epub
 
Падключыць
слоўнікі

Фрэдэрык Браўн

Арэна

Карсан расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой цьмяна мігатлівы блакіт.

Было горача. Ён ляжаў на пяску. Яму ў спіну ўпіваўся востры камень з пяску. Карсан павярнуўся на бок, потым сеў, упіраючыся рукамі ў пясок.

«Я звар'яцеў, — падумаў ён. — Ці памёр. Ці яшчэ што-небудзь...»

Пясок быў блакітны. Ярка-блакітны. А блакітнага пяску няма ні на Зямлі, ні на адной з планет.

Блакітны пясок.

Блакітны пясок пад блакітным купалам, — ні небам, ні столлю, а нейкай замкнёнай паверхняй. Карсан чамусьці ведаў, што яна замкнёная і канечная, хоць і не мог гэтага бачыць.

Ён набраў жменю пяску, які заструменіў паміж яго пальцамі. Струменьчыкі заказыталі яго голую нагу.

Голую? Ён быў зусім голы, і яго цела пакрылася ўжо густым потам ад знясільнай гарачыні і таксама стала блакітнае там, дзе наліп пясок.

Але ў астатніх месцах яно было белае. «Значыць, гэты пясок сапраўды блакітны, — падумаў ён. — Калі б ён толькі здаваўся блакітным у блакітным святле, то і я быў бы блакітны. Але я белы, — значыць, пясок блакітны. Блакітны пясок. Блакітнага пяску не бывае. І такое такой не бывае, як гэтая».

Пот сцякаў яму ў вочы. Было горача, як у пекле. Толькі пекла павінна быць дачырвана распаленае, а не блакітнае.

А калі гэта не пекла, то што гэта? З усіх планет такі гарачы толькі Меркурый, але гэта не Меркурый. І потым, Меркурый застаўся прыкладна за чатыры мільярды міль ззаду ад...

І тут ён узгадаў, дзе ён быў толькі што. У маленькім аднамесным касмалёце, што нёс патрульную службу за арбітай Плутона, на адлегласці мільён міляў ад фланга зямной армады, пастроенай у баявы парадак, каб сустрэць Прышэльцаў.

Ён успомніў той раптоўны, рэзкі, трывожны званок, калі сістэмы сачэння зарэгістравалі набліжэння ворага...

 

Ніхто не ведаў, хто такія Прышэльцы, як яны выглядаюць, з якой далёкай галактыкі яны прыйшлі, — ведалі адно, што яна дзесьці ў кірунку Плеяд.

Першыя разрозненыя налёты на далёкія калоніі і апорныя пункты Зямлі. Асобныя сутычкі паміж зямнымі патрулямі і невялікімі групамі касмічных караблёў Прышэльцаў: сутычкі, у якіх зямляне часам перамагалі, часам цярпелі паразу, але дагэтуль ні разу не змаглі захапіць касмалёта праціўніка. Не засталося жывога і ніводнага жыхара калоній, на якія рабіліся налёты, — расказаць хоць што-небудзь пра Прышэльцаў не было каму.

Спачатку пагроза здавалася не вельмі сур'ёзнай — налёты былі нячастыя і прычынялі не так многа шкоды. Іх касмалёты як быццам злёгку ўступалі зямным ва ўзбраенні, хоць крышачку пераўзыходзілі іх у хуткасці і манеўранасці. Якраз настолькі, што Прышэльцы, калі толькі яны не былі акружаныя, маглі выбіраць — уступіць ім у бой ці ўцячы.

І ўсё-такі Зямля рыхтавалася да рашучай бітвы. Быў пабудаваны небывала магутны касмічны флот. Чакаць давялося доўга. Але цяпер генеральная бітва набліжалася.

Разведчыкі выявілі вялізны флот Прышэльцаў за дваццаць мільярдаў міль ад Зямлі. Гэтыя разведчыкі так і не вярнуліся, але іх паведамленні былі атрыманы. І вось зямная армада, усе дзесяць тысяч касмалётаў і паўмільёна касманаўтаў размясціліся ў чаканні за арбітай Плутона, гатовая змагацца насмерць.

Бітва мелася быць роўная для абодвух бакоў — аб гэтым можна было меркаваць па рапартах перадавых патрулёў, якія ахвяравалі жыццём, але перад тым, як загінуць, перадалі звесткі пра колькасць і сілу флоту праціўніка.

Пры роўнасці сіл лёс Сонечнай сістэмы магла вырашыць сама нязначная выпадковасць. І рашэнне было б канчатковым — у выпадку паражэння Зямля і ўсе яе калоніі апынуліся б у поўнай уладзе Прышэльцаў...

О так, цяпер Боб Карсан усё ўспомніў.

Праўда, гэта не мела дачынення да блакітнага пяску і мігатлівага блакіту над галавой. Ды ён памятаў, як прагучаў гэты рэзкі званок трывогі, як ён кінуўся да панелі кіравання, як у ліхаманкавай спешцы прышпіліўся да крэсла, як перад ім на экране расла светлая кропка.

Як у яго перасохла ў горле. Як ён з жахам зразумеў — пачалося! Для яго, прынамсі: асноўныя сілы ўдзельнікаў бітвы былі яшчэ за межамі дасягальнасці адзін для аднаго.

Менш як праз тры секунды ён або застанецца пераможцам, або ператворыцца ў жменьку попелу. Тры секунды — столькі доўжыцца бой у космасе. За гэты час можна не спяшаючыся злічыць да трох, а пасля гэтага ты або пераможаш, або будзеш мёртвы. Аднаго пападання зусім дастаткова для маленькага, аднамеснага, лёгка ўзброенага і слаба браніраванага патрульнага касмалёта.

Машынальна шэпчучы перасохлымі вуснамі «Раз!», ён ліхаманкава круціў ручкі на пульце, каб кропка, што ўсё большала, заставалася ў перакрыжаванні ліній на экране. Правая нага яго замерла над педаллю спуска. Адзіны смяротны залп — ці ён пацэліць, ці не. На другі стрэл часу ўжо не застанецца.

«Два!» Ён зноў не чуў, як у яго гэта вырвалася. Кропка на экране перастала быць кропкай. Размешчаны за некалькі тысяч міль варожы касмалёт быў відаць так, нібыта да яго некалькі соцень метраў. Гэта быў лёгкі, хуткі патрульны касмалёт амаль такога самага памеру, як і ў Боба.

Варожы патрульны касмалёт.

«Тр...» Яго нага дакранулася да педалі...

І раптам Прышэлец слізгануў па экране ўбок і выйшаў з перакрыжавання. Карсан ухапіўся за ручкі, каб пусціцца ў пагоню. Нейкую долю секунды праціўніка не было відаць, потым карабель Карсана павярнуўся, і той зноў з'явіўся на экране — Карсан убачыў, як ён крута зніжаецца да зямлі.

Да зямлі?

Нейкая аптычная ілюзія, не іначай. Гэтай планеты, што цяпер займала ўвесь экран, не магло быць тут. Проста не магло. Навокал не было ні адной планеты бліжэй, чым Нептун, а ён быў за тры мільярды міль. Плутон знаходзіўся па другі бок Сонца, якое віднелася адсюль малюсенькай кропкай.

А як жа сістэмы сачэння? Яны не выяўлялі ніякага прадмета памерам хоць бы з астэроід. Сігналы маўчалі і цяпер.

Гэтага не магло быць — таго, да чаго ён набліжаўся і што было ўжо за некалькі соцень міляў пад ім.

Раптоўная пагроза катастрофы прымусіла яго забыцца нават на праціўніка. Ён уключыў пярэднія тармазныя ракеты і, павіснуўшы на рамянях з усяе сілы наваліўся на штурвал аварыйнага павароту, ведаючы, што толькі поўная магутнасць рухавікоў уратуе яго ад катастрофы і што ад такіх перагрузак ён зараз страціць прытомнасць.

А цяпер ён сядзеў на гарачым блакітным пяску, зусім голы, але цэлы і здаровы. Навокал не было ніякіх слядоў яго касмалёта, ды і самога космасу. Гэтая паверхня над галавой ніяк не магла быць небам.

Ён, хістаючыся, стаў на ногі. Сіла цяжару была крыху большая за зямную. Ненамнога.

Навокал распасціраўся роўны пясок. Дзе-нідзе купкамі раслі нейкія мізэрныя кусцікі. Яны таксама былі блакітныя, але розных адценняў — адны святлейшыя, чым пясок, другія цямнейшыя.

З-пад бліжэйшага куста выбегла маленькая жывёліна, падобная на яшчарку, толькі ў яе былі не чатыры нагі, а куды болей. Яна таксама была блакітная — светла-блакітная. Убачыўшы Карсана, яна зноў схавалася пад куст.

