epub
 
падключыць
слоўнікі

Гальяш Леўчык

Хараство

Паэма прозай

Хараство - гэта сіла і магутнасць! Гэта суцэльнасць у мностве; суцэльнасць, складаючая адначасна згодную і гарманічную часць Вялікае Цэласці, званае Сусветам.

І таму, назіраючы гэтае Хараство, мы чуем Сусвет, мы чуем Яго велізарнасць і магутнасць. Шчаслівы той, хто гэтак адчувае.

Любячы хараство, мы ідзём да таго, каб нашыя дзеянні былі гарманічнаю часткай Сусвету, мы імкнёмся да Дабра, бо Дабро - гэта Хараство ў дзеянні.

Бо перад намі маўклівы, таямнічы Сусвет... Ціхі і велізарны нават для думкі, для мыслі... без пачатку і канчатку...

Углядаючыся ў яго, адчуваем супакойны такт Бясчасу. Здаецца нам, што чуем матыў, мелодыю, якую граюць зоры, мільёны зор і зорак у сваім гарманійным бегу... У гэтай мелодыі няма ні радасці, ні суму, ні болю...

У Сусвеце ёсць нязменны парадак, вечная Суцэльнасць з'явішчаў, дзіўная лучнасць у прывідным хаосе ці беспарадку.

Святло, што мы бачым, якое даходзіць да нашых вачэй з найдалёкшых зораў, калі мы ў пагоднюю ноч з прыемнай цікавасцю разглядваем неба, - гэта тая самая энергія, якая выражаецца нашым уласным бытам. Гэта тое, што малы чалавек і велізарнае сонейка - частка Аднае Вялікае Цэласці.

 


1932?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая