epub
 
Падключыць
слоўнікі

Гарасьо Кірога

Бітва на Явэвіры

У рэчцы Явэвіры, якая цячэ ў Місьёнэс, жыве шмат скатаў. І само слова «Явэвіры» якраз азначае «рака скатаў». Іх там столькі, што нават адною нагой ступіць у ваду небяспечна. Я ведаў аднаго чалавека, якому скат укалоў у пяту, а потым яму давялося паўмілі чыкільгаць дадому: чалавек ледзь не падаў ад болю, і з вачэй у яго каціліся слёзы. Боль ад скатавага ўколу - адзін з сама моцных, якія можна адчуць.

Ёсць у Явэвіры і шмат іншай рыбы, і часам бываюць людзі, якія прыходзяць паляваць на рыбу з дынамітнымі шашкамі. Яны кідаюць такія шашкі ў раку і забіваюць мільёны рыб. Усе рыбы, якія плаваюць вакол, гінуць, нават калі яны велічынёю з цэлы дом. А разам гіне і ўся драбяза, якая ні на што не прыдатная.

І вось аднойчы там пасяліўся чалавек, які не хацеў, каб у раку кідалі дынамітныя шашкі. Яму было вельмі шкада рыбак. Ён, зрэшты, зусім не пярэчыў, каб людзі лавілі рыбу сабе на ежу, але ён не хацеў, каб марна забівалі мільёны маленькіх рыбак. Людзі, якія кідалі шашкі, спачатку злаваліся на яго, але той чалавек меў хоць і добры, але цвёрды характар, і ўрэшце людзі з дынамітнымі шашкамі пайшлі паляваць у іншыя мясціны, а ўсе рыбы засталіся вельмі задаволеныя. Яны былі такія задаволеныя і такія ўдзячныя свайму сябру, які ўратаваў маленькіх рыбак, што пазнавалі яго, як толькі ён выходзіў на бераг. А калі ён гуляў па беразе і курыў, скаты плылі за ім, сцелячыся па дне, і вельмі радаваліся, што гуляюць разам са сваім сябрам. Чалавек нічога гэтага не ведаў ды жыў там шчаслівы.

Але аднойчы адвячоркам на бераг Явэвіры прыбегла ліса і, залезшы ў ваду, крыкнула:

- Гэй, скаты! Там ідзе ваш сябар, ён вельмі паранены!

Пачуўшы гэта, скаты ўсхвалявана падплылі да берага і спыталі ў лісы:

- Што, што такое? Дзе чалавек?

- Вунь ён ідзе! - зноў крыкнула ліса. - Ён пабіўся з ягуарам! І цяпер ягуар гоніцца за ім! Ваш сябар хоча пераправіцца на востраў. Дайце яму прайсці, ён добры чалавек!

- Вядома! Вядома, мы прапусцім яго! - адказалі скаты. - Але ўжо ягуара мы ні за што не прапусцім!

- Вы асцярожна з ім! - крыкнула скатам ліса. - Не забывайцеся, што гэта ўсё-такі ягуар!

І адным скачком ліса знікла ў лесе.

Ледзь яна паспела гэта зрабіць, як вецце расхінулася і на бераг выйшаў чалавек. Ён быў увесь скрываўлены, у падранай кашулі. Кроў цякла ў яго па твары і па грудзях, капала на штаны і па складках штаноў сцякала на пясок. Ён быў цяжка паранены. Хістаючыся, ён дайшоў да берага і ступіў у раку. Як толькі ён ступіў адной нагою ў раку, скаты перад ім расступіліся, і чалавек па грудзі ў вадзе пайшоў да вострава. Ніводзін скат не ўкалоў яго. Тады, выбраўшыся на другі бераг, чалавек самлеў і ўпаў на пясок, бо страціў шмат крыві.

Скаты не паспелі нават паспачуваць свайму смяротна параненаму сябру, як пачулі жудасны рык і аж падскочылі ад страху ў вадзе.