Боб зноў паглядзеў угору, спрабуючы ўцяміць, што ж там такое. Гэта не было падобна на дах, аднак мела форму купала. Яно мігцела, і глядзець на яго было цяжка. Ды яно напэўна з усіх бакоў даходзіла да самай зямлі — да блакітнага пяску.

Боб стаяў недалёка ад цэнтра купала. Да бліжэйшай сцяны — калі гэта сцяна — было метраў сто. Над плоскай паверхняй пяску як быццам было перакулена нейкае блакітнае паўшар'е метраў 250 у акружнасці.

І ўсё было блакітнае, акрамя аднаго прадмета. Каля далёкага боку круглай сцяны ляжала нешта барвовае. Гэта быў амаль правільны шар дыяметрам каля метра. Ён быў занадта далёка, каб яго можна было ясна разгледзець у гэтым блакітным мігценні. І ўсё-такі Карсан чамусьці здрыгануўся.

Ён выцер пот з ілба тыльным бокам рукі.

Што гэта, кашмар? Гэтая гарачыня, гэты пясок, гэтае цьмянае адчуванне жаху пры адным позірку на барвовы шар?

Сон? Не можа быць: у час касмічнага бою не засынаюць.

Смерць? Немагчыма: калі бяссмерце і існуе, то ў ім не можа быць гэтага недарэчнага блакітнага пяску, блакітнай гарачыні і барвовага жаху.

І тады ён пачуў голас.

Ён пачуў яго не вушамі — голас загучаў усярэдзіне яго галавы. Ён ішоў ніадкуль і адусюль.

«Падарожнічаючы ў прасторы і часе, — звінела ў яго ў мозгу; — я выявіў дзве цывілізацыі, гатовыя пачаць вайну, якая б знішчыла адну з іх і настолькі аслабіла б другую, што яна непазбежна рэгрэсавала б і ўжо ніколі не выканала б свайго прызначэння, а распалася б і вярнулася ў пыл, з якога яна ўзнялася. Ды гэтага не павінна здарыцца».

«Хто... ты?» — Карсан не сказаў гэтага ўголас, але пытанне ўзнікла ў яго ў мозгу.

«Ты не зможаш гэтага правільна зразумець. Я... — голас замоўк, як быццам шукаў у мозгу Карсана слова, якога там не было, якога ён не ведаў. — Я — вынік эвалюцыі цывілізацыі такой старажытнай, што яе ўзрост нельга выказаць зразумелымі табе словамі. Цывілізацыі, што злілася ў адзінае цэлае, якім можа стаць і твая прымітыўная цывілізацыя... — зноў паўза, падшукванне слова, — праз доўгі час. Такім могуць стаць і тыя, каго ты называеш Прышэльцамі. Таму я і ўмяшаўся перад пачаткам бітвы, гэткай роўнай, што вынікам яе будзе знішчэнне абедзвюх цывілізацый. Адна з іх павінна выжыць. Выжыць, каб развівацца далей». «Адна, — падумаў Карсан. — Мая ці...» «У маіх сілах спыніць вайну, паслаць Прышэльцаў назад, у сваю галактыку. Але яны ўсё роўна вернуцца або вы рана ці позна іх знойдзеце. Толькі пастаянным умяшаннем мог бы я прадухіліць узаемнае знішчэнне, але я не магу застацца. Таму я вырашыў умяшацца цяпер. Я цалкам знішчу адзін флот без ніякіх страт для другога. Так адна з цывілізацый зможа выжыць».

«Кашмар. Вядома, гэта кашмар», — падумаў Карсан. Але ён ведаў, што гэта не кашмар.

Усё гэта было занадта бязглузда, занадта неверагодна, каб не адбывацца на самай справе.

Ён не адважыўся задаць пытанне — які? Але яго думкі задалі гэтае пытанне самі.

«Выжыве мацнейшы, — сказаў голас. — Гэтага я не магу — і не стаў бы — мяняць. Я проста ўмешваюся, каб гэта была сапраўдная, а не... — зноў паўза, — а не Пірава перамога, каб цывілізацыя, што пераможа, не была ёю зламана.

Я выбраў двух індывідуумаў — цябе і Прышэльца. Я бачу, што ў вашай старажытнай гісторыі, гісторыі міжнацыянальных войнаў, вядомыя паядынкі паміж прадстаўнікамі плямёнаў, якія вырашалі зыход барацьбы.

Табе і твайму праціўніку трэба будзе вытрымаць паядынак. Абодва вы голыя і бяззбройныя, абставіны аднолькава незнаёмыя абодвум, аднолькава непрыемныя абодвум. Час не абмежаваны — тут няма часу. Адзін з вас пераможа. Яго цывілізацыя выжыве».

— Але... — Карсан сам не ведаў, што ён хацеў сказаць, але голас адказаў:

«Гэта справядліва. Умовы такія, што вырашыць не выпадковая фізічная перавага. Паміж вамі бар'ер. Ты зразумееш. Розум і мужнасць будуць важнейшыя за сілу. Асабліва мужнасць — воля да жыцця».

— Але пакуль гэта будзе адбывацца тут, нашы касмалёты...

«Не, вы ў іншым часе, іншай прасторы. Пакуль вы тут, у вядомым вам свеце час стаіць на месцы. Я бачу, ты думаеш, ці на самай справе ўсё гэта існуе. І так і не. Але для цябе цяпер гэта існуе сапраўды. І калі ты памрэш, ты памрэш сапраўды. А твая смерць будзе канцом усёй вашай цывілізацыі. Цяпер ты ведаеш дастаткова».

І голас змоўк.

Карсан зноў застаўся адзін. Не, не адзін — ён узняў вочы і ўбачыў, што той барвовы прадмет, той страшны шар, які, як ён цяпер ведаў, і ёсць Прышэлец, коціцца да яго.

Коціцца.

У яго як быццам не было ні рук, ні ног, ніякіх вонкавых прыдаткаў. Ён каціўся па блакітным пяску, як кропля ртуці. А перад ім нейкім чынам шырылася, паралізуючы, хваля галавакружнай, дурманлівай, страшнай нянавісці.

Карсан азірнуўся. За некалькі футаў ад яго ў пяску ляжаў камень — адзінае, што магло сысці за зброю. Камень быў невялікі, але з вострымі краямі, як у асколка крэменю. Ён і падобны быў на блакітны крэмень.

Карсан схапіў камень і прыгнуўся, гатовы адбіць напад. Праціўнік набліжаўся — ён рухаўся хутчэй, чым мог бы бегчы Карсан.

Не было калі думаць пра тое, як змагацца з ім, ды і як можна было загадзя ўявіць сабе змаганне з істотай невядомай сілы, невядомай будовы, з невядомымі прыёмамі барацьбы?

Дзесяць метраў. Пяць. І тут яно спынілася.

Правільней, яго штосьці спыніла. Яго пярэдняя частка раптам стала пляскатай, нібыта яно наткнулася на невідочную сцяну. Яно нават адскочыла назад.

Потым яно зноў пакацілася ўперад, ды ўжо павальней, асцеражней. І ў тым самым месцы зноў спынілася. Паспрабавала ў іншым месцы — і таксама спынілася.

Паміж імі быў нейкі бар'ер. І Карсан успомніў: «Справу вырашыць не выпадковая фізічная перавага. Паміж вамі бар'ер».

Гэта, вядома, нейкае сілавое поле. Не поле Нетцы, вядомае на Зямлі: яно свяцілася і патрэсквала. Гэтае было невідочнае і не выдавала ніякіх гукаў.

Бар'ер ішоў ад аднаго краю перакуленага паўшар'я да другога. Карсану не давялося самому ў гэтым пераканацца — гэта зрабіў Прышэлец. Ён бокам пракаціўся ўздоўж бар'ера і не знайшоў праходу.

Карсан ступіў паўтузіна крокаў уперад, выцягнуўшы перад сабой левую руку, і нарэшце дакрануўся да бар'ера. Ён быў гладкі, пругкі, падобны болей на гуму, чым на шкло. Цёплы навобмацак, але не цяплейшы за пясок пад нагамі. І ён быў зусім нябачны, нават зблізку.

Ён кінуў камень і налёг на бар'ер абедзвюма рукамі. Бар'ер як быццам крыху падаўся. Але не больш, нават пасля таго, як Карсан наваліўся на яго ўсёй сваёй вагою. Гэта было падобнае на сталь, пакрытую слоем гумы. Да нейкай мяжы — пругкасць, а далей — несакрушальная цвёрдасць.

Ён прыўзняўся на наскі, але там, куды ён мог дацягнуцца, быў бар'ер.

Прышэлец, дакаціўшыся да краю арэны, вяртаўся. У Карсана зноў закружылася галава, яму стала моташна, і ён адступіў ад бар'ера. Але Прышэлец не спыніўся.

