epub
 
падключыць
слоўнікі

Франсуаза Саган

Італійскае неба

Вечарэла. Мілесу здавалася, што неба памірае. Толькі на фоне чорнага сілуэта ўзгорка свяцілася адна белая палоска.

Мілес уздыхнуў, яго рука пацягнулася да бутэлькі з каньяком. Гэта быў цудоўны залацісты французскі каньяк, ад якога адразу станавілася цёпла. Усе іншыя напіткі Мілесу здаваліся халоднымі, і ён ніколі іх не піў. Гэты ж адзіны... Аднак гэта ўжо была чацвёртая ці пятая порцыя, і жонка запратэставала:

— Мілес! Прашу цябе. Ты ўжо п'яны. Ты не ўтрымаеш ракетку. Мы ж запрасілі Сіместраў на партыю, і яны будуць гуляць адны. Досыць ужо табе піць.

Мілес, трымаючы бутэльку, заплюшчыў вочы, у якіх неяк раптам з'явілася стома.

— Мая дарагая Маргарэт, — пачаў ён, — калі ты дапусціш...

І ён спыніўся. Вось ужо 10 гадоў, як ён гуляў у тэніс, гаварыў «хэло», паляпваў сяброў па плячы, чытаў газету ў сваім клубе — і яна ніколі не дапускала, што ён мог стаміцца.

— Вось і Сіместры, — сказала Маргарэт. — Трымайся! Прашу цябе! У такой паважанай сям'і, як наша...

Мілес устаў і агледзеў Сіместраў. Ён — высокі, хударлявы, з румянкам на твары. Выгляд — каралеўскі. Чалавек абмежаваны. Яна — моцная мускулістая жанчына. Нават жахліва мускулістая, — падумаў Мілес. Маргарэт, дарэчы, таксама ў многім падобная на яе: жыццё на вольным паветры, усмешка да вушэй, мужчынскі смех і добрыя старыя сябры. Мілесу стала агідна, і ён апусціўся ў плеценае крэсла. У гэтым шатландскім куточку чалавечнымі Мілесу здаваліся мяккія абрысы ўзгоркаў, цяпло каньяку і ён сам, Мілес. Астатняе было — ён пашукаў абразлівага слова, — астатняе было «арганізаванае». Задаволены сваім слоўнікавым запасам, Мілес глянуў на жонку і насуперак свайму жаданню пачаў:

— Калі я ўдзельнічаў у французскай і італійскай кампаніі...

Яго голас гучаў неяк ненармальна. Ён адчуў, што на яго глядзіць Сіместр, і адгадаў яго думку: «Стары бедачына Мілес, з ім нешта не тое, яму трэба было б заняцца пола і кінуць піць абы-што». Гэта раззлавала Мілеса, і ён зноў пачаў мацнейшым голасам:

— На поўдні Францыі і Італіі жанчыны не гуляюць у тэніс. Яны стаяць каля сваіх дамоў і глядзяць на прахожых. Калі ў іх пытаюцца і памыляюцца, яны гавораць: «Пайшоў ты...»

«Пайшоў ты» Мілес вымавіў неяк камічна.

— Калі ж памылкі не адбылося, яны гавораць: «Заходзь».

Аднак слова «заходзь» Мілес сказаў амаль шэптам і зусім не камічна. Сіместр хацеў быў спыніць Мілеса, але стрымаўся. Абедзве жанчыны пачырванелі.

— Яны не займаюцца спортам, — гаварыў далей Мілес нібы сам сабе, — яны пяшчотныя і крыху мяккія, як вераснёўскія абрыкосы. У іх няма клубаў, затое ёсць мужчыны ці адзін мужчына. Увесь свой вольны час яны бываюць на сонцы, і іх скура пахне сонцам. Голас у іх слабы. Яны ніколі не гавораць «хэло».

І меланхалічна дадаў:

— Праўда, гэта ангельскае слова. Як бы там ні было з тымі паўднёвымі жанчынамі, якіх я ведаў, іх я люблю больш, чым праклятых зануд з іх клубамі, гольфам і эмансіпацыяй.

І ён наліў сабе каньяку. Настала няёмкая паўза. Сіместр дарэмна шукаў якой-небудзь смешнай фразы. Маргарэт пакрыўджана глядзела на мужа. Ён падняў вочы:

— Не трэба крыўдаваць, Маргарэт. У 1944-м я цябе не ведаў.