- Ягуар! Ягуар! - закрычалі яны ўсе разам і стралою кінуліся да берага.

І сапраўды, у гэтую хвіліну на бераг Явэвіры выйшаў ягуар, які пабіўся з чалавекам і цяпер гнаўся за ім. Звер быў таксама паранены, з яго цела сачылася кроў. Убачыўшы, што чалавек ляжыць як нежывы на востраве, ягуар злосна рыкнуў і кінуўся ў ваду, каб прыкончыць яго.

Але не паспеў ён апусціць у ваду лапу, як адчуў, што ў яе нібыта ўсадзілі восем ці дзесяць даўжэзных цвікоў. Ад болю ён адскочыў назад. А гэта скаты, абараняючы пераход цераз рэчку, з усяе моцы ўцялі яго сваімі хваставымі шыпамі.

Ягуар завыў ад болю і замахаў лапаю ў паветры. Але потым, агледзеўшыся, убачыў, што вада каля берага ўся закаламучаная, быццам на дне паварушылі глей. І ён зразумеў, што гэта былі скаты, якія не хацелі яго прапускаць. Тады ён злосна зароў:

- Ага, я ведаю, хто гэта! Гэта вы, праклятыя скаты! Ану, прэч з дарогі!

- Не сыдзем!

- Прыбірайцеся!

- Не прыбяромся! Ён добры чалавек! Ты не маеш права яго забіваць!

- Ён мяне параніў!

- Вы абодва параненыя! У лесе - гэта вашыя справы! А тут ён пад нашай аховай! І праходу табе няма!

- Я ўсё роўна прайду! - зноў рыкнуў ягуар.

- Ні, ніколі! - адказалі скаты. (Яны казалі «ні, ніколі», бо так кажуць тыя, хто жыве ў Місьёнэс і гаворыць на мове гварані.)

- Ну, то пабачым! - яшчэ раз рыкнуў ягуар.

І ён адышоўся ад берага, каб узяць разгон і скочыць як мага далей у раку.

Ягуар ведаў, што скаты амаль заўсёды трымаюцца каля берага, і думаў, што калі скочыць далёка, дык пасярод рэчкі скатаў не будзе, і тады ён зможа дабрацца да вострава і з'есць паўжывога чалавека.

Але скаты здагадаліся, і ўсе хуценька паплылі на сярэдзіну ракі, перадаючы з вуснаў у вусны:

- Далей ад берага! - крычалі яны пад вадою. - На сярэдзіну! У пратоку! У пратоку!

І ў тое ж імгненне ўсё войска скатаў кінулася ад берага абараняць пераход на сярэдзіне ракі. А ягуар тым часам ужо ляцеў над ракой у сваім гіганцкім скачку. Ён упаў у ваду і вельмі ўзрадаваўся, бо ў першае імгненне не адчуў ніводнага ўколу. Ён падумаў, што ўсе падманутыя скаты засталіся ля берага...

Але не паспеў ён ступіць першы крок, як сапраўдны град уколаў прымусіў яго спыніцца: вакол зноў былі скаты, якія бязлітасна калолі яму ў лапы.

Ягуар упарта хацеў прайсці, але боль быў такі невыцерпны, што ўрэшце ён зароў і, павярнуўшы назад, даў лататы да берага. Там ён упаў на пясок, бо не мог ужо нават стаяць. Жывот у яго ўздымаўся і апускаўся, быццам ён увесь задыхаўся і вельмі стаміўся.

Скаты атруцілі ягуара сваёю атрутаю.

Але хоць ім удалося перамагчы ягуара, яны не супакоіліся: яны баяліся, што прыйдзе ягуарыха і яшчэ шмат іншых ягуараў... І тады яны не здолеюць абараніць пераход.

І праўда, лес у гэтую хвіліну зноў напоўніўся рыкам, і з яго выйшла ягуарыха. Убачыўшы ягуара, які покатам ляжаў на пяску, яна вельмі раз'юшылася. А калі заўважыла, што рака каля берага ўскаламучаная скатамі, яна падышла да вады і, нізка апусціўшы пысу, крыкнула:

- Гэй, скаты! Я хачу прайсці!