А ці далёка ідзе бар'ер уніз. Карсан устаў на калені і пачаў раскопваць пясок. Пясок быў лёгкі, рыхлы, капаць яго было лёгка. Ён выкапаў яму глыбінёй на два футы, — і бар'ер там усё яшчэ быў.

Прышэлец зноў каціўся да яго. Відавочна, ён нідзе не знайшоў праходу.

Але ж павінен быць спосаб пранікнуць праз бар'ер, падумаў Карсан. Мы павінны неяк дабрацца адзін да аднаго. Іначай уся гэтая дуэль не мае сэнсу.

Але не трэба спяшацца. Спачатку трэба паспрабаваць што-колечы яшчэ. Прышэлец ужо вярнуўся і спыніўся з таго боку бар'ера, усяго за нейкіх метры два ад Карсана. Здавалася, ён разглядае яго, хоць Карсан ніяк не мог выявіць у яго якіх бы там ні было органаў пачуццяў. Нічога падобнага на вочы, вушы, нават на рот. Зрэшты, цяпер ён убачыў на паверхні з дзесятак выемак, і якраз у гэты час з дзвюх такіх выемак раптам высунуліся два шчупальцы, якія пагрузіліся ў пясок, быццам спрабуючы ягоную шчыльнасць. Шчупальцы былі каля цалі дыяметрам і фута паўтара даўжынёй. Яны ўбіраліся ў выемкі, калі ў іх не было патрэбы — напрыклад, калі Прышэлец каціўся. Да яго спосабу перамяшчэння яны, відавочна, не мелі дачынення. Наколькі Карсан мог меркаваць, Прышэлец перакочваўся, неяк змяняючы размяшчэнне свайго цэнтра цяжару, хоць як ён мог гэта рабіць, Карсан не меў нават далёкага ўяўлення.

Яшчэ раз паглядзеўшы на Прышэльца, ён здрыгануўся. Гэта была істота, да жудасці чужая ўсяму зямному, усім формам жыцця, выяўленым на іншых планетах Сонечнай сістэмы. І ён інстынктыўна адчуў, што розум, якім надзелена гэтая істота, гэтаксама чужы ўсяму зямному, як і ягоны арганізм.

Ды паспрабаваць трэба было. Калі гэтая істота не мае тэлепатычных здольнасцей, спроба асуджана на няўдачу. Але Карсану здалося, што такія здольнасці ў Прышэльца ёсць. Ва ўсякім разе, ён пасылаў вакол сябе амаль адчувальную хвалю адчування — адчування нянавісці. А калі гэтак, то, мабыць, ён зможа і чытаць думкі.

Карсан падняў камень — сваю адзіную зброю, потым дэманстратыўна шпурнуў яго на зямлю і ўзняў перад сабою пустыя рукі далонямі ўперад. Ён загаварыў, хоць і ведаў, што яго словы будуць незразумелыя гэтай істоце, — але ён падумаў, што гэтак яму будзе лягчэй засяродзіцца на думках, якія ён хацеў перадаць.

— А можа, мы заключым мір? — сказаў ён, і ягоны голас дзіўна прагучаў у абсалютнай цішыні. — Нам сказалі, што адбудзецца, калі нашы цывілізацыі будуць ваяваць адна з адной: знішчэнне адной і аслабленне і рэгрэс другой. Зыход бітвы залежыць ад таго, чым скончыцца справа ў нас. Ці не заключыць нам мір. Вы застаяцеся ў сваёй галактыцы, мы — у сваёй?

Карсан адключыў усе свае думкі, каб атрымаць адказ.

І адказ прыйшоў — ён абрынуўся на яго амаль фізічна, аж Карсан пахіснуўся. Ён нават адступіў на некалькі крокаў, жахаючыся ад сілы і глыбіні той нянавісці, той прагі забіваць, якія адкрыліся перад ім у перададзеных Прышэльцам вобразах. Не ў членападзельных словах, як перадаваліся яму думкі Адзінай Істоты, а ў хвалях дзікага шаленства. Нейкі момант, што здаўся яму вечнасцю, ён змагаўся з сілай гэтай нянавісці, каб ачысціць ад яе свой розум і адагнаць чужыя думкі, якія ён дапусціў сабе ў галаву. Яго занудзіла.

Ягоны розум памалу вызваліўся, як чалавек, ачуняўшы ад кашмару, пакрысе разрывае ніці трызнення, якімі быў аблытаны, Карсан яшчэ задыхаўся і чуў слабасць, але ён ужо мог думаць.

Ён стаяў, разглядаючы Прышэльца. Той не кратаўся з месца, пакуль ішла гэтая дуэль, якой ён ледзь не выйграў. Цяпер ён адкаціўся на некалькі футаў убок, да бліжэйшага блакітнага куста. З выемак паказаліся тры шчупальцы і пачалі абмацваць куст, галінка за галінкай.

— Што ж, — сказаў Карсан, — вайна дык вайна. Яму ўдалося нават крыва ўхмыльнуцца. — Калі я правільна цябе зразумеў, мір цябе не задавальняе.

І, не могучы ўстрымацца ад прыгожай фразы, дадаў:

— Вайна — не на жыццё, а на смерць!

Ды ў гэтай абсалютнай цішыні яго словы прагучалі недарэчна, — нават ён сам гэта адчуў. І тут ён зразумеў, што вайна будзе сапраўды не на жыццё, а на смерць. І яго смерць — ці смерць гэтай круглай істоты — будзе смерцю цэлай цывілізацыі. Калі ён пацерпіць паражэнне, гэта прывядзе да пагібелі чалавецтва.

Падумаўшы гэтак, ён раптам адчуў страх. Ён жа ведаў гэта напэўна, без ніякага сумнення. Ён чамусьці ведаў, што той, хто наладзіў гэты паядынак, гаварыў праўду пра свае намеры і магчымасці. Не абдурваў.

Будучыня чалавецтва залежыць ад яго. Пра гэта было страшна падумаць, і ён адагнаў гэтую думку. Трэба было падумаць пра пільныя справы.

Павінен жа быць які-небудзь спосаб пранікнуць праз бар'ер — ці забіваць праз бар'ер.

З дапамогай тэлепатыі? Ён спадзяваўся, што не, таму што тэлепатычныя здольнасці Прышэльца яўна перавышалі чалавечыя. А можа, не перавышалі? Змог жа ён выгнаць з свайго розуму думкі Прышэльца. А Прышэлец? Калі ў яго мацней развіта здольнасць перадаваць свае думкі, ці не робіць гэта яго больш уразлівым для чужых?

— Памры, — падумаў ён. — Ты зараз памрэш. Ты паміраеш. Ты...

Ён спрабаваў некалькі разоў, у розных варыянтах, спрабаваў перадаваць вобразы. Пот выступіў у яго на лбе, ён увесь калаціўся ад напружання. Але Прышэлец працягваў абмацваць куст — усё гэта зрабіла на яго не большае ўражанне, чым калі б Карсан расказваў табліцу множання. Значыць, нічога не выйшла.

Ад гарачыні і страшнага напружання думкі ён зноў адчуў слабасць і галавакружэнне. Ён прысеў на пясок адпачыць і заняўся пільным вывучэннем Прышэльца. Мажліва, ён зможа выявіць яго моцныя і слабыя бакі, даведаецца пра што-небудзь такое, што можа спатрэбіцца, калі справа дойдзе да рукапашнай.

Прышэлец абломваў галінкі. Карсан уважліва сачыў за ім, спрабуючы вызначыць, якіх гэта патрабуе ад яго намаганняў. Трэба будзе знайсці такі самы куст на маім баку, падумаў ён, самому зламаць такія самыя галінкі і параўнаць сілу маіх рук і гэтых шчупальцаў.

Галінкі адломваліся з цяжкасцю; ён бачыў, што Прышэльцу даводзілася з кожнай парадкам паваждацца. Кожнае шчупальца на канцы раздвойвалася, утвараючы два пальцы з кіпцюром на кожным. Кіпцюры выглядалі не надта небяспечнымі. Не больш небяспечнымі за чалавечыя пазногці, калі даць ім крыху падрасці.

Не, увогуле з ім не так цяжка будзе справіцца. Вядома, калі гэтыя кусты не вельмі моцныя. Карсан азірнуўся вакол і ўбачыў якраз такі самы куст побач з сабой. Ён працягнуў руку і адламаў галінку. Яна аказалася крохкай і нетрывалай. Вядома, Прышэлец мог наўмысна хаваць сваю сілу, але наўрад ці.