— Але ж ты не павінен нам расказваць пра сваіх дзевак, Мілес. Спадзяюся, што нашы сябры прабачаць...

Але Мілес не слухаў яе. Ён устаў і, узяўшы бутэльку, пакіраваў у глыбіню парку. Далей ад тэніса, галасоў, твараў. Ён трохі хістаўся, аднак яму было прыемна. Яшчэ лепш стала, калі ён лёг і зямля закружылася пад ім, нібы ваўчок. Велізарны ваўчок, ад якога пахла сухім сенам. Зямля ўсюды пахне аднолькава смачна. Мілес прыплюшчыў вочы і ўдыхнуў далёкі знаёмы пах, пах горада і мора, што лашчыла гарадское прыбярэжжа, пах порта.

Дзе ж гэта было? У Неапалі ці ў Марселі? Разам з амерыканцамі Мілес удзельнічаў у абедзвюх ваенных кампаніях. Ён з страшэннай хуткасцю ехаў у джыпе, якім кіраваў мурын. Раптам машыну моцна падкінула, жудасны ляск металу аглушыў Мілеса. Ён апынуўся ў полі, сярод жыта, і ледзьве дыхаў, зноў прывыкаючы да жыцця, баючыся, што яно пакіне яго назаўсёды. Рухацца ён не мог. Мілес адчуў нейкі непрыемны і адначасова цікавы пах — пах крыві. Над яго галавою паволі гайдаліся каласы, а ў вышыні — празрыста-блакітнае італійскае неба. Ён паварушыў рукой і засланіўся ад сонца. Абмацваючы далоняю твар, ён спрабаваў успомніць, што з ім здарылася. Потым зноў страціў прытомнасць.

Сам ісці ён не змог. Яго занеслі на хутар, які спачатку здаўся яму вельмі няўтульным. Балелі ногі, і было страшна ад думкі, што ён не зможа хадзіць, гуляць, як калісьці, у тэніс, гольф. Ён усё паўтараў хірургу: «У нашым коледжы мне не было роўных у гольфе». Мілесу было 22 гады. Яго загіпсавалі і ўладкавалі на гарышчы. Праз акенца можна было ўбачыць поле, спакойную раўніну, неба. Страх не пакідаў Мілеса.

Італійкі, якія даглядалі яго, маглі трошкі гаварыць па-ангельску. Толькі праз тыдзень Мілес заўважыў, што ў малодшай жанчыны былі чорныя-чорныя вочы, што ў яе залацістая скура і што яна была мажнаватая. Ёй было гадоў 30, можа, трохі менш. Муж яе ваяваў супраць амерыканцаў. Старая маці плакала і рвала на галаве валасы, расказваючы, як яе сына сілком забралі ў салдаты. Мілесу было няёмка глядзець на яе. Яму здавалася, што перажываць так не варта. І, каб супакоіць старую, гаварыў, што ўсё не так страшна, сын хутка вернецца і ўвогуле яшчэ нічога невядома. Маладзіца больш маўчала, часам усміхалася, паказваючы белыя зубы. З дзяўчат, якіх ведаў Мілес, яна была першая, каго амаль не цікавілі яго ўспаміны пра каледж. А між тым іх узаемаадносіны турбавалі і непакоілі Мілеса: гэтыя недагаворкі, гэтыя ўсмешкі, гэтыя позіркі спадцішка. Аднак ён рабіў выгляд, што нічога не заўважае.

Аднаго разу, гэта было на дзесяты дзень яго лячэння, яна сядзела побач і штосьці вязала. Стаяў спякотлівы дзень, яна час ад часу пыталася, ці хоча ён піць. Мілес не хацеў. Мучыў боль у нагах, і ён думаў, ці зможа зноў гуляць у тэніс з Глэдзіс і іншымі. З нейкім раздражненнем ён згадзіўся патрымаць маток. Яна, апусціўшы вочы, хуценька звівала ніткі ў клубок. У яе былі вельмі доўгія вейкі. Мілес заўважыў гэта перад тым, як зноў вярнуцца да сваіх змрочных думак: калека, што ён будзе рабіць у сваім клубе?

— Дзякуй, — неяк асабліва прамовіла яна.

