epub
 
падключыць
слоўнікі

Фрэдэрык Стэндаль

Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці

Навэла

Гэта здарылася вясновым вечарам 182... года. Увесь Рым быў апанаваны хваляваннем: славуты банкір герцаг дэ Б. даваў баль у сваім новым палацы на Венецыянскай плошчы. Ва ўбранні гэтага палаца спалучалася ўся пышнасць мастацтва Італіі і ўсе хітрыкі лёнданскай і парыжскай раскошы. З'ехалася мноства гасцей. Ангельскія арыстакраткі - чапурыстыя бялявыя прыгажуні - палічылі за гонар з'явіцца на балі ў банкіра. Яны зляцеліся цэлым роем. Найпрыгажэйшыя жанчыны Рыма супернічалі з імі ў харастве.

У залю ўвайшла пад руку з бацькам маладая дзяўчына: зіхатлівыя вочы і валасы, чорныя, як крумкачынае крыло, выкрывалі ў ёй рымлянку; усе погляды накіраваліся на яе. У кожным яе руху праглядваўся незвычайны гонар.

Гасцей-замежнікаў дзівіла пышнасць гэтага балю. «Ніякія святы манархаў Эўропы не могуць з ім параўнацца», - гаварылі яны.

У манархаў Эўропы няма палацаў, створаных італьянскімі дойлідамі; яны вымушаныя запрашаць сваіх прыдворных дам, паміж тым як герцаг дэ Б. запрашаў толькі прыгожых жанчын. У гэты вечар яго выбар аказаўся асабліва ўдалы: мужчыны былі аслепленыя. Сабралася столькі прывабных жанчын, што цяжка было вырашыць, каму аддаць пальму першынства. Але пасля нядоўгіх ваганняў царыцаю балю аднадушна абвясцілі князёўну Ваніну Ваніні, чорнавалосую маладзіцу з вогненным позіркам. Адразу ж замежнікі і маладыя рымляне, пакінуўшы гасціныя, сабраліся ў бальнай залі.

Бацька дзяўчыны, князь Аздрубале Ваніні, пажадаў, каб яна першым чынам пратанцавала з двума-трыма нямецкімі ўладарнымі прынцамі. Затым яна прыняла запрашэнне некалькіх ангельцаў, вельмі прыгожых і вельмі шляхетных, але іх накрухмалены выгляд надакучыў ёй. Больш задавальнення ёй, здавалася, дастаўляла мучыць маладога Лівіа Савелі, відаць, горача ў яе закаханага. Лівіа быў адным з самых бліскучых маладых людзей у рымскім грамадстве і таксама насіў княжацкі тытул; але, калі б яму далі пачытаць які-небудзь раман, ён на дваццатай старонцы адкінуў бы кнігу, заявіўшы, што ў яго разбалелася галава; у вачах Ваніны гэта было вялікім недахопам.

Каля паўночы на балі распаўсюдзілася навіна, якая выклікала шмат размоваў. У гэты самы вечар з крэпасці Святога Анёла* збёг, пераапрануўшыся, зняволены малады карбанарый; дасягнуўшы ўжо апошняй брамы турмы, ён у запале раманічнай адвагі напаў з кінжалам на салдатаў аховы, але яго самога таксама ранілі. Сбіры** гоняцца за ім па крывавых слядах і спадзяюцца злавіць яго.

* Крэпасць Святога Анёла - старажытная турма ў Рыме.

** Сбіры - паліцэйскія вартаўнікі.

Пакуль усё гутарылі аб гэтых уцёках, дон Лівіа Савелі, захоплены хараством і поспехам Ваніны, амаль ашалеўшы ад кахання, выгукнуў, праводзячы яе да крэсла пасля танцаў:

- Але скажыце, бога дзеля, хто мог бы спадабацца вам?

- Малады карбанарый, сённяшні ўцякач з крэпасці. Прынамсі ён нешта здзейсніў, а не толькі даў сабе рады нарадзіцца.

Князь Аздрубале падышоў да дачкі. Гэты багацей ужо дваццаць гадоў не патрабаваў справаздачы ад свайго аканома, а той даваў яму ў доўг пад вельмі высокія працэнты яго жа ўласныя грошы. Сустрэўшы князя на вуліцы, вы прынялі б яго за старога актора; вы нават не заўважылі б, што пальцы ў яго ўнізаныя масіўнымі пярсцёнкамі з вельмі буйнымі дыяментамі. Абодва яго сыны ўступілі ў ордэн езуітаў*, затым здурэлі і памерлі. Ён забыўся на іх, а на сваю адзінаю дачку Ваніну гневаўся за тое, што яна не выходзіць замуж. Дзяўчыне ўжо дзевятнаццаць гадоў, а яна адхіляе самыя бліскучыя партыі. У чым тут прычына? Прычына была тая ж самая, якая заахвоціла Сулу** адрачыся ад улады: пагарда да рымлян.

* Езуіты - магутны каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XII стагоддзі.

** Сула (138-78 гг. да нашай эры) - рымскі вайскаводца, праціўнік народнай партыі.

Раніцою пасля балю Ваніна зазначыла, што яе бацька, чалавек на рэдкасць бесклапотны, які ніколі ў жыцці не браў у рукі ключа, надзвычай старанна замкнуў дзверы на вузкую лесвічку, якая вяла ў пакоі, размешчаныя на чацвёртым паверсе палаца. Вокны гэтых пакояў выходзілі на тэрасу, застаўленую апельсінавымі дрэўцамі ў кадках.

Ваніна адправілася ў горад з візітамі; калі яна вярталася, парадны пад'езд быў загрувашчаны збудаваннямі для ілюмінацыі, і карэта заехала праз задні двор. Ваніна падняла вочы і, да свайго здзіўлення, убачыла, што ў адным з пакояў, якія так старанна замкнуў яе бацька, адчынена вакно. Адвязаўшыся ад сваёй кампаньёнкі, яна паднялася на гарышча і, пашукаўшы, знайшла там забранае кратамі акенца насупраць тэрасы з апельсінавымі дрэвамі. Расчыненае акно, якое зацікавіла яе, было ў двух кроках. У пакоі, відавочна, нехта пасяліўся. Але хто?

На наступны дзень Ваніна змагла дастаць ключ ад дзверцы, якая вяла на тэрасу з апельсінавымі дрэвамі. Крадком яна падышла да вакна - яно ўсё яшчэ было адчынена. Ваніна схавалася за крацістай аканіцай. Ля задняй сцяны пакоя яна ўбачыла ложак. Хтосьці ляжаў на ім. Ваніна збянтэжылася, хацела ўцячы, але раптам заўважыла жаночую адзежу, кінутую на крэсла. Прыгледзеўшыся, яна ўбачыла на падушцы бялявую галаву; твар падаўся ёй зусім маладым. Зараз яна ўжо не сумнявалася, што гэта жанчына. Адзежа, кінутая на крэсла, была ўся ў крыві; кроў запеклася і на жаночых туфлях, якія стаялі на стале. Незнаёмка паварушылася, і тады Ваніна заўважыла, што яна параненая: грудзі ёй сцягвала палатняная павязка, на якой расплылася крывавая пляма; павязку прытрымлівалі нейкія матузы - відаць было, што яна зробленая зусім не рукамі хірурга.

Ваніна стала прыкмячаць, што цяпер яе бацька штодня каля чатырох гадзін замыкаецца ў сваіх пакоях, а затым ідзе наведваць незнаёмку; ён заставаўся ў яе вельмі нядоўга, а вярнуўшыся, адразу садзіўся ў карэту і адпраўляўся да графіні Вітэлескі. Як толькі ён з'яжджаў, Ваніна падымалася на маленькую тэрасу і назірала за незнаёмкай. Яна адчувала глыбокі жаль і сімпатыю да настолькі юнай, настолькі няшчаснай жанчыны і спрабавала разгадаць яе гісторыю. Скрываўленая адзежа, кінутая на крэсла, здавалася, была падраная ўдарамі кінжала. Ваніна магла палічыць на ёй дзіры.

Аднойчы яна больш выразна разгледзела незнаёмку: тая ляжала нерухома, скіраваўшы ў неба блакітныя вочы, нібы малілася, і раптам яе прыгожыя вочы напоўніліся слязьмі. У гэтую хвіліну князёўна ледзь утрымалася, каб не загаварыць з ёю.