З другога боку, дзе яго ўразлівыя месцы? Як, уласна, можна яго забіць, калі выпадзе такая мажлівасць? Ён зноў пачаў вывучаць праціўніка. Яго вонкавая абалонка выглядала даволі моцнай. Спатрэбіцца якая-небудзь вострая зброя. Карсан зноў падняў камень. Ён быў цаляў 12 у даўжыню, вузкі і з адным досыць вострым краем. Калі б ён шчапаўся, як крэмень, з яго можна было б зрабіць зусім прыстойны нож.

Прышэлец працягваў даследаваць кусты. Ён падкаціўся да бліжэйшага куста іншай разнавіднасці. З-пад куста выскачыла блакітная шматногая яшчарка — якраз такая самая, якую Карсан бачыў на сваім баку.

Шчупальца Прышэльца кінулася, схапіла яе і падняло ў паветра. Другое шчупальца пачало абрываць ёй ногі — спакойна і абыякава, як быццам гэта былі галінкі. Яшчарка сутаргава білася, вішчала рэзкім віскам — першы гук, які Карсан пачуў тут, калі не лічыць свайго голасу.

Карсан здрыгануўся, яму захацелася адвесці вочы. Але ён прымусіў сябе глядзець — усё, што ён дазнаецца пра Прышэльца, можа аказацца карысным. Карысна нават бачыць гэту непатрэбную жорсткасць. Будзе проста прыемна прыкончыць гэту істоту, калі гэта ўдасца.

Менавіта таму ён стрымліваў агіду і працягваў глядзець, як Прышэлец ірве яшчарку на кавалкі.

Але ён узрадаваўся, калі яшчарка, у якой была ўжо адарвана палова ног, сціхла, перастала біцца і вісела мёртвая ў Прышэльцавых шчупальцах.

Той не стаў адрываць ёй астатніх ног і пагардліва адкінуў яе цела ў бок Карсана. Мёртвая яшчарка ўпала ля самых яго ног.

Яна мінула бар'ер! Бар'ера болей няма! Карсан імгненна ўсхапіўся, моцна сціскаючы ў руцэ нож, і скочыў уперад. Зараз ён з ім расправіцца! Калі бар'ера няма...

Але бар'ер быў. Ён пераканаўся ў гэтым на горкім вопыце, наляцеўшы на яго галавой і ледзь не страціўшы прытомнасць ад удару. Яго адкінула назад, і ён упаў.

Калі ён зноў сеў, трасучы затуманенай галавой, ён заўважыў, што ў яго бок нешта ляціць, і, каб ухіліцца, распластаўся на пяску. Ён убярог сваё тулава, але адчуў раптоўны востры боль у левай лытцы.

Не зважаючы на боль, ён адкаціўся назад і падняўся на ногі. Цяпер ён бачыў, што ў яго папаў камень, а Прышэлец ужо падняў другі, захапіўшы яго двума шчупальцамі, і замахнуўся.

Камень паляцеў у Карсана, але ён лёгка ўхіліўся. Прышэлец, відавочна, не мог кідаць камяні моцна і далёка. Першы камень папаў у яго толькі таму, што ён сядзеў і не бачыў, што ён ляціць.

Ухіліўшыся ад слаба кінутага другога каменя, Карсан запусціў у Прышэльца сваім каменем, які ўсё яшчэ быў у яго ў руцэ. Ён раптам узрадаваўся, падумаўшы: калі камяні могуць пералятаць праз бар'ер, то варта гэтым заняцца. Чалавек з дужай рукой і дакладным вокамерам...

З чатырох метраў ён не мог прамахнуцца па трохфутавай мішэні, і ён не прамахнуўся. Камень праляцеў дакладна і моцна — у некалькі разоў хутчэй, чым камяні, кінутыя Прышэльцам. Ён трапіў у самую сярэдзіну, ды, на няшчасце, трапіў плазам, а не вострым канцом.

Тым не менш ён трапіў — пачуўся цяжкі ўдар, і Прышэлец яўна яго адчуў. Ён гэтым часам шукаў яшчэ каменя, але цяпер перадумаў і адкаціўся назад. Да таго часу, як Карсан падрыхтаваўся да новага кідка, Прышэлец быў ужо за сорак метраў ад бар'ера і працягваў каціцца назад.

Другі раз Карсан прамахнуўся на некалькі футаў, а трэці камень не даляцеў. Прышэлец быў па-за межамі дасягальнасці — ва ўсякім разе, для досыць цяжкага каменя, які мог бы зрабіць яму шкоду.

Карсан усміхнуўся. Гэты раўнд ён выйграў. Калі не лічыць...

Ён нагнуўся, каб паглядзець, што ў яго з нагой, і ўсмешка знікла з яго вуснаў. Востры край каменя нанёс яму даволі глыбокую рану на некалькі цаляў даўжынёй. З яе моцна ішла кроў, хоць артэрыя, хутчэй за ўсё, закранута не была. Калі кроў спыніцца сама, усё будзе ў парадку. А калі не, справы дрэнь.

Але трэба было заняцца чымсьці важнейшым за гэту рану. Будовай бар'ера.

Ён зноў падышоў да бар'ера, выцягнуўшы ўперад рукі. Ён знайшоў бар'ер і, упіраючыся ў яго адной рукой, кінуў у яго жменю пяску. Пясок праляцеў наскрозь, а яго рука — не.

Арганіка і неарганіка? Не, таму што праз бар'ер праляцела мёртвая яшчарка, а яшчарка, нават мёртвая, — гэта ўсё роўна арганіка. А расліна? Ён адламаў сучок і торкнуў ім у бар'ер. Сучок прайшоў наскрозь, але калі да бар'ера дакрануліся яго пальцы, якія сціскалі сучок, яны не прайшлі.

Значыць, Карсана бар'ер не прапускае, і Прышэльца таксама. А камяні, пясок, мёртвую яшчарку...

А жывая яшчарка? Ён пачаў паляваць на іх пад кустамі і хутка злавіў адну. Ён асцярожна кінуў ёю ў бар'ер, і яна адляцела назад і пабегла прэч па блакітным пяску.

Наколькі можна было меркаваць, гэта быў канчатковы адказ. Бар'ер перагароджваў шлях жывым істотам. Нежывое і неарганічнае рэчыва маглі пранікаць праз яго.

Высветліўшы гэта, Карсан зноў паглядзеў на сваю параненую нагу. Кроў ішла слабей — гэта значыла, што яму не трэба думаць пра турнікет. Але трэба было знайсці крыху вады, каб абмыць рану.

Пры думцы пра ваду ён зразумеў, што страшна хоча піць. Калі схватка зацягнецца, рана ці позна неабходна будзе знайсці ваду.

Накульгваючы, ён пачаў абход сваёй паловы арэны. Кранаючыся бар'ера адной рукой, ён дайшоў да паўкруглай сцяны. Яна была бачная — зблізку яна здавалася шэра-блакітнай — а навобмацк была акурат такая, як і бар'ер.

Карсан на ўсякі выпадак кінуў у яе жменю пяску, — пясок прайшоў наскрозь і знік з вачэй. Значыць, паўкруглая сцяна — гэта таксама сілавое поле. Але суцэльнае, а не празрыстае, як бар'ер.

Ён пайшоў уздоўж сцяны, пакуль не вярнуўся да бар'ера, а потым уздоўж бар'ера да таго месца, з якога пачаў. Вады не было і следу.

Занепакоены, ён пачаў хадзіць улукаткі паміж бар'ерам і сцяной, уважліва разглядаючы прастору паміж імі.

Вады не было. Блакітны пясок, блакітныя кусты, невыносная гарачыня. І болей — нічога.

«Напэўна, мне толькі здаецца, што я так ужо пакутую ад смагі», — сказаў ён сабе. Колькі прайшло часу? Вядома, на меркі яго прасторы-часу — ніколькі. Яму ж было сказана, што пакуль ён тут, там час стаіць на месцы. Але жыццёвыя працэсы ў яго арганізме ідуць і тут. Колькі ж прайшло часу, калі вымяраць яго гэтымі працэсамі? Верагодна, тры-чатыры гадзіны. Ва ўсякім разе, не так доўга, каб пачаць сур'ёзна пакутаваць ад смагі.

І ўсё-такі ён моцна ўсмяг. У горле ў яго перасохла. Можа, ад гарачыні. А было сапраўды горача! Напэўна, градусаў 55. Сухая гарачыня без руху паветра.

Ён моцна кульгаў і быў знясілены да таго часу, як скончыў безвыніковы абход сваіх уладанняў.

Ён паглядзеў на нерухомага Прышэльца і падумаў: спадзяюся, што і яму гэтаксама пагана. Вельмі можа быць, што так і ёсць. Нам жа сказалі, што абставіны тут аднолькава незнаёмыя і аднолькава непрыемныя нам абодвум. Можа, на планеце Прышэльцаў нармальная тэмпература — градусаў 90. Можа, тут, дзе Карсан марудна падсмажваецца, Прышэлец замярзае.

