроблены, з якой свядомай лютасцю, з якой неймавернай упартасцю, з якой лагічнай паслядоўнасцю ішла яна да канчатковай мэты!

- А жорсткай я адчувала сябе толькі ў тыя імгненні, калі мая рука марудзіла і дрыжала. Я злавалася на сябе, што вашы пакуты зацягнуцца. Трэба было ісці да канца, і хутчэй! Я нібы выконвала нейкі жудасны абавязак. Хутчэй за ўсё гэта і быў абавязак.

Бернар перапыніў яе:

- Гэта ўсё пустыя высокія словы! Паспрабуйце нарэшце ясна сказаць, чаго вы хацелі? Паспрабуйце!

- Чаго я хацела! О, лягчэй было б сказаць, чаго я не хацела. Я не хацела разыгрываць ролю шаноўнай дамы, не хацела быць падобнай да вашай маці, не хацела слухацца вашых турэмных сямейных парадкаў, не хацела гаварыць збітымі фразамі, адным словам, не хацела на кожным кроку забіваць у сабе тую Тэрэзу, якая... Вось бачыце, Бернар, хачу быць праўдзівай, а словы чамусьці гучаць так фальшыва!..

- Гаварыце цішэй, вунь той месьё, што сядзіць перад намі, ужо азірнуўся.

Цяпер Бернару хацелася толькі аднаго: хутчэй скончыць з усім гэтым. Але ён добра ведаў гэтую маньячку: пакуль не нацешыцца сваім дурным самааналізам, не змоўкне. І Тэрэза таксама разумела, што гэты чалавек, які на хвіліну наблізіўся да яе, ужо зноў стаў далёкім і чужым. Тым не менш яна вырашыла дагаварыць, нават спрабавала прыцягальную сілу сваёй непаўторнай усмешкі і надавала голасу нізкае хрыплаватае адценне, якое яму гэтак раней падабалася.

- Дык вось, Бернар, ёсць Тэрэза, якая па прывычцы тушыць акурак, каб не загарэўся верас; Тэрэза, якая любіла сама лічыць свае сосны і даходы; Тэрэза, якая ганарылася, што выйшла замуж за аднаго з Дэскейру і заняла вартае яе месца ў адной з найбольш шаноўных сем'яў у ландах; Тэрэза, якая была задаволена, што добра ўладкавалася ў жыцці... На самай справе, такая Тэрэза ёсць, яна жывая, сапраўдная. Але ёсць яшчэ і другая Тэрэза - такая ж сапраўдная і жывая! І я не магла ахвяраваць ёю дзеля першай.

- Якая «другая»?

Яна не ведала, што адказаць... Ён паглядзеў на гадзіннік. Яна сказала:

- Час ад часу мне давядзецца прыязджаць да вас. Будуць справы і Мары паглядзець...

- Якія справы? Кіраваць гаспадаркай буду я сам. Не будзем вяртацца да гэтага. Мы ж пра ўсё дамовіліся з вамі. Вы будзеце займаць сваё месца на ўсіх афіцыйных цырымоніях, на сямейных урачыстасцях, калі гонар нашага роду і інтарэсы Мары будуць патрабаваць, каб нас з вамі бачылі разам. А ў такой вялікай сям'і, як наша, будуць, дзякуй Богу, і вяселлі і пахаванні... Вунь дзядзька Мартэн... я здзіўлюся, калі ён дацягне да восені. Дык вось вам і нагода прыехаць і паглядзець Мары...

 

Конны паліцэйскі паднёс да губ свісток, і нібы адкрыліся нябачныя шлюзы: цэлая армія пешаходаў перасякала вуліцу. А потым на чорны асфальт хлынулі таксі. «Трэба было мне тады ўцячы ў ланды, як гэта зрабіў Дагэр. Ісці сярод кволых чэзлых дрэўцаў, што растуць на той беднай зямлі... Ісці і ісці... Да поўнай знямогі... Не хапіла б, мусіць, мне адвагі ўтапіцца ў глыбокай лагуне, як той пастух з Аржалузы, якому нявестка не давала есці. Але я змагла б легчы на пясок, заплюшчыць вочы... Праўда, вароны, мурашкі... Тыя чакаць не будуць...»

Тэрэза глядзела на жывую чалавечую раку. Зараз яна кінецца туды. І рака прыме яе і панясе па сваіх бясконцых перакатах... Цяпер ужо няма куды падзецца... Бернар дастаў гадзіннік:

- Без чвэрці адзінаццаць. Пара вяртацца ў атэль.

- Вам не будзе горача ў дарозе?

- Дзе там! Вечарам у машыне яшчэ і холадна можа быць.

Тэрэза добра ведала тую дарогу, па якой сёння вечарам паедзе Бернар насустрач халоднаму ветру, які данясе да яго пах балота, смалы, травы, мяты, туману... Яна глядзіць на Бернара з той усмешкай, якая некалі вымушала жыхароў ландаў гаварыць: «Прыгажуняй мадмуазэль Тэрэзу не назавеш, але яна - сама абаяльнасць!..»