На наступны дзень Ваніна адважылася схавацца на тэрасе перад з'яўленнем бацькі. Яна бачыла, як дон Аздрубале ўвайшоў да незнаёмкі; ён нёс у руцэ кашолку з правізіяй. Князь яўна быў устрывожаны, гаварыў мала і так ціха, што Ваніна нічога не ўчула, хоць ён не зачыніў зашклёныя дзверы. Ён неўзабаве сышоў.

«Напэўна, у гэтай небаракі вельмі небяспечныя ворагі, - падумала Ваніна, - калі мой бацька, чалавек бестурботны, не можа нікому даверыцца і штодня сам паднімаецца сюды па стромкай лесвіцы ў сто дваццаць прыступак».

Аднойчы ўвечары, калі Ваніна, асцярожна наблізіўшыся, зазірнула ў акно, погляд яе сустрэўся з поглядам незнаёмкі, і ўсё адкрылася. Ваніна кінулася на калені і ўкленчыла:

- Я люблю вас, я ваш сябра!

Незнаёмка жэстам запрасіла яе ўвайсці.

- Даруйце мне, даруйце, калі ласка, - паўтарала Ваніна. - Пэўна, мая дурная цікаўнасць падаецца вам зняважлівай. Клянуся, я ўсё захаваю ў таямніцы, а калі вы пажадаеце, я больш ніколі не прыду.

- Для каго не было б шчасцем бачыць вас! - сказала незнаёмка. - Вы жывяце тут, у гэтым палацы?

- Вядома, - адказала Ваніна. - Але вы, відаць, не ведаеце мяне: я Ваніна, дачка князя Аздрубале.

Незнаёмка здзіўлена зірнула на яе, і, густа пачырванеўшы, дадала:

- Дазвольце мне спадзявацца, што вы будзеце прыходзіць кожны дзень, але я б не жадала, каб князь ведаў аб гэтым.

Сэрца ў Ваніны моцна білася. Усе манеры незнаёмкі падаваліся ёй поўнымі годнасці. Гэтая няшчасная маладая жанчына, верагодна, абразіла нейкую магутную асобу, а можа быць, у імпэце рэўнасці забіла свайго каханага. Ваніна і думкі не дапушчала, каб прычына яе няшчасцяў магла быць пасрэднай. Незнаёмка сказала, што яна параненая ў плячо і ў грудзі і ёй вельмі балюча. Часта ў яе ідзе горлам кроў.

- І да вас не запрасілі хірурга? - усклікнула Ваніна.

- Вы ж ведаеце, што ў Рыме, - сказала незнаёмка, - хірургі абавязаныя неадкладна паведамляць у паліцыю аб усіх параненых, якіх яны лечаць. Князь такі літасцівы, што сам перавязвае мне раны вось гэтым палатном.

Незнаёмка з высакароднаю стрыманасцю пазбягала наракаць на свае няшчасці. Ваніна была ў захапленні. Толькі адно вельмі здзіўляла князёўну: яна не раз прыкмячала, што падчас сур'ёзнай гутаркі незнаёмка стрымлівала раптоўнае жаданне засмяяцца.

- Мне хацелася б ведаць вашае імя, - сказала князёўна.

- Мяне клічуць Клемянціна.

- Дык вось, дарагая Клемянціна, заўтра ў пяць гадзін я прыду наведаць вас.

На наступны дзень Ваніна ўбачыла, што стан яе новай сяброўкі пагоршыўся.

- Я паклічу да вас хірурга, - сказала Ваніна, цалуючы яе.

- Не, лепш памерці! - запярэчыла незнаёмка. - Я ніколі не пагаджуся нашкодзіць сваім дабрадзеям.

- Пачакайце! Хірург мансіньёра Савелі-Катанцара, губернатара Рыма, - сын аднаго з нашых слуг, - паспешліва загаварыла Ваніна. - Ён прывязаны да нас, а дзякуючы свайму становішчу можа нікога не баяцца. Дарма мой бацька не давярае яго адданасці. Я зараз пашлю за ім.

- Не трэба, не трэба! - выклікнула незнаёмка з хваляваннем, здзівіўшым Ваніну. - Прыходзьце наведваць мяне, а калі бог пакліча мяне, я буду шчаслівая памерці на вашых руках.

На наступны дзень незнаёмцы стала зусім дрэнна.

- Калі вы любіце мяне, - сказала ёй Ваніна на развітанне, - пагадзіцеся прыняць хірурга.

- Калі ён прыйдзе, шчасце маё паваліцца.

- Я пашлю за хірургам, - настойвала Ваніна.

Незнаёмка, не адказваючы, утрымала яе і прыпала вуснамі да яе рукі. Наступіла доўгае маўчанне; у незнаёмкі навярнуліся слёзы. Нарэшце яна выпусціла руку Ваніны і з такім выглядам, быццам ішла на смерць, сказала:

- Я павінна вам прызнацца: пазаўчора я схлусіла, назваўшы сябе Клемянцінай. Я - няшчасны карбанарый...

Ваніна здзіўлена зірнула на яе, адсунулася і ўстала з крэсла.

- Адчуваю, - працягваў карбанарый, - што гэтым прызнаннем я пазбавіў сябе адзінай уцехі, якая яшчэ прывязвае мяне да жыцця. Але я не жадаю ашукваць вас, гэта няварта мяне. Маё імя - Пьетра Місірыллі, мне дзевятнаццаць год; мой бацька - бедны хірург у Сант-Анджэла-ін-Вадо; я карбанарый. Нашу венту выкрылі. Мяне ў ланцугах прывезлі з Раманьі ў Рым, кінулі ў цёмны каземат, удзень і ўначы асветлены толькі маленькай лямпачкай; там я правёў трынаццаць месяцаў. Адной жаласлівай душы з'явілася думка выратаваць мяне. Мяне перапранулі ў жаночую адзежу. Калі я выйшаў з турмы і ўжо дасягнуў апошняй брамы, адзін з каравульных гнюсна панасіў карбанарыяў; я даў яму аплявуху. Запэўніваю вас, я гэта зрабіў не з бязмэтнай удаласці - я проста забыўся. З-за гэтай маёй неабдуманасці за мной пагналіся па вуліцах Рыма, і вось, у начной цемры, паранены штыкамі, губляючы сілы ад страты крыві, я кінуўся ў адчыненыя дзверы чыйсьці хаты. Чую, салдаты бягуць па лесвіцы за мной. Я скокнуў з акна ў сад і зваліўся ў некалькіх кроках ад нейкай жанчыны, якая прагульвалася па алеі.

- Графіня Вітэлескі? Сяброўка майго бацькі? - спытала Ваніна.

- Як! Хіба яна вам гаварыла? - выклікнуў Місірыллі. - Кім бы не была гэтая дама, яна выратавала мне жыццё; імя яе ніколі не трэба вымаўляць. Калі салдаты ўварваліся да яе, каб схапіць мяне, ваш бацька ўжо вёз мяне ў сваёй карэце... Мне дрэнна, вельмі дрэнна: вось ужо некалькі дзён штыкавая рана ў плячы не дае мне дыхаць. Я хутка памру і памру ў роспачы, таму што больш не ўбачу вас...

Ваніна слухала яго нецярпліва і паспяшалася сысці; Місірыллі не ўбачыў у яе прыгожых вачах ні кроплі спачування, а толькі абражаны гонар.

Уначы яго наведаў хірург; ён прыйшоў адзін. Місірыллі быў у роспачы: ён баяўся, што больш ніколі не ўбачыць Ваніну. Ён стаў распытваць хірурга; той пусціў яму кроў, але на пытанні нічога не адказваў. Тое ж маўчанне і ў наступныя дні. Пьетра не зводзіў вачэй з зашклёных дзвярэй, у якія звычайна ўваходзіла з тэрасы Ваніна. Ён пачуваўся глыбока няшчасным. Аднойчы, каля паўночы, яму здалося, што нехта стаіць у цемры на тэрасе. Няўжо Ваніна?

Ваніна прыходзіла кожную ноч і, прытуліўшыся да зашклёных дзвярэй, глядзела на яго.

«Калі я загавару з ім, - думала яна, - я загіну! Не, я больш ніколі не павінна яго бачыць».

Але, насуперак свайму рашэнню, Ваніна міжволі ўспамінала, якое сяброўства яна адчувала да гэтага юнака, калі так прастадушна лічыла яго жанчынай. І пасля гэтай шчырай блізкасці забыцца на яго? У хвіліны разважлівасці Ваніну пужала, што ўсё для яе неяк дзіўна змянілася з тых часоў, як Місірыллі адкрыў сваё імя, - усё, аб чым яна спачатку думала, усё, што рэгулярна бачыла вакол, адышло некуды, завалаклося смугой.