А можа, паветра тут занадта шчыльнае для Прышэльца, як яно занадта разрэджанае для Карсана. Пасля прагулянкі ён проста задыхаўся. Цяпер ён сцяміў, што паветра тут не шчыльнейшае, чым на Марсе.

І ніякай вады.

Гэта азначала, што для барацьбы пастаўлена мяжа — ва ўсякім разе, для яго. Калі ён не знойдзе спосабу пранікнуць праз бар'ер або забіць ворага, застаючыся з гэтага боку, — рана ці позна яго заб'е смага.

Ён зразумеў, што трэба спяшацца. Ды ўсё-такі ён прымусіў сябе прысесці, каб трохі адпачыць і падумаць.

Што рабіць? Нічога. І тым не менш спраў шмат. Вось, напрыклад, розныя віды кустоў. Яны выглядаюць не вельмі шматабяцальна, але трэба ўважліва іх вывучыць. Потым нага: з ёю нешта трэба зрабіць, хоць і без вады. Падрыхтаваць боепрыпасы ў выглядзе камянёў. Знайсці камень, з якога можна было б зрабіць добры нож.

Нага да таго часу моцна разбалелася, і ён вырашыў пачаць з яе. На адным з кустоў расло лісце або нешта накшталт лісця. Ён сарваў жменю лісця і вырашыў рызыкнуць. Лістамі ён сцёр пясок, гразь і запечаную кроў, потым зрабіў кампрэс з свежага лісця і прывязаў яго да нагі вусікамі з таго самага куста.

Гэтыя вусікі аказаліся нечакана моцнымі. Яны былі тонкія, але затое гнуткія і пругкія, і ён не мог іх пераламаць, як ні стараўся. Давялося адпілоўваць іх вострым краем блакітнага каменя. Тыя вусікі, што былі таўсцейшыя, у даўжыню дасягалі цэлага фута, і ён на ўсякі выпадак запомніў, што, калі іх звязаць па некалькі штук, атрымаецца даволі добрая вяроўка. Можа, вяроўка яму спатрэбіцца.

Ён працягваў даследаваць кусты. Заставалася яшчэ тры разнавіднасці. Адны кусты былі без лісця, сухія, крохкія, падобныя да сухіх перакаці-поле. Другія былі мяккія і крышыліся, амаль як гніляк. Падобна было, што з іх выйдзе цудоўны трут для агню. Трэція былі больш чым астатнія падобныя да дрэў. У іх было далікатнае лісце, якое згортвалася пры дотыку, а сцяблы былі хоць і кароткія, але трывалыя і моцныя.

Было горача. Невыносна горача.

Моцна кульгаючы, Карсан падышоў да бар'ера і памацаў, ці тут ён яшчэ. Бар'ер усё яшчэ быў тут.

Нейкі час ён стаяў і глядзеў на Прышэльца. Той трымаўся на бяспечнай адлегласці ад бар'ера і там нешта рабіў, рухаючыся ўзад і ўперад. Што ён рабіў, Карсан разгледзець не мог.

Адзін раз ён спыніўся, крыху наблізіўся і як быццам утаропіўся на Карсана. І зноў Карсану прыйшлося змагацца з прыступам млосці. Ён шпурнуў у Прышэльца каменем, той адступіў і працягваў займацца сваёй незразумелай справай.

Прынамсі, Карсан мог трымаць яго на адлегласці.

«Вельмі многа з гэтага карысці», — падумаў ён з горыччу. Тым не менш наступныя дзве гадзіны ён правёў, збіраючы камяні патрэбнай велічыні і складаючы іх у акуратныя кучкі паблізу ад бар'ера.

Горла ў яго гарэла. Ён амаль ні пра што не мог думаць, акрамя вады.

Але яму даводзілася думаць. Пра тое, як пранікнуць праз бар'ер, як дабрацца да гэтай істоты і забіць яе, пакуль гарачыня і смага не забілі яго самога.

Бар'ер з абодвух бакоў даходзіў да сцяны. А зверху і знізу?

Некаторы час у Карсана ў галаве стаяў нейкі туман, і ён чіяк не мог даўмецца, як яму гэта высветліць. Седзячы нерухома на блакітным пяску (а як ён сеў — гэтага ён не памятаў), ён бязмэтна глядзеў, як блакітная яшчарка перабягае ад аднаго куста да другога.

Карсан усміхнуўся ёй. Можа, у яго ў галаве штосьці было не ў парадку, бо ён раптам успомніў старыя балачкі марсіянскіх каланістаў: «...Хутка табе робіцца так адзінока, што ты пачынаеш загаворваць з яшчаркамі, а потым настае час, калі яны пачынаюць табе адказваць...»

Вядома, яму трэба было думаць пра тое, як забіць Прышэлыіа, але замест гэтага ён усміхнуўся яшчарцы і сказаў:

— Прывітанне!

Яшчарка зрабіла некалькі крокаў да яго.

— Прывітанне! — адказала яна.

Карсан здранцвеў ад здзіўлення, а потым апамятаўся і зарагатаў. І смяяцца яму было не балюча — не настолькі ўжо ў яго перасохла ў горле.

А чаму і не? Чаму б істоце, якая вынайшла гэтае кашмарнае месца, не мець пачуцця гумару? Гаваркія яшчаркі, якія адказваюць табе на тваёй мове, — хіба гэта не міла?

Ён усміхнуўся яшчарцы і сказаў:

— Ідзі сюды.

Але яшчарка павярнулася і ўцякла, перабягаючы ад куста да куста, пакуль не схавалася з вачэй.

Ён зноў адчуў смагу.

І потым трэба штосьці рабіць. Ён не можа перамагчы, проста седзячы тут і аддаючыся роспачы. Трэба штосьці рабіць. Але што?

Пранікнуць праз бар'ер. Але ён не можа прайсці праз яго, не можа і пералезці. А калі падлезці пад яго знізу? І да таго ж, каб знайсці ваду, капаюць калодзежы. Адным стрэлам двух зайцаў...

Пераадольваючы боль, Карсан падышоў да бар'ера і пачаў капаць пясок голымі рукамі. Гэта была марудная, цяжкая праца: пясок асыпаўся, і чым глыбей ён капаў, тым шырэй даводзілася рабіць яму. Ён не ведаў, колькі гадзін прайшло, але на глыбіні чатырох футаў ён упёрся ў скалу. Скала была зусім сухая — ніякіх прыкмет вады.

А сілавое поле даходзіла да скалы. Усё дарэмна. І вады няма. Нічога.

Ён выпаўз з ямы і лёг на пясок, задыхаючыся. Потым ён падняў галаву, каб паглядзець, што робіць Прышэлец. Павінен жа ён нешта рабіць.

Так і ёсць. Ён штосьці майстраваў з галінак кустоўя, звязваючы іх тонкімі вусікамі. Дзіўнае збудаванне вышынёй футы чатыры і амаль квадратнае. Каб разгледзець яго лепш, Карсан узлез на кучу пяску, якую ён выкапаў. Ззаду з машыны тырчалі два доўгія рычагі, адзін з іх заканчваўся паглыбленнем накшталт кубка. «Падобнае на нейкую катапульту», — падумаў Карсан.

І праўда — Прышэлец паклаў у кубак важкі камень, адным шчупальцам парухаў угору-ўніз другі рычаг, потым крыху павярнуў машыну, нібы цэлячыся, а потым рычаг з каменем ірвануўся ўгору і ўперад.

Камень праляцеў за некалькі метраў над галавой Карсана, так далёка, што ён нават не стаў нагінацца, але ён прыкінуў, на якую адлегласць паляцеў камень, і аж свіснуў. Ён не мог бы кінуць камень такой вагі далей, чым на палову гэтай адлегласці. І калі нават ён адступіць да задняй сцяны сваіх уладанняў, гэтая машына дастане да яго, калі Прышэлец прысуне яго да самага бар'ера. Над ім праляцеў яшчэ камень — ужо бліжэй. «Гэта можа быць небяспечна», — вырашыў ён. Трэба нешта рабіць.

Рухаючыся ўздоўж бар'ера, каб катапульта не магла ўзяць яго ў вілку, ён запусціў у яе дзясяткам камянёў. Але ён убачыў, што з гэтага не будзе ніякага толку. Так далёка ён мог кідаць толькі невялікія камяні. І калі яны траплялі ў машыну, яны адскоквалі ад яе, не зрабіўшы ніякай шкоды. А Прышэлец на такой адлегласці лёгка ўхіляўся ад тых камянёў, якія падалі каля яго.

