epub
 
падключыць
слоўнікі

Ганна Ахматава

Вечаровы пакой

Я зараз тыя словы прамаўляю,

Што родзяцца адзіны раз ў грудзях.

Пчала над белай кветкаю кружляе,

Чуваць сашэ старога душны пах.

 

Пакой, дзе вокны вузкія занадта,

Каханьне беражэ і даўніну.

Вось і над ложкам па-француску надпіс

Такі: «Seigneur, ayez pitie de nous».

 

Мінулай казкі сумныя нататкі

Душа мая, ты не шукай, ня руш.

Гляджу: на сеўрскіх статуэтках гладкіх

Ўжо пацямнелі плашч ды капялюш.

 

І жоўты, і цяжкі апошні промень

Ў вяргінях яркіх заблукаў-застыў...

Нібыта ў сьне, чуваць віёлы гоман

І рэдкія акорды клавесін.



Пераклад: Тацяна Папова