Не прайшло і тыдня, як Ваніна, бледная, дрыготкая, увайшла разам з хірургам у пакой карбанарыя. Яна з'явілася сказаць, што трэба ўгаварыць князя, каб ён перадаў дагляд за хворым каму-небудзь са слуг. Яна прабыла толькі хвіліну, але праз некалькі дзён зноў прыйшла разам з хірургам - з пачуцця чалавекалюбства. Аднойчы ўвечары, хоць Місірыллі стала ўжо значна лепей і ў Ваніны больш не было падстаў баяцца за яго жыццё, яна адважылася прыйсці адна. Убачыўшы яе, Місірыллі адчуў сябе на вяршыне асалоды, але пастараўся схаваць сваё каханне: найперш ён не жадаў прынізіць сваю годнасць, як і належыць мужчыне. Ваніна ўвайшла да яго ў пакой, згараючы ад сораму, баючыся пачуць любоўныя прамовы, і, была вельмі засмучаная, што ён сустрэў яе словамі сяброўства, высакароднага, адданага сяброўства, але без адзінай іскры пяшчоты.

Калі яна сабралася сыходзіць, Пьетра нават не спрабаваў утрымаць яе.

Праз некалькі дзён яна прыйшла зноў. Сустрэча была сапраўды такая ж: тыя ж пачцівыя запэўненні ў адданасці і вечнай удзячнасці. Ваніна зараз зусім не імкнулася астудзіць захапленні юнага карбанарыя: наадварот, яна баялася, што ён не падзяляе яе кахання. Дзяўчына, колішне такая ганарлівая, з горыччу адчула, наколькі вялікае яе вар'яцтва. Яна старалася здавацца вясёлай, нават абыякавай, стала бываць радзей, але ніяк не магла адважыцца зусім адмовіцца ад наведванняў хворага.

Місірыллі гарэў каханнем, але, памятаючы аб сваім нізкім паходжанні і ахоўваючы свая годнасць, вырашыў, што дазволіць сабе загаварыць аб каханні толькі ў тым выпадку, калі цэлы тыдзень не ўбачыць Ваніны. Ганарлівая князёўна абаранялася ўстойліва настойліва.

«Але ж! - сказала яна сабе. - Я наведваю яго, мне гэта прыемна, але я ніколі не прызнаюся яму ў сваіх пачуццях».

Яна падоўгу заседжвалася ў хворага, а ён размаўляў з ёю так, нібы іх слухалі дваццаць чалавек. Аднойчы ўвечары, пасля таго як Ваніна ўвесь дзень ненавідзела яго і давала сабе абяцанне трымацца з ім яшчэ халадней, яшчэ суровей, чым звычайна, яна раптам сказала яму, што кахае яго. Неўзабаве яны цалкам аддаліся свайму пачуццю.

Такім чынам, вар'яцтва Ваніны аказалася непамерным, але, трэба прызнацца, яна была цалкам шчаслівая. Місірыллі ўжо не стараўся ахоўваць сваю мужчынскую годнасць: ён кахаў, як кахаюць першым каханнем у дзевятнаццаць гадоў, як кахаюць у Італіі. Са шчырасцю самаадданага запалу ён нават прызнаўся ганарлівай князёўне, якую тактыку ўжыў, каб дабіцца яе ўзаемнасці. Ён быў шчаслівы і сам дзівіўся, што можна быць такім шчаслівым.

Чатыры месяцы праляцелі непрыкметна. І вось надышоў дзень, калі хірург вярнуў хвораму свабоду.

«Што мне зараз рабіць? - думаў Місірыллі. - Па-ранейшаму хавацца ў адной з найпрыгажэйшых у Рыме жанчын? А подлыя тыраны, якія трымалі мяне трынаццаць месяцаў у вязніцы, дзе я не бачыў сонечнага святла, падумаюць, што яны зламалі мяне. Італія, ты сапраўды няшчасная, калі твае сыны здольныя так лёгка пакінуць цябе!»

Ваніна не сумнявалася, што для Пьетра будзе найвялікшым шчасцем назаўжды застацца з ёю: ён на самой справе падаваўся цалкам шчаслівым. Але злы жарт генерала Банапарта горкім папрокам гучаў у душы гэтага юнака і ўплываў на яго стаўленне да жанчын. У 1796 годзе, калі генерал Банапарт пакідаў Брэшыю*, гарадскія ўлады, якія праважалі яго да заставы, сказалі яму, што жыхары Брэшыі паважаюць свабоду болей за ўсіх астатніх італьянцаў.

* Брэшыя - горад у Ламбардыі (Паўн. Італія).

«Так, - адказаў ён, - ім падабаецца размаўляць аб ёй са сваімі каханымі».

Пьетра неяк збянтэжана сказаў Ваніне:

- Сёння з наступленнем змроку мне трэба выбрацца адсюль.

- Пастарайся, калі ласка, вярнуцца давідна. Я буду чакаць цябе.

- Досвіткам я ўжо буду ў некалькіх мілях ад Рыма.

- Вось як! - халодна сказала Ваніна. - А куды ж вы пойдзеце?

- У Раманью, адпомсціць за сябе.

- Я багатая, - працягвала Ваніна самым спакойным тонам. - Спадзяюся, вы прымеце ад мяне зброю і грошы.

Місірыллі некалькі імгненняў пільна глядзеў ёй у вочы і раптам сціснуў яе ў абдымках.

- Мая душа, жыццё маё! Ты ўсё прымушаеш мяне забыць, нават мой доўг, - прамовіў ён. - Але ж у цябе такое высакароднае сэрца, ты павінна зразумець мяне.

Ваніна праліла шмат слёз, і было вырашана, што ён пойдзе з Рыму толькі праз дзень.

- Пьетра, - сказала яна на наступны дзень, - вы часта гаварылі мне, што чалавек з імем - ну, напрыклад, рымскі князь - і да таго ж які валодае вялікай маёмасцю мог бы аказаць справе свабоды вялікія паслугі, калі раптам Аўстрыя ўступіць у сур'ёзную вайну ўдалечыні ад нашых межаў.

- Зразумела, - здзіўлена сказаў Пьетра.

- Ну дык вось! Вы адважны чалавек, вам нестае толькі высокага становішча; я вам прапаную сваю руку і дзвесце тысяч ліўраў прыбытку. Згоды бацькі я даб'юся.

Пьетра кінуўся да яе ног. Ваніна ўся свяцілася радасцю.

- Я кахаю вас горача, - сказаў ён, - але я бядняк і я слуга сваёй радзімы. Чым няшчасней Італія, тым болей павінен я захоўваць адданасць ёй. Каб дабіцца згоды дона Аздрубале, мне прыйшлося б некалькі гадоў граць нікчэмную ролю. Ваніна, я адмаўляюся ад цябе!

Місірыллі спяшаўся звязаць сябе гэтымі словамі: мужнасць яго слабела.

- На сваю бяду, - выклікнуў ён, - я кахаю цябе больш за жыццё, і пакінуць Рым для мяне - страшны боль! Ах, чаму Італія яшчэ не пазбаўлена ад варвараў! З якой радасцю я з'ехаў бы з табою ў Амерыку.

Ваніна ўся пахаладзела. Ад яе рукі адмовіліся! Гонар яе быў абражаны. Але праз хвіліну яна кінулася ў абдымкі Місірыллі.

- Ніколі яшчэ ты не быў мне такі дарагі! - выклікнула яна. - Так, я твая навекі... Мілы мой вясковы лекар, ты вялікі, як нашыя старажытныя рымляне!

Усе клопаты аб будучыні, усе парады разважлівасці забыліся. Гэта было імгненне чыстага кахання. І, калі яны ўжо былі ў стане гаварыць разважліва, Ваніна сказала:

- Я прыеду ў Раманью амаль адначасова з табою. Я загадаю прапісаць мне лячэнне на водах у Парэта*. Спынюся я ў нашым замку Сан-Нікола, каля Форлі**...

* Парэта - курорт ля Форлі, у Раманье.

** Форлі - гарады правінцый таго ж назову, у вобласці Раманья.

- І там жыццё маё злучыцца з тваім! - выклікнуў Місірыллі.

- З гэтага часу мая доля ісці на ўсё, - са ўздыхам сказала Ваніна. - Я згублю свой гонар дзеля цябе, але ўсё роўна... Ці будзеш ты кахаць зняважаную дзяўчыну?

- Хіба ты не жонка мне? - выклікнуў Місірыллі. - Любімая жонка! Я вечна буду цябе кахаць і здолею пастаяць за цябе.

Ваніне трэба было ехаць у госці. Ледзь Місірыллі застаўся адзін, як яго паводзіны здаліся яму варварскімі. «Што такое радзіма? - пытаў ён сябе. - Гэта ж не якая-небудзь жывая істота, да якой мы абавязаныя адчуваць удзячнасць за дабрадзейства і якая стане няшчаснай і будзе праклінаць нас, калі мы здрадзім ёй. Не, радзіма і воля - гэта як мой плашч: карысная вопратка, якую я павінен купіць, калі толькі не атрымаў яе ў спадчыну ад бацькі. У сутнасці, я люблю радзіму і свабоду таму, што яны мне карысныя. А калі яны мне не патрэбныя, калі яны для мяне як цёплы плашч у летнюю спёку, навошта мне купляць іх, ды яшчэ за такі вялікі кошт? Ваніна такая прыгожая і такая незвычайная! Да яе будуць заляцацца, яна забудзе мяне. У якой жанчыны бывае толькі адзін улюбёны? Як грамадзянін, я пагарджаю ўсімі гэтымі рымскімі князьмі, але ў іх столькі пераваг перада мною! Яны, вядома, чароўныя! Так, калі я сыйду, яна забудзе мяне, і я назаўжды яе страчу».

Уначы Ваніна прыйшла наведаць яго. Пьетра распавёў ёй аб сваіх ваганнях і аб тым, як пад уплывам кахання да яе ў душы яго паўстала дзіўная спрэчка аб вялікім слове «радзіма». Ваніна радавалася.

«Калі яму прыйдзецца выбіраць паміж мной і радзімай, - думала яна, - ён аддасць перавагу мне».

На суседняй званіцы прабіла тры гадзіны. Надышла хвіліна апошняга развітання. Пьетра вырваўся з абдымкаў сваёй сяброўкі.

Ён ужо стаў спускацца па лесвіцы, як раптам Ваніна, стрымліваючы слёзы, - сказала яму з усмешкай:

- Паслухай, калі б падчас тваёй хваробы за табой даглядала якая-небудзь вясковая жанчына, хіба ты нічым не аддзячыў бы ёй? Хіба не пастараўся б заплаціць ёй? Будучыня такая непрадказальная! Ты сыходзіш, на тваім шляху будзе столькі ворагаў! Падаруй мне тры дні, заплаці мне за мае клопаты, быццам я бедная сялянка.

Місірыллі застаўся.

Нарэшце ён пакінуў Рым і дзякуючы пашпарту, набытаму ў замежнай амбасадзе, дасягнуў бацькоўскай хаты. Гэта была для сям'і вялікая радасць: яго ўжо лічылі памерлым.

Сябры жадалі адсвяткаваць яго паспяховае вяртанне, забіўшы двух-трох карабінераў*.

* Так у Папскай вобласці завуцца жандары.

- Не будзем без крайняй патрэбы забіваць італьянцаў, якія валодаюць зброяй, - запярэчыў ім Місірыллі. - Нашая радзіма не выспа, як шчасліўка Англія; каб супраціўляцца ўварванню эўрапейскіх манархаў, нам спатрэбяцца салдаты.

Праз некаторы час Місірыллі, ратуючыся ад пагоні, забіў двух карабінераў з пісталетаў, падораных яму Ванінай.

За яго галаву прызначылі ўзнагароду.

Ваніна ўсё не прыязджала ў Раманью. Місірыллі вырашыў, што ён забыты. Самалюбства яго было кранутае; ён часта думаў зараз аб тым, што розніца ў грамадскім становішчы ўзвяла перашкоду паміж ім і яго ўмілаванай. Аднойчы, у хвіліну горкіх шкадаванняў аб былым шчасці, яму прыйшло ў галаву вярнуцца ў Рым, даведацца, што робіць Ваніна. Гэтая дзівацкая думка ледзь не ўзяла верх над усведамленнем доўгу, але раптам неяк на змярканні царкоўны звон зазваніў у гарах да вячэрні, і так дзіўна, быццам на званара напала рассеянасць. Гэта быў сігнал да збору венты, у якую Місірыллі ўступіў, як толькі вярнуўся ў Раманью. У тую ж ноч усе карбанарыі сустрэліся ў лесе, у прыстанку двух пустэльнікаў. Абодва яны спалі дужым сном пад уздзеяннем опіума і нават не падазравалі, дзеля якіх мэтаў скарысталіся іх халупай. Місірыллі прыйшоў вельмі смутны, і тут яму сказалі, што кіраўнік венты арыштаваны і што сваім новым кіраўніком карбанарыі вырашылі абраць яго, Пьетра, дваццацігадовага юнака, хоць сярод іх былі пяцідзесяцігадовыя старыя - людзі, якія ўдзельнічалі ў змовах з часоў паходу Мюрата ў 1815 годзе. Прымаючы гэтую нечаканую пашану, Пьетра адчуў, як забілася яго сэрца. Як толькі ён застаўся адзін, ён прыняў рашэнне не думаць больш аб маладой рымлянцы, якая так хутка забылася на яго, і ўсе свае думкі аддаць доўгу.

Праз два дні Місірыллі ў спісе асобаў, якія прыбылі і якія выехалі, што дастаўлялі яму як кіраўніку венты, прачытаў, што князёўна Ваніна прыбыла ў свой замак Сан-Нікола. Імя гэта занесла ў яго душу радасць і разгубленасць. Дарма ён дзеля адданасці радзіме прыглушыў жаданне ў той жа вечар панесціся ў замак Сан-Нікола - думкі аб Ваніне, якой ён пагрэбаваў, не давалі яму засяродзіцца на сваіх абавязках. На наступны дзень яны сустрэліся; Ваніна кахала яго ўсё гэтак жа. Затрымалася яна ў Рыме таму, што бацька, жадаючы выдаць яе замуж, не адпускаў яе. Яна прывезла з сабою дзве тысячы цэхінаў*.

* Цэхін - старажытная залатая венецыянская манета.

Гэтая нечаканая падтрымка вельмі дапамагла Місірыллі годна выканаць яго новыя ганаровыя абавязкі. На абтоку Корфу* замовілі кінжалы, падкупілі асабістага сакратара легата**, які кіраваў ганеннямі карбанарыяў, і такім чынам дасталі спіс святароў, якія былі шпіёнамі ўрада.

* Корфу - абток у Міжземным моры, недалёка ад Італіі.

** Легат - папскі прадстаўнік, надзелены вялікімі паўнамоцтвамі.

Як раз у гэты час рыхтавалася змова - адна з найменш бязглуздых, што калі-небудзь узнікалі ў шматпакутнай Італіі. Я не буду паглыбляцца ў залішнія падрабязнасці, скажу толькі, што калі б яна завяршыўся поспехам, Місірыллі дасталася б немалая частка славы. Дзякуючы яму некалькі тысяч паўстанцаў узнялося б па асобым сігнале са зброяй у руках і чакалі б прыбыцця правадыроў. Набліжалася рашучая хвіліна, і раптам, як гэта заўсёды бывае, змова правалілася з-за арышту кіраўнікоў.

Як толькі Ваніна прыехала ў Раманью, ёй здалося, што каханне да радзімы засланіла ў сэрцы Місірыллі ўсякі іншы запал. Маладая рымлянка была абураная. Дарма яна намагалася паразуміць сябе - змрочная туга стамляла яе, і яна лавіла сябе на тым, што праклінае свабоду. Аднойчы, прыехаўшы ў Форлі пабачыцца з Місірыллі, яна не магла ўправіцца з сабою, хоць дагэтуль гонар заўсёды дапамагаў ёй хаваць сваё гора.

- Вы на самой справе кахаеце мяне, як муж, - сказала яна. - Я не гэтага чакала.