Акрамя таго, у яго моцна стамілася рука. Ад знямогі ў яго балела ўсё цела. Калі б толькі ён мог крыху адпачыць і не ўхіляцца кожныя трыццаць секунд ад снарадаў катапульты...

Ён, хістаючыся, адышоў да задняй сцяны. Але і гэта яго не ратавала. Камяні даляталі і туды, толькі радзей, як быццам даводзілася даўжэй заводзіць механізм катапульты.

Ён зноў зморана пацягнуўся да бар'ера. Некалькі разоў ён падаў і з цяжкасцю падымаўся на ногі. Ён ведаў, што яго сілы канчаюцца. І ўсё-такі ён не мог спыніцца, пакуль не выведзе са строю гэту катапульту. Варта яму задрамаць, і болей ён не прачнецца.

Першы пробліск ідэі з'явіўся ў яго пасля чарговага стрэлу катапульты. Яе снарад трапіў у адну з кучак камянёў, якія ён назбіраў ля бар'ера, і ад удару выскачыла іскра.

Іскра. Агонь. Першабытныя людзі здабывалі агонь, высякаючы іскры. А калі выкарыстаць гэтыя сухія крохкія кусты як паліва...

На шчасце, адзін такі куст аказаўся якраз каля яго. Ён зламаў яго, паднёс да кучы камянёў, а потым узяўся цярпліва стукаць каменем аб камень, пакуль адна іскра не папала на драўніну, падобную на трут. Дрэва занялося так хутка, што полымя абпаліла яму бровы, і ператварылася ў попел за некалькі секунд.

Але цяпер ён ужо ведаў, што рабіць, і праз некалькі хвілін пад аховай горкі пяску, які ён выкапаў з ямы, гарэла маленькае вогнішча. На распалку ён узяў мяккія галінкі, а агонь можна было падтрымліваць голлем другога куста, якое таксама гарэла, але марудней.

Моцныя вусікі, падобныя да дроту, амаль не гарэлі — з іх дапамогай было лёгка рабіць запальныя снарады. Пучкі галля з маленькім каменем усярэдзіне — для вагі, абвязаныя вусікамі з пятлёй, каб мацней замахнуцца.

Ён назапасіў паўтузіна такіх снарадаў, потым запаліў і кінуў першы. Ён не трапіў у цэль, і Прышэлец паспешліва пачаў адступаць, цягнучы за сабою катапульту. Але ў Карсана было гатова яшчэ некалькі снарадаў, і ён кінуў іх адзін за адным. Чацвёрты засеў у машыне, і гэтага было дастаткова. Прышэлец дарэмна спрабаваў патушыць полымя, якое распаўзалася, закідваючы яго пяском, — кіпцюрыстыя шчупальцы не маглі захапіць яго памногу. Катапульта згарэла.

Прышэлец адкаціўся на бяспечную адлегласць ад агню і зноў засяродзіў сваю ўвагу на Карсане. Зноў Карсан адчуў хвалю нянавісці і млосці. Але ўжо слабей: ці сам Прышэлец аслабеў, ці Карсан ужо навучыўся бараніцца ад такога нападу.

Ён паказаў Прышэльцу нос і адагнаў яго каменнем на значную адлегласць. Прышэлец адкаціўся да задняй сцяны сваёй паловы і зноў пачаў збіраць голле. Напэўна, ён збіраўся зрабіць яшчэ адну катапульту.

Карсан соты раз праверыў, ці дзейнічае яшчэ бар'ер, і раптам выявіў, што сядзіць ля самага бар'ера на пяску, занадта аслабеўшы, каб устаць. Параненую нагу тузала ўсё мацней, і смага мучыла яго яшчэ болей. Але ўсё гэта адступала на другі план перад поўнай знямогай.

І гарачынёй.

Вось гэта, напэўна, і ёсць пекла, падумаў ён. Пекла, у якое верылі ў старажытнасці. Ён з усяе сілы стараўся не заснуць, хоць і не бачыў у гэтым асаблівага сэнсу: усё роўна ён нічога не можа зрабіць, пакуль бар'ер застаецца непраходным і Прышэлец трымаецца далёка ля задняй сцяны.

Але ж павінен быць які-небудзь спосаб! Ён паспрабаваў прыпомніць, што ён чытаў у кнігах па археалогіі пра тое, як ваявалі калісьці, да з'яўлення металу і пластыкаў. Першай зброяй быў як быццам камень для кідання. Ну, гэта ў яго ўжо было. Адзіным удасканаленнем гэтай зброі была катапульта, накшталт той, якую змайстраваў Прышэлец. Але Карсан ніколі не зможа такой зрабіць: кусты маглі даць толькі малюсенькія галінкі, даўжынёй не болей як фут. Ён, вядома, мог бы прыдумаць што-небудзь і з іх, ды на гэта спатрэбілася б некалькі дзён, а ў яго ўжо мала сілы.

Некалькі дзён? Але ж Прышэлец яе збудаваў. Няўжо прайшло некалькі дзён? Але тут ён успомніў, што ў Прышэльца шмат шчупальцаў і што ён, несумненна, можа працаваць хутчэй.

Акрамя таго, катапульта не вырашае зыходу барацьбы. Трэба прыдумаць што-небудзь лепшае.

Лук і стрэлы? Не! Ён неяк спрабаваў страляць з лука і ведаў, што ў яго нічога не выйдзе. Нават з сучасным спартовым сталёвым лукам дакладнага бою. А з прымітыўнага спартовага лука, які ён мог бы змайстраваць тут, ён наўрад ці зможа страляць далей, чым кідае камяні, і напэўна ўжо не так трапна.

Кап'ё? Гэта ён можа зрабіць. Яго будзе нязручна кідаць, але яно можа спатрэбіцца ў рукапашнай — калі справа дойдзе да рукапашнай.

І потым гэта дасць яму хоць нейкі занятак. Адцягне яго ад вар'яцкіх думак, якія ўжо лезуць у галаву. Ён ужо час ад часу мусіў рабіць намаганне, каб успомніць, навошта ён тут, навошта яму трэба забіць Прышэльца.

На шчасце, ён ляжаў паблізу ад адной з нарыхтаваных кучак камення. Ён перабраў іх, пакуль не знайшоў адзін асколак, які формай нагадваў наканечнік кап'я. Другім, маленькім, каменем ён пачаў абчэсваць яго, стараючыся надаць яму такую форму, каб ён, уткнуўшыся ў цела, не мог выйсці назад.

Што-небудзь накшталт гарпуна? У гэтым нешта ёсць, падумаў ён. Для гэтай вар'яцкай бойкі гарпун лепей, чым кап'ё. Калі б прабіць ім Прышэльца і калі да гарпуна будзе прывязана вяроўка, ён зможа прыцягнуць Прышэльца да бар'ера — і тады нават калі яго рукі не змогуць пранікнуць на той бок, гэта зробіць каменнае лязо нажа.

Дрэўка было цяжэй зрабіць, чым наканечнік. Але раскалоўшы ўздоўж і злучыўшы сама тоўстыя ствалы чатырох кустоў і абвязаўшы сучляненні тонкімі, але моцнымі вусікамі, ён зрабіў трывалае дрэўка футы на чатыры даўжынёй і да канца яго прывязаў каменны наканечнік. Выйшла нязграбна, але надзейна.

Цяпер вяроўка. З тонкіх, моцных вусікаў ён сплёў вяроўку футаў на дваццаць даўжынёй. Вяроўка была лёгкая і здавалася слабой. Але ён ведаў, што яна лёгка вытрымае яго вагу. Адзін канец яе ён прывязаў да дрэўца гарпуна, а другі абвязаў вакол правага запясця. Цяпер, кінуўшы гарпун праз бар'ер, ён ва ўсякім разе зможа выцягнуць яго назад, калі прамахнецца.

Калі ён зацягнуў апошні вузел і не ведаў, што рабіць далей, ён адчуў, што гарачыня, стома, боль у назе і страшная смага сталі раптам у сто разоў мацнейшыя.

Ён паспрабаваў устаць, каб паглядзець, што робіць Прышэлец, і ўбачыў, што не можа падняцца на ногі. З трэцяй спробы ён ухітрыўся ўстаць на карачкі і зноў упаў на пясок.

«Трэба паспаць, — падумаў ён. — Калі зараз дойдзе да схваткі, я нічога не змагу зрабіць. Ён мог бы цяпер падысці і забіць мяне, калі б ён ведаў. Трэба крыху адпачыць».

Пераадольваючы боль, ён з цяжкасцю папоўз прэч ад бар'ера.

Нешта ўдарылася аб пясок побач з ім і абудзіла яго ад жахлівага, заблытанага сну да яшчэ больш жахлівай рэальнасці. Ён расплюшчыў вочы і зноў убачыў блакітнае міганне над блакітным пяском.

Колькі часу ён спаў? Хвіліну? Дзень?

Побач упаў яшчэ адзін камень, ужо бліжэй. Яго абсыпала пяском. Ён упёрся рукамі, сеў, павярнуўся і ўбачыў Прышэльца за дваццаць ярдаў ад сябе, ля самага бар'ера.

Як толькі Карсан сеў, Прышэлец паспешліва пакаціўся прэч і спыніўся ля задняй сцяны.

Карсан зразумеў, што заснуў занадта рана, калі быў яшчэ ў межах дасягальнасці для камянёў, кінутых Прышэльцам. А той, убачыўшы, што ён ляжыць нерухома, адважыўся падысці да бар'ера і пачаў кідаць у яго камянямі. На шчасце, Прышэлец не ведаў, наколькі Карсан аслабеў — інакш ён бы застаўся тут і кідаў камяні.

Ці доўга ён спаў? Напэўна, не, бо адчуваў сябе зусім гэтак, як і раней. Сілы ў яго не прыбавілася, смага не памацнела, — ніякай розніцы. Можа, прайшло ўсяго некалькі хвілін.

Ён зноў папоўз, гэты раз прымушаючы сябе паўзці далей і далей, пакуль бясколерная, непразрыстая сцяна арэны не была ўсяго за метр ад яго. Тады ён зноў заснуў...

 

Калі ён прачнуўся, нічога навокал не змянілася, але на гэты раз ён ведаў, што спаў доўга.

Першае, што ён адчуў, была сухасць у запечаным роце. Язык распух.

Паволі ачуньваючы, ён зразумеў: нешта нядобра. Ён ужо не адчуваў такой стомленасці — знямога прайшла. Але ён адчуваў вельмі моцны боль. І калі ён паспрабаваў паварухнуцца, ён зразумеў, што крыніца яго — нага.

Ён падняў галаву і паглядзеў. Нага ніжэй калена страшэнна распухла, і пухліна дайшла да паловы бядра. Вусікі раслін, якімі ён прывязаў да раны кампрэс з лісця, цяпер глыбока ўпіліся ў распухлую нагу. Прасунуць пад іх нож аказалася немагчыма. На шчасце, апошні вузел быў над косцю галёнкі, спераду, дзе дуддзе ўпілося не так глыбока. Сабраўшы ўсю сілу, ён развязаў вузел.

Зірнуўшы пад павязку, ён убачыў сама горшае, што толькі магло быць. Заражэнне — вельмі моцнае, і яно паўзе ўгору.

І не маючы лякарстваў, не маючы бінтоў, не маючы нават вады, ён нічога не мог з гэтым зрабіць.

Хіба што памерці, калі заражэнне ахопіць усё цела.

Цяпер ён зразумеў, што надзеі няма. Ён пераможаны.

І разам з ім — чалавецтва. Калі ён памрэ тут, там, у яго свеце, памруць усе яго сябры, усе людзі. Зямля і яе калоніі на планетах стануць вотчынай чужых усяму зямному Прышэльцаў. Кашмарных, нялюдскіх стварэнняў, якія атрымліваюць задавальненне, разрываючы на часткі жывых яшчарак.

Гэтая думка надала яму мужнасці, і ён папоўз уперад, амаль нічога не бачачы ад болю, уперад, да бар'ера. Цяпер ужо не на карачках, а паўзком, адштурхоўваючыся нагамі і падцягваючыся на руках.

Заставаўся адзін шанц з мільёна, што, калі ён дабярэцца да бар'ера, у яго хопіць сілы адзін-адзінюткі раз кінуць свой гарпун і трапіць, калі — яшчэ адзін шанц з мільёна — Прышэлец таксама апынецца каля бар'ера. Або калі бар'ер знікне.

Яму здалося, што спатрэбіліся гады, каб дапаўзці да бар'ера. Бар'ер быў на месцы. Такі самы непраходны, як і тады, калі ён упершыню яго намацаў.

А Прышэльца ля бар'ера не было. Прыўзняўшыся на локцях, Карсан убачыў яго ў задняй частцы той паловы арэны — ён быў заняты пабудовай драўлянай рамы, якая была напалову гатовай копіяй знішчанай Карсанам катапульты.

Рухі Прышэльца былі павольныя — несумненна, ён таксама аслабеў. Але Карсан падумаў, што наўрад ці Прышэльцу спатрэбіцца другая катапульта. Ён падумаў, што памрэ раней, чым той яе скончыць.

Калі б завабіць яго да бар'ера, пакуль ён жывы...

Карсан замахаў рукой і паспрабаваў крыкнуць, але яго запечаныя вусны не маглі вымавіць ні гука. Або каб пранікнуць праз бар'ер...

На яго, напэўна, найшло нейкае зацьменне, бо ён выявіў, што ў дарэмнай лютасці стукае кулакамі па бар'еры. Ён прымусіў сябе спыніцца, заплюшчыў вочы, спрабуючы супакоіцца.

— Прывітанне, — вымавіў нейкі тоненькі голас. Ён быў падобны на голас...

Карсан расплюшчыў вочы і павярнуўся. Гэта сапраўды была яшчарка.

«Адыдзі, — хацеў сказаць Карсан. — Адыдзі. Цябе папраўдзе няма, а калі ты тут, дык ты не можаш гаварыць. Мне зноў мроіцца».

Але ён не мог вымавіць ні слова — яго рот і горла зусім высахлі. Ён зноў заплюшчыў вочы.

— Баліць, — сказаў голас. — Забі. Баліць. Забі. Ідзі.

Ён зноў расплюшчыў вочы. Дзесяціногая блакітная яшчарка была яшчэ тут. Яна прабегла крыху ўздоўж бар'ера, вярнулася, зноў прабегла, зноў вярнулася.

— Баліць, — сказала яна. — Забі. Ідзі.

Зноў яна адбегла, зноў вярнулася. Яна відавочна хацела, каб Карсан пайшоў за ёй уздоўж бар'ера.

Ён зноў заплюшчыў вочы. Голас не змаўкаў. Усё тыя самыя тры бязглуздыя словы. Кожны раз, як ён расплюшчваў вочы, яна адбягала і вярталася.

— Баліць. Забі. Ідзі.

Карсан застагнаў. Праклятае стварэнне не пакіне яго ў спакоі, пакуль ён не рушыць за ім. Ён папоўз следам за яшчаркай. Да яго данёсся іншы гук — тонкі віск. Ён рабіўся мацнейшы.

На пяску нешта ляжала, вывіваючыся і курчачыся. Нешта маленькае і блакітнае — падобнае да яшчаркі і тым часам...

Тут ён зразумеў, што гэта такое — гэта яшчарка, у якой Прышэлец адрываў ногі. Гэта было так даўно... Але яна была жывая; яна апрытомнела і цяпер з віскам курчылася ў агоніі.

— Баліць, — сказала другая яшчарка. — Баліць. Забі. Забі.

Карсан зразумеў. Ён выцягнуў з-за павязкі каменны нож і забіў знявечанае стварэнне. Жывая яшчарка хутка шмыгнула прэч.

Карсан павярнуўся да бар'ера. Прыпаўшы да яго рукамі і тварам, ён глядзеў, як удалечыні Прышэлец майструе катапульту.

«Калі б дабрацца туды, — думаў ён. — Калі б трапіць на той бок. Я б яшчэ мог перамагчы. Здаецца, ён таксама аслабеў. Я мог бы...»

Зноў на яго насунулася чорная безнадзейнасць; яго воля адступіла перад болем, і ён падумаў, што лепей было б памерці. Ён пазайздросціў яшчарцы, якую толькі што забіў. Яна не будзе болей пакутаваць. А яму давядзецца. Можа, гадзіны, можа, дні — пакуль ён не памрэ ад заражэння крыві.

Калі б можна было самога сябе гэтым нажом...

Ды ён ведаў, што не зможа гэтага зрабіць. Пакуль ён жывы, ёсць хоць адзін шанц з мільёна...

Ён з усіх сіл націскаў рукамі на бар'ер, як быццам хацеў адштурхнуць яго ад сябе. Ён заўважыў, якімі тонкімі і касцістымі сталі яго рукі. Напэўна, ён тут ужо доўга, ужо шмат дзён.

Колькі ж засталося яму жыць. Колькі часу ён яшчэ можа трываць гарачыню, смагу і боль?

Нейкі час ён быў блізкі да істэрыкі, але потым прыйшоў глыбокі спакой і з ім — ашаламляльная думка.

Яшчарка, якую ён толькі што забіў. Яна перасекла бар'ер, калі была яшчэ жывая! Яна была на баку Прышэльца; той абарваў ёй ногі і пагардліва адкінуў сюды, і яна праляцела праз бар'ер. А ён падумаў — гэта таму, што яна мёртвая.

Але яна была жывая! Яна была ўсяго толькі без прытомнасці.

Жывая яшчарка не можа перасекчы бар'ер, але калі яна непрытомная — гэта магчыма. Значыць, бар'ер непраходны не для жывой матэрыі, а для матэрыі, якая мысліць.

І з гэтай думкай Карсан папоўз уздоўж бар'ера, каб зрабіць апошнюю адчайную стаўку. Надзея была такая мізэрная, што толькі паміраючы можна ўхапіцца за яе.

Няма сэнсу ўзважваць шанцы на поспех. Таму што калі ён адмовіцца ад гэтай спробы, яны амаль роўныя нулю.

Ён дапоўз да кучы пяску вышынёй футы на чатыры, якую ён накапаў, спрабуючы — колькі дзён назад гэта было? — падкапацца пад бар'ер або знайсці ваду.

Куча была ля самага бар'ера — адзін яе схіл напалову заходзіў на той бок.

Узяўшы камень з суседняй кучы, ён залез на пагорак, мінуў яго вяршыню і ўлёгся, абапёршыся на бар'ер, так, што, калі б бар'ер раптам знік, ён скаціўся б па схіле на варожую тэрыторыю.

Ён праверыў, ці на месцы нож, ці зручна ляжыць у яго левай руцэ гарпун і ці моцна прывязана да яго і да яго запясця вяроўка.

Потым ён падняў правай рукой камень, якім зараз ударыць сябе па галаве. Давядзецца паспадзявацца на шанцаванне: удар павінен быць настолькі моцны, каб ён страціў прытомнасць, ды не настолькі, каб гэта было надоўга.

Ён адчуваў, што Прышэлец сочыць за ім, што той убачыць, як ён скоціцца праз бар'ер, і абавязкова наблізіцца, каб высветліць, у чым справа. Карсан спадзяваўся, што той прыме яго за мёртвага — ён спадзяваўся, што той прыйшоў да такога самага вываду пра бар'ер, як у свой час і ён. Але Прышэлец будзе асцярожны і падыдзе не адразу. Няшмат часу ў яго будзе. Ён нанёс удар...

Ачуняў ён ад болю. Ад раптоўнага рэзкага болю ў бядры, не падобнага на тузанне ў галаве і ў назе.

Але, абдумваючы ўсё перад тым, як аглушыць сябе, ён прадбачыў менавіта гэты боль, нават спадзяваўся на яго і падрыхтаваўся ачуняць, не выдаючы сябе ніякім рухам.

Лежачы нерухома, ён ледзь расплюшчыў вочы і ўбачыў, што яго здагадка апраўдалася. Прышэлец набліжаўся. Ён быў футаў за дваццаць, і боль, ад якога Карсан апрытомнеў, прычыніў яму кінуты Прышэльцам на ўсякі выпадак камень.

Ён ляжаў нерухома. Прышэлец набліжаўся. За пятнаццаць футаў ён спыніўся. Карсан затаіў дыханне.

Ён з усяе сілы стараўся, каб у яго ў галаве не было ні адзінай думкі, — інакш тэлепатычныя здольнасці ворага падкажуць яму, што Карсан пры памяці. Ды тут на яго мозг з ашаламляльнай сілай абрынуліся Прышэльцавы думкі.

Ён адчуў дзікі жах ад гэтых зусім чужых, інакшых думак, якія ён адчуваў, але не мог ні зразумець, ні выказаць, бо ні ў адной зямной мове не знайшлося б для іх слоў, ні ў адной зямной душы — уяўленняў. Ён падумаў, што думкі павука, ці багамола, ці марсіянскай пясчанай змяі, калі б яны набылі розум, здаліся б у параўнанні з гэтым роднымі і мілымі.

Ён цяпер зразумеў, што тая таямнічая істота мела рацыю. Чалавек або Прышэлец — ва ўсім сусвеце было месца толькі аднаму з іх. Яны былі далей адзін ад аднаго, чым Бог і д'ябал, — паміж імі не магло быць нават раўнавагі.

Бліжэй. Карсан чакаў, пакуль ён наблізіцца на некалькі футаў, пакуль ён працягне да яго свае шчупальцы...

І тут, забыўшыся пра ўсе свае пакуты і сабраўшы астатнія сілы, ён сеў, занёс гарпун і кінуў яго.

Прышэлец, з глыбока ўваткнутай у яго зброяй, пакаціўся прэч. Карсан паспрабаваў устаць, каб кінуцца наўздагон, ды не змог. Ён упаў і папоўз услед за праціўнікам.

Вяроўка разматалася і пацягнула Карсана за руку. Яго працягнула яшчэ некалькі футаў, потым нацяжэнне аслабла. Карсан усё рухаўся наперад, падцягваючыся рукамі па вяроўцы.

Прышэлец спыніўся, размахваючы шчупальцамі і дарэмна спрабуючы выцягнуць гарпун. Здавалася, ён задрыжаў, а потым, відаць, зразумеўшы, што яму не ўцячы, пакаціўся назад да Карсана, працягнуўшы да яго кіпцюрыстыя шчупальцы.

Карсан сустрэў яго з нажом у руцэ. Ён наносіў удар за ўдарам, а гэтыя жахлівыя кіпцюры рвалі яго скуру і мяса.

І раптам Прышэлец застыў нерухома.

 

Зазваніў званок. Карсан расплюшчыў вочы, але не адразу сцяміў, дзе ён і што з ім. Ён быў прышпілены да сядзення свайго касмалёта, і на экране перад ім не было нічога, акрамя касмічнай пустаты. Ніякага праціўніка, ніякай неймавернай планеты.

Званок выкліку працягваў звінець — нехта хацеў, каб ён адказаў. Чыста рэфлекторным рухам Карсан працягнуў руку і перакінуў тумблер.

На экране з'явіўся твар Брандэра — капітана суднабазы «Магелан». Ён быў бледны, а вочы ў яго ўзрушана ззялі.

— Карсан! Я — «Магелан», — гаркнуў ён. — Адбой. Усё кончылася! Мы перамаглі!

Экран патух — Брандэр выклікаў астатніх патрульных. Паволі Карсан вывеў свой карабель на зваротны курс. Паволі, не верачы сваім вачам і вушам, ён адшпіліўся ад крэсла і пайшоў да крана напіцца. Чамусьці ён адчуваў страшную смагу. Ён выпіў шэсць шклянак.

Потым ён прыхінуўся да сцяны, збіраючыся з думкамі. Ці было ўсё гэта на самай справе? Ён цэлы і здаровы. Смага была хутчэй уяўнай, чым сапраўднай: горла ў яго зусім не перасохла. Нага...

Ён задраў штаніну і паглядзеў на лытку. Там быў доўгі белы шрам, але ён даўно загоіўся. Раней ніякага шрама тут не было. Ён расшпіліў маланку на куртцы і ўбачыў, што яго грудзі і жывот пасечаны малюсенькімі, амаль незаўважнымі і таксама зусім загоенымі шрамамі. Гэта было на самай справе.

Аўтапілот ужо ўводзіў яго касмалёт у трум базы. Захваты паклалі яго на месца, і праз імгненне зумер паведаміў, што шлюз запоўнены паветрам. Карсан адчыніў люк і выйшаў вонкі праз падвойныя дзверы шлюза.

Ён накіраваўся проста ў кабінет Брандэра, увайшоў і аддаў чэсць.

Брандэр выглядаў крыху ашалелым.

— Прывітанне, Карсан, — сказаў ён. — Ты такое прапусціў. Вось гэта была карціна!

— Што здарылася, сэр?

— Добра не ведаю. Мы далі адзін залп, і ўвесь іх флот рассыпаўся на пыл! Штосьці такое імгненна перакінулася з карабля на карабель — нават на тыя, у якія мы не цэліліся і якія былі за межамі нашага агню. Увесь флот быў знішчаны на нашых вачах, а ў нас ніводнай драпіны. Мы нават не можам прыпісаць сабе гэты гонар. Напэўна, у іх метале была нейкая нестабільная састаўная частка, і наш прыстрэлачны стрэл выклікаў рэакцыю. Ух, што было! Шкада, што ўсё абышлося без цябе.

Карсану ўдалося ўсміхнуцца. Гэта было вартае жалю падабенства ўсмешкі — толькі праз шмат дзён ён перажыве ўсё, што адбылося, — але капітан не глядзеў на яго і нічога не заўважыў.

— Так, сэр, — сказаў ён. Здаровы сэнс, а не сціпласць падказаў яму, што ён навек праславіцца як сама апошні ілгун ва ўсім космасе, калі прагаворыцца хоць словам. — Так, сэр, шкада, што ўсё абышлося без мяне.



Пераклад: Ліна Каўрус

Беларуская Палічка: http://knihi.com