- Няма табе праходу! - адказалі скаты.

- Глядзіце, калі не дасце прайсці, у гэтай рацэ не застанецца ніводнага ската з хвастом! - рыкнула ягуарыха.

- Няхай мы застанемся без хвастоў, але прайсці табе не дадзім! - адказалі яны.

- Апошні раз кажу: дайце прайсці!

- Ні, ніколі! - закрычалі скаты.

Раз'юшаная ягуарыха неасцярожна апусціла адну лапу ў ваду, і тут адзін скат, падкраўшыся, уваткнуў ёй паміж пальцамі ўвесь свой шып. Пачуўшы, як ягуарыха завыла ад болю, скаты з усмешкай сказалі:

- Здаецца, хвасты ў нас яшчэ ёсць!

Але ягуарыха нешта прыдумала, і маючы ў галаве гэтую сваю задумку, яна адышла ад берага і моўчкі пайшла ўверх па рацэ.

Але скаты і гэты раз разгадалі план свайго ворага. А варожы план быў такі: перайсці рэчку ў тым месцы, дзе скаты яшчэ не ведаюць, што трэба абараняць пераход. Вялікі смутак ахапіў скатаў, якія сабраліся ля вострава.

- Яна збіраецца перайсці рэчку вышэй па цячэнні! - закрычалі яны. - Але ж нельга, каб яна забіла чалавека! Трэба абараніць нашага сябра!

У роспачы яны так круціліся ў глеі, што закаламуцілі ўсю раку.

- Што ж нам рабіць? - думалі яны. - Мы хутка плаваць не ўмеем... Ягуарыха пяройдзе рэчку раней, чым тамтэйшыя скаты даведаюцца, што павінны абараняць пераход любою цаной.

Яны не ведалі, што рабіць. І раптам адзін маленькі, але вельмі разумны скацік сказаў:

- Я ведаю! Хай да іх паплывуць дарады! Дарады нашы сябры! Яны плаваюць шпарчэй за ўсіх!

- Правільна! - крыкнулі ўсе. - Хай плывуць дарады!

У адно імгненне гэты кліч разнёсся вакол, і праз хвіліну ўжо восем ці дзесяць шыхтоў дарадаў - сапраўднае войска дарадаў! - з усіх сіл паплыло ўверх па рацэ. Яны плылі так хутка, што пасля сябе, як пасля тарпедаў, пакідалі на вадзе барозны.

Але як дарады ні стараліся, яны ледзьве паспелі перадаць загад перагарадзіць ягуарысе дарогу. Ягуарыха ўжо плыла і была зусім недалёка ад вострава.

Але скаты як найхутчэй кінуліся да другога берага, і як толькі ягуарыха намацала зямлю, скаты накінуліся ёй на лапы і пачалі іх калоць шыпамі. Звер аж звар'яцеў ад болю! Ягуарыха раўла, скакала ў вадзе, узнімала лапамі цэлыя стаўбуры пырскаў. Але скаты зноў і зноў кідаліся ёй на лапы і так загарадзілі сабой дарогу, што ўрэшце ягуарыха павярнулася, паплыла назад і выскачыла на бераг. Усе чатыры лапы ў яе страшна распухлі. І тут ёй не ўдалося прайсці і з'есці чалавека! Але скаты таксама стаміліся. А горай за ўсё было тое, што ягуар і ягуарыха падняліся і пайшлі ў лес. Што яны задумалі? Гэта выклікала непакой у скатаў, і яны доўга раіліся. Урэшце яны сказалі:

- Будзе вось што: яны збяруць іншых ягуараў і прывядуць іх сюды. А калі прыйдуць усе ягуары, дык тады яны пройдуць!

- Ні, ніколі! - закрычалі сама маладыя скаты, якія былі не надта дасведчаныя ў жыцці.