Яна выбухнула слязьмі, але плакала яна толькі ад сораму, што зняважыла сябе папрокамі. Місірыллі суцяшаў яе; аднак відаць было, што ён заняты сваімі клопатамі. І раптам Ваніне прыйшла ў галаву думка кінуць яго і вярнуцца ў Рым. Яна з жорсткай радасцю падумала, што гэта будзе ёй пакараннем за слабасць: нашто было скардзіцца! У хвіліну маўчання намер яе адужэў, Ваніна палічыла б сябе нявартай Місірыллі, калі б не кінула яго. Яна з асалодай думала аб яго гаротным здзіўленні, калі ён будзе дарэмна чакаць, шукаць яе тут. Але неўзабаве яе глыбока ўсхвалявала думка, што яна не здолела захаваць каханне гэтага чалавека, дзеля якога здзейсніла столькі вар'яцтваў. Перапыніўшы маўчанне, яна загаварыла з ім. Яна ўсімі сіламі дамагалася хоць аднаго слова кахання. Пьетра адказваў ёй ласкава, далікатна, але так безуважліва... Затое якое глыбокае пачуццё прагучала ў яго голасе, калі, крануўшы свае палітычныя задумы, ён журботна выклікнуў:

- Ах, калі нас зноў спасцігне няўдача, калі і гэтая змова будзе раскрытая, я з'еду з Італіі!

Ваніна замерла: з кожнай хвілінай яе ўсё мацней раздзіраў страх, што яна бачыць каханага ў апошні раз. Словы яго выклікалі фатальную іскру ў яе думках.

«Карбанарыі атрымалі ад мяне некалькі тысячаў цэхінаў. Ніхто не можа сумнявацца ў маёй спагадзе змове...» Перапыніўшы свой роздум, яна сказала Пьетра:

- Прашу цябе, паедзем са мной у Сан-Нікола, толькі на адны суткі! Сёння ўвечары табе няма неабходнасці прысутнічаць на сходзе венты. А заўтра раніцою мы ўжо будзем у Сан-Нікола, будзем блукаць па палях; ты адпачнеш, супакоішся, а табе вельмі патрэбныя ўсе твае сілы і вытрымка: бо набліжаюцца вялікія падзеі.

Пьетра пагадзіўся.

Ваніна пайшла ад яго, каб прыгатавацца да падарожжа, і, як звычайна, замкнула той пакой, дзе хавала яго. Яна паспяшалася да былой сваёй пакаёўкі, якая выйшла замуж і зараз трымала лавачку ў Форлі. Прыбегшы да гэтай жанчыны, Ваніна таропка напісала на палях Часаслова*, які апынуўся ў пакоі, некалькі радкоў, дакладна паказаўшы месца, дзе павінна была сабрацца ўначы вента карбанарыяў. Яна скончыла данос наступнымі словамі: «Вента складаецца з дзевятнаццаці чалавек. Вось іх імёны і адрасы». Склаўшы поўны спіс, дзе адсутнічала толькі імя Місірыллі, яна сказала гэтай жанчыне, якая карысталася яе даверам:

- Аднясі кнігу кардыналу-легату**. Няхай ён прачытае тое, што напісана на палях, і верне яе табе. Вось вазьмі дзесяць цэхінаў. Калі раптам легат вымавіць тваё імя, табе не абмінуць смерці; але калі ты прымусіш яго прачытаць спісаную старонку, ты выратуеш мне жыццё.

* Часаслоў - царкоўная кніга, у якой, акрамя малітваў, ёсць і царкоўныя спевы.

** Кардынал - вышэйшы пасля Папы духоўны чын у каталікоў. Кардынал-легат - прадстаўнік Папы, надзелены адмысловымі паўнамоцтвамі.

Усё атрымалася цудоўна. Легат так перапалохаўся, што страціў усю сваю вяльможную важнасць. Ён дазволіў прастачцы, якая жадала пагаварыць з ім па сакрэтнай справе, не здымаць маску, але загадаў звязаць ёй рукі. У такім выглядзе крамнічыха і з'явілася перад гэтым высокім саноўнікам; ён не адважыўся выйсці з-за вялізнага стала, пакрытага зялёным сукном.

Легат прачытаў спісаную старонку, трымаючы Часаслоў вельмі далёка ад сябе, з асцярогі, што кніга насычаная якой-небудзь атрутай. Затым ён вярнуў Часаслоў крамнічыхе і нават не паслаў шпіёнаў па яе слядах. Не прайшло і сарака хвілін з таго часу як Ваніна выйшла з хаты, а яна ўжо пабачылася з пакаёўкай, якая вярнулася ад легата, і пабегла да Місірыллі, упэўненая, што з гэтага часу ён цалкам належыць ёй. Яна сказала яму, што ў горадзе незвычайны рух, усюды ходзяць патрулі, нават па такіх вуліцах, дзе іх ніколі не бачылі.

- Паслухай мяне, - дадала яна, - з'едзем зараз жа ў Сан-Нікола.

Місірыллі пагадзіўся. Яны вышлі пешшу з горада; непадалёк ад заставы Ваніну чакала карэта, дзе сядзела яе кампаньёнка, маўклівая і шчодра аплачаная ўлюбёнка. Па прыездзе ў Сан-Нікола Ваніна ў замяшанні ад свайго жахлівага ўчынку з пяшчотаю тулілася да Пьетра. Але калі яна гаварыла яму словы кахання, ёй здавалася, што яна грае камедыю. Напярэдадні, здзяйсняючы здраду, яна забылася аб згрызотах сумлення. Абдымаючы каханага, яна думала: «Калі зараз хто-небудзь скажа Пьетра адно слова, адно толькі слова - і ён навекі зненавідзіць мяне...»

Глыбокай ноччу ў спальню ўвайшоў адзін са слугаў Ваніны. Чалавек гэты быў карбанарыям, аб чым яна і не падазравала. Значыцца, у Місірыллі былі таямніцы ад яе нават у гэтым? Яна здрыганулася. Слуга прыйшоў папярэдзіць Місірыллі, што ў гэтую ноч у Форлі ачапілі дамы дзевятнаццаці карбанарыяў, а іх саміх арыштавалі, калі яны вярталіся са сходу венты. На іх напалі знянацку, але ўсё ж дзевяць карбанарыяў збеглі. Дзесяць астатніх карабінеры адвялі ў крэпасць. Калі яны ўвайшлі на турэмны двор, адзін з арыштаваных кінуўся ў глыбокі калодзеж і разбіўся. Ваніна самлела; да яе шчасця, Пьетра гэтага не зазначыў: ён мог бы прачытаць у яе вачах здзейсненае ёю злачынства...

- Салдаты гарнізона, - дадаў слуга, - ачапілі ўжо ўсе вуліцы ў Форлі. Яны стаяць так блізка адзін ад аднаго, што могуць перагаворвацца. Жыхарам дазваляюць пераходзіць праз вуліцу толькі ў тым месцы, дзе стаіць афіцэр.

Калі слуга выйшаў, Пьетра задумаўся.

- Зараз нічога нельга зрабіць, - сказаў ён нарэшце.

Ваніна была ні жывая ні мёртвая; яна ўздрыгвала ад кожнага погляду каханага.

- Што з вамі, Ваніна? Вы нейкая дзіўная сёння, - сказаў ён.

Потым стаў думаць аб іншым і адвёў ад яе погляд. Удзень яна адважылася сказаць яму:

- Вось яшчэ адна вента раскрытая. Мне думаецца, вы некаторы час будзеце жыць спакойна.

- Вельмі спакойна, - прамовіў Місірыллі з усмешкай, ад якой яна закалацілася.

Ваніна вырашыла адправіцца ў вёску Сан-Нікола да святара, які быў, магчыма, шпіёнам езуітаў. Да абеду, у сем гадзін, яна вярнулася і ўбачыла, што пакой, дзе яна схавала каханага, спусцеў. У роспачы яна кінулася шукаць яго па ўсёй хаце, але нідзе не знайшла. У поўным адчаі яна вярнулася ў пакой і толькі тады заўважыла на стале цыдулку. Яна прачытала:

«Я сыходжу, каб аддаць сябе ў рукі легата. Я страціў веру ў поспех нашай справы: само неба супраць нас. Хто нас выдаў? Можа быць, той нягоднік, які кінуўся ў калодзеж. Жыццё маё зараз не патрэбнае няшчаснай Італіі, і я не жадаю, каб таварышы, убачыўшы, што толькі аднаго мяне не арыштавалі, маглі падумаць, быццам я ім здрадзіў. Бывайце! Калі вы кахаеце мяне, кіньце ўсе высілкі на тое, каб адпомсціць за нас. Пакарайце, знішчыце подлага здрадніка, калі гэта нават мой бацька!»

Ваніна звалілася на крэсла амаль у непрытомнасці, раздзіраючыся жорсткай пакутай. Яна не магла вымавіць ні слова, не выпусціла ні адной слязы; вочы яе гарэлі.

Нарэшце яна кінулася на калені.

- Божа вялікі! - выклікнула яна. - Прымі мой зарок! Так, я пакараю подлага здрадніка! Але дапамажы мне спачатку вярнуць вольнасць Пьетра.

Праз гадзіну яна ўжо ехала ў Рым. Бацька даўно прыспешваў яе вярнуцца. У адсутнасць дачкі ён паабяцаў яе руку князю Лівіа Савелі. Як толькі Ваніна прыехала, бацька баязліва загаварыў з ёю аб гэтым, але да вялікага яго здзіўлення, яна адразу пагадзілася. У той жа вечар у гасцінай графіні Вітэлескі бацька амаль афіцыйна прадставіў ёй дона Лівіа як жаніха, яна доўга гутарыла з ім. Малады князь быў узорам элегантнасці, трымаў цудоўных коней, у грамадстве яго лічылі вельмі дасціпным, але вельмі легкадумным; ён не мог узбуджваць ніякіх падазрэнняў ва ўрада. Ваніна вырашыла, што, ускружыўшы яму галаву, яна зробіць яго выканаўцам сваіх планаў. Яна разлічвала, што шпіёны не адважацца сачыць за пляменнікам мансіньёра Савелі-Катанцара - рымскага губернатара і міністра паліцыі.

На працягу некалькіх дзён яна адорвала добразычлівай увагай ласкавага дона Лівіа, а затым абвясціла яму, што ніколі не будзе яго жонкай: па яе меркаванню, ён занадта легкадумны.

- Калі б не былі вы дзіцём, - сказала яна, - падначаленыя вашага дзядзечкі не мелі б ад вас таямніцаў. Напрыклад, што збіраюцца зрабіць з тымі карбанарыямі, якіх нядаўна арыштавалі ў Форлі?

Праз два дні Лівіа прыйшоў паведаміць ёй, што ўсе арыштаваныя ў Форлі карбанарыі збеглі.

З пагардлівай і горкай усмешкаю яна спыніла на ім погляд сваіх вялізных чорных вачэй і за ўвесь вечар не ўдастоіла яго ніводным словам.

Праз дзень дон Лівіа, чырванеючы, прызнаўся ёй, што яго падманулі.

- Але я дастаў ключ ад кабінета дзядзечкі, - дадаў ён, - пакапаўся там у паперах і ведаю зараз, што прызначаная кангрэгацыя, гэта значыць камісія, складзеная з самых уплывовых кардыналаў і прэлатаў; на днях яна збярэцца ў найвялікшай тайне і вырашыць пытанне, дзе судзіць гэтых карбанарыяў - у Равенне або ў Рыме. У цяперашні час усе дзевяць арыштаваных карбанарыяў і іх важак, нейкі Місірыллі, які па дурасці добраахвотна аддаўся ў рукі ўладаў, утрымліваюцца ў замку Лявоне.

Пры слове «дурасць» Ваніна балюча ўшчыкнула князя Лівіа.

- Я сама жадаю пракрасціся разам з вамі ў кабінет вашага дзядзечкі, - сказала яна, - і ўласнымі вачамі ўбачыць гэтыя паперы. Вы, пэўна, дрэнна прачыталі.

Пачуўшы такія словы, Лівіа спалохаўся: Ваніна патрабавала ад яго амаль немагчымага; але наравістасць гэтай маладзіцы толькі ўзмацняла яго каханне. Праз некалькі дзён Ваніна, пераапрануўшыся ў прыгожую ліўрэю, якую насілі слугі дому Савелі, правяла паўгадзіны ў кабінеце міністра паліцыі за чытаннем найсакрэтнейшых дакументаў. Яна ўся схамянулася ад радасці, калі знайшла сярод іх «дзённік данясенняў аб падсудным Пьетра Місірыллі». У яе дрыжалі рукі, калі яна трымала гэтыя паперы. Яна яшчэ раз перачытала яго імя і ледзь не страціла прытомнасць. Выходзячы з губернатарскага палаца, Ваніна дазволіла Лівіа пацалаваць яе.

- Вы выдатна вытрымліваеце іспыты, якімі я рашыла выпрабоўваць вас.

Пасля такой пахвалы малады князь ва ўгоду Ваніне гатовы быў падпаліць Ватыкан.

У той вечар давалі баль у французскай амбасадзе. Ваніна шмат танчыла і амаль увесь час з Лівіа. Ён ап'янеў ад шчасця - трэба было не даваць яму ачухацца.

- У майго бацькі бываюць часам дзівацтвы, - сказала яму аднойчы Ваніна. - Сёння раніцай ён прагнаў двух слуг, і яны прыйшлі да мяне плакацца. Адзін з іх прасіў, каб я ўладкавала яго на службу да губернатара, а іншы, адстаўны салдат, які служыў у артылерыі пры французах, жадаў атрымаць месца ў крэпасці Святога Анёла.

- Я абодвух вазьму да сябе на службу, - хутка адказаў малады князь.

- А хіба я прашу вас аб гэтым? - фанабэрліва запярэчыла Ваніна. - Я вам у дакладнасці перадала прашэнні гэтых няшчасных людзей. Абодва павінны атрымаць менавіта тое, што яны просяць.

Нічога не магло быць цяжэй. Мансіньёр Катанцара зусім не адрозніваўся даверлівасцю і дапускаў у свой дом толькі людзей, добра яму вядомых.

Знешне жыццё Ваніны па-ранейшаму было запоўненае разнастайнымі прыемнасцямі, але яе мучыла пакаянне, і яна была вельмі няшчасная. Маруднасць падзей забівала яе. Павераны бацькі дастаў ёй грошы. Што рабіць? Сыйсці з бацькоўскага дому, з'ехаць у Раманью і паспрабаваць арганізаваць уцёкі Пьетра? Думка безразважная, але Ваніна ўжо гатовая была ажыццявіць яе, як раптам выпадак злітаваўся над ёю.

Дон Лівіа сказаў ёй:

- Хутка ў Рым прывязуць дзесяць карбанарыяў венты Місірыллі, а калі ім вынясуць смяротны прысуд, кара адбудзецца ў Раманье. Мой дзядзька дабіўся гэтага ад таты сёння ўвечары. Ва ўсім Рыме толькі мы з вамі ведаем гэтую таямніцу. Вы задаволеныя мною?

- Вы робіцеся сапраўдным мужчынам, - адказала Ваніна. - Падарыце мне ваш партрэт.

Напярэдадні таго дня, калі Місірыллі павінны былі прывезці ў Рым, Ваніна прыдумала падставу, каб прыехаць у Чыта-Кастэлляна. У турме гэтага горада змясцілі на начлег карбанарыяў, якіх перасылалі з Раманьі ў Рым. Раніцой, калі іх адпраўлялі з турмы, яна ўбачыла Місірыллі: яго везлі ў калясцы аднаго, закаванага ў ланцугі; ён быў вельмі бледны, але, здавалася, ніколькі не паўшы духам. Нейкая бабулька кінула яму букет фіялак. Місірыллі з усмешкай падзякаваў ёй.

Ваніна ўбачыла ўлюбёнага і быццам адрадзілася, адчула прыліў мужнасці. Задоўга да гэтай сустрэчы яна дабілася падвышэння ў пасадзе для абата Кары, які быў эканомам у крэпасці Святога Анёла, куды павінны былі заключыць Місірыллі; яна ўзяла гэтага добрасардэчнага святара сабе ў духоўнікі. А ў Рыме нямалую вагу мае становішча духоўніка князёўны, пляменніцы губернатара.

Працэс фарлійскіх карбанарыяў не зацягнуўся. Партыя ультракансерватараў не магла перашкодзіць, каб ён адбыўся ў Рыме, але ў адплату за гэта дамаглася прызначэння ў судовую камісію самых славалюбівых прэлатаў*. Старшынём камісіі быў міністр паліцыі.

* Прэлат - прадстаўнік вышэйшага каталіцкага духавенства.

Закон супраць карбанарыяў цалкам ясны. Фарлійскія змоўшчыкі не маглі песціць ніякай надзеі, але яны трымаліся мужна і вельмі майстарскі баранілі сваё жыццё. Тым не менш іх не толькі прысудзілі да смяротнай кары, але некаторыя суддзі нават патрабавалі жорсткіх пакут, чацвертавання, адсячэння рук і гэтак далей. Міністр паліцыі ўжо зрабіў сабе кар'еру (з гэтай пасады прамы шлях да чырвонай шапкі кардынала), і таму ў яго не было патрэбы адсякаць карбанарыям рукі; прадставіўшы прысуд на зацвярджэнне, ён угаварыў папу замяніць асуджаным смяротную кару шматгадовым турэмным зняволеннем. Толькі для Пьетра Місірыллі прысуд пакінулі ў сіле. Міністр бачыў у ім небяспечнага фанатыка, і да таго ж Місірыллі ўжо раней быў прысуджаны да смерці за забойства двух карабінераў, аб якім мы згадвалі.

Ваніна даведалася аб прысудзе і памілаванні праз некалькі хвілін пасля таго, як міністр вярнуўся ад папы.

На другі дзень мансіньёр Катанцара вярнуўся дахаты каля паўночы і нідзе не мог знайсці свайго камердынера; вельмі дзівячыся гэтаму, ён патэлефанаваў некалькі разоў. Нарэшце на званкі з'явіўся лядашчы і звар'яцелы слуга; міністр страціў цярпенне і вырашыў распрануцца сам.

Было вельмі горача; замкнуўшы дзверы, ён скінуў адзежу і, скамячыўшы яе, шпурнуў на крэсла. Адзежа была кінутая з такой сілай, што пераляцела праз крэсла, закранула муслінавую гардзіну, і за ёй выявілася чалавечая постаць. Міністр кінуўся да ложка і схапіў пісталет. Калі ён падышоў да вакна, з-за гардзіны выступіў юнак у лакейскай ліўрэе і ступіў да яго з пісталетам у руцэ. Убачыўшы гэта, міністр прыцэліўся і ўжо хацеў стрэліць, але юнак сказаў яму, смеючыся:

- Як, мансіньёр! Вы не пазналі Ваніну Ваніні?

- Што азначае гэты дурны жарт? - гнеўна спытаў міністр.

- Пагаворым спакойна, - сказала Ваніна. - Па-першае, ваш пісталет не зараджаны.

Міністр, да свайго здзіўлення, упэўніўся, што гэта так. Тады ён выцягнуў з кішэні кінжал (Рымскі прэлат, вядома, не мог бы доблесна камандаваць вайсковым корпусам, як гэта не раз рабіў дывізіённы генерал, які быў міністрам у Парыжы, калі Малле спрабаваў падняць мяцеж, але ён ніколі не даў бы так лёгка арыштаваць сябе ў сваёй хаце. Ён пабаяўся б кпінаў сваіх калег. Рымлянін, які ведае, што яго ненавідзяць, заўсёды добра ўзброены. Аўтар не лічыў неабходным тлумачыць шэраг іншых дробных адрозненняў у паводзінах і прамовах парыжан і рымлян. Ён не жадаў згладжваць гэтыя адрозненні і лічыў патрэбным адважна апісаць іх. Рымляне, намаляваныя аўтарам, не маюць гонару быць французамі).

Ваніна сказала яму чароўна-валадарным тонам:

- Сядзем, мансіньёр.

І спакойна апусцілася на канапу.

- Вы адна прынамсі? - спытаў міністр.

- Цалкам адна, клянуся вам! - усклікнула Ваніна.

Міністр паспяшаўся праверыць гэтую заяву: ён абышоў увесь пакой, зазірнуў паўсюль. Затым сеў у крэсла ў трох кроках ад Ваніны.

- Ну, дзеля чаго мне, - сказала Ваніна спакойна і мякка, - квапіцца на жыццё разважлівага правіцеля, на змену якому прыйдзе, верагодна, які-небудзь слабы чалавек з гарачай галавой, здольны толькі згубіць сябе і іншых?

- Дык што ж вам заўгодна, спадарыня? - спытаў міністр. - Прашу вас скончыць як мага хутчэй гэтую непрыстойную сцэну.

- Тое, што я зараз скажу, - пагардліва вымавіла Ваніна, адразу пакінуўшы ласкавы тон, - для вас больш важна, чым для мяне. Ёсць людзі, якія жадаюць, каб Місірыллі захавалі жыццё, калі яго заб'юць, вы пасля гэтага не пражывеце і тыдня. Мне лёс яго абыякавы; дзівацкі выбрык, на які вы скардзіцеся, я дазволіла сабе, па-першае, дзеля забавы, а па-другое, дзеля адной са сваіх сябровак. Я жадаю таксама, - працягвала Ваніна, вяртаючыся да тону свецкай дамы, - аказаць паслугу разумнаму чалавеку, які неўзабаве будзе маім дзядзькам і, як відаць, праславіць свой род.

Міністр адразу змякчэў - прыгажосць Ваніны нямала спрыяла гэтай раптоўнай змене. У Рыме вядомая была слабасць мансіньёра Катанцара да прыгожых жанчын, а Ваніна была цудоўная з пісталетам у руцэ, у гарнітуры выязнога лакея дому Савелі, у шаўковых, прутка нацягнутых панчохах, чырвоным камзоле і блакітным кафтане, абшытым срэбным пазументам.

- Будучая мая пляменніца, - сказаў міністр, развесяліўшыся, - вы сапраўды дазволілі сабе дзівацкі выбрык, і, верагодна, не апошні.

- Спадзяюся, што такі разважлівы чалавек, як вы, захавае яго ў таямніцы ад усіх, асабліва ад Лівіа; а каб заахвоціць вас да гэтага, я вас пацалую, калі вы падарыце жыццё карбанарыю, якога апякуе мая сяброўка.

Гутарка працягвалася ў тым жа паўжартоўным тоне, якім шляхетныя рымлянкі ўмеюць абмяркоўваць важныя справы, і ў Ваніны атрымалася надаць гэтай сустрэчы, распачатай з пагрозы пісталетам, характар візіту будучай княгіні Савелі да яе дзядзькі, рымскага губернатара.

Неўзабаве мансіньёр Катанцара, фанабэрліва адкінуўшы ўсякую думку, што яго прыстрашылі, ужо распавядаў пляменніцы, якія перашкоды яго чакаюць, калі ён вырашыць выратаваць жыццё Місірыллі. Гаворачы аб гэтым, ён хадзіў разам з ёю па пакоі; спыніўшыся на хвіліну, ён узяў з каміна графін і наліў з яго ў крыштальную шклянку ліманад; калі ён ужо паднёс яе да вуснаў, Ваніна завалодала гэтай шклянкай, патрымала ў руцэ і, нібы ненаўмысна, выпусціла яе ў сад. Праз хвіліну міністр узяў з банбаньеркі шакаладную цукерку. Ваніна адабрала яе і сказала, смеючыся:

- Беражыцеся! У вас тут усё атручанае: вас жадалі забіць. А я дамаглася памілавання свайго будучага дзядзькі, каб не прыйсці ў сямейства Савелі з пустымі рукамі.

Мансіньёр Катанцара здзіўлена падзякаваў пляменніцы і даў ёй вялікія надзеі на памілаванне Місірыллі.

- Такім чынам, мы заключылі пагадненне, і ў пацверджанне яго вось вам узнагарода, - сказала Ваніна, цалуючы яго.

Міністр прыняў узнагароду.

- Трэба вам сказаць, дарагая Ваніна, - зазначыў ён, - што мне і так не падабаецца кроў. І да таго ж я яшчэ малады, хоць вам, верагодна, здаюся старым. Я, мабыць, дажыву да таго часу, калі кроў, разлітая сёння, выступіць ганебнай плямай.

Прабіла ўжо дзве гадзіны ночы, калі мансіньёр Катанцара праводзіў Ваніну да веснічкаў свайго саду.

Праз дзень міністр прыехаў да папы, вельмі збянтэжаны тым крокам, які яму трэба было зрабіць, і раптам яго святасць сказаў яму:

- Першым чынам я жадаю заклікаць да вашай літасці. Аднаму з фарлійскіх карбанарыяў прысуд не змекчаны, і думка аб гэтым пазбавіла мяне сну. Трэба выратаваць гэтага чалавека.

Міністр, пабачыўшы, што папа апярэдзіў яго, прадставіў мноства пярэчанняў і ўрэшце рэшт напісаў загад in moto proprio*, які папа падпісаў сам, насуперак завядзёнцы.

* In moto proprio (лат.) - па ўласнаму штуршку.

Ваніна думала, што яна, можа быць, і даб'ецца памілавання свайго каханага, але яго паспрабуюць атруціць. Яшчэ напярэдадні папскага загаду Місірыллі атрымаў ад абата Кары, духоўніка Ваніны, некалькі пакетаў з марскімі сухарамі і папярэджанне не кранаць казённую ежу.