Бернар... Калі б ты мог сказаць: «Я дараваў табе. Паедзем дадому...», і яна ўстала б і пайшла за табой...

Але Бернар, які на момант і разгубіўся, і расхваляваўся, і дакараў сябе за гэта, - Бернар ужо быў у сваім звычайным настроі і баяўся ўсіх новых спраў і слоў, што выходзяць за межы штодзённай патрэбы. Ён ужо сумаваў па «каляіне», у якую ён зможа ўвайсці толькі сёння вечарам у Сэн-Клеры. Толькі там прыйдзе да яго душэўны спакой...

- Я хачу апошні раз папрасіць у вас прабачэння, Бернар.

Тэрэза вымаўляе гэтыя словы залішне ўрачыста і безнадзейна. Гэта была апошняя спроба аднавіць размову. Але Бернар пратэстуе:

- Не варта больш пра гэта...

- Вы будзеце адзінокім. Няхай сабе я буду тут, а ўсё ж нейкае месца ў вашым жыцці займаць буду... Лепш было б мне памерці.

Ён паціснуў плячыма і амаль весела папрасіў «не бедаваць па ім».

- У кожным пакаленні Дэскейру быў свой стары халасцяк. На гэты раз ім суджана быць мне. Для такой ролі ў мяне ёсць усё неабходнае (вы ж не будзеце адмаўляць гэта?). Шкада толькі, што нарадзілася дачка, а не сын: прападзе імя. Але, калі б мы і жылі разам, мы не захацелі б мець другое дзіця... Так што ўсё ў парадку. Усё ідзе добра... Не трэба мяне праводзіць. Пасядзіце яшчэ тут.

Ён знакам паклікаў таксі і вярнуўся сказаць, што з афіцыянтам ён разлічыўся.

 

Доўга глядзела яна на Бернараў бакал, у якім засталося крыху партвейну... Потым пачала разглядаць прахожых. Некаторыя, відаць, кагосьці чакаючы, хадзілі ўзад і ўперад. Адна жанчына двойчы азірнулася, з усмешкай паглядзела на Тэрэзу (работніца ці, можа, толькі апранута, як работніца?). Быў час, калі зачыняліся на перапынак швейныя майстэрні. Тэрэзе не хацелася ісці з кавярні. Тут было добра і ўтульна. Яна вырашыла сёння не шукаць Жана Азеведа і ўздыхнула з палёгкай, - ёй зусім не хацелася бачыцца з ім: зноў гаварыць, тлумачыць, падбіраць словы, выразы... Яна ведала Жана, але тых людзей, да якіх імкнулася яе душа, яна не ведала. Пра іх было вядома толькі тое, што яны захочуць паслухаць яе. І зноў словы...

Больш Тэрэза не баялася адзіноты: яна ўжо адчувала, што варта толькі пачакаць, нерухома пасядзець, і вакол яе з'явіцца нейкі рух, нейкае хваляванне. Так, мусіць, спаўзаліся б да яе мурашкі, збягаліся б сабакі, калі б яе мёртвае цела назаўсёды засталося ў ландах. Яна прагаладалася. Устала з месца і ўбачыла ў люстэрку свой адбітак: што ж, гэтай маладой даме вельмі пасуе дарожны касцюм. Але твар яшчэ быў схуднелы, змучаны, скуласты. І нос нейкі зусім кароценькі. Тэрэзе падумалася: «Я жанчына без узросту...»

Яна паснедала на вуліцы Руаяль (менавіта там яна снедала калісьці ў сваіх марах). У атэль вяртацца не хацелася. Ад паўбутэлькі добрага віна па ўсім целе разлілася прыемная цеплыня. Яна папрасіла цыгарэты. Нейкі малады чалавек за суседнім столікам дастаў запальнічку і паднёс ёй агонь. Яна ўсміхнулася. І падумаць толькі, што гадзіну назад ёй хацелася паехаць разам з Бернарам. Трэсціся вечарам па цёмнай калдобістай лясной дарозе... А хіба так важна любіць толькі тую ці іншую мясціну, сосны ці клёны, акіян ці раўніну? Нічога яе цяпер не цікавіць, акрамя людзей, істот з крыві і плоці. «Мне дарагі не гэты каменны горад, не лекцыі, не музеі, а гэты ўзбуджаны лес, лес людзей, дзе нараджаюцца і бурляць такія пачуцці, з якімі не зраўняецца ніякая бура. Начныя стогны соснаў у Аржалузе краналі і трывожылі мяне толькі таму, што ў іх было нешта чалавечае».

Тэрэза трохі выпіла і многа паліла. Яна свяцілася шчаслівай усмешкай. Старанна падмалявала вусны, выйшла на вуліцу і пайшла куды вочы глядзяць...



Пераклад: Леанід Казыра