- Пройдуць, даражэнькія! - са смуткам адказалі старэйшыя. - Калі іх будзе шмат, яны пройдуць... Давайце параімся з нашым сябрам.

І яны паплылі да чалавека, з якім, абараняючы пераход цераз раку, дагэтуль яшчэ не мелі часу пабачыцца.

Чалавек ляжаў, страціўшы шмат крыві, але мог ужо гаварыць і крыху варушыцца. Скаты хуценька расказалі яму пра ўсё, што здарылася, і як яны абаранялі пераход ад ягуараў, якія хацелі яго з'есці. Паранены чалавек быў вельмі расчулены прыхільнасцю скатаў і ласкава пагладзіў тых, што былі бліжэй да яго. Урэшце ён сказаў:

- Нічога не зробіш. Калі ягуараў будзе шмат і яны захочуць прайсці, дык пройдуць...

- Не пройдуць! - сказалі меншыя скаты. - Вы наш сябар, і яны не пройдуць!

- Пройдуць, даражэнькія! - сказаў чалавек.

І ціха дадаў:

- Адзіным выйсцем было б паслаць каго-небудзь да мяне дадому. Каб прынеслі вінчэстэр з набоямі... Але на рэчцы ў мяне няма ніякіх сяброў, апроч рыб... а сярод вас ніхто не ўмее хадзіць па зямлі.

- Што ж нам тады рабіць? - заклапочана спыталіся скаты.

- Чакайце, чакайце... - сказаў чалавек, праводзячы рукою па лбе, нібыта пра нешта прыпамінаючы. - Быў у мяне адзін сябар... капібара... Ён гадаваўся ў мяне дома і гуляў з маімі дзецьмі... Але потым ён зноў вярнуўся ў лес і цяпер, здаецца мне, жыве недзе тут, на Явэвіры... Але дзе - я не ведаю...

Тут усе скаты радасна загаманілі.

- Ведаем! Мы ведаем! - закрычалі яны. - Ягонае лагво на канцы вострава! Ён аднойчы расказваў нам пра вас! Мы зараз жа пашлем па яго!

Сказана-зроблена: адзін вялікі дарада адразу на ўвесь дых паплыў уніз па рацэ шукаць капібару. А чалавек тым часам развёў на далоні згустак крыві, каб зрабіць чарніла, і костачкай рыбы, якая была ў яго замест пяра, пачаў пісаць на сухім лісце, які яму замяняў паперу. І напісаў ён такі ліст: «Прышліце мне з капібарам вінчэстэр і цэлы пачак з дваццаццю пяццю кулямі».

Ледзьве ён закончыў гэта пісаць, як увесь лес задрыжаў ад глухога рыку: гэта падыходзілі ягуары, гатовыя ўвязацца ў бойку. А скаты хутчэй панеслі ліст, высунуўшы галаву над вадою, каб не намачыць яго. Яны аддалі ліст капібару, і той паімчаў па траве, каб занесці ліст чалавеку дадому.

І ў самы час! Бо хоць рыканне чулася яшчэ здалёку, але з кожнай хвілінаю набліжалася. Тады скаты сабралі ўсіх дарадаў, якія чакалі загаду, і крыкнулі ім:

- Хутчэй, даражэнькія! Абплывіце ўсю раку і ўзнімайце трывогу! Хай усе скаты па ўсёй рацэ будуць напагатове! Хай яны ўсе збіраюцца вакол вострава! Пабачым, ці пройдуць гэтыя ягуары!

І войска дарадаў у тое ж імгненне разбеглася ўверх і ўніз па рацэ, пакідаючы за сабой на вадзе барозны.

На Явэвіры не было ніводнага ската, які б не атрымаў загаду прыплысці да берага ракі побач з востравам. Адусюль: з-пад камянёў, з глею, ад вусцяў раўчукоў - з усёй Явэвіры збіраліся скаты, каб абараніць пераход ад ягуараў. А перад востравам на поўнай хуткасці сюды-туды сноўдалі дарады.

І зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, і ягуары высыпалі на бераг.

Іх было шмат - здавалася, што ўсе місьёнэскія ягуары сабраліся тут, ля ракі. Але і рака Явэвіры ўся віравала ад скатаў, якія сабраліся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.

- Дарогу ягуарам! - зараўлі драпежнікі.

- Няма вам дарогі! - адказалі скаты.

- Паўтараем - дайце дарогу!

- Не дамо!

- Глядзіце ж! Калі не дасце нам прайсці, не застанецца ні ската, ні скатавага дзіцяці, ні скатавага ўнука!

- Можа быць! - адказалі скаты. - Але ні ягуары, ні ягуаравы дзеці, ні ягуаравы ўнукі - ніводзін ягуар у свеце не пройдзе тут!

Так адказалі ім скаты. Тады ягуары зараўлі апошні раз:

- Патрабуем нас прапусціць!

- Ні, ніколі!

І тады пачалася сапраўдная бітва. Гіганцкім скачком ягуары кінуліся ў ваду! Але яны ўпалі на суцэльны подсціл са скатаў. Скаты пачалі біць іх, працінаць ім лапы ўдарамі сваіх вострых шыпоў, і на кожную рану ягуары азываліся страшным рыкам ад болю. Але ж і яны адбіваліся лапамі, з усяе сілы лупцуючы імі ў вадзе. І скаты, распаласаваныя кіпцюрамі ягуараў, узляталі ў паветра.

Уся Явэвіры ператварылася ў крывавую раку. Скаты гінулі сотнямі... Але ж і ў ягуараў былі жахлівыя раны, і яны, рыкаючы, адступалі, каб са страшна апухлымі лапамі адлежацца на пяску. А скаты, растаптаныя, разарваныя кіпцюрамі ягуараў, не адступалі. Яны ні на хвіліну не пакідалі абараняць пераход. Шмат хто з іх узлятаў у паветра і зноў падаў у раку, але ўсе яны зноў і зноў кідаліся на ворага.

Паўгадзіны доўжылася гэтая жахлівая бойка. А праз паўгадзіны ўсе ягуары зноў, стомленыя, сядзелі на беразе і раўлі ад болю: ніводзін з іх не прайшоў. Праўда, і скаты стаміліся да знямогі. Шмат хто загінуў. І тады тыя, што засталіся жывыя, сказалі:

- Другой такой атакі нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якія ёсць у Явэвіры!

І дарады зноў разбегліся ўверх і ўніз па рацэ, і плылі яны ўсе так шпарка, што пасля іх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставаліся барозны.

А скаты тым часам паплылі да чалавека.

- Мы болей не вытрываем! - сказалі са смуткам скаты. І сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.

- Ідзіце, скаты! - сказаў паранены чалавек. - Пакіньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмі шмат для мяне зрабілі. Хай ягуары пройдуць!

- Ні, ніколі! - у адзін голас крыкнулі скаты. - Пакуль у нашай рацэ Явэвіры ёсць хоць адзін жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, які некалі абараніў нас!

Тады паранены задаволена прамовіў:

- Скаты! Я амаль паміраю, і мне цяжка гаварыць, але будзьце ўпэўненыя, што, калі толькі мне прынясуць вінчэстэр, мы добра пажартуем, і гэта я вам абяцаю.

- Так, мы ведаем! - падбадзёрыўшыся, адказалі скаты.

Але скончыць гамонку яны не змаглі, таму што зноў усчыналася бойка. Ягуары, перадыхнуўшы, ужо ўскочылі на ногі і, выгнуўшы спіны, як для скачка, рыкнулі:

- Апошні раз і раз назаўжды патрабуем: дарогу!

- Ні, ніколі! - адказалі скаты і зноў сабраліся ля берага.