Затым Ваніна даведалася, што фарлійскіх карбанарыяў пераводзяць у крэпасць Сан-Лявоне, і вырашыла ў любым выпадку пабачыцца з Місірыллі на этапе ў Чыта-Кастэлана. Яна прыехала ў гэты горад за суткі да прыбыцця вязняў. Там яна сустрэлася з абатам Кары, які прыбыў раней за яе на некалькі дзён. Ён упэўніў наглядчыка турмы дазволіць Місірыллі прысутнічаць на паўночнай службе ў турэмнай капліцы. І нават больш: калі Місірыллі пагадзіцца, каб яму надзелі ланцугі на рукі і на ногі, наглядчык абяцаў адысці да дзвярэй капліцы, - тады ён не выпусціць з віду вязня, за якога нясе адказнасць, але не будзе прыслухоўвацца да гутаркі.

Надышоў нарэшце дзень, калі павінен быў вырашыцца лёс Ваніны. Ужо з раніцы яна замкнулася ў турэмнай капліцы. Хто скажа, якія думкі хвалявалі яе ўвесь гэты доўгі дзень? Ці кахае яе Пьетра настолькі, што ўсё даруе? Яна выдала венту, але яму яна выратавала жыццё. Калі голас розуму браў верх над разгубленасцю душы, Ваніна спадзявалася, што Пьетра пагодзіцца пакінуць Італію, з'ехаць разам з ёю, - бо яна саграшыла толькі ад паўнаты кахання. Прабіла чатыры гадзіны. Яна пачула ўдалечыні грукі конскіх капытоў: у горад заехаў канвой карабінераў. Кожны гук аддаваўся ў яе сэрцы. Неўзабаве загрукаталі калёсы: везлі асуджаных. Яны спыніліся на маленькай плошчы перад турмой. Ваніна бачыла, як два карабінеры прыпаднялі Місірыллі, - ён ехаў адзін, скаваны ланцугамі, і не мог паварушыцца.

- Але ўсё-такі ён жывы! - шаптала яна са слязамі на вачах. - Яны яшчэ не атруцілі яго.

Гэты вечар быў пакутай. Высока над алтаром гарэла адзінокая лампада, у якую турэмшчык скупа наліваў алей, і святло яе ледзь мігцела ў цёмнай капліцы. Ваніна азіралася на магільні сярэднявечных вяльможаў, памерлых у суседняй турме. Іх каменныя статуі, здавалася, зласліва глядзелі на яе.

Усё ўжо даўно сціхла. Ваніна чакала, паглыбіўшыся ў змрочныя думкі. Прабіла поўнач, і неўзабаве пачуўся нейкі шолах, нібы кажан праляцеў. Ваніна павярнулася, хацела ступіць і амаль без пачуццяў прысела на балюстраду, якая аддзяляла алтар. У тое ж імгненне два прывіды нячутна выраслі перад ёй. Гэта былі турэмшчык і Місірыллі, увесь аблытаны ланцугамі. Турэмшчык адчыніў дзверцы ліхтара і паставіў яго на слупок кратаў побач з Ванінай, каб святло падала на вязня, затым адышоў да дзвярэй. Ледзь турэмшчык аддаліўся, Ваніна кінулася Місірыллі на грудзі, сціснула яго ў абдымках і адчула халодныя вострыя грані ланцугоў. «Хто яго закаваў?» - думала яна. Абдымкі былі бязрадаснымі. А ўслед за гэтым яе пранізіў жорсткі боль: ёй здалося раптам, што Місірыллі ведае аб яе злачынстве, - так халодна ён сустрэў яе.

- Дарагі сябра, - сказаў ён нарэшце. - Мне вельмі шкада, што вы пакахалі мяне. Не лічу сябе вартым такога кахання. І паверце, лепш нам звярнуцца да іншых, больш святых пачуццяў. Пакінем памылкі, некалі асляпіўшыя нас. Я не магу належыць вам. Нязменныя няўдачы пераследвалі ўсе мае пачынанні - быць можа, таму, што я знаходзіўся ва ўладзе смяротнага граху. Бо, калі слухаць хоць бы толькі голас розуму, дык чаму я не быў арыштаваны разам з усімі маімі таварышамі ў тую фатальную ноч? Чаму ў хвіліну небяспекі я пакінуў свой пост? Чаму мая адсутнасць дала падставу жахлівым падазрэнням? Не адную толькі свабоду Італіі палюбіў я - мною валодаў іншы запал.

Ваніна не магла ачуняць ад здзіўлення. Як перамяніўся Місірыллі! Ён не вельмі схуднеў, але па выгляду яму можна было даць гадоў трыццаць. Ваніна падумала, што віною гэтаму пакуты, перанесеныя ім у турме, і заплакала.

- Ах, - выгукнула яна, - турэмшчыкі абяцалі мне не абыходзіцца з табою жорстка!

Яна не ведала, што блізкасць смерці абудзіла ў душы юнага карбанарыя ўсё тыя рэлігійныя пачуцці, якія толькі маглі спалучацца з яго служэннем вольнасці Італіі. Але памалу Ваніна зразумела, што ашаламляльная перамена ў яе ўлюбёным выкліканая маральнымі прычынамі, а зусім не фізічнымі пакутамі. І гора яе, здавалася, ужо дасягнула апошняй мяжы, але ўзрасло яшчэ больш.

Місірыллі маўчаў. Ваніна задыхалася ад рыданняў. Ён і сам быў трохі ўсхваляваны і сказаў:

- Калі я і кахаў каго-небудзь у цэлым свеце, дык толькі вас, Ваніна. Але дзякуючы богу ў мяне зараз толькі адна мэта ў жыцці, і я памру ў турме альбо загіну ў барацьбе за свабоду Італіі.

Зноў надышло маўчанне. Ваніна спрабавала сказаць хоць слова і не магла. Місірыллі дадаў:

- Патрабаванні абавязку суровыя, мой сябра, але калі б іх лёгка было выканаць, у чым жа быў бы сэнс гераічнасці? Дайце мне слова, што вы больш не будзеце шукаць сустрэчы са мной. - І наколькі дазвалялі ланцугі, ён паварушыў рукой і паспрабаваў працягнуць яе Ваніне. - Дазвольце чалавеку, які некалі быў дарагі для вас, даць вам добрую параду: бацька знайшоў для вас годнага жаніха - выходзьце за яго. Не рабіце яму цяжкіх прызнанняў, не шукайце больш сустрэчы са мною. Будзем з гэтага часу чужымі адзін аднаму. Вы ахвяравалі немалыя грошы на справу вызвалення радзімы. Калі яна будзе пазбаўленая ад тыранаў, гэтыя грошы вам вярнуць поўнасцю з нацыянальнай маёмасці.

Ваніна была ўзрушаная: за ўвесь час гутаркі позірк Пьетра заззяў толькі ў тое імгненне, калі ён вымавіў слова «радзіма».

Нарэшце гонар прыйшоў на дапамогу князёўне. Яна нічога не адказала Місірыллі, толькі аддала яму дыяменты і маленькія пілкі, якія прынесла з собою.

- Я абавязаны прыняць іх, - сказаў ён. - Мой доўг - паспрабаваць збегчы. Але, нягледзячы на новае ваша дабрадзейства, я больш ніколі не ўбачу вас - клянуся ў гэтым! Бывайце, Ваніна! Дайце слова ніколі не пісаць мне, ніколі не шукаць спаткання са мной. З гэтага часу я цалкам належу радзіме. Я памёр для вас. Бывайце!

- Не! - ашалела ўскрыкнула Ваніна. - Пачакай. Я жадаю, каб ты даведаўся, што я зрабіла праз каханне да цябе.

І тут яна распавяла аб усіх сваіх дбаннях выратаваць яго, з таго дня, як ён сышоў з замка Сан-Нікола і аддаў сябе ў рукі легата. Скончыўшы гэты аповед, яна шапнула:

- Але ўсё гэта такая дробязь! Я зрабіла больш, кахаючы цябе.

І яна распавяла аб сваёй здрадзе.

- Пачвара! - у лютасці крыкнуў Пьетра і кінуўся да яе, спрабуючы забіць яе сваімі ланцугамі.

І ён забіў бы яе, калі б на крык не прыбег турэмшчык. Ён схапіў Місірыллі.

- Вазьмі, пачвара! Я не жадаю быць табе абавязаным! - выклікнуў Місірыллі.

Наколькі дазвалялі ланцугі, ён шпурнуў Ваніне дыяменты і пілкі і хутка выйшаў.

Ваніна была цалкам знішчаная. Яна вярнулася ў Рым; неўзабаве газеты паведамілі аб яе шлюбе з князем Лівіа Савелі.



Пераклад: Віктар Піўнюк