Ён апусціў рукі. Потым зноў падняў, перапрасіў, і яна ўсміхнулася. Мілес таксама ўсміхнуўся і адвёў вочы. Глэдзіс скажа... Аднак яму не думалася пра Глэдзіс. Ён глядзеў, як памалу меншаў маток на яго руках. І прыйшла яму думка, што маток хутка скончыцца і яна больш не будзе сядзець, нахіліўшыся над ім, у сваёй яркай крыклівай блузцы. І неяк непрыкметна замаруджваў рух ніткі. Калі ж ад матка нічога не засталося, ён затрымаў у руцэ канец ніткі. А сам, нібы апраўдваючыся, падумаў: «Гэта жарт, усяго толькі маленькі жарт».

Жанчына зразумела, што ён трымае нітку, і зірнула ў вочы. Мілес заміргаў, паспрабаваў неяк па-дзівацку ўсміхнуцца. Яна ціхенька, каб не патрывожыць хворага, прыбрала ніткі і апынулася насупраць яго. Мілес заплюшчыў вочы. Яна пацалавала яго і, нібы ў дзіцяці, забрала нітку. І Мілес, ахоплены неспазнанай да гэтага ласкай і пяшчотай, выпусціў нітку. Ён расплюшчыў і адразу заплюшчыў вочы, бо яго асляпіла яркае сонечнае святло, што адбівалася ад яе чырвонай блузкі. Жанчына падняла яго галаву, каб ён змог выпіць чырвонага сухога віна з аплеценай бутэлькі.

Мілес застаўся адзін. Упершыню ён адчуў сябе шчаслівым, і гэтая залішне сонечная краіна стала яму блізкая. Лежачы на баку, ён глядзеў на жыта, алівы, што віднеліся з акенца, і адчуваў вільготнасць губ маладой італійкі. І здавалася яму, што ён спрадвеку жыў у гэтай краіне.

З гэтага часу маладзіца ўвесь дзень была каля яго. Старая больш на гарышча не прыходзіла. Ногі ў Мілеса памалу папраўляліся. Ён еў пахучы сыр з казінага малака. Луіджыя падвесіла над ложкам аплеценую бутэльку з віном, і яму заставалася толькі нахіліць яе, каб струменьчык чырвонага сухога віна асвяжыў горла. Сонца асвятляла гарышча. Цэлымі гадзінамі Мілес цалаваў Луіджыю, прыціскаючыся да яе чырвонай блузкі, і... не думаў ні пра Глэдзіс, ні пра сяброў з клуба.

Аднойчы на машыне прыехаў хірург, а разам з ім і новы парадак. Доктар зняў гіпс і, агледзеўшы ногі, папрасіў Мілеса некалькі разоў ступіць. Пасля ён даў заключэнне, што Мілес можа заўтра ж адпраўляцца на машыне да сваіх, не забыўшыся падзякаваць гэтай італійскай сям'і.

Нейкі час Мілес заставаўся адзін, думаючы, што трэба было б болей радавацца: ён здаровы і цяпер зможа гуляць у тэніс або гольф, ездзіць на паляванне разам з сэрам Аліўе, танцаваць ангельскія вальсы з Глэдзіс або з другой дзяўчынай, хадзіць па Лондане і Глазга. Між тым сонца над полем, пустая бутэлька над галавой — усё гэта выклікала нейкую тугу. Што ж, прыйшоў час ад'язджаць. Ды і Луіджыін муж хутка вернецца. Нічога дрэннага ён не зрабіў. Хіба што пацалункі... І нечакана Мілес падумаў, што сёння ўночы, — калі ўжо ён здаровы і вызваліўся ад гэтага гіпсу, — сёння ўночы ён спазнае нешта іншае, чым Луіджыіны губы і пяшчотнасць.

Яна вярнулася на гарышча і зайшлася ад смеху, убачыўшы, як ён хістка стаіць на нагах. Потым смех заціх, і яна разглядала яго з нейкай дзіцячай трывогай. Мілес, памарудзіўшы, сцвярджальна кіўнуў галавой:

— Луіджыя, заўтра я ад'язджаю.

Павольна, каб толькі яна зразумела, ён паўтарыў гэтую фразу два ці тры разы. Ён убачыў, як яна апусціла вочы, і адчуў сябе дзікай жывёлінай. Луіджыя зноў глянула на яго, потым без слоў зняла сваю чырвоную блузку. Яе голыя плечы мільганулі на сонцы і апынуліся ў пяшчотнай цемры пасцелі.

Назаўтра, калі ён ад'язджаў, яна плакала. Ужо з джыпа глядзеў ён на гэтую маладую жанчыну, на палі, на дрэвы, столькі разоў бачаныя-перабачаныя... Ужо ён развітаўся і ўсё хацеў запомніць і гэты знаёмы блізкі пах гарышча, і віна, што засталося вісець на вяровачцы над яго ложкам. Мілес безнадзейна глядзеў на смуглявую маладую жанчыну. Ужо кранулася машына, і Мілес закрычаў, што ніколі яе не забудзе, але Луіджыя яго не разумела.

А потым быў Неапаль і неапальскія жанчыны, і некаторых з іх таксама звалі Луіджыя. Пасля — поўдзень Францыі. Яго сябры з нецярпеннем рваліся ў Лондан і адплылі туды першым параходам. Мілес яшчэ цэлы месяц прабыў паміж гішпанскай і італійскай граніцай. Усё не хапала смеласці вярнуцца да Луіджыі. А што, калі там муж, які ўсё зразумее... А што, калі мужа няма, і ці зможа тады ён утрымацца перад залітымі сонцам палямі, перад старым хутарам, перад Луіджыінымі пацалункамі, ці зможа ён — выпускнік славутага Ітанскага коледжа, стаць італійскім селянінам? Мілес усё хадзіў па ўзбярэжжы Міжземнага мора, клаўся на пясок і піў каньяк.

Усё гэта скончылася, калі ён вярнуўся ў Ангельшчыну. Глэдзіс, дарэчы, выйшла замуж за Джона. Мілес ужо не мог так добра, як некалі, гуляць у тэніс. Яму давялося шмат працаваць, каб замяніць бацьку. Маргарэт была абаяльная, верная і адукаваная. І, зрэшты, вытанчаная...

Мілес расплюшчыў вочы, успомніў пра каньяк і адпіў проста з бутэлькі. Ад алкаголю ён пачырванеў і стаміўся. Сёння раніцай ён заўважыў, што ў яго на левым воку лопнуў адзін капіляр. Луіджыя, відаць, цяпер распаўнела і завяла. І гарышча закінутае. І віно там ужо не тое. І нічога яму не заставалася, як ісці па пратаптанай дарозе: кантора, снеданне, палітычныя навіны ў газетах. Кантора, аўтамабіль, «хэло», Маргарэт, а па нядзелях — дача з Сіместрамі ці Джонамі, 15 ачкоў у партыі ў гольф, содавая вада. Гэтыя частыя бясконцыя дажджы і, дзякуй богу, каньяк.

Бутэлька апусцела, Мілес адкінуў яе і з цяжкасцю ўстаў з зямлі, не хацелася вяртацца да гасцей. І чаму ён ад іх уцёк? Гэтак жа нельга. Гэта непрыстойна. І нечакана ён пазайздросціў італійцам... Тыя могуць, спыніўшы свае аўтамабілі, лаяць адзін аднаго на чым свет стаіць, пагражаць нават смерцю, аднак і пальцам не паварушаць, каб здзейсніць свае пагрозы. І ён засмяяўся. Спыніўся. Чаго ён смяяўся на гэтым газоне перад сваім катэджам?

Зараз ён вернецца, сядзе ў плеценае крэсла, холадна скажа: «Прабачце». — «Нічога, стары», — цнатліва адкажа Сіместр. І на гэтым размова скончыцца. І ніколі нікому не раскажа Мілес пра італійскае неба, пра Луіджыіны пацалункі, пра пяшчотную памяць. 10 гадоў, як скончылася вайна. Прапала прыгажосць; страчана маладосць.

Павольна падышоў да гасцей. Тыя нібыта не заўважылі, што яго не было, далей сабе гаманілі. Мілес загаварыў з Сіместрам пра аўтамабілі, пераконваючы яго, што «ягуар» не мае канкурэнтаў у хуткасці і гэта сапраўдная спартыўная машына. Потым пагаварылі пра аўстралійцаў, у якіх самыя лепшыя шанцы выйграць Кубак Дэвіса.

І ўсё ж свае шчырыя думкі Мілес скіроўваў да бутэлечкі каньяку, схаванай у шафе. І ён ужо радаваўся, што хутка Сіместры разам з Маргарэт паедуць у горад на апошні спектакль, а ён застанецца сам-насам са сваімі сонечнымі пяшчотнымі ўспамінамі. Ён зробіць выгляд, што ў яго шмат работы, і як толькі госці з жонкай пойдуць, ён адчыніць шафу, каб знайсці там Італію...



Пераклад: Леанід Казыра