Але і ягуары ўжо скочылі ў ваду, і страшная бойка пачалася зноў. Уся рака Явэвіры ад берага да берага была чырвоная ад крыві. Кроў пенілася хвалямі на пяску. Ляцелі ў паветра разарваныя скаты, раўлі ад болю ягуары, але ніхто не адступаў ні на крок.

І ягуары ўжо не толькі не адступалі, але пачалі прасоўвацца наперад. Марна войска дарадаў сноўдала ўверх і ўніз па рацэ, склікаючы скатаў: скатаў больш не было, яны ўсе ўжо змагаліся перад востравам, і палова іх ужо загінула. А тыя, што заставаліся, былі ўсе параненыя і знямоглыя. І тады яны зразумелі, што не здолеюць пратрымацца больш ні хвіліны і што ягуары пройдуць. І няшчасныя скаты, якія лічылі, што лепей памеріц, чым аддаць свайго сябра, з астатнімі сіламі кінуліся на ягуараў. Але ўсё было марна. Пяць ягуараў плылі ўжо да вострава і былі недалёка ад берага. У роспачы скаты крыкнулі:

- Да вострава! Усе на той бераг!

Ды было ўжо позна - яшчэ два ягуары кінуліся плыць, а праз хвіліну ўсе яны ўжо былі пасярод ракі, і з вады высоўваліся толькі іх галовы.

Але ў гэтае самае імгненне адзін звярок, непрыкметны рудаваты звярок, колькі ставала сілы плыў праз Явэвіры: гэта быў капібара, які дабіраўся да вострава, несучы на галаве, каб не намачыць, вінчэстэр з набоямі.

Чалавек закрычаў ад радасці, яму яшчэ заставаўся час, каб заступіцца за скатаў. Ён папрасіў капібару, каб той галавою дапамог яму легчы на бок, бо сам ён не мог, і лёгшы, ён маланкава зарадзіў вінчэстэр. І якраз у той момант, калі распаласаваныя, раздушаныя, скрываўленыя скаты з адчаем убачылі, што прайгралі бітву і што ягуары зараз разарвуць іх няшчаснага параненага сябра на шматкі - якраз у гэты момант яны пачулі аглушальны стрэл! І ўбачылі, што пярэдні ягуар, які ступіў ужо на пясок, раптам падскочыў і паваліўся мёртвы з прабітаю галавой.

- Брава! Брава! - закрычалі вельмі задаволеныя скаты. - У чалавека вінчэстэр! Мы выратаваныя!

І так моцна ўзрадаваліся, што закаламуцілі ўсю ваду. А чалавек спакойна раз за разам страляў, і кожны стрэл прыносіў смерць новаму ягуару. На рык кожнага ягуара, які падаў мёртвы, скаты адказвалі, б'ючы хвастамі па вадзе.

Адзін за адным ягуары гінулі пад кулямі, быццам галовы ім працінала маланка. Усё гэта доўжылася ўсяго дзве хвіліны. Адзін за адным ягуары патаналі, ідучы на дно, і там іх з'ядалі прагныя рыбы. А некаторых зносіла рака, і дарады плылі разам з імі аж да самай Параны і елі іх, ад задавальнення выскокваючы з вады.

Прайшоў час, і скатаў у рацэ зноў развялося столькі ж, колькі было раней, бо ў іх народжваецца шмат дзяцей. Чалавек таксама ачуняў. І ён быў такі ўдзячны скатам, якія выратавалі яму жыццё, што перасяліўся на востраў. Летнімі вечарамі ён любіць ляжаць там на пляжы і курыць пры месяцавым святле. А скаты тым часам нягучна гутараць і паказваюць на яго рыбам, якія яго не ведаюць, і расказваюць ім пра вялікую бітву, якую яны некалі вялі поплеч з гэтым чалавекам супраць ягуараў.

 

Пераклад зроблены з выдання: Quiroga H. Cuentos de la selva. Editorial Losada, SA Buenos Aires, 1973.



Пераклад: Мікола Бусел

Беларуская Палічка: http://knihi.com